epub
 
падключыць
слоўнікі

Генадзь Аўласенка

Закаханая

У пярэдняй дзінькнуў званок, і жанчына, маладая і прыгожая, нібыта кіназорка, адразу ж кінулася да дзвярэй, ліхаманкава іх расчыніла.

—Ты!

У паўзмроку лесвічнай пляцоўкі стаяў невысокі прыземісты мужчына ў доўгім скураным паліто і такім жа скураным капелюшы. І капялюш, і паліто былі мокрымі ад дажджу.

— Ты! — паўтарыла жанчына, голас яе задрыжэў ад хвалявання.— Чаму ты не прыходзіў так доўга?!

Не адказваючы, мужчына павольна ўвайшоў у пярэднюю. Сцягнуўшы з сябе мокрае, цяжкае паліто, кінуў яго прама на рукі жанчыны. Потым зняў капялюш, падумаў крыху і, крыва ўсміхнуўшыся, насунуў яго на пышныя, прыгожа ўкладзеныя валасы жанчыны.

— Я не прыходзіў, таму што быў заняты,— сказаў ён нарэшце, ляніва пазіраючы, як жанчына, падобная на кіназорку, чапляе на аленевы рог ягоны мокры капялюш, з якой цяжкасцю вешае яна паліто.— Вельмі заняты. Учора, напрыклад, я начаваў у Жанэты. Ты памятаеш Жанэту?

Жанчына нічога не адказала, але па таму, як здрыгануліся худзенькія яе плечыкі, можна было ўявіць, наколькі непрыемным было для яе гэтае прызнанне.

— А пазаўчора я быў у Марынкі,— з нейкай незразумелай помслівай асалодай працягваў між тым мужчына.— Яе ты не ведаеш, здаецца. Ці ведаеш? — Ён змоўк, нібыта ў чаканні адказу, але тут жа дадаў зусім іншым тонам: — Чаравікі здымі!

Жанчына моўчкі апусцілася на калені і пачала таропка здымаць з ног мужчыны брудныя, мокрыя чаравікі. Акуратна паставіла іх на падстаўку.

— Пантофлі! — усё тым жа кіраўнічым тонам прагаварыў мужчына.— Зноў няма?!

Жанчына бездапаможна азірнулася па баках.

— Ну! Дзе пантофлі?

— Вазьмі мае,— знайшлася жанчына, здымаючы пантофлі.— Яны вялікія.

— Вялікія!

Нетаропка засунуўшы ногі ў мяккія цёплыя пантофлі, мужчына, усё гэтак жа нетаропка, рушыў у глыб кватэры, па ўсім бачна, добра яму знаёмай. Жанчына ішла следам і, здавалася, не зводзіла з яго свайго пяшчотна-ўсхваляванага позірку.

Гэта было тым больш дзіўна і незразумела, што ніякай асаблівай прывабнасцю мужчына не вылучаўся. Больш таго, быў ён нейкім вельмі ўжо непрыгожым, з шырокім плоскім тварам, з рэдкімі цьмянымі валасамі, праз якія яскрава прасвечвалася ранняя лысіна. Маленькія сонныя вочкі і доўгі тонкі нос мужчыны таксама ніякім чынам яго не ўпрыгожвалі.

— Ты галодны? — спытала жанчына, спыняючыся насупраць кухні, але мужчына, адмоўна крутануўшы галавой, адразу ж павярнуў у бок спальні, і яна, уздыхнуўшы, паслухмяна рушыла следам. Увайшоўшы ў спальню, жанчына спынілася. Мужчына ўжо распранаўся, цяжка сапучы і раскідваючы адзенне па падлозе.

— Ну! — буркнуў ён, не азіраючыся.— Чаго ты чакаеш?!

Жанчына не варухнулася, і тады мужчына павярнуўся ў яе бок.

— Не зразумеў! — сказаў ён здзіўлена.— Што з табой сёння?

— Адпусці мяне! — ледзь чутна прагаварыла жанчына.— Адпусці мяне, калі ласка!

— Што? — Мужчына паціснуў плячыма.— Аб чым ты?

— Ты ведаеш, аб чым!

Мужчына нічога не адказаў. Ён толькі зноў паціснуў плячыма.

— Ты ўжо спаўна разлічыўся са мной за ўсё! За тое, што я...— Жанчына змоўкла на імгненне.— Ты спаўна разлічыўся са мной за ўсё!

— Спаўна?! — Нейкая нядобрая ўсмешка перакасіла раптам вузкія вусны мужчыны.— За тыя два гады, поўныя прыніжэння і пагарды?! За ўвесь той час, калі ты смяялася мне прама ў твар, смяялася над маёй знешнасцю, над кожным маіх рухам альбо словам... над маім каханнем да цябе! І ты лічыш, што мы ўжо ў разліку?! Ну не!

Мужчына раптам змоўк, кінуў хуткі позірк у бок жанчыны і зноў крыва ўсміхнуўся.

— А ў рэшце рэшт, я не разумею, аб чым ты,— ляніва дадаў ён, працягваючы распранацца.— Можа, святло патушыць?

— Ды ўсё ты разумееш! — закрычала раптам жанчына, падбягаючы да ложка.— Усё разумееш! Што здарылася на той вечарынцы ў цябе, што я выпіла такога?! Што ты мне падсыпаў тады?! Чаму я так змянілася, чаму стала такой?! І колькі ў цябе яшчэ такіх, як я?!

Жанчына змоўкла і, паваліўшыся на ложак тварам уніз, заплакала горка і безнадзейна. Яна плакала, а мужчына стаяў побач з ложкам і моўчкі гля-дзеў на яе. Потым ён падышоў бліжэй і сеў побач. Асцярожна правёў рукой па аголеным плячы жанчыны.

— Ну, не трэба, не трэба! — сказаў ён амаль пяшчотна.— Табе што, кепска са мной? Калі кепска, ты так і скажы!

— Адпусці мяне! — праз слёзы прашаптала жанчына, не ўзнімаючы галавы.— Я цябе вельмі прашу!

— Ты хочаш, каб я больш да цябе не прыходзіў? — тон мужчыны быў нейкі ўпэўнена-насмешлівы.— Ты гэтага хочаш? Чаму ж тады ты кожны дзень мне тэлефануеш, моліш аб сустрэчах, клянешся ў вечным каханні? Як гэта разумець?

— Адпусці мяне! — зноў прашаптала жанчына і, павярнуўшы галаву, паглядзела на мужчыну вачыма, поўнымі слёз.— Зрабі, каб усё стала, як раней!

— Як раней?!

Мужчына раптам весела зарагатаў:

— Ну ты і жартаўніца! Як раней...— Ён змоўк, уважліва паглядзеў на заплаканы і ўсё ж такі прыгожы нават зараз жаночы твар.— А з чаго ты ўзяла, што я магу гэта зрабіць? А калі б і мог... Ты лічыш, што раней мне было лепш?

Жанчына нічога не адказала, і тады мужчына дадаў, наперад ведаючы, які будзе адказ:

— Я магу не прыходзіць больш, калі табе гэта непрыемна.

Мужчына змоўк, адчуваючы, як уздрыгнула, напружылася раптам цела жанчыны, як сціснуліся сударгава маленькія яе кулачкі.

— Я магу пайсці нават зараз,— дадаў ён, уздымаючыся з ложка.— Калі ты гэтага так жадаеш!

— О не!

Імгненна ўскінуўшыся ў ложку, жанчына моцна абхапіла шыю мужчыны гарачымі рукамі, прыпала дрыготкімі вуснамі да яго вуснаў.

— Не слухай мяне! — усхвалявана шаптала жанчына, пакрываючы бясконцымі пацалункамі твар, шыю, плечы мужчыны.— Не слухай мяне, дурніцу! Я не змагу жыць, я памру, калі ты мяне кінеш! Я так кахаю цябе!

— Тады распранайся! — Мужчына задаволена ўсміхнуўся і, адхіліўшы жанчыну, палез, сапучы, пад коўдру.— І святло выключы. Не зараз, потым...

Праз нейкія паўгадзіны ён ужо спаў і моцна хроп у сне, час ад часу пачынаючы раптам мармытаць нешта неразборлівае. Жанчына ляжала побач і моўчкі глядзела ў цемру сухімі, шырока расплюшчанымі вачыма. Аб чым яна думала зараз — ведала толькі яна сама.


2010?

Тэкст падаецца паводле выдання: Самая чароўная кветка : аповесці, апавяданні / уклад. Алесь Лесавік. — Менск : Маст. літ., 2010. — 318 с. — (Вера. Надзея. Любоў).