epub
 
Падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Каля моста

Яны зацыравалі мае ногі і далі мне пасаду, на якой я магу сядзець; я падлічваю людзей, што праходзяць па новым мосце. Ім вельмі рупіць даводзіць сваю стараннасць з дапамогаю лічбаў; яны ачмурваюць сябе, робячы гэтую бязглуздзіцу, некалькімі лічбамі! І цэлы дзень, цэлы дзень мой нямы рот працуе, нібы гадзіннікавы механізм: я нагрувашчваю адзін на адзін нумар за нумарам, каб увечары абвясціць ім трыумф аднае лічбы.

Іх твары ззяюць, калі я паведамляю ім вынік маёй змены: чым большая лічба, тым больш гэтыя твары ззяюць; і ў іх тады ёсць падстава ісці класціся спаць задаволенымі, бо шмат тысяч людзей праходзяць штодня па іх новым мосце...

Але іхняя статыстыка непраўдзівая. Мне вельмі шкада, але яна непраўдзівая. Я ненадзейны чалавек, хоць умею ўдаваць з сябе вельмі шчырага.

У глыбіні душы я цешуся, раз-пораз памяншаючы тую ці іншую лічбу, а потым зноў робячы ім падарунак з некалькіх лічбаў у дадатак. Іхняе шчасце ў маіх руках. Калі я раз'юшаны, калі ў мяне няма чаго курыць, я падаю толькі сярэднюю лічбу, якая часам ніжэйшая за сярэднюю, а калі ў мяне душа пяе, калі я дужа ўсцешаны, сваю шчодрасць я ўвасабляю ў пяцізначнай лічбе. І яны робяцца такія шчаслівыя! Яны літаральна вырываюць тады вынікі з маіх рук, вочы іх запальваюцца, яны ляпаюць мяне па плячы. Ім і ў галаву не прыходзіць, што тут нешта не тое. Пасля яны пачынаюць нешта - не ведаю што - памнажаць, дзяліць, пераводзіць у працэнты. Яны падлічваюць, колькі людзей сёння праходзіла па мосце штохвіліны і колькі іх павінна прайсці за дзесяць год. Яны любяць будучы закончаны час; будучы закончаны час - іхні фах... і ўсё-ткі, на жаль, усё гэта непраўдзівае...

Калі па мосце праходзіць мая маленькая каханая - а яна праходзіць два разы на дзень, - маё сэрца проста перастае біцца. Нястомнае тахканне майго сэрца папросту спыняецца, пакуль яна не паверне ў алею і там не знікне. І пра тых, што ў гэты час таксама ідуць па мосце, яны ад мяне не даведаюцца. Гэтыя дзве хвіліны належаць мне, аднаму мне, і я не аддаю іх нікому. Таксама калі яна ўвечары зноў вяртаецца са свайго кіёска з марожаным, калі яна па другім баку каля парэнчаў праходзіць паўз мой нямы рот, які мусіць лічыць, лічыць... сэрца маё зноўку адключаецца, і я зноў бяруся лічыць далей толькі тады, калі яна знікае з вачэй. І ўсе тыя, хто мае шчасце ў гэтыя хвіліны прашыбаваць перад маімі невідушчымі вачыма, не трапляюць у вечныя аналы статыстыкі: прывідныя цені мужчын, прывідныя цені жанчын, што не будуць маршыраваць у статыстычным будучым закончаным часе...

Вядома, я яе люблю. Але яна пра гэта не ведае, і мне б не хацелася, каб яна даведалася пра гэта. Яна не павінна нават падазраваць, якім жахлівым чынам яна ўносіць беспарадак ва ўсе падлікі, і няхай яна, нічога не ведаючы і не адчуваючы ніякай віны, маючы такія доўгія каштанавыя валасы і прыгожыя ногі, ідзе сабе ў свой кіёск з марожаным; і няхай ёй даюць як найбольш грошай на чай. Я люблю яе. Вядома ж, я яе люблю.

Нядаўна яны правяралі мяне. Хлопец, што сядзіць на другім баку моста і павінен падлічваць машыны, своечасова папярэдзіў мяне; тады я быў страшэнна ўважлівы. Я лічыў як вар'ят: лічыльнік спідометра не мог бы зрабіць гэта лепш. Обер-статыстык сам стаў на другім баку вуліцы і пасля зверыў вынік аднае гадзіны з тым, што атрымалася ў мяне. У мяне было на адзінку менш, чым у яго. Мая маленькая каханая прайшла праз мост, і ніколі ў жыцці я не перавяду гэтае цудоўнае дзіця ў будучы закончаны час; гэтае каханае дзяўчо не павінна памнажацца, дзяліцца і ператварацца ў безаблічныя працэнты. Маё сэрца аблівалася крывёю з тае прычыны, што я мусіў лічыць і не мог глядзець ёй услед, а хлопцу з другога боку моста, што падлічваў машыны, я быў вельмі ўдзячны. Бо сапраўды на карту было пастаўлена маё існаванне.

Обер-статыстык паляпаў мяне па плячы і сказаў, што я добры, надзейны і верны працаўнік.

- Памыліліся на аднаго чалавека за гадзіну, - сказаў ён мне, - гэта няшмат. Мы ўсё роўна дадаём пэўную долю працэнта. Я распараджуся, каб Вас перавялі лічыць конныя павозкі.

Павозкі, вядома, - гэта цудоўная рэч. Павозкі - гэта лахва, якой ніколі не было. Павозак бывае сама больш дваццаць пяць на дзень; і адлічваць у мазгу наступную лічбу кожныя паўгадзіны - гэта лахва! Павозкі - гэта файна. Паміж чацвёртай і восьмай павозкамі па мосце ездзіць увогуле забаронена, і я магу пайсці прагуляцца, альбо нават да кіёска з марожаным, і там доўга разглядаць яе ці нават крыху правесці дадому - яе, маю маленькую каханую...



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com