epub
 
Падключыць
слоўнікі

Генадзь Аўласенка

Самая чароўная кветка

Хоць гэтая гісторыя і здаецца казачнай, але казачнага ў ёй не так і шмат. Так што будзем лічыць, што ў самую першую чаргу гэтая гісторыя пра...

Пра што?

Ну, вядома ж, пра каханне...

А вось і галоўны герой нашай гісторыі. Ён студэнт, і ў яго якраз сесія, але ідзе ён зараз не на залік і не на экзамен. Наш герой ідзе зараз на спатканне з дзяўчынай, якую кахае. Дакладней, ён і сам яшчэ не здагадваецца, як моцна ён яе кахае, як не здагадваецца, дарэчы, і аб тым, што наперадзе ягонае каханне чакае даволі сур'ёзнае выпрабаванне. Калі казаць мовай студэнтаў, то гэта будзе штосьці накшталт экзамену... экзамену на права кахаць і быць каханым...

Але не будзем забягаць наперад, тым больш што я не паспеў нават паведаміць вам імя нашага героя. Ягонае імя — Мірон, а прозвішча...

А ў рэшце рэшт, прозвішча нашага героя не мае аніякага дачынення да ўсёй гэтай гісторыі. Адзначым толькі, што дзяўчыну, на спатканне з якой так спяшаецца Мірон, завуць Васіліна.

І яшчэ адзначым, што ўсё тое, што я паведаміў вам зараз, яшчэ не сама гісторыя. Гэта, як кажуць, усяго толькі невялікі ўступ да яе... А сапраўдная гісторыя пачнецца ніжэй...

 

* * *

 

Хоць спатканне з Васілінай было прызначана на пяць гадзін роўна, а трапіць да месца спаткання можна было хвілін за пятнаццаць—дваццаць, Мірон пакінуў сцены інтэрната дзесьці каля чатырох...

Надвор'е на вуліцы стаяла цудоўнае... а якім іншым яно, скажыце, магло быць у самым пачатку чэрвеня! І настрой у Мірона таксама быў адпаведным... праўда, яго, настрой гэты, крыху псавала дакучлівая думка аб заўтрашнім заліку па эканоміцы, заліку, да якога Мірон яшчэ не паспеў падрыхтавацца як след...

Але ж не адкладваць з-за нейкага там заліку спатканне з дзяўчынай, якая табе так падабаецца!

Калі казаць шчыра, Мірону падабалася шмат дзяўчат, дакладней, яму падабаліся ўсе без выключэння прыгожыя дзяўчаты навокал. Але Васіліна, магчыма, і не самая прыгожая з іх, падабалася Мірону яшчэ і тым, што, па ўсім бачна было, сам Мірон ёй таксама крыху падабаўся... а можа, і не крыху нават (хлопец ва ўсім гэтым так і не разабраўся яшчэ канчаткова). Ва ўсялякім разе, Васіліна заўсёды спраўна (хоць і з невялікім спазненнем) прыходзіла на ўсе тыя спатканні, якія прызначаў ёй па мабільніку Мірон, і весела смяялася з ягоных немудрагелістых жартаў (больш ніхто са знаёмых, дарэчы, жарты Мірона смешнымі не лічыў), і дазваляла праводзіць сябе да самага ўвахода ў інтэрнат. Праўда, да пацалункаў у іх справа пакуль што не даходзіла...

І вось сёння, ідучы на пятае ўжо па ліку спатканне з Васілінай, Мірон даў сабе ў думках клятву, што пацалуе яе абавязкова. І амаль адразу ж успомніў, што, ідучы на папярэдняе спатканне, таксама даваў сабе гэткую ж клятву і, вядома ж, без усялякага станоўчага для сябе выніку...

“А сёння ўсё ж пацалую! — у думках запэўніў сябе Мірон.— Толькі не трэба цягнуць... я заўсёды цягну з гэтым да апошняга! Я сёння пацалую Васіліну, як толькі яна падыдзе да мяне і павітаецца! Я пацалую яе нават раней, да таго яшчэ, як яна пачне вітацца. Яна ўсміхнецца, яна заўсёды ўсміхаецца мне пры сустрэчы... і ў гэты момант я яе пацалую! Я і сапраўды зраблю гэта сёння... я змагу нарэшце гэта зрабіць!”

Узрушаны гэткімі сваімі думкамі, Мірон хуценька перабег вуліцу і... ледзь не сутыкнуўся з нейкай бабулькай, якая павольна шыбавала насустрач. У адной руцэ бабулька трымала вялізную і, па ўсім бачна было, даволі цяжкую сумку, у другой — аб'ёмісты і, здаецца, не менш цяжкі кош...

— Прашу прабачэння! — прамармытаў Мірон, спыняючыся, каб прапусціць старую.

Але бабулька таксама спынілася і, паставіўшы сумку і кош на тратуар, падслепавата зірнула на хлопца.

— Ты не дапамог бы мне, сынок? — прагаварыла яна ўмольным голасам.— Тут недалёка...

Мірон зірнуў на гадзіннік. Да пачатку спаткання заставалася яшчэ амаль сорак хвілін... можна накінуць сюды яшчэ хвілін дзесяць—пятнаццаць, бо Васіліна заўсёды спазнялася менавіта на столькі...

— Давайце! — згадзіўся ён без асаблівага, праўда, энтузіязму і, узяўшы ў рукі кош з сумкай, запытальна паглядзеў на бабульку.— Куды несці?

— Тут недалёка! — зноўку запэўніла хлопца бабулька.— Тут побач...

Але гэтае “побач” аказалася не зусім і побач. Яны прамінулі адзін тралейбусны прыпынак, потым другі, трэці... Мірон ужо збіраўся запытацца, а ці не праехаць ім хоць нейкую частку шляху на тралейбусе, як бабулька, змяніўшы накірунак, павярнула кудысьці ўбок. Паслухмяна павярнуўшы ўслед за ёй, Мірон прайшоў праз некалькі вузкіх двароў, потым яны з бабулькай выбраліся нарэшце на адкрытую мясцовасць і даволі доўга ішлі па ледзь прыкметнай і занадта ўжо звілістай сцяжынцы...

— Ужо хутка! — Бабулька паказала рукой на новы мікрараён, да якога па прамой было яшчэ не менш кіламетра.— Вунь там я і жыву!

Улічваючы незвычайную звілістасць сцяжынкі, па якой яны зараз ішлі, да мікрараёна гэтага было кіламетры тры, не менш. Да таго ж і сумка, і кошык з кожным новым крокам станавіліся ўсё цяжэйшымі і цяжэйшымі... ці гэта так толькі здавалася Мірону.

“Спазнюся на спатканне! — занепакоена падумалася яму.— Ці, можа, на зваротным шляху таксі паспрабаваць злавіць? А колькі ў мяне, цікава, грошай у кішэні? На таксі, магчыма, і хопіць, але потым нават і на марожанае не застанецца...”

Але, з іншага боку, не пакідаць жа гэтую нямоглую бабульку адну на пустэчы, ды яшчэ з такім цяжарам.

І Мірон, уздыхнуўшы, рушыў далей, але тут здарылася неспадзяванае.

— Малайчына, Мірон! — сказала раптам бабулька, спыняючыся.— Ты з гонарам прайшоў маё выпрабаванне.

— Якое выпрабаванне? — не зразумеў Мірон. Ён таксама спыніўся і здзіўлена паглядзеў на бабульку.— Аб чым вы? І адкуль вы ведаеце, што маё імя — Мірон?

— Я пра цябе ўсё ведаю! І пра Васіліну таксама. І тое, што ў вас спатканне сёння.— Бабулька ўсміхнулася і дадала: — А ведаю я ўсё гэта таму, што я — чараўніца!

“Так,— падумалася Мірону.— Гэтага мне яшчэ не хапала! Апынуцца на нейкай пустэчы ўдваіх са звар'яцелай бабулькай! А раптам яна кусацца зараз пачне!”

— Ты што, не верыш, што я чараўніца? — з нейкай крыўдай нават спыталася бабулька.

— Веру! — сказаў Мірон, вырашыўшы не спрачацца з хворым чалавекам, але ўсё ж не вытрымаў і дадаў: — А адкуль вы ўсё ж ведаеце, што мяне Міронам завуць? І пра спатканне, пра Васіліну...

Замест адказу бабулька толькі ўздыхнула, і раптам у яе руцэ проста з паветра з'явілася кветка. Дзіўная такая кветка, з трыма рознакаляровымі пялёсткамі: жоўтым, сінім і чырвоным.

— Памятаеш казку пра кветку, якая жаданні выконвала? — зноў спыталася бабуля і, не чакаючы адказу, працягнула кветку Мірону.— Праўда, у той сем пялёсткаў было, а ў гэтай толькі тры. Але жаданні і яна выконвае спраўна, можаш не сумнявацца.

— Якія жаданні? — зноў не зразумеў Мірон.

— Розныя,— сказала бабулька.— Ты толькі асцярожна з імі, шкоды сабе не нарабі!

І бабулька знікла, як і не было яе зусім. І сумка знікла разам з бабулькай, і кош гэты цяжкі таксама. А яшчэ праз нейкае імгненне знік і сам Мірон... знік, каб зноўку раптам апынуцца ў тым самым парку, дзе і было ў яго прызначана спатканне з Васілінай.

І толькі цяпер, пазіраючы недаўменна на кветку ў сваёй руцэ, Мірон паверыў нарэшце, што і сапраўды сустрэў чараўніцу. І што ў падарунак атрымаў ад яе цудоўную кветку, якая выконвае жаданні.

У хлопца адразу ж з'явілася непераадольнае імкненне праверыць чароўную сілу кветкі. Праверыць зараз жа...

Вось толькі якое б жаданне загадаць?

Тут яму ўспомніўся заўтрашні залік па эканоміцы. Залік, да якога ён быў, мякка кажучы, не зусім падрыхтаваны. І гэта яшчэ мякка кажучы...

— Хачу, каб мне паставілі залік па эканоміцы аўтаматам! — хуценька прагаварыў Мірон, адначасова з гэтым адрываючы жоўты пялёстак.

І амаль адразу ж пашкадаваў аб гэтым сваім рашэнні. Па-першае, сёння ён усё роўна не даведаецца, збылося ягонае жаданне альбо не збылося. Па-другое, жаданне выйшла... ну, скажам так, драбнаватым. Падумаеш, залік! Трэба было ўжо на поўную сесію загадваць!

Нечакана ў кішэні Мірона зазвінеў-заспяваў мабільнік. Хуценька выхапіўшы тэлефон, хлопец адразу ж адчуў нейкае ці то расчараванне, ці то, наадварот, палёгку: гэта была не Васіліна. Тэлефанаваў Мірону Стас, стараста іх групы. Цікава, што яму трэба ў такі позні час?

— Алё! — прагаварыў Мірон, падносячы мабільнік да вуха.— Што здарылася?

— Хочаш — узрадую! — пачулася ў тэлефоне.— Заліку заўтра не будзе!

— Як не будзе? — зусім не ўзрадаваўся Мірон.— Чаму не будзе?

— Выкладчык кудысьці ад'язджае тэрмінова! Сёння ўсім аўтаматам залік паставіў. Ну, як навіна?

— Цудоўная! — змрочна буркнуў Мірон.— Проста цудоўная!

Ён зноў засунуў мабільнік у кішэню і задумліва паглядзеў на кветку ў руцэ. На ёй засталося ўсяго два пялёсткі, а трэці...

Гэта ж трэба было так па-ідыёцку распарадзіцца жаданнем! Ашчаслівіў увесь курс, а яны аб гэтым нават і не даведаюцца. І, галоўнае, не раскажаш нікому...

У гэты час да лаўкі, якая стаяла непадалёку ад Мірона, падышла дзяўчына. І не проста дзяўчына, а вельмі прыгожая дзяўчына. Такая прыгожая, што ў Мірона нават галава закружылася і ён забыўся і аб сваім спатканні з Васілінай, і, наогул, аб усім на свеце...

— Прывітанне! — нечакана нават для сябе самога прагаварыў Мірон, звяртаючыся да дзяўчыны.— А вы не мяне часам чакаеце?

— Не цябе! — абыякава і нават зняважліва адказала дзяўчына, нават не зірнуўшы пры гэтым у бок хлопца.— Адвалі!

“Ах, так! — з нейкай нават зласлівасцю падумаў Мірон.— Ну, зараз ты сама за мной бегаць будзеш!”

Ён хацеў ужо адарваць сіні пялёстак, як новая думка прыйшла яму ў галаву. А сапраўды, чаму б і не!

І Мірон, рашуча адрываючы пялёстак, прашаптаў:

— Хачу, каб усе, без выключэння, дзяўчаты кахалі мяне без памяці!

Што тут пачалося!

Не паспела яшчэ прыгажуня суседка кінуцца на шыю Мірону, як аднекуль збоку прыбегла яшчэ адна дзяўчына і таксама абхапіла Мірона за шыю.

— О, мой каханы, мой адзіны! — палка зашаптала яна.— Нарэшце я цябе знайшла!

— Адвалі! — сярдзіта закрычала першая дзяўчына, адштурхоўваючы саперніцу ад Мірона.— Ён мой адзіны, бо гэта я першая яго знайшла!

— Сама адвалі!

І, схапіўшы адна адну за валасы, дзяўчаты сышліся ў рукапашнай.

Але Мірону было ўжо не да іх. Да яго набліжалася каля дзесятка но-вых дзяўчат, і кожная з іх, здаецца, таксама была закаханая ў хлопца без памяці...

— О, як даўно я цябе чакала! — усклікнула атлетычнага складу дзяў-чына, амаль на галаву вышэйшая за Мірона.— Дай я цябе абдыму, мой каханы!

— Но, но! — перасцярог яе Мірон, адступаючы.— Толькі без рук!

— Як жа абдымацца без рук? — нават здзівілася дзяўчына і, абхапіўшы Мірона аберуч, так сціснула яго ў сваіх абдоймах, што ў небаракі вочы на лоб палезлі.

— Памажыце! — паўзадушана прахрыпеў ён.— Хто-небудзь!

Дапамога, вядома ж, прыйшла, але не тая, на якую спадзяваўся Мірон. Абураныя нахабнымі, з іх пункту гледжання, паводзінамі саперніцы, астатнія дзяўчаты ўсім кагалам ухапіліся за Мірона і пачалі цягнуць яго кожная да сябе, прызнаючыся яму пры гэтым у вечным каханні.

— Не трэба! — ужо не прахрыпеў нават, а прасіпеў Мірон.— Злітуйцеся! Вы ж мяне на кавалкі раздзярэце!

Магчыма, дзяўчаты і сапраўды б разадралі наваяўленага донжуана на дробныя кавалачкі, настолькі вялікім (і прытым без памяці) было каханне кожнай з іх. Але тут да Мірона падскочылі двое хлопцаў і літаральна выдралі небараку з гарачых дзявочых абдоймаў.

— Дзякуй вам, хлопцы! — расчулена прагаварыў Мірон і... атрымаў раптам моцны ўдар кулаком па вуху ад аднаго з хлопцаў.— За што?! — закрычаў ён, хапаючыся за пашкоджанае месца.

— За справу! — гаркнуў другі хлопец і таксама ўрэзаў Мірону ад усёй душы.— Чым ты нашых дзяўчат зачараваў, гіпнатызёр пракляты!

У гэты час да іх, сціскаючы кулакі, падбегла яшчэ некалькі хлопцаў, і Мірон зразумеў, што ягоная справа — труба! У паніцы ён выставіў перад сабой абедзве рукі і толькі тут заўважыў, што ў правай руцэ ягонай усё яшчэ заціснута чароўная кветка (хай на яе ліха!), а на кветцы той маецца яшчэ адзін пялёстак, чырвоны. І калі адарваць яго зараз...

І Мірон імгненна адарваў чырвоны пялёстак і адчайным голасам выкрыкнуў пры гэтым першае, што прыйшло ў галаву:

— Хачу, каб на мяне ніхто не звяртаў увагі!

І ў гэты ж момант усе хлопцы адвярнуліся ад Мірона. І ўсе дзяўчаты, нават не паглядзеўшы ў ягоны бок, таксама пачалі разыходзіцца кожная па сваіх справах. А тая прыгажуня, з якой усё і пачалося, узрадавана кінулася насустрач хлопцу, які першым урэзаў Мірону па вуху. І адразу ж пяшчотна яго абняла, а ён пацалаваў яе ў вусны, потым яны, узяўшыся за рукі, пайшлі кудысьці па вузенькай сцяжынцы старога парку.

“Добра яшчэ, што Васіліна спазняецца! — міжволі падумалася Мірону.— Уяўляю, што б яна мне сказала, калі б усё гэта ўбачыла...”

Мірон зірнуў на гадзіннік і з прыкрасцю заўважыў, што той не ідзе. Магчыма, сапсаваўся ці зламаўся нават...

— Вы не падкажаце, колькі зараз часу? — звярнуўся Мірон да пажылога мужчыны, які якраз праходзіў паўз яго.

Але той нічога яму не адказаў. Больш таго: нават зрабіў выгляд, што зусім не заўважае Мірона. А калі Мірон звярнуўся з аналагічным пытаннем да наступнага прахожага — вынік быў той жа самы. Чалавек паглядзеў на Мірона, як на пустое месца, і пашыбаваў сабе далей.

“Ды што яны, не бачаць мяне, ці што?” — разгублена падумаў Мірон... і раптам ён успомніў апошняе сваё жаданне. Ён пажадаў, каб на яго ніхто не звяртаў увагі... і жаданне гэтае... апошняе ягонае жаданне збылося, як і два папярэднія...

— Што ж я нарабіў! — не прагаварыў нават, а літаральна прастагнаў Мірон, пазіраючы на кветку ў сваёй руцэ (дакладней, на тое, што ад яе засталося).— І выправіць нічога ўжо нельга!

І тут ён убачыў Васіліну. Дзяўчына якраз ішла яму насустрач, і яна здалася раптам Мірону такой прыгожай... куды прыгажэйшай за ўсіх тых прыгажунь, якія зусім нядаўна так палка прапаноўвалі Мірону сваё каханне. І хлопец, забыўшыся аб усім, кінуўся насустрач і пяшчотна ёй усміхнуўся, працягваючы рукі. А Васіліна...

А яна проста прайшла зусім побач з разгубленым Міронам, прайшла, нават не павярнуўшы галавы ў ягоны бок. Прайшла, падышла да лаўкі і, апусціўшыся на яе, стала цярпліва чакаць.

Яна чакала, вядома ж, яго, Мірона... а сам Мірон стаяў непадалёку ад яе, і глядзеў на дзяўчыну, і не ведаў, як яму быць далей.

— Кепска ж ты, Мірон, выкарыстаў свае жаданні,— пачуўся раптам за спіною хлопца такі знаёмы голас. Азірнуўшыся, ён убачыў усё тую ж бабульку-чараўніцу.

— Бабулечка, родненькая! — кінуўся да яе Мірон.— Нічога не прашу, нічога мне больш не трэба! Зрабі толькі, каб Васіліна мяне заўважыла... каб толькі яна звярнула на мяне ўвагу. Хай сварыцца на мяне, хай нават дасць аплявуху... заслужыў! Але каб толькі яна мяне заўважыла!

— Зраблю! — адразу ж згадзілася бабулька.— Вось, трымай!

І ў руцэ ў яе зноў немаведама адкуль з'явілася кветка, на гэты раз чыр-воная ружа са шматлікімі пялёсткамі.

— Не трэба! — аж адхіснуўся ад бабулі Мірон.— Не трэба мне больш кветак гэтых! Хопіць і той, першай!

— Але ж гэта не такая,— сказала бабулька, усміхаючыся.— Дакладней, яна таксама чароўная, але ў іншым сэнсе. Жаданні гэтая кветка не выконвае, так што пялёсткі на ёй абрываць не трэба.

— А што трэба? — спытаўся Мірон, узяўшы ружу.

— А трэба падысці да Васіліны і працягнуць ёй гэтую кветку,— растлумачыла бабулька.— І ўсё ў вас тады будзе добра, выдатна нават...

І бабулька зноў, як і першы раз, знікла, таямніча і незразумела. А Мірон, сціснуўшы ў руцэ кветку, накіраваўся да лаўкі, на якой сядзела Васіліна.

На гэты раз яна адразу ж яго заўважыла. І, усміхнуўшыся, устала з лаўкі і пайшла насустрач Мірону. А потым яны яшчэ нейкі час стаялі зусім побач і маўчалі.

А яшчэ потым Мірон успомніў пра ружу ў сваёй руцэ.

— Гэта табе! — прагаварыў ён нясмела, працягваючы кветку Васіліне.

— Мне? — здзіўлена і адначасова ўзрадавана прагаварыла дзяўчына. Яна ўзяла кветку, паднесла яе да твару.— Як ты здагадаўся, што ружы — самыя любімыя мае кветкі?

— Ды вось, здагадаўся,— прамармытаў Мірон, адчуваючы, што чырванее.— А ты праўда любіш ружы?

— Я люблю ўсе кветкі,— сказала Васіліна і таксама чамусьці пачырванела.— Але ружы больш за ўсё. Як ты ўхітрыўся знайсці такую прыгожую ружу, ды яшчэ ў самым пачатку лета? І чаму, дарэчы, ты ніколі раней не прыносіў мне кветак на спатканне?

— Я буду прыносіць табе кветкі! — з усёй шчырасцю, на якую толькі быў здатны, усклікнуў Мірон.— На кожнае спатканне буду прыносіць. І ружы, і іншыя кветкі таксама.— Ён памаўчаў крыху і дадаў нясмела: — А яшчэ я хачу цябе пацалаваць...

Васіліна нічога на гэта не адказала. Але затое яна неяк загадкава ўсміхнулася і, узняўшыся на дыбачкі, сама пацалавала Мірона ў вусны. А потым узяла хлопца за руку, і яны пайшлі разам кудысьці па вузкай сцяжынцы старога парку.




Беларуская Палічка: http://knihi.com