epub
 
падключыць
слоўнікі

Гарасьо Кірога

Панчохі для фламінгаў

Неяк раз змеі ладзілі вялікі баль. Былі запрошаныя рапухі ды жабы, фламінгі, кайманы ды рыбы. Але ж рыбы не ходзяць, то й танчыць яны не маглі. Яны толькі павылазілі на пясок ды пляскалі хвастамі, бо той баль адбываўся каля ракі.

Кайманы, каб лепей сябе ўпрыгожыць, надзелі на шыю каралі з бананаў і палілі парагвайскія цыгары. Жабы абляпіліся рыбінаю лускою і ступалі паважна, перакульваючыся з адной нагі на другую, нібыта плылі. І кожны раз, калі яны з паважным выглядам праходзілі па беразе, рыбы крычалі ім што-небудзь кплівае.

Рапухі надушыліся парфумаю і хадзілі на задніх лапах. Апроч таго на кожнай вісеў, гайдаючыся, як ліхтарык, маленечкі светлячок.

Але сама прыгожыя былі змеі. Усе яны былі апранутыя ў балетныя гарнітуры пад колер скуры: на чырвоных змеях былі спаднічкі з чырвонага цюлю, на зялёных - з зялёнага, на жоўтых - з жоўтага, а на куфіях - з шэрага ў палоску, і палоскі былі колеру цаглянага пылу і попелу, бо такі колер у куфій.

А ўжо сама адметнымі былі каралавыя гадзюкі, апранутыя ў доўгія спаднічкі з чырвонага, белага і чорнага газу. Яны танчылі, выгінаючыся серпанцінам. І калі змеі пачыналі танчыць і кружыліся на кончыку хваста, усе госці гучна пляскалі ім у далоні.

І толькі фламінгі, у якіх тады былі белыя ногі, а дзюбы, як і цяпер, вельмі тоўстыя і крывыя, - толькі фламінгі былі невясёлыя, бо ў іх было мала розуму і яны не змаглі прыдумаць, як апрануцца. Яны зайздросцілі кожнаму гарнітуру і асабліва гарнітурам, што былі ў каралавых гадзюк. Калі якая-небудзь змяя, какетліва прыўздымаючы пышную газавую спаднічку, праходзіла перад імі, фламінгі аж млелі ад зайздрасці.

Тады адзін фламінга сказаў:

- Я ведаю, што трэба зрабіць. Трэба надзець чырвоныя, белыя і чорныя панчохі, і каралавыя змеі закахаюцца ў нас.

І гуртам узляцеўшы, усе фламінгі пераляцелі раку і пастукаліся ў вясковую краму.

«Стук-стук!» - заляпалі яны нагамі.

- Хто там? - спытаў крамнік.

- Гэта мы, фламінгі. Ці не маеце вы чырвоных, белых і чорных панчошак?

- Не, такіх у мяне няма, - адказаў крамнік. - Вы што, зусім здурнелі? Такіх панчох вы нідзе не знойдзеце.

Тады фламінгі паляцелі ў другую краму.

- Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак?

Крамнік адказаў:

- Як вы кажаце? Чырвоных, белых і чорных? Такіх панчох нідзе няма. Вы здурнелі. Хто вы такія?

- Мы фламінгі, - адказалі яны.

І мужчына сказаў:

- Пэўна, вы звар'яцелі.

Паляцелі яны яшчэ ў адну краму.

- Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак?

Крамнік закрычаў:

- Якіх-якіх? Чырвоных, белых і чорных? Толькі такім дзюбатым птушкам, як вы, можа прыйсці ў галаву прасіць такія панчохі. Прэч адсюль!

І чалавек шпурнуў у іх венікам.

Гэтак фламінгі абляцелі ўсе крамы, і адусюль іх праганялі як шаленцаў.

Тады нейкі браняносец, які йшоў да рэчкі папіць вады, захацеў пасмяяцца з фламінгаў і, паважна павітаўшыся, сказаў ім:

- Вечар добры, спадары фламінгі! Я ведаю, што вы шукаеце. Такіх панчох вы не знойдзеце ні ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль іх давядзецца выпісваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такія панчохі ёсць. Папрасіце ў яе, і яна дасць вам чырвоныя, белыя і чорныя панчохі.

Фламінгі падзякавалі, паляцелі да савінага дупла і сказалі:

- Вечар добры, сава. Мы прыляцелі папрасіць у цябе чырвоныя, белыя і чорныя панчохі. Сёння ў змеяў вялікі баль, і калі мы надзенем такія панчохі, усе каралавыя гадзюкі ў нас закахаюцца.

- З вялікім задавальненнем! - адказала сава. - Пачакайце трошачкі, я не забаўлюся.

І махнуўшы крыламі, яна пакінула фламінгаў адных і праз хвіліну ўжо вярнулася назад - з панчохамі. Але гэта былі не панчохі, а вельмі прыгожыя і зусім свежыя шкуры каралавых гадзюк, якіх сава толькі што ўпалявала.

- Вось вам панчохі, - сказала сава. - Але майце на ўвазе вось што: танчыце ўсю ноч, танчыце, не спыняючыся ні на імгненне, танчыце на баку, на дзюбе, на галаве, як хочаце, але не спыняйцеся ні на хвіліну, каб вам не давялося замест таго, каб танчыць, - плакаць.

Але ж фламінгі былі такія дурныя, што й не ўцямілі, якая вялікая небяспека хавалася ў гэтых словах. Адурэўшы з радасці, яны надзелі шкуры каралавых гадзюк як панчохі, засунуўшы ў іх лапы, як у трубкі, і вельмі задаволеныя, паляцелі на баль.

Калі госці ўбачылі фламінгаў у такіх прыгожанькіх панчохах, яны ўсе ім пазайздросцілі. Змеі захацелі цяпер танчыць толькі з імі, а таму, што фламінгі ні на хвіліну не пераставалі перабіраць нагамі, змеі не маглі добра разгледзець, з чаго тыя прыгожыя панчохі зробленыя.

Але ўрэшце змеі пачалі сёе-тое падазраваць. Калі фламінгі танчачы праходзілі побач, змеі аж да зямлі нагіналіся, каб лепей разгледзець.

Асабліва непакоіліся каралавыя гадзюкі. Яны не адводзілі вачэй ад панчохаў і таксама нагіналіся, стараючыся лізнуць фламінгам у лапы языком, бо язык у змеяў - усё роўна што рука ў чалавека. Але фламінгі танчылі й танчылі, не спыняючыся, хоць ужо вельмі стаміліся і больш не маглі.

Каралавыя гадзюкі, заўважыўшы гэта, адразу папрасілі ў рапух ліхтарыкі - светлячкоў - і пачалі чакаць, калі фламінгі пападаюць ад стомы.

І праўда, праз хвіліну адзін фламінга настолькі знямогся, што спатыкнуўся аб кайманавую цыгару, захістаўся і ўпаў на бок. Тут жа каралавыя гадзюкі падбеглі са сваімі ліхтарыкамі і ярка асвяцілі фламінгу ногі. Убачыўшы, якія на ім панчохі, яны так зашыпелі, што гэтае шыпенне можна было пачуць аж на другім беразе Параны.

- Гэта не панчохі! - закрычалі гадзюкі. - Мы ведаем, што гэта! Нас падманулі! Фламінгі пазабівалі нашых сясцёр і замест панчох надзелі іх скуры! Іхнія панчохі - гэта каралавыя гадзюкі!

Пачуўшы, што іх выкрылі, фламінгі перапалохаліся. Яны хацелі паляцець і ўцячы, але так натаміліся, што не маглі падняць ні крыла, ні нагі. А каралавыя гадзюкі накінуліся на іх, абвілі за ногі і зубамі падралі панчохі. У шаленстве яны падралі панчохі на шматкі і кусалі фламінгаў за ногі, каб тыя памерлі.

Звар'яцеўшы ад болю, фламінгі скакалі з месца на месца, але каралавыя гадзюкі не адпускалі іх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо ні кавалачка, стомленыя гадзюкі адпусцілі фламінгаў і пачалі папраўляць свае бальныя гарнітуры.

Гадзюкі былі ўпэўненыя, што фламінгі памруць, таму што прынамсі палова каралавых гадзюк, якія кусалі, былі ядавітыя.

Але фламінгі не памерлі. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглі і кінуліся ў ваду. Яны крычалі ад болю, і іхнія ногі, якія раней былі белыя, зрабіліся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Міналі дні за днямі, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламінгаў не сунімаўся.

Было гэта вельмі-вельмі даўно. Але й дагэтуль фламінгі стаяць цэлымі днямі ў вадзе, стараючыся сцішыць агонь, што пячэ ім ногі.

Часам яны выходзяць на бераг і ступаюць колькі крокаў па зямлі, каб пабачыць - як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, і яны бягуць назад у ваду. Часам ім пячэ так моцна, што яны падбіраюць нагу і стаяць гэтак цэлымі гадзінамі, не могучы яе выпрастаць.

Вось так у фламінгаў былі раней белыя ногі, а цяпер сталі чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гісторыю і смяюцца з неразумных птушак. Але фламінгі, студзячы ў вадзе свае ногі, не выпускаюць выпадку, каб адпомсціць насмешніцам, і глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блізка, каб з іх пасмяяцца.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел