epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Далідовіч

Цяпло на першацвет

Трыпціх

Каўнер з заморскага звера
  1
  2
  3
  4
  5
Крычаты
  1
  2
  3
  4
Касцюм


 

Каўнер з заморскага звера

 

1

 

— Сынок! Га, сыне! — хтосьці дужы тузаў мяне за плячо, але я не мог прачнуцца і пазнаць голасу: вельмі хацелася спаць.

Мяккім і ўлежным здаваўся сяннік, хоць напхнулі яго толькі ўчора: за зіму леташняя салома ў ім збілася, перасеклася, нібы яе стачылі мышы, і спаць на ёй было надта мулка. Бацька распароў сяннік, занёс яго ў хлеў і вытрас гэтую «сечку» карове на подсціл, схадзіў у гумно і выбраў жоўценькай саломы. Была яна халодная, доўга ляжала ля грубкі і грэлася. Калі стала сухая і цёплая, бацька запхнуў яе ў сяннік і зашыў яго. Сяннік выйшаў тоўсты, гарбаты, калі я лёг на яго, то не мог утрымацца і скаціўся долу.

«Абтапчы»,— усміхаўся задаволены бацька, і я скакаў, уціскаў салому, аж нацёр калені аб вострыя яе камлюкі.

— Стасік! — зноў пачуў я хрыплаваты голас і пазнаў: будзіць мяне бацька.

Не хацелася нават расплюшчваць вачэй: так было цёпла, утульна, мякка, але бацька настойліва, нават з нейкім сполахам клікаў мяне, што я пераадолеў сон, глянуў, адразу зажмурыўся ад яркага, як здавалася, святла газоўкі. Зразумеў, што яшчэ вельмі рана: і спаць хочацца, і не днее, і маці не відаць ля печы.

— Уставай, сыне, імчы да бабы. Скажы, хай да нас ідзе...

У мяне адна баба, матчына маці, жыве за лесам, за добрую вярсту ад нас. Яна сама кожнага дня прыходзіць, спрасоння думаю я, чаго яе клікаць у такую рань! Вось і ўчора была, не дазваляла маме насіць поўныя вёдры, скубці і даваць карове сена, паднімаць на прыпек цяжкія саганы, а рабіла ўсё гэта сама. Дамоў пайшла вечарам, паабяцала, што назаўтра зноў прыйдзе.

— Скажы, што мама... захварэла...

Калі я пачуў гэта, усхапіўся, хуценька апрануўся: вельмі любіў маму і цяпер прыпомніў, што, мусіць, вінаваты ў яе хваробе: учора не паслухаўся, не прынёс у хату дроў, а пабег коўзацца на сажалку. Мама хадзіла па іх сама, прывалакла бярэма, апусціла ля грубкі, абаперлася аб яе, заплюшчыла вочы, не глядзела, што выцірае рукавом мел, доўга стаяла і аддыхвалася — так ёй было цяжка...

Я глянуў на ложак, на якім штоночы спіць маці: і цяпер яна была там, ляжала тварам да сцяны і цяжка стагнала, часам нават ускрыквала. Я захваляваўся, таму паслухмяна надзеў порткі і камізэльку, якія мне падаў бацька, уссунуў на босыя ногі гумовікі, ушчапіў на галаву аблавушку і выйшаў з бацькам на двор. Было яшчэ цёмна, не відаць ні лесу, ні поля. Толькі за лугам на небе выплывала светленькая палоска, паднімалася, і я не ўбачыў, а толькі адчуў недалёкую, ціхую, яшчэ замёрзлую, нежывую рэчку, на якой тоўсты сіні лёд, праз яго ўдзень ледзь-ледзь відаць чырвона-жоўтае дно, усыпанае маленькімі бліскучымі каменьчыкамі, адчуў халодную, залітую талай вадой сенажаць, а на ёй два рудыя стагі, якія не паспелі перавезці. Калі добра прыгледзеўся, то ўбачыў блізка частаколіны, а на іх анучы і збаны.

У хляве ціха стагналі свінні і цяжка дыхала карова. Нечакана галасіста запеў певень. Здаецца, ніколі я не чуў, каб ён так моцна гарланіў.

— Ужо другі,— прамовіў бацька.

Рана, ціха, цёмна і страшна, думаю я. А ў лесе...

— Спушчу сабаку, пабяжыш з ім,— кажа бацька, нібы адгадвае мае думкі.— Трымай за ланцужок. Смялей будзе.

Ён ідзе да будкі і, пазвоньваючы зашчапкаю аб дрот, адвязвае і прыводзіць Шарыка.

— Не бойся,— заспакойвае мяне бацька.— Цяпер ціха... Прабяжыш. Ну...— Ён дае ў мае рукі халодны ланцужок і падштурхоўвае ў спіну.

Сабака нюхае зямлю і цягне мяне, я падаюся за ім, нічога не бачу, але трапляю выйсці з варотаў, падацца за хлеў. За ім — дарога да лесу.

У полі холадна: цягне стылым ад зямлі і павявае вясновы колкі вецер. Снегу ўжо няма — счарнеў за сакавік, растаў на ваду і сцёк. Мясцінамі, дзе ніжэй, трымаецца толькі лёд — стары, яшчэ асенні, скамянелы за зіму,— блішчыць днём на сонцы і нехаця слязіцца — танчэе і асядае; маладзенькі, вясновы лядок, што сабраўся ноччу на лужынах, тонкі, нямоцны, хрумсціць, як папера, і ломіцца пад нагамі. Днём паднімеш кусок, танюсенькі і празрысты, як шкло, і доўга не патрымаеш: хутка растае ў цёплых руках, і халодныя, аж пякучыя, кроплі цякуць у рукаво, халодзяць...

У лесе яшчэ цямней, я не бачу сцежкі, бягу, куды вядзе сабака. Але дарогу адчуваю добра: помню кожную ямінку, узгорачак, камень, ля якога абтапталі пясок. Летась аб адзін такі валунец тут, ля Ваўкавенькі, за выгібам, які будзе скора, я збіў палец.

У бары ціха, толькі чуваць мае крокі і ціхенькае рэха, якое коціцца следам за намі. Страшна, вельмі страшна. Здаецца, за кожным кустом стаіўся воўк, каб схапіць мяне і завалачы ў пушчу. Хоць і цёмна, я заплюшчваю ад страху вочы і імчу за сабакам, ды так хутка, што часамі наступаю яму на ногі. Але думаю, што бягу памалу: уперадзе яшчэ многа дарогі, далека да бабулі, а маме цяжка... Стараюся бегчы яшчэ хутчэй, каб прамінуць гэты лес, за якім будзе бабуліна хата.

Калі нарэшце прыпыняемся ля бабулінай хаты, мне няма чым дыхаць. Адчуваю, што памлелі і ногі.

Я пастукаў кулаком у дзверы — бабуля тут жа пытаецца, хто гэта, і пускае мяне ў сенцы. Здаецца, і не здзіўляецца, што я так рана прыбег да яе.

— Ест што ці яшчэ няма? — толькі запытала яна.

Я зусім не разумею, пра што яна пытаецца, паціскаю плячыма.

— Ну, дзіцяці яшчэ няма?

— Не,— гавару я.

— Пабяжым тады,— кажа бабуля.

Яна качаргою раскідала ў печы дровы, якія ўжо ўгарэліся, заліла агонь, узяла вузялок, што ляжаў на стале, патушыла газоўку, і мы выйшлі на двор.

— О божа! Як ты толькі бачыў дарогу? — здзіўляецца яна,— Я сваімі старымі вачамі дык нічога не бачу, не паспяшу такою цемраю.

Я і сам ведаю, што яна не можа хутка ісці: пажылая, хваравітая, ды перад самаю вайною яшчэ зламала нагу, цяпер ходзіць з палачкаю.

Бабуля распытвае ў мяне, што рабіла нядаўна маці, а пасля нечакана кажа, што ў нас сёння «прыбавіцца сям'я — дасць бог хлопчыка ці дзяўчынку».

Цяпер я прыпамінаю, што маці з бацькам даўно дапытваліся ў мяне, ці хачу, каб «купілі сястрычку». Я гаварыў, што «не трэба яна нам». Добра, смяяліся яны, не будзем збіраць на яе грошай.

Цяпер я задумаўся: дык адкуль жа возьмецца сёння ў нас малое?

— Ты вырас ужо, дзяцюк,— кажа бабуля,— сем годзікаў маеш. Па-добраму, пара даўно мець і другое. На гэтым жа свет стаіць... Але як будзеце жыць, не ведаю. Ратоў прыбаўляецца, а яды... Ды маці нікуды надта не адвернецца, будзе сядзець ля калыскі. Каб не гэтая вайна яшчэ... Такая бясхлебіца...

Калі мы, спяшаючыся, дайшлі да нашай хаты, пачало выплываць чырвонае сонца, калюча і холадна асвяціла небакрай. Мы тупалі і бачылі ўжо дарогу. Ногі мае закарчанелі ў гумовіках.

Маці ляжала на тым жа ложку, толькі цяпер была нейкая вялікая, на ўсю пасцель, глянула на нас, калі мы ўвайшлі, і зноў заплюшчыла вочы. Я заўважыў, што ў яе бледныя вусны, сухія, аж патрэсканыя, як зімою ў мароз.

— Ну, што тут? — спытала бабуля ў бацькі.

— Ды во! — сарамліва ўсміхнуўся ён і паказаў рукою на маці.

Бабуля падышла да пасцелі, нагнулася, разгарнула невялікі белы скрутачак, паглядзела і сказала:

— Ну, во і добра, дзяўчынка...— Пасля паклікала мяне: — Ідзі глянь, і ты некалі гэтакі быў, тож так у руках трымала...

Я падышоў і ўбачыў загорнутае ў чысценькае прасцірадла мале-нечкае дзіця, здзівіўся: адкуль яно ўзялося?

— Не зачыніў учора коміна,— папракнуў мяне бацька,— вось і ўкінуў нам бусел дзіця. Раз не дапільнаваў, то будзеш цяпер гуляць з ім.

Я разгубіўся, стаяў і лыпаў вачамі.

— Не слухай, сынок, бацька насміхаецца. Гэта твая сястрычка,— ціха сказала маці.— Паглядзі, яна на цябе і падобная.

Бабуля апусціла ніжэй гэтае не пекнае дзіця, але я, разгублены, блізка не падышоў і добра не зірнуў на сястрычку.

Так і не дабіўшыся, каб я прылашчыў хоць позіркам малое, бабуля адышла ад мяне, палажыла дзіця, сказала бацьку прынесці ночвы, выпаласкаць іх і наліць цёплай вады. Я пастаяў, патоўкся пад рукамі і, калі ўбачыў, што лішні, ніхто на мяне не глядзіць, нікому я не трэба, выйшаў на двор. Не ведаў, што буду рабіць там, але падаўся за хлеў, на поле, далей ад дому. Таптаў на лужынах тонкую намаразь, коўзаўся па старым лёдзе, быў неспакойны, не рады, што вырваўся з хаты. Але вяртацца ў яе не хацелася.

З лесу пачулася, як заляскалі па прымерзлай зямлі колы, зарыпелі гужы ды драбіны. Я ведаў, што едзе мамін брат, дзядзька Янусь, такі ж высокі, дужы, як і мой бацька.

Дзядзька Янусь добры, ён увесь час жартуе, расказвае цікавае ці прынясе які ласунец. Ён амаль штодня катаў мяне на калёсах, садзіў ля сябе і даваў «кіраваць». Я моцна трымаўся за лейцы, ехаў і здзіўляўся, чаму такая вузкая дарога: конь кідаўся з абочыны на абочыну. Дзядзька пасміхаўся і гаварыў, што канём не трэба кіраваць, тузаць яго — ён і сам умее выбіраць дарогу.

Цяпер, як бачылася, дзядзька спяшаўся і не думаў заязджаць да нас. Раней, бывала, заскочыць, паставіць ля хлява каня, падкіне яму сена, зойдзе ў хату, паснедае і паедзе далей.

Сёння ён не заехаў, павярнуў ля сажалкі, што была за паўвярсты адсюль, і выехаў на дарогу-сыпанку, якая вяла да суседняй вёскі, Ніўнага.

У Ніўным ужо з паўгода быў калгас, і нашы хутарскія мужчыны часта хадзілі туды глядзець, як жывуць «калгаснікі». Дзядзька Янусь таксама бываў, памагаў свайму брату-ніўнянцу — вазіў з іхняга калгаснага лесу дровы да «хаткі», дзе варылі калгасным цялятам і коням бульбу, каб падмяшаць яе ў сечку. Я часта ездзіў з ім у Ніўнае, заходзіў да другога свайго дзядзькі, Антуся, які працаваў конюхам.

Дзядзька Антусь — не карэнны ніўнянец. Сям'я яго, жонка і двое дзяцей, жылі да нядаўняга часу ля нас у зямлянцы. Але дзядзька Антусь, як толькі вярнуўся з вайны, не захацеў жыць болей на хутары, схадзіў да ніўнянскага старшыні калгаса, дамовіўся з ім і пераехаў туды, уступіў у калгас і стаў працаваць на канюшні: вельмі любіў коней, ён і на вайне быў кавалерыстам.

Дзядзька Антусь, відаць, расказаў старшыні, што мой бацька каваль, бо на днях той, высокі, вусаты, у ваенным адзенні, але без пагонаў, з адным пустым рукавом, якое было заткнута за рэмень, прыязджаў да нас і ўгаворваў, каб і мы перабіраліся ў Ніўнае, прасіў бацьку працаваць кавалём, перавозіць туды і нашу «кузеньку», агораную ўсёй бацькавай раднёю яшчэ да вайны.

Я слухаў і глядзеў на старшынёву, некалі зялёную, а цяпер пабялелую, гімнасцёрку з медалямі, здзіўляўся, як іх многа, з зайздрасцю аглядаў яго выцвілую фуражку, на якой не было зорачкі, а бачылася толькі на яе месцы плямінка і дзірачка. Старшыня быў заклапочаны, худы, зусім не смяяўся, пільна глядзеў на бацьку і гаварыў: «Каваль нам надта трэба, бо даюць трактар, сеялкі, плугі, а правіць іх няма каму, бо ўсе кавалі нашы на вайне паклалі галовы... А ты што тут, на хутары, будзеш рабіць і што заробіш? Хутаранец многа табе не заплаціць, калі ты яму які серп склеплеш».

Бацька згадзіўся, што тут яму няма чаго рабіць і заработкі малыя, ён не супроць працаваць у іхняй калгаснай кузні. Ведаў, што там яму будзе «разгарненне», але бедаваў, што тут у яго стаіць яшчэ дзедава хата, і будзе многа клопатаў, калі яе раскідаць, перавезці, злажыць: паспрабуй крані толькі — пасыплецца ўся. А памагчы надта няма каму: сваякі самі будуюцца. Ды ўвогуле мужчын мала, усе будуюцца, не хочуць жыць у зямлянках.

— Можа, буду хадзіць пакуль што да вас на работу, калі прымеце,— сказаў бацька.— Тут недалёка, вярсты тры. А кузню перадам ужо свайму калгасу, бо і ў нас жа, відаць, скора будзе...

Старшыня шкадаваў, што не можа цяпер памагчы пераехаць і пабудавацца, хоць бы, гаварыў, ніўнянскім уловам агораць якія хаціны, але прасіў прыходзіць і кавальнічаць.

Я, калі бываў у Ніўным, то спярша заварочваў на кашошню, да дзядзькі Антуся. Памагаў яму карміць коней — разносіў па загарадках сена, вотруб'е, найболей стараўся даць чаго-небудзь смачненькага жарабяткам, але дзядзька не дапускаў да іх: баяўся, каб мяне не ўбрыкнулі кабылы. Даваў мне лёгкую работу: прайсці па калідоры і пазакладаць жэрдкі ў стойлах, а ў загарадках самых памаўзлівых коней забіць над жэрдкамі ў дзюркі калочкі.

Вечарамі, калі быў у канюшні, дзядзька садзіў мяне на рахманага Ангора, і мы ганялі на раку паіць коней. Пакуль коні вярталіся — ішлі яны панурыя, цяжкія ад вады, апусціўшы галовы, не брыкаліся і не гулялі, як хвілін колькі таму,— валасы ля пыс абмярзалі, звісалі тоненькімі лядзяшкамі, якія дакраналіся адна да адной і ціхенька пазвоньвалі...

...Я пабег за возам, стаў крычаць і махаць рукою. Каб летам, то мог бы яго і не дагнаць, але цяпер, бездарожжам, цяжка нагружаны конь цягнуўся паволі, і я хутка дагнаў яго.

Дзядзька прыпыніўся і злез з калёс, прывітаўся са мною за руку, спытаў:

— Што скажаш добрага?

— Сёння нам бусел дзяўчынку прынёс,— сказаў я.

— А! — дзядзька ўсміхнуўся, ускалашмаціў свае валасы.— Ёсць адзін такі бацян, ён ніколі не адлятае на зіму, а разносіць па хатах дзяцей. Правароніў юшку зачыніць?

Я апусціў галаву: сапраўды ўчора не зачыняў, бо дагледжваў грубку бацька — тоўк галавешкі, разгортваў жар. I бацька, і дзядзька вінавацяць толькі мяне...

Дзядзька Янусь падхапіў мяне на рукі, пасадзіў на дровы, і мы паехалі да нас. Калі зайшлі ў хату, я ўбачыў, што бацька дастаў за гэты час з вышак калыску, абцёр яе ад пылу. Знайшоў недзе маленькі сеннічок і паспеў ужо напхнуць яго сенам.

— Я не бачыў, што ты, малец, выскачыў на двор,— усміхнуўся ён.

— Цяпер цябе, пляменнік, будуць часта не бачыць,— прамовіў дзядзька.— Цяпер будуць калаціцца па ёй. Што смачнейшае, лепшае — усё будзе ёй, а не табе...— ён нагнуўся, глянуў на дзяўчынку, здзівіўся: — О, якая брыдкая! Ну што, малец, язык высалапіў? Не ўгледзеў?.. Калышы цяпер.

 

2

 

Зусім мяне растрывожыў дзядзька. Я стаў прыглядацца, чым жа смачнейшым будуць карміць малую? Што мне застанецца? Дасюль, калі трапляліся якія цукеркі-падушачкі, то былі мае. А цяпер, выходзіць, дастануцца ёй.

Праз колькі дзён я ўбачыў, што маці яе нічым яшчэ не корміць, дае толькі грудзі. Я не вытрываў і спытаў аднойчы, калі будуць даваць малой есці і што-небудзь іншае.

— Падрасце — будзем падкормліваць,— адказала маці.— Пакалышы, а я схаджу ў хлеў.

«Глядзі во яе!.. Няма як пабегчы да Антоніка, пагуляць»,— думаў я, гойдаючы гэтую капрызу: калі тармасіў калыску — спала, толькі адыходзіўся, хацеў выйсці да свайго сябрука — кугакала на ўсю хату. Я ўсё болей разумеў, што цяпер давядзецца мне меней гуляць — трэба глядзець малую.

— Мама,— спытаў я аднаго дня,— а ці забірае бусел маленькіх дзяцей назад?

— Чаму ты хочаш гэта ведаць? — усміхнулася яна.

— Хай забірае, не трэба яна нам...— сказаў я, успомніўшы, як на днях бабуля прынесла салодкі пернік, то маці адламала мне толькі маленькую скібачку, а астатняе схавала «даваць Ганьцы».

— Чаму ты хочаш аддаць сястрычку? — дапытвалася яна.

Я прамаўчаў, але хацеў сказаць, што яна, мама, была дасюль да мяне добрая, ласкавая, а цяпер на мяне мала глядзіць, палюбіла гэтую маленькую дзяўчынку, болей думае пра яе, як пра нас з бацькам. Але нічога не сказаў, толькі насупіўся.

— Буслік мой! — прытуліла маці мяне да сябе.— Бацян дзяцей назад не забірае. Ен яшчэ нам браціка прынясе. Хочаш?

— Не,— крыкнуў я.

— Чаму, сынок? — здзівілася маці.

— Не хачу.— Я не сказаў, чаму не жадаю яшчэ і хлопчыка, хацеў толькі запытаць, ці любіць яна мяне яшчэ, але стрымаўся.

— Ох, мае вы дзеці! Некалі будзеце радавацца адно аднаму,— прамовіла маці, але я не зразумеў, што яна хацела сказаць, не пераставаў думаць пра браціка і баяцца яго.

Рашыў, што трэба ўсяляк не дапусціць да коміна бусла: зноў укіне дзіця. Я штохвіліны прасіўся на двор і, колькі дазвалялі мне, быў там, паходжваў і выглядваў, ці не ляціць бацян.

Пакажацца — праганю, няхай вяслуе да суседзяў, у іх даўно няма маленькіх дзяцей... Але бусла не было, і я зразумеў, што не дапільную яго. Укіне яшчэ адно малое, калі адвярнуся куды, і давядзецца гэтаксама калыхаць яго. I не толькі гушкаць...

Вечарам маці расказала бацьку, як хацеў я пазбавіцца ад сястрычкі. Ён слухаў яе, пасміхаўся, а пасля пачаў дакараць мяне:

— Пара ўжо табе, Стаська, сталейшым быць. Скора ў школу ісці, а ты ўсё дзяцінішся. I чаму ты не хочаш яшчэ і браціка? Весялей жа будзе.

— Нам і так мала есці,— сказаў я.— Лусту хлеба мама цяпер дзеліць на чатыры кавалкі, а тады будзе рэзаць на пяць...

— Ты і праўда ўжо сталы.— Бацька перастаў усміхацца, сеў за стол.— Колькі яшчэ, маці, у нас засталося жыта?

— Сам жа ведаеш, чаго пытаешся? — адказала яна.— На раз змалоць. А ўперадзе — лета... Пакуль тое новае...

— Да новага далека...— уздыхнуў бацька, пацёр далоняю лоб, пасля глянуў на мяне, ды так пільна, як на дарослага.— Дык не хочаш гуляць з маленькаю? Не? Тады будзеш штодзень хадзіць са мною ў кузню памагаць зарабляць хлеб...

 

3

 

Цемната дагнала нас за лесам; у бары быў цёплы пясок, душнаватае паветра, а тут, у полі, бралася раса, студзіла ногі. Я ішоў побач з бацькам, маўчаў, адчуваў на плячах астуджаны пот, стомленасць, ведаў, што хутка мы прыйдзем дадому і я буду паліваць ваду бацьку на яго чорныя, вымазаныя вуглём і жалезам рукі, а пасля буду мыцца сам, смачна есці і моцна спаць, нават не прасіць расказваць мне казкі.

Я не доўга гуляў з сястрычкаю, да якой пачаў прывыкаць, бо да нас пераехала бабуля, цяпер жыве з намі і гуляе з унучкаю, а я стаў працаваць.

Бацькава кузня стаіць непадалёку, тут, на хутары, дзе да вайны жыў ён і сам. Калі ў блакаду хату спалілі, бацька з маці перабраліся сюды, да дзеда, а кузня засталася на ранейшым месцы. Вось нам і даводзіцца хадзіць на працу за добрую вярсту.

Работа мая ў кузні не такая ўжо і цяжкая. У бацькі ёсць памочнік, хударлявы, стары, з задышкай, дзед Васіль, які памахае крыху молатам, сядзе і не можа адсапціся, нават не курыць, сядзіць і глядзіць у зямлю, пакуль не нагрэецца жалеза. Я падмяняю старога — паддзімаю агонь. Даюць мне і другую работу — зубіць сярпы. Дзед Васіль слепаваты, добра не бачыць, часта б'е малаточкам бацьку па пальцах, таму тата налаўчыў зубіць мяне.

Рабіць гэта нялёгка, хоць і цікава: бацька кладзе на дзве калоды стальны роўны вал, ложыць на яго гладка вытачаны серп і настаўляе зубільца, а я часта-часта, з аднолькавай сілай, б'ю па ім малатком. Спачатку ў мяне не выходзіла: біў я моцна і рассякаў вастрыё сярпа, а то стукаў слаба, і зубы былі нявострыя. Часта ўгоджваў бацьку па пальцах, набіваў сінякі, бацька аж войкаў ад болю, лізаў пальцы і крычаў на мяне, але скора я прызвычаіўся — зубікі атрымоўваліся родненькія і востранькія. Бабы, як жалі, не маглі нахваліцца гэтымі сярпамі і болей хвалілі мяне, чым бацьку...

— Стаміўся, малады каваль? — спытаў бацька, паклаў мне на плечы цяжкую руку. Ён сярдзіты, калі працуе, а калі падыходзім да хаты, ажыўляецца, жартуе.

— Не,— адказваю я.

— Прагаладаўся?

— Не,— зноў гавару я, хоць ужо даўно смокча ў жываце, цякуць слінкі, аж баліць у роце, але я мужчына, я не сусед — аднагодак Антонік, які гуляе цэлымі днямі ў «коні», лепіць гліняныя домікі ці пячэ пясочныя аладкі, плача, калі застрэміць нагу ці ўджыгне яго пчала. Мне няма часу гуляць, мне трэба памагаць бацьку ў кузні, памагаць зарабляць хлеб... Я не плачу, калі мая рука трапіць пад малаток, замлее ад болю, пасінее; не бядую, што ў мяне звініць у вушах ад стуку.

Антонік не ведае, як удараюць малаткі, а я знаю: пудовы малацішча б'е глуха, як у барабан, а маленькі малаток, які часцей гуляе па кавадле, ляскае дробна, бацька выладжвае ім усялякую тонкую работу — клепле сярпы, нажы, шылы.

Я іду і гадаю, чым будзе карміць нас сёння маці. Відаць, наварыла бульбы — яна яшчэ маладая, цвёрдая, мылкая, але есці ўжо можна. Яе добра пасыпаць соллю і есці сухама ці нашчыпаць звялага пер'я цыбулі і кусаць з ёю. А можа, маці сабрала малака, паставіць на стол кіслага?

Я сам здзіўляюся, чаму гэтае лета думаю многа пра ежу, ці таму, што ў нас даўно выйшла сала і мы не ядзім скваранага, ці таму, што працую, трачу многа сілы, ці таму, што ўсё лепшае — смятану, тварог — берагуць для сястрычкі. Забыўся я ўжо, калі ўволю з'еў і чорнага хлеба — адрэжа маці лусту, дасць, а бохан загорне ў белы ручнік і пакладзе на паліцу, напамяне, каб без яе не чапалі...

На ганку нас сустрэла маці, усміхнулася: «Ах, мае вы работнікі!» але чамусьці абняла ды пацалавала толькі мяне, хоць я цяпер вельмі хацеў, каб мама прылашчыла і бацьку: ён многа працуе — цэлы дзянёчак махае молатам, адпускае мяне паляжаць на траве, пакупацца ў рэчцы, а сам не выходзіць з кузні, стукае, пацее ля агню, а ноччу глуха і цяжка кашляе...

— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці і палівае нам на рукі халодную ваду.

Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам і не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.

— Мы заробім скора Стасю на боты,— кажа ён.

— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую...

Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, і ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.

— Гэта вам, мужчынам,— усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне і бацьку.

Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама і бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі і запіваюць бульбу расолам, і хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, і, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Галька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік і цмокае губкамі...

— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.

— Вы зарабілі,— кажа яна.— Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось і далі. Так што і ты ўжо наш карміцель...

Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, і бабуля, і маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, і я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка і ім па скрыліку.

— Еш сам, сынок,— адмаўляецца бабуля.— Мы тут пры доме... А вы ж у кузні...

I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне і пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў іх кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што і ён не будзе есці.

 

4

 

...У кузні горача, млосна: спякотна на дварэ і паддае цяпла агонь. Я сяджу на калодзе, паддзімаю і здзіўляюся: як трывае ля горна бацька? Твар яго чырвоны і чорны ад гарачыні і вугалю; на поце, што выступіў буйнымі кроплямі на лбе, блішчыць полымя; бацька аблізвае сухія губы ды выцірае рукавом з ілба пот, пакручвае доўгімі абцугамі жалеза, горне на яго вугаль, пасля бярэ чырвоны вугалёк і прыкурвае. Я ўжо ведаю: ён будзе паварочваць у агні жалеза, пасыпаць яго жоўценькім пясочкам да тае пары, пакуль яно не стане белым, не заструменіць уверх іскрамі,— тады бацька выхапіць белы кавалак, кіне яго на кавадла,— і яны хопяцца з дзедам Васілём біць малатамі. Б'юць яны моцна, з усяе сілы, ляцяць па баках толькі гарачыя пырскі. Я закрываю рукавом твар — каб не апаліла.

Калі жалеза пачырванела, а мясцінамі на ім паказаліся і чорныя плямы, бацька зноў совае яго ў агонь, закурвае ад вугля, дзед Васіль садзіцца і адпачывае, а я кручу кола паддзімала і думаю, што скора мне ісці ў школу, што мяне будуць вучыць чытаць і пісаць, і я, калі папросіць бабуля, буду складаць лісты яе сыну, дзядзьку Янусю, які летам перабраўся ў горад. Я не заўважаю, як бацька выхоплівае з агню белы кавалак, кідае яго на кавадла,— і зноў пяраць па жалезе з дзедам малатамі.

...З полудня дзед Васіль не вярнуўся. Зайшоў яго сын і сказаў, што стары захварэў, злёг у пасцель. Яны з бацькам паспелі выкаваць сякеру, засталося яе толькі натачыць і загартаваць.

— Павострым? — спытаў у мяне бацька.

Я колькі разоў круціў тачыла, калі вастрылі нажы, сярпы, і было няцяжка, але цяпер трэ было драць новую шурпатую сякеру, таму яе будуць прыціскаць — круціць тачыла тады пад сілу сталаму мужчыне, а не мне. Але я не мог адмовіцца, нічога не сказаў бацьку, моўчкі наліў у карыта вады і падышоў да каменя, узяўся за ручку.

Бацька спачатку не прыціскаў, і я круціў легка, паглядаў нават і любаваўся, як мокне камень, цячэ па ім вада, здзіраюцца жвірынкі, але так трэба доўга тачыць, і таму бацька прыціскае мацней сякеру,— у мяне адразу млее рука. Я часта мяняюся, кручу то левай, то правай і хутка выбіваюся з сіл. Бацька стараецца памагаць мне адною рукою, але ўсё роўна я знясільваюся, і мне становіцца нямілая гэтая работа, не хочацца новых ботаў, думаецца толькі пакінуць круціць гэтае праклятае тачыла, выбегчы з кузні туды, дзе гуляюць мае аднагодкі...

— Ну, мацуйся!— падбадзёрвае мяне бацька,— Зробім гэтую сякеру, заплацяць, і тады купім табе яшчэ і новую шапку. У школу пойдзеш — адзін я тут не ўпраўлюся, пайду ў Ніўнае... Хочаш мець харошую шапку?

Я, канечне, хацеў, бо ў мяне няма людскай аблавушкі: са сваіх старых я павырастаў, а бацькавы мне вялікія, налазяць на вочы, яны зношаныя, павыціраныя: яшчэ тыя, што падарылі вайскоўцы колькі год таму, калі ішлі на захад.

— Ну, сядзь, адпачні,— кажа мне бацька, і я саджуся, адсопваюся, а ён круціць тачыла сам.

Я разумею, што хапае работы і яму: кожнага дня людзі прыносяць і прывозяць правіць плугі, зубіць сярпы, рабіць сякеры, нажы, каваць вазы. Да яго нават заязджаюць ніўнянскія шафёры і трактарысты: бацька мой майстар на ўсе рукі. I стараецца ўсё зрабіць — і людзям памагчы, і зарабіць.

— Хочацца ўцячы ад гэтага тачыла? — усміхаецца бацька.— Ну, бяжы да свайго Антоніка, пагуляй.

— А хто будзе круціць тачыла?

— Ды я сам,— кажа бацька.— Ты не стаміўся зусім?

— Не.

— Калі не стаміўся, то памажы яшчэ. Паможаш?

— Ага,— ціха адказаў я.

Хоць яшчэ не адышлі рукі, калоцяцца, цягне сапраўды марсянуць адсюль, пабегчы на рэчку, пакупацца ды спакойна паляжаць, але я падняўся і стаў зноў круціць тачыла, нагінацца і заплюшчваць ад стомы вочы, бачыць жоўта-зялёныя іскры, ад якіх кружыцца галава. I ўсяляк стараўся не паказаць бацьку, што мне цяжка, а то ён не дапусціў бы мяне болей да тачыла, круціў бы і тачыў сам...

...Ніхто не ведае маёй радасці, калі я бачу, што сякеру мы ададралі, яна стала белая, вострая. Але я ведаю, што работа з ёю яшчэ не скончана, зараз мы зноў пойдзем у кузню, я буду паддзімаць агонь, круціць кола і не чуць сваіх памлелых рук, а бацька ўсадзіць сякеру ў жар, будзе грэць, пасля выхапіць з агню і стане шоргаць у пясок, апускаць пакрысе ў ваду — гартаваць.

Пасля яшчэ трэ будзе вастрыць яе...

 

5

 

...Снежань выдаўся люты: яшчэ ў лістападзе скавала зямлю, ажно яна трэскалася, насыпала снегу вышэй платоў, а пасля сцішэла. Паціснулі маразы — трашчалі вуглы хат і хлявоў, густа лажыўся за ноч іней, выбельваў стрэхі, дрэвы, нават, здаецца, і неба. Раніцай, калі ўзыходзіла вялікае чырвонае сонца, нельга было выйсці з хаты. Ад холаду, здаецца, гарэлі шчокі. Сталі мерзнуць куры, нават у байцаватага нашага пеўня, які не дасць спакойна прайсці па двары, счарнеў, зваліўся набок грэбень.

Пакуль я заходзіў у школу, намярзаўся так, што не мог на першым уроку пісаць: пальцы былі як калочкі, зусім не трымалі ручку.

Удзень мароз крыху адпадаў: прыгравала сонца, нізка вісела і цёпла свяціла; неба было густое, блакітнае, па ім плылі белыя воблакі, а снег зіхацеў, аж калола ў вочы. У зацішку было зусім цёпла, нават капала са стрэх вада.

Калі наставала пара вяртацца са школы дадому, сонца зніжалася, чулася слаба, зноў браўся мароз. Шарэла неба, падхопліваўся ветрык — і пачынала круціць, гнаць па полі снег. I сонца яшчэ свяціла, але было ўжо так холадна, што нельга трываць. Са стрэх пераставала капаць вада, замярзала і звісала тонкімі празрыстымі ледзяшамі.

У адзін такі дзень я змарозіў рукі. Маці папрасіла купіць у вясковым магазіне газы, дала бляшанку. Пакуль магазіншчык адпусціў людзей, пайшоў у склад і наліў мне «карасіны», сябрукі мяне не пачакалі і пайшлі дамоў. Я нёс гэтую халодную бляшанку і змёрз. I рукі мяняў: адной нясу, другую грэю ў кішэні, і дзьмуў на пальцы — нічога не памагло. Калі зайшоў у хату, пальцы зусім зайшліся. Я не вытрываў і заплакаў, ды так моцна, што ажно напалохаў маму.

Акалееш ты, дзіця,— пашкадавала мяне маці,— Ні валёнак, ні рукавак добрых... Хоць не пускай цябе ў гэтую школу. Ды во і кажушок моль паела, свіціцца, як рэшата. Каўнер аблез... Купі за што... Ці бацькаў шынель распароць ды падшыць?..

Калі рукі адышлі, пачырванелі і сталі гарачыя, маці дала мне есці. Папалуднаваўшы, я злазіў на гарышча і, як прасіла маці, прынёс стары бацькаў шынель. Маці атрасла яго ад пылу, агледзела і пачала распорваць.

Як распусціла шынель на кускі, зняла з мяне мерку (на ўсё набаўляла — каб яшчэ і другую зіму панасіў), адразу пачала шыць паліто. Праз колькі дзён яно было гатовае, неставала на ім толькі каўняра. Маці перабрала ў шафе «ўсё рыззё», але так і не знайшла, што ж пусціць на каўнер. Тады сказала, што выкраіць і пашые суконны, які будзе мулкі, але які «трэба для красы».

— Хлопец добра рабіў у кузні, то яму трэба людскі каўнер,— паслухаўшы яе, сказаў бацька і ўзяўся злавіць зайца.

Ён штодня ставіў петлі ў гумне ля сена і лубіну, але зайцы ў іх не лезлі, абміналі.

Маці перастала спадзявацца на «ўдачу» і пашыла суконны каўнер, але бацька не дазволіў прышыць яго: перад самым новым годам нечакана паў наш сыты, аж бліскучы ад тлушчу, з густой белавата-чорнай поўсцю кот.

— Добрая скура...— агледзеўшы ката, сказаў бацька.— Някепскі можа быць з яе каўнер. Мяккі ды і пекны... Не горшы за зайчыны.

— Гаворыш ты, аж слухаць не хочацца,— запярэчыла маці.— Ды і людзі смяяцца будуць.

— Не бяда,— стаяў на сваім бацька — Калі ўжо вельмі прыставаць будуць, скажам, што каўнер з заморскага звера...

— Не такія ўжо дурныя людзі, каб не пазнаць... Не саром хлопца,— папраўдзе злавалася маці, не дала прышыць гэты «заморскі» каўнер, а прыладзіла той, з цвёрдага, мулкага шыняля.

— I файна, і цёпла было б, маці,— сказаў бацька.— Што пасмяяліся б — то і не страшна... Са смехам лягчэй жыць. Некалі, як пабагацелі б, лепшы купілі б. Студзень жа на дварэ.

...Ішла трэцяя пасляваенная снежная і марозная зіма...

 

Крычаты

 

1

 

Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:

— Адкуль самі будзеце?

— З Налібак.

— А я з Хлябовіч, з Янковіч...

Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве,— ніколі не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»...

Месца, на якім аселі Крычаты, і добрае, і нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год і свежай рыбы, і сушанай, самі ўволю ядуць і прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гора і на сена: месца ля іх нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць і каровы.

Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, а зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.

З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, а дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да іх на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці...»

Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена і трэ было дакупіць, ці ўзяць у іх рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі і стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў... I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала...

Як і я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з іх хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, а самім сесці на жончын.

Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць і іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы і цымбалісты, і тады іх паважалі, нават зайздросцілі, бо і танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, і ніхто з імі не мог параўнацца.

Праходзілі танцы, і забывалася гэтая павага, і нават адчувалі гэта і нашы дзеці-янкоўцы і не толькі помнілі, але і часта крычатоўцам-аднакласнікам стараліся не даць пра гэта забыцца.

Яны хадзілі ў нашу пачатковую школу, то мусілі часцей, чым нашы, падмятаць у класе, не старацца на ўроках добра адказваць і не атрымліваць пяцёрак; калі гулялі ў хованкі, ім даводзілася часцей шукаць, а не хавацца.

У нашай школе самым старэйшым і дужым быў Мішка — стараста другой змены. З раніцы вучыўся першы і трэці клас, пасля полудня — мы, другакласнікі, і большыя.

Мішка быў высокі, плячысты, пад носам у яго ўжо чарнеліся вусы — ён яшчэ да вайны адзін ці два гады вучыўся ў польскай школе, «нямала пастаяў на коленках у кутку». Дома ён араў, касіў, піў з мужчынамі гарэлку, на вечарынках агрызаўся са сталымі хлопцамі, не «папускаўся», каб над ім так жартавалі, як над намі, на гадоў восем меншымі за яго.Ён і ў школе не надта слухаўся маладой настаўніцы, часта даводзіў яе да плачу, і тая пасылала каторага з нас, каб мы паклікалі Мішкавага бацьку. Але мы, гэўрыкі, як ён дражніў нас, не хадзілі і не клікалі: баяліся Мішкі. З ім дружылі толькі пераросткі Пятро і Віця, але гэтаксама надта не пярэчылі яму.

 

2

 

...У той лютаўскі дзень яны завяліся з-за сцежкі. Праўда, яе спачатку не было: пакуль мы вучыліся, вецер круціў і перасыпаў снег, гнаў па полі, залізаў ім санную дарогу, і нам трэ было ісці па цальнягу.

Мішка, Віця і я жылі на другім ад школы канцы вёскі, і нам ладны кавалак дарогі выпадала ісці разам з крычатоўцамі, бо мы хадзілі не вуліцаю (так было далей), а па полі, напрасткі. Вось, калі выйшлі на голае поле, Мішка і пагнаў крычатоўцаў таптаць сцежку, а сам цягнуўся па іх слядах і падганяў: «Ну, ну, гэўрыкі!»

Крычатоўцы, усе дробныя, нядужыя, спачатку паслухаліся, як і заўжды, мяняліся па чарзе, ішлі след у след, але хутка стаміліся, набралі ў боты снегу, памарозілі ногі і сталі прасіцца падмяніць іх, але Мішка нават і слухаць не хацеў пра гэта, піхаў іх у плечы і гнаў наперад. Тады яны адмовіліся ісці першымі, збіліся ў кучку і плакалі, пагражалі, што раскажуць настаўніцы.

Мішка пасміхаўся, абы-што гаварыў, з месца не кратаўся, стаяў, сціскаўся ад холаду, калючага ветру, цёр халодныя шчокі і загадваў крычатоўцам падавацца. Я не вытрымаў холаду ды гэтай гыркатні і, абышоўшы ўсіх, памкнуўся таптаць сцежку, але Мішка хапіў мяне за плячо, прыцягнуў да сябе, прасіпеў: «Што — шкода іх стала? Эх ты, гэўрык!..»

Цямнела, хацелася есці, было холадна, але Мішка і не думаў здавацца, усё сыкаў: «А ну пайшлі, казіне». Калі яны так і не падаліся, ён узвярэў, накінуўся на іх і стаў матлашыць сумкаю. Хлопцаў паваліў, панатыкаў кожнага тварам у снег. Пасля кінуўся да маленькай Камці — адзінай дзяўчынкі-крычатоўкі,— піхнуў яе, хапіў жменю снегу, хацеў нацерці ёй твар, але яна павалілася, засланіла нос і шчокі рукою, папрасіла: «Не біся» — і так жаласна глянула на яго, што я сумеўся, у мяне сцялося ад страху сэрца, і я ледзь не заплакаў. Але Мішка сціснуў снег на лядзяшку і пляснуў ёю ў твар Камці. Яна заплакала, з носа паказалася кроў.

— Бандзюга! — крыкнуў я.

— Ну, ты! — Мішка вызверыўся на мяне, вылупіўшы вялікія, па яблыку, вочы.— Калі так, то смалі першы. Я цябе...

Я не чакаў, пакуль крычатоўцы падбяруць вытрасеныя з кішэняў ручкі ды гумкі, пайшоў пракладаць сцежку, глыбока правальваючыся і набіраючы ў боты снегу.

— Які жаласлівы! Смаркаты гэўрык! — гудзеў ззаду Мішка, ужо на мне спаганяючы сваю злосць.— Будзеш такі добранькі, дык яны цябе заганяюць... Але каб дома маўчаў, як нічога і не было. Папробуй толькі пахваліцца!..

Дома я звычайна расказваў маці пра ўсё, што было за дзень у школе, паказваў, якую атрымаў ацэнку, за што мяне пахваліла настаўніца. Але на гэты раз прамаўчаў, нічога не прамовіў, бо добра ведаў: маці не пахваліла б за тое, як мы абышліся сёння з Камцяю. А яе плач не выходзіў з маіх вушэй, у вачах стаяла, як толькі заплюшчуся: Мішка б'е лядзяшкай Камці ў твар...

Ноччу мне снілася, як мы ішлі па цальнягу, гналі перад сабой казінцаў, піхалі іх у снег. I мне здалося, што я ўдарыў Камцю ў твар лядзяшкаю, разбіў ёй губу... Я крычаў спрасоння і ўскакваў, так мне было страшна — маці колькі разоў уставала і супакойвала мяне.

Назаўтра, калі я падняўся раненька, сон не выходзіў з галавы; я не чакаў, калі да мяне зойдуць Мішка і Віця, пайшоў у школу адзін. Плёўся і бачыў, што крычатоўцы ўчора ці першая змена сёння панапісвалі на снезе абышто пра нас, янкоўцаў,— выводзілі пальцамі ля сцежкі. Я добра ведаў, што Мішка не даруе ім гэтага, будзе помсціць, і, каб ён не прачытаў іхніх абраз, не прыдзіраўся, каб зноў не папала Камці, стаптаў нагамі надпісы.

Калі сустрэўся з крычатоўцамі ў школе, яны злаваліся, не гаварылі, не прынеслі сушаных яблыкаў і плотак; Камця, як толькі пайшла дамоў першая змена, не глянула на мяне, спырскала і пачала падмятаць падлогу — была сёння дзяжурная.

Хлопцы, баючыся пылу, выйшлі на двор. Я застаўся ў класе, глядзеў на Камцю, невысокую, чорнавалосую, адзетую ў сінюю сукеначку і белы фартушок, і яна ўсё болей мне падабалася. Я жахаўся: як Мішка мог учора падняць на яе руку? Пасля падышоў да яе і сказаў:

— Давай памагу.

— Я сама,— сказала Камця і не дала мне веніка, хоць я прасіў і яшчэ раз.

А мне так хацелася дагадзіць ёй; каб яна згадзілася, дала венік, а сама пастаяла, паглядзела, мне, здаецца, намнога было б лягчэй. Камця старалася не глядзець на мяне, і гэта зусім засмучала.

— Я папрашу Мішку, дам яму што-небудзь, і ён больш не будзе цябе прымушаць ісці першай па цальнягу,— сказаў я.— Ты маленькая...

— Я не меншая за цябе,— запярэчыла, з крыўдаю глянула на мяне Камця.— У адзін клас ходзім. Я дома бульбу абіраю, падлогу мыю.

— А я дровы рэжу і калю,— тут жа, не падумаўшы, зманіў я: пілаваць бярвенні бацьку памагаў, але калоць іх мне не дазвалялі — баяліся, каб не пасек нагу.

— Мне летам ровар купяць, у трэці клас буду ездзіць, а не хадзіць.

Я змоўк: колькі разоў прасіў узяць у магазіне веласіпед, але бацька не хацеў купляць, казаў, што грошы на вартнейшае патрэбны, а ў школу недалёка, можна пешшу хадзіць.

У клас зайшоў Мішка, у бацькавых высокіх валёнках і доўгім, да зямлі, кажусе, уваліўся, як стаяк усунуўся. Як я і чакаў, спытаўся:

— Чаму не пачакаў сёння?

— Бацька раней паслаў,— сказаў я і стараўся не глядзець на яго.

— Што — не хоча казінка падмятаць? — спытаў ён, пагардліва глянуўшы на Камцю, і хацеў, відаць, пацягнуць яе за касу ці піхнуць, бо шэрыя вочы яго нядобра бліскалі.

— Падмятае,— апраўдаў яе я.— Не называй казінка, яна — Камця...

— Камця-мамця! — перакрывіў Мішка.— Казінка... Бэ-э-э...

Я сярдзіта паглядзеў на яго, і мне не спадабаўся яго кірпаты нос, непрыгожымі здаліся адтапыраныя аблавухія вушы, ягоныя рукі, якія мыліся, мусіць, раз у тыдзень. Нядаўна Мішка так накурыўся, што ля яго нельгаі было стаяць.

— Як вынесці смецце? — спытала ў мяне Камця, і я зарадаваўся, што яна нарэшце загаварыла са мною.

Я хуценька адчыніў сваю сумку, дастаў сшытак, вырваў з яго ліст і падаў Камці. Яна змяла на гэтую паперу пясок і панесла на двор. Здаецца, перад гэтым глянула на мяне і прыемна ўсміхнулася, выходзіла, азірнулася і зноў засмяялася.

— Я ім і сёння дам чосу, папру першымі па цальнягу, хоць і сцежка будзе,— сказаў Мішка, скідаючы з плячэй кажух.— Будуць ісці збоку і новую таптаць.

— Не трэба,— папрасіў я,— яны і так...

— Што — яны?.. Не бойся, жывыя будуць,— сказаў ён.— Вось не пайду налета ў школу, паеду вучыцца на трактарыста, дык вам, жабянятам, на галаву сядуць. А так будуць помніць...

— Будзем таптаць сцежку па калейцы,— сказаў я.

— Што яны табе далі? — скрывіўся Мішка, ён вось-вось ад злосці мог ударыць мяне.

— Нічога яны мне не давалі,— прамовіў я.

— Падсунулі, мусіць, нешта, калі заступаешся,— загневаўся ён, што я сапраўды мог што-небудзь атрымаць смачнае, а з ім не падзяліцца.

— Няўжо табе была вялікая радасць, калі ўчора набіў Камцю? — спытаў я.

— Жывая будзе,— махнуў ён рукою.— Яны прывыклі, каб іх матлашылі. Гэта вы, гэўрыкі, саплякі, а я помню, што я янковец, а яны — казіне... Рашыў задачку? То давай, перапішу. Малы, але што ў цябе за галава гэтыя задачкі рашаць!.. Я б гэтую арыхмеціку зусім выкінуў бы...

...Дамоў мы ішлі моўчкі. Паперадзе, па сцежцы, спяшаючыся, падганяючы адзін аднаго, крочылі крычатоўцы, махалі рукамі, толькі сумкі боўталіся па баках. За імі пляліся мы, Мішка, Віця і я.

Сёння наша настаўніца зноў плакала ад Мішкі, абазвала яго ў злосці дурнем і сказала, што яму, такому «быку», ужо сорамна хадзіць з дзецьмі ў школу і што ён «забраў у яе ўсё здароўе»; яна сёння пойдзе ў сельсавет і будзе скардзіцца старшыні. Мішка нават не спалохаўся настаўніцы, перад намі сказаў, што наб'е Васіля, які ходзіць да яе. Яна выганяла яго з класа, цягнула рукамі, але Мішка ўпёрся і не пайшоў.

Цяпер Мішка быў злосны, і я бачыў, што ён хоча задрацца з крычатоўцамі: то скажа якое брыдкае слова на іх, то пхне ў спіну апошняга, то чарпане наском у снег так, каб ён ляцеў пярэднім на галовы.

Крычатоўцы нават не азіраліся, як не бачылі і не чулі гэтага, подбегай трусілі да лесу, дзе дарогі нашы разыходзіліся. Першая ішла Камця, адною рукою яна трымала сумку, прыціскала да боку, другою махала і калі прыспешвала, то шырэй ступалі і мы, калі замаруджвала, то ўсе збіваліся, наступалі адзін аднаму на ногі. Тады Мішка піхаў у плечы крычатоўцаў, усяк зневажаў іх, лаяўся.

— Не трэба,— прасіў я,— не чапай іх.

Камця, пачуўшы гэта, падбягала ўперад, за ёю прыспешвалі хлопцы, і бойка зрывалася.

Ля хвайняку мы разышліся. Крычатоўцы падаліся лесам, а мы павярнулі ўправа, ля краёў маладняку патрусілі ў свой край вёскі.

— Казіне, казіне! — крычаў Мішка,— Бэ-э-э!

— Смагаль, смагаль! — нарэшце асмеліліся, азваліся і тыя.

— Бэ-э-э! — дражніў іх Мішка і падскакваў на месцы — страшыў, што пабяжыць за імі.

Тыя аж выцягваліся, так уцякалі.

— Дурань ты! — упікнуў я Мішку.— Вялікі, але дурань.

— Ты на каго гэта, гэўрык, пляцеш? — Ён падышоў да мяне і звузіў вочы.— Ды я цябе адным пальцам... Як камара... Я, калі захачу, вашу школу перакулю — і не будзеце сваім розумам хваліцца...

Я не спалохаўся, не адступіў, глядзеў яму ў твар і бачыў, як дрыжыць яго губа, як ён, дужы, разгубіўся, пачуўшы, што я сказаў.

— Дык хто я? — прасіпеў ён.

— Ты — дурань, ты сам ніводнай задачкі не рошыш...

Гэта ўжо яго раззлавала, ён размахнуўся рукою — і я са сполахам убачыў, як з яго рукава вылецела прывязаная на гумцы гірка і стала набліжацца да майго твару. Я не паспеў ухіліцца — гірка пляснула мне па пераносцы.

Я нема завыў ад болю, закрыў твар рукою.

— Будзеш ведаць, як агрызацца...— сказаў Мішка, як апраўдваў сябе.

Я са злосці, крыўды нагнуўся, схапіў жменю снегу, не баяўся, што зноў пападзе (колькі ўжо баяцца), кінуў яго ў твар Мішку.

— Ну ты, гэўрык! — Ён адступіў, закрыў твар рукавом.— Не лезь, а то растапчу...— гразіўся, але біцца не збіраўся, адыходзіў.— У мяне не паскачаш... Вы павінны мяне баяцца... Як агню... А будзеш абзываць — будзеш палунаць. Вытры нос... Калі дома пажалішся, то яшчэ... Заступнік зялёны!..

— Я... Я...— мне хацелася сказаць тое, што думаў, але слёзы душылі, нос балеў, і я не мог стрымаць плачу.

Так, плачучы, з крыўдаю і злосцю, мучачыся, што нічога не магу зрабіць Мішку, прыйшоў дахаты.

 

3

 

Ужо летам, калі мы не хадзілі ў школу, калі ў садах акругляліся, трацілі горасць і пачыналі цукравець яблыкі, бацька паслаў мяне ў Крычаты. Там я быў часта, хадзіў па розных патрэбах, але адзін ішоў туды першы раз. Як нашы матлашылі казінцаў у сваёй вёсцы, так і яны, залавіўшы нас на сваім хутарку, стараліся адпомсціць, не выпусціць цэлымі; калі не наштурхаюць ці не дадуць кухталёў, то хоць прабягуць, пастрашаць ды каменняў услед нашпурляюць...

Бацька ўкаваў калёсы аднаму крычатоўцу, і вось цяпер я ішоў да яго па плату. Тупаў і асцерагаўся, каб не злавілі мяне там аднаго і не адлупцавалі, бо не забыліся, як на днях Мішка ля нашай вёскі пераняў Тосіка, паваліў яго, адабраў торбачку, у якой той нёс з нашага магазіна цукар, і насыпаў у яе пяску...

Калі я мінуў Шабунеў лес, выйшаў на луг і ўбачыў, што ля крычатоўскага моста купаецца многа хлопцаў, я ўзяў ля абочыны і засунуў у кішэні пару камянёў. Мяне згледзелі, павылазілі на бераг. Я падрыхтаваўся да бойкі.

— Хадзі, Стасік, пакупаемся,— паклікаў мяне Тосік, але я мала верыў яго дабраце, думаў, што заманьвае.

Я адмовіўся купацца, стараўся хутчэй падысці да моста і перабегчы яго. Азіраючыся, перайшоў і бачыў, што гнацца за мною не збіраюцца. Тады я, адышоўшыся, прысеў, каб мяне ніхто не бачыў, і выкінуў з кішэні камяні.

Калі я забраў плату і вяртаўся дамоў, мяне сустрэла Камця. Здаецца, яна падрасла за лета, стала высокая, загарэлая, леташняя яе сукенка была маленькаю.

— Дзе ты быў? — спытала яна.

Я прызнаўся.

— А мне ровар купілі,— пахвалілася яна.

У мяне такіх радасцей не было, таму я прамаўчаў.

— У Прудах школу адкрылі,— сказала яна.— I мы будзем хадзіць не да вас, а да іх, бо туды бліжэй.

Я пачуў гэта і засумаваў, што мы не будзем больш бачыцца, што цяпер ужо могуць крыўдзіць яе прудзяне, і ніхто, можа, за яе не заступіцца.

— Пачакай мяне,— прамовіла яна і пабегла ў сваю хату, хутка вярнулася і несла ў руках лусту батона, намазанага мёдам.

Белы хлеб мы елі толькі па святах, а так мама пячэ на нядзелях сухарыкі.

— На,— сказала Камця і падала лусту.— Бяры, у нас многа булак.

Я ўзяў і са смакам пачаў уплятаць, хоць шкадаваў: ніяк не мог выхітраваць, каб мёд быў на лусце і яго з'ядаць, бо ён цёк па пальцах і капаў на зямлю.

— Хочаш пакатацца на ровары? — спытала Камця.

— Хачу,— сказаў я.

— Прыходзь заўтра, таты і мамы не будзе дома, то мы і пакатаемся. Прыйдзеш?

— Прыйду,— з радасцю прамовіў я.

— Прыходзь, толькі Мішкі не бяры з сабою. Я не дам яму катацца...

— Я яму нічога не скажу,— паабяцаў я.

Толькі што перастаў ліць, як з дзіравага мяха, дождж. Рассунуліся, пасвятлелі на небе шэрыя хмары — павіднела, стала высокае, блакітнае неба. Прыпякло і прыпарыла.

Камця і я сядзелі ля рэчкі, глядзелі, як блішчыць на сцяблах асакі вада, збіраецца ў кроплі і падае долу. Яшчэ нядаўна мы былі ў хаце, сцішана сядзелі і са сполахам слухалі, як лютаваў, ляскаў гром, жудасна паліла неба маланка, як ліло,— здавалася, затопіць усё на свеце. Калі пацішэла, пакацілася навальніца кудысьці за Налібакі, мы выбеглі з хаты і гойсалі па цёплых лужынах, пырскаліся, абліліся з ног да галавы вадою, а пасля прыбеглі сюды, на пясчаны бераг крычатоўскай ракі. Тут мы часта ўжо гулялі, ляпілі з мокрага пяску домікі — «школу, магазін, хаты».

Я глядзеў на Камцю і бачыў: за лета яна добра паправілася. Як хадзіла ў школу, была бледная, тоненькая, як сцяблінка, цяпер пачырванела, налілася сілаю, здароўем. Вельмі пекная стала, глядзіш і нельга наглядзецца. Ды яшчэ гэтыя вочы — сінія-сінія, глянеш — і сэрца замірае. I голас яе мне падабаецца — мяккі такі, тоненькі, гаворыць — ручаёк па каменьчыках бурлікае...

— Стаська, ты такі няўмека,— кажа Камця.— Растаптаў хатку цёці Зосі і страху са школы сарваў. Ці ты вучыцца не хочаш?

— Хачу,— збянтэжана кажу я.

— А чаму тройкі маеш?

— Таму,— насупіўся я, нічога не сказаў болей, апусціў галаву долу, пасля разбурыў нагамі «школу».

— А я буду вучыцца на настаўніцу,— усміхнулася Камця.

Я маўчаў.

Яна падсела да мяне:

— Стаська, як вырасцем, мы з табою будзем жаніцца?

— Не ведаю,— прамовіў я.— У вас сваіх хлопцаў многа, яны цябе возьмуць.

— Я за іх не хачу ісці замуж,— сказала Камця.

— Чаму? — абрадавана спытаў я.

— Яны б'юцца, за валасы цягаюць,— прызналася яна,— я не хачу з імі дружыць. А ты не б'ешся, за нас, крычатоўцаў, заступаешся. Ці і ты будзеш насміхацца?

— Не,— запэўніў я.

— Але ты мяне ўсё роўна не возьмеш,— сказала з жалем Камця.

— Чаму? — я ледзь не пакрыўдзіўся.

— З вашай вёскі нашых не бяруць,— прамовіла яна.— Вы — местачкоўцы... А мы... Мы — казіне...

— Я вазьму цябе.

— Праўда? — узрадавалася і яна.— I бацькі баяцца не будзеш?

— Не,— зноў запэўніў я і захваляваўся: бацькі я пабойваўся.Ён не крычаў так многа, не бедаваў, як маці («О божа! Нашто мне гэта гора на галаву!»), калі я рабіў блага, а гаварыў разок і, калі было не па яго, браўся за папружку... Вось і думаў я, ці дазволіць ён мне ажаніцца з крычатоўкаю Камцяю, бо сапраўды дасюль з нашай вёскі ніхто з імі не парадніўся...— Калі тата не дазволіць, то я маму папрашу. Яна добрая...

— Мы будзем жыць у нас,— сказала Камця.— Я прывыкла тут.

— I я прывык да сваіх Янковіч,— прамовіў я, і мне стала шкода роднай вёскі.

— А як пажэнімся, будзем разам гуляць? Ці ты захочаш камандаваць мною?

— Не,— сказаў я і адчуў на сваім твары цень.

Падняў галаву: перад намі стаяў Гаптар — Камцін бацька — малы, няголены, злосны. Ступіў і патаптаў сваімі ботамі нашыя «хаткі».

— Дык вось чаго сюды ходзіць пан местачковец...— сказаў ён, і я ўбачыў, што ён п'яны, стаіць і хістаецца, не можа ўтрымацца на нагах. Рэдкія валасы яго апалі на лоб, рукі ён трымаў у кішэнях штаноў і растапырваў іх у бакі. Час ад часу ён ікаў, плюскаў вачамі.

Я ўскочыў.

— Вы... Каб нагі тваёй тут не было,— ён зноў ікнуў, аж трасянуўся.— Мне вы... Пасміхаецеся век... Вон,— ступіў, пагразіў рукою,— вон, не магу бачыць.

Я сарваўся з месца і куляю памчаўся дадому.

— Дзе ты гэта бываеш? — накінулася на мяне маці, калі ўбачыла задыханага ў двары.

Я не сказаў, дзе быў.

— Гойсае недзе, а тут хоць разарвіся: дзіця плача, з рук не злазіць, нешта трэба зрабіць па гаспадарцы, свінні развярнулі загарадку і вылезлі... Ды ў школе людзей збіраюць, відаць, будуць у калгас запісвацца, то трэба схадзіць.

— Мама,— калі яна крыху паспакайнела, спытаў я,— чаму крычатоўцы горшыя за нас?

— Чаго гэта яны горшыя? — здзівілася яна.— Людзі як людзі.

— А чаму з іх смяюцца? — спытаў я.

— Смяецца той, хто розуму не мае,— сказала маці.— Гэта ўсё з некаляшняга... Тады, за панамі, яны бяднейшыя былі, меней зямлі мелі. Цяпер усе роўныя... I яны, і мы скора будзем калгаснікамі.

— А ты не будзеш смяяцца з іх? — хвалюючыся, запытаў я.

— Я ніколі, сынок, не смяялася, бо і сама такая была, ні капелькі не багацейшая,— сказала маці, і я зарадаваўся: значыць, і з Камці не будзе пакепліваць, дазволіць, каб мы пажаніліся.

Мне вельмі хацелася схадзіць у Крычаты, сустрэцца з Камцяю і расказаць ёй пра гэта. Але я баяўся яе бацькі, які нечага неўзлюбіў мяне, і не пайшоў. Сумаваў, кожнага дня хацеў убачыць Камцю.

 

4

 

Хутка, калі трэ было на днях ісці ў школу, я пачуў ад людзей, што Гаптар прадаў хату, скаціну, сабраўся з'язджаць з Крычатоў.

— Можа, і добра робіць чалавек,— гаварыла маці бацьку,— паедзе ў горад і жыць, як усе, будзе... А тут нялёгка яму: Мішуковы яшчэ за палякамі не аддалі замуж Манькі — пасумаваў нямала... Хоць яна плача цяпер, што не пайшла за Гаптара, можа, шчаслівейшая была б, а то яе Стэфусь — багацей — у паліцыі быў, светёй і дзецям завязаў. Ды і надакучыла, відаць: крычатовец ды крычатовец... Маладыя не такія ўжо, не разбіраюцца, хто адкуль. А старыя... Такі ўжо гонар!.. Хоць цяпер каторыя крычатоўцы, каго не спалілі ў вайну, лепей за нашых жывуць.

Мне вельмі хацелася ўбачыць Камцю, я перасіліў свой страх і пабег у Крычаты.

Гаптар, паголены, у вычышчаных старых хромавых ботах, у белай кашулі, зашпіленай на верхні гузік, выносіў з хаты клункі і лажыў на воз. Там ужо ляжалі мяхі з мукою, цабэркі, стаяў куфар, абвязаны вяроўкаю. На мяне Гаптар нават не глянуў.

Заплаканая, папраўляючы на галаве хустку, выйшла з хаты невысокая, гарбаценькая гаспадыня, абаперлася на частакол і загаласіла.

— Сціхні! Горш не будзе. Такое ўжо дабро пакідаем і славу...— абураўся Гаптар.

— Што не было, а свой куточак,— плакала жанчына.

— А ты дзе там? — крыкнуў гаспадар.— Ідзі, са сваім кавалерам развітайся, бо паедзем ужо. Не развітацца няможна: местачковы кавалер!

— Зусім здурэў,— папракнула яго жонка.

— Хіба няпраўду гавару? — незалюбіў Гаптар, са злосцю глянуў на жонку.— Даўся мне іхні гонар!

— Калі што было...

З сенцаў выйшла Камця. Падышла да мяне і нічога не магла сказаць. Сёння яна зноў была бледная, худзенькая, зусім нямоглая. Стаяла і плакала.

З-за сенцаў выбег рудаваты сабачка, жаласна скуголіў і цёрся гаспадыні аб ногі. Тая дастала з кішэні акраец хлеба і падала яму. Шчанюк нават не нагнуўся да куска, глядзеў на кабету і скуголіў.

— I шчаня ростань чуе...— зноў заплакала жанчына.

— Ну, скарэй...— ужо не са злосцю, а спакойна сказаў Гаптар, адвярнуўся, нацягнуў брылёўку на вочы.

— На, на памяць,— прамовіла Камця і падала мне невялікі, загорнуты ў паперу ад шпалераў, пакуначак.

Я ўзяў падарунак і не мог сказаць ні слова. Маўчала і Камця, толькі з яе вока выкацілася і паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, і я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла і Камця.

— Ну, пайшлі, дачка, на воз,— падышоў і ціха сказаў Гаптар.— Усё роўна ехаць трэба...

— Камця і вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты,— прамовіў я.

— Дзякуй, сынок,— пацалавала мяне ў лоб гаспадыня.— Будзь шчаслівы і не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны... Дасць бог, яшчэ ўбачымся...— яна ўзяла Камцю за руку і павяла да воза.

Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў і слова,зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў і глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.

Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, і конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі і шмаравала па лястцы.

Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег і шчанюк.

Я, разгублены і заплаканы, стаяў на чужым пустым двары і адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз...

 

Касцюм

 

— Ідзі, мурза, вымыйся,— зласнавата сказала мне маці,— такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.

Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю і цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, і ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, і я стаў вялікім раздуронцам...

Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, і я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае і глыбокае карыта, адарваў галінку палыну і адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць і прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі і пачаў церці іх пяском і сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.

Калі рукі мае і ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць іх і, ступаючы на пятках, вярнуўся ў хату.

— Людское дзіця адзенуць, і яно дзень чысценькае ходзіць, а ты ды Ганя... Не цэніце вы маёй працы, не шкадуеце рук маіх,— гневалася маці і здзірала праз галаву маю брудную кашулю,— толькі ведаю — дзянёчак цэлы ля вас таптацца: карміць, абмываць ды п е раадзяваць.

Я стаяў, моўчкі нацягваў свежыя штонікі, апусціўшы галаву, слухаў маці: праўда была яе. Перад полуднем я ўжо мяняў майку, скідаў брудную і надзяваў чысценькую, але нядаўна, як прагнаў карову на пашу, сустрэўся са сваім лепшым сябруком, суседам Антонікам, капаў з ім «акопы», добра прапацеў, пасля мы не паладзілі і абсыпалі адзін аднаго пяском...

Нехаця я надзеў штонікі: не любіў іх. Былі яны выцвелый, кароценькія, на шлейках, зусім «дзяціныя», а я даўно ўжо хацеў доўгія, па костачкі, з кішэнямі, «мужчынскія», каб у іх зацягваўся рэмень. Антонік, як і я, скончыў гэтым летам чатыры класы, але мае цёмна-сінія «дарослыя» порткі, хваліцца, пасміхаецца, што ў мяне такіх няма.

Я многа прасіў маці купіць і мне такія штонікі, бо ўжо, гаварыў ёй, не малы, саромлюся насіць «майткі» на шлейках ці шаравары на гумцы. Маці абяцала «расстарацца», але пасля забывалася, распорвала бацькавы зношаныя фрэнчы і штаны, выразала з іх цэлыя, не працёртыя кускі і сшывала з іх мне «портачкі», якія былі зноў без кішэняў. I я не быў рады ім, чакаў той любай часіны, калі буду мець «мужчынскае» новае адзенне...

I вось сёння гэты дзень настаў: маці збіраецца ісці ў суседняе мястэчка купляць мне касцюм. Гэта будзе мой першы «куплены» касцюм: сёлета я скончыў «школку» ў сваёй вёсцы і пайду «ў людзі» — у пяты клас суседняй дзесяцігодкі, і бацька з маці рашылі, што не выправяць мяне ў чужую вёску неахайным, горшым за людскіх дзяцей, «выкамбінуюць» мне яшчэ новыя чаравікі і паліто.

Дзед Караль часта гаворыць, што і цяпер я «разумны»: умею чытаць, пісаць, складаць вяскоўцам заявы, лісты, чытаю пра навіны ў газетах, і ён кажа, што мне ўжо і гэтай навукі хопіць, да нядаўняга ў вёсцы ніхто далей чацвёртага класа не вучыўся. Як бацька і маці, я дзеда не слухаю, хачу яшчэ вучыцца, мару стаць лётчыкам — высока і са свістам лётаць, збіваць варожыя самалёты, пускаць белы дым па небе і калі-небудзь пакатаць маму і сястрычку, яны ніколі не ляталі на самалёце, толькі што бачылі яго ў небе...

Я вельмі хацеў схадзіць у магазін і сам выбраць касцюм, які, як думаў, будзе харошы, самы лепшы на свеце, паможа мне стаць дарослым, цікавым, у ім я буду лепш вучыцца, даб'юся, чаго захачу, ды і людзям можна паказаць: ужо і мы можам купляць новае і пекнае адзенне, быць не горшымі за іншых... I я не мог дачакацца, калі настане такі дзень.

Маці пабурчала на мяне ды сціхла, падышла да люстэрка, надзела светленькую блузку, завязала ружовую хустку, паглядзелася і перамяніла адзенне — дастала з шуфляды другую, сіненькую, блузачку, з маленькімі, як мак, кропелькамі. Пасля ўзяла з-пад шафы туфлі, якія носіць толькі па нядзелях ці вялікіх святах, абмахнула іх ад пылу і абулася. Як ні гавары, трэба прыхарашыцца: ідзём мы ў Налібакі — там сельсавет, пошта, магазіны, жыве многа настаўнікаў...

Гляджу я на маму і любуюся: пекная яна. Невысокая, чорненькая валасамі і бровамі, кругленькая ў твары, вясёлая, паглядаю я на яе і радуюся, што ні ў кога няма такой красуні мамы, ёсць адна такая на свеце, і тая толькі ў мяне... Падумаў я так і адчуў, што няма ў мяне ні злосці, ні крыўды, што ні ў чым яна не вінаватая, не прыдзіраецца да мяне, нядобрым стаў я сам і часамі гэтага не бачу.

— Ці не на дождж збіраецца? — калі мы выйшлі на двор, занепакоілася мама, зажмурылася і паглядзела на вадкае, нельга было глянуць, расплаўленае сонца, якое абложвалі маленькія чорненькія хмаркі.

— Не будзе дажджу,— заспакойваю я, стараюся вывесці маці з двара.— Пайшлі хутчэй!

— Можа, і раскалышацца, не будзе марасі,— сказала яна і падалася на брукаванку, азірнулася, глянула на новую нашу хату, якую паставілі тут, у вёсцы, толькі пазалетась — дасюль жылі на хутары ў цеснай дзедавай перасыпанні. Сёлета перавезлі ў вёску і бацькаву кузню, калгас аплаціў нам за інструменты, і кузня стала калгаснай. Але бацька застаўся ў ёй кавалём, толькі цяпер ужо амаль не робіць нажоў ды сякер, а куе калёсы, правіць жняяркі і машыны...

Я пачыльгікаў за маці і весела засвістаў: хацеў, каб цяпер мяне ўбачыў Антонік — не часта і ён бывае ў мястэчку, хоць трапіць туды хоча, бо ўсе малыя дзеці стараюцца пабываць у чужой вёсцы.

Антонік, белавалосы, высокі і тонкі, як дубец, гэтаксама ўжо вымыты і пераадзеты, стаяў у сваім гародзе, нагінаў вялікую жоўтую галаву сланечніка і выбіраў з яе зярняты. Згледзеў нас, памкнуўся спытаць, куды іду, але ўспомніў, што мы цяпер «злуём», і не затрымаў мяне, адвязаў хустку з шапкі другога сланечніка (абвязвалі, каб не вылушчвалі зярнят вераб'і), адвярнуўся, як не ўбачыў, пачаў скручваць недаспелую шапку. I я не зачапіў яго, адвярнуўся, узняў галаву і моўчкі прайшоў ля іхняга частаколу. Калі, выходзячы з вёскі, я не сцярпеў і азірнуўся, то ўбачыў: Антонік выйшаў са свайго двара на дарогу і глядзеў нам услед. Згледзеў я яго — і пашкадаваў, што не загаварыў з ім: мы ідзём «далека», а ён будзе дома, не ўбачыць таго, што я ўбачу хутка. Памахаў яму рукою, і Антонік заківаў, аж падскакаў, каб я яго лепей бачыў.

Маці ішла, маўчала, і я не ведаў, пра што яна думала. Я ўглядаўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць і адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень многа машын, і, бывае, што-небудзь вытрасецца з іх. Вось і цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.

Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседу-шафёру, і той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».

Антонік любіць хваліцца, я... Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння і я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.

Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў іх і — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, і я адчуў, што вымазаў рукі.

Згледзела гэта маці, загневалася і не магла нічога сказаць ад нечаканасці, хацела раззлавацца, але не знаходзіла сярдзітых слоў.

— Выкінь! — спрабавала крычаць, але злосці ў яе так і не было.— Ну, чаму ты такі?.. Чысценькі, у людзі ідзём, а ты ўсялякае жалеззе бруднае паднімаеш. Будзь ты ўжо разумнейшы крыху.

Мне не хочацца выпускаць з рук такую знаходку, але я не мог выцерпець такіх слоў маці, шкадаваў і любіў яе — шпурнуў абцугі далей ад дарогі, у куст алешніку.

— Не відаць, што і мыўся,— сказала маці, гледзячы, як я пакручваў брудныя рукі, стараўся іх недзе схаваць, пасля падабраў шматок саломы, спрабаваў выцерці ёю мазуту, але рукі мае не пачысцелі: салідол расціраўся і ўядаўся ў цела.

Добры настрой мой пагоршыўся. Я захваляваўся, растрывожыўся, і мне стала крыўдна на самога сябе. Чаму я такі бесталковы? Калі ўжо сапраўды прыйдзе да мяне гэты «розум»?

Злаваўся я на сябе і адчуваў, як моцна паліць сонца, прыпарвае. Лес нагрэўся, прымлеў — цягне душным, густым пахам ад шыгалля, пяску і мурашніку. Смалою пахнуць зялёныя ігліцы, карэнні і залысіны на камлях сосен. Хтосьці зачасаў сякераю хвою — кропелькамі-слёзамі выступіла жоўтая сырыца-смала, прыцвярдзела, пабялела і пахне.

Даўнавата не быў я ў лесе, але адчуваю, што пачынае ўжо красаваць верас: прыемна пахне салодкім цёпленькім мядком. Здаецца, прыгледзься добра і ўбачыш, як садзіцца на верасоўку пчолка, гойдаецца, нахінаецца ледзь не да самай зямлі і суне галоўку ў кветачку — п'е соладзь...

Ад гарачыні мітусяцца, медна звіняць разамлелыя авадні; даўно стаіць суш, пыліцца зямля — не зялёнымі, а шэрымі сталі кусты, вецер не можа стрэсці з іх пыл, як не здолее іх абмыць раса, вызеленіць і прасвяжыць. Чакае ўсё дажджу.

I тут я ўспомніў, што мы ідзём купляць касцюм, які будзе прыгожы, з доўгімі штонікамі, у якія можна будзе зацягваць пояс, у кішэні якіх пакладу палавіну свайго дабра — гаечкі, шпунцікі, складанчык. Да ножыка я зашмаргну матузок, які прывяжу і да штаноў — каб не згубіць.

Падумаў так — і адразу павесялеў, шпарчэй затупаў, паразважаў, што рукі памыю ў рачулцы, якая цячэ перад самым мястэчкам, і будуць яны чыстыя. Чаго так па іх бедаваць? Самае важнае, што мы ідзём у магазін, будзем купляць «мужчынскі» касцюм, якога я ніколі не меў, але які хутка ў мяне будзе...

Пясок цёплы, пульхны, і я мякка тупаю, маці стараецца ісці сцежкаю, дзе цвярдзей: там не паднімаецца пыл, і ёй лягчэй шанаваць, каб туфлі блішчалі, а не былі запыленыя.

— Не забалелі ногі? — усміхаецца маці.

— Не,— адказваю я, хоць і паколвае ад быстрае хады ў лытках.

— Напомні, каб кніжак паглядзелі, а то магу забыцца,— просіць маці.— Хоць усё роўна, купляй ці не купляй, толк з цябе малы, вучыцца не хочаш. Троек вунь колькі.

— Не,— адмаўляюся я.

— А кім жа ты хочаш стаць?

— Лётчыкам.

— Ого! Хоць бы за якога шафера вывучыўся б! А Антонік твой кім думае быць?

— Камандзірам-пагранічнікам.

— Ого, начальнікамі хочаце стаць,— кажа маці,— хоць цяпер мала думаеце, што трэба меней мячык ганяць, а болей кніжак чытаць.

— А настаўніца нам гаварыла: каб быць дужым, трэба болей бегаць, хадзіць,— апраўдваўся я.

— Трэба,— згадзілася маці,— але розуму вялікага ад бегатні не набярэшся. Трэба чытаць, калі хочаш лётчыкам стаць. Я хацела настаўніцаю быць, дужа многа чытала, што толькі пападала ў рукі, але бацькі далей чацвёртага не пусцілі вучыцца: сям'я, сказалі, вялікая, няма ад каго вучыць цябе, налаўчыся во на швачку, дык скарэй толк убачым... Паплакала я ад крыўды і пачала хадзіць да адной тутэйшай швачкі, глядзець, як яна шые. За месяцы два вывучылася і з таго часу абшываю вёску... У навуку вы ўжо ідзіце, мы з бацькам дарогі вам заступаць не будзем і знойдзем, з чаго вучыць.

Маці азіраецца, і мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па карэннях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся і чакаем яе, бо вельмі хочацца пад'ехаць, хутчэй трапіць у магазін.

Веска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, і аўтобус да нас не заглядвае. Вось і мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.

Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну і дазволіў нам пад'ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.

Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, і ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца многа вуліц, па якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.

Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як і цяпер, калі мы злезлі з машыны і пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі...

Мы абышлі помнік і пайшлі ўніз, на Пяскі, да сельмага. Маці вітаецца з каторымі жанчынамі, загаворвае, і я вітаюся, усміхаюся, хоць нікога тут не ведаю.

У сельмагу мала людзей, цяпер жнівень — хто сянуе, збірае ягады ці першыя грыбы — часу гуляць няма. Я гляджу на полкі, набітыя адзеннем, і ў мяне разбягаюцца вочы: колькі сукенак, плашчоў, касцюмаў! Тут цяжка і выбраць, і я баюся, што мне трапіць не самае лепшае...

Я пачаў сам углядацца, каб знайсці прыгожы пінжачок. Прайшоўся колькі разоў ля прылаўка і прыпыніўся, дзе вісеў чорненькі касцюм, паказаў яго маці.

— Сама бачыла,— ціха сказала яна,— дарагі вельмі...— прамовіла і паглядзела на шэры, у жоўтыя палосачкі.

Той мне зусім не спадабаўся, здаўся выгаралым, выцвілым, самым горшым на свеце.

Калі маці больш не стала глядзець на яго, я зарадаваўся, што і ёй не спадабаўся гэты касцюм. Яна абышла колькі разоў і нічога не выбрала. Я насцярожыўся: яшчэ скажа, што нічога добрага няма, касцюмы благія, а грошы вялікія, не будзем купляць, перашыем з бацькавага рудога, яшчэ паносіш сёлета. А мне так ужо надакучыла насіць гэтыя цесныя, паношаныя, перашытыя касцюмы...

— Што вы хацелі? — спытала ў мамы магазіншчыца.

— Ды касцюмчык майму кавалеру трэба,— збянтэжылася мама.

— За колькі рублёў?

— Таннейшы які...

— Таннейшы ды пякнейшы,— кажа і ўсміхаецца магазіншчыца, перакладае на прылаўку кіпы адзення і дастае спадыспаду густа-сіні пінжачок.

Маці ўзяла яго, але сказаць што не спяшаецца, аглядае рукавы, падкладку, гузікі.

— Памерай,— кажа потым і надзяе на мяне пінжак, круціць мяне ва ўсе бакі і аглядае.— Здаецца, добра, сіненькі, надта мазацца не будзе, не тое што светлы які. Плечыкі во не паднятыя.

Магазіншчыца ўсміхаецца і падае «мужчынскія» штонікі, я хачу сам узяць іх, але мяне перапыняе маці:

— Не бяры сваімі рукамі.

— Як на яго,— кажа магазіншчыца,— лепшага не падбераце.

— Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень,— цяпер усміхаецца і маці.

— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку,— згаджаецца магазіншчыца.

Я слухаю іх і не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу і павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам...

Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак і азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.

— Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі,— сур'ёзна кажа ён.— Я такіх краслатых не насіў бы.

Я гляджу на яго, разгубліваюся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў іх збіраюцца слёзы.

— Не слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца,— суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае іх папераю, звязвае вяровачкаю — Харошанькі касцюмчык... Насі на здароўе і вучыся добра.

Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую».

Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:

— Тоненькая вельмі...

Мы развіталіся з магазіншчыцай і вусатым дзядзькам-жартуном і выйшлі на двор. Парыла, было душна і ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей і чуў, як радасна тохкае сэрца.

— Не паспеем мы, Стась, да навальніцы зайсці дадому,— занепакоілася маці,— а пра кніжкі і забыўся, лётчык... Пабеглі хутчэй.

Мы подбегам падаліся ў кнігарню, з яе — у прадуктовую лаўку: трэба купіць булак, цукру, запалак, цукерак маёй сястрычцы — лічы, не быў у мястэчку, калі вярнуўся без гасцінцаў...

Дождж, уліўны, цёплы, грыбасей, дагнаў нас у лесе, абрынуўся як з вядра. Пасвяжэла, пацягнула ветрыкам, пасля бліснула, асляпіла маланка, а за ёю звонка ляснуў гром. Маці зняла з ног туфлі, і мы сышлі з дарогі, сталі пад густой маладою елкай. Увачавідкі змыўся з лесу шэры пыл, вакол усё азелянілася, сабраліся ў спадзінках мутныя ручайкі, падхапілі і панеслі ігліцы, растрэсенае сена.

— Бацька на рабоце, мы гуляем, а сена мокне,— бядуе маці.— Не зусім добра ўсё выйшла... Пападзе нам сёння. Хіба як папяросамі бацьку ўлагодзім, каб не крычаў. Ну, пакажы...

Я падаю ёй пакунак. Яна развязвае матузок, разгортвае паперу і разглядвае.

— Добры касцюмчык! — радуецца маці.— I колер харошы, і падкладачка мякенькая, і моцненькі. Я таго не мела ў твае гады... Шануй толькі.

— Ага,— згаджаюся я.

— Мы адзяём, кормім, а ты вучыся... Цяпер вучыцца можна: хочаш на настаўніка падавайся, хочаш на лётчыка старайся. Ты шчаслівы, што нарадзіцца ведаў калі...— кажа маці, задумваецца і як бы сумуе аб нечым.— Ну, стала далёка грымець, то падаліся, сынок. Не з цукру, не растанем.

Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, і я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Далідовіч Г. Цяпло на першацвет. Аповесці i апавяданні. Мн., «Маст, літ.», 1976. - 272 с.
Крыніца: скан