epub
 
Падключыць
слоўнікі

Георгій Ліхтаровіч

Ліхтарыкі. Лагодныя, памяркоўныя і рахманыя (кароткі курс)

 

Круці на вус!

 

Час шыбіны вачэй пазапыліў,

А цёзка скрозь праніклівы Скарынаў

Рашуча асьцярогі ўсе адрынуў -

«Ліхтарыкі» ў цямрэчы запаліў.

 

Мы самі й нашы сані, й нашы дні

Нарэшце без ідэйных акуляраў

Ружовых не ад мараў -

Ад кашмараў

У шэраіснасці на далані.

 

Ня стане лёгкім зайцам

Тлусты трус -

Яму трусятнік даражэй за волю.

Пан беларус!

Сваю ня зблытай долю

З навязанай.

Чытай!

Круці на вус!

 

* * *

Пра ўсё пісалі да мяне.

Нашто крамзолю я паперу?

Ды проста ў святасць слова веру:

А раптам некага кране?

 

Замест аўтарскай прадмовы

 

* * *

Можна са сваёй радзімы кпіць,

Пішучы ў Ерусаліме «гарыкі»,

Ну а я спрабую запаліць

У тутэйшай цемрадзі «ліхтарыкі».

* * *

Смяяўся крытык апантана:

Далёка Вам да Губермана!..

- У кожнага свая прапіска,

Да Мінска і яму не блізка!

* * *

Раней зайздросціў Губерману.

Паразважаў - яго бяда.

Сем раз адмерваў я старанна,

А рэзаць роднае - шкада!

* * *

Яшчэ адно скажу я вам, панове,

Напрыканцы, як кажуць, у нагрузку:

«Ліхтарыкі» гучаць на роднай мове!

А «гарыкі» - усё-такі па-руску...

 

* * *

Мы вывучалі ўсе паданне тое.

Спачатку - Слова... Ведаем даўно.

Але чаму не кажуць нам, якое,

Дык, можа, нецэнзурнае яно?

* * *

Ва ўлонні розумам дзіцячым

Мы нейкі зведалі сакрэт...

Ці не таму гаротна плачам,

Калі вітаем гэты свет?

* * *

Кім на гэты свет запёрты?

Варыянтаў тут да чорта!

А вароты не запёрты

Ні да Бога, ні да чорта...

* * *

Хоць як свет аксіёма старая,

Што і Слова для Мовы стварае

І самога Паэта - народ,

Свет быў створаны наадварот.

* * *

Віруе небасхіл зімой і ўлетку.

У кругазор'я варыянтаў цьма.

Як сцяміў, што ідзе гульня ў рулетку,

Адразу чуеш: ставак больш няма!

* * *

І хто даўмеўся, ягамосці,

Што мы на гэтым свеце госці?

Не разумею, хоць памры,

А хто ж тады гаспадары?

* * *

У верах - выбару прастор...

А як галоўнае праверыць:

Ці Бог у чалавека верыць,

Ці ён даўно забыў свой твор?

* * *

У завірухах падзей

Дзіўныя рэчы здараюцца:

Не аб'яднаеш людзей,

Злыдні - імгненна яднаюцца!

* * *

Сябрам не трэба шукаць прычыны.

Заходзь на чарку - налью гасцінна.

І мне ўсё роўна, што скажуць людзі,

З краямі поўна налью, як будзе...

* * *

Куды знікае наша маладосць?

Ці трэба поспех, слава і багацце?

Нашто на гэты свет прыходзім, браце?

Няма адказаў... А пытанні ёсць!

* * *

Ён малады цішэй вады

Сяды-тады, гады ў рады,

Шукаў, куды вядуць брады.

І ні туды, і ні сюды!

* * *

Прыглядзіся і паслухай -

Не спяшай да гаманы.

Ёсць два вокі і два вухі,

Вусны - нездарма адны!

* * *

Кіславата, ды паціху думка спее,

Як дзядуля мой казаў яшчэ тады:

Аніхто на два абеды не паспее,

Каб наесціся, нібыта на Дзяды.

* * *

Лёс абраць асэнсавана -

Вось галоўная турбота:

Донжуанам быць складана,

Донкіхотам - неахвота!

* * *

Не ўспрымаецца на слых:

Шэсць мільярдаў на планеце!..

Толькі мёртвых душ на свеце

Значна болей, чым жывых.

* * *

Ён значна горшы, чым свіння,

І не ўсхвалюе нават сконам.

Іх параўнаць не ў стане я:

Свіння ўпрыгожыць стол беконам.

* * *

Скуль гэты гонар? - Не ўяўляю!

Напэўна, трошкі сцішыць трэба?

Людзей хаваем у зямлю,

А кажам: «Адышлі на неба...»

* * *

Няўжо заўважыць здольны мы,

Што ў нас над галавой сінеча,

Што ўранку жаўранак шчабеча -

Адно за кратамі турмы?

* * *

Жыццё - тэатр, а кожны з нас - акцёр

З уласным грузам штампаў і амбіцый.

Як верыць нам павінен рэжысёр,

Каб ролі раздаваць без рэпетыцый!

* * *

Агітпроп святароў, абяцанкі-гаворкі

Пра выгоды нябёсаў не надта люблю.

Ці не з грэшнага неба зрываюцца зоркі,

Каб патрапіць да нас - на святую зямлю!?

* * *

На абразах старых без выкрутас

Наўкол анёлаў ззянне залатое.

Цікава, як анёлы бачаць нас...

Але ў каго спытацца мне пра тое?

* * *

Куміра сам сабе не сатвары,

Каб не стварыць агідную пачвару.

Бязгрэшны, кажаш, Божухна ўгары?

А хто ж у пекле назапасіў вару?

* * *

Што для Творцы мае тары-бары,

Ды няўмела, цішком, пакрысе

Я прашу, каб здзяйсняліся мары,

Але толькі, крый Божа, не ўсе.

* * *

Пакіньце вашу паству страшыць пеклам,

Паверце ўрэшце Богу, святары.

Напэўна, нездарма ён сатварыў

Адама не анёлам - Чалавекам!

* * *

Калі паленца дагарае ў печы,

Ці помніць, як бярэзінай расло?

Дарэчы, гэткі лёс і чалавечы -

Паспець аддаць уласнае цяпло.

* * *

Даруйце думкі мне свавольныя,

Ды надта хочацца спытаць:

Няўжо адно, на што мы здольныя

Жыццё самім сабе псаваць?!

* * *

Духоўны прагрэс прыпыніўся, дальбог,

І ёсць заняпаду прыкметы.

Магчыма, спыніў свае доследы Бог

Над малпамі з трэцяй планеты.

* * *

Ці ад дурноты, ці ад халадоў

Не бачна ўсходаў нашых жалудоў.

Навошта дуб, калі ён не пакіне

Асілкаў-парасткаў сваёй краіне?

* * *

Калі разгледзелі з-пад палкі

Аднойчы ў люстры свой партрэт,

Мы шкло разбілі на кавалкі.

Ды ў кожным з іх той самы свет!

* * *

У схільнасці да гвалту і разбою

З драпежнікамі маем парытэт.

Адзіны ёсць у нас прыярытэт -

Магчымасць пасмяяцца над сабою!

* * *

Рагочуць, верагодна, аж да смерці

Ад гэтага пачыну ў пекле чэрці:

Нам чынавенства месцы для спачыну

Дае ці па знаёмству, ці па чыну.

* * *

Я ў боскім плане бачыў недахоп:

Лёс Свету Ён аддаў на водкуп Ною.

А сёння ўцяміў, што стварыў патоп

Грунтоўныя для нас запасы гною.

* * *

І каму нам за гэта падзякаваць,

Што хлусня сёння песні пяе,

Калі праўдзе самой абыякава -

Ці паверыў хоць хтосьці ў яе?!

* * *

Свет бязгрэшнымі Бог насяляе.

Мы ў маленстве - анёлы заўжды!

Але хто ж нас амаль пазбаўляе

Успамінаў пра тыя гады?

* * *

На надта набожных я часам злуюся

Дурную манеру яны завялі:

Пагардліва кажуць - зямныя спакусы!..

Нібыта яны не жывуць на зямлі.

* * *

Калі ў вірні будзённай мітусні

Раптоўна ўспомніш тое, што забыта,

І зразумееш, што яно - забіта, -

Забойцу ў вочы ў люстра зазірні!

* * *

Нямоглым, Божа, спачувай.

Няўцямным - дараваць не трэба.

Таго, хто бэсціць родны край,

Тут пакарай. Не пэцкай неба!

* * *

Божа, якія прыгожыя твары дзяцей -

Колькі гарэзных забаў, летуценняў узнёслых,

Мрояў бясконцых! Ды я запытаю прасцей:

-Як з іх ствараюцца сумныя твары дарослых?

* * *

Знаёмы мой вучоны муж,

Калі ў гасцях к дэсерту збочвалі,

Не каштаваў ніколі груш:

Ён ведаў, чым іх акалочвалі!

* * *

Не схіляўся ён да перамен

І сваё трымаў заўсёды слова -

На сваім настойваў прынцыпова:

Для настойкі браў выключна кмен!

* * *

Дамовіўся са сваякамі:

Па-свойму кожны можа жыць.

З маёй душы зваліўся камень,

А ў іх - за пазухай ляжыць.

* * *

Калі казалі «пі здароў!» -

Я чуў заўсёды «пі з дароў»

І я пытаўся: «Спадары,

Дзе абяцаныя дары?»

* * *

Гаворка йшла пра выбар шчанюка:

«Хачу, каб з радаслоўнай быў, і годзе!» -

Вішчэла бацьку любая дачка...

Ці выбіраюць сябра па пародзе?

* * *

Саноўны дуб пражыў як бервяно.

Даў дуба... Не ратуе чын ад смерці.

Казалі: «Перастала біцца сэрца»...

А ці калісьці білася яно?

* * *

Мужык у вёсцы руйнаваў буслянку:

«Засралі ўсё, а мне парадак трэба!..»

А я з надзеяй паглядаў на неба,

Ды Бог ізноў пашкадаваў маланку!

* * *

Пяюць заранкі, ценькаюць сініцы,

Але душа не чуе ні шыша.

Заместа завушніцаў у дурніцы -

Навушнікі ад плэера ў вушах.

* * *

П'янюга з догам пасярод двара.

Не трэба аніякія тут вагі:

Сабака разумней гаспадара,

Але хвастом віляе ў знак павагі.

* * *

На могілках трымаў дарослы слова:

«Пайшоў заўчасна чалавек з жыцця».

Ды раптам запыталася дзіця:

- А што? Бывае, каб своечасова?

* * *

Для дзеда ў «Запарожцы» быццам фэст,

На браме шыльда пра бясплатны ўезд.

Не ведае нябога, што завые,

Бо грошы тут здзіраюцца за выезд.

* * *

Памёр сябрук... Не ў гэтым сутнасць.

Да сёння цяжка выйсці з трансу,

Бо жонка толькі ў дзень авансу

Заўважыла яго адсутнасць.

* * *

Папу ў нас Вера піць забараняе.

Калі на чарку вернікі завуць -

Адвернецца, бо сілу Веры знае!..

Дарэчы, Верай пападдзю завуць.

* * *

У вёсцы з дзіўнай назвай Жмінды

Бабыль-байбак на свеце жыў.

Не ведаў, што такое лынды,

Бо ўсё жыццё ён байды біў.

* * *

Аж да азоў яго жыцця

Перагартаў фотаальбом:

Якое мілае дзіця,

А вырасла такім жлабом!

* * *

Зубра цягнула племя з лесу.

Падколваў іх гультай вясёлы:

Лянота - рухавік прагрэсу!..

Бо ён ужо прыдумаў... колы.

* * *

Не каштаваў яшчэ ў жыцці як след

Усіх прысмакаў, што прапанавалі.

А час ляціць, канчаецца абед,

І стравы са стала амаль прыбралі...

* * *

Цікавы рэчаіснасці статут:

Ад нараджэння ўсё жыццё - чаканне,

Калі смяротны здзейсніцца прысуд,

Бо ён з адкрытай датай выканання.

* * *

Паэт - апошняя з надзей,

Хоць блытаецца пад нагамі,

Ды ўсё-ткі любіць ён людзей,

Таму спрачаецца з багамі!

* * *

Сем - адмерай, адзін раз адрэж...

Нешта ў думках мяцеж уздымаецца:

Ёсць рубеж і куды тут папрэш -

Ці разрэзаць кулеш атрымаецца?

* * *

Ціха ныючы пра болькі,

Пазіраем мы на неба.

Мо здаецца Творцу толькі,

Што на свеце ўсё як трэба?

* * *

Што шалі лёсу хваляваць

Шаленствам юбілейнай хвалі,

Калі яшчэ не пахавалі,

А пачынаюць памінаць?!

* * *

Абраў я не шыпоўкі, а красоўкі,

Бо думаў, што жыццё як марафон.

Ды ў боскага судзейства свой закон.

Як блізка фініш гэтай стометроўкі!

* * *

Паволі кожная персона

Ідзе да марша Мендэльсона,

А потым час ляціць імгненна,

І ўжо нясуць пад марш Шапэна.

* * *

Жыццёвы ўзровень павышаецца, -

Улада сведчыць нам... Хаця...

Чаму ж няўхільна скарачаецца

Працягласць лепшага жыцця?

* * *

Енчыць старасць нам здаўна:

Добра там, дзе нас няма!..

Спеліць думку маладосць:

Значыць, дрэнна там, дзе ёсць?!

* * *

Узрост збірае безліч скарбаў,

Ды, што вы мне ні гаварыце,

Амаль няма ружовых фарбаў

У антыкварным каларыце...

* * *

Паміж калыскай і труной - пункцір:

Кватэры, мэбля і аўтамабілі,

Ды праца, выбачайце, на сарцір...

Нічога для душы - усё для цвілі.

* * *

Заўсёды першым зло да нас чапляецца,

Гне да зямлі жыццёвымі віхурамі.

Чаму дабро адно абараняецца,

Гуляе толькі чорнымі фігурамі?

* * *

Магчыма, Бога і разгневаю,

Ды выкажу сваю нязгоду я:

Стварыў Ён Свет адною леваю,

А я ж і праваю валодаю!

* * *

Хоць ведаю малітвы - не малюся.

Уласны шлях агорваю гарбом.

«Раб божы» - я ад гэтых слоў у скрусе,

Бо не хачу і ў Бога быць рабом!

* * *

Сябра з месяц у вёсцы прабыў,

Зараз - мучыцца, як недарэка:

Ці патрэбны правы чалавека

Тым, хто твар чалавечы згубіў?

* * *

Ці будзе лад ў нашай гаспадарцы?

Мы лёкаі на ўласнае зямлі.

А паглядзіце, як жывуць швейцарцы!

Раней адно швейцарамі былі.

* * *

Калі мастак, вучоны і паэт

Спрачаюцца за лычкі на мундзіры,

Які тут, браце, суверэнітэт?

Сурвэтка ды ручнік на сувеніры.

* * *

Я пытаюся ўпарта, як тая каза:

А ці ёсць Таварыства ангельскае мовы -

І не ў сэнсе навукі, а ў ролі аховы -

У Вялікай Брытаніі?.. Хто б адказаў?

* * *

Усё ж няроўна дзеліць Бог -

Ён нам да сёння нешта вінны,

Бо зладзіў беларусаў з гліны;

Граніт - для горцаў прыбярог.

* * *

Бывае - веліч цемечка дзяўбе,

Але ў начальства ёсць рэцэпт банальны:

Прыдуркаў назбірай вакол сябе,

І ты ўжо параўнальна геніяльны.

* * *

Навыдумлялі людзі ўзнагарод

І цешацца бляшанкамі, як дзеці.

Нам, дзякуй Богу, гэткі лёс не свеціць -

Не заглядалі мы начальству ў рот!

* * *

Не перагалёкаць абібокаў,

І таму, як насланнё, як пошасць,

Давіць і паэтаў, і прарокаў

Гэта падаўляючая большасць.

* * *

Гляджу я на апошнія падзеі

І не магу ад роспачы стрымацца:

Ці не занадта смелыя надзеі,

Што мы людзьмі калісьці будзем звацца?

* * *

Буду жыць як набяжыць -

Хай сама кладзецца цэгла!

Ды нягегла ўсё набегла -

Кладка крывенька ляжыць.

* * *

Калі ў паняверцы блудзім

Геній упарта гне:

«Мяне пахаваюць людзі,

Лепшыя за мяне!..»

* * *

Не парушай і не грашы,

Каб захаваць жыццё душы!..

А мо на тое і душа,

Каб забароны парушаць?

* * *

Быў малады і назаўжды

Дакладна зведаў, дзякуй школе:

Адклад не йдзе на лад ніколі!..

А як з дарогай на клады?

* * *

Апошні шлях ніхто не абміне. -

Што кветкі на клады прыносіць потым,

Што швэндацца, не ведаючы, што там?

Прыходзьце сёння ў госці да мяне!

* * *

Калі ёсць выбар - рай ці пекла,

Пайду туды, дзе больш сяброў,

Дзе грэшнай чаркай - Будзь здароў! -

Прывецяць горача і ветла.

* * *

Вось кажуць: «Незямная прыгажосць!»

Гаворка, пэўна, йдзе пра Царства Божае.

Яно, магчыма, сапраўды прыгожае.

На жаль, ніхто не скажа, што там ёсць.

* * *

Чакаем ласкі боскай далані,

Бо самі працаваць ужо адвыклі,

Але і небу, пэўна, мы апрыклі,

Калі крычалі - там няма ані!..

* * *

Мяркую, што ўгняўлю не надта Бога,

Хоць, можа, тая думка навырост:

Здаецца мне, што самы лепшы пост -

Не есці нам зусім... адзін другога!

* * *

Збярэцца на душы грахоў замнога,

І чалавек звяртаецца да Бога:

Мой Божа, - ціха шэпча... Чалавеча,

Заўваж: ты нават Бога прысабечыў!

* * *

Не горш чым тыя рымляне і грэкі,

Багоў паганскіх мелі пантэон.

Ці самі іх забылі, недарэкі?

Ці ўсіх паразганяў царкоўны звон?

* * *

Не спрачайцеся, хлопцы, са мной

У паганстве мы рацыю мелі:

Новы год святкавалі вясной,

Калі птушкі дадому ляцелі!

* * *

Да эры правільнага Бога

Было няправільных - ого!

Звалілі ўсё на аднаго -

І што? Палепшала дарога?

* * *

Як недарэчна ў хоры праваслаўным

Гучыць паэта знанага дыскант,

Бо я мяркую, што паэт сапраўдны -

Саліст і па прызванню пратэстант!

* * *

Куды ні кінь - усюды клін,

Куды ні глянь - наўкол халтура.

І Бог не справіўся адзін.

Монатэізм - што дыктатура!

* * *

На гэтым свеце вер неўправарот.

А можа, і не трэба тут парадку?

Курбан-байрам з мацой святкуй, народ.

Алах акбар ваісціну і ўсмятку!

* * *

У будучыню ладзілася гаць,

Ды неяк дзіўна клалася дарога:

Да раю шлях хацелі будаваць,

А перш за ўсё знялі прараба - Бога!

* * *

Напэўна, мы чародныя істоты,

Таму і адамашніў нас рэжым.

Выходзім мы з агульнае дрымоты,

Калі сыходзім, - праўда, па адным.

* * *

Я чую голас продкаў з небыцця:

Нашчадкі, у бязглуздзіцу не верце!

І мы чакалі лепшага жыцця, -

Не атрымалі нават годнай... смерці.

* * *

«Далоў!» - Гучала, быццам дзеяслоў,

Для гультаёў, няўцямных у галечы,

І здуру наламалі столькі дроў,

Што і дасюль паўсюдна топяць печы!

* * *

Ён нават барадзёнку пагаліў

І піў, што архіважна, у Разліў...

Загадка бальшавіцкае душы:

З Зіноўевым адны - у шалашы.

* * *

Забілі ў галаву цвікамі:

«Дабро ў нас быцьме з кулакамі!»

А кулака з яго двара

Ў Сібір пагналі... без дабра!

* * *

Падасца некаму як звіх,

Ды, сапраўды, прыемна мне:

Я ўвачавідкі бачыў тых,

Хто бачыў Леніна ў труне!

* * *

Наш плён ад добрых намалотаў

Вякі малолі ветракі,

Ды хворымі на донкіхотаў

Былі-такі бальшавікі!

* * *

Калі гляджу на каласкі,

Пакінутыя ў жытнім полі,

Заўжды ўяўляю... Салаўкі,

А хлеба ўволю - аніколі!

* * *

Страцілі свае манаткі

І батрачкі, і магнаткі.

Рабавалі ўсё да ніткі

На фундацыю Магніткі.

* * *

Ці мелі нешта мы ўзамен

Рэпрэсій, ганьбы, здзекаў?

На чай і крупы зніжку цэн

За кошт памерлых зэкаў.

* * *

Харчовую праграму вырашаць

Імкнуліся і ўчора мы, і потым,

Але дасюль стаім з адкрытым ротам,

Мо нехта ўкіне нешта пажаваць?!

* * *

Да чэргаў мы прывычныя. Чакаць

Нас прызвычаілі ад часу «чрезвычайки»,

Што нехта з «Чайкі» будзе прызначаць

Адным - пайкі, другім, прабачце, пайкі.

* * *

«Хто быў нікім, той стане ўсім!..»

І сапраўды, нам не зманілі:

Альбо забілі і забылі,

Альбо ператварылі ў дым...

* * *

Асоба - розум паважае,

Але не згодны з гэтым тлум.

І аднадумцаў памнажае,

Лягчэй за ўсё - адсутнасць дум!

* * *

Пра лёс вучоных я забыць не ў сіле:

Цяжэйшае для іх выпрабаванне -

Не плаха, не касцёр і не выгнанне -

Ва ўсе вякі іх невукі судзілі!

* * *

Улада - вось галоўны верад,

Бо як бы ні змяняўся лад,

Заўсёды кліча нас уперад,

Але прыводзіць толькі ўзад!

* * *

Пасеяць трэба, каб хоць нешта зжаць,

Ды іншыя ў нас выдумалі сродкі:

Сялян з пачатку першай пяцігодкі

Мы пачалі рассейваць і саджаць!

* * *

Нам абяцалі шчасце потым.

Вось ураджай ад тых падзей:

На дзялках за калючым дротам

Крыжы няздзейсненых надзей.

* * *

Аддаў Пілат ганебны свой загад

І вымыў рукі, каб застацца чыстым.

Прыёмчык гэты, б'юся аб заклад,

Адтуль і трапіў у дэвіз чэкістам.

* * *

Калі траплялі ў лагерны катух,

Мяшалася ў галовах з бобам груца:

«Памылка! Выпусцяць, як разбяруцца!»

І разбіраліся, і выпускалі... дух.

* * *

Губілі нас мільёнамі ў тайзе,

Ды не пужаў той жах амаль нікога.

Наогул балазе хоць у чарзе

Баяліся згубіць адзін другога.

* * *

Паспрачаліся з Богам, з анёламі

І ступілі на сцежку вайны.

«Разумею» пра цэрквы з касцёламі,

А навошта бурылі млыны?!

* * *

Давай закурым «Беламор», -

Гучыць прывычна з даўніх пор,

А выглядае гэта як...

«Асвенцім» бы курыў паляк!

* * *

Дэталі мы чамусьці не ўспрымалі

Калымскі будавалі ідэал.

Хаця павальна лёсы там каналі,

Назвалі гэта ўсё - лесапавал.

* * *

Хоць камуністаў жаба душыць,

Але пытанне рубам стала:

Чаму на шостай частцы сушы

Зямлі ніколі не хапала?

* * *

Бадай што пазводзілі коней -

Сялянскага ладу аснову.

А сёння блукаем сутоннем...

Ці знойдзем на шчасце падкову?

* * *

Тут зэкі працавалі аж да згубы,

Намылі процьму золата для нас!..

Мы ацалеўшым паўстаўлялі зубы,

І ціха ляснуў залаты запас!

* * *

І склад лагодзілі, і лад -

Адна няладная дакука:

Да свят і дат наладзь даклад...

Марксізм - дакладная навука!

* * *

Не сушыце мазгі нашы ўбогія -

Што прыросту чакаць з карча!

Ваша ўладная ідэалогія

Ўсім да лямпачкі Ілліча.

* * *

Хай вечная мінуўшчына

І стукаецца ў скроні,

Ды вочы не заплюшчы на

Знявечанае сёння.

* * *

Сляпы і той сказаў: «Пабачым!..»

Глухі дадаў яму: «Пачуем!..»

Ці чуць і бачыць нам няма чым,

Што нема міма мы шыбуем?

* * *

Не палітык, а проста дзіця!

Бо радзіму ён бачыць у марах,

Дзе паказчык узроўню жыцця -

Гэта шчырасць усмешак на тварах.

* * *

Напэўна, каб дурніца Клара скрала

Ў разявы Карла не стары кларнет,

А чарнавы асобнік «Капітала» -

Інакш бы выглядаў сучасны свет.

* * *

Магчыма, што была бутэлька з джынам

Прычынаю фантазіі ўначы:

Антонаўцы, махноўцы, басмачы -

З'ядналіся са Слуцкім збройным чынам.

* * *

Па густу - бо такая ўжо парода -

Трымаць прамовы і прымаць парад.

У людзі выйшаў з простага народа,

Таму, хоць рэж, не вернецца назад.

* * *

Ён зведаў «братэрства» паўночнага жах,

Баланды насёрбаўся так, бедалага,

Што нават звычайны дурацкі «Аншлаг»

Прымае за водгук былога ГУЛАГа.

* * *

Народ наш ласы на каўбасы,

Не дурань - чарачку кульнуць,

Ды надта любіць і калгасы -

Заўсёды можна сачкануць.

* * *

Уладзе дастаўся народ залаты:

Працуе, як трактар, ні шкне з пад пяты

І лямку ён цягне, нібыта бурлак...

Чаму ж прадаецца за медны пятак?

* * *

Не будзе ладу ў нас, пакуль

Халява люду даспадобы,

Бо лайдакі вітаюць культ,

Калі ён нават без асобы!

* * *

У краіне сляпых аднавокі - кароль.

Немажліва, што ўсе невідушчыя?

Тут галоўная справа - наладзіць кантроль,

Каб відушчыя вочы заплюшчылі!

* * *

Калі пагроза паўстае -

Ахвярна, мужна і без страху

Гатовы класці мы на плаху

Галовы!.. Толькі не свае.

* * *

Ва ўрадзе - спрэчкі, а народ

Капае ўпарта свой гарод,

Таму павернуты да ўлады

Спакон вякоў выключна задам!

* * *

Свабода?.. Ах, Эжэн Дэлакруа,

І грудзі ў нашай лепшыя, і плечы,

Ды ў нас, калі галодная дзятва,

Красуня завіхаецца ля печы!

* * *

Ад бульбы ўвосень ломяцца кашы,

І шыя ў вёскі пад мяхамі гнецца.

Але хамут, хоць золатам абшый,

Ён хамутом давеку застанецца.

* * *

Мы згубілі гасцінец да волі

У тупіках нашых дзялак і дач.

Бальшыні - шасці сотак даволі

Для рашэння надзённых задач.

* * *

Руплівы, працавіты наш народ -

Такіх людзей не знойдзеш больш на свеце:

Усё жыццё араць чужы гарод

Гатовы за цукерку, быццам дзеці.

* * *

Гляджу на чынавенства зграю,

На казнакрадаў ды хапуг,

І наша панства не ўспрымаю -

Нашто народу столькі слуг?

* * *

З веку ў век, калі дурні-аматары

На свой розум кіруюць законамі,

І пажарнікі, і рэстаўратары -

Як закон - герастраты з неронамі.

* * *

Калі да шчасця клічуць нас назад -

Палітбюро ўстае перад вачыма,

Як доказ - безумоўна немагчыма

Мець з чалавечым тварам гэты лад!

* * *

Сасіскі ўжывае стратэг ці спагеці,

Ці скварку і чарку сваіх землякоў -

Плаціць будуць зноўку жанчыны і дзеці

За гульні ў вайнушку дарослых дзядзькоў.

* * *

Вайна - вычварная пачвара,

Тут нават перамога - страта,

Бо не сагрэцца ад пажару,

Калі гарыць суседа хата.

* * *

Уласнай цемры сутнасць

Улада давяла:

У цемрашальства хуткасць

Больш хуткасці святла!

* * *

Трэба ведаць пра кропкі адліку,

Каб Вайна не ўспрымалася ў лоб.

Без Сусветнай - ніякай Вялікай

І Айчыннай у нас не было б!

* * *

Раць наперад вядуць камандзіры:

На фуражках кукарды гараць,

Як вясёлкі ярчэюць мундзіры...

Пэўна, так весялей паміраць?

* * *

Плён ад вайны ва ўсе часы адзіны:

Зноў лепшыя не вернуцца дамоў.

Жахлівы лёс пакутніцы-радзімы -

Усё жыццё хаваць сваіх сыноў!

* * *

Зноў ветэранскія ўспаміны.

І смех, і грэх!.. Якая злосць?!

Мы спачуваць яму павінны:

Ён зблытаў лад і маладосць!

* * *

У кожнага вайна заўжды свая

І не для ўсіх яна як «Пекла» Дантэ.

Што - смерць для шарагоўца - удвая

Спажыўна для прахвоста-інтэнданта.

* * *

Хоць не гнуцца фрэнчы ад рэгалій -

Прытрымалі праўду генералы.

І, на жаль, прайшлі міма рэалій

Мемуары ды мемарыялы.

* * *

Ільгота ўдзельнікам вайны...

Як здзек гучыць радок дэкрэта!

Няўжо змагаліся яны

За права ездзіць без білета?

* * *

Пасля апошніх радыёнавін

Дзядок з палёгкай прычыняе сенцы:

- Ну, дзякуй Богу, сцішыліся немцы,

Бо, далібог, абрыдла браць Берлін.

* * *

У нашай памяці адны

Ўспаміны генералітэта...

А хто насёрбаўся вайны -

Часцей за ўсё маўчаў пра гэта.

* * *

У маленстве мы пыталіся:

«Можна кніжку пра вайну?..»

І дасюль не дачакаліся:

Выдаюць адну ману!

* * *

Ваяваць прызначана салдату.

Ад імя дзяцей прашу людзей:

- Забярыце ў хлопчыка гранату,

Хай далей жыве Марат Казей!

* * *

Збег звычак аж занадта падазроны:

Як толькі ёсць магчымасць выбіраць,

Забойцам даспадобы сцяг чырвоны..

Каб непрыкметна рукі выціраць?

* * *

Ветэранаў не віню,

Бо наўрад ці разумелі,

Колькі злыдняў рукі грэлі

Каля Вечнага агню!

* * *

Жахлівае сугучча чорных вех:

Катынь, дзе катавалі годнасць каты...

Хатынь, дзе халуі палілі хаты...

Ці выпадковы страшных рыфмаў збег?

* * *

Стратэгі носяць на парад

Узнагароды, быццам бомы,

А імі кінуты салдат,

На жаль, да сёння - Невядомы!

* * *

Яе туга не беспрычынная -

Не бачыць розніцы яна:

Ці сына забярэ айчынная,

Ці - грамадзянская вайна!

* * *

Магілка ў полі... Вожык пожні...

У міру ёсць свая цана.

Ах, каб для ўсіх была апошняй

Яго апошняя вайна.

* * *

Ушчучыў шчупака Ямеля,

І гультая святкуе злыдзень,

Бо тыдзень у яго - «неделя»,

А ў нас нядзеля - раз на тыдзень!

* * *

Свет наогул створаны прыстойна,

Ды знікае прыгажосць у брудзе.

Хараство не гіне самастойна

Бог - будуе, разбураюць - людзі!

* * *

Кіну, напэўна, я памяркоўнасць.

Локшыну хопіць вешаць на вушы:

Не ўспамінайце мне пра духоўнасць

Лепш пачытайце «Мёртвыя душы»!

* * *

Якім яе аршынам мераць?

Чаму магчыма толькі верыць

І немагчыма зразумець?

А можа, трэба розум мець?

* * *

Наш каляндар чырвоны дзень пры дні.

Цячэ гарэлка, адзначаем даты...

Ад святасці пайшлі калісьці святы,

У «праздников» другія карані.

* * *

Гудзе галава ў панядзелкі,

Ды Вера не гіне нідзе:

Надзея жыве ў грамадзе -

Любоў да нядзельнай гарэлкі!

* * *

Напэўна, ісціна старая:

Лёс знойдзе хцівым укарот -

Не будзе вольным той народ,

Што іншых у ярмо збірае!

* * *

Мудрэц паведаў нам аднойчы,

Што намаганні ўсе дарма

Уступіць у тую ж рэчку двойчы,

Ды прамаўчаў наконт... дзярма.

* * *

Як тая Жмудзь Літвою стала?

Не разумею - хоць памры!

Ці мы падмурак п'едэстала,

Ці самастойныя муры?

* * *

Беларусы заўжды паважаюць

І культуру і годнасць шляхецкую,

Але толькі калі яны знаюць,

Што не ўласнае гэта - суседскае!

* * *

Усемагутны Божа мой ты,

Мы дар не ацанілі твой -

Усё праспалі, бо жамойты

Саманазваліся Літвой.

* * *

Мне скрушна, што і таленты, і лёсы

На крошку крышыць час, як жоран долі...

У Крошыне - хоць кола жырандолі,

Ад іншых - крошкі нам не засталося!

* * *

Гудуць наўкол чужыя святы,

Таму жывём мы небагата.

Забыліся, што нашы фэсты -

Радня іспанскае фіесты.

* * *

Адрадзіць магдэбургскае права

І пазбавіцца ўласных гарбоў

Мы гатовы? Тады пагатоў

Да спрадвечных гербоў дойдзе справа!

* * *

Мы гібеем без Касцюшкі,

Як без феі папялушкі.

Не крывавіць памяць-ворыва

І калгас імя Суворава!

* * *

Нядужыцца продкавым душам.

На крушнях, нібыта ўспаміны,

Шыпшыны - здзічэлыя ружы

Былога шляхецтва краіны...

* * *

Што зваць мінулае ў падмогу?

Пры кожным шчырым успаміне

З карціны фарба на падлогу

Злятае, быццам шалупінне...

* * *

Цягнуць нас ад уласнай зямлі,

Хто ў палякі, а хто ў маскалі.

Недарэкам адвеку здаецца,

Што ў суседа і певень нясецца.

* * *

Як нагуляе дзеўка немаўля,

Дык моліцца, каб белы быў і русы!..

Улусы так звяліся спакваля.

Мангол і даў мянушку - беларусы.

* * *

Жылі б па-людску ў Слуцку,

Па-боску - у Лагойску,

Але, на жаль, па-свінску

Камандавалі ў Мінску!

* * *

Тут, на высокім беразе ракі -

Падмуркі, як спусцелыя гняздоўі.

Даўно зляцелі ў вырай ветракі,

Ужо не дачакацца нам дамоў іх.

* * *

Жалеза Бог не даў нам у запас,

Ды ёсць з нястачы выхад паспяховы:

Патрэбна толькі пазбіраць падковы,

Тых коннікаў, што гойсалі праз нас!

* * *

Здаецца, без блакіту век жыву,

Наўкол туман, як сырадой разліты.

Напэўна, Бог захутаў галаву,

Аглухлую ад просьбаў і малітваў...

* * *

У казках жахі - гэта не бяда,

Сапраўдная жуда ў палескай былі:

У студнях продкаў - мёртвая вада,

Жывую ўласнаручна мы забілі.

* * *

Вы чулі прыказку пра тры сасны?

Над прастакамі так калісьці кпілі.

А нам і тры сасны - гушчар лясны,

Бо мы ў дзвюх мовах цалкам заблудзілі.

* * *

Туга, маркота, сум, жальба і смутак.

Адкуль набралі ў мову той журбы?

Магчыма, што таму і гнуць гарбы

Гатовы мы ў любой гадзіне сутак...

* * *

Мне дзіўна пад старымі абразамі

Ад Вільні да Разані і Тарусы,

Што і давілі нас, і абразалі,

А мы яшчэ ўсё роўна беларусы.

* * *

Што ў загоне нашы коні,

Досыць плакаць у сутонні,

Хопіць енчыць на жалейцы

Трэба браць у рукі лейцы!

* * *

Што робіцца ў краіне?

Вячэрае будзённа

Бананам на яліне

Тутэйшая варона!

* * *

Нам Бог зямлю лагодную

Аздобіў краявідамі.

Яе мы любім, родную,

І песцім... пестыцыдамі.

* * *

Сарвалі ў спрэчках галасы -

Пра лёс прыроды точым лясы:

Гудзе сыр-бор, а гэтым часам

Скрозь высякаюцца лясы!

* * *

Ці смагу хутка пры вадзе адчуем,

Ці ўсё-ткі, можа, здужаем спыніцца

Раней, чым ў бутэлькі расфасуем

Усе азёры, рэчкі і крыніцы?

* * *

Ці свет такі, ці люд здурэў?

Сук пад сабой пілуем самі:

Сячэм на дровы трупы дрэў,

Што ўчора зваліся лясамі.

* * *

Магчыма, мы калісьці мелі рацыю,

І нашы навукоўцы - не аслы,

Ды ці даруюць нам меліярацыю

Змарнелыя без посілку буслы?

* * *

Пачнуць прарокі ў недалёкай былі

Імпэт меліяратараў хваліць:

Пустыню на Палессі ўсё ж стварылі!

Ёсць месца - сорак год народ вадзіць.

* * *

Хацелі танны атам зацугляць,

Каб электрычна ежу гатаваць...

На дармаўшчыне «мірнай Хірасімы»

Цяпер як на патэльні карасі мы.

* * *

Параўнанне сённяшняга дня

Падарыла мне дачушка егера,

Ушчувала ў пушчы галчаня:

«Што пішчыш, нібы лічыльнік Гейгера!»

* * *

То газ нам патрабуецца, то нафта.

Там свідравіна, там руднік, там шахта...

Зямлю раскалупалі, як краты!

Усё спрабуем з Богам быць на «ты»?

* * *

У роспачы сядзіць Магутны Божа,

Падлічвае, што ж хоча гэты край,

Збіваецца, злічыць ніяк не можа:

«Рассып, пашлі, зрабі і дай, дай, дай!..»

* * *

Ці хрысцімся, ці робім мы намаз,

Ці ідалаў жалобім - лобам долу,

Ці Бога мы ўспрымаем як назолу,

Цікава Творцу пазіраць на нас.

* * *

Мне - да ведаў святых запаветаў:

Не забі, не ўкрадзі, не змані -

Бог аднойчы дадатак паведаў:

І Мінуўшчыны не абміні!

* * *

Халадэча... Бяда за бядою...

Ах, народзе, ушчэнт не скалей

У чарзе за святою вадою,

Што даўжэй за чаргу ў маўзалей.

* * *

Чацвер, як дзень святы, чакаем -

Мо абяцаны дождж пральецца?

Дарма... То сонейка смяецца,

То хмары ходзяць небакраем!

* * *

Зноў бэсцяць маці, і ніхто не ўстане -

Сядзяць сыны, вады набраўшы ў рот.

Амаль што рытарычнае пытанне:

Ці варты іншай долі наш народ?

* * *

Як жахліва, калі ліміта

Мае голас у справах галоўных.

Трэба прыклад? Ды нават Хрыста

Распіналі па «просьбах працоўных»!

* * *

Ад бацькоў навучаюцца дзеці.

Наш працяг - добры іхні ўспамін.

Мне ж, напэўна, нічога не свеціць:

«Здравствуй, папа!» - вітаецца сын.

* * *

Трэба, сынку, выйсці ў людзі,

Што на вёсцы працаваць!?.

Людзі, як жа сынка будзе

Хлеб бацькоўскі шанаваць?

* * *

Горка ў роце, хоць чуюцца крыкі «халва»,

Сёння звычка савецкім быллём уваскрэсла:

Калі продкі казалі: «У Вас галава!..»

Зараз болей істотна, якое ў вас крэсла.

* * *

Народ і сее, і капае,

А сам сілкуецца з гарода,

Ды гэтых сіл ледзь-ледзь хапае,

Каб пракарміць тых слуг народа!

* * *

На нарадзе ён з вялікім жарам

Чынавенству ўчора даў загад:

Павярнуцца да народа тварам!

Што ж раней мы сузіралі? Зад?

* * *

Па «зайчыках» мы справілі памінкі,

Не доўга ганарыліся «зубром»,

А цалкам безумоўныя адзінкі

Умоўнымі чамусьці мы завём...

* * *

Стаіць пад шыльдаю «ДАІ»

І кажа: «Грошы не таі.

Ты бачыў знак? Таму - даю!..»

Што зробіш? Вось і я даю.

* * *

Тут кропкі на «е» неад'емныя -

Не сцерці і ўладнай рукой:

Ніколі не стане прыемным

Бальнічны прыёмны пакой!

* * *

Каб медыцыну з адукацыяй

Бясплатнымі лічылі ў нас,

Плацілі мы бясплатнай працаю

І плацім аж па гэты час!

* * *

Трапіў да бясплатных дактароў я,

Ну і як, скажыце, не здурэць?

Трэба мець жалезнае здароўе,

Каб у нашы дні яшчэ хварэць.

* * *

Кульнуць патрэбна чарку, хоць памры!

Дазвольце мне, дацэнты-асістэнты, -

За вас! Калі здаровы дактары,

Дык, можа, пажывуць і пацыенты!

* * *

Адказу на пытанне «дзе я?»

Не знойдзе лепшы дабрадзей,

Бо беларуская ідэя -

У безнадзейнасці... ідэй!

* * *

Свабод спакуслівых прынады

Мы ўсе пакаштаваць хацелі.

Адны пайшлі на барыкады,

Другія - напрасткі ў бардэлі.

* * *

Калісьці ўсю Нямігу

Мы знішчылі суздром,

А зараз маем... фігу,

Чытай - Гандлёвы дом.

* * *

Пад офісы штукуюць Верхні горад,

А я мяркую так на гэты конт:

Саюз пачварны - серп, даляр і молат.

Наладзіць бы ў мазгах еўрарамонт!

* * *

А ці патрэбна нам свабода?

І раптам думка сцебане:

Няма ніякага народа -

Усё залежыць ад мяне!

* * *

Не трэба нават ланцугі -

Традыцыя такая:

Прасуе прэса нам мазгі,

Ад звілін іх збаўляе.

* * *

Ссівела ўжо валоссе ў барадзе!

Дзе лёсавызначальныя падзеі?

-Не чуеш рыфмы?.. Дзякуй грамадзе!

І сапраўды: vox populi - vox dei.

* * *

Нас прывучылі спакваля,

Што алавяна, аж да ночы,

Глядзяць на нас з экранаў вочы,

Як гузікі ад шыняля!

* * *

Казаў Шэкспір, а ён эксперт:

«Жыццё - тэатр»... Ды чуць мне горка,

Калі галёкае галёрка,

Што села ў ложы і партэр.

* * *

Не пэцкайся ва ўладным брудзе,

Не вер кар'ерным недарэкам!..

Ён не шчаміўся выйсці ў людзі,

Таму застаўся... Чалавекам!

* * *

У кожнага народа свой характар

І ў нас у рукаве - уласны туз:

Назваць даўмеўся ўласным імем трактар

Адзіны ў свеце - братка BELARUS.

* * *

Кіраўнікі ў нас - Божа, барані!

Засвоілі адно ў савецкай школе:

Бяліць уздоўж гасцінцаў камяні

І фарбаваць траву ў зялёны колер.

* * *

Пакінуў фразу для гісторыі

Наш бюракрат пра Курапаты:

«Каштоўнасць першай катэгорыі»...

Для ўлады мы, як кураняты.

* * *

Трывае ў Курапатах драма:

Крыжы і хлопцы на марозе...

Ці дойдзе наш народ да Храма

Па гэтай кальцавой дарозе?

* * *

Ёсць да сучаснасці рэмарка:

Халяўны рай - для лайдака!

Няўжо напраўду наша марка

Усё займець нашармака?

* * *

Святых не бачна ў храме?.

Прыемна хоць няўрокам,

Калі мы ў брудзе самі,

Запэцкаць і прарокаў!

* * *

Абралі толькі ў сельсавет,

А прайдзісвет ужо гатовы

Пляваць на свой уласны свет

Праз амбразуру рускай мовы.

* * *

І хахол, і эстонец, і лях

Да свабоды агорвалі шлях,

А тутэйшыя ў бульбачку шусь,

Там і енчуць: «Жыве Беларусь!»

* * *

Здзіўляемся, браточкі-бульбашы,

Чаму ў наш бок і Бог не косіць вокам?

Лічынку праўды кожнае душы

Аплёў даўно хлусні ліпучы кокан.

* * *

Уся бяда была ў грашовых лішках.

На радасць «рэфарматараў» галоўных

Яны згарэлі на ашчадных кніжках,

Цяпер жыццё датлее - на працоўных.

* * *

Стаміўся стаўбуном стаяць,

Таму дазвольце прапазіцыю:

Мо ў Камасутры пашукаць

Для апазіцыі пазіцыю?!

* * *

Чаму народ не здольны хвалявацца

На выбарах у восеньскую слоту?

Напэўна, дзеяслоў «балатавацца»

Аднакарэнны нашаму балоту.

* * *

Каб захаваць пасаду і аклад,

Дзве стадыі праходзяць бюракраты:

Каты - вяршкі лізаць ад ласкі ўлад,

Змяніўся націск - і яны ўжо каты!

* * *

Няўжо спачатку трэба раскулачыць,

А потым, як адвыклі ад зямлі,

Даваць на балацінах дзялкі-дачы,

Каб людзі пракарміць сябе маглі?

* * *

Са статыстаў створан статак,

Каб стабільным стаў падатак.

А статыстам і астатак

Па статыстыцы - дастатак!

* * *

Калгас марнее на вачах,

Дурнота пестуе ляноту.

Але не страшыць вёску крах,

Бо не было ніколі ўзлёту.

* * *

Вынік работы любому відзён:

Добра аформлена толькі вітрына.

Спешка ў будоўлі - адсюль штурмаўшчына.

Нават для Бога замала - шэсць дзён!

* * *

Чаму народ жыве ў нязгодзе?

Забылі мы - Бог не забудзе,

Пры ўсёй спагадзе і лагодзе,

Што ў крыж цвікі забілі людзі!

* * *

Ёсць думка, што габрэі-хлусы

Схавалі ісціну, як звыкла.

Абраны Богам - беларусы,

Каб паказаць адмоўны прыклад!

* * *

Бог Бацька сына ў свет пусціў

І даў яму месіі посах,

А грэх Марыі адпусціў

З усмешкай боскаю... Іосіф!

* * *

Гагарын быў галоўны іудзей -

Ён першы на ўвесь свет сказаў «Паехалі!..»

Каманду чулі тысячы людзей -

Сабралі транты і ў Ізраіль з'ехалі.

* * *

Гешэфт ізраільскай зямлі

Асэнсаваць не хопіць клёку:

Месію свету прывялі,

А самі - назіраюць збоку!

* * *

Можа, хопіць надзей на халяву?

Ёсць узор, як працуюць на мэту:

Узнавілі габрэі дзяржаву

На падставе Старога завету!

* * *

Як у Вялікім княстве мы б жылі:

Заможна, можа, нават і багата,

Калі б тады паслалі ў Віскулі

З Шушкевічам... габрэя-адваката!

* * *

За «Русь святую» зноў душа баліць -

Галоўная ідэя памірае!

Усе масоны з'ехалі ў Ізраіль.

І на каго ж цяпер віну валіць?

* * *

Мой сябра - навуковец паспяховы,

Прызнаны ў цэлым свеце паліглот -

Не знойдзе аніяк агульнай мовы

З дурным суседам, што жыве праз плот.

* * *

Каб у любой краіне жыць,

Каб быў батон ікрой намазаны,

Паэтам можаш ты не быць,

А вось габрэем - абавязаны!

* * *

Зачаста чарачка кулялася

За шчасце, што ў жыцці заўжды

Сухім выходзіў ён з вады...

З віна - ужо не атрымалася.

* * *

Кажуць да свабод не дараслі вы...

Я раскрыю вам сакрэт народны:

Ужываеш - ты амаль шчаслівы,

Выпіў зранку - цэлы дзень свабодны.

* * *

Назваць «чарніла» таннага гатунак

Дадумаліся зухі... «Родны кут».

Ці знойдзем ад прыблуд мы паратунак,

Ці праглыне ізноў рахманы люд?

* * *

Калісьці тут жылі сумленна,

А сёння - мора па калена,

Бо гонар прапілі і гены

Тутэйшыя абарыгены.

* * *

Я з анёлам-дарадцам даўно

Пагадзіўся, бо мае ён рацыю:

Цераз край - і сухое віно

Можа так падмачыць рэпутацыю!

* * *

Хоць піў ён на траіх,

Ды гэтак набіраўся,

Што на сваіх дваіх...

Сябрах дамоў вяртаўся.

* * *

Цвярозасць нам досвед нясе:

Прыемна быць вольным і п'яным.

Уцямілі ўсе пакрысе:

Свабода - занадта складана.

* * *

Дурніцы плачуцца ў жылетку,

Затое кемлівыя людзі

Спачатку выберуць кабетку,

А потым плачуцца... у грудзі!

* * *

Кіруем? Ёсць для гонару прычыны?

Памылачка грунтоўная, браткі!

Выключна інтуіцыя жанчыны

Здымае з нас і маскі, і... парткі.

* * *

Для пары донаў - цьма работы.

Пардон, нязменны нашы панны:

Ім днём патрэбны донкіхоты,

Як ноч - выключна донжуаны!

* * *

Хай маладосць не дакарае -

Мы павалтузімся яшчэ.

Агонь імкліва прагарае,

Ды прысак - бульбачку пячэ!

* * *

Спакус няма. Наўкол спакой.

Ды Еву Творца каралеваю

Прызначыў праваю рукой,

І вокамгненна кара - леваю!

* * *

...І Бог сказаў: «Я пакараю!

Анёлам райскі сад аддам»...

- Ну добра! Еву забіраю... -

У рыфму адказаў Адам.

* * *

Адам да сёння жыць па-райску мог,

Ды з Евай пракалоўся з першай спробы.

Не ведаю, адкуль дазнаўся Бог,

Што чалавеку яблык даспадобы?

* * *

Трактоўкі можна розныя пачуць:

Той змея вінаваціць, гэты - дрэва.

Ды мужыку вавек не праглынуць

Адамаў яблык, што сарвала Ева.

* * *

Крамольную думку выношваю век,

Што ўсё-такі Бога стварыў Чалавек!

Ды толькі заплюшчу павекі -

Пытанне: «Адкуль чалавекі?..»

* * *

Жанчыну, як ні дакарай,

А на зямлі будуе рай.

І як збудуе - перамога!

Бо крыўдзіцца дасюль на Бога.

* * *

Нешта думкі грэшныя прачнуліся,

Раздурыла ўшчэнт мяне вясна.

Дзеўкі так прыгожа распрануліся,

Ходзяць хоць бы хны, а мне - хана!

* * *

Зноў зязюлі песня-мроя

Не дае вясной заснуць...

Слухай, птушка, кінь дурное -

Людзі столькі не жывуць!

* * *

Веснавейныя вятрыскі

Ўскупідонілі багі.

Міні зноў дайшлі да рыскі,

За якую - не магі!

* * *

Хітрушча Бог пасмейваецца ў вусы.

Не, кемлівасці ў Творцы не адняць!

Каб не стварыў салодкія спакусы,

Дык што б тады ён мог забараняць?

* * *

Урэшце вырашыў пытанне,

Што на дзялянцы будаваць.

Ды зладзіў першым чынам «баню»

І жонку ёсць куды паслаць!

* * *

Сняцца шакаладныя малодкі,

А на яве ўсё - ні ў склад, ні ў лад.

Каб усцешыць успамін салодкі,

Ён купляе горкі шакалад.

* * *

Пры ўладзе меў надзейны дах

І зарабляў не слаба.

Цяпер - застаўся на бабах,

Бо пагарэў на бабах!

* * *

Вясельныя прыкметы на машыне:

Як мішка - хлопчык, лялька - быць дзяўчыне,

Гумовы шарык - значна ўсё прасцей -

Не хочуць маладыя мець дзяцей!

* * *

Хоць даўно разбягаюцца вочы

Паміж ружаў, лілеяў, вяргінь...

Я паганец у сэнсе жаночым:

Не бывае замнога багінь!

* * *

Ад маладзенькіх я шалею:

Бо ўсе прыгожыя дзяўчыны

Ўжо выклікаюць не надзею,

А настальгію ды ўспаміны!..

* * *

Што з дзеўкамі не цягне на арэлі

І лысіна расце - усё няўзнак.

Апошнім часам вочы пастарэлі,

Вось гэта ўжо не выправіць ніяк.

* * *

Усё на белым свеце да пары:

Быў малады - і на табе! - старэча.

Ды сэрца рэчаіснасці пярэчыць:

Гарыць агнём, агнём яно гары!

* * *

Пакуль паэт пяро рыхтуе -

Што час дарэмна марнаваць,

Ля печкі Муза боршч гатуе.

Хто ж лепей можа згатаваць?!

* * *

Дзівосна створан гэты Свет!

Пра творчасць я вяду гамонку:

Ці здзейсніўся б тады паэт,

Каб лёс паслаў другую жонку?

* * *

Любоўную лірыку неяк чытаў

І столькі дзівосных сустрэў неспадзевак,

Што, кажучы шчыра, я б толькі вітаў,

Каб нехта звадзіў бы паэта да дзевак!

* * *

Кожны крочыць сваёй пуцявінаю.

Я да ўласнай таксама прывык...

Сябра жонку назваў палавінаю.

Дурань!.. Як павярнуўся язык!?

* * *

Бацькі ў нас - Колас ды Купала.

Іх геній кожны адчувае!

Прырода трошачкі прыстала:

На дзецях мо адпачывае?

* * *

Як той казаў, спачатку

І сувязь не відна:

Мы рэжам праўду-матку -

Чаму вішчыць мана?

* * *

Лаўровым шануюць вянком

Паэтаў і ўвогуле творцаў.

А лаўры, між іншым, у горцаў,

Як смецце растуць - хмызняком.

* * *

Пра здольнасць сына мне паведаў

Пісьменнік знаны: «Бачыць Бог -

Памёр бы, каб напэўна ведаў,

Што ён напіша... некралог!»

* * *

Ёсць на сцэне дубальтоўка -

Дачакаемся дуплета.

Для пародый загатоўка -

Кніжка моднага паэта.

* * *

Фальшывіць медзь у большасці рэгістраў

Вось тут і разумееш - ён, дальбог,

Аддаў жыццё, каб подпісы міністраў

Ягоны аздаблялі некралог.

* * *

Я Пушкіна не скіну з п'едэстала,

Ён класік, але, што ні гавары,

Як пала Троя, трэба помніць стала,

Калі нам пруць данайскія дары.

* * *

Чужынскіх слоў не пераймай

І мову ў чысціні трымай.

Навошта «маемся» мы з маем,

Калі тутэйшы травень маем?

* * *

Ён склочнік у жыцці клінічны

І не дае нікому спуску.

І хоць да роднай мовы звычны,

А кляўзы піша ён па-руску!

* * *

Дастаеўскі і Гогаль, і Пушкін...

Зноў абставіла ўсіх «тройка-птушка».

Хто ж Расіі ствараў гандыкап?

Беларус! Украінец! Арап!

* * *

Пегас быў у Ясеніна пры сене,

Для Музы - у шампанскім ананас!..

А ў нас? Саўгас і зацемкі ў кішэні.

Як без канякі ўзбіцца на Парнас?

* * *

Праект я прапаную адмысловы:

Калі часы двухмоўныя насталі,

Мо створым Таварыства рускай мовы -

Абараняць яе ад вертыкалі.

* * *

Раман сучасніка гартаю.

Пастом вялікім ён здаецца.

І Караткевіча хапаю -

Раскошай слова разгавецца!

* * *

Вокладка - пліта на цвінтары,

Вершы ўсё пра ныркі ды вантробы.

Думаю, што кніжку дактары

Ўклеюць у гісторыю хваробы!

* * *

Пасадай рэферэнта даражыў,

Баяўся, што сурочаць, жонка кіне,

Дзьмуў на ваду, на каве варажыў,

А выпрастаўся толькі ў дамавіне.

* * *

Гумору творцу не стае,

І вось у чым тут сутнасць:

Спачыць на лаўрах не дае

Іх поўная адсутнасць!

* * *

Соцрэалізм - цікавы быў працэс,

Выразна сведчаць кніжныя выданні:

Адным рабілі залаты абрэз,

Другім - лязом цэнзурным - абразанне.

* * *

Не выперці паэта з камсамола -

Прасякнуты даносам кожны верш:

Наўкола здрада, змова і крамола...

Ды, дзякуй Богу, распусцілі СМЕРШ!

* * *

Што рабіць, калі, на жаль, нязменныя

Звычкі ў беларусаў і характары:

Хціўцы - на пасадах, непісьменныя, -

Ціхай сапай ціснуцца ў рэдактары.

* * *

Оды ўладзе і ў рыфму агіткі.

Веры творцу няма ні на грош.

Нават верш пра каханую гідкі

Выпаўзае, як кніжная вош.

* * *

І вокладка, і добрая прадмова,

І ў колеры малюнкі, і набор...

І разышлася б кніжка паспяхова,

Каб да такой аздобы - лепшы твор!

* * *

Усё жыццё яны служылі Слову:

Адзін нам песні дзіўныя складаў,

Другі ўсё енчыў жаласна пра мову..

Век кожнаму належнае аддаў.

* * *

Уражаны я творчым светам

І болей не магу маўчаць:

Як трэба грэбаваць паэтам,

Каб на пасаду вылучаць!

* * *

Намуляў на руцэ мазоль,

А ўсё ж раман, нібы аблога,

Бо тое, што прымаў за столь,

Суседу зверху - як падлога!

* * *

Прамову творцы сход не надта слухаў -

Сачыў, каб не кульнуўся ён кулём.

І дзіва што: звычайна быў пад мухай,

А гэтым разам - яўна пад чмялём!

* * *

Спыніўся творчы заняпад.

З пісьменствам пойдзе ўсё на лад.

Таму што ўлада аднавіла

Вытворчасць таннага «чарніла».

* * *

Рэдактар мудра аўтараў вітаў -

Не адмаўляў ніколі і нікому.

Адно на творах «выправіць» пісаў...

Ці рукапіс, ці аўтара дадому.

* * *

Учора бачыў я нараду...

Нязменна ўсё з сівых вякоў:

Каня баяцца трэба ззаду,

А дурня - з чатырох бакоў!

* * *

Я земляку, прабач, звыроду,

Ніколі не падам руку.

Ён нават вершык на Свабоду

Шпурнуў, як дробязь жабраку!

* * *

Чытанка тая не па мне -

Сучаснікаў шкадую ў кніжцы:

Як ні гартаў - усе ў гаўне,

А творца ў беленькай манішцы!

* * *

Браточкі-спадары-панове,

А можа, хопіць нам рыдаць,

Што сёння цяжка размаўляць?

Цяжэй - маўчаць на роднай мове!

* * *

Мяркую, што невыпадкова

Мне нешта хлусіць не дае.

Сваё сумленне мае Слова,

Таму, напэўна, мы - свае.

* * *

Рэдактар, можа, ты і лепшы,

Але прашу, не патушы

Пісьменнасцю ў нязграбным вершы

Цяпельца аўтарскай душы!

* * *

Вам, паважаны паэце,

Жыць я параю прасцей:

Кідайце словы на вецер -

Вершы чытайце часцей.

* * *

Не трэба ў некралогавым ныцці

Нам енчыць пра заўчасныя сыходы.

Паэт - ці памірае пры жыцці,

Ці застаецца з намі назаўсёды.

* * *

«Спакой. Туман. Тужлівы крык савы».

Не верш, а Караткевічава проза!..

На ўласныя радкі зірнеш цвяроза

І болей не губляеш галавы...

* * *

Нашто, паэты, вам сварыцца?

Лепш паспрачацца з новым ...ізмам.

Сапраўдны творца не баіцца

«Запэцкаць рукі» публіцызмам!

* * *

Пісаць у стол ці пад сукно,

Я чуў пра гэты сумны вопыт.

Старэюць вершы, як віно:

Ператрымаў - чысцюткі воцат!

* * *

Улады паэт паважае,

Бо кожны пра іх анекдот

Пісьменству не перашкаджае,

А нават і наадварот!

* * *

Мух я ўлетку з цяжкасцю адольваю,

Бо яны такія мітуслівыя.

Не забіць усіх «Народнай воляю» -

Падпішу на лета «Нашу ніву» я!

* * *

З цікавасцю чакалі мы даклад

Літаратурнай справы мастадонта,

Але яго сучасны кругагляд

Бы ў не шырэй экрана «Гарызонта».

* * *

Адзін начальнік дзеячаў культуры

Ўшчуваў, што ў нас няма літаратуры.

Шкадую - не даўмеліся спытаць,

Ці ўмее ён увогуле чытаць?

* * *

Мовазнаўцу, што надта ласы

Беларусь, як баласт, сапхнуць, -

Мо Ластоўскім па ляпе ляснуць,

Ці ў Насовіча носам ткнуць!?

* * *

Хоць мовай грэбуе - з пагардай

Русіфікуе ўсё дашчэнту, -

Не дапаможа нават Гарвард

Пазбыцца наскага акцэнту!

* * *

Нялёгка сёння творцам жыць -

Не тое што раней з працэнтаў.

І хоць Саюз амаль ляжыць,

Стаіць пакуль яшчэ Пэн... цэнтар!

* * *

Не шукаў чужыя берагі я

Тут і так хоць каравул крычы,

Бо даўно хварэю настальгіяй,

На сваёй радзіме жывучы...

* * *

Я хачу не надта шмат:

Каб у нашай хаце

Захаваўся рускі мат

Толькі ў супрамаце.

* * *

Почырку адметнаму мы шкодзім,

Калі пішам пропісі прыстойныя.

Рознымі на гэты свет прыходзім,

Каб рабіць памылкі самастойныя!

* * *

Не выдумляй сабе нічога,

Са Словам, кажаш, не сваволь?

Тады даведацца дазволь,

А як знайшлося Слова ў Бога?

* * *

Таямніцаю застаўся

Радавод пяшчотных слоў,

Хоць да Тулы прытуляўся,

Прысланяўся да сланоў...

* * *

Класічны з даўніны трохкутнік -

Улада, грошы і мастак:

Тварыць уладзе - ён адступнік,

Ва ўладзе творчасці - жабрак!

* * *

Хто растлумачыць гэты цуд, панове,

Чаму, калі пазбавімся пасад

Ці атрымаем выспятка пад зад,

Мы можам размаўляць на роднай мове?

* * *

Успрымаў як перформанс ці жарт

Я спачатку дзівосную з'яву.

Гэта ўжо літаральна поп-арт,

Калі поп асвячае выставу.

* * *

Спрачаўся з навамоднымі эстэтамі

І толькі потым да мяне дайшло,

Што поўня, так апетая паэтамі,

Чужое адлюстроўвае святло.

* * *

Хоць сэрца вершам стукаецца ў рэбры,

Ды розум зноў спрачаецца з душой:

Як тут амаль нікому непатрэбны,

Дык пагатоў без сэнсу за мяжой.

* * *

Каб наша мова цалкам не сканала,

Заместа нас ужо шчыруюць сёння -

«Самсунг», «Галіна Бланка», «Панасонік»

І ўласнікі Французскага канала.

* * *

Калі ізноў гумору не стае,

Крутні мае радкі нагамі ўгору -

І наша мова дапаможа гору

«і» - клічнікамі ў словах паўстае!

* * *

Магчыма, гэтак у скароце

Пазначу ўласны творчы шлях:

З гадамі менш зубоў у роце,

Ды больш зубастасці ў радках

* * *

Зніжка ў цэнах кірмашу.

Не бяруць пад абарону

Кніжку - белую варону.

Зноў уцэньваюць душу!

* * *

Ганарары - не купіш харчоў,

Не шыкоўных, а нават заменнікаў.

Тэрмінова Саюзу пісьменнікаў

Неабходны Саюз чытачоў!

* * *

Збірае кніжка вершы, як куфэрак

Спароміў продкам скарбы набыцця,

Ды ўсе яны - паперкі ад цукерак,

Узгадка пра сапраўдны смак жыцця.

* * *

Кульнуўся свет нагамі дагары,

У страшным сне такое не сасніцца:

Між жабракоў - паэт на цвінтары...

Са спонсарамі трэба разлічыцца!

* * *

Паэтка верш чытала. Як трымцела

Струна яе аголенай душы!..

Апроч сваіх, амаль што ні душы.

У нас аншлаг, калі аголіш цела!

* * *

Паэтаў не звабіць прынадамі,

Бо выбраны лёс песнярамі:

Смяюцца яны над уладамі,

Спрачаюцца - толькі з багамі!

* * *

Жыў чалавек - не чуў ні слова,

Памёр - узняўся хваласпеў.

Паўслова б нам - своечасова,

І паміраць бы расхацеў!

* * *

Няхай палова йдзе ў палову -

Зярнятка нараджае колас...

Паэт, пакінем енк пра мову,

Лепш пачытаем вершы ўголас!

* * *

Магчыма, той, хто зладзіў гэты свет,

Заводзіць кепска ходзікі ў паэце?..

А ты маўчы пра тое, што паэт, -

І пажывеш яшчэ на гэтым свеце!

* * *

Вясновы пошчак, як паштоўка,

Ляціць у неба да багоў!

А ці спяваў бы так салоўка,

Калі б не слухалі яго?

* * *

Белае з чорным затойвае ўсё:

Колеры, мары, адценні, намеры...

Нават найлепшыя хоку Басё -

Чорная туш на бялюткай паперы!

* * *

Сапраўдныя тварцы - ерэтыкі,

І гэта норма, а не адхіленне.

Ім не хапае часу на маленне,

Бо ўласны свет ствараюць мастакі.

* * *

Год прайшоў, але не сумаваць

Знойдзецца пад Новы год прычына -

Ёсць нагода зноў павіншаваць

Бога-бацьку з нараджэннем сына.

* * *

Гартае Богу, пэўна, угары

Календары паспешлівы саветнік.

Кладуцца, як вянкі на цвінтары,

Калядныя яліначкі на сметнік.

* * *

Галінкі мадзелі ад вербнай нядзелі.

Хацеў іх - на сметнік ад жонкі цішком,

Ды ўбачыў: прыкметаю вернай надзеі

Адна прарастае - зялёным лістком.

* * *

Празрыстым рэхам - рыфмай бездакорнай

Параніў сэрца ў ранішнім бары...

Як не згубіць радкі, што край азёрны

Са шчодрасцю крынічнай падарыў?..

* * *

Быў наскі край крыніцамі багат.

Але ці не таму змялелі рэкі,

Што з'ехалі паэты з родных хат

І ў гарадах змарнелі, недарэкі!?

* * *

Расхлябіцу нябесны вадзянік

Трасе драбнютка са сваёй сявенькі.

Стуліўся ля слупка палын сівенькі.

Сышоў з крыжа Хрыстос і недзе знік...

* * *

Чыім стараннем сёння ўранні,

Цяпер ужо і на гудзонах

Гараць за шыбамі герані -

Шматкі мястэчак у вазонах?

* * *

Самотная ляціць у небе гусь,

Насустрач ёй - гуськом у вырай гусі:

- Куды ляціш сама? - У Беларусь!

- Адкуль жа ты такая? - З Беларусі...

* * *

Жыццёвы час жывіцаю паўзе,

Ды я глядзець у прышласць не баюся -

Застацца спадзяюся ў Беларусі

Мурашкаю ў бурштынавай слязе.

* * *

Рама акенца - быццам багет.

Выбіта шыба ў кінутай хаце.

Лёс Беларусі - цэлы Сусвет! -

У бездакорным чорным квадраце.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com