epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Хрышчэнне

- Трохі каньяку, доктар?

- Ахвотна вып'ю.

Стары марскі лекар падаў кілішак і сачыў, як той напаўняўся прыгожым, у залатых праменьчыках пітвом.

Пасля ён падняў яго да вачэй, нахіліў да святла, панюхаў, узяў на язык некалькі кропель і доўга смакаваў іх у сасмаглым роце, а потым сказаў:

- О! Чароўная атрута! Ці нават вабны забойца, хітры і падступны душагуб!

Вы ж не ведаеце, што гэта такое. Хоць і чыталі выдатную кнігу «Пастка», але ў адрозненне ад мяне не бачылі, як спірт знішчыў цэлае племя дзікуноў - маленькае негрыцянскае каралеўства; яно загінула праз спірт, прывезены ў круглабокіх бочках, якія рыжабародыя ангельскія маракі кацілі па сходах на бераг з нявіннымі лагоднымі ўсмешкамі.

Пачакайце, я бачыў, на свае вочы бачыў, як спірт стаў прычынай трагедыі, вельмі дзіўнай і дужа балючай, якая адбылася зусім недалёка адсюль - у брэтонскай вёсачцы ў наваколлі Пон-ль'Абэ.

Адзін год я не працаваў і адпачываў у сялянскай хаце, якая засталася мне ад бацькі. Вы ведаеце гэты плоскі бераг, дзе ўдзень і ўночы ў калючых нізкіх уцёсніках шалёна вые вецер, а вялізныя камяні, колішнія багі, трывожна і насцярожана прылеглі-паснулі на зямлі. Мне ўвесь час здаецца, што вось-вось гэтыя гранітныя волаты ажывуць і павольнай хадою рушаць па палях і лугах або распрастаюць свае шырокія крылы і паляцяць у рай да святароў-друідаў.

Мора абдымае і сціскае небакрай, б'ецца аб чорныя ў белых кудлах пены рыфы, падобныя на сабак, якія чакаюць рыбакоў.

А людзі выходзяць у гэтае жудаснае мора, і яно перакульвае іх лодкі ўдарамі зялёнага хрыбта і праглынае, як таблеткі. Штодзень і штоночы адплываюць яны на сваіх трухлых чаўнах, смелыя, узбуджаныя і п'яныя. Але яны вельмі часта бываюць нападпітку. «Як пляшка поўная, - кажуць яны, - бачыш рыф, а як пустая - дык не бачыш».

Завітайце ў іхнія халупы. Вы ніколі не застанеце там бацькі. Спытайце ў жанчыны, што сталася з мужам, - яна пакажа на змрочнае мора, якое раве і плюецца белай слінай на ўсё ўзбярэжжа. Ён не вярнуўся ў той дзень, калі хапіў лішку. Старэйшы сын таксама. Засталіся яшчэ чацвёра светлавалосых моцных дзецюкоў. Неўзабаве іх чарга.

Жыў я, значыць, у сваёй сялянскай хатцы каля Пон-ль'Абэ рэзам са слугой - былым мараком і сям'ёй брэтонцаў - мужчына працаваў садоўнікам, а жонка і швагерка прыглядалі ў хаце, калі мяне не было.

І ў той год пад каляды ў іх нарадзіўся хлопчык.

Бацька папрасіў мяне быць хросным. Я не змог адмовіцца, і ён пазычыў у мяне дзесяць франкаў на царкоўныя выдаткі - так ён сказаў.

Хрышчэнне назначылі на 2 студзеня. Ужо тыдзень, як зямля здранцвела пад сіняватым цвёрдым цаліком, што акрыў увесь гэты плоскі нізкі абшар, за якім чарнела мора і зводдаль было відаць, як яно дыхала, выгінала спіну, кацілася імклівымі хвалямі, быццам прагнула кінуцца на свайго нерухомага суседа, які здаваўся мёртвым, бо ляжаў спакойны, белы і настылы.

А дзевятай раніцы да мяне прыйшлі бацька Керандэк са швагеркай - доўгай худой Кермаган - і нянькай, якая ў коўдры несла дзіця.

Мы рушылі да царквы. Мароз стаяў такі, што ад яго трашчалі камяні-дальмены, і цела ледзь не трэскалася ад яго калючых укусаў. А я думаў пра беднае немаўля, якое неслі наперадзе, і казаў сабе, што брэтонцаў выкавалі з жалеза, калі іх дзеці ад нараджэння могуць трываць гэтакія прагулкі.

Мы падышлі да царквы, але дзверы былі зачыненыя.

Плябан пазніўся.

Тады нянька прысела на тумбу каля ганка і ўзялася расхутваць дзіця. Спачатку я падумаў, што хлопчык абрабіўся, але яго, беднага, збіраліся выставіць зусім голага на люты мароз. Абураны такой неасцярожнасцю, я не вытрываў:

- Вы што, з глузду з'ехалі? Вы ж заб'яце яго!

Жанчына цвёрда сказала: «Ды не, вашэці, ён мусіць чакаць Божаньку зусім голы».

Бацька з цёткай спакойна пазіралі на гэта. Такі звычай. Паруш яго, і дзіцяці не будзе шчасця ў жыцці. Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсці дадому і нават спрабаваў сілай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабілася фіялетавае.

Я сабраўся пайсці прэч ад гэтага быдла, калі заўважыў на дарозе з вёскі плябана, рызніка і вясковага хлопчыка-служку.

Я падбег да іх і пачаў абурацца. Плябан зусім не здзівіўся, не прыспешыў, ступаў нетаропка. Ён адказаў:

- Нічога не зробіш, пане. Такі звычай. Усе так робяць, і я не магу нічога змяніць.

- Ды ідзіце вы хоць бы хутчэй, - крыкнуў я.

Святар азваўся:

- А я не магу хутчэй.

Так ён зайшоў у рызніцу, а мы засталіся на цвінтары. Я вельмі пакутаваў ад дзіцячага ляманту - малое аж заходзілася ад марозных апёкаў.

Дзверы нарэшце расчыніліся. Мы ўвайшлі, але дзіця заставалася голае ўсю цырымонію.

Яна цягнулася доўга. Плябан - святая чарапаха - бязладна вавуліў лацінскія словы, паважна і нетаропка ступаючы па халодных плітах, а яго белы ўбор, які ён надзеў, каб у імя бязлітаснага жорсткага Бога прымусіць пруцянець ад холаду кавалачак чалавечай плоці, ледзяніў мне сэрца.

Нарэшце гэтае доўгае хрышчэнне скончылася, і нянька зноў укруціла ў доўгую коўдру змерзлага хлопчыка, які пранізліва вішчаў ад болю.

Святар сказаў мне:

- Зайдзіце, калі ласка, распісацца ў рэестры.

Я павярнуўся да садоўніка:

- А цяпер ляціце дамоў і адразу сагрэйце дзіця.

І я даў яшчэ некалькі парад, каб пазбегнуць, калі не позна, запалення лёгкіх.

Бацька паабяцаў зрабіць усё як трэба і пайшоў разам са швагеркай і нянькай. А мы з плябанам зайшлі ў рызніцу.

Калі я распісаўся, ён папрасіў пяць франкаў на выдаткі.

Я, канечне, адмовіўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразіў парваць пасведчанне і скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублікі.

Мы доўга спрачаліся, я нарэшце заплаціў.

Дома я адразу пабег глядзець, ці ўсё было ў парадку. Кінуўся да Керандэк, але бацька, швагерка і нянька яшчэ не вярнуліся.

Парадзіха самотна трэслася ад холаду ў сваім ложку, была галодная, бо суткі як не ела.

- Дзе ж, халера, яны падзеліся? - спытаў я.

Жанчына без усякага подзвігу і злосці адказала:

- Мусіць, зайшлі недзе выпіць. Такі звычай.

Тут я прыгадаў свае дзесяць франкаў, пазычаныя на царкву і прапітыя ў карчме.

Я загадаў прынесці маці булёну і добра напаліць у каміне. Занепакоены і злы, я паабяцаў сабе прагнаць гэтых нягоднікаў і са страхам падумаў пра лёс беднага хлапчаняці.

А шостай вечара яны яшчэ не вярнуліся. Загадаўшы слузе дачакацца іх, я лёг спаць. Заснуў адразу, бо сплю як сапраўдны марак. На золку мяне разбудзіў слуга, які прынёс цёплай вады галіцца.

Я спытаўся ў яго, як толькі расплюшчыў вочы:

- Што з Керандэк?

Стары вагаўся, а потым прамармытаў:

- О! Пане, ён вярнуўся апоўначы п'яны як гразь. Кермаган з нянькай таксама. Веру, што яны начавалі ў канаве, а малое памерла, яны і не заўважылі.

Я з крыкам падскочыў:

- Дзіця памерла?

- Памерла, пане. Яны паказалі яго маці Керандэк. Тая ў слёзы. І яе напаілі, каб суцешыць.

- Як гэта, напаілі?

- Так, пане. Але пра ўсё я даведаўся раніцай, толькі цяпер. Як у мужа не засталося ні гарэлкі, ні грошай, ён наліў бензіну з лямпы, што дала ім вашэці; яны выпілі на чацвярых колькі там заставалася ад літра. Ды так насцябаліся, што парадзіха цяпер ляжыць хворая.

Я паспешліва адзеўся, схапіў кій, прагнучы забіць усю гэту нелюдзь, і кінуўся да садоўніка.

Атручаная бензінам, Керандэк канала побач з сінім трупікам свайго дзіцяці.

Муж, нянька і швагерка храплі проста на зямлі.

Я быў пры жанчыне, пакуль яна апоўдні не памерла.

 

Стары доктар змоўк. Ён зноў узяў бутэльку, наліў сабе яшчэ, паглядзеў, як празрыстае пітво ззяе ў святле і робіцца сокам з расплаўленых тапазаў, і адным глытком каўтнуў гарачую, атрутную вадкасць.



Пераклад: Сяргей Мурашка