epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13


1

 

Тае раніцы Фэмель першы раз быў з ёй няветлівы, амаль што грубы. Ён пазваніў ёй каля паловы дванаццатай, і ўжо сам голас яго абяцаў нешта нядобрае; гэты тон быў ёй нязвыклы і рабіў моцнае ўражанне якраз таму, што словы былі такія самыя карэктныя, як і раней; у голасе Фэмеля ўся ветлівасць была зведзена да сухой формулы - быццам ён прапаноўваў ёй не ваду, а Н2О.

- Калі ласка, - сказаў ён, - пашукайце, там у Вас у шуфлядзе ляжыць чырвоная картка - тая, што я Вам даваў чатыры гады назад.

Яна выцягнула праваю рукой тую шуфляду, адсунула ўбок плітку шакаладу, ваўняную анучку, бутэлечку з вадкасцю для чысткі металу і ўзяла ў рукі чырвоную картку.

- Калі ласка, прачытайце, што там напісана.

І яна прачытала дрыготкім голасам: «Гэты нумар дазваляецца паведаміць маёй маці, бацьку, дачцэ, сыну і пану Шрэле. Болей нікому».

- Калі ласка, паўтарыце апошнія два словы. Яна паўтарыла: «Болей нікому».

- Дарэчы, адкуль Вам было вядома, што гэта нумар тэлефона гатэля «Прынц Генрых»?

Яна не адказвала.

- Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што Вы павінны выконваць мае ўказанні, нават калі я даваў іх чатыры гады назад.

Яна не адказвала.

- Проста няведама што...

«Хіба ён гэтым разам забыў дадаць сваё «калі ласка»?»

Ёй пачулася, быццам недзе далёка нехта гаворыць, потым да вушэй даляцеў голас, які клікаў: «Таксі! Таксі!»; потым - кароткія гудкі. Яна паклала трубку, пасунула чырвоную картку на сярэдзіну стала, адчуваючы нібы нейкую палёгку. Тая няветлівасць, з якою яна сутыкнулася ўпершыню за апошнія чатыры гады, падалася ёй мала што не пяшчотаю.

Калі яе што-небудзь выбівала з раўнавагі або моцна надакучваў дакладна распісаны парадак працы, яна выходзіла за дзверы, каб пашараваць масянжовую шыльдачку: «Д-р Роберт Фэмель. Бюро статычных разлікаў. Працуе да абеду». Паравозны дым, вільготны смог аўтамабільных газаў, вулічны пыл - усё гэта штодня давала ёй падставу даставаць са стала ваўняную анучку і металамыйны сродак; і яна любіла расцягваць гэтую працу на пятнаццаць - дваццаць хвілін, a то і на паўгадзіны. Праз запыленыя шыбы дома на другім баку - Модэстгасэ, 8 - яна бачыла вялікія і шумныя друкарскія машыны, якія нястомна друкавалі на белай паперы дакументы для будоўляў; яна адчувала роўны ляскат, і часам ёй здавалася, што яна - на борце карабля, які плыве ў моры альбо яшчэ толькі збіраецца адплысці. Грузавікі, практыканты, манашкі; вулічны pyx; y скрынях крамаў гародніны - апельсіны, памідоры, капуста. А побач, перад Грэцавай лаўкай, якраз падвешваюць вялізнага дзіка; цёмная кроў яго кропля за кропляй сцякала на асфальт. Ёй былі даспадобы гоман і бруд гэтай вуліцы. Нязгода і ўпартасць заварушыліся ў яе свядомасці, яна падумала пра магчымасць звальнення... пайсці працаваць у якой-небудзь бруднаватай крамцы, дзе ўваход з двара, дзе прадаюць электракабель, прыправы да супоў або цыбулю, дзе неахайныя гаспадары з абвіслымі шлейкамі і з галовамі, запоўненымі штораз новымі турботамі, маюць схільнасць да заляцанняў, ад якіх, прынамсі, можна адбівацца; дзе трэба змагацца за гадзіну ў прыёмнай зубнога ўрача; дзе збіраюцца грошы на заручыны каляжанкі, на адпяванне нябожчыка ў сваёй кватэры або на кніжку пра каханне; дзе брудныя жарты калегаў нагадваюць табе пра тваю цноту. Жыццё. Абы не гэты бездакорны парадак, не гэты шэф, бездакорна апрануты і бездакорна ветлівы, - з якім пачуваеш сябе несамавіта; яна нюхам ветрыла за гэтай ветлівасцю пагарду, якую ён даваў адчуць кожнаму, з кім меў дачыненне. Але ж з кім, апроч яе, ён увогуле мог мець дачыненне? Колькі яна памятала, ён ніколі ні з кім не размаўляў, акрамя як са сваім бацькам, сынам і дачкой. Яна ні разу не бачыла яго маці, што дажывала свой век недзе ў санаторыі для псіхічнахворых; ну а той пан Шрэла, пра якога таксама згадвалася на чырвонай картцы, ніколі пра Фэмеля не пытаўся. Шэф не прызначаў прыёмных гадзін, а кліентаў, якія хацелі гаварыць з ім па тэлефоне, яна мусіла прасіць звяртацца да яго ў пісьмовай форме.

Злавіўшы яе на якой-небудзь памылцы, ён заўсёды толькі даравальна махаў рукой, гаворачы: «Нічога, нічога. Перарабіце гэта, калі ласка». Такое здаралася нячаста, бо свае нешматлікія памылкі яна звычайна заўважала сама. Дадаваць сваё «калі ласка» ён, аднак, не забываў ніколі. Калі ёй было трэба, ён адпускаў яе з працы на некалькі гадзін або нават дзён; калі памерла яе маці, ён сказаў: «Зачынім бюро на чатыры дні... а можа, Вы б хацелі на тыдзень?» Але ёй не трэба было вольнага тыдня, нават тых чатырох дзён: хапіла і трох, дый тыя тры дні здаліся ёй у апусцелай кватэры вечнасцю. На жалобную імшу і на хаўтуры Фэмель, вядома ж, з'явіўся ў бездакорна чорным гарнітуры; прыйшлі таксама яго бацька, сын і дачка з велізарнымі вянкамі, якія яны сваімі рукамі ўсклалі на магілу; потым усе слухалі набажэнства, а стары Фэмель, шэфаў бацька, які ёй падабаўся, шапнуў ёй на вуха: «Мы, Фэмелі, ведаем, што такое смерць, мы, дарагое дзіцятка, з ёй запанібрата».

 

Фэмель ніколі не казаў нічога супраць яе і ішоў насустрач ва ўсім, пра што б яна ў яго ні прасіла; таму з цягам часу ёй станавілася ўсё цяжэй прасіць у яго якіх-небудзь ільготаў; ён паступова скарочваў яе працоўны дзень: першы год яна працавала яшчэ з васьмі да шаснаццаці, але ўжо два гады прайшло з тае пары, як яе чыннасці былі арганізаваныя так рацыянальна, што яна добра паспявала зрабіць усё з васьмі да трынаццаці, і ў яе было яшчэ досыць часу на тое, каб панудзьгаваць і аддаваць цэлыя паўгадзіны на чыстку масянжовай шыльдачкі. На ёй немагчыма было ўжо згледзець ніводнай, нават самай маленькай плямкі! ...Уздыхнуўшы, яна закруціла корак на бутэлечцы, акуратна згарнула анучку; па-ранейшаму грукаталі друкарскія машыны, бязлітасна друкуючы на белай паперы дакументацыю; па-ранейшаму цякла на асфальт кроў з дзіка. Практыканты, грузавікі, манашкі, вулічны рух.

 

Чырвоная картка ляжала на пісьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: «Болей нікому». Нумар тэлефона, які яна ў гадзіны нуды, саромеючыся свае дапытлівасці, пасля напружаных пошукаў здолела высветліць: гатэль «Прынц Генрых». Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цікаўнасць: што ён рабіў кожнае раніцы паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю ў гатэлі «Прынц Генрых»? Халодны голас у трубцы: «Няведама што...» Ці ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго «калі ласка»? Toе парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабілася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць і аўтамат.

Лісты паводле двух узораў, якія за чатыры гады не змяніліся ані трохі - іх яна была знайшла яшчэ ў паперах сваёй папярэдніцы.

Першы ўзор - да кліентаў-заказчыкаў: «Шчыра дзякуем за выказаны нам давер. Будзем прыкладаць усе намаганні, каб адказаць на яго своечасовым і дакладным выкананнем Вашага даручэння. З глыбокай павагай...» Другі ўзор, паводле якога яна павінна была пісаць лісты, дасылаючы кліентам гатовыя статычныя разлікі: «Гэтым дасылаем Вам неабходную дакументацыю да будоўлі X. Ганарар у суме Y просім пералічыць на наш рахунак у банку. З глыбокай павагай...» Зразумела, яна павінна была падстаўляць замест X: «дом для выдаўца на ўскраіне лесу», «дом для настаўніка на беразе ракі», «чыгуначны віядук над Голлебэнштрасэ». Замест Y яна ўпісвала суму ганарара, якую яна сама вылічвала з дапамогай простага ключа.

Апроч гэтага, была яшчэ перапіска з трыма Фэмелевымі супрацоўнікамі: Кандэрсам, Шрытам і Гохбрэтам. Яна была абавязана надсылаць ім даручэнні па чарзе, у парадку іх паступлення. Як сказаў Фэмель, «гэтак справядлівасць будзе дзейнічаць аўтаматычна, і лёс можа заўсёды быць на баку кожнага». Калі прыходзіла гатовая дакументацыя, яе трэба было перасылаць на праверку Шрыту, Гохбрэтавы - Кандэрсу, Шрытавы - Гохбрэту. Да абавязкаў належала таксама весці картатэку, запісваць у кнігу рахункі, рабіць фотакопіі рысункаў і фотакопіі кожнага праекта ў прыватны архіў Фэмеля, памерам з двайную паштоўку. Найбольш працы было, аднак, з наклейваннем марак на канверты: раз за разам яна праводзіла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па вільготнай губцы, старанна наклейвала марку на правым верхнім рагу жоўтага канверта; трохі ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз-пораз трапляліся карычневыя, фіялетавыя або жоўтыя «хойсы».

Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзіну; ён ставіў свой подпіс пад шматлікімі «з глыбокай павагай...», пад ганарарнымі рахункамі. Калі ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзіну, Фэмель іх не прымаў. На гэты выпадак у бюро меліся адбітыя на гектографе карткі з тэкстам: «У сувязі з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовіцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпіс Ф.».

Ніводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь іншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або піў; у яго ніколі не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш інтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел і недапалак на дне папяльнічкі давалі ёй пэўную ўцеху: прынамсі, гэта былі нейкія адкіды; яны даводзілі, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пісьмовыя сталы іх нагадвалі камандзірскія масткі, абліччы якіх будзілі сполах; але нават гэтыя вялікія людзі калі-нікалі выпівалі кубак гарбаты або філіжанку кавы ці з'ядалі які бутэрброд; яе моцна ўражвала, калі яна бачыла, што гэткія магутныя людзі ядуць або п'юць: на стале заставаліся хлебныя крошкі, каўбасныя шкуркі ці рэшткі тлушчу ад з'едзенай вяндліны; гэтыя вялікія людзі мусілі мыць рукі, выцягваць з кішэняў насоўкі. Штосьці дэмакратычна-прымірэнчае выглядала з-пад гранітных ілбоў тых, што камандавалі цэлымі арміямі; яны выціралі сабе губы, што былі часткай тых абліччаў, якія калі-небудзь, адлітыя ў бронзе і ўстаноўленыя на п'едэсталах, будуць сведчыць пра іх веліч перад будучымі пакаленнямі. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, ніколі не даваў падстаў заўважыць, што ён толькі што паснедаў; ён ніводнага разу не быў ні занадта нервовы, ні занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такіх людзей; яго подпіс, нават калі ён саракавы раз ставіў яго пад словамі «з глыбокай павагай...», быў аднолькава чытэльны і акуратны. Фэмель курыў, падпісваў паперы, вельмі рэдка зазіраючы ў планы праектаў, і дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў «ну, да заўтрага» і выходзіў. Паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю яго можна было знайсці ў гатэлі «Прынц Генрых», з адзінаццаці да дванаццаці - у Цонавай кавярні, інфармацыя тычылася толькі яго «маткі, бацькі, дачкі, сына і пана Шрэлы»; пасля дванаццаці ён выходзіў на шпацыр, а першай гадзіне ён прыходзіў у рэстаран «Пад ільвом» - каб папалуднаваць разам з дачкой.

Яна не ведала, як ён праводзіў увесь астатні час пасля абеду і ўвечары; ёй было вядома толькі, што кожнае раніцы a сёмай ён ходзіць слухаць імшу, ад паловы восьмай да васьмі сядзіць з дачкой, з васьмі да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вуліцу, узіраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўляліся кветкі, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасці ў яго чырванеў рубчык на пераноссі; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын-прыбіральшчыц, яны збіралі парожнія пляшкі з-пад віна і выстаўлялі іх у калідоры - для гандляра старызнаю; бутэлек тых збіралася ўсё болей; спачатку іх ставілі ў радкі па пяць, потым - па дзесяць штук, бо даўжыні калідора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнік, вяршыні якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цікаўнасці, пералічыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня - больш як адна штодня.

Ад Фэмеля ніколі не пахла алкаголем, рукі ў яго ані не дрыжалі. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабіўся нерэальны... Ці яна сапраўды яго бачыла альбо ён існаваў толькі ў яе снах? Яна ніколі на свае вочы не бачыла ні Шрыта, ні Гохбрэта, ні Кандэрса; усе яны жылі паасобку, далёка адзін ад аднаго, у невялікіх каморках. За ўвесь час толькі два разы здарылася, што адзін з іх знайшоў памылку ў другога: калі Шрыт няправільна разлічыў падмурак гарадскога басейна і Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмі ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасіў яе вызначыць, якія лічбы - з пазначаных на палях чырвоным алоўкам - былі напісаныя Шрытавай рукой, а якія - Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядоміла, што Фэмель - таксама добры спецыяліст у гэтай галіне: паўгадзіны ён праседзеў за сталом з лагарыфмічнай лінейкай і навостранымі алоўкамі, а пасля сказаў: «Гохбрэт мае рацыю, басейн абваліўся б самае позняе праз тры месяцы». І - ні словам не папракнуў Шрыта, ні словам не пахваліў Гохбрэта. Падпісваючы ўласнаручна - гэты адзін-адзіны раз - дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, і ад смеху гэтага ёй зрабілася гэтаксама несамавіта, як і ад яго штодзённай ветлівасці.

Другі раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калі ён рабіў разлікі статычных нагрузак віядука над чыгункай каля Вільгельмавага рова, і памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другі раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схіліўся над паперамі за пісьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося ідэнтыфікаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы і Кандэрсавы лічбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву ідэя прызначыць кожнаму супрацоўніку свой колер алоўка: Кандэрсу - чырвоны, Гохбрэту - зялёны,Шрыту - жоўты.

 

Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпісвала: «Дача кінаактрысы», смокчучы другі кавалачак - «Пераробка будынка грамадскага прызначэння «Сас'етас». Як бы там ні было, кліенты розніліся прозвішчамі і адрасамі, а атрыманыя планы праектаў будзілі ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнічае ў чымсьці сапраўдным: цэглу, пліты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькі, клінкер, мяшкі з цэментам - гэта ўсё можна было сабе ўявіць, але абліччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта - хоць яна штодня пісала іх адрасы на канвертах - заставаліся для яе нерэальныя. Яна ніколі не бачыла гэтых людзей у бюро, яны ніводнага разу не тэлефанавалі, не пісалі. Пры разліках і рысунках, што яны дасылалі ў бюро, не было ніякіх каментараў. «Навошта нам лісты? - сказаў неяк Фэмель. - Hе будзем жа мы тут займацца збіраннем споведзяў».

Часам яна брала з паліцы энцыклапедыю і шукала назвы мясцовасцей, якія кожны дзень пісала на канвертах: «Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым ліку 83 катол., парафіяльная царква XII ст. са знакамітым алтаром». У Шыльгенаўэлі жыў Кандэрс, звесткі пра яго асобу яна ведала з страхавой карткі: «37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.». Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: «1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, місіянерская школа». Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно - ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыі: ён кватараваў у прадмесці Блесэнфэльд - адгэтуль усяго 35 хвілін аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзіла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўніцца ў ягоным існаванні, пачуць голас, паціснуць руку. Зрабіць гэткі нахабны ўчынак ёй не даваў толькі яго малады ўзрост - яму было толькі трыццаць два - і тая акалічнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасці, дзе жылі Кандэрс і Шрыт, былі апісаныя ў энцыклапедыі гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткі пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, - нягледзячы на гэта, ніводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькі-небудзь рэальна ўявіць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзілася пераводзіць за іх страхавыя ўзносы, рабіць розныя паштовыя аперацыі, перасылаць ім часопісы і табліцы; яны заставаліся такія самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвішча якога стаяла на чырвонай картцы, і якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, і які, аднак, за апошнія чатыры гады не зрабіў ніякай спробы з ім сустрэцца.

Яна пакінула на пісьмовым стале чырвоную картку, што стала прычынай першай грубасці з шэфавага боку. Як гэта было прозвішча таго пана, які каля дзесяці прыйшоў у бюро і сказаў, што яму трэба бачыць Фэмеля ў вельмі, вельмі пільнай справе? Ён быў высокі, меў светлаватыя валасы і трохі пачырванелы твар, ад яго ішоў пах самых дарагіх рэстарацыйных далікатэсаў, а надчвычайна высокая якасць гарнітура адчувалася проста носам; уладарнасць, годнасць, прыцягальнасць моцнага спалучаліся ў ім гэткім чынам, што яму немагчыма было ў чым-небудзь адмовіць; тытул, які госць з усмешкай прамармытаў, меў нешта агульнае з міністрам - міністэрскі радца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; калі ж яна рашуча была адмовілася гаварыць пра шэфава месца побыту, ён нечакана пайшоў проста на штурм, спытаўшыся адразу: «Ну, цудоўная паненка, скажыце мне тады, калі ласка, дзе яго можна знайсці», і яна... здрадзіла, сама не ведаючы, як гэта магло здарыцца, бо таямніцу, што так прыцягвала яе цікаўнасць, яна хавала глыбока на дне сваёй свядомасці: «Гатэль «Прынц Генрых». Тут госць прамармытаў нешта наконт «былога школьнага таварыша», штосьці пра «пільную, вельмі, вельмі пільную справу», пра «інтарэсы абароны», пра зброю; а пасля таго як ён пайшоў, у прыёмнай застаўся пах дыму ад цыгары, да якога гадзіну пазней з захапленнем прынюхваўся Фэмелеў бацька.

 

- Божа ж мой, божа, які гэта, відаць, быў гатунак!

Стары Фэмель абнюхаў сцены, амаль даткнуўся носам да стала, потым насунуў на галаву капялюш. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся разам з кіраўніком тытунёвай крамы, у якой вось ужо пяцьдзесят год ён купляў цыгары; яны абодва стаялі якую хвіліну ў дзвярах, уцягваючы носам паветра; пасля хадзілі ўзад і ўперад па пакоі, нібы патрывожаныя сабакі; крамнік залез пад стол, дзе відавочна вісела яшчэ цэлая хмара дыму; нарэшце ён падняўся, абцёр адна аб адну рукі, пераможна ўсміхнуўся і сказаў:

- Ну, пане радца, гэта былі «Партагас-Эмінэнтэс».

- І Вы б маглі знайсці такія мне?

- Вядома ж, у мяне на складзе яны ёсць.

- Гора Вам, калі ў іх будзе іншы пах, чым той, што я тут сёння ўнюхаў.

Крамнік яшчэ раз прынюхаўся і сказаў:

- «Партагас-Эмінэнтэс». Даю галаву на адсячэнне, калі памыляюся, пане радца. Чатыры маркі за штуку - колькі Вы жадаеце?

- Адну, шаноўны Кольбэ, адну. Чатыры маркі - гэта столькі, колькі зарабляў мой дзед за тыдзень, а я шаную нябожчыкаў, я сентыментальны, Вы ведаеце. Божа мой, гэтая цыгара перабіла пах тых дваццаці тысячаў цыгарэт, што тут выкурыў раней мой сын.

Яна ўспрыняла як вялікі гонар для сябе тое, што стары Фэмель выкурыў сваю цыгару пры ёй; ён сядзеў, адкінуўшыся ў сынавым фатэлі, які быў яму завялікі; яна падсунула яму пад плечы падушку і слухала ягоную гаворку, выконваючы найбольш адтрэніраваны свой абавязак: наклейванне марак на канверты. Яна павольна праводзіла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па губцы, наклейвала яго акуратна на правым верхнім рагу лістоў, якія чакала падарожжа ў Шыльгенаўэль, Глудум або Блесэнфэльд. Яна рабіла гэта рупна і дакладна, а ў гэты час стары Фэмель у фатэлі аддаваўся асалодзе і раскошы, якіх ён дарэмна шукаў апошнія пяцьдзесят гадоў.

- Божа мой! - ускрыкнуў ён. - Дарагое дзіцятка, я нарэшце ведаю, што такое цыгара! Так доўга я мусіў чакаць гэтага - аж да самага дня, калі мне споўнілася восемдзесят год... не трэба турбавацца, мілая мая, але напраўду мне сёння споўнілася восемдзесят - хіба гэта не Вы хадзілі сёння заказваць кветкі на даручэнне майго сына? Ну, хай сабе... Пра мой дзень нараджэння пагаворым пазней, добра? Ад сэрца хачу запрасіць Вас на святочную вячэру, сёння а сёмай, у кавярні «Кронэр» - але ж скажыце мне, калі ласка, чаму за тыя пяцьдзесят, а дакладней - за той пяцьдзесят адзін год, што я купляю цыгары ў гэтай краме, такой вось мне не прапаноўвалі ні разу? Можа, яны думаюць, што я скнара? Ніколі ў жыцці ім не быў, даражэнькая Леанора, Вы ведаеце гэта. Малады я курыў цыгары па дзесяць пфенігаў, калі пачаў зарабляць трохі болей, пачаў курыць цыгары па дваццаць, пасля - доўгія гады - па шэсцьдзесят. Мілае дзіцятка, скажыце мне, што гэта за людзі - тыя, што з гэткай во штукай за чатыры маркі ў роце шпацыруюць па вуліцы, заходзяць у бюро і выходзяць з яго - як быццам гэта яны смаляць грашовую цыгарку? Што гэта за людзі, якія паміж снеданнем і абедам пускаюць дымам тры тыднёвыя заробкі майго дзеда і пакідаюць па сабе такі пах, што старому чалавеку займае дых і ён, не раўнуючы як ганчак, пачынае абнюхваць кожны закутак у кабінеце свайго сына? Як? Робертаў школьны таварыш? Міністэрскі дарадца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; можа, нават міністр? Я яго павінен ведаць. Інтарэсы абароны? Зброя?

І раптам вочы ў яго заблішчалі, быццам з іх упала нейкая заслона: стары ў думках вяртаўся ў першае, трэцяе або шостае дзесяцігоддзе свайго жыцця, праводзіў у апошнюю дарогу сваіх дзяцей. Каго? Ёганну ці Генрыха? На чыю белую труну кідаў ён зараз жменьку зямлі і кветкі ўроссып? Ці тыя слёзы, што цяпер стаялі ў яго ўваччу, былі слязьмі з 1909 года, калі ён хаваў сваю Ёганну; ці з 1917 года, калі ён стаяў над Генрыхавай магілай? А можа, гэта былі слёзы з сорак другога года, калі ён атрымаў паведамленне аб смерці Оты? Альбо ён плакаў цяпер каля брамы псіхіятрычнай бальніцы, за якой толькі што знікла яго жонка? Слёзы, што засцілі яму вочы, пакуль ад цыгары цягнуліся лёгкія воблачкі дыму, былі слязьмі з 1894 года; тады ён пахаваў сваю сястру Шарлоту, дзеля якой ён ашчаджаў залатоўкі, каб потым зрабіць лягчэйшым яе жыццё; труна ссоўвалася ў дол на рыпучых вяроўках пад спеў школьнага хору: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?»; шчабятанне дзіцячых галасоў залятала ў вокны і ў дзверы гэтага бездакорна абсталяванага бюро, а старэчы голас спяваў тую песню з далечыні мінулага паўстагоддзя; толькі гэты кастрычніцкі ранак 1894 года быў сапраўдны: смужнае мроіва над Ніжнім Рэйнам, палосы туману над бураковымі палеткамі, у вербах крумкаюць варанячыя зграі, нібы запусныя бразготкі; Леанора ў гэтую хвілю праводзіла чырвоным «хойсам» па вільготнай губцы. За трыццаць год перад тым, як яна нарадзілася, вясковыя дзеці спявалі: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?» Яна правяла па губцы зялёным «хойсам». Увага, лісты да Гохбрэта аплачваюцца паводле тарыфу для мясцовай карэспандэнцыі.

Калі такое находзіла на старога Фэмеля, ён быў падобны да сляпога; Леаноры вельмі хацелася збегаць па кветкі ў краму, купіць яму ладны букет, але яна баялася пакідаць яго самога. Стары распасцёр рукі ў паветры, яна асцярожна падсунула яму папяльнічку; ён, ізноў узяўшы цыгару ў рот, зірнуў на Леанору і прамовіў ціха:

- Hе думай, дзіцятка, што я з'ехаў з глузду.

Леанора любіла яго. Ён часцяком заходзіў па яе ў бюро, прасіў злітавацца з яго бухгалтэрыі, што нядбайна вялася там, на другім баку вуліцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у «атэлье сваёй маладосці»; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якія рэвізавалі падаткавыя агенты, чые магілы былі забытыя, перш чым яна навучылася пісаць; акцыі ў ангельскіх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыі ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запісаныя ад рукі выняткі з рахункаў у даўно ліквідаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваім дзецям - тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. «Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзібы з зямлёю, Штэлінгер Гротэ і Гёрлінгер Штуль - бо прыкмеціў у ім тыя спакой і радасць, якія надае яму бачанне развіцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлі...»

- Тут, - ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, - тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдадні таго, як я адыходзіў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзіў мяне на вакзал... пацалаваў мне ў шчаку - вуснамі сямігадовага дзіцяці, - але ніхто, чуеш, Леанора, ніхто не прыняў маіх дарункаў: усё вярнулася да мяне - маёнткі і рахункі ў банках, працэнты з рэнтаў і падаткаў. Я ніводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькі мая жонка магла рабіць гэта, і яе дарункі прымаліся - але калі я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: «навошта-навошта-навошта...»

І зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капітан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькі дзён дадому ў сувязі са смерцю сямігадовага сына; Кільбава фамільнае гробішча прыняло белую дамоўку: цёмны, вільготны мур і свежыя, нібы сонечныя прамяні, лічбы, год смерці 1917-ты. Роберт, у чорным аксамітавым касцюмчыку, чакаў на вуліцы ў карэце...

У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фіялетавая; у яе не ставала адвагі наклеіць яе зараз на ліст да Шрыта; коні, запрэжаныя ў карэту, пырхалі ад нецярплівасці перад могілкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, і свежае золата лічбаў, што зіхцела ярчэй ад сонечных прамянёў...

- Чым ён займаецца, што робіць мой сын - адзіны, які застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робіць у гатэлі «Прынц Генрых» штораніцы, з паловы дзесятай да адзінаццаці... яму было дазволена зблізку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робіць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!

Вагаючыся, яна падняла фіялетавую марку і сказала ціха:

- Я не ведаю, што ён там робіць. Далібог, не ведаю.

Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усміхаючыся, адкінуўся ў фатэлі - як быццам нічога не адбылося.

- Як Вы паглядзіце на тое, калі я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавіне дня? Я б заходзіў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалі, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалі мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мілае дзіцятка?

Леанора згодна кіўнула галавой:

- Добра.

Яна ўсё яшчэ не наважвалася правесці фіялетавым «хойсам» па губцы, наклеіць яго на канверт; паштовы чыноўнік выцягне яго са скрынкі, машына праштэмпелюе ліст: «6.09.1958., 13.00.». А тут сядзіць стары чалавек, які зноў вярнуўся ў канец свайго восьмага - у пачатак свайго дзевятага дзесяцігоддзя.

- Добра, добра, - сказала яна.

- Можна, такім чынам, лічыць, што Вы ў мяне на рабоце?

- Вядома.

Яна ўглядалася ў яго вузкі твар, дзе яна на працягу гадоў дарэмна імкнулася адшукаць нейкае падабенства з яго сынам; толькі ветлівасць, здавалася, была спадчыннаю рысай Фэмеляў; але ў старога яна была больш фармальная, дзеля аздобы; гэта была ветлівасць старасвецкая, амаль што «грандэцца» - але не ветлівая матэматыка, як у сына, які культываваў сухую гжэчнасць, і толькі бляск яго шэрых вачэй дазваляў здагадвацца, што ён здольны да меншай афіцыйнасці. Стары Фэмель напраўду карыстаўся насоўкай, жаваў канец цыгарэты, часам гаварыў Леаноры кампліменты пра яе прычоску, колер твару; яго гарнітур быў паношаны, і не сказаць - каб трохі, гальштук быў заўсёды няроўна завязаны; пальцы - крыху заплямленыя тушшу, на абшлагах рукавоў - заўсёдныя сляды ад гумкі; алоўкі, цвёрдыя і мяккія, кожны раз тырчалі з кішэні камізэлькі; часам ён выцягваў з сынавага стала аркуш паперы, хуткімі штрышкамі маляваў анёла, божае ягнятка, дрэва або партрэт такога, як сам, пажылога чалавека з вуліцы. Калі-нікалі ён даваў ёй грошы на пірожныя; аднаго разу папрасіў яе купіць другую філіжанку пад каву, і Леанора адчувала сябе шчасліваю, што нарэшце можа ўключыць электрычную кававарку камусьці яшчэ, не толькі сабе самой. Гэткае было жыццё ў бюро, з якім яна звыклася: гатаваць каву, купляць пірожныя і слухаць апавяданні, у якіх усё ішло натуральным парадкам: пра жыцці, пражытыя ў тыльнай частцы дома, пра смерці, якімі там паміралі. Стагоддзямі Кільбы шукалі там продыху і святла, граху і збавення, былі скарбнікамі і натарыусамі, бургамістрамі і канонікамі; там, у тыльнай частцы будынка, у паветры асталося яшчэ нешта ад суровых модлаў пазнейшых прэлатаў; цёмныя грахі Кільбічанак - тых, што засталіся ў дзеўках, і раскайныя практыкаванні пабожных маладзёнаў - у гэтым самым доме, дзе цяпер, штодня ў паабедзеннай цішы бледнатварая дзяўчына з цёмнымі валасамі рабіла школьныя заданні і чакала свайго бацьку. А можа, па абедзе ён сядзеў дома? Дзвесце дзесяць вінных пляшак, апарожненых ад пачатку мая да пачатку верасня... Ці ён выпіў іх сам, а можа, з дачкой, з прывідамі? Можа, з тым Шрэлам, які ніколі нават не пытаўся пра яго? Усё было нейкае нерэальнае, больш нават нерэальнае, як попельнага колеру валасы сакратаркі, што пяцьдзесят год таму сядзела тут, на Леанорыным месцы, на варце таямніц натарыяльнай канторы.

- Я і кажу, яна сядзела якраз на тым самым месцы, дзе Вы, Леанора, седзіцё цяпер; імя яе было Жазэфіна...

Ці стары Фэмель і ёй таксама гаварыў кампліменты пра яе валасы і колер твару?

Стары засмяяўся і паказаў рукой на плакат над сынавым сталом - адзіная рэліквія мінулых часоў: сентэнцыя, выпісаная белымі літарамі на шыльдачцы з дрэва: «Правая рука іх поўная дарункаў». Дэвіз Кільбавай і Фэмелевай непадкупнасці.

- Абодва мае швагры, апошнія мужчыны ў родзе Кільбаў, не выказалі вялікай цягі да юрыспрудэнцыі; аднаго пацягнула ў кавалерыю, да ўланаў, другому не хацелася рабіць нічога; але абодва, улан і гультай, загінулі ў адзін дзень, у адным і тым палку, пад час аднаго штурму; пад Эрбі-ле-Юэт яны паскакалі проста ў кулямётны агонь, сцерлі прозвішча Кільб, панеслі свае грахі, што квітнелі ярка-чырвоным колерам, разам з сабой у магілу, там, пад Эрбі-ле-Юэт.

Стары Фэмель быў шчаслівы, калі раптам знаходзіў на калашынах сваіх нагавіц плямы ад бетоннага раствору і мог папрасіць Леанору адмыць іх. Ён часцяком прыходзіў з вялізнымі сувоямі рысункаў пад пахай. Леанора магла толькі здагадвацца, калі ён браў іх з свайго архіву ці сапраўды меў нейкія новыя замовы.

Ён паволі сёрбаў каву, хвалячы яе; потым падсунуў да Леаноры сподачак з пірожнымі, зацягнуўся цыгарай. На яго твары зноў быў выраз задуменнасці.

- Робертаў школьны таварыш? У такім разе я павінен яго ведаць. Яго прозвішча часам было не Шрэла? Вы ўпэўнены?.. Hе, не, ён не курыў бы гэткай цыгары, глупства! І Вы накіравалі яго ў «Прынц Генрых»? Ну, даражэнькая Леанора, вядома, будзе вялікая лаянка, бойка будзе. Роберту не даспадобы, калі хто ўлазіць у ягоныя прыватныя справы. Ён яшчэ малы быў такі: гжэчны, ветлівы, інтэлігентны, карэктны; але калі нехта заступаў за вызначаную мяжу, ён не ведаў літасці. Нават забіць мог бы. Я заўсёды яго трохі баяўся. І Вы таксама? Ах, дзіцятка, але ж ён Вам нічога дрэннага не зробіць, будзьце разумныя. Хадзем, з'ямо чаго-небудзь разам, адсвяткуем гэткім чынам Вашу новую пасаду і мой дзень нараджэння. Hе рабіце толькі ніякіх глупстваў. Калі ён ужо лаяўся па тэлефоне, дык нічога больш не будзе. Шкада, што Вы не запомнілі прозвішча. Я і не ведаў, што Роберт падтрымлівае зносіны з былымі школьнымі таварышамі. Ну, хадзем. Сёння субота, ён не будзе наракаць, калі Вы крыху раней скончыце работу. Адказнасць бяру на сябе.

Гадзіннік на вежы сабора Святога Севярына акурат адбіваў дванаццатую. Леанора хуценька пералічыла канверты, дваццаць тры, склала іх у стос, узяла ў руку. Няўжо стары пан Фэмель прабыў тут усяго паўгадзіны? Якраз бомкнуў дзесяты з дванаццаці ўдараў.

- Hе, дзякуй, - сказала яна. - Плашч не буду браць, і, калі ласка, толькі не ў «Пад ільвом».

Усяго толькі паўгадзіны; друкарскія машыны больш не грукаталі, але з дзіка ўсё яшчэ цякла кроў.

 

2

 

Для парцье гэта зрабілася ўжо цырыманіялам, амаль што літургіяй, увайшло ў яго плоць і кроў. Кожны дзень дакладна а палове дзесятай зняць з цвіка ключ, адчуць лёгкі поціск дагледжанай сухаватай далоні, што прымала гэты ключ, убачыць строгі бледны твар з чырвоным шнарам каля пераносся; потым задуменна, з лёгкаю ўсмешкай, якую здолела б заўважыць хіба толькі яго жонка, зірнуць наўздагон Фэмелю, які, не зважаючы на запрашальны жэст ліфцёра, падымаўся па лесвіцы да більярдавага пакоя, лёгка пастукваючы ключамі па масянжовых парэнчах: пяць, шэсць, сем разоў чуўся гэты гук - нібы гук ксілафона з адным-адзіным тонам; а праз паўхвіліны прыходзіў Гуга, старэйшы з двух гатэльных служак - і пытаўся: «Як заўсёды?», і парцье пацвярджальна ківаў галавою, ведаючы, што Гуга пойдзе зараз у рэстаран па двайны каньяк, графін вады, а пасля, да адзінаццаці, будзе, не выходзячы, наверсе ў більярдавым пакоі.

Парцье інстынктыўна адчуваў нешта нядобрае ў гэтай звычцы - штораніцы паміж паловай дзесятай і адзінаццаццю гуляць у більярд у кампаніі аднаго і таго гатэльнага служкі. Нядобрае альбо заганнае, супраць заганнага быў адзін сродак: таемнасць; у яе была свая вартасць, свая крывая, таемнасць і грошы залежалі адно ад аднаго - як абсцыса і ардыната: хто браў у гэтым гатэлі пакой, той купляў сабе таемнае сумленне; вочы, якія бачылі і адначасна не бачылі, вушы, якія чулі і адначасна не чулі; але ад нядобрага абараніцца не было як: не мог жа парцье не пускаць у дзверы кожнага патэнцыяльнага самагубцу, бо патэнцыяльнымі самагубцамі былі яны ўсе; з'яўляўся, напрыклад, мужчына, загарэлы, з тварам кіназоркі і сямю валізамі, браў з усмешкай картку госця, і толькі гатэльны служка паспяваў перанесці чамаданы ў пакой і выйсці з яго, як мужчына выцягваў з кішэні плашча зараджаны і ўжо з апушчаным засцерагальнікам рэвальвер і пускаў сабе кулю ў лоб; альбо з'яўлялася, нібы з таго свету, істота з залатымі зубамі, залатымі валасамі, у залатых чаравіках, ашчэрваючы зубы, нібы чэрап: здань, якая дарэмна ўдае за раскошаю; яна замаўляла сабе ў пакой снеданне на палову адзінаццатай, прычапляла звонку на дзверы шыльдачку: «Прашу не турбаваць», забарыкадоўвала дзверы знутры валізамі і глытала капсулу з атрутай; задоўга перад тым, як у напалоханай да смерці пакаёўкі падаў на падлогу паднос са снеданнем, па гатэлі ўжо кружлялі чуткі: «У дванаццатым пакоі ляжыць мярцвяк»; кружлялі яшчэ ўночы, калі апошнія наведнікі бара навобмацак прабіраліся да сваіх пакояў, а цішыня за дзвярыма пакоя нумар 12 здавалася ім вусцішнаю; былі такія, што ўмелі адрозніць маўчанне сну ад маўчання смерці. Нядобрае - парцье адчуваў яго, калі Гуга ў 10.31 падымаўся па лесвіцы з вялікім кілішкам каньяку ў більярдавы пакой.

Якраз у гэтыя хвіліны парцье вельмі даткліва адчуваў адсутнасць гатэльнага служкі: на адміністратарскім прылаўку перапляталіся рукі - рукі, што чакалі рахунку, рукі, што бралі праспекты, - і ён увесь час якраз у гэтую хвіліну - пару хвілін пасля паловы дзесятай - заўважаў, што робіцца няветлівы: вось якраз да гэтай настаўніцы, восьмай ці дзевятай, калі палічыць, якая пыталася ў яго, як прайсці да рымскіх дзіцячых могілак; яе ружовы колер твару сведчыў пра тое, што яна паходзіць з вёскі, а рукавічкі і плашч - не пра той узровень даходаў, які належала чакаць ад гасцей гатэля «Прынц Генрых», і парцье пытаўся ў сябе, якім гэта чынам яна магла трапіць у кампанію экзальтаваных асоб, ніводная з якіх не лічыла патрэбным пытацца пра кошт нумароў; а можа, тая, што цяпер збянтэжана скубе свае рукавічкі, здзейсніць зараз «нямецкі цуд», за які Ёхэн вызначыў узнагароду: «Дам дзесяць марак таму, хто пакажа мне немца, які б спытаўся пра кошт хоць чаго-кольвечы». Hе, і яна не здабудзе для яго Ёхэнавай прэміі, парцье прымусіў сябе паспакайнець і ветліва растлумачыў ёй, як прайсці да рымскіх дзіцячых могілак.

Большасць гасцей патрабавала якраз таго гатэльнага служку, які цяпер на паўтары гадзіны знікаў у більярдавым пакоі; усім хацелася, каб менавіта ён занёс іхнія валізы ў вестыбюль, да аўтобуса авіякампаніі, да таксі, адправіў на вакзал; незадаволеныя турысты-валацугі, што, чакаючы сваіх рахункаў, размаўлялі ў вестыбюлі пра час прылёту і адлёту самалётаў, жадаючы менавіта ад Гугі лёду ў свае віскі, агню, каб прыпаліць цыгарэту, наўмысна трымалі гэтыя цыгарэты ў роце незапаленымі, каб выпрабаваць Гугаву вымуштраванасць; толькі яму яны хацелі дзякаваць нядбалым жэстам далоні, толькі ў прысутнасці Гугі іхнія твары скурчваліся ў таямнічыя грымасы; нецярплівасць была напісана на тварах, уладальнікі якіх не маглі дачакацца, каб як найхутчэй завезці свой дрэнны настрой у найдалейшыя куткі свету; яны былі гатовыя да старту, каб у люстрах баварскіх альбо персідскіх гатэляў вызначыць, наколькі задубілася іх скура. Кабеты пранізліва крычалі, успомніўшы пра нешта забытае альбо незнарок пакінутае: «Гуга! Мой пярсцёнак...», «Гуга! Мае пальчаткі...», «Гуга! Мая памада...»; і ўсе яны чакалі, што Гуга зараз маланкаю кінецца да ліфта, без аніякага шуму ўзляціць наверх і ў пакоі 9, у пакоі 32, у пакоі 46 будзе шукаць пярсцёнак, касметычку альбо памаду; а тая старая бабізна прыцягнула свайго дварняка, які ўжо выхлябтаў малако, зжэр мёд, грэбуючы смажанымі яйкамі, і вось цяпер яго трэба было абавязкова весці на вуліцу, каб ён мог справіць сваю натуральную сабачую патрэбу і аднавіць свой ужо зусім слабы нюх пад сценамі вулічных кіёскаў, каля стаянак аўтамашын, трамвайных прыпынкаў; відавочна было, што толькі Гуга мог дагадзіць стану сабачае душы; а тут зноў тая старая бабуля Блезік, якая штогод прыязджае, каб пагасцяваць які месяц у дзяцей і наведаць унукаў, колькасць якіх няспынна большае; вось яна, ледзь пераступіўшы парог гатэля, пыталася ўжо пра Гугу: «Ці ж ён яшчэ ў вас, той хлапчына з тварам псаломшчыка, той хударлявы, бледны, рудавалосы, з такім сур'ёзным паглядам?» Гуга павінен быў пад час яе снедання, калі яна ела мёд, піла малако і не грэбавала смажанымі яйкамі, чытаць ёй уголас мясцовую газету: старая з захапленнем падымала вочы, калі пападаліся назвы вуліц, вядомыя ёй з маленства: няшчасны выпадак на Эрэнфельдскім Кальцы; напад з рабункам на Фрызенштрасэ. «У мяне былі гэткія доўгія косы, калі я гойсала там на ролікавых каньках - гэткія доўгія, мой даражэнькі...» Бабуля была вельмі далікатная і ўпартая - хто ведае, можа, яна дзеля Гугі ляцела сюды праз вялікі акіян?

- Дык што? - спыталася яна з расчараваннем. - Гуга вызваліцца толькі пасля адзінаццаці?

Падняўшы рукі, просячы гасцей да выхаду, у дзвярах-круцёлцы стаяў шафёр аўтобуса авіякампаніі, а ў касе яшчэ падлічваліся рахункі за надта ж складаныя сняданкі: там сядзеў, напрыклад, нейкі тып, што замаўляў сабе палову смажанага яйка і вельмі абураўся, атрымаўшы да аплаты рахунак, у якім налічана было за цэлае; ён з яшчэ большым абурэннем зрэагаваў на прапанову метрдатэля адлічыць ад усяе сумы кошт паловы яйка, дамагаючыся таго, каб яму ў рахунку быў указаны кошт менавіта паловы яйка. «Прынцыпова настойваю!» - казаў ён. Відаць, гэты госць рабіў сваё падарожжа вакол свету толькі дзеля таго, каб калекцыяніраваць рахункі, у якіх зазначана плата за палову смажанага яйка.

- Калі ласка, - сказаў парцье. - Першая вуліца налева, потым другая направа, трэцяя - зноў налева, а пасля, шаноўная пані, вы ўбачыце шыльду: «Да рымскіх дзіцячых магілак».

Нарэшце шафёр аўтобуса авіякампаніі здолеў сабраць усіх сваіх пасажыраў, нарэшце ўсе настаўніцы ведалі, кудою ім ісці, а ўсе тлустыя дварнякі былі выведзеныя на вуліцу, туды, дзе яны маглі справіць сваю патрэбу. Але госць у пакоі нумар адзінаццаць усё яшчэ спаў, ужо шаснаццаць гадзін, павесіўшы звонку на дзвярах шыльду «Прашу не турбаваць». Няшчасце ці то ў адзінаццатым, ці то ў більярдавым пакоі; звыклы цырыманіял сярод ідыёцкага вэрхалу, выкліканага ад'ездам гасцей; зняць ключ з дошкі, адчуць дотык далоні, зірнуць у бледны твар, на чырвоны шнар над пераноссем, пачуць Гугава: «Як заўсёды?», убачыць ківок галавы: більярд ад паловы дзесятай да адзінаццаці. Але гатэльная ўнутраная інфармацыйная служба не магла яшчэ нічога паведаміць пра магчымае няшчасце альбо нейкі грэх: гэты чалавек напраўду ад паловы дзесятай да адзінаццаці гуляў у більярд, сам з сабою, піў каньяк, ваду, казаў Гугу распавядаць пра сваё дзяцінства, не злаваў нават, калі пакаёўкі ці прыбіральшчыцы, ідучы з бялізнаю да ліфта, спыняліся каля адчыненых дзвярэй, заглядвалі ў пакой; заўсёднік гатэля тады адрываў позірк ад більярдавых шароў і ўсмешліва паглядаў на іх. Hе, не, ён зусім бясшкодны.

Ёхэн, накульгваючы, выйшаў з ліфта, у руцэ ў яго быў ліст, які ён падняў угару, трасучы галавой. Той самы Ёхэн, які жыў пад самай галубятняю, побач са сваімі крылатымі дружбакамі, якія прыносілі яму пасланні з Парыжа і Рыма, Варшавы і Капенгагена; Ёхэн хадзіў у неверагодным мундзіры, што паказваў ранг прыблізна паміж кронпрынцам і унтэр-афіцэрам, і гэты мундзір немагчыма было скласіфікаваць; ён быў трохі нечай правай рукою, трохі шэрым кардыналам; яму ўсе давяралі, ён разбіраўся ва ўсім, не парцье і не кельнер, не кіраўнік і не служка, і ўсё-ткі - і гэта перш за ўсё - нават гатаваць ён умеў не абы-як; менавіта ён быў аўтарам сентэнцыі, якую вымаўляў заўсёды, калі ўзнікалі якія-кольвечы сумненні маральнага кшталту: «Навошта нам была б тая славутая гарантаванасць таямніц, калі б мараль была зусім непарушная - якая карысць ад тых гарантый тайны, калі няма больш нічога, што павінна захоўвацца ў тайне?»; у ім было штосьці ад спавядальніка, штосьці ад асабістага сакратара і штосьці ад звадыяша; Ёхэн, зласліва ўсміхаючыся, пальцамі, пакручанымі рэўматызмам, разрывае канверт.

- Ты мог бы зберагчы тыя дзесяць марак; я б расказаў табе ў тысячу разоў болей - і задарма, - чым гэты плюгавы балбатун, Інфармацыйнае бюро «Аргус». «Гэтым падаём жаданую Вам інфармацыю, што датычыць пана архітэктара, д-ра Роберта Фэмеля, які жыве па Модэстгасэ, 7. Д-р Фэмель мае 42 гады, удавец, двое дзяцей. Сын: 22 гады, архітэктар, жыве ў іншай мясцовасці. Дачка: 19 год, навучэнка. Маёмасць д-ра Ф. значная. З боку маці мае роднаснае дачыненне да Кільбаў. Ніякіх адмоўных звестак наконт д-ра Фэмеля не знойдзена».

Ёхэн іранічна ўсміхнуўся:

- Ніякіх адмоўных звестак. Як быццам можна знайсці нешта адмоўнае пра маладога Фэмеля, ды ніколі пра яго не будзе ніякіх адмоўных звестак. Гэткіх людзей няшмат, і ён адзін з тых, за каго я гатовы ў любую хвіліну пакласці ў агонь, чуеш, во гэтую старую, прадажную, пакручаную раматусам руку. З ім ты можаш спакойна пакідаць хлопца сам-насам, ён не такі - а нават калі б ён быў такі, я не бачыў бы прычын не дазваляць яму рэчаў, якія дазваляюць педэрастам-міністрам; але ж ён не такі: калі яму было дваццаць, ён ужо меў дзіця з дачкою нашага калегі, магчыма, ты прыгадваеш - таго Шрэлы, які колісь адзін год тут працаваў. Hе ўспомніў? Пэўна, цябе тут яшчэ не было. Хачу сказаць табе толькі адно: дай маладому Фэмелю спакойна гуляць у більярд. Гэта прыстойная сям'я. Сапраўды. Добрага роду. Я ведаў яшчэ яго бабулю, дзядулю, ягоных маці і дзядзькоў: яны яшчэ гадоў пяцьдзесят таму гулялі тут у більярд. Кільбы - ты, мусіць, гэтага не ведаеш - жывуць ужо трыста год на Модэстгасэ... жылі, бо цяпер ніводнага з іх не засталося. Маці звар'яцела, страціўшы двух братоў на вайне, і ў яе памёрла трое дзяцей. Яна не змагла стрываць усяго гэтага. А была цудоўная жанчына. Ведаеш, адна з ціхіх кабет. Яна не з'ела ні на грам больш за тое, што было вызначана ў прадуктовых картках, і дзецям больш не давала. З'ехала з глузду. Яна раздавала налева і направа ўсё, што ёй прыносілі і прывозілі, а гэтага было нямала: у іх былі сельскія маёнткі, і абат са Святога Антонія, што ў даліне Кіса, дасылаў ёй цэлыя бочкі з маслам, слоікі з мёдам; але яна нічога таго не ела і не давала нічога таго сваім дзецям: яны мусілі есці хлеб з пілавіннем і з падфарбаваным мармеладам, у той час як маці раздавала ўсё налева і направа - нават залатыя манеты; я сам бачыў, як яна - гэта было ў шаснаццатым ці семнаццатым годзе - выходзіла з дому з булкамі і слоікам мёду ў руках. Мёд у 1917 годзе! Ты можаш сабе гэта ўявіць? Э-э, ды ў вас кароткая памяць, вы не можаце сабе ўявіць, што гэта значыла: мёд у тысяча дзевяцьсот семнаццатым і мёд зімою сорак першага - сорак другога; альбо як яна пабегла на таварную станцыю і пачала там патрабаваць, каб яе вывезлі разам з жыдамі. Вар'ятка... Яны засадзілі яе ў псіхлякарню, ды я не веру, што яна звар'яцела. Гэта жанчына, якіх можна цяпер убачыць хіба што на святых абразах у музеях. За яе сына хай мяне парвуць на кавалкі, і, калі яго тут не будуць абслугоўваць належным чынам, я тут учыню такое, чаго свет не бачыў; і няхай нават дзевяноста пяць старых баб будуць пытацца пра Гугу, а ён будзе патрэбны Фэмелю, дык ён застанецца ў Фэмеля. Інфармацыйнае бюро «Аргус». Плаціць дзесяць марак гэтым ідыётам! Можа, яшчэ скажаш, што ты не ведаеш ягонага бацьку, старога Фэмеля, а? Віншую, ты ўсё-ткі ведаеш яго, і табе ніколі не прыходзіла ў галаву, што ён - бацька таго, хто гуляе там наверсе ў більярд? Ага, старога Фэмеля ведае, мусіць, кожнае дзіця. Ён прыехаў сюды пяцьдзесят год таму ў пераніцаваным дзядзькавым гарнітуры, маючы ў кішэні пару залатых манет - і гуляў тут у гэтым гатэлі ў більярд: ты яшчэ тады не ведаў, што такое гатэль. Во гэткія вы, парцье! Пакінь яго ў спакоі. Ён не зробіць ніякага глупства, не прычыніць шкоды, самае горшае, што ён можа ўчыніць, дык гэта таксама памалу з'ехаць з глузду. Ён лепш за ўсіх гуляў у лапту, лепш за ўсіх бегаў на сто метраў за ўсю гісторыю нашага горада - быў цягавіты, а калі было трэба, і цвёрды як сталь; ён не мог трываць несправядлівасці; а таго, хто не трывае несправядлівасці, вельмі хутка зацягвае палітыка; яго палітыка зацягнула, калі яму было дзевятнаццаць; яму б адсеклі галаву ці кінулі за краты гадоў на дваццаць, каб ён не выслізнуў у іх з рук. Так, так, не глядзі гэтак на мяне: ён уцёк і тры ці чатыры гады быў за мяжой - не ведаю дакладна, як і што там было; ніколі не ведаў; мне вядома толькі, што ў гэтую справу ўблыталіся стары Шрэла і яго дачка, з якой пасля ён нажыў дзіця; ён вярнуўся дамоў, і ніхто нічога яму не зрабіў; потым ён служыў у войску, у сапёраў; у мяне яшчэ стаіць перад вачыма, як ён прыехаў у адпачынак у мундзіры з чорнымі нашыўкамі. Hе вылупвай на мяне вочы, як дурань... Ці ён быў камуністам? Hе ведаю - але нават калі і быў, дык што з таго? Кожны прыстойны чалавек калі-небудзь быў з камуністамі. Ну, ідзі ўжо снедаць, я разбяруся тут з гэтымі бабулямі.

 

Нядобрае альбо заганнае - штосьці лунала ў паветры, але Ёхэн быў занадта дабрадушны; ніколі не прадчуваў самагубства і ніколі не верыў, калі занепакоеным гасцям здавалася, што за зачыненымі дзвярыма яны могуць адрозніць маўчанне смерці ад маўчання сну; ён удаваў з сябе падкупнага і хітрага чалавека, але ўсё-такі верыў у людзей.

- А, хай будзе як будзе, - сказаў парцье. - Я іду снедаць. Толькі нікога не прапускай да яго, яму гэта вельмі важна. Вось.

Ён паклаў Ёхэну на прылавак чырвоную картку: «Я ёсць толькі для маіх маці, бацькі, дачкі, сына і пана Шрэлы больш ні для кога».

«Шрэла? - падумаў спалохана Ёхэн. - Хіба ён яшчэ жывы? Яны ж яго забілі тады... а можа, у яго быў сын?»

 

Гэты водар перабіваў пахі ўсіх гатункаў тытуню, што курылі ў вестыбюлі гатэля апошнія два тыдні; гэты водар ішоў наперадзе, як штандар: вось іду я, значны чалавек, пераможца, перад позіркам якога не вытрывае ніхто; метр восемдзесят дзевяць ростам, русыя валасы, год пад сорак пяць, гарнітур з матэрыялу, які носяць міністры; гэтак не апраналіся бізнесмены, прамыслоўцы, артысты; гэта была ўрадавая элегантнасць - Ёхэн адчуваў гэта нюхам: той пан выглядаў на міністра, пасла - кагосьці, чый подпіс меў амаль заканадаўчую моц; гэты чалавек праходзіў, не затрымліваючыся, праз абабітыя скурай, сталёвыя, нікеляваныя дзверы прыёмных, рассоўваў плячыма, нібы агромністымі снегарыйнымі плугамі, усе перашкоды, выпраменьваў вытанчаную ветлівасць, якая, тым не менш, як было відаць, не жыла ў ім ад нараджэння; ён саступіў дарогу старой, якая забірала свайго брыдкага дварняка з рук Эрыха, другога гатэльнага служкі, і нават дапамог гэтай скелетападобнай істоце падысці да лесвіцы і ўзяцца за парэнчы. «...Няма за што дзякаваць, шаноўная пані».

- Нэтлінгер.

- Чым магу быць карысны, пан доктар?

- Я павінен сустрэцца з панам доктарам Фэмелем. Неадкладна. Зараз жа. Па службовай справе.

Ёхэн патрос галавою, ветліва адмаўляючы госцю, круцячы ў руках чырвоную картку. Маці, бацька, сын, дачка, Шрэла... Нэтлінгер не згадваўся.

- Але ж я ведаю, што ён тут.

 

Нэтлінгер? Я, мусіць, ужо чуў гэтае прозвішча? У яго твар, які павінен мне нагадваць пра штосьці, чаго б я не хацеў забыць. Я чуў гэтае прозвішча, шмат гадоў таму, і я сказаў тады сам сабе: гэтага фацэта ты павінен запомніць, не забудзься пра яго; але цяпер я ўжо не магу згадаць, што я павінен быў запомніць наконт яго. Ва ўсякім разе, аднак: увага! Ты б самлеў, каб ведаў, чаго гэты пан паспеў ужо нарабіць; цябе да скону твайго б ванітавала, калі б ты мусіў глядзець фільм, які яму пакажуць у Судны Дзень - фільм яго жыцця; гэта адзін з тых, што загадвалі выцягваць залатыя зубы ў нябожчыкаў і абразаць дзецям валасы. Нядобрае ці заганнае? Hе, тут пахне забойствам.

І гэткія людзі ніколі не ведалі і не ведаюць, калі трэба даць на чай; а толькі па гэтым можна пазнаць сапраўдны клас: цяпер, напрыклад, быў, можа, адпаведны момант, каб пачаставаць цыгарай, але не даваць «на чай», і ўжо ў ніякім разе не так шмат «на чай»: зялёная дваццацімаркавая купюра, якую гэты пан, усміхаючыся, паклаў на прылавак. Якія ж яны дурні, гэтыя людзі! Hе ведаюць нават самых прымітыўных законаў абыходжання з людзьмі, найпрасцейшых правілаў абыходжання з парцье; нібыта ў гатэлі «Прынц Генрых» увогуле можна было прадаваць таямніцы; быццам бы госця, які плаціць за нумар сорак або шэсцьдзесят марак, магчыма было прадаць за зялёную «дваццатку», за «дваццатку» ад незнаёмага чалавека, адзінае пасведчанне асобы якога - гэта яго цыгары і матэрыял ягонага гарнітура. І вось такія робяцца міністрамі, дыпламатамі, хоць не маюць нават элементарнага ўяўлення пра найскладанейшае з усіх умельстваў - умельства падкупляць! Ёхэн змрочна страсянуў галавою і не дакрануўся да зялёнай купюры. «Правая рука іх поўная дарункаў...»

Неверагодна, але каля зялёнае купюры адразу ж з'явілася блакітная; сума пабольшала да трыццаці марак, а проста ў твар Ёхэну патыхнула моцным водарам ад хмары цыгар «Партагас-Эмінэнтэс «.

 

Пыхай сабе колькі хочаш, дзьмухай мне ў твар дымам сваіх цыгараў па чатыры маркі штука і пакладзі яшчэ фіялетавую банкноту. Ёхэна не падкупіш. Hе пад сілу гэта табе, нават за тры тысячы; няшмат людзей у сваім жыцці я любіў, а вось гэтага хлопца люблю. Няўдала выйшла ў цябе, сябра з паважным тварам, з рукою, што прызвычаеная падпісваць паперы; ты спазніўся на паўтары хвіліны. Ты ж павінен быў унюхаць, што ў дачыненні да мяне купюры - гэта найменш прыдатная рэч. У мяне ў кішэні нават ёсць натарыяльна завераны дакумент, згодна з якім я да канца свайго жыцця маю права на маю каморку там, пад самым дахам, і на маіх галубоў; я магу замаўляць сабе на снеданне і на полудзень усё, чаго душа пажадае, і, апроч таго, атрымліваю сто пяцьдзесят марак гатоўкаю - гэта ў тры разы больш, чым мне каштуе мой тытунь; у мяне ёсць сябры ў Капенгагене, у Парыжы, у Варшаве і ў Рыме - а каб ведаць табе, як сябруюць між сабою ўладальнікі паштовых галубоў; але ж ты нічога не ведаеш, ты думаеш, што за грошы можна мець усё; гэта - ісціны, якія вы самі сабе ўбіваеце ў галовы. Ну і вядома, гатэльны парцье гатовы зрабіць за грошы ўсё, што хочаш, за фіялетавую купюру прадасць табе сваю родную бабулю. Толькі адной рэчы, мой сябра, мне не дазволена тут рабіць, адно-адзінае выключэнне абмяжоўвае маю свабоду: калі я на службе тут, унізе, мне не дазваляецца курыць маю люльку; і я першы раз шкадую, што ёсць гэтае выключэнне: інакш я насустрач дыму ад тваіх «Партагас-Эмінэнтэс» пусціў бы добрую чорную хмару... Можаш - кажучы ясна і выразна - пару сотняў ды яшчэ дваццаць сем разоў пацалаваць мяне ў с...! Фэмеля я табе не прадам. Няхай ён спакойна гуляе ад паловы дзесятай да адзінаццаці ў більярд там, наверсе, хоць я прапанаваў бы яму іншы занятак, а менавіта: сядзець на тваім месцы ў міністэрстве. Альбо рабіць тое, што ён рабіў у маладыя гады: кідаць бомбы, каб гэткаму, як ты, мяшку з г... нагнаць страху. Але калі ён ужо хоча ад паловы дзесятай да адзінаццаці гуляць у більярд, дык няхай гуляе, а я тут дзеля таго і стаю, і гэта мой клопат, каб яму ніхто не замінаў. А цяпер ты можаш забраць свае грошы назад і выцерці пасля іх прылавак, а калі ты яшчэ зараз пакладзеш якую купюру, я не ведаю і не адказваю за тое, што тут будзе. Бестактоўнасцю я ўжо сыты па вушы і таксама безгустоўнасць цярпліва вытрываў тысячы разоў; запісваў у свой спіс парушальнікаў і парушальніц шлюбнага закону і педэрастаў, адпэнджваў ашалелых жонак і рагатых мужоў - і ты не думай, што я дзеля гэтага прыйшоў на свет белы. Я заўсёды быў добрым хлопцам, прыслугоўваў да імшы - як і ты, напэўна, спяваў у харавым гуртку песні айца Кольпінга і святога Алаізія; тады мне было дваццаць, і я ўжо шэсць год як працаваў у гэтай установе. І калі я не страціў дагэтуль веры ў чалавецтва, дык гэта толькі дзякуючы таму, што ёсць на свеце колькі такіх людзей, як малады Фэмель і яго маці. Схавай лепш свае грошы, выцягні з рота цыгару і пакланіся ветліва мне, старому чалавеку, які бачыў грахоў і заганаў куды як больш, чым ты можаш нават сабе ўявіць, дазволь і вунь таму служаку прытрымаць для цябе дзверы-круцёлку і - каціся адсюль.

- Ці я правільна пачуў? Ты хочаш размаўляць з метрдатэлем?

Тут ён пачырванеў, а потым пасінеў ад злосці. Д'ябал! Я, відаць, зноў падумаў уголас і, мажліва, нават голасна звярнуўся да цябе на «ты»? Гэта было б, вядома, вельмі прыкра, недаравальная памылка, бо такім, як Вы, людзям я ніколі «ты» не кажу.

Што я сабе дазваляю? Я стары чалавек, маю амаль семдзесят - і вось, падумаў сабе ўголас; у мяне крыху склероз, не ўсё ў парадку з галавою, і мяне бароніць пяцьдзесят першы параграф; я ж тут на ласкавым хлебе.

Абароназдольнасць? Зброя? Толькі гэтага мне яшчэ не хапала. Да метрдатэля, калі ласка, налева па калідоры, потым другія дзверы направа; кніжка скаргаў у саф'янавай вокладцы. А калі б ты аднаго разу замовіў тут сабе яечню, а я ў той момант быў на кухні - дык я палічыў бы за гонар асабіста плюнуць у патэльню тваёй высокай асобе. А пасля ты атрымаеш маё прызнанне ў любові ў натуральным выглядзе, змяшанае з распушчаным маслам. Калі ласка, шаноўны пане!

- Але ж я ўжо сказаў вам, пане. Вунь там налева, потым другія дзверы направа, кабінет метрдатэля. Кніга скаргаў у саф'янавай вокладцы. Вы жадаеце папярэдняга паведамлення? Ахвотна зраблю. Камутатар... Калі ласка, пана дырэктара, гэта парцье. Пан дырэктар, тут адзін пан... як гэта яго прозвішча? Нэтлінгер... прашу прабачыць, доктар Нэтлінгер хацеў бы тэрмінова з Вамі пагаварыць. Якая прычына? Скардзіцца на мяне. Добра, дзякуй. Пан дырэктар вас чакае. «...Так, ёсць, шаноўная пані, сёння ўвечары феерверк і шэсце, першая вуліца налева, потым другая направа, зноў трэцяя налева, і там Вы ўбачыце шыльдачку: «Да рымскіх дзіцячых магілак». Няма за што, заўсёды рады памагчы. Вялікі дзякуй». Адна марка; гэтай манетай нельга грэбаваць, калі яе дае рука гэткай пачцівай старой настаўніцы. Паглядзі, паглядзі, як я з усмешкаю прымаю зусім маленькія грошы і не бяру вялікае сумы. Рымскія дзіцячыя могілкі - гэта ясная рэч. Удовіным грошам пагарджаць няможна. А грашы «на чай» - гэта душа нашае прафесіі.

- Так-так, вось там, за рагом... слушна.

 

Яны яшчэ не паспеюць вылезці з таксі, а я ўжо ведаю, ці буду мець дачыненне з чыёйсьці нявернасцю ў шлюбе. Я гэта чую нюхам здалёк, арыентуюся ў самых заблытаных і складаных сітуацыях. Бываюць гэткія зусім нясмелыя каханкі, па якіх усё адразу відаць, і хочацца ім сказаць: дзеці, не засмучайцеся так: гэта ўсё ўжо было, я працую парцье ўжо пяцьдзесят гадоў і буду намагацца не рабіць вам прыкрасцей. Пакой на дзве асобы; усяго пяцьдзесят дзевяць марак восемдзесят - разам з дадаткам «на чай»; за гэта вы можаце разлічваць на крышачку зычлівасці; а калі вас ужо спапяляе юр, усё-ткі, калі магчыма, не пачынайце ўжо ў ліфце... У гатэлі «Прынц Генрых» людзі кахаюцца за падвойнымі дзвярыма... не будзьце такія сарамлівыя, не бойцеся; каб вы ведалі, хто толькі ў гэтых асвенчаных высокімі коштамі пакоях не задавальняў сваю сексуальную нецярплівасць: тут былі людзі набожныя і бязбожныя, дрэнныя і добрыя. Пакой на дзве асобы з ваннаю, бутэлька шампанскага ў нумар. Цыгарэты. Снеданне а палове адзінаццатай. Усё як найлепш. Прашу, пане, падпішыце тут... не, вось тут - і, спадзяюся, ты не такі дурань, каб напісаць сваё сапраўднае прозвішча. Гэтая папера сапраўды ідзе ў паліцыю, там на ёй ставяць пячатку; яна робіцца дакументам і мае сілу доказу. Hе давярай гарантыям таямніцы з боку ўладаў, дарагі мой хлопча. Чым іх болей, тым больш ім трэба корму. А можа, ты калі-небудзь быў камуністам, тады варта быць удвая пільнейшым. Я таксама колісь быў камуністам, і католікам быў таксама. І гэта сядзіць глыбока. Я і сёння не дам нікому і слова сказаць супраць пэўных людзей, а хто пры мне дазволіць сабе па-дурному пакпіць з Маці Боскай альбо з бацькі Кольпінга, таму я здолею паказаць, што да чаго.

- Гатэльны! Нумар 42. Вунь там ліфт, калі ласка, пане.

 

Такіх вось я якраз чакаў - такіх, што здраджваюць шлюбным повязям вераломна, нічога не хаваючы, і хочуць усяму свету прадэманстраваць, якія яны, маўляў, незалежныя. Але калі вам няма чаго хаваць, дык чаму вы робіце гэткія нахабныя міны і гэтак выстаўляеце сваё нежаданне-нічога-хаваць. Калі вам і праўда хаваць няма чаго, дык і не трэба хаваць. Калі ласка, пане, распішыцеся тут - не-не, вось тут. Ну, з гэтай дурнаватай гусыняю я нічога б не хацеў хаваць. Не-не! Каханне - гэта як грошы на чай. Пытанне аднаго інстынкту. Бо па жанчыне адразу відно, ці варта мець з ёю якую-небудзь супольную таямніцу. З гэтай не варта. Можаш, хлопча, мне паверыць. Тыя шэсцьдзесят марак за ноч плюс шампанскае ў нумар, грошы на чай, плюс снеданне, і што ты там яшчэ мусіш ёй ахвяраваць, - не варта. To ад прыстойнай і сумленнай вулічнай дзяўчыны, што ведае сваю работу, ты б за гэта атрымаў сёе-тое... Гатэльны! Пакой сорак тры для пана і пані. Божачка, якія людзі неразумныя!

- Слухаю, пан дырэктар, зараз іду... слухаю.

Вядома, гэткія людзі, як ты, створаныя, каб быць дырэктарамі гатэляў; гэта як у жанчын, што просяць выразаць сабе пэўныя ўнутраныя органы; тады ўжо ніякіх праблем няма, але што гэта было б за каханне без ніякіх праблем; а калі нехта выдаляе ў сябе сумленне, нават цыніка з яго не атрымаецца. Чалавек, які няздольны засмучацца, перастае быць чалавекам. Я выхоўваў з цябе гатэльнага, чатыры гады трымаў у чорным целе; ты разгледзеўся ў свеце, наведваў школы, вывучаў мовы, прыслугоўваў у саюзніцкіх і несаюзніцкіх афіцэрскіх казіно пры варварскіх выкрыках п'яных пераможцаў і пераможаных; пасля гэтага ты адразу ж вярнуўся сюды, і першае, што ты - тлусты, гладкі і без усякага сумлення - спытаў, было: «Ці стары Ёхэн усё яшчэ тут?» Я тут, усё яшчэ тут, мой хлопча.

- Вы абразілі гэтага пана, Кульгамэ.

- Я ненаўмысна, пан дырэктар, і, калі казаць шчыра, то не было абразы. Я мог бы назваць вам сотні людзей, якія б палічылі гонарам для сябе, каб я звяртаўся да іх на «ты».

Мяжа нахабнасці. Немагчыма ў гэта паверыць!

- У мяне неяк гэта проста вылецела, пан доктар Нэтлінгер. Я стары чалавек і жыву як бы пад аховай параграфа 51.

- Гэты пан жадае сатысфакцыі...

- ...І як мага хутчэйшай. Прабачце мне, але я не лічу за гонар, калі парцье ў гатэлі называе мяне на «ты».

- Папрасіце ў пана прабачэння.

- Прашу ў пана прабачэння.

- Hе такім тонам.

- А якім? Я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння, я прашу ў пана прабачэння. Вось тры тоны, якімі я валодаю, і няхай пан доктар Нэтлінгер выбярэ сабе такі, які яму падыходзіць. Вы бачыце, я зусім не хачу нікога зняважыць. Магу ўкленчыць тут на дыване, біць сябе кулакамі ў грудзі, я, стары чалавек, які, між іншым, таксама чакае, што ў яго папросяць прабачэння. Спроба падкупіць мяне, пан дырэктар. На карту быў пастаўлены гонар нашага рэнамаванага гатэля. Прафесійную тайну за няшчасныя трыццаць марак? Я ўспрымаю гэта як абразу майго асабістага гонару і гонару гэтай установы, у якой я служу ўжо больш за пяцьдзесят год, а калі дакладней - пяцьдзесят шэсць год.

- Я прашу Вас скончыць гэтую прыкрую і смешную сцэну.

- Калі ласка, праводзьце гэтага пана ў більярдавы пакой, Кульгамэ.

- Hе.

- Вы правядзеце яго ў більярдавы пакой.

- Hе.

- Мне было б непрыемна, Кульгамэ, калі б такі даўні службовы стасунак, што звязвае Вас з гэтым гатэлем, быў спынены з прычыны Вашае адмовы выконваць звычайны загад.

- У гэтым гатэлі, пане дырэктар, ніколі яшчэ не ішлі насуперак жаданню госця, калі ён хацеў, каб яго ніхто не турбаваў. Вядома, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўмешваліся найвышэйшыя сілы. Гестапа. Тады мы нічога зрабіць не маглі.

- Прашу лічыць гэты выпадак умяшаннем найвышэйшых сіл.

- Хіба Вы з гестапа?

- На гэткія пытанні не адказваю.

- Прашу зараз адвесці пана ў більярдавы пакой, Кульгамэ.

- Ці Вы, пане дырэктар, першы хочаце запляміць наш штандар гарантаванай таямніцы?

- Тады, пане доктар, я сам праводжу Вас у більярдавы пакой.

- Толькі цераз мой труп, пан дырэктар.

Трэба быць такім прадажным, такім старым, як я, каб ведаць, што існуюць рэчы, якіх купіць немажліва; грэх перастае быць грахом, калі больш няма дабрадзейства; а што такое дабрадзейства - няможна ўведаць, калі ты не ведаеш, што ёсць нават вулічныя жанчыны, якія адмаўляюць пэўным кліентам. Але я павінен быў ведаць, што ты ёсць свіння. Колькі тыдняў у маім пакоі наверсе я вучыў цябе, як незаўважна браць «на чай»: купюры і манеты; гэта трэба ўмець: непрыкметна браць грошы, бо грашы «на чай» - гэта душа нашай прафесіі. Я займаўся з табою, і гэта была дурная праца - каб цябе навучыць сяму-таму, але ты захацеў надурыць мяне пры гэтым: пераконваў мяне, што ў нас былі для трэніровак тры аднамаркавыя манеты, але ж іх было чатыры; на адну ты хацеў мяне ашукаць. Ты заўсёды быў такая вось свіння, ты ніколі не ведаў, што існуюць рэчы накшталт: «Гэтак не робіцца»; і цяпер ты робіш нешта такое, што не робіцца. Між тым ты навучыўся браць «на чай», і, напэўна, не раз то былі трыццаць срэбранікаў.

- Вяртайцеся зараз жа на сваё рабочае месца, Кульгамэ, я займуся гэтай справай. Дайце дарогу, я Вас папярэджваю...

Толькі цераз мой труп; а ўжо ж без дзесяці адзінаццатая, а праз дзесяць хвілін ён усё адно сыдзе сюды па сходах. Вам варта было толькі трошкі падумаць, і нікому не быў бы патрэбны гэты тэатр; але нават у гэтыя дзесяць хвілін - толькі цераз мой труп! Вам ніколі не было вядома, што такое гонар, бо вы не ведалі, што такое адсутнасць гонару. Вось стаю перад Вамі я, Ёхэн, гатэльны фактотум, прадажны, з ног да галавы абцяжараны заганнымі ведамі; але толькі цераз мой труп вы пройдзеце ў більярдны пакой.

 

3

 

Фэмель даўно ўжо не гуляў па правілах, не хацеў рабіць серый, збіраць ачкі; біў па шары, часам ціхенька, часам рэзка і моцна; калі глядзець збоку, дык без мэты і сэнсу; кожны раз, калі шар стукаўся аб два іншыя, для яго з зялёнага Нічога ўтваралася новая геаметрычная фігура; зоркавае неба, дзе рухомыя былі толькі мала якія кропкі; шляхі камет, белае на зялёным, чырвонае на зялёным; сляды праблісквалі і адразу ж патухалі; лёгкія шолахі вызначалі рытм фігур, што паўставалі: пяць, шэсць разоў, калі шар пасля ўдару дакранаўся да борцікаў ці да іншых шароў; толькі паасобныя гукі вылучаліся сваёй вышынёю сярод манатоннасці, крывыя лініі былі прывязаныя да вуглоў, падпарадкоўваліся законам геаметрыі і фізікі; энергія штуршка, якую ён праз кій перадаваў шару, і крыху энергіі трэння; усё можна было памераць. Гэта замацоўвалася ў мазгах; імпульсы, што давалі ператварыць сябе ў фігуры; ніякага пастаяннага кшталту, а толькі мімалётнае; гэта ўсё знікала, калі шар каціўся; часцяком ён гуляў цэлыя паўгадзіны адным шарам: белым на зялёным фоне, толькі адна-аднюткая зорка на небасхіле; лёгка, ціха, музыка без мелодый, жывапіс без карціны, толькі цень колеру, адна формула.

Хлопец з бледным тварам стаяў на варце каля дзвярэй, абапёршыся аб лакіравана-белую фрамугу: рукі, закладзеныя за спіну, нага - за нагу, у фіялетавай форме абслугі гатэля «Прынц Генрых».

- Нешта, пане доктар, вы сёння мне нічога не расказваеце.

Фэмель падняў галаву, адклаў кій убок, узяў цыгарэту, запаліў, потым выглянуў на вуліцу, над якой распасцёр свой цень сабор Святога Севярына. Практыканты, грузавікі, манашкі - вулічны рух; шэрае восеньскае святло, адбіваючыся ад фіялетавых аксамітных фіранак, рабілася амаль срэбраным; прыпозненыя госці снедалі, аздобленыя велюравымі фіранкамі; пры гэткім асвятленні нават яйкі, вараныя ўсмятку, выглядалі як нешта заганнае, а пачцівыя твары хатніх гаспадынь, калі на іх падала гэтае святло, здаваліся распуснымі; кельнеры ў фраках з вачыма, поўнымі разумення, былі падобныя да Вельзевулаў, пасланцаў самога Асмадэя; а гэта ж былі звычайныя члены прафсаюзаў, якія захоплена чыталі пасля працы перадавіцы сваёй прафсаюзнай газеты; тут можна было падумаць, што яны хаваюць свае капыты пад умела сканструяванымі артапедычнымі апаратамі; хіба з іх белых, жоўтых і чырвоных ілбоў не павырасталі зграбныя рожкі? Здавалася, што і цукар у пазалочаных цукроўніцах - гэта не цукар; пераўтварэнні адбываліся тут: віно было ўжо не віно, хлеб - ужо не хлеб, усё пад уплывам святла рабілася складнікам таемных заганаў; тут рабілася святое дзейства, а імя божышча не дазвалялася вымаўляць уголас, яго можна было толькі згадваць у думках.

- Што ж табе, хлопча, расказаць?

Яго ўспаміны ніколі не лучыліся са словамі і вобразамі, а толькі з пэўнымі рухамі. Бацька - гэта была яго хада, гарэзлівая дуга, якую апісвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка - гэтак, што цёмна-блакітная стужка, падшытая ўнізе ў калашыне нагавіцаў, паказвалася на хвілю, калі ён раніцой праходзіў каля лаўкі Грэца да Кронэравай кавярні; маці - гэта была складаная і пакорлівая фігура, якую выпісвалі яе рукі, калі яна сашчэплівала іх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: «Які благі гэты свет», «як мала ў ім чыстых сэрцаў»; яна ўсё гэта крэсліла рукамі ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота - гэта былі яго ногі, што маршыруюць, калі ён праходзіць у ботах праз сенцы і далей, па вуліцы; «вораг-вораг», - рытмічна выстуквалі на плітках тратуара яго ногі, тыя самыя ногі, што яшчэ не так даўно выстуквалі іншы рытм: «брат-брат». Бабуля - рух, які яна рабіла ўсе семдзесят гадоў і які цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, які застаўся жыць у пакаленнях і які кожны раз абуджаў у ім страх; яго дачка Рут ніколі не бачыла сваёй прабабкі, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нічога не ведаючы, яна адкідала валасы рукою з ілба тым самым жэстам, што і яе прабабка.

Фэмель бачыў і сябе самога - як ён нахіляўся па біту для лапты, шукаючы сваю сярод іншых; як ён круціў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кінуць туды, куды ён хоча, - так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама і левай рукой перахапіць біту і стукнуць па мячыку з усёй сілы абедзвюх рук - каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету.

Ён бачыў сябе, як ён стаіць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахіляецца, выпроствае, б'е. Усё залежала толькі ад разліку; іншыя былі дурні: не ведалі, што час падзення мячыка можна разлічыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькі часу трэба, каб зручна перахапіць біту, і што ўсё астатняе - гэта толькі пытанне каардынацыі і трэніроўкі; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабіць гэта на лузе, у парку, у садзе; ім было невядома, што існуюць формулы, якія можна выкарыстаць, вагі, на якіх можна ўзважыць мячыкі. Толькі крыху фізікі, крыху матэматыкі і практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставіліся да абодвух прадметаў, якія тут былі патрэбныя; яны з пагардаю ставіліся да трэніровак, гультаявалі, практыкаваліся з дапамогай сумніцельных сентэнцый, плавалі ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлін быў для іх невядома чым; нават такое слова, як «лот», ператваралася ў іх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот - гэта ж зусім ясна: леска, кавалак волава; яго закідалі ў ваду, фіксавалі, калі грузіла дакраналася да дна; потым леску выцягвалі і мералі па ёй глыбіню вады; але калі яны казалі «кінуць лот», гэта гучала як кепская ігра на аргане; яны не ўмелі ні гуляць у лапту, ні чытаць Гёльдэрліна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае.

Яны круціліся перад самай лініяй, хацелі не даць яму як след стукнуць, крычалі: «Ну, Фэмель, давай, бі!»; іншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцы - ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалі пасланыя ім мячыкі, якіх усе баяліся; найчасцей іх знаходзілі ўжо на вуліцы - там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя коні выходзілі з брамы бровара; далей быў відзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нібы дзіця, белыя аблокі пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфі шыпелі ацэтыленавыя газарэзкі; рабочыя ў звышурочныя гадзіны нешта зварвалі на параходзе, што будаваўся для «Сілы праз Радасць»; блакітнаватыя і срэбныя іскры сыкалі, а кляпальныя малаткі... малаткі выбівалі такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзілы беспаспяхова супрацьстаялі вераб'ям; бледныя тварам пенсіянеры з пагаслымі піпкамі чакалі і не маглі дачакацца першага чысла наступнага месяца - толькі ўспаміны пра рухі, што Фэмель тады рабіў, выклікалі ў ягоным уяўленні тыя вобразы, словы і фарбы: «Ну, Фэмель, давай!» было схаванае за формуламі; і вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы і далонь лёгка прытрымлівалі яго: мячык павінен быў сустрэць як найменшае супраціўленне; біта была ўжо ў другой руцэ - самая доўгая ў параўнанні з астатнімі (нікога не турбавалі законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зірнуць на гадзіннік: тры хвіліны і трыццаць секунд да свістка настаўніка гімнастыкі - і ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне - як гэта здарылася, што хлопцы з гімназіі Прынца Ота, не супраціўляючыся, згадзіліся, каб іх настаўнік гімнастыкі судзіў рашаючую гульню? Настаўніка звалі Бернгард Вакера, але яны клікалі яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалічны, трохі тлуставаты, пра яго казалі, нібыта ён платанічна кахае хлопцаў; яму вельмі даспадобы былі пірожныя з крэмам і фільмы-меладрамы, у якіх дужыя хлопцы-бландзіны пераплывалі рэкі, а потым ляжалі на лузе са сцяблінкаю ў роце, заглядаючы ў блакітнае неба і чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любіў копію галавы Антонія, што стаяла ў ягоным пакоі сярод фікусаў і паліц з літаратурай пра фізічную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцірае пыл; Бен Вакс, які называў сваіх улюбёнцаў мілымі хлопчыкамі, астатніх жа - шыбенікамі.

- Ну, давай ужо, шыбенік, - сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свісток.

Але да свістка заставаліся яшчэ тры хвіліны і тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калі ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабіць свой удар, а Шрэла, які чакае свайго вызвалення на меце, будзе павінен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногі альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды праціўніка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забіраў Нэтлінгер, які гуляў у адной з ім і Шрэлам камандзе, і кідаў мячык праціўніку проста ў рукі, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар, - Бен Вакс жа стаяў побач і свісцеў, калі траплялі ў Шрэлу, свісцеў, калі Нэтлінгер спакойна кідаў мячык праціўніку ў рукі, свісцеў, калі Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухіліцца; гульня была імклівая: мячык лётаў то ў адзін, то ў другі бок - ці толькі ён адзін заўважаў гэта? І не заўважаў ніхто з тых шматлікіх гледачоў у стракатых шапачках і са стракатымі сцяжкамі, што, разгарачаныя ад напружання, чакалі канца гульні? За дзве хвіліны і пяцьдзесят секунд да фінальнага свістка лік у гульні быў 34:29 на карысць гімназіі Прынца Оты - і, можа, у тым, што бачыў хіба што толькі ён адзін, была прычына, што каманда праціўніка згадзілася, каб судзіў гульню Бен Вакс, іхні настаўнік гімнастыкі.

- Ну давай, бі, шыбенік, праз дзве хвіліны дам свісток.

- Даруйце, але - праз дзве і пяцьдзесят секунд, - адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкінуў высока мячык, перахапіў імгненна біту і стукнуў; па сіле ўдару, па тым, як спружыніла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзін з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так і не змог яго згледзець: пачулася глыбокае «а-а-ах!» з натоўпу гледачоў, і гэты вокліч шырыўся, рос, нібы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, набліжаецца Шрэла - павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пісяг; суддзі падлічвалі: сем, восем, дзевяць; астатнія гульцы каманды наўмысна-павольна праходзілі паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ і дзесятае ачко; «отаўцы» ўсё яшчэ шукалі мячык, поўзаючы на карачках далёка на другім баку вуліцы ў траве пад мурам бровара; у фінальным свістку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. «38:34 на карысць гімназіі Людвіга!» - абвясцілі суддзі. Гучнае «а-а-ах!» перарасло ва «ўра!» і бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю біту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясціў рукаятку, надаўшы біце патрэбны вугал нахілу, а пасля націснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы ніжэй ад рукаяткі, дзе біта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзіўленыя, абступілі яго і збянтэжана маўчалі; яны бачылі ў гэтым нейкі знак - што славуты Фэмелеў кій быў паламаны; мярцвяна-бела выглядалі трэскі ў месцы палому; і ўжо хлопцы пачалі тузаць адзін аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блішчалі ад хвалявання, - і ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнім вечарам 14 ліпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс між тым гнаў шасцікласнікаў гімназіі Людвіга - каб яны пазбіралі сцяжкі, што стаялі на кожным рагу пляцоўкі. Далёка на другім баку вуліцы, пад мурам бровара, усё яшчэ відны былі блакітна-жоўтыя футболкі: «отаўцы» ніяк не маглі знайсці мячыка; вось яны марудна пасунуліся назад, сабраліся ў цэнтры пляцоўкі, выстраіліся ў шарэнгу, чакаючы яго, капітана каманды, каб услед за ім крыкнуць «гіп-гіп-ура!»; Фэмель павольна наблізіўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла і Нэтлінгер стаялі там поруч; здавалася, што нічога не адбылося, зусім нічога; а малодшыя вучні ўсё за яго спінай яшчэ змагаліся за «сувеніры»; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публікі, нібы фізічную пакуту, і тут ён тры разы крыкнуў: «Гіп-гіп-ура!» «Отаўцы» зноў, як пабітыя сабакі, рушылі шукаць мячык; не знайсці мячыка лічылася за найстрашэннейшую ганьбу.

 

- Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлінгеру; ён сказаў: «Перамагчы любой цаной»; а менавіта ён рызыкаваў нашай перамогай - толькі дзеля таго, каб у праціўніка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсім, быў з імі ў змове; я гэта заўважыў, адзін я.

Калі ён ішоў да распранальні, яго апанаваў страх перад Шрэлам і перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая імгла цягнулася ад ракі, падымалася над лугамі, абкладвала, нібы слоем ваты, будынак, у якім мясціліся распранальныя кабіны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзіліся са Шрэлам? Падставілі яму падножку, калі ён у перапынку сыходзіў па лесвіцы, і ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкі? Лапка акуляравай аправы прабіла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзіў па аптэчку першай дапамогі ў настаўніцкі пакой. Нэтлінгер са здзеклівай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнік мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалі на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалі яго ў пад'езды, білі яго - сярод сметніц і дзіцячых вазкоў, потым скінулі яго з цёмных падвальных сходаў, і ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай і прарослай бульбай, сярод запыленых слоікаў: ляжаў, аж пакуль нейкі хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкі, не ўбачыў яго і не паклікаў жыхароў дома. Толькі некалькі іхніх таварышаў не бралі ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель і Гольтэн.

За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзілі ў госці да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, які належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалі сабе забавы на старых чоўнах, на спісаных пантонах, вудзілі рыбу, забраўшыся ў лодку.

 

Ён спыніўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў міфічным запале хлопцы гаварылі пра легендарны палёт мячыка; нібыта мячык той знік у звышчалавечых сферах.

- Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нібы камень, пушчаны з волатавай прашчы.

- Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

- Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.

- Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт.

Калі Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклі; у гэтым раптоўным маўчанні адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалі яго - які зрабіў тое, у што ніхто не здолеў бы паверыць, пра што ніхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апісаць палёт таго мячыка?

Басанож, накінуўшы на плечы вялікія ручнікі, яны шпарка пабеглі ў душ; застаўся адзін Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзіў; і толькі цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла ніколі не прымаў душ пасля гульні, ніколі не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдліку, на твары была жоўтая і блакітная пляма, вакол вуснаў, з якіх ён ужо абцёр кроў, - вільготны след; на руках і плячах былі відаць сінякі ад удараў мячыка, які «отаўцы» ўсё цяпер яшчэ недзе шукалі; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулі, надзеў куртку, выцягнуў з кішэні кніжку і пачаў чытаць: «Увечары, калі званы звястуюць мір...»

Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавідзець - толькі ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальніку, які нанёс той удар; Фэмель усміхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкі, знайшоў там сваю адзежу і хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальні; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбіў у тынку надпіс: «Фэмелеў удар, 14 ліпеня 1935 г.».

Пахла скурай - ад гімнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю - што паабтрэслася з футбольных, гандбольных і бейсбольных мячоў і грудкамі пазабівалася ў шчыліны бетоннай падлогі; у куце стаялі брудныя бела-зялёныя сцяжкі, сохлі развешаныя футбольныя сеткі, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом віднеўся пажоўклы дыплом: «Піянерам футбола, пачатковаму класу гімназіі святога Людвіга. 1903 г. Прэзідэнт зямельнага ўрада»; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелі васемнаццацігадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымі цягліцамі; вусатыя, з жывёльным аптымізмам глядзелі яны ў будучыню, якую рыхтаваў ім лёс; ім было наканавана гнісці пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могілках герояў Шато-Цьеры быць аб'ектам прымірэнчых выказванняў, якія ўпісваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнігу наведнікаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранікала вільготная імгла, што цягнулася лагоднымі воблакамі ўдоўжкі рачных берагоў; з карчмы, што паблізу, далятала пераднядзельная гамонка нізкіх мужчынскіх галасоў, хіхіканне афіцыянтак, бразгатанне піўных кухляў, а ў канцы калідора пачыналі рабіць сваё гульцы ў кеглі, каціліся шары, расстаўляліся кеглі, чулася трыумфальнае «ax!» і «ох!» - як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калідор, пранікала ў распранальню.

Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стуліўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад ім, і ён не мог болей адцягваць тае хвілі; яшчэ раз праверыў, ці добра завязаны гальштук, расправіў апошнія складачкі на каўняры спартыўнай кашулі - ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, - глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзіў, ці ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а між тым з душа паявіліся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра «Робертаў удар».

- Пойдзем разам?

- Пойдзем.

Яны падняліся патаптанымі бетоннымі сходнямі, на якіх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мінулае вясны: паперкі ад цукерак, пачкі ад цыгарэт; яны ўзышлі на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалі лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкі ішлі яны разам па дамбе, што вяла сярод нізкай імглы быццам бы на другі бераг ракі; гудкі параходаў, чырвоныя ліхтары і зялёныя - на сігнальных рубках суднаў; каля верфі ў паветры ўспыхвалі чырвоныя іскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фігуры; моўчкі яны дайшлі да моста, у паўзмроку падняліся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчаніку былі ўвекавечаныя жаданні маладых людзей, што вярталіся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягніка, што праімчаўся па мосце, даў ім магчымасць памаўчаць лішнія пару хвілін: на заходні бераг везлі партыю шлаку; чыгуначнікі сігналілі ліхтарамі, свісткі кіравалі цягніком, які пачаў заварочваць на правую каляю; унізе ў тумане ішлі на поўнач караблі, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весці размову.

 

- І я тады спыніўся, Гуга, абапёрся аб парэнчы, тварам да ракі, выцягнуў з кішэні цыгарэты, даў адну Шрэле, ён прыкурыў мне, і мы курылі моўчкі, а за нашымі спінамі цягнік, грукочучы, ужо з'язджаў з моста; унізе пад намі ціха плылі на поўнач цугам грузавыя баркасы; з-пад покрыва імглы даносіўся іх мяккі плёскат; толькі зрэдку вочы ўлоўлівалі пабліскванне іскраў над карабельнымі камбузамі; на колькі хвілін усё сціхла, пакуль наступнае судна не прайшло пад мостам на поўнач - на поўнач, да туманаў Паўночнага мора, - а мяне ахапіў страх, Гуга, бо я мусіў зараз спытацца ў яго і ведаў, што калі зраблю гэта, мяне зацягне вір, з якога я ўжо не здолею выбрацца; гэта была, напэўна страшэнная таямніца, дзеля якой Нэтлінгер рызыкаваў выйгрышам сваёй каманды, а «отаўцы» згадзіліся, каб гульню судзіў Бен Вакс; цяпер была амаль што непранікальная цішыня, і гэта надавала вялікую вагу пытанню, якое я павінен быў задаць і якім я мусіў абцяжарыць вечнасць; я ўжо развітваўся, Гуга, яшчэ не ведаючы, куды і ў імя чаго я збіраюся рушыць; я развітваўся з цёмнаю вежай Святога Севярына, што ўзвышалася над густым слоем імглы, з бацькоўскім домам, які стаяў недалёка ад гэтай вежы і ў якім мая маці якраз заканчвала накрываць на стол да вячэры, папраўляла срэбранае начынне, асцярожна расстаўляла кветкі ў вазончыкі, адпіваючы з графінаў, каштавала віно: ці гэта белае ахалоджана добра, а чырвонае - не? Субота, якая святкавалася ўрачыста, як шабас; маці ўжо разгарнула імшал, каб паводле яго тлумачыць нам нядзельную літургію сваім пяшчотным голасам, што гучаў нібы вечны адвент; голасам ад слоў «Пасві авечак маіх»; я развітваўся з сваім пакоем, вокны якога глядзелі ў сад, а ў тым садзе старажытныя дрэвы стаялі ў пышнай зеляніне; у тым садзе я заглыбляўся аддана ў матэматычныя формулы, у строгую крывізну геаметрычных фігур, у празрыстыя, як зіма, стэрэаметрычныя пабудовы, што ўзнікалі пад маім цыркулем, пад маім пёркам з тушшу - там я рысаваў кірхі, касцёлы, якія збіраўся калі-небудзь пабудаваць. Шрэла стрэліў недакуркам у туман, што сцяліўся ў нас у нагах; чырвоная кропка, круцячыся, паляцела долу; Шрэла з усмешкаю павярнуўся да мяне, чакаючы майго пытання, якога я яшчэ не задаў; ён страсянуў галавою. Ланцуг ліхтарняў на беразе ясна вылучаўся на фоне густога слоя імглы.

- Хадзем, - сказаў Шрэла. - Яны ўжо блізка, хіба не чуеш?

Я чуў, як яны ідуць, балюстрада ўжо дрыжала пад іхнімі нагамі: яны размаўлялі пра мясціны, куды яны неўзабаве збіраюцца выехаць на вакацыі - Альгой, Вэстэрвальд, Бадгаштайн, Паўночнае мора, - яны гаварылі пра Робертаў удар. На хаду мне было лягчэй задаць яму тое пытанне.

- Чаму, - спытаў я, - чаму? Хіба ты жыд?

- Hе.

- Дык хто тады?

- Мы - авечкі, - адказаў Шрэла, - і пакляліся, што ніколі не пакаштуем бычынага прычасця.

- Авечкі, - я баяўся гэтага слова. - Што гэта, нейкая секта? - спытаў я.

- Можа, і так.

- Але ж не партыя?

- Hе.

- Я не здолею, - сказаў я, - я не змагу быць авечкаю.

- Ты хочаш пакаштаваць бычынага прычасця?

- Hе, - адказаў я.

- Ёсць такія пастыры, - сказаў ён, - што не пакідаюць свайго статка.

- Хутчэй, - сказаў я, - хутчэй. Яны ўжо блізка.

Мы спусціліся цёмнымі сходамі з заходняга боку, а калі мы апынуліся на вуліцы, я на хвіліну завагаўся; мне трэба было паварочваць дадому направа, а Шрэле - налева; але я пайшоў за ім, налева, дзе вуліца паварочвала да горада і вілася паміж дрывотняў, вугальных шупак і гародчыкаў. За першым паваротам мы спыніліся, ужо ў густой паласе туману, і сталі сачыць за ценямі хлопцаў з нашай каманды, што, нібы чорныя постаці, рухаліся на балюстрадзе моста. Мы чулі, як гулка адбіваюцца іх крокі, чулі гоман іх галасоў, калі яны сыходзілі ўніз, чулі гучнае рэха ад іх падкаваных боцікаў, чулі, як нечы голас крыкнуў: «Нэтлінгер, Нэтлінгер, пачакай!» Моцнае рэха ад гучнага Нэтлінгеравага голасу пераляцела цераз раку і, разбіўшыся аб быкі моста, вярнулася да нас, а пасля згубілася недзе за намі, у гародчыках і сховах крамаў - рэха Нэтлінгеравага крыку: «А дзе ж гэта падзелася наша авечка з ейным пастырам?» Залп смеху, адбіўшыся некалькі разоў, зваліўся на нас, нібы чарапкі разбітай пасудзіны.

- Ты чуў? - спытаў Шрэла.

- Чуў, - адказаў я. - Авечка і пастыр.

Мы глядзелі на цені тых, што ад нас адсталі і ішлі цяпер балюстрадаю, глуха гучалі ў праходзе іх галасы, потым, калі яны выйшлі на вуліцу, галасы пагучнелі, адбіваючыся ад выгібаў моста: «Робертаў удар...»

- Мне трэба, - сказаў я Шрэле, - ...мне трэба ведаць усё дакладна.

- Хадзем, - адказаў ён, - я табе пакажу.

Мы прабіраліся навобмацак праз туман, уздоўж агароджаў з калючага дроту, потым убачылі драўляны паркан, які пах яшчэ свежай драўнінай і свяціўся жаўтаватым колерам; лямпачка над замкнутай брамай асвятляла эмаліраваную шыльдачку: «Міхаэліс - вугаль, кокс, брыкеты».

- Ці пазнаёш гэтую дарогу? - спытаў Шрэла.

- Пазнаю, - адказаў я, - сем гадоў таму мы часта хадзілі тут разам і гулялі ўнізе ў Трышлераў. А дзе цяпер Алоіс?

- Ён шкіпер, як і даўней яго бацька.

- А твой бацька па-ранейшаму кельнер у прыбярэжнай карчме?

- Hе, ён цяпер у Верхнім Порце.

- Ты хацеў нешта паказаць мне?

Шрэла выцягнуў цыгарэту з рота, сцягнуў з сябе куртку, ссунуў з плячэй помачы, падняў кашулю і павярнуўся спінай да слабай лямпачкі: уся спіна была ў дробных, велічынёю з фасоліну, чырванавата-сініх шнарах. «Абсеяная шнарамі, - падумалася мне, - вось як можна сказаць дакладней».

- Божа, - сказаў я, - што гэта?

- Гэта Нэтлінгер, - адказаў Шрэла. - Яны робяць гэта ўнізе, у казармах каля Вільгельмавага рова. Бен Вакс і Нэтлінгер. Яны называюць гэта дапаможнай паліцыянцкай службай; мяне яны схапілі пад час аблавы на жабракоў у Партовым квартале; за дзень было арыштавана трыццаць восем жабракоў, адным з іх быў я. Дапытвалі нас з дапамогай пугі з калючага дроту. Яны сказалі: «Прызнайся, што ты - жабрак», а я пацвердзіў: «Сапраўды, я - жабрак».

 

Спозненыя госці ўсё яшчэ снедалі: смакталі памаранчавы сок, нібы грахоўны трунак; бледнатвары хлопец, абапёршыся аб дзвярную фрамугу, стаяў нерухома, як стод; ад фіялетавага колеру ліўрэі твар яго здаваўся амаль што зялёным.

- Гуга, Гуга, ты чуеш, што я кажу?

- Я, пане доктар, ... я чую кожнае слова.

- Калі ласка, прынясі мне кілішак каньяку, вялікі.

- Зараз, пане доктар.

 

Калі Гуга сыходзіў да рэстарана, востра бліснуў яму перад вачыма Час - вялікі каляндар, які ён мусіў перагортваць штораніцы; ён перагарнуў ужо вялікі кардонны ліст з лічбай, што абазначала дзень, засунуў яго пад шыльдачкі з назвамі месяца і года: 6 верасня 1958 года. У яго кружылася галава: усё, пра што ён пачуў, адбывалася задоўга перад тым, як ён нарадзіўся, - гэта адкідала яго назад на дзесяцігоддзі, на цэлыя паўстагоддзі: 1885, 1903 і 1935 - гэта было недзе далёка ззаду, схаванае ў часе, але ж і прысутнае тут; яно гучала ў голасе Фэмеля, які стаяў, абапёршыся аб більярдны стол, і глядзеў на плошчу перад саборам Святога Севярына. Гуга мацней ухапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў паветра - як той, хто вынырваў з-пад вады, адплюшчыў шырока вочы і адным скачком схаваўся за вялікай калонай.

Бо па сходах долу якраз ішла яна, басанож, у апратцы пастушкі, веючы пахам авечага гною, якім было прапахлае яе рыззё, што спавівала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з'есць сваю прасяную кашу, з ёй - кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып'е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўні; яна прывозіла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозіла авечы гной у маленькіх карабках і ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялізны; па снеданні яна гадзінамі праседжвала ў вестыбюлі - вязала і вязала, час ад часу хадзіла ў бар па шклянку вады, паліла сваю кароткую піпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногі - так, што была відаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваіх вучняў і вучаніц, якія, апранутыя, як яна, і гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалі яе, седзячы са скрыжаванымі нагамі на канапе, вязалі пруткамі, раз-пораз адкрывалі карабкі, што ім давала іх майстрыня, і ўдыхалі пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкі часу яна адкашлівалася і пыталася сваім дзявочым голасам з канапы: «Як мы ўратуем свет?» А вучні і вучаніцы адказвалі: «Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако - і праз вязанне на прутках». Дзынканне пруткоў, цішыня, адзін хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрыні свежай вады, і зноў мяккі дзявочы голас запытаўся з канапы: «Дзе хаваецца блаславенне свету?» І ўсе адказалі: «У авечцы!» Яны зноў адкрылі карабкі, пачалі з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час бліскалі фотаўспышкі, алоўкі журналістаў хутка спісвалі лісткі рэпарцёрскіх нататнікаў.

Гуга павольна адступіў яшчэ далей назад, калі яна абыходзіла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабіліся суровымі, калі яна заставалася з ім сам-насам: яна лавіла яго на сходах, заказвала яму прынесці малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылівала малако ва ўнітаз, напаўняла шклянку каньяком і з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзіў да дзвярэй.

- Ці табе яшчэ ні адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлігіі? Я зраблю цябе вялікім, багатым, і яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хіба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што іхнюю нуду можна запоўніць толькі новай рэлігіяй - і чым дурнейшай, тым лепш? Ідзі сабе - ты занадта дурны.

Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчыніць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ білася ненармальна хутка, калі ён выходзіў з-за калоны і павольна спускаўся ўніз да рэстарана.

- Кілішак каньяку ў більярдную для пана доктара, вялікі.

- Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара...

- Якая такая сварка?

- Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмінова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк і - змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых і маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.

Яна выглядала так, быццам піла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацістую сукенку, насіла залацістыя чаравікі, залацістую шапачку і муфту з ільвінае шкуры. Яе выгляд выклікаў агіду, а некаторыя госці з забабонамі нават закрывалі твар рукою, калі яна з'яўлялася. Пакаёўкі кідалі працу праз яе, кельнеры не хацелі яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калі ёй удавалася яго злавіць, мусіў гадзінамі гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былі нібы курыныя кіпці; па-людску выглядала толькі цыгарэта ў яе вуснах. «Каханне, мой хлопча... я ніколі не спазнала, што гэта такое; не было ніводнага чалавека, які здолеў бы не выказаць сваёй агіды перада мною; мая маці праклінала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агіду проста ў твар; у мяне была прыгожая і маладая маці, малады і прыгожы быў бацька, былі мае браты і сёстры; яны б атруцілі мяне, каб толькі здолелі набрацца смеласці на гэта; яны называлі мяне: Гэткае-што-не-павінна-было-нарадзіцца - мы жылі высока, у жоўтай віле пад сталеплавільняю; увечары тысячы рабочых выходзілі з заводскай брамы, іх чакалі з усмешкамі дзяўчаты і жанкі; смеючыся, яны ішлі ўніз па гразкай вуліцы; я ж бачу, чую, маю адчуванні нюху, дотыку, як усе астатнія людзі, умею пісаць, чытаць, лічыць і адрозніваць на смак - ты першы чалавек, які вытрымлівае побач са мною больш як паўгадзіны, чуеш ты, - першы!»

Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кінула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: «Гуга, дзе гэта Гуга?»; і калі хлопец паціснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкі; прыдзвернік, што адчыніў іх перад ёю, апусціў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вуліцы, адразу насунула на твар вэлюм.

«У гатэлі я яго не нашу, - казала яна Гугу, - няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вуліцы, яны гэтага не заслужылі».

 

- Я прынёс каньяк, пане доктар.

- Дзякуй табе, Гуга.

Гуга любіў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзіў штораніцы а палове дзесятай і вызваляў яго да адзінаццаці, надаваў яму адчуванне вечнасці; хіба не было так заўсёды, хіба не стаяў ён ужо стагоддзі пры гэтых лакіравана-белых дзвярах, заклаўшы рукі за спіну, назіраючы за ціхай гульнёй, слухаючы аповяд, які пераносіў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакідалі яго ў рэчаіснасць таго лістка календара, што вісеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, і заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцікамі, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю; два, тры разы сысці ўніз па вялікі кілішак каньяку; час не быў тут аніякай велічынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна білі гадзіннікі, дарэмна рухаліся стрэлкі, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакідалася на месцы, калі прыходзіў Фэмель - якраз у той час, калі было найболей працы: старыя госці ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусіў стаяць тут, аж пакуль гадзіннік на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзінаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзіннікі, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акіянаў; рэчаіснасць сюды не даходзіла, прыціскалася звонку, нібы да шкла акварыума ці да вітрыны крамы; яна губляла свае вымярэнні, захоўваючы толькі адно-адзінае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзіцячых выцінанак, яны ўсе мелі часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькі; яны бездапаможна біліся аб сцены, што былі таўсцейшыя за цэлыя стагоддзі са шкла; удалечыні быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей - вакзал і нерэальныя цягнікі: «хутк.» і «пас.», «прыг.» і «баг.»; чамаданы везліся да пагранічных станцый; рэальныя былі толькі тры більярдныя шары, што каталіся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фігуру: Фэмель ударам кія ствараў бясконцасць, што ўтрымлівалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.

- Ці будзеце расказваць далей, пане доктар?

- Хочаш слухаць?

- Хачу.

Фэмель усміхнуўся, адпіў каньяку з кілішка, запаліў новую цыгарэту, узяў у руку кій і ўдарыў па чырвоным шары: чырвонае і белае пакаціліся па зялёным.

- Праз тыдзень пасля гэтага, Гуга...

- ... Пасля чаго?

Фэмель усміхнуўся зноў.

- ...Пасля той гульні 14 ліпеня 1935 года, якую хлопцы ўвекавечылі ў тынку над бляшанай шафкаю, праз тыдзень пасля той гульні я быў рады, што Шрэла напомніў мне дарогу, што вяла да Трышлеравага дома. Я стаяў на балюстрадзе старой вагоўні, у Ніжнім Порце; адтуль як на далоні была відаць уся дарога, што бегла паміж шупак з дровамі і вугалем, спускалася да крамы будматэрыялаў, а адтуль ішла да порта, абгароджанага ржавым жалезным бар'ерам; тут былі цяпер адно што карабельныя могілкі. Апошні раз я быў там за сем гадоў да таго, але гэтых гадоў магло быць і пяцьдзесят; калі мы разам з Шрэлам хадзілі ў госці да Трышлера, мне было трынаццаць; доўгія ланцугі баржаў кідалі ўвечары якар каля падножжа схілу; жонкі шкіпераў з кошыкамі для пакупак сыходзілі па хісткіх кладках на бераг; у жанчын былі свежыя твары, а ў позірках - упэўненасць; мужчыны, занудзіўшыся без піва і газет, сыходзілі на бераг услед за жанкамі; Трышлерава маці ўсхвалявана пераглядала свае тавары: капусту, памідоры, серабрыстую цыбулю, што ў пучках вісела на сцяне; а на дварэ аўчар даваў кароткія і рэзкія каманды сабакам, каб яны жвавей заганялі авечак у загарадку; на другім баку - гэта значыць тут, Гуга, - свяціліся газавыя ліхтарні, жаўтлявае святло запаўняла белыя шары, якія ланцугом цягнуліся на поўнач у бясконцасць; Трышлераў бацька запальваў свяцільні ў карчме, а Шрэлаў бацька з ручніком пад пахаю прайшоў у глыб двара, у шынок для грузчыкаў, дзе мы, хлопцы - Трышлер, Шрэла і я, - разбівалі на дробныя кавалкі камлыгі лёду і абкладвалі гэтымі кавалкамі скрыні з півам.

Цяпер жа, Гуга, праз сем год, у гэты дзень 21 ліпеня 1935 года, на ўсіх парканах злузвалася фарба, і я заўважыў, што каля вугальных сховішчаў Міхаэліса абноўленая была толькі брама; за парканам гібелі зваленыя ў груду брыкеты; я раз-пораз аглядаў усе звіліны дарогі, каб пераканацца, што за мною ніхто не сочыць; я быў змораны, адчуваў, як пякуча балелі раны на спіне, як пульсаваў гэты боль; дзесяць хвілін на дарозе ніхто не паяўляўся; я глядзеў на вузкую рухомую палоску чыстай вады, што злучала Ніжні Порт з Верхнім: ніводнай лодкі не было відно; я паглядзеў на неба: самалётаў там не было, і я падумаў: ты, здаецца, надаеш сабе занадта вялікае значэнне, калі мяркуеш, што яны вышлюць самалёты, каб цябе шукаць.

Я зрабіў тое, Гуга: я пайшоў разам са Шрэлам у маленькую кавярню Цона на вуліцы Буасэрэ, дзе збіраліся авечкі; я паўшэптам сказаў гаспадару пароль «Пасві авечак маіх» і прыняў прысягу - гледзячы проста ў вочы маладой дзяўчыне, якую звалі Эдыт, - што ніколі ў жыцці не пакаштую бычынага прычасця; пасля ў цёмным пакойчыку ад чорнага ўвахода я сказаў прамову, поўную цьмяных выразаў, гучанне якіх не наводзіла на думку пра авечак: гэтыя словы мелі прысмак крыві, бунту і помсты, помсты за Фэрдзі Прогульске, якому яны адсеклі галаву раніцай таго дня; тыя, што сядзелі вакол стала і слухалі мяне, выглядалі так, нібы гэта ім адсеклі галовы; яны спалохаліся і зразумелі цяпер, што дзіцячая сур'ёзнасць не менш сур'ёзная, чым дарослая; у іх вачах былі страх і ўпэўненасць, што Фэрдзі ўжо сапраўды няма сярод жывых: яму было семнаццаць год, ён займаўся бегам на сто метраў, быў вучнем сталяра; я толькі чатыры разы бачыў яго - і не забуду яго да скону: два разы ў Цонавай кавярні і два разы ў нас дома; Фэрдзі прабраўся ў кватэру Бена Вакса і, калі той выходзіў са спальні, кінуў яму пад ногі бомбу; у Бена Вакса былі толькі апёкі ступняў ног; у калідоры разляцелася на кавалкі вялікае люстра, пахла спаленым чорным порахам; дурнота, што вынікала з дзіцячае шляхетнасці... чуеш, Гуга, ты праўда чуеш, што я кажу?

- Чую.

- Я чытаў Гёльдэрліна: «Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае...», a Фэрдзі чытаў толькі Карла Мая, і было падобна на тое, што мы абодва прапаведавалі адну і тую шляхетнасць; ён адпакутаваў за сваю дурноту пад катавай сякерай - на досвітку, калі царкоўныя званы клікалі на ютрань, у пякарнях хлопчыкі-разносчыкі булак пералічвалі іх, кладучы ў свае торбы, калі тут, у гатэлі «Прынц Генрых» падавалі сняданак першым гасцям, калі шчабяталі птушкі, дзяўчаты-малочніцы ў пантофлях на гумовых падэшвах заходзілі ў ціхія пад'езды дамоў, каб паставіць бутэлькі з малаком на чыстыя какосавыя ходнікі, ганцы на матацыклах імчаліся па горадзе, ад слупа да слупа, наклейваючы паведамленні ў чырвонай рамцы: «Пакаранне смерцю! Вучань Фердынанд Прогульске», - і гэтыя афішкі чыталі тыя, хто рана ўстае: трамвайшчыкі, вучні і настаўнікі - усе тыя, хто ўранку, паклаўшы сняданак у сумку альбо кішэнь, спяшаліся да трамваяў, не паспеўшы яшчэ разгарнуць мясцовую газету, дзе вялікімі літарамі было набрана: «Навука ўсім іншым», і я прачытаў гэта, Гуга, якраз тады, калі вось тут, на рагу вуліцы, чакаў «сямёрку».

Голас Фэрдзі ў тэлефоннай трубцы (калі гэта было, учора ці пазаўчора?): «Ну, дык прыйдзеш, як дамаўляліся, у Цонаву кавярню?» Хвіля маўчання. «Прыйдзеш ці не?» - «Прыйду».

Эндэрс паспрабаваў быў яшчэ зацягнуць мяне за рукаў у вагон, але я вырваўся, пачакаў, пакуль трамвай заверне за рог вуліцы, і пабег на супрацьлеглы прыпынак, з якога яшчэ сёння адпраўляецца шаснаццаты; праз ціхія прадмесці я паехаў да Рэйна, потым мы аддаляліся ад яго, аж пакуль трамвай не звярнуў на пятлю паміж баракамі і кар'ерамі, дзе бяруць жвір. Каб зіма, холад, дажджы, зацягнутае хмарамі неба - тады б гэта было не так невыносна, думаў я, але тут, дзе я гадзінамі блукаў сярод маленькіх гародчыкаў, глядзеў на абрыкосы і гарошак, памідоры і капусту, дзе чуў звон піўных пляшак, званочак прадаўца марожанага, што стаяў на скрыжаванні вуліц і накладаў ванільнае марожанае ў крохкія вафельныя вядзерцы... Яны не могуць рабіць гэтага, думаў я, не могуць есці марожанае, піць піва, абмацваць рукой абрыкосы, калі Фэрдзі... Недзе апоўдні я пакрышыў свой хлеб маркотным курам, што выкрэслівалі няўмелыя геаметрычныя фігуры ў пыле і памёце на двары гандляра старызнаю; аднекуль з акна данёсся жаночы голас: «Гэтага хлопца яны... Ты чытаў?», а мужчынскі голас адказаў: «Да д'ябла, сціхні! Я ж ведаю...» Я выкінуў рэшткі хлеба курам і пабег далей; заблудзіўся сярод грэбляў і артэзіянскіх крыніц, потым зноў апынуўся на нейкім канцавым прыпынку, праехаў цераз незнаёмыя мне прадмесці, вылез з трамвая, вывернуў кішэні сваіх штаноў: на пыльную дарогу пасыпаўся чорны порах, я пабег далей, зноў праз грэблі, двары, паміж сховаў, фабрык, гародчыкаў, хат, каля кінатэатра, дзе касірка якраз падымала акенца касы. Трэцяя гадзіна? Якраз трэцяя. Пяцьдзесят пфенігаў. На тым сеансе я быў адзіны глядач; спёка пасялілася на бляшаным даху; каханне, кроў, ашуканы каханак выцягвае нож; я заснуў і прачнуўся толькі, калі месцы ў зале займалі гаманлівыя гледачы сеанса на шэсць гадзін; хістаючыся, я выйшаў на двор. Дзе ж гэта падзеўся мой партфель з кніжкамі? Ці я забыў яго ў кіно? Ці каля кар'ера са жвірам, дзе я доўга сядзеў, гледзячы на грузавікі, з якіх сцякала кроплямі вада; а можа, там, дзе я крышыў хлеб маркотным курам? Голас Фэрдзі ў тэлефоннай трубцы - ці гэта было ўчора, ці пазаўчора? «Ну, дык прыйдзеш, як дамаўляліся, у Цонаву кавярню?» Хвіля маўчання. «Прыйдзеш ці не?» - «Прыйду».

Спатканне з чалавекам з адсечанай галавой. Дурнота, якая мне ўжо дорага абышлася, бо цана была занадта высокая; Нэтлінгер чакаў мяне перад Цонавай кавярняй; яны зацягнулі мяне ў Вільгельмаў роў, білі пугай з калючага дроту, паслужлівыя нарогі аралі маё цела; праз іржавыя краты ў акне я бачыў адхон пагорка, на якім я гуляў дзіцёнкам; мячык увесь час скочваўся ўніз, я падбіраў яго; калі я трывожна паглядаў на ржавыя краты, мне здавалася, што за бруднымі шыбамі тоіцца нядобрае; Нэтлінгер ударыў зноў.

У камеры я паспрабаваў сцягнуць з сябе кашулю, але яна была гэтаксама парваная на шматкі, як і мая скура; яны пашчапляліся паміж сабою, і калі я цягнуў кашулю за каўнер альбо за рукаў, мне здавалася, што я праз галаву сцягваю з сябе скуру.

 

Кепскія былі хвілі, падобныя да той, калі я, стомлены, стаяў на балюстрадзе вагоўні, мая гордасць за тое, што пацярпеў ад ворагаў, была слабейшая за боль; мая галава ўпала на парэнчы, губамі я дакранаўся да ржавага прэнта, і горыч знішчанага надвор'ем жалеза здавалася мне прыемнаю на смак; яшчэ адну хвіліну хады да Трышлеравага дома, і я даведаюся, ці яны мяне там чакаюць; я спалохаўся: рабочы з бідонам пад пахай ішоў угору па вуліцы, потым знік у дзвярах крамы будаўнічых матэрыялаў. Спускаючыся сходамі, я так моцна абшчаперваў парэнчы, што ад іх вялікімі кавалкамі адвальвалася ржа.

Вясёлы рытм молатаў, які я чуў тут сем гадоў таму, аддаваўся цяпер адно змораным рэхам у груканні малатка на пантоне, дзе пажылы мужчына разбіраў паром; закруткі-гайкі з глухім стукам падалі ў картонную скрынку, дошкі ўдараліся аб зямлю так, што было адразу чуваць, наколькі яны паспелі згніць; а пажылы мужчына абстукваў рухавік, слухаў яго вуркатанне, як біццё сэрца найдаражэйшай істоты, нахіляўся нізка над брухам парома, выцягваў наверх паасобныя часткі: шрубкі, закруткі, насадкі, цыліндры; разглядаў іх пры святле, нюхаў іх, перш чым кінуць у скрынку з гайкамі; за паромам стаяла старая лябёдка, на ёй віселі рэшткі сталёвага троса, разлезлага, як збуцвелая панчоха.

Успаміны пра людзей і падзеі заўсёды звязваліся з успамінамі пра рух, адбітак якога замацаваўся ў маёй памяці. Калі я, перавесіўшыся праз парэнчы балюстрады, падымаў і апускаў галаву, падымаў і зноў апускаў яе, назіраючы за вуліцай, - успамін пра гэты рух абуджаў у маёй свядомасці словы і колеры, вобразы і настроі. Hе тое, як выглядаў Фэрдзі, а тое, як ён падпальваў запалку, як лёгка ўскідваў галаву, кажучы «але, але» - «не, не»; зморшчыны на Шрэлавым ілбе, яго пацісканні плячыма, бацькава хада, матчыны жэсты, рух бабулінай далоні, калі яна адкідала пасму валасоў з ілба, - а той стары чалавек, там, унізе, што якраз ачышчаў вялікую шрубу ад гнілых рэшткаў дрэва, то быў Трышлераў бацька; гэтая рука рабіла рухі, якія магла зрабіць толькі гэтая рука: я прыглядаўся да яе, калі яна адчыняла скрыні і зноў забівала іх цвікамі; кантрабандны тавар, што схаваны ў цёмных вантробах судна, вандраваў цераз мяжу: ром і разынкі, цыгарэты і шакалад; у шынку для грузчыкаў на прыстані гэтая рука рабіла рухі, якія яна адна магла зрабіць; стары падняў галаву, падміргнуў мне і сказаў: «Але ж тая, уверсе, дарога, сынку, нікуды не вядзе».

- Яна вядзе да Вашага дома, - адказаў я.

- Той, хто хоча прыйсці да мяне, з'яўляецца з боку вады, нават паліцыя; і мой сын прыплывае сюды на лодцы, але рэдка, вельмі рэдка.

- Ці паліцыя ўжо там?

- Чаму ты пытаешся, сынку?

- Бо яны мяне шукаюць.

- Што-небудзь спёр?

- Hе, - адказаў я. - Толькі і ўсяго, што я адмовіўся частавацца бычыным прычасцем.

Судны, падумаў я, судны, цёмныя ўнутры, з капітанамі, спрактыкаванымі ў адшукванні мытнікаў; мне не спатрэбіцца многа месца - не больш як скатанаму дывану; схаваны ў скатаным парусе я хачу пераплысці мяжу.

- Хадзі сюды ўніз, - сказаў Трышлер. - Там уверсе цябе могуць убачыць з другога берага.

Я павярнуўся да яго спінай і пачаў паволі ссоўвацца долу, трымаючыся за купкі травы.

- Ах, гэта ты, - сказаў стары. - Ты... я ведаю цябе, але прозвішча твайго не памятаю.

- Фэмель, - адказаў я.

- Ну вядома ж, цябе шукаюць; пра гэта казалі ў ранішніх навінах, і я павінен быў адразу здагадацца, калі яны перадавалі апісанне тваёй знешнасці: чырвоны шнар на пераноссі; гэта здарылася тады, калі мы пад час паводкі перапраўляліся на той бераг і ўрэзаліся ў апору моста, бо я не разлічыў хуткасці плыні; ты выцяўся галавою аб жалезны кант на лодцы.

- Вось акурат пасля гэтага мне не дазвалялі прыходзіць сюды.

- Але ж ты прыходзіў.

- Ужо нядоўга - потым мы пасварыліся з Алоісам.

- Хадзем, але прыгінайся, калі мы будзем ісці пад перасоўным мостам, бо наб'еш сабе гузак, і табе не дазволяць прыходзіць сюды. Як табе ўдалося ўцячы ад іх?

- Нэтлінгер на досвітку прыйшоў у маю каморку і вывеў мяне да чорнага ўвахода - туды, дзе пачынаюцца падземныя пераходы, што вядуць да чыгуначнага насыпу поблізу Вільгельмавага рова. Ён сказаў мне: «Змывайся - але я магу табе даць толькі адну гадзіну форы: праз гадзіну я павінен буду паведаміць у паліцыю; я пятляў па ўсім горадзе, перш чым прыйшоў сюды да цябе».

- Так-так, - сказаў стары. - Значыць, вы збіраліся кідаць бомбы! Збіраліся рабіць змовы і... учора я ўжо аднаго перапраўляў за мяжу.

- Учора? - спытаўся я. - Каго ж гэта?

- Шрэлу, - адказаў ён. - Ён хаваўся тут, і я ледзьве яго ўгаварыў адплысці на «Ганне-Катарыне».

- Гэта ж Алоіс заўсёды марыў быць штурманам на «Ганне-Катарыне»!

- ...І зрабіўся ім. А цяпер - пайшлі.

Спатыкаючыся, я ішоў за Трышлерам да яго дома, уздоўж пахіленага набярэжнага мура каля падножжа ўзгорка; я падымаўся і падаў зноў, падымаўся, і пры гэтых рэзкіх рухах кашуля то адрывалася ад скуры, то зноў прыляплялася да яе; ад няспыннага болю я амаль знепрытомнеў; у гэтым стане рухі, колеры, пахі з тысячаў успамінаў перапляталіся, накладваліся адно на адно; боль выцясняў размаітыя таемныя знакі зменных колераў, зменных накірункаў, зменных нахілаў.

Паводка, думалася мне, паводка: мяне заўсёды цягнула кінуцца ў ваду - каб яна панесла мяне да шэрых даляглядаў.

У паўсонных лятунках мяне доўга турбавала пытанне, ці можна ў збане схаваць пугу з калючага дроту; у маіх успамінах рухі ператвараліся ў лініі, якія складваліся ў фігуры: зялёныя, чорныя, чырвоныя фігуры былі падобныя да кардыяграм, у якіх адлюстроўваюцца жыццёвыя рытмы пэўнага чалавека; рэзкі рух, якім Алоіс Трышлер выцягваў вудачку з вады, калі мы лавілі рыбу ў Старым Порце; рух, якім ён закідваў леску з прынадай; яго рука, што плыве ў паветры, паказваючы хуткасць плыні; зялёным па шэрым дакладна вымаляваная рука; тое, як Нэтлінгер падымаў руку, каб шпурнуць мячык Шрэле ў твар; дрыжанне ягоных вуснаў, раздзіманне ноздраў; ён ператвараўся ў шэрую постаць, што сваёй формай нагадвала павучыны след; нібыта з дапамогай тэлеграфаў, якія я не здолеў прывязаць да пэўнага месца, у маёй памяці адбіваліся вобразы: Эдыт увечары пасля той гульні, калі я пайшоў да Шрэлы; твар Эдыт пада мною на траве, у Блесэнфэльдскім парку; калі мы ляжалі там, яе твар быў вільготны ад летняга дажджу; на яе светлых валасах блішчэлі кропелькі вады, сцякалі па яе брывах: вяночак серабрыстых кропляў, што падымаўся і апускаўся ў рытме яе дыхання; гэты вяночак зафіксаваўся ў маёй памяці як шкілет марской жывёліны, знойдзены на ржавым пляжным пяску і памножаны да незлічоных хмарак аднолькавай велічыні; лінія яе рота, калі яна сказала мне: «Яны цябе заб'юць». Эдыт.

У тых лятунках дратаваў мяне згублены школьны партфель - я ж заўсёды быў такі прыкладны, - я выхапіў з-пад дзюбы худой курыцы свой зялёна-шэры том Авідзія; я таргаваўся з касіркаю ў кінатэатры за верш Гёльдэрліна, які яна вырвала з майго падручніка па літаратуры, бо верш надта ёй спадабаўся: «Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае».

Фраў Трышлер прынесла вячэру: малако, яйка, хлеб, яблык; яе рукі зрабіліся маладымі, калі яна прамывала раны на маёй спіне віном; боль выбухаў полымем, калі яна выціскала губку, а віно сцякала па баразёнках ран; потым яна палівала іх алеем, і я спытаў: «Адкуль Вы ведаеце, як гэта трэба лячыць?»

- Як гэта робіцца, ты можаш прачытаць у Бібліі, - адказала яна, - і я ўжо гэтаксама лячыла твайго дружбака Шрэлу! Алоіс вернецца паслязаўтра, а ў нядзелю адправіцца з Рурорта на Ротэрдам! Табе не трэба баяцца, - дадала яна, - яны ўсё зробяць як мае быць, бо пачуваюць сябе на рацэ як на гэтай вуліцы. Яшчэ крыху малака, хлопча?

- Hе, дзякую.

- Hе хвалюйся. У панядзелак альбо ў аўторак ты будзеш у Ротэрдаме. Што здарылася, што з табою?

Нічога. Нічога. Усё яшчэ перадавалі паведамленні, што шукаецца: чырвоны шнар на пераноссі... Бацька, маці, Эдыт - я не хацеў вылічваць дыферэнцыялы пяшчотнасці, не хацеў надакучваць болю модламі; вясёла выглядала рака і белыя прагулачныя параходы з каляровымі сцяжкамі; вясёла выглядалі таксама фрахтавыя судны - чырвоныя, зялёныя і блакітныя, - што перавозілі вугаль і драўніну адсюль туды і адтуль сюды; на другім беразе зялёная алея, снежна-белая тэраса кавярні «Бэльвю», а яшчэ далей за імі вежа сабора Святога Севярына, ярка-чырвоная пасма святла каля гатэля «Прынц Генрых», за сто крокаў ад дома маіх бацькоў; там усе якраз вячэралі, мелі грандыёзную імпрэзу, якой, нібы патрыярх, кіраваў бацька; субота, якую святкавалі як шабас; ці чырвонае віно не занадта ахалоджанае, а белае - не занадта цёплае?

- Яшчэ не хочаш малака, хлопча?

- Hе, дзякуй, фраў Трышлер, напраўду не хачу.

 

Ганцы на матацыклах імчалі па горадзе з плакатамі ў чырвонай рамцы, ад слупа да слупа: «Пакаранне смерцю! Вучань Роберт Фэмель...» Бацька маліўся перад вячэраю: «...Ён адпакутаваў за нас», маці пакорліва накрэсліла ў паветры перад сабою крыж і сказала потым: «Свет благі, так мала чыстых сэрцаў у ім», а Отавы боты ўсё яшчэ выбівалі рытм: «брат-брат» на зямлі, на плітках тратуара, па вуліцы ўніз - да Мадэставай брамы. Гэта «Штыльтэ» загучала сірэнай на рацэ, высокія гукі прарывалі вечаровае неба, белымі маланкамі рабілі барозны ў цёмным блакіце. Я ляжаў ужо на парусным палатне, як чалавек, які сканаў у адкрытым моры і чыё цела павінна быць яму аддадзена; Алоіс падымаў ужо край палатна, каб укруціць мяне ў яго; мне быў відзён выразны, вытканы белым па шэрым, надпіс «Морыен. Эймёйдэн». Фраў Трышлер схілілася нада мной, заплакала, пацалавала мяне, а Алоіс пачаў павольна скручваць палатно, як быццам мой труп быў асабліва каштоўны; ён ускінуў мяне сабе на плячо. «Сынку, - крыкнуў стары, - сынку, не забывайся на нас!»

Вячэрні брыз; яшчэ раз загула сірэна «Штыльтэ» з лёгкім напамінам, у загарадцы бэкалі авечкі, марожаншчык крычаў: «Марожанае! Марожанае!»; потым змоўк: напэўна якраз клаў ванільнае марозіва ў крохкія вафлі. Памост, па якім нёс мяне Алоіс, лёгка прагінаўся пад маімі нагамі; нечы ціхі голас спытаўся: «Гэта ён?» І Алоіс таксама ціха адказаў: «Ён». На развітанне ён шапнуў мне: «Думай пра тое, што вечарам у аўторак будзеш у Ротэрдаме». Мяне неслі іншыя рукі, па сходах уніз; там пахла машынным маслам, вугалем, пасля - драўнінай; здалёк чуўся спеў сірэны, «Штыльтэ» здрыганулася, глухое вуркатанне рухавіка пачало мацнець, і я адчуў, што мы плывём, плывём уніз па Рэйне, усё далей і далей ад вежы Святога Севярына.

 

Цень ад сабора Святога Севярына падпоўз бліжэй, запоўніў ужо левае акно більярднага пакоя, закрануў правае; час, які сонца гнала перад сабою, набліжаўся, нібы пагроза, запаўняў вялікі гадзіннік, які неўзабаве мусіць выпрастацца ад яго, выдаўшы з сябе жахлівыя гукі; белыя на зялёным, чырвоныя на зялёным каціліся шары; гады, рассечаныя напалову, гады, узваленыя адзін на адзін - і секунды, секунды, што падаюцца спакойным голасам, нібы вечнасці; каб толькі не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзіннікам, з авечай прапаведніцай, з Гэткім-што-не-павінна-было-нарадзіцца; каб толькі яшчэ раз пачуць наказ: «Пасві авечак маіх», пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнім дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што ішлі па кладках, і мячык, які ўдарыў Роберт - Роберт, які ніколі не каштаваў бычынага прычасця, які моўчкі гуляў далей, выбіваючы сваім кіем на тых двух квадратных метрах усё новыя і новыя фігуры.

- А ты, Гуга, - спытаў ён прыцішана, - ці ты не хочаш мне сёння нічога расказаць?

 

- Hе ведаю, колькі часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды білі. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўніваўся, што ўсе яны пайшлі палуднаваць, а жанчына, што прыходзіць прыбіраць у школе, сустракала мяне ўнізе ў калідоры і пыталася: «Што ты тут яшчэ робіш, хлопчык? Маці дома, напэўна, чакае цябе».

Але мне было боязна, і я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе і зачыніць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачыніць школу, але, калі ў мяне атрымлівалася застацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзіў у партах і ў выварках для адкідаў, якія прыбіральшчыца выстаўляла ўнізе ў вестыбюлі для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткі бісквітаў. Вось так я заставаўся ў школе адзін, і ніхто мне нічога не мог зрабіць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўніцкім гардэробе, за дзвярыма, што вялі ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазірнуць у акно і ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылі, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзінамі, да самага вечара, калі я мог спакойна адчыніць акно і вылезці на вуліцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: ці можна знайсці што-небудзь больш бязлюднае, чым гэткі школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часіна, пакуль яны скемілі, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўніцкім гардэробе альбо пад самым акном і чакаў чагосьці, што мне было вядома толькі як слова: нянавісці. Я так хацеў бы ненавідзець іх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькі страх. Былі дні, калі я чакаў толькі да трэцяй альбо чацвёртай гадзіны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлі і я здолею хутка перабегчы цераз вуліцу, каля Майдавай стайні, і паўз могілкі даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў ім. Але яны падмянялі адзін аднаго, хадзілі палуднаваць па чарзе - бо адмовіцца ад ежы, гэтага яны не маглі, - і калі яны беглі да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, што яны елі на абед: бульбу з падліўкай, смажанае мяса альбо зеляніну са скваркамі; і калі яны мяне лупцавалі, я ўсё думаў: у імя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерці, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае раніцы чытаюць малітву, штонядзелі прымаюць прычасце, і ад таго, што ў іх на кухнях вісяць распяцці - над тымі сталамі, за якімі яны ядуць сваю бульбу з падліўкаю, смажанае мяса альбо зеляніну са скваркамі? Ніякай карысці. Што мне з усяго гэтага, калі яны кожны дзень падпільноўваюць мяне і збіваюць на горкі яблык? Пяцьсот ці шэсцьсот год ужо - яны нават ганарыліся, што ў іх такі старажытны сабор, - можа, нават тысячу год яны хавалі сваіх продкаў на могілках, тысячу год маліліся і елі пад распяццем бульбу з падліўкай і скваркі з зелянінай. Дзеля чаго? І ці ведаеце, што яны выкрыквалі, калі лупцавалі мяне? - «Авечка божая». Гэта была мая мянушка.

 

Чырвоныя на зялёным, белыя на зялёным - новыя фігуры паўставалі, нібы знакі, і хутка знікалі: нічога ад іх не заставалася; музыка без мелодыі, жывапіс без вобразу, шары звінелі, адскокваючы ад чорнага борціка.

 

- Пазней я паспрабаваў іншы спосаб: зачыніў на ключ дзверы ў доме, заставіў іх мэбляю, усім, што папалася пад руку: скрынямі, розным хломаздам, матрацамі; тады яны выклікалі паліцыю, і паліцыянты прыйшлі, каб вывесці вучня-гультая; яны атачылі дом, крычалі: «Гэй ты, вісус! Выходзь!»; але я не выйшаў; тады яны ўзламалі дзверы, адсунулі мэблю і выцягнулі мяне, завялі ў школу - я зноў быў адлупцаваны, кінуты ў прыдарожную канаву, абазваны «авечкай божай». Ён сказаў: «Пасві авечак маіх»; але яны не пасвілі яго авечак, калі гэта ўвогуле былі яго авечкі. Усё марна, пане доктар: марна дзьме вецер, марна падае снег, марна квітнеюць дрэвы і ападае лісце - яны ядуць сваю бульбу з падліўкай альбо свае скваркі з зелянінай.

Часам нават мая маці была дома, п'яная і брудная, пахнучы смерцю, трупнымі выпарэннямі; яна крычала: «навошта-навошта-навошта-навошта»; выкрыквала гэта часцей, чым усялякія «злітуйся з нас» ва ўсіх магчымых модлах; я траціў розум, калі яна гэтак цэлымі гадзінамі крычала: навошта-навошта-навошта-навошта; і я ўцякаў з дому, бег па дажджы, галодны, да ботаў, да ўсяго цела прыляплялася гліна; я ўвесь быў аблеплены мокраю глінаю; я хаваўся на бурачных градках, але ахвотней ляжаў у суглінкавых барознах: хай лепш на мяне ліецца дождж - адно каб не чуць таго жахлівага «навошта-навошта»; і здаралася, што часам хтосьці меў літасць да мяне, адводзіў мяне дахаты, у школу, у тую багадзельню, што называлася Дэнклінген; і яны зноў лупцавалі мяне, абзывалі «авечкай божай», а маці зноў мармытала сваю бясконцую жахлівую малітву: «навошта-навошта-навошта-навошта»; і я зноў уцякаў, і зноў да мяне мелі літасць, але гэтым разам мяне завялі ў прытулак. Там мяне ніхто не ведаў - ніхто з дзяцей і ніхто з дарослых, - ды не прайшло і двух дзён, там, у прытулку, як яны таксама пачалі называць мяне авечкай божай - і я спужаўся, хоць яны мяне не білі: яны толькі смяяліся з мяне, бо я не ведаў гэтулькі слоў; я не ведаў слова «снедаць», я ведаў толькі «есці» - у любы час дня, калі толькі было што есці альбо я што-небудзь знаходзіў; але калі я прачытаў на дошцы: «Снеданне: 30 г масла, 200 г хлеба, 50 г мармеладу, кава з малаком», - я спытаўся ў аднаго хлопца: «Што гэта значыць, «снеданне»?» І ўсе яны абступілі мяне, дарослыя прыйшлі таксама; яны смяяліся і пыталі: «Снеданне, хіба ты не ведаеш, што гэта такое, хіба ты ні разу не снедаў?» «Hе», - адказаў я. Тады нехта з дарослых спытаўся: «А ў Бібліі хіба ты ніколі не сустракаў слова «снеданне»?» А яшчэ адзін дарослы спытаў у таго першага: «А Вы ўпэўненыя, што ў Бібліі можна сустрэць слова «снеданне»?» «Hе, - адказаў першы, - але дзесьці, у нейкай чытанцы ці дома, павінен жа ён быў пачуць слова «снеданне», яму ж хутка будзе трынаццаць; гэта ж горш, як у дзікуноў; можна цяпер уявіць сабе ступень заняпаду яго мовы». Я не ведаў таксама пра тое, што нядаўна была вайна, і яны пыталіся ў мяне, ці я таксама ніколі не бываў на могілках, дзе на надмагільных камянях было напісана «Паў смерцю...», і я адказаў ім, што, вядома, бачыў гэткія надпісы; а калі яны спыталіся, як я гэта разумею, я сказаў, што я ўяўляю гэта так: тыя, што там пахаваныя, упалі, бо былі мёртвыя; тады яны пачалі смяяцца яшчэ больш, чым тады, калі пыталіся ў мяне пра слова «снеданне», а потым вучылі нас гісторыі ад найстаражытнейшага часу; але хутка мне споўнілася чатырнаццаць, пане доктар, і ў наш прытулак прыйшоў дырэктар гатэля; мы, чатырнаццацігадовыя хлопчыкі, мусілі выстраіцца ў шарэнгу перад кабінетам кіраўніка нашага прытулку; ён выйшаў адтуль разам з дырэктарам гатэля. Яны абодва прайшліся перад намі, заглядваючы кожнаму ў вочы і кажучы адно і тое ж: «Да службы; мы падбіраем хлапцоў, прыдатных да службы»; але выбралі яны аднаго мяне. Я мусіў зараз жа ўпакаваць у кардонную каробку свае рэчы і адправіцца разам з дырэктарам сюды; у машыне ён сказаў мне: «Спадзяюся, што ты ніколі не даведаешся, чаго сапраўды варты твой твар. Ты ж сапраўдная «авечка божая», a я пачаў баяцца, пане доктар, і дагэтуль усё яшчэ баюся, чакаючы ўвесь час, што яны будуць мяне лупцаваць».

- Цябе б'юць?

- Hе, ні разу не білі. Я толькі вось вельмі хацеў бы даведацца, што такое - вайна, бо школу ж я мусіў пакінуць, перш чым мне тое растлумачылі. А Вы ведаеце, што такое вайна?

- Ведаю.

- Вы былі на вайне?

- Быў.

- А што Вы там рабілі?

- Мая спецыяльнасць была - выбухі, Гуга. Ці гэта табе што-небудзь гаворыць?

- Ну, бачыў, як падрывалі каменяломні за Дэнклінгенам.

- Якраз тое самае, Гуга, рабіў і я; адно што я падрываў не скалы, а дамы і цэрквы. Пра гэта я нікому не расказваў, апроч маёй жонкі, але яна ўжо даўно памерла; таму цяпер ніхто пра гэта не ведае - ні мае бацькі, ні мае дзеці. Табе вядома, што я архітэктар і, уласна, я быў бы павінен будаваць дамы, але ніколі іх не будаваў, а толькі падрываў, і таксама цэрквы, якія я яшчэ ў дзяцінстве рысаваў на добрай рысавальнай паперы, бо я марыў будаваць іх, ды ніколі не будаваў. Калі мяне забралі ў войска, у маіх дакументах яны знайшлі звесткі, што я пісаў сваю дыпломную працу па адной з праблем статыкі. Статыка, Гуга, - гэта навука, якая даследуе раўнавагу сіл, навука аб стане напружанняў і перамяшчэнні элементаў-носьбітаў пад уздзеяннем пэўных сіл; не ведаючы статыкі, не пабудуеш нават негрыцянскай хаціны; а супрацьлегласць статыкі ёсць дынаміка, гэта назва нагадвае дынаміт, які выкарыстоўваецца для падрываў і мае сёе-тое агульнае з ім. Усю вайну я меў дачыненне толькі з дынамітам. Я трохі разбіраўся ў статыцы, Гуга, меў пэўнае ўяўленне пра дынаміку і добра разбіраўся ў дынаміце: «праглынуў» усе кнігі, што закраналі гэтую тэму. Калі нешта хочаце падарваць, трэба толькі ведаць, куды памясціць ладунак і якая павінна быць сіла выбуху. Я ўсё гэта ведаў, Гуга, і гэтак вось падрываў: падрываў масты і шматпавярховыя гмахі, цэрквы і чыгуначныя віядукі, раскошныя вілы і скрыжаванні шасэйных дарог; за гэта мяне ўзнагароджвалі ордэнамі і падвышалі ў званні: з лейтэнанта на обер-лейтэнанта, з обер-лейтэнанта на гаўптмана; мне давалі таксама дадатковыя адпачынкі і выносілі падзякі - бо я так добра ведаў, як трэба падрываць. А напрыканцы вайны я быў падначалены ў пэўнага генерала, у якога ў галаве сядзелі толькі два словы: сектар абстрэлу. Ці ведаеш ты, што такое - сектар абстрэлу? Hе?

Фэмель падняў більярдны кій вышэй ад пляча і пачаў цэліць ім, нібы карабінам, у напрамку вежы сабора Святога Севярына.

- Бачыш, - сказаў ён, - калі б я зараз захацеў абстраляць мост там, за Святым Севярынам, дык сабор знаходзіўся б у сектары абстрэлу і яго трэба было б падарваць - хутка, як найхутчэй, каб я мог пацэліць у мост; і я скажу табе, Гуга, я падарваў бы гэты сабор, хоць і ведаў добра, што мой генерал - вар'ят і што сектар абстрэлу - гэта таксама вар'яцтва; бо, разумееш, зверху не трэба мець ніякага сектара абстрэлу; зрэшты, кожны самы нават тупагаловы генерал павінен быў ведаць, што пэўны час таму былі вынайдзеныя самалёты; ды мой генерал быў вар'ят і ўмеў толькі таўчы адно: «сектар абстрэлу» - і я забяспечваў яму гэты сектар абстрэлу; у мяне была добрая каманда: фізікі і архітэктары, і мы падрывалі ўсё, што паўставала на нашым шляху; апошні аб'ект быў асабліва вялікі; нешта такое агромністае і магутнае, цэлы комплекс вялізных і вельмі салідных будынкаў: царква, стайні, манаскія цэлі, адміністрацыйны будынак, фальварак - цэлае абацтва, Гуга; яно апынулася якраз паміж дзвюма арміямі, нямецкай і амерыканскай, і я забяспечваў нямецкай арміі сектар абстрэлу, які ёй, уласна, не быў патрэбны; муры ўкленчвалі перада мною, у хвалях і кароўніках раўло быдла, мніхі пракліналі мяне, але нішто не магло мяне стрымаць; я пусціў у паветра цэлае абацтва Святога Антонія ў даліне Кіса, падарваў яго за тры дні перад канцом вайны. Узорна, заўсёды як трэба - ты ж ведаеш мяне, хлопча.

Ён апусціў кій, якім дагэтуль усё яшчэ цэліў ва ўяўную мішэнь, паклаў яго зноў на сагнуты палец і ўдарыў па більярдным шары; белае пакацілася па зялёным, вострым зігзагам адбілася раз і другі ад чорных борцікаў.

Званы сабора Святога Севярына глуха выціскалі з сябе час, але калі, калі прабіла адзінаццатую?

- Зірні, хлопча, што гэта за шум там, за дзвярыма?

Ён яшчэ раз ударыў па шары: чырвонае пакацілася па зялёным; вычакаўшы, пакуль шары спыняцца, адклаў кій.

- Гэр дырэктар просіць Вас прыняць нейкага гэра Нэтлінгера.

- Ці прыняў бы ты кагосьці, хто носіць прозвішча Нэтлінгер?

- Hе.

- Пакажы мне, як выйсці адсюль не праз тыя дзверы.

- Вы можаце прайсці цераз рэстаранную залу, пане доктар, і адтуль - на Модэстгасэ.

- Да пабачэння, Гуга, да заўтра.

- Да пабачэння, пане доктар.

Балет кельнераў, балет гатэльных служак: яны збіралі на сталы да абеду, перасоўвалі, у дакладна вызначаным парадку, чайны столік ад стала да другога, раскладвалі срэбранае начынне, мянялі вазончыкі з кветкамі, замест белых гваздзікоў у высокіх вузкіх вазах - сціплыя фіялкі ў круглых вазонах; забіралі са стала мармеладавыя сподачкі, ставілі кілішкі пад віно: нізкія - пад чырвонае, высокія - пад белае; з адным-адзіным выключэннем: малако для авечай пастыркі; у крышталёвым графінчыку малако мела шараватае адценне.

Фэмель лёгкай хадою прайшоў паміж радамі столікаў, рассунуў фіялетавыя фіранкі і - апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.

 

4

 

Крокі Леаноры супакойвалі яго; яна асцярожна хадзіла па кабінеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкі скрыняў, развязваючы шнуркі на пасылках, разгортваючы эскізы; яна толькі зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна - толькі калі на якім-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскіз не быў падпісаны. Стары Фэмель любіў парадак і ніколі не падтрымліваў яго. Леанора зробіць гэта за яго; на падлозе вялікага кабінета яна раскладвала ў стосы дакументы і эскізы, лісты і рахункі, упарадкаваныя па гадах; і сёння, як і пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскіх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты - па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было відаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасці.

- Слухаю? - сказаў ён. - Вы можаце перашкаджаць мне, калі захочаце, маё дзіцятка. Гэта? Гэта - лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у верасні яе адчынілі.

Леанора напісала сваім добра чытэльным почыркам на палях эскіза: «1924.09».

Зусім тонкія стосікі ўтварылі ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскізы: лецішча для генерала, паляўнічая хатка для бургамістра, капліца пад апекаю Святога Себасцьяна - для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такімі каштоўнымі адпускнымі днямі; каб магчы пабыць з сваімі дзецьмі, ён бы задарма будаваў генералам замкі.

- Hе, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахі я таксама будаваў.

Фрамуга вялікага акна ў кабінеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялі кожны раз іншыя вобразы; мяняліся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлі, чарнелі, зелянелі; цвілі, адцвіталі кветкі на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзеці бавіліся, рабіліся дарослымі, станавіліся бацькамі, а іх бацькі - дзядулямі і бабулямі; толькі профіль ліній дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставаліся горы, што ў ясныя дні віднеліся на даляглядзе - аж пакуль другая сусветная вайна не змяніла профіль ліній дахаў, не зрабіла ў ёй пярэрваў, у якіх відзён быў серабрысты ў пагодныя дні і шэры - у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былі даўно ўжо зноў запоўненыя, дзеці бавіліся на бляшаных дахах, на процілеглым баку вуліцы на Кільбавай тэрасе з падручнікамі ў руцэ хадзіла туды і сюды яго ўнучка - гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзіла туды і сюды ягоная жонка... ці гэта, можа, не Ёганна чытала там у сонечныя дні, па абедзе, «Падступнасць і каханне»?

Зазваніў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другім канцы дроту:

- Гэта з кавярні Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.

- Колькі асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусіць, досыць будзе пальцаў аднае рукі, каб палічыць усіх?.. Два ўнукі, сын, я і - Вы. Леанора, Вы зробіце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапіла пальцаў аднае рукі.

- Hе, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўляліся. Дзякуй, Леанора.

Пэўна, яна ўважае мяне за вар'ята; але калі я вар'ят, значыць, я быў ім заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу, - і ведаў, што я дасягну таго; толькі аднаго я ніколі не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабіў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькі дзеля прыемнасці самому сабе? Да чаго я імкнуўся, калі тады, ранкам у пятніцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзіў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкі, рухі, дакладны распарадак дня, ад той самай хвілі, калі зрабіў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў складаную харэаграфічную кампазіцыю, у якой збіраўся быць і салістам, і балетмайстрам у адной асобе; статыстаў і дэкарацыі я меў задарма.

У мяне было толькі дзесяць хвілін, перад тым як зрабіць першае па: усяго толькі каб прайсці цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль «Прынц Генрых», перайсці Модэстгасэ і пераступіць парог у кавярні Кронэра. Я паявіўся ў гэтым горадзе ў дзень, калі мне споўнілася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая раніца. Рамізніцкія клячы пільнавалі сваіх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкі ў фіялетавых ліўрэях гатэля «Прынц Генрых» валачылі валізы ўслед за гасцямі на вакзал; падымаліся салідныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы - цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамі гатэля; ротмістр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукі арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.

Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кішэні план горада, я разгарнуў яго і пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, які я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалі сабор і чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранішняй імгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялізны цень, што падаў ад яе, прымусіў мяне задрыжаць; я зноў апусціў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру і кабінет, заплаціўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 - паміж Святым Севярынам і Мадэставай брамай; гэта, мусіць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзіла на другі бок вуліцы. Ён меў адзін кіламетр радыуса - паўкруг, што я накрэсліў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збіраўся ажаніцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькі, што яна - з сям'і патрыцыяў, пра якіх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскім палку і вярнуўся з нянавісцю ў сэрцы, з нянавісцю да коней і афіцэраў; да гэтай нянавісці я ставіўся з павагай, хоць і не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калі я сам зрабіўся афіцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае раніцы, пяцьдзесят адзін год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвішча Бродэм альбо Кузэніус, Кільб альбо Фэрфэ; ёй павінна было споўніцца дзевятнаццаць, і якраз цяпер, менавіта цяпер яна вярталася з ранішняе імшы дадому; пакінуўшы малітоўнік у пярэднім пакоі, яна заходзіла да бацькі якраз у адпаведную хвілю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб - перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калідор і сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпівала філіжанку кавы; «Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!» - і яна чытала мацеры пра дні чарговых баляў. Ці дазволяць ёй пайсці на ўніверсітэцкі баль? Дазволяць.

Самае позняе пад час універсітэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажаніцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзіць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзеці будуць жаніцца, выходзіць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; і, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваіх унукаў, бачыў сябе васьмідзесяцігадовым патрыярхам, што верхаводзіць запачаткаваным сабою родам, - святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя і залатыя вяселлі, хрысціны; немаўляты, якіх кладуць у мае старэчыя рукі, праўнукі, я буду любіць іх, як і маіх маладых і прыгожых нявестак, якіх буду запрашаць на сняданні, якім буду дарыць кветкі і цукеркі, адэкалоны і карціны; я ведаў пра ўсё гэта, калі стаяў там, і быў гатовы выйсці на танец.

Я паглядзеў услед служку, які вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якім ляжалі мая бялізна і мае эскізы; а таксама скураны чамаданчык з паперамі, дакументы і грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацігадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнікаў, у бюро сярэдненькіх архітэктараў; я рысаваў, праектаваў і будаваў рабочыя пасёлкі, прамысловыя будынкі, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзібы, пералапачваў каштарысы, прабіваўся праз напышлівыя моўныя звароты ў асобных пунктах - а драўляны паркет у рызніцы павінен быць выкананы з найлепшай, без адзінага сучка, драўніны; на выраб ліштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.

Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго ці з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынікаў не з адной радасці; былі ў ім кпіны, здзек - можа, нават зласлівасць; але я ніколі не ведаў, колькі чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкія лаўкі, на якіх сядзеў на занятках вячэрніх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасці лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здаваліся мне гэткімі ж пратухлымі, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццаці трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, і яны мяне спакушалі; басанож я шмыгаў па калідорах з застаялым пахам, каб прымаць і аддаваць пяшчоту - і тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадваліся вада з лавандаю і распушчаныя валасы; а ў жахлівых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псаваліся плады, якія ніколі нельга было чапаць, гучалі суровыя словы: «нягоднік», «гонар», «цнатлівасць», і там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлівасці дачок, а ў тварах матак, на якіх было напісана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднікам: шлюбу ніводнай не абяцаў і не хацеў правесці сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псаваліся плады, якія ніколі нельга было чапаць.

Па вяртанні з вячэрніх курсаў я працягваў рысаваць, лічыць і рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў і дрэвы, аблогі хмар і цэрквы, капліцы - у гатычным, раманскім, барочным, бідэрмаераўскім стылі, у стылі ракако - і, калі ласка, у сучасным стылі таксама: доўгавалосыя жанкі, чые адухоўленыя твары луналі над дзвярамі дамоў, а распушчаныя валасы ападалі з абодвух бакоў увахода, нібы заслоны; дакладна над сярэдзінай дзвярэй быў строгі прабор; калі ласка: у тыя запоўненыя працай гадзіны гаспадарскія дочкі, знуджаныя без кахання, прыносілі мне слабую гарбату альбо слабы ліманад, правакавалі мяне да любошчаў, якія ім здаваліся смелымі; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталі, бо ведаў, што яны - хто былі гэтыя «яны»? - найлягчэй давалі сябе падкупіць дэталямі: клямкамі, дэкаратыўнымі кратамі, божымі авечкамі, пеліканамі, якарамі і крыжамі, па якіх з шыпеннем, звіваючыся, паўзлі ўгору - і не маглі ўзпаўзці вышэй - змеі.

Захавалася таксама ў маёй памяці хітрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошні шэф Домгрэве: у найважнейшай хвілі ён нібы знарок выпускаў з рук ружанец; калі пад час агледзін месца набожныя сяляне горда паказвалі ўчастак, што быў вызначаны ім пад будоўлю царквы, калі поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалі пра намер пабудаваць новую святыню - трэба было разам з дробнымі грашыма, гадзіннікам альбо цыгарэтавымі абцужкамі выцягнуць з кішэні ружанец, даць яму ўпасці, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлі; гэта ніколі не магло рассмяшыць мяне.

 

- Hе, Леанора. Вялікае «А» на папках, скрутках з планамі і каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антоні»: абацтва Святога Антонія.

 

Ціха ступаючы па падлозе, яна рабіла сваімі далікатнымі рукамі парадак, які стары Фэмель заўсёды любіў, але ніколі не ўмеў падтрымліваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.

Калі я вар'ят, дык я ім быў ужо тады, калі там, на вакзальнай плошчы, правяраў, ці ёсць у кішэнях дробныя грошы, маленькі нататнік, зялёны футаральчык з алоўкамі, ці добра завязаны мой аксамітны гальштук; калі я абмацваў брылі свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно і другое крысо пінжака ў маім гарнітуры - адзінай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькі Марзіля, настаўніка, які памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагільны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацігадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбіваў у галовы сялянскім дзецям патройнае правіла, дзе вечарамі ў сутонні рабіў праходкі па сцежках уздоўж багністага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, віно і пра славу, якую яму павінны былі здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжыліся два гады, аж пакуль паток крыві не заліў іх і не панёс да цёмных берагоў; засталіся па ім вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнітур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты і на зялёнай фіранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесці жонка ягонага настаўніка; песня, якую праспявалі дзіцячыя вусны над магілаю галоднага настаўніка: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?»

Я зноў азірнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вісеў над білетнаю касай, каб яго маглі лепш разгледзець навабранцы: «Тым, хто служыць у войску, раім набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялізну сістэмы доктара Густава Егера, бялізну з натуральнай тканіны «Палас», запатэнтаваную ва ўсіх цывілізаваных краінах, і арыгінальную рэфармаваную споднюю бялізну сістэмы доктара Лямана». Надышоў час пачынаць свой танец.

Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкі, прамінуў гатэль «Прынц Генрых» і Модэстгасэ і на хвілю завагаўся, перш чым пераступіць парог кавярні Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалі мне маё аблічча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе паміж равінам і акторам-цыганам - чорнавалосы і апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасці на твары; я зноў засмяяўся і адчыніў дзверы; афіцыянты якраз пачыналі расстаўляць на сталах вазоны з белымі гваздзікамі; яны папраўлялі карткі з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымі гальштукамі; дзве маладыя дзяўчыны, адна - бландзінка з ружовым тварам, другая - цёмнавалосая і бледная, раскладалі ў буфеце печыва, бісквіты, падпраўлялі крэмавыя фігуркі, адчышчалі да бляску срэбраныя лапаткі для пірожных. Гасцей не было, а чысціня панавала, як у лякарні перад візітам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкімі крокамі, нібы саліст; статысты і дэкарацыі чакалі мяне; гэта была дрэсіроўка, прытым дасканалая, і мне падабалася тое, як тры кельнеры ішлі да століка, робячы строга акрэсленыя рухі: сальнічка, вазон, лёгкім жэстам папраўленая картка, якая відавочна павінна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальніцы; папяльнічка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, ні ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзілася тырчаць, нічога такога не было.

Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кінуў на крэсла капялюш, побач з ім - нататнік і футаральчык з алоўкамі; потым сеў; кельнеры між тым вярталіся з кухні, бясшумна падпіхваючы перад сабою чайныя столікі, пачалі расстаўляць бутэлечкі з прыправамі, прычапляць газетатрымальнікі; я разгарнуў свой нататнік, перачытаў - які ўжо раз? - газетную выразку, наклееную на франтыспісе вокладкі: «Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у даліне Кіса, паміж паселішчамі Штэлінгерс-Гротэ і Гёрлінгер-Штуль, на адлегласці прыкладна 2 км ад сяла Кіслінген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архітэктар, які адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кільба; Модэстгасэ, 8. Апошні тэрмін надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзіна дня».

 

Я пералазіў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, паміж прызмамі навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмінаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якіх рабіліся дзвярныя і аконныя каробкі; на калашыны маіх штаноў паналіпалі камякі гразі, на жылеце былі плямы вапны; тут, на будоўлі, раз-пораз чуліся моцныя слоўцы; ці камяні для мазаікі, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкі, усё яшчэ ніяк не прывезлі? Выбух гневу, сварка; крэдыты былі спыненыя, а потым зноў пачалі паступаць; майстры стаялі ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкі, выдаваліся грошы за пятніцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кіслінгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягніка, валіўся ў мяккае крэсла; цягнік валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскіх бурачных палёў, праваднік сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклінген», «Додрынген», «Кольбінген», «Шаклінген»; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нібы горы чалавечых чарапоў, ляжалі на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; і далей цягнуліся і цягнуліся бурачныя палі; на вакзале я валіўся ў каламажку, а дома - у абдымкі жонкі, якая цалавала мяне і пяшчотна праводзіла пальцамі па маіх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалі мае рукавы; я піў каву; паклаўшы галаву ёй на калені, курыў доўгачаканую цыгару - шэсцьдзесят пфенігаў штука - і апавядаў ёй пра муляраў ды іх моцныя слоўцы; з імі трэба было толькі бліжэй пазнаёміцца, яны не былі злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзіцца з імі; час ад часу ім трэба было паставіць скрыню піва, расказаць ім на дыялекце адну-другую показку; і толькі ніколі не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногі цэлую скрыню раствору - гэтак, як яны падстроілі, калі прыехаў упаўнаважаны па будаўніцтве ад архібіскупа; альбо скінуць з высокага рыштавання бэльку - так, як яны ўчынілі пад час візіту ўрадавага прадстаўніка: агромністая бэлька разляцелася на кавалкі перад самымі яго нагамі. «Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад іх, а не яны - ад мяне; цяпер, калі гэтулькі ўсяго будуецца паўсюды? І, вядома, яны чырвоныя, чаму ім не быць такімі? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрміны; калі я з камісіямі падымаюся на рыштаванні, досыць аднаго разу падміргнуць ім - і дзівосы робяцца».

 

- Дзень добры пану. Вам снеданне?

- Калі ласка, - адказаў я і адмоўна затрос галавой, калі кельнер падсунуў мне бліжэй картку з меню; я падняў угору аловак і гучна вымавіў усе па чарзе пункты майго заказу - так, нібы я ўсё сваё жыццё ніяк іначай не снедаў: - Кубак кавы, але, калі ласка, не менш як тры філіжанкі, падсмажаны хлеб, два кавалкі жытняга, масла, апельсінавы мармелад, варанае яйка і сыр з папрыкаю.

- Сыр з папрыкаю?

- Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.

- Вельмі добра.

Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымі абрусамі сталы - і прагучала першая рэпліка: статысты былі добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.

- Сыр з папрыкаю? - спытаў кухар з-за акенца.

- Менавіта, - адказаў кельнер, - смятанкавы сыр.

- Спытай у гэтага пана, колькі папрыкі яму трэба да сыру?

Я якраз пачаў рабіць накід вакзальнага фасада, упэўненымі штрыхамі рысаваў на цнатліва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калі вярнуўся афіцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, і, здзіўлены, адарваў аловак ад паперы.

- Дазвольце запытацца, у якой прапорцыі змешваць сыр з папрыкаю?

- Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкі - добра перамяшаць... і, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут і заўтра, і паслязаўтра, і праз тры дні, праз тры тыдні, праз тры месяцы і тры гады - вы чуеце мяне? І заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.

- Слухаю пана.

Гэта было тое, чаго я дамагаўся, - і спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйсняліся гэтак дакладна і ніколі не адбывалася нічога непрадбачанага; праз два дні я ўжо быў «пан, які есць сыр з папрыкаю», праз тыдзень - «той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзіць снедаць», а праз тры тыдні - «пан Фэмель, малады архітэктар, які працуе над вялікім праектам».

 

- Так, так, дзіцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонія; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, - дзесяцігоддзі, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага - адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонія адно зойме цэлую паліцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзіў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.

У рамах з пераменнымі малюнкамі відаць блакітнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профіль лініі дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялікія кубкі з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнуліся на сонцы; вакзал, што віруе адпачынкоўцамі - можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажліва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок «Падступнасць і каханне»? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, ніколі яго надта не дапякалі ні спёка, ні сцюжа; паблізу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ імчалі на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў - і той, найвышэйшы ваявода, таксама; і нахіл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры століку кавярні Кронэра, калі кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усміхаючыся, рысаваў цокаль, на якім яшчэ не было помніка; я заўсёды быў такі ўпэўнены ў будучыні, што сучаснасць здавалася мне закончанай мінуўшчынай - было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярні ці ўжо трохтысячнае? Дзень пры дні ў кавярні Кронэра а дзевятай пры снеданні; толькі адно магло перашкодзіць у гэтым - вышэйшая ўлада: калі мой найвышэйшы ваявода паклікаў мяне пад свае баявыя харугвы - гэты прыдурак, што ўсё яшчэ імчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Ці еў я гэтую своеасаблівую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыцці, бо прыдумаў яе толькі за гадзіну перад тым, у хуткім цягніку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, - каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; ці я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калі кельнер забіраў са стала кілішак для яйка і адсоўваў сподачак з мармеладам?

Увага! Я выцягнуў з кішэні пінжака адзіны надзейны прыбор, які дазваляў мне беспамылкова разбірацца ў гэткіх нечаканых і дакладных мроях: кішэнны каляндарык, абавязкам якога было ў ілжэкраіне фантазіі нагадваць мне пра месца, дзёнь і час; а тады была пятніца, 6 верасня 1907 года, і тое снеданне было маім першым тут; да таго дня я ніколі не снедаў з сапраўднай каваю - піў толькі каву са збожжа; ніколі не еў яйка - а толькі аўсяную кашу, просты хлеб з маслам і кавалачак свежага гурка; але міф, які я хацеў стварыць, нарадзіўся ўжо ў хвілі, калі кельнер перапытаў: «Сыр з папрыкаю?»; гэты міф быў адразу зразуметы і пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публікі. Мне ўжо больш нічога не трэба было рабіць, толькі чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзінаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмі; выпіць бутэльку мінеральнай вады, да яе - кілішак каньяку; сядзець з нататнікам на каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць - а тым часам банкіры ў кампаніі паважных кліентаў праходзілі паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслі за імі ўслед на зялёных падносах бутэлькі з віном; заходзілі слугі царквы з замежнымі калегамі, якіх яны вадзілі па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лаціне, на ламанай ангельскай альбо італьянскай пякноты горада; чыноўнікі з урадавай канцылярыі пацвярджалі свой высокі ранг тым, што могуць дазволіць сабе выпіць тут днём, каля паловы адзінаццатай, філіжанку чорнай кавы і кілішак вішнёўкі; жанчыны, што вярталіся з гародніннага базару з плеценымі скуранымі торбамі, поўнымі капусты, морквы, гарошку і сліў, імкнуліся давесці ўсім яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелі вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкі за танна: яны праглыналі тут пірожныя, выпівалі каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалі; размахваючы лыжачкамі, нібы шаблямі, яны абураліся ротмістрам, які - «на службе, але ж, на службе!» - зрабіў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе - той, з якой - «гэта бачылі, бачылі!» - ён развітаўся толькі а палове шостай раніцы, выйшаўшы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмістр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!

Я разглядаў іх, сваіх статыстаў, і прыслухоўваўся да іхніх слоў; я рысаваў шэрагі крэслаў, шэрагі столікаў і кельнерскі балет; без дваццаці адзінаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе «шчодрым, але ў меру» - пра гэта я недзе вычытаў і падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калі выходзіў з кавярні, і мяне праводзілі паклонамі кельнер і служкі; я ўзнагародзіў кельнеравы вусны, ад якіх пачаў існаваць мой міф, дадатковымі пяццюдзесяццю пфенігамі «на чай»; а тыя ўсе вывучалі мяне з ног да галавы, калі я пакідаў кавярню; яны не падазравалі, што я саліст: стройнаю хадою, эластычнымі крокамі я ішоў паміж тых шэрагаў столікаў і крэслаў, паказваў ім сваю асобу такою, якою яны хацелі мяне бачыць: мастаком у вялікім чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасі больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбіткам вясковасці на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенігаў хлопцу, які адчыніў перада мною дзверы.

Усяго паўтары хвіліны дарогі адтуль да гэтага дома - Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавікі, манашкі: рух на вуліцы; ці ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нібы карабельныя механізмы, рухалі сваімі жалезнымі часткамі туды-сюды, сюды-туды; будаўнічыя паперы друкаваліся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: «Пан архітэктар? Рэчы ўжо наверсе». Грошы «на чай», увапхнутыя ў чырвоную лапу. «Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант». Грымаса. «Ага, тут ужо было двое паноў, якія хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афіцэраў-рэзервістаў».

Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшні дзень, які знікаў недзе ў змроку ў тую самую хвілю, калі ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявіўся неахайны парцье, якога абступалі рэпарцёры; буйныя загалоўкі ў газетах: «Малады архітэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесіі!» Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: «Ён? Паверце, панове, для яго не існуе нічога, апроч працы. Раніцой а восьмай ходзіць да ціхай імшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярні, недзе да паловы адзінаццатай; ад паловы адзінаццатай да пяці выходзіць з рабочага кабінета; нікога не прымае; жыве там наверсе ў сябе - можаце смяяцца, панове - на адным гарохавым супе, які ён сам сабе гатуе; старая маці дасылае яму гарох і сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў більярд у гатэлі «Прынц Генрых», у клубе афіцэраў-рэзервістаў. Дзяўчаты? Пра гэта нічога не ведаю. Штопятніцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору «Нямецкай Суполкі Аматараў Спеваў». Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кішэнь «на чай» - за інфармацыю.

- Сыр з папрыкай? Вельмі цікава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?

Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валізы, бачыў жанчыну ў вэлюме і ружовым капелюшы, чытаў плакат: «Тым, хто ідзе ў войска, раю...», слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў іх штораніцы, калі пасля імшы выходзіў па карэспандэнцыю і газеты; бачыў уланаў, што ехалі на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; штораніцы прыгадваў нянавісць свайго бацькі да коней і афіцэраў, калі аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскіх атак альбо да разведвальных вылазак - імчаў, уздымаючы вялікае воблака пылу; гукі трубы выціскалі слёзы з вачэй ветэранаў, якія спыняліся на вуліцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, і сэрца парцье таксама, тахкалі часцей; дзяўчаты з хустачкамі ператвараліся ў жывыя вобразы, ахалоджвалі ў ранішнім паветры грудзі, гатовыя несці суцяшэнне; а ў тую хвілю парцье ўручаў мне пасылку ад маці: гарох, сала, цыбулю і - блаславенне; маё сэрца не білася часцей, калі ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскі эскадрон.

Я пісаў маці лісты, у якіх заклікаў яе не прыязджаць; я не хацеў далучаць яе да грона статыстаў; пазней, пазней, калі гульня набыла размах, я дазволіў ёй прыехаць; яна была невысокага росту, зграбная і цёмнавалосая, як я; жыццё яе праходзіла паміж могілкамі і касцёлам, а твар і ўся яе постаць падышлі занадта добра да гэтай гульні; яна ніколі не хацела браць у мяне грошай; аднае залатой манеты ў месяц ёй хапала на суп і на хлеб, на дзесяціпфенігавае ахвяраванне царкве штонядзелі і аднапфенігавае - у звычайныя дні; «прыязджай пазней», пісаў я - але пазней стала запозна: яе магіла з'явілася побач з магіламі бацькі, Шарлоты, Маўрыцыя - ніколі больш не ўбачыла яна таго, чый адрас штотыдзень надпісвала на канверце: «Модэстгасэ, 7. Генрых Фэмель»; мне было боязна перад мудрасцю яе пагляду, перад тым непрадбачаным, што маглі вымавіць яе вусны: «Дзеля чаго? Дзеля грошай ці пашаны; каб служыць Госпаду ці людзям?» Мне было боязна перад катэхізісам яе пытанняў, адказы на якія вымагалі адно што іх пераўтварэння ў сцвярджальныя сказы, дзе на канцы стаіць кропка, а не пытальнік. Я не ведаў, дзеля чаго... Toе, што я хадзіў у царкву, не было аблудай, не належала да маёй гульні, хоць магло быць прыпісана ёй; мая гульня пачыналася толькі ў кавярні Кронэра, доўжылася да паловы адзінаццатай, а пасля пятай вечара працягвалася зноў, каб скончыцца а дзесятай; пра бацьку мне было думаць лягчэй, калі ўланы ўжо зніклі за Мадэставай брамай, а шарманшчыкі пачыкільгікалі ў бок прадмесця; яны хацелі быць там досыць рана, каб зайграць самотным хатнім гаспадыням і пакаёўкам на суцеху: «Дзянніца, дзянніца...»; пад вечар яны вярталіся ў горад, каб вячэрнюю меланхолію размяняць на звонкую манету: «Ганнамарыя, Розмарыя», а на другім баку вуліцы Грэц якраз падвешваў дзіка перад дзвярыма ў краму, свежая кроў цёмнымі кроплямі сцякала на асфальт; абапал дзіка віселі фазаны, курапаткі, зайцы; мяккае пер'е, пакорлівая заячая поўсць аздаблялі вялізнае цела дзіка; штораніцы Грэц вывешваў сваю забітую жывёлу - заўсёды так, каб публіка бачыла іх раны; заечае бруха, галубіныя грудзі, распаласаваны бок дзіка; кроў павінны былі бачыць усе; фраў Грэц сваімі ружовымі далонямі раскладвала кавалкі пячонкі сярод грудак грыбоў; ікра, пакладзеная на кускі лёду, паблісквала на фоне вялізных скрынак; лангусты, фіялетавыя, як добра абпаленая цэгла, звіваліся, рухаліся, аслеплыя, натыкаючыся на шкло ў шырокіх і нізкіх акварыумах, чакалі ўмелых рук гаспадыняў, чакалі сёмага, дзевятага, дзесятага, адзінаццатага верасня 1907 года; толькі восьмага, пятнаццатага і дваццаць другога верасня, у нядзелю, фасад Грэцавай крамы не быў у крыві, бачыў я забітую жывёлу і ў 1908, і ў 1909 гадах - толькі ў гадах, калі панавала найвышэйшая сіла, яе не было, - а так я бачыў яе заўсёды, пяцьдзесят адзін год запар; бачу яе цяпер, калі апоўдні ў суботу ўмелыя рукі гаспадыняў вышукваюць астатнія прысмакі да нядзельнага абеду.

 

- Слушна, Леанора, Вы прачыталі слушна: першы мой ганарар быў сто пяцьдзесят тысяч марак. Няма даты? Гэта было, напэўна, у жніўні 1908 года. Безумоўна, так, гэта быў жнівень 1908 года. Вы яшчэ ніколі не елі дзіковага мяса? І нічога не страцілі, калі Вы давяраеце майму густу. Я ніколі яго не любіў. Згатуйце, Леанора, крыху кавы, калі ласка; змахніце гэты пыл зверху ды купіце сабе пірожнае, якое Вам падабаецца. Лухта, ад гэтага не таўсцеюць, не верце ўсякім балбатунам. Сапраўды, гэта было ў 1913 годзе - дамок для пана Кольгера, кельнера з Кронэравай кавярні. Hе, ганарару я не браў.

Колькі разоў я снедаў у Кронэравай кавярні? Дзесяць тысяч, дваццаць тысяч? Я ніколі не лічыў; кожны дзень хадзіў туды, апроч тых дзён, калі гэтаму перашкаджала найвышэйшая сіла.

Я бачыў, як насоўвалася найвышэйшая сіла; стоячы на тым баку вуліцы, на тэрасе дома нумар восем, схаваўшыся за альтанкаю, я глядзеў уніз на вуліцу, бачыў, як яны рушылі ў напрамку вакзала, чуў, як незлічоныя глоткі спяваюць «Варту на Рэйне», выкрыкваюць імя прыдурка, які і сёння там на бронзавай клячы імчыць на захад; да іхніх шапак, цыліндраў, капелюшоў былі прышпіленыя кветкі, кветкі віднеліся і ў пятліцах; у маленькіх скрутках гэтыя людзі неслі пад пахаю нармальную споднюю бялізну сістэмы прафесара Густава Егера; іхняя гамонка ўзнімалася, даходзіла аж сюды, дзе стаяў я; і нават прастытуткі з гандлёвых радоў паадсылалі сваіх кліентаў на мабілізацыйныя пункты - са скруткамі асабліва якаснай цёплай бялізны пад пахаю, - а я дарэмна чакаў, што ўва мне абудзіцца хваля пачуццяў, якія я мог бы падзяліць з тымі, што ўнізе, я адчуваў сябе пустым, самотным, нічога не вартым, няздольным да энтузіязму і не ведаў, чаму я няздольны да яго; я ніколі над гэтым не задумваўся, успамінаў пра сваю сапёрскую форму, прапахлую нафталінам, якая была на мне ўсё яшчэ добрая, хоць шылі яе, калі мне было дваццаць, а я між тым дажыў да трыццаці шасці; у мяне была толькі надзея, што не спатрэбіцца надзяваць яе; хацелася заставацца салістам, а не пераходзіць у статысты; яны ўсе з'ехалі з глузду - тыя, што ішлі там, гарлаючы песні, да вакзала; на тых, хто не мог выйсці разам з імі, глядзелі са шкадобай, і яны адчувалі сябе ахвярамі, бо не маглі там ісці, я быў гатовы лічыць сябе ахвярай і не стаў бы праз гэта шкадаваць. Дома, унізе, у хаце, плакала мая цешча, бо яе сыны ўжо з першай партыяй паехалі на таварную станцыю, дзе грузілі коней; гордыя ўланы, якіх мая цешча аплаквала гордымі слязамі; я стаяў за альтанкаю, яшчэ цвілі гліцыніі, чуў, як унізе мой чатырохгадовы сын напявае: «Мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін...», і я павінен быў бы сысці ўніз і адлупцаваць яго ў прысутнасці маёй гордай цешчы; але я дазволіў яму спяваць, гуляць з уланскім ківерам, што яму падарылі ягоныя дзядзькі, дазволіў яму цягаць за сабою шаблю і выкрыкваць: «Француз капут! Інглішмэн капут! Рус капут!» І я ўспрыняў зусім спакойна словы каменданта гарнізона:

- Мне вельмі прыкра, Фэмель, што мы гэтым разам не можам абысціся без Вас, што Вы не можаце ўзяць удзел ва ўсім, але радзіме таксама патрэбныя людзі, патрэбныя якраз такія людзі, як Вы.

Я займаўся будаўніцтвам казармаў, фартоў, лазарэтаў; ноччу ў сваім лейтэнанцкім мундзіры я кантраляваў пасты на мосце; немаладыя ўжо камерсанты ў яфрэйтарскім рангу, банкіры - простыя салдаты - рупліва аддавалі мне чэсць, калі я падымаўся на мост па сходах і ў святле кішэннага ліхтарыка бачыў непрыстойныя малюнкі, накрэмзаныя на пясчаніку падлеткамі, што вярталіся дамоў пасля купання; каля ўвахода на мост пахла мужчынскасцю ў самым яе пачатку. Дзесьці вісела шыльда: «Міхаэліс - вугаль, кокс, брыкеты», а намаляваная рука паказвала дарогу да сховішча тавару Міхаэліса; і я цешыўся са сваёй іроніі, сваёй вышэйшасці, калі унтэр-афіцэр Грэц дакладваў мне: «Пост пры мосце: унтэр-афіцэр і шэсць чалавек; ніякіх здарэнняў...» і рабіў жэст рукою, які, здаецца, я бачыў у тэатральных камедыях; я казаў: «Вольна!», распісваўся ў каравульнай кнізе, ішоў дадому, пакідаў на вешаку каску і шаблю, ішоў у пакой, дзе сядзела Ёганна, клаў галаву ёй на калені, выкурваў цыгару і нічога не казаў; яна таксама не казала нічога, толькі вяртала Грэцу паштэты з гусінае пячонкі; калі ж абат Святога Антонія дасылаў нам хлеб, масла і мёд, яна раздавала іх іншым; я нічога на гэта не казаў і ўсё яшчэ атрымліваў сняданак у Кронэравай кавярні: сыр з папрыкай дзве тысячы чатырохсоты раз; я па-ранейшаму даваў кельнеру пяцьдзесят пфенігаў на чай, хоць ён не хацеў браць грошай і настойваў на тым, каб заплаціць мне ганарар за праект ягонага дома.

 

Ёганна вымавіла тое, пра што я думаў; яна не піла шампанскага пад час прыёму ў каменданта гарнізона, не ела паштэту з заечага мяса і адмаўляла ўсім, хто запрашаў яе да танцаў; яна вымавіла ўголас: «Найяснейшы дурань...» - і здарылася так, як быццам у казіно каля Вільгельмавага рова запанавала ледніковая эпоха; у поўнай цішы Ёганна паўтарыла: «Найяснейшы дурань...» Там былі генерал, палкоўнік, маёры - усе з жонкамі, я - толькі што выпечаны обер-лейтэнант, упаўнаважаны па будаўніцтве ўмацаванняў; ледніковая эпоха запанавала ў казіно каля Вільгельмавага рова; аднаму маладзенькаму харунжаму прыйшла ў галаву думка натхніць аркестр на вальс; я ўзяў Ёганну пад руку, павёў да каламажкі; была цудоўная восеньская ноч; шэрыя калоны маршыравалі да прыгарадных станцый; ніякіх здарэнняў.

Суд гонару. Ніхто не наважваўся паўтарыць словы Ёганны; гэткіх блюзнерстваў не фіксавалі нават у пратаколах: яго вялікасць - найяснейшы дурань... ніхто б не наважыўся напісаць такога; яны казалі толькі: «Toе, што сказала Вашая малжонка...» - а я казаў: «Toе, што сказала мая жонка...» - і не казаў тое, што я павінен быў бы казаць, што я згодзен з ёю; я гаварыў толькі: «Яна цяжарная, панове; два месяцы засталося; страціла двух братоў - ротмістра Кільба і харунжага Кільба - абодвух у той самы дзень; у яе памерла дачушка ў 1909 годзе» - а я ж ведаў, што павінен быў сказаць: «Я, паны, згодзен з ёй», мне было вядома, што кпіць - гэта замала, што гэтага заўсёды будзе замала.

 

- Hе, Леанора, гэтага скрутка распакоўваць не трэба; тое, што ў ім ёсць, мае толькі пачуццёвую вартасць; ён лёгкі, але каштоўны: гэта корак ад бутэлькі. Дзякуй за каву; калі ласка, пастаўце філіжанку на падваконне; я дарэмна чакаю, чакаю сваю ўнучку, якая звычайна ў гэты час робіць хатнія заданні там, на тэрасе; я забыўся, што канікулы яшчэ не скончыліся; паглядзіце, адсюль можна зазірнуць у вокны Вашага рабочага пакоя, Вас таксама я часам бачу за вашым пісьмовым сталом... і Вашыя прыгожыя валасы. Чаму раптам задрыжала філіжанка, зазвінела, нібы ад грукату друкавальных машын; ці ўжо скончыўся перапынак на абед, ці былі ўжо звышурочныя гадзіны, ці будаўнічыя дакументы на белай паперы і пасля полудню друкаваліся і ў суботу?

Немагчыма злічыць тыя раніцы, калі я чуў тое дрыжанне, калі, абапёршыся локцямі аб падаконне, глядзеў я з гэтага месца на вуліцу, на светлыя валасы, пах якіх я ведаў ад ранішняе імшы; занадта моцнае сваім пахам мыла заглушыла б прыгожыя валасы; правільнасць тут замяняла парфумы. Я ішоў следам за ёю, калі яна пасля імшы без чвэрці дзевяць ішла каля Грэцавай крамы, а пасля ўваходзіла ў дом нумар восем. У жоўты дом з надпісам: «Д-р Кільб, натарыус». Я назіраў за ёю, чакаючы ў дворніцкім пакоі сваіх газет; святло спадала на яе, на яе мілы твар, крыху спанатраны ў службе справядлівасці: яна адчыняла дзверы канторы, аканіцы, пасля выстаўляла шыфры сейфаў, адчыняла сталёвыя дзверы, якія, здавалася, маглі расціснуць яе; яна правярала змесціва сейфа, а я мог праз вузкі завулак Модэстгасэ заглядаць у сейф і бачыць на верхняй паліцы старанна выведзены на кардоннай шыльдачцы надпіс: «Праект абацтва Святога Антонія». Там ляжалі ўжо тры вялікія пакеты з пячаткамі, што выглядалі, нібы раны. Толькі тры пакеты, і кожнае дзіця ведала прозвішчы тых, хто дасылаў паперы да іх: Брэмокель, Грумпэтэр і Волерзайн. Брэмокель, дойлід трыццаці сямі неагатычніх цэркваў, семнаццаці капліц і дваццаці аднаго будынка кляштараў і лякарняў; Грумпэтэр, стваральнік толькі трыццаці трох неараманскіх касцёлаў, толькі дванаццаці капліц і васемнаццаці лякарняў; трэці пакет, дасланы Волерзайнам, які пабудаваў толькі дзевятнаццаць цэркваў, толькі дзве капліцы, толькі чатыры бальніцы, але затое меў у сваім актыве сапраўдны сабор.

- Ці чыталі Вы, пан лейтэнант, абвестку ў «Ды Вахт»? - спытаў парцье, і я прачытаў над ягоным зарагавелым пальцам радкі, якія ён мне паказаў: «Сёння апошні тэрмін надаслання праектаў абацтва Святога Антонія. Ці ў нашых маладых архітэктараў бракуе адвагі?» Я засмяяўся, згарнуў газету ў трубку і пайшоў на сняданне ў Кронэраву кавярню; кельнеравы словы, сказаныя кухару праз акенца кухні, прагучалі нібы старажытная, завучаная на працягу стагоддзяў літургія: «Снеданне пану архітэктару Фэмелю, як звычайна». Хатнія гаспадыні, божыя служкі, банкіры - гоман галасоў каля паловы на адзінаццатую. Нататнік з выявамі авечак, змеяў, пеліканаў; пяцьдзесят пфенігаў кельнеру на чай; дзесяць - гатэльнаму служку, усмешка прыдзверніка, калі я даваў яму ў руку шторанішнюю цыгару, прымаючы ад яго пошту. Потым я стаяў тут, адчуваючы локцямі дрыжанне друкарскіх машын, бачыў унізе, у Кільбавай канторы, вучня, які пад самым акном вадзіў нажом для паперы. Я ўскрыў допіс, уручаны мне прыдзвернікам: «...У нас ёсць магчымасць ад сённяшняга дня прапанаваць Вам месца галоўнага праекціроўшчыка; калі гэта будзе адпавядаць Вашаму жаданню. Мы будзем ставіцца да Вас як да члена сям'і; гарантуем зычлівыя адносіны з боку тутэйшага грамадства. Шырокія магчымасці кантактаў і адпачынку...» Гэтак мяне прываблівалі кампаніяй мілых дачок архітэктара, ладнымі бяседамі за горадам, пад час якіх маладыя людзі ў круглых капелюшах на ўскрайку лесу наліваюць сабе піва з бочак, а маладзенькія дзяўчаты распакоўваюць бутэрброды і частуюць усіх; пасля можна рызыкнуць запрасіць якую-небудзь з іх патанцаваць на свежаскошаным лузе, калі маткі, што са страхам пералічваюць гады сваіх дачок, пляскаюць у ладкі, захопленыя гэткай грацыёзнасцю; а калі ўсе выпраўляюцца на праходку па лесе, праводзіць паненак пад рукі, бо яны любяць спатыкацца аб карані дрэваў; а калі надарыцца выпадак - бо адлегласці ў лясной цемры неўпрыкмет павялічваюцца, - дык пацалаваць паненку ў ручку, у шчаку, у плячо; а па дарозе дадому, у сутонні, праз ціхія лугі, на якія выбягаюць з лесу сарны, як бы наўмысна дзеля гэтага замоўленыя, калі пачынаюць гучаць спевы, пералятаючы ад брычкі да брычкі, - тады ўжо можна шэптам прызнацца, што ў цябе трапіла Амурава страла. І несліся дадому спакутаваныя сэрцы, параненыя душы.

І я напісаў ветлівы адказ: «...дазволю сабе вярнуцца да Вашай ласкавай прапановы пасля заканчэння маёй прыватнай вучобы, якая змушае мяне яшчэ пэўны час заставацца ў горадзе...», заклеіў канверт, прыляпіў марку, вярнуўся да свайго акна і зірнуў уніз, на Модэстгасэ; ножык для паперы пабліскваў, нібы штых; калі хлопец-вучань пачынаў рабіць усё хутчэй, два гатэльныя служкі грузілі дзіка на рачны вазок; я пакаштую ягонага мяса ўвечары, пад час супольнай вячэры «Нямецкіх аматараў спеваў», буду змушаны слухаць іх жарты, а яны не будуць цяміць, што я смяюся зусім не ад іхніх жартаў, а з іх саміх; іх жарты былі мне гэтаксама агідныя, як падліўкі, што падаваліся да страваў; і я смяяўся сваім смехам тут, наверсе, каля свайго акна, і ўсё яшчэ не ведаў, ці я смяюся ад нянавісці альбо ад пагарды? Я ведаў толькі адно: гэты смех не быў выкліканы радасцю.

Дзяўчаты-практыканткі ў Кільбавай краме паставілі грыбы ў белых кошыках побач з забітым дзіком; у гатэлі «Прынц Генрых» кухар ужо ўзважваў прыправы, а ягоныя памочнікі вастрылі нажы; маладыя кельнеры ўсхвалявана папраўлялі перад люстэркамі вузлы на гальштуках, завязаныя дзеля практыкі, і пыталіся ў жонак, якія стаялі, схіліўшыся над прасавальнай дошкай - пара, што ўздымалася над пераніцаванымі штанамі, запаўняла кухню: «Ці павінен я цалаваць біскупаў пярсцёнак, калі надарыцца няшчасце яго абслугоўваць?» Хлопец-вучань па-ранейшаму ўзмахваў ножыкам для паперы.

Гадзіна адзінаццатая і пятнаццаць хвілін: я вычысціў свой чорны гарнітур, праверыў вузел аксамітнага шыявяза, насунуў на галаву капялюш, выцягнуў кішэнны каляндарык, які быў велічынёю не больш за плоскі запалкавы карабок, адгарнуў яго і прачытаў: «30 верасня 1907 г. у 11.30 уручыць Кільбу праект. Запатрабаваць распіску».

Увага! Занадта часта я, складаючы планы на будучыню, выконваў у сваім уяўленні гэту працэдуру: спускаюся долу, пераходжу цераз вуліцу, траляю ў пярэдні пакой канторы:

- Я хацеў асабіста сустрэцца з панам натарыусам.

- У якой справе?

- Я б хацеў перадаць пану натарыусу праект: Конкурс «Абацтва Святога Антонія».

Толькі хлопец-вучань выкажа здзіўленне, перастане вымахваць ножыкам для паперы; пасля, аднак, засаромеўшыся, павернецца зноў тварам да акна, да сваіх фармуляраў, памятаючы наказ: «Сакрэтнасць, найперш сакрэтнасць!» У гэтым доме, дзе ўбоства лічылася за добры густ, дзе на сценах віселі партрэты продкаў, рупных у правасуддзі, дзе чарніліцам было па восемдзесят, а ножыкам для паперы - па сто пяцьдзесят год, - тут пры поўным маўчанні ажыццяўляліся велічэзныя па маштабах гешэфты, тут цэлыя гарадскія кварталы мянялі сваіх уладальнікаў, тут заключаліся шлюбныя кантракты, у якіх прадугледжваліся штогадовыя сумы на дробныя выдаткі, якія перавышалі пяцігадовы заробак канторскага чыноўніка; але таксама тут натарыяльна пацвярджаўся закладны акт сумленнага шаўца на дзве тысячы марак; захоўваўся тастамент нямоглага пенсіянера, згодна з якім яго ўлюбёны ўнук павінен атрымаць у спадчыну начны столік; тут пад пячаткай таемнасці вяліся справы ўдоў і сіротаў, рабочых і мільянераў - у абліччы лозунга, што вісеў на сцяне: «Правая рука іх поўная дарункаў». Hе было прычыны зважаць, калі малады мастак у атрыманым ад дзядзькі ў спадчыну пераніцаваным чорным гарнітуры прынёс абгорнуты канцылярскай папераю скрутак з эскізамі, мяркуючы, што праз гэта ён можа патурбаваць асабіста пана натарыуса. Кіраўнік канцылярыі запячатаў скрутак з планамі, выціснуў на сургучы герб Кільбаў - авечку, у якой з грудзей пырскае струмень крыві; тым часам светлавалосая зграбная з выгляду дзяўчына пісала распіску: «У панядзелак, 30 верасня 1907 г., у 11.30 раніцы архітэктар пан Генрых Фэмель перадаў...» Ці ў тую хвілю, калі яна ўручала мне распіску, яе бледны твар не быў азораны бляскам спазнання? Я быў шчаслівы, што адбылося тое, чаго я не прадбачыў, бо яно даводзіла мне, што час - гэта нешта рэальнае, існае; напраўду ж існаваў гэты дзень, гэтая хвіля; тое было даведзена не мною: я і сапраўды спусціўся ўніз па сходах, пасля перайшоў на другі бок вуліцы, зайшоў у пярэдні пакой канторы; тое было даведзена не хлопцам-вучнем, які падняў галаву, а пасля, засаромеўшыся, адвярнуўся, памятаючы пра захаванне сакрэтнасці, тое даведзена было не крывава-чырвонымі ранамі пячатак - тое было даведзена нечаканай мілай усмешкаю дзяўчыны з канцылярыі, якая выпрабавальна агледзела мой пераніцаваны гарнітур, а потым, калі я браў з яе рук распіску, шапнула: «Зычу вам шчасця, пане Фэмель». За апошнія чатыры з паловаю тыдні то былі першыя словы, якія нанеслі рану часу, нагадалі мне, што ў гульні, якая ішла пад маёй рэжысурай, былі сляды рэчаіснасці; а значыць, час рэгуляваўся не толькі ў кабінетах сонных летуценняў, дзе будучыня здавалася мне цяперашнім часам, а сённяшні дзень - старадаўняй мінуўшчынай, мінулае рабілася будучыняй, як дзяцінства, да якога я кінуўся бегчы, нібы колісь, яшчэ дзіцём, я кідаўся бегчы да свайго бацькі. Ён быў ціхманы чалавек, гады вырасталі вакол яго, нібы алавянныя шыхты цішыні: ён выцягваў арганныя рэгістры, спяваў на літургіях, шмат - на пахаваннях першага рангу, мала - на пахаваннях другога рангу, на пахаваннях трэцяга рангу не спяваў зусім; быў такі ціхі, што цяпер, калі я думаю пра гэта, сэрца сціскаецца ў мяне; ён даіў кароў, касіў траву, малаціў збожжа, пакуль яго потны твар не пакрываўся мякінай, нібы жамярою; ён узмахваў дырыжорскай палачкай перад Гуртом Моладзі, перад Гуртом Стралкоў, перад Гуртом Падмайстраў, перад хорам пад эгідаю святой Цэцыліі; ніколі не гаварыў, ніколі не лаяўся, а толькі спяваў, рэзаў буракі, варыў бульбу свінням, граў на аргане, насіў рэгенцкую вопратку, на ёй зверху - белы сціхар; нікога ў вёсцы не здзіўляла тое, што ён ніколі не гаварыў, бо ўсе бачылі яго толькі за працаю; з чацвярых яго дзяцей двое памерла ад сухотаў, мы засталіся толькі ўдваіх: Шарлота ды я. Маці мая была далікатная жанчына, адна з тых, што любяць кветкі, прыгожыя фіранкі, спяваюць песні, прасуючы бялізну, і ўвечары пры агмені расказваюць аповеды; бацька ўпіраўся ў працы, строіў ложкі, напіхваў саломаю сеннікі, рэзаў курэй - пакуль не памерла Шарлота: анёльская імша па дзіцячай душы, касцёл, аздоблены белым; пробашч спяваў, а рэгент яму не падпяваў, не выцягваў арганных рэгістраў; не чуваць было хору: спяваў толькі пробашч. Панавала маўчанне, калі збіралася жалобная працэсія, каб рушыць да могілак; збянтэжаны пробашч спытаў: «Але ж, даражэнькі, мілы мой Фэмель, чаму ж гэта Вы не спявалі?» І тады я першы раз пачуў голас свайго бацькі, і я быў здзіўлены тым, як хрыпла гучаў голас таго, хто так мякка і прыгожа спяваў з хораў у касцёле; ён ціха прамармытаў: «Пахаванні трэцяга рангу адбываюцца без спеву». З-над Рэйну ўздымалася імгла, клубы туману вытанцоўвалі над палямі буракоў, вароны на вербах крумкалі, як запусныя бразготкі, калі збянтэжаны пробашч вычытваў літургію; бацька перастаў вымахваць дырыжорскаю палачкай у Гурце Моладзі, Гурце Падмайстраў, Гурце Стралкоў і ў хоры пад эгідай святой Цэцыліі; і мне здавалася, што дзякуючы тым першым словам, якія я пачуў ад бацькі - мне было шаснаццаць, калі памерла дванаццацігадовая Шарлота, - дзякуючы тым першым словам, ён адкрыў свой голас; ён стаў гаварыць больш: гаварыў пра коней ды афіцэраў, якіх ён ненавідзеў; ён казаў з пагрозай у голасе: «Бяда будзе вам, калі зробіце мне пахаванне першага рангу!»

- Праўда, - паўтарыла светлавалосая дзяўчына, - я зычу вам шчасця, як найбольш.

Мажліва, мне трэба было вярнуць ёй распіску, забраць назад запячатаны скрутак з эскізамі, вярнуцца дамоў; потым ажаніцца з дачкою бургамістра альбо ўладальніка будаўнічага прадпрыемства, ставіць пажарныя вежы, школы, цэрквы, капліцы; на святах па сканчэнні будаўніцтва таньчыць з гаспадыняй дома, а тым часам мая жонка б таньчыла з гаспадаром новага дома; навошта гэта мне трэба было рабіць выклік Брэмокелю, Грумпэтэру і Волерзайну, прызнаным фахоўцам царкоўнага будаўніцтва, навошта? У мяне не было вялікіх амбіцый, грошы мяне не вабілі; мне ніколі не пагражала галоднае жыццё; я б гуляў сабе ў скат з пробашчам, аптэкарам, карчмаром ды бургамістрам, ездзіў бы на ловы, будаваў бы разбагацелым сялянам «што-небудзь сучаснае» - але ўжо хлопец-вучань, што сядзеў каля акна, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх мне і прытрымаў; я сказаў «дзякуй», выйшаў з канторы праз пярэдні пакой, перайшоў вуліцу, падняўся па сходах у свой кабінет, абапёрся локцямі аб падаконне, што дрыжала ад грукату друкарскіх машын; гэта было 30 верасня 1907 года каля 11 гадзін 45 хвілін.

 

- Ага, Леанора. Гэтыя друкарскія машыны даюцца ў знакі; колькі філіжанак пабілася тут у мяне, калі я быў не надта ўважлівы. Hе спяшайцеся гэтак, маё дзіця. Калі Вы і надалей будзеце так працаваць, дык праз тыдзень запануе найлепшы парадак у тым, што я не мог упарадкаваць за пяцьдзесят адзін год. Hе, дзякую за пірожнае. Вы дазваляеце мне называць вас «дзіця»? Hе трэба чырванець, калі гэткі стары чалавек кажа вам кампліменты. Я, Леанора, - толькі помнік, а помнікі не могуць нікому чым-небудзь пашкодзіць; я, стары дурань, і цяпер хаджу снедаць у Кронэраву кавярню, з'ядаю там свой сыр з папрыкаю, хоць ён мне даўно ўжо нясмачны; але ў гэтым я вінаваты сваім сучаснікам: не павінен разбураць сваёй легенды; я зраблюся фундатарам сірочага прытулку - школы; буду прызначаць стыпендыі, і калі-небудзь і дзе-небудзь мяне, напэўна, адліюць у бронзе і адкрыюць мне помнік; я б хацеў, каб вы ўзялі ў тым удзел і смяяліся там, Леанора. Вы ўмееце гэтак прыгожа смяяцца, ці Вы ведаеце пра гэта? Я ўжо не ўмею, развучыўся, а заўсёды ж лічыў смех добрай зброяй; а ён не быў зброяй: тут я крыху памыляўся. Калі ў Вас ёсць ахвота, я запрашу Вас на баль вучняў, прадстаўлю Вас як сваю пляменніцу; там Вы павінны будзеце піць шампанскае, таньчыць і пазнаёміцеся з маладым хлопцам, які паставіцца да Вас добра і пакахае Вас; я набуду Вам добры пасаг... ага, паглядзіце на гэта як след: тры метры на два, агульны выгляд абацтва Святога Антонія; гэта вісіць пяцьдзесят адзін год у маім кабінеце - вісела ўжо тады, калі абвалілася столь; з тае пары - гэтыя плямы цвілі, што Вы тут бачыце; то быў першы мой вялікі праект, велічэзны праект, і тады, маючы няпоўныя трыццаць год, я зрабіў кар'еру.

Але ў 1917 годзе я не наважыўся зрабіць таго, што за мяне зрабіла Ёганна: там, на тэрасе, каля альтанкі, яна вырвала з Генрыхавых рук верш, які ён павінен быў вывучыць на памяць; ён паўтараў гэты верш сур'ёзным дзіцячым галаском:

 

          Сказаў святы Пётр, ключнік Брамы Нябёс:

          «Ва ўлад найвышэйшых твой высветлю лёс».

          Вярнуўся - нядоўга яго не было:

          «Ягомасць Блюхер, вам шчасце прыйшло:

          Вам водпуск далі на вечныя дні».

          (Сказаўшы так, браму Пётр адчыніў.)

          «Выходзь, о ваяр, супраць злыдняў на бой -

          Хай Госпад будзе заўсёды з табой...»

 

Роберту яшчэ не споўнілася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, і мне даўно ўжо зрабілася відавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной іроніі замала, і яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькі наркотык для тых, хто мае прывілеі; і мне трэба было зрабіць, што зрабіла за мяне Ёганна: я павінен быў у мундзіры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькі прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыі:

 

          І Блюхер тады на зямлю сышоў,

          Да новых вікторыяў нас павёў.

          Збавіцель Прусіі Ўсходняй наш -

          Заве Гіндэнбург нас: «Наперад! Марш!»

          Пакуль нямецкім лясам стаяць,

          Пакуль нямецкім сцягам лунаць...

          Пакуль нямецкая мова гучыць -

          Датуль яго імені ў сэрцах жыць.

          У бронзе, у камені - вобраз твой:

          Мы верым табе, наш нязломны герой -

          Гіндэнбург! Наперад! На бой!

 

Ёганна выхапіла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкі выкінула на вуліцу: нібы сняжынкі, падалі яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалі дзікоў, бо панавала найвышэйшая сіла.

- Смеху будзе замала, Леанора, калі яны будуць адкрываць мой помнік; наплюй на яго, маё дзіця - ад імя майго сына Генрыха, ад імя Оты, які быў такі добры хлопец і ўдалы, а праз тое, што ён быў такі добры і ўдалы, такі паслухмяны - ён стаў мне чужы, як ніхто больш на свеце; і ад імя Эдыт, адзінае авечкі, якую я сустрэў у жыцці; я любіў яе, маці маіх унукаў, і не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы ні вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, ні таму хлопцу, якога я ніколі не бачыў; хлопцу, які ўкідаў у нашую паштовую скрынку весткі ад Роберта, велічынёю з цукерачныя абгорткі, - і за гэтае злачынства загінуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, і ніколі ў ім не было нізвання іроніі; Ота быў іншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця і зрабіўся нам чужы; абплюй мой помнік, Леанора, скажы ім, што гэта я прасіў цябе так зрабіць; я магу засведчыць табе пісьмова і заверыць мой подпіс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: «Анёлы спусціліся з неба і служылі яму»; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклі яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт і яе брата, якога я змог убачыць адзін-адзіны раз - калі ён ішоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвіліны і спужаўся; гэты хлопец нёс на сваіх плячах і шчасце, і ліха; Шрэла - яго імя я так і не ўведаў - быў нібы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункі ставіў на дамах невідочныя пячаткі; я ведаў, што ён выкліча майго сына, і дазволіў яму, гэтаму хлопцу з вузкімі плячыма, ісці праз мой двор; на старэйшым маім сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставіў таўро; Эдыт была не такая: яе біблейная сур'ёзнасць была гэткая вялікая, што яна магла дазволіць сабе таксама біблійны гумар; яна смяялася са сваімі дзецьмі ў часе бамбардзіровак; яна дала ім біблійныя імёны: Ёсіф і Руф - Ёзэф і Рут, у смерці яна не бачыла нічога страшнага; Эдыт ніколі не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваіх дзяцей, Ёганну і Генрыха, - ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, які быў мне бліжэйшы за іншых; ён любіў мой працоўны кабінет, мае эскізы, ездзіў разам са мною на будоўлі, піў піва пад час інаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнікоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькі гасцей я запрасіў? На пальцах аднае рукі можна пералічыць усіх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна і я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калі ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўніцтве абацтва Святога Антонія; інаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычніка; манахі хацелі б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў новым касцёле. «Дрыжаць спарахнелыя косці»*, Леанора; яны не выпасвілі маіх авечак.

* Словы з нацысцкай песні. (Заўв. перакладчыка.)

Я павінен быў вярнуць распіску, паламаць і знішчыць чырвоную пячатку, тады б я не мусіў стаяць тут і чакаць сваю ўнучку - прыгожую, цёмнавалосую, дзевятнаццацігадовую дзяўчыну, якой цяпер якраз столькі, колькі было Ёганне, калі я пяцьдзесят адзін год таму стаяў тут, наверсе, і глядзеў, як яна сядзіць там, на тэрасе; я мог адсюль нават прачытаць назву кніжкі - «Падступнасць і каханне» - ці, можа, гэта Ёганна чытае там цяпер «Падступнасць і каханне»? Ці гэта ў сапраўднасці не яна ўсё яшчэ палуднуе ў кавярні «Пад ільвом»? Ці гэта я не паклаў каля прыдзверніка абавязковай ранішняй цыгарэты, не ўхіліўся ад абавязковай размовы паміж-намі-мужчынамі-пане-лейтэнант, каб сядзець тут, уверсе, ад паловы на адзінаццатую да пятай - папросту быць тут? Ці я не праміну тых стосаў толькі што выдрукаваных епархіяльных брашурак? Што будуць яшчэ ў той суботні надвячорак друкаваць на белай паперы: будаўнічыя дакументы ці выбарчыя плакаты для тых, што пакаштавалі бычынага прычасця? Калоцяцца сцены, дрыжаць прыступкі, работніцы выносяць усё новыя стосы, укладваюць іх перад дзвярыма кабінетаў. Я ляжаў тут наверсе, практыкаваўся ва ўмельстве існавання, я адчуваў сябе так, нібы мяне ўсмоктвала сіла цёмнага аэрадынамічнага тунэлю, каб праз хвілю выкінуць мяне - куды? Мяне нёс вір старажытнае горычы, мяне перанасычала старажытная дарэмнасць; я бачыў дзяцей, што народзяцца ад мяне, віны, якія я буду піць, лякарні і касцёлы, якія я буду ставіць - і ўвесь час я чуў, як грудкі зямлі падаюць на маю труну, мяне пераследавалі іх глухія барабанныя гукі; я чуў спеў накладчыц, фальцоўшчыц і ўпакоўшчыц - нізкія і высокія, салодкія і грубыя; яны апявалі простыя ўцехі суботняга вечара; спеў гэты даходзіў да мяне, як жалобныя песні над маёй магілаю; каханне ў танцавальнай зале, балеснае шчасце над могілкавым мурам, у асеннім водары травы - слёзы старых мацярок, звястункі радасцей маладых маці, меланхолія сірочага прытулку, дзе самавітая маладая дзяўчына вырашыла захаваць цнатлівасць; але яе таксама спаткала гэтае, спаткала пад час танцаў; балеснае шчасце над могілкавым мурам, у траве з асеннім водарам - галасы работніц, нібы водачарпальныя каўшы, без супыну апускаліся ў заўсёды тую самую ваду, яны спявалі мне надмагільны спеў, а грудкі зямлі грукаталі аб маю труну. З-пад прыплюшчаных павекаў я глядзеў на сцены майго кабінета, паклееныя маімі эскізамі: усярэдзіне - велічны чырванаваты адбітак плана абацтва Святога Антонія ў маштабе 1:200; на пярэднім плане - вёска Штэлінгер-Гротэ, пасвяцца каровы, бульбянішча, над якім узносіцца дым ад вогнішча; далей абацтва, агромністае, у стылі базылікі; без усяго-ўсякага я скапіраваў раманскія кафедральныя саборы, строгія, нізкія і цёмныя галерэі-скляпенні, клаўзура, рэфекторый, бібліятэка; у сярэдзіне галерэі - фігура святога Антонія, вялікі чатырохкутнік з сельскагаспадарчымі будынкамі; стадолы, хлявы, вазоўні, уласны млын з пякарняю, ладны дамок для аканома, які павінен быў таксама апеквацца пілігрымамі; над высокімі дрэвамі стаялі простыя сталы і крэслы - там можна было з'есці ўзяты з сабою на дарогу харч, запіваючы маладым віном альбо півам; на даляглядзе - абрысы другога паселішча, пад назваю Гёрлінгерс-Штуль; капліца, могілкі, чатыры сялянскія двары, каровы на пашы; з правага боку ланцуг таполяў аддзяляў вытраляваныя кавалкі зямлі, на якіх манахі вырошчвалі вінаград, дзе раслі капуста і бульба, гародніна і збожжа; на пасеках збіраўся цудоўны мёд.

Аддадзены дваццаць хвілін таму, узамен за распіску, праект з эскізамі дэталяў і калькуляцыяй; тонкім пяром я паўпісваў усе лічбы і пазіцыі; вачыма, поўнымі бляску, як быццам перада мною стаялі ўжо гатовыя будынкі, я глядзеў на праект - нібы заглядаў у акно: там стаялі, сагнуўшыся, манахі; пілігрымы пілі маладое вінаграднае віно, a тым часам работніцы спявалі ўнізе галасамі высокімі і нізкімі, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалі мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, які я меў адчуваць толькі праз пяцьдзесят гадоў - як чалавек са зробленай кар'ерай, вакол якога пульсуе жыццё.

Гэтыя чатыры з паловаю тыдні цягнуліся бясконца доўга; усё, што я рабіў, было адпрацавана мною загадзя ў кабінеце сноў; заставалася толькі ранішняя імша, заставаліся гадзіны ад паловы адзінаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку і два разы словы: «Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель». Калі я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабіўся нібы спектрам: мінуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маім старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якім я ўручыў толькі што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кішэнь: распіска была на месцы, рэальна; заўтра ўранні збярэцца журы і вызначыць, што становішча змянілася: з'явіўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварыліся партыі: двое - за Грумпэтэра, двое - за Брэмокеля і адзін, самы галоўны, самы малады і меншы за ўсіх ростам, абат - за Волерзайна; абат любіў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусія, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоўваць самыя важкія аргументы - з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; «гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё»; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект відавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымліваўся каля маіх эскізаў, адпіваў з келіха віно; усё арганічна ўпісвалася ў краявід, а функцыянальнасць чатырохкутніка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутніка галерэяў-скляпенняў і клаўзуры; студня, карчма для пілігрымаў - усё яму было даспадобы; абат усміхнуўся: там ён будзе Primus inter pares*; ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нібы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыі, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завітваў да аканома, каб пакаштаваць віно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты - хлеб для яго манахаў і для бедных, зярняты, што выраслі на яго палетках; калі ласка, малады архітэктар прадугледзеў невялікае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары - лаўкі на лета, унутры - крэслы, стол, печка на зіму. «Шаноўныя панове, у мяне няма аніякіх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты - яе гэта яго прозвішча? - ... за фэмелеўскі праект. І прашу звярнуць увагу на кошт будаўніцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатніх праектаў»; крошкі сургучу з адкрытых ран засыпалі стол, па якім грукалі кулакамі фахоўцы, распачынаючы спрэчкі: «Паверце нам, вялебны ойча, вельмі часта нехта заніжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабіць, калі гэты чалавек за чатыры тыдні перад інаўгурацыяй прыйдзе да Вас і скажа, што ў яго не хапіла імпэту? У гэткіх праектах перавышэнне кошту будаўніцтва на паўмільёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Які банк паверыць нікому не вядомаму архітэктару-пачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Ці ёсць у яго хоць якая маёмасць?» На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: «Маёмасць, згодна з уласным сведчаннем, - восем тысяч марак». Спрэчкі. Разыходзіліся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацігадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу - гэтак, што справа можа быць вырашана толькі не насуперак яго волі, а згодна з ёй.

* Першы сярод роўных (лац.).

Званілі тэлефоны, успацелыя лістаношы імчаліся з экспрэс-поштаю ад старшыні зямельнага ўрада да архібіскупа, ад архібіскупа да духоўнай семінарыі, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасці неаготыкі; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дыліжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталі на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Ніколі не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнічнага пункту гледжання выдатны, калі браць пад увагу калькуляцыю - трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, - наколькі можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлівы; толькі цераз мой труп. Труп? Архібіскуп усміхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сівых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты паміж Грумпэтэрам і Брэмокелем, паміж Брэмокелем і Волерзайнам: карыфеі, што былі ворагамі да смерці, на некалькі дзён зрабілі перамір'е, пыталіся адзін у аднаго ў шыфраваных лістах і тэлефанаграмах: «Ці кветкавая капуста псуецца?» - гэта павінна было значыць: «Ці можна адклікаць абатаў з пасады?» І прыходзілі адказы, што забівалі ва ўпор: «Кветкавая капуста не псуецца».

Я ж на чатыры тыдні знік; якою ціхамірнаю была мая магіла; зямля абсоўвалася на яе паволі, мякка насыпалася зверху і побач са мною; мяне аглушаў спеў работніц; лепш за ўсё было нічога не рабіць, але цяпер я пачну дзейнічаць, мушу дзейнічаць, калі яны раскапаюць маю магілу, здымуць накрыўку з труны і адкінуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзіна - нейкі абавязак; гульня стане сур'ёзнаю; я не прыносіў ужо прыкладна a другой гадзіне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухні; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабілі ні стравы, ні грошы, ні слава; я любіў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары і тужыў па жанчыне, па жонцы. Ці стане ёю тая цёмнавалосая зграбная і гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць - Ёганна Кільб? Заўтра яна будзе ведаць маё імя; ці я знудзіўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо - менавіта па ёй? Мне зрабілася невыносна кантактаваць увесь час з аднымі мужчынамі - усе яны здаваліся мне смешныя: вернікі і бязбожнікі, тыя, што расказвалі непрыстойныя показкі, і тыя, якія дазвалялі сабе слухаць іх, більярдысты, лейтэнанты-рэзервісты, спевакі, прыдзвернік і кельнеры; я меў іх задосыць, радаваўся хвілінам паміж пятай і шостай, тварам работніц, у адной грамадзе з якімі я выходзіў праз браму; я любіў пачуццёвасць, напісаную на іх тварах, што нязломна плацілі даніну плыннасці часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з іх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве - парваў бы распіску, спыніў бы сваю вялікую гульню - гэтыя дзяўчаты смяяліся, спявалі, ахвотна елі і пілі, плакалі і не былі падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалі мяне, кватэранаймальніка, на любошчы, якія здаваліся ім смелымі. Гэта ўсё яшчэ належала мне - постаці і рэквізіт; яшчэ мяне слухаліся статысты - у гэты апошні дзень, калі мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянівы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесці да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калі я - спраўдзіўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў і аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыі - пачаў на маленькіх картках рабіць накіды праекта абацтва.

Гульня мяне ўжо не адпусціла; рысункі рабіліся буйнейшымі, уяўленні - дакладнейшымі, і амаль незаўважна для сябе я ўлез у калькуляцыі; вучыўся лічыць, вучыўся рысаваць; калі ласка; я паслаў Кільбу пяцьдзесят залатых марак і атрымаў умовы конкурсу; аднаго разу ў нядзелю я выбраўся ў Кіслінген; квітнеючыя збожжавыя палеткі, цёмна-зялёныя бурачныя палі, лес, у якім калі-небудзь павінна было стаяць абацтва; я вёў сваю гульню далей, збіраў інфармацыю пра сваіх праціўнікаў, чые прозвішчы калегі вымаўлялі з пабожнай нянавісцю: Брэмокель, Грумпэтэр, Волерзайн; я аглядаў спраектаваныя імі будынкі: цэрквы, лякарні, капліцы, Волерзайнаў сабор; я адчуваў, ветрыў носам, бачачы гэтыя безнадзейныя збудаванні: будучыня ляжыць перада мною і чакае, што я вазьму яе - нібы зямля, якую трэба было засвоіць; невядомая зямля, у якой закапаныя залатыя манеты для таго, хто здолее ўжыць хоць трохі стратэгіі; і я ўзяў будучыню ў руку, мне трэба было яе толькі моцна схапіць; час раптоўна зрабіўся магутнай сілай, я недаацаніў яго; ён праходзіў нявыкарыстаны, у той час калі я за некалькі залатых манет аддаў няздарам і лісліўцам умеласць сваіх рук і матэматыку свайго розуму; я купляў паперу, табліцы, алоўкі і падручнікі; гульня, за якую я плаціў толькі адным: часам. Але ў мяне быў час, ён быў мне падораны; нядзелі былі маімі разведвальнымі днямі; я вывучаў мясцовасць, хадзіў па вуліцах: Модэстгасэ, у доме нумар 7 можна было наняць рабочы кабінет; насупраць, у доме нумар 8, жыў натарыус, у якога пад пячаткай захоўваліся праекты; межы былі адкрытыя, мне трэба было толькі пераступіць іх; і толькі цяпер, заглыбіўшыся ў тэрыторыю краіны, якую я павінен быў заваяваць, адчуваю сябе ўжо напалову яе ўладальнікам, толькі цяпер, калі вораг яшчэ спаў, я абвясціў вайну; я зноў праверыў, ці на месцы распіска; яна была на месцы.

Праз дзень першы госць павінен быў пераступіць парог майго рабочага кабінета - абат, малады, цемнавокі, спраўны; які хоць яшчэ і не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.

- Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнікаў і айцоў святароў у рэфекторыі?

Ён хадзіў сюды-туды па рабочым кабінеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:

- Ці Вы здолееце вытрываць, не апусціць рукі, не паддасцёся гэтым крумкачам?

А мне было боязна перад гэтай вялікай гульнёй, якая падымалася з папераў і павінна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але ніколі сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогі ў змаганні супраць Брэмокеля, Грумпэтэра і Волерзайна, але - каб перамагчы іх? Мне было вусцішна, ды я сказаў:

- Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.

Ён згодна кіўнуў галавою, усміхнуўся і пайшоў.

А пятай я разам з грамадою работніц выйшаў праз браму, каб зрабіць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалі ў каламажках на спатканні; лейтэнантаў, якія ў кавярні Фуля пілі моцныя трункі пад слабую музыку; штодня я рабіў чатырохкіламетровы шпацыр - заўсёды адной дарогай і ў адзін час; усе павінны былі бачыць мяне, бачыць у адзін і той самы час, у адных і тых самых месцах - гаспадыні крамаў, банкіры і ювеліры; вулічныя жанчыны і кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры і хатнія гаспадыні; яны павінны былі бачыць і бачылі мяне - паміж пятаю і шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята - я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармізм - мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якія разменьваюць на грошы меланхолію канца рабочага дня; вуліца летуценняў-сноў, што вяла праз кабінет летуценняў-сноў: мае статысты мелі добра нашмараваныя суставы, невідочныя ніткі рухалі імі; яны адкрывалі раты, каб вымавіць прадугледжаныя мною дзеля іх штатмпы; халодная мелодыя більярдавых шароў у гатэлі «Прынц Генрых» -белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згіналі рукі, каб ударыць па шары, каб паднесці да рота куфаль з півам; яны набіралі ачкі, гулялі серыі, па-каляжанску ляпалі мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, бліскуча! вам не пашэнціла; а я чуў, як камякі зямлі падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт і апошні позірк светлавалосага вучня столяра - позірк, якім ён павінен быў акінуць каменныя муры вязніцы, былі ўжо напагатове.

 

Я паехаў з жонкаю і дзецьмі ў даліну Кіса, паказаў ім з гордасцю вынік працы маёй маладосці, наведаў пастарэлага ўжо абата і прачытаў на яго твары гады, якіх не мог убачыць на сваім; кава ў гасцёўні, пірог, выпечаны са сваёй мукі, са слівамі, што выраслі ў сваім садзе, і са смятанкаю, знятаю з малака ад сваіх кароў; маім сынам было дазволена зайсці ў клаўзуру, жонка з дочкамі, што ўвесь час хіхікалі, павінны былі чакаць на вуліцы: чацвёра сыноў, трое дачок - сямёра дзяцей, якія падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: «Мы ўжо цяпер нават суседзямі зрабіліся». Сапраўды, я купіў абедзве вёсачкі: Штэлінгер-Гротэ і Гёрлінгерс-Штуль.

- Ах, Леанора, зноў - з Кронэравай кавярні? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз - працы канец, маё дзіця. Калі ласка. І ці не маглі б Вы замовіць мне таксі, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу і Вас трохі. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калі жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладніць.

 

Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымі малюнкамі, разгледзеў сцены кабінета, дзе на сцяне вісеў вялікі праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, які, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялікі пачак банкнотаў, якія страцілі сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы іншы пачак грошай, якія не мелі вартасці ўжо дзесяць год; яна дбайна пералічыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто - тысяча дзвесце марак.

- Кіньце гэта ў агонь, Леанора, ці аддайце іх, можа, дзецям з вуліцы - гэтыя задуманыя з вялікім размахам цэтлікі ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбілася дзесяць год таму. Я ніколі не надаваў увагі грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былі перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабілі памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялікую гульню; і толькі калі я выйграў і зрабіўся вядомы - толькі тады я ўсвядоміў сабе, што ўва мне ёсць два варункі вядомасці і папулярнасці: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афіцэрам-рэзервістам; чагосьці дасягнуў, зрабіўся багатым, аднак... аднак быў усё ж «чалавекам з народа» і ніколі таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучыні ў формулы, ператвараў X, Y і Z у рэальныя велічыні - у сялянскія гаспадаркі, банкаўскія рахункі, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў і якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давід з усмешкаю, мяккі, вага якога не большала і не меншала ні на адзін фунт; моцна закранулі мяне непрадбачаныя абставіны, якіх я гэтак спрагнёна жадаў: то былі каханне маёй жонкі і смерць дачкі Ёганны - сапраўднай прадстаўніцы роду Кільбаў: ёй было толькі паўтара года, а я ў тых дзіцячых вачах, як і ў вачах майго маўклівага бацькі, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якія, здавалася, ужо ведалі, што такое смерць; шкарлятына расцвіла на гэтым цельцы, нібы жахлівае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, ішла ўніз да самых ступняў, сеяла гарачку, і белая, нібы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нібы цвіль, на чырвонай квецені, уядалася ў цела, выходзіла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставіны, якіх я прагнуў, - яны прыйшлі, як праклён, стаіліся ў гэтым жахлівым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем і цешчаю, з шваграмі, бо я забараняў спяваць на жалобнай імшы; і ўсё ж я настояў на сваім і дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калі пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: «Ісусе».

Я ніколі не вымаўляў гэтага імя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго і ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; ані ружанец Домгрэве, ані салодка-кіслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскіх дачок, ані гешэфты са спавядальнямі шаснаццатага стагоддзя, прадаванымі на патаемных аўкцыёнах за вялікія грошы, якія Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахі; ані жорсткія махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якіх мне давялося быць; ані вартыя жалю спакушэнні наскрозь грэшных дзяўчат; ані маўклівая бацькава суровасць - нішто не магло забіць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: «Ісусе»; ані бясконцыя вандроўкі ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы і роспачы - калі я на ледавітых акіянах прышласці, аточаны самотнасцю, як агромністым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сілы - гэтае слова не было ўва мне забітае: я быў малым Давідам з прашчаю і малым Данілам у пячоры льва і быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае раніцы ўланы ехалі па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарні, служкі божыя ў сутанах, якія раздзімаліся ад ветру; раніца; дзік перад Грэцавай крамай, ліпкі смутак хатняга лекара, які сорак гадоў сведчыў пра нараджэнні і смерці ў доме Кільбаў; у старэнькай скураной папцы ён насіў набор непатрэбных інструментаў, якія дапамагалі яму ўводзіць усіх у зман адносна дарэмнасці яго намаганняў; ён накрыў знявечанае цела, а я зноў зняў покрыва; я хацеў убачыць цела Лазара, вочы майго бацькі, якімі гэтае дзіця не захацела глядзець больш як паўтара года; а побач, у спальні, крычаў Генрых; званы на вежы Святога Севярына разбівалі час на чарапкі, званілі а дзевятай да ютрані; цяпер Ёганне было б пяцьдзесят год.

- Білеты ваеннай пазыкі, Леанора? Я не падпісваўся на іх, гэта спадчына па маім цесцю. У агонь іх - гэтак, як і банкноты. Два ордэны? Вядома, я ж будаваў мінныя галерэі, цягнуў лініі траншэяў, умацоўваў артылерыйскія пазіцыі, трапляў пад шалёны абстрэл, выцягваў параненых з-пад агню: другога рангу, першага рангу... дай мне іх сюды, Леанора; мы выкінем іх у вулічны равок - хай валяюцца ў гразі на дне таго раўка. Аднаго разу Ота выгледзеў іх у шафе; я стаяў за рысавальным сталом і запозна прыкмеціў фатальны бляск у яго вачах; ён убачыў іх, і пачцівасць яго да мяне пабольшала; запозна. Дык выкінь іх хоць бы цяпер, каб Ёзэф калі-небудзь не знайшоў іх у спадчыне па мне.

Пачуўся ціхі звон, калі ордэны, кінутыя ім, зваліліся са стромага даху ў вулічны равок; яны ўпалі туды матавым бокам дагары.

- Чаму Вы так спалохаліся, дзіця маё? Яны ж належаць мне, і я магу зрабіць з імі ўсё, што захачу; запозна, але ўсё ж, напэўна, і своечасова. Будзем спадзявацца, што неўзабаве пойдзе дождж, які знясе ўсю гразь з даху ў равок; позна раблю я гэтую ахвяру памяці па маім бацьку. Далоў гонар бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

 

Я адчуваў сябе досыць моцным і быў гэткім, з маіх формулаў вычытваў алгебру будучыні, і формулы гэтыя ператвараліся ў фігуры; абаты і архібіскупы, генералы і кельнеры - усе былі мне за статыстаў; толькі я адзін выступаў як саліст. Нават тады, калі штовечара ў пятніцу ў Нямецкім Гурце Аматараў Спеваў разаўляў рот і спяваў разам з іншымі хорам: «Што ў промнях сонца там зіхаціць?» Я спяваў добра, навучыўся спевам ад свайго бацькі; з лёгкай усмешкаю дэманстраваў сваю барытонавую палітру; дырыжор, размахваючы палачкай, нават не ўсведамляў, што ён падпарадкоўваецца маёй палачцы; і яны запрашалі мяне да свайго абавязковага хаўрусу; мне давалі даручэнні; смеючыся, паляпвалі па плячы. «Таварыскія сувязі, малады дружа, гэта - соль жыцця». Сівавалосыя калегі з кіслаю мінаю пыталіся: «адкуль?» «куды?», але я адно спяваў: «Том, вершавальнік...» - ад восьмай да дзесятай, ні хвіліны больш. Мой міф павінен быў стварыцца, перш чым выбухне скандал. «Кветкавая капуста не псуецца».

 

Я вандраваў з жонкаю і з дзецьмі ўверх па даліне Кіса, хлопчыкі спрабавалі лавіць стронгу; мы ішлі паміж вінаграднымі плантацыямі і палеткамі з пшаніцаю, палямі буракоў і кавалкамі лесу; на вакзале ў Дэнклінгене пілі піва і ліманад - а я ж ведаў, што толькі гадзіну таму я аддаў эскізы, узяў распіску, самотнасць ахінала мяне, як вялікі ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў даліны хваляў, перасякаючы акіяны мінуўшчыны і цяпершчыны, і, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцінаўся ў ледзяны холад будучыні; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмі ашчадна - я праціраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпіваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба і з цыгараю ў зубах падыходзіў да акна: там, на другім баку вуліцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкі; схіліўшыся над бар'ерам, выглядвала на вуліцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я - практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулічны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала «Падступнасць і каханне»; я ведаў яе бацьку - у гурце спеваў то быў магутны бас, які, на маю думку, не надта падыходзіў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у ім не было нізвання таемнасці, духу, у якім выхоўвалі практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзіць на каго-небудзь жах, меў у сваім гучанні таямнічы грэх. Ці ён ужо ведаў, што яго адзіная дачка стане маёй жонкай? Што мы ціхімі надвячоркамі раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкі? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жаніха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, і я не дазволіў бы ёй насіць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбіраў ужо ёй сукенкі, капелюшы ў вітрынах крамы Гэрміны Горушкі, каля якой я праходзіў штодня a шаснаццатай сорак - і ў дождж, і ў ветраныя, і ў сонечныя дні; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасці, што ніяк не дапасоўвалася да голасу бацькі, і буду купляць ёй цудоўныя капелюшы - велічынёю з кола павозкі, сплеценае з грубай зялёнай саломкі; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць і не хацеў чакаць болей. Раніцай у нядзелю, узброены кветкамі, я пад'еду ў дыліжансе - прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калі яны скончаць снедаць па вяртанні ад ютрані, і мужчыны пяройдуць у кабінет, каб выпіць кілішак гарэлкі... - «Прашу рукі Вашае дачкі». Штодня па абедзе, калі я вынырваў са сваіх акіянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабінета, рабіў ёй паклон; мы слалі адно аднаму ўсмешкі, і я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавіць Ёганну ўпэўненасці, што за ёю ніхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нібы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе і каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якіх не робяць.

Назаўтра я даведаюся, хто я такі. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысціць мае нагавіцы, запэцканыя вапнаю; і яна будзе рабіць тое самае, калі мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.

 

- Заплаціце, Леанора, заплаціце; вазьміце грошы з маёй шкатулкі, там вунь, і дайце дзяўчынцы дзве маркі на чай, так, дзве маркі; світэр і спадніца ад Гэрміны Горушкі для маёй унучкі Рут, якая сёння павінна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любіў купляць капелюшы. Таксі ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Ці не досыць працы на сёння? Як самі захочаце; вядома, тут ёсць крыху цікаўнасці, праўда? Ну, чырванець зусім не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павінен быў даведацца, калі канчаюцца вакацыі; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нічога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзіўся, каб прыдзвернік унізе прымаў кветкі і тэлеграмы, падарункі і візітоўкі, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркі на чай, і каб ён казаў усім, што я з'ехаў; калі маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты і ўзяць іх сабе дамоў; а калі гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесці тут рэшту часу да вечара.

Філіжанка, толькі што зноў напоўненая каваю, болей не дрыжала; відавочна было спынена друкаванне будаўнічых дакументаў альбо выбарчых плакатаў на белай паперы; у раме малюнак не змяніўся: насупраць - пустая тэраса Кільбавага дома; каля альтанкі - стомленая квецень настурцый; профіль лініі дахаў, на даляглядзе - горы пад прамяністым небам: у гэтай раме са зменнымі малюнкамі мне даводзілася бачыць сваю жонку, пазней - сваіх дзяцей; даводзілася бачыць цесця і цешчу, калі я часам падымаўся ў рабочы кабінет, каб калі-небудзь зазірнуць цераз плячо руплівым маладым архітэктарам, што дапамагалі мне, і спраўдзіць іх калькуляцыі, вызначыць тэрміны; праца закранала мяне гэтаксама мала, як і слова «мастацтва»; іншыя маглі выконваць яе так, як і я; я добра ім плаціў ды ніколі не разумеў фанатыкаў, што ахвяравалі сябе слову «мастацтва»; я дапамагаў ім, пасмейваўся з іх, даваў ім працу, але зразумець іх? Hе, я не мог гэтага: я разумеў толькі, што ёсць рамяство, хоць лічыўся мастаком, і мяне шанавалі як мастака; хіба віла, якую я пабудаваў для Гральдуке, не была сапраўды арыгінальнаю, сучаснаю? Была, вядома: і нават мае па-мастацку здольныя калегі захапляліся ёю і хвалілі; я ж падрыхтаваў праект, пабудаваў вілу, не ведаючы нават увогуле, што такое мастацтва; яны ўспрымалі гэта занадта сур'ёзна - мажліва, таму, што яны добра разбіраліся ў гэтым, аднак будавалі брыдкія скрыні, якія - я ведаў гэта добра ўжо тады - праз дзесяць год будуць выклікаць ва ўсіх толькі пачуццё агіды; а я ўмеў часам закасаць рукавы, стаць пры гэтым рысавальным стале і спраектаваць, напрыклад, адміністрацыйны будынак для фірмы «Сас'етас» - «самай карыснай з усіх карысных грамадству»; тады гэтыя прыдуркі, што лічылі мяне за прагнага да багацця і славы вясковага лапця, разяўлялі раты ад здзіўлення, і мне да сённяшняга дня не сорамна за гэтую скрыню, збудаваную мною сорак шэсць год таму; ці гэта мастацтва? Няхай сабе гэта будзе мастацтва, але я ніколі таго не ведаў, хоць, магчыма, несвядома і ствараў яго; але гэтага слова я ніколі сур'ёзна не ўспрымаў - гэтаксама як не мог зразумець шалёнай злосці, якую мелі на мяне тыя тры карыфеі архітэктуры; Божа мой, ці можна было не дазволіць гэткай маленькай гульні, ці Галіяфы былі цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару? Яны верылі ў мастацтва, а я - не; іх пачуццё гонару было абражанае якімсьці прыблудам. Але ж кожны павінен быў аднекуль прыблудзіцца! Я адкрыта смяяўся, бо ўцягнуў іх у сітуацыю, дзе нават маё паражэнне магло зрабіцца перамогаю, а перамога - трыумфам.

 

Я амаль спачуваў ім, калі мы падымаліся па сходах у музеі; мне было цяжка надаць маім крокам гэты паважна-ўрачысты рытм, да якога тыя, пакрыўджаныя, былі прызвычаены; гэты рытм крокаў, якія ўжываюць, ідучы па сходах кафедральных сабораў услед за каралямі і біскупамі; рытм крокаў пры ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця помніка, рытм крокаў, напоўнены ўмеркаваным хваляваннем, не занадта хуткі і не занадта павольны; я гэтага не ведаў і куды б ахвотней узбег па сходах, нібы шчанюк - па тых каменных прыступках, каля стодаў рымскіх легіянераў, чые паламаныя мячы, дзіды або жмуты розаг можна было ўважаць за паходні; каля бюстаў кесараў, злепкаў дзіцячых магіл - на другі паверх, дзе паміж нідэрландцамі і назарэцянамі* мясцілася канферэнц-зала; грамадзянская сур'ёзнасць; недзе ў глыбі памяшкання павінны былі зараз загрукатаць барабаны - менавіта гэтак узыходзяць па прыступках алтара і па прыступках эшафота, гэтак узыходзяць на трыбуну, каб прыняць ордэн альбо выслухаць смяротны прысуд; гэтак ставяцца ўрачыстасці ў аматарскіх спектаклях, але тыя, што крочылі побач са мною, не былі аматарамі, то былі Брэмокель, Грумпэтэр і Волерзайн.

* Назарэцяне - група нямецкіх мастакоў-рамантыкаў пачатку XIX стагоддзя.

Музейныя служкі ў гала-ліўрэях стаялі збянтэжана перад творамі Рэмбранта, Ван Дэйка і Овэрбека; у паўзмроку перад канферэнц-залай стаяў Мэйзер, трымаючы срэбраны спод з кілішкамі, каб перад абвяшчэннем прысуду падаць нам каньяк; Мэйзер усміхнуўся мне, ашчэрыўшы зубы; у нас не было ніякай папярэдняй дамовы, але хіба ён не мог тым не менш падаць мне якога-небудзь знака? Кіўнуць альбо патрэсці галавою - перамога ці не? Нічога не было. Брэмокель шаптаў нешта Волерзайну, Грумпэтэр загаварыў з Мэйзерам, упіхнуў срэбраную манету ў Мэйзераву абыякавую далонь, якую я ненавідзеў яшчэ дзіцём; цэлы год мы разам з ім слугавалі пры ютрані; старыя сялянкі мармыталі недзе каля сцен, упарта маліліся на свой ружанец, парушаючы прадпісаны парадак літургіі. Да нас даносіўся пах сена, пах малака, цяпло хлява, калі мы з Мэйзерам нахіляліся ўперад, каб, мармычучы: «mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa»*, біць сябе ў грудзі за віну нявыказаных грахоў; а калі пробашч узыходзіў прыступкамі да алтара, Мэйзеравы рукі, што цяпер моцна абхапілі Волерзайнаў срэбранік, рабілі непрыстойныя рухі - то былі рукі, якім сёння давяраліся ключы ад гарадскога музея, ключы ад Гольбайна і Гальса, Лохнера і Лайбля.

* Мая віна, мая віна, мая найвялікшая віна (лац.).

 

Са мною ніхто не размаўляў; мне засталася адна халодная мармуровая балюстрада, на якую я абапіраўся; я глядзеў долу, на ўнутраны двор, дзе бронзавы бургамістр з няўмольнай паважнасцю выстаўляў сваё пуза насустрач стагоддзям, а мармуровы мецэнат мастацтва апусціў павекі на свае, падобныя да жабіных, вочы, дарэмна спрабуючы выклікаць гэткім чынам уражанне глыбокай задуменнасці; вочы помніка былі пустыя - нібы вочы рымскіх мармуровых матронаў, што сведчаць пра пакуты, якія нясуць з сабой больш познія культуры. Мэйзер пачыкільгікаў да сваіх калегаў; Брэмокель, Грумпэтэр і Волерзайн стаялі шчыльна адзін каля аднаго; снежаньскае неба над унутраным дваром было яснае і халоднае; з вуліцы чуліся галасы першых у гэты вечар п'яных мужчынаў; дыліжансы каціліся ў бок тэатра; пяшчотныя жаночыя твары пад вэлюмамі рэзедовага колеру былі асветлены радасцю чакання «Травіяты»; я стаяў паміж Мэйзерам і тымі трыма пакрыўджанымі, як карослівы хворы на праказу, дотык якога нясе смерць; я нудзіўся па строгай літургіі майго дзённага распарадку, калі я адзін яшчэ трымаў у сваіх руках ніткі гульні, калі я мог яшчэ рэгуляваць існаванне і не-існаванне, дазіраваць свой міф; я перастаў быць гаспадаром гэтае гульні; скандал; пагалоскі; абатавы крокі ў маім кабінеце; падрадчыкі-будаўнічыя дасылалі мне ў працоўны кабінет кашы з харчамі, залатыя гадзіннікі ў чырвоных аксамітных карабочках; адзін напісаў мне: «...і, вядома ж, я не адмовіў бы Вам, калі б Вы прасілі рукі маёй дачкі...» «Правая рука іх поўная дарункаў».

Я б не ўзяў ад іх нічога - нават цагліны; я палюбіў абата. Ці з'яўлялася ў мяне хоць на кароткае імгненне думка паспрабаваць ужыць прыём Домгрэве ў дачыненні да яго? Я чырванеў ад сораму, калі ў мяне ўзнікала думка, што я мог якую кароткую хвілю мець такі намер; непрадбачанае адбылося: я пакахаў Ёганну, Кільбаву дачку, і палюбіў абата; я ўжо мог а палове дванаццатай пад'ехаць да Кільбавага дома, уручыць букет і сказаць: «Прашу рукі Вашае дачкі», а Ёганна падышла б пазней і не шапнула б, падміргнуўшы мне, ціхутка: «Я згодная», а вымавіла б гэта голасна і выразна. Я па-ранейшаму паміж пятай і шостай выходзіў на шпацыр, па-ранейшаму гуляў у більярд у клубе афіцэраў-рэзервістаў, а мой смех, якім я цяпер карыстаўся больш шчодра, набыў моцы, дзякуючы падміргванню Ёганны; я па-ранейшаму спяваў па пятніцах у сваім хоры: «Том-вершавальнік...»

Уздоўж халоднай мармуровай балюстрады я павольна падсунуўся бліжэй да траіх пакрыўджаных, паставіў парожні кілішак на спод: ці адхінуцца яны ад карослівага? Яны не адхінуліся; можа, чакалі ад мяне пакорлівасці? «Дазвольце прадставіцца - Фэмель». Божа мой, хіба кожны з іх аднекуль не прыблудзіў, хіба Грумпэтэр, швейцарац, у маладосці не даіў кароў у графа фон Тэльма, не раскідаў каровінага гною на пахучай зямлі, перш чым ён адкрыў у сабе цягу да архітэктуры? Праказа вылечваецца, вылечваецца на берагах Лага-Маджорэ, у садах Мінузіа; ці вылечная праказа поўных цноты падрадчыкаў-будаўнічых, што куплялі на злом раманскія касцёлы, разам з іх вартым павагі рыштункам, са старымі мадоннамі і касцельнымі лавамі, і аздаблялі гэтым вартым павагі рыштункам салоны Новага і Старога свету? Тыя, што прадавалі салонам какотак спавядальні, у якіх пакорлівыя сяляне трыста год запар шэптам замольвалі свае грахі? Праказу можна вылечыць у паляўнічых хатках і ў Бад-Эмзе.

Да смерці сур'ёзныя твары пакрыўджаных застылі, калі адчыніліся дзверы ў канферэнц-залу; паявілася цёмная постаць, набыла абрысы, колеры; першы член журы зайшоў у галерэю - Губрых, прафесар гісторыі мастацтва тэалагічнага факультэта; «толькі цераз мой труп»; яго чорны сурдут выглядаў пры гэтым асвятленні нібы мантыя рэмбрантаўскага члена Рады; Губрых падышоў да спода, узяў кілішак з каньяком, і я пачуў глыбокі ўздых, што вырваўся з ягоных грудзей; паўз траіх пакрыўджаных, якія памкнуліся былі да яго, ён адышоў у самы далёкі кут галерэі; строгасць яго святаровага строю злагоджвалася белым шалікам, а светлыя завіткі валос, якія па-дзіцячаму спадалі на каўнер, узмацнялі ўражанне, якое Губрых хацеў рабіць на прысутных; ён выглядаў падобным да мастака. Можна было сабе ўявіць, як ён з разьбярскім долатам над кавалкам дрэва, з танюткім, у вадкім золаце пэндзлікам працуе: малюе валасы мадонны, бароды прарокаў альбо гарэзлівы завіток Табіяшаваму сабаку на канцы хваста. Ціха ступаў Губрых па лінолеуме, стомленым кіўком адказаў на паклоны пакрыўджаных і скіраваўся ў паўзмрок галерэі да Рэмбранта і Ван Дэйка: на гэтых вузкіх плячах ляжала адказнасць за цэрквы, лякарні, прытулкі, у якіх яшчэ праз сто гадоў манашкі і ўдовы, сіроты і пацыенты бальнічных прыёмных пакояў, цяжкія падлеткі і распусныя дзявоткі будуць павінны цярпець кухонныя пахі адмерлых пакаленняў; цёмныя калідоры, бязрадасныя тыльныя фасады, што дзякуючы мёртвым мазаікам былі яшчэ больш бязрадасныя, чым гэта прадугледжвалася архітэктаравымі планамі; і вось крочыў ён, praeceptor et arbiter architecturae ecclesiasticae*, які ўжо сорак год з патэтычным запалам і сляпой экзальтаванасцю перакананага ўсяляк прапагандаваў неаготыку; несумненна, яшчэ хлопчыкам, топчучы сцежкі пустэльных прадмесцяў, несучы з трыумфам дадому атрыманыя пяцёркі, ён перад абліччам курадымных комінаў і цёмных фасадаў дамоў вырашыў ашчаслівіць чалавецтва і пакінуць след на гэтай зямлі - і ён пакінуў яго: чырванаватыя, а з кожным годам усё шарэйшыя і змрачнейшыя цагляныя фасады, з нішаў якіх глядзелі ў будучыню поўныя невынішчальнай меланхоліі панурыя святыя.

* Апякун і суддзя царкоўнай архітэктуры (лац.).

Мэйзер паслужліва падсунуў спод другому члену журы - каньяк для Кроля, жыццярадаснага, з тварам колеру чырвонага віна курца цыгараў, мясажэра; нягледзячы на ўзрост, ён быў хударлявы - гэты нязменны рэстаўратар сабора Святога Севярына: галубіны памёт, пара ад лакаматываў, атручаныя хімікатамі хмары з боку ўсходніх і рэдкія вільготныя вятры з боку заходніх прадмесцяў; паўднёвае сонца, паўночныя халады, усе індустрыяльныя і ўсе натуральныя ўплывы на клімат гарантавалі яму і яго наступнікам працу з пасадаю да канца жыцця; яму было сорак пяць, і, гэткім чынам, у яго заставалася яшчэ дваццаць год на забавы, якія ён па-сапраўднаму любіў, - на выпіўкі, цыгары, на коней і дзяўчат таго асаблівага гатунку, якія сустракаюцца паблізу стайняў, пад час паляванняў на лісаў - амазонкі з развітымі цягліцамі і мужчынскім пахам. Я добра вывучаў сваіх праціўнікаў; Кроль хаваў сваю абсалютную абыякавасць да праблем архітэктуры за вытанчанай, амаль усходняй ветлівасцю, якую ён падгледзеў у біскупаў і пераняў ад іх; рухі Кроля ідэальна адпавядалі ўрачыстасцям адкрыцця помнікаў; ён ведаў таксама некалькі вельмі добрых показак, якія ўвесь час расказваў у пэўнай паслядоўнасці; маючы дваццаць два гады, Кроль вывучыў на памяць «Падручнік архітэктуры» Хандке і ўжо тады вырашыў да канца жыцця выцягваць карысць з гэтага высілку: заўсёды, калі наспявала пільная патрэба ўжыць архітэктурныя тэрміны, ён цытаваў «неўміручага Хандке»; на пасяджэннях журы Кроль бессаромна агітаваў за праект, аўтар якога абяцаў яму найбольшы хабар, а калі бачыў, што ў праекта няма ніякіх шанцаў на перамогу, імгненна мяняў сваю пазіцыю на карысць фаварыта з тае прычыны, што любіў казаць «падтрымліваю» і не любіў - «не падтрымліваю», бо казаць «падтрымліваю» карацей, а, па-за тым, для вымаўлення часціцы «не» выплывае самая галоўная загана - яго не вымавіш толькі адным языком ды зубамі, а трэба падключыць яшчэ і нос; да таго ж тут патрэбны яшчэ і рашучы выраз твару, між тым як, даючы станоўчы адказ, яго мець зусім не трэба. Кроль таксама ўздыхнуў, страсянуў галавою і, абмінаючы траіх пакрыўджаных, паклыпаў у іншы кут галерэі, да назарэцянаў.

Нейкую хвілю ў светлым чатырохкутніку дзвярэй быў відзён толькі стол, накрыты зялёным сукном, графін з вадою, папяльнічка, клубы блакітнага дыму ад Кролевай цыгары; а ўнутры - ціша, не чуваць нават шэпту; у паветры віселі выракі смерці; нараджалася вечная варожасць; для Губрыха гэтая гульня магла мець сваім вынікам пашану альбо ганьбу; нібы зацяты пяцікласнік, ён пакляўся сабе не дапусціць, каб калі-небудзь яго напаткала ганьба, гэтая гульня магла мець вынікам тую страшэнную прыніжанасць, якая б вынікала з прызнання свайго пройгрышу перад архібіскупам. «Ну, дык дзе Ваш труп, Губрых?» - спытаецца схільная да гумару Яго прывялебнасць; для Кроля ішла гульня за вілу на возеры Кома, якую яму абяцаў Брэмокель.

Сярод служак пачуліся шэпты: Мэйзер, сыкнуўшы, супакоіў іх. У дзвярах залы з'явіўся Швэбрынгер; ён быў малога росту, дробны; ён не проста лічыўся непадкупным, але і сапраўды быў такі; насіў патрапаныя брыджы, зацыраваныя панчохі; галава ў яго была абстрыжаная дагала і мела чарнаватае адценне; у вачах-разынках таілася ўсмешка; Швэбрынгер прадстаўляў грошы, кіраваў фундацыяй, створанай нацыяй; ён быў прадстаўніком прамыслоўцаў і караля, але таксама і малодшага экспедыента, які ўнёс дзесяць марак, і старую бабульку, што ахвяравала трыццаць пфенігаў; Швэбрынгер меў адкрываць банкаўскія рахункі, выпісваць чэкі, кантраляваць рахункі, з кіславатай мінаю прымаць задаткі; ён быў выхрыстам, яго патаемнай архітэктурнай прыхільнасцю было барока; даспадобы яму былі анёлы, што ляцяць у паветры, залачоныя крэслы ў ганаровых касцельных ложах, велічныя амбоны, белыя лакіраваныя казальніцы; ён любіў пах кадзіла, харавыя спевы хлопчыкаў. Швэбрынгер быў моцай: банкаўскія кансорцыумы падпарадкоўваліся яму, нібы шлагбаўмы машыністу; ён уплываў на курсы грашовых адзінак, даваў загады сталёвым гутам; са сваімі цвёрдымі цёмнымі вачамі-разынкамі ён выглядаў так, нібыта ім ужо былі без усякага выніку выпрабаваныя ўсе даступныя яму аблягчальныя сродкі, і ён чакаў, калі будзе вынайдзены напраўду эфектыўны сродак: Швэбрынгер узяў кілішак, не паклаўшы на спод грошай «на чай»; усяго за два крокі ад мяне стаяў ён, у сваіх брыджах і зацыраваных панчохах, падобны да прафесійнага велагоншчыка, што выбыў з гонкі; раптам ён паглядзеў на мяне, усміхнуўся, адставіў парожні кілішак і адышоў у кут нідэрландцаў, дзе яшчэ раней знік Губрых; і Швэбрынгер не абдарыў пакрыўджаных ніводным словам.

З канферэнц-залы быў чуцён шэпт: відавочна, гэта абат размаўляў з Гральдуке; відны былі толькі зялёны стол, папяльнічка, графін з вадою; пакаранне смерцю было адкладзена; у паветры луналі спрэчкі: здавалася, што ў судзейскай калегіі ўсё яшчэ не было поўнай згоды.

Вось паявіўся Гральдуке, узяў два кілішкі з Мэйзеравага спода, нейкую хвілю стаяў, вагаючыся, і паглядаў у бок Кроля; ён быў высокі, меў салідныя памеры і больш прыстойнасці, чым пра гэта можна было меркаваць па яго падпухлых вачах; Гральдуке быў прадстаўніком закона, назіраў за юрыдычнай правамоцнасцю галасавання, вёў пратакол. Гральдуке сам ледзьве не стаў манахам: два гады запар спяваў у грэгарыянскім хоры, які і цяпер любіў; потым ён вярнуўся ў свецкае жыццё, каб ажаніцца з вельмі пекнай дзяўчынаю, з якою ён даў жыццё пяці вельмі пекным дочкам; цяпер ён, будучы обер-прэзідэнтам, кіраваў зямлёю; дзякуючы яму, зямельныя надзелы аддаваліся фундацыям, пасля напружанай працы ад заблытаных кадастраў вызваляліся палеткі, лугі і лясы; ён апрацоўваў упартых старастаў і бургамістраў, скасаваў правы на рыбалоўства ў кволых сажалках, установы, дзе закладалася нерухомасць, выкупляў за срэбра, супакойваў банкі і страхавыя кампаніі.

Усе паволі вярталіся ў канферэнц-залу; абат махнуў вузкай даланёю Мэйзеру, які тут жа знік на паўхвіліны, потым паявіўся зноў і гучна абвясціў на ўсю галерэю: «Мне даручана паведаміць членам журы, што перапынак скончаны». Першы вярнуўся з кута назарэцянаў Кроль, на яго твары можна было прачытаць «за»; Швэбрынгер выйшаў, адзін, з кута нідэрландцаў і хутка прайшоў у залу; Губрых, апошні, са спалатнелым тварам, смяртэльна абражаны, прайшоў паўз трох пакрыўджаных, трасучы галавою; Мэйзер зачыніў за ім дзверы, зірнуў на свой спод, на дзевяць парожніх кілішкаў, пагардліва пазвякаў нешматлікімі манетамі «на чай»; я падышоў да яго і кінуў на спод талер: ён упаў звонка і цвёрда; тры пакрыўджаныя спуджана паднялі галовы; Мэйзер скрывіў вусны ва ўсмешцы, на знак удзячнасці падняў руку да шапачкі і шапнуў: «Гэта ж трэба, ты - усяго толькі сын крыху глузданутага рэгента!»

Даўно ўжо з вуліцы не было чуваць бразгатання каламажак: «Травіята» пачалася; нерухома ў дзвюх шарэнгах стаялі служкі, паміж рымскіх легіянераў і матронаў, паміж рэшткаў калон былых святыняў; гоман, нібы гарачая хваля, уварваўся ў халодны вечар; людзі з прэсы пераадолелі супраціўленне першага служкі, вось ужо і другі бязрадна падняў рукі, а трэці пазіраў на Мэйзера, які, сыкаючы, усталёўваў цішу; маладзенькі журналіст, праціснуўшыся паўз Мэйзера, падбег да мяне, выцер нос рукавом і ціха сказаў мне: «Упэўненая перамога - за Вамі». Крыху ў глыбі памяшкання ўжо чакалі два шаноўныя рэдактары-нарысісты, у чорных капелюшах, з бародамі, выпетраныя пафасам натхнёных радкоў; яны трымалі на патрэбнай адлегласці менш шаноўную публіку - дзяўчыну ў акулярах, хударлявага сацыяліста; да тае хвілі, пакуль адчыніліся дзверы і абат, задыхаўшыся, шпарка, нібы маленькі хлапчук, падбег да мяне, абняў, і я пачуў голас, які крычаў: «Фэмель! Фэмель!»

 

Гоман быў ужо чуцён аж наверсе; праз дзесяць хвілін пасля таго, як перастала дрыжаць падаконне, работніцы з усмешкамі выходзілі з брамы, несучы сваю годную пачуццёвасць у вольны ад працы вечар; то быў адзін з тых восеньскіх вечароў, калі трава пад мурам асабліва пахкая; Грэцу не ўдалося сёння прадаць свайго дзіка, на рыле якога застыгла пацямнелая кроў; у зменнай раме была відна тэраса на процілеглым даху: белы стол, зялёная драўляная лаўка, альтанка са стомленай квеценню настурцый; ці Ёзэфавы дзеці і дзеці Рут калі-небудзь будуць прагульвацца там, па тэрасе, чытаць «Падступнасць і каханне»; ці бачыў ён там калі Роберта? Hе, ніколі: Роберт сядзеў у сваім пакоі, трэніраваўся ў садзе; тэрасы былі занадта малыя, каб магчы там займацца яго відамі спорту: лаптою і бегам на сто метраў.

 

Я заўсёды трохі яго баяўся, чакаў ад яго чагосьці нязвыклага, не здзівіўся нават, калі той хлопец з апушчанымі плячыма наклаў на яго секвестр; каб я толькі ведаў, як звалі таго, другога, які кідаў у нашую паштовую скрынку маленькія цыдулкі з весткамі ад Роберта; я так і не даведаўся пра гэта; і Ёганна нічога не здолела выцягнуць з Фрэшэра; гэтаму хлопцу належыць помнік, які вы захочаце паставіць мне; я не наважыўся тады паказаць на дзверы Нэтлінгеру і забараніць гэтаму Вакеры заходзіць у Отаў пакой; гэта яны прынеслі бычынае прычасце ў мой дом, ператварылі хлопца, якога я так любіў, у нейкага чужаніцу... майго маленькага хлопчыка, якога я браў з сабою на будоўлю, на рыштаванні. Таксі? Таксі? Ці гэта было таксі з 1936 года, на якім мы з Ёганнай ехалі ў «Якар», у Верхні Порт? Ці, можа, таксі з 1942 года, на якім я вёз яе ў Дэнклінген, у псіхіятрычную лякарню? Альбо таксі з 1956 года, на якім мы з Ёзэфам паехалі ў Кіслінген; я хацеў паказаць яму будоўлю, дзе ён, мой унук, сын Роберта і Эдыт, павінен быў заняць маё месца; абацтва разбуранае, груда камення, пылу і друзу; Брэмокель, Грумпэтэр і Волерзайн, напэўна б, трыумфавалі, убачыўшы гэта; а я не трыумфаваў, убачыўшы ў 1945 годзе ўпершыню гэтыя груды руінаў; у задуменні я абышоў іх, пэўна, спакайнейшы, чым яны маглі ад мяне чакаць; ці яны чакалі ад мяне слёз, абурэння?

- Мы знойдзем вінаватага.

- Навошта? - спытаўся я. - Пакіньце яго ў спакоі.

Я аддаў бы дзвесце абацтваў, калі б за іх мне вярнулі Эдыт, Оту ці таго чужога хлопца, што кідаў цыдулкі ў нашу паштовую скрыню і мусіў так дорага заплаціць за гэта; і хоць гэты абмен не адбыўся, не быў прыняты, мяне цешыла, што я заплаціў хоць бы гэтым - грудаю камення, маім «учынкам маладосці». Я ахвяраваў гэта Оце і Эдыт, таму хлопцу і сталяроваму вучню, хоць ведаў, што ім гэта будзе ні да чога: яны загінулі; ці, можа, гэтая груда руінаў належала да таго непрадбачанага, якога я гэтак моцна прагнуў? Манахаў здзіўляла мая ўсмешка, а мяне здзіўляла іхняе абурэнне.

 

- Таксі? Я ўжо іду, Леанора. Hе забудзьцеся, што я запрасіў Вас: а дзевятай, у кавярні Кронэра - вячэра з нагоды дня нараджэння. Шампанскага не будзе. Ненавіджу шампанскае. Забярыце там унізе ў прыдзверніка кветкі, цыгары, віншавальныя тэлеграмы і, калі ласка, маё дзіця, не забудзьце апляваць мой помнік.

To былі выбарчыя плакаты - тое, што друкавалася цяпер, у звышурочныя гадзіны, на белай паперы; іх стосы завальвалі калідоры, лесвічныя каморы - аж пад самы яго кабінет; на кожнай пачцы быў наклеены плакат-узор: усе гэтыя добра апранутыя ўзоры ўсміхаліся яму, нават на плакатах можна было разгледзець гарусныя ніткі ў іх гарнітурах; грамадзянская паважнасць і грамадзянская ўсмешлівасць патрабавалі даверу і аптымізму; там былі маладыя і пажылыя, але маладыя рабілі на яго яшчэ страшнейшае ўражанне, чым пажылыя; ён знакам, зробленым рукою, паслаў прыдзверніка, які хацеў запрасіць яго ў свой пакойчык - паглядзець раскошу кветак, разгарнуць тэлеграмы, ацаніць падарункі; ён сеў у таксі; дзверы машыны перад ім адчыніў шафёр.

- Калі ласка, у Дэнклінген, у псіхіятрычную лякарню, - ціха сказаў стары Фэмель.

 

5

 

Блакітнае неба, пафарбаваная сцяна, уздоўж якой таполі, нібы перакладзіны драбінаў, вялі ўгору і ўніз на дзядзінец, дзе прыдзвернік змятаў лісце ў равок з кампостам; сцяна была занадта высокая, прамежкі паміж перакладзінамі - занадта вялікія; тры, чатыры крокі трэба было яму зрабіць, каб з адной трапіць на другую. Памалу! Чаму жоўты аўтобус павінен ехаць гэтак высока ўздоўж сцяны, паўзці каля яе, не раўнуючы як жук? Ён прывёз сёння толькі аднаго чалавека - яго. Ці гэта быў ён? Хто? Каб гэта ён караскаўся сюды, ледзьве дацягваючыся да чарговае прыступкі! Ды не: ён заўсёды хадзіў выпрастаўшыся, не згінаючыся, не прыніжаючы сябе - адно што ўкленчваючы ў касцёле ці на стартавай дарожцы ён мяняў сваю паставу. Ці гэта быў ён? Хто?

На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскім парку - старанна намаляваныя шыльдачкі: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: «На старт... увага... марш!» - і пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запісваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным століку ў садзе - і зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусім крыху павялічваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыі; часцяком праходзіла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў і яшчэ больш - пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, і запісваў дасягнуты час у сшытак - 11,2. Гэта нагадвала фугу - дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцінкі вялікай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнія адвячоркі, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскім парку; старт - вяртанне; старт - малое паскарэнне - вяртанне; таксама яго тлумачэнні, калі ён сядаў каля яе, аналізаваў і вытлумачваў запісаныя ў сшытку лічбы, хваліў перавагі сваёй сістэмы - усё гэта было адначасна хвалюючае і нуднае; яго трэніроўкі папахвалі фанатызмам; гэтае дужае і зграбнае юначае цела пахла потам сур'ёзных высілкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалі кахання; гэтаксама пахлі яе браты, Бруна і Фрыдрых, калі злазілі са сваіх спартыўных ровараў, з галовамі, поўнымі лічбамі кіламетраў, хвілін і секундаў, а пасля ў садзе давалі паслабу сваім фанатычным цягліцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткі пах ішоў ад бацькі, калі ён пад час рэпетыцый хору паважна напінаў грудзі, калі дыханне рабілася спортам, спеў не быў прыемнай забаваю, а складнікам грамадзянскай павагі, аблямаванай саліднымі вусамі; яны сур'ёзна спявалі, сур'ёзна ездзілі на роварах, мелі вартыя сур'ёзнай увагі цягліцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргі прарысоўвалі брыдкія фіялетавыя маланкі на скуры ног і шчок; яны гадзінамі выстойвалі сярод халодных восеньскіх начэй, каб пастраляць па зайцах, якія хаваліся за галоўкамі капусты, а ўрэшце на досвітку выказвалі літасць да занямелых цягліцаў, наважваліся даць ім палёгку і беглі зігзагамі сярод дробнага, як шрот, дажджу: «навошта-навошта-навошта?» Дзе быў ён - той, хто насіў у сабе таямнічы смех, схаваную ў схаваным гадзіннікавым механізме спружыну, што памяншала невыносны ўціск, знімала напружанасць; ён, той адзіны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, «Падступнасць і каханне»; яна нахілілася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзіў з брамы друкарні; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярні, маючы ў сабе таемны смех, нібы спружыну; ці быў ён яе здабычай, ці яна была ягонай?

 

Памалу, памалу! Чаму заўсёды ты ідзеш гэтак выпрастаўшыся, не згінаючыся? Адзін неасцярожны крок - і ты звалішся ў блакітную прорву і разаб'ешся тут, унізе, аб бетонныя сцены раўка з кампостам; звялае лісце не паменшыць сілы ўдару; гранітны падмурак сходаў - не падушка; ці быў гэта ён? Хто? Наглядчык Гупэрц сцішана стаяў у дзвярах: гарбату, каву, піва, віно альбо каньяк для госця? Хвіліначку, калі ласка, Фрыдрых прыехаў бы сюды конна: ён ніколі не палез бы ў той жоўты аўтобус, што, нібы жук, поўз там уверсе ўздоўж сцяны; а Бруна ніколі не хадзіў без кійка: забіваў, рассякаў ім час; разбіваў яго на часткі кійком альбо картамі, якія ён начамі, днямі шпурляў, нібы штылеты; Фрыдрых прыехаў бы сюды конна, а Бруна ніколі б не паявіўся без клінка; не трэба ні каньяку для Фрыдрыха, ні віна для Бруна; яны загінулі; ашалелыя ўланы папёрлі пад Эрбі-ле-Юэт проста пад кулямёты; яны думалі, што бюргерскія заганы вызваляць іх ад бюргерскіх цнотаў, непрыстойнымі показкамі яны хацелі вынішчыць неабходнасць практыкавацца ў ціхманасці, голыя балерынкі, што танцавалі на сталах у клубе, не зневажалі памяці шаноўных продкаў, бо гэтыя продкі зусім не былі гэткія шаноўныя, як яны выглядаюць у партрэтнай галерэі; каньяк і віно выкрэслены назаўжды з карты напояў, дарагі Гупэрц. Можа, піва? Отава хада была не такая эластычная, гэта было падобна да маршыроўкі: яго боты выстуквалі варожасць на плітках калідора, на бруку, на ўсёй вуліцы Модэстгасэ; Ота рана пакаштаваў бычынага прычасця, а можа, гэта яго брат, паміраючы, пакінуў яму ў спадчыну тое прозвішча - Гіндэнбург? Праз два тыдні пасля Генрыхавай смерці нарадзіўся Ота; ён загінуў пад Кіевам; я не хачу больш ні ў чым сабе маніць, Гупэрц: Бруна і Фрыдрых, Ота і Эдыт, Ёганна і Генрых - усе яны больш не жывуць.

Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясі гарбаты, Гупэрц, - свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахіснаму, выпрастанаму, які заўсёды жыў таямніцамі, і цяпер у ягоных грудзях жыве таямніца; яны білі яго, панявечылі яму ўсю спіну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямніцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, які прыгатаваў яму чорны порах у «Аптэцы пад Гунамі»; павіснуўшы паміж дзвюма драбінамі, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзіны на перакладзіну; лунае ў паветры, распасцёршы рукі, нібы Ікар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб граніт. Гарбаты, дарагі Гупэрц, - свежай і моцнай, з малаком, але без цукру; і цыгарэт, калі ласка, для майго архангела: ён прыносіць мне змрочныя весткі, якія пахнуць крывёю, бунтам і помстаю: яны забілі таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькі разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькі тры разы; сваімі зграбнымі рукамі ён направіў маленькі замочак у шкатулцы, у якой я захоўвала біжутэрыю, чаго за сорак год не здолеў зрабіць ніводзін майстар-слесар; ён адно дакрануўся да замочка - і ўсё было ў парадку; ён не быў архангел, а ўсяго толькі анёлак; хлопца звалі Фэрдзі, у яго былі светлыя валасы; неразумны, ён думаў, што можна, узброіўшыся адно хлопаўкаю, выходзіць на іх - тых, што пакаштавалі бычынага прычасця; ён не піў ні гарбаты, ні віна, ні піва, ні кавы, каньяку, а проста падстаўляў рот пад струмень вады з крана і смяяўся; каб быў жывы, ён бы здабыў мне стрэльбу; альбо той, другі, цёмнавалосы анёлак, якому было забаронена смяяцца, брат Эдыт; яны звалі яго Шрэла, і ён быў з тых, каго ніколі не называюць па імю, Фэрдзі б зрабіў гэта... ён бы заплаціў за мяне выкуп і выцягнуў бы мяне - можа, з дапамогаю стрэльбы - з гэтага замка, у якім я жыву нібы заклятая; а так вось гэтае закляцце застаецца на мне; толькі па агромністых драбінах можна выбрацца на свет Божы; вось мой сын спускаецца да мяне.

- Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцінайся, калі я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сівізна на скронях, вузкія нагавіцы і нябесна-блакітная безрукаўка; ці не залішне ўсё гэта кідаецца ў вочы? Мажліва, гэта і добра - хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялікага начальніка; усім хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасці, каб дазволіць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якія спрытныя цяпер цырульнікі; твая сівізна нібы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку - зусім як у чалавека, які павінен быў бы галіцца два разы на дзень, але робіць гэта толькі адзін раз; спрытна зроблена; толькі чырвоны шнар застаўся такі самы, як і быў; па ім яны цябе, вядома, пазнаюць; ці няма і тут якога-кольвечы сродка?

Hе, табе не трэба палохацца: яны да мяне не дакраналіся; бізун застаўся вісець на сцяне; яны толькі спыталіся:

- Калі Вы бачылі яго апошні раз?

І я сказала ім праўду:

- Уранні, калі ён пайшоў на трамвайны прыпынак, каб ехаць у школу.

- Але ж у школу ён так і не прыйшоў?

Я маўчала.

- Ці не спрабаваў ён наладзіць з Вамі сувязь?

І я зноў сказала праўду:

- Hе, не спрабаваў.

Ты пакінуў зашмат слядоў, Роберт; нейкая жанчына з тых баракаў, што каля кар'ера, прынесла мне кніжку, падпісаную тваім прозвішчам, і з адрасам: то быў Авідзій у шэра-зялёнай кардоннай вокладцы, запэцканай курыным памётам; за пяць кіламетраў адтуль знайшлі тваю хрэстаматыю, у якой не было аднаго ліста; яе прынесла мне касірка з кінатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася кліенткай, і Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.

Праз тыдзень яны зноў пыталіся ў мяне: «Ці быў у Вас з ім кантакт?», і я адказала: «Hе было». Пазней паявіўся яшчэ адзін, Нэтлінгер, які шмат разоў карыстаўся маёй гасціннасцю; ён сказаў: «Дзеля Вашага ж інтарэсу скажыце праўду». Але ж я ім і казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з іх рук.

Некалькі месяцаў нічога новага, а потым прыйшла Эдыт і сказала:

- Я чакаю дзіця.

Я спужалася, калі яна прамовіла:

- Госпад блаславіў мяне.

Яе голас наганяў на мяне страх; даруй, але я ніколі не любіла сектантаў; дзяўчына была цяжарная і засталася зусім адна: бацька арыштаваны, родны брат знік, цябе не было - яны два тыдні пратрымалі яе ў вязніцы і рабілі допыты; яны не кранулі яе; як проста было паразганяць тых некалькіх авечак; толькі адна авечка засталася - Эдыт; я забрала яе да сябе. Дзеці, вашую неразумнасць, вядома, упадабаў пан бог, але, прынамсі, Вакеру вы павінны былі забіць; барані нас божа ад пакутнікаў, якія засталіся жыць; настаўнік гімнастыкі - паліцай-прэзідэнт: гойсае на сваім белым кані па горадзе і асабіста кіруе аблавамі на жабракоў; чаму хоць бы яго вы не забілі, але чым - порахам у кардонным карабку? Хлопаўкамі нікога не заб'еш, хлопча; вам трэба было спытацца пра гэта ў мяне: смерць зроблена з металу - гільза з медзі, свінец, жалеза; смерць нясуць асколкі металу - яны свішчуць і выюць, уначы спадаюць дажджом на дах, з грукатам б'юцца аб альтанку, лётаюць у паветры, нібы дзікія птахі: «Дзікія гусі шумяць уначы»; яны кідаюцца на авечак; Эдыт памерла; я перад тым дамаглася, каб яе абвясцілі вар'яткай: тры медыцынскія аўтарытэты напісалі заключэнне сваімі па-арыстакрацку нечытэльнымі почыркамі на белых лістах са штампамі, што выклікаюць павагу - гэта ўратавала яе, Эдыт. Даруй, што я смяюся; гэткая во авечка: у семнаццаць год нарадзіла першае дзіця, у дзевятнаццаць - другое, прытым заўсёды ад яе можна было пачуць словы накшталт: «Пан Бог зрабіў тое», «Пан Бог даў», «Пан Бог узяў», «Пан Бог...», «Пан Бог...» Яна не ведала, што пан Бог - наш брат: з братамі ты можаш смяяцца сабе колькі хочаш, з панамі - не заўсёды; я не ведала, што дзікія гусі рвуць авечак, думаючы, што яны міралюбныя траваежныя птушкі; Эдыт ляжала тут, і здавалася, што ажыў наш родавы герб - авечка, з грудзей у якой пырскае струмень крыві; але вакол яе не стаялі ні пакутнікі, ні кардыналы, ні пустэльнікі, ні рыцары, ні святыя, каб маліцца на яе; там стаяла я адна. Яна памерла; хлопча, паспрабуй усміхнуцца; я спрабавала, ды ў мяне гэта не атрымлівалася: асабліва з Генрыхам; ён забаўляўся з табою, чапляў табе шаблю, насоўваў на галаву шалом, рабіў з цябе «француза», ды «руса», ды «інглішмэна»; гэты ціхманы хлопчык; і ён спяваў: «Мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін»; а калі ён паміраў, ён шапнуў мне той жахлівы пароль, імя свяшчэннага буйвала- «Гіндэнбург». Ён хацеў вывучыць верш на памяць, быў такі ветлівы і паслухмяны, а я парвала цыдулку з вершам на дробныя шматкі, выкінула іх, і яны пасыпаліся, нібы камякі снегу, на Модэстгасэ.

Пі, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзі сюды бліжэй: я мушу гаварыць зусім ціха; ніхто не павінен нас чуць, а перадусім не павінен нас чуць твой бацька; ён - дзіця, не ведае, колькі ліха ў гэтым свеце, як мала ў ім ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; ціха, нельга запляміць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызваліць: «мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін», і ты павінен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэліць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзірак; калі ён будзе набліжацца на сваім белым кані, заверне за рог вуліцы каля гатэля «Прынц Генрых», у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэліць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра - я чытала пра гэта, - нацэліцца і націснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кійком: калі ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвіліны часу, але ці ўдасца мне таксама падстрэліць і таго другога - я не ведаю; будзе сумятня, калі ён зваліцца з каня, і я не здолею другі раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесці і націснуць своечасова на курок; мне трэба толькі вырашыць, па кім страляць: па настаўніку гімнастыкі ці па тым Нэтлінгеры; ён еў мой хлеб, піў маю гарбату, і бацька заўсёды называў яго «жвавым хлопцам». Паглядзі, які жвавы гэты хлопец: ірваў авечак, лупцаваў цябе і Шрэлу бізуном з калючага дроту; Фэрдзі заплаціў занадта дорага за гэты сціплы вынік - апёкі на назе настаўніка гімнастыкі, разбітае люстэрка ў пярэднім пакоі; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам...

Выпі нарэшце сваю гарбату, хлопча; ці яна табе не смачная? Што, тытунь у цыгарэтах перасох? Выбачай, але я ніколі не разбіралася ў гэтых рэчах; ты добра выглядаеш, табе да твару знешнасць саракагадовага мужчыны з сівымі скронямі, можна падумаць, што ты нарадзіўся натарыусам; мяне разбірае смех, калі я сабе ўяўляю, што ты напраўду калі-небудзь будзеш гэтак выглядаць; якія ўсё ж спрытныя цяпер цырульнікі!

Hе будзь такі сур'ёзны: усё мінецца, мы зноў пачнем ездзіць за горад, у Кіслінген: бабуля і дзед, дзеці, унукі, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавіць рукамі стронгу; мы будзем есці цудоўны манаскі хлеб, піць іхняе віно, слухаць вячэрняе набажэнства: «Rorate coeli decuper et nubes plurant justum»*; урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаі - выберы сабе пару года, хлопча, - каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамі: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскі спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; і таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калісьці тваім бацькам; абацтва Святога Антонія ў даліне Кіса, паміж паселішчамі Штэлінгерс-Гротэ і ГёрлінгерШтуль.

* Акрыляйце, нябёсы, зверху, а воблакі хай праліваюць праўду (лац.).

Мне не было яшчэ і дваццаці двух гадоў, калі асвячалі абацтва; я яшчэ зусім нядаўна прачытала «Падступнасць і каханне»; у мяне ў горле ўсё яшчэ сядзеў і лёгка вырываўся з яго падлеткаў смех; у зялёнай аксамітавай сукенцы, купленай у краме Гэрміны Горушкі, я выглядала так, быццам бы толькі што вярнулася з танцаў; ужо не дзяўчына, але яшчэ і не жанчына - не замужняя жанчына, а дзяўчына, якую спакусілі; белы каўнерык, чорны капялюш; я была ўжо цяжарная і кожную хвілю гатовая заплакаць; кардынал шапнуў мне: «Вам трэба было застацца дома; спадзяюся, што Вы вытрымаеце ўсё гэта». Я вытрымала, я хацела быць пры ўсім; калі адчынілі касцёл і пачалася цырымонія асвячэння, мне зрабілася непамысна; ён зусім спалатнеў, мой малы Давід, а я падумала сабе: цяпер яго смех прапаў; яны заб'юць яго сваімі ўрачыстасцямі; ён на тое занадта малы і занадта малады; у яго замала мужчынскай паважнасці ў мускулах; я ведала, што маю пекны выгляд - у зялёнай сукні, чарнавокая, з белым, нібы снег, каўняром; я вырашыла ніколі не забывацца, што ўсё гэта - толькі гульня. Я смяялася яшчэ, калі згадвала, як настаўнік нямецкай мовы казаў мне: «Буду пытаць Вас на пяцёрку», але я не здолела адказаць на пяцёрку; я думала ўвесь час толькі пра яго, называла яго Давідам, малым з прашчаю, журботнымі вачыма і глыбока схаваным смехам; я кахала яго і штодня чакала хвіліны, калі ён з'явіцца ў вялікім акне кабінета; я глядзела яму ўслед, калі ён выходзіў з брамы друкарні, употайкі прыходзіла на спеўкі іхняга хору, уважліва ўглядалася, ці ягоныя грудзі таксама ўздымаюцца і апускаюцца ў гэтым сур'ёзным мужчынскім спорце, ды пазнавала па яго твары, што ён не належаў да іх; я прасіла Бруну непрыкметна для іншых прыводзіць мяне ў клуб афіцэраў-рэзервістаў, што збіраўся ў гатэлі «Прынц Генрых», каб згуляць у більярд; я прыглядалася да таго, як ён згінаў і разгінаў рукі, як белыя шары каціліся па зялёным і чырвоныя каціліся на зялёным, і там я адчула яго смех, схаваны глыбока ў ім унутры; не, ён ніколі не каштаваў бычынага прычасця, але было боязна, ці вытрымае ён апошняе, самае апошняе і самае цяжкое выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай, у дзень нараджэння таго прыдурка, у студзені: маршыроўка перад помнікам каля моста, удзел ва ўрачыстым парадзе перад гатэлем, на балконе якога стаяў генерал; я пыталася ў сябе, як гэта будзе выглядаць, калі ён будзе шыбаваць там, унізе, напампаваны гісторыяй і балбатнёй пра «цяжар лёсу», у такт грукату барабанаў і літаўраў, пад гукі баявых ражкоў. Мне было боязна, вусцішна, што ён будзе выглядаць смешна; я не хацела, каб ён быў смешны; я не хацела, каб яны калі-небудзь смяяліся з яго, хацела, каб ён смяяўся з іх; і я ўбачыла, як ён маршыраваў; мой Божухна, каб ты бачыў яго тады! Ён, здавалася, кожным сваім крокам пераступаў праз кайзераву галаву.

Пасля мне часцяком даводзілася бачыць яго ў форме; гады лічыліся цяпер павышэннямі ў званні: праз два гады - обер-лейтэнант, яшчэ праз два - гаўптман; я брала ў рукі яго шаблю і ўсяляк імкнулася яе зганьбіць, апаганіць, саскрабала ёю бруд з жалезных завіткоў на парэнчах сходаў, іржу з жалезных лавак у садзе, капала ёю ямкі пад флянсы; толькі чысціць бульбу ёй было занадта нязручна.

Шаблі трэба кідаць на зямлю і таптаць нагамі, як і ўсе прывілеі; толькі дзеля таго яны існуюць - гэта хабарніцтва: Правая рука іх поўная дарункаў. Еш тое, што ядуць іншыя; чытай тое, што чытаюць усе, насі вопратку, якую носяць усе; тады ты найшчыльней наблізішся да праўды; шляхоцкасць абавязвае, яна абавязвае цябе есці мякіну, калі яе ядуць астатнія, чытаць ура-патрыятычны памёт на старонках мясцовых газет, а не выданні для адукаваных людзей - Дэмеля* і іншых; не, Роберт, не прымай нічога ад іх - ні паштэтаў ад Грэца, ні масла ад абата, ні мёду, ні залатых манет, ні рагу з заечага мяса: навошта-навошта-навошта, калі ў іншых таго няма; простыя людзі могуць спакойна есці мёд і масла, ён не сапсуе ім ні страўніка, ні мазгоў, але ты, Роберт, гэтага рабіць не можаш - ты павінен есці гэты брыдкі хлеб: вочы твае напоўняцца ад праўды слязьмі, і ты павінен насіць вопратку з убогай тканіны - тады будзеш свабодны.

* Рыхард Дэмель (1863-1920) - нямецкі паэт-імпрэсіяніст.

Я толькі адзін раз пакарысталася сваёй прывілеяй, адзінадзіны раз - ты павінен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць і пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амністыі; мы не маглі болей трываць: бацька, я і Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзіўся сын; мы знаходзілі ў паштовай скрыні вестачкі ад цябе, зусім маленькія, як паперкі ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалі вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знік: «Hе турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт». Праз тыдзень мы прачыталі другую цыдулку: «Мне патрэбны грошы, загарніце ў газету і перадайце чалавеку, прозвішча якога Гроль - кельнеру ў «Якары», Верхні Порт. Цалую маму. Роберт».

Мы аднеслі грошы туды: кельнер Гроль моўчкі паставіў нам піва і ліманад, моўчкі ўзяў скрутак, моўчкі адмовіўся ад грошай «на чай»; здавалася, ён нас зусім не бачыць і не чуе нашых пытанняў.

Мы паўклейвалі твае маленькія вестачкі ў нататнік; новых доўга не было, потым яны пачалі надыходзіць часцей. «Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га і 6-га. Цалую маму. Роберт». А Ота раптам стаў зусім не Ота, а нехта іншы; ён прывёў у дом Нэтлінгера і настаўніка гімнастыкі; Ота... я зразумела, што гэта значыць, калі кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькі Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнілася іншым змесцівам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалі былую кроў і ўлілі яму новую: Отаў пагляд зрабіўся паглядам забойцы, і я са страхам хавала ад яго твае цыдулкі.

Колькі месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай пліткамі, аглядала кожную шчыліну, кожную цалю халоднай падлогі, зняла завіткі з парэнчаў, пасаскрабала з іх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкі могуць куды-небудзь заваліцца, што іх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню і разбірала яе, а Ота вяртаўся, прыціскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгія месяцы я не магла нічога знайсці, прастойвала ночы за фіранкаю ў спальні, чакала світання, пільнавала за вуліцай і за дзвярыма ў дом, злятала ўніз па сходах, калі паяўляўся паштар з газетамі; нічога не было; я абшуквала папяровыя торбачкі з булачкамі, асцярожна пералівала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькі; нічога не было. Ад вечара мы хадзілі ў «Якар», праціскаліся паміж мундзіраў у самы далёкі куток, за столік, які абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабіў выгляд, нібыта нас не ведае; толькі праз некалькі тыдняў, калі мы чарговы раз, чакаючы, сядзелі там, ён напісаў на беражку кардоннай падстаўкі пад піва: «Будзьце асцярожныя! Я нічога не ведаю!», а пасля перакуліў кухаль з півам, размазаў разлітае піва так, што на месцы надпісу засталася вялікая чарнільная пляма, прынёс нам новы кухаль, за які не хацеў браць грошай, - Гроль, кельнер з «Якара», малады чалавек з вузкім тварам.

Мы ж, натуральна, не ведалі, што хлопец, які кідаў нам у паштовую скрыню вестачкі ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намі сачылі, а Гроль заставаўся на волі толькі з аднае прычыны - яны спадзяваліся, што ён загаворыць з намі; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? І Гроль, і хлопец з вестачкамі ад цябе - абодва зніклі, Роберт; а ты ж не даеш мне карабіна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.

Мы перасталі хадзіць у «Якар», пяць месяцаў нічога не чулі пра цябе; я першы раз скарысталася з прывілеі: пайшла к доктару Эмілю Дрэшэру, старшыні зямельнага ўрада; колісь я разам з яго сястрою хадзіла ў школу, а з ім - на ўрокі танцаў; мы рабілі разам паездкі за горад, ставілі ў каламажкі бочачкі з півам, на лясным ускрайку выцягвалі бутэрброды з вяндлінаю; таньчылі «лендлера» на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступіць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыі - але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткія рэчы, калі справа датычыць чагосьці сур'ёзнага; я называла колісь Дрэшэра «Эм» - гэта было скарачэнне ад «Эміль», скарачэнне, якое ў тыя часы лічылася асабліва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасіла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фіялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамі, чаравікі; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднім пакоі, пацалаваў мне руку і сказаў:

- Ах, Ёганна, называй мяне, як і раней, «Эм»!

І я сказала яму:

- Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!

У гэтую хвілю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавіковы перыяд. Я адразу пазнала па ім, што ён ведаў усё, і адчула, як ён пасуровеў, зрабіўся афіцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага віна ад перапуду сталі падобныя да танюсенькай нітачкі; ён азірнуўся, патрос галавою і шапнуў мне:

- Учынак твайго сына быў не толькі заганны, але і надзвычай неразважлівы з палітычнага боку.

А я адказала яму:

- Куды вядзе палітычная разважлівасць - відаць па табе.

Я хацела пайсці, але ён затрымаў мяне і сказаў:

- Божа мой, ці ж нам трэба ўсім павесіцца?

Ha што я адказала:

- Вам - трэба.

- Будзь усё ж разумнаю, - сказаў ён, - гэткімі справамі займаецца паліцай-прэзідэнт, а ты ж ведаеш, што твой сын прычыніў яму.

- Ведаю, - адказала я. - Нічога. На жаль, нічога. Калі не лічыць, што ён пяць гадоў запар выйграваў у яго ў лапту.

Тут гэты баязлівец прыкусіў губу і сказаў:

- Спорт... спорт заўсёды да нечага прыводзіць.

Тады, Роберт, мы не ўяўлялі сабе, што за адзін жэст рукі можна заплаціць жыццём: Вакера аддаў пад расстрэл польскага ваеннапалоннага, бо той падняў на яго руку; толькі падняў руку - нават не ўдарыў Вакеру.

Пасля аднаго ранку я знайшла пад час снядання ў сябе на талерцы цыдулку, напісаную Отам: «Мне таксама патрэбны грошы - 12. Можаце аддаць мне іх проста ў рукі». І я пайшла ў бацькаў кабінет, узяла з сейфа дванаццаць тысяч марак - яны ляжалі там на той выпадак, калі ад цябе зноў пачнуць прыходзіць цыдулкі - і кінула ўвесь пачак на стол перад Отам; я хацела ўжо ехаць у Амстэрдам і сказаць табе, каб ты не дасылаў нам болей ніякіх цыдулак: яны каму-небудзь ды каштуюць жыцця. Але ты ўжо тут; я звар'яцела б, калі б яны не далі табе амністыі; заставайся тут, хіба не ўсё адно, дзе жыць у гэтым свеце, у якім за адзін жэст рукі можна заплаціць жыццём? Ты ведаеш варункі, якія табе вытаргаваў Дрэшэр: ніякай палітычнай дзейнасці, а пасля заканчэння вучобы - адразу ў войска; я загадзя падрыхтавала ўсё, каб ты змог здаць экстэрнам іспыты на атэстат сталасці, а пасля Клэм, прафесар статыкі, праверыць твае веды і залічыць табе ва ўніверсітэце столькі семестраў, колькі ў яго атрымаецца; ці ты абавязкова хочаш вучыцца ва ўніверсітэце? Добра, як сабе хочаш; Эдыт вельмі радая. Падыміся да яе! Ну, ідзі! Хутчэй: хіба ты не хочаш убачыць свайго сына? Я аддала ёй твой пакой; яна чакае цябе наверсе; то ідзі ўжо.

Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклівых калідорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкі; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санітарамі. Пах вільготнай пасцельнай бялізны, развешанай на гарышчы; цішыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй і вышэй, нібы дым у каміне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкі, цяпліца, мармуровы фантан, справа пад мурам капліца: усё гэта рабіла ўражанне ідыліі, было ідыліяй і пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвіліся каровы, свінні капаліся ў адкідах, каб самім потым ператварыцца ў адкіды; работнік выліваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цішыні...

Колькі ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыі, куды яна зноў і зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасці сваіх успамінаў? Ён зноў быў дваццацігадовы Роберт, які вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павінен быў паздароўкацца з Эдыт і са сваім сынам Ёзэфам; Эдыт і Ёзэф - гэта быў сігнал тае станцыі; яны абое былі чужыя яму, маці і сын, і яны абое збянтэжыліся, калі ён зайшоў у іхні пакой - Эдыт яшчэ больш за яго; ці ўвогуле яны калі-небудзь казалі адно аднаму «ты»?

Калі яны прыйшлі пасля той гульні ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставіла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падліўкаю і зялёную салату; пасля яна наліла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт відавочна таго не ўмела, і ўсё ж, калі яна ставіла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскім парку, калі яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярні; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткі; у яе вачах, позірк якіх цяпер адразу ж спыніўся на ім, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовіла малітву, што чытаюць перад ежай: «Божа... Божа...», і ён падумаў: трэба есці пальцамі; відэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка - чужою, і ён упершыню ў жыцці ўсвядоміў, што такое ежа - блаславенне заспакаення голаду - і нічога больш; толькі цары і беднякі ядуць пальцамі. Яны нібыта не казалі адно аднаму, калі ішлі Блесэнфэльдскім паркам да Цонавай кавярні, і ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву ніколі не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфірмацыі ў касцёле; калі ж яны вярталіся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысціся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знікае на фоне вечаровага неба, і пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранілася і не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабіць, ажыло ў яго вуснах, яго руках і рамёнах; у яго памяці захаваліся толькі яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах - нібы шкілет нейкай мініяцюрнай марской жывёліны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяці захаваліся абрысы яе вуснаў, што памнажаліся ў незлічоныя хмаркі аднолькавай велічыні, калі яна, прытуліўшыся да яго грудзей, прашаптала: «Яны цябе заб'юць!» Значыць, яны з Эдыт усё-ткі былі на «ты» там, у кустах, у парку, і назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: ішоў па горадзе, нібы сляпы, нібы яго вяла чароўная палачка; інстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзі, з якім яны павінны былі спаткацца ўвечары. Тады ён зрабіў адкрыццё: яна ўмее ўсміхацца; яна ўсміхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка - самае таннае, якое здолела купіць у краме са стандартнымі цэнамі гаспадыня дома; Эдыт усміхнулася, адкрыўшы і ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, які ляжаў на падаконні, - дурасць, якую трэба было зрабіць; розум не быў прыдатны ні да чога ў гэтым свеце, у якім за жэст рукі можна было заплаціць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калі яны потым сышлі ў пакой гаспадыні, Роберт здзівіўся, як танна ім абышоўся пакой: ён заплаціў за ўсё марку і пяцьдзесят пфенігаў, а гаспадыня адмовілася ўзяць пяцьдзесят пфенігаў, якія ён хацеў пакласці ёй «на чай»:

- Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу ні ад кога залежаць.

Значыць, ён усё ж быў на «ты» з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзіця - Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвіліну, паклаў дзіця на ложак, і спрадвечнае веданне зноў вярнулася да яго - у яго рукі, рамёны, губы. Яна так і не навучылася запарваць гарбату - нават пасля таго, як яны займелі сваю кватэру з мэбляю, нібы лялечнай, - калі ён вяртаўся дамоў з універсітэта альбо ў водпуск як унтэр-афіцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыяліста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якіх было якраз тое, чаго хацеў - руіны і прах, помсту за Фэрдзі Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкідаў яго цыдулкі ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкі, з кніжачкай ільготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнігу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, карміла грудзьмі Рут; малады бацька, маладая маці; яна прыходзіла з дзіцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульваліся берагам ракі, ішлі праз футбольныя палі і палі для лапты; яны сядзелі каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабіць першыя крокі; два гады яны гулялі ў гэтую гульню, што называлася «шлюб»: ён ніколі не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калі не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднім пакоі фуражку і шынель, знімаў кіцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малітву: «Божа... Божа...»; толькі ніякіх прывілеяў, ніякай звышарыгінальнасці; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымі матэматычнымі здольнасцямі; ён еў гарохавы суп, калі суседзі прымалі з радыёпрыёмніка бычынае прычасце; яго водпуск з часці доўжыўся да пабудкі; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй і дзіўнае адчуванне, нібыта ён зноў яе зганьбаваў - гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; ніякай палітычнай дзейнасці - хіба ён калі-небудзь займаўся палітычнай дзейнасцю? Амнісціравалі, даравалі яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афіцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах і разбурэнне, убіваў у галовы формулы выбухаў. «Ад Альфрэда нічога няма?» - Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвішча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямі ў званні: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афіцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусім бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; ні кветак, ні смеху на ўзбочынах вуліц, ні кайзеравай усмешкі па-над імі, ні пыхі пасля доўгага ціхамірнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлівая маса; ён пакінуў свой лялечны пакой, дзе яны бавіліся ў шлюб, і на вакзале зноў паўтарыў клятву ніколі не прымаць бычынага прычасця.

 

Ад чаго ён мерзнуў - ад вільготнай пасцельнай бялізны ці ад вільгаці муроў? Цяпер ён ужо мог пакінуць станцыю - пост, які яму вызначыла маці. Пароль - «Эдыт, Ёзэф». Ён прытаптаў на падлозе цыгарэту, зноў сышоў уніз па сходах; павагаўшыся хвілю, націснуў на клямку, убачыў, як яго маці гаварыла па тэлефоне; яна рукой паказала яму маўчаць, гаворачы адначасна ў тэлефонную трубку: «Я вельмі цешуся, святы айцец, што вы можаце абвянчаць іх у нядзелю; мы сабралі ўсе паперы; цывільная цырымонія ўзяцця шлюбу адбудзецца заўтра».

Ці ён сапраўды пачуў адказ пробашча, ці гэта ён прысніў - «шаноўная пані, я буду надзвычай рады, калі гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце ліквідаваная».

Эдыт не схацела ўбірацца ў белыя строі і адмовілася пакінуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвілю, калі святар запатрабаваў ад іх абаіх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнітуры; няма чаго перапранацца - час ісці; шампанскага не было: бацька не любіць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькі адзін раз у жыцці, бясследна знік, ад швагра ўсё яшчэ аніякіх вестак; яго шукалі за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку і хацеў не даць адбыцца замаху.

Яна павесіла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукі на плечы, спыталася:

- Які цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павінен усынавіць яго, а я ўжо адпісала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпі яшчэ гарбаты; у Галандыі ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасі іспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсміхацца, калі пойдзеш у войска; паводзь сябе ціха і памятай, што на свеце, дзе за адзін толькі жэст рукі можна заплаціць жыццём, гэткія пачуцці нічога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва - быццам там можна неяк сябе суцешыць. «Дрыжаць спарахнелыя косці»; ах, мой хлопчык, яны забілі таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына - яна не магла вытрываць гэткага ціску; і тут ужо не дапаможа ладнае слоўца «тыраны»; бацька не здолее больш вытрываць у сваім кабінеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павінен замірыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабіць гэта; ну, калі ласка, ідзі ўжо.

 

Спробы замірыцца з Отам; ён шмат разоў рабіў іх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелі на яго як на чужака; за шырокім бледным Отавым ілбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлівымі школьнымі таварышамі, над прахожымі, што не віталі іхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьці ўзрушваць, калі б яна выяўлялася толькі ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вуліцы, калі б Ота хацеў атрымаць тры маркі за выйграны баксёрскі паядынак альбо - як пераможца - схадзіць у кіно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы і па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нічога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць - таго, што ён часам знаходзіў у Нэтлінгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскі бой і не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабілася формулай, пазбаўленай карысці, вызваленай ад інстынктаў; у ёй амаль не было нянавісці, улада ажыццяўлялася механічна: удар за ўдарам.

Брат; вялікае слова, Гёльдэрлінава слова - гэткае агромністае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўніць яго, калі гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замірэння: «Загінуў пад Кіевам!» - у гэтых словах маглі прагучаць трагізм, веліч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэнні з Отавым узростам маглі б узрушваць, як словы надмагільнага надпісу: дваццаць пяць год, загінуў пад Кіевам; але нічога ў тых словах не прагучала для яго, і ён дарэмна спрабаваў памірыцца з Отам пасля яго смерці; «вы ўсё-ткі браты...» - казалі яму; сапраўды, яны былі братамі, згодна з запісам у кнізе актаў цывільнага стану і паводле сведчання акушэркі; мажліва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калі б яны напраўду былі чужыя адзін аднаму, ды яны не былі чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, піва; але Ота еў не такі хлеб, піў не тое самае малако і каву, што ён; яшчэ горш было са словамі, якія яны казалі адзін аднаму: калі Ота гаварыў «хлеб», гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова «pain»*, пачутае першы раз, калі ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць - «хлеб»; сыны аднае маткі і аднаго бацькі, якія нарадзіліся і гадаваліся ў адным і тым доме, у адным доме елі, пілі, плакалі, дыхалі адным паветрам, хадзілі адной дарогай у школу; і разам смяяліся, гулялі; ён называў Оту «браткам», адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баіцца матэматыкі, дапамагаў яму, цэлымі днямі зубрыў з ім, каб пазбавіць таго страху, і тут ён здолеў вызваліць братку ад страху - ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзіла на язык, не было праўдзівым, не гучала, калі ён думаў пра Оту; і ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылі словы Эдыт «пакаштаваць бычынага прычасця»: Ота б выдаў катам родную маці, каб яна ім спатрэбілася.

* Хлеб (франц.).

А калі Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замірыцца, калі ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: «Ну што?» Ён меў тут рацыю - сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былі нават чужыя адзін аднаму, дасканала ведалі адзін аднаго: ведалі, напрыклад, што адзін не любіць апельсінаў, a другі аддае перавагу піву перад малаком; яны ведалі, што хтосьці з іх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькія цыгаркі, а хтосьці пакідае закладкі ў календары Шота.

Роберт зусім не здзіўляўся, калі бачыў, як Бен Вакс і Нэтлінгер падымаліся ў Отаў пакой, калі ён сустракаў іх у калідоры, усвядоміўшы, што тыя абодва былі яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамі ўвесь час, а любой гадзіне дня і ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары - як, напрыклад, чыгуначнікі; тыя абодва вызначаліся паблажлівасцю: паляпвалі яго па плячы; Нэтлінгер казаў: «Ну, хіба гэта не я даў табе ўцячы?» Яны паслалі на смерць Фэрдзі, паслалі Гроля і бацьку Шрэлы туды, дзе людзі без следу знікаюць, але цяпер яны казалі: «Што было, тое было». Ніхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамінаць ім таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыяліст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, ільготную ашчадную кніжку і дваіх дзяцей. «Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нічога не здарыцца...»

 

Ну дык што? Ці гаварыў ты з Отам? Без выніку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў і зноў; падыдзі бліжэй, ціха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на ім - праклён, чары - калі гэта табе больш даспадобы; і ёсць толькі адзін спосаб вызваліць яго: мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін; Госпад кажа: «Помста мая», а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?

Яна падышла да акна, выцягнула з кута паміж фіранкаю і акном дарожны кій свайго брата, які памёр сорак тры гады таму; ускінула кій да пляча, нібы стрэльбу, і нацэлілася, узяла на мушку Бена Вакса і Нэтлінгера; яны ехалі па вуліцы конна - адзін на сівым, другі на гнедым жарабцы; кій рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу - як быццам яе мерылі секундамерам; яны павярнулі за рог дома, праехалі паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалі да Мадэставай брамы, якая засланіла коннікаў ад яе; апусціўшы кій, маці сказала: «У мяне ёсць дзве з паловай хвіліны часу». Зрабіць глыбокі ўдых, нацэліцца, своечасова націснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нідзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставіла кій у кут.

- Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплівасці, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкі з порахам, да пораху патрэбны свінец: помста за апошняе слова, што вымавілі нявінныя вусны майго сына: «Гіндэнбург»; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлі; я павінна сцерці гэтае слова; хіба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны паміралі, маючы сем год, і выдыхалі апошняе слова «Гіндэнбург»? Я парвала лісток з вершам і выкінула шматкі паперы на вуліцу, а ён быў дысцыплінаваны малы хлапчук ды прасіў мяне дастаць яму копію; але я адмовілася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамі; у гарачцы ён спрабаваў аднавіць у памяці радкі верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткі адно чула: «...Хай Госпад заўсёды будзе з табой»; я спрабавала спыніць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маіх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: «...Пакуль нямецкім лясам стаяць, пакуль нямецкім сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць - датуль яго імені ў сэрцах жыць»; тое, з якім націскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова «яго», амаль забіла мяне насмерць; я пазбірала ўсе цацкі ў хаце, забрала ў цябе твае - і, не зважаючы на твой лямант, склала іх усе на Генрыхавай коўдры; толькі ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне... Генрых, Генрых! Я крычала, малілася і шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краіну трызненняў, у якой для яго застаўся адзіны радок верша: «Гіндэнбург! Наперад! На бой!»; толькі той адзін-адзіны радок верша жыў у ім; і апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: «Гіндэнбург».

Я павінна адпомсціць за спанатраныя вусны майго сямігадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсціць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гіндэнбургавага помніка; за імі нясуць гладкія вянкі з залатымі, чорнымі і фіялетавымі стужкамі; я ўвесь час думаю: няўжо ён ніколі не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё імя зрабілася дэвізам у сынавых вуснах? Ці ты цяпер дасі мне карабін?

Я злаўлю цябе на слове: гэта неабавязкова павінна адбыцца сёння ці заўтра, але гэта павінна адбыцца неўзабаве; я назапашвала ў сабе цярплівасць... Ці памятаеш ты свайго брата Генрыха? Табе было ўжо амаль два гады, калі ён памёр. У нас тады быў сабака з мянушкаю Бром; ты наўрад ці прыгадаеш яго; ён быў такі стары і мудры, што боль, які вы абодва яму прычынялі, выклікаў у яго не злосць, а толькі смутак; вы хапаліся за ягоны хвост, і ён цягаў вас па пакоі; ці памятаеш ты пра гэта? Кветкі, якія ты павінен быў пакласці на Генрыхаву магілу, ты выкінуў у акно карэты; мы пакінулі цябе каля ўвахода на могілкі, дазволілі табе залезці на вазніцава месца і патрымацца за лейцы: яны былі з чорнай патрэсканай скуры. Бачыш, Роберт, ты ўжо і прыгадваеш сабаку, лейцы, брата... і салдат, салдат, бясконцыя шыхты салдат - гэтага ты не памятаеш: яны ішлі ўверх па Модэстгасэ, перад гатэлем збочылі да вакзала, цягнулі за сабою гарматы; бацька трымаў цябе на руках і сказаў: «Вайне канец».

Трыльён за маленькую плітку шакаладу, пасля два трыльёны за цукерку, гармата за паўбохана хлеба, конь за адзін яблык; усё даражэй і даражэй; а потым у людзей не заставалася і пяці пфенігаў, каб купіць кавалачак самага таннага мыла; добра быць не магло, Роберт, яны і не хацелі, каб было добра; усё новыя і новыя людзі ішлі праз Мадэставу браму, стомлена паварочвалі да вакзала: усё як мае быць, як мае быць; яны неслі перад сабою імя вялікага буйвала - Гіндэнбурга; Гіндэнбург да апошняга ўздыху рупіўся пра парадак; ці ён сапраўды памёр, Роберт? Hе магу ў тое паверыць: «У бронзе, у камені - вобраз твой; мы верым табе, наш нязломны герой - Гіндэнбург! Наперад! На бой!» На паштовых марках ён, са сваімі буйвалавымі шчакамі, здаецца мне сімвалам яднання; пабачыш, ён яшчэ прычыніць нам клопату, пакажа нам, куды вядзе палітычная разумнасць і разумнасць грошай: конь за адзін яблык, трыльён за цукерку, а пасля няма нават пяці пфенігаў на кавалак мыла; і заўсёды ўсё як мае быць; я гэта ўсё бачыла і чула, як яны неслі гэтае імя перад сабою - ён быў дурны як бот, глухі як пень, але дбаў пра парадак; прыстойнасць, прыстойнасць; гонар і адданасць, жалеза і сталь, грошы і ўбогая сельская гаспадарка; асцярожна, хлопчык - там, дзе над раллёю падымаецца пара, дзе гамоняць лясы, будзь асцярожны: там прымаюць бычынае прычасце.

Hе думай, што я з'ехала з глузду; я дакладна ведаю, дзе мы цяпер - у Дэнклінгене; вось тут дарога, што вядзе паміж дрэваў, пад блакітным мурам і падымаецца да таго месца, дзе жоўтыя аўтобусы поўзаюць, нібы хрушчы; мяне прывезлі сюды з тае прычыны, што я прымусіла галадаць тваіх дзяцей - пасля таго, як порсткія птахі забілі апошнюю авечку; вайна, час лічылі паводле падвышэнняў у званнях; ты пайшоў лейтэнантам, а праз два гады быў ужо обер-лейтэнантам. Ты ўсё яшчэ не гаўптман? Гэтым разам цябе падвысяць не раней як праз чатыры гады, а можа, і праз шэсць; потым ты станеш маёрам; прабач, што я смяюся; не захапляйся занадта сваімі формуламі ў мазгу, не рабіся нецярплівы і не прымай ніякіх прывілеяў; мы не ямо нічога, апроч таго, што нам выдаюць па картках; Эдыт пагаджаецца з гэтым; еш тое, што ядуць іншыя; апранайся так, як усе астатнія; чытай тое, што чытаюць іншыя; не прымай лішняга грама масла, дадатковай вопраткі, дадатковых радкоў вершаў - нічога, што табе паэлеганцку прапаноўвае буйвал. Правая рука іх поўная дарункаў, гэта хабар, выдадзены разнастайнымі манетамі. Я не хацела, каб твае дзеці карысталіся з якіх-небудзь прывілеяў; яны павінны былі адчуць смак праўды на сваіх губах; але мяне разлучылі з дзецьмі; гэта называецца санаторый: ты можаш тут быць вар'ятам, і цябе за гэта не наб'юць; тут цябе не абальюць халоднай вадою і без згоды сям'і на цябе не надзенуць кашулю з доўгімі рукавамі; у мяне ёсць надзея, што вы не дасцё на гэта сваёй згоды; мне нават дазволена выходзіць, калі я захачу, бо ад мяне няма ніякай небяспекі, ніякай, мой хлопчык; ды я не хачу выходзіць, не хачу бачыць часу і не хачу пастаянна адчуваць, што таемны смех забіты, што паламалася схаваная ў схаваным гадзіннікавым механізме спружына; раптоўна бацька стаў успрымаць усё сур'ёзна; я сказала б, урачыста; бо замураваныя былі цэлыя горы цэглы, былі высечаныя цэлыя лясы будаўнічай драўніны, а бетонам... тым бетонам можна было б засыпаць Бодэнскае возера; такія людзі, будуючы, прагнуць адно забыцца; гэта - нібы опіум; ты не можаш сабе ўявіць, чаго можа набудаваць такі архітэктар за сорак гадоў; я адчышчала яго нагавіцы ад бетоннага раствору, ягоны капялюш - ад гіпсавых плям; ён паліў цыгару, паклаўшы галаву мне на калені, і мы бясконца паўтаралі, нібы галашэнне: «ці памятаеш...» - ці памятаеш 1907, 1914, 1921, 1928, 1935 год; а ў адказ заўсёды была якая-небудзь пабудова альбо чыя-небудзь смерць; ці памятаеш ты, як памерла маці; ці памятаеш, як памёр бацька, памерлі Ёганна і Генрых? Ці памятаеш, як я будаваў абацтва Святога Антонія, касцёлы Святога Сэрвацыя, Святога Баніфацыя, Святога Мадэста, дамбу паміж Хайлігенфэльдам і Блесэнфэльдам; ці памятаеш, як я ставіў кляштары для белых і для карычневых братоў, дамы адпачынку для сёстраў міласэрнасці; кожны адказ гучаў у мяне ўвушшу, нібы «злітуйся з нас, Госпадзе!». Будова напластоўвалася на будову, смерць на смерць; ён пачаў хадзіць па слядах сваёй уласнай легенды, зрабіўся нявольнікам прыдуманага ім самім цырыманіялу: шторання сняданне ў кавярні Кронэра, хоць куды ахвотней ён бы снедаў з намі; выпіць сваёй кавы з малаком, з'есці свой хлеб; ён бы мог добра абысціся без яйка ўсмятку, без гэтага паскуднага сыру з папрыкай, але ён пачаў ужо думаць, што без усяго гэтага яму нельга; я баялася: ён пачынаў злавацца, калі не атрымліваў доўга сур'ёзных заказаў; а раней жа ён заўсёды быў рады атрымаць любы заказ, ці разумееш ты? Гэта складаная матэматыка, калі ты набліжаешся да пяцідзесяці ці да шасцідзесяці і ў цябе ёсць выбар: альбо выпусціць змесціва свайго мачавога пухіра каля свайго помніка, альбо, падняўшы вочы, пачціва аглядаць яго; тут не трэба больш прымружваць вочы; табе тады было васемнаццаць год, Ота меў шаснаццаць - а мне было боязна; як чуйны птах з быстрымі вачыма, я стаяла там, у альтанцы наверсе; трымала вас, калі вы былі немаўлятамі, на руках; калі вы былі малымі, за рукі, стаяла побач з вамі - калі вы павырасталі вышэй за мяне; і я ўсё глядзела, як унізе праходзіць час, які віраваў, браў удзел у бойках, плаціў трыльён за цукерку, а пасля не меў трох пфенігаў на маленькую булачку; я не хацела чуць прозвішча выратавальніка, але яны вынеслі быка на сваіх плячах, наляплялі яго ў выглядзе маркі на свае лісты і чыталі малітву: прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць, пераможаны і ўсё ж непераможаны; парадак; ён быў дурны як бот, глухі як пень; унізе, у бацькавай канторы, Ёзэфіна дакраналася ім да вільготнай губкі і, у размаітых колерах, наляпляла яго на лісты; а ён, мой малы Давід, спаў; ён абудзіўся толькі тады, калі ты знік, калі ўбачыў, што можна заплаціць жыццём за тое, што перадасі з адных рук у другія скрутачак з грашыма, сваімі грашыма, загорнутымі ў газеціну; калі ад ягонага роднага сына раптам засталася толькі абалонка роднага сына. Адданасць, гонар, прыстойнасць - ён дапяў, чаго гэта ўсё вартае; я папярэджвала яго наконт Грэца, але ён сказаў:

- Ён не зробіць шкоды.

- Што ж, - адказала я, - ты яшчэ ўбачыш, на што здольныя гэтыя бясшкодныя людзі; Грэц гатовы і родную маці прадаць.

Потым я жахнулася праз сваю празорлівасць, калі Грэц напраўду прадаў сваю маці; ён зрабіў гэта, Роберт, - выдаў сваю родную маці паліцыі толькі з тае прычыны, што старая жанчына раз-пораз паўтарала: «Гэта грэх і ганьба». Болей яна не казала нічога - толькі гэты самы сказ, аж пакуль аднаго разу яе сын не абвясціў: «Гэтага цярпець я больш не магу; гэта ідзе насуперак майму гонару». Яны схапілі старую, адвезлі яе ў прытулак для састарэлых, абвясцілі яе вар'яткай, каб уратаваць ёй жыццё; але менавіта гэта і сталася прычынай яе смерці: яны далі ёй нейкі ўкол. Хіба ты не памятаеш Грэцавай маці? Яна ўсё вам кідала цераз плот парожнія кошыкі з-пад грыбоў, а вы распляталі тыя кошыкі і будавалі трысняговыя хацінкі; калі, бывала, доўга ішоў дождж, яны рабіліся бураватыя ад бруду; тады вы высушвалі іх, і я дазваляла вам іх паліць; няўжо ты не памятаеш... тая старая жанчына, якую выдаў Грэц, яго родная маці? Вядома, Грэц да сённяшняга дня стаіць за сваім прылаўкам, пяшчотна пагладжваючы кавалкі сырой пячонкі. Яны прыйшлі таксама па Эдыт, але я не аддала яе, я скрыгатала зубамі, крычала гвалт, і яны адступіліся; я ўратавала Эдыт да тае самае хвілі, калі яе забіў порсткі птах; я спрабавала затрымаць і яго; чула, як ён ляцеў да нас з шумам, як падаў долу, і ведала, што ён нясе смерць; з трыумфам ён уварваўся да нас праз акно ў калідоры; я распасцерла рукі, каб злавіць яго, ды ён порстка шуснуў паўз мае рукі; даруй мне за тое, што не здолела ўратаваць авечку; і памятай, Роберт, што ты абяцаў прынесці мне стрэльбу. Hе забудзься. Будзь уважлівы, хлопча, калі будзеш падымацца па драбінах; хадзі сюды, я цябе пацалую, і прабач мне, што я смяюся; якія спрытныя цяпер цырульнікі.

 

Выпрастаўшыся, ён падымаўся па драбінах, ступаючы ў шэрую бясконцасць паміж папярэчынамі, а ў той самы час насустрач яму спускаўся Давід, маларослы Давід; усё сваё жыццё ён мог насіць гарнітуры, якія купляў яшчэ зусім малады... памалу! Чаму вы спыняецеся паміж прыступак, чаму вам хоць бы не прысесці на іх, калі вам трэба пагаварыць адзін з адным; абодва выпрастаўшыся; ці напраўду яны абняліся, ці напраўду сын паклаў руку на плячо бацьку, a бацька - на плячо сыну?

Калі ласка, каву, Гупэрц: моцную, гарачую; і цукру як найбольш; па абедзе ён любіць моцную і салодкую каву, a з раніцы - слабую; ён, мой гаспадар; ён ідзе сюды з шэрай бясконцасці, у якую адыходзіць вялікімі крокамі другі, выпрастаны і нязломны; яны адважныя - мой муж і мой сын, яны спускаюцца да мяне, у закляты замак: сын два разы, а мой гаспадар толькі адзін раз на тыдзень: ён прыносіць з сабою суботу, у ягоных вачах - каляндар, вымярэнне часу; і я не магу нават спадзявацца, што мне ўдасца растлумачыць яго аблічча спрытнасцю цырульнікаў: восемдзесят год яму, у яго сёння дзень нараджэння, які будзе ўрачыста адзначаны ў Кронэравай кавярні; але без шампанскага; ён заўсёды цярпець не мог шампанскага, і я так і не даведалася чаму.

Некалі ты марыў пра тое, каб наладзіць у гэты дзень грандыёзную вечарыну: сем разоў па сем унукаў, праўнукі, нявесткі, унукі з жонкамі, унучкі з мужыкамі; ты ж - колькі помню - здаваўся сабе Аўраамам, заснавальнікам вялізнага роду; ты бачыў сам сябе ў скляпеннях летуценняў з дваццаць дзевятым праўнукам. Памнажацца, працягваць памнажацца... але гэта будуць сумныя радзіны: адзін-адзіны сын; светлавалосы ўнук і цёмнавалосая ўнучка, якіх табе падаравала Эдыт, а маці, заснавальніца сям'і, - у заклятым замку, куды спусціцца можна толькі па бясконца доўгіх драбінах з вялізнымі перакладзінамі.

 

- Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, стары Давід, ты і цяпер гэткі самы хударлявы, як у маладосці; не цвялі мяне календаром у тваіх вачах; я адплываю на маленькім каляндарным лістку з надпісам «31 траўня 1942 г.»; не знішчай маёй лодачкі, злітуйся з мяне, каханы; не спіхвай мяне ў акіян тых мінулых шаснаццаці год. Ці памятаеш ты лозунг: «Перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць», бяда тым людзям, што не прымаюць бычынага прычасця; ты таксама ведаеш, што прычасці маюць жахлівую ўласцівасць: яны існуюць бясконца; людзі былі галодныя, а хлеба для іх не пабольшала, рыбы не пабольшала; прычасце авечкі не наталяла іх голаду, а вось бычынае прычасце давала ежы ўдосталь; яны не навучыліся лічыць: трыльён за цукерку, конь за адзін яблык, а потым няма і трох пфенігаў, каб заплаціць за булачку; і заўсёды парадак, прыстойнасць, гонар, адданасць; прышчэпленыя бычыным прычасцем, яны неўміручыя; пакінь гэта, Давід, навошта цягнуць час за сабою; злітуйся, патушы час на календары ў тваіх вачах; гісторыю робяць іншыя; у цябе ёсць Кронэрава кавярня; калі-небудзь табе паставяць помнік - такі невялічкі з бронзы; цябе ўвекавечаць з рулонам эскізаў у руцэ: малы, шчуплы, з усмешкай на вуснах, штосьці сярэдняе паміж маладым равінам і прадстаўніком багемы; з неакрэсленай пячаццю вясковага паходжання; ты ж бачыў, куды вядзе палітычная разумнасць; няўжо ты хочаш пазбавіць мяне маёй палітычнай неразумнасці?

З акна свайго кабінета ты абяцаў мне: «Hе бядуй, я буду цябе кахаць і пазбаўлю цябе ад тых жахаў, пра якія табе расказваюць твае школьныя сяброўкі - ад жахаў, што нібыта здараюцца ў першую шлюбную ноч; не вер нашэптванням гэтых ідыётак; калі прыйдзе тая хвіля, мы будзем смяяцца; абавязкова, клянуся табе; але ты яшчэ пачакай крыху: два тыдні, самае большае месяц; я куплю букет кветак, вазьму дыліжанс і пад'еду да вашага дома. Мы будзем рабіць падарожжы, паглядзім свет, ты падорыш мне дзяцей - пяцёра, шасцёра, сямёра; дзеці падораць мне ўнукаў - пяць, шэсць, сем разоў па сем; ты ніколі не будзеш заўважаць па мне, што я працую; я не дам табе адчуць, што такое мужчынскі пот, што такое сапраўдныя мускулы і сапраўдная вайсковая форма; мне ўсё даецца лёгка; я вучыўся, сёе-тое вывучаў сур'ёзна і загадзя заплаціў за пот, што прыйдзецца праліць; я не мастак, табе не трэба мець ніякіх ілюзій на гэты конт; я не здолею выявіць перад табою ні фальшывага, ні сапраўднага дэманізму; тое, пра што твае сяброўкі расказваюць вусцішныя казкі, здарыцца не ў спальні, а пад адкрытым небам: ты павінна яго бачыць над сабою. Лісткі і травінкі будуць спадаць на твой твар, ты адчуеш пах восеньскага вечара, і табе не будзе здавацца, што ты бярэш удзел у брыдкіх акрабатычных практыкаваннях, якія належаць да тваіх абавязкаў; ты будзеш удыхаць пахі восеньскай травы, лежачы на прыбярэжным пяску, паміж зараснікаў лазы - там, дзе вада пасля паводкі пакінула свой след-паласу; сцёблы чароту, коркі ад пляшак, бляшанкі ад гуталіну, пацерка з ружанца, што ўпала за борт у шкіперавай жонкі, і ліманадныя пляшкі з укладзенымі ў іх цыдулкамі; у паветры горкі дым ад параходных комінаў; грукат якарных ланцугоў; мы не будзем рабіць з гэтай справы крывавай і паважнай, хоць яна, натуральна, і крывавая, і паважная.

А той корак, які я ўхапіла пальцамі сваіх босых ног і падарыла табе на памятку? Я ўхапіла яго і падарыла табе, бо ты пазбавіў мяне ад спальні, гэтай змрочнай катоўні, пра якую я ведала з раманаў, нашэптванняў сябровак, з перасцярог манашак; галінкі лазы звісалі над маім ілбом, срэбна-зялёныя лісткі віселі ў мяне перад цёмнымі і поўнымі бляску вачыма; параходы раўлі ў мой гонар: абвяшчалі мне, што я зрабілася жанчынаю; сутонне, асенні вечар, усе якарныя ланцугі былі ўжо даўно апушчаныя ў ваду, матросы і жонкі шкіпераў сыходзілі па хісткіх трапах на бераг, і я ўжо сама жадала таго, чаго яшчэ некалькі гадзін таму баялася; але ўваччу ў мяне ўсё ж паявілася некалькі слязінак, бо я адчувала сябе нявартай памяці сваіх продкаў, якім было сорамна рабіць уцеху з абавязку; ты прыляпіў мне тады вербавыя лісточкі на лоб і на сляды ад слёз - там, унізе, на прыбярэжным пяску, дзе мае ногі краналіся сцёблаў чароту, бутэлек з цыдулкамі, у якіх адпускоўцы пасылалі свае прывітанні гараджанам; адкуль узяліся тыя гуталінавыя бляшанкі: ці яны былі выкарыстаныя матросамі, каб да бляску начысціць свае боты, перад тым як выйсці на бераг? А можа - жонкамі шкіпераў, якія хадзілі рабіць пакупкі з чорнымі блішчастымі сумкамі, альбо - хлопцамі, што насілі шапкі з чорнымі брылямі, якія блішчалі ў паўзмроку, калі мы потым сядзелі на чырвоных крэслах у кавярні Трышлера? Я з захапленнем глядзела на прыгожыя рукі маладой жанчыны, што падавала нам смажаную рыбу, салату, якая была такая зялёная, што балюча было вачам; віно; рукі гэтай маладой жанчыны, якая пазней, праз дваццаць восем гадоў, будзе прамываць віном раны на знявечанай спіне майго сына; ты не павінен быў крычаць на Трышлера, які нам затэлефанаваў і паведаміў пра няшчасны выпадак з Робертам; паводка, паводка... мне заўсёды карцела кінуцца ў раку, што выйшла з берагоў, і дазволіць вадзе аднесці мяне да шэрых даляглядаў. Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, але не цалуй мяне; не разбурай майго карабельчыка; вось табе кава, салодкая і гарачая; паабедзенная кава, моцная і без малака; вось тут цыгары, па шэсцьдзесят пфенігаў штука; Гупэрц купіў іх па маёй просьбе. Памяняй аб'ектывы сваіх вачэй, стары; я ж не сляпая, а проста вар'ятка і, вядома ж, магу прачытаць дату на календары, што вісіць унізе ў вестыбюлі: «6 верасня 1958 года»; я не сляпая і ведаю, што я не магу растлумачыць твайго аблічча спрытнасцю цырульнікаў; вазьмі ўдзел у маёй гульні, падкруці аб'ектывы сваіх вачэй і не апавядай мне зноўку пра твайго прамяністага светлавалосага ўнука, у якога матчына сэрца і бацькаў розум і які цяпер твой упаўнаважаны пры адбудове абацтва; ці ён ужо здаў іспыты на атэстат сталасці? Ці збіраецца ён вывучаць статыку? Ён цяпер на практыцы? Прабач мне за мой смех, але я ніколі сур'ёзна не ўспрымала будаўніцтва; пыл, шчыльна збіты і спечаны пыл, ператвораны ў элементы структуры; аптычны падман, фата-маргана, загадзя асуджаная на ператварэнне ў руіны; перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць; я сёння ўранні прачытала гэта ў газеце - перш чым яны мяне забралі. «Усе трыумфавалі... поўныя пабожнай веры, яны прыслухоўваліся да слоў... радасць і трыумф зноў і зноў захаплялі ўсіх...» Хочаш, я прачытаю табе гэта з мясцовай газеты?

Грамада тваіх унукаў - не сем разоў па сем, а два разы па адным - не будзе карыстацца з прывілеяў, я абяцала гэта Эдыт, авечцы; яны не будуць прымаць бычынага прычасця, а хлопец не будзе вучыць верша, які яму задалі ў школе:

 

          Удары ўсе ўсхваляй, што лёс нам пасылае,

          Бо ліха душы блізкія злучае...

 

Ты чытаеш зашмат цэнтральных газет, дазваляеш, каб табе падавалі «быка» з кіслай, альбо салодкай, альбо бог ведае з якой падліўкаю; ты чытаеш зашмат газет, прызначаных для звышадукаванай эліты; зірні: тут, у мясцовых газетах ты можаш наесціся сапраўдных памыяў - чыстых, без дамешак і падробак, што падаюцца з самымі лепшымі намерамі, якія толькі магчыма сабе ўявіць: іншыя - твае цэнтральныя - газеты не робяць таго з самымі лепшымі намерамі: яны проста палахлівыя; а вось гэтыя маюць самыя лепшыя намеры; ніякіх прывілеяў, калі ласка; і ніякай шкадобы; вось што тут пішуць, звяртаючыся да мяне: «Мацяркі тых, што палеглі...»:

 

          І, хоць народ вас, як святых, шануе,

          Ды сэрца ваша па сынах смуткуе.

 

Я - святая ў народа, і сэрца маё смуткуе: загінуў мой сын - Ота Фэмель; прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць; ён выдаў нас паліцыі, зрабіўся раптам толькі вонкавай абалонкай нашага сына; ніякай шкадобы; ніякіх прывілеяў; абата яны, вядома, пашкадавалі, бо ён пакаштаваў бычынага прычасця; прыстойнасць, парадак, гонар; гэтую падзею святкавалі манахі з паходнямі ў руках, уверсе, на пагорку, пазіраючы долу, у даліну Кіса; надыходзіла новая часіна, часіна ахвяр, часіна пакут, а ў іх зноў былі пфенігі на булачкі, пяць пфенігаў на кавалак мыла; абат здзівіўся, калі Роберт адмовіўся браць удзел ва ўрачыстасцях; манахі на запененых конях заехалі на вяршыню пагорка, расклалі вогнішча; свята сонцавароту; запаліць агонь дазволілі Оце; ён тыцнуў запаленай паходняй у сушняк; тыя самыя вусны, што гэтак цудоўна ўмелі спяваць «Rotate coeli», спявалі словы, ад якіх дай божа мне ўберагчы майго ўнука: «Дрыжаць спарахнелыя косці...»; ці не дрыжаць твае косці, стары?

Хадзі, стары, пакладзі сваю галаву мне на калені, запалі цыгару; філіжанку з кавай ты лёгка дастанеш рукой; заплюшчы вочы; апусці заслону; прэч; будзем паўтараць бясконца малітву: «Ці памятаеш?..», успамінаць пра гады, калі мы жылі за горадам, у Блесэнфэльдзе, дзе кожны вечар пахнуў адпачынкам, простым людам, які наядаўся ў будках са смажанай рыбай, каля вазкоў з куханамі і марожаным; бласлаўлёныя, яны маглі есці рукамі; а мне гэтага не дазвалялася, пакуль я жыла дома; ты дазволіў мне рабіць гэта; дудзелі катрынкі, рыпелі каруселі, а я ўдыхала тыя пахі, чула, адчувала, што трывалае толькі тое, што прамінула; ты мяне выбавіў з таго жахлівага дома, у якім яны праседзелі чатырыста год і з якога яны марна спрабавалі выбрацца; летнімі надвячоркамі я сядзела на даху, на тэрасе, а яны тым часам пацягвалі віно ўнізе ў садзе; мужчынскія вечарыны, вечарыны для дамаў; а я ў пранізлівым смеху жанчын чула тое самае, што і ў гучным рагатанні мужчынаў - роспач; калі віно развязвала языкі, здымала ўсялякія табу, калі водары летняга вечара вызвалялі іх з няволі ўласнае крывадушнасці - тады рабілася відавочным, што яны не былі ні досыць багатыя, ні досыць бедныя, каб адкрыць для сябе адзіную трывалую рэч - тое, што прамінае: я тужыла па ім, хоць мяне і выхоўвалі вечнымі катэгорыямі: шлюб, адданасць, гонар, спальня, дзе быў толькі абавязак і не было свабоды; і ў мяне ўвушшу звінела, нібы заклік булькатлівай вады ў час паводкі: «навошта-навошта-навошта?»; я не хацела далучацца да іхняй роспачы, не хацела браць у спадчыну тую змрочную спадчыну, што яны перадавалі з пакалення ў пакаленне; я сумавала па белым бязважкім прычасці авечкі і спрабавала пры «Меа culpa, mea maxima eulpa» выбіць у сябе з грудзей старажытны спадак змроку і гвалту; вяртаючыся ад імшы, я пакідала ў сенцах свой малітоўнік, прыходзіла як найраней - каб атрымаць пацалунак ад бацькі; яго грымотны бас разносіўся па двары аж да самае канторы: мне споўнілася пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, васемнаццаць, і ў матчыных вачах я згледзела напятую чуйнасць, з якою яна чакала майго паўналецця; калі яе свойчас кінулі на пакорм ваўкам, дык чаму б гэтая доля павінна была абмінуць мяне? Тыя ваўкі павырасталі ўжо - апівошы, уладальнікі форменных кепурак, прыгожыя і не надта; я глядзела на іхнія рукі, у іхнія вочы, і на мне вісеў страшэнны праклён: я ведала, якія яны зробяцца, калі ім будзе сорак, шэсцьдзесят год: фіялетавыя жыліны на руках, якія ніколі не будуць пахнуць адпачынкам; паважнасць, мужчынскасць, адказнасць; ахоўваць законы, выкладаць дзецям гісторыю; лічыць грошы, выказвацца за палітычную разумнасць; усе яны, гэтаксама як і мае браты, былі асуджаныя на бычынае прычасце; маладыя яны былі толькі сваім узростам, і толькі адно магло прынесці ім бляск і веліч, ахінуць іх міфалагічнай смугою - смерць; час быў адно сродкам, які набліжаў іх да яе; яны прынюхваліся да смерці, і іх вабіла да ўсяго, што пахла смерцю; яны самі пахлі трупным смуродам; гэты смурод прыцішана сядзеў у доме, у вачах тых, каму мяне хацелі аддаць на пакорм - уладальнікаў форменных кепурак, ахоўнікаў законаў; толькі адно было забаронена - прага да жыцця і гульня. Ці ты разумееш мяне, стары? Гульню лічылі за смяротны грэх; не спорт: яго яны цярпелі, бо спорт падтрымлівае жыццёвы тонус, узбадзёрвае, робіць прыгажэйшымі, узмацняе апетыт ваўкоў; яны развіваюць інстынкты хатняй гаспадыні і маці; танцы - таксама добра, бо павялічвае рыначную вартасць; але калі я ў сваім пакоі наверсе таньчыла сама для сябе, у начной кашулі - гэта быў грэх, бо такі танец ужо не быў абавязкам; на вечарынах і ў цёмных калідорах уладальнікам форменных фуражак дазвалялася ціскаць мяне, ім дазвалялася таксама ў лясным паўзмроку, пад час паездак за горад, прыліпаць да мяне з не занадта рызыкоўнымі ласкамі; мы ж не надта ганарыстыя якія; я малілася, каб прыйшоў чалавек, які б выбавіў мяне ад смерці ў воўчым логвішчы; я малілася, прымала дзеля гэтага белае прычасце і бачыла цябе насупраць, у акне твайго працоўнага кабінета; каб ты ведаў, як я цябе кахала; каб ты мог толькі пра гэта здагадвацца, ты б цяпер не падымаў вачэй і не паказваў календара ў іх; ты б не спрабаваў расказваць мне, як павырасталі мае ўнукі, - яны ўвесь час пытаюцца, не забыліся пра мяне. Hе, я не хачу іх бачыць; я ведаю, што яны любяць мяне, і ведаю, што ў мяне была адна магчымасць вырвацца з рук забойцаў: дазволіць абвясціць сябе вар'яткай; але калі б са мною зрабілі гэтак, як з Грэцавай маці - тады што? Мне пашанцавала, сапраўды пашанцавала на гэтым свеце, дзе за адзін жэст рукі можна заплаціць жыццём, у якім абвяшчэнне цябе вар'ятам можа загубіць альбо ўратаваць цябе; не хачу аддаваць назад тых гадоў, што я праглынула, не хачу бачыць дваццацігадовага Ёзэфа з плямамі ад муравальнага раствору: на калашынах штаноў, у пінжаку, перапэцканым гіпсам - маладога чалавека, які радасна махае лінейкаю альбо крочыць са скруткам планаў пад пахаю; я не хачу бачыць дванаццацігадовай Рут з кніжкай «Падступнасць і каханне» ў руках; замруж павекі, стары Давід, загарні каляндар; вось твая кава.

Павер мне, я напраўду баюся; я не маню; дазволь плысці маёй лодачцы, не знішчай яе, нібы хлопчык-неслух; свет злы, і ў ім так мала чыстых сэрцаў; і Роберт таксама бярэ ўдзел у маёй гульні, паслухмяна ходзіць на станцыі, на якія я яго пасылаю: з тысяча дзевяцьсот семнаццатага па тысяча дзевяцьсот сорак другі - ні на адзін крок далей; ён заўсёды выпрастаны, не гнецца, трымаецца як сапраўдны немец; я ведаю, што ён сумаваў па радзіме, што ні гульня ў більярд, ні завучванне формул на чужыне не рабілі яго шчаслівым, што не толькі Эдыт была прычынаю таго, што ён вярнуўся: ён - немец, чытае Гёльдэрліна, ніколі не каштаваў бычынага прычасця; Роберт належыць да блакітнай крыві, ён не авечка, а пастыр. Я толькі б хацела даведацца, што ён рабіў на вайне, але ён ніколі пра тое не апавядае; ён архітэктар, які дагэтуль не пабудаваў ніводнага дома, ніколі не меў слядоў раствору на калашынах; не, ён бездакорны, ветлівы кабінетны архітэктар, яго не вабяць святы з нагоды пабудовы новага дома. Але дзе наш другі сын, Ота? Загінуў пад Кіевам; ён - наш, крывёю і целам; адкуль прыйшоў ён і куды пайшоў? Ці ён напраўду быў падобны да твайго бацькі? Ці бачыў ты хоць раз Оту з дзяўчынаю? Я вельмі б хацела што-небудзь даведацца пра яго; бо ведаю толькі, што ён з ахвотаю піў піва, што не любіў гуркоў, і ведаю рухі яго рук, калі ён прычэсваўся і калі апранаў паліто; ён выдаў нас паліцыі, пайшоў у войска - не скончыўшы нават вучобы ў школе; ён дасылаў нам паштоўкі з тэкстамі, поўнымі забойчай іроніі: «У мяне ўсё як мае быць, спадзяюся, што і ў вас таксама, мне трэба З». Ота... ён нават ніводнага адпачынку не правёў дома; дзе ён праводзіў іх? Які дэтэктыў здолеў бы нам расказаць пра гэта? Я ведаю нумары яго палкоў, нумары палявых поштаў, яго вайсковыя званні - обер-лейтэнант, маёр, падпалкоўнік Фэмель... і апошні ўдар быў нам зноўку нанесены лічбамі: «...загінуў 12.01.42 г.». Я на свае вочы бачыла, як ён збіваў прахожых, што не віталі яго штандараў; падымаў руку і біў; ён бы ўдарыў і мяне, каб я хуценька не перабегла на другі бок вуліцы, дзе былі крамкі, што гандлявалі драбязой; як ён патрапіў у наш дом? У мяне нават ніякага аблуднага суцяшэння, накшталт таго, што яго маглі падмяніць пры нараджэнні; ён нарадзіўся ў нашым доме, у спальні наверсе, праз два тыдні пасля Генрыхавай смерці, змрочным кастрычніцкім днём 1917 года; і быў падобны да твайго бацькі.

Ціха, стары; нічога не кажы, не расплюшчвай сваіх вачэй і не паказвай сваіх васьмідзесяці год. «Memento quia pulvis es et in pulverem reverteris»*. Яны гэта кажуць нам досыць выразна; усё прах - тое, што застаецца ад раствору, закладныя акты, дамы, сядзібы, помнік у ціхім прадмесці, дзе дзеці, гуляючы на вуліцы, будуць пытацца, хто гэта быў?

* Памятай: ты - прах і ў прах ператворышся зноў (лац.).

Яшчэ маладою маці, я, квітнеючы і радуючыся, хадзіла па Блесэнфэльдскім парку і разумела ўжо тады, што адны буркатлівыя пенсіянеры, якія лаяліся на галаслівых дзяцей, лаюцца толькі на тых, хто калі-небудзь зробіцца таксама буркатлівым пенсіянерам і будзе сядзець на тым самым месцы ды лаяцца на галаслівых дзяцей, якія, у сваю чаргу, таксама калі-небудзь ператворацца ў буркатлівых пенсіянераў; я вадзіла за рукі двух хлопчыкаў: аднаму было чатыры, другому шэсць год; пасля першаму было шэсць, другому - восем, першаму - восем, другому - дзесяць год, а ў садзе віселі старанна намаляваныя шыльдачкі: «25», «50», «75», «100» - чорныя лічбы на пафарбаванай белым лакам блясе; яны заўсёды нагадвалі мне лічбы на трамвайных прыпынках; увечары твая галава ў мяне на каленях, філіжанка кавы ў цябе пад рукою; мы дарэмна чакалі шчасця; не знаходзілі яго ні ў купэ чыгуначных вагонаў, ні ў гатэлях; чужы чалавек хадзіў па нашым доме, насіў нашае прозвішча, піў нашае малако, еў наш хлеб, купляў за нашыя грошы ў дзіцячым садзе какаву, а потым - школьныя сшыткі. Занясі мяне назад на бераг ракі, дзе мае босыя ногі будуць кранацца следу паводкі на пяску, дзе гудуць параходы і пахне дымам; завядзі мяне ў кавярню, дзе на стол падае жанчына з цудоўнымі рукамі; ціха, стары, не трэба плакаць; я жыла ва ўнутранай эміграцыі, а ў цябе ўвесь час былі сын, двое ўнукаў; мажліва, неўзабаве яны падораць табе праўнукаў; не ў маёй уладзе маё вяртанне да цябе, штодзённае скручванне лодачкі з календарнага лістка і поўнае радасці веславанне на ёй да паўночы; 6 верасня 1958 года; гэта будучыня, будучыня Нямеччыны; я сама чытала пра гэта ў мясцовай газетцы:

«Абразок з нямецкай будучыні: дваццаціаднагадовы унтэр-афіцэр Моргнэр зрабіўся трыццацішасцігадовым селянінам Моргнэрам; вось ён стаіць на беразе Волгі; вечар, праца скончаная; ён паліць цыгару, якую добра заслужыў; на руцэ трымае адно з сваіх бялявых дзяцей. Задумліва ён паглядае на жонку, якая канчае даіць апошнюю карову; нямецкае малако на волжскім беразе...»

Ты не хочаш слухаць далей? Добра, але дай мне задаволіцца будучыняй; я не хачу ведаць,якая яна робіцца, ператвараючыся ў сучаснасць; хіба яны не стаяць на беразе Волгі? Hе плач, стары; заплаці за мяне выкуп, і я вярнуся з заклятага замку: мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін.

Калі будзеш вылазіць адсюль па драбінах, рабі гэта памалу; выцягні цыгару з рота: табе ўжо не трыццаць год, і можа закружыцца ў галаве; сёння ўвечары сямейная ўрачыстасць у Кронэравай кавярні? Мажліва, я прыйду; зычу табе шчасця ў дзень нараджэння; даруй, што я смяюся; Ёганне было б ужо сорак восем, Генрыху - сорак сем; яны забралі сваю будучыню з сабою; не плач, стары; ты сам захацеў пачаць гэтую гульню. Падымаючыся па драбінах, рабі гэта памалу.

 

6

 

Жоўта-чорны аўтобус спыніўся перад ваколіцай вёскі, a пасля павярнуў з прасёлка ў напрамку Додрынгена; у воблаку пылу, што пакінуў за сабою аўтобус, Роберт убачыў бацьку; стары выйшаў на залітую сонцам прастору, нібы з густой імглы; ён быў усё яшчэ жвавы і гнуткі, нават паўдзённы сквар амаль ніяк не адбіўся на ім; ён павярнуў на галоўную вуліцу, прайшоў паўз карчму «Лебедзь»; знуджаныя хлопцы-вяскоўцы паглядалі на яго са сходаў карчмы - пятнаццаці-, шаснаццацігадовыя юнакі; напэўна, тыя самыя, што падпільноўвалі Гугу, калі той вяртаўся са школы; у глухіх завулках, у цёмных стайнях яны білі яго, называючы божай авечкай. Стары Фэмель прамінуў управу бургамістра і помнік палеглым, дзе змораны самшыт, што вырас на кіслай глебе, узняў свае галіны ў гонар тых, што загінулі на трох войнах; стары спыніўся каля мура, якім былі агароджаныя могілкі; ён выцягнуў з кішэні насоўку, абцёр пот з ілба, зноў згарнуў і схаваў насоўку, абцягнуў на сабе пінжак і рушыў далей; Роберт бачыў, як пры кожным кроку правая калашына бацькавых штаноў апісвала гарэзную дугу; толькі на імгненне рабілася відочнай цёмна-блакітная падшыўка штаноў, і нага старога апускалася на зямлю, каб тут жа зрабіць новую гарэзную дугу; Роберт зірнуў на станцыйны гадзіннік: без дваццаці чацвёртая; цягнік прыбудзе толькі а чацвёртай гадзіне і дзесяць хвілін; паўгадзіны, значыць, - ніколі яшчэ, колькі ён сябе памятаў, яму не даводзілася гэтак доўга бываць сам-насам з бацькам; ён спадзяваўся, што бацька прабудзе ў лякарні даўжэй і яму не трэба будзе весці гэтую размову, размову сына з бацькам. Пачакальня на станцыі Дэнклінген была не найлепшым месцам для гэтага спаткання, якога бацька чакаў, можа, дваццаць альбо трыццаць гадоў; размова з сынам, які ўжо цяпер сталы мужчына, якога не возьмеш ужо за руку, не павязеш да мора, не запросіш у кавярню з'есці кавалак пірага ці марожанае; пацалунак на дабранач, пацалунак на дабрыдзень, пытанне наконт хатніх заданняў ды колькі жыццёвых сентэнцый накшталт «сумленне - сіла чалавека» альбо «Бог не ашукае»; штотыднёвыя кішэнныя грошы сыну; усмешка, поўная гордасці за чарговы сынаў спартыўны дыплом і школьныя поспехі; нясмелыя размовы пра архітэктуру, паездкі ў абацтва; ні слова, калі ён знік, і ні слова, калі ён паявіўся зноў; прыгнечанасць пад час снеданняў, абедаў і вячэраў, калі за сталом сядзеў Ота: нават размовы пра надвор'е былі немагчымыя; мяса, парэзанае срэбранымі нажамі; падліўка, што налівалася срэбранымі лыжкамі; маці, здранцвелая, нібы трус перад кобраю; бацька пазіраў у акно, крышыў хлеб, машынальна падносіў лыжку да рота, рукі ў Эдыт дрыжалі, а тым часам Ота з пагардаю клаў сабе ў талерку самыя вялікія кавалкі мяса; ён адзін за сталом мог як належыць ацаніць смак кожнае стравы; бацькаў улюбёнец, заўсёды гатовы да вандровак і падарожжаў, да незвычайнага; жыццярадасны хлопчык з радаснай будучыняй; хлопчык, створаны дзеля таго, каб пад час кірмашоў абуджаць у бацьку пачуццё ўдалага і шчаслівага жыцця; час ад часу Ота казаў весела: «Вы ж можаце выперці мяне з дому»; ніхто яму не адказваў. Папалуднаваўшы, Роберт ішоў у бацькаў кабінет, сядзеў толькі там, рысаваў, маніпуляваў формуламі, пакуль Фэмель-старэйшы зморана нацягваў рабочы халат, корпаўся ў скрутках эскізаў, раз-пораз спыняўся перад планам абацтва Святога Антонія, пасля выходзіў - на шпацыр, на каву, наведаць даўніх калегаў, даўніх ворагаў; у тых дамах, дзе бацька ўжо сорак год быў жаданы госць, пачалася ледавіковая эпоха - у адных дамах праз Роберта, у другіх - праз Оту; а ён жа быў жыццярадасны па сваёй натуры, створаны для жыцця, поўнага ўцех, дзеля таго, каб піць каву і віно, рабіць падарожжы і разглядаць кожную зграбную дзяўчыну, убачаную ім на вуліцы альбо ў вагоне цягніка, як на мажлівую нявестку; часцяком ён гадзінамі шпацыраваў з Эдыт, якая штурхала перад сабою дзіцячы вазок; у яго было тады мала працы, і ён вельмі цешыўся, калі яму даручалі спраектаваць у пабудаваных ім лякарнях невялікія прыбудовы і наглядаць за тым, як ідуць работы; альбо калі яго прасілі прыехаць у абацтва Святога Антонія, каб адрамантаваць там якую-небудзь сцяну; яму здавалася, што Роберт злуе на яго, а Роберт меркаваў, што гэта бацька злы на яго. Але цяпер Роберт ужо сталы чалавек, сам бацька дарослых дзяцей, які мусіў перажыць цяжкі ўдар лёсу - смерць жонкі, які пабываў у эміграцыі, потым вярнуўся дамоў; ваяваў, перажыў і здраду, і катаванні; чалавек самастойны, з выразна акрэсленым месцам у жыцці: «Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлікаў; пасля паўдня зачынена»; нарэшце яны сталі паўнапраўнымі суразмоўцамі.

- Яшчэ адно піва шаноўнаму пану? - спытаў карчмар з-за прылаўка, выціраючы піўную пену на нікеляванай падстаўцы; пасля ён выцягнуў з вітрыны-халадзільніка дзве талеркі - тэфтэлі з гарчыцаю - і аднёс іх маладзенькай парачцы, што сядзела ў куце, размораная і распараная вулічнай спёкай.

- Прашу, калі ласка, - адказаў Роберт, - яшчэ адзін кухаль.

Ён адсунуў фіранку і ўбачыў, што бацька павярнуў направа, абмінуў могілкавую браму, перайшоў вуліцу, спыніўся каля садочка начальніка станцыі, пачаў разглядаць фіялетавыя астры, якія толькі што пачыналі цвісці; ён, відавочна, адцягваў час.

- Hе, - сказаў Роберт карчмару за прылаўкам. - Калі ласка, два піва і дзесяць цыгарэт «Вірджынія».

 

За сталом, занятым цяпер маладзенькай парачкай, тады сядзеў амерыканскі афіцэр, малады чалавек, які, дзякуючы сваім бялявым каротка пастрыжаным валасам, здаваўся яшчэ маладзейшы; яго блакітныя вочы прамяніліся верай, верай у будучыню, у якой усё будзе зразумелым; гэтая будучыня ляжала перад ім, нібы карта, падзеленая на квадраты; заставалася толькі высветліць маштаб гэтай карты: 1:1 ці 1: 3 000 000? На століку, побач з тонкім алоўкам, які афіцэр раз-пораз пакручваў у пальцах, ляжала тапаграфічная карта абшчыны Кіслінген.

За трынаццаць год, што прамінулі з тае пары, стол ані не змяніўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперціся запыленымі сандалетамі, усё яшчэ былі відаць ініцыялы, выразаныя ў нудоце нейкім навучэнцам шафёрскіх курсаў: Ё. Д.; напэўна, хлопца звалі Ёзэф Додрынгер; і настольнікі былі такія самыя - з чырвонымі і белымі квадратамі; крэслы перажылі дзве сусветныя вайны - букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салідную мэблю; ужо семдзесят год на іх узвальваліся зады сялян, што чакалі цягнікоў; новая была толькі вітрына-халадзільнік побач з прылаўкам, у якой чакалі згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлі, халодныя катлеты, крута звараныя яйкі пад маянэзам.

- Калі ласка, шаноўнаму пану два піва і дзесяць цыгарэт.

- Дзякую.

Нават карціны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонія, сфатаграфаванае з вышыні - здаецца, з пагорка Казакен - старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласціну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкі; побач вісеў выцвілы алеадрук; закаханыя ў полі на мяжы; каласы, валошкі, жоўта-бураватая ад высахлай гліны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, які паклаў галаву ёй на калені.

- Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелі даведацца, чаму Вы гэта зрабілі, чуеце? Мы, натуральна, ведаем «загад аб выпаленай зямлі» - каб пакінуць ворагу адно руіны і трупы, ці праўда? Але я не веру, што Вы зрабілі гэта з прычыны таго, што быў такі загад; Вы, прабачце мне, занадта інтэлігентны, каб рабіць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалі абацтва? Яно ж было помнікам, пэўнай культурна-гістарычнай каштоўнасцю; цяпер, калі ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне і Вам наўрад ці ўдасца расказаць сваім пра нашыя сумненні, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзір ахвотней бы зацягнуў на два-тры дні пачатак наступу, чым нават пальцам зачапіць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалі яго, хоць і з пункту гледжання тактыкі і па стратэгічных меркаваннях гэта не мела ніякага сэнсу? Вы не затрымалі нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылі яго. Вы курыце?

- Куру. Дзякуй Вам.

Цыгарэта была добрая - моцная і мела прыемны смак.

- Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што ідзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкі: Вам - дваццаць дзевяць, мне - дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баіцёся вынікаў Вашага прызнання - з нашага боку ці з боку Вашых адназемцаў?

Калі б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамі, яны б перасталі быць праўдзівымі, а, зафіксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былі б зусім далёкія ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвілі пяць з паловай гадоў - хвілі, калі абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад ім, як дарунак Божы? Ён хацеў з пылу і руінаў паставіць помнік тым, хто не быў помнікам гісторыі і культуры і каго ніхто не шкадаваў, - Эдыт, забітай бомбавым асколкам; Фэрдзі, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерці; хлопчыку, які ўкідаў у паштовую скрынку цыдулкі з весткамі ад яго; Шрэлаваму бацьку, які знік невядома дзе; самому Шрэле, які мусіў жыць так далёка ад Гёльдэрлінавай радзімы; Гролю, кельнеру з «Якара», і шмат каму іншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: «Дрыжаць спарахнелыя косці»; за іх ні ў кога не патрабавалі справаздачы, ні ў кога з тых, хто не навучыў іх нічаму лепшаму; дынаміт, колькі формул - гэта былі яго магчымасці ставіць помнікі; і падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю і кваліфікацыяй, - Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс...

- Нам дакладна вядома, што Вы не маглі ўспрымаць сур'ёзна загадаў Вашага непасрэднага шэфа, генерала Оту Кёстэрса; нашыя вайсковыя псіхіятры аднадушна - а Вы не ведаеце, як цяжка бывае дамагчыся аднадушнасці сярод амерыканскіх вайсковых псіхіятраў... яны аднадушна прызналі яго вар'ятам, які не адказвае за свае ўчынкі; гэтак вось уся адказнасць за выбух пераходзіць на Вас, пан гаўптман, бо Вы, бясспрэчна, - не вар'ят, і - я мушу прызнацца Вам - Вы моцна скампраметаваныя паказаннямі Вашых таварышаў. Я зусім не хачу пытацца ў Вас пра Вашыя палітычныя погляды: я прывык ужо да ўрачыстых запэўніванняў наконт невінаватасці; шчыра кажучы, гэта мне нават паспела надакучыць. Я ўжо казаў неяк сваім калегам, што мы ў гэтай прыгожай краіне здолеем знайсці пяць, можа, шэсць, самае большае дзевяць вінаватых, і будзем павінны пытацца ў саміх сябе, супраць каго мы ваявалі ў гэтай вайне: няўжо толькі супраць самых разумных, сімпатычных, інтэлігентных і нават высокаінтэлігентных людзей? Прашу Вас, адкажыце ўсё ж на гэтае маё пытанне! Чаму, навошта Вы зрабілі гэта?

 

На месцы, дзе тады сядзеў амерыканскі афіцэр, маладая дзяўчына, хіхікаючы, ела цяпер тэфтэлі, маленькімі глыткамі адпівала піва; на даляглядзе яму былі відны цёмна-шэрыя абрысы зграбнай вежы Святога Севярына, якая засталася цэлая.

 

Можа, яму трэба было сказаць, што шанаванне помнікаў культуры і гісторыі гэтаксама ўзрушвала яго, як і памылка, якую рабілі заходнія саюзнікі, лічачы, што тут яны сустрэнуць адных толькі злыдняў, замест сімпатычных і разумных людзей? Помнік у гонар Эдыт і Фэрдзі, Шрэлы і ягонага бацькі, Гроля і хлопчыка, які ўкідаў цыдулкі ў іх паштовую скрынку; у гонар паляка Антонія, які падняў руку на Вакеру і за гэта быў забіты, у гонар тых шматлікіх, што спявалі: «Дрыжаць спарахнелыя косці», бо іх не навучылі нічаму лепшаму; помнік у гонар авечак, якіх ніхто не пасвіў.

Калі яго дачка Рут яшчэ хоча паспець да цягніка, яна павінна якраз цяпер бегчы каля ўвахода ў сабор Святога Севярына; у зялёнай шапачцы на цёмных валасах, у ружовым світэры, разгарачаная і шчаслівая ад таго, што неўзабаве сустрэнецца з бацькам, братам і дзядулем; папаўдзённая кава ў абацтве Святога Антонія перад вялікай сямейнай урачыстасцю ўвечары. Бацька стаяў у цяні перад будынкам станцыі і вывучаў расклад руху цягнікоў; яго хударлявы твар пачырванеў; ветлівы пажылы мужчына, шчодры і прыязны; ён ніколі не каштаваў бычынага прычасця, не зрабіўся зацята злы на старасці гадоў; ці ведаў ён усё? Альбо яшчэ павінен даведацца? А Ёзэф? Як Роберт зможа растлумачыць гэта яму, свайму сыну? Лепей было маўчаць, чым выказваць думкі і пачуцці, даць занесці іх у пратакол, каб прачыталі псіхіятры.

Роберт так і не здолеў нічога растлумачыць таму прыязнаму маладому чалавеку, што сядзеў, пахітваючы галавою, глядзеў на яго, потым падсунуў пачаты пачак цыгарэт; Роберт узяў пачак са стала, паклаў сабе ў кішэнь, сказаўшы «дзякуй»; потым зняў з грудзей Жалезны крыж, паклаў на стол і падсунуў яго маладому чалавеку; настольнік з чырвонымі і белымі квадратамі крыху памяўся; ён паправіў яго і заўважыў, што малады амерыканец пачырванеў.

- Hе, не, - сказаў Роберт, - даруйце, што гэта так нязграбна ў мяне атрымалася; я не хацеў Вас пакрыўдзіць; проста ў мяне раптам з'явілася вострая патрэба падараваць Вам на памяць Жалезны крыж, на памяць пра таго, хто ўзарваў абацтва Святога Антонія і атрымаў за гэта ордэн, хоць і ведаў, што генерал быў вар'ят, што выбух не меў сэнсу ні па тактычных, ні па стратэгічных меркаваннях. Я ахвотна вазьму Вашыя цыгарэты, толькі прашу Вас лічыць, што мы як равеснікі проста абмяняліся падарункамі.

Магчыма, ён зрабіў гэта з тае прычыны, што тады, у дзень сонцавароту, паўдзесятка манахаў забраліся на пагорак Казакен і там, уверсе, калі агонь шугануў увысь, заспявалі: «Дрыжаць спарахнелыя косці»; Ота запальваў тое вогнішча, а ён стаяў побач, з малым Ёзэфам на руках - бялявым хлопчыкам, які, убачыўшы, як шуганула полымя, ад радасці запляскаў у ладкі; Эдыт, стоячы праваруч ад Роберта, сціснула яму далонь; а можа, ён зрабіў гэта таму, што Ота не здаваўся яму нават чужым на гэтым свеце, дзе адзін жэст рукі мог каштаваць жыцця; вакол агню стаялі вясковыя хлопцы з Додэрынгена, Шлакрынгена, Кіслінгена і Дэнклінгена; разгарачаныя твары маладых людзей і дзяўчат зіхацелі дзікім бляскам каля святочнага вогнішча, якое далі падпаліць Оце; і ўсе спявалі песню, якую пачаў шаноўны законнік, загнаўшы свае шпоры ў бакі шаноўнаму рабочаму каню: «Дрыжаць спарахнелыя косці». Гарлаючы песню, з паходнямі ў руках, моладзь рушыла з пагорка долу; ці павінен ён быў сказаць таму маладому чалавеку, што зрабіў гэта, бо яны не паслухаліся наказу: «Пасві авечак маіх», а ён німала не раскайваўся; а толькі сказаў голасна:

- Можа, гэта быў толькі жарт, забава.

- Дзіўныя ў вас жарты, дзіўныя забавы. Вы ж - архітэктар.

- Hе, я займаюся статыкай.

- Ну, гэта, пэўна, розніца невялікая.

- Падрыванне - гэта поўная процілегласць статыкі. Так бы мовіць, яе адваротны бок.

- Прашу мне прабачыць, - сказаў малады чалавек, - у матэматыцы я заўсёды быў слабаваты.

- А мне матэматыка заўсёды давала вялікае задавальненне.

- Ваш выпадак пачынае цікавіць мяне ўжо не па службе. Ці Вашае сведчанне пра любоў да матэматыкі павінна значыць, што выбух пэўным чынам цікавіў Вас як фахоўца?

- Мажліва. Таму, хто займаецца статыкай, надзвычай цікава даведацца, якія сілы патрэбныя, каб нейтралізаваць дзеянне законаў статыкі. Вы павінны прызнаць, што гэта быў узорны выбух.

- Але няўжо Вы сур'ёзна сцвярджаеце, што гэтая, так бы мовіць, абстрактная цікавасць магла мець пэўнае значэнне?

- Менавіта.

- Баюся, што я ўсё ж не змагу адмовіцца ад палітычнага допыту. Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што падаванне якіх-небудзь фальшывых звестак не мае ніякага сэнсу; у нас ёсць усе дакументы і матэрыялы, з дапамогаю якіх мы можам спраўдзіць Вашыя паказанні.

Толькі ў гэтай хвілі Роберту прыйшло ў галаву, што абацтва трыццаць пяць год таму пабудаваў яго бацька; яны гэтак часта чулі пра гэта і атрымлівалі доказы гэтага, што яно перастала быць праўдаю; ён баяўся, што малады амерыканец можа да ўсяго дакапацца і выдумаць сабе тлумачэнне таго выбуху - бацькоўскі комплекс; можа, лепей было б сказаць гэтаму чалавеку: я ўчыніў гэты выбух, бо яны пасвілі авечак; і гэткім чынам я мог бы даць ім сур'ёзныя падставы лічыць мяне вар'ятам; ды Роберт адно што паглядаў праз акно на зграбную вежу Святога Севярына як на здабычу, што ўцякла ад яго; тым часам малады чалавек задаваў яму пытанні, на якія ён, не задумваючыся, адказваў словам «не».

 

Дзяўчына адсунула ад сябе пустую ўжо талерку, пасля ўзяла талерку хлопца, нейкую хвілю трымала абодва відэльцы ў правай руцэ, ставячы ягоную талерку на сваю, потым паклала абодва відэльцы на талерку, што была зверху, а вольнай правай рукой сціснула хлопцаў локаць і, усміхаючыся, паглядзела яму ў вочы.

- Значыць, Вы не ўваходзілі ў ніякую арганізацыю? Чытаеце Гёльдэрліна? Добра. Магчыма, заўтра я выклічу Вас яшчэ раз. Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае.

 

Калі бацька зайшоў у пачакальню, Роберт пачырванеў, тут жа падышоў да старога, узяў у яго з рук цяжкі капялюш і сказаў:

- Я зусім забыўся павіншаваць цябе з днём нараджэння, бацька. Даруй. Піва я табе ўжо замовіў; спадзяюся, што яно будзе свежае, але калі...

- Дзякуй, - адказаў бацька, - дзякуй за віншаванне, і не заказвай свежага піва, я не люблю надта халоднага...

Бацька паклаў яму руку на плячо. Роберт пачырванеў, згадаўшы пра той інтымны жэст, якім яны абмяняліся ў алеі перад лякарняй; там ён раптам адчуў патрэбу пакласці руку на бацькава плячо, і бацька адказаў на гэты жэст, калі яны дамаўляліся сустрэцца на станцыі Дэнклінген.

- Хадзем, - сказаў Роберт, - пасядзім; у нас ёсць яшчэ дваццаць пяць хвілін.

Яны паднялі келіхі, кіўнулі адзін аднаму і выпілі.

- Даць цыгару, бацька?

- Hе, дзякуй. Ці ведаеш ты, між іншым, што за апошнія пяцьдзесят год расклад руху цягнікоў амаль не памяняўся? Нават шыльдачкі з гадзінамі і хвілінамі ўсё яшчэ тыя самыя; толькі эмаль сям-там крыху аблузалася.

- Крэслы, сталы, карціны на сцяне, - сказаў Роберт, - усё як і было раней: калі мы пагоднымі летнімі вечарамі прыходзілі пехатою з Кіслінгена і чакалі тут цягніка.

- Напраўду, - пацвердзіў бацька, - нічога не памянялася. Ці званіў ты Рут? Яна прыедзе? Я так даўно не бачыў яе.

- Прыедзе; мяркую, яна ўжо сядзіць у вагоне.

- Недзе адразу па палове пятай мы будзем у Кіслінгене; вып'ем там кавы і да сёмай вернемся ўжо дамоў. Вы ж прыедзеце на ўрачыстую вячэру ў кавярню?

- Вядома, бацька; хіба ты сумняваўся ў гэтым?

- Hе, але я нешта быў падумаў, ці не адмовіцца ад усяго... можа, лепш не рабіць нічога - хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня.

Стары апусціў вочы, стаў разглядваць настольнік з чырвонымі і белымі квадратамі, водзячы па ім укруга келіхам з півам; Роберта ўразіла гладкая скура на бацькавых руках: рукі дзіцяці, што захавалі сваю цноту; бацька падняў вочы, зірнуў Роберту ў твар.

- Я думаў пра Рут і Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына?

- Hе, не ведаю.

Стары зноў апусціў вочы да настольніка, зноў пачаў вадзіць келіхам.

- Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзібы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсім вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт... адзін Ёзэф, здаецца, здзейсніць мае мары; дзіўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт і ў ім нічога няма ад нашае радні; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робіцца вусцішна, калі я бачу твайго хлопца; гэта - Генрых, такі, які ён бы мог вырасці... ці ты яшчэ памятаеш яго?

Нашага сабаку звалі Бром; а я трымаў лейцы, седзячы ў карэце; яны былі з чорнай скуры, патрэсканыя; мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін; Гіндэнбург.

- Ага, я памятаю яго.

- Ён вярнуў мне маёнтак, які я яму падараваў; каму мне цяпер яго падараваць? Ёзэфу альбо Рут? А можа, табе? Ці хочаш, каб ён быў твой? Каб ты валодаў скацінаю і паплавамі, цэнтрыфугамі і буракарэзнымі машынамі, трактарамі і сенасушылкамі? Ці, можа, мне аддаць гэта ўсё кляштару? Абодва маёнткі я купіў з першага свайго ганарару! Калі я будаваў абацтва, мне было дваццаць дзевяць год, і вы нават не можаце сабе ўявіць, што значыць для маладога архітэктара атрымаць такі заказ. Скандал! Сенсацыя! Я езджу туды гэтак часта не толькі дзеля таго, каб згадваць будучыню, якая даўно ўжо стала мінуўшчынай. У мяне заўсёды была мара зрабіцца на старасці гадоў нечым накшталт селяніна. Я не зрабіўся селянінам, а толькі старым дурнем, які гуляе ў хованкі са сваёю жонкаю; мы па чарзе заплюшчваем вочы і мяняем даты, нібы малюнкі ў эпідыяскопе: калі ласка, вось 1928 год - маці трымае за руку двух сыночкаў-прыгажуноў; аднаму трынаццаць год, другому - адзінаццаць; побач усміхаецца бацька з цыгарай у роце; у глыбі відна Эйфелева вежа. Ці, можа, гэта Энгельсбург альбо Брандэнбургская брама? - выберы сабе якую трэба дэкарацыю; магчыма, гэта будуць: марскі прыбой каля Астэндэ, вежа Святога Севярына альбо кіёск па продажы ліманаду ў Блесэнфэльдскім парку? Hе, гэта, напэўна, абацтва Святога Антонія: ты знойдзеш яго ў фотаальбоме са здымкамі з усіх пораў года; толькі адзенне, знешні выгляд мяняюцца адпаведна модзе; твая маці то ў вялікім, то ў малым капелюшы, то з кароткімі, то з доўгімі валасамі, то ў шырокай, то ў вузкай спадніцы; a дзецям тым часам тры і пяць, пяць і сем гадоў; потым з'яўляецца незнаёмая жанчына - светлавалосая, зусім маладая; адно дзіця яна нясе на руках, другое стаіць, трымаючыся за яе руку; малодшаму дзіцёнку адзін год, старэйшаму тры гады; ты ведаеш, што я любіў Эдыт так, як не здолеў бы палюбіць сваёй роднай дачкі; я ніколі не мог паверыць, што ў яе быў свой бацька, свая маці і свой брат. Яна была пасланніца вялікага Госпада; калі яна ў нас жыла, я мог зноў паўтараць у думках Яго імя, не чырванеючы, мог паўтараць гэтае імя ў малітвах; якую вестку яна прынесла, перадала табе? Помсту за авечак? Я спадзяюся, што ты дакладна выканаў даручэнне, не зважаючы на тыя фальшывыя аргументы, якія я заўсёды браў пад увагу; маю надзею, што ты не захаваў пачуццё вышэйшасці ў лядовым склепе іроніі - як гэта рабіў я. Ці Эдыт сапраўды мела брата? Ці ён жывы? Ці існуе?

Стары Фэмель па-ранейшаму вадзіў піўным келіхам укруга па століку, утаропіўшыся ў бела-чырвоны настольнік; потым ён, зусім крыху падняўшы галаву, спытаў:

- Скажы мне ўсё-ткі, ці ён сапраўды існуе? Ён жа быў твой сябар; я аднаго разу бачыў яго; стоячы каля акна ў спальні, я бачыў, як ён ішоў цераз двор да твайго пакоя; я не забыў яго і часта пра яго думаю, хоць бачыў яго тады не больш як дзесяць ці дваццаць секунд; ён наганяў на мяне страх, нібы анёл цёмнага царства. Ці ён сапраўды існуе?

- Існуе.

- І ён жывы?

- Жывы. Ты баішся яго?

- Баюся. І цябе - таксама баюся. Хіба ты гэтага не ведаў? Я не хачу ведаць, якую вестку табе перадала Эдыт; скажы толькі: ты выканаў яе наказ?

- Выканаў.

- Добра. Цябе здзіўляе, што ўва мне жыў страх перад табою - і цяпер трохі таго страху засталося. Я смяяўся з вашых дзіцячых гульняў у канспірацыю, але смех засеў у мяне ў горле, калі я даведаўся, што яны забілі таго хлопчыка; ён бы мог быць братам Эдыт, але пазней я зразумеў, што гэта была ледзь не гуманнасць з іхняга боку - забіць хлопца, які ўсё-такі як-ніяк кінуў бомбу і прычыніў апёкі настаўніку гімнастыкі, а вось хлопчык, які кідаў твае цыдулкі нам у паштовую скрыню, паляк, што падняў руку на настаўніка гімнастыкі? Было досыць неадпаведнага руху павекаў, не таго колеру валасоў ці формы носа: дый таго потым не было трэба, а толькі бацькавай ці бабулінай метрыкі; доўгія гады я жывіўся са свайго смеху, але і ён вычарпаўся, не засталося запасаў, Роберт: і я адчыніў лядоўню, дазволіў пракіснуць маёй іроніі і высыпаў яе, нібы паскудныя адкіды чагосьці, што раней мела вартасць; я думаў, што люблю і разумею тваю маці, ды толькі тады я па-сапраўднаму зразумеў і палюбіў яе, як зразумеў і палюбіў вас; толькі яшчэ пазней я добра ўсвядоміў гэта; калі скончылася вайна, я быў «на кані»; мяне прызначылі ўпаўнаважаным па будоўлі ва ўсёй акрузе; нарэшце надышоў мір, думаў я; самае дрэннае засталося ў мінулым; але аднаго разу ангельскі камендант вырашыў, так бы мовіць, папрасіць у мяне прабачэння за тое, што яны разбамбілі касцёл Святога Анупрыя, знішчыўшы пры гэтым скульптурную групу дванаццатага стагоддзя «Распяцце»; ён не прасіў прабачэння за смерць Эдыт, а толькі за знішчаную скульптурную групу дванаццатага стагоддзя; «Sorry»*, - казаў ён; a я засмяяўся, першы раз за апошнія дзесяць гадоў; але то быў нядобры смех, Роберт, - і я адмовіўся ад сваёй пасады; упаўнаважаны па будаўніцтву! Навошта? Я ж быў гатовы аддаць на знішчэнне ўсе скульптурныя групы з усіх стагоддзяў дзеля таго толькі, каб яшчэ раз убачыць усмешку Эдыт, адчуць дотык яе рукі да майго пляча; што маглі значыць малюнкі вялікага Госпада ў параўнанні з сапраўднай усмешкай яго пасланніцы? А за хлопчыка, які прыносіў вестачкі ад цябе - я ніколі не бачыў яго твару, не ведаў яго імя, - за яго б я аддаў сабор Святога Севярына, хоць разумею, што гэта проста смешна нізкая цана - як, напрыклад, медаль таму, хто ўратаваў чалавечае жыццё; ці бачыў ты ў каго-небудзь яшчэ ўсмешку Эдыт ці ўсмешку сталяровага вучня? Ці хоць слабы водбліск тых усмешак? Роберт, Роберт!

* Мне шкада (англ.).

Стары Фэмель адставіў келіх з півам, паклаў рукі на стол.

- Ці бачыў ты яшчэ хоць раз такія ўсмешкі? - прамармытаў ён, закрываючы твар рукамі.

- Бачыў, - адказаў Роберт. - На твары гатэльнага служкі, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе.

- Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, які не захацеў узяць Генрых; напішы мне яго імя ды адрас тут, на падстаўцы пад піва; на гэтых круглых кардонках пішуць самыя важныя рэчы; і паведамі мне, калі што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Ці жывы ён?

- Жывы. Ты ўсё яшчэ баішся яго?

- Баюся. Самае жахлівае тое, што ў ім не было нічога, штб б магло ўзрушыць іншага; калі я глядзеў, як ён ідзе цераз двор, я ведаў: ён моцны і ўсё, што ён робіць, робіцца не з тых прычын, з якіх робяць пэўныя ўчынкі астатнія людзі: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкі, а нехта прыгожы, што некага лупцуе маці, а некага не лупцуе - прычыны, якія прымушаюць кагосьці штосьці рабіць: альбо будаваць цэрквы, альбо забіваць жанчын; альбо зрабіцца добрым настаўнікам, альбо - дрэнным арганістам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць ніводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў ім я не знайшоў нічога, ніводнай шчылінкі, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нібыта цераз мой двор ішоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, які хоча накласці секвестр на цябе; ён зрабіў гэта, наклаў на цябе секвестр; нішто ў ім не ўзрушвала іншых; нават калі я пачуў, што яны збілі яго і хацелі забіць, гэта мяне не ўзрушыла...

 

- Пане радца, я толькі цяпер пазнаў Вас. Вельмі ўсцешаны бачыць Вас жывога-здаровага. Колькі ж гэта гадоў прайшло з тае пары, як Вы былі тут апошні раз?

- Ах, Муль, гэта Вы? Ці жыве яшчэ Вашая маці?

- Hе, пане радца: пахавалі яе. Гэта былі вялікія хаўтуры. Яна пражыла багатае жыццё - сямёра дзяцей, трыццаць шэсць унукаў і адзінаццаць праўнукаў... багатае жыццё. Вы зробіце мне гонар, спадары, калі вып'еце за памяць па маёй маці.

- Ахвотна, дарагі Муль; яна была слаўная кабета.

Стары Фэмель падняўся, Роберт устаў таксама; тым часам гаспадар пайшоў да прылаўка, каб напоўніць келіхі; станцыйны гадзіннік паказваў усяго толькі дзесяць на пятую; двое сялян стаялі каля прылаўка; яны, сумна паглядаючы, запіхвалі сабе ў рот памазаныя гарчыцаю тэфтэлі; задаволена пакрэкваючы, пілі піва; гаспадар вярнуўся з-за прылаўка з пачырванелым тварам, але вочы зрабіліся вільготныя; ён зняў з падноса келіхі, паставіў на стол, потым узяў свой келіх У руку.

- За добрую памяць па Вашай матулі, Муль, - сказаў стары Фэмель. Яны паднялі келіхі, кіўнулі адзін аднаму і, адпіўшы, адставілі іх.

- Ці ведаеце Вы, - сказаў стары, - што Вашая маці пяцьдзесят год таму дала мне крэдыт - калі я, сасмяглы і галодны, вяртаўся з Кіслінгена? Тады якраз быў рамонт гэтага ўчастка чыгункі, ды мне было яшчэ зусім няцяжка адмахаць чатыры кіламетры пехатою; за Вашае здароўе, Муль, і за добрую памяць па Вашай матулі. Гэта вось мой сын, Вы яго яшчэ не ведаеце?

- Фэмель, вельмі прыемна.

- Муль, вельмі прыемна.

- Вас, пане радца, знае тут кожнае дзіцё; усім вядома, што Вы пабудавалі нашае абацтва, а старыя бабулі яшчэ могуць расказаць пра Вас нямала розных гісторый - як Вы замаўлялі цэлыя вагоны піва для муляраў, як Вы давалі сола ў скоках на свяце з нагоды канца будаўніцтва. Гэты глыток - за Вашае здароўе, пане радца.

Яны, стоячы, выпілі да дна; Роберт з парожнім келіхам у руцэ глядзеў на карчмара, які тым часам вярнуўся да прылаўка, забраўшы апарожненыя талеркі са стала, дзе сядзела маладая пара, прасунуў іх у акенца на кухню; потым падышоў і атрымаў ад маладога чалавека плату. Стары Фэмель пацягнуў сына за крысо пінжака:

- Сядай, сядай жа; у нас яшчэ дзесяць хвілін часу. Гэта цудоўныя, добрыя людзі.

- І ты не баішся іх - праўда, бацька?

Стары паглядзеў сыну проста ў вочы; на яго хударлявым, усё яшчэ без адзінай зморшчыны твары не было ўсмешкі.

- Якраз гэтыя людзі, - сказаў Роберт, - здзекаваліся з Гугі, і, мажліва, нехта з іх быў катам Фэрдзі!

- Калі цябе не было і мы чакалі ад цябе вестачкі, я баяўся кожнага чалавека... але каб баяцца Муля? Хіба ты яго баішся?

- Убачыўшы кожнага новага чалавека, я пытаюся ў сябе, ці хацеў бы я апынуцца ў ягонай уладзе; і няшмат ёсць такіх, пра каго я мог бы сказаць: «Я гатовы на гэта».

- А ці быў ты ва ўладзе брата Эдыт?

- Hе. Мы жылі ў Галандыі з ім у адным пакоі, дзяліліся ўсім, што ў нас было; палавіну дня мы гулялі ў більярд, a другую палавіну вучыліся: ён - нямецкай мове, я - матэматыцы; я не быў у ягонай уладзе, але заўсёды быў гатовы на гэта... І гатовы апынуцца ў тваёй уладзе, бацька...

Роберт выцягнуў цыгарэту з рота.

- Я вельмі хацеў бы падарыць табе што-небудзь да васьмідзесяцігоддзя, хацеў бы сказаць табе... ну, мажліва, ты і сам ведаеш, што я хацеў бы табе сказаць?

- Ведаю, - адказаў стары і паклаў руку сыну на плячо, - можаш мне гэтага не казаць.

Я ахвотна б ахвяраваў табе колькі слязінак скрухі, але не магу выціснуць іх з сябе: я ўсё яшчэ гляджу на вежу Святога Севярына як на здабычу, што выслізнула ў мяне з рук; шкада, што абацтва было справай тваёй маладосці, тваім вялікім лёсам, першай вялікай гульнёй; і ты добра пабудаваў яго: салідныя муры, выдатныя статычныя характарыстыкі; мне давялося запатрабаваць два грузавікі выбуховага рэчыва; я абышоў будынкі, крэйдаю напісаў свае формулы ды знакі з лічбамі на сценах, калонах, апорах скляпенняў, напісаў іх таксама на вялікім роспісе - карціне «Таемнай вячэры», паміж нагой святога Яна і ступнёю святога Пятра; я ж дасканала ведаў абацтва; ты гэтак часта апавядаў мне пра яго, калі я быў яшчэ хлопчыкам, падлеткам, юнаком - я ішоў і пісаў свае знакі з лічбамі на сцяне, а побач са мною бег абат, адзіны чалавек, які застаўся там, на месцы; ён апеляваў да майго розуму, да маіх рэлігійных пачуццяў; на шчасце, то быў новы абат, які мяне не ведаў. Ён апеляваў да майго сумлення; дарэмна; ён не бачыў, як я прыязджаў туды па суботах, еў стронгу, натуральны мёд, намазваў масла на вясковы хлеб; не бачыў мяне, архітэктаравага сына; і калі ён глядзеў на мяне, як на вар'ята, я шапнуў яму: «Дрыжаць спарахнелыя косці»; мне тады было дваццаць дзевяць год - якраз столькі, колькі табе, калі ты будаваў абацтва, - і я чакаў ужо новай здабычы, шараватая танклявая постаць якой віднелася на даляглядзе, - сабор Святога Севярына; але я трапіў у палон, і вось тут, на станцыі Дэнклінген, за тым сталом, дзе цяпер нікога няма, мяне дапытваў малады афіцэр.

- Пра што ты думаеш? - спытаўся бацька.

- Пра абацтва Святога Антонія: я гэтак даўно не быў там.

- Ты рады, што ўбачыш яго?

- Я рады сустрэчы з Ёзэфам, бо так даўно яго не бачыў.

- Я трохі ганаруся ім, - сказаў стары, - ён мае гэтулькі размаху ды свежых думак і калі-небудзь стане добрым архітэктарам; бывае трохі занадта суровы з рабочымі, трохі нецярплівы, але цяжка чакаць цярплівасці ад дваццацідвухгадовага хлопца - зрэшты, цяпер на яго цісне тэрмін; манахам вельмі хочацца адслужыць імшу да дня Божага нараджэння ўжо ў новым касцёле; вядома, нас усіх запросяць на фэст урачыстага адкрыцця.

- Ці ў іх яшчэ той самы абат?

- Які?

- Айцец Грэгар.

- Hе, ён памёр у сорак сёмым годзе; не здолеў перажыць разбурэння абацтва.

- А ты здолеў перажыць гэта?

- Калі я даведаўся, што абацтва ўзарванае, дык спачатку вельмі засмуціўся, але калі я пасля паехаў туды і ўбачыў руіны, а таксама абураных манахаў, што хацелі стварыць камісію, каб знайсці вінаватага, - я параіў ім не рабіць гэтага; я не прагнуў помсты за знішчаныя пабудовы і баяўся, што яны знойдуць вінаватага, а ён будзе прасіць у мяне прабачэння; слова «sorry» ўсё яшчэ стаяла ў мяне ўвушшу, гэта было жахліва; і, зрэшты, кожны будынак можна адбудаваць нанова. Я здолеў, Роберт, - здолеў перажыць гэта. Ты не паверыш мне, але я ніколі не адчуваў вялікай цягі да будынкаў, якія я спраектаваў і будаўніцтвам якіх кіраваў; яны падабаліся мне на паперы, я працаваў над імі, можна сказаць, з захапленнем, але ж я ніколі не быў мастаком, разумееш, і ведаў, што я не мастак; у мяне былі яшчэ даўнія планы, калі мне даручылі адбудоўваць абацтва; для твайго хлопчыка гэта выдатная магчымасць папрактыкавацца, навучыцца каардынаваць працу і крыху ўтаймаваць сваю нецярплівасць... ці не пара нам выходзіць на пасадку?

- У нас яшчэ чатыры хвіліны, бацька. Але на перон ужо можна выходзіць.

Роберт падняўся з месца, кіўнуў гаспадару карчмы, палез у кішэнь па кашалёк, але карчмар выйшаў з-за прылаўка, прамінуўшы Роберта, падышоў да старога Фэмеля і сказаў:

- Hе, не, пане радца; я нічога ад Вас не вазьму, бо вы былі маімі гасцямі - на добрую памяць па маёй маці.

Знадворку было яшчэ цёпла; над Додрынгенам ужо віднеліся белыя шматкі паравознага дыму.

- Ці ёсць у цябе білеты? - спытаўся бацька.

- Ёсць, - адказаў Роберт, выглядаючы насустрач цягніку, што спускаўся з пагорка з-за Додрынгена, нібы вынырнуўшы проста з ярка-блакітных нябёсаў; цягнік быў чорны, стары і выклікаў пачуццё ўзрушанасці; начальнік станцыі выйшаў са службовага пакоя з суботна-нядзельнай усмешкаю на твары.

- Сюды, тата, сюды! - крыкнула Рут; мільганулі яе зялёная шапачка, яе зграбныя рукі, ружовы пух яе швэдара; яна працягнула рукі да дзядулі, дапамагла яму падняцца па прыступках вагона, абняла яго, потым асцярожна правяла да адчыненых дзвярэй купэ, пацягнула яго ўгору і пацалавала ў шчаку.

- Я страшэнна рада, - сказала яна, - сапраўды, страшэнна рада, што ўбачу абацтва і буду сёння на вечарыне разам з вамі.

Начальнік станцыі дзьмухнуў у свісток і паказаў рукою цягніку, што можна адпраўляцца.

 

7

 

Калі яны падышлі да акенца, Нэтлінгер выцягнуў цыгару з рота і кіўком галавы падбадзёрыў Шрэлу; акенца адчынілася знутры, наглядчык з аркушам паперы ў руцэ высунуў галаву і спытаў:

- Вы - арыштант Шрэла?

- Я, - адказаў Шрэла.

Наглядчык голасна называў прадметы, выцягваючы іх адзін за адным з кардоннай скрынкі, і клаў перад Шрэлам.

- Кішэнны гадзіннік, нікеляваны, без ланцужка.

- Кашалёк, чорны, скураны; унутры пяць брытанскіх шылінгаў, трыццаць бельгійскіх франкаў, дзесяць нямецкіх марак і восемдзесят пфенігаў.

- Гальштук зялёнага колеру.

- Самапіска, без маркі, шэрага колеру.

- Дзве насоўкі - белыя.

- Плашч-макінтош, непрамакальны.

- Капялюш чорнага колеру.

- Брытва бяспечная маркі «Жылет».

- Шэсць цыгарэт маркі «Бельга».

- Кашуля, сподняя бялізна, мыла і зубная шчотка былі пры Вас, так? Калі ласка, распішыцеся вось тут, засведчыце, што ўсе Вашыя асабістыя рэчы Вам вернуты.

Шрэла апрануў плашч, пазапіхваў у кішэні атрыманыя толькі што рэчы, падпісаў спіс, на якім стаяла дата: «6 верасня 1958 г., 15 гадзін 30 хвілін».

- Усё ў парадку, - сказаў наглядчык і зачыніў акенца.

Нэтлінгер ізноў засунуў цыгару ў рот, дакрануўся да Шрэлавага пляча.

- Хадзем, - сказаў ён, - вось сюдой, альбо ты зноў хочаш за краты? Можа, усё-такі завяжы гальштук.

Шрэла сунуў у рот цыгарэту, паправіў акуляры, падняў каўнерык кашулі і надзеў гальштук; ён здрыгануўся, калі Нэтлінгер раптам паднёс яму да носа запальнічку.

- Гэтак вось, - сказаў Нэтлінгер, - гэтак вось бывае з усімі вязнямі: хай ён будзе высокі ці маларослы, вінаваты ці невінаваты, бедны ці багаты, палітычны ці крымінальнік - усе найперш хочуць выкурыць цыгарэту.

Шрэла зрабіў глыбокую зацяжку; завязаўшы гальштук, а пасля - апусціўшы каўнерык, ён паглядаў праз верх акуляраў на Нэтлінгера.

- Ты ў гэтых пытаннях дужа дасведчаны, праўда?

- А ты што - не? - спытаў Нэтлінгер у адказ. - Хадзем; ад развітання з начальнікам, на жаль, я цябе вызваліць не магу.

Шрэла насунуў капялюш, выцягнуў з рота цыгарэту і пайшоў за Нэтлінгерам, які адчыніў дзверы на двор; начальнік турмы стаяў каля акенца, перад якім стаяла доўгая чарга: людзі стаялі па дазволы на нядзельныя спатканні; гэта быў высокі мужчына, не занадта модна, але салідна апрануты; калі ён набліжаўся да Нэтлінгера і Шрэлы, яго рухі былі падкрэслена цывільнымі.

- Спадзяюся, - сказаў ён Нэтлінгеру, - што ўсё было даведзена да ладу так, што ты застаўся задаволены - хутка і як мае быць.

- Дзякуй, - адказаў Нэтлінгер, - усё сапраўды было зроблена хутка.

- Гэта добра, - сказаў начальнік турмы і звярнуўся да Шрэлы. - Прашу мне прабачыць за тое, што я Вам на развітанне скажу колькі слоў, хоць Вы ўсяго адзін дзень былі ў мяне пад... - ён засмяяўся, - ...апекаю і памылкова трапілі не ў следчую турму, а ў карную. Бачыце, - сказаў ён і паказаў рукою на ўнутраную браму турмы, - за вунь тою брамаю Вас чакае другая брама, а за ёю Вас чакае штосьці грандыёзнае, тое, што мы лічым за сваё найвышэйшае дабро, - воля. Справядлівым ці несправядлівым было падазрэнне, але Вы спазналі... - ён засмяяўся яшчэ раз, -...вы спазналі сярод маіх гасцінных муроў супрацьлегласць вольнасці. Карыстайцеся Вашай вольнасцю. Мы ўсе - адно што вязні, вязні нашага цела, аж да хвілі, калі душа вызваліцца ад путаў і ўзнясецца да свайго стваральніка; але быць вязнем сярод маіх гасцінных муроў - гэта не проста сімвал. Я выпускаю вас на волю, пане Шрэла...

Шрэла збянтэжана працягнуў руку, але тут жа рвануў яе назад, да сябе, бо па начальнікавым твары ён заўважыў: поціск яго далоні не належыць да прынятых тут фармальнасцей; Шрэла збянтэжана маўчаў, пераклаў цыгарэціну з правай рукі ў левую і крадком зірнуў на Нэтлінгера.

Муры вакол гэтага двара, неба па-над імі былі апошнімі рэчамі на гэтай зямлі, якія давялося бачыць Фэрдзі; магчыма, голас начальніка быў апошнім чалавечым голасам, які ён пачуў на гэтым дзядзінцы - досыць вузкім, каб дым з Нэтлінгеравай цыгары мог запоўніць яго ўвесь; прынюхваючыся, начальнік падумаў: «Божа мой, ты заўсёды добра разбіраўся ў цыгарах: тут табе трэба аддаць належнае».

Нэтлінгер не выцягваў цыгары з рота.

- Ты мог абысціся гэтым разам без развітальнае прамовы. Значыць, дзякуй і - да пабачэння.

Ён схапіў Шрэлу за плечы і падпіхнуў яго ў напрамку да ўнутранай брамы, якая перад імі адчынілася; Нэтлінгер павольна павёў Шрэлу да знешняй брамы; Шрэла спыніўся, аддаў вартаўніку свае паперы; той уважліва паглядзеў на іх, кіўнуў і адчыніў браму.

- Ну, вось яна тут, воля, - сказаў Нэтлінгер, смеючыся, - на тым баку вуліцы стаіць мая машына; скажы, куды цябе адвезці.

Шрэла перайшоў з ім цераз вуліцу і завагаўся, калі шафёр адчыніў яму дзверцы.

- Ну, - сказаў Нэтлінгер, - сядай.

Шрэла зняў свой капялюш, залез у машыну; сеўшы, адкінуўся на спінку сядзення і паглядзеў на Нэтлінгера, які таксама залез у кабіну і падсунуўся бліжэй да яго.

- Куды ты хочаш ехаць?

- На вакзал, - адказаў Шрэла.

- У цябе там рэчы?

- Hе.

- Дык што, ты ўжо зноў хочаш пакінуць наш гасцінны горад? - спытаў Нэтлінгер. Нахіліўшыся да шафёра, ён сказаў яму: - На галоўны вакзал.

- Hе, - сказаў Шрэла, - я не хачу пакідаць гэтага гасціннага горада. Ты не знайшоў Роберта?

- Hе, - адказаў Нэтлінгер, - ён рэдка паказваецца на людзях. Цэлы дзень я спрабаваў убачыцца з ім, ды ён усё выслізваў неяк; а калі я ўжо амаль накрыў яго ў гатэлі «Прынц Генрых», ён здолеў уцячы праз бакавыя дзверы. Праз яго мне давялося мець вялікую прыкрасць.

- І раней таксама ты яго не сустракаў?

- Hе, - адказаў Нэтлінгер, - ніводнага разу; ён жыве зусім адасоблена.

Машына спынілася перад святлафорам. Шрэла зняў акуляры, выцер іх насоўкаю і падсунуўся бліжэй да акна.

- Відаць, - сказаў Нэтлінгер, - у цябе дзіўнаватае адчуванне: па гэткім доўгім часе і пры такіх акалічнасцях зноў апынуцца ў Германіі; ты яе ўжо не пазнаеш.

- Ды не, пазнаю ўжо, - адказаў Шрэла, - накшталт таго, як звычайна пазнаеш жанчыну, якую зусім малады кахаў, а цяпер праз дваццаць гадоў напаткаў: яна зрабілася тоўстая; затлусценне залозаў; відавочна, што яна выйшла за чалавека не толькі багатага, але і працавітага; віла за горадам, машына, пярсцёнкі на кожным пальцы; пры гэткіх акалічнасцях з даўняе любові застаецца адно што строіць кепікі.

- Натуральна, гэткія абразкі ўсё-такі досыць скажоныя, - сказаў Нэтлінгер.

- Гэта напраўду абразкі, - сказаў Шрэла, - і калі б іх было ў цябе тры тысячы, ты б, мажліва, спазнаў крыху праўды.

- Сумняваюся таксама наконт верагоднасці тваіх меркаванняў пра нашу краіну: ты прабыў толькі дваццаць чатыры гадзіны ў краіне, у тым ліку дваццаць тры - у турме.

- Табе цяжка ўявіць, як шмат можна даведацца пра краіну, седзячы ў турме; у вашых астрогах найбольш сядзяць за ашуканства; на жаль, самаашуканства не разглядаюць тут як крымінальнае злачынства; магчыма, ты не ведаеш, што я з апошніх дваццаці двух год чатыры правёў у турме?

Машына павольна ехала ў вялікім патоку, які ўтварыўся перад святлафорам на скрыжаванні.

- Hе, - сказаў Нэтлінгер, - я гэтага не ведаў. Дзе ты сядзеў, у Галандыі?

- У Галандыі, - адказаў Шрэла, - і ў Англіі таксама.

- За што гэта?

- За дзеянні ў стане афекту, у выніку любоўнай тугі, але не з ідэалістычных памкненняў, а праз тое, што я змагаўся супраць цалкам рэальных з'яў.

- Ці нельга растлумачыць гэта больш падрабязна?

- Hе, - адказаў Шрэла, - ты б усё адно нічога не зразумеў і ўспрыняў бы гэта як камплімент. Я пагражаў аднаму галандскаму палітыку, які абвясціў, што трэба павынішчыць усіх немцаў; гэта быў дужа папулярны палітык; потым, калі немцы акупавалі Галандыю, яны вызвалілі мяне, мяркуючы, што я нейкім чынам пакутаваў за нямецкую справу; але пасля яны знайшлі маё імя ў спісе шуканых асоб, і мне давялося ўцякаць ад іх любові ў Англію; там я пагражаў пэўнаму ангельскаму палітыку, які сказаў, што трэба павынішчыць ўсіх немцаў, уратаваўшы адно створаныя імі шэдэўры мастацтва; гэта быў надта папулярны палітык; але неўзабаве я атрымаў ад іх амністыю, бо яны меркавалі, што трэба шанаваць мае пачуцці - пачуцці, якіх у мяне зусім не было, калі я пагражаў гэтаму палітыку; гэтак вось людзей спачатку памылкова кідаюць у астрог, а пасля гэтаксама памылкова адпускаюць на волю.

Нэтлінгер засмяяўся:

- Калі ты ўжо збіраеш карціны, я магу дазволіць дадаць да тваёй калекцыі яшчэ адну. Як табе, напрыклад, падабаецца гэткая карціна: непрыміральная палітычная варожасць паміж двума школьнымі таварышамі; праследаванні, допыты, уцёкі, смяртэльная нянавісць - але праз дваццаць два гады той самы праследавальнік, гэты жахлівы тып, вызваляе з турмы ўцекача, які акурат вяртаецца дадому? Ці гэта не карціна, вартая таго, каб папоўніць тваю калекцыю?

- Гэта не карціна, - адказаў Шрэла, - а толькі гісторыя, у якой ёсць адна хіба: яна, апроч усяго, яшчэ і праўдзівая; але калі я перакладу гэтую гісторыю на вобразна-абстрактную мову і адпаведна яе табе растлумачу - дык яна не будзе надта пахвальнаю для цябе.

- Гэта напраўду дзіўна, - сказаў няголасна Нэтлінгер і выцягнуў цыгару з рота, - калі я тут прашу зразумець мяне; але павер мне, калі я ўбачыў тваё прозвішча ў спісе шуканых асоб, прачытаў рапарт і даведаўся, што яны сапраўды затрымалі цябе на мяжы, - я без усялякіх ваганняў пачаў рабіць усе захады, каб цябе вызваліць.

- Мне было б вельмі шкада, - сказаў Шрэла, - калі б ты падумаў, што я сумняваюся ў шчырасці тваіх матываў і пачуццяў. Нават тваё раскаянне не будзіць ува мне сумненняў, але ў кожнай карціне - а ты ж прасіў мяне ўзяць тую гісторыю як карціну ў маю калекцыю, - у кожнай карціне ёсць пэўная абстракцыя, а менавіта - роля, якую ты выконваў тады і надалей выконваеш сёння; ролі, даруй мне, усё тыя ж самыя; бо тады, каб абясшкодзіць мяне, трэба было пасадзіць мяне за краты, а сёння, каб зрабіць мяне бясшкодным, трэба выпусціць мяне з турмы; баюся, што Роберту, які мае куды болей абстрактнае мысленне, чым я, якраз з тае прычыны не карціць сустракацца з табою. Я спадзяюся, ты мяне разумееш: і тады таксама я ані не сумняваўся ў шчырасці тваіх матываў і пачуццяў, ты мяне не можаш зразумець і нават не спрабуй рабіць гэтага, бо ты выконваў свае ролі несвядома, - іначай ты быў бы цынік альбо злачынец; але ж ты не зрабіўся ні тым, ні другім.

- Цяпер я напраўду не ведаю, камплімент гэта ці нешта зусім адваротнае.

- І аднаго, і другога патроху.

- Магчыма, табе невядома, што я зрабіў для тваёй сястры?

- Ты абараняў Эдыт?

- Ага. Вакера хацеў арыштаваць яе і кожны раз заносіў яе імя ў спісы, а я штораз выкрэсліваў.

- Вашыя дабрадзействы, - ціха прамовіў Шрэла, - яшчэ ці не страшнейшыя за вашыя злачынствы.

- А вы яшчэ больш бязлітасныя за самога Госпада Бога, які даруе грахі тым, хто пакаяўся.

- Мы - гэта не Госпад Бог і не прыпісваем сабе ні ягонай усяведнасці, ні ягонай літасцівасці.

Нэтлінгер адхінуўся, страсянуўшы галавою; Шрэла выцягнуў з кішэні цыгарэту, засунуў яе ў рот і зноў спалохаўся, калі Нэтлінгер нечакана пыхнуў запальнічкай у яго пад носам; чысты, светла-блакітны дым мала што не апаліў яму павекі. «А твая цяперашняя ветлівасць, - думаў ён, - горшая за тваю тагачасную няветлівасць. Твая апантанасць засталася такою, як і была: гэтаксама як ты тады шпурляў мне мячык у твар, цяпер ты назойліва даеш мне прыпаліць».

- Калі я змагу знайсці Роберта? - спытаў ён.

- Відаць, не раней як у панядзелак; я так і не здолеў высветліць, куды ён з'ехаў на выхадныя; няма таксама ні яго бацькі, ні дачкі; можа, заспееш яго дома сёння ўвечары альбо заўтра а палове дзесятай у гатэлі «Прынц Генрых»; ён ад паловы дзесятай да адзінаццатай гуляе там у більярд. Спадзяюся, у турме з табой не абыходзіліся груба?

- Hе, - адказаў Шрэла, - усё было прыстойна.

- Калі табе спатрэбяцца грошы, скажы мне. З тымі, што ў цябе ёсць, не надта разгонішся.

- Мяркую, што да панядзелка хопіць, а пасля грошы ў мяне будуць.

Чым бліжэй яны пад'язджалі да вакзала, тым даўжэйшы і шырэйшы рабіўся ланцуг машын. Шрэла паспрабаваў быў адчыніць акно, але не разабраўся з ручкамі; Нэтлінгер перахіліўся цераз яго і апусціў шыбіну.

- Баюся, - сказаў ён, - што на вуліцы паветра не лепшае ад таго, што тут, у машыне.

- Дзякуй, - сказаў Шрэла.

Ён паглядзеў на Нэтлінгера, пералажыў цыгарэту з правай рукі ў левую.

- Слухай, - сказаў ён пасля, - той мячык, які тады забіў Роберт... ці знайшоўся ён? Памятаеш?

- Натуральна, памятаю, - адказаў Нэтлінгер, - я добра памятаю, бо потым столькі пра гэта гаварылася: яны так ніколі і не знайшлі мячыка; шукалі яго таго вечара аж да цемнаты, шукалі нават і назаўтра, хоць гэта была нядзеля; той мячык не даваў ім спакою; сёй-той пачаў пазней казаць, што гэта была ўсяго толькі Робертава штучка: ён, маўляў зусім не ўдарыў па мячыку, а толькі імітаваў гук удару, a мячык схаваў.

- Але ж яны ўсе бачылі мячык - як ён ляцеў. Хіба не?

- Вядома, ніхто той пагалосцы не паверыў; іншыя казалі, што мячык заляцеў у двор піваварні і трапіў на павозку; мажліва, ты памятаеш, што неўзабаве адтуль выехала павозка.

- Гэта было раней, задоўга перад тым, як Роберт ударыў, - сказаў Шрэла.

- Здаецца мне, што ты памыляешся...

- Hе, не, - настойваў на сваім Шрэла, - я ж стаяў там, чакаючы, і ўважліва глядзеў; павозка выехала, перш чым Роберт ударыў.

- Ну, хай сабе, - сказаў Нэтлінгер, - так ці іначай, a мячыка знайсці не змаглі. А вось і вакзал... ты і праўда не хочаш, каб я табе чым-небудзь дапамог?

- Hе, дзякуй, мне нічога не трэба.

- Ну, хоць папалуднаваць разам... магу цябе запрасіць?

- Добра, - адказаў Шрэла, - пойдзем палуднаваць.

Шафёр, адчыніўшы, прытрымаў дзверку машыны; Шрэла вылез першы і, засунуўшы рукі ў кішэні, чакаў Нэтлінгера, які, узяўшы з сядзення сваю папку, зашпіліў плашч і сказаў шафёру:

- Калі ласка, прыедзьце па мяне каля паловы шостай да гатэля «Прынц Генрых».

Шафёр прыклаў руку да шапкі, потым залез назад у машыну, сеў за руль.

Шрэлавы акуляры, адвіслыя плечы, рот з дзіўнаватай усмешкаю, бялявыя валасы - без прабору, а толькі з лёгкім пробліскам сівізны, усё яшчэ зачасаныя назад; жэст рукі, якім ён абцёр пот і схаваў насоўку ў кішэнь, - здавалася, што ён зусім не памяняўся, толькі зрабіўся на некалькі год старэйшы.

- Навошта ты вярнуўся? - ціха спытаўся Нэтлінгер.

Шрэла паглядзеў на яго, прыжмурваючыся - як гэта ён заўсёды рабіў, - і, закусіўшы ніжнюю губу (у правай руцэ цыгарэта, у левай - капялюш), доўга глядзеў на Нэтлінгера і чакаў, усё яшчэ дарэмна чакаў таго, па чым сумаваў ужо больш як дваццаць гадоў, - нянавісці, звычайнай нянавісці, якой ён заўсёды прагнуў: каб можна было даць каму-небудзь па мордзе альбо кухталя пад зад і крыкнуць: «Свіння! Паскудная свіння!» Ён заўсёды зайздросціў людзям, здольным да гэткіх простых пачуццяў, але ён не мог зараз стукнуць у гэты круглы, са збянтэжанай усмешкаю твар, не мог даць кухталя пад гэты зад; на школьнай лесвіцы Нэтлінгер падставіў яму падножку, і ён грымнуўся вобзем, дужка акуляраў улезла яму ў мочку вуха; па дарозе дадому яго пераймалі, зацягвалі ў пад'езды дамоў і збівалі; білі пугаю з калючага дроту, Нэтлінгер біў яго і Роберта; вёў допыты; ён быў вінаваты, што загінуў Фэрдзі, але пашкадаваў Эдыт і даў уцячы Роберту.

Шрэла перавёў позірк з Нэтлінгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксі, што чакаюць кліентаў, марожаншчыкі; гатэльныя служкі ў фіялетавых ліўрэях валачылі ўслед за гасцямі валізы; шэры велічны фасад Святога Севярына, гатэль «Прынц Генрых», кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калі Нэтлінгер раптоўна сарваўся з месца, кінуўся ў натоўп, махаючы рукамі і крычучы: «Алё, фройляйн Рут!..»; праз хвілю ён вярнуўся, пахітваючы галавою.

- Ці бачыў ты дзяўчыну, - спытаўся ён, - тую, у зялёнай шапачцы і ружовым швэдары? Вельмі гожая, проста загледзішся - Робертава дачка. Я так яе і не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсці. Шкада... Ты не бачыў яе?

- Hе, - ціха адказаў Шрэла, - дачка Эдыт...

- Вядома ж, - сказаў Нэтлінгер, - твая пляменніца. Ах, д'ябал... Ну, хадзем - з'ямо чаго-небудзь.

Ён перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вуліцу; Шрэла ішоў следам за ім да гатэля «Прынц Генрых»; служка ў фіялетавай ліўрэі адчыніў перад імі дзверы, якія крутануліся, прапусціўшы іх, і неўзабаве сталі на месца, у абабітыя лямцам пазы.

- Столік ля акна? - спытаў Ёхэн. - Калі ласка. Hе занадта сонечна? Значыць, на ўсходнім баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столік каля акна з усходняга боку. Няма за што... ...Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка - гэта сумленная круглая манетка, а грошы «на чай» - гэта душа прафесіі; а я ўсё-ткі перамог, мой даражэнькі: ты яго так і не змог убачыць... Што Вас цікавіць, ці пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у більярд? Шрэла? Мілы Божа! Тут можна нават і не заглядаць у чырвоную картку.

- Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую ціхую часіну сказаць колькі слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзін год нават працаваў у нас - гэта было ў той год, калі праводзілася агульнанямецкае фізкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусіць, дзесяць ці адзінаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калі Вы паціснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуцці, што, так бы мовіць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкі; я досыць стары, каб дазволіць сабе рабіць гэта; Ваш бацька быў сур'ёзны чалавек - і поўны годнасці! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымі, хто не быў нахабны, ён паводзіў сябе як божае ягнятка; я не адзін раз прыгадваў сабе Вашага бацьку... даруйце, калі я развярэдзіў Вашыя старыя раны, крый божа... я зусім забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свінні больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такі перамаглі. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму міру - і даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў і заўваг. Гуга, самы лепшы столік з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. Hе, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фамель гуляць у більярд не прыходзіць; не, па нядзелях не прыходзіць; ён будзе рады; вы ж былі ў маладосці сябрамі і аднадумцамі, праўда? Hе думайце, што ва ўсіх людзей кароткая памяць. Калі пан Фэмель выпадкова зазірне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведаміў, тэлеграму... пазваню, калі хочаце. Мы ж гатовыя зрабіць любую паслугу нашым кліентам.

 

Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькі, калі яны самі таго жадаюць; гэты во тып роў у більярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамільярнасці і непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў - гэта штандар прафесіі. Меню? Калі ласка, панове. Ці даспадобы шаноўным панам гэты столік? Усходні бок, каля акна, не задужа сонечна... Акно выходзіць на ўсходні неф Святога Севярына; даўні раманскі стыль, адзінаццатае альбо дванаццатае стагоддзе; дойлід - герцаг Святы Генрых, празваны Шалёным. Вядома, шаноўны пане, гарачыя стравы ў нас цэлы дзень; усе стравы, што пазначаны ў меню, Вы зможаце замовіць ад дванаццатай да дваццаць чацвёртай гадзіны. Што Вам параіць найлепш? Вы хочаце адзначыць сустрэчу... Трохі інтымная ўсмешка, што пасуе да пачутага інтымнага паведамлення; толькі не думаць: Шрэла, Нэтлінгер, Фэмель; ніякіх высноў; шнар на спіне?.. Але, кельнер зараз прыйдзе і возьме Ваш заказ.

- Ці вып'еш кілішак «марціні»? - спытаў Нэтлінгер.

- Добра, калі ласка, - адказаў Шрэла.

Ён падаў служку сваё паліто, капялюш, паправіў рукою валасы і сеў да стала; у зале было няшмат гасцей; толькі ў далёкім куце чулася прыцішанае мармытанне; лёгкі смех дапаўняўся слабым пазвоньваннем кілішкаў; шампанскае.

Шрэла ўзяў з падноса, які перад ім трымаў кельнер, кілішак «марціні», вычакаў, пакуль Нэтлінгер возьме свой; падняў кілішак, кіўнуў Нэтлінгеру і выпіў; Нэтлінгер, здалося яму, неяк гвалтоўна састарэў; у Шрэлавай памяці ён быў па-ранейшаму поўным бляску бялявым хлопцам, грубаватая лінія рота якога выглядала нават неяк дабрадушна; ён лёгка скакаў на метр шэсцьдзесят сем увышыню, прабягаў сто метраў за 11,5; пераможны, грубаваты, дабрадушны, але, думаў Шрэла, відавочна, гэтыя людзі нават не навучыліся цешыцца са сваіх перамог; дрэннае выхаванне, дрэннае харчаванне і адсутнасць стылю; ён пэўна зашмат жарэ, ужо напалову аблысеў, у вільготных вачах старэчая сентыментальнасць. Па-фахоўску падцяўшы губы, Нэтлінгер схіліўся над меню, белы манжэт ссунуўся ўверх, на руцэ можна было ўбачыць залаты гадзіннік, на пальцы - заручальны пярсцёнак; Божа мой, думаў Шрэла, нават калі б ён нічога таго не рабіў, Роберт усё адно наўрад ці захацеў бы піць з ім піва альбо вазіць сваіх дзяцей на Нэтлінгераву прыгарадную вілу, каб пагуляць у бадмінтон і ўмацаваць сувязі паміж абедзвюма сем'ямі.

- Дазволь, я табе сёе-тое прапаную, - сказаў Нэтлінгер.

- Калі ласка, - адказаў Шрэла, - прапануй мне што-небудзь.

- Значыць, - пачаў Нэтлінгер, - на закуску можна было б узяць цудоўнага вэнджанага ласася, потым кураняты з бульбай фры і салатай; мяркую, што дэсерт мы выберам пасля; ведаеш, тут я давяраюся свайму інстынкту, які мне падкажа, пакуль мы будзем есці закуску і другую страву, што ўзяць - сыр, пірожнае, марожанае ці амлет, але наконт аднаго я загадзя ўпэўнены - піць буду каву.

Голас Нэтлінгера гучаў так, нібы ён браў удзел у курсах: «Як зрабіцца гурманам?»; ён яшчэ не хацеў перапыняць сваёй завучанай малітвы, веданнем якой ён вельмі ганарыўся, і мармытаў, звяртаючыся да Шрэлы:

- Entrecote a deux*, адвараная стронга, цялячыя медальёны.

* Двайны антрэкот (франц.).

Шрэла сачыў за Нэтлінгеравым пальцам, які пачціва-ўрачыста сунуўся па радках меню і затрымліваўся на некаторых стравах; Нэтлінгер пры гэтым то прыцмокваў языком, то трос галавой, то сціхаў у нерашучасці.

- Калі я чытаю слова «пулярка», далібог, не магу ўтрымацца.

Шрэла прыкурыў цыгарэту, цешачыся, што гэтым разам яму ўдалося пазбегнуць Нэтлінгеравай запальнічкі; адпіваючы свой «марціні», ён увесь час сачыў за Нэтлінгеравым указальным пальцам, які дабраўся ўжо да трэціх страваў. «Гэтая іх праклятая грунтоўнасць, - думаў ён, - можа сапсаваць апетыт нават да чагосьці разумнага і смачнага, як, напрыклад, смажаная курыца; яны папросту мусяць рабіць усё лепш за іншых і, відавочна, маюць ужо ўсё, каб пераплюнуць і італьянцаў, і французаў у майстэрстве ўрачыстага святадзейства вакол ежы».

- Калі дазволіш, мне ўсё-такі куранятаў.

- А вэнджанага ласася?

- Hе, дзякую.

- Ты ж адмаўляешся ад цудоўнай рэчы, а павінен жа быць галодны як воўк.

- Вядома, - прызнаўся Шрэла, - галодны, але я добра вазьмуся за дэсерт.

- Ну, як хочаш.

Кельнер прынёс яшчэ два кілішкі «марціні» на сподзе, які каштаваў больш за абстаноўку цэлай спальні; Нэтлінгер узяў адзін кілішак, перадаў яго Шрэле, потым узяў свой, нахіліўся ўперад і сказаў:

- Гэты - за тваё здароўе, менавіта за тваё.

- Дзякуй, - сказаў Шрэла, кіўнуў галавой і выпіў.

- Аднаго я не разумею, - дадаў ён, - як гэта атрымалася, што мяне арыштавалі адразу на мяжы?

- Ідыёцкая выпадковасць: тваё імя засталося ў спісах шуканых асоб, а, між іншым, спроба забойства мае тэрмін задаўненасці дваццаць год. Цябе павінны былі выкрэсліць са спісаў яшчэ два гады таму.

- Спроба забойства? - спытаў Шрэла.

- Ну, тое, што вы тады зрабілі з Вакерам, падпадае пад гэтае вызначэнне.

- Ты, пэўна, не ведаеш, што я ў тым удзелу не браў і нават не ўхваляў таго ўчынку?

- Тым лепей, - адказаў Нэтлінгер, - тады зусім лёгка будзе скрэсліць тваё імя ў спісах шуканых раз і назаўсёды; пакуль што мне ўдалося адно паручыцца за цябе і здабыць табе часовае вызваленне; але твайго імя выкрэсліць са спісаў я не мог; цяпер жа гэта будзе проста фармальнасць. Ці дазволіш, калі я пачну ўжо есці суп?

- Калі ласка, - адказаў Шрэла.

Ён павярнуўся і зірнуў у бок вакзала; Нэтлінгер тым часам еў свой суп з сярэбранай конаўкі; вядома ж, бледна-жоўтыя клёцкі ў гэтым супе былі зробленыя з мазгоў самай чыстай пароды скаціны, якая калі-небудзь пасвілася на нямецкіх лугах; ласось залаціўся на талерцы сярод свежай салатавай зеляніны; грэнкі былі падсмажаныя да слаба-карычневага адцення, на шарыках масла зіхцелі серабрыстыя кропелькі вады; бачачы, як Нэтлінгер есць, Шрэла змусіў сябе перамагчы непрыемнае пачуццё ўзрушанасці; яда заўсёды была для яго ўзнёслым актам братэрства; ён прыгадаў сяброўскія абеды ва ўбогіх і ў добрых гатэлях; яда ў адзіноце была заўсёды яму як праклён; мужчыны, якія ў адзіноце харчаваліся ў пачакальнях і сталоўках, у незлічоных пансіёнах, дзе яму даводзілася жыць, былі для яго вартымі праклёнаў; ён заўсёды шукаў за сталом кампаніі, найбольш любіў падсаджвацца да якой-небудзь жанчыны, абменьваўся з ёю некалькімі словамі, крышачы хлеб, усміхаўся з-па-над талеркі з супам; толькі тады гэты чыста біялагічны працэс пераставаў быць невыносны, нават рабіўся прыемны; такія людзі, як Нэтлінгер - а іх ён бачыў безліч, - нагадвалі яму асуджаных; тое, як яны ядуць, здавалася ядзеннем катаў; яны елі, хоць і захоўваючы правілы паводзін за сталом, але бесцырымонна, са смяротнай сур'ёзнасцю, якая вынішчала і гарохавы суп, і пулярку; апроч таго, яны былі вымушаныя думаць пра кошт кожнага кавалка. Ён адвярнуўся ад Нэтлінгера, зноў пачаў глядзець у бок вакзала, прачытаў вялікі плакат, што вісеў над уваходам: «Сардэчна вітаем землякоў, што вяртаюцца на радзіму».

- Слухай, - сказаў ён, - ці ты мог бы назваць мяне чалавекам, які вяртаецца на радзіму?

Нэтлінгер падняў вочы, нібы вяртаючыся да рэчаіснасці з прорвы жалобы, глянуў з-пад грэнак, якія ён у гэтую хвілю намазваў маслам.

- Гэта залежыць ад таго, - сказаў ён, - ці ў цябе па-ранейшаму германскае грамадзянства.

- Hе, - адказаў Шрэла, - у мяне няма ніякага грамадзянства.

- Шкада, - сказаў Нэтлінгер.

Ён зноў схіліўся над грэнкамі, накалоў на відэлец кавалак вэнджанага ласася, паклаў яго сабе на талерку.

- Каб табе ўдалося давесці, што ты мусіў уцячы не з прычыны крымінальнага злачынства, а па выключна палітычных матывах, ты б мог атрымаць зусім нядрэнную суму як кампенсацыю. Хочаш, каб я высветліў юрыдычны аспект гэтай справы?

- Hе, не трэба, - адказаў Шрэла і, калі Нэтлінгер адсунуў ад сябе талерку з ласасём, спытаў: - Няўжо ты дазволіш, каб такую цудоўную рыбіну панеслі назад?

- Натуральна, - сказаў Нэтлінгер, - але ж ты не можаш...

Ён спалохана азірнуўся, бо Шрэла ўзяў пальцамі са срэбнай талеркі кавалак хлеба і рэшту ласася і паклаў ласася на хлеб.

- ...Ты ж не можаш...

- Ты не паверыш нават, але якраз у гэткім люксовым гатэлі можна дазволіць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на іх тварах ні следу здзіўлення, калі будзеш есці пальцамі і гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна і нязручна; але менавіта ненатуральнае і непрактычнае прыцягвае найменей увагі ў такіх рэстаранах; адсюль і высокія цэны - гэтыя цэны - ад кельнераў, якія не робяць здзіўленых фізіяномій; ну, а есці хлеб пальцамі і класці на яго пальцамі рыбу - гэта нельга лічыць чымсьці ненатуральным ці нязручным.

Усміхаючыся, ён узяў апошні кавалак ласася з талеркі і паклаў яго зноў паміж дзвюма грэнкамі. Нэтлінгер са злосцю паглядзеў на яго.

- Напэўна, - сказаў Шрэла, - ты б цяпер ахвотней за ўсё забіў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забіць тады - гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек ніколі не схоча падпарадкоўвацца тыраніі кельнераў; хоць, вядома, сярод іх ёсць і такія, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзі.

Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкі, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных століках ставіліся складаныя прылады - падагравальнікі яды, на абрус клалася начынне і талеркі, выкарыстаная пасуда прыбіралася; Нэтлінгеру было прынесена віно, Шрэле - піва. Нэтлінгер адпіў з чаркі.

- Крышачку залішне цёплае, - сказаў ён.

Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласці куранят, бульбы і салаты, кіўнуў галавой Нэтлінгеру і падняў келіх з півам, назіраючы, як кельнер палівае густою цёмна-бураю падлівай кавалак паляндвіцы на Нэтлінгеравай талерцы.

- А Вакера ці жывы яшчэ?

- Натуральна, - адказаў Нэтлінгер, - яму ж толькі пяцьдзесят восем, і ён - ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, - ён належыць да непапраўных.

- Ды што ты? - спытаў Шрэла. - Ці такое напраўду мажліва - непапраўныя немцы?

- Ну, ён шануе тыя самыя традыцыі, якія шанаваў і ў 1935 годзе.

- Гіндэнбург і гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар - ці так?

- Менавіта. Гіндэнбург бы і цяпер быў ягоным лозунгам.

- А які твой лозунг?

Нэтлінгер падняў вочы ад талеркі, затрымаў відэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, які ён толькі што адрэзаў.

- Калі ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? - сказаў ён. - Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваіх перакананняў.

Ён зноў нахіліўся над паляндвіцаю, падняў відэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю і, пахітваючы галавою, працягнуў руку па чарку з віном.

- А што сталася з Трышлерам? - спытаў Шрэла.

- Трышлер? Hе прыпамінаю нешта.

- Стары Трышлер жыў у Ніжнім Порце - там, дзе карабельныя могілкі! Хіба ты не памятаеш таксама Алоіса; ён вучыўся з намі ў адным класе?

- Ага, - адказаў Нэтлінгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, - цяпер прыгадваю: гэтага Алоіса мы шукалі колькі тыдняў запар і не здолелі знайсці, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нічога, зусім нічога - гэтаксама як і з ягонай жонкі.

- Hе ведаеш, ці яны яшчэ жывыя?

- Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылі, моцна бамбардзіравалі. Калі хочаш, я магу высветліць, дзе яны і што з імі. О Божа, - дадаў ён ціха, - што такое, што ты збіраешся рабіць?

- Я хачу пайсці, - адказаў Шрэла, - прабач, але я мушу ісці.

Ён падняўся; стоячы дапіў піва, махнуў рукой кельнеру і, калі той ціха падышоў да стала, паказаў на падагравальнік з срэбнай талеркай, дзе астатнія тры кавалкі курынага мяса скварчэлі ў распушчаным тлушчы.

- Калі ласка, - сказаў Шрэла, - ці не маглі б Вы запакаваць мне гэта, каб толькі тлушч не праходзіў?

- Ахвотна, - адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальніка, крыху быў нахіліўся ўперад, каб ісці, але потым выпрастаўся і спытаў: - Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, - і, можа, крыху салаты?

- Hе, дзякуй, - адказаў Шрэла з усмешкай, - бульба фры зробіцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку.

Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след іроніі на дагледжаным твары сівога кельнера. Нэтлінгер, падняўшы вочы ад талеркі, зірнуў на Шрэлу са злосцю.

- Добра, - сказаў ён, - ты хочаш мне адпомсціць, я разумею; але хіба гэта трэба рабіць менавіта гэткім чынам?

- А што, было б лепш, каб я цябе забіў?

Нэтлінгер маўчаў.

- Зрэшты, гэта ніякая не помста, - сказаў Шрэла, - мне проста трэба пайсці адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабіў бы сабе папрокі, калі б пакінуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпісаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасці: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам і служкам дазваляецца даядаць рэшткі страваў, я яе не забіраў бы, - але мне вядома, што тут гэтага рабіць не дазволена.

Ён падзякаваў служку, што прынёс і дапамог яму апрануць паліто, узяў свой капялюш, яшчэ раз сеў і спытаў у служкі:

- Ці ведаеш ты пана Фэмеля?

- Ведаю, - адказаў Гуга.

- А яго нумар тэлефона?

- Ведаю.

- Тады зрабі мне ласку і тэлефануй яму праз кожныя паўгадзіны; калі ён адзавецца, скажы яму, што яго хоча бачыць пэўны спадар Шрэла.

- Добра.

- Я не ўпэўнены, што ў тым месцы, куды мне трэба, ёсць тэлефонныя кабіны, іначай я б паспрабаваў дазваніцца сам. Ці запомніў ты маё прозвішча?

- Спадар Шрэла, - сказаў Гуга.

- Добра. Каля паловы сёмай я затэлефаную сюды і спытаю цябе. Як тваё імя?

- Гуга.

- Дзякуй, Гуга.

Ён падняўся і зірнуў зверху на Нэтлінгера, які акурат браў з талеркі чарговы кавалак паляндвіцы.

- Мне вельмі шкада, - сказаў Шрэла, - што ты глядзіш на мой бязвінны ўчынак як на акт помсты. Я ніводнай хвілі не думаў пра помсту, але ты павінен зразумець, што я зараз хачу пайсці адсюль; у мяне няма ахвоты занадта доўга заставацца ў гэтым гасцінным горадзе, а мне сёе-тое яшчэ трэба тут зрабіць. Але ж дазволь яшчэ раз нагадаць табе пра тыя спісы...

- Вядома ж, у любы час я гатовы прыняць цябе, дома ці на службе, як ты схочаш.

Шрэла ўзяў з кельнеравых рук акуратна абвязаны белы скрутак, даў кельнеру на чай.

- Тлушч не будзе праходзіць, шаноўны пане, - усё запакавана ў цэлафан і пакладзена ў нашу фірмовую «кардонку на пікнікі».

- Да пабачэння, - прамовіў Шрэла.

Нэтлінгер, крыху падняўшы галаву, адказаў:

- Да пабачэння.

- Вядома ж, - тлумачыў Ёхэн якраз у гэтай хвілі, - і потым вы ўбачыце шыльду: «Да рымскіх дзіцячых магілак»', там адчынена да восьмай і, калі робіцца цёмна, уключаецца асвятленне, шаноўная пані. Няма за што... дзякуй.

Ён, накульгваючы, выйшаў з-за бар'ера і падышоў да Шрэлы, якому служка ўжо быў адчыніў дзверы.

- Пане Шрэла, - сказаў ён, - я зраблю ўсё, каб даведацца, дзе можна знайсці пана доктара Фэмеля; сёе-тое я ўжо высветліў у Кронэравай кавярні; а сёмай там адбудзецца сямейная ўрачыстасць у гонар старога пана Фэмеля; там вы яго напэўна ўбачыце.

- Дзякуй, - адказаў Шрэла, - вялікі дзякуй.

Ён ведаў, што даваць на чай тут было б не да месца; усміхнуўшыся старому, ён выйшаў праз дзверы; яны крутануліся і неўзабаве сталі на месца, у абабітыя лямцам пазы.

 

8

 

Аўтабан па ўсёй яго шырыні быў перагароджаны цяжкімі шчытамі; мост, які некалі злучаў у гэтым месцы абодва берагі ракі, быў разбураны: раўнютка адсечаны выбухам ад прычалкаў, іржавыя, разбэрсаныя на канцах кавалкі тросаў звісалі з пілонаў; шыльды трохметровай вышыні абвяшчалі тое, што хавалася за імі, - «СМЕРЦЬ»; скрыжаваныя косткі, у дзесяць разоў пагрозліва павялічаны чэрап, намаляваныя асляпляльна белай фарбай на густа-чорным фоне, перасцерагалі навочна тых, каму надпісу было замала.

На гэтай мёртвай дарозе руплівыя вучні аўташкол вучыліся пераключаць хуткасці, прывыкалі да імклівай язды, мучылі каробку перадач, даючы задні ход, рабілі павароты ўлева і ўправа, прывыкаючы да гэтых паваротаў; па тым насыпе, што цягнуўся ўздоўж пляцовак для гольфу паміж невялікімі гародчыкамі, шпацыравалі таксама добра ўбраныя жанчыны і мужчыны, выраз твараў якіх сведчыў, што працоўны дзень скончыўся; яны ішлі наўпрост да берага, да пагрозлівых шыльдаў, за якімі хаваліся і, здавалася, пасміхаліся са смерці сціплыя баракі будаўнікоў; з-за слова «СМЕРЦЬ» цягнуўся ўвысь сіні дым ад пячурак, на якіх начныя вартаўнікі падагравалі стравы ў рандэлках з вушкамі, падсмажвалі хлеб; ад жару гэтых пячурак яны скручанымі паперкамі прыпальвалі свае піпкі. Нязграбна-шыкоўныя сходы ацалелі, не былі разбураныя, і цяпер, цёплымі летнімі вечарамі, іх выкарыстоўвалі пад сядзенне стомленыя падарожнікі; з дваццаціметровай вышыні яны маглі адсюль назіраць за тым, як ідуць работы: нырцы ў жоўтых камбінезонах павольна апускаліся ў ваду, падводзілі петлі кранавых тросаў да бетонных і жалезных абломкаў моста, і краны выцягвалі на паверхню сваю здабычу, з якой абцякала вада, грузілі гэтую здабычу на баржы. На высокіх рыштаваннях і хісткіх памостах, высока каля пілонаў у «бацяновых гнёздах» рабочыя зварвалі блакітнымі бліскавіцамі зварачных апаратаў трэснутыя сталёвыя бэлькі, пагнутыя ніты, разразалі разбэрсаныя кавалкі тросаў; слупы-быкі з іх бакавымі апорамі стаялі ў паўнаводнай рацэ, нібы пустыя вароты, утваралі рамку пад гектар блакітнай пустэчы; сірэны падавалі сігнал: «Рэчышча свабоднае», «Рэчышча занятае»; чырвоныя, зялёныя агні; ланцугі баржаў везлі вугаль і драўніну адсюль туды і адтуль сюды.

Зялёная рака, весялосць, пакатыя берагі, парослыя лазою, блакітныя бліскавіцы каля зварачных апаратаў; натрэніраваныя мужчыны, натрэніраваныя жанчыны з сур'ёзнымі тварамі, паклаўшы на плечы гольфавыя кіі, хадзілі па бездакорным мурагу ўслед за мячыкамі - васемнаццаць ямак; з гародчыкаў падымаўся дым; лісцё бабоўніку, гарозу, старыя слупкі плота ператвараліся ў дым, на небе ён маляваў вясёлыя завіткі, што былі падобныя да эльфаў у мадэрнавым стылі, па-барокаваму скручваліся, а потым у надвячоркавым небе рваліся, робячыся знявечанымі фігурамі - пакуль верхавы вецер не раздзіраў іх на шматкі і не зганяў іх да самага далягляду; дзеці, што гойсалі на самакатах, перакульваліся на пасыпаных грубым жвірам паркавых сцежках, разбівалі сабе да крыві локці ды каленкі і паказвалі напалоханым матулям свае драпіны і раны, прымушаючы матуляў даваць абяцанні купіць ліманаду, купіць марожанага; парачкі закаханых, што трымаліся за рукі, цягнула да набярэжных хмызоў, дзе даўно ўжо зніклі сляды паводкі: чараціны, коркі, бутэлькі і гуталінавыя бляшанкі; шкіперы сыходзілі па хісткіх трапах на бераг, у жанчын у руках былі гаспадарчыя торбы, а ў вачах - упэўненасць; бялізна лапатала над вышараванымі баржамі ад вячэрняга вятрыскі; зялёныя нагавіцы, чырвоныя блузкі, асляпляльна-белыя прасцірадлы па-над густою чарнатой свежай смалы, што блішчала, нібы японскі лак; кавалкі моста раз-пораз вынырвалі з вады, пакрытыя глеем і багавіннем; за ўсім гэтым была відаць шэрая зграбная постаць Святога Севярына, а ў кавярні «Бэльвю» стомленая кельнерка, вымавіўшы: «Пірожных з крэмам болей няма», - абцерла пот з грубаватага твару і пачала мацаць у скураной сумцы, шукаючы дробных грошай.

- ...Ёсць толькі яшчэ пясочныя... не, марожанага таксама болей няма.

Ёзэф выставіў далонь па дробныя грошы, засунуў манеткі ў кішэню штаноў, а купюру - у верхнюю кішэню кашулі; потым ён павярнуўся да Марыяны і расстаўленымі пальцамі правёў па яе цёмных валасах, каб скінуць з іх рэшткі чарацінак, пасля гэтага абтрос пясок з яе зялёнага швэдара.

- Ты ж гэтак радаваўся сённяшняй урачыстасці, - сказала яна, - што такое здарылася?

- Нічога не здарылася, - адказаў ён.

- Я ж адчуваю: штосьці змянілася!

- Змянілася.

- І ты не хочаш мне пра гэта сказаць?

- Пазней скажу, - адказаў ён, - можа, праз колькі год, а можа, і неўзабаве. Hе ведаю.

- Ці гэта мае дачыненне да нас абаіх?

- Hе.

- Сапраўды не?

- Hе.

- Да цябе аднаго?

- Ага.

- Значыць, да нас абаіх.

Ёзэф усміхнуўся:

- Натуральна, раз я маю дачыненне да цябе.

- Нешта дрэннае?

- Ага.

- Гэта неяк звязана з тваёй працай?

- Звязана. Дай мне твой грэбень, але не круці галавою; маленькіх пясчынак рукамі я не павымаю.

Марыяна выцягнула грэбень з сумачкі і падала яго Ёзэфу цераз плячо; ён на хвілю затрымаў яе руку.

- Я ж заўсёды глядзела, як ты вечарамі, калі рабочых ужо не было, хадзіў уздоўж высокіх штабеляў навюткай цэглы, абмацваў яе, толькі дакранаўся да цаглін... а ўчора і пазаўчора, бачыла, ты не рабіў гэтага; я ж ведаю твае рукі; і сёння ўранні ты гэтак рана ад'ехаў.

- Я купляў падарунак дзядулю.

- Ты паехаў не дзеля падарунка; дзе ты быў?

- У горадзе, - сказаў ён, - рама пад фота ўсё яшчэ не была гатовая; і я мусіў чакаць; ты ж памятаеш гэты здымак, дзе маці трымае мяне за руку, на другой руцэ сядзіць Рут, а дзядуля стаіць за намі? Я папрасіў яго павялічыць і ведаю, што дзядуля вельмі ўсцешыцца.

 

А потым я пайшоў на Модэстгасэ і дачакаўся, калі бацька - высокі і выпрастаны - выйшаў з канторы, і я пайшоў услед за ім да самага гатэля; паўгадзіны я прастаяў каля гатэля, але ён так і не выйшаў; а заходзіць і пытацца пра яго мне не хацелася; я хацеў адно бачыць яго - і ўбачыў: элегантнага пана ў росквітным узросце.

Ён адпусціў Марыяну, схаваў грэбень сабе ў кішэнь, паклаў рукі дзяўчыне на плечы і сказаў:

- Калі ласка, не абарочвайся; гэтак мне зручней гаварыць.

- Зручней маніць?

- Магчыма, - адказаў ён, - ды лепш сказаць: замоўчваць.

Над яе вухам і цераз тэрасу кавярні ён мог бачыць сярэдзіну ракі, і ён зайздросціў рабочаму, які амаль на шасцідзесяціметровай вышыні вісеў у жалезным кашы каля пілона і крэсліў зваркаю ў небе блакітныя бліскавіцы; скавыталі сірэны; унізе каля кавярні ўздоўж адхону хадзіў марожаншчык, выкрыкваючы: «Марожанае! Марожанае!», а потым змаўкаў, накладваючы порцыі ў крохкія вафлі; за ракою была відна шэрая постаць Святога Севярына.

- Гэта мусіць быць нешта вельмі дрэннае, - сказала Марыяна.

- Напэўна, - пацвердзіў ён, - гэта досыць дрэнна, a можа, і не - яшчэ не ведаю.

- Нейкія ўнутраныя ці знешнія акалічнасці?

- Унутраныя, - адказаў ён. - Ва ўсякім разе я сёння апоўдні паведаміў Клубрынгеру, што адмаўляюся ад працы ў яго; не абарочвайся, інакш не скажу больш ніводнага слова.

Ён зняў далоні з Марыяніных плеч, абшчапіў рукамі галаву дзяўчыны і павярнуў яе ў бок моста.

- А што скажа твой дзядуля, калі даведаецца пра тваю адмову? Ён гэтак ганарыўся табою, кожная Клубрынгерава пахвала была яму нібы мёд да вуснаў; і ён так прывязаны да абацтва; нельга яму сёння казаць пра гэта.

- Мабыць, яму скажуць, перш чым мы ўбачымся з ім; ты ж ведаеш, што яны з бацькам паедуць у абацтва піць каву перад урачыстай вечарынаю.

- Ведаю, - сказала яна.

- Мне шкада дзядулю; ты ведаеш, як я яго люблю; сёння пасля поўдня ён абавязкова пабывае там пасля таго, як наведае бабулю; а пакуль што я не магу болей бачыць цэглу і нюхаць муравальны раствор.

- Пакуль што?

- Ага.

- А што скажа твой бацька?

- О, - сказаў ён хутка, - яму будзе прыкравата толькі перад дзядулем; ён ніколі не цікавіўся стваральным бокам архітэктуры, а толькі формуламі; стой, не абарочвайся.

- Значыць, гэта мае дачыненне да твайго бацькі - я адчуваю гэта; з вялікай цікаўнасцю чакаю, калі нарэшце ўбачу яго; па тэлефоне я з ім колькі разоў ужо размаўляла; гледзячы па ўсім, ён мне спадабаецца.

- Ён табе спадабаецца. І ты ўбачыш яго не пазней як сёння ўвечары.

- Мне таксама трэба ісці з табою на вечарыну?

- Абавязкова. Ты сабе не ўяўляеш, як узрадуецца дзядуля: ён жа недвухсэнсоўна запрасіў цябе.

Яна паспрабавала вызваліць галаву, але ён засмяяўся, ухапіўся за яе скроні яшчэ мацней і сказаў:

- Hе варушыся. Гэтак мне куды зручней размаўляць з табою.

- І маніць.

- Замоўчваць, - сказаў ён.

- Ты любіш свайго бацьку?

- Люблю. Асабліва з той хвілі, калі даведаўся, які ён яшчэ малады.

- Ты не ведаў, колькі яму гадоў?

- Hе ведаў. Я думаў, што яму пяцьдзесят, можа, нават пяцьдзесят пяць - смешна, але я ніколі не цікавіўся, колькі яму дакладна, я папросту спужаўся, калі пазаўчора атрымаў сваю метрыку і прачытаў у ёй, што бацьку толькі сорак тры гады; малады, праўда?

- Праўда, - адказала яна. - А табе дваццаць два.

- Ага. І амаль да двух гадоў маё прозвішча было не Фэмель, а Шрэла; дзіўнаватае прозвішча, ты згодна?

- І праз гэта ты злуеш на яго?

- Я не злую на яго.

- І якое такое ліха ён зрабіў, што ў цябе зусім прапала ахвота будаваць?

- Я не разумею, пра што ты...

- Ну, добра... але чаму ён ніколі не наведваў цябе ў абацтве?

- Відавочна, яго зусім не цікавяць будаўнічыя пляцоўкі, і, магчыма, у маленстве яны зачаста ездзілі ў абацтва; можа, ён крыху дзікаваты; часам, калі я знянацку заяўляюся дадому, ён сядзіць у гасцёўні пры пісьмовым стале і крэмзае формулы на палях рысункаў-фотакопій - у яго іх цэлая калекцыя, - але, думаю, бацька табе спадабаецца.

- Ты мне ніколі не паказваў ягонае фота.

- У мяне няма ніводнага новага; у яго вопратцы і паводзінах ёсць нешта такое кранальна-старасвецкае, ён такі ветлівы, гжэчны - куды болей старасвецкі, чым дзядуля!

- Мне так карціць убачыць яго. Можна, я цяпер павярнуся?

- Можна.

Ён адпусціў яе галаву, паспрабаваў усміхнуцца, калі Марыяна раптоўна павярнулася, але позірк яе круглых светла-шэрых вачэй патушыў яго вымушаную ўсмешку.

- Чаму ты не кажаш мне пра гэта?

- Бо сам таго яшчэ не разумею. Як зразумею - дык раскажу табе; але гэта можа цягнуцца доўга; што, паедзем?

- Паедзем, - адказала яна. - Твой дзядуля неўзабаве будзе на месцы, не трэба прымушаць яго чакаць; калі яму раскажуць пра ўсё, перш чым вы сустрэнецеся, яму будзе прыкра; і, калі ласка, паабяцай мне, што ты зноў не памчыш на гэты жахлівы шчыт, каб у апошняй хвілі затармазіць.

- Толькі што, - сказаў ён, - я ўявіў сабе, нібыта пералятаю цераз бар'ер, змятаю з дарогі баракі і з насыпу, як з трампліна, скачу разам з машынай у ваду...

- Значыць, ты мяне не кахаеш.

- Ах, Божа мой, - сказаў ён, - гэта ўсяго толькі гульня.

Ён пацягнуў Марыяну за сабою. Яны пайшлі ўніз па сходах, што вялі да рачнога берага.

- Мне сапраўды вельмі прыкра, - сказаў Ёзэф, - што дзядуля мусіць даведацца пра гэта акурат у той дзень, калі яму споўнілася восемдзесят.

- А ты не можаш як-небудзь засцерагчы яго ад гэтага?

- Ад самога факта - не, але ад паведамлення можна, калі яму не раскажуць раней.

Ёзэф адчыніў дзверцы машыны, сеў за руль, адчыніў Марыяне другія дзверцы знутры; і калі яна села побач, ён абняў яе рукою.

- Цяпер паслухай, - сказаў ён, - гэта ж зусім проста: дыстанцыя - роўна чатыры з паловаю кіламетры; мне трэба трыста метраў, каб разагнацца да ста дваццаці на гадзіну, a на тое, каб затармазіць - яшчэ трыста метраў, прытым я лічу з вялікім запасам; значыць, усяго каля чатырох кіламетраў; ты павінна толькі глядзець на гадзіннік і сказаць мне, калі пройдуць дзве хвіліны, каб я пачаў тармазіць. Hе разумееш? Я б хацеў проста даведацца, колькі можна выціснуць з гэтае калымагі.

- Гэта - жахлівая гульня, - сказала яна.

- Калі б я здолеў набраць сто восемдзесят, мне было б трэба толькі дваццаць секунд, тады б і тармазны шлях быў даўжэйшы.

- Калі ласка, не рабі гэтага.

- Ты баішся?

- Баюся.

- Добра, тады я не буду. Ці можна мне разагнацца хоць бы да васьмідзесяці?

- Няхай так, раз табе ўжо хочацца гэтага.

- Можаш нават не глядзець на гадзіннік; я магу ехаць «на вока», а потым вымераю адлегласць, на якой я тармазіў, разумееш? Хачу проста ведаць, ці не дураць нам галаву з гэтымі спідометрамі.

Ён завёў матор, праехаў паволі вузкімі вулачкамі маляўнічай адпачынкавай зоны, праімчаўся паўз агароджу пляцоўкі для гольфа і спыніўся каля выезду на аўтабан.

- Паслухай, - сказаў ён, - едучы восемдзесят на гадзіну, мне спатрэбіцца роўна тры хвіліны; гэта сапраўды зусім бяспечна; калі табе боязна, можаш тут вылезці і чакаць мяне.

- Hе, аднаго цябе я не пушчу.

- Гэта ж апошні раз, - пачаў ён тлумачыць. - Мажліва, заўтра мяне тут ужо не будзе, а дзе-небудзь у іншым месцы такую магчымасць наўрад ці атрымаеш.

- Але ж лепш паспрабаваць рабіць гэта на звычайнай шашы.

- Hе. Мне ўласна карціць затармазіць перад самым шчытом.

Ён пацалаваў Марыяну ў шчаку.

- Ведаеш, што я зраблю?

- Hе.

- Я паеду сорак кіламетраў на гадзіну.

Яна ўсміхнулася, калі Ёзэф рушыў, але ўсё-такі паглядзела на спідометр.

- Глядзі, - сказаў ён, калі машына праехала каля кіламетровага слупка з лічбаю «5», - цяпер глядзі на гадзіннік і падлічы, колькі часу нам будзе трэба да слупка «9»; я еду дакладна сорак.

 

Нібы засаўкі агромністых брамаў, далёка наперадзе перад яе вачыма паяўляліся шчыты; спачатку яны былі падобныя да бар'ераў, потым рабіліся большыя і большыя з няўмольнай няспыннасцю; тое, што здалёк нагадвала чорнага павука, аказалася скрыжаванымі косткамі; а тое, што было нібы нейкі дзіўны гузік, ператварылася ў чэрап, павялічвалася, як павялічвалася, набліжаючыся да яе, і ўжо, здавалася, амаль дакраналася да радыятара вялізная літара «е» ў слове «смерць»; гэтая літара выглядала нібы разяўлены рот, які хацеў выкрыкнуць нешта страшнае; стрэлка спідометра дрыжала паміж лічбамі «90» і «100»; у вокнах машыны прамільгвалі дзеці на самакатах, мужчыны і жанчыны, на тварах якіх ужо не было выразу «пасля працоўнага дня»; яны асцерагальна махалі рукамі, яны рэзка крычалі, і тыя крыкі нагадвалі крыкі чорных птахаў-вестуноў смерці.

- Слухай, - сказала ціха Марыяна, - ты яшчэ тут?

- Вядома ж; і дакладна ведаю, дзе я, - адказаў ён, углядаючыся ў літару «е» ў слове «смерць», - не хвалюйся.

 

Перад самым канцом працоўнага дня майстар з прадпрыемства, што займаецца разбіраннем руін, павёў яго ў рэфекторый; там у куце на транспарцёр загружаўся, а з транспарцёра на грузавікі выгружаўся друз; ад вільгаці, якой ён увесь набрыняў, з рэшткаў цэглы, бетону і гразі невядомага паходжання ўтварыліся лепкія груды; вільгаць плямамі павыступала на сценах; гэтыя плямы, спачатку цёмныя, потым святлейшыя, павялічваліся па меры таго, як меншала гара друзу; з-пад плямаў прабівалася нешта чырвонае, блакітнае і залатое - сляды фрэсак, якія, як падалося майстру, былі каштоўнымі: сцэна таемнай вячэры, пакрытая цвіллю; залаты келіх, белая аблатка, твар Хрыста; светлая скура і цёмная барада, каштанавыя валасы апостала Іаана; «зірніце, пане Фэмель, сюды; гэта цёмная скура Юдавага скуранога кашалька»; майстар, узяўшы ў руку сухую анучу, беражліва ачысціў частку роспісу ад цвілі; паркалёвы абрус, дванаццаць апосталаў; цяпер можна было добра разгледзець іх ногі, берагі абруса, падлогу залы таемнай вячэры, выкладзеную плітамі; ён, усміхнуўшыся, паклаў майстру руку на плячо і сказаў:

- Добра, што Вы мяне паклікалі; вядома ж, фрэску трэба захаваць; трэба ачысціць і прасушыць яе, пакуль яна яшчэ больш-менш цэлая.

І ён ужо хацеў быў ісці; на стале стаялі гарбата, хлеб, масла і селядцы; як звычайна, у пятніцу пасля працы была рыба; Марыяна ўжо выехала са Штэлінгерс-Гротэ, каб выправіцца разам з ім на шпацыр - і тут ён убачыў, перш чым паспеў адвярнуцца, у ніжняй частцы роспісу, справа, літары «XYZX»; ён сотні разоў бачыў тыя бацькавы «X», «Y» і «Z», калі бацька дапамагаў яму рабіць хатнія заданні па матэматыцы; і цяпер яны зноў былі ў яго перад вачыма - над прабоінай ад выбуху ў падвальнай столі паміж нагою святога Іаана і нагою святога Пятра; калоны рэфекторныя былі разбітыя на часткі, скляпенне разбуранае; застаўся толькі кавалак сцяны з «Таемнай вячэрай» ды літары «XYZX».

- Што здарылася, пане Фэмель? - спытаў майстар і паклаў руку яму на плячо. - Вы ж зусім спалатнелі... а можа, гэта ад Вашага кахання?

- Толькі ад кахання, - адказаў ён, - толькі ад яго. Вам няма чаго турбавацца, і вялікі дзякуй за тое, што мяне паклікалі.

Ужо нясмачныя былі яму і гарбата, і хлеб, і масла, і селядцы; пятніца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкі абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пілігрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якія б маглі мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкі; але ён знайшоў толькі адну, адну-адзіную маленькую літару «ікс» у піўніцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якім іншым бацькаў почырк - таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлівасць бацькавых рухаў тады, калі ён наліваў віно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькі «ікс»; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлікаў.

 

- Прашу, прашу цябе, - вымавіла Марыяна, - апамятайся!

- Я ўжо апамятаўся, - адказаў ён, адпусціў педаль газу, паставіў левую нагу на педаль счаплення, а правай націснуў на тормаз; скрыгочучы, віхляючы ў абодва бакі, машына падсунулася да самай літары «е» ў слове «смерць», падняўшы пыл, тармазы завіскаталі, да машыны, размахваючы рукамі, беглі спалоханыя пешаходы; паміж словам «смерць» і скрыжаванымі косткамі паявіўся стомлены начны вартаўнік з кацялком кавы ў руках.

- О Божа! - сказала Марыяна. - Навошта было мяне так палохаць?

- Даруй, - сказаў ён ціха, - прашу цябе, даруй; мяне нешта панесла.

Ён хутка развярнуўся і паехаў назад, перш чым натоўп пешаходаў паспеў абступіць машыну; чатыры кіламетры ён, абняўшы адною рукой Марыяну, павольна ехаў паўз пляцоўкі для гольфу, на якіх трэніраваныя жанчыны, трэніраваныя мужчыны імкнуліся дабрацца да шаснаццатай, семнаццатай, васемнаццатай ямкі.

- Даруй, - сказаў я, - я праўда - больш такога рабіць не буду.

Ён звярнуў з аўтабана і паехаў паўз маляўнічыя палі, паўз ціхія лясныя ўскрайкі.

«XYZ» - гэта былі тыя самыя літары, якія ён бачыў на фотакопіях эскізаў велічынёю з дзве паштоўкі: вечарамі бацька ператасоўваў іх, ныбі карты для гульні; дом для выдаўца на ўскраіне лесу - «XxX»; разбудова гмаху таварыства «Сас'етас» - «YxY»; дом для настаўніка на беразе ракі - адзін «Y»; тыя самыя літары паміж нагою святога Іаана і нагою святога Пятра.

Ён павольна ехаў сярод палеткаў, на якіх круглявыя буракі выглядалі ўжо з-пад буйнага зялёнага лісця; іржышчы, паплавы, за якімі быў ужо відзён узгорак Казакен.

- Чаму ты не хочаш мне пра ўсё расказаць? - спыталася Марыяна.

- Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажліва, гэта проста паскудны сон; мажліва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, і ніколі не здолею.

- Але быць архітэктарам ты ўжо не хочаш?

- Не, - адказаў ён.

- І з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?

- Мажліва, - адказаў ён.

- Я заўсёды ненавідзела людзей, якія не ведаюць, што такое грошы, - сказала Марыяна, - якія з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напісана «СМЕРЦЬ», якія ні за што ні пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлі прайсціся і заслужылі адпачынак пасля працоўнага дня.

- У мяне была прычына імчацца проста на шчыты.

Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спыніўся: машына стала пад разлапістымі галінамі хвоі.

- Навошта ты тут спыніўся? - спытала яна.

- Хадзем, пройдземся трошкі, - адказаў ён.

- Пазнавата ўжо, - запярэчыла яна, - твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягніком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую.

Ёзэф вылез з машыны, прайшоў некалькі крокаў угару і, прыклаўшы руку да лба, зірнуў у бок Дэнклінгена.

- Напраўду, - сказаў ён, - бачу, як цягнік выходзіць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што і ў гады майго маленства: і прыбывае таксама, як і тады. Хадзем, чвэрць гадзіны яны, напэўна, пачакаюць.

Ён вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезці, пацягнуў яе за сабою ўгору - пясчанаю дарогай; на палянцы яны селі; Ёзэф паказаў у бок раўніны, яго палец рухаўся разам з цягніком, які тым часам імчаў цераз бурачныя палеткі паміж іржышчаў і лугоў у напрамку Кіслінгена.

- Ты нават не можаш сабе ўявіць, - сказаў ён, - як добра я ведаю гэтыя вёскі; як часта мы прыязджалі менавіта гэтым цягніком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылі ў Штэлінгене альбо ў Гёрлінгене, а ў Кіслінгене я хадзіў у школу; вечарамі мы беглі да цягніка, на якім з горада прыязджаў дзядуля - бачыш, вунь з таго цягніка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклінгена; дзіўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама і з намі жыла бабуля, нам давалі есці менш, чым знаёмым дзецям, і мне ніколі не дазвалялі насіць добрага адзення, а толькі перашытае са старога - і мы мусілі быць сведкамі таго, як яна налева і направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла і мёд з кляштара і з маёнткаў; мы ж мусілі есці штучны мёд.

- І ў цябе не было нянавісці да яе, тваёй бабулі?

- Hе, і я сам не ведаю, чаму я не стаў ненавідзець яе за гэтыя бессэнсоўныя дзівацтвы; можа, таму, што дзядуля забіраў нас у свой кабінет і крадком даваў усялякія ласункі; а яшчэ ён нас вадзіў у кавярню Кронэра і напіхваў нас усім; ён заўсёды казаў: «Toе, што робяць вашыя мама і бабуля, - гэта вялікая, вельмі вялікая рэч... але я не ведаю, ці вы ўжо досыць вялікія для гэткай вялікасці».

- Ён сапраўды казаў гэта?

- Казаў, - рассмяяўся Ёзэф. - Калі мама памерла, a бабулю забралі, мы засталіся з дзядулем адны, і нам хапала ежы; апошнія гады вайны мы амаль заўсёды былі ў Штэлінгене; я чуў, як аднаго разу ўначы было падарвана абацтва; мы сядзелі ў кухні ў Штэлінгене, а суседзі-сяляне пракліналі нямецкага генерала, які даў загад падарваць; яны мармыталі самі сабе: «навошта-навошта-навошта?» Праз пару дзён да нас завітаў бацька; ён прыехаў у амерыканскай машыне, і яго суправаджаў амерыканскі афіцэр; яму дазволілі пабыць у нас тры гадзіны; ён прывёз з сабою шакалад, але мы баяліся гэтай ліпкай цёмна-карычневай рэчы, якой яшчэ ніколі ў жыцці не елі; мы пачалі есці яе толькі пасля таго, як фраў Клошграбэ, жонка кіраўніка маёнтка, адкусіла кавалачак; бацька прывёз фраў Клошграбэ каву, і яна сказала яму: «Hе турбуйцеся, пане доктар; мы даглядаем Вашых дзяцей, як сваіх», - і яшчэ яна сказала: «Хіба гэта не ганьба, што яны перад самым канцом падарвалі абацтва?»; а яе муж адказаў: «Напраўду, гэта ганьба, але, можа, на тое была Божая воля», а фраў Клошграбэ заўважыла: «Ёсць і такія, што выконваюць волю д'ябла», - бацька засмяяўся, і амерыканскі афіцэр засмяяўся таксама; бацька быў з намі ласкавы, і, калі ён мусіў развітвацца з намі, я першы раз бачыў, як ён плача; я ніколі не думаў, што ён умее плакаць; ён заўсёды быў ціхманы і не выказваў ніякіх пачуццяў - нават калі ён мусіў вяртацца з адпачынку і мы праводзілі яго на вакзал, ён ніколі не плакаў; усе плакалі: мама, бабуля, дзядуля і мы, а ён - не. Вунь, - сказаў ён, паказваючы на дым ад паравоза, што вісеў у паветры, нібы сцяг, - яны толькі што прыбылі ў Кіслінген.

- Зараз дзядуля пойдзе ў кляштар і даведаецца пра тое, што ты яму павінен быў бы сказаць сам.

 

Я сцёр напісаныя крэйдаю літары паміж нагою святога Іаана і нагою святога Пятра, маленькі «ікс» у падвале прытулку пілігрымаў; ён іх ніколі не знойдзе, не ўбачыць і нічога не даведаецца ад мяне.

- Тры дні, - сказаў ён, - фронт праходзіў паміж Дэнклінгенам і горадам, і мы з фраў Клошграбэ вечарамі маліліся за дзядулю; потым ён прыехаў увечары з горада, быў бледны і сумны - такі, якім я яго ніколі да тае пары не бачыў; ён хадзіў разам з намі паміж руінаў абацтва, мармычучы ўвесь час тое, што мармыталі сяляне, што бабуля ўвесь час мармытала ў бамбасховішчы: «Навошта-навошта, навошта?»

- Напэўна, ён быў шчаслівы ад таго, што ты дапамагаеш пры адбудове абацтва?

- Што ж, - сказаў Ёзэф, - але цяпер я мушу пазбавіць яго гэтага шчасця; не пытайся - чаму, але мушу.

Ён пацалаваў Марыяну, зачасаў ёй валасы за вуха і, растапырыўшы пальцы, пачаў вычэсваць з іх хваёвую ігліцу і пясчынкі.

- Бацька хутка вярнуўся з палону і забраў нас у горад, хоць дзядуля быў супраць гэтага і казаў, што для нас было б лепей, каб мы гадаваліся не сярод адных руін; але бацька сказаў: «Я не магу жыць на сяле і хачу, каб дзеці былі са мною, бо іх жа зусім не ведаю». Мы яго таксама не ведалі і спачатку пабойваліся, дый адчувалі, што і дзядуля яго таксама пабойваўся. У той час мы ўсе жылі ў бацькавым кабінеце, бо наш дом быў непрыдатны, каб у ім жыць; а на сцяне ў кабінеце вісеў вялізны план горада; усё, што разбурана, было заштрыхавана чорным; робячы ўрокі за дзядулевым рысавальным сталом, мы часта прыслухоўваліся да размоў бацькі і дзядулі, іншых людзей - як яны збіраліся разам каля карты. Часта ўсе голасна спрачаліся, бо мой бацька заўсёды казаў: «Усё гэта - прэч... узарваць!» і пісаў «ікс» каля чарговай чорнай плямы, а іншыя ўсё гаварылі: «Напрамілы божа, мы ж не можам гэтага рабіць»; тады бацька казаў: «Зрабіце гэта раней, чым людзі вернуцца ў горад... Цяпер ніхто тут не жыве, і вам няма чаго лішне забіваць сабе галаву: змяціце ўсё гэта з паверхні зямлі...» А яны зноў: «Гэта ж рэшткі аконнага проймішча з шаснаццатага стагоддзя, а там вунь частка капліцы з дванаццатага»; бацька кідаў грыфель і казаў: «Добра, рабіце як хочаце, але, паверце, вы яшчэ пашкадуеце... рабіце як хочаце, толькі без мяне». А яны казалі: «Ну што Вы, шаноўны пане доктар, Вы ж у нас самы лепшы спецыяліст па выбухах, Вы не можаце адмовіцца дапамагчы нам»; на што бацька адказваў: «Але ж адмоўлюся, калі мне давядзецца азірацца на кожную курасадню часоў Рыма; для мяне сцены - гэта ўсяго толькі сцены, і паверце мне, што сярод іх бываюць толькі дрэнныя і добрыя; да д'ябла гэтую дрэнь! Падарвіце ўсё і ўбачыце, колькі будзе вольнага месца». Калі яны пайшлі, дзядуля, пасмейваючыся, сказаў: «Божа мой, ты ж павінен зразумець іх пачуцці», а бацька таксама засмяяўся: «Я разумею іх пачуцці, але не паважаю»; а пасля ён сказаў нам: «Хадзем, дзеці, купім шакаладу». І ён выправіўся з намі на чорны кірмаш, купіў сабе цыгарэт, а нам - шакаладу, і мы праціскаліся з ім у цёмныя, напалову разбураныя пад'езды дамоў, падымаліся па сходах, бо яму хацелася яшчэ купіць цыгарэт дзядулю; ён заўсёды купляў і ніколі нічога не прадаваў; калі мы атрымлівалі хлеб альбо масла з Штэлінгена ці з Гёрлінгена, ён прымушаў нас забіраць ягоную частку ў школу, і мы маглі самі вызначаць, каму ахвяраваць яе; і аднаго разу мы купілі на чорным кірмашы масла, якое перад гэтым падарылі; у скрутку была яшчэ цыдулка, напісаная фраў Клошграбэ: «На гэтым тыдні, на жаль, толькі адзін кілаграм». Але бацька адно смяяўся і казаў: «Ну, што ж, людзям таксама патрэбны грошы на цыгарэты». Неяк да нас ізноў прыйшоў бургамістр, і бацька паведаміў яму: «У руінах кляштара францысканцаў я знайшоў бруд з-пад пазногцяў, што паходзіць з чатырнаццатага стагоддзя; не смейцеся; гэта даведзена: чатырнаццатае стагоддзе, бо ён перамяшаны з валаскамі ваўнянага прадзіва, якое, як дакладна вядома, выраблялася ў нашым горадзе толькі ў чатырнаццатым стагоддзі; гэта надзвычай рэдкае адкрыццё ў галіне гісторыі культуры, пане бургамістр»; той адказаў: «Гэта ўжо занадта, пане Фэмель», а бацька запэўніў яго: «О, будзе яшчэ больш занадта, пане бургамістр». Рут засмяялася: яна якраз сядзела побач і пісала, робячы кляксы, хатняе заданне ў сшытак па арыфметыцы; яна гучна засмяялася, а ён падышоў к дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і сказаў: «Твая праўда; гэта ўсё смеху варта, маё дзіця»; мне зрабілася зайздросна, бо мяне бацька ў лоб яшчэ ніколі не цалаваў; мы любілі яго, Марыяна, але ўсё яшчэ крыху пабойваліся, калі, стоячы перад планам горада з крэйдай у руцэ, ён паўтараў: «усё - прэч... узарваць...» Бацька быў вельмі патрабавальны што да маёй вучобы; ён заўсёды казаў мне: «Ёсць толькі дзве мажлівасці: альбо не ведаць нічога, альбо ведаць усё; твая маці не ведала нічога; здаецца, што яна не скончыла нават пачатковай школы, а ўсё ж я не ажаніўся б з ніякай іншай жанчынаю; таму - вырашай». Мы любілі яго, Марыяна, і калі я цяпер думаю, што яму тады было толькі крыху больш за трыццаць, дык не магу ў гэта паверыць, бо ён заўжды здаваўся мне нашмат старэйшым, хоць з выгляду гэткі ён не быў; часам ён бываў нават вясёлы, цяпер такога з ім не здараецца; калі мы раніцай вылазілі са сваіх ложкаў, ён ужо стаяў каля акна, голячыся, і крычаў нам: «Вайне - канец, дзеці», хоць вайна скончылася ўжо чатыры ці пяць год перад тым.

- Нам трэба ўжо ісці, - сказала Марыяна, - нельга, каб яны так доўга чакалі нас.

- Хай сабе крыху пачакаюць, - адказаў ён. - Мне яшчэ трэба даведацца, што яны зрабілі з табою, авечка. Я ж пра цябе амаль нічога не ведаю.

- Авечка... - сказала яна, - скуль ты гэта ўзяў?

- Дык так, проста нешта прыйшло ў галаву, - адказаў ён. - Раскажы, што яны выраблялі з табою. Мяне заўсёды смяшыць твой додэрынгенскі акцэнт: ён табе зусім не пасуе; мне вядома толькі, што ты хадзіла там у школу, але нарадзілася ў іншым месцы; ведаю, што ты дапамагаеш фраў Клошграбэ пячы пірагі, гатаваць ежу і прасаваць бялізну.

Яна паклала Ёзэфаву галаву сабе на калені, заплюшчыла яму вочы і сказала:

- Са мною? Ты хочаш даведацца, што яны зрабілі са мною? Яны кідалі на мяне бомбы і не траплялі, хоць бомбы былі такія вялікія, а я - такая малая; людзі ў бамбасховішчы запіхвалі мне ў рот ласункі, а бомбы падалі і не траплялі ў мяне; я чула толькі, як яны рвуцца і як асколкі з шумам ляцяць праз ноч, нібы птушкі; нехта ў бамбасховішчы сказаў: «Дзікія гусі шумяць уначы». Мой бацька быў высокі, цёмнавалосы, зграбны; ён насіў карычневы мундзір з мноствам залатых нашывак і нешта накшталт бліскуча-срэбнага штылета на рамяні; ён стрэліў сабе ў рот; не ведаю, ці бачыў ты калі-небудзь чалавека, які стрэліў сабе ў рот? Hе, не бачыў? Тады дзякуй Богу, што ён уратаваў цябе ад гэткага відовішча. Бацька ляжаў на дыване, кроў сцякала на смірнаўскія ўзоры - гэта быў сапраўдны смірнаўскі дыван, мой дарагі; а мая маці была бялявая высокая жанчына ў сіняй уніформе, на галаве насіла шыкоўны капялюш; на рамяні ў яе не было штылета; і яшчэ ў мяне быў малы брат; ён быў нашмат меншы за мяне і светлавалосы; малы брат вісеў на дзвярах з пятлёю на шыі, матляючыся ўзад і ўперад, а я смяялася... і ўсё яшчэ смяялася, калі маці накінула мне зашмаргу на шыю, мармычучы сабе пад нос: «Ён даў такі загад», але раптам увайшоў нейкі чалавек без формы, без залатых нашывак і без штылета, толькі ў руцэ ў яго быў пісталет; ён нацэліў гэты пісталет у маці, а я заплакала, бо на шыі ў мяне была пятля і мне дужа хацелася пагуляць у тую гульню, у якую было дазволена гуляць майму малому брату - «ён даў такі загад»', але чалавек заціснуў мне рот, сцягнуў мяне ўніз па сходах, зняў з шыі пятлю, пасадзіў мяне на грузавік...

Ёзэф паспрабаваў быў ссунуць яе рукі са сваіх вачэй, але яна трымала моцна, а праз хвілю спыталася:

- Hе хочаш слухаць далей?

- Хачу, - адказаў ён.

- У такім разе хай вочы будуць закрытыя, і - дай мне цыгарэту.

- Тут, у лесе?

- Тут, у лесе.

- Вазьмі ў мяне ў кашулі, у кішэні.

Ён адчуў, як яна адшпіліла ў яго кашулі гузік на кішэні і, не адымаючы правай рукі ад яго вачэй, выцягнула запалкі і цыгарэты.

- Давай і табе прыкуру, тут, у лесе, - сказала яна. - Я мела тады якраз пяць гадкоў і была такім мілым дзіцёнкам, што людзі лашчылі мяне нават на грузавіку: запіхвалі мне ў рот ласункі, мылі мяне з мылам, калі машына спынялася; грузавік абстрэльвалі з гармат і кулямётаў, але ў нас не патрапілі; мы ехалі доўга... не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыдні; а калі мы спыніліся, чалавек, які не дазволіў мне згуляць у гульню «Ён даў такі загад», узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру і клаў побач на сена, на салому, часам - на ложак, кажучы: «Ану, скажы мне «тата»; я не ўмела казаць «тата»: да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася «папа»; але я навучылася казаць: «тата»; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, які не дазволіў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явіліся ложак, коўдра і маці, якая была строгая, але мяне любіла; і цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калі я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: «Паглядзіце, паглядзіце, хто да нас прыйшоў - несапсаваная і самая чыстая ў свеце паганачка»; а іншыя дзеці, з якіх ніхто не быў паганцам, пачалі смяяцца, пробашч тым часам дадаў: «Давайце раз-два - і зробім з нашай малой паганачкі, з нашай добрай авечкі хрысціянскае дзіця»; і яны зрабілі з мяне хрысціянскае дзіця. І авечка расла, жвавая і шчаслівая, гуляла ў карагоды і ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку і дужа любіла сваіх тату і маму; і надышоў дзень, калі ў школе было праліта трохі слёз, сказана колькі прамоваў, узгадана колькі разоў пра «этап у жыцці» і я пайшла вучыцца да краўчыхі, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзіцца з іголкай і ніткамі, ад маці навучылася прыбіраць у хаце, пячы пірагі, гатаваць стравы, а ўсе людзі ў вёсцы казалі: «Яна яшчэ выйдзе за прынца, не ніжэй...»; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмі вялікая і вельмі чорная машына; барадаты шафёр спыніў машыну на дзядзінцы і з кабіны спытаўся ў людзей: «Дзе тут жывуць Шміцы?» А людзі адказалі: «У нас тут многа Шміцаў, якія вам патрэбныя?» Мужчына сказаў: «Тыя, што ўзялі дзіця на выхаванне». Тады людзі сказалі: «А, гэта Эдуард і яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогі, за кузняй; перад іх хатаю расце самшыт». Мужчына сказаў: «Дзякуй»; машына паехала далей, і людзі рушылі за ёю ўслед, бо ад дзядзінца да Шміцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухні і ачышчала салату; я вельмі любіла гэты занятак, надрэзваць лісце, потым дрэннае выкідаць, а добрае класці ў рэшата, дзе яна была такая зялёная і чысцюткая; а мая маці якраз казала мне: «Hе засмучайся, Марыяна; то не іх віна; калі хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год - а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, - яны робяць гэткія рэчы; гэта - прырода, Марыяна, а з прыродаю справіцца нялёгка»; а я адказала: «Праз гэта я зусім не засмучаюся». «Тады праз што ўсё-ткі», - спыталася мая маці. Я сказала: «Я ўсё ўспамінаю свайго браціка - як ён вісеў на дзвярах, а я смяялася і не ведала, як гэта жахліва... а ён жа не быў нават хрышчоны». І не паспела мая маці адказаць на гэта, як дзверы адчыніліся - а мы не чулі, каб хто-небудзь пастукаў, - і я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насіла шыкоўны капялюш, толькі блакітнай уніформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, і сказала: «Ты, напэўна, і ёсць мая Марыяна... табе нічога не падказвае голас крыві?» На хвілю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лісцік салаты: «Hе, голас крыві мне нічога не падказвае». «Я - твая маці», - сказала яна. «Hе, - запярэчыла я, - мая маці - вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шміц»; памаўчаўшы нейкую хвілю, я дадала: «Ён даў такі загад, і Вы накінулі мне на шыю пятлю, шаноўная фраў». Я навучылася ў краўчыхі казаць гэткім жанчынам «шаноўная фраў».

Яна крычала і плакала, спрабавала абняць мяне, але я трымала нож перад сабою, вастрыём наперад; яна гаварыла нешта пра школу, пра ўніверсітэты, крычала і плакала, а я выбегла праз заднія дзверы ў сад, пабегла праз поле да айца пробашча і ўсё яму расказала. Ён сказаў мне: «Гэта - твая маці, а бацькоўскае права ёсць бацькоўскае права; пакуль ты не станеш паўналетняй, у яе застанецца права на цябе; гэта ўсё вельмі прыкра». А я адказала: «Хіба яна не страціла таго права, гуляючы ў гульню «ён даў такі загад»? - «Ты - увішнае дзяўчо, запомні гэты аргумент як след». Я яго запомніла і паўтарала яго заўсёды, калі яны пачыналі гаварыць пра «голас крыві»; я казала ўвесь час: «Я не чую голасу крыві, я проста не чую яго». Яны гаварылі: «Гэтага не можа быць, гэта ідзе насуперак прыродзе». «Праўда, - адказвала я, «ён даў такі загад» - гэта было насуперак прыродзе». Яны казалі: «Але ж тое было больш як дзесяць год таму, і цяпер яна раскайваецца ў гэтым»; а я пярэчыла ім: «Ёсць учынкі, якія нельга загладзіць раскайваннем». «Ты хочаш быць у сваім прысудзе суровейшай за Госпада Бога?» - пыталіся яны. «Hе, - адказвала я, - я не Бог, і таму не магу быць гэткаю міласэрнаю, як ён». Мяне пакінулі ў маіх бацькоў. Але аднаму я не магла ніяк перашкодзіць: мяне сталі зваць не Марыяна Шміц, а Марыяна Дростэ; я адчувала сябе, нібы чалавек, якому штосьці выразалі... Я ўсё яшчэ ўспамінаю, - працягвала яна, - свайго малога брата, якога змусілі гуляць у гульню «ён даў такі загад»... ты і надалей мяркуеш, што ёсць нешта горшае, такое дрэннае, што ты не наважваешся мне пра яго расказаць?

- Hе, не, - адказаў ён. - Марыяна Шміц, я раскажу табе пра ўсё.

Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсміхацца.

- Чагосьці такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабіць не змог бы, - сказала Марыяна.

- Hе, - адказаў Ёзэф, - то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткі досыць кепска.

- Хадзем, - сказала яна, - раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, і яны нас чакаюць; калі б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калі б у мяне быў такі, як у цябе, дзядуля, я рабіла б дзеля яго ўсё на свеце.

- А дзеля майго бацькі? - спытаўся ён.

- Я яшчэ не ведаю яго, - адказала яна. - Хадзем, і не круціся, скажы яму, як толькі надарыцца мажлівасць. Хадзем.

Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, і яны пайшлі да машыны.

 

9

 

Малады банкаўскі служка спачувальна паглядзеў на Шрэлу, калі той падсунуў да яго па мармуровым прылаўку пяць ангельскіх шылінгаў і трыццаць бельгійскіх франкаў.

- Гэта ўсё?

- Усё, - адказаў Шрэла.

Малады служка пачаў круціць ручку лічыльнай машынкі - у малой колькасці яе абаротаў ужо заключалася пагарда, - хутка напісаў дзве ці тры лічбы на бланку і падсунуў Шрэле пяцімаркавую купюру, чатыры манеты па дзесяць пфенігаў і тры пфенігавыя манеткі.

- Прашу, хто далей...

- А ў Блесэнфэльд, - ціха спытаў Шрэла, -...ці яшчэ ходзіць туды адзінаццаты, не падкажаце мне?

- Ці ходзіць туды адзінаццаты? Я ж не трамвайная даведачная, - адказаў малады служка, - і, апроч таго, я і праўда не ведаю.

- Дзякуй, - сказаў Шрэла, укінуў грошы ў кішэнь, саступіў месца каля акенца наступнаму кліенту - мужчыне, які паклаў на прылавак тоўсты пачак швейцарскіх франкаў; ён пачуў, ужо выходзячы, як лічыльная машынка з павагаю накручвала абароты адзін за адным.

«Ветлівасць - гэта самая дзейсная форма, у якую можна заключыць пагарду», - падумаў ён.

Вакзальная пачакальня. Лета. Сонца. Вясёлы настрой. Канец тыдня. Гатэльныя служкі пхаюць валізы да перона; маладая жанчына трымае высока падняты плакат «Тут збіраюцца тыя, хто ад'язджае ў Лурд». Прадаўцы газет, кіёскі кветак. Маладыя хлопцы і дзяўчаты з каляровымі ручнікамі пад пахамі.

Шрэла перайшоў праз вакзальную плошчу, спыніўся на пешаходнай выспачцы і пачаў вывучаць трамвайныя маршруты; адзінаццаты па-ранейшаму хадзіў у Блесэнфэльд, і цяпер якраз чакаў пад святлафорам паміж гатэлем «Прынц Генрых» і саборам Святога Севярына; вось ён пад'ехаў да прыпынку, спыніўся, усе пасажыры павыходзілі; Шрэла стаў у чаргу перад кандуктаравым бар'ерам, потым прайшоў на месца, сеў, зняў капялюш, абцёр пот з ілба і брывей, працёр шкельцы акуляраў і, калі трамвай рушыў, дарэмна чакаў з'яўлення нейкіх пачуццяў; нічога такога; школьнікам ён чатыры тысячы разоў ездзіў адзінаццатым трамваем да школы і назад; запэцканыя чарнілам пальцы, дурнаватая балбатня хлопцаў, што ехалі ў школу на тым самым трамваі; гэтая балбатня заўсёды была яму прыкраю, яны балбаталі пра сячэнне шара, плюсквамперфект, умоўны лад, бараду Фрыдрыха Барбаросы, якая прарасла наскрозь цераз стол; «Падступнасць і каханне», Лівій, Авідзій у шэра-зялёнай каленкоравай вокладцы: і чым далей трамвай ад'язджаўся ад цэнтра горада, тым цішэйшаю рабілася балбатня; ужо ў канцы Старога горада сыходзілі тыя, хто ўмеў надаваць свайму голасу самы нізкі тэмбр; яны расцякаліся па шырокіх вуліцах, на якіх стаялі салідныя дамы; у канцы Новага горада сыходзілі тыя, хто меў ужо не такі нізкі тэмбр голасу; яны расцякаліся па вузейшых вуліцах, дзе было менш салідных дамоў; заставалася толькі двое ці трое тых, хто ехаў да Блесэнфэльда, дзе было найменш салідных дамоў; размова рабілася нармальнаю, калі трамвай, пагойдваючыся, ехаў паўз малыя гародчыкі і жвіроўні, набліжаўся да Блесэнфэльда.

- Ці твой бацька таксама бастуе? У Грэсіхмана даюць ужо чатыры з паловай працэнты скідкі... маргарын стаў таннейшы на пяць пфенігаў.

Вось парк, у якім летняя зеляніна даўно ўжо вытаптаная, дзе пясчаны грунт вакол невялікай сажалкі ўзараны тысячамі дзіцячых ног, змяшаны з гразёю, смеццем, паперкамі, шклом ад бутэлек; Груфэльштрасэ, дзе сховы гандляроў старызнаю запаўняліся бляхай, старымі анучамі, макулатурай і разбітым шклом, дзе стаяў убогі ліманадны кіёск, у якім паспрабаваў выявіць свае гандлярскія здольнасці схуднелы беспрацоўны, а неўзабаве ён раз'еўся, аббіў сваю будыніну нержавейнай сталлю, аздобіў шклом, паставіў блішчастыя аўтаматы: ён нажэрся пфенігамі, набыў панскі выгляд, хоць яшчэ два месяцы таму прыніжана скідаў кошт шклянкі ліманаду на два пфенігі, спалохана шэпчучы кліенту:

- Ты ж глядзі, нікому больш не кажы.

Пачуцці так і не з'яўляліся, хоць адзінаццаты трамвай, пагойдваючыся, праехаў ужо Стары горад, Новы горад, прамінуў гародчыкі і жвіроўні; чатыры тысячы разоў ён чуў, як кандуктар выкрыкваў тыя назвы прыпынкаў: «Буасэрэштрасэ», «Паўночны Парк», «Блесэнскі вакзал», «Унутранае Кальцо»; яны гучалі адчужана, гэтыя назвы - нібы са сноў іншага чалавека, які беспаспяхова спрабуе пераказаць іх; яны гучалі як крыкі аб дапамозе з густой імглой, а тым часам амаль пусты трамвай тым сонечным летнім надвячоркам пад'язджаў да канцавога прыпынку. Там, на рагу Паркавай Лініі і Ўнутранага Кальца, калісь стаяла будка, дзе яго маці спрабавала гандляваць смажанай рыбаю; ёй не пашанцавала, бо мела занадта мяккае сэрца: «Як я магу не даць кавалка рыбы згаладалым дзецям, калі яны так прагна глядзяць, як я яе падсмажваю? Як гэта мажліва?» А бацька казаў: «Натуральна, ты не можаш не даць, але нам трэба спыніць гандаль: крэдыту больш няма; банкруцтва; гандляры не хочуць падвозіць там тавару». Выкачаныя ў сухарах кавалкі рыбнага філе смажыліся ў гарачым алеі, а маці тым часам клала адну, дзве, тры лыжкі бульбянай салаты на кардонную талерачку; сэрца маці, спачуваючы, цвёрдым не заставалася; слёзы цяклі з яе блакітных вачэй, суседкі перашэптваліся: «Яна выплача ўсю сваю душу»; маці больш нічога не ела і не піла; з мажнай, са здаровым колерам твару жанчыны яна ператварылася ў худую бледную кабеціну; нічога ў ёй не засталося ад прывабнай буфетчыцы вакзальнага буфета; яна адно шаптала: «Госпадзе, Госпадзе», гартала пацёртыя сектанцкія малітоўнікі, якія абвяшчалі хуткі канец свету; а тым часам на вуліцы пыльны вецер развяваў чырвоныя сцягі, і тут жа неслі выявы Гіндэнбургавай галавы; крыкі, бойкі, страляніна, фанфары, біццё барабанаў. Калі маці памерла, яна выглядала зусім як слабенькая, бледная і хударлявая дзяўчынка; магіла такая ж, як дзесяткі іншых, на ёй некалькі астраў; тонкі драўляны крыж з надпісам: «Эдыт Шрэла. 1896-1932»; душа выплаканая, прах перамешаны з зямлёю Паўночных могілак.

- Канцавы прыпынак, шаноўны пане, - абвясціў кандуктар, вылез са сваёй каморы і, прыкурваючы бычок ад цыгарэты, прайшоў у перад вагона. - На жаль, вагон далей не ідзе.

- Дзякуй.

Чатыры тысячы разоў ён заходзіў і выходзіў з гэтага трамвая; канцавы прыпынак адзінаццатага; заржавелыя рэйкі губляліся сярод ямаў, што засталіся пасля экскаватараў і баракаў, якія трыццаць год таму павінны былі служыць будоўлі далейшага адрэзку трамвайнай лініі; ліманадны кіёск: нержавейная сталь, шкляныя шары, блішчастыя аўтаматы; акуратна, паводле гатункаў раскладзеныя пліткі шакаладу.

- Калі ласка, мне - шклянку ліманаду.

Зялёная вадкасць у бездакорна чыстай шклянцы мела смак марзаны.

- Калі Вам, шаноўны пане, будзе няцяжка, укіньце рэшткі паперы ў сметніцу. Смачна?

- Дзякуй.

Курыная ножка была яшчэ цёплая, як і мяккае мяса з-пад шыі, засмажаныя з корачкай у самым лепшым тлушчы, цэлафанавы пакуначак, зашпілены спецыяльнаю шпількаю ад набору для пікнікоў.

- Пахне знакаміта. Яшчэ шклянку ліманаду?

- Дзякуй, не трэба. Дайце, калі ласка, шэсць цыгарэт.

У растаўсцелай гаспадыні кіёска яшчэ можна было распазнаць прыгожую зграбную дзяўчыну, якой яна некалі была: блакітныя дзіцячыя вочы, якія пад час першай канфірмацыі давалі нагоду летуценнаму каплану ўжываць эпітэты накшталт «анёлападобная», «нявінная», цяпер зрабіліся застылымі, жарсткаватымі вачыма гандляркі.

- За ўсё разам дзевяноста пфенігаў, калі ласка.

- Дзякуй.

Адзінаццаты трамвай, на якім прыехаў Шрэла, якраз зазваніў да адыходу; ён занадта доўга раздумваў і цяпер мусіў на дванаццаць хвілін затрымацца ў Блесэнфэльдзе; ён курыў цыгарэту і, павольна дапіваючы рэшту ліманаду, спрабаваў пад каменна-ружовым тварам адшукаць імя дзяўчыны, якой гаспадыня кіёска была даўней; распусціўшы свае бялявыя валасы, яна гойсала па парку, крычала, спявала і, калі яе анёлападобнасць ужо знікла, вабіла хлопцаў у цёмныя пад'езды; змушала іх ахрыплыя ад хвалявання горлы вымаўляць любоўныя клятвы; а яе брат, гэткі самы бялявы і гэтаксама, як яна, анёлападобны, марна заклікаў хлопцаў з вуліцы да вялікіх учынкаў; вучань сталяра, бягун на стометроўцы, за глупства пакараны смерцю на досвітку.

- Калі ласка, - сказаў Шрэла, - дайце ўсё ж яшчэ адну ліманаду.

Ён паглядзеў на бездакорны прабор у валасах маладой дзяўчыны, што якраз нахілілася наперад, падстаўляючы шклянку пад сіфон; яе брат быў Фэрдзі, анёлападобны, а яе імя ахрыплыя хлопцы-падлеткі перадавалі адно аднаму, як чароўнае слова, якое адкрывала дарогу ў рай; яна ратавала ад патаемных пакут, Эрыка Прогульске, і за гэта нічога не брала, бо ёй гэта было даспадобы.

- Мы ведаем адно аднаго?

З усмешкай яна паставіла шклянку з ліманадам на прылавак.

- Hе, - адказаў ён, усміхаючыся, - здаецца, не.

Толькі не трэба дазволіць, каб адталі ўспаміны, каб ільдзяныя кветкі не ператварыліся ў лянівую брудную ваду; толькі не трэба аднаўляць даўніх клятваў, чакаць вяртання суровых дзіцячых пачуццяў з размяклых душ дарослых людзей, каб не даведацца, што цяпер яна за гэта штосьці бярэ; асцярожна, галоўнае не ўсчынаць размоваў.

- Трыццаць пфенігаў. Дзякуй.

Сястра Фэрдзі Прогульске паглядзела на яго з дасведчанай прыязнасцю. І мяне таксама ты вызваліла ад пакут і за гэта нічога не ўзяла - нават плітку шакаладу, што размякла ў маёй кішэні; то ж не была плата, а падарунак; але ты яго не ўзяла; я быў уратаваны спачуваннем твайго рота і тваіх рук; спадзяюся, ты не расказала пра гэта Фэрдзі; спачуванне ідзе заўсёды разам з таемнасцю; таямніцы, ператвораныя ў словы, могуць несці з сабою смерць; маю надзею, што ён не ведаў пра гэта, калі тым ліпеньскім ранкам апошні раз бачыў неба; я быў адзін хлопец на Груфэльштрасэ, якога ён знайшоў здольным рабіць высакародныя ўчынкі; Эдыт тады яшчэ не лічылася: ёй было ўсяго дванаццаць, і немагчыма было расшыфраваць мудрасць яе сэрца.

- Мы і праўда незнаёмыя?

- Hе, гэта дакладна.

Сёння б ты прыняла ад мяне падарунак, тваё сэрца зрабілася цвёрдым ды ўжо не спачувае іншым; праз якія пару тыдняў тады ты ўжо страціла нявіннасць дзіцячага граху, вырашыўшы, што будзе лепш забыцца на спачуванне; і табе было ўжо дакладна вядома, што ты ніколі не зробішся плаклівай бялявай цюхаю і не выплачаш дарэшты сваёй душы, - не, мы не ведаем адно аднаго, напраўду не ведаем; не будзем даваць раставаць ільдзяным кветкам. Дзякуй, да пабачэння.

На другім баку вуліцы ўсё яшчэ тая самая карчма «Блесэнскі куток», дзе бацька працаваў кельнерам; піва, гарэлка, катлеты; піва, гарэлка, тэфтэлі - усё падавалася з адным і тым жа выразам твару, у якім непаўторна спалучаліся лагоднасць і зацятая жорсткасць; твар летуценніка, якому было ўсё адно, ці падаё ён у «Блэсенскім кутку» піва, гарэлку і тэфтэлі, ці ў «Прынцу Генрыху» амараў і шампанскае, ці нявыспаным прастытуткам у Верхнім Порце - сняданак: піва, катлеты, шакалад і «чэры-брэндзі»: ліпкія сляды гэтых сняданкаў бацька прыносіў дамоў на сваіх манжэтах, прыносіў таксама нядрэнна «на чай», апроч таго - шакалад, цыгарэты; але ён не прыносіў з сабою таго, што прыносілі іншыя бацькі - вясёласць гадзін пасля працы, якая гэтак лёгка вылівалася ў крыкі і сваркі, у любоўныя клятвы і слёзы замірэння; заўсёды адна і тая ж зацятая лагоднасць у выразе твару; заблуканы анёл, які схаваў Фэрдзі пад піўной стойкаю; паліцэйскія выцягвалі хлопца з-пад трубаў, па якіх падавалася піва, а Фэрдзі ўсё ўсміхаўся, нават ведаючы, што яго чакае смерць; тады, як звычайна, з бацькавых манжэтаў яшчэ змылі ліпкія плямы, накрухмалілі яго кельнерскую кашулю, каб яна зрабілася мулкай і асляпляльна белай; яны забралі яго толькі назаўтра ад раніцы, калі ён выходзіў на працу, трымаючы пад пахаю загорнутыя ў паперу хлеб з маслам і чорныя лакіраваныя чаравікі; яго пасадзілі ў машыну, і ён назаўсёды знік; ані белага крыжа, ані астраў па кельнеры Альфрэдзе Шрэле. Яго нават не забілі пры спробе ўцячы - ён проста назаўсёды знік.

Эдыт перамешвала крухмаль, начышчала да бляску запасныя бацькавы чаравікі, мыла белыя гальштукі, а я тым часам вучыўся - вучыўся, нібы гуляў: Авідзій і сячэнне шару, справы і намеры Генрыха Першага і Генрыха Другога, справы і намеры Тацыта, Вільгельма Першага і Вільгельма Другога. Генрых фон Кляйст і стэрэаметрыя; здольны, здольны, надзвычай здольны; дзіця з простай сям'і, я мусіў пераадольваць тысячы перашкод, каб змагчы навучыцца таму самаму, што і іншыя; апроч таго, я пакляўся аддаць сябе здзяйсненню высакародных учынкаў і меў нават сваё асабістае ўпадабанне - Гёльдэрліна.

Яшчэ сем хвілін да адыходу наступнага трамвая. Груфэльштрасэ, дом семнаццаць; свежаатынкаваны дом, перад ім на стаянцы - аўтамабіль зялёнага колеру, ровар чырвонага колеру; два брудныя самакаты. Васемнаццаць тысяч разоў ён націскаў на гэты званок, на гэты жаўтлявы масянжовы гузік; вялікі палец да гэтае пары памятае яго; там, дзе раней была шыльдачка «Шрэла», цяпер напісана «Трэсэль», а замест шыльдачкі «Шміц» цяпер таксама іншая-»Гуман»: новыя імёны, толькі адно засталося ранейшае: Фруль; у яго можна было пазычыць кубак цукру, кубак воцату, кілішак алею... колькі было тых кубкаў, тых кілішкаў і пад які працэнт? Фраў Фруль заўсёды напаўняла кубкі і кілішкі толькі да паловы, а пасля праводзіла рыску на дзвярным касяку, дзе было напісана «М.», «Ц.», «В.» і «А.»; яна сцірала рыску вялікім пальцам толькі тады, калі ёй вярталі поўны кубак альбо поўны кілішак; яна шаптала ў сенцах, у крамах і, сустрэўшыся з суседкамі, пад час размоваў пры яечным лікёры і бульбянай салаце на папулярна-гінекалагічныя тэмы: «Божухна, да чаго ж яны дурныя!»; фраў Фруль ужо даўно прыняла бычынае прычасце, прымусіла сваіх мужа і дачку таксама прыняць яго; яна спявала ў калідоры: «Дрыжаць спарахнелыя косці». Нічога, ніякіх пачуццяў, толькі скура на вялікім пальцы - калі ён дакранаўся да жаўтлявага гузіка - адчула нешта накшталт узрушэння.

- Ці Вы каго шукаеце?

- Шукаю, - адказаў ён, - Шрэлы... ці яны тут не жывуць?

- Hе, - сказала дзяўчынка, - мне б гэта было напэўна вядома, калі б яны тут жылі.

Яна была ружовашчокая, прывабная; трымаючыся рукой за сцяну, яна балансавала на самакаце, які ўсё нахіляўся то на адзін бок, то на другі.

- Hе, яны ніколі тут не жылі.

Дзяўчынка рэзка сарвалася з месца, праімчалася на самакаце па тратуары, цераз рыншток і закрычала:

- Гэй! Ці хто тут ведае Шрэлаў?

Ён задрыжаў усім целам; хто-небудзь мог сказаць: «ведаю», і ён бы мусіў падысці, павітацца, пачаць успамінаць мінулае: «Ага, Фэрдзі, яны... і твайго бацьку яны таксама!.. а Эдыт добра выйшла замуж...»; але ружовашчокая дзяўчынка дарэмна гойсала ад адной групкі людзей да другой, робячы смелыя павароты і выкрыкваючы: «Гэй! Ці хто тут ведае Шрэлаў?»

Расчырванелая, яна зноў пад'ехала да яго, зрабіла элегантны паварот, перш чым спынілася перад ім.

- Hе, шаноўны пан, іх ніхто тут не ведае.

- Дзякуй, - адказаў ён усміхаючыся, - даць табе дзесячок?

- Ага, - і з тварам, асветленым радасцю, дзяўчынка з шумам паімчала да ліманаднага кіёска.

- Я саграшыў, цяжка саграшыў, - мармытаў з усмешкаю Шрэла, вяртаючыся да трамвайнага прыпынку, - я запіў танным марзанавым ліманадам з Груфэльштрасэ курыцу з гатэля «Прынц Генрых»; я пакінуў успаміны некранутымі, не дазволіў растаць ільдзяным кветкам; у вачах Эрыкі Прогульске я не схацеў убачыць іскрынак; не даў ёй пазнаць мяне, не схацеў пачуць з яе вуснаў імя Фэрдзі; толькі скура на маім пальцы захавала ўспаміны, пазнала гузік званка з жаўтлявага мосенжу.

Ён ішоў, нібы цераз шэрагі салдат са шпіцрутэнамі: яго з абодвух бакоў праціналі позіркі параў вачэй, што сачылі за ім з тратуараў, з вокнаў і пад'ездаў пад летнім сонцам, атрымліваючы асалоду ад суботняга вечара; няўжо сярод іх не было нікога, хто б мог пазнаць яго акуляры, яго хаду, характэрнае прыжмурванне вачэй, няўжо ніхто не пазнае пад замежным палітом мішэнь бясконцых кпінаў - аматара паэзіі Гёльдэрліна, за якім услед ляцела насмешлівая песенька: «Шрэла, Шрэла, Шрэла вершыкі чытае...»?

Ён спалохана абцёр сабе пот з ілба, зняў з галавы капялюш, спыніўся на рагу Груфэльштрасэ і азірнуўся; ніхто за ім не ішоў; маладыя хлопцы сядзелі на матацыклах, схіліўшыся ўперад, шапталі дзяўчатам пра сваё каханне; піўныя пляшкі на падаконнях адбівалі паўдзённае сонца; вунь там стаіць дом, у якім нарадзіўся і жыў анёл; можа, яшчэ існуе масянжовы гузік званка, да якога вялікі палец Фэрдзі дакранаўся пятнаццаць тысяч разоў; зялёны перад дома, блішчастыя аптэчныя вітрыны, рэклама зубной пасты адразу пад акном, з якога так часта выглядаў Фэрдзі.

Дарога цераз парк, адсюль ліпеньскім вечарам дваццаць тры гады таму Роберт пацягнуў Эдыт у кусты; цяпер там на лаўках сядзелі пенсіянеры, расказвалі адзін аднаму показкі, нюхалі разнастайныя гатункі тытуню, скардзіліся на нявыхаванасць дзяцей, што гулялі тут побач; раздражнёныя матулі абрыналі на галовы свайго непаслухмянага патомства праклёны і прадказвалі ім жахлівую будучыню: бадай цябе атам ухапіў! Юнакі з малітоўнікамі пад пахаю ішлі да споведзі ў нерашучасці, ці варта разганяць свой набожны настрой ужо сёння, альбо зрабіць гэта заўтра з раніцы.

Яшчэ адна хвіліна да адыходу адзінаццатага; ужо трыццаць год іржавыя рэйкі беглі ў пустэчу будучыні; сястра Фэрдзі цяпер налівала зялёны ліманад у чыстую шклянку; кіроўца трамвая пазваніў, даючы знак ад'езду; стомленыя кандуктары тушылі цыгарэты, папраўлялі сумкі, залазілі ў свае каморы, націскалі надзвычайны гузік, бо далёка ззаду, дзе канчаліся ржавыя рэйкі, нейкая старая жанчына раптам пачынала бегчы да прыпынку.

- Мне да галоўнага вакзала, - сказаў Шрэла, - з перасадкаю да порта.

- Сорак пяць.

Hе вельмі салідныя дамы, саліднейшыя, вельмі салідныя дамы. Перасадка, ага: шаснаццаты, як і даўней, ідзе ў порт.

Вось крама будматэрыялаў, сховы вугалю, пагрузачныя прычалы, і ён з балюстрады старой вагоўні змог прачытаць: «Міхаэліс: вугаль, кокс, брыкеты».

Павярнуць толькі, дзве хвіліны прайсці, і кола ўспамінаў закруціцца; рукі фраў Трышлер, напэўна, вытрымалі выпрабаванне часам - як і вочы старога, як і Алоісава фота на сцяне; піўныя пляшкі, пучкі цыбулі, памідоры, хлеб і тытунь; караблі на якары, хісткія кладкі, па якіх нясуць згорнутыя ветразі: агромністыя коканы паплывуць уніз па Рэйне, насустрач туманам Паўночнага мора.

Ціша панавала тут: за Міхаэлісавым парканам ляжала гара толькі што прывезенага вугалю, у сховішчы будматэрыялаў - стосы ярка-чырвонай цэглы; шаргаценне ног начнога вартаўніка за агароджаю і баракамі будаўнікоў рабіла цішыню яшчэ выразнейшаю.

Шрэла ўсміхнуўся, абапёрся аб іржавыя парэнчы, потым павярнуўся і - спалохаўся: ён не ведаў, што быў пабудаваны новы мост; Нэтлінгер таксама пра гэта нічога не казаў; мост разложыста навісаў над усім басейнам Старога Порта, цёмна-зялёныя падпоры стаялі дакладна там, дзе быў Трышлераў дом; цень ад моста накрываў усю набярэжную, дзе колісь стаяў шынок грузчыкаў; агромністыя пустыя сталёвыя вароты аблямоўвалі блакітную бездань.

У Трышлеравай карчме бацьку працавалася найлепш; ён абслугоўваў карабельшчыкаў ды іх сем'і: жонак, якія сядзелі ў садзе ў чырвоных крэслах доўгімі летнімі вечарамі, а тым часам Алоіс, Эдыт і ён хадзілі вудзіць рыбу ў басейне Старога Порта. Вечнасць дзіцячага часазлічэння, бясконцасць - пра гэта ўсё ён раней ведаў толькі з радкоў вершаў; на другім баку званілі званы Святога Севярына, напаўняючы вечар мірам і спакоем, а Эдыт сваімі рухлівымі рукамі паўтарала паторгванне паплаўкоў; яе сцёгны, яе рукі, усё цела таньчыла ў рытме паторгвання паплаўкоў; а ў іх на кручок не папалася ніводнай рыбіны.

Бацька падаваў жоўтае піва з белай пенаю, яго твар прамяніўся лагоднасцю, і на ім амаль не было зацятасці; прыязна ўсміхаючыся, ён адмаўляўся ад грошай на чай, бо ўсе людзі - браты.

- Браты, браты! - выкрыкваў ён тымі летнімі вечарамі; на задуменных тварах шкіпераў паяўлялася ўсмешка, іх гожыя жанкі з вачыма, поўнымі ўпэўненасці ў сабе, пахітвалі галовамі - бацькаў пафас здаваўся ім зусім дзіцячым - і ўсё ж пляскалі ў ладкі; браты і сёстры.

Шрэла паволі спусціўся з балюстрады, прайшоўся каля партовага басейна, дзе ржавыя пантоны і баркі чакалі гандляроў металаломам; ён зайшоў у зялёны цень моста, убачыў на сярэдзіне ракі працавітыя краны, якія грузілі часткі моста на баржы; жалеза з грукатам плюшчылася пад цяжарам новага і новага грузу; ён знайшоў вялізныя пампезныя сходы, адчуў, як шырокія прыступкі змушаюць яго ступаць урачыста; з прывіднай упэўненасцю чысты і пусты аўтабан выбягаў на рачны бераг, дзе ўпэўненасць гамавалі скрыжаваныя косткі, вялізныя чарапы, намаляваныя белым па чорным; шыльды з надпісам «смерць, смерць» перагароджвалі шлях на захад; затое зусім пустая дарога вяла ў бясконцасць блішчастай зеляніны бурачных палёў - на ўсход.

Шрэла пайшоў далей, пралез паміж словам «смерць» і скрыжаванымі косткамі, прамінуў барак будаўнікоў, супакоіў начнога вартаўніка, які ўжо быў пачаў, размахваючы рукамі, засцерагаць яго, але, убачыўшы Шрэлаву ўсмешку, перастаў гэта рабіць; Шрэла прайшоў далей да самога абрыву, убачыў рэшткі ржавых бэлек, на якіх віселі бетонныя камлыгі; пятнаццацігадовае трыванне бэлек пераканаўча сведчыла аб якасці нямецкай сталі; на другім баку ракі, за пустымі сталёвымі брамамі, аўтабан бег далей, паўз гольфавыя пляцоўкі - і зноў у бясконцасць блішчастай зеляніны бурачных палёў.

Кавярня «Бэльвю». Набярэжная алея. Направа - спартыўныя травяныя пляцоўкі; лапта, лапта... Мячык, які ўдарыў Роберт, і шары, якія штурхалі кіямі ў галандскай карчме - чырвонае на зялёным, белае на зялёным, аднастайная музыка шароў гучала амаль як грэгарыянская літургія; у фігурах, якія ўтвараліся, была суровая паэзія, вычараваная трыма шарамі на зялёным сукне; яны ніколі не пакаштавалі бычынага прычасця, пакорліва-слепа зносілі ўсе пакуты; «пасві авечак маіх» на прыгарадных палянах, дзе гулялі ў лапту, на Груфэльштрасэ і на Модэстгасэ, у завулках ангельскіх прадмесцяў і за мурамі вязніцы: «пасві авечак маіх», дзе б ты іх ні спаткаў, - нават калі яны не ўмеюць рабіць нічога лепшага, акрамя як чытаць Гёльдэрліна і Тракля, нічога лепшага, акрамя як пятнаццаць год запар спрагаць на класнай дошцы: «Я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; я вязаў, яна вязала, яно вязала, я буду вязаць, ты будзеш вязаць...»; а ў той самы час Нэтлінгеравы дзеці на няблага падстрыжаным мурагу - але ангельцы падстрыгаюць яго ўсё-ткі лепш - гулялі ў бадмінтон; і ў той самы час яго ладная жонка, дагледжаная, дагледжаная, вельмі дагледжаная, голасна пыталася з тэрасы ў мужа, які выцягнуўся на ладным лежаку: «Ці ўліць табе кропельку джыну ў цытрынавую ваду?», а ён адказваў: «Улі, але добрую кропельку!»; і ягоная жонка, хіхікаючы, захопленая пачутым ад яго жартам, уліла ў цытрынавую ваду добрую кроплю джыну, выйшла на двор, села побач з мужам, на другім лежаку, які быў гэткі самы ладны, як і першы; ацаніла, прыкінуўшы вокам, рухі сваёй старэйшай дачкі: можа, яна крыху-крыху занадта хударлявая, крыху занадта кашчавая, а прыгожы твар - занадта сур'ёзны; вось яна, зусім стаміўшыся, кладзе ракетку, сядае каля бацькавых і матчыных ног на ўскрайку пляцоўкі - «але ж, даражэнькая, глядзі, не прастынь» - і пытаецца, ах, заўсёды так сур'ёзна: «Татуля, што гэта значыць, што гэта значыць дакладна: дэмакратыя?»; бацьку здалося, што гэта самая адпаведная хвіля, каб зрабіцца ўрачыстым; ён адставіў шклянку з цытрынавай вадою, выняў з рота цыгарэту - гэта была ўжо сёння пятая, «Эрнст-Рудальф» - і пачаў ёй тлумачыць: «Дэмакратыя - гэта...» Hе, не, ні прыватна, ні службова я не буду звяртацца да цябе, каб высветліць свой прававы статус; за тое я не бяру нічога; калісьці ў Цонавай кавярні я даў дзіцячую клятву, даў клятву бараніць шляхетнасць безабароннасці; мой прававы статус застаецца нявысветлены; а можа, Роберт ужо высветліў яго, з дапамогаю дынаміту; ці навучыўся ён за гэты час смяяцца ці хоць бы ўсміхацца? Ён заўсёды быў сур'ёзны, не мог змірыцца са смерцю Фэрдзі, замарозіў у формулах свой план помсты, насіў яго, зусім лёгкі друз, у сваіх мазгах - дакладныя формулы; ён не расставаўся з імі ў унтэр-афіцэрскіх і афіцэрскіх кватэрах; цэлыя шэсць год, і ніколі не засмяяўся; хоць Фэрдзі, нават калі яго арыштоўвалі, усміхаўся - анёл з прадмесця, з кучы гною на Груфэльштрасэ, - толькі тры квадратныя сантыметры скуры вялікага пальца здзейснілі ўспамін; абпаленыя ногі настаўніка гімнастыкі і апошняя авечка, забітая кавалкам бомбы; бацька назаўсёды знік, не быў нават расстраляны пры спробе ўцячы. І ніхто не здолеў знайсці ні следу ад мячыка, які ўдарыў Роберт.

 

Шрэла выкінуў недакурак пад абрыў, падняўся і павольна рушыў назад; зноў пралез паміж словам «смерць» і скрыжаванымі косткамі, кіўнуў патрывожанаму вартаўніку, яшчэ раз азірнуўся на кавярню «Бэльвю», пайшоў па чыстым пустым аўтабане проста да гарызонту, дзе ў сонечным ззянні паблісквала бурачнае лісце; дзесьці гэтая вуліца павінна была скрыжавацца з лініяй шаснаццатага трамвая. Перасадка да вакзала, сорак пяць пфенігаў; яму захацелася ў гатэльны пакой; ён любіў выпадковасць гэтага жытла, ананімнасць гэтых убогіх пакояў, якія можна было мяняць паміж сабой; ільдзяныя кветкі ўспамінаў не раставалі ў гэтых пакоях; без грамадзянства, без радзімы; раніцой стандартны гатэльны сняданак з рук заспанага кельнера, у якога не зусім чыстыя манжэты, у якога перад кашулі не накрухмалены так, як гэта натхнёна рабіла маці; калі кельнеру за шэсцьдзесят, можна рызыкнуць спытацца ў яго: «Ці Вы не ведалі кельнера з прозвішчам Шрэла?»

Далей наперад, чыстым, пустым аўтабанам, да неба з блішчастага бурачнага лісця, маючы ўсяго багажу што рукі ў кішэнях; ён кінуў на дарогу некалькі дробных манет - як кажуць, для Гензэля і Грэтэль. Паштоўкі былі яго адзінай больш-менш трывалай сувяззю з жыццём, якое доўжылася пасля смерці Эдыт, бацькі, Фэрдзі. «У мяне ўсё як мае быць, дарагі Роберт; спадзяюся, што і ў цябе таксама; пераказвай прывітанне маёй незнаёмай мне пляменніцы, майму пляменніку і твайму бацьку»; дваццаць пяць словаў, зашмат словаў; закрэсліць той тэкст: «У мяне ўсё добра, спадзяюся - і ў цябе; прывітанне Рут, Ёзэфу, твайму бацьку»; трынаццаць словаў; удвая меншай іх колькасцю можна было выказаць тое самае; навошта да іх прыязджаць, паціскаць рукі, цэлы тыдзень не спрагаць «я вяжу, ты вяжаш... яна вязала», пераканацца, што Нэтлінгер такі, як і быў, што Груфэльштрасэ такая, як і была, што няма толькі рук фраў Трышлер?

Неба з бурачнага лісця, нібы ў зялёна-срэбных пёрках; унізе, пагойдваючыся ў абодва бакі, прайшоў шаснаццаты. Сорак пяць пфенігаў; усё падаражэла. Відавочна, Нэтлінгер яшчэ не скончыў тлумачыць значэнне слова «дэмакратыя»; святло надвячорка; ягоны голас памякчэў; дачка прынесла з гасцёўні коўдру - югаслаўскую, дацкую ці фінскую? Ва ўсякім разе, цудоўныя колеры; яна накінула коўдру яму на плечы, укленчыла, каб засяроджана слухаць далей; маці тым часам - «...застаньцеся на дварэ, дзеці, такі гожы надвячорак, усё так файна!» - гатавала на кухні смачныя, вострыя бутэрброды і розныя салаты.

Вобраз Нэтлінгера ў ягоным уяўленні быў больш выразны, чым той Нэтлінгер, з якім ён сёння сустрэўся - калі ён запіхваў сабе ў рот кавалкі паляндвіцы, запіваючы яе цудоўным, самым цудоўным, найцудоўнейшым віном, задумаўшыся, чым гэта сама лепш укаранаваць свой абед - сырам, марожаным, пірожаным ці амлетам? «Адно, шаноўныя спадары, - сказаў былы радца пасольства на заканчэнне курсу «Як зрабіцца гурманам», - адно толькі вы павінны да таго, чаму тут навучыліся, дадаць самі - трошкі, зусім трошкі арыгінальнасці».

 

У Англіі ён пісаў на дошцы: «Ён павінен быў быць забіты»; пятнаццаць год запар ён граў на ксілафоне нямецкай мовы: «Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt, ich hatte gelebt, ich werde leben»*. Ці буду я жыць? Ён ніколі не мог уцяміць, што ёсць людзі, якія нудзяцца ад граматыкі. «Яго забіваюць, яго забівалі, яго забілі, яго заб'юць - хто яго заб'е?» «Помста - мая», - сказаў Госпад.

* Розныя граматычныя формы часу ад нямецкага дзеяслова «leben» - «жыць».

- Канцавы прыпынак, шаноўны пане. Галоўны вакзал.

Тлум на вакзале не паменеў: хто тут быў прыехаўшы, хто ад'язджаў? Чаму яны ўсе не засталіся дома? Калі адыходзіць цягнік на Астэндэ? А можа, лепш - у Італію, Францыю, бо там таксама хто-небудзь прагне вучыць». «Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt». ... яго заб'юць, хто яго заб'е?

- Пакой у гатэлі? Якой катэгорыі? Танны?

Прыязнасць маладой дамы, якая праводзіла сваім прыгожым пальчыкам па спісе, выразна аслабла; відавочна, у гэтай краіне лічылася за грэх пытацца пра кошт чаго-небудзь. Заўсёды браць тое, што каштуе сама дорага; самае дарагое - яно і самае таннае; памыляемся, ладны дзіцёнак, таннае - яно і таннейшае, напраўду; перасунь свой пальчык у самы ніз спісу. Пансіянат «Мадэрн». Сем марак. Без снедання. Hе, дзякуй; я ведаю, як прайсці да Модэстгасэ, сапраўды ведаю; нумар шаснаццаць - гэта каля самай брамы.

Звярнуўшы за рог вуліцы, ён амаль не ўпёрся носам у падвешанага дзіка і аж адхіснуўся ад цёмна-шэрай жывёліны; ледзь не праскочыў паўз Робертаў дом; тут успаміны яму не пагражалі: ён быў у гэтым доме ўсяго адзін раз; Модэстгасэ, дом нумар восем; ён спыніўся перад блішчастай масянжовай шыльдачкай, прачытаў: «Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлікаў; пасля абеду зачынена»; націснуўшы на гузік званка, ён пачаў дрыжаць усім целам: тое, чаго ён не бачыў на свае вочы, дзе не было знаёмага яму рэквізіту, прабірала яго мацней; за гэтымі дзвярыма памерла Эдыт, у гэтым доме нарадзіліся яе дзеці, тут жыў Роберт; ужо гучанне самога званка падказала яму, што зараз ніхто не адчыніць; прыдзверны званок зліўся з тэлефонным; служка з гатэля «Прынц Генрых» трымаў сваё слова; я дам яму добра на чай, калі мы будзем там гуляць на більярдзе.

Усяго праз чатыры дамы - пансіянат «Мадэрн». Нарэшце дома; добра, што ў маленькім калідорчыку не чуваць было пахаў ад кухні. Свежая пасцельная бялізна пад стамлёную галаву. «Дзякуй, я ўжо неяк разбяруся сам». - «На трэцім паверсе трэція дзверы налева; на сходах будзьце асцярожныя, шаноўны пане, прэнты, што трымаюць ходнік, сям-там паадставалі; бываюць госці, якія знішчаюць усё, што ім патрапіцца; будзіць Вас трэба? І яшчэ адна драбніца; калі можна, заплаціце наперад; ці, можа, прыбудзе багаж? Hе? Значыць, восем марак, пяць пфенігаў, калі ласка, разам з абслугоўваннем; на жаль, я мушу прымаць гэтыя меры перасцярогі, шаноўны пане, вы не можаце сабе ўявіць, колькі на свеце ёсць нягоднікаў; а потым мусіш ставіцца з недаверам да прыстойных людзей, так ужо бывае: сёй-той прымудраецца нават абкручвацца прасцінаю, а некаторыя робяць з навалочак насоўкі; каб Вы ведалі, чаго мы тут толькі не бачым; квітанцыя Вам не трэба? Тым лепей, падаткі і так абдзіраюць нас дагала. Вы, напэўна, чакаеце некага... Вашу жонку, праўда? Hе турбуйцеся, я пакажу ёй, як прайсці да Вас наверх».

 

10

 

Ён баяўся дарма: успаміны не перайшлі ў пачуцці, засталіся формуламі, не расплыліся ў даброці альбо ў смутку, і ад іх не зашчымела сэрца; сэрца ў тым удзелу не брала: ён стаяў там, у вечаровым сутонні, паміж домам паломнікаў і самім кляштарам, дзе цяпер ляжыць штабель фіялетавых, моцна-моцна абпаленых цаглін; побач - генерал Ота Кёстэрс, увесь слабы розум якога выліўся ў адну-адзіную формулу: «сектар абстрэлу»; гаўптман Фэмель, обер-лейтэнант Шрыт і два фэнрыхі, Кандэрс і Гохбрэт; з надзвычай сур'ёзнымі тварамі яны пераконвалі генерала з мянушкай Сектар Абстрэлу, што трэба быць паслядоўнымі нават у дачыненні да самых што ні ёсць архітэктурна-каштоўных будынкаў; іншыя афіцэры пратэставалі: забойцы, праліваючы слёзы, баранілі помнікі культуры, якія, маўляў, можна было ўратаваць; нехта гаварыў пагрозлівае слова «дзяржаўная здрада»; але ніхто не ўмеў аргументаваць гэтак рэзка, гэтак вынаходліва і лагічна, як Шрыт, які пранікнёна даводзіў поўнаму ваганняў генералу, што аб'ект падрываць неабходна: «Трэба хоць бы паказаць, што мы яшчэ верым у перамогу, пан генерал; гэтая балесная ахвяра пераканае насельніцтва і салдат, што мы яшчэ верым у перамогу...» - і тут прагучала славутая генералава фраза: «Я прыняў рашэнне: падрывайце, панове. Калі гаворка ідзе пра перамогу, мы не маем права шкадаваць нават нашых культурных святыняў; да справы, панове».

Рукі каля брылёў фуражак, лясканне абцасаў. Ці яму сапраўды некалі было дваццаць дзевяць, ці быў ён гаўптманам і стаяў з генералам Сектар Абстрэлу на тым самым месцы, дзе цяпер стаіць абат і з усмешкаю вітае ягонага бацьку:

- Мы вельмі рады, пане тайны радца, што Вы зноў зрабілі нам гонар сваім візітам; я дужа ўсцешаны, што магу пазнаёміцца з Вашым сынам; Ёзэф нам ужо амаль як найлепшы прыяцель, праўда, Ёзэф? Лёс нашага абацтва цесна звязаны з лёсам сям'і Фэмеляў... а што да Ёзэфа - дазвольце мне тут сказаць пра зусім прыватнае - яго менавіта тут дагнала Амурава страла; паглядзіце, пане доктар, сёння маладыя людзі нават не чырванеюць, калі пры іх гавораць пра такія рэчы; фройляйн Рут і фройляйн Марыяна, на жаль, я не магу зрабіць, каб Вы ўзялі ўдзел у агляданні кляштара.

Дзяўчаты пачалі хіхікаць; хіба ж маці, Ёзэфіна, а нават і Эдыт таксама не хіхікалі тут, калі іх не дапускалі да мужчынскага хаўрусу? У сямейным фотаальбоме было б досыць памяняць толькі твары і фасоны адзення.

- Ага, клаўзуры ўжо заселеныя, - сказаў абат, - a вось - нашае ўлюбёнае дзіцё, бібліятэка... а вунь там, за паваротам ізалятар для хворых, на шчасце, у ім пакуль што нікога няма...

Ніколі не хадзіў ён тут з крэйдаю ў руцэ, ніколі не крэсліў на гэтых мурах таемныя спалучэнні літар «X», «Y», «Z» - код знішчэння, якія ўмелі расшыфраваць толькі Шрыт, Гохбрэт і Кандрэс; пах раствору, пах свежай фарбы, свежагабляванага дрэва.

- Напраўду, гэтыя фрэскі ўдалося захаваць дзякуючы ўважлівасці Вашага ўнука, а Вашага сына; ён уратаваў выяву «Таемнай вячэры» тут, у рэфекторыі; канешне, мы ведаем, што гэтая карціна не належыць да культурна-гістарычных помнікаў - даруйце мне гэтую заўвагу, пане тайны радца, - але творы нават гэтай школы жывапісу пачынаюць ужо цяпер рабіцца рэдкасцю, а мы заўсёды адчувалі свой абавязак падтрымліваць традыцыі; мушу прызнацца, што мяне і сёння захапляе тое, што ў гэтых творах так дакладна выпісаныя дэталі: зірніце вось сюды, з якой любоўю і рупнасцю намаляваныя тут ногі святога Іаана і святога Пятра, ногі чалавека пажылога і маладога чалавека; дакладнасць у дэталях.

Hе, тут ніхто ніколі не спяваў «Дрыжаць спарахнелыя косці»; тут не адзначалася свята сонцавароту; гэта ўсё - толькі сон. Вытанчана-элегантны, крыху больш за сорак, сын вытанчана-элегантнага бацькі, бацькі поўнага свежасці, надзвычай інтэлігентнага сына, які, усміхаючыся, ходзіць цяпер разам з ім па абацтве, хоць, здаецца, яму надта сумна ад усёй гэтай імпрэзы; кожны раз, калі бацька паварочваўся да Ёзэфа, ён бачыў адно прыязную, крыху стомленую ўсмешку на сынавым твары.

- Як Вам вядома, не былі пашкадаваныя нават гаспадарчыя пабудовы; з іх мы і пачалі адбудоўваць усё нанова, бо на нашу думку, яны павінны ствараць матэрыяльны падмурак для ўдалага новага старту; вось кароўнік; вядома, у нас электрычная дойка; Вы ўсміхаецеся, а я ўпэўнены, што наш айцец, Святы Бенядзікт, не меў бы нічога супраць электрадойкі. Ці можна прапанаваць Вам крыху падсілкавацца? Прашу: наш славуты хлеб, нашае славутае масла і мёд; Вы не ведаеце, што кожны наш абат, паміраючы альбо пакідаючы сваю пасаду, перадае як запавет свайму наступніку: не забываць сям'і Фэмеляў; вы напраўду належыце да нашага кляштарнага брацтва... ах, вось і маладыя паненкі; натуральна, тут вы можаце далучыцца да нас.

Хлеб і масла, віно і мёд проста на гладкіх дошках стала; Ёзэф адной рукой абняў сваю сястру, другой - Марыяну; яго бялявая галава паміж дзвюма цёмнавалосымі дзявочымі.

- Ці зробіце Вы нам гонар і возьмеце ўдзел ва ўрачыстасці асвянчэння абацтва? Канцлер і міністры кабінета ўжо далі сваю згоду прыбыць на яе; будуць прысутнічаць таксама некалькі княскіх асобаў з-за мяжы; і мы былі б вельмі ўсцешаныя, калі б маглі прывітаць тут сям'ю Фэмеляў у поўным складзе; мая ўрачыстая казань адбудзецца не пад знакам абвінавачвання, а пад знакам замірэння і паяднання - замірэння і паяднання таксама з тымі сіламі, якія ў сляпой паслухмянасці разбурылі наша роднае прыстанішча, але не будзе замірэння з тымі знішчальнымі сіламі, якія зноў нясуць пагрозу нашай культуры: дазвольце мне запрасіць вас на ўрачыстасць і выказаць ад усяе душы просьбу Зрабіць нам гэты гонар.

«Я не паеду на асвянчэнне, - падумаў Роберт, - бо я не замірыўся, не замірыўся з тымі сіламі, на якіх ляжыць віна за смерць Фэрдзі, якія, правінаваціўшыся ў смерці Эдыт, пашкадавалі Святога Севярына; я не замірыўся, не замірыўся ні з самім сабой, ні з самім духам замірэння, які Вы будзеце прапаведаваць у сваёй урачыстай казані; не сляпая паслухмянасць разбурыла ваша роднае прыстанішча, а нянавісць, якая не была сляпою і якая так і не спарадзіла ўва мне раскаяння. Прызнацца, што гэта ўчыніў я? Я мусіў бы зрабіць балюча майму бацьку, хоць ён невінаваты, і, напэўна, майму сыну, хоць і ён таксама невінаваты, і Вам, вялебны ойча, хоць і Вы нізвання не вінаватыя, - хто ж тады вінаваты? Я не замірыўся са светам, у якім адзін жэст рукі альбо няслушна зразуметае слова можа каштаваць каму-небудзь жыцця».

Уголас жа ён сказаў:

- Вялікі дзякуй, вялебны ойча; гэта будзе мне вялікая радасць - узяць удзел у Вашай урачыстасці.

«Я не прыеду, вялебны ойча, думаў стары Фэмель, бо на тым фэсце мне давядзецца выконваць ролю свайго ўласнага помніка, а не таго, хто я сапраўды - стары чалавек, які сёння ўранні даў даручэнне сакратарцы апляваць свой помнік; не пужайцеся, вялебны ойча, я не замірыўся са сваім сынам Отам, які не быў маім сынам, а толькі абалонкай майго сына; я таксама не магу святкаваць замірэнне з будынкамі, нават калі я сам іх ставіў. Таго, што нас не будзе на фэсце, ніхто не заўважыць: канцлер, міністры, замежныя княскія асобы і высокія царкоўнікі-дастойнікі, вядома ж, годна запоўняць гэтую пустату. Ты, Роберт, зрабіў гэта і пабаяўся сказаць мне? Твае позіркі, твае рухі пад час агляду абацтва выдалі цябе; што ж: цяпер гэта мяне не кранае... Мажліва, ты ў тую хвіліну думаў пра хлопца, імя якога я так і не даведаўся, пра хлопца, які ўкідаў цыдулкі ад цябе ў нашу паштовую скрыню, і пра кельнера, якога звалі Гроль; пра авечак, якіх ніхто не пасвіў, - і мы таксама; таму давайце не будзем святкаваць замірэння; sorry*, вялебны ойча, неяк Вы перажывяце гэта, наша адсутнасць не будзе для Вас адчувальнаю; загадайце павесіць на сцяну кляштара мемарыяльную дошку: «Пабудавана ў 1908 годзе Генрыхам Фэмелем ва ўзросце 29 гадоў; разбурана ў 1945 годзе Робертам Фэмелем ва ўзросце 29 гадоў» ...а што ты, Ёзэф, будзеш рабіць, калі табе будзе трыццаць? Магчыма, ты заменіш бацьку ў канторы статычных разлікаў: будзеш будаваць альбо разбураць? Формулы, відавочна, больш дзейсныя, чым муравальны раствор.

* Даруйце (англ.).

Падмацуйце сваё сэрца харалам, вялебны ойча, падумайце як след, ці сапраўды Вы замірыліся з тым духам, што разбурыў кляштар».

- Вялікі дзякуй, вялебны ойча; гэта будзе нам вялікая радасць - узяць удзел у Вашым фэсце, - сказаў стары Фэмель уголас.

 

Ад лугоў і нізін ужо цягнула прахалодаю, сухое бурачнае лісце павільготнела, пацямнела, абяцаючы багаты ўраджай; злева, па-над рулём, бялявая галава Ёзэфа, справа - абедзве цёмнавалосыя галовы дзяўчат; машына ціха імчалася ў напрамку горада; ці нехта дзесьці заспяваў песню: «Мы жалі збожжа»? Яна здавалася гэткай самай несапраўднай, як і зграбная вежа Святога Севярына, расплывістыя абрысы якой віднеліся на даляглядзе; Марыяна зноў загаварыла першая:

- Ты не паедзеш праз Додрынген?

- Hе. Дзядуля хацеў ехаць праз Дэнклінген.

- Мне думалася, мы паедзем самай кароткай дарогай.

- Калі мы а шостай вернемся ў горад, - сказала Рут, - у нас будзе яшчэ досыць часу; за гадзіну мы добра паспеем пераапрануцца.

Размова маладых людзей, нібы ціхі шэпт з глыбокіх цёмных штольняў, дзе засыпаныя зямлёй гарнякі імкнуцца падбадзёрыць адзін аднаго: «Бачу святло...» - «Ды не, ты памыляешся...» - «Але я і праўда бачу...» - «Дзе?» - «Ці ты не чуеш стуку? Гэта ратавальная брыгада...» - «Я нічога не чую...»

Ці не занадта гучна мы гаварылі ў гасцёўні абацтва?

 

Нядобра вызваляць формулы з закасцянеласці, надаваць формулам слоўную форму, а ўспаміны ператвараць у пачуцці; пачуццё можа забіць нават такія добрыя і суровыя рэчы, як любоў і нянавісць; ці праўда гэта, што на свеце некалі жыў адзін гаўптман, імя якога было Роберт Фэмель, які так добра валодаў жаргонам афіцэрскіх казіно, так дакладна прытрымліваўся тамтэйшых звычаяў, заўсёды, згодна з пратаколам, запрашаў да танца жонку самага старэйшага званнем афіцэра, умеў нягучна, але выразна абвяшчаць тасты «за славу нашага дарагога нямецкага народа»; шампанскае, ардынарцы, гульня ў більярд; чырвонае на зялёным, белае на зялёным; і аднаго вечара перад ім апынуўся з кіем у руцэ пэўны чалавек, які, усміхнуўшыся, сказаў яму: «Лейтэнант Шрыт; як бачыце, таксама, як і Вы, спецыяліст па выбухах; з дапамогаю дынаміту бараню заходнюю культуру». Ён не ведаў, што такое душэўныя пакуты, умеў чакаць і эканоміць; яму не трэба было зноў і зноў мабілізоўваць сэрца і пачуцці, ён не ўпіваўся трагедыяй, даўшы клятву, што будзе падрываць толькі нямецкія масты, толькі нямецкія дамы, што ад яго рук нават ніводная шыбіна не пацерпіць у расейскай хаце; чакаць, гуляць у більярд, не казаць ніводнага лішняга слова... І, нарэшце, у святле веснавога сонца мы ўбачылі яе, нашу вялікую здабычу, якой мы так доўга мусілі чакаць, - абацтва Святога Антонія; а на даляглядзе віднелася і іншая здабыча, якая потым выслізнула з нашых рук, - Святы Севярын.

 

- Hе едзь так хутка, - ціха сказала Марыяна.

- Прабач, - адказаў Ёзэф.

- А навошта мы едзем у Дэнклінген?

- Дзядулі туды трэба, - растлумачыў Ёзэф.

- Ёзэф, - сказала Рут, - на машыне ў гэтую алею заязджаць няможна; хіба ты не бачыш шыльдачкі: «Толькі для мясцовых чыноўнікаў»? Ты што, таксама мясцовы служачы?

Вялікая дэлегацыя - гаспадар, сын, унук і будучая ўнучкава жонка - спускалася да зачараванага замка.

- Hе, не, - сказала Рут, - я лепей пачакаю тут. Пакіньце мяне тут, калі ласка.

Вечарамі, калі я сяджу разам з бацькам у гасцёўні, бабуля б магла быць з намі: я чытаю, ён папівае віно, корпаецца ў скрынках сваёй картатэкі, раскладае перад сабою, нібы пасьянс, фотакопіі памерам з дзве паштоўкі; заўсёды карэктны, ягоны гальштук добра завязаны, на камізэльцы ніколі ніводзін гузік не расшпілены: ніколі не ператвараючыся ў добранькага татуся; ён стрыманы і заклапочаны; «Ці патрэбны табе кнігі, сукенкі, грошы на паездкі; ты не сумуеш, мая дзетка? Можа, хочаш куды схадзіць? У тэатр, у кіно, на танцы? Я ахвотна пайду з табою; а можа, табе хочацца яшчэ раз запрасіць сваіх школьных сябровак выпіць кавы ў нас на тэрасе - бо пагода стаіць, і гэткая цудоўная?» Вячэрняя праходка перад тым, як ісці спаць: паблізу шматпавярховых дамоў, па Модэстгасэ, аж да самай брамы, пасля па Вакзальнай вуліцы да самага вакзала. «Ці чуеш ты пах далячыняў, дзетачка?» - потым цераз падземны пераход, паўз сабор Святога Севярына, паўз гатэль «Прынц Генрых»; «Грэц забыўся змыць з тратуару плямы крыві»; кроў дзіка засохла і пачарнела; «дзіцятка, палова дзесятай ужо; зараз табе трэба класціся спаць, дабранач»; пацалунак у лоб; заўсёды прыязны, заўсёды карэктны; «...Калі хочаш, возьмем служанку; ці табе яшчэ не надакучыла харчавацца ў рэстаране? Шчыра кажучы, я не люблю чужых людзей у хаце». Сняданак: гарбата, булкі, малако; пацалунак у лоб і часам сказаныя зусім ціха словы: «Дачушка, дачушка...»

- Што, тата?

- Давай паедзем.

- Зараз, вось так адразу ж?

- Ага. Hе хадзі ў школу сёння і заўтра; мы паедзем недалёка, толькі да Амстэрдама; цудоўны горад, дзіцятка; цішыня, вельмі дружалюбныя людзі... трэба толькі ведаць іх.

- Ты ведаеш іх?

- Ведаю, дачушка; я ведаю іх. Цудоўна гэта: гуляць вечарамі ўздоўж каналаў... Вада, нібы шкло... Шкло. Цішыня. Ты чуеш, якія тут ціхія людзі? Нідзе на свеце гэтак не шумяць, як у нас: усё нешта крычаць, лямантуюць, голасна выхваляюцца. Табе не будзе сумна, калі я схаджу і пагуляю яшчэ ў більярд? Давай пойдзем разам, калі гэта можа цябе пацешыць.

Я ніколі не магла зразумець таго захаплення, з якім сачылі за ягонай гульнёю і старыя, і маладыя; сярод клубаў цыгарэтнага дыму, паставіўшы побач з сабою на борцік кухаль піва, ён гуляў у більярд, у більярд; ці яны сапраўды былі з ім на «ты», а можа, гэта проста адметная рыса галандскай мовы, што іхнія звароты да яго пачыналіся быццам бы з «ты»; яны ж ведалі, што яго імя - Роберт; гук «р» яны пракатвалі праз нёба, нібы цвёрдую карамельку. Цішыня. Гэтулькі шкла на каналах. Рут мяне завуць, я - напалову сіротка: маёй маці было дваццаць чатыры, калі яна памерла; а мне тады было тры гадкі, і калі я думаю пра яе, то думаю пра семнаццаць ці пра дзве тысячы год; дваццаць чатыры - гэта не тая лічба, якая падыходзіць да яе; толькі менш васемнаццаці ці больш васьмідзесяці; мне заўсёды здавалася, што яна - бабуліна сястра; я ведаю тую вялікую таямніцу, якая пільна ахоўваецца: бабуля звар'яцела, і я не хачу бачыць яе, пакуль яна застаецца вар'яткай; яе вар'яцтва - падман, смутак, схаваны за тоўстымі мурамі; я ведаю гэта, п'янею часта ад гэтага і плаваю ў хвалях падману; усе жылыя пакоі дома нумар восем па Модэстгасэ населеныя зданямі. «Падступнасць і каханне»; дзядуля пабудаваў кляштар, бацька яго ўзарваў, Ёзэф адбудоўваў яго нанова. Што мне да таго: вы б вельмі здзівіліся, калі б уведалі, як мала мяне гэта кранае; я бачыла, як з падвалаў выносілі трупы, а Ёзэф спрабаваў давесці мне, што гэта хворыя і іх вязуць у шпіталь; але хіба хворых ускідаюць, як мяхі, на грузавік? А потым бачыла, як настаўнік Крот на перапынку ўпотайкі заходзіў у клас і краў з ранца Конрада Грэца хлеб з маслам; я ўбачыла Кротаў твар, і мяне ахапіў смяротны жах; я малілася: «Прашу Цябе, Божухна, не дапусці, каб ён мяне тут убачыў; прашу і малю Цябе...», бо я ведала, што ён мяне заб'е, калі ўбачыць; я стаяла за класнай дошкай: шукала там сваю запінку для валасоў, і ён мог убачыць мае ногі, але Бог злітаваўся з мяне: Крот мяне не заўважыў; мне быў відзён яго твар і яшчэ было відно, як ён адгрыз кавалак хлеба, а пасля выйшаў з класа; таго, каму давялося бачыць гэткія твары, разбураныя абацтвы ўсхваляваць ужо не змогуць; і тая камедыя, што адбылася пазней, калі Конрад Грэц разгледзеўся на крадзеным і Крот пачаў дамагацца ад нас, каб мы прызналіся: «Дзеці, будзьце сумленныя, я даю вам пятнаццаць хвілін; да таго часу вінаваты павінен прызнацца, іначай... яшчэ восем хвілін, сем, шэсць...», і тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позірк і кінуўся да мяне: «Рут, Рут, ты гэта зрабіла, ты?» Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапіў смяротны жах; а ён сказаў: «Божа мой, Рут, будзь сумленная». Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвіліны, тры, дзве, адна, усё... «Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напішаце мне дзвесце разоў у сшытках: «Красці няможна». Ах, вы тут са сваімі абацтвамі! Я мусіла захоўваць куды больш страшныя таямніцы, вытрываць смяротны жах... трупы, нібы мяхі, ускідалі на грузавік.

Чаму яны так халодна размаўлялі з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабіў - забіў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты і зялёны сыр з белым хлебам; які гэта д'ябал пасяліўся раптам у душы нашага ціхманага і разумнага настаўніка? Смерць стаілася паміж яго носам і вачыма, паміж носам і вуснамі, паміж вушамі; трупы, нібы мяхі, ускідалі на грузавік, і мяне забаўляла, калі бацька, стоячы каля вялікага плана горада, кпіў з бургамістра: маляваў свае чорныя знакі і казаў: «Усё да д'ябла прэч! Падарваць!»; я люблю яго, люблю яго не менш і цяпер, калі пра ўсё ведаю; ці Ёзэф пакінуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, які аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты... за колькі цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькі - жонку? Ha яго твары быў цэннік: дзесяць, дваццаць цыгарэт... З ім можна было пра ўсё дамовіцца; з такімі людзьмі заўсёды можна дамовіцца; мне вельмі шкада, тата, але мёд і хлеб былі мне смачныя і пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабіў. Мы хочам і надалей гуляць у бацьку і дачушку - кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсціся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна і я наперадзе, дзядуля - за намі - як штосуботы.

- Ці паспяваеш за намі, дзядуля?

- Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.

- Мы не занадта хутка ідзём?

- Hе, нічога, дзеткі. Ці можна мне на хвілю прысесці; ці вам здаецца, што тут крыху макравата?

- Пясок зусім сухі, дзядуля, і яшчэ зусім цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.

- Вядома, дзядуля, можаш запаліць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нічога не здарылася.

 

На шчасце, Ёзэф пакінуў цыгарэты ў машыне, і запальнічка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткія прыгожыя сукенкі і швэдар - набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкі густ; адразу відаць, што дзядуля разбіраецца ў маладых дзяўчатах і жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва - гэта падман; яна не давала нам нічога есці, і я ўзрадавалася, калі яе ад нас забралі і ў нас паявілася што есці; мажліва, твая праўда, і яна была і ёсць вялікім чалавекам, але нічога не хачу ведаць пра веліч; белы хлеб з пячоначным паштэтам і залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому і сядзіць вечарамі з намі, але не давайце ёй, калі ласка, ключоў ад кухні - прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўніка, і я баюся гэтага; давай ім, Божа, заўсёды досыць яды, каб на іх тварах не паяўляўся той жахлівы выраз; гэты пан Крот зусім бяскрыўдны чалавек; штонядзелі ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонія на ўрачыстую імшу; «якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялікадні? Мілы чалавек з мілай жонкай і мілымі дзвюма дзеткамі: «Паглядзі, Рут, ці не праўда, наш Францхен падрос?» - «О, праўда, ваш Францхен вырас зусім вялікі»; і я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалі вісела на валаску; не, я таксама старанна напісала дзвесце разоў у сшытку: «Красці няможна»; і, вядома, не адмаўляюся, калі Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкі ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусінай пячонкай і белы хлеб з зялёным сырам, а калі там хто-небудзь наступае камусьці на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакіне келіх з віном, у іх не кажуць: «Прабачце, калі ласка» альбо «Пардон»; там кажуць: «sorry».

Трава на ўзбочынах дарогі цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калі я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклінген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзіны.

 

11

 

- Падыдзіце сюды бліжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усіх навічкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсіх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбці кіем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсці галавою перад кожным мурам, капліцай, парніком і мармытаць: «Сектар абстрэлу»? Зрэшты, «сектар абстрэлу» гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсіх куляў і снарадаў; Ота... як далей? Кёстэрс? Hе, фамільярнасцей не трэба, не трэба Вашага імя; апроч таго, імя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас «Сектар Абстрэлу»? Па Вас відно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялі бычынае прычасце, Вы з яго жылі, паслядоўна трымаліся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навічок, і скажыце: Вы якой веры? Католік? Натуральна, у іншым выпадку я была б проста здзіўленая; і Вы ўмееце слугаваць пры імшы? Вядома ж, Вас выхоўвалі каталіцкія пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыдні, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпісалі, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явілася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят ціхі, не небяспечна-шалёны; у цябе адзін-адзіны бзік - там, дзе трэба і дзе не трэба, паўтараць: «Сектар абстрэлу»; ты, напэўна, зможаш пераносіць малітоўнік з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносіцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта - прыкмета тваёй прафесіі, так што ў цябе атрымаецца біць сябе ў грудзі кулакамі, паўтараючы «mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa», ды вымаўляць «Kerie eleison»*; вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталіцкімі айцамі генерал; я падам капелану лякарні тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда?

* «Госпадзе, памілуй» (грэч.).

Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калі ласка, паўз цяпліцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, і, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лішняе; не варта выпрабоўваць тут сваіх комплексаў з танцавальных урокаў, калі ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку і не рабіце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кіньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбінай у цяпліцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўніка: з гэтага страляюць па зайцах і курапатках, па варонах і казулях, бо наш садоўнік - заўзяты паляўнічы, а вось там, паміж стрэльбаў, ляжыць такі ладны, зручны, чорны прадмет - пісталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылі, калі ты быў фэнрыхам ці лейтэнантам; скажы: ці гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, ці з яе каго-небудзь можна застрэліць? Толькі не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамі паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калі я табе задаю пару зусім простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохі й «таго», але не буду настаўляць пісталета да тваіх сямідзесяцітрохгадовых грудзей і не дам дзяржаве магчымасці сэканоміць на тваёй пенсіі; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканоміць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытанні таксама па-вайсковаму дакладны адказ: ці можна гэтай штукай каго-небудзь забіць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў?

Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы... што, Вы паведаміце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убілі ў галаву гэтыя паведамленні, даклады, што Вы не можаце без іх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамі; а заўтра ўранні Вы будзеце прыслугоўваць да імшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сівавалосага, высокага касцельнага служкі; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цікавіць гэтаксама, як цябе - сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпісаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой які-небудзь бзік; у цябе вось бзік «сектара абстрэлу»; поўная сакрэтнасць, «сектар абстрэлу»; прыпомні сваё добрае выхаванне - «Наперад! Ура! Гіндэнбург...»: во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькі выбраць адпаведныя словы... давай павернем цяпер і пройдзем каля капліцы; ці не хочаш зайсці і агледзець месца сваёй будучай дзейнасці? Спакойна, стары; але ж яшчэ памятаеш, што трэба зняць капялюш, абмачыць пальцы правай рукі ў свянцонай вадзе; цяпер перахрысціцца; так, вельмі добра; а зараз укленчыць, паглядзець на вечную лампадку, прачытаць малітвы «Ave Maria» ды «Ойча наш» - зусім ціхутка; каталіцкае выхаванне - гэта тое, што трэба; цяпер падняцца, абмачыць пальцы ў свянцонай вадзе, перахрысціцца, даць дарогу пані, насунуць капялюш - цудоўна, і вось мы зноўку тут: летні адвячорак, гожыя дрэвы ў гожым парку, невялікая лаўка: «Наперад! Ура! Гандэнбург» табе падабаецца, праўда? Як табе падабаецца іншае: «мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін»; табе даспадобы, праўда? Жарты свае кінь: пасля Вердэна з гэткімі жартамі, уласна, было скончана; там паляглі апошнія мужчыны-рыцары... палегла зашмат рыцараў, зашмат каханкаў - як на адзін раз, зашмат маладых і добра выхаваных людзей; ты не спрабаваў калі-небудзь падлічыць, колькі поту, пралітага педагогамі, за тыя паўтара месяца было зведзена на нішто? Дарэмна! Чаму вам ніколі не прыходзіла ў галаву, каб адразу пасля выпускных іспытаў на памочніка майстра ці памочніка гандляра проста ў калідоры рамеснай ці гандлёвай школы паставіць кулямёт і пастраляць усіх тых маладых хлапцоў, на радасных тварах якіх напісана: «здаў!»? Мяркуеш, што я перабольшваю? Ну, тады дазволь табе растлумачыць, што праўда - гэта найвялікшае перабольшванне; я сама яшчэ таньчыла з выпускнікамі 1905, 1906 і 1907 гадоў і брала ўдзел у вечарынах разам з гэтымі аматарамі фуражак і піва... але з тых трох выпускаў больш як палова палегла пад Вердэнам. Як ты думаеш, колькі засталося жывых з выпускаў 1935, 1936, 1937 гадоў, альбо 1941, ці 1942 - можаш узяць любы год, усё адно; і не пачынай зноў дрыжаць; я зусім не ведала, што стары генерал можа так баяцца; можаш узяцца за мае рукі; як мяне завуць? Запомні сабе: тут пра гэта не пытаюцца, тут ні ў кога няма візітовак, і на брудэршафт тут таксама не п'юць; адно без дазволу кажуць адно аднаму «ты», ведаючы, што ўсе людзі браты, хай сабе і браты, якія варагуюць; адны частаваліся авечым прычасцем - іх вельмі мала, стары, - а іншыя - прычасцем бычыным; а завуць мяне «Мне Патрэбны Карабін», а прозвішча маё «Наперад! Ура! І Гіндэнбург»; адкінь усе свае мяшчанскія прымхі і ўяўленні «як трэба жыць»; тут пануе бяскласавае грамадства, і не трэба скардзіцца мне з прычыны прайгранай вайны. Божа мой, вы іх і сапраўды прайгралі, дзве запар? Такому, як ты, я б зычыла прайграць сем войнаў! А зараз перастань ныць; я напляваць хацела на тое, колькі войнаў ты прайграў; страта дзяцей куды горшая за страту перамогі; тут, у Дэнклінгене, ты можаш прыслугоўваць да імшы, надзвычай пачэсны занятак, і не кажы мне нічога пра будучыню Нямеччыны; я чытала ў газеце, што будучыня Нямеччыны дакладна забяспечана. Калі ўжо табе так трэба плакаць, дык не плач гэтак плаксіва; што, цябе пакрыўдзілі? Абразілі твой гонар? Якая карысць ад гонару, калі першы лепшы чужынец можа яго закрануць, ці не праўда? Але цяпер ты можаш радавацца: у гэтай установе ты маеш добрае сховішча; тут чуюць найменшы боль душы, тут паважаюць усялякія комплексы; усё залежыць толькі ад таго, колькі ў цябе грошай: калі ты бедны, цябе будуць лячыць кухталямі і халоднай як лёд вадою, але тут разумеюць кожную тваю слабасць: калі захочаш, можаш нават мець выхадныя і схадзіць у Дэнклінген на піва; табе трэба будзе толькі крычаць: «Сектар абстрэлу! Сектар абстрэлу для другой, сектар абстрэлу для трэцяй арміі!» - і хтосьці адкажа: «Слухаю, гэр генерал!»; час успрымаецца тут не як цэлае, а толькі як часткі; ён тут ніколі не зможа зрабіцца гісторыяй, разумееш? Я ахвотна табе паверу, што ты ўжо бачыў мае вочы ў кагосьці, хто меў шнар на пераноссі; я табе паверу, але гэткія даныя і гэткія асацыяцыі тут забароненыя; тут заўсёды сёння, сёння бітва пад Вердэнам, сёння памёр Генрых, загінуў Ота; сёння 31 мая 1942 года; сёння Генрых шапнуў мне ў вуха: «Наперад! Ура! І Гіндэнбург»; ты ведаў яго, паціскаў яму руку ці, дакладней, ён табе паціскаў; добра, але давай крыху папрацуем; я яшчэ памятаю, якая малітва давалася касцельным служкам найцяжэй: я вучыла яе разам са сваім сынам Отам, слухала, як ён чытаў яе мне: «Suscipiat Dominus sacrificium de manibus tuis ad laudem et gloriam nominis sui»*, a цяпер самае цяжкае, стары, - «Ad utilitatem quoque nostram, totiusque Ecclesiae sua sanctae»**, - паўтарай за мною, стары; ды не, не «utilatem», a «ad utilitatem», гэтую памылку робяць усе; калі хочаш, напішу табе тэкст на картачцы, альбо чытай яго са свайго малітоўніка... а цяпер adieu***, час ісці на вячэру. «Сектар абстрэлу»; смачна табе пад'есці...»

* Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваіх дзеля хвалы і славы імя свайго... (лац.).

** ...а таксама дзеля карысці нашае і ўсёй святой Царквы сваёй (лац.).

*** Да пабачэння (франц.).

 

Па шырокіх чорных дарожках паўз капліцу, назад да парніка; толькі муры былі за сведкаў, як яна адчыніла ключом дзверы, каля парожніх кветкавых гаршчэчкаў і градак, што пахлі гніллю, прайшла ў каморку садоўніка; зняўшы са стаяка пісталет, яна адчыніла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пісталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усміхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкі, яна выйшла з цяпліцы, зачыніла за сабою дзверы; толькі цёмныя муры былі за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка і па шырокіх чорных дарожках вярнулася ў дом.

 

Гупэрц паставіў ёй вячэру на стол у пакоі; гарбата, хлеб, масла, сыр і вяндліна; потым, падняўшы галаву, ён усміхнуўся:

- У Вас сёння проста цудоўны выгляд.

- Так, - сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы і спыталася:

- Ці не мог бы садоўнік прынесці мне якіх дзве-тры кветкі?

- Яго няма, - адказаў Гупэрц. - У яго выхадны да заўтрашняга вечара.

- І што, больш нікому не дазваляецца заходзіць у цяпліцу?

- Hе, шаноўная пані, у гэтым ён надзвычай суровы.

- Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купіць якія-небудзь кветкі ў Дэнклінгене ці ў Додрынгене.

- Вы хочаце выйсці на шпацыр, шаноўная пані?

- Магчыма, магчыма, выйду; такі пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда?

- Вядома ж, вядома ж, дазволена... А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы ці пану доктару?

- Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькі злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра?

- Слухаю, шаноўная пані.

 

Калі Гупэрц пайшоў, яна адчыніла акно і кінула ключ ад садоўнікавай каморкі ў яму з кампостам, потым зачыніла акно, наліла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы бліжэй да сябе тэлефон; «Хадзем, хадзем», - сказала яна ціха і паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. «Хадзем, хадзем, - сказала яна, - я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; ніхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта літаральна зразумелі слова «карабін»; мне не трэба карабіна, пісталет таксама добра... хадзем, хадзем; скажы мне, колькі часу; хадзем... скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы і пад тым самым тэлефонным нумарам?» Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгі сігнал станцыі. «Варта Гупэрцу толькі націснуць на гузік - і ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмі цікава, як яна будзе выглядаць, калі я выйду з гэтага заклятага замка». Правай рукой яна накруціла нумар: адзін-адзін-адзін і пачула лагодны голас:

- У момант гучання сігналу часу праміне семнаццатая гадзіна пяцьдзесят восем хвілін, трыццаць секунд.

Прыгнечаная цішыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас:

- У момант гучання сігналу часу праміне семнаццатая гадзіна пяцьдзесят восем хвілін, сорак секунд.

Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў:

- ...Семнаццатая гадзіна пяцьдзесят дзевяць хвілін... дзесяць... дваццаць... трыццаць... сорак... пяцьдзесят секунд...

Рэзкі ўдар гонга:

- ...Васемнаццатая гадзіна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, - сказаў лагодны голас.

...Генрыху споўнілася б сорак восем, Ёганне - сорак дзевяць, а Оце - сорак адзін; Ёзэфу цяпер дваццаць два гады, Рут - дзевятнаццаць...

Голас у трубцы сказаў:

- У момант гучання сігналу часу праміне васемнаццатая гадзіна і адна хвіліна.

...Памалу, іначай я і сапраўды звар'яцею; гульня робіцца зусім сур'ёзнаю, і я канчаткова вярнуся ў вечнае сёння; парога ўжо не знайду, буду бегаць вакол высокіх муроў, што пазарасталі з усіх бакоў, буду бегаць, не знаходзячы ўвахода; візітная картка часу - нібы выклік на дуэль, але яго немагчыма прыняць: цяпер шостае верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, васемнаццатая гадзіна, адна хвіліна і сорак секунд; помслівы кулак раструшчыў маё кішэннае люстэрка, засталіся толькі два кавалачкі, у якіх адбіваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькі гадзін запар грымелі выбухі, чула абураны людскі шэпт: «Яны ўзарвалі нашае абацтва» - вартаўнікі і прыдзвернікі, садоўнікі і вучні пекара перадавалі адзін аднаму гэтую жахлівую навіну, якую я не лічу гэткай жахлівай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сінія вочы... Хто гэта мог быць? Ці ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасіць Ёганну, Фэрдзі, кельнера, прозвішча якога было Гроль, і Эдыт - і каб я магла зразумець, кім быў Ота; ён загінуў пад Кіевам, гэта гучыць так недарэчна і пахне гісторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкі: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзін; і з дзесяці - дванаццаці метраў можна стрэліць трапна; хадзем да мяне - вы, гады, тыдні і дні, гадзіны і хвіліны; колькі ж там секундаў? - «...Васемнаццатая гадзіна, дзве хвіліны і дваццаць секунд...» Я пакідаю сваю папяровую лодачку і кідаюся ў акіян; смяротная блякласць; мажліва, я вытрываю гэта. «...Васемнаццатая гадзіна, дзве хвіліны і трыццаць секунд» - гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лішнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн - чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксі; хутка, вельмі тэрмінова, прашу Вас, памажыце мне; пласцінкі адказу не даюць, гэта я павінна была памятаць; трэба пакласці слухаўку, падняць слухаўку, накруціць нумар: адзін-адзін-два... Ці замаўляюць таксі ўсё яшчэ па тым самым нумары, што і раней?

- ...Вы зможаце паглядзець у Дэнклінгене, - сказаў лагодны голас, - айчынны фільм «Моргаскія браты»; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзіне і а дваццатай гадзіне пяцьдзесят хвілін... У додрынгенаўскім кінатэатры ідзе знакаміты фільм «Што можа каханне?»...

...Ціха, ціха, мая лодачка знішчана, але хіба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнік з фальбонкамі і хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўніз, з вышыні аднаго метра; ...узяць сябе ў рукі, набраць паветра; ты навучылася плаваць - a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзін-адзін-тры?

- ...Калі ўвечары да Вас завітаюць госці, мы можам параіць вам смачнае і адначасна таннае меню: на першае грэнкі, запечаныя з сырам і вяндлінай, потым зялёны гарошак са смятанаю і да яго лёгкі бульбяны пудынг, а таксама шніцэль проста з рушту...

- Фройляйн, фройляйн!.. - Я ведаю, што грамафонныя кружэлкі адказаць не могуць.

- ...Госці ацэняць знакамітыя здольнасці гаспадыні...

...Націснуць на рычагі і зноў накруціць - адзін-адзін-чатыры. Лагодны голас:

- ...значыць, вы паўкладалі ўвесь неабходны для кемпінга рыштунак, падрыхтавалі гатовыя запасы, і прашу не забываць: калі Вы паставіце машыну на стромкім схіле, трэба націснуць на ручны гамулец; а цяпер зычым Вам добрага нядзельнага адпачынку ў коле сям'і...

...Hе дам сабе рады; занадта многа часу трэба надрабляць; усё больш палатнее мой твар, не паяўляюцца слёзы на маім закамянелым твары, адмоўлены, дарма патрачаны час, нібы цвёрды камяк хлусні, засеў ува мне; люстэрка, кавалачкі пабітага люстэрка; скажыце мне, ці мае валасы сапраўды пасівелі ў катоўнях гэтых лагодных галасоў? Адзін-адзін-пяць - заспаны голас:

- Слухаю. Тэлефонная станцыя Дэнклінген.

- Ці чуеце Вы мяне, фройляйн? Ці чуеце?

- Чую Вас.

Смех.

- Мне трэба тэрміновае злучэнне з канторай архітэктара Фэмеля. Модэстгасэ, дом сем альбо восем; абодва адрасы Вы знойдзеце з прозвішчам Фамель, дзетка. Вы не будзеце злаваць на мяне, калі я буду называць вас дзеткаю?

- Ды не, што Вы, шаноўная пані...

- Гэта вельмі тэрмінова.

Пачулася шалясценне паперы.

- У мяне тут у спісе пан Генрых Фэмель і пан доктар Роберт Фэмель. Вам сувязь з кім?

- З Генрыхам Фэмелем.

- Прашу не класці трубку.

Ці тэлефонны апарат, як і даўней, стаіць на падаконні - гэтак, што, тэлефануючы, ён можа глядзець на вуліцу і на дом на Модэстгасэ, восем, дзе яго дзеці гулялі на тэрасе, а таксама - уніз, на Грэцаву краму, перад дзвярыма якой вісеў дзік; ці там напраўду ў гэтай хвілі звоніць тэлефон? Яна чула сігналы выкліку, а прамежкі маўчання паміж імі здаваліся ёй бясконца доўгімі.

- Вельмі шкада, шаноўная пані: там ніхто не адказвае.

- Калі ласка, паспрабуйце набраць другі нумар.

- Набіраю... Няма, няма адказу.

- У такім разе, дзетка, замоўце мне таксі.

- З ахвотаю. Куды?

- Да дэнклінгенаўскай лякарні.

- Зараз зраблю, шаноўная пані.

- Вось, Гупэрц, можаце забраць гарбату, хлеб і закуску. І, калі ласка, я б хацела застацца адна; калі таксі заедзе ў алею, я яго ўжо неяк убачу; не, дзякуй, болей нічога не трэба; Вы і праўда не грамафонная кружэлка? Ах, прабачце, я зусім не хацела Вас пакрыўдзіць... гэта быў толькі жарт; дзякуй Вам.

Ёй было холадна; яна адчувала, як твар нібы збіраецца ў зморшчыны - твар бабулі, памяты, стомлены; ён адбіваўся ў шыбіне; слёз няма; ці сапраўды ён, гэты час, срэбрам прабраўся ў яе чорныя валасы! Я навучылася плаваць, але не ведала, што вада бывае такая халодная; лагодныя галасы мучылі мяне, заганялі ў мяне сучаснасць; бабуля з серабрыстымі валасамі, гнеў, ператвораны ў мудрасць, думкі пра помсту - прага атрымаць дараванне; нянавісць пад цукровым глазурам мудрасці; старэчыя пальцы ўцяліся ў скураную сумачку; золата, якое выносіцца з заклятага замку; выкуп за мяне.

Забяры мяне адсюль, мой наймілейшы, я вяртаюся да цябе. Я буду тваёй сівавалосай, старой каханай жонкай, добрай маткаю і ласкавай бабуляю, якую можна хваліць перад усімі сябрамі; «наша бабуля шмат гадоў была хворая, але вось паправілася і прынесла з сабой сумачку, поўную золата».

Што мы будзем сёння есці ў Кронэравай кавярні? Грэнкі, запечаныя з сырам і вяндлінай, зялёны гарошак са смятанай ды шніцэль; і ці будзем мы крычаць: «Асанна Давідавай нявесце, якая вярнулася з заклятага замка»? Свае віншаванні нам выкажа Грэц, забойца сваёй маці; голас крыві ў ім не загаварыў, і ў Оты ён не загаварыў таксама; калі настаўнік гімнастыкі будзе праязджаць каля дома на сваёй сівой клячы, я стрэлю па ім. Ад альтанкі да вуліцы не больш як дзесяць метраў - дыяганальная лінія не будзе даўжэйшая за трынаццаць; я папрашу Роберта дакладна ўсё вылічыць; ва ўсякім разе гэта месціцца ў межах найбольшай трапнасці стрэлу; генерал «Сектар Абстрэлу» мне гэта растлумачыў; ён павінен ведаць такое, наш сівагаловы касцельны служка; заўтра ад раніцы ён заступіць на службу; ці ён да тае пары вывучыць, што трэба казаць не «utilatem», a «ad utilitatem»? Чырвоны шнар над пераноссем... і ўсё ж даслужыўся да гаўптмана; так доўга цягнулася гэтая вайна; шыбы ў вокнах звінелі пры кожным новым выбуху, і пыл пакрываў падаконні; я напісала пальцам на ім: «Эдыт, Эдыт...», я любіла цябе больш, чым мне мог падказаць голас крыві; адкуль ты паявілася ў нас, Эдыт, скажы, адкуль?

Я зморшчваюся ўсё больш і больш; ён панясе мяне на руках з таксі ў Кронэраву кавярню; прыеду якраз без спазнення; цяпер самае позняе шостая гадзіна шэсць хвілін і трыццаць секундаў; чорны кулак, поўны помсты, расціснуў маю памаду; і мае спарахнелыя косці дрыжаць; баюся, як яны будуць выглядаць, мае сучаснікі; ці будуць яны тыя самыя людзі, што былі даўней, альбо толькі падобныя да іх? А што з нашым залатым вяселлем, стары; у верасні 1908 года - ты забыўся? - трынаццатага верасня 1908 года; як ты мяркуеш спраўляць залатое вяселле? Жонка-юбіляр з серабрыстымі валасамі, муж-юбіляр з серабрыстымі валасамі, а наўкола незлічоная грамада ўнукаў; прабач мне за мой смех, Давід... ты не быў Аўрамам, але я адчуваю ў сабе крышачку ад смеху Сары, толькі зусім крышачку: шмат яго ўва мне змяшчаецца; я нясу з сабою толькі арэхавую шкарлупіну смеху ды яшчэ сумачку, поўную золата; але хоць і слабы мой смех, ён хавае ў сабе агромністую энергію, большую за Робертаў дынаміт...

Урачыста, вельмі ўрачыста, але занадта марудна вы ідзяце праз алею; наперадзе сын Эдыт, але побач з ёй не Рут; ёй было тры гадкі, калі мяне забралі ад іх, ды я б усё адно пазнала яе, нават калі б убачыла яе васьмідзесяцігадовую; гэта не Рут; жэсты рук не забываюцца; у арэхавай шкарлупіне жыве ўжо будучае дрэва; як часта мне даводзілася бачыць гэткі, як у Рут, жэст - у маёй маці, калі яна адкідвала сабе з ілба валасы; дзе ж Рут? Няхай яна мне выбачае... гэта чужая, прыгожая дзяўчына; ах, вось чэрава, якое народзіць тваіх праўнукаў, стары; ці будзе іх сямёра, сем разоў па сямёра? Прабач, што я смяюся: вы паяўляецеся, нібы герольды, павольна і занадта ўжо ўрачыста; вы хочаце забраць юбіляра-нявесту? Вось я тут, гатовая, зморшчаная, нібы стары-стары яблык; ты можаш занесці мяне ў таксі на руках, стары; але хуценька: я не магу цяпер змарнаваць ні секунды; ага, таксі прыехала ўжо: бачыце, як я добра ўмею ўсё арганізаваць; ва ўсякім разе як жонка архітэктара навучылася гэтаму... дайце праехаць таксі, а самі станьце паабапал алеі: справа - Роберт і незнаёмая прыгажуня, злева - стары са сваім унукам; Роберт, Роберт, хіба гэта тое месца, дзе ты павінен пакласці руку каму-небудзь на плячо? Табе трэба дапамагчы, падтрымаць? Хадзі сюды, стары; заходзь, прынясі сюды шчасце... святкуйма і радуймася! Прыйшла нашая часіна!

 

12

 

Парцье ўстрывожана паглядаў на гадзіннік: прамінула ўжо шостая гадзіна, а Ёхэн усё яшчэ не паявіўся, каб замяніць яго; госць з нумара 11 спаў ужо дваццаць адну гадзіну, павесіўшы на клямку шыльдачку з надпісам «Прашу не турбаваць»; і ўсё-ткі дагэтуль яшчэ ніхто не адчуў цішыні смерці за зачыненымі дзвярыма; не чуваць шэптаў, ляманту пакаёвак; час вячэры: цёмныя гарнітуры, светлыя сукенкі, шмат срэбра, агеньчыкі свечак, музыка; да амара пад маянэзам - Моцарт, да мясных страў - Вагнер, пад дэсерт - джаз.

У паветры адчувалася бяда; парцье спалохана паглядаў на гадзіннік: стрэлкі занадта павольна набліжаліся да пункта, у якім бяда павінна зрабіцца відавочнай; тэлефонныя званкі адзін за адным: першае меню ў нумар дванаццаць, трэцяе меню ў дзвесце васемнаццаты нумар, шампанскае - у чатырнаццаты; суботне-нядзельным парушальнікам шлюбнай вернасці патрабаваліся стымулятары; пяцёра багатых валацугаў сядзелі ў вестыбюлі, чакаючы аўтобуса, які меў завезці іх да начнога самалёта: «...Менавіта так, шаноўная фраў, першая вуліца налева, другая - направа, трэцяя - налева; рымскія дзіцячыя магілкі маюць вячэрняе асвятленне; фатаграфаваць дазволена». Бабуля Блейзік у аддаленым куце піла свой партвейн і нарэшце перахапіла Гугу, які чытаў ёй навіны з мясцовай газеты: «Няўдача злодзея-кішэнніка. Учора ў Эрэнфэльдгюртэлі малады чалавек зрабіў спробу выхапіць сумачку з рук у пажылой жанчыны, але адважная бабулька здолела... Дзяржаўны сакратар Далес...»

- Лухта, лухта, - перапыніла яго бабуля Блейзік, - не хачу слухаць нічога пра палітыку ці пра міжнародныя справы; мяне цікавяць толькі мясцовыя навіны.

І Гуга чытаў далей:

- Бургамістр горада ўшанаваў слыннага баксёра...

Час здзекліва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране ціха звінелі келіхі; на сталы ставіліся срэбныя талеркі, пад узнёслую музыку пазвоньвалі фарфоравыя талеркі; у дзвярах, што мякка вярнуліся ў абабітыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авіякампаніі і жэстамі заклікаў тых, хто ад'язджае, збірацца хутчэй; парцье нервова зазіраў у свой нататнік: «ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вуліцы для пана М.; з 18.30 - двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вуліцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсі з нумара 114»; толькі што якраз гэтай псіне панеслі яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток і мяккі бялок, а да яек - моцна засмажаныя кавалачкі каўбасы, і, як заўсёды, гэтая паскудная жывёліна пачне грэбліва адварочвацца ад яды; госць у адзінаццатым нумары спіць ужо дваццаць адну гадзіну і васемнаццаць хвілін...

- Менавіта так, шаноўная фраў, феерверк пачнецца праз паўгадзіны пасля захаду сонца; гэта значыць, недзе а палове восьмай; парад прыхільнікаў «Саюза змагароў» павінен пачацца а дзевятнаццатай пятнаццаць; мне вельмі шкада, але я не магу сказаць Вам, ці пан міністр будзе там.

Гуга чытаў голасам хлопчыка, толькі што адпушчанага са школы: «...Айцы горада ўручылі заслужанаму баксёру не толькі пасведчанне ганаровага грамадзяніна, але і залаты жэтон Марсілія, які даецца толькі за самыя вялікія заслугі ў галіне культуры. Урачысты вечар скончыўся святочнай бяседай». Багатыя валацугі нарэшце пакінулі вестыбюль; «калі ласка, панове, урачыстая вячэра левай апазіцыі адбудзецца ў блакітнай зале... Hе, урачыстая вячэра правай апазіцыі - у жоўтай зале; дарогу паказваюць шыльды з надпісамі, шаноўны пане; хто там левы, хто правы - па іх не відаць; у такіх рэчах найлепей цяміць Ёхэн: у яго беспамылковае чуццё, калі трэба вызначыць прыналежнасць да грамадскіх групаў; ён пазнае сапраўднага пана ў рызманах і пралетарыя ў самым шыкоўным гарнітуры; ён бы адрозніў левую апазіцыю ад правай; у іх нават заказы меню не розніліся паміж сабой... ах, будзе яшчэ нейкая ўрачыстая вячэра - рады па нагляду за дзейнасцю Таварыства «Сас'етас»; у чырвонай зале, шаноўны, пане; ва ўсіх аднолькавыя твары, і ўсе будуць есці на закуску амары пад маянэзам - і левыя, і правыя, і рада па нагляду; Моцарт - да закускі, Вагнер - да галоўных страў з густой падліваю, джаз - да дэсерту; але, у чырвонай зале, шаноўны пане; чуццё Ёхэна не падманвае што да грамадскай прыналежнасці, але ў іншых выпадках яно яму здраджвае. Калі ў гатэль першы раз прыйшла авечая капяланка, ён шапнуў: «Увага, гэта найвышэйшы клас», а калі потым прыйшла тая маленькая бледная дзяўчына з ускудлачанымі валасамі і толькі з сумачкай у руцэ і кніжкай кішэннага фармату пад пахай, Ёхэн сказаў: «Звычайная шлюндра»: на што я адказаў: «Яна і праўда робіць гэта з кожным, але нічога за гэта не бярэ - значыць, яна не шлюндра»; Ёхэн запярэчыў: «Яна робіць гэта з кожным і бярэ за ўсё грошы» - і тут была яго праўда. Затое ў Ёхэна няма чуцця на бяду: калі потым аднаго разу да нас прыехала зіхатліва-вясёлая бландзінка з трынаццаццю валізамі, я сказаў яму, калі яна заходзіла ў ліфт: «Паспрачаемся, што жывую мы яе ўжо не ўбачым», а Ёхэн не згадзіўся: «Ды ну, лухта, проста яна на некалькі дзён уцякла ад мужа», і хто, думаеце, меў рацыю? Я! Пігулкі для сну і шыльдачка «Прашу не турбаваць» на дзвярах; яна спала дваццаць чатыры гадзіны, а потым у гатэлі пачалі шаптацца: «Нехта памёр... памёр у сто васемнаццатым нумары»; нішто сабе гісторыя, калі прыкладна а трэцяй дня тут паяўляецца крымінальная паліцыя, а праз дзве гадзіны адсюль выносяць труп; нішто сабе гісторыя!

Фу, а гэта чыя такая пыса?! Шафа з абліччам дыпламата, сто кіло жывой вагі, хада, нібы ў ямніка, і гарнітур! Папахвае важнай асобай; ён трымаецца крыху ззаду, а дзве менш важныя асобы падыходзяць да прылаўка:

- Нумар, зарэзерваваны для пана М., калі ласка.

- Ах, зразумела: нумар дзвесце адзінаццаць. Гуга, хадзем, завядзеш шаноўных паноў наверх.

І ўсе трое, тры цэнтнеры жывой вагі, спавітыя ў ангельскае сукно, бясшумна падняліся ў ліфце наверх.

- Ёхэн, Ёхэн, напрамілы Бог, дзе ты быў аж да гэтай пары?

- Прабач, - адказаў Ёхэн, - ты ж ведаеш, што я амаль нікуды і ніколі не пазнюся; асабліва калі ведаю, што цябе чакаюць жонка і дзеці; але бачыш, калі справа датычыць галубоў, маё сэрца рвецца паміж абавязкамі сябра і абавязкамі заўзятага аматара галубоў; калі ўжо я выпусціў у дарогу шэсць птушак, дык, натуральна, хачу, каб усе шэсць да мяне вярнуліся; але толькі пяць прыляцелі ў вызначаны час, a шосты вярнуўся толькі праз дзесяць хвілін, зусім зняможаны; бедная істота; ну, ідзі ўжо, калі хочаш яшчэ захапіць добрыя месцы глядзець феерверк, самая пара; ага, ужо бачу: левая апазіцыя ў блакітным пакоі, правая апазіцыя ў жоўтым пакоі, рада нагляду за дзейнасцю Таварыства «Сас'етас» у чырвоным пакоі; яно ж вядома, канец тыдня; гэта куды менш цікава, чым калі збіраюцца філатэлісты альбо піўныя магнаты; не бойся, з імі ўжо неяк разбяруся, не буду занадта даваць волі сваім пачуццям, хоць левай апазіцыі я з ахвотаю надаваў бы кухталёў, а правай апазіцыі і сябрам рады нагляду панапляваў бы ў закуску; ну, ты ж не хвалюйся: трымаць штандар фірмы я буду высока; і тваімі кандыдатамі ў самазабойцы таксама займуся; слухаю, шаноўная фраў, прыслаць Гугу а дзевятай гуляць у карты? Вядома ж, ён прыйдзе; ага, пан М. ужо тут? Гэты пан М. мне не падабаецца, хоць я яго яшчэ не бачыў; слухаю, шаноўны пане, шампанскае ў дзвесце адзінаццаты і тры цыгары «Партагас Эмінэнтэс»; пах цыгар дасць Вам магчымасць пазнаць іх! Божухна, а вунь ідзе ўвесь род Фэмеляў!

Дзяўчына, дзяўчына, што з табой зрабілася! Калі я ўбачыў цябе першы раз пад час парада з нагоды кайзеравага візіту, маё сэрца забілася імклівей, хоць я і ведаў, што гэткія кветачкі не растуць дзеля такіх, як я; я прынёс чырвонае віно ў нумар, дзе ты сядзела разам з татусем і мамуляю; дзетка, дзетка, хто б тады падумаў, што калі-небудзь ты зробішся самай сапраўднай бабуляю з серабрыстымі валасамі, зусім зморшчанай? Я б мог цябе адной рукою занесці ў пакой і, далібог, зрабіў бы гэта, калі б мне далі дазвол, але дазволу ў мяне няма, даражэнькая старая дзяўчына, а шкада, ты і сёння яшчэ прыгожая.

- Пане тайны радца, мы зарэзервавалі нумар 212 для Вас і Вашай шаноўнай жонкі... пардон, для Вашай шаноўнай жонкі і для Вас; багаж на вакзале? Hе? Што-небудзь прывезці з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькі на дзве гадзіны, пакуль доўжыцца феерверк і парад «Саюза змагароў»? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасці асобам, вялікі балкон, і, калі жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкі. Hе трэба? Гуга, Гуга, завядзі шаноўных спадароў у нумар 212 і вазьмі з сабою картку він; маладых пана і паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, більярдавы пакой зарэзерваваны для Вас і для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду, ён добры хлопец: палову дня вісеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо ніколі не забудзе ані Вашага нумара, ані нумара пансіяната «Мадэрн»; а чаму сёння ў «Саюза змагароў» парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала - здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: «Айчына, хістаюцца ўсе твае апоры...»; ну, няхай сабе хістаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хісталіся? Калі б Вы мне дазволілі выказаць мой асабісты палітычны погляд, я б сказаў: увага, калі апоры зноў пачнуць хістацца; увага!

- Я ўжо калісьці тут стаяла, - прамовіла яна ледзь чутна, - і глядзела, як ты маршыруеш там, унізе; то быў парад з нагоды прыезду кайзера ў студзені 1908 года; надвор'е было як замоўленае кайзерам, даражэнькі: траскучы мароз - гэтак, здаецца, пішуць у вершах; я дрыжала, хвалюючыся, ці вытрымаеш ты апошняе і самае цяжкае выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай; на суседнім балконе стаяў генерал і разам з бацькам, маці і мною падымаў свой келіх; тады ты вытрымаў выпрабаванне, стары; не глядзі на мяне так пільна... менавіта пільна; ты гэтак ніколі яшчэ на мяне не глядзеў; пакладзі галаву мне на калені, запалі цыгару і прабач мне, што я вось дрыжу: мне боязна... ці бачыў ты твар таго хлопца? Хіба ён не мог быць братам Эдыт? Мне боязна, і ты павінен зразумець, што я яшчэ не магу вярнуцца ў нашу кватэру, магчыма, ніколі ўжо ў яе не вярнуся; не магу зноў увайсці ў гэтае кола... мне боязна, куды больш, як даўней; вы, відавочна, папрывыкалі ўжо да гэтых твараў, а я пачынаю сумаваць па маіх ціхіх вар'ятах; хіба вы сляпыя? Хіба вас так лёгка можна падмануць? Яны заб'юць вас нават не за нейкі жэст рукі, не за кавалак хлеба з маслам - проста так! Hе трэба нават быць цёмнавалосым ці бялявым, не трэба нават паказваць метрыкі хрэсьбінаў тваёй прабабкі... яны вас заб'юць, бо ім не спадабаюцца вашыя твары; хіба ты не бачыў плакатаў, якімі залеплены сцены? Хіба вы паслеплі? Кажу табе, мой даражэнькі, яны ўсе пакаштавалі бычынага прычасця; дурныя як бот, глухія як пень і страшэнна нявінныя, як апошняе ўцелясненне быка; прыстойныя, прыстойныя... мне боязна, стары: нават у трыццаць пятым ці ў сорак другім годзе я не пачувала сябе такою чужою сярод людзей; мажліва, мне патрабуецца час, але ж не хопіць і стагоддзяў, каб прызвычаіцца да гэтых твараў; прыстойныя, прыстойныя - і нізвання смутку на твары; што гэта за людзі, зусім без смутку? Дай мне яшчэ кілішак віна і не глядзі падазрона на маю сумачку: вы ведалі лекі, але ўжыць іх мушу я сама; у цябе чыстае сэрца, і ты не можаш сабе ўявіць, колькі ліха ёсць на гэтым свеце; а я патрабую сёння ад цябе яшчэ адну вялікую ахвяру: не праводзь сёння ўрачыстае вячэры ў Кронэравай кавярні, разбуры гэту легенду, не заклікай сваіх унукаў апляваць твой помнік, а зрабі так, каб помніка не было; сыр з папрыкай табе ж ніколі не быў смачны... няхай кельнеры і пасудамыйкі сядуць за святочны стол і зжаруць тваю святочную вячэру; мы застанемся тут на балконе, атрымаем асалоду ад летняга вечара ў сямейным коле, вып'ем віна, паглядзім феерверк і парад «змагароў»; супраць чаго яны змагаюцца? Ці магу я патэлефанаваць у Кронэраву кавярню і адмовіцца ад святочнай вячэры?

 

Перад парталам сабора Святога Севярына збіраліся людзі ў блакітнай форме; яны стаялі групамі, курылі цыгарэты; у іхніх руках былі блакітна-чырвоныя харугвы з вялікай чорнай літарай «К»; духавы аркестр ужо рабіў рэпетыцыю песні «Айчына, хістаюцца ўсе твае апоры»; кілішкі для віна ціха звінелі на балконах, вядзерцы з шампанскім пазвоньвалі металам, коркі стралялі ў вячэрняе блакітнае неба, званы Святого Севярына абвясцілі без пятнаццаці сёмую; трое паноў у цёмных гарнітурах выйшлі на балкон дзвесце дванаццатага нумара.

- Вы сапраўды думаеце, што яны могуць нам прыдацца? - спытаў М.

- Я ўпэўнены, - адказаў другі.

- Няма ніякіх сумненняў, - дадаў трэці.

- Але ці не адпалохаем мы больш выбаршчыкаў, чым іх здабудзем, дэманструючы гэтым свае сімпатыі?

- «Саюз змагароў» не лічыцца гэткім ужо радыкальным, - сказаў другі мужчына.

- Прайграць Вы нічога не прайграеце, - сказаў трэці, - а выйграць можаце.

- Колькі гэта будзе галасоў у найлепшым і ў найгоршым выпадку?

- У найлепшым - каля васьмідзесяці тысяч, а ў найгоршым - недзе пяцьдзесят тысяч. Давайце вырашайце.

- Канчаткова я яшчэ не вырашыў, - адказаў М., - чакаю ўказанняў ад пана К. Як, на Вашу думку, ці ўдалося нам пакуль што пазбегнуць увагі газетчыкаў?

- Удалося, пане М., - адказаў другі.

- А персанал гатэля?

- Тут будзе ўсё абсалютна сакрэтна, пане М., - адказаў трэці. - Указанні ад пана К. павінны надысці неўзабаве.

- Hе люблю гэтых хлопцаў, - сказаў пан М. - Яны яшчэ ў нешта вераць.

- Восемдзесят тысяч галасоў могуць сабе спакойна ў нешта верыць, пане М., - адказаў другі.

Смех. Пазвоньванне кілішкаў. Тэлефонны званок.

- Ага. М. каля тэлефона. Ці так я зразумеў? Выказаць сваю сімпатыю? Добра.

- Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставім стол і крэслы на балкон.

- А што падумаюць за мяжой?

- Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.

Смех. Пазвоньванне кілішкаў.

- Я сыду на вуліцу і скажу кіраўніку парада, каб яны звярнулі ўвагу на Ваш балкон, - сказаў другі пан.

 

- Hе, не, - сказаў стары, - я не хачу класці галаву табе на калені, не хачу глядзець на блакітнае неба; ці сказала ты ў Кронэравай кавярні, каб яны прыслалі Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мілае дзіця, і я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, і я добра ведаю, колькі ліха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужаніцам, яшчэ большым чужаніцам, чымся тады, калі мы хадзілі ў «Якар», што ў Верхнім Порце, і насілі грошы кельнеру, прозвішча якога было Гроль; там, унізе, яны становяцца ў шыхты для парада - цёплы летні вечар, сутонее; аж сюды далятае смех - табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, відаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на калені; яна цяжкая, але не досыць цяжкая - што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабіць?

- Хачу застрэліць таго тоўстага на сівой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?

- Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забіў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзіннікавым механізме; ён загадаў знішчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля і хлопчыка, чыйго імя мы так і не ведаем; ён навучыў мяне, што адзін жэст рукі можа каштаваць жыцця; ён зрабіў з Отам тую яго абалонку - і ўсё ж... я не стаў бы забіваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад - можа, каб разбагацець? Hе - і ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў і не мог кахаць. Можа, у мяне былі амбіцыі? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць ім напрыканцы: «Гэта ж было несур'ёзна». Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. І ў мяне яны былі: двое памерла ў маленстве, адзін загінуў - і ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнізе падымаюць свае харугвы. А другі сын? «Як маешся, бацька?» - «Добра, а ты?» - «Добра. Дзякуй, бацька». - «Ці магу я што-небудзь для цябе зрабіць?» - «Hе, дзякуй; нічога не трэба...» Абацтва Святога Антонія? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта - пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасці, тым больш - ніякіх пачуццяў; ці хочаш віна?

- Налі, калі ласка.

Я аддаюся на міласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткія... паглядзі: там, унізе, наш стары сябар Нэтлінгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявіўся, каб паціскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калі каго і застрэліць, дык, можа, лепей гэта Нэтлінгера - але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеі, што там унізе, на вуліцы; забойца майго ўнука сядзіць побач на балконе - бачыш яго? У цёмным гарнітуры, прыстойны, прыстойны; гэты мысліць іначай, дзейнічае іначай, плануе іначай і сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску і па-ангельску, ведае лаціну і старажытнагрэцкую і назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысціянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малітва сёння? - Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. Hе, я не буду забіваць гэтага тоўстага мяшка на сівой клячы; не буду страляць па гэтым чалавеку-музеі... толькі крыху павярнуць і - будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямідзесяцігадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялікае здзіўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькі; я хачу заплаціць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэліцца, разлічыць, калі націскаць на курок... можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагі; стрэл не будзе надта гучны: проста нібы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелі па Сёмусе.

 

13

 

У аднае дзяўчыны валасы былі бялявыя, у другой - каштанавыя; абедзве былі танклявыя, зграбныя; абедзве ўсміхаліся, абедзвюм добра пасавалі касцюмы з чырванавата-карычневага твіду, у абедзвюх ладныя шыйкі падымаліся са снежна-белых каўнерыкаў, нібы сцяблінкі кветак; абедзве добра, зусім без акцэнту, гаварылі па-французску і па-ангельску, па-фламандску і па-дацку; абедзве добра і без ніякага акцэнту гаварылі на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былі гожыя законніцы неіснуючага баства; яны авалодалі таксама лацінай; і цяпер у асобным пакойчыку паблізу касы яны чакалі, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткімі абцасамі чаравікаў пагасілі недакуркі цыгарэт, спрактыкаванымі рукамі падмалявалі сабе губы і, выйшаўшы за бар'ер, пачалі высвятляць нацыянальнасць наведнікаў; з усмешкай, без аніякага акцэнту, яны пыталіся пра краіну, адкуль госці прыехалі, і пра мовы, якімі яны валодаюць; турысты адказвалі на пытанні, падымаючы палец: сямёра гаварылі па-ангельску, двое - па-фламандску, трое - па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацінай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькі адзін чалавек? Лёгкі цень шкадавання на прыгожым твары - з прычыны гэткай малой колькасці экскурсантаў з гуманітарнай адукацыяй; толькі тая адзіная паненка належным чынам здолее ацаніць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпісы надмагільных камянёў? Усміхаючыся, схіліўшы ліхтар на кійку, нібы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам і вапнаю; потым стаў адчувацца пах магільнага склепа, хоць лёгкі шум выдаваў, што тут дзейнічае вентыляцыя; без ніякага акцэнту гучалі ангельская, фламандская і нямецкая мовы; турыстаў інфармавалі пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вуліцы - вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма - з чацвёртага; паглядзіце, вунь там знуджаныя ахоўнікі, надрапаўшы на блоку з пясчаніку квадраты, гулялі ў «млын» (як казаў кіраўнік курсаў, «заўсёды падкрэсліваць агульначалавечыя, побытавыя дэталі»); вось тут рымскія дзеці гулялі ў каменьчыкі; звярніце ўвагу на тое, што камяні брукаванкі бездакорна дапасаваныя адзін да аднаго; вадасцёк, па ім у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялізны; рэшткі маленькага прыватнага храма Венеры, які загадаў пабудаваць для сябе пан рымскі консул; у неонавым святле былі відны ўсмешкі турыстаў: фламандскія, ангельскія ўсмешкі; ці трое маладых немцаў і праўда ні разу не ўсміхнуліся? Чым растлумачыць глыбіню закладкі падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя грунтавыя воды, якія напаўнялі раку, булькаталі ў шчылінах скалістай пароды. Ці чуеце вы праклёны германскіх нявольнікаў? Пот сцякаў са светлых броваў на белыя твары, рабіў вільготнымі светлыя бароды; з вуснаў варвараў выходзілі поўныя алітэрацый праклёны: «З ран і гора, прынесенага праклятымі прыхаднямі, народзіцца выснаваная Вотанам помста-адплата - гора ім, гора ім, гора!»

- Крыху цярпення, шаноўныя пані і панове, яшчэ некалькі крокаў; вось тут - рэшткі будынка суда, а вось і яны - рымскія дзіцячыя магілкі.

(«Тут, - казалі на курсах, - вы павінны першыя моўчкі спыніцца і пачакаць з тлумачэннямі, пакуль у іх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; і прашу не ўвязвацца ў дыскусію наконт саміх рымскіх дзіцячых магіл - што гэта зусім не рымскія дзіцячыя магілы, а толькі надмагільныя камяні, прычым знойдзеныя зусім у іншым месцы...»)

Надмагільныя каменныя пліты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралі паўкола. Калі прайшло першае хваляванне, здзіўленыя госці пачыналі глядзець угору: па-над неонавымі лямпамі віднелася цёмна-блакітнае неба: ці гэта на ім ужо паблісквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водбліск пазалочанага ці пасрэбранага шарыка агароджы, які, мякка адбіваючыся, уваходзіў у круглы калодзеж, складзены з пяці вянцоў?

- На ўзроўні першага вянца - бачыце белую рыску на бетоне? - прыкладна праходзіла вуліца ў часы Рыма; на ўзроўні другога вянца - там таксама відна белая рыска на бетоне, бачыце? - праходзіла вуліца ў часы Сярэднявечча, і, нарэшце, на ўзроўні трэцяга вянца - белай рыскі вам, напэўна, паказваць ужо не трэба - праходзіць вуліца сёння; а цяпер, шаноўныя пані і панове, зоймемся надпісамі.

Твар дзяўчыны зрабіўся зусім каменны, нібы твар багіні; сагнуўшы локаць, яна падняла ліхтар, нібы рукаятку паходні:

 

          Dura quidem frangit parvorum morte parentes

          Condicio rapido praecipitata gradu

          Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus...

 

Яна ўсміхнулася Рут - адзінай, што магла належным чынам ацаніць велічнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукі дзяўчына паправіла каўнерык твідавага касцюма; потым яна крыху апусціла ліхтар і прадэкламавала пераклад надпісу:

 

          І хоць фатальны лёс бацокоў спасцігае,

          Калі іх дзіця гэтак хутка, раптоўна

          Памірае,

          Ды ў смутку над жыццём яго, зусім юным,

          Што цяпер толькі раю належыць,

          Адно вечная надзея нас суцяшае.

          Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзідэратус,

          Калі быў пахаваны пад гэтым магільным пагоркам.

 

Смутак семнаццаці стагоддзяў адбіўся на тварах турыстаў, запаў у іх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя сківіцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусціўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкі куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклі слёзы, Ёзэф сціснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гід з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:

 

          Hard a fate meets with the parents...

 

Небяспечны момант, калі з цёмнага сутарэння госці зноў выбраліся наверх, на святло, на свежае паветра, у летні вечар; калі старадаўні смутак смерці глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямі любоўных містэрыяў багіні Венеры, калі самотныя турысты выплёўвалі жавальныя гумкі перад касавым акенцам і спрабавалі прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлі «Прынц Генрых»; праходка разам па горадзе, вячэра - a lonely feeling*, фройляйн; і тут трэба было паводзіць сябе, як гэта рабіла вясталка: не дазваляць ніякіх заляцанняў і рашуча адмаўляцца ад усялякіх запрашэнняў; «прашу не дакранацца да мяне; толькі глядзець: No, Sir, no»**, - і ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным іншаземцам, якія, патрэсваючы галовамі, мусілі ісці наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багіня Венера і, добра разбіраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках і марках.

* Пачуццё самоты (англ.).

** Hе, сэр, не, не (англ.).

Касір адрываў білеты ад скрутачка, нібыта вузкія ўваходныя дзверы вялі ў кіно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабіць адну-дзве зацяжкі цыгарэты, адкусіць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу і кожны раз вырашаць складаную праблему: ці прыберагчы недакурак да наступнага разу, ці пагасіць яго танюсенькім абцасам; яшчэ адна зацяжка і яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкі, - і ў гэтую хвілю касір ужо ўсунуў галаву праз дзверы:

- Дзіцятка, дзіцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся - рымскія дзіцячыя магілкі - найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.

Дзяўчына з усмешкай ізноў выходзіла да бар'ера; зноў пытанні пра нацыянальнасць і родную мову: чацвёра размаўлялі па-ангельску, адзін - па-французску, адна - па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; ліхтар на кійку, нібы шпага; яна зноў сыходзіла ў цёмны магільны склеп, каб яшчэ раз распавесці пра старажытны культ любові, расшыфраваць старадаўні смутак смерці.

 

У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялі слёзы, калі ўсе выйшлі на вуліцу і якраз праходзілі праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы і галандцы імкнуліся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлівая таямніца хавалася там унізе, у цёмных сутарэннях? Ці хто-небудзь чытаў такое - каб помнікі культуры прымушалі людзей праліваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенігаў гэткая вялікая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кіно только пасля вельмі дрэнных і пасля вельмі добрых фільмаў? Ці камяні напраўду могуць расчуліць да слёз аднаго чалавека, у той час як іншыя флегматычна запіхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра - о, франтон жылога дома мешчаніна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк - і вось франтон дзякуючы пэўнаму хімічнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.

- Памалу, памалу, шаноўныя госці! - выкрыкнуў касір праз сваё акенца. - З прычыны надзвычай вялікага наплыву экскурсантаў мы вырашылі павялічыць групы наведвання з дванаццаці да пятнаццаці чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргі падысці; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.

Яны ўсё яшчэ ішлі ўздоўж чаргі, што выцягнулася каля сцяны і канчалася аж на рагу вуліцы; на Марыяніным твары ўсё яшчэ былі слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, які моцна сціснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.

- Нам трэба спяшацца, - сказала Рут, - ужо без дзесяці сёмая, і мы не павінны прымушаць іх чакаць.

- Праз дзве хвіліны мы будзем ужо на месцы, - адказаў Ёзэф, -... не спознімся; але і тут мяне не абміне гэты пах: вапна і муравальны раствор; між іншым, ці вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павінны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любові да выбухаў? Калі падрывалі старую вежу-вартоўню, унізе абрынулася нейкае скляпенне і была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынаміт... як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Ці ў табе загаварыў голас крыві, калі ты ўбачыла яго?

- Hе, - адказала Рут, - голас крыві ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохі сухаваты, трохі бездапаможны... Ці ён будзе жыць у нас?

- Падобна на тое, - адказаў Ёзэф, - ці будзем і мы там жыць, Марыяна?

- Ты хочаш пераехаць у горад?

- Ага, - адказаў Ёзэф. - Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фірме майго бацькі, хіба табе гэта не даспадобы?

Яны перайшлі цераз ажыўленую вуліцу і выйшлі на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вітрыны і, вызваліўшыся ад рук Ёзэфа і Рут, пачала насоўкай выціраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзіла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.

- Ці мы ўбраныя досыць святочна? - спыталася яна. - Я не хацела б пакрыўдзіць дзядулю.

- Вы ўбраныя зусім па-святочнаму, - запэўніў яе Ёзэф. - Як табе падабаецца мой план, Марыяна?

- Мне зусім не ўсё адно, чым ты займаешся, - адказала яна, - вывучаць статыку - гэта, вядома, добра, вось толькі пытанне: які ўжытак ты хочаш потым зрабіць з гэтай сваёй навукі?

- Будаваць або падрываць - дакладна яшчэ не ведаю, - сказаў Ёзэф.

- Дынаміт, напэўна, ужо занадта стары сродак, - сказала Рут, - вядома ж, ёсць куды навейшыя і лепшыя; ці ты памятаеш, як цешыўся бацька, калі яму яшчэ дазвалялі падрываць? Такі сур'ёзны ён зрабіўся толькі з тае пары, калі не стала чаго падрываць... што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Ці падабаецца ён табе?

- Ага, - сказала Марыяна, - ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, і я амаль баялася яго, перш чым з ім пазнаёміцца; але цяпер думаю, што боязі перад ім адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасці я адчуваю сябе ў бяспецы.

Ёзэф і Рут смяяцца не сталі; разам з Марыянай - яна ішла ўсярэдзіне - рушылі далей; усе спыніліся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелі сябе ў дзвярным шкле, абабітым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзілі свае валасы, перш чым Ёзэф з усмешкай адчыніў дзверы.

- Божухна, - сказала Рут, - я так хачу есці; напэўна, дзядуля замовіў нам што-небудзь самае лепшае.

Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукі, ішла да іх паўз пазасціланыя зялёнымі абрусамі сталы, па зялёным ходніку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапаліся, на твары была напісана бяда, вадзяністыя вочы паблісквалі вільгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.

- Значыць, вы яшчэ нічога не ведаеце? - спытала яна.

- Hе, - адказаў Ёзэф, - а што такое?

- Мусіць, здарылася нешта жахлівае: колькі хвілін таму Ваша бабуля па тэлефоне адмовілася за ўсіх ад урачыстай вячэры; вас просяць зайсці ў гатэль «Прынц Генрых», нумар 212. Я не толькі сур'ёзна занепакоеная, але і вельмі расчараваная, пане Фэмель; я сказала б нават - абражаная, калі б не думала, што на тое ёсць важкія прычыны; для нашага сталага, на працягу пяцьдзесят аднаго года, кліента, мы, вядома, рыхтавалі неспадзяванку - сапраўдны твор мастацтва... я зараз Вам гэта пакажу; а што я маю сказаць газетчыкам і карэспандэнтам радыё, якія павінны з'явіцца тут недзе а дзевятай - пасля святкавання ў вузкім сямейным коле?.. Што я скажу ім?

- Ці бабуля Вам выразна не растлумачыла прычыну?

- Нездароўе... не ведаю, ці трэба гэта разумець як... э-э-э... хранічнае нездароўе Вашае бабулі?

- Мы яшчэ нічога не ведаем, - адказаў Ёзэф. - Ці Вы б не былі так ласкавыя, каб пераслаць падарункі і кветкі нашаму дзядулю?

- Вядома ж, з ахвотаю; але ці не хацелі б Вы, прынамсі, пабачыць нашу неспадзяванку?

Марыяна ціхенька падштурхнула Ёзэфа, Рут заўсміхалася, а Ёзэф сказаў:

- З вялікай ахвотаю, фраў Кронэр.

- Я была яшчэ зусім дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калі Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, і практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, і вы можаце сабе ўявіць, як часта мне даводзілася накрываць яму пры снеданні - як часта я забірала з яго стала келіх для яек і падстаўляла яму мармелад, і, калі я нахілялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазірала ў яго эскізны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкі ўдзел у жыцці сваіх кліентаў; не думайце, што мы, людзі інтарэсу, пазбаўленыя ўсякіх пачуццяў; і што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзін вечар зрабіўся славуты, атрымаўшы вялікі заказ; мажліва, наведнікі думаюць, што вось так ідуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьці, плацяць за гэта і сыходзяць, але не думайце, што іх лёс не пакідае ў нас ніякага следу...

- Ну, пэўна ж, - сказаў Ёзэф.

- О, я ведаю, пра што Вы думаеце - няхай старая дасць нам святога спакою: але ці напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылі маю збянтэжанасць і перадалі дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калі б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфіі ў газету ўжо зробленыя.

Яны павольна пайшлі ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходніку, пасланым паміж накрытых зялёнымі абрусамі сталоў; спыніліся, калі спынілася гаспадыня кавярні, а потым міжвольна абступілі з усіх бакоў вялікі чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкі прадмет няправільных памераў.

- Вельмі добра, - сказала фраў Кронэр, - што нас чацвёра; вазьміце, калі ласка, кожны за рог палатна і, калі я скамандую «падымайма», акуратна падымайце яго ўгору.

Марыяна падпіхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: «Падымайма!», і яны паднялі палатно;абедзве дзяўчыны сышліся, склалі свае рагі палатна, а фраў Кронэр беражліва згарнула яго.

- О Божа! - ускрыкнула Марыяна. - Гэта ж дакладная копія абацтва Святога Антонія.

- Праўда? - спыталася фраў Кронэр. - Паглядзіце, нават пра мазаіку над галоўным уваходам мы не забыліся; a вось тут вінаграднікі.

Мадэль мела не толькі дакладныя прапорцыі абацтва, але і адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пілігрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.

- Усё гэта, - сказала фраў Кронэр, - зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, ці не змог бы Ваш дзядуля зайсці сюды і агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабінет?

- Напэўна, - адказаў Ёзэф, - ён зойдзе і агледзіць торт; дазвольце мне напачатку ад яго імя падзякаваць Вам; павінны быць сур'ёзныя прычыны, якія змусілі яго адмовіцца ад урачыстае вячэры, і Вы нас, канечне, зразумееце...

- Я добра разумею, што Вам пара ісці... не, калі ласка, не трэба класці палатно назад; тэлебачанне паведаміла, што прыедзе сюды.

 

- Я хацеў бы аднаго, - сказаў Ёзэф, калі яны ішлі па пляцы перад саборам Святога Севярына, - засмяяцца ці заплакаць, ды не здольны ні на тое, ні на тое.

- Я ведаю толькі, што хутчэй бы магла заплакаць, - сказала Рут, - але я гэта рабіць не буду. Што там за людзі? З якой нагоды ўвесь гэты вэрхал... што яны робяць там з паходнямі?

На вуліцы было шумна, плямкалі конскія капыты, коні гігаталі; галовы, прывычныя даваць каманды, заклікалі да збору, музыканты духавога аркестра апошні раз спраўджвалі свае інструменты; і тут, сярод гэтага голасу пачуўся нягучны, сухі кароткі гук, зусім не такі, як іншыя гукі.

- Божа мой, што гэта? - спалохана спыталася Марыяна.

- Нехта стрэліў, - адказаў Ёзэф.

 

Прамінуўшы гарадскую браму і выйшаўшы на Модэстгасэ, Леанора спалохалася: завулак быў пусты, не было ні навучэнцаў, ні манашак, нідзе ніводнага грузавіка, ніякага вулічнага руху; толькі белы хвартух фраў Грэц там за крамаю; ружовыя аголеныя рукі пхалі перад сабою швабру, гонячы мыльную пену; брама друкарні была замкнёная наглуха, як быццам у ёй ужо не збіраліся друкаваць будаўнічых тэкстаў на белай паперы; дзік з ранай у баку; каля раны запяклася кроў; дзік ляжаў, адкінуўшы капыты, на сходах; яго якраз паволі пачалі зацягваць унутр крамы; па ўчырванелым Грэцавым твары было відаць, якая цяжкая была гэтая жывёліна; толькі на адзін з яе тэлефонных званкоў адказалі: не ў доме нумар сем і не ў доме нумар восем - толькі ў Кронэравай кавярні:

- Тэрмінова доктара Фэмеля?.. Яго тут няма. Святочная вячэра не адбудзецца. Вы фройляйн Леанора? Вас чакаюць у гатэлі «Прынц Генрых».

Лістаносец, рэзка націснуўшы гузік, пазваніў ёй у дзверы, калі яна сядзела ў ванне; гэты рэзкі званок не абяцаў нічога добрага; яна хуценька вылезла з ванны, накінула на сябе купальны халат, абкруціла мокрую галаву ручніком, падышла да дзвярэй і атрымала з рук лістаносца экспрэс-пісьмо: Шрыт напісаў адрас сваім жоўтым алоўкам, на канверце крыж-накрыж былі дзве чырвоныя паласы; відавочна, яго васемнаццацігадовая дачка мусіла гнаць на ровары ў паштовае аддзяленне; пільная справа...

«Дарагая фройляйн Леанора! Паспрабуйце, калі ласка, неадкладна звязацца з панам Фэмелем; усе статыстычныя разлікі аб'екта будоўлі Х-5 няправільныя; у дадатак да гэтага пан Кандэрс, з якім я толькі што размаўляў па тэлефоне, пераслаў дакументацыю - з усімі памылкамі - непасрэдна заказчыку, насуперак звычаям нашай фірмы; справа настолькі пільная, што я збіраюся сёння выехаць да Вас хуткім цягніком, у выпадку калі да 20.00 не атрымаю ад Вас звестак наконт таго, якія захады зробленыя, каб выправіць гэтую прыкрую памылку; вядома, няма патрэбы нагадваць Вам, які буйны і важны аб'ект Х-5. З сардэчнымі прывітаннямі - Ваш Шрыт».

 

Ужо два разы яна праходзіла сюды-туды перад гатэлем «Прынц Генрых»: вярталася амаль аж да Грэцавай крамы на Модэстгасэ і зноў прыходзіла пад вокны гатэля; яна баялася скандалу, які неўзабаве павінен выбухнуць; субота была для яго свяшчэнны дзень; ён яшчэ мог сцярпець, калі ў суботу яго патурбуюць па прыватнай справе, але не па службовай, якая б яна ні была; у яе ўвушшу яшчэ гучалі яго словы: «Проста няведама што»; яшчэ не надышла сёмая, і некалькі хвілін Шрыта можна было яшчэ заспець па тэлефоне; добра, што стары вырашыў адмовіцца ад урачыстае вячэры; бачыць, як Роберт Фэмель есць і п'е, было б для яе гвалтам над святыняю; са страхам яна думала пра аб'ект Х-5; гэта не быў прыватны аб'ект; які-небудзь там «дом выдаўца на ўскрайку лесу» ці «дом настаўніка каля ракі»; яна нават не наважвалася думаць пра гэты аб'ект: такая была вакол яго таямніца, паперы ляжалі ў самай глыбіні сейфа; ёй займала дыханне; хіба ж пан доктар не размаўляў пра гэты аб'ект з Кандэрсам цэлую чвэрць гадзіны? Ёй было вельмі боязна.

Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзіка па сходах: гэта ён рабіў рыўкамі, бо жывёліна была агромністая: хлопец-пасыльны з вялізным кашом кветак пазваніў каля брамы друкарні, паявіўся прыдзвернік, забраў кош і зноў зачыніў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь «на чай», што паклаў у яго далонь прыдзвернік; «Я скажу яму, - падумала Леанора, - гэтаму ветламу старому, што прыдзвернік не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркі на чай; срэбра, відавочна, не паблісквала ў яго далоні, то былі цьмяныя медзякі».

Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцісні зубы, пераадолей свой сполах ды ідзі ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вуліцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далікатэсаў зайшла ў брамку друкарні; праз хвілю яна таксама без радасці паглядала на сваю далонь; «які нягоднік гэты прыдзвернік, - падумала Леанора, - абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю».

Яшчэ дзесяць хвілін, перш чым праб'е сёмая; яе запрасілі ў Кронэраву кавярню, а потым загадалі прыйсці ў «Прынц Генрых», а яна заявіцца туды і пачне гаварыць пра справы фірмы, якіх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб'екту Х-5, ён зрэагуе сёння іначай? Яна страсянула галавой і з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры іх нехта трымаў.

Дзіця, дзіця, і ў дачыненні да цябе я дазволю сабе зрабіць прыватную заўвагу; падыдзі сюды бліжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлівасці не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькі ў ім самім; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзілі ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвілі тут ёсць толькі адзін-адзіны кліент, да якога я пусціў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг, - гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, і ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкі, каб знайсці адсюль дарогу назад; дзіця, ты заблукала; той, хто прыходзіць сюды па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы - і пагатоў; але ж падыдзі бліжэй.

- Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклікалі да тэлефона... Спадзяюся, што вулічны шум Вам не будзе замінаць.

- Леанора? Я рады, што мой бацька запрасіў Вас на святочную вячэру, і прабачце мне, калі ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўранні. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Ліст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправільна разлічана? Добра, я разбяруся і затэлефаную Шрыту. Так ці інакш, дзякуй, Леанора, і - да хуткай сустрэчы.

Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявіць рот, каб спытацца, як прайсці ў Фэмелеў нумар, - але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкі гук.

- Божа мой, - ускрыкнула яна, - што гэта?

- Гэта стрэлілі з пісталета, маё дзіця, - адказаў Ёхэн.

 

Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакіраваныя парэнчы і заклаўшы рукі за спіну; фігуры здаваліся яму не такімі дакладнымі, рытм руху шароў - парушаным; хіба гэта не былі тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасці, за якім даглядалі самым лепшым чынам? І хіба Фэмелева рука не зрабілася яшчэ лягчэйшая, а яго ўдары - яшчэ дакладнейшыя, калі ён выбіваў фігуру з зялёнага Нічога? І ўсё ж Гугу здавалася, што рытм руху шароў парушаны, а фігуры крыху страцілі сваю дакладнасць і акрэсленасць; ці, можа, гэта Шрэла прынёс з сабою пастаянную сучаснасць часу і разагнаў усе чары? Гэта ўсё адбывалася тут, адбывалася сёння, а васемнаццатай гадзіне сорак чатыры хвіліны, у суботу шостага верасня 1958 года; нішто не пераносілася на трыццаць год назад ці на чатыры - уперад, зноў на сорак назад і пасля ў сённяшні дзень; цяпер доўжылася бесперапынная сучаснасць, якая штурхала перад сабою секундную стрэлку гадзінніка: тут, сёння, цяпер - а тым часам з рэстарана чуліся неспакойныя воклічы: «дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак»: усе спяшаліся да феерверку, да вокнаў, каб глядзець парад, натоўп праціскаўся да рымскіх дзіцячых магіл; «ці ўспышкі сапраўды ў парадку?»... «Вы што - не ведалі, што М. значыць міністр?»... «дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак»...

Гадзіннікі адбівалі час недарэмна, недарэмна рухаліся стрэлкі; яны нагрувашчвалі хвіліну на хвіліну, дадавалі іх да чвэрці, да паловы гадзіны і маглі паказваць дакладны час: да аднаго года, да адной гадзіны, да адной секунды; хіба ў рытме стуку шароў не гучала пытанне: «Роберт, дзе ты?, «Роберт, дзе ты быў?», «Роберт, дзе ты бываў?» І хіба ў Робертавых ударах не чуцён быў адказ: «Шрэла, дзе ты?», «Шрэла, дзе ты быў?», «Шрэла, дзе ты бываў?» Хіба іхняя гэта гульня не была нечым, падобным да млына, які бясконца паўтарае малітву, хіба яна не была імшой, якую адпраўлялі кіі і більярдныя шары на зялёным сукне? «Навошта-навошта-навошта?»; «Злітуйся з нас! Злітуйся з нас!» Шрэла ўсміхаўся, трос галавою кожны раз, калі, адыходзячы ад борціка, пакідаў Роберту чарговую, утвораную шарамі фігуру.

І Гуга таксама міжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калі гадзіннік даваў такі дакладны адказ на пытанне «калі»: васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 года.

- Ах, - сказаў Роберт, - пакіньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.

- Добра, - адказаў Шрэла, - пакіньма гэта, твая праўда. Ці хлопец яшчэ нам патрэбны?

- Вядома, - сказаў Роберт, - мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсці, Гуга? Hе? Застанься, калі ласка, пастаў кіі ў стаяк, схавай шары і прынясі нам чаго-небудзь выпіць... ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзі, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам і подпісам яны сталі дакументамі: толькі аднаго бракуе - твайго подпісу пад гэтай вось паперай; калі ты паставіш яго, станеш маім сынам! Ці разгледзеў ты маіх бацьку і маці, калі прыносіў ім віно? Яны будуць тваімі дзядулем і бабуляю, а Шрэла - тваім дзядзькам, Рут і Марыяна - тваімі сёстрамі, а Ёзэф - тваім братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калі я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, які мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, ці гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ён нам патрэбны, і мы былі б шчаслівыя быць патрэбнымі яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе... чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзі, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух... Ціха, хлопча, не трэба плакаць; ідзі ў свой пакой і перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлівы там у калідоры, сынок!

Шрэла адсунуў фіранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, і яны абодва закурылі.

- Ці ты яшчэ не адмовіўся ад нумара ў гатэлі?

- Hе.

- Хіба ты не хочаш жыць у нас?

- Яшчэ не ведаю, - адказаў Шрэла, - у мяне страх перад дамамі, у якіх трывала ўладкоўваешся і хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё ідзе далей, і час прыносіць замірэнне; Фэрдзі стаў бы для мяне толькі ўспамінам, бацька - толькі сном; а між тым тут яны забілі Фэрдзі, і бацька назаўсёды знік менавіта адсюль; згадак пра іх не знойдзеш нават у спісах ніякіх палітычных арганізацый, бо яны палітыкай не займаліся; іх не ўспомняць у жалобных песнях жыдоўскай абшчыны, бо яны не былі жыдамі; Фэрдзі, можа, толькі жыве ў судовых архівах; толькі мы абодва ўспамінаем пра яго, Роберт, і яшчэ твае бацькі ды стары парцье там унізе; твае дзеці ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзіўся, хадзіў у школу; тады я хацеў вызваліць вуліцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насіў у сабе слова, якое ніколі не вымаўляў уголас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзінае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету... я і цяпер не вымаўляю яго, можа, толькі на вакзале, калі ты будзеш праводзіць мяне на цягнік.

- Хочаш ехаць ужо сёння? - спытаў Роберт.

- Hе, не, не сёння; нумар у гатэлі - гэта якраз тое, што трэба; калі я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такім самым чужым, як і любы іншы. У тым нумары я магу ўявіць сабе, што неўзабаве кудысьці паеду і зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасціраю з дошкі арыфметычныя заданні, каб крэйдай напісаць на ёй: «я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць»... я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу ніякіх рэальных гістарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я ніколі не цікавіўся і цяпер не цікаўлюся палітыкай.

Шрэла паказаў на пляц унізе і засмяяўся: «Hе тыя людзі, што там унізе, мяне палохаюць... вядома ж, вядома ж, усё я ведаю і пазнаў іх, убачыўшы там унізе, - Нэтлінгера і Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма іншых людзей; якіх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзін стары чалавек сказаў: «Калі Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робіце таго, што Ён загадаў?»

Неразумна, нерэалістычна ўсё гэта, Роберт, ці праўда? «Пасві авечак маіх», а яны ўзгадоўваюць адных толькі ваўкоў. З чым вы вярнуліся дамоў пасля вайны? З дынамітам? Знакамітая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавісць да гэтага свету, у якім не было месца ні для Фэрдзі, ні для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькі, для Гроля, для хлопчыка, імя якога мы так і не змаглі даведацца, для паляка, які падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збіраеш статыстычныя даныя, гэтак як іншыя збіраюць мадоннаў у барочным стылі, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, і майму пляменніку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу сваёй будучыні недзе ў іншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсці? Ці зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабіцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, ім можна толькі зрабіцца; пра голас крыві - гэта ўсё выдумана, толькі той іншы голас праўдзівы... з гэтай вось прычыны я так і не ажаніўся: у мяне было замала адвагі, каб паверыць у тое, што я магу зрабіцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калі б мае дзеці зрабіліся мне гэткія самыя чужыя, як зрабіўся Ота тваім бацькам; нават успаміны пра маіх маці і бацьку не дадалі мне адвагі; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якімі стануць Ёзэф і Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненні да дзяцей Эдыт і да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлі і не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота і дзе загінула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укідаў цыдулкі-пасланні ад цябе... там усё яшчэ тая самая скрыня?

- Hе, - адказаў Роберт, - мы паставілі новыя дзверы: тыя былі ўсе пасечаныя бомбавымі асколкамі, толькі брук каля ўвахода застаўся той самы - яго ногі хадзілі па гэтым бруку.

- І ты думаеш пра хлопца, калі ходзіш па гэтым бруку?

- Праўда, - адказаў Роберт, - думаю пра ўсё тое, і, відаць, гэта адна з прычын, чаму я збіраю статыстычныя формулы... Чаму ж ты не прыязджаў раней?

- Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады - ізаляцыя добрая, а хіба тое, што мы маем сказаць адзін аднаму, Роберт, не змесціцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзі, якіх я тут напаткаў... можа, гэта мне толькі здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якіх я пакінуў тады.

- Магчыма, ты і не памыляешся...

- Што сталася з людзьмі, гэткімі, як Эндэрс? Ці памятаеш ты яго - рыжы такі быў?.. Мілы хлапчыска, зусім не гвалтаўнік - а што рабілі такія людзі, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?

- Мажліва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькі мілы хлопец, але... ён ніводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця - чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабіла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовіў некалькі казаняў, якіх я не магу забыць; калі б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калі іх вымаўляў ён, зусім іншая рэч.

- А што ён робіць цяпер?

- Яго запіхнулі ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункі няма, і там ён прамаўляе казані над галовамі сялян і дзяцей-школьнікаў; у іх няма нянавісці да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцівага дурня - хіба ж ён не паўтарае ім увесь час, што ўсе людзі - браты? Яны ўсё ведаюць лепей і, напэўна, пытаюцца самі ў сябе: «Ці не камуніст ён?» Нічога іншага ім у галаву і не прыходзіць; колькасць звыклых схемаў паменшала; ніхто б не дадумаўся лічыць твайго бацьку камуністам; нават Нэтлінгер не быў такі дурны - а сёння б інакш твайго бацьку і не назвалі. Эндэрс пасвіў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калі-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка і зусім яе скрэсляць... нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, і калі мы вячэрнім аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везці з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы... мы наведаем яго, каб папрактавацца ў міласэрнасці; вязняў трэба наведваць... а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?

- Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусіў знікнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў - пасля таго як убачыў сястру Фэрдзі.

- Ты бачыў яе?

- Бачыў. У яе ліманадным кіёску на канцавым прыпынку адзінаццатага трамвая. А ты што, ніколі там не бываў?

- Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусім чужой.

- Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калі я сёння там пабываў; не хадзі туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды ніхто не застаўся жывы?

- Ніхто, - адказаў Роберт. - І Алоіса таксама няма; яны патанулі разам з «Ганнай-Катарынай»; Трышлеры ўжо доўгі час не жылі ў порце; калі быў пабудаваны мост, яны мусілі пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалі потым, была для іх зусім не тое... ім патрэбныя былі вада і караблі; Алоіс хацеў на «Ганне-Катарыне» адправіць іх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбілі; Алоіс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваіх бацькоў з-пад палубы, але было запозна - вада рынула зверху, і выбрацца яны ўжо не здолелі; шмат часу прайшло, пакуль я натрапіў на іх след.

- А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?

- У «Якары»; я штодня хадзіў туды і пытаўся ва ўсіх шкіпераў, пакуль не сустрэў аднаго, які ведаў пра лёс «Ганны-Катарыны».

Шрэла зашмаргнуў фіранку, падышоў да стала і расціснуў недакурак на попельніцы. Роберт зрабіў тое самае.

- Мяркую, - сказаў ён, - што мы павінны зараз падняцца да маіх бацькоў... Хіба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасці...

- Ды што ты, - адказаў Шрэла, - я пайду з табою, але ці не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робіць Швойгель?

- Табе і праўда гэта цікава?

- Праўда, а чаму ты пытаешся, цікава мне гэта ці не?

- Ці ў сваіх гатэльных нумарах і пакоях у пансіянатах ты думаў пра Эндэрса і Швойгеля?

- Ага. І яшчэ пра Грэве і Гольтэна: толькі яны не бралі ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў - Дрышка таксама не ўдзельнічаў... што з імі? Ці жывыя яны?

- Гольтэн не жывы, загінуў, - адказаў Роберт, - а вось Швойгель жыве; ён цяпер пісьменнік, і, калі ўвечары тэлефануе альбо звоніць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным і бесталковым; мне з ім проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, і сябе, відаць, залічвае, туды, дзе «мяшчанства няма», а што з таго? Гэта проста мяне не цікавіць; неяк і пра цябе ён пытаўся.

- Ах, а што сталася з Грэве?

- Ён належыць да партыі, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае ніякага значэння. А Дрышка выпускае «аўтамабільныя львы Дрышкі», папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабіў безліч грошай. Ты не ведаеш, што такое «аўтамабільны леў»? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнік машыны, які лічыць сябе нечага вартым, трымае на задніх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва - а ў гэтай краіне ты не знойдзеш нікога, хто б не лічыў сябе нечага вартым... Тут умеюць добра ўбіваць гэта ў галаву; яны прынеслі з сабой з вайны сёе-тое, успамін пра боль і ахвяры, але сёння яны лічаць сябе нечага вартымі; ці бачыў ты людзей там, унізе ў вестыбюлі! Яны ішлі на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазіцыі, на вячэру Таварыства «Сас'етас» і на вячэру правай апазіцыі... але табе трэба быць сапраўдным геніем, калі ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру ідзе.

- Сапраўды, - сказаў Шрэла, - я трохі сядзеў унізе, чакаючы цябе; там якраз збіраліся першыя ўдзельнікі, і я пачуў нешта наконт «апазіцыі»; першыя прыйшлі бяскрыўдныя прадстаўнікі, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якіх кажуць: «яны не такія ўжо дрэнныя»; размова ў іх ішла пра маркі машын і лецішчы; яны казалі адзін аднаму, што французская Рыўера пачынае рабіцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякім прагнозам, сярод інтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымі паездкі, арганізаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабізм альбо дыялектыка? Ты павінен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскі сноб сказаў бы: «За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю», а тыя, што тут, прадалі б сваіх бабуляў і за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабізму; потым яны гаварылі пра школы: адны былі за гуманітарны ўхіл, другія былі супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да іх, бо вельмі хацеў чаго-небудзь даведацца пра іх сапраўдныя турботы; зноў і зноў паўтаралі яны шэптам імя зоркі, якую чакалі вечарам гэтага дня. Крэц - ці гэта прозвішча табе што-небудзь кажа?

- Крэц, - адказаў Роберт, - гэта, так бы мовіць, зорка апазіцыі.

- Слова «апазіцыя» я чуў шмат разоў, але з іхніх размоваў так і не змог дапяць, супраць каго і чаго яна.

- Калі яны чакалі Крэца, то, мусіць, яны з левай апазіцыі.

- Ці правільна я пачуў: гэты Крэц - у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?

- Сапраўды, - адказаў Роберт, - яны шмат чаго спадзяюцца па ім.

- Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, - ён прыйшоў апошні; ну, калі ён - гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць... Мне здаецца, што калі б я і здолеў каго-небудзь на свеце забіць, дык менавіта яго. Ці ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны і адукаваны, цытуе Герадота ў арыгінале, і гэта ў вушах тае масы, якая ніколі не пазбавіцца ад свайго бзіка на глебе адукаванасці, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б ніколі ні на хвіліну не пакінуў сваю дачку ці сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабізму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынішчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькі мінорнай музыкі, інакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыі...

Шрэлу перапыніў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.

- Леанора? - азваўся Роберт. - Я рады, што мой бацька запрасіў Вас на святочную вячэру, і прабачце мне, калі ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўранні. Добра, Леанора?

Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Ліст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправільна разлічана? Добра, я разбяруся з гэтым і затэлефаную Шрыту. Так ці інакш, дзякуй, Леанора, і - да хуткай сустрэчы.

Роберт паклаў слухаўку і зноў павярнуўся да Шрэлы.

- Я думаю, што... - пачаў ён гаварыць, але яго перапыніў моцны, сухаваты, рэзкі гук.

- Божа мой, - сказаў Шрэла, - то быў стрэл. Мяркую, што зараз нам трэба падняцца наверх.

 

Гуга чытаў: «Адмова ад правоў. Гэтым абвяшчаю, што я згодзен, каб мой сын Гуга...» - унізе важкія пячаткі, подпісы, але голас, якога ён баяўся, не адазваўся ў ім; які гэта голас падказваў яму закрываць матчыну галізну, калі яна, вярнуўшыся са сваіх вулічных ловаў, мармытала на пасцелі сваю смяротную малітву «навошта-навошта-навошта»! Ён спачуваў ёй, закрываў яе галізну, прыносіў ёй чаго-небудзь выпіць, не зважаючы на тое, што яны могуць на яго напасці, пабіць яго, абазваць «авечкай божай»; ён ціхенька пракрадваўся ў краму і вымольваў для яе дзве цыгарэты; які ўнутраны голас загадваў яму гуляць у канасту з бабуляй «Гэткае-што-не-павінна-было-нарадзіцца», засцерагаў яго не пераступаць парог нумара авечай капяланкі? Які гэта голас падказаў яму слова, якое ён мармытаў сабе пад нос: «бацька»? Каб заглушыць страх, які ахапіў яго, Гуга пачаў вымаўляць хуценька, адно за адным, іншыя словы: «брат» і «сястра», «дзядуля», «бабуля», «дзядзька», але ад гэтых словаў страх не паменеў; і ён шукаў новых словаў: «дынаміка» і «дынаміт», «більярд» і «ветлівасць», «шнары на спіне», «каньяк» і «цыгарэты»; чырвонае па зялёным, белае па зялёным, але страх не меншаў; мажліва, яго крыху ўтаймуюць якія-небудзь дзеянні? Ён адчыніў акно, зірнуў зверху на тлум з яго аднастайным мapмытаннем; ці была ў гэтым мармытанні пагроза альбо дружалюбнасць? Феерверк на фоне цёмна-сіняга неба; удары грому, з якіх выпырхвалі агромністыя кветкі, памаранчавыя снапы, падобныя да рук, якія хочуць нешта схапіць; вокны зачыненыя; ён пагладзіў рукой па фіялетавай ліўрэі, што вісела на вешаку перад дзвярыма, адчыніў дзверы ў калідор; нават тут, наверсе, адчувалася хваляванне: «Цяжка паранены ў нумары 211!» Гоман галасоў, крокі ў адзін і другі бок, уверх і ўніз па сходах, і адзін і той жа пранізлвы голас паліцэйскага: «Прашу, адыдзіцеся! Прашу, адыдзіцеся!»

 

«Адыдзіцеся! Адыдзіцеся!» Гугу стала страшна, і ён прашаптаў: «Бацька...» Дырэктар тады сказаў: «Нам цябе будзе бракаваць, ці гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?»; а ён уголас не адказаў, а толькі падумаў: гэта неабходна - гэтак раптоўна, бо час наспеў, і калі Ёхэн паведаміў навіну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзіўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў паціраць рукі. «Вы ніхто не можаце сабе ўявіць. На гэткім скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкі ў газетах. Забойства - гэта табе не самазабойства, Ёхэн... а палітычнае забойства - не абы-якое. Калі ён не памёр, мы павінны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявіць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: «Ідзе змаганне са смерцю»; усе тэлефоны ад гэтай хвілі прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабіце гэткіх няшчасных твараў. Быць спакойнымі, мець на твары выраз лёгкага спачування, які бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьці смерць, але цешацца са спадчыны, якая іх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымі заказамі на нумары. І трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькі тут не ўлезла якое-небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзінаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакіне наш гатэль - д'ябал, ад феерверку ён павінен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!

«Бацька, - падумаў Гуга, - ты павінен прыйсці па мяне, яны зараз мяне не пусцяць у дзвесце дванаццаты».

Успышкі дрыготка паблісквалі ў запоўненай шэрым паўзмрокам лесвічнай клетцы; паявіўся асветлены чатырохкутнік ліфта, які прывёз гасцей у нумары 213-226; гэтыя госці мусілі падымацца на чацвёрты паверх і сыходзіць службовымі сходамі, бо на другім паверсе выхад перагароджваў паліцэйскі кардон; з адчыненых дзвярэй ліфта даносіўся гучны гоман; цёмныя гарнітуры, светлыя сукенкі, збянтэжаныя твары; губы, якія вымаўляюць словы: «Хто б мог падумаць!» і - «Скандал!»; Гуга занадта позна замкнуўся знутры ў сваім пакоі: яна прыкмеціла яго і ўжо бегла па калідоры; ён яшчэ паспеў павярнуць ключ, і клямка пачала хадзіць туды-сюды.

- Адчыні, Гуга, - прасіла яна, - адчыні ж!

- Hе адчыню.

- Гэта мой загад!

- Я ўжо чвэрць гадзіны, як не служу ў гэтым гатэлі.

- Ты сыходзіш адгэтуль?

- Сыходжу.

- Куды?

- Да свайго бацькі.

- Адчыні, Гуга, ну, адчыні; я не буду табе рабіць балюча, ані палохаць цябе; ты не можаш пакінуць гэтае месца; я ведаю, што ў цябе няма бацькі, я дакладна гэта ведаю; ты мне патрэбны, Гуга; ты - той, каго яны чакаюць, Гуга, і табе гэта вядома; ты зможаш убачыць увесь свет, і ў самых лепшых гатэлях усе будуць цалаваць табе ногі; табе не трэба будзе нічога казаць, толькі выходзіць да іх; твой твар, Гуга... хадзем, прашу цябе; адчыні; ты не можаш пакінуць гэтае месца.

Рэзкае соўганне клямкі перапыняла яе казань, ставіла цэзуры ў гучанні яе голасу, поўнага мальбы.

- ...Гэта напраўду не я, Гуга; забудзься, пра што я казала і што рабіла; гэта была роспач... хадзем, дзеля іх усіх; ты - нашая авечка...

Яшчэ адно соўганне клямкі.

- Што Вам тут трэба? - спытала яна.

- Мне патрэбны мой сын.

- Гуга - Ваш сын?

- Менавіта. Гуга, адчыні.

«Першы раз не сказаў «калі ласка», - падумаў Гуга; ён павярнуў ключ у замку і адчыніў дзверы.

- Хадзем, хлопча, пойдзем адсюль.

- Добра, бацька, іду.

- Болей рэчаў у цябе няма?

- Hе.

- Хадзем.

Гуга падняў свой чамаданчык і быў рады, што бацькава спіна засланіла твар авечай капяланкі. Ён яшчэ пачуў, як яна заплакала, калі яны абодва ішлі па службовых сходах.

- Hе плачце, дзеці, - сказаў стары Фэмель, - яна ж вернецца і застанецца ў нас; яе б вельмі засмуціла, калі б яна даведалася, што мы дазволілі віну зрабіцца кіслым; ён цяжка паранены, і я спадзяюся, што вялікае здзіўленне ўжо ніколі не знікне з яго твару; яны ўсе лічаць сябе неўміручымі, і гэткі ціхі і сухаваты гук можа зрабіць цуды. Дзяўчаты, паклапаціцеся, калі ласка, пра падарункі і кветкі; Леанора зоймецца кветкамі, Рут - віншавальнымі паштоўкамі, Марыяна - падарункамі. Парадак - гэта палавіна жыцця... з чаго можа складвацца другая палавіна? Нічога з сабою не зраблю - не магу быць сумны. Гэта - вялікі дзень: ён вярнуў мне маю жонку, падарыў мне сына - ці можна мне так называць Вас, Шрэла? - брата Эдыт; нават унука я займеў, праўда, Гуга? Я ўсё ніяк не наважуся сапраўды называць цябе ўнукам; хоць ты і сын майго сына, але ж не мой унук; не магу растлумачыць, які голас мне гаворыць не называць цябе сваім унукам?

Сядайце, дзяўчаты зробяць нам бутэрброды; рабуйце кашы з далікатэсамі, дзеці, і не паперакульвайце тых стосаў, якія ўпарадкавала тут Леанора; лепш за ўсё няхай кожны сядае на асобны год: бярыце сабе стос «А», Шрэла: ён самы высокі; Роберт, ці можна прапанаваць табе стос «1910 год», другі па вышыні? Ёзэф, выберы сабе які-небудзь іншы, «1921 год» неблагі. Ну вось, добра, цяпер сядайце. Першы глыток вып'ем за пана М. - каб з ягонага твару ніколі не знікла здзіўленне; другі глыток - за маю жонку: няхай Бог благаславіць яе памяць. Калі ласка, Шрэла, не маглі б Вы паглядзець, хто гэта там стукае ў дзверы?

А, вядомы нам спадар Грэц жадае выказаць мне свае ўшанаванні? Спадзяюся, ён не прынёс дзіка з сабою на карку? Hе? Дзякуй Богу. Калі ласка, Шрэла, скажыце яму, што прыняць яго не магу; ці, можа, ты мяркуеш, Роберт, што цяпер адпаведны дзень і адпаведны час, каб прыняць вядомага нам пана Грэца? Праўда, што не? Дзякуй, Шрэла. У гэты дзень і ў гэты час належыць адмовіцца ад непраўдзівых суседскіх пачуццяў; два словы могуць каштаваць жыцця: «Грэх і ганьба», - сказала старая фраў Грэц; жэст рукі можа каштаваць жыцця, і адно няправільна зразуметае прыжмурванне вока; ага, Гуга, прашу, далі мне віна - спадзяюся, ты не пакрыўдзішся, калі мы тут, у сямейным коле, ацэнім і выкарыстаем набытае табою ўменне абслугоўваць кліентаў.

Пастаў спакойна гэтыя вялікія букеты перад малюнкам абацтва, меншыя - з абодвух яго бакоў, на паліцу з планамі; ты можаш пазнімаць і выкінуць гэтыя скруткі: у іх нічога няма, яны тут як дэкарацыі; хіба што сярод нас ёсць нехта, хто мае намер яшчэ выкарыстаць гэтую каштоўную паперу? Можа, ты, Ёзэф? Чаму ты гэтак нязручна сеў? Ты ўзяў сабе 1941 год - гэта зусім танюткі стос, хлопча. 1945 год быў бы лепшы, заказы тады сыпаліся, нібы град - амаль як у 1909 годзе, але я адмовіўся ад іх, хлопча. Слова «sorry» забіла ўва мне ахвоту займацца будаўніцтвам. Рут, складзі віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы на маім рысавальным стале; я распараджуся надрукаваць адказы з падзякай, а ты дапаможаш мне заадрасаваць іх; за гэта я куплю табе што-небудзь прыгожае ў фраў Горушкі; які будзе тэкст гэтых адказаў? «Гэтым выказваю сваю самую сардэчную падзяку за Вашыя віншаванні з нагоды майго васьмідзесяцігадовага юбілею». Можа, да кожнай падзякі далучыць уласнаручны малюнак - што ты думаеш наконт гэтага, Ёзэф? Якога-небудзь пелікана ці вужакі - а што, калі б гэта быў бык? Калі ласка, Ёзэф, паглядзі, хто там яшчэ так позна хоча ўвайсці?

Чатыры супрацоўнікі Кронэравай кавярні? Прынеслі падарунак, ад якога, на тваю думку, я не павінен адмовіцца? Добра, тады няхай заходзяць.

Два кельнеры і дзве буфетчыцы асцярожна прайшлі ў дзверы, несучы з сабою прастакутную дошку, даўжыня якой была нашмат большая за шырыню; тое, што стаяла на ёй, было накрыта снежна-белым палатном; стары здрыгануўся: можа, труп? Ці тое, што тырчала, нібы кій, угару было носам нябожчыка? Яны неслі дошку асцярожліва, нібы гэта быў найкаштоўнейшы мярцвяк; запанавала поўная цішыня; рукі Леаноры, якая складала букет, знерухомелі ў паветры; Рут трымала ў руках віншавальны адрас з залатою аблямоўкаю, Марыяна забылася адставіць убок парожні кош.

- Hе, не, - ціха сказаў стары, - калі ласка, на падлогу ставіць не трэба; дзеці, прынясіце сюды дзве падстаўкі для планаў.

Гуга і Ёзэф прынеслі з кута дошкі-падстаўкі, паставілі іх пасярэдзіне кабінета на стосы 1936-1939 гадоў; зноў запанавала цішыня, пасля таго як абодва кельнеры і абедзве буфетчыцы паставілі дошку з невядомым прадметам на падстаўку, потым сталі каля ўсіх чатырох яе вуглоў, узяліся за рагі палатна і па кароткай, рэзкай камандзе старэйшага кельнера паднялі яе.

Стары пачырванеў, падскочыў да мадэлі з цеста, падняў рукі, як барабаншчык, што збіраецца пачаць адбіваць гнеўныя гукі марша, і нейкую хвілю ўсім здавалася, што ён расчаўпе кулакамі гэты салодкі твор мастацтва; але тут ён раптам апусціў кулакі, рукі бяссільна павіслі з абодвух бакоў цела; пасля стары ціха засмяяўся, пакланіўся дзяўчатам-буфетчыцам, потым - абодвум кельнерам, а выпрастаўшыся, выцягнуў з пінжака свой кашалёк і даў усім чатыром па купюры на чай.

- Калі ласка, - сказаў ён спакойна, - перадайце фраў Кронэр маю шчырую падзяку і таксама скажыце, што надзвычай важныя акалічнасці прымушаюць мяне адмовіцца ад маіх сняданкаў... важныя акалічнасці - каб ад заўтрага больш не снедаць у Вашай кавярні.

Ён перачакаў, пакуль кельнеры і буфетчыцы выйшлі з дому, а потым голасна прамовіў:

- Ну, дзеці, а цяпер падайце мне вялікі нож і талерку пад тарты!

Ён адрэзаў кавалак ад вежы касцёла Святога Антонія і перадаў талерку Роберту.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі