epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Показка пра заняпад працоўнай маралі

У адным порце на заходнім узбярэжжы Эўропы беднавата апрануты чалавек прылёг у рыбацкай лодцы і дрэмле. Шыкоўна ўбраны турыст якраз закладае новую каляровую стужку ў фотаапарат, хочучы сфатаграфаваць ідылічны малюнак: блакітнае неба, зялёнае мора з міралюбнымі, белымі як снег грабянцамі хваляў, чорны човен, чырвоны рыбацкі капялюшык. «Шчоўк!» Яшчэ раз - «шчоўк!», ды раз бог тройцу любіць і, каб ужо быць пэўным, трэці раз - «шчоўк!». Рэзкі, амаль непрыязны гук выводзіць рыбака з дрымоты; ён пацягваецца, сонна абмацвае лаўку і дно лодкі, шукаючы цыгарэты, але, перш чым ён гэта робіць сам, турыст падсоўвае яму пад нос пачак цыгарэт; адно што не ўпіхвае рыбаку цыгарку ў рот, а проста кладзе яе яму ў руку, потым чацвёртае шчоўканне - цяпер гэта шчоўканне запальнічкі - засведчвае канец гэтай таропкай ветлівасці. Гэты амаль невымерны, зусім не вызначальны перабор спрытнай ветлівасці выклікаў збянтэжанасць з доляю раздражнення, і турыст, які валодае мясцовай гаворкай, спрабуе пачаць размову, каб пераадолець гэтае пачуццё.

- Сёння ў Вас будзе добры ўлоў.

Рыбак адмоўна трасе галавой.

- Але мне казалі, што надвор'е спрыяе...

Рыбак згодна ківае галавой.

- Значыць, сёння Вы не будзеце выходзіць?..

Рыбак адмоўна трасе галавой; турыст нервуецца ўсё больш і больш. Вядома, яго хвалюе дабрабыт беднавата апранутага чалавека; смутак - з прычыны нявыкарыстанай добрай магчымасці - кроіць яму сэрца.

- О, Вы сябе не надта добра пачуваеце?

Нарэшце рыбак пераходзіць ад мовы жэстаў да сапраўднай мовы.

- Я пачуваю сябе выдатна, - адказвае ён, - я ніколі сябе лепей, як сёння, не пачуваў.

Ён падымаецца, выпроствае плечы і грудзі, быццам бы хочучы паказаць, што ён выглядае на сапраўднага атлета.

- Я пачуваю сябе фантастычна добра.

На турыставым твары ўсё відочнейшы выраз нешчаслівасці: ён ужо не можа ўтрымацца, каб не задаць пытання, якое рве яго знутры:

- Але чаму ж тады Вы не выходзіце ў мора?

Адказ кароткі і трапны:

- Бо я ўжо сёння выходзіў, з раніцы.

- А ці добры быў улоў?

- Досыць добры, каб не выходзіць сёння яшчэ раз. У мае сеткі трапіліся чатыры амары, ды амаль два тузіны макрэлін злавіліся...

Рыбак, канчаткова адышоўшы ад сну, цяпер робіцца весялейшым, ляпае турыста па плячы, супакойваючы. Заклапочаны выраз твару апошняга здаецца яму адбіткам хоць і недарэчнага, але кранальнага смутку.

- У мяне ўжо ёсць нават заўтрашняя і паслязаўтрашняя норма, - кажа рыбак, каб зняць камень з турыставай душы. - Ці не хочаце закурыць у мяне?

- Дзякуй, закуру.

Яны бяруць цыгаркі ў рот; пятае шчоўканне; госць, ківаючы галавою, сядае на край чоўна, адкладвае ўбок фотаапарат, бо яму цяпер патрэбныя абедзве рукі - каб надаць сваёй гаворцы больш выразнасці.

- Я не хачу ўлазіць у Вашы прыватныя справы, - кажа турыст, - але ўявіце сабе, сёння Вы выходзіце ў мора другі, трэці, мажліва, нават чацвёрты раз - і Вы зловіце трыццаць, сорак, пяцьдзесят, можа, нават сто макрэлін... толькі сабе ўявіце.

Рыбак ківае галавой.

- Самае позняе праз год Вы зможаце купіць сабе матор, праз два гады - другую лодку, праз тры гады ў Вас, магчыма, будзе невялікі катэр; маючы дзве лодкі альбо катэр, Вы, натуральна, будзеце мець большы ўлоў... калі-небудзь у Вас будуць два катэры, тады б Вы...

Ад захапленняў на хвілю ў яго займае мову.

- ...Вы пабудуеце невялікую лядоўню, а можа, вяндлярню; пазней - кансервавы завод; будзеце аблятаць затоку на сваім верталёце, выглядаць касякі рыбы і падаваць па радыё каманды сваім катэрам. Тады б Вы змаглі набыць правы на адлоў ласася, адчыніць рыбны рэстаранчык, пасылаць амараў без пасрэднікаў адразу ў Парыж - а потым...

Зноў ад захаплення яму займае мову. Хітаючы галавою, уражаны да глыбіні сэрца, амаль забыўшыся на адпачынкавыя ўцехі, турыст глядзіць на хвалі, што міралюбна набягаюць на бераг, на хвалі, у якіх жвава гойсаюць нязлоўленыя рыбкі.

- А потым... - кажа ён, але тут зноў яму ад хвалявання займае мову.

Рыбак паляпвае яму па карку, нібы дзіцяці, якое папярхнулася.

- І што потым? - ціха пытаецца рыбак.

- Потым, - адказвае госць з ціхім захапленнем у голасе, - потым Вы спакойна зможаце сядзець сабе тут у порце, драмаць на сонцы... і глядзець на непаўторна-прыгожае мора.

- Але ж я якраз цяпер і раблю гэта, - адказвае рыбак, - я спакойна сяджу на беразе і драмлю сабе; толькі Вашае шчоўканне мяне патурбавала.

І турыст пайшоў адтуль у задуменнасці, бо раней яму таксама здавалася, нібыта ён працуе дзеля таго, каб калі-небудзь мець магчымасць болей не працаваць: і ў яго не засталося ані трохі спачування да беднавата апранутага рыбака, адно толькі засталася драбінка зайздрасці.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі