epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Шалёная

Мая дарагая Жэнэўева, ты просіш, каб я табе расказала пра маё вясельнае падарожжа. Не ведаю, ці наважуся я. А ты, нягодніца, ты мне нічога не казала, нават не заікалася, ну, зусім нічога! І як ты, што ўжо замужам паўтара года, ты, мая найлепшая сяброўка, што раней нічога ад мяне не хавала, і ты не мела літасці мяне папярэдзіць! Каб ты толькі мяне перасцерагла, зрабіла хоць які намёк, пасеяла ў маёй душы хоць самае маленькае падазрэнне, ты б не дала мне зрабіць гэтае вялікае глупства, ад якога я яшчэ і цяпер чырванею і з якога мой муж будзе смяяцца аж да канца свайго жыцця, глупства, у якім вінаватая адна ты!

Я была страшэнна асмеяная, і асмеяная назаўсёды. Я зрабіла памылку, памяць пра якую не сатрэцца ніколі, і ўсё праз цябе, нядобрую... О, каб я толькі ведала!

Ну, добра, пішучы, я набралася трошкі смеласці, то хай ужо будзе, што будзе. Напішу ўсё, як было. Толькі абяцай, што не будзеш занадта смяяцца.

Не спадзявайся на камедыю. Гэта хутчэй драма.

Ты памятаеш маё вяселле. Таго самага дня я павінна была выправіцца ў вясельнае падарожжа. Вядома ж, я зусім не як тая Палета, гісторыю якой Жып так смешна апісаў у сваім дасціпным рамане «Вакол вяселля». І калі б мая маці сказала мне, як у кнізе пані д'Атрэтан кажа сваёй дачцэ: «Твой муж абдыме цябе... і...», я напэўна не адказала б смеючыся, як Палета: «Не трэба далей, мама... я ведаю не горш за цябе...»

А я не ведала нічога, і мама, мая бедная мамуля, якая ўсяго баіцца, не адважылася закранаць такое далікатнае тэмы.

І вось а пятай гадзіне ўвечары, пасля вячэры, нам сказалі, што экіпаж гатовы і чакае нас. Госці ўжо былі паехалі, я была гатовая. Мне дагэтуль згадваецца грукат куфроў на сходах і гугнявы татаў голас - ён марна спрабаваў схаваць слёзы. Пацалаваўшы мяне, ён, бедны, сказаў: «Трымайся!», як быццам я ішла да зубнога лекара. Што ж да маці, дык тут слёзы ліліся ракой. Муж прыспяшаў мяне, каб хутчэй скончыць гэтае цяжкае развітанне, а я, хоць і вельмі шчаслівая, таксама патанала ў слязах. Цяжка растлумачыць, але гэта так. І раптам я адчула, як нехта цягне мяне за падол сукенкі. Гэта быў Біжу, пра якога я зусім забыла. Бедная жывёліна па-свойму развітвалася са мной. Нешта кальнула мне ў сэрца, і мне вельмі захацелася пацалаваць сабачку. Я схапіла яго (ты ж ведаеш, ён маленькі, велічынёй з кулачок) і пачала абсыпаць яго пацалункамі. Я вельмі люблю цалаваць звяркоў, я адчуваю асалоду, я дрыжу ад пяшчоты.

А ён, ён зусім звар'яцеў, ён махаў лапкамі, лізаў мяне, нібыта пакусваючы, як ён звычайна робіць, калі яму вельмі прыемна. І раптам ён схапіў зубамі за мой нос, і мне зрабілася балюча. Я закрычала і кінула сабачку. Ён і сапраўды ўкусіў мяне ў запале гульні. У мяне з носа цякла кроў. Усім было няёмка. Нехта прынес вады, воцату, бінту, і мой муж сам узяўся мяне лячыць. Нічога сур'ёзнага не было, толькі дзве маленькія дзірачкі, быццам хто пракалоў іголачкамі. Праз пяць хвілін кроў спынілася, і мы паехалі.

Мы вырашылі пападарожнічаць тыдняў шэсць па Нармандыі.

Таго самага вечара мы прыехалі ў Дзьеп. А дакладней кажучы апоўначы.

Ты ведаеш, як я люблю мора. Я сказала мужу, што не лягу спаць, пакуль не пабачу мора. Ён вельмі засмуціўся. Я спыталася, смеючыся:

- Вы што, хочаце спаць?

Ён адказаў:

- Не, дарагая, але вы павінны разумець, што я імкнуся як найхутчэй застацца з вамі сам-насам.

Я здзівілася:

- Сам-насам са мной? Але ж мы ад самага Парыжа былі адны ў цягніку.

Ён усміхнуўся:

- Былі... але... у цягніку - гэта зусім іншая справа, чым калі б мы былі ў нашым пакоі.

Я не саступала:

- Тады добра, вось мы адны на беразе.

Без сумнення, яму ўсё гэта не падабалася. Але ён усё ж сказаў:

- Ну, добра, хай будзе так, як вы хочаце.

Ноч была казачная. Такая ноч нараджае ў душы вялікія і няясныя думкі, і нават не думкі, а пачуцці; хочацца выпрастаць рукі, выпрастаць крылы, абняць неба, ах!

І заўсёды здаецца, што вось-вось зразумееш нешта непазнавальнае.

У паветры лунае Мара, усеабдымная паэзія, незямное шчасце, нейкае бясконцае ап'яненне, што плыве ад зорак, ад месяца, ад серабрыстай і неспакойнай вады. Гэта найлепшыя хвіліны ў жыцці. У гэткія хвіліны нашае існаванне робіцца нейкім інакшым, прыгажэйшый, чароўнейшым. Гэтакія хвіліны - гэта нібы адкрыццё таго, што яшчэ не адбылося, што яшчэ павінна адбыцца.

Тым часам майму мужу не цярпелася вярнуцца ў гатэль. Я запыталася ў яго: «Табе холадна? - Не. - Тады паглядзі на той караблік, вунь там - здаецца, што ён заснуў на вадзе. Ці можа недзе быць лепей, чым тут? Я б засталася тут да раніцы. Пачакайма тут світання, добра?»

Ён падумаў, што я з яго насміхаюся, і амаль гвалтам зацягнуў мяне ў гатэль! О, каб я ведала! О, няшчасны!

Калі мы засталіся адны, мне зрабілася сорамна, няёмка, не ведаю чаму, клянуся табе. Урэшце я выправіла яго ў прыбіральню і легла ў ложак.

О, дарагая, як табе пра гэта сказаць? Ну дык вось. Напэўна ён палічыў маю празмерную нявіннасць за хітрасць, маю прастату за прытворства, маю даверлівую, дурнаватую бездапаможнасць за своеасаблівую тактыку і таму зусім забыўся пра асцярожнасць, патрэбную дзеля таго, каб растлумачыць даверлівай і цалкам непадрыхтаванай душы, памагчы ёй зразумець і прыняць такія патаемныя рэчы.

Раптам мне здалося, што ён страціў розум. Мяне апанаваў страх, і я падумала, ці не хоча ён мяне забіць. Калі чалавека ахопіць страх, ён не разважае, ён больш не думае, ён вар'яцее. Я адразу ўявіла сабе розныя страшныя рэчы. Я згадала выпадкі з газет, таямнічыя злачынствы, усе плёткі пра маладых дзяўчын, што выйшлі замуж за нягоднікаў! І ўвогуле, ці я ведала свайго мужа? Ашалеўшы ад страху, я пачала адбівацца, адпіхваць яго. Я нават выдрала ў яго пасму валасоў і палову вусоў і, вызваліўшыся, ускочыла з ложка і пачала крычаць: «Ратуйце!» Я пабегла да дзвярэй, адамкнула засаўку і выбегла амаль голая на калідор.

Паадчыняліся іншыя дзверы, з іх павыходзілі мужчыны ў начных кашулях са свечкамі ў руках. Я кінулася ў абдымкі аднаму з іх, просячы ў яго ратунку. Ён рушыў да майго мужа.

Што было далей - я не ведаю. Яны біліся, крычалі, а пасля пачалі смяяцца, але так смяяцца, што ты не можаш сабе ўявіць. Смяяўся ўвесь гатэль, ад склепа да гарышча. З калідораў даносіліся гучныя выбухі весялосці, іншыя грымелі ў пакоях наверсе. Кухцікі смяяліся на паддашку, а швейцар душыўся смехам на матрацы ў вестыбюлі! Уяві сабе - у гатэлі!

Пасля я зноў апынулася сам-насам з мужам, які даў мне некалькі агульных тлумачэнняў, як тлумачаць хімічны эксперымент перш чым яго правесці. Ён быў вельмі незадаволены. Я плакала, пакуль не настаў дзень, і як толькі гатэль расчыніў дзверы, мы паехалі адтуль.

І гэта яшчэ не ўсё.

Наступнага дня мы прыехалі ў Пурвіль - маленькі курорт, які толькі пачалі будаваць. Мой муж прыставаў да мяне са сваімі дагаджаннямі і пяшчотамі. Першае незадавальненне прайшло, і цяпер ён быў проста зачараваны. А я, саромеючыся маёй прыгоды днём раней, была вельмі ласкавая і паслухмяная. Але ты сабе не ўяўляеш, які жах, якую агіду, амаль нянавісць абуджаў ува мне Анры пасля таго, як я даведалася пра той ганебны сакрэт, які так страшна хаваюць ад маладых паннаў. Я была ў роспачы, мне было да смерці смутна, мне не давала спакою жаданне вярнуцца да маіх бедных бацькоў. Праз дзень мы прыехалі ў Этрэта. Там сярод адпачывальнікаў быў пярэпалах: толькі што памерла ад шаленства маладая жанчына, якую ўкусіў маленькі сабачка. Я адчула дрыготку ў сліне, калі пачула пра гэта за сталом. Мне адразу ж здалося, што ў мяне баліць нос, і я адчула жахлівую немач ва ўсім целе.

Я не спала ўсю ноч, я зусім забылася пра мужа. Што, калі і я памру ад шаленства! Раніцай я спыталася ў метрдатэля пра падрабязнасці. І падрабязнасці былі самыя жахлівыя. Увесь дзень я гуляла па стромах. Я больш ні з кім не размаўляла. Я думала. Шаленства! Якая жахлівая смерць! Анры пытаўся ў мяне: «Што з табой? Ты нейкая смутная», я адказвала: «Нічога, усё добра». Мой позірк блукаў па моры, па фермах, па роўнядзі палёў, але я нічога не бачыла. Нізавошта ў свеце я б не прызналася, якая думка мяне гняце. Нейкі сапраўдны боль працяў мой нос. Мне захацелася вярнуцца.

Вярнуўшыся ў гатэль, я зачынілася, каб паглядзець на рану. Не было болей сумнення, яна балела.

Я адразу ж напісала маці кароценькі ліст, які напэўна здаўся ёй дзіўным. Я патрабавала неадкладнага адказу на зусім дробязныя пытанні. І ў канцы прыпісала: «І не забудзьцеся, калі ласка, напісаць пра Біжу».

Наступнага дня я не магла есці, але ўсё ж адмовілася пайсці да лекара. Я прасядзела ўвесь дзень на пляжы, назіраючы за купальшчыкамі ў вадзе. Яны былі розныя, тоўстыя, худыя,вельмі брыдкія ў сваіх купальных гарнітурах, але мне было не да высмейвання. Я думала: «Шчаслівыя! Іх ніхто не ўкусіў. Яны будуць жыць! Яны нічога не баяцца. Яны могуць весяліцца, колькі захочуць. Ім добра!»

Штохвіліны я абмацвала нос, каб даведацца, ці ён не распух. Вярнуўшыся ў гатэль, я адразу ж замкнулася ў пакоі, каб паглядзецца ў люстра. Калі б мой нос змяніў колер, я б напэўна памерла на месцы.

Увечары я раптам адчула нейкую роспачную пяшчотнасць да мужа. Ён здаўся мне добрым, я абаперлася на яго руку. Дваццаць разоў я збіралася выдаць яму мой жахлівы сакрэт, але не адважвалася.

Ён брыдка скарыстаў маю бездапаможную адданасць, прыгнечанасць маёй душы. У мяне ўжо не засталося ні моцы, ні нават жадання яму працівіцца. Я магла стрываць усё! Наступнага дня я атрымала ліст ад маці. Яна адказала на мае пытанні, але нічога не напісала пра Біжу. Я адразу падумала: «Ён памёр, і ад мяне гэта хаваюць». Мне захацелася бегчы на тэлеграф і даслаць тэлеграму. Мяне спыніла думка: «Калі ён папраўдзе памёр, мне пра гэта ўсё роўна не скажуць». І я асудзіла сябе яшчэ на два дні пакутаў. Тады я зноў напісала. Я прасіла, каб мне даслалі майго сабачку, бо мне тут трошкі сумна.

Па абедзе мяне ахапіла ліхаманка. Я не магла падняць шклянку з вадой, не выліўшы паловы. Стан маёй душы быў безнадзейны. Калі настаў вечар, я ўцякла ад мужа і пабегла ў царкву. Я доўга малілася.

Вяртаючыся, я адчула новыя болі ў носе і зайшла да аптэкара. Я расказала яму пра адну маю сяброўку, якую ўкусіў сабака, і спыталася парады. Гэта быў мілы чалавек, вельмі паслужлівы. Ён даў мне шмат парадаў. Але мой розум быў такі стомлены, што я нічога не запомніла, акрамя аднаго: «Прамыванне страўніка было б вельмі пажаданае». Я купіла некалькі бутэлечак не ведаю чаго, быццам бы дзеля таго, каб паслаць іх сяброўцы.

Сабакі, якіх я сустракала на вуліцы, абуджалі ўва мне страх і агіду, і мне хацелася бегма бегчы ад іх. Часам мне здавалася, што мне хочацца іх укусіць.

Я мела вельмі неспакойную ноч. Мой муж скарыстаў гэта. Наступнага дня я атрымала адказ ад маці. «Біжу, - пісала яна, - адчувае сябе выдатна. Але выслаць яго чыгункай мы не наважымся, бо паставілі б яго пад небяспеку». Значыць, мне не хочуць яго выслаць. Ён памёр!

Я зноў не спала ўначы. Анры хроп. Ён прачынаўся некалькі разоў. Гэта канчаткова вычарпала мае сілы.

Наступнага дня я купалася ў моры. Мне ледзь не зрабілася нядобра ад холаду, калі я ўваходзіла ў ваду. Мяне затрэсла ад гэтага ледзянога холаду, ногі аж калаціліся. Але нос ужо зусім не балеў.

Я выпадкова пазнаёмілася з лекарам, курортным інспектарам, цудоўным чалавекам. З незвычайным умельствам я павярнула гаворку на патрэбную мне тэму. Я прызналася, што колькі дзён таму мяне ўкусіў мой сабачка, і спыталася, што трэба рабіць, калі пачнецца запаленне. Ён засмяяўся і сказаў: «У вашым становішчы ёсць толькі адно выйсце - вам патрэбны новы маленькі носік».

Я не зразумела, і ён дадаў:

- Зрэшты, гэта ўжо справа вашага мужа.

Я так і не даведалася нічога новага і развіталася з ім.

У той вечар Анры быў вельмі вясёлы і шчаслівы. Мы пайшлі ў тэатр «Казіно», але ён не дачакаўся канца спектакля і прапанаваў мне вярнуцца. Я ўжо страціла была цікаўнасць да ўсяго і згадзілася.

Мне не ляжалася ў ложку, усе мае нервы былі напружаныя. Ён таксама не спаў. Ён цалаваў, лашчыў мяне, абдорваў пяшчотамі, быццам здагадваўся, як я пакутую. Я цярпела яго пяшчоты, не зважала на іх, не думала пра іх.

І тут раптам мяне скруціў нечаканы, незвычайны, маланкавы прыпадак. Я нема закрычала, адпіхнуўшы мужа, які туліўся да мяне, кінулася да дзвярэй і раптоўна ўпала тварам уніз. Гэта было шаленства, страшнае шаленства. Гэта быў канец.

Разгублены Анры падняў мяне, каб даведацца, у чым справа. Але я маўчала, пакорліва чакаючы смерці. Я ведала, што пасля некалькіх гадзін супакою мяне скруціць новы прыпадак, пасля яшчэ адзін, аж да апошняга, які будзе смяротны.

Я дазволіла занесці сябе ў ложак. На світанні надакучлівыя дамаганні мужа сталіся прычынай новага прыпадку, які цягнуўся даўжэй, чым першы. Мне хацелася драпаць, кусацца, выць. Гэта было жахліва, але чамусьці зусім не так балюча, як я думала.

А восьмай гадзіне раніцы я заснула ўпершыню за апошнія чатыры ночы.

А адзінаццатай нейкі мілы мне голас абудзіў мяне. Гэта была мама. Яе напалохалі мае лісты, і яна прыляцела, каб мяне пабачыць. У руках яна трымала вялікі кошык, з якога раптам пасыпаўся сабачы брэх. Я схапіла кошык, не памятаючы сябе, ашалелая ад надзеі. Я расчыніла кошык, і Біжу саскочыў на ложак, пачаў лізаць мяне, скакаць вакол, качацца на падушцы ад дзікай радасці.

Вось так, дарагая мая, можаш верыць, можаш не верыць... Да мяне ўсё дайшло толькі наступнага дня!

О! Фантазія! Як яна працуе! Падумаць толькі, што я сабе навыдумляла?.. Ну, ці не дурная?..

Я так нікому і не прызналася, разумееш, нікому, пра тое, ад чаго я пакутавала гэтыя чатыры дні. Уяві сабе, каб мой муж даведаўся?.. Ён і так з мяне насміхаецца пасля выпадку ў Пурвілі. Зрэшты, я не крыўджуся на яго жарты. Я прызвычаілася. Да ўсяго ў жыцці можна прызвычаіцца.



Пераклад: Сяргей Шупа