epub
 
Падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Новае ў жыцці Стаха

Літары «ае» ў слове Staech - Штах - вымаўляюцца як доўгае «а», з лёгкім прыдыханнем - гэта значыць на галандскі манер, як у прозвішчы пісьменніка Вэрхарна. Хто вымаўляе «ае» па-нямецку - як «э», - той нервуе жыхароў гэтага мястэчка, амаль выключна манахаў-бенедыкцінцаў. Таму і зроблена гэта папярэдняя заўвага. Пра далейшыя спрэчкі, звязаныя з назвай Штах, я магу тут сказаць толькі зусім коратка: вялікія рознагалоссі сярод спецыялістаў у галіне анамастыкі: адны кажуць, што спалучэнне «ае» сведчыць пра бясспрэчнае германскае паходжанне гэтай назвы, іншыя маюць думку, што гук «х» на канцы слова адназначна даводзіць, што гэта назва - кельцкая. Я падтрымліваю кельцкую версію: мне занадта добра вядома, якія прадажныя бываюць галосныя; апроч таго, мне здаецца падазронаю гаворка мясцовасці вакол Штаха. Штах знаходзіцца ў зямлі Рэйнланд. Я павінен тут адмовіцца ад спробы даць вызначэнне рэйнскага і буду прытрымлівацца тых межаў, якія ўсталяваныя для Рэйнскай зямлі ў часе прускай акупацыі, якая доўжыцца пачынаючы ад 1815 года; а, згодна з гэтым падзелам, Штах знаходзіцца ў Рэйнландзе. Гэта - старажытнае, славутае, прыгожае, старасвецкае мястэчка: між высокіх дрэваў - незабыўны шэры колер сярэднявечнага рэйнскага рамантызму. Жвавая рачулка, якая называецца Бруле, неабходным чынам дапаўняе тутэйшы краявід.

У Штаху два гатэлі: адзін - люксавага класу, другі - просты; ёсць тут таксама маладзёжны пансіянат, а таксама канферэнц-зала. Найважнейшая славутасць - абацтва-кляштар бенедыкцінцаў. Там можна таксама ўладкавацца манахам па найме. Цішыня, грэгарыянскі харал, унутраны і знешні спакой... Апроч таго, манахі ў шляхетных уборах стаяць, сядзяць, молячыся, заглыбіўшыся ў роздум ці ўпрыгожваючы вуліцу або сад пад час размовы з чарговым госцем. Усё надзвычай простае, амаль грубае; тут займаюцца сельскай гаспадаркай, вырошчваюць садавіну; для вінаграду клімат занадта суровы.

Мне не трэба будзе спыняцца на падрабязнасцях, калі я адзначу, што пратакольныя чыноўнікі сталіцы, да якой адсюль недалёка, услаўляюць Штах як «проста цудоўны куток». Кажуць, нібыта адна высокая альбо нават самая высокая пратакольная асоба неяк выказалася наступным чынам:

- Чаго нам яшчэ трэба? Эўропа ў адной са сваіх найкультурнейшых праяваў знаходзіцца ад нас за пяцьдзесят хвілін язды «мерседэсам».

Напраўду, нешта падобнае на Штах наўрад ці магчыма знайсці: адзінаццатае (можа, таксама дзесятае альбо дванаццатае) стагоддзе, характэрны шэры колер рэйнскага рамантызму, Грэгарыянскі Харал, магчымасць зрабіцца манахам па найме альбо пажыць у гатэлі-люкс і адначасна спазнаць усе даброці літургіі і суцяшэнне амаль усіх прычасцяў. Тут - я зноў цытую пратакольную асобу - «проста непаўторныя мясціны для пешых праходак», дзе ў залежнасці ад стану сэрца, лёгкіх альбо залоз можна правесці ў вандроўках паўгадзіны, цэлую гадзіну, тры гадзіны... ды нават увесь дзень, маючы ў руках зручную, нават дурню зразумелую маршрутную карту, якую можна задарма атрымаць у парцье гатэля-люкс. Toе, што ў гэтым гатэлі-люкс можна стаць таксама мужам альбо жонкай па найме, добра вядома цынікам, якія знаюць, што там захоўваюцца таямніцы і ніхто не прымушае паказваць дакументы.

Толькі пратакол можа засведчыць, які незаменны Штах для дам тых паноў, што прыязджаюць па дзяржаўных справах. Пакуль мужы вядуць перагаворы ў Боне, дамы з ахвотаю едуць у афіцыйных «мерседэсах» у Штах. Ад'езд прымяркоўваецца так, каб патрапіць туды да ранішняй альбо дзённай імшы, з захапленнем глядзець там на шляхетна ўбраных манахаў і чуць іх (тут можа мець месца і хапальнае ўспрыманне); пасля гэтага адбываюцца: своеасаблівае снеданне альбо ленч, размеркаваная ў адпаведнасці і наяўнымі часам, настроем і цярплівасцю праходка па цудоўных, без усякага перабольшання, лясах; па абедзе абавязковыя ўдзел у дзённай або вячэрняй імшы, чаепіцце, потым вяртанне ў сталіцу з душой, поўнай унутранага спакою. Ды не толькі для замежных дзяржаўных палітыкаў Штах незаменны, для нямецкіх таксама: як месца роздуму і ачышчэння; не раз тут бачылі, як суровыя мужчыны, укленчыўшы, плакалі. Найбольш у захапленні ад Штаха госці са Злучаных Штатаў ды з Афрыкі: кажуць, што здараліся выпадкі раптоўных пераходаў з аднае веры ў іншую. Дзе так пераканаўча дэманструюцца «ora»*, натуральна, не забываюць і што такое «labora»**: братоў-манахаў з загрубелымі далонямі, з бруднымі рукамі і нагамі, у рабочых расах, запэцканых каровіным памётам можна бачыць там і тут, і самае дзіўнае, што гэтыя рабочыя манахі не ўдаюць з сябе такіх: яны сапраўдныя. Здзіўляе тое, што манахі з вялікай ахвотаю выязджаюць з гэтай ідыліі. Любоў да падарожжаў штахаўскіх манахаў не размінулася з любоўю пакпіць з рэйнскага навакольнага люду: адзін заможны жартаўнік, кажуць, нібыта зрабіў манахам калядны падарунак - цэлы набор чамаданаў.

* Размовы (лац.).

** Праца (лац.).

Манахі напраўду ездзяць з ахвотаю, чытаюць лекцыі - са слайдамі і без іх, - бяруць удзел у семінарах, абмеркаваннях, дыскусіях; сёй-той супрацоўнічае з літаратурнымі аддзеламі сур'ёзных агульнанацыянальных газет, выступае па пытаннях тэалогіі, рэлігіі, хрысціянскай маралі і выкарыстоўвае любую магчымасць паехаць у Гамбург, Мюнхен ці Франкфурт-на-Майне. Так, яны выязджаюць з ахвотаю, гэтыя манахі, а вяртаюцца не заўсёды вельмі ахвотна. У некаторых ёсць асабісты транспарт, ды ў большасці яго няма. Гэткім чынам, намінальная колькасць, якая на сённяшні дзень складае сорак сем манахаў-братоў, у наяўнасці бывае рэдка. Здаралася ўжо, што пад час паўдзённай імшы прысутнічала толькі адзінаццаць, а аднаго разу нават усяго дзевяць манахаў. Адна вельмі высокапастаўленая дама спыталася тады ў пратакольнага чыноўніка, ці не найшла якая пошасць і ці паны не былі «нядужныя», - яна вучыла мову па літаратурных творах пачатку XIX стагоддзя. Чыноўнік адчуў сябе змушаным папрасіць даведкі ў абата і атрымаў паведамленне, якое біла проста ў вока: хворы толькі адзін брат, астатнія - у ад'ездзе.

З прычыны таго, што колькасць людзей, якія атрымліваюць зарплату, у век тэхнікі ўвесь час павялічваецца (сельская гаспадарка, гатэльная абслуга, органы кіравання), Штах не можа фінансава цалкам сябе забяспечыць. Дзяржава і царкоўныя прыходы ў правінцыі даюць яму салідныя грашовыя сродкі; пры гэтым сам факт, што ён фінансава падтрымліваецца, успрымаецца як нешта зусім зразумелае; ніводнага разу яшчэ гэты факт не спаткаўся з якім-небудзь неразуменнем у камісіі па фінансах альбо нават сярод самых адукаваных яе членаў. Каму б прыйшло ў галаву пакінуць Штах без датацый? Гэта было б тое самае, што прадаць Кёльнскі Сабор на разбор - як каменне. Нават страшэнныя вальнадумцы, бязбожныя сацыялісты (яны яшчэ сустракаюцца між нас) ніколі не думалі пра тое, каб раптам не зацвердзіць прадугледжаную на патрэбы Штаха суму грошай. Тут нейкі парадокс, але ў апошнія гады стала назірацца супрацьлеглая тэндэнцыя: прадстаўнікі традыцыйных хрысціянскіх партый раздумвалі крыху даўжэй, у той час як іншыя ў амаль шалёнай спешцы галасавалі «за». Няма ніякіх сумненняў, што нават самы дробязны атэіст са сталіцы не адмовіў бы Штаху ў дапамозе. Штах зрабіўся такі, якім ён не павінен быў бы рабіцца: залежны ад дзяржавы і ад царкоўных прыходаў правінцыі, на тэрыторыі якой ён знаходзіцца. Зразумела, што дзяржава і царкоўныя прыходы ў правінцыі таксама пэўным чынам залежныя ад Штаха, але хто б гэта змог у такім выпадку найдакладнейшым спосабам вызначыць дыялектыку ўзаемнай залежнасці?

Бясспрэчна тое, што абат грошы атрымлівае, і не надта мала. Але за гэта дзяржава і царкоўныя прыходы хочуць сёе-тое бачыць або: яны хочуць, каб можна было сёе-тое пабачыць і пачуць. Якая, у рэшце рэшт, карысць ад такога вялізнага абацтва з яго складанай гаспадаркай (яшчэ больш складанай, чым яго традыцыя), калі - як гэта здарылася ў туманны восеньскі дзень пад час візіту адной (некаталіцкай) каралевы - прысутныя толькі пятнаццаць мніхаў у шляхетных расах і хор, хоць усе «выціскаюць з сябе ўсё, што можна», гучыць убога. Да таго ж два вельмі старыя і нямоглыя манахі былі змушаныя - у не надта ветлівай форме - удзельнічаць у хоры. Каралева была вельмі засмучоная, вельмі-вельмі. Пасля, за маленькім ленчам у гатэлі, на яе твары выразна праглядалася амаль што непрыхаванае незадавальненне - нібы ў крамніцы, якую падманулі. Ды ўсё ж такі Штах - гэта паняцце. Каралева пагадзілася з тым, каб дома ёй было падрабязна расказана пра гісторыю, традыцыі і функцыі Штаха.

Здарылася непазбежнае: вестка пра няпоўны склад хору дайшла да вушэй кіраўніка дзяржавы. Ён, кіраўнік, па-сапраўднаму ўзлаваўся, выказаў усё архібіскупу; той апісаў здарэнне ва ўласнаручным пасланні, якое пачыналася словамі: «Scandalum fuisse...»*, да магістра ордэна ў Рым; магістр паслаў запыт назад у Штах, патрабуючы дакладнага спісу адсутных і прысутных, дзе павінны быць дакладна пазначаныя мэты паездак адсутных манахаў.

* Здарыўся скандал... (лац.).

Высвятленне акалічнасцей, вядома, доўжылася пэўны час, і нават пасля некалькіх строгіх запытаў і ўдакладненняў вынік аказаўся нярадасны - толькі ў дачыненні да шаснаццаці адсутных манахаў знайшлося адпаведнае алібі: восем выконвалі абавязак, які не падпадаў пад падазрэнне, - правяралі ў манашак заданні; яшчэ васьмёра манахаў выязджалі чытаць асветніцкія лекцыі па хрысціянскай навуцы - хто са слайдамі, хто без іх. У той жа час пяць маладзейшых манахаў паехалі на літаратурны сімпозіум («Мы павінны наладжваць кантакты з прагрэсіўнымі дзеячамі Айчыны»), тэма якога прымусіла кіраўніка дзяржавы і біскупа сур'ёзна зморшчыць лоб - «Паказ аргазму ў найноўшай нямецкай літаратуры». Пазней высветлілася, што чатыром з тых манахаў тэма падалася занадта нецікаваю, і яны амаль увесь час праседзелі ў кіно, а менавіта - у ложы курцоў. Алібі для іншых адзінаццаці манахаў засталіся ахутаныя цемрай. Два манахі нібыта ездзілі ў пабратымны кляштар, каб паглядзець там сёе-тое ў некалькіх тамах «Acta Sanctorum»*: гэтыя кнігі былі ўкрадзены ў час пасляваеннай мітусні; абодва манахі не даехалі да пабратымнага кляштара, але рашуча адмовіліся сказаць, дзе яны былі папраўдзе (гэта невядома да сёння!). Адзін манах ездзіў у Галандыю; з пэўнай прычыны, але без ніякай мэты. Прычына: вывучэнне новага ў галандскім каталіцызме. Гэтая прычына была названая біскупам як «досыць няясная». Яшчэ чацвёра манахаў вызначылі за прычыну сваёй адсутнасці «вывучэнне баварскага і аўстрыйскага барока» - яны заблукалі недзе ў раёне паміж Вюрцбургам і венгерскай мяжою, але ў якасці алібі прывезлі добрую падборку каляровых здымкаў. Адзін манах ездзіў ва ўніверсітэцкі горад на поўначы краіны - нібыта дзеля таго, каб паспрыяць ажыццяўленню жадання аднаго славутага вучонага-фізіка перайсці ў каталіцкую веру; а папраўдзе, як потым высветлілася (вучоны сам паведаміў гэта з выпадку прыёму ў кіраўніка дзяржавы), ён спрабаваў не даць здзейсніць гэты пераход.

* «Жыціі святых» (лац.).

Гэтак вось здарыўся скандал. Але абата нельга было адхіліць, а толькі перавыбраць; а гэта зрабіць манахі адмовіліся. Яны любілі свайго абата. Абат здолеў на нейкі час прыглушыць манаскую цягу да вандровак. Наступны афіцыйны візіт быў з удзелам прэзідэнта адной афрыканскай краіны, які аказаўся дасведчаным чалавекам, бо атрымаў выхаванне ў асяроддзі бенедыкціянцаў; прысутныя былі трыццаць два манахі; ды нават трыццаць два манахі ў штахаўскім хоры не ствараюць уражання, што іх тут зашмат. Уражанне ад іх гэткае самае, якое можа быць, напрыклад, ад ста пяцідзесяці біскупаў у саборы Святога Пятра, - амаль як экскурсійная група пажылых псаломшчыкаў. Кіраўнік дзяржавы, здзіўлены ведамі афрыканскага госця наконт звычаяў ордэна, выказаў шэфу пратакольнай часткі сваё непрыхаванае раздражненне і паставіў пытанне, а ці ўвогуле Штах па-ранейшаму выконвае сваю функцыю. Адбылося вуснае высвятленне адносін паміж чыноўнікам пратакольнай часткі і прэлатам біскупскай канцылярыі. Тэма гэтай размовы засталася таямніцаю, але сёе-тое, як гэта непазбежна бывае, памянялася: пасля прыглушэння цягі да вандровак у Штаху пачалі здарацца прыпадкі клептаманіі і эксгібіцыянізму. Адзінаццаць маладзейшых манахаў давялося накіраваць у псіхіятрычную лякарню. Просьба абата, каб яму пра важныя афіцыйныя візіты паведамлялася задоўга да іх пачатку, была адхілена. Яму коратка адказалі: «Штах павінен заўсёды быць «гатовы да работы», бо часцяком прыязджаюць цікаўныя госці - напрыклад, журналісты краін усходняга блоку».

Toе, што можна было назваць «крызісам Штаха», доўжылася недзе год, і вось аднаго разу, суровым, але сонечным вясеннім днём у абацтва, не абвясціўшы пра свой візіт, прыбылі кіраўнік дзяржавы і біскуп. Пра тое, як старым хітрунам удалося захаваць сваю дамоўленасць у сакрэце, ніхто ніколі так і не даведаўся. У добра інфармаваных колах выказваецца меркаванне, што змова адбылася пад час урачыстага акта бласлаўлення манашкі Губэрты Дзёрфлер: людзі бачылі, як прэзідэнт і біскуп перашэптваліся. Паснедаўшы, яны проста загадалі «запрэгчы» свае «мерседэсы-600» і адправіцца ў Штах; там яны зноў сустрэліся і адразу, не завітаўшы да абата, пайшлі ў касцёл, дзе якраз пачыналася вячэрняя імша. У касцёле было чатырнаццаць манахаў.

Абат не ўдаваў з сябе пад час лёгкай вячэры (хлеб, віно, аліўкі) спакойнага чалавека - ён быў такі. Ён сказаў, што пасля таго, як яму ўдалося пад час візіту высокага госця з паўночнай краіны дамагчыся амаль стопрацэнтнай прысутнасці наяўнага складу, - ён зноў крыху «адпусціў лейцы». На саркастычнае біскупава пытанне, што значыць, у адпаведнасці са статусам манаскага ордэна, слова «лейцы», абат адказаў ветлівым запрашэннем прачытаць гісторыю хваробы ў псіхіятрычнай лякарні. Двое паноў, якія прыйшлі нанесці паражэнне абату, самі атрымалі яго. Абат растлумачыў, што ён абсалютна абыякава ставіцца да афіцыйных візітаў і што прагныя да ўцех і адпачынку палітычныя дзеячы, якія раз-пораз уцякаюць у Штах, яму надакучылі. Ён сказаў, што гатовы пры асабліва важных дзяржаўных візітах ставіць у хор выхаванцаў пансіёну і мінарытаў у манаскіх расах. Дастаўка дапаможных сіл і набыццё расаў, паводле яго слоў - справа высокашаноўнага пана біскупа, а таксама вельмі паважанага пана прэзідэнта.

- І калі Вы, - дадаў ён з цынічнай адкрытасцю, - задзейнічаеце актораў, дык калі ласка! Я не магу даваць больш ніякіх гарантый.

Пад час наступнага афіцыйнага візіту (прыехаў дыктатар-католік з паўднёва-заходняй Эўропы) у штахаўскім хоры было семдзесят восем манахаў, галоўным чынам маладых. У машыне, вяртаючыся ў сталіцу, дыктатар сказаў афіцыйнаму прадстаўніку ўрада, які яго суправаджаў:

- Вось дык немцы! З імі нічога не зробіш! Нават па маладых хлопцах-аскетах іх ніяк не перагоніш.

Яго зусім не здзівіла, што большасць манахаў глядзела на яго змрачнавата, некаторыя нават бурчалі: ён быў прывычны да буркатлівых манахаў.

Ён так і не даведаўся - і пра гэта ніхто ў сталіцы яму нічога не сказаў, - што шэсцьдзесят з тых маладых манахаў былі студэнты: яны праводзілі ў сталіцы дэманстрацыю супраць візіту дыктатара; іх арыштавалі, потым паабяцалі адпусціць і ўгаварылі за сорак марак (яны спачатку патрабавалі семдзесят, але потым старгаваліся на сарака) даць абстрыгчы сабе валасы.

З тае пары ў сталіцы кажуць, што шэф пратаколу мае вусную дамоўленасць з паліцай-прэзідэнтам студэнтаў, што ўчыняюць дэманстрацыі, больш шчодра арыштоўваць і больш вызваляць з-пад арышту. З тае прычыны, што паміж афіцыйнымі візітамі і дэманстрацыямі існуе ўзаемная залежнасць, таксама як паміж афіцыйнымі візітамі і наведваннямі Штаха, праблема Штаха лічыцца вырашанаю. Пад час візіту дзяржаўнай асобы, якая ў амаль няветлівай форме паказала сваю поўную незацікаўленасць манахамі, у касцёле налічвалася восемдзесят два манахі.

Між тым паявіліся ўжо фацэты, якія даведваюцца пра тэрміны афіцыйных візітаў, што маюць адбыцца, больш дакладна, чым гэта ўдавалася да гэтай пары абату; апроч таго, як лічаць староннія назіральнікі, ёсць такія, што робяць дэманстрацыі занадта дэманстратыўна, час ад часу ўжываючы нават памідоры ды яйкі, каб быць арыштаванымі, бясплатна пастрыжанымі, хутка вызваленымі ды яшчэ атрымаць сорак марак і багаты сняданак у Штаху, які арганізуецца, паводле настойлівага жадання абата, за кошт біскупства, а не казны.

Цяжкасцей з музычным слыхам дагэтуль не было ні ў тых фацэтаў, ні ў студэнтаў. Грэгарыянскі стыль, здаецца, ім падыходзіць. Цяжкасці ўзнікалі толькі ва ўзаемаадносінах паасобных груп дэманстрантаў, з якіх адна лаялася на другую, называючы яе прыхільнікаў «прадажнымі спажывецкімі апартуністамі», а другая - на першую, выкрываючы яе як зборышча «пустапарожніх пляткароў». Штахаўскі абат мае добрае паразуменне з абедзвюма групамі; некалькі маладых людзей - іх пакуль што, здаецца, сямёра - паступілі як новапастрыжаныя ў кляштар; і таго, што яны пад час харавога спеву раз-пораз да грэгарыянскага рытму дадаюць крыху хошымінаўскага, дагэтуль ніхто яшчэ не заўважыў - нават нядаўна ахрышчаны ў іншую веру амерыканскі дзяржаўны дзеяч, які, стаміўшыся ад натаўскай балбатні, затрымаўся ў Штаху даўжэй, чым гэта прадугледжвалася пратаколам. У сваёй апошняй афіцыйнай заяве ён даў зразумець, што наведванне Штаха «ўзбагаціла яго ўяўленне пра Нямеччыну на пэўны важны нюанс».

 



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com