epub
 
падключыць
слоўнікі

Генадзь Туровіч

Парад чарцей усіх масьцей

Іпатава Вольга. Альгердава дзіда. Раман. Часопіс «Полымя». 2001. № 9. Наклад 2590 асобнікаў. № 10. Наклад 2699 асобнікаў. ISSN 0130-8068. Кошт ў розьніцу 862+876 рублёў.

 

Агульнавядома, які моцны ўплыў маюць старажытныя вераваньні і ўяўленьні пра сусьвет нават сярод сучасных людзей. Таму не зьдзіўляе, што свой новы раман галоўная беларуская пісьменьніца пачынае з параду чарцей. Зь першых старонак увага чытачоў засяроджваецца на нечысьці ўсіх масьцей. Ва ўсёй сваёй велічы, славе і красе перад вамі праходзяць вадзяныя ды лешыя, хто ў самотнай адзіноце, а хто гурбою на чале зь Перуном, галоўным бажаством беларускага міталягічнага пантэону. Ён зьяўляецца ўжо на старонцы 4. Сьледам за ім шпацыруюць:

Ваўкалакі (стар.4)

Паляндра (яцьвяская багіня сьмерці) (стар.4)

Кадук (стар.5)

Трасяніца (стар.5)

Род і парадзіхі (стар.5)

Касны (стар.5)

Дамавік (стар.7)

Трасца (стар.10)

Паветрыкі (стар.10)

Ліхаманка (стар.13)

Начніцы і мешы, прахі ды паўночнікі (стар.20)

Злыдні (стар.20)

Трохгаловы цмок (стар.20)

Зара-зараніца - сонцава жонка (стар.21)

Грамавік (стар.22)

Лясун (стар.24)

Чорныя вядзьмаркі (стар.24)

Чорт (стар.24)

Лель, Любчык і Ляля (стар.28)

Мара (багіня сьмерці) (стар.30)

Вялес, Сварог (стар.31)

Бай (стар.34)

Мокаш - жытняя баба (стар.34)

Дзедка (стар.34)

Марэна (багіня сьмерці) (стар.42)

Лесавікі (стар.45)

Вешчы воран (стар.47)

Чорная панна (стар.48)

Лада і Лад (стар.76)

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэта ўсё ў нумары 9, але пералік на гэтым не скончыўся. У другім томе (№ 10-2001) праўда паменшыла ўжо імпэту, але тое-сеё аўтарка раману яшчэ здольная ўзгадаць:

Агнявіца (стар.48)

Дажбог (стар.60)

Іван Падвей, Вячорка, Паўночнік і Заравы (стар.75)

Сур'я, бацька Вялеса (стар.78)

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калі ў сп. Іпатавай скончыліся веды па беларускай міталёгіі, яна пачынае пералічваць персанажы з мангольскай - Дзій (стар.80), Хан-Харангуй (стар.89) і гэтак далей... Стаміўся ажно пералічваць усё гэта д'ябальскае адродзьдзе.

Уяўвіце сабе, як сп. пісьменьніца з усіх бакоў абклаўшыся рознымі кніжкамі па беларускай міталёгіі вышуквала самых невядомых, самых таямнічых прадстаўнікоў іншага сьвету, каб задаволіць сябе і пацешыць дасьведчаных людзей сваімі ведамі. Ці атрымалася гэта ў яе, ці дасягнула яна пастаўленай мэты, ня ўпэўнены. Толькі вось якое дачыненьне маюць уся гэта нечысьць да тэмы раману? Здаецца сп. Іпатава вырашыла перахапіць пальму першынства ў пажарных з вядомага анекдоту пра тое, як тыя выконвалі ролю масоўкі ў адным сьпектаклі, ды па прастаце сваёй і заявілі ў залю: «Ну што казаць, калі казаць няма пра што». Гэтаксама і Вольга Іпатава. Калі няма чаго сказаць пра галоўнае, тады ўвагу пераключаюць на нязначныя дэталі. Трэба пагадзіцца, ёй удалося вывесьці на бачыны свайго раману большасьць персанажаў беларускай міталёгіі. Самую маласьць не дацягнула сп. Іпатава да знакамітых навукоўцаў У.Васілевіча і Ў.Коваля. Аднак вельмі падрабязнае пералічэньне ўсякай нечысьці далёка не самае кепскае ў рамане Вольгі Іпатавай. Магчыма, нехта будзе карыстацца ім у якасьці дапаможніка пры вывучэньні беларускай міталёгіі. Гэта трэба залічыць у безумоўныя плюсы раману. Таксама будзем лічыць, што пісьменьніца такім чынам кампесуе адсутнасьць прадстаўнікоў беларускіх мітаў сярод герояў «Міталягічнага слоўніка», выдадзенага ў Маскве ў 1990 годзе. Дзе на амаль 700 старонках здаравеннай па аб'ёме кніжкі пра самастойную беларускую міталёгію ніякім чынам не ўзгадваецца. Знайсьці на ягоных старонках каго-небудзь з усіх гэтых Зюзяў ці хоць бы Хінцю якую не выпадае.

Колькі словаў пра галоўных герояў.

Вялікі князь Альгерд у выкананьні В.Іпапавай дужа ўжо падобны на літаратурнага Пятра А.Талстоя. Аб'ядноўвае абодвух тое самае жаданьне паспрабаваць усё на ўласныя рукі. Першы бегаў за цесьляра, Альгерд таксама не саромеецца стаць за мяхі ў кузьні. Але Талстой пісаў свайго Пятра на замову сп. Джугашвілі. Здаецца сп. Іпатава піша для душы, (бо вельмі ўжо сумнеўна, каб наш самы галоўны прачытаў гэтую бздуру, дый яшчэ крый Божа, захапіўся ёю), але пісьменьніца карыстаецца тымі самымі прымітыўнымі схемамі. Гэта ня робіць гонару ані ёй, ані беларускай літаратуры. З другога боку зразумела чаму менавіта гэты твор узяты за прыклад. Бо пачытаць такія культавыя рэчы, як раман «Д'ябал» Альфрэда Нэймана пра Людовіка XI, «Рыцара залатога вееру» Крыстафера Міколя ці хоць бы «Гайнрыха IV» Г.Мана ў юнацтве, напэўна, сп.Іпатавай не выпадала. Бо не вывучалі іх па школьнай праграме, а зьверх праграмы цяжка было нешта знайсьці, ды і мовы трэ было ведаць.

Другая галоўная гераіня - Лозка, дачка каваля Вольжыча. Добрая дзяўчынка. Але занадта вельмі ўжо спрытная. Вось бы майму брату такую малжонку! Пакуль яе бацька вёў размову ў кузьні з сынам вялікага князя Гедзіміна, «дзяўчынка кінуліся да выхаду - мільганулі чорныя ад сажы пяты, матлянулася каса.

Калі паляўнічыя падыйшлі да хаты, праз шырока расчыненыя дзьверы, убачыўся стол на покуце - на жоўтай яго паверхні стаялі гладышы, драўляныя тарэлы зь печывам (калі пасьпела цеста прыгатаваць, і сьпекчы? - Leod), а каля печы лётала(!) Лозка.

- Падай княжычу гарачага адвару ды мёду туды налі! - загадаў ёй бацька.» (стар.7)

Праз колькі сказаў, наступным чынам малюе пісьменьніца сваю галоўную гераіню: « Дзядзька Нячай ... чэпкім позіркам абмацваў усё навокал: і чыста выскабленаю падлогу, і печ з чырвонаю стужкаю вакол коміна, і бажніцу... Княжыч жа са зьдзіўленьнем глядзеў на дзяўчынку, якая пасьпела пераапрануцца ў сьвяточную, з вышыўкай кашулю, адмыць твар ад сажы і цяпер, ад хваляваньня расчырванеўшыся, ставіла на стол едзіва - яе рухі былі такія спрытныя і хуткія, што здавалася, нібыта нехта - ці той жа спрыяльны да каваля Дамавік? - носіць маладую гаспадыню па хаце. Слугі ў параўнаньні зь ёю падаліся цяпер марудлівымі, як асеньнія (здаецца, патрэбна - восеньскія - Leod) мухі.» (стар.8) Вось такую цудоўнаю дзяўчынку выгадаваў каваль Вольжыч. Зусім як у вядомай фразе: «коня на ходу остановит, в горящую избу войдёт». Здаецца, пакуль сп. Іпатава толькі аднойчы дазволіла сабе пракалоцца - твар у дзяўчынкі адмыла ад сажы, а пра пяты забылася. Але гэта вельмі важна, каб пяты былі памытымі, а разам княжыч (згодна законаў жанру) кіне вока на Лозку ды пажадае правесьці зь ёю доўгую ночку? Але праз колькі старонак сп. Іпатава мабыць спахапілася-здагалася пра магчымую любоўную ўцеху, таму хуценька паправіла ўласную памылку: «Альгерд слухаў тыя аповеды, але вочы яго касілі ў той бок, дзе, усеўшыся на ганку, чысьціла рэдзьку і наразала яе на жоўта-белыя, амаль празрыстыя скрылі Лозка, схаваўшы свае, відаць ужо адмытыя ад сажы пяты ў лапці» (стар.22) Заўважце, Лозка ні хвіліны бяз працы. Нават слухаючы бацькоўскія байкі.

Але Лозка, выдатная майстрыха ня толькі ў хатняй гаспадарцы. Тым самым днём: «Лозка, якая пасьпела надзець старую кашулю, дагнала іх каля будана, лёгка сьлізганула сьледам, хутка распаліла вугольле, ужо задымленае і згаслае, падала княжычу зрэбны мех зь дзіркамі замест рукавоў, шырокі скураны пас, а таксама палатняную повязь, каб не захілялі твар валасы.

- Дык што табе каваць? Баявую сякеру з наканечнікам, нож ці дзіду?» (стар.14) (Спадзяюся Вы зразумелі, што Альгерд выбраў апошняе, інакш назва ў рамана была б іншая.)

«Дзяўчынка падыйшла да кавадла, а Вольжыч усеўся каля дзьвух вялікіх скураных мяхоў з драўлянай адтулінай-сьвістулькай на канцы аднаго зь іх.

- Я пабуду ў падручных, а пасьля і сам папрацую, - растлумачыў ён. Дыханьне мяхоў, шумнае, глыбокае, хутка разьдзімала агніска, а Лозка схапіла абцугамі чорны-шэры кавалак астылага жалеза і кінула яго на вугольле.» (тамсама) «... Узорысты, як ліст алешыны, плаўна пераходзячы з круглага ў тонкае вастрыё, чырвоны наканечнік дзіды ляжаў перад княжычам.

- Ну як, княжыч? Як мая Сьпешка-Спарышка робіць?» (стар.16)

Што і казаць добры каваль атрымаўся з Лозкі, тым больш, што крыху далей пісьменьніца больш падрабязна апавядае пра яе фізічныя дадзеныя: «І таму ён (Альгерд - Leod), не даючы сабе разьняволіцца, схапіў яе (Лозку - Leod) за руку - худую, тонкую, падобную да заячае лапкі». (стар.36) Мабыць вось гэтай «заячай лапкай» яна і выкавала Альгерду знакамітую дзіду, якой ён будзе карыстацца ў самыя значныя моманты свайго жыцьця, а менавіта спачатку выратуе бацьку - Гедзіміну - жыцьцё, дый сам абароніцца зь яе дапамогай ад найміта-забойцы. Трэцьцім разам знакамітая дзіда згуляе вырашальную ролю ў двубоі паміж Альгердам і Яўнутам, чацьвертым - дапаможа перамагчы татарскага хана Кутлубея, апошнім разам датыкнуўся Альгерд сваёй чароўнай дзідай сьценаў Масквы.

А зараз, вельмішаноўныя, прашу прысядзьце, а то зьнянацку яшчэ бухнецеся проста на падлогу, бо сп. Іпатава на старонцы 72 свайго раману зрабіла сенсацыйнае адкрыцьцё, якое зробіць «гонар» не толькі ёй, але і ўсёй Беларусі найперш у вачох немцаў. (Былі ўжо такія прыклады, калі кніжкі сп. Іпатавай выходзілі адразу на дзьвух мовах: па-беларуску і па-нямецку.) Дык вось, нямецкія чытачы, напэўна, будуць вельмі ўражаны гэтым адкрыцьцём і, магчыма, выйдуць з прапановай намінаваць галоўную беларускую пісьменьніцу на званьне «ганаровая грамадзянка гораду Кёльну». Болей ня буду таміць чытача. Чытайце, зайздросьце, піша старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: «Ён (Альгерд - Leod) падыйшоў, моўчкі абняў жонку (Марыя Віцебская - Leod) і прытуліў да сябе. Ад яе пахла коленскай (еаu de cologne? - Leod) вадой.» Дзеяньне другой часткі раману адбываецца ў Віцебску ўзору 1341 году, а згодна сьцьверджаньня аўтараў 1-га тому Беларускай Энцыкляпэдыі (стар. 144) парфумны сьпіртаводны раствор пахучых рэчываў - літаральна ў перакладзе з францускай - кёльнская вада - упершыню быў састаўлены ў 1720-я гады! Па іншых крыніцах знакаміты трайны адэкалён быў створаны ў 1694 годзе. Як тут не ўзгадаць бессьмяротнага героя сп. Гогаля, які сам таго не разумеючы (па надзвычайнай прастаце сваёй) пажадаў зьдзівіць насельнікаў правінцыйнага расейскага гарадку «супом в кастрюльке, который приехал прямо из Парижа; откроют крышку - пар, которому подобного нельзя отыскать в природе». Такім чынам, і жыхары Кёльну, ды наогул немцы з падачы сп.Іпатавай могуць ганарыцца: тэрмін стварэньня калёнскай вады ўзрос амаль на чатырыста год, а жыхары Віцебску і беларусы, што - Марыя Віцебская была адной з заканадаўцаў моды старога сьвету. Шкада, што так запозна сп. Іпатава ўзяла ў рукі пяро, толькі на пачатку 3 тысячагодзьдзя! Калі б крыху раней, магчыма, нехта і пагадзіўся б?

На фоне гэтага адкрыцьця неяк блякнуць усе астатнія «перлы» Вольгі Іпатавай. Такія, напрыклад, што Альгерд і Кейстут марылі будаваць у Вільні палацы - і гэта ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя, калі яшчэ толькі-толькі дабудавалі замак Гедзіміна са славутай вежай. Яны мараць пра палацы, калі крыжакі аж да 1402 году працягвалі напады на сталіцу ВКЛ. Дзіўныя ў нас князі былі згодна Вольгі Іпатавай. Не палацы, а гарадзскія сьцены ды абарончыя вежы трэба было будаваць! Ці сп. Іпатава ня бачыць розьніцы паміж замкам і палацам? Калі нязгодныя, дык цікава паслухаць колькі ў Вільні палацаў было паводле назіраньняў сп.Іпатавай за тым часам?

Па ходу рамана (хоць кніжка і невялікая па памеру) пісьменьніца забываецца пра што пісала раней, напрыклад, на стар.57 (№ 10-2001) сьцьвярджаецца, што незнаёмы мужчына з Нямеччыны паходзіць з крывічоў, а ўжо на стар. 71 састарэлы Альгерд разважае: «А ці сапраўды шчырым быў гэты радзіміч?» Зразумела, гэты ляпсус магчыма сьпісаць на старасьць Альгерда, але калі ж ягоны прах пакрыўдзіцца? Што будзе тады? Лепей не браць грэх на душу, лепш выправіць пісьменьніцы сваю памылку.

Гэтаксама не разабралася сп. Іпатава з такімі катэгорыямі насельніцтва ВКЛ як «сьмерды» і «зямяне». Здаецца, згодна меркаваньняў дасьведчаных людзей, гэта зусім розныя катэгорыі, якія стаялі на розных ступенях сацыяльнай лесьвіцы ВКЛ, хоць і мелі таксама пэўныя правы. «Зямяне», згодна У.М.Вяроўкіна-Шэлюты (глядзі БЭ ў 18т., т.7, стар.133) - «катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва, частка феадальнага саслоўя», а «сьмерды», згодна А.Грыцкевіча (ЭГБ ў 6 т., т.6, стар.367) - «назва сельскага насельніцтва, так называлі свабодных абшчыньнікаў». Каго мела на ўвазе сп. Іпатава здагадайцеся самі: «Дзядзька Нячай ужо шапнуў слузе Лотышу, і той валок з суседняе хаты спалоханнага зямяніна ў каравай кашулі да каленяў, падпаясанных вяроўкай у драных портках...

Сьмерд затросся нібыта яго схапіла за каршэнь сама Трасяніца.» (№ 9-2001, стар.5)

З аднаго боку вельмі добра, што пісьменьнікі раз-пораз забягаюць наперад гісторыкаў. Гэтым яны падштурхваюць іх на стварэньне добрай манаграфічнай літаратуры. А з другога - вельмі кепска, што пісьменьнікі хапаюцца за тэмы, якія амаль што зусім не распрацаваныя гісторыкамі. З-за гэтага папросту немагчыма зьяўленьне добрай мастацкай літаратуры. Бо добрая мастацкая проза заўсёды павінна грунтавацца на выбітных навуковых дасьледваньнях. Так, напрыклад, зьяўленьне шэдэўра сусьветнай літаратуры «Жазэф Фушэ» Штэфана Цвайга было б немагчымым бяз манумэнтальнай манаграфіі Луі Мадлэна. І аўтар, класік сусьветнай літаратуры, зусім не робіць спробаў схаваць гэты факт. У нас усё наадварот, пісьменьнікі бягуць наперадзе паравоза. Дый здаецца гісторыкі заслугоўваюць зьедлівых шпілек, бо, за рэдкім выняткам (Г.Сагановіч), і зусім не сьпяшаюцца напісаць нешта цікавае пра беларускіх уладароў. Адсутнасьць фундаментальных працаў па беларускай гісторыі спараджае зьяўленьне такіх недасканалых твораў, да якіх у поўнай меры трэба аднесьці і новы раман Вольгі Іпатавай. Як на мой суб'ектыўны погляд, беларускім гісторыкам, публіцыстам і пісьменьнікам патрэбна зрабіць тое самае, што Максім Горкі зрабіў на пачатку ХХ стагодзьдзя ў Расеі: было створана адмысловае выдавецтва, мэтай якога было выданьне сэрыі ЖЗЛ. М.Горкі накіраваў кожнаму колькі-небудзь вядомаму аўтару прапанову абраць сабе некалькі герояў з сусьветнай літаратуры і напісаць у займальнай форме ягоны жыцьцяпіс. Вось так бы і нам, было ў нас дванаццаць каралёў Рэчы Паспалітай - калі ласка, сп. Г.Сагановіч, А.Грыцкевіч і В.Грыцкевіч, А.Рогалеў, І.Саверчанка, У.Бутрамееў, В.Іпатава, Г.Далідовіч, А.Федарэнка, А.Пашкевіч, Шышыгіна-Патоцкая, В.Коўтун, І.Масьляніцына і М.Багадзяж, У.Арлоў, В.Чаропка, Д.Жукоўскі, І.Шамякін і г.д. вызначыцеся праміж сябе хто пра каго напіша, і, калі ласка, праз год-паўтара здайце рука(машына)пісы біяграфій гэтых асоб ў выдавецтва. Далей, было ў гісторыі ВКЛ 22 канцлера - зробім іхнія біяграфіі, тое самае пра вялікіх гетманаў, тое ж пра вялікіх князеў літоўскіх, каралеўскіх малжонак, тое самае пра ўсе найбольш значныя войны, якія вяло ВКЛ, тое самае пра ўсе саюзы (вуніі), якое заключала ВКЛ, зразумела, пытаньням Крэўскай і Люблінскай вуніі асобныя манаграфіі. Неабавязкова ўсё рабіць наноў, іншым разам дастаткова перакладаў, бо багата чаго зроблена палякамі, расейцамі і беларусамі, але па-польску. Напрыклад, Казімір Кагнавіцкі ў свой час стварыў ажно 6 (шэсьць) біяграфій найбольш слынных асобаў роду Сапегаў. Цікава было пабачыць на сваіх паліцах поўны збор твораў Мітрафана Доўнар-Запольскага і г.д. Тэрміновага перакладу на сучасную беларускую патрабуюць шматтомныя архівы дому Радзівілаў і дому Сапегаў, абавязковае перавыданьне Метрыкі ВКЛ, найперш той яе часткі, якая датычыць сучаснай тэрыторыі Беларусі. Пасьля стварэньня гэткага мінімуму, спадзяюся, што скарбаў у беларускай літаратуры стане значна болей.

 

25.12.2001


25.12.2001

Тэкст падаецца паводле выдання: «Полымя». 2001. № 9.
Крыніца: скан