epub
 
падключыць
слоўнікі

Гі дэ Мапасан

Знак

Маркіза дэ Рэндон яшчэ спала ў сваім прыцемненым і напарфумаваным пакоі, у сваім нізкім і мяккім ложку, у бялізне з лёгкага батысту, тонкага, як карункі, пяшчотнага, як пацалунак. Яна спала адна спакойным, глыбокім і шчаслівым сном разведзенай жанчыны.

Яе абудзілі гучныя галасы, што даносіліся з маленькага блакітнага салона. Яна пазнала сваю дарагую сяброўку, баранесу дэ Гранжры, якая, хочучы ўвайсці, спрачалася з пакаёўкай, што бараніла дзверы сваёй гаспадыні.

Тады маркіза паднялася, адсунула засаўку, павярнула ключ, падняла парцьеру і высунула сваю галоўку, схаваную пад воблачкам бялявых валасоў.

- Што ў цябе здарылася, - спыталася яна, - што ты прыйшла гэтак рана? Яшчэ не прабіла нават дзевятая.

Баранеса, бледная, знерваваная, уся ў ліхаманцы, адказала:

- Мне трэба з табой пагаварыць. Са мной здарылася страшная рэч.

- Уваходзь, дарагая.

Баранеса ўвайшла, яны пацалаваліся, і маркіза зноў скочыла ў ложак. Пакаёўка тым часам расчыніла вокны, і пакой напоўніўся святлом і свежым паветрам. Калі пакаёўка выйшла, пані дэ Рэндон сказала:

- Ну, расказвай.

Пані дэ Гранжры пачала плакаць, льючы светлыя слёзы, што робяць жанчыну прывабнай, і стала расказваць, не выціраючы вачэй, каб яны не пачырванелі.

- О, дарагая, гэта жахліва, жахліва тое, што са мной адбылося. Усю ноч я не спала, ні хвілінкі, чуеш, ні хвілінкі. Во, паслухай, як б'ецца сэрца.

І, узяўшы сяброўчыну руку, яна паклала яе сабе на грудзі, на гэтую круглую і шчыльную абалонку жаночага сэрца, якой часта бывае досыць мужчынам і якая часта не дае ім шукаць чаго-небудзь пад ёю. Сэрца сапраўды моцна білася.

Яна казала далей:

- Гэта здарылася ўдзень... недзе а чацвёртай гадзіне... ці а палове пятай, не ведаю пэўна. Ты добра ведаеш маю кватэру; ты ведаеш, што мой маленькі салон, дзе я заўсёды сяджу, выходзіць вокнамі на вуліцу Сэн-Лязар. Ты ведаеш, што я маю звычку сядзець каля акна і разглядаць людзей, што праходзяць вуліцай. Гэты прывакзальны квартал такі вясёлы, такі ажыўлены... Карацей кажучы, я люблю так сядзець! Дык вось, учора я сядзела на нізенькім крэсле, што я загадала паставіць перад акном. Яно было расчыненае, гэтае акно, і я ні пра што не думала, я дыхала блакітным паветрам. Ты памятаеш, якая ўчора стаяла пагода!

І раптам я заўважаю, што на тым баку вуліцы нейкая жанчына ў чырвоным таксама глядзіць у акно. А я была ў бэзавым, ты ведаеш мой бэзавы гарнітур. Я не ведала гэтай жанчыны, гэта новая наймальніца, што жыве там толькі месяц, а як увесь гэты месяц ліў дождж, дык я яе не надта бачыла. Але я адразу заўважыла, што гэта была распусніца. Спачатку мне зрабілася агідна і непрыемна, што яна, гэтак як і я, стаіць каля акна. А пасля, паволі, яна мяне зацікавіла. Абапёршыся локцямі на падваконнік, яна сачыла за мужчынамі, і мужчыны таксама на яе глядзелі, усе ці амаль усе. Здавалася, што іх нехта папярэджвае, калі яны падыходзяць да дома, што яны чуюць яе, як сабака чуе дзічыну, бо яны раптам паднімалі галаву і абменьваліся з ёй хуткім змоўніцкім позіркам. Яе позірк пытаўся: «Ці не зойдзеш? «

Іх позірк адказваў: «Няма часу», ці «Іншым разам», ці «Няма грошай», ці «Згінь, паскудніца!» Апошнюю фразу казалі вочы салідных бацькоў.

Ты сабе не ўяўляеш, як цікава было сачыць за яе гульнёй, ці, хутчэй, за яе працай.

Час ад часу яна раптоўна зачыняла акно, і я бачыла, як чарговы пан заходзіў у браму. Яна лавіла іх, як рыбак печкуроў. Тады я глядзела на гадзіннік. Яны заставаліся ў яе ад дванаццаці да дваццаці хвілін і ніколі болей. Папраўдзе, гэтая павучыха ўрэшце мяне захапіла. Дый яна была зусім не брыдкая.

Я пыталася ў сябе: «Што ж яна робіць, што яе так добра і так хутка разумеюць? Ці дадае яна да позірку нейкі знак галавой ці рух рукой?»

Я ўзяла тэатральны бінокль, каб разгадаць яе сакрэт. О, усё было вельмі проста: спачатку яна падміргвала, пасля ўсміхалася і амаль незаўважна ківала галавой, што значыла: «Вы зойдзеце?» Гэты рух быў такі лёгкі, такі прыхаваны, што вымагаў сапраўды шмат элегантнасці.

І я падумала: «А ці атрымалася б у мяне гэтак жа смела і элегантна кіўнуць?»

Я пайшла паспрабаваць перад люстэркам. Дарагая, у мяне атрымалася яшчэ лепш, чым у яе, намнога лепш! Я вельмі ўзрадавалася і вярнулася да акна.

Цяпер да яе больш ніхто не заходзіў, зусім ніхто. Напраўду, ёй не шанцавала. Напэўна, усё ж брыдка зарабляць на хлеб гэтакім манерам, брыдка і адначасова забаўна, бо ўрэшце сярод мужчын, якіх сустракаеш на вуліцы, трапляюцца часам зусім неблагія.

Цяпер усе яны ішлі па тратуары з майго боку вуліцы, на яе баку не было ніводнага. Сонца засвяціла ў другі бок. Яны ішлі адзін за адным, маладыя, старыя, чорныя, бялявыя, сівыя.

Я бачыла сярод іх вельмі прыстойных, дарагая, прыстойнейшых, чым мой муж і чым твой былы муж таксама.

Я думала: «Каб я зрабіла ім знак, ці яны зразумелі б мяне, сумленную жанчыну?» І вось у мяне абудзілася непрыстойнае жаданне... непераможнае жаданне! Часам у мяне з'яўляюцца такія жаданні. А, глупства! І ўвогуле, мне здаецца, што жанчына ў нечым падобная да малпы. Дарэчы, сцвярджаюць (гэта мне адзін доктар сказаў), што мозг малпы вельмі падобны да нашага. Дык вось, мы заўсёды каго-небудзь пераймаем, малпуем. Мы пераймаем нашых мужоў, калі кахаем іх у першыя месяцы шлюбу, пасля - нашых каханкаў, нашых сяброў, нашых духоўнікаў, калі яны добрыя. Мы пераймаем іх манеру думаць, гаварыць, іх словы, рухі, усё. Якое глупства.

А калі мне ўжо вельмі захацелася нешта зрабіць, дык я абавязкова зраблю.

Дык вось, я падумала: «Ану, паспрабуем на адным, толькі на адным, каб пабачыць, што будзе. Што са мной здарыцца? Нічога. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, і ўсё, і я яго больш ніколі не ўбачу, а калі нават убачу, дык ён мяне не пазнае, а калі нават пазнае, дык я скажу, што гэта памылка».

І я пачынаю выбіраць. Я хацела прыгожага, вельмі прыгожага. Раптам бачу - ідзе высокі бландзін, вельмі прыгожы. Ты ж ведаеш, я люблю бландзінаў.

Я гляджу на яго, ён на мяне. Я ўсміхаюся, ён таксама. Я ківаю. О, ледзь прыкметна. Ён ківае ў адказ і заходзіць! Дарагая мая, ён заходзіць праз галоўную браму!

Ты сабе не ўяўляеш, што я ў гэты момант адчувала! Я думала, што звар'яцею. О, як я баялася. Уяві сабе, ён пачне гаварыць са слугамі! З Жазэфам, які так адданы майму мужу! Жазэф напэўна падумае, што я даўно ведаю гэтага пана.

Што рабіць, скажы, што рабіць? Ён хутка пазвоніць, зараз, праз момант. Што рабіць, скажы? Я падумала, што лепей за ўсё выбегчы яму насустрач, сказаць яму, што ён памыліўся, прасіць яго, каб ён пайшоў адсюль. Ён пашкадаваў бы жанчыну, бедную жанчыну. І я кідаюся да дзвярэй і адчыняю іх у той момант, калі ён збіраўся пазваніць.

Я, ужо зусім ашалелая, сказала запінаючыся: «Ідзіце адсюль, пане, ідзіце, вы памыляецеся, я сумленная жанчына, я замужам. Гэта памылка, страшная памылка, я пераблытала вас з адным маім сябрам, вы вельмі падобныя. Майце літасць, пане».

А ён пачынае смяяцца і адказвае: «Здароў, кіска. Я ўсё ведаю. Ты замужам, значыць, гэта будзе каштаваць два луідоры замест аднаго. Я згодны. Хадзем хутчэй».

І пхае мяне. Увайшоўшы, ён зачыняе за сабой дзверы, цалуе мяне, скаваную жахам, бярэ мяне за талію і вядзе ў салон, што застаўся незачынены.

Ён пачынае аглядаць усё навокал, як ацэншчык на аўкцыёне. Пасля кажа: «Чорт, а ў цябе тут даволі шыкоўна. Пэўна, у цябе цяпер цяжка з грашыма, калі працуеш каля акна!»

Тады я зноў пачынаю яго прасіць: «О, пане, ідзіце адсюль, ідзіце! Зараз вернецца мой муж! Ён можа ўвайсці ў любы момант! Я клянуся, што вы памыліліся!»

Ён спакойна мне адказвае: «Ну, добра, красунька, хопіць прыкідвацца. Калі вернецца муж, я дам яму сто су, каб ён схадзіў насупраць».

Убачыўшы на каміне фатаграфію Рауля, ён пытаецца:

- Гэта твой... твой муж?

- Гэта ён.

- Ну і мыза. А гэта хто? Твая сяброўка?

Гэта была твая фатаграфія, дарагая, у бальным уборы. Я ўжо не ведала, што кажу, і прамармытала:

- Ага, гэта мая сяброўка.

І вось гадзіннік б'е пятую гадзіну, а ў палове шостай заўсёды вяртаецца Рауль! Уяві сабе, калі ён вернецца перш, чым гэты пойдзе! Тады... тады... я здурнела... зусім... я падумала... падумала... што... што лепей... было б... збавіцца ад гэтага чалавека... як мага хутчэй... Чым раней, тым лепей... разумееш?.. І вось... і вось... так было трэба... бо ён бы без гэтага не пайшоў... І я... я... зачыніла дзверы ў салоне... Вось і ўсё.

Маркіза дэ Рэндон пачала смяяцца дзікім смехам, схаваўшы галаву ў падушку.

Трошкі супакоіўшыся, яна спыталася:

- А ён... ён быў прыгожы?

- Ну вядома.

- І ты яшчэ скардзішся?

- Але... але, дарагая, справа ў тям, што ён абяцаў прыйсці сёння ў той самы час, і я... я страшэнна баюся... Ты сабе не ўяўляеш, які ён упарты... Што рабіць... скажы мне... што рабіць?

Маркіза села на ложку, каб падумаць, пасля раптам выпаліла:

- Зрабі так, каб яго арыштавалі.

Баранеса здзівілася і нясмела спыталася:

- Як? Як жа? Што ты маеш на ўвазе? Арыштаваць яго? На якой падставе?

- О, усё вельмі проста. Ты ідзеш да камісара паліцыі, кажаш яму, што адзін мужчына ходзіць за табой ужо тры месяцы, што ён меў нахабства зайсці ўчора да цябе, што ён пагражаў сёння зайсці зноў і што ты просіш аховы ў закона. Табе дадуць двух паліцыянтаў, і яны яго арыштуюць.

- Але, дарагая, калі ён раскажа...

- Ды яму не павераць, дурніца, калі ты ўладзіш справу з камісарам. Павераць табе, бо ты жанчына з бездакорнага таварыства.

- О, я ніколі не асмелюся.

- Трэба, дарагая, бо калі не - табе канец.

- Уяві сабе, што... што ён будзе мяне абражаць, калі яго арыштуюць.

- Ну і добра, у цябе будуць сведкі, і яго засудзяць.

- Засудзяць на што?

- На кампенсацыю шкоды. У такіх выпадках трэба быць бязлітаснай!

- А, наконт шкоды... ёсць адна рэч, якая мяне вельмі турбуе... вельмі... Ён пакінуў два луідоры на каміне.

- Два луідоры?

- Ага.

- І ўсё?

- Усё.

- Мала. Мяне б гэта пакрыўдзіла. Ну дык што?

- Што мне рабіць з гэтымі грашыма?

Маркіза павагалася, пасля адказала сур'ёзным тонам:

- Дарагая... Трэба зрабіць... трэба зрабіць... маленькі падарунак твайму мужу... Гэтак будзе справядліва.



Пераклад: Сяргей Шупа