epub
 
Падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Вечар

Сяржант Варажу атрымаў тыдзень звальнення і паехаў да сваёй сястры пані Падуа. Варажу служыў у Рэне. Ён прамантачыў усе свае грошы і, пасварыўшыся з сям'ёй, напісаў сястры, што можа ахвяраваць дзеля яе вольным тыднем. Не сказаць, каб ён надта любіў пані Падуа, гэтую нізенькую, нудлівую, пабожную і заўсёды сярдзітую жанчыну, але яму былі вельмі патрэбныя грошы, і таму ён згадаў, што з усёй яго радні Падуа была адзіная, у каго ён яшчэ ніколі не вымагаў грошай.

Бацька Варажу, былы садоўнік у Анжэ, які цяпер ужо пакінуў працу, зачыніў свой кашалёк перад сынам-шыбенікам і таму не бачыў яго ўжо два гады. Яго дачка ўзяла шлюб з Падуа, былым служачым-фінансістам, калі той атрымаў пасаду збіральніка падаткаў у Ване.

І вось Варажу выйшаў з цягніка і, распытаўшы пра дарогу, накіраваўся да дома свайго швагра. Калі Варажу ўвайшоў у дом, пан Падуа быў якраз у сваім кабінеце і спрачаўся з брэтонскімі сялянамі. Убачыўшы Варажу, Падуа падняўся з крэсла, падаў яму руку над сталом, заваленым паперамі, і прамармытаў: «Сядайце, я праз хвіліну буду вольны». Ён сеў і прадоўжыў спрэчку.

Сяляне не разумелі нічога з яго тлумачэнняў, збіральнік падаткаў не разумеў іх доказаў. Ён гаварыў па-французску, яны - па-брэтонску, а клерк, што быў за перакладчыка, не разумеў, здаецца, ні яго, ні іх.

Гэта цягнулася вельмі доўга. Варажу паглядаў на свайго швагра і думаў: «Але ж ён і дурань!» Падуа было недзе каля пяцідзесяці, ён быў высокі, худы, кашчавы, павольны, аброслы валасамі. Яго калматыя выгнутыя бровы шапкамі віселі над вачыма. На галаве ў яго быў машастовы каўпак з залатым фэстонам. У яго позірку адбівалася млявасць, як і ва ўсім, што ён рабіў. Яго гаворка, рухі, думкі - усё было нейкае млявае. Варажу зноў падумаў: «Дурань!»

Сам жа ён быў гарласты скандаліст, якому найвялікшымі ўцехамі ў жыцці былі карчма і публічная дзеўка. Усё, што знаходзілася па-за межамі гэтых полюсаў існавання, было яму невядомае. Тлумлівы пустабрэх, поўны пагарды да ўсіх, ён пляваў на ўвесь сусвет з вышыні сваёй некультурнасці. Калі ён гаварыў: «Во гэта гулянка, каб яе халера!» - ён выказваў тым самым найвышэйшую ступень захаплення, на якую быў здатны яго розум.

Падуа нарэшце адправіў сваіх сялян і спытаўся:

- Як вы маецеся?

- Нічога, як бачыце. А вы?

- Няблага, дзякую. Добра, што вы вырашылі да нас завітаць.

- О, я ўжо даўно пра гэта марыў, але ж вы ведаеце, што ў войску не надта маеш свабоду.

- О, вядома, вядома, але ўсё адно вельмі добра.

- А ў Жазэфіны ўсё ў парадку?

- О, дзякую, у парадку, хутка вы яе ўбачыце.

- А дзе ж яна?

- Яна пайшла праведаць некаторых знаёмых. Тут у нас шмат знаёмых, і ўвогуле гэта вельмі прыстойны горад.

- Не сумняваюся.

Тым часам расчыніліся дзверы і з'явілася пані Падуа. Яна не спяшаючыся падышла да брата, падставіла яму шчаку і спыталася:

- Ты доўга тут чакаў?

- Не, недзе з паўгадзіны.

- А... а я думала, што цягнік спозніцца. Хадзем у салон.

Яны прайшлі ў суседні пакой, пакінуўшы Падуа сам-насам з яго лічбамі і падаткоўцамі.

Як толькі яны засталіся адны, пані Падуа сказала брату:

- Я тут шмат рознага чула пра цябе.

- І што ж ты, цікава, чула?

- Кажуць, што ты распусціўся, п'еш, улазіш у даўгі.

Ён састроіў здзіўленую міну:

- Я? Ніколі ў жыцці!

- Ну, не кажы, я ўсё роўна ведаю.

Ён яшчэ спрабаваў абараняцца, але яна заткнула яму рот такой суровай праборкай, што ён змоўк. Тады яна сказала:

- Мы вячэраем а шостай, і да гэтага часу ты вольны. Я не магу пабыць з табой, бо маю шмат працы.

Застаўшыся адзін, ён яшчэ вагаўся, не ведаючы, што выбраць - ці паспаць, ці пайсці прагуляцца. Ён паглядзеў на дзверы ў спальню, пасля на дзверы, што вялі на двор, і выбраў двор.

Ён выйшаў і пачаў бадзяцца з шабляй на баку па сумным брэтонскім мястэчку, такім сонным, такім ціхім, такім мёртвым на беразе затокі, што завецца Марб'ян. Ён пазіраў на шэрыя дамы, на рэдкіх прахожых, на пустыя вітрыны і казаў ціха сам сабе: «Не надта вясёлая мясціна. Чорт мяне сюды прынёс!»

Ён дайшоў да змрочнага порта, вярнуўся назад бязлюдным і пустым бульварам і калі ўвайшоў у дом, не было яшчэ пятае гадзіны. Ён кінуўся ў ложак, каб паваляцца да вячэры.

Яго пабудзіла пакаёўка. Яна пагрукала ў дзверы і сказала:

- Вячэра пададзена, пане...

Ён спусціўся ў салон.

У сырым пакоі, шпалеры ў якім паадклейваліся ўнізе каля падлогі, на круглым стале без абруса стаяла міса і тры талеркі.

Пані і пан Падуа ўвайшлі разам з Варажу.

Усе селі, муж і жонка перажагналі свае чэравы, і Падуа наліў усім тлустай поліўкі.

Пасля поліўкі падалі ялавічыну, такую тлустую, такую развараную, што яна распаўзалася. Сяржант жаваў яе павольна, стомлена, з агідай і злосцю.

Пані Падуа спыталася ў мужа:

- Ты пойдзеш сёння да пана Першага прэзідэнта?

- Пайду, дарагая.

- Не баўся доўга. Ты так кожны раз стамляешся, калі да некага ідзеш. Ты з тваім благім здароўем не створаны для свецкага жыцця.

І яна пачала гаварыць пра местачковае таварыства, пра цудоўнае таварыства, у якім з павагай прымалі пана і пані Падуа дзеля іх рэлігійных пачуццяў.

Пасля прынеслі яблычнае пюрэ і кілбасы, каб ушанаваць госця.

Потым быў сыр. На ім усё скончылася. Кавы не было.

Калі Варажу зразумеў, што будзе вымушаны гэты вечар заставацца з сястрою, выслухоўваць яе папрокі і вымовы, не маючы нават магчымасці прапусціць чарачку, ён адчуў, што не вытрымае гэткае пакуты, і заявіў, што яму трэба зайсці ў жандармерыю, каб уладзіць нейкія праблемы са звальненнем.

І як толькі прабіла сем гадзін, ён уцёк з дому.

Выскачыўшы на вуліцу, ён перш за ўсё абтросся, як сабака, што вылазіць з вады, буркочучы пад нос: «Але ж я і ўліп, чорт мяне бяры!»

І ён пачаў шукаць кавярню, найлепшую кавярню ў мястэчку. Ён знайшоў яе на плошчы, пад двума ліхтарамі. Увайшоўшы, ён убачыў пяць-шэсць чалавек, якія ціха пілі і размаўлялі за маленькімі столікамі. Два гульцы ў більярд хадзілі вакол стала з зялёным сукном, дзе качаліся і біліся адзін аб адзін шары.

Чуліся іх галасы: «Васемнаццаць, - дзевятнаццаць. - Не шанцуе. - О, добры ўдар! Выдатна! - Адзінаццаць. - Трэба было біць чырвоным. - Дваццаць. -Дванаццаць. А, што? Праўду казаў?»

Варажу папрасіў:

- Паўкубачка кавы і графін каньяку, найлепшага.

Ён сеў і стаў чакаць.

Варажу прызвычаіўся бавіць вольныя вечары з сябрамі, сярод гоману, у тытунёвым дыме, і таму гэтае зацішша, гэты спакой злавалі яго. Ён выпіў спачатку каву, пасля графін каньяку, пасля яшчэ адзін. І цяпер яму ўжо хацелася смяяцца, крычаць, спяваць, набіць каго-небудзь.

Ён сказаў сабе: «Чорт, быццам бы трохі падняўся настрой. Каб яшчэ дзе добра пагуляць!» І яму адразу ж прыйшла думка пайсці пазабаўляцца да дзевак.

Ён паклікаў гарсона:

- Гэй, афіцыянт!

- Слухаю пана.

- Скажыце, афіцыянт, дзе тут можна пазабаўляцца?

Гарсон здзіўлена паглядзеў на Варажу.

- Не ведаю, пане. Тут жа ж і можна!

- Як, тут? Што ж такое па-твойму «пазабаўляцца»?

- Не ведаю, пане, напэўна, выпіць добрага піва ці добрага віна.

- Дурань ты, а як жа паненкі?

- Паненкі? А...

- Ага, паненкі. Дзе іх можна тут знайсці?

- Паненак?

- Ды паненак, паненак!

Гарсон падышоў бліжэй і ціха спытаўся:

- Вы маеце на ўвазе, дзе знаходзіцца завядзенне?

- Ну але, каб ты ляснуўся!

- Пойдзеце проста, пасля павернеце ў другую вуліцу ўлева, а пасля ў першую ўправа. Нумар пятнаццаць.

- Дзякуй, стары. Гэта табе.

- Дзякую пану.

І Варажу выйшаў, паўтараючы: «Другая вуліца ўлева, першая ўправа, нумар пятнаццаць». Але праз хвіліну ён падумаў: «Другая ўлева, ну так, але калі я выйшаў з кавярні, трэба было ісці налева ці направа? А, халера з ім, там паглядзім».

Ён пайшоў, павярнуў у другую вуліцу направа, пасля ў першую налева і стаў шукаць нумар пятнаццаць. Дом нумар пятнаццаць з выгляду быў даволі прыстойны, праз зачыненыя аканіцы з вокнаў другога паверха прабівалася святло. Уваходныя дзверы былі адчыненыя, у калідоры гарэла лямпа. Сяржант падумаў: «Ну, гэта напэўна тут».

Ён увайшоў, але ніхто не сустракаў, і таму ён пачаў гукаць: «Гэй! Гэй!»

З'явілася маленькая пакаёўка. Заўважыўшы вайскоўца, яна спынілася здзіўленая. Ён сказаў ёй:

- Здароў, дзетка. Дамы наверсе?

- Наверсе, пане.

- У салоне?

- У салоне, пане.

- Мне застаецца толькі падняцца?

- Падняцца, пане.

- Дзверы насупраць?

- Насупраць, пане.

Ён падняўся, адчыніў дзверы і ўбачыў у пакоі, ярка асветленым дзвюма лямпамі, люстрай і дзвюма свечкамі ў кандэлябрах, чатырох дам у дэкальтэ, якія, як здавалася, некага чакалі.

Тры з іх, маладзейшыя, сядзелі з трохі напышлівым выглядам на накрытых барвовым аксамітам крэслах, а чацвёртая, якой было гадоў сорак пяць, папраўляла кветкі ў вазе. Яна была вельмі тоўстая, з-пад сукенкі з зялёнага шоўку тырчалі яе вялізныя рукі і таўшчэзная, абсыпаная пудрай шыя.

Сяржант павітаўся:

- Дзень добры, пані.

Старэйшая павярнулася, здзівілася, але кіўнула:

- Дзень добры.

Ён сеў.

Але ўбачыўшы, што ніхто не спяшаецца яго абслугоўваць, ён падумаў, што ў гэтым доме прымаюць напэўна толькі афіцэраў, і пачаў непакоіцца. Пасля ён сказаў сам сабе: «Ат! Пачакаю, пакуль яшчэ хто-небудзь прыйдзе, тады паглядзім».

Ён спытаўся:

- Ну, як справы?

Тоўстая дама, напэўна, гаспадыня ў доме, адказала:

- Вельмі добра, дзякую.

Ён больш не знайшоў, што сказаць, і настала цішыня.

Урэшце Варажу засаромеўся сваёй нясмеласці і вымушана засмяяўся:

- Нейкія вы сумныя, ці што. Калі ласка, бутэльку віна, я плачу...

Не паспеў ён дагаварыць, як дзверы зноў расчыніліся і з'явіўся Падуа ў чорным фраку.

Варажу азваўся радасным крыкам і, усхапіўшыся з крэсла, скочыў на свайго швагра, схапіў яго за рукі і пачаў скакаць з ім па салоне, гарлаючы: «А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!.. А вось і Падуа!»

Пасля, адпусціўшы ашалелага ад здзіўлення збіральніка падаткаў, ён закрычаў яму ў твар:

- Аааааааа, хітруууууун! Дык ты прыйшоў пазабаўляцца? Ах, які хітрун! А мая сястра? Ты яе кідаеш, га?

І, думаючы пра ўсю карысць гэтага нечаканага становішча, пра пазыку гвалтам, пра непазбежны шантаж, ён упаў на канапу і, выцягнуўшыся на ёй, пачаў рагатаць так моцна, што мэбля затрашчала.

Тры маладзейшыя дамы рэзка падняліся і ўцяклі, а старая, ледзь прытомная, адступіла да дзвярэй.

У гэты момант у салон увайшлі два мужчыны ў фраках, з ордэнскімі стужкамі ў пятлічках. Падуа кінуўся да іх:

- О, пан прэзідэнт... гэта вар'ят... гэта вар'ят... Нам яго прыслалі дзеля нагляду за ім... вы ж бачыце, што ён вар'ят!

Варажу сеў, нічога не разумеючы. Раптам да яго дайшло, што ён адпаліў нейкае страшэннае глупства. Ён падняўся і павярнуўся да свайго швагра.

- Дык дзе ж мы цяпер? - спытаўся ён.

І Падуа, якога раптам ахапіла шалёная злосць, закрычаў, запінаючыся:

- Дзе... дзе... дзе мы? О, няшчасны... о, нікчэмны... о, подлы... Дзе мы? У пана Першага прэзідэнта!.. у пана прэзідэнта дэ Мартэмэна... дэ... дэ... дэ Мартэмэна... А! Нягоднік!.. Нягоднік!.. Нягоднік!..



Пераклад: Сяргей Шупа

Беларуская Палічка: http://knihi.com