epub
 
падключыць
слоўнікі

Георгій Марчук

Новыя прыгоды Несцеркі

Камедыя-лубок у чатырох дзеях, сямі карцінах

Дзеючыя асобы
Дзея першая
  Карціна першая
  Карціна другая
Дзея другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
Дзея трэцяя
  Карціна пятая
Дзея чацвёртая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая


Дзеючыя асобы

 

Несцерка.

Аксён - каваль.

Анця - яго дачка.

Патыліца - шляхціц.

«Абдула» - ён жа ашмянскі шляхціц.

Пуп-Шкевіч - пан.

Аканом пана.

Бальтазар - пісар пана.

Шынкар.

Домна-шаптуха - яго жонка.

1-ы цівун.

2-і цівун.

Пілюля - кухар з Парыжа.

Панская чэлядзь, музыкі.

 

Месца дзеі - Палессе.

Час дзеі - дзяцінства нашых прадзедаў.

 

 

Дзея першая

 

Карціна першая

 

Лета. Кузня. Моцны дождж. Пад стрэшкай стаіць Несцерка - юнак гадоў дваццаці, не болей, з жоўтай, як сланечнік, галавой, з гарэзлівымі вачыма. Азіраючыся, вельмі асцярожна з'яўляецца шляхціц Патыліца.

 

Патыліца. Нарэшце адчапіўся. Не відаць. Прыліп, пшэпрашам, як той лісток да аднаго месца. Усё: куды ідзеш, куды ідзеш? Уюн. Перачакаю, пакуль дождж пад стрэшкай, і далей рушу да пана.

 

Ідзе пад стрэшку, робіць выгляд, што не заўважае Несцерку. З'яўляецца «Абдула». Апрануты бядней за Патыліцу, у руках нясе парасон з дзірамі.

 

«Абдула». Пшэпрашам, панове, але ж я першы заўважыў гэтую стрэшку, таму лепшае месца для мяне. Адыдзь, покуль мой вонстры ензык не аблаяў цябе.

Патыліца. Ты першы заўважыў, а я першы дабег, таму і лепшае месца маё. І потым, які ты шляхціц?

«Абдула». Абраза? Асцярожней. Мы, ашмянскія шляхціцы, люд гарачы і рызыканты вялікай маркі. Памаўчы, шайтан.

Несцерка. Яно і бачна, што вы - ашмянскі шляхціц: адна калашына ў халяве, а другая - апушчана.

«Абдула» (да Патыліцы). Чуй, шляхцюк Патыліца, ты часам не ведаеш, якая гэта жаба заквакала, усю гліну закакала?

 

Рогат.

 

Патыліца. Паслухай, хлопе, у мяне каштоўныя паперы, іх нельга прамачыць. (Штурхае Несцерку.)

«Абдула». І ў мяне паперы да пана Пуп-Шкевіча. Ты ведаеш яго нораў: закатуе, заб'е бізунамі. (Штурхае Несцерку.)

Несцерка. У вас паперы, а ў мяне пячатка.

«Абдула». Ды ён здзекуецца з нас, панове! Трымай мяне, Патыліца, мы - ашмянскія шляхцюкі...

 

Уваходзіць Аксён. Адной рукой трымае над галавой пляшнік, другой - абярэмак лазы.

 

Аксён. Дзень добры, людзі. Мо хто заказы прыйшоў даваць, дык кузня мая не працуе... не ведаю, калі і працаваць будзе.

«Абдула». Каваль, каб прадаць сваю касу ці пляшнік, пяць разоў на кірмаш ездзіш. А тут ёсць момант у адну ноч разбагацець.

Патыліца. Мы пагрэцца забеглі.

Несцерка. Як гаворыцца, кожны гад цяплу рад. Чаго ж, дзядзька, лазу на сабе валочыш, а дзе ж конь?

Аксён. І не пытай, братка, была і кабыла лыса, і жарабё рабое, з'еў воўк абое.

 

Чуваць стрэл з гарматы.

 

«Абдула» (ажывіўся). О, другі стрэл. Яшчэ адзін - і не паспею да пана Пуп-Шкевіча.

Патыліца (глянуў на гадзіннік). І мяне чакаюць. Хацеў бы застацца нанач, але, пшэпрашам, дабранач.

 

Абодва знікаюць.

 

Несцерка. Куды гэта яны, як вераб'і на жыта?

Аксён. Мабуць, да пана Пуп-Шкевіча. Як памёр яго галоўны кухар, так з таго часу ўсе і паўзуць у маёнтак. Пан шукае новага кухара. Па ўсіх маяратах чутка пайшла, што ніяк сабе кухара знайсці не можа.

Несцерка. А што, гэты кухар быў у яго адзіны?

Аксён. Іх там, як вуголля. Дачку маю адзіную, Анцю, аканом панскі забраў. Няма каму і мяхі раздуваць. Сам чый будзеш?

Несцерка. Несцерка я.

Аксён. Той Несцерка, у якога дзетак шэсцера, рабіць ляніцца, красці баіцца, прасіць не пасмее?

Несцерка. Не, дзядзька. Сын сялянскага роду, якому няма пераводу.

Аксён. Мо заставайся ў мяне, мяхі раздуваць будзеш, пракормімся, пакуль Анцю не выпусцяць.

Несцерка. А чаму, дзядзька, чакаць, пакуль не выпусцяць? Вызваліць трэба.

Аксён. Родны, Несцерка, хто ж у гэтага хітруна ды ката вызваліць? Усё панства, кажу табе, адно ашуканства.

Несцерка. Бацька, выпраўляючы ў дарогу, так і сказаў: «Несцерка і гора перахітрыць».

Аксён. Што ж, часам і кляча далёка скача.

Несцерка. Рабі пярсцёнак сваёй Анці, а мяхі я раздуваць буду. Толькі так рабі, каб дачка пазнала бацькаву руку. Пайду да пана Пуп-Шкевіча, паспрабую ўладкавацца кухарам.

Аксён. Несцерка, Несцерка, не табе раўня майстры спраў кухаравых з пустымі рукамі вярталіся. Хто толькі ў гэты маёнтак не ездзіў. Толькі ніхто ні грошай, ні пасады не атрымаў. І табе не раю.

Несцерка. Бяры, дзядзька, малаток, прымайся за справу. Трэ паспець да трэцяга стрэлу гарматы.

 

Музыка

 

 

Карціна другая

 

Пакой пана Пуп-Шкевіча. Шмат карцін, на якіх выключна фруктовыя нацюрморты. Нават распісныя крэслы нагадваюць па форме грушы. Анця прыбірае пакой. Вялізны партрэт самога пана стаіць ля стала.

 

Анця. І што цябе, яснавяльможны, так мухі любяць - ліпнуць, як да скаціны. Бо ты і е скаціна.

Аканом. Анця, у пана Здзіслава і сцены вушы маюць. Малі Бога, што я адзін пачуў, а каб сам яснавяльможны - не мінаваць табе бізуноў.

Анця (плюе на партрэт і працірае). Каб табе горка стала, каб табе памяць адабрала, каб ты смалы набраўся, каб ты кашулі сваёй баяўся, каб ты да вечара не дажыў.

Аканом (бегае вакол, зачыняе дзверы). Цішэй кажу, Анця!

Анця. Каб ты галавой налажыў, каб цябе гром забіў, каб ты ракам хадзіў.

Аканом. Змоўкні, дурніца, нехта ідзе, Анця! Малі Бога, што я, аканом, шкадую цябе. (Падыходзіць бліжэй.) О, як я цябе шкадую, Анця!

Анця. Пашкадаваў воўк авечку.

Аканом. Думаеш, чаму мяне празвалі «аканом усёмагу»? Таму, што я сапраўды ўсё магу. Бачыш гэны канверцік? Тут галоўны адказ на трэцюю загадку пана. Ты думаеш, яму патрэбны нейкі цуда-кухар? Жарт. Дурніцай маецца. Няма чым пазабавіцца. Галоўны кухар ужо едзе з Парыжа. Толькі табе, красуня, таямніцу канверціка адкрыю. (Хоча абняць Анцю.) За правільны адказ пан злоты заплоціць, Анця.

Анця. Не чапай мяне.

Аканом. Не цурайся, Анця, любая. Я ж яшчэ не такі стары, як выглядаю. Спрытны і вясёлы. (Спявае.)

 

Мне не трэба пуд фасолі,

Мне адну фасоліну.

Мне не трэба дзевак многа,

Мне адну вясёлую.

 

Анця (падпявае)

 

Не табой трава памята,

Не табе яе касіць.

Не табою я занята,

Не табе мяне любіць.

 

Аканом

 

Пайшла Анця па цыбулю,

Пастой, Анця, пацалую,

Пацалую, не укушу,

Бо люблю цябе, як грушу.

 

Анця

 

Я скачу і драпачу,

За старога не хачу,

Бо ў старога барада,

А я - дзеўка малада.

 

Аканом

 

Цалуй раз, цалуй два,

Хоць і дзесяць - не бяда.

Цалавацца усім можна,

Толькі трэба асцярожна.

 

Анця

 

А на вуліцы мароз,

Па пяці рублёў авёс,

А пшанічка па рублю,

Адступ, дурань, не люблю.

 

Аканом лезе да Анці, упаў на калені.

 

Аканом. Панначкай зраблю.

Анця. Усе паны, толькі свіней няма каму пасвіць. А божачкі, прычапіўся.

 

Схапіла партрэт і з усяго размаху ўдарыла ім па галаве аканома. Спужаўся аканом. Гэта ж рама на плячах, а замест галавы пана тырчыць яго галава.

 

Аканом. Езус Мар'я! Сюды ж ідуць людзі. (Не знаходзіць выйсця, ускочыў на крэсла і прытуліўся да сцяны, нібы партрэт вісіць. Прыціх.)

 

Уваходзіць Патыліца, за ім «Абдула» ў турэцкай ярмолцы і вялізных цыргулях.

 

«Абдула». Асалам алейкум!

Патыліца. І тут нікога. Прасілі прайсці ў вялікую залу. Чаго маўчыш?

«Абдула». Канак хаджа, ай-вай-вай, ахры-мухры.

Патыліца. Годзе прыдурвацца. Нікога ж няма. І потым, хто тут па-турэцку разумее? Штосьці я не веру, што ты служыў на кухні ў турэцкага султана. Навошта прыкідваешся?

«Абдула». Абдула - эфендзі, а не дэрвіш.

Патыліца. Гавары па-шляхецку.

«Абдула». Дай Божа ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць. Замежнаму кухару будзе болей увагі і павагі.

Патыліца. І наша шляхта не лыкам шыта. Багацця вакол, Матка Боска, сто гадоў курам кляваці. Адны карціны мульён каштуюць.

«Абдула». Рамы залатыя. Патыліца, відаць, сам Здзіслаў Пуп-Шкевіч?

Патыліца. Ён. Упэўнены, што ён. Бач, як вочы блішчаць.

«Абдула». Акы, я яму пакажу байрам.

Патыліца. Цо мувіш?

«Абдула». Кажу, што б такое прыдумаць, каб накарміць гэтае старое мурло?

Патыліца. Разумны прыдумаў, дурны - не. Здаецца, нехта ідзе.

 

Патыліца і «Абдула» ідуць да ўвахода сустракаць. Аканом тым часам непрыкметна пакідае пакой.

З'яўляюцца два цівуны, якія нясуць крэсла пану, за імі ідуць пан і яго музыкі.

 

Пуп-Шкевіч (спявае)

 

Сумна жыць на свеце,

Радасці не бачу.

Хто ж мяне напоіць,

Хто ж мяне накорміць?

Цалу вёсну плачу.

 

Усе

 

Хто ж яго напоіць,

Хто ж яго накорміць?

Радасці не бача,

Цалу вёсну плача.

 

Патыліца. Сто год жыцця і радасці яснавяльможнаму пану Пуп-Шкевічу. Маю намер адгукнуцца на ваш заклік і паказаць, на што здольна сапраўдная шляхта. Перад вашымі яснымі вачыма шляхцюк Патыліца.

«Абдула». Шляхціц Абдула. Былы кухар з кухні турэцкана султана. Асалам алейкум, пан!

Пуп-Шкевіч. Бардзо пшыемно. І сапраўды, сілы мяне пакідаюць з кожным днём. Як памёр мой шаноўны кухар, нічога болей у рот не лезе.

Анця (убок). Бо шчокі распухлі, не пускаюць.

 

Аканом праганяе Анцю. Уваходзіць Несцерка.

 

Несцерка. Здаецца, паспеў. Пахвалёны ў хату. Ці ж сюды мяне накіравалі, паважаныя паночкі? Тут кухараў пан адбірае?

Патыліца. О, пся крэў, і гэтага ліхаманка прынесла! Адбіраюць, але толькі з шляхцюкоў.

«Абдула». Што дэрвіш, то дэрвіш.

Пуп-Шкевіч. Хто сам?

Несцерка. Несцерка.

Пуп-Шкевіч. Што? (Да сваёй світы.) Нех і гэты дурань паспрабуе панскіх бізуноў. (Да Несцеркі.) Уваходзь, малады чалавек, злаві і ты за хвост птушку шчасця.

Несцерка. Дзякую, ваша моц.

Пуп-Шкевіч. Ці ўсе з вас ведаюць мае ўмовы?

Патыліца. Як жа не ведаць... Пасада галоўнага кухара пры маёнтку, сто рублёў золатам і кабыла з возам аўса.

Пуп-Шкевіч. І вшыстке.

Несцерка. Гладка, хоць рэпу сей.

Пуп-Шкевіч. А той, хто не асіліць мае пытанні, што атрымае?

«Абдула». Дваццаць пяць бізуноў, не пры нас кажучы, ам Алах яшчэ Алах.

Пуп-Шкевіч. Дваццаць пяць тылько тэды, кеды першы загадку не адгадаеш, а кеды другую - трыццаць бізуноў, а ўжо за трэцюю ўсе сорак.

 

«Абдула» траціць прытомнасць і падае на падлогу. Патыліца падхоплівае яго і б'е па шчоках.

 

«Абдула». Іт'е... ам бізун ах ма цу...

Пуп-Шкевіч. Цо ён муве?

Патыліца. Ён... ета... кажа, што іншым, якія да нас, білі па тры, пяць і дзесяць бізуноў.

Пуп-Шкевіч. Кепска, вельмі кепска, што шляхецтва не мае надзеі атрымаць перамогу. Гэй, цівуны, ганіце баязліўцаў вон!

Несцерка. Вон - не грошай звон. Загадвай свае загадкі, пане.

Патыліца. Кеды няўмыты селянін згодны, шляхта падаўна. Мы слухаем.

Пуп-Шкевіч. Проша прынесці першую загадку.

1-ы цівун (перадае). Першую загадку.

2-і цівун. Першую загадку.

Бальтазар. Першую загадку.

 

Уваходзіць Аканом з канвертам.

Музыка.

 

Патыліца (хрысціцца). Свенты Даменіку, свенты Даменіку...

Пуп-Шкевіч (бярэ канверт). Бальтазар, чытай.

Бальтазар. Цяжкі, зялёны, круглы, салодкі.

Патыліца. Фу-у. Давай, Абдула, ты першы.

«Абдула» (спужаўся). Не-не, гэта я малюся па-турэцку. Госць есць не тое, на што разлічваў, а тое, што знайшоў.

Бальтазар. Лічу. Раз.

Патыліца, «Абдула» (разам, нечакана). Кавун!

 

Паўза.

 

Пуп-Шкевіч. Брава! Іменна кавун! (Да Несцеркі.) А ты чэго ж прамаўчаў?

Несцерка. Адкуль жа мне ведаць, ваша моц, што ён салодкі, калі я яго зроду не каштаваў?

Пуп-Шкевіч. Шляхту пачаставаць шклянкай замежнага віна, а гэтаму - дваццаць пяць бізуноў. Які госць - такое і частаванне.

 

Агульны рогат.

 

Несцерка. Паночак, дазволь слова сказаць. Бацька, нябожчык, вучыў мяне, калі й браць што ў пана, дык усё цалкам: ці злоты, ці бізуны. Ат, першую загадку не адгадаў, мо і астатніх дзвюх не асілю. Дык дазвольце ўжо ўсё разам атрымаць.

Пуп-Шкевіч (да сваіх). Думаю, згодзімся. Болей часу для пацехі будзе. Другую загадку падаць!

Аканом. Зараз кожны з вас пакаштуе грушу. Трэба выказаць чатыры параўнанні, ды такія, каб спрыялі апетыту пана Здзіслава.

Бальтазар. Так.

 

Прыслуга выносіць на падносе тры грушы бэры.

 

Патыліца (адкусіў невялічкі кавалачак). О! Свента Мар'я, як маладую дзеўку пацалаваў.

«Абдула» (таксама адкусіў сваю грушу). О, Алах! Еў кабылу, барана, еў карову і цяля, з'еў дванаццаць парасят, толькі хвосцікі вісяць, але такога смаку няма ў турэцкага прысмаку.

Пуп-Шкевіч (да Несцеркі). А ты чаго анямеў?

Несцерка. Не ведаю, з якога боку пачаць.

Бальтазар. Проша яшчэ.

Патыліца. Як... Усё роўна, як зноў нарадзіўся.

Пуп-Шкевіч. Не хачу.

«Абдула». Як, як у мора акунуўся. Шэрбет.

Пуп-Шкевіч. Не маю жадання.

 

Паўза.

 

Патыліца (задумаўся). Як... як райская асалода.

«Абдула». Як... асалода ў раі.

Пуп-Шкевіч. Штосьці не хочацца.

Несцерка. Яснавяльможны пане, і хацеў вам сказаць, як з крыжа знялі, як маслічкам па душы, як за галіну ўчапіўся, як з дзеўкаю ажаніўся, ды не магу, бо як з ланцуга сарваўся, як камень на шыю. Гэта ж не груша, якую нельга нават укусіць, гэта ж бервяно.

Пуп-Шкевіч (схапіў грушу). Як! Паскуднік! Гэта мой лепшы сорт грушы - бэра (кусае грушу), смаката крулеўска! Вось... (Зразумеў падман Несцеркі.) А, знаходлівы хлоп, рагочаш!

Несцерка. А чаго ж сумаваць, паночку, грушу вы з'елі.

Пуп-Шкевіч. Гэтым па трыццаць бізуноў, а гэтаму яго дваццаць пяць. На канюшню, прэнтко!

Несцерка. Ясны пане, пасля гэтай грушы нешта з галавой, ці я лічыць развучыўся? З першай загадкі я атрымаў дваццаць пяць бізуноў, з другой - вы, ваша моц, трыццаць. Выходзіць за вамі, калі лічыць, толькі пяць бізуноў.

Пуп-Шкевіч. Аканом!

Аканом. Палічана правільна, пане.

Патыліца. Ваша светласць, і мы з Абдулой згодны гуртам бізуны атрымаць, вшыстке пасля трэцяй загадкі.

Пуп-Шкевіч. Ну не, хопіць. Так нічым сёння і не пазабаўлюся. Проша на канюшню. Аканом, падрыхтуй назаўтра ўсялякага харчавання. Злотых не шкадаваць. Чаго не хапае, прывезці з месца. Хачу па-крулеўску: ад фазанаў і перапёлак да бананаў і ананасаў. (Усміхнуўся.) Я аддам, хлопе, табе твае пяць бізуноў, толькі сцеражыся трэцяй загадкі. Музыкі, грай.

 

Усе, акрамя Несцеркі, выходзяць.

 

Несцерка. Бач, як напужаў, каб цябе д'яблы, пане! Але ж на твой розум ёсць мужыцкая хітрасць. Пайду тым часам Анцю шукаць. Усё ж адна галава добра, а дзве лепей.

 

Канец першай дзеі

 

 

Дзея другая

 

Карціна трэцяя

 

Адзін з пакояў, дзе прапанавана застацца нанач гасцям пана. Тры ложкі. Трымаючыся за пояс, уваходзяць Патыліца і «Абдула».

 

Патыліца. Ой, усе святыя і прарокі... ай... не трэба ні злотых, ні почасці панскай. Як адчуваеш сябе, Абдула?

«Абдула». Каб яму скулля столькі, колькі мне бізуноў. Ніякай павагі да турэцкага імя, кліч мяне зноў ашмянскім шляхціцам.

Патыліца. Ні сесці, ні ўстаць. Гэта ж, пшэпрашам, па голай ягадзіцы дваццаць пяць і без дывана.

«Абдула». Сапраўдныя магнаты б'юць толькі з дываном. А гэты нейкі вырадак. Нават у турэцкага Дэвы так не катуюць.

Патыліца. Ва ўсім, лічы, Несцерка павінен. Мужык з мужыкоў, а лезе ў шляхту.

«Абдула». Здаецца мне, дурань гэты, Несцерка, сакрэт нейкі ведае, калі на такую рызыку падаўся.

Патыліца. Можа, твая праўда. Я валізку праверу, а ты ў ложку памацай.

«Абдула». Разам памацаем.

 

Поркаюцца ў ложку, але нічога не знаходзяць. Чуваць званочак.

 

Патыліца. На вячэру запрашаюць.

«Абдула». Пойдзем хутчэй, трэ сіл набірацца, бо хто яго ведае, што нас раніцай чакае.

Патыліца. Патыліца тое-сёе кумекае. Не буду я шляхцюком, калі асноўную загадку не адолею.

 

Выходзяць. З другога боку з'яўляецца Несцерка.

 

Несцерка. Кажуць, ідзі. Блытаў, блытаў, як мыш пад збанам, а яны ўжо даўно тут. (Заўважыў вэрхал на ложку.) Маці родная, якая ж кабыла качалася тута?.. А, разумею. Ці не шляхта мая з рэвізіяй прайшлася? (Садзіцца за стол, нешта піша.) Калі маецца такое жаданне, падзялюся розумам. Пакіну вам рэцэпты крулеўскіх страў. (Хавае паперу пад падушку так, каб адзін яе канец быў бачны.)

 

Уваходзіць Анця.

 

Анця. Нарэшце знайшла. Бальтазар пытае, ці вы тут будзеце вячэраць, ці на кухні?

Несцерка. А дзе смачней?

Анця. У роднай хаце. Хоць галодны, але ж свабодны.

Несцерка. Згодзен, прыгажуня. А скажы мне, калі ласка, можа, ты ведаеш часам дзяўчыну Анцю? У прыслугах яна ходзіць.

Анця. Не, не ведаю такую. Сюды несці ежу?

Несцерка. Шкада, што не ведаеш. Можа, раптам знойдзеш, перакажы, што падарунак бацькі маю перадаць.

Анця (ажывілася). Які падарунак?

Несцерка. Чаго ж гаварыць, прыгажуня, калі ты Анцю не ведаеш?

Анця. Жыве тут адна на канюшні, можа, зойдзе да мяне... То перадам. А сам ты хто, ці не прайдзісвет які, хто ласы на панскія каўбасы? Усялякія прыблудкі тут бываюць. Шляхціц?

Несцерка. Не галган і не шляхцюк, вольны селянін Несцерка.

Анця (з радасцю). Той Несцерка, які пана Бараноўскага правучыў?

Несцерка. То быў мой дзед. А я толькі ў людзі выйшаў, бо, думаю, дзед хоць і рыпае яшчэ па белым свеце, але ж адным калом плота не падапрэш.

Анця. Скажу табе шчыра, Несцерка. Я і ёсць Анця. Толькі цішэй. Тут і сцены вушы маюць. Ці жывы мой бацька?

Несцерка. Далібог, жывы-здаровы, як мае быць.

Анця. А мне аканом, гэты аднавокі каршун, цэльны год у адну дуду: памёр твой бацька, Анця, памёр...

Несцерка. Праўда ў тых, хто грошы мае. Вось і пярсцёнак яго работы.

Анця (весела, беручы пярсцёнак). Тата! Родны тата! Пазнаю яго руку. Толькі, Несцерка, радзіла мяне мамачка ў полі пад асінаю, долю дала нешчаслівую. Як вырвацца на волю з маёнтка гэтага?

Несцерка. За тым і прыйшоў, Анця.

Анця (падышла, села побач). Але ж мне шкада цябе, Несцерка. Сорак бізуноў - гэта ж да смерці забіць можна. Колькі за гэты год усялякай шляхты тут было, як чарвякоў у гноі, але яшчэ ніхто на тое трэцяе пытанне пана не адказаў. Ой, Несцерка, тут нейкае ашуканства.

Несцерка. Што ж рабіць, калі нават Бог і той часам ашуканствам жыве.

Анця. Вось-вось: у аднаго адбярэ, а другому дасць. Аканом, праўда, неяк узамен кахання... брр... адказ на галоўную загадку прапаноўваў.

Несцерка. О, халера ясная, кожны да сябе горне. Няхай яму гарачкай гэткі адказ выйдзе.

Анця. Стары ён, сляпы. Каб як-небудзь хітрасцю той канверцік узяць.

Несцерка. Сітам ваду. Не такі ён стары і сляпы ўжо, больш прыкідваецца, як той ашмянскі шляхціц Абдула. Пойдзем пакуль вячэраць, вунь, здаецца, мае суседзі цягнуцца.

 

Анця і Несцерка выходзяць.

З-пад ложка вылазіць Аканом.

 

Аканом. Бач, куды гне, пся крэў, а я лічыў яе галубкай, рамонкам белым. Кукаваць табе, зязюля, тут да другога прышэсця. Хе, хе, хе. Падсуну я твайму ўратаванцу канверцік, чакай, хе, хе, хе.

 

На выхадзе сутыкаецца з Патыліцай і «Абдулой».

 

Патыліца. Паважаны пане, можа, з намі цукерак пакаштуеце, то проша сядаць.

«Абдула». Пан аканом, відаць, у маёнтку, як жолнеж у казарме, усё ведае.

Аканом. На то і аканом, каб усё ведаць.

Патыліца. Таму чалавеку, які дапамог бы мне раніцай, я і торбачку грошай не пашкадаваў бы.

«Абдула». І я таксама.

Аканом. Што праўда ваша, то праўда, зараз веды - яны грошай каштуюць.

Патыліца. Вось гэта задатак. Трымай. Выпадзе момант, шапні на вуха.

«Абдула». А я... пасля перамогі ў пяць разоў болей дам.

Патыліца. Чаму задатак не даеш?

«Абдула». Яны ў мяне зашыты. Няёмка даставаць.

Патыліца. Дзе?

«Абдула». Дзе-дзе? Кажу, няёмка. Вось тут. (Паказаў ніжэй пояса.)

Патыліца. Ідзі за полаг і прынясі. Бачыш, пся крэў, скнара ашмянская.

Аканом (бярэ грошы). Але ж я нічога не чуў, нічога не бачыў. (Ціха.) У трэцяй загадцы трэба будзе прыгатаваць страву пану на абед. Так што рыхтуйце зараз, покі ест вольны час, як мага болей рэцэптаў. Вшыстке. Мяне няма, мяне вы не бачылі.

Патыліца. Вядома. Вшыстке в пожондку. Дзякуй. На такую справу мы, пане, майстры ого-го!

 

Аканом выходзіць.

 

«Абдула» (заўважыў паперу). Глянь, у Несцеркі папера тырчыць.

 

Бяруць паперу, ідуць бліжэй да святла, да кандэлябраў.

 

Патыліца (чытае). Стравы, якія асабліва ўжываюць знатныя магнаты і каралі. Першае.

«Абдула». Ну?

Патыліца. Почка ваўка, жменя крапівы і кубак чырвонага віна з каліны.

«Абдула». Можа быць, можа быць.

Патыліца. Другое. Тушаны фазан, замочаны ў леташнім снезе і нашпігаваны мякінай.

«Абдула». Смела, вельмі смела.

Патыліца. І яшчэ адно. Аладкі па-пінску: кіля мукі, замешанай на конскім казляку з дабаўленнем мачы маладога пеўня.

«Абдула». Чаго-чаго дабаўленнем?

Патыліца. Ад маладога пеўня.

«Абдула». Першы раз чую. Вельмі арыгінальна.

Патыліца. Хто не рызыкуе, той не мае. Схавай паперу пад падушку.

«Абдула». Назаўтра ты з почкай ваўка і фазанам уладкуй, а я збегаю да куратні за мачой пеўніка. Мы, ашмянскія шляхціцы... запаслівыя. Няхай будзе на ўсялякі выпадак. Алем-кілем.

Патыліца. Што прабалбатаў?

«Абдула». Кажу: па-рознаму п'янага ратуюць. Шап!

Патыліца. У імя Айца, Сына і Свентэга Духа. Аман! Чаму, думаеш, я прагну багацця? Ніхто ж цябе беднага ў наш час не заўважае і не паважае.

«Абдула». Ісціна. Адна знявага вакол. Нашлі, Божачка, ясны дзень, коўш радасці і пяць вярблюдаў гароху.

 

 

Карціна чацвёртая

 

Пакоі вялізнай панскай кухні. З аднаго боку ў другі бегае з падносамі прыслуга.

 

Аканом. Эй, цівуны, нясіце крэсла пана Здзіслава сюды, да акна. Ён чаду не церпіць.

 

Цівуны выносяць крэсла.

 

І зачыніце ўсе ўваходы і выхады на кухню, каб ніводзін сабака носа не паказаў.

 

Уваходзіць Анця. Аканом, быццам не заўважаючы яе, губляе канверт.

 

Анця! Анця!

Анця. Тут я ўжо даўно... (убок) сляпы ёлупень.

Аканом. Мо перадумала, Анця? Падыдзі да мяне.

Анця. Адчапіся.

Аканом. Рана сонейка заходзіць, за лесам хаваецца. Рана, Анця, пакідаеш, потым будзеш каяцца.

Анця. Чаго пан аканом клікаў? (Наступіла нагой на канверт.)

Аканом. Кліч усю прыслугу. Няхай ідуць да пограба харчы насіць.

Анця. Усё?

Аканом. Колькі разоў цябе вучыць: не ўсё, а вшыстке. Ідзі.

 

Анця пацерла нагой, канверт прыліп да голай ступні, так з канвертам і пайшла.

 

Хутчэй! Ваду, ваду насіце. Бальтазар!

Бальтазар. Я тут, пане аканоме.

Аканом. Бяры лічбы, пойдзем да пограба.

 

Уваходзяць Патыліца і «Абдула».

 

Патыліца. Пшэпрашам, ту месца, дзе бэндзем трэцюю загадку адгадваць?

Аканом. Ту. Сядайце і чакайце.

 

Бальтазар і аканом выходзяць.

 

«Абдула». Паверыш, Патыліца, у сенцах бяроза мочыцца. Як убачыў, так і самлеў. Сорак бізуноў, трасца тваёй матары.

Патыліца. Ты мне лепей скажы: мачу дастаў?

«Абдула». Не. Мо з гадзіну чакаў, так ніводзін певень і не хадзіў да ветру.

Патыліца (ціха). А я казляк знайшоў. Нам, шляхце, трэ трымацца разам, каб розныя Несцеркі не плявалі ў вочы.

«Абдула». Згодзен.

Патыліца. Трымай кавалак казляка. Мне не шкода. О, хавай узнагароду, Несцерка ідзе.

 

Уваходзіць Несцерка.

 

Несцерка. Воран ворану вока не выклюе. Сядзяць, нібы галубкі. Вітаю шляхцюка Патыліцу і ашмянскага шляхціца Абдулу.

Патыліца. Ішоў бы ты... дамоў, Несцерка.

«Абдула». Пад нагамі не блытаўся б, шайтан.

Патыліца. Нашы вучоныя галовы, як па-латыні кажуць, костумостру, салігру-малігру, колам ідуць.

«Абдула». І памятай: лепшыя чаны ды збаны нам. І гэты, і гэты...

Несцерка. Не турбуйцеся, паночкі, я ўжо тут збоку. Калі і прыйдзецца што пану зварыць, то магу і ў гэтым. (Падняў дзіцячы начны гаршчок.)

«Абдула». Ёлупень, гэта дзіцячы гаршчок.

Несцерка. Анічога, пан не свіння, усё з'есць.

 

Уваходзяць Бальтазар, аканом, Анця і чатыры дзяўчыны з прыслугі.

 

Аканом. Кладзіце ўсё на стол.

Анця (праходзіць каля Несцеркі і аддае канверт). Аканома.

 

Несцерка непрыкметна чытае. Бальтазар лічыць. Аканом сочыць за харчамі, якія дзяўчаты носяць на стол.

 

Несцерка (Анці). Хвост цяляці, вуха парасяці, язык індзюка, звараныя ў свінячым капшуку.

 

Уваходзіць 1-ы цівун.

 

1-ы цівун. Прашу, панове, пастараніцца, будзе пан у крэсла садзіцца.

 

Уваходзяць Пуп-Шкевіч і музыкі.

 

Пуп-Шкевіч (спявае)

 

Сумна жыць на свеце,

Радасці не бачу.

Хто ж мяне напоіць,

Хто ж мяне накорміць?

Цалу вёсну плачу.

 

Усе

 

Хто ж яго напоіць,

Хто ж яго накорміць?

Радасці не бача,

Цалу вёсну плача.

 

Пуп-Шкевіч. Маё шанаванне.

Усе. Сто год жыцця і радасці яснавяльможнаму пану Пуп-Шкевічу.

Пуп-Шкевіч. Дзякую. Усё гатова?

Аканом. Як мае быць. Пачынаць?

Пуп-Шкевіч. Пачынайце.

Аканом. Перад вамі харчы панскія і замежныя. Усяго на тры кілі. Бальтазар, зачытай.

Бальтазар (чытае). Тры кілі: птушкі, ялавічыны, тлушчу, рыбы, кроліка і зайца, хрэны і ўкропы, патрахоў і ікры (рознай), крабы, лангусты, амары.

«Абдула» (да Патыліцы). Авохці мне, першы раз чую.

Бальтазар. Паштэты і крыветы, грыбы і селядцы, капуста і памідоры, рыс і фасолі, судак і рак, гарох зялёны, чачавіца, мус і яшчэ шмат чаго на ўсялякі густ.

Пуп-Шкевіч. Хопіць. Не будзем марна час біць. Няхай кожны з вас возьме па літру вады, кілі солі і кілі харчы на свой густ. Трэба прыгатаваць страву з кілі солі, літра вады і кілі харчу. Вось гэта і ёсць трэцяя загадка.

Патыліца. І гэта вшыстке?

Пуп-Шкевіч. Вшыстке.

«Абдула». Хо-хо! Што ўмею, то магу. (Кінуўся выбіраць харч.)

Патыліца (ажывіўся). Памажы, свенты Даменіку, да багацця рукой падаць.

Пуп-Шкевіч. Аканоме, паклічаш, калі першы зварыць. Буду ў парку дыхаць свежым паветрам, каб апетыт падняць.

 

Цівуны выносяць крэсла.

Пуп-Шкевіч выходзіць.

 

Аканом. Спяшайцеся, паважаныя, ужо ў дзверы маёнтка чатыры новыя кухары стукаюць.

Патыліца. Так мыслю, што не прыйдзецца болей новых кухараў шукаць.

Несцерка. Дай Бог нашаму цяляці ваўка з'есці. (Ходзіць вакол стала.)

 

«Абдула» чысціць фазана.

 

«Абдула». Першы, першы павінен паспець.

 

Патыліца сячэ сякерай сцягно.

 

Патыліца. А дулю не хцэш? Я буду першы.

Аканом (да Несцеркі). Чаго лынды б'еш?

Несцерка. Рэўматызм у пяткі б'е. Я прывык з цыгаркай у роце працаваць.

Аканом. Будзе табе і цыгарка і (убок) бізуноў не адна пара. Анця! Ходзь сюды.

 

Уваходзіць Анця са слязамі на вачах.

 

Анця. Несцерка!..

Несцерка. Што з табой, Анця?

Анця. Цябе шкада. Ці можна што-небудзь зварыць у літры вады і кілі солі?

Аканом. Не шаптацца. Прынясі яму цыгарку.

 

Анця выходзіць і хутка вяртаецца з цыгаркай.

 

Несцерка (адной Анці). Я ведаю, Анця, які харч зварыць, але хітры пан не падаў яго на стол. Знайдзі капшук кабана і пакладзі ў яго (шэпча на вуха).

Анця. Несцерка! Ключы ад пограба ў аканома.

Несцерка. Паспрабуй узяць, Анця. Я каля печы пакручуся.

Анця. Добра. (Падыходзіць да аканома.) Пане аканоме-е! (Спявае.)

 

А мой Божа ядыненькі,

Не гаворыць мой міленькі.

А мой Божа, што рабіць,

Перастаў мяне любіць.

 

Аканом. Паверыла, што ніхто з іх не зварыць нічога? Казаў, каяцца будзеш.

Анця. Ваша праўда. І дзе яшчэ лепшага жанішка знайду? Калі любіш, дык любі, не кажы нікому. (Абдымае аканома.)

Аканом (ажыў, павесялеў)

 

Цалуй раз, цалуй два,

Хоць і дзесяць - не бяда.

Цалавацца усім можна,

Толькі трэба асцярожна.

 

Анця ідзе з аканомам у скокі і непрыкметна адчапляе з яго пояса ключ. Патыліца і «Абдула» падпяваюць.

 

Патыліца

 

Божа, Божа, сэрца рвецца,

Што дзяўчына не гарнецца.

Божа, Божа, што рабіць:

Ці пакінуць, ці любіць?

 

«Абдула»

 

А сягоння серада,

Шчэ я мяса не еў.

Не цалуйце мяне, дзеўкі,

Каб я часам не самлеў.

 

Несцерка

 

Я па беражку бягу,

Бераг асыпаецца.

Я бяззубую люблю -

Бяззуба не кусаецца.

 

Аканом. Фу... Свента Мар'я... замарыўся.

Анця. То я квасу прынясу. (Выходзіць.)

Патыліца. Пекна дзяўчына. Калі ўмацуюся галоўным кухарам - хатняй прыслутай яе вазьму.

«Абдула» (убок). Час казляк апускаць.

Аканом (звоніць). Засталося паўгадзіны.

Патыліца. У мяне будзе гатова раней.

«Абдула». І ў мяне, алем-кілем.

 

Уваходзіць Анця.

 

Анця. Пану аканому халодны квасок, проша. Дазвольце Несцерку капшук свінячы аддаць. Няхай варыць.

Аканом. Ці адзін капшук варыць у кілі солі, ці дзесяць - аддай.

1-ы цівун. Прашу, панове, пастараніцца, будзе пан у крэсла садзіцца.

 

Нясуць крэсла, уваходзіць Пуп-Шкевіч.

 

Пуп-Шкевіч. Бачу, вясёлыя ўсе. Ну, хлопе, ты першы?

Несцерка. Куды мне за шляхтай угнацца? Толькі вада закіпае.

Пуп-Шкевіч. Як праўдзіва кажа мой ксёндз: сяляне-баламуты.

Аканом. Было б чым ганарыцца.

Патыліца (бярэ вялізны гаршчок). Прашу, панове, пакаштаваць.

Пуп-Шкевіч. Голэмбе мой, спачатку ты чарпачок да дна, а мы ўжо пасля.

Патыліца. Нех бэндзе так.

 

Спрабуе, крывіцца, але сіліцца піць, нарэшце не вытрымаў, аж вочы на лоб палезлі.

 

Бальтазар (лізнуў языком). Салёная атрута.

Пуп-Шкевіч. Кепскія справы, голэмбе мой, сорак бізуноў - і з вачэй далоў. Наступны.

«Абдула». Страва прыгатавана, ваша светласць, па ўласным рэцэпце з дабаўленнем турэцкіх сакрэтаў, салодкая павінна быць, як шарбет.

Пуп-Шкевіч. Цікава, цікава. Налівай у гаршчок і каштуй першы. Ды хутчэй, а то ў мяне вельмі апетыт разыграўся.

 

«Абдула» бярэ чарпак, дзьме, каштуе, ды так і застаецца з адкрытым ротам.

 

Аканом. Дых заняло?

«Абдула». Ммы... сал...

 

Рогат.

 

Бальтазар. Салёная атрута.

«Абдула». Вельмі, вельмі салёная. Як усё ж па рэцэпце эфендзі? Гэта ж кебаб хацеў...

Пуп-Шкевіч. І гэтаму сорак бізуноў - і з вачэй далоў. Давай, Несцерка, мне вельмі карціць аддаць табе пяць бізуноў.

 

Рогат.

 

Несцерка. Зусім мала чакаць засталося. Вось апускаю свінячы капшук роўна на тры хвіліны.

Пуп-Шкевіч. Хлопе, я сачу за гадзіннікам.

 

Паўза.

 

Аканом. Дурны ты, Несцерка, яшчэ нікому тут не ўдалося зварыць што-небудзь смачнае ў літры вады і кілі солі.

Пуп-Шкевіч. А мо яшчэ накінуць тры хвіліны?

Несцерка. Навошта, паночак, усё гатова. У літры вады і кілі солі Несцерка зварыў кілю яек! Проша!

 

Нямая сцэна.

 

Пуп-Шкевіч (крычыць). Хто выдаў сакрэт? Прадам, закатую!

Аканом, Бальтазар (упалі на калені). Пашкадуй, яснавяльможны, і ў думках не было.

Несцерка (есць яйка). Вельмі смачна. Што ж, паночак, будзем разлічвацца.

Пуп-Шкевіч. Прасі, што пажадаеш, будзь за галоўнага на кухні, бяры грошай, але абяцай нікому сакрэт загадкі не перадаваць (амаль плача). Ты адымаеш у мяне маю лепшую забаву.

Несцерка. Не патрэбна мне ні пасада, ні гонар ваш, ні грошы. Аддай мне, пане, замест усяго дзяўчыну Анцю.

Аканом. А...

Пуп-Шкевіч (хутка). Бяры. (Весела.) Я згодны. Вшыстке.

 

Прыбягае 2-і цівун.

 

2-і цівун. Яснавяльможны, чацвёра ў вароты грукаюць, кухарамі называюцца.

Пуп-Шкевіч. Спачатку запытай, ці ёсць сярод іх Несцерка. Не пускаць такога ніколі! Рыхтуйце першую загадку, пойдзем.

 

Усе выходзяць, акрамя Несцеркі і Анці.

 

Анця. Несцерка...

Несцерка. Вось так, Анця... (Спявае.)

 

Мне не трэба пуд гароху -

Толькі дзве гарошынкі,

Мне не трэба многа дзевак -

Мне адну харошаньку.

 

Анця

 

Сядзіць голубе на дубе,

Галубка на вішні.

Скажы, скажы, мой міленькі,

Што ў цябе на мыслі.

 

Несцерка

 

Колькі раз я заракаўся

Каля дзевак не хадзіць.

Спадабалася дзяўчына -

Не магу яе забыць.

 

Анця

 

А з крыніцы вада льецца,

Бяры, міленькі, на чай.

Як не думаеш жаніцца,

То, прашу, не прывучай.

 

Несцерка

 

Давай, мілка, сядзем побач,

Давай прыгалубімся,

Усё роўна людзі скажуць,

Што мы з табою любімся.

 

Анця. Несцерка...

Несцерка. Як мой голас, Анця?

Анця. Як у таго салаўя, што за гарой кабылу душыць!

 

Уваходзіць Пілюля.

 

Пілюля. Пардон, яшчэ пардон. Дзе я магу пабачыць пана Пуп-Шкевіча? Естэм кухар з Парыжа, месье Пілюля.

Несцерка. Месье Кашуля. Пан Пуп-Шкевіч у вялікай сумоце грэе зубы на сонцы ў парку.

Пілюля. Пардон, яшчэ пардон. А ці то праўда, што пан бардзо далікатны да ежы?

Анця. Аж занадта.

Несцерка. Другі тыдзень сохне, вас, месье Кашуля, чакае.

Пілюля. Мерсі. І што, пан мае нейкую любімую страву?

Несцерка. Мае.

Пілюля. Мерсі, якую?

Несцерка. Казаць ці не?

Анця. Кажы, Бог даруе.

Несцерка. Індык, набіты бульбяным бацвіннем.

Анця. Ды яшчэ намазаны зверху пацуковым тлушчам.

Пілюля. Арыгінальна. Модная страва.

Несцерка. Пра яго выкрунтасы сам круль ведае.

Пілюля. Мерсі.

Несцерка. Нема за цо. Пану мы заўжды рады паслужыць.

Анця. Пойдзем, Несцерка, тата чакае.

Несцерка. Хадзем, Анця. Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве - і ў полі не тухнуць.

 

Анця і Несцерка, узяўшыся за рукі, спяваюць.

 

Анця

 

А не усё па горы плакаць,

 

Несцерка

 

А не ўсё па ім тужыць,

Трэба ж хоць адну часіну

Ды ў вясёласці пажыць.

 

Музыка

 

Канец другой дзеі

 

 

Дзея трэцяя

 

Карціна пятая

 

Хата Аксёна. Печ, услоны, дзежкі. Полаг падзяляе пакой на дзве часткі. Драўляны ложак. У кутку абярэмак саломы. Ледзь днее.

 

Голас Патыліцы. Гэй, ці чуеш, га? Гэта ў тваім жываце вурчыць ці ваўкі выюць?

Голас «Абдулы». У маім жываце ніколі не вурчыць, а заўжды грае. Дай спаць.

Голас Патыліцы. Я ж чую, шчэ не глухі. Вурчыць. О, трасца тваёй матары, ні ноччу, ні ўдзень з табой няма спакою.

Голас «Абдулы». Вушы заткні.

Голас Патыліцы. О, свенты Даменіку, сам заткні сабе дзюры ў носе.

 

Паўза.

Абодва гучна захраплі. Па авансцэне цішком праходзяць Аксён і Домна. Аксён трымае ў руках ліхтарык.

 

Домна. Хто гэта ў цябе храпе? Козы?

Аксён. Не.

Домна. Мо карова?

Аксён. Не.

Домна. Няўжо коні?

Аксён. Не. Гэта яны.

Домна. Хто - яны?

Аксён. Мае госці.

Домна. Бач, сіла нябесная, сам пан так не храпе. Надакучылі?

Аксён. Ось як надакучылі. Спасу няма. Ратуй, Богам прашу, бо ад іх, як ад казла, - ні воўны, ні малака.

Домна. Маравой язвы, вадзяной жабы, белай гарачкі не было?

Аксён. Не было, Домна.

Домна. Ты што, ачумеў? Не кліч мяне Домнай. Вунь пасля Каляд, у хорскай гміне, не пры нас кажучы, адну шаптуху ўтапілі ў сажалцы, уратуй Гасподзь яе душу.

Аксён. Я ж ніколі нікому.

Домна. Маўчы. Ікаўка нападала?

Аксён. Не памятаю, калі ўжо смачна еў. Усё ж гэтыя нелюдзі з'ядаюць.

Домна. Нясі попел. Ад чаго замовы, чалавеча, учуць хочаш?

Аксён. А ліха яго ведае. Ад усяго.

Домна. Э, не. Трэба выбраць нешта адно: ці ад ваўка, ці ад злога духу, ці ад нячыстай сілы.

Аксён. Па мне, каб яны хутчэй прэч з вачэй. Ратуй.

Домна. Вядома ж, сюды. О, гэ, падыдзе замова ад нячыстай сілы. Адсушка.

Аксён. Руш.

Домна (ходзіць вакол Патыліцы і «Абдулы»). Выганяю я з раба божага Аксёна бесаў, д'яблаў, нячыстых духаў і самазлейшых духаў, выганяю з сэрца, з зубоў, з целясоў, з носа, з рота...

Аксён. І з хаты.

Домна. Не сунь носа, сама ведаю. З мазгоў, з шыі, з плеч, з хрыбетнай касці, з рабёр, з жыл, з крыві, з хаты. І ссылаю вас, бесы-д'яблы, нячыстыя сілы, на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, на паганыя воды, дзе Садом і Гамора стрыблены. Заклінаю вас, бесы-д'яблы, нячыстая сіла, заклінаю ўсёмагутным Богам з вышніх воблак, чатырма евангелістамі Іванам і Маркам, Лукой і Мацвеем. Адступіцеся, злыя духі, ад раба божага Аксёна. Амін.

Аксён. Можа, яшчэ попелу, то пабягу да кузні?

Домна. О, гэ, хопіць. Прачнуцца твае госці, Аксён, не паспееш і азірнуцца, як яны знікнуць. Колькі мне людзі дзякавалі... Яй-бо, каб столькі здароўя.

Аксён. А мне куды пасунуцца?

Домна. Ідзі ў сваю кузню і ляпай малатком, як быццам нічога не ведаеш.

Аксён. То, можа, прыйдзеш яшчэ і ўвечары?

Домна. Чалавеча, калі кажаш, о, гэ, калі?

Аксён. Увечары... шчэ пашаптаць.

Домна. Да вечара іх як вадою змые.

Аксён. Дзякую табе, Домна.

Домна. Небарака, якая я табе Домна?

Аксён. А хто ж?

Домна. Свацця. Прыходзіла сватаць Анцю.

Аксён. Адзін Бог ведае, як яна і дзе яна.

Домна. О, гэ. Што начараваў?

Аксён. Гароху няма, солі няма, свечак з мая няма. Толькі рэпа.

Домна. Ой, чалавеча, ці ж гарох, рэпа, ці соль - усё роўна? Давай грошы.

Аксён (разявіў рот ад здзіўлення). Матухна свацця, дык і грошай бракуе. Гарэлку гасцям купіў. П'юць толькі гарэлку, каб ужо смалы напіліся. Шчэ да Макавея абяцалі мяне багатым зрабіць.

Домна. Ужо і Спас мінуў. Прыйду на Пакрову - з працэнтамі заплаціш. О, гэ. Бывай здаровы.

Аксён. Бывай. Дом... ета свацця.

 

Домна выходзіць.

 

(Адзін. Махае кулаком у бок Патыліцы і «Абдулы».) У-у, пранцаватыя, дапары збан ваду носіць. (Выходзіць.)

 

Пакой напоўніўся сонечнымі праменнямі. Патыліца і Абдула прачынаюцца.

 

Патыліца (пазяхаючы). Што гэта, Абдула, твой жывот усю ноч вурчэў, спаць мне перашкаджаў?

«Абдула». Па-першае, у нас, у ашмянскіх шляхціцаў, жывот не вурчыць, а грае. Далей скажу, што ты, Патыліца, так хроп, што пацукі ў норах не спалі, не кажучы пра мяне.

Патыліца. У нас у Пінску шчэ не такія, пшэпрашам, храпуны жывуць.

«Абдула». Усё ў вас ды ў вас. А нашу шляхту ашмянскую ніхто не перап'е.

Патыліца. Ніхто?

«Абдула». Ніхто, эфендзі.

Патыліца. Ды ў нас, калі ўжо сіл нямашака ротам піць, пшэпрашам, праворлівыя носам п'юць.

«Абдула». І ў нас часам носам п'юць, пад ахвоту.

Патыліца. А якой нагой у вас п'яны шляхціц у калюгу ступае?

«Абдула». Ета... правай.

Патыліца. Хто ж з шляхты ступае правай, усе ж ведаюць, што трэ толькі левай.

«Абдула» (з азартам). От, брыдота, а калі п'яны шляхціц падае ў калюгу, то якой рукой?

Патыліца (уяўляе, як гэта падаць). Што мы, капшукі, лапці, - канечне, правай рукой.

«Абдула». Гамоняць, што ў Пінску - па-свінску, то так. Ніхто цяпер з сапраўднай шляхты, калі ўжо добра пацягнуў, ні левай, ні правай рукой у калюгу не падае.

Патыліца (здзіўлена). Тады ж як?

«Абдула». Бухаецца абедзвюма рукамі. Алем-кілем. (Рагоча.)

Патыліца. Рагачы, рагачы, шалёны. Прагоніць Аксён, што ты без мяне рабіць будзеш?

«Абдула». Не прагоніць. Папера ёсць. Усё па закону. Перазімую - і падамся ў Варшаву. Там паненкі прыгожыя. Падсілкавацца не пашкодзіла б.

Патыліца. І пахмяліцца не бракавала б. Аксён!

«Абдула». Аксён!

Патыліца. А лоўка мы яго ета, як ланцужком сучачку.

«Абдула». Каб мяне раней слухаў, то і ў пана Пуп-Шкевіча прымацаваліся б. Я, Патыліца, таго-сяго ў гэтай Турцыі нахапаўся. Шап!

Патыліца. Няхай будзе шап. Кліч Аксёна.

«Абдула». Аксён! Пане гаспадару, дарагія госці ўсталі, есці просяць.

 

Уваходзіць Аксён.

 

Аксён (убок). Прачнуліся, свінні.

«Абдула». Што ж ты, наш саколіку, не шануеш больш гасцей?

Патыліца. Не частуеш. А так-сяк-накасяк.

«Абдула». Аксёне... Не пазнаю.

Аксён. Госці дарагія, з аднаго ж вала дзвюх шкур не дзяруць. Яшчэ на тым тыдні з'елі пяць хунтаў сала, тры хунты масла. Засталася толькі рэпа.

«Абдула». Сёння ж пятніца. Гадаць будзем. Патыліца, падай сюды святы пясок турэцкага месца Стамбула.

 

Патыліца нетаропка нясе торбачку з пяском. «Абдула» апранаецца ў каляровы халат, надзяе на галаву каўпак мюнеджы-башы. Бярэ жменю пяску, кідае на падлогу.

 

Патыліца (паказвае на «Абдулу»). Глядзі, Аксён, не галган з каморы, а вучоны шляхцюк.

«Абдула». Бачу... Святая Каабэ, курыц-мурыц, шап! Ідзе да цябе слава вядомага каралеўскага каваля. Ідзе. Бачу! Едуць людзі з маёнткаў, з замчышч. Сам круль едзе! Бачу. На парозе вялікае багацце. Валы, козы, авечкі, Езус-Мар'я, якое шчасце чакае чалавека наперадзе!

Аксён (не вытрымаў). Калі?

 

Паўза.

 

«Абдула». Хутка. Ужо, можна сказаць, вось-вось.

Аксён. Гадаеце, гадаеце да сёмага поту, ды ўсё як той кот набляваў ці сабака набрахаў.

Патыліца. Бога маліў бы, што такое багацце валіць у хату, дзякаваў бы. Мы ж не прыблудкі, а шляхта, так-сяк-накасяк. Нясі харч з гарэлкай.

Аксён (убок). Шчэ й панукаюць, парсюкі. Сала на дурніцу гадуюць, а я вінаваты. (Выходзіць.)

«Абдула». Пясок увесь чыста мокры. Дзе ты капаў, шайтан?

Патыліца. Ля канавы, як заўжды.

«Абдула». А дзе я цябе прасіў: ля млына. Ля канавы гліна.

Патыліца. Дурному Аксёну ўсё адно: ці пясок, ці гліна.

 

Аксён прыносіць штоф гарэлкі і параную рэпу.

 

«Абдула». О, гэта ўжо па-шляхецку. Шап!

Патыліца. Малайчына, Аксён, трэ шанаваць людзей, якія даюць табе разумныя парады.

«Абдула». Вучаць жыць.

Патыліца. Цягнуць цябе з быдла ў шляхецтва. Трымайцеся нас. (Паказаў на «Абдулу».) Гэны ўмее вшыстке.

 

Патыліца і «Абдула» п'юць самі, наліваюць Аксёну. Спяваюць.

 

Патыліца

 

А мы добрага роду,

 

«Абдула»

 

П'ем гарэлачку, як воду.

Гоца, гоца, уля, уля,

Пі гарэлачку, татуля!

 

Патыліца

 

А мой бацька добры быў -

Па два літры на дзень піў.

 

Патыліца, «Абдула» (разам)

 

Гоца, гоца, уля, уля,

Пі гарэлачку, татуля!

 

«Абдула»

 

А мамуся дабрахоча

Вып'е літру - яшчэ хоча!

 

Патыліца, «Абдула» (разам)

 

Гоца, гоца, уля, уля,

Пі гарэлачку, татуля!

 

Патыліца. Як?

Аксён

 

У галаве шуміць-шуміць,

А ў кішэнях ціха-ціха.

 

Патыліца. Хто не рызыкуе, той не мае. З боскай дапамогай уладкуем тваю гаспадарку.

 

Стрэл з гарматы.

 

«Абдула». Поўдзень. (Кінуўся на падлогу, моліцца.) О, Алах, ібн Алах!

Патыліца. Час на паляванне збірацца. Трэ дыхнуць свежым паветрам.

«Абдула». І я люблю свежае паветра. Пойдзем. Чакай, Аксён, на вячэру.

Патыліца. Так-сяк-накасяк каўбасы ў шынкара выменяй. Даўно каўбасы не елі. Да відзэння.

 

«Абдула» і Патыліца выходзяць.

 

Аксён (адзін). Гоца, гоца, уля, уля... О, маю ганьбу на ўвесь белы свет. І прагнаць не магу, і жыць далей сіл нямашака. Досыць. (Кінуўся на ложак.) Дажыўся. Сорам ёсць. От, памру... адно збавенне. Прыйдуць у хату, глянуць, а стары Аксён нежывы, спужаюцца і ўцякуць, як мядзведзь ад пчол. Будзе і гоца, гоца, і уля, уля.

 

Паўза.

Аднекуль здалёк чуваць прыпеўкі Анці і Несцеркі. Вось з'яўляюцца і самі яны.

 

Анця. А не ўсё ж па горы плакаць.

Несцерка. А не ўсё ж па ім тужыць.

Анця. Глядзі, Несцерка, бацька! Спіць родны. Тата?

Несцерка. Не руш. (Цягне ложак да авансцэны. Спявае.)

 

Люлі-люлі-люлі,

Палез кот па дулі.

 

Анця (працягвае)

 

Ой, баю, баю, баю,

Не кладзіся на краю.

А то з краю упадзеш

І галоўку разаб'еш.

 

Ходзяць вакол ложка.

 

Аксён (падняў галаву). О, нябесная сіла, як хутка. Ужо і анёлаў ніспаслаў. Усё. Канцы. Дачакаўся. Ідзе пачвара з касою.

Анця (да Несцеркі). Нешта пра анёлаў, бедны, шэпча.

Несцерка. Са сну. Баба з касою прыснілася.

Аксён (усё яшчэ не бачыць Несцерку). Сам ты баба, чалавеча. Смерць ідзе, яна, паганая. Збавенне Аксёну нясе.

Анця (нечакана, з трывогай). Тата! Родны! Аб чым ты? Ей-ей-ей, ці ж ты не пазнаеш? Я гэта, дачка твая, Анця. О! Несцерка разам, ці ж не бачыш?

Аксён (не адразу). Дык... Не... Ай, святыя ўгоднікі! Доня, мая донечка. Га, людцы? Жывая ж, прыгажуня мая. Ай, і хлапчук той самы, Несцерка, дай Бог табе здароўя, а мне грошай. Ды вось ліха напала, ні грошай, родныя, ні харчоў.

Несцерка. Што ж такое за ліха, дзядзька Аксён?

Аксён. А такое, сынок, што хужэй той маравой язвы і вадзяной жабы. Праўдамі ды крыўдамі прыбіліся да мяне два вучоныя, каб за гэту вучонасць іх на вуголле пасадзілі. Шляхцюкі нейкія. Цягнуць жылы. Гарую, як, не пры нас кажучы, у пекле ў Люцыфера. Ужо смокі еныя пуд мукі, пуд гароху, тры хунты масла - усё паелі. Кароўку задралі ваўкі - так не плакаў, мядзведзь выдраў пчолак - так не скуголіў, а з імі, браце, выю.

Несцерка. Упіліся дык упіліся.

Анця. Божа літасцівы, адно гора мінавалі, у хаце - другое чакае.

Несцерка. І што ж, гэтыя шляхцюкі панам прыстаўлены?

Аксён. От бы па-твойму, ды ўсё не так. Я прыдбаў іх.

Несцерка. Мяхі раздуваць?

Аксён. Не, паслухайце свайго старога дурня. Пашкадаваў я іх. Набіліся ў госці. Узяліся розуму вучыць. Гадаюць, на зоркі глядзяць, пясок перасыпаюць, нешта не па-людску крычаць, ат, думаю, дзякуй Богу, розуму навучаць, уратуюць ад сораму. З таго ўратавання, о, клаўся паміраці, доня мая.

Анця. Тата! (Абдымае.) Родны, не дачакаўшыся нас.

Аксён. Чакаў... Чакаў... стаміўся.

Анця. Колькі яшчэ пакрыўджаных, тата, ды галодных на свеце! Колькі гора і няпраўды пануе! Ці ж Несцерка той міма пройдзе?

Несцерка. Дык што ж, дзядзька Аксён, ужо прагнаці нельга, такія яны асілкі?

Аксён. От бы па-твойму, ды ўсё не так. Паперу маюць. Я і яны паміж сабою такую паперу падпісалі. Свой палец я, стары ёлуп, прыставіў, і балбатун гэты замежны свой пярсцёнак прыклаў. Па закону не магу прагнаць. Цямніцай пагражаюць. О як!

Несцерка. Свет вялікі, ды дзецца няма дзе. Гаруюць людзі на пана, на папа, ксяндза, аканома, шынкара, суддзю, караля - от, мала, гаруй яшчэ на разумныя парады. Ужо піявак развялося больш таго жаберу. Дзе ж яны зараз, дзядзька Аксён? Цікава ж зірнуць на разумнікаў гэных.

Аксён. Неяк жа з вясны сядзелі на яйках.

Анця. Што?

Несцерка. Як?

Аксён. Вядома ж, не галавою. Пытаюць, трасі іх ліхаманка, колькі адна кура цыплянят выводзіць. Кажу, з дзесятак. О, вылупіў вочы адзін, пасадзі нас на дзежку, добра кармі, мы ўсе трыццаць выседзім. Сядзелі, сядзелі, пакуль мо мазалі нараслі, кінулі ды ў рыбу падаліся, і яйкі тыя самі з'елі, а мне кажуць, тхор паеў, ледзь свае... лыткі ўратавалі. Таўкуцца, рады не дам.

Анця. Няхай толькі прыйдуць. Ужо мала засталося. Каму гарох?

Аксён. Ім.

Анця. А скулля. (Хавае глечык з гарохам.)

Аксён. Чакаць сапраўды нядоўга. Вунь, цягнуцца.

Несцерка (ля акенца). А каб у маім ложку мышы не вадзіліся. Ці ж гэта не мае даўнія знаёмыя, Патыліца з Абдулою?

Анця. Яны!

Несцерка. Яны. Каб мне свет бачыць. Ай, не такі ўжо страшны чорт, як яго малююць.

Анця. То мо качарэжку ўзяць ды па чым пападзе раз-другі. А рот мохам запхаем.

Аксён. Крый Божа. У цямніцы згнояць.

Несцерка. Не пужайся, Аксён, не спяшайся.

Анця. Будзе час і для качарэжкі. А пакуль і вучоныя рэчы паслухаем.

 

Уваходзяць Патыліца і «Абдула». Яны сварацца.

 

«Абдула». А я кажу, што ты дурны, як авечка.

Патыліца. Вучыш мяне, а сам неразумны, што той казёл.

«Абдула». Я ж табе раіў: страляй. Не будзе толку з цябе ні на рыбе, ні на паляванні.

Несцерка (каля полага). Што ж такое здарылася, паважаныя шляхцюкі, што за сварка такая паміж вамі?

 

Паўза.

 

«Абдула» (Патыліцы). Пазнаеш?

Патыліца (адводзіць «Абдулу» ўбок). Пазнаю, пся крэў. Несцерка. Але ж зараз мы з яго парагочам. Паперу маем, усё па закону. Падманулі старога з пеўнем, падманем і маладога Несцерку.

«Абдула» (абдымаючы Аксёна). Свае, можна сказаць, родныя людзі.

Анця. І ў харошай сям'і вырадак бывае.

Патыліца. Меліся табе, Аксён, свежаніну прынесці. Прыйшлі да гаю, бачым, козы пасуцца. Толькі я гэта прыладзіўся стрэліць, як раптам у казла, каб яго кожны дзень даілі, шмялі ў ноздрах заказыталі. Чыхнуў, дык цэлы рой адтуль.

«Абдула». З носа.

Патыліца. Звесна, з носа і вылецеў. Давай кусаць коз. Пабеглі козы, як ашалелыя, у лес. Мы за імі. І бачым - пшэд очыма мядзведзь. Адзін шмель як ляцеў, так у нос да мядзведзя і схаваўся. Стрэліў гэта я, як у Варшаве вучылі.

«Абдула». Я локаць трымаў.

Патыліца. Звесна, не ружжо. Так-сяк-накасяк упаў мядзведзь, не дыхае.

«Абдула». Канцы, рыхтык.

Патыліца. Так-сяк-накасяк падышлі, прыслухаліся. Абдула таўчэ мяне ў бок, бяры, кажа, ламачыну, прывяжам мядзведзя, о будзе падарунак Аксёну.

«Абдула». Усё так.

Патыліца. А я не спяшаюся. Нешта гудзе, як быццам вішчыць. Нарэшце дапэтліў. Рой тых шмялёў у носе ў мядзведзя. Падумаў: прынясу гэтага мядзведзя толькі на пагібель Аксёну.

«Абдула». Алах не дасць зманіць.

Патыліца. Кінулі таго мядзведзя ды ходу дамоў.

Несцерка. Добрая байка. Ад бацькі чуў.

Патыліца. Ты, Несцерка, не суйся. Не верыш, ідзі пашукай таго мядзведзя, ён яшчэ ляжыць, калі ваўкі не з'елі. (Усміхаецца.)

«Абдула». Бяры, Патыліца, глечык гароху, пойдзем рыбу вудзіць.

Анця. А гароху болей няма. Мы з Несцеркам з'елі, як тыя шмялі коз.

Патыліца (да Аксёна). Аксён, проша нас не гневаць. Умова была, паперка ёсць.

«Абдула» (дастаў паперу). Вось яна. Законная.

Патыліца. Нех пан почэка.

«Абдула». Да зімы.

Патыліца. І ўсе прадказанні мюнеджы-башы (паказаў на «Абдулу») споўняцца. Давай гарох.

 

Аксён забірае ў Анці глечык з гарохам і моўчкі аддае Патыліцы.

 

«Абдула». Чаму маўчыш, Несцерка, дзе ж твой вонстры ензык?

Патыліца. Мо праглынуў?

Несцерка. Авохці мне, спужаўся, шляхціцы! Мо той рой шмялёў у вашым носе сядзіць? Ці чуеце, нешта вішчыць?

Анця (бярэ качарэжку). Хіба качарэжкай пра-гнаць, пакуль не задавілі?

Несцерка. Пачакай, Анця, шмялёў шкада.

Патыліца. Стаміўся ты, Несцерка. Сапраўды вішчыць - у жываце ў ашмянскага шляхціца.

«Абдула». Грае.

Патыліца (да «Абдулы»). Пойдзем, шаноўны мюнеджы-башы.

Несцерка. Нейкае слова вучонае ведаеце.

Патыліца. Потрэх, чалавек у Турцыі быў, зоркі лічыць умее, гадае.

Несцерка. І што, усе палічыў?

Патыліца. Усе да адной. Будучыню ўгадвае. Калі ўраджаі, калі голад.

Анця. Брэша.

Несцерка. Калі ўжо нават зоркі палічыў, то мо й валасы мне на галаве палічыць. Іх жа меней, чым зорак на небе. Дык і я ўжо дам згоду на такую паперу.

«Абдула». Алем-кілем, шайтан. Вось калі палічыш (высыпаў на лаву), колькі пясчынак у гэтай жмені пяску, іх менш, чым валасоў на тваёй галаве, тады я палічу твае валасы.

Несцерка. Бачу, вучоныя людзі. Голымі рукамі не возьмеш. Нездарма ты, Аксён, маеш з імі паперу. Прыйдзецца прыгатаваць ім смачную вячэру.

Патыліца. Нарэшце зразумеў, што табе, мурзатаму селяніну, не ўгнацца за намі - шляхтай.

«Абдула». З каўбаскай вячэру, з каўбаскай.

 

Патыліца і «Абдула», прыпяваючы, выходзяць.

 

А мы добрага роду -

П'ем гарэлку, як воду.

 

Патыліца

 

Гоца, гоца, уля, уля,

Пі гарэліцу, Абдуля.

 

«Абдула»

 

Уля, уля, гіца, гіца,

Пі гарэлку, Патыліца.

 

Аксён. Закацілася сонейка, закацілася.

Анця. Прыдумала! Трэба ўкрасці паперу. Калі ўначы заснуць...

Несцерка. Анця, я цябе не пазнаю. Ці ж не лепш крадзяжу качарэжка?

Анця. Няўжо магчыма іх качарэжкай?

Несцерка. Ды яшчэ як! Не адзін раз.

Анця. Несцерка, я цябе пацалую.

Несцерка. Калі ласка.

Анця. Э, не... апасля.

Аксён (убок). Шчэ невядома, каго будуць біць: чы мы іх, чы яны нас.

Несцерка. Тым часам рыхтуйце ўсе харчы. І каўбасы ў шынкара трэба выменяць. Будзе і на нашай вуліцы свята.

 

Канец трэцяй дзеі

 

 

Дзея чацвёртая

 

Карціна шостая

 

Дэкарацыі тыя ж.

 

Аксён. Што я мог зрабіць? Не дае.

Несцерка. Анця, так і перадай шынкару, маўляў, такі ўжо багаты, такі шчодры, як пан Казлоўскі. Сам стаміўся з дарогі, прыйсці не можа, няхай нясе сюды каўбасы.

Анця. Добра. (Выходзіць.)

Несцерка. Яго шынок стаіць ля млына? Сучачка вакол з сабачанятамі бегае?

Аксён. Яго, скнары. І сучачка, і шынок. І слухаць не хацеў.

Несцерка. Як маліў?

Аксён. Залямантаваў: дапамажы, родны шынкар, хата згарэла, жонка згарэла, дзеці згарэлі. Дай кавалак каўбасы бедным дзеткам-сіратам. А ён у рогат. І Домна, яго жонка, у рогат. Кажа, калі ўсе згарэлі, каму ж тады ты каўбасу просіш? Не даў, каб ён ёю падавіўся з пятніцы на суботу.

Несцерка. Кабету яго Домнай клічуць?

Аксён. Домна-шаптуха. Скнара, як і ён.

Несцерка. Пакуль Анця кліча шынкара, давай, Аксён, цягні ўсё, што ў каморы засталося.

Аксён. Каноплі ды сушаныя чарніцы.

Несцерка. Не сваты ж у хату лезуць, у печ не будуць заглядваць. Нясі каноплі ды чарніцы.

Аксён. Бягу, бягу. (Выходзіць.)

Несцерка (рэжа капусту і спявае)

 

Ах вы, столікі мае,

Вы цясовыя мае,

Чаго ж вы стаіце,

Незасланыя ў мяне?

Ой вы, кубачкі мае,

Пазалочаны мае,

Чаго ж вы стаіце,

Неналітыя ў мяне?

Ах вы, госцікі мае,

Ах вы, любыя мае,

Чаго ж сядзіце,

Невясёлыя ў мяне?

 

Уваходзіць Анця.

 

Анця. Несцерка, шынкар ідзе. Ой, што будзе, сама не ведаю!

Несцерка. Малайчына, Анцюся. Пакуль суд ды справа, завяжы ў торбачку бляшак каваля, каб больш дрынчэла, бы грошы.

 

Уваходзіць Аксён.

 

Аксён. Несцерка, шынкар на двары. Такія каўбасы, такія каўбасы, у сне не еў!

Несцерка. Анця, дай торбачку з «грашыма». (Анця падае.) Дзякуй.

 

Уваходзіць шынкар.

 

Шынкар. Мо каму трэба, каму не трэба, а я скажу - дзень добры ў хату, з поўнай скрыняй, цёплай пярынай і дойнай каровай.

Несцерка. На ўсё добра. Дзякуй, шынкар. Вось з дарогі, стаміўся, хачу павячэраці. Аўсяную мякіну Аксёна тваёй каўбасой заесці.

Шынкар. Мая каўбаса не ўсім па зубах.

Несцерка. Мы - звыклы люд, як-небудзь сківіцамі перамалоцім.

Шынкар (усміхнуўся). Сківіцамі не асіліш, і хітрыкі твае цябе на гэты раз не выратуюць. Ведаю цябе. Ты - Несцерка. Каму трэба, каму не трэба, а па мне - праходзь бокам.

Несцерка. Скуль жа ты ведаеш мяне, шынкар? Мы ж, здаецца, з табою адно поле не аралі.

Шынкар. Добра ведаю. Ехалі мы неяк разам з аканомам, а ты малы быў, сядзеў і рыбу вудзіў у возеры пана. Аканом тады пастрашыў пугай: не дазволена рыбу вудзіць у панскім возеры. А ты і адказаў: «Я ж не вуджу, а чарвяка купаю». Хе-хе-хе. З таго часу я цябе і запомніў. Пенёндзы на стол, і пакуль я ўласнай рукой усе грошы не пералічу, каўбасы не прадам.

Анця. Прапалі.

Несцерка (убок). О, жывадзёр. Колькі просіш?

Шынкар. За ўсю?

Несцерка. За ўсю.

Шынкар. Хе. Грошай не хопіць.

Несцерка (убок). Не хопіць грошай, дарма аддасі. Колькі?

 

Шынкар паказаў адну пяцярню, потым другую.

 

І гэта ўсё?

Шынкар. Хадавая цана.

Несцерка. Бяру. Анця, пасцялі хвартух, грошы лічыць. Каб у такога шынкара, які мае славутую на ўсе маёнткі жонку, ды не купіць каўбасу.

Шынкар (зацікавіўся). Што за славутасць такая ў маёй жонкі?

Несцерка. Сам пан здзіўляўся.

Шынкар. Штосьці я не чуў. Каму трэба, каму не трэба, а для мяне навіна. Што ж такое?

Несцерка. Ну, забі, не паверу, каб сам гаспадар не ведаў.

Шынкар. На гарбе вярба, а на вярбе сава... Не ведаю.

Несцерка. А чутка такая. Кажуць, калі яе папросіш - яна сабакам брэша.

Шынкар (разявіў рот ад здзіўлення). Пры... пры мне ніколі не брахала.

Аксён. Хо!..

Анця. Мо саромелася?

Несцерка. Што ж усе дурныя навокал, не адрозніваюць сабаку ад ваўка?

Аксён. Божухна, і ваўком умее.

Несцерка. Не бяруся казаць, а сабакам брэша, як арэшкі шчоўкае.

Шынкар. О, прайдзісвет! Жарты. Ды не на таго шынкара нарваўся. Б'юся аб заклад, што Домна мая сабакам не брэша і не брахала.

Несцерка. Анця, будзь ласка, пакліч Домну.

Шынкар. Так-так. Гані сюды.

Несцерка. А, ці губляць, ці знаходзіць. (Падае руку.) Аб заклад. Аксён, перабі. А на што ж ставім?

Шынкар (з азартам). Усё, на што ні паставім, будзе маё.

Несцерка. Тады... на каўбасу. З мяне торбачка з усімі грашыма. (Пабрэмкаў торбачкай.)

Шынкар. Шчэ той не нарадзіўся, каб шынкара падмануў.

Аксён. Бягуць. Домна з Анцяй бягуць.

Несцерка. Ты тым часам, шынкар, схавайся за полаг. Каб цябе не саромелася.

Шынкар. Так-так. (Ідзе за полаг.)

 

Уваходзяць Анця і Домна.

 

Анця (паказала на Несцерку). Вось гэты чалавек клікаў.

Несцерка. Сядайце, пані.

Домна. О, гэ. Не старая, пастаю.

Несцерка. Шукаю ў гаспадарку сабаку. Наказалі людзі, што ў вас ёсцека.

Домна. Гэтага дабра сучачка прынесла аж васьмёра.

Несцерка. Сучачка шынкара, так? Жвавая такая? Даю торбачку грошай за добрае сабачаня.

Домна. О, гэ. І жвавы, і спрытны, і мала есць.

Несцерка. Аксён кажа, што шэсць дзён сучачка спіць, а на сёмы брэша.

Домна. Ашуканец, о, гэ. Ды лепшай сучачкі на сем вёрст не знойдзеш.

Несцерка. А людзі кажуць, што сабачаняты ў мельніка брэшуць гучней.

Домна. Тыя людзі самі брэшуць. Наша самая галасістая.

Несцерка. Ай, пранец я, пранец, каб, здаецца, ведаў, як брэша, купіў бы адразу. Ці гучна брэша?

Домна. Гучна, хоць вушы затыкай. О, гэ, спаці не дае.

Несцерка. Як?

Домна. О, гэ, так: гаў, гаў, гаў!

Несцерка. Кепска, пані.

Домна. Калі добра паесць, тады о, гэ, так: гаў, гаў, га-а-а-ў!

Несцерка. Не... ёсць лепшыя. Не...

Шынкар. Ёлупе! Чаго разбрахалася? Казаў жа бацька нябожчык: не жаніся, торба мякіны. Ой-ёй-ёй...

Домна. О, гэ, чалавеча. Каўбасу прадаў, я сучачку збуду.

Шынкар. У-у... (Падняў кулак.) Гаў! (Штурхае здзіўленую Домну да дзвярэй.) Гаў! Ідзі, каб мае вочы цябе не бачылі.

 

Домна і шынкар выходзяць.

 

Несцерка. Які Хомка, такая ў яго і жонка.

Аксён. Ай, Несцерка! Вось галава.

Несцерка. Часу мала. Сядайце і слухайце, што будзем рабіць з вячэрай для шляхцюкоў.

 

Зацямненне

 

 

Карціна сёмая

 

Дэкарацыі тыя ж. Аксён стаіць па адзін бок хаты, Анця - па другі. Несцерка стаіць ля акна.

 

Несцерка. Ідуць.

Анця. Пачынаць?

Несцерка. Няхай у хату ўвойдуць.

 

Уваходзіць Патыліца, за ім «Абдула».

 

Патыліца (панюхаў паветра). А, вараная капуста.

«Абдула». А-вай-вай! Каўбаса!

Анця (нечакана). Не хачу, не жадаю чакаць, пакуль мірскі суддзя прыйдзе. Прэч, стары корч!

Аксён. Адзін, адзін усё нажыў. І цябе выгадаваў. Маё ўсё тут. Ты прэч з вачэй, паганка.

 

Патыліца і «Абдула» больш чым здзіўлены.

 

Анця. І я гаравала. Маё ўсё тут. Дзяліцца. Не хачу жыць з такім бацькам.

Аксён. Няхай д'ябал жыве з такою дачкою. Усё папалам.

Анця. Начыста. Папалам.

«Абдула». Што з імі? Таго... мазгі, шайтан.

Несцерка. Як вы пайшлі, з таго часу ўсё і пачалося. Пасварыліся, міні ліха, на смерць. Косы рвалі адно другому.

Патыліца. Ніхто цяпер не ўжывае. Глянь на зоркі, Абдула, калі ім збавенне ад навалы будзе?

Анця. Не трэба глядзець. Не дапаможа. Толькі дзяліцца. (Збірае рэчы.)

Аксён. Э, куды. Парткі мае. (Да Несцеркі.) Дарагі, разумны чалавек, дапамажы падзяліць гаспадарку, будзь суддзёй.

Анця. Ды сумленна дзялі. Усё папалам.

Несцерка. Калі ўжо так просіце... Можа, й шляхта супраць не будзе?

Анця. Яны ж таксама нашы госці. Родныя. Чаму ж ім супраць быць?

Патыліца. Звесна, цо так.

«Абдула». Так то яно так. Але ж, можа, сапраўднага суддзю пачакаем?

Патыліца. Пакуль яго дачакаешся, капуста пахалодае і каўбаса зацвіце.

«Абдула». Які ён шляхціц? (Паказвае на Несцерку.) Што ён разумее?

Патыліца. А скажы, Несцерка, п'яны шляхцюк якой нагой у калюгу ступае?

«Абдула». І якой спачатку рукой, ці правай, ці левай падае?

Несцерка. Быў я, панове, і ў Віцебску, жыў у Слуцку, хрысціўся ў Пінску, бажыўся ў Ашмянах, скакаў у Варшаве - нідзе не бачыў, каб п'яны шляхцюк падаў у калюгу левай ці правай рукой.

«Абдула», Патыліца (разам). А як?

Несцерка. Цяпер такая мода - толькі тварам, без рук, о!

Аксён. Дзіва што. Бачу: разумны і сведлівы чалавек суддзя.

Анця. Папалам.

Несцерка. Па-боску, такая завядзёнка ўжо. Палова хаты табе, Анця, палова - Аксёну.

Анця. Згодна.

Аксён. Няхай так.

Патыліца. Пакуль усё рыхтык.

Несцерка. Табе ўслон, а табе лава.

«Абдула». Так.

Несцерка. Табе ложак, табе печ. Табе гаршкі, табе глечыкі. Табе канопля, табе чарніла. Табе палоўнік, табе качарга. Табе лыжка, табе нож. Табе капуста, табе каўбаса. Табе салома, табе сена.

Аксён. О, дзякуй табе, чалавеча. Век помніць буду.

Анця. Я не пагаджуся. Калі дзяліць, тады ўсё дзяліць. А гасцей як?

«Абдула». Сапраўды, як?

Патыліца. Чы туды, чы сюды.

«Абдула» (да Анці). Вазьмі мяне, я маладзейшы. Хе, хе... Шап! Гоца, гоца, уля-лі, Анця, хлопца прытулі.

Аксён (заўважыў, як «Абдула» заляцаецца да Анці). Суддзя, мне таго, што зоркі лічыць. На маёй палове - акенца.

Несцерка. Дарагі госць Патыліца ідзе да Анці, Абдула - да Аксёна. Усё. Цесната - не крывата.

Патыліца. Яшчэ пенкней - едын ложак на дваіх.

Несцерка. Час і суддзю пачаставаць.

Аксён. Сядай, суддзя, пасярэдзіне, а ты, мой любы госць, на мой бок.

Анця. Шляхцюк Патыліца, сунь лаву бліжэй да мяне.

 

Усе селі. Несцерка разліў па місках капусту.

 

Несцерка. Піце госцікі, ешце.

«Абдула» (убок). Нішчымная капуста. Бач як, халера, каўбасу намінае.

Патыліца (Анці). О, слава Езусу, як удала Несцерка падзяліў. Нездарма чутка пра цябе хо-дзіць, як пра разумнага чалавека.

 

«Абдула» цішком палез да каўбасы. Толькі схапіў рукой, як Анця спрытна ляпнула яго па руцэ.

 

Анця. Куды, паганец, на чужое.

«Абдула». Ай!

Аксён. Што, сынку?

«Абдула». Па лбе лыжкай трэснула.

Аксён. Дык ты майго дарагога госця лыжкай па лбе?

Патыліца. Так-так.

Аксён. Тады я твайго па пысе. (Б'е па шчацэ.) Еш, Шляхціц Абдула, я заступлюся за цябе.

Анця. Ты каго б'еш, маю прыгажосць, майго святога ўгодніка? (Пацалавала ў лоб і плюнула.) Трымайцеся. (Б'е «Абдулу» глечыкам па галаве.)

Несцерка. Усё па закону. Абарона свайго маёнтка.

«Абдула» (крычыць). Ма... Ма-ма! Нашых б'юць. Дай ім, Аксён, у імя Алаха, о, палоўнікам.

Аксён. Божухна, ну і дачка. Глечыкам па галаве майго ўратаванца, то трымайся ўжо, о так, з левай хваць. (Б'е палоўнікам па галаве Патыліцу.)

Патыліца (ходзіць, як быццам сляпы). Дзе я, людцы? Адпомсці, Анцэся, любая. На каўбасы нашы ласы, а дулю, шайтан ашмянскі, жаба з гною.

Анця бярэ качаргу, накіроўваецца да «Абдулы».

 

«Абдула». Не, не... толькі не гэтым.

Аксён. Цярпі, сынок... я больш цярпеў. Іхняга госця я буду біць цэпам.

Патыліца. Дай яму, дай яму, Анця, каб са-праўды зоркі ўбачыў! Ты не так-сяк-накасяк, а напрамую.

Анця. А вось табе, вось табе! Яшчэ! Каб на чужое не квапіўся!

 

Патыліца ўгледзеў, як Аксён узяў цэп.

 

Патыліца. З такой жыткі працягнеш лыткі. Трэ ўцякаць. Гэй, нясіце мяне ногі да Варшавы. Бі яго, Анця, бі. (Сам бачком рушыў да дзвярэй.)

«Абдула». Дык ён уцякаць, сабака пінскі?! Дай цэп, Аксён! Далей Коўна не дабяжыць. Так угрэю, так ужо ўгрэю...

Несцерка. Вось так, даражэнькія. Наперад будзеце ведаць, як за кошт другога жыць, кроў у простага люду піць. І іншым накажаце, як вас у Аксёна пачаставалі, піяўкі паганыя, прыслужнікі панскія.

Анця (наўздагон). Уцякай, Патыліца!

Аксён (наўздагон). Бі яго цэпам, Абдула, цэпам. За ўсё наша, бі яго, каб не квапіўся болей чужым гарбом сабе шчасце будаваць. Бі-і, шляхцюк!

Анця (кінулася на шыю да Несцеркі, пацалавала). Несцерка! Ты самы разумны і добры чалавек на свеце!

Аксён (б'е злёгку палоўнікам Анцю ніжэй паясніцы). Ты што гэта робіш на маёй палове хаты ды з маім госцем, га?

Анця. Які ж ён госць, тата? Ён самы родны, як усім сялянам на зямельцы нашай.

Аксён. Праўда твая, дачушка. (Спявае)

 

Во цяпер мне пагуляць,

Покуль грае скрыпка.

Ручкі, ножкі не баляць,

Серадзінка гібка.

 

Несцерка

 

Ой, без дудкі, без дуды

Ходзяць ногі не туды,

А як дудку пачуюць,

Самі ногі танцуюць.

 

Аксён

 

Не будзем плакаць, бедаваць,

Слязамі мора наліваць.

Слязамі мора не нальеш,

А толькі сэрца надарвеш.

 

Што ж ты, Анця, збоку прытулілася, ці не весела?

 

Анця

 

Эй, зайграйце, музыкі,

Мае лапці вялікі.

 

Несцерка

 

А скрыпачка, далібог,

Не шкадуй ты маіх ног.

 

Анця

 

Мне не трэба пуд мукі,

Мне не трэба сіта.

 

Аксён

 

Яе мілы пацалуе -

Цэлы тыдзень сыта.

 

Усе

 

А не ўсё ж па горы плакаць,

А не ўсё ж па ім тужыць,

Трэба ж хоць адну гадзіну

Ды ў вясёласці пажыць.

 

Заслона

 


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Сучасная беларуская п'еса, Менск, Мастацкая літаратура, 2009
Крыніца: скан