epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Месячнае святло

Абат Марыньян цалкам адпавядаў свайму ваяўнічаму прозвішчу. Гэта быў высокі і худы святар, трохі фанатычны, гарачлівы, але заўсёды шчыры. Яго перакананні былі цвёрдыя, непахісныя. Яму здавалася, што ён дасканала ведае свайго бога, разумее яго наканаванні, жаданні, намеры.

Часамі, калі ён гуляў у прысадах каля сваёй маленькай плябаніі, у яго ўзнікала пытанне: «Навошта Бог стварыў усё гэта?» Ён пачынаў настойліва шукаць адказу, ставячы сябе ў думках на месца Бога, і амаль заўсёды знаходзіў. Ніколі б ён не прашаптаў у парыве пабожнай пакорнасці: «О, Божа, неспазнаныя шляхі твае!» Ён казаў сабе: «Я слуга Бога, я павінен ведаць, чым ён кіруецца ў сваіх дзеях, а калі я гэтага не ведаю, дык павінен здагадацца сам».

Яму здавалася, што ўсё ў прыродзе створана з дасканалай і вартай захаплення логікай. Усе «чаму» і «таму што» заўсёды ўраўнаважваліся. Світанні існавалі на тое, каб прыемна было прачынацца, дні - каб спела збажына, дажджы - каб паліваць яе, вечары - каб рыхтавацца да сну, а цёмныя ночы - каб спаць.

Чатыры пары года дасканала адпавядалі ўсім сельскагаспадарчым патрэбам, і святару ніколі не прыйшла б у галаву думка, што прырода не мае ніякіх намераў і што, наадварот, усё жывое навокал падладжваецца да суровых патрэб часу, кліматычных умоў, матэрыяльнага жыцця.

Але... ён ненавідзеў жанчын, ненавідзеў несвядома і інстынктыўна імі пагарджаў. Ён часта паўтараў словы Хрыста: «Што мне і табе, жанчына?» - і дадаваў:

«Здаецца, Бог сам быў незадаволены гэтым сваім стварэннем». Жанчына была яму «дванаццаць раз заганнае дзіця», як сказаў паэт. Яна была той спакусніцай, што звяла першага мужчыну. Гэтая слабая і невядома чаму вабная істота і дагэтуль вяла сваю агідную дзейнасць. І ён ненавідзеў жаночую душу, здольную кахаць, нават больш, чым жаночае цела, асуджанае на пагібель.

Часта ён адчуваў на сабе пяшчоту, што ішла ад іх, і хоць ён верыў у сваю непахіснасць, яго бязмерна злавала гэтая патрэба кахаць, якая заўсёды ў іх хавалася.

На яго думку, Бог стварыў жанчыну толькі на тое, каб спакушаць мужчыну і ўсяляк выпрабоўваць яго. Набліжацца да яе можна было толькі з незвычайнай асцярогай, каб не трапіць у пастку. Ды яна і папраўдзе была сама як пастка, з выцягнутымі для абдымкаў рукамі і гатовымі для пацалунка вуснамі.

Ён рабіў выключэнне толькі манашкам, бо іх зарок цнатлівасці рабіў іх няшкоднымі. Але ён усё адно ставіўся да іх сурова, бо заўсёды адчуваў, што недзе ў глыбіні іх скаванай душы, у іх пакорлівым сэрцы жыве гэтая адвечная пяшчота, якая прызначаецца таксама і яму, хоць ён і святар.

Гэтую пяшчоту ён адчуваў у іх позірках, прасякнутых большай, чым у манахаў, набожнасцю, у іх малельным экстазе, у якім было нешта жаноцкае, у парывах любові да Хрыста, што абуралі яго, бо гэта было жаночае каханне, каханне цела. Ён адчуваў гэтую праклятую пяшчоту нават у іх пакорлівасці, у мяккасці голасу, у апушчаных долу вачах і ў іх маўклівым плачы, калі ён надта сурова іх дакараў.

І таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану і шпарка ішоў, быццам уцякаючы ад небяспекі.

Абат меў пляменніцу, якая разам з маці жыла ў суседнім дамку. Ён настойліва дамагаўся, каб яна сталася міласэрнай сястрой.

Яна была прыгожанькая, легкадумная і смяшлівая. Калі абат павучаў яе, яна смяялася, а калі злаваўся на яе, яна кідалася яго цалаваць, прыціскаючы да грудзей, і ён мімаволі стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбіні душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.

Часам, ідучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала і глядзела на неба, на зёлкі, на кветкі; у вачах яе адбівалася радасць жыцця. Часам яна кідалася за матыльком і, прынёсшы яго, шчабятала: «Глядзіце, дзядзечка, які ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!» І гэтая патрэба пацалаваць матылька ці кветачку бэзу непакоіла, раздражняла, абурала святара - ён і тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоіцца ў жаночым сэрцы.

І вось аднойчы жонка закрыстыяна, якая вяла гаспадарку ў абата, паведаміла яму пад сакрэтам, што яго пляменніца мае каханка.

Гэтая навіна так яго ўзрушыла, што яму нават мову заняло. Ён так і застаўся стаяць з намыленым тварам, бо якраз у гэты час галіўся.

Калі да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць і гаварыць, ён усклікнуў: «Няпраўда! Вы хлусіце, Меляні!»

Але сялянка паклала руку на сэрца і прамовіла: «Хай Пан Бог мяне пакарае, калі я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзіць туды штовечар, як толькі вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкі. Ідзіце самі паглядзіце».

Ён кінуў скрэбці бараду і пачаў хадзіць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабіў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.

Ён маўчаў увесь дзень і ледзь не лопнуў ад гневу і абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ і ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзіця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калі дачка кажа ім, што выбрала сабе мужа без іх дазволу і супраць іх волі.

Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкі пачытаць, але нічога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калі прабіла дзесяць гадзін, ён узяў свой кій - вялізную дубіну, якую насіў з сабой падчас начных візітаў, калі ішоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю і пагрозліва пакруціў ёй у паветры - важкая дубіна была нібы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе і, скрыгнуўшы зубамі, ляснуў, што было моцы, па крэсле - рэшткі спінкі ўпалі на падлогу.

Ён адчыніў дзверы і ўжо сабраўся выйсці, але спыніўся на парозе, уражаны ззяннем месяца, - рэдка надараецца ўбачыць яго такога прыгожага.

Абат меў палкую душу - такую самую мелі напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнікі, - і таму ён раптам разгубіўся, усхваляваны велічнай і супакойнай прыгажосцю светлай ночы.

У невялічкім садку, залітым пяшчотным святлом, стаялі радамі дрэвы, на сцежцы адбіваўся цень далікатных галінак, ледзь адзетых у зялёныя лісточкі. Ад вялізнага куста бружмелю, што прычапіўся да муру, ліліся чароўныя салодкія пахі, якія расцякаліся духмянымі хвалямі ў цёплым паветры светлага вечара.

Ён пачаў дыхаць на поўныя грудзі, ён піў паветра, нібы віно. Ён ішоў павольна, амаль забыўшыся ад замілаванасці і захаплення пра сваю пляменніцу.

Выйшаўшы ў вёску, ён спыніўся, каб акінуць вокам усю даліну, што была залітая ласкавым святлом і патанала ў мяккіх і пяшчотных чарах светлае ночы.

Штохвіліны даносіліся кароткія, нібы металічныя, гукі - гэта крычалі жабы ў ставе. Аднекуль здалёк даляталі спевы салаўя і складаліся ў дзіўную музыку, якая адганяла цяжкія думкі і навявала лёгкія летуценні. Гэтая мяккая і пранікнёная музыка была створана нібыта для таго, каб пад яе гукі адорваць пацалункамі і аддавацца спакусам месячнага святла.

Абат рушыў далей, апанаваны нейкай млявасцю. Ён адчуваў сябе нібы саслабелым, неяк раптоўна знясіленым. Яму хацелася сесці і пасядзець, захапляючыся Богам і яго стварэннем.

Унізе, паўтараючы выгіны рачулкі, віўся доўгі рад таполяў. Лёгкая смуга, што ў промнях месячнага святла зіхацела срэбным бляскам, вісела па-над берагам і, нібы нейкая бязважкая і празрыстая вата, засцілала пакручастую змейку вады.

Святар зноў спыніўся, прасякнуты да глыбіні душы растучым нястрымным замілаваннем.

І ім пачаў авалодваць сумлеў, у грудзях паднялася нейкая няясная трывога. Зноў пачалі самі па сабе ўзнікаць заўсёдныя пытанні.

Нашто Бог стварыў усё гэта? Калі ўжо ноч прызначана, каб спаць, ні пра што не думаць, адпачываць, забыцца пра ўсё, дык чаму ж тады яна прыгажэйшая за дзень, пяшчотнейшая за світанні і вечары? Чаму месяц, які так павольна і спакушальна праплывае па небе, больш паэтычны, чым сонца, і такі таямнічы, што, здаецца, створаны на тое, каб асвятляць рэчы занадта далікатныя і патаемныя для сонечнага святла? Нашто ён развейвае начную цемру?

Чаму самы знакаміты сярод птушак спявак не адпачывае, як усе іншыя, а выводзіць у чароўных прыцемках свае спевы?

Чаму ўвесь навакольны свет ахутаны нейкім далікатным вэлюмам? Нашто гэтае трапятанне сэрца, хваляванне душы, млявая асалода цела?

Нашто разліваюцца гэтыя спакушальныя чары, калі людзі ўсё роўна іх не бачаць - бо спяць у ложках? Дзеля каго ж гэтае непаўторнае сваёй прыгажосцю відовішча, гэтая паэзія, якую неба так шчодра пасылае на зямлю?

І абат не знаходзіў адказу.

А ў гэты момант унізе, на краі лугу, пад шатамі дрэваў, ахутаных зіхатлівай смугой, паказаліся дзве постаці.

Адна з іх, вышэйшая, - гэта быў мужчына. Ён абдымаў сваю сяброўку за плечы і час ад часу цалаваў яе ў лоб. Яны нечакана ажывілі нерухомы навакольны пейзаж, што быў дасканалым фонам той боскай карціны. Здавалася, што гэтыя двое складаюць адну істоту, дзеля якой якраз і была створаная гэтая ціхая светлая ноч... Яны ішлі насустрач святару, нібы жывы адказ, які Пан Бог слаў на яго запытанні.

Абат так і стаяў усхваляваны і ўражаны, сэрца яго моцна білася. Яму здавалася, што перад ім нешта біблейскае, накшталт кахання Руфі і Боаза, здзяйсненне волі айца нябеснага ў самым высакародным увасабленні - як у Святым пісанні. У галаве яго пачалі гучаць радкі з «Песні песняў», палкія воклічы, заклікі цела, уся палымяная паэзія гэтага трапяткога і пяшчотнага твора.

І ён сказаў сам сабе: «Можа, Бог стварыў гэтыя ночы, каб прыхаваць пад таямнічым покрывам ідэал людскога кахання?»

Ён адступаў перад гэтымі двума, што ішлі абняўшыся. Дзяўчына была яго пляменніцай. Але ён баяўся пайсці супраць Бога. А можа, Бог і дазваляе каханне, калі ён атуляе яго такою прыгажосцю?

І ён уцёк збянтэжаны, амаль саромеючыся, быццам пераступіў парог святыні, у якую не меў права ўвайсці.



Пераклад: Сяргей Шупа