epub
 
падключыць
слоўнікі

Генрык Сянкевіч

Quo Vadis

Пераклад з польскай мовы ксяндза Пятра Татарыновіча.

Прадмова, каментары, транслітарацыя лацінічнага тэксту ў кірылічны і рэдагаванне Вітаўта Мартыненкі. Публікацыя падрыхтаваная паводле выдання: Henryk Siаnkievič «Quo Vadis» выдавецтва «Źnič»

Ініцыятар выдання Вітаўт Мартыненка сардэчна дзякуе грамадскім структурам «БМАgroup» (Віталь Супрановіч), «Дыярыюш» (Ларыса Андросік) за прад’юсарскую апеку і тэхнічную падтрымку гэтай працы, дзякуючы якім праз дзесяцігоддзе блуканняў па выдавецкіх структурах Беларусі яна нарэшце выходзіць у свет.

Адмысловая падзяка выдавецтву «Сафія» з Полацку ды Парафіі святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме, без дапамогі якіх гэтая кніга не змагла б пабачыць свет.

СВОЙ СЯРОД ЧУЖЫХ
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
ХXXIV
XXXV
XXXVII
XXXVIII
XXXIX
XL
XLI
XLII
XLIII
XLIV
XLV
XLVI
XLVII
XLVIII
XLIX
L
LI
LII
LIII
LIV
LV
LVI
LVII
LVIII
LIX
LX
LXI
LXII
LXIII
LXIV
LXV
LXVI
LXVII
LXVIII
LXIX
LXX
LXXI
LXXII
LXXIII
LXXIV
ЭПІЛОГ
КАМЕНТАРЫ
Зноскі


La Parrocchia dei santi Protomartiri Romani in Roma è lieta di poter collaborare con il Comitato editoriale «SAFIJA» della Parrocchia Greco-Cattolica di Polack, all’edizione in lingua bielorussa del libro «Quo vadis».

Che questo libro di grande portata culturale, il quale presenta una testimonianza indelebile del martirio dei primi cristiani, possa servire da invito per tutti і cristiani e per tutti gli uomini di buona volontа in Bielorussia, per rivalorizzare la testimonianza perenne di tutti і martiri bielorussi degli ultimi decenni.

Il nostro augurio è che questa edizione in cirillico della traduzione fatta a Roma, giunga alle mani dei lettori in Patria e contribuisca al rafforzamento della lingua e della cultura bielorussa.

 

Парафія святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме разам з выдавецтвам «САФІЯ» Грэка-Каталіцкай Парафіі ў Полацку з радасцю супрацоўнічае ў выданні кнігі «Quo vadis» па-беларуску.

Спадзяемся, што гэтая каштоўная ў плане культуры кніга, якая прыносіць сведчанне пакутніцтва першых хрысціянаў, зможа заахвоціць усіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі асэнсаваць каштоўнасць сведчання ўсіх беларускіх пакутнікаў апошніх дзесяцігоддзяў.

Нам хацелася б, каб гэтае кірылічнае выданне перакладу, зробленага ў Рыме, трапіла ў рукі чытачоў на Бацькаўшчыне ды спрычынілася да ўмацавання беларускай мовы ды культуры.

 

СВОЙ СЯРОД ЧУЖЫХ

 

Рым. Амаль 50 гадоў таму выдавецтва «Зніч», заснаванае ў Вечным горадзе беларускімі эмігрантамі, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновіча — беларускі пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г. Сянкевіча «Quo Vadis». Працу, якою сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, «свайго сярод чужых»… Чаму менавіта «Quo Vadis»?

Бадай, гістарычны раман аб кароткім перыядзе прадчування развалу вялікай Рымскай імперыі — гэта раман не толькі з рымскай гісторыі; гістарычны раман аб першых кроках нікім не прызнаваных «нефармальных суполак» хрысціян — гэта раман не толькі з гісторыі хрысціянства.

Ініцыятары першага беларускага (Рым, 1956) выдання невыпадкова зазначылі ў рэдакцыйнай прадмове: «Чаму спаміж гэтулькі іншых пякучых літаратурных неабходнасцяў мы выбралі іменна гэтую? Шмат злажылася на гэта матываў ды імператываў, але ўспомнім толькі аб найгалаўнейшым, аб той удараючай аналагічнасці, а праз тое й актуальнасці ды павучальнасці ейнай узрушлівай эпізодыкі да сянняшніх, у многім так падобных, падзеяў».

Пільнае сэрца адчуе, што павучальнасць гэтай эпізодыкі ў нашыя дні не толькі не аслабела, але выявілася яшчэ больш выразна. А тое, што над беларускім перакладам рамана працаваў каталіцкі святар — Пётр Татарыновіч, пакінула і пэўны гістарычны адбітак. Узяць хоць бы факт, што беларускае рымскае выданне гэтага свецкага твору — адно з нешматлікіх у свеце, выпушчаных пад афіцыйным грыфам «З дазволу Духоўных Уладаў», што робіць кнігу ў пэўным сэнсе больш важкім аргументам для тых, хто шукае разумення хрысціянскае маралі. І разам з тым беларускі пераклад нічым не абмежаваны ў параўнанні з іншымі вядомымі тэкстамі гэтага выдатнага твора мастацкай літаратуры, і перш за ўсё ў параўнанні з арыгіналам.

Адным словам, прэлат Пётр Татарыновіч зрабіў цудоўны падарунак усім беларусам — і католікам, і праваслаўным, і атэістам… — данёсшы да іх твор сусветнай класікі на роднай мове. Ды вось бяда — амаль 50 гадоў доступ да плёну гэтай творчай працы мелі ўсе беларусы, акрамя тых, што жылі ў самой Беларусі: раскіданая па свеце беларуская дыяспара ў Італіі і Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі, Аргентыне і Аўстраліі… добра і даўно ведае гэты зграбны белы томік з аскетычнай двухколернай аздобай, у якую ўключана выява старажытных румовішчаў. Паспелі ўжо скончыцца й спрэчкі вакол вартасцяў ды недахопаў беларускага перакладу. Але тут такая знакамітая праца дагэтуль была невядомая зусім.

Мне асабіста давялося пазнаёміцца з кнігай у 1990 годзе, калі творчыя сцяжынкі завялі мяне ў далёкую Канаду. Больш таго, таронцкі беларускі пісьменнік Кастусь Акула прэзентаваў мне сапраўдны рарытэт — томік з аўтографам самога перакладчыка. Ягонай рукою на пажоўклай ад часу паперы фронтыспіса накрэслена: «Вельмі паважанаму і дарагому спадару Кастусю Акулу на адудзячную памятку. П. Татарыновіч».

Кастусь Акула казаў тады: «Жыццё не вечнае, таму не хачу, каб гэты рэлікт прапаў разам са мною. У вас, ёсць надзея, ужо не прападзе».

Так, ужо не прападзе. А былі ж часіны, калі падобныя кнігі пільна вылоўліваліся сеткамі мытных цэрбераў савецкай сістэмы. Зразумела, табу было накладзена не на сусветную класіку, а на працу, зробленую беларускімі эмігрантамі, якая яўна замінала правядзенню савецкай так званай «інтэрнацыянальнай» палітыкі. Дый самі асобы эмігранцкіх дзеячаў былі ахутаны злавеснай сеткай плётак і домыслаў.

А што ж у сапраўднасці?

Звестак пра ксяндза П. Татарыновіча да нас дайшло няшмат (нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнін на гераічнай Случчыне, у 1919 годзе высвячаны на святара лацінскага абраду, на мяжы 40 — 50-х гадоў плённа дзейнічае ў Рыме на ніве стварэння беларускай праграмы «Радыё Ватыкан», у 60-х гадох пад псеўданімам В. Карасевіч з’яўляюцца ягоныя гістарычныя артыкулы ў чыкагскім навуковым беларускім часопісе ‘’Litva’’, памёр у Рыме ў 1978 годзе), але ўсе яны сведчаць аб палымяным патрыёце, галоўная думка якога была пра Беларусь. Ці не пераканаўчае сведчанне памкненняў шчырага сэрца — і беларускі пераклад гэтага сусветнавядомага раману.

Трэба сказаць, што праца ксяндза П. Татарыновіча выйшла ў свет крыху незвычайна — па-беларуску, але не кірылічным шрыфтам, а лацінічным.

Незвычайна для нас, але звычайна для тых, хто выхоўваўся на двухварыянтнай «Нашай ніве», хто чытаў выдаваныя і кірылічным, і лацінічным шрыфтам творы Ф. Багушэвіча, Я. Коласа… І беларускі «Quo Vadis» выйшаў лацінкай не таму, што ў Рыме не знайшлося кірылічнай друкарні (там нават у свой час выдаваўся кірыліцай часопіс «Хрысціянскія навіны»), а таму, што так апрацаваў кнігу перакладчык, якому лацінка была бліжэйшая. Пётр Татарыновіч і свой пераклад «Бібліі» ды нават згаданы вышэй аўтограф пісаў лацінкаю.

Каб прапанаваць працу ксяндза П. Татарыновіча айчыннаму масаваму чытачу, давялося ўсё ж зрабіць транслітарацыю тэкста. У выніку сучаснай моўнай палітыкі лацінка істотна была адсунута ад масавага чытача, таму падобныя ранейшыя выданні захоўваюцца цяпер хіба як адметы часу і, мабыць, са спадзевай, што інтэлект адукаванага беларуса калі-небудзь вернецца да свабоднага валодання абодвума варыянтамі графічнага афармлення нашае мовы.

Трэба хіба зазначыць, што транслітарацыя рабілася без інтэрвенцыі ў стылістычную стыхію перакладчыка. Адно, што адчула змены, — гэта граматыка, бо лацінка паводле нормаў Б. Тарашкевіча трансфармавалася ў кірыліцу не «тарашкевіцкую».

Прапануемае выданне рыхтавалася з улікам бытуючых цяпер нормаў правапісу: гэта і графічна не выяўленая мяккасць зычных (не жыцьцё, пацьвярджэньне, а жыццё, пацвярджэнне), і іншая форма дапасавання разнастайных моўных марфем (па-добраму, быў бы замест падобраму, быўбы).

Разам з тым трэба зазначыць, што ў беларускім тэксце Татарыновіча нярэдка сустракаюцца відочныя паланізмы, русізмы (эвентуальна, быстрэйшая, зыск). Дзеля захавання стылістыкі аўтара мы пакідалі іх, але ў выпадках, калі ён ужывае побач з барбарызмамі і словы іставетна беларускія, захоўваючы стыль, мы рабілі ўшчыльненне беларускай стыхіі за кошт арсеналу выяўленчых сродкаў самога перакладчыка (скажам, у большасці выпадкаў, хоць не ўва ўсіх , быстрэйшая заменена на хутчэйшую).

Так што Татарыновічава праца ў гэтым выданні засталася працай менавіта Татарыновіча, у якой паўстае выразна адметная беларуская моўная стыхія. Зразумела, можна было б зрабіць дасканала бясспрэчны пераклад, і такі мо яшчэ з’явіцца на беларускіх кніжных даляглядах, як з’яўляліся па-беларуску «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (у двух поўных перакладах), «Песня пра зубра» М. Гусоўскага (у трох перакладах), «Гамлет» У. Шэкспіра (у двух перакладах) і г.д. Але цяперашні выхад у свет працы менавіта гэтай разам з падставамі для спрэчак нясе ў сабе і процьму адкрыццяў, цэлую скарбонку моўных перлінаў, якія без П. Татарыновіча маглі б проста згубіцца, збедніўшы наш інтэлектуальны патэнцыял.

Скажам, слова харавод, аказваецца, не абавязкова патрабуе замены на карагод, бо па-беларуску можа абазначаць зусім іншае паняцце — кіраўнік хору, дырыжор. А вось яшчэ яскравы прыклад: здавалася, ужо зусім трывала прапісаліся ў беларускай мове, асабліва цераз прэсу, такія ўварванцы-чужынцы, як мядуза, вустрыца, бахрама. Нават калькаванне іх адбываецца самым барбарскім спосабам — без істотных адаптацыяў у нашай мове. П. Татарыновіч жа знаходзіць сапраўдныя дыяменты, якія зусім не патрабуюць для беларуса чужынскіх запазычанняў: мядузу ён называе красамоўным словам лямпрыска, для вустрыцы адшукаў выразны беларускі адпаведнік астрыга, а няпэўная ў нашай мове бахрама ў яго прыгожа называецца фрэндзлямі.

Мова П. Татарыновіча, нягледзячы на прысутнасць пэўнай долі варварызмаў (ці барбарызмаў), нясе ў сабе не толькі фрагментарнае адчуванне іставетнай беларускасці ў асобных удалых словах, але і выяўляе цэлую структуру, нават сістэму структур, хай сабе новую, татарыновіцкую, але глыбока беларускую. Да прыкладу, ён не скажа «закаханы ў Крэсыду», робячы з беларускіх словаў расейскія моўныя канструкцыі, а шукае непаўторнага гучання па-беларуску ўсяго паняцця, і жывая моўная практыка падказвае яму — «закаханы ў Крэсыдзе». Нават вядомыя ўжо ў практыцы беларускай мовы паняцці ў Татарыновіча знаходзяць новыя формы выяўлення: скажам, пра паважную, мерную гутарку аднаго з персанажаў раману ён зазначае, што той «гаварыў зпавагу», а «нарожны дом» у яго — гэта зусім не абдрукоўка ад наружнага, вонкавага, а проста дом, які стаіць на рагу вуліцы. Калі чалавек страціў прытомнасць, а яго спрабуюць вярнуць да жыцця, дык насамперш прыбягае ў голаў найменне гэтаму — апрытомліваць. Татарыновіч жа не йдзе механічным канструктывісцкім шляхам, знаходзячы жывое слова чуліць.

Калі зноў жа звярнуць увагу на барбарызмы ў лексіцы перакладу П. Татарыновіча, дык нельга не адзначыць відочнае імкненне беларусізаваць тыя чужародныя запазычанні, з-за чаго часам паўстаюць цікавыя і выразныя неалагізмы. Скажам, польскае na razie (у гэты момант, пакуль) у яго ператварылася ў беларускае нараз. І гэта, бадай, больш натуральна ўжываецца ў структуру беларускае мовы, чым грувасткая шматслоўнасць у гэты момант. Напрыклад: «Нараз устаў, скінуў з сябе тогу…»

Па шчырасці, гарманічнасць структуры мовы П. Татарыновіча настолькі моцна ўплывае на чытача, што, прынамсі, у мяне асабіста, тройчы прачытаўшага гэтую кнігу, ужо не павернецца язык сядравы дзень назваць звыкла халодным, пасербаў пасынкамі, пажогу абпаленым матэрыялам. Нават калі даводзіцца клясціся ўсімі святымі, я скажу проста, па-татарыновіцку: «На ўсіх святых!»

Асобна трэба звярнуць увагу на тое ў мове перакладчыка, што перакладу не падлягае: на імёны і назвы. У гэтым пытанні і ў свеце не выпрацавана адзінай пазіцыі.

Асаблівую цяжкасць складаюць старажытнагрэцкія й старажытнарымскія імёны.

Скажам, беларускі перакладчык-элініст Ян Пятроўскі, што жыве на Фларыдзе, ужывае формы Сакратэс, Пратагорас, Пармэнідэс. Гэтыя імёны сустракаюцца і ў «Quo Vadis», але гучаць ужо іначай: Сакрат, Пратагор, Пармэнід. У каго тут памылка?

Цікава, што па выхадзе беларускіх перакладаў Яна Пятроўскага прыгаданы вышэй пісьменнік Кастусь Акула адгукнуўся нават эпіграмай:

…Адзін наш доктар-тэалог

Пастанавіць ніяк не мог:

Пісаць Сакратэс? Сакратус?

Людзей загнаў тым у канфуз…

І хоць эпіграма тая не беспадстаўная, наўрад ці пытанне трэба ставіць гэтак катэгарычна. У гэтай кнізе чытач таксама сустрэне персанажы, якіх называюць то Хілон Хіланід — то Хілон Хіланідэс, то Сэнэцый — то Сэнэцыён, якога пры тым трэба не зблытаць з Сэнэкам. Мо і Татарыновіч «пастанавіць ніяк не мог»? Ды наўрад ці трэба тут шукаць уніформаў ды абвінавачваць у памылковасці. Бо й самі героі раману абмяркоўваюць гэтыя праблемы, турбуючыся, чаму Рымская імперыя дазваляе грэкам перайначваць рымскія імёны… Дык што дзівіцца, калі Геракл праз Гераклеса лёгка становіцца Геркулесам? Рымская імперыя жыла шматмоўем, набліжаным да трасянкі, чым і тлумачацца розначытанні ў тэксце раману, да выяўлення якіх імкнуўся яўна не кожны перакладчык. Мімаволі ці свядома ў перакладзе Татарыновіча адбілася рэальная моўная сітуацыя старажытнага Рыму, які паступова страціў не толькі сваё светаўладства, але і сваю мову.

Ну а такія разыходжанні ў напісанні назваў, як Гішпанія — Іспанія, сцыты — скіфы і г. д., выкліканы папросту суб’ектывізмам кожнага народу ў асэнсаванні пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графічнай афарбоўцы, дзе адзінства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хіба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П. Татарыновіч спыніўся на тых, якія найбольш блізка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.

Такім чынам, перад чытачом кніга, якая з’яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасці: яна бо знаёміць з скарбам сусветнай літаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкі нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбніцу нашага гістарычнага светаўяўлення і фармуе гэта сродкамі, якія ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усім светам святкуюць юбілеі гэтага скарбу — дзесяцігоддзі, стагоддзі, тысячагоддзі… але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!

Вітаўт МАРТЫНЕНКА

 

Памяці дарагіх братоў у Хрысце і змагароў-мучанікаў

за родна-рэлігійнае адраджэнне Бацькаўшчыны прысвячаю.

Перакладчык

 

I

 

Пятроні прачнуўся аж каля паўдня і, як заўсёды, надта знябыты. Надоечы быў на банкеце ў Нэрона, які працягнуўся аж да позняе ночы.

Апошнім часам ягонае здароўе пачало падупадаць. Сам казаў, што прачынаўся раніцамі нейкі адранцвелы, з лянівымі думкамі. Але ранняя купель і масажы спраўных нявольнікаў разбуджалі быстрэйшую цыркуляцыю крыві, разбурхвалі яго, чуцілі, вярталі сілы так, што з олеотокіюм, г. зн. з апошняга купальнага аддзелу, выходзіў шчэ як бы ўскрослы, з вачыма, разыгранымі вясёласцю, адмаладзелы, жыццярадасны, стройны, недасціглы, што і сам Атон не мог бы з ім зраўняцца — існы, як яго звалі, «arbiter elegantiarum»1.

У публічных лазнях бываў рэдка, хіба здарыўся які годны подзіву рэтор, акрычаны ў горадзе, або сенсацыйныя баруканні ў эфебах. Дый меў у сваёй «інсулі»2 собскія купальні, якія слаўны супольнік Сявера, Цэлер, расшырыў яму, перабудаваў і ўладзіў з такім незвычайным смакам, што сам Нэрон прызнаваў іх лепшыню над цэзаравымі, хоць гэныя былі абшырнейшыя ды непараўнальна пышней уладжаныя.

Пасля гэнага вось банкету, на якім, знудзіўшыся чаўпнёю Ватынія, удзельнічаў поспал з Нэронам, Люканам і Сэнэцыем у дыятрыбе: «Ці жанчына мае душу» — позна ўстаўшы, раскашаваўся, як абыдна, купеллю. Два велізарныя бальнеатары разлажылі яго на цыпрысавай «мэнсе»3, накрытай снежным егіпскім быссам, і намочанымі ў аліве далонямі пачалі націраць яго стройнае цела, а ён, заплюшчыўшы вочы, чакаў, пакуль цяпло ляконікум ды цяпло іхніх рук увойдзе ў яго ды разжане немарасць. Незабаўна пачаў гутарыць, расплюшчыў вочы і давай распытваць аб пагодзе, аб гэммах, якія залатар Ідумен абяцаў яму прыслаць на сяння да агляду. Аказалася, што пагода харошая з лёгкім подыхам ад Альбанскіх гор, а гэммы не прыйшлі.

Пятроні зноў зачыніў вочы і выдаў загад перанясціся ў тэпідарыюм, аж тут з па-за котары выхіляецца «nomenclator»4 і звяшчае, што малады Марк Вініць, прыбылы нядаўна з Малой Азіі, прыйшоў яго адведаць.

Пятроні загадаў прасіць гасця ў тэпідарыюм, куды й сам перанёсся. Вініць быў сынам ягонай старэйшай сястры, што выйшла за Марка Вініція, консула з часаў Тыбэрыевых. Маладзён служыў цяпер пад камандай Карбулона проці Партаў і па вайне вяртаўся ось дамоў. Пятроні чуў да яго пэўную слабасць, ледзь не прывязанасць. Бо Марк быў прыстойны і атлетычны юнак ды меў пэўную эстэтычную меру ў балаўстве, што Пятроні надусё цаніў.

— Прывет Пятронію, — адазваўся малады ваяк, уваходзячы бадзёра ў тэпідарыюм, — ды спагад багоў, злашча Асклепіёса і Кіпрыды, пад апекай якіх нічога благога табе не станецца.

— Вітаю цябе ў Рыме, хай жа супачынак па вайне салодкім табе будзе, — адказаў Пятроні, выцягаючы рукі з-пад мяккае карбасовае тканіны, якою быў ахінуты, — што чуваць у Арменіі, ды ці, будучы ў Азіі, не заязджаў у Бітынію?

Пятроні быў калісь загадчыкам Бітыніі й сапраўды гаспадарыў там энергічна й справядліва. Гэта было супярэчным з характарам чалавека ажанчэлага й распешчанага роскашамі — таму так любіў успаміны тых часоў, яны бо паказвалі, чым бы ён мог быць, каб захацеў.

— Здарылася мне пабываць у Гераклеі, — адказаў Вініць. — Выслаў мяне туды Карбулон на пошукі падмогі.

— Ах, Гераклея! Знаў я там адну дзяўчыну з Калхіды, за якую аддаў бы ўсе тутэйшыя разводкі, не вылучаючы й Папеі. Але гэта даўнейшыя дзеі. Кажы лепш, што чуваць з партаўскага боку. Нудзяць мяне, праўду кажучы, гэныя ўсе Валохесы, Тырыдаты, Тыгрынэсы ды ўся тая барбарыя, што дома ў сябе поўзае шчэ ракам, як той Арулан казаў, а толькі перад намі строіць людзей. Але цяпер многа аб іх у Рыме гутаркі, можа й дзеля таго, што аб чым іншым не надта й бяспечна гутарыць.

— Дрэнна вядзецца гэта вайна: каб не Карбулон, магла б змяніцца ў катастрофу.

— Карбулон! На Бакха! Гэта сапраўды бог вайны, істны Марс: вялікі ваяк, адначасна ж закатны, чэсны й дурны. Люблю яго хоць бы й дзеля таго, што Нэрон яго баіцца.

— Карбулон не ёсць чалавекам дурньм.

— Можа й праўду кажаш, хоць усё адно. Дурната, як кажа Пырон, нічым не горша ад мудрасці ды нічым ад яе не розніцца.

Вініць пачаў расказваць пра вайну, але як Пятроні прыплюшчыў вочы, юнак, бачачы яго немарасць і зблажанне твару, змяніў гутарку й давай распытваць пра здароўе.

Пятроні зноў расплюшчыў вочы.

Здароўе!.. Не. Ён не чуўся здаровым; не дайшоў шчэ, праўда, да таго, да чаго дайшоў малады Сысэн, які так ужо загубіў пачуццё, што, як пераносілі яго ў лазню, пытаў: «Ці я сяджу?» — але не быў здароў. Вініць аддаў вось яго пад апеку Асклепіёса й Кіпрыды. Але ён, Пятроні, не верыць у Асклепіёса. Няведама бо нат, чыім быў сынам гэны Асклепіёс: ці Арсіноэ, ці Караніды, а калі маці няпэўная, што ж казаць пра бацьку. Хто цяпер можа ручацца нат за свайго собскага родзіча!

Тут Пятроні пачаў смяяцца, пасля гаварыў далей: — Паслаў, праўда, два гады таму ў Эпідаўрус тры дванаццаткі пашкотаў і кубак золата, толькі ведаеш чаму? От сказаў сабе: паможа не паможа, але й не зашкодзіць. Калі людзі на свеце яшчэ даюць багом ахвяры, то хіба ўсе так думаюць, як я. Усе! З выняткам, можа, мулавозаў, што наймаюцца падвозіць падарожных пры Порта Капэна. Апрача Асклепіёса меў я справы таксама й з Асклепіядамі, як летась хварэў на пухір. Адпраўлялі за мяне інкубацыі. Я ведаў, што гэта абармоты, але таксама думаў сабе: што мне гэта шкодзіць! Свет стаіць на абармоцтве, а жыццё ёсць ілюзіяй. Душа таксама — здань-мара. Трэба, аднак, мець столькі розуму, каб адрозніваць раскошныя мары ад прыкрых. У маім гіпокаўстэрыі палю цэдравым дрэвам, пасыпаным амбраю, бо пах у жыцці лепш люблю, чым затху.

Што да Кіпрыды, якой таксама мяне ты паручаў, дык пачуў апеку ейную над сабою настолькі, што вось маю шчыпанне ў правай назе. Хоць гэта добрая багіня!

Думаю, што ты панясеш раней ці пазней белыя галубкі на ейны алтар.

— Здаецца так, — пацвярджае Вініць. — Не дасягалі мяне стрэлы Партаў, затое трапіла ў мяне астрыё Амура… неспадзявана, некулькі стаяў перад брамаю гораду.

— На белыя калені Харытак! Раскажаш мне гэта свабоднаю парою, — кажа Пятроні.

— Менавіта прыйшоў да цябе параіцца, — адказвае Марк.

Але ў той хвіліне ўвайшлі эпілятары, якія ўзялі Пятронія, Марк жа, скінуўшы туніку, занурыўся ў летнюю ванну, бо Пятроні запрасіў яго да купальні.

— Ах, не пытаю нат, ці маеш узаемнасць, — адказаў Пятроні, любуючыся маладою, нібы з мармуру выкананай фігурай Вініція. — Каб Лізып быў цябе бачыў, ухарашаў бы ты цяпер Палатынскую браму, як статуя Геркулеса ў маладым веку.

Юнак усміхаўся ад задавальнення й пачаў занурацца ў ванне, расхлюстваючы пры тым буйна цёплую ваду на мазаіку Геры, просячай Сон, каб закалыхаў Зэўса. Пятроні песціў яго з прыемнасцю вокам артыстага.

Як скончыў і аддаўся пасля эпілятарам, увайшоў лектар з бронзавай скрынкай на жываце і скрутамі паперы ў ёй.

— Хочаш паслухаць? — спытаў Пятроні.

— Калі гэта твой твор, ахвотна! — адказаў Вініць. — А калі не, то лепш пагутарым. Паэты ловяць сяння людзей на ўсіх рагох вуліц.

— А як жа. Не пройдзеш ля ніякай базылікі, ля тэрмаў, бібліятэкаў ці кнігарняў, не спаткаўшы паэта, жэстыкулюючага бы малпа. Агрыпа, як прыехаў сюды з Усходу, думаў, гэта ачмуцелыя. Але цяпер такія ўжо часы. Цэзар піша вершы, дык усе йдуць у ягоныя сляды. Няможна толькі пісаць вершаў лепшых, чым цэзаравы, і з гэтай прычыны крыху пабойваюся за Люкана… Я пішу прозаю, ёю, аднак, не частую ані сябе самога, ані іншых. Тое, што лектар меў чытаць, гэта былі кадыцыллі таго беднага Фабрыцыя Вэента.

— Чаму «беднага»?

— Бо яму загадана, каб пагуляў у Адысея й не вяртаўся дамоў аж да новага загаду. Гэтая Адысея настолькі яму будзе лягчэйшай, чым Адысею, што жонка яго не ёсць Пэнелопай. Дый ці ж трэ табе казаць, што паступілі з ім па-дурному. Але тут ніхто йнакш як павярхоўна не ацэньвае рэчаў.

Гэта даволі пусценькая й нудная кніжка, якую пачалі прагавіта чытаць толькі тады, як аўтара выгналі. Цяпер з усюль чуваць: «Скандал! Скандал!», і, быць можа, некаторыя рэчы Вэент зфантаз’яваў, але, знаючы наш народ, нашых патрэс і нашых жанчын, заручаю табе, што ўсё гэта шчэ не дараўняла рэчаіснасці. Разумеецца, кажны там шукае цяпер сябе з трывогаю, а знаёмых з прыемнасцяй. У кнігарні Авіруна сто скрыбаў перапісвае дыктаваную кніжку — і попыт яе запэўнены.

— Тваіх справак там няма?

— Ёсць, толькі аўтар не цэліў, бо я адначасна й горшы, і менш паскудны, як мяне апісаў. Мы, бач, тут даўно ўжо загубілі пачуццё таго, што годнае або нягоднае, і мне самому здаецца, што сапраўды гэнай розніцы няма, хоць Сэнэка, Мусоні й Трэсэй строяць міну, быццам яе бачаць. Мне дык усё роўна, на Геркулеса! Кажу тое, што думаю! Але я захаваў тую вышэйшасць, што магу адрозніць брыдоту ад прыгаства, а таго, напрыклад, наш рудабароды паэт, фурман, пяюн, танцор і актор — не цяміць.

— Шкада мне, аднак, Фабрыцыя! Гэта добры таварыш.

— Згубіла яго самалюбства. Кожны яго падазраваў, але ніхто добра не ведаў, на бяду — ён сам не мог вытрымаць і на ўсе бакі разгаласіў «пад сакрэтам». Ці ты чуў гісторыю Руфіна?

— Не.

— То пяройдзем у фрыгідарыюм, крыху ахалодзімся й раскажу табе яе.

Перайшлі ў фрыгідарыюм, пасярод якога біў угору вадаліў, акрашаны ясна-ружовым колерам, разносячы пах фіялкаў. Там паселі ў нішах, павысціланых шоўкам, і пачалі халадзіцца. Хвілінку маўчалі. Вініць углядаўся на бранзовага Фаўна, што, перагнуўшы сабе цераз плячо німфу, шукаў прагавіта вуснамі ейных вуснаў, пасля кажа: — Гэты добра робіць. Во што найлепшае ў жыцці.

— Больш-менш! Але апрача таго кахаеш вайну, якой я не люблю, ногці бо пад палаткамі пукаюцца й губяць сваю ружаву. Але кожны мае свае ўпадобы.

Рудабароды любіць песні, злашча свае собскія, а стары Скаўр сваю вазу карынфскую, якая ўначы стаіць пры ягоным ложку і якую цалуе, калі не можа спаць. Выцалаваў ужо ейныя берагі. Скажы, а ты ж не пісаў вершаў?

— Не, не згарадзіў ніколі аніводнага гекзаметру.

— І не граеш на лютні ды не пяеш?

— Не.

— А не ездзіш?

— Быў на перагонках калісь у Антыохіі, але не пашанцавала.

— Тады я аб табе спакойны. А да якога старонніцтва належыш у гіпадроме?

— Да зялёных.

— Тады я зусім спакойны, тым больш, што хоць маеш вялікую маёмасць, але не так багаты, як Палас або Сэнэка. Бо, бач, у нас цяпер добра пісаць вершы, пяяць пры лютні, дэкламаваць і ездзіць навыперадкі ў цырку, але яшчэ лепш ды бяспечней не пісаць вершаў, не граць, не пяяць і не выпераджацца ў цырку. Найлепш умець выказваць подзіў, калі гэта робіць Рудабароды. Ты прыстойны хлопец, тое хіба табе можа толькі пагражаць, што Папея закахаецца ў цябе. Але яна завялікі мае ў гэтым дослед. Даволі накахалася за першых двух мужоў, дык пры трэцім ёй расходзіцца пра што іншае. Ці ведаеш, што гэны дурны Атон і дагэтуль кахае да адчаю… Бродзіць там па скалах Гішпаніі ды ўздыхае. І гэтак апрасцеў ды абняхаеўся, што на ўкладанне фрызуры патрабуе цяпер толькі тры гадзіны дзенна. Хто гэтага ад Атона мог спадзявацца.

— Я яго разумею, — адказаў Вініць. — Але на яго мейсцы рабіў бы што іншае.

— Што іменна?

— Збіраў бы верныя сабе легіі з тамашніх горцаў. То хвацкія ваяры, тыя іберыйцы.

— Вініць! Вініць! Хочацца сказаць табе, што ты да гэтага не быў бы здольны. А ведаеш чаму? Такія рэчы робяцца, але аб іх не гаворацца нат умоўна. Я кпіў бы на ягоным мейсцы з Папеі, кпіў бы з Рудабародага і фармаваў бы сабе легіі, толькі не з іберыйцаў, а з іберыек. Эвентуальна, пісаў бы эпіграмы, якіх, пэўна ж, не адчытваў бы нікому, як небарак Руфін.

— Ты ж маніўся мне расказаць ягоную гісторыю.

— Раскажу табе ў унктуарыюме.

Але ў унктуарыюме цікавасць Вініція звярнулася на што іншае, менавіта на чароўныя нявольніцы, якія чакалі там на купальнікаў. Дзве з іх, негрынкі, нібы стройныя гебановыя статуі, пачалі масціць іхняе цела арабскімі пахнідламі, іншыя, спрытныя часальніцы, фрыгійкі, трымалі ў мяккіх і гнуткіх, бы вужы, ручонках паліраваныя сталёвыя люстры й грабяні, а дзве, ну проста як багінькі, дзяўчаткі з Кос чакалі, як «vaestiplicae»5, на статуэтнае ўкладанне тогаў.

— На Зэўса-Хмараўлада! — не вытрымаў Марк. — Які тут у цябе кветнік!

— Лепшы выбар, чым лік, — адказаў Пятроні. — Уся мая фамілія ў Рыме маець не больш як чатырыста галоў, і, думаю, да асабістае прыслугі дарабковічы хіба патрабавалі б болей.

— Прыгажэйшых русалак хіба й Рудабароды не мае, — казаў, раздымаючы ноздры, Вініць.

На гэта Пятроні з прыязнаю абыякавасцю адказвае:

— Ты мой сваяк, а я не такі няўжытак, як Басс, ані такі педант, як Аўл Плаўт… Але Вініць, пачуўшы гэтае апошняе імя, забыў на хвіліну пра русалкі з Кос і, сцяпянуўшы галавою, спытаў: — Скуль табе прыйшоў у голаў Аўл Плаўт? Ці ведаеш, я, выбіўшы руку пад горадам, прабыў колькінаццаць дзён у іхнім доме. Здарылася, што Плаўт праязджаў у момант прыпадку і, убачыўшы маё цярпенне, забраў мяне да сябе, а там ягоны нявольнік, лекар Мірміён, вылячыў мяне. Аб гэтым хацеў з табою гутарыць.

— Чаму? Ці не закахаўся прыпадкам у Пампонію? Тады шкада было б цябе: не маладая дый цнатлівая! Не ўмею сабе ўявіць горшага, чым гэта спалучэнне. Брр!

— Не ў Пампонію, эгэў! — перабівае Вініць.

— Ну, то ў каго ж?

— Каб жа я сам ведаў, у каго. Атожбо нат добра не ведаю, як імя? Лігія ці Каліна? Дома завуць яе Лігіяй, родам бо з народу лігаў, а ейнае барбарскае імя Каліна. Дзіўны сапраўды дом гэтых Плаўтаў: роіцца ў ім, а ціха, як у гаёх Субякума. Праз колькінаццаць дзён не ведаў я, што жыве ў ім боства. Аж раз на світанні ўгледзеў яе, як мылася пры агародным вадаліве, і прысягаю табе на гэную пену, з якой паўстала Афрадыта, што касулі ранняе зараніцы прасвятлялі навылет ейнае цела. Здавалася, як сонца ўзойдзе, то яна расплывецца мне ў святле, як расплываецца зараніца. Ад той пары я бачыў яе двойчы, і ад тае пары я не знаю, што такое супакой, не знаю іншых пажаданняў, не хачу бачыць, што можа мне даць горад, не хачу жанчын, не хачу золата, не хачу медзі карынфскай, ні бурштыну, ні перлаў, ні віна, ні банкетаў, толькі жадаю Лігіі. Кажу табе шчыра, Пятроні, што тужу па ёй, як тужыў той Сон на мазаіцы ў тваім тэпідарыюм за Пейсытаю, тужу цэлымі днямі й начамі.

— Калі гэта нявольніца, то выкуп яе.

— Яна не ёсць нявольніцай.

— А кім жа ёсць? Вызвольніцаю Плаўта?

— Не будучы ніколі нявольніцай, не магла быць вызвалена.

— Дык?..

— Не ведаю: каралеўскаю дачкою ці нешта падобнае.

— Зацікаўляеш мяне, Вініць.

— Але калі хочаш мяне паслухаць, зараз заспакою тваю цікавасць. Гісторыя не надта даўгая. Ты мо асабіста знаў Ванія, караля Свеваў, каторы як згнаннік з краю доўгі час прабываў тут, у Рыме, а нат праславіўся шчасліваю йгрой у косці й лоўкаю яздою. Цэзар Друзус пасадзіў яго зноў на трон. Ваній, які іставетна быў моцным чалавекам, спачатку добра гаспадарыў і вёў шчаслівыя войны, пасля, аднак, зачаў надта абдзіраць не толькі суседзяў, але і ўласных свеваў. Тады Ванг і Сідо, сястрынцы ягоныя, а сыны Вібілія, караля Германдураў, пастанавілі змусіць яго, каб зноў паехаў у Рым… прабаваць шчасця ў гульні.

— Памятаю, гэта Клаўдыевы, нядаўныя часы.

— Але пачалася вайна. Ваній прызваў на падмогу языгаў, а ягоныя малыя сястрынцы — лігаў, якія, пачуўшы пра багацтвы Ванія ды звабленыя спадзевай нажывы, прыйшлі ў такім ліку, што сам цэзар Клаўдый не хацеў мяшацца ў войны барбараў, напісаў, аднак, Атэлію Гістэру, які камандаваў наддунайскай легіяй, каб сачыў ход вайны і не дазволіў парушыць наш супакой.

Гістэр зажадаў тады ад лігаў, каб прыраклі, што не парушаць граніцы, на гэта яны не толькі згадзіліся, але далі закладнікаў, між якіх былі жонка й дочанька іхняга князя-ваяводы… Табе ж ведама, што барбары йдуць на вайну з жонамі й дзяцьмі. Вось жа мая Лігія і ёсць дочанькай таго князя-караля.

— Скуль гэта ведаеш?

— Казаў мне гэта сам Аўл Плаўт. Лігі не перайшлі тады, праўда, граніцы, але барбары прыходзяць, моў бура, і ўцякаюць, моў бура. Так зніклі й лігі з сваімі рагамі тураў на галавах. Збілі Ваніевых свеваў і языгаў, але князь іхні быў забіты, тады адыйшлі з здабычамі, а закладнічкі засталіся ў руках Гістэра. Матка скора ўмярла, а дзіця Гістэр, не ведаючы, што з ім рабіць, адаслаў да загадчыка ўсяе Германіі, Пампонія. А той пасля вайны з каттамі вярнуўся ў Рым, дзе Клаўдый, як табе ведама, пазволіў зладзіць яму трыумф. Дзяўчына йшла тады за возам пераможцы, але пасля маніфестацыі й Пампоній таксама не ведаў, што з закладнічкаю рабіць, бо закладніцаў не можна было ўважаць за нявольніц, дык аддаў яе сваёй сястры Пампоніі Грэцыне, жонцы Плаўта. У гэным доме, дзе ўсё, пачаўшы ад гаспадароў, а канчаючы на птастве ў курніку, ёсць цнатлівае, вырасла на дзяўчыну, на жаль, так цнатлівую, як сама Грэцына, ды так прыгожую, што нат Папея выглядала б пры ёй, як вясенняя фіга пры гісперыйскім яблыку.

— Ну, і што?

— Ну, і кажу табе, што ад тае хвіліны, як аглядаў яе прасветленую касулямі пры вадаліве, закахаўся да адчаю.

— Дык так, знача, празрыстая, як лямпрыска, або як маладая сардынка?

— Не жартуй, Пятроні, а калі цябе зводзіць свабода, з якою сазнаюся табе з маіх пажаданняў, ведай аб тым, што ясная тога часам глыбокія раны пакрывае. Мушу табе таксама сказаць, што, вяртаючыся з Азіі, праспаў я адну ноч у святыні Мопса, каб мець варожбны сон. Вось жа з’явіўся мне ў сне сам Мопс і запавясціў, што ў жыцці маім даканаюцца вялікія перамены праз каханне.

— Чуў я ад Плінія, што не верыць у багоў, толькі верыць у сны, і, можа, праўду кажа. Мае жарты не перашкаджаюць мне часамі думаць, што сапраўды ёсць толькі адно боства, вечнае, усёўладнае, творчае, Venus Genitrix6.

Яна канцэнтруе душы, канцэнтруе целы ды рэчы. Эрос вывеў свет з хаосу.

 

 

Ці добра зрабіў, то іншая справа, але калі так ёсць, то мусімы прызнаць ягоную магутнасць, хоць можна яе й не багаславіць… — Ах, Пятроні! Лягчэй філязафаваць, як даць добрую раду.

— Скажы мне, чаго ты фактычна хочаш?

— Хачу мець Лігію. Хачу, каб гэтыя рукі мае, якія абнімаюць цяпер толькі паветра, маглі абняць яе ды да грудзей прыціснуць. Калі б была нявольніцай, даў бы за яе Аўлу сто дзевак з пабеленымі вапнаю нагамі, на знак, што іх першы раз вывелі на продаж. Хачу мець яе ў маім доме датуль, пакуль галава мая не збялее, бы чуб Саракта.

— Яна не ёсць нявольніцай, але ўсё ж належыць да Плаўтавай фаміліі, і можа быць уважаная за алюмну7, бо ёсць пакінутым дзіцём. Плаўт мог бы табе яе адступіць, каб хацеў.

— То хіба не знаеш Пампоніі Грэцыны? Дый абое да яе прывыклі, як да собскага дзіцяці.

— Пампонію знаю. Істны цыпрыс. Каб не была жонкаю Аўла, можна б яе наймаць на плачку. Ад смерці Юліі не скінула цёмнае столы ды наагул выглядае, якбы шчэ жывучы хадзіла па лузе, зарослым асфодэлямі. Ёсць пры тым «univira»8, дык між нашымі чатыры- й пяцікратнымі разводніцамі ёсць адначасна феніксам… Але!.. Ці чуў, што фенікс, мабыць, сапраўды цяпер выклюнуўся ў Егіпце? Гэта яму здараецца не часцей, як раз на пяцьсот год.

— Пятроні! Пятроні! Аб феніксе пагутарым калі йнакш.

— Што ж я табе, мой Марк, скажу. Знаю Аўла Плаўта, які хоць ганіць мой спосаб жыцця, але чуе адносна мяне пэўную слабасць, а можа нат паважае мяне больш, чым іншых, ведае бо, што я ніколі не быў даносчыкам, як, напрыклад, Даміцыус Афэр, Тыгэлін ды цэлая банда прыхвасняў Рудабародага. Не строячы пры тым з сябе стоіка, я не раз крывіўся на паступкі Нэрона, на каторыя Сэнэка й Бурр глядзелі праз пальцы. Калі спадзяешся, што я магу нешта для цябе ў Аўла выманіць — гатоў на паслугі табе.

— Думаю, што можаш. Ты маеш на яго ўплыў, а пры тым розум твой знайдзе найвычарпальныя спосабы. Каб ты так зарыентаваўся ў сытуацыі ды пагутарыў з Плаўтам… — Замнога рахуеш на мой уплыў і досціп, але калі толькі пра гэта расходзіцца, пагутару з Плаўтам, як толькі перанясуцца ў горад.

— Яны ўжо вярнуліся два дні таму.

— Тады хадзем у трыклініюм, дзе чакае нас снеданне, а пасля, падмацаваўшыся, загадаем занясціся да Плаўта.

— Ты заўсёды быў для мяне мілы, — выказвае радасць Вініць, — але цяпер пастаўлю хіба табе статую між маімі лярамі — от такую стройную, як гэта — і буду складаць ёй ахвяры.

 

 

Гэта кажучы, абярнуўся да статуяў, што ўхарашалі цэлую адну сцяну пахучае святліцы, і паказаў рукою на фігуру Пятронія, прадстаўляючую яго як Гермеса, з посахам у далоні. Потым дакінуў: — На святло Геліёса! Калі «боскі» Аляксандр быў да цябе падобны, — няма чаго дзівіцца Гэлене.

І ў гэтым воклічу было столькі ж шчырасці, колькі й падхалімства. Пятроні бо, хоць старэйшы й менш атлетычны, прыгажэйшы быў за Вініція.

Жанчыны ў Рыме любаваліся не толькі ягоным гнуткім розумам і густам, за які называлі яго арбітрам элеганцыі, але і целаскладам. Любаванне тое відаць нат на тварах тых дзяўчатак з Кос, адна з якіх, імем Эўніка, сукрыта яго кахаючая, глядзела яму ў вочы з пакорай і захапленнем.

Але ён не звяртаў на гэта ўвагі, толькі, ухмыльнуўшыся да Вініція, пачаў у адказ цытаваць яму сказы Сэнэкі аб жанчынах: «Animal impudens»9 і г.д.

Пасля, абняўшы яго рукою цераз плячо, павёў у трыклініюм.

У унктуарыюме дзве грэцкія дзяўчыны, дзве фрыгійкі й дзве негрынкі зачалі спратваць эпіліхніі з пахнідламі. Але ў тым жа моманце з па-за адхіленай котары паказаліся з фрыгідарыюма галовы бальнеатараў і разляглося прыцішанае: «Псст!» На гэта адна з грэчынак, фрыгійкі ды дзве этыёпкі, падбегшы хутка, зніклі воміг за котарай. У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое інспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульні ўдзельнічаў. Дагадваўся аб іх і Пятроні, але як чалавек паблажлівы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы.

Асталася ў унктуарыюме толькі Эўніка. Праз хвіліну наслухоўвала адыходзячыя ў кірунку ляконікума галасы й смех, пасля, узяўшы выкладзены бурштынам і слановаю косцю столяк, на якім сядзеў перад хвілінаю Пятроні, прысунула яго да ягонай статуі. Поўна было ў унктуарыюме сонца й красак, што адбіваліся ад вясёлкавых мармураў, якімі вылажаны былі сцены.

Эўніка ўспялася на столяк і, зраўняўшыся з статуяй, раптоўна закінула ёй рукі на шыю ды плечы, пасля, адкінуўшы назад свае залатыя валасы ды прытуляючы ружовае цела да белага мармуру, пачала прыціскаць захопна губкі да халодных вуснаў Пятронія.

 

II

 

Пасля пасілкавання, якое называлася снеданнем, а якое два сябры спажывалі тады, калі звычайныя смяротнікі былі даўно ўжо па палуднёвым прандыюме, Пятроні запрапанаваў крыху задрамаць.

Водля яго яшчэ было зарана на адведзіны. Ёсць, праўда, людзі, якія пачынаюць адведваць знаёмых пры ўсходзе сонца, уважаючы ў дадатку гэны звычай за стары рымскі. Але ён, Пятроні, заве яго барбарскім. Папаўднёвая пара найлепшая тут, не раней, аднак, пакуль сонца не схіліцца ў сторану святыні капітолінскага Ёвіша й не пачне коса паглядаць на Форум. Восенню яшчэ бывае горача й людзі ахвотна дрэмлюць пасля яды. Тым часам міла паслухаць шуму вадаліву ў атрыюме ды, па абыдных millem passus10, прыдрамаць у чырвоным святле, працэджаным праз пурпуровае, напаўзацягнутае вэлярыюм11.

Вініць прызнаў рацыю й пачалі прахаджвацца, гутарачы свабодна аб тым, што чуваць на Палатыне і ў горадзе, філязафуючы пакрысе аб жыцці.

Пасля Пятроні пайшоў у кубікулюм, але не доўга спаў. Праз паўгадзіны выйшаў і, загадаўшы прынесці вервены, пачаў раскашавацца ейным запахам ды націраць ёю сабе рукі й твар.

— Каб ты ведаў, — кажа, — як гэта цвярозіць і бадзёрыць. Цяпер — я гатоў.

Лектыка чакала ўжо даўно, дык уселіся й загадалі несціся на Вікус Патрыцыюс12, у дом Аўла. «Інсуля» Пятронія ляжала на паўднёвым узбоччу Палатыну, каля так званае Карынэ, дык найпрасцей ім было ніжэй Forum, але Пятроні маніўся па дарозе зайсці да залатара Ідумэна, дык загадаў, каб неслі іх праз Вікус Апалонус і Форум, у бок Вікус Сцэлератус13, на рагу якое поўна было ўсялякага роду табэрнаў, крамаў.

Здаравенныя негры паднялі лектыку й рушылі, папераджаныя праз нявольнікаў, званых педысеквамі. Пятроні раз-пораз нюхаў моўчкі свае пахнучыя далоні й якбы аб нечым надумоўваўся, пасля адазваўся: — Прыйшло мне ў голаў, што калі твая лясная багінька не ёсць нявольніцай, дык магла б кінуць дом Плаўтаў і перанясціся да цябе. Атуліў бы ты яе каханнем ды абсыпаў бы багаццем, як я сваю абажаную Хрызатэміс, якою, між намі гаворачы, я ўжо прынамсі нагэтулькі здаволіўся, наколькі яна мною.

Марк матнуў галавою.

— Не? — пытае Пятроні. — У найгоршым выпадку справа зачапілася б за цэзара, а запэўніваю цябе, што хоць бы й дзеля маіх уплываў Рудабароды быў бы па тваёй старане.

— Не знаеш Лігіі! — адказвае Вініць.

— Дык дазволь спытаць, ці ты яе знаеш больш як з погляду? Ці хоць гутарыў ты з ёю? Звяраўся ў каханні?

— Бачыў яе перш пры вадаліве, а потым спаткаў яе шчэ двойчы. Не забудзь, што падчас побыту ў доме Аўлаў я жыў у наўзбочнай вілле, прызначанай для гасцей, — і, з выбітай рукою, не мог садзіцца разам за стол. Аж толькі напярэдадні майго выезду спаткаў Лігію пры вячэры — і не мог слова да яе прагаварыць. Мусіў слухаць Аўлавых расповядаў пра ваенныя перамогі ў Брытаніі, пра ўпадак дробных гаспадарак у Італіі, да якога яшчэ Ліціній Сталон намагаўся не дапусціць. Наагул не ведаю, ці Аўл патрапіць гутарыць аб чым іншым, і не думай, што здалеем ад гэтага выкруціцца, хіба захочаш слухаць пра сучасную распешчанасць. Яны там маюць у курніках бажанты, але не ядуць іх водле таго прынцыпу, што кажны з’едзены бажант прыбліжае канец рымскае магутнасці. Другі раз я спаткаў яе ля паркавай цыстэрны, з свежа вырванай трасцінкай у ручцы, макаўку якое мачала ў ваду і скроплівала навакольныя ірысы. Глянь на мае калені. На шчыт Гераклавы кажу табе — не дрыжалі яны, калі на нашыя маніплы йшлі з выццём хмары партаў, а дрыжалі пры гэнай цыстэрне. І збянтэжаны, моў дзіцянё, што буллу шчэ носіць на шыі, вачыма толькі маліў літасці, доўга не могучы слова выгаварыць.

Пятроні глянуў на яго казаў бы з нейкай зайздрасцяй.

— Шчаслівы, — кажа. — Хоць бы свет і жыццё было найгоршае, адно ў іх астанецца вечна добрае — маладосць!

А па хвіліне спытаў: — І не прагаварыў да яе?

— Прагаварыў пасля. Апрытомнеўшы крыху, сказаў, што вяртаюся з Азіі, што выбіў руку на прадмесці й вельмі балела, але ў хвіліне, калі мне пакідаць прыходзіцца гэты гасцінны дом, бачу, што боль у ім больш варты, чым дзе інакш роскаш, хвароба — больш, чым дзе здароўе. Яна слухала мяне таксама ўзварушаная, спусціўшы галованьку ды нешта грымзолячы трасцінаю на пяску. Пасля падняла вочы, шчэ раз зірнула на тыя накрэсленыя знакі, а потым на мяне, якбы хацела штось спытаць — і ўцякла неспадзявана, як гамадрыяда ад дурнаватага фаўна.

— Павінна мець чароўныя вочы.

— Як мора. І ўтануў я ў іх, бы ў моры. Вер мне, Архіпелаг менш блакітны! Неўзабаве прыбег малы Плаўт ды пачаў нешта пытацца. Але я не сцяміў, пра што яму расходзіцца.

— О Афіна! — адазваўся Пятроні. — Здымі гэтаму хлопцу з вачэй заслону, якую завязаў Эрос, інакш бо голаў сабе расквасіць аб калумну святыні Венеры.

Пасля звяртаецца да Вініця: — О ты, веснавы пупышак на дрэве жыцця, першазелень ты вінаградная! Мусяў бы замест да Плаўтаў загадаць несці цябе ў дом Гелоцыя, у дом нежыццясведамых хлапцоў.

— Чаго ты смяешся з мяне?

— А што ж рысавала на пяску? Ці не імя Амура, ці не пранізанае стралою сэрца ягонае, або нешта, з чаго мог бы здагадацца, што сатыры ўжо розныя тайны жыцця шапталі гэнай німфе? Як жа можна было не пацікавіцца гэным знакам!

— Перш я ўбачыў тогу, чым табе здаецца, — бароніцца Вініць, — і пакуль прыбег малы Аўл, разглядаў я гэныя знакі. Ведаю бо, што і ў Грэцыі, і ў Рыме дзяўчаты не раз рысуюць на пяску вызнанні, якіх не адважваюцца вымавіць іх вусны. Але згадай, што нарысавала?

— Калі не тое, што я думаў, то не згадаю.

— Рыбу.

— Што?

— Рыбу, кажу. Ці мела гэта азначаць, што ў ейных жылах дагэтуль плыве халодная кроў — не ведаю! Але ты, што абазваў мяне веснавою зеленню жыцця, пэўна лепш патрапіш гэны знак зразумець.

— Царысімэ! Пра такія рэчы спытай Плінія. Ён знаецца на рыбах. Калі б стары Апіць шчэ жыў, можа б таксама меў бы табе нешта сказаць, бо з’еў у жыцці рыбы больш, чым можа яе адразу змясціць Неапалітанская затока.

Але далейшая гутарка перарвалася, уняслі бо іх на ройныя вуліцы, дзе ўсё заглушаў людскі гоман. Праз Вікус Апалонус звярнулі на Рымскі Форум, дзе пагоднымі днямі перад заходам сонца збіраліся грамады абібокаў, каб пашвэндацца між калюмнаў, падзяліцца навінамі, паразяўляцца на лектыкі важных людзей, а ўрэшце заглядаць у залатарні, кнігарні, размяняльні грошай, мануфактурныя крамы, бранзоўні ды ўсялякія іншыя, каторых поўна было ў дамох проці Капітолю. Палавіна Форума, што межавала тут жа з замкам, была ўжо ў цяні, толькі калюмны вышэйшых святынь залаціліся ў сонцы на асноведзі блакіту. Ніжэйшыя кідалі даўгія цені на мармуровыя пліты, — а ўсюды так было іх поўна, што губілася вока сярод іх, бы ў лесе. Выглядала, якбы тым будоўлям і калюмнам цесна было побач з сабою. Таўпіліся адны над другімі, беглі ўправа і ўлева, успіналіся на ўзгор’і, туліліся да замкавых муроў або адны да другіх, на падобу большых і меншых, грубейшых і танчэйшых, залатавых і белых галамнёў, то расквечаных пад архітравамі кветкай аканту, то пазавіваных йонскімі рагамі, то завершаных простым дарыйскім квадратам. Над гэным лесам блішчалі каляровыя трыгліфы, з тымпанаў выхіляліся рэзьбяныя постаці багоў, з шчытоў аскрыдляныя залатыя квадрыгі казаў бы рваліся вылецець у паветра, у той блакіт, што спакойна звісаў над гэным збітым местам святым.

Пасярэдзіне рынку ды па берагох плыла людская рака: грамады прахаджаліся пад люкамі базылікі Юлія Цэзара, грамады сядзелі на сходах святыні Кастара і Палукса й круціліся ля святліцы Весты, падобныя на гэнай вялікай мармуровай асноведзі да рознаколерных матылёў ці жукоў. З гары, праз вялікія ступяні, ад стараны святыні «Jovi optimo maximo»14 наплывалі новыя хвалі; пры Рострах слухалі нейкіх прынагодных моўцаў; тут і там чутны былі заклікі гандляроў, прадаючых садавіну, віно або ваду з фігавым сокам; круцялёў з цудоўнымі лякарствамі, варажбітаў, адгадчыкаў укрытых скарбаў, разгадчыкаў сноў.

Дзе-нідзе з гоманам гутарак, заклікаў мяшаліся зыкі сістры, егіпскай самбукі або грэцкіх флейтаў. Дзе-нідзе хворыя пабожныя або стурбаваныя няслі ў святыні ахвяры. Сярод людзей збіраліся на каменных плітах ласыя на ахвяраванае зерне, падобныя да рухлівых цёмных і стракатых плямаў, стады галубоў, то здымаючыхся з лопатам крылляў, то зноў западаючых на апарожненае людзьмі мейсца. Час ад часу грамады людскія расступаліся перад лектыкамі, у якіх відны былі выхарашаныя твары жанчын або галовы сенатараў і рыцараў, закрэплых і выснажаных жыццём. Рознамоўная грамада вымаўляла голасна імёны іхнія, дацінкі або пахвалы. Між бязладнымі гуртамі праціскаліся часам ступаючыя мерным крокам аддзелы ваяроў ці вігілаў, пільнуючых вулічнага парадку. Грэцкая мова чутна была навокал нароўні з лацінскаю.

Вініць, які даўно не быў у горадзе, прыглядаўся з пэўнай цікавасцяй на тое раявішча людзей ды на той Рымскі Форум, адначасна й пануючае над хваляю свету й залітае ёю, і, адгадаўшы думкі таварыша, назваў яго гняздом Квірытаў — без Квірытаў. Іставетна тубыльчы род амаль гінуў у гэнай суталацы розных расаў, народаў. Тут відаць было этыёпаў, відаць было вялігурных яснавалосых людзей з далёкай поўначы, брытанаў, галаў і германаў, касавокіх жыхароў Сэрыкума, людзей з-над Эўфрату ды з-над Інду, з маляванымі на цэглясты колер бародамі; сірыйцаў з берагоў Аронту, з чорнымі салодкімі вачыма; як косць сухіх жыхароў арабскае пустыні, жыдоў з запаўшымі грудзьмі; егіпцянаў з вечна ўсмехненым тварам, і нумідаў, і афраў; грэкаў з Гэлады, што нароўні з рымлянамі валадалі народам, але йшчэ валадалі ведай, мастацтвам, розумам і круцельствам; грэкаў з Архіпелагу й Малой Азіі, і з Егіпту, і з Італіі, і з Нарбонскае Галіі. У натоўпе нявольнікаў з падзіраўленымі вушамі нямала было й вольнае галайстры, якую цэзар забаўляў, карміў, а нат адзяваў, — вольных прыбышоў, каторых у вялікі горад звабіў лёгкі хлеб і перспектывы фартуны; былі й святары Серапіса з пальмавымі галінкамі ў рукох, і святары Ізыды, на алтар якое зносілі больш ахвяр, чым у святыню Ёвіша капітолінскага, — і святары Кібеллі з залатымі кісцямі рысу, і святары вандроўных бостваў, і танцоркі ўсходнія ў далёкапрыкметных мітрах, і прадаўцы амулетаў, і халдэйскія магі, урэшце людзі без ніякага занятку, якія штотыдзень прыходзілі да надтыбранскіх сверняў па збожжа, біліся за латарэйныя білеты ў цырках, праводзілі ночы ў западаючых дамох затыбранскага кварталу, а сонечныя і цёплыя дні ў крыптапортыках, у няхлуйных гаркухнях Субуры, на мосце Мільвійскім або перад «інсулямі» багатых, дзе ім час ад часу выкідалі недаедкі са стала нявольнікаў.

Пятронія добра зналі гэтыя грамады. Да вушэй Вініціевых далятала ўсцяж: «Ніс еst!» — «То ён». Любілі яго за шчодрасць, а асабліва папулярнасць яго ўзрасла ад таго часу, як сталася ведамай ягоная прамова перад цэзарам у абароне асуджанай на смерць цэлай фаміліі, г. зн.: усіх без розніцы плоці і веку нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда за тое, што адзін з іх забіў гэнага людаеда ў часіну роспачы. Пятроні, праўда, выразна адцемліваў, што для яго было гэта абыякава, і прамаўляў да цэзара толькі прыватна, як арбітэр элеганцярум, якога пачуццё эстэтычнае абурала такая рэзь, годная якіх сцытаў (скіфаў), а не рымлян. Усё ж такі народ, узбураны гэнай рэззю, любіў ад тае пары Пятронія.

Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любіў таксама і Брытаніка, якога Нэрон звёў із свету, і Агрыпіну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, і Актавію, якую задушылі на Пандатарыі, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, і Рэбелія Плаўта, што быў выгнаны, і Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесці смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятроні быў адначасна забабонны. Натоўпу не любіў падвойна: і як арыстакрат, і як эстэт. Людзі з запахамі пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад ігры ў мору на рагох вуліц ды перыстылях, не заслужвалі ў яго на назову людзей.

Дык зусім не звяртаючы ўвагі на авацыі, ані на пасыланыя стуль ці ссюль цалункі, расказваў Марку справу Пэданія і кпіў пры тым з нясталасці вулічнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння віватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвіша Статара. Але перад кнігарняй Авірануса казаў затрымацца і, высеўшы, купіў аздобны рукапіс, каторы аддаў Вініцію.

— Гэта падарунак табе, — сказаў.

— Дзякую! — адказаў Вініць і, зірнуўшы на загаловак, спытаў: — «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?

— Маё. Але я не хачу йсці ў сляды Руфіна, гісторыю якога меў табе расказаць, ані ў сляды Фабрыцыя Вэента, таму ніхто аб гэтым не ведае, а ты нікому не кажы.

— Казаў, што не пішаш вершаў, — прыпамінае Вініць, заглядаючы ў сярэдзіну, — а тут вось бачу прозу, густа імі пераплеценую.

— Як будзеш чытаць, звярні ўвагу на банкет Трымальхіёна. Што да вершаў — збрыдлі мне ад тае пары, як Нэрон пачаў пісаць эпас. Вітэль, бач, хочучы сабе дагадзіць, закладае сабе ў горла палачку з косці слановае; іншыя паслугоўваюцца перынамі фламінгаў, мачанымі ў аліве або ў адвары мацярдушкі. Я ж чытаў паэзію Нэрона і — вынікі ў той жа хвіліне. Магу іх пасля хваліць, калі не з чыстым сумленнем, то з чыстым страўнікам.

Гэта сказаўшы, зноў затрымаў лектыку перад залатаром Ідуменам і, заладзіўшы справу гэммаў, загадаў нясціся проста да Аўлаў.

— Па дарозе, на доказ, да чаго даводзіць аўтарcкае самалюбства, раскажу табе гісторыю Руфіна.

Але пакуль яе распачаў, то і звярнулі на Вікус Патрыцыюс ды незабаўна стаялі пры доме Аўла. Малады і дужы «janitor»15 адчыніў ім дзверы ў остыюм, над якімі сарока ў клетцы вітала крыклівым: «Salve!»16 Ідучы з другіх сяней, званых остыюм, у самы атрыюм, Вініць кажа: — Ці звярнуў увагу, што прыдзверны тут без ланцугоў?

— Гэта дзіўны дом, — адказаў паўголасам Пятроні. — Пэўна табе ведама, Пампонію Грэцыну падазравалі, што практыкуе ўсходні забабон, сутнасць якога — аддаваць чэсць нейкаму Хрысту. Здаецца, прыслужылася ёй Крыспініла, якая не можа дараваць Пампоніі, што аднаго мужа было дастаткова ёй на цэлае жыццё. Унівіра!.. Скарэй здарыцца сяння ў Рыме паўмісак рыжкоў з Норыкума. Судзілі яе дамовым судом… — Праўду кажаш, што гэта дзіўны дом. Потым раскажу табе, што я тут бачыў і чуў.

Тым часам прыйшлі ў атрыюм. Загадчык ягоны, нявольнік, так званы «аtriensis», выслаў наменклатара, каб далажыў аб гасцях, адначасна служкі падсунулі ім крэслы й столячкі пад ногі. Пятроні, які не бываў у гэтым доме, старонячыся ад суровага суму, які там быццам валадарыў, разглядаўся навокал з пэўным здзіўленнем, бо атрыюм зусім не рабіў сумнага ўражання. З адкрытай гары падаў сноп яснага святла, рассыпаючыся ў тысячу іскраў на вадапырску.

Квадратная сажалка з фантаннай усярэдзіне, прырыхтаваная для прыймання дажджу, падаючага праз адкрытую гору, а называная «імплювіюм», была акружана анемонамі й лілеямі. Відаць, у доме кахаліся ў лілеях, было іх купіны — і белых, і чырвоных, і ўрэшце шатыровых ірысаў, далікатныя пялёсткі якіх былі як бы пасрэбраныя вадзяным пылам. Сярод мокрых мхоў, якімі прыкрытыя былі дайнічкі з лілеямі, і сярод пукоў лісця відны былі бронзавыя статуйкі дзяцей і воднага птаства. У адным куце бронзавая лань нахіліла сваю запляснелую ад вогкасці галованьку да вады, казаў бы жадала напіцца. Падлога ў атрыюме была з мазаікі; сцены часткова з чырвонага мармуру, часткова маляваныя ў дрэвы, рыбы, птушкі й грыфы, вабілі вока йгрою красак. Ад дзвярэй да баковак упрыгожаны былі чарапашнікам або нат слановай косцю; пры сценах між дзвярмі стаялі статуі продкаў Аўла. Усюды відзён быў спакойны дастатак, далёкі ад пышнае збыткоўнасці, але шляхотны й самапэўны.

Пятроні, які без параўнання жыў пышней ды страйней, не мог тут, аднакава ж, знайсці ані аднае рэчы, якая б рэзала ягоны густ, дык звярнуўся з гэтым да Вініція, аж тут нявольнік-вэлярыюс адсунуў заслону, аддзяляючую атрыюм ад таблінума, і ў глыбі дома паказаўся спяшаючы Аўл Плаўт. Быў гэта чалавек ужо пажылы, з белаю галавою, але чорствы, з энергічным тварам, крыху прыкараткім, але затое падобным да галавы арла. Гэты раз было відно на ім пэўнае здзіўленне, а нат трывога з прычыны адведзін Нэронавага прыяцеля, сябры й завушніка.

Але Пятроні быў зоркім чалавекам ды не абыякім бывальцам, каб гэтага не даследзіць, дык па першых прывітальных словах выясніў з цэлай сваёй вымоўнасцяй і свабодай, што прыйшоў падзякаваць за апеку над сястрынцом ягоным, і што толькі ўдзячнасць спрычыніла ягоныя адведзіны, хоць асмяляла да іх і даўнейшае знаёмства.

Аўл запэўніў яго з свайго боку, што вельмі рад мілым гасцям, а што да ўдзячнасці — кажа, — то і сам да гэтага пачуваецца, хоць мо Пятроні й не здагадваецца, за што. Праўда, Пятроні не здагадваўся. Дарэмна падымаў свае арэхавыя вочы ўгару, натужваўся, каб нагадаць найменшую паслугу Аўлу ці каму-небудзь. Не прыпамінаў сабе нічога, апрача таго хіба, што маніўся зрабіць для Вініція. Мімаволі хіба магло што здарыцца, але толькі мімаволі.

— Люблю і цаню надта Веспасыяна, — аб’ясняе Аўл, — якому вашэць уратаваў жыццё, калі раз прыдарылася яму няшчасце заснуць пры слуханні вершаў цэзара.

— Здарылася яму шчасце, — адказаў Пятроні, — бо іх не чуў. Не пярэчу, аднак, што магло яно скончыцца нешчасліва. Рудабароды маніўся канечне паслаць яму цэнтурыёна з прыяцельскай радай, каб падрэзаў сабе жылы.

— А ты, Пятроні, асмяяў яго.

— Так, а мо й наадварот: я сказаў яму, што калі Арфей умеў песняю нагнаць сон дзікім бестыям, то ён дараўняў яму, патрапіўшы ўлюляць Веспасыяна. З Рудабародага можна падкпіваць, але пад умовай, каб у малых кпінах было вялікае падхлебніцтва. Нашая міласцівая аўгуста Папея разумее гэта добра.

— На жаль, такія часы, — адказаў Аўл. — Не маю двух пярэдніх зубоў, выбіў іх мне камянём брытанец, таму так гутарка мая свішчаватая, аднак жа найшчаслівейшыя дні жыцця правёў я ў Брытаніі… — Бо пераможныя, — дакінуў Вініць. Але Пятроні, баючыся, каб стары ваяк не зачаў гарадзіць аб старых сваіх войнах, змяніў тэму гутаркі.

— У ваколіцы Прэнэсты, — пачаў, — сяляне знайшлі нежывое ваўчанё з дзвюма галавамі, а падчас анагдайшай навальніцы пярун адарваў гзымс у святыні Луны, гэта з увагі на познюю восень было нечуваным дзівам.

Нейкі так жа Котта, які яму гэта расказваў, казаў, што святары тае ж святыні запавяшчаюць катастрофу гораду з гэтай прычыны або эвентуальна руйну вялікага дому, якую льго адвярнуць толькі вялікімі ахвярамі.

Аўл, выслухаўшы гэта, выказаў думку, што такіх знакаў не можна, аднак, пушчаць міма вушэй. Багі могуць быць загневаны перабранай мерай злачынства, няма чаго гэтаму дзівіцца, а дзеля таго экспіяцыйныя ахвяры зусім да мейсца.

На гэта Пятроні: — Твой дом, Плаўце, не ёсць так вялікі, а жыве ў ім вялікі чалавек; мо й, праўда, завялікі на так марнага ўласніка, але таксама замалы. А калі расходзіцца пра руйну так вялікага, напрыклад, як «domus transitoria»17, то ці аплаціцца нам даваць ахвяры, каб аддаліць гэну руйну?

Плаўт не адказаў на гэта пытанне, гэтым крыху крануў Пятронія, пры цэлым бо недахопе пачуцця розніцы між дабром і злом не быў ён, аднак, ніколі даношчыкам, і можна было з ім гутарыць зусім бяспечна. Вось жа змяніў зноў гутарку і пачаў выхваляць памешканне Плаўта, добры густ у ягонай абстаноўцы.

— Старая гэта сядзіба, — адказаў Плаўт, — у якой нічога не змянілася ад часу ўнаследжання яе.

 

 

Пры адсуненай заслоне між атрыюмам і таблінумам дом адкрыты быў навылет, так што праз таблінум, праз наступны перыстыль і залю за ім, званую «экус», вока бегла аж у парк, што красаваўся здалёк, моў ясны малюнак, апраўлены ў цёмную раму. Вясёлыя дзіцячыя смехі нясліся адтуль.

— Ах, ваявода, — азваўся Пятроні, — дазволь нам бліжэй прыслухацца да таго шчырага смеху, якога так сяння мала.

— Калі ласка, — запрашае, устаючы, Плаўт. — Гэта мой малы Аўл і Лігія забаўляюцца шпурляком. Але, што да смеху, думаю, Пятроні, што жыццё тваё ў ім тоне.

— Жыццё ёсць вартае смеху, дык смяюся, — іранізуе Пятроні. — Тут, аднак, смех звініць інакш.

— Пятроні, — дадаў Вініць, — смяецца, бач, не ў ясны дзень, а ў начы.

Так гутарачы, прайшлі праз увесь дом і выйшлі ў вагарод, дзе Лігія й малы Аўл гулялі з шпурлякамі, якія адумысныя нявольнікі, так званыя «сфэрыстыя», падымалі ім з зямлі й падавалі ў рукі. Пятроні кінуў быстрым вокам на Лігію, малы Аўл, згледзеўшы Вініція, прыбег вітацца, а той, праходзячы, скланіў голаў перад красуняй, што стаяла з шпурляком у ручцы і развеенымі крыху косынькамі, зазяханая й румяная.

Але ў вагародным трыклініюме, ацененым зеленню вінаграду й казінага зелля, сядзела Пампонія Грэцына, дык пайшлі прывітацца з ёю. Пятронію, хоць не бываў у Плаўтаў, была яна знаёмая, спатыкаў бо яе ў Антыстыі, дачкі Рубэлля Плаўта, дый у Сэнэкаў, у Паліёна. Не без пэўнага подзіву глядзеў на ейны паважны, але пагодны сум, шляхотнасць паставы, жэстаў, слоў. Пампонія да таго блытала ягоныя паняцці аб жанчынах, што гэны распушчаны да крайнасці й самапэўны, як ніхто ў Рыме, чалавек не толькі пачуваў да яе пэўнага роду пашану, але як бы рабіўся менш самапэўным. І цяпер вось, дзякуючы ёй за апеку над Вініціем, устаўляў як бы мімаходзь слова «доміна», якое ніколі не збягала яму на язык, калі гутарыў, напрыклад, з Кальвіяй Крыспінілай або Валерыяй, Салінай ды іншымі жанчынамі з вялікага свету. Падчас вітання й падзякі пачаў таксама зараз наракаць, што так рэдка бачацца, што не можна спаткаць яе ані ў цырку, ані ў амфітэатры, — на гэта адказала яму спакойна, палажыўшы сваю далонь на мужавай: — Старэем дый абое штораз больш любім хатняе зацішша.

Пятроні хацеў пярэчыць, але Плаўт дадаў сваім свіставатым голасам: — Ды штораз чужэйшымі чуемся сярод людзей, якія нават нашых рымскіх багоў завуць грэцкімі імёнамі.

— Багі сталіся ўжо толькі рытарычнымі фігурамі, — кажа нядбала Пятроні, — адыж рыторыцы вучылі нас грэкі, дык і мне, напрыклад, лягчэй сказаць Гера, чым Юно.

Гэта сказаўшы, абярнуў вочы на Пампонію, моў у ейнай прысутнасці не магло яму больш ніякае слова збегчы на думку; наступна пачаў запярэчваць таму, што казала пра старасць: — Людзі старэюцца, праўда, хутка, але ёсць такія, што жывуць зусім іншым жыццём. Апрача таго ёсць цэры, аб якіх Сатурн як бы забыўся.

Пятроні гаварыў гэта з пэўнай нат шчырасцяй, Пампонія бо, хоць схіляла ўжо з жыццёвага паўдня, мела незвычайную свежасць цэры, а пры дробнай галаве й твары бывала, што паміма свае чорнае сукні, міма павагі й суму, выклікала ўражанне зусім маладое жанчыны.

Тым часам малы Аўл, які падчас прабывання Вініція ў іхнім доме здружыў з ім, падыйшоўшы, пачаў яго запрашаць да гульні ў шпурляка. За хлопцам увайшла ў трыклініюм і Лігія. Пад фіранкай зелені з іграючымі касулямі на твары паказалася цяпер Пятронію прыгажэйшай, чым на першы пагляд, і сапраўды падобнай да нейкай німфы. Яшчэ не віталіся дагэтуль, дык устаў, скланіў перад ёю голаў і, замест звычайных вітальных слоў, пачаў цытаваць сказы, якімі Адысей вітаў Наўзікаю:

 

Не знаю, боства ты або дзяўчо смяротна!

Няўжо наш свет прыдатны, каб тварыць падобна?

Тады я родзічаў тваіх за гэта бласлаўляю,

Як і братоў тваіх, чароўная Даная…

 

Нат Пампоніі спадабалася вынайдаваная ветлівасць гэтага бывальца. Лігія слухала ўзварушаная й анясмеленая. Але паволі на вуснах ейных зайграў смяшок, на твары малявалася змаганне дзявочага сораму з ахвотай адказу — і, відаць, тая ахвота перамагла, зірнула бо раптам на Пятронія й адказала яму словамі тае ж Наўзікаі, вырэцытаванымі крыху па-вучнёўску:

 

Не абы-хто ты сам, дый у мазгох не пуста…

 

Пасля закруцілася на назе ды ўцякла, бы спалоханая птушка. Цяпер прыйшла чарга здзіўлення на Пятронія — не спадзяваўся бо пачуць верш Гомэра ў вуснах дзяўчыны, аб барбарскім паходжанні якое чуў ад Вініція.

Глянуў також пытаючым вокам на Пампонію, але тая не магла яму даць адказу, бо глядзела на здаволенага Аўла.

А ён не ўмеў таго гордага здавальнення сукрыць. Перш-наперш прывязаўся быў да Лігіі, як да роднага дзіцяці, а па-другое, паміма сваіх старарымскіх нехацяў да грэччыны, уважаў яе за доказ таварыскае агляды. Сам не мог яе ніколі добра навучыцца, і гэтага скрыта шкадаваў, дык вось цяпер рад быў, што гэтаму вытворнаму мужу й літарату, які гатоў быў уважаць дом ягоны за барбарскі, адказана ў ім моваю й вершам Гомэра.

— Ёсць у нас грэк-педагог, — кажа, звяртаючыся да Пятронія, — вучыць нашага хлапца, а дзяўчо прыслухоўваецца лекцыям. Птушанё гэта яшчэ, але мілае птушанё, да якога прывыклі мы абое.

Пятроні ўглядаўся цяпер праз гушчару поўсці й капрыфоліюма на парк ды на разгуляную тройку. Вініць скінуў тогу і ў толькі туніцы падбіваў угару шпурляк, які Лігія насупраць з паднятымі ручонкамі намагалася схапіць.

На першы пагляд малодухна не зрабіла на Пятронія вялікага ўражання. Выдавалася яму лішне тонкай. Але ад моманту, калі ў трыклініюме ўзглянуў на яе бліжэй, падумаў сабе: так магла выглядаць хіба толькі заранка — і, як знаўца, задэцыдаваў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае. Усё зацеміў ды ўсё ацаніў: і ружова-празрысты тварык, і свежыя, ну проста просячыя цалунку, губкі, і блакітныя, бы мора, вочы, і алебастравую бель чала, і буйнасць цёмных косынькаў з бурштынавым і карынфскай медзі водблескам на лёчках, і лёгкую шыйку, і боскую лінію плячукоў ды цэлую постаць — гнуткую, танклявую, маладую маладосцю майскае расцвіўшае вясны.

Збудзіўся ў ім мастак і смакун красы, які адчуў, што пад фігуру гэтае красуні аж просіцца подпіс: «В я с н а». Раптам прыпомніў сабе Хрызатэміс, і парваў яго пусты смех: паказалася яму з сваёй залатою пудраю ў валасох ды начэрненымі бровамі надта звялаю, падобнай да скідаючай пялёсткі ружы. А ўсё ж такі гэнае Хрызатэміс зайздросціў яму цэлы Рым. Наступна прыгадаў сабе Папею — і тая праcлаўная Папея таксама паказалася яму бяздушнай васковай маскай. У гэтай жа дзяўчыне танагрскіх кшталтаў была не толькі вясна — была й светлая Псыхэ, прамянеючая з яе ружанага цела, моў касулі з лямпы.

— Вініць праўду казаў, — падумаў, — а мая Хрызатэміс старая, старая… моў Троя!

Пасля звярнуўся да Пампоніі Грэцыны — і, паказаўшы на парк, сказаў: — Разумею цяпер, доміна, што з такімі дваіма не хочацца вам ні палатынскіх банкетаў, ні цырку.

— Так, — адказала, звяртаючы погляд на малога Аўла і Лігію.

А стары ваяр пачаў расказваць гісторыю дзяўчыны і тое, што чуў калісь ад Атэлія Гістэра пра народ лігаў з далёкае поўначы.

А тыя скончылі гуляць у шпурляка і нейкі час хадзілі па агародным пяску, рысуючыся на цёмнай асноведзі цыпрысаў, бы тры белыя статуі. Лігія трымала за руку малога Аўлюса. Пашпацыраваўшы крыху, селі на лаўцы пры «пісцыне»18, на сярэдзіне агароду. Аўл зараз сарваўся плёшыць рыбу ў люстраной вадзе, а Вініць вёў далей зачатую падчас шпацыру гутарку: — Так, — казаў нізкім трэмолавым голасам. — Ледзь скінуў я прэтэксту, выслалі мяне ў азіяцкія легіі. Не знаў ні гораду, ні жыцця, ні кахання. Умею напамяць крыху Анакрэонта і Гарацыя, але не патрапіў бы так, як Пятроні, гаварыць вершы тады, калі розум нямее з подзіву й слоў знайсці не можа.

Будучы хлопцам, хадзіў я ў школу Мусонія, які вучыў нас, што сутнасць шчасця ў тым, каб хацець таго, чаго багі хочуць — значыцца, ад нашае волі залежыць. На маю ж думку, ёсць іншае — даражэйшае й большае, — якое не залежыць ад волі, бо яго толькі каханне даць можа. Шукаюць таго шчасця cамі багі, дык і я, о Лігія, што не каштаваў дагэтуль кахання, йдучы ў іхнія сляды, шукаю такжа тае, каторая б схацела мне даць шчасце… Умоўк — толькі плюск вады, у якую малы Аўл кідаў каменьчыкі, страшачы рыбу, нарушаў цішыню. Па хвілі Вініць зноў пачаў гутарыць яшчэ цішэйшым і мякчэйшым голасам.

— Хіба ж знаеш Веспасыянавага сына Тытуса? Кажуць, ледзь ад хлапчаняці падняўся, як пакахаў Берэніку так, што туга амаль не выссала з яго жыцця… Так і я б умеў пакахаць, о Лігія!.. Багацце, слава, улада — пусты дым! Марнота! Багаты знайдзе багатшага за сябе, слаўны — слаўнейшага, магутны — магутнейшага… Але ці сам цэзар, ці каторы бог нат можа мець большую роскаш або шчаслівейшым быць, чым просты смяротнік, які прыціскае да сваіх грудзей іншыя грудкі або цалуе каханыя губкі… Дык каханне раўняе нас з багамі — о Лігія!..

А яна слухала неспакойна і здзіўлена так, як бы слухала тонаў грэцкае флейты ці цытры. Часамі здавалася ёй, што Вініць пяе нейкую песню дзіўную, што сочыцца ёй у вушы, запаляе ў ёй кроў, ды адначасна праймае млоснасць і нейкая няўцямная радасць.

Здавалася ёй таксама, ён гаворыць тое, што ўжо было ў ёй перадом, а чаго не ўмела ўцяміць. Чула, як ён нешта ў ёй разбуджае, што дагэтуль драмала, і як у гэнай хвіліне ймглісты сон мяняецца ў штось выразнейшае, больш мілае й прыгожае.

Тым часам сонца перакацілася даўно за Тыбр і завісла нізка над Янікульскім узгор’ем. На спакойныя цыпрысы падала чырвонае святло — і ўсё паветра было ім перасычана. Лігія падняла свае блакітныя, як бы разбуджаныя з сну, вочы на Вініція, і цяпер, у вячэрнім водбліску нахілены над ёю з просьбаю ў раз’іскраных вачах, паказаўся ёй прыгажэйшы за ўсіх людзей, за ўсіх грэцкіх і рымскіх багоў, якіх статуі спатыкала на франтонах святынь. А ён абняў лягонька пальцамі ейную ручаньку вышэй костачкі й пытае: — Няўжо ты не ўгадала, Лігія, чаму я гэта кажу табе?..

— Не! — адшапнула так ціха, што Вініць ледзь дачуў.

Але не паверыў ёй і, прыцягаючы штораз мацней ейную руку, быў бы прыцягнуў яе аж да сэрца, б’ючага ад жады бы молат — і быў бы проста выказаў ёй гарачыя словы, каб не паказаўся на сцежцы неспадзявана стары Аўл, які, падыйшоўшы, сказаў: — Сонца заходзіць, сцеражэцеся вячэрняга холаду і не жартуйце з Лібітынай… — Не, — адказаў Вініць, — я не апрануў дагэтуль тогі й не адчуў холаду.

— А вось ужо толькі паўкруга з-за гор выглядае, — адказаў стары ваяк. — Гэта не салодкі клімат Сіцыліі, дзе вечарамі народ збіраецца на рынках хорам развітацца з заходзячым Фэбам.

І, забыўшы, што перад хвілінай сам перасцерагаў ад Лібітыны, пачаў расказваць аб Сіцыліі, дзе меў вялікую гаспадарку, якую надта любіў. Успомніў таксама, што не раз прыходзіла яму на думку перанясціся ў Сіцылію і там спакойна дажыць да смерці. Даволі зімовай белі таму, хто мае ўжо белы голаў. Яшчэ пакуль лісце з дрэваў не паабсыпалася і над горадам зычліва ўсміхаецца чыстае неба, але як пажоўкне вінаград, як спадзе снег у горах Альбанскіх, а багі пашлюць сцюдзёны віхар з Кампаніі, тады хто ведае, ці з цэлым домам не перанясецца ў сваю ціхую сялянскую сядзібу.

— Меў бы ахвоту развітацца з Рымам, Плаўце? — спытаў устрывожаны Вініць.

— Ахвоту гэтую даўно ўжо маю, — адказаў Аўл, — там бо спакайней ды беспячней.

І давай выхваляць свае сады, жывёлу, дом, схаваны ў зелені, і прыгоркі, аброслыя кменам і чабаром, над якімі звініць пчаліны рой. Але Вініць не зважаў на гэтыя выхвалянні — і, маючы на думцы тое, што можа разлучыцца з Лігіяй, паглядаў у бок Пятронія, як бы ад яго адзінага чакаў ратунку.

Пятроні тым часам, седзячы пры Пампоніі, любаваўся краявідам заходзячага сонца, парку й стаячых пры сажалцы людзей. Белая адзежа іхняя на цёмнай пляме міртаў свяціла золатам ад вячэрняга бляску. На небе пачала займацца вячэрняя зарніца пурпураю, фіялетам ды пералівацца пажогай.

Небасхіл высока станавіўся ліліёвы. Цёмныя цыпрысы сталіся шчэ цямнейшымі, а ў людзей, на дрэвах ды ў цэлым парку запанаваў вячэрні супакой.

Пятронія зацікавіў гэты спакой, злашча ў людзей. На твары Пампоніі, старога Аўла, іхняга сынка й Лігіі было тое, чаго не спатыкаў у тых людзей, якія штодзень і штоноч яго акружалі: было нейкае святло, нейкае ўтуленне ды пагода, выплываючая проста з такога жыцця, якім тут усе жылі. І з пэўным здзіўленнем падумаў, што, аднак, можа існаваць саладосць і гожасць, якіх ён, вечна шукаючы прыгажосці й салодкасці, не каштаваў. Думкі гэтай не ўмеў утаіць у сабе і, звярнуўшыся да Пампоніі, сказаў: — Разважаю ў душы, які іншы ваш свет ад таго, якім валадарыць наш Нэрон.

А яна, узглянуўшы на вячэрнюю зарніцу, прастадушна адказала: — Светам валадарыць не Нэрон, а — Бог.

Хвіліна маўчання. Недалёка трыклініюма ў алеі пачуліся крокі старога ваяводы, Вініція, Лігіі й малога Аўла. Але пакуль падыйшлі, Пятроні спытаў яшчэ: — Дык ты верыш у багоў, Пампонія?

— Веру ў Бога, які ёсць адзін, справядлівы і ўсёмагутны, — адказала жонка Аўла Плаўта.

 

III

 

— Верыць у Бога, каторы ёсць адзін, усёмагутны й справядлівы, — паўтарыў Пятроні, седзячы зноў у лектыцы сам-насам з Вініціем. — Калі ейны Бог ёсць усёмагутны, тады валадарыць над жыццём і смерцяй; а калі ёсць справядлівы, тады слушна ссылае смерць.

Дык чаму Пампонія носіць жалобу па Юліі? Шкадуючы Юліі, ганіць свайго Бога. Мушу гэтую філязофію паўтарыць нашай рудабародай малпе, бо мне здаецца, што ў дыялектыцы дараўноўваю Сакрату. Што да жанчын, згаджаюся: кажная мае тры або чатыры душы, але ні адна не мае разумнае душы. Хай бы сабе Пампонія раздумоўвала з Сэнэкай або Корнутам аб тым, чым ёсць іх вялікі Логас… Хай бы разам выклікалі цені Ксэнафонэса, Пармэніда, Зэнона і Плятона, каторыя нудзяцца там у Кімэрыйскіх краінах, як чыжы ў клетцы. Я хацеў гаварыць з ёю і з Плаўтам аб чым іншым. На святое лона егіпскае Ізіс! Каб ім так проста сказаў, чаго мы прыйшлі, дык думаю, што цнота іхняя забрынчэла б, як медзяная талерка ад палкі. І не смеў!

Дасі веры, Вініць, што не асмеліўся? Павы прыгожыя птушкі, але крычаць надта дзярліва. Пабаяўся крыку. Але мушу пахваліць твой густ. Існая «заранка з ружовымі пальчыкамі»… І ведаеш, што мне таксама прыпомніла? — Вясну! І то не нашу ў Італіі, дзе ледзь там-сям яблыня пакрыецца кветкамі, а аліўнікі шарэюць, як шарэлі, толькі тую вясну, якую бачыў я ў Гельвецыі, маладую, свежую, ясназялёную. На тую блядую Сэлену! Не дзіўлюся табе, Марк, — ведай, аднак, што кахаеш Дыяну. І што Аўл і Пампонія гатовы цябе разарваць, як калісь сабакі Актэона.

Вініць, не падымаючы галавы, маўчаў. Пасля гаворыць перапоўненым жадою голасам: — Я жадаў яе ўпярод, а цяпер жадаю шчэ больш. Калі абняў ейную руку, ахапіў мяне агонь… Мушу яе мець! Каб я быў Зэўсам, накрыў бы яе хмарай, як ён накрыў Іё, або спусціўся б на яе дажджом, як ён спусціўся на Данаю. Хацеў бы цалаваць ейныя вусны аж да болю! Хацеў бы пачуць ейны крык у маіх абдымках. Хацеў бы забіць Аўла і Пампонію, а яе схапіць і занясці на руках дамоў. Не спаціму сяння. Загадаю біць каторага з нявольнікаў і слухаціму ягонага енку… — Супакойся, — перапыніў Пятроні. — Маеш захцяваркі дрэвакола з Субуры.

— Мне ўсё адно. Мушу яе мець. Прыйшоў да цябе па раду, і калі ты яе не знайдзеш, знайду яе сам… Аўл уважае Лігію за дачку, чаму ж бы я меў глядзець на яе як на нявольніцу? Дык калі няма іншае дарогі, хай жа апрадзе дзверы майго дому, хай намасціць іх воўчым тлушчам ды хай сядзе, як жонка, пры маім вогнішчы.

— Супакойся, гарачы нашчадку консулаў. Не на тое вядзём барбараў на прывязі за нашымі вазамі, каб жаніцца з іхнімі дочкамі. Высцерагайся буянства. Выпрабуй простыя чэсныя спосабы і дай мне й сабе час надумацца. Мне таксама Хрызатэміс выдавалася з роду Ёвіша, аднак не жаніўся з ёю — так, як і Нэрон не звянчаўся з Актэ, хоць яе называлі дачкою цэзара Атала. Супакойся. Падумай пра тое, што, калі яна захоча дзеля цябе пакінуць дом Аўлаў, яны не маюць права яе затрымоўваць, і ведай тое, што не толькі сам гарыш, а і ў ёй Эрос запаліў полымя… Я гэта скеміў, а мне трэба верыць… Будзь цярплівы. На ўсё ёсць спосаб, але сяння і так ужо задоўга думаў, гэта мяне мучыць. Затое прыракаю табе, што ўзаўтра яшчэ падумаю аб тваім каханні, і хіба Пятроні не будзе Пятроніем, калі чаго не прыдумае.

Замоўклі зноў абодва. Урэшце Вініць, ужо спакайнейшы, па хвіліне адзываецца: — Дзякую табе, хай фартуна для цябе шчодрай будзе.

— Будзь цярплівы.

— Куды загадаў нясціся?

— Да Хрызатэміс… — Шчаслівы ты, што маеш тую, каторую кахаеш.

— Я? Ведаеш, чым мяне шчэ зацікаўляе мая Хрызатэміс? Тое, што яна мяне здраджае з маім уласным вызвольнікам, лютністым Тэоклесам, і думае, што я гэтага не ведаю. Калісь кахаў яе, а цяпер смешыць мяне ейнае махлярства й дурнота. Хадзі са мною да яе. Калі пачне цябе баламуціць і стане віном пісаць табе літары на стале пальцам, ведай тое, што я не… зайздросны.

І загадалі нясціся разам да Хрызатэміс.

Але ў прысенку Пятроні палажыў руку на плечы Вініція і кажа: — Стой. Здаецца, прыдумаў спосаб.

— Хай усе багі табе адплацяць!..

— Так! Здаецца, добры спосаб. Ведаеш, Марк, што?

— Слухаю, Афіна ты мая… — Цераз некалькі дзён боская Лігія будзе спажываць у тваім доме зерне Дэметры.

— Ты вялікшы, чым цэзар! — падняў голас Вініць.

 

IV

 

Пятроні датрымаў слова.

Назаўтра пасля адведзін Хрызатэміс, праўда, спаў цэлы дзень, але ўвечар загадаў нясціся на Палатын і меў з Нэронам сакрэтную гутарку, вынікам якое на трэці дзень перад домам Плаўтаў з’явіўся цэнтурыён з колькінаццацьма прэторыянскімі ваярамі.

Часы былі няпэўныя й страшныя. Такога роду пасланцы былі часта вестунамі смерці. Вось жа, калі цэнтурыён вытнуў малатком у дзверы Аўла, а загадчык атрыюма далажыў, што ў сенях стаяць ваяры, жах ахапіў увесь дом. Радня зараз акружыла старога ваяводу, ніхто бо не сумняваўся, што небяспека перадусім яму гразіла. Пампонія, абняўшы яго за шыю, прытулілася да яго з усіх сіл, а ссінелыя вусны ейныя шапталі хутка нейкія словы; Лігія, белая, моў палатно, цалавала ягоныя рукі; малы Аўл учапіўся за тогу — з калідораў, з пакояў паверхавых для служніц, з чаляднай, з лазні, падвалу, з усяго дому пачаў высыпацца рой нявольнікаў і нявольніц. Падняліся крыкі: «Heu, heu, me miserum!»19, жанчыны завялі плач; некаторыя пачалі ўжо дзерці твар і накрываць галовы хусткамі.

Сам толькі стары ваявода, што даўно прывык смерці проста глядзець у вочы, стаяў спакойны, а яго кароткае арлінае аблічча скамянела. Супакоіўшы крыкі і парассылаўшы службу, сказаў: — Пусці мяне, Пампонія, калі ўжо мне прыйшла пара, то будзе шчэ час на развітанне.

І адсунуў лягонька яе — а яна кажа: — О, каб жа доля нас не разлучыла, Аўл!

Пасля, упаўшы на калені, пачала маліцца з такою сілай, якую толькі трывога пра найдаражэйшую асобу даць можа.

Аўл пайшоў у атрыюм, дзе чакаў яго цэнтурыён. Быў гэта стары Кай Гаста, даўны яго падуладны і таварыш з брытанскіх войнаў.

— Вітаю ваяводу, — сказаў. — Прыношу табе загад і вітанне цэзара — а вось таблічкі і знак, што ад яго прыходжу.

— Дзякую цэзару за вітанне, а загад выканаю, — адказаў Аўл. — Добры дзень, Гаста, кажы ж, з якім даручэннем ты прыйшоў.

— Аўл Плаўт, — пачаў Гаста, — цэзар даведаўся, што ў тваім доме прабывае дачка князя лігаў, якую той князь яшчэ за боскага Клаўдыя аддаў у рукі рымлян як заруку, шго лігі ніколі не нарушаць імперыі. Боскі Нэрон табе ўдзячны, ваявода, што праз столькі гадоў гасціў яе ў сябе, і, не хочучы далей абцяжаць твайго дому, дый таму, што дзяўчына, як заложніца, павінна быць пад апекай самога цэзара і сенату — загадвае табе выдаць яе ў мае рукі.

Аўл завялікі быў ваяк ды муж загартаваны, каб жаліцца на загад. Аднак жа разорка гневу й болю воміг з’явілася на ягоным чале. Перад такім нахмураннем дрыжалі калісь брытанскія легіі — і нат цяпер на твары Гасты маляваўся страх. Але цяперака проці загаду Аўл Плаўт пачуўся безабаронным.

Глядзеў праз хвіліну на таблічкі, на знак, пасля, падняўшы вочы на старога цэнтурыёна, кажа ўжо спакойна: — Пачакай, Гаста, у атрыюме, пакуль падрыхтуем табе закладніцу.

І пайшоў на другі канец дому ў залю, званую экус, дзе Пампонія Грэцына, Лігія і малы Аўл чакалі на яго з трывогай.

 

 

— Нікому не пагражае смерць ані ссылка на далёкія атокі, — пацяшае, — аднак пасланец цэзара ёсць вяшчуном няшчасця. Пра цябе расходзіцца, Лігія.

— Пра Лігію? — падняла здзіўлены голас Пампонія.

— Так! — прыцвярдзіў Аўл.

І, звярнуўшыся да дзяўчыны, пачаў выясняць: — Лігія, гадавалася ты ў нашым доме, бы наша роднае дзіця, і абое з Пампоніяй любім цябе, як дочаньку, але ведаеш аб тым, што ты не нашая дачка. Ты заложніца, якую даў Рыму твой народ, і апякавацца табою павінен цэзар. Вось жа цэзар забірае цябе з нашага дому.

Ваявода гаварыў спакойна, але нейкім дзіўным незвычайным голасам.

Лігія слухала ягоных слоў, маргаючы вачыма і як бы не разумеючы, пра што расходзіцца. Пампонія збялела; у дзвярах з калідору ў экус пачалі зноў паказвацца розныя нявольнікі.

— Воля цэзара мусіць быць выканана, — кажа Аўл.

— Аўл! — загаласіла Пампонія, абнімаючы рукамі дзяўчыну, як бы манілася яе бараніць. — Лешая для яе была б смерць.

А Лігія, тулячыся да ейных грудзей, паўтарала: «Мама! Мама!», не могучы ад плачу нічога больш сказаць.

На твары Аўла зноў маляваўся гнеў і боль.

— Каб быў сам адзін адзінокі на свеце, — адазваўся панура, — не аддаў бы яе жывое — і сваякі мае яшчэ сяння маглі б злажыць ахвяры «Jovi liberatori»20. Але не маю права губіць цябе й нашага дзіцяці, якое можа шчаслівых часаў дачакацца… Пайду шчэ сяння да цэзара і буду яго маліць, каб адмяніў загад. Ці паслухае мяне — не ведаю. Тым часам, будзь здарова, Лігія, і ведай, што і я і Пампонія заўсёды багаславілі той дзень, у якім засела ты пры нашым вогнішчы.

Гэта вымавіўшы, палажыў ёй руку на галованьцы, і, хоць намагаўся быць спакойным, то ўсё ж, калі падняла на яго заплаканыя вочы Лігія і пачала прыціскаць да вуснаў яго руку, задрыжаў бацькаўскі голас ягоны.

— Бывай, сэрцайка наша, золатца наша, — сказаў.

І хутка вярнуўся ў атрыюм, каб не дапусціць да сябе нясвомага рымлянам узварушэння.

Тым часам Пампонія, завёўшы Лігію ў кубікулюм, пачала супакойваць яе, пацяшаць, будзіць надзеі і выказваць словы — дзіўныя ў гэтым доме, у якім побач у святліцы стаялі шчэ лярарыюм і агмень, на якім Плаўт, верны даўным звычаям, клаў ахвяры дамовым багом. І вось прыйшло гора. Калісь Віргіній прабіў грудзі свае дачкі, каб вызваліць яе з рук Апія; а перад тым Лукрэцыя прыплаціла ганьбу жыццём. Дом цэзара ёсць пропасцяй ганьбы, злыбяды, злачынства. «Але ж мы, Лігія, ведаем, чаму не маем права налажыць на сябе рукі!..» Так! Гэта права, пад якім абедзве жывуць, ёсць іншае, вялікшае, свяцейшае, дазваляе, аднак, бараніцца ад благога й ганьбы, хоць гэну абарону жыццём трэ было б прыплаціць. Хто чыстым выходзіць з гнязда распусты, тым большая ягоная заслуга. Зямля ёсць такім гняздом, але, на шчасце, жыццё ёсць адной хвілінай, а ўстаецца толькі з такога гробу, за каторым не ўладае Нэрон, толькі Міласэрнасць, — і замест болю ёсць радасць, замест слёз — весялосць.

Пасля гэтага зачала гаварыць аб сабе. Так! Яна спакойная — але і ў ейным сэрцы ёсць балючыя раны. Вось на вачах ейнага мужа ляжыць яшчэ бяльмо, яшчэ не засвяціла над ім святло. Не можна ёй таксама выхоўваць сына ў праўдзе. Дык як падумае, што гэтак можа быць да канца жыцця, і што можа стацца хвіліна разлукі з імі ў сто раз большай і горшай, чым гэтая часовая, ад якое плачуць цяпер вось абедзве — не можа нат уявіць, як патрапіць быць без іх аж у небе шчаслівай. І многа начэй ужо праплакала, многа прамалілася, просячы змілавання й ласкі. Але боль Богу паручае — і чакае, і спадзяецца. А калі цяпер прыходзіць новае гора, калі загад людаеда забірае ад яе дарагую галованьку — тую, якую Аўл назваў святлом вачэй, — мае шчэ надзею, веручы, што ёсць магутнасць большая, чым Нэронава, і міласэрнасць мацнейшая за ягоную злосць.

І яшчэ мацней прыціснула да грудзей галованьку дзяўчаці, а тая зараз асунулася да ейных каленяў і, схаваўшы вочы ў хвандах ейнага пеплюма, доўга маўчала і, калі ўрэшце ўстала, выглядала ўжо крыху спакайнейшай.

— Шкада мне цябе, мамка. І таты, і брата. Але ведаю, што супраціў нічога не паможа, толькі мог бы згубіць нас усіх. Затое прыракаю табе, што слоў тваіх не забуду ніколі ў доме цэзара.

Яшчэ раз абняла яе, а пасля, як абедзве выйшлі ў экум, пачала развітвацца з малым Плаўтам, з старым грэкам — іхнім настаўнікам, з сваёю ўбіральніцай, што калісь яе няньчыла, ды з усімі нявольнікамі.

Адзін з іх, высокі й плячысты ліг, якога дома называлі Урсус і які сваім часам разам з маткай Лігіі ды з ёю прыйшоў у рымскі лагер з іншай службай, ён упаў цяпер да ейных ног, пасля скланіўся да калень Пампоніі, кажучы: — О доміна! Дазвольце мне йсці з маёю князёўнаю, буду служыць ёй і пільнаваць у доме цэзара.

— Ты не наш, толькі Лігін слуга, — адказала Пампонія Грэцына, — але ці ж цябе дапусцяць да дзвярэй цэзара? Ды як жа пільнавацімеш яе?

— Не ведаю, доміна. Ведаю толькі, што жалеза ломіцца ў маіх руках, бы шчэпка.

Аўл Плаўт, які падыйшоў у гэтым моманце, даведаўшыся, пра што расходзіцца, не толькі не спрацівіўся намерам Урсуса, але сказаў, што не маюць нат права яго затрымліваць. Адсылаюць Лігію як закладніцу, якое дамагаецца цэзар. дык абавязаны адаслаць і ейную світу, якая пераходзіць разам з ёю пад апеку цэзара. Тут шапнуў Пампоніі, што пад відам світы можа ёй дадаць столькі нявольніц, колькі захоча — цэнтурыён бо не можа іх не прыняць.

Для Лігіі была ў гэтым пэўная пацеха, дый Пампонія была рада, што можа яе забяспечыць службаю ўласнага выбару. Дык апрача Урсуса вызначыла ёй старую ўбіральніцу, дзве цыпрыйкі-часальніцы ды дзве купальніцы-германкі.

Выбрала толькі вызнавальнікаў новае навукі, а калі і Урсус вызнаваў яе ўжо некалькі год, Пампонія магла спадзявацца на вернасць гэтае службы дый пацяшацца адначасна думкай, што зерне праўды будзе пасеяна і ў цэзаравым доме.

Напісала таксама пару слоў Нэронавай вызвольніцы Актэ, паручаючы ейнай апецы Лігію. Пампонія не спатыкала яе, праўда, на зборышчах новае навукі, чула, аднак, ад іх, што Актэ ім спрыяе й чытае прагавіта лісты Паўла з Тарсу. Адыж ведамым ёй было, што маладая вызвольніца заўсёды сумуе, што ёсць асобай іншай, чым усе жанчыны Нэрона, і што наагул ёсць добрым духам палацу.

Гаста падручыўся сам перадаць ліст Актэ. Уважаючы таксама за натуральную рэч, што княжна павінна мець сваю світу, не перашкаджаў забраць іх у палац, болыш дзівячыся малой колькасці іх. Прасіў аднак жа спяшацца, каб не асудзілі за маруднае спаўненне загадаў. Прыйшла развітальная хвіліна. Вочы Пампоніі і Лігіі зноў заплылі слязьмі. Аўлюс яшчэ раз багаславіў, і цераз хвіліну ваяры пад крыкі малога Аўла, які гразіў кулакамі цэнтурыёну за адабранне сястры — павялі Лігію ў дом цэзара.

Але стары ваявода загадаў прыладжваць для сябе лектыку, кажучы Пампоніі ў пінакатэцы: — Слухай, Пампонія, іду да цэзара, хоць мо надарма, а хоць і слова Сэнэкі ў яго ўжо нічога не варта, буду і ў Сэнэкі. Сяння большае значэнне маюць Сафон, Тыгэлін, Пятроні або Ватыній… Што да цэзара, можа і не чуў ніколі аб народзе лігаў, і калі зажадаў выдачы Лігіі як закладніцы, то дзеля таго, што нехта яго да гэтага падбухторыў. І не цяжка здагадацца, хто гэта зрабіў.

А яна кінула на яго зорка вокам: — Пятроні?

— А няўжо ж хто.

Праз хвіліну маўчалі, пасля ваявода гаварыў далей: — Вось што знача ўпусціць за парог каторага з гэных людзей без гонару й сумлення. Праклятая хвіліна тая, калі Вініць увайшоў у наш дом. Гэта ён прывёў да нас Пятронія. Гора Лігіі, бо не пра закладніцу, толькі пра наложніцу ім расходзіцца.

Ад гневу і бяссільнай закатнасці з жалю па дзіцяці сталася яшчэ больш свіставатай ягоная мова. Змагаўся з сабою, заціснутыя кулакі сведчылі, як гэтае нутраное змаганне было цяжкім.

— Я дагэтуль аддаваў чэсць багом, — кажа, — але цяпер мне здаецца, што няма іх над светам, а ёсць толькі адзін — люты, шалёны й страшны. Імя яго Нэрон.

— Аўл! — талкуе Пампонія. — Нэрон — гэта толькі жменя гнілля перад Богам.

Ейны муж пачаў мераць шырокімі крокамі мазаіку пінакатэкі. У жыцці ягоным былі вялікія чыны, але не было вялікіх няшчасцяў, дык не прызвычаіўся да іх. Стары ваяр, аказваецца, больш быў прывязаны да Лігіі, чым яму здавалася, і цяпер не мог сумірыцца. Дый чуўся паніжаным! Завісла над ім ненавісная рука, проці якой, аднак, не мае сілы. Дык вось, суняўшы крыху гнеў, адазваўся: — Думаю, што Пятроні не забраў нам яе для цэзара, з увагі на помсту Папеі. Дык або для сябе, або для Вініція… Яшчэ сяння буду ведаць аб гэтым.

І па хвіліне лектыка нясла яго ў бок Палатыну, а Пампонія, застаўшыся сама адна, пайшла да малога Аўла, які не пераставаў плакаць па сястры ды пагражаць цэзару.

 

V

 

Сумнівы Аўла спраўдзіліся, да Нэрона яго не дапусцілі. Адказана яму, што цэзар заняты пяяннем з лютністым Тэрпнасам і што наагул не прыймае тых, каго не клікаў. Інакш кажучы, гэта быў знак, каб Аўл і напасля не маніўся з ім бачыцца.

Затое Сэнэка, паміма гарачкі, прыняў старога ваяводу з належнай яму пашанай, але, пачуўшы, пра што яму расходзіцца, горка ўсміхнуўся й сказаў: — Адну толькі магу табе даць услугу, Плаўце, не паказвацца ніколі перад цэзарам з тым, што я балюча спачуваю табе і хачу дапамагчы. Бо калі б цэзар западозрыў гэта, ведай, што не аддаў бы табе Лігіі, хоць бы на самы толькі задор проці мяне.

Не раіў яму таксама йсці да Тыгэліна, ні да Вітэлія. Можа грашмі й можна было б што з імі зрабіць, можа таксама хацелі б што зрабіць на злосць Пятронію, якога ўплыў намагаюцца падкапаць, але найпраўдападабней здрадзілі б перад цэзарам, як вельмі Лігія дарагая для Плаўтаў, а тагды цэзар тым горш яе не аддаў бы. Тут стары мудрэц пачаў казаць з куслівай іроніяй проці сябе самога: — Маўчаў, Плаўце, маўчаў, Плаўце, маўчаў праз цэлыя гады, а цэзар не любіць тых, што маўчаць! Як жа табе не захапляцца было ягонай красою, цнотай, песняй, ягоным майстэрствам фурмана ды дэкламацыяй вершаў! Як жа табе было не выслаўляць смерці Брытаніка, не сказаць слова пахвальнага на чэсць маткабойцы ды не павіншаваць з нагоды задушэння Актавіі! Не маеш прадбачлівасці, Аўл, якую мы, шчаслівыя пры двары, маем пад дастаткам.

Гэта сказаўшы, узяў кубак, што насіў за поясам, зачэрпаў з вадаліву вады, адсвяжыў спечаныя вусны і гаварыў далей: — Ох, Нэрон мае ўдзячнае сэрца! Любіць цябе, бо ты служыў Рыму ды ймя ягонае расславіў на ўвесь свет, і любіць мяне, бо вучыў яго замаладу.

Дзеля таго, бач, ведаю, што вада гэта ня ёсць затручанай, і п’ю яе спакойна.

Віно ў маім доме было б менш пэўным, але калі маеш прагу, то напіся смела гэтай вады. Вадацягі вядуць яе з самых гораў Альбанскіх, і, хочучы яе затруціць, трэба затруціць усе вадалівы ў Рыме. Як бачыш, можна быць яшчэ на гэтым свеце бяспечным ды мець спакойную старасць. Я, праўда, хворы, але гэта больш душа хварэе, чым цела.

То была праўда. Сэнэку не хапала тае сілы духа, якую меў, напрыклад, Корнут або Тразэй, дык жыццё ягонае было чарадою ўступак, якія рабіў злачынству. Сам гэта чуў і разумеў, што спадкаемнік прынцыпаў Зэнона з Цытыюма павінен бы іншай ісці дарогай, і цярпеў з гэтае прычыны больш, чым ад боязі смерці. Але ваявода перарваў яму горкія думкі.

— Шляхотны Анэю, — кажа, — ведаю, як цэзар адплаціўся за апеку ў маладых гадох. Але да адабрання нам дзіцяці давёў Пятроні. Парай мне проці яго што, скажы, пад чыімі ён уплывамі, дый сам спрабуй да яго прамовіць, хай старая прыязнь наша дасць табе да гэтага натхненне.

— Пятроні і я, — адказвае Сэнэка, — мы людзі з двух процілеглых абозаў.

Спосабаў на яго не маю, нічыім уплывам ён не паддаецца. Можа ён, паміма свайго цынізму, яшчэ больш варты, чым тыя ўсе злыдні, якімі Нэрон сябе сяння акружыў, але даказваць яму, што зрабіў благі ўчынак, гэта марнаванне часу; Пятроні даўно пачуццё дабра і зла загубіў. Дакажы яму, што ўчынак ягоны ёсць брыдотай, тады засаромецца. Як спаткаюся з ім, то скажу: твой учынак годзен вызвольніка. Калі гэта не паможа — нічога не паможа.

— Дзякую й за гэта, — адказаў ваявода.

Пасля загадаў нясціся да Вініція, якога застаў на фехтунку з хатнім ланістым. Аўла, што бачыў маладога чалавека, які гімнастыкуе тады, калі на Лігію дакананы быў замах, ахапіла страшэнная злосць, якая, зараз пасля адыходу ланісты, вылілася ў горкіх словах. Але Вініць, даведаўшыся аб адабранні Лігіі, так страшна збялеў, што нат злосны Аўл ні на хвіліну не мог думаць аб ягоным судзейніцтве ў гэтым. Пот выступіў на лбе юнака; кроў, якая на хвіліну ўцякла была ў сэрца, ударыла зноў гарачаю хваляй да твару, вочы пачалі іскрыцца, вусны — кідаць бязладныя пытанні. Зайздрасць і закатнасць кідалі ім, моў бура. Здалося яму, што, раз пераступіўшы парог дому цэзаравага, Лігія страчана для яго назаўсёды, і калі Аўл вымавіў імя Пятронія, праз думку маладога ваяра, бы маланка, праімчалася здагадка, што Пятроні закпіў з яго і што або падарункам Лігіі хацеў сабе здабыць новыя ласкі цэзара, або хацеў яе затрымаць сабе. Тое, каб хто, раз угледзеўшы Лігію, не зажадаў яе, не тоўпілася ў ягонай галаве. Закатнасць, знаная ў іхнім родзе, уздымала яго цяпер бы разгуканы конь, адбіраючы прытомнасць.

— Ваявода! — кажа лаканічным тонам. — Ідзі дадому й чакай мяне… Ведай, што калі б нат родным бацькам маім быў Пятроні, то і тады адамсціўся б за крыўду Лігіі. Ідзі й чакай мяне. Ні Пятроні, ні цэзар мець яе не будуць!

Потым звярнуўся з кулакамі да васковых масак у атрыюме і гукнуў: — На гэтыя маскі смяротныя! Перш яе заб’ю й сябе!

Пасля схапіўся і, кінуўшы яшчэ раз Аўлу: «Чакай мяне», выбег, як ашалелы, з атрыюма ды паляцеў да Пятронія, спіхаючы з дарогі праходзячых.

Аўл жа вярнуўся дамоў з пэўнаю польгай. Думаў, калі Пятроні набухторыў цэзара, каб забраў Лігію для Вініція, то Вініць адвядзе яе дамоў. Нямала яго пацяшала таксама думка, што калі не дасца ўратаваць Лігію, то будзе заслоненай ад смерці й ганьбы дый помшчанай. Верыў, што Вініць даканае тое, што прырок. Бачыў ягоную злосць і знаў закатнасць, свомую гэтаму роду. Ён сам хоць любіў Лігію, як родны бацька, скарэй забіў бы яе, чым аддаў бы цэзару, і каб не сын, апошні ягоны нашчадак, быў бы гэта зрабіў. Аўл быў ваяком, пра стоікаў ледзь чуў, але характарам не быў ад іх далёкі, і для яго паняццяў, і для яго годнасці смерць хутчэй прыняў бы, чым ганьбу.

Вярнуўшыся дамоў, супакоіў Пампонію, пераліў ёй сваю льгу надзеі, і абое пачалі чакаць вестак ад Вініція. Часамі, як адзывалася хада нявольнікаў у атрыюме, ужо думалі, што Вініць вядзе ім дарагое дзіцянё, і гатовы былі з глыбіні душы пабагаславіць абаіх. Але час уцякаў, а вестак не было. Аж толькі ўвечар адазваўся малаток пры браме.

Увайшоў нявольнік і аддаў Аўлу ліст. Стары ваяк, хоць любіў самастрыманасць, браў дрыжачаю рукою ды пачаў прагавіта чытаць, як бы тут пра цэлы дом ягоны расходзілася. Нагла твар пацямнеў, моў хмара яго атуліла.

— Чытай, — кажа, падаючы ліст Пампоніі.

Тая ўзяла й прачытала наступнае: «Марк Вініць — прывітанне Аўлу Плаўту. Што сталася, сталася з волі цэзара, перад якою схілеце галовы, як схіляем я і Пятроні».

Настала доўгае маўчанне.

 

VI

 

Пятроні быў дома. Прыдзверны не стаў затрымваць Вініція, які ўляцеў у атрыюм, моў бура, і, даведаўшыся, што гаспадара трэ шукаць у бібліятэцы, з такім самым імпэтам уляцеў туды і, застаўшы Пятронія пішучага, вырваў яму трасцінку з рукі, зламаў і кінуў вобзем, тады ашчаперыў жалезнымі пальцамі ягоныя плячукі і, сунучы твар да ягонага твару, спытаў хрыплівым голасам: — Што ты з ёю зрабіў? Дзе яна?

Але воміг сталася неспадзяваная рэч: хударлявы й распешчаны Пятроні схапіў урэзаную ў плечы далонь маладога атлеты, пасля другую і, трымаючы абедзве ў сваёй адной бы сталёвымі абцугамі, кажа: — Я толькі раніцай бываю недалужны, а вечарам маю даўнюю пругкасць.

Спрабуй вырвацца! Гімнастыцы вучыў цябе хіба ткач, а звычкам — каваль?

На твары ягоным нат не відаць было гневу, толькі ўваччу бліскаў нейкі вогнік адвагі й энэргіі. Па хвіліне пусціў рукі Вініція, а той стаяў перад ім супакораны, засаромлены й злосны.

— Маеш сталёвую руку, — кажа, — але на ўсе пякельныя богі прысягаю табе, калі мяне ты здрадзіў, увапхну табе нож у горла, хоць бы і ў пакоях цэзара.

— Пагаварэм спакойна, — адказвае Пятроні. — Сталь, як бачыш, мацнейшая, чым жалеза, дык, хоць з твайго аднаго плечука можна зрабіць мае два, не патрабую цябе баяцца. Затое горка мне ад твайго грубіянства, і калі б няўдзячнасць людская магла мяне шчэ дзівіць, то дзівіўся б з твае няўдзячнасці.

— Дзе Лігія?

— У люпанарыі, гэта знача ў доме цэзара.

— Пятроні!

— Супакойся, садзіся. Прасіў я цэзара дзвёх рэчаў, якія мне абяцаў: першая — выдабыць Лігію з дому Аўлаў, а другая — аддаць яе табе. Ці не маеш там дзе нажа ў хвандах тогі? Можа мне ўсунеш? Але я раю табе пачакаць дзён з пару, бо ўзялі б цябе ў вязніцу, а тады б Лігія нудзілася ў тваім доме.

Настала цішыня. Вініць пазіраў час нейкі здзіўленымі вачыма на Пятронія, пасля сказаў: — Выбачай. Кахаю яе й каханне марочыць мне голаў.

— Ну, слухай, Марк. Анагдай кажу цэзару так: мой сястрынец Вініць так пакахаў адну хударлявую дзяўчыну, каторая гадуецца ў Аўлаў, што дом ягоны змяніўся ад тужных уздыханняў у паровую лазню. Ты, кажу, цэзар, ані я, знаючыся на сапраўднай красе, не далі б тысячы сэстэрцыяў за яе, але гэты хлапец дурны, як трыножнік, а цяпер і зусім здурнеў.

— Пятроні!

— Калі не здагадваешся, што я гэта сказаў дзеля ратавання Лігіі, то я гатоў сам сабе паверыць, што сказаў праўду. Я ўбіў у голаў Рудабародаму, што такі эстэта, як ён, не можа ўважаць такое дзяўчыны за красуню, і Нэрон, які дагэтуль не смее йнакш глядзець, як маімі вачыма, не знайдзе ў ёй красы, а не знайшоўшы, не будзе яе жадаць. Трэба ж было перад малпай забяспечыцца і ўзяць яе на повад. На Лігіі пазнаецца цяпер не ён, толькі Папея, і іставетна пастараецца яе зараз з палацу выдаліць. А я нехаця казаў далей Рудой Барадзе: «Вазьмі Лігію і дай яе Вініцію! Маеш права гэта зрабіць, бо яна ж закладніца, а калі так зробіш, насоліш Аўлу». І згадзіўся. Не меў найменшае рацыі не згадзіцца, тым больш, што насунуў яму нагоду дакучыць чэсным людзям. Зробяць цябе афіцыйным даглядчыкам закладніцы, аддадуць табе ў рукі гэны лігійскі скарб, а ты, як саюзнік ваяцкіх лігаў ды адначасна верны слуга цэзара, не толькі са скарбу нічога не змарнуеш, але пастараешся яго памножыць. Цэзар для віду затрымае яе дзён колькі ў доме, а пасля адашле да твае інсулі, шчаслівы малойца!

— І то праўда гэтаму? Ці ж нічога ёй там не пагражае?

— Калі б там засталася жыць назаўсёды, Папея пагаварыла б аб ёй з Лакустай, але праз некалькі дзён нічога ёй не пагражае. У палацы цэзара ёсць дзесяць тысяч людзей. Можа быць, што Нэрон зусім яе і не бачыцьме, бо й так усё даручыў мне, што вось перад хвілінай быў у мяне цэнтурыён з дакладам аб дастаўцы дзяўчыны да палацу і здачы ў рукі Актэ. Добрая душа гэта Актэ, таму я загадаў ёй яе аддаць. Пампонія Грэцына, відаць, таксама думала, бо да яе пісала. Узаўтра банкет у Нэрона. Замовіў я табе мейсца вобак Лігіі.

— Выбачай, Кай, за маю гарачку, — сказаў Вініць. — Я думаў, што ты загадаў яе ўзяць для сябе або для цэзара.

— Я магу табе гарачку дараваць, але прастацкія рубашныя жэсты й голас, як тых, што йграюць у мору, цяжка мне дараваць. Гэтага не люблю, Марк, і гэтага высцерагайся. Ведай, што цэзару дастаўляе дзевак Тыгэлін, дый знай, калі б я маніўся ўзяць дзяўчыну сабе, то цяпер, гледзячы табе ў вочы, сказаў бы наступнае: Вініць! Адбіраю ад цябе Лігію і буду яе трымаць аж датуль, дакуль мне не прыесца.

Гэта кажучы, глядзеў Вініцію проста ў вочы з выглядам халодным ды безбаязным, так што малады чалавек збянтэжыўся зусім.

— Мая віна, — кажа. — Ты добры, чэсны, і дзякую табе з усяго сэрца й душы. Дазволь толькі яшчэ запытацца: чаму не загадаў адаслаць Лігію проста ў мой дом?

— Бо цэзар баіцца языкоў. Аб тым людзі будуць гаварыць у Рыме. А як Лігію забіраем як закладніцу, якая прабывае ў палацы цэзара, то языкі не страшныя. Пасля адашлюць табе яе паціхеньку й канец. Рудабароды баязлівы, як сабака. Ведае, што ўлада ягоная безгранічная, аднак стараецца абформіць кажны праступак. Ці супакоіўся ты ўжо і можаш крыху пафілязафаваць? Мне самому прыходзіла ў голаў: дзеля чаго злачынства, хоць бы было магутнае, як цэзар, ды не чула кары над сабою, як ён, стараецца заўсёды прыкрывацца правам, справядлівасцяй і цнотай?.. Нашто яму гэта турбота? Мне здаецца, замардаваць матку й жонку прыстоіла толькі якомунебудзь азіяцкаму князьку, не рымскаму цэзару; але, калі б мне гэта прыдарылася, не пісаў бы апраўдальных лістоў у сенат… А Нэрон піша — Нэрон шукае прыкрыўкі, бо Нэрон трус. Але такі Тыбэрый не быў трусом, аднак апраўдваўся з кажнага свайто праступку. Чаму гэта так? Што гэта за дзіўная, мімавольная пашана, аддаваная праз зло цноце? І ведаеш, што мне здаецца? Дзеецца так таму, што праступак ёсць брыдотны, а цнота прыгожая.

Ergo21, сапраўдны эстэт ёсць тым часам і цнатлівым чалавекам. Ergo, я цнатлівы чалавек. Мушу сяння выліць крыху віна Пратагору, Продыку і Горгію.

Аказваецца, што й сафісты могуць на невашта прыдацца. Слухай, гавару далей. Забраў я Лігію ў Аўлаў, каб аддаць яе табе. Добра. Але Лізып вырэзьбіў бы чароўную групу. Абое вы прыстойныя, дык і мой учынак ёсць прыгожы, не можа быць злым. Глянь, Марк, во перад табою сядзіць учалавечаная ў Пятронія цнота! Каб жыў Арыстыд, павінен бы прыйсці да мяне й ахвяраваць мне сто мінаў за кароткую лекцыю аб цноце.

Але Вініць, якому рэчаіснасць больш ляжала на сэрцы, чым лекцыя аб цноце, сказаў: — Узаўтра ўбачу Лігію, а пасля мецьму яе ў сваім доме штодзень, заўсёды і да смерці.

— Ты будзеш мець Лігію, а я буду мець на галаве Аўла. Сцягацьме на мяне помсту ўсіх падзямельных багоў. І хоць бы ж прынамсі навучыўся, бестыя, перш добрай дэкламацыі… А то ён будзе наракаць, як мой даўнейшы прыдзверны, якога прыйшлося выслаць на сяло да эргастулюма.

— Аўл быў у мяне. Я абяцаў яму паведаміць аб Лігіі.

— Напішы яму, што воля боская цэзара ёсць найбольшым правам, і што першы сын будзе называцца Аўл. Трэба ж старога чым-небудзь пацешыць.

Я гатоў прасіць Рудабародага, каб яго ўзаўтра паклікаў на банкет. Хай бы цябе паглядзеў у трыклініюме вобак Лігіі.

— Не рабі гэтага, — кажа Вініць. — Мне іх, аднак, шкада, злашча Пампоніі.

І сеў пісаць той ліст, які старому ваяводзе адабраў астанкі надзеі.

 

VII

 

Перад Актэ, даўнейшай каханкаю Нэрона, схіляліся калісь найвышэйшыя галовы Рыму. Але яна й тады нат не хацела мяшацца ў публічныя справы, а як і карыстала калі-небудзь з свайго ўплыву на маладога ўладара, то хіба толькі для выпрасін каму літасці. Ціхая й пакорная, здабыла сабе ўдзячнасць многіх, а нікога не зрабіла сваім ворагам.

Не патрапіла яе ненавідзець нат Актавія. Зайздросным выдавалася замала небяспечнай. Ведалі аб ёй, што кахае Нэрона сумным і балючым каханнем, якое жыве ўжо не надзеяй, а толькі ўспамінамі хвілін, калі гэны Нэрон быў не толькі маладзейшым, але й лепшым. Было ведама, што ад гэных успамінаў не можа адарваць душы й думкі, але не спадзявалася ўжо нічога; глядзелі на яе як на асобу безабаронную, пакінутую цэзарам, дык усе яе пакінулі. Папея ўважала яе толькі за ціхую слугу, да таго няшкодную, што нат не дамагалася выдалення яе з палацу.

Дзеля таго, аднак, што цэзар яе калісь кахаў і пакінуў яе бязгнеўна, у спакойны, а нат сказаў бы прыемны спосаб, усе мелі для яе паважанне. Нэрон, вызваліўшы яе, даў у палацы памешканне, а ў ім асобны кубікулюм ды жменьку службы. А калі Палас і Нарцыс, хоць вызвольнікі Клаўдыя, не толькі садзіліся за стол пры банкетах, але й, як магутныя міністры, займалі пачэснае мейсца, то ж і яе запрашалі часам да стала цэзара. Рабілі гэта мо дзеля таго, што ейная прыгожая постаць была сапраўднай аздобай банкету. Дый цэзар даўно ўжо перастаў пры даборы таварыства кіравацца якімі-небудзь рацыямі. За стол ягоны садзілася мяшанка найусялякшых людзей усіх станаў і становішч. Былі між імі сенатары, але пераважна такія, якія гатовы былі адначасна быць і блазнамі. Былі патрыцыі старыя й маладыя, жадныя роскашы, збыткоўнасці й папаскі. Бывалі жанчыны з паважанымі імёнамі, але гатовыя ў вячэрніх поцьмах бялявымі парыкамі шукаць балаўства на вуліцы.

Бывалі й высокія ўрадаўцы, і святары, якія пры поўных чарках самі ахвотна падкпівалі з сваіх багоў, а вобак галайстра ўсякага роду, складзеная з спевакоў, мімаў, музыкаў, танцораў і танцорак, паэтаў, што дэкламавалі за грошы, якіх спадзяваліся за ўсхваленні вершаў імператара, складзеная з галадамораў-філёзафаў, пажыраючых вачыма смачныя стравы, урэшце, з слаўных спартоўцаў-яздуноў, штукароў, цудадзеяў, бай-басняроў ды з розных свежаспечаных модаю ці дурнатою «мастацкіх славаў», галадранцаў, між якімі былі й такія, што даўгім валоссем пакрывалі папраколваныя на знак нявольніцтва вушы.

Слаўнейшыя адразу садзіліся за стол, а меншыя дапамагалі пры балаўстве падчас яды, чакаючы на тую хвіліну, калі служба ім дазволіць накінуцца на прысмакі й напіткі. Такіх гасцей дастаўлялі Тыгэлін, Ватыній і Вітэлій, не раз гасцям мусялі старацца адзежы, вымаганай у доме цэзара, які, праўду сказаць, любіў такое таварыства, чуўся бо сярод яго найсвабоднейшым. Збыткоўнасць двору ўсё залаціла, усё пакрывала бляскам. Вялікія й малыя, нашчадкі вялікіх родаў і галота з гарадскога бруку, магутныя мастакі й ліхотныя падскрэбіны талентаў лезлі ў палац, каб насыціць захопленыя вочы надлюдскаю пышнатою і збліжыцца да валадара ласкаў, дабра й багацця, адзін капрыз якога мог, праўда, паніжыць, а мог і бязмерна вывышыць.

Таго дня і Лігія мелася быць на падобным банкеце. Трывога, няпэўнасць і ашаламленне пасля наглых выпадкаў змагаліся ў ёй з думкай супраціву.

Баялася цэзара, баялася людзей, баялася палацу, гоман якога адыймаў у яе прытомнасць, баялася банкетаў, аб гідоце якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны ды іхніх прыяцеляў. Хоць была шчэ маладая, не была нясведамай, бо сведамасць благога ў тых часах даволі рана даходзіла да дзіцячых вушэй.

Дык ведала, што ў гэным палацы чакала на яе гібель, ад якой і Пампонія яе перасцерагала. Маючы, аднак, маладую душу, неабытую з гідотай, і вызнаючы высокую навуку, прышчэпленую ёй прыбранаю маткаю, абяцала бараніцца ад тае пагубы: матцы, сабе і адначасна таму Боскаму Вучыцелю, у якога не толькі верыла, але й любіла сваім дзіцячым нявінным сэрцам за салодкую навуку, за ахвярную горкую смерць і за хвалу згробуўстання.

Была пэўная, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за ейныя ўчынкі, дык думала, ці не лепш будзе супрацівіцца й не йсці на банкет. З аднаго боку страх і трывога адзываліся ў ёйнай душы, а з другога радзілася ахвота паказання адвагі, вытрываласці мучаніцкай. Адыж Боскі Вучыцель так казаў. Адыж сам даў прыклад. Дый Пампонія расказвала ёй, што гарачэйшыя вызнавальнікі цэлаю душою жадаюць мучаніцкае нагоды й просяць яе. І Лігію, як была шчэ ў Аўлаў, часамі апаноўвала такая ахвота. Уяўляла сябе мучаніцай з ранамі ў руках і нагах, бы снег белай, прыгожай засветнаю горкасцю, няслі яе анёлы ў блакіт. Такімі й падобнымі з’явамі любавалася ейная ўява. Было ў гэтым шмат дзіцячых летуценняў, але крыху й самаўпадобы, за якую ганіла яе Пампонія. Цяпер жа, калі супраціў цэзаравай волі мог пацягнуць за сабою страшэнную кару і калі мары маглі стацца рэчаіснасцяй, да захопных уяваў і ўпадобаў далучылася яшчэ са страхам змяшаная нейкая цікавасць: як яе абвінавацяць ды якія пакуты ёй прысудзяць.

І так хісталася ейная паўдзіцячая шчэ душа на два бакі. Але Актэ, даведаўшыся аб гэтых хістаннях, глянула на яе з такім здзіўленнем, як бы заўважыла ў ёй гарачку. Цэзару думаеш працівіцца? Сцягнуць ад першае хвіліны ягоны гнеў? На гэта трэба быць горкім дзіцянём, няведаючым, што гаворыць. З ейных слоў вынікае, што яна не ёсць закладніцай, але звычайнай, забытай праз свой народ, дзяўчынай. Не бароніць яе ніякае права народаў, а нат каб і бараніла, то ў цэзара хопіць магутнасці, каб яго ў гневе стаптаць.

Падабалася цэзару яе ўзяць, і ад тае пары распараджаецца ёю. Ад гэнай пары ёсць на ягонай волі, над якою няма іншае.

— Так, — талкавала далей Актэ, — і я чытала лісты Паўла з Тарсу, і я ведаю, што ёсць Бог над зямлёю, ёсць Сын Божы, што згробуўстаў, але на зямлі ёсць толькі цэзар. Памятай аб гэтым, Лігія. Ведаю таксама, што вера твая не дазволіць табе быць тым, чым я была, і што вам, як стоікам, аб якіх расказваў мне Эпіктэт, калі давядзецца выбіраць бессаромнасць і смерць, можна толькі смерць выбраць. Але ці ты ведаеш, што цябе чакае? Няўжо не чула пра дачку Сэяна, якая, шчэ дзіцянём будучы, мусіла на загад Тыбэрыя, для датрымання права, забараняючага караць дзявіц смерцяй, перажыць ганьбу перад смерцяй? Лігія, Лігія, не дражні цэзара! Калі прыйдзе вырашальная хвіліна, калі мусіцьмеш выбіраць ганьбу або смерць, дык зробіш, як табе твая праўда скажа, але не шукай згубы самахоць ды не дражні абы-чым так страшнага зямнога бога!

Актэ гаварыла з вялікай ласкавасцяй ды чуласцяй, а маючы з нараджэння прыкараткі зрок, прысунула бліжэй свой салодкі твар да твару Лігіі, як бы манячыся спраўдзіць, якое ейныя словы зрабілі ўражанне.

А Лігія, закінуўшы па-дзіцячаму даверліва ёй на шыю рукі, сказала: — Добрая ты, Актэ.

Актэ, заахвочаная пахвалою й даверам, прытуліла яе да сэрца і, вызваліўшыся з ейных ручонак, адказала: — Маё шчасце мінула, і радасць мінула, але я не злую.

Пасля гэтага пачала хадзіць хуткімі крокамі па хаце, як бы сама да сябе прыгаворваць: — Не! І ён не быў ліхім. Ён сам думаў тады, што ёсць добры. Я найлепш гэта ведаю. Гэта ўсё прыйшло пазней… як пакінуў кахаць… Гэта іншыя зрабілі яго такім, як цяпер, гэта іншыя — і Папея!

І вочы яе заплылі слязьмі. Лігія перш вадзіла за ёю сваімі блакітнымі вачыма, пасля кажа: — Табе шкада яго, Актэ?

— Шкада! — глуха адказала.

Ды зноў пачала хадзіць са сціснутымі, як бы ад болю, рукамі ды бязрадным абліччам.

А Лігія нясмела пытала далей: — Ты яшчэ любіш яго, Актэ?

— Люблю… Пазней дадала: — Яго ніхто, апрача мяне, не любіць… Настала маўчанне, падчас якога намагалася супакоіць раскалыханую ўспамінамі душу, і калі на твары зноў загасціў ціхі сум, сказала: — Гаворым аб табе, Лігія. Нават і не думай супраціўляцца цэзару. Гэта было б адчаем. Урэшце, супакойся. Ведаю добра гэты дом і думаю, з боку цэзара нічога табе не пагражае. Калі б Нэрон загадаў цябе забраць для сябе, не прывялі б цябе на Палатын. Тут валадарыць Папея, а Нэрон ад тае пары, як нарадзіла яму дачку, шчэ больш паддаецца ейнай уладзе… Не. Нэрон, праўда, загадаў, каб ты была на банкеце, але не бачыў цябе дагэтуль, не пытаў пра цябе, дык яму пра цябе не расходзіцца. Можа, адабраў цябе ад Аўла й Пампоніі толькі праз злосць да іх… Мне пісаў Пятроні, каб апекавалася табою, але пісала й Пампонія, дык хіба згаварыліся з сабою. Можа, ён зрабіў гэта дзеля ейнае просьбы. Калі так ёсць, калі і ён заапякуецца табою, нічога табе не пагражае, і хто ведае, ці не нагаворыць Нэрона, каб аддаў цябе дамоў. Не ведаю, ці Нэрон надта яго любіць, але ведаю, што рэдка калі асмяляецца яму пярэчыць.

— Ах, Актэ! — адказвае Лігія. — Пятроні перад гэтым быў у нас, і маці мая была пераканана, што Нэрон зажадаў мяне праз яго намову.

— Гэта было б дрэнна, — адцеміла Актэ.

Але, надумаўшыся, гаварыла далей: — Можа, Пятроні на якой вячэры выгаварыўся ненарокам перад Нэронам, што ў Аўлаў жыве закладніца лігаў, і Нэрон, прагавіты на сваю ўладу, зажадаў цябе толькі таму, што закладнікі належаць да цэзара. Дый ён не любіць Аўла й Пампоніі… Не! Пятроні дзеля свае захцеванкі не адбіраў цябе гэткім спосабам… Не ведаю, ці Пятроні лепшы за тых, што акружаюць цэзара, але ёсць іншы… Адыж можа апрача яго знойдзецца ж каго іншага, хто за цябе заступіўся б. Ці ў Аўлаў не пазнала каго з блізкіх цэзара?

— Спатыкала Вэспасыяна й Тытуса.

— Цэзар іх не любіць.

— І Сэнэку.

— Даволі, каб Сэнэка што параіў, то Нэрон зробіць наадварот.

Яснае аблічча Лігіі пачырванела.

— І Вініція… — Не ведаю яго.

— Гэта Пятроніевы сваяк, што вярнуўся нядаўна з Арменіі… — Ці думаеш, Нэрон рад яму?

— Вініція ўсе любяць.

— І захацеў бы заступіцца за цябе?

— Так.

Актэ чула ўсміхнулася й сказала: — Дык напэўна яго на банкеце спаткаеш. Быць на ім мусіш насамперш таму, што мусіш… Толькі такое дзіцянё, як ты, магло б інакш думаць. Па-другое, калі хочаш вярнуцца да Аўлаў, мецьмеш нагоду папрасіць Пятронія й Вініція, каб сваімі ўплывамі выпрасілі для цябе права павароту. Каб тут яны былі абодва, сказалі б табе тое, што і я: было б адчайнай злыбядой спрабаваць упірацца.

Цэзар мог бы мо не дагледзець твае адсутнасці, але калі б зацеміў і ўспомніў, што ты зламала ягоную волю, не было б ужо для цябе ратунку. Хадзі, Лігія… Ці чуеш гоман у доме? Сонца зніжаецца, і госці зараз пачнуць збірацца.

— Праўду кажаш, Актэ, — вырашае Лігія, — пайду за тваёй радай.

Колькі ў гэтай дэцызыі было жадання спаткацца з Вініціем і Пятроніем, колькі жаночай цікавасці, каб раз у жыцці пабачыць такі банкет, а на ім цэзара, двор, слаўную Папею ды іншыя красуні і ўвесь той нечуваны сплендор, пра які цуды расказвалі ў Рыме, сама Лігія не магла расцеміць. Але Актэ мела рацыю, дзяўчына гэта ведала добра. Трэба было йсці, і калі мус ды проста розум падмацавалі пакусу, перастала вагацца.

Актэ завяла яе тады да свайго ўнктуарыюма, каб прыхарашыцца, а хоць у цэзара багата было нявольніц, дый Актэ іх даволі мела для асабістае прыслугі, то праз спагаду да дзяўчыны, краса й нявіннасць якое хапілі яе за сэрца, вырашыла ўбраць яе сама. І зараз паказалася, што ў маладое грэчанкі, паміма ейнае журлівасці й лектуры лістоў Паўла з Тарсу, уцалела шчэ многа гэлінскае душы, да якое краса цела прамаўляла мацней, чым усё на свеце. Распрануўшы Лігію, ахапіўшы вокам ейную фігуру, лёгкую, гладкую, ну проста вылітую з перламутру й ружы, аж крыкнула ад захопнага подзіву і, адступіўшы некалькі крокаў, песціла замілаваным вокам гэную чароўную постаць вясны.

— Лігія! — адазвалася ўрэшце. — Ты ж у сто разоў прыгажэйшая за Папею!

Але дзяўчына, узгадаваная ў суровым доме Пампоніі, дзе сціпласць забавязвала жанчын, нат калі былі сам-насам толькі, — стаяла цудная, бы цудны сон, гарманійная, моў твор Праксытэлеса ці як песня; але стрывожаная, ад сарамлівасці румяная, стуліўшы калені, рукамі засланяючы грудкі й спусціўшы вочанькі. Раптам падняла рашучым рухам рукі, выняла шпількі з валасоў і ў адной хвіліне, сцяпянуўшы галавою, моў плашчом, пакрылася імі.

Актэ, падыйшоўшы й дакрануўшыся да ейных цёмных локаў, далей захаплялася: — Ах, што за валасы!.. Не трэ ім залатое пудры, яны самі на закрутках залацяцца… Ледзь дадам хіба толькі ім залатога полыску, але лёгка, лягонька, каб прасвятлялі іх касулькі… Чароўны, не йначай, ваш край Лігаў, дзе такія чаруні родзяцца!

— Я не памятаю яго, — адказала Лігія, — толькі расказваў Урсус, што ў нас лясы, лясы і лясы.

— А ў лясох кветкі цвітуць, — дасказала Актэ, мачаючы далоні ў вазе з вервенай ды змочваючы ёю валасы Лігіі.

Скончыўшы гэта, пачала далікатна намашчаць усё ейнае цела арабскімі алейкамі, пасля атуліла яе залацістаю мяккаю тунікай без рукавоў, на якую дасць потым снежна-белы пеплюм. Але шчэ трэ было ўчасаць валасы, дык ахінула яе тым часам шырокай хусцінай, так званай «сынтэсіс», і, пасадзіўшы на крэсле, аддала яе на хвіліну нявольніцам, наглядаючы часанне здалёк. Дзве нявольніцы пачалі адначасна накладаць на ножанькі Лігіі белыя пурпураю гафтаваныя чаравічкі, барсаючы іх накрыж тасьмамі да алебастравых костак.

Калі часанне было скончана, надзелі на яе пеплюм з уложанымі стройнымі хвалдамі, тады Актэ, прыпяўшы ёй перлы на шыі, пазалаціўшы лочкі, загадала прыбіраць сябе самую, водзячы цэлы час захопленымі вачыма за Лігіяй.

Хутка сама была гатова, і як перад галоўнаю брамай пачалі паказвацца першыя лектыкі, увайшлі абедзве ў бакавы крыптапортык, з якога відаць была галоўная брама, галярэі й панадворак усярэдзіне, акружаны калюмнадаю з нумідыйскага мармуру.

Штораз болей праходзіла людзей пад высокім люкам брамы, над якою стройная квадрыга Лізвыяша казаў бы ўносіла ў паветра Апалона й Дыяну.

Пышны від ачараваў Лігію, аб якім скромны дом Аўла не мог ёй даць найменшага паняцця. Была гэна хвіліна заходзячага сонца, і апошнія касулі ягоныя азаралі жоўты нумідыйскі мармур калюмнаў, што гарэлі золатам у гэным бляску ды пераліваліся ружавою. Між калюмнамі, вобак белых статуяў Данаід ды іншых багоў і герояў, плыла рака людзей — мужчын, жанчын, — падобных да гэтых статуяў, бо ўдрапаваных у тогі, пеплюмы і столы, ападаючыя стройна мяккімі хвандамі да зямлі, а на іх дагасалі водбліскі заходзячага сонца. Велізарны, з асветленай шчэ галавою, Апалон ад грудзей быў ужо ў ценю калюмны, паглядаў згары на гэную грамаду. Актэ паказвала Лігіі сенатараў у шырока аблямованых тогах з паўмесяцамі на абутку, і вершнікаў, і знакамітых актораў, і рымскіх жанчын, убраных па-рымску, па-грэцку або ў фантастычныя ўсходнія строі, з валасамі, уложанымі ў вежу, піраміды, або зачэсаных, моў багіні, гладка ды прыстроеных аднізу ў кветкі. Многа мужчын і кабет Актэ называла паіменна, дадаючы да імёнаў кароткія й часамі страшныя гісторыі, ад якіх Лігія праймалася жахам, подзівам, здумленнем. Быў гэта для яе дзівосны свет, прыгажосцю якога ўпаяліся ейныя вочы, але супярэчнасцяў ягоных не мог зразумець ейны дзявочы розум. У гэных зарніцах на небе, у гэных радох непарушных калюмнаў, уцякаючых у далячынь, і ў тых людзях, падобных да статуяў, быў нейкі вялікі супакой; здавалася, што сярод гэных просталінійных мармураў павінны быць бестурботныя, шчаслівыя людзі-паўбогі, тым часам ціхі голас Актэ адкрываў паступова штораз іншую страшную тайніцу і гэтага палацу, і гэтых людзей. Вунь там далёка відаць крыптапортык, на калюмнах якога й на пасадцы чырваняцца шчэ крывавыя плямы, якімі аблюзгаў белыя мармуры Калігула, забіты нажом Касія Хрэі; там замардавана ягоную жонку; там дзіцянё разбілі аб каменні; там, пад гэным крылом, ёсць падзямелле, у якім з голаду грыз рукі Друз-малодшы; там атруцілі старэйшага; там віўся ад жаху Гэмэль, там з канвульсіяў Клаўдый, там Германік. Усюды сцены гэтыя чулі енкі й стогны канаючых, а тыя людзі, што спяшаюцца цяпер на банкет у тогах, у краскавых туніках, у кветках і кляйнотах, — гэта, можа, заўтрашнія асуджэнцы; можа, не на адным твары жах прыкрываецца смехам; можа, гарачка, жарсць і зайздрасць раз’ядаюць сэрцы гэтых напазор бестурботных паўбагоў.

Палахлівыя думкі Лігіі не маглі паспець за словамі Актэ, і калі той цудны свет прыцягаў штораз мацней ейныя вочы, сэрца трапяталася ў ёй ад страху, а ў душы сарвалася нагла нявыказаная вялікая туга па каханай Пампоніі, па супакойным доме Аўлаў, дзе панавала любоў — не злачынства.

Тым часам ад Вікус Апалонус наплывалі штораз новыя хвалі гасцей. З-за брамы данасіліся вокрыкі й гоман кліентаў, адводзячых сваіх патронаў. Надворак і калюмнады зараіліся мноствам цэзаравых нявольнікаў, нявольніц, малых хлапчанят і прэторыянскіх ваяроў, вартуючых палац. Дзе-нідзе між белымі або смаглымі тварамі чарнеўся твар нуміда з перыною ў шаломе і з вялікімі залацістымі кольцамі ў вушах. Няслі лютні, цытры, пучкі штучна выгадаваных, міма позняе восені, кветак, ручныя мядзяныя, сярэбраныя й залатыя лямпы. Штораз галаснейшы шум гутарак мяшаўся з плюскам вадаліву, якога ружовыя ад вячэрняй зары косы падалі звысака на мармуры, разбіваліся на іх, як бы плачучы.

Актэ перастала расказваць, але Лігія ўсцяж глядзела, як бы каго ў грамадах шукаючы. Нараз зарумянілася. Спаміж калюмнаў выхіліліся Вініць і Пятроні, яны йшлі да вадаліву трыклініюма: прыстойныя, спакойныя, падобныя ў сваіх тогах да белых багоў. Лігіі, якая сярод чужых людзей убачыла гэтыя дзве знаёмыя прыязныя асобы, асабліва Вініція, здавалася, што вялікі цяжар апаў ёй з сэрца. Пачулася менш самотнай. Тая няўтульная тужлівасць па Пампоніі і доме Аўлаў, якая абудзілася ў ёй перад хвілінай, перастала мучыць. Пакуса спаткання з Вініціем і бяседы з ім заглушыла іншыя водгукі душы. Дарэмна прыгадвала сабе ўсё благоцце ў доме цэзара, аб якім чула і словы Актэ, і перасцярогі Пампоніі. Паміма гэных слоў і перасцярогаў раптам пачула, што на гэтым банкеце не толькі быць мусіць, але і хоча: на ўспамін, што за хвіліну пачуе гэны мілы любы голас, які гаварыў ёй пра каханне і боскае шчасце, які гучэў ёй у вушах дасюль, моў чаруючая песня, ахапіла яе радасць.

Але раптоўна і спалохалася гэтае радасці. Здалося ёй, што ў гэтай хвіліне здраджае і той чысты голас навукі, у якой яе ўзгадавана, і Пампонію, і сябе. Іншая рэч ісці пад прымусам, а іншая — цешыцца з такога прымусу. Пачулася вінаватай, нягоднай і прапашчай. Каб была сама адна, укленчыла б і пачала б бажыцца ў грудзі, прызнаючыся: мая віна, мая віна! Актэ, узяўшы цяпер яе за рукі, вяла праз нутраныя пакоі ў вялікі трыклініюм, дзе меўся быць банкет, а ёй цямнела ўваччу, шумела ад нутраных узварушэнняў, і біццё сэрца забівала ў ёй дыханне. Нібы ў сне ўбачыла тысячы мігатлівых лямпаў і на сталох, і на сценах, як праз сон пачула вокліч, якім віталі цэзара, як у імгле ўбачыла яго самога. Вокліч аглушыў яе, бляск асляпіў, ударыў пах квецця, і, страціўшы прытомнасць, ледзь магла распазнаць Актэ, якая, пасадзіўшы яе за стол, сама села вобак.

Хвілінка, і нізкі знаёмы голас адзываецца з другога боку: — Вітаю найцуднейшую з красунь зямных і зорак нябесных! Як маешся, боская Каліна?

Лігія, крыху апрытомеўшы, зірнула — побач з ёю сядзеў Вініць.

Быў без тогі, бо выгода і звычай вымагалі гэтага. Акрывала яго толькі шкаратная туніка без рукавоў, вышываная ў сярэбраныя пальмы. Рукі меў голыя, ухарошаныя ўсходнім звычаем двума шырокімі залатымі нараменнікамі вышэй локцяў, а ніжэй — чыстыя ад валосся, гладкія, але занадта мускулярныя, сапраўдныя рукі ваяра, створаныя для мяча і шчыта. На галаве меў вянок з ружаў. З бровамі, зрослымі над носам, з чароўнымі вачыма ды смаглай скурай быў, казаў бы, увасабленнем маладосці й сілы. Лігіі здаваўся так прыгожым, што, хоць першае ашаламленне ўжо мінула, ледзь магла адказаць: — Прывітанне Марку!

А ён: — О, як шчаслівыя вочы мае, што на цябе глядзяць. Як жа шчаслівыя вушы мае, што чуюць твой голас, мілейшы мне, чым голас цытры ці флейты!

Каб мне сказалі выбіраць, хто мае сядзець пры мне на гэтым банкеце: ты, Лігія, ці Венус, выбраў бы цябе, боская!

І пачаў углядацца на яе вачыма. Зор ягоны скоўзваўся з твару ейнага на шыю й голыя рукі, песціў чароўныя лініі ейнае фігуры, любаваўся ёю, агартаў яе, прагавіта ўпаяўся, але побач з жадою свяціла ў ім шчасце й любасць.

І захапленне без граніц.

— Я ведаў, што спаткаю цябе ў доме цэзара, — гаварыў далей, — аднак, як угледзеў цябе, усёю душою маёй страсянула такая радасць, як бы спаткала мяне шчасце зусім неспадзяванае.

Апрытомеўшы крыху ды зарыентаваўшыся, што ў гэным таварыстве адзінаю блізкаю да яе істотаю ёсць ён, пачала гутарыць з ім аб усім незразумелым тут ды страхотным, выпытваць: скуль ён даведаўся, напрыклад, што знойдзе яе ў доме цэзара, ды чаму яна тут? Навошта цэзар забраў яе ад Пампоніі? Ёй тутка жудасна, хацела б вярнуцца дамоў. Памерла б з тугі й трывогі, каб не надзея на ягонае й Пятроніева заступніцтва за яе перад цэзарам.

Вініць талкаваў ёй, што аб вывязенні яе даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тутака — не ведае. Цэзар ні перад кім не тлумачыцца з сваіх паступкаў і загадаў. Аднак жа хай яна не баіцца. Ён бо, Вініць, пры ёй будзе. Лепей бы страціў вочы, чым яе спрад вачэй, лепей бы аддаў жыццё, чым ад яе аддаліцца. Яна ёсць ягонай душой, дык пільнавацьме яе, як уласнае душы. Збудуе ёй у сваім доме алтар, моў багіньцы, на якім кадзіцьме ёй мыраю, алоэзам, а вясною — пралескамі й цветам яблыні… А калі баіцца цэзаравага дому, дык прыракае ёй, што ў гэным доме яна не будзе.

А хоць гаварыў жартаўліва й часамі падхлушваў, у голасе ягоным вычувалася праўда, почувы бо ягоныя былі праўдзівымі. Авалодвала ім шчырая літасць, і словы прыліпалі да ягоных вушэй так, што калі пачала дзякаваць яму ды запэўніваць аб удзячнасці й міласці Пампоніі за дабрату яму, што хіба ніколі ў жыцці не здолеў бы адмовіць ейнай просьбе, сэрца ў ім расплывалася.

Краса ейная ўпойвала яго почувы, будзіліся пажаданні, але адначасна пабойваўся чымся зняважыць гэтае боскае стварэнне; з’яўлялася непаўстрыманая ахвота гутаркі пра ейную красу, пра свой подзіў, і, карыстаючы з банкетнага гоману, прысунуўся да яе бліжэй ды пачаў шаптаць салодкія любошчы — сардэчныя, мілагучныя, упаяючыя, бы віно. Ды ўпаіў жа яе. Паміж чужых тут выдаваўся ёй штораз бліжэйшым, штораз мілейшым, шчырэйшым.

Супакойваў яе, абяцаў вырваць з дому цэзара; прыракаў служыць і апекавацца ёю. Калісь у Аўлаў гутарыў з ёю толькі агульна пра каханне й шчасце, якое даць яно можа, цяпер жа прызнаваўся ёй адкрыта, што любіць яе, што яна яму наймілейшая ды найдаражэйшая.

Лігія першы раз чула такія словы з мужчынскіх вуснаў, і чым больш слухала, тым больш уяўляла сабе, што нешта ў ёй будзіцца, бы ад сну, што падпальвае ейнае нейкае шчасце, у якім бязмерная радасць мяшаецца з бязмернай трывогай. Загарэліся шчочкі, затрапятала сэрца, вусны расхіліліся бы з подзіву. Баялася гэных слоў, а ні за што не хацела ўраніць аніводнага з іх. То спушчала, то падымала на Вініція вочанькі іскрыстыя, баязлівыя, пытаючыя, казаў бы — просячыя: «Гавары яшчэ!» Гоман, музыка, пах кветак ды водар арабскага кадзідла пачалі зноў адураць яе. Рымскі абычай вымагаў пры стале на банкетах выцягацца наўзлокатку, але дома Лігія займала мейсца між Пампоніяй і малым Аўлам, тут жа ляжаў вобак яе Вініць, малады, урадлівы, раскаханы, гарачы, дык рабілася ёй сорамна, але й раскошна. Авалодвала ёю нейкая салодкая знямога, млоснасць і самазабыццё, бы які раскошны сон яе марыў.

Але й на яго пачала ейная блізкасць дзеяць. Твар збялеў, ноздры хадзілі, бы ў каня арабскага. Відаць, і ягонае сэрца скакала пад шкаратнаю тунікай, бо зяхаў прыспешна, а сказы заміралі яму ў вуснах. І ён таксама першы раз быў так пры ёй. Думкі яму памутнелі, у жылах адчуваў полымя, якое надарэмна натужваўся гасіць віном. Не віно, але ейны цудны твар, яе нагія ручанькі ды дзявочыя грудкі, хвалюючыя пад тунікай, і ейная постаць, атуленая белымі хвандамі пеплюма, упаялі яго штораз больш. Урэшце не ўсцерпеў, абняў яе руку вышэй костачкі, як было ўжо раз у Аўлаў, і, цягнучы яе да сябе, пачаў шаптаць дрыжачымі губамі: — Я цябе люблю, Каліна… боская мая!..

— Марк, пусці, — бароніцца Лігія.

А ён з вачыма памутнелымі далей: — Багіня мая!.. Пакахай мяне!..

Нараз адзываецца голас Актэ з другога боку Лігіі: — Цэзар паглядае на вас.

Вініція парвала наглая злосць і на цэзара, і на Актэ. Словы бо ейныя знішчылі чар упаення. Юнаку нат і спагадны голас выдаваўся дакукаю, думаў бо, што Актэ манілася знарок перарваць ім гутарку. Дык, падняўшыся ды акінуўшы вокам экснявольніцу з-за плячэй Лігіі, цыкнуў: — Кажуць, што слепнеш, дык як жа можаш яго дагледзець?

А тая бы з сумам адказвае: — Аднак жа яго бачу… Ён таксама блізарукі й абсэрвуе вас праз шкло.

Усё, што рабіў Нэрон, будзіла чуйнасць нат і найбліжэйшых ягоных, і Вініць устрывожыўся й асеў — ды пачаў нязначна кідаць вокам у бок цэзара.

Лігія, якая напачатку банкету бачыла яго, ад нясмеласці, бы праз ймглу, а пасля, захопленая Вініціем, не глядзела на цэзара зусім — цяпер таксама звярнула да яго цікаўныя й адначасна трывожныя вочы.

Актэ праўду казала. Цэзар, нахіліўшыся над сталом ды прыжмурыўшы адно вока, узброенае круглым шмарагдам, глядзеў на іх. На хвіліну зрок ягоны спаткаўся з вачыма Лігіі, і сэрца дзяўчыны сціснуў жах. Калі за дзіцячых гадоў бывала ў сіцылійскай вёсцы Аўла, старая няня, егіпская нявольніца, расказвала ёй аб смоках з горскіх нетраў, вось жа цяперака здалося ёй: глядзяць на яе зекра такога смока. Хапіла за руку Вініція, бы спалоханае дзіцянё, а ў галаву пачалі налазіць раптоўна спагудныя з’явы. Дык гэта ён? Той страшны ды ўсёмагутны? Не бачыла яго ніколі, інакш сабе яго ўяўляла. Імагінавала сабе нейкае людаедскае аблічча з закамянелаю злосцю; тым часам тут угледзела вялізную, асаджаную на грубезным карку галаву, страшную, праўда, але больш смешную, чым жахлівую, падобную бо здалёк да галавы дзіцячае. Туніка колеру аметыставага, забароненага звычайным смяротнікам, кідала сіняваты водблеск на ягоны шырокі кароткі твар. Валасы меў цёмныя, модна ўложаныя на манер Атона ў чатыры рады пукляў. Барады не насіў, нядаўна бо ахвяраваў яе Ёвішу, за гэта ўвесь Рым складаў яму падзяку, хоць паціху шаптаў сабе, што ахвяраваў яе з прычыны рудога колеру, якім абрастаў увесь ягоны род. На чале ягоным, моцна выступаючым над бровамі, было, аднак, штось алімпійскае. У насупленых бровах знаць было сведамасць вялікамагутнасці; але пад гэным чалом паўбога мясціўся твар малпы, п’яніцы й камедыянта, твар пустагона, поўны ўсялякае жады, наліты, міма маладога веку, салам, твар хваравіты й плюгавы. Лігіі выдаваўся ён агідным, зладумным.

Пасля палажыў шмарагд і перастаў глядзець на яе. Тады ўгледзела ягоныя пукатыя вочы, прыжмураныя ад лішняга святла, шклястыя, бязмысныя, падобныя да вачэй мерцвякоў.

Абярнуўшыся да Пятронія, спытаў: — Ці гэта тая закладніца, у якую закахаўся Вініць?

— Тая, — адказаў Пятроні.

— Як завецца ейны народ?

— Лігі.

— Вініць уважае яе за красуню?

— Убяры ў жаночы пеплюм спарахнелы пень аліўны, дык Вініць назаве яго прыгожым. Але на тваім твары, о знаўца незраўнаны, прысуд на яе ўжо чытаю. Не патрабуеш яго й аглашаць. Так ёсць. Засухая! Хударлявая! Іставетная макаўка на тоненькім сцібурыку; а ты ж, боскі эстэта, цэніш у жанчыне сам сцібур, і твая праўда — у тры, у чатыры столкі праўда! Самы тварок яшчэ нічога не значыць. Я многа пераняў ад цябе, аднак так меткага вока яшчэ не маю… І гатоў пайсці ў заклад з Туліем Сэнэцыем на ягоную каханку, што хоць цяжка пры банкеце, калі ўсе ляжаць, мераць стан вокам, ты ўжо сабе адмераў: «Завузкая ў паясніцы».

— Завузкая ў клубох, — пацвердзіў з прыжмураным вокам Нэрон.

Па губах Пятронія прабег ледзь прыкметны смяшок, а Тулій Сэнэцый, які заняты быў дасюль чаўпнёю з Вестам, расказваючым пра свае сны, зварочваецца да Пятронія і, хоць не ведаў, у чым рэч, кажа: — Махлюеш! Я веру цэзару.

— Добра, — адказаў Пятроні. — Я цвярдзіў іменна, што ты маеш крошку розуму, а цэзар цвердзіць, што ты асёл без дамешку… — Habet!22 — кажа Нэрон, смяючыся й звяртаючы ўніз вялікі палец рукі, як гэта робіцца ў цырках на пагібель гладыятару, які атрымаў удар ды меў быць дабіты.

Вестын жа, думаючы, што йдзе гутарка ўсё яшчэ пра сны, адзываецца: — А я веру ў сны, і Сэнэка мне калісь казаў, што ён таксама верыць.

— Снілася мне апошняе ночы, быццам сталася я вясталкаю, — умяшалася, перагінаючыся праз стол, Кальвія Крыспініла.

 

 

У адказ на гэта Нэрон пачаў пляскаць у далоні, іншыя паўтаралі тое самае, і за хвіліну навакол разлягаліся ладкі, Крыспініла бо, колькіразовая разводка, была ведамай з свае нечуванае распусты ў цэлым Рыме.

Але яна, не засаромеўшыся ані крошкі, казала: — І што ж? Усе яны старыя й брыдкія. Адна Рубрыя да людзей падобна, і так было б нас дзве, хоць і Рубрыя мае рабаценне летам.

— Дазволь, аднак, прачыстая Кальвія, — кажа Пятроні, — вясталкаю магла ты стацца хіба толькі праз сон.

— А калі цэзар загадае?

— Уверыў бы, што збываюцца сны нат найдзівачнейшыя.

— Бо й спраўджаюцца, — дакінуў Вестын. — Разумею людзей, якія не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?

— А варожбы? — спытаў Нэрон. — Варажылі мне калісь, што Рым перастане існаваць, а я панавацьму над цэлым Усходам.

— Сны і варожбы — гэта мае з сабою сувязь, — талкуе далей Вестын. — Раз адзін праконсул, вялікі недаверак, паслаў нявольніка з апячатаным лістом да святыні Мопса, якога не дазволіў адкрываць, каб зверыцца, ці бажок патрапіць адказаць на пытанне, пастаўленае ў лісце. Нявольнік праспаў у святыні, каб прысніць варожбны сон, пасля вярнуўся й кажа так: сніўся мне ясны, як сонца, юнак, каторы вымавіў мне адно толькі слова: «Чорнага».

Праконсул, пачуўшы гэта, збялеў і, звяртаючыся да сваіх гасцей, роўных яму недаверкаў, сказаў: «Ці ведаеце, што было ў лісце?»

Тут Вестын перарваў і, падняўшы чару з віном, пачаў піць.

— Дык што было ў лісце? — дапытваецца Сэнэцый.

— У лісце было пытанне: «Якога быка маю ахвяраваць: белага ці чорнага?».

Але зацікаўленне, разбуджанае расказам, перарваў Вітэлій, які, прыйшоўшы на банкет ужо падпіўшым, раскаласіўся нагла — без ніякае прычыны — пустым смехам.

— Чаго гэта бочка лою рагоча? — пытае Нэрон.

— Смех, бач, адрознівае людзей ад быдлят, — тлумачыць Пятроні, — а ён жа не мае іншае адметкі, напрыклад, ад парсюка.

А Вітэлій перарваў нагла смех і, цмокаючы аслізлымі ад жыжкі ды тлустасці губамі, пачаў таропіцца на прысутных так, як бы іх ніколі перад гэтым не бачыў.

Пасля падняў сваю падобную да падушкі далонь ды адазваўся хрыплым голасам: — Зваліўся мне з пальца рыцарскі пярсцёнак па бацьку.

— Які быў шаўцом, — дасказаў Нэрон.

І Вітэлі зноў зайшоўся рогату ды пачаў шукаць згубы ў… пеплюме Кальвіі Крыспінілы.

На гэта Ватыні давай пішчаць — прыкідацца быццам перапалоханай жанчынай. Нігідыя ж, таварышка Кальвіі, маладая ўдава з дзіцячым тварам ды распуснымі вачыма, уголас падхватвае: — Шукае таго, чаго не згубіў.

— Ды што на нівошта яму не прыдасца, хоць бы й знайшоў, — дакончвае паэт Люкан.

Банкет станавіўся штораз весялейшым. Тоўпы нявольнікаў разносілі штораз новыя стравы; з вялікіх вазаў, напоўненых снегам ды абвітых зеленню, штораз часцей даставалі кратэры розных гатункаў віна. Пілі ўсе ўдоваль. А згары на стол ды на бяседнікаў падаў ружовы дождж.

Пятроні пачаў, аднак, прасіць Нэрона, каб цяпер, калі госці яшчэ не панапіваліся, ушляхотніў банкет сваёю песняй. Госці падхапілі хорам просьбу, але Нэрон пачаў адказвацца. Не пра самую адвагу тут расходзілася, хоць заўсёды яе было ў яго недахоп. Багі ведаюць, колькі каштуюць яму ўсялякія выступы… Не адказваецца, праўду сказаўшы, ад іх, трэба ж бо што-небудзь зрабіць для мастацтва, дый калі Апалон надарыў яго голасам, дык нельга дараў божых марнаваць. Разумее нават, што гэта ж ёсць ягоны абавязак адносна дзяржавы. Але сяння сапраўды нейкі ён ахрыплы. Ноччу клаў сабе на грудзі валавянныя цяжаркі, але й гэта не дапамагло… Падумоўвае аб выездзе да Анцыюма, каб аддыхнуць марскім паветрам… Але пачаў маліць яго Люкан у імя мастацтва й чалавецтва. Усе ж бо ведаюць, што боскі паэт і пяюн улажыў новы гімн на чэсць Венеры, у параўнанні з якім Лукрэцыявы выглядае бы скавытанне белагубага ваўчаняці. Так добры ўладар не павінен задаваць мукаў такіх сваім падданым: «Не будзь лютым, цэзару!»

— Не будзь мучыцелем! — адгукнуліся ўсе сядзячыя бліжэй.

Нэрон развёў рукамі на знак, што здаецца. Тады ўсе распрамянелі радасцяй ды пачалі звяртацца да яго. Але ён згадаў паведаміць аб тым Папеі, што спяваціме, прысутным жа асведчыў, што не прыйшла яна на банкет дзеля пэўнага недамагання; а таму, што ніякае лякарства не робіць ёй такое палёгкі, як ягоная песня, дык шкада было б пазбавіць яе гэтае нагоды.

Незабаўна з’яўляецца й Папея. Валадала яна дагэтуль Нэронам, бы падданым, ведала, аднак, што ў справах ягонага «мастацкага самалюбства» жартаваць з ім нельга. Дык з’явілася прыгожая, моў боства ўбраная, падобна як Нэрон, у аметыставыя ўборы, у пацеркі з буйных перлаў, заграбленых калісь у Масынісы, залатавалосая, салодкая і, паміма трэцяга ўжо замужжа, з дзявочым абліччам.

Вітаюць яе воклічамі, называючы «боскай аўгустай». Лігія ніколі яшчэ не бачыла такое красы, яна не хацела верыць сваім вачам, ведама бо было, што Папея Сабіна ёсць адной з нягоднейшых жанчын на свеце. Ведала ад Пампоніі, што яна давяла цэзара да маткабойства ды жонкабойства, знала яе з расказаў Аўлавых гасцей і службы; чула, што гэта ейныя статуі ноччу ў горадзе разбівалі; чула аб напісах, якія, паміма найстрашнейшых караў, з’яўляліся ўсцяж пасля ночы на сценах. І вось цяперака, калі глядзела на гэну аслаўленую Папею, уважаную праз хрысціян за ачалавечанне зла й праступку, выдавалася ёй, што так толькі выглядаць можа анёл ці які нябесны дух. Проста не магла адарваць ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі вырвалася пытанне: — Ах, Марку, ці гэта можа быць?..

А ён, падагрэты віном і крыху як бы незадаволены з ейнае на яго няўвагі, гаварыў: — Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Каб ты толькі ведала, то б закахалася сама ў сябе, моў Нарцыс… Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе не йначай Венус выкупала ў сваім. Ты нясведамая, оcelle mi!..23 1 Не глядзі на яе. Абярні вочы да мяне, оcelle mi!.. Дакраніся вуснамі гэнай кружы віна, а пасля я прытулю свае да гэтага самага мейсца… І прысоўваўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Актэ. Але ў тым моманце запанавала цішыня. Цэзар устаў. Мастак Дыядор аддаў яму лютню, званую «дэльта», другі — Тэрпнас — які меўся яму акампаніяваць, збліжыўся з інструментам, званым «набліюм». Нэрон, абапёршы дэльту аб стол, падняў вочы ўгару, і за хвіліну залягла ў трыклініюме абсалютная цішыня, парушаная толькі ціхусенькім шорахам спадаючых згары ружаў.

І пачаў пяяць, а вярней — спешна й рытмічна дэклямаваць свой гімн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Ані голас, хоць крыху мутны, ані верш не быў благі, дык бедную Лігію пачало зноў турбаваць сумленне, гімн бо, паміма велічання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваім лаўровым вянком на галаве і ўзнесенымі вачыма выглядаў менш страшным і агідным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету.

Бяседнікі адазваліся громам воплескаў. Водгукі «О нябесны голасе!» разлягаліся навакол. Некаторыя з жанчын застывалі ў позе з паднятымі рукамі на знак захаплення нат пасля спеву, іншыя выціралі слёзы. Ва ўсёй залі загуло, бы ў вуллі. Папея, накланіўшы сваю залатавалосую галоўку, прытуліла да вуснаў руку Нэрона і трымала яе доўга маўкліва. А малады грэк Піфагор, цуднае красы юнак, з якім пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламінам даць сабе вянец, цэрыманіяльна ўпаў перад ім на калені. Але Нэрон непарушна глядзеў на Пятронія, пахвала якога перадусім была жаданай, дык той азваўся: — Арфей жаўцее з зайздрасці горш, чым прысутны тут музыка Люкан, а што да верша, дык шкада, што не горшыя, бо можа б льго было тады знайсці на іх пахвалу прыдатнейшыя словы.

Люкан ані думаў за гэта гневацца, наадварот, кінуў вокам на Пятронія з удзячнасцю і, нібыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць: — Праклятая доля судзіла мне жыць адначасна з такім паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяці ды на Парнасе, а так знікне, бы тая газоўка пры сонцы.

Пятроні, аднак, які меў годную подзіву памяць, пачаў паўтараць уступы з гімну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбіраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасці з прычыны чару паэзіі, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблік Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў ім вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехі й адвагі быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кім уродзіцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвішу, не выключае чэсці й іншым багом.

Потым устаў, каб адвесці Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсці. Бяседнікам усё ж дазволіў садзіцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. І праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзідламі дыме любавацца далейшымі відовішчамі, якія ён сам, Пятроні або Тыгэлін прыгатавалі на банкет.

Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогаў, у якіх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мімік Парыс прадстаўляў прыгоды Іёны, Інахавай дачкі. Гасцям, асабліва Лігіі, не прывыкшым да гэных відовішчаў, здавалася ўсё цудамі ды чарамі. Парыс рухам цела й рук вытвараў такія рэчы, якія, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далоні ягоныя замуцілі паветра, наганяючы быццам святлістую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамі раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайніцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калі на канцы яго ўвайшлі карыбанты й пачалі пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сірыйскімі малодухнамі бахічны танец, поўны дзікага вераску й дзічэйшае шчэ распусты — Лігіі здалося, што паліць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне заваліцца на галовы банкетнікаў… Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалі толькі ружы, а паўп’яны Вініць шаптаў ёй: — Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадаліве й пакахаў. Світала раніцаю, і ты думала: ніхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў… І бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скінь пеплюм, як Крыспініла. Бачыш! Багі й людзі шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нічога! Прытулі галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькі.

А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляціць у нейкую пропасць, а той Вініць, што нядаўна выдаваўся ёй так блізкім і пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца і таго банкету, і сябе самое. Нейкі голас, моў Пампоніі, чула ў душы: «Лігія, ратуйся!» — але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеі падобнага банкету бачыў, у кім сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вініція, ды каго праймалі такія дрыготы, як праймалі яе падчас прытуляння — той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабіцца млосна. Часамі здавалася ёй, што абамлее, і пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нікому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.

Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнікі падносілі ўсцяж новыя стравы, напаўнялі кружы віном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з’явіліся два сілачы, каб пацешыць гасцей баруканнем.

І ўміг пачалі барукацца. Магутныя, блішчастыя ад алівы мускулы склубіліся ў вадну брылу, аж косці пачалі трашчаць ды скрыгітаць сківіцы. Час ад часу чутны былі глухія ўдары іхніх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалі ў заядлай скамянеласці, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзілі йгру напружаных хрыбтоў, лыдак і плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнік школы гладыятараў Кратон нездарма лічыўся наймацнейшым у дзяржаве чалавекам. Праціўнік ягоны хутка зазяхаўся, пачаў храпці, потым счарнеў на твары, урэшце хлыснуў праз рот крывёю і абвіс.

Громы воплескаў укаранавалі змаганне, а Кратон, паставіўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокі з відам трыўмфатара, вадзіў вокам па залі.

Увайшлі пасля гэтага прадстаўляцелі звярат і галасоў іхніх, балаўнікі й блазны, але на іх мала ўжо звярталі ўвагу, віно бо ўжо марочыла вочы глядзельнікаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сірыйскія баханткі палезлі за сталы. Музыка змянілася ў бязладны дзікі бразг цытраў, лютняў, армянскіх цымбалаў, егіпскіх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб ішлі прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алівы, якою прыгожыя дзетанькі скраплялі бяседнікам ногі, бо паветра, насычанае людскім потам і шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьміліся лямпы, пакрывіліся вянкі на галовах, твары пабляднелі ды папацелі.

Вітэлі пакаціўся пад стол. Нігідыя, абнажыўшыся да паясніцы, прытуліла сваю дзяцінаватую галаву да грудзей Люкана, а той, не менш п’яны, пачаў здзьмухваць з ейных валасоў залатую пудру, вывернуўшы з уцешлівасці вочы ўгару. Вестын упорыста паўтараў дзесяты мо ўжо раз адказ Мопса на праконсулаў ліст, а Тулій, бязбожнік, трызніў, чхаючы: — Бо калі сфэра Ксэнафонэса круглая, дык такога бога, ведаеш, можна каціць перад сабой нагою, моў бочку.

На гэта Даміцый, стары шэльма і даношчык, абурыўся і з абурэння на такую чаўпню абліў сабе туніку фалернам. Ён заўсёды ў багоў верыў. Людзі кажуць: Рым згіне, ды ёсць нат такія, якія перакананы, што ўжо гіне. Пэўна!.. Але таму так дзеецца, што моладзь не мае веры, а без веры няма й цноты. Забываюць таксама й пра даўнейшыя суровыя звычаі, а нікому й у голаў не прыйдзе, што эпікурэізм не ў змозе будзе проціставіцца барбарству. Дарэмная гутарка! Ён жа каецца, што дажыў такіх часаў ды што лякарства ад маркотлівасці змушаны вось шукаць у банкетах.

Гэта вымавіўшы, прыгарнуў да сябе сірыйскую бахантку і бяззубымі губамі пачаў цалаваць яе шыю й плечы. Бачачы гэта, консул Рэгул пачаў рагатаць і, начупырыўшы прыхарошаную ў вянок лысіну, пытае: — Хто кажа, што Рым гіне?.. Дрэнь!.. Я, консул, найлепш ведаю… Videant consules!..24 Трыццаць легіяў старожыць нашую pax romana!..25 Тут падняў кулак ды давай крычаць на цэлую залю: — Трыццаць легіяў!.. Трыццаць легіяў!.. Ад Брытаніі да граніцы партаў!..

Але раптоўна апамятаўся і, уставіўшы ў лоб палец, паправіў: — А бадай што й трыццаць дзве… І асунуўся пад стол ды пачаў аддаваць назад языкі фламінгаў, печаныя рыжкі, марожаныя грыбы, жамяру на мёдзе, рыбу, мяса і ўсё, што еў ці піў.

Даміцыя, аднак, не супакоіла колькасць легіяў, гарантуючых рымскі мір: — Не, не! Рым прападзе, бо згінула вера й суровыя звычаі! Згіне Рым, а шкада! Жыццё бо ёсць, аднак, прыемнае, цэзар ласкавы, віно добрае… Ой, шкада, шкада!..

І, утуліўшы голаў у лапаткі сірыйскае баханткі, расплакаўся: — Што там жыццё загробнае!.. Ахілес праўду казаў, што лепш быць парабкам у падсонечным свеце, чым панаваць у кімэрыйскіх прасторах. Дый то пытанне, ці існуюць якія багі, бо ж бязвер’е губіць моладзь.

Люкан тым часам раздзьмухаў увесь пыл з валасоў Нігідыі, якая ад п’янасці заснула. Пасля зняў перавяслы зялёнае поўсці з вазаў вобак ды абкруціў імі заснуўшую, а даканаўшы гэта, рассмяяным ды пытаючым вокам вадзіў па прысутных. Потым і сам убраўся ў зелень, прыгадваючы быццам з перакананнем: — Ці ж я чалавек? Я фаўн… Пятроні не быў п’яны, затое Нэрон, які спачатку мала піў, шкадуючы свайго «нябеснага» галаска, пад канец перакідаў чару за чарай, пакуль не ўпіўся. Хацеў нат далей пяяць свае вершы, гэтым разам грэцкія, ды, на жаль, забыў іх і праз памылку запяяў песеньку Анакрэонта. Акампаніяваў яму Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але кінулі, бо не ўдавалася. Нэрон замест таго пачаў захапляцца, як знаўца і эстэта, чароўнаю ўрадлівасцю Піфагора ды цалаваць ягоныя рукі. Так пекныя рукі ён бачыў толькі калісь… у… некага… І, прылажыўшы далонь да мокрага чала, пачаў сабе прыпамінаць. Нараз жахнуўся: — Ага! У маці! У Агрыпіны!..

І нагла апанавалі яго жудасныя крозы.

— Кажуць, яна бродзіць ноччу месячнаю па моры, каля Баяў і Баўлі.

Больш нічога, толькі ходзіць, ходзіць, бы чаго шукае. А як зблізіцца да лодкі, дык паглядзіць ды адыйдзе, але рыбак, на якога глянула, памірае.

— Нішто сабе тэма, — адзываецца Пятроні.

Вестын, шыю выцягнуўшы, як журавель, таёмна шаптаў: — Не веру ў багі, затое веру ў духі — ой!

Але Нэрон не зважаў на іхныя словы і гаварыў далей:

— Я ж і лемураліяў адправіў. Не хачу аглядаць яе! Гэна вось ужо пяты год.

Я мусіў, мусіў яе страціць, бо наслала на мяне пагубніка, і калі б яе быў не ўпярэдзіў, не чулі б сяння маіх песняў.

— Дзякуем табе, дзякуем ад імя гораду ды свету! — крычаў Даміцый Афэр. — Віна! І хай удараць у тымпаны!

Гоман падняўся зноў. Люкан, увесь у зелені, хочучы яго перакрычаць, устаў ды пачаў гарланіць: — Я не чалавек, я фаўн, і жыву ось у лесе! Ээ… хо…ооо!

Спіўся ўрэшце цэзар, спіліся мужчыны й жанчыны. Вініць не менш быў п’яны за іншых, а ў дадатку, вобак жады, будзілася ў ім ахвота да спрэчкі, гэта здаралася яму заўсёды, калі перабіраў меру. Пабляднела ягонае чарнявае аблічча, а язык у роце ўжо калом станавіўся, як хацеў голасна сказаць: — Дай губкі! Дай узаўтра, усё роўна!.. Даволі гэтага! Цэзар узяў цябе ад Аўлаў і падарыў мне, зразумела? Заўтра на змроку прышлю па цябе, зразумела?.. Цэзар перад забраннем цябе мне абяцаў… Ты мусіш быць маёю! Дай губкі! Не да заўтра ж чакаць… Дай хутка, дай!

Ды абняў яе, але Актэ пачала яе бараніць, дый сама яна баранілася, як магла, чула бо гібель. Але дарэмна намагалася абедзвюма рукамі зняць з сябе ягоную безвалосую руку, дарэмна жаласлівым і трывожным галаском маліла яго, каб адкасніўся, каб зжаліўся над ёю. Перасычанае віном дыханне аблівала яе штораз бліжэй, а твар ягоны збліжаўся да ейнага твару. Не той ужо гэта быў Вініць, што даўней, быў то п’яны люты сатыр, наганяючы на яе жах і абрыду.

Сілы, аднак, ейныя слабелі. Дарма адхілялася, хавала твар, каб абараніцца ад ягонага цалунку. Ён сарваўся, схапіў яе ў абедзве рукі, прыцягнуў да сябе голаў ды пачаў расціскаць, сапучы, ейныя збялелыя вусны сваімі вуснамі.

Але ў той жа момант нейкая страшэнная сіла адгарнула яго рукі з ейнае шыі так лёгка, як бы тое былі дзіцячыя рукі, а яго адсунула на бок, бы сухую былінку ці кволы лісток. Што сталася? Вініць працёр аслупелыя вочы і бачыць над сабою магутную постаць ліга, званага Урсусам, якога бачыў у Аўлаў. Ліг стаяў спакойна і толькі глядзеў на Вініція так дзівосна, што маладому чалавеку аж кроў замірала ў жылах, пасля ўзяў на рукі сваю князёўну і мерным ціхім крокам выйшаў з трыклініюма.

Актэ ў той жа хвіліне выйшла за імі.

Вініць на міг вока стрымаўся, бы скамянелы, пасля схапіўся й пабег да дзвярэй.

— Лігія! Лігія!..

Але гарачка, здумленне, закатнасць ды віно падцялі яму ногі. Пасланіўся раз, другі, ды, хапіўшы за рукі адну з бахантак, пачаў пытаць, маргаючы вачыма: — Што сталася?

А яна падсунула яму чару з віном, заахвочваючы з рассмяянымі памутнелымі вачыма: — Пі!

Вініць выпіў ды зваліўся з ног. Большая частка гасцей ляжала ўжо пад сталом, іншыя хадзілі п’яным крокам па трыклініюме, іншыя спалі на софах сталовых, храпучы ды адказваючы злішак віна, а на п’яных консулаў і сенатараў, на п’яных рыцараў, паэтаў, філязофаў, на п’яныя танцоркі й патрыцыянкі, на цэлы гэны свет, яшчэ ўсёўладны, але ўжо бяздушны, увенчаны й распусны, але ўжо згасаючы, з залатога неваду, распятага ўгары, падалі ды падалі ўсцяж ружы.

 

VIII

 

Урсуса ніхто не затрымаў, ніхто не спытаўся нат, што робіць. Тыя госці, якія не ляжалі пад сталом, не пільнаваліся ўжо сваіх мейсцаў, дык служба, бачачы вялігура, нясучага на руках банкетніцу, думала, гэта які нявольнік выносіць п’яную сваю спадарыню. Дый Актэ йшла з імі, ейная прысутнасць аддаляла ўсялякія падазрэнні.

Такім чынам выйшлі з трыклініюма ў сумежную камору, а адтуль на галярэю, што вяла ў памешканне Актэ.

Лігія была так зняможанай, што аж лягла, бы мёртвая, на руках Урсуса.

Але калі ацвярозіла яе чыстае халоднае паветра, расплюшчыла вочы. На двары ўжо світала. Ідучы калюмнадай, незабаўна звярнуліся ў бочны портык, што выходзіў не на панадворак, але на палацавыя агароды, дзе верхавіны пініяў і цыпрысаў румяніліся ўжо ад ранняй зарніцы. У гэнай частцы гмаху было пуста, і адгалоссе музыкі ды банкетны гоман ледзь да іх даходзілі. Лігіі здавалася, што яе вырвалі з пекла й вынеслі на ясны божы свет. Было адорак штосьці па-за гэным агідным трыклініюмам. Было неба, зарніца, святло й цішыня. Дзяўчо нараз пачало плакаць і, тулячыся да волата, прасіцца: — Дамоў, Урсуска, дамоў, да Аўлаў!..

— Пойдзем! — пацяшаў Урсус.

А тым часам зайшлі ў малы атрыюм, што належаў да памешкання Актэ. Там Урсус пасадзіў Лігію на мармуровай лаўцы воддаль вадаліву. Актэ пачала яе супакойваць ды заахвочваць да супачынку, запэўніваючы, што тым часам нічога не пагражае, бо п’яныя бяседнікі пасля банкету спацімуць да вечара. Але Лігія доўга шчэ не магла супакоіцца і, утуліўшы ў далоні твар, ягліла па-дзіцячаму: — Дадому, да Аўлаў!..

Урсус быў гатовы. Ля брамаў, праўда, стаіць стража, але ён пройдзе.

Стражнікі не затрымоўваюць выходзячых. Перад люкам рояцца лектыкі.

Людзі пачнуць выходзіць кучамі. Ніхто іх не затрымае. Выйдуць разам з натоўпам і пойдуць проста дадому. Дый што яму! Як князёўна хоча, так павінна быць. А на што ж ён тут.

А Лігія не ўціхала: — Так, Урсуска, выйдзем.

Але Актэ думала за іх абаіх. Выйдуць! Так! Ніхто іх не затрымае. Але з дому цэзара ўцякаць не можна. Хто на гэта адважыцца, абражае маестат ягоны.

Выйдуць, але вечарам цэнтурыён з ваяцкім аддзелам прынясе прысуд смерці Аўлюсу, Пампоніі Грэцыне, а Лігію забярэ назад у палац, і тады ўжо няма ёй ратунку. Калі Аўлы прымуць яе ў свой дом, смерць для іх немінучая.

Лігія й рукі апусціла. Няма рады. Перад ёю была згуба Плаўтаў або ейная. Ідучы на банкет, мела надзею, што Вініць і Пятроні выпрасяць яе ў цэзара ды аддадуць Пампоніі, а цяпер ужо ведала, што гэта яны набухторылі цэзара, каб забраў яе ад Аўлаў. Няма рады. Цуд хіба мог бы вырваць яе з гэтай процьмы. Цуд і Божая моц.

— Актэ, — адазвалася роспачна, — ці чула ты, што казаў Вініць: яму цэзар мяне падарыў, і сяння ўвечары прышле нявольнікаў ды забярэ мяне ў свой дом?

— Чула, — пацвердзіла Актэ.

І, развёўшы рукамі, замоўкла. Роспач Лігіі не ўзварушыла яе. Яна ж бо сама была каханкаю Нэрона. Сэрца ейнае, хоць добрае, не ўмела глыбока адчуць агіды такіх адносінаў. Як былая нявольніца, занадта зжылася з правам няволі, дый, акрамя таго, кахала й дагэтуль Нэрона. І калі б схацеў вярнуцца да яе, працягнула б да яго рукі, як да шчасця. Разумеючы цяпер ясна, што Лігія або мусіць стаць каханкаю маладога прыстойнага Вініція, або выставіць сябе й Аўлаў на згубу, проста не цяміла, як дзяўчына магла хістацца.

— У доме цэзара, — адазвалася па хвіліне, — не было б табе беспячней, чым у доме Вініція.

І ўдум ёй не прыйшло, што, хоць гаварыла праўду, словы ейныя азначалі: «Згадзіся з доляй і станься палюбоўніцай Вініція». Але Лігію, на вуснах якое шчэ не застылі ягоныя похатныя, моў жар палючыя цалункі, на самы ўспамін залівала ад сораму кроў.

— Ніколі! — адазвалася бурліва. — Не застануся ні тут, ні ў Вініція, ніколі!

Актэ здзівіла гэтае ўзбурэнне: — Няўжо, — спытала, — Вініць табе такі нялюбы?

Лігія не магла адказаць, зноў пачала плакаць. Актэ прытуліла яе да грудзей ды пачала ўцяшаць. Урсус цяжка соп і заціскаў кулакі: ён моцна любіў сваю князёўну і не мог спакойна глядзець на ейныя слёзы. У ягоным лігійскім паўдзікім сэрцы ўздымалася ахвота вярнуцца ў залю, задавіць Вініція, а калі трэба, дык і цэзара; баяўся, аднак, свае спадарыні, не будучы пэўным, ці гэткі ўчынак, які адразу паказаўся яму простым, быў бы адпаведным для вызнаўцы Баранка ўкрыжаванага.

Актэ, утуліўшы Лігію, пачала зноў пытаць: — Няўжо ён табе такі ненавісны?

— Не, — апраўдвалася Лігія, — нельга мне яго ненавідзець, я хрысціянка.

— Ведаю, Лігійка. Ведаю таксама з лістоў Паўла з Тарсу, што вам няможна ані зганьбіцца, ані баяцца больш смерці, чым граху, але скажы мне, ці твая навука дазваляе выклікаць смерць?

— Не.

— Дык як жа можаш сцягаць помсту цэзара на дом Аўлюсаў?

Маўчанне. Бяздонная процьма адкрылася зноў перад Лігіяй. А маладая вызвольніца талкавала далей: — Пытаюся, бо мне шкада цябе і шкада добрае Пампоніі, Аўла ды іхняга дзіцяці. Я не ад сяння жыву ў гэтым доме й ведаю, чым пахне цэзаравы гнеў. Не! Вы не можаце ўцякаць адгэтуль. Перад табою адна дарога: прасіць Вініція, каб цябе аддаў назад Пампоніі.

Але Лігія абсунулася на калені, каб прасіць каго іншага. Урсус незабаўна таксама ўкленчыў, і абое пачалі маліцца ў цэзаравым доме на ранняй зарніцы.

Актэ першы раз угледзела такую малітву і не магла вачэй адарваць ад Лігіі, абярнутай да яе профілем, з паднесенай галавою і рукамі ды загледжанай у неба, як бы чакаючы адтуль ратунку. Зараніца абліла святлом яе цёмныя валасы й белы пеплюм, адбіваючыся ў зрэнках, і ўся ў бляску сама выглядала бы святло. У прыбледлым ейным твары, у расхіленых вуснах, у паднятых руках ды вачах значна была нейкая надзямная экстаза. І Актэ цяперака зразумела, чаму не можа стацца нічыёю наложніцай. Перад колішняю палюбоўніцаю Нэрона як бы адкрыўся ражок зусім іншага свету, чым той, да якога прызвычаілася. Зумелася, гледзячы на гэную малітву ў тым доме злачынства й гідоты. Нядаўна здавалася ёй — няма для Лігіі ратунку, а цяпер пачала верыць і спадзявацца чагось незвычайнага, што прыйдзе нейкі ратунак, прыйдзе так магутны, што й сам цэзар яму не здолее супрацівіцца, што з неба сыйдзе нейкае войска на помач дзяўчыне, або сонца падсцеле пад яе касулі і пацягне да сябе. Чула ўжо пра многія цуды між хрысціянамі й думала цяпер, што ўсё гэта, відаць, праўда, калі так моліцца Лігія.

А Лігія ўстала ўрэшце з тварам, распрамененым надзеяй. Урсус падняўся таксама і, прыкульнуўшы ля лаўкі, углядаўся ў сваю спадарыню, чакаючы слова.

Вочы ейныя памутнелі, і па xвіліне-другой вялікія слязіны пачалі каціцца па твары.

— Хай Бог сцеражэ Пампонію й Аўла, — прагаварыла. — Не можна мне сцягаць на іх пагубы, дык не ўбачу іх болей.

Пасля чаго звярнулася да Урсуса і пачала талкаваць яму, што ён адзіны застаўся ёй цяпер на свеце, што мусіць ён быць ёй айцом і апякуном. Не могуць шукаць прытулішча ў Аўлаў, бо сцягнулі б на іх гнеў цэзара. Але не можа таксама заставацца яна ні ў доме цэзара, ні ў Вініція. Дык хай Урсус возьме яе, выведзе з гораду ды схавае дзе-небудзь, каб не знайшоў ні Вініць, ні слугі ягоныя. Яна ўсюды пойдзе за ім хоць бы й за мора, за горы, да барбараў, дзе не чутно рымскае імя, куды ўлада цэзара не сягае. Хай бярэ яе ды ратуе, бо ён адзін толькі ў яе застаўся.

Ліг быў гатовы і на знак послуху нахіліўся, абняў ейныя ногі. На твары Актэ, якая спадзявалася цуду, малявалася расчараванне.

Гэтулькі ўсяго спрычыніла гэтая малітва? Уцячы з дома цэзара, гэта знача дапусціцца праступку абразы маестату, якая немінуча будзе помшчана, і калі б нат Лігіі ўдалося схавацца, то цэзар помсціцца над Аўламі. Калі хоча ўцякаць, хай уцякае з дому Вініція. Тады цэзар, які не цікавіцца чужымі справамі, можа, нат не захоча дапамагаць Вініцію ў пошуках, а ў кожным выпадку не будзе праступку абразы маестату.

Але Лігія так і думала. Аўлюсы не будуць нат ведаць, дзе яна, нат Пампонія. Уцячэ, аднак, не з дому Вініція, толькі з дарогі. Ён у пахмеллі прызнаўся ёй, што ўвечар прышле па яе сваіх нявольнікаў. Гаварыў праўду, якой хіба ж не адкрыў бы пры цвярозасці. Відаць, ён сам або, можа, поспал з Пятроніем бачыліся перад банкетам з цэзарам і выкучылі ў яго слова, што назаўтра вечарам яе аддадуць. А калі б сяння забыліся, то прышлюць па яе ўзаўтра. Але Урсус яе адратуе. Прыйдзе, вынясе яе з лектыкі, як вынес з трыклініюма, і пойдуць у свет. Але што Вініць можа прыслаць вельмі многа нявольнікаў, дык Урсус пойдзе зараз да біскупа Лінуса па раду і помач. Біскуп пашкадуе яе, не пакіне яе ў руках Вініція і пашле хрысціян з Урсусам на ратунак. Адбяруць яе ды ўцякуць, а пасля Урсус патрапіць вывесці яе з гораду ды схаваць дзе ад рымскае сіламоцы.

І пачала румяніцца ды ўсміхацца. Льга напоўніла яе зноў, быццам надзея ратунку змянілася ўжо ў дзейснасць. Нараз кінулася на шыю Актэ і, прылажыўшы свае прыгожанькія вусны да ейнага твару, пачала шаптаць: — Ты нас не здрадзіш, Актэ, праўда?

— На цень маткі мае, — адказвае вызвольніца, — не здраджу вас, прасі толькі свайго Бога, каб дапамог Урсусу цябе адабраць.

Блакітныя дзіцячыя вочы вялігура гарэлі шчасцем. Прыдумаць бо ён не патрапіў нічога, хоць ламаў голаў, але такую рэч дык ён патрапіць. Удзень ці ўначы, яму ўсё роўна!.. Пойдзе да біскупа, бо біскуп, што трэба рабіць і чаго не трэба, чытае ў небе. Але хрысціян дык і так патрапіў бы сабраць. Ці ж мала ён мае знаёмых і нявольнікаў, і гладыятараў, і вольных людзей, і на Субуры ды за мастамі. Сабраў бы тысячу ды дзве. І адбярэ сваю князёўну, а вывесці яе з места таксама патрапіць. Пойдзе хоць бы на канец свету, хоць бы й туды, адкуль родам, дзе ніхто й не чуў пра Рым.

Тут пачаў задуменна натужваць позірк, быццам хацеў дагледзець нешта мінулае, далёкае, пасля адазваўся: — У бор? Эх, бор ты, бор родны!..

Але задума хутка прайшла. Вось пойдзе зараз да біскупа, а ўвечары ўжо з якою сотняю чакаціме на лектыку. І хоць бы яе неслі не толькі нявольнікі, але нат і прэторыяне! Лепш нікому тады не падсоўвацца да ягоных кулакоў, хоць бы ў жалезным рыштунку… Бо ці жалеза такое ўжо моцнае? Як добра гакнуць у жалеза, дык галава пад ім і не вытрымае.

Але Лігія з вялікай ды дзіцячай павагай падняла палец: — Урсус! «Не забівай!» — прыгразіла.

Ліг прылажыў сваю, падобную да доўбні, руку да патыліцы і пачаў турботліва паціраць карак. Аднак ён мусіць яе адабраць… сонейка сваё… Сама ж казала, што цяпер ягоная чарга… Будзе старацца, колькі мага. А калі б што здарылася нехаця?.. Трэба ж бо яе адабраць! Ну а каб што якое, дык ён ужо так будзе пакутаваць, так нявіннага Баранка перапрашаць, што ён злітуецца над ім, небаракам… Ён жа Баранка не хацеў абразіць, адно бяда, што такую цяжкую мае руку… Глыбокае расчуленне малявалася на ягоным твары, але, маніўшыся яго схаваць, пакланіўся й кажа: — Дык я йду да святога біскупа.

Актэ, абняўшы Лігію, пачала плакаць… Яшчэ раз уявіла сабе, што ёсць нейкі іншы свет, у якім нат пры цярпенні ёсць болей шчасця, чым ува ўсіх збыткоўнасцях ды роскашах цэзаравага дому, яшчэ раз прачыніліся перад ёю нейкія дзверы да святла, але адначасна пачула, што яна не годная праз іх прайсці.

 

IX

 

Лігія шкадавала Пампоніі Грэцыны, якую любіла ўсёй душой, і шкадавала ўсяго дому Аўлаў, аднак цяжкая туга прайшла. Адчувала нат у думках пэўную салодкасць, што для свае вось праўды прысвячае дастатак, выгоду ды йдзе ў няведамае бадзячае жыццё. Можа, было ў гэтым крыху дзіцячае цікавасці: якое будзе тое жыццё недзе ў далёкай старонцы, сярод барбараў ды дзікіх звяроў; было ўсё ж ткі больш глыбокае й надзейнае веры, што так паступаючы, выконвае волю Боскага Вучыцеля, і што ад гэтае пары сам будзе пільнаваць яе, як вернага й паслухмянага дзіцяці. А тады што ж ёй благога можа стацца? Калі прыйдзе якое гора, то яна перацерпіць яго ў імя Ягонае. Прыйдзе неспадзяваная смерць, то ён забярэ яе, і калісь, як памрэ Пампонія, будуць вечна разам. Не раз, шчэ як была ў Аўлаў, клапаціла сваю дзіцячую галованьку, што яна, хрысціянка, нічым не можа прыслужыцца для Ўкрыжаванага, аб якім так чула ўспамінаў Урсус. Але цяпер вось прыйшла пара. Лігія чулася шчаслівай і хвалілася аб гэтым Актэ, якая, аднак, зразумець яе не магла. Усё пакінуць: дом, дастаткі, горад, паркі, святыні, портыкі, усё, што прыгожае, пакінуць край сонечны ды блізкіх людзей — дзеля чаго? Дзеля таго, каб уцячы ад кахання маладога прыстойнага рыцара?.. Гэта ўсё ў галаве Актэ не магло змясціцца. На момант прызнавала, што мо ёсць у гэным рацыя, што нат можа быць нейкае вялікае таёмнае шчасце, але не магла сабе гэтага ясна ўявіць, тым больш, што Лігію чакала яшчэ здарэнне, якое магло дрэнна скончыцца, у якім можна загубіць нат жыццё. Актэ з натуры была баязлівай і з трывогаю думала аб тым, што гэны вечар можа прынесці. Але трывогі сваёй не выяўляла Лігіі, і пры ўстаўшым ужо ясным дні, сонца бо ўжо заглядала ў атрыюм, пачала намаўляць яе да супачынку, патрэбнага пасля бяссоннае ночы. Лігія не працівілася, і абедзве ўвайшлі ў кубікулюм, абшырны і пышна ўладжаны з прычыны даўняга палюбоўніцтва з цэзарам. Там леглі поруч, але Актэ, паміма змучанасці, не магла заснуць. Здаўна яна была сумнай і няшчаснай, але цяпер ахапіў яе нейкі неспакой, якога ніколі перад гэтым не адчувала. Дагэтуль жыццё ёй выдавалася цяжкім, бяззаўтрашнім, цяпер паказалася ёй раптам агідным.

У ейнай галаве рабіўся штораз большы хаос. Дзверы да святла зноў пачалі то адчыняцца, то зачыняцца. Але ў моманце іхняга адчыняння святло тое так яе асляпіла, што нічога выразна не бачыла. Хутчэй як бы згадвала, што ў гэнай яснасці ёсць нейкае бязмернае шчасце, перад якім усялякае іншае было такой нікчомнасцяй, што калі б, напрыклад, цэзар аддаліў Папею, а пакахаў нанова яе, Актэ, дык і тое было б нічым. Нараз прыходзіць ёй думка, што той цэзар, якога кахала й якога мімаволі называла нейкім паўбогам, ёсць чымсь такім сціплым, як і кажны нявольнік, а той палац з нумідыйскага мармуру — звычайнай кучай камення. Такія думкі мучылі яе, не магла з імі асвоіцца. Хацела заснуць, але трывожлівасць перашкаджала.

Урэшце, думаючы, што і Лігія, над якою завісла столькі небяспек, таксама не спіць, звярнулася да яе, каб пагутарыць аб ейных вячэрніх уцёках.

Але Лігія спала спакойна. У цёмны кубікулюм праз няшчыльна засунутую заслону ўкрадалася некалькі ясных касуляў, у якіх мітусіўся залаты пыл.

Пры гэтым святле Актэ любавалася ейным далікатным тварам, абапёртым на голай руцэ, заплюшчанымі вачыма і лёгка расхіленымі вуснамі. Зяхала роўна, але так, як зяхаецца ў сне.

— Спіць, можа спаць! — падумала Актэ. — Яшчэ дзіця.

А ўсё ж па хвіліне прыйшло ёй у голаў, шго гэтае дзіцянё маніцца лепш уцякаць, чым стацца палюбоўніцаю Вініція, больш баіцца ганьбы, чым нэндзы, бяздолле ёй мілей, чым дыхтоўны дом каля Карынаў, пышныя строі, банкеты, зыкі лютні ды цытры.

— Чаму?

І пачала прыглядацца Лігіі, як бы хацела знайсці адказ на ейным разаспаным твары. Глядзела на яе нявіннае чало, на пагодны лук броваў, на цёмныя вейкі, на расхіленыя вусны, на хвалюючыя спакойным зяханнем дзявочыя грудкі дый зноў падумала: — Якая яна іншая за мяне!

Лігія паказалася ёй цудам, нейкаю боскаю зданню, нейкай пясчункай багоў, стораз прыгажэйшай ад усіх кветак у вагародзе цэзара ды ад усіх статуяў у ягоным палацы. Але ў сэрцы грэчанкі не было зайздрасці. Наадварот, на ўспамін аб небяспеках, якія пагражалі дзяўчаці, агарнула яе літасць. Збудзілася ў ёй нейкае пачуццё маці; Лігія паказалася ёй не толькі красуняй, як сон, але адначасна й надта любай, дык, прыткнуўшы вусны да ейных цёмных валасоў, пачала іх цалаваць.

А Лігія спала спакойна, як бы дома, пад апекай Пампоніі Грэцыны, і спала даволі доўга. Мінула ўжо паўдня, калі адкрыла свае блакітныя вочанькі ды пачала здзіўлена разглядацца па кубікулюме.

Відаць, дзівілася, што не ў доме Аўлаў.

— Гэта ты, Актэ? — спытала ўрэшце, дагледзеўшы ў прыцемку твар грэчанкі.

— Я, Лігійка.

— Ці то ўжо вечар?

— Не, каток, але паўдня ўжо мінула.

— А Урсус не вярнуўся?

— Урсус не казаў, што вернецца, толькі вечарам будзе з хрысціянамі цікаваць на лектыку.

— Праўда.

Па чым выйшлі з кубікулюма і пайшлі ў лазню, дзе Актэ, выкупаўшы Лігію, завяла яе на снеданне, а пасля ў палацавы парк, дзе ніякай небяспекі не трэ было спадзявацца, бо цэзар і ягоныя бліжэйшыя прыдворнікі яшчэ спалі.

Лігія першы раз у жыцці бачыла гэны раскошны парк, поўны цыпрысаў, пініяў, дубоў, алівак і міртаў, сярод якіх бялеўся цэлы натаўп статуяў, блішчэлі спакойныя люстраныя сажалкі, квяціліся цэлыя хмызнякі ружаў, зрошаных пылам фантанаў, дзе ўвойсце ў чароўныя гроты абвіваў блюшч або вінаград, дзе на водах плавалі сярэбраныя лебедзі, а сярод статуяў і дрэваў хадзілі асвоеныя газэлі з афрыканскіх пустыняў ды рознапёрае птаства з розных старон свету.

Парк быў пусты; там-сям толькі працавалі з рыдлёўкамі ў руках нявольнікі, пяючы паўголасам песні; іншыя, якім далі хвіліну адпачынку, сядзелі над сажалкамі або ў цяні дубоў у мігатлівых касулях сонца, прадзіраючагася праз лістоту, іншыя ўрэшце зрашалі ружы ці бледналіловыя кветкі шафрану. Актэ з Лігіяй шпацыравалі даволі доўга, любуючыся чарамі агароду, і хоць думкі Лігіі былі крыху звязаныя, не магла, як дзіця, устрымацца ад цікавасці й подзіву. Прыходзіла ёй нат думка, мо калі б цэзар быў добры, то ў такіх палацах ды такім райскім парку мог бы шчаслівым быць.

Урэшце, крыху прымучаныя, селі на атуленай зеленню цыпрысаў лаўцы ды пачалі гутарыць аб тым, што найбольш ім ляжала на сэрцы: аб уцёках Лігіі.

Актэ далёка менш верыла, чым Лігія, што гэта ўдасца. Часамі здавалася ёй нат, што гэта шалёны намер, які не можа ўдацца. Чула штораз большую літасць над Лігіяй. Здавалася ёй, што ўштораз беспячней было б спрабаваць прасіць Вініція. І пачала выпытваць, як даўно знае Вініція, ды ці не думае, што даўся б мо ўпрасіць і вярнуў бы яе Пампоніі.

Але Лігія сумна запярэчыла галавою.

— Не. У Аўлаў Вініць быў іншы, вельмі добры, а ад учарашняга банкету я баюся яго і хутчэй хачу ўцячы ад яго да лігаў.

Актэ пыталася яе далей: — Аднак у Аўлаў ён быў табе мілым?

— Так, — адказала Лігія, пацвярджаючы галавою.

— Ты ўсё ж ткі ня ёсць нявольніцай, як была я, — сказала, надумаўшыся, Актэ. — Цябе Вініць мог бы ўзяць замуж. Ты ж закладніца й дачка князя лігаў. Аўлы кахаюць цябе, як родную, і я пэўная, што гатовы цябе прыняць за дачку. А Вініць мог бы цябе ўзяць, Лігія.

А Лігія ціха ды шчэ сумней адказала: — Лепш уцякаць да лігаў.

— Хочаш, Лігія, зараз пайду да Вініція, збуджу яго, калі спіць, ды скажу яму тое, што кажу табе цяпер? Так, мая дарагая, пайду да яго й скажу: «Вініць, гэта князёўна і дарагое дзіця слаўнага Аўла; калі кахаеш яе, вярні яе Аўлам, а пасля вазьмі яе замуж з іхняга дому».

А дзяўчына адказала голасам так ужо ціхім, што Актэ ледзь дачула: — Лепш да лігаў… І дзве слязіны павіслі на ейных спушчаных зрэнках. Далейшую гутарку перарваў шорах збліжаючыхся крокаў, і Актэ не паспела глянуць, хто йдзе, як перад лаўкаю паказалася Сабіна Папея з невялікім карагодам нявольніц.

Дзве з іх трымалі над ейнаю галавою пучкі страўсавых перынаў, асаджаных на залатых прутках, ды матлялі імі лягонька, засланяючы ад гарачага йшчэ вясенняга сонца сваю спадарыню, а перад ёю чорная, бы гебан, этыёпка з напучанымі грудзьмі нясла на руках дзіця, атуленае пурпураю з залатымі фрэндзлямі. Актэ й Лігія ўсталі, думалі бо, што Папея пройдзе вобак лаўкі, не звярнуўшы на іх увагі, але яна затрымалася перад імі й сказала: — Актэ, званочкі, што прышыла ікункулі26, дрэнна прышытыя; дзіця адарвала адзін ды ўзяло ў рот; шчасце, што Ліліт упору агледзела.

— Выбачай, боская, — адказала Актэ, крыжуючы на грудзях рукі ды скланіўшы голаў.

Папея глянула на Лігію: — Што гэта за нявольніца?

— Гэта не нявольніца, боская аўгуста, а ўзгадаванка Пампоніі Грэцыны і дачка князя лігаў, адданая як закладніца для Рыму.

— І прыйшла да цябе ў адведзіны?

— Не, аўгуста, ад анадашняга дня жыве ў палацы.

— Была ўчора на банкеце?

— Была, аўгуста.

— З чыйго загаду?

— На загад цэзара… Папея пачала ўважней углядацца на Лігію, якая стаяла перад ёю з пахіленай галавою, то падыймаючы з цікавасці свае прамяністыя вочанькі, то зноў накрываючы іх вейкамі. Нагла аўгуста прыхмурылася. Зайздросная собскай прыгажосці й улады, яна вечна трывожылася, каб якая шчаслівая канкурэнтка не згубіла яе так, як яна сама згубіла Актавію. Дзеля таго кажная красуня ў палацы будзіла ейнае падазрэнне. Знатоцкім вокам акінула адразу ўсю фігуру Лігіі, ацаніла кажную дробязь ейнага твару і жахнулася.

«Гэта ж сапраўды німфа, — сказала сама сабе. — Яе, няйначай, сама Венус нарадзіла». І нараз прыйшло ёй у голаў тое, што ніколі йшчэ не прыходзіла: яна ёсць значна старэйшай! Закіпела ў ёй зраненае самалюбства, агарнула трывога, і розныя сумнівы пачалі ёй лезці ў голаў. «Можа, Нэрон яе не прыкмеціў або, аглядаючы праз шмарагд, не дацаніў. Але што будзе, калі спаткае яе ўдзень, пры сонцы, так чароўную?.. У дадатку ня ёсць нявольніцай!

Ёсць князёўнай, барбарскай, але князёўнай!.. О, богі несмяротныя! Яна ж такая красуня, як бы й я, але маладзейшая!» І бровы насупіліся яшчэ хмарней, а вочы халадней бліснулі з-пад залацістых вейкаў.

Але, звярнуўшыся да Лігіі, пачала нібыта спакойна распытваць: — Гутарыла з цэзарам?

— Не, аўгуста.

— Чаму ж тут прабываеш, а не ў Аўлюса?

— Я тут мімаволі, Пятроні нагаварыў цэзара, каб узяў ад Пампоніі, і я тут мімахоць, спадарыня!..

— І хацела б вярнуцца да Пампоніі?

Апошняе пытанне Папея выгаварыла крыху мякчэй ды лагадней, дык у Лігіі пачала радзіцца надзея.

— Уладарыня, — адазвалася Лігія, выцягаючы да яе рукі, — цэзар абяцаў аддаць мяне, бы нявольніцу, Вініцію, але ты ўступіся за мяне і вярні мяне Пампоніі.

— Дык намовіў цэзара, каб забраў цябе ў Аўлаў ды аддаў Вініцію?

— Так, уладарыня. Вініць шчэ сяння збіраецца мяне забраць, але ты, добрая, зжалься нада мною.

Гэта сказаўшы, нахілілася і, хапіўшы за бераг сукні Папеі, чакала з расхваляваным сэрцам на ейнае слова. Папея паглядзела, паглядзела на яе, злавесна ўхмыляючыся, дый кажа: — Дык абяцаю табе, што яшчэ сяння станешся нявольніцаю Вініція.

І пайшла, як здань стройная, спагудная. Да вушэй Лігіі і Актэ даляцеў толькі крык дзіцяці, якое, немаведама чаму, пачало плакаць.

Вочы Лігіі таксама набеглі слязьмі, але зараз узяла за руку Актэ й кажа: — Вяртаемся. Помачы трэ чакаць толькі адтуль, адкуль яна можа прыйсці.

І вярнуліся ў атрыюм, адкуль не выходзілі ўжо да вечара. Як сцямнела й нявольнікі ўняслі чацвярочныя пламянеючыя светачы, абедзве выглядалі збялелыя. Гутарка не клеілася. Наслухоўвалі ўсцяж, ці хто не йдзе, Лігія не пераставала паўтараць Актэ, што хоць добра ёй, але калі Урсус там ужо чакае, то хай бы ўжо хутка ўсё сталася. Аднак жа ўзварушэння апанаваць не магла. Актэ хутка згортвала, якія магла, каштоўнасці і, завязваючы іх у ражок пеплюма, заклінала яе, каб брала гэта з сабою, патрэбна будзе пры ўцёках. Раз-пораз западала цішыня, поўная спагудай. Абедзвюм здавалася, быццам чуюць то нейкія шэпты за котарай, то далёкі плач дзіцяці, то браханне сабак.

Нараз заслона прадсення заварушылася бясшэлесна, і высокі чарнявы чалавек з васпаватым тварам з’явіўся, бы дух, у атрыюме. Лігія ў той жа хвіліне пазнала Атацына, Вініціева вызвольніка, які прыходзіў да Аўлаў.

Актэ ўскрыкнула, але Атацын скланіўся нізка й кажа: — Прывітанне боскай Лігіі ад Марка Вініція, які чакае на яе з пачосткай у прыбраным зеленню доме.

Вусны дзяўчыны збялелі, як снег.

— Іду, — кажа.

І кінулася Актэ на шыю.

 

X

 

Адом Вініція сапраўды быў узяленены міртамі ды блюшчам, папрыпінаным на сценах і над дзвярыма. Калюмны паабвівана звіткамі вінаграду. У атрыюме, над якім распята ад начнога холаду ваўняную пурпуровую заслону, відно было, як удзень. Палымнелі васьмі- й дванаццацісветачныя каганцы, падобныя кшталтам да судзін, дрэваў, звярат, птушак або статуяў, трымаючых лямпы, напоўненыя пахучаю алівай, выкананых з мармуру, з залочанае карынцкае медзі, не так чароўных, як той слаўны свячнік Апалона Нэронавы, але стройных, работы слаўных разьбяроў. Некаторыя былі папрыслоньваныя александрыйскім шклом або ажуровымі тканінамі з-над Інду, чырвонага колеру, блакітнага, жоўтага, фіялетавага, так што ўвесь атрыюм поўны быў рознаколерных праменняў. Усюды расходзіўся пах нарду, да якога Вініць прывык і палюбіў на ўсходзе. У глыбі дому, дзе снавала мноства жаночай і мужчынскай службы, было таксама ясна. У трыклініюме быў накрыты стол для чатырох асоб, меліся бо апрача Вініція й Лігіі туды засесці Пятроні й Хрызатэміс.

Вініць ува ўсім трымаўся слоў Пятронія, які раіў яму не йсці па Лігію, толькі паслаць з цэзаравым дазволам Атацына, а самому спаткаць яе дома і прыняць з чулай міласпагаднасцяй, а нат з жэстам асаблівае чэсці.

— Учора быў ты п’яны, — вяшчаў яму. — Я бачыў цябе: абходзіўся з ёю, як камяняр з Альбанскіх гор. Не будзь лішне нахабны ды памятай: добрае віно трэба піць паволі. Ведай таксама й тое, што салодка пажадаць, але шчэ саладзей быць пажаданым.

Хрызатэміс мела на гэта свой, крыху інакшы пагляд, але Пятроні, называючы яе сваёю вясталкаю й галубкаю, пачаў ёй уталкоўваць, якая можа быць розніца між выпрактыкаваным цыркавым яздуном а хлапчанём, што першы раз садзіцца ў квадрыгу. Пасля, звярнуўшыся да Вініція, гутарыў далей: — Здабудзь ейны давер, развесялі яе, будзь для яе міласпагадным. Я не хацеў бы глядзець на сумную бяседу. Закляніся ёй Гадэсам, што аддасі яе Пампоніі, а ўжо твая справа, каб назаўтра сама хацела застацца, не вяртацца.

Пры гэтым, цыкнуўшы на Хрызатэміс, дасказаў: — Я пяты вось ужо год штодзень паступаў у такі больш-менш спосаб з гэнай палахлівай птушынай і не магу наракаць на ейную строгасць.

Хрызатэміс шлёпнула за гэта яго па плячы павіным вахляром і сказала: — Або ж не працівілася, ты, сатыр!

— З увагі на майго папярэдніка… — Або ж не прыпадаў да маіх ног?

— Каб на іх пальцы накладаць пярсцёнкі.

Хрызатэміс мімахоць зірканула на свае стопы, на пальцах бо сапраўды іскрылася каштоўнае бліскоцце, і абое з Пятроніем пачалі рагатаць. Але Вініць не слухаў іхняе спрэчкі. Сэрца яго неспакойна хвалявалася пад узорыстай шатай сірыйскага святара, у якую выстраіўся на спатканне Лігіі.

— Ужо ж хіба павінны былі выйсці з палацу, — адазваўся як бы сам да сябе.

— Павінны былі, — пацвердзіў Пятроні. — Можа, табе тым часам расказаць аб варажбе Апалонія з Тыяны або тую гісторыю Руфіна, якое не скончыў я, не помню чаму?

Але Вініція мала цікавіў Апалон з Тыяны, як і гісторыя Руфіна. Думка ягоная не адступала ад Лігіі, і хоць чуў, што прыгажэй было спаткаць яе дома, чым ісці ў ролі хапуна да палацу, а ўсё ж каяўся, што не пайшоў, хоць бы й для таго толькі, каб хутчэй пабачыцца з ёю ды сядзець пры ёй у цяні лектыкі.

Нявольнікі тым часам унеслі трыножнік, упрыгожаны галоўем трыкаў, а на ім — бронзавыя місы з вугалём, на якое пачалі пасыпаць малыя сцібуркі мырры й нарду.

— Ужо падыходзяць да Карынаў, — гарачыцца зноў Вініць.

— Ён не вытрымае, выскачыць насустрач і гатоў яшчэ з імі размінуцца, — адазвалася Хрызатэміс.

Вініць ухмыльнуўся й бязмысна адказвае: — Вытрымаю.

Але пачаў варушыць ноздрамі ды сапці. Гледзячы на гэта, Пятроні дзівіцца: — Няма ў ім філёзафа ні на адну сыстэрцыю, ніколі мусі не зраблю з гэтага сына Марса чалавека.

Вініць не вядзе нат і вухам: — Ужо на Карынах!..

А яны сапраўды завярталіся ўжо да Карынаў. Нявольнікі, так званыя лямпадарыі, ішлі наперадзе, іншыя — педысеквы — абапал лектыкі. Атацын — за лектыкай, не спушчаючы з вока паход.

Але йшлі паволі, бо лятарні ў руках нявольнікаў не надта паказвалі дарогу ў неасветленым горадзе. Дый вуліцы поблізу палацу былі бязлюдныя, рэдка сямтам з лятарняю прасоўваўся хто, але далей былі поўныя руху. З кожнага, бадай, завулка выходзіла па трох-чатырох, усе без святла, усе ў цёмным акрыцці. Некаторыя ступалі поспал з паходам, мяшаючыся з нявольнікамі, іншыя большымі грамадамі заходзілі насупраць. Некаторыя сланяліся, моў п’яныя. Часамі паход натыкаўся на такое замінішча, што лямпадарыі мусілі пакрыкваць: — Праход для крывічэснага трыбуна Марка Вініція!

Лігія бачыла праз адхіленыя фіранкі гэныя цёмныя грамады і аж калацілася. Агортвала яе то надзея, то трывога. «Гэта ён! Гэта Урсус і хрысціяне?

Станецца тое ўжо хутка, — шаптала дрыжачымі вуснамі. — О Хрысце, дапамажы! Хрысце, ратуй!»

Але Атацын, які спачатку не надта зважаў на абыдны вулічны рух, цяпер насцярожыўся. Тут было нешта нейкае. Лямпадарыі мусілі штораз часцей пакрыкваць: «Дарогу для лектыкі крывічэснага трыбуна!» З бакоў невядомыя прахадзімцы так напіралі на лектыку, што Атацын загадаў адганяць іх кіем.

Нараз падняўся наперадзе крык, светачы воміг патухлі. Каля лектыкі зрабілася сумятня і бойка. Атацын скеміў: гэта быў напад.

І, уцяміўшы гэта, атрупеў. Усе ведалі, што цэзар часта для гульні буяніць з аўгустыянамі і на Субуры, і ў іншых кварталах гораду. Ведама было, што часамі нат прыносіў з тых начных гульняў сінякі й гузы, але хто бараніўся, ішоў на смерць, хоць бы й сенатар. Дом вартаўнікоў, абавязкам якіх быў нагляд над горадам, быў не надта далёка, але старожа ў гэткіх выпадках старалася нічога не чуць і не бачыць. Ля лектыкі тым часам кіпела. Людзі пачалі змагацца, біцца, валяць ды таптаць адзін другога. Атацыну бліснула ў галаве думка: ратаваць перад усім Лігію й сябе, а рэшту пакінуць к ліхой долі. Дык, выцягнуўшы яе з лектыкі, схапіў на рукі й давай уцякаць упоцемкі.

Але Лігія пачала клікаць: — Урсус! Урсус!

Была ў белае апранута, дык лёгка было яе дагледзець. Атацын пачаў другою вольнаю рукою накідаць на яе свой плашч, як тут страшэнныя абцугі схапілі ягоны карак, а зверху нешта цяжкае грымнула па галаве.

І ён упаў, бы вол, удараны абухам перад алтаром Ёвіша.

Нявольнікі большай часткай ляжалі на зямлі або бараніліся, гопаючыся ў поцемках аб заломы муроў. На мейсцы асталася толькі пахрабустаная ў шчэпкі лектыка. Урсус імчаў Лігію ў бок Субуры, спадручнікі ягоныя беглі за ім, паволі рассыпаючыся па дарозе.

Нявольнікі пачалі збірацца ля дому Вініція й раіцца. Не смелі ўвайсці.

Пасля кароткай нарады вярнуліся на мейсца нападу, знайшлі там некалькі забітых, а між імі Атацына. Ён яшчэ сцепваўся ў смяротных канвульсіях, раптам у апошняй сільнейшай канвульсіі спруцянеў і так застыў.

Тады забралі яго і, вярнуўшыся, затрымаліся зноў перад брамаю. Трэ было, аднак, паведаміць гаспадара, што сталася.

— Гул хай паведаміць, — шапталі некалькі галасоў. — Кроў у яго плыве па твары, як і нам, дый гаспадар яго любіць. Гулу зручней, чым каму.

А германін Гул, стары нявольнік, які выняньчыў Вініція, а трапіў да яго ў спадчыне ад маткі, Пятроніевай сястры, кажа: — Я далажу, але пойдзем усе. Хай гнеў ягоны не спадзе на мяне аднаго.

Вініць зусім знецярплівіўся. Пятроні й Хрызатэміс пасміхаліся з яго, а ён бегаў сюды-туды па атрыюме, паўтараючы: — Ужо ж павінны былі быць!.. Ужо ж павінны быць! — і рваўся йсці, але гэныя абое ўстрымоўвалі яго. Нараз у сенях пачуліся крокі, і да атрыюма гуртам убеглі нявольнікі. Пасталі борзда пад сцяною, паднялі рукі ўгару ды пачалі трывожліва енчыць: — Аааа!..Аа!

Вініць прыскочыў да іх: — Дзе Лігія? — завыў страшным змененым голасам.

— Аааа!..

Тады Гул выйшаў з пакрываўленай галавою, адзываючыся хутка й жаласліва: — Во кроў, спадару! Баранілі! Во кроў, спадару, бачыце, кроў!..

Але не паспеў дакончыць, Вініць схапіў бронзавы ліхтар і адным ударам раскалоў чэрап нявольніка ды, дзеручы валасы на галаве, хроп са злосці: — Me miserum! Me miserum!

Аж счарнеў, вырачыў вочы, аж пена выступіла на вуснах.

— Розаг!!! — крыкнуў нялюдскім голасам.

— Спадару! Аааа!.. Злітуйся! — скавыталі нявольнікі.

Устаў сканфужаны Пятроні.

— Хадзем, Хрызатэміс, — кажа. — Калі хочаш глядзець на мяса, загадай адбіць краму разніка на Карынах.

І выйшаў з атрыюма, а ўва ўсім доме, расхарошаным зеленню й вырыхтаваным да банкету, пачалі незабаўна свістаць розгі ды разлягацца енкі, якія трывалі амаль да самага рання.

 

XI

 

Гэтае ночы Вініць зусім не клаўся спаць. Цераз нейкі час пасля адыходу Пятронія, калі енкі катаваных нявольнікаў не маглі суняць ані ягонага болю, ані закатнасці, сабраў грамаду іншых слугаў і на чале іх, позна ўжо ноччу, кінуўся на пошукі Лігіі. Аббегаў квартал Эсквілінскі, пасля Субуру, Вікус Сцэлератус ды ўсе прымежныя завулкі. Потым абыйшоў Капітоль, праз мост Фабрыцыя лучыў на абток ды перабегаў частку гораду затыбранскую. Але беганіна гэтая была бязмэтная, сам бо не меў надзеі знайсці Лігію, і калі шукаў яе, дык таму толькі, каб чым-небудзь запоўніць страшную ноч. І вярнуўся дамоў аж на світанні, калі ў горадзе пачалі з’яўляцца вазы і мулы гандляроў агароднінай, ды пекары адчынялі ўжо крамы. Вярнуўшыся, загадаў пахаваць цела Гула, якога ніхто не смеў дагэтуль крануць, пасля тых нявольнікаў, у якіх адабрана Лігія, загадаў выслаць на вёску да эргастулаў, дзе праца на плантацыях была карай, страшнейшай за смерць, бадай. У канцы кінуўся на пасланую лаву ў атрыюме ды пачаў хаатычна раздумоўваць, якім чынам знойдзе ды забярэ Лігію.

Зрачыся яе, страціць, не бачыць яе болей здавалася яму немагчымым, і на самы ўспамін аб гэтым ахапляла яго шалёнасць. Самавольная натура маладога ваяра першы раз магла суцяміць, як гэта можа быць, каб хто смеў станавіцца ўпоперак ягонай жады. Хай бы лепш свет і горад разваліліся ў друзы, чым жаданні ягоныя не маглі збыцца. Адхапілі яму чару раскошы амаль з вуснаў, дык здавалася яму, што сталася нешта незвычайнае, выклікаючае помсту права боскага й людскога.

Не хацеў ды не мог пагадзіцца з горкаю доляй, ніколі бо нічога так не пажадаў, як Лігіі. Немагчыма, здавалася, без яе жыць. Не ўмеў сабе ўявіць, што страціў бы без яе ўзаўтра, як мог бы перажыць наступныя дні. Часамі ахапляў яго на яе шалёны гнеў. Жадаў бы мець яе на тое, каб яе біць, валачыць за валасы па кубікулюме і зганяць на ёй злосць; то зноў парывала яго страшэнная туга да ейнага голасу, постаці, вачэй, і гатоў, здэцца, быў упасці да ейных ног. Клікаў яе, грыз пальцы, абнімаў рукамі голаў. Натужваўся з усіх сіл думаць спакойна аб пошуках яе і не мог. Прыходзілі ў голаў тысячы ўсялякіх спосабаў, але ўсё шалёныя. У канцы ўлезла яму ў голаў думка, што ніхто іншы не мог яе адабраць, толькі Аўлюс, а прынамсі Аўл мусіў ведаць, дзе яна.

І схапіўся бегчы да Аўлаў. Калі не аддадуць яе, калі не пабаяцца пагрозаў, пойдзе да цэзара і пажаліцца на старога ваяводу непаслухмянага ды здабудзе на іх прысуд смерці, але перад гэным усім выдабудзе ад іх звестку, дзе Лігія. Нават калі б аддалі яе дабрахоць, дык усё адно помсціўся б. Прынялі, праўда, яго ў свой дом і даглядалі хворага, але гэта нічога. Гэтай адной крыўдай звольнілі яго ад усякай удзячнасці. Тут мсцівая і заўзятая душа ягоная пачала любавацца думкай пра роспач Пампоніі Грэцыны, як старому Аўлу прынясе цэнтурыён смяротны прысуд. А быў амаль пэўны, што яго здабудзе. Дапаможа яму ў гэтым Пятроні. Дый сам цэзар не шкадуе нічога просячым аўгустыянам, хіба змушае да гэтага асабістая нехаць або жадоба.

Сэрца ў ім замерла ад іншых думак і гадак. Ануж сам цэзар адбіў Лігію?

Усе ведалі, што цэзар часта шукаў у начным буянстве забаўкі сярод нуды.

Нат Пятроні ўдзельнічаў у гэткіх забавах. Галоўнай мэтай іх было, праўда, хапанне жанчын і падкіданне іх на ваяцкім плашчы аж да непрытомнасці. Аднак жа сам Нэрон часамі называў такія буянствы лоўляю перлаў: здаралася бо, што ў нетры ўбогіх кварталаў вылоўлівалі перлу сапраўднай маладой красы.

Тады sagatio, як называлася падкіданне на ваяцкай гуні, рабілася сапраўдным хапунствам, і перлу адсылалі або на Палатын, або да каторае з многіх віллаў цэзара, або ў канцы Нэрон аддаваў яе катораму таварышу. Так магло здарыцца і з Лігіяй. Цэзар углядаўся на яе падчас банкету, і Вініць ані на момант не сумняваўся, што мусіла яму выдавацца найпрыгажэйшаю з жанчын, якіх дагэтуль бачыў. Як жа інакш магло быць? Праўда, Нэрон меў яе на Палатыне і мог проста затрымаць, але, як казаў Пятроні, цэзар не меў адвагі ў злачынствах і, могучы дзеяць адкрыта, дзеяў заўсёды таемна. Гэтым разам магло яго да гэтага схіліць пабойванне Папеі. Вініцію прыйшло цяпер у голаў, што Аўлюсы, можа, б і не смелі гвалтам адбіраць падараванай яму дзяўчыны. Дый хто ж бы адважыўся? Няўжо той вялігурны ліг з блакітнымі вачыма, які, аднак, адважыўся ўвайсці да трыклініюма ды вынесці яе на руках з банкету? Але дзе ж бы ён з ёю схаваўся, куды б яе мог занесці? Не, нявольнік не адважыўся б на гэта. Дык зрабіў гэта ніхто іншы, як цэзар.

На ўспамін аб гэтым Вініцію аж пацямнела ўваччу, і пот на ілбе выступіў.

Лігію, знача, страціў назаўсёды. Можна было яе вырваць з усялякіх іншых рук, але не з такіх. Цяпер жаласней, чым дагэтуль, мог бедаваць: Vae misero mihi!27 Уява прадстаўляла яму Лігію ў лапах Нэрона, і першы раз у жыцці зразумеў, што ёсць думкі, якіх чалавек не можа папросту перажыць. Толькі цяпер адчуў, як моцна пакахаў яе. Як тапельцу маланкавым становіцца ўсё жыццё, так яму стала ўваччу Лігія. Відзеў яе і чуў кожнае ейнае слова. Бачыў яе пры вадаліве, бачыў яе ў Аўлаў ды на банкеце. Адчуваў яе зноў блізка, чуў пах ейных валасоў, цеплыню цела, раскошу цалункаў, якімі на банкеце расціскаў ейныя нявінныя вусны. Выдавалася яму ў сто разоў прыгажэйшай, жаданай, салодшай, у сто разоў больш незвычайнай адзінай выбранкай спаміж іншых смяротнікаў ды бостваў, чым калісь. І як падумаў, што гэта ўсё, што так ушчапілася ў ягонае сэрца, сталася крывёй і жыццём, мог згарнуць Нэрон, хапіў яго боль зусім фізычны, так страшны, што гатовы быў галавою біць аб сцены атрыюма, пакуль не расквасіць яе. Адчуваў, што хіба ашалее, дый ашалеў бы, каб не жада помсты. Як раней выдавалася яму, што немагчыма жыць, калі не здабудзе Лігіі, гэтак цяпер — што немагчыма памерці, пакуль не адпомсціць за яе. Гэтая адзіная думка давала яму нейкую польгу. Буду тваім Касыем Харэем! — гаварыў сабе, думаючы пра Нэрона. Па хвіліне, хапіўшы з кветачных вазаў, акружаючых імплювіюм, зямлі, закляўся страшнай прысягай помсты перад Эрэбам, Гэкатаю ды ўласнымі дамавымі лярамі.

Аж лягчэй яму стала. Прынамсі меў дзеля чаго жыць, запаўняць дні і ночы. І, змяніўшы намер ісці да Аўлаў, загадаў несціся на Палатын. У дарозе раздумоўваў: калі не дапусцяць яго да цэзара або захочуць спраўджаць, ці не мае пры сабе зброі, дык гэта будзе доказ, што Лігію схапіў цэзар. Зброі, аднак, не ўзяў. Быў не ў змозе цвяроза разважаць, але, як заўсёды людзі, ахопленыя адной думкай, трымаў у кантролі адно помсту. Не хацеў, каб уцякла яна перадчасна. Апрача таго жадаў перад усім пабачыцца з Актэ, спадзяваўся бо ад яе даведацца праўды. Дражніла яго таксама й надзея, ануж там пабачыць і Лігію, аж дрыготы прабіралі ад такое думкі. Ануж мо цэзар схапіў яе, не ведаючы каго, ды сяння яму аддасць яе? Але цераз момант адагнаў гэтую здагадку. Каб маніліся яму адаслаць яе, дык адаслалі б учора. Актэ адна магла ўсё выясніць, і яе перш-наперш трэ пабачыць.

Уцвярдзіўшыся ў гэтай пастанове, загадаў нявольнікам спяшацца і па дарозе падумоўваў то пра Лігію, то пра помсту. Чуў, што святары егіпскае багіні Пахт умеюць наганяць хваробу на каго захочуць, і вырашыў даведацца ад іх пра спосаб на гэта. На ўсходзе расказвалі яму таксама, што жыды маюць нейкія закляцці, ад якіх на цела нападаюць скулы. Між нявольнікаў меў дома колькінаццаць жыдоў, дык абяцаў сабе: як вернецца, усыпле ім, каб выявілі тайніцу. З найбольшай, аднак, раскошай думаў аб кароткім рымскім мячу, які выпускае кроў струмянём менавіта такім, які выліўся з Кая Калігулы і пакінуў несціральныя плямы на калюмне портыку. Гатовы быў цяперака вымардаваць увесь Рым, а калі б якія мсцівыя багі абяцалі яму, што ўсе людзі вымруць за выняткам яго й Лігіі, згадзіўся б на гэта.

Перад уваходным лукам апрытамнеў, убачыўшы старожу прэторыянскую, і падумаў: калі будуць хоць крыху ўтрудняць яму праход, гэта будзе доказ, што Лігія з волі цэзара ёсць у палацы. Але галоўны цэнтурыён прыязна ўхмыльнуўся да яго і, падступіўшы некалькі крокаў, сказаў: — Вітаю крывічэснага трыбуна. Калі йдзеш з прывітаннем да цэзара, тpaпіў на благую пару. І не ведаю, ці магчымеш яго пабачыць.

— А што сталася? — спытаў Вініць.

— Боская аўгуста малая неспадзявана захварэла ад учарашняга дня. Цэзар і аўгуста Папея пры ёй разам з лекарамі, паскліканымі з усяго гораду.

Гэта было не абы-якое здарэнне. Цэзар, як урадзілася яму гэтая дочанька, шалеў проста з радасці і прыняў яе ехtга humanum gaudium28. А яшчэ перад гэтым сенат урачыста паручаў багом улонне Папеі. Складаліся ахвяры і спраўлялі ў Анцыюме, дзе даканаліся народзіны, вясёлыя гульні, ды пабудавалі двум Фартунам святыні. Hэpoн, які ні ў чым не ведаў меры, без меры таксама й дзіця гэнае кахаў, а Папеі пэўна ж было яно таксама дарагім, хоць бы й дзеля таго, што ўмацоўвала ейную пазіцыю ды ўплывы.

Ад здароўя й жыцця малое аўгусты магла залежаць доля ўсяе імперыі, але Biніць так быў затурбаваны сам сабою, собскаю справаю й каханнем, што, не зважаючы на цэнтурыёна, адказаў: — Хачу пабачыцца толькі з Актэ.

І прайшоў.

Актэ была таксама пры дзіцяці, і мyсіў чакаць на яе доўга. Прыйшла аж каля паўдня, блядая, змучаная, а пабачыўшы Вініція, збялела яшчэ больш.

— Актэ, — адазваўся, хапаючы ейныя рукі, Вініць, і цягнучы яе на сярэдзіну атрыюма, — дзе Лігія?

— Я цябе хацела пра гэта спытацца, — адказала, гледзячы яму дакорна ў вочы.

А ён, хоць прыракаў сабе выпытаць яе спакойна, зноў далонямі сціснуў голаў ды, скрывіўшыся ад болю й гневу, паўтараў: — Няма яе! Схапілі мне яе ў дарозе!

Пасля, аднак, суняўся і, нахіліўшыся да Актэ, пачаў праз заціснутыя губы цадзіць: — Актэ… Калі табе жыццё міла, калі не хочаш стацца прычынай няшчасця, якога не здолееш нат сабе ўявіць, скажы: ці не цэзар схапіў яе?

— Цэзар не выходзіў учора з палацу.

— На цень маці твае, на ўсе боствы! Ці няма яе ў палацы?

— На цень маткі мае, Марк, няма яе ў палацы, ды не цэзар схапіў яе.

Учора захварэла малая аўгуста, і Нэрон не адступае ад ейнае калыскі.

Вініць супакоіўся. Тое, што здавалася яму найстрашнейшым, не пагражае.

— Дык схапілі яе, — дадумоўваецца, садзючыся на лаве ды заціскаючы кулакі, — Аўлы, гора ім.

— Аўл Плаўт быў тут сяння рана. Не мог са мною спаткацца, бо я была пры дзіцяці, але выпытваў пра Лігію ў Эпафрадыта ды іншых слугаў цэзарскіх, а пасля сказаў ім, што яшчэ прыйдзе пабачыцца са мною.

— Хацеў адвярнуць ад сябе падазрэнне. Калі б не ведаў, што сталася з Лігіяй, прыйшоў бы да мяне шукаць яе.

— Пакінуў мне некалькі слоў на таблічцы, з якіх убачыш, што ён сяння рана быў у цябе, спадзяваўся бо там знайсці забраную на тваё і Пятроніева жаданне праз цэзара Лігію, там яму сказалі, што сталася.

Сказаўшы гэта, пайшла ў кубікулюм і праз момант вярнулася з таблічкаю Аўла.

Вініць прачытаў і анямеў. Актэ як бы чытала ягоныя думкі ў насупленым твары, бо зараз адазвалася: — Не, Марк. Сталася тое, чаго жадала сама Лігія.

— Ты ведала, што яна манілася ўцякаць! — загарэўся Вініць. А яна глянула на яго сваімі ймглістымі вачыма амаль сурова: — Я ведала, што не хоча быць тваёй наложніцай.

— А ты кім была ўсё жыццё?!

— Я была перад тым нявольніцай.

Але Вініць не перастаў бурыцца. Цэзар падараваў яму Лігію, дык ён не патрабуе пытаць, кім была яна перад тым. Знойдзе яе хоць бы пад зямлёю і зробіць тое, што яму спадабаецца. Так! Яна будзе ягонай наложніцай. Загадае сцёбаць яе, пакуль яму не надакучыць. Калі яму спрыкрыцца, аддасць яе апошняму з сваіх нявольнікаў або паставіць яе круціць жорны ў сваіх гаспадарках у Афрыцы. Будзе яе цяперака шукаць толькі на тое, каб зганьбіць, стаптаць ды ўпакорыць.

І, запаляючыся штораз гарачэй, губіў усякую меру да таго, што нат Актэ пазнала, што казаў больш, чым здольны быў бы выканаць, і тое гаварылі ў ім гнеў і пакута. Над пакутай мела б літасць, але перабраная мера парвала ейную цярплівасць так, што ўрэшце спытала яго, чаго да яе прыйшоў.

Вініць не мог адразу знайсці адказу. Прыйшоў да яе, бо так хацеў, бо спадзяваўся выдабыць ад яе якія звесткі, але, фактычна, прыйшоў толькі да цэзара, а, не могучы з ім пабачыцца, зайшоў да яе. Лігія, уцякаючы, спрацівілася волі цэзара, дык ён упросіць яго, каб загадаў шукаць яе ўва ўсім горадзе ды дзяржаве, хоць бы прыйшлося спатрэбіць да гэтага ўсе легіі ды ператрэсці па чарзе кажны дом. Пятроні дапаможа яму, і пошукі пачнуцца ад сянняшняга дня.

На гэта Актэ кажа: — Глядзі, каб не страціў яе назаўсёды тады, як з цэзаравага загаду яе знойдуць.

Вініць нахмурыў бровы: — Што гэта значыць? — спытаў.

— Слухай, Марк, мяне! Учора былі мы з Лігіяй у тутэйшым парку і спаткалі Папею, а з ёю і малую аўгусту, якую несла негрынка Ліліт. Увечар дзіця захварэла, а Ліліт кажа, быццам яго ўраклі, і што ўракла яго тая чужаземка, якую ў парку спаткалі. Калі выздаравее, забудуць пра гэта, але пад прычыну Папея асудзіць Лігію за чараўніцтва, а тады, дзе б яе ні знайшлі, не будзе для яе ратунку.

Настала хвіліна маўчання, пасля Вініць адзываецца: — А можа, і ўракла яе. І мяне ўракла.

— Ліліт кажа, што дзіцянё зараз заплакала, як яго пранеслі каля нас. І сапраўды! Заплакала. Няйначай, вынеслі яго ў парк ужо хворае. Марк, шукай яе сам, дзе хочаш, але пакуль малая аўгуста не выздаравее, не гутар аб ёй з цэзарам, бо сцягнеш на яе помсту Папеі. Даволі ўжо наплакалася яна праз цябе, дык хай багі сцерагуць яе беднае галованькі.

— Ты любіш яе, Актэ? — спытаў панурыста Вініць.

Уваччу вызвольніцы заблішчэлі слёзы.

— Так. Я надта палюбіла яе.

— Бо табе не адплаціла нянавісцю так, як мне.

Актэ паглядзела на яго праз хвіліну, як бы сумнявалася ці манілася даследзіць шчырасць ягоных слоў, пасля адказала: — Чалавеча сляпы й заўзяты! Яна цябе кахала.

Вініць схапіўся пад уплывам гэных слоў, як удараны. Няпраўда! Ненавідзела яго. Скуль Актэ можа ведаць?! Ці пасля аднадзённага знаёмства Лігія выспавядалася перад ёю? Што гэта за каханне, якое прагне безгалоўя, бяздолля, няпэўнай будучыні, а можа і смерці замест узялененага дому, дзе чакае з пачосткаю каханы? Не чуць бы яму такіх рэчаў, а то гатовы ашалець. Не аддаў бы ён гэнай дзяўчыны за ўсе скарбы гэтага палацу, а яна ўцякла. Што гэта за каханне, якое баіцца раскошы, а плодзіць боль? Хто гэта здолее ўцяміць? Хто зможа зразумець? Калі б не надзея, што знойдзе яе, пырнуў бы ў грудзі сабе мячом. Любоў аддае, не адбірае. Былі моманты ў Аўлаў, што ён сам верыў у блізкае шчасце, але цяпер ведае, што яго ненавідзела, ненавідзіць ды памрэ з нянавісцю ў сэрцы.

Актэ, звычайна баязлівая й лагодная, абурылася ў сваю чаргу. Як жа ён хацеў яе здабыць? Замест пакланіцца пра яе Аўлюсу й Пампоніі, адабраў яе бацьком падступна. Маніўся зрабіць не жонкай, а палюбоўніцай яе, гадаванку годнага дому, князёўну! І ўцягнуў яе ў гэты дом бессаромнасці й распусты, зняважыў ейныя нявінныя вочы відовішчам распуснага банкету, паступаў з ёю, як з лёгкадумнаю дзяўчынай. Няўжо забыў, чым ёсць радня Аўлаў, і кім Пампонія Грэцына, якая ўзгадавала Лігію? Няўжо не мае даволі розуму, каб даўмецца, што гэта іншыя жанчыны, чым Нігідыя, Кальвія Крыспініла, Папея ды ўсе тыя, якіх спаткае ў доме цэзара? Няўжо, спаткаўшы Лігію, не даўмеўся адразу, што гэтае нявіннае дзяўчо, якое пажадае хутчэй смерці, чым ганьбы, увасабленнем ёсць чысціні? Скуль жа ён ведае, якім яна багом верыць, і ці не чысцейшым, не лепшым, як распусная Венус або Ізыс, якім аддаюць шанаванне распусныя рымлянкі? Не! Лігія не спавядалася перад ёю, казала ёй, што чакае ратунку ад Вініція, спадзявалася, што ён выпрасіць для яе ад цэзара дазвол вярнуцца дамоў ды аддасць яе Пампоніі. Гэта кажучы, чырванела, бы дзяўчо, якое кахае й спадзяецца. І ейнае сэрца кахала яго, але ён сам нагнаў пуд, знеахвоціў, пакрыўдзіў, і хай жа цяпер яе шукае з цэзаравай паліцыяй, але хай ведае таксама, што калі дзіцянё Папеі памрэ, дык западозраць яе, і згуба ейная тады немінучая.

Гнеў і боль Вініція пачалі паволі змякчацца. Думка аб тым, што Лігія кахае яго, устрасянула ягонай душою да глыбіні. Прыпомніў яе сабе ў парку ў Аўлаў, слухаючую ягоных слоў з пачырванелым тварам ды бліскучымі вачыма.

Выдавалася, што тады іставетна пачынала яго кахаць, і нагла агарнула яго пры гэным успаміне пачуццё нейкага шчасця, сто разоў большага, чым тое, якога жадаў. Падумаў — сапраўды мог мець яе паслухмяную ды кахаючую.

Апрала б дзверы ягоныя ды намасціла б іх воўчым тукам, а пасля засела б, як жонка, на воўне авечага руна пры ягоным агменю. Пачуў бы з ейных вуснаў сакраментальнае: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая», і была б ягонай назаўсёды.

Чаму ён так не зрабіў? Быў жа гатовы. А цяпер няма яе, і можа не знайсці, а калі б і знайшоў, можа згубіць, дый хоць не згубіў бы, не захочуць яго ні Аўлы, ні яна. Тут гнеў пачаў яму зноў падымаць на галаве валасы, але цяпер гневаўся не на Аўлаў ды Лігію, толькі на Пятронія. Ён усяму вінаваты. Каб не ён, Лігія не патрабавала б хавацца, была б ягонай сужаніцай, і ніякая небяспека не вісела б над ейнай галавою. А цяпер сталася, і позна папраўляць бяду, яна не дасца направіць.

— Запозна!

Здавалася яму, процьма адкрылася пад ягонымі нагамі. Сам не ведаў, што рабіць, як паступаць, куды падацца. Актэ паўтарыла, бы рэха, слова «запозна», яно ў чужых вуснах загучала яму, як прысуд смерці. Разумеў толькі адну рэч, што трэба яму знайсці Лігію, бо йнакш станецца з ім нешта дрэннае.

І, закруціўшыся машынальна ў тогу, думаў адыйсці, не развітваючыся з Актэ, аж тут заслона, дзелячая сені ад атрыюма, адхіляецца, і бачыць воміг перад сабою асобу Пампоніі Грэцыны.

І яна, мабыць, даведалася ўжо аб прапажы Лігіі і, спадзеючыся, што ёй схадней будзе, чым Аўлу, спаткацца з Актэ, прыйшла да яе па весткі.

Прыкмеціўшы Вініція, звярнулася да яго і сказала: — Марк, хай Бог табе даруе крыўду, якую ты зрабіў нам і Лігіі.

А ён стаяў, звесіўшы голаў, з пачуццём няшчасця й віны, не разумеючы, які Бог меўся ды мог яму дараваць, і чаму Пампонія гаварыла аб дараванні тады, калі павінна была б казаць аб помсце.

І ўрэшце выйшаў з галавою бязраднай, поўнай цяжкіх думак, турботы й недаўмення.

На дзядзінцы і пад галярэяй стаялі неспакойныя грамады людзей. Між палацавымі нявольнікамі відны былі рыцары й сенатары, што прыйшлі даведацца пра здароўе малое аўгусты, а адначасна паказацца ў палацы ды даць доказ свае спагаднасці хоць бы й перад нявольнікамі цэзара. Вестка аб хваробе «багіні», відаць, разыйшлася борзда, бо ў браме з’яўляліся штораз новыя асобы, а праз атворыну луку бачны быў цэлы натаўп. Некаторыя з прыйшоўшых, бачачы Вініція, выходзячага з палацу, пыталі яго пра навіны, але ён, нічога не адказваючы, ішоў уперад, пакуль Пятроні, прыспеўшы таксама ўжо па навіны, амаль не здырыўся з ім грудзьмі ды не затрымаў.

Вініць быў бы няйначай загарэўся, убачыўшы яго, ды дапусціўся б якога бяспраўя ў палацы цэзара, каб не тое, што ад Актэ выйшаў, як зламаны, так зняможаны ды прыгнечаны, што на пару аціхла ў ім гарачая жорсць. Адапхнуў, аднак, Пятронія й хацеў прайсці, але той затрымаў яго амаль сілком.

— Як маецца боская? — спытаў.

Гэтае наставанне зноў раздражніла Вініція ды ўзбурыла яго ў адной хвіліне.

— Хай процьма глыне яе разам з усім гэтым домам! — выцадзіў праз зубы.

— Маўчы, самагубца! — перасцерагае Пятроні і, агледзеўшыся навокал, хуценька дасказвае: — Хочаш даведацца што аб Лігіі, дык хадзі са мною. Не! Тут не скажу нічога! Хадзі са мною, падзялюся сваімі здагадкамі аб лектыцы.

І, абняўшы юнака, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.

Пра гэта яму галоўна расходзілася, бо навін ніякіх не меў. Будучы дасцейлівым чалавекам і маючы, паміма ўчарашняга абурэння, шмат спагады да Вініція дый пачуваючыся да адказнасці за ўсё, што сталася, быў ужо нешта надумаў і, як селі ў лектыку, кажа: — Паставіў я маіх нявольнікаў цікаваць пры кожнай браме, даўшы ім дакладную характарыстыку выгляду дзяўчыны й таго вялігура, што вынес яе ад цэзара з банкету, няма бо сумніваў, што гэта ён яе адабраў. Слухай мяне! Быць можа, Аўлюсы маняцца схаваць яе ў каторай сваёй вёсцы, а тады будзем ведаць, у які бок з ёю пададуцца. Калі пры брамах яе не ўбачаць, дык, знача, засталася ў горадзе, і сяння яшчэ й тут распачнем пошукі.

— Аўлюсы не ведаюць, дзе яна, — адказаў Вініць.

— Ты пэўны, што так ёсць?

— Бачыўся я з Пампоніяй. Яны шукаюць яе таксама.

— Учора не магла выйсці з места, бо ноччу замкнёныя брамы… Двух маіх вартаўнікоў сочаць ля кажнае брамы. Адзін маецца йсці ўслед за Лігіяй і асілкам, другі зараз мне падасць вестку. Калі яна ў горадзе, знойдзем яе, бо таго ліга лёгка пазнаць па росце й плечуках. Шчасце тваё, што не схапіў яе цэзар, а магу цябе ўпэўніць, што не, бо на Палатыне няма для мяне тайніц.

Вініція шчэ больш ахапіў жаль, чым гнеў, і дрыготным голасам пачаў расказваць Пятронію, што гаварыла яму Актэ і якія новыя небяспекі навіслі над Лігіяй, так страшныя, што трэ будзе, знайшоўшы яе, укрываць ад Папеі. Пасля пачаў горка наракаць на рады Пятроніевы. Каб не ён, усё было б інакш. Лігія жыла б у Аўлюса, а ён, Вініць, мог бы з ёю спатыкацца штодзень і быў бы шчаслівейшы за цэзара. І чым больш гаварыў, тым больш абураўся, аж пачалі крапаць з вачэй слёзы жальбы ды злосці.

А Пятроні, які проста не спадзяваўся, каб малады юнак мог пажадаць і кахаць да такой ступені, бачачы гэныя слёзы роспачы, казаў сабе, у душы дзівячыся: — О, магутная валадарыня Цыпру, ты адна пануеш над багамі й людзьмі!

 

XII

 

Калі выселі перад домам Пятронія, загадчык атрыюма далажыў, што ніводзін нявольнік з высланых яшчэ не вярнуўся. Атрыенсіс загадаў аднесці ім харчу ды новы загад, каб пад пагрозай розаг пільнавалі ўсіх выходзячых з гораду.

— Бачыш, — кажа Пятроні, — без сумнення, яны дасюль яшчэ ў горадзе, дык знойдзем іх. Загадай, аднак, і сваім людзям вартаваць пры брамах, лепш тым, якіх пасылаў па Лігію, бо яны лёгка яе распазнаюць.

— Я паразганяў іх на вёскі ў эргастулы, — адказвае Вініць, — але зараз адклічу, хай ідуць да брамаў.

І, напісаўшы некалькі слоў на васкаванай таблічцы, аддаў яе Пятронію, які даручыў яе воміг аднесці да дому Вініція.

Ды перайшлі да нутранога портыку і, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалі гутарку.

Залатавалосая Эўніка й Ірас падсунулі ім пад ногі бронзавыя столячкі ды, прыставіўшы да лаўкі столік, пачалі ім наліваць у чашы віно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.

— Ці ведае хто з тваіх людзей таго вялізарнага ліга? — пытае Пятроні.

— Ведалі яго Атацын і Гул. Але Атацын забіты ўчора пры лектыцы, а Гула забіў я.

— Шкада мне яго, — бедаваў Пятроні. — Ён насіў на руках не толькі цябе, але й мяне.

— Я маніўся яго нат вызваліць, — тлумачыцца Вініць, — але досыць таго.

Гаворам аб Лігіі. Рым — гэта мора… — Перлы ловяць менавіта ў моры… Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немінуча. Ты цяпер вінаваціш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахібным толькі тады, калі быў кепска выкіраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што маніцца з усёй сям’ёй пераносіцца на Сіцылію. Такім чынам, дзяўчына і так была б ад цябе далёка.

— Паехаў бы за імі, — адказвае Вініць, — а прынамсі была б бяспечная, а цяпер, як тое дзіцянё памрэ, Папея й сама ўверыць ды ўталкуе цэзару, што гэта сталася з віны Лігіі.

— Так. Гэта турбуе таксама й мяне. Але гэна байстручанё, можа, яшчэ ачуняе. А калі б і памерла, знойдзем і тады нейкі выхад.

Тут Пятроні задумаўся на хвіліну дый кажа: — Папея нібыта жыдоўскае рэлігіі і верыць у злыя духі. Цэзар забабонны… Дык, калі распусцім вестку, што Лігію схапілі нячыстыя, павераць, тым больш, што калі не адабраў яе ані цэзар, ані Плаўт, знікла сапраўды таемным чынам. Ліг сам адзін не адолеў бы гэнага зрабіць, мусіў бы мець падмогу, а скуль бы нявольнік у адзін дзень мог бы сабраць столькі людзей?

— Нявольнікі дапамагаюць сабе ўзаемна ў цэлым Рыме.

— Які кроўю калісь за гэта заплаціць. Так, успамагаюцца, але не адзін супраць другога, а тут ведама было, што на тваіх спадзе адказнасць і кара.

Калі падсунеш сваім гадку аб злых духах, пацвердзяць адразу, што на ўласныя вочы бачылі, бо гэта іх адразу перад табою апраўдае… Паспрабуй спытай каторага, ці не бачыў, як неслі ў паветры Лігію, дык на эгіду Зэўса бажыцімецца зараз, што так і было.

Вініць, які таксама быў забабонны, зірнуў на Пятронія з наглай трывожлівасцю.

— Калі Урсус не мог мець памагатараў ды сам адзін не мог яе схапіць, дык хто яе схапіў?

Пятроні пачаў смяяцца.

— Бачыш, — кажа, — увераць, калі і ты ўжо верыш. Такі ўжо наш свет, які кпіць з багоў. Павераць і не будуць яе шукаць недзе далёка ад гораду ў якойнебудзь сваёй або тваёй вілле.

— Аднак жа, хто мог ёй дапамагчы?

— Ейныя сувернікі, — адказаў Пятроні.

— Якія? Якому ж боству яна аддае шанаванне? Я ж бы аб гэтым ведаў лепш за цябе.

— Кожная амаль жанчына ў Рыме паважае іншае боства. Няма сумніву, што Пампонія ўзгадавала яе ў веры таму боству, у якое верыць сама, а што там за боства, не ведаю. Адно ёсць пэўным, што ніхто яе не бачыў, каб у якой-небудзь з нашых святыняў яна давала ахвяры нашым багом. Абвінавачвалі яе нат, што яна хрысціянка, але гэта рэч непраўдападобная. Дамовы суд ачысціў яе ад гэтага закіду. Пра хрысціян гавораць, што не толькі аддаюць шанаванне аслячай галаве, але яны непрыяцелі роду чалавечага і дапушчаюцца найагіднейшых злачынстваў. Дык Пампонія не можа быць хрысціянкай, бо цнота яе добра ведамая, а непрыяцелька людскога роду не абходзілася б так з нявольнікамі, як яна абходзіцца.

— Нідзе так з імі не абходзяцца, як у Аўлаў, — дадаў Вініць.

— Дык бачыш. Пампонія згадвала мне аб нейкім Богу, што ёсць адзіны, усёмагутны й міласэрны. Дзе падзела ўсіх іншых, гэта ейная справа; даволі таго, што гэты ейны Логас не быў бы хіба надта ўсёмагутным, інакш кажучы, мусіў быць надта сціплым Богам, каб меў толькі дзве паклонніцы, Пампонію і Лігію, з прыдаткам іхняга Урсуса. Павінна быць іх больш, тых паклоннікаў, і тыя далі помач Лігіі.

— Гэная вера навучае прабачаць, — сказаў Вініць. — Спаткаў я ў Актэ Пампонію, якая сказала мне: «Хай табе Бог даруе крыўду, якую ты зрабіў Лігіі й нам».

— Відаць, іхні Бог — гэта нейкі куратар вельмі спагадлівы. Адыж хай табе даруе ды на знак прабачэння хай верне табе дзяўчыну.

— Ахвяраваў бы яму заўтра гекатомбу. Не хачу есці, ні купелі, ні сну.

Вазьму цёмную адзежыну ды пайду бадзяцца па горадзе. Можа, гэтак знайду яе хутчэй. Я хворы.

Пятроні паглядзеў на яго спагадліва. Праўда, вочы ў Вініція былі падсінелыя, біла з іх гарачка, твар зарослы, неабголены, знябыты, валасы скалмочаныя, выглядаў, як хворы. Ірас і залатавалосая Эўніка глядзелі на яго таксама спачувальна, але ён як бы й не бачыў іх, дый абодва з Пятроніем не звярталі ўвагі на прысутнасць нявольніц, як і на сутарлівых сабак.

— Гарачка цябе разбірае, — адазваўся Пятроні.

— Але.

— Дык паслухай мяне… Не ведаю, што параіў бы табе лекар, але ведаю, як на тваім мейсцы паступіў бы я. От, пакуль знойдзецца тая, пашукаў бы ў іншае таго, чаго табе разам з тамтою не хапае. Я бачыў у тваёй вілле стройных маладзіц. Не пярэч мне. Ведаю каханне, разумею нехаць да іншых, калі пажадаецца адной. Але ў прыгожай нявольніцы можна знайсці хоць хвілінную патолю… — Не хочу! — адрэзаў Вініць.

Але Пятроні, які сапраўды любіў яго ды хацеў асаладзіць ягонае гора, пачаў думаць-гадаць, як бы гэта зрабіць.

— Можа, твае не маюць для цябе чару свежасці, — сказаў, пачакаўшы, — дык прыгледзься вось гэтай харытцы (тут пачаў кідаць вачыма то на Ірас, то на Эўніку, гладзячы стройны стан залатавалосае грэчанкі). Некалькі дзён таму малады Фантэй Капітон даваў мне за яе трое цудных хлапчанят з Клазамен, прыгажэйшага бо цела хіба й Скопас не стварыў. Сам не ведаю, чаму дасюль абыякавы да яе, не ўстрымаў жа мяне ўспамін аб Хрызатэміс! Вось жа дару табе яе, вазьмі!

Залатавалосая Эўніка, пачуўшы гэта, збялела ў адзін момант, як палатно, і, гледзячы палахлівымі вачыма на Вініція, як бы замёршая, чакала адказу ягонага.

Але ён сарваўся на ногі ды, схапіўшыся за голаў, пачаў хутка гаварыць, як чалавек у гарачцы, не хочучы слухаць аб нічым: — Не! Не!.. Што мне з яе! Што мне яна!.. Дзякую табе, але не хочу! Іду шукаць тамтое па горадзе. Дай гальскую люцэрну з каптуром. Пайду за Тыбар… Мо хоць Урсуса спаткаю!..

І выйшаў, спяшаючыся. А Пятроні, бачачы, што сапраўды не можа ўседзець, не спрабаваў яго сутрымоўваць. Уважаючы, аднак, адмову Вініція за часовую нехаць да кожнай жанчыны, што не была Лігіяй, ды не хочучы марнаваць сваёй спрыяльнасці, звярнуўся да нявольніцы й кажа: — Эўніка, выкупаешся ды прыбярэшся, а пасля пойдзеш да Вініція.

А яна ўпала перад ім на калені ды, згарнуўшы рукі, пачала яго маліць, каб не выпускаў яе з дому. Яна не пойдзе да Вініція. Лепей тут дровы насіць у гіпакаўстум, чым там быць першай слугою. Не хоча!.. Не можа!.. І моліць яго, каб злітаваўся над ёю. Хай загадае сячы яе розгамі штодзень, абы толькі не высылаў яе з дому.

І, трасучыся, як асіна, з баязні й расчулення, выцягала да яго рукі, а ён слухаў яе з недаўменнем. Нявольніца, якая смее адпрошвацца ад спаўнення загаду, якая гавора: «Не хочу і не магу» — была нечым так нечуваным у Рыме, што Пятроні адразу не хацеў верыць вушам. У канцы нахмурыў бровы. Занадта ён быў далікатным, каб аказаць зверскасць. Ягоныя нявольнікі, асабліва ў распусце, мелі большую волю, чым іншыя, пад умовай, што наўзорна спаўняцьмуць службу і волю гаспадара ставіцьмуць нароўні з божаю. Але, калі два гэтыя абавязкі не былі спаўняныя, умеў пакараць, як вымагаў агульны звычай. А да таго не цярпеў і ўсякіх супраціваў ды ўсяго, што муціла яму супакой, дык, паглядзеўшы на молячую, загадаў: — Пакліч мне Тэйрэзыя ды прыйдзеце сюды.

Эўніка ўстала дрыготна, са слязьмі, і пайшла. Незабаўна вяртаюцца з загадчыкам атрыюма крэтонцам Тэйрэзыем.

— Вазьмі Эўніку, — загадаў яму Пятроні, — і дасі ёй дваццаць пяць, так, аднак, каб не папсаваць скуры.

Гэтак сказаўшы, перайшоў у бібліятэку і, сеўшы пры мармуровым стале, пачаў працу над сваім «Банкетам Трымальхіёна».

Але ўцёкі Лігіі і хвароба малое аўгусты надта блыталі яму думкі, так што не мог доўга працаваць. Асабліва тая хвароба была важным здарэннем.

Пятронію думалася: калі цэзар уверыць, што Лігія ўракла малую аўгусту, дык адказнасць можа зваліцца й на яго, бо ён прасіў узяць дзяўчыну ў палац. Спадзяваўся, аднак, што пры першым спатканні ён патрапіць цэзару вытлумачыць усю недарэчнасць падобнае думкі, а крыху разлічваў і на пэўную слабасць Папеі да яго, хоць прыхаваную, але прыхаваную й не так ужо старанна, каб нельга было яе здагадацца. І пайшоў, раздумоўваючы аб усім гэтым, у трыклініюм, каб падсілкавацца, а пасля занесціся ў палац, на Марсавае Поле ды да Хрызатэміс.

Але, ідучы ў трыклініюм, пры ўваходзе на службовы калідор угледзеў неспадзявана пад сцяною сярод іншых нявольнікаў стрункую постаць Эўнікі і, забыўшыся, што Тэйрэзый не меў апрача розаг іншага загаду, насупіў зноў бровы ды пачаў шукаць яго.

Не прыкмеціўшы, аднак, яго між службаю, звярнуўся да Эўнікі: — Розгі атрымала?

А яна зноў упала яму да ног, прыціснула да вуснаў краёк ягонай адзежыны дый адзываецца: — О, так, спадару! Атрымала! О, так, спадару!

У ейным голасе была як бы радасць і ўдзячнасць — відаць, думала, што розгі меліся заступіць пасыланне яе з дому, і цяпер можа ўжо заставацца. Пятронія, які даўмяваўся гэтага, здзівіў гэны ўпор нявольніцы, але задобра ён ведаў людскую натуру, каб не адгадаць, што прычынай гэтага магло быць толькі адно каханне.

— Маеш каханка ў гэтым доме? — спытаў.

Яна зірнула на яго блакітнымі вачыма ды адказала так ціха, што ледзь можна было яе дачуць: — Так, спадару!..

І з тымі вачыма, з адкінутымі ўзад залатымі валасамі, з трывогай і надзеяй на твары была так прыгожая ды так благальна на яго глядзела, што Пятроні, сам філёзаф і гласіцель магутнасці любові ды эстэта й вызнавальнік вялікага прыгаства, пачуў пэўную літасць над ёю.

— Каторы з іх ёсць тваім каханкам? — спытаў, паказваючы ківом галавы на службу.

Але на гэта адказу не было, Эўніка толькі схілілася аж да стопаў ягоных і знерухомела.

Пятроні глянуў па нявольніках, між якімі былі прыгожыя і ўрадлівыя юнакі, але з нічыйнага твару не мог нічога вычытаць, толькі ўсе нейк дзіўна ўхмыляліся; тады паглядзеў яшчэ на схіленую ля ягоных ног Эўніку ды адыйшоў моўчкі ў трыклініюм.

Паснедаўшы, загадаў занесціся ў палац, пасля да Хрызатэміс, у якое прабыў аж да позняе ночы. Вярнуўшыся, казаў паклікаць Тэйрэзыя.

— Ці Эўніка дастала розаг? — спытаў яго.

— Так, спадару, толькі не дазволілі вы працінаць скуры.

— Ці не было адносна яе іншага загаду?

— Не, спадару, — адказаў трывожна атрыенсіс.

— Ну, добра. Хто з нявольнікаў ёсць ейным каханкам?

— Ніхто, спадару.

— Што пра яе ведаеш?

Тэйрэзый пачаў гаварыць няпэўным голасам: — Эўніка ніколі ноччу не выходзіць з кубікулюма, дзе спіць са старою Акрыз’ёнай і Іфідай; ніколі пасля твае купелі, спадару, не застаецца ў лазні… Іншыя нявольніцы смяюцца з яе і называюць яе Дыянай.

— Годзе, — кажа Пятроні. — Мой сваяк, Вініць, якому я падараваў сяння рана Эўніку, не прыняў яе, дык застанецца дома. Можаш ісці.

— Ці можна мне яшчэ гаварыць аб Эўніцы, спадару?

— Я казаў табе гаварыць усё, што ведаеш.

— Уся фамілія гавора, спадару, аб уцёках дзяўчыны, якая мелася застацца ў крывічэснага Вініція. Пасля твайго адыходу прыйшла да мяне Эўніка і сказала, што ведае чалавека, які патрапіў бы яе знайсці.

— А! — адзываецца Пятроні. — Што гэта за чалавек?

— Не ведаю яго, спадару, але тое думаў, што трэ было вам аб гэтым паведаміць.

— Добра. Хай гэны чалавек чакае ўзаўтра ў маім доме на прыбыццё трыбуна, якога папросіш узаўтра ад майго імя, каб ранкам мяне адведаў.

Атрыенсіс пакланіўся ды выйшаў.

А Пятроні пачаў мімаволі думаць пра Эўніку. Спачатку здавалася яму ясным, што маладая нявольніца жадае, каб Вініць знайшоў Лігію дзеля таго толькі, каб не мусіла заступаць яе ў ягоным доме. Але пасля прыйшло яму ў голаў, што той чалаавек, якога суліць Эўніка, можа быць ейным каханкам, і гэна думка, нараз, яму здавалася прыкрай. Быў, зрэшты, просты спосаб даведацца праўды, варта толькі паклікаць Эўніку, але было ўжо позна, а Пятроні чуўся знябытым пасля доўгіх адведзінаў у Хрызатэміс, і хацелася яму спаць.

Аднак жа, ідучы да кубікулюма, прыгадаў сабе няведама чаму, што ля вачэй Хрызатэміс прыкмеціў сяння зморшчынкі. Падумалася яму, што краса ейная была больш слаўнай у Рыме, чым сапраўднай, і што Фантэй Капітон, які даваў яму трое падлеткаў з Клазамен за Эўніку, маніўся купіць яе затанна.

 

XIII

 

Назаўтра Пятроні канчае туалету ў унктуарыюме, прыходзіць пакліканы праз Тэйрэзыя Вініць. Ён ужо ведаў, што ніякіх навін ад брамаў няма, і вестка гэная замест яго абрадаваць, бо, знача, Лігія ў горадзе, замаркоціла яго яшчэ больш, бо здавалася яму, што Урсус вывеў яе адразу, калі яшчэ нявольнікі Пятроніевы не стаялі пры брамах.

Праўда, восенню, калі дні становяцца карацейшымі, брамы замыкалі даволі рана, але большым грамадам выязджаючым адчынялі іх. Дый за муры можна было выдабыцца й іншымі спосабамі, аб якіх нявольнікам, часамі ўцякаючым, было добра ведама. Праўда, Вініць парассылаў людзей і за горад да вігілаў меншых мястэчак з аглашэннямі, як уцёкшая пара выглядае, ды з загадам перахапіць яе за абяцаную ўзнагароду. Было, аднак, сумніўным, ці гэны спосаб іх дасягне, а калі б і дасяг, ці тамтэйшыя ўлады будуць пачувацца ўпраўненымі затрымаць іх на прыватнае жаданне Вініція, не пасведчанае прэторам. Вось жа на падобнае пасведчанне не было часу. З свайго боку Вініць праз увесь учарашні дзень шукаў Лігіі, пераапрануўшыся за нявольніка, па ўсіх завулках гораду, не здолеў, аднак, знайсці найменшага следу, ні тропу. Спаткаў, праўда, людзей Аўла, але тыя таксама нечага шукалі, і гэта ўзбудзіла здагадку, што не Аўл яе схапіў, і што ён не ведае таксама, дзе яна.

Дык калі Тэйрэзый далажыў, што ёсць чалавек, які падручаецца яе знайсці, чым хутчэй паспяшыў да Пятронія і, ледзь прывітаўшыся, пачаў аб ім распытвацца.

— Зараз убачым яго, — сказаў Пятроні. — Гэта знаёмы Эўнікі, якая зараз прыйдзе ўкладаць мне тогу ды дасць нам бліжэйшыя аб ім звесткі.

— Тая, што ўчора хацеў мне падараваць?

— Але, якую ты ўчора адапхнуў, за што я табе, між іншым, удзячны, бо гэта найздальнейшая вестыпліка на ўвесь горад.

І вось вестыпліка прыходзіць на канец гэтых слоў і, узяўшы тогу з крэсла, інкруставанага слановай косцяй, разгарнула яе, каб закінуць на плечы Пятронію. Твар мела ясны, ціхі, уваччу радасць.

Пятроні глянуў на яе, паказалася яму надта прыгожай. Пасля, калі, атуліўшы яго тогай, пачала ўкладаць хванды, часамі схіляючыся для выдаўжання іх, прыкмеціў, што рукі ейныя белыя, моў белыя ружы, а грудзі й плечукі маюць водблескі алябастру.

— Эўніка, — адзываецца, — ці ёсць той чалавек, аб якім учора ты казала Тэйрэзыю?

— Ёсць, спадару.

— Як завецца?

— Хілон Хіланідэс, спадару.

— Хто ён такі?

— Лекар, мудрэц і варажбіт, які ўмее адгадваць людскую долю ды прадказваць будучыню.

— Ці табе прадказаў будучыню?

Эўніка пачырванела па самыя вушы.

— Так, спадару.

— Што ж ён табе вываражыў?

— Што спаткае мяне боль і шчасце.

— Боль спаткаў цябе ўчора з рукі Тэйрэзыя, дык цяпер трэ чакаць толькі шчасця.

— Ужо спаткала, спадару.

— Якое?

Яна ціха шапнула: — Засталася.

Пятроні пачаў гладзіць яе залатую галоўку.

— Добра ўлажыла сяння хванды, і рад я з цябе, Эўніка.

А ёй ад гэтага прытыку ў адной хвіліне вочы памутнелі ад шчасця, і пачалі хвалявацца грудзі.

Пятроні з Вініціем перайшлі ў атрыюм, дзе чакаў іх Хілон Хіланідэс, які спаткаў іх нізкім паклонам. Пятронію на ўспамін аб учарашняй ягонай здагадцы, што мо гэта каханак Эўнікі, стала смяхотна. Чалавек, які стаяў перад імі, не мог быць нічыім каханкам. У гэнай дзівоснай фігуры было нешта і агіднае, і смяхотнае. Яшчэ не быў стары: у ягонай няўхлюйнай барадзе ды кучаравай чупрыне ледзь сям-там бліскаў сівы волас. Жывот меў апалы, плечы згорбленыя, так што на першы пагляд выглядаў гарбатым, а над гэным гарбом вытыркала вялікая галава з лысаватым ды малпаватым ажаўцелым тварам, упярэшчаным вуграмі. Нос сігналізаваў поцяг да бутэлькі. Лахманнё, акрываючае яго, складалася з цёмнае ваўнянае тунікі й такога ж дзіравага плашча. Яно сымбалізавала сапраўдную ці крывадушную бядноту. Пятронію ўзбег на думку Тэрзыт Гомэра, дык, падняўшы на прывітанне руку, адазваўся: — Вітаю, боскі Тэрзыт! Як жа маюцца твае гузы, што панабіваў табе пад Трояй Уліс, ды што сам парабляе на Элізэйскіх прасторах?

— Шляхотны спадару, — адказаў Хілон Хіланідэс, — наймудрэйшы з памерлых, Уліс, перасылае праз мяне наймудрэйшаму з жывых, Пятронію, прывітанне і просьбу, каб акрыў новым плашчом мае гузы.

— На Гекату Трыформіс! — адазваўся Пятроні. — Адказ варты плашча.

Але далейшую гутарку перарваў нецярплівы Вініць, які спытаў: — Ці добра ведаеш, чаго падручаешся?

— Калі дзве «фаміліі» ў двух дастойных дамох не гутараць аб нічым іншым, а за імі паўтарае палова Рыму, не цяжка ведаць, — адказвае Хілон. — Учарашняе ночы адабраная дзяўчына, выгадаваная ў доме Аўла Плаўцыя, Лігія або Каліна, якую твае, спадару, нявольнікі пераносілі з цэзаравага палацу ў тваю «інсулю», а я падручаюся адшукаць яе ў горадзе, або калі — гэта мала праўдападобна — знайшлася за горадам, паказаць табе, шляхотны трыбуне, куды ўцякла і дзе схавалася.

— Добра! — кажа Вініць, якому звязласць адказу надта падабалася. — Якія маеш на гэта спосабы?

Хілон хітра ўхмыльнуўся: — Спосабы ты маеш, спадару, я маю толькі розум.

Пятроні таксама ўсміхнуўся, бо быў задаволены з свайго госця.

«Гэты чалавек можа знайсці дзяўчыну», — падумаў.

Тым часам Вініць нахмурыў свае зрослыя бровы дый кажа: — Калі зводзіш мяне, бадзяка, дзеля нажывы, загадаю затаўчы цябе кіямі.

— Я філязоф, спадару, а філязоф не можа быць ласы на зыск, злашча на такі, які абяцаеш.

— Ах, ты філязоф? — спытаў Пятроні. — Эўніка казала мне, што ты лекар і варажбіт. Скуль ведаеш Эўніку?

— Прыходзіла да мяне па раду, бо слава мая ацерлася аб ейныя вушы.

— Якое ж яна хацела рады?

— На каханне, спадару. Хацела вылечыцца з безузаемнага кахання.

— І вылечыў ты яе?

— Больш таго, спадару, я даў ёй амулет, які запэўнівае ўзаемнасць. У Пафосе, на Цыпры, ёсць святыня, у якой прахоўваецца Венерын паясок. Я даў дзве ніткі з гэнага паяска, уложаныя ў мігдаловую лушпіну.

— І загадаў сабе солана заплаціць?

— За ўзаемнасць ніколі нельга заплаціць даволі, а я, не маючы двух пальцаў на правай руцэ, збіраю грошы на нявольніка-скрыбу, які б спісваў мае думкі ды прахаваў маю навуку для свету.

— Да якой жа, мудрэц, належыш школы?

— Я цынік, доміне, бо маю ось дзіравы плашч; я і стоік, бо цярпліва зношу гора; я таксама й парыпатэтык, бо, не маючы лектыкі, хаджу пехатою ад вінярні да вінярні, навучаючы па дарозе тых, што абяцаюць заплаціць за збан.

— Дык пры збанку робішся рэторам?

— Гераклід казаў: «Усё плыве», а ці можаш запярэчыць, спадару, што віно ня ёсць плыняй?

— Ён і агонь называў боствам, і вось боства гэнае паланіцца на тваім носе.

— А боскі Дыягенэс з Апалоніі настаўляў, што сутнасцяй рэчы ёсць паветра, а чым паветра цяплейшае, тым дасканалейшыя творыць істоты, а з найцяплейшага творацца ўжо душы мудрацоў. А што восенню прыходзяць халады, ergo сапраўдны мудрэц павінен абаграваць душу віном… Бо таксама не можаш запярэчыць, спадару, каб збан цымусу з-пад Капуі ці Тэлезыі не разносіў цеплыні па касцях гаротнага цела людскога.

— Хілон Хіланід, дзе твая бацькаўшчына?

— Над Понтам Эўксынам. Я родам з Мезэмбрыі.

— Дык ты, Хілон, вялікі чалавек!

— А заняхаены! — дадаў меланхалічна мудрэц.

Вініцію не цярпелася зноў. Пры надзеі, што засвітала, хацеў бы, каб Хілон зараз жа пайшоў на пошукі, і ўся гутарка выдавалася яму непатрэбнай патратай часу, за якую сердаваў на Пятронія.

— Калі пачнеш пошукі? — сказаў, звяртаючыся да грэка.

— Я ўжо пачаў іх, — адказвае Хілон. — І як я тут, як адказваю на гэныя ветлівыя пытанні, дык ужо шукаю. Вер толькі мне, чэсны трыбуне, і ведай: калі б згінула завязка ад абутку, я патрапіў бы адшукаць яе або таго, хто яе на вуліцы падняў.

— Ці быў калі затруднены гэткімі пошукамі? — спытаў Пятроні.

Грэк падняў угару вочы.

— Занадта нізка цэняць сяння сумленнасць і мудрасць, каб філязоф не быў змушаны шукаць іншых да жыцця спосабаў.

— Якія ж твае?

— Ведаць усё ды служыць навінамі тым, хто іх патрабуе.

— І хто за іх плаціць?

— Ах, спадару, патрабую купіць пісара. Інакш мудрасць мая памрэ разам са мною.

— Калі ты дагэтуль не сабраў нат на цэлы плашч, дык заслугі твае хіба надта сціплыя.

— Скромнасць перашкаджае мне іх выяўляць. Але падумай толькі, доміне, што няма сяння такіх дабрадзейнікаў, якіх было поўна даўней і для якіх абсыпаць золатам заслугу было так міла, як палыкнуць астрыгу з Путэолі. Не заслугі мае малыя, толькі ўдзячнасць людская малая. Як часамі ўцячэ дарагі нявольнік, хто яго знойдзе, калі не адзіны сын майго бацькі? Як з’явяцца на сценах напісы на боскую Папею, хто пакажа зламыснікаў? Хто вышнарыць у кнігароў верш на цэзара? Хто данясе, што гавораць у дамох сенатараў ды рыцараў? Хто адносіць лісты, якіх не хочуць паручыць нявольнікам? Хто падслухоўвае навіны пры дзвярах цырульнікаў? Для каго не маюць тайніц віняры й пякарнікі, каму давяраюць нявольнікі, хто ўмее пранізаць вачыма кожны дом ад атрыюма да агароду? Хто ведае ўсе вуліцы, завулкі, хто чуе, што гавораць у тэрмах, у цырку, на гандлёвых рынках, у школах ланістаў, у будах-гандлярнях, дзе прадаюць нявольнікаў, ды нат у арэнарыях?..

— На богі, даволі, даражэнькі мудрэц! — адазваўся Пятроні. — Бо гатовы мы шчэ патануць у тваіх заслугах, сумленнасці, мудрасці ды красамоўстве.

Годзе! Хацелі мы ведаць, хто ты, ну й ведаем!

Вініць быў рады, бо думаў, што гэты чалавек, бы той гончы сабака, раз пушчаны на троп, не спыніцца, пакуль не знойдзе сховішча.

— Добра, — кажа. — Ці патрабуеш інструкцыяў?

— Патрабую зброі.

— Якое? — спытаў здзіўлены Вініць.

Грэк наставіў жменю, а другою рукою зрабіў жэст лічэння грошай.

— Такія сяння часы, спадару, — кажа, уздыхаючы.

— Дык будзеш аслом, — адзываецца Пятроні, — які здабывае крэпасць мяшкамі золата.

— Я толькі небагаты філязоф, спадару, — пакорна адказвае Хілон. — Золата маеце вы.

Вініць шпурнуў яму капшук, які грэк схапіў на ляту, дарма што сапраўды не меў двух пальцаў на правай руцэ. Пасля задзёр голаў дый кажа: — Я больш ведаю ўжо, спадару, чым ты спадзяешся. Ведаю, што дзяўчыны не вырвалі Аўлы, я ўжо гутарыў з іхняй службай. Ведаю, што яе няма на Палатыне, дзе ўсе затурбаваныя малою хвораю аўгустай, і мо нат дацемліваю, чаму маніцёся шукаць малодухны з маёю помачай, а не вігілаў ды цэзаравых жаўнераў. Ведаю, што дапамог ёй уцячы слуга родам з таго ж самага краю, што й яна. Не мог ён шукаць дапамогі ў нявольнікаў, нявольнікі бо трымаюцца ўсе разам, дык не выступалі б проці тваіх пасланцоў. Маглі яму дапамагчы толькі сувернікі.

— Слухай, Вініць, — перарваў Пятроні, — ці я табе гэтага самага слова ў слова не казаў?

— Гонар для мяне, — ганарыцца Хілон. — Дзяўчына, спадару, — казаў, звяртаючыся да Вініція, — бессумніўна верыць у тое самае боства, што і найцнатлівейшая з рымлянак, сапраўдная матрона Пампонія. Я чуў і тое, што Пампонію судзілі дамавым судом за веру ў нейкае чужое боства, не мог, аднак, ад ейных слуг даведацца, што там за боства ды як завуцца ягоныя вызнавальнікі. Каб мог аб гэтым даведацца, пайшоў бы да іх, стаў бы найпабажнейшым між імі, здабыў бы іхні давер. Але ты, спадару, можа магчымеш мне даць аб гэтым якую вестку, бо ж прабыў колькінаццаць дзён у доме шляхотнага Аўла?

— Не магу, — адказаў Вініць.

— Вы распытвалі мяне доўга пра розныя рэчы, дарагія спадары, і я адказваў на пытанні, дазвольце ж цяпер і мне ў вас запытацца: ці не бачыў, паважаны трыбуне, якіх фігурак, ахвяр, якіх-небудзь знакаў, амулетаў на Пампоніі або на тваёй боскай Лігіі? Ці не прыкмеціў часам, мо малявалі знакі, якія для іх толькі зразумелыя?

— Знакі?.. Пачакай!.. Але! Бачыў раз, як Лігія намалявала на пяску рыбу.

— Рыбу? Аа! Ооо! Раз гэта зрабіла ці колькі разоў?

— Адзін раз.

— І ты пэўны, спадару, што намалявала… рыбу? Га?

— Так, пэўны! — пацвердзіў зацікаўлены Вініць. — Няўжо ведаеш, што гэта значыць?

— Ці ведаю?! — мармытаў Хілон.

І, скланіўшыся, быццам на развітанне, дадаў: — Хай фартуна абсыпае вас пароўну ўсякімі дарамі, дастойныя спадарыкі!

— Загадай даць сабе плашч, — сказаў яму на дарогу Пятроні.

— Уліс дзякуе табе за Тэрзытэса, — адказаў грэк і, скланіўшыся яшчэ раз, выйшаў.

— Я кажу, што ён знойдзе Лігію! — адазваўся радасна Вініць. — Але кажу таксама, калі б існавала дзяржава злыдняў, ён мог бы каралём быць у той дзяржаве.

— Бессумніўна. Мушу з гэтым стоікам пазнаёміцца бліжэй, але тым часам скажу выкадзіць па ім атрыюм.

А Хілон Хіланід, ахінуўшыся сваім новым плашчом, падкідаў у жмені пад ягонымі хвандамі капшук ад Вініція, любуючыся ягоным цяжарам ды звонам. Ідучы не спяшаючыся ды аглядаючыся, ці з дому Пятронія не сочаць, мінуў портык Лівіі і, дайшоўшы да рагу схіла Вірбіюса, падаўся на Субуру.

— Трэ зайсці да Споруса, — казаў сам сабе, — і лінуць крыху віна Фартуне.

Знайшоў, нарэшце, тое, чаго даўно шукаў. Ён малады, гарачы, шчодры, як капальні Цыпру, і за гэту лігійскую макаўку гатоў бы аддаць паўмаёмасці.

Так, я такога шукаў ужо даўно. Трэба, аднак, з ім быць асцярожным, бо ягоныя бровы нічога добрага не варожаць. Эх! Воўчыя шчанюкі пануюць сяння над светам!.. Меншая боязь ад гэнага Пятронія. О багі! Чаму падсульства лепш сяння аплочваецца, чым цнота? Гэ! Нагрымзоліла табе рыбу на пяску?

Каб так я ўдавіўся кавалкам сыру казінага, як я ведаю, што гэта значыць! А буду ведаць! Але рыба жыве пад вадою, а пошукі пад вадою цяжэйшыя, чым на сухазем’і, еrgo: заплаці мне, галубчык, за гэну рыбу асобна. Яшчэ адзін такі капшук, я мог бы кінуць дзядоўшчыну ды купіць сабе нявольніка… Але што б ты сказаў, Хілонка, каб параіць табе купіць не нявольніка, а нявольніцу?.. Ведаю цябе! Ведаю, што згодзішся!.. Калі б была такой, напрыклад, красуняй, як Эўніка, сам бы пры ёй адмаладзеў, дый меў бы адначасна сумленны й пэўны даход! Прадаў гэнай небарацы Эўніцы дзве ніткі з майго ўласнага старога плашча… Дурненькая, але каб падарыў мне яе Пятроні, дык бы ўзяў!.. Так, так, Хілонка, сынку Хілона… Не маеш бацькі ні маткі!.. Сірата, дык купі сабе на пацеху хоць нявольніцу. Яна ж мусіць недзе жыць, дык Вініць нойме ёй памешканне, у якім і ты прытулішся; мусіціме прыадзецца, Вініць заплаціць за ейны прыадзевак, ды мусіціме есці, дык і карміціме яе.

Ох, якое жыццё цяжкое! Дзе тыя часы, у якіх за обаля можна было купіць столькі бобу з салам, колькі анно льго было загарнуць прыгаршчамі, або кавалак казінае кішкі даўжынёю з руку дванаццацігадовага падшпарка!.. Але вось і гэны зладзюга Спорус. У вінярні хутчэй чаго можна даведацца.

Так гутарачы з сабою, увайшоў у вінярню і загадаў падаць сабе збанец «цёмнага»; дацеміўшы, аднак, недаверлівы позірк гаспадара, выкалупіў залатнік з капшука і, палажыўшы яго на стале, адазваўся: — Спорус, працаваў я сяння з Сэнэкай ад світанка да паўдня, і вось чым мой прыяцель абдарыў мяне на дарогу.

Круглыя вочы Споруса, гэта бачачы, зрабіліся яшчэ круглейшымі, і віно зараз з’явілася перад Хілонам, які, памачыўшы ў яго палец, нагрымзоліў на стале рыбу ды кажа: — Ведаеш, што гэта значыць?

— Рыба? Ну рыба ды больш нічога!

— Дурны ты, хоць даліваеш столькі вады да віна, што магла б у ім знайсціся й рыба. Гэта сымбаль, які ў мове філязофаў азначае «ўсмешка Фартуны». Каб ты быў яго адгадаў, дык і ты мо дабіўся б фартуны. Шануй філязофію, кажу табе, бо йнакш — змяню вінярню; на гэта мой асабісты прыяцель Пятроні даўно ўжо мяне нагаворвае.

 

XIV

 

Праз некалькі наступных дзён Хілон не паказваўся нідзе. Вініць, які ад тае хвіліны, калі даведаўся ад Актэ, што Лігія кахала яго, у сто раз больш жадаў яе знайсці, распачаў пошукі на ўласную руку, не хочучы дый не могучы карыстаць з помачы цэзара, ахопленага трывогай з прычыны хваробы малое аўгусты.

Адыж не дапамаглі ахвяры ў святынях, мольбы і вота, як і лякарская практыка ды ўсякія чарадзейныя спосабы, якіх з адчаю хапіліся. Прайшоў тыдзень, і дзіця памерла. Пала жалоба на цэлы двор і на Рым. Цэзар, які пры народзінах дзіцяці шалеў з радасці, цяпер шалеў з роспачы і, зачыніўшыся, праз два дні не браў нічога ў губу, а хоць палац поўны быў спачуваючых сенатараў і аўгустыянаў, не дапускаў нікога на вочы. Сенат сыйшоўся на адумыснае паседжанне, на якім мёртвае дзіця агалошана багіняй: пастанавілі пабудаваць ёй святыню і ўстанавіць пры ёй асобнага святара. Складалі і ў іншых на гонар памёршае новыя ахвяры, адлівалі ёй статуі з каштоўных металаў, а хаўтуры былі адною бязмернаю ўрачыстасцю, на якой народ падзіўляў бязмерны жаль цэзара, плакаў разам з ім, выцягаў руку на падарункі, а больш за ўсё забаўляўся незвычайным відовішчам.

Пятронія смерць гэта ўстрывожыла. Было ўжо ведама ўва ўсім Рыме перакананне Папеі, што дзіця памерла ад уроку. Паўтаралі гэта за ёю і лекары, якія такім чынам маглі апраўдаць сваю недалужнасць, і святары, якіх ахвяры аказаліся бяссільнымі, і шаптуны, якія дрыжалі пра сваё жыццё, і народ. Пятроні быў цяпер рад, што Лігія ўцякла; дзеля таго, аднак, што спрыяў Аўлам, сабе і Вініцію, калі знялі цыпрыс, заткнёны на знак жалобы перад Палатынам, пайшоў на пачостку, уладжаную для сенатараў і аўгустыянаў, каб пераканацца, наколькі Нэрон верыў слухам аб чарах, ды перашкодзіць наступствам, якія маглі б з гэтага вынікнуць.

Думаў таксама, ведаючы Нэрона, што ён хоць бы ў чары і не ўверыў, будзе крывіць, што верыць, і дзеля таго, каб ашукаць свой боль, і дзеля таго, каб на кім спагнаць помсту, ды каб адсунуць думкі аб кары багоў за злачынствы. Пятроні не думаў, каб цэзар мог нат собскае дзіця кахаць шчыра і глыбока: хоць любіў похатна, быў аднак пэўным, што перасоліць у жальбе. І не памыліўся.

Нэрон слухаў спачуванняў сенатараў і рыцараў з каменным тварам, з вачыма, устаўленымі ў адзін пункт, і бачна было, што калі нат і сапраўды церпіць, дык адначасна гадае, якое ўражанне выклікае ў прысутных, пазуе Ніобе, дае сцэну бацькаўскага жалю так, як бы яе выконваў камедыянт. Не ўмеў нат пры гэтым вытрываць у маўклівым, быццам скамянелым сумаванні, бо раз рабіў жэст моў пасыпання галавы попелам, а іншы раз глуха стагнаў, а ўбачыўшы Пятронія, усхапіўся і пачаў трагічным голасам адзывацца так, каб усе маглі яго чуць: — Эгэў!.. І ты вінаваты, што яна памерла! За тваёй парадай увайшоў у гэтыя муры ліхі дух, які адным позіркам выссаў жыццё з яе… Гора мне! Хай вочы мае не глядзяць на святло Геліёса… Гора мне! Эгэў! Эгэў!..

І, падымаючы штораз голас, пачаў роспачна крычаць. Але Пятроні вырашыў усё паставіць на шалю, дык, выцягнуўшы хутка руку, сарваў шаўковую абвязку з шыі і заткнуў ёю вусны Нэрону.

— Доміне! — адзываецца паважна. — Спалі Рым і свет з болю, але голас нам свой ашчадзі!

Прысутныя астаўпелі, сумеўся на хвіліну і сам Нэрон, адзін толькі Пятроні застаўся няўзрушны. Ён ведаў надта добра, што робіць, бо ж памятаў, што Тэрпнас і Дыядор мелі папросту загад затыкаць вусны цэзару, калі б пачынаў шкодзіць свайму голасу.

— Цэзару, — гаварыў далей з тою ж самаю павагай і сумам, — маем страту вялізарную, хай жа нам хоць гэты скарб пацехі застанецца!

Дрыгата прабегла па твары Нэрона, з вачэй пусціліся слёзы; нараз абняў далонямі плячукі Пятронія і, успёршы голаў на ягоных грудзях, давай паўтараць плачліва: — Ты адзін з усіх аб гэтым падумаў, ты адзін, Пятронійка! Ты адзін!

Тыгэлін аж зжаўцеў ад зайздрасці, а Пятроні далей кажа: — Едзь да Анцыюму! Там яна прыйшла на свет, там сплыла на цябе радасць, там сплыве і супакаенне. Хай марское паветра адсвежыць тваё боскае горла, хай грудзі твае адатхнуць салёнаю вогкасцяй. Мы, верныя, пойдзем за табою ўсюды, і калі твой боль саладзіцімем спагадай, ты ўпоіш нас песняй.

— Так! — адказаў жаласна Нэрон. — Напішу гімн на ейнае шанаванне ды падрыхтую да яго музыку.

— А пасля пашукаеш цёплага сонца ў Байя.

— А пасля — забыцця ў Грэцыі.

— У калысцы песні й паэзіі!

І каменны пануры настрой паволі мінуў, як мінаюць хмары, засланяючыя сонца, а пачалася гутарка, нібыта поўная шчэ суму, але паўнейшая абмеркаванняў на будучыню датычна падарожжа, мастацкіх выступаў, а нат пачостак, якіх вымагала запавешчанае прыбыццё Тырыдата, караля Арменіі. Тыгэлін спрабаваў, праўда, яшчэ спамінаць аб чарах, але Пятроні, пэўны ўжо выйгрышу, прыймае проста наступ: — Тыгэлін, — кажа, — няўжо думаеш, чары могуць шкодзіць багом?

— Сам цэзар пра іх спамінаў, — адказаў дварак.

— Дакука, боль гаварыла, не цэзар, але ты што пра гэта думаеш?

— Багі замагутныя на тое, каб маглі паддавацца прыроку.

— А ты запярэчваеш боскасці цэзара й ягонай радні?

— Peractum est!29 — мармытнуў вобак Эпрый Марцэль, паўтараючы вокрык народу падчас трапна пакананага гладыятара так, што не трэ ўжо было яго дабіваць.

Тыгэлін згрыз у сабе гнеў. Між ім і Пятроніем здаўна існавала спаборніцтва перад Нэронам, і Тыгэлін меў на сваім баку тое, што Нэрон менш, або й зусім на яго не аглядаўся, дагэтуль, аднак, Пятроні ў сутычках перамагаў яго розумам і дасціпнасцяй.

Так сталася й цяпер. Тыгэлін змоўк і толькі натаваў сабе тых сенатараў і рыцараў, якія зараз акружылі Пятронія, як той падаўся ў глыбіню залі, думаючы, што пасля гэтага ён будзе напэўна першым улюбенцам цэзара.

А Пятроні выйшаў з палацу ды пайшоў да Вініція і, расказаўшы яму здарэнне з цэзарам і Тыгэлінам, кажа: — Не толькі адвярнуў небяспеку ад Аўла Плаўцыя і Пампоніі, але й ад нас абодвых ды ад Лігіі, якое не будуць шукаць хоць бы й дзеля таго, што я набухторыў тую рудабародую малпу, каб ехаць у Анцыюм, а адтуль у Неапаль або ў Байя. І паедзе, бо ў Рыме не смеў дагэтуль выступіць публічна ў тэатры, а ведаю, што даўно збіраецца выступіць у Неапалі. Пасля думае аб Грэцыі, дзе маніцца спяваць ува ўсіх важнейшых гарадох, а ў канцы з ахвяраванымі праз «грэкулаў» вянкамі трыўмфальна вярнуцца ў Рым. Праз гэты час мы магчымем свабодна шукаць Лігію ды схаваць яе бяспечна. А што ж?

Ці нашага паважанага філёзафа не было?

— Твой паважаны філёзаф ёсць абармотам. Не! Не было, не паказваўся дый не пакажацца болей!

— А я крыху лепш думаю калі не пра ягоную шчырасць, дык пра розум.

Ужо хіба выпусціў крыху крыві таму капшуку, дык прыйдзе, хоць бы па тое, каб атрымаць шанц зрабіць гэта другі раз.

— Хай сцеражэцца, каб яму не спусціў крыві!

— Не рабі гэтага, стрымайся, пакуль аб ашуканстве не ўпэўніўся. Не давай яму больш грошай, а лепш абяцай шчодрую ўзнагароду, калі прынясе табе пэўную вестку. Ці манішся рабіць што на ўласную руку?

— Два мае вызвольнікі, Німфід і Дэмас, шукаюць яе на чале шасцідзесяці людзей. Той з нявольнікаў, які знойдзе яе, мае абяцаную вольнасць.

Апрача таго выслаў я адмысловых на ўсе дарогі з Рыму, каб выпытвалі ў гасподах пра ліга й дзяўчыну. Сам абягаў горад днём і ноччу, спадзеючыся шчаслівага тропу.

— Як толькі што-небудзь даведаешся, дай мне знаць, бо я мушу ехаць да Анцыюма.

— Добра.

— А калі каторае-небудзь раніцы, прачнуўшыся, скажаш сабе, што для аднае дзяўчыны не варта грызціся ды столькі турбавацца, дык прыязджай у Анцыюм. Там хопіць і жанчын, і ўцехаў.

Вініць пачаў бегаць хуткімі сягнямі сюды-туды, а Пятроні глядзеў на яго праз хвіліну, пасля кажа: — Скажы мне шчыра — не як агняхват, самадур, але як чалавек разважны, які адказвае шчыраму прыяцелю: ці табе заўсёды аднолькава расходзіцца пра гэную Лігію?

Вініць на хвіліну спыніўся і зірнуў так на Пятронія, як бы яго перад гэтым не бачыў, ды зноў пачаў хадзіць. Бачна было, што выбух у сабе душыць. Урэшце, з пачуцця немачы, з жалю, гневу й непераможнае тугі набеглі яму дзве слязы, якія прамовілі да Пятронія мацней, чым найкрасамоўнейшыя словы.

Дык, падумаўшы хвіліну, Пятроні кажа: — Свет на сабе трымае не Атлант, але жанчына, і часам забаўляецца ім, бы шпурляком.

— Так! — пацвердзіў Вініць.

І пачалі развітвацца. Але ў той жа хвіліне нявольнік далажыў, што ў сенцах чакае Хілон Хіланід і просіць пабачыцца.

Вініць загадаў упусціць яго зараз жа, а Пятроні сказаў: — А што! Не казаў я табе! На Геркулеса! Будзь толькі спакойным, бо інакш ён табою заўладае, не ты ім.

— Чэсць і прывітанне шляхотнаму трыбуну і табе, спадару! — кажа, уваходзячы, Хілон. — Хай шчасцю вашаму дараўняе слава, ды хай абяжыць яна цэлы свет ад стаўпоў Геркулеса аж па граніцы Аршацыдаў!

— Вітаем правадаўцу мудрасці й цноты! — адказаў Пятроні. А Вініць пытае, крывячы нібыта спакойнага: — Што нясеш?

— Першы раз я прынёс табе надзею, спадару, а цяпер прыношу пэўнасць, што дзявіца будзе знойдзена.

— Гэта знача, што дагэтуль яшчэ яе не знайшоў?

— Але, спадару, затое ведаю, што абазначае знак, які табе напісала, ведаю, хто яе адбіў, і ведаю, між якімі вернікамі трэ яе шукаць.

Вініць хацеў усхапіцца з крэсла, на якім сядзеў, але Пятроні спыніў яго і, звяртаючыся да Хілона, кажа: — Гавары далей!

— Ці ты зусім пэўны, спадару, што дзяўчына табе намалявала рыбу на пяску?

— Так! — зікнуў Вініць.

— Дык, знача, яна ёсць хрысціянкай, і адбілі яе хрысціяне.

Хвіліна маўчання.

— Слухай, Хілон, — адзываецца ўрэшце Пятроні, — мой сваяк падрыхтаваў табе за знаход красуні ладную колькасць грошай, але й не меншую колькасць розаг, калі асмелішся яго ашукваць. У першым выпадку купіш не аднаго, але трох пісцоў, у другім — філязофія ўсіх мудрацоў з дадаткам твае собскае не будзе табе гаючаю масцяй.

— Дзяўчына ёсць хрысціянкай, спадару! — адазваўся грэк.

— Падумай, Хілон, ты чалавек не дурны! Ведаем, што Юнія Сылана з Кальвіяй Крыспінілай абвінавачвалі Пампонію Грэцыну, што верыць у хрысціянскі забабон, але ведаем таксама, што дамовы суд апраўдаў яе ад гэтага закіду. Няўжо ты хацеў бы яго зноў уздымаць? Няўжо манішся нам уталкоўваць, што Пампонія, а разам з ёю і Лігія могуць належаць да непрыяцеляў роду чалавечага, да затрувальнікаў фантанаў і студняў, да паклоннікаў аслінай галаве, да дзецябойцаў і найагіднейшых распуснікаў?

Глядзі, Хілон, каб гэтая тэза, якую нам агалошваеш, не адбілася як антытэза на тваім хрыбце.

Хілон развёў рукамі, быццам гэта не яго віна, пасля кажа: — Спадару! Вымаві па-грэцку наступны сказ: Езус Хрыстус, Сын Божы, Збавіцель.

— Ну, добра, на табе!.. І што з таго?

— А цяпер вазьмі першыя літары кажнага слова і злажы іх так, каб утварылі адно слова.

— Рыба!30 — кажа здзіўлены Пятроні.

— Вось дзеля чаго рыба сталася меткай хрысціян, — адказвае самазадаволены Хілон.

Хвіліна маўчання. У домыслах грэка было, аднак, штось так рэвеляцыйнае, што абодва прыяцелі сумеліся.

— Вініць, — спытаў Пятроні, — ці ты не памыліўся, ці іставетна Лігія намалявала табе рыбу?

— На ўсе багі падземныя, можна здурэць! — загараецца малады чалавек. — Каб намалявала мне птушку, дык і сказаў бы — птушку!

— Дык ёсць хрысціянкай, — завяршыў Хілон.

— Гэта знача, — дадае Пятроні, — што Пампонія і Лігія затручваюць студні, мардуюць схопленыя на вуліцы дзеці ды аддаюцца бессаромным учынкам! Дурное! Ты, Вініць, быў даўжэй у іхнім доме, я быў коратка, але даволі ведаю і Аўла і Пампонію дый Лігію, каб гаварыць: лухта, чарнату нясінесіцё! Калі рыба ёсць меткаю хрысціян, чаму, праўда, нельга запярэчыць, і калі яны ёсць хрысціянкі, на Празэрпіну, відавочна, хрысціяне ня ёсць такімі, за якіх іх маюць.

— Гаворыш, моў Сакрат, спадару, — адказвае Хілон. — Хто калі цікавіўся хрысціянінам? Хто пазнаў іхнюю навуку? Як ішоў я перад трыма гадамі раз з Неапалю сюды, у Рым (ох, чаму там не застаўся!), прылучыўся да мяне чалавек, лекар, называўся Глаўк, пра якога казалі, што быў хрысціянінам, адылі я пераканаўся, што гэта быў сумленны чалавек.

— Ці не ад яго ты й даведаўся, шго значыць рыба?

— На жаль, не, спадару! У дарозе ў адной гасподзе пырнуў нехта пачцівага старога нажом, жонку й дзіця ягонае схапілі гандляры нявольнікамі, а я ў абароне іх страціў гэтыя вось два пальцы. Адылі між хрысціянамі, чутно, здараюцца цуды, дык маю надзею, што мне адрастуць.

— Як гэта? І ты стаўся хрысціянінам?

— Ад учарашняга дня, спадару, ад учарашняга дня! Зрабіла мяне ім гэная рыба. Бач, якая, аднак, у ёй сіла! І за некалькі дзён буду найшчырэйшым з шчырых, каб толькі мяне дапусцілі да ўсіх сваіх тайніц, а як дапусцяць мяне да ўсіх сваіх тайніц, буду ведаць, дзе хаваецца красуня. Тады мо маё хрысціянства лепш мне аплоціцца, чым мая філязофія. Прырок я Мэркураму, калі мне дапаможа знайсці дзяўчыну, ахвярую яму дзве ялаўкі-аднагодкі аднае меры дый яшчэ з пазалочанымі рагамі.

— Дык тваё ўчарашняе хрысціянства ды твая філязофія дазваляюць табе верыць у Мэркурыя?

— Веру заўсёды ў тое, што мне дае карысць, і гэта мая філязофія, якая асабліва Мэркураму павінна прыпасці да смаку. На жаль, ведаеце, мае дастойнікі, які гэта недаверлівы бог. Не верыць ён абяцанкам нат найбольш сумленных філёзафаў і хацеў бы мо наўперад атрымаць ялаўкі, а тым часам гэта не абыякі выдатак. Не кожны ёсць Сэнэкай, і мне на гэта не хапае. Калі б, аднак, шляхотны Вініць быў ласкавы наконт гэнай абяцанай сумы… штоколечы… — Ані обаля, Хілон, — адрэзвае Пятроні, — ані обаля. Шчодрасць Вініція перавысіць тваю спадзеву, але толькі тады, як Лігія будзе знойдзена, гэта знача, калі нам пакажаш ейнае сховішча. Мэркур мусіціме табе акрэдытаваць дзве ялаўкі, хоць не дзіўлюся, чаму не мае да гэтага ахвоты, і пазнаю ў гэтым ягоны розум.

— Паслухайце мяне, дастойныя спадары. Адкрыццё, якое я даканаў, вялікае, бо хоць я не знайшоў дагэтуль дзяўчыны, дык знайшоў дарогу, на якой трэ яе шукаць. Нібыта разасланыя вызвольнікі й нявольнікі на ўвесь горад і правінцыю, а ці ж каторы з іх даў вам які знак? Не! Я адзін вам яго даў. Скажу вам больш. Між вашымі нявольнікамі могуць быць хрысціяне, пра якіх не ведаеце, бо забабон гэты распаўсюдзіўся ўжо шырока, і яны, замест пільнаваць, будуць вас здраджваць. Дрэнна, што й мяне тут бачаць, і таму ты, шляхотны Пятронію, загадай Эўніцы, каб маўчала, дый ты, шляхотны Вініцію, распусці вестку, быццам прадаю табе масць, якая пашмараваным ёю коням запэўнівае перамогу ў цырку… Я адзін шукаціму ўцекачоў, і я адзін іх знайду, а вы верце мне і ведайце, што б я ні атрымаў ад вас, будзе гэта для мяне заахвотай, бо заўсёды спадзявацімуся больш ды пераконвацца, што абяцаная заплата мяне не міне. Ну але! Як філязоф, плюю на грошы, хоць не пагарджаюць імі ані Сэнэка, ані нат Музон ці Корнут, якія ўсё ж не страцілі пальцаў, баронячы каго-небудзь, і якія могуць самі пісаць ды імёны свае нашчадкам пераказаць. А шчэ, апрача нявольніка, якога маніўся купіць, ды апрача Мэркурыя, якому абяцаў ялавіцы (а ведаеце ж, як падаражэла быдла), само шуканне глытае шмат выдаткаў. Паслухайце толькі цярпліва. За гэтых ужо некалькі дзён парабіліся ў мяне на нагах раны ад бесперастаннае хады. Заходзіў я ў вінярню, каб гутарыць з людзьмі, да лекараў, разнікоў, алівяроў ды рыбакоў. Абабег усе вуліцы й завулкі, быў у сховішчах уцёкшых нявольнікаў, прайграў блізу сто эсаў у мору, быў у прачкарнях, сушнях ды страўнях, бачыўся з мулаводамі й разьбярамі, спатыкаў лекараў пухіра і зубалекараў, гутарыў з гандлярамі сушаных фігаў, быў на магільніках, а ведаеце чаго? Каб усюды маляваць рыбу, глядзець людзям у вочы і слухаць, што на гэты знак адкажуць. Доўга я не мог нічога скеміць, аж спаткаў старога нявольніка пры вадаліве, які чэрпаў ваду і плакаў. Падыйшоўшы да яго, пытаю, чаго ён плача. На гэта ён, як прыселі на ступянёх вадаліву, адказвае, што збіраў усё жыццё сэстэрцыю па сэстэрцыі, каб выкупіць дарагога сына, але спадар ягоны, нейкі Панса, як ззорыў грошы, схапіў іх, а сына затрымаў у няволі. «І гэтак вось плачу, — кажа стары, — бо хоць гавару: будзь воля Божая, не магу я, бедны грэшнік, паўстрымаць слёз». Тады я, як бы крануты прачуццём, намачыўшы ў вядры палец, нагрымзоліў яму рыбу, а ён кажа: «І мая надзея на Хрыста». Пытаю: «Пазнаў ты мяне па гэтым знаку?» — «Але, — кажа, — Бог з табою». Тады я давай больш яго цягнуць за язык, і небарака выспяваў усё. Ягоны спадар, той Панса, сам ёсць вызвольнікам вялікага Пансы і дастаўляе Тыбрам каменне ў Рым, якое найміты й нявольнікі выгружаюць з плытоў ды носяць на будоўлі начамі, каб удзень не замінаць руху на вуліцах. Працуе там між многімі хрысціянамі й ягоны сын, але дзеля непасільнай работы хоча яго выкупіць. А Панса затрымаў і грошы, і нявольніка.

Гэта кажучы, зноў пачаў плакаць, а я з ягонымі слязьмі змяшаў і мае, гэта ўдалося мне без цяжкасці з дабраты майго сэрца ды ламаты ў нагах, зняможаных валаканінай. Пачаў я наракаць, што, прыйшоўшы нядаўна з Неапалю, нікога не ведаю з братоў, невядома мне, дзе збіраюцца на малітвы. Ён здзівіўся, што мне хрысціяне не далі пісулькі да рымскіх братоў, але кажу яму, што ўкралі мне яе ў дарозе. Тады гавора мне, каб прыйшоў уначы на рэчку, ён пазнаёміць мяне з братвою, якая давядзе мяне ў дом малітвы ды да хрысціянскіх старшынаў гміны. Гэта пачуўшы, я так узрадаваўся, што даў патрэбную на выкуп сына суму, спадзяючыся, што вялікадушны Вініць удвая мне яе верне… — Хілон, — перарывае Пятроні, — у тваім расказе лгарства плавае на паверхні, бы аліва на вадзе. Прынёс ты важныя весткі, не пярэчу. Скажу нат, што на шляху знаходу Лігіі зроблены вялікі крок. Але ж ты не шмаруй махлярствам сваіх навінаў. Як завецца той старац, ад якога ты даведаўся, што хрысціяне пазнаюцца знакам рыбы?

— Эўрыцы, спадару. Бедны бяздольны старац! Нагадаў мне лекара Глаўка, якога бараніў я ад злыдняў, і таму мяне так расчуліў.

— Веру, што ты спаткаў яго і што патрапіш скарыстаць з гэнага знаёмства, але грошай ты яму ж не даваў. Не даў ты яму ані аса, разумееш! Не даў нічагутка!

— Але ж дапамог яму насіць вёдры ды аб сыну гаварыў спачувальна. Так, доміне! Што ж можа схавацца ад праніклівасці Пятронія? Ну не даў я яму грошай, а вярней даў, але толькі ў душы, у розуме, гэтага, калі б ён быў філёзафам, павінна б яму хапіць… А даў дзеля таго, што ўважаў гэткі ўчынак за неабходны і карысны, падумай бо, як бы ён да мяне прыхіліў усіх хрысціян, які б да іх адкрыў прыступ ды які ўзбудзіў бы ў іх давер.

— Праўда, — кажа Пятроні, — ты павінен быў гэта зрабіць.

— Вось жа таму й сюды прыходжу, каб мог гэта я зрабіць.

Пятроні звярнуўся да Вініція: — Загадай яму адлічыць пяць тысяч сэстэрцыяў, але толькі ў душы, у розуме… Вініць кажа: — Дам табе хлапчука, які панясе патрэбную суму, а ты скажаш Эўрыцыю, што хлапчук ёсць тваім нявольнікам, і вылічыш старому перад ім грошы. А за тое, што прынёс ты, аднак, важную вестку, атрымаеш яшчэ столькі для сябе. Прыйдзеш па хлапца і па грошы сяння вечарам.

— Во праўдзівы цэзар! — сказаў Хілон. — Дазволіш, спадару, я прысвячу табе мой твор, але дазволь таксама, што сяння вечарам прыйду толькі па грошы, бо Эўрыцый сказаў мне, што камення ўжо ўсе выгружаны, а новыя прыплывуць з Остыі за некалькі дзён. Pax vobis!31 Так развітваюцца хрысціяне… Рыбу ловяць на вуду, а хрысціян — на рыбу. Pax vobiscum! Pax!.. Pax!.. Pax!..

 

XV

 

Пятроні да Вініція: «Праз даверанага нявольніка пасылаю табе з Анцыюма гэны ліст, на які — хоць рука твая больш да мяча ды дзіды, чым да пяра, прызвычаілася — думаю, праз таго ж самага пасланца неадкладна адпішаш.

Пакінуў я цябе на добрым тропе ды поўнадзейнага, дык спадзяюся, што або ўжо салодкую жаду ў абдымках Лігіі супакоіў, або супакоіш яе перш, чым зімовы сівер дзьмухне з верхавін Сорактэ на Кампанью. О мой Вініційка! Хай табе будзе валадарыняй залатая багіня Цыпру, а ты будзь валадаром гэнай лігійскай заранкі, што ўцякае ад сонца кахання. А не забывай пра тое, што мармур сам у сабе, хоць бы й найдаражэйшы, ёсць нічым, і што сапраўднай каштоўнасці набірае тады, калі яго ў архітвор ператворыць рука рэзьбяра. Будзь такім рэзьбяром ты, carissime32! Мала кахаць — трэба ўмець кахаць, ды трэ ўмець навучыць кахаць.

Адыж роскаш адчувае і плебс, і нат жывёлы, а сапраўдны чалавек тым ад іх адрозніваецца, што яе быццам замяняе ў шляхотнае мастацтва і, любуючыся ёю, ведае аб ёй, усю боскую вартаснасць упрытамняе ў думцы, а праз тое не толькі цела, але й душу ўпойвае. Не раз, калі падумаеш тут аб пустагонстве, няпэўнасці ды нудзе нашага жыцця, прыходзіць мне ў голаў, што ты мо й лепш выбраў, ды што не двор цэзара, але вайна і каханне — гэта дзве адзіныя рэчы, для якіх варта радзіцца й жыць.

У вайне быў ты шчаслівым, будзь жа ім і ў каханні, а калі цікавішся, што дзеецца пры двары цэзара, я табе аб гэтым сягды-тагды пісаціму. Вось жа, сядзімо ў Анцыюме ды даглядаем наш нябесны галасок, заўсёды адчуваемо, аднак, брыдасць да Рыму, а на зіму манімся падацца да Байя, каб публічна выступіць у Неапалі, жыхары якога, як грэкі, лепш патрапяць ацаніць нас, чым воўчая наць, засяляючая ўзбярэжжа Тыбру. Збягуцца людзі з Байя, Пампеі, з Путэолі, з Кумэ і з Стабіяў. І воплескаў, і вянкоў нам хопіць, і гэна будзе заахвотай да прадбачанай выправы ў Ахайю.

А памяць малое аўгусты? Так? Яшчэ па ёй плачам. Пяём гімны собскага творства так чароўныя, што сырэны ад зайздрасці пахаваліся ў найглыбейшыя нетры Амфітрыты. Дэльфіны толькі вечна слухалі б нас, каб не перашкаджаў ім шум мора. Жальба наша дагэтуль не супакоілася, дык паказваем яе людзям у розных формах мастацкіх, аглядаючыся адначасна, ці нам з ёю прыгожа ды ці ўмеюць на гэтай прыгожасці пазнацца людзі.

Тут усе аўгустыяне й аўгустыянкі, не лічачы пяцісот асліц, у якіх малацэ купаецца Папея, ды дзесяці тысяч слугаў. Часамі нат бывае й весела. Кальвія Крыспініла старэе: кажуць, быццам упрасіла Папею купацца зараз пасля яе. Нігідыі Люкан даў па мордзе за тое, што нюхаецца з гладыятарам.

Спорус прайграў жонку Сэнэцыю ў косці. Торкват Сылан даваў мне за Эўніку чатыры каштанавых каня, якія ў гэтым годзе бессумніўна выйграюць бегі. Я не ўзяў, і табе таксама дзякую, што не прыняў яе. Што да Тарквата, дык не здагадваецца небарака, што хутчэй ёсць ценем, чым чалавекам.

Смерць яго ўжо здэцыдавана. А ці ведаеш, якая віна ягоная? Ёсць праўнукам боскага Аўгуста. Няма яму ратунку. Такі ўжо наш свет!

Чакалі мы тутака, як вядома, Тырыдата, тым часам Валохэс напісаў зняважлівы ліст. Заваяваў ён Арменію, дык просіць, каб аддаць яму яе для Ты рыдата, бо калі не, дык і так яе не аддасць. Горкія кпіны! Дык урадзілі мы вайну. Карбулон атрымае такую ўладу, якую за часаў вайны з марскімі разбойнікамі меў Пампей. Была, аднак, хвіліна, што Нэрон хістаўся: мабыць, баіцца славы, якую на выпадак перамогі можа здабыць Карбулон. Думалі нат, ці не ахвяраваць галоўнага камандавання нашаму Аўлу. Спрацівілася Папея, якой цнота Пампоніі коле ў вочы.

Ватыні паабяцаў нам нейкія незвычайныя змаганні гладыятараў, якія маніцца зладзіць у Бэнэвэнце. Бачыш да чаго, насуперак сказу «ne sutor supra crepidem»33, даходзяць шаўцы ў нашых часах! Вітэлі нашчадак шаўца, а Ватыні — родны сын! Можа яшчэ сукаў дратву! Гістрыён Алітурус чароўна ўчора прадстаўляў Эдыпа. Пытаў я між іншым яго як жыда, ці хрысціяне й жыды — гэта тое самае? Адказаў мне, што жыды мелі спрадвечную рэлігію, а хрысціяне з’яўляюцца новай сэктаю, якая нядаўна паўстала ў Юдэйі. Укрыжавалі тамака за часаў Тыбэрыя аднаго чалавека, якога вернікі множацца з кожным днём; уважаюць яны яго за Бога. Здаецца, больш ніякіх багоў, а злашча нашых, не хочуць ведаць. Не разумею, што гэта ім шкодзіла б.

Тыгэлін яўна мне ўжо аказвае непрыязнь. Да гэтых пор не можа мне даць рады, мае аднак нада мною адну вышэйшасць: больш дбае аб жыццё ды адначасна ёсць большым за мяне злыднем, што збліжае яго да Агенабарба. Яны абодва згаворацца хутчэй ці пазней, а тады прыйдзе мая чарга. Калі гэта будзе — не ведаю, але ўсё роўна будзе, дык што там тэрмін. Тым часам трэба гуляць. Жыццё само ў сабе было б не дрэннае, каб не Рудабароды. Дзякуючы яму чалавек часам брыдзіцца сам сабою. Дарма ўважаць барацьбу для ягоных ласкаў за нейкія цыркавыя выперадкі, за нейкую гульню, нейкі бой, у якім перамога падсычае самалюбства. Я часта так сабе талкую, а, аднак, часам мне здаецца, што я такі сабе Хілон, нічым не лепшы за яго. Калі табе будзе ён непатрэбны, прышлі яго мне.

Паздароў ад мяне тваю боскую хрысціянку, а вярней, прасі яе ад майго імя, каб не была для цябе рыбаю. Напішы мне аб сваім здароўі, аб каханні, умей кахаць, навучы кахаць ды бывай!»

М.Г. Вініць да Пятронія: «Лігіі няма дагэтуль. Каб не надзея, што яе хутка знайду, ты б адказу не атрымаў, бо калі жыццё горкне, дык і пісаць не хочацца. Я хацеў спраўдзіць, ці Хілон не ашуквае мяне, і тае ночы, калі прыйшоў па грошы для Эўрыцыя, ахінуўся я вайсковым плашчом ды пайшоў назіркам за ім і за хлопцам, якога яму даў. Як прыйшлі на мейсца, я іх здалёк сачыў, прытуліўшыся за партовым слупам, і пераканаўся, што Эўрыцый не быў выдуманай асобай. Далавах пры рацэ колькідзесят людзей выгружала пры светачах каменне з вялізнае кумягі і ўкладала іх пры беразе. Бачыў, як Хілон падыйшоў да іх дый пачаў гутарыць з нейкім старцам, які зараз кінуўся яму да ног. Іншыя абступілі іх, голасна дзівячыся. У маіх вачах хлапчук аддаў капшук з грашыма Эўрыцыю, які, схапіўшы яго, пачаў маліцца, узняўшы дагары рукі, пры ім укленчыў нехта другі, мабыць, ягоны сын. Хілон яшчэ нешта гутарыў, таго я не дачуў, і багаславіў поспал тых абодвух кленчучых, як і іншых, робячы ў паветры знакі на падобу крыжа, якому яны, відаць, аддаюць шанаванне, бо ўсе гнулі калені. Брала мяне ахвота кінуцца да іх і абяцаць тры такія капшукі таму, хто б мне выдаў Лігію, але баяўся папсаваць Хілону работы і, крыху падумаўшы, адыйшоў.

Дзеялася гэта мо якіх дзён дванаццаць пасля твайго выезду. Ад тае пары ён быў у мяне некалькі разоў. Сам расказваў мне, што здабыў між хрысціянамі вялікае значэнне. Кажа, калі дагэтуль не знайшлі Лігіі, дык дзеля таго, што іх ёсць ужо непералічная колькасць у самым Рыме, дык не ўсе знаюцца ды не ўсё могуць ведаць, што між імі дзеіцца. Да таго ж яны асцярожныя і наагул маўклівыя, ён аднак заручае, што абы толькі дайшоў да старшын, якіх завуць прэзбітэрамі, патрапіць ад іх выцягнуць усе тайніцы. Некалькіх ужо пазнаў і спрабаваў іх распытваць, але асцярожна, каб праз поспех не выклікаць падазрэння ды не ўтрудніць справы. І хоць цяжка чакаць, чую, што праўду кажа, і чакаю.

Даведаўся ён таксама, што на малітвы маюць супольныя мейсцы, пераважна за брамамі гораду, у пустых дамох, а нат у арэнарыях. Там аддаюць шанаванне Хрысту, пяюць і частуюцца. Такіх зборышчаў даволі шмат. Хілон думае, што Лігія ходзіць наўмысна ў іншую малельню, чым Пампонія, дзеля таго, каб пры нагодзе суду і допытаў смела магла прысягнуць, што не ведае аб ейным сховішчы. Можа, прэзбітэры параілі ёй гэтую асцярожнасць. Як Хілон пазнае ўжо гэныя мейсцы, хадзіціму з ім разам і, калі багі дазволяць мне ўбачыць Лігію, бажуся табе Ёвішам, што тады ўжо не выйдзе з маіх рук.

Не перастаю думаць аб самых мейсцах малітвы. Хілон не хоча, каб я з ім хадзіў. Баіцца, але я не магу дома ўседзець. Пазнаю яе і ўначы. Пазнаў бы ўсюды ейны голас і манеры. Сам пайду пераапрануты і буду сачыць кожнага ўваходзячага і выходзячага. Заўсёды аб ёй думаю, дык пазнаю.

Хілон павінен узаўтра прыйсці, і пойдзем. Вазьму з сабою зброю. Некалькі маіх нявольнікаў, высланых на правінцыю, вярнуліся без нічога. Але я цяпер пэўны, што яна ёсць тутака, у горадзе, можа нат недалёка. Я сам адведаў шмат дамоў пад прэтэкстам найму. У мяне будзе ёй у сто разоў лепш, бо там гняздзіцца цэлы мурашнік галоты. Адыж я ёй нічога не пашкадую. Пішаш, добра выбраў, дык выбраў вось турботы і згрызоты. Пойдзем перш-наперш у тыя дамы, якія ў горадзе, пасля за брамы. Надзея чагось ад кожнага заўтра спадзяецца, інакш нельга жыць. Ты кажаш, трэба ўмець кахаць, і я ўмеў гутарыць з Лігіяй пра каханне, а цяпер толькі тужу, толькі чакаю Хілона, і дома не магу вытрымаць. Бывай!»

 

XVI

 

Хілон, аднак, не вяртаўся даволі доўга, так што Вініць не ведаў, што аб гэтым урэшце думаць. Добра ўцееў сабе, што каб напэўна яе знайсці, дык трэба шукаць паволі. Кроў ягоная ды гвалтоўная натура бурыліся супраць рассудку. Сядзець, згарнуўшы рукі й нічога не робячы, не мог ні за што. А зноў жа абяганне гарадскіх завулкаў у цёмным нявольніцкім плашчы, выглядаўшае на дарэмны самападман, не магло яго таксама задаволіць. Вызвольнікі ягоныя, людзі даволі спрытныя, якім на ўласную руку загадаў пошукі, аказаліся ў сто разоў менш зручнымі ад Хілона. Тым часам, апрача кахання, якое чуў да Лігіі, радзілася яшчэ ў ім заўзятасць іграча, які конча хоча выйграць.

Вініць такім ужо быў заўсёды. Ён не здольны быў зразумець, што можа якаянебудзь справа не ўдацца, што трэба адрачыся намераў. Вайсковая дысцыпліна, праўда, на нейкі час зацугляла ягоную самаволю, але адначасна ўшчапіла ў яго перакананне, шго кожны выданы падуладным загад мусіць быць выкананы, а даўжэйшы побыт на ўсходзе, сярод людзей гнуткіх і да нявольніцкага послугу прывыклых, умацаваў толькі ягоную веру, што для ягонага жадання няма межаў. Стагнала цяпер у ім самалюбства. Было пры тым у гэных няўдачах і ў самай згубе Лігіі штось незразумелае, нейкая загадка, над разгадваннем якое мучыў сабе голаў… Адчуваў, што Актэ праўду казала: Лігія не была да яго халоднай. Але калі так, дык чаго было ўцякаць ад ягонага раскошнага дому, ад ягонага кахання ды салодкіх пястошчаў, уцякаць на тулянне й нэндзу? На гэнае пытанне не ўмеў ён знайсці адказу, да сведамасці ягонай ледзь даходзіла пэўнае няяснае адчуццё, што між ім і Лігіяй ды між іхнімі светаглядамі, між светам ягоным, Пятроніевым, а Лігіі й Пампоніі існуе нейкая розніца і непаразуменне глыбокае, моў пропасць, якое нельга выраўняць. Тады здавалася яму, што мусіць развітацца з Лігіяй, дык яшчэ горш траціў раўнавагу, якую спрабаваў утрымоўваць у ім Пятроні. Былі хвіліны, у якіх і сам ужо не ведаў, ці кахае Лігію, ці ненавідзіць, ведаў толькі, што мусіць яе знайсці, хай зямля яго глыне, калі яе не ўбачыць ды не прысвоіць. Сілай уявы часта аглядаў яе, як жывую й прысутную, прыгадваў сабе кожнае высказанае да яе або ёю слова. Чуў яе блізка, адчуваў на грудзях і руках, і тады гарачка жады парывала яго неймаверна. Кахаў яе, да сябе заклікаў. А на ўспамін, што і яна яго кахала й гатова была дабравольна споўніць ягоныя жаданні, душыў яго няўтульны жаль, а сэрца залівала хваля салодкае песлівасці. Іншы раз падыходзіла такая злосць, што аж бялеў з закатнасці й пагражаў Лігіі пакутамі. Жадаў яе не толькі мець, але мець стаптанаю нявольніцаю, а адначасна адчуваў, што каб прыйшлося яму выбіраць, ці быць ейным нявольнікам, ці не бачыць яе болей у жыцці, дык згадзіўся б быць нявольнікам. Бывалі дні, у якіх нат думаў і аб розгах, але гатовы быў адначасна сляды розаг тых на ейным ружовым целе цалаваць. Дакучала нат яму думка, што быццам шчасліўшым быў бы, каб яе забіў.

Ад гэных роспачных думак, сумніваў і згрызотаў цярпела здароўе, а нат і краса. Стаўся мсцівым ды абрызглым для ўсіх. Нявольнікі, а нат вызвольнікі збліжаліся да яго з дрыготным страхам, а як пачаў штораз часцей катаваць іх без дай прычыны, пачалі яго ўпотайкі ненавідзець.

А ён, бачачы гэта, мсціўся яшчэ горш у прыпадку горкае свае самоты.

Шчадзіў цяпер аднаго толькі Хілона, баяўся бо, каб не пакінуў шукаць, а той, спанатрыўшы гэта, пачаў з яго тым больш цягнуць ды вадзіць за нос.

Спачатку пры кожных адведзінах завяраў Вініція, што справа пойдзе хутка й лёгка, цяпер жа пачаў самахоць выдумоўваць перашкоды і, запэўніваючы аб добрым канчатку, не хаваў, што яшчэ канчатак той далёка.

Прыйшоў урэшце пасля доўгіх чакальных дзён так нахмураны, што закаханы юнак наш збялеў, гэта бачачы, і адразу накінуўся з градам пытанняў: — Няма яе між хрысціянамі?

— Чаму няма, — адказвае Хілон, — але знайшоўся між імі Глаўк, лекар.

— Дык што, што за Глаўк?

— Ці ж забыўся, спадару, аб старым, з якім я падарожыў з Неапалю ў Рым і якога баронячы страціў гэтыя вось два пальцы, нельга цяперака ўтрымаць пяра ў руцэ. Разбойнікі парэзалі яго нажом, адабраўшы жонку й дзеці. Пакінуў яго ў гасподзе пад Мінтурнай канаючага, доўга плач мяне браў. На жаль, пераканаўся, жыве й дасюль і належыць да гміны хрысціянскае ў Рыме.

Вініць адразу не мог даўмецца, аб чым гутарка, здагадваўся толькі, што той Глаўк нейк мусі ўтрудняе адшукаць Лігію, дык, прытлуміўшы гнеў, кажа: — Калі ты яго бараніў, дык павінен быць табе ўдзячны і дапамагаць.

— Ах, дастойны трыбуне! Нават багі не заўсёды бываюць удзячныя, а што ж казаць аб людзях. Так! Павінен мне быць удзячны. Але бяда, гэты стары слабога розуму, прыцемненага векам ды старасцяй, дык не толькі не ўдзячны мне, але, як дайшло да майго ведама ад ягоных аднаверцаў, вінаваціць мяне, што я быў у змове з разбойнікамі ды што я навёў на яго злыбяду. Вось мне заплата за два пальцы!

— Я перакананы, што так і было, шэльма, як ён кажа, — прыгваздзіў Вініць.

— Ці ж больш ведаеш за яго, спадару, — адказаў важна Xiлон, — ён бо толькі здагадваецца аб гэтым, хоць, аднак, мог бы пры помачы хрысціян горка мне адпомсціць. Напэўна, зрабіў бы гэта, а іншыя напэўна памаглі б. На шчасце, не ведае, як завуся, а ў доме малітвы, дзе спаткаліся, не спанатрыў мяне. Я, аднак, пазнаў яго адразу ды як жа хацеў яму кінуцца на шыю. Развага мяне толькі ўстрымала. Пасля, як выйшлі, пачаў я пра яго выпытваць, і тыя, што ведаюць яго, сказалі мне: гэтага чалавека здрадзіў нейкі злыбеднік падчас падарожжа з Неапалю… Іначай бо не ведаў бы аб ягоным вайцянні.

— Што мне за справа да гэтага! Кажы, што бачыў у доме малітвы?

— Табе не справа, спадару, але мне справа, і то скурная справа. Бо хачу, каб навука мая мяне перажыла, дык лепш адракуся абяцанае праз цябе заплаты, чым жыццё змарную дзеля марнае мамоны, без якое, як боскі філязоф, і так патраплю жыць ды шукаць божай праўды.

Вініць, злосны й нахмураны, збліжыўся да яго і кінуў панурае пытанне: — А хто цябе запэўніў, што з Глаўкавых рук смерць хутчэй цябе спаткае, чым з маіх? Скуль, сабача, ведаеш, што не загорнуць цябе зараз зямлёю ў маім агародзе?

Хілон, трусліва глянуўшы на Вініція, адразу скеміў, што тут яшчэ адно лішняе слова можа давесці да гібелі.

— Буду шукаць яе, спадару, і знайду! — адманваецца паспешна.

Замоўклі, у цішы чутны толькі зяханне ўзбуранага Вініція ды далёкія песні працуючых у агародзе нявольнікаў. Цераз момант грэк, бачачы ўжо на твары маладога патрыцыя супакаенне, пачаў гаварыць: — Смерць прайшла ля мяне, але я так смела глядзеў ёй у вочы, бы Сакрат. Не, спадару, я не кажу, што не шукаціму дзяўчыны, я жадаў толькі звярнуць увагу, што пошукі яе надта ж для мяне небяспечныя. Сумняваўся, вашэць, у сваім часе, што існуе на свеце нейкі Эўрыцы, а хоць на ўласныя вочы пераканаўся, што сын бацькі майго казаў табе праўду; думаеш вось, што лгу аб Глаўку. На жаль, ня ёсць ён выдумкай; каб я мог зусім бяспечна ацірацца ля хрысціян так, як даўней, аддаў бы за тое старую бедную маю нявольніцу, якую анагдай купіў дзеля апекі над маім старэчым калецтвам. Але бо Глаўк жывы, і каб мяне хоць раз убачыў, дык не ўбачыў ужо мяне больш ты, спадару, а тады хто б табе знайшоў красуню?

Тут замоўк ды пачаў выціраць слёзы, пасля гаворыць далей: — А пакуль Глаўк жыве, як жа мне яе шукаць, магу знячэўку нарвацца на таго злыдня і згіну, а разам са мною скончацца й пошукі.

— Да чаго ты дагаворваешся? Дай раду! Што думаеш пачаць?

— Арыстотэлес нас вучыць, спадару, што меншыя рэчы трэ пасвячаць дзеля большых, а кір Прыам казаў часта: старасць не радасць. Вось жа ярмо старасці й гора гныбіць Глаўка так даўно ўжо і цяжка, што смерць была б для яго вызваленнем. Так кажа і Сэнэка… — Блазнуй з Пятроніем, не са мною, кажы, чаго хочаш?

— Калі цнота ёсць блазнотай, хай дазволяць багі назаўсёды застацца мне блазнам. Манюся, спадару, спратаць Глаўка, бо пакуль ён жыве, і жыццё маё і пошукі заўсёды будуць у небяспецы.

— Дык наймі людзей, якія кіямі затаўкуць яго, я ім заплачу.

— Здзяруць з цябе, спадару, дый магчымуць парушыць сакрэт. Абармотаў у Рыме ёсць столькі, колькі пяску на арэне; каб ты ведаў, аднак, як даражацца, калі сумленны чалавек патрабуе іхняга разбойніцтва. Не, дастойны трыбуне! Ануж бы вігілы спаймалі? Дый прызналіся, хто іх наняў? А мяне не выявяць, імя бо маё не ведацімуць. Чаму б не даверыць мне, бо, не кажучы ўжо аб маёй сумленнасці, памятай, расходзіцца тут пра дзве іншыя рэчы: пра маю ўласную скуру ды пра абяцаную мне заплату.

— Колькі ж хочаш?

— Патрэбна мне тысяча сэстэрцыяў, падумай бо, спадару, сам: мушу знайсці сумленных абармотаў, такіх, якія б, узяўшы задатак, не прапалі б з ім разам без вестак. За добрую работу — добрая заплата! Прыдалося б таксама і мне што-небудзь на абмыццё слёз па Глаўку… Перад багамі клянуся, як мне дораг ён! Калі сяння дастану тысячу сэстэрцыяў, за два дні душа яго будзе ў Гадэсе, і там толькі (калі душы наагул маюць памяць і дар мыслі) пазнае, як спагадаў я яму. Людзі знайдуцца хоць бы й сяння, загадаю ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка здымаю ім па сто сэстэрцыяў. Маю таксама адзін помысел, які выдаецца мне беспахібным.

Вініць яшчэ раз прыабяцаў яму жаданую суму, але забараніў далей гаварыць аб Глаўку, а замест таго спытаў, якія больш прыносіць навіны, дзе праз апошні час быў, што бачыў ды што выследзіў. Але Хілон не шмат новага мог яму сказаць. Быў яшчэ ў двух дамох малітвы і зважаў рупна на ўсіх, асабліва на жанчынаў, але не прыкмеціў ніводнай падобнай да Лігіі. Хрысціяне, аднак, быццам уважаюць яго за свайго, а пасля выкуплення Эўрыцыя ганаруюць яго, як наслядоўніка Хрыста. Даведаўся таксама ад іх, што адзін іхні вялікі заканадаўца, нейкі Павал з Тарсу, ёсць у Рыме, у вязніцы, з прычыны жыдоўскага на яго даносу, дык задумаў пазнаёміцца з ім. Але найбольш усцешыла яго іншая вестка, менавіта: найвышэйшы святар цэлае сэкты, вучань і намеснік Хрыстовы, якому Хрыстус паверыў кіравецтва хрысціянства, маецца таксама хутка прыехаць у Рым. Усе хрысціяне, ведама, старацімуцца пабачыць яго ды паслухаць навучання. Маюцца быць вялікія зборышчы, дзе і ён, Хілон, зразумела, будзе прысутны, а нат магчыма ўвесці туды і Вініція. Тады знойдуць Лігію напэўна. А як не будзе Глаўка, не будзе й небяспекі. Помсціцца, пэўна, можа і помсціліся б, але наагул гэта спакойныя людзі.

Тут Хілон пачаў расказваць з пэўным подзівам, што ніколі не бачыў між імі распусты, атручвання студняў і вадаліваў, не даследзіў, каб былі непрыяцелямі роду людскога, каб аддавалі шанаванне аслу ці елі мяса дзяцей. Не, гэтага не бачыў. Пэўне знайдзе між імі й такіх, якія за грошы спратаюць Глаўка, але іхняя навука, наколькі яму вядома, не заахвочвае да ніякага злачынства, наадварот, наказвае дараваць вінаватаму.

Вініць прыгадаў сабе, што казала яму ў Актэ Пампонія Грэцына, і наагул гутаркі Хілона слухаў з радасцяй. Хаця пачуццё яго да Лігіі выглядала бы нянавісць, рабілася яму, аднак, лягчэй, як пачуў, што навука, якую і яна і Пампонія вызнавалі, не была ані злачыннаю, ані плюгаваю. Радзілася, аднак, у ім нейкае пачуцце, што менавіта яна — тая таемная нязнаная чэсць для Хрыстуса — стварыла пропасць між ім і Лігіяй, дык пачаў адначасна і баяцца тае навукі, і ненавідзець яе.

 

XVII

 

Хілон сапраўды маніўся з свету звесці Глаўка, чалавека хоць ужо ў гадох, але яшчэ цепяткога. У тым, што казаў Вініцію, была крошка праўды. Ведаў ён у сваім часе Глаўка, здрадзіў яго, прадаў разбойнікам, пазбавіў сям’і, маёмасці і выдаў на морд. Згадваў, аднак, пра гэта з лёгкаю душою, бо кінуў яго канаючага не ў гасподзе, але ў полі пад Мінтурнэ, не спадзеючыся таго, што Глаўк выліжацца з ран і прыйдзе ў Рым. Дык сапраўды, спаткаўшы яго ў доме малітвы, спалохаўся і ў першай хвіліне хацеў зрачыся ўсякіх пошукаў Лігіі. Але з другога боку, баяўся шчэ больш Вініція ды Пятронія. Дык хутка на ўспамін аб гэтых магутных патрыцыях паканаў у сабе хіслівасць. Думаў: лепш мець малых ворагаў, як вялікіх, і, хоць труслівая натура ягоная ўздрыгалася перад крывавымі спосабамі, пастанавіў замардаваць Глаўка пры дапамозе трэціх рук.

Цяпер расходзілася толькі пра падбор людзей, аб іх іменна і талкаваў перад хвілінай Вініцію. Начуючы часта ў вінярнях між людзьмі без даху, без сумлення й веры, лёгка мог знайсці спадручнікаў, гатовых на ўсё, але йшчэ лягчэй такіх, каторыя, знюхаўшы ў яго грошы, пачалі б работу ад яго самога або ўзяўшы з яго ўсю суму пагрозаю выдачы вігілам. Дый ад пэўнага часу чуў нейкую ў сабе абрыду да галіты, да плюгавых страхотных тыпаў, якія гняздзіліся ў спелюнках на Субуры ці Затыбры. Мераючы ўсё сваёю меркай дый не ведаючы дастаткова хрысціян, ані іхняе навукі, думаў, што і між імі знойдзе паслухмянае знадоб’е, маючыся выкрывіць у свой бок іхнюю безінтэрасоўную шчырасць.

Вось жа таго самага вечара пайшоў з тою мэтай да Эўрыцыя, які быццам адданы яму быў цэлаю душою і не адкажа ніякае помачы. Будучы, аднак, з натуры асцярожным, ані думаў яму адкрываць сапраўдных сваіх намераў, бо ж працівіліся яны веры й багабойнасці старца. Істыя замыслы свае меўся адкрыць толькі сапраўдным завушнікам і выканаўцам, якія з увагі на сваю бяспечнасць мусіцімуць датрымаць тайніцу.

Стары Эўрыцы, выкупіўшы сына, наняў адну з такіх малых крамак, ад якіх раілася пры Цыркус Максімус, прадаваў у ёй боб, аліўкі, пернікі, мядовую ваду цыркавым глядзельнікам. Хілон застаў яго дома, ладзіў крамку, і, прывітаўшы па-хрысціянску, адразу прызнаўся, з чым прыйшоў. Аддаўшы моў ім прыслугу, спадзяецца ўдзячнае помачы ад іх. Трэба яму двух або трох людзей, дужых і адважных, дзеля адхілення небяспекі, пагражаючай не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бадай бо ўсё, што меў, аддаў Эўрыцыю, а ўсё ж людзям тым заплаціў бы за іхнюю паслугу, калі будуць яму вернымі й паслухмянымі. Пачцівы Эўрыцы з сынам сваім Квартусам слухалі свайго дабрадзея амаль на каленях. Абодва самі былі гатовы споўніць жаданні ягоныя, верачы, што так святы муж, як ён, не жадаціме ад іх прыслугі, нязгоднае з Хрыстоваю навукаю. Хілон запэўніў іх аб гэтым і, падняўшы вочы ўгару, нібыта маліўся, а сапраўды надумоўваўся, ці б не прыняць ад іх паслугі, ашчадзіўшы тысячу сэстэрцыяў. Але па хвіліне адкінуў гэную думку. Эўрыцы быў усё ж такі слабым ужо старцам, прыгнобленым горам і хваробай.

Кварт меў усяго шаснаццаць год, а Хілону трэ было людзей спраўных, дужых. Тысячу сэстэрцыяў спадзяваўся сваім спосабам і так заашчадзіць. Яны намагаліся, але, спаткаўшыся з станоўкасцяй, саступілі. Квартус тады кажа: — Ведаю пекара Дэмаса, у якога пры жорнах многа ўсякіх людзей. Адзін з тых наймітаў так дужы, што стаў бы не за двух, а за чатырох, бо ён сам бачыў, як падымаў каменне, якое чатырох людзей не давала рады.

— Калі гэта багабойны чалавек і гатовы пасвяціцца за братоў, пакажы мне яго, — просіць крывадушны Хілон.

— Гэна хрысціянін, спадару, — адказвае Кварт, — у Дэмаса бо амаль усе хрысціяне. Ёсць там і работнікі начныя, і дзённыя, той менавіта — начны.

Цяпер нат маглі б мы з ім свабодна разгаварыцца, бо акурат у іх вячэра. Дэмас жыве каля Эмпорыюма34.

Хілон згадзіўся ахвотна. Эмпорыюм знаходзіўся пад узгор’ем Авентынскім, дык не надта далёка ад Вялікага Цырку. Льго было, не абходзячы ўзгор’я, ісці ўздоўж ракі праз Портык Эмілія, скарачаючы дарогу.

— Стары я ўжо, — кажа Хілон, затрымаўшыся пад калюмнаю, — дык часам маю зацьменне памяці. Так, здаецца, Хрыста нашага здрадзіў вучань ягоны! Толькі імя здрадніка не магу ось сабе прыгадаць.

— Юдаш, спадару, што павесіўся, — нагадаў Кварт, дзівячыся адначасна ў душы, як можна было такое імя забыцца.

— Во так! Юдаш! Дзякуй табе, — адказвае Хілон.

Праз хвіліну йшлі моўчкі. Дайшоўшы да Эмпорыюма, які ўжо быў замкнёны, мінулі яго і, абыйшоўшы сверні, з якіх выдавалася народу збожжа, сыйшлі налева, уздоўж дамоў на Астыенскай дарозе аж да ўзгорку Тэстацыюс і Форум Пісторыюм35. Там затрымаліся перад драўляным будынкам, з якога даходзіў гук жарон. Кварт увайшоў туды; Хілон, баючыся спаткацца сілаю фатум з Глаўкам, лекарам, ды не хочучы наагул паказвацца ў талацэ людзей, застаўся на двары.

— Цікавасць бярэ, што за Геркулес у наймітах пры жорнах, — гадаў сабе, пазіраючы на ясны месяц, — калі гэта хітры злыдзень, крышку мусі мне каштаваціме, а калі сумленны целяпень, усё зробіць задарма.

Далейшыя думкі перарваў яму Кварт, які выйшаў з будынку з другім чалавекам, апранутым толькі ў туніку, так званую «эксоміс», так скроеную, што правая рука і частка грудзей была голай. Такую адзежу, выгодную пры рабоце, насілі пераважна работнікі. Хілон, акінуўшы вокам незнаёмага, усцешыўся, нідзе бо дагэтуль не спатыкаў такога пляча і грудзей.

— Вось, дабрадзею, — паказвае Кварт, — брат, якога жадаў бачыць.

— Вітанне табе Хрыстовае! — азваўся Хілон. — Скажы ж, Квартуська, гэтаму брату, ці я годзен веры й даверу, ды йдзі сабе з Богам, нельга бо старога бацькі пакідаць самога.

— Гэта святы чалавек, — заручае Кварт, — які аддаў усю сваю маёмасць на выкупленне мяне, незнаёмага, з няволі. Хай Госпад, Збаўца наш, дасць яму заплату вечную.

Асілак-работнік, пачуўшы гэта, схіліўся ды пацалаваў у руку Хілона.

— Як жа завешся, браток? — пытае грэк.

— На хросце святым далі мне, ойча, імя Урбан.

— Браток мой, Урбанка, ці маеш хвілінку часу пагутарыць са мною?

— Работу нашу пачынаем каля поўначы, а цяперака вараць ось нам вячэру.

— Дык часу маеш даволі; пойдзем жа пад рэчку, паслухаеш, што я табе там скажу.

Пайшлі, селі на каменным беразе ў цішы, парушанай толькі далёкім гукам жарон ды булькатаннем рачное хвалі. Там Хілон прыгледзеўся добра жарнамолу, які, паміма грознай барбарскай панурыстасці, выдаваўся яму, аднак, даволі шчырым і рахманым.

— Так, — думае сабе, — гэта чалавек добры і наіўны, ён дарма заб’е Глаўка.

Пасля пытае: — Любіш, Урбан, Хрыста?

— Люблю ўсёй душою й сэрцам, — адказаў жарнамол.

— А братоў і сясцёр сваіх, а тых, што навучылі цябе праўды й веры Хрыстовай?

— І іх таксама люблю, ойча.

— Тады — pax табе!

— І табе, ойча!

Настала зноў цішыня, толькі жорны гучэлі ўдалечыні, а ўнізе бульбацела рака. Хілон заглядзеўся ў ясны месяц ды спавагу пачаў расказваць пра Хрыстову смерць. Гаварыў быццам не Урбану, а як бы сам сабе разважаў тую смерць, як бы тайніцу яе хацеў пераказаць заспанаму гораду. Выглядала гэта ўрачыста і ўзрушаюча. Жарнамол плакаў, а як Хілон пачаў енчыць і бедаваць, што падчас смерці Збаўцы не было нікога, хто б яго бараніў калі не ад укрыжавання, дык прынамсі ад знявагі салдатаў ды жыдоў, магутныя кулакі барбара пачалі сціскацца ад жалю й злосці. Расчуляла яго смерць, а злосць і дзікая ахвота агартала яго на ўспамін аб здзеках і кпінах раз’юшанага зброду з укрыжаванага Баранка.

А Хілон нагла суліць пытанне: — Ведаеш, Урбан, хто быў Юдаш?

— Чаму ж не ведаю. Але ён павесіўся, — адказвае работнік.

І ў гутарцы ягонай вычувалася быццам незадавальненне з таго, што здраднік укараў сам сябе і не можа патрапіцца яму ў рукі.

Хілон жа падсябрываўся далей: — Ну а каб не быў павесіўся ды каб каторы з хрысціян сустрэў яго на моры ці на сухазем’і, няўжо не павінен быў бы помсціць пакуту, кроў і смерць Хрыстову?

— Хто ж бы не адпомсціўся, ойча!

— Pax табе, слуга верны Баранка! Так, можна дараваць сваю крыўду, але Богавае ніхто не мае права дараваць! Але як вуж плодзіць вужа, як злосць родзіць злосць, а здрада здраду, так з яду Юдашавага нарадзіўся другі здраднік, і як той выдаў жыдом і рымскім воям Збаўцу, так гэты, што жыве між намі, маніцца выдаць авечкі ваўком, і калі ніхто не адверне здрады, калі не скруціць упору вужацы галавы, нікога з нас не міне згуба, а з намі разам загіне і чэсць Баранка.

Жарнамол уставіў у яго трывожныя вочы, як бы не кеміў, што гаворыцца, а грэк, накінуўшы на голаў рог адзежыны, прыдушаным голасам цягнуў абармоцтва далей: — Гора вам, праведныя слугі Божыя, хрысціяне й хрысціянкі!

Ды зноў замоўк, зноў чуцён быў толькі гук жарон, шум ракі ды глухое пяянне жарнамолаў.

— Ойча! — пытае ўрэшце работнік. — Што гэта за здраднік?

Хілон схіліў голаў.

— Што за здраднік? Юдавы сын, сын яду ягонага, што быццам прыкідваецца хрысціянінам і ходзіць у дом малітвы па тое толькі, каб ачарняць братоў перад цэзарам, што цэзара моў не хочуць прызнаваць за Бога, што затручваюць вадалівы, душаць дзяцей ды намагаюцца знішчыць гэты горад так, каб на каменні камення нат не засталося. За некалькі дзён вось будзе выданы прэторыянам загад арыштаваць старцаў, жанчын, дзяцей ды паслаць на смерць так, як нявольнікаў Пэданія Сэкунда.

І ўсё гэта спрычыніў той Юдаш. Але калі першага Юды ніхто не скараў, не помсціў, баронячы Хрыста падчас мукаў, дык хто захоча ўкараць гэтага, хто разатрэ вужаку перш, чым судзіціме цэзар, хто згладзіць, хто абароніць ад загубы веру ў Хрыста?

Урбан устаў нагла й кажа: — Я даканаю гэтага, войча!

Хілон таксама ўстаў, праз момант глядзеў у твар жарнамолу, асветлены месяцам, пасля, кладучы важна далонь на ягонай галаве, гавора: — Ідзі да хрысціян, — загадаў важна, — ідзі ў дамы малітвы й пытай братоў пра Глаўка, лекара, і як толькі табе яго пакажуць, у імя Хрыста, забі!

— Пра Глаўка? — паўтарыў жарнамол, як бы жадаў уцвярдзіць сабе ў памяці тое імя.

— Ведаеш яго?

— Не, не ведаю. У Рыме ёсць тысячы хрысціян, дык не ўсе з сабою знаюцца. Але заўтра ў Острыянуме збяруцца браты і сёстры ноччу ўсе да аднае душы, бо прыехаў вялікі Апостал Хрыстовы, які будзе тамака навучаць, там брацця пакажуць мне Глаўка.

— У Острыянуме? — спытаў Хілон. — Гэта ж за горадам. Усе брацця і сёстры? Уначы? За брамамі Острыянума?

— Так, ойча. Гэта наш магільнік, між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Ці ж ты не ведаеш нічога пра навучанне там Вялікага Апостала?

— Не быў праз два дні дома, дык не атрымаў ад яго весткі, дый не ведаю, дзе той Острыянум, нядаўна бо ж прыехаў з Карынту, дзе апякуюся хрысціянскаю гмінаю… Але так ёсць! Калі Хрыстус даў табе такое натхненне, пойдзеш, сынку, уначы да Острыянума, там знойдзеш між братамі Глаўка і заб’еш яго, вяртаючыся назад у горад, за гэта будуць адпушчаны табе ўсе твае грахі. А цяпер pах з табою!..

— Ойча… — Ну што, слуга Баранка?

На твары работніка села цяжкая задума. Нядаўна вось забіў чалавека, а можа й двух, а навука Хрыстова забараняе забойства. Не забіў іх, праўда, дзеля ўласнае абароны, бо і гэта не можна! Не забіў, барані Божа, дзеля нажывы… Біскуп сам даў яму на помач братву, але забіваць не дазволіў, ён жа забіў нехаця, бо пакараў яго Бог сілаю вялікаю… І цяпер вось цяжка пакутуе… Іншыя пяюць пры жорнах, а ён, небарака, усё думае пра свой грэх, пра абразу Баранка… Колькі ён ужо вымаліўся, колькі выплакаў слёз! Колькі разоў перапрашаў Баранка! І дагэтуль пачуваецца грэшным. А цяпер зноў вось абяцаў забіць здрадніка… Яно мо й добра! Уласную бо крыўду толькі можна прабачаць, дык заб’е яго хоць бы на вачах усіх братоў і сёстраў, якія ўзаўтра будуць у Острыянуме. Але хай Глаўка перш асудзяць старшыны гміны, біскуп ці Апостал. Забіць не цяжка, а забіць здрадніка нават і міла, бы воўка ці мядзведзя, але што, калі заб’ю невінаватага?

Як жа браць на сумленне новы грэх, новую абразу Баранка?

— На суд няма часу, мой сыне, — вырашыў Хілон, — бо здраднік проста з Острыянума пойдзе да цэзара ў Анцыюм або схаваецца ў таго патрыцыя, якому служыць; даю вось табе знак, па забойстве Глаўка пакажаш яго ці біскупу, ці Вялікаму Апосталу, а яны багаславіцімуць твой учынак.

Сказаўшы гэта, дастаў грашавік, выскраб нажом на сэстэрцыі знак крыжа і аддаў яго работніку.

— Во прысуд на Глаўка і знак табе. Пакажы толькі, зрабіўшы сваё, біскупу, дык адпусціць табе і гэтае і тамтыя забойствы.

Работнік выцягнуў руку, але, успомніўшы надта яшчэ свежае папярэдняе забойства, жахнуўся, небарака.

— Ойча, — адазваўся, быццам молячы, — няўжо бярэш на сваё сумленне гэты ўчынак, няўжо сам ты чуў Глаўка, як прадаваў братоў?

Хілон скеміў, што трэ даць нейкія доказы, выказаць якія-небудзь прозвішчы, інакш бо ў душу асілка залезе сумніў. І нараз прыдатная думка мігнула ў галаве.

— Слухай, Урбан, — кажа, — я жыву ў Карынце, але родам я з Кос, і тут, у Рыме, вучу Хрыстоваю навукаю адну служніцу з маіх старон, якая завецца Эўніка. Служыць яна як вестыпліка ў аднаго цэзаравага прыяцеля, нейкага Пятронія. Вось жа ў адным доме чуў я, як Глаўк падручаўся выдаць усіх хрысціян дый апрача таго абяцаў іншаму цэзараваму завушніку, Вініцію, знайсці яму між хрысціянамі дзяўчыну… Тут замоўк і глянуў, здзіўлены, на жарнамола, у якога вочы загарэліся раптам бы ў звера, а твар нахмурыўся дзікім гневам і злосцю.

— Што табе? — спытаў сопалаху.

— Нічога, ойча. Заб’ю Глаўка ўзаўтра!..

Грэк змоўк, пасля, узяўшы за плячо рабачая, адвярнуў яго на бляск месяца ды пачаў уважна прыглядацца. Відавочна сумняваўся ў душы, ці выцягваць ад яго болей, ці задаволіцца тым, што выдабыў. У канцы свомая асцярожлівасць перамагла. Уздыхнуў глыбока раз і другі ды, палажыўшы зноў далонь на галаве асілка, спытаў важным дабітным голасам: — Табе на хросце далі імя Урбан?

— Так, ойча.

— Ну дык pax табе, Урбанка!

 

XVIII

 

Пятроні да Вініція: «Дрэнна з табою, carissime! Венус, мабыць, скаламуціла ў табе почувы, адабрала розум, памяць і дар думкі аб усім, што ня ёсць каханнем. Прачытаеш калісь свой адказ на мой ліст, а дзівіцімешся, як твой розум ахаладзеў цяперака да ўсяго, што ня ёсць Лігіяй, як ён повен яе, ля яе безустанку снуе, моў той каршун над здабычаю. На Палукса! Шукай яе хутчэй, бо інакш, калі агонь цябе не стравіць на попел, зменішся ў егіпскага сфінкса, што, закахаўшыся, як кажуць, у блядую Ізіс, аглох на ўсё сабе, спрыкрыў і чакае толькі ночы, каб углядацца ў каханку каменнымі вачыма.

Абягай сабе вечарамі горад, пераапрануўшыся, учашчай нат разам з сваім філёзафам да хрысціянскіх малельняў. Усё, што родзіць надзею ды запаўняе час, годнае пахвалы. Але, у імя мае прыязні, зрабі адну рэч: той Урсус, нявольнік Лігіі, мабыць, незвычайнае сілы чалавек, дык наймі Кратона ды шукайце ўтрох. Так будзе беспячней ды разумней. Хрысціяне, калі да іх належаць Пампонія Грэцына ды Лігія, не такія хіба разбойнікі, як гэта ўсім здаецца, паказалі аднак, адбіраючы Лігію, што ў абароне авечак свайго статку не жартуюць. Як знойдзеш Лігію, то ж напэўна захочаш яе забраць з сабою, а ці ж даканаеш гэта з самым толькі Хіланідам? А Кратон дасць рады, хоць бы яе бараніла дзесяцёх такіх Урсусаў. Не дайся Хілону смактаць, але Кратону грошай не шкадуй. Ад усіх радаў, якія магу табе пераслаць, гэта найлепшая.

Тут пакінулі ўжо гаварыць аб малой аўгусце ды аб чарах, ад якіх быццам яна памерла. Прыгадвае йшчэ часамі аб іх Папея, але думка цэзара занята цяпер чым іншым; а калі праўда, што аўгусцейшая дзіва пры новай надзеі, дык і ў ёй хутка сумныя ўспаміны пагаснуць бясследна. Мы ўжо колькінаццаць дзён у Неаполісе, а вярней у Байя. Калі б ты здольны быў аб чым-небудзь думаць, дык рэха нашага тут побыту мусіла б дайсці й да цябе, у цэлым Рыме хіба ж аб чым іншым ніхто й не гаворыць. Дык вось, прыехалі мы проста да Байя, дзе апанавалі нас перш-наперш згрызоты сумлення. І ці ведаеш, да чаго Агенабарбус ужо дайшоў? З агіднага забойства маці робіць сабе тэмы для сваіх вершаў ды блазноцка-трагічных сцэнаў. Даўней баязлівасць выклікала сапраўдныя згрызоты, цяпер жа, калі пераканаўся, што свет і па-даўнаму застаўся пад яго нагамі, а ніводзін бог не даканаў над ім помсты, крывіць з сябе пакутніка, каб расчуліць, бач, да сябе людзей. Часам зрываецца ноччу ды крычыць, быццам яго мучыць Фурыя, будзіць нас, палахліва аглядаецца, робіць позу камедыянта, гуляючага ролю Орэста, і то марнага камедыянта, дэкламуе грэцкія вершы і цікуе, ці з яго дзівімся. А мы, ведама, дзівімся! І замест крыкнуць яму: «Пайшоў спаць, блазне!» — настройваемся на тон трагедыі ды ратуем вялікага мастака ад Фурыі.

На Кастора! Дайшла да цябе, можа, хоць вестка аб выступленні ў Неапалісе? Сагналі ўсіх грэцкіх валындаў з Неапалісу і ваколіцаў, яны так засмуродзілі арэну потам і часныкам, што нельга было вытрымаць у першых радох з аўгустыянамі, я дзякаваў багом, што быў з Рудабародым за сцэнай. І ці паверыш, ён баяўся, сапраўды баяўся! Хапаў маю руку і прыкладаў сабе да ўстрывожанага сэрца. Ледзьве зяхаў, а перад выступам быў белы, моў пергамін, на лбе відаць былі кроплі поту. Адыж ведаў, што па ўсіх радох сядзяць напагатове прэторыяне з кіямі, якімі мелі «красаць» зацікаўленне. Але патрэбы не было. Ніводзін хіба статак малпаў з ваколіцаў Картагіны не патрапіць так выць, як выла тая галіта. Кажу табе, смурод часныку даходзіў аж да сцэны. А Нэрон кланяўся, хапаўся за сэрца, пасылаў цалункі і плакаў. Пасля прыбег да нас, чакаючых за сцэнай, як ап’янелы, самахвалячыся: «Што ж значаць усе мае трыўмфы ў параўнанні з гэтым?!» А там голь усцяж выла і плакала, ведаючы, што выплясквае сабе ласку, дарункі, бяседу, латарэйныя білеты ды новыя відовішчы цэзара-блазна. Я ім нат і не дзіўлюся, што пляскалі, бо таго дагэтуль не бачылі. А ён захапляўся: «Вось што значаць грэкі!» І здаецца мне, што ад гэтае пары нянавісць яго да Рыму яшчэ паглыбілася. Сваім парадкам у Рым выслалі адмысловых рассыльных з дакладам аб трыўмфе, дык спадзяемся ў гэтых днях гратуляцыі сенату. Зараз пасля першага выступлення Нэрона здарылася тутака дзіўнае здарэнне. Нагла заваліўся тэатр, на шчасце як выйшлі ўжо людзі. Быў я на мейсцы здарэння і не бачыў, каб каго даставалі з-пад румовішчаў. Многія нат з грэкаў талкуюць гэта як гнеў багоў, якія быццам маюць у відавочнай апецы ягоны спеў і аўдыторыю. З тае прычыны ахвяры па ўсіх святынях падзячаныя, а яму заахвота адведаць Ахайю. Анагдай казаў мне, аднак, што баіцца, бо што на гэта скажа рымская публіка ды ці не ўзбурыцца адсутнасцяй ягонай, адсутнасцяй збожжа й ігрышчаў.

Едзем таксама і да Бэнэвэнту падзіўляць шавецкія раскошы Ватынія, адтуль пад апекай боскіх братоў Алены — у Грэцыю. У сабе самым зацеміў я адну рэч: між шалёнымі становішся шалёным, а прынамсь пачынае смакаваць шалы-балы. Грэцыя і падарожжа з тысячамі цытраў, нейкі трыўмфальны карагод Бакха сярод увенчаных міртовай зеленню, вінаградавым лісцем німфаў і бахантак, вазы з запрэжанымі тыгрысамі, краскі, тырсы, вянкі, воклічы «эвоэ!», музыка, паэзія й воплескі Гэлады, усё гэта добрае, але мы тут гадуем яшчэ смялейшыя замыслы. Нам заманілася стварыць нейкую байковую дзяржаву пальмаў, сонца, паэзіі ды ператворанае рэчаіснасці, ператворанага ў раскошу жыцця. Нам хочацца забыць пра Рым, а цэнтр свету ўфундаваць недзе між Грэцыяй, Азіяй і Егіптам, жыць жыццём не людскім, але жыццём багоў, не ведаць будзёншчыны, блукацца ў залатых галярэях у цяні пурпуровых вятругаў па Архіпелагу, быць Апалонам, Озырысам і Баалем у аднэй асобе, ружавець моў зараніца, сонцам залаціцца, месяцам серабрыцца, валадарыць, пяяць і сніць… І ці паверыш, я, што маю яшчэ на сэстэрцыю рассудку, а на аса толку, паддаюся гэным фантазіям-мроям. Паддаюся таму, што, калі гэта ўсё немагчымае, дык прынамсі велізарнае й незвычайнае… Такая байковая імперыя сном калісь патомкам нашым выдавалася б. Паколькі Венус не прыбярэцца ў постаць Лігіі або хоць такое нявольніцы, як Эўніка, ды паколькі не прыхарошыць яго мастацтва, дык жыццё само ёсць нікчэмным, пустым і часта мае аблічча малпы. Але Рудабароды не ажыццёвіць сваіх помыслаў хоць бы й дзеля таго, што ў той байковай дзяржаве паэзіі і Ўсходу не павінна быць мейсца на здраду, подласць і смерць, а ў ім пад відам паэта сядзіць марны камедыянт, дурнаваты фурман і нікчэмны тыран. Душым людзей, калі нам чым-небудзь заваджаюць. Бедны Таркват Сыланус ёсць ужо ценем. Падрэзаў сабе жылы перад некалькімі днямі. Лекан і Ліцыній прымаюць кансулат са страхам, стары Тразэй не пазбегне смерці, бо смее быць чэсным. Тыгэлін і дагэтуль не можа выстарацца для мяне загаду, каб падрэзаў сабе жылы.

Я, бач, патрэбны яшчэ не толькі як арбітр элеганцыі, але як чалавек, без якога рады і густу магла б няўдацца экспедыцыя ў Ахайю. Часта, аднак, думаю, што раней ці пазней мусіціме на гэтым скончыцца, і ці ведаеш, пра што тады расходзіцца: каб Рудабародаму не дасталася тая мірэнская чара, якую ты знаеш ды любуеш. Калі падчас смерці мае будзеш пры мне, дык аддам яе табе, а калі будзеш далёка, дык паб’ю яе. Бывай здароў і наймі Кратона, бо інакш другі раз табе выдзяруць Лігію. Як перастане табе быць патрэбны Хіланід, прыйшлі яго мне, дзе буду. Можа, зраблю з яго другога Ватынія, і мо мужы консульства ды сенатары будуць яшчэ дрыжаць перад ім, як дрыжаць перад тамтым рыцарам-дратаўкаю. Як знойдзеш Лігію, дай мне знаць, ахвярую за вас пару лебедзяў і галубоў у тутэйшай круглай святыні Венеры. Бачыў я раз у сне Лігію на тваіх каленях, шукаючую тваіх цалункаў. Пастарайся, каб гэны сон спраўдзіўся. Хай жа неба твайго не засноўваюць хмары, а калі й заснуюць, дык хай маюць колер і пах ружаў. Бывай здароў!»

 

XIX

 

Толькі што скончыў Вініць чытаць, як у бібліятэку ўсоўваецца ціха неспадзяваны Хілон, бо служба мела загад пушчаць яго ў кожную пару дня й ночы.

— Хай боская маці твайго крывічэснага продка Энэя будзе міласціва табе так, як мне быў міласцівы боскі сын Майі.

— Гэта знача?.. — спытаў Вініць, зрываючыся ад стала, пры якім сядзеў.

Хілон падняў голаў і кажа: — Эўрыка!

Малады патрыцый узгарэўся так, што праз даўжэйшую хвіліну не мог слова прамовіць.

— Бачыў яе? — спытаў нарэшце.

— Бачыў Урсуса, спадару, і гутарыў з ім.

— І ведаеш, дзе схаваліся?

— Не, доміне. Хто іншы мо праз самае сябелюбства даў бы від лігу, што згадаў, хто ён такі, або пачаў бы выпытваць, дзе жыве, і дастаў бы куксача, ад якога ўсе зямныя стравы сталіся б нямілымі, або ўзбудзіў бы недавер вялігура і спрычыніў бы тое, што тае ж самае ночы пашукалі б іншага сховішча. Гэтага я не зрабіў. Даволі мне ведаць, што Урсус працуе ў млынара каля Эмпорыюма, які завецца Дэмас, так, як твой вызвольнік, а даволі мне гэтага таму, што цяпер кожны твой надзейны чалавек магчыме пайсці ягоным следам і выследзіць іхняе сховішча. Я прыношу табе толькі пэўнасць, спадару, што калі Урсус тут, дык і боская Лігія ёсць у Рыме, і другую вестку: сянняшняе ночы напэўна яна будзе ў Острыянуме… — У Острыянуме? Дзе гэта? — перапытаў Вініць, жадаючы мабыць зараз бегчы на тое мейсца.

— Стары магільнік між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Той хрысціянскі pontifex maximus36, аб якім табе, спадару, я згадваў ды прыезду якога спадзяваліся многа пазней, ужо прыехаў і сянняшняе ночы хрысціціме й навучаціме на гэным магільніку. Яны хаваюцца з сваёю навукаю, бо хоць няма дагэтуль ніякіх забараняючых эдыктаў, народ іх ненавідзіць, дык мусяць асцерагацца. Сам Урсус казаў мне, што ўсе як адна душа сыйдуцца ў Острыянуме, кожны бо хоча пабачыць ды паслухаць таго першага вучня Хрыстовага, якога яны завуць Высланцом. Жанчыны ў іх нароўні з мужчынамі слухаюць навукі, дык адна мо з іх толькі Пампонія, баючыся Аўлюса за начныя пабягушкі, не будзе прысутнай. Лігія, аднак, будучая пад апекай Урсуса і старшынаў гміны, прыйдзе, думаю, разам з іншымі жанчынамі.

Вініць, які дагэтуль жыў як бы ў гарачцы, падтрымоўваны надзеяй, цяпер, калі тая надзея здавалася спаўняцца, пачуў нагла такое стамленне, як падарожнік пасля непасільнай падарожы. Хілон гэта скеміў, дык пастанавіў выкарыстаць.

— Брамы, праўда, вартуюць твае, спадару, людзі, хрысціяне павінны аб гэтым ведаць. Але яны не патрабуюць брамаў. Тыбр таксама іх не патрабуе, і хоць ад тамтых дарог далёка, варта й дарогу адолець, каб пабачыць Вялікага Апостала.

Але яны маюць тысячы спосабаў выхаду з гораду. У Острыянуме, вашэць, знойдзеш Лігію, а калі б нават — чаго не прадбачваю — не было яе тамака, дык будзе Урсус, прырок бо мне задушыць Глаўка. Сам казаў мне, што будзе, і там яго замардуе, чуеце, крывічэсны трыбуне? Дык або пойдзеш следам за ім і даведаешся, дзе жыве Лігія, або загадаеш сваім людзям схапіць яго як забойцу і, маючы ў сваіх руках, выдабудзеш з яго вестку, дзе схаваў Лігію. Я сваё зрабіў! Іншы, спадару, круціў бы, што выпіў з Урсусам дзесяць кантараў першараднага віна, пакуль выкучыў з яго тайніцу; другі кляўся б, што мусіў прайграць яму ў scriptae duodecim37 тысячу сэстэрцыяў, або папросту за дзве тысячы купіў сакрэт… Ведаю, што ты заплаціў бы мне за гэта з вярхом, але няма таго, раз у жыцці… то знача хацеў сказаць: як заўсёды ў жыцці, буду чэсным, бо спадзяюся, згодна з словамі вялікадушнага Пятронія, усе патрэбы мае й надзеі твая шчодрасць перавышыць.

Вініць, які ўмеў сабе па-ваяцку даваць раду ў цяжкіх здарэннях, хутка апанаваў слабасць і сказаў: — Не ашахнешся на маёй шчодрасці, перш, аднак, пойдзеш са мною да Острыянума.

— Я да Острыянума? — пытаў збянтэжаны Хілон. — Я, сумленны трыбуне, абяцаў табе знайсці Лігію, але не прыракаў яе адбіраць… Падумай, спадару, што сталася б са мною, калі б той лігійскі мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся адначасна, што не зусім слушна яго разадраў? Ці не ўважаў бы мяне — бяспраўдна — за іставетнага выканаўцу забойства? Памятай, спадару, чым большы хто філязоф, тым цяжэй яму адказваць на глупыя запыты прасцюгі, бо й што ж яму адказаў бы, каб спытаў мяне, чаму абвінавачваў Глаўка?

Калі, аднак, падазраеш мяне ў круцельстве, скажу табе: заплаціш тады толькі, як пакажу табе дом, у якім жыве Лігія, сяння акажы мне частку толькі твае шчодрасці, каб, калі з табою, спадару, — хай багі бароняць — што благое здарылася, не застаўся я цалкам без заплаты. Сэрца тваё хіба таго не перажыло б.

 

 

Вініць падыйшоў да куфра, што стаяў на падмуроўцы, называнай «арка», дастаў капшук, шпурнуў яго Хілону.

— Гэта скрупулы38, — растлумачыў. — Будзе Лігія — дастанеш такі самы, напоўнены аўрэўсамі.

— О, Ёвіш! — закрычаў Хілон.

Вініць прыхмурыў бровы.

— Есці дадуць тутака, можаш тут і адпачыць. Да вечара ані кроку згэтуль, настане ноч — пойдзем да Острыянума.

На твары грэка асеў страх і хістанне, хутка супакоіўся, аднак, і сказаў: — Хто ж табе, спадару, пярэчыціме! Словы гэныя ўважай за памысную варажбу так, як падобныя ўважаў вялікі наш герой у святыні Амнона. Скрупулы гэныя, — патрасаючы капшук, — пераважылі маё скрупулёзнае сумленне, аб шчасці й раскошы твайго таварыства ўжо й не кажу… Вініць нецярпліва перапыніў яго ды пачаў выпытваць аб падрабязнасцях гутаркі з Урсусам. Адно было ясным: сховішча Лігіі шчэ гэтае ночы будзе выкрыта, або яе самую льго будзе схапіць падчас вяртання з Острыянума. Гэтая думка напаўняла Вініція радасцяй. Цяпер, калі зрадзілася пэўнасць здабыцця Лігіі, адыйшла і злосць на яе, і гнеў. За гэтую менавіта радасць дараваў ёй усю віну. Уяўляў толькі яе, сваю дарагую і пажаданую істоту, чаканую з далёкага падарожжа. Брала яго ахвота склікаць зараз нявольнікаў, каб прыхарошвалі ўжо дом у вянкі. Гатовы быў дараваць усім усё. Хілон, да якога дагэтуль, міма ягоных паслугаў, чуў агіду, першы раз выдаўся яму чалавекам забаўным ды не абы-якім. Раз’ясніўся яму дом, раз’ясніліся вочы й цэлае аблічча. Адчуваў нанава роскаш жыцця маладога. Даўнейшая маркотная туга не дала яму яшчэ дастатковай меры, як моцна пакахаў Лігію. Цяпер толькі гэта зразумеў, калі спадзяваўся мець яе. Пажаданне яе будзілася ў ім, моў навесну будзіцца зямля, прыгрэтая сонцам, але ягоная жада была цяперака як бы менш сляпая і дзікая, а больш радасная й далікатная. Адчуваў у сабе безгранічную энергію і быў перакананы: як толькі ўгледзіць Лігію собскімі вачыма, не адбяруць тады ўжо яе ўсе хрысціяне цэлага свету, а нат сам цэзар.

Хілон аднак жа, асмелены ягонай радасцю, падняў зноў гутарку і пачаў даваць рады. На ягоную думку, справы не трэба яшчэ лічыць выйгранай і датрымваць як найбольшую асцярожнасць, без якое ўсе намаганні могуць спракудзіцца. Заклінаў таксама Вініція, каб не адбіраў Лігіі ў Острыянуме. Мусяцімуць туды йсці ў каптурох, з заслоненымі тварамі ды абмежавацца да самае толькі асцярожнае абсэрвацыі з якога-небудзь цёмнага кутка. А як прыкмецяць Лігію, найбеспячней будзе пайсці за ёю назіркам, зацеміць, у які ўваходзіць дом, а назаўтра досвіткам абставіць яго вялікаю сілаю нявольнікаў і забраць яе сярод белага дня. Бо яна ж закладнічка і фактычна належыцца цэзару, дык можна гэта зрабіць без парушэння права. А калі б яе не знайшлі ў Острыянуме, пойдуць за Урсусам, і вынік будзе той самы. На магільнік у вялікай талацэ людзей ісці нельга, бо лёгка звярнулі б на сябе ўвагу, а тады хрысціяне патушаць усе светачы так, як было пры першым адбіранні яе, і разбягуцца ды пахаваюцца ў сховішчах, ім толькі ведамых. Дый трэба ўзброіцца, ці лепш — узяць з сабою двух асілкаў пэўных, каб на ўсялякі выпадак мець абарону.

Вініць прызнаў яму пэўную праўду і, прыгадаўшы адначасна рады Пятронія, выдаў нявольнікам загад, каб прывялі яму Кратона. Хілон, пачуўшы прозвішча слаўнага атлеты Кратона, сілу якога бачыў не раз на сцэне, супакоіўся і згадзіўся ісці да Острыянума. Здабыццё капшука, напоўненага залатымі аўрэўсамі, выдавалася яму лягчэйшым пры помачы Кратона.

Рассеўся з пагоднаю думкаю пры стале, да якога паклікаў яго, крыху пачакаўшы, загадчык атрыюма, і падчас яды мантачыў нявольнікам, як дастаўляў іхняму гаспадару цудоўную масць, якою даволі памазаць капыты найздахлейшым коням перагонак, каб усіх іншых выперадзіць. Навучыў яго рабіць гэту масць адзін хрысціянін, бо старшыны хрысціянскія шмат болей знаюць на чарах і цудах, чым нат тэсалійцы, слаўныя чараўнікі. Хрысціяне маюць да яго вялікі давер, а чаму яго маюць, кажны лёгка дадумаецца, хто ведае, што абазначае рыба. Так прастарэкуючы, старанна вывучаў вочы нявольнікаў, спадзеючыся знайсці між імі хрысціян і далажыць аб гэтым Вініцію. Калі ж свайго не дапяў, пачаў пражорліва есці й піць, не шкадуючы кухару хвальбы ды абяцанак, што адкупіць яго ў Вініція. Весялосць ягоную муціла толькі думка, што ноччу трэ будзе йсці да Острыянума, але пацяшаўся гадкаю, што пойдзе поцемку пераапрануты ды ў таварыстве двух не абы-якіх чалавек, з якіх адзін ёсць бажышчам сілы ў цэлым Рыме, а другі патрыцыем і высокім вайсковым урадаўцам.

«Хоць бы Вініція й адкрылі, — казаў сабе, — дык не асмеляцца налажыць на яго рукі, а мяне — хай будуць мудрымі ўбачыць кончык майго носа».

Пасля пачаў прыгадваць сабе гутарку з работнікам, і разважанні гэныя напоўнілі яго новаю льгою. Не меў найменшага сумніву, што той жарнамол быў адыстар Урсус. Чуў ад Вініція ды ад тых, што адводзілі Лігію з цэзаравага палацу, аб незвычайнай сіле таго чалавека. І ў Эўрыцыя выпытваў пра людзей выняткава моцных, дык нічога дзіўнага, што паказалі яму Урсуса. Апрача таго ўстрывожанасць і абурэнне вялігура на ўспамін аб Вініцію і Лігіі не дазваляе сумнявацца, што асобы гэныя цікавяць яго асабліва; жарнамол згадваў таксама аб пакуце за забойства чалавека, а Урсус забіў Атацына; урэшце рысапіс рабачая згаджаўся з апісаннем Вініція. Адно толькі змененае імя магло будзіць сумніў, але Хілону было ўжо ведама, што хрысціяне змяняюць на хросце імёны.

— Калі Урсус заб’е Глаўка, — думаў сабе Хілон, — дык будзе яшчэ лепей, а калі й не заб’е, дык таксама будзе добры знак, бо акажацца, як цяжка адважваюцца хрысціяне на забойства. Я ж распісаў таго Глаўка як юдашына здрадніка ўсіх хрысціян; быў я так вымоўны, што камень бы ўзрушыўся й абяцаў бы спасці на голаў Глаўка, а паміма гэтага ледзь схіліў таго лігійскага мядзведзя да налажэння на яго лапы… Надумоўваўся, не хацеў, згадваў пра свой жаль і пакуту. Відаць, ім гэта не ўходзіць… Сваю крыўду трэба дараваць, за чужую не надта можна памставаць, еrgo, падумай, Хілонка, што ж табе можа пагражаць?

Глаўку не можна над табою мсціцца… Урсус, калі не заб’е Глаўка за так вялікую віну, як здрада ўсіх хрысціян, дык тым больш не заб’е цябе за так малую, як здрада аднаго хрысціяніна. Ну, хай толькі пакажу таму яраму грывачу гняздо гэнае туркалкі, тады рукі ўмываю ад усяго і пераношуся назад у Неапаль.

Хрысціяне таксама гавораць пра нейкае ўмыванне рук, відаць, гэта ў іх спосаб, якім канчаюцца з імі справы. Нейкія добрыя людзі тыя хрысціяне, а так дрэнна пра іх гавораць! О богі! Гэткая ўжо справядлівасць на свеце. Люблю, сапраўды, гэтую навуку за тое, што не дазваляе рабіць забойства. Але калі не дазваляе забіваць, дык не дазваляе хіба й красці, і ашукваць, і лжыва сведчыць, дык не скажу, каб надта была выгаднаю. Яна, відаць, вучыць не толькі сумленна паміраць, але й сумленна жыць. Як калісь разбагацею ды меціму такі дом, як гэты, і столькі нявольнікаў, дык, можа, стануся хрысціянінам на так доўга, як гэта будзе мне зручна. Багаты бо можа сабе на ўсё дазволіць, нат на цноту… Так, гэтая рэлігія толькі для багатых, і дзеля таго не цямлю, якім спосабам ёсць між імі столькі ўбогіх, што ім з таго за карысць, чаму дазваляюць цноце звязваць сабе рукі? Мушу калісь над гэтым падумаць. Тым часам хвала табе, Гермес, што дапамог знайсці гэнага барсука… Але калі ты гэта спрычыніў, спадзяючыся дзвёх ялавіц белых, аднагодак, з пазалочанымі рагамі, дык не пазнаю цябе. Устыдзься, Аргабойца! Такі мудры бог, і каб загадзя не прадбачыць, што атрымаеш шыш! Ахвярую табе маю ўдзячнасць, а калі жадаеш лепш пару быдлят, тады сам ты трэцяе быдла і павінен быць пастухом, а не богам. Ой, сцеражыся, каб не ўфілязафаваў я людзям, што цябе нямашака, тады бо ўсе табе перастануць несці ахвяры. З філязофамі трэба ласкаю.

Так прастарэкуючы з сабою ды з Гермесам, выцягнуўся на лаве, палажыў сабе адзежыну пад голаў і, як нявольнікі скончылі збіраць са стала, заснуў. Прачнуўся, а хутчэй збудзілі яго, як прыйшоў Кратон. Выйшаў у атрыюм і з уцехаю прыглядаўся магутнай постаці экс-гладыятара, які сваёй велізарнасцю ледзь не ўвесь атрыюм запаўняў. Кратон ужо дамовіўся аб цане і гутарыў з Вініціем.

— Бадай цябе Геркулес! Добра, спадару, што сяння па мяне прыслалі, бо ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт на загад Ватынія, там у прысутнасці цэзара барукацімуся з нейкім Сыфаксам, найдужэйшым афрыканскім неграм. Ці ўяўляеш сабе, вашэць, як ягоныя косці трашчацімуць у маіх руках, расквашу кулаком яму і чорную сківіцу.

— На Палукса! — адказвае Вініць. — Не сумняваюся, што даканаеш гэтага, Кратоне.

— І добра зробіш, — дадаў Хілон. — Але!.. І губу яму расквась! Гэта ўдалая думка й дастойная цябе справа. Гатовы я пайсці ў заклад, што гэта зробіш. Памаж толькі тым часам цела аліваю, мой Геркулесе, ды падперажыся, бо трэба ведаць, што з існым Какусам прыйдзецца мець справу: чалавек, што пільнуе дзяўчыну, пра якую дастойнаму Вініцію расходзіцца, мае быццам неймаверную сілу.

Хілон такімі словамі пампаваў амбіцыю Кратона, але Вініць перасцерагаў: — Так ёсць, не бачыў я яго, але чуў, што, быка схапіўшы за рогі, можа вадзіць куды хоча.

— Ай-ай-ай! — дзівіўся Хілон, які не ўяўляў сабе аж такое сілы ў Урсуса.

Кратон лёгка ўхмыльнуўся.

— Падручаюся, дастойны спадару, — запэўніваў, — гэтаю вось рукою абараніцца ад сямі такіх лігаў і прынесці табе дзяўчыну ў дом, хоць бы ўсе хрысціяне мяне даганялі, моў калабрыйскія ваўкі. Калі не дакажу гэтага, абдзеліш мяне дзягаю ў гэтым імплювіюме.

— Не давай яму рабіць гэтага, спадару! — спахапіўся Хілон. — Пачнуць па нас шпурляць каменнямі, а тады хіба дапаможа ягоная сіла? Ці ж не лепш забраць дзяўчыну з дому і не выстаўляць ані яе, ані сябе на згубу?

— Так маецца быць, Кратоне, — прыцвярдзіў загадна Вініць.

— Твае грошы — твая воля! Не забудзь толькі, спадару, што ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт.

— Маю пяць сотак нявольнікаў у самым горадзе, — адказаў Вініць і, паказаўшы ім рукою дзверы, пайшоў у бібліятэку, сеў і так пісаў Пятронію: «Хілон знайшоў Лігію. Сяння ўвечар іду з ім і з Кратонам да Острыянума ды забяру яе адразу або ўзаўтра з дому. Хай багі абдораць цябе шчасцем!

Будзь здароў, carissime, радасць не дазваляе мне болей пісаць».

І, палажыўшы трасціну, пачаў борздым крокам хадзіць, радасць залівала яму душу, і паліла гарачка. Прысягаў сабе, што назаўтра Лігія будзе ў гэтым доме. Гадаў сабе, як з ёю паступіць, а ў душы пачуваў, што будзе ейнай слугою, калі захоча яго кахаць. Прыпамінаў сабе словы Актэ, што быў каханы, і хваляваўся да глыбіні. Дык, значыць, расходзіцімецца толькі пра пакананне нейкага дзявочага сораму ды нейкіх прырачэнняў, якія відавочна хрысціянская навука накладала. А калі так, дык хай толькі раз Лігія, папаўшы ў ягоны дом, паддасца нагавору або прымусу, тады мусіціме сказаць сабе: «Сталася!» — і будзе слухаць і кахаць.

Уваходзіць Хілон і перарывае гэныя думкі.

— Доміне, — адазваўся грэк, — вось што яшчэ прыйшло мне ў голаў: ануж хрысціяне маюць якія знакі, «тэсэры», без якіх не дапушчаюць да Острыянума? Памятаю, у дамох малітвы так бывае, і такую тэсэру атрымаў я ад Эўрыцыя. Дык дазволь пайсці да яго, распытаць і прызапасіць тыя знакі, калі акажуцца патрэбнымі.

— Добра, чэсны мудрагелю, — адказаў весела Вініць. — Гаворыш як чалавек празорлівы, і трэба цябе за гэта пахваліць. Ідзі да Эўрыцыя ці куды хочаш, але дзеля пэўнасці пакінь на гэтым вось стале капшук, які атрымаў.

Хілон, якому надта ж не даспадобы было расставацца з грашмі, скрывіўся, але выканаў загад і выйшаў. З Карынаў да Цырку, ля якога была крамка Эўрыцыя, не надта было далёка, дык вярнуўся Хілон яшчэ задоўга перад змярканнем.

— Вось знакі, спадару. Без іх нас не ўпусцілі б. Распытваўся я таксама добра, кудою йсці, ды сказаў Эўрыцыю, што патрабую іх толькі для маіх знаёмых, сам бо не пайду, задалёка для мяне старога, што ўзаўтра буду бачыцца з Вялікім Апосталам, які мне перакажа найпрыгажэйшыя ўступы сваёй прамовы.

— Як гэта: не будзеш? Мусіш быць! — паставіўся Вініць.

— Ведаю, што мушу, але пайду добра закаптураны і вам тое самае раю, інакш можам спалохаць птушку.

І неўзабаве пачалі збірацца, пачынала бо ўжо змяркацца. Узялі галійскія вопраткі з каптурамі, узялі лятарні. Вініць апрача таго ўзброіў сябе й таварышаў у кароткія крукаватыя нажы, Хілон жа ўздзеў маску, якую здабыў, варочаючыся ад Эўрыцыя, і выйшлі спешна, каб да адлеглае Намэнтанскае брамы паспець перад яе замкненнем.

 

XX

 

Ішлі праз вуліцу Патрыцыяў, уздоўж Віміналу, да даўнейшае Вімінальскае брамы, каля пляцу, на якім пазней Дыаклецыян пабудаваў раскошныя лазні. Мінулі астанкі муру Сэрвія Тулія і праз больш адлюдныя ўжо ходы дайшлі да Намэнтанскае дарогі, а там збочылі да Салярыяў улева, на прыгоркі ды капальні пяску, а таксама магільнікі. Сцямнела ўжо зусім, але месяца яшчэ не было, дык дарогу ім было б знайсці цяжка, каб не дапамагалі хрысціяне, як гэта раней прадбачыў Хілон. Направа, налева і спераду паказваліся кудзебныя істоты, ідучыя да пяскавых сухадолаў. Некаторыя з іх неслі лятарні, акрывалі, аднак, іх вопраткаю, іншыя йшлі поцемку.

Трапныя ваяцкія вочы Вініція адрознівалі па паходцы малодшых ад старцаў, дыбаючых з кіёчкам, ды ад жанчын, закутаных у доўгія столы. Рэдка спатыканыя тутака прахожыя і сяляне, выязджаючыя з гораду, уважалі, мабыць, тых начных вандроўнікаў за рабочых, спяшаючых да арэнарыяў, або за хаўтурныя брацтвы, сябры якіх ладзілі сабе часамі ўначы абрадавыя агапы.

Чым далей малады патрыцый з таварышамі йшлі, тым часцей мігалі лятаранькі ды больш спатыкалі асоб. Некаторыя з іх пяялі прыцішным голасам песні, якія выдаваліся Вініцію вельмі тужлівымі. Час ад часу вушы ягоныя лавілі словы або сказы песні, як, напрыклад, «Устань сонны» або «Згробуўстань!», часамі зноў імя Хрыстовае выходзіла з вуснаў мужчын і жанок. Але Вініць не надта зважаў на словы, бо ў галаве таўклася думка: можа, каторая з тых асобаў ёсць Лігія. Некаторыя, праходзячы міма, гаварылі: «Pax vobis!»

або «Пахвалёны Езус!» — і падыходзіла да яго трывога, трапятала сэрца, бо выдавалася яму, што чуе голас Лігіі. Хутка, аднак, пераканаўся, што рухі і галасы гэныя зводзілі яго, дык перастаў верыць вачам.

Дарога вельмі яму доўжылася. Ваколіцы ведаў добра, але поцемку не мог арыентавацца. На кожным амаль кроку спатыкаў то нейкія вузкія затулкі, то румовішчы, то нейкія нябачаныя будынкі. Урэшце з-за хмар паказаўся беражок месяца, які лепш асвятляў ваколіцу, чым жухлыя лятарні. І вось нешта паказалася ўдалечыні, ці то вогнішча, ці то полымя светача. Вініць нахіліўся да Хілона і спытаў, ці гэта Острыянум?

Хілон, на якога ноч, адлегласць ад гораду й гэныя ведзьмаватыя постаці, відаць, рабілі ўражанне, адказаў крыху няпэўным голасам: — Не ведаю, спадару, не быў ні разу ў Острыянуме. Але маглі б славіць Хрыста дзе-небудзь бліжэй.

А потым, чуючы патрэбу гутаркі і падмацавання адвагі, дадаў: — Сходзяцца бы разбойнікі, адыж не можна ім забіваць, хіба мяне той ліг звёў.

Вініція, думаючага аб Лігіі, таксама задзіўляла тая асцярожнасць і таемнасць, з якою сувернікі ейныя збіраліся на слуханне найвышэйшага духоўніка, дык адазваўся: — Як усе рэлігіі, так і гэта мае між намі сваіх адгерэнтаў, але хрысціяне таксама сэкта жыдоўская. Чаму ж збіраюцца тутака, калі на Затыбры стаяць жыдоўскія святыні, у якіх жыды публічна складаюць ахвяры?

— Не, спадару, жыды менавіта найзацятшыя іхнія непрыяцелі. Расказвалі мне, што ўжо перад сянняшнім цэзарам даходзіла амаль да вайны між імі й жыдамі. Цззару Клаўдыю так абрыдлі гэныя закалоты, што выгнаў усіх жыдоў; сяння, аднак, той эдыкт скасаваны. Але хрысціяне хаваюцца ад жыдоў ды ад народу, які, як табе ведама, называе іх злыднямі й ненавідзіць.

Хвілін некалькі йшлі моўчкі, пасля Хілон, страх якога магутнеў у меру аддалення ад брамаў, адазваўся: — Вяртаючыся ад Эўрыцыя, пазычыў я ад аднаго бальмайстра парык і ў ноздры ўсадзіў сабе дзве калівы бобу. Не павінны мяне пазнаць. А каб і пазналі, дык не заб’юць. Людзі гэта не благія, люблю іх і цаню.

— Не хвалі іх перадчасна, — адказвае Вініць.

Увайшлі цяпер у вузкі роў, замкнуты з абодвух бакоў як бы акопамі, цераз якія перакінуты быў у адным мейсцы аквадукт. Месяц тым часам выглядаў з-за хмар, і ў канцы перавалу ўбачылі мур, густа аплецены зеллем. Гэта быў Острыянум.

Заскакала сэрца Вініціева.

Пры браме два фосары правяралі меты. Неўзабаўкі Вініць і ягоныя спадручнікі знайшліся ў месцы даволі прасторным, зачыненым з усіх бакоў мурам. Дзе-нідзе стаялі тут асобныя помнікі, а на сярэдзіне бачны быў гіпагеўм або крыпта, ніжэйшая частка якое ўваходзіла пад зямлю, дзе былі гробы; перад уваходам у крыпту шумеў вадаліў. Відаць было, што сам гіпагеўм няшмат мог змясціць людзей, дык Вініць здагадаўся, што абрад адбывацімецца пад адкрытым небам на двары, дзе ўжо многа сабралося народу. Як вокам згледзець, лятарня мігацела пры лятарні, а многія з прыйшоўшых не мелі ніякага святла. Толькі некалькі галоў было раскаптураных, усе, баючыся здраднікаў ці холаду, заставаліся ўкрытымі, і малады патрыцый маркоціўся, каб не засталіся так да канца, нельга бо будзе ў такой суталоцы пры слабым асвятленні распазнаць Лігію.

Але вось пры крыпце запалілі некалькі смаловых светачаў, уложаных у малы касцёр. Сталася відней. Грамада пачала пяяць, спачатку прыцішна, пасля мацней, нейкі дзіўны гімн. Вініць ніколі ў жыцці не чуў такое песні. Тая самая туга, якую чуў ад паўгалосна пяючых, ідучы на магільнік, адазвалася і ў гэным гімне, толькі мацней і выразней, а ў канцы сталася так праймаючай і магутнай, што, здавалася, разам з людзьмі пачаў тужыць і ўвесь гэты магільнік, і акалічныя прыгоркі й даліны. Магло здавацца, бы што ўночы галосіць, прызывае ратунку заплаканы ў цемры. Галовы, паднятыя ўгару, быццам бачылі некага там у высі, а рукі малілі, каб сыйшоў. Але песня ўціхала, наставала хвіліна быццам чакання, так праймаючая, што Вініць і ягоныя таварышы мімаволі падымалі жахлівыя вочы да зораў, як бы сапраўды нехта адтуль мог зыйсці. Вініць бачыў шмат розных святынь і ў Малой Азіі, і ў Егіпце, і ў самым Рыме, пазнаў шмат вер і чуў шмат песень, тут, аднак, упершыню спаткаў людзей, узываючых песняй боства не дзеля рытуальнае фармальнасці, але з-пад сэрца, з такое праўдзівае да яго тугі, якую могуць мець толькі дзеці да маці. Сляпы толькі хіба не мог дагледзець, што гэтыя людзі не толькі аддавалі Богу шанаванне, але з цэлае душы яго мілавалі, таго Вініць не бачыў дагэтуль у ніякім краі, у ніякіх абрадах, у ніякай святыні, бо ў Рыме ды Грэцыі тыя, хто аддаваў яшчэ багом шанаванне, рабілі гэта дзеля вымалення помачы або з боязі, але нікому ў голаў не прыходзіла, каб іх мілаваць, любіць.

Хоць меў думкі занятыя Лігіяй, выглядаў яе між грамадою, не мог не бачыць тых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія дзеяліся навакол яго. Падкінулі тым часам смалякоў у вогнішча, якое абліло чырвоным святлом магільнік, прыцьмяваючы бляск лятарняў, і ў той жа хвіліне з гіпагеўма выйшаў старац, апрануты ў доўгую сярмягу з каптуром, але з адслоненаю галавою, і стаў на калені тут жа, ля вогнішча.

Грамада захвалявалася. Вобак Вініція пачалі адзывацца галасы: «Петрусь! Петрусь!»… Адны кленчылі, другія выцягалі да яго рукі. Настала так глыбокая цішыня, што чуцён быў кожны ападаючы ў агні вугалёк, барашчанне колаў на далёкай Намэнтанскай дарозе ды шорах ветру ў суседніх пініях.

Хілон нахіліўся да Вініція й шапнуў: — Гэта ён! Той першы вучань Хрыста, рыбак!

Старац падняў руку ўгару і крыжам перажагнаў кленчачых прысутных.

Вініціевы таварышы ды ён сам, каб не здрадзіцца, укленчылі таксама. Наш юнак спершку не мог валодаць сваімі ўражаннямі, выдавалася бо яму, што тая постаць, якую бачыў перад сабою, ёсць і прастачай адначасна і незвычайнай, а тым дзіўнейшай, што незвычайнасць выплывала іменна з ягонай прастачай шчырасці. Старац не меў ані мітры на галаве, ані дубовага вянка, ані пальмы ў руцэ, ані залатое табліцы на грудзях, ані шатаў зарыстых ці белых, адным словам — ніякіх такіх адзнакаў, якія насілі ўсходнія святары, егіпскія, грэцкія або рымскія фламіны. І зноў ударыла Вініція тая самая адметнасць, якую адчуваў ужо ў песнях хрысціянскіх, бо і гэты вось рыбак выдаваўся яму не архісвятаром нейкім, арбітрам цэрэмоніяў, але простым і вельмі дастойным сведкам, прыйшоўшым здалёк, прыносячы з сабою нейкую праўду, якую сам аглядаў, дасягаў рукою, у якую ўверыў так, як у рэчаіснасць, і мілаваў іменна дзеля таго, што ўверыў. З ягонага вобліку біла такая сіла пераканання, якую можа мець толькі сама праўда. Адыж Вініць, хоць скептык, а ўсё ж такі загарэўся цікавасцяй: што скажа гэны таварыш таемнага Хрыста, і што там за навука, у якую верыць Лігія і Пампонія Грэцына.

Тым часам Пётр пачаў мову, гаварыў спачатку, як бацька, што вучыць і дакладае, як павінны жыць. Нагадваў ім, каб выракліся збыткаў, раскошы ды каб мілавалі ўбогасць, нявіннасць абычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі крыўду й праслед, каб слухалі старшых і ўлады, каб высцерагаліся здрады, крывадушнасці й абгавору, а ў канцы — каб давалі добры прыклад і самі між сабою, і паганам. Вініція, якому добрым выдавалася толькі тое, што дапамагала здабыць Лігію, а благім — што перашкаджала гэтаму, раздражнялі і гневалі некаторыя з тых радаў, здавалася бо яму, што старац, заляцаючы нявіннасць і змаганне з похацямі, не толькі граміць ягонае каханне, але й Лігію знеахвочвае да яго ды наганяе ёй упорства. Калі яна, думаў, ёсць тут і слухае гэных слоў шчыра, дык у гэнай хвіліне прымушана думаць аб ім як аб ворагу тае навукі і нягодніку.

Думка гэта ўзбудзіла ў ім злосць: «Ну і што ж за навіну пачуў я, — вайцяў сабе. — І гэта маецца быць тая нязнаная навука? Кажны гэта ведае й не раз ужо аб гэтым чуў. Або ж не заляцаюць убоства і абмежавання патрэб цынікі, або ж не паляцаў цноты Сакрат як рэч старую, але карысную? Першы-лепшы стоік, нат такі Сэнэка, што мае пяцьсот цытрыновых сталоў, славіў сціплую памяркоўнасць, заляцаў праўду, цярплівасць у горы, сталасць у нядолі — усё гэта старое ўжо, моў прылеглае збожжа, што мышы цярэбяць, бо людзі яго есці не хочуць за тое, што ад старасці пратухла»… І разам з гневам закрадаўся ў душу знявер, спадзяваўся бо адкрыць новыя чароўныя тайніцы, а прынамсь маніўся пачуць якога парываючага вымоваю рэтора, тым часам чуў толькі дужа простыя, без ніякае прыкрасы словы. Дзіўнай яму толькі здавалася тая загадкавая цішыня і ўважлівасць слухачоў. Старац гаварыў далей да тых заслуханых людзей аб тым, як маюць быць добрымі, ціхімі, справядлівымі, убогімі й чыстымі не таму, каб у гэным жыцці толькі мець супакой, але каб па смерці жыць вечна з Хрыстом у такім вяселлі, у такой славе, росквіце і радасці, якіх ніхто ніколі на зямлі не асягне. Вось тут Вініць, паміма ўпярэджання й знеахвоты, не мог не даследзіць розніцы між навукаю старца і навукаю цынікаў, стоікаў ці іншых філязофаў, тамтыя бо заляцалі цноты толькі як рэч разумную і практычную ў жыцці, а ён прыракаў за яе несмяротнасць, і то не абы-якую марную несмяротнасць падземную ў нудзе, нікчомнасці, процьме, але светазарную, роўную амаль несмяротнасці багоў. Пры тым гаварыў ён аб ёй, як аб рэчы зусім пэўнай, дык пры такой веры цнота набірала папросту безгранічнай цаны, а жыццёвая бяда-гора выглядала чымсь надта маленькім, сціплым, бо цярпець да часу для пазнейшага шчасця — зусім іншая рэч, чым цярпець толькі для кадука натуры. Старац талкаваў далей, што цноту і праўду трэба любіць не для іх саміх, бо найвышэйшым прадвечным дабром і цнотай ёсць сам Бог, вось жа хто мілуе іх, той мілуе Бога і праз тое сам становіцца ягоным мілым дзіцем. Вініць не цяміў гэтага добра, але ведаў ужо з гутаркі Пампоніі Грэцыны з Пятроніем, што Бог той, на думку хрысціян, ёсць адзіны і ўсёмагутны, а пачуў цяпер, што ёсць ён таксама і найвышэйшым дабром ды ўсёпраўдай, мімаволі здавалася яму, што перад такім Дэміюргам Ёвіш, Сатурн, Апалон, Юно, Веста і Венус выглядалі б моў якая разгуканая кучка, у якой буяняць усе разам і кажны на сваю руку. Але найбольш малады чалавек сумеўся, як старац пачаў навучаць аб тым, што Бог ёсць таксама і ўсёміласцяй, вось жа хто любіць людзей, той спаўняе найвышэйшае ягонае прыказанне. Але мала любіць людзей свайго народу, Бог-Чалавек за ўсіх бо праліў кроў і між паганаў знайшоў сабе выбранцаў, як, напрыклад, цэнтурыён Карнэлі, ды мала любіць тых, хто нам робіць дабро, Хрыстус бо дараваў і жыдом, што выдалі яго на смерць, і ваякам рымскім, што прыбівалі яго да крыжа, дык трэба тым, што робяць нам крыўду, не толькі прабачаць, але любіць іх і плаціць ім дабром за зло; мала любіць добрых, трэба любіць і благіх, любоўю толькі льго злосць з іх выкараніць.

Хілону зараз у думках звіўся каўтун, што быццам работа ягоная дарэмная: Урсус ні за што не адважыцца забіць Глаўка ані сёе ночы, ані якое іншае. Але пацяшаўся зараз другім выснавам з навукі старца, менавіта: што і Глаўк не заб’е яго, хоць бы яго напаткаў ды пазнаў. Вініць ужо перастаў думаць, што ў навуцы старца няма нічога новага, толькі пытаў сябе: што гэта за бог? што за навука? ды што за людзі? Усё, што чуў, не мог судумаць у сваёй галаве. Выдавалася гэта яму нечуванаю навіною. Усведаміў сабе, што калі б, напрыклад, захацеў пайсці за гэнай навукай, дык мусіў бы адрачыся сваіх думак, звычаяў, характару, цэлай дацяперашняй натуры і ўсё гэта спаліць да попелу, а выэкіпавацца зусім новым жыццём, натхніцца зусім новай душою. Навука, якая наказвала яму любіць партаў, сірыйцаў, грэкаў, егіпцян, галаў і брытанаў, выбачаць ворагаў, плаціць ім за зло дабром ды любіць іх, паказалася яму шалёнаю, адначасна, аднак, меў прачуццё, што ўсё ж у самай той адчайнасці ёсць нешта магутнейшае, чым ува ўсіх дагэтуляшніх філязофіях. Думаў: з прычыны адчайнасці ёсць яна невыканальнай, а з прычыны невыканальнасці — боскай. Ягоная душа адпіхвала яе, а почувы падказвалі яму, што расходзіцца ад яе, бы ад нівы квяцістае, нейкі ўпаяючы пах, якога даволі пакаштаваць раз, каб забыць пра ўсё ў жыцці, моў у тым краі лётафагаў, а толькі аб ім лятуцець. Здавалася яму, што няма ў ёй нічога рэчаіснага, і адначасна не менш здавалася, што рэчаіснасць без яе ёсць нечым такім кволым, што не варта нат аб ёй думаць. Разгарнуліся перад ім нейкія прасторы, аб якіх і не гадаў, нейкія хмары. Той магільнік пачаў выдавацца яму збяговішчам адчайдухаў, але таксама і мейсцам таёмным, страхотным, дзе, моў на містычным логве, родзіцца штось дасюль небывалае. Упрытамняў сабе ўсё, што ад першае хвіліны казаў старац аб жыцці, праўдзе, любові, аб Богу, і думкі ягоныя асляпляў бляск, падобна як маланка асляпляе вочы. Як усе людзі, жыццё якіх ператварылася ў адно полымя похаці, глядзеў на гэта ўсё праз спектр кахання да Лігіі, пры блісках гэнай маланкі ўбачыў ясна адну рэч: калі Лігія ёсць на магільніку, калі прызнае гэтую навуку, слухае і бярэ ў сэрца, дык ніколі не станецца ягонай каханкай.

Першы раз ад тае хвіліны, калі спаткаў яе ў Аўлаў, Вініцію прыйшла гадка, што калі б і ўдалося яе адсюль вырваць, дык і так не здабудзе ейнае душы. Нічога падобнага раней не прыходзіла яму ў голаў, дык цяперака не мог сабе ўявіць, бо гэта была думка падсведамая або хутчэй нейкае мутнае прачуццё няўдачы. Прачнулася ў ім трывога, якая воміг змянілася ў буру гневу на хрысціян агулам, а на старца ў асобнасці. Той рыбак, якога на першы пагляд лічыў прастаком, напаўняў яго цяпер жахам і прадстаўляўся яму цяпер бы які таемны фатум, рашаючы ягоную долю сурова і трагічна.

Фосар зноў падкінуў смалякоў у агонь, у пініях вецер прыціх, полымя падымалася роўным танклявым вастрыём да зорнага неба, а старац, нагадаўшы аб смерці Хрыста, пачаў далей толькі аб ім гаварыць. Прысутныя сунялі дыханне, настала яшчэ большая цішыня, чым надоечы, такая, што, здаецца, біццё сэрцаў было чуваць. Чалавек гэны відавочыў! Расказваў так, што каб і вочы закрыў, дык кожны момант жывы ў памяці бачыў бы далей. Расказваў, як, вярнуўшыся з-пад крыжа, праседзелі з Янам два дні й дзве ночы ў вячэрніку без ежы і без сну ледзь жывыя, поўныя журбы, трывогі й сумніваў, з балючымі галавамі ад думак, што ён памёр. О, цяжка было, цяжка! Настаў ужо дзень трэці, і святло абяліла муры, а яны ўсё абодва з Янам сядзелі пад сцяною без рады і надзеі. То зморыць іх сон (бо і ноч перад пакутаю таксама была бяссонная), то будзяцца зноў ды пачынаюць бедаваць нанава. Аж вось паказалася сонца, прыбягае Марыя з Магдалі — з замёршым зяханнем, з развеенымі косамі ды з крыкам: «Забралі Вучыцеля!» Яны гэта, сарваўшыся, давай бегчы на тое мейсца. Ян, як малодшы, дабег першы, убачыў гроб парожны і не смеў увайсці. Ажно як стоўпіліся ўсе трое пры ўваходзе, ён, што расказвае ім гэта, увайшоў і бачыць на камяні посцілку й абвівачы, а цела няма.

Дык апанаваў іх страх, бо думалі, што ўзялі Хрыста фарызэі, і вярнуліся дамоў з большым яшчэ сумам. Пасля прыйшлі іншыя вучні і нарабілі ляманту, то ўсе разам, каб лепей учуў іх Госпад, то па чарзе. Замёр у іх дух, спадзяваліся бо, што ён адкупіць Ізраэля, а тут вось трэці ўжо дзень, як памёр, дык не разумелі, чаму Айцец пакінуў Сына, аж горкім жыццё рабілася, так цяжкай была тая маркота.

Успамін тамтых страшных хвілін яшчэ й цяпер выціснуў дзве слязіны з вачэй старца, якія льго было выразна бачыць пры бляску агню, сцякаючыя з белай барады. Старая безвалосая галава пачала трасціся, і голас заміраў яму ў грудзях. Вініць сказаў у душы: «Гэты чалавек праўду кажа і плача над ёю», а простых слухачоў таксама хапіў жаль за сківіцы. Не раз чулі ўжо пра пакуту Хрыстову і ведалі, што радасць прыйдзе пасля слёз, адыж тое расказваў сам Апостал, навочны сведак, дык аж заломлівалі рукі, плачучы і б’ючыся ў грудзі.

Але паволі супакойваліся, бо ахвота далейшага слухання перамагала.

Старац прымкнуў вочы, як бы маніўся лепей бачыць у душы адлеглыя рэчы, і мовіў далей: — Калі так вось мы галасілі, прыбягае зноў Марыя з Магдалі, лямантуючы, што бачыла Госпада. Не могучы распазнаць яго з прычыны ззяння, што сыходзіла ад Яго, думала агароднік, але Ён адазваўся: «Марыя!» Тады крыкнула: «Рабоні!» і прыпала да ног ягоных. Ён жа сказаў ёй ісці да вучняў і знік.

Але вучні не паверылі ёй і, гледзячы на ейны плач радасці, адны вайцялі ёй, а другія думалі, жаль збіў яе з глузду, бо і аб анёлах згадвала ў агародзе; пабеглі другі раз да гробу, і зноў быў парожны. Потым увечары прыйшоў Клеофас, што хадзіў з іншымі да Эмаўс, і хутка вярнуліся з галоснаю весткаю: «Сапраўды Хрыстус уваскрос». І, замкнуўшыся ад жыдоў, пачалі спрачацца. Нараз з’яўляецца між імі Ён праз зачыненыя дзверы і кажа ім, патрухлеўшым ад пераляку: «Pax vоbis!»

 

«І бачыў Яго я, так як і ўсе, а быў Ён моў сонца, моў шчасце сэрцаў нашых, бо мы ўверылі, што ўваскрос, што мора высахне, горы ў пыл рассыплюцца, а слава ягоная не праміне!»

 

А пасля васьмёх дзён Тамаш Дыдымус укладаў пальцы ў раны, у бок Ягоны ды ўпаў да ног ягоных, вызнаючы: «Госпад мой і Бог мой!» А Ён адказаў яму: «Ты бачыў мяне і ўверыў. Багаслаўлёныя тыя, што не бачыўшы ўверылі».

І гэныя словы чулі мы, а вочы нашыя глядзелі на Яго, бо ж быў між намі.

Вініць слухаў, і дзеялася з ім нешта дзіўнае. Забыў на момант, дзе ён, пачаў губляць адчуванне рэчаіснасці, губляць меру, толк, Дзве неставетнасці стаялі перад ім. Не мог уверыць у тое, што казаў старац, а чуў, што трэ хіба быць сляпым і адмовіцца ад уласнага розуму, каб дапусціць, што чалавек той хлусіў, кажучы: «Я бачыў». Было штось у ягонай постаці ды ў дакладнасці апавядання, што адганяла ўсялякі сумніў. Вініцію выдавалася часамі ўсё гэта як бы снішчам, але ж навакол сябе бачыў усцішаную масу людзей; воддаль палала вогнішча, копаць лятарняў казытала ноздры, а вобак на камяні стары чалавек, згрыбелы, з дрыжачай галавою, які з відам сведкі цвердзіў: «Я бачыў!»

І расказаў ім усё далей аж да ўнебаўшэсця. Час ад часу адпачываў, бо гаварыў падрабязна, але відаць было, што кожная дробязь адкрэслена была ў ягонай памяці, як на камяні. Слухачоў пачало ахапляць упаенне. Пасцягалі з галоваў каптуры, каб лепей слухаць, каб не ўпусціць аніводнага слоўца бясцэннага. Здавалася ім, што нейкая надлюдская моц пераносіць іх у Галілею, што вандруюць разам з вучнямі ў тамтэйшых гаёх, узбярэжжах, што магільнік гэты змяняецца ў Тыберыядскае возера, а на беразе ў ранішнім тумане стаіць Хрыстус так, як стаяў тады, калі Ян, згледзеўшы з лодкі, крыкнуў: «Ёсць гэта Госпад!» — ды Пётр рынуўся плысці, каб хутчэй кінуцца Яму да ног. На тварах малявалася захапленне й забыццё, малявалася шчасце й бязмерная любоў. Значна было, што на працягу доўгага апавядання Пятра некаторыя мелі візыі, а калі пачаў казаць, як падчас унебаўшэсця пачалі аблокі засоўвацца пад стопамі Збаўцы ды засланяць Яго і закрываць перад вачыма апосталаў, галовы ўсіх чыста мімахоць падымаліся ўгару, і вычувалася як бы хвіліна чакання, як бы тыя людзі спадзяваліся яшчэ Яго дагледзець або чакалі, быццам вернецца з нябесных прастораў, каб паглядзець, як стары Апостал пасе авечкі, яму павераныя, ды багаславіць іх.

Для людзей не было ў тым моманце ні Рыму, ні шалёнага цэзара, ні багоў і святынь паганскіх, быў толькі Хрыстус, напаўняючы сабою зямлю, мора, неба й свет.

У далёкіх дамох, параскіданых уздоўж Намэнтанскае дарогі, пачалі пяяць ужо пеўні, звяшчаючы поўнач. У той хвіліне Хілон тузануў Вініція за рог адзежыны і шапнуў: — Спадару, там, вунь дзе, недалёка старца, бачу Урбана, а пры ім нейкую дзяўчыну.

Вініць схамянуўся, бы са сну, і, абярнуўшыся ў кірунку, намечаным праз грэка, убачыў Лігію.

 

XXI

 

Кожная кропля крыві зайграла ў маладым патрыцыю, як убачыў яе. Забыў аб натоўпе, аб старцу, аб уласным здумленні з навукі, перад сабою бачыў толькі яе адну. Ну вось урэшце, пасля ўсіх натугаў, трывогаў, знайшоў яе! Першы раз у жыцці адчуў на сабе, што радасць можа зваліцца на грудзі, моў люты звер, і прыгнясці іх аж да заніку дыхання. Ён, катораму дагэтуль здавалася, быццам Фартуна лёгка яму падпарадкоўваецца, цяпер ледзь верыў уласным вачам і ўласнаму шчасцю. І каб не гэтае недаверанне, гвалтоўная ўдача ягоная гатова была б папхнуць да якога неразважнага кроку, але хацеў перш пераканацца, ці гэта не сон, ці гэта не далейшы ланцуг тых цудаў, якімі была перапоўнена галава. Ды ж не было сумніву: бачыў Лігію ў адлегласці мо якіх колькінаццаці крокаў. Стаяла ў поўным святле, дык мог упаяцца ёю, колькі сам жадаў. Каптур асунуўся ёй з галавы і разгарнуў валасы, вусны былі крышачку расхілены, вочы ўзнесены да Апостала, а твар заслуханы і захоплены. Апранута была ў плашч з цёмнае воўны, як звычайна з простага роду дзяўчына. Вініць, аднак, ніколі не бачыў яе прыгажэйшай, і, міма перажыванага нутранога закалоту, ударыў яго кантраст цуднае шляхотнае патрыцыянскае галованькі ў адметку да простае, казаў бы нявольніцкае, вопраткі. Каханне перабягала па ім, бы магутнае полымя, прасочанае нейкім дзіўным пачуццём тугі, адданасці, замілавання, жады. Чуў раскошу, гледзячы на яе, насычаўся як бы крынічнаю вадою пасля доўгае прагі. Пры вялігурным лігу выдавалася меншай, чым падалося спачатку, моў дзяцінай. Здэцца, паблажала. Аблічча ейнае было быццам празрыстае, бы кветка ці душа. І тым больш жадаў мець гэну істотку, так адметную ад іншых жанчын, спатыканых на Ўсходзе і ў Рыме.

Гатовы быў аддаць за яе тыя ўсе, а да іх яшчэ Рым і цэлы свет у прыдатку.

Быў бы загледзеўся і ўтануў зусім, каб не Хілон, які цягнуў яго за край адзежы, баючыся, каб чаго не накуралесіў, што б магло навесці небяспеку. Хрысціяне тым часам пачалі маліцца й пяяць. Цераз хвіліну загрымела «Маран-ата», пасля вялікі Апостал пачаў вадою з вадаліву хрысціць тых, што прэзбітары рэкамендавалі як прыгатаваных да хросту. Вініцію здавалася, ноч гэта ніколі не скончыцца. Хацеў зараз ісці за Лігіяй ды забраць яе ў дарозе або ў памяшканні.

Урэшце некаторыя пачалі расходзіцца. Хілон тады шапнуў: — Выйдзьма пад браму, бо мы не знялі каптуроў, і людзі глядзяць на нас.

І так сапраўды было. Калі ўсе пад час мовы Апостала паадхілялі каптуры, каб лепей чуць, яны не зрабілі гэтага. Рада Хілона была слушная. Стоячы пры браме, маглі цікаваць на ўсіх выходзячых, а Урсуса не цяжка было распазнаць па росту і паставе.

— Пойдзем за імі, — сказаў Хілон, — паглядзімо, да якога дому ўваходзіцімуць, а заўтра або й сяння абставіш усе сходы ў доме нявольнікамі ды забярэш яе.

— Не! — запярэчыў Вініць.

— А што рабіцімеш, спадару?

— Увойдзем за ёю ў дом і схопім яе воміг цяпер; ты ж падручыўся, Кратон?

— Так ёсць, — адказаў волат, — і аддаюся табе, спадару, у нявольнікі, калі не зламлю хрыбта гэтаму буйвалу, што пільнуе яе.

Хілон пачаў адрайваць і заклікаць іх на ўсе багі, каб не рабілі гэтага. Адыж Кратон меў быць узятым толькі дзеля абароны на выпадак, калі б іх пазналі, не для хапунства дзяўчыны. Калі брацімуць толькі самі ўдвух, налезуць на смерць і, чаго лепшага, могуць яе ўпусціць з рук, а тады яна схаваецца ў іншым мейсцы або ўцячэ з Рыму. І што тады рабіцімуць? Чаму не йсці дарогаю больш пэўнаю? Пашто выстаўляць сябе на згубу і ўсю справу на ліхую долю?

Вініць, хоць устрымоўваў сябе, каб тут жа на магільніку зараз не хапіць у абдымкі Лігіі, прызнаваў, што грэк меў рацыю, і быў бы мо паддаўся ягонай радзе, каб не Кратон, ласы на зыск.

— Замкні, спадару, гэтаму старому маркачу губу, — зікнуў, — або дазволь мне спусціць кулак на голаў яму. Раз у Буксэнтуме, куды запрашаў мяне на йгрьшча Луцый Сатурнін, напала на мяне ў гасподзе сямёх п’яных гладыятараў, і аніводзін не выйшаў з цэлымі рэбрамі. Не кажу цяпер хапаць дзяўчыну, з грамады, бо маглі б нам пад ногі кідаць каменне, але як пераступіць парог дому, схаплю табе яе і занясу, куды хочаш.

Вініць усцешыўся, слухаючы гэта, і адазваўся: — Так і будзе, на Геркулеса! Узаўтра маглі б не знайсці яе прыпадкам дома, і, як спалохалі б дом, адвялі б яе далей.

— Гэны ліг выдаецца мне надта моцным! — заскігліў Хілон.

Мусілі яшчэ доўга чакаць, і куры пачалі пяяць на світанні, пакуль угледзелі выходзячага з брамы Урсуса, а з ім Лігію. Ішло з імі некалькі іншых асоб. Хілону здавалася, быццам пазнае Вялікага Апостала, вобак яго йшоў другі старац, шмат меншы ростам, дзве пажылыя жанчыны і падлетак, які свяціў лятарняю. За гэнаю грамадою йшла маса верных, можа, са дзвесце асоб. Вініць, Хілон і Кратон патанулі ў гэнай масе.

— Так, спадару, твая малодухна знаходзіцца пад дастойнаю апекай. Гэта ён з ёю, Вялікі Апостал. Бач бо як людзі кленчаць перад ім.

Людзі сапраўды кленчылі, але Вініць не глядзеў на іх. Не спускаючы ані на хвіліну з вачэй Лігію, думаў толькі аб здабычы і, напрактыкаваны ў войнах, снаваў сабе ў галаве з цэлаю ваяцкаю прэцызыяй падступны план хопу. Усведамляў, што крок, на які важыўся, быў адчайны, але ведаў, што такія крокі найчасцей удаюцца.

Дарога даволі доўжылася, дык у міжчасе думаў таксама пра тую прорву, якую выкапала між ім Лігія й тая дзіўная навука, што яна вызнавала. Разумеў цяперака ўсё, што дагэтуль сталася. Быў на гэта даволі ўніклівы. Ён Лігіі не ведаў. Адкрыў у ёй цуднейшую над усімі дзяўчынамі, да якой загарэліся ягоныя похаці, але цяпер пераканаўся, што гэная навука рабіла з яе нейкую адметную ад іншых жанчын істоту, якое нельга будзе здабыць песлівасцю, жадою, багаццем, раскошамі. Зразумеў урэшце, чаго абодва з Пятроніем не маглі зразумець, што тая новая рэлігія ўшчапляла ў душу штось нязнанае свету, дзе жыў, і што Лігія, хоць бы нат яго й кахала, ад ніводнае хрысціянскае праўды дзеля яго не адступіць; што калі існуе для яе раскоша, дык цалкам іншая, чым раскошы ягоныя й Пятроніевы, і цэзаравы, і цэлага Рыму. Кажная іншая жанчына, яму знаная, магла б стацца ягонай каханкай, гэтая ж хрысціянка магла б быць толькі ахвярай.

І балючы гнеў паліў яго пры такіх думках, але адначасна ўсведамляў, што гнеў той быў бяссільны. Адабраць Лігію было магчыма, быў пэўны, што гэта ўдасца, але адначасна быў пэўны, што мужнасць і магутнасць ягоная супраць гэнае навукі нічога не здолеюць. Ён, вайсковы рымскі трыбун, перакананы дасяння, што сіла мяча, заваладаўшая светам, павек ім валадаціме, першы раз у жыцці дагледзеў, што па-за ёю можа быць яшчэ нешта іншае, дык, сумеўшыся, задаваў сабе пытанне: што гэта?

І не ўмеў сабе ясна адказаць, у галаве стаялі вобразы магільніка, грамады і Лігіі, заслуханай усёю душою ў словы старца, расказваючага пра пакуту, смерць і згробуўстанне Бога-Чалавека, што адкупіў свет ды абяцаў яму шчасце на іншым баку Стыксу.

Падчас гэных думак у галаве ягонай рабіўся хаос. Але з гэтае блытаніны вырваў яго Хілон, які пачаў наракаць на сваю долю: ён бо згадзіўся знайсці Лігію, якую вось пад небяспекаю жыцця знайшоў ды паказаў. Дык чаго ж больш ад яго хочуць? Ці ж падручаўся ён яе забіраць? Дый хто мог бы нат вымагаць чагось падобнага ад бяспальцага калекі, ад старога чалавека, адданага навуцы, думцы і цноце? Што будзе, калі так дастойны вашэць, як Вініць, нарвецца на якую пракуду пры здабыванні красуні? Ну, яно праўда, што багі павінны мець вока над сваімі пупіламі, але ці ж не трапляюцца часамі такія рэчы, як бы багі ў жмуркі гулялі, забыўшыся, што на свеце робіцца? Фартуна мае завязаныя вочы, як ведама, дык не бачыць нат днём, не тое што ноччу! Хай жа адно што станецца, хай гэты лігійскі мядзведзь шпурне ў крывічэснага Вініція каменем ад жарон, бочкаю віна або горай — вады. Хто ж заручыць, што на Хілона-небараку не спадзе кара замест узнагароды? Ён, гаротны мудрэц, прыручыўся так да шляхотнага Вініція, як Арыстотэль да Аляксандра Македонскага, і каб жа прынамсь хоць чэсны Вініць аддаў яму той капшук, які на ягоных вачах заткнуў за папругу, выходзячы з дому, было б за што пры благой прыгодзе неяк прызваць ратунак або размякчыць сэрцы хрысціянам. Ох! Чаму ж не хочуць слухаць рады старога, падыктаванае досведам і растаропнасцю?

Вініць, пачуўшы гэта, дастаў капшук з-за папругі і кінуў яго ў лапы Хілону.

— Бяры, толькі замоўкні!

Грэк, абмацаўшы ягоную цяжкасць, набраў адвагі.

— Уся мая надзея на тое, — кажа, — што Геркулес або Тэзэй даконвалі яшчэ цяжэйшыя рэчы, а чым жа ёсць мой найбліжэйшы асабісты прыяцель Кратон, калі не Геркулесам? Цябе ўжо, дастойны спадару, не назаву паўбогам, бо ты сапраўды бог і надалей памятацімеш аб сваім верным слузе, патрэбы якога час ад часу трэба заспакойваць, бо сам ён як усадзіць нос у кнігі, свету божага не бачыць… Каб хоць некалькі стайкаў гародзік ды дамок хоць бы з малюсенькім ганачкам для халадку летам, годзен быў бы такога дарыцеля. Тым часам здалёк велічаціму вашыя геройскія справы, заклікаціму Ёвіша, каб вам спагадаў, а калі б што, нараблю такога крыку, што палова Рыму са сну схопіцца і прыбяжыць вам на ратунак. А бадай яе, што за дрэнная й няроўная дарога! Набяду й аліва выгарала ў маім светачы, каб Кратон, які не менш хіба ёсць чэсны, як дужы, схацеў мяне ўзяць на рукі й паднесці аж да брамы, перш-наперш даведаўся б, ці лёгка падыме красуню, падругое — узяў бы прыклад з Энэя, у канцы — падсябраваў бы сабе ўсіх спагаднейшых багоў, так што пра добры вынік вашае справы я б не клапаціўся.

— Хутчэй бы згадзіўся я несці здохлую ад скулачак прасмярдзелую авечку, — адгукнуўся волат, — але як аддасі мне той капшук, занясу аж да брамы.

— Каб ты сабе ногі паабіваў, — адсекся грэк, — так ты гэта скарыстаў з навукі таго чэсцігоднага старца, які нядаўна заляцаў убоства і літасць як дзве найважнейшыя цноты?.. Або ж табе ён не наказваў мілаваць мяне? Не зраблю з цябе, бачу, ніколі нат абы-якога хрысціяніна, лягчэй сонцу пранікнуць праз мур Мамэртынскай вязніцы, як праўдзе праз твой бегемотавы чэрап.

Кратон, чалавек з сілаю, але зусім без людскасці, адказаў: — Не бойся! Хрысціянінам не стануся! Не думаю траціць кавалка хлеба!

— Так, але каб меў ты хоць пачатковую навуку філязофіі, дык ведаў бы, што золата — гэта марнасць!

— Ну, хадзі сюды з сваёю філязофіяй, дам табе толькі адзін букіш у трыбух, і паглядзімо, хто выйграў.

— Тое самае мог сказаць і бык Арыстотэлю, — адрэзаў Хілон.

На свеце шарэла. Дзень паволі бяліў мураваныя сцены. Прыдарожныя дрэвы, будынкі й раскіданыя сям-там нагробкі пачалі выхіляцца з цемры.

Дарога паволі ажыўлялася. Гандляры варыва спяшаліся да брамаў, паганяючы аслоў і мулаў, нагружаных агароднінай. Сям-там рыпелі вазы з дзічыною. На дарозе й наабапал дарогі ляжала йшчэ лёгкая ймгла, прадвесніца пагоды. Людзі ў гэтай мгле выглядалі здалёк, моў здані. Вініць углядаўся ў танклявую постаць Лігіі — сівы золак штораз больш яе серабрыў.

— Спадару, — звярнуўся Хілон, — абразіў бы цябе, каб прадбачваў, што твая шчодрасць калі-небудзь меціме канец, ты ўжо мне заплаціў, дык не думай, што казаціму дзеля далейшае нажывы. Атжа, раю табе яшчэ раз, каб, намеціўшы, у якім доме жыве боская Лігія, вярнуўся дадому па нявольнікаў і лектыку, а не слухаў гэнага боўдзілы Кратона, які таму толькі падручаецца сам адзін выхапіць красуню, каб выціснуць тваю кабзу, бы клінок з тварагом.

— Дам кулаком паміж лапатак, і развітвайся з светам, — адгражаўся Кратон.

— Вазьму дыету кафалонскага віна і гуляціму здароў, — бароніцца грэк.

Вініць не адказваў ані слова, бо падыйшлі да брамы, ля якое дзіўнае відовішча кінулася ім у вочы. Двух ваякаў укленчыла перад Апосталам, а ён трымаў праз момант над імі рукі, пасля перажагнаў. Маладому патрыцыю дагэтуль ніколі і ў думку не прыходзіла, каб то ўжо й між ваякамі былі хрысціяне, і поўны подзіву гадаў сабе: як падчас пажару агонь ахапляе штораз новыя будынкі, так, мабыць, і гэная навука абыймае штораз новыя душы і шырыцца з неймавернай хуткасцяй. Агарнуў яго подзіў і з увагі на Лігію, дадумаўся бо, што калі б хацела ўцячы з места, знайшліся б вартаўнікі, якія самі ўмагчымілі б ёй выхад. Дзякаваў у гэнай часіне ўсім багом, што так не сталася.

Перайшоўшы незабудаваную прагаліну за парканам, натаўп хрысціян пачаў разыходзіцца. Трэ было цяпер ісці за Лігіяй асцеражней, каб не звярнуць на сябе ўвагі. Хілон пачаў зноў мантачыцца, наракаць на ламату ў нагах і прыаставаўся штораз болей ззаду. Вініць гэтаму ўжо й не супраціўляўся, думаючы: палахлівы й недалужны грэк не будзе ўжо яму патрэбны. Быў бы нат пазволіў яму пайсці да ліхой долі; аднакаваж мудраца ўстрымоўвала празорлівасць, а больш мо цікавасць, бо йшоў назіркам за імі, а нат часамі падбліжаўся, паўтараючы сваю раду ды выказваючы здагадку, што стары спадарожнік Апостала, каб крыху вышэйшы, мог бы быць Глаўкам.

Ішлі даволі яшчэ доўга аж да Затыбра, сонца незабаўна ўжо мела паказацца, як грамадка, у якой была Лігія, раздзялілася. Апостал, старуха і хлапчанё лучылі ўздоўж ракі, а стары нізкага росту, Урсус і Лігія ўсунуліся ў вузкую вулачку і, падыйшоўшы за сто крокаў, увайшлі ў сенцы дому, у якім было дзве крамы, адна з аліваю, а другая — птушніка.

Хілон, каторы йшоў за Вініціем на якіх сягняў пяцьдзесят ззаду, стаў адразу як урыты і, прытуліўшыся да муру, пачаў сыкаць на іх, каб вярнуліся да яго.

Яны паслухалі, бо трэба ж было параіцца.

— Ідзі, — загадаў яму Вініць, — і даведайся, ці гэты дом не выходзіць другою палавінаю на іншую вуліцу.

Хілон, дарма наракаў нядаўна на раны ў нагах, чмыхануў так хутка, як бы крылле Мэркурага з’явілася пры ягоных костках, і праз хвіліну вярнуўся.

— Не, — звясціў, — выхад ёсць толькі адзін.

І заламаў рукі: — На Ёвіша, Апалона, Весту, Кібелу і Озырыса, на Мітру, Бааля ды ўсе багі Ўсходу й Захаду! Малю цябе, спадару, заняхай свайго намеру… Паслухай мяне!..

Але нагла замоўк, сумеўся бо, гледзячы на белы, моў палатно, твар Вініція, вочы якога іскрыліся, бы воўчыя зэкры. Даволі было глянуць на яго, каб зразумець, што нічога не паўстрымае ўжо яго ад задуманага намеру.

Кратон надымаў свае Геркулесавыя грудзі і цяляпаў на абодва бакі малпаватым лбом, як мядзведзь у клетцы. Трывогі на твары нельга было даследзіць.

— Я ўвайду першы! — прапанаваў.

— Пойдзеш за мною! — цвёрда вырашыў Вініць.

І па хвіліне зніклі абодва ў цёмных сенях.

Хілон даў чосу да рову найбліжэйшае вуліцы і давай вызіраць з-за вугла, чакаючы, што будзе.

 

XXII

 

Вініць толькі ў сенях зразумеў усю цяжкасць справы. Дом быў абшырны, колькіпаверхавы, адзін з такіх, якіх тысячы будавана ў Рыме дзеля даходнасці з памешканняў, і звычайна будавана з такім поспехам і неакуратнасцю, што не было амаль году, каб некалькі з іх не заваліліся на галовы кватарантам. Гэта былі сапраўдныя вуллі, надта высокія і надта вузкія, поўныя каморак і закамаркаў, у якіх гняздзілася ўбогая маса. У горадзе, у якім шмат якія вуліцы не мелі назову, дамы такія не мелі нумароў; собснікі паборы належнасці павяралі нявольнікам, каторыя, не маючы ад гарадскіх уладаў загаду падаваць прозвішчы лакатараў, часта не ведалі іх самі. Дапытацца каго ў такім доме было не раз вельмі цяжка, асабліва калі пры браме не было стоража.

Вініць з Кратонам праз доўгія, падобныя да калідору, сенцы ўвайшлі на вузкі, забудаваны з чатырох бакоў, панадворак, моў супольны для ўсяго дому атрыюм з вадалівам пасярэдзіне, струмень якога спадаў у каменную місу, умураваную ў зямлю. Пры ўсіх сценах беглі ўгару вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, вядучыя на галярэю, з якое ўваходзілася ў памяшканні. Унізе былі таксама кватэры, некаторыя зачыняліся драўлянымі дзвярыма, іншыя толькі ваўнянымі, па большай частцы павытрапанымі, падзёртымі ці палапленымі занавесямі.

Было заранне, і на панадворку ані жывое душы. Відаць, у цэлым доме йшчэ ўсе спалі, з выключэннем тых, што нядаўна вярнуліся з Острыянума.

— Што рабіцімем, спадару? — спытаў, затрымоўваючыся, Кратон.

— Чакайма тут: можа, хто з’явіцца, — адказаў Вініць. — Не трэ, каб нас бачылі на надворку.

Тут здагадаўся, што рада Хілона была практычная. Каб меў з сабою колькідзесят нявольнікаў, можна было б абсадзіць браму, якая, здэцца, была адзіным выхадам, і ператрэсці ўсе кватэры, а так трэба адразу трапіць у памешканне Лігіі, бо інакш хрысціяне, якіх напэўна ў гэтым доме было шмат, магчымуць упярэдзіць, што яе шукаюць. Дзеля таго было таксама небяспечным і распытвацца незнаёмых асоб. Вініць праз хвіліну надумоўваўся, ці не вярнуцца па нявольнікаў, ажно воміг з-за аднае занавесі выходзіць чалавек з сітам у руцэ ды йдзе да вадаліву.

Юнак на першы пагляд пазнаў Урсуса.

— Гэта ліг, — шапнуў Вініць.

— Ці зараз паламаць яму косці?

— Чакай.

Урсус не дагледзеў іх, бо стаялі ў змроку сеняў, і пачаў спакойна паласкаць у вадзе агародніну, што была ў сіце. Пасля доўгае, бач, ночы, збаўленае на магільніку, маніўся прыгатаваць з яе снеданне. Па хвіліне, скончыўшы работу, узяў мокрае сіта й знік за заслонаю. Кратон і Вініць лучылі за ім, думаючы, што патрапяць проста ў памешканне Лігіі.

Але, надзіва, заслона зачыняла ад надворку не памяшканне, а другі цёмны калідор, на канцы якога відзён быў агародчык з некалькімі цыпрысамі і міртавымі кустамі, за ім дамок, прылеплены да глухое задняе сцяны суседняе камяніцы. Абодва скемілі нараз, што гэтая абставіна для іх памысная. На двары бо магло зрабіцца збяговішча ўсіх жыхароў, а наўзбочча дамку аблягчала сітуацыю. Хутка ўвінуцца з абаронцамі, а злашча з Урсусам, ды з ухопленай Лігіяй таксама хутка выдабыцца на вуліцу, а там ужо дадуць сабе рады. А можа, ніхто іх і не зачэпіць; калі зачэпяць, скажуць, што расходзіцца пра цэзараву закладнічку; а ў незвычайным выпадку Вініць звернецца да вігілаў.

Урсус ужо бадай уваходзіў у дамок, ажно шорах нечых крокаў закрануў ягоную ўвагу, затрымаўся і, угледзеўшы двух чалавек, палажыў сіта на балюстрадзе ды завярнуўся да іх.

— А чаго тут шукаеце? — спытаў.

— Цябе! — адсек Вініць.

Па чым, кіўнуўшы Кратону, загадаў рэзкім прыцішным голасам: — Бі!

Кратон кінуўся бы тыгрыс і ў адной хвіліне, перш, чым ліг змеркаваўся, хапіў яго ў свае сталёвыя рукі.

Вініць надта быў пэўны ягонай надлюдскае сілы, дык не чакаў выніку барацьбы, а, мінуўшы іх, падскочыў да дзвярэй дамка, піхнуў іх і ўвайшоў у цёмную камору, рассветленую, аднак, распаленым камінкам. Бляск гэтага камінку падаў проcта на твар Лігіі. Другою асобай, што сядзела пры камінку, быў той старац, спадарожнік Лігіі і Урсуса з Острыянума.

Вініць ускочыў так раптоўна неспадзявана, што Лігія й не паспела агледзецца, як схапіў яе ўполкі і, падняўшы ўгару, кінуўся назад да дзвярэй. Старац паспеў, праўда, яму заступіць дзверы, але ён, прыціснуўшы дзяўчыну адною рукою, другою адапхнуў яго. Каптур асунуўся з ягонай галавы, і тады ў абліччы гэнага знаёмага а страшнага твару сэрца Лігіі замерла ад жаху і спаралізавала голас. Хацела крычаць ратунку й не магла. Таксама надарэмна спрабавала ўхапіць за раму дзвярэй, упірацца. Пальцы ейныя слізганулі па камяні, і была б згубіла прытомнасць, каб не ўдарыла ейных вачэй жахлівае відовішча, калі выскачыў з ёю Вініць у вагарод.

Урсус трымаў у руках нейкага чалавека, цалкам перагнутага ўзад, з абвісшаю галавою ды акрываўленымі вуснамі. Угледзеўшы іх, яшчэ ўдарыў кулаком па той галаве і вокамгненна прыскочыў, бы раз’юшаны звер, да Вініція.

— Смерць! — падумаў малады патрыцый.

Нараз чуе, бы праз сон, крык Лігіі: «Не бі!» Пасля адчуў, як, моў пярун, развязала яму нешта рукі, якімі яе абнімаў, урэшце зямля пад ім закружылася, і дзённае святло згасла ўваччу…

 

 

Хілон, схаваны за вуглом нарожнага дому, чакаў, што станецца, цікавасць змагалася ў ім са страхам. Гадаў сабе: калі ўдасца ім схапіць Лігію, дык добра будзе быць пры Вініцію. Урбана не баяўся ўжо, бо быў таксама пэўны, што Кратон адолее яго. Затое ўважаў, што калі б на пустых дагэтуль вуліцах пачалася суталака, калі б хрысціяне ці іншыя людзі жадалі ставіць супраціў Вініцію, тады ён кінецца да іх як прадстаўнік улады, як выканаўца волі цэзара, а ў скрайнім выпадку пакліча вігілаў на помач маладому патрыцыю проці вулічнай галайстры і тым прыдбае сабе новыя ласкі. У душы думаў, што ўчынак Вініція ёсць неразважны, аднак, зважаючы на страшэнную моц Кратона, можа ўдасца. «Калі б прыйшло крута, сам трыбун нясціме дзяўчыну, а Кратон расчышчаціме дарогу». Час, аднак жа, яму надта доўжыўся: карціла яму тая цішыня ў сенях, на якія здалёк зорыў вокам. «Калі не трапяць у ейную крыёўку, а наробяць галасу, дык спалохаюць яе».

Думка гэтая не надта яго й засмуціла, бо разумеў, што ў такім выпадку зноў будзе патрэбен Вініцію ды зноў патрапіць з яго выціснуць значную колькасць сэстэрцыяў.

— Што б ні зрабілі, — гадаў сабе, — для мяне зробяць, хоць ніводзін з іх да гэтага не дадумоўваецца… Багі, багі, дазвольце мне толькі… І нагла абарваўся, здавалася бо яму, быццам нешта выхілілася з сяней, дык, прыціснуўшыся да сцяны, цікаваў, стрымліваючы оддых у грудзях.

І не памыліўся, бо з сяней высунулася паўгалавы нейкае і пачала разглядацца навокал.

Па хвіліне, аднак, знікла.

— Гэта няйначай Вініць або Кратон, — падумаў Хілон, — але калі схапілі дзеўку, чаму яна не крычыць ды чаго выглядаюць на вуліцу? Людзей і так напаткаюць, пакуль бо да Карынаў дойдуць, рух зробіцца на горадзе. Што гэта? На ўсенькія багі несмяротныя!..

І нагла астанкі валасоў вожыкам сталі яму на галаве. У дзвярах паказаўся Урсус з абвісаючым на плечуку целам Кратона і, з’арыентаваўшыся яшчэ раз, пачаў з ім бегчы пустою вуліцаю да рэчкі.

Хілон пры сцяне зрабіўся так пласкі, як кавалак тынку.

— Згіну, калі мяне ззорыць, — падумаў.

Але Урсус борзда прабег каля нарожнага дому і знік за наступным будынкам, а Хілон, доўга не чакаючы, сунуў у глыб папярэчнае вулачкі, звонячы сопалаху зубамі і з вёрткасцю, якою, бадай, і юнак не задзівіў бы.

— Як спанатрыць мяне здалёк, варочаючыся, дык дагоніць і заб’е, — талкаваў сабе. — Ратуй мяне, Зэўсе, ратуй, Апола, ратуй, Гермесе, ратуй, Божа хрысціян!

Уцяку з Рыму, вярнуся ў Мэзамбрыю, выбаўце мяне толькі з рук гэтага дэмана!

І той ліг, што задушыў Кратона, выдаваўся ў гэнай хвіліне сапраўды нейкаю надлюдскаю істотаю. Бегучы, думаў, мо гэта які бог у постаці барбара. У той хвіліне верыў ува ўсіх багоў цэлага свету, ува ўсе німфы, з якіх звычайна кпіў. Марочылася яму таксама ў галаве, што Кратона мог забіць хрысціянскі Бог, і валасы зноў дубам сталі на галаве, як падумаў: нашто заводзіўся з такою магутнасцю.

Аж, прабегшы некалькі завулкаў і спаткаўшы нейкіх работнікаў, воддаль насупраць ідучых, крыху супакоіўся. У грудзях не хапала ўжо й паветра, дык сеў на парозе дому і пачаў рогам сярмягі выціраць на лбе пот.

— Стары я ўжо і патрабую супакою, — кажа сабе.

Людзі, што йшлі насупраць, збочылі ў нейкую вулічку, і зноў агарнула яго чорная думка. Горад яшчэ спаў. Раніцаю рух падымаўся ўпярод у багатых кварталах места, дзе нявольнікі багатых дамоў мусілі ўставаць дадня, а ў тых, дзе жыла люднасць вольная, утрымоўваная коштам гаспадарства, дармаедская, уставалі — злашча зімою — даволі позна. Хілона, праседзеўшага крыху на парозе, пачаў праймаць холад, дык устаў і, пераканаўшыся, што не згубіў капшука, Вініціевага дарунку, пацягнуўся паволі да рэчкі.

— Мо дзе агледжу цела Кратона, — казаў сабе. — О, багі! Гэны ж ліг, калі ёсць чалавекам, мог бы за год зарабіць мільёны сэстэрцыяў, калі бо ўдушыў Кратона, як шчанё, дык хто ж яго падолее?

За кожны выступ на арэне далі б яму столькі золата, колькі важыць сам.

Лепей ён сцеражэ гэнае дзеўкі, чым Цэрбер пекла. Дык хай яго тое пекла глыне! Не хачу з ім заводзіцца. Занадта касцісты. Але што ж тут рабіць? Сталася рэч страшэнная. Калі ён таму Кратону паламаў косці, дык і душа Вініціева скігліць ужо там недзе над гэным домам, чакаючы хаўтураў. На Кастара! Адыж гэта патрыцый, прыяцель цэзара, Пятроніеў сваяк, уладар ведамы ў цэлым Рыме ды вайсковы трыбун. Смерць ягоная не ўвойдзе ім насуха… От каб, напрыклад, данесці ў абоз прэтарыянам або вігілам?..

Тут замоўк і пачаў надумоўвацца, а па хвіліне кажа: — Гора мне! Хто ўвёў яго ў гэны дом, калі не я?.. Ягоныя нявольнікі і вызвольнікі ведаюць, што я да яго прыходзіў, а некаторыя нат ведаюць, з якою мэтай. Што будзе, як западозраць мяне, быццам я наўмысна паказаў яму той дом, дзе спаткала яго смерць? Хоць бы паказалася потым у судзе, што яе не хацеў, усё роўна скажуць, што я яе спрычыніў… Адыж гэта патрыцый, не, не выкручуся ад кары. Ну а каб моўчкі ўцёк з Рыму недзе далёка — будзе шчэ большае падазрэнне.

І так і гэтак было дрэнна. Расходзілася ўжо толькі пра тое, каб выбраць меншае ліха. Рым быў вялікім горадам, аднак Хілон кеміў, што можа быць яму ў ім цесна. Кожны бо іншы мог бы проста пайсці да прэфекту вігілаў, расказаць, што сталася, і, хоць бы пала на яго падазрэнне, чакаць спакойна следства. Але цэлая мінуўшчына Хілона была такая, што ўсякае бліжэйшае знаёмства будзь з прэфектам гарадскім, будзь з прэфектам вігілаў мусіла б ублытаць яго ў паважныя турботы ды адначасна апраўдаць усялякія падазрэнні, якія маглі б толькі ўлезці ў голаў урадаўцам.

З другога боку, уцячы — гэта значыць уцвярдзіць Пятронія ў перакананні, што Вініція здрадзілі й замардавалі патайною змоваю. Адыж Пятроні быў чалавек магутны, на загад якога гатова была паліцыя цэлай дзяржавы і які бессумніўна пастараўся б знайсці вінаватых хоць бы на краі свету. Аднак жа прыйшло ў голаў, ці не паспяшацца проста да яго ды ці б не звясціць яму, што сталася. Так!

Гэта быў найлепшы спосаб. Пятроні быў чалавекам апанованым, і Хілон прынамсь мог мець надзею, што хоць выслухае яго да канца. Пятроні, які ведаў справу ад пачатку, хутчэй уверыў бы ў нявіннасць Хілона, чым прэфекты.

Але перш чым ісці да яго, трэба было б даведацца напэўна, што сталася з Вініціем. Хілон жа гэтага не ведаў. Бачыў, праўда, ліга, скрадаючагася да рэчкі з целам Кратона, але і ўсяго толькі. Вініць мог быць забітым, але мог быць і раненым або схопленым. Цяпер вось толькі прыйшло ў голаў Хілону, мо хрысціяне пэўна не адважыліся б забіць так дастойнага чалавека, аўгустыяніна і высокага ўрадаўца вайсковага, бо такі праступак мог бы выклікаць на іх пераслед. Было праўдападобнейшым, што яны затрымалі яго гвалтам, каб даць час Лігіі зноў схавацца ў новым мейсцы.

Думка гэта крыху ўліла Хілону ў душу льгі.

— Калі той лігійскі смок не раздзёр яго ў першым парыве, тады жыве, а калі жыве, тады сам пасведчыць, што не было ніякае здрады, а тады нічагусенька мне не пагражае, толькі — о, Гермесе, спадзявайся зноў дзвёх ялавіц! — адкрываецца перада мною новае поле… Магу даць знаць аднаму з вызвольнікаў, дзе мае шукаць гаспадара, а ці ён пойдзе да прэфекту, ці не, гэта ўжо ягоная справа, каб толькі мне не трэ было да яго йсці… Магу таксама пайсці да Пятронія і спадзявацца ўзнагароды… Шукаў Лігію, цяпер шукаціму Вініція, а пасля зноў Лігію. Трэба, аднак, спярша даведацца, ці жыве, ці забіты.

Тут прыйшло яму ў голаў, што ён жа ўначы мог бы пайсці да Дэмаса, пекара, і спытаць пра гэта Урсуса. Але думку гэту як бач адагнаў. Лепей быць далей ад Урсуса. Мог слушна думаць, калі Урсус не забіў Глаўка, дык, відаць, перасцераглі яго хрысціянскія старшыны, якім выявіў свой намер, што гэна справа нячыстая і што маніўся яго набухторыць да гэтага які-небудзь здраднік. Дый самы ўспамін аб Урсусе выклікаў дрыготы ў Хілона. Пастанавіў вечарам падаслаць туды Эўрыцыя, дзе здарыўся гэны выпадак. Тым часам трэ было пажывіцца, выкупацца й адпачыць. Бяссонная ноч, дарога да Острыянума і ўцёкі з Затыбра стурбавалі яго сапраўды.

Адна рэч пацяшала яго ўвесь час: менавіта, два тыя капшукі ад Вініція, што дастаў у ягоным доме і ў дарозе з магільніка. Дык з увагі на гэную пацяшаючую акалічнасць ды на нядаўнія перажыванні пастанавіў болей пад’есці і выпіць лепшага віна, чым заўсёды.

І дачакаўшыся ўрэшце пары адчынення вінярняў, выканаў пастанову так акуратна, што забыўся й пра ванну. Больш за ўсё хацелася яму спаць, і сон змарыў яго да таго, што ледзь валокся да свайго памешкання на Субуры, дзе чакала яго купленая на Вініціевы грошы нявольніца. Там, увайшоўшы да цёмнага, бы лісава нара, кубікулюма, рынуўся на пасцель і заснуў адразу як камень.

Прачнуўся аж толькі вечарам, а вярней, збудзіла яго нявольніца, клічучы, каб уставаў, нехта бо яго шукае і хоча з ім бачыцца ў неадкладнай справе.

Чуйны Хілон апрытамнеў у адной хвіліне, накінуў хутка сярмягу з каптуром і, загадаўшы нявольніцы ўстараніцца, вызірнуў перш асцярожна навонкі.

І аслупянеў! Бо праз дзверы кубікулюма ўгледзеў вялігура Урсуса. На гэта гледзячы, чуе, ногі й галава ягоныя робяцца як лёд, сэрца млее ў грудзях, а за скураю бегае рой мурашак… Праз момант не мог слова вымавіць, пачакаўшы, аднак, выенчыў, звонячы зубамі: — Сыра! Няма мяне… не ведаю таго… добрага чалавека… — Я сказала яму, што ты дома, спадару, што спіш, — патлумачыла дзяўчына, — а ён прасіў цябе збудзіць… — О, богі!.. Бадай цябе!..

А Урсус, як бы не могучы чакаць, падыйшоў да дзвярэй кубікулюма і, нагнуўшыся, усадзіў усярэдзіну голаў.

— Хілон Хіланід! — адазваўся. — Pax tecum! Pax, pax!39 — адказвае Хілон. — О, найлепшы мой хрысціяніне! Так, я Хілон, але гэта абмылка… Не ведаю цябе!

— Хілон Хіланідзе! — паўтарыў Урсус. — Твой спадар, Вініць, кліча цябе, каб ішоў да яго разам са мною.

 

XXIII

 

Вініція разбудзіў дакучны боль. У першай хвіліне не мог зразумець, дзе ён ды што з ім дзеецца. У галаве шум, уваччу туман. Паволі, аднак, вярталася прытомнасць, і ўрэшце праз той туман бачыць над сабою трое людзей. Двух пазнаў: Урсуса і таго старца, якога паваліў, выносячы Лігію. Трэці, незнаёмы, трымаў ягоную левую руку і, абмацваючы яе ўздоўж локця аж да плечука, выклікаў такі страшны боль, што Вініцію здалося, быццам робяць над ім якую мсту, дык выцадзіў праз заціснутыя зубы: — Даб’еце мяне?

А яны не звярталі на гэта ўвагі, так, як бы не чулі ці не ўважалі за незвычайнасць. Урсус з сваёй барбарскай заклапочанай мінай трымаў жмут стужак з белых падзёртых хусцін, а стары гаварыў незнаёмаму: — Ці ты, Глаўк, пэўны, што гэная рана ў галаве ня ёсць смяротнай?

— О так, дастойны Крыспе, — супакойваў Глаўк. — Служачы ў нявольніках на мараплаўстве ды жывучы ў Неапалі, прыходзілася мне аглядаць шмат ран, за тую працу ўдалося мне якраз і выкупіцца з сям’ёю. Не, рана ў галаве лёгкая. Як ён, відаць, — тут паказаў на Урсуса, — адбіраў дзяўчыну і піхануў гэтага на мур, дык ён, падаючы, засланіўся рукою, каторую вывіхнуў і зламаў, але праз тое ўсцярог голаў — і жыццё.

— Не адным з братоў ты ўжо апекаваўся, — адказаў Крысп, — і слывеш як добры лекар… Таму ж і паслаў я Урсуса па цябе.

— Каторы ў дарозе прызнаўся мне, што ўчора йшчэ маніўся мяне забіць.

— Але перш гэты намер выявіў мне; а я, ведаючы цябе й тваю вернасць да Хрыста, выталкаваў яму, што не ты здраднік, але той незнаёмец, які да забойства яго падбухторваў.

— Гэна быў нячысты дух, але мне здалося, што анёл, — апраўдваўся, уздыхаючы, Урсус.

— Другім разам раскажаш мне аб гэтым, — перарваў Глаўк, — а цяпер мусімы думаць аб раненым.

Гэта сказаўшы, пачаў настаўляць плячо Вініцію, які раз-пораз млеў з болю, не дапамагала й Крыспава ахалоджванне вадою галавы. Але можа й лепш было, што млеў, бо хоць тады не чуў настаўляння нагі ды перавязкі зламанае рукі, якую Глаўк управіў у дзве жалабкаватыя дошчачкі, хутка й моцна абвязаўшы, каб знерухоміць. Па дакананай аперацыі апрытомеў зноў і ўбачыў над сабою Лігію. Стаяла тут жа пры ягоным ложку, трымаючы перад сабою медзяное вядзерца з вадою, у якой Глаўк час ад часу мачаў губку й змываў яму голаў.

Вініць глядзеў і вачам не верыў. Яму здавалася, гэта сон або гарачка марочыць, ставячы перад ім гэную мілую здань, і аж пасля доўгае хвіліны здолеў вышаптаць: — Лігія… Ад голасу ягонага задрыжала вядзерца ў руках, і звярнуліся да яго сумныя вочы.

— Pax табе! — адказала ціха.

І стаяла з выцягнутымі перад сабою рукамі, поўная літасці і жалю. Ён жа паглядаў на яе, моў жадаў напоўніць ёю вочы так, каб, як заплюшчыць, воблік ейны стаяў яму над павекамі. Прыглядаўся на ейны твар, бялейшы і блажэйшы, чым даўней, на лёкі цёмных валасоў, на ўбогую вопратку работніцы; глядзеў так упорыста, што аж ад сілы ягоных вачэй пачало ружавець ейнае снежнае чало — і перш-наперш падумаў, што ён жа кахае яе, а па-другое, што гэную нікчомнасць ды ўбогасць ён спрычыніў, бо ён выплашыў яе з дому, дзе плывала яна ў дастатках і выгодзе, і ўправіў у гэтую мізэрную хату ды апрануў у гэтую вось нэндзную вопратку з цёмнае воўны.

І так хацеў яе ўхарашыць у найдаражэйшыя залатыя каштоўнасці, што апанавала ім здумленне, трывога, літасць і жаль так магутны, што — здэцца — кінуўся б ёй да ног, каб мог крануцца з мейсца.

— Лігія, — кажа, — ты не дазволіла забіць мяне… А яна салодка адказвае: — Хай Бог дасць табе здароўе.

Для Вініція, сведамага даўнейшых і апошняй крыўд, што маніўся зрабіць ёй, словы гэныя былі сапраўдным бальзамам. Забыўся ў гэнай хвіліне, што ейнымі вуснамі можа гаварыць хрысціянская навука, а чуў толькі, быццам гаворыць каханая жынчына, у адказе якое ёсць нейкая асабістая песлівасць ды надлюдская дабрыня, да глыбіні яго праймаючая. Як упярод аслаб ад болю, так цяпер аслаб з расчулення. Авалодала ім нейкая немач, адначасна і магутная і салодкая. Меў такое ўражанне, як бы ляцеў недзе ў процьму, але пры тым адчуваў, што яму добра, што ён — шчаслівы. У моманце тае салодкае немачы думаў таксама — стаіць над ім боства.

Тым часам Глаўк скончыў прамываць рану ў ягонай галаве і прылажыў да яе гаючую масць. Урсус забраў з рук Лігіі мяднік, а яна, узяўшы са стала чарку з вадою і віном, прыставіла яму да вуснаў. Вініць выпіў прагавіта й пачуў льгу. Пасля перавязкі боль супакоіўся. Раны пачалі тужэць. Вярнулася прытомнасць.

— Дай мне яшчэ, — просіць, — напіцца.

Лігія пайшла ў бакоўку; збліжаецца да яго пасля кароткае гутаркі з Глаўкам Крысп і кажа: — Вініць, Бог не дазволіў табе выканаць благі намер, але дараваў табе жыццё, бо ты апамятаўся. Той, перад каторым чалавек ёсць пылінкай, аддаў цябе безабароннага ў нашыя рукі, але Хрыстус, у якога мы верым, загадвае нам мілаваць нат непрыяцеляў. Дык агледзелі мы табе раны і, як казала Лігія, маліцімемся, каб Бог вярнуў табе здароўе, але даўжэй цябе даглядаць не можам. Дык заставайся з Богам і падумай сам, ці гадзіцца табе далей пераследваць Лігію, якую пазбавіў апякуноў, дому, — і нас, што за зло дабром табе адплацілі?

— Хочаце пакінуць мяне? — спытаў Вініць.

— Хочам выйсці з гэтага дому, у якім можа дасягнуць нас рука прэфекта.

Твой спадручнік забіты, а ты, спадару, між сваімі ляжыш ранены. Не з нашае віны гэта сталася, але на каго ж, як не на нас, спадзе помста права… — Пераследу не бойцеся, — заручыў Вініць. — Я вас засланю.

Крысп не хацеў далей талкаваць, што не толькі пра паліцыю тут расходзіцца, але й Лігію хочуць забяспечыць ад яго.

— Спадару, — кажа, — правая рука твая здаровая, дык вазьмі ось таблічкі і стыль ды напішы слугам сваім, каб прыйшлі па цябе ўвечар з лектыкай ды аднеслі дадому, там табе будзе выгадней, як тут у нашай беднаце. Мы тут кватаруем у беднай удавы, яна зараз прыйдзе з сваім сынам, і тое хлапчанё аднясе твой ліст, бо ўсе мусімы шукаць іншага прытулішча.

Вініць збялеў, бо сцяміў, што хочуць яго разлучыць з Лігіяй, і як зноў страціць яе, дык ніколі ў жыцці можа не аглядаць… Уяўляў сабе, праўда, што паміж ім і ёю ляглі вялікія перапоны, таму, каб асягнуць яе, трэ шукаць нейкіх новых дарог, аб якіх не меў калі яшчэ думаць. Разумеў таксама, што словам ягоным, хоць бы прысягнуў аддаць Лігію назад Пампоніі Грэцыне, маюць права не верыць дый не павераць. Бо мог даўно ўжо зрабіць гэта; мог замест тропіць Лігію пайсці да Пампоніі і прысягнуць ёй, што выракаецца посцігу, хай сама, калі хоча, шукае дзяўчыны. Не, ніякія запэўніванні не здолеюць іх затрымаць, ніякая прысяга не будзе прынята, тым больш, што і прысягаць не было на каго, бо багоў паганскіх, у якіх ён і сам не верыў, уважалі яны за нячыстыя сілы.

Аднак моцна жадаў прыхіліць і Лігію і тых ейных апякуноў якім толькі ўдасца спосабам, але на гэта патрабаваў часу. Ну хоць бы дзянькоў пару яшчэ так соладка паглядзець на яе. Як тапельцу адламак дошкі ці хоць бы якая шчэпка выдаецца ратункам, так і яму выдавалася, што праз гэных пару дзён здалее мо што ёй вымавіць такое, што б яго да яе збліжыла, нешта можа абдумае, нешта памыснае здарыцца.

Дык, сабраўшы думкі, кажа: — Паслухайце мяне, хрысціяне. Учора быў я разам з вамі ў Острыянуме і слухаў вашу навуку, але хоць бы й не ведаў яе, учынкі вашыя пераканалі мяне, што вы людзі сумленныя й добрыя. Скажэце той удаве, што займае гэты дом, хай застаецца ў ім, вы заставайцеся таксама, і мне дазвольце застацца. Хай гэты чалавек, — тут кінуў вокам на Глаўка, — лекар, які знаецца на перавязках ран, скажа, ці можна мяне сяння пераносіць. Я ж хворы, маю зламаную руку, яе хоць праз пару дзён не можна варушыць; і таму кажу вам, нікуды не крануся згэтуль, хіба выцягнеце мяне сілком.

Тут зарвала яму, бо ў разбітых ягоных грудзях не хапіла духу, а Крысп сказаў: — Ніхто, спадару, над табою не рабіціме гвалту, мы толькі вынесем адгэтуль нашы галовы.

На гэта непрызвычаены да пярэчанняў юнак нахмурыў бровы і сказаў: — Дай мне зяхнуць.

Цераз момант пачаў гаварыць далей: — Пра Кратона, якога задушыў Урсус, ніхто не пытаціме: меўся ён ехаць сяння ў Бэнэвэнт, куды выклікаў яго Ватыній, дык усе думацімуць, што выехаў. Як уваходзілі мы з Кратонам у гэты дом, ніхто нас не бачыў, апрача аднаго грэка, які быў з намі ў Острыянуме. Скажу вам, дзе жыве, паклічаце яго — я загадаю яму маўчаць, бо гэта чалавек мною наняты. Да дому майго напішу пісульку, што я таксама выехаў у Бэнэвэнт. Калі б грэк данёс ужо прэфекту аб здарэнні, расталкую яму, што я сам забіў Кратона, і што менавіта ён зламаў мне руку. Так зраблю, бажуся айцом і маці роднаю! Дык можаце тутака заставацца, волас нікому з галавы не спадзе. Паклічце хутка грэка, які завецца Хілон Хіланід.

— Застанецца, спадару, пры табе Глаўк, — кажа станоўча Крысп, — і разам з удавой апякавацімуцца табою.

Вініць насупіў бровы яшчэ мацней.

— Слухай, стары чалавеча. Я табе ўдзячны, і выглядаеш на сумленнага й добрага чалавека; чаму не кажаш мне, што на дне душы тоіш? Ты баішся, каб я не паклікаў маіх нявольнікаў ды не забраў Лігіі? Ці ж не так?

— Так! — адказаў суровы Крысп.

— Дык уцям жа: з Хілонам гаварыціму пры вас і пры вас напішу вестку дадому аб маім выездзе, — і што іншых пасланцоў, як вы, пасля не меціму… Раздумай гэта й не дражні мяне больш.

Тут узбурыўся, зморшчыўся ад гневу і з гарачкай талкаваў далей: — Няўжо табе здавалася — я не прызнаюся, што хочу тут застацца, каб бачыць яе?.. Дурань бы адгадаў, хоць бы я не сазнаўся. Але сіламоц не буду яе болей здабываць… А табе скажу нешта іншае. Калі яна тут не застанецца, дык гэтаю вось здароваю рукою пазрываю бандажы, не вазьму ў рот ні вады, ні ежы, і хай смерць мая спадзе на цябе й на тваю браць. Нашто было мяне ратаваць? Чаму не затоўк мяне?

Аж пабялеў з гневу й аслаблення. Лігія, чуючы гэта з бакоўкі і будучы пэўнай, што ён гатовы гэта зрабіць, спалохалася. Не жадала ні за што ягонай смерці. Безабаронны ранены выклікаў толькі літасці яе пра ахвяры, пасвяту й міласэрнасць без межаў, сама ўпаілася тым новым духам да таго, што забылася й аб доме, і аб бацькох, і аб згубленым шчасці, зрабілася з яе адна з такіх маладых хрысціянак, якія пазней змянілі старую душу свету. Вініць так ужо ўрэзаўся ў ейную долю, так накінуўся, што нельга ўжо было пра яго забыць.

Думала пра яго цэлымі днямі й не раз маліла Бога, каб спаслаў такую хвіліну, у якой, ідучы за подыхам навукі, магла б яму выплаціцца дабром за зло, міласэрнасцю за пераслед, зламаць яго, здабыць для Хрыста, збавіць. І цяпер вось, здавалася ёй, такая хвіліна прыйшла, малітвы, знача, Бог выслухаў.

Падыйшла да Крыспа з абліччам як бы натхнёным ды пачала гаварыць так, як бы праз яе гаварыў нейкі іншы голас: — Крысп, хай ён застаецца між намі, і мы застанемся з ім, пакуль Хрыстус яго не аздаровіць.

Стары прэзбітэр, прывыклы бачыць ува ўсім волю Божую, бачачы ейную экзальтацыю, падумаў зараз, а можа, гаворыць праз яе моц вышэйшая, і, затрывожыўшыся ў сэрцы, схіліў свой голаў.

— Хай так станецца, як кажаш, — прыцвярдзіў.

На Вініція, які праз увесь час не спушчаў з яе вачэй, гэная борздая паслухмянасць Крыспа зрабіла дзіўнае й моцнае ўражанне. Здалося яму, што Лігія ёсць між хрысціянамі нейкаю Сыбілаю ці капланкаю ў арэоле сумлення й паважання. І мімахоць сам праняўся тою сумленнасцю. Да адчуванага кахання дамяшалася цяперака як бы нейкая трывожлівасць, пры якой само каханне выглядала на зухвальства. Не мог пры тым асвойтацца з думкай, што адносіны між імі змяніліся, што цяпер не яна ад яго, але ён ад яе залежны, ляжыць вось хворы, зламаны, што перастаў быць напаснікам, здабыўцам, і што стаўся моў безабароннае дзіця на ейнай апецы. Для ягонай гордай удачы і самаволі такія адносіны павінны былі быць паніжаючымі, аднак у гэным выпадку не толькі не адчуваў паніжэння, але быў ёй удзячны, як маці. Былі гэта пачуцці ў ім нечуваныя, яны перад нядаўнім часам не памесціліся б яму ў галаве, сумілі б яны й цяпер яго, каб мог ясна парахункавацца з імі. Ды ён і не пытаў сябе, чаму гэта так ёсць, быццам гэта была рэч натуральная, цешыўся толькі, што застаецца.

І маніўся ёй дзякаваць — з глыбокай пяшчотай ды йшчэ з нейкім пачуццём, так далёка яму няведамым, што й не мог вымысліць, як яго назваць, бо гэта была папросту пакора. Але нядаўняе ўзбурэнне змучыла яго так, што не мог гаварыць, і дзякаваў ёй толькі вачыма, у якіх гарэла радасць, што застаецца пры ёй, што магчыме ёю любавацца ўзаўтра і пазаўтра, можа й доўга.

Радасць тую муціла толькі трывога, каб не страціць таго, што здабыў, так вялікая, што, калі Лігія падала яму зноў вады і калі хапіла яго пры тым ахвота ўзяць яе за руку, баяўся гэтага зрабіць, баяўся — ён, той самы Вініць, які на банкеце ў цэзара цалаваў сіламоц ейныя вусны, а пасля ейных уцёкаў бажыўся, што за валасы цягаціме яе ў кубікулюм або загадае высцябаць.

 

XXIV

 

Але пачаў таксама трывожыцца, каб якая няпрошаная дапамога звонку не знішчыла яму радасці. Хілон мог паведаміць прэфекта гораду аб ягонай загубе або вызвольнікаў дому, дык інтэрвенцыя вігілаў была магчымай. Праз голаў, праўда, прабегла яму думка, што ў такім выпадку мог бы загадаць схапіць Лігію й замкнуць у сваім доме, але пачуваў, што рабіць ён гэтага не павінен — дый не здолее. Быў ён чалавекам самавольным, адчайным і даволі папсаваным, а пад прычыну й закатным, але аднак жа не быў ні Тыгэлінам, ні Нэронам. Ваяцкае жыццё выгадавала ў ім пэўнае пачуццё справядлівасці, веры й столькі сумлення, каб зразумець, што такі ўчынак быў бы страшэнна подлым. Быў бы, можа, здольным пусціцца на яго ў нападзе злосці пры поўным здароўі, але ў гэнай хвіліне быў расчулены й хворы, дык расходзілася яму толькі пра тое, каб ніхто не стаў паміж ім і Лігіяй.

Сцяміў таксама надзіва, што ад тае хвіліны, калі выказалася Лігія па ягоным баку, ані яна сама, ані Крысп не жадаюць ад яго ніякіх запэўніванняў, так, як бы былі перакананыя, што пры благой нагодзе абароніць іх нейкая надпрыродная моц. Вініць, у галаве якога пасля выслухання навукі Апостала ў Острыянуме пачала блытацца й зацірацца розніца між рэчамі магчымымі й немагчымымі, не быў таксама далёка ад думкі, што так быць магло б. Аднак жа, дзякуючы цверазейшай думцы, сам прыгадаў ім гутарку пра грэка ды зноў зажадаў, каб прывялі яму Хілона.

Крысп згадзіўся на гэта, і пастанавілі выслаць Урсуса. Вініць добра ведаў ужо Хілона й ягоную зыгзакаватасць, дык дакладна расталкаваў лігу, як да яго дабрацца й злавіць, і, напісаўшы некалькі слоў на таблічцы, звярнуўся да Крыспа: — Даю таблічкі, Хілон бо чалавек аглядны й хітры, які часта, мною пакліканы, загадваў адказваць маім людзям, што няма яго дома, рабіў гэта злашча тагды, калі не меў для мяне добрых навін і баяўся майго гневу.

— Абы яго толькі я знайшоў, дык прывяду, ці хацеціме, ці не, — запэўніваў Урсус.

Пасля чаго, узяўшы накідку, борзда выйшаў. Знайсці яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такіх выпадках дапамагаў інстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканні Хілона.

Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькі раз у жыцці, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, які набухторваў яго забіць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былі адной асобай. Хілон таксама, скеміўшы, што Урсус глядзіць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысціяне не забілі Вініція, мабыць, дзеля таго, што не асмеліліся падняць рукі на паважаную асобу.

— Гэта знача й мяне Вініць заслоніць у патрэбе, — падумаў, — бо ж не выклікае мяне на тое, каб забіць.

Дык, каўтнуўшы крыху духу, спытаў: — Мілы чалавеча, ці не прыслаў часам мой прыяцель Вініць па мяне лектыку?.. Ногі бо вось мае папухлі, не магу далёка йсці.

— Не, — адказаў Урсус, — пойдзем пехатою.

— А як не пайду?

— Не рабі гэтага, бо мусіш ісці.

— І пайду, але з уласнае ахвоты. Ніхто мяне не прымусіць, бо я чалавек вольны й прыяцель прэфекта. Як мудрэц, маю раду й на гвалт — бо ўмею ператвараць людзей у дрэвы й звяроў. Але пайду, пайду! Апрану толькі накідку крыху цяплейшую й каптур, каб не пазналі мяне, бач, нявольнікі таго кварталу, інакш бо затрымоўвалі б нас бесперастанку, каб цалаваць мне ў руку.

Сказаўшы гэта, уздзеў іншую хламіду, на голаў напусціў вялікі каптур, каб Урсус не прыпомніў, бач, сабе ягонага выгляду, як выйдуць на святло.

— Куды ж мяне вядзеш?.. — спытаў у дарозе Урсуса.

— На Затыбра.

— Я нядаўна ў Рыме й ніколі там не быў, але й там, думаю, жывуць дастойныя людзі.

Але наіўны Урсус, які нядаўна чуў ад Вініція, што грэк быў з ім на магільніку ў Острыянуме, дый бачыў, як уваходзіў з Кратонам у дом Лігіі, затрымаўся на момант і кажа: — Не махлюй, стары чалавеча, ты ж сяння быў з Вініціем у Острыянуме ды пад нашаю брамай.

— Ах! — спахапіўся Хілон. — Дык гэта ваш дом стаіць на Затыбры? Я нядаўна, бач, у Рыме, дык і не ведаю добра, як завуцца розныя кварталы.

Так, мілы дружа! Быў я пад вашаю брамаю і заклінаў у імя гонару Вініція, каб не ўваходзіў. Быў і ў Острыянуме, а ведаеш чаго? Жадаю навярнуць Вініція, дык хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага Апостала. Асвець Божа ягоную й тваю душу! Ты ж, здэцца, хрысціянін і хіба ж прагнеш, каб праўда запанавала над зямлёю?

— Так, — адказаў пакорна Урсус.

Хілон з’адважнеў.

— Вініць вяльможны пан, — талкуе, — ды прыяцель цэзара. Часта ён яшчэ настаўляе вушы на падшэпты злога духа, але хай толькі ўпадзе волас з ягонай галавы, цэзар помсту згоніць на ўсіх хрысціянах.

— Нас сцеражэ большая моц.

— Праўда! Праўда! Але што ж маніцеся рабіць з Вініціем? — спытаў з новаю трывогаю Хілон.

— Не ведаю. Хрыстус наказвае міласэрнасць.

— Во, добра сказаў. Памятай аб гэтым заўсёды, бо йнакш будзеш сквярціся ў пекле, як вантрабянка на патэльні.

Урсус бедны ўздыхнуў, а Хілон думае сабе: з гэным страшэнным чалавечынай можна заўсёды зрабіць штохаця.

Дык, хочучы даведацца, як адбывалася тое няўдалае адбіранне Лігіі, пытаў далей важным судзейскім голасам: — Што зрабілі з Кратонам? Кажы, не круці.

Урсус ізноў уздыхнуў.

— Вініць скажа.

— Гэта знача ўсунуў яму нажа або калом абязвечыў?

— Я быў з голымі рукамі.

Грэк, аднак, не мог устрымацца ад подзіву надлюдскае сілы барбара.

— Бадай цябе Плутон!.. Гэта значыць, хацеў сказаць: даруй табе Божа!

Ішлі моўчкі, пасля Хілон кажа: — Не я цябе здраджу, але сцеражыся вігілаў.

— Я баюся Хрыста, не вігілаў.

— І тое праўда. Няма цяжэйшае віны над забойства. Буду за цябе маліцца, але не ведаю, ці нат і мая малітва што дапаможа — хіба ж рабіў прысягу, што ніколі нікога ў жыцці не кранеш пальцам.

— Я і так не забіваў з розмыслам і самахоць, — тлумачыцца Урсус.

Хілон аднак, хочучы на ўсялякі выпадак забяспечыцца, не пераставаў далей абрыджаць Урсусу забойства ды заахвочваць яго да прысягі. Выпытваў таксама й пра Вініція, але ліг адказваў на ягоныя пытанні неахвотна, адмахваючыся, што ад самога Вініція даведаецца ўсё, што трэба.

Гутарачы так, прабрылі ўрэшце далёкую дарогу, што дзяліла кватэру грэка ад Затыбра, і апынуліся перад домам. Зноў устрывожылася сэрца Хілона. Ад страху выдавалася яму, што Урсус лыпае на яго нейкім людаедскім вокам. «Малая мне з таго пацеха, — думаў сабе, — што заб’е мяне нехаця, лепей бы, каб хапіў яго самога параліч, а разам з ім усіх лігаў, што дай, Зэўсе, калі патрапіш!» Так размысляючы, штораз больш затульваўся ў сваю галійскую гонку, нібыта, бач, ад холаду. Урэшце, як толькі, прайшоўшы праз сені й першы надворак, апынуліся ў калідоры, што выходзіў у агародзец дамку, нагла затрымаўся й кажа: — Дай мне адсапціся, бо не магчыму гаварыць з Вініціем і ўдзяляць яму мудрых радаў.

Вымавіўшы гэта, затрымаўся, бо хоць угаворваў сябе, што ніякая небяспека яму не пагражае, аднакава ж на ўспамін, што знайдзецца сярод гэтых таемных людзей, якіх аглядаў у Острыянуме, ногі дрыжалі.

Тым часам з дамку данеслася пяянне.

— Што гэта? — спытаў.

— Кажаш, быццам хрысціянін, а не ведаеш пра наш звычай пасля кожнае яды вяльбіць Збаўцу пяяннем, — адказаў Урсус. — Мырыям з сынам мусі ўжо вярнулася, а можа, і Апостал ёсць з імі, ён штодзень адведвае Крыспа.

— Вядзі мяне проста да Вініція.

— Вініць у той самай каморы, дзе і ўсе, бо адна толькі гэтая большая й ёсць, астатнія самыя цёмныя кубікулы, у якіх толькі спімо. Хадзем ужо, там аддыхнеш.

Увайшлі. У хаце было цемнавата; быў хмарны зімовы вечар, а агеньчыкі некалькіх газовачак не зусім разганялі змрок. Вініць хутчэй здагадаўся, чым пазнаў закаптуранага Хілона, а той, ззорыўшы ложа ў рагу хаты і на ім Вініція, рушыў, не гледзячы на нікога, проста да яго — як бы ў перакананні, быццам пры ім будзе яму беспячней.

— О доміне! Чаму ж не слухаў маіх радаў! — азваўся, згарнуўшы рукі.

— Маўчы, — адгукнуўся Вініць, — і слухай!

Глядзеў пільна ў вочы Хілону і гаварыў спавагу, дабітна, моў жадаў, каб кожнае слова ягонае зразумеў як загад і раз назаўсёды затрымаў сабе ў памяці.

— Кратон кінуўся на мяне, каб замардаваць — разумееш! Дык я забіў яго, а гэныя вось людзі агледзелі мне раны, атрыманыя ў барацьбе з ім.

Хілон скеміў адразу, што калі Вініць так гаворыць, дык, мабыць, умовіўся з хрысціянамі, а тады — знача — хоча, каб яму верыў. Здагадаўся пра гэта і з ягонай міны, дык як бач, не аказаўшы ні сумніву, ні здзіўлення, падняў вочы ўгару і адазваўся: — Гэна быў існы злыдзень, спадару! Ці ж я цябе не перасцерагаў, каб не давяраў яму? Усе мае дакоры адбіваліся ад ягонай галавы, бы гарох ад сцяны. Ува ўсім Гадэсе няма для яго дастатковых пакутаў, бо хто не можа быць сумленным чалавекам, той станецца злыднем, а каму ж цяжэй стацца сумленным, як не злыдню? Гэта ж трэба: нападаць на свайго дабрадзея, чалавека. так вялікадушнага!.. О, божанькі!..

Тут, аднак, спахапіўся, што нядаўна прыкідваўся перад Урсусам за хрысціяніна — і змоўк.

— Каб не «sica»40, якую меў з сабою, ён забіў бы мяне.

— Багаслаўлю тую хвіліну, у якую параіў я табе ўзяць хоць гэты нож.

Вініць ускінуў на грэка пытальны пагляд і пачаў экзаменаваць: — Што рабіў сяння?

— Як гэта? Ці ж я табе, спадару, яшчэ не казаў, што рабіў абеткі за тваё здароўе?

— І больш нічога?

— І выбіраўся ось адведаць цябе, ажно ж прыходзіць той добры чалавечына й кажа, што клічаш мяне.

— Вось таблічка, пойдзеш з ёю да мяне дадому, знойдзеш майго вызвольніка й аддасі яму. Напісана тут, што я выехаў у Бэнэвэнт. Скажаш Дэмасу ад сябе, што гэта сталася сяння рана, было тэрміновае пісьмо ад Пятронія.

Тут паўтарыў з націскам: — Выехаў у Бэнэвэнт — зразумеў?

— Выехаў, спадару, выехаў! Адыж рана развітаў я цябе пры Порта Капэна41, і ад часу твайго выезду агарнула мяне такая туга, што калі твая ласкавасць яе не ўтуліць, зажуруся насмерць, як небарака жонка Зэтоса42 з жалю па Ітылю.

Вініць, хоць хворы й звыклы да падступнае гнуткасці грэка, не мог, аднак, устрымацца ад смеху. Да таго ж і рад быў, што Хілон воміг яго зразумеў, і пацяшае: — Ну дапішу, дапішу ўжо, каб табе слёзы абцерлі. Дай святліка.

Хілон, супакоены, устаў, ступіў некалькі сягняў у бок коміна, зняў адзін з гаручых на прыморку святлікоў.

І трэба ж — з галавы падчас гэнай паслугі асунуўся каптур, і бляск хлынуў проста яму ў твар. Глаўк тады, сарваўшыся з лавы ды падбегшы, тыц яму ў вочы.

— Не пазнаеш мяне, Цэфас? — пытае.

У ягоным голасе было штось так злавеснае, што па ўсіх прысутных прабегла дрыгата.

Хілон мыкнуў светача і воміг упусціў яго на зямлю, па чым сагнуўся ў дугу й пачаў енчыць: — Я не… я не!.. Злітуйцеся!

Глаўк зварочваецца ў бок вячэраючых і крычыць: — Во гэты чалавек прадаў і згубіў мяне з сям’ёю.

 

 

Ягоная гісторыя была ведамай усім хрысціянам і Вініцію, які таму толькі не здагадаўся, кім ёсць Глаўк, што, млеючы з болю падчас перавязкі, прозвішча ягонае не дачуў. Але для Урсуса гэная кароткая хвіліна разам з крыкам Глаўка была як бы бліскаўкай у цемры. Распазнаўшы Хілона, адным скокам падбег да яго, схапіў за плечукі і, згібаючы ўзад, загаманіў: — Гэта ён мяне намаўляў, каб забіў Глаўка!

— Злітуйцеся, — енчыў Хілон, — аддам вам… Спадару, — звярнуўся да Вініція, — ратуй! На цябе я здаўся, заступіся за мяне… Тваё пісьмо… занясу, спадару! Спадарыку!

Але Вініць менш за ўсіх праймаўся гэтым разам таму, што ўсе справы грэка былі яму ведамыя, а па-другое — сэрцу ягонаму літасць была нясвомай.

— Закапайце яго, — кажа, — у агародзе, пісьмо занясе хто іншы. — Хілону паказаліся словы гэныя пяруновым прысудам. Косці ягоныя трашчалі ў руках Урсуса, вочы з болю заплывалі слязьмі.

— У імя Бога вашага! Зжальцеся, — крычаў, — я ж хрысціянін!.. Pax vоbiscum! Я хрысціянін, калі не верыце, ахрысціце мяне яшчэ раз, яшчэ два!

Дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дайце слова сказаць! Зрабеце нявольнікам… Не беце мяне! Пашкадуйце!

Ягоны голас ад болю штораз слабеў, аж вось за сталом падымаецца апостал Пётр; праз момант хінаў сваёю белаю галавою, апускаючы яе на грудзі, вочы меў заплюшчаныя, але адкрыў іх і сярод агульнага маўчання прамовіў: — А от сказаў нам Збаўца: «Калі б твой брат зграшыў супраць цябе, карай яго; калі каяцімецца, даруй яму. А калі б сем разоў на дзень зграшыў супраць цябе і сем разоў каяўся, кажучы: шкада мне! — даруй яму!»

Настала яшчэ большая цішыня.

Глаўк доўга стаяў, закрыўшы твар далонямі, урэшце адкрыў і кажа: — Цэфас, хай Бог так даруе табе крыўду маю, як я табе ў імя Хрыста адпушчаю.

І Урсус, пусціўшы грэка, дадае таксама: — Хай так будзе міласцівы Збаўца, як я табе адпушчаю.

А той упаў на зямлю і, падпіраючыся рукамі, матляў галавой, бы звер у клетцы, разглядаючыся навокал ды чакаючы, адкуль прыйдзе смерць. Вачам і вушам яшчэ не верыў і не смеў спадзявацца прабачэння.

Але паволі ажывала прытомнасць, толькі ссінелыя вусны дрыжалі йшчэ з пераляку. Апостал тым часам кажа: — Ідзі з Богам!

Хілон устаў, але гаварыць не мог. Мімахоць падыйшоў да ложа Вініція, быццам спадзяваўся йшчэ ад яго ратунку, не меў мо часу падумаць, што той Вініць, забыўшы пра ягоныя паслугі, асудзіў яго, тады як тыя, супраць якіх служыў, даравалі яму. Думка гэная спазнілася. Цяпер у вачах ягоных відаць было толькі здумленне й недавер. Хоць змеркаваў ужо, што яму дарована, жадаў, аднак, чым хутчэй вынесці голаў ад гэтых таемных людзей, дабрыня якіх не менш яго страшыла, чым страшыла б суровасць. Марочылася яму, што калі даўжэй тут заставацімецца, дык гатова йшчэ неспадзяванае здарыцца, дык, налягаючы на Вініція, нагліў: — Давай, спадару, пісьмо! Давай пісьмо!

І, вырваўшы таблічку з рук Вініціевых, адбіў паклон адзін хрысціянам, другі хвораму і хілком, паўз самую сцяну, вылецеў за дзверы.

У вагародчыку, як агарнула яго цемра, зноў падступіў страх, бо быў пэўны, што Урсус выбяжыць за ім ды заб’е сярод ночы. Даў бы драла з усіх сіл, ды, на жаль, ногі не слухалі, а цераз момант і зусім папрутнелі, бо Урсус сапраўды стаяў пры ім.

Хілон кінуўся тварам на зямлю й пачаў скамліць: — Урбанка… У імя Хрыста… А той адзываецца: — Не бойся. Апостал казаў мне вывесці цябе за браму, каб не зблудзіў у цемры, а калі зняможаны, дык адвяду цябе дадому.

Хілон падняў голаў.

— Што кажаш? Што?.. Не біцімеш мяне?

— Не, не заб’ю! А калі замоцна цябе хапіў і нарушыў косці, дык выбачай.

— Дапамажы ўстаць, — скігліў грэк. — Не заб’еш мяне? Га? Выведзі мяне на вуліцу, далей сам пайду.

Урсус падняў яго бы пярынку і паставіў на нагах, пасля правёў праз цёмны праход на другі надворак, з якога выходзілася ў сенцы й на вуліцу. У калідоры Хілону зноў марочылася: «Прапаў я!», і аж толькі на вуліцы супакоіўся.

— Далей сам пайду.

— З Богам! Pax табе!

— І табе, і табе!.. Дай мне аддыхнуць.

І па адыходзе Урсуса адатхнуў цэлымі грудзьмі. Мацнуўся рукамі ля папругі й паясніцы, як бы маніўся спраўдзіць, ці жыве, і рушыў борздым крокам наперад. Падыйшоўшы сягнёў колькідзесят, затрымаўся і давай разважаць: — Чаму яны, аднак, мяне не забілі?

І паміма павучальнае гутаркі з Эўрыцыем аб хрысціянскай навуцы, паміма індагацыі Урбана над ракою ды ўсяго, што чуў у Острыянуме, не ўмеў знайсці на гэтае пытанне адказу.

 

XXV

 

Вініць таксама не мог сцяміць таго, што сталася, і на дне душы, бадай, не менш быў здзіўлены, чым Хілон. Бо што з ім так абыйшліся гэныя людзі, што, замест помсціцца за напасць, лячылі рупліва ягоныя раны, то йшчэ льго было выталкаваць часткова навукаю вызнаванаю, часткова ўплывам Лігіі, а крыху і ягоным высокім значэннем. Але ўчынак іхні з Хілонам перавышаў ягоныя паняцці аб людской здольнасці прабачання. Мімахоць лезла і яму ў голаў пытанне: чаму яны не забілі грэка? Урсус бы ў агародзе яго закапаў або ноччу занёс у Тыбр, які ў тых часах начнога цэзаравага буянства так часта выкідаў раніцамі трупы людзей, што ніхто нат не даследваў, адкуль браліся. Па думцы Вініція, хрысціяне не толькі маглі, але павінны былі з свету звясці Хілона. Літасць, праўда, не зусім ужо была нязнанай таму колу, да якога належаў малады патрыцый. Адыж Афіны збудавалі ёй алтар і праз доўгі час не дапушчалі ў горад гладыятарскіх бойняў. Здаралася, што і ў Рыме пакананыя даставалі ўласкаўленне, як, напрыклад, Калікрат, брытанскі кароль, якога ўзяў у няволю Клаўдыюс і, шчодра абдарыўшы, пусціў у горад на свабоду. Але помста за асабістую крыўду выдавалася Вініцію, так як і ўсім, слушнаю і справядліваю. Абняханне яе было не па душы яму. Чуў, праўда, і ён у Острыянуме, што трэ мілаваць нат непрыяцеляў, уважаў, аднак, гэта за нежыццёвую тэорыю. Праходзіла яму таксама праз голаў, што мо не забілі Хілона таму толькі, што перашкаджала якаясь пара святаў ці якаясь квадра месяца, падчас якое хрысціянам не выпадае рабіць забойства. Чуў ад людзей, што бываюць такія тэрміны, у якіх розным народам не можна нават вайны пачынаць. Але чаму тады не аддалі грэка ў рукі справядлівасці, чаму Апостал казаў, калі б хто сямікротна правініўся, дык сямікроць трэ яму й дараваць, ды чаму Глаўк сказаў Хілону: «Хай табе так Бог даруе, як я табе адпушчаю»? Дык жа Хілон зрабіў яму найчарнейшую крыўду, якую чалавек чалавеку можа зрабіць, і ў Вініція на ўспамін аб тым, як бы ён, напрыклад, паступіў з такім, хто б забіў Лігію, закіпела сэрца, бы кіпень: не было б такіх пакутаў, якімі б не мсціўся! А той дараваў! І Урсус адпусціўся таксама, ён, што па сутнасці мог бы забіць у Рыме каго б хацеў зусім бяскарна, бо чаргова патрабаваў бы задушыць толькі Немарэнскага караля і заняць ягонае мейсца. Ці ж чалавека, якога не адолеў Кратон, перамог бы носьбіт гэтай годнасці — гладыятар, да якога даходзілася толькі праз пакананне папярэдняга «караля»? Адзін быў толькі на гэтыя ўсе пытанні адказ: яны няйначай не забівалі праз нейкую добрасць так вялікую, што падобнае не было дагэтуль на свеце, ды праз бязмежную міласць да людзей, якая змушала забываць аб сабе, аб сваіх крыўдах, шчасці й горы — і жыць для іншых. Якую заплату мелі тыя людзі за такую дабрыню, Вініць чуў у Острыянуме, але не месцілася яму гэта ў галаве. Уяўляў, што жыццё гэтае зямное, поўнае абавязкаў ды рэзыгнацыі з усяго добрага й раскошнага на карысць іншых, быць мусіла б нудным. Гэныя думкі навеялі яму не толькі здзіўленне, але і літасць, і як бы пэўную пагарду. Здавалася яму, што гэта авечкі, якія раней ці пазней мусяцімуць быць з’едзеныя ваўкамі, а ягоная рымская ўдача не магла прызнаць тых, якія дазваляюць сябе з’ядаць. Ударыла яго ўсё ж такі адна рэч, іменна: як выйшаў Хілон, нейкая глыбокая радасць распрамяняла ўсіх. Апостал падыйшоў да Глаўка і, палажыўшы на галаве ягонай далонь, сказаў: — Хрыстус у табе перамог!

А той падняў угару вочы, так даверлівыя й поўныя радасці, як бы абліло яго вялікае й неспадзяванае шчасце. Вініць, які здольны быў бы зразумець толькі радасць з дакананае помсты, глядзеў на яго вытрашчанымі з гарачкі вачыма, маўляў на бязглуздніка. Бачыў не без нутранога абурэння, як пасля Лігія прылажыла свае губкі каралеўны да рукі таго чалавека, які выглядаў на першы пагляд на нявольніка, і здавалася яму, што лад гэтага свету пераварочваецца зусім. Пасля вярнуўся Урсус і пачаў расказваць, як вывеў Хілона на вуліцу ды як перапрасіў яго за крыўду; за гэта Апостал пабагаславіў і яго, а Крысп агалосіў, што гэта дзень вялікае перамогі. Пачуўшы аб гэтай перамозе, Вініць зусім згубіў толк.

І, як Лігія зноў давала яму напіцца, затрымаў на хвіліну ейную руку і спытаў: — Дык і ты мне даравала?

— Мы хрысціяне, нам не можна насіць у сэрцы гневу.

— Лігія, — сказаў тады, — кім бы ні быў твой Бог, сто валоў у ягоны гонар ахвярую для таго толькі, што Ён твой.

А яна паправіла яго: — Аддасі яму гонар у сэрцы, калі яго палюбіш.

— Дзеля таго толькі, што Ён твой… — паўтарыў слабейшым голасам Вініць.

І прымкнуў павекі, бо зноў апанавала яго аслабленне. Лігія адыйшлася, але праз момант вярнулася і, прыступіўшыся блізка, нахілілася над ім, каб пераканацца, ці спіць. Вініць адчуў ейную блізкасць і, расплюшчыўшы вочы, усміхнуўся, а яна палажыла лягенька на іх руку, як бы манілася схіліць яго да сну. Тады агарнула яго большая раскоша, але адначасна пачуўся больш хворым. І так было сапраўды. Ноч ужо была ўпоўні, а разам з ёю прыйшла й мацнейшая гарачка.

З гэнай прычыны не мог заснуць і вадзіў за Лігіяю вачыма, дзе толькі яна павярнулася. Час ад часу западаў у нейкую немарасць, у каторай чуў і бачыў усё навокал, але мяшалася ў ёй рэчаіснасць з соннымі марамі. Мроілася яму, напрыклад, быццам стаіць на нейкім апусцелым магільніку святыня, бы вежа, якой Лігія ёсць святаркай. Ён не спушчаў з яе вачэй, бачыў яе з лютняю ў руцэ, усю ў святле, падобную да тых усходніх святарак, што пяялі начны гімн на славу месяца. Ён сам падымаўся з вялікаю натугаю па крутых сходах, каб злавіць яе, за ім поўз Хілон, звонячы зубамі сопалаху і дакараючы: «Не рабі гэтага, спадару, бо гэта святарка, за якую Ён помсціцца…» Вініць не ведаў, хто быў той Ён, не разумеў, што йдзе рабіць святакрадства, дык страшэнна баяўся, але як дайшоў да балюстрады на шчыце вежы, пры Лігіі нагла з’явіўся Апостал срэбнабароды й сказаў: «Не падымай на яе рукі, бо яна мая». Як гэта сказаў, пайшлі разам з ёю месячным святазарным шляхам, бы дарогаю да неба, а ён пачаў прасіць, каб і яго ўзялі з сабою. Гэтта прачнуўся, ацверазеў і пачаў глядзець. Вогнішча на высокім чаране тлілася слабей, але крыху яшчэ асвятляла прысутных, якія сядзелі пры агні, грэючыся, бо ноч была сядравая, а хата даволі халодная. Вініць бачыў, як зяхалі параю. Усярэдзіне сядзеў Апостал, пры каленях ягоных на нізкім услончыку Лігія, далей Глаўк, Мырыям, Крысп, а з краю — з аднаго боку Урсус, з другога Назарка, Мырыямін сын, прыгожы падлетак з даўгімі чорнымі валасамі, спадаючымі яму аж на плечы.

Лігія слухала, гледзячы на Апостала, дый усе былі нахілены да яго, а ён нешта гаварыў. Вініць трывожна ўглядаўся. Прыйшло на думку, што ў гарачцы адчуваў праўду, што той стары прыбыш з далёкіх старон сапраўды забірае яму Лігію і вядзе ў нязнаную дарогу. Быў пэўны, што старац талкуе аб ім, можа дараджвае, як яго з ёю разлучыць, бо здавалася Вініцію непраўдападобнаю рэччу, каб хто ў гэнай хвіліне аб чым іншым мог гаварыць, дык, натужыўшы ўсю прытомнасць, пачаў прыслухоўвацца гутарцы Пятра.

Але абмыліўся, бо Апостал гаварыў зноў аб Хрысце.

— Яны толькі гэтым імем жывуць! — падумаў сабе Вініць.

Стары муж расказваў аб пайманні Хрыста: — Прыйшла рота й Кайфашавы слугі, каб Яго спаймаці. Збаўца спытаў іх, каго шукаюць, адказалі: «Езуса Назарэнскага!» А як сказаў ім: «Я Езус!» — пападалі на зямлю, не смеючы падняць на Яго рукі, і аж толькі пасля паўторнага пытання схапілі Яго.

Тут Апостал перапыніўся і, выцягнуўшы да агню рукі, сказаў: — Была сядравая ноч, як сяння, але закіпела ўва мне кроў, выхапіў я меч на абарону і адсек вуха слузе архісвятара. І быў бы я бараніў яго больш, чым жыццё сваё, каб не суняў мяне: «Улажы, — кажа, — меч твой у похву. Як жа чары, якую даў мне Айцец, не піціму?..» Тады спаймалі й звязалі Яго… Гэта сказаўшы, закрыў далонямі твар і змоўк, хацеў, бач, перад далейшым апавяданнем паканаць натаўп успамінаў. Урсус, не могучы вытрымаць, сарваўся, паправіў на прыпяку качаргою агонь, аж іскры сыпнулі залатым дажджом, і полымя стрэліла жывей, па чым, сеўшы, адазваўся: — Што было б ужо, тое было б — эх!..

Але нагла хапіўся за язык, бо Лігія паказала палец на вуснах. Соп толькі, бы кавалёў мех, відаць было буру ў ягонай душы, бо хоць заўсёды гатовы быў цалаваць стопы Апостала, адыж таго аднаго праступку ў душы не мог стравіць: ну хай бы хто так от пры ім падняў руку на Спаса, хай бы ён быў з ім тае ночы, ой паляцела б пер’е і з ваяроў, і з Кайфашавых паслушнікаў! І аж слёзы накаціліся на вачах і з жалю, і з душэўнае каламесіцы, бо з аднаго боку, — думае, — не толькі сам бараніў бы Збаўцу, але шчэ склікаў бы лігаў яму на помач, хватаў, малайцоў; а з другога — што, калі б гэта зрабіў, аказаў бы непаслухмянасць Збаўцы і перашкодзіў бы адкупленню свету.

Таму не мог ад слёз паўстрымацца.

Па хвіліне Пётр, адкрыўшы твар, пачаў расказваць далей, але Вініція зноў апанаваў гарачкавы вобмарак. Усё, што цяпер чуў, памяшалася яму з тым, што гаварыў Апостал папярэдняе ночы ў Острыянуме, як Хрыстус з’явіўся на беразе Тыбэрыйскага возера. Вось жа бачыў быццам шырока разлітую вадзяную роўню, на ёй рыбацкую лодку, а ў лодцы Пятра й Лігію. Ён сам плыў за імі з усіх сіл, але боль у зламанай руцэ перашкаджаў яму іх дасягнуць. Бура пачала біць яму хваляю ў вочы, і пачаў тануць, клічучы ратунку. Тады Лігія ўкленчыла перад Апосталам, а ён завярнуў лодку й выцягнуў да яго вясло, пры дапамозе якога выдабыўся ў лодку і ўпаў на ейнае дно. Пасля яму здалося, быццам, падняўшыся, бачыць многа людзей плывучых за лодкаю. Хвалі накрывалі пенаю іхнія галовы; некаторых адно ўжо толькі рукі былі відаць з вады, але Пётр раз за разам ратаваў тонучых і забіраў іх у сваю лодку, якая пашыралася, большала, як бы цудам. Хутка напаўняла яе вялікая талака людзей, падобная як у Острыянуме, а пасля яшчэ большая. Вініць дзівіўся, як яна магла ў ёй стоўпіцца, і браў яго страх, што пойдуць на дно. Але Лігія супакойвала яго, паказваючы нейкае святло на далёкім беразе, да каторага плылі. Тут Вініціевы мары зноў памяшаліся з тым, што казаў Апостал у Острыянуме аб з’яве Хрыста над возерам. Цяпер ось выразна бачыў у тым узбярэжным святле нейкую постаць, да якое Пётр скіроўваў лодку. І чым болей да яе набліжаўся, тым надвор’е рабілася цішэйшым, водная паверхня гладзейшай, а святло яснейшым. Грамада пачала пяяць мілагучны гімн, паветра залунала пахам нарду, вада йграла вясёлкаю, казаў бы з дна праглядалі ружы ды лілеі, а ўрэшце лодка ціха носам шурхнула ў берагавы пясок. Тагды Лігія ўзяла яго за руку і прагаварыла: «Хадзі, завяду цябе!» І павяла яго ў яснагляд.

Вініць зноў прачнуўся, але мары не адразу разыйшліся, і не адразу прыйшло пачуццё рэальнасці. Праз хвіліну мроілася яму яшчэ, што ён над возерам сярод натаўпу, дзе, сам не ведае чаму, шукае Пятронія й дзівіцца, што не можа яго знайсці. Жывы водбліск ад камінку, пры якім нікога ўжо не было, ацвярэзіў яго, аднак, зусім. Аліўныя карчы ляніва тліліся пад ружовым прыскам, але затое шчэпы пініі, няйначай свежападкінутыя, стралялі ясным полымем, і ў гэтым бляску Вініць дагледзеў Лігію, сядзячую ля ложка. Прысутнасць ейная расчуліла яго да глыбіні душы. То ж мінулую ноч была ў Острыянуме, а цэлы дзень увіхалася каля перавязкі, і цяпер, бачыш, калі ўсе пайшлі спаць, яна адна не адступала ад ложа. Лёгка было здагадацца, што была зняможанай, бо сядзела без руху з заплюшчанымі вачыма. Вініць не ведаў, ці спіць, ці задумалася. Вывучаў ейны профіль, спушчаныя вейкі, рукі, зложаныя на каленях, і ў ягонай паганскай уяве з цяжкасцю пачало высноўвацца паняцце, што вобак нагае, самапэўнае й самагордае грэцкае й рымскае красы ёсць на свеце іншая, новая, беззаганна чыстая, у якой жыве душа.

Немагчыма яму было назваць яе хрысціянскаю, думаючы, аднак, аб Лігіі, не мог яе ўявіць апрычона ад навукі, якую вызнавала. Разумеў нават, што калі ўсе іншыя паляглі спаць, а Лігія адна, яна, каторую крыўдзіў, сядзела над ім, дык менавіта таму, што гэтая навука так вучыць. Думка гэная, хоць праймаючая яго подзівам да навукі, была, праўду сказаць, яму і прыкрай.

Хацеў бы, каб Лігія рабіла гэта больш з любові да яго, да ягонай урадлівасці, твару, вачэй, статнай фігуры, адным словам — з тых усіх прычын, з якіх не раз абнімалі яго снежныя ручанькі грэчанак і рымлянак.

Нагла, аднак, уявіў, што каб яна была такою, як іншыя жанчыны, дык яму б ужо чагось у ёй не хапала. Тады сумеўся і сам не ведаў, што з ім дзеецца, бо скеміў, што і ў ім родзяцца нейкія новыя пачуцці ды новыя ўпадобы, нясвомыя свету, у якім дагэтуль жыў.

Тым часам яна расплюшчыла вочы і, бачачы, што Вініць на яе глядзіць, збліжылася да яго з словамі: — Я пры табе.

А ён ёй: — Бачыў я ў сне тваю душу.

 

XXVI

 

Назаўтра прачнуўся аслабленым, але з галавою халоднаю і без гарачкі. Здавалася яму, быццам прабудзіў яго шэпт гутаркі, але як расплюшчыў вочы, нікога не бачыў перад сабою, Лігіі не было пры ім, толькі Урсус, нагнуўшыся над камінкам, разграбаў попел, шукаў жару і, знайшоўшы, пачаў раздзьмухваць яго так, як бы рабіў гэта не вуснамі, а кавалёвым мяхом. Вініць, прыпомніўшы сабе, што чалавек гэны задавіў учора Кратона, з цікавасцю цырковага смакуна прыглядаўся магутным плячам, моў цыклопавым, і падобным да калюмнаў сцёгнам.

— Дзякую Мэркураму, што не скруціў карку, — падумаў у душы. — На Палукса! Калі ўсе лігі да яго падобныя, дунайскія легіёны мецімуць з імі калісь цяжкую работу!

А ўголас адазваўся: — Эй, нявольнік!

Урсус выхіліў голаў з коміна і, ухмыльнуўшыся прыязна, сказаў: — Дай Бог добры дзень, спадару, ды добрае здароўечка, але я чалавек вольны, а ня ёсць нявольнік.

Вініцію, які меў ахвоту распытаць Урсуса пра родны край лігаў, словы гэныя зрабілі пэўную прыемнасць, бо гутарка з чалавекам вольным, хоць бы і простым, больш дагаджала ягонай рымскай патрыцыянскай самагоднасці, чым гутарка з нявольнікам, якога ані права, ані звычай не прызнавалі за чалавека.

— Дык ты не Аўлюсаў? — спытаў.

— Не, спадару, я служу Каліне, як маці ейнай служыў, але па сваёй ахвоце.

Ды зноў схаваў голаў у пелюсці, каб падзьмухаць вуглі, да якіх падкінуў дравец, пасля выхіліўся й кажа: — У нас няма нявольнікаў.

Але Вініць спытаў: — Дзе Лігія?

— Толькі што адыйшла, але я варыціму табе снеданне, спадару. Сядзела над табою ўсю ноч.

— Чаму ж ты яе не выручыў?

— Калі ж сама хацела, мая справа слухаць.

Тут вочы ягоныя нахмурыліся, і праз момант дадаў: — Каб яе не слухаў, дык ты, спадару, ужо не жыў бы.

— Няўжо каешся, што не забіў мяне?

— Не, спадару! Хрыстус забараняе забойства.

— А Атацын? А Кратон?

— Нельга было йнакш, — мармытнуў Урсус.

І пачаў прыглядацца сваім рукам як бы з жалем, бо яны, відаць, засталіся паганскімі, хоць душа прыняла хрост.

Потым паставіў на чаране гарнушак і, прыкуліўшыся перад комінам, уставіў задуменныя вочы ў агонь.

— Гэта твая віна, спадару, — кажа ўрэшце. — Нашто было падымаць руку на каралеўскую дачку?

У Вініцію спершку закіпела годнасць, бо як прастак і барбар смее не толькі так звяртацца да яго, але йшчэ й дакараць яму. Да тых усіх апошніх незвычайнасцяў і непраўдападобнасцяў маеш табе яшчэ й гэта. Але, будучы слабым і не маючы пад рукою сваіх нявольнікаў, устрымаўся, бо ахвота выдабыць весткі з жыцця Лігіі перамагла.

Дык, супакоіўшыся, пачаў выпытваць пра вайну лігаў з Ваніем і свэвамі. Урсус ахвотна расказваў, але мала больш ведаў аб гэтым, як Аўл Плаўт, ад якога ўжо пра гэную вайну Вініць чуў. Урсус не быў у бітве, бо мусіў ісці з закладніцамі ў няволю Атэлія Гістэра. Ведаў толькі, што лігі збілі свэваў і языгаў, але ваявода, іхні князь, быў забіты. Незабаўна пасля таго сэмноны падпалілі ім лясы на граніцы.

Лігі лётам вярнуліся, каб помсціць крыўду, а закладніцы засталіся ў Атэлія, які спачатку загадаў ганараваць іх як княгіні. Пазней маці Лігіі памерла. Рымскі ваявода не ведаў, што рабіць з ейнай дачкою. Урсус маніўся вяртацца з ёю на бацькаўшчыну, але баяўся ў дарозе дзікіх звяроў і плямёнаў; таму, як толькі прыйшла вестка, што нейкае пасольства ёсць у Пампонія, якое суліць дапамогу супраць маркоманаў, Гістэр адаслаў іх да Пампоніі. Прыбыўшы да яго, даведаліся аднак, што ніякага пасольства не было, і такім чынам дасталіся з Пампоніем у Рым, дзе пасля трыўмфальных цэрэмоніяў аддаў ён дзяўчынку Пампоніі Грэцыне.

Вініць, хоць не было нічога новага ў гэтым апавяданні, слухаў з прыемнасцю, нязмерную бо ягоную гордасць пляменную гладзіла тое, што навочны сведак сцвярджаў каралеўскае паходжанне Лігіі. Як дачка князёўская, яна ж магла б у свеце цэзара заняць становішча, роўнае дочкам найпершых родаў, тым больш, што народ ейны ніколі не ваяваў з Рымам, а хоць барбарскі, мог аказацца грозным, бо, як сведчыў Атэлій Гістэр, меў вялікі лік ваякоў. Урсус цалкам пацвярджаў тое сведчанне, на пытанне бо Вініціева пра лігаў адказаў: — Мы седзімо ў лясох, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе канец пушчы, і народу ў ёй шмат. Ёсць таксама і гарады драўляныя ў лясох, у якіх ёсць поўны дастатак, бо што сэмны, маркоманы, вандалы і квады нарабуюць па свеце, дык мы ім адбіраем. Яны не смеюць супраць нас выступаць, толькі як бываюць вятры, паляць нам лясы. І не баімося ні іх, ні рымскага цэзара.

— Багі далі рымлянам верхаводства над усёй зямлёю, — адазваўся сурова Вініць.

— Багі — гэта нячыстыя сілы, — адказаў сціпла Урсус, — а дзе няма рымлян, там няма і верхаводства.

Тут паправіў агонь і гаварыў далей як бы да самога сябе: — Як Каліну цэзар забраў і прыйшла мне думка, што можа там яе спаткаць крыўда, дык я хацеў ісці далёка туды ў родныя пушчы і прывесці лігаў на дапамогу князёўне. І лігі рушылі б да Дунаю, бо гэта народ добры, хоць паганскі.

От! Занёс бы ім «Добрую Навіну». Але я і так, як Каліна вернецца да Пампоніі, пакланюся ёй, каб дазволіла мне йсці да іх, бо Хрыстус на свет нарадзіўся, а яны, небаракі, аб Ім нат не чулі… Ведаў Ён лепш за мяне, дзе нарадзіцца, але, каб у нас у пушчы прыйшоў на свет, напэўна б Яго не замучылі, толькі гадавалі б Дзіцятка і дбалі б, каб заўсёды меў дастатак і звярыны, і грыбоў, і бурштыну. А што адабралі б ад свэваў ці маркоманаў, тое аддалі б Яму.

Гэта гаворачы, прыставіў на агонь пасудзіну з поліўкаю для Вініція і замоўк. Ягоная думка блукалася, мабыць, праз нейкі час па лігійскіх пушчах, аж як пачало кіпець у гаршку, выліў з яго страву ў міску і, астудзіўшы, звярнуўся: — Глаўк раіць, спадару, каб як найменш варушыў нават здароваю рукою, дык Каліна загадала мне карміць цябе.

Лігія загадала! На гэта не было адказу. Вініцію не прыйшло нат у голаў супраціўляцца ейнай волі, бы дачцэ цэзара ці багіні, дык не адказаў ані слова. Урсус, сеўшы ля ложка, пачаў чэрпаць поліўку з міскі малым кубкам і падносіць яму да вуснаў. Рабіў гэта так рупясна, з такою добраю ўсмешкаю ў вачах, што Вініць і сам сабе не верыў, каб гэта мог быць той самы страшэнны тытан, які ўчора, здушыўшы Кратона, кінуўся на яго самога, як бура, і растармашыў бы яго, каб не літасць Лігіі. Маладому патрыцыю першы раз у жыцці прыйшла ў голаў думка, што можа дзеецца ў сэрцы прастака, слугі і барбара.

Урсус аказаўся нянькаю вельмі нязручнаю. Кубак зусім гінуў у ягоных геркулесавых пальцах, так што нельга было Вініцію да яго даткнуцца вуснамі. Пасля некалькіх няўдалых спробаў вялігур надта заклапаціўся дый кажа: — Эй, лягчэй зубра вывесці з оступу… Вініція рассмяшыла няўдача ліга, але больш зацікавіла гадка пра зубра.

Бачыў ён у цырках страшэнныя «уры», дастаўляныя з паўночных пушчаў, на якіх найадважнейшыя бестыярыі палявалі з трывогай і якія адным сланам саступалі па велічыні й моцы.

— Няўжо спрабаваў ты браць такія бестыі за рогі? — спытаў з выглядам здзіўлення.

— Пакуль не мінула мне дваццаці зімаў, дык баяўся, — адказаў Урсус, — але потым бывала!

І зачаў зноў карміць Вініція яшчэ больш нязручна, як перад тым.

— Мушу папрасіць Мырыям або Назаркі, — сказаў.

Але на шчасце белая галованька Лігіі выхілілася з-за заслоны.

— Зараз дапамагу, — кажа.

І выйшла з кубікулюма, дзе, відаць, рыхтавалася да сну, бо была апранута толькі ў абціснутую туніку, званую ў старадаўнасці «капітыюм», закрываючую шчыльна грудзі, і валасы мела распушчаныя. Вініцій, у якім жывей заскакала сэрца, пачаў ёй дакараць, што дагэтуль не спіць, а яна весела адказвае: — Я хацела ўжо класціся, але перш выручу Урсуса.

І, узяўшы кубак, села на краі ложка ды пачала карміць Вініція, супакоранага адначасна й шчаслівага, калі нахілялася да яго, біла на яго цяпло ейнага цела, і разгорненыя косынькі сплывалі яму на грудзі, аж ён збялеў ад уражання, але ў мутні і парыве жады адчуваў адначасна, што гэта надусё яму даражэйшая і вяльбейшая галованька, перад якою ўвесь свет — нічым. Даўней пажадаў яе, цяпер пачынаў кахаць поўнымі грудзьмі. Даўней як наагул у жыцці, так і ў пачуццях быў, як усе тагачасныя людзі, сляпым няўступным эгаістам, якому толькі пра сябе расходзілася, цяпер жа пачало яму расходзіцца і пра яе.

Па хвіліне адмовіўся далей есці і, хоць прысутнасць ейная ўпаяла яго раскошай, сказаў: — Годзе, ідзі спаць, багінька мая.

— Не называй мяне так, — адказала, — мне гэтага не гадзіцца слухаць.

І ўсміхалася да яго, кажучы, што сон ад яе ўцёк, што не чуе знямогі, што не пойдзе спаць, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ён слухаў ейных слоў, бы музыкі, і сэрца набрыняла штораз большым расчуленнем, штораз большым захапленнем, штораз большаю ўдзячнасцю, а думка непакоілася, як бы ёй тую ўдзячнасць аказаць.

— Лігійка, — адазваўся пасля кароткага маўчання, — я ўпярод цябе не ведаў. Але цяперака ведаю, што маніўся дайсці да цябе блуднаю дарогаю, вось жа кажу табе: вярніся да Пампоніі Грэцыны і будзь пэўнай, што адцяпер ніхто на цябе рукі не падыме.

Твар ейны нагла пасмутнеў.

— Была б я шчасліваю, — адказала, — каб хоць здалёк з ёю магла пабачыцца, але вярнуцца да яе ўжо не магу.

— Чаму? — спытаў здзіўлены Вініць.

— Мы, хрысціяне, ведаем праз Актэ, што дзеецца на Палатыне. Няўжо ты не чуў: цэзар хутка пасля маіх уцёкаў, а перад выездам у Неапаль, заклікаў Аўла і Пампонію — і, думаючы, што яны мне дапамаглі, пагражаў ім гневам. На шчасце, Аўл мог яму адказаць: «Ведаеш, доміне, што ніколі лгарства не выходзіла з маіх вуснаў; вось жа клянуся перад табою, што мы ўцякаць ёй не дапамагалі і што так роўна, як ты, не ведаем, што з ёю сталася». І цэзар паверыў, а пасля забыўся — а я ніколі не пісала, не прасіла радаў старэйшых, дзе я, каб яны заўсёды смела маглі прысягнуць, што нічога пра мяне не ведаюць. Ты, можа, гэтага не зразумееш, Вініційка, але нам лгаць не можна, нат хоць бы расходзілася нам пра абарону жыцця. Такая наша навука, да якой жадаем прынаравіць нашае сэрца. Дык не бачыла я Пампоніі ад таго часу, калі развіталася з ейным домам, а да яе час ад часу даходзіла слабенькае рэха, што я жыву пад добрай апекай.

Тут узмаглася ў ёй туга, бо на вачах з’явіліся слёзы, але хутка супакоілася і сказала: — Ведаю, што і Пампонія тужыць па мне, ды, аднак, маем пацехі, якіх не маюць іншыя.

— Так, — адказаў Вініць, — вашаю пацехай — Хрыстус, але я гэтага не цямлю.

— Глядзі на нас: няма для нас разлукі, няма болю й цярпенняў, а калі й прыйдуць, дык змяняюцца ў радасць. І смерць самая, якая для вас ёсць чорным канцом жыцця, для нас ёсць толькі пачаткам ягоным і пераменай горшага шчасця на лепшае, менш спакойнага на спакайнейшае і вечнае.

Падумай, што гэта мусіць быць за навука, калі наказвае нам міласэрнасць нат і адносна непрыяцеляў, забараняе махлярства, ачышчае нашы душы ад злосці і абяцае па смерці шчасце бязмежнае.

— Чуў я гэта ў Острыянуме і бачыў, як вы паступалі са мною ды з Хілонам, і калі прыгадаў пра гэта, дык здаецца ўсё мне, што гэта сон, што ні вачам, ні вушам быццам не павінен я верыць. Але ты мне адкажы на іншае пытанне: ці ты шчаслівая?

— Так! — адказала Лігія. — Вызнаючы Хрыста, я не магу быць нешчаслівай.

Вініць глянуў на яе так, як бы тое, што казала, цалкам перавышала меру людскога толку.

— І не хацела б вярнуцца да Пампоніі?

— Хацела б цэлаю душою і вярнуся, калі такая будзе Боская воля.

— Дык яшчэ раз кажу табе: вярніся, а я прысягну табе на мае ляры, што не падыму на цябе рукі.

Лігія задумалася на хвіліну, пасля адказала: — Не. Не магу маіх блізкіх выстаўляць на небяспеку. Цэзар не любіць роду Плаўтаў. Калі б вярнулася — дык ты ж ведаеш, як праз нявольнікаў разыходзіцца кожная вестка па ўсім Рыме — дык і маё вяртанне сталася б ведамым у горадзе, і Нэрон даведаўся б аб ім ад сваіх нявольнікаў напэўна. Тагды скараў бы Аўлаў або адабраў бы мяне зноў.

— Так, — пацвердзіў, хмурачы бровы, Вініць, — гэта магло б стацца. Зрабіў бы гэта хоць бы й дзеля таго толькі, каб паказаць, што ягоная воля мусіць быць заспакоена. Праўда, хіба толькі забыў пра цябе або не хацеў памятаць, думаючы, што не яму, але мне сталася крыўда. Але можа… забраўшы цябе ў Аўлаў… аддаў бы мне, а я аддаў бы цябе Пампоніі.

На гэта ставіць яна наступнае сумнае пытанне: — Вініць, ці ты хацеў бы зноў мяне бачыць на Палатыне?

Ён заціснуў зубы й адказаў: — Не. Праўду кажаш. Гаварыў, як дурны! Не!

І нагла ўбачыў перад сабою як бы бяздонне. Быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў чалавекам магутным, але над усімі гэтага свету стаяў аднак жа шаленец, ліхіх прымхаў якога ніколі не можна было прадбачыць. Не аглядацца ды не баяцца яго маглі толькі такія людзі, як хрысціяне, для якіх цэлы гэты свет, ягоныя разлукі, цярпенні ды смерць самая была нічым. Усе іншыя мусілі дрыжаць перад ім. Жудасць часінаў, у якіх жылі, уявілася Вініцію ў цэлай сваёй агідзе. Не мог ось аддаць Лігіі Аўлам з трывогі, каб злыдзень-агіднік не прыпомніў сабе яе ды не абярнуў на яе свайго гневу. З тае ж прычыны, каб за жонку ўзяў яе сабе, мог бы натравіць яго на яе, на сябе і на Аўлаў. Хвіліны лютага гумару было даволі, каб згубіць. Вініць першы раз у жыцці ўявіў, што або свет мусіць перайначыцца, або жыццё станецца немагчымым. Зразумеў таксама тое, што ў такіх часінах адны толькі хрысціяне маглі быць шчаслівымі.

Але перадусім разабраў яго жаль, бо зразумеў тое, што ён сам так паблытаў жыццё і сабе і Лігіі, што з гэнае блытаніны нельга было выйсці. І пад уражаннем таго жалю пачаў гаварыць: — Ці ведаеш, што ты шчаслівейшая за мяне? Ты ў беднаце і ў гэнай адной хаце сярод простых людзей маеш сваю навуку й свайго Хрыста, а я маю толькі цябе, і як ты аддалілася, я быў як жабрак, што не мае ні хаты, ні хлеба. Ты даражэйшая мне за ўвесь свет. Я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Не хацеў ні банкетаў, ні сну. Каб не надзея, што цябе знайду, кінуўся б на меч. Але баюся смерці, бо не мог бы на цябе глядзець. Кажу табе шчырую праўду, што не здалею без цябе жыць і дагэтуль жыў я толькі надзеяй, што цябе знайду і ўгледжу. Ці памятаеш ты нашыя гутаркі ў Аўлаў? Раз накрэсліла ты мне на пяску рыбу, а я не цяміў, што гэта значыць. Памятаеш, як гулялі мы ў шпурляка? Ужо тады для мяне ты была мілей, чым жыццё, дый ты пачынала здагадвацца, што кахаў цябе. Надыйшоў Аўл, настрашыў нас Лібітынай і перарваў нам гутарку. Пампонія сказала Пятронію пры развітанні, што Бог ёсць адзін усёмагутны й міласэрны, але нам і ў голаў не прыйшло, што вашым Богам ёсць Хрыстус. Хай Ён аддаець мне цябе, а палюблю Яго, хоць ён мне выдаецца Богам нявольнікаў, чужынцаў і бяздольных. Ты сядзіш пры мне й думаеш толькі аб ім. Думай і пра мяне, бо інакш зненавіджу Яго. Для мяне боствам толькі адна ты. Багаслаўлёны бацька твой і маці, багаслаўлёная зямліца, што зрадзіла цябе! От, абняў бы, здэцца, твае ногі й маліўся б да цябе, табе шанаванне аддаваў бы, табе ахвяры, табе паклоны — ты тройчы боская!!!

Ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я кахаю цябе… Так гаворачы, правёў рукою па збялелым твары і прымкнуў вочы. Натура ягоная не ведала перапоны ніколі як у гневе, гэтак і ў каханні. Гаварыў з уздымам духа, як чалавек, які перастаў ды не жадае аглядацца на меру ні ў словах, ні ў вялічанні. Гаварыў з глыбіні душы й сэрца. Значна было, што боль, захапленне, жада і шанаванне, награмадзіўшыся ў ягоных грудзях, бухнулі ўрэшце непаўстрыманаю ракою слоў. Словы ягоныя выдаваліся Лігіі блюзнерствам, а аднак сэрца ейнае заскакала так моцна, як бы манілася разарваць сціскаючую грудзі туніку. Не ў змозе была перамагчы літасць над ягонымі пакутамі. Расчуляла яе пашанота, з якою да яе звяртаўся. Пачувалася каханаю ды абажанаю бязмежна, чула, што гэты няўступлівы ды небяспечны чалавек адданы цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэнае пачуццё ягонай пакоры, а ўласнае магаты напоўніла яе шчасцем.

Ажылі ў ёй успаміны ў адной хвіліне. Гэта быў для яе зноў той раскошны й прыгожы, як бажок паганскі, Вініць, які ў Аўлаў абяцаў ёй каханне й будзіў, бы ад сну, ейнае паўдзіцячае тады сэрца; той самы, якога цалункі чула яшчэ на вуснах і з абдымкаў якога вырваў яе на Палатыне Урсус, нібыта з вогнішча выхапіў. Але цяпер ён, гэткі мужны, захоплены, з болем на сваім арліным бледным твары, з размоленымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, поўны абагаўляння й пакоры, выдаваўся ёй такім, якім жадала яго мець тагды і якога магла б у той час пакахаць усёю душою, — ён быў для яе даражэйшым, чым калі-небудзь дагэтуль.

І нараз сцяміла, што можа надыйсці часіна, у якой ягонае каханне агорне й яе, бы віхар, а пачуўшы гэта, перажывала такое самае ўражанне, якое перад хвілінай перажываў ён: менавіта, што стаіць над бяздоннаю пропасцю.

Ці ж на гэта яна кінула дом Аўлаў? Ці ж на тое ўцякала з банкету? Хавалася столькі часу па гарадскіх норах? Кім быў той Вініцій? Аўгустыянін, рыцар і дваранін Нэрона! Адыж удзельнічаў у ягоным распусным буянстве й шаленстве, сведчыць аб гэтым той банкет, аб якім Лігія не магла забыцца; адыж учашчаў з іншымі да святыняў і складаў ахвяры нячыстым багом, якім мо й не верыў, але аддаваў шанаванне афіцыйна. То ж лавіў яе на тое, каб зрабіць з яе сваю нявольніцу й каханку, ды ўправіць яе ў той страшны свет збыткаў, раскошы, блуду й бессаромнасці, клічучых Божае помсты. Выглядаў, праўда, іншым, але ж нядаўна прызнаваўся з пагрозай: калі далей больш будзе думаць аб Хрысце, чым аб ім, дык зненавідзіць Яго. Лігіі здалося, што самая думка толькі аб іншай любові, чым да Хрыста, ужо ёсць грахом супраць Яго і супраць навукі, дык сцяміўшы, што на дне душы ейнае могуць абудзіцца іншыя пачуцці й жаданні, пачала трывожыцца аб сваёй будучыні ды сэрцы.

На гэтую часіну нутранога змагання акурат падаспеў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага. На твары Вініція зайграла незадавальненне. Злы быў, што перарваў яму гутарку з Лігіяй, і, як Глаўк пачаў пытацца, адказваў ледзь не з пагардай. Праўда, крыху сунімаў сябе, але Лігія пераканалася, што навука з Острыянума не дзейнічала на ягоную няўжытую натуру. Змяніўся толькі для яе, а ў астатнім засталося ў грудзях тое ж даўняе, суровае і сябелюбнае, сапраўды рымскае, воўчае сэрца, не здольнае не толькі да адчуцця салодкае хрысціянскае навукі, але нат і ўдзячнасці.

Адыйшла неспакойная і поўная думак. Калісь у малітве ахвяравала Хрысту пагоднае, галубінае сэрца, чыстае, бы слязу. Цяпер ось пагоднасць тая пахмурнела. Нутро кветкі пачаў падточваць чарвяк. Нават сон па дзвёх недаспаных ночах не прынёс ёй утулення. Снілася ёй, што ў Острыянуме Нэрон на чале карагоду аўгустыянаў, танцорак, баянаў і гладыятараў талочыць увенчаным ружамі возам грамады хрысціян, а Вініць хапае яе ўполкі, уцягвае на квадрыгу і, тулячы да грудзей, шэпча: «Хадзі да нас!»

 

XXVII

 

Ад тае пары рэдка паказвалася ў супольнай каморы і рэдка збліжалася. Бачыла, як Вініць пасвіў яе благальным вокам, як на кожнае ейнае слова, бы на ласку, чакаў, як церпіць і не смее скардзіцца, каб не знеахвоціць яе да сябе, як яна адна ёсць для яго здароўем і радасцю, і тады ейнае сэрца ўздымала літасць. Хутка змеркавалася таксама, што чым больш ад яго староніць, тым больш робіцца ёй шкада яго, а праз тое самае родзяцца ў ёй да яго чулейшыя пачуцці. Сталася неспакойнай. Часамі талкавала сабе, што іменна павінна быць заўсёды пры ім, раз для таго, што боская навука загадвае плаціць дабром за зло, а па-другое, што, гутарачы з ім, магла б яго да гэнае навукі схіліць. Але зараз жа сумленне паказвала ёй, што сама сябе ашуквае, і што цягне яе да яго не што іншае, толькі каханне й краса ягоная. І так жыла ў заўсёдным нутраным змаганні, якое магутнела з кожным днём. Быццам яе аплятае сець нейкая, а яна, хочучы з яе выдабыцца, умотваецца ў яе штораз горш. Мусіла ўрэшце прызнацца сама перад сабою, што аблічча ягонае становіцца для яе штораз патрабнейшым, голас мілейшым, і што трэба ёй усімі сіламі змагацца з хаццёю праседжвання з ім. Калі збліжалася да яго, а ён распрамяняўся, радасць залівала і ейнае сэрца. Раз нейк зацеміла сляды слёз на ягоных вачах, і першы раз у жыцці прыйшла ёй думка: можа б іх асушыць цалункамі. Перапалоханая гэнай думкай, праплакала, дакараючы сябе, цэлую наступную ноч.

А ён быў цярплівы так, як бы сабе прысягнуў цярпець. Калі бывала зайграла ўваччу нецярплівасць, самаволя або гнеў, воміг змагаў яе, а потым глядзеў неспакойна на любую, казаў бы, перапрашаў вачыма, а яе гэта да яго цягнула яшчэ больш. Ніколі не мела пачуцця, што ёсць так моцна каханай, і на ўспамін аб гэтым чулася надта шчаслівай, але й вінаватай. Вініць сапраўды перайначваўся. У гутарцы ягонай з Глаўкам менш было ўжо гонару. Часта прыходзіла яму ў голаў, што і гэны бедны лекар-нявольнік, і чужаземка, старая Мырыям, што аб ім рупілася, і пабожны Крысп, гэта ўсё ж такі людзі. Сам дзівіўся сваім думкам — аднак жа іх меў. Урсуса палюбіў і гутарыў з ім цяпер цэлымі днямі, бо мог з ім гаварыць аб Лігіі, а вялізман зрабіўся гаваркі і, спаўняючы пры хворым простыя паслугі, пачаў яму таксама аказваць пэўную прывязанасць. Лігія была заўсёды для Вініція істотай іншага гатунку, вышэйшай у сто разоў за тыя, што яе акружалі, а ўсё ж пачаў прыглядацца і людзям убогім, чаго ніколі дагэтуль не рабіў, і пачаў знаходзіць у іх розныя годныя ўвагі свомасці, існаванне якіх ніколі яму перад гэтым не прыходзіла ў голаў.

Назаркі толькі не мог сцярпець, бо здавалася яму, што малады хлапчук смее кахацца ў Лігіі. Доўгі час устрымоўваўся, праўда, ад выяўлення яму нехаці, але раз, калі хлапец прынёс дзяўчыне дзве перапёлкі, якія купіў за собскія заробленыя грошы, у Вініцію загарэўся нашчадак квірытаў, для якога прыблуда з чужога краю менш значыў, чым сціплы чарвяк. Чуючы падзяку Лігіі, страшэнна збялеў і, калі Назар выйшаў па ваду для птушак, адазваўся: — Лігія, як ты можаш сцярпець, каб ён табе даваў падарункі? Няўжо ты не ведаеш, што народ ягоны грэкі абзываюць жыдоўскімі псамі?

— Не ведаю, як іх грэкі абзываюць, — адказала, — ведаю толькі, што Назарка ёсць хрысціянінам і братам маім.

Сказаўшы гэта, зірнула на яго з здзіўленнем і жалем, бо ўжо крыху была адвыкла ад падобных выбухаў, а ён заціснуў зубы, каб не сказаць ёй, што такога брата загадаў бы насмерць засекчы дзягамі або саслаў бы яго на вёску, каб як кампедытус капаў зямлю ў ягоных сіцылійскіх вінаградніках. Устрымаўся аднак, здушыў у сабе гнеў і аж па хвіліне сказаў: — Выбачай, Лігійка. Ты ж у мяне князёўна і прыбранае дзіця Плаўтаў!

І перамогся да таго, што, калі зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламінгаў, якіх меў повен агарод.

Лігія зразумела, колькі яму каштавала падобная перамога сябе. І чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае ліпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркі была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вініць мог перад хвілінай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям іставетна мала больш значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзіцём, якое калі й любіла Лігію, дык нясведама і хутчэй з прывязанасці. Большую барацьбу з сабою мусіў весці малады трыбун, калі прыходзілася паддацца, хоць моўчкі, той пачэснасці, з якою ставіліся прысутныя да Хрыста й ягонай навукі. У гэнай справе дзеяліся ў Вініцію рэчы дзіўныя.

Гэта была, як бы сабе ні здавалася, навука, якую ўверыла Лігія, дык дзеля гэтага самага гатовы быў яе прызнаць. Акрамя таго — чым больш ачуньваў, чым лепш прыгадваў сабе цэлы шэраг здарэнняў, якія збыліся ад тае начы ў Острыянуме, ды цэлую нізку паняццяў, якія наплылі ад таго часу ў ягоную галаву, тым больш задзіўляла яго надлюдская сіла тае навукі, якая перараджала так грунтоўна людскія душы. Разумеў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае, нешта небывалае да гэтых пор на свеце, і ўяўляў сабе, што каб яна апанавала ўвесь свет ды каб ушчапіла ў яго сваю міласць і міласэрнасць, дык хіба настала б нейкая эпоха, прыпамінаючая тую, калі не Ёвіш, а Сатурн кіраваў светам, не смеў таксама сумнявацца аб надпрыродным паходжанні Хрыста, ані аб ягоным уваскрэсенні, ані аб іншых цудах. Навочныя сведкі занадта былі верагодныя і занадта гідзіліся лгарствам, каб можна было дапусціць, што гавораць небыліцы. Дый рымскі скептыцызм, хоць дазваляў сабе не верыць у багоў, дык усё ж такі не адвяргаў цуды. Перад Вініціем стала нейкая дзіўная загадка, якое не мог разблытаць. З другога боку, аднак, уся тая навука выдавалася як супярэчнаю існуючаму жыццяпарадку, так і немагчымаю ў практыцы ды так адчайнаю, як ніякая іншая. Паводле ягонай думкі, людзі на свеце і ў Рыме маглі быць сабе злымі, але жыццяпарадак быў добры. Каб цэзар, напрыклад, быў сумленным чалавекам, каб сенат складаўся не з агідных распуснікаў, але з такіх людзей, якім быў Трэзэй, чаго ж больш трэ было б жадаць? Але ж pax romana і рымская ўлада была добрая, растасоўка людзей была слушная й справядлівая. А тым часам навука гэтая, на думку Вініція, мусіла збурыць увесь дагэтуляшні лад, усякую ўладу і ступяні між людзьмі. І што ж тады б сталася хоць бы й з уладствам Рыму? Ці ж рымляне могуць перастаць панаваць над цэлым светам або прызнаць цэлы статак заваяваных народаў роўнымі сабе? Гэта ўжо не магло змясціцца ў галаве патрыцыя. А да таго навука гэтая супярэчыла ўсялякім асабістым ягоным уявам, звычцы, удачы і жыццягляду. Не мог сабе ўявіць, як бы гэта ён выглядаў, каб ейным стаўся адгерэнтам. Баяўся яе, падзіўляў яе, але прыняць яе папросту ўздрыгалася ягоная натура. А ў канцы разумеў, што нішто ж іншае, толькі яна разлучала яго з Лігіяй, і на ўспамін аб гэтым ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы. Аднак жа было відавочным адначасна, што гэта менавіта яна ўпрыгажала Лігію ў нейкую выняткавую, нявыказаную прыгажосць, якая зрадзіла ў ягоным сэрцы апрача кахання — шанаванне, апрача жады — адданасць, вяльбенне, і з самае Лігіі зрабіла яму найдаражэйшую ў свеце істоту. А тады зноў хацелася яму любіць Хрыста. І ўяўляў ясна, што або мусіціме Яго палюбіць, або зненавідзець, абыякавым быць не можа. Налягалі на яго як бы супярэчныя хвалі, хістаўся ў думках, хістаўся ў пачуццёх, не мог выбраць, схіляў, аднак, голаў і моўчкі аказваў шанаванне таму таемнаму Богу дзеля таго толькі, што быў ён Богам Лігіі.

А Лігія бачыла, што ў ім дзеецца, як ён змагаўся, як натура ў ім адпіхвала гэтую навуку, і як з аднаго боку гэта яе маркоціла, так з другога — жаль, літасць, удзячнасць за тую ціхую пашану, аказваную для Хрыста, нахіляла да яго непераможнай сілай ейнае сэрца. Прыгадала сабе Пампонію Грэцыну і Аўла. Для Пампоніі крыніцай ніколі не высыхаючых сумных слёз была думка, што за гробам не знойдзе Аўлюса. Лігія пачала цяпер лепей разумець тую горыч і той боль. Бо і яна ведала дарагую істоту, з якою пагражала ёй вечная разлука. Часамі пацяшалася надзеяй, што мо ягоная душа яшчэ адчыніцца калісь для Хрыстовай праўды, але спадзеўкі гэныя былі вельмі слабыя. Ведала і разумела яго ўжо занадта добра. Вініць — хрысціянін? Два гэныя паняцці нат у ейнай недазнанай галованьцы не маглі вобак сябе мясціцца. Калі разважны і поўны сталасці Аўл не стаўся ім пад уплывам дасканальнае і мудрае Пампоніі, дык як жа магчыме стацца ім Вініць? На гэта не было адказу, а дакладней, існаваў толькі адзін: няма для яго ні надзеі, ні ратунку. Але Лігія спахапілася з трывогай, што гэты асуд загубы, які быццам вісіць над ім, праз самую жаласць робіць яго яшчэ даражэйшым. Часамі брала яе ахвота гаварыць з ім шчыра пра ягоную цёмную будучыню, але як адзін раз, сеўшы пры ім, сказала яму, што па-за хрысціянскаю навукай няма жыцця, ён, будучы ўжо крыху падмацаваным, падняўся на здаровым узлокатку і воміг палажыў ёй голаў на каленях, кажучы: «Ты — жыццё!» Замерла ёй дыханне ў грудзёх, уцякла прытомнасць, нейкая раскошная дрыгата прабегла ад ног да галавы. Хапіўшы ў далоні ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахілілася над ім так, што аж вуснамі даткнулася да ягонай чупрыны, і праз хвіліну змагаліся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога.

Лігія ўсхапілася ды ўцякла, чуючы полымя ў жылах і заварот у галаве. Гэта была ўжо кропля, якая канчаткова перапоўніла чару. Вініць не дадумаўся, колькі каштаваціме яму тая шчасная хвіліна, але Лігія зразумела, што цяпер яна сама патрабуе ратунку. Наступная ноч прайшла бяссонна, у слязах і малітве, у пачуцці нягоднасці, што малітва ейная не будзе выслухана.

Назаўтра раненька выйшла з кубікулюма ў агародзец і, заклікаўшы Крыспа, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго адначасна, каб дазволіў ёй пакінуць дом Мырыям, бо не давярае сабе і не можа перамагчы ў сабе кахання да Вініція.

Крысп — стары, суровы чалавек — згадзіўся, каб выйшла з дому Мырыям, але не знайшоў слоў прабачэння грэшнага, на ягоную думку, кахання. Сэрца ягонае зардзелася абурэннем на ўспамін, што тая Лігія, якою рупна апекаваўся, якую палюбіў, уцвярдзіў у веры і на якую ўглядаўся цяперака бы на беленькую лілею, што вырасла на грунце хрысціянскае навукі, не заражаную ніякаю прыземнасцю, магла знайсці ў душы мейсца на іншую, апрача нябеснае, любоў. Ведаў дагэтуль, што нідзе на свеце не біла сэрца чысцейшае на славу Хрыста. Жадаў яе ахвяраваць Яму, як перлу, як дарагую каштоўнасць рук сваіх, дык неспадзяванка гэтая напоўніла яго і здзіўленнем, і горыччу.

— Ідзі малі Бога, каб дараваў табе віну, — прагаварыў да яе хмурна. — Уцякай, пакуль дух нячысты не аблытаў яшчэ цябе цалкам ды не давёў да канчатковага ўпадку, пакуль не здрадзіла Збаўцы. Ён памёр для цябе на крыжы, каб уласнай крывёю адкупіць тваю душу, а ты пажадала пакахаць таго, хто маніўся зрабіць з цябе сваю нявольніцу. Бог цудам выратаваў цябе з рук ягоных, а ты адкрыла сэрца нячыстай жадзе і пакахала сына цемры. Хто ж бо ён? Прыхвасцень і слуга Антыхрыста, супольнік блуду й распусты. Куды ж ён цябе завядзе, калі не ў тую атхлань і Садому, у якой жыве сам, а якую Бог счысціць агнём свайго гневу? Бадай табе не жыць, бадай бы гэтыя сцены былі заваліліся на тваю галаву перш, чым той вуж упоўз у тваё сэрца й аслініў яго ядам сваім.

І сердаваў штораз больш, бо віна Лігіі напаўняла яго не толькі гневам, але абрыджэннем і пагардай да натуры людское наагул, а ў канкрэтнасці да жаночай, якое нат і хрысціянская навука не асцерагла ад слабасці Евінай. Не звяртаў на тое ўвагі, што дзяўчына фактычна была яшчэ чыстай, што манілася ўцякаць ад гэнага кахання ды спавядалася з яго, каючыся. Крысп хацеў быў зрабіць з яе анёла й падняць на вышыню чыстае любові толькі для Хрыста, а яна вось пакахала аўгустыяніна! Самая толькі думка пра гэта жуддзю і расчараваннем напаўняла ягонае сэрца. Не! Не мог ёй гэнага дараваць!

Злоснае дакаранне паліла яму вусны бы разжараныя вуглі; змагаўся з сабою, каб не вымавіць яго, і трос над беднаю дзяўчынай сухімі сваімі рукамі. Лігія пачувалася да віны, але не ў такой меры. Гадала сабе: уцёкі яе з гэнага дому будуць перамогаю над жадою і згладзяць віну. Але Крысп знішчыў яе ў пыл: выказаў усё благоцце й нікчэмнасць ейнае душы, да якое не пачувалася. Яна спадзявалася нат, што стары прэзбітэр, які ад часу ўцёкаў з Палатыну быў для яе моў бацькам, акажа ёй крыху літасці, пацешыць, льгі дадасць, умацуе.

— Богу аднаму ахвярую маю няўдачу і боль, — дакараў далей, — але ж ты зняверылася й перад Збаўцам, бо сыйшла ў балота і атруцілася ягонай смораддзю. Магла б ахвяраваць сэрца Хрысту моў каштоўную судзіну і сказаць яму: «Выпаўні яго, Збавіцелю, ласкай!», а ты пажадала ахвяраваць яго слузе злога духа. Хай Бог табе даруе, хай злітуецца над табою, бо я, пакуль не выкінеш вужа… я, што ўважаў цябе за выбранку… І заціх, бо агледзеўся, што нехта йдзе.

Праз павяўшую зеляніну, праз бярвенец, зелянеючы летам і зімою, угледзеў двух чалавек, адзін з якіх быў Апостал Пётр. Другога не мог адразу распазнаць, бо адзежына з грубое ваўнянае тканіны, званая «цыліцыюм», захіляла яму частку твару. Крыспу на першы пагляд здалося, што гэта Хілон.

А яны, пачуўшы галосную гутарку Крыспа, увайшлі ў агародзец і селі на каменнай лаўцы. Таварыш Пятровы адхіліў тады худы твар з лысеючай чашкаю, пакрытаю па бакох купчастым воласам, з зачырванеўшымі павекамі ды крывым носам — брыдкі, але натхнёны твар, у якім Крысп пазнаў Паўла з Тарсу.

Лігія, укленчыўшы, абняла рукамі, як бы з роспачы, ногі Пятра і, прытуліўшы сваю зняможаную галованьку да хвалдаў ягонай адзежыны, трымала іх моўчкі. Пётр адазваўся: — Pax душам вашым!

І, гледзячы на дзяўчо ля сваіх ног, пытае: што сталася? Тады Крысп пачаў расказваць усё, што вызнала яму Лігія, ейнае грэшнае каханне, ейны намер уцякання ад Мырыям ды свой жаль, што вось душа, якую жадаў ахвяраваць Хрысту чыстаю, як сляза, заплямілася зямным пачуццём да судзейніка ўсіх блудаў, у якіх патанаў паганскі свет і якія клікалі помсты Божае.

Лігія падчас ягонай скаргі абыймала штораз мацней ногі Апостала, казаў бы хацела пры іх шукаць патолі і выжабраваць хоць кропельку літасці.

Апостал, выслухаўшы да канца, нахіліўся й палажыў згрыбелую руку на ейнай галаве, пасля падняў вочы на старога прэзбітэра й кажа: — Крыспе, няўжо ты не чуў, што Збаўца наш быў у Кане на вяселлі й багаславіў каханне між нявестаю й мужам, сужэнцамі!

Крыспу апалі рукі, глядзеў, сумеўшыся, на мовячага, не могучы вымавіць слова. А той памаўчаў хвілінку, спытаў зноў: — Крыспе, няўжо думаеш, што Хрыстус, які дазволіў Марыі з Магдалі ляжаць пры нагах сваіх і які дараваў яўнагрэшніцы, адвярнуўся б ад гэнага дзіцяці, чыстага, як лілея ў полі?

Лігія, расслязіўшыся, прытулілася яшчэ мацней да ног Пятровых, зразумеўшы, што не дарма шукала пры іх патолі. Апостал, падняўшы ёй заліты слязьмі твар, гаварыў далей: — Пакуль вочы таго, што кахаеш, не адкрыюцца на святло праўды, патуль старані ад яго, каб не давёў цябе да граху, але маліся за яго і ведай, што няма граху ў каханні тваім. А калі баронішся ад спакусы, мецімеш заслугу.

Не маркоцься і не плач, бо ласка Збаўцы ад цябе не аднята, твае малітвы будуць выслуханы, тваё сумаванне меціме вясёлы канец.

Сказаўшы гэта, палажыў далоні на ейнай галаве і, узнёсшы ўгару вочы, багаславіў яе. З аблічча ягонага свяціла надземная дабрыня.

Супакораны Крысп пачаў апраўдвацца: — Зграшыў я супраць міласэрнасці, — гаварыў, — але я думаў: дапушчаючы да сэрца зямную любоў, здрадзіла Хрыста… А Пётр патлумачыў: — Я выракся Яго тройчы, аднак дараваў мне і загадаў пасвіць баранкі свае.

— …І таму, — канчаў Крысп, — што Вініць ёсць аўгустыянінам… — Хрыстус яшчэ цвярдзейшыя сэрцы паконваў, — адказаў Пётр.

На гэта Павал з Тарсу, які дагэтуль маўчаў, паказваючы на сябе, сказаў: — Я той, хто праследаваў і лавіў на смерць слугі Хрыстовыя; я падчас каменавання Сцяпана пільнаваў адзежы тых, што каменавалі; я маніўся выкараніць Праўду па ўсёй зямлі, дзе толькі жывуць людзі, аднак бач — мне прызначыў Госпад, каб шырыў яе на ўсёй зямлі. І я аглашаў яе ў Юдэі, у Грэцыі, на атоках і ў гэтым бязбожным горадзе, калі першы раз як вязень тут прабываў. А цяпер на пакліканне Пятра, майго загадчыка, увайду ў гэны дом, каб схіліць тую гордую галаву да Хрыстовых ног і кінуць зерне ў гэную камяністую раллю, якую ажыццяплодзіць Госпад, каб дала добры ўраджай.

І ўстаў. Крыспу гэны малы гарбаты чалавек паказаўся ў гэтай хвіліне тым, чым быў іставетна — волатам, які зрушыць свет і загорне землі й народы.

 

XXVIII

 

 

Пятроні — Вініцію: «Будзь ласкавы, carissime, не наследуй у пісьмах ані лакадэмонаў, ані Юлія Цэзара. Каб жа хоць так, як ён, мог напісаць: veni, vidi, vici!43 — разумеў бы йшчэ лаканізм. Але тваё пісьмо канчаткова азначае: veni, vidi, fugi44; а што такі канец справы нясвомы тваёй натуры, што быў паранены ды што ўрэшце дзееліся з табою рэчы незвычайныя, дык пісьмо вымагае тлумачэння. Я вачам сваім не верыў, як прачытаў, што той ліг так лёгка задушыў Кратона, бы каледонскі сабака воўка ў гарах Гіберніі. Той чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, і ад яго толькі залежала б стацца ўлюбенцам цэзара. Як вярнуся дамоў, мушу з ім пазнаёміцца і загадаю выліць яго сабе з бронзы. Рудабароды лопне з цікавасці, як скажу яму, што гэта з натуры. І сапраўды атлетычныя людзі здараюцца і ў Італіі, і ў Грэцыі штораз радзей; пра Ўсход няма чаго й казаць, а германы хоць рослыя, ды салам налітыя, і больш вялізныя, чым дужыя. Даведайся ад ліга, ці гэта ён адзін толькі такі ў сваім краі, ці ёсць шмат яму падобных. Ануж табе або мне прыйдзецца калісь ех officio45 рабіць ігрышчы, добра было б ведаць, дзе шукаць асілкаў.

Але хвала багом усходнім і заходнім, што ты застаўся з душою, выйшаўшы з падобных рук. Ацалеў ты напэўна дзеля таго, што ты патрыцый і сын консула, але ўсё, што спаткала цябе, здзіўляе мяне вельмі: і той магільнік, дзе ты прабываў між хрысціян, і яны самі, дый учынак іхні з табою, і пасля ўцёкі Лігіі, і ўрэшце той нейкі сум і трывожнасць, якія веюць з твайго кароткага ліста. Растлумач мне, бо шмат рэчаў не цямлю, а калі праўду любіш, скажу табе адкрыта: не разумею ані хрысціян, ані цябе, ані Лігіі. І не дзівіся, што я, якога па-за ўласнаю асобаю мала што больш на свеце цікавіць, дапытваюся пра ўсё гэта так сквапна. Бо я ж прычыніўся да ўсяго таго, што сталася, дык гэта вось жа й мая справа. Пішы безадкладна, бо не магу прадбачыць, калі ўбачымся. У галаве Рудабародага змяняюцца намеры, бы вясеннія вятры. Цяпер, седзячы ў Бэнэвэнце, мае ахвоту ехаць проста ў Грэцыю і вяртацца ў Рым. Тыгэлін, аднак, раіў яму, каб вярнуўся хоць на кароткі час, бо народ вельмі тужыць па ім (чытай: па хлебе ды йгрышчах) і можа ўзбурыцца. Вось жа, немаведама як будзе. Калі Ахайя пераважыць, дык мо пасля захочацца нам Егіпту.

Раіў бы прыехаць сюды, бо для цяперашняга стану твае душы падарожжа і нашыя забавы былі б лекам, але мог бы нас не застаць. Падумай, аднак, можа, лепш было б супачыць у сваім маёнтку на Сіцыліі, чым сядзець у Рыме. Пішы мне падрабязна аб сабе і — бывай! Ніякіх жаданняў, апрача здароўя, гэтым разам табе не залучаю, на Палукса! Не ведаю, чаго табе пажадаць!»

 

Вініць, атрымаўшы гэны ліст, не меў спачатку ахвоты адпісваць. Меў нейкае пачуццё, што не варта адказваць, гэта на нівошта нікому не прыдасца, нічога не вытлумачыць і нічога не вырашыць. Авалодала ім знеахвота, пустальга і пачуццё марнасці жыцця. Пры тым здавалася яму, што Пятроні ні за што яго не зразумее, ды што іх быццам нешта пачало ад сябе аддаляць. Не мог прыйсці да ладу нат і сам з сабою. Вярнуўшыся з Затыбра ў сваю раскошную інсулю на Карынах, быў яшчэ слабы, зняможаны і ў першых днях быў задаволены з адпачынку, выгоды й дастатку, які акружаў яго. Але хутка пачуў, што ён у паражнечы, а ўсё тое, што да гэтых пор станавіла для яго інтарэс жыцця, або зусім не існуе, або змалела да ледзь прыкметных памераў. Меў такое самапачуццё, быццам у ягонай душы падцятыя тыя струны, якія дасюль злучалі яго з жыццём, а новыя не навязаны. Думка аб Бэнэвэнце і Ахайі ды аб жыццёвых раскошах і шалёных выбрыках не выклікала ніякага смаку. «Пашто? Які мне з таго прыбытак?» — вось былі першыя пытанні, што прасунуліся яму праз голаў. Гэтаксама першы раз у жыцці падумаў: ну а каб паехаў, дык гутарка Пятронія, ягоны досціп, бліскотнасць, яго вымудраваныя сказы, думкі й падбор трапных слоў для кажнае ідэі маглі б яму цяпер быць нуднымі.

З другога боку, пачала таксама дакучаць яму й самота. Усе ягоныя знаёмыя прабывалі з цэзарам у Бэнэвэнце, дык мусіў дома сядзець сам, з галавою, поўнаю думак, і сэрцам, поўным пачуццяў, з якіх не мог сабе здаць толку. Прыходзілі, аднак, іншы раз часіны, у якіх думалася яму, што калі б мог з кімколечы пагутарыць аб усім тым, што з ім дзеецца, дык, можа, сам здолеў бы гэта ўсё судумаць, упарадкаваць ды распазнаць лепш. Пад уплывам тае надзеі па некалькіх днях раздумы пастанавіў, аднак, адпісаць Пятронію і, хоць не быў пэўны, ці пісулю вышле, улажыў яе наступна:

 

«Хочаш, каб пісаў абшырней, дык добра; ці патраплю ясней, не ведаю, бо і сам не ўмею многіх вузлоў развязаць. Даносіў я табе аб маім побыце сярод хрысціян, аб іх абыходжанні з ворагамі, да якіх мелі права залічыць і мяне і Хілона, урэшце аб спагаднасці, з якою мяне даглядалі, і аб знікненні Лігіі. Не, дарагі, не таму мяне ашчадзілі, што я сын консулаў. Такія рацыі для іх не існуюць, адыж бо даравалі й Хілону, хоць я сам заахвочваў іх, каб закапалі яго ў агародзе.

Гэта людзі, якіх дагэтуль не бачыў свет, гэта навука, якое дасюль не чуў свет. Нічога больш табе аб іх не магу сказаць, і хто б жадаў іх мераць нашаю меркаю — прамахнецца. Скажу табе замест таго, што, каб прыйшлося мне ляжаць з зламанаю рукою дома і каб мяне дагэтуль даглядалі мае людзі або нат мая радня, меў бы, пэўна, большыя выгады, але не меў бы ані паловы такое рупнае спагады, як між імі. Ведай таксама й тое, што Лігія ёсць такою, як усе яны. Каб была маёю сястрою ці жонкаю, не магла б клапаціцца пра мяне чулей. Радасць не раз залівала мне сэрца, бо думаў, што толькі каханне можа натхніць падобнаю чуласцю. Не раз я вывучаў ейны пагляд, выраз твару і, ці паверыш, сярод тых прасцякоў, у сціплай хаце, дзе была разам і кухня, і трыклініюм, пачуваўся я шчаслівейшым, чым дзе йнакш. Не, не была яна да мяне сухадушнай, і сяння йшчэ, здэцца мне, іначай нельга думаць. А аднак тая самая Лігія збегла ад мяне з памешкання Мырыям. Сяджу вось цяпер цэлымі днямі з галавою ў жмені і разважаю, чаму яна гэтак зрабіла? Ці я табе пісаў, што сам прапанаваў ёй вярнуць яе Аўлюсам? Праўда, адказала мне, што гэта ўжо немагчыма і з увагі на тое, што Аўлы выехалі на Сіцылію, і з увагі на небяспеку розгаласу на Палатыне праз нявольнікаў. Цэзар мог бы яе зноў адабраць у Аўлаў! Яна, аднак, ведала, што больш нахабства над ёю рабіць не буду, што выракаюся прымусу, а не могучы ні перастаць яе кахаць, ні жыць без яе, увяду яе ў дом праз увенчаныя дзверы ды пасаджу на абрадавай скуры пры вогнішчы… Аднак, бач, збегла! Чаму? Нічога ж ужо ёй не пагражала. Калі мяне не кахала, магла адапхнуць.

Напярэдадні нашае апошняе разлукі пазнаў я дзіўнага чалавека, нейкага Паўла з Тарсу, які гутарыў са мною аб Хрысце і ягонай навуцы, гаварыў так магутна, што здавалася, кожнае слова міма волі прамоўцы ў пыл крышыць усе падставы нашага свету. Той самы чалавек адведваў мяне і дома і казаў мне: «Як Бог адкрые табе вочы на святло і здыме з іх бяльмо так, як зняў бяльмо з маіх, тагды адчуеш, што паступіла слушна, і тады, можа, яе знайдзеш». І вось ламлю голаў над гэнымі словамі, як бы іх чуў ад пытыі ў Дэльфах. Часамі здаецца мне, як бы штось ужо зразумеў. Яны любяць людзей, але ненавідзяць нашага жыцця, нашых багоў і… нашых праступкаў, дык яна, знача, збегла ад мяне, як ад чалавека, жывучага ў гэным свеце, з якім мусіла б дзяліць жыццё, уважанае праз хрысціян за нягоднае. Скажаш мо: калі магла мяне адапхнуць, дык не патрабавала ўцякаць. А калі яна мяне кахае? Тады, знача, уцекла ад кахання. На ўспамін аб гэтым хочацца выслаць нявольнікаў ува ўсе завулкі Рыму і загадаць ім, каб гукалі па хатах: «Вярніся, Лігія!» Але не ў змозе я ўцяміць, чаму яна гэта зрабіла. Я ж бы ёй не забараняў верыць у ейнага Хрыстуса, і сам паставіў бы Яму алтар у атрыюме. Што мне шкодзіў бы адзін новы Бог болей? І чаму б не верыць у яго мне, што не надта веру ў старых? Ведаю напэўна, што хрысціяне ніколі не лгуць, а цвердзяць, што ўваскрос! Чалавек жа гэтага не мог бы зрабіць. Той Павал з Тарсу, які ёсць рымскім грамадзянінам і які, як жыд, ведае старыя гебрайскія кнігі, казаў мне, што прыйсце Хрыста было запавешчана прарокамі перад тысячамі гадоў. Усё гэта рэчы незвычайныя, але ці ж незвычайнасць не акружае нас з усіх бакоў? Адыж не перасталі яшчэ расказваць і аб Апалонію з Тыяны.

Цверджанне Паўла, што няма цэлае грамады багоў, а ёсць толькі адзін, выдаецца мне талковым. Дык жа й Сэнэка тае самае думкі ды многія ягоныя папярэднікі. Хрыстус жыў, даў сябе ўкрыжаваць дзеля збаўлення ўсяго свету і ўваскрос.

Усё гэта зусім магчыма, дык чаму б не паставіць Яму алтара так, як, напрыклад, Сэрапісу? Не цяжка мне было адрачыся й іншых багоў, бо кожны разумнейшы чалавек і так у іх не верыць. Але здаецца, што гэтага ўсяго яшчэ для хрысціян мала. Мала аддаць шанаванне Хрысту, трэ яшчэ жыць паводле ягонай навукі; і тут вось затрымоўваемся, бы над берагам шырокага мора, якое прапануюць табе перайсці пехатою. Каб і абяцаў ім гэта, самі б чулі, што гэта пустаслоўе. Павал сказаў мне гэта адкрыта. Табе ж ведама, як я кахаю Лігію, і ведама, што ўсё гатовы для яе зрабіць. Адыж не мог бы нат на жаданне ейнае падняць на руках Сорактэ ці Везувій, ані змясціць у прыгаршчах Тразымэнскага возера, ані змяніць вачэй маіх з чорных на блакітныя, як вочы лігаў. Калі б дамагалася гэтага, хацеў бы, але ж гэта неўмагату мне. Я не філязоф, але ж і не такі ўжо дурны, як табе мо не раз здаецца. Вось жа скажу табе: не ведаю, як хрысціяне даюць сабе раду ў жыцці, але ведаю, што там кончыцца Рым і ягонае ўладства, дзе зачынаецца іхняя навука, канчаецца розніца між пераможнікамі й пераможанымі, багатымі й беднымі, панамі й нявольнікамі, канчаецца цэзар, права і цэлы парадак свету, а замест гэнага ўсяго прыходзіць Хрыстус і нейкая міласэрнасць, дагэтуль нязнаная, і нейкая дабрыня, нясвомая людскім і нашым рымскім інстынктам. Мяне, праўду кажучы, Лігія больш цікавіць, чым цэлы Рым з ягоным панаваннем, і хай бы хоць свет заваліўся, абы толькі магчыма было мець яе ў сваім доме. Але гэта іншая рэч. Для іх, для хрысціян, мала слоўнае згоды, трэба яшчэ пачуваць, што так ёсць добра, а не інакш. А я — багі мне сведкамі! — не магу. Ці кеміш, што гэта значыць? Нешта ў душы маёй уздрыгаецца на гэтую навуку, і хоць бы вусны мае яе славілі, хоць бы прынаравіўся да яе ды ейных прынцыпаў, розум і душа падказвацімуць мне, што гэта раблю толькі дзеля кахання, для Лігіі, каб не яна, дык усё гэта было б мне агідным. І надзіва, такі Павал з Тарсу гэта разумее. Разумее міма цэлае свае прастаты і нізкага паходжання таксама і той стары тэўрг, старшыня іхні, Пётр, вучань Хрыстовы. І ведаеш, што робяць?

Моляцца за мяне, просяць для мяне нечага, што называецца ласкай, а на мяне выходзіць толькі неспакой і штораз большая туга па Лігіі.

Здэцца ж я пісаў табе, што яна адыйшла ўкрадкам, але, адыходзячы, пакінула мне крыж, які сама звязала з галінак букшпану. Я, прачнуўшыся, знайшоў яго пры ложы. Маю цяпер яго ў лярарыюме, і сам не магу ўцяміць, што мяне так да яго цягне, як бы ў ім было штось боскае, пачуваю да яго і страх і павагу. Цаню яго, бо ейныя рукі яго вязалі, але ненавіджу, бо ён нас разлучае.

Часамі здаецца, як бы ў гэтым усім былі нейкія чары, што тэўрг Пётр, хоць называе сябе простым рыбаком, ёсць важнейшы і ад Апалонія, і ад усіх ягоных папярэднікаў, і гэта ж ён аблытаў іх усіх, Лігію, Пампонію ды мяне.

Ты пішаш, што ў маім папярэднім лісце відаць нервы і сум. Мусіць быць сум, бо зноў згубіў яе, мусіць быць і неспакой, бо нешта, аднак, ува мне змянілася. Шчыра кажу табе, няма для натуры нічога агіднейшага, як гэта навука, аднакава ж ад тае пары, калі з ёю сустрэўся, не магу сябе самога пазнаць. Чары ці каханне?.. Кірка46 змяняла дотыкам цела людское, а мне змянілі душу. Адна хіба Лігія магла гэта зрабіць, або дакладней, Лігія праз тую дзіўную навуку сваю. Ніхто вяртання майго дома не спадзяваўся. Думалі, што я ў Бэнэвэнце, і што не хутка вярнуся, дык застаў дома нялад, п’яных нявольнікаў, гулянкі, спраўляныя ў маім трыклініюме. Смерці больш спадзяваліся, чым мяне, яе менш бы жахаліся. Ты ж ведаеш, у якіх цуглях трымаю мой дом, дык усё жывое кінулася на калені, а некаторыя памлелі са страху. А я ведаеш як паступіў? У першай хвіліне хацеў крычаць: розаг! жалеза! агню! Але хутка пасля ахапіў мяне нейкі сорам і — ці дасі веры? — нейкі жаль бядоты; ёсць між імі старыя нявольнікі, якіх яшчэ дзед мой М. Вініць прывёў за часаў Аўгуста з-над Рэйну.

Замкнуўся сам у бібліятэцы, і там прыйшлі ў голаў яшчэ дзіўнейшыя думкі: пасля ўсяго таго, што чуў і бачыў сярод хрысціян, няслед мне паступаць з нявольнікамі так, як дагэтуль, яны ж таксама людзі. Яны праз некалькі дзён дрыжалі ад трывогі, гадаючы сабе, што адкладаю кару, каб выбраць больш страшнейшую, а я не караў, бо не мог. Склікаўшы іх на другі дзень, кажу: «Дарую вам, толькі старайцеся вернаю службаю направіць віну!» Пачуўшы гэта, пападалі на калені, заліваючыся слязьмі, выцягаючы з плачам рукі ды завучы мяне панам і бацькам, а я — сорамна табе сказаць — раскулешыўся. Здалося мне, што ў той часіне бачу салодкае аблічча Лігіі і ейныя чароўныя слёзныя вочы, дзякуючыя за такі ўчынак. А — pro pudor!47— чую, і мне набеглі слёзы… Ведаеш, што я табе скажу: от не магу сабе даць рады без яе, дрэнна мне самому, я папросту няшчасны, мой сум большы, чым табе здаецца… А нявольнікі, дзіўная рэч, не толькі не распусціліся горай, але сталіся шмат вярнейшымі; прабачэнне, знача, абудзіла ў іх удзячнасць і лепш падзейнічала на іх, чым кара. Не то служаць, але наўзаперадкі адгадваюць мае жаданні. Прыгадваю табе аб гэтым таму, што калі на дзень перад адыходам ад хрысціян я сказаў Паўлу, што свет распырхнецца ад ягонай навукі, моў бочка без абручоў, ён адказаў: «Міласць ёсць мацнейшым абручом, чым пагроза». І вось паказалася, што часамі гэта ёсць праўдай. Аб гэтым я пераканаўся таксама і з маіх адносінаў да кліентаў, якія, даведаўшыся аб маім вяртанні, збегліся з прывітаннямі. Ведаеш жа, ніколі я не быў для іх сквапным, але яшчэ бацька мой дзеля звычаю паступаў з імі па-панску і мяне так вучыў. Вось жа цяпер, бачачы гэныя вышмуляныя світкі й галодны выгляд, зноў пачуў у сабе як бы літасць. Загадаў даць ім есці, а нат гутарыў з імі; назваў некаторых па іменю, некаторых пытаў пра жонак і дзяцей, ды зноў бачыў слёзы ўваччу, ізноў стаяла перад вачыма ўявы задаволеная Лігія… ці мой розум пачынае блытацца, ці каханне муціць мне почувы — не ведаю, перакананы толькі, што яна цікуе на мяне здалёк, дык баюся зрабіць што-небудзь такое, што магло б яе абразіць або засмуціць. Так, Каю! Перайнакшылі мне душу, і часам добра мне так, а часам пакутна, баюся бо, што аднялі ад мяне тую мужнасць, даўнюю энергію і што мо няздатны я ўжо не толькі да рады, суду, банкетаў, але нат і да вайны. Няйначай, гэта чары! І так моцна мяне пераіншылі, што скажу табе й тое, аб чым думалася мне яшчэ тады, як ляжаў у іх хворы: калі б Лігія была падобнай да Нігідыі, да Папеі, да Крыспінілы ды да іншых нашых разлучніц, калі б была так плюгаваю, неміласэрнаю ды папускною, як яны, дык я б не кахаў яе так, як кахаю яе за тое, што нас дзеліць. Дадумаешся, які хаос родзіцца ў маёй душы, у якім блукаюся раздарожжы, не ведаючы, што з сабою рабіць? Калі жыццё льго прыраўняць да крыніцы, дык у маёй крыніцы замест вады — немарасць. Жыву надзеяй, што мо яшчэ ўгледжу яе, і часам здаецца мне, што мусіць быць… Ды што будзе са мною за год, за два — цяжка згадаць. З Рыму не выеду. Не мог бы стрываць таварыства аўгустыянаў, а пры тым адна думка прыносіць мне польгу ў маім горы, што тут блізка Лігія, што праз лекара Глаўка, які абяцаў мяне адведаць, або праз Паўла з Тарсу, можа, часамі што-небудзь аб ёй даведаюся. Не! Не кінуў бы Рыму, хоць бы мне ахвяравалі ўладства над Егіптам. Ведай таксама, што я загадаў рэзьбяру абрабіць камень на магілу Гула, якога забіў у прыпадку гневу. Запозна я абдумаўся, што ён жа мяне на руках насіў і першы вучыў, як закладаць у лук стралу. Не ведаю, чаму цяпер абудзіўся ўва мне жаль па іх… Калі дзівіціме цябе тое, што пішу, адкажу табе, што мяне гэта дзівіць не менш, але пішу табе шчырую праўду. Бывай!»

 

XXIX

 

На гэтае пісьмо Вініць не меў адказу, бо Пятроні не адпісваў, спадзеючыся, мабыць, хуткага павароту з цэзарам у Рым. І праўда, незабаўна разыйшлася па горадзе вестка, уздымаючая радасць затужанае па йгрышчах ды харчовых дапамогах вулічнае талакі. Геліюс, вызвольнік Нэрона, абвясціў урэшце ягоны паварот у сенаце. Нэрон, сеўшы разам з дваранамі на караблі ў атоцы Мізэнум, паволі вяртаўся, візытуючы надбярэжныя гарады дзеля адпачынку ці выступленняў у тэатрах. У Мінтурнэ, дзе зноў пяяў публічна, затрымаўся на дзён колькінаццаць, а нат надумоўваўся, ці не вярнуцца ў Неапаль ды не чакаць надыходу вясны, якая запавяшчалася ранняю і цёплаю. Праз цэлы той час Вініць жыў сам-насам дома з думкаю аб Лігіі ды аб тых усіх рэчах, якія напаўнялі яму душу і ўносілі чужыя новыя пачуцці і паняцці. Час ад часу толькі спатыкаўся з Глаўкам, адведзіны якога напаўнялі яго заўсёды радасцю, бо мог з ім пагутарыць аб Лігіі. Глаўк, праўду сказаць, не ведаў, дзе яна знайшла сабе прыстанішча, але запэўніваў, што старшыны апякуюцца ёю добра. А раз, спачуваючы сумнаму Вініцію, сказаў, што Апостал Пётр зганіў Крыспа за тое, што страшыў Лігію суровымі дакорамі за зямную любоў. Малады патрыцый збялеў, як пачуў гэта. І яму не аднойчы здавалася, што Лігія кахае яго, але часта таксама сумняваўся, а цяпер вось першы раз пачуў пацвярджэнне сваіх жаданняў і надзеі з чужых вуснаў, а да таго — хрысціянскіх. У першым парыве ўдзячнасці маніўся бегчы да Пятра, але, даведаўшыся, што няма яго ў Рыме, бо навучае ў ваколіцы, заклінаў Глаўка, каб завёў яго да Пятра, абяцаючы за тое шчодра абдарыць убогіх гміны. Здавалася яму цяпер, калі Лігія кахае яго, дык тым часам няма перашкодаў між імі, бо аддаць павагу Хрысту гатовы быў у кожнай хвіліне. Але Глаўк, паміма моцнага нагавору да хросту, не смеў заручаць яму, ці праз тое заваюе сабе Лігію, бо хросту трэ пажадаць для самога хросту і для любові Хрыста, не для іншых мэтаў. «Трэба мець і душу хрысціянскую», — казаў яму. А Вініць, дарма кожная перашкода ўзбурала яго, пачынаў ужо разумець, што Глаўк, як хрысціянін, гаворыць тое, што павінен гаварыць. Сам сабе ён яшчэ не ўяўляў аднае з найглыбейшых перамен у ягонай натуры, менавіта: даўней мераў людзей толькі меркаю собскага эгаізму, цяпер жа паволі асвойваўся з думкай, што іншыя вочы могуць глядзець іначай, іншыя сэрцы інакш пачуваць, і што слушнасць не заўсёды адназначная з асабістаю карысцяй.

Брала яго ахвота пабачыцца таксама з Паўлам, словы якога зацікавілі яго, не даючы супакою. Укладаў сабе ў душу доказы, якімі збіваціме ягоную навуку, упіраўся яму ў думках, а хацеў аднак жа пабачыцца з ім ды паслухаць. Але Павал выехаў у Арыцыю і, калі Глаўк стаў прыходзіць штораз радзей, Вініція пачала мучыць самота. Тады зноў пачаў абягаць завулкі на Субуры і вузкія вулачкі Затыбра, спадзеючыся хоць здалёк угледзець Лігію, але як і гэта не дапамагло, агарнула яго нуда і нецярплівасць. Дзякуючы гэтаму адазвалася ў ім яшчэ раз даўнейшая натура з такою сілай, з якою хваля пасля адплыву вяртаецца на бераг, з якім нядаўна развіталася. Ці не дурны ж, думаў сабе, нашто непатрэбнымі рэчамі, давёўшымі мяне да нуды, турбую сабе голаў, ці не павінен браць ад жыцця, што дасца? Вырашыў забыць пра Лігію, а прынамсі шукаць раскошы забыцця па-за ёю. Адчуваў, аднак, што гэта была апошняя спроба, дык кінуўся ў вір жыцця з усёю сляпою, яму свомаю, энергіяй і палкасцю. Жыццё само быццам заахвочвала яго да гэтага. Замёршы і вылюднены праз зіму горад пачаў ажыўляцца надзеяй хуткага прыезду цэзара. Рыхтавалі яму вялікае спатканне. Ішла вясна: снягі пад цёплым ейным подыхам хутка знікалі з Альбанскіх гор. Гарадскія траўнікі пакрыліся кветкамі. Марсавае поле і рынкі зараіліся народам, шукаючым сонца. На дарозе Апія, якая была заўсёды месцам шпацыру, запанаваў рух багата ўпрыгожаных калясніц. Былі ўжо экскурсіі ў Альбанскія горы. Малодухны пад прэтэкстам складання пашаны Юноне ў Лянавіюме або Дыяне ў Арыцыі вымыкаліся з дому, каб за горадам шукаць уражанняў, таварыства, спатканняў і раскошы. Тут Вініць сярод важных рыдваноў прыкмеціў аднойчы пышную, папераджаную двума малосамі, каруку Пятроніевай Хрызатэміс, акружаную вянком моладзі і старых сенатараў, якіх абавязак затрымаў у горадзе. Хрызатэміс сама кіравала чатырма карсіканскімі куцамі, раздаючы навакол усмехі і злёгку ляскаючы залатою пугай, злавіўшы вачыма Вініція, затрымала коні, забрала яго ў карэту, а пасля дадому на банкет, які трываў праз цэлую ноч. Вініць так спіўся на гэным банкеце, што не памятаў нат, калі даставілі яго дамоў, прыпомніў сабе аднак, што калі Хрызатэміс спытала была яго пра Лігію, абразіўся і, будучы ўжо п’яны, выліў ёй на голаў коўш фалерну.

Прыгадваючы гэта на цвярозую галаву, адчуваў яшчэ гнеў. Але днём пазней Хрызатэміс, відаць забыўшыся аб знявазе, адведала яго дома і забрала зноў на вія-Апія дзеля шпацыру, потым была ў яго на вячэры, падчас якое прызналася, што не толькі Пятроні, але й лютніст ягоны знудзялі ўжо ёй даўно і што сэрца ейнае вольнае. Праз тыдзень хадзілі разам, але зносіны не абяцалі трываласці.

Хоць ад здарэння з фалернам імя Лігіі не было ані разу прыгадвана, Вініць усё ж такі не мог абараніцца ад думак пра яе. Меў заўсёды ўражанне, быццам вочы ейныя глядзяць на яго, і ўражанне гэтае праймала яго трывогай. Крывіўся сам на сябе, не мог, аднак, збыць жаласнае думкі: быццам крыўдзіць яе. Па першай сцэне зайздрасці, якую Хрызатэміс паказала з прычыны дзвёх купленых сірыйскіх дзяўчат, прагнаў яе грубіянскім спосабам. Не перастаў, праўда, адразу нурацца ў распуснай раскошы, рабіў гэта быццам на злосць Лігіі, але ў канцы агледзеўся, што думка аб ёй не адступае ад яго ані на хвіліну, што гэта яна выклікае так благія, як і добрыя ўчынкі ды што сапраўды апрача яе нічога на свеце яго не цікавіць. Апанавалі яго гідлівасць і знямога. Раскоша яму абрыдла, пакідаючы па сабе копаць згрызотаў. Называў сябе ў думцы нягоднікам, дзівячыся, чаму даўней прымаў за добрае ўсё, што яму дагаджала. Урэшце, згубіў пачуццё свабоды, самапэўнасці, паддаўся немарасці, з якое не магла яго абудзіць нат думка аб прыездзе цэзара. Нічога ўжо яго цяпер не цікавіла, а нат да Пятронія не выбраўся аж датуль, пакуль той сам не прыслаў па яго сваёй лектыкі.

Пры спатканні, нягледзячы на радаснае прывітанне, адказваў на пытанні з нехаццю, аж пакуль доўга хаваныя пачуцці і думкі не выбухнулі ды не паплылі з вуснаў разліўною ракою слоў. Яшчэ раз расказаў падрабязна гісторыю сваіх пошукаў Лігіі ды побыту між хрысціянамі, усё, што там бачыў і чуў, усё, што яму праходзіла праз голаў і сэрца, і ўрэшце пачаў наракаць, што патануў у хаосе, які глынуў ягоную спакойнасць, здольнасці ўсякага разумнага дазнання. Вось жа нішто яго не цікавіць, нішто не смакуе, не ведае, чаго пільнавацца і як паступаць. Гатовы аддаваць пашану Хрысту і пераследваць Яго. Разумее высокую вартасць навукі Ягонай і чуе адначасна непакананую гідзь. Упрытамняе сабе, што хоць бы й асягнуў Лігію, дык не здабудзе яе цэлае, бо мусіцьме дзяліцца ёю з Хрыстом. Жыццё ягонае не ёсць жыццём, бо без надзеі, без заўтра, без веры ў шчасце, а навакол атуляе яго цемра, выхаду з якое шукае вобмацкам ды не можа знайсці.

Пятроні задуменна глядзеў падчас спавядання на зменены твар Вініція, на рукі, якія, гаворачы, выцягаў перад сабою, казаў бы сапраўды шукаў дарогі перад сабою ў цемры. Нараз устаў і, падыйшоўшы да Вініція, пачаў разгортваць пальцамі яму валасы над вухам.

— Ці ведаеш, — спытаў, — што маеш сівыя валасы над вухам?

— Можа быць, — адказаў Вініць, — не дзівіцімуся, калі незабаўна і ўсе мне збялеюць.

Замоўклі. Пятроні быў чалавек разумны і не раз задумоўваўся над людскою душою ды жыццём. Наагул жыццё ў гэным свеце, у якім абодва жылі, магло звонку выглядаць шчаслівым або нешчаслівым, але ўнутры бывала спакойнае. Як пярун ці землятрус маглі збурыць святыню, так няшчасце магло збурыць жыццё, само ў сабе, аднак, складалася яно з простых і гарманійных лініяў, вольных ад усялякае блытаніны. Тым часам што іншае было ў словах Вініція, і Пятроні першы раз убачыў нізку духовых вузлоў, якіх ніхто да гэтых пор не разблытваў. Быў настолькі разумным, што адчуваў іх важнасць, але пры цэлай сваёй хуткасці не ўмеў нічога на дадзеныя пытанні адказаць і ўрэшце пасля доўгага маўчання адазваўся: — Гэта хіба чараўство.

— І я так думаў, — адказаў Вініць. — Не раз выдавалася мне, што ачараваў нас нехта абаіх.

— Ну а каб ты, — кажа Пятроні, — звярнуўся, напрыклад, да святароў Сэрапіса. Бессумніўна, ёсць між імі, як наагул між святарамі, многа мантачоў, але ёсць, аднак, такія, што зглыбілі дзіўныя тайніцы.

Але гаварыў гэта з тонам няпэўнасці і несувернасці, сам адчуваў, як ягоная рада можа выдавацца марнай і нат смешнай. Вініць паціраў сабе лоб і гаварыў: — Чары!.. Бачыў я чараўнікоў, якія заклікалі падземных нязнаных моцаў для зыску або для помсты над ворагамі. Але хрысціяне жывуць убога, прабачаюць ворагам, навучаюць пакоры, сумленнасці й міласэрнасці, што ім тады за карысць з чараўства, нашто яно ім?..

Пятронія ўздымала гнеўнасць, што розум ягоны не можа знайсці адказу, не хочучы, аднак, да таго сазнавацца, адказаў абы адказаць: — Гэта новая сэкта… І цераз момант дадаў: — На боскую валадарку пафійскіх гаёў, як гэта ўсё псуе жыццё! Ты выказваеш подзіў да іхняй дабрыні і цноты, а я табе кажу, што гэта дрэнныя людзі, гэта непрыяцелі жыцця, як хвароба, як смерць самая. Даволі маем іх і так! Не хапала нам яшчэ хрысціян! Злічы толькі: хваробы, цэзар, Тыгэлін, цэзарава паэзія, шаўцы, правячыя патомкамі даўных квірытаў, вызвольнікі, што засядаюць у сенаце. На Кастара! Даволі гэнага! Гэна пагубная й абрыдлая сэкта! Ці ты спрабаваў крыху атрахнуцца ад гэных цёмных мараў і засмакаваць жыцця?

— Спрабаваў, — адказвае Вініць.

Пятроні разрагатаўся й кажа: — Ах ты, здраднік! Нявольнікі хутка разносяць весткі: адбіў ад мяне Хрызатэміс!

Вініць махнуў з нясмакам рукою.

— А ўсё ж дзякую табе, — гаварыў далей Пятроні. — Пашлю ёй пару чаравікаў, нашываных перламі; у маім любоўным лексіконе азначаціме гэта: «Адыйдзі». Маю перад табою доўг падвойнае ўдзячнасці: раз за тое, што не прыняў Эўніку, а другі — што выбавіў мяне ад Хрызатэміс. Паслухай мяне: бачыш перад сабою чалавека, які ўставаў рана, купаўся, банкетаваў, цешыўся з Хрызатэміс, пісаў сатыры, а нат часамі прозу пераплятаў вершамі, але каторы нудзіўся, як цэзар, і часта не ўмеў абараняцца ад пасумных думак. А ці ведаеш, чаму так было? Таму што я шукаў далёка тое, што было блізка… Жанчына-красуня заўсёды варта столькі, колькі сама важыць, але жанчына, якая пры тым кахае, папросту не мае цаны. Таго не купіш за ўсе скарбы Вярэса. А цяпер вось заўсёды кажу сабе так: напаўняю жыццё шчасцем, як чару найлепшым віном, якім абдарыла нас зямля, і п’ю, пакуль не змярцвее рука ды не збялеюць вусны. Што будзе далей, не дбаю. Вось мая найнавейшая філязофія.

— Ты ж прызнаваў яе заўсёды, нічога тут новага!

— Ёсць у ёй змест, якога не было раней.

Сказаўшы гэта, заклікаў Эўніку, якая ўвайшла ў белых строях, залатавалосая, не нявольніца ўжо даўняя, але моў багіня кахання і шчасця. Ён разняў перад ёю рукі і кліча: — Хадзі!

Прыбегла да яго і, сеўшы на каленях, апляла рукамі яму шыю, злажыла галованьку на грудзях. Вініць бачыў, як паволі ружавелі ейныя шчокі, як кунежыліся вочы. Разам у такой позе тварылі чароўную любоўную групу шчаслівых. Пятроні сягнуў рукою да плыткае вазы, стаяўшае на стале вобак, і, загарнуўшы цэлую жменю фіялак, пачаў абсыпаць імі голаў, грудзі й столу Эўнікі, пасля абсунуў туніку з ейных плечукоў і кажа: — Шчаслівы той, хто так, як я, знайшоў каханне, заварожанае ў такія формы… Часамі здаецца мне, што з нас двое багоў… Ну глянь ты сам: ці Праксытэлес, ці Мірон, ці Скопас або Лізыпас стварылі калі цудаўнейшыя лініі? Ці на Паросе або Пантэліконе існуе падобны мармур, цёплы, ружовы, закаханы? Ёсць людзі, што выцалоўваюць берагі вазаў, але я лепш буду шукаць раскошы там, дзе яе сапраўды можна знайсці.

Вымавіўшы гэта, пачаў вадзіць вуснамі па ейных плечукох і шыі, аж дрыготы яе спанавалі, то зачыняла, то адчыняла вочы, поўныя нявыказанае раскошы.

Пятроні па хвіліне падняў стройную галаву і, звярнуўшыся да Вініція, сказаў: — А цяпер падумай, чым ёсць у параўнанні з гэтым твае хрысціяне? І, калі не ўяўляеш розніцы, ідзі сабе да іх… Думаю, гэтае відовішча цябе вылечыць.

Пах кветак, напаўняючы залю, казытаў ноздры Вініція; ён збялеў; каб мог вадзіць так вуснамі па целе Лігіі, была б гэта хіба нейкая святакрадская раскоша, так магутная, што пасля хай бы сабе праваліўся ўвесь свет. Але, прызвычаены ўжо да самааналізу, змеркаваўся, што ў ім дзеецца: і ў гэнай хвіліне думае пра Лігію, толькі пра яе.

— Эўніка, — звяртаецца далікатна Пятроні, — загадай нам, боская мая, прыгатаваць вянкі на галовы ды снеданне.

Як яна пайшла, адзываецца да Вініція: — Маніўся яе вызваліць, а яна ведаеш, што адказала? «Лепей быць тваёй нявольніцай, чым жонкаю цэзара». І не згадзілася. Тады я даў ёй волю міма ведама. Прэтор зрабіў гэта мне так, што непатрэбная была ейная прысутнасць. Яна не ведае аб гэтым, як і не ведае аб тым, што ўсе мае каштоўнасці, за вынікам гэм, ёй належацімуць па маёй смерці.

Тое сказаўшы, устаў, прашпацыраваўся па залі і цягнуў далей: — Каханне пераіншвае адных больш, другіх менш, але пераіншыла й мяне. Калісь раскашаваўся я пахам вервены, а цяпер, калі Эўніка жадае фіялкі, і я палюбіў іх, і вось цэлую вясну дыхаем толькі фіялкамі.

Тут затрымаўся перад Вініціем і выгаворвае яму: — А ты заўсёды гонішся за нардам?

— Адкасніся! — бароніцца юнак.

— Я хацеў, каб ты прыгледзеўся Эўнікі, і кажу табе аб ёй таму, што мо і ты шукаеш далёка таго, што ёсць блізка. Можа, і да цябе рвецца дзе ў тваіх нявольніцкіх кубікулах сэрца вернае і шчырае. Прылажы гэткі бальзам да сваіх ран. Кажаш, Лігія кахае цябе? Быць можа! Але што ж гэта за каханне, якое цябе выракаецца?

Ці гэта не абазначае, што ня ёсць моцнае? Не, мілы, Лігія — гэта не Эўніка.

На гэта Вініць: — Усё гэта адна толькі пакута. Бачыў цябе, цалуючага Эўніку, і думалася тады мне: от каб мне так Лігія адкрыла сваю фігуру, дык праваліся ты пасля гэтага ўсё на свеце скрозь зямлю! Але сам толькі ўспамін пра гэта ўзняў жах ува мне так, як бы нераўнуючы памыкнуўся на вясталку або намагаўся зняславіць боства… Так, Лігія — гэта не Эўніка, толькі я йначай разумею гэтую розніцу, чым ты. Табе каханне змяніла ноздры, і прагнеш фіялкаў, не вервену, а мне змяніла душу, дык, міма майго гора, кахаю Лігію такою, як ёсць, не хачу такое, як іншыя.

Пятроні паціснуў здзіўлена плячыма.

— Як так, дык чаго ж крыўдуеш? Не разумею цябе.

На гэта Вініць з гарачкаю: — Так! Так!.. Мы ўжо не можам разумецца!

Ды зноў замоўклі на хвіліну, пасля Пятроні адзываецца: — А бадай тваіх хрысціян глынуў Гадэс! Атруцілі цябе немарасцю і зруйнавалі почувы жыцця. Бадай іх Гадэс! Дрэнна табе здаецца, што іхняя навука ёсць дабрадзейнай, бо дабрадзейным ёсць тое, што дае людзям шчасце, гэта знача: красу, каханне і моц, а яны завуць гэта марнасцяй. Нельга назваць іх і справядлівымі, бо калі за зло плаціцімем дабром, дык чым жа будзем плаціць за дабро?

А пры тым, калі за тое і за гэта адна будзе заплата, дык нашто быць добрым?

— Не, адплата ня ёсць аднолькавая, толькі яна зачынаецца ў жыцці будучым, не дачасным, так вучаць.

— Я пра тое не талкую: аб тым, ці штось там можна будзе бачыць… без вачэй, дык яшчэ паглядзімо. Прымеж таго, гэта ж недарэкі! Урсус задушыў Кратона, бо мае сталёвыя мускулы, але ж наагул яны хныкалы й вароны, будучыня да такіх не належаціме.

— Жыццё іхняе зачынаецца падчас смерці.

— Гэта як бы хто сказаў: дзень пачынаецца разам з ноччу. Ці маеш намер спаймаць Лігію?

— Не, не магу ёй злом за дабро плаціць, прысягнуў, што гэтага не рабіціму.

— Ці манішся прыняць Хрыстову навуку?

— Хачу, але натура хіба не сцерпіць яе.

— А ці здолеў бы забыцца пра Лігію?

— Не.

— Дык спрабуй турыстыкі.

Нявольнікі далажылі, што гатова снеданне, але Пятроні, якому здалося, што натрапіў на добрую думку, гаварыў далей, ідучы ў трыклініюм: — Аб’ездзіў ты кавалак свету, але толькі як ваяк, які заўсёды спяшае на загаданы пункт, не затрымоўваючыся ў дарозе. Едзем з намі ў Ахайю. Цэзар пакуль не развітаўся йшчэ з намерам туды паехаць. Будзе затрымоўвацца ўсюды па дарозе, пяяціме, вянкі збіраціме, святыні рабаваціме і ўрэшце вернецца, як трыўмфатар, у Італію. Будзе гэта нешта падобнае да карагоду Бахуса і Апалона ў адной асобе. Аўгустыяне, аўгустыянкі, тысячы цытраў — на Кастара! Варта гэта пабачыць, бо свет нічога падобнага не бачыў.

І разлакаціўся на лаве вобак Эўнікі за сталом, а як нявольнік на голаў клаў яму вянок, гаварыў далей: — Што ты бачыў на службе ў Карбулона? Нічога! Ці зведаў святыні грэцкія так, як я, каторы блізу праз два гады не развітваўся з праваднікамі? Ці быў на атоцы Радоскай, ці аглядаў мейсца, дзе стаяў калос? Ці бачыў у Панопе, у Факідзе, гліну, з якое Праметэй ляпіў людзей, або ў Спарце яйкі, што знесла Леда, або ў Афінах слаўны панцыр сармацкі, зроблены з конскіх капытоў, або карабель Агамемнана на Эўбеі, або чару, зробленую на манер цыцкі Гэлены? Ці бачыў Александрыю, Мэмфіс, піраміды, волас Ізыды, які вырвала сабе з журбы па Азырысе? Ці чуў енк Мемнона? Свет шырокі, не ўсё кончыцца на Затыбры! Я еду з цэзарам, але не варочацімуся з ім, а паеду на Цыпр, бо гэная мая залатавалосая багінька хоча, каб мы разам ахвяравалі ў Пафосе Цыпрыдзе галубкі, а трэ табе ведаць, чаго ёй заманіцца, гэта мусіць быць.

— Я твая нявольніца, — адазвалася Эўніка.

А ён прытуліў да яе голаў і кажа з усмехам: — Дык я, знача, нявольнік нявольніцы. Ты годная подзіву ад ног да галавы.

Пасля да Вініція: — Едзь з намі на Цыпр. Але памятай, мусіш перад тым бачыцца з цэзарам, дрэнна, што дагэтуль ты ў яго не быў. Тыгэлін гатовы гэта супраць цябе выкарыстаць. Не мае, праўда, ён да цябе асабістае нянавісці, аднак жа не можа цябе любіць хоць бы дзеля таго, што ты мой сястрынец… Адманёмся, што ты быў хворы. Мусіш надумацца, што адкажаш яму, калі спытае пра Лігію. Найлепш махні рукою і скажы, што была, пакуль не знудзіла. Ён гэта разумее. Скажы яму таксама, што хвароба затрымала цябе дома, а гарачку пабольшвала маркота, што не мог быць у Неапалі й слухаць ягоных песняў, ды аздаравіла цябе надзея, што ўрэшце магчымеш яго слухаць. Перасолу не бойся. Тыгэлін запавяшчае, што выдумае для цэзара нешта не толькі светазарнае, але й буйнае… Баюся, аднак, каб не падкапаўся пад мяне. Пабойваюся таксама і твайго настрою… — Ці ты ведаеш, — запэўніваў Вініць, — што ёсць людзі, якія не баяцца цэзара і жывуць так спакойна, як бы яго не было на свеце?

— Ведаю, аб кім гутарка: аб хрысціянах.

— Так. Яны толькі адны!.. А нашае жыццё чым жа ёсць, калі не бесперастанным страхам?

— Годзе ж ужо пра гэтых сваіх хрысціян! Не баяцца цэзара, бо ён мо аб іх не чуў дый не ведае, і столькі яны яго цікавілі б, колькі пажоўклае лісце. Кажу табе, гэта недарэкі, няўжо ты гэтага не цяміш? Калі твая натура бароніцца ад іхняе навукі, дык яўна дзеля таго, што вычувае іх недалужнасць. Ты ж чалавек з іншае гліны, дык нашто мне й сабе голаў імі марочыш. Патрапім жыць і паміраць, а што яны пакажуць — гэта няведама.

Вініція ўдарылі гэныя словы і, вярнуўшыся дадому, пачаў разважаць: можа, іставетна дабрыня й міласэрнасць хрысціян ёсць паказнікам недалужнасці іхніх душ. Выдавалася яму, што людзі, маючыя сілу й гарт, не ўмелі б так прабачаць. Лезла ў галаву думка, што гэта менавіта, можа, і ёсць прычынай, што адпіхвае ягоную рымскую душу ад тае навукі. «Патрапім жыць і паміраць», — кажа Пятроні. А яны? Яны ўмеюць толькі прабачаць, не разумеючы хіба ні сапраўднае любові, ні сапраўднае нянавісці.

 

XXX

 

Цэзар, вярнуўшыся ў Рым, лютаваў, што вярнуўся, і па некалькіх днях запалаў наноў ахвотай выезду ў Ахайю. Выдаў нат эдыкт, у якім абяцаў, што адсутнасць яго не патрывае доўга, а справы публічныя з тае прычыны не ўцерпяць ніякае шкоды. Вось жа ў таварыстве аўгустыянаў, між якімі быў і Вініць, ідзе на Капітоль, каб за памыснасць новага падарожжа злажыць багом ахвяры. Але на другі дзень, калі адбываліся чарговыя адведзіны святыні Весты, сталася здарэнне, якое спрычыніла змену ўсіх намераў. Нэрон не верыў у багоў, але баяўся іх, злашча таёмная Веста праймала яго такім жахам, што перад абліччам боства і святога агню дыба сталі валасы, шчаміліся зубы, прабеглі дрыготы па ўсім целе і асунуўся на рукі Вініцію, які прыпадкам стаяў тут жа ззаду.

Вынеслі хутка яго з святыні і адправадзілі на Палатын, дзе, хоць хутка апрытамнеў, пралежаў у пасцелі цэлы дзень. Агалосіў зараз жа здзіўленым прысутным, што намер выезду адкладае на пасля, боства бо перасцерагло яго таёмна, каб не спяшаўся. Цераз гадзіну ішла ўжо вестка публічна па ўсім Рыме: бачачы сумных мілых грамадзян, цэзар застаецца з імі, моў бацька з дзецьмі, каб дзяліць з імі ўцехі і долю. Народ, абрадаваны блізкімі ігрышчамі і дзяльбою збожжа, стоўпіўся грамадна перад Палатынскаю брамаю, віватуючы на гонар боскага цэзара, а той, перарваўшы гульні ў косці з аўгустыянамі, адазваўся: — Так! Трэ было адкласці. Егіпет і ўладства на Ўсходзе, суджанае мне, не міне мяне, дык не прападзе й Ахайя. Загадаю пракапаць Карынфскі істм, а ў Егіпце паставім такія помнікі, пры велічы якіх піраміды змалеюць да памераў дзіцячых цацак. Загадаю збудаваць Сфінкса большага ў сем разоў ад таго, што ля Мэмфісу глядзіць у пустыню, але меціме ён аблічча маё. Вякі наступныя ўспамінацімуць толькі аб ім ды аба мне.

— Збудаваў ты сабе ўжо помнік сваімі вершамі, большы не ў сем, а тройчы па сем разоў ад піраміды Хеопса, — падхапіў Пятроні.

— А песняй? — чакаў Нэрон.

— На жаль, каб жа было магчымым збудаваць табе такую статую, як статуя Мемнона, якая б адзывалася тваім голасам пры ранняй зарніцы! Моры, амываючыя Егіпет, былі б пакрыты павек вякоў роем караблёў, з якіх грамады трох частак свету раскашаваліся б тваёй песняй.

— На жаль, хто ж гэта патрапіць? — адказвае Нэрон.

— Але можаш загадаць вырэзьбіць з базальту сябе на квадрызе.

— А праўда! Зраблю гэта!

— Зробіш дар чалавецтву.

— У Егіпце звянчаюся з Лунаю, што аўдавела, і буду сапраўды богам.

— А нам аддасі ў жоны зоры, мы ўтворым новае сузор’е, якое звацімецца сузор’ем Нэрона. Вітэлія, аднак, ажані з Нілам, хай плодзіць бегемотаў.

Тыгэліну падаруй пустыню, будзе тады валадаром шакалаў.

— А мне што? — пытае Ватыній.

— Хай багаславіць цябе Апіс! Справіў нам такія ігрышчы ў Бэнэвэнце, што нельга табе абы-чаго жадаць: зрабі пару ботаў Сфінксу, якому дранцвеюць лапы падчас сядравых расістых ночаў, а пасля плясцімеш лапці калосам, старажуючым алеі перад святынямі. Кожны там знойдзе сабе занятак.

Даміцый Афер, напрыклад, будзе скарбнікам, ведамы з сумленнасці. Цэзар, люблю твае летуценні пра Егіпет, і адклад выезду выклікае ў мяне сум.

Нэрон кажа: — Вашы смяротныя вочы нічога не бачылі, боства бо робіцца невідушчым для каго захоча. Бачыце, калі быў я ў святыні Весты, яна сама стала ля мяне й кажа мне ў самае вуха: «Адкладзі выезд». Сталася гэта так раптоўна, што я аж жахнуўся, хоць за такую відавочную апеку багоў нада мною павінен быў бы я быць удзячным.

— Усе мы жахнуліся, — адазваўся Тыгэлін, — а вясталка Рубрыя аж абамлела.

— Рубрыя! — дзівіцца Нэрон. — Як жа снежную яна мае шыю!

— Але чырваніцца, на цябе гледзячы, боскі цэзару… — Так! Скеміў гэта і я. Гэта дзіва! Вясталка! Ёсць нешта боскае ў кожнай вясталцы, а Рубрыя надта ж прыгожая.

Ды задумаўся на хвіліну, пасля пытае: — Скажэце вы мне, чаму людзі больш баяцца Весты, чым іншых багоў?

У чым тут справа? От мяне самога жах пераняў, хоць я і найвышэйшы святар. Памятаю толькі, што ўпаў ніцма і быў бы рынуў на зямлю, каб хтось не падтрымаў мяне. Хто мяне падхапіў?

— Я, — адказаў Вініць.

— Ах! Ты, «строгі Арэсе»? Чаму не быў у Бэнэвэнце? Казалі мне, што хворы, і сапраўды твар маеш зменены. Ага! Чуў я, што Кратон хацеў цябе замардаваць? Ці то праўда?

— Праўда — і зламаў мне руку, але я абараніўся.

— Зламанаю рукою?

— Дапамог мне адзін барбар, які быў дужэйшы за Кратона.

Нэрон уставіў у яго здзіўленыя вочы.

— Мацнейшы за Кратона? Шкелі строіш? Кратон быў наймацнейшы чалавек на свеце, а цяпер ёсць Сыфакс з Этыёпіі.

— Кажу тое, што бачыў собскімі вачыма.

— Кажы, дзе тая перла? Мо стаўся каралём Немарэнскім?

— Не ведаю дзе, згубіў з вачэй.

— Не ведаеш нат, з чыйго народу?

— Я ж меў зламаную руку, дык нельга было яго распытаць.

— Пашукай ты мне яго.

На гэта Тыгэлін: — Я за гэта вазьмуся.

Але Нэрон далей гаварыў Вініцію: — Дзякую табе, што падтрымаў мяне. Мог, падаючы, разбіць голаў. Калісь добры з цябе быў кумпан, але ад часаў вайны й службы пад Карбулонам здзічэў ты нейк, і рэдка цябе спатыкаю.

І, памаўчаўшы крыху, гаварыў зноў: — А як жа маецца твая… танклявая малодухна… у якую ты быў закахаўся? Я ж адабраў яе ў Аўлаў для цябе… Вініць здэтынаваўся, але Пятроні ў тым жа моманце падаспеў яму на помач: — Іду ў заклад, доміне, што забыў. Ці не бачыш, як спудлаваўся? Пытай у яго пра тое, колькі іх было ад тае пары, а не ручаю, ці і на гэта патрапіць адказаць. З Вініціяў добрыя ваякі, але ўдалейшыя йшчэ пеўні. Ім трэ цэлыя статкі. Укарай яго за тое, доміне, не запрасі на банкет, які Тыгэлін абяцае зладзіць на твой гонар над сажалкай Агрыпы.

— Не, не зраблю гэтага, спадзяюся на Тыгэліна, што там якраз статкаў будзе ўдоваль.

— А ці ж дазволю, каб быў недахоп харытак там, дзе будзе Амур? — запэўнівае Тыгэлін.

Нэрон пачаў жаліцца: — Нуда мне дакучае! Застаўся я з волі багіні ў Рыме, але не магу яго цярпець. Выеду да Анцыюма. Цесна мне ў гэных вузкіх вуліцах, сярод гэтых старых дамішчаў ды занеахаеных завулкаў. Смуродам цягне аж сюды, пад мой дом і сады. Ах, каб землятрус зруйнаваў Рым, каб які загневаны бог зраўнаваў яго з зямлёй, вось тады паказаў бы я вам, як трэ будаваць горад — сталіцу свету і маю.

— Цэзар, — адзываецца Тыгэлін, — кажаш, каб які разгневаны бог зніштожыў горад, ці так?

— Так, дык што?

— Або ж ты не бог?

Нэрон махнуў нядбала рукою й дадаў: — Пагледзімо, што нам уладзіш на ставах Агрыпы. Потым выеду да Анцыюма. Вы ўсе замалыя, каб зразумець, што мне трэба рэчаў вялікіх, — гэта сказаўшы, прыжмурыў вочы, даючы праз гэта знаць, што патрабуе супачынку. І аўгустыяне пачалі разыходзіцца. Пятроні выйшаў разам з Вініціем і кажа яму: — Дык, знача, ты запрошаны на забаву. Рудабароды выракся падарожжа; але затое будзе шалець больш, чым калі, і буяніць па горадзе, бы ў собскім доме. Старайся й ты знайсці ў шаленстве забыццё. Бо й ну яго! Мы ж пакарылі свет, дык і можам гуляць! Удалы з цябе, Марк, малойца, дзеля таго, у прыватнасці, я і люблю цябе так. На Дыяну Эфескую! Каб ты мог палюбавацца сваімі зрослымі бровамі ды сваім воблікам, у якім значна старая кроў квірытаў! Тыя ўсе выглядаюць пры табе, бы вызвольнікі. Так! Каб не тая дзікая навука, Лігія была б сяння ў тваім доме. І што ж, мо яшчэ мне даказвацімеш, што гэта ня ёсць ворагі жыцця і людзей?.. Абыйшліся з табою па-людску, за гэта можаш быць ім удзячны, але я на тваім мейсцы зненавідзеў бы тую навуку, а шукаў бы раскошы там, дзе льго яе знайсці. Ты прыгожы хлапец, кажу зноў табе, а Рым роіцца ад разлучніц… — Бярэ мяне дзіва, што табе ўсё гэта яшчэ не абрыдла, — адказаў Вініць.

— Хто табе гэта казаў? Мне дык даўно гэта збрыдла, але ж я не ў тваіх гадох. Дый я маю іншую жылку, якое табе недахоп: люблю кніжкі, якіх ты не любіш, люблю паэзію, якая цябе нудзіць, люблю мастацтва, гэмаў ды шмат рэчаў, на якія ты й глядзець нат не хочаш, маю боль у крыжы, якога ты не маеш, і ўрэшце, я знайшоў Эўніку, а ты нічога падобнага не знайшоў… Я раскашуюся дома архітворамі, але з цябе ніколі не зраблю эстэты. А ведаю, што ў жыцці нічога больш не знайду апрача таго, што знайшоў, ты сам не ведаеш, што заўсёды яшчэ чагось спадзяешся й шукаеш. Каб табе прыдарылася смерць, ты б пры цэлай сваёй адвазе й летуценнях паміраў бы з жахлівым здзіўленнем, што трэба развітвацца з светам, а я прыняў бы яе, як чаканую, будучы пэўным, што няма на ўсім свеце такіх ягадак, якіх бы я ўжо не каштаваў. Не спяшаюся, але не буду таксама й ацягацца, пастараюся толькі, каб было весела да астатку. Ёсць на свеце вясёлыя скептыкі. Стоікі дык мне выдаюцца глупымі, але стоіцызм прынамсі гартуе, а от твае хрысціяне ўводзяць на свет сум, які ёсць тым у жыцці, чым дождж у прыродзе. Ці ты ведаеш, аб чым я даведаўся?

На забавах Тыгэлінавых з’явяцца люпанарыі, а ў іх будуць жанчыны з найпершых дамоў у Рыме. Няўжо не знойдзецца хоць адна красуня, якая б здолела цябе пацешыць? Будуць і такія дзяўчаты, што першы раз выступяць на свет як… німфы. Такое нашае рымскае цэзарства… Цёпла ўжо.

Паўдзённы вецер сагрэе воды і не спрышчыць цела нагіх балаўніц. А ты, Нарцысе, ведай, што не знойдзецца ні адна, якая б ад цябе баранілася.

Ні адна, хоць бы гэта была вясталка.

Вініць удараўся даланёю па лбе, як чалавек, не могучы адвязацца ад аднае назойлівае думкі.

— І трэба ж шчасце на такую мне было натрапіць!

— А хто ж гэта спрычыніў, як не хрысціяне! Але людзі, якіх сымболем ёсць крыж, не могуць быць іншымі. Слухай. Грэцыя была прыгожай і стварыла мудрасць свету, мы стварылі сілу, ну а што створыць гэная навука? Калі ведаеш, дык расталкуй мне, бо — на Палукса! — не магу дадумацца.

Вініць паціснуў плячыма: — Ты, відаць, баішся, каб я не стаўся хрысціянінам.

— Баюся, каб сабе жыццё не завязаў. Калі не патрапіш быць Грэцыяй, будзь Рымам: ўладай і гуляй! Шалы нашыя маюць свой сэнс, што ў іх менавіта змяшчаецца такая думка. Рудабародага не люблю, бо ёсць грэкам-блазнам. Каб пачуваў сябе рымлянінам, меў бы толк, дазваляючы сабе на буянства й шалы. Пабажыся, што калі, вярнуўшыся цяпер, застанеш каго з хрысціян, высалапіш яму язык. Калі гэта будзе лекар Глаўк, дык ён нат і не здзівіцца. Да пабачэння на ставе Агрыпы.

 

XXXI

 

Прэторыяне акружалі берагавы гай над ставам Агрыпы, каб натоўп не перашкаджаў цэзару і гасцям ягоным, усё бо, што толькі было ў Рыме багацейшае, культурнейшае ці прыгажэйшае, пагалоска прыцягнула на той банкет, якому роўнага йшчэ не было ў дзеях гораду… Тыгэлін намагаўся цэзару адудзячыцца за адложанае падарожжа ў Ахайю і адначасна перавышыць усіх гасціннасцю перад Нэронам ды даказаць яму, што ніхто так яго не патрапіць весяліць. Дзеля гэнай мэты, будучы яшчэ з цэзарам у Неапалі, а пасля ў Бэнэвэнце, рабіў падрыхтоўку, высылаў загады, каб з найдальшых краёў свету дастаўлялі звяры, птаства, рэдкія рыбы й расліны, не забываючы пра дарагі посуд і тканіны, якія меліся ўпрыгожыць баль. Даходы з цэлых правінцыяў ішлі на аплату шалёных помыслаў, але магутны фаварыт на гэта не патрабаваў аглядацца. Уплывы ягоныя раслі з кожным днём. Тыгэлін, можа, і не быў яшчэ мілейшым Нэрону за іншых, але рабіўся штораз неабходнейшым.

Пятроні далёка перавышаў яго элеганцыяй, розумам, досціпам і ў гутарках лепш умеў весяліць цэзара, але, на сваё няшчасце, перавышаў у гэтым і цэзара, дык разбуджаў у ім зайздрасць. Не ўмеў таксама быць ува ўсім знадобным, і цэзар баяўся ягонага суду, дзе расходзілася пра густ, а з Тыгэлінам чуўся свабадней. Самае прымавіска — arbiter elegantiarum, якім адзначалі Пятронія, дражніла Нэронава самалюбства, бо і каму ж, калі не яму самому, яно павінна належацца? Тыгэлін меў, аднак, настолькі толку, што ўсведамляў сабе свае недахопы і, не могучы канкураваць ані з Пятроніем, ані з Люканам, ані з іншымі паходжаннем, талентамі, навукай — пастанавіў закасаваць іх прадажнасцю сваіх слуг, а найбольш збыткоўнасцю, каб і ўява Нэрона была тым ачаравана.

Банкет загадаў урыхтаваць на прасторным плаваючым пароме. Берагі яго былі прыбраныя ў маляўнічыя перліста-радульныя слізяніцы. Па бакох групкі пальмаў, гайкі лотасу й расцвіўшых ружаў, з-пад якіх б’юць пахнідлавыя вадалівы, статуі бостваў ды залатыя або срэбныя клеткі, поўныя рознаколернага птаства. Пасярэдзіне высіцца велізарны з сірыйскае пурпуры на высокіх (каб не захіляць, бач, віду) срэбных слупох балдахін, а пад ім блішчаць, моў сонца, сталы, прыгатаваныя для бяседнікаў, яны аж угінаюцца ад александрыйскага шкла, крышталяў і сталовага проста бясцэннага знадоб’я, нарабаванага ў Італіі, Грэцыі й Малой Азіі. Паром, выглядаючы з сваімі зараснікамі на нейкі востраў ці плаваючы парк, звязаны быў залатымі і пурпуровымі шнурамі з лодкамі на манер рыбаў, лебядзяў, фламінгаў і чаек, у якіх пры каляровых вёслах сядзелі нагія весляры і вясляркі чароўнай красы, з валасамі, укарбаванымі на ўсходні манер або аплеценымі залатымі сеткамі. Прыбывае Нэрон з Папеяй і аўгустыянамі, падплывае да галоўнага плыта і садзіцца пад пурпуровым навесам, лодкі ўзварушаюцца, вёслы ўдараюць па вадзе, напружыньваюцца залатыя шнуры, і паром з банкетнікамі пачынае паволі плаваць кругом па сажалцы. Акружаюць яго і іншыя плыты, поўныя цытрыстак і гарфістак, ружовае цела якіх на блакітнай асноведзі неба й вады з залатымі водблескамі інструментаў, казаў бы, усмоктвае ў сябе тыя блакіты й водбліскі, лілавее, цвіце, бы кветкі. З прыбярэжных гаяў і дзівосных буданоў, папрыбудоўваных знарок у гушчарах, адазваліся таксама водгукі музыкі і песні. Зайграла ваколіца, зашумелі гаі, рэха разнесла тоны труб і рагоў. Сам цэзар, седзячы між Папеяй і Піфагорам, дзівячыся ўцешліва, злашча з маладых нявольнічак, паўбіраных за сырэны ў зялёнай, сеткавай лушцы, не шкадаваў пахвалы Тыгэліну. Паводле звычкі паглядаў, аднак, на Пятронія, каб пачуць ацэну «арбітра», але той не надта захапляўся, а запытаны, адказаў сухадушна: — Я думаю, доміне, што дзесяць тысяч нагіх дзявіц робіць меншае ўражанне, чым адна.

Цэзару ўсё ж такі падабаўся «плаваючы банкет», бо ён быў навіною. І стравы былі так збыткоўна-вынайдаваныя, што і мудронасць Апіцыя самлела б, на іх гледзячы; а віна столькі гатункаў, што Атон, які падаваў яго ў васьмідзесяці гатунках, ад сораму пад ваду схаваўся б, каб угледзеў такую пышнату. За стол апрача жанчын заселі самі аўгустыяне, сярод іх Вініць, зацьмяваючы ўсіх сваёю красою. Калісь постаць і твар ягоны занадта выглядалі па-ваяцку, памундуроваму, цяпер жа перажыванні душы ды фізічны боль настолькі надавалі выразнасці ягоным рысам, як бы прайшла па іх далікатная рука рэзьбяра. Скура ягонага твару згубіла даўнейшую цьмянасць, але засталіся ейныя залатыя полыскі нумідыйскага мармуру. Вочы пабольшалі ды пасумнелі.

Толькі торс застаўся той жа самы, статны, магутны, як бы створаны пад панцыр, а над гэным торсам легіяністага віднела галава грэцкага бога або прынамсі вырафінаванага патрыцыя з адухоўленым і распрыгожым тварам. Пятроні, кажучы яму, што ніякая з аўгустыянак і не патрапіць і не захоча ад яго бараніцца, гаварыў як знаўца. Пажыралі яго цяпер вачыма ўсе, не вылучаючы ані Папеі, ані вясталкі Рубрыі, якую цэзар жадаў мець на банкеце.

Марожанае ў горскіх снягох віно хутка разагравала сэрцы й галовы бяседнікаў. З прыбярэжнай гушчары высоўваліся штораз новыя лодкі ў форме палявых конікаў і бабак. Блакітная шыба ставу выглядала як бы яе хто ўсыпаў пялюсткамі кветак або як бы яе абселі матылькі. Над лодкамі тут і там папрывязваны былі на срэбных і сініх ніцях ці шнуркох галубкі ды іншыя птушкі з Афрыкі й Індыі. Сонца прабегла ўжо большую частку небасхілу, але дзень, хоць банкет адбываўся ў пачатку маю, быў цёплы, а нат гарачы.

Вадзяная гладзь хвалявала ад рытмічных пад музыку веславых удараў, у паветры ані лягонькага подыху ветру, гаі стаялі непарушна, бы заслуханыя й загледжаныя ў тое, што дзеелася на вадзе. Плытва кружыла ўсцяж па сажалцы, несучы штораз больш п’яных і разгамоненых бяседнікаў. Яшчэ не адбылося й паловы банкету, а ўжо госці не пільнавалі парадку, у якім заселі пры стале. Сам цэзар паказаў прыклад, бо, устаўшы, загадаў Вініцію аддаліцца ад Рубрыі, з якой ён сядзеў, і, заняўшы ягоны трыклініюм, пачаў ёй штось нашэптваць на вуха. Вініць апынуўся ля Папеі, якая зараз выцягнула да яго руку, просячы, каб запяў ёй адхіленую накідку, а калі выканаў гэта крыху дрыжачымі рукамі, здарыла яго з-пад сваіх доўгіх век як бы сарамяжлівым зірком і страпянула сваёй залатой галованькай, моў пярэчачы нечаму. Тым часам сонца станавілася штораз большым, чырванейшым і паволі кацілася за вяршаліны гаяў; госці па большай частцы былі зусім п’яныя.

Паром кружыў ужо ля самых берагоў, на якіх сярод зараснікаў і кветак відаць былі грамады людзей, паўбіраных за фаўнаў ці сатыраў, граючых на флейтах, мультанках і бубянцох, а таксама гурткі красуняў, прадстаўляючых німфы, дрыяды і гамадрыяды. Сутунела. Падняліся воклічы на гонар Луны.

Гаі азарыліся тысячамі лямпаў. З прыбярэжных люпанарыяў бухнулі касулі святла, на тэрасах паказаліся новыя грамады гэтаксама паўнагіх жон і донек першарадных рымскіх родаў, прыманьваючыя любоснымі ківомігамі бяседнікаў. Плытва прыстала ўрэшце да берагу. Цэзар і аўгустыяне разбегліся па гаёх, люпанарыях, альтанах, акрытых гушчарою, утуленых у пячурах, крыніцах і вадалівах. Апанаваў усіх шал; ніхто не ведаў, дзе дзеўся цэзар, хто сенатар, хто рыцар, хто танцор або музыкант. Сатыры і фаўны пачалі ганяць распешчаных німфаў. Ламацілі тырсамі лямпы, каб загаслі. Некаторыя закуткі гаю агарнула ўжо цемра. Усюды крыкі, рогат, шэпт, стогн ззяханых людскіх грудзей. Рым іставетна падобных рэчаў яшчэ не бачыў.

Вініць не быў так п’яны, як калісь на банкеце цэзара, дзе была Лігія, але і яго зачаравала і ўпаіла ўсё, што тут чаўплося, авалодала ім жада раскошы.

Выбегшы ў лес, імчаўся разам з іншымі, цікуючы-любуючы, каторая з дрыядаў пакажацца яму прыгажэйшай. Імчаліся перад ім з песнямі й крыкам штораз новыя іхнія статкі, ганяныя фаўнамі, сатырамі, сенатарамі, рыцарамі ды адгалоссем музыкі. Згледзеўшы ўрэшце карагод любак на чале з адною, прыбранаю за Дыяну, скочыў да іх, каб бліжэй прыгледзецца багіні. І нагла сэрца яму замерла ў грудзёх — здалося яму, быццам стаіць перад ім з месяцам на галаве ў арэоле багінькі Лігія.

Малодухны акружылі яго карагодам, а цераз момант, жадаючы, мабыць, заманіць яго ўдагонкі за імі, пусціліся наўцёкі, бы статак сарнаў. Але ён ані дрыгнуў з мейсца, стаяў, сэрца ў ім іграла, замёр оддых, бо хоць пазнаў, што Дыяна не была Лігіяй і зблізку не была нат да яе падобнай, моцнае ўражанне спаралізавала яму сілы. Нараз агарнула яго туга па Лігіі так магутная, якой ніколі яшчэ ў жыцці не меў, і каханне хлынула яму новай хваляй у сэрца. Ніколі яму не выдавалася Лігія больш даражэйшай, нявіннай і так каханай, як у гэным лесе дзікае распусты. Нядаўна сам жадаў піць з гэнае чары і занурыцца ў разнузданасці й бессаромнасці, а цяпер вось напоўніла яго брыдасць і загіджанне. Чуе, як душу ягоную цісне агіда, грудзі шукаюць паветра, а вочы — зорак, не зацененых гушчарою таго страшнага гаю, і вырашыў уцякаць. Але ледзь крануўся з мейсца, забягае дарогу нейкая постаць з захіленаю галавою, хапае даланямі за плечукі яго й пачынае абліваць гарачым шэптам яму твар: — Люблю цябе!.. Хадзі!.. Ніхто нас не ўгледзіць, хутчэй!

Вініць схамянуўся: — Хто ты?

Прытулілася да яго грудзьмі і налягае далей: — Хутчэй! Глядзі, нікога няма, а я цябе люблю! Хадзі!

— Хто ж ты? — паўтараў Вініць.

— Згадай!..

Гэта кажучы, прыціснула праз заслону вусны да ягоных вуснаў, цягнучы адначасна да сябе ягоную галаву, аж урэшце з недахопу паветра адарвала вусны ад яго.

— Ноч кахання!.. Ноч забыцця!.. — гаварыла, ловячы паветра. — Сяння — можна!.. Бяры мяне!..

Вініція той цалунак апёк і напоўніў яго новай абрыдай. Душа і сэрца ягоныя былі не тут, нічога на цалюсенькім свеце для яго не існавала, апрача Лігіі. Дык, адсунуўшы рукою замаскаваную постаць, кажа: — Хто б ты ні была, я кахаю іншую, не хачу цябе.

А яна нахіліла да яго голаў: — Адхілі заслону… Нараз зашапацела лісце недалёкіх міртаў; постаць знікла, як сонная мара, здалёк толькі дакацілася рэха смеху дзіўнага, злавеснага. Перад Вініціем стаяў Пятроні.

— Чуў, чуў і бачыў, — адазваўся.

На гэта Вініць: — Хадзем адгэтуль!..

І пайшлі. Мінулі зіяючыя святлом люпанарыі, гай, ланцуг конных прэторыянаў і знайшлі лектыкі.

— Зайду да цябе, — кажа Пятроні.

Селі разам у лектыку. Усю дарогу маўчалі. Аж толькі ў атрыюме Вініціевага дому Пятроні адазваўся: — Ці ведаеш, хто гэта быў?

— Рубрыя? — спытаў, сцяпянуўшыся на ўспамін, што Рубрыя была вясталкай.

— Не.

— Дык хто?

Пятроні зніжыў голас: — Агонь Весты зняслаўлены, бо Рубрыя была з цэзарам. А з табою гаварыла… Тут дакончыў яшчэ ніжэй: — Дзіва аўгуста.

Настала маўчанне.

— Цэзар, — кажа далей Пятроні, — не ўмеў перад ёю ўтоіць сваёй жады да Рубрыі, дык няйначай хацела адпомсціцца, а я перашкодзіў вам таму, што калі б, пазнаўшы аўгусту, адвярнуўся ад яе, дык згінуў бы без ратунку. Ты, Лігія, а можа, і я.

Вініць ускіпеў: — Агорклі мне вашы банкеты, Рым, цэзар, Тыгэлін, аўгусты ды вы ўсе! Я душуся! Не магу тут жыць! Не магу! Разумееш мяне?

— Траціш голаў, меру, толк!.. Вініць!

— Кахаю яе адну ў свеце!

— Ну дык што?

— Дык не хачу іншага кахання, не хачу вашага жыцця, вашых баляў, вашае бессаромнасці й вашых злачынстваў!..

— Што з табою? Ці не хрысціянін ты?

А юнак ашлапіў даланямі голаў і паўтараў, як бы з роспачы: — Яшчэ не! Яшчэ не!

 

XXXII

 

Пятроні ішоў дадому, паціскаючы плячыма і моцна незадаволены.

Сцяміў цяпер і ён, што перасталі з Вініціем разумецца, што душы іхнія разыйшліся зусім. Калісь Пятроні меў на маладога ваяка вялікі ўплыў. Ува ўсім быў для яго ідэалам, і часта некалькіх іранічных слоў ягоных даволі было, каб ад чаго-небудзь Вініція паўстрымаць або да чаго заахвоціць.

Сяння з таго не засталося й заваду так далёка, што Пятроні не спрабаваў нат даўніх спосабаў, чуючы, што ягоная дасціпнасць ды іронія саслізнуцца без выніку з новых наслаенняў, якія на душу Вініція налажыла каханне й сутычнасць з таёмным хрысціянскім светам. Дазнаны скептык зразумеў, што згубіў ключ да гэнай душы. Вось гэта выклікала ў ім незадавальненне, а нат і трывогу, уздвоеную шчэ здарэннямі апошняе ночы. «Калі прымха аўгусты ёсць трывалай жадою, — разважаў Пятроні, — дык будзе адно з двух: або Вініць спакусіцца і можа, папаўшыся, згінуць, або (і гэта больш верагодна) упрэцца, і ў такім выпадку згуба ягоная немінучая, а з ягонай, можа быць, і мая, хоць бы й дзеля таго, што ён мой сваяк, ды што аўгуста, зненавідзеўшы ўсю нашу радню, перакіне вагу свайго ўплыву на бок Тыгэліна…» І так і гэтак было дрэнна. Пятроні быў чалавекам адважным і смерці не баяўся, але, нічога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклікаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш і найбеспячней будзе выслаць Вініція з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лігію ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовіць. Тады распусціў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вініція і аддаліў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хіба ж не ведала, ці Вініць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Інакш, аднак, магло быць у будучыні, і трэба было б забяспечыцца. Пятроні перадусім маніўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калі цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлін, прафан мастацтва, сыйдзе на другі план і страціць уплыў… У Грэцыі Пятроні не меў сабе канкурэнтаў.

Прымеж таго пастанавіў мець вока над Вініціем і заахвочваць яго ў дарогу. Праз колькінаццаць дзён разважаў нат аб тым, што, калі б выстараўся ў цэзара эдыкт і выгналі хрысціян з Рыму, дык Лігія пойдзе разам з іншымі вызнаннікамі Хрыста, а за ёю і Вініць. Тады ўжо непатрэбна будзе й намаўленне.

А сама справа была магчымай. Гэта ж не так яшчэ даўно, калі жыды паднялі забурэнне з нянавісці да хрысціян, цэзар Клаўдый, не ўмеючы адрозніць адных ад другіх, выгнаў жыдоў. Дык чаму б Нэрон не выгнаў хрысціян? У Рыме было б вальней. Пятроні пасля таго «плаваючага банкету» часта спатыкаўся з Нэронам і на Палатыне, і ў іншых дамох. Падсуліць яму падобную думку было лёгка, бо цэзар не ўпіраўся ніколі злыбедным ці шкодным на каго нагаворам. Раздумаўшы добра, Пятроні ўлажыў сабе цэлы план. Вось жа, запросіць цэзара на прыгатаваны ў сябе банкет і на ім схіліць яго, каб выдаў эдыкт. Спадзяваўся нат, што цэзар даручыць яму выкананне. Тады б выправіў Лігію з належным каханцы Вініціевай гонарам і спагадай, напрыклад, у Байэ, і хай бы там сабе кахаліся й гулялі ў хрысціянства колькі заўгодна.

Тым часам часта адведваў Вініція, раз дзеля таго, што пры цэлым сваім рымскім эгаізме не мог адвыкнуць ад яго, а па-другое — каб набухторваць яго ў дарогу. Вініць прыкідваўся хворым і не паказваўся на Палатыне, дзе штодня радзіліся іншыя намеры. Некаторага дня Пятроні чуе ўрэшце ад самога цэзара станоўкі загад, што цераз тры дні выбіраецца ў Анцыюм, і зараз назаўтра пайшоў паведаміць аб гэтым Вініція.

А той паказвае яму спіс асобаў, запрошаных да Анцыюма, які рана прынёс яму цэзараў вызвольнік.

— Ёсць тут і маё прозвішча, — кажа, — ёсць і тваё. Вярнуўшыся, застанеш такі самы й дома.

— Каб мяне не было між запрошанымі, — адказаў Пятроні, — дык значыла б, што трэба памерці, але не спадзяюся гэтага перад выездам у Ахайю.

Буду Нэрону занадта патрэбны.

Пасля, перагледзеўшы спіс, адзываецца: — Нядаўна вярнуліся ў Рым, ды вось зноў трэба развітацца з ім і цягнуцца да Анцыюма. Але трэба! Бо гэта не толькі запросіны, гэта адначасна й загад.

— Ну а каб хто не паслухаў?

— Атрымаў бы іншага роду позву: каб выбіраўся ў значна далейшую дарогу, у такую, з якое ўжо не вернецца. Ой, шкада, што не паслухаў ты мае рады й не выехаў, пакуль было льго! Цяпер мусіш ехаць да Анцыюма.

— Цяпер мушу да Анцыюма… Бач, во ў якіх мы часах жывем і якія мы нявольнікі!

— Гэта аж толькі сяння ты скеміў?

— Не. Але, бач, ты ж мяне пераконваў, што хрысціянская навука ёсць непрыяцелькай жыцця, бо яго быццам звязвае. А ці ж могуць быць путы цвярдзейшыя, чым тыя, што мы носім? Кажаш, Грэцыя дала мудрасць і красу, а Рым — сілу. Дзе ж наша сіла?

— Закліч сабе Хілона, не маю сяння ахвоты філязафаваць. На Геркулеса! Не я спрычыніў гэтыя часы, і не я за іх буду адказным. Гаворам пра Анцыюм. Ведай, што чакае цябе там вялікая небяспека, лепш бы мо было табе здужацца з тым Урсусам, што задушыў Кратона, чым туды ехаць, а аднак не можаш не ехаць.

Вініць махнуў рукою й кажа: — Небяспека! Мы ўсе блукаемся ў поцьме смерці, і кожны момант чыянебудзь галава занураецца ў той цьме.

— Вылічаціму табе ўсіх, што мелі крыху розуму, і дзеля таго няма часаў Тыбэрыя, Калігулы, Клаўдыя, якія дажылі васьмідзесятых або дзевяцьдзесятых гадоў. Вазьмі, напрыклад, такога Даміцыя Афра. Ён жа спакойна састарэўся, хоць цэлае жыццё быў злодзеем і злыднем.

— Можа, дзеля таго! Можа, менавіта дзеля таго! — адзначыў Вініць.

Потым узяў спіс і пачаў вылічаць: — Тыгэлін, Ватыній, Афрыканскі Сэкст, Рэгул Аквілін, Сулій Нэрулін, Эпр Марцэл і ім падобныя! Банда злыдняў і канярэзаў!.. І сказаць, што яна валадарыць светам!.. Ці не лепш ім было б абвозіць якое егіпскае ці сірыйскае боства па мястэчках, бандурыць у сіністры і зарабляць на хлеб варажбою ці скокамі, галабокам?..

— Або вадзіць малпы на матузе, сабак, што ведаюць лік, ці асла з дудою, — дадаў Пятроні. — Усё гэта праўда, але гаворам аб важнейшых рэчах. Вазьмі лоб у жменю і слухай: сказаў я на Палатыне, што ты хворы й не можаш выходзіць з дому, прымеж таго, прозвішча тваё ў спісе стаіць, гэта значыць, хтосьці не паверыў маёй інфармацыі і пастараўся цябе ўпісаць знарок. Нэрону ты не патрэбны, бо аб цыркавым гайсанні з табою, вайсковым, гаварыць не будзе, а аб музыцы й паэзіі ты не маеш паняцця. Вось жа, упісала цябе няйначай Папея, а гэта значыць, ейная похаць не была пералётным аганьком, яна жадае цябе здабыць.

— Адважная з яе аўгуста!

— Адважная іставетна, бо можа цябе згубіць без ратунку. А бадай бы Венус натхніла яе іншым каханнем, але пакуль ёй хочацца цябе, мусіш быць вельмі асцярожным. Рудабародаму яна ўжо забрыднела, жадае сяння ўжо Рубрыю або Піфагора, але праз уласнае сабетніцтва спагнаў бы мсту на вас.

— У гаю я не ведаў, што гэта яна да мяне прыставала, але ж ты падслухоўваў і ведаеш, што я адказаў ёй — кахаю іншую, не хочу яе.

— Заклінаю цябе на ўсе багі, не губі тае крошкі толку, якую табе йшчэ хрысціяне пакінулі. Як можна сумнявацца, маючы выбар між згубаю праўдападобнаю і пэўнаю? Ці ж я табе ўжо не казаў: калі зраніш самагоднасць аўгусты, няма ратунку? На Гадэс! Калі табе жыццё згоркла, дык лепш падрэж сабе зараз жылы або кінься на меч, бо як абразіш Папею, спаткае цябе смерць менш лёгкая. Калісь прыемна было з табою гутарыць! Пра што табе фактычна расходзіцца? Ці цябе кавалак адбудзе? Ці табе гэта перашкодзіць кахаць тваю Лігію? Памятай пры тым, што Папея бачыла яе ў Палатыне, і не цяжка будзе ёй здагадацца, для каго адпіхаеш так высокія ласкі. А тагды выцягне яе хоць з-пад зямлі. Згубіш не толькі сябе, але й Лігію! Зразумеў?

Вініць слухаў, як бы думаючы аб чым іншым, урэшце кажа: — Я мушу бачыцца з ёю.

— З кім? З Лігіяй?

— З Лігіяй.

— А ведаеш жа, дзе яна?

— Не.

— Дык пачнеш зноў шукаць яе па старых магільніках ды на Затыбры?

— Не ведаю, але мушу яе бачыць.

— Добра. Хоць яна хрысціянка, але можа аказацца разважнейшай за цябе, а акажацца напэўна, калі не хоча твае гібелі.

Вініць паціснуў плячыма.

— Выратавала мяне з Урсусавых рук.

— Дык спяшайся, Рудабароды бо выезду адкладаць не будзе. Прысуды смерці можа выдаваць і з Анцыюма.

Але Вініць не слухаў. Напаўняла яго толькі адна думка — пабачыцца з Лігіяй, дык пачаў разважаць аб спосабах. Тым часам здарылася нагода, якая магла адхіліць усе цяжкасці. Назаўтра прыходзіць неспадзявана Хілон. Прыйшоў замораны і абдзёрты, з воўчым голадам уваччу. Служба аднак, маючы даўнейшы загад пускаць яго ў дом кажнай парою дня і ночы, не смела яго затрымоўваць, так што ўвайшоў проста ў атрыюм і, затрымаўшыся перад Вініціем, вітае: — Хай багі дораць цябе несмяротнасцю і дзеляцца з табою ўладаю над светам!

Вініць спершку меў ахвоту выкінуць яго за дзверы, але падаспела думка, што грэк мае звесткі пра Лігію, і цікавасць змагла абрыду.

— Гэта ты? — спытаў. — Што з табою дзеецца?

— Дрэнна, сынку Ёвіша, — адказвае Хілон. — Сапраўдная цнота — гэта сяння тавар без попыту, і сапраўдны мудрэц мусіць быць рад і з таго, калі мае за што раз на пяць дзён абгладаць баранюю лабаціну на паддашшы, запіваючы слязьмі. Ах, спадару! Усё, чым ты мяне абдарыў, выдаў на кніжкі ў Атракта, а потым абакралі мяне, знішчылі: нявольніца, што мелася спісваць маю навуку, уцякла, забраўшы астанкі. Жабрак я, але падумаў сабе: да каго ж пайду, калі не да цябе, Сэрапісе, якога люблю, абагаўляю і за якога жыццём стаю!

— Чаго ж прыйшоў ды што прынёс новага?

— Па ўспамогу, Баалю, а прыношу табе маю нэндзу, мае слёзы, маю прывязанасць і ўрэшце весткі, якіх з любасці да цябе назбіраў. Памятаеш, спадару, што я табе калісь казаў, як адступіў нявольніцы боскага Пятронія адну нітку з пояса Венеры з Пафоса?.. Даведваўся цяпер, ці ёй дапамагло, і ты, сыну сонца, блізкі тамтэйшаму дому, ведаеш, кім ёсць Эўніка. Маю яшчэ адну такую нітку. Захаваў яе табе, спадару.

Тут замоўк, спанатрыўшы гнеў у нахмураных бровах Вініція, і, хочучы ўпярэдзіць гром, пачаў хутка з другое бочкі: — Ведаю, дзе жыве боская Лігія, пакажу табе дом і завулак.

Вініць паўстрымліва пытае: — Дзе ж яна?

— У Ліна, старшага святара хрысціян. Яна там разам з Урсусам, а той па-ранейшаму ходзіць на працу да млынара, які завецца так, як твой вызвольнік, спадару, Дэмас… Так, Дэмас!.. Урсус працуе начамі, дык на тую прыгоду можа яго не быць… Лін стары… а ў доме, апрача яго, ёсць толькі яшчэ дзве пажылыя жанчыны.

— Скуль гэта ўсё ведаеш?

— Памятаеш, спадару, як хрысціяне мелі мяне ў руках і ашчадзілі. Глаўк памылкова думае, быццам я спрычыніў яму няшчасце, але, кажу, ашчадзілі мяне!

Дык няма дзіва, што ўдзячнасцю напоўнілася маё сэрца. Я чалавек з даўных лепшых часаў. Вось жа, падумаў сабе: не гадзіцца заняхаць сваіх прыяцеляў і дабрадзеяў. Ці ж не было б грубасцю з майго боку, каб ніколі не папытаў пра іх, не праведаў, што дзеецца з імі, дзе жывуць ды як здаровыя? На Пасінунцкую Цыбулу! Не я да гэтага здольны. Устрымоўвала мяне спачатку гадка, каб не зразумелі пахібна маіх намераў. Але міласць, якую я меў да іх, аказалася большай за сумнівы, а злашча дадала мне льгі іхняе лёгкае сэрца, з якім прабачаюць усе крыўды. Перад усім, аднак, думаў аб табе, спадару. Апошняя нашая выправа скончылася няўдачаю, а ці ж толькі сын Фартуны можа пагадзіцца з гэнай думкай? Дом стаіць наўзбоччы. Магчымеш яго акружыць нявольнікамі, што і мыш не выслізнецца. Эй, спадару, спадару! Захаці толькі, а йшчэ сянняшняй ночы тая вялікадушная князёўна будзе ў тваім доме. Але, калі гэтак станецца, не забудзь, што прычыніўся да таго бяздольны галодны сын майго бацькі.

Кроў хлынула Вініцію ў голаў. Спакуcа раз яшчэ ўздрыганула ягонай істотай. Так! Гэта быў спосаб, і гэтым разам спосаб пэўны. Хай раз урэшце здабудзе Лігію, хто ж яе ў яго здолее адняць? Хай раз урэшце Лігія станецца ягонай каханкай, нічога іншага ёй не застанецца, як быць ёю назаўсёды! Паляндра бяры тады ўсе навукі! Што яму тады значыцімуць хрысціяне разам з іхняй міласэрнасцю і пасумнаю верай! Ці ж не пара атрахнуцца ўжо ад гэтага ўсяго?

Ці ж не пара пачаць жыць, як усе жывуць? Што рабіціме Лігія, як узгодніць сваю долю з сваёю навукай, дык таксама няважна. Гэта ўсё дрэнь! Важней за ўсё тое, што яна будзе ягонай ды яшчэ сяння. А гэта йшчэ пытанне, ці ў ейнай душы астоіцца тая навука, як пакаштуе новага жыцця, новае раскошы й настрояў, якім мусіціме паддацца? А стацца гэта можа яшчэ сяння. Даволі затрымаць Хілона і выдаць на змярканні загады. І потым — раскоша бясконцая! «Бо чым было маё жыццё? — гадаў Вініць. — Ныдзеннем, няўгашанай жадою, безадказным пытаннем». Такім спосабам ператне гэта і — канец усяму. Прыгадаў сабе, праўда, што даў ёй слова не падымаць на яе рукі. Але на што ж прысягаў? Не на багоў, бо ў іх ужо не верыў, не на Хрыста, бо ў Яго яшчэ не верыў. А калі б пачувалася пакрыўджанай, звянчаецца з ёю і такім чынам аплаціць ёй крыўду. Так! Мусіціме гэта зрабіць, бо яна ж уратавала яму жыццё. Тут у памяці той дзень, калі з Кратонам зрабіў на яе напад; вачамі ўявы ўгледзеў над сабою гіганцкі кулак Урсуса ды ўсё, што было потым. Уявіў яе над сваёю пасцеллю, у нявольніцкай вопратцы, прыгожую, моў боства, песлівую, раздобраную. Вочы ягоныя мімахоць пабеглі ў лярарыюм, дзе той крыжык-памятка. Няўжо за ўсё гэта адплаціць ёй новым нахабствам? Няўжо цягаціме яе за косы ў кубікулюме, бы нявольніцу? Ён патрапіць гэта зрабіць, ён, што не толькі пажадае, але й кахае яе, а кахае за тое менавіта, што яна такая, а не інакшая? І нагла зразумеў, што мала яе мець дома ды моцна прытуляць, ягонае каханне хоча нечага болей, хоча ейнае згоды, ейнае душы, ейнага кахання. Шчаслівы гэны дах, калі яна ўвойдзе пад яго дабраахвотна, шчаслівы дзень той, шчаслівае жыццё! Тады шчасце абаіх будзе як мора безбярэжнае, як сонца. Узяць яе сіламоц — гэта значыла б навекі забіць такое шчасце, сплюгавіць, загідзіць тое, што найдаражэйшае ў жыцці, наймілейшае.

Жудзь праняла яго на ўспамін аб гэтым. Зірнуў на Хілона, які, вытрашчыўшы на яго вочы, чухаўся пад лахманом неспакойна. Парвала яго страшэнная абрыда й жада растаптаць нагою такога дарадчыка, як гада. Маланкай бліснула воміг у гарачай суровай рымскай галаве думка: — Не зраблю гэтага, што мне суліш, а каб не адыйшоў ты без адплаты, на якую заслужыў, загадаю зараз дамавым эргастулам даць табе трыста розаг.

Хілон збялеў. У прыгожым абліччы Вініція было столькі халоднае заўзятасці, што ані крошанькі нельга было сумнявацца ў сур’ёзнасці ягоных слоў. Дык у тым жа моманце ўпаў Хілон на калені і, сагнуўшыся ў клубок, пачаў енчыць: — Як гэта, перскі валадару? За што?.. Піраміда ласкі! Калосе міласэрнасці! За што?.. Мне, старому, галоднаму, бяздольнаму… Я ж служыў табе… Так адудзячваешся?..

— Як ты хрысціянам, — адказаў Вініць і заклікаў вызвольніка.

Хілон кінуўся да ягоных ног і, канвульсыйна абняўшы іх, маліў, смяротна бледны.

— Доміне, доміне!.. Я стары! Пяцьдзесят, не трыста… Даволі пяцьдзесят!.. Сто, не трыста!.. Злітуйся! Злітуйся!

Вініць адкапынуў яго нагою і выдаў загад. У адно імгненне ўбегла за вызвольнікам двух дужых квадаў, якія, схапіўшы Хілона за астанкі валосся, акруцілі яму голаў ягоным жа лахманом і патарабанілі ў эргастул.

— У імя Хрыста!.. — крычаў грэк у дзвярах.

Вініць застаўся сам. Выданы загад ажывіў яго й запаліў. Тым часам стараўся сканцэнтраваць і ўпарадкаваць думкі. Адчуваў польгу, перамога сябе самога задавальняла яго. Яму здавалася, што праз гэта зблізіўся да Лігіі, што павінна за гэта спаткаць яго заплата. У першым моманце не прыйшло яму ў голаў, як цяжка скрыўдзіў Хілона, што загадаў яго секчы за тое самае, за што калісь узнагароджваў. Да таго, быў яшчэ рымлянінам, не балеў яму чужы боль, не марочыў сабе галавы адным грэцкім абарванцам. А каб і быў згадаў пра гэта, дык і так думаў бы, што зрабіў добра, караючы круцяля. Але ён думаў пра Лігію і гаварыў ёй: не адплачу табе злом за дабро, а даведаўшыся калісь, як паступіў я з тым, хто падвучаў мяне рабіць табе гвалт, будзеш мне за гэта ўдзячна. Тут, аднак, задумаўся: ці Лігія пахваліла б ягоны ўчынак з Хілонам? Адыж навука ейная кажа дараваць, адыж хрысціяне даравалі яму, хоць мелі большую рацыю да помсты. Тады адазваўся ў ягонай душы крык: «У імя Хрыста!» Прыгадаў сабе, што падобным воклікам Хілон выкупіўся з рук ліга, і пастанавіў дараваць яму рэшту кары. З тым намерам хацеў заклікаць дыспэнсатара1, а той сам паказаўся ў дзвярах і далажыў: — Той старац абамлеў, а можа, і памёр. Што з ім рабіць далей?

— Ачуціць яго й прывесці сюды.

Загадчык атрыюма знік за заслонаю, але ачуцьванне не йшло, мусіць, лёгка, бо Вініцію прыйшлося чакаць, і пачаў гарачыцца, аж урэшце нявольнікі ўцягнулі Хілона і на пададзены знак самі аддаліліся.

Хілон быў белы, як палатно, а ўздоўж ног сплывалі на мазаіку атрыюма ніткі крыві. Быў, аднак, прытомны і, упаўшы на калені, пачаў гаварыць, выцягаючы рукі: — Дзякуй табе, спадару! Міласэрны ты й вялікі.

— Ведай, сабача, — кажа Вініць, — што дараваў я табе дзеля таго Хрыста, якому і я жыццё заўдзячваю.

— Буду служыць Яму і табе, спадару!

— Маўчы і слухай! Устань! Пойдзеш са мною і пакажаш дом, дзе жыве Лігія.

Хілон сарваўся, але ледзь стаў на нагах, збялеў яшчэ горш і адазваўся млеючым голасам: — Доміне, я сапраўды галодны… Пайду, пайду! Але не маю моцы… Загадай мне даць хоць недаедкі з лаханкі твайго сабакі, а тагды пайду!..

Вініць загадаў яму даць есці, залатнік і плашч. Хілон, якога аслабілі розгі й голад, не мог ісці, нат пад’еўшы, хоць жах падымаў яму валасы на

1 Вызвольнік, інтэндант (лац.).

галаве, баяўся бо, каб Вініць не падумаў, што яму не хочацца, ды не загадаў яго нанава аддубасіць.

— Вось мо віно мяне разагрэе, — паўтараў, цапаючы зубамі, — магчыму йсці зараз хоць бы й у Вялікую Грэцыю.

Сілы, пачакаўшы, нейк прыплылі крыху, і тады Вініць з Хілонам выйшлі з хаты. Дарога была далёкая, бо Лінус жыў, як і большасць хрысціян, на Затыбры, недалёка ад дому Мырыям. Хілон урэшце паказаў Вініцію асабнячок, абнесены зазялененым мурам, і сказаў: — Вось тут, спадару.

— Добра, — сказаў Вініць. — Ідзі цяпер адгэтуль, але запамятай, што табе скажу: забудзь пра службу ў мяне; забудзь, дзе жыве Мырыям, Пётр і Глаўк; забудзь таксама пра гэны дом ды пра ўсіх хрысціян. Прыходзь кожны месяц да мяне, вызвольнік Дэмас выплачваціме табе па дзве штукі золата. А калі не перастанеш шпіёніць хрысціян, зноў загадаю цябе адсцёбаць або аддам у рукі прэфекту.

Хілон пакланіўся і прысягнуў: — Забуду!

А як толькі Вініць знік на закруце вуліцы, выцягнуў за ім кулак і крычма гразіў: — На Атэ ды на Фурыі! Не забуду!

Дый зноў абамлеў.

 

XXXIII

 

Вініць пайшоў проста ў дом, дзе жыла Мырыям. Перад брамаю спаткаў Назарку з выглядам крыху збянтэжаным, прывітаў яго і загадаў весці сябе ў памешканне маткі.

У кватэры, апрача Мырыям, застаў Пятра, Глаўка, Крыспа і Паўла з Тарсу, які нядаўна вярнуўся быў з Фрэгеле. Убачыўшы маладога трыбуна, усе здзівіліся, а ён адазваўся: — Вітаю вас у імя Хрыста, Якому аддаяце шанаванне!

— Будзь слава іменю Ягонаму навекі!

— Бачыў я вашу сумленнасць і дазнаў дабрыні, дык прыходжу як прыяцель.

— І паздраўляем цябе як прыяцеля, — адказаў Пётр. — Сядай і падзялі з намі хлеб-соль, як госць.

— Сяду і падзялю з вамі хлеб-соль, анно перш выслухайце мяне ты, Пётра, і ты, Паўле з Тарсу, каб пазналі шчырасць маю. Ведаю, дзе знаходзіцца Лігія, іду з-пад дома Лінуса, суседняга тут. Маю права ад цэзара забраць Лігію, маю ў горадзе каля пяцісот нявольнікаў; мог бы акружыць ейнае прытулішча ды схаваць яе, аднак, бачыце, не зрабіў я гэнага й не зраблю.

— Хай Бог багаславіць цябе за гэта й ачысціць тваё сэрца, — сказаў Пётр.

— Дзякую табе, але паслухайце мяне далей: не даканаў я таго, хоць жыву з пакутаю страшэннаю і тугою. Упярод, як яшчэ не ведаў я вас, быў бы напэўна забраў яе і затрымаў сіламоц, але вашая цнота й навука, хоць яе не прызнаю, змяніла мне душу так, што не адважваюся ўжо на гвалтоўнасць.

Сам не ведаю, чаму так сталася, але так ёсць! Вось жа прыходжу да вас: дайце мне яе за жонку, а я прысягну вам, што не толькі ёй не забараню вызнаваць Хрыста, але і сам вучыцімуся Ягонай навукі.

Гаварыў, трымаючы высока голаў, голасам станоўкім, але быў, аднак, расчулены, і ногі пад паласатаю накідкаю дрыжалі, а як па словах ягоных настала маўчанне, пачаў гаварыць далей, як бы маніўся ўпярэдзіць непамысны адказ: — Ведамы мне перашкоды, але кахаю яе, даражэй мне яна за ўласныя вочы, і хоць я яшчэ не хрысціянін, непрыяцелем не буду ні вашым, ні Хрыстовым. Хачу перад вамі быць у праўдзе, каб маглі мне верыць. Гавару вам праўду, хоць магу гэта прыплаціць жыццём. Іншы сказаў бы мо: «Ахрысцеце мяне!» — я кажу: «Асвяцеце мяне!» Веру, што Хрыстус уваскрос, бо аб гэтым сведчаць людзі, якія жывуць праўдай, якія бачылі Яго па смерці. Веру, бо сам бачыў, як вашая навука плодзіць цноту, справядлівасць і міласэрнасць, а не злачынства, за якое вас чэрняць. Мала яе дагэтуль пазнаў. Балазе ад вас, з вашых учынкаў, балазе ад Лігіі ды з гутарак з вамі. Адыж, кажу вам: і ўва мне штосьці яна ўжо змяніла. Трымаў я даўней у жалезнай руцэ маю службу — цяпер не магу. Не ведаў літасці — цяпер ведаю. Раскашаваўся распустаю — цяпер уцякаю з ставу Агрыпы, бо ўва мне сэрца бурылася ад абрыды. Даўней верыў у нахабства — сяння яго выракаюся. Паверце, сам сябе не пазнаю, абрыдлі мне банкеты, абрыдла віно, песні, вянкі й цытры, абрыдзеў двор цэзара, і нагасць балаўніц, і ўсе буянствы.

А як уяўлю сабе, што Лігія бы снег у гарах, дык тым больш яе кахаю; а як падумаю, што навука ваша робіць яе такою, дык мілую і гэну навуку і жадаю яе! Але ж не разумею яе, не ведаю, ці магчыму ёю жыць, ці стрывае яе мая ўдача, дык і жыву ў няпэўнасці й пакутах, не раўнуючы як у цямніцы.

Тут бровы яму насупіліся болем, зачырванеўся твар, гаварыў далей нервова, з большым уздымам: — Бачыце! Пакутую з кахання і змуроку. Казалі мне, што ў вашай навуцы не астоіцца ні жыццё, ні людская радасць, ні шчасце, ні права, ні парадак, ні ўлада, ні рымскае валадарства, няўжо гэта так? Казалі мне, што вы шалёныя людзі; скажэце, што прыносіце нам? Ці каханне ёсць грахом? Ці адчуванне радасці ёсць грахом? Ці жаданне шчасця ёсць грахом? Ці вы — непрыяцелі жыцця? Ці хрысціянін мусіць быць абавязкова жабраком? Ці канчаткова мушу выракацца Лігіі? Якая ваша праўда? Учынкі вашы і словы празрыстыя, бы крынічная вада, але якое ж дно тае вады? Бачыце хіба маю шчырасць.

Разжанеце туман! Бо мне казалі яшчэ й тое: «Грэцыя стварыла мудрасць і красу, Рым — моц, а яны што прыносяць?» Дык скажэце, што прыносіце?

Калі за дзвярыма вашымі ёсць яснасць, дык адчынеце мне.

— Прыносім любоў, — адказаў Пётр.

А Павал з Тарсу дадаў: — Калі б гаварыў мовамі людскімі й анёльскімі, а любові б не меў, быў бы як медзь бразготная… Расчулілася сэрца старога Апостала над душою ў пакутах, якая, моў птушына, замкнёная ў клетцы, рвалася на паветра й сонца, дык выцягнуў да Вініція рукі й сказаў: — Хто стукае, адчыніцца яму, і ласка Госпадава ёсць над табою, дык багаслаўляю цябе, тваю душу ды тваё каханне ў імя Збавіцеля свету.

Вініць, які й без таго быў пад уражаннем, пачуўшы багаславенства, падскочыў да Пятра, і вось сталася рэч нявіданая: нашчадак гордых квірытаў, які нядаўна не прызнаваў чужынца за чалавека, хапіў рукі старога галілейчыка й пачаў з удзячнасцю цалаваць.

Уцешыўся й Пётр, бо зразумеў, што ягонае зерне зноў упала на адзін загон больш, што ягоная рыбацкая сець загарнула зноў адною душою больш.

Прысутныя, не менш уцешаныя гэным яўным знакам пашаны для Божага Апостала, адазваліся ў адзін голас: — Хвала Табе, Божа, на небе!

Вініць устаў з распрамененым абліччам і гавора: — Шчасце, бачу, жыць можа між вамі, бо чуюся шчаслівы і думаю таксама, пераканаеце мяне і ў іншых справах. Але мушу сказаць вам, што станецца гэта не ў Рыме; цэзар едзе да Анцыюма, а я мушу з ім, бо маю загад. Ведаеце ж: не паслухаць — гэта смерць. Але, калі ласка, едзьце са мною і будзеце вучыць мяне вашай праўды. Беспячней там будзе вам, як мне, у тым вялікім натаўпе людзей магчымеце навучаць пры самым двары цэзара. Актэ, кажуць, ёсць хрысціянкай, а між прэторыянамі ёсць хрысціяне, я сам бачыў, як ваяк станавіўся перад табою, Пётра, на калені ля Намэнтанскае брамы. У Анцыюме маю віллу, у якой будзем збірацца, і пад бокам Нэрона слухацімем вашае навукі. Казаў мне Глаўк, што вы для аднэй душы гатовы йсці на канец свету, дык зрабеце гэта для мяне, як для тых, для якіх прыйшлі сюды з Юдэі, зрабеце, не пакідайце душы мае.

Яны, чуючы гэта, пачалі нарайвацца, з радасцю згадваючы пра трыумф свае навукі ды значэнне, якое меціме для паганскага свету вера аўгустыяніна й нашчадка аднаго з найстарэйшых рымскіх родаў. Гатовы былі сапраўды йсці для аднае людское душы на край свету, дый ад смерці Вучыцеля больш нічога й не рабілі, дык адмоўны адказ нат і праз думку ім не прайшоў. Але Пётр быў пад гэну пару пастырам усяе масы, дык ехаць не мог, а вось Павал, які нядаўна быў у Арыцыі і ў Фрэгеле, а выбіраўся зноў у далёкую дарогу на ўсход, каб адведаць тамтэйшыя касцёлы ды ажывіць іх новым духам веры, згадзіўся ехаць з маладым трыбунам да Анцыюма, бо адтуль лягчэй было пусціцца ў Грэцыю.

Вініць хоць быў сумны, што Пётр, да якога чуў такую ўдзячнасць, не магчыме таварышыць, падзякаваў, аднак, ветліва і звярнуўся да старога Апостала з просьбай.

— Ведаючы кватэру Лігіі, — кажа, — мог бы я сам пайсці да яе і спытаць, як прыстоіць, ці захоча быць маёй сужаніцай, калі я стану хрысціянінам, але лепей прасіць цябе, Апостале: дазволь мне пабачыцца з ёю або ўвядзі мяне да яе. Не ведаю, як доўга мне прыйдзецца быць у Анцыюме, і памятайце, што пры цэзары ніхто ня ёсць пэўны заўтрашняга дня. Ужо й Пятроні мне казаў, што не меціму тамака бяспечнасці. Дык хай хоць перад тым пабачуся з ёю, хай нацешу ёю вочы й папытаю: ці мне зло даруе і ці дабро са мною падзеліць.

Апостал Пётр ласкава ўсміхнуўся й сказаў: — А хто ж бы табе належнае радасці забараняў, мой сыне!

Вініць зноў нахіліўся да ягоных рук, не мог ужо цалкам расчуленага сэрца ўстрымаць, а Апостал, песліва дакрануўшыся да ягонага твару, кажа: — Ды ты цэзара не бойся, бо запэўніваю цябе: волас з галавы тваёй не спадзе.

Пасля выслаў Мырыям па Лігію, загадваючы ёй, каб не казала, каго між імі застане, каб і красуні тым большую зрабіць радасць. Было недалёка, дык цераз нядоўгую часіну прысутныя ў каморы ўгледзелі між міртамі агароду Мырыям, што вяла пад руку Лігію.

Вініць хацеў выскачыць на спатканне, але шчасце адняло яму сілы, і стаяў са скачучым сэрцам, без дыху, ледзь трымаючыся на нагах, сто разоў болып праняты, чым тагды, як першы раз пачуў над сабою свіст ваенных стрэлаў.

Яна ўбегла, нічога не спадзеючыся, і, згледзеўшы яго, затрымалася таксама як укопаная. То чырванела, то бялела, пазіраючы трывожлівымі вачыма на прысутных. Але наўкола сябе бачыла пагодныя, поўныя дабрыні, міны, а Апостал Пётр падыйшоў да яе ды кажа: — Лігія, ці кахаеш ты яго заўсёды?

Маўчанне. Губкі дрыжаць, як у дзіцяці, якому пад сэрца падступае жаль, бо пачуваецца да віны й бачыць, што трэба прызнацца.

— Кажы, — асмяляе Апостал.

Тады пакорна-баязліва вышаптала, асоўваючыся да Пятровых ног: — Так… Вініць у той жа хвіліне становіцца на калені пры ёй, а Пётр кладзе рукі на іхнія галовы й гавора: — Кахайцеся з Богам і на славу Яму, няма граху ў каханні вашым.

 

ХXXIV

 

Шпацыруючы ў садочку, Вініць расказваў ёй кароткімі, вырванымі з сэрца словамі тое, што нядаўна вызнаў Апосталам: неспакой у душы, перамены ў ягонай удачы і, урэшце, тую няўтульную тугу, якая пасля побыту ў Мырыям амарочыла яму жыццё. Прызнаўся Лігіі, што спрабаваў забыць пра яе, але не мог. Думаў аб ёй цэлымі днямі й начамі. Прыгадаў той крыжык, які звязала яму з галузак, як хавае яго ў лярарыюме, як мімаволі аддаваў яму пашану боскую. І тужыў штораз мацней, бо каханне было сільнейшае за яго і ўжо ў Аўлаў цалкам авалодала ягонай душою… Іншым прадуць ніткі жыцця Паркі, а яму снавала ейнае каханне, туга і сум. Нядобрыя былі ягоныя ўчынкі, але пабуджала іх каханне. Кахаў яе ў Аўлаў і на Палатыне, і як глядзеў на яе ў Острыянуме, слухаючы слоў Пятровых, і як ішоў на поймы яе з Кратонам, і як даглядала яго ў хваробе, і як збегла ад яго. І вось прыйшоў Хілон, які выследзіў ейную кватэру і раіў адабраць, але ён палічыў за лепшае ўкараць Хілона ды пайсці да Апосталаў прасіць праўды й яе… І багаславіў хвіліну, якая прыслала яму такую думку, бо дзякуючы гэтаму ён вось пры ёй, а хіба ж яна не будзе ўжо больш уцякаць ад яго так, як апошні раз уцякла з дому Мырыям… — Я не ад цябе ўцякла, — адазвалася Лігія.

— Дык чаму ж так зрабіла?

А яна падняла на яго ірысавыя вочанькі, потым спусціла сарамяжліва голаў і кажа: — Ты ведаеш… Вініць змоўк на момант, перапоўнены шчасцем, а пасля гаварыў далей: як паволі пераконваўся, што яна цалкам адметная ад рымлянак, хіба да аднае Пампоніі падобная. Не ўмеў ёй добра расталкаваць, бо й сам не цяміў сваіх адчуванняў, бачачы, што ў асобе ейнай прыходзіць на свет зусім іншая краса, якое да гэтых пор зусім не бывала, і якая не толькі ёсць мармуравым архітворам, але й душою. Сказаў прымеж таго і тое, як ён кахаў яе нат за ейныя ўцёкі ад яго, ды што будзе святою яму пры вогнішчы. Хапіў пасля яе за руку і, не могучы далей гаварыць, толькі любаваўся ёю з захапленнем, як знойдзеным шчасцем, ды паўтараў ейнае імя, казаў бы жадаў упэўніцца, ці знайшоў яе, ці ёсць яна пры ім: — Ах, Лігія! Лігія!..

У канцы пачаў яе распытваць пра ейныя перажыванні, а яна прызналася яму, што яго пакахала яшчэ ў Аўлаў, што была б сазналася ў каханні, калі б адвёў назад яе з Палатыну, і памагла б яму іх перапрасіць.

— Я прысягаў табе, — кажа Вініць, — што мне і ў голаў нат не прыходзіла адбіраць цябе ў Аўлюсаў. Пятроні некалі скажа табе, тады ж яшчэ прызнаваўся яму я, што кахаю цябе і хачу звянчацца. Сказаў яму гэтак: «Хай намасціць мае дзверы воўчым тукам і засядзе пры маім вогнішчы!» Але ён выкпіў мяне і падсунуў цэзару думку, каб зажадаў цябе як заложніцы ды аддаў мне.

Колькі ж разоў я праклінаў яго падчас журбы, але, можа, гэта памысны трап, бо інакш не пазнаёміўся б я з хрысціянамі ды не зразумеў бы цябе.

— Вер мне, Марк, — адказала Лігія, — гэта Хрыстус вёў цябе да сябе гэтаю дарогаю.

Вініць зрабіў галавою жэст здзіўлення.

— Праўда! — жыва прытаківаў. — Усё так дзіўна сплялося, што я, гукаючы цябе, знайшоў хрысціянства… У Острыянуме з подзівам слухаў Апостала, бо такіх рэчаў ніколі не чуў. Ты малілася за мяне?

— Так! — цвердзіла Лігія.

Прайшлі міма абзелянелага летніка і падыйшлі да мейсца, дзе Урсус, задавіўшы Кратона, кінуўся на Вініція.

— Тут, — кажа юнак, — каб не ты, быў бы мне канец.

— Не згадвай і не дакарай яму за гэта.

— Ці ж я мсціўся б яму за тое, што цябе бараніў? Вызваліў бы зараз, калі б ён быў нявольнікам.

— І Аўлюсы яго даўно вызвалілі б.

— Памятаеш, — прыгадваў Вініць, — як я маніўся цябе аддаць Аўлам?

Але ты не хацела, бо мог бы даведацца аб гэтым цэзар і мсціцца над імі. Ну а цяпер магчымеш з імі спатыкацца даўспадобы.

— Як гэта, Марк?

— Кажу «цяпер», а маю на думцы тую хвіліну бяспечную, калі будзеш ужо маёю. Так!.. Бо калі б цэзар, даведаўшыся, спытаў, што я зрабіў з закладніцай, якую мне паверыў, адкажу: «Звянчаўся з ёю, і да Аўлаў ходзіць з мае волі». Ён доўга не будзе ў Анцыюме, бо яму хочацца ў Ахайю, а хоць бы й забавіўся, не патрабую спатыкацца з ім штодзень. Як Павал навучыць мяне вашае веры, зараз прыйму хрост і вярнуся сюды, адсвяжу прыязнь з Аўламі, якія на днях вернуцца ў горад, і не будзе ўжо перашкод, а тады забяру цябе і пасаджу ля майго вогнішча. О carissima, carissima!

Сказаўшы гэта, выцягнуў рукі, казаў бы неба заклікаў у сведкі свайго кахання, а Лігія, падняўшы на яго палаючыя вочы, дасказала: — І тагды прысягну: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая».

— Не, Лігія! — адазваўся Вініць. — Прыракаю табе, што ніколі ніводная жанчына не была, можа, так паважана ў доме, як ты будзеш у мяне.

Праз хвіліну йшлі моўчкі, не могучы змясціць у грудзях шчасця, раскаханыя ў сабе, падобныя да пары бостваў, так прыгожыя, як бы іх разам з кветкамі вычаравала вясна.

Затрымаліся ўрэшце пад цыпрысам недалёка ўваходу ў дом. Лігія абаперлася ля дрэва, а Вініць пачаў прасіць дрыжачым голасам: — Загадай Урсусу прынесці ад Аўлаў да мяне твае манаткі й забаўкі.

А яна, зачырванеўшыся, бы ружа ці зарніца, перасцерагла: — Звычай дыктуе йнакш… — Я ведаю. Заносіць звычайна пронуба48 за сужэнкаю, але ты зрабі для мяне вынятак. Я забяру іх з сабою ў маю віллу да Анцыюма, і будуць мне прыгадваць цябе.

Згарнуў рукі, бы дзіцянё, і налягаў далей:

— Пампонія на днях вернецца, дык зрабі мне прыемнасць, дзіва, зрабі, carissima мая!

— Хай Пампонія зробіць, як захоча, — адказала Лігія, румянячыся на ўспамін «пронубы».

Ды зноў замоўклі, каханне прыпыняла ім дух у грудзях. Лігія апіралася плячыма аб цыпрыс, з белым, як кветка, абліччам, з вачыма апушчанымі і жыва хвалюючымі грудкамі, а Вініць мяняўся на твары, бляднеў. У паўднёвай цішыні чулі біццё сваіх сэрцаў, упоеныя, раскашуючыся ўсім, што іх акружала.

У дзвярах з’явілася Мырыям і запрасіла іх на полудзень. Заселі разам з Апосталамі, якія глядзелі на іх з уцехаю, як на новае пакаленне, што па іхняй смерці прахоўваціме і засяваціме зерне новае навукі. Пётр ламаў і багаславіў хлеб; на ўсіх абліччах была пагода, нейкае вялікае шчасце напаўняла гэту хату.

— Ну дык бачыш, — адазваўся ўрэшце Павал, звяртаючыся да Вініція, — якія мы непрыяцелі жыцця й радасці.

А той адказаў: — Ведаю ўжо, як ёсць, ніколі я не быў так шчаслівы, як між вамі.

 

XXXV

 

Вечарам таго ж дня Вініць, ідучы праз Форум дамоў, убачыў пры ўваходзе на Вікус Тускус залочаную лектыку Пятронія, якую несла васьмёх бітынцаў, і, затрымаўшы іх ківом рукі, падыйшоў да фіранак.

— Прыемнага й салодкага сну! — адазваўся, смеючыся, да соннага Пятронія.

— Ах, гэта ты! — кажа, схамянуўшыся, Пятроні. — Так! Крыху прыдрамаў, бо пагуляў ноч на Палатыне. Выбраўся вось купіць што для лектуры да Анцыюма… Што чуваць?

— Ходзіш па кнігарнях? — спытаў Вініць.

— Але. Не хочацца разварочваць бібліятэкі, дык прызапашваюся на дарогу. Ці праўда, выйшлі новыя творы Музонія й Сэнэкі? Шукаю таксама Пэрсыя і аднаго выдання эклогаў Віргілія, якога не маю. Ох, як я змучаны!

Як баляць рукі ад здымання навояў з пруткоў!.. Бо за адным заходам хочацца й тое й сёе пабачыць. Быў у Авіруна, у Атракта, на Аргілетум, а перад тым шчэ ў Созывушаў на Вікус Сандалярыюс. На Кастара! Як мяне сон марыць!..

— Ты быў на Палатыне, дык я цябе павінен пытаць, што чуваць? Або ведаеш што? Адашлі лектыку і кніжкі ды хадзем да мяне. Пагутарым пра Анцыюм ды йшчэ аб нечым.

— Ладна, — адказаў Пятроні, выхіляючыся з лектыкі. — Адыж мусіш ведаць, што пазаўтра выбіраемся да Анцыюма.

— Скуль бы я меў ведаць?

— На якім ты свеце жывеш? Дык, знача, я першы табе звяшчаю навіну?

Так! Будзь гатовы на пазаўтра на раніцу. Гарох на алею не дапамог, хустка на грубым карку не дапамагла, і Рудабароды ахрып. Дык няма чаго й гутарыць пра адклад. Праклінае Рым і ягонае паветра на чым свет стаіць, рад бы яго з зямлёю змяшаць, агнём спаліць, прагне як найхутчэй мора. Смурод гэты, кажа, што нясе вецер з вузкіх вуліц, у труну яго загоніць. Сяння зложаны па ўсіх святынях ахвяры, каб голас ягоны аздаравеў — і гора ўсяму Рыму і сенату, калі хутка не аздаравее!

— Не было б чаго ехаць тады ў Ахайю.

— Або ж наш боскі цэзар толькі адзін гэты талент мае? — адказаў, смеючыся, Пятроні. — Выступіў бы на алімпійскіх ігрышчах як паэт з сваім «Пажарам Троі», як квадрыгіст, як музыка, як атлет, а нат як танцор і пабраў бы напэўна ўсе кароны рэкордантаў. А ці ведаеш, ад чаго тая малпа ахрыпла? Учора захацелася яму дараўняцца ў танцы да нашага Парыса і танцаваў нам «Прыгоды Леды», пры гэтым спацеў і прастудзіўся. Увесь быў мокры й клейкі, як уюн, свежа выняты з вады. Змяняў маскі адна за другою, круціўся, як верацяно, махаў рукамі, бы п’яны матрос, аж гідасць брала, гледзячы на той трыбух на саламяных ножках. Парыс вучыў яго нешта са два тыдні, ну але ж уяві сабе Агенабарба як Леду або як бога-лебедзя! Добры лебедзь! Няма чаго казаць! А шчэ ж маніцца публічна выступаць з гэнай пантамімай, наўперад у Анцыюме, а пасля ў Рыме.

— Людзі горшыліся ўжо з публічнага пяюнства, але прыдумаць сабе, каб цэзар рымскі выступаў як мім… Не! Гэтага хіба ўжо Рым не стрывае!

— Мой мілы! Рым усё ператрывае, а сенат ухваліць гратуляцыю «айцу бацькаўшчыны».

Цераз хвіліну дадаў: — А галайстра яшчэ пышніцца тым, што цэзар ёсць ейным блазнам.

— Скажы сам, ці льго ўжо больш знікчамнець?

Пятроні рушыў плячыма.

— Ты сабе жывеш дома, заняты думкай то пра Лігію, то пра хрысціян, дык хіба не ведаеш, што сталася анадай. Адыж Нэрон звянчаўся публічна з Піфагорам. Выступіў у ролі маладое сужэнкі. Здавалася б, ужо мерка перабрана, праўда? І што скажаш? Прыйшлі закліканыя фламіны і ўрачыста звянчалі яго. Я быў пры гэтым! Я ўжо, здэцца, цярплівы, аднак не абараніўся ад думкі: калі багі існуюць, дык павінны ўрэшце даць нейкі знак… Але ж цэзар не верыць у багоў і мае рацыю.

— Ёсць ён, знача, у адной асобе богам, найвышэйшым святаром і атэістам, — сказаў Вініць.

Пятроні давай смяяцца: — Праўда! Не прыйшло мне ў голаў, а то ўдала, такое мікстуры яшчэ свет не бачыў.

Пасля, затрымаўшыся, кажа: — Трэба яшчэ толькі дадаць, што гэны найвышэйшы святар, што не верыць у багоў, ды той бог, што з іх кпіць, баіцца іх, як атэіст.

— Доказам — тое, што здарылася ў святыні Весты.

— Што за свет!

— Які свет, такі й цэзар!.. Гэта доўга не патрывае.

Так сабе гутарачы, увайшлі ў дом Вініція, які весела загадаў вячэру, пасля звярнуўся да Пятронія й кажа: — Не, мой мілы, свет павінен адрадзіцца.

— Мы яго не адродзім, — адказаў Пятроні, — хоць бы й таму, што ў часах Нэрона чалавек ёсць як матыль: жыве ў сонцы ласкі, а пры першым халаднейшым павеве — гіне… хоць нехаця! На сына Майі! Не раз пытаў сябе, якім цудам такі Піцый Сатурнін мог дажыць дзевяноста трох гадоў, перажыць Тыбэрыя, Калігулу, Клаўдыя?.. Але хрэн з ім! Ці дазволіш мне паслаць тваю лектыку па Эўніку?

Уцякла нейк соннасць, і хочацца весяліцца. Закліч на вячэру цытрыстаў, а пасля пагутарым пра Анцыюм. Трэ аб гэтым добра надумацца, асабіста табе.

Вініць паслаў па Эўніку, а над побытам у Анцыюме не меў ахвоты ламаць сабе голаў. Хай ломяць яе тыя, хто не ўмее жыць без праменняў цэзаравай ласкі. Свет не кончыцца на Палатыне, злашча для тых, хто нешта іншае ў сэрцы й душы мае.

І гаварыў гэта так бестурботна, з такім ажыўленнем і весялосцю, што ўсё гэта зацікавіла Пятронія, які, паглядзеўшы на юнака, сказаў: — Што табе зрабілася? Ты сяння такі, як быў тагды, калі насіў яшчэ залатую буллу на шыі.

— Я сяння шчаслівы, — адказаў Вініць, — запрасіў я цябе наўмысна, каб табе аб гэтым пахваліцца.

— Што ў цябе сталася?

— Штось такое, чаго б не памяняў на рымскую імперыю.

Гэта сказаўшы, сеў, абапёрся на поруччы крэсла і пачаў гаварыць з рассонечаным абліччам: — Ці памятаеш, як мы былі ў Аўла Плаўцыя, і там першы раз ты бачыў боскую дзяўчыну, якую ты сам назваў заранкай і вясною? Памятаеш тую Псыхэ, тую незраўняную, тую найпрыгажэйшую з красуняў і з вашых багінь?

Пятроні глядзеў на яго з такім здзіўленнем, як бы хацеў спраўдзіць, ці ў галаве ягонай усё ў парадку.

— Па-якому ты гаворыш? — перарваў урэшце. — Ясна, што памятаю Лігію.

А Вініць далей: — Я ўжо з ёю заручаны.

— Што?..

Вініць усхапіўся і заклікаў вызвольніка: — Хай усе нявольнікі да аднаго прыйдуць сюды, жыва!

— Ты ўжо з ёю заручаны? — паўтарыў Пятроні.

Але не паспеў ён супакоіць здзіўлення, як прасторны Вініціеў атрыюм зараіўся людзьмі. Беглі зазяханыя старыя, мужчыны сярэдніх гадоў, жанчыны, хлапчукі й дзяўчаты. Штомомант атрыюм напаўняўся шчыльней; на калідорах, званых «фаўцэс», чуваць было закліканні ў розных мовах. Урэшце ўстанавіліся ўсе пад сценамі й між калюмнамі. Вініць стаў ля імплювіюма, звярнуўшыся да Дэмаса-вызвольніка, і сказаў: — Хто выслужыў у маім доме дваццаць гадоў, узаўтра павінен з’явіцца да прэтора, атрымае вольнасць; хто не выслужыў, атрымоўвае па тры залатнікі і праз тыдзень падвойную порцыю еміны. Да эргастулаў на вёску паслаць загад, каб даравана кары, знята путы з ног і кормлена ўдосталь. Ведайце, што настаў мой шчаслівы дзень, і хачу, каб радасць была ўва ўсім доме.

Яны праз момант стаялі моўчкі, як бы вушам не верылі, потым усе рукі ўзняліся ўгару, і ўсе паднялі голас: — Аа! Спадару! Ааа!..

Вініць адправіў іх жэстам рукі, дык, не паспеўшы аддзякаваць, спешна разыйшліся, напаўняючы дом шчасцем ад даху да падзямелля.

— Заўтра, — адазваўся Вініць, — яшчэ раз заклічу іх у вагарод і загадаю перад сабою маляваць меты, якія хто хоча. Тых, што намалююць рыбу, вызваліць Лігія.

Пятроні, які ніколі нічаму доўга не дзівіўся, супакоіўся ўжо і спытаў: — Рыбу? Ага! Памятаю, што казаў Хілон: гэта мета хрысціян.

Пасля выцягнуў руку Вініцію й гавора: — Шчасце заўсёды там, дзе яго чалавек бачыць. Хай Флора сыпле кветкі вам пад ногі на многія леты! Жадаю табе ўсяго таго, чаго сам сабе жадаеш.

— Дык дзякую табе, бо я думаў, што адрайвацімеш і траціцьмеш па-пустому час.

— Я адрайваць? Нашто? Наадварот, кажу табе, што робіш добра.

— Га, зменлівы! — адказаў весела Вініць. — Хіба забыўся, што калісь раіў мне, як выходзілі з дому Грэцыны?

А Пятроні сухадушна: — Не! Толькі змяніў погляд.

І цераз хвіліну дадаў: — Мой мілы, у Рыме ўсё змяняецца. Мужыкі змяняюць жонак, жоны змяняюць мужыкоў, а чаму ж мне не змяніць погляду? Недалёка ўжо было таго, каб Нэрон узяў вянец з Актэ, якую адмыслова для яго вывелі з каралеўскага роду. І што ж! Меў бы паважную жонку, а мы — паважную аўгусту. На Пратэя і ягоную марскую шыр! Я заўсёды змяняціму думку, калі прыйдзе патрэба і калі мне будзе выгадна. Што да Лігіі, дык ейнае каралеўскае паходжанне больш пэўнае, чым пергамскія продкі Актэ. Але ты сцеражыся ў Анцыюме мсцівае Папеі.

— Ані думаю! І волас не спадзе мне з галавы!

— Калі думаеш яшчэ раз мяне здзівіць, дык дарэмная натуга, але скуль маеш такую пэўнасць?

— Заручыў мне гэта Апостал Пётр.

— А! Казаў табе гэта Апостал Пётр! На гэта няма аргументу; дазволь мне, аднак, дарадзіць табе пэўную асцярожнасць хоць бы й дзеля таго, каб Апостал Пётр не аказаўся хвальшывым прарокам, бо калі б Апостал Пётр прыпадкам памыліўся, страціў бы ў цябе давер, які яшчэ напэўна Апосталу Пятру прыдасца.

— Гавары, што хочаш — я яму веру! І калі манішся мяне да яго знеахвоціць, іранічна паўтараючы ягонае імя, дык памыляешся.

— Дык яшчэ адно пытанне: ці ты ўжо стаўся хрысціянінам?

— Дагэтуль — не, але Павал з Тарсу едзе са мною і выкладаціме мне навуку Хрыстову, а пасля прыйму хрост, бо тое, што ты казаў, быццам яны непрыяцелі жыцця, ёсць няпраўдай.

— Дык тым лепш для цябе й для Лігіі, — адказаў Пятроні, па чым, даючы знак здзіўлення, гаварыў як бы сам сабе: — Дзівосная рэч, як тыя людзі ўмеюць здабываць вызнавальнікаў, і як тая сэкта шырыцца!

Вініць падхоплівае з запалам, годным сапраўднага хрысціяніна: — Так! Тысячы, дзесяткі тысяч ёсць у Рыме, у гарадох Італіі, Грэцыі й Азіі. Ёсць хрысціяне ў легіях, сярод прэторыянаў, ёсць і ў самым палацы цэзара. Вызнаюць гэтую навуку нявольнікі й грамадзяне, бедныя й багатыя, плебс і патрыцыят. Няўжо не ведаеш, што й некаторыя Карнэліюсы таксама хрысціяне, што хрысціянкай ёсць Пампонія Грэцына, што была ёю, падобна, Актавія, а ёсць Актэ? Так, гэта навука авалодвае свет, і яна адна можа яго адрадзіць. Не паціскай плячыма, бо хто ведае, ці за месяц або за год сам яе не прыймеш.

— Я? — наставіўся Пятроні. — Не, на сына Леты! Я не прыйму яе, хоць бы ў ёй была мудрасць людская й боская… Гэта вымагала б працы, а я не люблю натугі… Гэта вымагала б самаадрачэння, а я не люблю ў жыцці чагонебудзь зракацца. З тваёй натурай, падобнай да агню й вару, заўсёды магло штось падобнае прыдарыцца, але я? Я маю свае гэмы, свае камэі, свае вазы і сваю Эўніку. У Алімп не веру, але яго сабе ўладжваю на зямлі, і буду цвісці, пакуль не праніжуць мяне стрэлы боскага лучніка або пакуль цэзар не загадае падрэзаць сабе жылы. Да таго люблю яшчэ пах фіялкаў і выгодны трыклініюм, люблю нат нашых багоў як рытарычныя фігуры і Ахайю, куды выбіраюся з нашым трыбухатым, танканогім, незраўняным, боскім цэзарам, аўгустам, Перыяданіцэсам, Геркулесам, Нэронам!

Гэта выгаварыўшы, падгумарыўся на сам толькі ўспамін, што мог бы прыняць навуку галілейскіх рыбакоў, і пачаў паўголасам падспёўваць:

 

Ухарашу я ў міртовую зелень мой меч

Ў Гармадыёса й Арыстагітана след…

 

Але перарваў, бо дакладчык звясціў прыход Эўнікі. Незабаўна падалі й вячэру, падчас якое пасля некалькіх песень, адпяяных цытрыстам, Вініць расказваў Пятронію пра адведзіны Хілона, пра крывавую расправу з ім, пра зроджаны падчас тае расправы намер ісці проста да Апостала. На гэта Пятроні, зноў сонны, ударыўшы сябе ў лоб, сказаў: — Думка была добрая, калі вынік добры. А што да Хілона, дык я даў бы яму залатнікоў з пяць, а калі жадаў бы адсцёбаць, дык трэ было і ўвогуле засцёбаць, бо хто ведае, ці не будуць яму яшчэ кланяцца сенатары, як сяння кланяюцца нашаму рыцару-шаўцу Ватынію. Дабранач!

І, паздымаўшы вянкі, пачалі разам з Эўнікай збірацца дамоў, а як выйшлі, Вініць засеў у бібліятэцы і так пісаў да Лігіі: «Хачу, каб пісьмо гэта, як толькі адкрыеш твае цудоўныя вочы — о боская! — сказала табе: добры дзень! Таму сяння пішу, хоць узаўтра бачыцімемся.

Цэзар да Анцыюма выязджае пазаўтра, і я — эгэў! — мушу з ім ехаць. Я ж ужо тлумачыў табе, што не паслухаць — гэта смерць, а я цяперака не меў бы адвагі памерці. Але, калі ты не хочаш, напішы слоўца, дык застануся, а Пятроні старацімецца адвярнуць як-небудзь небяспеку. Сяння ў радасным дню я раздаў падарункі ўсім нявольнікам, а тых, што праслужылі ў маім доме дваццаць гадоў, завяду ўзаўтра да прэфекта і вызвалю. Ты, любка, павінна гэта пахваліць, бо гэтага вымагае твая салодкая навука, а па-другое, зрабіў гэта для цябе. Скажу заўтра, што ты ім дала вольнасць, хай табе дзякуюць і славяць імя тваё. Сам затое аддаюся ў няволю шчасцю й табе, і бадай бы ніколі не дачакаўся вызвалення!

Пракляты той Анцыюм і Агенабарбава выправа! У тры-чатыры столкі шчаслівейшы я, што не такі эрудыт, як Пятроні, бо, можа, мусіў бы ехаць у Ахайю. Тым часам часіны гэнае разлукі саладзіціму сабе ўспамінамі аб табе. Калі магчыму вырвацца, асядлаю каня і прыскочу ў Рым, каб вочы нацешыць тваім воблікам, а вушы напаіць тваім салодкім галаском. Калі не магчыму — прысылаціму нявольніка з пісьмамі. Здароўлю цябе, боская, абыймаючы твае ногі. Не гневайся, што заву цябе боскай. Калі забароніш — паслухаю, але сяння яшчэ не ўмею інакш. Здароўлю цябе з будучага твайго дому — усёй душой!»

 

 

XXXVI

Было ведама ў Рыме, што цэзар па дарозе маніцца адведаць Остыю, а больш за ўсё найвялікшы мараплаў на свеце, які нядаўна быў прывёз збожжа з Александрыі, ды адтуль надбярэжнаю дарогаю лучыць да Анцыюма. Загады ўжо былі выданы перад некалькімі днямі, дзеля таго ад самага рання пры Порта Остыенсіс тоўпіліся грамады мясцовага зброду й чужаземцы з усіх краёў свету, каб паразяўляцца на цэзарскі паход, з якога рымскі плебс ніколі не мог надзівіцца. Да Анцыюма дарога была не цяжкая дый не далёкая, а ў самым курорце, які складаўся з камфортавых палацаў і віллаў, льго было знайсці ўсякія выгоды, а нат і вынайдаваны тагдышні збытак. Цэзар, аднак, меў звычай браць у дарогу з сабою ўсё, што дыктавала ўспадоба, пачаўшы ад музыкальных інструментаў і дамавога знадоб’я ды канчаючы на статуях і мазаіках, якія былі ўкладаныя нат і падчас кароткіх папасаў. З тае прычыны ехалі з ім цэлыя грамады слугаў, не кажучы ўжо аб прэторыянскіх кампаніях ды аўгустыянах, з якіх кожны таксама меў сваю світу нявольнікаў.

Таго ж дня на світанні пастухі з Кампаньі, загарэлыя на твары, з казлячымі скурамі на нагах, перагналі праз браму пяць сотак асліц, каб Папея назаўтра па прыездзе да Анцыюма магла сваім штодзённым звычаем выкупацца ў іхнім малацэ. Суталака з уцешлівым смехам прыглядалася ў хмарах пылу расцяляпаным доўгім вушам табуна ды весела прыслухоўвалася лясканню пастуховых бізуноў і галёканню. Як вуліца апаражнілася ад стада, рынуўся на дарогу рой замятальнікаў і, ачысціўшы яе добра, пачаў пасыпаць пініевым зялёным шпіллём ды кветкамі. Натоўп талкаваў сабе, што ўся дарога да Анцыюма так будзе прытрэсена квяццём, назбіраным з прыватных навакольных агародаў, а нат і дорага закупленым пры Порта Мугіёніс ад кветачніц-гандлярак. З кожнай гадзінай рунда збольшвалася. Некаторыя папрыводзілі цэлыя сем’і, а каб не доўжылася, прыладжваліся на каменнях, прыгатаваных пад новую святыню Цэрэры, і спажывалі сабе прандыюм пад голым небам. Дзе-нідзе збіраліся гурткі на чале з бывальцамі, якія расказвалі аб цэзарскім выездзе ды наагул аб падарожжах і дзівах-дзівосах свету, найбольшымі знаўцамі тут аказваліся маракі й старыя, маючыя выслугу гадоў, ваякі з далёкіх паходаў. Гарадскія дамаседы, што ніколі ў жыцці далей не бывалі, як на вія-Апія, слухалі з подзівам аб індыйскіх і арабскіх дзівосах, аб Брытанскіх архіпелагах, дзе на нейкай атоцы Брыяр мучыў соннага Сатурна, дзе жылі духі, аб краёх гіпербарэйскіх ды марох замерзлых, як шумелі й раўлі воды акіяну падчас занурання ў ягоную пучыну заходзячага сонца. Падобным роспаведам рымская галайстра лёгка верыла, бо таму верылі нават такія людзі, як Пліній і Тацыт. Талкавалі і аб тым мараплаве, што быццам на два гады вёз пшаніцы, не лічучы чатырохсот падарожных і столькі ж абслугі ды многа дзікіх звяроў для летніх ігрышчаў. Выклікала гэта ў народзе агульную прыхільнасць да цэзара, які не толькі карміў, але й весяліў народ. Усе рыхтаваліся да гарачага прывітання.

І вось паказаўся аддзел нумідыйскіх конных прэторыян. Былі яны апранутыя ў жоўтыя ўніформы з чырвонымі падпяразкамі ды з вялікімі завушніцамі, кідаючымі залаты водбліск на іхні чорны твар. Вастрыё іхніх бамбукавых пікаў полымем гарэла на сонцы. Прайшлі яны, зачаліся провады, падобныя да працэсіі. Натаўпы ціснуліся, каб прыгледзецца бліжэй хараству, але падаспелі аддзелы пешых прэторыянаў і, устанавіўшыся ўздоўж з аднаго і з другога боку брамы, пільнавалі доступу да дарогі. Наўпярод ішлі фургоны з пурпуровым, фіялетавым, снежна-белым матар’ялам ды іншым прыладдзем для палаткаў ад сонца, усходнія дываны, цыпрысавыя сталы, кавалкі мазаік, кухоннае знадоб’е, клеткі з птаствам з Усходу, Поўдня й Захаду, якіх мазгі або языкі йшлі на цэзарскі стол, і амфары з віном, і кашы з садавінаю. Далікатнейшыя рэчы, каб не згінулі ці не пабіліся, былі несены пешымі нявольнікамі. Цэлыя сотні людзей неслі мастацкія вазы, статуэткі з карынскае медзі, асобна неслі вазы этрускія, асобна грэцкія, асобна залатое суддзё, срэбнае або з александрыйскага шкла. Паміж іх ішлі невялікія групкі прэторыянаў пешых і конных, а над кожным нявольніцкім гуртком цікаваў даглядчык з бізуном з жалезнымі й алавянымі канчурамі замест ляскаючага ўчкура. Паход людзей, нясучых кемна і ўважна цэзарскае знадоб’е, падобны быў на рэлігійную працэсію, а падабенства станавілася выразнейшым, калі пачалі несці музычнае прыладдзе цэзара й дваран. Відаць былі гарфы, грэцкія лютні, гебрайскія лютні й егіпецкія ліры, формінгі, цытры, пішчалкі, даўгія павыгінаныя буцыны й цымбалы.

Гледзячы на гэнае мора інструментаў, палыскуючых на сонцы золатам, бронзам, дарагім каменнем і перламутрам, можна было падумаць, што сам Апалон ці Бахус выбраліся ў падарожжа па свеце. Затым з’яўляюцца важныя карукі, поўныя штукароў, танцораў, танцорак, прыгожа згрупаваных, з тырсамі ў руках. За імі ехалі нявольнікі не для абслугі, але для збытку: дзяўчаткі й хлапчаняты, выбраныя з цэлае Грэцыі й Малое Азіі, даўгавалосыя або кучаравенькія ў залатых сетках, падобныя да амуркаў, чароўнага выгляду, але пакрытыя грубым слоем касметыкі, каб вецер, бач, не апаліў далікатнае іхняе скуры.

І зноў ступаў прэторыянскі аддзел велізарных сыкамбраў, барадатых, ясна- і рудавалосых, блакітнавокіх. Перад імі імагінарыі неслі рымскія арлы, табліцы з надпісамі, статуэткі багоў рымскіх і германскіх, а ўрэшце — статуэткі цэзара. З-пад вопраткі і ваяцкіх панцыраў відаць былі моцныя, загарэлыя, здольныя валадаць цяжкою зброяй рукі. Зямля стагнала пад іхнім роўным цяжкім ходам, а яны, казаў бы сведамыя сваёй сілы, якую маглі паказаць нат і супраць самога цэзара, важна пазіралі на вулічную чэрнь, відаць забыліся, што многія з іх прыйшлі сюды ў ланцугох. Але была іх невялікая толькі жменя, бо галоўныя прэторыянскія сілы заставаліся ў кватэрах на мейсцы дзеля старажавання гораду й трымання яго ў дысцыпліне. За імі вялі ездавых львоў і тыгрысаў Нэрона, каб было што запрэгчы на выпадак, калі б Нэрону заманілася наследваць Дыонізаса. Вялі іх гіндусы й арабы на сталёвых ланцугох з петлямі, але так упрыгожаныя кветкамі, як бы з самых кветак сплеценыя. Асвоеныя дазнанымі бестыярамі звяры пазіралі на масы народу сваімі соннымі зялёнымі зекрамі, часамі падыймалі вялікія галовы, уцягаючы храпліва ноздрамі людскі пот ды аблізваючы шурпаватым языком пашчу.

Далей ішлі цэзарскія калясніцы й лектыкі, большыя й меншыя, залатыя й пурпуровыя, выкладаныя слановай косцю, перламі, красуючы полыскам каштоўнасцяў; за імі шчэ адзін аддзел прэторыянаў у рымскай зброі, самых італьскіх ваякоў-ахвотнікаў49 ды зноў грамады стройнае службы нявольніцкае й хлапчат, а ўрэшце ехаў сам цэзар, прыбліжэнне якога звяшчалі здалёк воклічы віватуючых народных масаў.

 

 

У тлуме народу стаяў і Апостал Пётр, які хацеў хоць раз у жыцці пабачыць цэзара. Пры ім была Лігія з атуленым тварам і Урсус, сіла якога была найпэўнейшаю апекаю сярод гэнай расхваляванай ды разбуянай хмары людское стыхіі. Ліг узяў адзін камень з будаўляных матар’ялаў святыні і прынёс яго пад ногі Апосталу, каб, стаўшы на ім, лепш было паглядаць. Ціжба спачатку бочылася, бо Урсус бесцэрэмонна распіхаў яе магутнымі рукамі, моў карабель — воды, а як убачыла яго, падымаючага камень, якога не магло чатырох асілкаў-работнікаў скрануць з мейсца, крычма дзівілася: «Macte!»50 — чутно было навокал. Аж вось над’ехаў цэзар. Сядзеў на возе, падобным да балдахіну, цягнула яго шэсць белых ідумыйскіх, золатам каваных, вогіраў. Воз меў знарок бакі адкрытыя, каб глядзельнікі добра бачылі цэзара. Магло на ім змясціцца некалькі асоб, але, жадаючы ўвагу сцягнуць толькі на сябе, Нэрон ехаў праз горад сам, меў толькі ў нагах двух маленькіх вырадкаў-карлаў. Быў убраны ў белую туніку і аметыставую тогу, ад якое падаў сіняваты водблеск на ягонае аблічча. На галаве меў лаўровы вянок. Ад часу выезду ў Неапаль значна патлусцеў. Разліўся твар, падвоіўся й адвіс падбародак, а асаджаныя пад самым носам вусны цяпер зусім выдаваліся выкраенымі пад самымі ноздрамі. Грубая шыя была, як заўсёды, акручана шаўковай хусткай, сюдтут папраўляў яе пукатаю белаю рукою, аброслаю на перагібе рудавым валоссем, якога эпілятарам не даваў вырываць, каб не спрычыніць праз гэта, як яму талкавалі, дрыготы ў пальцах ды не ўтрудніць ігры на лютні. Бяздоннае пустагонства малявалася на ягоным твары, нясілле й нудаснасць. Наагул быў гэта твар страхотны й блазноцкі. Едучы, кідаў галавою на абодва бакі, жмурачы вочы й наслухоўваючы, бачна, як яго вітаюць. Вітала яго бура воплескаў: «Жыве боскі цэзар, імператар! Вітай, пераможнік! Вітай, Апалоне, незраўняны сыне Апалона!» Слухаючы гэных слоў, усміхаўся, але час ад часу прабягала яму па твары як бы хмара, бо рымская вуліца была з’ядлівая, куслівая і ў пачуцці стыхійнае сілы дазваляла сабе на кпіны й дацінкі нават вялікім трыумфатарам, такім, якіх іставетна любіла й шанавала. То ж калісь нат самому Юлію Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым: «Грамадзяне, хавайце жоны, едзе лысы распуст!» Страшэннае сябелюбства Нэрона не зносіла прыганаў і наругі, а прымеж таго з разбуянае грамады неслася: «Рудабароды! Рудабароды!.. Куды вязеш сваю вагністую бараду? Баішся, мусі, каб Рым ад яе не загарэўся?» І тыя, што крычалі, не ўцеялі таго, што жарт іхні крые ў сабе злавеснае прароцтва. Цэзара не надта гневалі падобныя прытычкі, тым больш, што барады не насіў, бо даўно ўжо ахвяраваў яе ў залатым куфэрку капіталінскаму Ёвішу. Іншыя з-за кучаў каменняў і зрубу святыні крычалі: «Маtricidа!51 Нэрон! Орэстэс! Алкмеон!», а іншыя: «Дзе Актавія?!», «Аддай пурпуру!» А на едучую тут жа за ім Папею крычалі: «Flava coma!»52 — назовам гэтым бэсцілі вулічніц. Музыкальнае вуха Нэрона хапала й такія воклічы, тады прыкладаў да вока свой паліраваны шмарагд, як бы хочучы злавіць позір кам ды запамятаць тых, што так крычалі. Такім чынам зор ягоны затрымаўся на Апостале, стаячым на камяні. Праз момант двух тых чалавек глядзела самадруг на сябе, а нікому ні з таго важнага паходу, ні з тае хмары глядзельнікаў не прыйшло ў голаў, што пазіраюць на сябе ў гэнай хвіліне два валадары зямлі, з якіх адзін хутка міне, бы сон крывавы, а другі, той старац, адзягнуты прастачаю ляцэрнаю, абыйме на вечнае валаданне свет і горад.

Праехаў цэзар, а тут жа за ім васьмёх афраў пранесла пышную лектыку, у якой сядзела зненавіджаная народам Папея. Прыбрана была, як і Нэрон, у аметыставае акрыццё, з грубым слаём касметыкі на твары, непарушная, задуманая, сухадушная, выглядала моў якое боства, адначасна прыгожае й злое, несенае, як у працэсіі. У сляды за ёй цягнула цэлая сустань мужчынскае й жаночае службы ды цэлы абоз з прыборамі да выгодаў і строяў. Сонца добра ўжо схіліла з паўдня, як зачаўся праезд аўгустыянаў — светазарны, мігатлівы, палыскаючы, бы вуж, бясконцы провад. Лянівы Пятроні, спагадна вітаны народам, загадаў несціся ў лектыцы разам з сваёю, падобнаю да багіні, нявольніцай; Тыгэлін ехаў у карэце, цягнулі яе малыя конікі, прыстроеныя ў белыя й чырвоныя перыны.

Бачылі яго, як сюд-тут падымаўся на возе і, выцягаючы шыю, цікаваў, ці хутка цэзар загадае яму перасесці да сябе. Спаміж іншых народ вітаў воплескамі Ліцыніяна Пізона, смехам — Вітэлія, свістам — Ватынія. Ліцынія й Лекана, консулаў, прапусціў абыякава, але Тулія Сэнэцыя, які падабаўся народу няведама чаму, і Вестына публіка праводзіла воплескамі. Цэзарава світа была бязлікая.

Здавалася, усё багацейшае й важнейшае ці знатнейшае ў Рыме эмігруе да Анцыюма. Нэрон іначай не выбіраўся ў дарогу, як тысячай вазоў і штонайменш з адною легіяй прэторыян53. Паказвана з грамады і Даміцыя Афра, і згрыбелага Люцыя Сатурніна; бачылі Веспасыяна, які шчэ не выбраўся ў паход на Юдэю, з якога вярнуўся па цэзарскую карону; бачылі сыноў ягоных, і Нэрву маладога, і Люкана, і Аннія Галлёна, і Квінтыяна ды мноства матронаў, слаўных багаццем, красою, збыткоўнасцю й распустай. Вочы грамадаў пераносіліся з знаёмых абліччаў на вупраж, вазы, коні, дзівосныя строі службы, сабранае з усіх народаў свету. У гэным моры пышнаты й вялікасці няведама на што было глядзець. І не толькі вочы, але й думка асляплялася залатым бляскам, пурпурай і фіялетам, мігаценнем дарагіх каменняў, полыскам бісёраў, перламутру, слановае косці. Здавалася, і само сонца растаплялася ў гэным светазарным тапелішчы. І хоць сярод натаўпу нямала было злыдняў з падцягненым жыватом і голадам уваччу, гэтае відовішча ўсё ж такі не толькі будзіла ў іх ахвоту збыткаваць, зайздрасць, але напаўняла раскошай і гонарам, давала пачуццё магутнасці і жывучасці Рыму, якую падпіраў і перад якою стаяў на каленях увесь свет. Маўляў, не было нікога ў цэлым свеце, хто смеў бы думаць, што гэная магутнасць не перажыве ўсіх вякоў і народаў, што няма сілы на зямлі супраць яе.

Вініць ехаў на самым канцы світы, убачыўшы Апостала й Лігію неспадзявана, выскачыў з воза і, чула прывітаўшыся, гаварыў у спешцы:

— Прыйшла ты! Не ведаю, як табе ўжо й дзякаваць, Лігія!.. Бог лепшае варажбы мне саслаць не мог. Дык здароўлю цябе, развітваючыся, хоць не надоўга. Па дарозе расстаўлю коні і ў кожны дзень вольны буду пры табе, пакуль павароту сабе не выпрашу. Будзь здарова!

— Бывай здароў, Марк! — адказала Лігія й пасля дадала цішэй: — Хай цябе вядзе Хрыстус ды адкрые табе душу на словы Паўла.

Ён уцешыўся, што расходзіцца ёй пра тое, каб хутчэй стаўся хрысціянінам, дык сказаў: — Осеlle mi!54 Хай станецца па-твойму! Павал захацеў ехаць з маімі людзьмі, але ёсць тут і будзе мне правадніком і таварышам… Адхілі заслону, весялюшка мая, хай хоць раз яшчэ на цябе гляну перад дарогай. Чаму ты так закрылася?

Яна падняла рукою заслону і паказала сваё яснае аблічча ды чароўныя рассмяяныя вочы, пытаючы: — Гэта дрэнна?

Вініць, гледзячы на яе з усмехам, кажа: — Дрэнна для маіх вачэй, якія жадаюць да смерці глядзець на цябе адну!

Пасля звярнуўся да Урсуса і сказаў: — Урсус, пільнуй яе, як вока, бо гэта не толькі твая, але й мая доміна!

Гэта сказаўшы, хапіў ейную руку і прыціснуў да яе вусны на подзіў цікаўнай галайстры, якая не магла ўцеяць такое пачэснасці аўгустыяніна да дзяўчыны, апранутай па-просту, ледзь не па-нявольніцку.

— Бывай здарова… Ды спешна аддаліўся, бо паход цэзарскі значна пасунуўся ўперад. Апостал Пётр перажагнаў яго ледзь прыкметным знакам крыжа, а добры Урсус пачаў зара яго выхваляць, радуючыся, што маладая спадарычна ахвотна слухае й глядзіць на яго з удзячнасцю.

Паход аддаляўся й знікаў паволі ў аблакох пылу, а яны яшчэ доўга глядзелі ўслед за ім, пакуль не падыйшоў да іх Дэмас, той самы, у якога працаваў начамі Урсус.

Дэмас, пацалаваўшы ў руку Апостала, пачаў прасіць яго, каб зайшоў перакусіць, падмацоўваючы гэнае запрашэнне тым, што дом ягоны недалёка Эмпорыюма, а яны хіба галодныя й змучаныя ад прастойвання большае часткі дня пры браме.

Пайшлі і, адпачыўшы ды перакусіўшы ў ягоным доме, пад вечар вярталіся на Затыбра. Манючыся перайсці раку мостам Эмілія, йшлі праз Клівус Публікус55, сярэдзінай Авэнтынскага ўзгор’я, між святынямі Дыяны і Мэркура. Апостал Пётр глядзеў з вышыні на бліжэйшыя й далейшыя, знікаючыя ўдалечыні, будоўлі, заглыбіўшыся ў думках, разважаў над веліччу й волатнасцю гэнага гораду, куды прыйшоў агалошваць слова Божае. Да гэтых пор бачыў ён рымскае панаванне й легіёны ў розных краёх, дзе бываў, але гэта былі як бы паадзіночныя часціны тае моцы, увасабленне якое ў постаці цэзара ўбачыў сяння першы раз. Гэны горад бязмерна дзярлівы й жадлівы ды адначасна разнузданы, гнілы да шпіку касцей, а і непарушны ў сваёй надлюдскай магутнасці; гэны цэзар, братабойца, маткабойца й жонабойца, за якім валокся не меншы ад ягонай світы шлейф крывавых мараў; гэны распуснік і блазан ды адначасна ўладар трыццаці легіяў, а праз іх усяе зямлі; тыя баяры, абвешаныя золатам і шкарлатам, няпэўныя заўтрашняга дня ды адначасна мацнейшыя за іншых каралёў — усё гэта разам выдавалася яму нейкім пякельным валадарствам зла і неправаты. І ўздзівіўся ў прастачым сваім сэрцы: як Бог можа даваць нечысці такую магутную сілу на зямлі, каб варочаў ёю, мясіў, таптаў, выціскаў слёзы й кроў, спустошваў віхурам яе, бурыў, як бура, паліў, як полымя. І затрывожылася апостальскае сэрца ад такіх думак, і пачаў скардзіцца Збаўцу ў душы: «Госпадзе, што мне рабіць з гэтым горадам, у які прыслаў Ты мяне? Ягонае мора й суша, ягоныя звяры на зямлі ды вадзяныя істоты, ягоныя ўсе каралеўствы й гарады і трыццаць легіяў, што стаяць на старожы, а я — рыбак з возера! Што мне рабіць? Як гэнае благоцце перамагчы?»

Так разважаючы, падняў сваю сівую дрыжачую галаву да неба і заклікаў трывожліва-жаласліва Боскага Вучыцеля. Нараз ягоную малітву перапыняе голас Лігіі: — Горад цэлы ў агні… І праўда, сонца дзіўна заходзіла таго дня. Вялізнае ягонае кола засунулася ўжо да палавіны за Янікульскае ўзгор’е, а ўся шыр неба залілася чырвоным бляскам. З таго мейсца, дзе стаялі, іхні зор абыймаў шырокі далягляд.

Крыху направа бачылі выдаўжаныя муры Цыркус Максімус, над ім Палатынат, а проста насупраць, за Форум Боарыюм56 ды Вэлябрам — верх Капітолю з святыняй Ёвіша. Але муры, калюмнада й шчыты святынь былі як бы занураныя ў той залаты й пурпуровы бляск. Бачныя здалёк часткі ракі плылі як бы крывёю, і чым больш сонца хавалася за ўзгорак, тым чырванейшым ды падабнейшым да загарава рабіўся ягоны водблеск, узмагаўся й пашыраўся, аж урэшце абняў сем узгоркаў і разліўся па ўсёй ваколіцы.

— Цэлы горад, бы ў вагні, — паўтарыла Лігія.

А Пётр, прысланіўшы даланёю вочы, кажа: — Гнеў Божы над ім.

 

XXXVII

 

Вініць да Лігіі: «Нявольнік Флягон, праз якога пасылаю табе гэны ліст, ёсць хрысціянінам, ён будзе адным з тых, што атрымаюць вольнасць з тваіх рук, саrissima. Гэта стары слуга нашага дому, дык магу пісаць праз яго з цэлым даверам смела, ліст не патрапіць у іншыя рукі, апрача тваіх. Пішу з Лаўрэнтума, дзе з прычыны гарачыні папасваемся. Атон меў тут прыгожую віллу, якую ў сваім часе падараваў Папеі, а яна, паміма развітання з ім, не пасаромелася затрымаць каштоўны падарунак… Як падумаю пра гэтых жанчын, якія мяне акружаюць, ды аб табе, здаецца мне, што з каменняў Дэўкаліёна мусілі паўстаць розныя, не падобныя да сябе, гатункі людзей, а ты належыш да таго, які зрадзіўся з крышталю. Падзіўляю цябе й люблю ўсёй душою, і хочацца гаварыць толькі аб табе, а тут трэ змушаць сябе пісаць табе аб дарозе, аб сабе ды аб навінах пры двары. Цэзар гасціў у Папеі, якая ўпотайкі прырыхтавала слаўную пачостку. Няшмат, праўда, аўгустыянаў было запрошаных, але і Пятронія і мяне запрасіла. Пасля прандыюма плавалі мы залатымі лодкамі па моры, якое было так спакойнае, спала, ды так блакітнае, як твае вочанькі, о боская! Веславалі мы самі, бо гэта падабалася аўгусце, што яе, бач, вязуць кансулярныя мужы або іхнія сыны. Цэзар, стоячы пры рулю ў пурпуровай тозе, пяяў гімн на славу мора, уложаны папярэдняе ночы з музыкай Дыядора. На суседніх лодках падпявалі індыйскія нявольнікі, умеючыя йграць на марскіх слізяніцах, а навакол паказвалася шмат дэльфінаў, маўляў вывабленыя музыкай з марское глыбіні. А я ведаеш што рабіў? Думаў і тужыў аб табе, хацелася забраць гэнае мора, і гэную пагоду, і гэную музыку ды ўсё аддаць табе. Ці хочаш, каб мы калісь пасяліліся над морам, аўгуста мая, здалёку ад Рыму? Маю на Сіцыліі маёмасць, дзе ёсць мігдалёвы лес, што цвіце вясною ружовым цветам, а даходзіць так блізка да мора, што галінкі цалуюць ваду. Там кахаціму цябе і славіціму тую навуку, што Павал мяне навучыць, бо ведаю ўжо тое, што яна не працівіцца каханню й шчасцю. Ці хочаш?.. А пакуль пачую ад цябе адказ, пішу далей аб здарэннях на лодцы. Адплылі мы далёка ад берагу і ўгледзелі вятругу ўдалечыні перад сабою, паўстала спрэчка: ці то звычайная рыбацкая чайка, ці вялікі мараплаў з Остыі? Я распазнаў яго першы, тады аўгуста кажа, што ад маіх вачэй нічога не схаваецца, і, спусціўшы нагла на твар заслону, спытала, ці нат гэтак бы я й яе распазнаў? Пятроні зараз падхапіў, што за хмарай нат і сонца дагледзець нельга, а яна, быццам смеючыся, гаварыла, што так хуткае вока адно толькі каханне магло б хіба асляпіць, і, згадваючы розных аўгустыянак, пачала пытаць, раздумоўваючы, у якой я кахаюся. Я адказваў спакойна, але ў канцы вымавіла й тваё імя. Гаворачы аб табе, адкрыла зноў твар і пачала глядзець на мяне лютымі пытаючымі вачыма. Але ў той жа хвіліне Пятроні, дзякуй яму, калыхнуў лодку і гэтым адвярнуў агульную ўвагу ад мяне, бо калі б я пачуў быў аб табе непрыхільнае слова або кпіны, дык не ўмеў бы схаваць гневу і мусіў бы змагацца з ахвотай разбіцця галавы гэнай пярэваратні… Хіба ж памятаеш, што я табе напярэдадні выезду расказваў у Лінуса аб здарэнні на сажалцы Агрыпы? Пятроні перасцерагае мяне, каб не дражніў самалюбства аўгусты… Але Пятроні ўжо не разумее мяне і не ведае, што па-за табою няма для мяне ні раскошы, ні кахання, ды што да Папеі чую толькі абрыду й пагарду. Ты занадта ўжо змяніла душу маю і так далёка, што да даўнейшага жыцця вярнуцца б я ўжо не мог. Але не бойся тут якоенебудзь небяспекі. Папея не кахае мяне, бо яна нікога кахаць не здолее, ейныя похаці плывуць толькі з помсты на цэзара, які знаходзіцца яшчэ пад ейным уплывам і які мо нат яе шчэ й любіць, але ўжо не шчадзіць яе ды не хавае перад ёю свае бессаромнасці й грахаводніцтва. Скажу табе яшчэ іншую рэч, якая цябе павінна супакоіць: Пётр сказаў мне перад выездам, каб не баяўся цэзара, бо волас мне не спадзе з галавы, і я веру яму. Нейкі голас гаворыць мне, што кожнае ягонае слова мусіціме збыцца, а калі ён пабагаславіў нашае каханне, ані цэзар, ані ўсе сілы Гадэсу, ані само нат Празначэнне не здалеюць ад мяне цябе, Лігійка, адабраць! Як падумаю пра гэта, чуюся шчаслівым, як Неба, якое адно толькі вечна шчаслівае й спакойнае. Але, мабыць, цябе, хрысціянку, закранае тое, што гавару пра Неба і Празначэнне? Калі так, дык выбачай, бо грашу нехаця. Хрост яшчэ не абмыў мяне, але сэрца маё ўжо гатовае, моў чара, якую Павал з Тарсу зара напоўніць салодкаю вашаю навукаю, тым салодшай, бо тваёю. Ты, багінька, палічы мне за заслугу хоць тое, што я выліў з тае чары ўсё, што яе дагэтуль напаўняла, ды што не жахаюся, але выцягаю яе, як спрагнены чалавек, стаючы ля чыстае крыніцы. Будзь ласкава! У Анцыюме днямі й начамі слухаціму Паўла, які сярод маіх людзей у першым ужо дню падарожжа здабыў такі ўплыў, што тоўпяцца ля яго бесперапынна, бачачы ў ім не толькі таўматурга, але й надпрыродную амаль постаць. Учора віднела радасць на ягоным твары, а як я спытаў яго, што парабляе, адказаў: «Сею». Пятроні ведае, што ён знаходзіцца між маімі людзьмі, і хоча яго бачыць, таксама і Сэнэка, які чуў пра яго ад Галлёна. Але вось і зоркі бледнуць, а ранні «люцыфар» свеціць штораз мацней. Незабаўна заранка заружавіць мора — і ўсё навокал спіць, я толькі думаю аб табе і кахаю цябе. Прывітанне табе, мая зарніца, sponsa mea!»57

 

XXXVIII

 

Вініць да Лігіі: «Ці ты, дарагая, была калі з Аўламі ў Анцыюме? Калі не, буду шчаслівы, як магчыму табе яго калісь паказаць. Ад Лаўрэнтума ўжо цягнуцца адна за другою віллы на ўзбярэжжы, а сам Анцыюм — гэта бясконцая чарада палацаў ды портыкаў, калюмны якіх запагоду прыглядаюцца ў вадзе.

Маю і я тутака сваю сядзібу, тут жа, над самаю вадою, з аліўнікам і цыпрысавым лесам за віллай, і як падумаю, што гэная вілла станецца калісь тваёю, бялейшымі выдаюцца мне ейныя мармуры, утульнейшымі агароды і блакітнейшым неба. О, Лігійка, як соладка жыць і кахаць! Стары Мэнікл, загадчык віллы, пасадзіў тут на мураве пад міртамі цэлыя купіны ірысаў, паглядаючы на іх, узгадваю я пра дом Аўлаў, ваш імплювіюм і агарод, дзе часта сядзеў з табою. І табе гэныя ірысы прыгадвацімуць дом радзімы, дзеля таго, мне здаецца, палюбіш і Анцыюм і гэную віллу. Зараз па прыездзе шмат гутарылі мы з Паўлам аб прандыюме. Згадвалі пра цябе, а пасля ён пачаў навучаць, я доўга слухаў, і кажу табе: каб я нат мог валадаць словам так, як Пятроні, дык і тагды б не патрапіў выказаць табе ўсяго, што снавалася мне ў думцы і душы. Я не спадзяваўся, што шчэ можа быць на свеце такое шчасце, гожасць і спакой, якога людзі не каштавалі. Але гэтае ўсё хаваю для гутаркі з табою, бо пры першай нагодзе манюся падскочыць у Рым. Скажы мне, як зямля можа насіць на сабе адначасна такіх людзей, як Апостал Пётр, як Павал і як — цэзар? Пытаю таму, што вечар па навуцы Паўла прабавіў я ў Нэрона, і ці ведаеш, што я там чуў? Насамперш, ён сам чытаў сваю паэму аб збурэнні Троі ды пачаў наракаць, што не бачыў ніколі пажару вялікага места. Зайздросціў Прыяму і называў яго шчаслівым чалавекам дзеля таго толькі, што меў нагоду аглядаць пажогу і загубу радзімага места. На гэта Тыгэлін: «Вымаві толькі слова, боскі, а схаплю полымя, і не паспее ноч мінуць, як убачыш тонучы ў агні Анцыюм».

Цэзар назваў яго за гэта дурнем. «Куды ж бы, — кажа, — я прыязджаў асвяжацца марскім паветрам ды кансерваваць той голас, якім багі мяне абдарылі і пра які, добра кажуць, на ўцеху людскую павінен я дбаць? Няўжо не ведаеш, што Рым мне шкодзіць, што смярдзячая задуха Субуры й Эсквіліну наводзіць хрыпку, і ці ж пажар Рыму не прадстаўляў бы ў сто разоў трагічнейшага й без параўнання светазарнейшага відовішча, чым Анцыюма?» Прысутныя пачалі дакладаць, якой нечуванай трагедыяй быў бы выгляд такога места, якое пакрыла ўвесь свет, а само легла пад кучаю шэрага попелу. Цэзар запавяшчаў, што тады ягоная паэма перавышала б песні Гомэра, а пасля давай талкаваць, як адбудаваў бы горад, як патомныя вякі падзіўлялі б ягоны твор, у параўнанні з якім усе іншыя змалеюць. Тады п’яныя бяседнікі пачалі галёкаць: «Зрабі гэта, зрабі!» А ён: «Мусіў бы мець вярнейшых і адданейшых спадручнікаў». Я, слухаючы гэтага, прызнаюся, надта затрывожыўся, бо ў Рыме знаходзішся ты, carissima. Сам з сябе смяюся цяперака і думаю, што цэзар і аўгустыяне, паміма сваёй шалёнасці, не адважыліся б на такі злачын, а аднак, бач, чалавек дрыжыць пра сваё каханне, дык я ўсё ж хацеў бы, каб дом Лінуса стаяў не на затыбранскім вузкім завулку ў квартале чужаземцаў, на які менш бы ў даным выпадку зважалі. Па мне і самыя палацы Палатынскія не былі б годным цябе памешканнем, хацеў бы, каб ты мела ўсе тыя выгоды і ўцехі, да якіх замаладу прызвычаілася. Перайдзі да Аўлаў, Лігійка. Я шмат тут аб гэтым думаў.

Калі б цэзар быў у Рыме, мог бы даведацца ад нявольнікаў аб тваім пераходзе, звярнуў бы на цябе ўвагу і мог бы пераследваць за тое, што асмелілася парушыць ягоную волю. Але ён доўга тут бавіцімецца ў Анцыюме і пакуль вернецца, дык гутаркі пра твае пераходзіны аціхнуць. Лін і Урсус магчымуць быць пры табе. Дый маю надзею, пакуль Палатын вітаціме цэзара, ты, багінька мая, будзеш ужо ў сваім доме на Карынах. Шчаслівы той дзень, гадзіна і хвіліна, у якой пераступіш ты мой парог, і калі Хрыстус, аб якім вучуся, дасць тое, — імя Ягонае хай будзе багаслаўлёна. Што я гавару: будзем абое служыць Яму аж да смерці. Люблю цябе і здароўлю ўсёй душою».

 

XXXIX

 

Урсус чэрпаў ваду з цыстэрны і, цягнучы вяроўкаю падвойныя амфары, пяяў паўголасна песню лігійскую ды ўцешлівым вокам пазіраў на Лігію і Вініція, як у садочку сярод цыпрысаў Ліна бялеліся, бы дзве статуі. Найменшы подых ветру не варушыў іхняе адзежы. На свеце сутунела, а яны гутарылі сабе ў вячэрняй цішыні, пабраўшыся за рукі.

— Ці нічога табе не будзе за тое, што выехаў з Анцыюма без ведама цэзара? — пытала Лігія.

— Не, дарагая, — адказаў Вініць. — Цэзар абвясціў, што зачыніцца на два дні з Тэрпнасам і будзе ўкладаць новыя песні. Ён часта гэтак робіць, і тады аб нічым іншым ведаць не хоча. Ды што мне цэзар, як я пры табе і гляджу на цябе! Занадта ўжо мучыла мяне туга, а апошнія ночы і сон ужо мяне не браў. Часамі як задрамаў ад знямогі, нагла прачынаўся з думкай, што над табою быццам вісіць небяспека; часамі сніў, што пакралі мне расстаўныя коні, якія мелі мяне везці з Анцыюма ў Рым і на якіх я праімчаўся тую дарогу так прытка, як ніякі цэзарскі рассыльны. Даўжэй ужо не мог вытрымаць без цябе, наймілейшая!

— Я ведала, што прыедзеш. Два разы Урсус бегаў на Карыны пытацца аб табе. Лін смяяўся з мяне і Урсус таксама.

І сапраўды відаць было, што спадзявалася яго, бо замест абыднае вопраткі мела на сабе мяккую белую столу, з якое стройных хвандаў рукі і галоўка выхіляліся, бы расцвіўшыя пралесанькі з снегу. Некалькі ружовых анемонаў аздабляла валасы.

Вініць прыціснуў вусны да ейнае рукі, і селі на каменнай лаўцы пад дзікім вінаградам, прытуліўшыся да сябе моўчкі ды прыглядаючыся зорам, бляск якіх іставетна адбіваўся ў іхніх вачах. Чар спакойнага вечару авалодваў імі.

— Што за цішыня, які свет чароўны! — адазваўся нізкім голасам Вініць. — Ідзе пагодная ноч. Ніколі ў жыцці не чуўся я так шчаслівы. Скажы мне, Лігія, што гэта значыць? Мне ніколі не думалася, каб каханне было такім. Мне здавалася, што гэта толькі агонь у крыві ды жада, а цяпер вось бачу, што можна кахаць кожнай кропляй крыві і адначасна адчуваць такі салодкі супакой, як бы душу закалыхаў ужо сон або смерць. Гэта навіна для мяне. Гляджу на гэную непарушнасць раслін і здаецца мне, што яна ёсць і ўва мне. Вось цяпер я зразумеў, што можа быць шчасце, аб якім людзі да гэтых пор не ведалі. Цяпер толькі я здольны ўцеяць, чаму і ты, і Пампонія Грэцына такія заўсёды пагодныя… Так!.. Гэта дар Хрыстовы… А яна ў той хвіліне прыгалубіла сваю стройную галованьку на ягоным плячы і кажа: — Мой Марк дарагі… І не магла далей слова вымавіць. Радасць, удзячнасць ды пачуццё нявіннасці кахання адабралі голас, а напоўнілі вочы слязьмі расчулення. Вініць, абняўшы ейны зграбны стан, туліў яе да сябе, пасля кажа: — Лігія! Багаславем хвіліну, у якой я першы раз пачуў Ягонае імя.

Яна ціха адказала: — Кахаю цябе, Марку.

Ды зноў замоўклі, не могучы выдабыць слоў з перапоўненых грудзей. На цыпрысах згаслі апошнія касулі ліловых водбліскаў, садок пачаў серабрыцца ад месячнага сярпа.

Цераз хвіліну Вініць пачаў гаварыць: — Я ведаю… Ледзь толькі я сюды прыйшоў, ледзь паспеў прывітацца, на вачах тваіх ужо йграла пытанне: ці зразумеў тую боскую навуку, якую ты вызнаеш, і ці ўжо ахрышчаны? Не. Яшчэ не ахрышчаны, а ці ведаеш, кветанька, чаму? Павал мне сказаў: «Я пераканаў цябе, што Бог прыйшоў на свет і даўся ўкрыжаваць на збаўленне свету, а ў крыніцы ласкі хай абмые цябе Пётр, які першы цябе багаславіў». Дый я таксама хацеў, каб ты, мілая, глядзела на мой хрост, і каб маткаю мне была Пампонія. Дык дзеля таго я дагэтуль яшчэ не хрышчаны, хоць веру ў Збаўцу і Ягоную салодкую навуку. Павал мяне пераканаў і навярнуў, ды ці ж інакш магло быць? Як жа я мог бы не верыць, што Хрыстус прыйшоў на свет, калі Пётр так навучае, які быў вучнем Ягоным, і Павал, якому аб’явіўся? Як жа мог бы не верыць, што быў Богам, калі ўваскрос? Бачылі ж яго і ў горадзе, і над возерам, і бачылі людзі праўдамоўныя. Я верыў гэтаму ад тае пары, як пабываў у Острыянуме, бо я і тады сказаў сабе: на цэлым свеце хутчэй схлусіць кожны іншы чалавек, толькі не той, які кажа: «Бачыў!» Але вашае навукі я баяўся. Бо здавалася мне, што яна адбірае мне цябе. Я думаў: няма ў ёй ані мудрасці, ані гожасці, ані шчасця. Сяння, аднак, калі пазнаў яе, што ж бы з мяне быў за чалавек, калі б не жадаў, каб над светам панавала праўда, любоў, дабро, вернасць, літасць замест махлярства, нянавісці, злачынства, здрады, помсты? Хто ж бы гэтага не хацеў? Адыж гэтага вучыць вашая навука.

Іншыя навукі быццам таксама дамагаюцца справядлівасці, але гэтая адна толькі робіць сэрца людское справядлівым. Ды апрача таго — чыстым і верным, як тваё і Пампоніі. Сляпым быў бы, каб гэтага не бачыў. а калі пры тым ХрыстусБог абяцаў жыццё вечнае й шчасце бязмернае такое, якое толькі Божая ўсёмагутнасць даць можа, дык чаго ж больш хацець? Калі б я спытаў Сэнэкі: нашто заляцае цноту, калі грэх дае больш задавальнення? — не ўмеў бы мне напэўна нічога талковага адказаць. А я цяпер ведаю, нашто трэ быць сумленным, — на тое, што дабро і міласць плыве з Хрыста, ды на тое, каб, як смерць замкне нам вочы, знайсці жыццё, знайсці шчасце, знайсці сябе самога ды цябе, найдаражэйшая… Як жа не палюбіць ды не прыняць навукі, якая адначасна і праўду кажа і смерць перамагае? Хто б не цаніў больш дабра, чым зла? Я думаў, што гэтая навука адбірае шчасце, а тым часам Павал пераканаў мяне, што не толькі нічога не адбірае, але яшчэ дадае. Ледзь у галаве ў мяне ўсё гэта тоўпіцца, але чую, што так ёсць, бо ніколі я не быў такім шчаслівым дый не мог быць, хоць бы забраў цябе тагды сіламоц і трымаў дома. Ты ось нядаўна гаварыла: «Кахаю цябе», гэных слоў я не выдабыў бы з цябе ўсёю магутнасцю Рыму. О, Лігія! Розум сведчыць, што навука гэта ёсць Боская і найлепшая, сэрца адчувае гэта, а такім дзвём сілам ніхто не здолее супрацівіцца.

Лігія слухала, уставіўшы ў яго свае блакітныя вочы, падобныя пры месячным бляску да містычных кветак, ды так араселыя, бы кветкі.

— Так, Маранька! Праўда! — пацвердзіла, прытуляючы мацней голаў да ягонага пляча.

І ў гэнай хвіліне чуліся абое надта шчаслівымі, бо разумелі, што апрача кахання лучыць іх яшчэ нейкая іншая сіла, салодкая і непераможная адначасна, праз якую само каханне становіцца чымсь непрамінальным, непадлеглым змене, расчараванню, здрадзе, а нат смерці. Сэрцы іхныя зверыла моцная пэўнасць, што насуперак негадзі яны не перастануць кахацца і належаць да сябе. Гэта давала ім нявыказаны супакой. Вініць уяўляў пры тым, што гэтае каханне не толькі чыстае і глыбокае, але і цалкам новае, якога свет дагэтуль не ведаў і даць не мог. Тварыла яго ў сэрцы юнака ўсё: і Лігія, і навука Хрыстова, і пасвята месяца, ціха дрэмлючая на цыпрысах, і пагодная ноч, так што ўсётвор увесь быццам ім быў перапоўнены. Па хвіліне зноў пачаў гаварыць прыцішным дрыжачым голасам: — Ты будзеш душою мае душы і будзеш мне найдаражэйшаю ў свеце.

Згодна біцімуць нашыя сэрцы, адна будзе малітва й адна ўдзячнасць Хрысту. О, мая дарагая! Разам жыць, разам салодкага Бога хваліць і чакаць па смерці новага шчаснага святла, што ж лепшае можна ўявіць! Дзіўлюся з сябе, як гэта я раней гэтага не разумеў! І ведаеш, што мне цяпер здаецца? Гэтая навука паканае ўсіх. За дзвесце-трыста гадоў прыйме яе ўвесь свет: людзі забудуць пра Ёвіша, і не будзе іншых багоў акрамя Хрыста ды іншых святынь акрамя хрысціянскіх. Хто ж бы не спагадаў сабе шчасця? Ах! Чуў я гутарку Паўла з Пятроніем, і ці ведаеш, што ў канцы Пятроні сказаў? «Гэта не для мяне», але нічога больш адказаць не ўмеў.

— Скажы, што Павал яму гаварыў? — просіць Лігія.

— Было гэта вечарам, у мяне. Пятроні пачаў, як звычайна, жартаўлівую гутарку, а Павал кажа яму: «Як можаш, мудры Пятроні, пярэчыць існаванню і ўваскрэшанню Хрыста, калі не было тады яшчэ цябе на свеце, а Пётр і Ян бачылі Яго, дый я бачыў, едучы да Дамаску? Дык перш хай твая мудрасць выкажа, што мы лгуны, тады можаш запярэчыць нашаму свядоцтву». Пятроні адказвае: «Пярэчыць я не думаю, бо ведаю, што дзеецца шмат рэчаў таёмных, якія сцвярджаюць людзі, веры годныя, але што іншае — адкрыццё новага чужаземнага Бога, а што іншае — прыняцце Ягонай навукі. Не хачу ведаць нічога, што б магло мне папсаваць жыццё, збурыць гожасць ягоную. Гэта малаважна, ці нашы багі праўдзівыя, важна тое, што ўсё ж такі яны прыгожыя, весела нам пры іх і бестурботна». Тады Павал талкуе так: «Адкідаеш навуку справядлівасці й міласэрнасці, баючыся жыццёвых турботаў, а падумай, Пятроні, ці жыццё вашае іставетна ёсць бестурботнае? І ты, і ніхто спаміж найбагацейшых ды найважнейшых не ведае, кладучыся вечарам, ці не прачнецца ўзаўтра з прысудам смерці. А скажы: калі б цэзар вызнаваў гэтую навуку, якая дамагаецца міласці й справядлівасці, ці ж тваё шчасце не было б больш пэўным? Табе шкада ўцехаў, а ці ж не было б тады жыццё весялейшым? Даражыце гожасцю жыцця і хараством, вось жа, калі набудавалі вы столькі прыгожых святынь і статуяў на гонар бостваў злых, мсцівых, распусных і хвальшывых, дык чаму ж бы не даканалі гэтага ў гонар адзінага Бога міласці і праўды? Хвалішся сваёю добраю доляй, вяльможнасцю, раскошамі, але ж ты мог бы таксама быць і бедным, бяздольным, паміма высокага паходжання, а тады лепей бы табе сапраўды было на свеце, калі б людзі вызнавалі Хрыста. У вашым горадзе нават жа і пачэсныя родзічы, не хочучы турбавацца гадаваннем дзяцей, часта выкідаюць іх з дому, дзе іх падбіраюць чужыя сем’і, называючы іх «гадаванцамі».

Мог жа й ты апынуцца такім вось гадаванцам! Ды гэтага проста не магло б здарыцца з табою толькі тады, калі б твае родзічы жылі паводле нашай навукі. А калі б ты, дачакаўшыся мужнага веку, ажаніўся з каханаю жанчынай, напэўна хацеў бы, каб яна была табе вернай да смерці. А тым часам глянь, што ў вас робіцца, колькі сораму, колькі ганьбы, колькі матацтва жанімскаю вернасцю!

Адыж вы ўжо самі дзівіцёся, калі знойдзецца ў вас жанчына, так званая «унівіра». А я табе кажу, што тыя, якія Хрыста ў сэрцы насіцімуць, не зломяць вернасці мужом, так як і мужы дахаваюць яе жонам. Вы ж не верыце ні вашым валадаром, ні вашым бацьком, ні жонам, ні дзецям, ні слугам. Перад вамі дрыжыць увесь свет, а вы дрыжыце перад уласнымі нявольнікамі, якія ў кожнай хвіліне могуць вайною абурыцца на вашае гныбіцельства, як не раз ужо бывала. Багаты ты — расстанешся з багаццем, малады — узаўтра загадаюць паміраць. Ты кахаеш, а тут тоіцца супраць цябе здрада; раскашуешся вілламі і статуямі — узаўтра можаш быць выгнаным на пустыню Пандатарыі; маеш тысячы слугаў, а тыя слугі ўзаўтра могуць з цябе кроў выпусціць. А калі так дзеецца, дык як жа можаце быць спакойнымі, шчаслівымі і радасна жыць? А вось я агалошваю навуку, якая наказвае валадаром любіць падданых, гаспадаром — нявольнікаў, нявольнікам — служыць з міласці, рабіць справядлівасць і міласэрнасць, а за гэта абяцана ім шчаслівасць безбярэжная, моў бясконцае мора. Дык як жа можаш, Пятроні, казаць, што навука гэтая псуе жыццё, калі яна яго наладжвае, калі і сам ты быў бы ў сто разоў шчаслівейшым і спакайнейшым, каб яна агарнула свет, як агарнула яго вашае рымскае ўладства».

Так, Лігія, гаварыў Павал, а Пятроні на гэта: «Гэта не для мяне», — і, прыкідваючыся сонным, выйшаў, на адходным толькі дакінуў: «Для мяне лепш мая Эўніка, чым твая навука, юдэйчык, але не хацеў бы з табою вайны весці на словах». Затое я слухаў слоў Паўлавых усёй душою, а як гаварыў пра нашых жанчын, цэлым сэрцам захапляўся тою навукаю, з якое ты вырасла, бы лілейка з вогкае раллі. І пералічаў у думках: Папея кінула двух мужоў дзеля Нэрона, Кальвія Крыспініла, Нігідыя ды амаль усе, якіх ведаю, акрамя аднае Пампоніі, матачылі, гандлявалі верай і жанімскай прысягай, і адна толькі ты, толькі мая, не адступіць, не звядзе, не прыгасіць вогнішча, хоць бы мяне звяло і адступіла ад мяне ўсё, чаму давяраў. І пытаў сябе ў душы: чым жа адудзячуся табе, калі не міласцю ды пашанай? Ты не чула, як я тамака ў Анцыюме гутарыў бесперастанку з табою, моў з прысутнаю. У сто разоў больш люблю цябе за тое, што ўцекла тады ад мяне з дому цэзара. Не хачу ягоных раскошаў і музыкі, хачу цябе толькі аднае. Даволі будзе аднаго твайго слова, а выедзем адгэтуль далёка.

А яна, не аднімаючы галавы ад ягонага пляча, падняла вочы як бы ў задуменні на срэбныя верхавіны цыпрысавыя і адказала: — Добра, Марк. Ты пісаў мне пра Сіцылію, дзе і Аўлы маняцца асесці на старасць… Вініць з радасці не даў дакончыць: — Так, любка мая! Нашыя гаспадаркі ляжаць па-суседску. Чароўны гэта бераг, дзе клімат, як мёд, а ночы яшчэ яснейшыя, чым рымскія, упаяючыя… Там жыццё й шчасце — гэта амаль тое самае.

Ды пачаў лятуцець пра будучыню: — Там можна забыцца пра турботы. Шпацыравацімем у гаі, у аліўніках, у цяньку. О Лігійка! Што за раскоша кахацца, галубіцца, разам любавацца морам і небам, разам аддаваць шанаванне міламу Богу, дабро тварыць навакол і справядлівасць!

Змоўклі абое, загледжаныя ў будучыню; ён туліў толькі яе штораз мацней да сябе, а на руцэ ягонай мігацеў ад месяца залаты рыцарскі пярсцёнак.

У работніцкай убогай частцы гораду ўсе ўжо спалі, панавала цішыня.

— Ты дазволіш мне спатыкацца з Пампоніяй? — спытала Лігія.

— А няўжо ж. Адведвацімем іх, запрашацімем да нас. Хочаш, дык забярэм да сябе Апостала Пятра? Ён прыгноблены векам і працаю. Павал нас адведваціме, наверне Аўла Плаўцыя, і як ваякі закладаюць калоніі ў далёкіх краёх, так мы заложым хрысціянскую калонію.

Лігія ўзяла руку Вініція і хацела далікатна пацалаваць, але ён, шэпчучы, як бы баючыся спалохаць шчасце, бараніўся: — Не, Лігія! Не! Я цябе павінен цалаваць і вяльбіць, дай ты мне руку.

— Кахаю цябе.

Ён прыціснуў вусны да ейных белых, як язмін, рук, і праз хвіліну чулі толькі біццё сваіх сэрцаў. У паветры ні шораху, цыпрысы, моў мёртвыя, казаў бы й яны затрымалі дыханне ў грудзях… Нараз неспадзяваныя раскаты грому разарвалі паветра. Лігія жахнулася, Вініць выпраставаўся і супакойвае: — Гэта львы ў віварыях рыкаюць… І пачалі абое наслухоўваць. За першым раскатам паўтарыўся другі, трэйці, дзесяты, з усіх бакоў і кварталаў. У горадзе часамі бывала да тысячы львоў пры розных арэнах, і не раз, упіраючыся мызамі ў клетку, такім спосабам агалошвалі сваю тугу да вольнасці й пустыні. Так тужылі й цяпер, пераклікаючыся рыкам на цэлы горад. Нейкая злавесная й панурая пагроза тоілася ў гэтым, і Лігія, ад якое прагнаў ясную й спакойную візыю будучыні, слухала гэты рык з дзіўным жахам і сумам.

Але Вініць абняў яе моцнаю рукою і пацяшае: — Не бойся. Ігрышчы блізка, дык усе віварыі перапоўнены.

І пайшлі абое ў дамок Ліна пад марш штораз магутнейшых рыкаў львоў.

 

XL

 

У Анцыюме тым часам Пятроні штодня трыумфаваў над усімі аўгустыянамі, якія ўвіхаліся за ласкамі цэзара. Уплыў Тыгэліна змалеў зусім. У Рыме, дзе трэ было спратваць людзей, якія выдаваліся небяспечнымі, абдзіраць іх маёмасць, рабіць палітыку, ладзіць відовішчы, задзіўляючыя пышнатою ды благім густам, а ўрэшце заспакойваць дзікія прымхі цэзара — Тыгэлін, спрытны і адчайны, быў безумоўна патрэбен. Але ў Анцыюме, сярод палацаў, красуючыхся ў ажурах мора, цэзар жыў жыццём Гэллады. Ад самага рання да вечара чыталі вершы, дыскутавалі аб іхняй будове і стройнасці, захапляліся ўдалымі сказамі, цікавіліся музыкай, тэатрам, адным словам, усім тым, што стварыў і чым упрыгожыў жыццё грэцкі геній. У такіх абставінах беспрыраўнальна больш, чым Тыгэлін і аўгустыяне, адукаваны Пятроні — гумарыста, вымоўны, поўны субтэльнага адчуцця і густу — мусіў здабыць перавагу. Цэзар патрабаваў ягонага таварыства, цікавіўся ягоным поглядам, раіўся падчас творства і прыязніўся жывей, чым калі йнакш. Асяроддзю выдав