epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрык Равускі

Успаміны Пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага

Фрагмэнт (Пан Агінскі, Тадэвуш Рэйтан, Сурлянскі кляштар)

ПАН АГІНСКІ
ТАДЭВУШ РЭЙТАН
СУРЛЯНСКІ КЛЯШТАР


ПАН АГІНСКІ

 

У даўныя часы цярплівы дбайны шляхціц, які меў гаспадарку і статак, заўсёды ў кавалку хлеба мог быць пэўны. Ды й служба па магнацкіх дварах была ня ў крыўду; пан быў апекуном слугі, а калі па-бацькоўску й караў, то па-бацькоўску накіроўваў на жыцьцёвы шлях. Але ня кожны мог даступіцца да двору магнацкага без заслуг бацькі альбо крэўных сваіх ці якіхсьці дабрадзеяў, што ўзяліся б паручыцца. Што да мяне, то на ўсё была Воля Боская, бо прасіць за мяне не было каму. Бацька мой памёр, калі я яшчэ быў пры грудзях матчыных, а калі б і жывы быў ён, шляхціц з засьценку, памяркоўна свайго кавалка ральлі пільнаваўся б; дзе там засьцянкоўцу даступіцца да магната! Маці мая другі раз выйшла замуж, айчым ня вельмі быў рады трымаць мяне ў доме, бо быў бедны ды й уласных дзетак дачакаўся; але Пан Бог сірат не пакідае. Калі мне сем гадкоў мінула, вуй мой, (ён быў возным у Наваградку, дзе меў двор з кавалкам зямлі), зьлітаваўся нада мной і, хоць былі свае двое дзяцей, забраў да сябе. А ўжо потым я, калі выбіраўся ў людзі, дзецям ягоным, хоць і часткова, але, прынамсі, сплаціў з таго, што быў вінен іхнаму бацьку, і маю невялікую дапамогу Пан Бог так паблаславіў, што ўнукі майго вуя кланяюцца людзям ад ветлівасьці і сардэчнасьці, а не з патрэбы. Вуй жыў з вазьнёўства і штодзень яму які тынф перападаў, а часам і залатоўка ў доме зьяўлялася. Вуенка студэнтаў на кватэру брала. Я ж, то боты дарэктарам чысьцячы, то ў касьцёле з брацтвам сьпяваючы, то гарод полючы, змала з працай звыкаўся, што мне потым вельмі прыдалося. Дарэктар у нас разам са студэнтамі кватараваў, сам жа ён быў студэнтам чацьвертае клясы. Ён так навучыў мяне чытаць і пісаць, што ксяндзы-езуіты прынялі мяне проста ў Infimu, не праходзячы Proformy. Вучыўся я спачатку па кніжцы пана дарэктара, але потым вуенка купіла мне Alwara, і ўжо са свайго я вучыўся паволі і старанна, бо штодня вуй мне казаў: «Севярынку, вучыся, не марнуй часу! Пакуль ты малы — я кармлю і апранаю цябе, але як вырасьцеш, усё гэта самому зарабляць трэ будзе, а не жабраваць». І я, бывала, так ляскаўся, каб дзедам прыкасьцельным ня стаць, што з плачам так вучыў і вучыў Alwara на памяць, што перад вакацыямі атрымаў па граматыцы перавод у наступную клясу. Пазьней наш дарэктар уступіў у закон, а я на ягоным месцы стаў дарэктарам і меў па трыццаць тынфаў у квартал. У хуткім часе апанчу я зьмяніў на грэдутуравы кунтушок і дымчаты жупан з пасам напаўядвабным, вуй аддаў мне бацькоўскі палаш, — так што ў нядзелю ці ў сьвята можна было з годнасьцю выйсьці на вылюдзьдзе. І вуявага хлеба я ўжо дарма ня еў, бо перапісваў яму справаздачы і заўчасна прывыкаў да права, і што з retoryki ў праўнікі не пайшоў, то на тое падзейнічала наступнае здарэньне, якое ў зусім іншы сьвет мяне занесла.

Езуіты ў Наваградку ўжо даўно стварылі Кангрэгацыю Марыі; быў і я кангрэгатам і да сяньня пацеры змаўляю з паляцыю. Пасьля сьмерці князя Радзівіла, ардыната Клецкага і Троцкага кашталяна, прэфэктам Кангрэгацыі стаў Ягамосьці Агінскі, ваявода Віцебскі; мяне ж ксёндз рэктар за тое, што я шмат працаваў і прыслугоўваў прафэсарам, прызначыў маршалкам Кангрэгацыі; маршалкаў нас было двох: адзін з канвікту, другі з пансіённых. У нашыя абавязкі ўваходзіла насіць жэзлы перад прэфэктам і стаяць пры ім пад час набажэнства. Калі Ягамосьці ваявода ў дзень Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны прыбыў у Наваградак, айцы езуіты зь вялікай урачыстасьцю аддалі яму прэфэктуру кангрэгацыі. Я, як маршалак, зьвярнуўся да яго з прывітаньнем на лаціне, якое сам склаў ды потым трохі падправіў ксёндз Нарвойш; я вывучыў яго на памяць, гаварыў сьмела і, як людзі казалі, з добрай дэклямацыяй, так, што адразу быў заўважаны Ягамосьці ваяводам. Ён распытаў пра мяне ксяндза рэктара, які, як аказалася, вельмі мяне хваліў. Пасьля набажэнства ён сказаў мне зайсьці да яго, даведаўся, што я ўмею, а каб праверыць, ці добрую маю руку, прасіў напісаць што-кольвечы. Я напісаў яму колькі вершаў Каханоўскага, а зьнізу з прычыны, што Ягамосьці ваяводы імя было Багуслаў, ад сябе дадаў на лаціне: Ingentem Boguslao detero cultum, a me minimo exselsus tibi honor. Яму гэта так спадабалася, што ён паслаў па майго вуя і сказаў яму, што хоча ўзяць мяне ў свой двор. Пасьля гэтых словаў і вуй, і я ўпалі яму ў ногі і зараз жа з дазволу майго пана пайшлі зьбіраць маё драбноцьце і разьвітацца з вуенкай. Не абышлося гэта бязь сьлёз, асабліва з майго боку, бо ажно два разы я расплакаўся: раз — расчуліўшыся, а другі раз — з болю. Вуек, бласлаўляючы мяне, падарыў чатыры залатоўкі і сказаў наступныя словы: «Севярынку, дбай пра тры ласкі. Па-першае, пра ласку боскую, удругарадзь, пра ласку панскую і, па-трэцяе, пра ласку людзкую. Усе мае апякунскія правы я складаю на Ягамосьці ваяводу, пана твайго, а каб, служачы яму, ты не забываўся, што такое ўлада апякунская, то ў астатні раз яе і ўжыю». Ён загадаў мне легчы і трыццаць батагоў мне адлічыў, якіх я ніколі не забудуся, бо так шчыра яны былі дадзеныя. Добра заплаканы, вярнуўся я ў кляштар, дзе спыніўся Ягамосьці ваявода, і які, бачачы мае сьлёзы, уважыў іх за доказ чульлівасьці, хоць яны і не былі адзіна з таго.

Ваявода загадаў падарожнаму канюшаму, каб даў мне каня, на якім я мусіў суправаджаць ягоную карэту. Апроч двох ваяводзкіх разьежджых, якіх я часам, бывала, купаў у рэчцы, ніколі не здаралася мне сядзець на кані, асабліва прыстойна; але дзякуючы крыві польскай мне й за гэтым разам пашанцавала. Бо калі, выехаўшы ўжо з чвэрць мілі за места, Ягамосьці ваявода агледзеўся, што забыўся ў кляштары акуляры, то я завярнуў каня ў места, як укапанага спыніў яго на кляшторным дзядзінцу, адшукаў шкоду, затрымаўся каля ратушы, каб купіць абаранкаў, і, трымаючы ў руцэ акуляры, вярнуўся да пана; а ён мне за гэта падараваў таго самага каня, на якім я меў шчасьце зрабіць яму першую паслугу. Прыбыўшы ў Слонім, дзе Ягамосьці ваявода як стараста Слонімскі часта засядаў, ён загадаў паклікаць пана Шукевіча, маршалка ягонага двору, які тымчасова меў тытул лоўчага Ведэнскага (а памёр падстаростам Слонімскім), і аддаў мяне пад ягоны нагляд як свайго пакайнічага, а таксама паведаміў, што я буду працаваць у ягонай прыватнай канцылярыі. Пан лоўчы Шукевіч паходзіў са старога шляхецкага роду, пад Слонімам меў два спадчынныя фальваркі; ён, як муж разумны і сумленны, часта быў пасярэднікам пана ў ягоных публічных і іншых інтарэсах, а шматлікі двор ў вялікім паслушэнстве ўмеў трымаць. Мне была прызначана плата ў трыста тынфаў у год, аброк на аднаго каня, кватараваньне з двума іншымі пакайнічымі, сынамі абыватальскімі, і месца ля столу маршалкавага. Паводле дваровага звычаю, прынятага на пакайнічага шляхціца маршалак прыбіраў у мундзір дому Агінскіх: у кунтуш з саеты пэрловай, зялёны атласны жупан, гэткі ж ядвабны пас з залатымі квяткамі і фрэндзлямі, зялёную шапку з рудой аўчынкай і чырвоныя боты. У гэтым строі трэба было заўсёды знаходзіцца ў пакоях, а надалей абнаўляць яго за свой кошт. Але на ўступнай пачостцы з дваровымі і пакайнічымі собіла мне абліць свой мундзір чымсьці так, што з чатырох залатовак, якія даў мне вуй, я мусіў адразу выдаткаваць ажно тры.

Укаротцы я асвойтаўся ў магнацкім дворы і хутка зразумеў сваю службу; спаміж прыдворных і пакайнічых быў я найбяднейшы, бо ўсе яны былі панскімі дзецьмі, той-сёй жа і сам панам і, угаджаючы кожнаму, быў я ўва ўсіх у ласцы, пачынаючы ад пана лоўчага Ведэнскага, які часта калегаў маіх выклікаў на кабэрца, ды на мяне ані разу нат голасу ня ўзвысіў. А гэта ўсё таму, што аднаго разу, калі я быў зь ім на кірмашы ў Сталовічах — мы куплялі сукно на лібэрыі прыдворным, — і адзін таварыш панцэрнага з харугві Ягамосьці князя Сапегі, ваяводы Троцкага, прычапіўся да яго і пачаў шукаць прычыны ў маёй прысутнасьці дзеля бойкі, я кінуўся на абарону майго зьверхніка. Пачаў быў ён яго ўгаворваць, ды той нахабнік у запале не задаволіўся тым і яшчэ больш напорыста лез яму ў вочы. Я, хоць таварыш панцэрнага званьня і большага, чымся пакайнічы, няхай сабе й бедны слуга, але ўважаў сябе за шляхціца і, адчуваючы моцную падтрымку, — агаліў шаблю. Нашу на твары памятку па тым, але й той дастаў добра па руцэ. Пан лоўчы не забываўся, як я ягоны гонар абараніў, і таму як найвыгодней заўсёды выстаўляў мяне перад панам. Адшукаў я гэтым павагу і ў маіх калегаў; бачачы мяне з патыліцы, як я налягаў на пяро, доўга думалі, што шаблю я маю толькі для аздобы, а сам сябе паставіў я так, што ні ў якія зьвягі пры двары не ўступаў ні з кім і почасту цярпліва зносіў іхныя папікі, але выпадак з панцэрным засьведчыў, што я ня з тых, хто кідаецца з матыкай на сонца, — пачалі паважаць мяне як чалавека спакойнага зь перакананьняў, а ня з боязі.

Гэтак, ня маючы незычліўцаў, працуючы пад апекай Ягамосьці ваяводы, змоладу маючы ў яго давер, мог бы і я выйсьці ў паны яснавяльможныя, каб не ягоная сьмерць на пачатку Барскай канфэрэнцыі. Штодня малюся за душу майго першага пана, бо ведаю, што ён думаў зрабіць для мяне; а перадусім яму павінны я за тое, што дзяржаўным мужам служыў. Памяць пра першую паслугу ім ніколі не перастане цешыць мне душы, і няхай гэтая мая рэляцыя зацікавіць калі-кольвечы ўнукаў маіх, распаліць у іхных сэрцах тую любоў да свайго, якою да сяньня палаць я ні на хвілю не перастаў.

Пасьля сьмерці Аўгуста ІІІ мой пан, як і ўсё сумленнае панства і мы, шляхта, уважаў за лепшае для сябе, каб каралём быў абраны каралевіч. Паўсюль цяпер пішуць, што Аўгустоўцы былі гультаяватыя, спаілі Польшчу, што нашае мовы ня ведалі і што ўсё-ткі нам лепей мець Пяста, чымся чужога... Зараз і я з гэтым згодны; але тады шляхта прывыкла да роду, які больш за шэсьцьдзесят гадоў над ёй панаваў. За каралямі Сасамі была свабода; было кепска, але было й добра, ды галоўнае, што за іх былі ўсе. Больш прыстойна было шляхце і панам блудзіць са сваімі, чымсьця ісьці слушна з чужымі. Дык вось, значыцца, стольнік літоўскі на трон уступаў; усё сумленнае панства, ня доўга радзячыся, змовілася на ўсім краі распачаць канфэдэрацыю. Зьяжджаліся, высылалі адзін да аднаго патаемных ганцоў, і ўсё йшло да выбуху. Але няпроста было распачаць гэта, бо край быў наводнены чужымі войскамі так, што нельга было прашчаміцца з аднаго ваяводзтва ў другое праз шматлікія заставы, якія праежджых затрымлівалі і шукалі лістоў. Патрэбна была асьцярожнасьць, а тут князь ваявода Віленскі Радзівіл і Ягамосьці Пан староста Зёлаўскі падганялі й падганялі майго пана, каб пачынаў як мага хутчэй, бо прызначылі яго першым міністрам і забавязваліся дапамагаць кіраваць. І слушна абралі, бо гэта была вялікая галава. Але ён усё марудзіў, каб дачакацца вестак з Украіны і ад крымскага хана, якія спадзяваўся атрымаць кожнае хвілі. А пан Богуш, які потым быў генэральным сакратаром Барскай канфэдэрацыі, усё заседжваўся ў майго пана, дзе міжсобку яны радзіліся, і хоць я быў за пісара — ледзьве празь дзясятае даўмеўся пра што, — гэткія былі асьцярожныя. Аж тут аднойчы зрана, а чацьвёртай на досьвітку ў перадпакой спальні пана, дзе я быў на варце, прыходзіць нейкі казак і просіць у мяне неадкладнай сустрэчы зь Ягамосьці ваяводам. — Скажы ж, браце, а што ў цябе за справа да яго?

— Ото везу ему гостыньца од пана моёго Потоцкого, подчашого Літоўского; він ему прысылае дві фуры слывок. На сылу тут прывіз, бо по дорозі всякі задэржуе, а пытаецца: маеш пісьмо? Ото ест лыст од моёго пана. То відбірают ліст, да старшыны нэсуць, а після віддают. Того было зэ двадсат раз, а шчо мэні слыв покралы! і половыны іх нэма.

— Ну то пачакай жа троху, хай пан прачнецца.

— Панычу! Пусьцітэ мэне до Ягомосьці, бо я нэ могу ждаты.

— Ты што, мой каханы, ашалеў ці што, каб я з-за нейкіх сьліў будзіў пана? Пачакай гадзін пару, а калі хочаш, то выпі гарэлкі і пасьнедай, і не настойвай, каб я пану адпачынак перарываў.

— Спасыбі за вашу мылосць, але ані пыты, ані істы нэ буду, покі нэ подывлюся на воеводу. Быйтэся Бога, пусцітэ; мыні трэба зараз ехаты до Боцёк. Збудзітэ пана, бо прысяйбогу, жэ он на вас сэрдытысь будэ, колы ся дознае, шчо вы мэнэ зараз нэ пустылы; а колы я брэшу, то поцім быйтэ мэнэ в смэрт, сам ся навіт положу.

Тады я адважыўся ўвайсьці ў спальню пана.

— Што за пільнасьць? — запытаўся ён.

— Нейкі казак прыбыў з Украіны да Вашамосьці і мае ліст ад Ягамосьці падчашага Літоўскага.

На што пан:

— Зараз жа вядзі яго сюды, — а сам усхапіўся, халат на плечы накінуў, але з гэткім посьпехам, што нават перажагнацца, устаючы з ложку, забыўся.

Я паклікаў казака, той, увайшоўшы, упаў у ногі ваяводзе і падаў яму ліст у шапцы.

— Севярыне, вазьмі ліст і чытай уголас.

Я чытаў, але там нічога такога не было, а толькі просьба, каб Ягамосьці ваявода вярнуў ягоную ўласнасьць староства Бабруйскае ці грошы за яго; а ніжэй у постскрыптум былі гэткія словы: «Адпаведна з тваім жаданьнем пасылаю табе дзьве фуры сьліў-вэнгерак з Мурафы».

Ягамосьці ваявода загадаў мне:

— Ідзі па Богуша і варачайся назад, — а сам застаўся з казаком.

Пан Богуш быў ужо апрануты і пісаў нешта пры канторцы. Неадкладна мы вырушылі разам і засталі нашага пана, калі ён наліваў келіх гарэлкі казаку. Ягамосьці ваявода і пан Богуш адышліся ад вакна і пачалі пра штосьці міжсобку шаптацца, раз-пораз пазіраючы на мяне. Потым пан сказаў мне:

— Севярыне, пайдзі ў той кабінэт і прынясі вады, мыла, пэндзаль і брытву і падрыхтуйся галіць.

Я быў зьдзіўлены, але загад панскі хутка выканаў і, чакаючы, калі пан сядзе на крэсла, пачаў падпраўляць на дзязе брытву; было мне страшнавата, бо ні разу ў жыцьці я яшчэ нікога не галіў.

Але тут пан сказаў:

— Пакладзі брытву на стол і прысягніся на сьвятым Эвангельлі, што нікому ня скажаш пра тое, што зараз убачыш і пачуеш.

Я прысягнуў, пасьля чаго пан даў знак казаку, і той укленчыў пасярод пакою, дзьверы ў які тым часам пан Богуш пазамыкаў знутры, а Ягамосьці ваявода загадаў мне:

— Севярыне, пагалі галаву гэтаму казаку.

Зь яшчэ большым подзівам я пачаў галіць, аж як паказалася скура, я ўбачыў напісаныя сэрвасэрам літары. Ягамосьці ваявода і пан Богуш наблізіліся і прачыталі наступнае: «Справу нашую пачнем першага верасьня. Порта дасьць помач».

Неадкладна Ягамосьці ваявода паслаў пана лоўчага Ведэнскага зь нязначным лістом, але з грунтоўнай інструкцыяй у Нясьвіж. Пан Богуш раз за жыда, раз за цыгана, а то зноў у сваёй асобе аб'яжджаў шляхту; не прайшло і трох тыдняў, а рух пачаўся амаль па ўсяе Літве.

Ды што з таго? Порта помачы ня дала, а мы за ўсё мусілі самі й расплачвацца. Ды цуды мужнасьці не маглі супроцьстаяць сіле і абставінам. Часам, аднак, шанцавала і нам. У Сьвіслачы, дзе я першы раз трапіў пад кулі, мы напалі на полк пяхоты; ім даводзіў генэрал Н.; ён капітуляваў і заручыўся подпісам і гонарам, што ані ён сам, ані хто зь ягонае каманды да канца вайны ў Польшчы ваяваць ня будзе. Мы паверылі і дазволілі яму адысьці, а ён праз колькі дзён зноў біўся з намі. Быў я і пад Клецкам, дзе мы з радзівілаўскім аддзелам і зборнай шляхецкай дружынай восем гадзін трымаліся супроць цэлага корпусу; там абедзьве сястры князя Радзівіла з шаблямі нагола атакавалі на чале коньніцы, але непрыяцельская артылерыя была такой моцнай, што ўсё сталася намарна. У гэнай бітве пад Аляксандрам Адынцом, мечніковічам Ваўкавыскім, які пазьней загінуў пад Сталовічамі, забіла каня, а карцеччу адарвала тры пальцы на правай руцэ. Калі б Адынец не загінуў у маладосьці, то зь яго атрымаўся б вялікі военачальнік. За колькі дзён да таго пад Стоўпцамі ён напаў быў на цэлую брыгаду і ў пух разьбіў яе, захапіў абедзьве гарматы, якія закляпаў, бо ня мог забраць. Пан Тадэвуш Рэйтан, які камандаваў ім пад Стоўпцамі, там і навучыўся яго цаніць. Калі пад Клецкам ён убачыў яго, што ён ляжыць пад канём, то заклінаў усіх, каб далі яму каня і ўратавалі ад палону; а калі ніхто не асьмеліўся паахвяраваць сабою, пан Рэйтан пад лютым агнём падаў яму свайго каня, а сам, у рукі свайго лёсу аддаючыся, сказаў:

— Ён вам больш патрэбны, чымся я, бо ніхто вам не дапаможа, а мяне калі схопяць ці заб'юць — ня так важна.

Калі б па тры пальцы страцілі ўсе прадажныя рукі, заместа пачцівага Адынца, лёс быў бы справядлівейшы.

Потым зьнянацку як сыпанулі па нас карцеччу, што мы, страціўшы палову нашых, бязладна сталі адыходзіць. І то яшчэ шчасьце, што, апасаючыся менскага паўстаньня, перасталі нас даганяць, і мы атрымалі пару дзён адпачынку, а князь ваявода — час, каб нас сабраць і павесьці на Ўкраіну дзеля злучэньня з падчашым Літоўскім.

 

ТАДЭВУШ РЭЙТАН

 

З нас, старых, сьмяюцца, што мы заўсёды радыя гаварыць пра даўныя часы і пра даўнейшых людзей. Але што ж паробіш, калі й часы, і людзі тады былі лепшыя, чымся цяпер! Нязьведаныя шляхі Боскія: Пан Бог гатовы быў пакінуць Садом, абы ў ім, прынамсі, зь дзесяток праведных знайшлося, — ды няўжо гэткай малое лічбы ў нас не знайшлося? З тым ніколі не згаджуся. Нэндзнасьць і прыгнёт бывалі частымі зьвестунамі вялікага багацьця. Таму людзі, дасьведчаныя ў навуках Боскіх, якія асягнуць можна толькі цнатлівасьцю сэрца і страхам нязьмерным, пра гэта добра ведаюць; стогнуць, як той казаў, пад нястомным дабрабытам і радыя, калі які неспадзяваны клопат перарве ім трохі клубок, снуты заўсёды прыязным лёсам.

Гэткім быў Ягамосьці Рэйтан, падкаморны Наваградзкі, якога ў маёй маладосьці меў шчасьце часта бачыць, бо хадзіў у школу з усімі ягонымі сынамі, апроч пана Міхала, які выхоўваўся ў Нясьвіжы з князем Каралем Радзівілам, гетмановічам вялікалітоўскім. Ягамосьці падкаморы быў службоўцам, якіх і даўней нат ня шмат было; бо і ў розуме надзвычайным, і справядлівасьцю быў ледзьве ня роўны сьвятым судзьдзям тым усяго людзтва Божага. А які быў пабожны і вернік!, што калі б не пакорнасьць, то мёртвых уваскрашаў бы. Ён то й быў асаблівым дабрадзеем айцоў езуітаў у Наваградку, а тамтэйшы бедны дамініканскі кляштар, дзякуючы ягонае шчодрасьці, стаўся адным з найбагатшых на Літве. Бывала, ён штомесяц склікаў законьнікаў у Грушаўку, каб разам пасьціць і рыхтавацца да споведзі, то як які вінавайца дысцыплінаю катаваў сябе і ня толькі сябе, але і ўсю чэлядзь. «Мой хлеб законны ясьце, — дык і патурайце мне», — і страху на ўвесь двор, калі зьяўляецца які дамініканец ці езуіт. І ніводны слуга ад яго не пайшоў: старэлі і паміралі ў яго, і былі настолькі адданыя, што ў агонь за яго скочылі б, хоць і быў грозны. Ды ня толькі слугі, але й жонка і дзеці былі як на духу перад ім. Шчасьце незвычайнае меў ён: з бацькоўскай спадчыны багаты, стала багацьце павялічваў сваё, хоць і здавалася, што пра яго ня дбаў. Ані спытаўся калі, што там на палетках робіцца. Аконамы яго як хочуць, так і правяць, а ён кажа: «У мяне пан Езус — гаспадар, Найясьнейшая панна — гаспадыня». Гэткім быў ад усяго далёкім, што нават у спадчынны Бераздаў, што ў ваяводзтве Полацкім ад Вялікіх Лук непадалёк, за ўсё жыцьцё быў усяго на пару тыдняў завітаў. Там жа, калі ўспадчыньніў яго па бацьку, шэсьць фальваркаў было, дзецям жа сваім пакінуў адзінаццаць. Меў ён яшчэ па бацьку Грушаўку, дзе жыў, трыста хат у Мазыршчыне, ужо з уласнага набытку, і дажывоцьце ў Рубяжэвічах ад княжны канцылярыны Радзівілавай, якая, дзякуючы ягоным слушным парадам, мільёны сабе ацаліла. Ні перад кім не запабягаў, ні аб чым не прасіў ні ў кога, і пра ўласныя інтарэсы не клапаціўся. Да ўшанаваньняў і славы роўна быў абыякавы: два разы абіралі яго дэпутатам, раз паслом, потым земскім судзьдзём, нарэшце быў ухвалены на найпершую пасаду ваяводзтва. І на ніводным з тых соймікаў не прысутнічаў. Кожны ляўдум і кожны прывілей шукалі яго ў Грушаўцы, а ня ён іх у Наваградку альбо Варшаве. Ён ня раз непакоіўся з-за гэткай трываласьці ўдачы. Аднаго разу згарэў у яго гарэлачны склад, у якім захоўваўся колькігадовы запас. Уратаваць нічога не ўдалося; на трыццаць тысячаў пайшло дабра з дымам; увесь дом быў у смутку, толькі ён адзін сьмяяўся.

— Хоць адзін раз не пашанцавала. Я рады, што пан Бог пра мяне памятае.

Ды было гэта, як жарт лёсу; дня не мінула, як атрымаў ён прывілей на староства Крычаўскае, якое за год яму прынесла больш, чымся толькі што страціў. Усе дома радаваліся, але ня ён: гэта звалілася яму, як камень зь неба, бо ні стараўся, ні сувязяў пры двары ня меў. А ў жыцьці сямейным які ён быў шчасьлівы! Жонка, як той анёл у чалавечым абліччы, такая цнатлівая і прыгожая; сыны ў веку кавалерскім, ды такія, што кожны бацька пазайздросьціць; а трох дачок, прыгожых паненак, можна было прыняць за малодшых сясьцёр маткі. Яшчэ пры жыцьці выдаў іх за нашчадкаў самых слынных радоў ваяводзтва. Адну ўзяў пан Павал Есьмян, харужы слонімскі, продак якога быў ваяводам смаленскім; другую выдаў за пана Казімера Гарабурду, старосту вілядымоўскага, род якога ва ўсёй Літве ня меў над сабой старажытнейшага; трэцяя пайшла за пана Яўхіма Рдултоўскага, кашталяна наваградзкага, які пасьля сьмерці цясьця стаў падкаморым нашым. Да таго ж такі здаровы быў, што восемдзесят гадоў маючы, лекаў ня ведаў. І калі пачаў слабець, на чатыры гады прыкуты да ложка, пасьля чаго і сьмерць прыняў, увесь пакрыты ранамі, нязносны боль церпячы (так лекары казалі, але па ім таго не відно было), калі ўсе плакалі, ён весялейшы як калі быў. Жартаваў:

— Рады я, што Божа пра мяне жывога ўспомніў і мушу я ў пакутах задумацца аб сваім лёсе: калі раней я сам сябе хвастаў, то зараз Ён мяне хвошча.

Без сумневу Пан Бог душу ягоную забраў на неба, а на зямлі між усіх годных дзяцей узнагародзіў яго Тадэвушам, адным з найвялікшых мужоў стагодзьдзя.

У школах пан Тадэвуш бадай ці не апошнім вучнем быў, бо да навук здольнасьцяў ня меў, а ў гульнях задуменны і нават пануры; не было ў яго тае таварыскае жылкі, гэтак неабходнай, каб стаць папулярным. Айцы езуіты доўга высільваліся, каб адвучыць яго ад заўсёднай задуменнасьці, але пераканаўшыся ў марнасьці сваіх намаганьняў, пакінулі ў спакоі; а ў паводзінах сваіх быў вельмі добры і паслухмяны перад начальствам школьным, і хоць езуіты ў выхаваньні школьнай моладзі былі вельмі строгімі, ды за колькі гадоў пан Тадэвуш ня быў ніводнага разу аштрафаваны. Раз толькі яго моцна пакаралі, і вось зь якой прычыны. У чацьвертай клясе вучыўся Ўладзіслаў Аскерка, кашталяніч наваградзкі, унук апошняй з роду Гансеўскіх, якая з пасагам вялізную частку сваёй бацькавіны Аскеркам прынесла. Гэта быў хлопец вельмі разважлівы і надзіва здатны да навук. Неяк пад час майскай рэкрэацыі размова зайшла пра гетмана Гансеўскага, аб ягонай славе і заслугах. Адзін з вучняў сказаў, што далучыўшыся да Тышавецкай канфэдэрацыі, ён змыў зь сябе ганьбу супрацоўніцтва з швэдамі. Кашталяніч жа пачаў бараніць свайго продка, даводзячы, што той мусіў лічыцца з абставінамі і добра зрабіў, што, бачачы, што сябе загубіць ды не ўратуе краю, каб ацаліць жыцьцё сваё да часоў лепшых, пайшоў на змову з ворагам. На гэта пан Тадэвуш так абурыўся, што схапіўшы камень, запусьціў ім у галаву кашталянічу — той ажно крывёю заліўся. Гэтая падзея нарабіла шуму на ўвесь кляштар. Гэты ўчынак пана Тадэвуша быў яму не на карысьць яшчэ й таму, што кашталяніч не абвінавачваў яго. Сам рэктар пакараў пана Тадэвуша, а потым загадаў яму на каленях прасіць прабачэньня ў пакрыўджанага калегі. Але пан Тадэвуш, пад розгамі сьлязы ніводнай не пусьціўшы, адказаў:

— Не папрашу.

Яго яшчэ некалькі разоў секлі, але нішто не дапамагло. Ён быў, як скала. Ксёндз рэктар ня стаў яго больш біць, каб не надарваць здароўя, але ў каталажку заперці загадаў, адкуль яго толькі на ўрокі выпускалі. Гэткім чынам хацеў да пакоры яго змусіць. Чатыры тыдні ён мужна вытрымаў, ажно пакуль сам Ягамосьці Аскерка, кашталян наваградзкі, прыехаўшы ў школу і даведаўшыся пра ўсё, сам не папрасіў за яго. Бывалі яшчэ й частыя сутычкі паміж студэямі, перакупнікамі і жыдамі, а скаргі прафэсарам былі такія шматлікія, што тыя, маючы каля тысячы навучэнцаў у сваіх школах, ня ведалі, як гэтаму рады даць. Але езуітам прыйшла добрая думка, якую яны ажыцьцявілі разам зь Ягамосьці Яблонскім, тагачасным ваяводам наваградзкім; яны стварылі школьны суд, які абіраўся зь ліку студэнтаў і неадкладна рассуджваў усе іхныя спрэчкі зь мяшчанамі. Напачатку гандляркі пабойваліся мець справы з студэнтамі, але неўзабаве зьмірыліся з тым законам, бо большай справядлівасьці нідзе пад сонцам не знайшлі. Суды прызначаліся пасьля абеду ў чацьвер, на іх старшыняваў прэзыдэнт, у склад уваходзіла чатырох судзьдзяў, двох пісараў і рэгент. Студэнты вялі справы, а боку, які скардзіўся, нават выдзялялі абаронцу-студэнта. Усё гэта адбывалася на вельмі прыстойным узроўні, а моладзь гэткім парадкам знаёмілася з правам і вучылася публічна выступаць. Штогод зьбіралі соймікі, на якіх абіралі праўнікаў, але калі прэзыдэнтам аднойчы выбралі пана Тадэвуша, дык на гэтай пасадзе ён адбыў ажно да сканчэньня навучаньня. Раз нават «засудзіў» самога княжыча Радзівіла, маршалковіча надворнага, які пазьней стаў канюшым літоўскім, хоць на ягоным баку былі й ксяндзы-езуіты. Бывала, пан Тадэвуш так права вучыў, каб выкарыстоўваць законы ў сваёй судовай дзейнасьці, што прафэсары мусілі сіламоц адбіраць у яго з рук кнігі. Аднаго разу ягоны брат пан Юзаф, сваволячы, нейкай гандлярцы паразьбіваў збанкі. Пачаўся судовы зыск. Гандлярка настолькі спадзявалася на справядлівасьць пана Тадэвуша, што патрабавала канчатковага рашэньня справы, але ён падняўся і сказаў:

— Тут рэч не ў даверы, а ў тым, каб чыніць паводле закону; закон жа не дазваляе, каб вінаваты вінаватага судзіў. Я лічу за лепшае выконваць законы, чымся цешыцца славай, што роднага брата засудзіў.

Пасьля Барскай канфэдэрацыі пан Тадэвуш вярнуўся дадому і абсеў у Грушаўцы. Душа ягоная, аднак, ужо была занадта зраненая, а здароўе падарванае. Апроч іншых хваробаў, у яго часта тачылася галава, а бяссоннымі начамі навальваліся і ціснулі цяжкія думкі. Да сябе нікога не падпускаў, а калі сказаў, што жыць ня хоча, браты сталі пільнаваць яго. Калі я насьмеліўся адведаць яго, і мяне яму назвалі, то ўспомніў мяне.

— Пан Севярын! Гэта мой школьны і вайсковы таварыш. Хай увойдзе.

Ён ветліва прывітаў мяне і спачатку спакойна размаўляў, але ўборздзе пачаў увесь трэсьціся і кідацца, і калі б слугі не стрымалі, то накінуўся б і на мяне. Я разьвітаўся зь ім са сьлязамі. Неўзабаве ж і скончылася ягоная пілігрымка па сьлёзных пакутах. Ён упаў у беспамяцтва і, разьбіўшы шыбу ў вакне, шклом парэзаў сабе вантробы. Праз два дні пасьля тога прыпадку ён і аддаў дух Пану Богу. Кажу — Пану Богу, бо за колькі гадзін перад сконам да яго вярнулася прытомнасьць і ён пры ясным розуме прыкладна падрыхтаваўся да сьмерці.

 

СУРЛЯНСКІ КЛЯШТАР

 

Мудрацы можа мне й запярэчаць, але вера, у чым я перакананы, з усіх пачуцьцяў — наймацнейшае й найбольш творчае пачуцьцё. Гонар, розум, магутнасьць і мужнасьць вялікімі справамі ў сьвеце рухалі, але найвялікшым, што перажыло вякі, была справа веры. Пазьнікала шмат старажытных народаў, ды так, што толькі памяць пра іх між людзей засталася, а калі чаго й засталося найбольш, што б выразна сьведчыла пра іхнае колішняе існаваньне, дык гэта былі помнікі іхнае веры — яны дажылі й да сяньня. Помнікі іхнай магутнасьці, у далёкай старажытнасьці збудаваныя, ужо ператварыліся ў пыл, як і парэшткі тых, хто стаўляў іх. Але калі тыя веры, хоць і памылковыя, нагэтулькі моцныя былі, дык чаго ж занепадае нашая, адзіна праўдзівая, якой сам ачалавечаны Бог навучаў? На ўсё тое трывалае, шляхетнае, высакароднае й дзяржаўнае, што цяпер ёсьць на сьвеце, натхняла вера бацькоў нашых. Не магу зразумець, як можа просты чалавек узвысіцца бязь веры, калі нават вялікія сьвету гэтага дайшлі да злачынства, хоць і не зусім страцілі рэшткі шляхетнасьці душы, але чалавек ня мае ачышчальнай сілы і мусіць яе атрымоўваць ад больш моцнай істоты. То ж і ў паганцаў былі нават нейкія абрады, што лекавалі сумленьне. Можа быць, што Пан Бог і там, гледзячы на злачынцу ў яго шчырай пакоры, выдзяліў яму які сродак вяртаньня да цноты і паблаславіў ягоныя пакуты за здольнасьць да ахвяры, і ўсё, што толькі ня робіцца, ці то ўчынак, ці то думка, бяз Божага натхненьня не бывае. Але гэта рэч настолькі глыбокая, што яе ня тое што сьвецкі чалавек, а нават і каплан ня вырашыць. Што да нас, дык мы ўсяго надзейнага зразумела і абавязкова пільнавацца мусім, а што будзе зь іншымі, таго ніколі не даведаесься... Гэтай загадкі і Бог нам не раскрыў. Я толькі ведаю, што колькі самаўпэўненых яму будзе надакучаць, столькіх ён жорстка і асудзіць. Вось мы і дзякуем нашаму Збаўцу, што нас асьвяціў і даў нам сродкі, з дапамогай якіх мы можам заслужыць ягоную ласку. Заканадаўства нашага хрысьціянскага пакаяньня такое зразумелае, такое грунтоўнае, такое ў выніку апраўданае, што аніяк не адгаворымся, калі ня будзем ім карыстацца. У тым і заключаецца галоўная перавага даўнейшых часоў над цяперашнімі, што, хоць з аднаго боку бывалі злачынствы, большыя за тыя, што мы бачым цяпер (бо жывучасьць нашых продкаў была мацнейшая, чымся расьпешчаных нашчадкаў, што нават ня здольныя ўзьняцца да імгненных высакародных жарсьцяў, а адно гібеюць у подлых і нікчэмных), а з другога боку было ўсьвядомленае ўяўленьне пра цноты і пакаяньне, якімі адкупляесься ад грахоў. Быў гвалт, была і подласьць. Часам яны спалучаліся, каб, асьляпіўшы чалавека, ператварыць яго ў пачвару. У гэта, ня хочучы прыгледзецца да таго, што робіцца пад бокам, залішне прыглядаюцца абаронцы цяпершчыны. А як у наш час будаваліся прытулкі для нэндзных і бяздомных, як па гасьцінцах несканчона ішлі пілігрымы, як драпежныя зьвяры ўступалі свае пячоры шматлікім пустэльнікам, якія засялялі пушчы! Такім чынам, глыбока ў сэрцах былі закладзеныя паняцьці пра абавязкі, і пакуль яны ня страцяцца паспольствам, няма чаго адчайвацца. Бо толькі той у нявіннасьці можа чыніць вялікае, хто ў загане ўмее зносіць цяжкія пакуты. У гэтым агульным для часу духу не апошняе месца належала й нашай Айчыне. Спаміж розных сьведчаньняў таго адно асабліва засталося ў маёй памяці, хоць і выпадкова я даведаўся пра яго гадоў пяцьдзясят таму.

Едучы са Смаленшчыны, у Сурлах, што ў Аршанскім павеце, я цяжка занядужаў. І без сумневу памёр бы ў жыдоўскай гасподзе, калі б не прывяло туды зьвіждаваньне Божае двох босых айцоў кармэлітаў, якія вярталіся з капітулы ў свой кляштар, што пад апекай сьв. Эразма ўзвышаўся над Сурлянскай пушчай. Мяне, ледзь прытомнага, міласэрныя законьнікі забралі з сабой у кляштар, дзе пасьля колькітыднёвай немачы я ачуняў. Калі, вылечыўшыся, ад'яжджаў, дык на разьвітаньне яны забясьпечылі мяне грашыма, дзякуючы чаму дабраўся я ажно да Кракава, дзе зноў далучыўся да канфэдэратаў, у шэрагах якіх, як толькі ступіў пад іхныя сьцягі, прысягнуў змагацца да канца. Гэта і было прычынаю таго, што я ня стаў законьнікам, хоць і падабалася мне тое дзіўнае скапленьне багабойных, працавітых і вучоных людзей. Падчас майго побыту ў іх я даведаўся шмат падрабязнасьцяў пра іхную фундацыю.

У Віцебскім ваяводзтве пад час караляваньня Яна Казімера жыў высакародны грамадзянін, які меў адзінага сына. Клікалі яго Цеханавецкі, балазе, прозьвішча вядомае на Літве. Хоць ён і меў значныя ўладаньні, але выконваў немалыя абавязкі ў князя Ярэмы Вішнявецкага, якому ў падупалы маёнтак ягонага сына Міхала аддаў на паслугі свайго сына, і той жыў там на сваім утрыманьні і быў, бадай што, ці ня ўсім дваром князя. Але як толькі ўдзячны народ і памяць пра бацькоўскія заслугі ўзьнесла на польскі трон князя Міхала Вішнявецкага, адным зь першых чынаў новага караля было аддзячыць пану Цеханавецкаму за добраахвотнае разьдзяленьне непрыязнага колісь лёсу. Ён зрабіў яго крайчым літоўскім і даў яму колькі каралеўшчын, а між усяго і судовае староства аршанскае. Такім чынам, з маладога веку ён і займаў першыя пасады. Неўзабаве памёр ягоны бацька, і ён вымушаны быў пакінуць сталіцу, каб пакланіцца апошні раз бацькоўскім парэшткам і ўспадчыніць вялікае дзедзіцтва. Пасяліўшыся ў ваяводзтве, ён пасябраваў зь вяльможным Лапаціцкім, стольнікам віцебскім, і папрасіў у яго рукі ягонай дачкі. Папярэдне міжсобку яны дамовіліся, што крайчы з кансэнсу* караля ўступіць стольніку староства аршанскае, і ўрэшце, будучы роўным з абранай у высакародзтве і да высокай пасады дадаючы адзін з найлепшых ува ўсім павеце маёнткаў, ён атрымаў дэклярацыю і ў прысутнасьці ледзь не ўсяго ваяводзтва адбыліся пышныя заручыны. Але ж які нетрывалы дабрабыт чалавечы! Здавалася, што ты меў усе гарантыі будучага шчасьця, а найвялікшае ліха ўжо над ім вісела. Ягоная маці, у асыстэнцыі, ужо й ня памятаю таго абываталя, што яшчэ ў нябожчыка бацькі набыў тую вёску, дзе яна жыла, паўстае перад управай і прызнаецца, што пан крайчы ня ейны сын: сапраўдны сын памёр у немаўленстве, і яна замяніла яго на іншае дзіця, за што сумленьне ёй пастаянна не дае спакою. Нарэшце, каплан, якому яна спавядалася, параіў зрабіць гэтае прызнаньне, каб пазбавіцца ад цяжкога граху. Будучы ў жаху ад гэткага сораму (іншыя Цеханавецкія, зацікаўленыя ў маёнтку, старанна ўзяліся за справу), пан крайчы бараніўся як мог, усялякімі спосабамі ратуючы матку, бо, паводле закону, ёй як паклёпніцы на яго, пагражала сьмяротная кара. Пан Лапаціцкі, у юрысдыкцыі якога вялася гэтая справа, сам за жывое крануты, чым мог таксама яму дапамагаў. Нарэшце няшчасны сын зганьбаванай маткі, а гэта насамрэч была ягоная маці, якую духоўнікі намовілі на нядобрае, а іх на гэта сам нячысьцік, бо гэткае прызнаньне, якое ўзрушае грамадзкі спакой, ня можа сыходзіць ад добрага духа, хочучы абудзіць у ейным сэрцы мацярынскае пачуцьцё, упрошваў яе, што ён не перажыве гэткага няшчасьця, калі яна яго пазбавіць маёнтку, гонару, а гэта значыць, жыцьця, і схіляў яе, каб яна засьведчыла перад местам, што першае прызнаньне зрабіла адзіна са злосьці дзеля таго, каб дамагчыся значнай узнагароды за клопаты ў час сыновага немаўленства, бо быў ён празь меру крыклівы і дакучлівы, ад чаго ейнае сэрца напоўнілася горыччу і помстай... З панам жа старостам аршанскім ён дамовіўся, што ў парадку разгляду справы аб паклёпе будзе дамагацца ў ягоным судзе сьмяротнага пакараньня, а той у ім не адмовіць, спасылаючыся на ўласнае прызнаньне падсуднай. Але што неадкладна выяжджае ў Варшаву, каб атрымаць у караля ахоўную грамату, пры дапамозе якой у час экзэкуцыі вызваліць яе, а потым, забясьпечыўшы ёй прыстойны побыт, перавязе ў аддаленае ваяводзтва.

* Кансэнс - дазвол, згода.

Пасьля гэткай дамовы з старостам і будучым сваім цясьцём, а таксама з маці, якой ён усю сутнасьць справы растлумачыў, а яна на ўсё згадзілася і паабяцала да канца вытрываць паўторнае прызнаньне, ён сьпешна едзе ў Варшаву і вяртаецца з ахоўнай граматай. Тым часам справа вядзецца ў звычайным парадку, ва ўправе выносіцца сьмяротны вырок, а пан староста, якому ўжо зяць паказаў ахоўную грамату, зацьвярджае дэкрэт з упэўненасьцю, што сын пакараньня маці не дапусьціць. Але пан крайчы, хочучы засьцерагчыся ад ворагаў, каб яны ізноў не пачалі перашкаджаць, своечасова не прад'явіў граматы, і ягоная родная матка была пакараная сьмерцю. Пан староста, які адзін пра ўсё гэта ведаў (бо іншыя судзьдзі па ўсёй справядлівасьці судзілі), калі яму намесьнік данёс аб выкананьні выроку, зваліўся нежывы, як перуном прыбіты. Пан крайчы праз год пабраўся з старасьцянкай, зь якой пражылі шчасьлівае жыцьцё, нарадзілі шасьцёх сыноў і ў вялікай набожнасьці выхавалі. Ува ўсім яму шанцавала, усё ён меў: і немалое багацьце, і высокія пасады, і пашану ў грамадзтве. Кожны мог зайздросьціць ягонаму шчасьцю, ды ніхто ня ведаў, што ў яго на душы робіцца. Жонка ягоная памерла, калі меншы з сыноў быў ужо дарослы. У барацьбе з самім сабою ён правёў жалобны год, паклікаў усіх шасьцёх сыноў, раскрыў перад імі пакутлівую таямніцу і паведаміў, што хоча паставіць у Сурлянскай пушчы кляштар, дзе ў пакаяньні і скончыць жыцьцё. Сыны ж, перагаварыўшы міжсобку, адпавялі яму на тое:

— Бацька, калі гэта так, дык ніводны з нас ня мае права валодаць тым маёнткам. Будуй кляштар, а законным уладальнікам аддай свой набытак, які ты значна павялічыў. Мы ж усе пакінем сьвет і з табой разам будзем каяцца і служыць Пану Богу!

І так пан крайчы паставіў прыгожы пустэльніцкі кляштар у ймя свайго патрона сьв. Эразма і пасадзіў у ім кармэлітаў. І склікаў Цеханавецкіх, ужо зьбяднелых, з волі Божай дзедзічаў ягоных сялянаў, выспавядаўся ў сваім злачынстве, перапрасіў за ўчыненыя ім крыўды і аддаў ім увесь маёнтак, пераканаўшы іх, што фундуш, які ахвяраваў на хвалу Богу, сабраны ня зь іхнага маёнтку, а з каралеўскіх дароў. Потым з усімі шасьцю сынамі прыняў навіцыят*, у два леты разам зь імі ўрачыста даў зарок і памёр брацішкам у вельмі пажылым веку і ў такой пабожнасьці, што ягоныя парэшткі дасюль цудамі славяцца. Усе сыны ягоныя былі асьвечаныя на капланаў, і закон меў вялікую ўцеху ад іхнае набожнасьці і чысьціні.

* Навіцыят — послух.


1830-1839?

Пераклад: Алег Дышлевіч
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Наша Ніва