epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Жабрак

Ён ведаў і лепшыя дні, хоць быў жабраком і калекам.

Яму было пятнаццаць гадоў, калі на гасцінцы ў Варвілі яму раструшчыла ногі брычка. З таго часу ён і пайшоў у старцы, бадзяўся па дарогах і сядзібах фермераў, чыкільгаючы на мыліцах, ад якіх плечы ў яго ўзнімаліся ажно да вушэй. Галава яго здавалася ўтуленай паміж імі, як паміж дзвюма гарамі.

Падкідыш, - кюрэ з Біет знайшоў яго ў рове напярэдадні Дня ўсіх святых і ахрысціў таму Нікаля Тусэнам, - сірата, якому з жалю давалі есці, але анічому не вучылі, потым калека - ён трапіў брычцы пад колы, выпіўшы некалькі чарак гарэлкі, якою дзеля смеху пачаставаў яго вясковы пекар, і з той пары - бяздомны бадзяга, ён нічога не ўмеў рабіць, адно выцягваў руку, каб узяць міласціну.

Некалі баранеса д'Авары дазволіла яму начаваць у будцы, поўнай саломы, каля птушніка на ферме, якая стаяла пры замку; і ён ведаў, што ў тыя дні, калі ўжо надта пачне даймаць голад, яму заўсёды знойдзецца на кухні кавалак хлеба і шклянка сідру. Нярэдка яму перападала і некалькі медзякоў, якія старая пані кідала яму з высокага ганка ці праз акно з свае спальні. Але яна даўно памерла.

Цяпер у вёсках яму нічога не давалі: усе занадта прывыклі да яго; ён усім ужо абрыд за тыя сорак гадоў, што сноўдаўся ад халупы да халупы, цягаючы на дзвюх дзеравячынах сваё знявечанае, акрытае лахманамі цела. Але сысці прэч з гэтых мясцін ён не хацеў, - ён нічога не ведаў на зямлі, апрача гэтага куточка, гэтых трох-чатырох вёсачак, дзе прайшло ўсё яго няшчаснае жыццё. Ён нібы абвёў мяжою тэрыторыю свайго папрашайніцтва, і яму і ў галаву не прыходзіла, што гэтую мяжу можна пераступіць.

Ён не ведаў, ці існуе што-небудзь яшчэ і па-за дрэвамі, якія заўсёды былі ў яго перад вачыма. Ён не ставіў сабе такога пытання. І калі сяляне зноў і зноў спатыкалі яго каля сваіх палеткаў ці равоў, яны раздражнёна крычалі:

- І чаго ты вечна сноўдаешся тут, чаму не ідзеш у іншыя вёскі?

Ён прамоўчваў і ішоў прэч, апанаваны раптоўным страхам перад невядомым, страхам галяка, які змушае яго падсвядома баяцца ўсяго ўсялякага: новых твараў, лаянкі, падазроных позіркаў людзей, якім ён чужы, а найболей жандараў, што па двое пахаджаюць па дарогах; угледзеўшы іх, ён умомант зашываўся ў кустоўе ці хаваўся за кучу камення.

Варта было ім з'явіцца ўдалечыні, пабліскваючы галунамі на сонцы, як ён уміг набываў незвычайную жвавасць - жвавасць звера, якога цкуюць. Ён імгненна саслізгваў са сваіх мыліц, падаў, як мяшок, долу, скурчваўся, рабіўся зусім маленечкі, непрыкметны, нібы затоены заяц, і бурыя лахманы яго зліваліся з зямлёю.

А між тым ён ніколі не меў ніякіх сутычак з паліцыяй. Але гэты страх і гэтая хітрасць сядзелі ў яго ў крыві, быццам ён атрымаў іх у спадчыну ад сваіх бацькоў, якіх ніколі не бачыў.

У яго не было прытулку, не было даху над галавой - нават будана ці якой-небудзь нары. Летам ён спаў абы-дзе, а зімой з выключным спрытам залазіў у якую-небудзь пуню ці ў стайню. Ён заўжды пакідаў сваю сховань раней, чым яго заўважалі. Ён ведаў усе шчылінкі, праз якія можна было пратачыцца ў любы хлеў; заўсёднае карыстанне мыліцамі надало яго рукам незвычайную моц, і ён мог, падцягваючыся, ускараскацца на самыя вышкі ў адрыне, адкуль ён, здаралася, не вытыкаўся па чатыры-пяць дзён, калі яму перад гэтым шэнціла назбіраць дастаткова харчу.

Ён жыў сярод людзей, як звер у лесе, - нікога не ведаў, нікога не любіў, а ў сялян выклікаў адно абыякавую пагарду і заўсёдную варожасць. Яго празвалі «Звонам», таму што пры хадзьбе ён пагойдваўся паміж сваімі драўлянымі апірышчамі, як звон паміж двума слупамі.

Вось ужо двое сутак, як ён нічога не еў. Яму зусім перасталі даваць. Годзе, колькі ўжо можна, папраўдзе! Вясковыя кабеты яшчэ здаля крычалі яму з парога:

- Валяй, валяй адсюль, палена! Тры дні прайшло, як я дала табе кавалак хлеба!

Ён паварочваўся на сваіх падпорках і цялёпкаўся да суседняга падвор'я, дзе яго чакала такая самая сустрэча.

Кабеты, стоячы ў дзвярах у сваіх хатах, перагаворваліся паміж сабою:

- Ды круглы год, ці што, карміць нам гультая гэтага?!

Аднак гэтаму гультаю кожны дзень трэба было есці. Ён абышоў Сэнт-Ілэр, Варвіль і Біет, але не выпрасіў ні капейкі, нават чэрствай скарыначкі. Заставалася адна надзея на Турноль, але туды было дзве мілі па гасцінцы, а ён ужо так нацягаўся, што ледзьве не падаў, і ў жываце ў яго было гэтак пуста, як і ў кішэні. І ўсё ж ён рушыў у дарогу.

Быў месяц снежань, халодны вецер насіўся ў полі, свістаў у голым голлі дрэў; па нізкім панурым небе імкліва плылі хмары, спяшаючыся немаведама куды. Калека паволі, з высілкам перастаўляў мыліцы пры апоры на адзіную сваю знявечаную нагу з крывой ступнёю, абматаную рыззём.

Час ад часу ён сядаў на ўскрайку рова і некалькі хвілін адпачываў. Голад поўніў смуткам яго цьмяную, атупелую душу. У галаве тлела адна-адзіная думка: «Паесці», - але ён не ведаў, як гэта спраўдзіць.

Тры гадзіны сунуўся ён па бясконцай дарозе; калі ж заўважыў абсаду сяла, зашкандыбаў ахватней.

Першы сустрэты вясковец, у якога ён папрасіў міласціну, закрычаў на яго:

- Ты зноў тут, пабіраха! І калі толькі мы ўжо збавімся ад цябе?!

І Звон пакорліва пацягнуўся далей, Але да якіх бы дзвярэй ён ні патыкаўся, усюды яго асыпалі лаянкай і пасылалі прэч з пустымі рукамі. Аднак ён усё роўна ішоў ад хаты да хаты, цярплівы і ўпарты. Ён не сабраў ні капейкі.

Тады ён пакіраваў на фермы, чыкільгаючы па гразкай ад дажджу зямлі, настолькі знясілены, што ўжо ледзьве перастаўляў мыліцы. Адусюль яго праганялі. Гэта быў адзін з тых золкіх, панылых дзён, калі чалавечае сэрца чарсцвее, а розум робіцца жорсткі, калі душу апаноўвае морак і рука не выцягваецца ні дзеля таго, каб даць, ні дзеля таго, каб выручыць.

Абышоўшы ўсе знаёмыя падворкі, Звон знямогла рухнуў каля рова пры сядзібе фермера Шыкэ. «Адчапіўся», - гэтак пра яго казалі, калі спрабавалі абмаляваць, як ён знянацку саслізгваў дадолу са сваіх высокіх падпорак, выпусціўшы іх з-пад рук, і доўга сядзеў нерухома; яго мучыў голад, але, няцямлівец, ён быў няздатны асэнсаваць усё прадонне свайго няшчасця.

Ён чакаў, сам не ведаючы чаго. Чакаў з той невыразнай надзеяй, што вечна тлее ў сэрцы чалавека. Ён сядзеў на ўскрайку чужой сядзібы на ледзяным ветры і чакаў цудадзейнай дапамогі, якую мы ніколі не перастаём чакаць ад неба ці ад людзей, не задумваючыся над тым, як, чаму і праз каго яна можа прыйсці. Непадалёк хадзіла чарада чорных курэй, пашуквала сабе спажытку ў зямлі - карміліцы ўсяго жывога. Чубаткі прыпыняліся, дзюбалі зярнятка ці нябачную чалавечаму воку кузурку і зноў браліся за свае нетаропкія, упэўненыя пошукі.

Звон глядзеў на іх, не думаючы ні пра што; потым - хутчэй у страўніку, чым у галаве - у яго варухнулася не думка, а так - глухое адчуванне, што курыца, калі яе сасмажыць на вогнішчы, будзе вельмі смачная.

Думка, што ён збіраецца зрабіць кражу, нават не бліснула ў яго свядомасці. Ён абмацаў каля сябе камень і шпурнуў у тую, што была бліжэй да яго, а так як кінуў дужа трапна, то ўклаў яе на месцы. Курыца звалілася набок, затрапятаўшы крыламі. Астатнія разбегліся, пагойдваючыся на тонкіх лапках, а Звон рахмана «начапіўся» на мыліцы і паходкаю, якая надта нагадвала курыную, зачыкільгаў, каб падабраць сваю здабычу.

Ён ужо наблізіўся да невялічкага чорнага цельца з запэцканай у кроў галоўкай, як раптам страшэнны ўдар у спіну выбіў у яго з рук мыліцы, а яго самога адшпурнуў на дзесяць крокаў убок. І фермер Шыкэ з шаленствам абкрадзенага мужыка рынуўся на грабежніка, безаглядна малоцячы яго кулакамі і нагамі, раз'ятрана мардуючы няздатнага абараніцца калеку.

На дапамогу гаспадару набеглі парабкі і таксама кінуліся збіваць папрашайку. Нарэшце, стаміўшыся, яны паднялі яго, завалаклі на дрывотню і замкнулі там да прыходу жандараў, па якіх паслалі.

Звон, амаль нежывы, скрываўлены, канаючы ад голаду, ляжаў на зямлі. Настаў вечар, потым ноч, за ёю ранак. Ён так нічога яшчэ і не еў.

Апоўдні з'явіліся жандары і асцярожліва адчынілі дзверы: яны чакалі супраціўлення, бо паводле расказу Шыкэ выходзіла, што бадзяга сам напаў на яго і фермеру з вялікай цяжкасцю ўдалося адбіцца.

Сяржант скамандаваў:

- Ану, устаць!

Але Звон ужо не мог скрануцца з месца. Ён, праўда, памкнуўся ўсчапіцца на свае апірышчы, але не здолеў. Гэта было ўспрынята як хітрасць, ашуканства, адвод вачэй закаранелага злачынца, і двое ўзброеных дзецюкоў груба ўхапілі яго і сілай паставілі на мыліцы.

Яго апанаваў страх, яго вечны, прыроджаны страх перад жоўтымі жандарскімі паскамі, той страх, які адчувае дзічына перад паляўнічым, мыш перад катом. І нечалавечым намаганнем ён утрымаўся, устаяў.

- Марш! - загадаў сяржант.

І ён пайшоў. Усе насельнікі фермы збегліся паглядзець, як яго забіраюць. Кабеты гразілі яму кулакамі, мужыкі выскаляліся і лаяліся: «Нарэшце! Сцапалі-такі галубочка! Туды яму і дарога!»

Ён ішоў, а па баках ішла варта. Адчай надаваў яму сілы, і ён сяк-так плёўся па дарозе, ужо нават не цямячы, што з ім адбылося, атупелы дарэшты з перапалоху, няздатны хоць што-колечы зразумець.

Сустрэчныя сяляне прыпыняліся, праводзілі яго позіркам і мармыталі:

- Пэўна, зладзюгу злавілі!

Да ночы дабраліся да мястэчка. Звон ніколі раней не быў тут. Ён папраўдзе ўжо не ўяўляў сабе, ні што адбываецца цяпер, ні што будзе з ім далей. Усё было нечаканае і страшнае, гэтыя новыя абліччы і дамы проста жахалі яго.

Ён не вымавіў ніводнага слова дый не меў чаго сказаць, бо анічагусенькі не разумеў. Зрэшты, ён ужо столькі гадоў ні з кім не размаўляў, што амаль развучыўся карыстацца моваю; дый думкі яго былі занадта цьмяныя, каб іх можна было выказаць словамі.

Яго завялі ў местачковую турму. Жандарам і ў галаву не прыйшло, што яму трэба даць паесці, і яго замкнулі да заўтра.

Але калі на другі дзень ранкам прыйшлі па яго, каб весці на допыт, ён ляжаў на падлозе мёртвы. Такая неспадзяванка!



Пераклад: Ніна Мацяш