epub
 
Падключыць
слоўнікі

Генрых Бёль

Успаміны караля-маладзёна

Калі мне было трынаццаць год, я быў абвешчаны каралём Капоты. Я якраз сядзеў у сваім пакоі і займаўся тым, што сціраў у сшытку «не» пад адзнакай «не задавальняюча» за сачыненне. Мой бацька, Піг Джы Першы Капоцкі, на чатыры тыдні выехаў у горы на ловы, і я павінен быў з каралеўскім кур'ерам даслаць яму сваё сачыненне. І вось, разлічваючы на слабое асвятленне ў паляўнічых хацінах, я рупна сціраў «не» ў сваім сшытку - і раптам на двары палаца пачуўся моцны крык: «Няхай жыве Піг Джы Другі!»

Неўзабаве ў мой пакой уварваўся мой камердынер і, укленчыўшы адразу каля парога, аддана прашаптаў: «Ваша Вялікасць, дазвольце мне дадаткова паведаміць Вам, што гэта я тады даносіў пану прэм'ер-міністру пра тое, што Вы курылі».

Вернападданіцтва камердынера было агіднае, я выгнаў яго прэч і сеў сціраць далей. Мой хатні настаўнік меў звычку ставіць адзнакі чырвоным алоўкам. Я працёр дзірку ў сшытку - і ў гэтую самую хвілю мая работа была зноў перапыненая: зайшоў прэм'ер-міністр, укленчыў каля дзвярэй і пракрычаў: «Слава Піг Джы Другому, тройчы слава!» І яшчэ ён дадаў:

- Ваша Вялікасць, народ жадае вас бачыць.

Я быў зусім збянтэжаны, адклаў гумку, абтрос смецце з рук і спытаў:

- Чаму народ жадае мяне бачыць?

- Бо вы - кароль.

- З якога гэта часу?

- Паўгадзіны, як Ваш высокашаноўны спадар бацька быў на паляванні застрэлены адным расакам. (Расак - скарочана: «раз'юшаныя садысты Капоты».)

- О, гэтыя расакі! - ускрыкнуў я.

Пасля я пайшоў за прэм'ер-міністрам і паказаўся народу з балкона. Я ўсміхаўся, махаў рукою і быў вельмі збянтэжаны.

Гэты незапланаваны мітынг доўжыўся дзве гадзіны. Толькі пад вечар, калі пачало сутонець, людзі паразыходзіліся; праз некалькі гадзін яны вярнуліся, і перад палацам адбылося шэсце з паходнямі.

Я вярнуўся ў свой пакой, парваў сшытак з сачыненнямі і выкінуў кавалкі паперы праз акно ва ўнутраны двор палаца. Там іх - як я даведаўся пазней - падабралі аматары сувеніраў: яны былі прададзеныя за мяжу дзе сёння пад шклом захоўваюцца сведчанні пра мае памылкі ў правапісе.

Пасля былі напружаныя месяцы. Расакі спрабавалі зрабіць пераварот, але ён быў падаўлены місакамі («міралюбныя садысты Капоты») і войскам. Майго бацьку пахавалі, а я быў каранаваны ў Галоўным Саборы Капоты. Я мусіў браць удзел у пасяджэннях парламенту і падпісваць законы - але ўвогуле быць каралём мне падабалася, бо я мог цяпер ужываць супраць хатняга настаўніка іншыя метады.

Калі пад час вусных заняткаў ён пытаўся: «Ці не мае Ваша Вялікасць ласку адказаць, якія існуюць правілы дзеянняў у выпадку закрытых пераломаў?» - я адказваў: «Hе, я не маю такой ласкі», - і тут ён нічога не мог зрабіць. Калі ён казаў: «Ці не палічыць Ваша Вялікасць за назолу, калі я папрашу Вашу Вялікасць напісаць прыкладна на трох старонках, якімі матывамі кіраваўся Вільгельм Тэль, забіваючы Геслера?» - а я адказваў: «Але, я лічу гэта за назолу» - і патрабаваў ад яго, каб ён назваў мне матывы дзеянняў Вільгельма Тэля!

Так я амаль без намаганняў набыў пэўную адукацыю, тады спаліў усе падручнікі ды сшыткі і стаў займацца тым, да чаго мяне па-сапраўднаму цягнула: гуляў у мячык, кідаў здалёк сцізорыкам у дзверы, чытаў дэтэктыўную літаратуру і вёў доўгія гутаркі з кіраўніком прыдворнага кіно. Я загадаў набыць усе мае ўлюбёныя фільмы і выступіў у парламенце ў падтрымку школьнай рэформы.

Гэта быў цудоўны час, хоць пасяджэнні ў парламенце мяне стамлялі. Я змог удаваць з сябе панурага караля-маладзёна і цалкам даверыўся прэм'ер-міністру Пэльцару, які быў бацькавым сябрам і матчыным стрыечным братам.

Ды праз тры месяцы Пэльцар запатрабаваў, каб я ажаніўся. Ён сказаў: «Вы, Ваша Вялікасць, павінны быць прыкладам для народа». Жаніцца я не баяўся, дрэнна было толькі, што Пэльцар сватаў за мяне сваю адзінаццацігадовую дачку Ядвігу, танклявую маладую дзяўчынку, якую я часта бачыў у дварэ з мячыкам. Яна лічылася за тупаватую: ужо другі год сядзела ў пятым класе, мела белы колер твару і выгляд падступнага чалавека. Я выпрасіў у Пэльцара крыху часу на роздум, напраўду зрабіўся цяпер пануры, доўгія гадзіны тырчаў каля акна ў сваім пакоі і глядзеў на Ядвігу, што гуляла ў мячык або скакала на дварэ. На ёй была крыху прыгажэйшая сукенка; яна раз-пораз кідала быстрыя позіркі на мяне і ўсміхалася. Але яе смех здаваўся мне штучным.

Калі скончыўся мой час на роздум, да мяне з'явіўся Пэльцар у параднай форме: гэта быў мажны мужчына з жаўтлявым тварам, чорнай барадою і зіхоткімі вачыма. «Зрабіце ласку, Ваша Вялікасць, і скажыце мне пра Вашае рашэнне. Ці можа маё дзіця разлічваць на спагаду Вашай Вялікасці?» Калі я без хітрыкаў адказаў: «Hе», - адбылося штосьці жахлівае: Пэльцар сарваў са сваіх плеч эпалеты і з грудзей - шаўроны, шпурнуў мне пад ногі свой партфель - які быў зроблены са штучнай скуры, - ушчаперыўся ў сваю бараду і зароў: «Во гэта і ёсць падзяка капоцкіх каралёў!» Я апынуўся ў паскудным становішчы. Без Пэльцара мне быў бы канец. Коратка і рашуча я вымавіў: «Прашу ў Вас Ядвігінай рукі».

Пэльцар кінуўся перада мною на калені, пачаў палка цалаваць мне пальцы на нагах, падняў з падлогі эпалеты, шаўроны і партфель.

Вянчалі нас у Гульдэбахскім саборы: народ удосталь піў піва і еў кілбасы, кожнаму было выдадзена таксама па восем цыгарэт і, згодна з маім распараджэннем - па два білеты на каруселі; восем дзён вакол палаца ўсё гуло і віравала.

Цяпер я дапамагаў Ядвізе рабіць урокі, мы гулялі разам у мячык, скакалі, выязджалі конна і, колькі хацелі, замаўлялі дабе марцыпанаў з прыдворнай кандытарскай альбо хадзілі ў прыдворнае кіно. Быць каралём мне ўсё яшчэ падабалася, але сур'ёзнае здарэнне назаўсёды паклала канец маёй кар'еры.

Калі мне споўнілася чатырнаццаць год, я быў узведзены ў званне палкоўніка і прызначаны камандзірам восьмага кавалерыйскага палка. Ядвіга стала маёрам. Цяпер да нашага абавязку належала раз-пораз рабіць агляд палкавых шэрагаў, браць удзел у вечарынах, што наладжваліся ў афіцэрскіх казіно, і ў кожнае значнае свята прымацоўваць ордэны да грудзей заслужаных ваяроў. Я сам атрымаў мноства ордэнаў. Але потым здарылася гісторыя з Паскопакам.

Паскопак быў салдатам чацвёртага эскадрона майго палка; аднае нядзелі ўвечары ён дэзерціраваў, каб з'ехаць за мяжу разам з адной вершніцай-цыркачкай. Яго злавілі, арыштавалі і ў вайсковым судзе прысудзілі да пакарання смерцю. Як камандзір палка я павінен быў падпісаць прысуд, ды я проста ўнізе напісаў: «Памілаваць і замяніць пакаранне на 14 дзён арышту. Піг Джы Другі».

Гэтая мая рэзалюцыя мела жахлівыя вынікі: усе афіцэры майго палка пазрывалі свае эпалеты, шаўроны і ордэны і паслалі маладзенькага лейтэнанта раскідаць іх у маім пакоі. Усё капоцкае войска далучылася да бунту, і ўвечары таго самага дня мой пакой быў увесь запоўнены эпалетамі, шаўронамі ды ордэнамі: гэта ўсё выглядала жахліва.

Хоць народ горача вітаў мяне, ужо ўначы Пэльцар прыйшоў і паведаміў, што ўсё войска перайшло на бок расакаў. Вакол усё грымела, чулася страляніна, і шалёная траскатня кулямётаў раз-пораз парушала цішыню. Хоць місакі і прыслалі мне персанальную ахову, ды Пэльцар уначы перабег да расакаў, а я быў вымушаны разам з Ядвігай уцякаць. Мы похапкам сабралі адзежу, грошы і ўпрыгожанні; місакі рэквізавалі адно таксі, і мы з цяжкасцю дабраліся да вакзала паблізу мяжы ў суседняй краіне; ледзь жывыя ад стомы, мы ўваліліся ў спальны вагон другога класа і паехалі ў заходнім напрамку.

За мяжою, у Капоце, чуліся грукат, лямант - уся жахлівая музыка бунту.

Мы ехалі чатыры дні і выйшлі з цягніка ў горадзе, які называўся Вікельгайм: цьмяныя ўспаміны пра колішнія ўрокі геаграфіі падказалі мне, што Вікельгайм - гэта сталіца суседняй дзяржавы.

За гэты час мы з Ядвігаю спазналі рэчы, якія мы памалу навучыліся цаніць: пах чыгункі - ядрана-горкі, смак сасісак на безнадзейна-чужых вакзалах; я цяпер мог курыць колькі захачу, а Ядвіга пачала па-сапраўднаму расцвітаць, бо з яе плеч зваліўся цяжар школьных урокаў.

На другі дзень нашага побыту ў Вікельгайме паўсюды парасклеілі плакаты, якія прыцягвалі нашу ўвагу: «Цырк Гунке - славутая вершніца Гула і яе партнёр Юрген Паскопак». Ядвіга расхвалявалася, яна сказала мне: «Піг Джы, падумай пра наша існаванне. Паскопак табе дапаможа».

Кожную гадзіну ў наш гатэль прыходзілі тэлеграмы з Капоты, у якіх паведамлялася пра перамогу місакаў: Пэльцар расстраляны, войска рэарганізаванае. Новы прэм'ер-міністр - яго прозвішча было Шміт, ён быў лідэрам місакаў - прасіў мяне вярнуцца і зноў прыняць з рук народа сталёвую карону каралёў Капоты.

Некалькі дзён я раздумваў, але ў рэшце рэшт Ядвігіна боязь школьных урокаў перамагла: я пайшоў у цырк Гунке, спытаўся пра Паскопака: ён прывітаў мяне вельмі радасна, закрычаўшы: «Выратавальнік майго жыцця!», - проста з дзвярэй свайго жылога вагончыка. Ён спытаў: «Што я магу дзеля Вас зрабіць?» - «Забяспечце маё існаванне», - проста адказаў я.

Паскопак быў варты замілавання: ён закінуў за мяне слоўца перад спадаром Гунке - і з тае пары я гандляваў у цырку Гунке напачатку ліманадам, потым цыгарэтамі, а пасля гуляшом. Я атрымаў жылы вагончык і неўзабаве стаў касірам. Я ўзяў прозвішча Цюкес, Вільгельм Цюкес, і з тае пары быў уратаваны ад тэлеграм з Капоты.

Лічыцца, што я загінуў, прапаў без вестак, а тым часам я вандрую ў вагончыку цырка Гунке па розных краінах, разам з Ядвігаю, якая ўсё болей і болей расцвітае. Я адчуваю пахі чужых краін, бачу іх, цешуся з тае вялікае ўвагі, якую мне дорыць спадар Гунке. І каб да мяне раз-пораз не завітваў Паскопак, не расказваў мне пра Капоту, каб прыгожая вершніца Гула, яго жонка, увесь час не нагадвала мне, што яе муж абавязаны мне сваім жыццём - я зусім і не ўспамінаў бы пра тое, што калісьці быў каралём.

Але нядаўна я знайшоў сапраўдны доказ свайго ранейшага каралеўскага жыцця. У нас былі гастролі ў Мадрыдзе, і ўранні мы з Ядвігаю швэндаліся па горадзе; аж раптам нашу ўвагу прыцягнуў вялікі шэры будынак з шыльдаю «Нацыянальны музей». «Давай зойдзем», - прапанавала Ядвіга, і мы зайшлі ў гэты музей, у адну з вялікіх бакавых залаў, на дзвярах якой было напісана: «Графалогія».

Мы няўцямна глядзелі на ўласнаручныя подпісы і манускрыпты розных прэзідэнтаў і каралёў, пакуль не дайшлі да зашклёнай вітрыны, на якой быў прыклеены вузкі белы шматок паперы з надпісам: «Каралеўства Капота (апошнія два гады - рэспубліка)». Я ўбачыў манускрыпт свайго дзядулі Вука Саракавога - кавалак славутага Капоцкага Маніфеста, які ён склаў уласнаручна; я знайшоў таксама паляўнічыя нататкі свайго бацькі, адзін лісток з блакнота і, нарэшце, - кавалак ліста з майго школьнага сшытка, абрывак бруднай паперы, на якім я прачытаў: «Будзе дошч ісці, будзе хлеп расці». Прысаромлены, я павярнуўся да Ядвігі, але яна адно ўсміхнулася і сказала: «Гэта ўжо для цябе скончылася, назаўжды».

Мы хутка пакінулі музей, бо на гадзінніку ўжо была першая гадзіна: а трэцяй пачынаўся чарговы выступ артыстаў; а я мусіў а другой адчыняць касу.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com