epub
 
падключыць
слоўнікі

Генадзь Аўласенка

Чыя мама лепшая

 

Адвячоркам мы гулялі

І аб мамах размаўлялі.

 

— У мяне,— прамовіў Пеця,—

Мама лепшая на свеце!

Усміхнуўся Толя: — Не!

Мама лепшая ў мяне!

— У мяне! — сказала Поля.—

Бо яна працуе ў школе!

— Ну дык што з таго, што ў школе! —

Запярэчыў Полі Коля.—

А мая кіруе крамай!

— А мая працуе... мамай

І цяпер з сястрычкай дома,—

Прашаптала ціха Тома.

— А мая,— сказала Ната,—

І за маму, і за тату!

Пэўна ж, мамачка мая

Лепей вашых удвая!..

Не згадзіўся з гэтым Пеця.

Пачалі спрачацца дзеці:

Коля з Поляй,

Пеця з Натай...

 

Ну а я

Пайшоў дахаты.

З імі я не стаў спрачацца.

І без спрэчкі ведаў я:

Калі шчыра разабрацца,

Мама лепшая — мая!

 

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Мама — сонейка маё... : вершы, песні / уклад. М. А. Маляўка; іл. А. А. Карповіч. — Менск : Маст. літ., 2008.— 118 с. : іл.