epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Спатканне ў алеі

Калі, здаралася, навокал сапраўды ўсталёўвалася цішыня, калі замаўкалі хрыплыя перастукі кулямётных чэргаў і больш не чутно было тых вусцішна-сухіх выбухаў, што сведчылі пра чарговы залп гранатамётаў, калі над баявымі парадкамі павісала нешта тое, што не мела для нас назвы - тое, што нашыя бацькі, мажліва, называлі мірам, - у тыя гадзіны мы пераставалі давіць, гучна шчоўкаючы, вошай, адыходзілі ад нямоцнага сну, а лейтэнант Гэкер - пальцамі сваіх даўжэзных рук намацваў зашчэпку ўкапанай у сцяну нашага акопа снараднай скрыні, якую мы назвалі «барам»; ён цягнуў за скураны пасак, іголка спражкі вызвалялася, і перад нашымі вачыма паяўлялася ўсё нашае наяўнае багацце: злева стаялі лейтэнантавы, справа - мае пляшкі, а пасярэдзіне - наша агульная, асабліва каштоўная маёмасць, якая належала тым гадзінам, калі сапраўды ўсталёўвалася цішыня...

Паміж пляшак з мутнавата-цёмным бульбяным шнапсам стаялі дзве бутэлькі выдатнага французскага каньяку, самага цудоўнага з тых, якія мы калі-небудзь у жыцці пілі. Напраўду не вядома, якім таямнічым спосабам, нягледзячы на вялізную рызыку быць прыўлашчаным староннімі людзьмі, праз непраглядныя джунглі махлярства, сапраўдны «хенэсі» праз пэўныя прамежкі часу ўсё ж трапляў у нашыя акопы, дзе мы мусілі ваяваць з брудам, вошамі і безвыходнасцю. Зялёным хлопцам, якія брыдзіліся любога спіртнога і з прагнасцю малых дзяцей цягнуліся да салодкага, мы за іхнюю долю каштоўнага жоўтага напою зазвычай плацілі шакаладам і цукеркамі, і, напэўна, увогуле рэдка можна было знайсці абмен, які б мог болей задаволіць абодва бакі.

- Хадзем, - звычайна гаварыў Гэкер, прышпіліўшы наколькі магчыма чысты каўнерык і задаволена правёўшы даланёю па свежаголеным падбародку. У змрочнай глыбіні зямлянкі я выпростваўся, абстрэсваў рукамі рэшткі саломы з сваёй формы і браў удзел у адным-адзіным цырыманіяле, на які мне яшчэ ставала сіл: я прычэсваўся і ў Гэкеравым «ласьёне пасля галення» - рэштках кавы ў бляшанцы - доўга і з амаль ненатуральнай пранікнёнасцю мыў сабе рукі. Гэкер таксама цярпліва чакаў, пакуль я чысціў свае пазногці, прыладжваючы тым часам паміж намі замест стала скрыню з-пад снарадаў, выціраючы насоўкай нашыя кілішкі, таўстасценныя трывалыя рэчы, з якімі мы прывыклі абыходзіцца гэтаксама беражліва, як і з тытунём. Калі потым Гэкер з глыбіняў сваёй кішэні вывуджваў пачак цыгарэт, я звычайна быў ужо таксама гатовы...

Найчасцей гэта здаралася па абедзе, і мы адсоўвалі ўбок коўдру, якой быў занавешаны ўваход у наш акоп; часам негарачае сонца сагравала нам ногі...

Мы паглядзелі адзін на аднаго, стукнуліся кілішкамі, выпілі і закурылі. У нашым маўчанні ёыло нешта цудоўна ўрачыстае. Адзінымі староннімі гукамі былі стрэлы снайперскай вінтоўкі: метадычна, праз аднолькавыя прамежкі часу кулі ўціналіся з ціхім і амаль гжэчным «пух» у цвёрдую зямлю перад бэлькай-падпоркай эскарпа каля ўвахода ў наш акоп. Гэта нагадвала мне ціхае, амаль нячутнае шастанне палёўкі, калі яна спакойным летнім днём перабягае дарогу. У гэтых гуках было нешта такое, што супакойвае, бо яны пераконвалі нас, што тая найкаштоўнейшая часіна, што цяпер пачыналася, была не сном ці фантазіяй, а часткай нашага сапраўднага жыцця.

Толькі пасля чацвёртага ці пятага кілішка мы загаварылі. Пад стомлены стукат нашых сэрцаў гэты выдатны трунак абудзіў штосьці каштоўнае, што нашыя бацькі, магчыма, назвалі б тугою.

Пра вайну, пра нашае сёння, мы не збіраліся больш гаварыць ні слова. Занадта часта і занадта блізка перад сабою бачылі мы яе зубаскальную пысу, а яе жахлівы подых, калі параненыя цёмнымі начамі трызнілі паміж дзвюма лініямі баявых парадкаў на дзвюх розных мовах, гэты подых занадта часта прымушаў здрыгануцца нашыя сэрцы. Мы занадта моцна ненавідзелі яе, каб яшчэ верыць у мыльныя пухіры фразаў, якія гэты зброд пасылаў з таго і з гэтага боку, надаючы ім годнасць «пасланняў».

Гэтыя размовы не маглі быць і пра будучыню. Яна была цёмным тунелем, поўным вострых выступаў, на якія нам давядзецца не раз натыкацца; і мы баяліся будучыні, бо жахлівае існаванне, якое заключалася ў тым, каб быць салдатам і прагнуць канца вайны, спустошыла нашыя сэрцы.

Мы размаўлялі пра мінуўшчыну, пра гэты варты жалю намёк на тое, што нашыя бацькі, магчыма, называлі б жыццём. Пра той занадта маленькі і адзіны кавалак чалавечых успамінаў, які быў аднолькава заціснуты паўзгнілым трупам рэспублікі і раздзьмутай пачварай-дзяржавай, ад якой мы мусім атрымліваць сваё салдацкае жалаванне.

- Уяві сабе маленькую кавярню, - сказаў Гэкер, - можа, нават пад дрэвамі... увосень. Пах вільгаці і гнілізны ў паветры, а ты перакладаеш верш Верлена; на нагах у цябе лёгенькія сандалі; і пасля, калі сутонне павісае над густымі аблокамі, ты, шоргаючы нагамі, ідзеш дадому... шоргаючы... разумееш; ты наўмысна шоргаеш сандалямі па мокрай лістоце і заглядаеш у твар дзяўчатам, што ідуць табе насустрач... - Ён напоўніў кілішкі, спакойнымі рухамі - не раўнуючы як добры доктар, які робіць аперацыю дзіцяці, - мы стукнуліся кілішкамі і выпілі...

- Можа, якая табе ўсміхнецца, ты адкажаш таксама ўсмешкаю, і вы абое пойдзеце, не азіраючыся, далей. Гэтыя ледзь прыкметныя ўсмешкі, якімі вы абмяняліся, ніколі не знікнуць, не памруць... ніколі, я табе кажу; яны, мажліва, будуць вашым апазнавальным знакам, калі вы спаткаецеся ў іншым жыцці... да смешнага малапрыкметныя ўсмешкі...

Штосьці дзіўна маладое паявілася ў ягоных вачах; з усмешкай ён паглядзеў на мяне, і я ўсміхнуўся таксама, потым я ўзяў бутэльку і напоўніў кілішкі. Пасля мы выпілі тры ці чатыры разы запар, і ніякі тытунь не быў такі смачны, як той, што змешваўся з цудоўным водарам каньяку.

Тым часам стрэл снайпера нагадаў нам, што час неміласэрна напіраў, а дзесьці там, за нашай радасцю і тымі цудоўнымі імгненнямі, пагрозліва праглядвала зноў няўмольнасць нашага жыцця, якая магла раз'яднаць нас сігналам трывогі вартавога, загадам на наступ альбо адступленне. Мы пачалі піць, усё больш спяшаючыся, абменьвацца вастрэйшымі рэплікамі, і да пяшчотнай уцехі ў нашых вачах падмяшаліся разгульная радасць і нянавісць; і калі непазбежна паказалася донца бутэлькі, Гэкер зрабіўся невыказна сумны, ён зірнуў на мяне сваімі вачыма, нібы шкельцамі, што пазацякалі; ён пачаў ціха і амаль непрытомна шаптаць: «Дзяўчына... ведаеш... жыла ў канцы алеі, і калі я апошні раз быў у адпачынку... Гэта было для мяне знакам, што я павінен з гэтым канчаць».

- Лейтэнант, - сказаў я рэзкім і халодным тонам, - супакойся, чуеш!

Бо ён сам заўсёды казаў мне: «Калі я пачну гаварыць пра дзяўчыну, што жыве ў канцы алеі, ты павінен сказаць мне, каб я заткнуўся; разумееш, ты павінен, павінен!!!»

Я падпарадкаваўся гэтаму загаду, хоць мне і было цяжка выконваць яго, бо Гэкер сціх, як быццам я яго пра гэта прасіў; яго погляд зрабіўся жорсткі і цвярозы, а над ротам паявілася былая складка горычы...

Але таго дня, пра які я хачу расказаць, усё было іначай, чым звычайна. Мы атрымалі бялізну, зусім новую бялізну, новы каньяк; я пагаліўся і пасля нават памыў у бляшанцы ногі; гэтак я прыняў своеасаблівую ванну, бо нам нават даслалі новыя шкарпэткі; на якіх белыя кольцы былі яшчэ напраўду белыя...

Гэкер ляжаў, адхіліўшыся на нашай ляжанцы, курыў цыгарэту і глядзеў, як я мыюся. Звонку было зусім ціха, але гэтая цішыня была злавесная; яна расслабляла і пагрозліва зеўрала, а па Гэкеравых руках, калі ён прыкурваў новую цыгарэту ад старой, я ўгледзеў, што ён быў усхваляваны і баяўся, бо баяліся мы ўсе; усім, хто яшчэ заставаўся чалавекам, было боязна.

Раптам мы пачулі ціхі шоргат, з якім куля снайпера ўціналася ў насып, і гэты мяккі гук адабраў у цішыні ўсё, што палохала; як па камандзе, мы абодва засмяяліся; Гэкер ускочыў з месца, крыху патупаў нагамі і па-дзіцячаму голасна выгукнуў:

- Ура! Ура! Мы п'ём, п'ём за здароўе нашага камарада, які ўсё цэліць у адно і тое ж месца і заўсёды без ніякага сэнсу!

Ён адшпіліў зашчэпку, паляпаў мне па плячы і цярпліва вычакаў, пакуль я зноў насунуў свае боты і падсеў да скрыні з нашым трункам. Гэкер насцяліў на скрыню новую насоўку і выцягнуў з нагруднай кішэні цудоўныя доўгія бураватыя цыгары.

- Гэта проста файна, - выгукнуў ён, смеючыся, - каньяк і добрая цыгара!

Мы стукнуліся кілішкамі, выпілі і закурылі, робячы доўгія, поўныя смакавання зацяжкі.

- Раскажы мне што-небудзь, - сказаў Гэкер, - ты павінен што-небудзь расказаць, давай.

Ён паглядзеў на мяне сур'ёзна.

- Гэй, ты ж ніколі мне нічога не расказваў; заўсёды прымушаў мяне вярзці абы-што.

- У мяне няма пра што шмат расказваць, - адказаў я ціха; пасля зірнуў яму ў вочы, наліў каньяку ў кілішкі і выпіў пасля таго, як выпіў ён. Было цудоўнае адчуванне: як халаднаваты напой, што так вытанчана нас падаграваў, цёмна-жоўтым струменем ліўся ў нашыя вантробы.

- Ведаеш, - пачаў я павольна, - я маладзейшы за цябе і крыху старэйшы. Мяне ўвесь час пакідалі на другі год у школе, потым я мусіў ісці вучыцца на сталяра. Спачатку было непрыемна, але пасля, недзе праз год, гэтая праца пачала мяне цешыць. Гэта цудоўна - вось так працаваць з дрэвам. Робіш сабе эскіз на прыгожай паперы, раскладаеш чыстыя, з тонкай імітацыяй касаслойнасці дошчачкі, якія ты старанна адгабляваў, уцягваючы ноздрамі пах драўніны. Мяркую, з мяне мог бы атрымацца неблагі сталяр, ды калі мне споўнілася дзевятнаццаць, я мусіў ісці ў салдаты; і першы жах; які ахапіў мяне, як толькі я пераступіў цераз парог казармы, ніколі мяне не пакідаў, ніколі за гэтыя шэсць год, - таму я і не гавару шмат... у вас усё зусім не так...

Я пачырванеў, бо яшчэ ніколі ў жыцці гэтак шмат не гаварыў.

Гэкер задуменна паглядзеў на мяне.

- Ну, - сказаў ён, - я думаю гэта добра, сталяр.

- ...Але няўжо ў цябе ніколі не было дзяўчыны? - загаварыў ён раптам гучней, і я ўжо адчуваў, што мне зноў давядзецца канчаць.

- Няўжо ніколі? Ніколі не туліўся галавою да прыгожага пляча, ніколі не спазнаў, як пахнуць яе валасы... ніколі?

Цяпер каньяк зноў наліў ён, і бутэлька пасля гэтых двух кілішкаў зусім апусцела. Гэкер з жудасным смуткам у вачах азірнуўся.

- Няма нават сцяны, аб якую можна разбіць гэтую пляшку, а?.. Пастой! - раптам крыкнуў ён і засмяяўся шалёным смехам. - Камараду таксама няхай што-небудзь застанецца, хай падстрэліць яе.

Ён ступіў наперад і паставіў бутэльку на тое месца, куды кожны раз траплялі снайперскія кулі, і перш чым я здолеў умяшацца, ён выцягнуў з нашага «бара» наступную пляшку, адкаркаваў яе і напоўніў яе змесцівам кілішкі. Мы стукнуліся яшчэ раз, і ў гэтае самае імгненне звонку над насыпам пачулася мяккае «пух», і мы спалохана паднялі галовы і ўбачылі, што бутэлька яшчэ хвілю заставалася стаяць, як і раней, быццам застыўшы; але потым яе верхняя частка ссунулася ўніз, між тым як ніз бутэлькі заставаўся на месцы. Вялікі аскалёпак зваліўся ў акоп, амаль што нам пад ногі, і мне запомнілася толькі, што я спалохаўся, спалохаўся таго імгнення, калі была разбітая гэта бутэлька...

Я адчуваў абсалютную абыякавасць, калі памагаў Гэкеру - а ён не паспяваў наліваць - апаражняць другую бутэльку. Так яно і было: адначасна сполах і абыякавасць. Гэкер спалохаўся таксама, я заўважыў гэта; змучаныя, мы глядзелі паўз адзін аднаго, і таго дня ў мяне не хапіла сілы перапыніць яго, калі ён пачаў зноў апавядаць пра тую дзяўчыну...

- Ведаеш, - прамовіў ён хутка, гледзячы ўбок, - яна жыла ў канцы алеі, і калі я апошні раз быў у адпачынку, стаяла восень, сапраўдная восень, яе позняя пара. І я проста не магу апісаць табе, якая прыгожая была тая алея...

Дзікая, захапляльная ўцеха палыхнула ў яго вачах, і дзеля гэтае ўцехі я быў рады, што не перапыніў яго; гаворачы далей, ён сашчапіў рукі, нібы той чалавек, што хоча нешта вылепіць і не ведае, як гэта рабіць; і я адчуў, што ён шукае слоў, каб расказаць мне пра тую алею. Я наліў каньяку, мы хутка выпілі, я наліў зноў, і мы яшчэ раз кульнулі...

- Алея, - сказаў ён хрыпла, амаль заікаючыся, - алея была зусім залатая... гэта не лухта, слухай... яна была проста залатая, чорныя дрэвы ў золаце, праз якое прасвечвала шэра-блакітнае неба... Я вар'яцеў ад шчасця, калі павольна сыходзіў да таго дома, я адчуваў сябе звязаным па руках і нагах гэтай каштоўнай прыгажосцю, і я ўсмоктваў у сябе п'янкую тленнасць нашага чалавечага жыцця. Разумееш? Гэта чароўнае пачуццё ахапіла мяне невыказна і... - Гэкер з хвіліну памаўчаў, шукаючы зноў, як мне здавалася, адпаведных слоў; я зноў напоўніў кілішкі, мы стукнуліся і выпілі: у гэты момант на насыпе разляцеўся і ніз бутэлькі; аскалёпкі з узбуджальнай павольнасцю пасыпаліся адзін за адным у траншэю.

Мне зрабілася страшнавата, калі Гэкер раптоўна падняўся, потым нахіліўся і ссунуў коўдру зусім убок; я схапіў яго за рукаў, пацягнуў назад - і тут зразумеў, чаму мне ўвесь час было боязна.

- Пусці! - крыкнуў ён. - Пусці... Я пайду, пайду да тае алеі...

Я апынуўся там, звонку, побач з ім, трымаючы пляшку ў руцэ.

- Пайду, - прашаптаў Гэкер, - пайду туды да самага канца - туды, дзе стаіць той дом! Там, перад ім, - карычневыя жалезныя краты, а яна жыве наверсе, а...

Я спалохана сагнуўся, бо побач са мной прасвісцела куля, уцяўшыся ў эскарп якраз на тым самым месцы, дзе незадоўга перад гэтым стаяла бутэлька.

Гэкер, запінаючыся, шаптаў нешта няўцямнае, глыбокая і цяпер зусім пяшчотная ўцеха была ў рысах яго твару, і, пэўна, быў яшчэ час крыкам вывесці яго з гэтага стану - так, як ён мне загадваў. У тым, што ён няўцямна шаптаў, я пазнаў толькі некалькі словаў: «Пайду... пайду туды, дзе жыве мая дзяўчына...»

Я адчуваў сябе страшэнным баязліўцам, прысеўшы там на дне траншэі, з паўпустой бутэлькай каньяку ў руцэ; і я ўспрымаў як сваю віну тое, што я быў цвярозы, бязлітасна цвярозы, у той час, як у выразе Гэкеравага твару можна было згледзець невыказна салодкае і глыбокае ап'яненне; ён утаропіўся ў баявыя парадкі праціўніка паміж чорных сцёблаў сланечніка і вынішчаных сялянскіх двароў; я пільна сачыў за ім: ён прыпаліў цыгарэту.

- Лейтэнант, - сказаў я ціха, - вазьмі выпі, хадзем...

І я працягнуў яму бутэльку, а калі хацеў выпрастацца, раптам адчуў, што я таксама п'яны, і на чым свет стаіць я пачаў лаяць сябе, што яшчэ раней не раскатурхаў яго, бо цяпер гэта здавалася запозна; ён не пачуў майго крыку, і я не паспеў разявіць рота, каб гукнуць яму яшчэ раз і хоць бы з дапамогай пляшкі каньяку завабіць яго з-пад куляў назад у зямлянку - як пачуў лёгкае і мяккае «пух» ад разрыўной кулі. Гэкер жахліва-нечакана павярнуўся да мяне, лагодна і ціха ўсміхнуўся, потым паклаў цыгарэту на насып і пачаў ссоўвацца долу, зусім павольна завальваючыся на спіну... у мяне ўнутры ўсё пахаладзела, бутэлька выслізнула з рук, і я з жахам сядзеў, утаропіўшыся ў каньяк, які з ціхім булькатаннем выцякаў з яе, утвараючы маленькую лужынку. Усё зноў прыціхла, і цішыня гэта была пагрозлівая...

Нарэшце я наважыўся зірнуць Гэкеру ў твар: шчокі яго былі запалыя, вочы чорныя і нерухомыя, і ўсё ж на ягоным абліччы заставаўся яшчэ пробліск тае ўсмешкі, што ззяла тады, калі ён мармытаў няўцямныя словы. Я ўжо ведаў, што ён мёртвы. Але тут я раптоўна закрычаў, закрычаў, нібы вар'ят; забыўшыся на ўсякую небяспеку, я высунуўся з-за насыпу, крыкнуў да бліжэйшага акопа:

- Гайн! Памажы! Гайн, Гэкер забіты! - і, не дачакаўшыся адказу, зваліўся на зямлю, ахоплены страшэнным жахам, бо Гэкерава галава крыху паднялася, зусім трохі, але прыкметна, і з яе пацякла кроў і жудасная жаўтавата-белая маса, гэта, напэўна, былі яго мазгі; кроў не пераставала цячы, і я, застыўшы ад жаху, думаў: адкуль гэты бясконцы паток крыві, няўжо гэта ўсё з ягонай галавы? Усё дно нашага акопа заплыло крывёю, гліністая глеба дрэнна ўсмоктвала, кроў расцякалася да самай плямы, дзе я быў укленчыў каля пустой бутэлькі...

Я быў адзін у цэлым свеце, сам-насам з Гэкеравай крывёю, бо Гайн не адгукаўся, а мяккага шоргату снайперскіх куляў больш не было чутно...

Але раптоўна цішыню разарваў рэзкі гук, я перапалохана рвануўся ўгору - і ў гэтае самае імгненне адчуў удар ззаду, ад якога - як ні дзіўна - зусім не было балюча; я заваліўся наперад, галавою на Гэкеравы грудзі, і ў той час, калі наўкол мяне абуджаўся шум бітвы, дзікі брэх кулямёта з Гайнавага акопа і жудасныя стрэлы з установак, якія мы называлі «арганамі», - у гэтую хвілю я зусім супакоіўся: бо з Гэкеравай цёмнаю крывёю, што была ўсё яшчэ разлітая па дне акопа, цяпер перамешвалася светлая, цудоўна светлая кроў, пра якую я ведаў, што яна зусім цёплая і што гэта мая ўласная кроў; я ссоўваўся і апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль не апынуўся, шчасна ўсміхаючыся, каля ўвахода ў тую алею, якую не здолеў апісаць Гэкер; бо дрэвы былі голыя, адзінота і пустэльнасць праглядала паміж бляклых ценяў, і надзея сканала ў маім сэрцы, калі я далёка, надзвычай далёка ў мяккім залатым святле ўбачыў, як мне падае знак Гэкерава постаць.

 



Пераклад: Лявон Баршчэўскі