epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Чорт

Пры ложку хворай стаяў лекар, а насупраць яго - мужык. Старая спакойнымі яснымі вачыма глядзела на мужчын і слухала іх гамонку. Яна памірала без скаргаў, бо выжыла свой век: ёй споўнілася дзевяноста два гады.

У расчыненыя вокны і дзверы струменіліся сонечныя промні і гарачым цяплом аблівалі чорную пыльную падлогу, убітую нагамі чатырох пакаленняў сялян. Сюды ж пякучы вецер прыгнаў водар палёў і траў, збажыны і лісця, што быццам прыгарэлі над паўднёвай спёкай. Там, у палях, на ўсю моц цвыркаталі конікі, напаўняючы паветра гучным цвырканнем, падобным на ляск драўляных бразготак, якія купляюць дзецям на кірмашы.

Доктар голасна казаў:

- Анарэ, вы не кінеце сваю маці ў такім цяжкім стане. Яна вось-вось памрэ.

А той сумна паўтараў:

- Але ж мне трэба пшаніцу жаць. І так ужо перастаяла. Дый пагода сама раз. Што, маці, няпраўду я кажу?

А старая і на парозе смерці, трывала сціснутая абцугамі нармандскай скупасці, вачыма і тварам гаварыла: «Праўда, хутчэй сажні пшаніцу і дай мне спакойна памерці адной».

Але доктар зазлаваўся і тупнуў нагою:

- Гэй вы, нягоднік, я не дазволю вам гэта рабіць, чуеце? А калі вам так прыспічыла з пшаніцай якраз сёння, схадзіце да Рапэ, ліха вам! Схадзіце, чулі? А не сходзіце - здохнеце, як сабака, калі вы, вы самі захварэеце, зразумелі?

Даўгалыгі, цельпукаваты мужык пакутаваў ад сваёй нерашучасці, ад доктаравых пагроз і спрадвечнай прагі да грошай; муляўся, штосьці падлічваў і нарэшце прамармытаў:

- Гэта, а колькі тая Рапэ возьме за працу?

Доктар зароў:

- Адкуль я ведаю?! Усё залежыць ад часу! Самі дамоўцеся, халера! Але каб праз гадзіну яна была тут, уцямілі?

Мужык рашыўся:

- Іду, іду, не злуйцеся, доктарка.

Той пасунуўся з хаты, кінуўшы на хаду:

- Ну то глядзіце, вы мяне ведаеце, са мной лепш не жартаваць, калі я злы.

Застаўшыся адзін, селянін павярнуўся да маці і цвёрда сказаў:

- Я іду да Рапэ, бо так хоча гэты чалавек. Глядзі не памры, пакуль я не вярнуся.

І таксама выйшаў.

 

Старая прасавальніца Рапэ абмывала нябожчыкаў і рабіла апошні дагляд хворых у сваёй і ў суседніх вёсках. Зашыўшы кліента ў зрэб'е, якое таму больш не суджана было зняць, яна зноў вярталася прасаваць бялізну жывым. З тварам, як леташні яблык, звадная і зласлівая, сквапная, што ліхвяр, зламаная напалам ад бясконцага нагінання над цяжкім прасам, яна, здавалася, адчувала да чалавечай агоніі нейкую нялюдскую цынічную любоў. Яна толькі і гаварыла, што пра мёртвых, пра розныя смерці, якіх яна багата пабачыла, прычым гаварыла заўсёды з аднолькавымі дакладнымі падрабязнасцямі; і тады рабілася вельмі падобная на паляўнічага, які хваліцца здабычай.

Калі Анарэ Бантан зайшоў да яе, яна якраз дамешвала сінькі да жаночых каўнерыкаў.

Ён павітаўся:

- Вечар добры. Як маешся, цётка Рапэ?

Яна зірнула на яго:

- Нішто, нішто сабе. А вы?

- О, са мной усё добра, але маці зусім кепска.

- Маці?

- Але ж, маці.

- А што з ёй?

- Ды вось, сабралася паміраць.

Старая выняла рукі з вады, і празрыстыя блакітныя кроплі скаціліся з кончыкаў пальцаў у ночвы.

З нечаканай пяшчотай у голасе яна азвалася:

- Ёй гэтак дрэнна?

- Доктар кажа, не дацягне да раніцы.

- Ну, тады напэўна памрэ.

Анарэ вагаўся. Ён шукаў словы, з якіх можна было б пачаць сваю прапанову. Але, так нічога і не прыдумаўшы, раптам сказаў:

- Колькі возьмеце з мяне за апошні дагляд? Ведаеце, я не багатыр. У мяне нават няма грошай на адну парабчанку. Таму маці так спрацавалася і змарнела за ўсё жыццё, што канае цяпер. Яна рабіла за дзесяцёх, не зважаючы на свае дзевяноста два. Такіх, як яна, цяпер не знойдзеш!

Рапэ сур'ёзна адказала:

- У мяне два рахункі: сорак су за дзень і тры франкі за ноч з багатых. Дваццаць су за дзень і сорак франкаў за ноч з астатніх. Дасце дваццаць і сорак.

Мужык разважаў. Ён надта добра ведаў маці - моцная і ўчэпістая, яна магла пратрываць яшчэ з тыдзень, што б там ні думаў той доктар.

Ён рашуча сказаў:

- Не. Назавіце лепш адну цану, адну да канца. Я ўзважыў усё. Доктар кажа, яна пойдзе хутка. Калі так - вам лепш, мне горш. Але калі яна дажыве да заўтрага ці болей - мне лепш, вам горш.

Старая здзіўлена глядзела на мужчыну. Яна ніколі не брала за нябожчыкаў агулам і не ведала, што рабіць, баючыся пратраціцца. І западозрыла, што яе хочуць ашукаць.

- Нічога я не скажу, пакуль не ўбачу вашу маці, - сказала яна.

- Дык хадземце.

Яна выцерла рукі і адразу пайшла за ім.

Па дарозе маўчалі. Яна перабірала нагамі, а ён ступаў так шырока, быццам кожнага разу сягаў праз ручай.

Ачмурэлыя ад спёкі каровы, што ляжалі ў полі, цяжка падымалі галовы і ціха рыкалі людзям - як бы прасілі свежай травы.

Каля дома Анарэ Бантан шапнуў:

- Ці не сканала яна?

І гэтыя словы міжволі выказалі яго падсвядомае жаданне.

Але старая не спяшалася паміраць.

Яна ляжала на сваім лядачым ложку, сашчапіўшы на фіялетавай паркалёвай коўдры страшэнна худыя вузлаватыя рукі, падобныя на дзіўныя стварэнні, на крабаў, скурчаныя раматусам, стомай, цяжкай бясконцай працай амаль за стогадовае жыццё.

Рапэ падышла да ложка і паглядзела на старую. Памацала пульс, грудзі, паслухала, як дыхаюць лёгкія, нешта спыталася - паслухаць, як тая адкажа, і доўга яшчэ прыглядалася, а пасля выйшла разам з Анарэ. Яна супакоілася. Старая не перажыве гэтае ночы.

Ён спытаўся:

- Ну што?

Рапэ адказала:

- Што? Ёй жыць яшчэ два ці тры дні. Дасце мне за ўсё шэсць франкаў.

Ён аж заенчыў:

- Шэсць франкаў! Шэсць франкаў? Вы часам не звар'яцелі? Я кажу, гэта на пяць-шэсць гадзін, не больш.

Яны доўга і зацята спрачаліся. Але ён нарэшце згадзіўся, бо старая мерылася пайсці і час мінаў, а збажына сама не ссыпалася ў мяхі.

- Добра, згода, шэсць франкаў за ўсё разам з абмываннем цела.

- Згода, шэсць франкаў.

І ён пашыбаваў да сваёй пшаніцы, якая пачаўрэла ад спякотнага, але шчодрага на ўраджай сонца.

Наймічка вярнулася дахаты.

Яна прыхапіла з сабою бялізну, бо не кідала працы нават помеж з нябожчыкамі і хворымі і ўвесь час нешта мыла, ці то сабе, ці то сям'і, якая наймала яе і плаціла за дзве работы разам.

Раптам яна спыталася:

- Ці паспавядаліся вы, цётка Бантан?

Хворая варухнула галавой, і набожная Рапэ адразу падхапілася:

- Божачкі Ісусе, ці можна так? Я паляцела да плябана.

І яна так хутка памкнула да плябаніі, што дзеці, якія гулялі на плошчы, адразу зразумелі - хтосьці памірае.

Неўзабаве паказаўся святар у белым стыхары, наперадзе ў яго ішоў хлопчык-харыст і званіў у званок, каб абвясціць, што яшчэ адна душа заручаецца з Богам у гэтай гарачай ціхай вёсцы. Мужчыны, занятыя працай, здалёк здымалі шырокія брылі і не краталіся, аж пакуль белая вопратка не знікала за хатай; вязальніцы снапоў разгіналі спіны і жагналіся; перапалоханыя чорныя куры, куляючыся на лапках, уцякалі ўздоўж равоў і хаваліся ў добра ім вядомых дзірках; кураня, навязанае шнурком за нагу, вар'яцела ад выгляду стыхара і з ціўканнем бегала кругамі. Хлопчык у чырвонай сподні спяшаўся, святар, схіліўшы набок галаву з квадратным капялюшыкам, з ціхімі малітвамі ступаў следам; Рапэ, пераламаная напалам, як бы збіралася ўкленчыць на хаду і, склаўшы рукі перад сабой, як на імшы, клыпала ззаду.

Анарэ здалёк заўважыў іх і спытаўся:

- Да каго гэта наш плябан?

Кемлівы парабак адказаў:

- Да каго? Ідзе запрашаць Бога да тваёй маці!

Мужык не здзівіўся:

- Добра, добра, хай ідзе!

І зноў узяўся за работу.

Матухна Бантан паспавядалася, атрымала дараванне і прычасцілася. Святар пайшоў, жанчыны засталіся адны ў спякотным пакоі.

Дзень канчаўся; свежы вецер дыхаў прахалодай, ад яго павеваў гойдаўся папяровы абраз, прыколаты дзвюма шпількамі да сцяны; фіранкі на акне, калісьці белыя, а цяпер палінялыя і заседжаныя мухамі, трапяталіся, матляліся, рваліся ў паветра, імкнуліся паляцець гэтаксама, як і душа старой.

Анарэ вярнуўся ў прыцемках. У ложку ён заўважыў яшчэ жывую маці і спытаўся:

- Як маешся?

Ён і раней так казаў, калі той нездаровілася.

Адаслаў Рапэ, загадаўшы:

- Заўтра а пятай, не спазніцеся.

Тая паўтарыла:

- Заўтра, а пятай.

І праўда, яна прыйшла досвіткам. Перад працай у полі Анарэ сілкаваўся звараным ім самім крупнікам.

Наймічка спыталася:

- Ну, памерла ваша маці?

Ён хітра ўсміхнуўся аднымі вачыма і адказаў:

- Ёй нават палепшала.

І пайшоў з хаты.

Занепакоеная Рапэ падышла да старой, якая ляжала ў нязменнай позе - з расплюшчанымі вачыма, сціскаючы рукамі коўдру, абыякава церпячы пакуты.

Кабета зразумела, што так можа цягнуцца два, тры дні, ці нават тыдзень, і яе хцівае сэрца сціснулася ад страху, а ў душы ўсхадзіўся гнеў на хітруна, які пасмяяўся з яе, і на старую, што не памірае.

Тым не менш яна ўзялася за работу і чакала, не адводзячы вачэй ад зморшчанага твару цёткі Бантан.

Анарэ вярнуўся абедаць, здавалася, ён задаволены, ледзь не вясёлы. Неўзабаве ён зноў пайшоў. Што і казаць, яго ўраджай не прападзе.

 

Рапэ ціха шалела ад злосці; цяпер кожная хвіліна здавалася ёй крадзеным часам, крадзеным грошам. Ёй хацелася, ёй карцела ўпіцца ў горла гэтай старой руіне, гэтай учэпістай бабе, гэтай упартай калодзе і, пакрысе сціскаючы яго, спыніць кароткія ўздыхі, што крадуць яе час і яе грошы.

Але зрабіць так было небяспечна, і іншая думка прыйшла ёй у галаву. Яна стала каля ложка:

- Вы яшчэ не бачылі д'ябла?

Матухна Бантан прашаптала: «Не».

Тут кабета пачала расказваць розныя страхі, каб збіць з розуму хворую.

За некалькі хвілін да смерці, казала яна, чорт з'яўляецца кожнаму. У руцэ ў яго мятла, на галаве чыгунок, і крычыць як рэзаны. Калі бачыш яго, жыць застаецца імгненне. І яна пералічыла ўсіх, каму сёлета паказаўся чорт: Жазэфэн Луазэль, Эўлалі Рацье, Сафі Паданнё, Серафіна Грап'е.

Нарэшце матухна Бантан захвалявалася, заварушылася, засоўгала рукамі і паспрабавала павярнуць галаву, каб зазірнуць у цёмныя куткі ў хаціне.

Раптам Рапэ знікла за білам ложка. Яна выцягнула з шафы нейкі сувой, укруцілася ў яго; начапіла на галаву чыгун з крывымі ножкамі, падобнымі на рогі; у правую руку ўзяла дзяркач, у левую - бляшанае вядро і знянацку падкінула яго ўгору, каб яно з ляскатам бразнулася на падлогу.

Вядро нарабіла страшэннага грукату. Наймічка ўскочыла на крэсла, адхінула шырму, што закрывала ложак, і, як вятрак, закруціла рукамі, заскавытала і завішчала ў чыгун на галаве, замахала на старую дзеркачом, быццам той чорт у тэатры марыянетак.

Напалоханая, ашалелая, старая зрабіла нечалавечае намаганне, каб устаць і ўцячы; яна аж да пояса высунулася з-пад коўдры... і з цяжкім апошнім уздыхам адкінулася на падушку. Усё было скончана.

А Рапэ пачала няспешна прыбірацца: дзяркач кінула ў кут, сувой запхнула ў шафу, чыгун паставіла на печ, вядро на паліцу, а крэсла каля сцяны. Пасля прафесійнымі рухамі закрыла вылупленыя вочы нябожчыцы, паставіла на ложак талерку і наліла ў яе свянцонай вады, памачыла самшытавую галінку, што вісела на цвіку над камодай, укленчыла і пачала казаць шчырыя пацеры, якія ведала на памяць.

І калі надвячоркам прыйшоў Анарэ і заспеў яе на каленях, ён хуценька падлічыў, што страціў дваццаць су, бо яна даглядала толькі тры дні і адну ноч, што каштавала пяць, а не шэсць франкаў, якія ён мусіў заплаціць.



Пераклад: Сяргей Мурашка