epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрых Далідовіч

Юля

1
2
3
4
5
6
7
8
10
11
12
13
14
15
16


1

 

Юля хацела ўжо зваліць бярозу, апусціла на снег сякеру і, колькі мела сілы, націснула на ствол плечуком, пахіляла яго ў бакі — дрэва страсянулася, заківалася верхавінкаю, густа акрапіла Юлю талаю вадою, але ўтрымалася і не ўпала.

Тады яна абтаптала высокі наздраваты снег ля камля, абламала паблізу тонкія кусцікі, за якія чаплялася сякера, і пачала падсякаць ствол, адчуваючы, як слабеюць, выпускаюць тапарышча рукі, як ныюць плечы і хутка-хутка, моцна стукае ў скронях.

Бяроза нарэшце хіснулася, нахілілася, павісела хвіліну на асіне, але не ўтрымалася, трэснула, садрала ля камля кару і паляцела долу. Юля задаволена разагнулася, усміхнулася, аблізнула сухія вусны, абмахнула мокрым, белым ад бярозавай кары рукавом пот, пастаяла хвіліну і, ледзьве паднімаючы сякеру, абцерабіла бярозу ад вецця, перасекла яе на палавіне і падагнула камель да саней.

Снег тут, у маладым лесе, ляжаў яшчэ глыбокі, рыхлы, пад ім збіралася вада — ногі правальваліся, на кані сюды нельга было пад'ехаць. Трэба было цягаць дровы за сотню крокаў.

Такой парой гаспадарліваму чалавеку і ў галаву не прыйшло б ехаць у лес. Але Юля спаліла ўсе дровы. Папрасіла каня, перагаварыла з лесніком і прыехала ў лес.

Нізка свяціла цёплае ўжо сонца, у зацішку ўгравала: блізка і чуйна цягнула адталаю зямлёю, спрэлым, сплеснелым лісцем, шыгаллем, чарнічнікам, верасам, травою — усім тым, што засыпаў восенню снег. Незразумела лёгкае было паветра з яшчэ няблізкім, кволым, але такім знаёмым свежым пахам вясны, і цяпер бярозавік, святло, высокае зіхаткое неба захвалявалі, і Юля затрывожылася, быццам, калі растане, сцячэ ручайкамі апошні снег, вернуцца з песнямі, сваімі клопатамі птушкі, зацвіце, закрасуе зямля,— настане зусім іншая, больш дзівосная і шчаслівейшая пара...

Калі цягнула камель да саней, правальвалася, набірала ў боты снегу. Прывалакла, кінула паблізу сякеру і хацела прысесці, але не села: ведала, што тады цяжка будзе падняцца. Яна толькі нагнулася, згарнула счарнелы зверху снег, зачарпнула белага і лізнула яго.

— Не змёрз? — спытала ў сына, які сядзеў на санях і складаў з трэсачак хатку.

— Не,— адказаў Пецька.

— Прагаладаўся?

— Ага.

— Паедзем зараз, сынок,— сказала Юля.

— I я буду кіраваць канём?

— Ты, сынок,— суцешыла сына Юля і вярнулася па апошнюю на бярозавай палянцы верхавінку. Рашыла болей не секчы, хопіць...

Верхавіна была лёгкая, і Юля, пакуль амаль улегцы ішла з ёю адчула, што адышлі рукі і плечы, перастала стукаць у галаве. Калі дайшла, палажыла ўпоперак саней два палены і пачала накладаць на іх дровы.

Узлажыўшы бярэзнік на сані, абцягнула яго ланцугом, зашчапіла крукам за кольца другога канца, высекла, як гэта робяць мужчыны, тонкі кіёк, падсунула яго пад ланцуг, закруціла, колькі хапала сіл,— каб не гайдаліся, не развальваліся дровы. Сын таксама памагаў, мітусіўся пад рукамі, і яна радавалася, што выседзеў столькі ў лесе, не замінаў ёй.

«Хопіць на месяц паліць,— падумала,— а там пацяплее».

Сабрала растрэсенае канём сена, ускінула на сані, адвязала ад асіны лейцы, дала іх сыну, цмокнула на каня. Конь ірвануў прымёрзлыя да снегу сані, выцягнуўся, аж затрашчала дуга, але сарваў з месца, пайшоў павольна. Месцамі ён глыбока правальваўся, станавіўся, сын тузаў лейцамі — і конь выскокваў з глыбокага снегу, сам выбіраў цвярдзейшае месца.

На вялікіх светлых палянках снег раставаў, на іх падсыхала галлё, леташняя трава. Лясную ж дарогу выездзілі, выкаталі за зіму, цяпер на ёй яшчэ ляжаў тонкі цвёрды лёд, які паволі адтаваў, сцякаў вадою і блішчаў на сонцы. Узбоч дарогі снегу зусім не было, там было мокра, а на ўзгорках абсыхала, бялелася зямля — там бегалі ўжо неспакойныя мурашкі.

Не паспела Юля падумаць, што па такой дарозе ўжо не пара ездзіць у санях, як яны мігам саслізнулі на ўзбочыну, і адзін полаз зашаргацеў па пяску. Конь стаў. Юля сама тузала яго лейцамі — конь сцінаўся, ірваўся з месца, але выцягнуць цяжкія сані на дарогу не асільваў.

Яна адламала паблізу асінавую галіну, абцерабіла яе ад вецця і сцебанула каня — той ірвануўся, але саней нават не скрануў. Юля зноў дала сыну лейцы, папіхала сані і крычала на каня, пасля зайшла і хацела прыпадняць аселы, угрузлы бок — сані былі цяжкія, і падняць іх не хапала сілы.

— Мама, і я памагу,— азваўся Пецька.

— Сядзі, сынок,— папрасіла Юля, падышла і села ля яго.— Не здолеём мы з табой выпіхнуць на снег сані.

— А баба наша здолее? — спытаў сын.

— Каб была тут баба, то, відаць, далі б рады,— Юля ссадзіла сына, адпусціла ланцуг, каб скінуць на зямлю дровы, выехаць на цвёрдае ездавое месца і зноў нагрузіцца. Ужо адчапіла крук, скінула сякеру і сена, як убачыла лесніка Міколу, што выйшаў са стрэльбай за плячыма са старога лесу.

— Ці не задрамалі тут на сонцы? — усміхнуўся ён.

— Не выедзе во конь,— збянтэжылася Юля.

— Дзе ж ён тут табе выедзе,— сказаў Мікола, абышоў і агледзеў сані.— Тут і трактар не вывалача. Ужо трэба ў калёсах, маладзіца, ездзіць. Пажартаваў з цябе конюх, калі пасылаў з саньмі.

— Разгрузіцца, мусіць, трэба,— прамовіла Юля.

— Не трэба, лішняя работа толькі. Сячы голле і давай яго сюды,— сказаў Мікола.

Юля абсекла з бліжэйшай алешыны голле, збіла зялёны густы ядловец, маладую пушыстую елачку і падала ўсё Міколу. Той выцягнуў з-пад ланцуга верхнюю палку, падлажыў яе пад сані і паклікаў Пецьку: «Хадзі сюды, мужчынка!» Яны ўдвух прыпаднялі сані, а Юля падкінула пад полаз мокрае і слізкае галлё.

— Дужы ты, Пецька! — усміхнуўся Мікола, апусціў сані і сказаў Юлі паганяць каня.

Юля цмокнула, конь крануўся і лёгка выйшаў на ездавую дарогу.

— Дзякуй табе, Мікола,— усміхнулася, пашчаслівела Юля,— сама я не здагадалася б на такое.

— Ты сыну свайму дзякуй,— сказаў той,— добры ў цябе малец. Ды і во колькі дроў насек.

— Гэта не я сек, а мама,— засаромеўся Пецька.

— Мама твая магла б сама ў лес і не ездзіць,— сказаў Мікола,— мог бы ездзіць мужчына, каб маці...

Юля прамаўчала, адвярнулася, ускінула на дровы сена, пасадзіла сына і тузанула каня за лейцы.

— Я ўжо дужы, мама,— калі ад'ехаліся, азваўся Пецька.— Каб не я, то дзядзька Мікола не падняў бы саней.

— Ты ж мужчына, сынок,— усміхнулася Юля,— пяты гадок ужо табе.

— Я буду яшчэ больш есці, каб дужэць.

— Еш сынок.

— Тады буду адзін у лес ездзіць.

— Будзеш.

— I нікому не дам пакрыўдзіць цябе,— па-сталаму сказаў сын.

— Дзякуй, мой асілак,— Юля пацалавала Пецьку і накіравала каня па коўзкай цвёрдай дарозе, баючыся, каб зноў не саслізнулі на пясок сані.

 

2

 

Конь цягнуў паціху сані, палазы слізгалі па лёдзе, рыпелі гужы — і Юля суцішылася, ішла, трымалася за бярозавы сук. Прыціх і Пецька, сядзеў на дровах, што верабей, і думаў аб нечым сваім.

Юлі ўспомнілася, што вось так было і раней: яе з сабою ў лес браў бацька, яна зносіла і паліла галле, а то гуляла па лесе, збірала ягады ці кветкі ці сядзела ля воза і чакала, калі паедуць дадому.

Бацька, зрабіўшы сваю работу, садзіў яе на воз, і яны ехалі дахаты. Ехала яна, а бацька ішоў, трымаўся за ўсаджаную ў палена сякеру, курыў і жартаваў. Працаваў ён моўчкі, любіў, каб яму не перашкаджалі, але пасля быў вясёлы.

Цяпер вось едзе на возе яе сын, а ідзе яна. Хоць, падумала, павінен ісці бацька гэтага дзіцяці, а цешыцца яздою — сын. Але ў Пецькі бацькі няма.

Юля спрабавала ўявіць, як жыла б яна з мужам. Відаць, не ездзіла б сама ў лес, не рэзала і не калола б дроў, не касіла і не арала б... Не памёр яе муж, жывы, працуе недзе; Пецька і не ўспамінае яго, відаць, забыўся, затое яна часта ўспамінае, думае, што нядобра разышліся. Не разводзіліся, паспрачаліся, яна сабрала чамадан, узяла дзіця і паехала да маці. Можа, і трэ было вярнуцца да мужа, але не дазваляе гонар: Генадзь не прыязджае і не піша ей, не просіць, каб вярнулася.

— Мама, мама, кветачка!

Яна прыпыніла каня і паглядзела, куды паказаў сын, на сонечнай палянцы ля старога, некалі абгарэлага, а цяпер цёплага лому відаць была блакітная пралеска. Юля зняла з дроў сына, і яны пайшлі да лому.

— Якая прыгожая! — здзівілася Юля. Як магла пры такім холадзе з'явіцца такая кволая кветка? Сарвала яе і падала сыну.— Не пахне, але колькі красы! Давай пашукаем яшчэ, збяром букецік.

Яны адышліся ад палянкі, абыходзілі лапіны снегу, але пралесак больш не знайшлі.

— Відаць, ты будзеш шчаслівенькі, мой мужчынка,— абняла сына за плечы Юля.

— Я буду дужы,— запярэчыў сын,— буду памагаць табе.

— I дужы будзеш,— супакоіла яго Юля,— але і дужаму, і нядужаму таксама шчасце трэба...

Сын, канечне, не разумеў яе, сядзеў на дровах і трымаў кветачку, кіравала канём Юля.

Калі выехалі з лесу, Юля ўбачыла маці. Тая, відаць, не магла дачакацца іх і выйшла насустрач.

— Трэ было не секчы столькі,— сказала старая.

— Прывязём, дык будзе,— адказала Юля.

— Я думала, заселі недзе. Якая пара, а вас няма.

— А я памагаў дзядзьку паднімаць сані,— пахваліўся Пецька.

— Жывы яшчэ, верабей? — усміхнулася бабуля.— Не змёрз?

— Не.

— Я ўжо і перажывала, што пусціла цябе ў лес. На во, пагрэйся,— яна дала ўнуку лусту хлеба, памазанага мёдам.

— Каб адна была, то сядзела б без дроў.— сказала Наталля, Юліна маці.

— Пасадзім бульбу, навозім дроў, каб на ўсю зіму было.

— Паедзеш, можа... Я ўжо сама неяк збяру ці папрашу каго.

Юля прамаўчала, не магла сказаць тое, што ведала, рашыла. Маці здагадвалася аб гэтым і болей не напамінала, думала, што дачка сама знае, што ёй рабіць.

— Анька прыехала,— сказала Наталля.

— Адна ці з сям'ёю?

— Адна.

З Анькаю Юля разам хадзіла ў школу, ездзіла па вярбоўцы на работу, там яны і выйшлі замуж: Юля — за Генадзя, шафера, Анька — за начальніка ўчастка.

У Юлі не ўдалася сям'я, Анька была шчаслівая — як пісала лісты, то хвалілася: «Жыву і жыць хочацца».

Юля ведала, што Анька прыйдзе вечарам, будзе хваліцца і растрывожыць душу. Юлі не хацелася з ёю сустракацца.

 

3

 

Як звечарэла і ў хатах запалілі святло, па-далікатнаму пастукаўся і зайшоў Мікола-ляснік. Юлінаму малому прынёс пакуначак пацёртых за дзень у кішэні, цёплых цукерак, старой — букецік блакітных пралесак.

— А табе, маладзіца, нічога няма,— усміхнуўся, шчыпнуў Юлю.— Ты сама мне тое-сёе вінавата...

— Сядай, Мікола, будзь госцем,— таксама ўсміхнулася Юля, змахнула ручніком стол, схадзіла ў кладоўку і прынесла кавалак мёрзлага сала.

— Уключы плітку ды падсмаж сала,— сказала ёй маці.— Чалавек за дзень намёрзся, то яму цяпер пагрэцца трэба.

— Не трэба, цётка Наталля,— махнуў рукою Мікола, сеў ля стала.— Чалавек я свойскі, не ганарлівы. Што ёсць, тое і добра. Рэж, Юля, і мёрзлае... Хадзеце, цёця, вып'ем, каб дровы добра гарэлі.

— Хіба кропельку мне, сынок, ды за дровы,— старая сёння ахвотна згадзілася выпіць і сама капнула сабе ў шклянку.— Выпі, Міколка, яшчэ, можа, сухастою дасі. На падпалку. Сам ведаеш, без мужчыны жывём: я старая, а яна...

— Мама! — папрасіла Юля.— Перастаньце...

— Што — мама, што — перастаньце?!— не выцерпела, зазлавала маці.— Калі мама сама не папросіць чаго, то ты век не папросіш...

— Дадзім, цётка, якую сасёнку, не будзеце без дроў сядзець,— усміхнуўся Мікола.— Абсохне скора, то галля сабераце, сухастоіну якую паваліце. Свае ж людзі, суседзі...— Мікола ўжо недзе выпіў, пасядзеў крыху тут, у цёплай хаце, то яго добра разабрала. Стаў ён надта вясёлы і добры.— А ты, гаспадар малы, чаго на катовай горцы грэешся? Злазь, хадзі да нас!

— Намезрлася дзіця ў лесе, няхай адагрэецца,— заступілася за ўнука Наталля.

— Канём ужо спраўна кіруе,— сказаў Мікола,— і сані выпіхаў з пяску на лёд, так упёрся, ажно пачырванеў у твары... I Юля пачырванела...

— Мой ты сынок, Міколка,— пабедавала старая,— хіба бабе ў лес ездзіць, секчы ды пілаваць?

— I я, цётачка, ёй так казаў. Гавару: магла б сама ў лес не ездзіць, ля дому мужчынскую работу і не рабіць. Трэба толькі...— нахіліўся Мікола да Наталлі і зашаптаў ёй на вуха.— Трэба, цётка, зяця добрага браць. I лягчэй жыць будзе, і ёй весялей стане...

— Я ёй, Міколка, ніколі не замінала і цяпер не замінаю...— сказала Наталля і пабралася да ўнука на ляжанку.— Хай сама робіць, што хоча. Не маладзенькая, свой розум мае...

— I не піша зяць пісем, не збіраецца сюды прыехаць ці да сябе забраць? — спытаў Мікола.

— Дзе ён піша...— прамовіла старая.— Каб хацеў жыць разам, ужо даўно, як ты кажаш, прыехаў бы сюды, застаўся б ці да сябе паклікаў. Ой, Міколка, ты добры чалавек, нікому нічога не скажаш, дык я табе прызнаюся: як выйшла яна замуж, так і жыве! Чаго было ёй перціся на тыя заробкі, сыходзіцца з чужым чалавекам? Хіба тут работы не было ці свае хлопцы не маглі б замуж узяць? Не падумала вось добра...

— Перастаньце, мама,— незадаволена сказала Юля.

— Вось і ўся яе гаворка са мною. Перастаньце ды памаўчыце...— прамовіла Наталля.— Жыве як старая баба, хаваецца ад усіх. На днях тутэйшы настаўнік, такі талковы, сталы чалавек прыходзіў, мяне ды яе ўсё па бацьку называў, цукеркамі частаваў. Відаць, што хоча да нас у прымы прыстаць. Хай бы і брала яго. Дык дзе табе: сказала слова ды збегла з хаты... Шафёр барысаўскі, таксама важны чалавек, на тым тыдні сватаўся — і ў горад браў, і тут згаджаўся быць — адмовілася... Чакае нечага...

— Ой, мама, як надакучылі мне вашы песні! — сказала Юля і зірнула ў акно: ёй здалося, што хтосьці прайшоў па двары.

Яна ўстала, падышла да акна і паўглядалася, але нікога не заўважыла.

— Давай, Мікола, яшчэ вып'ем,— сказала яна.

— Давай, Юлька,— згадзіўся ён.— Люблю цябе за дабрату і сціпласць. Харошая, талковая ты баба. Звязалася во з нейкім круціхвостам, засмуціла сабе жысць. Каб некалі, як я бегаў за табою, не з'ехала, пайшла за мяне, то я цябе вельмі шанаваў бы. Усім людзям на зайздрасць мы з табой жылі б.

— За цябе, Мікола, я пайшла б, каб ведаць магла такую сваю цяперашняю долю,— прызналася Юля.— Але вось бяда: усяго не ведаеш спачатку...

У дзверы хаты далікатна пастукалі. Калі Юля запрасіла зайсці, дзверы адчыніліся і ў хату нясмела зайшла жонка Міколы, Любка,— невысокая, светлавалосая, вельмі раўнівая жанчына.

— Добры вечар!— стрымана прывіталася яна, непрыхільна агледзела мужа і Юлю.— Хадзем, Мікола, дадому.

— Прысядзь, жонка, выпі маю долю,— сказаў ён,— а то мне можа, ужо і мнагавата сёння будзе.

— Прысядзь, Любка,— запрасіла і Юля.

— Пайшлі, Мікола,— Любка стаяла ў парозе, маленькая, жаласная, з крыўдаю на вуснах і слязьмі ў вачах.— Хадзем, Мікола, нешта з нашым малым сталася...

— Я толькі што заходзіў дадому і бачыў: гуляе хлопец,— сказаў Мікола і не думаў паднімацца і ісці дахаты.

— Садзіся, Любка,— усміхнулася Юля, здагадваючыся, што зараз на душы ў суседкі.

Гэтая Юліна ўсмешка пакрыўдзіла госцю. Яна плюснула вачыма, усхліпнула і «ўзарвалася»:

— Я не спадзявалася на цябе, Юлька, што ты можаш такое... Чужых мужчын зманьваць, ад дзяцей бацьку забіраць... Красівая, маладая, вось яны і ліпнуць да цябе... I вам, цётка, брыдка: век пражылі, але патураеце...— вусны Любкі затрымцелі, яна не магла больш гаварыць, заплакала.

— Ты Юлькі не чапай, не лі на яе бруду! — узлаваўся, ускочыў з лавы Мікола,— ты яе не варта...

— А я раўняцца з такімі не хачу,— азвалася яго жонка,— не развялася са сваім мужам і другіх не зманьваю...

— Ну! — падскочыў да жонкі Мікола са сціснутымі кулакамі.

— Вар'ят! — закрылася тая рукамі, адскочыла.— Можаш і не ісці дахаты, да дзяцей сваіх. Цягайся па чужых хатах...— папракнула і выскачыла на двор.

— Ну і дурная! — Мікола прысеў на лаве і не мог ад злосці гаварыць.— Прыйдзе ж во ў галаву... Не злуйся ўжо, Юля...

— Я не злуюся...— спакойна сказала Юля, але відаць было, што спакой гэты вельмі вымушаны, за ім у душы хаваецца зусім іншае...

— Ты не засмучайся, Юлька,— прасіў Мікола,— я ўсё ўладжу.

— Толькі ты не шумі, дзетка, не чапай сваю кабету,— сказала Наталля,— можа, і навёў які паганы чалавек, пазласлівіў. А сэрда бабскае такое: паверыла, нават не падумала, ускіпела...

— Усё будзе добра, цётка,— паспрабаваў усміхнуцца Мікола. Відаць было, што ён усміхнуўся, каб не так супакоіць старую, як Юлю, якая маўчала, перажывала ўсё моўчкі.

Мікола закурыў, пасядзеў яшчэ крыху, пагаварыў, увесь час стараючыся перавесці гутарку на іншае, а пасля пайшоў дахаты.

Юля не ўставала з-за стала, сядзела аблакаціўшыся, абхапіўшы галаву рукамі. Заплюшчыла вочы, слухала, як звонка цікаў гадзіннік, ціха сядзелі на печы сын і маці, чула, як балюча стукае ў скроні, туманеюць, макрэюць шчокі...

 

4

 

Юля ўсхапілася на світанні, калі загудзелі правады і моцна зайграла радыё.

Яна выключыла прыёмнік, каб паспалі яшчэ маці і сын, выскачыла з цёплай пасцелі — і цяпер яе агарнуў холад; у галаве праяснілася: зноў лажыцца не варта, трэба пачынаць гаспадарскую работу.

— Я і сама ўжо ўстала б, паляжы яшчэ,— загудзела з печы маці.

— Ляжыце, мама.

— Я ўжо адляжала бакі на печы за свой век,— маці прыўзнялася, знайшла свае цёплыя валёнкі, абулася і спаўзла з чарэні.— Як ні палі, усё роўна холадна ў хаце,— сказала яна, пацяпнула плячыма.— Відаць, ператрухлела ўся. Даўно пара новую ставіць. Я дажыву і ў гэтай, а пра сябе ты ўжо сама думай.

Юля выпіла халоднага ўчарашняга кампоту, апранулася і выйшла на двор. Гулка стукнулі дзверы, на ганку Юлю працяло калючым холадам, яна нахвіліну прыплюшчыла вочы, стаілася, стараючыся адолець дрыготку. Ныла пасля ўчарашняга спіна, круціла паясніцу, балелі рукі.

Юля зайшла ў гумно, наскубла шорсткага халоднага сена, чуючы, як яно церпка пахне, занесла і ўкінула яго карове. Падабрала растрэсенае кароваю, падчапіла віламі і ўскінула на вышкі — перамяшаецца з саломай, перарэжацца на сечку, абальецца цёплаю вадою, сыпнецца дзеля паху мукі — з'есць пасля карова, нідзе не дзенецца.

Потым Юля зайшла на дрывотню, набрала халодных, заінелых дроў. Звычайна яна ці маці прыносілі дровы ў хату вечарам, лажылі падсушваць на гарачы под. Учора забавіліся, забыліся пра іх.

Юля прынесла бярэмак дроў і скінула ля вілачніка, і яе работу перахапіла маці, нібы далей сама, як старэйшая, магла зрабіць лепш: узяла палена, палажыла яго ў печ, паблізу прыладзіла другое, накідала на іх астатнія.

Сукасты, гарбаценькі камлючок скаціўся на под, і маці паправіла яго, нават не чуючы, што даткнулася лбом да засажанага чалесніка, вычарніла лоб. Юля ўсміхнулася, але прамаўчала, ведала, што не трэба спыняць маці, адрываць ад такой няхітрай штодзённай, але радаснай работы: успыхнуць дровы, заліжа агонь паднябенне, ажыве хата... Юля наліла ў саганы вады, пачакала, пакуль маці налажыла дроў і запаліла. Тады Юля падняла, паставіла саганы на прыпек і пайшла па ваду.

Калі яна, пагаварыўшы крыху з суседкай, прынесла поўныя вёдры, маці ўжо наабірала і цёрла на дранікі бульбу.

Юля дастала з печы саганок, зачарпнула конаўкай цёплай вады, паліла на ручнік, узяла вядро і падалася ў хлеў. Абцёрла мокрым канцом ручніка вымя каровы, пасля абмахнула сухім, падставіла вядро і пачала даіць, слухаючы, як звонка б'е ў вядро малако.

Юля толькі нядаўна навучылася даіць карову, прызвычаілася да ўсялякай гаспадарскай вясковай работы — дзяўчынаю не хацелася, ды і маці аберагала, гаварыла: вучыся. Пабыла ў леспрамгасе, і толькі калі вярнулася дамоў, навучылася і ў лес ездзіць, і араць — вядома, як жыць у вёсцы без мужчыны. Аднагодкі яе не ўмелі рабіць такой работы, а яна ўмела: навучылася. Не раз трэ было і старацца, каб людзі менш бачылі, што цяжка.

Карова сёння дала многа малака, з паўвядра,— відаць, таму, што ўчора пахадзіла па двары, пагрэлася на сонцы і пачула вясну — ахватней вечарам апаражніла цэбар сечкі, выпіла тры вядры вады.

Юля прынесла малако ў хату, працадзіла.

— Макарону зварым ці рысу? — спытала маці.

— Зварыце што-небудзь,— адказала Юля.

— Не прыйшла во ўчора, не праведала, хоць і таварышкавалі некалі.

— Можа, стамілася за дарогу,— сказала Юля, ведаючы, што маці гаворыць пра Аньку.

— Не так, мусіць, стамілася, як гонару набралася,— запярэчыла старая.— Хваляцца Саладухі, што надта добра жыве, муж працавіты, добры, не курыць, не п'е, грошы вялікія прыносіць.

— Пашанцавала,— сказала Юля.— Шчасце ўсім пароўну не даецца: аднаму прываліць, другога абыдзе...

— Бацькам, канечне, добра, калі дзеці ладна жывуць,— прамовіла маці.— Сямёніха хвалілася ўчора ўсім, што надта дарагія хусткі ды валёнкі ёй дачка прывезла.

— Унты хіба? — спытала Юля.

— А чорт іх там бачыў, хунт яны там ці болей.

— Унты, мама, боты такія...

— А чорт яго ведае, як там па-вашаму, па-цяперашняму, хіба я, век са сваёй вёскі не выязджаючы, разбяруся. Як назавуць што, дык аж галава трашчыць,— сказала Наталля, адцягваючы далей ад агню саганок.— Але зайздросна слухаць, што ў некага ўсё ладна выходзіць.

— Хіба, мама, я не хачу шчасця? — спытала Юля.

— Бог цябе ведае, дачка,— сказала маці.— Жылі столькі гадоў, дзіця гадавалі і — не паладзілі... Па табе бачу: не голая, не галодная была, а вось як ты гаворыш, шчасця не маеш. Сядзіш цяпер, як і я, удава старая. Калі сама вінаватая, папрасіла б...

— Не так усё легка ў нас, як вы, мама, думаеце,— сказала Юля.

— Я толькі думаю, што сям'ю сваю зберагаць трэба,— адказала маці.

...Пад'еўшы, ведаючы, што сёння на работу ісці не трэба, Юля хацела пачакаць пакуль пацяплее, і прылегла.

Заснула яна хутка, адразу начала сніць, што апынулася дзесьці ў цёмным, сырым месцы, пасля прыйшло на розум, што гэта іхні стары лес за Лысаю гарою.

Агледзеўшыся, яна ўбачыла, што трапіла на бярозавую палянку з вострымі пнямі. Яна прайшла па вытаптанай сцежцы і ўбачыла знаёмага каня, запрэжанага ў сані, а на іх многа бярозавых дроў, перавязаных ланцугом.

Конь сам крануўся з месца, пайшоў. Трымаючыся за дровы, пакрочыла і яна. Сані легка слізгалі па лёдзе, і так усё гэта было чуйна, што Юля сосну адчула лес, яго прахалоду, шчырае, нямоцнае яшчэ веснавое сонца. Конь стаў, забіў капытамі і чалавечым голасам сказаў: «Чаму ж ты не кіравала мною? Я сам зусім не ведаў, як і куды мне ісці».

Юля паганяла каня, але ён не кратаўся з месца.

Нечакана выйшаў з-за дрэў чалавек, Юля глянула на яго і ледзь не звалілася з ног: гэта ішоў Гена, яе муж, і такі ён быў стомлены, што хістаўся, ледзь стаяў на нагах. Ён быў высокі, чорнавалосы, але цяпер з вострым носам, з такімі памутнелымі вачыма, што яна жахнулася. Ён трымаў у руках вядзерца са снегам і паказваў, каб яна высыпала снег пад полаз. Яна ўзяла вядзерца, а Гена ўпаў. Юля закрычала... і прахапілася...

«Гену кепска, вельмі кепска,— адыходзіла яна ад сну,— і ён, відаць, думаў пра мяне, можа, нават хацеў, каб я памагла яму»,— і гэтая думка цэлы дзень не выходзіла з галавы.

 

5

 

Управіўшыся па гаспадарцы, Наталля, ці Пётрычыха, як яе называлі суседзі, пайшла гуляць на вёску; Юля падмяла, выцерла ў хаце падлогу, пасля апранула малога і падалася з ім на двор.

Цёпла, ярка свяціла сонца, але ішоў тонкі, свежы холад ад зямлі — і было стыла, як і зімою ў сонечны марозны дзень, хоць ужо і гаварылі, што нехта бачыў, як ляцелі над полем буслы.

Юля вынесла з дрывотні пілу, старыя, пасечаныя і спілаваныя козлы, пастукала да іх сякераю — падагнала, змацавала ножкі, палажыла бярозу.

— Хадзі, мужчына, — усміхнуўшыся, паклікала сына,— разрэжам колькі пален.

Сын падбег, з радасцю хапіўся за пілу, цягаў, ірваў ці моцна ціснуў яе ўніз — піла выскоквала; пакуль адпілавалі паленца, бяроза была ў адных надрэзінах, але ўсё ж сын трымаўся і цягнуў за ручку, піла не ківалася па баках, і лягчэй было рэзаць, чым адной.

Першае палена сын памог разрэзаць з ахвотаю, на другім пачаў цягаць пілу павольней, паглядаў на бакі, не мог дачакацца, калі маці дазволіць яму марсянуць на вуліцу. Юля ўгаворвала яго, абяцала купіць новыя штонікі. Пасля ўзлавалася і пачала крычаць. Сын насупіўся, цягаў пілу і хліпаў сабе ў нос.

— Што ты, дзеўка, дзіця мардуеш,— загаманіла маці, якая прыйшла нечакана дадому.— Самі разрэжам ці Маньчынага Пецьку папросім,— старая падышла і забрала з рук унука пілу.

Той заскакаў, што нечакана збавіўся ад прымусовай работы, і панёсся кудысьці на вуліцу, дзе даўно ўжо гукалі, смяяліся і крычалі дзеці.

— Разрэжам на заўтрашняе ды і не будзем больш— сказала Наталля,— схаджу я ў Малышкі, апытаю ў каго і куплю сена.

Юля памаўчала, і старая таксама больш не загаворвала, лічыла, што сказала ўсё ясна, моўчкі цягала пілу, думала штосьці сваё. Калі яна сказала «хопіць» і панесла ў дрывотню пілу, Юля ўзяла сякеру і пачала дзяўбаць палена. Калолася бяроза цяжка: была намёрзлая, маладая, цвёрдая, а сякера тупая, шчарбатая і адскоквала ад палена.

Выйшаў са свайго двара і павітаўся з ёю сусед Сцяпан.

Можна было папрасіць яго, мужчыну, навастрыць сякеру бруском ці напілкам.

Юля ведала: Сцяпан паспачуваў бы, мог бы даць нават сваю сякеру ці наладзіць гэту, усміхаўся б, слаўся б лістам: «Нясі, Юлька. Давай, Юлечка. Табе папраўлю, пастараюся».

Юля даўно ведала яго «ласку» і баялася яе, старалася ніколі не спатыкацца з гэтым мужчынам.

Вяскоўцы лічылі Сцяпана добрым, спагадлівым чалавекам, так думала пра суседа і Юля: жывучы блізка, ён часта па сваёй волі заходзіў разбіць тоўстае сукастае палена, разагнаць бульбы ці занесці ў склеп поўныя мяхі, пачысціць кнырчука ці зацягнуць у лыч парасяці драціну. Часта Сцяпан заходзіў вечарамі, асабліва зімовымі, адзін ці з жонкаю, пасядзець, пагаварыць, запрашаў на хрэсьбіны ці на свежаніну, яго таксама запрашалі.

Нядаўна, калі Наталля папрасіла яго памяняць прасла ў іхнім плоце, калі Юля памагала яму заразаць у слупах зарэзіны, Сцяпан, амаль аднагодак Юлі, бацька траіх дзяцей, усё жартаваў, кпіў з яе.

— Чаго ты не зжылася са сваім мужыком? — дапытваўся ён.

— Ростам малы быў,— адказала Юля.

— Калі не ў рост пайшоў, дык, відаць... Ого, малыя — дужыя мужчыны!

— Ідзі ты! — сказала Юля.— Распусціў язык, як пугу.

Пад вечар, калі выпілі за полуднем, Сцяпан асабліва жартаваў. Пасля, азірнуўшыся, падышоў да яе, шапнуў, каб сёння не спяшалася зашчэплівацца, калі добра ўцямнее.

Юля засмяялася і сказала, што позна яму падходжваць, калі ўжо жонку займеў, трое дзяцей на карку мае; хутка пара будзе сыну нявесту шукаць.

Сцяпан яшчэ пажартаваў, Юля слухала, пасля і забылася пра гэтыя жарты, палівала яму вечарам на рукі, зноў частавала і заплаціла за работу тры рублі. Сцяпан адмаўляўся, не браў, Наталля сама паклала яму грошы ў кішэню.

Той ноччу Юлі спаць не хацелася; схадзіла спярша да суседзяў на тэлевізар, пасля ляжала і думала пра кіно, пра свайго сына, што гадуецца без бацькі, прыносіць з вуліцы ўсялякія словы, з кожным днём становіцца ўсё больш непаслухмяным. Думала пра свайго мужа, як яны нечакана, дзіўна сустрэліся, жылі, як яна моцна кахала яго, а ён часамі не разумеў яе, не слухаўся, часта прыходзіў з работы позна, злаваўся, што яна залішне прыдзіраецца, хоча прыручыць да сваёй спадніцы, асароміць перад яго сябрамі... Яна гадала, як ён жыве цяпер, паправіўся ці па-ранейшаму такі шалапутны, помніць яе, сына ці забыўся пра іх... Ляжала, думала, як пачула ціхі стук у акно, пасля ў дзверы. Яна прыслухалася; стук ягачэ раз паўтарыўся.

Маці спала; Юля паднялася, накінула на сябе цёплую вялікую хустку і выйшла ў сені.

— Хто там? — спытала яна, але дзверы не адшчэплівала.

— Я,— пачула яна Сцяпанаў голас.

— Чаго табе?

— У мяне е пляшка віна.

— Позна ўжо, ідзі дадому,— сказала Юля,— ці адзін выпі.

— Выйдзі, Юлька, я хачу пагаварыць з табою.

— Ці не здурэў ты? Ідзі дадому,— сказала Юля і пайшла ў хату. Толькі цяпер яна здагадалася, што Сцяпан не жартаваў, сапраўды набіваўся ў «жаніхі»...

 

6

 

Юля дакалола астатнія палены, злажыла іх кастром на прыгуменні, каб выветрыліся; пасля набрала абярэмак і занесла на кухню.

У хаце было цёмна, ціха, і не хацелася заставацца тут, цягнула на халодны, з нізкім няяркім сонцам двор, дзе чулася вясна, радавала і трывожыла.

Юля хацела запаліць святло, пстрыкнула ўключальнікам — лямпачкі не загарэліся; відаць, электрык нечага адключыў святло на станцыі.

Хтосьці незнаемы затупаў на двары, доўга, не ведаючы, лэпаў па дзвярах, шукаў клямку. Юлька глянула і не пазнала нечаканую госцю, што зайшла ў хату. Адзета яна была не па-тутэйшаму, па-гарадскому: у тоўстым варсістым футры, бліскучых высокіх ботах, тоўстай пуховай хустцы, з моднай невялічкай сумачкай.

— Не пазнала? — усміхнулася, знаёма сказала госця.

Юлька таксама ўсміхалася, выцірала аб ручнік рукі

і прыглядалася.

— Анька?

Юля кінулася да былой сваёй сяброўкі, яны абняліся і моцна пацалаваліся.

— Я і не ведала, што ты дома,— сказала Анька, хоць словам яе цяжка было паверыць: ёй расказала недзе адразу ўсе вясковыя навіны яе маці.

— Дома, як бачыш,— прамовіла Юля.

— I даўно?

— Ды з восені жыву.

— I што ты робіш тут?

— Работы ёсць,— адказала Юля,— вару дзецям есці ў школьнай сталовай, бегаю дзень з чарпаком ля катлоў, памагаю маме па гаспадарцы. Учора ў лес па дровы ездзіла.

— А я, Юлька, ужо не змагла б са свіннямі ды каровамі...

— Ты ж вясковая, не гарадская...

— Ды адвыкла.

— Каб трэ было, то і навучылася б скора,— сказала Юля.— Але як ты жывеш?

— Ды не скарджуся. Жывая, здаровая, і дзеці растуць, у садзік ходзяць.

— Вялікія, мусіць, ужо твае хлопцы? — спытала Юля.

— Большаму шосты годзік, меншаму чацвёрты.

— Дзяўчынку яшчэ вам трэба.

— Што ты!— усміхнулася Анька.— Пракарміць ды адзець знайшлі б за што, але я вучыцца надумала, паступіла летась у інстытут, дык часу мне трэба многа.

— Ого! — здзівілася Юля.

— Ніякай жа спецыяльнасці няма, трэба вучыцца.

— Удалая ты,— сказала Юля, надрала з бярозы кары, налажыла ў грубку дроў, падпаліла, пачакала, пакуль угарыцца, тады зачыніла дзверцы і адкрыла паддувала — загуло, усхапіўся агонь, аблізаў палены. Анька прысела на лаве.

— У нас цеплавое,— азвалася яна.— Любата! Не трэба гэтых дроў. Цяпер, каб ты бачыла, як вырас наш горад... А Мішу майго павысілі, большы аклад, «Волгу» далі. Ведаеш, Іван, гэта шафёр яго, на работу мяне возіць і з работы забірае.

— Добра табе,— сказала Юля,— а я бегаю пяшком у Міланькі.

— Міша папаўнеў, салідны такі. Быў нядаўна ў Ленінградзе, паліто мне купіў, не дае вады піць, яблычнымі сокамі поіць.

— Глядзіць цябе.

— Ды не скарджуся, як другія. Што хачу, тое і маю. Можа табе што трэба дастаць?

— Дзякуй,— сказала Юля,— усё ў мяне таксама ёсць.

— Сумна табе, мусіць, тут жывецца? — спытала госця.

— Жыву, Анька,— Юлька ўстала, прынесла кавалак мёрзлага з зімы сала, каўбасы, нарэзала невялікімі скрылікамі, ускінула на скавараду і паставіла ў грубку.

— Святла няма...— цмокнула Аня.

— Гэта сёння нешта няма, так яно заўсёды гарыць,— як апраўдвалася Юля.— Цяпер добра жыць сталі. У каго сям'я рабочая ды на харошай рабоце стаяць, стараюцца, то па-гарадскому жывуць: тэлевізары, матацыклы, халадзільнікі маюць, каторыя настаўнікі ды экскаватаршчыкі «Жыгулі» ды «Запарожцы» пакуплялі. У хату зойдзеш — чысценька, чаго там толькі няма.

— Усё роўна ў вёсцы я ўжо не жыла б,— перабіла яе Аня.

— Цяпер нічога страшнага і тут няма,— не згадзілася з ёю Юля,— Ты адна прыехала дадому?

— Адна. Мішава работа не дазваляе абы-калі раскатвацца, ён такі заняты, так прылягае да сваіх спраў, што і на сям'ю мала глядзіць. Калі возьме водпуск, мы ўжо ў Крым паедзем. Ведаеш, я пятае лета запар туды паеду.

— Мне хоць бы раз за сваё жыццё паглядзець тыя курорты,— сказала Юля.

— Чаго ты са сваім разышлася? — спытала Анька.

— Ды я не разышлася...

— Піў ці біў цябе? Нечага ж вы з ім не паладзілі?

— Многа, Анька, расказваць,— сказала Юлька, апусціла вочы,— ды і наша ўсё гэта, усё роўна ты не зразумееш.

— Ты не перажывай,— прамовіла Анька,— калі кінуў цябе — ну і чорт з ім. Выйдзеш і за другога, яшчэ вартнейшага. Толькі трэба ў горад выязджаць і не сядзець тут, бо ў вёсцы з дзіцём нялёгка замуж выйсці, а ў горадзе добрыя людзі возьмуць.

— Ды не спяшаюся я другі раз замуж,— сказала Юля.— Мужа я знайду сабе, але ці знайду бацьку сыну?

— Гэтыя дзеці і трымаюць нас,— згадзілася Анька.— Мы і жывём цяпер дзеля іх, пра сябе не думаем.

Нечакана загарэлася святло. Юлька і Анька на хвіліну ад яркасці заплюшчылі вочы, асвоіліся, пасля разгледзелі адна адну.

— Ты пастарэла, Юлька.

— Хутка трыццаць год, дакуль жа тая маладосць ды краса будуць.

Грукнуўшы ў сенцах дзвярыма, у хату ўбег Пецька; убачыўшы незнаемую, утаропіўся і засаромлена стаў у парозе.

— Ой, які ж Ты мурзаценькі! — здзівілася Аня, дастала з кішэні плітку шакаладу і працягнула Пецю. Той апусціў вочы долу, саромеўся падысці і ўзяць гасцінец.

— Вазьмі, Пецька,— сказала Юля.

— Ой, які стыдун. Прападзеш такі! — паківала галавою Анька,— Бяры, малец, і падыдзі сюды, гляну, у каго ты ўдаўся: у маці ці ў бацечку свайго.

Аня не дачакалася, сама падышла і дала ў руку малому шакаладку.

— Скажы дзякуй,— вучыла сына Юля.

Пецька маўчаў, не ўзнімаў ад падлогі вачэй, пасля прайшоў за грубку і схаваўся на печы.

— А мае хлопцы смелыя...— сказала Анька.

— Хадзі, сынок, памыемся нанач, а то чуў, як гарадская цётка пасміхалася з нас,— сказала Юля сыну, зняла яго амаль соннага з печы, калі Анька пахвалілася пра сябе, свайго мужа, лёгкае сваё жыццё, панавучаўшы, як Юлі лепей, крыху хітрэй жыць, і пайшла дахаты.

Юля наліла ў ночвы цёплай вады, раздзела і пасадзіла ў іх Пецьку, намыліла яму галаву, вушы, пацерла мачалкаю спіну.

— Каб ты, сынок, не капаўся ў пяску, заўсёды чысценькі быў, дык і маме менш работы было б,— гаварыла Юля,— а то ты ж зусім не слухаешся ні мяне, ні бабы, усё па-свойму робіш. Нялюдскі ты.

— А гэта цёця прыйдзе яшчэ? — спытаў сын.

— Прыйдзе, і калі ты будзеш чысценькі, харошы, то і зноў шакаладку прынясе.

— Я буду чысты, мама.

— Ну і добра,— сказала Юля, зняла з грубкі нагрэтую прасціну, загарнула, як маленькага, у яе Пецьку і панесла на ложак, выцерла, адзела новую майку, трусікі. Укрыла коўдрай, пацалавала сына ў лобік, хвіліну пастаяла, радуючыся, што такі вялікі, прыгожанькі яе сын, яе радасць, уцеха; як ёй бывае часам цяжка, нядобра, і сын яе суцешыць, супакоіць; ужо тое, што ён толькі жыве, як штодня гаворыць Юлі: не гаруй па сваім жыцці, каго ты страціла ці цябе страцілі— табе трэба жыць. Дзеля сына, дзеля яго жыцця. Юля цяпер разумела, што значыць маці жыць не для сябе, а для сваіх дзяцей.

Яна адышла ад сына, разгарнула ў стаяку жар, пабіла галавешкі, зліла ў вядро ваду з ночваў і вынесла яе на двор; хвіліну пачакала, пакуль прападзе ў грубцы сіні агонь, тады зачыніла юшку. Маці, відаць, засталася начаваць у сваякоў, паленавалася ноччу ісці дадому; Юля пачакала яе і зашчапіла дзверы.

— Мама,— прытуліўся да яе сын,— а дзе наш тата?

— Працуе, сынок.

— ЁН прыедзе да нас?

— Прыедзе. I я ж чакаю яго,— сказала Юля.

— I мне веласіпед такі, як у Лёнькі, прывязе?— сын падняўся, з такой радасцю глянуў Юльцы ў вочы, што яна здзівілася, пасля зразумела ўсё і адчула, як кальнула ў сэрца, перавярнула нутро.

«Мой ты сынок,— падумала яна,— як жа табе хочацца бацькі!»

— Прывязе, Пецька,— сказала яму.

— I біцца тата не будзе, як дзядзька Сцяпан?

— Не будзе, сынок. Тата наш вельмі добры.

— А я веласіпеда Лёньку таксама не дам,— сказаў сын і лёг,— бо Лёнька б'ецца.

— Дасі, сынок, не трэба быць скупым і помслівым.

— Тады толькі адзін раз дам праехаць ад іхняй хаты да нашай,— сказаў сын.

— Ну, хоць раз, але трэба даць.

Сын хутка заснуў, усміхаўся. Яму, відаць, сніўся бацька, што нечакана прыехаў дадому і прывёз веласіпед.

 

7

 

...Калі цяплелі вясною ночы, густа пахла бэзам, травою, моладзь збіралася вечарамі ля ракі на тупкім лужку, дзе школьнікі зрабілі, вытапталі валейбольную пляцоўку. Вечарам тут былі танцы.

Тады, нават гадоў пятнаццаць ці дзесяць назад, у вёсцы было гусцей моладзі, праз кожную хату жылі падлеткі-хлопцы, незамужнія маладыя дзяўчаты, сталыя хлопцы-халасцякі; вёску пакідалі толькі тыя, хто ішоў у армію ці каго бралі замуж, і зусім мала было тых, хто з'язджаў кудысьці шукаць лепшай работы і пабагацець.

Музыканты былі свае, звычайна ігралі Сцяпан і Алесь; іх загадзя хлопцы частавалі, задобрывалі, і тады яны ігралі вальсы ды полькі напераменку цэлую ноч, да рання.

Юля падлеткам не прапускала ніводных танцаў, тоўпілася з дзецьмі вакол танцавальнай пляцоўкі. У дзевятым і асабліва ў дзесятым класе на яе пачалі заглядацца хлопцы, запрашаць у танцы, стараліся правесці яе дамоў. Асабліва вытанцоўваў ля яе кучаравы Мікола, што адслужыў ужо ў арміі і ўладкаваўся на работу ў тутэйшае лясніцтва. У вёсцы нават пагаворвалі, што ён, калі Юля скончыць школу, збіраецца заслаць да яе сватоў, ды толькі пабойваецца, ці аддасць Наталля замуж такую маладую дачку...

Зімою, як накручвала з поля снегу вышэй платоў, замятала пляцоўку, збіраліся доўгімі вечарамі ў хаце Сямёніхі.

Хата ў Сямёніхі была вялікая, на дзве прасторныя палавіны, пустая — гаспадыня жыла адна з дарослымі дочкамі; вось сюды і збіраліся павесяліцца, схаваўшыся ад бацькоў, сталыя і маладыя кавалеры, прыпляталіся цікаўныя жанкі — глянуць, хто паглядае на яе дачку ці на каго яна кідае позірк, ці проста наглядзецца і назапасіцца на заўтрашняе гутаркай.

Юля хацела прыгожа апранацца. Яе кароценькія, выцвілыя вучнёўскія ці перашытыя з матчыных старых плаццяў сукенкі, матчыны старамодныя туфлі — усё ёй не падабалася і не падыходзіла.

Маці толькі што аддала замуж старэйшую дачку — Маньку, многа патрацілася на вяселле і не магла ва ўсім дагаджаць Юлі. Заспакойвала: «Самая меншая, паспееш яшчэ прыбрацца, хадзі ў тым, што ёсць, яшчэ ніхто на свеце не памёр, што модна не адзяваўся». Юля перажывала, але не крыўдзілася, разумела маці; яна прыпала да вучобы, да кніжак, многа чытала і марыла стаць настаўніцай, такой, як іхняя класная Паліна Міхайлаўна.

Юля позна сядзела зімовымі вечарамі, чытала, глядзела ў цёмнае, замёрзлае, з хітрымі ўзорамі акно, слухала, як дзіка вые на дварэ мяцеліца, нібы плача малое дзіця, як шорстка сыпле ў вокны снег.

Да яе часта, абсыпаная снегам, радасная, прыбягала сяброўка Аня.

Анька была любімая дачушка ў сям'і. Яна вельмі ганарылася, што адзявалася лепш не толькі за вучаніц, але і за настаўніц, што была прыгожая. Яна не засмучалася, што цягнулася на слабыя троечкі, і ўвесь час гарнулася сябраваць з Юляй, можа, толькі таму, што спісвала ў яе задачы, а мо і тайна зайздросціла, што Юля, як і яна, была такая самая прыгожая ды яшчэ добра вучылася: ёю не маглі нахваліцца настаўн ікі...

Недзе зімою, калі прайшла пара мяцеліц, моцных марозаў, калі ўжо днём па-веснавому свяціла сонца і асядаў снег, Анька таксама зайшла да Юлі, паклікала гуляць.

— Не хочацца, Анька, — адмаўлялася Юля.

— Хадзем,— прасіла Аня,— ведаеш, сёння хлопцы з Восава прыйшлі, свайго музыканта прывялі.

— Хутка экзамены, трэба чытаць.

— Ты і так усё ведаеш, зубрыла,— сказала Анька.— Хадзі, я табе светлую блузку дам.

Анька здагадвалася, чаго не хапала Юльцы.

— Не трэба,— сказала Юля, хоць ёй тая блузка і вельмі падабалася: яна разумела, што ўся веска бачыла, ведала гэтую светленькую прыгожую блузку, і калі надзенеш яе, то ніхто не звядзе з яе вачэй, цэлы вечар будуць шаптацца, абгаворваць.

Тою зімою Юлька ўпарта адмаўлялася, і Анька бегла на танцы адна, але таго вечара Анька не выходзіла з хаты, настойвала, так прычапілася, што Юлька не вытрывала, загарнула кніжку, апранула, што мела лепшае, і пабегла з Анькаю да Сямёніхі, у хаце якой ужо сабралася вельмі многа моладзі.

...Юля многа танцавала ў той вечар вальсаў, полек. Бралі яе Сцяпан, Мікола, восаўскія хлопцы. Анька ўвесь вечар круцілася са сваім Лёнькам, выбягала з ім на двор, падоўгу недзе прападала, вярталася чырвоная ў твары, з дзіўным бляскам у вачах.

Юля танцавала і бачыла, як за ёю цікуе Мікола, чырванеецца, злуе, калі яе запрашаюць танцаваць восаўскія хлопцы. Яна гадала, чаго такі Мікола, чаму ён так адносіцца да яе, і калі пачынала здагадвацца, адчуваць сваім дзявочым сэрцам — ёй рабілася трывожна і страшна. Яна хацела забыць гэта, думаць пра штосьці іншае, але тое шчымлівае і страшнае ажывала, як ручаёк пад рыхлым снегам: недзе ціснецца, блукае, хоча вырвацца наверх і не вырываецца, блудзіць, толькі трывожыць душу...

Юля не кахала Міколу.

Калі Сцяпан зайграў развітальны марш і ўсе паразбіваліся на пары, павалілі з хаты, яна таксама выскачыла на двор. Хтосьці выбег за ёю. Яна азірнулася: апранаючыся, ішоў следам Мікола. Хутка дагнаў яе, пайшоў поруч.

Юля ніколі не перажывала столькі страху, як тады. Спяшалася ісці і не чула сваіх ног, моўчкі завіхаўся побач і Мікола. Толькі ля яе хаты схапіў за руку, затрымаў, прыгарнуў да сябе. Калі блізка пачулася яго дыханне, Юля зразумела, што Мікола хоча пацалаваць яе. Яна церабнулася, але ён трымаў моцна, гарнуў да сябе.

— Пусці, крычаць буду! — пагразіла яна.

— Юлечка, канчай сваю школу і выходзь за мяне...

— Пусці,— Юля не магла вырвацца і заплакала.

— Не буду, Юлька. Не злуйся, харошая. Сам бачу, што ты не для мяне,— Мікола выпусціў яе, і яна не пабыла больш на двары і хвіліны, пабегла ў хату.

— Рана пачала таньчыць, дзеўка. Бачыла праз акно, як ліпнула да Кастусёвага,— пагрозліва сказала з печы маці.— Глядзі, дзеўка...

...Восенню, калі Юля ўжо скончыла школу, не прайшла па конкурсе ў педагагічны інстытут, паехала з Анькаю ў суседні раён, стала працаваць у леспрамгасе.

Праз месяц сяброўкі напісалі, што Мікола згуляў вяселле, узяў дробненькую, непрыгожую, але гаспадарлівую дзяўчыну з суседняй вёскі.

 

8

 

— Схадзі ты, маладзейшая, да Саладухі,— сказала маці,— папрасі машыны, скажы, што на адзін толькі раз укінуць карове сена засталося.

— Схаджу,— згадзілася Юлька: Саладуха быў Аньчын бацька, старшыня калгаса, і Юльцы хацелася не толькі папрасіць машыны, але і пагаварыць з сяброўкай.

— Паслухай, як хваліцца будуць,— сказала маці,— усім не нахваліцца, што зяць дужа добры, па тры сотні палучае, машыну мае, ім надта добры падарунак прыслаў; а так ужо глядзіць Анечку, што халоднай вады не дасць напіцца.

Схіляла на вечар. Няярка і нячуйна прабівалася праз асмужаную шэрасць сонца, падхопліваўся нямоцны, але дзёрзкі вясновы марозік.

«Вясна! Колькі таго ўжо сена трэба, але бегай вось,— падумала Юля.— Калі б не мама, здала б я гэтую карову ў калгас ды выпісвала малако. I гора ніякага з сенам і падсцілам не ведала б».

Яе маці была не толькі старая гадамі, але і жыла падаўнейшаму, зусім не прызнавала, што нешта змянілася ў вёсцы і што трэба па- новаму жыць. Нават падумаць яна баялася, як гэта можна жыць без каровы, свінней, курэй, не хацела купляць тэлевізара: «Нічога я ў ім не разбіраюся, толькі грошы марна пераводзіць. Звініць во ў хаце радзіва, і гаворыць, і пяе — і хопіць. Памру, тады сабе што хочаш купляй».

Юля, калі хадзіла ў школу, спрачалася з маці, нават даказвала, што няма бога і чарцей на свеце. Маці злавалася, папракала: «Надта вы вучоныя сталі, разабраліся ва ўсім».

У хаце Саладухі гучала незнаемая музыка, відаць, навезла модных пласцінак Анька, цяпер сядзела, сумавала ў «дзярэўні» і круціла іх, забаўлялася.

На кухні нікога не было. Юля толькі дзеля прыліку далікатна пастукала і зайшла ў лепшую палавіну, пры такім шуме яе ўсё роўна ніхто не мог пачуць. Адразу ўбачыла засланы абрусам стол, хлеб, каўбасу на ім. Не паспела нічога падумаць ці здзівіцца (у старшыні госці частыя), глянула лявей і знежывела: за занавескамі Анька, з распушчанымі валасамі, босая, абдымалася з мужчынам, твару якога не было відаць. Юля так разгубілася, што не магла нічога прамовіць. Яна выскачыла з хаты.

«Во табе яблычныя сокі...» — падумала яна, азірнулася, ці не бачыў яе хто. Калі выходзіла з двара, затрымалася, каб зашчапіць варотцы, і ўбачыла за гумном Саладухі незнаемую, з заглушаным маторам машыну.

Вечарам, калі Юля накарміла свінней, укінула карове астатняе сена і збіралася пайсці да суседкі на тэлевізар (было «харошае, пра любоў» кіно), нечакана прыйшла Анька.

— Гаварылі, ты да нас прыходзіла? — спытала Анька і ўважліва паглядзела Юлі ў вочы.

— Хадзіла,— разгубілася Юля,— хацела ў бацькі твайго машыны на гадзіну якую папрасіць, але ўбачыла чужы «козлік», пабаялася зайсці,— прыманіла Юля і адвяла ўбок свой позірк.

«Як сама вінавата ўсё роўна. Каб ты згарэў, такі характар!»

— Гэта з раёна... Мой даўні знаёмы, так сказаць,— сказала Анька.— Пагаварылі крыху. А ты што робіш?

— У кіно збіралася. Днём паўспамінала, як мы з табой у школу хадзілі, танцы рабілі.

— Ды і я не раз прыпомню, што някепска некалі было, весела мы жылі,— сказала Анька.— А я ўжо ад'язджаю заўтра.

— Гэта ўжо ўсе твае госці?

— Ай, растрывожылася сёння... Многа згубіла я, што не вучылася, паспяшыла замуж пайсці за Мішу,— сказала Анька.

— Цяпер можна ўсяго дабіцца, калі захочаш,— прамовіла Юля.— З нашай вёскі ўжо многа ў людзі павыходзіла: інжынерамі, урачамі, настаўнікамі робяць. Нават адзін паэт ёсць, кнігі выпускае. Я тож, каб больш глядзела на свае здольнасці, не паспяшалася з замужжам, магла б настаўніцай ці яшчэ кім быць.

— У мяне, Юлька, такое... Як табе сказаць... Ты, Юлька, даўняя мая сяброўка, нікому не скажаш, я табе даверуся, хоць у першы вечар я і табе не хацела казаць,— Анька нахілілася да Юлі.— Ты ж ведаеш майго Мішу... Глядзіць ён мяне, адзяе, але дзе дзенешся, калі ён старэйшы за мяне на дваццаць год, вечныя яго камандзіроўкі, работа ад цямна да цямна, нарады, канферэнцыі... Ды такі нейкі ўпарты, адданы, што толькі і бачыць, жыве сваёй работай. А мне яшчэ і трыццаці няма, і я жыць хачу...

«Ну і Анька! — пранеслася ў галаве ў Юлькі.— Не так ужо ў цябе ўсё ёсць, як ты ў першы дзень хвалілася».

— Толькі ж ты, Юлечка, нікому не гавары, а то разнясецца па вёсцы,— убачыўшы разгубленасць Юлькі, сказала Анька,— I ён бачыць стаў, што не люблю я яго.

— Двое ж дзяцей у вас,— паразважаўшы, нясмела сказала Юля.

— Вось дзеці і трымаюць,— прызналася Анька.— Я ўжо на многае рашылася б, але дзеці... Любяць яны яго, і ён без іх не можа. Але з кожным днём мне цяжэй быць з ім, нават глядзець не магу. Прыехаў сёння Коля, убачыліся, пасядзелі — і так растрывожылася я, што можна іначай жыць і лепш. I так сёння палаяла сябе, што не выйшла некалі за Колю, пабаялася, што век электрыкам будзе, прасядзіць жыццё на слупах... А яно вось як выйшла, во якім бокам абярнулася!

— Я думала, што я толькі адна нешчаслівая...— сказала Юлька.

— Мае ў тым і няшчасце, мусіць, што я доўга думала, што я шчаслівая,— сказала Анька,— пакуль жыццё само мне не паказала іншае... А цяпер і не ведаю, як гэты вузел развязаць.

— Не ведаю і я, Анька, што табе сказаць,— прамовіла Юля,— толькі я і раней баялася так, як ты, жыць. Каб яшчэ не мама, дзіця малое, то, можа, па-іншаму было б, а так я пра іх больш думаю, чым пра сябе, тапчуся дзень ля хаты і сапраўды нічога не бачу.

— Думала, супакоюся дома,— сказала Анька.— Супакоілася...

— Складанае жыццё чалавечае,— прамовіла Юля.

— Не складанае яно,— не згадзілася Анька,— гэта мы самі часам блытаем усё, а пасля на жыццё скардзімся.

— Можа быць,— уздыхнула Юля.

— Не можа, а сапраўды ўсё так. Толькі вось нешта прымушае нас рабіць такія крокі.

— Можа, таму гэта бывае, што думаем мы мала.

— Можа,— згадзілася Анька.

Паслухала Аню Юля і ўспомніла свайго мужа: любілі, пажаніліся, добра жылі, пасля выдумаў нехта, што яна здрадзіла яму, загуляла з Толікам, пагарачыўся, не захацеў разабрацца...

I яна ўзгарачылася, не стала апраўдвацца, пакрыўдзілася, што не паверыў, і прыехала да маці.

«I невядома, каго трэба тут вінаваціць. Толькі не жыццё,— падумала Юля.— Усяго ў жыцці мы дабіваемся самі: і добрага і нядобрага...»

 

10

 

...Зіма выдалася на дзіва халодная, мяцелістая і снежная; нават у сакавіку, калі праходзіць пара вялікіх заварух, модных, траскучых марозаў, паваліў буйны сыпкі снег, засыпаў, закідаў дарогі. Прапалі набоістыя каляіны, якія выездзілі, дасюль, і снег тут, у лесе, асабліва стаў глыбокі, мяккі. Рабочыя правальваліся па пояс, цягалі па снезе пілы, вымакалі за дзень і не маглі за ноч высушыцца. Часцей сталі бачыць худых ласёў: выгаладваліся, стамляліся поўзаць па такім снезе і часта здаваліся, ляжалі на жыватах, цяжка саплі, пускаючы клубы пары. Стомленых ласёў падпільноўвалі рысі і скакалі проста на шыю. Вось і ўчора знайшлі хлопцы аб'едзенага старога лася...

Генадзь, адчуўшы, як мякка аселі колы, так жа мякка апусцілася машына, зразумеў, што з'ехаў са старой цвёрдай дарогі (ранішні яе след замяло),— ён сполашна крутнуў управа баранку, газануў, але было позна: цяжкі лесавоз раўнуў і ўгруз. Генадзь пагазаваў, пасля пабаяўся, што пасадзіць газоўкаю колы, зарыецца ў снег, збавіў газ і вылез з кабіны. Адразу ўбачыў, што прычэп, нагружаны тоўстай высакаствольнай хвояй, заваліўся на левы бок, левае кола задняга маста было ледзь відаць са снегу.

«Не маглі пазначыць вешкамі дарогу,— злосна падумаў Генадзь пра брыгадзіра, які не паслаў людзей ці вольнага, «выхаднога» шафера з такою работай,— цяпер усе чэрці на свеце не памогуць выехаць».

Сёння на гэтай трасе Генадзь быў адзін. Тыя разы паспяваў яшчэ ехаць па сваім ледзь прыкметным следзе, ды пад вечар снег пагусцеў, засыпаў дарогу. Іншыя шафёры з яго брыгады тралявалі сёння лес на Лысоўцы, іх перакінулі «рабіць» план: пацяплее, распусціць дарогі — тады доўгі будзе «прывал», пара «курортаў». Яго, як больш сталага, пакінулі тут аднаго.

— Пасядзім, Сцяпанавіч,— сказаў Генадзь, пастукаў нагою па скатах,— але дзела наша знаёмае, шафёрскае.

Ён закурыў, дастаў шуфель і пачаў адкідаць ад колаў снег. Азірнуўся: вакол стаяў высокі лес, не было чаго дробнага ссекчы пад колы. Адкінуўшы снег, Генадзь зноў пачаў газаваць, разгойдваць машыну. Матор натужліва роў, машына падавалася, пасля, як было відаць з кабіны, колы саслізнулі яшчэ лявей, зарыліся, болей нахіліўся прычэп, збіліся, з'ехалі на адзін бок бярвёны.

«Забі цябе гром з яснага неба! — вылаяўся Генадзь.— Газаваць больш не варта».

Ён вылез з кабіны і, правальваючыся ў снезе, абышоў і агледзеў прычэп. Як убачыў, што спаўзлі ўлева тоўстыя бярвёны, стала ясна: ніколі ён сам не выедзе, і не варта болей старацца выскачыць, бо і машыну сапсуе і перакуліцца можа. Трэба ісці, пакуль зусім не замяло ды не звечарэла, у брыгаду і папрасіць Жэньку, каб выцягнуў тралё вачн ым.

Нечакана ўверсе, на бярвенні, пачуўся кароткі глухаваты трэск. Генадзь, як толькі пачуў яго, адразу зразумеў: ланцуг не вытрымаў бярвёння, што спаўзло ў адзін бок, і парваўся; ён добра ведаў, што будзе за гэтым,— і не стаў азірацца, кінуўся ўцякаць ад прычэпа. Але глыбою снег не даў завіхнуцца, Генадзь паваліўся, і яго ногі тут жа накрыла тоўстымі цяжкімі бярвёнамі, якія падалі з прычэпа, круціліся, каціліся адно па адным.

Ламанула левая нага, моцна, ажно як шылам, кальнула ў галаве; Генадзь ціснуўся ў снег, баяўся, каб не пляснула зараз па галаве. Ён чуў боль у нагах, моцны, нясцерпны, падумаў, што снег глыбокі, пульхны і выратаваў яго. Каб не гэты снег, то яго раздушыла б на блін...

Пасля яму нічога не стала думацца, пацямнела ў вачах, забалела галава, потым ён адчуў, як пячэ ў шчокі снег, растае,— і яму стала лягчэй, тая часіна, калі ён мог страціць прытомнасць, прайшла.

Генадзь накратаў правую нагу і не адчуў яе. Здаецца, яна была цэлая, толькі яе моцна прыціснула, і яна анямела. Спрабаваў тузануць левую — і аж завыў ад болю, заплюшчыў вочы і паваліўся тварам у снег.

Калі апаў гэты вялікі боль, зразумеў, што з левай нагой нядобра: або вывіх, або пералом. Зноў крануўшы правую нагу, адчуў, што яна не баліць, яе толькі ўціснула ў снег, спрабаваў вырваць яе з-пад таўшчэзнага камля — не хапала на гэта сілы.

Генадзь абціснуў локцямі снег, каб ён быў цвярдзейшы, і спрабаваў падняцца, але тут жа зноў апаў долу: забыўшыся, незнарок крануў левую нагу. Асцерагаючыся, ён яшчэ болей абціснуў снег і пачаў аграбаць бліжэйшую да рук правую нагу, каб вылезці з-пад бярвення.

Калі ён усё ж торгаў левай нагой і тая моцна балела, спыняўся, чакаў, пакуль аціхне боль, тады зноў выграбаў з-пад правай нагі снег.

Гула мяцеліца, кідала сухім калючым снегам, які сыпаўся за каўнер, раставаў, апякаючы холадам спіну. Качанела левая рука, якой ён адкідваў снег; ён дасюль нават не думаў, што снег можа быць такім халодным, так паліць ледзяной лютасцю пальцы. Генадзь браў пальцы ў рот, грэў іх, лажыўся на бок і адпачываў, пасля зноў падымаўся, падпіраўся локцем правай рукі і вызваляў нагу, сцінаючы зубамі вусны...

Гудзеў матор, і Генадзь з радасцю падумаў, як добра, што ён не выключыў яго: надвор'е марознае, стылае, а вада не спушчана — магла замерзнуць.

Нарэшце ён выцягнуў з-пад бервяна правую нагу, паварушыўся і сцяўся ад болю: левая балела ўсё больш і больш, і яе вызваліць, падумаў ён, будзе цяжэй. Калі ўцямнеецца, яго павінны схапіцца, павінны здагадацца, што ён недзе забуксаваў, і выехаць на трактары насустрач. Але калі яшчэ гэта будзе; каб былі жонка ці маці, блізкія, яны падумалі б пра яго хутчэй, а суседка яго можа і не папярэдзіць начальства, яна прывыкла, што ён вяртаецца дамоў позна, часамі і зусім не прыходзіць начаваць...

Ён адграбаў снег, дакуль мог сагнуцца; цямнела; мяцеліца, здаецца, суцішвалася, не сыпала снегам; халаднела, і ён адчуў, што памацнеў мароз. Генадзь прылёг на бок і рашыў адпачыць, а заадно і сагрэць руку. Дзьмухаў на яе — нічога не памагала, тады ён прасунуў яе да грудзей, абмяк увесь...

Успомнілася Юля. Ён нават здзівіўся, чаму яна ўспамінаецца яму тады, калі цяжка — калі ў яго непрыемнасці на рабоце, калі яго нехта пакрыўдзіць ці ён каго і яго тады асуджаюць.

«Мусіць, таму ўспамінаецца яна мне ў цяжкую часіну, што ў мяне няма цяпер таго блізкага чалавека, з якім я мог бы дзяліцца ўсім сваім запаветным, патаемным, а яна магла б усё зразумець і падтрымаць».

I ён палаяў сябе, што жыве вось так: мае жонку, дзіця, любіць іх, але набраўся нейкага гонару, самалюбства, а то і ўпартасці, не напіша Юлі, не папросіць вярнуцца.

«Ды не пісаць трэба,— падумаў ён,— трэба з'ездзіць да яе, сустрэцца, пагаварыць... Што скажаш, таго не напішаш, што напішаш, таго не скажаш... Трэба з'ездзіць, абавязкова з'ездзіць...»

I Генадзь, адчуваючы, што сагрэлася рука, падняўся, пачаў адкідаць снег. Ён адчуў, што не трэба было лажыцца, астываць, бо боль цяпер быў мацнейшы, працінаў усё цела.

«З'езджу... Адпрашуся на пару дзён і з'езджу».

...Агні ён убачыў, калі зусім ужо стаміўся, выбіўся з сіл.

«Цяпер будзем жыць, будзем жыць, усіх чарцей перажывём»,— радасна падумаў ён і апаў на снег, і апалі ўсе яго сілы, ён не чуў, як да яго падбеглі рабочыя, выцягнулі з-пад бервяна і панеслі да трактара, што стаяў зусім блізка, ціха гудзеў.

 

11

 

Генадзю выдалі бюлетэнь, загадалі ляжаць у пасцелі. Ніколі не хварэў ён, ні слаба, ні моцна, а вось цяпер пачуў прыкрае знясіленне, пякучы боль: гарэла нага — яе паламала ля костачкі.

Ён адзінока ляжаў і думаў, як нядобра ўсё выйшла, пасля, як ніколі, адчуў, што бесталкова ён жыве, гоніцца за жураўлямі ў небе. Калі падумаць, не трэба яму гэты леспрамгас, гэтыя вялікія лясы, трасы, грошы; даўно, відаць, варта было пакінуць сваё нікому не патрэбнае кавалерства, глядзець сваю сям'ю ды жыць у згодзе, жыць для некага, не толькі дзеля сябе, і з прыемнасцю бачыць, што для цябе таксама нехта жыве.

Канечне, ад хлопцаў, з якімі столькі гадоў прарабіў, нялёгка будзе адвыкнуць. Зжыўся.

Ён востра цяпер адчуў, як нестае Юлі. Дзе яна, што робіць?

На грошы Юля кваплівая не была: колькі ні бубніў ён пра тысячы, пра машыну, яна не зайздросціла; калі паслухаў чужых плётак, прычапіўся, ударыў аднаго разу, узлавалася і з'ехала. Нядобра, канечне, з ёю выйшла, але не толькі ён вінаваты. Была яна нейкая дзіўная, вельмі ўжо вясковая, жыла па-свойму і хацела яго пасвойму перайначыць, і яна прымусіла ўзлавацца, падняць руку...

...Сябры прынеслі з сабой і павывальвалі на стол два боханы хлеба, кансервы, каўбасу. Самі распрануліся, паскідалі на ложак целагрэйкі. Хлопцы недзе ўжо дагэтуль добра падвыпілі, былі цяпер вясёлыя, добрыя, клапатлівыя.

— Як, стары, твая нага? — спытала Тонька, што таксама прыйшла з хлопцамі; яна расчырванелася ад марозу, гарэла тварам, што жар.

— Нармальна,— незадаволена сказаў Генадзь, паволі і нехаця падняўся з пасцелі, накінуў на плечы-кажух.

— А мы перажываем за цябе,— сказаў Жэнька, адкаркоўваючы пляшкі, Алік рэзаў лустачкамі хлеб, Толік дзёўб нажом кансервы, Тонька чысціла і наразала скрылёчкамі каўбасу.

— Не нам, рабочым людзям, хварэць,— сказала Тонька.— Мы яго хутка падымем на ногі, хутчэй нават за ўрачоў.

Падрыхтаваўшы закусь, хлопцы саставілі крэслы і паселі вакол стала.

Яны паднялі шклянкі, чокнуліся, паглядаючы, падбадзёрваючы адзін аднаго, але не пілі, усе глядзелі на Генадзя. Ён усміхнуўся, асцярожна падняў сваю шклянку, пакруціў яе, паднёс да рота, глытнуў крыху і паставіў на стол.

— Не!

— Так не пойдзе, так за сваё здароўе не п'юць! Нельга сабе зла пакідаць.

— Што з табою, Генік? — здзівілася Тоня, зноў падала Генадзю яго шклянку.— Выпі, Генка, я ж ведаю тваю сілу.

— Ты слаба, Тонька, ведаеш маю сілу, і не тую,— не гледзячы на дзяўчыну, сказаў Генадзь, адвёў яе руку з гарэлкай і кусануў каўбасы. Хлопцы паціснулі плячыма, глянулі адзін на аднаго, выпілі крыху, паставілі шклянкі і таксама пачалі закусваць.

Усе елі моўчкі. Даўно не было ў гэтай дружнай кампаніі такога няёмкага, незразумелага маўчання, даўно так ніхто не думаў доўга, якое ж сказаць слова.

— Паўторым,— азвалася Тонька і даліла ўсім у шклянкі, сабе зноў напалавініла.— За здароўе нашага слаўнага Генкі!

Сказала, адным махам выпіла ўсю гарэлку, толькі крактанула і, выцершы рукавом вусны, скрывілася і панюхала хлеб. Хлопцы выпілі, хто колькі асільваў, глядзелі на Генадзя. Той зноў толькі памачыў у гарэлцы губы і паставіў шклянку на стол.

— Ты што? — абурылася Тонька.— Чаго такі сёння не ў гуморы?

— Я рашыў больш не піць.

— З гэтага вечара,— хіхікнуў Жэнька.

— З гэтага вечара.

— Дык і давай вып'ем за тое, каб ты захаваў сваё нутро, чалавекам стаў,— падала Генадзю шклянку Тонька.

— За гэта я ўжо адпіў,— ён адвёў руку дзяўчыны.

— Во напалохаўся,— засмяялася Тонька.— Колькі ты ні асцерагайся, а пражывеш усё роўна столькі, колькі табе адведзена.

— Трэба нам, хлопцы, крыху разумней жыць,— спакойна сказаў Генадзь.— Робім мы добра, хваляць нас, але пасля работы вольны час свой абы-як праводзім. Я вось думаю, што многа я страціў у жыцці... Страціў добрага, самага чалавечага...

— I многа ты аб гэтым ужо думаў? — спытала Тонька.

— Ды нямала,— сказаў Генадзь.

— I што ты страціў?

— Многае,— прамовіў Генадзь, памаўчаў, нават не глянуў на яе, сам наліў усім і сабе поўныя шклянкі, асцярожна падняў сваю.

— Давайце, хлопцы, вып'ем астатні раз, каб мы болей не ганяліся за гэтым зеллем, нешта другое і лепшае бачылі. Давайце вып'ем, каб шчаслівыя былі, каб людзі ад нас ніколі не плакалі.

Усе выпілі.

— А цяпер, хлопцы, ідзіце. Я хачу пабыць адзін.

Сябры сёння не разумелі Генадзя, якога паважалі; маўчалі, лыпалі вачыма, гадалі, што ён задумаў.

Генадзь праскакаў на адной назе, адчыніў дзверы, і хлопцы высыпалі з хаты; толькі там, на зімовым двары, чуваць было, што яны перагаворваліся, стараліся дайсці да толку.

— Артыст ты, Генка!— усміхнулася Тонька,— Так разыграць сяброў.

Яна засталася, села на Генадзеў ложак, скінула з ног валёнкі.

— Апранайся, Тонька, і ідзі дадому,— сказаў Генадзь.— Не трэба гэта.

— Ты зусім нядобры, Генка,— пакрыўдзілася Тонька, — Я не люблю цябе.

— Тады ты не ведаеш, як можна любіць,— сказаў Генадзь,— а так ты і Аліка любіш, і таго карэспандэнта любіла, што ў лютым прыязджаў да н ас...

— Дык хто я, па-твойму? Ну, скажы? — Тонька, расхваляваная, раззлаваная, устала і падышла да яго,— Культурны, не гаворыш. Тады скажы, назаві мне тую, што ўмее любіць.

— Юлька.

— I я цябе люблю, і даўно,— прыхінулася да яго.— Я добра бачу, бабскім сваім сэрцам чую, што ты яе не забыў, хаваеш у памяці, і я чакала таго дня, калі табе гэта ўсё надакучыць і ты захочаш па- іншаму жыць.— Тонька абхапіла яго рукамі.— Я хацела цябе ўсяляк утрымаць — і гарэлкаю, і ўсім... А з другімі нічога не было... Бачыла, што ты мяне не любіш, думаеш пра другую...

— Прабач, Тонька, ты харошая дзяўчына і будзеш шчаслівая.— Генадзь падняў дзяўчыну, глянуў ёй у вочы.— Жонка яна мне, хоць і хачу забыць яе, але не магу. Ды сын у мяне ёсць...

— Не забываецца яна, твая Юля?

— Не.

— А я?

— Ты, Тонька, добрая дзяўчына. Каб я быў халасцяком, то ніколі ад цябе не адмовіўся б. А так...

Тонька глянула на яго, жаласліва сціснула вусны і заплакала: бачыла — любіць ён сваю жонку, не забудзе...

 

12

 

— Мама, хадзі сюды,— убег у хату і паклікаў Пецька,— хадзі нешта пакажу.

Юля мыла посуд, паслухала сына і ўсміхнулася: заўсёды нешта заўважыць і выдумае ён, да чаго яна ніколі не дадумалася б. Неба было чыстае, днямі шэрыя, як попел, хмары, што нізка віселі над зямлёю, крануліся і папаўзлі на захад. Каторы ўжо дзень дыхала сакавіцкім цяплом.

— Глянь, мама,— паказаў сын на страху.

Яна паглядзела і ўбачыла зеленаватую гонту, што цяпер была мокрая, цёмная; толькі з краёў, дзе шастаў вецер, выдзімалася, высыхала.

— Ну, што? — здзівілася Юля.

— Ды ты на ваду глядзі,— падказаў сын.

Толькі цяпер Юля ўбачыла, што здзівіла сына: на сярэдзіне страхі, дзе быў раўчучок ад стрэшкі акенца, вада цякла ручайком, звонка лілася на зямлю, а на астатніх месцах страхі збіраліся кроплі, буйнелі, абвісалі і падалі ўніз.

— Бачыла? — спытаў сын.

— Бачыла,— усміхнулася Юля.

— Што вы там угледзелі? — пацікавілася маці, якая не выцерпела і таксама выйшла з хаты.

Юля паказала ёй на кроплі.

— Падзяцінелі: і сталая, і малое,— сказала маці і вярнулася ў хату, дадала адтуль: — Ідзі мый посуд, а то вада астыне.

— Ну, ты паглядзі,— сказала Юля,— а я пайду, бо, чуеш, баба злуецца.

— Мама, я намалюю гэта.

— Намалюй, сынок, хто ж табе не дае,— усміхнулася Юля.— Калі ўбачыў, то намалюй.

Юля зайшла ў хату, узялася дамываць посуд, на душы ў яе было легка. Каб не маці, то і заспявала б.

— Сёння настаўніка вашага спаткала,— сказала Наталля— Затрымаў мяне, паздароўкаўся. Пра цябе распытваўся...

— Кіньце вы, мама.

— Гавару, што чула,— сказала маці.— Кажа: мне лягчэй з вамі гаварыць, як з Юльянай.

— Яму пара ўжо ўнукаў гадаваць, а не...

— Не такі ён ужо стары,— запярэчыла маці.

— Ну і не маладзёнак,— сказала Юля,— лысіна на галаве...

— Добры, кажуць людзі. Не п'е. Кажа: хацеў я з вашай Юльянай пагаварыць, але саромеюся.

— Яшчэ што! — абурылася Юля.

— Прыйдзе вечарам.

— Уцяку з хаты,— сказала Юля.— Не трэба ён мне.

— А я б на тваім месцы, дзеўка, не завіхалася гнаць такога чалавека,— прамовіла Наталля.— Жывеш зіму, а твой табе ніводнага пісьма не прыслаў, значыць, не трэба ты яму. Нядобры ён, я гэта і тады, на вяселлі вашым, бачыла, але што магла сказаць. Сама выбірала...

Юля адказала б нешта, але ля акна мільгануўся чалавек. Яна глянула: Уладзімір Сямёнавіч.

Зайшоў у хату, павітаўся.

Наталля запрасіла яго прысесці, загаварыла з ім пра надвор'е, пра школу, згаджалася, што не хочуць цяпер вучыцца дзеці.

Юля вымыла посуд, выпаласкала яго, з настаўнікам не загаварыла, хацела ўцячы з дому, але пасаромелася.

Пасля Наталля пачаставала госця. Мусіла з ім сесці і Юля, хоць і адмаўлялася выпіць, скардзілася, што баліць галава. Уладзімір Сямёнавіч, відаць, здагадаўся, што Наталля перагаварыла з дачкою і што Юля супроць, каб выйсці за яго.

— Я, Наталля Пятроўна, пайду, мусіць, ужо дадому,— пагаварыўшы са старою пра вёску, сказаў ён.

— Пасядзіце яшчэ,— гаварыла Наталля.— Ноч вялікая, выспіцеся.

— Ночы вялікія цяпер, але спаць не хочацца,— сказаў Уладзімір Сямёнавіч, паглядаючы на гладка прычасаную, у новай кофце Юлю, якая сумавала цэлы вечар, не піла, не ведала, дзе прыкласці рукі, куды глядзець.

— Пасядзіце яшчэ,— прасіла Наталля.

— Хіба з Юльянай Іванаўнай,— збянтэжыўся госць.

— Выпіце, пагаварыце,— запрашала Наталля, і пажылы, лысаваты Уладзімір Сямёнавіч запалаў, што падлетак, закруціўся на крэсле.

— Гаворка наша, Наталля Пятроўна, адна,— сказаў ён,— сталы я, у мае гады можна ўнукаў ужо мець, а ўсё ніяк не магу прыбіцца да якога берага, нясе мяне вада, кідае... Юльяна Іванаўна тож адна, нудзіцца. Гаруеце вы, гарую я... Трэба, каб вы ўзялі мяне ў сваю хату за гаспадара; вясковую работу я магу рабіць, мальца глядзець буду і вас, старую, не пакрыўджу.

— Дамаўляйцеся вы ўжо з маладою, мне жыць на гэтым свеце мала засталося,— сказала Наталля.— А яна няхай сама глядзіць, як жыць надалей, як хлопца на ногі падняць,— дабавіла, устала, палічыла, што сваё яна сказала, і палезла на печ, дзе, сцішыўшыся, натапырыўшыся, што верабей, сядзеў і назіраў за ўсім унук.

— Давайце сёння, Юльяна Іванаўна, усё рашаць,— саромеючыся, сказаў Уладзімір Сямёнавіч.— Знаёміцца нам не трэба, сябе хваліць тож. Не адзін месяц разам рабілі, ведаемся. Возьмеце — застануся ў вас, адмовіце — з'еду вясною, не магу я так больш. А дзіця глядзець буду, я ж не маладзёнак, што папракаць вас буду, ды сам такі: жанаты быў, не зжыўся з жонкаю, развяліся...

— Я веру вам, Уладзімір Сямёнавіч,— сказала Юля,— толькі вы якую настаўніцу, жанчыну разумнейшую, падбярыце сабе: жыццё наша вядомае, сялянскае... I работа мая такая, кухарская: абы дзецям смачна есці варыць.

— Я і сам вясковец, Юльяна Іванаўна, а вам другая і настаўніца не дакажа ні красою, ні работаю, ні розумам,— гаварыў Уладзімір Сямёнавіч і схіляў галаву. — Дужа вы чалавек добры, разумны, да чужога гора чулая. Добрыя людзі вамі не нахваляцца. Я пражыў ужо нямала, паглядзеў людзей, але такіх, як вы, мала сустракаў. Вам верыш адразу, вам цяжка адмовіць... Вяселля нам, Юльяна Іванаўна, вялікага можна не рабіць, не маладзенькія мы жаніхі, людзей весяліць не збіраемся, а сваякоў блізкіх вашых, настаўнікаў нашых можна паклікаць.

— Чаго ты маўчыш там? — азвалася з печы Наталля.— Скажы адно чалавеку — прымеш у гаспадары ці не? Я толькі скажу, што трэба думаць, як жыць,— гаварыла старая, папраўляючы сабе пасцель,— гэта ж не жыццё, што самой, бабе, у лес ездзіць, рэзаць, калоць дровы трэба, дзіця бязбацькавічам гадуецца.

— Ціха вы, мама,— сказала Юля.

— Я ў цябе нічога не разумею, параіць не магу,— пакрыўдзілася маці.

— Скажыце што, Юльяна Іванаўна...— папрасіў настаўнік.

— Няма мне вам што сказаць,— панурыла галаву Юля. Задумалі вы сур'ёзнае, сур'ёзнае хочаце, а ў мяне сын. Глядзець вы яго будзеце, але бацькам не станеце.

Уладзімір Сямёнавіч разгубіўся, сядзеў і не ведаў, што сказаць.

— Я не папракаю вас, але баюся...

— Я разумею вас, Юльяна Іванаўна. Вы — маці, а я бацькам некалі быў, я разумею вашу трывогу. Толькі цяжка вам адным...

— Ды неяк жа жыць будзем,— прамовіла Юля.— Што самі зробім, што людзі памогуць.

Яно так,— згадзіўся Уладзімір Сямёнавіч.— Прабачце. Я не думаў вас пакрыўдзіць, я хацеў, каб было як лепей і вам і мне.

— Не трэба,— сказала Юля, і ёй стала шкада пажылога чалавека, хоць не магла нічым хоць бы крыху памагчы яму.

— Ну, я пайду,— збянтэжана сказаў Уладзімір Сямёнавіч.

— Хачу да мамы! — тоненька азваўся з печы Пецька.

— Ляжы ты, смала! — загаварыла да ўнука старая. Малы заплакаў. У Юлі сцялася сэрца — здаецца, перавярнулася ўсё ўнутры.

— Прабачце, Уладзімір Сямёнавіч,— сказала настаўніку,— не магу я...

— Не апраўдвайцеся, я разумею ўсё,— папрасіў той.

— Не злуйцеся.

— Я не злуюся на вас, Юльяна Іванаўна,— сказаў настаўнік і пачаў апранацца.— Як не любіш, то ўсё не міла. Можа, і праўда, не трэба нам неразважлівага кроку рабіць. Але я вам жадаю шчасця і вялікага кахання, вы варты яго,— Уладзімір Сямёнавіч узяў бяссільную руку Юлі, пацалаваў і хутка выйшаў з хаты.

— Ах ты, блазнюк! — закрычала раптам на ўнука Наталля.

— Хадзі сюды, сынок,— паклікала Юля.

Пецька саскочыў з печы і перабег да маці.

— Ну, дзеўка мая, лепшага табе ўжо не дасць бог,— сказала Наталля.— Пашкадаваў ён цябе яшчэ, пасылаў добрага чалавека, з дзіцём браў — сама адмовілася. Відаць, век будзеш гараваць з дзіцём, удавою. Не веру я, каб твой вярнуўся.

— Але ж не магу я за нялюбага ісці,— сказала Юля.— Ды і яго жыццё будзе якое...

— Глядзі сама, дзеўка. Я ж хачу толькі, каб табе добра было,— прамовіла маці.— Ды і дзіця не многа ўбачыць, калі будзе на стрэхі глядзець.

— Дасць бог, нешта ўбачыць,— сказала Юля.

 

13

 

Днём ярка выбліснула вясновае сонца, парадавала першым прыпёкам — мігам сагнала са стрэх апошні снег, пацяклі мутныя ручайкі. Сцены ўжо награваліся, сохлі, у зацішку, на прызбах, грэліся куры, спрабавалі капацца ў пяску, што таксама прасыхаў, бялеў і пыліўся.

Юля дастала з кубельца цяжкі кумпяк, за зіму прасолены, размяклы ад расолу, ачысціла яго, абхінула марляю, вынесла і навесіла на цвіку пад страхою. Убіла яшчэ колькі цвікоў і развесіла на іх каўбасы, паляндвіцу. Сёння, бачыла яна, каторыя прывозілі з лесу ядловец, падграбалі трэскі, ладзілі старыя курыльні — збіраліся вэндзіць.

Юля хацела падсушыць мяса і таксама прадыміць яго. Яна вельмі любіла вяндліну з хлебам ды са шчаўем, падпячы з яечкам, любіла гэты пах дыму, ядлоўцу; лічыў за лепшыя прысмакі вяндліну і Пецька.

Ён увесь час круціўся ля яе, выносіў сала з кубла, абчышчаў, стаяў на панадворку і не падпускаў вераб'ёў.

— Мама, дзядзя больш не прыйдзе да нас? — нешта ўздумалася пасля яму запытацца.

— Не, сынок, не прыйдзе,— адказал Юля.— Не трэба ён нам.

— I тата не прыедзе?

— А тата прыедзе і не забудзецца прывезці табе веласіпедзік,— немаведама чаму маніла сыну Юля, якая і сама не вельмі верыла, што Генадзь можа вярнуцца да яе.

— А дзе наш тата? — спытаў Пецька,— Баба гаварыла, што ён ніколі не прыедзе да нас.

— Няпраўда, сынок, прыедзе.

— Баба наша маніць?

— Не, сынок,— сказала Юля,— баба наша добрая, яна не маніць. Яна не ведае таты, таму і думае, што ён не прыедзе.

— А тата наш добры?

— Добры, сынок,— сказала Юля.— Толькі з дрэннымі людзьмі вадзіўся, не ведаў часамі, што робіць. Ды і ён цябе не ведае: каб бачыў, што ты такі высокі, прыгожы, то даўно прыехаў бы.

— А ты напішы яму, мама,— ажывіўся Пецька, бліснуў вачыма.— Ты ж цёці Мані пісьмы пасылаеш, то і яму напішы.

— Не, сынок, пісаць мы яму не будзем, некалі я табе скажу — чаму, цяпер ты яшчэ не разбярэшся ў гэтым... — Юля яшчэ штосьці хацела сказаць, але змоўкла: ішла паштарка. Тая павіталася, дастала з сумкі і аддала газету, але сумкі за плячо яшчэ не закінула, выцягнула пачак пісем, разабрала іх; Юля чакала, што будзе матчына пенсія, як паштарка дастала ліст.

«Манька наша прыслала»,— падумала Юля, узяла пісьмо, глянула на яго і — здзівілася: почырк, якім быў надпісаны адрас, здаўся ёй зусім незнаемым. Здаецца, яго яна ні разу не бачыла.

Відаць, ён быў чужы, незнаемы і паштарцы; яна стаяла, чакала, мусіць, што Юля скажа, ад каго ліст: заўсёды хацела ўсё ведаць. I яна знала, якім бацькам у вёсцы дзеці пішуць мала, а якім многа, ведала, якой дзяўчыне і колькі піша хлопец з арміі...

Але Юля не вельмі любіла хваліцца сваімі навінамі, расказваць пра сябе іншым, таму не разарвала канверт, а панесла яго ў хату.

Зацікаўленая сама, яна хуценька абарвала канверт, дастала ліст і пачала чытаць. Пецька стаяў ля стала і глядзеў на яе. I чым больш мяняўся яе твар, тым сын пільней глядзеў на яе.

Юля прабегла вачыма па пісьме, зноў пачала чытаць, удумваючыся, стараючыся разабраць кожнае слова; прачытаўшы, зразумела ўсё, жахнулася і схапілася ад страху, жалю за галаву, сціснула яе рукамі, зажмурыла вочы, чула, як моцна стукае кроў у скроні...

Нешта дапытваўся ў яе сын, тузаў за рукаў, але яна не магла пачуць малога: такое было нечаканае гора, што звалілася на яе...

— Мама, і гэта тата наш прыслаў?

— Тата,— не сваім, нейкім глухім голасам адказала яна.

— Баба, тата пісьмо прыслаў! — заскакаў Пецька, схапіў ліст і панёс бабулі.— А ты казала, што ён не напіша нам, не прывязе мне веласіпед.

Наталля ўзяла пісьмо, паднесла да вачэй, але не магла разабраць літар. Тады яна спаўзла з печы, дзе драмала нядаўна, дастала з шафы свае старыя, падрапаныя Пецькам, з ніткамі замест дужак, акуляры, пачапіла іх на нос, паднесла ліст да акна і пачала голасна чытаць. Прачытала, зняла акуляры і паглядзела на Юлю, але тая не падымала ад стала галавы. Цяжка было разабраць: яна плакала ці так, без слёз, бедавала. Наталля падышла, палажыла ля Юлі пісьмо, села паблізу і глядзела на нядаўна вясёлую, цяпер такую нярадасную дачку.

— Захварэў, з'язджаць надумаўся... Хай едзе, косіць сабакам сена,— сказала маці.

— Гэта не ён пісаў,— азвалася Юля, не падымаючы галавы.

— Дзе ж ён сам напіша, сорамна, сабаку, было. Вось і папрасіў некага.

— Што вы, мама, гаворыце: сам ён можа напісаць, але другіх не папросіць, я яго ведаю,— сказала Юля і падняла галаву, на шчоках яе былі слёзы.

— Ведаеш ці не ведаеш, дзіця, але ссушыў ён цябе.— Маці ўстала, чамусьці не магла глядзець у вочы Юлі.— I цяпер во чарнець па ім будзеш.

— Паеду я, мама.

— Дзеўка, ён хворы, можа, які,— абярнулася, холадна бліснула вачыма маці. Юля аж сцялася ад гэтага халоднага позірку.— Не ведаў ён цябе дагэтуль, з дзіцём у свет пусціў, столькі гора табе прынёс, забудзь і ты пра яго.

— Што вы, мама, гаворыце? Хіба вытрываю я? — вымавіла Юля, а сама падумала са страхам: «Божа, што я ўчора нарабіць магла...»

— З тваім характарам лепш не радзіцца,— сказала Наталля.— А другая паказала б яму. Ужо як за такім жыць, дык лепш ніякага не мець. Чалавек сам учора да цябе прыходзіў, ды добры чалавек...

— Паеду я, мама,— сказала Юля.— Не будзе мне шчасця, нішто не будзе міла...

— Едзь,— згодна сказала маці.— Хіба я цябе трымаю? Я век патурала табе. Каб меней патурала, стражэйшая крыху была, і ты шчаслівейшая была б.

...Юля прыбралася, апранула, што мела лепшае, падвяла бровы, пафарбавала вусны, пакруцілася ля люстэрка, паўглядалася на сябе з сумам і затоенай радасцю.

Ля грубкі стаяла і ўважліва глядзела на яе Наталля, дробненькая, сівая, з парэпанымі рукамі. Ёй, непрыгожай ад старасці ды і ў маладосці не надзеленай красою, сціналася, балела сэрца, што дачка яе такая яшчэ маладая, прыгожая, як адзелася чыста, дык і ў горадзе, здаецца, такой красы не знойдзеш. Але старая не сказала пра гэта дачцэ, паказвала, што злуецца, не хваліць, што тая надумалася рабіць па-свойму.

— Ну, будзьце здаровы! — Юля завязала хустку, яшчэ раз паглядзелася ў люстэрка.— Слухайся, сынок, бабулю.

— Вазьмі хлеба, каўбасы, з'ясі ў дарозе.

— Дзякуй, мама! — пасвятлела тварам Юля і пацалавала маці ў шчаку,— Добрая вы!

— Добрая! — змахнула фартухом слёзы маці.— Я ніколі, дзіця, табе ворагам не была. Едзь, калі надумалася.

— Паеду, мамачка!

Юля пацалавала сына і пайшла на аўтобус.

Суседзі трапіліся негаваркія, маўклівыя: старэнькі сівы дзядок прыхінуўся да сцяны і драмаў, і маладзенькая дзяўчына ўвесь час глядзела ў акно ці чытала.

Юля сядзела і думала; у дарозе, калі няма з кім пагаварыць, хораша і ясна ўспамінаецца, што было ды прайшло, ацэньваецца, якім яно было ці магло быць; таксама цягне памарыць, пагадаць, уявіць сваё жыццё і сябе лепшым, шчаслівейшым.

Юля думала пра Генадзя. Прачытаўшы ліст, яна крыху здзівілася, што ён не забыў яе, і па-жаночы спагадала: як ні злавалася, але не жадала чалавеку гора. Падумала, чаму Генадзь сам не напісаў ёй, не папрасіўся: верыў у сваю ранейшую выдумку ці пасаромеўся? Прасіў знаёмую напісаць ці яна сама даведалася, вышукала неяк яе адрас і напісала? Пасля падумалася, што, можа, ён цяжэй захварэў, чым як піша знаёмая.

...Звялі іх сцежкі неспадзявана, на танцах, як часта цяпер бывае гэта ў маладых. Генадзя, высокага, шырокага ў плячах, Юля бачыла ўпершыню ў клубе.

Анька таго ж вечара пайшла дамоў з сябруком Генадзевым. Юля не падала за хлопцамі, нават баялася іх, помніла перасцярогі маці.

У леспрамгасе многа хлопцаў, і чубатых, і лысых, і «рабацяг», і начальнікаў, спрабавалі загаворваць з ёю, падкочваліся з падарункамі, але, убачыўшы яе асцярогу, нават вясковую дзікаватасць, хутка адыходзілі.

Аднойчы Юлю на роўнай дарозе, як кажуць людзі, спаткала бяда: адною нядзеляю, калі асабліва было сонечна, ярка на дварэ, яна каталася з сяброўкамі на лыжах. Паехала з высокай гары, не ўтрымалася, кульнулася ў снег і вывіхнула руку.

Наверсе смяяліся, аж браліся за бакі. Калі яна, паспрабаваўшы падняцца, войкнула і зноў упала, усе затрывожыліся, пад'ехалі і абступілі яе.

Яна плакала. Генадзь скінуў з яе ног лыжы, узяў Юлю на рукі, панёс у пасёлак. Юля абшчапіла яго за шыю, сцінала зубы і ціха войкала ад болю, нават не саромелася, што яе нясе на руках хлопец, пра якога не зусім добра гавораць у пасёлку, якім страшаць пажылыя кабеты маладых неразважлівых дзяўчат. Яна захвалявалася, разгубілася, калі назаўтра Генадзь прыйшоў праведаць яе, прынёс цукеркі, варэнне.Ён пасядзеў ля яе хвілінку і хутка пайшоў. I Юля пашкадавала, што яна, такая сумная, не зацікавіла яго.

Неспадзявана Генадзь зноў наведаўся, а пасля перастаў хадзіць. Юля чакала яго, і хацела гэтай сустрэчы, і баялася яе. Яна нават баялася падумаць сабе, што нечакана закахалася ў незнаёмага хлопца.

...Помніцца, у той зімовы позні вечар было цёмна, шэрым здавалася поле, асабліва густым і чорным выдаваў лес, і не відаць было, як сыпаў ціхі начны снег; толькі пры святле, што падала з акон, бачылася, як цярусяцца сняжынкі, якія яны белыя і пушыстыя.

— Я сіраціна,— гаварыў Генадзь,— бацькі мяне згубілі ў вайну. Нават не ведаю, ці сапраўды я называюся Генадзем. Колькі ні пісаў ды людзей ні прасіў — так і невядома, адкуль з'явіўся, нібы бусел мяне ў два гады ў Мінск прынёс.

— Дык ты сам з Мінска? — спытала Юля.

— Відаць,— адказаў Генадзь.— Адзінокі во цяпер як пень.

— Затое ёсць сябры,— сказала Юля.

— I ты,— узрадаваўся Генадзь і прыхіліў яе да сябе.

Юля здзіўлялася, гадала, чаму ён такі чалавек: на людзях нахабны, сярдзіты, нават злосны, не можа жыць, каб не абразіць каго, а застаўшыся з ёю адзін, губляецца, саромеецца, загаворвае пра сваіх невядомых бацькоў, сваё няўдалае жыццё.

Тым вечарам яна ўпершышо зайшла на кватэру да Генадзя. Хлопцаў дома не было, паразбягаліся недзе па пасёлку. Юля і Генадзь гулялі ў шашкі, пілі гарачы чай.

Нечакана патухла святло. Стала вельмі цёмна, ціха, здаецца, нават чуваць было, як шаргацеў на двары снег.

Генадзь перасеў да Юлі, абняў яе за плечы. Ёй стала страшна, а Генадзь гладзіў яе валасы, ціснуў сваю шчаку да яе шчакі. Яна адчувала, як штосьці незнаёмае туманіць ёй галаву, і Генадзь, відаць, адчуваў гэта: пачаў моцна цалаваць яе.

— Пусці, Генадзь,— папрасіла яна, але такім ціхім, нязлосным голасам, што ён не звярнуў на гэта ніякай увагі, а можа, і зусім не чуў яе слоў. Юля не магла адштурхнуць яго...

 

14

 

Цягнік у Мінск прыбыў своечасова, спазніўся хіба на якія дзве- тры хвіліны.

Юля ўзяла свой чамаданчык і выйшла на перон. Сталіцу яна крыху ведала: прыязджала колькі разоў, ездзіла гасцяваць да цёткі. Цяпер яна выпіла з дарогі шклянку газіроўкі, падалася ў вакзал.

Білет ёй удалося ўзяць хутка. Перакусіла ў буфеце, пахадзіла па гулкіх залах і не магла нідзе знайсці месца, каб прысесці: усё пазаймалі людзі — сядзелі, драмалі ці чыталі газеты.

Юля падалася да кніжнага кіёска, каб купіць на дарогу якую кнігу, і ўбачыла знаёмы твар. Прыгледзелася, прыслухалася. Вельмі знаёмым здаўся ёй і голас.

Так, гэта была яе сяброўка, Анька.

Юлі здалося, што Анька таксама згледзела яе ў гэтую хвіліну, але паўглядалася толькі адно імгненне, тут жа адвярнулася, па- ранейшаму гаварыла з нейкай жанчынай.

— Аня! — Юля кранула сяброўку за руку.

Тая хутка павярнулася і так здзіўлялася, што Юля зразумела: Анька заўважыла яе раней, але не хацела сустракацца.

— Ой, Юлька! — прытворна ўзрадавалася Анька, абняла і пацалавала ў шчаку.— Так прыфранцілася, што я цябе не пазнала... Куды ты выбралася?

— Ой, Анечка,— уздыхнула Юля,— гора ў мяне. Вось еду па бядзе.

— Што такое?

— Гена ў бальніцы,— сказала Юля.

— Напісаў усё-такі?

— Знаёмая пісьмо прыслала, напісала, што мучыцца ён без нас даўно, зблажэў зусім...— Юля дастала з сумачкі пісьмо і падала Аньцы.

— Любіць ён цябе,— прачытаўшы, сказала тая,— Паспрачаліся вы, раз'ехаліся, думаў мо: едзь, выжыву і без цябе. Цяпер не вытрываў, ные сэрца, што недзе ёсць сын, ты, вось і перажывае. I ў цябе злосць, відаць, адышла...

— Адышла,— сказала Юля.

— Ты яшчэ ўсё можаш паправіць,— уздыхнула Анька.— Паспрачаліся, пажылі адно без другога і ўбачылі, што вам трэба быць толькі разам.

— Ну, а як ты жывеш, Анька? — спытала Юля.

— I не пытайся...

— Не памірыліся?

— А мы і не злаваліся, не спрачаліся,— сказала Анька.— Мы абое ўбачылі, што ўсё не так, як мы думалі. I мы мучымся, і дзеці сталі прыслухоўвацца. Пазіраюць на нас і здзіўляюцца...

— Ты яго зусім не любіш?

— Я яго, Юлька, ніколі не любіла,— прызналася Анька, — толькі спачатку думала — прывыкну, зжывуся, абы па-чалавечы жыць пачаць...

— Нялёгка табе,— паспачувала сяброўцы Юлька,— як і мне.

— Яшчэ можа і цяжэй. Ты хоць цяпер у штосьці верыш, на нешта спадзяешся...

— Я ніколі і не ганялася за лёгкім шчасцем,— сказала Юлька.— Жыла, верыла, кахала і даражыла гэтым каханнем, таму спадзявалася і цяпер спадзяюся на сваё шчасце.

— А я вось вузялок завязала, самой і развязаць прыйдзецца,— прамовіла Анька.— Ты цягніком паедзеш?

— Цягніком.

— Ну, шчасліва табе,— скупа ўсміхнулася Анька.— Калі любіш, то едзь, не любіш — лепш не ехаць.

— Паеду,— сказала Юля.

— Ну, дай табе бог шчаслівай долі.— Анька прыцягнула Юлю да сябе і пацалавала, хацела яшчэ, мусіць, штосьці пажадаць, але не сказала, адвярнулася; выцерла хустачкай вочы і пайшла ў горад.

Юля выйшла з вакзала і пачала глядзець услед Аньцы. Глядзела і здзіўлялася: Анька, прыгожая, стройная дасюль, шчаслівая, стала нейкая маленькая, згорбілася, і кожны, хто раней ведаў яе, відаць, цяпер здзівіўся б гэтаму.

 

15

 

Гарадскую бальніцу Юля знайшла хутка. Распытала, даехала з вакзала аўтобусам і прайшла крыху.

Убачыўшы бальніцу, разгубілася — не ведала, як сустрэцца з Генадзем, што сказаць яму. Ды як ён выглядае, трымаецца цяпер?

Прыпынілася ля варот, удыхнула на поўныя грудзі паветра, пастаралася аддыхацца, супакоіцца, прыдумаць, што сказаць. Тое, што прыходзіла ёй у галаву за дарогу, здавалася цяпер няёмкім, нядобрым, а то і недалікатным.

Юля пастаяла, так і не супакоіўшыся пайшла ў бальніцу. Яна думала, што цяпер на яе глядзяць з усіх акон, але хворыя, урачы хадзілі спакойна па двары і на яе не зважалі.

Юля зайшла ў бальніцу, патапталася. Убачыла маладую прыгожую дзяўчыну, якая сядзела за сталом і пісала,

— Добры дзень! — нясмела павіталася Юля.— Выбачайце, скажыце, як мне ўбачыць Генадзя Матусевіча?

— З якой палаты? — спытала дзяжурная.

— Я здалёку прыехала, не ведаю,— адказала Юля.

— Як прозвішча хворага?

Юля паўтарыла.

— А, ведаю,— ажывілася сястра, палажыла ручку,— гэта шафёр той.

— Скажыце, што з ім? — падалася да яе Юля.

— Не бойцеся, нічога страшнага,— заспакоіла яе дзяўчына,— звычайны пералом нагі.

— А я абы-што думала,— сказала Юля, села і выцерла лоб хустачкаю.— Ну, дзякуй богу, што добра ўсё.

— Вылечым вашага мужа,— прамовіла сястра.— Ваш чалавек сумаваў толькі, што да яго ніхто не прыходзіць.

— Я не ведала...— сказала Юля і апусціла вочы.— Сяброўка толькі на днях напісала...

— Вы хочаце яго пабачыць?

— Хачу,— сказала Юля, адзела белы халат, бальнічныя тапачкі і не сваімі, як драўлянымі, нагамі пайшла ўслед за сястрой...

— Вось,— сказала сястра і піхнула нечакана дзверы. Юля зайшла ў палату, адразу ўбачыла з правага боку пакоя накрытага прасціною чалавека, які ляжаў тварам уніз.

— Матусевіч! — паклікала сястра.

Хворы і не варухнуўся.

— Спіць,— сказала дзяўчына.— Вы пасядзіце, адпачніце.

Калі сястра выйшла і зачыніла за сабою дзверы, Юля ўзяла крэсла, ціхенька паставіла яго ля ложка, села.

Генадзь павярнуўся, прасціна спаўзла з яго плячэй, і Юля ўбачыла знаёмы твар, толькі ёй здалося, што на ім з'явілася болей маршчынак. Паўглядаўшыся, яна ўбачыла на яго скронях сівую валасінку.

— Спі, Генка,— прашаптала яна, нахілілася і пацалавала мужа ў скронь.

Генадзь падняў галаву, глянуў на яе. Юля таксама глядзела на Генадзя, але паступова бачыла яго менш і менш: вочы засцілалі слёзы, яна нават сама не ведала, чаго плакала.

— Юля! — выдыхнуў Генадзь.

— Я, Генка,— сказала яна, падалася, і яны модна пацалаваліся.

— Калі ты прыехала?

— Толькі што,— прамовіла Юля.— Прыехала ў Вішнёўку, хата на замку. Сказалі суседкі, што тут ты... Напалохаў ты мяне...

— Адкуль ты ўведала?

— Суседка напісала,— сказала Юля.— Што ты зрабіў з нагою?

— Дрэвам прыціснула ў лесе. Ты адна прыехала?

— Адна. Пашкадавала Пецьку разводдзем цягаць.

— Як ён там?

— Добра. Гуляе з бабаю, а я на работу ў школу хаджу.

— Нядобра ў нас выйшла,— сказаў Генадзь.

— Пецька падрос, поўненькі такі,— Юля дастала з сумачкі здымак і падала мужу.— Усё не можа дачакацца, калі татка прыедзе і веласіпедзік прывязе.— Пасля яна не вытрымала і хліпнула: — Толькі крыўдзяць яго дзеці...

Генадзь узяў здымак, моўчкі глядзеў на свайго сына, і відаць было, як у яго калаціліся рукі. Ён пазіраў доўга, з нейкім добрым замілаваннем.

— Чаму крыўдзяць? — спытаў ён.

— Бязбацькавіч...

— Ляжаў я тут і думаў: папраўлюся, стану хадзіць — паеду да вас, трэба разабрацца... — гаварыў Генадзь, і Юля адчула, што перадумаў шмат за тэты час і ён.— А я ўжо і забыўся, які Пецька... Ляжу, успамінаю і не магу ўбачыць...

— Вялікі. Спрабуе маляваць,— усміхнулася Юля.— Са мною ў лес ездзіць, пілуе дровы.

— Нашто ты яго мучыш?

— Сам просіцца. Кажа: «Мама, вырасту, падужэю, буду за цябе рабіць, не дазволю крыўдзіць цябе...» — Юля расказвала і расчулена плакала.— Каб не ён, то мне і цяжка было б, а так пагаворым, загуляемся — лягчэе на душы...

— А я адзін быў,— прамовіў Генадзь, і Юлі стала шкода яго, як і сына.

— Ты, Генка, і цяпер верыш таму, што гаварылі пра мяне? — спытала яна.

Генадзь пачырванеў, не ведаў, што сказаць.

— Не было нічога,— сказала Юля. Хваліўся Толя, а людзі паўтаралі яго словы, прыбольшвалі.

— Вінаваты я моцна... Не магу табе ў вочы глядзець...

— Разлюбіў ці другую маеш? — насцярожылася яна.

— Не маю я другой,— сказаў Генадзь,— але што гаварыць. На, пачытай вось,— і ён выхапіў з-пад падушкі ліст і падаў Юлі.

«...Я тож, Гена, надумаўся выязджаць адсюль,— чытала Юля.— Ты, стары, не памыляешся: трэба пачынаць жыць інакш, па-чалавечы. Жыццё даецца нам адзін раз, і трэба яго добра пражыць.

Заехаць развітацца да цябе не магу. Прызнацца, часу хапае, і гадзін колькі пахадзіў ля тваёй бальніцы. Рашыў перадаць гэта пісьмо, не магу асмеліцца сустрэцца з табой. Ты прабач, стары; мы былі добрымі сябрамі, нямала разам папрацавалі, але я не заеду паціснуць табе лапу.

Многа гадоў я быў вялікім дурасліўцам, такім жа, як і ты, я зайздросціў табе і па зайздрасці адпаліў адну агіднасць. Ты, канечне, помніш, не забыў яшчэ Юлю. Ты хадзіў з ёю, ажаніўся, а я кіпеў, праклінаў цябе, бо яна і мне падабалася. Адбіць яе ў цябе я не мог, дык вось па дурной галаве я рашыў звесці вас. Я наўмысна аднойчы пры выпіўцы, ведаючы твой гарачы характар, тваю помслівасць, нагаварыў пры хлопцах на Юлю...

I на тую сустрэчу яна прыйшла не дзеля мяне, а дзеля цябе; ёй я сказаў, што выклікаеш ты, а цябе я падкалоў: прыходзь, глянь, як буду сустракацца з тваёй «улюблёнай, чэсненькай...»

Юля не стала далей чытаць, успомніла Толіка, рыжага шафера, Генадзевага сябра, які сапраўды спрабаваў, калі яна была ў леспрамгасе, бегаць за ёю.

— Ну, вось і добра,— сказала Юля.— З крыўды я не выскачыла замуж, а ты ведаеш, што я не вінавата, што не падманьвала цябе.

— Думаеш, мне лягчэй ад гэтага? — спытаў Генадзь.

— Я тож добрая была...— сказала Юля.— Не пагаварыла з табою, сабрала манаткі і з'ехала.

— Не варты я цябе, Юля.

— Ты пра сына не думаеш,— папракнула Юля.— Каб думаў, шкадаваў, то не дапусціў бы, каб яго бэнсем называлі. — Юля закусіла вусны, адвярнулася.— Пра мяне тож падумаць не хочаш... Гавару ж табе, знаходзіліся людзі, заступаліся, бралі, а мне так хацелася, каб у дзіцяці родны бацька быў, каб і я, маладая, шчасця паглядзела. А аднаму — сам ведаеш, як жыць...

— Прабач, Юля! — Генадзь схапіў яе пасівераныя, паабдзіраныя таркаю, не раз парэзаныя нажом рукі і стаў цалаваць іх, закрыў імі свой твар. I яна ўпершыню ўбачыла, як скупа, але моцна можа плакаць мужчына.

— Ой, я і забылася! — схапілася Юля, узяла сумку і дастала адтуль кольца каўбасы, булку хлеба, агуркі і слоік соку.

Генадзь расчулена ўсміхаўся, выціраў вочы і дзякаваў.

— Спрабуй, сама рабіла,— частавала яго каўбасою Юля.— Мацуйся, каб хутчэй стаў на ногі. Я ў цябе і не спытала,— працягвала яна і складала ў столік прыпасы,— як ты падлез пад тое дрэва?

— Засела машына, нахілілася, я аглядаў яе, а ланцуг ў гэты час не вытрымаў.

— О божа! I ты адзін толькі быў у лесе?

— Адзін,— усміхнуўся Генадзь.

— Мог бы і змерзнуць пад бярвеннем,— сказала Юля, і ёй стала страшна.

— Я сам амаль выбраўся, ды і хлопцы, не дачакаўшыся мяне, выехалі насустрач.

— Дзякуй богу, што ўсё так добра абышлося,— узрадавалася Юля.— Магло і горай быць. Аж страшна падумаць.

— Спачатку дома ляжаў,— расказваў Генадзь,— пасля, калі нядобра ступіў і разбалелася нага, сюды забралі, сказалі ляжаць.

— I сам есці варыў сабе? — здзівілася Юля.

— Надзя карміла. Зварыць дома булёну і мне ў місачцы нясе... Грошы пасля даваў, не ўзяла.

— Надзя — добрая жанчына,— сказала Юля — ведала сваю суседку,— Ну, а я, мусіць, паеду, бо на цягнік спазнюся.

— Куды паедзеш? — спытаў Генадзь і захваляваўся.

— Паеду ў Вішнёўку, пагляджу кватэру, пасля з'езджу да мамы, забяру Пецьку.

— Толькі хутчэй, Юлька, не затрымлівайся,— Генадзь прыцягнуў яе і абняў.— Надакучыла мне аднаму...

— I мне,— прызналася Юля,— і па табе засумавала...

— А я, каб ты ведала...— Генадзь моцна пацалаваў яе і не адпускаў ад сябе.

— Ну, добра, Генка,— прашаптала яна,— я хуценька. Толькі хацелася б маме памагчы бульбу садзіць і дроў навазіць.

— Паздаравею — удваіх тады паедзем.

— Ну, добра, не затрымаюся. На гэтым жа тыдні з сынам у цябе будзем,— абяцала Юля.— Хопіць, набылася адна...

Генадзь аддаў ключы ад кватэры, якую ім летась даў леспрамгас, і Юля выйшла з палаты.

...Разгубленая, радасная, Юля стаяла ў сваёй кватэры, на кухні, у якой не была з восені. Трымала ў руках сумку і не здагадвалася яе пакласці, як не надумалася і сесці, і глядзела на ўсё знаёмае, сваё.

На тым жа месцы, на цвічку ля дзвярэй, вісела яе фуфайка, без аднаго гузіка, з вышмальцаванымі локцямі, ледзь вышэй яе звінеў лічыльнік, на якім ляжала парудзелая разліковая кніжка.

На лаве стаяў посуд; кантэйнер быў адчынены, у ім ляжала булка сухога хлеба.

Юля зайшла ў другую палавіну хаты, убачыла такія ж, як і на кухні, цёмныя фіранкі, запыленую накрыўку на тэлевізары.

На стале стаяў будзільнік і не цікаў, і ад таго ў хаце было так ціха, што яна пачула, як вые ў коміне вецер. Глянула на грубку: каля дзверцаў адскочыла гліна, і часта, відаць, з-за гэтага дыміла — быў цёмны стаяк.

«Што значыць, калі хата пабыла на замку»,— падумала Юля, падышла да стала і завяла гадзіннік. Адразу прапала цішыня.

Тады яна адчыніла дзверы, каб праветрылася хата, палажыла сумку, узяла вядро і пайшла па ваду. Пашаравала вядро і некалькі разоў выпаласкала яго. Наліла поўнае вады і прынесла ў хату. На месцы, пад столікам, ляжала і ануча мыць падлогу.

Намачыла венік і спырскала хату. Тады зняла з акон фіранкі, паразбірала пасцелі і пачала выціраць з шафы, плафона, сцен пыл, сабрала і запхнула ў грубку старый газеты.

Успомніла пра свой і Генадзеў партрэты, што віселі ў спальні. Рамка і шкло былі так запылены, што не відаць было твараў. Юля абцерла фартухом — партрэты ажылі, а яна, здаецца, на здымку ўсміхалася; недзе здалёку, з вачэй бачыўся шчаслівы смех.

Пасля яна стала мыць падлогу. Падумала, што трэ было прынесці вады ў чыстым вядры і паставіць грэць — мыць посуд. Пайшла на кухню і не ўбачыла гэтага вядра — можа, узяла суседка, але да яе заходзіць не хацелася. Можна прынесці вады і ў чайніку ці каструлі.

Яна пачала выціраць падлогу, і тая свежа блішчала, ажно можна было глядзецца.

 

16

 

Юля зірнула на Генадзя — высокага, у выцертым асеннім паліто, вушанцы — і падумала, якая яна ўсё-такі дзіўная: столькі гаравала, чакала ўсё Генадзя, верыла, што пачнуць добра жыць, адыдзе ўсялякая горыч.

А Генадзь, стомлены дарогай, непаголены, вельмі ўжо смешны ў караткаватых штанах, худы і слабы ад хваробы, спакойна ішоў, углядаўся ў незнаёмыя мясціны, штосьці думаў сваё... I такіх людзей, як ён, звычайных, нечакана падумала яна, відаць, ёсць многа на свеце.

«А ён самы харошы, і толькі адна я, можа, гэта ведаю»,— Юля тарганула Генадзя за рукаў.

...Нечакана мяккая вясновая цішыня прарвалася — палілася па наваколлі шчырая і радасная песня. Юля і Генадзь глянулі ўверх: недзе зусім блізка, у сіняй бездані неба, звонка і чыста выспеўвалі нябачныя жаўранкі, радуючыся, што прыляцелі з далёкіх краін у родную старану, на свае знаёмыя палі, перацярпеўшы ростань, вялікую дарогу, а цяпер пачынаюць нанова жыць.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Цяпло на першацвет. Аповесці i апавяданні. Мн., «Маст, літ.», 1976. - 272 с.
Крыніца: невядомая