epub
 
Падключыць
слоўнікі

Георгій Марчук

Прызнанне ў забойстве

Частка першая. ЭКСГУМАЦЫЯ
  Раздзел першы. ГАНС
  Раздзел другі. АРТУР
  Раздзел трэці. ГРЫЦКО
Частка другая. ЗІМА
  Раздзел чацвёрты. МІШЭНІН
Частка трэцяя. ПРАДЧУВАННЕ
  Раздзел пяты. ФЁДАР
Частка чацвёртая. ПАЧАТАК
  Раздзел шосты. УДО
  Раздзел сёмы. ЗМІТРО


 

Частка першая. ЭКСГУМАЦЫЯ

 

Раздзел першы. ГАНС

«...Навошта яны мяне трывожаць, навошта? Ты не прачнуўся, Рудольф, ад гэтага жудаснага гулу і такога знаёмага лязгату? Прачніся. Хіба не чуеш, на што ён так падобны... так-так, стары... не памыляешся... Сумненняў быць не можа — гэта лязгат шпандэля1. Іх скінулі з вышыні. Тупы такі бу-ух. Мне знаёмы іх шоргат аб зямлю. Вальней робіцца з кожнай хвілінай. Ты адчуваеш, Рудольф? Няўжо збываецца абяцанае госпадам нашым «і развергнецца зямля, і падыму з яе не ўсіх, толькі абраных, смірэнных і дастойных...»? Глянь, Рудольф, чарвякі ўцякаюць, а-га, сатанінскія дзеці, вунь выпаўзаюць з твайго носа. Баяцца святла. Божа літасцівы, ты абраў і мяне... шпандэль штурхнуў маю нагу, крануў лоб... Маці мая родная... неба, сонейка, людзі. Яны жывыя, Рудольф. Чаму адхіліліся ад нас, пытаеш, заткнулі нос далонямі, а маладзейшы аж свіснуў... вядома чаму. Мы ж смярдзім. Ого, нават сярод іх жанчына. Не твая каханая? Хоць пра што я пытаю, смешна, за дваццаць пяць год твайго сну яна паспела зрабіцца бабуляй. Ёй блага. Яе вымуціла. Ну, гэта зусім не падобна на немку. Полька, не іначай. Немка вытрымала б. Адчуваеш, як яны асцярожна падымаюць нас, быццам мы з мінамі. Якія ў іх дужыя рукі. Хутчэй, родныя... А гэта яшчэ хто? Не туды глядзіш, Рудольф. Вунь, побач з нашым штурмбанфюрэрам, польскі харунжы? Не-е, гэта ж рускі камандзір. Павер мне. З НКВД і медаль ХХ год РККА. Ты іх не ведаеш, бо загінуў у шаснаццатым, а я ўсяго толькі год таму, як трапіў пад кулю нейкага вар’ята. Смеху варта, канечне, з роты дэсантнікаў загінуў толькі я. Калі б мог бы, заплакаў бы зараз ад сораму перад нашымі — дужымі, смелымі, упэўненымі ў вялікай ідэі. Бачыш, як яны ёмка ўклалі нас у цынкавыя труны, склалі асцярожна на грудзях рукі. Дзіўна, мая скура пасыпалася, а твая не. Піў, відаць, гарэлку рускую перад боем, прызнавайся, Рудольф. Праштрафіўся. Ого, нас фатаграфуюць. Навошта, пытаеш, дзярмо фатаграфаваць? Ёлуп, мо гэта анёл госпада нашага, а пасля на здымках айцец будзе вырашаць, каго вяртаць, а хто і не заслугоўвае, як ты, напрыклад, прапойца. Не хачу, не жадаю нават ляжаць побач. Прадаўся рускім, братаўся, відаць. Хадзіў у шаснаццатым братацца, а? З рэвалюцыянерамі? Хоць бы на розныя машыны паклалі. Аднак нашы зноў ухапілі рыдлёўкі. Госпадзі, няўжо назад туды, у гэтую чужую, сырую, прапахлую бульбай і гноем зямлю. Не хачу! Божа мой, дапамажы крыкнуць, азары голасам, каб пачулі плач мой браты мае, салдаты рэйха. Фу-у. Пранесла. Закапалі яму. Пасыпалі белым, амаль колеру цынку парашком. Хамуйлы, няхай вучацца гігіене. Штурмбанфюрэр развітваецца. Якія ў яго бліскучыя чобаты, чысценькая форма, як ён прыгожа ўскідвае ўгару руку. Які сур’ёзны энкэвэдзіст, казырае. А гэтых сюды хто пусціў, хто ім дазволіў пакінуць лагер, дзецям? Што яны таўкуцца ля машыны, чаго вочы вылупілі на нас? Ой, якія брудныя, забітыя ўсе, іх бы нават чэрві адмовіліся есці, Рудольф. Ці ж яны ідуць у параўнанне з нашымі юнгцугфюрэрамі, хаупцюнгцугфюрэрамі. Ці нават шкетамі фейнляйнфюрэрамі. Мільганулі промні сонца. Нас павезлі нагамі ўперад, да радзімы. Добрая машына. Амаль не адчуваецца, што коціць па бруку. Што гэта табе нагадвае? Высока-Літоўск. Польскае мястэчка з беларусаў, украінцаў і яўрэяў. Польскі неданосак, вар’ят, свіння, і як ён забіў мяне. Праўда, хлопцы адпомсцілі за мяне. А пах... які прыемны. Няўжо бутэрброды з брундасвейскай шынкай? Значыць, хутка радзіма. Рэйн... Абавязкова павязуць праз блакітны двухдугі Рэйн ля майго Кёльна. Твой Одэр, Рудольф, павер, не дачакаецца земляка. Б’юся аб заклад на пяць літраў швабскага піва, што ты пры Кайзеры не па сваёй ахвоце пайшоў на фронт. Ну, прызнайся, правакатар, што вашу роту суправаджала палявая жандармерыя. Так? Мяне на брэменскіх музыках не купіш. Ты як быццам не задаволены, як пагляджу, што цябе прывезлі на кёльнскія могілкі? Як быццам, скажу табе, чырвоная зараза, з абыякавасцю ўспрымаеш урачыстасць у наш гонар? Свіння, не крыві губы, не прыкідвайся, быццам гэта пляма апошняга болю. Паглядзі навокал. Капэла, гімн. Члены нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі, свяшчэннік з пеўчымі. Юнгфольк у твой гонар спявае «Нішто ў нас не забяруць». Ты прыслухайся да слоў кіраўніка партыі, ці заслугоўваеш ты яго ўзнёслых, велічных слоў, мярзотнік, прыслухайся.

«Не! Яны, безыменныя нямецкія героі, не пакінулі нас. Не верым. Яны побач, заўсёды з намі. Вось яны — наша сумленне, воля, моц, наша ўратавальная місія. Я адмаўляюся казаць: пухам ім зямля, вечны пакой. Не, тысячу разоў не. Вось яны: у адным шэрагу з жывымі: мужныя і адважныя. Так. Прыйшоў час, і яны вярнуліся за нашы святочныя, урачыстыя сталы, у нашы кірхі, дамы, каб разам святкаваць вялікую перамогу, і сваім з’яўленнем яны нанова адродзяць нацыянальны дух і веліч нацыі. Хайль Гітлер!» Якія словы, Рудольф, якія словы! Я цяпер разумею ўсё: нас часова хаваюць у гэтыя прамавугольныя нішы-ямы. Не крыві зноў губы. Іменна. Збіраюць з усіх куткоў і хаваюць, каб ну... каб... скажам, пакуль правераць лаяльнасць: потым, калі з’явіцца Бог, ён абудзіць і падыме для вечнага раю. А цяпер не час. Чуеш, прыбіваюць на труну драўлянае распяцце Хрыста. Схіляюць сцягі. І яшчэ, каб твая дурнаватая башка ўцяміла, час не настаў. Калі ўсіх вартых немцаў падняць... можа, і месца зусім не хопіць. Зразумеў цяпер ты, кепнінскі капітан. А табе адразу падавай футры. І авечы мех. Пацярпі і ў шынеліку. Без працы, пакут і перамог не прыйдзе тысячагадовы рэйх. Будзе прастора, месца, нас не забудуць. Слёз не люблю. Ад нараджэння. Арыец і слёзы — рэчы несумяшчальныя. О, кветкі іншая справа. Колькі іх навалілі... о-го-го. А гэтыя скуль з’явіліся? Узнімаюць карабіны... Навошта... Залп! Другі, трэці... Пякучы да ўдушша пах пораху. Задыхаюся-я! Дым праз ноздры сціснуў галаву і распёр грудзі. Цяжка... Хто там яшчэ валіць вянкі зверху. Навошта яны стралялі, сукіны дзеці? Маці, ніхто ж не ўратуе, не бачыць, што задыхаюся... Усё ж было так цудоўна, узнёсла, незабыўна. Як у сапраўдным раі. Дарма яны так... не магу дыхаць... ды што ж гэта са мною... я ж паміраю канчаткова... Да-па-ма-жы-це, да-па-ма...»

Адразу пасля пахавання эксгуміраваных землякоў Ганс, пакінуўшы свой чырвона-чорны сцяг у штабкватэры юнгфолька, прыбег дамоў на Гітлерштрасэ — зусім нядаўна сям’я загадчыка канцылярыі мясцовага аддзялення нацыянал-сацыялістычнай партыі Хорста Вульферта атрымала шасціпакаёвую кватэру. Ганс, не распранаючыся, зачыніўся ў сваім пакоі і не адгукнуўся на просьбы маці выйсці абедаць. У гэты дзень не пайшоў на службу і бацька Ганса, лысаваты рухавы «стары баец», так называлі тых, хто ўступіў у партыю задоўга да прыходу фюрэра да ўлады. Стары Вульферт меў водпуск на тры дні без права нашэння цывільнага. За што далі бацьку гэты водпуск, сын не цікавіўся. Хорст сіплым голасам з ноткамі пагрозы і бацькоўскай суровасці раіў сыну выйсці. У адказ Ганс толькі адчыніў дзверы і зноў упаў на ложак, тварам да сцяны.

— Што з табой, сын? — маці першай кранула далонню яго гарачы лоб і здзівілася. Яе Ганс, былы хаупцунгцугфюрэр з правам нашэння чорна-зялёнага банта, без пяці мінут салдат вялікага рэйха, плакаў наўзрыд. Кінуўшы чытаць «Фелькішэр бэабахтэр»2, на парозе пакоя з’явіўся і дзед, прасунуў сівую галаву з акулярамі на шырокім носе, аднак на гэты раз змаўчаў. Калі ў хаце знаходзіўся зяць, стары паводзіў сябе сцішана. Шчыра кажучы, словы-абяцанкі дзедавы ведалі ўсе даўно наперад. Ад старасці дзед па дзесяць разоў на дзень абяцаў малодшаму ўнуку абавязкова адвезці яго на радзіму ў Шварцвальдэ, на крутыя беражкі горнай рачулкі, да старадаўняй каплічкі на гары, астатняга, відаць, стары не цяміў. І толькі старэйшы брат Удо не звяртаў ніякай увагі на Ганса.

— Можа, паслаць па доктара?.. Здаецца, ён хворы,— шукаючы падтрымкі ў Хорста, зноў занепакоілася збялелая ад перапалоху маці.

— Не бачу прычыны. Толькі ж учора праходзіў камісію. Ганс, што здарылася? — больш строга спытаў бацька і рэзка пасунуў да ложка крэсла, энергічна сеў і расшпіліў верхні гузік карычневай сарочкі.

— Я не хачу...— праз слёзы, камечачы пальцамі ражок падушкі, ледзь чутна пачаў Ганс.

— Што «не хачу»? — настойвае бацька.

— Не хачу паміра-аць...

І зноў перад вачыма юнака паўстала ранішняя цырымонія пахавання з гімнамі, прамовамі нацыстаў, знаёмымі радкамі «Скарбніцы песні», крэслы з круглымі дужкамі ля магілы, распяцце Хрыста і надакучлівы пах ладану чорна-белага свяшчэнніка. Болей усяго бачыліся юнаку нябожчыкі: з праваленымі вачыма і запалымі сківіцамі. Ганс, а ён трымаў самы вялікі і галоўны сцяг з клуба гітлерюгенд, стаяў блізка да нябожчыкаў. Таму больш за астатніх — куды дзецца — і разглядваў іх.

Бацька не сароміў сына, устаў і накіраваўся ў другі пакой да стала, даў зразумець, што нічога надзвычайнага не адбылося і што маці можа разбірацца адна. Сам жа сеў пасля абеду пачытаць сваю любімую кнігу «Мае ўспаміны аб вайне 1914—1918 гг.» генерала Людэндорфа, якую раз у два-тры месяцы абавязкова перачытваў. Відаць, бацька збіраўся запісаць нешта і сваё з гераічных дзён утварэння саюза франтавікоў «Стальны шлем». Праўда, стары Хорст дэбютаваў у адной кніжцы гэтага саюза «Непераможныя на полі бою». Толькі там быў невялікі артыкул, недзе ўсярэдзіне, які мо не ўсе і прачыталі, а карцела напісаць вялікае, тоўстае. Каб, здаецца, не афарызм усё таго ж Людэндорфа «Калі праліваецца кроў, чарнільніцы трэба закрыць», мо Вульферт і сеў бы за ўспаміны. Аднак надзеі не траціў. Рыхтаваўся, беручы ўрокі ў папярэднікаў. Праз колькі хвілін Ганс, увесь заплаканы, выйшаў з маці ў гасціную.

— Можа, ты закахаўся? Не саромейся, раскажы нам,— бацька піў халодны морс.

— Не. Я проста не хачу паміраць,— рабіў націск на слове «проста» сын,— сёння я адчуў раптам... што баюся смерці. Вельмі.

— А што сёння такое адбылося? — без ценю трывогі спытаў Хорст.— Разрабавалі грабніцу імператара Фрыдрыха ІІ у Палермскім саборы?

— Не. Было перазахаванне немцаў, якіх прывезлі з Расіі. Аднаго з іх, дарэчы, звалі так, як і мяне — Ганс. Нікога і нічога на тым свеце няма, я зразумеў... што б ні абяцаў і што б ні спяваў святы айцец перад магілай. Не веру. Усё гэта хлусня: і жонцы цымеляйнера, і вядомаму нацысту, і касцям Ганса абяцаны райскае жыццё, таму што яны загінулі за вялікія ідэалы Германіі... Мне чамусьці падалося, што той невядомы Ганс не памёр. Ён побач са мной. Закрыю вочы, а ён жывы...

— Хлопчык стаміўся. Я гэта неаднойчы заўважала,— маці заставалася маці, яна шкадавала Ганса больш за ўсіх дзяцей.

— Не, не, не,— зноў працягваў надзіва смела заўсёды такі лагодны і маўклівы сын,— мне падалося, што ў гэтым нябожчыку я пазнаў сябе самога.

— Ты рамантык, Ганс. Павер, дарагі. Рамантык. У гэтым я яшчэ раз упэўніўся. Табе трэба меней чытаць кніжак,— бацька павесялеў, быццам напаткаўся выпадак праверыць свой стыль,— і як вынік — стан кожнага рамантыка — сутыкненне наіўнасці з грубымі рэаліямі жыцця і ёсць адчай твой. Цябе на нейкі момант гэта выбіла з каляіны аптымізму і энергіі,— Хорст усміхнуўся, агледзеў усіх — «ну як вам я», адчувалася, што разважанні найбольш падабаліся яму самому.

— Смерць... жорсткая... Сёння я зразумеў, што больш за ўсё на свеце баюся смерці,— працягваў Ганс.

— Усё правільна. І дзед твой, і я яшчэ памятаем дзяржаўны хаос, часы «ўдару кінжалам у спіну». Беспрацоўе і бяспраўе.

— І голад,— дадала маўклівая маці.

— І голад. Бачыш, маці твая і гэта памятае. Тады смерць не выглядала такой жахлівай навалай. Для многіх яна была нават збавеннем ад пакут і няўдач. Звычайная непазбежнасць... Колькі самагубстваў тады было. А цяпер — за апошнія пяць год ніводнага самагубства на ўвесь наш горад. Жыццё моцнае, прыгожае, і, што характэрна, кожны сябе знайшоў. Няма няўдачнікаў і палахліўцаў. Ці не праўда, Удо?

Бацьку вельмі карцела, каб яго старэйшы сын, які заканчваў вучобу ў школе СД, далучыўся да яго выказванняў і яшчэ раз паслужыў прыкладам малодшаму.

— Ганс элементарна збіўся з рытму,— пачаў Удо будзённа, насмешліва, нават суха, смакуючы кожнае слова.— Смерці наогул не існуе. Апалітычна яе баяцца. Ці ж ёй па сіле адолець натоўп упартых, рашучых людзей, якія акрэслена бачаць мэту і кіруюць да яе згуртавана і непераадольна. Страта на гэтым шляху індывідуума аднаго, другога — маленькі, нават нязначны фізіялагічны і біялагічны факт... Памятай, фашызм — гэта рытм. Як узыход і заход сонца, як дождж і снег, як ежа і сон. Біялагічны, фізічны, палітычна асэнсаваны і мэтанакіраваны рытм. Выверы свой крок, змяні нагу, калі збіўся, і кроч побач з тысячамі, мільёнамі, адчуваючы іх цяпло, сілу і падтрымку. Табе самому стане смешна ад думак пра смерць. Ці ж ёй пад сілу адолець гэткі натоўп? Перачытай фюрэра. Там яскрава пададзена, як, калі і што зрабіць, каб пачуццё асэнсавання сябе як нейкага нуля перарасло да дзейснага разумення сваёй значнасці і неабходнасці грамадству.

І гледзячы, як у знак згоды маці злёгку ківае галавой, як ад задавальнення развагамі Удо бацька пачухвае падбародак (а такую звычку мае, калі яму выключна прыемна), як нават дзед засяроджана слухае, намагаючыся хоць што-небудзь зразумець з незразумелага яму цяпер спалучэння слоў, Ганс згаджаецца. Знешне.

Бацька выходзіць на набярэжную Рэйна. Былую звычку падрамаць пасля абеду з газетай у руках прыйшлося па настойлівай парадзе доктара змяніць на шпацыр. Так, Хорст Вульферт мае права ганарыцца сынамі. Бог не даў такой прыгажосці, строгай, але прыемнай абаяльнасці, якую мае Удо, малодшаму, але ж і Ганс падабаецца працавітасцю, акуратнасцю і настойлівасцю. Гэта для мужчыны не меншы козыр, чым прыгажосць і розум. Уся сям’я дагэтуль ганарыцца віншаваннем і падарункам самога Конінгса, чэмпіёна Еўропы па кулявой стральбе, Ганс недарма атрымаў віншаванне. Не. З яго прыроднай кемлівасцю, стараннем і сур’ёзнасцю не па гадах ён — народжаны стаць славутым снайперам. А гэтыя канфузныя, нечаканыя думкі пра смерць, жах перад ёю — вынік празмернай рэлігійнасці маці. Пры першай жа жыццёвай перамозе яны, слабыя пачуцці, адыдуць, знікнуць назаўсёды. І стымулам супраць стымулу смерці, разгубленасці, адзіноты — стане толькі стымул перамогі. О, як акрыліла, як непазнавальна змяніла Ганса тады яго першая значная перамога на спаборніцтвах меткіх стралкоў гітлерюгенда! Ён нават перастаў горбіцца, поціск рукі стаў пругкім, моцным, больш таго, Ганс, яго Ганс асмеліўся даваць парады Удо, як таму лепш зрабіць прычоску.

Даваць іншаму параду, значыць, ужо адчуваць за сабой маральнае права, калі не быць мацнейшым за таго самага іншага, то, ва ўсялякім разе, лічыць сябе роўным. Не, недарма яго, Вульферта, пракліналі яўрэі, плявалі ў твар камуністы. Хорст выжыў, адолеў іх і мае права ганарыцца сваімі сынамі. З такімі прыемна-суцяшальнымі думкамі і нядрэнным настроем шпацыраваў ён уздоўж ракі і час ад часу кідаў шматкі абедзеннага пірага чайкам, якія на ляту спрытна хапалі кавалачкі.

Ганс пайшоў, завёў патэфон — падарунак дзеда ў дзень першага прычасця, выцягнуў са стоса пласцінак наўздагад адну і бухнуўся на ложак, закінуўшы ногі на край крэсла.

Рыпела кранутая часам і паедзеная іголкамі «Полька Рос». Чытаць не хацелася. Рука аўтаматычна па звычцы выцягнула нешта медыцынскае з бібліятэчкі маці. Вока затрымалася таксама аўтаматычна на артыкуле нейкага Вельца «Да пытання фанатызму і жорсткасці рускіх». Прабег вачыма апісанне працы інака Еўфросіна, пад уплывам якой многія людзі рашыліся на самаспаленні і самаўтапленні. Больш пільна чытаў, як нейкі хутаранец закапаў жывымі ў магілу па іх згодзе і просьбе дваццаць пяць чалавек, у тым ліку і сваю сям’ю — усіх, з дзецьмі і старымі, а сам жа пайшоў у паліцыю і прызнаўся.

«Азіяты, дзікія азіяты» — адкінуў часопіс убок. Думкі ўпарта вярталі яго да сённяшняга пахавання, і нават вясёлая мелодыя не перабівала іх. У дзверы пастукалі. Ганс ускочыў, паправіў гальштук. На парозе з’явіўся чырванашчокі і надта сур’ёзны паплечнік Ганса па юнгфольку і адрапартаваў, што зноў усіх збіраюць у клуб, пахаванне прызначана на шаснаццаць гадзін. Пры адным слове «пахаванне» Гансу нясцерпна захацелася шпурлянуць у празмерна сур’ёзную пысу сябрука патэфон. Стрымаўся.

— Каго? Удаву? Ахвяру аўтамабільнай катастрофы?

— Не. Салдата рэйха. Прывезлі з Францыі. Кажуць, затануў у Лауры.

Перад вачыма Ганса зноў паўсталі абыякавыя твары музыкаў, іх скрыпкі, якія пахлі каніфоллю, сцягі, прамовы — гэтыя жывыя кувадлы са слоў, якія сваёй аднастайнасцю давілі на скроні. Аж здзівіўся. Як гэта раней увесь рытуал падабаўся яму, абуджаў упэўненасць і павагу да гераічнага жыцця сваіх землякоў. Хоць бы бог паслаў хутчэй якое-небудзь уратаванне і збавенне ад такога, як цяпер ужо канчаткова лічыў, пакутлівага жыцця.

Прайшоў час. І не бог, а фашызм паслаў збавенне Гансу, якога прывезлі на зборы сапёраў. Пранырлівы бацька даведаўся, што адпраўляюць сына ў генералгубернатарства пад самую граніцу. Лёс збіраўся падарыць Вульферту-малодшаму не Францыю, Маравію, а мястэчка, непрыкметнае і ніколі ім не чутае — Нырчу. І быў пакуль чэрвень года тысяча дзевяцьсот саракавога.

 

Асабліва нудзілася Марта ўзімку. Не паслабляла і не пазбаўляла яе душэўных пакут нават цяпло дачушкі, якая шылася пад бок маці, высоўваючы з-пад коўдры толькі свой маленькі бацькаў носік. Праз край акна, нейкім цудам не замураванага марозам, штодня мільгала адна і тая ж зорка. І ў цішы, калі не рыпіць на вуліцы журавель, не шкрабуцца мышы пад падлогай, жанчына доўга не засынала ад цяжкіх і самых неакрэсленых думак. Неадступна ў такія начныя моманты шчымлівае хваляванне ахоплівала сэрца: Ігнат. Ён у дарозе, і яму холадна. Назаўтра прасіла суседку, у які раз, кінуць на карты. Падаў адзін і той жа знаёмы адказ: «Няма яму дарогі, аднак, не памершы сваёй смерцю, шлях ягоны шчаслівы і высокі»,— з адышкай адказвала варажбітка. Будучы жанчынай разумнай, Марта, канешне ж, не ва ўсім верыла суседцы. Месяцы са тры чакала лістоў, вестачку з Нырчы. Штодня хадзіла, забягала на пошту. Рызыкнула. Напісала сама. Пра дачушку ў асноўным. Якое першае слова вывучыла, што асабліва любіць вычаўпляць, пра забавы і ўпартасць маленькай Мані. Чакала адказу. Зноў яе акрыліла надзея. Ішоў час. Неяк увосень на аглядзе мастацкай самадзейнасці (яна спявала ў бальнічным хоры) нечакана стрэлася ў Брэсце з Апанасам, праўда, цяпер ён назваўся Артурам Гуль-Рыкоцкім, у псеўданімах, казаў, зараз патрэбы няма, якога, на свой сорам, ніколі не пазнала б: такі ён стаў лагодны, у капелюшы, белым кіцелі і белых туфлях. Перад жанчынай стаяў, шырока ўсміхаючыся, жыццярадасны прыгожы чалавек, не падобны на таго схуднелага, няголенага і разгубленага ад штодзённага выбару: куды падацца, як жыць, маладога юнака з канцлагера. Усхваляванасць ад сустрэчы неяк знікла сама па сабе. Артур, як адміністрацыйны кіраўнік, бегаў па-за сцэнай, падганяў, павучаў, падтрымліваў сваіх. Працаваў ён намеснікам дырэктара Высокаўскага масласырзавода, з Ігнатам не бачыўся з таго самага часу, як развіталіся ў Пінску, нічога не чуў, хоць і пісаў у Нырчу таксама. Тут малады намеснік схлусіў: не пісаў нікуды. Раіў звярнуцца ў міліцыю, няхай пашукаюць. «Не іголка ў стозе сена, чалавек як-ніяк». Пакінуў адрас. Прасіў пісаць, званіць хоць сярод ночы.

Нягледзячы на тое, што дзядзька з цёткай сардэчна раілі не заводзіць такія небяспечныя пошукі, каб не нашкодзіць чалавеку, не дай бог, хто яго ведае, як жыццё яго і дзе складваецца, Марта падала заяву на пошук. Адказ прыйшоў надзіва хутка. «Прапаў без вестак». Мінуў час. Аднак надзея не памірала. Увесь тыдзень быў узнёслы настрой. Як ніколі весела гуляла з дачушкай святам у парку. «Жывы! Толькі б жывы. Гэта галоўнае». Тады ж у парку яе і прыкмеціў таварыш з райфінаддзела. Пачаў званіць. Неаднойчы. Запрашаць у кіно, на канцэрт артыстаў з вобласці. Яна адмаўляла тактоўна: спасылаючыся на дзяжурства, на сямейныя турботы. Думала пра Ігната. Ды час, няўмольны і сведка і суддзя адначасова, высушваў астатнія надзеі, ненажэрна глытаў усплёскі новых хваляў чакання і ўпэўненасці. Вырашыла канчаткова толькі тое, што будзе жыць, калі і здарылася самае горшае, дзеля дачушкі будзе жыць, і ніякаму таварышу з райфінаддзела не патрывожыць яе сухое і маўклівае ад доўгага чакання сэрца. Думка паехаць у Нырчу прыйшла сама сабой. Як вынік марнага чакання. Акрамя гэтага рашэння, нічога болей да галавы не ішло. Каб не зіма, здаецца, паехала б неадкладна. Лепш вясною. Няхай трохі падрасце дачушка. Назбірала грошай і ўпотай ад дзядзькі і цёткі купіла падарункі бацьку, Улі, Юзіку.

Сырою, як ніколі багатай на макроту, вясною нахапіўся на дачку плеўрыт. Пакуль выхадзіла, адпаіла мёдам з маслам — тая вясна і высахла на лета. Старыя — Марта дарма баялася — сустрэлі яе жаданне паехаць у Нырчу вельмі прыхільна. Разумелі: колькі ж можна так караць сябе і соўгацца ў чаканні, бы звар’яцелая. Усплакнулі абое толькі тады, калі ля аўтобуса маленькія ручкі абвілі шыю «дзеду і бабцы», а вусны ласкава дадалі: «Цябе лублю і цябе лублю». Яшчэ доўга тая ручка махала з акна аўтобуса. Калі ж пыл асеў, здзіўлены дзед штурхнуў у бок бабу. На месцы, дзе стаяў аўтобус, ляжаў, вылупіўшы злыя вочы і высунуўшы перад сабой абедзве лапы, вялізны чорны сабака. Ён, відаць, спаў у цяньку пад аўтобусам і цяпер прачнуўся. Спалохаліся. Не адвесці вачэй. Такое адчуванне, што забрэша вось-вось і кінецца пад ногі. Ганна Міхайлаўна перахрысцілася. І яны паціху адышлі. Так пачынаўся той дзень — дваццаць першага чэрвеня тысяча дзевяцьсот сорак першага года.

Праз дваццаць гадзін у бок той самай дарогі Кобрын — Баранавічы — Пінск ад Балтыйскага мора да Карпат рушылі сто дзевяноста поўнасцю ўкамплектаваных тэхнічна, добра падрыхтаваных дывізій рэйха з важнай і саліднай на той час падтрымкай у тры тысячы семсот танкаў і звыш пяцідзесяці тысяч гармат і мінамётаў. Адпаведна сто дзевяноста дывізійных пастараў за восем гадзін і дваццаць мінут да пачатку плана «Барбароса» блаславілі мужных сыноў у паход супраць бальшавіцкай Расіі. У лясным дывізіённым штабе 45-й пяхотнай дывізіі недалёка ад Булькі Дабрынска без асаблівай увагі слухаў свайго пастара Ншэпфа Ганс Вульферт, які цяпер, як ніколі, знешне быў гатовы да вайны: згодна з параграфам палявога ўстава меў рост метр семдзесят восем сантыметраў, квадратныя плечы знайшлі апору ў моцных доўгіх нагах. Яны ж, плечы, лёгка ўтрымлівалі рамяні ранца. Ганса не пакідалі берлінскія ўспаміны. Было цудоўна, як колісь усёй сям’ёй паехалі туды да сваякоў, як доўга блукалі па агромністаму універмагу «Гіц», як пілі каву ў кафэ таго універмага. Ах, пах той кавы. Ганс адрозніць яго праз пяць-дзесяць год. Тады ж дзед прынёс усхваляваныя словы фюрэра «Суайчыннікі, даю вам слова, што, пакуль я фюрэр германскага рэйха, ніводная нямецкая маці не будзе плакаць па сыне, загінуўшым на вайне». Дзед, паранены ў галаву пры першай бітве ў Эльзасе ў тысяча дзевяцьсот чатырнаццатым, асабліва расчулена ўспрыняў гэтыя словы любімага фюрэра і ўсё гладзіў Ганса па галоўцы і частаваў пірожным. Потым у памяці прамільгнулі сапраўдныя вучэнні снайпераў: дазвалялася зняць у тыдзень аднаго рускага пагранічніка. Забіты ім неяк дзіўна ўпаў, ускінуў угару руку з вінтоўкай. Ні крыку, ні стогну Ганс не чуў. І забойства такога маленькага чалавека-мухі падалося яму нерэальным. Гульня. Нават усё доўга не верылася, што забіты. Прыкінуўся мо. Паляжыць да вечара і вернецца на заставу.

Усё не верылася, нягледзячы на ўсхваляваную рыторыку пастара, што ніякая гэта не гульня, а пачынаецца сапраўдная вайна. Не хацелася верыць, бо хацелася зноўку ўдыхнуць пах той кавы. Гора, калецтва, страты, жах, усё, пра што ўспамінаў некалі дзед, не існавалі і не хвалявалі яго.

 

Ці так склаўся стагоддзямі лёс Нырчы, ці гітлераўскія генералы палічылі нікчэмным і не патрэбным чапаць мястэчка, але факт застаецца фактам, што ў першыя дні вайны ніводзін салдат з таго мноства дывізій і танкаў не з’явіўся на абодвух высокіх (у той год вада высахла рака) берагах Гарыні. Але ж вайна даслала сваю вестку-папярэджанне ў вобразе стальных груганоў з белымі знакамі на фюзеляжах, і знакі тыя нагадвалі: скрыжаванне перабітых па локаць рук. Нырчане так казалі: «Як ні круці іх знак, куды ні павярні, а ўсё, значыцца, да сябе грабе, да сярэдзіны». «Юнкерсы» бамбілі Пінск і, магчыма, робячы новы заход на горад з-за Прыпяці, угледзелі ўтульную Нырчу і астатак бомб кінулі для прафілактыкі, як папярэджанне вялікага прышэсця пехацінца.

Угледзеўшы самалёты і пачуўшы першы выбух недзе на двары МТС, дзе стаяла некалькі трактараў і касілак, нырчане кінуліся з хат, на вуліцы, да скабцоў і старых лядоўняў. Пераадольваючы боль унізе жывата, і што, здавалася, магло так моцна ціснуць на рану, выйшаў на ганак драўлянай бальніцы сакратар Нырчанскага райкома Іван Мішэнін, яму суткі таму назад выразалі апендыкс. Праз цвінтар з боку Юр’еўскай царквы бег да бальніцы пракурор Іваноў.

— Іван Іванавіч, немцы ў Пінску! — без перадыху выпаліў пракурор.

— Ведаю.

— Адкуль? — здзівіўся Іваноў.

— Жонка сказала медсястры. Як эвакуацыя?

— Усё падрыхтавалі. Архіў, справы, дакументы. Адправіў частку сем’яў. Твае адмовіліся ехаць першай машынай.

— Адпраўце сёння астатніх. Усіх. Без выключэння. Не марнуйце час. Усіх на Тураў. Што там гарыць?

Пракурор узлез па лесвіцы на дах, прыгінаючыся, дабраўся да коміна.

— Відаць, чайная. Ці пажарная нават.

На ганак энергічным крокам выйшла Святлана Магера, маладзенькая медыцынская сястра з жахам у вачах. Страх той быў не ад далёкай бамбёжкі, а ад таго, што пасляаперацыйны хворы ў цяжкім, як яна лічыць, становішчы пакінуў палату.

— Іван Іванавіч,— рашуча наскочыла на яго,— не паложана ўставаць,— на ўсякі выпадак ухапіла і за рукаў,— ператаніт можа накінуцца. Давайце ў палату. Хуценька, хуценька!

— Пачакай, Света, горш не будзе.

— Перавязаць трэба,— не супакойвалася дзяўчына.

— Памаўчы,— ужо строга папярэдзіў яе Мішэнін.— Вось што... што... увечары забяжы, Сярожа... І яшчэ. Пакліч да мяне Афанасьева з МТС.

— Добра,— пракурор зрабіў некалькі крокаў, потым павярнуўся, аклікнуў з дзвярэй Мішэніна.

— Трымай. Хто яго ведае, як усё можа стацца,— ён перадаў яму свой ППД,— на ўсякі выпадак. Я ў міліцыі наган вазьму.

Пракурор знік за кустамі пажоўклага ад цеплыні бэзу. Мала-памалу высыпалі на бальнічны двор лёгкахворыя — у асноўным з туберкулёзнага корпуса. Праз адчыненае акно ў палату да Мішэніна даносіўся неаціхны жаночы гвалт. Тарцом да корпуса падыходзіла радзільнае аддзяленне, якое адкрылі ў маі: дагэтуль усе дзевяцьсот год з дня ўзнікнення паселішча на гары з назвай Нырча жанчыны раджалі па хатах. Той крык то заціхаў, то чамусьці палохаў з новай сілай, а потым сціх зусім. Неяк аж перапалохаўся Іван Іванавіч. Ці не здарылася што з жанчынай, паслаў Свету даведацца.

— Нарадзіла?

— Не. Не можа. Схваткі пачаліся... ад страху,— адказала дзяўчына, папраўляючы яму падушку.

Вялікіх страт тыя два «юнкерсы» не прынеслі. Гарэла сталоўка. Паснедаць людзі МТС паспелі, а да абеду было яшчэ добрых тры-гадзіны, тым часам кухаркі пабеглі на пашу даіць сваіх каровак. Буфетчыца і раздатчыца грэліся на пустым ганку. Дзверы сарвала, высыпалася шкло з шыбаў, але жанчын не параніла, толькі буфетчыцу крыху аглушыла. Пакуль хапіліся разгубленыя пажарнікі, дык драўляны будынак ахапіла полымем з усіх бакоў. Ад сталоўкі плыў, расцякаўся ўніз да базарнай плошчы гарачы цукар, пакрываючы брук чорна-карычневай жыжкай. Дзве палутаркі з людзьмі і такім-сякім скарбам нат не рызыкнулі праехаць праз плошчу. Шафёр першай напачатку не зразумеў, што гэта такое плыве па вуліцы, і таму, не рызыкуючы, аб’ехаў жыжку. Рухавы пракурор, скочыўшы на падножку адной машыны, паказаў шафёру рукой на бальніцу. Саскочылі жонка Мішэніна і двое сыноў-блізнятак, падбеглі да акна палаты, клікнулі. Ён, збялелы і чамусьці хмуры, высунуўся на падаконнік. Абдымаючы яго галаву і не хаваючы слязу, жанчына падала кіцель.

— Я тут зашыла твой партыйны білет.

— Я знайду вас. Дабірайцеся ў Пензу. Да маці,— ён абняў адной рукой сыноў, пацалаваў у галовы.

Сыны яшчэ нешта крычалі бацьку з кузава і махалі рукамі. Але ж ён не разумеў іх слоў. Усё. Пылам засланіла палутаркі. У ложку адчуў, як вялікая сляза міжволі кацілася па шчацэ. Аднак падхапіўся неўзабаве. «Што ж гэта я марную час». Востры боль у жываце прымусіў яго сядзець на ложку нерухома. «Не, так дзела не пойдзе. Няхай колюць праз кожную гадзіну ўколы, трэба да вечара стаць моцна на ногі». І ён клікнуў сястру.

Прыціхла і насцярожана ўгаманілася Нырча перад ноччу. Некаторыя, праўда, людзі з першым змярканнем, калі цукар астудзіўся, сякерамі ды рыдлёўкамі намагаліся адкалоць кавалкі цукру і дзівіліся: нічога, халера ясная, не брала счарнелую жыжку. Той-сёй перахаваў рэшткі леташняй мукі, нехта больш асцярожны закапаў мех, другі ў агародзе.

Нязвыкла неяк рабілася ва ўласных хатах. Нялюдна і палахліва. Усё здавалася, вось-вось зноўку прыляцяць бамбіць. Не браў сон нырчан у гэтую ноч.

Да сем’яў Мішэніна і пракурора ўчэпіста прыліпла слова «васточнікі». Ад іх і пайшло. Хрысцілі так кожнага, хто прыязджаў у Нырчу пасля трыццаць дзевятага года — настаўнікаў, партыйных работнікаў, міліцыянераў. Слова гэтае не мела абразы і, бадай, гучала ў нарчан з далёкім адценнем насцярожанасці. Гэтак жа няспешна і асцярожна прыглядаліся людзі да іх побыту, звычак і паводзін. Здзіўляла, мабыць, толькі тое, што самыя галоўныя начальнікі — сакратар райкома Нырчанскага і пракурор яшчэ даволі маладыя: абодвум было гадоў пад сорак. Непакоіла ж нырчан вось што: і старыя, і дзеці «васточнікаў» пілавалі і калолі дровы ў святы, не хадзілі да царквы ніколі і казалі паўсюдна, што бога няма. Жанкі-«васточніцы» з ахвотай куплялі ў нырчанак малако, сыр, свежую смятану і хутка звыкліся з мясцовай гаворкай, з нейкай асалодай нават ужывалі міжволі паміж сабой словы: «бярэмак дроў», «брук», «разкі»3, «пойла», «балея», а да зімы панашылі сабе паўкажушкі на манер як у нырчанскіх жанок з вышыванымі кветкамі на рукавах і шліцах. Самі ж нырчане таксама хуценька прывыклі да слоў «партыя», «калгас», «саветы». У самой Нырчы калгас яшчэ не паспелі перад вайной заснаваць, на ўсю нырчанскую зону толькі адзін калгас і стварылі ў вёсцы Туры. Але ж і без таго калгаса новы час пераўтварэнняў прынёс свае змены і руплівым не без асцярогі нырчанам. Адкрылі масласырзавод, зноў пачала працаваць суднаверф, толькі цяпер яе звалі прамбыткамбінат, на якім рабілі бярозавыя граблі, дубовыя бочкі, тару, сталярку. Людзі неяк раптоўна і паўсюдна пачалі нанава будаваць хаты, паднімаць старыя, атынкоўваць, мяняць чарот на гонту, рубіць новыя, большыя вокны. У былым замку Шыдлоўскага адкрылі дзіцячы дом, у які за год назбіралі добрую сотню сірот з розных куткоў, мо з-пад Турава нават. Дзетдомаўцы зрабіліся вялікай пагрозай агародам і садам. Кралі ўсе. Здаралася, нырчанскія дзядзькі білі і збівалі жорстка дзетдомаўцаў, ды, нягледзячы на ўчарашні боль, лапавухая настырная «шайка» з новай сілай помсціла сквапным нырчанам, ламала платы і перакусвала абцугамі драты над плотам. Аднаго такога смельчака- дзетдомаўца збіў цэпам да паўсмерці нейкі Сіманенка, які прыехаў аднекуль і быў у Нырчы за прымака. За злоснае хуліганства тады і «ўпаялі» год турмы Сіманенку. Суд быў паказальны, сабралася многа нырчан. Не ўсе былі задаволены. «Што гэта за суд такі? Мамайку Івану, які, замест таго каб ехаць на лесавывазку, выконваць план, паехаў пад Роўна і прывёз два мяшкі жыта, далі таксама год. І што гэта за суд?» Гаварыць гаварылі, але ж пракурора Іванова Сяргея Пятровіча, асцярожныя ад прыроды нырчане, найбольш за ўсіх пабойваліся і цураліся. Мо з таго, канешне ж, менавіта з таго і базарныя цэны на яйкі, рыбу, збаўлялі толькі жонцы гэтага суровага і вечна нечым незадаволенага чалавека.

Змітро Лятун не збаўляў. Ён адзін. Прынцыпова. Нейкае нечалавечае, моцнае, амаль прыроднае пачуццё адасобленасці, проціпастаўлення сябе ўсім і ўсяму яшчэ дужымі карэннямі трымала ягоную душу. Жахлівае забойства ўласнага сына Ігната з часам не забывалася. Ці касіў траву, ці капаў бульбу, ці вудзіў рыбу, ці малаціў — не-не дый цяжарам сумнення ахутвалася душа. Хоць ты бяры ды прадай хутар, перабярыся жыць у Нырчу. Так неадступна ўсё нагадвала яму той далёкі верасень.

Вочы ў Змітра запалі яшчэ глыбей, даўно не падстрыганыя вусы шчэ больш зжоўклі, нос завастрыўся, дабавілася сівізны на галаве. Але то былі прыкметы знешняй старасці. Гэта быў яшчэ дужы і жыццелюбівы чалавек, моцны духам, воляй, настырнасцю і ўпартасцю, з якой змагаўся кожны дзень за сваю капейку.

У канцы чэрвеня на паласе Заходняга фронту склалася вельмі цяжкае становішча. Шаснаццаць савецкіх дывізій, аслабленых, меўшых у час баёў сур’ёзныя страты, разрознена дзейнічалі на фронце працягам у трыста пяцьдзесят кіламетраў: Докшыцы — Смалявічы — Слуцк — Пінск, абараняючыся ад моцнага націску групы армій «Цэнтр». На трэці дзень вайны на ровенскім кірунку, якраз на стыку 5-й і 6-й армій Паўднёва-Заходняга фронту ўтварыўся разрыў шырынёй каля пяцідзесяці кіламетраў, у які, не марудзячы, накіраваліся матарызаваныя войскі 1-й нямецкай танкавай групы, аднак вялікага поспеху ў набліжэнні да Кіева гэты прарыў не даў — і перашкодай таму былі ўсё ж не слабыя контрудары, якія наносіла Чырвоная Армія з раёна Прыпяцкіх балот па войсках праціўніка ўздоўж шашы Луцк — Роўна — Жытомір, менавіта гэтыя контратакі і прымусілі сілы 1-й танкавай групы змяніць кірунак свайго наступлення і павярнуць на Поўнач.

Усё думалася Змітру: немец Нырчу міне. Што яму тут, сярод балот, удалечыні ад свету і вялікіх гарадоў рабіць, што ён тут для сябе вырве?

Сцішылася прырода. Бы перад навальніцай. У хаце зрабілася сядзець непрыемна да жудасці: ад далёкіх выбухаў не-не дый дрыжалі шыбы. Змітро выйшаў на двор, глянуў на Гарынь. Далёка за ракой, над лесам, гусціўся, засланяў сонца чорны дым. Бухала там. А па пінскай шашы мчала палутарка, набітая паўнютка дзецьмі. Шафёр, маладзенькі салдат, загнаў машыну пад вялікую ліпу, а сам пабег з каністрай у бок МТС — там віднеліся вялізныя цыстэрны.

Змітро паслаў Просю да машыны:

— Пацікаўся, адкуль і што там чуваць?

Неўзабаве ад хат, што пабудавалі на Выгані, недалёка ад хутара, пацягнуліся да машыны і нырчанскія жанкі. Прося дык абярнулася нат, прыхапіла міску смажанай рыбы і панесла дзецям.

— Ота, бедныя ангелочкі, галодныя якія,— гаманілі жанкі ля машыны.

— А скуля ж вязуць іх?

— Са Століна. Ваенных дзеткі.

— Так-так. Куды ж іх, небарачак, га?

— Праўда твая. Нашчо везці?

— Оге, коб то ведаў, дзе цяпера ўратуешся.

— Раздаці трэба людзям. Няхай у нас перачакаюць навалу гэтую.

— Твая праўда, яй-богу, так, людцы.

Пачуўшы апошнія словы, з кабіны высунуўся стомлены камандзір з заспанымі вачыма:

— Адыдзіце ад машыны, граждане!

— Што ж, мы ім гора просім, ці што,— выйшла наперад Прося,— людзі праўду кажуць. Куды іх везці на пагібель. Раздайце дзетак па хатах. Скончыцца ўсё, прыедзеце ды заберыцё.

— Так, Прося, так,— пачулася ўслед за словамі жанчыны.

Камандзір ускінуў угару худую і доўгую руку:

— Нікому не падыходзіць! Адыдзіце ад машыны. Не паложана. Усё. Разыходзьцеся. Не паложана,— папярэджваў ён на высокай ноце.

Прося памкнулася назад, жанчыны сціхлі. Сумнае прадчуванне небяспекі грызла сэрца. Нехта ўсё ж з другога боку перадаў дзецям біклажку з вадою, хлеба.

Усяго ў кіламетрах дзесяці за Нырчай варожы самалёт абстраляў палутарку з дзецьмі. Паранены шафёр аж пад самы вечар вярнуўся зноў у Нырчу. Так, ля руля, і памёр. Дзетак у жывых засталося зусім мала. Эрнест Афанасьеў, начальнік палітаддзела МТС, забраў іх у дзіцячы дом, які рыхтавалі да эвакуацыі параходам назаўтра.

Змітро паслаў Просю на прыстань. Чацвёрты дзень хадзіла туды Марта з дачкою, усё спадзявалася хоць як-небудзь выбрацца з Нырчы. На душы ў яе было неспакойна і прыкра, мо ад насцярожана-стрыманай увагі да яе Змітра. Стары аказаўся і не такім высокім, і не такім жылістым, якім маляваў яго калісь любы Ігнат. Калі пераступіла парог, Юзіка ў хаце не было, паехаў на маёўку (так называлі кожны калектыўны выезд рабочых МТС на Прыпяць), Мікіта, як потым даведалася, з’ехаў за мяжу.

Лятун напачатку стрэў і прыняў даволі прыхільна, хоць і скупа на словы і зычлівасць. І выгляд меў, як заўважыла Марта, усё ж панурага і нечым засмучанага чалавека. Запрасіў у хату, накарміў, пачаставаў яшчэ польскай гарэлкай. Яна адпіла паўкілішка. І без таго ў чаканні весткі сэрца рвалася з грудзей. Чакала.

— Як тады забралі сынка ў Картуз-Бярозу, так больш чутак не было. Мо і напраўду прапаў без вестак,— толькі былі апошнія словы Летуна, ён павярнуўся да ікон і перахрысціўся. Дастаў з камоды завязаныя ў хустачку ўсе пісьмы, якія пісала сыну Марта, і перадаў ёй.

— Няма сыночка, няма каму і чытаць.

«Значыць, ужо і бацька не верыць, што Ігнат можа вярнуцца»,— з жалем падумала яна. Хацелася наўзрыд заплакаць. Але ў гэты час прыйшла з базару Прося і ахнула, глянуўшы на маленькую Маню, абняла дзяўчынку, прытуліла да сябе і заплакала:

— Ай, ёй, ёй, божачка, выліты Ігнатка, выліты. Хараство наша прыехала. Ай, ёй, бацька не нарадаваўся б на сваё чадо. Ды гасподзь недзе ніяк на дарогу не выведзе. Каб ведаў пра залатую сваю, каб, здаецца, ведаў, на крылах прыляцеў бы. Ай, ёй, ластаўка мая. Не бойся. Я ж свая. Я Прося, цётка Прося.

Змітро, хаваючы слязу, пайшоў з хаты, быццам карміць свіней.

— І ён перажывае, ой як перажывае, дзетачка.

А што ж, Мартачка, рабіці, што? Пагасціце, калі ўжо выбраліся ў такую далячынь.

І Прося пачала ўспамінаць пра Ігната, які ж ён прыгожы, які разумны, добры да людзей, працавіты быў хлапец.

Пад вечар прыплёўся стомлены і прыкметна п’яны Юзік. Ён холадна, без цікавасці прывітаўся і пасунуўся на вышкі адрыны спаць. Марце падалося, што яна ўжо і шкадуе: «Навошта было ехаць?» Незразумела толькі, чаму стары Лятун як быццам знарок шукае якую-небудзь работу, адводзіць вочы, баючыся стрэцца з яе поглядам.

Ранак нечаканай вайной закрэсліў яе сумненні, здагадкі трывожным адзіным пытаннем: «Куды дзецца?», «Ісці пешшу да Століна?»

Прося і слухаць нічога не хацела: «Не чужая. Заставайцеся, не гнявіце бога, і не пушчу».

Стары нешта неразборліва прабубніў пад нос, маўляў, трэба перачакаць. Пайшлі першыя сумныя бежанцы. Пастаялі з дачкою на шашы і вярнуліся на хутар.

Прося ўхапіла аберуч Маню і не адпускала аж да сну. «А мурзатая, божачка, а галодная, людцы мае». Лятун пайшоў у грады, нарваў кручаных у сакавітых пупырышах маленькіх агуркоў, прынёс да стала:

— У нядолю не дамося!

Прося насмажыла тоўстых скварак з яечняй, Марта супакоілася, але ненадоўга. «Усё ж яны мне чужыя. На шыі сядзець у такую часіну». Таму штодня і хадзіла на прыстань, што ўсё няёмка сябе адчувала на хутары.

Змітро сёння, прачуўшы пра забітых дзетак на палутарцы, так і сказаў Просі:

— Ідзі на прыстань і скажы, што я прыйду, сілком на хутар завяду. Сама не хоча, няхай аддасць Манечку, калі такая мне пані знайшлася, ганарлівая. Знайшла час гонар выстаўляць. Ідзі. І каб без Мані не вярталася.

— Ужо ж не ведама... Не пушчу. Зубамі ўчаплюся, а не пушчу,— супакойвала Прося і не памылілася, прывяла на хутар Марту з дачкою. Цяпер надоўга.

Немцы ўвайшлі ў мястэчка неяк вельмі раптоўна, без бою і страт, без пышнай цырымоніі сустрэчы з хлебам-соллю і без прывітальных прамоў. Дзеці не беглі за танкамі, якія, амаль не затрымліваючыся, прапылілі ўздоўж усю Нырчу і накіраваліся далей на Тураў. Жанкі нырчанскія не частавалі малаком, першымі папяроўкамі. Праз гадзіну, другую невялічкая спулка самых сквапных нырчан кінулася рабаваць магазін. Зладзеі абудзілі азарт у іншых — і ўжо такі добры натоўп кінуўся да магазіна, не звяртаючы ўвагі на нямецкіх матацыклістаў. Ад мнагалюднай плыні трашчалі вузкія дзверы крамы. Адны, рупліва бегаючы ля прылаўкаў, хапілі першымі, што трапіла пад руку (рулон з сітцам, паліто) і неяк не маглі прабіцца праз тых, хто толькі ляцеў па тавар, штурхаючы плячыма і локцямі астатніх. Далей пайшло горш. Давай біцца. Больш дужыя забіралі чобаты, хамуты ў іншых, не такіх спрытных.

Пачуўся жудасны жаночы крык... некаму прыціснулі на руцэ пальцы. Там-сям чулася лаянка. Адчынілі акно на другім паверсе. Кавалкі шкла паляцелі ўніз; нехта імі парэзаўся. Зверху пачалі скідваць падушкі, абутак, каструлі. Вынаходлівая Кучаіха апранула на сябе каракулевае футра і яшчэ цягнула, трымаючы над галавой, ровар. Адзін нейкі дзівак намагаўся кіраваць гэтым марадзёрствам.

— Супакойцеся! Не ўсе разам, бо падавім жанок! Давайце па парадку. Усім дабра хопіць. Супакойцеся!

Яго ніхто не чуў.

Сын лесніка з Лужкоў па мянушцы «Грубка» парэзаў аб шкло руку, ды не звяртаў увагі, зноў шыўся да дзвярэй. Юзік з сябрамі-аднагодкамі Васілём Магерай і Кандратам Нонікам, з якімі разам вучыўся на курсах слесараў пры МТС, стаялі недалёка, не доўга былі сузіральнікамі, пацягнула нешта і іх бліжэй да магазіна. Хлопцы разбілі цаглінай вітрыну і, хапаючы з тумбачак пудру і зубны парашок, кідалі ў людскі напаўзвар’яцелы натоўп. «Заснежаныя» нырчане пырскалі слінай, аціралі твар рукою і лезлі наперад. Плошча ля магазіна бурліла. Пад’ехалі сюды і немцы, спакойныя ўсе, нават вясёлыя. Нешта гаргаталі па-свойму і з усмешкай паказвалі на магазін. Адзін, праўда, з немцаў нешта крыкнуў, ды што пачуеш, калі наўкол гам, лямант і піск. Тады немец стрэліў угару. І гэта не дапамагло. Да дзвярэй падбеглі яшчэ дзесятак апантаных, яны перлі на штурм. Немец узняў аўтамат на людзей, але афіцэр супакоіў яго і сам, усміхаючыся, стаў фатаграфаваць.

Юзік зводдаль, стоячы нерухома, назіраў за немцамі, а калі тыя пайшлі да сваіх машын ля касцёла, зноў шпурлянуў пудру некаму ў твар і ад задавальнення, што пацэліў, аж падскочыў. Азірнуўся. Насупраць магазіна, за зялёным штыкетнікам ля кустоў жоўтых высокіх вяргіняў стаяла дачка пракурора — белатварая, чамусьці гэта кінулася ў вочы, Вольга. Як падалося, ён адчуў гэта амаль скурай, яна пранікнёна назірала менавіта за ім, Лятун узяў дзве пушачкі пудры, дзве зубнога парашку, перайшоў вуліцу і прасунуў абедзве рукі праз плот:

— Хочаш? Бяры. Дару.

— Дзякую. Крадзенага не бяру.

— Гм, гэта не крадзенае. Гэта нічыё,— больш ласкава прапанаваў Юзік.

— Я лічу — крадзенае. І не сорам, Лятун? Мы ж цябе ў камсамол хацелі рыхтаваць.

— Бач ты... не ведаў. Толькі мяне ўсё роўна не ўзялі б. У мяне бацька лічыцца кулаком. Картачка, такім чынам, сапсавана. Бяры,— ён паклаў пудру на штакеціны.

Вольга, ні слова больш не адказаўшы, пайшла ў хату. «Ганарлівая»,— думаў Юзік, ідучы дадому. Неяк не хацелася пасля гэтай размовы тырчаць на людзях, хоць хлопцы і клікалі пайсці да касцёла, глядзець на немцаў. Успамінаў. Як толькі прыехалі «васточнікі» і Вольга ўпершыню прыйшла на танцы, больш смелыя і надта нахабныя хлопцы (а ён быў і сам з такіх) ліплі да яе, запрашаючы без перадыху на кожны танец. Сварыліся нават і дзялілі: «Ты ідзеш вальс, а я танга», Юзік мог больш за астатніх казырнуць перад сябрукамі — ён быў першы на ўсю Нырчу, з кім яна пайшла на вальс. Тады моцныя рукі высокага хлопца з асаблівай пяшчотай кранулі яе цела. Юзік ведаў, што нырчанскія дзеўкі нават незадаволеныя былі, калі ў танга левая рука хлопца як бы незнарок не клалася зверху грудзей. Вольга ж трымала ў танцы ўсіх на аднолькавай адлегласці, паводзіла з усімі сябе роўна, абыякава ставячыся да кавалераў, не выказваючы сімпатыі нікому. Злавала Юзіка тое, што яго, а ён сапраўды выдзяляўся і прыгажосцю, і ростам, яна параўнала з астатнімі, і таму больш ніколі не запрашаў Вольгу ні на адзін танец.

Настрой быў сапсаваны: і ад суровага погляду Вольгі, і ад марадзёрства, і ад прыходу немцаў.

— Немцы ў Нырчы,— пераступаючы парог, сказаў Юзік абыякава, так, быццам гаворка ішла не пра немцаў, а пра курэй у гародзе.

— А то не бачылі. Пінскім шляхам ехалі,— адказаў стары, адганяючы мух ад стала, з нейкай патаемнай злосцю.

— Ой, горачка, горачка будзе,— зусім панікла Прося.

— Хадзем да ракі ды лодку выцягнем на бераг,— пазваў сына Змітро.

Юзік згадзіўся. Ля ракі, з высокага берага, стары заўважыў тапельца.

— Наш,— падышоў Юзік.— Забіты. Вунь дзіркі на плячах. О, яшчэ адзін плыве.

Ля самага берага гойдаўся і трэці.

— Пахаваць трэба,— прапанаваў Юзік, стоячы па калена ў вадзе.

Стары маўчаў, палахліва азіраючыся наўкол.

— Ношы прыцягні, тата.

— Прынясу, прынясу, камандзер. Ты от паглядвай, каб прыблудны сабака які-небудзь не нарваўся.

Змітро прыцягнуў ношы, багор і рыдлёўку.

Двух зусім маладзенькіх чырвонаармейцаў Юзік паспеў выцягнуць з ракі — яны з пасінелымі тварамі ляжалі на пяску. Глянуў Змітро, аж самлеў увесь. Юзік тым часам чапляў трэцяга багром. Спяшаўся.

— Давай і трэцяга на ношы,— раіў сын.

— Не падымем, мусіць, гэтага. Цяжкі. Бярыся. Далёка не панясём.

— Мо дакументы пашукаць?

— Якія яшчэ дакументы, у вадзе прамачыліся. Засыпаймо.

Не паспелі Летуны зрабіць некалькі махаў рыдлёўкай, як зверху, з рамонкавага пагорка, іх нехта бадзёра аклікнуў. Да іх са зброяй на плячы, у бліскучых хромавых чобатах спускаўся Сямён Кунік. Сонца біла старому ў вочы, і адразу Лятун не распазнаў злыселага ўпраўляючага графа Шыдлоўскага.

— Маё шанаванне, землячкі мае. Бачу, не чакалі. Ну-у, я, я гэта. Хый, яй-богу...— Кунік падышоў да долу.— Хай бы гнілі сукіны дзеці. Папілі кровушкі, колькі людзей на пакуты з бацькаўшчыны прагналі. Закурвай, Лятун, частуйся, Юзік. Не пазнаць цябе... Волат.— Кунік дастаў пачку папярос, шчоўкнуў запальнічкай, закурыў сам, прысеў на корч.

І Змітро закурыў, спіною адчуваючы хітраватую радасць Куніка.

— Памінаць старое абодвум не на карысць. Нам, людзям адной зямелькі, не сварыцца час, аб’ядноўвацца. Цяпер вялікія змены будуць. Зняважаныя, затраўленыя і пакрыўджаныя і судзіць, і кіраваць астатнімі будуць. Адальюцца, адальюцца ім нашыя слёзы. І жонку маю забілі. Так. Пры родах памерла. Спалохалася, калі з Нырчы з’язджалі. Мо каб тут засталіся, дык жыла б. Адальюцца слёзы ўсім! Цяпер галоўнае, як сказаў генерал Сікорскі4,— «стаяць з бронню ля ног». Я з чым на хутар завітаў. Хачу прапанаваць цябе новай уладзе ў якасці старасты.

Лятун упершыню падняў галаву, глянуў у вочы Куніку. Не, яны не змяніліся: такія ж хітраватыя, нахабныя. Хіба толькі з’явілася кропелька жахлівасці, пільна схаванай за былой фанабэрыяй.

— Стары я на старасту. Знойдзеце маладзейшых.

— Ты, Змітро, не спяшайся з адказам. Мне патрэбны надзейны чалавек. Упарты. Разумны. Так што падумай. Харашэнька. Надоўга не развітваюся. Заходзь, Юзік, да нас, і табе пасаду знойдзем. Цяпер стаўка на моладзь.

«Калі прапануе быць старастам, выходзіць, яго самога ўлада вышэйшая за старасту? А мо чужымі рукамі жар заграбаць. Так? Пагана дзела, паганы мёд, паганы дзядзька-пчалавод. Не-е. Няхай сам п’е воду носам. Дурны немец, дурны, калі ўладу кунікам дае,— разважаў Змітро,— адно кепска, што нарваўся, сабака. Калі, не дай бог, што такое, будзе мець козыр, за што папракнуць. Ён сведка, а не я».

Кунік падняўся з карча:

— Крыўдзіцелей сваіх на паперку і — мне на стол. Пакута пакутай ачысціцца. Яны, Саветы, лічаць, што мы самастойна не выжывем, не зможам кіраваць народам. Гітлер аўтаномію дасць і Украіне, і нам. Абяцана.

«Адзін аўтаномію даваў, Пілсудскі»,— хацелася адказаць Змітру, але не рызыкнуў.

— Так, пан Лятун. Я ж вашага Мікіту ў Варшаве сустрэў. Як толькі навядзем парадак, ён прыедзе. Далёка пойдзе, скажу вам. Талковы. Вось ён з асалодай пойдзе працаваць на новы парадак, бо любіць свой народ. Наколькі я памятаю, мы нават з ім ніколі не сварыліся, слова дурнога адзін другому не казалі. Залаты сын, што й казаць. Ігнат, відаць, драпануў за Саветамі? А?

Змітро змаўчаў.

Кунік спяшаўся, зводдаль, каля ліпы, яго чакала машына. Пачак папярос не ўзяў, пакінуў на карчы.

Пасля абеду, калі больш-менш угаманіліся людзі, дзеці заўважылі ля абгароджанага штыкетнічкам драўлянага крыжа параненага. Відаць, яго ў спешцы пакінулі чырвонаармейцы, якія адступалі з украінскага берага Гарыні. Збегліся нырчанкі. Сяржант, абхапіўшы рукамі крыж, прасіў піць. Піць жанчыны не далі, толькі памачылі мокрым ручніком губы. Паклалі параненага на дзяружку і асцярожна панеслі па вуліцы. Ён часта дыхаў. У спіне хлюпаў фантанчык крыві.

— Куды яго далей? — спыталі мужчыны.

— Трэба ў бальніцу. Памрэ так.

— Оге, каб немец забіў.

— Цягніце да мяне на двор,— прасіла маці Тураўца.

Суседка Тураўчыхі прынесла некалькі льняных ручнікоў. «Імі бінтуй. Шчо той іёд».

Далёкім рэхам недзе за Прыпяццю ды надакучлівым гулам, падобным на вялікі рой пчол, нямецкіх самалётаў напаўзала першая ноч нырчан пад немцам.

У Летуноў паснулі позна. Аніяк не браў сон старога, мо ад стомы: вельмі ж спешна закапалі жыта. Адно ўсё думалася: «Няўжо доўга немца верх будзе? Якая халера яго зноў панесла сюды, хто патруціў яму розум. І які ён, цяпера?» Карцела старому пайсці ды глянуць. «А калі, язва, прыйшоў надоўга? Юзік, Марта, Прося, сам... як пракарміць усіх? Толькі пакажы, абмяняй тое золата, што маеш, на жыта, дык Кунік прывядзе сілу, перакапаюць усё, сілком адбяруць. Не, трэба агледзецца. Мо Марту ды Юзіка на прамкамбінат... Каб хоць якую-небудзь капейку мелі. Чортведама што ўтварылася. Ці мо падацца на старасту? Не... Каб пад яго ўладу. Не. Трэба наводшыбе тута перачакаць месяц, два».

Рыпнулі дзверы. Гэта Юзік пайшоў на ганак пакурыць, хоць жадання такога і не было ў хлопца. Хацелася пабегчы ў Нырчу, зазірнуць у акно да пракурора. Ці засталася Вольга? З кім яна, куды і калі збіраецца? Мільгалі здагадкі, усё больш апаноўвала яго жаданне ранкам наведаць дом Іванова.

Была нядзеля, і па звычцы, святочна апрануўшыся, Лятун выбраўся ў горад. Ля пажарнай, а яна стаяла ў цэнтры Нырчы, стрэліся немцы. Падалося Змітру, што былі яны выпіўшы. Лятун прыпыніўся, прыгледзеўся. Гэта яго разгляданне не спадабалася аднаму. Ён клікнуў Змітра пальцам да сябе, ухапіў моцнымі рукамі за грудзі, прыпёр да сцяны магазіна. Сам жа адышоў, узняў вінтоўку і пачаў цэліцца. Смертаноснае дула бегала перад вачыма ў збялелага Летуна то ўніз, то ўгору. Немец ніяк не мог злаўчыцца. Цэліў у лоб. І мо не мінаваць бы старому дурнога і нечаканага канца, каб, на яго шчасце, не выйшаў з магазіна афіцэр. Ён клікнуў п’янага салдата да сябе, нешта гыркнуў па-свойму і знянацку моцна ляснуў салдату з усяго размаху па чырвонай шырокай шчацэ.

Астатнія двое падхапілі свайго сябрука пад рукі і хуценька павялі прэч ад магазіна. Змітро абапёрся рукой аб сцяну. Спружына сардэчнага стуку, здавалася, ірвала жылу на нагах. Сеў бы. Не было на што. «Каб так, ні з таго ні з сяго? З-за аднаго погляду забіць?..» Не верылася ў перажытае. «Немец застаўся немцам. Жыткі не будзе. Вар’ят... Не змяніўся ад чатырнаццатага года, не змяніўся. За што? За што?..»

Ледзьве прыцягнуўся дахаты. Усё яшчэ дрыжалі рукі. Клікнуў Юзіка.

— Ты ета ў горад не вылазь. Што ў гэтых немцаў на вуме, адзін чорт і ведае.

— А што іх баяцца. Адна жменька засталася.

— Так-то так, але сіла за гэтай жменькай вялікая. Перачакаць трэба. Ціха тут, непрыкметна пераседзець. От, усё... Каб нагі ў Нырчы не было.

Бацька зразумеў адно, як ён лічыў, самае горшае і страшнае, непазбежны і цвёрды закон вайны: ён, чалавек пры сіле, розуме, здароўі, сваім уласным жыццём не мае права распараджацца.

 

У групе беларусаў ехаў з Варшавы да Баранавічаў і Мікіта Лятун. Не знайшоў ён шчасця ў хвалёнай далёкай Канадзе. Не прыжыўся. Маючы ад прыроды ціхі нораў і мяккую душу, пасля першых месяцаў ён адчуў, што фізічна не зможа жыць так, без хутара, Гарыні, Нырчы. Адразу знікла цікаваць да секты, бога. Яго заахвочвалі, абралі прасвітэрам манрэальскай абшчыны беларусаў і ўкраінцаў. Давер, павага, шанаванне, грошы — нічога не змагло перакрэсліць нейкую жахлівую роспач, уедлівую незадаволенасць усім і адзіноту. Спаў па тры-чатыры гадзіны. Схуднеў. Яму ўсё абрыдла. Чужая мова, шэрыя нялюдныя дамы, адны і тыя ж размовы, дзе знайсці грошы, як зарабіць грошы, куды ўкласці грошы, з кім ажаніцца з грашыма. Шчырая, добразычлівая атмасфера секты, на жаль, не магла наталіць яго душу, якая сумавала па бацькаўшчыне. Ён і сам не разумеў, чаму так: людзі ж усе і свае, і неблагія, і добрыя, а яму з імі сумна і моташна глядзець на адны і тыя ж твары. Цягне боская сіла бясконца ісці басанож па росным лузе, па цёплай вадзе ля беражка, па бульбяному полю ля хутара. Здаралася, заплюшчыць вочы і ў думках жыве там, дома. І што дзіўна, уяўляючы сябе так далёка, ён мог раптам згубіць прытомнасць. Гэта было ўжо нейкае хваравітае ўнушэнне, нейкі гіпноз.

У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе перабраўся ў Лондан, а на пачатку новага года пераехаў у Варшаву. Лічыўся ўпаўнаважаным міжнароднай арганізацыі адвенцістаў на Польшчы. Напачатку некалькі месяцаў не пісаў у Нырчу. Баяўся сурочыць. Хоць недзе ў глыбіні душы быў перакананы: застанецца тут усімі праўдамі і няпраўдамі, калі будуць пераводзіць духоўным настаўнікам у які-небудзь шпіталь Аргенціны, Англіі, не паедзе, кіне ўсё, схаваецца, з’едзе прасіць парады і дапамогі да мітрапаліта Аляксандра, а назад у чужыя землі ехаць ні святыя, ні бязбожнікі не спакусяць. І вось цяпер, пазнаёміўшыся з супрацоўнікам будучай газеты «Пагоня», які назваўся Вальдэмарам, і дзякуючы яго турботам і рэкамендацыям, Мікіта Лятун ехаў у Пінск да Аляксандра.

У Баранавічах, пры перарэгістрацыі ў магістраце, сустрэў свайго старога прасвітэра і духоўнага настаўніка Варфаламея. Мяшочкі пад вачыма з жоўтым адценнем надавалі твару прасвітэра хваравітасць. Гаворка ж яго засталася такой жа стрыманай, асцярожнай.

— Кажаш, на радзіму пацягнула. А што ж рабіць цяпер там?

— Як што? — здзівіўся Мікіта.— Жыць!

— Ведаю, што не паміраць. А які інтарэс жыць? Абшчына ўся распушчана. Хто з’ехаў, каго пасадзілі. Народ, пазбаўлены кантролю, які стагоддзямі падтрымлівала ў ім вера і толькі яна, звар’яцеў.

— Цэрквы ж дзейнічаюць?

— Дзейнічаюць для блізіру больш.

— Пайду ў праваслаўе. Свяшчэннікам.

— Хрышчэнне трэба прайсці. Рукапалажэнне.

— Я ж хрышчоны. У кнізе нырчанскай запісаны. Паеду ў Пінск да Аляксандра.

— Так. Яно, канешне, правільна. Гарыш ты жаданнем ехаць туды, бачу. З богам шчасце ўсюды. А ведаеш, Шыдлоўскаму ў Лондане не соладка.

— Адкуль вы ведаеце?

— Яшчэ перад вайной ліст атрымаў. Бог разгневаўся. Удар з ім быў. Памяць вярнулася, а рука і нага не дзейнічаюць. Мае прароцтвы збываюцца. Кінуў старую пані-калеку ў маёнтку, вось бог пакараў, прымусіў перажыць тое ж самае. Бывай, брат мой.

Мікіта ледзь стрымаўся, каб не папракнуць і «святога», якога мяшкамі пад вачыма і худобай пакараў нехта нябачны за тое, што спрыяў суайчыннікам пакінуць радзіму, прадаў, можна сказаць, іх па пяць-сем долараў за дзень у порты Бастона і Манрэаля.

«Гэта неблагая думка — пайсці свяшчэннікам. Папрашу ў мітрапаліта прыход. А што? Ідэя добрая. Я ж не чужы. Аднаму богу служыць».

Узрадаваўся ад такіх думак Мікіта. Жаданне як мага хутчэй дакрануцца да роднай зямелькі, абняць родных цяпер неадступна завалодала ягонай душой.

 

Ганс Вульферт ехаў да Нырчы ў той жа калоне машын, у якой вяртаўся і Мікіта Лятун. Толькі ў адрозненне ад нырчаніна з яго непахісным жаданнем і шчымлівым душэўным неспакоем, Ганс ступіў на палескую зямлю без усялякага душэўнага хвалявання, без узвышаных жаданняў. Хацелася аднаго — піць. Наглыталіся пылу за дарогу ў трыста кіламетраў, як сто пільшчыкаў тырсы. А машыны ўсё перлі на Усход, бы па таўшчэзных карчах, а не па дарозе, боўталі салдат, як гуркі ў бочцы. Ганс сціснуў пухлыя губы, падцягнуў іх да кончыка шырокага носа. Усё не мог зразумець і не мог згадзіцца: як гэта такое мізэрнае яго жаданне — піць, перад тым як здзейсніцца, павінна залежыць ад знешніх абставін і настрою камандзіра? Колькі калодзежаў мінулі і хоць бы ля аднаго прыпыніліся. Нарэшце ля нырчанскага калодзежа наталілі смагу, памылі боты. Ганс зняў свае акуляры, няспешна працёр іх хустачкай, азірнуўся наўкол. Недалёка стаялі некалькі жанок, дзеці, адзін сівабароды стары і, як падалося Гансу, пільна так цікавалі за імі, немцамі. «Якія дзікія людзі? Машын не бачылі, ялавых ботаў? Ці яны ўсё яшчэ не вераць, што прыйшлі іх вызваліцелі?» Урэшце і ён, Ганс, яшчэ як след і не ўсвядоміў, кім ён сюды пасланы і хто ёсць ён тут зараз — гаспадар, сам бог ці спакусіцель. Адно зразумеў: з імі, гэтымі непрывабнымі людзьмі, выбраў бог і фюрэр яму, Гансу, існаваць, воляй-няволяй уступаць у кантакт. І ад гэтай думкі зрабілася Гансу сумна на сэрцы.

 

Раздзел другі. АРТУР

Не адна Марта не дабралася да Пінска. Недалёка ад невялікай станцыі Лахва прыпыніўся абстраляны варожымі самалётамі цягнік Гомель — Брэст, у якім вярталася з гомельскага завода «Рухавік рэвалюцыі» дэлегацыя рабочых і сялян Брэстчыны. У вагоне першага класа ехаў і намеснік дырэктара масласырзавода ў Высока-Літоўску трыццацігадовы Артур Гуль-Рыкоцкі. Сама ідэя арганізаваць экскурсію на Сож належала яму. Любіў людныя вылазкі, падарожжы, гулянкі. Адказваў, як звычайна, за колькасць талонаў на харчы, шукаў чайныя, купляў білеты — адным словам, хоць і не лічыўся афіцыйна кіраўніком, а ўсё ж нечым ды кіраваў. Гэта падарожжа было асаблівае. Ехала сімпатычная, невялікага росту, рухавая і гарэзлівая Зоя. Гадоў яна мела семнаццаць, але прыродай была адорана на ўсе дваццаць пяць. Дзяўчына, як магніт, прыцягвала яго. Жанчыны Артура паважалі і любілі. Як ніхто, ён заўсёды знаходзіў камплімент кожнай, нават самай нязграбнай і непрыгожай, прыкмячаў нязначную змену на твары, у адзежы. Канешне, там, у Высокім, і Зоя не адмовілася б пагуляць з ім па парку, толькі запрасі. Але ж скрытны, асцярожны, як тхор, Артур не даваў намёку на сімпатыю. Па-першае, ён даўнавата не сустракаўся з лабаранткай, яшчэ адзін раз на месяц ездзіў да ўдавы ў Брэст. Па-другое, лічыў, што маральная рэпутацыя кіраўніка — асноўны залог далейшай кар’еры. Ганарыўся, што на віду чысты, як ліст пасля дажджу.

А Зоя, як знарок, паўсюдна чаплялася, жартавала, запрашала на белы вальс. Шапнуў на вуха, што з вялікай цяжкасцю ўсё ж уключыў яе ў групу і што спадзяецца на яе падзяку і любоў на «ласкавым пясочку Сожа». Зоя ўспрыняла яго словы як жарт.

...Некаторыя ў вагон-рэстаране, пачуўшы стрэлы і трэск пабітага шкла, пападалі на падлогу. Артур шукаў ратунку на кухні. Кулі прашылі скрынку з чырвонай і жоўтай чарэшняй,— распэцкалася чырвань на сцены, на белыя халаты знямелых ад нечаканасці людзей кухні.

Гледзячы на смажаных кур, антрыкоты, Артур пасля таго, як сціх гул самалётаў, здзівіўся — яму не хацелася есці. Усё ніяк не мог паверыць, што пачалася вайна, пра якую толькі і гаварылі на невялікай станцыі. Не хацеў верыць, думаў, правакацыя. Чыгунка была ўзарвана ў трох месцах. Частка пасажыраў пайшла назад, у бок Петрыкава, а частка — у бок Пінска. Артур угаворваў Зою перабрацца на той бок Прыпяці: «Там рукой падаць да Нырчы. Сябар там жыве добры. Былы таварыш па лагеры Картуз-Бяроза». З дужым, смелым мужчынам (а ён, Артур, чамусьці ўяўляўся дзяўчыне такім, мо ад гэтай яго энергічнай кожнадзённай вірхлявасці) усё ж лепш. Ахвяр пасля налёту амаль не было, калі не лічыць адной дзяўчынкі Зойчыных год, якая ў той момант стаяла ля адчыненага акна. «Трэба ісці за Артурам». Зойку напалохала смерць незнаёмай. Гуль-Рыкоцкі купіў дзве вялікія курыцы, бутэльку віна, і яны рушылі да ракі, хутка, быццам баючыся прылёту самалётаў. У такім спартыўным тэмпе ішлі добрую гадзіну, пакуль, стаміўшыся, нарэшце, не збавілі хаду, а далей з яго прапановы селі перакусіць на густа парослым лазою і асакой беразе ракі. Артур кінуў на траву свой габардзінавы плашч з чорнай атласнай падкладкай. Зоя села, агаліўшы круглыя калені. «О, лёс, непазнавальная сіла твая,— думаў ён, рыхтуючы «стол» з ежай,— калі моцна чаго-небудзь жадаеш, ён абавязкова пашле, нават у такіх незвычайных абставінах».

— Не холадна?

— Не. Здаецца, крокі?

— Падалося. Тут нам аніхто не пашкодзіць, птушанятка маё.

Захацелася пакласці руку на яе калена, пагладзіць.

— Давай вып’ем за тое, што мы жывыя і маем магчымасць дыхаць і любіць. Бо нішто, акрамя любові, не здольна трымаць нас на зямлі.

Зоя моўчкі адпіла з бутэлькі некалькі глыткоў віна, есці не стала.

— Давай, не саромейся. Каб сілы былі. Бяры. Яшчэ пару глыткоў для апетыту.— Ён зноў падаў ёй бутэльку.— Супакойся. Усё добра. Жыццё ў нашых руках, Зоечка. І мы яго нікому не аддамо.

Ён пяшчотна пацалаваў яе ў губы.

Яна не адвярнулася, не адштурхнула, і гэта надало яму азарту. Часта цалуючы і нешта няскладнае і абыякавае балбочучы ёй у твар, на вуха, ён прыціснуў дзяўчыну ўсім целам і, баючыся нечага, пачаў распранаць, не падымаючы і не адпускаючы.

— Не, любы, міленькі, Артур Анатольевіч, не трэба. Я баюся. Дзяўчаты казалі... не... баюся... а, а! Не-е...

Ён прыглушыў яе крык сваёй далонню, выпацканай у курыны лой...

Паснулі. Схіліўшы сваю галоўку, як параненая касуля, яму на руку, моцна спала Зоя.

Артураў сон быў кароткі, як у мураша. Сонца знікла за лесам, і ад ракі пацягнула непрыемнай вільгаццю. «Урэшце, што ні робіцца, усё да лепшага. Дзякуючы гэтай вайне, няма патрэбы вяртацца ў Высокае. Надакучыла ўсё, як хвораму ложак. Лабарантка — рэўнасцю. Цяжарная ўдава аніяк не згаджалася на аборт. Зноў клопат. Усё спісана адным махам. А што з гэтай небаракай рабіць? Колькі разоў заракаўся — не спакушацца. Усё ж аднолькавае. Ногі, губы, грудзі... І абавязкова, як навала, потым з’яўляецца жаданне застацца аднаму». Разбудзіў Зою.

— Трэба трапіць у Нырчу, пакуль не сканаў дзень.

Зоя ўзяла за руку, ішла побач, тулілася да яго. Гэтае тупанне яе поруч, заглядванне яму ў вочы не падабалася Артуру і злавала яго.

«І што яны вечна ліпнуць, як хамуты да каня». Ля хаты бакеншчыка нікога не засталі. Чакаць і клікаць не стаў, сам схапіў вясло, спусціліся да лодкі. Зоя не памылілася. Трэба было, канешне, мець сілу і добрую, каб выцягнуць з зямлі колік з ланцугом і замком. Веславаць Артур ад нараджэння не ўмеў, і таму лодку павольна зносіла ўніз. Зоя, ухапіўшыся абедзвюма рукамі за барты, прысела на какору.

— Ты глядзі, ціхая, спакойная Прыпяць, а нясе, бы цягнік,— сказаў Артур, перакідаючы вясло з боку на бок.

Пакуль плылі да сярэдзіны, лодку занесла на добрых метраў сто.

— Артур! Немцы! — паказала рукой за спіну Артура дзяўчына.— Грабі, родненькі, хутчэй!

— Не панікуй, балда. Лодку перавернеш,— гаркнуў Артур і з усёй сілы налёг на вясло.

Немцы — яны мыліся ля берага, угледзелі, што пара ўцякае ад іх.

— Ком! Ком! — праз іхні смех чуліся словы: чужыя, жахлівыя.

Некалькі куль булькнулі ў ваду зусім побач з лодкай.

— Давай у ваду! Заб’юць. Жыва! — ён амаль сілай штурнуў Зою і скочыў сам.— Плыві за мной. Куды? За лодку хавайся. За мной давай. Плыві.

Цяпер пачуліся стрэлы з двух аўтаматаў. Артур ныраў, плыў пад вадой, хапаў ротам паветра і зноў ныраў, баючыся азірнуцца назад. Стрэлы сціхлі. Ён адчуў пад нагамі гліняны грунт, аднак, баючыся ўзняцца на ўвесь рост, дапоўз да берага і толькі цяпер азірнуўся. Немцы мірна стаялі там, далёка ад яго, быццам нічога і не было.

Лодку па-ранейшаму зносіла ўніз, прыбіваючы да лазы. Толькі Зоінай галоўкі з кароткімі валасамі не было бачна на паверхні вады. Не паверыў. Відаць, схавалася за лодку. Чакаў. Лодку некалькі разоў завірыла. Нікога. Не губляючы далей марна часу, Артур выйшаў на вузенькую, сціснутую па баках кустамі смародзіны сцежачку. Ля балотца натрапіў на «саракапятку».

Спалоханыя крумкачы завіслі над галавой. Ля гарматы, сярод гільзаў, ляжалі два салдаты. Глянуў на іх пакалечаныя твары, адвярнуўся. Адкінуў свае макрушчыя чобаты, зняў з забітага салдацкія, прымерыў. Бы свае. Дастаў у другога з кішэні дакументы і, не разглядаючы, пайшоў прэч. Без ануч салдацкі бот крыху пачаў муліць, ды не было часу звяртаць на гэта ўвагу, здалёк паказалася мястэчка. Узвышалася Царкоўная гара.

 

Пасля абеду Юзік прынёс у паліцэйскі ўчастак Куніку канчатковы бацькаў адказ: Лятун адмаўляўся ад прапановы пайсці старастам. Да старога прыходзіў паліцай Грубка і настырна зваў да ўчастка. Лятун аднекваўся, абяцаў падумаць і вось паслаў сына.

— Пастарэў твой бацька, падурнеў,— казаў Кунік. А сам падумаў: «Зацыглаваць сына не пашкодзіла б. Малады, дужы».

— Пойдзем, Юзік.

Замест шыльды «Раённы аддзел нырчанскай міліцыі» прыбілі тоўстымі цвікамі кавалак пафарбаванай у белае фанеры з надпісам па-нямецку і па-беларуску: «Роlizеі. Паліцыя».

На ганку Куніка чакаў Адам Магера.

— А-а, Магера. Проша. У нас тут невялічкая справа, Юзік.

— То я пачакаю на вуліцы? — Юзік не рады быў, што пайшоў за Кунікам.

— Навошта. Пасядзі ў нас.

Пахла фарбай і ўсярэдзіне будынка. У адным пакойчыку сядзела незнаёмая Юзіку «нетутэйшая» жанчына гадоў трыццаці і доўгімі тоўстымі пальцамі вышывала на белым шматку шоўку чорныя літары «Роlizеі». З дзесятак такіх шматкоў ляжала на стале.

— Галін! Адкрый окны. Зноў поўны пакой мух. Пойдзем пакуль з табой, Юзік.

Кунік узяў Юзіка пад руку і правёў праз вузкі калідорчык уніз па цэментавай лесвіцы ў падвал. Юзік ніколі не думаў, што ў гэтым будынку ёсць яшчэ памяшканні. Падышлі да дзвярэй, абітых жалезам. Падало холадам. На драўлянай лаве сядзела дачка Магеры, а насупраць за невялікім драўляным столікам два незнаёмыя мужчыны. Кунік паказаў Юзіку на табурэт, а сам сеў ля Светы.

— Ну, што, Света, страшна правесці ноч без бацькоў?

— Страшна.

— Давай цяпер на свежую галаву паразважаем. Вось, напрыклад, мне сёння робяць аперацыю апендыцыта. На які дзень я магу ўстаць і прайсціся па палаце?

— Як хто. Бывае, на другі, трэці.

— Чацвёрты. На які дзень здымаюць швы?

— На сёмы, восьмы.

— Дзесяты. А перавязваюць колькі разоў на суткі?

— Адзін.

— Усё граматна. Прыемна сустрэцца з такой пеленгляркай. Цяпер адкажы мне, хто нёс варту ў ноч перад нашым вяртаннем на радзіму?

— Я.

— Правільна. Давай успомні асноўнае і бяжы дахаты. Бацька чакае. Як, з чыёй дапамогай і куды знік з палаты сакратар райкома Мішэнін?

— Не ведаю,— без паўзы адказала дзяўчына.

Кунік нечакана зарагатаў.

— Ой, яй-богу, смешна! Доўбні гэтыя вузкалобыя камсамольцы. Вывучылі неяк на медсястру, дык за гэта ўнушылі маліцца на іх, дзякаваць усё жыццё. Як адарылі. Быццам без іх цемра была і бязвер’е. Мы мелі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Уладзіслаў Рэймант. Чула пра такога?

Дзяўчына маўчала.

— Канешне, не... Учора ты казала, што заснула, не бачыла нічога і не чула?

— Так і было,— Света пасунулася ад Куніка.

— Не шкадуеш ты сябе. Немцы пад Смаленскам, а ты ўсё верыш у містычную ўратавальную сілу сакратара, які абавязкова вернецца і вызваліць цябе і за тваё маўчанне зробіць цябе, ну, скажам, галоўным урачом бальніцы.

Зарагаталі на гэты раз і два паліцаі.

— Біць будзем, Света. Ага. Даруй. Выйсця ў мяне іншага няма, праўда, Юзік? Затуманілі, беднай, забаламуцілі галаву роўнымі правамі, ды не сказалі пра магчымасці розныя. Грошы лічаць іншыя, Света, і рагочуць з вас, цялят. Давай, Галін, кіруй.

Галін куцым ударам, як баксёр, адкінуў дзяўчыну да сцяны.

— Успамінай,— нахіліўся над ёй Галін.

— Не ведаю,— праз слёзы адказала дзяўчына.

— Немец, любая мая, не будзе біць. Немец забівае. На месцы. Галін, клікні яе бацьку.

Пабеглі па старога Магеру. Той увайшоў у камеру, як у царкву, зняў шапку.

— Адам, я лічыў, што твая дачка, як кожная нырчанка, ад нараджэння кемлівая. Не прызнаецца, куды сакратара схавалі. Што рабіць? Аддаваць немцу?

— Не, не, паночак, толькі не немцу! — хутка загаварыў Адам, камечачы ў руках шапку.

— Тады я цябе пакіну з ёй. Пойдзем, Юзік.

Паліцыянты пайшлі наверх, а Кунік прывёў Летуна ў суседнюю камеру, зусім невялічкую і цёмную, без акенца ўгары, уключыў святло.

— Глянь на маю райскую птушку. Сёння раніцай паймалі. А, знямеў? З такой ноччу сумаваць не будзеш. Прыгледзься. Пазнаеш? Ты мне толькі пацвердзі, табе веру, каб канчаткова не сумнявацца. Гэта дачка пракурора?

Юзік раптам адчуў, што ў роце перасохла. Вольга глянула яму ў вочы з той самай, як лічыў, аніяк не разгаданай таямніцай, як і ля магазіна. Няўжо ў гэтым позірку не будзе і кропелькі просьбы?

Кунік калупаў вялікім пальцам сухую ваўку ля носа, чакаў.

— Яна,— выдавіў ціха Юзік, так і не заўважыўшы змены на твары дзяўчыны.

— Дзякую. Заходзь. Пакрыўдзіць хто-небудзь, звяртайся,— Кунік правёў Юзіка да ганка,— вось што, захапі плакаты.— Кунік выбраў з купы самы вялізны: белабрысы дужы немец наступаў падкованым чобатам на агароджу з чырвоных пяціканечных зорак.— Прыбі на плоце. Бывай здароў. Шкада, што бацька не пайшоў да нас.

Дахаты не хацелася ісці, пайшоў да Гарыні, на мост, і доўга глядзеў на ваду.

Прайшлі Адам з дачкою.

— Выпусцілі? — спытаў Юзік.

— Скуллю гніда гэта выпусціла б,— адказаў Магера,— каб не два шлюбныя залатыя пярсцёнкі.

«А хто ж Вольгу выпусціць? Як?»

Усё мог дараваць Куніку: смярдзючую камеру, пабоі, акрамя аднаго. Згвалціць, сука, не праміне ўрваць свой кавалак.

Сам не ведаючы як, прыйшоў зноў да ўчастка. Сеў у скверы і ўтаропіўся вачыма на ўваход у былую міліцыю. «Што рабіць, што? Паспрабаваць як-небудзь уратаваць? Але ж як?» Не пачуў адразу нават, як аклікнула яго Марта. Яна цягнула дахаты вялікую каністру з газай.

— Юзік, дапамажы, калі ласка, данесці.

— Часу няма.

— Дык ты ж сядзіш, нічога не робіш.

— Пакінь тут, я потым прынясу...

— Мо нешта здарылася?

— Ну, здарылася, здарылася. А ты што зможаш дапамагчы? — незадаволена адказаў ён.

— Гледзячы што.

— Што-што? Маеш залаты пярсцёнак? Дай, чалавека аднаго выкупіць хачу.

— Каго?

— Што пытаць, яй-богу, калі пярсцёнка не маеш.

— Не маю, праўда, не маю. Баялася ў дарогу браць, каб не ўкралі. А чалавек хто? Сваяк?

— Якая розніца. Дзяўчына. Дачка нашага былога пракурора. Задаволена?

— Тут? — Марта паказала на ўчастак.

— А дзе ж яшчэ?

— А мо пойдзем дахаты. Бацька параіць што-небудзь,— не ведала, што лепшае і падказаць.

— Не ведаеш ты бацьку. Заўтра будзе позна.

— Слухай, а калі падпаліць?

— Здурнела. Яна ў падвале. Ай, не чапіся.— Юзік пайшоў за ўчастак.

Канешне, ніякія хітрыкі, ламы і сякеры не дапамогуць выцягнуць дзяўчыну. Ён кляў сам сябе за бяссілле. Залез на ліпу. Так і яго не бачна і пакой з Кунікам зверху добра праглядаецца. Паліцаі былі ў добрым настроі: відаць, таму спрыялі два залатых пярсцёнкі, нехта прынёс бутэлькі з гарэлкай, патэфон. Чуўся рогат і подсвіст. Галін танцаваў з жанчынай-вышывальшчыцай. Упіхнулі ў пакой і Вольгу. Сэрца ў Юзіка пакацілася ўніз, рукі паслаблі. Ледзь утрымаўся за галіны. Галін падсунуў шклянку з гарэлкай да губ дзяўчыны. «Няўжо вып’е? Не. Адмовілася». Галін ударыў па твары. Злёгку. Кунік валявым жэстам супакоіў сабутыльнікаў. «Баіцца, падла, каб сваркі паміж сваіх не было з-за дзяўчыны. Для сябе яе прыпас»,— палаў нянавісцю і рэўнасцю Юзік. Больш не марудзіў. Адчыніў дзверы смела і ўпэўнена. Здзівіў сваім прыходам усіх.

— Ты нешта забыў, Юзё? — спытаў цвярозы Кунік.

Тут жа, у кутку, сядзела Вольга. І ад яе прысутнасці трохі разгубіўся.

— Не. Я ета прыйшоў прасіцца да вас... ну, у паліцыю, вось...

Усе чамусьці глянулі на Куніка.

— Бацька зажытачны? Зямлю пры Саветах адабралі?

— Мгы. Частку,— голас Юзікаў зрабіўся больш упэўнены.

— Добра. Сядай. Нам патрэбны надзейныя маладыя хлопцы. Галін, дай паперу, чарніла. Пішы заяву.

— Як?

— Проста,— адказаў за Куніка шчарбаты Галін,— прашу прыняць мяне на службу ў паліцыю. Даю заруку сумленна служыць свайму народу і нямецкаму рэйху. І зафіксуй у мазгах, калі з карыснай мэтай да нас ці, не дай бог, падасланы кім — вось гэтымі рукамі прыдушу і радню ўсю ў расход мігам. Падпісвай.

Кунік узяў заяву, хукнуў на подпіс.

— Шклянку гарэлкі першай мясцовай ластаўцы. Вінтоўку выдай. Прозіт, пан Юзэф. Тваё здароўе.

Усе выпілі стоячы. Пілі яшчэ доўга. Гаварылі абы пра што: пра новы парадак, пра дысцыпліну сярод нырчан, пра пошукі Мішэніна. Усім целам Юзік адчуваў, што п’яны, што перад вачыма ўжо дваіцца, а надзіва прасветлены розум паўтараў: «Вольга, Вольга». Хмель не браў галаву, як на памінках.

— Ну што, саколікі, час на лежбішча,— прапанаваў, ікаючы, Галін, адчувалася, што ён як бы мае правы над астатнімі.

Ложкі, як заўважыў раней Юзік, стаялі ў былой камеры папярэдняга заключэння, у пакоі з кратамі на вокнах. Кунік абяцаў усім у хуткім часе перабрацца ў маёнтак, ён, маўляў, дамовіўся ўжо з немцамі. Абяцаў, хоць ведаў, што немцы вялікі замак Шыдлоўскага пад паліцыю не дадуць. Вельмі хацелася, таму, абяцаючы паліцаям, і сам сябе супакойваў надзеяй.

— А што, саколікі, пакінем малодшаму пракурорыху? Ён чэсна заслужыў яе,— шчэрыўся Галін,— ціскаючы сваю бабу за бакі.

— Ага. Няхай разгавее,— падтрымаў Галіна яшчэ адзін.

— Калі чэсная кампанія просіць, і я не супраць.

Закон братэрства,— Кунік ляпнуў Юзіка па плячы, маўляў, зайздрошчу табе.

Хуткае тупанне па калідоры і лясканне сціхла. Асцярожнасць канчаткова прагнала хмель з хлопца. Яны сядзелі адзін насупраць другога і зацята маўчалі. Нарэшце Юзік заварушыўся.

— Не падыходзь да мяне,— рэзка папярэдзіла яна, ухапіўшы са стала мармуровую чарніліцу.

— Ціха ты, не ўцякай. Ніхто цябе чапаць не будзе. Абяцаю.

Ён падышоў да дзвярэй, паціху адчыніў, высунуўся ў калідор. Замкнуў дзверы на ключ.

— Слухай мяне цярпліва. Хутар наш ведаеш дзе?

— Не.

— Госпадзі. Лёгка знайсці. Шуруй бегам да канца Пінскага шляху, потым праз будоўлю падстанцыі да ракі. Калі нарвешся на бацьку, перадай, што начаваць не прыйду. З Кунікам гуляю, маўляў. Прасі Марту, нявестка наша, яна крыху ведае пра цябе. І вось што, барані бог, не начуй на хутары. Няхай Прося завядзе цябе ў Колкі. Перадай Просі, яна залатая цётка, я вельмі прашу гэта зрабіць. Не сунься болей нікуды, чакай мяне. На вось.

Ён згроб са стала ў плакат лусту сала і кавалкі хлеба.

— Не заставайся тут, Юзік. Яны заб’юць цябе. Уцякайма разам.

— А за што забіваць. Ты збегла, агрэўшы мяне графінам па галаве.

— Ты што?

— Не што, а кітайская пасха. Давай, я вытрымаю, не хвалюйся. Неяк біліся з «закасцёллем», дык мне бутэлькай па галаве, і хоць бы хны. Давай.

— Баюся.

— А я думаў, ты не толькі ганарлівая, але і смелая, калі засталася пад немцам, не драпанула, як астатнія. Давай,— ён рашуча падаў ёй графін,— праз акно ўцякай. Ну!

 

З усіх нямецкіх слоў Змітро Лятун толькі і ведаў да вайны два: «гут» і «данке», трэцім словам стала надакучлівае і непрыемнае (таму што чулася абавязкова за спіной) слова «шнэль». Пагналі ў той дзень усіх нырчан — пакінулі ў хатах толькі немаўлятак і старых, капаць акопы. Казалі, акопы. А капалі недалёка ад хутара доўгі роў. Ад каго абараняцца з захаду, не ведалі. «Шнэль, шнэль! Ляпатка, арбайтэн!» — неслася над галовамі. Назіралі за работаю два немцы і чатыры паліцаі. Сын хадзіў ля броўкі на процілеглым канцы канавы, знарок не падыходзіў да бацькі. «Малайчына, што тырчыць там». Не вельмі падабалася старому, што сын улез у гэтае ярмо. Але ж пры вінтоўцы. Абы-хто не заб’е. І ў Германію не вывезуць. Нехта прывёз гэтую страшэнную чутку з Пінска, ці не ад Куніка ён чуў.

Юзік і старому, і Просі так і адказаў: «Пайшоў у паліцаі, бо так захацелася, так трэба. Болей не пытайце чаму, сам ведаю, што раблю».

Бы з ляноты сыпаў рэдкі, падобны на восеньскі, дождж.

Кандрат з Васілём — аднагодкі маладога паліцая — знарок кідалі зямлю далёка, каб пацэліць былому сябру на чобаты. Васіль, ён больш ганарлівы і рухавы, чым заіка Кандрат, вылаяўся:

— Што, сука, выслужыцца пацягнула перад новай уладай?

— Не твайго, Васько, розуму справа. Ты адказвай і павучай сам сябе,— спакойна раіў Юзік.

Гэты спакой не спадабаўся.

— Прыслужнік! Г...о! Прыйдуць нашы, куды ўцякаць будзеш?

— Ну ты, дабро,— Юзік не заводзіўся,— не ляпай у бочку. Я дараваць змагу, а другі мазгі раскарчуе,— каб грызня не перарасла ў сварку, Юзік пакрочыў далей уздоўж канавы.

Што ім тлумачыць. З-пад палкі робяць, гарачыя, злыя. Астатнія людзі не папракаюць. Паліцыя? Відаць, яны паверылі, змірыліся, хоць часам звягаў Галін: «Калі даведаюся, што памог дзяўчыне ўцякці знарок, шыю намылю, не пагляджу, што з намі». Гэты, бадай, адзіны з іх, хто служыць новаму парадку сумленна, калі лічыць, што ў былога злодзея ёсць сумленне. Ён найбольш і круціцца ля немцаў. Рады, калі Ганс, пакуль Юзік ведаў імя толькі аднаго з немцаў, пахваліць.

Чатыры доўгіх дні Юзік не меў магчымасці наведацца ў Колкі. Усё здавалася, што за ім нехта неадступна сочыць. І ён не памыляўся. Усё-такі Кунік прыставіў даглядаць за хлопцам паліцая Грубку. Двойчы сярод ночы прыходзіў той на хутар, прасіў літар самагонкі. Правяраў, ці начуе Юзік у хаце.

Сёння ўсё спрыяла здзяйсненню яго плана. Дожджык, начное дзяжурства на ўчастку ў Грубкі. Вырашыў на ровары не ехаць, надвячоркам пайшоў пешкі. Адразу знайшоў старэнькую і нізенькую Просіну хатку. Вольга сустрэла ветліва, хоць некалькі і насцярожана. Ён дастаў з торбачкі сала, хлеб, няспешна парэзаў сальца.

— Бяры. Я вячэраў,— неяк сціпла прапанаваў ён. Яна моўчкі пачала есці. Бачна было, што галодная.

Юзік адчыніў акенца, якое выходзіла ў садок. Аднастайна шумеў па лістоце дробны дожджык. Недзе далёка-далёка грымнула. І так чамусьці зрабілася прыемна на душы ў кожнага ад гэтага натуральнага прыроднага грому. І зноў ціш. Яна высунула з акенца руку на дождж і доўга моўчкі стаяла, пакуль нарэшце ціха не сказала:

— Праз гадзіну па мяне прыйдзе адзін чалавек.

— Як? — не зусім уцяміў Юзік.

— Не хвалюйся. Свой. Ты нават яго добра ведаеш. Толькі ён прасіў пакуль не называць яго імя.

— Ты выходзіла з хаты?

— Не чакаць жа мне тут, пакуль прыедуць паліцаі. Я пайшла да мясцовага настаўніка, які ведаў нашу сям’ю, а там якраз быў гэты самы чалавек.

— Гэты чалавек твой бацька?

— Не дапытвайся. Прыйдзе час, і мо ён сам цябе знойдзе.

— Добра. І куды ж ты з ім?..

— Яшчэ не ведаю канчаткова. Хутчэй за ўсё ў Пінск. Там жыве мая цётка.

— А што, тут нельга сядзець пакуль?

— Колькі? Трэба ж неяк жыць. Змагацца неяк.

— З кім? Супраць такой сілы. Не сёння-заўтра Маскву возьмуць. Пачакай тут, Вольга, усё ўціхамірыцца, я кіну паліцыю, паедзем адсюль разам.

— Не ўгаворвай, усё вырашана,— цвёрда перапыніла яго Вольга.

— Добра. Што ў такім разе параіш мне рабіць? А калі я сілком цябе гэтаму чалавеку не аддам? А?

— Не жартуй. Не той час. І потым. Чаму ты думаеш, што мы развітваемся назаўсёды. Мо нават я і не ў Пінску буду, а, скажам, дзе-небудзь недалёка ад Нырчы. Той чалавек прасіў перадаць табе, я яму, як ты здагадваешся, усё расказала, каб ты работу ў паліцыі не кідаў. Прыйдзе час, можа, спатрэбішся. Ну, што ты надуўся, Юзік. Я табе ўдзячна, больш таго... вельмі абавязана. Я нават не чакала. Хочаш, скажу табе нешта,— і, не дачакаўшыся яго згоды, яна сказала : — Я пакрыўдзілася за тое, што ты на танцах не запрашаў мяне ніколі. Я проста месца сабе не знаходзіла. Чэснае слова. Ты не сумуй, Юзік,— яна ўзлахмаціла яго пышны чуб сваімі макраватымі далонямі,— чуе маё сэрца, мы развітваемся часова. Мне зязюля ўчора столькі сваіх ку-ку выдзеліла, дай бог пражыць.

— Добра. Калі ж той твой чалавек, такі паўлін сакрэтны, мяне знойдзе? — памякчэў Юзік, разумеючы, што Вольга ні на якія ягоныя прапановы не згодзіцца.

— Я ж кажу, прасіў перадаць, каб ты чакаў. Не наклікаў падазрэнняў, і ўсё. А цяпер ідзі. Я правяду цябе да Гарыні.

— Не страшна адной назад вяртацца?

— Не.

— Так і паверыў. Вось што. Заставайся тут, а я даю слова, што пільнаваць у садзе і падглядваць не буду. Верыш?

— Веру,— адказала яна і чамусьці ўзяла яго за руку.

Юзік нечакана абхапіў яе і горача пацалаваў у губы. Некаторы час, найшчаслівейшы, можа, у яго жыцці, яны стаялі моўчкі. На парозе ён зноў яе пацалаваў, аднак на гэты раз пацалунак быў кароткім. Як падалося Юзіку, Вольга ледзь прыкметна адштурхнула яго.

Юзік слова свайго не стрымаў. Не быў бы ён Летуном, каб пайшоў так і не даведаўшыся, з кім яна застаецца. Ён схаваўся пад старую лодку, якая дажывала свой век ля плота, па голасу пазнаў незнаёмца, ім аказаўся, што было нечакана, бо ён усё ж думаў, прыйдзе бацька, начальнік палітаддзела Эрнест Афанасьеў. Крыху паспакайнела на душы, крыху супакоілася вечная спадарожніца кахання — рэўнасць.

 

Праз некалькі тыдняў, з лёгкай рукі Мікіты, пешшу з Украіны прыйшла Уля. Прося, яна адна была ля хаты, нават спярша і не прызнала дачку Летуна. Замест белатварай дзяўчынкі з заплаканымі вачыма перад цёткай Просяй стаяла прыгожая, высокая жанчына. І сыночак Васілёк вымахаў. Ды такі ж падобны на маці, як грыбкі: маленькі і вялікі. Сухенькая ручка ў Васілька трохі патаўсцела. Адразу і не заўважыш, што яна карацейшая.

Не паспела Уля абняць цётку, як да хутара пад’ехаў нямецкі грузавік з трыма салдатамі. Здрыганула сэрца ў Просі: «Не дай бог па Улю».

Немцы прыехалі па іншае, нешта пагергеталі па-свойму, скінулі дашчаты трап з кузава і пагналі большага парсюка.

— А, людзечкі мае, куды ж ето? — загаласіла Прося, бы па нябожчыку, не ведаючы, што рабіць. Баялася, што Лятун будзе сварыцца за парсючка.

— Наш кабанчык, наш! Не крадзены. Куды ж яго? За што? Гаспадар вам акопы капае. Пакіньце кабанчыка. Жыці трэба, людцы добрыя, сям’я вялікая.

Салдаты, чаўкаючы па гразі, толькі пасмейваліся, дапамагаючы рукамі нязграбнаму парсючку ўзлезці па трапе ў кузаў.

Прося яшчэ верыла ў ратавальную сілу сваіх слязлівых слоў, пабегла да машыны. Адзін з немцаў палез у бакавую кішэню, дастаў нешта і кінуў на грудзі жанчыне. Прося злавіла катушку цёмна-карычневых нітак.

Машына не паспела ад’ехаць і некалькі метраў, як за вароты выскачыла Уля і закрычала на ўсё горла:

— Фашысты! Звяругі праклятыя! Каб вы не даехалі, паганцы, каб вы падавіліся, звяругі! — і пабегла б за машынай ад нянавісці, каб не Прося.

— Заб’юць! Ці ж так можна на ўсю вуліцу, а? Дзетак пашкадуй, Васілька, Маню. Яны ж заб’юць.

— Лепш смерць, чым так.

— Барані бог. Плюнь тры разы,— занепакоілася Прося,— не кліч смерць, пачуюць д’яблы.

— Мне, калі Грыцка не ўратую, адна смерць і збаўленне.

Уля зноў успомніла свайго чарнабровага мужа. А здарылася ўсё вось як. Дарма страшыла колісь Прося. «Бойся хахла, не ідзі замуж, хахол б’е жонку». Ці такі напаткаўся ёй адной: рахманы ды ласкавы, працавіты ды ўважлівы надзіва. Мо адзін на сто год і родзіцца такі. Ніколі ж не даваў вядро вады адной прынесці, дровы калоць не дазваляў і торбы з бульбай на воз адзін насіў. Смеху варта, суседкі там, ля Дубровіцы, пасмейваліся, калі яна з хлява гной выкідвала, дык прыбяжыць яе Грыцко з поля і ўсё сам. Васілька прыняў, як роднага. Ніколі дрэнным словам не папракнуў. Аднойчы на майскае свята, крыху выпіўшы, так-то не меў звычкі штодня хлістаць, сказаў: «Самы час, Вульяна, дзетак раджаць». І яна абяцала, горача цалуючы і тулячыся да яго грудзей: «Нараджу, Грышачка, нараджу, любы саколік, нараджу».

У Саветаў за свой нораў пашану меў. А як жа. Узялі ў міліцыю. Колькі яна начэй тады праплакала, колькі дзён не ела. Баялася страціць. Накіравалі яго оперупаўнаважаным у самую далячынь, аж пад Нырчу, у вёску Альманы. Ёкнула сэрца, успомніла пра бацькаў хутар, ды не рызыкнула пераправіцца на другі бок Гарыні. Не прыняў тады, колісь, Лятун чарнабровага, не паверыў — дык і цяпер не паверыць у іх шчасце. Упарты бацькаў нораў ведала.

Там, у Альманах, з калгаснікамі ладзіў. Не было таго сходу, дзе б міліцыянер не выступаў. Паважалі. І ёй гонар. Пакладуць Васілька спаць, а самі ў клуб, на танцы. Дзяўчаты мясцовыя хіхікаюць: «Старыя ды ў скокі». А ёй адна асалода. Кавалер знакаміты Грыцко яе — першы ў раёне «Варашылаўскі стралок». Як казалі: «Ніжэй дзевяткі куль не клаў!» О, які яе Грыцко Ішчанка! Са школьнікамі старэйшымі, каму расказаць, дроў паедуць натралююць, перавязуць, наколюць і ў кастры ля школы складуць. Усё дарма. Ніхто не загадваў і не прасіў. Неяк ужо, не памятае за што, прынесла Улі адна альманка тры дзесяткі яек, шмальцу, мёду кіль пяць, каб жонка міліцыянера праз чалавека дапамагла сыночка ад турмы ўратаваць. Узяла тады харчы Уля. Даведаўся Грыцко, спахмурнеў, але і тады не сварыўся, толькі доўга гаварыў і раіў жонцы ўважліва слухаць, тыя словы і цяпер памятае. «Чалавеку, Уля, пад сілу многае: цара скінуць, няпраўду адолець, перацярпець голад, пакуты, страты, нават дараваць свайму кату, і толькі адна хвароба не выводзіцца ніколі: жаданне жыць за кошт іншага. Свой рубель на хлеб і малако мы заробім, не калекі, тым больш што з голаду, дзякуй богу, ніхто цяпер у нас не памірае. Ці ж варта табе зневажаць сябе дзесяткам яек і слоікам мёду? Спакусіў цябе нячысты. Што рабіць? Не біцца ж аб сцяну. Аднясі назад. Прызнае суд хлопцаву віну — панясе кару, каб памятаў, за кошт іншага шчасця сабе не збудуеш, не прызнае вінаватым — вызваляць. І всэ чаріўна».

«Даруй, Грышачка, не хочучы. Люблю паганую капейку, баюся, калі прыйдзе чорны дзень, хваробы заб’юць ці, не дай бог, пакінеш мяне, заядуць людзі. У чым жа ратаванне ад спакусы, Грышачка?»

«У сацыялізме. Сапраўдным, ленінскім. Дзе дбаюць аб чалавеку не за пасады і грошы, а з-за любові. Таму і рэвалюцыю зрабілі, каб выкарчаваць гэтую адвечную эксплуатацыю. Ніхто, памятай, так сябе радасна і спакойна не адчувае на зямлі, як чэсны і сумленны чалавек. Пакінуць цябе не пакіну, не бяры да галавы. І жыццё сваё лёгка так не аддам, пакуль не выпушчу ўсе сем куль з нагана».— «За той самы сацыялізм?» — «За цябе і за сацыялізм. Толькі пры ім я сябе чалавекам і адчуў».

Больш пра гэты выпадак ніколі не нагадваў. Пачалі будавацца. Павёз яе ў Роўна да доктара. Той запэўніў, абодва здаровыя, дзеці будуць. Абавязкова будуць.

І раптам вайна. Частка палка, які адыходзіў з Дубровіцы, папоўнілася нямногімі добраахвотнікамі і заняла абарону ля бярэзніка. Няпоўны батальён змог падбіць тры варожыя танкі з агнямётамі і нават адкінуў пяхоту атакай з гучным «ура!». Варожыя мінамёты густа сыпалі нечаканую смерць аж да вясковай аколіцы. Застаўшыся без камандзіра, сувязі, без боепрыпасаў, абарона пакінула бярэзнік. Папаўзлі з флангаў, чыхаючы раз-пораз белым дымам над вежамі, нямецкія танкі: тры, пяць, дзевяць. Уля, схапіўшы Васілька за руку, пабегла ў бульбу. Правялі акружэнцаў праз усю вёску. Свайго ў белай гімнасцёрцы пазнала адразу. Не падпусцілі, адштурхнулі. Грыцко зняў сваю фуражку і кінуў: «Сыну на памяць!»

Пыл пяршыў у горле, лез у вочы, сушыў слязу на шчацэ. Два дні не ела. Губы кусала ад адчаю: што рабіць, куды падацца? І людзі змяніліся, скоса паглядалі на чужую. Нехта прынёс вестку пра лагер. Амаль дзень ішла туды, гэтыя трыццаць кіламетраў, з сыночкам. У чыстым полі за чатырма радамі драўляных слупоў, абнесеных колкім дротам, ля бурых брызентавых палатак было процьма салдат. Не баючыся суровых поглядаў аўтаматчыкаў з вышак, некалькі жанчын падышлі да скручанага бясконцым абаранкам дроту. Угледзела свайго Грыцка здалёк, у вялізнай чарзе да бляшанага бака з вадой. «Божа літасцівы. Нават дагэтуль і не ўяўляла такой сілы кахання, што разрывае сэрца і апякае розум. Як жа яна любіць свайго Ішчанку».

Нанач у Альманы не пайшла. Пачула ад жанчын, учора галоўны начальнік лагера за золата аддаў маці сына. Упала б перад тым начальнікам на калені, зямлю грызла б за Грыцка...

Змітро прыплёўся стомлены, прамоклы і злы, мо ад таго і не надта ўзрадаваўся Улі, хоць тое, што жывая, і радавала недзе глыбока ў душы.

— А дзе ж чарнабровы? — спытаў, прыклаўшы абедзве далоні да кварты з чаем.

— У лагеры. Немцы забралі. Пад Столінам.

— Угу. Радня да паўдня, а сонца зайшло і радні не знайшло. У радасць увесь свет мілы, а ў нядолі да бацькі. Праведала б. Мо загінуў пры Саветах ці вывезлі на чужыну. Тры гады на хутар не прыязджала. От і гадуй дзетак.

— Татка, не варта сварыцца. Грыцко не любіў вас, то ці я вінавата,— Улі хацелася заплакаць.

«Не. Калі ёсць у яго якая-небудзь капейка на чорны дзень, не дасць немцу за зяця». Вырашыла параіцца з Юзікам. Яму пра Грыцка ўсё і паведаміла. Брат шчыра прызнаўся, што сам ён не зможа дапамагчы, раіў звярнуцца да Куніка. «Яго добра ведаюць немцы. Пад залог могуць і выпусціць».

З самага рання, калі першыя сонечныя промні больш іскрыліся ў калюгах, чым іх сушылі, Уля ўжо сядзела на ганку ўчастка, чакаючы, пакуль адчыняць дзверы. Кунік, пачуўшы просьбу, з незадаволеным выглядам пачаў нешта доўга гаварыць пра ўладу, сувязі, пра свой аўтарытэт, далей яго панесла ў зусім супроцьлеглае:

— Ведаеш, Уля, што мне вельмі хацелася, калі ты рабіла ў маёнтку? Скажу. Памацаць цябе за грудзі. Баяўся Люцыны. Шыдлоўскі меў звычку сам з сабой размаўляць, а я падслухаў: «У яе гарачыя грудзі». Так колам і аглушыла. Мо табе падасца гэта смешным, а для мяне было як насланнё.

Ён наблізіўся да Улі, расшпіліў блузку і прасунуў руку на грудзі.

— Сядзі, не дзыгай. Насільнічаць не буду. Так-ак. Стары памыліўся. Халодныя саскі, як і ва ўсіх.

Уля паружавела ўся, але не зварухнулася.

— Грошы трэба. Залатыя пярсцёнкі, мікалаеўскія пятакі. І немцаў, як і нас, славян, навучылі маліцца на гэту заразу. Залацішка рыхтуй. Інакш не адпусцяць. Скажу па шчырасці: спяшацца трэба. Іх хутка павязуць у Сабібур5. Я прачуў у столінскай камендатуры.

— Грошай, золата няма і не будзе.

— Горш. Як жа дапамагці табе. Дзеўка харошая. Брат твой у нас. Тады ета самае застаецца. Ты дзеўка ў саку. Камендант баб любіць, павер. Рызыкні. Іншага выйсця не бачу. Адным больш, адным менш — на вас нічога не бачна. Толькі ў лазню пайдзі. Нацельнае апрані свежае, ільняное. Яны ўсе чысціню любяць.

Дзіўна, Уля адчувала сябе слабой і бязвольнай. Нябачным павуціннем вярталася ранейшае маёнткаўскае пачуццё жаху перад гэтым каршуком. «Божа. Адкуль слабасць? Мо без Грыцка няма яе і сілы?»

— Калі паедзем? — ціха спытала яна.

— Брава. Высакародна. Пазнаю Улю Чэслава. А хоць пасля абеду і рушым.

Прося, і не ведаючы прычыны купання сярод тыдня, сама памыла балею, заварыла траў: чараду з мятай, крапіву мыць галаву. Уля зацягнула фіранкі, асцярожна сунула нагу ў балею.

— Не горача? Я палью, дачушка. Сядзі ды плёскайся. Гэта ж у нас, Уленька, што людзі баюць. Ой, Дзева Марыя, не прывядзі гасподзь. Пачвара. З малення, калі людзі вярталіся, ды на страшыдла несусветнае і трапілі. Немец пры дарозе сядзіць. Пуза — дзве бочкі, галава — два чыгуны такія, рукі — як аглоблі і ростам да страхі, ка6. І есць той немец як не ў сябе. Мужыкі, ка, фурманкамі прывозяць яму і пітво і ежу. Тры фурманкі за дзень з’ядае, ка. Ось.

— Падман, цётка Прося. Не бывае такога чалавека, каб аж тры фурманкі харчу еў.

— Гасподзь з табою. Людзі ж з малення ішлі, самі, ка, бачылі. Абы-чаго і прыдумляць ніхто не будзе. Каб адны падмануліся, то няхай так. А людзі ж, ка, у іншых месцах бачылі такога ж вялізнага і ненажэрнага немца. У Альшанах сядзеў. Сведкі ёсцека. Не-е, навошта народу прыдумляць... е гэта. І да нас прыйдзе. Аб’есць наўколле, у Нырчу прывязуць. А чаму ты дрыжыш, Уленька, халодная вада?

— Цёпла, цётачка, цёпла,— Уля з бяздумнасцю і зморанасцю на твары расцірала руку вышэй локця.

— Ігнатка наш у сне мне прыбачыўся. Оге. Быццам сядзіць ён у белай сарочцы на папялішчы царквы Мікалаеўскай. Святая вада, макач у руках. Дзетак людзі нясуць. А ён хрэсціць. А неба, людцы, чыстае-прачыстае, як далоні народжанага. О, такім у сон прыйшоў.

— І на што твой сон паказвае?

— Вернецца Ігнат наш. Калі жывы, вернецца.

— Ага. Хіба ён дурны ў гэтае пекла ехаць,— Уля выціралася халодным ільняным рушніком.

— Вернецца. Памянеш маё слова.

Нехта паскробся ў сенцах, пацягнуў на сябе дзверы, задрыгала зашчапка. Ішоў бацька. Уля апранула сарочку.

— Зараз, зараз, не рві зашчапку.

— Пазамыкаліся тут, як ад немца,— буркнуў Лятун, здымаючы шапку,— каўтнуць е што?

Стары прагаладаўся. Тырчаў на жытняным полі. Ён і Мікіта па чарзе ахоўвалі жыта, баяліся зладзеяў.

— Бабка падышла,— Прося выцягнула патэльню з запечанай на сале бульбай.

— То ўжо садзіцеся да стала, ды паямо разам.

— Дзеці наеліся дранікаў, а Марта абедаць не прыйдзе.

— У больніцы кормяць? — здзівіўся стары.

— Дзякуй богу, што работу далі. Я кавалак сала загарнула. Сядай, Ульяначка, табе з малачком?

— Не хачу.

— Банілася нечым пахучым, як на вяселле. Нафарцілася.

— Мо й вяселле будзе,— як бы раззлавана адказала Уля і села часаць да люстэрка свае доўгія косы.

— З кім жа, калі не сакрэт?

— А хоць з Кунікам... адзін чорт: ці чарка ў роце, ці на стале. Ой, лепей не чапайце мяне, тата, не чапайце. Гору майму не паможаце.

— Якое ж гора, родненькая,— перахрысцілася Прося.

— Вялікае. Горкае. Найвялішкае, што й уратавання няма.

— Уратавання няма толькі ад смерці,— старому карцела даведацца пра тайну дачкі.

— Скуль вы ведаеце, тата, мо твая дачка на тую самую смерць ідзе. Не чапай. Кажу ж, баліць мне сэрца балі-іць. Ну, што вылупіліся... не бачылі ніколі... Гіне мой саколік, там, у лагеры, гіне! Вось і паедзем з Кунікам да немца... прасіць, маліць, гуляці.. Я дурная, дурная, смейцеся. Я гэтыя паганыя грошы, што жыццё мне калечылі, пракляла. Не збірала іх у панчоху, баялася, што прынясуць шкоду. Каб Грыцка выкупіць, мне толькі золата і трэба. Ды ў вас, тата, барані бог, прасіць не буду. Мне й Грыцко не дараваў бы. Каб потым заелі сваёй падзякай. Каб па-людску, па сваёй волі — ці ж не папрасіла б. А з гонару вашага не хачу, баюся сораму. Лепей у пятлю. Да немца еду.

— Змоўкні! — Змітро ляснуў далонню па стале.

Без шапкі пайшоў на двор, сеў ля сталюгі на пянёк.

— Ой, гора, горачка наша. За што на цябе бог так прагневаўся,— Прося заплакала.

«Прыняў без слоў, без здзекаў,— разважаў Змітро,— дараваў усё. Мне ніхто Ігната не даруе, ніводзін з іх, калі даведаюцца, што я забіў. Як так. Плюнуць на бацькоўскі клопат. Не паспелі аперыцца — усе сваім розумам. Іх усявышні пакутамі карае, вяртае зноў да бацькоўскай парады, а яны казырацца. Ці ж я не плакаў, калі пайшла да Шыдлоўскага, не сумаваў, калі ўцякла з Чэславам, а потым з чарнабровым? Адзін бог сведка. Я каўтаў тыя словы, каб вораг мой не прыкмеціў. Сесці хіба ды чакаць смерці за сыночка? А калі не пашле? А мо ён перакідае няшчасце маё на дзяцей маіх. Уля, Уля... паганка, адплачвае бацьку праклёнамі...»

Уля даўно назірала за ім ля акна. Сэрца яе расслабілася.

Нечая рука злёгку кранула прыкметна згорбленыя, мокрыя плечы Летуна.

— Тата, бабка халодная там,— Уля хутка адарвала руку ад пляча, баючыся папроку, хоць хацелася пагладзіць бацькаву галаву, прытуліцца да яго. Ён падаваўся ёй такім ужо старым і такім адзінокім, седзячы так на пяньку.

— А, дочанька...

Яна раптам кінулася бацьку на грудзі.

— Даруй, тата, паганая я, злая. Даруй, родны. За усё, за усё.

— Ці ж я не зразумеў бы, га? Мо не чужыя,— Змітро неяк нязграбна, адной рукой прытуліў дачку да сябе.

— Я злая, даруй, дурная. Мой Грыцко добры. Ён прыязджаў да пракурора ў Нырчу, прасіў, каб вас не высылалі. Прасіў нікому не гаварыць пра гэта. Заступаўся за вас.

— Бачу, што пакутуеш у каханні, сэрца маё, бачу. Я грошы дам. Не за ето. Бо ты кроў мая. Я тое золата на той свет не забяру. А жытка наша, ведаеш якая, зіма-лета, ды зноў чорны дзень душыць. Я зведаў галоту і баюся яе, як суда божага. А час пайшоў: аднымі грашыма дзяцей каля бацькоў і трымаеш. Я мо, дачушка, сам у бога смерці прашу, грэх маю, ды памерці баюся, вайна пашкодзіла. За Грыцком бяры Юзіка. Куніку, вашыўцу, не давярайся. У вайне нельга нікому давяраць. Я дам грошы, дам, Улечко. Няхай падводу нашу бярэ. Я скажу...

— Холадна. Хадзем у хату, тата,— Уля цалавала яго руку, не за грошы, ад любові.

Толькі адну ноч і пераначаваў чарнабровы ў хаце свайго цесця. Дзесятнікі-квартальнікі па загаду старасты хадзілі па хатах і рэгістравалі параненых акружэнцаў, выкупленых з лагера, падабраных нырчанамі. Трэба было даваць распіску не толькі маці Тураўца за свайго сяржанта, але і Змітру за зяця. Грыцко ж меў цвёрды намер, вылечыўшы параненае плячо, падацца, калі не праб’ецца да сваіх, у партызаны. Малайчына Уля: зашыла яго партыйны білет пад падкладку свайго сака. Раніцою Прося павезла чарнабровага і Улю да сябе ў Колкі, у пустую хату. Так захацеў чарнабровы, і Лятун з палёгкай уздыхнуў: менш клопату.

 

Счарнелае ад пажараў і хмар на ўсходзе неба нарэшце шчодра паліло зямлю дажджом з частымі навальніцамі і дробным градам. Багата выпала вады, «а мо слёз людскіх», як казала Прося, і на Нырчу. Гарынь ажыла ад сушы, схавала жаўтаватыя пагоркі, загуляла ў нізінах, разлілася, бы ў паводку, ад прыкарпацкіх навальніц. Патанулі кусты лазы, паўздуваўся чарот на азярцы, зніклі пад вадой калкі, да якіх былі прымкнуты лодкі. Паўсюдна пахла спелымі яблыкамі. Пасля такіх зацяглых дажджоў, калі паверне праз макрэчу на сонца, чалавека ахоплівае надзвычайная ўлюбёнасць у жыццё. Гэта вельмі добра адчуў на сабе Артур, апынуўшыся ў парку былога маёнтка Шыдлоўскага. Не шкадаваў, што на свой жах і рызыку ляпнуў там, у лагеры, што і ён маляр. Брыгаду палонных будаўнікоў з дваццаці чалавек шосты дзень суправаджалі на рамонт маёнтка, у якім нямецкае камандаванне вырашыла адкрыць санаторый ці дом адпачынку для ваенных лётчыкаў.

Паліцай Губка грэўся на сонцы. Артур разгледзеў яго ўважліва. Канешне, гэта ён месяц таму на ўскраіне напароўся на яго, прывёў пад вінтоўкай у паліцыю. Каб мо яшчэ не дакументы салдацкія. Моцна білі жывадзёры. Тыдзень бакі нылі. Добра, што ў лагер здалі, маглі і прыстрэліць. Трываць у лагеры сіл болей не было. Каб яшчэ не гэты паршывы ногаць, які ўрастае на назе ў мякаць, рэжа да крыві і няспынна баліць пры хадзе. Раіў у Высокім хірург зняць зусім. Спужаўся. Болю спалохаўся. Бог з ім, з ногцем. Каб не гэты суп з дохлай каніны ды борш з бручкі. З яго гастрытам. Выварочвае ўсе пячонкі, муціць ад аднаго паху. Удала ўлез у брыгаду. Скумекаў: карміць будуць там, бо за дваццаць кіламетраў ніхто ў лагер вазіць не будзе. Там, на людзях, мо мясцовыя знойдуцца. Мо Ігната нехта ведае. І ўжо моцна акрыляла, што не загароджаны, без дроту. Папруга на апошняй дзірачцы, а штаны не трымаюцца — спаўзаюць. «Кіль дзесяць ахнула»,— падумаў Артур. З кухні панесла смажанай рыбай. Артур падмігнуў незнаёмай жанчыне, якая несла ў падоле шалупінне да бочкі, усміхнуўся, як старой знаёмай. Так, на ўсякі выпадак. Клюне не клюне, абы прыкмеціла. Д’ябал. Як ён зайздросціў ёй. Ніколі не думаў, што прыйдзе час, калі пазайздросціць бруднай і непрыгожай пасудніцы. Напрасіўся фарбаваць дах, каб толькі не прымусілі, не дай бог, рыхтаваць фарбы. Дзе аліфа, дзе масла — нічога не разумеў. Працаваў старанна, нягледзячы на боль і стому ў руцэ і нагах: цяжка было без звычкі вісець на дашчатым трапе. Аднак не спяшаўся і хлопцаў прасіў — марудзіць, каб зацягнуць работу. Увечары ў лагеры на сырой зямлі ў сваёй дзіравай палатцы заўважыў тры пустыя месцы. Пацікавіўся, дзе хлопцы? Ніхто не ведаў, куды чалавек трыццаць пасля абеду звезлі. «Куды, куды!» — адно пытанне не давала заснуць. Рызыкнуў, пацікавіўся ў Грубкі.

— Куды, куды? Дзе Макар цяля пасе,— напаўжартам адказаў той. І затросся ад смеху сваімі худымі плячыма.

Двухсэнсоўны адказ паліцая не задаволіў Артура. Успомніў, што тыя тры хлопцы былі слабейшыя за астатніх. «Куды?»

«Маці мая родная! Ды іх жа элементарна маглі забіць!» — жахнуўся ён ад прадчування самага горшага.

Галава чалавека між тым так сканструявана, што, не ўбачыўшы сваімі вачыма, самай жахлівай праўдзе не хочацца верыць.

Такім быў і Артур. Корань надзеі, здавалася б, не высах пад дулам вінтоўкі. Маленькія нырчанскія хаты вузкім лабірынтам вуліц і гарадоў спускаліся да ракі і зноў паўзлі на ўзвышша на другім беразе. Уся гэтая пявучая гармонія зеляніны, шэрасці, блакіту і спакою аніяк не вязалася з вайной. Яго аклікнулі. Немцы прывезлі дзве машыны мяккіх цёмна-бураковых французскіх матрацаў. Разносілі ў пакоі.

Машына вярталася ў лагер не праз Лужок. Праваліўся гнілы, стары масток. Падаліся ў аб’езд. Вось тады і разгледзеў Артур страхоцце, якому баяўся верыць: немцы закопвалі ў канаву толькі што расстраляных палонных.

Панічна, да болю ў карку не хацелася вяртацца ў сваю палатку.

«Збегчы? Як? Куды? Калі Грубка гаворыць, што немец пад Масквою, таксама праўда». Пасунуўся да паліцая.

— Паслухай, браток, не ведаеш, часам, немец нанімаць на пастаянную работы ў маёнтак у санаторый не будзе, а?

— Што, дармаед савецкі, неахвота паміраць, за ідэю з крыкам «ура»? — спытаў Грубка.

— Ну на самую чорную работу. Качагарам, на кухню падлогу мыць?

— З Нырчан наймуць.

— А ў вас? — не мог супакоіцца Артур.

— У нас... у нас ёсць мама і за кухара, і за качагара. Паліцаем не падыходзіш. Ты нейкі нязручны.

— Я чэсны.

— Ну-у, чэснасць не пашкодзіць. Гонару мала. Без зайздрасці ты нейкі.

— А каму зайздросціць?

— Сіле. Нерва ў цябе няма. Ты, мабуць, з усімі ладзіў, ворагаў не меў. Ціха жыў, так?

— Так.

— Псы-цьфу. Немец даў волю і ўладу ўсім пакрыўджаным...

Дагаварыць Грубцы не далі. Апамятаўшыся, што на машыне сядзелі дзесяць палонных, якія маглі паведаміць астатнім пра канаву, афіцэр даў каманду матацыклісту дагнаць палутарку і павярнуць назад.

«Гэта капцы,— кальнула жахлівая думка.— Як? Ён жа зусім малады, прыгожы, нічога яшчэ не паспеў. Выходзіць, ён болей не ўбачыць лабаранткі, не зазірне да ўдавы на дранікі». Артур крануў рукой калена паліцаю.

— Уратуйце, дзядзечка, век помніць буду. Я здолею. Я цярплівы. Я здолею... толькі дапамажыце, я дарам буду, без грошай.

— Хрысціцца ўмееш.

— Не.

— Не праваслаўны, ці што? Са лба на жывот, далей справа налева.

— Я навучуся,— дрыжэлі яго губы.

— Позна. Паставяць ля ямы, перахрысціся. Па сваёй волі ў паліцыю ідзеш?

— Па сваёй,— ледзь чутна прашапялявіў Артур.

Ля ямы тройчы перахрысціўся.

«Бач, падла, вушлы. З лёту хапае»,— здзівіўся Грубка, просячы па-нямецку ў афіцэра пакінуць Артура ў паліцыі. Сумленны, веруючы і патрэбны новаму парадку чалавек.

Афіцэр даў згоду.

— Арбайт,— пачуў Артур над вухам голас афіцэра, які далікатна паказаў на рыдлёўку.

— Бярыся. Хуценька дапаможам і цурык на хаўз,— падбадзёрваў Грубка,— прывыкай. Паспееш на вячэру. Што вылупіўся, забітых не бачыў? Варушыся! Ты мне да канца абавязаны будзеш.

«Гэта не самае горшае,— думаў Артур,— знайду Летуна. Тут мяне ніхто не ведае. Вазьму мянушку, як Грубка, і шыта-крыта. Адчай далоў, яго не можа быць таму, што жыццё не страчана, а гэта галоўнае. Вунь сонца, вунь лес. Я іх бачу, адчуваю... жыву-у».

 

 

Раздзел трэці. ГРЫЦКО

Нырчанскі пракурор Іваноў не паспеў пазнаёміцца з дырэктывай № 1 Цэнтральнага Камітэта КП(б) Беларусі ад 30 чэрвеня 1941 года «Аб пераходзе на падпольную работу партарганізацыі раёнаў, занятых ворагам», якая абавязвала сакратароў абкомаў, райкомаў, гаркомаў загадзя яшчэ ўтвараць падпольныя ячэйкі. Пракурор быў у дарозе. Ён суправаджаў параход з бежанцамі, вымушаны быў плыць уніз па Прыпяці. З гаркаватым пачуццём пакідаў ён, гамяльчанін, сын чыгуначніка, мястэчка Нырчу, так і не зразумеўшы, што гэта за люд такі тут і чаму такі занадта асцярожны, «кожны сабе на вуме». Яго неяк адразу не прынялі. Казалі, знарок, маўляў, выбраў хату сабе насупраць магазіна, каб запісваць, хто і колькі чаго купляе. Доўга не было аніякай крымінальнай справы. Ці то сапраўды тут такі ціхі і асцярожны люд, ці прыглядаюцца да новай улады. Не было таго вечара, каб не ездзіў па вёсках у першыя клубы з лекцыямі і прамовамі. Агітаваў, адным словам, натхнёна прапагандаваў ленінскія ідэі, упарта, р’яна развенчваў сусветны імперыялізм, хоць некалькі просталінейна і газетна. Палешукі дзівіліся: як многа трымае чалавек у галаве. Слухалі ўсюды ўважліва, і ён ніколі не прамінаў упамянуць з адкрытай радасцю пра гераічны рэйд ледакола «Сядоў», пра лекцыю Луначарскага ў Мінску, пра дзіцячыя сады, якія адкрыліся пры прадпрыемствах «Камунарка», «8 Сакавіка», пра майскую сустрэчу таварыша Будзённага ў Гомелі, пра канстытуцыю Сталіна і нават пра першую беларускую оперу «На Купалле». Прыязджаў з вёсак стомлены, але заўсёды задаволены, што не было ніводнага пытання, каб ён не адказаў. Усё добра пачыналася. І на табе. Пусцілі ворага. Немцы ў Нырчы, і з гэтым трэба змірыцца, згадзіцца... Чаму згадзіцца? Усё ўзважыць, абмазгаваць. Дзейнічаць. Хутчэй нешта рабіць. І як мага хутчэй.

Іваноў, што б там ні здарылася, сам сабе цвяроза загадаў вярнуцца ў Нырчу. На тое былі свае важныя абставіны. Два дні, звязаныя з эвакуацыяй, сталі для яго днямі сораму, дагэтуль ім не перажытымі. Ніколі не трымаў вочы долу так доўга, як у тыя два дні. Нешта значнае і сур’ёзнае, заробленае і яго дысцыплінай і чэсным выкананнем службовых абавязкаў, махам загінула. Яму было сумна пакідаць прыгожае месца — Нырчу. Блукаў па барцы, перасоўваў чамаданы, клапаціўся аб дзецях, а думкамі быў па-ранейшаму там. Супакойваў жонку. Тая не магла дараваць, чаму пакінулі Вольгу з Мішэніным. Каторы раз нанова даказваў, што сам вернецца, не пакіне адну. Тыдзень, два, і ворага выб’юць. Не адна засталася. Там і Эрнест Афанасьеў. Ён і сам плыве толькі да Турава. Пакуль хвалявацца няма чаго. Яны — і Вольга, і Мішэнін, і Афанасьеў даўно ў вёсцы Мярлін, а гэта зусім блізка ад Турава.

...Дарма ён, суцяшаючы жонку, супакойваў і сябе. Даўняя звычка планаваць жыццё на кожны дзень зараз не мела сэнсу. Калёсны параход «Иосиф Сталин» з бежанцамі пад самым Туравам абстралялі варожыя самалёты. Сабралі самыя неабходныя рэчы і пешшу пайшлі да мястэчка, там пераселі на машыну тураўскай пракуратуры і ўжо без адпачынку апоўначы прыехалі, нарэшце, стомленыя і галодныя ў Гомель. Час поўз бы на валах. Ранкам ён меўся наведаць абком, знайсці там сваіх сябрукоў з Баранавіч, чамусьці верылася, што і яны могуць быць тут, і атрымаць інструкцыі перад вяртаннем назад у нырчанскі раён. Прыйшлося затрымацца на кароткачасовых курсах па арганізацыі партызанскага руху на месцах, акупіраваных ворагам. Дзейсны, занадта гарачы Іваноў і на курсах прапанаваў скараціць тэрмін навучання, раіў раздаць усім інструкцыі і памяткі ды накіраваць туды, на Захад. Амаль не адпачываў. Уласная незадаволенасць сваім маркотным чаканнем сапраўднай барацьбы адбілася і на адносінах з жонкай. І без яе слёз сэрца трывожылася за тых, хто застаўся там, у глухой вёсцы Мярлін.

Нарэшце прыйшоў яго дзень. Ды і марудзіць было нельга: вораг быў ля Гомеля. Былы нырчанскі пракурор Сяргей Іваноў і выпускнік гомельскай школы міліцыі Вячаслаў Бесан з дапамогай лесніка перайшлі лінію фронту. Дабіраліся да месца начамі, спалі мала, па чарзе, на лясной палянцы. Іваноў крадком цікаваў на свайго маладога паплечніка, і, дзіўная рэч, калі б нехта папрасіў пракурора апісаць партрэт Вячаслава, Іваноў не змог бы гэтага зрабіць. Дастаткова было змяніць вопратку Бесану: накасабочыць шапку ці нават толькі падняць каўнер, і аблічча яго на вачах змянялася. «Ён народжаны быць разведчыкам»,— думаў Іваноў. Засяроджанасць юнака, яго ўдумлівасць, уменне арыентавацца ў нязвыклых абставінах, веданне лесу — выклікала пашану ў пракурора і нават зайздрасць. Бо падсунь, здаецца, Іванову воўчае лыка-ягаду, з’еў бы, не адрозніў бы ад смародзіны.

— У Нырчу варта заходзіць? Як лічыш? Ці павернем на Мярлін,— папытаў пракурор.

— Не варта заходзіць.

— Планавалі ж зайсці ў вёску Туры. Там самая вялікая сярод усіх вёсак партыйная арганізацыя. Шмат сяброў. Пакінулі б сувязных, мо нехта пайшоў бы з намі.

— Не раіў бы. Туры недалёка ад Нырчы. Наўкола луг ды палі, лесу амаль няма. А калі ўлічыць, што за гэтыя месяцы актывістаў калгасных арыштавалі, выставілі засаду. Рызыкоўна з рацыяй ды толам за плячыма. Пасля можна будзе наведацца.

— А ты асцярожны, Вячаслаў.

— Прафесія... У Нырчы, відаць, добрая сотня немцаў.

— А пра гэта мы можам даведацца,— сказаў Іваноў і правёў рукою ў бок лясной дарогі. Нехта вёз на падводзе лес.

— Падыдзі ты. Можа, гэта нырчанін, не хачу, каб мяне бачыў. Буду недалёка. Калі незнаёмы, падыду і я,— дадаў пракурор.

Незнаёмцам аказаўся Мікіта Лятун. Дзякуючы турботам Куніка, яму дазволілі вывезці некалькі кубаў лесу на будоўлю нырчанскай царквы. Мікіта вырашыў пашырыць званіцу, якая засталася ад Міхайлаўскай царквы, і такім чынам стварыць новы прыход, бо каменную царкву, на якую сабралі грошы нырчане, збудавалі перад трыццаць дзевятым годам толькі на чвэрць. Ехаў Мікіта ў добрым настроі, нават нейкую песню мармытаў сабе пад нос. Зранку наведаў Барыса Сысу, і той згадзіўся намаляваць для царквы алтар і некалькі ікон.

— Чалавеча, табачком не пачастуеш? — з лесу да падводы ішоў Вячаслаў.

Мікіта прыпыніў каня.

— І рады быў бы, ды не куру,— адказаў Мікіта, пільна прыглядаючыся да рослага Бесана.

— Адкуль сам?

— З Нырчы. У мяне і дакументы во,— быццам адчуваючы недавер, занепакоіўся Мікіта.

— Штосьці я цябе не прыпомню? Чый ты? — ззаду стаяў Іваноў.

Гэтае нечаканае пытанне яшчэ больш насцярожыла Мікіту.

— Летуна я сын. Мікіта.

— Якога? Што хутар мае каля Колак? — пытаў Іваноў.

— Мгы...— Мікіта раз-пораз паварочваўся то да Іванова, то ў бок да Вячаслава.

— А-а... Таго самага, значыць, якога я не паспеў інтэрніраваць. Дзе ж ты быў да вайны?

— У Канадзе, потым у Варшаве.

— Ну і каму служыш? Немцу? Новаму парадку?

— Не. Богу служу. Свяшчэннік я. Вось і лес на царкву вязу.

— Няхай будзе так. Паверым на словы. Немцаў у Нырчы колькі? Паліцэйскіх?

— Не лічыў. Немцаў чалавек трыццаць. Дзесятак паліцыянтаў,— Мікіта адчуў, што ад хвалявання змакрэла пад шапкай галава.

— Дзе яны знаходзяцца?

— Немцы ў каменным магазіне... Там іх казарма. А паліцыянты... дзе была міліцыя.

— Ясна-а,— зацягнуў Іваноў, быццам ён збіраўся выкрыць іх зараз жа.

— А народ як?

— Жыве сабе паціху... зімаваць рыхтуецца памаленьку,— не ведаючы што адказваць, гаварыў Мікіта.

— Ну-ну. Ты так і перадай усім, свяшчэннік. Маўляў, партызаны ў лесе аб’явіліся. Маўляў, сам напаткаў іх. Не будзе ціхай жыткі ворагу і іх прыслужнікам. Паняў?

— Зразумеў. Можна ехаць?

— Едзь.

...— Ну як? — звярнуўся пасля да Вячаслава пракурор.— Усё павінна гудзець: лес, поле, мястэчка павінна гудзець — партызаны, партызаны. Каб народ ведаў, што Саветы не ўцяклі, каб немец насцярожана спаў. Спакою трэба яго пазбавіць паўсюдна: на чыгунцы, у лесе, у сталоўцы, на базары, у ложку. Мая праўда?

— Твая,— згадзіўся Вячаслаў.

А Мікіта і не думаў нічога перадаваць людзям, нават бацьку нічога пра сустрэчу ў лесе не паведаміў. «Самі аб’явіліся, самі пра сябе і заявіце».

Будоўля цалкам заняла яго сілы і яго думкі.

 

Вёсачка Мярлін, шчыльна акальцованая гушчаром лесу, утульна схавалася ад вялікага шляху маляшаўскім балотам, ад Нырчы гразкімі дарогамі. Вось гэтая вёсачка і прытуліла невялікую групу людзей, якія назвалі сябе на першым партыйным сходзе партызанскім атрадам «Чырвоная Прыпяць» і якія пакляліся біць ворага, не шкадуючы ўласнай крыві. За гэтымі гучнымі словамі стаялі людзі розных узростаў: партыйныя работнікі, былыя настаўнікі, акружэнцы-чырвонаармейцы.

Мясцовыя жыхары больш назіралі за незнаёмцамі. Партызаны жылі часова ў сельсавеце і некалькі тыдняў ездзілі ў лес, капалі зямлянкі, рабілі летні лагер, таму неаднойчы бралі ў людзей коней. Калгас у Мярліне не паспелі арганізаваць, акурат перад вайной ішла падрыхтоўка, прапагандавалі ды растлумачвалі палешукам карысць ад новых кааператываў. Людзі не надта і слухалі агітатараў з Нырчы, а да слоў свайго земляка, сакратара Вальковіча прыслухоўваліся з большай верай і цікавасцю.

І цяпер Вальковіч, паколькі ўлада заставалася савецкай і ён па-ранейшаму быў яе прадстаўніком, абышоў усе хаты, склікаў сялян на сходку. Прыйшлі людзі ў сельсавет. Не ўсе. Больш асцярожныя і заможныя не пайшлі. Вальковіч, раз-пораз кашляючы ў кулак, адкрыў сходку, пазнаёміў сялян з сакратаром Мішэнным, камісарам Івановым і, не ведаючы, як сябе паводзіць далей, ад прыроды ён быў чалавек-тугадум,— горача заапладзіраваў і запрасіў сакратара да трыбуны, якую загадзя наспех груба скалаціў з фанеры. Мішэнін устаў з-за стала, але да трыбуны не пайшоў.

— Таварышы! Фашысты Гітлера напалі на нашу радзіму. Бот ворага топча святую зямлю нашых продкаў, нашых бацькоў і дзядоў. Паўсюдна народ змагаецца з гітлераўскай нечысцю. Пакуль рэха навалы не дакацілася сюды, але немец ужо пануе на ўсім Палессі. І як пануе, як гаспадар-варвар, як кат. Вось некаторыя вытрымкі з яго новых загадаў: «Рух на дарогах як шасэйных, так і палявых асобам мужчынскага полу ва ўзросце ад 17 да 50 гадоў забараняецца. Асобы, захопленыя на дарогах, будуць затрымлівацца і накіроўвацца ў лагеры». Сярод нас ёсць таварыш, які пабываў у такім лагеры. Пасля ён раскажа пра яго. Далей. «Асобы, у якіх пры гэтым будзе знойдзена зброя, будуць расстраляны як партызаны». Вораг баіцца народнага гневу, страшыць нас. «Асобы, якія садзейнічаюць у якой бы ні было форме партызанам, самі будуць лічыццам партызанамі. Усе асобы, якія атрымалі звесткі аб злачынных намерах супраць арміі і ваенных улад, аб злачынных сабатажных актах або падрыхтоўцы апошніх, аб з’яўленні асобных банд, парашутыстаў або асобных партызан і не паведамілі аб гэтым у бліжэйшую паліцэйскую часць, будуць пакараны смерцю». Што з гэтага выходзіць? Што наш атрад не адзіны, што з’яўленне ў іншых месцах аналагічных атрадаў, партызан-парашутыстаў і дало ворагу падставы на такую вось паперу. Але наш народ не запалохаць. Ён дасць рашучы адпор ворагу. Канкрэтна, што ў Нырчы? Устаноўлены каменданцкі час па мястэчку Нырча ад дзевяці гадзін вечара да шасці гадзін раніцы. Працуюць бойня, прамбыткамбінат, бальніца, кантора па нарыхтоўцы жыта, але ўсё каму — аднаму гаспадару — гітлераўскай Германіі. Дзеці не вучацца, солі, карасіны, цукру няма, магазіны не працуюць, людзям няма чаго есці, няма куды ісці на работу. Мясцовай паліцыяй кіруе былы ўпраўляючы пана Шыдлоўскага Кунік. Ёсць апошнія чуткі, што ён выконвае абавязкі і бурмішча Нырчы. Усё робіцца для таго, каб вярнуць былыя часы нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Толькі вораг, відаць, забыўся, што было ў нашай гісторыі: і поле Кулікова і Грунвальд, і Палтава і Барадзіно. Няхай жа не чакае ён перамогі! Смерць фашысцкім акупантам!

У зале ўсе дружна заапладзіравалі.

Далей выступіў Грыцко. Яны пазнаёміліся нечакана ў Колках. Эрнест Афанасьеў забіраў на падводу зброю, якую хавалі ў настаўніка, а ён, настаўнік, і паведаміў, што ў хаце Просі жыве ўчастковы з Украіны, зяць Летуна. Пазнаёміліся. Афанасьеў паверыў Грыцку, прапанаваў яму стаць сувязным. Ішчанка прыняў прапанову былога начальніка палітаддзела з радасцю і па тым, як весела заіскрыліся яго вочы, Афанасьеў яшчэ больш упэўніўся, што чалавеку можна верыць. Грыцко расказаў пра расстрэлы савецкіх ваеннапалонных, пра канфіскацыю жывёлы ў мірнага насельніцтва, пра бязмежную ўладу паліцыянтаў, пра тое, як давіліся ў лагеры супам з бручкі і дохлай каніны, як курылі самакруткі з травы і кары дрэў, як пілі брудную ваду з бочкі, у якой плавалі жабы. Ён, як і сакратар, заклікаў людзей да барацьбы з ворагам. Іваноў жа не стаў нічога гаварыць, толькі перадаў людзям газету «Правда» ад 6 жніўня, дзе быў надрукаваны Указ Прэзідыума аб прысваенні першым беларускім партызанам Г. Бумажкову і Ф. Паўлоўскаму звання Героя Савецкага Саюза.

Сяляне перадавалі з рук у рукі газету і толькі на свой манер окалі (мярлінская звычка так здзіўляцца, цягнуць літару «о»). Праўда, не ва ўсё верылі, бо самі ж яшчэ не бачылі таго немца ў вочы.

— Давай, Вальковіч, скажы і ты,— прапанаваў Мішэнін сакратару сельсавета.

— Трэці год над нашым сельсаветам палае чырвоны сцяг Савецкай улады,— жвава пачаў Вальковіч, але потым па звычцы паміж словамі пачаў рабіць паўзы.— Ніякай панікі, таварышы-сяляне... Канешне, там вайна, розныя чуткі. Так лічу, вёска наша ўся будзе партызанскай. Хоць ето... кожнаму, канешне, пакуля не хопіць зброі... але ето... памагаць будзем адзежай, бульбай, хлебам... Нашу веру ў сацыялізм ворагу не знішчыць. Покі мы жывы, будзем і надалей крочыць пад чырвоным сцягам упэўнена і цвёрда...— Вальковіч глянуў на Мішэніна, відаць, хацеў атрымаць адабрэнне ад свайго кіраўніка.

— А калі, не пры нас кажучы, прыйдзе немец? — выкрыкнуў нехта ў зале.

— Што ж, чакаць, седзячы склаўшы рукі, не будзем. Прыйдзе люты звер фашысцкі — знішчым.

— А калі ён зноў прыйдзе?

— Зноў знішчым. Савецкі народ так сваю зямлю не аддасць.

«Мо гэта й добра цяпер, такі аптымізм. Дзіўна. А мне ўжо малаціць так словамі, як перад вайной, не хочацца,— аналізаваў Мішэнін,— а мо гэта звычка. Быць падобным на таго, хто вышэй цябе ў раёне, у вобласці. Трэба шукаць з людзьмі новую мову, іншы падыход. Прасцей, без дэкламацыі, на канкрэтных прыкладах, хаця б як сказаў Грыцко Ішчанка. Гаварыць з людзьмі не суха, завучана, аўтаматычна, а наадварот, як мага прасцей. Чаго перад ім фанабэрыцца».

— Таварышы, я тут знайшоў і выпісаў словы Уладзіміра Ільіча Леніна... Вось што наш заснавальнік партыі казаў пра вайну: «Война убивает и надламывает одних, закаляет и просветляет других, как и всякий кризис в жизни человека или в истории народов».

«Малайчына, Вальковіч,— узрадаваўся ў душы Мішэнін,— а я вось, шкада, і не ведаў, не чытаў такое ў Леніна. Ганьба. Так спешна пагартаў, а каб паглыбіцца... Лічыў сябе закончаным бальшавіком і перспектыўным камуністам. Ці ж асоба можа стаць у нейкі момант закончаным суб’ектам? Закончаным можа быць будаўніцтва цялятніка, крамы, хаты. А чалавек? Відаць, у гэтым яго і загадка: душу, свядомасць, сумленне па кроплі будаваць да апошніх год жыцця. Які з мяне партыйны кіраўнік? Вучыцца, ой як трэба было вучыцца...»

— Таварышы! — Вальковіч вытрымаў паўзу, выпіў паўшклянкі вады.— Нягледзячы на ваеннае становішча, можна так сказаць, сёння ў нас яшчэ і святочны дзень. У маім сейфе знаходзяцца атрыманыя напярэдадні вайны партыйныя білеты нашых землякоў, таварышы, маладых камуністаў. Я папрашу сакратара райкома, таварыша Мішэніна Івана Іванавіча, уручыць партыйныя дакументы.

«А... вось гэта аніяк не трэба было рабіць. Яго разумею. Ініцыятыва, прыемны падарунак. Аднак трэба было б усё ж параіцца,— збіраўся з думкамі Мішэнін.— Гэты празмерны афіцыёз Вальковіча. Усё сказана, што дадаць, уручаючы білеты? Што?»

— Антон Галоўчык! — выклікаў Вальковіч.— Дзе ён?

Народ пераглянуўся.

— Быў тут. Мо збег? — пачулася сярод людзей.

— Уцёк. Спалохаўся,— казаў дзядок, які сядзеў ля дзвярэй.

— Мо не спалохаўся. Мо жонка паклікала,— шукаў апраўданне Вальковіч.— Цубер Піліп.

Цубер, памочнік Вальковіча па сельсавету, праціснуўся да невялічкай сцэны.

— Віншую. Ад усяго сэрца. Дзякую за вашу цвёрдасць, перакананасць,— сказаў Мішэнін.

— Фёдар Лосіч,— выклікаў збялелы Вальковіч апошняга.

Лосіч сядзеў нерухома. Ён бачыў, як, пачуўшы пра білеты, сусед яго Галоўчык уцёк. Вальковіч запрасіў Лосіча яшчэ раз.

— Давай, Фёдар Ануфрыевіч, праходзь.

— Я... адмаўляюся. Ето-о, перадумаў.

Глухая, непрыемная паўза навісла над залай.

— Як? У такі час? Ты адказваеш за свае словы, Лосіч? — твар Іванова выцягнуўся.

Зноў зала прыціхла.

— Перадумаў... і ўсё тут, о. Маю права.

— Маеце...— Мішэнін перадаў білет Вальковічу.— Фёдар Лосіч разумее, што ў партыю сілком ніхто нікога не цягне. Залатыя горы мы нікому не абяцаем.

— Немца спужаўся! — нехта крыкнуў і ўцягнуў галаву, схаваўся.

— Немца я не спужаўся. Прыйдзе хто з парцейных, партызанаў — сала дам, хлеба. У мяне дзетак трое і жонка хворая. Таварыш фельчар раіць везці ў бальніцу. А куды? У Нырчу прыйдзецца.

— Таварышы, і выбар, і жаданне самастойныя. Ніхто Лосіча ўгаворваць не будзе. Дазвольце яшчэ раз ад вашага імя, паважаныя таварышы, шчыра павіншаваць прынятага таварыша Цубера Піліпа Іванавіча і пажадаць яму моцнага здароўя. Нам цяпер патрэбна толькі здароўе і згуртаванасць, адна згуртаванасць, каб біць ворага паўсюдна.

І хоць доўга зноў зала апладзіравала, настрой быў сапсаваны. Гэта адчувалася і пасля сходу на вячэры ў Вальковіча. Выпілі самагонкі. З апетытам накінуліся на бульбу, скваркі, капусту.

— Такія і адаб’юць ахвоту ісці ў партызаны,— больш за астатніх не мог супакоіцца Іваноў.

— І сілком іх цягнуць рызыкоўны метад,— Вальковіч адводзіў размову ад сваёй асобы, баяўся.

— Я згодны з вамі,— сказаў Мішэнін.

Вальковіч павесялеў.

Іванова паклікала Вольга. Яна дапамагала капаць бульбу Вальковічу, прастудзілася і ляжала другі дзень у асобным маленькім пакойчыку за печчу.

— Табе што-небудзь прынесці?

— Не. Пасядзі са мной. Мне сумна.

— Цяжка нам будзе, Оля. Цяпер усе разумеюць, што за два-тры тыдні вайна не скончыцца. Узімку яшчэ цяжэй будзе. Нам трэба будзе мець сувязных, па магчымасці, паўсюдна — у Століне, у Нырчы, у Пінску. Я прапанаваў Мішэніну пераправіць цябе ў Пінск.

— Сувязной?

— Так. І не толькі. Трэба шукаць сувязь з пінскім падполлем, партызанамі, яны ж павінны быць, упэўнены — ёсць. Там жыве твая цётка. Будзеш у яе. А ўратавальніка свайго не страчала больш? Так усё і здарылася, як расказвала?

— Напрасіўся ў паліцаі і дапамог мне ўцячы.

— Сын падкулачніка Летуна з хутара ля пінскага шляху?

— Ён. Юзік.

— Прыпамінаю, здаецца. А ён ведае, што ты тут?

— Ведае.

— Недарэчна. Праверыць трэба. Брат яго ў дэфензіве пры Польшчы быў. Цёмная гісторыя...

— Я яму веру.

— На ўсялякі выпадак... не трэба, каб ён ведаў, што ты будзеш у Пінску. Абяцаеш?

— Абяцаю. А калі ён захоча ў партызаны?

— Захоча — прыйдзе. Праверым, на каго ён робіць. Нам цяпер патрэбны людзі сумленныя. Колькі нас — кучка. Пакуль нам не пад сілу разграміць нават паліцэйскі ўчастак, не кажу ўжо пра гарнізон. Зброі няма.

— Праўда, што немец пад Масквой?

— Праўда...

Жонка Вальковіча прынесла хворай малака з мёдам.

— Ты пакуль пі, праганяй хваробу. А я пайду. Грыцко ад’язджае.

— Грыцко ў Нырчу вяртаецца?

— У Колкі.

— Можна, я перадам запіску Юзіку?

— Пачакай крыху... Толькі не крыўдуй. Зразумей і мяне правільна. Усё пасля. Цяпер ты ў першую чаргу баец, партызан. Разумееш?

— Разумею,— амаль бязгучна адказала дачка.

 

Першым героем у Нырчы стала, чаго ніхто не мог чакаць, цётка Тэкля. Смеху варта. Бадай, у кожнай вёсцы на Палессі ёсць такая свая Тэкля. І нырчанская, колькі яе памятаюць, жыла скрозь адна: без бацькоў, сясцёр, братоў, без чалавека. Гадамі дапамагала нырчанам управіцца з гародам: жала, касіла, малаціла, таўкла бульбу свінням. Усё ўмела Тэкля, хоць і казалі на яе часам дурнаватая. Насіла з чужых плеч сакі, данашвала за нырчанкамі хусткі, буркі. Ніколі не хварэла. Аж дзівіліся ўсе. Гэта ж босая цягалася да пакроваў7 — і хоць бы кашлянула. З усёй гаспадаркі мела Тэкля такую ж смешную з выгляду, як і сама, хату з вядром замест коміна, з адным ложкам, лавай, лямпай-газоўкай і іконай Георгія Пабеданосца, якую дарам даў Барыс Сыса. Зніме, бывае, з покуці абраз, пакладзе на столік і гадзінамі разглядае: «няўжо такое «страшыдла» Георгій пікай заколя». Стрэне, бывае, нырчанку, спытае: «Куды ідзеш?» — «На могілкі, па татку паплачу».— «То хадзем разам, паплачам. Лягчэй будзя».

Яшчэ Тэкля мела сваю кароўку. Сама пасвіла, сама даглядала, сама на зіму стажок сена прыпасала. Кароўка дойная папалася. Не зіма — адно свята, не лета — божы рай. І трэба было таму здарыцца, што з усёй вуліцы забралі немцы кароўку ў Тэклі. Мірам сваю карміліцу жанчына не аддала б ні за што на свеце, каб халера адзін высокі не штурхнуў, і яна, слабая, упала, стукнулася галавой аб дзежку, страціла прытомнасць. Ачуняла, пабегла па Нырчы шукаць сваю Кірпату, ды дзе там: ні чутак, ні парады, ні дапамогі. Села ў куце, ля акна, і горка, доўга плакала, а раніцою наступнага дня як бы нанова нарадзілася. Браліся першыя халады. Павярнуўся на Нырчу з прыпяцкіх лясоў вецер, апякаў твар. Тэкля, апрануўшы сваю святочную хустку, штораніцы стаяла ля плота з гадзіну, чакаючы Ганса, які менавіта гэтай вуліцай ішоў на службу. Салдат войск тылу, ён ахоўваў бензасховішча на тэрыторыі былой МТС. Як толькі, бадзёры і дужы, а ён зранку рабіў зарадку па Мюлеру, абціраўся халоднай вадой, добра і з апетытам снедаў, Ганс падыходзіў да Тэклі, яна тройчы прасіла:

— Немец, вярні кароўку.

Спачатку невядомая просьба смешнай жанчыны цешыла Ганса, ён нават усміхаўся здалёк, убачыўшы яе постаць. Ды ўсяму, як кажуць, ёсць мера. Тэкля страчала яго і звечара, калі вяртаўся да магазіна, у якім зрабілі казарму, усё тымі ж знаёмымі ўжо надакучлівымі словамі:

— Немец, вярні кароўку!

Ганс змяніў накірунак, каб толькі не сустракаць надакучлівую Тэклю.

Дык і яна не драмала. Падыходзіла аж да плота, пад самую вышку і прасіла:

— Немец, вярні кароўку!

Той-сёй у Нырчы, не спачуваючы няшчаснай, пачаў жартаваць: «А што, Тэкля, вярнуў немец кароўку?»

— Верне. Куды дзенецца,— адказала Тэкля і зноў ішла да Ганса.

«Дурнаватая. Што й казаць»,— думаў той, хто пытаў.

Нарэшце, неяк вяртаючыся ў казарму, Ганс ухапіў Тэклю за руку і прыпёр да Куніка ў банк. Былы савецкі банк. Кунік пакінуў службу ў паліцыі, знік ненадоўга ў Столін, потым прыехаў кіраўніком ці намеснікам, адным словам, зноў начальнікам нырчанскага аддзялення «Жытагандаль».

— Твой чалавек! Панімаль. Іх... я пух-пух. Шысен! — і Ганс тыцнуў пальцам на Куніка.

— Што табе трэба, цётка? — незадаволена спытаў Кунік, загадзя гатовы адхіліць усе яе просьбы.

— Кароўку ў мяне забралі,— праз слёзы пачала Тэкля,— маю кароўку немец забраў. Няма такога закону, каб забіраць. Палякі не забіралі, Саветы не забіралі, а яны павезлі. Няхай вернуць кароўку маю, от і ўсё.

— Гэты забіраў? Адказвай? — Кунік паказаў на Ганса.

— Немец забраў. Мо й ён,— гнула сваё Тэкля.

— Ціха! Не скуголь. Вось тут напісана: акупацыйныя ўлады маюць права вывозіць у Германію абсталяванне, правізію, сыравіну. Не нервіруй мне абстаноўку, не займайся сабатажам, бо паліцыя табе падсмаліць пяты. Ідзі вон, і каб цябе болей не чулі і не бачылі. І маўчы мне, як забітая. Усё сказаў. Во-он!

— Задарам кароўку забралі. Без грошай.— Тэкля як быццам і не чула апошніх слоў Куніка.

— Паўтараю. Тут твайму гору ніхто не дапаможа. Не ліпні да немца. Кайне. Усё! Ён і сам цябе заб’е, калі надакучыш.

— А дзе ж памогуць?

— Распараджаецца ўсім камендант у Століне,— здзекліва тлумачыў Кунік.

— Аж у Століну... Пайду ў Столін.

— Ідзі. А нам каб больш галаву не дурыла.

Тэкля выйшла. Кунік, зачыняючы дзверы, пакруціў пальцам ля вуха, маўляў, не звяртайце ўвагі, вар’ятка мясцовая.

— Дурань? — перапытаў Ганс, ён паспеў вывучыць некалькі чужых слоў.

— Йя, йя... дурань,— адказаў Кунік.

Абодва зарагаталі. Ганс ад таго, што вывучыў смешнае слова «дурань», а Кунік ад задавальнення, што Ганс смяецца.

Тэкля пайшла напрасткі праз двор бальніцы да царкоўнай гары. Там знайшла Мікіту. Памалу нырчане забыліся на яго мінулае. Неяк было нягожа папракаць ці перагаворваць яго мінулае — усё ж святы айцец, служка бога, іхні дарадца, хрысціцель народжаных і блаславіцель «усопшых». Тэкля адразу не падышла, чакала, пакуль згрузяць дошкі з падводы.

— Ты нешта хацела, Тэкля?

— Я пачакаю, бацюшка.

— Кажы, што цябе прывяло сюды? — Мікіта падышоў бліжэй.

— Блаславі, бацюшка, у дарогу. Калі памру, не пры нас кажучы, лягчэй будзе, што з блаславеннем.

— І куды ж ты, няшчасная душа?

— Па кароўку. У Столін. Блаславі.

Мікіта чуў пра Тэкліна гора.

— Імем айца, і сына, і святога духа бласлаўляю. Амінь.

Столін не дапамог. Да каменданта не трапіла. А мо не дапусцілі. Паліцаі ўзнялі на смех, казалі, што камендант у нейкім Бурліне і што дапамагчы ёй цяпер можа адзін гэбітскамісар Пінска. Тэкля падперазала матузком галошы да бурак і рушыла да Пінска. Па дарозе страшылі: «Не шукай праўды. Унь у студню і дзяцей, і бацькоў пакідалі».

Але яна дайшла. Людзі накіравалі да бургамістра прафесара Слівінскага, паляка, былога дырэктара гімназіі. Слівінскі ўважліва выслухаў стомленую, схуднелую жанчыну.

Як было далей, і сама Тэкля блытала, пераказваючы сваё падарожжа ў Пінск. Памятала толькі, што галоўны немец Рэмер напісаў, каб выдалі Тэклі за кароўку шэсць тысяч нямецкіх марак. Тэкля насіла грошы ў хустачцы і ўсім стрэчным паказвала.

— Глянь ты, напраўду заплацілі. Спрытна, Тэкля,— пахваліў яе Змітро Лятун,— не пабаялася немца.

— А чаму мне баяцца. Няхай ён мяне баіцца,— адказвала яна, але без усмешкі.

Паказала маркі і Гансу.

— Глядзі, халера ты паганая, твой начальнік сам даў. За што ты мне руку вывіхнуў, за што?

— Гут, гут! — хваліў Ганс, не разумеючы слоў беднай жанчыны.

Неяк пасмурнела Тэкля, сумавала па сваёй Кірпатай. З вясны, казала ўсім, купіць цялушку. І грошы ёй былі не ў радасць.

Пра Змітра ж адно казалі: «Летуну і пры немцу шанцуе». Ён мо такога шанавання і сам не вельмі жадаў, ды што паробіш. Язык мой — вораг мой. Прымусілі, прызначылі прыёмшчыкам на бойню. Выбраўся ў горад. Мікіта запрасіў на сваю першую службу, якую праводзіў у новай царкве. Вяртаўся праз плошчу. Немцы якраз падвозілі з вёсак свіней і тапталіся ля вагаў. Лятун на вока вызначыў вагу вялізнага вепрука і пахваліўся перад прысутнымі: «Дваццаць пудоў і дзесяць кіль».

Пачуў яго словы немец-афіцэр. Паказаў стэкам на меншага парсюка, спытаў:

— Колькі?

— Шаснаццаць пудоў і пяць кіль,— не думаючы доўга, адказаў Лятун.

Два немцы пацягнулі свінню на вагі. Лятун памыліўся на трыста грам.

— Гэты колькі? — афіцэр зацікавіўся меткім вокам Змітра.

— Дзесяць пудоў як лёду.

Зважылі. Дзесяць роўна!

— Брава, брава,— афіцэр запляскаў у ладкі.

З таго дня і прызначылі Летуна галоўным прыёмшчыкам на бойню. Раней скаціну ніколі да чыгункі ў Пінск не вазілі, хіба што ў Столін. З першым снегам меліся адправіць партыю з шасці машын у Пінск, адразу да чыгункі.

...Разам з суправаджаючымі паліцаямі пасадзілі ў кабіны па аднаму немцу. Ганс рад быў змене свайго аднастайнага і манатоннага нырчанскага рэжыму. Узяў марак. Даўно ў лістах абяцаў даслаць пасылку з падарункамі бацькам.

Праціснулася нечакана апоўдні сонца, прыпякло на радасць усім — і тым, хто ў кабіне, і тым, хто пад брызентам. Прыціхла вайна.

Лятун гады тры з хаты так далёка не выбіраўся. Трывожыцца старому асаблівых, праўда, падстаў не было. Машыны пільна ахоўваліся. І Юзік побач. Дрэмле, адвярнуўся ад ветру. Звыкся з пасадай паліцая. Ці надакучыла? Нешта апошнім часам і не гаворыць з бацькам.

Прыезд Мікіты і засмуціў старога, і ўзрадаваў. Баяўся, што старыя грахі мог той-сёй успомніць. А болей баяўся, каб не завербавалі да немцаў. Колькі сынок і без таго пакутаваў. Ды сам непазнавальна змяніўся на сто год. Адной марай жыў: збудаваць царкву. Мо гэтым хацеў выкупіць віну перад Ігнатам, калі пасадзілі таго ў Картуз-Бярозу пры паляках. А чым ён сам выкупіць? Толькі тым, што памрэ на руках у дзяцей з пакаяннем і просьбай дараваць за грэх. Пра забойства сына аднаму Мікіце і меўся паведаміць. Ці то ад смуроду, альбо ад пругкага колкага паветра грудзі час ад часу апальваў незнаёмы дагэтуль боль. Быццам нешта брала іх у абцугі і ціснула, ціснула, ані дыхнуць. Таму і сядзеў у кутку кузава Змітро пануры, бы пянёк, абвіты слізкімі грыбамі.

Зусім іншы настрой панаваў над душою Ганса. Прыпаміналася яму болей Юта, невялічкага росту дзяўчына, фольксдойч з Кракава. Яго часць стаяла на кароткатэрміновым прывале перад адпраўкай да ўсходняй граніцы, на полі былога яўрэйскага спартыўнага клуба «Макабі», на левым баку Віслы, недалёка ад Вавеля. І чаму Юта выбрала менавіта яго — ніяк не зразумее да гэтага часу. Былі хлопцы прыгажэйшыя, жвавыя, з грашыма. Ганс нават не меў магчымасці прапанаваць ёй наведаць начны рэстаран «Цыганерыю» на Шпітальнай ці кінатэатр «Скала» на Кармеліцкай. Ганс ахоўваў машыны. А яна прыходзіла нечакана, на змярканні.

— А праўда, Ганс, што ў Берлін прывезлі машыны з французскай памадай?

— Праўда.

— І цыстэрны з шампунем? Таксама праўда?

— Нашы жанчыны павінны стаць самымі прыгожымі на свеце.

— І я?

— І ты, Юта.

— Адна полька-краўчыха абразіла мяне. Кажа, на твае кароценькія тоўстыя ногі і высокі бюст немагчыма пашыць моднае плацце.

— Не звяртай увагі. Яна зайздросціла. У цябе, Юта, прыгожыя і стройныя ногі.

— Праўда?

— Праўда.

Яна знікла нечакана, як і з’явілася.

Толькі напярэдадні ад’езду, калі ён і сапраўды спалохаўся, бо нават не паспеў папрасіць адрас у Юты, яна, па-святочнаму апранутая, падкралася да машыны.

— Я паклялася палюбіць першага ж арыйскага салдата, з кім пазнаёмлюся ў Кракаве. Дык я... гатова, любы...

Ах, гэтыя незабыўныя пацалункі да болю на губах... цеплыня яе ног... Юта, Юта... Ён знойдзе, абавязкова заедзе ў Кракаў.

Пад’язджалі да Пінска. За метраў трыста ля моста праз Піну прыпыніліся. Паабапал ужо коўзкага шляху стаялі з свежараспілаванага дрэва сем шыбеніц з сямю павешанымі. Усе сямёра былі босыя, на грудзях кожнага вісела фанерная шыльдачка з надпісам на дзвюх мовах «Раrtisan. Партызан».

Змітро штурхнуў у бок сына. Ганс вылез з кабіны, пайшоў бліжэй да шыбеніц, ён упершыню бачыў павешаных.

— Бандзіт? — казаў ён, стрэўшыся вачыма з Летуном, нібыта чакаючы ад яго пацверджання.

— Мгы, бандыты.

Паехалі далей.

— О, як насуперак сіле ісці,— разважаў Лятун,— не лезь да іх, сыночак. Людзі кажуць, аб’явіліся партызаны і ў нас.

— Сам ведаю, не малы,— абыякава адказаў Юзік, хаваючы галаву ў каўнер.

— Я ж, Юзё, дабра жадаю. З дачкой пракурора халера цябе спутала. Не дай бог зачэпяць, а? Гора не мінаваць.

— Няма ніякай дачкі. Ведаю ўсё я, ведаю. Не вучы.

— Мо й не ведаеш, што жыццё адно. Няхай яны, парцейныя, за ўсіх, а табе дай бог здароўя за сабой даглядзець.

— Я вязучы. На мяне яшчэ асіна не вырасла. Ось так.

— Дай бог, дай бог.

Мінулі яўрэйскае гета, абнесенае дротам паміж вуліцамі Першамайскай, Кірава і Завальным завулкам.

Прыехалі, відаць, раней тэрміну, таварняк яшчэ не падалі. Ганс атрымаў загад загружаць жывёлу ў вагон цягніка, які стаяў ля першай платформы. Кінулі дошкі замест трапа, хуценька збілі іх папярок брускамі і пагналі скаціну ў вагон.

У суседні вагон таксама грузіліся — людзі. Іх набілася паўнютка, бы селядцоў у бочцы. На вуліцы засталося чалавек пятнаццаць, усе не ўлезлі. Тады адказны за адпраўку паліцай з юдэнрады падышоў да немцаў, яны сядзелі ля століка на пероне, і папрасіў: «Ці нельга падаць яшчэ адзін вагон? Астатнім месца не хапае». Яго ніхто не слухаў. Паліцай паўтарыў сваю просьбу і, відаць, надакучлівасцю раззлаваў тых немцаў.

«Кажаш, месца няма? Зараз хопіць».

Утрох яны хутка сілай папіхалі астатніх яўрэяў у вагон, а чатырох малых дзяўчатак кінулі паверх галоў на сярэдзіну. Паляцелі туды і два вядры з павідлам, павязаныя марляй. Пачуўся дзіцячы плач, жаночы лямант.

— Куды гэта іх столькі? — спытаў Лятун.

— Мо ў Германію.

— То хадзем, Юзік, што чужым горам забаўляцца.

— Там, бацька, здаецца, і Шумахер.

— Дзе? — нечакана ажывіўся Змітро.

— У вагоне.

Яны падышлі бліжэй. Еся пазнаў Летуна, сам жа Змітро за грошы не прыкмеціў бы ў схуднелым чалавеку з абшарпаным, брудным, не са свайго пляча паліто — таго лёгкага на ногі Есю. Здзівіла, што з вачэй Шумахера знікла тая халодная абыякавасць да ўсяго і ўсіх. Перад ім быў чалавек стомлены, перапужаны і пануры.

«Дзе ж твая сіла грашовая? Такі кемлівы чалавек не змог адкупіцца і за дротам стаіць...» — не мог паверыць Змітро ў тое, што бачыць. Да бацькі з натоўпу праціснулася Лея, захутала старому шалікам шыю. Яна нікога і нічога не заўважала больш.

Тады Юзік нясмела клікнуў:

— Лея.

Дзяўчына падняла вочы. Ледзь прыкметна памахала рукой, як добраму, старому знаёмаму. Юзіка як абдало нейкім адчуваннем сораму, ці што, і сам не разумеў. Ён, не ведаючы, аб чым гаварыць і што спытаць, дастаў з кішэні загорнуты ў газету кавалак сала з хлебам, азірнуўся вакол і даў дзяўчыне.

Нешта свіснула, нехта нешта крыкнуў па-нямецку, папоўз белы дым, пачуўся сігнал вакзальнага звону, і з-пад колаў паравоза зашыпела.

— Жыва, Юзік,— Змітро сілком пацягнуў сына за руку,— дурань! А каб хто ўгледзеў, каюк. Ай-яй-яй... Не галава — мякіна... Воля, скажу табе, сынок, даражэй за жытку нат. Я на хутары і пры немцах буду і пан, і цар, і начальнік. Толькі іх не чапай.

— Каго?

— Не Саветаў жа. Немцаў.

— Ага. Ты не будзеш, дык яны самі зачэпяць.

— І хрэн з імі. Я нанова кабанчыка выгадую.

— А яны нанова забяруць.

— Не век будуць.

— А мо век, хто ведае.

— Мікіта гаворыць, нядоўга. Бог умнажае народы і знішчае, рассявае і збірае іх. Хто смерць нясе, таго бог, кажа, выпускае ненадоўга.

— Так твой Мікіта і ведае ўсё. Разумнік. З-за яго і брат прапаў.

— Змоўкні! Каб я не чуў болей гэтага, і не плявузгай нікому. Не вінаваты ён.

— Тэкля вінавата...— казаў убок Юзік, каб не чуў бацька.

У Нырчу немцы гналі машыны. Свіст стаяў у вушах, балела паясніца — так кідала ў кузаве. Відаць, шыбеніцы патрывожылі іх: баяліся партызан.

 

Другі раз хадзілі паліцыянты па хатах і загадвалі: добраахвотна здаць усім радыёпрыёмнікі. З Нырчы прынеслі адзін, зламаны ўшчэнт. Галін прапанаваў прайсціся нанова з рэвізіяй па хатах. Юзік папрасіўся ў Колкі. Мо стрэне ўсё ж таго чалавека. Колькі часу прайшло, як яна знікла, а да яго ніхто не падышоў. Засумаваў? Ці хацелася параіцца, што рабіць далей? Сямёра мёртвых партызан ля моста не выходзілі з галавы. Гэта ж, па сутнасці, і Вольга партызанка, калі ўмысна засталася. «Трэба, трэба знайсці яе!»

Шукаць радыёпрыёмнік у сялян беднай вёскі Колкі тое ж самае, што шукаць трактар у лесе. Так для блізіру прайшоўся з канца ў канец і зазірнуў да Улі. Цягнула да старой хаты. Зноў, каторы раз, успомніўся той цудоўны вечар, пацалунак. У хаце, ля стала, сядзелі сястра і Марта, якую тут Юзік не чакаў сустрэць. Жанчыны разгубіліся, хоць не падалі выгляду. Уля ўзяла са стала торбачку, паклала на печ.

— Ты нешта хацеў, Юзё? Мо здарылася на хутары нешта? — папытала сястра.

— Нічога. Начальнік паслаў сюды радыёпрыёмнікі шукаць,— Юзік зняў шапку, паставіў у куток вінтоўку і сеў да стала.

— А... Праходзь,— запознена прапанавала Уля,— мы, праўда, чай пілі з Мартай. Бяры шклянку, частуйся, яшчэ гарачы. Холадна ў нас, не распранайся. Грыцко пайшоў у Барок па дровы. О, госпадзі... вось і ён... Гэта ж цяжка, божа мой,— угледзеўшы праз акно Грыцка, Уля пабегла яму насустрач, і яны разам прыцягнулі на двор сані з алешнікам.

— Юзік, памажы яму калоць. Грыша яшчэ такі слабы,— папрасіла з парога Уля,— а я тым часам праводжу Марту. Добра?

Даўнавата яны не бачыліся, лічы што й гаварылі паміж сабой два-тры разы. Неяк, перад тым як пайсці рабіць на бензасховішча, Ішчанка прасіў Юзіка, пры выпадку, паручыцца за яго перад Кунікам. Апошнім часам толькі віталіся так стрымана, быццам прыглядаліся і вывучалі адзін другога.

— Дык, кажаш, паслалі шукаць радыёпрыёмнікі? — першы загаварыў Грыцко.

— А... пра што гаварыць. Кожны начальнікам сябе выстаўляе. Надакучыла. Паслухай, за гэты час тут мяне ніхто не пытаў, не шукаў у гэтай хаце?

— Не. А хто павінен быў шукаць?

— А, так. Хлопец адзін. Вучыліся колісь разам.

— Нікога не было.

— Ты пачакай. Вады пап’ю,— Юзік хутка пабег у хату, зняў там з печы торбачку, развязаў.

«Няўжо столькі бінтоў і ёду аднаму Грыцку? — падумаў, хуценька назад завязваючы торбачку,— За раз не прынясеш. Марта, значыць, выносіць патроху з бальніцы?» — дадумаўся ён.

— Ну, а што ты не чуў, не была гаворка...— стрэў яго зноў пытаннем Грыцко,— дарогу падмарозіла... ці не збіраюцца паліцаі з немцамі наведаць Альшаны, Аздамічы, Мярлін?

— Не. Чуткі не было. Каб хутчэй паехалі, дык уцёк бы,— нечакана для Грыцка сказаў Юзік.

— Чаму так?

— Не магу з імі. Быдла. Мурзатая баба-кухарка з усімі спіць. Гідота. Характар у мяне, Грыша, не такі... Не магу, калі мной камандуюць дурні. Зубы сцісну, кулакі ў кішэні... здаецца, смальнуў бы раз, каб не ўстаў... Кажуць, партызаны дзейнічаюць. Каб ведаў, дзе яны, бажуся, збег бы.

— Дык прыносіць карысць партызанам можна і ў паліцыі.

Юзік падняў галаву, глянуў Грыцку ў вочы, чакаючы нешта важнае для яго.

— Табе адзін чалавек прасіў перадаць прывітанне.

— Хто? — усё яшчэ не верылася Юзіку.

— Вольга.

— Дзе яна? У Мярліне?

— Пакуль там. Жывая, здаровая. Цікавілася, як ты. Вельмі цікавілася.

— Яна нічога не перадавала? Абяцала, што мяне знойдзе іхні чалавек.

— Лічы, што я цябе знайшоў.

— Як? — не паверыў Юзік.— Ты з імі.

— І не я адзін.

— Забяры мяне туды, Грыша. Богам прашу. Забяры.

— Прыйдзе час, забяруць.

— Што я павінен рабіць?

— Нічога. Прыглядайся ды слухай усё. Збірай узоры ўсіх пячатак, папярэджвай мяне загадзя аб усіх планах паліцыі, і, галоўнае... пойдзем у хату.

Грыцко дастаў з-пад прыпечка міну.

— Прыдумай, як перадаць мне заўтра гэтую штучку. Надышоў час нарабіць гвалту на ўсю Нырчу. Трэба ўзарваць бензасховішча.

— Дык, Грыша, зводкі Інфармбюро, якія былі наклеены на платах у Лужку, Радзічах, Мельніках... ваша работа.

— Наша. Я ўсё спланаваў. Кожны раз на варотах мяне і іншых таварышаў абшукваюць... Міну можна мне перадаць цераз дзірку ў плоце. З боку могілак... там, дзе многа кустоў бэзу.

— Ведаю, ведаю,— ківаў Юзік.

— Гэта не так лёгка. Ніякай паспешлівасці. І яшчэ... будзе пытацца Уля, што там... куды, навошта... што задумалі. Ты нічога не ведаеш. Я знарок раблю ўсё, каб яны з Мартай ставіліся да цябе насцярожана.

— Міна не малая. Ці хопіць?

— Адразу бачна, не спецыяліст. Яшчэ як хопіць. Схавай яе. Пі чай. Смачна, а? На траўках. Залатыя рукі ў тваёй сястры. Усё. Болей ні слова... яна на двары.

Юзік прынёс міну на хутар і надзейна схаваў на вышках, ля коміна.

Шэрымі хмарамі і дымам з комінаў насоўвалася змярканне. Была субота. Людзі пяклі хлеб. Смачна так пахла ў паветры. З дзяцінства любіў Юзік гэты найдаражэйшы пах свежага хлеба. Узяў з сабою цёпленькі кавалак і шчыпаў маленькія кавалачкі, кідаў у рот. Чамусьці ўспомнілася пахаванне старэйшай сястры Мані, відаць, таму, што ішоў ля могілак. Як гэта было даўно. Як сон, мо і не было зусім. Успомніў бохан хлеба, соль, шклянку вады, свечку ў місачцы з жытам — усё гэта стаяла ля галавы нябожчыцы. Дзіўна. Як мала чалавеку трэба, каб жыць: хлеб, соль, вада. Самае неабходнае. Дзіўна. Ён да вайны не думаў пра смерць. Акрамя сябе, нічым не цікавіўся. А ёсць жа на свеце бацька, сястра, брат, а Ігнат? Чаму ён ніколі не спытаў у бацькі, дзе старэйшы брат, як ён жыў, пра што марыў? А рака, Царкоўная гара, лес, Нырча — гэта ж таксама роднае ўсё. І любоў да гэтага ўсяго поўніць сэрца. Як хораша жыць, як цікава, калі душой адчуваеш увесь свет. Вось дрэва засынае на зіму, сарокі, гракі, месячная ноч — у кожнага свой сакрэт, толькі прыглядзіся, вывучай. Куды ні кінь вокам, усё на радасць чалавеку. Не, найвялікшы цуд гэта мір і ціша ў прыродзе. Каб на то яго воля, ён хацеў бы мець пяцёра, дзесяць дзетак. Няхай нараджаюцца, як можна хаваць ад іх гэтую прыгажосць. Грэх самому жыцьма на зямельцы і новае жыццё не даць, а яшчэ большы грэх — забіць чалавека. Гэта ж і яму прыйдзецца некалі стрэліць. Загадае Галін, што тады рабіць? Азірнуўся. На вуліцы нікога, але нешта доўга не чуваць крокаў там, за плотам бензасховішча.

Грыцко бачыў Юзіка яшчэ раней і меўся, як і дамаўляліся, падысці да могілак, але ж якраз, што зусім было недарэчы, пад’ехалі на двух матацыклах немцы. Клікнулі яго і паказалі на бак, маўляў, хутка запраўляй. Самі ж знялі пальчаткі і дзьмулі на рукі, відаць, памарозілі пальцы. Грыцко паспяшаўся, ведаў, калі вораг не мае бадзёрага настрою, паспявай круціцца, і пажадана моўчкі. Наліў у бак першага матацыкла паўнютка, а з другой каністры (узяў адразу дзве, каб лішні раз не бегчы) адкруціў крышку, уставіў большую лейку. У думках папракнуў сябе: «Што робіцца махам, выходзіць прахам». Без звычкі да большай лейкі не разлічыў і наліў бензін на бак, хапіўся рукавом сціраць, трымаючы ў другой руцэ лейку, і не заўважыў, што дзве-тры кроплі ўпалі на руль.

— А, русіш шайзе,— раззлаваны немец злез з матацыкла, да яго падышоў і другі, які вылез з прычапной люлькі. Білі моцна, прыкладамі аўтаматаў па чым пападзе.

Хлістала крэў з носа, з вуха. Грыцко ўпаў. Лупцавалі нагамі. Потым, стаміўшыся, узялі за рукі і ногі анямелае, нежывое цела Грыцка, разгойсалі і бухнулі ў канаўку, куды злівалі рэштку мазуту, кідалі прабензіненыя анучы ды гнілыя дошкі. Упаў спіною ў самую кашу — чорную, бы восеньская ноч. Доўга ляжаў без прытомнасці, аж покі Ганс не прыйшоў замыкаць вароты і не заўважыў яго. Клікнуў Кандрата, які вёз на сваім ровары фірмы «Янус» з рулём-рогам, як у барана, торбу бульбы дзеду. Хлопец выцягнуў Грыцка за вароты. Сюды ж прыйшоў і Юзік. Пакуль Змітро запрог каня, пакуль прывезлі няшчаснага на хутар, ён амаль акалеў. Знялі смярдзючую адзежу ў адрыне, нацерлі пяты, паставілі банкі. Прыйшла з дзяжурства Марта, пачуўшы ад Улі пра яе гора, пабегла назад у Нырчу па доктара. Той агледзеў, праслухаў, прастукаў пальцамі спіну, грудзі, выпісаў парашкоў.

«Устане з краваці, жыці будзе». Трохі адлягло. Уля палезла на вышкі, пазнімала ўсе травы, што за лета назбірала Прося. Летунова кароўка запусцілася, дзеткам бралі малако ў Кандратавых бацькоў, а хвораму Уля прыносіла з Колак штораніцы. Дзіўна: дужы, жылісты Грыцко не меў сіл на тое, каб прасіць нешта, прыўзняцца на ложку, нават павярнуць галаву.

— Я ўратую цябе, любенькі, выхаджу. Пацярпі толькі, родненькі, пацярпі. Не перажывай ані, чуеш? Яшчэ на каляды гуляць пойдзем. Яй-бо. Нічога, што вайна, а хлопцы мяркуюць святкаваць. На раздво8 кароўка ацеліцца. Ты пацярпі.

 

Не адну ноч праплакала Уля, прасядзела ля хворага. А папраўкі і не было відно. Невядома адкуль узяўся перад акном галодны крумкач і каркаў мо з паўдня. Больш астатніх перапалохалася нядобрай прыкмеце Прося, прагнала крумкача, пасыпала пянёк, на якім сядзеў, соллю, накрыла чыгунчыкам.

Пачуццё жаласці да нязванага зяця кранула і сэрца Змітра. Здзіўляла Марта, як гэта яна ў цемень, не баючыся каменданцкай гадзіны, тады пайшла па доктара для незнаёмага і не роднага ёй чалавека. Спытаў Мікіту:

— Ці страчаў ты дзе-небудзь такіх людзей, каб не самі па сабе, а дарам і другому пасабляюць?

— Воля не чалавека ўжо, а вайны,— адказаў той,— уратавацца каб, разам трэба. Бог душы прасвятляе. І паможа малодшы старому, дужы слабому, брат брату.

— А я стаміўся. Неяк глебу пад нагамі не чую. Здаецца, дарма біўся і б’юся, а шанцуе іншым. Няма шчасця на зямлі чалавеку, няма. Мо не яго гэта месца — Зямля?

— Бог яшчэ, татка, напоўніць твае уста смехам і радасным воклічам. Пачакай. Калі грэх маеш, адкрыйся, пакайся.

— А Грыцко выжыве, як па-твойму?

— Не,— чамусьці ўпэўнена адказаў сын.

— Як?

— Паясніцу адмарозіў. Ныркі сапсаваў. Хіба цуд боскі.

— Толькі ж Улі нічога не кажы. Без таго гатова рукі налажыць на сябе.

Больш за жонку пакутаваў сам Грыцко, што так недарэчна падвёў таварышаў. Карцела хутчэй падняцца на ногі ды адпомсціць. Таму сілком каўтаў ежу, не жаваў, без апетыту. Ведаў, каб адолець хваробу, трэба мець сілы.

 

 

Частка другая. ЗІМА

Каляды набліжаліся разам з чуткамі, што партызаны з Мярліна па начах забіраюць у людзей адзенне, чобаты, сала. Што, маўляў, былі ўжо ў некалькіх хатах, але ж нарваліся на галоту і нічога дарагога не ўзялі, акрамя хлеба з печы. Як кожная чутка, народжаная ад паўпраўды і паўпадману, яна так і перакідалася ад хаты ў хату.

Камандзір партызанскага атрада Іван Мішэнін з першымі моцнымі халадамі прызначыў Афанасьева адказным па нарыхтоўцы адзення, абутку і харчоў для партызан. Абышлі Лужок, Радзічы, Мельнікі. Аберуч рэчы не хапалі, але ж бралі ў таго-сяго. Пасля той ночы і пайшлі гойсаць чуткі, не ўсе спачувалі людзям з лесу. Іваноў параіў ісці да нырчан.

Болей астатніх кляла на чым свет стаіць начных гасцей Кучаіха. Прыпасена было ў яе яшчэ дзесяць пар добрых чобатаў. Не кінула сваёй звычкі спекуляваць. Адну пару прадала паліцаю Грубцы. От жа хітрая. Узяла не карбованцамі, а нямецкімі маркамі. Відаць, ведалі, таму і знайшлі чобаты. Нехта, казала яна ранкам, навёў партызан на яе хату. У яе без грошай і снегу ўзімку не выпрасіш.

Мала ў каго, у якой хаце не было свайго гора. Зіма з’ядала рэшткі хлеба. Не было чым карміць скаціну, а забіваць без дазволу ўлады не мелі права. Як завісла з першага дня ў паветры прадчуванне небяспекі, так і не знікала. Хрысціліся штовечара і шторанку, а спакою ўсё адно не чакалі.

Перад самым раздвом Лятун забіў маленькага парсючка. Так-сяк абсмалілі ў адрыне, каб чужое вока не трапілася. Напіхалі крывянкі ды такой таўшчэзнай, што бярозавае палена. На патэльні не рэпалася. Прося прынесла ў куток пад покуць духмянага сена. У стажку і не пахла, а ў хаце — бы толькі што накасілі. З гэтым пахам сена, смажанай ежай і завітала свята раздво да Летуноў на адзінокі хутар. «Калі ацеліцца кароўка, будзе мой Грыцко жыць!» — прасіла ў бога Уля і кожную раніцу бегала ў адрыну глядзець. Дзецям, малым, Васільку і Мані, свята — найвялікшая радасць. Наеліся блінцоў з раніцы і валэндаюцца ў снезе, не загнаць у хату ні абяцанкамі, ні пагрозамі. Нарэшце строгі дзед клікнуў усіх да стала, на вячэру.

Прося гнала малых на печ, ды куды там: ці ж гэта не радасць пасядзець за адным сталом з дарослымі. Налілі кроплю самагонкі, падалі хвораму Грыцку. Ён да стала не пайшоў, не меў сіл. Мікіта доўга чытаў малітву, усе за ім перахрысціліся. Селі.

— Шкода, што звязду9 сюды ніхто не прынясе. Што ў нас прыгода, дык гэта звязда на раздво,— казаў Марце Мікіта.

— Што праўда то праўда,— дадала Уля.

— Немец мо і па Нырчы не дазволіць насіць. Каменданцкі час,— Прося нарэзала хлеба, падала на стол гарачую бульбачку.

— Дазволіў толькі на «конікі»10. А сёння вячэрню правялі да шостай гадзіны,— казаў Мікіта.

Раптам нехта пастукаў у акно. Дзеці пабеглі на печ. Марта пераглянулася з Уляй. Мікіта пахукаў на шыбу, працёр. Пад акном стаяў Юзік, трымаючы на руках цялятка.

Шчаслівая Уля пабегла насустрач брату, які з парога бадзёра заспяваў добра знаёмую нырчанам песню далёкіх продкаў.

Юзік прыўзняў цялятка, каб яно пыскай уткнулася яму ў шчаку. Падбеглі дзеці, дапамаглі Юзіку ўнесці жывёліну, паклалі на сена. Цыбатае цялё дрыжэла. І Уля, зняўшы з печы цёплую дзяружку, падсунула яму пад бакі і расцерла макраватую спінку. Дзеці скакалі вакол і ляскалі ў ладкі, гладзілі цялё.

— Іду, думаю, дай кіну сена кароўцы, сунуў руку, памацаў, а ён, халера малое, цап за палец, і смактаць, гэта... аж мурашкі па целу,— казаў Юзік.

Прося несла з печы малако. Знайшлі старую соску, нацягнулі на бутэлечку. Мікіта даў патрымаць бутэльку дзецям. Васілёк учапіўся за матчыну спадніцу, не хацеў браць, а Маня смела трымала цёплую бутэльку і крычала на ўсю хату: «П’е, дзеду, п’е».

— О, цяпер раздво па ўсіх правілах,— павесялела гаманіў ля стала Змітро, наліваючы Юзіку самагонкі,— так я кажу, Мікіта?

— Ісціна. Жывое жывому радуецца ва векі вякоў.

Юзіка ледзь чутна клікнуў да сябе Грыцко.

— Дзякую табе. Малайчына.

— Ты плачаш? — здзівіўся Юзік.

— Ад радасці. Не хачу паміраць. Ты, Юзё, трымай сувязь...— ён перадыхнуў,— з Фёдарам, сяржантам, які жыве ў Тураўчыхі.

— Разумею. Табе прынесці бульбачкі?

— Не. Нічога не хачу. Ідзі да стала. Я пасплю.

Імгненне сапраўднай такой, бывае, непрыкметнай, жыццёвай радасці поўніла хутар у гэты зімовы неспакойны на свеце час. «Мо гэта прыродай самой наканавана. У час вайны збірацца разам, аб'ядноўвацца, каб выжыць, не загінуць,— думаў Змітро Лятун.— Бог раскідаў перад вайной дзетак і зноў сабраў, каб і яму, старому, была падтрымка. Толькі б не даў гасподзь вывезці ў Нямеччыну, толькі б не дазволіў. Трэба будзе прыстроіць і Улю. Той, хто робіць, таго не зачэпяць».

...Грыцко хацеў клікнуць Улю, ды губы не слухаліся. Прасіў бога не забіраць, няхай дзеці нарадуюцца. Няхай людзі пасядзяць спакойна. У грудзях ціснула ўсё мацней і мацней. Думкі блыталіся.

Памёр ціха сярод ночы.

...Вялізнае гора заўчаснай страты зблізіла няшчасную Улю з Мартай. Так цягнуцца параненыя душы быць у бядзе разам, каб уратавацца ад безнадзейнасці і абыякавасці. Марта нават прапанавала ёй пайсці ў бальніцу санітаркай, сама хацела ісці прасіць да ўрача. Уля не згаджалася. Падоўгу сядзела ў адзіноце ля акна. У такія хвіліны шкадаваў дачку і Змітро. Адразу пасля пахавання чарнабровага не чапаў дачку, не даваў работу, толькі прасіў Просю прыглядаць, каб не заставалася Уля адна ў хаце. А Уля прасіла: «Пакінь мяне, цётачка Прося, пакінь. Нічога я з сабой не зраблю. Васілёк жа ў мяне ёсць. Дай адна паплачу». Тады прыходзіў Змітро.

— Сядай, чадо маё. Пагавары са мной. Пра што-небудзь пагавары.

Падалося Летуну, што яна не пасталела, а схуднелыя ад пакут плечы вельмі ж нагадвалі дзяўчынку, якую ён колісь аддаваў у прыслугі графу Шыдлоўскаму.

Уля садзілася да стала, пачынала ўспамінаць Грыцка і зноў плакала. Тады Прося сварылася на Змітра і прыдумляла жанчыне якую-небудзь работу. «Абы каб корпалася, каб не адна. Каб памяць гаілася».

Яшчэ ў дзень пахавання Уля доўга думала, як адпомсціць ворагу за смерць любага. Цяпер адна помста валодала яе сэрцам і розумам. Шукала кару, каб даўшэйшую, цяжкую. Вынайшла. Такую простую і вельмі, як ёй падалося, надзейную. Ад усіх утаіла. Нават Марце нічога не адкрыла. «Уся Нырча будзе ведаць пра яе помсту. Дзесяць, дваццаць, трыццаць ворагаў яна знішчыць за смерць аднаго Грыцка».

А пакуль Нырча рыхтавалася да сустрэчы Новага года з «конікамі» ў ноч з трынаццатага на чатырнаццатае студзеня. У гэтую зіму Юзік, на вялікі жаль, не мог, як раней, жыць прадчуваннем свята, рыхтавацца загадзя і лётаць з каляднікамі з адной вуліцы на другую. Нёс службу, меў загад сачыць за парадкам ад пачатку вуліцы Гітлерштрасэ, былой Пілсудскай, былой Савецкай, да сквера ля паліцыі. Галін загадзя строга ўсіх папярэдзіў. Прыязджаў глянуць на экзатычнае свята сам камендант са Століна. Галін яшчэ завідна аб’ездзіў усе пасты, прыгразіў Юзіку, каб не змыўся пагрэцца куды-небудзь. Начальнік санаторыя меўся наладзіць вячэру для каменданта і сваіх асаў-лётчыкаў «юнкерсаў», «хенкеляў», «месершмітаў». Кунік пух ад гонару, з усіх нырчан на вячэру запрасілі толькі яго. Мала-памалу пасля восьмай гадзіны вечара, калі ўжо гучна рыпеў пад валёнкамі снег і добры мароз сціскаў да болю галаву, павыходзілі асцярожна на Гітлерштрасэ нырчане. З нагоды хрысціянскага свята перанеслі каменданцкі час на пяць гадзін пазней. Марозна было, але ціха-ціха. Хукні ў завулку — на вуліцы пачуюць. Набрынялае холадам, аж звінела паветра. Па звычцы «конікі» вылазяць з кварталаў на цэнтральную вуліцы апоўначы. На гэты раз Кунік загадзя папярэдзіў хлопцаў з Аселіцы і Мельнікаў: каб выйшлі раней. Баяўся замарозіць каменданта.

Нехта, выпіўшы, гаркнуў на ўсю Нырчу — «конікі!!!», і паляцелі цёткі ў саках, дзядзькі ў кажухах, дзеці, абвязаныя хусткамі з ног да галавы, на другі канец вуліцы, скуль крычалі. «Конікаў» не было. Падманулі. Усе радаваліся, рагаталі. «Як, сабака, падмануў удала». Вось пачуўся гармонік ды званочкі. Выпацканыя пухкім снегам, выбеглі на сярэдзіну вуліцы, смешна тупаючы і шчыпаючы нырчан, «мядзведзь», «смерць» з касою, «авечка», «конік», «дзед» ды яшчэ тры-чатыры маскі, якіх і сам гасподзь не адрозніў бы: на каго яны падобны. Пашкрабала ўздоўж вуліцы кучка нырчан услед за «конікамі» з подсвістам і гыканнем.

Нехта раптам крыкнуў: «Гарыць!» Людзі звярнулі да скверыка ля банка. Там на вялікай жэрдцы гарэла пудзіла ў намаляваным нямецкім мундзіры з фанерай на пузе «Гітлер». Кунік ледзь паспеў перахапіць каменданта і запрасіў глянуць яшчэ на адных «конікаў», больш цікавых, якія ішлі ад Лужка з гоманам і полькай з пералівам на тры калены. Галін, успацелы і злы, нагайкай праганяў нырчан ад пудзіла. Пранесла. Адлягло на сэрцы ў былога ўпраўляючага, ды ненадоўга. Пад самым носам у немцаў, насупраць паліцэйскага ўчастка, загарэлася яшчэ адно пудзіла з намаляванымі вусікамі.

Куніку цяпер нічога не заставалася, як абурыцца і паўтарыць: «Бандыты. Не звяртайце ўвагі. Знойдзем, знішчым!»

Агонь ля ўчастка першым заўважыў Юзік, калі яшчэ вуліца была бязлюднай. Мільгануў цень, і амаль недалёка ад яго за плотам, нізка прыгінаючыся да долу, нехта пабег праз гарод Дундзічыхі. Юзік, зняўшы з пляча вінтоўку, каб не шкодзіла, шугануў наперарэз, праз завулак Чапаева і не памыліўся: з агарода Дундзічыхі акурат яму насустрач выскачыў яго аднагодак і былы напарнік па МТС Кандрат. Спрытны Лятун праз дзесяць крокаў дагнаў хлопца, ухапіў за руку і вывернуў яе яму на спіну.

— Што, гніда, шчаслівы. Ай, не ламай локаць. Вядзі, прыхлябацель, мо ордэн дадуць. Давай выслужвайся, кулак.

— Змоўкні, ваяка,— Юзік ударыў пад дых Кандрату за «гніду»,— што там запаліў, адказвай.

— Пакуль пудзіла Гітлера. Наступным аднаго з вас падсмалім,— на здзіўленне, вельмі смела і рызыкоўна паводзіў сябе Кандрат.

— Хто ж праз відное ўцякае, аніка-ваяка? Да школкі трэба было бегчы.

— Павучай сваіх да ўборнай хадзіць.

— Ты не агрызайся, а то зацягну да ўчастка.

— Вядзі. Я не баюся.

— Бач, які смелы знайшоўся. Падсмаляць задніцу, заскуголіш, як сучка скалечаная. Ды не брыкайся, як хворая карова.

Юзіку хацелася павучаць, ён адчуў сваю сілу над меншым ростам і слабейшым Кандратам. Мо казаў бы нешта яшчэ, ды іх нечакана патрывожылі.

— Спаймаў? Трымай, Юзік, трымай!

Да іх бег Артур. Юзік пазнаў яго. Артур нёс сваю варту ад Царкоўнай гары да былой сталоўкі МТС.

— Трыма-ай! — гарланіў Гуль-Рыкоцкі.

Шпарка бег «нетутэйшы». Адпусціць Кандрата Юзік так хутка не хацеў, хацелася пагаварыць. Недзе сёмым пачуццём і пашкадаваў былога сябрука па курсах. На вокрык Артураў азірнуўся так рэзка, што не ўтрымаўся і грохнуўся на снег. Кандрат толькі гэтага і чакаў, сігануў, як заяц ад сабак. Юзік з долу стрэліў угару.

— Уцёк, сука... Як жа ты... разява.

Артур дапамог Летуну падняцца.

— Падковы не падаб’еш, як без ног,— Юзік знарок задраў нагу, каб паказаць.

— Бывае. Хрэн з ім. Што ён утварыў?

— Не ведаю нават. Бачу, уцякае, я за ім. Чаго, думаю, уцякаць, калі не нашкодзіў.

Рушылі да цэнтра разам.

— Курыш?

— Не,— адказаў Юзік.

— А я смалю. Самасад. Лёгкія ўсе прасмярдзелі. Галін абяцаў у немцаў папярос дастаць. Нешта ні мычыць ні целіцца.

«Няўжо ён лічыць, што я знарок адпусціў Кандрата?» — думаў Юзік. Не падабаўся яму гэты скрытны паліцай.

«Няўжо ён, малакасос, думае, што я не заўважыў, як ён знарок паслізнуўся і ўпаў»,— здзекліва думаў Артур.

— Мясцовы быў?

— Хто?

— Той, хто ўцёк. Дзе жыве? — гундосіў сваё Артур.

Юзік памарудзіў з адказам.

— Не разгледзеў.

«От, ліса хітрэнная. Нейкія ўсе людзі тут хітрыя. Та-ак. Сумненняў быць не можа. Адпусціў. Што ж рабіць? Данесці пра ўсё Галіну? А калі з імі заадно? З партызанамі. Адпомсціць могуць. Не спяшайся, Артур, думай. Хлопец малады, нявопытны».

«Што яму трэба, жучку гэтаму? Ён мяне адразу насцярожыў, як толькі з’явіўся. Бараду адгадаваў. То спачатку назваўся Артурам, потым прасіў клікаць толькі па мянушцы «Кіншчык», маўляў, рабіў кінамеханікам у Брэсце. Усё на людзі баяўся паказвацца»,— пра сваё думаў Лятун.

«А можа, ён сваяк таго Летуна? А калі не? У Нырчы Летуноў чалавек дзесяць. Спытаць? Ну, пацікавіўся, а ён не ведае. Пацягнецца Картуз-Бяроза, скуль, як? Памаўчаць, памаўчаць пакуль трэба. Чакаць і прыглядацца. Мо, салага, клюне на што іншае».

— Сумна тут у вас, у Нырчы гэтай.

— А дзе не сумна? Вайна. У Століне «конікаў» няма.

— Дзе? У горадзе, канешне. Чэсна. У вас тут на віду ўсё. У горадзе, напрыклад, свісну я адной мамзелі на спатканне, заб'юся з ёю на адзін канец, а назаўтра гуляй баронам у цэнтры і ўжо, як сам разумееш, з другой мамзеляй. Усё гут, гладка, поўны ажур.

— Такога ажуру і ў нас хапае.

— Не кажы. На віду ўсё. Дык і баб нешта ядраных, каб у саку, не бачна. А мне, Юзік, так па шчырасці, паміж намі, баба трэба. Я, брат, без яе, як рыба без вады. Яй-бо. Жыццё абсалютна не ў радасць. Я без перамогі над ёю, рэгулярнай перамогі, апетыту не маю, як звер паранены. У жыцці не ўпэўнены. Натура. Тут нічога не папішаш.

Тут Артур упершыню засумаваў па сваёй ласкавай лабарантцы, цёплай удаве, вяртлявай Зойцы.

— Мо на прыкмеце маеш каго? Свойскую такую, цёплую, каб... ад пацалунка млела... Ну, не зусім шалаву... сур’ёзную... удовы розныя бываюць... ім мужык патрэбны, павер. З хатай дык наогул ажур.

— Ёсць такая.

— У гадах? Маладая? — са стрыманай радасцю пытаў Артур.

— А рагаты яе разбярэ. Фору дасць і маладой. У саку, як кажуць.

— Пазнаёміш? Разлічымся, калі клюне.

— Хоць зараз. На «коніках», бачыў, блытаецца.

«Здрэйфіў. Факт, салага, здрэйфіў. Што ж, падоім. На кампоце патрымаем».

Паліцаі праганялі людзей па хатах. Яшчэ некалькі хвілін, і не засталі б Кучаіху на шпацыры. Юзік не рызыкнуў падысці сам, толькі здалёк паказаў на жанчыну.

— Давай сам, а я спаць.

— Лагічна. Цёлка першы клас. Яе ж абслужыць — сілу мець трэба... Па нашых харчах... рызыкоўна.

— Накорміць.

— Дзенькуе бардзо. Лічы, што я нічога не бачыў, нічога не чуў, там... у завулку.

«Ёлуп, чаго я змаўчаў. Яшчэ вымагаць што пачне. Наглюшчая ліса, ай, яй...»

Артур выцягнуўся неяк ва ўвесь рост, быццам гарцуючы на кані, нешта сакатаў ля Кучаіхі, а тая пасмейвалася, хаваючы краем хусткі дзіравы рот (за восень згніў амаль ушчэнт пярэдні зуб). Больш нясмелыя пасыпалі дахаты, баючыся, што Грубка пальне па плячах гумавай дубінкай.

«Ну што мне баяцца яго. Чым ён дакажа? Не буду падковы падбіваць. Не падкапаешся»,— супакойваў сябе Юзік.

Артур не ішоў на сустрэчу з Кучаіхай, а краўся завулкамі, як кот. Думаў знарок не спяшацца, бо звычайна такіх жанчын браць мог лёгка, з лёту. З гэтай напярэдадні асцярожна гуляў. Казаў абы-што: пра зіму, пра пунктуальнасць і акуратнасць немцаў, асабліва пра кіно — і соп у самае вуха. Паціскаў яе палец, грэючы сваю далонь у цёплых заячых рукавіцах Кучаіхі. Яна ціснулася да Артура сваім мажным бокам. Быццам грэлася.

«Даўно, відаць, шэльма, мужыка не чула».

Адну ноч Артур дзяжурыў на ўчастку, а пасля варты які сон — катаванне. Прасядзеў у яе пасля абеду, наеўся, нахлістаўся чаю, выпіў мо паўсамавара, і пацягнуўся да сябе спаць, болей нічога не хацеў. Дамовіліся ўвечары. «Я ўдзень як не ў сваёй талерцы»,— папярэджваў ён Кучаіху.

Чакаючы яго, Кучаіха глянула на свае босыя ногі: і ахнула — костачка на вялікім пальцы выпірала на добры каштан. «Ой, якія нехарошыя ў мяне ногі». Знайшла шкарпэткі з воўны. Падышла да люстэрка. Ці то нараст, ці горбік ля карка — таксама падаўся брыдкім. Накінула шаль. Знік настрой, хацелася замкнуцца, ды спазнілася: нехта пастукаў, раз, другі, трэці. Так дамовіліся. Пайшла ў сені. Артур праціснуўся ў вузкія дзверы, абдаўшы яе холадам і абхапіўшы за талію, пачаў хутка цалаваць у вочы, лоб, губы.

— Ой, холадна ж. Не зараз, пасля. Пасядзім... Потым. Ой, хадзем у хату.

— Ух... ты мая... гут. Толькі давай у той пакой, дзе цёмна. Вуліцу менш бачна. Ух, ты мая!..

— А што, хіба нехта ідзе ўслед?

— Цяпер нікому веры няма. Фіранкі зацягні. Ідзі да мяне.

— Потым, Артур.

— Я ж прасіў. Прывыкай усюды, а то ляпнеш на вуліцы...

— Добра, Федзя. Я памятаю. Мне Артур больш падабаецца. Варэнікі ёсць. Файныя.

— Кінь. Наеў пуза. Ідзі сюды.

Яна падышла, села побач. Ён пацягнуў за руку бліжэй.

— Ніхто не пытаў пра мяне, як, хто, скуль?

— Не.

— Ні гу-гу. Усё паміж намі. Не люблю зайздроснікаў. Увечары буду прыходзіць,— казаў ён, расшпільваючы блузку.

— Ой, мне неяк сорамна. Так адразу. Ой... ты такі нецярплівы...— Кучаіха ўстала, зняла з ложка плюшавую капу, пачала ўзбіваць падушкі. Ён зноў абхапіў яе ззаду, пацягнуў да сябе на калені.

— Не чапай гэтых падушак. Абдымі мяне. Пацалаваў у губы злёгку, правая рука тым часам паспявала цягнуць да калена спадніцу.

— Неяк нялоўка... Так нязвыкла.

Пакуль яна распраналася ў другім пакойчыку, ён глянуў у адно акно, у другое. Усё здавалася, нехта ходзіць ля плота. Нехта сочыць за ім.

— Ну, што ты там, а? Дзе ты, ягадка мая.

— Сорамна, Федзя.

— Ну, галубка мая, не на канцэрце. Не падлеткі. Смялей, ласкавая мая. Хадзі сюды.

Кучаіха нерашуча ўвайшла, прыкрываючыся сподняй сарочкай.

Ён пацягнуў сарочку. Жанчына прысела, схавалася за дужку ложка. Артур пачаў хутка здымаць свой фрэнч, боты, галіфэ.

— Холадна?

— Не.

— А чаму дрыжыш?

— Сама не ведаю.

— Прыцісніся, пагрэю... З гэтым пажарам скандал быў. Та-ак. Наганяй. Знялі стружку. Партызан баяцца. А што ў цябе за пасы на плячах.

— Ад ліфчыка.

— Такое багацце, канешне, цяжка ўтрымаць. Пасля родаў іх разнесла?

— Не. Ад прыроды.

— Пашанцавала... Ай, гэты скандал ванючы, не выходзіць з галавы. Ніякага настрою. А гэта што за пакойчык?

— Там не жыву. Муку трымаю.

Ён пацягнуў яе туды, пасадзіў на нейкі тапчанчык, пацалаваў грудзі.

— Не магу,— цяпер ужо яна закруцілася ў абдымках.

— Што? Мо суседзям з акон бачна?

— Не. Вінтоўка. Там вінтоўка.

Святло месяца якраз падала на вінтоўку, якую Артур пакінуў ля стала ў вялікім пакоі.

— А... нервы. Бывае.

Пайшоў накінуў на вінтоўку яе сарочку, зноў абняў разгубленую Кучаіху.

— Усё добра, усё шыта-крыта. Давай супакоімся. Мінутку, другую. Да цябе ж ніхто не прыйдзе.

— Можа, закурыш?

— Навошта. З вуліцы бачна. Раскажы мне што-небудзь.

— А што?

— Чалавек дзе?

— Памёр.

— Ад чаго?

— Апендык няўдала выразалі.

— Канавалы бязграматныя. І я ўрачом марыў стаць. Ці ж у нас навучаць, сорам адзін. Эх, мары мае, мары...

— А я пра кіно марыла.

— Да вайны многія пра кіно марылі. Падыдзі бліжэй. Пасмялела. Сэрца дрыгае, як у мышы. Нервы, скажу табе, непазнавальная сіла. І ў мяне нікуды негадзяшчыя.

— А мо прыйдзі заўтра. Каб неяк... ну не адразу,— нясмела прапанавала Кучаіха,— на вуліцы пагуляем.

— Не. Кінь. Усё нармальна. Супакойся.

Нехта за вокнамі перабег вуліцу. Учулі рып.

— Камендацкага часу не баіцца, сабака.

— Сусед да суседа пабег.

— Па што?

— Па газу мо ці пасядзець. Адзінота надакучвае.

— А чаго так сядзець. Дзела дзелаць трэба. А-а? Я пра што ўспомніў. Каб хоць у нас праверкі не было. У печы паліш раз на дзень ці два?

— Раніцай печ, звечара — грубу.

— Цёпла... Дровы ёсць?

— Дзякуй богу, да вясны хопіць.

— Тады прывязем. Ты не саромейся, прасі. Квіт выпішу.

— Мо самавар паставіць?

— Не. Ты пагладзь рукой калена,— ён паклаў яе руку на сваю белую нагу,— мне так хораша з табой.

— Нага паранена? — не зразумела Кучаіха, чаго трэба гладзіць.

— Не. Чортаў ногаць урастае, ратавання няма. Аперыраваць трэба. Дык пайдзі да гэтых канавалаў, без нагі застанешся.

— Каб пашаптаць? Дапамагае.

— Забабоны.

— А я веру.

— Веры наогул ніякай не існуе. Толькі падаецца ўсё ўсім. Та-ак. Адно спадзяванне — на самога сябе. Я і ў любоў не веру. Немач ад яе, а на кожны дзень трэба багата сілы, асабліва цяпер. Выжыць трэба.

— І адкуль вы так многа ўсяго ведаеце? — здзівілася Кучаіха.

— Кіно кручу, чытаю, назіраю за жыццём. Чалавек нічога не варты.

— А як тады жыць, калі не давяраць, як кажаце, нікому?

— Усё проста. Кожны новы дзень выбірай веру, неабходную толькі для гэтага дня. Вось і ўся філасофія. Нешта шкрабнула ў сенцах, а? Ці мне падалося?

— Мо кот.

— А ты замкнула?

— А як жа.

Памаўчалі.

— Мне холадна. Можна, я накіну кофту? — баючыся, спытала Кучаіха.

— Пра што гаворка — накінь... сарваўся, не папярэдзіў. Ніяк з галавы Галін не выходзіць. Пацук, халера, сярод ночы праверыць. Намыліць фары зэк недарэзаны. Не ліп да цябе часам, не?

— Барані бог. У яго ж вочы, бы ў воўка. То мо вяртайся... а назаўтра сустрэнемся зноў.

— Ты разумная, хвалю. Разумееш абстаноўку. Не крыўдуй, — ён зноў, як бы прымушаючы сябе, пацалаваў яе ў губы,— заўтра абяцаю фантан ласкі... Прыйду раней. Як толькі сцямнее. Каб была ў хаце, не страчала.

— Буду, буду...

Кіншчык хутка апрануўся.

— А вось яшчэ... Усё спытаць хацеў. Салага наш, Юзік Лятун... Ведаеш яго? Хто бацькі, якая сям'я, браты, сёстры?

— Тутэйшыя. Хутарскія. Сястру мае старэйшую. Ды гэты ж, Мікіта, свяшчэннік, брат і ёсць. Жылісты, што й казаць. Усё гарбом і нажылі.

— Жылістыя — гэта харашо-о. Ты на дзвярах у сенях салам завесы памаж. Рыпяць, халера. Толькі, як дамовіліся, усё паміж намі, так? Сястры, брату, свяшчэнніку, суддзі,— ані слова нікому. Зразумела, анельчык мой?

— Што не маю такой звычкі, то не маю.

— Ластаўка мая, не сумуй. Цёпленькая мая, не крыўдуй,— ён пагладзіў ёй ногі,— заўтра чакай.

Кучаіха знарок не ўспомніла пра Ігната. «Усе мужыкі падобны адзін на аднаго. Пачне яшчэ дапытвацца, а хто ён быў для мяне, а ці быў ён лепшы. Чым падабаўся». Чаго-чаго, а рэўнасць мужчыны Кучаіха не цярпела.

Назаўтра не дачакалася Артура. Моцны выбух на бензасховішчы парушыў не толькі яго планы. Заварушыліся немцы, санлівыя нырчанскія паліцаі канчаткова страцілі веру ў абсалютны спакой іхняй зоны, шнырылі па вуліцах і завулках. Арыштавалі некалькі нырчан, якія рабілі на МТС, сярод іх павезлі ў столінскую СД і Кандрата Ноніка. «Няўжо гэта ён? — не мог паверыць Юзік.— А калі не ён... тады хто дапамог? Хаця, магчыма, і Кандрат. Жыў ён побач з Тураўчыхай і, канешне, мог пазнаёміцца з сяржантам яе, нават пасябраваць. Хлопец ён чулы, усё хутка прымае да сэрца, як сваё. Мог падкласці міну і ён. Але ж слабы дый баязлівец. Толькі задзіраўся з усімі перад вайной, а біцца не лез. Прыціснуць, хана яму. Трэба самому ісці да сяржанта Тураўчыхі. Нешта ён шавеліцца, як мокрае гарыць».

 

Натхнёныя першым поспехам Афанасьеў і камісар Іваноў угаварылі камандзіра даць дазвол раней тэрміну на другую, больш рызыкоўную аперацыю пад назвай «Бойня». Іваноў прыспешваў на пасяджэнні невялічкага штаба Мішэніна. У атрадзе канчаліся запасы харчоў. Мішэнін звычайна не адыходзіў ад сваіх планаў. Так у дзённіку і было запісана: 1 — узарваць бензасховішча, 2 — узарваць чыгунку Брэст — Гомель, 3 — разграміць паліцэйскі ўчастак, 4 — сувязь з прыпяцкімі атрадамі (Пінск, Калінкавічы), 5 — аперацыя «Бойня», 6 — аперацыя «Санаторый». І кожны пункт патрабаваў шматлікіх удакладненняў і падрыхтоўкі. І людзі, і зброя былі ў яго на вагу золата. Але прыйшлося пад націскам жорсткіх фактаў сваіх паплечнікаў даць згоду. Была дамоўленасць пачаць роўна ў дзве гадзіны, час, калі паліцаі абедаюць.

Змітро Лятун зранку яшчэ прадчуваў небяспеку. Узрушыў кашмарны сон: быццам ён падае з кручы, а зверху няспынна сыплецца зямля. Ды яшчэ па дарозе на бойню чорт пранёс Дундзічыху з парожнім вядром. Ужо як мае быць не пашанцуе. Здалёк яшчэ ўгледзеў Ганса, але не стаў даганяць немца. Па магчымасці і на бойні ніколі не чапляў іх. Ганс бадзёра крочыў на новае месца службы. Не хацелася і ўспамінаць бензасховішча. Добра, што ўзарвалі. На бойні некалькі ўжо дзён жыў у сапраўднай зімовай радасці. Было цёпла. Тут у Нырчы ён цяпер ставіўся да гэтага слова з такой павагай, як да слоў «маці», «хлеб», «рэйх». Вартавая дзяжурка ля ўвахода на бойню ацяплялася чыгункай — буржуйкай. Як пекла, успамінаў ён цяпер усё, седзячы ля агню. Спачатку — дзякуй богу. У тоўстым кажусе, белых туга бітых валёнках, захутаны да вачэй, мог трымацца даволі працяглы час. Дзве гадзіны, тры. Але ж уначы непрыкметна мароз адымаў пальцы ног, бы рэзаў тупым нажом. Вымушаны быў разы тры парушыць статут вартаўніка — ішоў у праўленне грэцца. Асабліва данімаў мароз з ветрам. Рукі не слухаліся, пяклі шчокі, спіна дзеравянела. Тады ўпершыню і падумаў: «Каб ты згарэла, вайна такая. За што яму качанець так далёка ад радзімы. Вось тады і намеціў напісаць брату Удо ліст з просьбай узяць да сябе, як-небудзь праўдамі і няпраўдамі дапамагчы, вырваць яго адсюль. На ўсё згодны, толькі б да цяпла. Так і хацеў пачаць ліст: «Не ўсе ж разумныя, моцныя ў арміі фюрэра. Трэба некаму і ахоўваць іх, волатаў рэйха, і прыбіраць за імі, вартаваць дом і сені, даглядаць іх, калі захварэюць». І мо напісаў бы, каб не выбух той, які зраўнаваў бензасховішча з зямлёю, а яго «перанёс» у каравулку бойні. Нават прызначылі маленькім кіраўніком над сябрамі, нямецкімі ахоўнікамі і двума паліцаямі, якіх узялі на дапамогу.

На ноч хадзіць не выпадала, спаў у цёплай казарме і заўсёды, засынаючы, успамінаў Юту.

Да дзвюх гадзін заставалася каля дваццаці мінут, калі да дзяжуркі пад’ехаў паліцай.

— Вас іст лёс?11 — пацікавіўся Ганс.

— Паеду на прамкамбінат... Бочкі не вязуць. Няма куды мяса...— ён паказаў на бочку з замерзлай вадой ля дзяжуркі.— Нам бочкі патрэбны.

Ганс зразумеў і без паўтарэння адкрыў вароты.

Выдаўся цудоўны сонечны дзень. Мароз не апякаў, а, здавалася, лашчыў шчаку. Вароны прыціхлі, грэліся на сонейку, седзячы на вільчыках таполяў. Весела чырыкалі вераб’і, дзяўблі замерзлы конскі казляк. І неба ўсё неяк пашырылася, свяцілася. Дыхалася лёгка.

Гансу і не хацелася аднаму вяртацца ў дзяжурку. Клікнуў Змітра.

— Бітэ, ком. Дрык ді кофэ, бітэ.

Гэтую чорную «заразу» ў тэрмасе Змітро толькі бачыў вокам, а ніколі не каштаваў. «Але ж хто яго ведае. Не пайдзі — куляне. Пайдзі, выпі, таксама можа смальнуць».

Пайшоў. Зняў шапку, сеў. Кава апякла кончык языка, асмаліла, абліўшы гаркатою. Скрывіўся. А піць трэба. Немец хваліць, прыцмоквае, цукерак дае.

«Як яны п’юць атруту, госпадзі, суцэльная кара. Што ў ёй смачнага?»

Цукерку схаваў у кішэню. Ганс здзівіўся.

— Кіндэр. Малым... кіндэр.

Ганс усміхнуўся і даў яшчэ адну цукерку.

У дзве гадзіны роўна да варот пад’ехала двое саней з незнаёмымі людзьмі, адзін быў у нямецкай форме. Пастукалі ў вароты.

— Па мяса столінскаму гарнізону,— Вячаслаў Бесан добра гаварыў па-нямецку, хоць і хваляваўся. Тым часам Афанасьеў з павязкай паліцая на рукаве аператыўна, як ва ўласным хляве, распараджаўся:

— Заязджай. Вось так. Давай, давай. Эй, дзе,— ён клікнуў Змітра,— дзе цэх гатовай прадукцыі?

— Біттэ зіх аўсвайсэн, ворзайгн,— мякка патрабаваў дакументы Ганс.

Лятун прыгледзеўся да аднаго фурмана, нешта ў вобліку гэтага паліцая падалося яму знаёмае. «Пракурор! Канешне ж, былы нырчанскі пракурор, хоць і адгадаваў вусы ды бараду. Ён!»

Ганс разглядаў заяўку, напісаную ад рукі ўсё тым жа Бесанам. Ганс не ведаў, што і столінскі гарнізон таксама харчуецца з нырчанскай бойні. Здзівіла толькі іншае. У паліцая (Афанасьеў сунуў і свой дакумент) не было на пашпарце другой нямецкай пячаткі.

— Колькі... ето-о браць будзеце? — рызыкнуў пацікавіцца Лятун, хаваючы хваляванне.

— Як заўсёды. Некалькі бочак.

— А бочак няма. Якраз за імі паехалі на быткамбінат. Прыйдзецца пачакаць.

Пракурор пераглянуўся з Вячаславам. Усё разлічыў Афанасьеў: і змену пастоў, і новага Ганса, і час абеду, і падрыхтоўку туш да адпраўкі. Гэтую інфармацыю дакладна перадаў ім Барыс Сыса, ён бяліў бойню вапнай. Усё ўлічылі партызаны. І раптам бочкі.

— Будзем браць без бочак. Часу няма. Дарога неспакойная. Трэба да вечара паспець назад,— казаў па-нямецку Вячаслаў, потым загадаў Афанасьеву: — Грузіце ў торбы і на сані. Сенам прыкрывай,— і зноў дадаў па-нямецку Гансу:

— Шмалец у бочках возьмем у наступны раз.

Ганс не пайшоў далей, застаўся ля дзяжуркі, ціха сказаў:

— Я пазваню на прамкамбінат. Папярэджу, каб хутчэй везлі бочкі.

— Што ён сказаў? — шэптам спытаў Іваноў.

— Пайшоў званіць, каб хутчэй везлі бочкі!

— А, чорт. А калі пазвоніць у казарму? Мо нешта западозрыў. Давай, грузі хутчэй.— Іваноў двойчы стрэліў Гансу ў спіну.— Грузіце хутчэй!

Ганс упаў, адчуўшы, як нязвыкла-нова пякло вышэй локця і як цёплы ручаёк бег ля вуха на шыю. Ён моцна заплюшчыў вочы.

— Не варушыся! — пачуўся яму голас.

— Хто ты? — спытаў ён сам у сябе, не ўсвядоміўшы: ці жывы, ці памёр.

— Ганс я. Не адкрывай вочы, даб'юць. Ведаю, ведаю, што хочацца нясцерпна глянуць, што там робіцца на бойні. Я табе буду расказваць. Толькі віду не падавай, што дыхаеш.

— А ты хто, нябачны Ганс, той з Кёльна?

— Той. Не варушыся.

— Мы ж цябе другі раз пахавалі там, на радзіме. Няўжо і я забіты? Адказвай!

— Жывы, жывы пакуль. Паранены толькі. Заплюшчы вочы, кажу табе, і не варушыся.

— Што яны робяць?

— А што могуць рабіць бандыты. Рабуюць. Носяць кумпякі на падводы.

— А дзе ж паліцаі, вартавыя?

— Забілі напавал. Усіх. Адзін трапечацца. Просіць у іх нешта.

— Хто?

— Змітро твой. Гаворыць, што вы робіце. Так нельга. Іх жа ўсіх за гэта перастраляюць, заб'юць. Прапаноўвае сваю кароўку, свінню, каня з хутара. Бярыце, богам прашу. Не чапайце з бойні. Я ж на службе, крычыць, парадак тут, заб’юць мяне, крычыць.

— Малайчына. І што яны?

— Ляснулі раз у лыч. Абліўся юшкай, прыціх. Не крывіся!

— Рука баліць. У галаве шум.

— Пацярпі, пакуль з’едуць. Сам вінаваты. Адкуль яны прыехалі? Пячатка ў пашпарце паліцая? А? Падробка. Ледзь бачная. Мяне, ведаеш, як забілі? Пайшоў да ветру. Толькі спусціў штаны, а тут цфок... ці не глупства? Я быў такі малады, як ты. У немца на папрузе чаго не хапала?

— З намі бог.

— Вось так, лапух. Разварочваюць падводы. Спяшаюцца. Па нагах будуць ехаць. Не войкай.

— Не вытрымаю. Што рабіць, што?

— Трэба, калі жыць хочаш, вытрымаеш.

— Вельмі хачу. Нічога не бачыў, амаль не жыў. Я баяўся гэтай кампаніі на Усход.

— Маўчы. Не дыхай. Едуць. Ах, д'ябал, адзін не паспее вывернуць... Уу-ух... Зачапіў, свіная морда. Сцісні зубы, прыкусі язык, каб не крычаць. Сані не падвода, усё ж лягчэй. Усё. Уставай. Страляй угару, каб чулі ў Нырчы. За мяне адпомсці. Пакуль памятаеш, носіш мяне ў сэрцы, будзеш жыць. А-а, навошта я табе загадаў стрэліць. Зноў гэты паганы дым. Задыхаюся. Знікаю. Смурод даканае мяне...»

Ганс ачомаў. Двайніка Ганса перад вачыма не было. Звон у галаве не аціхаў. Баяўся падняцца. Усё здавалася, што пераеханыя ногі адняліся. Ад стрэлаў са слупоў, дроту сыпаўся дробненькі іней. Партызаны ўзялі крута на Хорск і хутка зніклі ў лесе. Зразумеў, што ён толькі паранены. Гэта супакоіла. Адна куля прашыла руку, другая вырвала кавалачак мяса на ключыцы.

Прыехаў, казалі, аж з Пінска, афіцэр, спецыяліст па партызанах. На бойні супакоілі ўсіх рабочых, што гэта быў першы і апошні налёт бандытаў. Папоўнілі ахову шасцю салдатамі і ў санаторый дадаткова паслалі яшчэ пяць салдат. Пабудавалі кулямётныя вышкі ля брамы Шыдлоўскага, у парку і ля бойні. Грубка хадзіў, страшыў. «Прыедуць войскі СС, дадуць прыпаліць». Той самы афіцэр падбавіў шэсць нырчан да дванаццаці па спіску на першую адпраўку ў Германію. Маўляў, за тых двух забітых партызанамі.

Заварушылася неспакойным прадчуваннем хуткіх страт — у такую далячынь пагоняць — кожная нырчанская сям’я. Устрывожаная Кучаіха пацікавілася ў Артура, ці яе могуць забраць? «Спі спакойна. Я выкраслю. Маладзейшых будуць браць». І дадаў: «Сёння буду. Чакай. Прыйду нанач».

А глухаваты Грэчка, не доўга думаючы, прыйшоў да Летуна, прынёс задатак, папрасіў Змітра: «Каб Юзік там праз Куніка ці праз каго вызваліў дачку Надзю», каб не павезлі ў Нямеччыну.

Загарэліся вочы ў старога, глянуў на грошы, а не ўзяў. Не верыў у сілу сына. Тады Грэчка, стрэўшы Юзіка, прапанаваў яму той задатак. «Наперад не бяру. Пагавару тут з адным, калі выгарыць... разлічымся».

Юзік перадаў просьбу Грэчкі Артуру. Кіншчык не вызваліў дзяўчыну, а толькі з дапамогай Куніка перанёс яе адпраўку на тры месяцы пазней. Грошы ўзялі, выпілі. А калі нехта пранюхаў, мо меўся такім чынам адкупіць і сваю, ды ўсё паведаміў Грэчку. «Хто ж цяпер тыя грошы верне, хто з кім судзіцца будзе. Марная справа». Толькі і засталося бацьку, як загадзя аплакваць сваю маладую і прыгожую дачку.

У Артура быў добры настрой і поўная душа веры ва ўласны талент. «Калі іх трусіць час ад часу, і золатца знайсці можна. Казалі ж паліцаі, што калі звозілі яўрэяў у Пінск, яны ў нырчан свой скарб хавалі і сваё золатца. Нікуды пакуль рыпацца не трэба. Хоць яшчэ ўчора быў іншы настрой. А ўсё Галін. Жлоб дзеравенскі. Чысцюля. Папрасіў, каб ён, Артур, пабрыў у бабы Галіна пад пахай. Фу-у, брыдота».

Як кавалак лёду ў цёплай руцэ знікае паступова, ператвараецца ў ваду, так паступова знікала Артурава надзея як-небудзь з часам звязацца з партызанамі. Думкі пра золата лашчылі яго.

Асцярожна адчыніў дзверы. Нікога. Абышоў, агледзеў тры пакоі — нікога. Выйшаў на двор і толькі заўважыў адчыненыя ў пограб дзверы. У нос рэзка панесла пахам сырой зямлі, гнілой бульбы і квашанай капусты. Кучаіха адграбала ад сцяны бульбу і гнілую збірала ў кошык.

— А я палохацца пачаў. Думаю, хату разддзяніла, а нідзе нікога.

— Бульбачка гніе, памерзла ўся.

Ён абхапіў яе ззаду і моцна прыціснуў да сябе.

— Сумую. А ты?

— І вы мне прысніліся.

— Таму, што думаў пра цябе. А-ай, цёпленькая мая!

— Ой, што вы так... навошта... Ой, не трэба тут. Людзі ж могуць. Холадна ж... божачка мой...

— Ціха, ціха. Стой. Ціха... Усё нармальна, цёпленькая мая. Харашо-о будзе ўсё. Нікога нідзе няма... Ай,— ён раптам закрычаў не сваім голасам.— Ма-а!

Артур падскочыў, ухапіўся рукамі за калена. Яна спужалася не менш, павярнулася тварам да яго, паправіла спадніцу.

— Ш... што?

— На ногаць наступіла. Ядрона корань. Там усё крываточыць. Бінт ёсць?

— У хаце.

— Пойдзем. Ай, чорт... Пячэ. Стаяць не магу.

Разуўся. І сапраўды, ля пальцаў уся ануча была сіне-чырвоная.{сі-

не-чырвоная.}

— Ёду няма?

— Не. У больніцу трэба. Заражэнне крыві можа, не пры нас кажучы.

Пачуўшы пра заражэнне крыві, Артур пахаладзеў. Успомніўся дзесяцігадовы хлопчык суседа там, у Высокім, які выдавіў на твары фурункул і праз суткі памёр: ад таго ж заражэння крыві.

«З-за такой хрэновіны паміраць? Ну — не!»

Ад Кучаіхі напрамкі накіраваўся да бальніцы.

— Абутак па размеру насіць трэба,— стрэў яго першымі словамі ўрач — чалавек у гадах з сівою галавой і нізкім голасам,— падрэжам кавалак. Сястра, інструмент.

— Не. Падразаў разоў дзесяць. Адрастае на старое месца і зноў крываточыць.

— Тады будзем здымаць.

— Балюча? Я болю страшэнна баюся.

— Пасля аперацыі будзе балюча. Сястра, праводзьце хворага ў аперацыйную.

Марта не адразу прызнала ў барадачу Артура, толькі ўжо добра разгледзела ў аперацыйнай.

Артур не войкнуў нават, не скрывіўся, так спрытна зняў яму ногаць вопытны ўрач.

— Уставайце. Усё зроблена. Праз тры дні на перавязку. Марта, дапамажыце яму.

— Як хутка, дзякую, доктар.

Марта праводзіла хворага да выхада. «Навошта ён назваў маё імя, навошта». Апіраючыся на яе плячо, ён на развітанне пацікавіўся:

— А вы, сястра, адсюль, з Нырчы?

— З Нырчы.

— Значыць, памыліўся. Да сустрэчы. І дзякую вам за дапамогу.

«Канешне, у прыроды ёсць падабенства. Але каб такое? І Марта і медсястра. Цікава. Надзвычай цікава. Яна, запісваючы прозвішча і імя, двойчы перапытала. Чаму? Пазнала? А мо мне падалося. Мо яна не Ігната. Не, тая Марта з Кобрына».

Увечары таго ж дня пацікавіўся ў Юзіка, ці ведае ён медсястру Марту і адкуль яна.

Каб адразу адбіць ахвоту Артуру на новую «мэблю» (так ён апошнім часам клікаў жанчын), Юзік паведаміў, што гэта і ёсць жонка Ігната, яго роднага брата, які без вестак знік перад самай вайной. Прыехала, маўляў, з Кобрына за дзень да вайны. Жыве з імі. Чакае Ігната.

Значыць, ён, Артур, не памыліўся. Яна. Трохі супакоіўся. І раптам зноў накінулася насцярога.

Яна і толькі яна сведка, якая ўсё пра яго ведае і ў любы момант можа выкласці гэтае ўсё ці то немцам, ці то партызанам. А ён, дурань, супакоіўся. Рана. Думаў, абсалютнае інкогніта застанецца з ім. Ды што за жыццё такое мудрагелістае, што нічога нельга схаваць ад людзей. Ці дабро, ці зло. Ну, а калі дапусціць, што яна, скажам, не звязана з партызанамі, а сама па сабе? Тады трэба праверыць. Прызнаецца, што ўспомніла,— усё чыста. Змаўчыць — пшык дзела.

Не стаў чакаць трэцяга дня для перавязкі, так загарэўся, пакульгаў да бальніцы.

— Што-небудзь здарылася? — спытала Марта, яна не чакала яго прыходу. Здзівілася.

— Здарылася. Я ўсё думаю — яна, не яна. Я вас прызнаў, Марта. Вы з Кобрына. Жонка Ігната Летуна. Памятаеце? Я ж Артур. Прыглядзіцеся. Той самы Артур,— траскучым тэнарком казаў ён.

— Вы памыляецеся, грамадзянін,— пачала спакойна жанчына,— блытаеце нешта. Я не ведаю ніякага Артура. Хто наступны на перавязку? — Марта знарок шырока адкрыла дзверы.

— Ну, што ж. Даруйце. Бывае, што і верабей кульгае. Памыліўся, выходзіць. Але ж так падобны, як гарошына на гарошынку. Бывайце здаровы. Даруйце яшчэ раз, што так знянацку напужаў.

— Усяго добрага,— жанчына залілася чырванню, яе ахапіў жах.

Як не свая, вярталася Марта на хутар. Не ў радасць былі цёплыя з пахам малака пацалункі маленькай Мані. Ноч амаль не спала. Варочалася з боку на бок. А ранкам, не паспеўшы пераступіць парог хаты, Юзік паведаміў пра размову з Кіншчыкам.

— Навошта яму было ўсё расказваць, навошта? — ускіпела Марта.— Хто цябе прасіў?

— Каб не чапляўся, кабель. Ведаў наперад, вош, не дазволена да цябе... вось... Прыблуда смярдзючая.

— Ты ўсё сапсаваў, разумееш. А я думаю, чаго гэта ён прыпёрся ўчора, аж гэта пасля слоў тваіх.

— Прайдзісвет. З ім асцярожна трэба.

— Здраднік ён, а не прайдзісвет. Што рабіць, Юзік?

— Жыць. Спакойна хадзіць на працу. Палезе, прыб’ю, як сабаку, на вуліцы. Ніхто не падкапаецца,— абурыўся Юзік.

— Ён, можа, нічога і не будзе рабіць супраць мяне. Ты й ведаць не будзеш. Немцу падкажа ці сваіх падвучыць за грошы. Так думаю. Ох, зорка мая няшчасная. Манечку шкада, каб не загінула без мяне, дачушка.

— Ты, як Прося, ледзь што, хаваеш сябе загадзя.

— Вайна, Юзік. Пайду ў Мярлін. Адзіны ратунак. Маё сэрца адчувае: паганы ён чалавек.

— А мне што тады рабіць?

— Ты мужчына. Пачакай. Вольга прышле сувязнога, яшчэ спатрэбішся партызанам. Мне ніяк нельга хадзіць на работу. Не знішчыць, дык у Германію адправіць. Яго вочы палалі нянавісцю.

Больш не гаварылі. Марта вырашыла ісці ў Мярлін сама, як там што будзе, меркаваць рана. Прасіла Просю даглядзець дачку.

— Няўжо ж, Мартачка, не дагледзім? З Васільком ім весялей у хаце. І стары, дзякуй богу, сэрцам палюбіў.

— Я аб’яўлюся. Толькі ўладкуюся там і праведваць буду.

— Дай бог шчасцейка. Госпадзі, шчо на свеце зрабіла воля твая. Дзетак ад бацькоў адрываеш, маладых у зямельку забіраеш, старым слёз набаўляеш. Отча наш, іжэ есі на небясі...

Уля ўзялася праводзіць Марту аж да Мярліна.

Апошнія суткі думкі пра Марту не давалі Артуру спакою. Напачатку аглушыла вар’яцкае жаданне: забіць. Ціха, непрыкметна, калі будзе вяртацца ўвечары з работы. Калі не сам... лепш падкупіць таго ж Грубку ці Швагера. Але ж яны і спытаць могуць: за што, хто? Пацягнецца ланцужок. Не, трэба ціха, усё ціха. У Германію. Гэта лепш. Чыстае збавенне. І ўсё па закону, не падкапаецца і Лятун, сваяк задрыпаны. Ідэя з Германіяй падалася Артуру больш прывабнай. Пайшоў на перавязку і ад санітаркі даведаўся, што Марта звольнілася і некуды з'ехала. У Пінск ці на радзіму.

— Калі? — абурана спытаў ён.

— Учора.

«Дурань. Неданосак. Прыхлопнуць трэба. Рызыкоўна ў Кобрын дабірацца. У лес махнула». Горыч клубком пакацілася ў сэрца. Лютасць і нянавісць авалодалі яго пачуццямі. «Тут яна недзе. У Хорску, Колках. Пад бокам. Кончыкам вуха чую. Прыпаўзе да свёкра па хлеб. Есці ж і ў лесе трэба. Вынырнеш. Сука, не шанцуе. Нічога, я ўпарты. Адкапаю. Быць таго не можа, каб не знайшоў. Кокну на месцы»,— так супакойваючы сам сябе надзеяй на сустрэчу, не заўважыў, як дакульгаў да хаты Кучаіхі. Нешта прыпомнілася. Яна не чакала. Ела бульбу ў мундзірах, макала ў патэльню з салам. Ён падышоў і без слоў моцна рэзнуў ёй рукою па шчацэ.

— Не люблю, калі мяне падманваюць. Люта не люблю. У Летуноў быў яшчэ адзін сын, Ігнат. Ты чаму не назвала мне яго? А, сука? Было што-небудзь? Адказвай!

Кучаіха заплакала, заенчыла.

— Сціхні. Не пераношу макроту. Ну?

— Было-о. Ён хадзіў да мяне... пры Польшчы. Знік неяк. З таго часу і не бачыла. Яй-бо. Каб мне сонца не бачыць.

— У-у, сукі. Вечна вам мала. Сядзь. Біць не буду. Каб адразу папярэдзіла... было б лепш. Любіла?

— Каго? — прамармытала яна і выцерла рушніком слязлівы твар.

— Дылду таго. Ігната.

— Не. Слабасць чула, млела... Бацька яго сватаў. Я ж не-е. Акрамя свайго першага... нікога не любіла.

— Ну, а мяне?

Кучаіха маўчала.

— Мяне, пытаю?

— Вас... кахаю,— пакорліва адказала Кучаіха.

— Прыемна чуць. Тады пацалуй. Ды не... руку.

Кучаіха мокрымі ад слёз і зацярушанымі крошкамі сыпкай бульбы губамі датыкнулася да яго рукі.

— Цяпер веру. Нікому, каб нідзе ні слова, спадзяюся, памятаеш. Я прыйду нанач. Калі не сёння, дык заўтра. Будзеш чакаць?

— Буду.

Аднак ні назаўтра, ні праз тры дні Артур не наведаў Кучаіху. Рыхтаваліся да прыезду гаурэднера — акружнога прапагандыста. Чакалі немца, а прыехаў у нямецкай форме беларус. Сабралі народ у былым клубе МТС. Гаурэднер доўга і няспешна гаварыў пра адраджэнне народа, пра неабходнасць дапамагаць нямецкай уладзе на месцах, ганарыўся тым, што ўтвораны і дзейнічаюць тэатры, канцэртныя брыгады, раіў і тут, у Нырчы, стварыць мастацкую самадзейнасць, уключыць у рэпертуар беларускія песні, перакладаць пявучыя і бадзёрыя нямецкія песні на родную мову. Заклікаў да бадзёрасці, аптымізму. Ганарыўся тым, што выходзяць паўсюдна газеты, што нават нямецкая «Баранавіцкая газета» перакладаецца на беларускую мову. Папярэджваў: ніякага сабатажу, дыверсій, падтрымкі бандытаў, якія, згодна камуністычнай прапагандзе, умысна травяць немцаў супраць простага чалавека, селяніна. Усё гэта робіцца, каб знішчыць нашу нацыю. Рабіў вывады: толькі з вялікім германскім народам наш народ нарэшце ўзнімецца да вышынь існай цывілізацыі. З ахвотай вялікай, казаў, адкажа на ўсе пытанні. Народ доўга муліўся, маўчаў, баяўся паліцаяў ды немцаў. Памалу нехта асмеліўся запытаць: «Дзе браць харчы? Чаму не працуе хлебапякарня? Дзеці хочуць есці, а рабаваць нямецкія склады ніхто не рызыкне. Чаму звозяць людзей у Нямеччыну?» Гаурэднер выцер далонню спацелы твар і адказваў адно: «Гэтыя пытанні не ў маёй кампетэнцыі. Усё залежыць ад поспеху на ўсходнім фронце, дык давайце рабіць усё магчымае ад нас, каб наблізіць гэты поспех!» Нехта, самы смелы, ці не Мікіта, Артур не паспеў угледзець, запытаў: «Ці ўзялі немцы Маскву?» Гаурэднер зірнуў на нямецкага афіцэра, які сядзеў за сталом. Той у знак згоды махнуў галавой.

— Пакуль Маскву не ўзялі. Часова. Вялікі фюрэр так і сказаў — «для яго Харкаў і багаты Данбас важней за рускую сталіцу». Можна, не сумняваючыся, сказаць і не памыліцца, што неўзабаве з Расеяй будзе пакончана. Давайце дбаць пра сваё шчасце, пра сваю будучыню.

Далі слова і Куніку. Яго Артур не слухаў. Ды і казаў той адно і тое ж. Пра новыя расцэнкі на жыта. Прапанаваў адрас нямецкай фірмы, якая дасылае сялянам сельскагаспадарчы інвентар. Увесь настрой, усе жаданні Артура былі закрэслены адной думкай — дзе шукаць Марту?

На вячэры ў магістраце, на якую запрасіў паважаных гасцей Кунік, Артур толькі і круціўся каля гаурэднера. Напаіў добра галоднага госця і рызыкнуў так па-сяброўску запытаць: «Ці праўда, Германія дасць беларусам аўтаномію і незалежнасць? І што там здарылася ля Масквы?»

Даверлівы госць, шчыра абняўшы Артура як старога сябра, гнусавіў на вуха: «Усё так складана, так складана, мой дарагі... Хао-ос! Зямля наша нясецца ў бездань. А ўсё чаму, дарагі мой? Забыліся Гераклітава: нельга ўвайсці ў адну і тую ж раку двойчы. Як усё проста. Народ пакаштаваў сацыялізма, і цяпер яму немагчыма павярнуць аглоблі назад. Апатыя, жах і хао-ос! А калі вялікаму і непераможнаму яшчэ раз дадуць па шапцы, як гэта зрабілі пад Масквой, ён, як паранены звер, пачне зганяць зло на кім? Хто пад рукой, на беларусу ды хахлу. Хао-ос велізарны...» Тут ён схамянуўся, папракнуў, відаць, сябе за тое, што недаравальна смела і многа разгаварыўся.

Артур наліў у шклянкі. Выпілі, быццам разам і пахавалі гэтую гаворку паміж сабой.

 

 

Раздзел чацвёрты. МІШЭНІН

Хрысціць пабудаваную царкву выпала на «чысты чацвер». З’ехаліся запрошаныя свяшчэннікі з Веляміч, Століна, прыехаў слуга госпада і ад мітрапаліта экзарх Нікадзім. Надвор’е — і не прыдумаць, усё роўна як нехта хаваў яго і прыбярог наўмысна на гэты святочны дзень. Ад цяпла ажылі вербы, бярозкі. Рана пайшлі ў зелень кусты бэзу, што так густа парос на схілах Царкоўнай гары. Дзе цяпло — там і радасць птушыная. На небе — ані хмаркі, на зямельцы — першыя адбіткі падэшваў на сцежках. Такое хараство абуджаецца маці-прыродай, і яна кліча да шчасця і святла, быццам і вайны не існуе.

Прося звечара адварыла ў шалупінні цыбулі два дзесяткі яек. Дзеткам абмыла твары, ручкі, абула Васілька ў старыя Юзікавы чобаты і павяла да царквы. Змітро, так лічыў, дачакаўся свайго дня. Менавіта сёння, пасля першай службы Мікіты бацька адкрываецца сыну. Пра ўсё. Як забіў, як ціха і хутка пахаваў. Баяўся Лятун, што з такім грахом на душы так і памрэ. З прыходам вясны ўсё часцей хапала ў грудзях, круціла ў тры пагібелі, задыхаўся аж. Немагчыма насіць у душы тайну. Цяжка.

Такога людскога шэсця Нырча мо ніколі не бачыла. Па гразкіх вулачках, ад счарнелых за зіму хат, па кладках, мастках, у новых ботах, футрах, з дзецьмі, з сляпымі старымі, з сёстрамі-калекамі, з кволымі братамі ішлі людзі да Царкоўнай гары. Ішлі, каб пачуць,— ці скончацца калі-небудзь іх пакуты ад немцаў. Няхай сабе многія разумелі, што ў бога міласці на ўсіх не хопіць, усіх не ўратуе, а ішлі... Калі з царквы выйшлі ў святочных рызах усе пяць свяшчэннікаў — людзі не хавалі слёз.

«Бойся, сынок, і вялікага гора, і вялікай радасці,— чамусьці ўспомніў словы бацькі Мікіта на ганку.— Слёзы ад іх аднолькавыя». Нікадзім памачыў квач у святой вадзе, пакрапіў дзверы, абышлі вакол — пакрапілі сцены, яшчэ раз абышлі — пакрапілі крыж і перадалі яго Мікіце.

Прося штурхнула дзяцей: «Глядзіце, глядзіце, гэта наш Мікіта». Як яна радавалася ў гэтую хвіліну.

Сын выхапіў поглядам з натоўпу бацьку, усміхнуўся яму.

Пеўчыя праспявалі «Многія лета-а!». Хораша так, як ніколі. Рушылі ў царкву. Хуценька, як на пажар. Кожнаму хацелася прасунуцца бліжэй да алтара з тым самым абразом Дзевы Марыі, які колісь упрыгожваў былую царкву, мікалаеўскую. Новую нараклі: благавешчанская. Сваю першую пропаведзь айцец Мікіта і павінен быў пачаць з благавешчання.

Маленькая царква, канешне, усіх не прыняла, людскі натоўп прыпыніўся ля ўвахода. Стары Нонік хадзіў і прадаваў свечкі, іх ахвотна куплялі, адразу запальвалі, перадаючы агонь адзін другому. Мікіта нетаропка, без хвалявання, на здзіўленне святым айцам, распачаў малітву «за загінуўшых на вайне». Голас яго надзвычай звонка гучаў у драўляным будынку.

— Госпадзі Ісусе Хрысце, божа наш. Ты сказаў: «Няма большай любові, як палажыць душу сваю за сяброў сваіх»,— і сам даў прыклад гэтае ўсеахвярнае любові. Просімо цябе, узглянь ласкавым вокам тваім на тую вялікую любоў загінуўшых герояў, што скрозь па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі, у знаных і нязнаных, памятных і забытых магілах спачываючых бацькоў, братоў, родных і блізкіх, тых, што калі ў баёх загінулі ў вязніцах ці згібелі на ссылцы ў далёкіх краінах і ў блізкай зямлі. Злучы іх крывавую ахвяру з сваёю крыжаваю ахвяраю. Хай не будзе дарэмнай тая ахвяра і няхай на залітай іх крывёю зямлі закрасуе братняя любоў.

Тут ён на кроплю прыпыніўся, агледзеў прыхажан: яго ўважліва ўсе слухалі.

— Яны цярпліва прайшлі цярністы шлях жыцця і сваёю смерцю далі сапраўднае святоцтва святасці. Твайго найбольшага прызнання, прыказання любові. Не адкінь гэтай іхняй ахвяры, а прымі, бо загінулі яны за бацькаўшчыну, даруй ім грэшныя правіны ўмысныя і няўмысныя ды супакой душы іх у вечнай славе тваёй, дзе пачынаюцца ўсе святыя. Хай цешацца шчаслівым агляданнем цябе праз вякі вечныя. Захавай тых, каго вывезлі ў Нямеччыну.

Далей да малітвы дадаў сваё:

— Нас выбраў гасподзь у нялёгкую гадзіну пакут і войнаў, каб мы пакінулі нашчадкам нашым прыклад любові і сумлення, шчырасці і мужнасці, як Святая Прадыслава-Эуфрасіння Полацкая — патронка Беларусі, як усе святыя заступнікі беларускага народа. Быў час раскідання каменняў, прыйшоў час іх збірання. Чатырыста год людзі нашы пакутуюць ад войнаў. Каму толькі не падстаўлялі свае белыя ручанькі продкі нашы з Белай Русі?! Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: апякуйся намі, каб мы адчулі і сваё пасланства, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі! Няхай кожны з вас у ліхую гадзіну сёння ўсвядоміць: хто ён? Няхай кожны праведае хворага, верне пакінутага бацьку, старую маці, няхай галоднага накорміць, не пакрыўдзіць удоў і сіратаў, грэшніка направіць. Калі на тое воля божая, ён збірае нас зараз, у такі трывожны час, не дай нам знікнуць хлуслівымі, зайздроснымі і спаганенымі. Нас чатырыста год прывучаюць да жорсткасці, нянавісці і лютасці, а сэрца госпада нашага радуецца, калі ён бачыць сярод нас прыклад любові да бліжняга, як да самога сябе. Памнажайце гэту любоў. Вера наша праваслаўная — адзіная, славянская. Мінайце наймітаў, цурайцеся сект, кастаў, саюзаў — яны спаганяць сумленне ваша, выкінуць вас на бездарожжа роспачы перад светам. Шануйце звычкі свае і традыцыі, як паважалі іх дзяды вашы. Усвядомце, людзі мае родныя, што мы можам стаць апошнімі! Амінь!

Мікіце хацелася нешта дадаць яшчэ (гэта адчувалася па яго твары), але ціхім словам «амінь» ён завяршыў пропаведзь. Нешта стала ад хвалявання млосна, галава пацяжэла і ногі не трымалі цела. Ён абапёрся рукою на служку — дванаццацігадовага ўнука Грэчкі, зноў агледзеў сваіх нырчан. Усё здавалася, што яны ўпадуць на калені і возьмуцца заўзята маліцца. Ды людзі стаялі, як заварожаныя: не даводзілася ім чуць такіх пропаведзяў. «Не зразумелі, не зразумелі»,— перажываў Мікіта.

«Урэшце, няма першага, няма апошняга, так было і так будзе. Ім трэба выжыць. Даўно чалавецтва толькі тым і займаецца, каб выжыць. Мо не варта было так... Госпадзі, не дай мне ўпасці, не дай заблукацца, не дай згубіць упрад вачэй твой шлях збаўлення».

Яму дапамаглі сысці, адвялі ў прыўратную.

— Я зайздрошчу вам,— казаў Нікадзім, падаючы кубак з вадой,— калі вы і сапраўды самі шчыра веруеце ў тое, што прапаведуеце, вас тады чакае вялікая будучыня. І прыход будзе поўніцца. Гэта нават і не пропаведзь, а размова.

— А што, ёсць сярод святых айцоў і такія, якія не веруюць у тое, што гавораць прыхаджанам?

— Яшчэ колькі. На жаль. Іскушэнія ХХ стагоддзя настолькі гідравялікі і абільны, што мала хто не ўтрымаўся ад спакусы пакаштаваць асалоду граху хвілінай, каб месяцамі потым пакутаваць у раскаянні. Мы дазволілі вам узначаліць прыход без матушкі. Выключна з-за абставін часу. Вайна. Прыходы асірацелі за апошнія тры гады больш чым напалову. Матушка павінна быць, каб пазбегнуць недарэчных чутак. Адпачывайце. Я давяду службу да канца. У нас яшчэ будзе час пагаварыць.

Здзервянелымі вачыма сачыў за ўсім свяшчэннадзеяннем ля царквы Галін. Не разумеючы цалкам мясцовай гаворкі, ён не ўсё ўцяміў ад пропаведзі ды і не прыслухоўваўся. Турбавала іншае. Чаму поп запрасіў менавіта пяць свяшчэннікаў. Што гэта — умысна, намёк нейкі, знак? Як пяцікутная зорка. Чаму не чатыры, шэсць?

«Прыжучыць гэтага неўрасценіка, ці што? Каб улічваў — дзе жыве, пад чыёй уладай».

Кунік супакоіў раззлаванага начальніка паліцыі.

«Тут камуністам і не пахне. Выпадковае супадзенне. Попік, дарэчы, пры Польшчы быў асведаміцелем».

«Я таксама пры Саветах быў эканамістам. Час, пан Кунік, змяняе людзей. Усё ж пры выпадку прыпугну». Змітро на вячэрню не застаўся. Забраў у Просі ўнукаў і пашыбаваў дахаты.

«Не. Мікіце не адкрыюся. Не даруе. Пракляне. Змяніўся ён, ой, як змяніўся. Каб хоць горшым не стаў. Злы ўвесь, ой, які злы. Няхай пакуль і тайна, і гора пры мне застаюцца. Калі пакліча хвароба ў чорную яму... хіба тады. А пакуль не».

Маня знарок лезла ў калюгу і хлюпала вадою на ўсе бакі, расплюскваючы і на бліскучыя ад ваксы дзедавы чобаты. Змітро буркліва папярэдзіў, каб не лезла, пацягнуў за руку бліжэй да сябе. Аднак малое забылася і праз некалькі крокаў, апярэджваючы Васілька, зноў пліскала вадою. «Ой, бацька, халера ясная. Рыхтык бацька. Змалку гне сваё»,— дзівіўся Змітро і прыкрыкваў на ўнукаў.

У хаце за бутэлькай самагонкі сядзеў сын з Артурам. Старому не падабалася, што Юзік прыцягнуў чужога чалавека на дармовыя харчы. Пад самагон два такія бугаі вала з’ядуць.

— Нешта рана святкуеце? — буркнуў Змітро.

— Наша свята вядомае — выжыў сёння, святкуй. Бо хто яго ведае, можа, назаўтра і не дачакаешся, праўда, Юзік? — Артур прыцмокнуў.— Памінкі ў нас: гарнізон у Століне перастралялі.

— Хто? — пацікавіўся Лятун.

— Вядома хто: партызаны,— цягнуў Артур,— от, сына ўгаворваю, ці не падацца нам да іх, пакуль не позна.

— Дык вы да мяне прыйшлі раіцца?

— Так. Нам бы як-небудзь сувязнога знайсці. Каб шапнуў неяк. І будзе гут алес,— гаварыў адзін Артур.

— А я што, па-твойму, уладар сувязных гэтых?

— Разумею, не. Вы чалавек паважаны. Ваша вока і бачыць далей і больш заўважае, праўда, Юзік? Вы хоць асобна трымаецеся, ды ўсё пра ўсіх ведаеце. Кунік і той вас паважае.

— Пастарэла вока. Паслепла.

— Згодзен. Няхай так. Ну, а Марта, якая ў вас сталавалася, некуды ж знікла. Праз зямлю правалілася. Юзік пацвердзіць, што жыла такая. А?

Стары глянуў на Юзіка, а той толькі апусціў вочы.

— Было такое. Пажыла, не спадабалася ў нас, вось і з’ехала. Ідзі ўкінь кабанчыку, распіўся тута,— звярнуўся бацька да сына.

Юзік з ахвотай пакінуў хату.

— Правільна зрабіў, баця. Злая душа шапнула б, дзе трэба і каму трэба... пра Марту... Не ўратавала б і тое, што сын у паліцыі. Перастралялі б усіх. Чэсна. Думаеш, чаго сын выпіў? Мы сёння ў Альшанах сям’ю Гваздзюкевічаў у расход пусцілі. Падаўся ў партызаны. Усю. Каб астатнія баяліся.

— І ён... сынок мой... страляў? — збялеў увесь Змітро.

— Не. Паверх галавы стрэліў. Я выратаваў: грэх на душу ўзяў. А што рабіць. Некаму ж трэба ўзяць адказнасць. Ён толькі па загаду Галіна... дабіў старую. Кажуць, ёсць мясціны, дзе чэсна па-свойму падзялілі вёскі паміж сабой немцы і партызаны,— кожны сярод сваіх верхаводзіць па-свойму. Нялёгка сыну сёння, разумееце? А каму лёгка, спытаеце вы? Усё правільна. Мо акурат Марта сярод іх. Прыйдзе сюды, ужо не адкажыце ў ласцы, нам бы толькі зачапіцца. На вас паклёпу не будзе. Як на духу. Абяцаю. Я люблю ўсё рабіць ціха, ціха.

Змітро слухаў.

— Слова чэснага чалавека.

— Мая хата з краю. Мяне не чапаюць, і я нікога не чапаю. Во-ось. І ўсё. Мне дзетак класці трэба.

— Ты ўпарты, дзядок,— усміхнуўся Артур,— так не бывае, каб нічога не ведаць і нічога не прыкмячаць. А калі, скажам, я за Марту — выкуп-магарыч патрабую, за маўчанне маё, золатца захачу? Вы яго тут назбіралі, абдзіралі просты люд, пакуль мы ў турмах пакутавалі. Дайце і нам дыхнуць паветрам, дайце пажыць, як людзі жывуць, маем права.

— Ці ж я замінаю. Жыві. А грошай не дам. Нямашака грошай, былі б, таксама не даў бы.

— Бач ты, упарты. Я з тваім сынам Ігнатам у Картузе сядзеў. Свой я, можна сказаць. А ты ўпарты.

— Які ёсць.

— Ну-ну. Каса на камень. Толькі і мы не пальцам... Так што не развітваюся, спадзяюся — яшчэ спатрэбімся адзін аднаму. Ты харашэнька падумай, баця.

Артур, прыхапіўшы бутэльку з самагонам, пайшоў з хаты.

— А ты што там тырчаў у хляве? — накінуўся бацька на сына.

— Не тырчаў. Я ў сенцах прытаіўся.

— Чуў?

— Чуў.

— Тады... улез у пекла, матай на вус. Міцяй, забывай пра рай. Людзі косяцца.

— Усё, тата, маё. Усё, чуеце. І сорам, і віна, і хваробы, і пакуты. Нічога на вас не перакіну. Абяцаю толькі больш не ганьбіць ваша імя. Удушуся, а не буду страляць у людзей.

— З імі тута не жытка. Кажуць людзі, нехта ходзіць вярбуе з Беларусі корпус у Беластоку.

— Адна халера.

— А там, сынок, у Альшанах... ета ўсіх перабілі?

— Усіх. Старая мёртвая была ўжо, а ён... кажа, страляй у галаву.

— Госпадзі, пашлі ім вечны спакой дарам загінуўшым. Што робіцца, што робіцца. Паліцай горш за немца.

Змітро ўпершыню за многія-многія гады пашкадаваў незнаёмых, чужых людзей, закатаваных несправядліва. Скуль такое напала на яго? Ад слоў Мікіты? Ад вайны? Ад смерці чарнабровага, ад слёз Марты? Ад забойства сына Ігната мо?

Усё тая ж, як лічыў, нябачная рука ніспаслала і на яго прасвятленне... Толькі ж навошта яна перад гэтым забрала сыночка? Ці ж такой страшэннай цаною ісці да разумення вялікай ісціны? Што нехта жыве побач, мо даходзіць да жабрацтва і мае патрэбу ў тваёй дабрыні.

«Не, божа, зрабі мяне сляпым, жорсткім, глухім, аднабокім, вярні назад сыночка... вярні Ігнатку майго,— старога душылі слёзы.— А тут яшчэ з Юзікам утварылася чортведама што. Госпадзі, уратуй мне хоць гэтага. Малодшага. Неразумнага. Запішы яго грэх на мяне. Усё прах, усё. Толькі жыццё чалавека — свята».

Вяртаючыся ў Нырчу, Артур з моста ўгледзеў дзяўчыну, нечым вельмі падобную на Марту. Мо каб не быў п'яны, паціху нагнаў бы, а так з радасці гаркнуў з насыпу: «Гэй! Падыдзі сюды! Ты! Ты!»

Дзяўчына пусцілася наўцёкі, нават не азірнуўшыся як след. Ён за ёй. Узбуджаны і задаволены: калі ўцякае, значыць, не памыліўся. Зняў на бягу вінтоўку, стрэліў у паветра. Стрэлу дзяўчына спужалася, прытулілася, ускочыўшы на прызбу, да сцяны хаты.

Ён не бег, а ляцеў, што тыгр. Азарт крыху апаў, калі добра разгледзеў дзяўчыну, якая толькі носікам і нагадвала Марту.

— Ты чаго ўцякала?

— С-спужалася...

— А-а. Наступны раз клікнуць, прыпыніся і падыходзь... а то яшчэ незнарок і заб’юць. Шмакадзяўка. Ідзі. І маліся, што не стрэліў на бягу. Не глядзі спадылба, не глядзі. Я добры.

Паплёўся да Кучаіхі. Гэта было як закон: варта выпіць, як цягнула да яе. Сёння забыўся і пра свой кантроль. Ішоў, хістаючыся, удзень, калі звычайна краўся толькі ўвечары. Уваліўся ў хату і, не распранаючыся, плюхнуўся на ложак. Яна толькі і пасіліла, як зняць чобаты.

Павадзіўся прыходзіць на хутар да Летуна і Ганс. Напачатку хадзіў з адной мэтай гешэфтаваць з Просяй. Нёс звычайна мыла, сернікі, шакалад, які жанчына на яйкі не мяняла, прасіла нітак, цукру, іголак. Аднойчы, ці не пасля хрышчэння адразу, Змітро і не памятаў, улез той Ганс у хату. Нос сіні, аж чорны ўвесь. Але ж нягледзячы на моцны мароз, немец быў у добрым настроі. Атрымаў пасылку ці пайкі палепшаныя далі, адным словам, пагуляць фрыцу захацелася. Глянуў на дзяцей і так, уяўляючы сябе злосным паляўнічым, ён наставіў карабін на Васілька і прыгразіў: «Пух буду, пух!» Ветрам тады здзьмула няшчаснага хлопчыка пад ложак, забіўся, небарака, у куточак і ў слёзы, гвалт. Перапужаліся ўсе, каб хоць малы заікам не стаў. Накінулася тады Прося: «Фрыц, забойца! Кат!» Сыпала праклёны, як гарох, учапілася рукамі ў каўнер і давай тузаць. «Немец пракляты, ты што робіш?» Ледзь Змітро адарваў жанчыну ад збянтэжанага Ганса. Праўда, і немец зразумеў свой няўдалы фокус. Паставіў карабін у качарэжнік ля печы, паклікаў, паказваючы жменю цукерак, Васілька.

«Крыг, плёха... я, я». Тады Прося наадрэз адмовілася нешта там мяняць на яго хлам. Мінуў час. Забыліся. Толькі Васілёк з таго часу стаў асцярожны, як дарослы. Ледзь затупае Ганс па двары, уцякае дзіцятка на печ, накрываецца коўдрай і ні гу-гу. Сёння, у цёплы веснавы дзень, Ганс зноў тупаў на хутар. Змітру на той час якраз зрабілася дрэнна. Ён бегаў па двары, хапаючыся за грудзі. Спачувальна зацікавіўся Ганс хваробай Летуна і абяцаў дапамагчы.

«Мутэр, фатэр так, маўляў, яго вучылі. У прадзеда была такая ж хвароба. Жаба, жаба, я!» Паказаў на вілы і на вялікую жабу-квакуху, якая, відаць, толькі-толькі выпаўзла з-пад ганка. Ганс узяў тую жабу ў рукі.

«Няўжо, гідота, зварыць ды напоіць якой нямецкай атрутай? — кумекаў Змітро, не ведаючы, што адбудзецца праз хвіліну.— Альбо яшчэ нечысць пасадзіць на грудзі, б-р-р-р...»

Ганс папрасіў малаток, адзін цвік, падышоў да сцяны адрыны і прыбіў жабу за пярэднюю лапку. Паказаў Змітру на вілкі, той узяў іх. Ганс адмераў крокаў дзесяць, паставіў Летуна насупраць жабы і паказаў, маўляў, ідзі і вілкамі распінай жабу на сцяне. Змітру нічога не заставалася, як выканаць усе парады нямецкага «знахара». Разагнаўся, распароў жабу так моцна, што вантробы выпаўзлі на сцяну, павярнуў вілкамі з аднаго боку на другі, сарваў скуру і на зямлі разоў пяць, як таўкачом, змясіў зялёна-чырвоную скуру з зямлёю.

«Гут, гут,— пахваліў Ганс, тыцнуў пальцам Летуну ў грудзі,— больш найн, нікс...» Ды двор не пакідаў.

— Што табе, Ганс? Што хочаш?

— Яйка, яйка...

«Паганец. Прыдумаў нейкі дзікі звычай з жабай і чакае падзякі. Што ж вас у чорным целе трымаюць, не кормяць? Выкінулі сюды, як непрыкаяных, і забыліся, што есці хочаце». Ганс сапраўды, як заўважыў Лятун, любіў многа есці.

Стары палез да курэй, вынес у сіце адно яйка, чым вельмі здзівіў Ганса.

— Усё. Болей не нясуцца. Няма чым карміць. Разумееш?

— Я, я! — праўда, Ганс разумеў іншае: «Скнара ты, хутаранін, што і казаць».

Застаўшыся адзін, Змітро вырваў з зямлі вілкі, абцёр лапікам.

Маленькая Маня з ганка назірала за дзедам і жабай.

Як толькі немец пакінуў двор, падбегла, упілася вачыма на лапку, якая боўталася на цвічку.

— Бяжы ў хату, Манечка, няма тут нічога цікавага.

— А ёй балела, дзеду?

— Мусіць, балела. Яшчэ як балела,— здзівіўся такому сур’ёзнаму пытанню чатырохгадовай унучкі Лятун.

— За што ты яе забіў?

— Немец загадаў.

— Цьфу на немца,— плюнула Маня, акурат як робіць Прося.

— Так нельга, Манечка, нельга. Каб больш не рабіла.

«Стары дурань я, веру. Альбо жаба ўратуе. Паслаў бог пакаранне, нічога не ўратуе. За грэх мой і хвароба невылечная».

— Да мамы хачу, да мамы. Дзе мая мама? — пыталася дзяўчынка.

— Прыйдзе. Яй-бо, хутка прыйдзе. Хадзем у хату, Манечка, будзем разам чакаць. Хадзем...

Болей стары і не ведаў, што адказаць. Дзе тая Марта? Каторы месяц не прыходзіць на хутар.

 

Мішэнін вёў свой дзённік урыўкамі, акуратна, хоць і запісваў падзеі не так падрабязна, як у мірны час. Камісар Іваноў глядзеў на гэтую звычку свайго камандзіра скоса: весці дзённік для Сяргея Васільевіча азначала міжволі выстаўляць сваю персону напаказ. Колісь і ён вёў, запісваў падзеі і дні вучобы ў юрыдычным тэхнікуме, дык міжволі рука сама рабіла з аўтара дзённіка божую кароўку. Іваноў, на вайне асабліва, прызнаваў сухія лічбы, і толькі. Трэба запісваць, каб кожны дзень нагадвала, чаго не хапае: зброі, узрыўчаткі, колькі не хапае. Тут і Афанасьеў жартаваў з камандзіра: «Чаго добрага, яшчэ вершы пачне пісаць. У цэнтральным штабе як даведаюцца, на смех узнімуць: камандзір не б’е ворага, а вершы складае».

Мішэнін не абараняўся: ведаў напорысты ў нечым, нават нахрапісты валявы нораў свайго камісара. Пісаў непрыкметна для сяброў, гартаў, перачытваючы, калі заставаўся адзін у хаце.

«12 лістапада. Нас трыццаць пяць чалавек. Зброю маюць дваццаць. Абмяркоўвалі пытанне аб падрыхтоўцы да зімы.

10 снежня. Альшаны. У паліцэйскіх сем’яў канфіскавалі карову, тры пуды жыта. Настрой добры. Вальковіч падрыхтаваў дзве лекцыі на тэму: «Новы парадак», «Фашысты — ворагі беларускага народа». Добрыя лекцыі, змястоўныя. Ездзілі чытаць у Бухчу, Сенкевічы.

25 снежня. Нас сорак чатыры. Мала? Мала супраць такой сілы... Ці не баюся я... Няўжо. Бензасховішча.

Студзень. Няма Грыцка. Харошы хлопец быў. Адпомсціць.

Аперацыя «Бойня». Бензасховішча.

«Бойня» — выдатна. Падрабязнасці ніжэй.

...у вёсках шмат пытаюць пра жыццё на Вялікай зямлі, пра фронт, партызан. Парадак. Мярлінцы яшчэ не бачылі немцаў.

2 лютага. Не, не, не... З такой зброяй і падрыхтоўкай не разграміць гарнізон у Нырчы. Астудзіць Іванова. Патронаў мала. Па пяць стрэлаў на брата. Тры міма. Адзін раніць. Не, нерэальна. Пакуль не баявы атрад, а хутчэй самаабарона. На Палессі Сабураў, пад Пінскам Корж. Неадкладна сувязь.

10 лютага. Нарэшце. Малайчына Іваноў. Прывезлі з Альшан 50-міліметровы мінамёт з запасам мін, некалькі карабінаў, пяць пісталетаў.

...За ўвесь час распаўсюджана па вёсках адна тысяча пяць звестак Саўінфармбюро. Дзела... Няма вялікага дзела, каб страпянуць людзей. Спакой да дабра не давядзе. Пераход на другі бок Прыпяці. На лета трэба пераходзіць туды. Цягнік, на жаль, не меў боепрыпасаў. Бедна ахоўваўся. Гружаны быў лесам. Патрэбны разведдадзеныя. Тактыка няважная. Выйсце? Яшчэ раз адно — з першым цяплом манеўраваць ад Прыпяці (Сенкевічы) да Пінска. Чатыры падводы, пяць коней. Мала. Тэорыя суха, мой друг...

...Усё гладка на паперы... з гарантыяй і ідэальнымі ўмовамі і дурань пераможа ворага. Новы чалавек. Сястра-ўрач, а што?

Сакавік. Павіншавалі жанчын усёй вёскі. Нашых не мінулі. Якія яны былі па-святочнаму прыгожыя... жонка Вальковіча, Вольга, Марта.

Красавік... Рыхтаваліся да сяўбы... Дапамаглі сялянам укінуць бульбу ў зямлю. Людзі аднесліся да паслуг насцярожана, хоць і з падзякай.

Сабураўцы напалі на столінскі гарнізон. Вучыся, Мішэнін. Трэба аб’ядноўвацца. Можа, у іх зброі больш, сувязь надзейная з Масквою? Эх, ранняя сёлета сяўба. Дыверсія. Неадкладна, толькі не такую, як у сакавіку, за што пасадзіў партызана Ляшкевіча на пяць сутак арышту. Першы загад па парушэнню баявой дысцыпліны, хоць Іваноў быў супраць. Дарма, што не паслухаў Іванова. Ляшкевіч парушыў норму ўзрыўчаткі, хоць яго да аперацыі і папярэджваў Вячаслаў. Замест аднаго зараду на 15 кіль, неабходных для ўзрыву паравоза, Ляшкевіч падзяліў на тры па пяць кіль кожны, спасылаючыся на тое, што хопіць і пяці, калі іх закласці на чыгуначнае палатно, туды, дзе рэйка ідзе на паварот. Памыліўся малады падрыўнік. Цяжкі састаў з танкамі і гарматамі прайшоў на Усход. Зарады аказаліся слабымі. Судзіць? А за што? Афанасьеў не правы. Хлопец хацеў як лепш. Эканоміў узрыўчатку. Перавучваецца камсамольскі работнік, асвойвае новую прафесію. А ён аказаўся не з простых. Ганарлівы надта. Не перажыў арышту, бо лічыў, няма за што яго пад ахову. Збег... Хацеў падацца ў другі атрад. І вось вынік маёй мо рэзкасці і паспешлівай палітыкі. Ён напаткаў за Бухчай невядомы атрад, падумаў, што яму пашанцавала... Хлопцу бандыты, мо бандэраўцы, адрэзалі вушы, выкалалі вочы і павесілі сярод вёскі з надпісам на кардоне: «Такі канец будэ ўсім камуністам і камсамольцам». Як іх знайсці, выявіць? Адпомсціць».

Мішэнін схаваў пад падушку бухгалтарскую кнігу, у якой вёў свой дзённік. Прыйшлі Афанасьеў, узбуджаны Іваноў і Вальковіч.

— Сядайце, таварышы,— Мішэнін пасунуў табурэт,— з вяртаннем вас, Лявон Апанасавіч.

— У тым уся і соль, што не дайшоў ён. Не напаткаў сабураўцаў,— адказаў за Вальковіча Афанасьеў.

— Як?

Коратка Вальковіч паведаміў асноўнае: як хаваўся, ратуючы жыццё, у пограбе ў вёсцы Бухча, як наляцелі рабаваць вёсачку бандыты, інакш пра іх і не сказаць, як уцякаў гародамі сюды. Брат Вальковіча з Бухчы дакладна перадаў, што ўся зона ад Мярлінскіх хутароў да рэчкі Льва і да Сарнаў кантралюецца арміяй Бандэры.

— Трэба выступіць на Бухчу і ўдакладніць адзін раз і назаўсёды, хто там рабуе: бандэраўцы ці іншае атрэп’е? — горача прапанаваў Іваноў.— Не будзе і нам спакою. Ноччу накрыюць... як тады?

— Як ты, Афанасьеў? — папытаў Мішэнін.

— Камісар мае рацыю.

— Падымай атрад,— загадаў Мішэнін.

Партызаны спазніліся. Чужых людзей са зброяй у вёсцы не засталі, не было і жыхароў.

Прыкмет забойстваў таксама не бачна. Абышлі некалькі хат — нікога. Тады Вальковіч моцна пагукаў брата. Але і таго не было, аднак на просьбу Вальковіча адгукнуўся стары дзядок, які схаваўся ў каплічцы. Дзядок і паведаміў, што ўсе людзі паўцякалі ў лес, як толькі даведаліся, што некага зноў зараза нясе. Вальковіч паехаў да лесу, клікнуў людзей. Не ўсе вышлі, толькі частка.

— Што рабіць будзем? Пакідаць засаду? — раіўся Мішэнін.

— Няма ім чаго сюды больш вяртацца. Усё ў людзей пазабіралі. Як жыць, што сеяць? Хоць ты бяры ды з голаду памірай,— казаў брат Вальковіча.

Па дарозе ў Мярлін Мішэнін прапанаваў свайму штабу: падзяліцца з бухчанскімі сялянамі.

— Гэта азначае аддаць амаль усе прыпасы? — перапытаў Афанасьеў. Ён, як ніхто, ведаў, з якой цяжкасцю яны ім дасталіся.

— Усе? Гэта дваццаць пудоў жыта, аўса, трох коней і парсюка.

— Чаму менавіта столькі? — не зусім зразумеў Іванова Афанасьеў.

— Таму што менавіта столькі забралі ў людзей няпрошаныя госці. Самі вінаваты.

— Хто вінаваты, хто не... не будзем лічыцца. Я, напрыклад, згодны з камандзірам,— казаў Вальковіч.

— Ну, а чым будуць карміцца нашы людзі? — Афанасьева здзіўляла смеласць Вальковіча, які раней толькі моўчкі слухаў гаворкі і парады кіраўніцтва атрада.— Другую «бойню» не паўтарыць.

— Прыйдзецца зноў прайсціся па людзях. У Сенкевічах, у Нырчы. Выбраць былых сераднякоў, кулакоў. Бяздзетныя сем’і выявіць,— бачна было, што Мішэнін не будзе прыслухоўвацца да слоў Іванова і Афанасьева.

— Хутка гародніна, ягада пойдзе,— зноў казаў Вальковіч,— бульба ёсць, і дзякуй богу.

— На ягадзе доўга не паваюеш. Мы самі настройваем людзей супраць нас. Таму мо так марудна і ідуць да нас ахвотнікі. Вазьмі адну пару чобатаў,— чуткі пусцяць, што пяць.

— Што рабіць,— казаў Афанасьеву Іваноў.— Іншага выйсця няма пакуль. У глыбокім тыле існуе, дзейнічае па савецкіх законах маленькая тэрыторыя, якую кантралюем мы. І немцы пакуль не сунуліся, хоць і ведаюць пра атрад «Чырвоная Прыпяць». Канешне, мера жорсткая, амаль пакуль адзіная, неабходная,— даказваў, быццам сам сабе, Іваноў.

— Давайце, Вальковіч, завязіце людзям у Бухчу... хоць палову таго, што ў іх забралі. Пакіньце нам запасаў на два тыдні,— загадаў Мішэнін.

— Немцы не сунуліся, а мы...— разгаварыўся Афанасьеў,— замест таго, каб шукаць іх і знішчаць, сядзелі ды чакалі немца. Вось ён прыйдзе, тады мы і дамо жару. Выкалупваць з гарнізонаў трэба, як чарвяка з кары. І трэба ісці, я тут падтрымліваю камандзіра, бліжэй да іх, да іхніх камунікацый. Нанова рабіць лагер і лазню. Абавязкова лазню.

— У лазню і сюды прыехаць можна,— не без жарту раіў Іваноў.

— Ні ў якім разе. Тое ж самае, што бандыты зрабілі з Бухчай, шчэ горш могуць зрабіць немцы з Мярлінам. Ахвяраваць вёскай не будзем. Калі не зможам у бліжэйшы час наладзіць кантакт з людзьмі Сабурава, пойдзем за Прыпяць.

— Згодны з табой, Іван Іванавіч,— павесялеў Іваноў,— нам, чаго граху таіць, падабалася бразгаць зброяй і месяц ганарыцца «бойняй». Зазначым, вынікі нашай барацьбы пасрэдныя, далёка пасрэдныя. Забаўляліся паўгода, можна сказаць. Дзейнічаць, рызыкаваць і дзейнічаць. Чакалі. Думалі, нам хутка Вялікая зямля скіне з самалёта зброю? — нарэшце выгаварыўся Іваноў.

— Не будзь такі ўжо самакрытычны, камісар. Ваяваць таксама трэба ўмець. Вось мы паўгода лічы што вучыліся. Па-рознаму. У мяне дзесяць чалавек семнаццаці-дваццацігадовых, якія і не ведаюць, куды той патрон усунуць. Весці іх у лабавую атаку? На рэальную пагібель. Крыху пасіўнасці ёсць, не пярэчу, але гэта часовая аб’ектыўная неабходнасць. Так,— працягваў Мішэнін,— у нас сапраўднага хрышчэння і не было. Але яно будзе, упэўнены. Мы гатовы да яго.

— А што ж рабіць з бандэраўцамі? Якая прапанова?

— Пакінем сувязнога ў Бухчы. Наведаюцца «госці» яшчэ раз... сустрэнем. А пакуль час рыхтавацца да перадыслакацыі.

Пад’язджалі да вёскі. Ля загуменняў, ля старога калодзежа іх сустрэлі тры жанчыны: высокая жонка Вальковіча з малым дзіцем, Вольга і Марта. Як падалося Мішэніну, Марта цікавала менавіта за ім. І як ён паспеў заўважыць, яна хутка адвяла погляд, жанчына была рада сустрэчы. А мо радавалася таму, што нікога не забілі? А мо сапраўды — яму проста ўсё падалося. Але ж яе вочы? У іх нешта свяцілася толькі яму аднаму. «А... не. Што гэта я, як закаханы юнак,— ён адмахнуўся ад сваіх думак.— А калі не падалося? А напраўду?» — зноў неадступна трывожылі яго думкі.

Мішэнін запрасіў у хату Іванова і Афанасьева, расклаў на стале самаробны план Нырчанскага раёна.

— Як твой новы знаёмы? У Нырчы, акружэнец той? — пацікавіўся камандзір.

— Пянкратаў Фёдар?

— Ён.

— Цудоўны хлопец. Яго, дзякуючы Тураўчысе, якая прасіла Куніка, узялі на работу ў маёнтак. Ля кухні. Там працуе і Уля, жонка Грыцка. Дачка Летуна.

«Зноў гэтыя Летуны»,— падумаў Іваноў, але ўслых нічога не сказаў.

— Надзейны?

— Надзейны. Можна верыць.

— Трэба як мага хутчэй разведаць, што ў гэтым маёнтку канкрэтна? Які санаторый? Колькі афіцэраў, салдат. Рэжым. Ахова.

— Разумею, Іван Іванавіч. Ён надзейны хлопец.

— Вазьмі гэта пад асабісты кантроль.

— Ёсць яшчэ адзін. Ён быў у Пянкратава. Юзік Лятун. Брат Улі.

— Ну, з гэтым крышку пачакаем, хоць, здаецца, чалавек ён неблагі,— уставіў слова Іваноў.

— Няхай так. Там паглядзім. Ну, а табе, Сяргей Васільевіч,— звярнуўся Мішэнін да камісара,— відаць, усё ж прыйдзецца рыхтаваць Вольгу ў падарожжа.

— Яна гатова. Я сам праводжу яе да Лахвы, адтуль да Пінска недалёка.

— Я думаю, адну рызыкоўна адпускаць.

— Дарослая. Дакументы ў парадку.

— І ўсё ж пашукайце суправаджаючага. Прышлі яе да мяне. Хачу пагаварыць,— сказаў напаследак Мішэнін,— а цяпер давайце абмазгуем, дзе лепш разбіваць лагер.

 

 

Частка трэцяя. ПРАДЧУВАННЕ

 

Раздзел пяты. ФЁДАР

Колькі сябе памятаў Фёдар Пянкратаў — яму заўсёды хацелася есці. Родам яны былі з-пад Смаленшчыны, але ў дваццатыя гады падаліся пад Карэлію. Жылі ў вёсцы Мурына. Бацька, маўклівы і працавіты чалавек, нарыхтоўваў венікі (вазілі бярэзнік здалёк ад былой фермы Бенуа) для ленінградскіх дворнікаў і лазняў. У нарыхтоўшчыка дзяцей было як пальцаў на руцэ. Фёдар — старэйшы. Змалку дапамагаў бацьку ў лесе. Тысячамі тыя венікі трымалі ля хаты, пад паветкаю, пільна ахоўвалі. Дзеда свайго Фёдар не памятаў. Казала маці, што яго колісь за тры дзесяціны зямлі прызналі кулаком і вывезлі некуды без вестак. Усё тады канфіскавалі. Пачыналі ў Мурыне Пянкратавы з нуля, але не таілі злосці на ўладу, сумленна працавалі і сумленна вучылі дзяцей. Федзя з дзяцінства ведаў сапраўдную цану кожнай капейцы і кожнаму кавалачку цукру. У дзяцінстве атрымаў адзін падарунак, але які — гармонік! Меў здольнасці музыкі, марыў паступіць у музычнае вучылішча. Праводзячы дні і месяцы на балотах, бацька захварэў. Пачаў кашляць крывёю. Гэта здарылася якраз перад тым, як сыну ісці ў войска. Федзю не прызнаўся аб сваёй хваробе. Провады гулялі весела, што чутно было ў суседніх вёсках Руччах і Гражданцы. Сум апанаваў у цягніку. Перажываў за маці. Напісалі, што бацька ў бальніцы. Напачатку хацеў стаць абавязкова ваенным і абавязкова славутым, як Варашылаў ці Будзённы. Пасля сумных лістоў пра хваробу бацькі рашыў ехаць дахаты. І раптам вайна. Цяжкая зіма ў цёткі Тураўчыхі, чулай і добрай жанчыны, адзінокай удавы. Гэта ж выменяла ў некага мёду і ўсю зіму карміла ім. Выхадзіла свайго салдаціка. Часта Фёдар успамінаў сваё Мурына. У нечым падобную на Тураўчыху ўдаву-суседку, у якой ён краў з хлопцамі гарох, бабы, курэй. І сорамна зрабілася цяпер, жывучы ў Нырчы, за тыя ўчынкі, за здзек над адзінокай і бездапаможнай удавою.

Месяцы са тры, амаль праз дзень, наведваліся паліцаі, цікавіліся, ці не збег рускі? Калі акрэп, сам хадзіў кожны тыдзень на ўчастак, каб засведчыць, што Пянкратаў па-ранейшаму ў Нырчы.

«Рыхтуйся, саколік, першай партыяй паедзеш у Германію»,— зло папярэджваў Галін.

«Куды ж цябе на работы. Калеку? Не даедзеш, загібееш»,— занепакоілася Тураўчыха, і з дапамогай Мікіты, які прасіў за Фёдара Куніка, удалося прыстроіць ваеннапалоннага Пянкратава рабочым на кухню санаторыя. Фёдар прыкметна кульгаў, правая нага ў яго не згіналася. З часам не лепшала.

«Скалечылі, скалечылі маладога хлапца»,— плакала Тураўчыха.

Акрамя нябожчыка Грыцка і Улі, Пянкратаў ні з кім не знаёміўся і не падтрымліваў сувязі. Праўда, неяк разы са тры прыходзіў па свечкі да Тураўчыхі іканапісец Барыс Сыса, але яму пра свой намер, як-небудзь з цягам часу ўцячы да людзей у лес, не рызыкнуў сказаць.

Немцы з ахвотай запрашалі мясцовага мастака Сысу да сябе на работы. Бачыў Фёдар мастака з фарбамі і ў казарме немцаў, і на ўчастку, і ў царкве, у бургмагістраце, а цяпер вось яшчэ запрасілі і ў санаторый, маляваць партрэты адпачываючых там. Адным словам да гэтага нырчаніна ставіўся Фёдар асцярожна, патаемных думак не адкрываў.

Тут, у нырчанскім санаторыі, бывае, ідзе ён ля акон кухні і раптам чуе:

— Федзя, трымай! — І ляцела цёплая, не заўсёды дасмажаная катлета. Хаваў у рукаў. Еў непрыкметна, у падвале дзе-небудзь ці за кастром дроў.

«Спрытная гэтая прыгожая Уля. Такой у нашай вёсцы не было. Як яна заўважае, што я галодны? Не так, каб зусім звяло жывот, але ж галодны. Вочы хіба мае галодныя, ці што. Гэта ж, не дай бог, угледзіць немец, шэф-кухар, невядома чым яе нахабства скончыцца. Не. Трэба папярэдзіць. Абавязкова. Адвучыць».

Раз на тыдзень Фёдара запрашалі на кухню. Не, не частавалі абедам. Цярпліва і доўга шэф-кухар прымушаў Пянкратава мыць рукі і загадваў церці бульбу на тарцы. Нырчанскія дранікі сталі часова лепшай ежай у нямецкіх лётчыкаў. Раней тры вялізныя міскі бульбы сцірала Уля, пакуль галоўны кухар не ўгледзеў, што Уля здзірала да крыві вялікі палец. Немец, скрывіўшы губы, выліў адну такую міску з чырвонымі кропелькамі на галаву жанчыне і не дазваляў болей церці. Фёдар аказаўся спрытным вучнем. Сціраў бульбу ўмомант, не пакідаючы нават малюсенькай качарыжкі. Усё часцей і часцей заказвалі лётчыкі дранікі са смятанай. Яшчэ любілі баршчы. Боршч патрэбен быў і Улі.

Пачалося ўсё з вясны. Дачка прыбягала да Летуна на бойню і забірала хвасты коней. Маўляў, казала, бачыла, што немцы набіваюць воласам матрацы. Мо з дзесятак гэтых хвастоў дахаты перанесла. Ці набівала матрацы, ці не — Змітро не ўгледзеў, яму адзін чорт, на якім спаць: з дзяцінства спаў на голых дошках без матрацаў. Уля ж, хаваючыся ад Просі і малых у адрыне, секла волас, драбіла сечкай для буракоў на дробныя кавалачкі, крышыла нажом на малюсенькія, ледзь бачныя, як стрэмка пад ногцем, часткі. Знарок нашыла маленькую скураную торбачку, якую можна было лёгка схаваць у далоні. Тую торбачку хавала, дзе звычайна нырчанкі насілі хустачку з грашыма — у ліфчыку.

Неяк ад настаўніка ў Колках, калі яшчэ быў жывы яе любы Грыцко, пачула Уля пра адну палескую быль, не быль, чатырохсотгадовую байку ці чутку пра татарскага хана, які знішчаў сваіх сяброў-ворагаў непрыкметна, жорстка і ціха. Падсыпаў дробна сечаны хвост кабылы ў ежу і пітво. Добра тады яна запамятала словы настаўніка і цяпер вырашыла помсціць так за каханага. Праўда, на яе вачах ніводзін афіцэр не ўпаў, не памёр — яны адпачывалі ў белым замку графа Шыдлоўскага кароткі тэрмін — тыдзень, два, але жаночае пачуццё казала ёй: «рабі далей». «Няхай шкодзяць ім хвасты,— думала,— няхай не даедзе, зляжа з хваробай у жываце, няхай іх, паганцаў-катаў, гадзінамі муціць і вырывае пячонкі, няхай ночы не спяць, няхай згіне ў іх апетыт, няхай не выходзяць на службу, а значыць, тады і не ваююць». Па магчымасці сыпала ў кожную талерку. Павялічвала дозы. Хацелася, ой як хацелася ёй сваімі вачыма ўбачыць, што хоць адзін ды скончыцца ў санаторыі, здохне паганец.

...Спякота ў той дзень уедліва надакучыла, выпіла ўсе калюгі і калюжкі, падсушыла цвіль на сцяне пад дзікім вінаградам. Сонца, здавалася, навек завісла ў небе над нерухомым паркам. Без канца немцы патрабавалі ваду з сіропам ды з «брыжыкамі» — так называла Уля газірованую ваду. Лётчыкі гадзінамі купаліся ў Гарыні. Асабліва невыносна было трываць спякоту на кухні, ля агню. Ліплі на целе халаты, косы пад белай шапачкай — хоць выкручвай, грудзі разрывае ад духаты. Адчынілі ўсе вокны, адкрылі люк на вышкі. Няма скразняку: марля на шыбах не варухнецца. З-пад даху самлелыя ці галодныя ўпалі пад акно маленькія вераб’і. Фёдар падняў іх, хацеў быў пакласці назад у кубло, ды шэф-кухар паклікаў Пянкратава пальцам да сябе. Фёдар прынёс двух галапузых і сляпых заморышаў. Немец узяў іх на сваю таўстую мяккую далонь і раптам кінуў на гарачую патэльню. Потым ёмка падкінуў іх на патэльні і клікнуў ката з сечаным хвастом (жарт аднаго лётчыка). Кот есці не стаў. Кухар падкапнячыў яго нагой. Затым паплёўся на двор, кінуўся на траву ў цень пад клёнам. Па парку разгульвалі аўчаркі — шукалі цень. Шэф-кухар клікнуў адну, падсунуў пад нос ёй вераб’ёў. І сабака не стаў есці.

Немец прыўзняўся, мо захацеў піць ці паклікаць каго-небудзь з кухні. І вось тут у шыбе адчыненага акна, бы ў люстэрку, ён угледзеў, як Уля дастала торбачку, высыпала нешта на далонь і, памешваючы чарпаком боршч, пасыпала тое, што было на далоні, у каструлю. Жанчыне падалося, што яна насыпала мала, дабавіла яшчэ. Шэф-кухар у гэты час ужо, стоячы ля акна, назіраў за рухамі Улі. Спачатку немец не падаў віду. Пайшоў на кухню. Выпіў кварту вады. Патупаў ля пліты, зазірнуў неўпрыкмет у адну каструлю, у другую. І раптам, ухапіўшы Улю, моцна прыціснуў яе да сябе, выцягнуў торбачку, высыпаў на паднос волас. Відаць, ён чакаў убачыць нейкі парашок, атруту, але ж, нешта скумекаўшы, моцна ўдарыў Улю па твары, як бы са спазненнем, успомніўшы нешта жахлівае, выхапіў пісталет і стрэліў у акно.

— Хальт! Хальт! — крычаў ён на Улю і трос пісталетам перад збялелым тварам жанчыны.

З другога пакоя, дзе чысцілі бульбу, моркву, прасунулі ў дзверы галовы яшчэ дзве яго памочніцы. Немец лаяўся па-свойму і зноў хацеў ударыць Улю па акрываўленым твары.

Фёдар, а ён з цемені калідора назіраў за імі, не раздумваючы, кінуўся ратаваць Улю, схапіў са стала нож і ўвагнаў яго ў спіну шэфу аж па самую калодку, налёг усім целам на востры цясак, бо здавалася ўзбуджанаму хлопцу, што нож не дастане да сэрца, не пралезе праз тлушч на спіне. Немец не войкнуў нат, ціха панік галавою і паволі асеў на пліту. Запахла падсмаленай чалавечай скурай і воласам, але на гэта ўжо ніхто не звяртаў увагі.

— Уцякайце адсюль. Усе! Хутка! — крыкнуў Фёдар.

— Куды? Дай мне!

Уля хацела схаваць торбачку. Фёдар схапіў торбачку і шпурлянуў у агонь.

— Праз акно. Куды? Назад! — кіраваў ён напалоханымі жанчынамі.

Да кухні ўжо беглі на стрэл немцы з аховы.

Пачуўшы шум і тупат, загаўкалі аўчаркі, кінуліся даганяць прыслугу з кухні. Арыштавалі ўсіх. Нават Барыса Сысу, які маляваў невялічкія партрэты лётчыкаў.

Чутка пра забойства немца ў санаторыі разнеслася па Нырчы імгненна. Усе толькі і гаварылі, што пагражае арыштаваным.

Прося як прынесла гэтую жахлівую навіну, так і ўпала на калені перад покуцем, доўга малілася, уціраючы слязу. «Чорт яго ведае, дзе ад гэтай навалы ўратавацца і як? — не знаходзіў сабе месца Змітро.— Не адно, дык другое. І пры харчах, і нейкую капейку давалі... а цяпер што?» І як не хацелася яму, а ўсё ж, пераадольваючы непрыязнь да Куніка, стары Лятун пайшоў у магістрат. Той адразу кінуўся з павучэннем:

— Навошта ўцякала? Не вінавата, стой на месцы. Што будзе, не ведаю. І сам вінаваты. Быў бы старастам... Тут табе і павага ад немца і аўтарытэт. Што я? Чалавек збоку. Усіх павезлі ў СД, у Столін. Немца лепей не чапаць. Веру, мо яна і не вінавата. Але забілі салдата рэйха. За аднаго трох нашых шугнуць, і нічога нікому не дакажаш. На мяне падазронасць падае. Я, як той дурань, прасіў за гэтага ваеннапалоннага Тураўчыхі. Праўда, не я прасіў асабіста, людзі з немцаў прасілі, але ж... Колькі вам дабра ўсім робіш, клапоцішся пра ўсіх, можна сказаць, і дружбакоў і колішніх ворагаў, а што з гэтага... Ціш была ў Нырчы... Хараство. У прыклад нашу лаяльнасць немцы ставілі. І бойню даравалі. І вось табе, бабка, самавар пацёк.

— Мне каб як дачку ўратаваць, Сямён Сямёнавіч? — першы раз за ўсё сваё жыццё Змітро назваў Куніка па-бацьку, дастаў з кішэні хустачку, развярнуў яе і паклаў на стол пяць мікалаеўскіх чырвонцаў, якія трымаў і бярог на сваё пахаванне.— Вось усё, што маю.

Кунік хуценька згроб залатыя манеты ў прыстолак.

— Ты што? Калі хто ўгледзіць? Поўна шпіёнаў і тут. Я зраблю ўсё магчымае, але не абяцаю. Толькі дзякуючы таму, што Юзік у паліцыі і ты сам робіш на бойні. І памяні мае словы, не дай бог, яшчэ што-небудзь такое, звязанае з тваім хутарам, утворыцца... спаляць усіх жыўцом, і ніякія грошы не ўратуюць.

Невядома, ці напраўду дапамог нечым Кунік, але ж суд быў кароткі, выбух ад яго вялікі. Трох дзяўчат, у тым ліку і Улю, тэрмінова паставілі на адпраўку ў Германію. «Слава богу, будзе жыць»,— супакойваў Змітро панурую Просю. Самога забойцу, які ўпарта браў на сябе аднаго і нікога не выдаў, загадалі пакараць на людзях праз павешанне.

Пакуль хадзіла чутка пра адпраўку трох маладзіц (першай партыяй вывезлі яшчэ ў красавіку адных хлопцаў, і пра тое крыху забылася), ніхто пра Фёдара, акрамя Тураўчыхі, і не ўспомніў. Адпусцілі і Барыса Сысу — схуднелага, з сінякамі на твары. Як пачалі будаваць шыбеніцу ў скверы ля паліцэйскага ўчастка, зноў успомнілі нырчане пра салдата Тураўчыхі, неяк яшчэ больш прыціхлі. Кіраваў Галін. Прывезлі з прамкамбіната лес, прызначылі з нырчан рабочых. Ніхто з іх не ведаў, як тую шыбеніцу і будаваць. Адзін цыбаты немец з казармы намаляваў чарцёж і перадаў Галіну.

Быў макавей. Свята кветак. Людзі ўбралі галінкамі клёнаў аканіцы, раней такое рабілі толькі на тройцу, прыбілі такія ж галінкі з шырокай лістотай над дзвярыма сеняў, упрыгожылі покуці бяссмертнікамі. Апоўдні пачалі памалу збірацца ля царквы. У зжаўцелых і здранцвелых руках старых, у бялюткіх худых далонях заіскрыліся жоўтыя гваздзікі, блакітныя піёны, астры і пахучыя сіне-чырвоныя флёксы. Мо знарок усе нырчане ішлі да царквы, каб не заўважаць падрыхтаваную шыбеніцу, гэтае бяльмо ў цэнтры мястэчка. За дзень да «суда» паліцаі абышлі ўсе нырчанскія вуліцы, папярэдзілі: «Заўтра каб кожны, і малы і стары, у дзве гадзіны быў ля ўчастка».

Большасць ланцужкамі ад вуліц цягнулася да Царкоўнай гары. Знайшліся сярод жыхароў і такія, што прысунуліся да прызначанага паліцаямі месца раней часу. Але ні бог, ні царква не ўратавалі нырчан ад нямецкага «запрашэння». Калі Мікіта пачаў свянціць крыху пасохлыя ад цёплых рук букецікі, затупалі ў царкве шасцёра паліцаеў і пагналі народ сілком да шыбеніцы.

Што рабіць? Напалоханыя людзі подбегам пайшлі да скверыка, забягалі па дарозе дахаты і пакідалі кветкі на ганках і падаконніках.

Пра тое, што будуць вешаць на людзях «хлопца Тураўчыхі», паведаміла Змітру Прося. За тым ужо прыязджаў на ровары паліцай Грубка і строга папярэдзіў, каб былі на месцы, ля ўчастка.

— Як вешаць? — не паверыў стары і перапытаў у Просі. Лятун не надта добра сябе і адчуваў. Мінуў усяго месяц, як развітаўся з Уляй. Шчэ здавалася, акрэслена помніў яе трывожна-ўсхваляваны голас, просьбу: «Я выжыву. Я ўцяку. Васілька, татка, уратуй. Сыночка майго, не дай малому загінуць, тата!»

— На людзях будуць вешаць,— казала Прося.— Ірады, каб ім дамавіну бог даў. І не пайду я. Няхай заб’юць. Дзетак не павяду. У пограб схаваемся.

Змітрок нічога не адказаў Просі, думаў пра сваё: «У маёй жытцы яшчэ гэтага не хапала. Усё айцец наш пакуты павялічвае, няўжо ўсё размеркавана ў яго там, на небясах? Мо ён прымушае мяне ісці туды знарок і мяне да смерці прывучае. Пра мой грэх забойства нагадвае?»

Змітро ўсё роўна як адчуў, што нейкая сіла штурхнула яго: «Ідзі. Паглядзі». Не здзівіўся, не аспрэчваў гэтую сілу. Пайшоў.

Народу нагналі паўнютка, не прабіцца да шыбеніцы. Ліпу абляпілі падлеткі, не гойсалі па галінах, а па-даросламу засяроджана прыціхлі. Панавала непрыемная, колкая ціша.

Лятун праціснуўся бліжэй да шыбеніцы, ля якой тупаў Ганс і яшчэ адзін нямецкі салдат. Змітро зніякавеў, не хацелася сутыкнуцца вачыма з Гансам, таму адышоў да ліпы. Памалу люд загаманіў, пачалі жанчыны. Усе гаварылі пра паліцаяў, якія і зараз шнарылі сярод нырчан, шукаючы сваімі воўчымі вачыма, каго няма.

З царквы пагналі нават дзяка, у нязвыклай адзіноце Мікіта адчуў сябе не то што дрэнна, а неяк разгублена. Аж здзівіўся. Душа Мікіты надзвычай моцна трывожылася. «Варвары, варвары, дзікія варвары! Хто надаў ім правы глумлення ў святых сценах? Хто, божа?» Патушыў свечкі ля алтара, расшпіліў нарукаўнікі, зняў рызу, белы падрызнік. Сонечныя промні адбілі на падлозе чорны квадрат акна. Ні гуку. Ціша на ўсю маленькую царкву. Нават крокі ўласныя падаюцца незнаёмым рэхам за спіною. Выйшаў, пачаў хадзіць вакол царквы. «Добра было б пафарбаваць нанова званіцу». Патрухлеў ад зямлі наскора пастаўлены крыж на магіле айца Андрэя, які ў далёкім трыццаць шостым згарэў разам з царквою. Трэба будзе прывезці камень. Магілы астатніх дзевяці свяшчэннікаў былі дагледжаны. Гэта рабіла Тэкля. Мікіта ведаў, хоць ніколі не прасіў цётку даглядаць магілы. Кожны месяц прыходзіла сама. Падышоў да магіл. Каторы раз чытаў знаёмыя імёны: Якаў Танканог, Ларыён Серада. Год нараджэння, смерці. А сам думаў: цікавіць мяне зараз не гэта. Я знарок прыдумляю сабе хоць якое-небудзь дзеянне, знарок.

Мікіта зайшоў з другога боку ў прыслужную, узяў Біблію, адкрыў нягледзячы. Трапіў на кнігу Іова. Чытаць не хацелася. Прымусіў сябе прачытаць першыя пяць параграфаў. Бунт Іова супраць бога не занімаў і не хваляваў. Хацелася нечага іншага. Паклаў Біблію, зноў пайшоў на двор. Замкнуў царкву. «Ды што ж гэта такое, госпадзі, што я неспакойны такі, быццам мяне на пакаранне вядуць, мяне шыбеніца чакае?» Ён нечакана, быццам зрабіўшы таямнічае адкрыццё, здзекліва неяк усміхнуўся.

«Канешне, вось яно, маё жаданне, паўзе акі змій па спіне. Дарма я таіўся. Падманваў самога сябе... Мне ж хочацца пайсці туды? Так, так, госпадзі... Туды — да шыбеніцы цягне мяне, грэшніка, цягне невыносна і ўпарта. Та-ак. Мне хочацца глянуць, як чалавек прыме,— ён спалохаўся нават выказаць гэтае слова,— як прыме... смерць! Там няшчасны павінен памерці. Хто ж тады я і што я? — дзівіўся з гневам асуджэння Мікіта.— Што ж, госпадзі, і тут, выходзіць, твая рука і тваё вока? Нікога ж сам не забіваў, не любіў нікога, акрамя цябе. Табе аднаму служу, царкву збудаваў, славы не прашу, бацьку шаную, хвораму спачуваю, галоднаму кавалак свой аддам... тады за што цягне мяне туды? Чаму мая душа не працівіцца? Чаму яна не можа, табой накіраваная, супакоіцца? Я ж павінен, я хачу, я думаў, я магу быць прыкладам астатнім твайго абраза і падобія. А я нікчэмны, нікчэмны-ы! Мне хочацца бачыць смерць!» Так ён яшчэ доўга разважаў, шукаючы ратаванне ў блытаніне сваіх успамінаў, думак і разважанняў. Спусціўся з гары да ракі, запусціў пляскаты каменьчык, і той пабег на ўсе сем плёсак. Думаў, гледзячы на ваду, супакоіцца. Дзесяткі новых пытанняў бралі яго ў свой палон, заставаліся без адказу. Успамінаў кнігі Пісемскага, Дастаеўскага. «А ўрэшце, і я прыйшоў да бога праз бездань сумненняў і пошукаў яго існага падабенства ў сабе».

Мікіта нешта ўспомніў і з абурэннем падумаў: «Божа мой літасцівы. Толькі цяпер я зразумеў усю нікчэмнасць і нават дурноту, усю прыдуманасць і смехату нейкага святога айца, які, каб не пайсці да блудніцы (ці жанчыны проста), адсек сабе кавалак пальца. Гэта ж, госпадзі, так дробна і не сур'ёзна. Што такое ўтрыманне ад граху ў параўнанні з велізарнай віною: стаяць побач і мірна назіраць, як некага пазбаўляюць жыцця! Ды, святы божа, пра якую святасць дбаў той святы айцец? Ідзі, пладзі дзетак, няхай новае жыццё народзіцца, і яно выкупіць твой грэх. Ад твайго ўчынку ніхто не акалее, не падмане, не загубіць іншага. Там, ля шыбеніцы, на мяжы жыццё і смерць, толькі там праўда, ісціна і богава ўразуменне. Дараванае жыццё забіраецца некім, а ты бездапаможны зрабіць што-небудзь. Не. Найвялікшае чалавечае глумленне — гэта вайна, забойства і толькі забойства. Яно калечыць невылечна душы, яно гоніць па свеце грэшных, яно прытупляе ахвоту да радасці жыцця ў слабых, што жывуць у боязі быць забітымі. Толькі яно спакушае чалавека на ўседазволенасць».

Між тым, так разважаючы, Мікіта накіраваўся ў цэнтр мястэчка. Хапіўся аж ля сталоўкі. «Куды ж я? За што ты, сатана, кіруеш мною, каб потым разбэсціць маю адданасць усявышняму? Ну, не... Болем пакараю сябе, а не пайду».

Ля царквы думкі пра боль паказаліся яму дзіцячымі і нізкімі. «Немагчыма думаць і ўсё рабіць аб уратаванні душы, калі чалавек бяздушны. Калі ў яго толькі прабіваюцца да святла парасткі сапраўднай душы. О, госпадзі, як невыносна карціць ісці туды! О, невычэрпная чаша спакусы!»

Адамкнуў царкву, упаў на падлогу ля алтара і пачаў зацята маліцца. Светлая мара яго застацца чыстым перад богам, пачаць новае жыццё, стаць дбайным вучнем бога і носьбітам яго запаветаў — пахіснулася.

«Я ж грэшны, страшэнна грэшны. Кожны чалавек, кожным днём грэшны. Калі так, тады выходзіць, што нікога і няма на зямлі, каб несці і мець права несці ў душы тваё імя, госпадзі, і смела заявіць свету: «Госпадзі, я прыклад твой і тваё падобіе». Гэта немагчыма. Тады навошта вера, бог? О, прашу цябе, святы айцец, навучы мяне, як жыць? Як выжыць сярод тых чужынцаў, хто не падобіем тваім, а богам сябе лічыць? Змірыцца з паганай натурай чалавечай ці абраць хоць кроплю надзеі на духоўнае прасвятленне? А мо я дарма малю яго аб лёгкасці для душы, мо гэты шлях сумненняў і супярэчнасцей і ёсць тое, што называюць шчасцем на зямлі? Не. Досыць. Усё глупства і блытаніна. Бога трэба прыняць на веру. Прыняць. Дапамажы, адно прашу ў гэты час, ураўнаваж мае пачуцці, пазбаў ад вар’яцтва назіраць ганьбу. А мо я перабольшваю? Мо віны сузіральніка наогул не існуе? Не. Такога быць не можа. Гэта я проста загаварыўся. Я ж сам дачакаўся той хвіліны, падоранай госпадам за мае пакуты і адданасць яму, калі і мяне ахоплівае шчасце ад любові і павагі да жыцця кожнага, з кім сутыкаешся. Значыцца, ёсць шчырая любоў без карысці, без патрэбы браць нешта ўзамен яе. Даруй мне, усявышні, мае бачныя праграшэнні і нябачныя. Цяжка мне, госпадзі, ад цяжкасці майго сатанінскага жадання... Накіруй мае пачуцці і жаданні на шлях ісціны...»

Мікіта так быў захоплены сваімі пачуццямі і думкамі, што і не ўгледзеў, як на парозе з’явіўся Галін.

— Давай, поп, да шыбеніцы. Немцы загадалі, каб усе глядзелі.

Мікіта, тупаючы здранцвелымі нагамі, пайшоў за Галіным.

А ля шыбеніцы тым часам народ прыціх. Два нямецкія афіцэры, што прыехалі з камендатуры, панура і без цікавасці аглядалі месца пакарання.

Галін нешта гыркнуў на Юзіка, і той, зняўшы шапку, прагнаў вераб’ёў, якія абляпілі шыбеніцу.

Уголас усхліпнула маці Тураўца — з участка вывелі Федзю. Ішоў ён босы, быў, як заўважыў Змітро, вельмі схуднелы і бялюткі з твару, як вата. Федзя заплюшчыў вочы, не мог адразу прывыкнуць да святла, таму ішоў амаль навобмацк.

Далікатна так падштурхнуў яго да шыбеніцы Грубка. І ўжо сам прагнаў надакучлівых вераб’ёў.

Нечакана з натоўпу выбегла Тэкля і, на хаду развязваючы хустачку, падбегла да нямецкага афіцэра, падала грошы:

— Не забівайце яго, даражэнькія... Адкупная. Ось. Бярыце грошы. Усё вам! Бярыце.

Тэкля так і не купіла сабе кароўкі.

Афіцэр змаўчаў, толькі глянуў на Галіна, а той і без нагадвання паспеў схапіць Тэклю і пхнуць да людзей, моцна штурхнуўшы ў плячо. Змітро меней прыглядаўся да афіцэраў, больш сачыў за Федзем.

«Няўжо яму не жахліва паміраць? Няўжо не ўпадзе на калені, не ўзмоліцца аб памілаванні?»

Ганс накінуў пятлю на шыю, быццам павесіў на крук хамут, угледзеў зверху Змітра і як бы падміргнуў Летуну. Ці гэта Змітру падалося. «Маўляў, нічога агіднага. Яшчэ хвіліна, і пойдзем піць піва разам». Афіцэр на высокай ноце зачытаў абвінавачвальную прамову.

Тураўчыха праз слёзы ўсклікнула ў жахлівым адчаі: «Федзя, сыно-о-ок!»

Пянкратаў глянуў на Тураўчыху, ажывіўся, паспеў гучна на ўвесь сквер крыкнуць: «Не плач, маці! Дзякую табе. Не плач. За мяне адпомсцяць партызаны, чуеш, адпом...»

Канчатак слова ён прасіпеў.

Ганс выбіў табурэтку так моцна, што яна паляцела на зямлю пад ногі афіцэру. Людзі, як па камандзе, апусцілі вочы долу. Панік і Змітро. Толькі Юзік, сціснуўшы сківіцы, стаяў насупраць шыбеніцы і мо адзін з нямногіх не зводзіў вачэй з Федзі. Пянкратаў выкручваў з той вяроўкі рукі, дрыгаў нагамі, шукаючы хоць якую-небудзь апору пад імі. Яшчэ хвіліна — заціхлі жылістыя рукі, супакоіліся ногі, толькі вочы рвалі векі, ды сінеў твар, і галава нема панікла набок. Раптам ногі з новай сілай устрапянуліся. Толькі сілай гэтай цела ўжо не кіравала, а білі іх сутаргі.

Юзік апусціў вочы... «Не. Не магу больш з імі... не магу! Уцяку да партызан, што будзе, тое будзе. Уцяку. Усё роўна»,— моцна пульсавала яго прыціхлае сумленне.

Разыходзіліся людзі хутка. Толькі ля ліпы стаяў Змітро, галава ў яго балела, бы ад чаду. Не дапамагла парада Ганса. Прыступ грудной жабы, пасля доўгага перапынку, накінуўся зноў. Юзік памог старому, давёў да хутара. Ззаду, бы ў сне, плёўся абяссілены Мікіта.

Два дні хадзіла Тураўчыха да шыбеніцы, пакуль на трэці не дазволілі зняць і пахаваць Федзю. Праводзілі хлопца на могілкі Тэкля, Прося і стары сусед Тураўчыхі Юрко, які рабіў нябожчыкам труны. Астатніх загадзя папярэдзілі, з пагрозай пакарання, не ісці за труной.

Дзеці нырчанскія панеслі далей славу і гонар яго, гуляючы, крычалі на ўсю Нырчу: «Ты, Паўлік, ты, Янэк, ты, Базылька, смелы такі ж, як Федзя Тураўчыхі».

 

13 мая 1942 года камендант Остланда, так другі год называлі Беларусь немцы, генерал фон Чамер-Остэн склікаў у Мінску камендантаў, кіраўнікоў СС і паліцыі на спецыяльны сход, на парадку дня якога было: «Рост партызанскага руху на акупіраваных землях і яго небяспечнасць для перамогі рэйха і ўзмацненне барацьбы супраць партызан». Сур’ёзнасць і важнасць сходу надаваў і асабісты ўдзел у ім генеральнага камісара Беларусі гаўляйтара Кубэ і кіраўніка СС Цэнера. Обер-лейтэнант СД дваццацісямігадовы Удо Вульферт, старэйшы брат Ганса, лічыў сябе на гэтым сходзе амаль пачэсным госцем. Ён наўмысна напрасіўся ў свайго кіраўніцтва на ўдзел у сходзе. На тое былі свае прычыны. Ведаў, што калегі мелі большы вопыт барацьбы з бандытамі. Ехаў пачуць дзейныя парады і слушныя прапановы, асабліва спадзяваўся на высвятленне адной праблемы: Удо вывучаў, выяўляў і больш астатняга цікавіўся дыверсіямі на чыгунцы. Па-другое, глухое, вечна гразкае ўлетку і асабліва ўвосень мястэчка Камень-Кашырскае надакучыла да галаўнога болю. Амаль год ён вяў і сох ад суму, аднастайнасці кухні камендатуры і трыццаці брудных вуліц. Хоць службу сваю паважаў, СД — адна з частак нямецка-фашысцкай тайнай паліцыі, орган ваеннай контрразведкі, лічы, што амаль унутрыармейскае гестапа, а ўсё ж па-харошаму зайздросціў калегам-сябрам. Чаму б, скажам, і яму не сядзець дзе-небудзь у вялікім горадзе, скажам, Кіеве ці Лембергу12. Дык не ж, лёс закінуў яго ў невялікі палескі гарадок і прымусіў займацца партызанамі.

У Мінску тры дні амаль адпачываў. Так, для блізіру, нешта памячаў у блакнот, уважліва слухаў усё, фіксаваў асноўнае і, седзячы ў зале, шчодра марыў, лунаў у воблаках, успамінаў. Так падзейнічаў на яго настрой вялікі горад. Праўда, з тых новых парад і адбіраць для сябе шмат чаго не прыйшлося. Такое ён чуў і ў сваім райхскамісарыяце, нават сказы, падалося, былі аднолькавымі і ў прамовах остландскіх кіраўнікоў. Яму гэта было не ў навіну, што ў некаторых раёнах існуе Савецкая ўлада, што... ёсць выпадкі святкавання 1 Мая і свята Кастрычніка. Што насельніцтва больш падтрымлівае партызан, а не іх, нямецкіх салдат. Расце колькасць дыверсій. Вярбоўка рабочай сілы ў Германію праходзіць не ўсюды на тым узроўні, які павінен быць. Для барацьбы з бандытамі не хапае сіл, бо памер партызанскага руху набывае пагражальныя маштабы, што вельмі небяспечна для арміі групы «Цэнтр»... Што патрэбна вярнуць 211-ю ахоўную і 707-ю пяхотную дывізіі... і так далей. Тое ж самае мог сказаць і ён. Без усхваляваных прамоў з крыкам аб дапамозе Удо разумеў, бадай, галоўнае: насельніцтва згубіць веру ў сілу германскай арміі без усякіх сумненняў, калі яно бачыць, што армія гэта не можа саўладаць з партызанамі. У перапынку шукаў свайго калегу па адной «альма-матэр» Пауля Мантопфера, які вёў справы па дыверсіях на чыгунцы Мінск — Орша — Смаленск. Некалькі апошніх месяцаў Удо не атрымліваў ад былога сябра пісьмаў. Казаў нехта, што Пауль у Оршы. На другі дзень пасяджэння павінен прыехаць. Ды перадалі жахлівую вестку. Мантопфер падарваўся на міне!

«Так...— з жалем думаў Удо,— значыць, не толькі тэорыя, але і практыка ўсюды супадае. Няўжо і тут гэта цудадзейная міна МЗД-5?»

Здавалася, падымі Удо сярод ночы, і ён, не памыляючыся, раскажа ўсё пра гэтую міну замаруджанага дзеяння... Стрыжань з мяккага металу. Балончык з кіслатой. Як толькі кіслата растворыць стрыжань, міна ўзрываецца. Праз які час? Усё залежыць ад канцэнтрацыі кіслаты. Удо мог з заплюшчанымі вачыма скласці бутафорскі макет міны.

Апошнія чатыры месяцы (ча-ты-ры! — крычалі па тэлефоне ад райхскамісара Эрыха Коха) служба СД у Камень-Кашырскім не падняла, заўважыўшы паміж шпал ці пад шпалай, ніводнай міны. Быццам хто наваражыў. Не паспееш крануць яе, як міна імгненна ўзрывалася ў руках.

Удо, у адрозненне ад свайго малодшага брата Ганса, вызначаўся прыроднай упартасцю і таленавітасцю. Яшчэ з дзяцінства памятае выпадак, як усе аднакласнікі жартавалі з яго чытання роднай мовы. Тады ён сам, без дапамогі старэйшых, за нейкі месяц вывучыўся так, што пачаў чытаць лепш за ўсіх у класе. Упартасць яго, аднак, ніколі не пераходзіла ў настырнасць. Ён і сам сябе лічыў «служкай», але не тупым фанатам адной асобы Гітлера ці Герынга. Удо Вульферт быў нядрэнным аналітыкам, нават пранікнёным палітыкам, ідэйным нацыстам, які бачыць далей факта часовага поспеху, перамогі. Меў сваю думку і на праблему вайны і міру, аднак, пасля аднаго непрыемнага здарэння, карыстаўся сваім поглядам надзвычай асцярожна і амаль зводзіў уласную абасобленасць думкі да масавай шэрасці агульнага падабенства. Тое непрыемнае здарэнне адбылося яшчэ ў студзені 1941 года ў Сен-Жэрмені ля Парыжа на ваеннай гульні групы армій Рундштэдта. Гульня была адной з апошніх рэпетыцый паходу на Савецкі Саюз.

У гульні 11-я армія разам з 6-й арміяй адпрацоўвалі наступленне з Румыніі і паўднёвых раёнаў Польшчы на Кіеў і далей на поўдзень. Характар гульні — актыўна наступальны. Удо неяк выказаў у прыватнай гутарцы маёру Міту свае меркаванні наконт маскіроўкі і дэзарганізацыі праціўніка на ўсходзе. Што, маўляў, асноўная маса войск будзе адцягнута на 200—300 кіламетраў на захад, у той час як склады забеспячэння пераносяцца і будуюцца ля самай граніцы з Савецкім Саюзам. Міт нічога не адказаў, ды ўсё ж выкарыстаў інфармацыю супраць Удо. Каб не добрыя адносіны начальніка штаба палкоўніка Велера, які добра быў знаёмы са старым Вульфертам, мог Удо панесці і пакаранне. Маглі падвесці пад яго вольнае выказванне ілжывую інфармацыю ці разглашэнне ваеннай тайны — прычапіцца знайшлі б да чаго.

Ці зайздросціў Удо свайму фюрэру? Зайздрасці не было, існавала невычэрпна вялізная павага да «ратавальніка і адраджэнца нацыі». А яго, фюрэра, нібелунгаў комплекс — звышадданасць пастаўленай мэце? Гэта так уздзейнічае на душы ўсіх немцаў, гэта так высакародна. Гэтая павага не змянілася, калі ўвосень 1935 года ў вучэбным лагеры Альптэн-Грабаў салдаты, сярод іх быў і Удо, армейскага пяхотнага палка пабіліся з дужымі эсэсаўцамі з палка асабістай аховы Гітлера ў лагерным кіно. Удо не мог, як немец нат, не ацаніць чалавека, які яшчэ ў далёкім 1923 годзе, 6 лістапада, у піўной «Бюргербрайкелер» абвясціў свой урад, вытрымаў судовы здзек 1 красавіка 1924 года, пасядзеў у турме, зноў узяўся за вялікую справу і нарэшце праз дзесяць гадоў перамог. Та-ак. Ён, Гітлер — асоба. У гэта трэба верыць.

Стаць самому новым фюрэрам, падобным на Гітлера? — пра такое нават і не марыў, як і не верыў у тысячагадовы моцны рэйх.

Удо схіліўся перад фюрэрам, як вышэйшай місіяй Германіі, а не як перад геніем, якому належыць увесь германскі народ. Не хацелася стаць фюрэрам па вельмі простай і, на першы погляд, нават смешнай прычыне. Дзесяць гадоў спатрэбіцца, каб даперці да ўлады і прымусіць усіх спяваць сабе асану, яшчэ дзесяць на ўзмацненне магутнасці. Далей што? А сам чалавек? Біялагічны арганізм. Хваробы, нервы, адзінота... Удо хацелася абавязкова зрабіць, прыдумаць, вынасіць нешта вечнае! Праганяў ад сябе думку, што мо на матэрыяле вайны нічога вечнага і не адкрыць. Хіба што (апошняе, што заставалася) напісаць кнігу, як, скажам, Ганс Дэльбрук з яго «Спадчынай Бісмарка», адной з дарагіх кніг яго дзеда. Палітыка ж, як слава акцёра, спевака : дым і толькі дым.

Адно вечна — звышадданасць, служэнне германскаму народу. Радасць ад моцнай вялікай імперыі напаўняла сэрца, як альпійскія снягі Рэйн. Ажылі колішнія словы настаўніка гісторыі, якія Удо памятаў з дзяцінства, як вершы Гётэ і малітву, ставіў у прыклад свайму брату: «Нашы бацькі пакінулі нам вялікую спадчыну. Мы павінны прыкласці ўсе сілы, каб вярнуць яе. Гэта павінна стаць імкненнем кожнага немца. Тады прыйдзе дзень, калі ўвесь народ падымецца і звернецца з заклікам да бога: «Госпадзі, вызвалі нас, і тады мы вырвем крыжы з нашых магіл і пераробім іх на мячы».

Дзе яны цяпер, гэтыя 440 артыкулаў Версальскага дагавора? Рэпатрыяцыя, скарачэнне арміі да 100 тысяч, акупацыя левага берага Рэйна, знішчэнне немца як асобы — дзе? Усё ж было, было наяве?!. «О, як нас зняважылі!»

Толькі сёння, вяртаючыся ў Камень-Кашырскі, ён за доўгую дарогу ўпершыню зразумеў свайго бацьку, які, як панамар, кожны дзень за абедам нагадваў усім: «Лепш быць памершым, чым рабом. Германія, прабудзіся! Яўрэі, акалейце!»

Тады стары з яго надакучлівымі праклёнамі здаваўся ім, дзецям, смешным, а ён на справе вялікі патрыёт, выклікае пашану. Тады бацька клапаціўся і цяжка перажываў за гонар айчыны, як перажывае сёння ён. Прароцкімі аказаліся і словы Гіндэнбурга: «Мы адпомсцім, хоць і праз 100 гадоў, бо гісторыя паўтараецца. Больш за ўсё на свеце я мару, каб мне было яшчэ раз дадзена ўзняць зброю супраць Францыі».

«Ах, каб меў такую свядомасць кожны афіцэр, кожны салдат! — не прамінуў пахваліць сябе Удо.— Каб кожны. А Ганс? Брат такога абвостранага пачуцця нацыянальнага духу якраз і не мае».

Каб сказаць, зусім не мае, нельга. Проста яму не стае азарту, веры. Як яго навучыць супастаўляць, арыентавацца ў мэтах фашызму? Каб і ён усвядоміў: што ворага нельга забіць канчаткова (адпомсцяць дзеці) або знішчаць яго таксама канчаткова маральна... ворага трэба трымаць ля пэўнай вольнасці, даць яму магчымасць дыхаць і спадзявацца (трымаць яго надзею пад кантролем), не знішчаць апошнюю (асабліва) надзею. Нямецкі народ — той народ, які разбіў рымскую імперыю, прыціснулі Версалем за шыю да зямлі. Памылка. Ап’яненне поспехам. Кожны поспех часовы. Хто брату адкрые такія ісціны, хто?

Ганс хоць узорна і старанна служыць рэйху, а ўсё ж служба не прашывае яго сэрца вострай іголкай гонару. Такі вывад Удо зрабіў даўно і ніколькі не ўсумніўся ў ім, атрымліваючы рэдкія лісты ад брата. «Каб пабыць побач з ім... Няхай часова. Неяк уласным прыкладам дапамагчы знішчыць цвіль абыякавасці»,— думаў обер-лейтэнант.

Па дарозе назад у Камень-Кашырскі пазнаёміўся Вульферт Удо з афіцэрам з Пінска. Хваліцца не было чым, і Удо больш слухаў пузаценькага (відаць, нягледзячы на маладыя гады, той любіў добра паесці) калегу. Афіцэр паказаў Вульферту карабок ад запалак і прасіў пільна разгледзець этыкетку. Доўга так Удо разглядаў этыкетку і нічога, акрамя жоўта-чорнай нямецкай каскі, не ўгледзеў. Тады афіцэр перавярнуў карабок, і каска цяпер нагадвала павешанага за галаву Гітлера! Удо падумаў: «Шчасліўчык гэты афіцэр з Пінска. Этыкеткі... Там спалілі млын, падпалілі лесапільны завод... такія дробязі. У афіцэра ўсё толькі пачынаецца. Таму яшчэ яму можна забаўляцца этыкеткамі».

 

Месяцы два не было чутак пра партызан. І раптам: разгромлены невялічкія гарнізоны паліцаяў у вёсках Альшаны, у Рамлі (гэта ў дзесяці-пятнаццаці кіламетрах ад Нырчы), нападзенне на судны на Прыпяці (везлі каля трохсот галоў жывёлы), узрыў на чыгунцы ля вёскі Сенкевічы. Ад паліцая, бледнатварага з глыбокімі залысінамі дзецюка, які ўратаваўся ў Альшанах, у нырчанскім гарнізоне даведаліся, што ўсе акцыі зроблены мярлінскімі партызанамі, якія цяпер з лета заснавалі свой лагер на Прыпяці, недалёка ад Сенкевічаў. Было над чым падумаць і ў нырчанскім участку. У той дзень як напалі на альшанцаў, нехта пазваніў да нырчанскіх паліцаяў і папярэдзіў, маўляў, мы перабілі прыслужнікаў у Альшанах і Рамлі, а цяпер чакайце, бо надышла ваша чарга. Дзяжурыў якраз Артур, ён усё і перадаў Галіну. Той пабег у казарму да немцаў. Паехалі ў Альшаны ўсе. Нападзенне пацвердзілася. Усё праўда. Да Сенкевічаў ехаць не рызыкнулі, немцы павярнулі назад. За імі моўчкі, абы ціха, павярнулі падводу і паліцаі.

Спалохана, як зацкаваны звер, азіраўся на ўсе бакі Артур, усё здавалася — партызаны палеглі недзе недалёка, схаваліся ў густой траве. Немцы на машыне дык былі далёка, аж пад Нырчай ужо, а яны на падводзе ехалі, як сонныя. «Погань якая, немец, а,— казаў Артур Юзіку.— Як туды, дык ехалі павольна, уровень з падводай. А цяпер дык пакінулі нас адных. Сукі, нячэсна, а?»

Юзік маўчаў.

Артур нахіліўся і запытаў:

— Перайшлі ў Сенкевічы, бліжэй да нас. Марта не прыбягала? Пара канчаць бадзягу, пара. Чуеш, не?

— Не прыбягала. Адчапіся,— зло аднекваўся Юзік.

Увечары таго ж дня прыбыў у Нырчу карны атрад эсэсаўцаў.

Ранкам сагналі не ўсіх, а выбарачна, толькі тых, хто меў коней. Прывёў да ўчастка і свайго коніка Змітро. Нашто сабралі нырчанскіх мужчын, а прыйшло чалавек дваццаць, ніхто не ведаў. Роўна а дзевятай гадзіне раніцы прыехалі са Століна дзве машыны з немцамі. Такіх салдат Змітро бачыў упершыню. Далі каманду хуценька запрагаць коней, цягнуць гарматы.

«І куды ж гэта?» — пыталіся нырчане.

— На аблаву вас забіраюць. Дапамагаць немцам,— адказаў Кунік, які таптаўся побач і сунуў нос ва ўсе справы.

— На каго аблава?

— Звеснае дзела. На партызан мярлінскіх,— плюнуў незадаволены Галін.

— Дык машынамі дацягнулі б гэтыя халеры хутчэй,— нясмела параіў Змітро.

— Цябе не спыталі. Машына і буксануць можа... Цяпер немец разумны пайшоў. Я б на тваім месцы маўчаў. Маліся лепш, каб цэлым дахаты прымуліць,— і Грубка быў у дрэнным настроі.

Выступілі. Дзве машыны з салдатамі СС уперадзе. Кунік, чаму ён, Змітро не разумеў, бо даўно кіраваў паліцыяй Галін, сядзеў у адной машыне і паказваў дарогу. Падводы з паліцаямі пусцілі за машынай, апошнімі — коні з неахвотай цягнулі гарматы. Замыкаў усю калону Галін, абвешаны гранатамі, як тычына бобам.

— Што за людзі, гэтыя немцы? Хмурыя, маўклівыя, як бы грошы каму павінны? — пацікавіўся ў Галіна Змітро.

— Кажуць, гэта карны атрад. Спецыяльная каманда. Ім слова не так, адразу кулю ў лоб.

— Што яны — самыя галоўныя, ці як? Над гэтымі, што ў нас?

— А чорт іх ведае. Цягні гармату і маўчы.

Канешне ж. Галін аніяк не мог ведаць, што 6 жніўня 1942 года пад старшынствам Герынга адбылося сакрэтнае пасяджэнне кіраўнікоў нямецкіх упраўленняў (райхскамісараў) у акупіраваных дзяржавах і абласцях. Больш за астатніх скардзіўся на партызан райхскамісар Остланда Лёзе. Праз дваццаць дзён пасля гэтага сам Гітлер выдаў дырэктыву, у якой загадаў «уціхамірыць усходнія землі, знішчыць партызан па-за фронтам, каб пазбавіць страт баявых аперацый узброеных сіл у зімовую кампанію». Пачаў працаваць штаб, якім кіраваў генерал войск СС Э. Бах-Залеўскі.

Так наехалі і на Палессе чорныя каршукі.

— Э, чаму пачалі з нас? У нас адносна ціха і спакойна,— сказаў Артур, ён чуў размову Змітра і Галіна.

— Ты ў іх і запытай,— буркнуў Галін і подбегам рушыў да падвод.

«А мо ў Сенкевічах і цэнтр, і штаб, і асноўная база ўсіх, хто на берагах Прыпяці затрымаўся»,— думаў Артур.

Быццам пачуўшы яго думкі, Грубка адказваў:

— Думаю, так. Немец не дурны. Вырашылі крамсануць бяльмо пакуль слабое, адным махам знішчыць усіх і тым самым развеяць легенду пра партызанскі атрад «Чырвоная Прыпяць».

А Змітро махнуў рукой і не слухаў болей. Шкадаваў коніка. «Гэта ж трыццаць кіламетраў туды ды трыццаць назад... высахне небарака. Сапе вунь як?.. Цяжка. Жылы выпіраюць. Ой, каб гасподзь бог не даў коніка загубіць, ой, каб уратаваў. Ты падумай толькі, якая праклятушчая гадзіна. Адгарадзіўся я ад усяго свету на хутары, ні з немцамі спраў не маю, партызан ведаць не хачу. Нікога не чакаю, нікуды не хаджу. Дык чаму гэта вайна мяне не мінае? Чаму яна без мяне не можа абысціся? Слабога, хворага... От наказанне гасподне. Трэба хоць Юзіка папярэдзіць, каб не лез наперад. А гэты Ганс... сядзіць сабе на падводзе, як даўбешка. Не баіцца нічога, халера, ці што. Такі смелы ўрадзіўся. Хоць акуляры б зняў ды схаваў. Смальнуць раз, куды ён сляпы ўцякаць будзе».

Ганс сапраўды ні аб чым не клапаціўся. Падстаўляючы сонцу чыста паголены твар, заплюшчыў вочы і думаў пра Юту. Учора ў нырчанскай бібліятэцы, хатцы-чытальні, пісаў ёй пяшчотны ліст. Наведаўся туды, у бібліятэку, нечакана. Вабіў вольны час, па мястэчку хадзіў, не ведаючы, куды сябе дзець, пакуль не ўгледзеў за касцёлам старую хатку з разбітай напалову шыльдай «Нырчанская бібліятэка». Пацягнуў замок на дзвярах, ён і падаўся. Зіму ў бібліятэцы ніхто не паліў, і таму пах цвілі летняя спякота не выгнала. Наўгад узяў са стала бібліятэкара дзве кніжкі. Здзьмуўшы пыл — пагартаў. Натрапіў на заклееную напалову жоўта-шэрую старонку. Клей адсырэў, пальцамі адарваў паперку. З партрэта сур’ёзна глядзеў невядомы лысы чалавек у ваеннай форме. Прачытаў па літарах: «Блю-хер». Невядомы твар, невядомае прозвішча. Скінуў кніжкі на падлогу, аслабаніў стол, пасунуў яго да акна: так і зрабіў для сябе пісьмовы кабінет. І калі ўзімку той-сёй з нырчан і краў паціху кніжкі на распалку ў печ, то цяпер, угледзеўшы, што Ганс зачасціў у бібліятэку, больш не рызыкаваў. «Чорт яго ведае, мо цяпера не толькі землі, жывёла, жыта нямецкія, а і бібліятэка?»

Ганс часцяком хадзіў з той пары ў сваю «рэзідэнцыю». Гартаў часопісы, кніжкі з ілюстрацыямі і пісаў, натхняючыся рэпрадукцыямі мастакоў-пейзажыстаў, прачулыя лісты да Юты.

Між тым калона неяк сцішана ўехала ў стары, не вельмі густы лес. Людзі інстынктыўна прыгнулі галовы, як крумкачы перад узлётам, сталі часцей азірацца наўкол. Артур нават адхінуў валасы за вуха, каб лепей было чуваць, і да болю ў руцэ сціснуў карабін. Непрыемная цішыня абудзіла і Ганса. Аднак наперадзе паказаўся прасвет, лес міналі — і ні шораху, ні стрэлу.

Атрад Мішэніна на гэты раз выпусціў ворага з лесу ў Самсонаву балку і стрэў моцным гарматным агнём. Вось калі спатрэбіліся, знойдзеныя ў маі, тры гарматы 76-я і дзве 45-міліметровыя. Дзве апошнія, прычым, былі без прыцэльнага прыстасавання. Трапна сыпаў міны 50-міліметровы мінамёт, надзейны сябар партызан. І пачалі з гэтых мін-«галубцоў». Перапужаныя мірныя нырчанскія коні рвануліся на ўсе бакі, не слухаючы сваіх гаспадароў. Самі ж гаспадары іх пападалі ніц, папаўзлі за кусцікі, а кусцікаў было, як знарок, мала ды ўсе пры дарозе рэдзенькія...

Нечакана з бугра пачалі невыносна доўга біць з кулямёта. Разгубленыя і цяпер яшчэ больш напужаныя немцы, якія так-сяк адстрэльваліся, пачалі дружна адыходзіць назад.

— Бацька! Сядай на падводу! — з гарачкі крычаў Юзік, жвава цёгаючы за лейцы ўзбуджанага каня.

«А мо лепш. Так скосяць і разбіраць не будуць!»

Змітро папоўз да сына.

— Паганяй, сынок, паганяй, не шкадуй пугі!

Побач, закапаўшыся галавой у сена, ляжаў Ганс.

— Што ж ты не страляеш, Ганс? — Змітро масціўся ля немца.

Ганс не чуў яго слоў, а мо не разумеў, а мо не хацеў разумець.

Усіх ахапіла паніка. Кінуліся наўцёкі, не заўважаючы забітых і параненых. Артур, на бягу, камусьці крычаў: «Мяне паранілі. Мяне параніла ў руку!»

«Ён знарок галгоча, каб немец за дэзерцірства не шпокнуў на месцы»,— скумекаў Юзік, ды больш на Кіншчыка не звяртаў увагі: гнаў коней да лесу, паспяшаў за нямецкай машынай. Зрэдку адстрэльваючыся, як быццам нехаця, бы палкай ад сабакі, кучка нямецкіх салдат, якія ўцалелі з першай машыны, таксама знайшлі ратаванне далёка ў лесе.

...Не машына ўехала ў Нырчу першай, а, як ні дзіўна было і смешна, уляцеў Летуноў конь з гарматай. Нюхнуўшы знаёмае паветра і пазнаўшы вуліцу, конік мо і сцішыў бы бег, ды нешта ад гарматы так пачало ляскаць па бруку, што бедны Корч шугануў з апошніх сіл да самага хутара. Змітро не ведаў, куды дзець гэту гармату. Пад вечар знарок чакаў, каб меней было на вуліцы народу, павёз яе да ўчастка, пацягнуў туды на сваю галаву, трапіў на немцаў. Тут жа мітусіўся злосны Галін. Змітро не ведаў, як пачаць, пра што. Каб, здаецца, ведаў, што нарвецца на немцаў, гары яно гарам, не пацягнуў бы.

— Куды стрэльбу паставіць? Ось, конік прыцягнуў.

Перакладчык, невялічкага росту чарнявы хлопец з куцымі рукамі, хуценька пераклаў.

— Дык гэта твой конь першы спудзіўся? — запытаўся праз перакладчыка лейтэнант.

— Мой... такая, зараза паганая, на хутары мы... ето без людзей, адвык курвеля. Пеўня пужаецца,— голас у Змітра прыціх.

— Я, я...— холадна казаў афіцэр, дастаў пісталет і стрэліў коніку ў лоб.

Змітро не паспеў нават уздыхнуць, каб нешта прасіць.

— Божачка мой, за што-о?

— Цс, не гаркай! — цыкнуў Галін.— Ваабшчэ руш адсюль дахаты і малі бога, што замест цябе скаціне кулю ў лоб бэцнулі... Сып шыбка, ну-у... давай, давай.

Не памятаў, як прывалокся да хутара. У хату адразу не пайшоў. Учапіўся рукамі за жэрдкі плота і горка наўзрыд заплакаў, аж жэрдкі захадзілі пад рукамі — так уздрыгваў усім целам. «Ігнатка, як не хапае цябе! Ты абараніў бы, толькі ты адзін быў за ўсіх». Выплакаўся мо першы раз за жыццё аж да ікоты, затым прыціх, выцер рукавом твар і паплёўся ў хату, з якой за ім уважліва сачылі Маня і Васілёк.

Пра гэты дзень Мішэнін так пазначыў у сваім дзённіку:

...«Што гэта — шчаслівы выпадак, падарунак да дня нараджэння камісара? Нас утрая менш. Забітых нуль, параненых — адзін (злёгку), кантужаных — нуль, героі — усе. Узнагароду заслугоўваюць разведчыкі Бусел, Ёмкі з Рамля. Яны ж сувязныя — падалі сігнал з лясной вышкі. Зноў выручыла кемлівасць Іванова, а я з ім не быў згодны, раіў стрэць ворага ў лесе. Канешне, іншага шляху як праз Самсонаву балку ім не выбраць. Так і здарылася... Добра, што адкарэкціравалі гарматы менавіта на маленькі пятачок, добра, што смальнулі нечакана... добра». Прыпыніўся, перачытаў і здзівіўся, як такое, прыемнае і значнае, суха і нецікава запісаў.

Пісаў хутка, не дапісваючы апошнія літары ў словах.

«Больш за астатніх баяўся за яе, Марту. Нават падпоўз бліжэй, каб зручней было сачыць за ёю. Малайчына. Відаць, падказаў Іваноў. Граматна падавала стужку «Максіму», старалася, каб не заклініла».

Неяк паволі паліліся ўспаміны. Як яна прыйшла ў атрад. Як прыемна зрабілася тады ад яе погляду. Хацеў выкласці на жаўтаватую паперу запозненую песню сэрца. «Новенькая... У яе хоць і строгія вочы, а цеплыню недзе глыбока хаваюць. Асабліва мне падабаецца, калі яна, як школьніца, павольна, левай рукой падымае ўгору густыя косы. Адкрыты без ніводнай маршчынкі лоб яшчэ больш падкрэслівае прыгажосць твару. І вочы адразу дабрэюць. Усміхаецца ціха, закрываючы рот далонню, быццам саромеецца. Так смешна... Іваноў выкінуў конік. На трэці дзень прызначыў у караул. Выдалі вінтоўку, а як карыстацца? Прыходжу, а замок выбіты. Пытаю: — Сапсаваны карабін?

— Не ведаю, таварыш камандзір.

Бяру, спрабую запіхнуць замок, не паддаецца. «Канешне, сапсаваны». Але пытаюся пра іншае:

— Таварыш баец, а чаму парушаеце статут? Навошта, стоячы на пасту, аддалі зброю?

— Дык яна ж сапсавана!

— Усё роўна не паложана.

Разам рагаталі».

Як быццам пра нешта ўспомніўшы, Мішэнін запісвае далей: «...трафеі — 10 аўтаматаў, шэсць карабінаў, тры гарматы і машына. Але куды яе, пакалечаную, дзець? »

Крытыкаваў сябе. «Пра істотнае, галоўнае... Барацьба! Што я закахаўся, ці што? Не. Тады опус гэты як ацаніць? Жанравыя карцінкі з быту партызан. А калі і напраўды яна ў маім сэрцы? Непазбежнае... Нехта ж знойдзецца, нарвецца на дзённік і прачытае... Глупства, усё глупства». І ён закрэсліў шырокімі мазкамі, закрэмзаў усе словы, якія мінуту назад былі пакладзены на паперу асалодай успамінаў. І наогул зарокся: ні слова пра «лірыку». Не ўспамінаць. Нават імя «Марта» баяўся запісаць у дзённік, баючыся да канца апаліць пяццю літарамі і без таго ўстрывожаную душу. Але як назусім выкрасліць з непаслухмянага сэрца жывога чалавека, які існуе побач і які становіцца найбольш дарагім?

Атрад карнікаў, ці, правільней будзе сказаць, тыя, што засталіся жывыя, не рызыкнулі выступіць зноў на Сенкевічы. Наліло за ноч многа ранняга жнівеньскага дажджу. Навучаныя гразкімі палескімі дарогамі (не ратавалі нават спецыяльныя тоўстыя рагожкі з гумы, якія падкладвалі пад калёсы), немцы на гэты раз не ўзнавілі экспедыцыю. Напачатку думалі, што эсэсаўцы чакаюць дапамогу, але ў канцы наступнага дня яны з’ехалі ў Столін. Усе ўздыхнулі з палёгкай, і паліцаі, і самі нырчанскія мужчыны. Адзін Юзік мо з усіх і быў незадаволены такой хадою падзей. Праўда, і ён не хацеў увязацца з партызанамі ў перастрэлку, меў свае намеры. Ды ўжо, як любіла казаць Прося, дзе чорт ўпадзе, там і бог паслізнецца. Стрэўся ля пошты настаўнік з Колак, так і перадаў: «Каб заўтра апоўдні без паліцаяў прыехаў у Альшаны да Татарскага каменя на ўскрайку. Калі атрымаецца ўсё непрыкметна, то пажадана, каб узяў з сабою і маленькую Маню». Двойчы Юзіку паўтараць не трэба было. Зразумеў. Яго будзе чакаць Марта. Пашэнціла. Усіх старастаў з гмін склікалі ў бургамістрат. Паліцыянты муліліся: ніхто не хацеў развозіць позвы ў вёскі Рамель і Альшаны. Юзік наўмысна не спяшаўся, чакаў, пакуль усе выберуць сабе вёскі ды раз’едуцца. І пайшоў на ўчастак апошнім, калі ўжо Артура, а яго асцерагаўся больш за астатніх, у Нырчы не было. Накруціў на раму ровара ануч, пасадзіў задаволеную Маню і памчаў насупраць ласкаваму, яшчэ па-летняму цёпламу сонцу.

Адразу да Татарскага каменя не паехаў, вырашыў папярэдзіць напачатку старасту, а ўжо, каб быць вольным, пасля неўпрыкмет скіраваць туды. І колькі ж было аглушальнага здзіўлення, шчымлівай трывогі, калі ў гміне напаткаў Вольгу, якая аб нечым гутарыла са старастам, седзячы ля стала мясцовага кіраўніка ўлады. Ён так зніякавеў, што, паклаўшы позву на стол, стаяў як укопаны, не разумеючы, чаму яна тут? Наўмысна ці выпадкова. Дзяўчына, падзякаваўшы за нешта, яму невядомае, хутка выйшла. Дбайны стараста з тварам чалавека, якога паціху есць сухота ці якая іншая хвароба, дастаў графінчык з самагонкай, збіраючыся пачаставаць дарагога госця, пацягнуў за руку да стала. Юзік аднекваўся. Сэрца яго так бухала ў грудзях, што ён нават спалохаўся: «каб хоць не ўчуў стараста». Не пайшоў, пабег на двор. Агледзеўся — нікога. Запытаў у Мані, якая пільнавала ля плота ровар, не, тая нікога не бачыла. «Што гэта — сон? Прытрызнілася»,— не верылася Юзіку, які ад роспачы не ведаў, куды кінуцца, дзе шукаць Вольгу. Дастаў з кішэні бацькаў гадзіннік; дзесяць мінут на першую. Паехаў да Татарскага каменя, хацелася хутчэй перадаць Маню Марце, а самому шукаць, аб’ехаць усе Альшаны, зазірнуць у кожны двор, але знайсці Вольгу. Не памыліўся: яшчэ здалёк, пазнаўшы іх, Марта выбегла насустрач. Кінулася са слязамі матчынай радасці абдымаць роднае дзіця, частуючы кавалачкам цукру і вялізным чырвоным яблыкам. «Дачушачка, Манечка мая, родная! Хіба ж не пазнаеш, гэта ж я, мамка твая, ластаўка мая любая. Забылася? Пойдзем, мая крывінка, да лесу. Мо зайчыка там напаткаем, а? Ягадку знойдзем, пагуляем. Пойдзем, мая родненькая... ручанькі мае худзенькія... А дзядзя Юзік нас тут пачакае... Мы пагуляем і прыйдзем».

Юзік застаўся стаяць ля вялізнага каменя, праводзячы позіркам шчаслівых маці з дачкою. Як быццам апамятаўшыся, што пра галоўнае і не спытаў, хацеў гукнуць Марту, маўляў, а дзе ж Вольга, але ў гэтую хвіліну нехта асцярожна крануў яго за плячо. Бы ў дзівосным сне, ён абхапіў Вольгу і горача цалаваў яе валасы, вочы, губы, маленькі, крыху кірпаценькі носік. І яна ўсім целам падалася да яго, заплюшчыла вочы і моцна трымалася за яго плечы, баялася самлець ад радасці, доўгачаканага шчасця сустрэчы, кахання.

— Пачакай. Ой... Госпадзі... Не магу. Задушыш, Юзік,— прасіла яна, а сама, не паспеўшы аслабаніцца з яго дужых рук, зноў абвівала яму шыю сваімі мяккімі рукамі. Здавалася, не будзе канца гэтым абдымкам і пацалункам шчаслівых маладых людзей, якія не заўважалі нічога і нікога на свеце, ды і не хацелі ў гэтую рэдкую мінуту пяшчоты і ласкі каго-небудзь і што-небудзь заўважаць.

Нарэшце Вольга зрабіла некалькі крокаў убок і апынулася на другі бок каменя, насупраць лесу. Юзік ступіў за ёй, узяў дзяўчыну за руку і злёгку пацягнуў да сябе.

— Не, тут нельга,— яшчэ і другой рукой адпіхаючы ад сябе хлопца.— Тут нельга, любы, не крыўдуй.

— Чаму? — не зразумеў ён.

— Таму што вунь там далёка, толькі не глядзі на лес, за намі назіраюць,— яна ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— Хто? — яшчэ больш здзівіўся Юзік.

— Мой бацька. Толькі не смейся і не асуджай яго. Усе бацькі аднолькавыя. А мой... ён дык мо нікому не давярае.

— Хе... каго баяцца... Туды добрых трыста метраў,— супакойваў Вольгу Лятун.

— Ён разумней, чым ты думаеш. Узяў у Мішэніна бінокль.

Вольга ўсміхнулася той шчаслівай уседаравальнай усмешкай, якая не асуджала бацьку і не здзекавалася з яго бацькоўскіх пачуццяў.

— Слухай, а як ты тут хутка так апынулася. Я на ганак, туды-сюды... як у ваду канула?

— Вунь ровар у траве ляжыць...

— А... Спрытная... Гэта вас так усіх у партызанах вучаць?

— Сама навучылася.

— А гэты... стараста... З вамі, ці як?

— Раўнуеш мо?

Юзік тупа і неяк вінавата маўчаў.

— Госпадзі, яшчэ і ў каханні не прызнаўся, а ўжо рэўнасць. З намі, з намі... заварушыліся сківіцы... мо пабег бы біцца. Ён перадае нам узоры дакументаў. Напрыклад, ордэр на выдачу прадуктаў за подпісам абласнога камісара земляробства і гэтак далей.

— Хо, фокус. Дык і я мог такое дастаць.

— Хопіць яшчэ і табе работы. Раскажы хоць, як жыў? Не западозрылі?

— Сумаваў. Без цябе не магу болей. А ты?

— І я... сумавала вельмі...

Яна пагладзіла яго руку і схавала свае тонкія пальчыкі ў яго шурпатую далонь. Так і стаялі, сціснуўшы рукі ў замок закаханых.

— Ведаеш, пра што я думаў апошнія паўгода? — не дачакаўшыся яе пытання, Юзік сказаў: —Як бы прыдумаць нешта ды ўцячы да вас. Такое, разумееш, каб не знарок... каб Галін, гніда, маіх не перабіў... ну, разумееш, каб... ці паранілі, ці ў рэчцы ўтапіўся, маўляў, ці... не ведаю... Нічога да галавы не ішло. А не, бывае, нахопіцца жаданне, каб быў аўтамат, перастраляць усіх на ўчастку і ўцячы...

— Прыйдзе і іх чарга без цябе, а ты атраду патрэбен у Нырчы.

— Толькі словы. Федзя унь сам, адзін... без атрада... А вы й уратаваць не змаглі.

— Ты ж разумееш, што гэта было нерэальна.

— Я б іх узарваў. Але прапала мая міна, якую тады Грыцко перадаў. Відаць, стары, знайшоўшы, утапіў. Не прызнаецца. Я і не пытаю. Ён і без таго горам прыціснуты. Ляжу, бывае, думаю. Доўга, паўночы. Цябе ўсё ўспамінаю... як звар’яцелы. Ну, думаю, заўтра ўсё, збягу ад іх... а як успомню пра Васілька, Маню, Просю... слёзы душаць... Што рабіць, Оля?

— Я прынесла табе заданне.

— Якое? — ажывіўся Юзік.

— Тое, што не паспеў зрабіць Федзя. Нам трэба дакладна ведаць усё пра санаторый. Колькі аховы, у якіх месцах яна стаіць? Кулямёты? Змена варты. Колькасць адпачываючых. План галоўнага будынка. Ці ёсць падзямельны ход? Распарадак, хто і калі прывозіць у санаторый харчы? Усё запомніў?

— А што тут запамінаць. Зраблю.

— Усё перадасі... настаўніку ў Колках.

— Оля, а чаму не тут зноў? Чаму не табе?

— Так прасіў перадаць бацька.

— Зноў бацька...

— Паслухай мяне... нічога сам не рабі... такога небяспечнага. Ты гарачы, неасцярожны... Адчувае маё сэрца, што паліцаі яшчэ не даравалі табе мой уцёк.

— Усё забылася. Я і сам пагавару з Мартай, і ты накажы, каб у Нырчу нос нават не паказвала. Артур каля хутара круціцца ўсё, пільнуе, поскудзь.

— Ну, пойдзем.

— Куды? — здзівіўся Юзік.

— Праводзіш мяне да лесу. Маню забярэш.

— Куды спяшацца. Пастаім, Оля...

— Бацька строга наказаў не затрымлівацца. Дый небяспечна... Трапіцца хто на дарозе. Не трэба, каб нас бачылі... О... скрывіўся, як пакрыўджанае дзіця. Хіба ж мы назаўсёды развітваемся? Цяпер эсэсаўцам далі прыкурыць, што яны не скора сюды сунуцца. Падрыхтуем аэрадром. Будзе наладжана сувязь з Вялікай зямлёй.

— Ого. Разагналіся. А калі яны сваёй авіяцыяй.

— Спазніліся. Калі мы стаялі ў Мярліне... тады яшчэ нас знянацку бамбіць можна было, а цяпер у лесе знайсці цяжка.

Яны паволі, быццам згаварыліся, ледзь перастаўляючы ногі, рушылі, ведучы побач два ровары, у бок лесу. Юзік не рызыкнуў расказаць ёй пра свой сон, дзе ён збудаваў для Вольгі хату, у якой аканіцы ўсе і налічнікі выразаныя (яго работа), а ў тых узорах звяры і птушкі розныя. Не хата, а казка.

Яна ж яшчэ і яшчэ раз папярэджвала, каб самастойна не рызыкаваў, быў удвая цяпер асцярожны. Ён моўчкі згаджаўся і, гледзячы ў яе блакітныя добрыя вочы, думаў: «Пра якую небяспеку і асцярожнасць ідзе гаворка, ды дзеля сустрэчы, для хуткай перамогі і здзяйснення майго светлага сну-мары, я гатовы сам узарваць увесь санаторый, знішчыць усіх немцаў у Нырчы».

Па дарозе назад Юзік так ласкава з доляй строгага папярэджання і насцярогі наказваў маленькай Мані: нікому пра сустрэчу ля каменя не казаць, нават дзеду Змітру і бабцы (як яна яе называла) Просі нічога не адкрываць. Калі ж запытаюцца, скажы, што ездзілі з Юзікам на Хабішчанскую кручу. Бо калі нехта чужы даведаецца, паліцай, напрыклад, ці немец, прыедуць да Татарскага каменя, зловяць маці і застрэляць. Маня па-даросламу, засяроджана прыціхла, слухаючы словы пра маці і забойства, быццам разумела ўсю небяспеку.

Ля хутара іх сустрэў хмуры і злы Лятун, моцна пасварыўся на Юзіка.

— Куды ты дзіця звёз? Дурыла!

— На Хабішчанскую кручу ездзілі. Праўда, Манечка?

— Праўда,— не ўмеючы хлусіць, адказала вінавата дзяўчынка.

— Марш у хату! Каб мне з хутара — нікуды. Прося па ўсёй Нырчы бегае, шукае.— Змітра ўсяго аж калаціла, так нерваваўся. Крыху супакоіўся, пайшоў у хату, пагладзіў дзіця па галоўцы, даў цукерку (палову Мані, палову Васільку). Ужо і не сумняваўся, што ўнукі сталі такімі роднымі і дарагімі істотамі, што без іх і жыцця свайго не ўяўляў.

Маня па вялікаму сакрэту ўвечары прызналася Просі, што бачылася з мамкай. Прося толькі перахрысцілася, наказала дзяўчынцы маўчаць і сама нават Змітру пра падарожжа да Татарскага каменя не паведаміла, каб лішні раз не бурчэў на Юзіка.

Вось так у жыцці здараецца часта: калі ты, можна сказаць, стаіш ля мэты і яўна адкрываецца святло тайны, парадаксальная рука лёсу нанава пераблытвае ўсе карты. Удо Вульферту прыходзіць загад пераходзіць у столінскае СД. Ён заўважыў: нешта ў вялікай ваеннай машыне сапсавалася, калі пасля сталінградскіх цяжкасцей нават штурмбанфюрэру СС даюць замест двух памочнікаў аднаго. Не хапае людзей? Менавіта так. Бо нават яго, Удо, прызначылі не начальнікам аддзела па барацьбе з партызанамі, а зрабілі кіраўніком усяго СД. Ці радавацца гэтаму, ці засмучацца? Хоць бы спытаў Корхель (паплечнік па былой працы), гэты паяц, ці жадае Удо пераязджаць, ці зрабіў што важнае для рэйха. Не, не спытаў. Паяц нават не прыйшоў, каб развітацца, знік некуды. А дарма. Ён, Корхель, недаацэньвае Удо. Разбудзі, здаецца, Вульферта, стомленага, незадаволенага, адрапартуе за некалькі хвілін: МЗД-5 прыводзіцца ў дзеянне... Толькі ён, Удо, зразумеў, што падвоены кантроль, і «стукачы», якіх расстаўлялі праз кожны кіламетр і якія ўдарамі аб рэйку сігналізавалі з’яўленне мінёра, і дрызіны, што праходзілі перад цягніком, і сабакі — цяпер не ўратуюць. Бо чортава міна мае сакрэт. На яго вачах два нямецкія сапёры ўзарваліся, спрабуючы падняць міну з-пад шпалаў. Яшчэ ніколі Удо не быў так блізка да разгадкі міны. Зразумеў, што механізм дадаткова ўкамплектаваны снарадам, без пазнання тайны якога не падняць міну з зямлі. Толькі дзеля гэтага і менавіта з адной мэтай Удо асабіста выбраў з курсаў падрыхтоўкі лазутчыкаў-шпіёнаў аднаго і сам кантраляваў яго падрыхтоўку. Сканструяваў макет і доўгімі вечарамі шукаў разгадку. Дзе можа быць і як дзейнічае дадатковы снарад? І, здаецца, ён знайшоў! Дык вось, калі стаіш на парозе адкрыцця, пашаны і поспеху — справы ў Камень-Кашырску прымае іншы. «Няхай пачне з нуля. Фігу яму, а не мае намаганні. Дзіўна і агідна. Выйдзе на сувязь той лазутчык, выкладзе сакрэт на талерцы, і ўсё: ніхто пра цябе, Удо, не ўспомніць. Трэба спяшацца. Трэба там, у Століне, працягваць доследы. Як так? Каб хвала, і слава, і ўзнагароды — іншаму? Не-е. Усё маё — мне! Няўжо і вайна такі ненадзейны плацдарм? І тут мой розум, мая сіла, воля і энергія не ідуць цалкам на стварэнне асабістага шчасця і задавальнення вечнай смагі ўласнай фанабэрыі? Я павінен апярэдзіць усіх іх, я! Божа (толькі зараз успомніў), там, у Століне і Нырчы няма чыгункі! Зноў трусіць падводы, сялян, шукаць на вазах разабраныя мінамёты, кулямёты. На гэта розуму не трэба. Знявага афіцэра. Што ж застаецца? Хадзіць ля лесу ды ўкопваць шыльду «Асhtung! Раrtisanenzone»13. Што можа быць горш за такі лёс. А хто ж адпомсціць за сотні загінуўшых ад гэтых паганых мін, за сапсаваныя паравозы (уласнасць імперыі), за танкі, гарматы, хто?»

Зверху ў чамадан кінуў кніжкі. Што яны раяць? «Баявое настаўленне па барацьбе з партызанамі на Усходзе».

Амаль статут. Дырэктыва «Асноўныя палажэнні па барацьбе з партызанамі». Пахне друкарскай фарбай. Свежая. Хто ж аўтар? Сам генерал — фельдмаршал фон Браўхіч. Узяўся чытаць. Цікавасці хапіла, каб толькі пагартаць. Пад раўнамерны лязгат і грукат зноў вярталіся думкі. Адны і тыя. Пра міну.

Мінуў тыдзень. Нарэшце наведаў Нырчу. З начы ўпарты марозік яшчэ змагаўся з адлігай, шкліў калюгі, якія за дзень нацадзіў снег, крыў дарогу галалёдам. Хацелася расшпіліць шынель, зняць фуражку, якая за зіму здрацвянела, ціснула лоб, пакідаючы нанач чырвоную дужку-ўмяціну.

Стрэчныя нырчане прыпынялі хаду, з цікавасцю прыглядаліся да новага немца, які ж вельмі адрозніваўся ад бачаных імі раней. У тых, папярэдніх, на твары быў адбітак жорсткасці, нейкія дзікія вочы, галодны позірк, жаданне гандляваць, а ў гэтага высокага статны выгляд і вельмі ж, халера, прыгожы твар.

Удо крочыў ад казармы да бібліятэкі. Перадалі, што Ганс там.

— Хэндэ хох! — пажартаваў Удо з парога.

Ганс як сядзеў спіною да ўвахода, так зніякавеў ад нечаканага ўскрыку, паволі пацягнуў рукі... угару, нават не азіраючыся, калі ж угледзеў брата, кінуўся ў абдымкі і горка заплакаў.

Удо, які дагэтуль рагатаў, прыкусваючы кончык пальчаткі, супакоіў брата.

— Ну-ну... немец і слёзы... гэта рэчы не сумяшчальныя. Ну, хопіць...

— Ад радасці, брат... даруй... я... не магу стрымацца... Тут і раптам ты... калі я... зусім... можна сказаць... брат мой... я... зусім... так,— блытаўся Ганс.

— І даўно гэта з табой?

— Што? — не зразумеў Ганс.

— Як што? Нервы, разгубленасць, жах, як ты сам лічыш?

— Не ведаю... За доўгую зіму стаміўся. Ад адзіноты... Я ўпэўніўся, паверыш, нішто так не выбівае, як ты любіш казаць, з рытму, як адзінота...

«Пасталеў мой Ганс за два гады, навучыўся і словы трапныя падбіраць. Прыемна».

— Ну, ты перабольшваеш. Няма на зямлі таго месца, якое б чалавек, немец, будзе правільней сказаць, не падрыхтаваў у аб’ект сваёй асалоды. О, гэтыя якасці нямецкага духу, я іх пазнаю за кіламетр. Нават у гэтай адрыне ты знайшоў нешта займальнае. Тут ёсць кнігі на нямецкай мове?

— Не. Толькі ты не смейся, я вучу мясцовую. З невыноснага суму, менавіта па роднай мове, якую я чую толькі ў казарме. Паверыш, карціць спытаць першага стрэчнага пра снег, дровы, птушку... Не ведаю чаму. Пра чорта лысага спытаць хачу. Мне невыносна двухгадовае становішча глуханямога! Кажу табе як брату. Я нікому ў гэтым не прызнаваўся. Здаецца, што галава вось-вось трэсне ад напругі. Толькі не асуджай. Я нават не ведаю, хто я і што? Ты вось па-ранейшаму прыгожы, упэўнены ў сваіх сілах і магчымасцях... бачу. Я б сказаў, натхнёны, як паэт. А я? Са мной нешта робіцца страшнае.

— Я не асуджаю цябе, брат. Больш таго, скажу, што ты сапраўдны немец... Правільна. У нашай нацыі павінен быць свой дом, свая нацыянальная кватэра. У тваіх жылах нямецкая кроў, і я ганаруся табой, Ганс, малайчына. Веданне мовы ворага толькі на карысць пераможцу. Толькі нам, чуеш, наканавана гісторыяй адрадзіць сапраўдны парадак, а пракажоных знішчыць, як знішчаў наш дзед зелле на полі. І тут усе сродкі неблагія. Трэба травіць рускага, беларуса і ўкраінца, каб яны ўзненавідзелі адзін аднаго. Вядома, душа ў славяніна мяккая, падатлівая, ён часта многа бярэ на веру, падкі на ўсё новае, сляпы ў сродках, бярэ ад цывілізацыі ўсё павярхоўнае... вось тут і трэба выкарыстаць нашы метады. Сварыць іх паміж сабой, пускаць у ход нагаворы, чыя мова лепшая, хто з іх разумнейшы, адвучваць іх ад звычак, свят народных, пазбавіць такім чынам патрыятызму — і тады такімі чалавека-аўтаматамі кіраваць будзе лёгка. І дбаць пра гэта трэба сёння. Бачу, табе нясцерпна хочацца запытаць, што там у Сталінградзе, ці праўда ўсё? Усё праўда. Але гэта не павінна пахіснуць нашу веру ў перамогу. Шчыра так, між намі, год фюрэр марыў, як ён на белым кані паедзе па Маскве. Ты зразумеў маю думку, яе філасафічнасць? Тлумачу. Ці варта пачынаць вайну дзеля адной амбіцыі: праехаць па Маскве на белым кані. Чаму на белым, а не чорным? Усё гэта неяк нагадвае рымскіх імператараў. Вайна... о, я ведаю, што цяпер гэта палітычная, філасофская, эканамічная праблема. Вось эканоміка. Мы дагэтуль так і не ўдакладнілі пытання: акупіраваная тэрыторыя павінна быць усяго толькі разрабавана ці ўсё-такі ператворана ў эканамічны прыдатак рэйха? Партызаны? Іх не чакалі, не былі гатовы. А што, трэба паўсюдна ствараць сваіх партызан, каб рабавалі насельніцтва, забівалі, правацыравалі народ на недавер’е да самой ідэі: партызан, абаронцаў народа ад жорсткага немца. Бачу, табе цяжка ўсё пераварыць. Будзем бачыцца часцей. Цяпер гэта мая зона. Пойдзем, пакажаш мне мястэчка.

Пайшлі па Паштовай вуліцы і трапілі неяк адразу на Кучаіху. Яна вынесла вядро з попелам і маленькімі галавешкамі. Кучаіха напужалася, прыціснулася плячыма да плота.

— Попел на поле не выносяць?

— Не-е. На вуліцах, у ямках ссыпаюць. Яшчэ звычку маюць: вынясуць вядро з памыямі і — шах за вароты,— тлумачыў Ганс.

— Бруднае мястэчка, брудныя людзі. Хоць паглядзі, як прыгожа ў снезе хаваюцца хаткі, як дзівосна глядзяцца голыя чорныя дрэвы ў садзе... супакойваючая душу ціша. З архітэктуры, канешне, акрамя санаторыя, няма на што глядзець? Мы павінны сюды прынесці цывілізацыю. А навошта? Адчуваю тваё пытанне. Каб узняць сцяг айчыны на такую вышыню, на такую вышыню, што ніхто з іншых народаў такой вышыні яшчэ доўга не дасягне. Выберы для сябе цяпер, улічваючы ўмовы, абставіны, магчымасці, мэту: стаць, скажам, напачатку, я кажу груба, лепшым фельдфебелем ахоўнай службы ўсяго рэйха і аддай усе сілы і намаганні ажыццяўленню гэтай мэце.

«А калі няма менавіта гэтай мэты, тады што?» — ледзь не спытаў малодшы, аднак перадумаў.

— Мне вядома, і павер, дастаткова надзейна, што фюрэр распрацоўвае новую зброю. О, гэта будзе магутная сіла...— з палёгкай падзяліўся Удо.

— А пакуль...

— Пакуль? Разумею твой намёк. Пакуль прыходзіцца, як дзеду, травіць зелле. Я маю на ўвазе партызан, бо цяпер гэта ўсвядомілі ўсе астатнія, няма галоўнага і негалоўнага месца. Усюды, памятай, усюды, усё, што робіць нямецкі салдат — самае важнае і неабходнае для айчыны. Згодзен?

— Згодзен,— лагодна адказаў Ганс.

— Я да цябе яшчэ і за дапамогай, нават правільней сказаць, за парадай. Лічу, дзякуючы твайму снайперскаму назіранню, мы не памыліліся. Мне патрэбна выбраць з мясцовых надзейнага і талковага чалавека і заслаць да партызан. Я не маю намеру тут доўга капаць вугаль. Ёсць ідэі больш грандыёзныя, якія не менш задавольваюць мой гонар, чым дзесятак-два забітых партызан. Ну, дык хто?

— З паліцаяў?

— Калі гэта асоба не ардынарная, можна і з паліцаяў. Я спецыяліст на легенды. Узрост, характар, звычкі, сямейныя абставіны? Вось што мяне цікавіць.

Ганс не апярэджваў брата.

— Баюся памыліцца. Праўда, ёсць адзін. Сур’ёзны, дбайны. На бойні робіць. Лятун. Толькі для такой справы, мне здаецца, стары. Астатнія... у кожнага на твары напісана — бандыт. Хіба што... сын гэтага Летуна. Ёсць яшчэ паліцай Кіншчык — асцярожны, хітры.

— Мне смелыя патрэбны. Май на ўвазе маю просьбу, прыглядайся больш пільна. Гаворку іхнюю разумееш крыху, і добра. Пойдзем.

Канешне, Удо і без дапамогі мог выбраць для сябе кандыдатуру правакатара. Хацелася праверыць братаву інтуіцыю, аналітычнасць і назіральнасць. Недзе глыбока набрыняла думка забраць Ганса да сябе. «І сапраўды. Сам — афіцэр СД, а родны брат — звычайны салдат аховы. Неяк, калі глянуць збоку, парадаксальна, дыскрэдытуе гонар сям’і Вульфертаў».

Амаль не развітваліся. Лічылі, што жывуць пад адным дахам — ці ж трыццаць кіламетраў адлегласць?

...У танюсенькай папцы № 2 увечары таго ж дня шырокім роспісам Удо пазначыў: «Да пытання партызан вёскі Сенкевічы — Мярлін».

Запісаў два прозвішчы — Юзік Лятун і Кіншчык. Далей ішоў накід-напамін стандартнай інструкцыі:

1. Ці маюць партызаны сувязь Пінск — Масква.

2. Якую і адкуль атрымліваюць дапамогу.

3. Ці ёсць радыёсувязь.

4. Ці ёсць друкарня.

5. Камандзір, камісар. Нацыянальнасць, быт, звычкі, схільнасці.

6. Настрой партызан. Колькасць і зброя.

7. Сувязь пры прыёме самалётаў. Калі такое назіраецца.

Больш нічога не запісваў. А праз некалькі дзён адно прозвішча на кандыдата ў правакатары прыйшлося выкрасліць, і не па сваёй волі.

 

З нырчанскай бойні зноў павялічылі адпраўку харчоў у Пінск.

За дзень да ад’езду на хутар прыйшла адна з такіх рэдкіх, як бліскавіца ў зіму, радасных навін. Прынеслі такі чаканы ліст ад Улі.

Узрушаны стары прасіў Просю не плакаць (жывая, дзякуй богу). Прося хавала шчаслівую слязу ў кулак, бо больш за астатніх сумавала без сваёй лічы што дачкі. Напісала Уля, праўда, не шмат, абяцаючы прыгледзецца і дапісаць астатняе потым. Даведаліся родныя, што вывезлі яе аж у нейкую Турынгію, у мястэчка Шынгенбаум за тры вярсты ад ракі Рэйн. Там не адна. Разам з нырчанскімі дзяўчатамі: Шапецька і Дудчыхай. Гаспадар іхні нечым падобны на бацьку. Майштэр Бургет нейкі. Жывуць у бараку. Працуюць на зямлі. Скардзілася: цяжка, гаруе, бо зямля не такая, як наша, а з каменнем. Усіх (чатырнаццаць дзяўчат) корміць гаспадар. Гаруюць у яго і хлопцы з Югаславіі. «Мазалі, халера, спасу не даюць. Цяжка насіць іхнюю гольшу: падэшва з дрэва, а верх — брызент, рэжа нагу. Даюць выхадны дзень. У нядзелю. Па дазволу остарбайтэра (начальнік над намі) можна пайсці да царквы, памаліцца. Грошы плоцяць, тата, па 16 марак на месяц. Буду адкладваць і ўсім вам куплю падарункі. Як мой сыночак? Ці слухаецца? Наругайце, каб слухаў. Бо мамка прыедзе, сварыцца будзе. Усіх вас горача цалую, і дай бог пабачыцца здаровымі і жывымі,— адное ў бога штовечара і малю. Ваша Уля». Прося зноў заплакала.

Стары схаваў ліст за ікону.

«Трэба было Вулляне ўсё расказаць. Як Ігната забіў. Сэрца ў яе залатое. Яна б даравала. Адна яна...»

 

Ехалі моўчкі. Коні стаміліся да Століна мясіць мокры снег, а фурманы не паганялі дубцамі, яно і зразумела, не дахаты харч, а з хаты. У Століне перагрузілі бочкі на машыны. Юзіку падабаліся гэтыя «падарожжы». Не ведаў — чаму. Нехта баяўся, гэты ленаваўся, той цураўся, а ён ехаў з ахвотаю. Хоць на час пакідаў прыкрыя лычы «сябрукоў»-паліцаяў, не бачыў надакучлівага і з’едлівага Галіна.

Сама Нырча, што здзіўляла, зрабілася за гэтыя два гады чужой. «Хоць бы здарылася па дарозе што-небудзь. Так не хочацца вяртацца назад». Чацвёрты месяц не бачыўся з Вольгай.

Неяк і дыхалася яму мірна, так вольна было на сэрцы, як у самае шчодрае сонечнае свята. Усё думалася, а раптам у Століне, у Пінску стрэне яе.

Пасунуўся да схмурнелага бацькі, зачапіў на гаворку.

— Не холадна?

— Дзякуй богу, не, сынок.

— А чаго ж хмуры такі. Уля жывая, радавацца можна. Ці хіба ўсё па каню сумуеце?

— Ай, сынок, ці ж ведаеш, хто журботу пасылае і скуль яно находзіць... Памру... мабыць, у хуткім часе.

— Гэ... а вам навошта паміраць... Унь цяпера паміраюць тыя, хто са зброяй. Я, напрыклад, хутчэй памерці магу.

— Не-е. Другое, браце. Усе прыкметы на тое паказваюць. Шанаваць і шкадаваць раптам усё жывое пачаў. Памятаеш, колісь тых трох зайчыкаў?

— Ну-у...

— Дык лупіў, аж за вушамі трашчала. Хоць бы хны. Шчаслівы яшчэ быў. А цяперака, выцягнуў жак з уюнамі, і шкада іх, небарак, зрабілася. Няма шчасця, няма жыткі.

— А ў каго яно сёння трымаецца, шчасце? Вядомае дзела — вайна. Хвароба.

— Што так, то так... Але, бач ты, дае бог зайздросным людзям нацешыцца. Кунік пануе...

— Што, па-твойму, вайна дае ўладу толькі зайздроснікам?

— Толькі ім, сынок. Не мае гэта словы, галава не тая, што макацёр. Наш Мікітка так гаворыць.

— Фу-уць... Мікіта памяшаўся на сваёй рэлігіі. Бога няма.

— Не мне цябе вучыць. Дарослы ўжо,— хаваўся ў каўнер Змітро.— Пытаюць, дык адказвай, што патрабуюць, а пра сябе перахрысціся. Маўляў, даруй госпадзі.

— Калі яго няма, чаго ж хрысціцца. Вы, тата, смешны. Нават калі і быў бы... не ўратаваў бы. Усім не дагодзіш. Пакуль, тата, я чалавека па сваёй волі не забіў. А прыйдзецца забіць — вось чаго баюся. Бог жа разбіраць не будзе: па сваёй волі ці па загаду чужога.

Пад’ехалі да знаёмага месца. Заўсёды, мінаючы яго, знімалі шапкі, хрысціліся. Толькі цяпер замест шыбеніц адзінока тырчэў адзін слуп, напалову абгарэлы.

Больш кручанага колкага дроту прыбавілася ля моста. На гэты раз даўжэй правяралі дакументы, чым, як падалося Юзіку, аж раззлавалі Ганса. Не было кідкіх змен на вуліцах. Па-ранейшаму трапляліся рэдкія жыхары, якія тулілі галовы ў каўнер і ціснуліся на тратуары да шэрых хат, быццам баючыся ісці пасярод вуліцы. Траплялася насустрач значна больш вайсковых. А ўся станцыя была забіта платформамі з танкамі. Згрузілі. Паехалі ў цэнтр, павезлі немца на «Эсен унд дрынк».

Юзік пайшоў размяць ногі.

— Клікнеш, тата. Я ля магазінаў буду.

— Толькі не баўся. Ці ат пасядзеў бы.

— Там, бачу, Ганс паплёўся да крамы. Гляну, што купіць.

Юзік ні за што ў жыцці не купіў бы якую-небудзь драбязу.

Рука нервова сціскала некалькі райхсмарак у кішэні. А Ганс мог купіць у пяць, дзесяць разоў больш за яго. Таму Юзік і стаяў слупом ля вітрыны, разглядаючы бліскучыя самавары. Збоку праходзілі людзі, якіх не вабіла і не цікавіла рэклама. І ўсё ж вялікая спакуса чалавечая — гандаль — тузала і яго самалюбства: «Ідзі, купі!» Відаць, не ўтрымаўся б, зазірнуў бы, каб не пачуў за спіною да жаху знаёмы голас.

— Не азірайся адразу, Юзік! І не звяртай увагі на мяне, як быццам і не заўважаеш нічога, акрамя вітрыны.

«Вольга!» — трывожная радасць ахапіла сэрца.

— Вольга? Як ты тут?!

Ён нешта балбатаў яшчэ няўцямнае, ведаючы, што трэба сказаць зусім іншае: «Нарэшце. Як жа доўга я чакаў сустрэчы з табой».

— Чаму ты ў Пінску? — тым часам пыталася Вольга.

— Прывезлі... з бойні ета, мяса...— ён разгубіўся, баючыся, каб ніхто не заўважыў іх.

— А ці настаўнік табе нічога не перадаваў?

— Не. Яго арыштавалі. А што здарылася?

— Пакуль нічога. Павінны быў цябе папярэдзіць, што... на гэтым тыдні партызаны нападуць на паліцэйскі гарнізон у Нырчы.

— Калі, кажаш?

— Калі не сёння, тады днямі абавязкова. Табе лепей не начаваць там.

— Гэта немагчыма. Нам усім забаронена пакідаць нанач будынак участка.

— Трэба, значыць, нешта прыдумаць. Гэта небяспечна, Юзік.

— Дзякую, што папярэдзіла. Як ты, дзе? Ці магу напісаць, прыехаць, як знайсці? — ён хваляваўся як ніколі ў жыцці, так хацелася ўсё выказаць хутчэй, баяўся, каб не перашкодзілі.

Ганс атрымаў вялікі кулёк і цяпер разлічваўся. Юзік баяўся, што немец прычэпіцца і пацягне да машыны.

— Я адзін дзень буду тут, у Пінску. Зразумеў? Ты павінен нешта прыдумаць... Не ведаю што... але не з’яўляйся на ўчастку. Абяцай мне,— гэта «абяцай мне» было сказана такім мяккім тонам, што ён не вытрымаў, павярнуўся да яе.

Не, яна не змянілася. Прыкметна толькі схуднела. Вочы ж напаўнялі пяшчота і радасць ад сустрэчы.

— Абяцай... Мне трэба ісці. І даруй, я так і не падзякавала табе... Уцякай.

— Дзе цябе знайсці можна тут?

— У сталоўцы пана Казіміра Хенальскага. Там робіць цётка Таццяна.

Юзік не пытаўся, зніякавеў, як колісь, у школе, не ведаючы, куды ткнуць указкай, каб паказаць, дзе тая Амерыка.

— Ком, ком, Юзэк! — пачуў ён голас Ганса.

Пасунуўся за немцам, самому ж хацелася бегчы за ёй, праводзіць. «Адна ў чужым горадзе... Вакол столькі немцаў». Падышлі да машын.

«Што рабіць? Нельга не толькі вяртацца на ўчастак, а нават у Нырчу...»

Рызыкоўная думка прыйшла, калі праязджалі ля таго ж нямецкага магазіна. «Лепш і не прыдумаць. Мяркуй. Паеду ў Нырчу. Не пайду начаваць на ўчастак. Усіх пераб’юць, а я застануся... Як, чаму? Зацягаюць, закатуюць як партызанскага сувязнога, і нічога не даказаць. Жывадзёры спішуць гуртам і бацьку, Просю, дзетак. Не-е. Лепш і не прыдумаць. Як сесці ў турму. На дурніцу».

Ён выхапіў у бацькі з кішэні бутэльку самагонкі, адпіў паўбутэлькі і скочыў з машыны.

— Тата, ты не хвалюйся, так трэба.

Далей падбег да вітрыны з самаварамі, разбіў шкло прыкладам і пачаў выцягваць небагаты скарб.

...Калі патруль — тры рослыя бугаі — эсэсаўцы, штурхалі да камендатуры, знарок віхляў нагамі, каб усе бачылі, што ён добра п’яны.

Аніяк не мог уцяміць учынак сына стары Лятун, не зусім разумеючы суцяшальныя словы «так трэба, не хвалюйся». Як жа не хвалявацца? Калі сам Ганс паручаўся за Юзіка ў камендатуры, і слухаць не захацелі, не аддалі і запэўнілі, што будуць судзіць.

Толькі ў Нырчы, пасля рызыкоўнага і смелага налёту партызан на ўчастак (паліцаяў, чаго ніхто не чакаў, «падсмалілі» не ноччу, а ў час абеду) нешта прасвятлілася Летуну, і ён цяпер быў задаволены: «Не-е... то ўжо жылку летуноўскую і вайна не вытравіць. Але ж і партызаны, халера, адчайныя. Абрабілі паліцаяў, і сок не пацёк...»

Камандзір атрада прыняў смелае рашэнне: разграміць паліцэйскі ўчастак і нямецкі гарнізон удзень, у час абеду. Плануемае раней нападзенне на санаторый прыйшлося часова адкласці, бо па дадзеных Юзіка, настаўніка і Барыса Сысы ў санаторыі на зіму засталіся толькі некалькі параненых немцаў, якія не мелі ніякіх адносін да славутых лётчыкаў. Трэба было чакаць першага цяпла і варажыць: ці прыедуць зноў афіцэры ў санаторый ці не прыедуць. І пазначаў у сваім дзённіку, што санаторый не спалены і асы не знішчаны выключна ад уласнай неарганізаванасці.

Роўна ў дзве гадзіны некалькі груп пад’ехала да ўчастка. Афанасьеў з аўтаматам уварваўся ў пакой і — пачалося. Шпурлянулі некалькі гранат у калідорчык. Усё было зроблена імгненна, ёмка, без лішняга шуму. Пахавалі зброю на сані ў сена і хутка рушылі на дапамогу таварышам.

Групе Іванова трапіць у казарму не ўдалося. Завязалася перастрэлка. Мішэнін, перабягаючы вуліцу, каб сустрэць групу Афанасьева і накіраваць яе ў казармы, раптам страпянуўся і ўпаў ніц. Угледзеўшы гэта, партызаны, якія абстрэльвалі вокны былога магазіна, пачалі адыходзіць ад казармы да касцёла. Вальковіч, ён заўважыў, як Мішэнін прыўзняўся на адну руку і папоўз, пабег на выручку свайму камандзіру. Тут небараку і дастала варожая куля, ён упаў у пухкі снег і болей не варухнуўся.

Афанасьеў падхапіў Мішэніна на сані і загадаў таварышам групамі пакідаць Нырчу.

З’язджалі з мястэчка рознымі вуліцамі. Некалькі немцаў выскачылі, страляючы на бягу, з казармы, але далей Паштовай вуліцы не пабеглі. Мо і паспеў бы Афанасьеў вывезці свайго камандзіра, каб не адна, безумоўна, выпадковая акалічнасць.

Артур некалькі разоў на тыдні, спасылаючыся на хваробу страўніка, не абедаў на ўчастку, а хадзіў, як казаў усім, на тваражок і смятанку да Кучаіхі. Гастрытам толькі прыкрываўся, як шыльдай, сам жа прыладзіўся хадзіць да Кучаіхі на абед і прыводзіў немцаў. Не без мэты. Там, за сталом, мухляваў, гандляваў, выцыганьваў і, не саромеючыся Кучаіхі, часам і яе прапаноўваў як тавар. Яна паказвала за грошы, баючыся, каб за адказ Артур не застрэліў яе, свае вялізныя грудзі-арбузы немцам. Артур пасля такіх стрыптызаў прытворна плакаў, прасіў прабачэння, праклінаў сваю часовую імпатэнцыю, абяцаючы з часам так яе палюбіць, што сотня немцаў не дакажа, і са смакам апісваў ёй свае папярэднія любоўныя ўцехі.

Артур з немцам акурат падыходзілі да весніц, калі Афанасьеў, што меў сілы, паганяў каня. На нейкі момант яго збілі з панталыку людзі са зброяй, падумаў, мо партызаны.

— Гані! — крычаў Мішэнін і ўзяў з сена аўтамат.

Каб мо не палез па зброю, усё б і абышлося. Афанасьеў так сцебануў каня, што Мішэнін не ўтрымаўся і снопам упаў на спіну, стрэліўшы па вільчыках вішняў і груш. Немец не лавіў мух: з першага стрэлу забіў коніка. Мішэнін і Афанасьеў перакуліліся за сані і саданулі з аўтаматаў. Немец тыцнуўся галавой у чорны ад попелу снег і заціх, прыціх, бы забіты, ля яго і Артур. Асмялеў толькі тады, калі Афанасьеў, дапамагаючы Мішэніну (той не мог ісці адзін) і адстрэльваючыся, павёў камандзіра на агароды праз нечы двор. Артур прабег некалькі крокаў, сам не страляў болей, думкі былі заняты іншым: «Як удала адгаварыцца, апраўдацца? Яшчэ прыпішуць забойства немца яму? А што? Каму цяпер можна верыць? Вайна».

Крыху супакоіўся. «Конік забіты... кроў... сведкі. Кучаіха вылецела на двор». Вярнуўся да весніц кандыбоберам, амаль героем. Не, што б ні гаварылі, а ўчэпіста сядзела ў ім жаданне падабацца жанчыне.

Спачатку Мішэнін не зразумеў: адкуль кроў на далоні? Балелі нага і плячо. Выцер губы і на іх кроў. Перакульваючыся, аўтаматам ён ударыў зубы. «Калека, мне з бабай гарод палоць, а не ваяваць».

Нагу не вывіхнуў, параніла. Афанасьеў (высокага росту чалавек і буйнай сілы) узваліў свайго камандзіра на плечы і панёс на гару, да царквы. Там, лічыў, сама надзейна і найменш падазрона будзе. Калі немцы і ператрусяць квартал, храм абмінуць.

— Дзе тут у вас, грамадзянін бацюшка, можна непрыкметна чалавеку да вечара перасядзець? Паранены ён. Схавацца трэба.

Афанасьеву непрыемна было бачыць маўчанне і няспешлівасць Мікіты.

— Глуханямы, ці што? Уратуй бліжняга. Чуеш?

— Не трэба, Эрнест,— супакоіў гарачага без меры Афанасьева камандзір,— сам тут як-небудзь з чалавекам дамоўлюся. Пакінь нас.

— Нясіце яго за мной,— нарэшце адказаў Мікіта.

«Служка неба, хоць дапамог бы»,— лаяўся нема Афанасьеў.

— Слухай, камандзір, а можа, мне яго прыстрашыць, каб не гаўкнуў, га? Штосьці не падабаецца мне ён,— раіўся ціха Афанасьеў.

— Ні ў якім разе. Увечары да гары не пад’язджай. Пашлі ў разведку аднаго,— адказваў Мішэнін.

Гэты павучальны тон не вельмі падабаўся Афанасьеву. «Ну няўжо ж я сам не дакумекаю, як і калі забраць яго лепш адсюль».

Афанасьеў, усё ж не давяраючы, папярэдзіў ля выхада Мікіту:

— Вы мне, бацюшка, галавой за яго... калі што-небудзь такое наўмысна, так сказаць, як быццам і не вашымі рукамі. На змярканні прыйдзе наш таварыш, спытае ў вас: ці можна... прывезці з Колак пахрысціць дзіця? Калі ў вас тут будзе ўсё ў парадку,— а інакш і не можа быць,— адкажыце яму, можна. Так што я не развітваюся надоўга. Ну і загадзя дзякую.

— У вас з-пад кажушка тырчыць дула аўтамата,— папярэдзіў Мікіта.

— А?.. Як... Добра. Да сустрэчы, бацюшка.

Рану Мішэніну перавязалі. Мікіта знайшоў на дне бутэлечкі кроплю ёду. Дастаў вялізны тэрмас, прывезены ім з Канады, хлеб. Іван Іванавіч не адмовіўся. Гарачы чай сагрэў, крыху прыемна ўзбадзёрыў.

— Даўно не піў сапраўднага чаю. Дзякую. Ах... амаль вечнасць не піў такога смачнага чаю.

— Чужое заўсёды смачней свайго. Вы не паспелі прыпасці, ці як? — адчувалася, што Мікіту нечым зацікавіў незнаёмы партызан, Летуну хацелася распачаць неяк гаворку.

— А яго і перад вайной у нас небагата было. Так што не было з чаго і запасаць,— прызнаўся Мішэнін.

— А вы хто будзеце, калі, канешне, не сакрэт? Камуніст?

— Не сакрэт. Камуніст.

— Нетутэйшы. У вас гаворка руская.

— Гэта вы адгадалі дакладна. Васточнік. З Пензы. Даруйце мне, бацюшка, здаецца, і вас я перад вайной не страчаў.

— Я... адсутнічаў.

— Разумею.

— А чаму вы адказалі такім спачувальным тонам? Памыляецеся. Мне пашанцавала ў адрозненне ад ксяндза Даменіка ды іншых. Я быў за мяжой. Прыехаў, каб адрадзіць храм вось гэты і абудзіць веру ў майго народа.

— А ў мяне што ж, выходзіць, іншы народ? Не зусім вас разумею,— Мішэнін адчуў, што кожны сказ Мікіта гаворыць з прыкметнай нервознасцю.

— Ісціны нашы розныя. У народа шмат было часовых ісцін. Унь царква, вера наша колькі святых нарадзіла,— і Мікіта з павагай і гордасцю паказаў рукою на іконы.

— Хвала вашым святым і слава. Я таксама паважаю Барыса і Глеба, Сафію Полацкую, Мініна і Пажарскага.

— Дабро і ёсць наша трагедыя. Яны, людзі, і без таго сатаною пры дапамозе куміраў, ілжэпрарокаў, золата, зайздрасці адзін ад аднаго пааддзяляліся. І не разумеюць, пакутнікі, што на карысць гэта дармаедам, прайдзісветам, якія дабро наша эксплуатуюць. Я, бывае, так ненавіджу чалавека, як і люблю. У яго такая безліч духу, столькі прыгажосці, а ён, калі прыгледзецца, не варты нічога зразумець і нічога змяніць. Толькі не прыводзьце мне ў прыклад рэвалюцыю. Сам па сабе чалавек пустэча і сябелюб.

Мішэнін ажывіўся, нават, здавалася яму, і болю ў назе не чуў.

— Я разумею вас, бацюшка, гэта ў вас ад жахаў вайны такі пункт гледжання на чалавека. Шчыра, я раней таксама лічыў, што чалавек на зямлі ахвяра.

— З богам мог быць не ахвярай. Няма бога, яго намеснік у душы — сумленне — кіраваць павінна.

— Я атэіст і баюся пачынаць гаворку пра бога, бо нячутае і нябачнае не пазнаецца.

— Хрысту ніхто помнік пры жыцці не паставіў, акрамя крыжа. Справамі, любоўю да людзей, бескарыслівасцю і міласэрнасцю заваяваў ён вечную любоў і прыклад. Ніхто не забароніць хрысціяніну мець святую мэту быць падобным на яго. Ваша мэта якая?

— Разбіць ворага найперш, які, дарэчы, на спражцы напісаў: «Бог з намі».

Мікіта не знайшоў, што адказаць:

— Ворага, можа, хоць не ўпэўнены, адолееце. Я маю на ўвазе вечную, вялікую мэту.

— Камунізм. На ўсёй зямлі. Мэта — даць шчасце кожнаму. Пазбавіць, як мага шырэй, чалавека ад пакут вайны, голаду, хвароб.

— Колькі ж вас?

— Некалькі мільёнаў. Аднак з кожным годам колькасць расце,— не адразу зразумеў пытанне Мішэнін.

— А людзей на свеце колькі — мільярды. І кожны хоча шчасця, і што дзіўна, свайго асабістага. Патрэбна на шляху знайсці інструмент для кожнага, намацаць яго асабістую тайну, праз што ачышчаць душу... Трагедыя чалавецтва ў надакучлівасці зямнога шчасця.

— Даруйце, што перапыняю. Хто ад слоў гэтых будзе шчаслівы: просты селянін, які гаруе вякі, ці балбатун-прайдзісвет?

— Я не супраць сацыялізма. У ім бачны светлыя вытокі, чаму ж не. Але я... параўноўваючы вякі, можна сказаць, за хрысціянскі сацыялізм.

— Гэта значыць, зноў не будзе еднасці. Пад маркай хрысціян-сацыялістаў вораг дашле сваіх эмісараў, а тыя зноў пачнуць пладзіць недавер’е, жах, абыякавасць, іронію ў дачыненні да камуністаў. Недавер уладзе і, галоўнае, нецярпімасць людскую.— Больш Мішэнін нічога і не дадаў. Ніякіх кніг рэлігійных ніколі не чытаў ён, як ніколі не гартаў Біблію. Хто яе напісаў, калі, хто тэксты перапісваў, хто гэтыя тэксты збіраў і ці ўсе тэксты выбраны — нічога не ведаў, таму і не палез даказваць Мікіце нешта процілеглае ідэям, сэнсу святога пісання.

Праўда, колісь штудзіраваў дыскусію Луначарскага з мітрапалітам Уведзенскім. З той дыскусіі цяпер нічога не памятаў існага. Тым больш што і абставіны не спрыялі дыспуту, думаў усё ж і пра сваё: «Як там астатнія, ці прыедзе, ці зможа прыехаць Афанасьеў сёння?» Але ж яшчэ пацікавіўся ў Мікіты. Вельмі ж яму падаўся малады поп нейкім асаблівым, няўрымслівым.

— А якая ж мэта вашага зямнога жыцця, святы айцец? Якая мара, калі вы з такім болем сумуеце аб недахопах чалавечай пароды? І сумняваецеся ў перамозе і надзейнасці нашых намаганняў?

— Мая мэта? — ён нетаропка пачасаў сваю рэдкую бародку.— Яна ёсць... І мара ёсць... Пакуль адзіная, але да яе прыйдуць усе пастары божыя.

— А вы самаўпэўнены, не чакаў.

— Які ўжо ёсць. Я мару, каб прыйшоў адзін святы дзень, калі ўся Расія і Беларусь стануць у адзін дзень на калені і скажуць, даруй, госпадзі! Мы вяртаемся да цябе. І ўдараць званы храмаў па ўсёй Русі... Няхай пральецца тады сляза благаславення, будзе тая сляза слязой шчаслівага празарэння.

Мішэнін, прызнацца, чакаў пачуць іншае.

— Немагчыма. У поўнай свядомасці, паважаючы бога, адказваю — немагчыма.

— У вас, што ні слова, што ні тэзіс,— усё максімалізм. Крайнасць.— Мішэніну падалося, што Мікіта раздражнены.— Крайнасць. А чаму?

— Таму, што гісторыю павярнуць назад нельга! Сацыялізм простаму народу даў значна больш магчымасцей для ўталення чалавечых жаданняў і мар. Акрыліў людзей, натхніў на подзвіг у імя айчыны. Драпае немец, як асмалены. А якая сіла ішла. А чаго ён пайшоў? Таму, што мы свет раззлавалі сваёй радасцю, вось немца і нагналі на нас. Мы выхаваем новыя пакаленні, больш адукаваных, разумнейшых, і яны вышэй узнімуць наш сцяг.

— У старажытным Егіпце Эхнатон таксама ўзняў сцяг пакланення новаму богу — Сонцу. Горад нават пабудаваў. І што? Усё вяртаецца на кругі свая. Забілі і фараона, і горад Сонца разбурылі.

— Не ведаю такі выпадак. Толькі фараон быў адзін, а нас колькі? Мільёны. Дай цяпер фабрыку ці завод узначаліць зноў капіталісту якому-небудзь і запрасі цябе гараваць на фабрыку, няхай за тысячу долараў на месяц. Не пойдзеш. Таму, што чалавечая годнасць твая, акрыленая сацыялізмам, не даруе, што фабрыканты цягнуць з тваёй працы мільёны, а цябе без тых мільёнаў роўняй не лічаць і не заўважаюць. Дапусцім, атрымліваеш ты тысячу, а я пяць. Мне зноў жа цікавасці да цябе аніякай, а той, хто мае сто тысяч, таму я — галота. Паскудны ланцужок, паганыя адносіны, калі будуюцца на капейцы. Не хачу я, каб паганы рубель кіраваў мною. Няхай кіруе любоў да працы, да людзей.

Пачуліся гулкія цяжкія крокі на ўсю царкву.

— Гэта дыякан,— супакоіў Мікіта, аднак усё ж дадаў: — я вас тут замкну... Калі вы мне, канешне, давяраеце, бо ваш таварыш сапсаваны перастрахоўкай.

— Я давяраю,— ціха адказаў Мішэнін, прыслухоўваючыся да крокаў.

— Хутка пачнецца абедня. Абяцаю, пакуль вас не забяруць, я царкву не пакіну.

З гэтымі словамі і выйшаў, замкнуўшы доўгім металічным ключом дзверы.

«Фанатычны поп, упарты агітатар. Трэба было гаварыць больш пра сацыялізм. Пра тое, што мы першымі на ўвесь свет узнялі яго сцяг. Мо нам праз мільён гадоў людзі дзякаваць будуць і зайздросціць, што асмеліліся... Канешне, з беларусамі тутэйшымі значна цяжэй працаваць... І пра гэта трэба было яму нагадаць...» Як яму падалося, знайшоў існае. «Самае цяжкае — трэба пераканаць народ у сацыялізме, як вечнай фармацыі. Вось, амаль як малітва! Усвядом, чалавеча, сацыялізм — вечны. Не цурайся, не разгубіся ад свайго напачатку неразумення, і, калі ўсвядоміш, паверыш, ніякая сіла не паверне цябе служыць іншаму, кім бы ён не прыкідваўся». І так узрадаваўся Мішэнін, што яму, узбуджанаму, захацелася пахадзіць па невялічкім пакойчыку, і мо ўстаў бы, каб не параненая нага.

Сёння Мікіта праводзіў службу без натхнення. Безумоўна, сваю мару ён Мішэніну не адкрыў. Не, ён не хацеў, як некаторыя папярэднікі, выступіць рэфарматарам хрысціянства, неахрысціянства, тым больш рэвізіяністам царкоўнага дагмату, хоць і лічыў многія мясціны вучэння заблытанымі і ўмысна некім у мінуўшчыне пераблытанымі. Апантана веруючы, усё ж ён прызнаваў бяду ў тым, што беларускія хрысціяне аніяк не могуць адмовіцца ў сваёй свядомасці ад культавых язычаскіх нораваў. Арэол геніяльнага першапачаткоўца гэтага святога вяртання да сваёй веры, на сваёй мове, не даваў яму яшчэ нядаўна спакою.

Цяпер набеглі сумненні. «А ці магчыма? Сапраўды, ці пойдуць, ці зразумеюць. Усё ж не вечна на зямлі. Мо ў вялікім бегу планеты народу наканавана знікнуць, і час гэты вунь, вайна... Аджыў сваё мо?» Ён параўноўваў супярэчлівасць сваіх жаданняў: першае — ісці і назіраць за пакутамі Федзі, і другое — прагнае жаданне стаць лідэрам, месіяй, правадыром у адраджэнні старой веры. «Якія, аднак, жаданні розныя па сутнасці? Першае — зямное, каб не паліцай, мог бы і ўтрымацца, а другое звышчалавечае, настырнае, непадменнае ні пасадай, ні дараваннем, ні любоўю да веруючых. Няўжо, яно, другое жаданне, дзіця зайздрасці? Каму? Таму ж... Гітлеру? Каб хоць гэта жаданне было пратэстам, калі ўдумацца, супраць таго нялюдскага, што прынёс фашызм, бо ён, фашызм, калі прыгледзецца, і ёсць увасобленая зайздрасць. Што ж тады... адным бокам свайго жадання ён у нечым, выходзіць, падобны на фюрэра? Спакусай застацца бессмяротным! Як? За кошт іншага? А словы бацькі... «Святасць у жыцці — вось табе і бессмяротнасць». Чаму ж не ўздзейнічае на яго так моцна святасць, уздзейнічае поспех чужынца. Так. Ён абраў сродкі дасягнення сваёй мары адпаведныя часу. Не з народам. А над народам, падпарадкоўваючы яго волю, жаданні, звычкі. Чаму ж ён раней не згаджаўся, што і гэты шлях не «ісціны», а шлях да самаасалоды. Але ж ці варта вінаваціць сябе? Мо характар такі супярэчлівы, мо шлях служэння народу без адзінага бога, а з мноствам багоў, які яму хочацца абраць, памылковы, бо і гэты шлях не дае спакою. Але, ў рэшце рэшт, калі ўдумацца, навошта ён, спакой? Як толькі спакой, прыходзяць думкі пра смерць. Спакой — смерць. Дзейнічаць? Тады трэба выбраць: з кім ты і супраць каго? І там небяспека смерці. А ім? (Ён агледзеў прыхаджан.) Прыемна мяне слухаць, калі хвалююся, верую сам горача ў пропаведзь, непакоюся за кожнага і саму ісціну — любіць бліжняга і будаваць царствіе нябеснае ў душы сваёй. Дык што застаецца? Змірыцца з навалай і шкадаваць іх, пакутнікаў, маліць бога, каб яшчэ патрымаў на зямлі люд мой? Далоў правінцыяльны гонар, фанабэрыю. Добра, а калі б гэты чалавек прапанаваў мне: «І ваша месца, бацюшка, там, сярод партызан». Я ж не знайшоў бы, што адказаць. Не знайшоў бы. Адмовіўся б, як адмовіўся пакінуць акупіраваны Пінск мітрапаліт Аляксандр, да якога звярнуліся з прапановай вылецець у Маскву. Не хачу выбару, баюся, баюся...»

...Мікіта з новай надзеяй на лепшы дзень распачаў абедню. Позна ўвечары забралі партызаны Мішэніна. Толькі да ранку ніхто не рызыкнуў падыходзіць да забітага Вальковіча. Ранкам немцы завезлі забітага ў Альшаны і павесілі на невялічкай плошчы, ля гміны «для папярэджання і ўстрашэння насельніцтва». Суткі людзі міналі гміну.

Партызаны знялі свайго таварыша, завезлі ў Мярлін, пахавалі на вясковых могілках і пакляліся адпомсціць за смерць сябра.

 

 

Частка чацвёртая. ПАЧАТАК

 

Раздзел шосты. УДО

Трэці год вайны пачынаўся ажыўленнем і ўзмацненнем партызанскага руху паўсюдна. Ад сувязных у Пінску, Сенкевічах, з радыёперадач атрад Мішэніна даведаўся аб сапраўдным народным супраціўленні ворагу. Камандзір пазначыў мяжу партызанскай зоны на сваёй карце. Добры такі чырвоны ланцужок ад Камень-Кашырскага праз Іванаўскі, Драгічынскі, Пінскі раёны цягнуўся да іх Аздаміч і Петрыкава. У самыя Сенкевічы атрад «Чырвоная Прыпяць» пакуль не пайшоў, стаяў на хутарах недалёка ад вёскі Аздамічы.

Выйшлі на сувязь з атрадам Садоўскага, меліся разам правесці аперацыю, але часова атрад Садоўскага пакінуў раён станцыі Калінкавічы. Даведаўся Мішэнін, што партызаны з другога боку Прыпяці апярэдзілі планы іхняй аперацыі, узарвалі 125-метровы мост на рацэ Случ. Прыйшла прапанова Цэнтральнага штаба партызанскага руху ісці на аб’яднанне з атрадамі В. Каржа, пераходзіць на другі бок Прыпяці, пад Мінск і Лунінец. Гэта патрабавала падрыхтоўкі. Патрэбна было выйсці на сувязь з абкомам, з штабам атрадаў В. Каржа. Таму загадзя вырашылі паслаць сувязнога з весткамі аб колькасці атрада, наяўнасці зброі, стратах як сваіх, так і ворага.

Мішэнін, як сапраўдны дбайны гаспадар, тут жа з інфармацыяй пра атрад напісаў старонку з просьбай аб дапамозе, падаў заяўку на дадатковую партыю зброі, боепрыпасаў, асабліва прасіў узрыўчатку, медыкаменты.

— Папракнуць, што мы ўсяго гэтага не зарабілі яшчэ,— жартаваў Іваноў.

— Нічога. Авансам. Калі палову выдзеляць таго, што просім, тры месяцы можна жыць і змагацца.

Вызваўся пайсці на сувязь сам Іваноў. Мішэнін не пярэчыў, больш таго, не ўгаворваў і не забараняў, хоць апошнія два «хаджэнні ў народ», так празвалі вылазкі ў Сенкевічы і Петрыкаў, бездакорна і шчасліва правялі Вольга і Марта.

Камандзір шкадаваў Марту. Разумеў, што, відаць, не зусім па-камандзірску пасылаць самога камісара. Супакойваў сябе тым, што Іваноў мо таму і ідзе, што бацькоўскае сэрца трывожыцца за дачку. Мішэнін унушыў, можна сказаць, сабе гэтую «змякчаючую віну акалічнасць».

Пад падкладку шэрага пінжака Іванова Марта ўшыла тры кавалачкі батысту так, што вопытнае вока немца ці злодзея не змагло б знайсці розніцу ў швах. На матэрыі надрукавалі неабходныя звесткі. Іванову не хацелася пакідаць свой рэвальвер, а прыйшлося. У адзежы беднаватага, вусатага селяніна — у старых бурках, заляпанай шапцы-вушанцы з падзёртым скураным верхам — цяпер цяжка было пазнаць статнага, з армейскай выпраўкай пракурора. Мішэнін і некалькі таварышаў партызан падвезлі Іванова да Прыпяці, праводзілі аж пад Мікашэвічы. На развітанне моўчкі абняліся.

«Канешне, ён здагадаўся,— думаў з непрыемнасцю, вяртаючыся, Мішэнін,— чаму я сам праводзіў, яшчэ зусім не акрэпшы пасля раны. Скуль такая павага і турботы? Не з аднаго сяброўства. Канешне, ён не дурны: уцяміў, што гэта ў нейкім чыне выкуп за Марту. Праводзячы яго, я быццам прабачэння прашу. Паганы настрой. Такое прадчуванне, што паслаў таварыша ў апошні шлях. Мо лепей трэба было паехаць самому?»

Кладучыся спаць, Мішэнін пад падушкай знайшоў пакет. У ім вучнёўскі сшытак з вершамі і прыпіскай на вокладцы. «Іван, не асуджай за такую партызаншчыну. Толькі ты не рабі вывад, не шкадуй заднім днём, чаму не паслаў іншага. А што, жыццё іншага горш майго жыцця? Ведаю твой характар. Калі што-небудзь... схавай вершы. Перадасі іх пасля перамогі Олі. Ёй увесь час было непрыемна неяк, што бацька асуджвае людзей у турму. Я ж марыў стаць паэтам. Няхай і пра гэта ведае. С.

Р. S. Не чытай сам толькі. Я ўвесь час жартаваў з тваіх запісаў у дзённіку, і ты, прачытаўшы, будзеш мець вялікі козыр адыграцца. Пакуль я жывы і абы-як з жыццём не думаю развітвацца. Усё».

У гэтую ноч Мішэнін амаль не спаў: «Навошта ён напісаў гэтае пасланне, як запаветам павеяла. Навошта...»

 

«...Толькі не пераблытаць. Я, Юзік, Юзік Лятун... Ад сну абуджае быццам знарок кожнай раніцы звон пабітай прыкладам шыбы. Што так раздзірае грудзі... коле ў скроні... няма чым дыхнуць. Крыкну. Не сцярплю: па-ве-тра. Пяты дзень. Ніхто не пытае маё імя, прозвішча. Ніхто. Чаму не выклікаюць на допыт? Мо правялі б праз двор... Як ты, Мікітка, любіш паўтараць і павучаць: «Да канца нічога ніколі не будзе пазнана». Дайце мне сілы пазнаць дзень майго жыцця, гадзіну... Божа міласэрны, як хочацца глянуць на свет, на снег, неба, няхай сабе шэрае і непрывабнае. Хутчэй бы свісток. Заснуў брыгадзір, ці што? Крыкнуць хіба, разбудзіць. Зноў капнула. Зняць бы, здаецца, і падштанікі. Усе сорак чалавек спяць амаль голымі або ў сарочцы ці трусах. Невыносная спякота... Зноў кропля. Цячэ дах? Што я звар’яцеў, ці што? Які дождж, калі там мароз пад трыццаць градусаў. Скуль капае? А... здагадваюся. Гэта ж ад поту. Пот выпараецца над столлю і ўжо адтуль зноў вяртаецца на ліпкае цела. Зацёк бок, анямеў локаць трымаць цела, вуха «прыклеілася» да кажушка, які замяняе падушку. А калі забылі пра мяне? Такое ж магчыма. Кінулі ў камеру, і капцы? Тады, выходзіць, сам сабе пятлю на шыю накінуў. Трэ было вяртацца ў Нырчу, збегчы з участка. Болей, здаецца, не вытрымаю, не магу. А гэтым хоць бы хны, уладкаваліся на падлозе, абжыліся. Крыкнуць, ці што: «Эй, свісток». Фу-у-у. Нарэшце. Як усё мяняецца, на волі цярпець не мог свістка, а тут — як манна нябесная.

Усе па камандзе пераварочваюцца на другі бок. Давай, давай, стары, варушыся. Што марудзіш? Баяўся ўчадзець... Тут горш чаду. Ліпну да каменнай падлогі, студжу губы. Святло? Навошта ўключылі... Раніца... Мо некага пацягнуць на допыт. Мяне? Трэба прыўзняць галаву. Нічога не змянілася. Пацвілі ад духаты і чалавечага поту сцены, ледзь бачны зялёны мох-імжа пакрыў чобаты, анучы, адзежу. Немец? Глянь на мяне, выцягні мяне, падымі з падлогі з гэтага чалавечага потнага штабелю... Ці хоць бы перасесці туды, да дзвярэй. Там маленькая, вузенькая шчыліна, і шчасліўцы могуць сунуць нос да яе, глытаць чыстае, здаровае паветра. І што за камера такая — без адзінага акна. На неба хочацца глянуць, як на надзею. Хто будаваў каземат гэты пракляты, каб яму чыгун на галаву. Немец аглядае. Здзіўляецца, чаму ўсе голыя. Неяк пастукаў адзін у дзверы з адчаю, з голаду. Выпхнулі, выгналі. Ускрык, парваны кулямётнай чаргой, павіс цяжкім звонам над вухам кожнага як насцярога.

У-у, фашысцкая гадзіна. Каб распазнаць твой настрой, мэту? Знак падаў бы. Ведае ён, што я з паліцыі, ліха яго матары, ці не? Ці ўсе тут яму на адзін твар. Другі раз бурыць вачыма мяне. Загадвае ўстаць. Што я — знямеў. Устаць. Ногі, бы калоды, зацяклі. А мо не так зацяклі, як апухлі ад голаду. Паспець бы зграбці ў бярэмак адзежу, неяк апрануцца, трасца яму ў рэбры, усадзіць кулю, потым разбірайся...

Хоць бы на бягу паспець апрануць штаны праз чобаты... Муліць цвічок у чобатах... Дурань, лапу пад прыпечкам не знайшоў, не паправіў... Белае сонца? Чаму белае... Мо месяц. Дзень, ноч? Сапраўды белае сонца. Трэба ўхапіць жменю снегу, укінуць у рот. Загадаў прысесці. Навошта? Мо каб у карак пацэліць ямчэй? Не. Відаць, страляюць ля сцяны. Пабудаваны дашчаты шчыт з бярозы. На ім распэцкана кроў. А мяне куды? Што яму патрэбна, навошта ён штурхае аўтаматам у плячо? Ісці? Пайду ўпрысядку. Крок, другі, трэці... Толькі б не чапляўся правы чобат наском аб зямлю, сілы ёсцека... Двор абысці змагу па кругу. Дурны немец. Скуль яму ведаць, што я запісаўся ў танцавальны гурток. А ўсё дзеля яе... Оля, дзе ж ты? «Гуськаваць» далей ці чакаць, седзячы, яго? Не нагаманіліся нелюдзі. Закурваюць. Рагочуць. З мяне? У, гніда, напаткаўся б ты мне ў цёмнай нашай каморы... Змардаваў бы, адной левай. Сядзець цяжэй, зводзіць сухажылле, як агонь круціць бярозавую кару. Слава богу, тыцнуў аўтаматам. Куды? Насупраць шчыт. Міжволі збаўляю хаду. Дурны, трэба наадварот... хутчэй мінаваць, Каб не зразумеў мой жах. Мінулі. Падымае за каўнер... Падаю ўніз... Трэба адкаціцца як мага далей, да кутка. Не буду падымаць галаву, быццам моцна параніўся аб сходы, падлогу. Дзверы рыпнулі, зачыніліся. Нечая рука кранула за галаву. Нехта накінуў на плечы рагожку.

Холадна... Тут людзі... Абы не адзін. Дурань я, дурань, чаго не збег да партызан, чаму? Брат мой, Мікіта, памаліся за мяне, каб не пераблыталі, ім, сабакам, усё адно. Каб не забілі на дурніцу. Даруй мне, што жартаваў з цябе, пытаючыся — Хрыстос, чалавек, які ўзнёсся на неба, ці сын бога, пасланы да людзей. Ты не мог адказаць і злаваўся. Даруй. Памаліся, каб уратаваць мяне з гэтага пекла...»

Невядома, як доўга чакаў бы Юзік у новай кануры выкліку на допыт да начальніка турмы Гелінгера ці да яго памочніка Зэльнера, мо не дачакаўся б наогул, прышпілілі б пад ахвоту да бярозавага шчыта ці, у лепшым выпадку, адправілі б у Германію, каб не дапамог уратавацца шчаслівы выпадак.

Аперацыя польскіх падпольшчыкаў Арміі Краёвай па вызваленню з пінскай турмы сваіх агентаў, якіх у розныя гады даставілі з Лондана на Палессе для дыверсій, была рызыкоўнай і цяжкай. На яе падрыхтоўку спатрэбіўся прыезд шаснаццаці чалавек з Брэста і Варшавы і два тыдні на падрыхтоўку.

Усё пачалося некалькі гадоў таму назад. Капітан Арміі Краёвай, Ваня, падрыхтаваў аперацыю па знішчэнню чыгуначнага моста на дарозе Брэст — Гомель. І вось утрох: Ваня, Бацян, Азорка з блаславення сябра Рыся, які застаўся ў Давыд-Гарадку, рушылі да Случы.

Лістападаўскія маразы, бывае, у Нырчы называюць «галоднымі». Наляціць мароз з ночы, напужае ўсіх, нават лёдам там-сям пакрые Гарынь, а невялічкія рачулкі цалкам зашкліць, ды пылу таго сівернага надоўга хапае. А лёд не гнецца, як рагожка, а яшчэ трашчыць і кавалкамі плавае пад нагамі. Спяшаліся хлопцы, каб да вечара быць на месцы. Лёд малады не вытрымаў чалавека. Што рабіць?

Ваню са зламанай нагой пакінулі ў смалакурні, а самі вырашылі вяртацца ў Давыд-Гарадок за дапамогай да Рыся. Там, у мястэчку, адна бяда сама не ходзіць, трапілі ў аблаву. Рукзак не выкінеш, а ў ім тол. Арыштавалі, завезлі ў Пінск.

Пазнаёміўшыся потым з матэрыяламі «Да пытання польскіх заложнікаў», Удо не мог не зарагатаць услых. «Ідыёты. Ідыёты. Вось яна, недасканаласць машыны».

Як толькі ў справе пачалі ўзнікаць імёны нямецкіх генералаў і іншых высокіх чыноў — усе нямецкія следчыя разгубіліся. Такі прафесійны комплекс, звязаны з празмернай перастрахоўкай, Удо ахрысціў для сябе як комплекс паралізаванай волі.

Разгубіліся следчыя, нават маючы поўныя і правераныя факты (адказы з Венецыі і Коўна). Капітан Ваня хлусіў, спасылаючыся на знаёмствы з паважанымі чынамі ў Венецыі і Коўна.

Што прыдумаў падпольшчык? Па-першае, маючы пашпарт на імя італьянскага грамадзяніна Альфрэда Пазота з Венецыі, Ваня, акрамя гэтага, дадаў, што нядаўна быў на прыёме ў Эрыка Коха, які падарыў яму, маўляў, маёнтак пад Давыд-Гарадком. Праверылі зноў. Паступілі адмоўныя дадзеныя наконт гаўляйтэра. Ваня нечакана прызнаўся, што ён не італьянец, а немец, які з’яўляецца членам антыфашысцкай арганізацыі «Ваенна-хрысціянскі саюз». Прызнанне ашаламляла следчых. Ды Ваня называў беспамылкова прозвішчы генералаў і нават афіцэраў, якія праязджалі на Усходні фронт праз Брэст. СД запатрабавала Брэст, праверылі ўсё дасканала і здзівіліся памяці Вані.

Ваня даводзіў, што частка генералаў супраць Гітлера. Нехта верыў, нехта — не. Пачаліся дасканалыя, як гэта ўмеюць рабіць адны немцы, праверкі фактаў. Час ішоў. Ваня разумеў, што і гэтая праўдзівая блытаніна — усю брэсцкую інфармацыю ён атрымаў ад свайго чалавека, намесніка начальніка каменданта станцыі Курана,— надоўга яго не ўратуе. Тым часам група і яе кіраўнік Пануры не меней за Ваню разумелі, што марудзіць нельга, як ніколі. Прадумалі ўсё: падзяліліся на тры групы, выклікалі з Варшавы людзей з машынамі «опель» і «форд», вывучылі расклад турэмнага рэжыму: 20 чалавек ахоўвала турму; 12 — ноччу, 8 — удзень. Змена аховы ў восем гадзін вечара. Мелі нямецкую форму. Спяшаліся. Мо таму на чорным скураным паліто ў аднаго не аказалася эмблемы СС. Было не да эмблемы. У пяць гадзін вечара машыны пад’ехалі да турмы. А тая эмблема ўсё ж напаскудзіла... на самым пачатку. Асцярожны дзяжурны адмовіўся адчыніць вароты. Так з першага бясшумнага стрэлу Панурага пачуліся яшчэ пяць: забілі начальніка, яго памочніка і яшчэ двух дзяжурных. Юзік не мог ведаць, што гэта палякі. Ніхто з падпольшчыкаў не размаўляў па-польску.

З парога камеры раптоўна пачулася:

— Па загаду маршала Сталіна — вы вызвалены!

Юзік падхапіўся.

Некалькі чалавек, відаць, не паверылі спачатку, не рызыкнулі выскачыць, асцярожна пасунуліся да дзвярэй.

Спрытны Юзік куляй вылецеў на двор, падбег спачатку да «опеля», але ж не паспеў, машына паехала. Тады, не разважаючы, пабег да грузавіка.

— З намі нельга. Бяры зброю і ўцякай у лес,— крычаў адзін і передаў яму вінтоўку.

Юзік адразу ўхапіў зброю... азірнуўся. Да варот бегла яшчэ некалькі незнаёмых яму зняволеных. Яны разбегліся і зніклі за варотамі, як лятучыя мышы ў цемры.

Ён падаўся за людзьмі. З вінтоўкай уцякаць няёмка. Кінуў на снег ля варот і, засланяючы твар ад ліпкага снегу, а мо хаваючы рукой твар, падаўся ў паўзмрок. Да моста дачухаў хутка. Аднак пайсці на мост не рызыкнуў. Куды падацца? Роспач авалодала ім мацней, чым холад. Праз мост без дакументаў не прайсці, а яны засталіся ў турме. Абысці мост? Пакуль трапіш на жывога чалавека, знойдзеш хутар, адубееш. Засталося адно: ісці на вакзал, мо будуць людзі, неяк схавацца. Падышоў цягнік. Пакінуўшы вышмальцаваныя шэра-чырвоныя лаўкі, рэдкія пасажыры пасунуліся на платформу. Пайшоў за людзьмі, асцярожна. Схаваўся ў цень, за слуп.

На перон выкаціліся падперазаныя і захутаныя ў цёплыя каўняры жандары. Прайшліся ля цягніка, у вагоны не палезлі, падыбалі хавацца ад холаду ў будынак.

На вакзале Юзік прыкмеціў чалавека з торбачкай за плячыма. «Праспаў, ці што?» Міжволі Юзіку захацелася паназіраць за ім, але ён баяўся выйсці знянацку насустрач, каб не выдаць сябе.

Незнаёмы прайшоў каля Юзіка, але ж не да залы, пастаяў толькі перад акном. Вось тут, на святле, Лятун і пазнаў свайго нырчанскага пракурора.

«Кінуцца да яго, прыпыніць? А мо гэтак нашкоджу? Лепш непрыкметна пайсці следам. Прыкмеціць вуліцу, хату».

Так і зрабіў. Ад вакзала не прыйшлося далёка ісці хавацца. Прайшоўся ля высокага штыкетніка, думалася, там, за фіранкамі, угледзіць Вольгу. Ды святла ў вокнах, што выходзілі на вуліцу, так і не запалілі. Сам жа не рызыкнуў пераскочыць цераз плот ды падкрасціся да кухоннага акенца, якое кідала на снег слабенькі водбліск святла.

Хутка, амаль подбегам вяртаўся на вакзал. Яшчэ раней прыкмеціў месца, дзе, на ўсякі выпадак, можна было перакантавацца ноч. «Там будзе абавязкова цёплы комін». Была лесвіца. Успомніў. Невялічкія дзверы на вышкі рыпелі ад ветру, пачуў, калі стаяў ля слупа, таму зразумеў, што яны, калі рыпяць, не замкнёны. Не памыліўся. Як вуж, праслізнуў у чорны праём і прытуліўся да коміна. Крыху прыгрэўся і, лічы, раптоўна праваліўся ў сон. Снілася нейкая блытаніна. Адной з самых вялікіх мар была ў падлетка Юзіка — паехаць з бацькам у лес па дровы. Дачакаўся. Пяць разоў на ноч прачынаўся, баючыся праспаць. У лістападзе добры выпаў снег. Выбралася ў Барок шэсць падвод. Выпісалі дакумент (пры Польшчы іх называлі проста — квіт на дровы) з правам рубкі дрэў не больш, чым восем сантыметраў у дыяметры. Нырчанін злым вокам гляне на квіт, а сам залезе ў гушчар і шахне сухастою як на хату, ды схавае ў галлё ядлоўца, ды зверху лазой, дубцамі для парадку прыкрые. Юзік ведаў сваю справу, валіў ядловец.

Добра нагрузіліся. Ды бог шэльму, скнару, злодзея меціць. На паўдарозе, ліха яго матары, трасца яму ў жывот, упёрся конь і ні з месца, хоць падпальвай пяты. Асіп стары Лятун ад крыку, пугу зламаў, кулаком тыцкаў пад пысу каню, бы пракляў хто. Людзі чакаць не будуць. Па кругляку перакінулі на свае падводы ды патрошку рушылі да Нырчы. Сеў бацька на воз, не ведае, як гору дапамагчы. А на той час скача на коніку ляснік.

— А мацер тваю, перавязаць, перакуліць. Краў, пане Лятун, вось бог і пакараў.

Бацька ў лямант:

— Ды не. Пустыя. Конік вунь спудзіўся.

— Дзе ж спудзіўся, калі пяньком стаіць? Аслеп, ці што?

— Манера такая нудзіцца. Па панядзелках, трасца яго матары. Яй-бо. Цукар, бывала, даю, не, падла, выплюне. Кара дык кара.

З цукрам бацька маніў лесніку.

— Ну, а што дасі, калі вылечу твайго каня?

— А што, пане, даваць, калі воз пусты. Богу маліцца, каб здароўя паслаў.

Скочыў гэта з каня ляснік. Угледзеў Юзік, што гэта не ляснік, а Ганс-немец. Здымае з пляча карабін, прыкладвае халодным дулам пад хвост каню.

— Заб’е коніка,— Змітро і не рады, што папрасіў.

— Бяры вожкі. Ну.

Стрэліў! І ледзь паспеў карабін выхапіць з-пад хваста. Як даў дзёру перапалоханы конік, так паплюшчыў дахаты — трымайся бацька, трымайся сын.

Дагналі нырчан з падводамі. Куды там, не ўтрымаць. Папёр прэч конік ад іх з новай сілай.

Прыпыніліся нырчанскія мужчыны, дзіву даюцца. Злюшчыя. Ледзь не паскідвалі на снег дровы Летуна. А па Нырчы чамусьці ў белым халаце ходзіць Ганс. Бяжыць за ім Юзік і просіць:

— Дохтур, палячы маю кабылку.

Ганс узнімае карабін і страляе... у Юзіка.

Прадзёр вочы Юзік, толкам не ўцяміўшы, што да чаго снілася, дзе ён сядзіць. Мурлыкала галоднае кацянё, церлася аб нагу, выгнуўшы спінку і задраўшы ўгару хвосцік. З вуліцы пачуўся жахлівы жаночы крык: «Абла-а-ва-а!» Чутно было, як пад’ехала машына, як затупалі, уцякаючы, людзі.

Закалаціліся канцы лесвіцы, пачулася ласкавае: «кіс, кіс». Юзік схаваўся за комін і пхнуў кацяня да дзвярэй. Немец прасунуўся ў дзірку, паказаў рыбку: «кіс, кіс». Юзік не дыхаў.

Рыбка спакусіла. Бокам, бокам, мурлычучы, кацяня пасунулася да дзвярэй у рукі немцу, які моцна схапіў кацяня за шыю і, лагодны, спусціўся ўніз.

Сядзеў ля коміна, пакуль, дачакаўшыся цішыні і бязлюддзя, злез уніз. Беспамылкова знайшоў хату з прыбітай на шуле варот жаўтаватай бляхай, на якой была выціснута лічба тры. Заўважыў на двары немцаў і хутка пайшоў прэч, толькі б не аклікнулі. Цяпер было адно — трэба наведаць прыватную сталоўку пана Казіміра Хенальскага. Сеў ля ўвахода. У залі амаль нікога не было. Падышла афіцыянтка з белым тварам і невыразнымі вачыма.

— Можна мне тут... знайсці Таццяну? — нясмела запытаў ён.

— Што, на ёй свет клінам... Двойчы на ранак пытаюць.

Высока падымаючы ногі, афіцыянтка пайшла на кухню. Неўзабаве, выціраючы рукі аб белы пярэднік, выйшла насустрач Юзіку цётка Таццяна, сярэдніх год жанчына з ранняй сівізной на валасах. На яго пытанне пра Вольгу, адказала, што ў Пінску дзяўчыны няма. Дзе шукаць, не ведае. Затрымлівацца яму (яна запознена перапытала, ці праўда, што завуць яго Юзікам) у Пінску няварта.

Юзік папярэдзіў:

— Калі ваша хата... на шуле якой бляха з нумарам тры... не варочайцеся туды. Там немцы.

— Гэта не мая хата. Але ўсё адно дзякуй. Даруйце, мяне чакаюць на кухні.

Што рабіць, куды падацца? Без дакументаў, грошай... Шукаць работу? Папытаюцца, хто, як, чаму і цю-цю... У Нямеччыну. Шукаць пракурора? А дзе? Дый ці паверыць ён усяму. От уліп. На волі, здаецца, а страшней, як у турме.

Непадуладная сіла зноў цягнула на вакзал. І недарма. Там напаткаў знаёмага паліцая са Століна. Яны прывезлі на адпраўку жывёлу. Доўга не рызыкаваў падыходзіць Юзік да паліцая. Усё чакаў, углядаючыся, якія немцы з ім, колькі іх, які настрой. Калі ж паліцай прыспешваў сваіх: «Давай, давай. Каб зацямна не ехаць», Юзік рызыкнуў. Падышоў гэтак бадзёра, быццам толькі што адсвяткаваў дзень нараджэння, прывітаўся і, не даючы таму апомніцца, загалгоніў:

— Я ў сарочцы нарадзіўся. Думаю, як да Століна даехаць, хто са сваіх падкіне. Прыязджаў у кантору да хахлоў, чуў — «Закуп і збыт». Такімі грашыма варочаюць, маці мая. Кунік паслаў, ведаеш, ну наш самы галоўны па гандлю... маем трыста скур. Дык няма сэнсу прадаваць. Капейкі прапануюць. Расцэнкі новыя вязу на жыта, мёд. Табе скуры, часам, не трэба? Магу ўдружыць. Прыязджай у Нырчу. Альбо буду па справах, сам падкіну ў Столін.

— Толькі мы яшчэ на лесапільны завод заедзем. Па дошкі. Не ведаю, дзе і пасадзіць цябе,— казаў, усё ж падазрона прыглядаючыся да Юзіка, столінскі паліцай, але, відаць, абяцаныя скуры закранулі яго душу.

— Ды я на дошках. Дарога дахаты не муліць задніцу, так?

— А скуры вырабленыя ў вас? — усё ж папытаў паліцай.

— Чэсць па чэсці. Ды я прывязу. Абяцаю на ўсе сто працэнтаў.

Паліцай згадзіўся. Кінуў у кузаў свой кажушок. «Каб не акалеў». У Століне ўсё той жа паліцай абяцаў знайсці транспарт да Нырчы, відаць, не цярпелася хутчэй атрымаць скуры. Юзік не спяшаўся, казаў, што ёсць справы і што прыйдзецца заначаваць. Паліцай адчапіўся.

На ноч браўся вецер, гнуў вербы. Нацягнуўшы па самыя вушы авечую шапку, Юзік укамянелаю дарогаю вяртаўся дахаты. Памарозіў шчокі, кончыкі пальцаў на руках і нагах не адчуваў яшчэ раней, як прыехалі ў Столін. Сцёр да крыві пятку. Але ўжо нічога не займала яго думкі. Падыходзіў да хутара. Ледзь чутна пастукаў у шыбу.

— Хто яшчэ там? — прасіпеў, крэкчучы, бацька.

Сэрца зайшлося ад знаёмага да болю голасу.

— Я, тата, Юзік.

Пераступіў парог, зняў шапку,— моцна закалола ў галаве, сціснула неяк скроні.

— Схавай мяне, я з турмы ўцёк,— сказаў ён і ўпаў на ложак.

Прося кінулася снегам адціраць шчокі, ногі, рукі... Не адчуваў ні болю, ні гарачыні, заплюшчыў вочы і дзякаваў богу, што дома, што жывы.

 

Артура ўжо двойчы запрашаў да сябе ў СД Удо Вульферт. І кожны раз Кіншчык вяртаўся ў Нырчу напалоханы да смерці. Ішоў да Куніка і маліў, амаль на каленях, забраць да сябе ў магістрат, хоць дворнікам.

Удо толькі выпытваў пра жаданні Артура, цікавіўся яго поглядамі, думкамі на вайну, на славянскі характар, на новую культуру, а ў канцы гаворкі дадаваў, што будзе асабіста рыхтаваць Артура, каб заслаць да партызанаў. «Заслаць. Лёгка сказаць. Там жа Марта! Дзе ж ёй быць, як не там. А калі гэтаму Вульферту паведаміць, што там Марта. Яшчэ горш. Пачне дапытвацца : адкуль сувязь. Не паверыць, што ворагі з ёй і — лясь кулю».

Кунік супакойваў белага з твару Артура.

— Трэба раскашэліцца. Прыкінься дурнаватым. Ён дасылае штотыдня пасылкі. На імя нейкай фраў у Берліне. Не бацькам, заўваж,— Куніку падабалася, што Артур ходзіць да яго па парады,— а жанчыне. Я немца разумею. З гэтых шасці новых ёлупаў, якіх прывезлі з Драгічына, ты самы таленавіты і здольны. Прыдумай яму падарунак. Для фраў. Альбо во, ідэя... Падары яму Кучаіху. Калі афіцэр не згодзіцца, зацягні туды Ганса. Жанчына, спадзяюся, ты ведаеш, і ратуе ад гібелі і штурхае, бывае, на пагібель.

За гэтыя думкі Куніка і ўчапіўся Артур. Пайшоў адразу пасля гаворкі на бойню, дамаўляцца з Гансам пагуляць. Угледзеўшы здалёк паліцая, дзеўкі, якія сядзелі на прызбе ля хаты Грэчкі, паціху, непрыкметна пачалі расходзіцца на свае вуліцы. Артуру яшчэ здалёк падалося, што ў адной з іх ён пазнаў знаёмую постаць. Паскорыў крок. Дзяўчаты кінуліся ўрассыпную, пачалі ратавацца, хто як мог. Хто ўцякаў, хто хаваўся ў чужы двор. А ліха яго ведае, мо паліцай п’яны, прычэпіцца абы да чаго.

«Марта! Марта! Няўжо?» — стукала яму ў скронях.

— Стой! — загадаў ён здалёк.

Чарнявая кінулася ў агарод, у сад, цераз канаўку, на лужок выскачыла, на другую вуліцу і шпарка пабегла. Хоць даўненька Артур так хутка не бегаў, цяжка было, але ж пагнаўся за чарнявай.

«Яна, Марта!» — падганяў сам сябе.

Дзяўчына зачапілася сакам за калок, мо й парвала, але ж, не звяртаючы ўвагі, бегла далей.

Артура, як крапіўкай апякла, ахапіла дзікая злосць на Удо, Марту, Кучаіху — скінуў з пляча карабін і з лёту стрэліў наўздагон. Дзяўчына ўпала. Ён асекся: «А калі не Марта? Дачка каго-небудзь. Яшчэ, падла, адпомсціць».

Падбег.

— Эй, ты жывая?

Дзяўчына часта мігала вейкамі і маўчала.

— Устань, кажу.

Толькі цяпер ён разгледзеў, што зноў памыліўся.

— Чыя?

— Коўкі.

«Абы жывая...»

Ён заўважыў след ад кулі, якая, бы дротам колкім, распарола плячо на саку.

— Чаго ўцякала?

Яна маўчала.

— Чаго, пытаюся, драпала?

— Усе ўцякалі... і я пабегла. Татка сварыцца, калі без справы на вуліцы тырчу.

— Цьфу... адны дэгенераты наўкол. Ідзі адсюль...

Хацелася ляснуць па яе кірпатым носе, ледзь стрымаўся, толькі дыбнуў, праўда, моцна ў патыліцу.

«Што, я вар’яцею... Яна ж і ростам меншая... і маладзейшая. Ногі крывыя».

Не было настрою цягнуць гэтага нязграбнага і таўставатага Ганса да Кучаіхі. Толькі праз некалькі дзён запрасіў ён немца на Паштовую. «Усё будзе алес гут. Амур цм, цё»,— прыцмокваў Артур, а сам пагрозліва папярэдзіў Кучаіху, што, калі немец патрабуе большага, не саромейся, распранайся.

— Баюся. Як жа ж так... Пашкадуй мяне. А калі яму... Дзе ж ты будзеш?

— Не ламайся, як дзеўка. Не люблю. Што ты — збяднееш? Я тут буду, у суседнім пакойчыку. Вось што, ён мямля, таму распранайся сама. Я не пакіну цябе пасля гэтага, зразумела, не пакіну. Я не раўную.

У Ганса быў дрэнны настрой. Толькі сёння, са спазненнем, ён даведаўся з пісьма, што яго кумір, чэмпіён па кулявой стральбе, Конінгс загінуў у Сталінградзе. Прачытаўшы зранку, яму хацелася выйсці на вуліцу і забіць стрэчнага ды не аднаго, а двух, трох, так адпомсціць за смерць нямецкага генія. Паснедаўшы, супакоіўся. Усё адно прыйшоў да Кучаіхі злы, як падмануты цыган. Селі за стол, выпілі. Артур, паказваючы куцым пальцам на Кучаіху, загадкава так усміхаўся, маўляў, дзейнічай, а я пайшоў. Патупаўся ў калідоры, брамкнуў клямкай і схаваўся ў суседні пакойчык, ля шкапа, папярэдзіўшы яшчэ раз Кучаіху «не марудзіць».

Кучаіха, не ведаючы, што ёй і рабіць, падышла да Ганса.

— Бітэ,— Ганс паказаў на спадніцу.

Яна пабегла ў пакойчык да Артура.

— Што рабіць? Ён патрабуе, каб распраналася.

— Не скуголь. Цішэй. Распраніся тут, калі саромеешся, і выходзь да яго.

— Страшна...

— Цыц!

Артур сам адарваў гузік на спадніцы. Яна распранулася, прыкрыла ніз жывата сарочкай. Стаяла бы ўкопаная.

Артур выпхнуў яе з пакоя.

— О! Ком, ком! — павесялеў Ганс.

Ён узяў яе за руку, падвёў да люстэрка і, як заварожаны, доўга разглядаў жанчыну.

Кучаіха, стоячы так, як на продаж, крыху супакоілася.

«Ці дурнаваты, ці бабы даўно не бачыў?»

І тут, на сваю бяду, Кучаіха ўгледзела на кальсонах у немца вышэй калена вышыты чорнымі ніткамі фашысцкі знак. Ганс наўмысна нашыў, каб не блытаць, дзе перад, а дзе зад. На жанчыну напаў нейкі дурны смех, мо яшчэ і ад таго, што немец доўга, танцуючы на адной назе, не мог зняць кальсоны. Гэта так не спадабалася Гансу, што, падскочыўшы да яе, ён пачаў моцна біць Кучаіху па твары. Яна ўскрыкнула, клікнула на дапамогу Артура. Той сядзеў нерухома.

Немец павалок жанчыну на ложак. Там некалькі разоў ударыў па твары, пакуль яна, закусіўшы губу, не сціхла.

Артур, не высоўваючы галаву, сядзеў па-ранейшаму за полагам каля шафы. Дастаў з кішэні руска-нямецкі слоўнік і пачаў гартаць кніжку, шукаў літару «д», слова «дапамажы». Стомленыя Ганс і Кучаіха паснулі. «Сюды ён і брата зацягне. Як піць даць»,— спадзяваўся Артур.

Мінула тры тыдні, а насцярожанага Артура ніхто больш не выклікаў да Удо. Зацішша, быццам перад буранам. Тут яшчэ з хваробы ніяк не вычухаецца, зноў ногаць пачаў урастаць у мяса на пальцы. Без усякай цікавасці, кульгаючы, соваўся па Нырчы. Вяртаючыся да ўчастка, стрэў Куніка, які ўсё і паведаміў панураму Артуру.

— Чуў навіну? Обер-лейтэнанта параніла.

Артур адразу і не зразумеў, якога лейтэнанта.

— Удо Вульферта.

— Моцна? Выжыў? — не хаваючы радасці, пытаўся Артур.

— Выжыць — выжыў. Але ж наўрад ці пакінуць на службе.

— І куды ж параніла?

— Пакалашмаціла, браце, як кручок рыбіну. Нехта, значыцца, з лесу падклаў міну ў гараж каменданта. Ды не, якія там партызаны. Так. Адзін мо нейкі самазагубца. Засяклі. Немцы не даўбешкі, сам разумееш. Ачысцілі гараж. Усё ціха-мірна. Кіраваў сам Вульферт. Урач з бальніцы, які мне ўсё расказваў, і сам толкам не ведае, чаму і як немец забраў міну да сябе ў СД. Ці вывучаў яе, ці разглядваў, ліха яго ведае, толькі гэтая зараза вазьмі ды бахні пад носам у афіцэра. Хапіліся, прыбеглі з суседніх пакояў, аж ляжыць, крывёю абліваецца. Не твар — а дно глячыка. Ратаваць кінуліся — вату, бінт. А накладваць павязку, выходзіць, няма куды, немагчыма. Разкаркавала ніжнюю сківіцу: страхапуддзе. Урач мой перапужаўся, як глянуў. Першы раз за ўсю вайну такі выпадак. Вось тут, з правага боку, кавалак косткі ды некалькі зубоў — і ўсё, браце, што ад сківіцы засталося. Жылкі на шыі парвала. Вуха бы пакусаў хто. Мо два ці тры, ужо і не памятаю, пальцы на адной руцэ і засталіся. Ляжыць у бальніцы такое пудзіла, сёстры баяцца падысці карміць. Сам жа есці не можа. З горла тырчыць трубка, праз яе кормяць. Шкада. Яй-богу. Харошы быў чалавек. А прыгожы. Сапраўдны арыец. Шкада, не? — быццам шукаў падтрымку ў Артура Кунік.

— Шкада, што жыць будзе. Бо калі адразу не забіла, выжыве. Людзей не хапае. На службу вернецца. Усіх здаровых на фронт гоняць.

— Хто ж яго дапусціць на такую адказную пасаду. Думаеш, кавалак языка не адарвала? Гаварыць як след вучыцца прыйдзецца. А з галавой, думаеш, усё нармальна? Пшык дзела. Харошы быў чалавек.

Кунік і сапраўды шчыра шкадаваў Вульферта. Ён адчуваў небяспеку, хісткасць новага парадку і загадзя праз Вульферта думаў забяспечыць сабе месца, па пратэкцыі немца, там, у Германіі.

«Урэшце ўсё, што робіцца, робіцца да лепшага. Ну, уцякла Марта. Не было спакою. Прычапіўся гэты афіцэр. Зусім дрэнь справы,— думаў, з апетытам абедаючы на ўчастку, Артур,— але ж лёс паслаў падтрымку, замену ў іншым: знішчыў (амаль знішчыў) уедлівага і рашучага ў сваіх жаданнях і намерах афіцэра СД, якога толькі і баяўся, бы агню сярод ночы».

Кунік пра галоўнае і не ведаў. Якраз у час іх размовы з Артурам обер-лейтэнанту хірург з Баранавічаў (ён спецыяльна прыязджаў у Столін) рабіў трэці этап пластычнай аперацыі. Недастаючую частку сківіцы замянілі кавалкам рабрыны самога Удо. Насадзілі і падагналі пластмасавы пратэз замест падбародка. Аднавілі ніжнюю губу, нават рассеклі язык з бакоў, з тыльнай часткі і долькамі нашылі даўжыню. Уратавалі твар, а не прыгажосць.

Ганс праз тыдзень наведаў брата. Удо нема маўчаў. Сорамна было перад братам ад свайго вымаўлення. Падаў запіску, у якой пісаў, каб пакінулі тут, хоць санітарам, каб меў магчымасць адпомсціць. Далей напісаў, што розум ясны, што мысліць лагічна і паслядоўна, а гэты часовы боль за вухам, па словах урача, павінен з часам знікнуць. Доктару мала давяраю, пісаў, разлічваю толькі на сваю волю і толькі на яе моц. Рытм, Ганс, рытм. Усё будзе добра.

Няшчасны Ганс ледзь стрымаўся каля ложка, выбег і заплакаў наўзрыд, як дзіця, у калідоры.

Удо доўга баяўся люстэрка. І спачатку прыглядаўся да свайго цьмянага адлюстравання ў шыбе акна, а потым папрасіў у сястры люстэрка. З усім мог і быў гатовы прымірыцца і змірыцца... зваротнага шляху няма. Глянуў. Не паверыў вачам. Разбіў тое люстэрка. У водпуск па раненню ехаць катэгарычна адмовіўся. Маці не перажыве. Прызначылі начальнікам нырчанскага санаторыя. Забараніў Гансу пакуль наведваць парк Шыдлоўскага, ды і сам выходзіў пагуляць, калі цемра ахутвала дрэвы.

«Толькі б не нашкодзіў яму гэты пракляты выпадак!» — занепакоіўся Ганс, спачуваючы з болем брату і не ведаючы, чым і як дапамагчы.

 

 

Раздзел сёмы. ЗМІТРО

Два доўгія месяцы, якія атруцілі душу сваёй аднастайнасцю, правёў Юзік на хутары. Адгарадзілі за печчу куток, павесілі на дошкі балею, каб там хаваць маленькія дзверы. Там і ратаваўся ад чужога вока. Але што гэта за жытка. На гарод не выйдзі, бойся, на поле не ступі — бойся, у Нырчу ні нагой — бойся.

Вастрыў нажы, сякеры, зрабіў граблі, драўляныя вілы, як вопытны шавец адрамантаваў абутак бацьку, Мікіце, дзецям. Збіў фунт масла. Счахла маленькая радасць ад работы. Душа ўсё ныла і ныла. Стары не лез са сваімі парадамі, толькі слухаў і прасіў не пакідаць хутар.

Стаялі цёплыя, парныя ночы. Вясна прыйшла рана. Снег знік імгненна, зямлю падсушыла хутка.

— Усё,— сказаў аднойчы, стоячы ранкам на двары, Юзік.— Не магу болей. Пайду ў партызаны. Інакш звар’яцею. Мне гэтая старая Гваздзюкевічыха, якую тады паліцаі забілі пры мне, усю ноч сніцца.

Змітро прамаўчаў, калі сын пачаў збірацца. Прося, вядома ж, усплакнула. Мікіта паспрабаваў адгаварыць :

— Навошта гэта табе, брат? Гасподзь паслаў немца, гасподзь і пакарае.

— Дык што ж мне сядзець ды чакаць, пакуль ён знасільнічае ўсіх нашых дзевак, забярэ скаціну ўсю, заб’е майго бацьку, Марту? — не згаджаўся з братам Юзік.

— Змірыцца трэба. Добрых і бязгрэшных гасподзь уратуе. Натура чалавечая сапсавана, адна вайна народзіць другую вайну, і так будзе бясконца, пакуль чалавек сам не зразумее, што і без вайны прыйдзе час памерці. Ад гэтага шукай ратаванне, каб памерці чыстым.

— Ты ў сваёй царкве зусім здзічэў. Што ж мне сядзець ды чакаць, а яны прыйдуць ды заб’юць. Не папытаюць, якая ў мяне натура.

«Правільна, правільна, сынок»,— згаджаўся ў думках і Змітро.

Па дарозе Юзік зайшоў да Магеры, прапанаваў Васілю ісці да партызан. Змораны голадам за зіму, Васіль напачатку ажывіўся, палез пад ложак даставаць свае дзіравыя чаравікі, у якіх адхадзіў зіму, ды стары Магера ляснуў сына па твары раз, другі, пасадзіў на ложак і зачыніў перад Юзікам дзверы.

— Усё роўна ўцяку, уцяку,— скуголіў Васіль.

— Я цябе сам застрэлю, сабачы сын! — пачуў Юзік.

У Аздамічах Юзік доўга адчуваў сябе як не ў сваёй талерцы. Двойчы быў на гутарцы ў Афанасьева, уедліва дапытваў усё пра Пінск і сам Іваноў. Пыталіся і пра Нырчу, і пра немцаў, пра санаторый і сувязі Куніка. З адных і тых жа пытанняў, якія паўтараліся ў партызанскіх кіраўнікоў, Юзік зразумеў: яго такім чынам усё яшчэ правяраюць. Не крывіўся, не крыўдзіўся: ён рабіў бы на іх месцы тое ж самае. Адно не падабалася. Давярай не давярай, але ж дай умовы, час, выпадак, месца, каб ён змог даказаць на справе, чаго варты. Дык не. Прыставілі круціць ручкі дынамамашынкі, ад якой працавала радыё. Там у атрадзе і ахрысцілі — круцільшчык. Альбо яшчэ: загналі на кухню. Аж смешна. А ўсё мо ад таго, што на пытанне, хто адпачывае ў санаторыі? Ці працуе ён? Як ахоўваецца? — ён коратка адказваў: «Не ведаю. Пасля таго выпадку з Уляй і Федзем нікога з нырчан у санаторый на работу не бяруць». Мо крыўдавалі, што больш нічога не ведаў.

З Вольгай толькі аднойчы некалькімі словамі і перакінуліся. Вазілі на млын у невялічкую вёску Цераблічы жыта. «Мо ёй бацька наказаў далей ад мяне трымацца? Ці сама не хоча выклікаць падазрэнні?» — роспачна думаў ён.

Праз некалькі дзён будавалі лагер. Выкапалі дваццаць зямлянак, у кожнай з якіх магло змясціцца чалавек семнаццаць, дваццаць. Юзік габляваў у будучай зямлянцы камандзіра стол.

Вольга прыйшла ў зямлянку разам з Цуберам. Хлопец паставіў пішучую машынку на стол і, не маючы работы, пакінуў зямлянку. Яны, не згаворваючыся, кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі, паспелі пацалавацца. Зверху пачуўся голас Мішэніна.

— Не блудзі каля нашай зямлянкі,— хутка папярэдзіла Вольга Летуна.

— Я непрыкметна. А чаго саромецца?

— Не ўсё адразу. І без таго хлопцы прыстаюць. Бацька не любіць гэтага.

— Ты толькі скажы, хто ліпне? — пачырванеў Юзік.

— Ніхто. Маўчы. Марта табе будзе перадаваць ад мяне ўсё.

— Добра. Ты бацьку перадай. Няхай на заданне мяне пашле. Матляюся ля кухні, як прымак галодны.

— Перадам, калі паслухае.

Доўга Летуну чакаць не прыйшлося. Атрымаўшы яшчэ некаторыя дадзеныя ад Барыса Сысы, партызанскі атрад намеціў ажыццявіць аперацыю «Санаторый».

Хто лепш ведаў былы замак графа Шыдлоўскага, акрамя Юзіка — ніхто.

— Ад мяне ні на крок! — папярэдзіў Юзіка кіраўнік аперацыі Іваноў.

Не ўсё атрымалася ў Мішэніна. Меркаваў знішчыць санаторый у дзень свята Першага мая. Парк вакол быў абнесены высокім дашчатым плотам, абітым уздоўж і павенчаным зверху колкім дротам. Санаторый надзейна пільнавалі толькі немцы з кулямётамі на трох вышках. Нават паліцаям, якія прывозілі ці суправаджалі кожныя дзесяць дзён падводы, машыны з харчам, не дазвалялася ступаць на тэрыторыю парку. Ля варот іх страчалі людзі з аховы, якія, па загаду Удо, перагружалі ўсё на сваю машыну, на тачкі. І гэта ведаў Мішэнін ад Барыса Сысы. З вясны пачалі падвозіць харчу больш, якім, па разліку Іванова, можна было пракарміць дзесяць дзён добрую сотню чалавек.

Калі гэтай сотні знойдзецца ў маёнтку зброя — сіла вялікая. Падыходзіла адно: непрыкметна трапіць у парк з боку Гарыні. Нейтралізаваць вартавых адной вышкі і падпаліць маёнтак. Такім чынам выкурыць сонных з будынка і знішчыць. Удала можна было заняць абарону і групе прыкрыцця. Рыхтаваліся. Чакалі, калі пабольшае ноч. За дзень да аперацыі ноччу перавезлі з Колак дзесяць лодак, схавалі ў канаўцы метраў за трыста да ракі. Заначавалі ў лесе, за Колкамі. Не курылі, не запальвалі вогнішча. Наступным днём зноў усё дэталёва абмяркоўвалі, паслалі двух у разведку. Як толькі ноч паднялася з лагчын, выпаўзла з лесу і ахутала абшары палёў, выступілі да Нырчы. На кругляках хутка перасунулі лодкі да Гарыні, там ля канаўкі пакінулі коней і двух партызан, адзін з іх быў у гадах, другі не ўмеў плаваць.

Цубер паспеў падпаліць край страхі, калі нехта выпусціў на ганак трох вялізных аўчарак. Яшчэ б хвіліна, і Юзік не паспеў бы зняць вартавога з-за іх моцнага брэху. Загаварылі недзе з парку два кулямёты, секлі кулі галлё і лісце на вільчыках. Хлопцы, разбіўшы амаль усе вокны першага паверха, пакідалі ў пакоі запаленыя квачы з ільну і ануч.

— Агонь! — пачулі моцны голас Іванова.— Акружай! Не дай гадам выйсці жывымі. Ніводнаму!

Юзік праз маліннік ля кухні падпоўз збоку да другой вышкі і трапна шпурнуў калатушку14 на пляцоўку з кулямётам. Змоўк і трэці. Гэта хлопцы Бесана «дасталі» збянтэжанага брэхам сабак, нечаканымі стрэламі з усіх бакоў і пажарам кулямётчыка. Група Бесана заняла абарону ля варот. Юзік не затрымліваўся, але ж вяртаўся да будынка не алеяй, а старым, правераным шляхам: праз маліннік. Полымя неяк марудна лезла на дах. З двух акон агонь вырваўся на волю, асвятліў засеяныя клумбы, маладую траўку.

Усё гучней паўсюдна і з кожнай хвілінай мацней чуўся трывожны чалавечы гул.

— У палон не браць! — загадваў Іваноў.— Зараз пачнуць адтуль драпаць, як пацукі.

З другога паверха праз акно скочылі долу адзін за адным тры салдаты з аўтаматамі. Іх прышылі да зямлі, не далі нават узняць галавы.

— Гляньце, белы сцяг! — Юзік паказаў на акно.

— Уратаванне шукаюць, гады,— сказаў нехта ў цемры.

Усё астатняе адбылося за некалькі секунд. На ганак выйшаў чалавек без рукі, другой рукой ён трымаў высока белы кавалак марлі.

— Нікс шысен, нікс шысен,— гучна звяртаўся ён да нябачных партызан.

— Чорт! Мо там нікога няма, акрамя пяці-дзесяці чалавек,— сумняваўся Іваноў,— Юзік, Лапцёнак, за мной. Праверым.

Яны выйшлі з-за дрэў і, трымаючы напагатове шмайсеры15, пабеглі бліжэй да будынка.

Раптам нябачная рука пацягнула за пусты рукаў немца-парламенцёра назад, а на месцы яго ў чорным праёме дзвярэй замільгаў агеньчык кулямёта. Узбуджаны і ап'янелы ад першага паспяховага залпу (Лапцёнак, Юзік і Іваноў упалі, не рызыкуючы адказваць на стрэлы), Удо паласнуў па дрэвах, кустах.

Не чакаючы каманды свайго кіраўніка аперацыі, партызаны з усіх бакоў пачалі страляць. Начальнік санаторыя ўпаў, папоўз да ганка.

Агонь зрабіў сваю справу. Большая частка адпачываючых саскоквала ўніз, выбягала на ганак. На стрэлы партызан адказваў толькі кулямёт Удо.

— Немцы пад’ехалі. З казармы,— папярэдзіў Бесан, які бег з малінніку.

Ад варот, праз хвіліну, пачуліся стрэлы.

— Адыходзім. Хутка ўсе адыходзім,— загадаў слабым голасам паранены Іваноў.

Полымя ахапіла будынак, кінуўшы высока ў неба чорны слуп агню і дыму. Стала светла, як у сонечны дзень. Гарэў другі паверх.

— Адыходзім да лодак, Бесан, прыкрый нас,— казаў Іваноў, якога амаль неслі на сваіх руках Юзік і Лапцёнак.

Партызаны паспяхова пераправіліся на другі бок ракі, адстрэльваючыся ад немцаў, якія асцярожна наступалі з боку варот.

Іванову вельмі кепска зрабілася ўжо ў Колках. Раструсіла на кані ці страціў за дарогу шмат крыві. А мо і тое і другое. Збялеў Іваноў, пасохлі губы, бы патрэскаліся ад марозу, пахмурэлі вочы. Унеслі ў хату да незнаёмых людзей.

— Навошта сюды. Тут жа дзеці. Памру — перапужаюцца,— голас яго прыкметна паслабеў.

— Будзем жыць, Сяргей Пятровіч. Гэй, гаспадар, хто тут у вас траўкі ведае? Ці мо фельчар ёсць? — нерваваўся Бесан.

— Няма фельчара. За Каўпаком пайшоў. Тут ён недалёка праходзіў,— спешна апранаўся гаспадар.

— Як жа вы без доктара?

— Баба ёсцека. Травы мае. Магу збегаць.

— Вядзі сюды бабу.

— Не трэба, Вячаслаў. Супакойся. Ці ж не бачыш... гатовы я. Нічога не дапаможа. Паміраю. На двор... каб дзеткам...

— Кінь... Будзем жыць, Пятровіч.

— Вынесі, загадваю.

Вынеслі. Нехта падаў кварту вады. Адпіў некалькі глыткоў. Падалося, павесялеў, голас акрэп.

— О, кажы ты, прырода чалавечая. Не баяўся ж яе... кульгавай. Шальмаваў. А прыходзіць час... страшна. Ноч, а страшна. Здавалася б, дапамагаць павінна. Вячаслаў, прызначаю да канца аперацыі камандзірам цябе. Выводзь людзей. Ранкам немцы могуць зрабіць аблаву.

Ён змоўк.

— Юзік, падыдзі сюды, нахіліся. Я хачу табе нешта сказаць,— пачуў Лятун праз хвіліну.

— Ты любіш маю дачку? Не саромейся, адказвай.

— Вельмі люблю.

— Добра. Жыць без яе не можаш... Так. Скажу табе чэсна... я здагадваўся... павер, як бы ты да мяне не ставіўся... я быў супраць цябе... нічога не пытай. Пры ўсім тым, гэта не шкодзіла табе быць добрым хлопцам. Не бі яе толькі ніколі, чуеш. Дзетак сваіх не бі ніколі. Гэта і перад маім вяселлем раіў так мой бацька. Шкадуй. Як у вас тут кажуць: першая любоў ад бога, другая ад людзей, ну, а трэцяя, вядома, ад чорта. Адна яна. У мацеры нашай цяжкая хвароба печані. Мо нават і жывой ужо няма. Не пакінь Вольгу. Два цуды на зямлі і ёсць: узыход сонца і любоў пад мірным небам.

Іваноў зноў сціх. «Мо страціў прытомнасць»,— падумаў Юзік.

Пачуліся крокі. Гаспадар вёў жанчыну.

— Таварышы, шаптуху прасілі. Вось гэтая жанчына.

— Позна. Памёр наш таварыш,— Вячаслаў зняў шапку.

— Вечны спакой яго душы,— ціха сказала жанчына.

Усю дарогу да лагера ехалі моўчкі, адчувалі віну за смерць свайго камісара, чалавека мо не ласкавага, вельмі стрыманага, які моцна любіў свой народ і аддаў за яго сваё жыццё.

Праз некалькі дзён пасля аперацыі «Санаторый» наляцелі на вёскі Аздамічы, Мярлін, Цераблічы варожыя самалёты. Шкоды вялікай, праўда, не нарабілі тыя бомбы. Мо толькі аднаго-двух чалавек і параніла. Згарэлі дзве адрыны, млын у Цераблічах. Яшчэ праз тыдзень прыехалі з Пінска дзве машыны карнікаў, не затрымліваючыся на доўгі адпачынак ў Нырчы, немцы накіраваліся ў бок Аздамічаў, але мусілі варочацца ў Нырчу. Перад самай вёскай партызаны спалілі мост. Цяпер праз два-тры дні, рэгулярна лятаў самалёт і кідаў фугасныя бомбы, па восем штук у адзін прылёт.

Галоўны будынак санаторыя згарэў. Засталося толькі левае крыло і некалькі падсобных аднапавярховых домікаў. Тут часова размясцілі нешта накшталт шпіталя ці невялічкай бальніцы. Звозілі сюды салдат-калек. Тут іх добра кармілі, даглядалі і, са слоў Ганса, адпраўлялі да мора, на курорты. Пасля партызанскага нападу Удо яшчэ больш змяніўся. Ён па-ранейшаму кіраваў гэтым часовым прыютам для інвалідаў. Хадзіў сутулены, вочы глядзелі адрачона. У Нырчу ніколі не хадзіў. Не пісаў дахаты лістоў і вельмі рэдка сустракаўся з Гансам.

Недзе пад восень зачынілі бойню. Не было чаго звозіць. Да зоны, кантралюемай партызанамі, не даязджалі, а пад бокам у Нырчы ўсю скаціну забралі.

Змітро застаўся без работы, грошай і невялікай магчымасці хоць што-небудзь за іх купіць. Баяўся зімы ўжо зараз, яшчэ ранняй, па-летняму цёплай, восенню.

Увесь час хадзілі чуткі: вось-вось атрад пойдзе на другі бок Прыпяці на аб’яднанне з партызанскай брыгадай. А восень надышла непрыкметна. Перагарэла сухое лета, паплыло павуцінне бабінага лета па-над полем. Марта зняла хустку. Такое пякучае і надакучлівае летняе сонца цяпер вабіла пяшчотай і асалодай. Ішла нетаропка ўздоўж лесу праз густое высокае конскае шчаўе. Думала пра Маню, успамінала Ігната. «Відаць, застанецца прыняць горшае. Інакш, калі жыў бы, існаваў бы на белым свеце, неяк бы ды падаў знак. Праведаў бы бацькоў. Адна радасць у жыцці і засталася — дачушка. Дзеля яе і жыць буду. Хутчэй бы гэтая праклятушчая вайна скончылася». Сумавала і па песні. Прыгадала хор бальніцы, сябровак, канцэрты. «Калі апошні раз спявала? Тры гады таму? Ай, зусім звар’яцела. Тыдзень назад, калі сустракала Вольгу і Юзіка. Яны вярталіся з Сенкевічаў. Ідучы лесам, якраз і спявалі гарэзлівую «Ану-ка, девушки, ану, красавицы».

З Сенкевічаў маладыя закаханыя (часам Марта недзе глыбока ў душы і зайздросціла іх каханню) прынеслі часопіс уласаўцаў, у якім друкаваўся велізарны спіс уласаўцаў, узнагароджаных нямецкімі ўзнагародамі. «І гэта патрэбна штабу»,— пахваліў іх Мішэнін, а сам, размаўляючы з маладымі, не адводзіў вачэй ад Марты. «Смешныя гэтыя мужчыны. Хутка ўвесь атрад будзе заўважаць сімпатыю камандзіра да фельчаркі, толькі ён сам лічыць, што пільна хавае свае пачуцці».

У лесе было ціха. Марта успомніла галасы птушак вясной, пачала параўноўваць іх песні. «Гры-горый, грыгорый»,— крычыць івалга. «Спірыдон — чай піць, чай піць»,— адказвае ёй пявучы дрозд.

Пачуўшы ззаду крокі, Марта азірнулася.

— Ой,— яна сапраўды перапужалася злёгку ад нечаканасці.

— Даруйце, калі перапужаў. Я адвярнуся. Плюньце тры разы, старыя кажуць, дапамагае,— Мішэнін не без усмешкі, вінавата развёў рукамі.

— І доўга вы ішлі за мной?

— Не. Усяго які-небудзь кіламетр.

— Ого. Жартуеце. А на самай справе?

— Метраў трыста. Не рызыкаваў падысці. Любіце восень, угадаў?

— Не. Проста нешта такое найшло. Сумнае...

— Разумею. Гэта ад аднастайнасці. І лес чалавека стамляе. Пастаянная нервовая напружанасць. Вайна, адным словам. Ужо зусім мала засталося... Да Новага года перабярэмся за Прыпяць. Там сапраўдная армія. Тысячы партызан. І мяне могуць з часам забраць на павышэнне, хваліцца сорам, так што даруйце.

— Дзе больш людзей, там заўсёды весялей.

Аднак, як падалося Мішэніну, Марта неяк насцярожылася.

— А тут... у Аздамічах, нікога з партызан не застанецца?

— Нікога. Заснуем у Цераблічах інтэнданцкія сховішчы і пакінем некалькі чалавек для аховы і забеспячэння асноўнай базы. Там і для вас раздолле. Сапраўдны лясны шпіталь. Медыкаменты, інструменты. Усім гэтым Цэнтральны штаб абяцае забяспечыць поўнасцю. І мне, прызнаюся, сумна пакідаць будзе нашы Аздамічы. Чэснае слова.

Ён знарок дадаў «нашы» Аздамічы, каб яна зразумела: камандзір цвёрда настроены забраць фельчарку на другі бок ракі.

— О, ап, трымай! — Мішэнін спрытна ўхапіў у жменю коніка.— Бач ты, не згарэў за лета,— падставіў кулак да вуха,— ну, пачынай сваю песню. Не, лянуецца.

— Спалохаўся.

— Відаць. Жыві. Не толькі нам, і табе жыць ахвота.

— Так. Толькі ў вайну па-сапраўднаму разумееш, што такое жыццё і як яно дорага табе.

— Марта, я даўно... хацеў сказаць табе,— Мішэнін раптам перайшоў на «ты».

— Не трэба,— як быццам напалохалася яна, не жадаючы пачуць тое, аб чым здагадвалася.

— Марта...— пачуцці так завалодалі ім, што больш не сказаў ні слова. Моцна прытуліў яе да сябе. І яна неяк уся падалася да яго, быццам засумавала па ласцы і пяшчоце. Цалаваў косы, бровы... і як п’яны ад шчасця, не выпускаў з абдымкаў.

Марта вызвалілася з дужых рук, ён зноў пацягнуў да сябе з большай сілай.

— Не... чуеце, не трэба,— Марта апусціла галаву яму на грудзі,— не... мне балюча. Аслабаніце свае рукі.

— Марта, любая, павер... даўно, чуеш... я даўно... не магу без цябе...

— Прашу, адпусціце. Чуеце. Крычаць пачну. Іван Іванавіч, супакойцеся.

Мішэнін разняў рукі. Яна адышла на крок, так няспешліва, мякка сарвала буцючак шчаўя і церабіла ў руках, чакаючы ад яго слова.

— Мо не верыш? Дык гатовы тысячу разоў паўтарыць, што кахаю.

— Веру. Толькі не трэба так... Адразу. Тут,— яна паказала на грудзі,— у мяне толькі дачушка, усе думкі, надзеі і хваляванні. У мяне няма іншых жаданняў... Я бы каменная. Разумею, усё часова... Мо каб не вайна... вы добры... І я сама баялася гэтага пачуцця. Свайго таксама.

— Няўжо чужы? Ні кроплі...

— Толькі, каб не так усё. Мо я баюся сабе самой прызнацца, што нараджаюся нанова. Адной мне трэба разабрацца. А калі ўжо зразумею, што жыць без цябе не змагу... Нішто не ўтрымае. Сама прыйду. Аб адным прашу, дазволь мне адной лёс свой вызначыць.

— Марта, я не хацеў цябе пакрыўдзіць... Пачуццё маё светлае... Колькі і я перадумаў начамі.

— Не трэба. Не падыходзь.

— Пойдзем разам.

— Лепш адной.

— Няхай так. Толькі ведай, як сцямнее, чакаць цябе буду ля дуба за школай. Прыйдзеш?

— Не магу абяцаць.

— Не прыйдзеш сёння, заўтра буду чакаць.

— Бывайце. Там нехта ходзіць. Мо Вольга з Юзікам.

— Няхай сочаць. Дык я буду чакаць, Марта,— ён так сказаў гэтае слова «Марта», што яе ўсю аж скалыхнула. Ёй пачуўся Ігнатаў голас.

Марта, адчуўшы ў нагах нейкую стому, села на камень-валун і заплакала. Нешта ўсё пераблыталася і навалілася на душу разам: сум, трывога за дзіця, цьмянае неакрэсленае пачуццё да камандзіра, развітанне, журботнае курлыканне журавоў.

— Ён што, Марта, ты толькі праўду кажы, мо насільнічаць хацеў, пагражаў? — не вітаючыся, пачаў Юзік, угледзеўшы слёзы жанчыны.

— Не. Ты што, ашалеў.

— А што ж?

— Нічога. Ідзі, цябе Вольга чакае.

— Не пакрывай яго. Бач, прысвоіў цябе, як Майсей Пяцікніжжа.

— Які яшчэ Майсей? Пра што ты гаворыш? — не разумела Марта.

— А чорт яго ведае. Мікіта так любіць паўтараць. Маўляў, быў нейкі прарок, ці хто, які прысвоіў сабе нейкае Пяцікніжжа. А другі чалавек, Спіноза, даказаў, што Майсей не мог усё напісаць. Ты толькі мне праўду скажы, не саромейся і не бойся. Калі прымушае... ето не пагляджу, што камандзір, садану фінку ў плечы. Я за брата люта адпомсціць магу.

— Ён прызнаўся мне ў каханні. Усё. І супакойся. Дурных думак не носіць, можаш паверыць. Акрамя Артура і немца, больш баяцца мне няма каго.

Хацелася яшчэ дадаць, што яе асабістае жыццё належыць ёй адной. І распараджаецца ім толькі яна, як і сваім каханнем.

«Юзік малады. Гарачы. Канешне, не зразумее. Ды і навошта. Не той час».

— А ты верыш, што брат твой жывы? Што ён шукае мяне, нас? Колькі ж можна чакаць, верыць, што заўтра нехта пастукае ў шыбу, колькі? Маё сэрца разрываецца, яму не пад сілу такі цяжар. Пяць гадоў — не пяць месяцаў.

— Я веру,— цвёрда адказаў Юзік,— а ты... ты разлюбіла яго.

— Ды не! Усё не так. Я памятаю, я шаную і мо да вар’яцтва чакаю. Чакала. Стамілася... за вайну. Быццам за плячыма ўсе сто гадоў носіш.

— Ён знойдзецца,— супакойваў больш сябе, чым Марту, Юзік.

— Пакінь мяне, Юзік, калі ласка. Хачу пабыць адна. Ты добры, уважлівы... Дзякуй табе, што ахоўваеш мяне. Не клапаціся. Я сама, усё сама...

Юзік не стаў замінаць, пярэчыць, раіць.

 

Мішэнін свой учынак не асуджаў і наогул думаў пра іншае. Пра сваю жонку, дзяцей. «Яны, відаць, падраслі. Калі ўдумацца, дык разам з маці не ўспаміналіся і дзеці. Дык гэта ж жахліва! Мяне даўно не цягне да жонкі, але ж блізняты мае... сыны...»

Сэрца спачувала жонцы, перажывала за яе турботы і адзіноту там, далёка, але не... любіла. «Як камень, упаў на сэрца сорам перад сынамі. Як глянуць у вочы? Дарослыя, разумныя. Здрадзіў, выходзіць, пакахаўшы Марту? А здрада заўсёды паганая». Не хацелася нікога бачыць і чуць. Прытуліўся да вяза. Тройчы, як малітву, паўтараў услых: «Будзь праклята вайна, будзь праклята вайна... будзь праклята». Як усё складзецца ў іх з Мартай, не загадваў, не планаваў, адно ўсвядоміў канчаткова, вырашыў цвёрда: болей да жонкі не вернецца. Пакахаў іншую, грэшным, але шчырым і моцным, як само жыццё, каханнем.

 

Не ўратавалі Летуноў ні Змітрава вынаходлівасць, ні Просіна асцярожнасць. Каб зерне не асыпалася, жанчына ішла жаць толькі ноччу (рана-ранічкай), на роснае поле. «Усё ж болей жыта будзе. На кілё, два, а болей». Парэзала пальцы, але зноў ішла на поле. Павялічылі на гэтую восень «кантынгент»,— так называлі падатак новай уладзе.

Усе нырчанскія палеткі былі абмераны. Для сябе, пад пагрозай расстрэлу, Кунік дазволіў кожнаму гаспадару пакінуць чацвярціну ўраджая. «Як мышам на абед,— бурчэў Змітро.— Дай бог на сваім хлебе пратрымацца да мясаеду».

Даўно не перажываў Змітро той голад, адвык і таму спакваля страшыўся. Пачаў з восені думаць ды гадаць, як, дзе разжыцца хлебам, калі надыдзе бяззубая галодная зіма. «Усё таму ненажэрнаму немцу збіраюць, усё яму, які па шэсць фурманак харчоў з’ядае»,— ліла масла ў агонь Прося. Стары злаваўся, бурчэў на яе. Раіў эканоміць, дабаўляць мякіну. Сам Змітро ніколі не любіў такі даўкі хлеб, а куды дзенешся, голад не цётка, розуму не таварыш. Дзеткі з дня на дзень ратаваліся дранікамі. Дзякуй богу, што бульбачка, як і хлеб, і цукар, ніколі не прыядаецца. З усёй гаспадаркі засталася кароўка (кабанчыка забралі яшчэ вясною), і на тую была «бірка». Не меў права без дазволу нямецкай улады забіць кароўку. Малако здавалі ў санаторый. На бойні акуратна плацілі нейкую капейку. Былі карбованцы, маркі. Але ж купіць іхняга хлеба, хоць і прадавалі б у краме, не адважыўся б. Лепш давіцца сваім. Чужы, бы цэгла, мо тырсу ў яго падмешвалі. Ганс часам скардзіўся: «Баліць жывот. Плёха вайна». У рэшце рэшт, Змітро мог вывесці торбу бульбы на базар, абмяняць на жыта, але хто рызыкне свой хлеб аддаць. А жытка, што не месяц, то ўсё горш і горш. Неяк у нядзелю пачуў вестку: нашы Гомель узялі. Пайшла гуляць па Нырчы, бы ачышчальная навальніца, чутка пра Гомель. Хацелася людзям выйсці, пагаманіць з суседам, але па-ранейшаму ўсе баяліся, яшчэ больш паводзілі сябе асцярожна. Прамкамбінат закрылі. На яго двары размясцілі сховішча боепрыпасаў, узмацнілі ахову.

У Ганса з'явілася многа іголак, сернікаў, мыла. Прыносіў усё да Просі, прасіў яек. Дый Прося вывучыла за доўгі час манеры немца, хавала яйкі ў печ, у попел. Ганс моцна штурхаў Просю ў грудзі і злы пакідаў хутар.

Не так баяўся Змітро Ганса, як яго брата. Змардаваны, збрыджаны твар пужаў Летуна, як хворы праказай. Яшчэ ўлетку, з берага Змітро неяк назіраў за кацярком, які паволі чухаў уверх па Гарыні. На такім кацярку з кулямётам на носе прагульваліся афіцэры з санаторыя. Няшчадна білі качак ля вусця ракі, на возеры за Хабішчанскай кручай. Але ж тое было ўлетку. З восені, калі густы туман шэрай дзяружкай пакрываў гарынскую нізіну, кацярок выбіраўся не далей кіламетра ад санаторыя. На ім плыло ўсяго два-тры немцы. Аднойчы так нечакана прыстаў ля хутара. Калі б, здаецца, угледзеў немца з аўтаматам, замкнуў бы хату, ратаваўся б. Надта ж сур’ёзным падаўся Змітру Удо Вульферт, які піхнуў нагой весніцы.

— Пачакай, сынок, немца нячыстая прыгнала,— Змітро пілаваў дровы з Мікітам.— Што яму, халера, трэба? Прыглядаецца, бы цешча да зяця.

— Мо есці хоча.

— Маўчы, сынок. Стой нема. Прычэпіцца яшчэ,— раіў сыну бацька.

Удо падышоў бліжэй, паказаў на пілу і паклікаў Летуноў за сабою. Ішлі нядоўга. Немец паказаў на вялікі асакар, ад якога пачынаўся пінскі шлях.

— Пілаваць ці якую халеру хоча?

— Толькі, сынок, не пытайся і не праціўся. Цягні пілку. Бачыш, у яго вочы, як у шалёнага.

Ніколі не думаў Змітро, што гэты стары, сухі, вечна рыпучы асакар будзе так цяжка пілаваць. Ды яшчэ, ёлупы, пагналі адразу, каб хоць не спешна ўзяліся. Узмакрэлі спіны, млелі рукі, косці ў каленях не разагнуць. У Мікіты на левай руцэ выпаўз вялікі мазоль, затым лопнуў, пацякла жыжка, пякла жывая рана невыносна. Цягнуў пілку адной рукой. Ні адпачыць, ні зняць фрэнч. Стаіць над душой, сатана, вачыма не лыпае. Пачало пілку клініць. Змітро на свой страх і рызыку секунду-другую перадыхнуў. Удо падышоў да асакара, упёрся ўсёй сілаю пляча. Памагло. Пайшоў да долу асакар, працяжна рыпнуў напаследак.

— Гут! Алес гут! — Удо махнуў рукой, маўляў, можаце сунуцца да хутара. Сам жа неяк скрыгатнуў сківіцамі, зірнуў вачыма наўкола, не так, праўда, насцярожана, як на двары, і падаўся подбегам амаль да ракі.

— Шкада асакара. Першы раз тваю маці-нябожчыцу тут пацалаваў. І нашто ён яго загадаў знішчыць?

— Мо нейкую аблаву будуць рабіць, дык дарогу перакрылі. З выгляду немец паганы, як палавумны ўсё роўна. Лепей яму на вочы больш не трапляць.

— Бог дасць, зіма скуе раку, і прыблудны сабака сюды не сунецца.

— Дай бог. На яго ўпаваем.

Неўзабаве зіма дала дыхту, з лёту, шчодра. Не паспелі нырчанкі ўмасціць пяском прызбы. Канапацілі анучкамі вокны, фанеркамі «шылі» пабітыя ў кутках шыбы, выцягвалі на прыпечак галавешкі. Выдувала цяпло, не даць рады. З ночы брыжыкаваты белы мох ухутваў знізу дзверы і спаўзаў вадою-вільгаццю на парог толькі пад абед. Свой холад не пагібель, горш немцам. Пакінулі, мо і без загаду, сцюдзёную мураваную казарму-універмаг і распаўзліся па хатах. Адны нырчане казалі, што немцы збеглі з казармы: баяцца партызан, другія — няма чаго есці. Змітро быў спакойны: у такую далячынь да яго хутара самы галодны і халодны не пойдзе. Аднак памыліўся. Якраз палуднавалі. Падсох у палатнянай торбачцы сыр, і Прося да яго заварыла чай з лісця маліны. Пахла на ўсю хату. У немцы, які ішоў да хутара, не адразу і пазналі Ганса, так ён быў захутаны з ног да галавы. «Добра, што хоць у настроі»,— падумаў Змітро, калі Ганс, распрануўшыся, паставіў на стол бутэльку выбаровай». Выпілі. «Гітлер капут»,— такое Ганс, відаць, і сабе сказаў упершыню, таму прыклаў палец да губ. «І зіма плёхо». Пайшоў да тапчана, які стаяў ля грубкі, узяў з ложка падушку, кінуўся і, шчасліва ўсімаючыся, заснуў соладка ўмомант.

Нічога дрэннага не падазраючы, Змітро ў добрым настроі пайшоў на двор адграбаць снег. Ганс, не змяніўшы позы, праспаў да раніцы. Калі ж пасля дзяжурства немец прывалокся зноў, Змітро зразумеў: «Падабаецца, зараза, цяпер да канца зімы не выпхнуць». Адну ноч укрываўся шынялём, але, відаць, пад раніцу замёрз, прынёс коўдру. Ды не, халера, перакінуў яе Змітру, а сабе забраў цёплы верхнік. Прося набрала старых рагож, кажух і паслала сабе на падлозе ля ложка з дзецьмі. Нават на свой тапчанчык і не садзілася, калі Ганса не было ў хаце. Усё казала Летуну: «Трэба ўцякаці, Змітро. Яй-бо. Хадземо ў Колкі. Гэты Ганс і ёсць пасыльны таго ненажэрнага немца, які есць усё на свеце. Сэрцанька маё падказвае. Ой, горачка, хоць ты ў зямлю ўцякай». Лятун не браў да галавы яе слоў. Баяўся больш іншага. Не дай бог, Марта нарвецца на немца. «Трэба неяк перадаць у Аздамічы. Папярэдзіць. А праз каго? Халера яго матары...» Занепакоіўся стары, забедаваў. Ды і ночы праходзілі нездаровым сном.

Варочаўся Ганс, неяк енчыў. Смярдзеў на ўсю хату. Альбо яшчэ фокус. Прынёс «дайман». Падхопіцца пасярод начы, свеціць ва ўсе куткі, быццам шукае нешта. Так аднойчы сярод начы пабудзіў Змітра, задраў сваю нагу і высвяціў ліхтарыкам чырвоненькую гульку.

— А...— Змітро зразумеў, чаго немец енчыў ночы напралёт,— гэта блыха ўкусіла. Блы-ха.

— Блёха? — і ўцяміўшы адначасова і не разумеючы, перапытаў Ганс.

— Яна, гніда.

— Эрдрюке дізе лаус16.

— Блыха... Бяры вось так,— Змітро адарваў нітачку, скруціў яе ў клубочак,— патры пальцамі. Туды-сюды. Далей пакладзі блошку на ногаць і прыдушы, каб толькі чутно было. Так трэсь... І найн блыха.

— Я, я...—здаецца, Ганс зразумеў няхітрую навуку.

Улягліся. Ганс не заплюшчваў вачэй, чакаў, пачынаючы злаваць. Нарэшце нешта заварушылася на назе, папаўзло, заказытала. Падхапіўся з ліхтарыкам і цяпер паспеў разгледзець маленькага ўчэпістага і ненажэрнага ворага. Не злавіў. Клікнуў Змітра.

— Святло,— Змітро паказаў на ліхтарык,— найн. Ад святла яна ўцякае. Трэба намацаць пальцамі і лавіць у цемнаце. А ліхтарык найн.

— Гут,— злосна адказаў Ганс.

Невясёлыя думкі валодалі Гансам у гэтую мінуту. «Мо тысячагадовы рэйх і гэта добра. Як любіць павучаць Удо — павінна быць мэта ўсяму народу і мэта для кожнага індывідуума. Калі мэта індывідуума хоць на дваццаць працэнтаў не супадае з мэтай для ўсіх — гора той дзяржаве. Гэтыя дваццаць працэнтаў паралізуюць мэту для ўсіх. Смешна. Яго мэта на тыдзень, дзень, мінуту адна — уратавацца. Але ж аднаго не ўявіць. Чаму менавіта ён павінен пакутаваць на сметніку імперыі, у брудзе, карміць блох. Чаму? Няўжо і Гітлера там, у Бергхофе, таксама кусаюць гэтыя крывасмокі? Ды не, хлусня. Знішчыць усіх немагчыма, бо нехта павінен на рэйх рабіць усе тысячу гадоў. А калі немагчыма, то ўсе тысячу гадоў будуць такія ж Гансы ахоўваць нешта некаму і карміць блох. Няма выйсця. Разагнацца хіба ды ляснуцца галавой аб гэтую патрэсканую і зашмальцаваную спінамі грубу? Мяне, арыйца, гэты мурзаты і нікчэмны мужык вучыць лавіць і знішчаць яго блох! О, божа, дзе твая справядлівасць. Напісаць пра гэта бацькам, палічаць за вар’ята...»

І яму раптам так захацелася вярнуцца туды, у юнацтва. Да Юты. На родны Рэйн. «Чаму ён уцёк з таго раю? Чаму?» І так стала яму лагодна-прыемна са сваімі ўспамінамі, так прыгрэўся, што канчаткова страціў пільнасць. Ды блыха не драмала. Зноў, скінуўшы верхнік на падлогу, ляснуў далонню па лытцы, гатовы не тое што прыдушыць на ногці, а праглынуць, з’есці. Заснуў пад самы ранак.

Неахвотна браўся золак, калі нехта гучна загрукаў у дзверы. Змітро хукнуў на шкло, прыпаў да шыбы. Не ўгледзець. Ганс ужо быў на нагах, трымаючы напагатове карабін.

Лятун нясмела выцягнуў ніжнюю засаўку. Пачуўшы лязгат жалезнай засаўкі, чалавек за дзвярыма наваліўся на іх усім целам, раззлаваўся, калі дзверы не паддаліся, пачаў лаяцца па-нямецку. Ганс пазнаў свайго брата. Удо загадаў хутка апрануцца, прынёс, акрамя свайго аўтамата, карабін, даў Летуну. Затым па яго загаду яны подбегам накіраваліся да ханскіх могілак, ад якіх добра праглядаліся Колкі.

— Заняць кругавую абарону,— загадаў па-нямецку Удо.

Ганс паказаў Змітру, дзе прымасціцца, і той упаў у снег ля куста чаромхі, не ведаючы, што ад яго патрабуюць і да чаго рыхтавацца.

— Я ўсё разлічыў. Непрыкметна да моста яны могуць прайсці толькі тут. Ты ведаеш, Ганс, колькі патрэбна кілаграмаў толу, каб узарваць нырчанскі мост? — і сам Удо адказаў: — Нічога ты не ведаеш, лайдак. Усе лайдакі — эгаісты і абжоры. Каб вы служылі так аддана айчыне, як я, мы дайшлі б да Кітая. Ведай наперад. На мост патрэбна 130 кілаграмаў толу. Кожны з іх будзе несці па дваццаць, як мінімум. Пароль на сёння «Райзгоф». Эй,— Удо звярнуўся да Летуна,— колькі гарыць бікфордаў шнур?

— Найн. Іх не разумею.

«Усё. Зараз застрэліць»,— прашыла маланкай яго свядомасць жудасная думка. Болей і адказваць не мог, бы прысох да нёба язык. Выручыў Ганс.

— Ён не разумее. І ведаць не будзе.

— Навучы унтэрменшэна17. За мінуту пяць метраў... Фюрэр адзін супраць усяго свету, адзін! Яго пашкадаваць трэба, а не пакідаць у бядзе. Хто мы? Пясок. Дзярмо. Паўтарыце. Іх шайзе!

Ганс маўчаў. Удо выхапіў з кабуры пісталет.

— Паўтарыце!

Змітро для сябе рашыў паўтараць усё, што будзе рабіць Ганс.

— Іх шайзе,— прабубніў Вульферт-малодшы. Тое ж зрабіў і Змітро. Удо сцішэў.

— Я вас прадстаўлю на ордэн «За ваенныя заслугі». Мы дачакаемся іх. Усё лагічна, выверана і надзейна. Калі нават у іх не будзе толу. Яны абавязкова панясуць пяць, дзесяць мін МЗД-5. Я паслаў даклад брыгадэнфюрэру. Мой дослед. Я, чуеце, адзін я на цэлы рэйх ведаю сакрэт гэтай міны.

І ён усхвалявана пачаў расказваць пра міну. Але ж обер-лейтэнанта ніхто не слухаў. Змітро ўставіўся на барок, баючыся прагледзець чалавечую постаць, і нашэптваў урыўкі з малітваў Мікіты. «Узлюбі бліжняга, як самога сябе. Ідучы за Хрыстом, адмовіся ад сябе... Не паддавайся гневу (гэта паўтарыў зноў), не паддавайся гневу. Бойся пекла, бойся суднага дня, кожны дзень памятай пра смерць... Словы твае да будуць нямногія. У імя айца, і сына, і святога духа... Не веру нікому, апоры не маю, уратуй, госпадзі...»

Ганс ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Успомніў, як Удо наведаў аднойчы казарму і расстраляў салдацкі прыёмнік:

— Дэзерціры! Хто вам дазволіў слухаць падонкаў з-пад Сталінграда? Яны больш не салдаты вермахта, прадажныя агітатары. Да чаго яны заклікаюць?

«Мы прайшлі праз пекла, нас лічаць загінуўшымі, а мы заклікаем ад імя мёртвых: вядзенне гэтай бяссэнсавай і безнадзейнай вайны можа ў любы момант прывесці да нацыянальнай катастрофы. Аб’яднайцеся ў барацьбе з народам супраць Гітлера...» — чулася тады з прыёмніка.

— У іх паралізавана воля! Яны хворыя. А ў нашым народзе няма месца хворым і калекам,— крычаў Удо.

Тады салдаты змаўчалі, хоць потым той-сёй пасмейваўся: маўляў, прыдуркаваты нейкі афіцэр. Ганс адзін спачуваў брату, ведаў, як той прымае ўсё блізка да сэрца і востра рэагуе на ўсе няўдачы на фронце. Сёння, не разумеючы чаму, душа ягоная не спачувала Удо. Мо ад таго, што надта хацелася спаць, што рэзкі ранішні вецер дробнай пякучай соллю сыпаў колкі снег у твар. Злаваўся Ганс на тупую бессэнсоўнасць гэтага чакання : бо сапраўды, хто рызыкне, на дзень гледзячы, ісці ўзрываць мост. Нешта не тое робіцца з братам, не тое. Не змянілі яго больш чым дзіўныя паводзіны і новая пасада — начальніка санаторыя. Ганс пачаў ненавідзець брата і не здзіўляўся гэтаму новаму прыкраму пачуццю. Бы праз сон, даносіліся і білі абухам пякучыя словы Удо: «Памятайце, яны міны ставяць не паміж шпалаў, а пад шпалы». Ганс заплюшчыў вочы. Падалося, што нехта штурхнуў яго ў бок. Не хацелася нікога чуць і бачыць.— «Сальве Цэзар, гэта ж я, Ганс. Не пазнаў».

— «Пазнаў. Той самы Ганс, якога мы хавалі ў Кёльне».— «Цяжка табе, бачу».— «Не тыя словы. Я гатовы знішчыць увесь свет».— «Навошта ўвесь свет. Памылка. Знішчай таго, хто болей за астатніх псуе тваё жыццё».— «Я злы на ўсю дзяржаву. На ўсіх!»

— «Правільна. Дзяржава робіць больш напасці асобе, чым асоба дзяржаве. Ты не ўмееш цярпець, ты не захопнік, табе цяжка пераносіць загады. Ты народжаны не для вайны».— «Невыносна. Вар’яцкія загады не выношу».— «Не хлусі. Усе загады не выносіш. Ты раішся са мной наконт...» — «Чаго?»

— «Калі, скажам, заб’юць Удо, дык табе будзе лепш жыць. Лягчэй? Павер. Табе патрэбна выслабаніцца».— «Як?» — «Забі сам. Ці не гатовы?»

— «Гатовы, гатовы, гатовы»,— бы ў сне паўтараў нябачнаму кёльнскаму Гансу Вульферт, аж ускінуў карабін. Ганс падняў галаву. Нябачны прывід знік. Побач былі толькі Лятун і Удо. «Што ж я раблю? Заўтра. Потым. Мо ў яго нервовы прыпадак. Трэба пачакаць. Напісаць бацькам. Хоць ён пад пагрозай і забараніў рабіць гэта. Не вытрымаю, не вытрымаю...» Хацелася завыць ад дурной непатрэбнай нервовай напругі.

— Адбой! — пачуўся гучны голас Удо, якраз тады, калі ўзбуджанасць і нянавісць Ганса дасягнулі, здавалася, апошняй нервовай вышыні.

Ганс і Змітро пасунуліся да хутара.

Прося, стрэўшы Змітра, абняла і горача прытулілася да яго. Летуну, мо перад Гансам, зрабілася няёмка неяк, ён зняў з плячэй яе рукі, але зрабіў гэта не рэзка, а з павагай і ўдзячнасцю. «Жывы, слава богу, жывы».

Ганс, чапляючыся за парог, як за ламачча, пайшоў дасыпаць.

«Каб хоць гэты немец, крый божа, на дзетках злосць не спагнаў»,— схамянулася Прося і пайшла да ўнукаў.

Мінула тыдні са тры, калі прыступ змрочнага настрою з Удо паўтарыўся. Хапілася пявучая адліга. Работа яе вядомая. Вызваліць з-пад лёду ваду, нагоніць яе наверх снегу, ахутае цеплынёй дрэвы, і тыя, адчуўшы цяпло, ледзь прыкметна пачырванеюць. Адно дрэнна: прэюць сметнікі і рэзкі пах гною паўзе з двароў на ўсю Нырчу.

За дзень да з’яўлення ўзбуджанага немца, Змітра выклікалі ў бургамістрат. Па спісу, складзенаму Кунікам, выдавалі зброю ўтворанаму сілком з нырчан атраду самааховы. У гэтым спісе Змітро стаяў першым. Не хацеў браць у хату зброю, але ж куды дзенешся. Выпісалі адну вінтоўку і на Мікіту.

— Ой, каб хоць супраць партызанаў не пагналі,— непакоілася Прося.

— Унь прыгналі знекуль машыны, гарматы... ахоўваць будзем па чарзе. Так Кунік казаў,— Змітру і на гэтую службу ісці не хацелася.

...Разам падхапіліся ад грукату Ганс і Лятун. Зноў на золаку. На гэты раз пабеглі да маёнтка Шыдлоўскага і там, ля высокага берага, дзе пачынаўся парк, залеглі ля старых лодак.

— У мяне ёсць усе дадзеныя, што яны рыхтуюць узрыў санаторыя. Мая інтуіцыя, яна, Ганс, геніяльная..— Удо гаварыў па-нямецку.— Толькі тут яны змогуць прайсці. Усе подступы надзейна ахоўваюцца, акрамя гэтага. Не спаць! — штурхаў брат Ганса.— Адказвай, якая розніца паміж дотам, дзотам, бліндажом?

Ганс маўчаў. Разглядваў далонь, на якой чырванела драпіна, відаць, параніў аб лодку.

Змітро не разумеў слоў, але ж па востраму погляду ведаў, яны адрасаваны Гансу, «Божа, не чалавек, а звер. Што ён да нас прычапіўся?»

— Гітлер адзін. Увесь свет супраць яго. Але памятайце, сабака брэша, а воблакі плывуць. Не збаўляйце пільнасці. Энергія і вытрымка, энергія і вытрымка. За падрыў баявога духу буду караць жорстка. Чалавек не вольны. І ён уласнасць некага,— бубніў Удо.

У Ганса шумела ў галаве, быццам нехта сядзеў у ёй і дрынкаў надакучліва на адной струне. Хацелася плакаць не ад вар’яцкіх фантазій брата, з яго маніяй ганення, а ад роспачы за ўласнае жыццё.

Вада падмачыла калені, локці. Трэсла як у ліхаманцы. Не вытрымаў. Падняўся і пайшоў ад лодак.

— Куды? Назад! Дэзерцірам смерць на месцы.

Не звяртаў увагі на дзікі ўскрык Удо. Недзе над самым вухам праенчыла куля. І не ўцяміў адразу, што стрэлілі па ім. Угледзеўшы, што брат павярнуў, Удо стрэліў другі раз угару.

— Ты вар’ят! Разумееш, вар’ят. Нас нічога не ўратуе! — Ганс нахіліўся да самага твару Удо.— Нічога...— Ганс адчуў, што выйсця няма, ён сам у тупіку.

— Я заб’ю цябе, дэзерцір! — аж пазелянеў афіцэр.

Удо не паспеў узняць зброю. Браты покатам упалі на снег. Бы драпежнік, Ганс схапіў Удо за горла. Але ж звыклай шыі рукамі не намацаў. Усё было перабінтавана, перавязана да барады. Тады, раззлаваны, ён з гарачкі ўдарыў Удо галавою аб бок лодкі раз, другі... і, пераканаўшыся, што той нерухома абвіс на руках, адапхнуў брата на дно лодкі. Засопся.

Падняў свой карабін і, не звяртаючы ўвагі на Змітра, пайшоў у бок Нырчы, а не да хутара. Змітро застаўся адзін у сваім сховішчы, не ведаючы, што рабіць, «Зацягнуць лейтэнанта ў санаторый? Ачуняе, калі жывы, не мінаваць кулі. Бегчы дахаты? За што ты выпрабоўваеш мяне, госпадзі, кожную хвіліну?.. Пакуты пасылаеш, адна другой цяжэй. За маё забойства? Як ратавацца, куды дзецца? Быў бы побач Мікіта, і то ўратаванне, помач. Дык ліха панесла ў Столін. Трэба ж было заначаваць, калі гэты дурнаваты наляцеў. Што ж я калодай ляжу? Угледзіць варта зверху, капцы».

І Змітро бокам, бокам, подбегам пашыбаваў дамоў. Доўга праляжаў у снезе Удо, пакуль апрытомнеў.

Не прыйшоў больш нанач і «нязваны прымак», як ахрысціла Прося Ганса. З палёгкай уздыхнуў Змітро, чакаў паводкі, каб адрэзала, схавала хутар ад Нырчы. З начы чулася, як рэпае на рацэ лёд. Ішла доўгачаканая вясна.

Прося чакала стрэчанне, свята сустрэчы вясны. Напякла дзеткам пернікаў, ды якіх! Пеўнікаў з хвастамі, жаўрукоў, дзеда з барадой. Запаслівая душа прыхавала муку дзеткам на радасць. Запрасіла Тэклю, якая і прынесла ранкам невялічкую ёлачку, ды два вяночкі з вярбы. Паўскоквалі на ногі малыя, давай дзівіцца, што баба Прося шые. Усё было падрыхтавана загадзя. Напхалі ў старую спадніцу саломы, з яе ж прабілі рукі, ногі. Цяпер прышывалі галаву з лапікаў. Тэкля палезла ў печ па вуголле, намаляваць вочы, нос і страшэнны, вялікі рот.

— Мо дзетак не будзем браць. Едкі ветрык. Прабярэ,— параіла Тэкля.

— Ці ад іх адчэпішся. Няхай ідуць.

Вынеслі размаляванае пудзіла на ганак, а самі пакуль павесілі вербныя венікі на студню, прывязалі ёлачку да клёна.

— Дзеткі, пеўнікаў сваіх бярыце,— клапацілася Тэкля, падхапіўшы пудзіла пад руку.

— А ты, Змітро, не пойдзеш з намі вясну клікаць?

— Я ўжо сваё адклікаў,— адказаў Лятун.

Пайшлі на ўзгорак да Гарыні.

Стары з Мікітам засталіся ля весніц.

Мікіта мог бы пайсці за імі, ды вырашыў не замінаць, бо звычайна клікаць вясну ішлі жанкі і дзеці.

— Хадзем у хату, сынок!

— Пачакай хвіліну. Ты паслухай, як прыгожа спявае Прося.

Кліч-песня шырока і трывожна панеслася з гары. І скуль, здавалася, бярэцца ў хударлявай, невялічкага росту жанчыне такі прыгожы, моцны голас.

 

А-гу, вясна-а-а, а-гу-у!

Красна-а!

Ой, што ты нам прынясла?

Гу-у-гу!

Старым бабам па кіёчку,

А дзевачкам па вяночку!

Гу-угу!

 

Трывожная, сумная заклапочанасць узмацнілася, калі ўступіла Тэкля.

 

А-гу, вясна, а-гу-у, красна,

З пунькі саломку вытрасла,

З кораба жыта вынесла...

Гу-гу-гу!

 

І разам яны даспявалі заклік да канца, змяніўшы спеў на гучны рэчытатыў.

 

А хлопчыкам па канёчку,

А жаночкам па сыночку,

Малым дзеткам па яечку...

Гу-у-гу...

Гу-у-гу!..

 

Мані з Васільком, відаць, больш за ўсё спадабалася такое простае і надта прыгожае: «А-гу, вясна, гу-у-у».

Гулі па адным і разам усю дарогу да ракі. Там Прося запаліла пудзіла, кінула на ваду і адштурхнула ламачынай ад берага.

— Згінь, халера нячыстая, смярдзючая, пузатая. Забяры вайну за сабой... згінь праклятушчая, загубі немца,— казала Тэкля.

— А ты, што, Прося, нічога не просіш?

— Дзякуй богу, ты ўсё сказала. Вярні, вясна-красна, Уленьку, Марту, Юзіка... Бацькам сынкоў, сынкам бацькоў. А-гу-у!

Дымілася змакрэлае пудзіла, паволі плыло па рацэ, як вястун жаночага болю, клічу, спадзяванняў, праклёнаў і светлых надзей. Шурпатай далонню зграбала пакамечаную салому Тэкля, выцерла ад ліпкай гразі абутак дзеткам, свае вялізныя чобаты.

— Тэкля, не ўцякай, паснедаем, чым бог паслаў,— казала Прося, але пакуль не спяшалася ў хату, панура стаяла ля весніц і з нейкай цяжкай задуменнасцю глядзела ўдалячынь.

— Зноў на цётку нешта найшло? Не інакш, немца пузатага выглядае.

— А чаго смяяцца, Змітро? Людзі бачылі. Кажуць, уначы падыходзіў да Нырчы,— употай казала Тэкля.

Неяк Змітру зрабілася дрэнна, клікнуў Просю, надумаў тады ёй паведаміць пра гора сваё, баяўся, што памірае. Цяпер не шкадаваў, што не прагаварыўся. «Аслабла душой Прося. Зусім немаўляткам робіцца. На маленне ў Печаў зноў збіраецца, разбарабаніць можа ўсім»,— стары жмурыў ад сонца вочы.

— Шкада Просю,— чамусьці сказаў Мікіце бацька.

— Нам яе, а ёй нас шкада. Што мы пра душу яе ведаем — нічога. Яе жыццё — таямніца,— адказаў Мікіта, таксама падстаўляючы твар сонцу.

— Ай, сыночак, якое ж жыццё таямніца? Калі мы ведаем яго адзіны і нязменны канец. Бог таямніца, яго ніхто не бачыць і не чуе. Апору трэба шукаць жыцця, а не таямніцу яго.

— Яна знойдзена даўно. Бог — адна апора.

— І бог хораша, ды чалавеку мала адной апоры ў бога. Калі не знойдзеш зямной апоры, калі сам сабе ў цяжар (тут Змітро меў сябе на ўвазе), пракляні бога і памірай. Неўзабаве і ты, адна з маіх апор, адплывеш.

— Як гэта?

— Уцякаць жа трэба. Саветы, кажуць, каля Турава. Капут немцу.

— Я больш нікуды і ні за якія грошы не паеду.

— Чаму? Я мо той перамогі і не дачакаюся. А табе жыці трэба. Памазгуй.

— Думаў. Радзіму не пакіну. Зла ў маёй душы на Саветы няма. Мая радасць з богам, з Тэкляй, Просяй, з вамі ўсімі. Скончыцца вайна. Ажанюся. Няхай забойцы ўцякаюць, а мне без зямелькі нашай не пражыць. — Мікіта паказаў удалячынь.— Вясною дыхаецца.

— Маладому ды здароваму ўсё хораша, а старому, грэшнаму даўка заместа жыткі. Пойдзем снедаць,— Змітро знарок клікнуў сына. Падалося, што Мікіта даўно ведае пра забойства брата, дараваў і ўсё чакае — «чаму, маўляў, бацька маўчыць».

— А вы чаго поркаецеся тут, кыш у хату! — прыкрыкнуў на ўнукаў, а Маню дык злёгку ляснуў па руцэ.— Не ліжы палец, бо дротам абкружу. Кінь.

Прося ішла ў хату апошняй. Зграбла на рукі ката, выпусціла ў сені і замкнула дзверы на дзве засоўкі. На дзень яна ніколі раней не замыкалася.

«Замыкайіся не замыкайся, ад вайны не схаваешся»,— упэўнена думаў Змітро.

Праз месяц прыехалі немцы на дзвюх машынах з чырвоным крыжам да хутара, выгналі Змітра з унукамі, Просю ў адрыну, а хату забралі пад аптэку і лазарэт. Начамі шкрабліся ў кутках галодныя мышы, не баяліся чалавека, поўзалі па нагах. Дзеці хаваліся пад верхнік да Просі, баяліся спаць. Тады Прося пачынала зноў і зноў адну і тую ж казку-быль: «...і прывезлі таго ненажэрнага немца на нашу зямельку ворагі нашы. Яму што не дай, усё мала. Каровак паеў, авечак паеў, свіней паеў. Пужае ўсіх, пагражае, кажа, калі харчоў не знойдзецца, людзей есці пачну. Што рабіць людзям, гора... Пайшлі шукаць магілу Ільі Мурамца, пачалі яго зваць-клікаць гору памагчы. Прачуў Мурамец, разгневаўся. Кажа, адпусці мяне, божа, з цемры нечысць прагнаць. Змілаваўся бог. Выходзіць на шырокую дарогу Мурамец. Дзе тут, пытае, паганец, які люд мой з’есці хоча? Хапіў яго аберуч і аб зямельку. З таго і дух вон. Ну, спіце, спіце, мае родныя».

— А як жа ён, Мурамец, з магілы ўстаў? — цікавіцца Маня.— З магілы ўстаюць?

— Так не ўстаюць, а калі ўвесь народ папросіць...— адказвае Прося.

Хутка слабыя ад недаядання дзеці паснулі. Не спаў адзін Змітро. Хоць выкалі вочы. Не мог уцяміць, ніяк не мог згадзіцца: як так можна людзям у белых халатах выгнаць нясчасных дзяцей у адрыну на халодныя ночы? Што ж такое робіцца на свеце, што няма спагады да нікога.

Кожны ранак прыходзіла на хутар Тэкля, прыносіла Летунам макуху, коржык, які яна выпякала з высяўкі проса і мукі.

Ніколі б не згадаў Змітро, што прыйдзе час і ён будзе ўдзячны гэтай жабрачцы.

Зямелька ля хутара пуставала. Не было чаго садзіць. Змітро падыходзіў да поля, разрытага коламі машын, гладзіў рукою зямлю і плакаў...

І вось пачалося! З двух бакоў адначасова. Наступленне франтоў 1-га Прыбалтыйскага, 3-га, 2-га і 1-га Беларускага пачалося дваццаць трэцяга чэрвеня згодна распрацаванага камандаваннем плана Беларускай аперацыі пад умоўнай назвай «Баграціён». Назву абароннай аперацыі Ганс ад камандавання не чуў. Дзіўная рэч: Гебельс, фюрэр, маршалы даюць гучныя і салодкія для вуха назвы толькі наступальным аперацыям і акцыям. А абарона, як залоўка, на яе не хапае часу, каб нават імя прыдумаць.

Ён аніяк больш не верыў голасу з радыё (усё яшчэ бадзёраму і ўпэўненаму) пра добра ўмацаваны самой прыродай лясіста-балотны раён Палесся з яго тысячамі рэк і азёр, не верыў у рэзервы і непрыступнасць бугскага валу. Як не верыў больш у моц танкавай дывізіі СС «Вікінг», 102-й і 292-й дывізій, 23-й пяхотнай дывізіі венграў, кавалерыйскаму корпусу «Гартнек».

«Усё часова, часова. Нічога цяпер не ўратуе, нічога. Смешны, фанатычны, звар’яцелы Удо. Ён марыў аб вечнасці, велічы айчыны, нацыі. Марыў адкрыць у яе гонар нешта вялікае, геніяльнае, патрэбнае ўсім адначасова. Ці ж можна тое вечнае і патрэбнае людзям адкрыць у час вайны? Хіба толькі сродкі пакут? Не. Мір — калыска геніяў, воля — натхненне творцаў».

Зноў пагналі ўсіх капаць траншэі. Змітро аж прасвятлеў ад здзіўлення... разам з нырчанамі шурудзіў рыдлёўкай Кунік! «Саромеецца. Угнуўся, як цвік перад дубовай дошкай. Мяне саромеецца. Усё жыццё брыкаў, скакаў, каб толькі кіраваць, каб толькі ўзвысіцца над астатнімі, а яго бог зноў гне да працы, да зямлі. А дзе ж Кіншчык? Унь як лезе са скуры, аж жылкі на шыі павылазілі. Сынка майго хацеў падмяць пад сябе, гараваць прымусіць. А скуллю. Лятун смерць выбера, толькі каб не над ім быў хто».

А на ўзгорку ля адрыны тым часам укапалі чатыры вялізныя гарматы. У садзе паставілі дзве палаткі, усталявалі ля іх кухню і насілі з Летуновага калодзежа каністры з вадою ў сад. Прося з дзецьмі замкнулася ў адрыне, не ведаючы, што рабіць. Напачатку хацела кінуць хутар ды збегчы. Ды немцы не трывожылі. Параспраналіся ды грэліся на сонцы там, у садзе.

Так і пераначавалі: немцы ў садзе, Лятун са сваімі ў адрыне. Сам кантаваўся, не спаў, і Прося цэлую ноч прасядзела ля маленькага акна.

На другі дзень прыйшоў на хутар Ганс. Не да Летуна. Трэба ж было такому здарыцца, што ў гэтай далечыні, сярод моцнай мешаніны стрэў Ганс свайго бацьку-рэзервіста Хорста Вульферта. Яны сядзелі на ганку. Стары Хорст з апетытам вышкрэбваў з місачкі кашу, бы сто год такога ласунку, як нішчымная каша, не еў. Сын адвінціў флягу, наліў у кубачак малака. Усё чакаў спрыяльную мінуту, каб паведаміць бацьку, што зусім недалёка, за які-небудзь кіламетр адсюль, на нямецкіх могілках пад простым бярозавым крыжам ляжыць іх Удо, які блудзіў уначы па Нырчы і быў забіты нажом у спіну. Шкадаваў старога. Не мог вырашыць, ці адкрыць страшную вестку, ці зрабіць гэта потым. Хорст задыхаўся ад яды. Сцёр з носа, ілба, шыі пот. Глыбока пасаджаныя вочы, стары прыкметна схуднеў, прасілі сну.

— На цябе сварыцца не будуць? — раптам хапіўся стары Вульферт.

— Мяне з траншэі па ваду паслалі. Куды спяшацца, на пагібель...

— Так. Усё так, сынок. Нам здрадзілі саюзнікі, потым балгары, венгры, румыны... Гэтыя баязліўцы — толькі клопат на нашы плечы. Урэшце, мы нічога свайго не згубілі. Рускія не ступяць у генерал-губернацтва.

Гансу хацелася сказаць: «Няхай вялікія прасторы, няхай дрэнныя і нікчэмныя ваякі з венграў, балгар, румын... Але ж дзе розум і вопыт усіх ста дваццаці генералаў рэйха? Дзе?» Падумалася: «Што зменіцца? Ды і ці час шукаць вінаватага».

Вульферты прыгрэліся на сонейку і не заўважылі, як з Нырчы да хутара прыехаў афіцэр. Строга паклікаў да сябе старога. Ганс застаўся стаяць на ганку, але нядоўга. Злымі вачыма афіцэр агледзеў яго з ног да галавы, загадаў падысці.

— Чаму не выставілі ахову? Дзе патруль? Разбэсціліся... старыя свінні... Ствалы не зачахлены... няўмекі. Вы на вайне! Пацукі тылавыя. А ты хто?

Ён не даў Гансу апомніцца, каб адказаць, што асабіста ён не мае ніякага дачынення да гармат і іх аховы. Афіцэр загадаў неадкладна за парушэнне воінскай дысцыпліны прапаўзці ад варот да канца плота аж за сад. Гэта добрых метраў пяцьдзесят.

«Форферт! Рюкверт!»18 — чуўся злы голас афіцэра.

Потым усё сціхла. З акна болей не бачна было крыклівага немца, і Змітро асцярожна выглянуў з дзвярэй. Там, абапёршыся на плот, стаялі белыя ад стомы і ўспацелыя Вульферты. Стары аж задыхаўся ад даўкіх слёз горычы і крыўды. «Божа. Так пасраміць! Так пасраміць. Мяне, сівога, на вачах у сына. І за што? Божа...»

— Не хачу!— Хорст адмовіўся ўзяць у сына фляжку з малаком. Ён выцер з падбародка курыны памёт, выплюнуў сліну з пылам і граззю.

Ганс прагна сам асушыў флажку да дна.

— Не вяртайся, сынок, на радзіму, не вяртайся! — нечакана пачаў, усё яшчэ цяжка дыхаючы, Хорст.— Там няма нічога цікавага. Ні-чо-га. Там ты будзеш нікому не патрэбны. Гэта вайна нас зрабіла такімі злымі і жорсткімі. Заставайся тут лепш... У палон лепш. Нашы засталіся, былі вылазкі. Я сведка. Не вяртайся з імі...

— Я не магу... я людзей забіваў,— неяк сур’ёзна, з павагай да бацькавых слоў адказаў Ганс. Глянуў на Змітра і ўжо дадаў больш для сваёй душы: — Прыйдзе час... упэўнены... веру ў гэта... і мы, немцы, зразумеем, што, каб уратавацца, трэба немцу і рускаму быць разам. Разам. Памяні маё слова.

— Ты нешта сказаў? — Хорст не слухаў сына.

— Нічога. Падумаў. Пойдзем у цень. Я дапамагу табе, бацька...

Немцы спешна пакінулі хутар. Летуны з палёгкай перайшлі з адрыны ў хату. Змітро адкрыў вокны, Прося ўзялася мыць падлогу. Шкрабала гразь нажом і выцірала да бляску.

«Што ж я сяджу, склаўшы рукі, плот падняць трэба»,— успомніў Змітро і пайшоў на двор. Прывалок да загумення адну жэрдку, другую. Глянуў на шлях. Адтуль у накірунку да хутара ехала падвода з паліцаямі.

Змітро, што меў сілы, пабег у хату.

— Хавайцеся. Да Гарыні. У кусты. Прося, бяры дзяцей. Ну, хутчэй. Паліцыю, халера, нясе,— загадаў ён такім голасам, што Прося, не пытаючыся больш нічога, ухапіла дзяцей за рукі і пацягнула з хаты.

— Здароў, дзядзька! Не спалілі цябе немцы? — казаў з падводы Артур.

— Не пужай! А то яшчэ падумае, што мы паліць прыехалі,— лагодна папярэдзіў Артура Кунік.

— А што тут паліць... Ламачча гэта старое,— не разумеючы з якой мэтай прыехалі сюды паліцаі з Кунікам, адказаў Змітро.

— А мы да цябе з добрай прапановай. Глянь на падводу. Сорак пудоў пшаніцы. Не пакідаць жа яе... Бяры за бясцэнак. Давай пяць мікалаеўскіх чырвонцаў, і разгружаем,— прапанаваў Кунік, абыходзячы воз.

— Скуля тыя чырвонцы? Каб былі, няўжо б я пух ад голаду,— аднекваўся Змітро.

— Прыбядняецеся, дзядзька,— зноў уставіў сваё слова Артур.

— Калі падманваеш, горш будзе. Шукай, хлопцы,— загадаў Кунік.

Паліцаі кінуліся шнырыць па ўсяму хутару. Кунік хадзіў следам, прыспешваў. Акрамя карбаванцаў, яны нічога не знайшлі.

Кунік аж вар’яцеў.

— Богам клянуся, няма нічога! — хадзіў следам за Кунікам Змітро.

— Не скуголь! Эх, Лятун... Тваё шчасце. Жыві. Памятай маю дабрату. Усып яму «на чай»,— здзекліва паляскаў па плячы Летуна Кунік.

Моўчкі паліцаі ўхапілі Змітра за рукі, і Артур некалькі разоў моцна ўдарыў наском чобата ў жывот. Стары так і прысеў, хапаючы ротам паветра. «Госпадзі, толькі б не агрызацца, толькі маўчаць»,— казаў ён сам сабе.

Паліцаі кінулі знясіленага Змітра на зямлю, завезлі пшаніцу да ракі, паскідвалі торбы ў ваду і павярнулі на Нырчу.

«Жывы, жывы!» — радавалася сэрца ў Змітра, хоць сіл падняцца самому з зямлі не было.

 

Да апошняга часу Артур быў упэўнены, як у заходзе і ўсходзе сонца, што Кучаіха едзе з ім. Каб сказаць, што яе прысутнасць побач была яму жыццёва неабходнай, дык не. Апомніўся: там жа рабіць прыйдзецца, хто ж яго пракорміць там? Не ведаў, дзе прыйдзецца асесці. У былой Баранавіцкай вобласці наўрад ці. Таму і ўгаворваў, агітаваў Кучаіху загадзя, за месяцы тры да гэтага чэрвеньскага дня. Пры ёй усё яшчэ хварсіў. І адкуль, здавалася б, бралася тая ўпэўненасць. «Усё загоіцца. Павер майму нюху. Вайна ўсё спіша. Ціха-мірна асядзем дзе-небудзь на хутары... Абжывёмся. Пашпарты маю надзейныя. Камар носа не падточыць. Люкс. Не шкадуй хату. Разбагацеем. Паціху зноў жа золата ў хаду пускаць будзем, каб не кінулася ў вочы нікому, каб ніводзін сабака не пранюхаў».

Звязала Кучаіха свае транты збольшага, самыя неабходныя, чакала чорны дзень. Сядзела ў хаце. Ніякіх думак не было. Прыбег ён, загадаў збірацца, выйшла за доўгі час на вуліцу і непрыкметна, каб не сварыўся, заплакала. Любіла Кучаіха летнюю пару, вельмі любіла. І такой зялёнай, і такой пахучай ад кветак і саду, і такой утульнай, роднай падалася ёй яе сядзіба, што хоць крычы. «Мяне голымі рукамі не возьмеш. Толькі грош не кідай у калодзеж. Тут нас пятля чакае»,— галгытаў Артур, выносячы да падводы чамаданы.

Паехалі. Цяпер яна плакала, не хаваючыся і не саромеючыся. Ля хутара папрасіла прыпыніць. Захацела вады. Артур пайшоў да калодзежа, а яна раптам, скочыўшы з падводы, пабегла на двор, пастукала ў вокны, забегла на ганак і давай малаціць аберуч у дзверы.

— Людзі, дапамажыце! Уратуйце, людзі. Ён мяне сілком цягне ехаць! Сілком. Не хачу я! Людзі добрыя, памажыце! — галасіла яна на ўвесь хутар.

Пачулі. Выбег з адрыны Мікіта, выйшлі на ганак Прося, Тэкля.

Спачатку Артур ад ляманту зніякавеў, апусціў вядро, яно куляй паляцела ўніз і гулка ляснула аб ваду. Першае жаданне было ўхапіць за косы жанчыну, прыцягнуць да падводы і натаўчы лыч.

«Гвалту, падла, нарабіла...»

Агледзеўся кругом. На ганак з карабінам у руках выйшаў Змітро.

— Сілком цягне. Я не хачу, людзечкі, ехаць, нікуды не хачу. Ён заб’е мяне, не пакідайце, дапамажыце,— не магла супакоіцца Кучаіха.

— Не звязвайся. Паехалі! — раіў паліцай, які застаўся сядзець на падводзе.

— Не чапай жанчыну,— папярэдзіў Змітро.— Заб’ю, сабака.

— Каму ты патрэбна! — каб усе чулі, пачаў Артур.— Табе ж горш. Я хацеў, як лепш. Яна ж цяжарная, людзі. Ад немца. Не ад мяне... Ад немца, кажу, каб я так жыў. Заставайся, дурніца, каму горш. Мне што? З цябе смяяцца будуць. Шалава нямецкая,— апошнія словы не выказаў, амаль пракаўтнуў.

Баяўся ўсё ж Летуна з карабінам. Зло падумаў: «Каму давалі зброю самааховы. Доўбні».

Тэкля вынесла кварту вады. Рукі ў Кучаіхі трэсліся, і Тэкля сама напаіла яе.

— Няхай так... няхай смерць тут... сярод сваіх... чым з ім... Сатана, чысты сатана...

— Ай, што ты слухаеш. От, добра, што ўцякла. Малайчына,— супакойвала яе Прося.

Пад Столінам Артура дагнала нямецкая машына.

Не так здзівіла Артура паспешнасць немцаў, як тое, што Кунік быў апрануты ў нямецкую вайсковую форму. «Бач, праныра, выслужыўся. Кіруе». Закінуў чамаданы, палез сам.

— Сюды, Кіншчык, на гэты бок сядай. На падводзе далёка не паедзеш. Вось на гэтае месца,— загадаў Кунік.

— Я не прывык. Не магу спіною ехаць.

— Што? — Кунік зарагатаў.— Мала што мы не любім. У нас не пытаюць. Малі бога, што бяруць.

Артур, сціснуўшы сківіцы, моўчкі з суровай панурасцю сеў. Бегла ад вачэй Гарынь, ні свая, ні чужая, ніякая. Больш не сумаваў і не ўспамінаў сваіх: лабарантку, Зою, удаву, Кучаіху. Думалася адно: не ўскружыла б галаву, едучы так, спіною, не вымуціла б, а то яшчэ высадзяць па дарозе, падлюгі...

Змітро ўсё выходзіў на шлях. Не, не страчаць Марту, Юзіка... Калі жывыя, самі дахаты прыйдуць, усё карцела стрэць каго-небудзь з Усходу. Хто ж гоніць такую сілу нямецкую, хто адолеў немца, чым яны зламалі яго настырнасць? Не дачакаўся. А сёння з раніцы наогул не пайшоў. Прося, першы раз ён пашкадаваў яе, зусім звар’яцела. Кажа, пайду ў лес, да балота, у Барок таго пузатага страшнага пражору-немца шукаць. Не мог ён уцячы. Не маглі яго непрыкметна вывезці. Не маглі. «Знайду. Нашым пакажу, каб забілі. Бо ён галодны начамі дзетак будзе красці».

Не пярэчыў. Напала нейкая абыякавасць да ўсяго. Якраз, на тую бяду, хапіла яго хвароба ў грудзях. Забыў нават пра яе, так даўно не палохала. Выбег з хаты, сарочку на грудзях аж парваў, думаў, памірае. Каго клікнуць. Хто дапаможа?

— Дзеці! Дзеці!

Маня кінула гуляць з катом, пабегла да дзеда, а за ёю падаўся і Васілёк. «Калі кліча, можа, нешта смачнае дасць».

Глянуў стары на ўнукаў, усміхнуўся.

«Дзякуй богу, не адзін. Не так страшна. Якой дарослай зрабілася Маня. Бацькавы вочы. Яго... цяжка глядзець у іх... быццам яна ўсё ведае... толькі яна адна». Васілёк, не дачакаўшыся ласунка, палез да Мані. Пачаў сілком вырываць з рук ката. Маня перакладвала з рукі на руку, хавала за спіну. Гэта злавала Васілька, і ён палез біцца.

— Ціха, ціха...— прасіў строга дзед.

Ён узяў іх за рукі і павёў на бераг Гарыні.

— Памру, каб успаміналі дзеда. От... Глядзіце туды. Што гэта?

— Рака,— смела адказала Маня.

— А там?

— Неба.

— І рака, і зямелька наша... хутар... і луг, і лодка, і неба — усё ваша... Скуль вы, хоць ведаеце?

— З Нырчы,— упэўнена зноў адказала Маня.

— Так, унучка. А яшчэ вы нашыя... Як і бацька, дзед ваш... аднаго кораня. Вазьміцеся за ручкі...

Васіль падаў сваю ручку Мані.

— Так-так. Усё, што бачыць вока... ваша. Не памірайце. Жывіце доўга... Прашу, памятайце, дзеткі... ручкі... ета ручанькі, каб ніколі... ручанькі толькі, родныя мае, не адпускайце ніколі, чуеце.

І Маня мацней сціснула руку Васілька. Доўга так стаялі. Недзе за Гарынню далёка пачуўся моцны выбух, бы ўзарвалі цыстэрны з палівам. Кінуўся ў неба над лесам шырокі слуп чорнага дыму. А сюды, на ўзгорак, дайшла цёплая, мяккая хваля, ускалыхнула дзеда з унукамі.

— Манечка, дай яму ката.

Дзяўчынка паслухала дзеда. Задаволены Васілёк узяў ката і пабег да хутара. А дзед павёў Маню ў сад да яблыні. Баяўся, што памрэ, а тайну так і не адкрые нікому. «Вось яно, маё сумленне, перада мною».

— Ведай, Манечка, вось тут ляжыць у зямельцы твой... тата... Прыйдзе мама, пакажы... І яшчэ скажы...

Тут Змітро замоўк, напалохаўся, нават папракнуў сябе: «Што ж я пра такое дзіцяці, ці ж можна так, ёй прызнацца? Калечыць яе».

— Пойдзем у хату, паглядзім, дзе Васілёк,— перадумаў раптам Змітро і павёў Маню на двор.

Ад шляху да хутара бегла Тэкля і што мела сілы крычала:

— Людзі, нашы ідуць! Змітро, Прося, нашы ідуць! Выходзьце! — Шчаслівая, як ніколі ў жыцці, Тэкля падбегла да весніц.— Дзе Прося? Чаму не выходзіць? Там — нашы. Салдацікі.

— І дзякуй богу. Няма Просі. Захварэла ад вайны наша Прося, пайшла немца ненажэрнага ў лес шукаць. Вось што, Тэкля, ты ў лес не бяжы за ёй следам... Сама, бог дасць, вернецца. Ты мне па Мікіту да царквы збегай. Перадай, маўляў, бацька памірае. Няхай бяжыць, так і перадай.

— Добра, Змітро,— згадзілася пакорлівая Тэкля і пабегла назад.

Змітро ж пацалаваў Мані ручку:

— Ідзі да Васілька. Гуляйце,— і хацеў ісці ў хату, легчы на ложак, але адчуў, што не пасілуе дайсці. Сеў на ганку. «Ды што там рабіць аднаму ў халоднай пустой хаце. Вось яно. Усё жыццё хацеў застацца адзін, пёр, каб, здаецца, аднаму быць і дужаму і незалежнаму, каб не абавязаны быў нікому ні падзякай, ні жыццём... а ўсё як павярнулася. Спрацівіў пусты і бязлюдны хутар».

Дзеці пабеглі ў сад, знайшлі пад яблыняй першую вялікую з жаўтаватым адлівам папяроўку. Яна была такая вялікая, што не змяшчалася на маленькай далоні Мані. Дзяўчынка прынесла яблык дзеду, кранула злёгку старога за калена:

— Дзеду? Дзеду, на табе яблык, дзеду...

Змітро хацеў сказаць нешта ўнукам, але ж язык не слухаўся. Слабой рукой Лятун у знак падзякі пагладзіў дзяцей па галоўках.

Мікіты ўсё яшчэ не было. Стары не зводзіў вачэй ад шляху. «Толькі б паспеў, сынок. Каб споведзь прыняў. Гэта ж грэх так адыходзіць... Толькі б паспеў».

Змітро лёг на лаву. У грудзях невыносна калола, думаў так, на лаве, будзе крыху лягчэй.

Кінуўшы ровар ля весніц, да ганка бег Мікіта. Прыпадняў бацькаву галаву, расшпіліў гузікі на сарочцы.

— Сыночак, паспеў... Родны мой... Не асуджай... Там... пад яблыняй... пахаваны Ігнатка. Я, чуеш, я забіў яго... Не хочучы, у трыццаць дзевятым яшчэ годзе... Даруй мне, даруй... не асуджай... Няхай ведаюць... Даруй... Улю знайдзі... Не пакінь адну... Даруй...

Сцішылася прырода. З невялічкай празрыстай светлай хмаркі выкацілася на блакіт неба сонейка. Цёплыя промні яго лашчылі, з такой жа прыемнасцю, як і ў маленстве, схуднелы, бялюткі твар Змітра. Ён павярнуў галаву, глянуў на неба: «Няўжо яны, і неба, і сонейка, не знікаюць разам са мною? Застаюцца...» — апошняе, што падумалася.

Стары Лятун паміраў, так добра і не ўцяміўшы тры цуды: электрычнасць, тэлефон і радыё, але ж добра ўсвядоміўшы найгалоўнейшы цуд чалавечага існавання, цуд велічы, неўміручасці сумлення, духоўнага прасвятлення і міласэрнасці да чалавека, які, як сонца і неба, быў да яго і будзе пасля...

Па акрываўленай зямлі ішоў год тысяча дзевяцьсот сорак чацвёрты...

1 Шпандэль – рыдлёўка

 

2 Газета нацысцкай партыі

3 Разкі – бульбяны суп.

4 Сікорскі – кіраўнік польскага ўрада ў Англіі.

5 Сабібур – лагер на тэрыторыі Польшчы.

6 Ка – скарочанае ад кажа.

7 Пакровы — рэлігійнае свята ў кастрычніку.

8 Раздво — царкоўнае свята нараджэння Хрыста, якое прыпадае на 7 студзеня.

9 Звязда — сімвал раздва. Робяць з паперы на 12 рагоў.

10 «Конікі» — ражаныя ў навагоднюю ноч.

11 Што здарылася? (ням.)

12 Лемберг – Львоў.

13 «Увага! Партызанская зона» (ням.).

14 Калатушка — так партызаны называлі нямецкую гранату з драўлянай ручкай.

15 Шмайсер — нямецкі аўтамат.

16 Задушы гэту вош (ням.).

17 Недачалавека (ням.).

18 Уперад! Назад! (ням.)




Беларуская Палічка: http://knihi.com