epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Свечкі для Марыі

Я прыехаў у гэты горад не надоўга; увечары, у прызначаны час, я меў сустрэцца з прадстаўніком аднае фірмы, якая абіралася купіць у нас на пэўных умовах тавар, продаж якога заўсёды рабіў нам нямала клопату; гэты тавар быў: свечкі. Мы ўклалі ўсе свае грошы ў выраб вялікай партыі свечак, мяркуючы, што электраэнергіі будзе бракаваць яшчэ вельмі доўга; працавалі мы рупліва і сумленна, эканомячы на ўсім: кажучы «мы», я маю на ўвазе сваю жонку і сябе. Мы самі вырабляем тавар, прадаём, перапрадаём яго, сумяшчаючы ўсе этапы бласлаўлёнага гандлёвага працэсу; мы і прадстаўнікі фірмы, і рабочыя, і камерсанты, і прадпрымальнікі.

Але разлікі нашы не спраўдзіліся. Попыт на свечкі сёння невялікі. Нармаванне электраэнергіі скасавалі: нават у большасці падвалаў з'явілася электрычнае асвятленне - і гэта якраз тады, калі мы дзякуючы сваім нястомным намаганням і высілкам, здавалася, адолелі ўсе цяжкасці і дасягнулі сваёй мэты, вырабіўшы вялізную партыю свечак, - якраз тады попыт на іх зменшыўся.

Нашыя спробы завязаць кантакты з тымі парафіяльнымі крамкамі, што гандлююць гэтак званым касцельным начыннем, поспеху не мелі. Тыя крамкі назапасілі свечак удосталь - да таго ж прыгажэйшых за нашыя: з аздобаю, з зялёнымі, чырвонымі, блакітнымі і жоўтымі палоскамі, з залацістымі зорачкамі, што - нібы тыя змеі на жазле ў Эскулапа - віюцца ўгору, надаючы свечкам пабожна-ўрачысты і адначасна прывабны выгляд; іх свечкі маюць розную велічыню і таўшчыню, а нашы аднолькавыя і зусім простай формы: даўжыня іх з паўлокця, яны гладкія, без усякай аздобы; ім уласцівая толькі тая прыгажосць, што нясе з сабою ўсё самае простае.

Мы мусілі прызнацца сабе, што нашыя разлікі аказаліся памылковымі; побач з іх цудоўным таварам, які прадаваўся ў касцельных крамках, нашыя свечкі мелі занадта сціплы выгляд; а хіба хто будзе купляць тое, што мае занадта сціплы выгляд? Нават нашыя спробы панізіць цану не дапамаглі нам павялічыць продаж. З іншага боку, у нас, натуральна, няма грошай, каб распрацаваць новыя ўзоры свечак, а тым больш - вырабляць іх, бо прыбыткаў, якія мы атрымліваем ад мізэрнага продажу, ледзьве хапае на пражытак і на тое, каб кампенсаваць страты, што пастаянна большаюць, бо я мушу ездзіць ва ўсё больш далёкія камандзіроўкі, каб сустракацца з рэальнымі альбо ўяўнымі пакупнікамі; цана на свечкі павінна ўсё болей і болей паніжацца, і мы бачым ужо, што ў нас не застаецца іншага выйсця, акрамя як прадаць рэшту свечак амаль задарма і пачаць зарабляць на жыццё якім-небудзь іншым спосабам. У гэты горад мяне прывёў ліст прадстаўніка адной фірмы, які намякаў на тое, што можа збыць вялікую партыю нашых свечак за прымальную цану. Я досыць неразумна паверыў яму і рушыў у няблізкую дарогу, каб сустрэцца з тым тыпам. Яго кватэра была абстаўлена багата, нават раскошна, з добрым густам, а вялікі кабінет, у якім ён мяне прыняў, быў увесь пазастаўлены разнастайнымі ўзорамі тавараў, што давалі прыбытак ягонаму гандлёваму прадпрыемству. Тут на доўгіх паліцах стаялі гіпсавыя статуэткі Марыі-Тэрэзіі, святога Іосіфа, Маці Божай, скрываўленыя Ісусавы сэрцы, фігуркі светлавалосых грэшніц, якія каяліся, пабожна апусціўшы вочы; на падстаўках у іх выпуклымі залацістымі альбо чырвонымі літарамі было выпісана на розных мовах: «Магдаліна»; тут былі яслі, цалкам або асобнымі часткамі, быкі, аслы, малыя Ісусікі з воску або з гіпсу, пастыры ды анёлы розных узростаў: немаўляты, дзеці, юнакі, старыя; тут ляжала гіпсавае пальмавае лісце з ухваляльнымі надпісамі, зробленымі залатымі або срэбранымі літарамі, стаялі сталёвыя, гіпсавыя, медныя, гліняныя споды - вырабленыя з пэўным густам ці без усякага густу.

Сам гаспадар - гжэчны мужчына з чырвоным тварам - запрасіў мяне сесці і, робячы зацікаўлены выгляд, прапанаваў цыгару. Мне давялося расказаць, чаму мы заняліся гэтай справай, і пасля таго як я растлумачыў яму, што пасля вайны ў нас не засталося нічога, акрамя вялізнай гары стэарыну - жонка ўратавала яго з чатырох ахопленых агнём грузавікоў; і ніхто пасля не выказаў прэтэнзій на яго як на сваю ўласнасць; пасля таго як я прыкладна на чвэрць скурыў яго цыгару, ён раптам, без усякага пераходу сказаў:

- Мне вельмі шкада, што я прымусіў Вас прыехаць сюды, але я перадумаў.

Я адразу спалатнеў; гэта здалося яму дзіўным, і ён дадаў:

- Сапраўды, мне вельмі шкада, але, узважыўшы ўсе магчымасці, я прыйшоў да высновы, што Ваш тавар не пойдзе. Hе пойдзе! Паверце, мне вельмі шкада!

Ён усміхнуўся, сцепануўшы плячыма, і працягнуў мне руку. Ды я паклаў непатушаную цыгару і пайшоў.

Тым часам на дварэ ўжо зрабілася цёмна, а горад быў мне зусім не знаёмы. Хоць я, нягледзячы на ўсё, і адчуў пэўную палёгку, усё ж мяне не пакідала прыкрае ўсведамленне таго, што я не толькі бедны, падмануты, ахвяра памылковай ідэі, але да таго ж яшчэ і смешны. Відавочна, я зусім не прыдатны да гэтак званай барацьбы за існаванне, з мяне ніколі не атрымаецца фабрыкант або гандляр. Нашых свечак не куплялі нават, лічы, задарма: яны былі занадта прымітыўныя, каб спаборнічаць з тымі свечкамі, што прадаваліся ў царкоўных крамках; у нас іх, напэўна, ніхто б не ўзяў і без грошай, у той час як у іншых куплялі і горшыя. Ніколі ў жыцці не разгадаць мне таямніцы гандлю, хоць таямніцу вытворчасці свечак мы з жонкаю неяк спасціглі.

Зусім змораны, я дацягнуў цяжкую валізу з узорамі свечак да трамвайнага прыпынку і мусіў доўга чакаць. Позні вечар быў мяккі і ясны: стаяла лета. На скрыжаваннях вуліц гарэлі ліхтары, у паўзмрочнай цішы прагульваліся людзі; я стаяў каля вялікага круглага пляца перад цёмным пустым будынкам; ззаду за мною чарнеў невялікі парк; чулася булькатанне вады, і, абярнуўшыся, я ўбачыў вялікую мармуровую жанчыну, з тугіх грудзей якой у медны спод ліліся тонкія струмені вады; мне стала халаднавата, і я адчуў стому. Нарэшце падышоў трамвай; прыемная музыка чулася з вокнаў ярка асветленых кавярань, але вакзал знаходзіўся ў пустэльнай і ціхай частцы горада. Вялікае чорнае табло паказвала час адыходу толькі аднаго цягніка, з якога я б мусіў сысці на паўдарозе і чакаць цэлую ноч перасадкі ў пачакальні на брудным, поўным брыдкага булённага паху вакзале аднаго безгатэльнага мястэчка. Я павярнуў назад, на прывакзальную плошчу, спыніўся, пералічыў пры святле газавага ліхтара свае грошы: дзевяць марак з дробнымі ды квіток на дарогу назад. На плошчы стаяла некалькі машын, якія, здавалася, ужо цэлы век чагосьці чакалі; маленькія дрэўцы паблізу былі падстрыжаныя, нібы рэкруты-навабранцы. «Слаўныя дрэўцы, - падумаў я, - добрыя дрэўцы, паслухмяныя дрэўцы». Сям-там на неасветленых будынках былі відны белыя лекарскія шыльдачкі; у вітрыне адной кавярні я ўбачыў толькі пустыя мяккія крэслы, перад якімі скрыпач размашыстымі рухамі здабываў са свайго інструмента тужлівыя гукі; гэтымі рухамі ён, напэўна, зрушыў бы з месца вялізны камень, але наўрад ці зварухнуў бы чалавечую душу. Нарэшце ў выемцы на сцяне нейкай цёмнай цэркаўкі я ўгледзеў пафарбаваную ў зялёны колер шыльдачку: «Пакоі для начлегу». Я зайшоў туды.

Было чуваць, як за мной празвінеў трамвай, які вяртаўся ў ярчэй асветленую і больш людную частку горада. Калідор быў пусты, і я, павярнуўшы направа, зайшоў у невялікі пакой, дзе стаялі чатыры сталы і дванаццаць крэслаў; леваруч, на прылаўку пад сцяною, я ўбачыў металічныя скрыні з півам ды ліманадам. Усё выглядала ахайна і сціпла. Да сцяны меднымі цвікамі з капялюшыкамі ў форме маленькіх руж была прыбітая зялёная джутавая тканіна, падзеленая вузенькімі бураватымі дошчачкамі на часткі. Крэслы былі таксама абабітыя зялёнаю, падобнаю да аксаміту, мяккаю тканінай. На вокнах віселі шчыльна захінутыя жаўтлявыя фіранкі, а за прылаўкам было відно падобнае да форткі акенца, што выходзіла проста ў кухню. Я паставіў валізу на падлогу, падсунуў да сябе крэсла і сеў, адчуваючы, што вельмі стаміўся.

Тут было зусім ціха, яшчэ цішэй, чым на вакзале, які чамусьці знаходзіўся воддаль ад дзелавога цэнтру, - то была задушлівая цёмная зала, запоўненая ледзь чутным шолахам невідочнай ажыўленасці: ажыўленасць за прычыненымі акенцамі, ажыўленасць за драўлянымі перагародкамі.

Да таго ж я адчуваў голад, і мяне вельмі прыгнятала тое, што мая паездка зусім пайшла намарна. Я быў рады, што нейкі час яшчэ змагу пабыць сам у гэтым зацішным простым пакойчыку. Я б ахвотна закурыў, але цыгарэт не знайшлося, і я пашкадаваў, што пакінуў цыгару ў гандляра царкоўным начыннем. І ўсё ж, хоць на сэрцы ў мяне было цяжка - ад гэтай яшчэ адной марнай паездкі, - пачуццё пэўнай палёгкі таксама расло ўва мне - палёгкі, якую ні акрэсліць, ні растлумачыць я не здолеў бы; у душы я, відаць, радаваўся, што мяне цяпер ужо канчаткова выцеснілі з гандлю таварамі рэлігійнага культу.

Я не сядзеў склаўшы рукі пасля вайны: прыбіраў вуліцы, вывозіў смецце, быў тынкоўшчыкам, мулярам, вазіў пясок, вапну, уносіў прапановы, зноў і зноў уносіў прапановы, перачытаў горы кніжак, рупна распараджаўся гарой стэарыну; незалежна ад усіх тых, хто мог бы мне перадаць свой вопыт, я знайшоў свой спосаб вырабу свечак - прыгожых, простых, добрых свечак, якія мелі невялікае жаўтлявае адценне - ад высакароднасці пчалінага воску. Я браўся за любую работу, каб падмацаваць сваё існаванне; нездарма ж людзі кажуць: хто дбае, той і мае; і хоць надта радавацца мне не было з чаго, але якраз гэтая цалкавітая марнасць маіх высілкаў напаўняла мяне радасцю, якой я дагэтуль не ведаў.

Дробязным чалавекам я не быў: людзям, што туліліся ў цёмных халупах, я дарыў свечкі і не шукаў магчымасці неяк на гэтым нажыцца; я мусіў галадаць, але натхнёна аддаўся гэтай дзейнасці, і хоць, напэўна, мог чакаць нейкай узнагароды за сваю прыстойнасць, але адчуваў сябе амаль шчаслівым, што так і не атрымаў яе.

Мімаходзь у мяне нават узнікала думка: ці не лепей было б заняцца вырабам гуталіну, як нам раіў адзін знаёмец, - дадаць да асноўнага матэрыялу іншыя кампаненты, скласці рэцэпт, закупіць маленькія кардонкі, а потым толькі іх напаўняць...

У гэтую хвілю, калі мае думкі набылі найбольшага запалу, у пакой зайшла гаспадыня - зграбная пажылая жанчына; на ёй была зялёная сукня - зялёная, нібы пляшкі з півам і ліманадам на прылаўку. Яна дружалюбна сказала:

- Добры вечар.

Я адказаў на вітанне, і тады яна спыталася:

- Слухаю Вас.

- Калі ласка, мне пакой, калі ў Вас ёсць вольны.

- Вядома, ёсць, - адказала жанчына. - Даражэйшы ці таннейшы?

- Самы танны.

- Тры пяцьдзесят.

- Выдатна, - узрадаваўся я. - А перакусіць у Вас будзе што-небудзь?

- Вядома ж.

- Тады - хлеба, крыху сыру, масла і... - мой пагляд слізгануў па бутэльках на прылаўку. - Мабыць, віна.

- Добра, - сказала яна. - Бутэльку?

- Hе, не! Келіх, а... колькі гэта будзе каштаваць?

Яна зайшла за прылавак, адкінула кручок, каб адчыніць акенца, але потым, раптам спыніўшыся, спытала:

- Гэта ўсё?

- Усё.

Гаспадыня сунула руку пад прылавак, выцягнула нататнік і аловак, і, пакуль яна павольна лічыла і запісвала, у пакоі зноў запанавала цішыня. Ад гэтай жанчыны, хоць на выгляд яна была зусім стрыманая, павявала дабрынёю, што неяк заспакойвала мяне. Яна выклікала ўва мне ўсё больш сімпатыі, бо, як мне падалося, некалькі разоў памылілася ў падліках. Яна павольна запісвала сумы, прыбаўляла, моршчачы лоб, трэсла галавою, закрэслівала ўсё, пісала спачатку, потым зноў прыбаўляла, цяпер ужо не моршчачы лба, потым вывела ўнізе простым алоўкам вынік і ціха сказала:

- Шэсць дваццаць... не-не, шэсць роўна, прабачце.

Я ўсміхнуўся.

- Добра. А ці ёсць у вас цыгары?

- Вядома ж.

Яна зноў засунула руку пад прылавак і падала мне кардонку. Я ўзяў дзве цыгары і падзякаваў. Гаспадыня напаўголаса перадала заказ на кухню і выйшла з пакою.

Толькі яна выйшла, як дзверы зноў адчыніліся, і на парозе я ўбачыў маладога хударлявага хлопца - няголенага, у светлым плашчы; за ім увайшла дзяўчына ў карычняватым палітоне і без капелюша. Абое яны зайшлі ў пакой ціха, з нейкай нерашучасцю, хуценька вымавілі: «Добры вечар» - і павярнуліся да стойкі. У руках у хлопца была пацёртая скураная сумка дзяўчыны, і хоць ён відавочна намагаўся трымацца як мужчына, што часцяком начуе са сваёй дзяўчынаю ў гатэлі, усё ж я прыкмеціў, што ў яго дрыжыць ніжняя губа, а на няголеным падбароддзі паявіліся дробныя кропелькі поту. Яны стаялі там, каля прылаўка, нібы ў краме. Toе, што яны былі проставалосыя, а з рэчаў мелі пры сабе толькі гаспадарчую сумку, рабіла іх падобнымі да ўцекачоў, якіх у дарозе заспела ноч. Дзяўчына была яшчэ зусім маладзенькая і даволі прывабная; яе ўзбуджаны твар пафарбаваў лёгенькі румянец, густыя каштанавыя валасы, што свабодна ападалі на плечы, здаваліся аж занадта цяжкімі - як на яе грацыёзныя ножкі; яна нервова, часцей, чым гэта было трэба, пераступала з нагі на нагу - у сваіх чорных запыленых чаравіках; у хлопца раз-пораз на лоб спадалі пасмы валасоў, і ён паспешлівым рухам адкідаў іх назад; яго маленькі круглатвары рот надаваў твару выраз хваравітай і адначасна шчаслівай рашучасці. І хлопец, і дзяўчына відавочна намагаліся не глядзець адно на аднаго, нават не размаўляць паміж сабою, і я быў рады, што магу спакойна заняцца сваёй цыгарай: спачатку абрэзаць яе, потым падпаліць, з падазрэннем разглядаць яе кончык, а тады яшчэ раз прыкурыць, зацягнуцца дымам. Кожная хвіля чакання была, відаць, для іх нясцерпнай, бо таксама і дзяўчына, як яна ні намагалася трымацца смела і здавацца шчасліваю, цяпер яшчэ часцей пачала пераступаць з нагі на нагу і абцягваць на сабе паліто; а хлопец часцей і часцей праводзіў сабе рукою па лбе, на які пасмы валасоў ужо амаль не спадалі. Нарэшце зноў паявілася гаспадыня і, ціха сказаўшы: «Добры вечар», паставіла на прылавак пляшку з віном.

Я адразу ж падхапіўся з месца і падышоў да гаспадыні:

- Ці дазволіце вам дапамагчы?

Яна здзіўлена паглядзела на мяне, потым паставіла келіх, дала мне штопар і спыталася ў хлопца:

- Што Вы жадаеце?

Я ўзяў у рот цыгару, пачаў укручваць штопар у корак; у гэтую хвілю хлопец вымавіў:

- Ці не маглі б мы наняць два пакоі?

- Два? - перапытала гаспадыня, і ў гэтае імгненне я выцягнуў корак; збоку мне было відаць, як дзяўчына ўміг пачырванела, хлопец яшчэ мацней прыкусіў ніжнюю губу і, амаль не разяўляючы рота, прагаварыў:

- Ага, два.

- О, дзякуй вам, - гаспадыня зноў звярнулася да мяне; наліўшы поўны келіх, яна паставіла яго перада мною.

Я вярнуўся да свайго стала і пачаў маленькімі глыткамі піць лёгкае віно, прагнучы толькі аднаго - каб гэтая непазбежная працэдура цяпер зноў не зацягнулася, калі мне прынясуць маю вячэру. Але запіс у кнігу, запаўненне картак і выдача блакітных прапускоў - усё пайшло хутчэй, чым я думаў; і калі хлопец адчыніў скураную сумку, каб дастаць асабовыя пасведчанні, я ўбачыў там тлустыя папяровыя скрутачкі з пірожнымі, пачкі цыгарэт, згорнуты капялюш, берэт і пашарпаны чырвоны кашалёк.

Дзяўчына ўвесь час намагалася не страціць душэўнай раўнавагі: яна абыякава паглядзела на бутэлькі з ліманадам, на зялёную дэкаратыўную тканіну і цвікі з капялюшыкамі ў форме ружаў, але чырвань з яе твару ўжо не сыходзіла, і калі ўсё нарэшце было як след аформлена, яны абое, не развітаўшыся, подбегам рушылі з ключамі ў руках наверх. Неўзабаве з кухоннага акенца падалі ежу; гаспадыня прынесла мне талерку і, калі нашыя позіркі сустрэліся, не ўсміхнулася, як я спадзяваўся, а з паважным выглядам паглядзела кудысьці паўз мяне і прамовіла:

- Смачна Вам есці.

- Дзякую, - адказаў я.

Яна не пайшла. Я пачаў няспешна есці хлеб з маслам і сырам. Яна ўсё яшчэ стаяла побач. Я сказаў:

- Усміхніцеся.

Яна і праўда ўсміхнулася, потым уздыхнула і сказала:

- Я тут нічога не магу зрабіць...

- А Вам хацелася б?

- Ну, вядома ж! - сказала яна цвёрда і села на крэсла каля мяне. - Мне б хацелася... мне б хацелася што-небудзь зрабіць, ды калі ён просіць два пакоі... Каб ён папрасіў адзін... - Яна запнулася.

- І што тады? - спытаў я.

- Што? - раздражнёна перапытала яна. - Я выкінула б яго адсюль!

- Навошта? - стомлена вымавіў я і паклаў у рот апошні кавалак.

Яна маўчала.

«Навошта? - думаў я. - Навошта? Хіба закаханым не належыць увесь свет, хіба ўначы не стае цяпла, хіба не адчынены іншыя дзверы: можа, не такія чысцюткія, але дзверы, у якія пускаюць усіх?..»

Я паглядзеў на свой парожні келіх і ўсміхнуўся.

Гаспадыня паднялася, узяла сваю тоўстую кнігу, стос бланкаў і зноў села побач. Пакуль я ўсё запаўняў, яна назірала за мною. Перад графою «занятак» я спыніўся, падняў вочы і глянуў на яе ўсмешлівы твар.

- Што здарылася? - спыталася яна спакойна. - У Вас няма прафесіі?

- Hе ведаю.

- Hе ведаеце?

- Я не ведаю, хто я - рабочы, камерсант, фабрыкант, беспрацоўны ці проста прадстаўнік... але прадстаўнік чаго?

Потым я хутка напісаў «прадстаўнік» і аддаў ёй кнігу. На хвілю ў мяне ў галаве мільганула думка - прапанаваць ёй свечкі: дваццаць штук, калі яна захоча, за келіх віна альбо дзесяць - за цыгару; не ведаю, чаму я ёй не прапанаваў іх: можа, я быў занадта стомлены, можа, проста паленаваўся, але назаўтра ўранку я быў рады, што не зрабіў гэтага. Я зноў прыпаліў цыгару, што была патухла, і падняўся. Гаспадыня загарнула кнігу, паклаўшы ў яе бланкі, і пазяхнула.

- Ці прынесці Вам раніцай кавы? - спытала яна.

- Hе, дзякуй; я на самым досвітку пайду на вакзал. Дабранач.

- Добрай ночы, - адказала яна.

Але назаўтра раніцай я праспаў. У засцеленым цёмна-чырвонымі дывановымі ходнікамі калідоры, які я з вечара як след не разгледзеў, усю ноч было ціха. Ціха было і ў пакоі. Ад нязвыклага віна я адчуў сябе стомленым, але і ў добрым гуморы. Акно было адчыненае, і на фоне спакойнага блакітнага неба я бачыў толькі змрочны дах касцёла, што стаяў насупраць; далей, з правага боку, былі відны мігатлівыя водбліскі гарадскіх ліхтароў, з людных кварталаў даносіўся гоман. Я лёг у ложак з цыгараю, хацеў яшчэ пачытаць газету, але адразу ж заснуў...

Ужо было за восьмую, калі я прачнуўся. Цягнік, якім я збіраўся ехаць, ужо адышоў, і я пашкадаваў, што не папрасіў пабудзіць мяне. Памыўшыся, я вырашыў, што трэба пагаліцца, і сышоў долу. Маленькі зялёны пакой быў цяпер светлы і прыветны; цераз тонкія фіранкі прасвечвала сонца, і я здзівіўся, калі пабачыў накрытыя да снядання сталы, на якіх былі крошкі хлеба, пустыя мармеладныя сподачкі і кафейнікі. У мяне ўвесь час было адчуванне, нібыта я ў гэтым доме адзіны госць. Я заплаціў прыязнай дзяўчыне за рахунак і пайшоў.

На дварэ напачатку я адчуваў нейкую няпэўнасць. Мяне агарнуў прахалодны цень касцёла. Завулак быў вузкі і чысты; праваруч, бліжэй да ўвахода ў гатэль, ужо адчыніў сваю булачную пекар, і ў вітрыне кідаліся ў вочы светла-карычневыя і жоўтыя скарынкі хлеба і булачак; дзесь пад дзвярыма стаялі малочныя бітоны; да іх вяла вузенькая светла-блакітная дарожка разлітага малака. На другім баку вуліцы быў адно высокі чорны мур з чэсаных камянёў; праз вялікую браму ў форме паўкола я ўбачыў зялёную палянку і накіраваўся туды. Я апынуўся ў прыкляштарным садзе. Пасярэдзіне зялёнай палянкі стаяў стары будынак з пляскатым дахам; каменныя аконныя шуфляды былі пабеленыя сляпуча-белай вапнаю; у цяні ніцых вербаў стаялі каменныя дамавіны. Па выбрукаванай каменнымі пліткамі дарожцы цяжкаватай хадою крочыў манах. Праходзячы каля мяне, ён прывітальна кіўнуў галавою, я кіўнуў яму ў адказ, і калі манах зайшоў у касцёл, я, сам не ведаючы - навошта, рушыў за ім.

Касцёл быў пусты. Ён быў стары і не меў ніякіх аздобаў; памачыўшы па звычцы палец у чары са святой вадою і ўкленчыўшы перад алтаром, я прыкмеціў, што свечкі тут толькі што нехта затушыў - у ясным паветры ад іх яшчэ цягнуўся ўгору танюткімі струменьчыкамі чарнаваты дымок; нідзе не было відаць ніводнай жывой душы; падобна было на тое, што гэтай раніцай імшы ўжо не будзе. Міжвольна я пачаў сачыць за чорнаю постаццю, якая мімаходзь і нязграбна ўкленчыла перад дараносіцай, а пасля знікла ў бакавым нефе. Я падышоў бліжэй і спалохана спыніўся: там была спавядальня, і перад ёю, затуліўшы далонямі твар, стаяла, укленчыўшы, дзяўчына, якую я ўчора ўвечары бачыў у гатэлі; а паблізу нефа стаяў хлопец і, здавалася, неяк адчужана глядзеў на алтар, трымаючы ў адной руцэ скураную гаспадарчую сумку, яго другая рука тым часам звісала проста ўніз.

У гэтай цішыні я раптам пачуў, як калоціцца маё сэрца - усё гучней, мацней, неяк надзіва ўсхвалявана; я нават адчуў, што хлопец паглядзеў у мой бок; мы зазірнулі адзін аднаму ў вочы - ён пазнаў мяне і пачырванеў. Дзяўчына ўсё яшчэ стаяла на каленях, затуліўшы далонямі твар; ад свечак, як і дагэтуль, танюткімі, ледзьве прыкметнымі струменьчыкамі ўздымаўся чарнаваты дым. Я сеў на лаўку, паставіўшы на падлогу валізу і паклаўшы каля сябе капялюш. У мяне было такое ўражанне, нібыта я толькі што прачнуўся, а да гэтае пары абыякава глядзеў на ўсё тымі самымі вачыма - на касцёл, сад, вуліцу, дзяўчыну і хлопца; усё было толькі дэкарацыяй, па якой раўнадушна прабягаў мой пагляд; але калі я цяпер паглядзеў на алтар, мне захацелася, каб хлопец таксама паспавядаўся. Я пачаў прыгадваць, калі сам быў на споведзі апошні раз, але так і не ўспомніў: з таго часу прайшло, калі прыкінуць, не меней як сем гадоў; але самае жахлівае было тое, што я не знайшоў за сабою ніякіх грахоў. Як я старанна ні напружваў сваю памяць, але так і не здолеў успомніць ніводнага граху, у якім трэба было б пакаяцца, і мне зрабілася надта журботна. Я адчуваў, што я брудны з галавы да ног, што мне трэба адмывацца, але не бачыў за сабою нічога такога, што з пэўнасцю і без усякіх сумненняў можна было б назваць грахом. Сэрца маё калацілася ўсё мацней і мацней. Напярэдадні ўвечары я ані не зайздросціў той маладзенькай парачцы, але цяпер адчуў зайздрасць да дзяўчыны, што стаяла, укленчыўшы, і шчыра малілася; яна ўсё яшчэ закрывала свой твар далонямі і чакала. А хлопец стаяў абыякава і зусім нерухома.

Я быў нібы дзежка з вадою, што доўга прастаяла на дварэ; звонку яна нібыта чыстая, і калі зазірнеш у яе, дык нічога не заўважыш: ніхто не кідае ў яе каменне, гразь ці смецце, яна стаіць у сенцах або ў падвале прыстойнага дома; на яе беззаганным дне нічога няма - вада празрыстая і чыстая; але калі зачарпнуць яе рукою, пацячэ паскудны рэдкі бруд, у якога няма ні выгляду, ні формы, амаль ніякай адчувальнай колькасці. Проста адчуваеш, што ён ёсць. А калі ў гэтую бездакорна чыстую дзежку апусціць руку глыбей, то на дне ўлезеш рукою ў тоўсты слой гэтага рэдкага, брыдкага і бясформеннага бруду, які нават не мае назвы - проста густы цяжкі асадак з найдрабнейшых часцінак бруду, што паходзяць з атмасферы добрапрыстойнасці.

Я не мог маліцца, а толькі слухаў, як калоціцца маё сэрца, і чакаў, калі дзяўчына зойдзе ў спавядальню. Нарэшце яна высока падняла рукі, на міг зірнула ўгору - проста на іх, а потым ступіла ў драўляную клетку.

Хлопец усё яшчэ ані не варушыўся. Ён стаяў абыякавы, бледны, на няголеным твары быў выраз спакойнай, але цвёрдай рашучасці. Калі дзяўчына вярнулася, ён раптам паставіў сумку на падлогу і таксама зайшоў у спавядальню...

Я ўсё яшчэ не мог пачаць маліцца, ніякі голас не прамаўляў да мяне звонку і не гучаў унутры, нічога не кранала маёй душы, толькі сэрца маё калацілася, і я не мог утаймаваць сваёй нецярплівасці: падняўся, паставіў валізу, перайшоў на другі бок праходу і спыніўся перад лаваю ў бакавым нефе. Каля першай лавы застыла тая дзяўчына, укленчыўшы перад старажытнаю каменнай Маці Божай, што ўздымалася над простым, ніяк не аздобленым алтаром. Твар Божай Маці быў грубы, але ўсмешлівы; у яе адпаў кавалак носа, блакітная фарба з яе ўбору аблузалася, а колішнія залатыя зоркі на ім цяпер мелі выгляд крыху святлейшых плямак; яе цэптар быў паламаны, ад дзіцяці на руках засталася толькі частка патыліцы і ног; сярэдзіна тулава выпала - і гэтая вось Маці Божая трымала ў руках гэтыя рэшткі і ўсміхалася. Пэўна, апекаваўся гэтым касцёлам бедны ордэн.

- Ах, каб я толькі мог памаліцца! - прашаптаў я, адчуваючы сябе жорсткім, нікчэмным, брудным, няздольным да пакаяння; я не мог прыгадаць ніводнага граху, адно адчуваў, як калоціцца маё сэрца і ўсведамляў, што я брудны...

Праходзячы паўз мяне, малады чалавек лёгенька зачапіў мяне; я спалохаўся і зайшоў у спавядальню...

Калі манах, перажагнаўшы, адпусціў мяне, дзяўчыны і хлопца ў храме ўжо не было. Манах адсунуў убок фіялетавую заслону спавядальні, адчыніў маленькія дзверы і няспешна прайшоў каля мяне; перад алтаром ён зноў нязграбна схіліў калена.

Я пачакаў, пакуль манах знікне з вачэй, потым хуценька прайшоў на другі бок пераходу, укленчыў, адсунуў валізу ў бакавы неф і адчыніў яе; там ляжалі свечкі, усе перавязаныя мяккімі рукамі маёй жонкі - танюткія, жаўтаватыя, простай формы; я зірнуў на халодны, ніяк не аздоблены пастамент, на якім стаяў стод Божай Маці, і тут я ўпершыню пашкадаваў, што мая валіза не такая цяжкая, якою б яна магла быць. Тады я разарваў першую звязку і прыпаліў запалку.

Прыпальваючы кожную свечку ад агеньчыка іншай, я ставіў іх на халодны пастамент, дзе мяккі воск хутка цвярдзеў - і я ўсё ставіў і ставіў свечкі, пакуль валіза не апусцела, а ўвесь пастамент не быў застаўлены свечкамі з мігатлівымі агеньчыкамі. Я адставіў валізу ўбок, зняў капялюш, яшчэ раз укленчыў перад алтаром, потым падняўся і пайшоў. Мне здавалася, што я аднекуль уцякаю...

І толькі пасля, калі я павольна ішоў у бок вакзала, мне прыгадаліся ўсе мае грахі, і на сэрцы стала лёгка, як ніколі дагэтуль...

 



Пераклад: Лявон Баршчэўскі