epub
 
Падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Тады ў Адэсе

Тады ў Адэсе было вельмі халодна. Штораніцы мы выязджалі з вялікім грукатам на вялізных грузавіках у бок аэрадрома, дзе, мерзнучы, чакалі вялікіх шэрых птахаў, што рухаліся па ўзлётнай паласе; але ў першыя два дні, калі мы ўжо сядалі ў самалёты, якраз паступаў загад адмяніць палёт у сувязі з тым, што надвор'е нялётнае: над Чорным морам занадта густая імгла або воблачнасць занадта нізкая, і мы зноў залязалі ў грузавікі і з грукатам вярталіся па бруку да казармаў.

Казарма была агромністая, брудная, у ёй кішэлі вошы; мы сядалі за сталы ці проста на падлогу і гулялі ў «дваццаць адно», спявалі ды чакалі нагоды пералезці цераз цагляны мур. У казарме чакала шмат салдат, і нікому не дазвалялася выходзіць у горад. У тыя два першыя дні мы марна спрабавалі пайсці ў самаволку: нас лавілі і каралі, прымушаючы насіць вялікія гарачыя кафейнікі і разгружаць хлеб; а побач увесь час стаяў наш фінансіст у дзіўнаватым, падшытым футрам шынялі - такія выдаваліся для гэтак званага фронту - і сачыў, каб не прапала ніводная буханка хлеба; нам думалася тады, што слова «фінансіст» адносіцца не да таго, хто займаецца грашыма, а да таго, хто проста нешта лічыць. Неба над Адэсаю ўсё яшчэ было пахмурнае, імглістае, а каля чорных, брудных муроў казармы туды-сюды хадзілі вартавыя.

На трэці дзень, вычакаўшы, пакуль зусім сцямнее, мы пайшлі проста да вялікай брамы і, калі вартавы загадаў нам спыніцца, сказалі: «Каманда Сэльчыні»; і варта нас прапусціла. Мы былі ўтрох: Курт, Эрых ды я. Ішлі мы марудна. Была толькі чацвёртая гадзіна, але ўжо добра пацямнела. Адзінае, чаго нам хацелася - гэта выбрацца з-за тых вялікіх чорных брудных муроў, ды цяпер, калі мы ўжо апынуліся на вуліцы, нам пачало здавацца, што ці не лепей было вярнуцца ў казарму: прайшло ўсяго два месяцы, як нас забралі ў войска, і мы вельмі баяліся, але адначасова і разумелі, што калі вернемся назад, дык абавязкова захочам пайсці зноў, аднак тады гэта будзе немагчыма; а была ж толькі чацвёртая гадзіна, і вошы ды спевы ў казарме не давалі нам спаць; апроч таго, нам было боязна, і ў той самы час мы спадзяваліся, што назаўтра ўранні будзе лётнае надвор'е і нас перакінуць на Крым, дзе мы павінны будзем загінуць. Мы не хацелі гінуць, і на Крым нам не хацелася, але ў нас не было ніякага жадання таксама тырчаць у той бруднай чорнай казарме, дзе пахла эрзац-каваю, дзе раз-пораз разгружаўся хлеб, які прызначаўся для фронту, і дзе ўвесь час стаялі вайсковыя фінансісты ў падшытых футрам шынялях - якія выдаваліся для тых, хто на фронце, - і сачылі, каб не прапала ніводная буханка хлеба.

Я нават не памятаю, што мы збіраліся рабіць. Няспешна зайшлі ў адзін з цёмных калдобістых завулкаў прадмесця; сярод нізкіх неасветленых будынкаў, за агароджаю - некалькімі паўзгнілымі слупкамі - была ноч; далей, здаецца, пачыналася пустка - такая самая, як дома, дзе збіраліся пракласці вуліцу і доўга хадзілі з драўлянымі цыркулямі, але вуліцу так і не праклалі, і цяпер усе скідвалі там смецце, попел ды ўсялякія іншыя адкіды; і там ізноў расла трава ды густы бур'ян; і ўжо зусім не было відаць шыльды з надпісам «Скідваць смецце забараняецца», бо навокал ляжалі цэлыя груды смецця...

Мы ішлі вельмі павольна, бо яшчэ да начы было далёка. У цемрадзі нам раз-пораз сустракаліся салдаты, што вярталіся ў казарму, а іншыя, якія ішлі з казармы, пераганялі нас; мы баяліся патрулёў і, напэўна, павярнулі б усё-ткі назад, але нам было зразумела, што калі мы зноў апынемся ў казарме, дык дарэшты страцім надзею; і лепш ужо адчуваць страх, чым безнадзейнасць у сценах казармы, дзе носяць кафейнікі, увесь час тыя кафейнікі, ды разгружаюць хлеб, увесь час той хлеб, і дзе фінансісты ходзяць у цудоўных шынялях, тады як нам страшэнна халодна.

Часам з левага або з правага боку паяўляўся будынак, у якім праблісквала цьмяна-жоўнае святло, чуліся галасы - высокія, чужыя, рэзкія, вусцішныя. А потым у цямрэчы заззяла ярка асветленае акно; за ім чуцён быў гоман, і да нашых вушэй даляцелі галасы, якія спявалі: «О сонца Мексікі!»

Мы штурхнулі дзверы і зайшлі ў гэты будынак; усярэдзіне было цёмна і поўна цыгарэтавага дыму; там сядзелі восем ці дзесяць салдат, некаторыя з жанчынамі, усе яны пілі і спявалі, а адзін голасна засмяяўся, калі мы зайшлі. Мы былі маладыя і, акрамя таго, маларослыя - самыя маларослыя ў нашай роце; на нас была навюткая, з іголачкі, вайсковая форма; тканіна з драўніннага валакна калолася ў рукі ды ногі, голая скура пад сарочкаю ды кальсонамі страшэнна свярбела, і гімнасцёркі на нас таксама былі зусім новыя і таксама моцна калоліся.

Курт, самы меншы ростам сярод нас, пайшоў наперад, каб пашукаць свабодны стол; у цывільным жыцці ён быў вучнем на скураапрацоўчай фабрыцы і тут увесь час расказваў нам, адкуль фабрыка атрымлівала скуры, хоць то была вытворчая таямніца; ён нават расказваў нам, колькі яны з гэтага зараблялі, хоць то была найстражэйшая вытворчая таямніца. Мы селі побач з Куртам.

З-за прылаўка выйшла жанчына, таўставатая брунетка з дабрадушным абліччам, і спыталася, што мы будзем піць; мы ж насамперш пацікавіліся, колькі каштуе віно, бо нам даводзілася раней чуць, нібыта ў Адэсе ўсё дужа дарагое.

Яна адказала: «Пяць марак за графін», - і мы замовілі тры невялікія графіны віна. Гуляючы ў «дваццаць адно», мы папрайгравалі шмат грошай, а тое, што ў нас засталося, падзялілі паміж сабою; у кожнага было па дзесяць марак. Некаторыя салдаты не толькі пілі, але і елі: яны елі смажанае мяса, ад якога яшчэ ішла пара, з кавалкамі белага хлеба ды кілбаскі, ад якіх ішоў пах часнаку; і мы толькі цяпер усвядомілі, што мы галодныя, таму спыталіся, колькі каштуе закуска. Жанчына адказала, што порцыя кілбасак каштуе пяць марак, а мяса з хлебам - восем, дадаўшы, што свініна самая свежая; але мы замовілі тры порцыі кілбасак. Сёй-той з салдат, што сядзелі за іншымі сталамі, цалаваў і, не хаваючыся, мацаў жанчын, і мы не ведалі, куды нам падзець вочы.

Кілбаскі былі гарачыя і тлустыя, а віно вельмі кіслае. З'еўшы кілбаскі, мы не ведалі, што рабіць далей. У нас ужо не было чаго расказваць адзін аднаму: два тыдні запар нам давялося разам ляжаць у вагоне, і ўсё было расказана - Курт працаваў на скураапрацоўчай фабрыцы, Эрых паходзіў з сялянскага хутара, а я... я прыйшоў са школы; нам па-ранейшаму было боязна, але холаду мы ўжо не адчувалі...

Салдаты, якія цалавалі жанчын, цяпер пазашпільвалі свае паясы і пайшлі разам з жанчынамі да выхаду; усяго там былі тры дзяўчыны, круглатварыя і досыць прывабныя; яны хіхікалі і голасна шчабяталі, але цяпер яны выходзілі з шасцю салдатамі - здаецца, іх было шасцёра, прынамсі, пяць, не меней. Засталіся толькі п'яныя, што спявалі «О сонца Мексікі!». Адзін з тых, што засталіся - ён стаяў каля прылаўка, высокі ростам, бялявы обер-яфрэйтар, - цяпер павярнуўся ў наш бок і з усмешкаю нас агледзеў; мы моўчкі сядзелі за сваім сталом і з бравым выглядам трымалі рукі на каленях, нібы на занятках у казарме. Тут обер-яфрэйтар сказаў нешта гаспадыні, і яна прынесла нам у досыць вялікіх шклянках чыстую гарэлку.

- Зараз мы павінны выпіць за яго здароўе, - сказаў Эрых і падштурхнуў нас каленямі, а я - я пачаў гукаць: «Пане обер-яфрэйтар!» - аж пакуль ён не зразумеў, што я звяртаюся да яго; тут Эрых зноў штурхнуў нас каленямі, мы падняліся і выгукнулі ўсе разам:

- Ваша здароўе, пане обер-яфрэйтар!

Салдаты за іншымі сталамі голасна зарагаталі, а обер-яфрэйтар падняў сваю шклянку і крыкнуў нам:

- На здароўе, панове радавыя!..

Гарэлка была моцная і горкая, але адразу сагрэла нас, і мы з ахвотаю выпілі б яшчэ па шклянцы.

Бялявы обер-яфрэйтар кіўнуў Курту, і Курт падышоў да яго, а пасля, калі яны перамовіліся ў некалькіх словах, зрабіў знак рукою і нам. Обер-яфрэйтар сказаў, што мы вар'яты, бо прыйшлі сюды без грошай, і нам, маўляў, трэба нешта закласці; потым ён спытаўся, адкуль мы прыбылі і куды збіраемся ад'язджаць; мы адказалі яму, што чакаем у казарме, калі нас пашлюць на Крым. Яго твар адразу набыў сур'ёзны выгляд, але ён нічога не адказаў. Я спытаўся ў яго, што мы маглі б тут пакінуць, і ён сказаў:

- Усё, што захочаце.

Сапраўды, там можна было пакінуць усё: шынель, шапку, кальсоны, гадзіннік, самапіску.

Аддаваць у заклад шынель мы не захацелі, таму што баяліся: гэта ж было забаронена; апроч таго, у Адэсе тады было надта халодна. Мы павыцягвалі ўсё са сваіх кішэняў: у Курта была самапіска, у мяне - гадзіннік, а ў Эрыха - зусім новы скураны кашалёк, які ён перад тым у казарме выйграў у карты. Обер-яфрэйтар узяў усе тры рэчы і спытаўся ў гаспадыні, колькі яна за іх можа даць; гаспадыня вельмі ўважліва агледзела тыя рэчы, сказала, што яны ні да чога не прыдатныя, і прапанавала за ўсё дзвесце пяцьдзесят марак, з іх сто восемдзесят - за гадзіннік.

Обер-яфрэйтар сказаў, што дзвесце пяцьдзесят - гэта замала, але дадаў, што больш яна, вядома ж, не заплаціць; а калі мы назаўтра, магчыма, паляцім у Крым, нам павінна быць усё адно і трэба браць гэтыя грошы.

Два салдаты, што спявалі «О сонца Мексікі!», падышлі да обер-яфрэйтара, паляпалі яго па плячы; ён кіўнуў ім галавой і выйшаў з імі.

Гаспадыня аддала мне ўсе грошы, і я замовіў кожнаму па дзве порцыі свініны з хлебам і па шклянцы гарэлкі, а пасля мы з'елі яшчэ па дзве порцыі свініны і выпілі яшчэ па шклянцы гарэлкі. Мяса было свежае, тлустае, саладкаватае на смак ды такое гарачае, што хлеб увесь набрыняў тлушчам; і мы выпілі яшчэ па адной шклянцы гарэлкі. Потым гаспадыня сказала, што ў яе свініны больш няма, адны толькі кілбаскі, і мы папрасілі прынесці па адной порцыі кілбасак і да іх яшчэ піва - густога цёмнага піва; выпіўшы яшчэ па адной шклянцы гарэлкі, мы замовілі сабе пірожныя; яны былі плоскія, сухія, з памеленымі арэхамі; пасля мы выпілі яшчэ па шклянцы гарэлкі, але так і не ап'янелі; нам было цёпла і добра, і ўжо не думалася пра тое, якія ў нас калючыя кальсоны ды гімнасцёркі; прыходзілі новыя салдаты, і мы ўсе спявалі «О сонца Мексікі!».

А шостай гадзіне грошы ў нас скончыліся, а мы так і не былі п'яныя; тады мы пайшлі назад у казарму, бо закласці ў нас ужо не было чаго. На цёмнай калдобістай вуліцы не было відно ніякага святла; калі мы праходзілі паўз вартавых, адзін з іх загадаў нам зайсці ў вартоўню. У вартоўні было горача, суха, брудна і пахла тытунём; унтэр-афіцэр пачаў на нас крычаць і паабяцаў, што гэта нам так не абыдзецца. Але ўначы мы вельмі добра спалі, а назаўтра ўранні зноў з грукатам паехалі на грузавіках па бруку ў бок аэрадрома; у Адэсе было халодна, стаяла цудоўная ясная пагода, і мы нарэшце селі ў самалёты; і калі яны паднялі нас у паветра, мы раптам зразумелі, што ўжо ніколі не вернемся, ніколі...



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com