epub
 
падключыць
слоўнікі

Гарасьо Кірога

Вайна кайманаў

У адной вельмі вялікай рацэ, у адным вельмі пустэльным краі, куды ніколі не пранікаў чалавек, жыло шмат кайманаў. Было іх болей за сто, а мо нават і тысячу. Яны елі рыб, часам падпільноўвалі жывёл, якія прыходзілі да ракі напіцца, але болей ім усё ж падабаліся рыбы. Пасля абеду яны спалі на пясчаным беразе, а ў месяцавыя ночы часам забаўляліся, бегаючы па вадзе.

Жылі яны спакойна й шчасліва. Але аднойчы надвячоркам, калі ўсе ўжо спалі на беразе, адзін кайман нечакана прачнуўся і прыўзняў галаву - яму падалося, што ён пачуў шум. Ён прыслухаўся і напраўду пачуў глыбокі і глухі гук. Тады ён клікнуў каймана, які спаў побач.

- Прачніся! - сказаў ён. - Ідзе небяспека.

- Што такое? - занепакоена спытаўся сусед.

- Не ведаю, - адказаў кайман, які прачнуўся першы. - Я чую нейкі незразумелы шум.

Другі кайман таксама пачуў шум, і яны зараз жа пабудзілі астатніх. Усе перапалохаліся, забегалі, задраўшы хвасты.

Іх неспакой быў недарэмны, бо шум усё мацнеў і мацнеў. І неўзабаве яны ўбачылі ўдалечыні нешта падобнае да воблачка дыму. Адтуль даносіўся гук, быццам нехта вельмі далёка пляскаў па вадзе: «плясь-плясь!»

Кайманы пераглянуліся: што гэта можа быць?

Тады адзін стары і мудры кайман, - найстарэйшы і наймудрэйшы з усіх, у якога ў роце засталося толькі два цэлыя зубы і які аднойчы хадзіў у вандроўку аж да самага мора, - раптам сказаў:

- Я ведаю, што гэта! Гэта кіт! Яны вельмі вялікія і выпускаюць белую ваду праз нос. А потым вада ападае ў іх ззаду.

Пачуўшы гэта, маленькія кайманчыкі так перапалохаліся, што ўзнялі страшны лямант і пахавалі галовы ў ваду. Яны крычалі:

- Гэта кіт! Сюды плыве кіт!

Але стары кайман наставіў хвост на бліжэйшага кайманчыка і крыкнуў:

- Не бойцеся! Я ведаю кіта! Ён сам нас баіцца! Яшчэ як баіцца!

Гэтыя словы супакоілі маленькіх кайманаў. Але неўзабаве яны зноў перапалохаліся, бо шэры дым раптам змяніўся на чорны і плясканне пачулася зусім блізка. Перапалоханыя кайманы нырнулі ў раку і высунулі з вады толькі вочы і кончыкі носа. І тут яны ўбачылі, як паўз іх, гучна пляскаючы па вадзе, праплывае нейкая дзіўная, ахутаная дымам аграмадзіна. Гэта быў колавы параход, які ўпершыню з'явіўся на іхняй рацэ.

Параход праплыў і знік удалечыні. Кайманы адразу павылазілі на бераг і былі вельмі незадаволеныя старым кайманам: ён жа ім схлусіў, сказаўшы, што гэта кіт.

- Гэта не кіт! - закрычалі яны старому ў самае вуха, бо кайман быў трошкі глухі. - Але што ж гэта такое?

Тады стары кайман патлумачыў ім, што гэта быў параход, напоўнены агнём, і што ўсе кайманы загінуць, калі гэты параход пачне плаваць тут увесь час.

Але кайманы толькі пасмяяліся, падумаўшы, што стары, напэўна, здурнеў. З чаго гэта ім паміраць, калі тут пачне хадзіць параход? У старога каймана, відаць, проста клёпкі ў галаве не хапае!

Нарэшце, адчуўшы голад, кайманы пачалі лавіць рыб.

Але ніякай рыбы ў рацэ не было: яны не спаймалі ніводнай! Усе рыбы паўцякалі, спалохаўшыся шумнага парахода, і іх зусім не засталося.

- А што я казаў? - прамовіў стары кайман. - Вось жа, нам цяпер няма чаго есці. Рыбы паўцякалі. Але пачакаем да заўтрага. Можа, параход болей не вернецца, і рыбы прыплывуць, перастаўшы баяцца.

Але назаўтра яны зноў пачулі шум у вадзе, і параход, нарабіўшы грукату, зноў напускаў столькі дыму, што аж неба ўсё пацямнела.

- Вось дык так, - сказалі кайманы. - Параход прайшоў учора, прайшоў сёння і пройдзе заўтра. І не будзе цяпер ні рыб, ні жывёл, якія прыходзілі напіцца вады. Мы памром з голаду! А давайце зробім плаціну!

- Так, плаціну! Плаціну! - закрычалі ўсе і што было моцы паплылі да берага. - Давайце зробім плаціну!

І яны зараз жа ўзяліся за працу. Спачатку ўсе рушылі ў лес і павалілі там ажно дзесяць тысяч дрэваў, а можа, і болей. Пры гэтым яны выбіралі асабліва такому і кебрач, бо ў гэтых дрэваў вельмі цвёрдая драўніна. Потым распілавалі іх - нечым накшталт пілы, якая расце ў кайманаў па верху хваста, - зацягнулі бярвенне ў ваду і метр за метрам паўбівалі яго па ўсёй шырыні ракі. Цяпер ніякі параход, ні малы, ні вялікі, не змог бы праплыць. Кайманы былі ўпэўненыя, што ніхто ўжо болей не напалохае рыб. І тады, вельмі стаміўшыся, яны паляглі на пляжы і заснулі.

А на другі дзень, калі яны яшчэ спалі, здалёк зноў даляцеў шум парахода: «плясь-плясь». Кайманы ўсе, вядома, яго пачулі, але ніводзін не ўстаў і нават не расплюшчыў вачэй. Што ім да парахода? Няхай сабе шуміць колькі хоча, усё роўна яму не прайсці.

І праўда: параход быў яшчэ далёка, але раптам спыніўся. Людзі, якія плылі на ім, убачылі ў бінокль, што рака нечым перагароджаная, і паслалі наперад лодку паглядзець, што там такое перашкаджае ім плыць. Тады кайманы ўсталі і, падплыўшы да плаціны, пачалі назіраць за людзьмі праз бярвенне, пасмейваючыся ад задавальнення, што ім удалося ўчыніць параходу такі добры жарт.

Лодка падплыла, людзі разгледзелі збудаваную кайманамі моцную плаціну і вярнуліся назад да парахода. Потым лодка зноў вярнулася да плаціны, і людзі, якія былі ў ёй, крыкнулі:

- Гэй, кайманы!

- Што вам? - адказалі кайманы, высунуўшы галовы паміж бярвення ў плаціне.

- Нам гэта перашкаджае! - крыкнулі людзі.

- Ведаем!

- Мы не можам праплыць!

- А нам гэта і трэба!

- Прыбярыце плаціну!

- Не прыбяром!

Людзі ў лодцы пра нешта параіліся між сабою і потым зноў крыкнулі:

- Кайманы!

- Што вам? - адказалі тыя.

- Не прыбераце?

- Не!

- Ну, тады да заўтра!

- А дакуль хочаце!

І лодка вярнулася да парахода, а вельмі задаволеныя кайманы запляскалі хвастамі па вадзе. Ніякі параход цяпер тут не пройдзе, і ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба.

На другі дзень параход вярнуўся зноў, але калі кайманы зірнулі на яго, яны аж знямелі ад здзіўлення: гэты параход быў нейкі іншы. Ён быў мышынага колеру і куды большы за ранейшы. Што гэта за новы параход? Ён хоча праплыць? Не, не праплыве. Ні гэты, ні той, ніякі іншы!

- Не пройдзе, не пройдзе! - закрычалі кайманы і кінуліся да плаціны кожны на сваё месца каля бярвення.

Новы параход, як і ранейшы, спыніўся воддаль і таксама спусціў лодку, якая падплыла да плаціны.

У лодцы сядзелі афіцэр і восем матросаў.

Афіцэр крыкнуў:

- Гэй, кайманы!

- Што? - адказалі тыя.

- Не прыбераце плаціну?

- Не!

- Не?

- Не!

- Добра, - сказаў афіцэр. - Тады мы разбурым яе гарматамі.

- Бурыце! - адказалі кайманы.

І лодка вярнулася да судна.

А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялікімі страшнымі гарматамі. І мудры стары кайман, які аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомніў пра гэта і ледзь паспеў крыкнуць іншым кайманам:

- Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!

Кайманы адразу зніклі пад вадою і паплылі да берага. Там яны і засталіся, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. У тую ж хвіліну з карабля вылецела вялікае белае воблака дыму і магутны артылерыйскі снарад трапіў у самую плаціну, акурат усярэдзіну. Два ці тры бервяны разляцеліся ў трэскі, але тут жа ўпаў другі снарад, а потым яшчэ і яшчэ, і кожны нішчыў ушчэнт кавалак плаціны, пакуль ад яе нічога не засталося. Ні бервяна, ні трэскі, ні кары. Усё было разбурана гарматамі браняносца. І кайманы, якія сядзелі ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькі насы ды вочы, моўчкі глядзелі, як паўз іх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.

Потым кайманы вылезлі на бераг і сказалі:

- Мы зробім другую плаціну, яшчэ большую, чым была.

І тым жа вечарам і тою ж ноччу зрабілі новую плаціну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглі спаць і спалі да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў і спушчаная з яго лодка не наблізілася да плаціны.

- Гэй, кайманы! - крыкнуў ім афіцэр.

- Што трэба? - адказалі кайманы.

- Прыбярыце гэтую новую плаціну!

- Не прыбяром!

- Мы разбурым яе снарадамі, як і тую!

- Разбурайце, калі зможаце!

Яны адказвалі так ганарыста, таму што былі ўпэўненыя, што іх новую плаціну не змогуць разбіць нават усе гарматы свету разам.

Але праз хвіліну карабель схаваўся ў дыме, і якраз на сярэдзіне плаціны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялі разрыўнымі. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў іх у паветра і разнёс вялізныя ствалы на дробныя трэскі. Другі снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзін кавалак плаціны. І так яны білі і білі, пакуль ад плаціны нічога-нічагуткі не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, і людзі смяяліся з іх.

- Што ж, - сказалі кайманы, вылазячы з вады. - Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды і туды і рыбы ўжо ніколі не вернуцца.

І яны замаркоціліся, таму што маленькія кайманчыкі прасілі есці.

Тады стары кайман сказаў:

- У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з ім разам плавалі ў вандроўку да мора, і ў яго ёсць тарпеда. Ён некалі бачыў бой паміж двума параходамі і прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросім у яго гэтую тарпеду, і хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца і ён не захоча, каб мы ўсе памерлі.

А ўсё ў тым, што некалі даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елі Сомава пляменніка, і з таго часу ён не хацеў з імі размаўляць. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправіліся да Сома, які жыў у вялікай пячоры ў беразе ракі Параны і заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, і гаспадар тарпеды якраз быў такі.

- Гэй, Сом! - крыкнулі яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважваліся ўвайсці, памятаючы пра гісторыю з ягоным пляменнікам.

- Хто там мяне гукае? - спытаў Сом.

- Гэта мы, кайманы!

- Не маю і не хачу мець з вамі ніякае справы, - сярдзіта адказаў Сом.

Тады стары кайман усунуўся трошкі ў пячору і сказаў:

- Сом, гэта я. Я твой сябар - той, што вандраваў з табою да мора.

Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.

- Ага, а я цябе не пазнаў, - ужо лагодней прамовіў ён да свайго старога сябра. - Што ў цябе?

- Мы прыйшлі папрасіць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзіць ваенны карабель, які палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабілі плаціну, але ён яе знішчыў. Тады мы паставілі другую, дык ён і гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклі, і цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, і мы знішчым гэты карабель.

Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся і потым сказаў:

- Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабілі з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць?

Усе маўчалі, бо ніхто не ўмеў.

- Добра, - з гонарам сказаў Сом, - я сам яе ўзарву. Я гэта рабіць умею.

Зараз жа пачалі перавозку. Усе кайманы прывязаліся адзін да аднаго: хвост першага прывязалі за шыю другога, хвост пярэдняга - за шыю задняга. Так утварыўся цэлы ланцуг з кайманаў амаль на паўвярсты. Волат Сом штурхнуў тарпеду да плыні і падлез пад яе, каб трымаць на спіне і каб тарпеда плыла. А таму, што ліянаў, якімі адзін да аднаго папрывязваліся кайманы, не хапіла, Сом учапіўся зубамі ў хвост апошняму кайману, і гэтак яны паплылі. Сом падтрымліваў тарпеду, а кайманы цягнулі яго, бегучы па беразе. Яны то падымаліся на высокі бераг, то апускаліся, то скакалі цераз каменне, але не спыняліся і подбегам валаклі тарпеду, за якой, як за караблём, што ідзе на вялікай хуткасці, разыходзіліся хвалі. А назаўтра рана-раніцай яны ўсе выйшлі на месца, дзе збудавалі сваю апошнюю плаціну, і адразу пачалі будаваць новую, куды мацнейшую за папярэднія. Па парадзе Сома яны паставілі бярвёны ўшчыльную, адно да аднаго. Гэта была сапраўды выдатная плаціна.

Ледзь яны ўбілі апошняе бервяно, як на рацэ зноў з'явіўся ваенны карабель і лодка з афіцэрам і васьмю матросамі зноў падплыла да плаціны. Кайманы пералезлі цераз бярвенне і высунулі галовы з другога боку.

- Гэй, кайманы! - крыкнуў афіцэр.

- Што? - адказалі кайманы.

- Зноў плаціна?

- Але, зноў!

- Прыбярыце гэтую плаціну!

- Ні за што!

- Не прыбераце?

- Не!

- Добра, тады слухайце, - сказаў афіцэр. - Мы разаб'ем гэтую плаціну, а каб вам болей не захацелася зрабіць новую, мы з гармат разаб'ем і вас. Нікога не пакінем жывым - ні вялікага, ні малога, ні тоўстага, ні худога, ні маладога, ні старога - такога, як той лядашчы кайман, якога я бачу вунь там і ў якога ў роце толькі два зубы.

Стары і мудры кайман, пачуўшы, што афіцэр гаворыць пра яго, насміхаючыся, адказаў:

- Гэта праўда, што ў мяне мала зубоў, ды й тыя паламаныя. Але ці ведаеце вы, што будуць есці заўтра гэтыя зубы?

І ён разявіў свой гіганцкі рот.

- Ну, што будуць есці, што? - спыталі матросы.

- Вось гэтага афіцэрчыка, - сказаў кайман і хуценька злез з бервяна.

Тым часам Сом прыладзіў тарпеду пасярод плаціны і загадаў чатыром кайманам, каб тыя асцярожна ўзялі яе і прытапілі ў вадзе, пакуль ён не дасць знак. Так і зрабілі. Астатнія кайманы адразу схаваліся каля берага, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. А Сом затаіўся каля тарпеды.

Раптам карабель ахутаўся дымам і выпусціў па плаціне першы снарад. Снарад разарваўся якраз у цэнтры плаціны і разнёс на тысячу кавалачкаў дзесяць ці дванаццаць бярвёнаў.

Але Сом быў напагатове, і як толькі ў плаціне з'явілася дзірка, ён крыкнуў кайманам, што трымалі тарпеду пад вадой:

- Пускайце тарпеду, хутчэй пускайце!

Кайманы адпусцілі тарпеду, і яна ўсплыла.

Хутчэй чым вы прачытаеце гэтыя словы, Сом акуратна паставіў тарпеду ў цэнтры пралому, потым зажмурыў вока, прыцэліўся і, запусціўшы механізм, накіраваў тарпеду на карабель.

І ў самы час! Бо якраз у гэтую хвіліну браняносец выпусціў другі снарад. Ён з грукатам разарваўся і разнёс на трэскі яшчэ адзін кавалак плаціны.

Але тарпеда была ўжо зусім блізка да карабля. Людзі, якія стаялі на ім, заўважылі яе. Яны ўбачылі след, які пакідае на вадзе тарпеда.

Усе спалохана закрычалі і паспрабавалі павярнуць браняносец, каб тарпеда не зачапіла яго.

Але было позна: тарпеда ўжо даплыла. Яна ўдарыла гіганцкі карабель якраз пасярэдзіне і разарвалася.

Немагчыма сабе ўявіць страшны грукат, з якім узарвалася тарпеда. Яна выбухнула так, што разарвала карабель на пятнаццаць тысяч кавалкаў: у паветра паляцелі коміны, машыны, гарматы, лодкі - усё! Іх параскідала вельмі далёка.

Кайманы пераможна крыкнулі і як ашалелыя кінуліся да плаціны. Адтуль яны ўбачылі, як праз прабіты снарадам пралом плывуць падхопленыя рачною плынню мёртвыя, параненыя і жывыя людзі.

Кайманы залезлі на бярвенне з абодвух бакоў пралому, і калі праз яго праносіла людзей, смяяліся і кпілі з іх.

Есці людзей кайманы не захацелі, хоць, можа быць, людзі таго і заслугоўвалі. Толькі калі міма праплываў адзін з залатымі галунамі на мундзіры, стары кайман кінуўся ў ваду і - «хруп!» - у два глыткі праглынуў яго.

- Каго гэта ён? - спытаўся адзін малады недасведчаны кайманчык.

- Афіцэра, - адказаў Сом. - Мой стары сябар паабяцаў жа яму, што з'есць. Вось і з'еў.

Рэшткі плаціны кайманы разабралі: цяпер яна была ім непатрэбная, бо ніякі параход ужо не адважыцца там праплыць. Сом, які ўпадабаў афіцэравы рэмень і аксельбанты, папрасіў, каб яму аддалі іх у падарунак. Але дзеля гэтага яму давялося выцягваць іх з рота ў старога каймана, бо яны заселі ў таго ў зубах. Потым Сом падперазаўся рэменем, зацягнуўшы яго пад плаўнікамі, а на канцы сваіх доўгіх вусоў павесіў аксельбанты і пас ад шаблі. Скура ў Сома вельмі прыгожая, а цёмныя плямы на ёй падобныя да плям у змяі. І Сом цэлую гадзіну плаваў сюды-туды, красуючыся перад кайманамі, а тыя глядзелі на яго, разявіўшы ад здзіўлення раты.

Потым кайманы правялі яго да самай яго пячоры і, доўга-доўга падзякаваўшы, вярнуліся на сваё звычайнае месца. Рыбы таксама вярнуліся, і кайманы жылі і дагэтуль жывуць там вельмі шчаслівыя. Урэшце яны нават прызвычаіліся да таго, што па рацэ часам праплываюць параходы і караблі, якія вязуць апельсіны.

Але пра ваенныя караблі яны нават чуць нічога не хочуць.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел