Шлюб мэтра Сімона Лебрумана і панны Жаны Кардзье нікога не здзівіў. Мэтр Лебруман нядаўна купіў натарыяльную кантору пана Папіёна, і, ведама, патрэбны былі грошы, каб заплаціць; а панна Жана Кардзье мела трыста тысяч франкаў гатоўкаю - банкнотамі і чэкамі на просьбіта.
Мэтр Лебруман быў прыгожы хлопец. У ім была нейкая шыкоўнасць, шыкоўнасць, уласцівая натарыусу, шыкоўнасць, можа, трохі правінцыйная, але ўсё ж такі шыкоўнасць, што не часта сустрэнеш у Буціні-лё-Рэбур.
Панна Кардзье мела вабнасць і свежасць, вабнасць трохі сарамлівую і свежасць трохі пабляклую, але, увогуле, яна была пяшчотная і прынадная прыгажуня.
На вяселле збеглася паглядзець усё мястэчка. Усім спадабаліся маладыя, якія вярнуліся пасля царквы схаваць сваё шчасце пад шлюбны дах, вырашыўшы зрабіць кароценькую вандроўку ў Парыж пасля некалькіх дзён кахання.
Дні гэтыя былі чароўныя, бо мэтр Лебруман змог адразу надзіва спрытна, далікатна і ладна абыходзіцца з жонкай. Яго дэвіз стаў: Памаленьку - далей зойдзеш». Ён быў цярплівы і дзейны адначасова. Жонка ўсёй душой і адразу пакахала яго.
Праз чатыры дні пані Лебруман абагаўляла мужа. Яна больш не магла без яго, прагнула песціць, цалаваць яго, тузаць за рукі, бараду і г. д. Яна сядала яму на калені, бралася за вушы і казала: «Разяў роцік, заплюшч вочы». Ён даверліва падстаўляў рот, мружыў вочы і адчуваў даўгую салодкую бусю, ад якой яго праймалі дрыжыкі. А яму, яму таксама не хапала пяшчоты, вуснаў, рук, усяго сябе, каб цешыць жонку з ранку да вечара і з вечара да ранку.
Як толькі мінуў першы тыдзень, ён сказаў маладой жонцы:
- Калі хочаш, паедзем у Парыж у тую сераду. Пагуляем, як закаханыя перад вяселлем. Сходзім у рэстараны, у тэатр, у кабарэ, паўсюль-паўсюль.
Яна аж падскочыла ад радасці:
- О, добра, ой, як добра, едзем хутчэй.
Ён сказаў:
- Бо як нічога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой і адразу заплачу грошы мэтру Папіену.
Яна адказала:
- Я пагавару з ім раніцай.
І ён падхапіў яе на рукі, каб зноў нацешыцца ў мілай гульні, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошні тыдзень.
У другую сераду цесць з цешчай праводзілі на вакзал дачку з зяцем, якія выбраліся ў сталіцу.
Цесць казаў:
- Клянуся, вялікая рызыка браць з сабою такія грошы.
Але малады юрыст усміхнуўся.
- Ні пра што не хвалюйцеся, тата, - казаў ён, - я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесіяй мне часам надараецца трымаць у кішэні мільён франкаў. Такім чынам мы абмінаем безліч фармальнасцей і не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы.
Кандуктар крыкнуў:
- Пасажыры на Парыж - па вагонах!
Яны прайшлі ў купэ, дзе ўжо сядзелі дзве старыя кабеты.
Лебруман шапнуў жонцы на вуха:
- Шкада, не змагу закурыць.
Яна ціхенька адказала:
- І мне вельмі шкада, але зусім не таму.
Цягнік даў свісток і паехаў. Яны ехалі гадзіну і амаль усю дарогу маўчалі, старыя так і не заснулі.
Калі яны апынуліся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы:
- Хочаш, дарагая, сходзім спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж і паедзем у гатэль.
Яна адразу згадзілася:
- О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?
Муж адказаў:
- Ага, далекавата, але мы паедзем у омнібусе.
Яна здзівілася:
- А чаму не на фіякры?
Ён дабрадушна забурчаў:
- Бач якая ты зборлівая, браць фіякр на пяць хвілін дарогі, кожная хвіліна - шэсць су, багата жывеш.
- І праўда што, - трохі сумеўшыся, сказала яна.
Міма якраз праязджаў вялізны омнібус, які цягнулі трое коней. Лебруман крыкнуў:
- Кандуктар, гэй, кандуктар!
Непаваротлівая махіна прыпынілася, і малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:
- Прайдзі ў сярэдзіну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.
Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапіў яе пад руку і ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку і, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногі мужа, які караскаўся на імперыял.
Маладая жанчына апынулася паміж тоўстым панам, які пахнуў люлькай, і старой, ад якой патыхала сабакам.
Астатнія пасажыры, якія моўчкі сядзелі радком, - служка з бакалейнай крамы, работніца, сяржант-пехацінец, васпан з залатымі акулярамі і ў ядвабным капелюшы з вялізнымі, закручанымі ў трубку палямі, дзве самавітыя надзьмутыя пані, што нібы казалі сваім выглядам: «Мы тут, але не раўнуйце нас з тымі», дзве манашкі, проставалосая дзяўчына і далакоп - былі падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здаваліся галерэяй шаржаў на чалавека, камічнымі лялькамі, у якіх страляюць у кірмашовых цірах.
Ад хістанняў омнібуса галовы пасажыраў матляліся і гойдаліся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалі, і людзі здаваліся ачмурэлымі і соннымі.
Маладая жанчына адчувала млявасць.
«Чаму ён не пайшоў са мною, - думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. - Ён, пэўна, мог бы абысціся без гэтай цыгарэты».
Манашкі далі знак спыніцца і злезлі, пакінуўшы па сабе прэсны пах старых спадніц.
Омнібус паехаў і зноў спыніўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села і паставіла на калені кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямі.
«Едзем далей, чым мне здавалася», - падумала Жана.
Далакоп выйшаў, і на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога біў пах усёй яго дзённай хадні.
Жане было кепска, моташна, і немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.
Адны людзі выходзілі, другія сядалі на іх месцы. Омнібус ехаў па бясконцых вуліцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.
«Так далёка, - думала Жана. - Толькі б ён не прамінуў гэтага рэстарана, толькі б не заснуў. Ён так стаміўся за апошнія дні».
Трохі-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусім адна. Кандуктар абвясціў:
- Важырар!
Жанчына не ўставала з месца, і ён паўтарыў:
- Важырар!
Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалі ёй, бо нікога больш не было. Мужчына паўтарыў трэці раз:
- Важырар!
Тады яна спыталася:
- Дзе мы?
Ён грубавата адказаў:
- Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць!
- А гэта далёка ад бульвара? - сказала яна.
- Ад якога?
- Ды ад Бульвара Італьянцаў.
- Мы даўно яго праехалі!
- Хіба! Паклічце, калі ласка, майго мужа.
- Вашага мужа? А дзе ён?
- На імперыяле.
- Наверсе? Там даўным-даўно нікога няма!
Яна схамянулася.
- Як гэта? Не можа быць. Мы селі разам. Паглядзіце лепей, ён мусіць там быць!
Кандуктар пачаў злавацца:
- Слухай, малая, досыць балбатаць, аднаго згубіла - дзесяць знойдзеш. Злазь, прыехалі. Падбярэш сабе другога на вуліцы.
Слёзы паказаліся ў яе на вачах, яна зноў папрасіла:
- Але ж, пане, вы памыляецеся, я ведаю, вы памыляецеся. У яго пад пахай быў тоўсты партфель.
Кандуктар засмяяўся:
- Тоўсты партфель. Але ж і праўда, ён выйшаў на Мадлен - ён ад вас уцёк. Гі-гі-гі!..
Омнібус стаў. Яна выйшла і міжволі, інстынктыўна, зірнула на дах. Там нікога не было.
Яна раптам заплакала і, не зважаючы, што яна на вачах у людзей, сказала:
- Што ж мне цяпер рабіць?
Падышоў інспектар транспартнага бюро.
- Што тут такое?
Кандуктар з'едліва адказаў:
- Гэту даму па дарозе кінуў муж.
Той сказаў:
- Хай сабе, не дзіва, займіцеся вашымі справамі.
І павярнуўся спінай.
А яна пайшла куды вочы глядзяць, збянтэжаная, не разумеючы, што здарылася. Куды ісці? Што рабіць? А ён, што з ім? Адкуль такая няўважлівасць?
У яе заставаліся два франкі. Да каго пайсці? І раптам яна згадала пра свайго стрыечніка Бараля, намесніка загадчыка аддзела ў Марскім міністэрстве.
Грошай якраз хапала на фіякр, і яна назвала яго адрас. Яна пераняла Бараля, калі той ішоў у міністэрства. Як і Лебруман, ён трымаў пад пахай напакаваны партфель.
Яна выскачыла з фіякра і гукнула:
- Анры!
Ён здзіўлена спыніўся.
- Жана?.. тут?.. зусім адна?.. Што вы тут робіце, адкуль вы ўзяліся?
З вачамі, поўнымі слёз, яна пралепятала:
- Я толькі што згубіла мужа.
- Згубілі? Дзе?
- На омнібусе.
- На омнібусе?.. Божа!
З плачам яна расказала яму пра здарэнне.
Ён задумліва выслухаў яе і спытаўся:
- Раніцай ён быў зусім нармальны?
- Зусім.
- Добра. Ці шмат грошай у яго было?
- Шмат. У яго быў мой пасаг.
- Ваш пасаг?.. Увесь пасаг?
- Увесь... каб адразу заплаціць за кантору.
- Ну дык, дарагая стрыечніца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгію.
Яна яшчэ не разумела.
- Вы кажаце... майго мужа? - прашаптала яна.
- Я кажу, што ён хапнуў ваш пасаг... і шукай-гукай.
Ёй не хапала паветра, яна шапнула:
- Значыць... значыць... ён прайдзісвет!
І, ледзь не самлеўшы ад хвалявання, яна ўпала на грудзі стрыечніку і загаласіла.
Каля іх пачалі спыняцца. Ён ціхенька падштурхнуў яе да сваіх дзвярэй і, трымаючы за талію, падняўся з ёй па лесвіцы, а калі здзіўленая пакаёўка адчыніла дзверы, загадаў:
- Сафі, збегайце ў рэстаран, вазьміце снеданне на дваіх. Сёння я не іду ў міністэрства.