epub
 
падключыць
слоўнікі

Гарасьо Кірога

Гісторыя пра дваіх дзетак кааці і дваіх дзяцей чалавека

У аднаго кааці было трое дзетак. Жылі яны ў лесе, елі фрукты, карэнне і птушыныя яйкі. А калі сядзелі на дрэве і раптам чулі моцны шум, дык імкліва саскоквалі на зямлю і ўцякалі, задраўшы хвасты.

І вось аднаго разу, калі каацяняты крыху падраслі, маці паклікала іх залезці да сябе на апельсінавае дрэва і сказала ім так:

- Каацяняткі, вы ўжо дастаткова падраслі, каб самім шукаць сабе ежу. І вы павінны навучыцца гэтаму, бо калі зробіцеся зусім дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе кааці. Большанькі з вас ласы да макрыц і слімакоў, і ён знойдзе іх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэдні - вялікі аматар фруктаў, і ён зможа знайсці іх на гэтым ці на другіх дрэвах: апельсіны будуць ажно да снежня. А меншы, які ласуецца толькі птушынымі яйкамі, можа хадзіць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але барані яго Бог хадзіць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.

І асабліва, дзеткі мае, вы павінны баяцца сабак. Аднойчы я з імі білася і ведаю, што кажу, - з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамі заўсёды ідуць людзі, у якіх ёсць магутны гром, які забівае. Як толькі пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Іначай вас могуць застрэліць.

Так навучала іх маці. Потым яны ўсе злезлі з дрэва і разышліся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць кааці.

Большы, якому захацелася паесці слімакоў, шукаў іх у гнілым ламаччы і пад прэлай травой. І знайшоў іх столькі, што хутка наеўся і задрамаў. Сярэдні, які болей за ўсё на свеце любіў фрукты, наеўся колькі хацеў апельсінаў, бо сярод лесу расло шмат апельсінавых дрэваў - гэта звычайная рэч у Парагваі і Місьёнэс. І ніхто з людзей не патурбаваў яго. А меншы, які без памяці любіў птушыныя яйкі, папахадзіў цэлы дзень і знайшоў усяго толькі два гняздзечкі: адно туканава з трыма яйкамі і адно туркаўкі, у якім яек было толькі два. Усяго разам - пяць маленечкіх яечак: надта мала, каб добра пад'есці. І таму, калі настаў вечар, маленькі кааці быў такі самы галодны, як і раніцай. І зажурыўшыся, ён сеў непадалёк ад ускрайку лесу. Адсюль ён убачыў за дрэвамі поле і ўспомніў параду маці.

«Чаму гэта мама забараніла шукаць гнёзды ў полі?» - падумаў ён. І так разважаючы, ён раптам пачуў вельмі далёка спеў нейкай птушкі.

- Якая гучная песня! - сказаў кааці ў захапленні. - І якія, напэўна, вялікія яйкі павінны быць у такой птушкі!

Спеў пачуўся зноў. І тады кааці кінуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткі, не разбіраючы дарогі, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзілася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак і паглядзеў у поле. Удалечыні стаяў чалавечы дом, і побач ён убачыў чалавека ў ботах, які вёў на повадзе каня. І яшчэ ён убачыў вялікую птушку, якая спявала. Тады кааці пляснуў сябе па лбе і сказаў:

- Ну, які я недарэка! Я цяпер успомніў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калі мы сядзелі на дрэве. Пеўні вельмі хораша спяваюць, і ў іх шмат курэй, якія нясуць яйкі. Вось бы паесці гэтых курыных яек!

Усім вядома - нішто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкі. І хоць на адну хвілінку маленькаму кааці ўспомнілася парада, якую дала яму маці, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску і пачаў чакаць, калі добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік.

Нарэшце апусцілася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нічагуткі было не чуваць. Маленькі кааці вельмі ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есці сто, тысячу - не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступіў у куратнік і першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлі. Спачатку ён вырашыў пакінуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла сліна, і ён, не ўтрымаўшыся, схапіў яйка зубамі.

Ледзь толькі ён гэта зрабіў, як ТРЭСЬ! - страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, і ён адчуў невыцерпны боль.

- Мама, мама! - закрычаў ён, не ведаючы што рабіць ад болю.

Але ён быў як прыкуты да месца! І ў тую ж хвіліну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.

Тым часам, калі кааці сядзеў на ўзлеску і чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваімі дзецьмі, белагаловымі хлопчыкам і дзяўчынкай пяці і шасці гадоў. Яны смяяліся, бегалі, падалі, смеючыся ўставалі і зноў падалі. І бацька таксама падаў, на вялікую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталі дурэць, бо была ўжо ноч, і гаспадар сказаў:

- Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазіць і душыць куранят ды крадзе яйкі.

Ён пайшоў і паставіў пастку. А потым яны павячэралі і палеглі спаць. Але дзеці спаць не хацелі, яны скакалі з ложка на ложак і блыталіся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоі і не перашкаджаў ім. Але раптам дзеці перасталі скакаць і крыкнулі:

- Тата! У пастку трапіла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!

Бацька дазволіў, але з умоваю, што яны абуюць сандалі, бо вакол было шмат гадзюк і цёмначы дзецям забаранялася хадзіць босымі.

Яны пайшлі. І што ж яны ўбачылі? Яны ўбачылі, што бацька нахіліўся і, стрымліваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост і падняў кааці. Кааці быў яшчэ зусім маленькі і ўвесь час пранізліва, як цвыркун, вішчаў.

- Тата, не забівай яго! - папрасілі дзеці. - Ён зусім маленечкі! Аддай яго нам.

- Добра, бярыце, - адказаў бацька. - Але добра даглядайце за ім, і сама галоўнае - не забывайцеся, што кааці, як і вы, п'юць ваду.

Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалі мяса з халадзільніка, а вады не давалі, і ён здох.

І вось цяпер кааці запусцілі ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот і якая стаяла каля куратніка. А самі зноў пайшлі спаць.

Мінула поўнач, і вакол апала глыбокая цішыня. Але маленькі кааці, які вельмі пацярпеў ад зубоў пасткі, не мог заснуць. І раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялікія цені, якія асцярожна падкрадаліся да яго. Сэрца ў няшчаснага кааціка затрымцела, бо ён пазнаў маму і сваіх двух братоў, якія яго шукалі.

- Мама, мама! - паклікаў палоннік вельмі ціхенька, каб не нарабіць шуму. - Я тут! Вызваліце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...

І ён несуцешна заплакаў.

Нягледзячы на ўсё, што здарылася, кааці былі задаволеныя, бо яны такі знайшлі адно аднаго і лашчыліся цяпер пысамі.

Яны адразу паспрабавалі вызваліць палонніка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылі былі перагрызці драцяную сетку, і ўсе чацвёра накінуліся на яе зубамі. Але ў іх нічога не выйшла. І тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. І яна сказала:

- Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такія прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напільнікі. У іх тры бакі, як скура ў грымучай змяі, і імі водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!

Яны пайшлі ў чалавекаву майстэрню і вярнуліся адтуль з напільнікам. Разумеючы, што аднаму сілы не хопіць, яны ўзяліся за напільнік утраіх, і праца пачалася. Яны так захапіліся, што нават не заўважылі, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца і страшна грыміць. Яны нарабілі такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся і хрыпла забрахаў. Але кааці вырашылі не чакаць, пакуль іх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, і, кінуўшы напільнік, уцяклі ў лес.

На другі дзень дзеці раненька пайшлі паглядзець на свайго новага госця, які маркотна сядзеў у невялічкай клетцы.

- Як мы яго назавём? - спытала дзяўчынка ў браціка.

- Я ўжо прыдумаў! - адказаў хлопчык. - Мы назавём яго Семнаццаць!

Чаму Семнаццаць? Ніколі не было яшчэ лясной жывёліны з такім дзіўным імем. Але хлопчык вучыўся лічыць, і яго, напэўна, нечым прывабіў гэты лік.

Як бы там ні было, а маленькага кааці назвалі Семнаццаць. Яму прынеслі хлеба, вінаграду, шакаладу, мяса, крэветак і яек - вельмі смачных курыных яек. І яшчэ ім удалося вельмі хутка вылечыць яго - так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялікай і шчырай, што, калі зноў наступіла ноч, кааці ўжо амаль змірыўся са сваім палонам. Ён толькі і думаў пра тыя ласункі, якія еў цэлы дзень, і ўспамінаў пра бялявых дзяцей чалавека, якія былі такія вясёлыя і добрыя.

Дзве ночы запар сабака спаў так блізка да клеткі, што, на вялікі жаль, сям'я палонніка не магла да яго падысці. Калі ж на трэцюю ноч яны зноў падкраліся, спадзеючыся знайсці напільнік і выпусціць на волю маленькага кааці, ён сказаў:

- Мама, я ўжо не хачу сыходзіць адсюль. Мне даюць яйкі, і ўсе са мной вельмі добрыя. Сёння мне сказалі, што, калі я добра буду сябе паводзіць, мяне хутка выпусцяць. Яны такія ж, як мы. Яны таксама маленькія дзеці, і мы разам гуляем.

Дзікія кааці вельмі засмуціліся, але ўрэшце, змірыўшыся, паабяцалі кааціку прыходзіць да яго кожную ноч.

І праўда, кожную ноч, нават калі ліў дождж, мама і брацікі прыходзілі да маленькага кааці і бавілі разам з ім трошкі часу. Каацік прасоўваў ім праз драцяную сетку хлеб, і дзікія кааці сядзелі і елі хлеб перад клеткаю.

Так мінула два тыдні. Кааці хадзіў ужо вольны і нанач сам ішоў у клетку. Калі не лічыць, што часам яго тузалі за вуха, - за тое, што ён надта блізка падыходзіў да куратніка, - усё астатняе ішло добра. І ён, і дзеці вельмі ўпадабалі адно аднаго. Нават дзікія кааці, убачыўшы, якія добрыя ў чалавека дзеці, таксама іх палюбілі.

І вось аднойчы, калі стаяла вельмі цёмная ноч, а ў паветры моцна парыла і грымеў гром, дзікія кааці прыйшлі і гукнулі свайго меншага сыночка і браціка. Але ніхто не азваўся. Занепакоеныя, яны падышлі бліжэй і ледзь не наступілі на аграмадную гадзюку, якая скруцілася каля ўвахода ў клетку! Кааці адразу зразумелі, што маленькі быў пакусаны, калі заходзіў у клетку. Таму ён і не адказваў на іх покліч, а можа, нават быў ужо нежывы. Але яны жорстка адпомсцяць за яго! Вельмі раз'юшыўшыся, яны ўтраіх абступілі змяю, заскакалі вакол і праз секунду, напаўшы, расшкамуталі зубамі ёй усю галаву.

Яны ўбеглі ў клетку і, сапраўды, убачылі, што каацік ляжыць апухлы, ногі ў яго дрыжаць і ён памірае. Марна дзікія кааці варочалі яго, марна чвэрць гадзіны лізалі яму ўсё цела. Урэшце каацік разявіў рот і перастаў дыхаць: ён быў нежывы.

Увогуле кааці мала ўспрымальныя да гадзючай атруты. Атрута ім амаль не шкодзіць. Ёсць і іншыя такія жывёлы - напрыклад, мангуста, якая таксама вельмі добра пераносіць гадзючую атруту. Але каацік, напэўна, быў укушаны ў артэрыю ці ў вену, бо тады кроў атручваецца адразу і жывёліна памірае. Так яно і здарылася з нашым маленькім кааці.

Убачыўшы, што ён памёр, маці і браты доўга плакалі. Потым, больш не маючы што рабіць, яны выйшлі з клеткі і абышлі двор, каб астатні раз паглядзець на месца, дзе каацік быў такі шчаслівы. І ўрэшце рушылі ў лес.

І ўсё ж трое кааці былі вельмі заклапочаныя, і турбавала іх тое, што скажуць дзеці, калі назаўтра раніцаю ўбачаць, што іх улюбёнец ляжыць нежывы? Дзеці паспелі моцна яго палюбіць, і кааці таксама палюбілі бялявых дзяцей. Таму ўсе трое яны думалі пра адно: як зрабіць, каб дзецям не было балюча.

Яны доўга раіліся і ўрэшце пастанавілі так: сярэдні брат, які целам і звычкамі быў рыхтык як меншы, павінен застацца ў клетцы замест памерлага. З расказаў маленькага кааці яны ведалі шмат сакрэтаў гэтага дома, і дзеці не павінны былі ні пра што здагадацца: можа, трошкі падзівяцца чаму-небудзь, дый толькі.

Так і зрабілі. Яны вярнуліся да хаты, сярэдні каацік замяніў меншага, а маці і старэйшы брат пацягнулі цела памерлага, схапіўшы яго зубамі. Яны паволі цягнулі яго ў лес, і галава нябогі звісала і гайдалася, а хвост валачыўся па зямлі.

Назаўтра дзеці сапраўды здзівіліся пэўным дзіўным прывычкам свайго кааціка. Але таму што гэты быў такі самы добры і ласкавы, як яго брат, дык у дзяцей не ўзнікла ніякага падазрэння. А кааці засталіся такой жа сям'ёй, як раней. Як і раней, дзікія кааці кожную ноч прыходзілі ў госці да хатняга сыночка і брата. Яны сядалі побач, елі кавалачкі цвёрдага яйка, якія каацік ім зберагаў, і апавядалі яму пра жыццё ў лесе.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел