epub
 
падключыць
слоўнікі

Грэм Грын

Хто прайграе, бярэ ўсё

Частка першая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
Частка другая
  1
  2
  3
  4
  5
Частка трэцяя
  1
  2


Шаноўны браце!

Паколькі мы былі аб'яднаныя з табою чвэрць стагоддзя агульнымі справамі і сяброўствам, я прысвячаю табе гэтую фрывольнасць без твайго дазволу. У адрозненне ад маіх крытыкаў-католікаў ты, я ўпэўнены, калі будзеш чытаць гэтую невялікую гісторыю, не зблытаеш мяне з яе героем, гэтаксама мне не трэба тлумачыць табе тое, што гэтая аповесць была напісана не з мэтаю патураць пралюбадзейству, нашэнню толькі верхняй часткі піжамы ці рэгістрацыі шлюбаў у мэрыі. Аповесць таксама не мела мэтаю адбіць ахвоту гуляць на грошы.

З любоўю і ўдзячнасцю

Грэм Грын

 

Частка першая

 

1

 

Па-мойму, гэтая невялікая зеленаватая статуя чалавека ў парыку, вярхом на кані - адна з найвялікшых славутасцей ва ўсім свеце.

Я сказаў Кэры:

- Бачыш, як блішчыць у каня правае калена? Да яго, відаць, надта часта дакраналіся, як да ступака Святога Пятра ў Рыме. Кажуць, гэта прыносіць удачу.

Яна далікатна і пяшчотна пацерла гэтае калена, нібыта паліруючы яго.

- Хіба ты верыш у забабоны? - спытаў я.

- Веру.

- А я не.

- Я веру ва ўсе прымхі. Я заўсёды пазбягаю праходзіць пад драбінамі. Я кідаю соль праз правае плячо. Я стараюся не наступаць на шчыліны паміж плітамі тратуара. Любы, ты ажаніўся з самай прымхлівай жанчынаю ў свеце. Многія людзі пазбаўлены ў жыцці шчасця. А мы - шчаслівыя. І я не збіраюся рызыкаваць ні калівам нашага шчасця.

- Ты так рупліва пацерла гэтае калена, што нас абавязкова чакае вялікая ўдача за зялёнымі сталамі.

- Я не дамагаюся такой удачы, - сказала яна.

 

2

 

У той вечар я прыгадаў, што наша шчасце пачалося два тыдні таму ў Лондане. Мы павінны былі павянчацца ў царкве Святога Лукі на Мэйда-Хіл, а потым правесці мядовы месяц у Борнмуце. Не, на першы погляд, мы не планавалі ніякіх асаблівых асалод, дый мне, сказаць па шчырасці, было ўсё адно куды ехаць, абы Кэры была побач. Нашы сродкі дазвалялі паехаць у Ле Тукэ, але, на наш погляд, лепей было б спыніцца на Борнмуце, дзе мы былі б зусім адны, бо нашы знаёмыя Рэмеджы і Труфіты збіраліся адпачываць разам з намі ў Ле Тукэ.

- Апроч таго, ты пакінуў бы там усе грошы ў казіно, - сказала Кэры, - і мы змушаны былі б вярнуцца дамоў.

- Лічбы - мая стыхія. Я цэлымі днямі сярод іх.

- Табе не будзе сумна ў Борнмуце, праўда?

- Не. Вядома, не.

- Шкада, што гэта ў цябе ўжо другі мядовы месяц. А ці весела правёў ты свой першы ў Парыжы?

- Мы правялі там толькі ўікэнд, - абачліва сказаў я.

- Ты яе вельмі кахаў?

- Паслухай, - сказаў я. - З тых часоў мінула ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Тады ты яшчэ нават не хадзіла ў школу. Я ж не мог увесь гэты час чакаць спаткання з табой.

- Але ты ж яе кахаў?

- У той вечар, калі яна мяне кінула, я запрасіў на абед Рэмеджа і пачаставаў яго самым лепшым шампанскім, якое я толькі мог знайсці. Потым я вярнуўся дамоў і праспаў дзесяць гадзін запар. Па начах яна мела звычку брыкацца, і, шчыра сказаўшы, мне проста не хапала месца ў адным ложку з ёю, каб як след выспацца.

- Адкуль ты ведаеш, можа, я таксама брыкаюся па начах?

- Ты - зусім іншая рэч. Мне нават хочацца, каб ты брыкалася, бо тады буду заўсёды ўпэўнены, што ты побач. Уяві сабе, якую плойму часу мы марнуем на сон. Чвэрць нашага жыцця!

Мае словы прымусілі яе надоўга задумацца. У адрозненне ад мяне лічбы ніколі не былі яе стыхіяй.

- Болей, - нарэшце азвалася яна, - шмат болей. Я люблю паспаць гадзін дзесяць.

- Гэта яшчэ горш, - сказаў я. - Дадай да гэтага яшчэ восем гадзін на працы без цябе. А ежа? Гэтая прыкрая справа - патрэба есці...

- Добра, я паспрабую брыкацца, - паабяцала яна.

Гэтая размова адбылася акурат у той дзень, калі пачалося наша так званае шчасце, пад час ленчу. Мы звычайна сустракаліся непадалёк ад маёй канторы, у бары «Валанцёр». Кэры любіла піць сідр і з зайздросным апетытам ела халодныя сасіскі. На маіх вачах яна за раз з'ядала ажно пяць сасісак, а зверху яшчэ і яйка ўсмятку.

- Калі б мы былі заможныя, - сказаў я, - ты не марнавала б часу на кухню.

- Ты толькі падумай, мы яшчэ болей трацілі б часу на ежу. Гэтыя сасіскі... Глядзі, раз - і іх ужо няма. За такі час мы б нават не паспелі ўправіцца з ікрой.

- А яшчэ sоlе mеunіеrе*, - сказаў я.

* Галавень, запечаны ў цесце (фр.).

- Маленькае засмажанае вясновае кураня з зялёным гарошкам.

- А sоuffle Rоthschild*.

* Суфле Ротшыльд (фр.).

- Ох, калі ласка, не трэба быць багатымі, - сказала яна. - Мы разлюбілі б адно аднаго, калі б займелі грошы. Я зрабілася б такая таўшчэзная, і валасы ў мяне павылазілі б...

- Гэта не мела б аніякага значэння.

- Не кажы, - сказала яна. - Сам ведаеш - мела б.

Размова сама па сабе неяк знянацку закончылася. Кэры была не такая ўжо маладая, каб не назапасіць пэўнага жыццёвага вопыту, і яе ўзрост дазваляў ёй добра разумець, што такая мудрасць не павінна выказвацца ўголас, калі людзі шчаслівыя.

Я вярнуўся ў велічны гмах сваёй канторы, дзе паўсюль ззяла шкло, шкло і шкло, з бліскучай мармуровай падлогай і сучаснымі скульптурамі ў альковах і нішах, падобнымі на статуі святых у каталіцкіх саборах. Я працаваў памочнікам бухгалтара (пераспелым памочнікам бухгалтара), і сама веліч гэтага будынка рабіла мой далейшы рух па службовай лесвіцы амаль неверагодным. Каб падняцца вышэй першага паверха, мне трэба было б зрабіцца самому якой-небудзь вытанчанай скульптурай.

У маленькіх і не дужа камфартабельных канторах у Сіці адны клеркі паміраюць, іншыя займаюць іх месцы на службовай лесвіцы: спрактыкаваныя джэнтльмены цікуюць з-за сталёвых боксаў на малодшых калег і клапоцяцца пра іх, як у раманах Дзікенса. Аднак тут, у велізарным вытворчым памяшканні з бязгучным ціканнем камп'ютэраў, з лясканнем тэлетайпаў, з ціхім стракатаннем машынак, кожны адчувае, што няма ніякіх шанцаў чалавеку, які не скончыў спецыяльнага каледжа для прывілеяваных асоб.

Не паспеў я заняць сваё месца, як па селектары разнеслася:

- Містэра Бертрама запрашаюць у дзесяты пакой.

Гэта значыць мяне.

- Хто там сядзіць у дзесятым пакоі? - спытаў я.

Ніхто не ведаў. Хтосьці сказаў:

- Гэта, пэўна, на восьмым паверсе.

У голасе адчувалася глыбокая пашана, нібыта гаворка вялася пра вяршыню Эверэст - восьмы паверх узнёсся ў неба настолькі высока, наколькі дазвалялі тагачасныя прадпісанні муніцыпальнага савета Лондана.

- Хто там сядзіць у дзесятым пакоі? - запытаўся я ў ліфцёра.

- Хіба вы не ведаеце? - пахмурна пацікавіўся ён. - Вы тут даўно працуеце?

- Пяць гадоў.

Мы пачалі падымацца ўгору. Ён сказаў:

- Вы павінны ведаць, хто сядзіць у дзесятым пакоі.

- Але мне гэта невядома.

- Працаваць пяць гадоў і не ведаць такога.

- Напрамілы бог, скажыце.

- Прыехалі. Восьмы паверх, налева.

Калі я выходзіў з ліфта, ён змрочна кінуў наўздагон:

- Гэта ж трэба, не ведае гаспадара дзесятага пакоя.

Ён крыху памякчэў, калі прыкрываў дзверцы ліфта:

- Хто ж яшчэ там можа быць? Вядома, Гом.

Гэта прымусіла мяне запаволіць крок.

У мяне няма ніякай веры ў шчасце. Я зусім не прымхлівы чалавек. Але проста непазбежна, калі табе сорак гадоў і ты не дасягнуў ніякіх поспехаў па службе, ты пачынаеш пакрысе верыць, што народжаны пад нешчасліваю зоркай. Я не быў асабіста знаёмы з Гомам, я толькі здаля бачыў яго двойчы. І не было ніякіх падстаў - наколькі мне вядома, - каб мы з ім калі пазнаёміліся. Ён быў старэйшы за мяне і, відаць, памрэ першы. Без асаблівай ахвоты я мушу буду ўнесці грошы на яго помнік. Аднак тое, што мяне раптам выклікалі з першага паверха на восьмы, узрушыла мяне. Цікава, якую жахлівую памылку я зрабіў, каб атрымаць вымову ў дзесятым пакоі? Акурат тады ў мяне з'явілася сур'ёзнае прадчуванне, што мы з Кэры ніколі не павянчаемся ў царкве Святога Лукі, гэтаксама як не паедзем на два тыдні ў Борнмут. Прынамсі, я меў рацыю.

 

3

 

Гома называлі Гомам тыя, хто яго не любіў, і ўсе астатнія, хто ставіўся да яго абыякава. Яго ўчынкі, як надвор'е, прадказаць было немагчыма. Калі ў канторы ставілі новыя тэлетайпы ці замянялі старыя, але яшчэ надзейныя і звыклыя камп'ютэры на новыя, усе ўздыхалі: «Зноў гэты Гом, відаць», - перш як распачаць вывучэнне тых найноўшых цацак. На Каляды раздаваліся надрукаваныя паперкі, адрасаваныя асабіста кожнаму работніку фірмы (пэўна, усё машынапіснае бюро шчыравала цэлы дзень, але заўсёды пад гэтымі прывітаннямі з нагоды свята ставілася факсіміле «Герберт Друтэр»). І мяне заўсёды крыху здзіўляла тое, што паштоўкі не былі падпісаныя яго мянушкай - Гом. У гэты знамянальны час, калі ўсім супрацоўнікам фірмы шчодра раздаваліся грашовыя прэміі і цыгары, колькасць якіх немагчыма было прадбачыць, можна было пачуць, як яго завуць поўным імем - Вялікі Стары*.

* Гом - па-ангельску Gоm - абрэвіятура ад Grеаt Оld Маn - Вялікі Стары.

І сапраўды было штосьці велічнае ў яго грыве валасоў, якімі ён нагадваў славутага музыканта. Калі іншыя збіралі карціны, каб унікнуць падаткаў на спадчыну, ён іх калекцыяніраваў дзеля асалоды. Ён меў звычку раптоўна знікаць на месяц на сваёй яхце ў кампаніі пісьменнікаў і актрыс і іншых дзівакоў накшталт гіпнатызёра або чалавека, што вырасціў новую асаблівую ружу ці вынайшаў нешта новае ў галіне эндакрыналогіі. Мы, на першым паверсе, вядома, ніколі асабліва не сумавалі па ім: мы проста нічога пра гэта не ведалі б, калі б не падрабязныя справаздачы ў газетах - танныя нядзельныя штотыднёвікі сачылі за шляхам Гомавай яхты ад порта да порта. Газетчыкі, як звычайна, вышуквалі на борце яхты Друтэра нейкія скандальныя сенсацыі, але там ніколі не адбывалася ніякіх скандальных здарэнняў: ён пазбягаў усякіх непрыемнасцей у свой вольны ад працы час. Ён любіў цішыню і спакой.

Мая пасада дазваляла мне ведаць крыху болей за іншых сваіх калег: аплата дызельнага паліва і віна ішла пад агульным артыкулам на прадстаўнічыя выдаткі. Неяк гэта выклікала абурэнне сэра Ўолта Бліксана. Мой шэф - галоўны бухгалтар - расказаў мне пра гэта. Бліксан быў другой па значнасці асобай у нашай фірме: яго кабінет быў у 45-м пакоі. Ён валодаў такою самаю колькасцю акцый, як і Друтэр, але з ім не параіліся наконт выдаткаў на дызельнае паліва. Ён быў невялікага росту, прышчаваты і несамавіты, да таго ж яго заўсёды грызла зайздрасць. Ён мог бы дазволіць сабе набыць яхту, але ж хто пажадаў бы падарожнічаць разам з ім. Калі ён выказаўся супраць дызельнага паліва, Друтэр велікадушна саступіў яму, аднак прапанаваў выкінуць з рахунку фірмы выдаткі на прыватны бензін. Сам ён карыстаўся аўтамабілем фірмы, бо жыў у Лондане, а Бліксанаў дом быў у Хэмшыры. Тое, што Друтэр абачліва называў кампрамісам, было дасягнута, але ўсё засталося па-ранейшаму, як і было. Калі Бліксан ухітрыўся здабыць сабе рыцарскае званне, на некаторы час перавага была за ім, пакуль не пайшлі пагалоскі, што Друтэр адмовіўся быць побач з ім у тым самым узнагародным спісе. Адно толькі было праўда - неяк на званым прыёме, на які былі запрошаны Бліксан і мой шэф, Друтэр уголас ганіў рыцарскі тытул, які збіраліся прысвоіць нейкаму мастаку: «Гэтага быць не можа. Ён не прыме яго. Ён адмовіцца. Ордэн «За заслугі» ці яшчэ хіба што С.Н.* - адзіныя ўзнагароды, сапраўды вартыя пашаны». Крыўда ўзмацнялася яшчэ і таму, што Бліксан ніколі нават і не чуў пра такую ўзнагароду, як С.Н.

* Соmраnіоn of Ноnоur - Кавалер ордэна Пашаны (англ.).

Аднак Бліксан чакаў свайго часу. Яшчэ адзін пакет акцый забяспечыў бы яму кантроль над усёй фірмаю, і мы былі ўпэўненыя, што кожны вечар ён маліў бога (ён быў царкоўны стараста ў Хэмшыры), каб гэтыя акцыі былі выкінуты на біржу, пакуль Друтэр падарожнічае ў адкрытым моры на сваёй яхце.

 

4

 

З роспаччу на сэрцы я пастукаў у дзверы дзесятага пакоя і ўвайшоў, але нават роспач не перашкодзіла мне запомніць дэталі, даведацца пра якія будзе надта цікава на першым паверсе. Пакой зусім не быў падобны на афіцыйны кабінет - там стаяла кніжная шафа, запоўненая зборамі твораў ангельскіх класікаў, і вытанчаны густ Друтэра выяўляўся ў тым, што на паліцах былі, скажам, Тролап і Стывенсан, а не Дзікенс ці Скот, - гэтым самым падкрэсліваліся яго асабістыя прыхільнасці. На дальняй сцяне вісела малавядомая карціна Рэнуара і невялікі цудоўны пейзаж Будэна. Адразу кідалася ў вочы, што ў гэтым кабінеце не было пісьмовага стала. Затое была канапа. Невялікі стосік дзелавых папер ляжаў на століку ў стылі эпохі Рэгенцтва, а Бліксан і мой шэф з нейкім незнаёмым няёмка прымасціліся на краі лёгкіх крэслаў. Самога Друтэра амаль што не было відно - ён разваліўся ў самым глыбокім і вялікім крэсле, трымаючы над галавой нейкія паперы, і злосна глядзеў на іх скрозь таўшчэзныя акуляры - такіх тоўстых акуляраў я раней ніколі не бачыў на чалавечым твары.

- Гэта фантастычна, і такога проста не можа быць, - гаварыў ён глыбокім гартанным голасам.

- Я не разумею, навошта надаваць такую важнасць... - сказаў Бліксан.

Друтэр зняў акуляры і пільна глянуў цераз пакой на мяне.

- Хто вы? - спытаў ён.

- Гэта містэр Бертрам, мой памочнік, - паведаміў яму галоўны бухгалтар.

- Што яму тут трэба?

- Вы прасілі мяне паслаць па яго.

- Памятаю, - сказаў Друтэр. - Але гэта было паўгадзіны таму.

- Я адлучаўся на ленч, сэр.

- Ленч? - перапытаў Друтэр, быццам бы гэтае слова было яму зусім новае і незнаёмае.

- Гэта было пад час ленчу, містэр Друтэр, - сказаў галоўны бухгалтар.

- І яны ходзяць на ленч?

- Так, містэр Друтэр.

- Усе?

- Па-мойму, большасць з іх.

- Вельмі цікава. А я нават і не ведаў. Вы ходзіце на ленч, сэр Уолтэр?

- Вядома, хаджу, Друтэр. Ну, нарэшце, напрамілы бог, ці не зможам мы пакінуць гэтую справу ў руках містэра Арнольда і містара Бертрама? Усё разыходжанне складае сем фунтаў, пятнаццаць шылінгаў і чатыры пенсы. Я галодны, Друтар.

- Галоўнае не ў суме, сэр Уолтэр. Мы з вамі нясём адказнасць за вялікі бізнес. Мы не маем права перакладаць сваю адказнасць на плечы іншых. Акцыянеры...

- Вы верзяце зараз несусветную лухту, Друтэр. Акцыянеры - гэта толькі я і вы...

- І яшчэ адзін, сэр Уолтэр. Вы не павінны ніколі забываць пра яго. Містэр Бертранд, калі ласка, сядайце і прагледзьце гэты рахунак. Ён часам не праходзіў праз вашы рукі?

З палёгкай я ўбачыў, што гэты рахунак належыць невядомай кампаніі, з якой у мяне нічога не было.

- Я ніколі не меў справы з кампаніяй «Джэнерал Энтэрпрайзіз», сэр.

- Нічога. Затое вы добра разбіраецеся ў лічбах - кажуць, ніхто тут, лепей за вас, іх не ведае. Калі ласка, прагледзьце рахунак. Можа, вы заўважыце ў ім якую-небудзь памылку.

Самае горшае, пэўна, мінула. Друтэр сам ужо знайшоў памылку і, на самой справе, не быў асабліва заклапочаны яе выпраўленнем.

- Частуйцеся цыгараю, сэр Уолтэр. Бачыце, без мяне вы пакуль што абысціся не можаце.

Ён запаліў цыгару.

- Вы знайшлі памылку, містэр Бертранд?

- Так, знайшоў. У разліку агульных выдаткаў.

- Трапілі ў самую кропку. Затрымайцеся, містэр Бертранд.

- Калі вы нічога не маеце супраць, Друтэр. У мяне заказаны столік у «Берклі»...

- Вядома, сэр Уолтэр, калі вы такі галодны... Я павінен закончыць гэтую справу.

- Пойдзем, Найзміт?

Незнаёмы падняўся, зрабіў непрыкметны паклон у бок Друтэра і бачком выслізнуў услед за Бліксанам.

- А вы, Арнольд, вы яшчэ не хадзілі на ленч?

- Гэта не мае ніякага значэння, містэр Друтэр.

- Вы павінны дараваць мне. Гэта ніколі не прыходзіла мне ў голаў... гэты... як яго?.. час на ленч - здаецца, вы так яго называеце?

- Сапраўды, гэта не мае...

- Містэр Бертранд ужо хадзіў на ленч. Мы з ім вырашым гэтую праблему. Калі ласка, скажыце міс Булэн, што я не адмоўлюся ад шклянкі малака. А як вы, містэр Бертранд, наконт шклянкі малака?

- Не. Дзякуй, сэр.

Я апынуўся сам-насам з Гомам. Я адчуваў сябе безабаронным, калі ён назіраў, як я перабіраю ў руках паперы - на восьмым паверсе, на горнай вяршыні - падобны на тых біблейскіх прарокаў, якім правадыр загадвае: «Прадказвайце! Прарочце! Растлумачце свяшчэннае пісанне!»

- Дзе вы снедаеце, містэр Бертранд?

- У «Валанцёры».

- Гэта добры рэстаран?

- Гэта бар.

- У іх добрая ежа?

- Толькі лёгкія закускі.

- Вельмі цікава.

Ён змоўк, і я нанава пачаў усё складваць, пераносіць, вылічаць. Некаторы час я быў у цяжкім становішчы. Чалавечыя істоты могуць зрабіць найпрасцейшую памылку, скажам, забыць перанесці нейкую лічбу, але ўсе гэтыя найноўшыя машыны, хіба яны не здатныя...

- Я адчуваю сябе нібыта ў адкрытым моры, містэр Бертранд, - сказаў Друтэр.

- Мушу прызнацца, сэр, і я трохі збянтэжаны.

- О, я не меў на ўвазе тое, што вы думаеце. Зусім не тое. Не трэба спяшацца. Вы справіцеся з усім гэтым. Час ёсць. Я меў на ўвазе тое, што, калі сэр Уолтэр выйшаў з майго пакоя, я адразу адчуў нейкую палёгку і супакаенне. Я пачынаю думаць пра сваю яхту.

Дым цыгары павіс паміж намі.

- «Luхе, саlmе еt vоluрte»*, - сказаў ён.

* «Хараство, спакой і асалода» (фр.).

- Я не магу знайсці ніякага оrdrе* ці bеаute** у гэтах лічбах, сэр.

* Парадку (фр.).

** Прыгажосці (фр.).

- Вы чыталі Бадлера, містэр Бертранд?

- Чытаў.

- Ён мой любімы паэт.

- А мне болей падабаецца Расін, сэр. Пэўна, таму, што я па спецыяльнасці матэматык.

- Не надавайце надта вялікага значэння яго класіцызму. У творах Расіна сустракаюцца мясціны, містэр Бертранд, дзе... расхінаецца прорва.

У мяне было адчуванне, што ён мяне вывучае, пакуль я пераправяраў усё зноў і зноў. Нарэшце ён вынес вердыкт:

- Надзвычай цікава...

Аднак цяпер ужо я сапраўды поўнасцю пагрузіўся ў справу. Я ніколі не мог зразумець абыякавасці да лічбаў у недасведчаных. Самы апошні дурань цьмяна разумее паэзію сонечнай сістэмы - «гэтай арміі нязменнага закону», - і ўсё адно ён не здольны ўбачыць чароўнасць у дзяржаўным кроку лічбавых калон: лічбы рухаюцца ўгору, перакрыжоўваюцца, нейкая лічба выступае на чале калоны, - і ўсё гэта разам выглядае нібыта дбайна падрыхтаванае, мудрагелістае практыкаванне ў вайсковых калонах на маршы. Цяпер я сачыў за адной маленькай лічбаю, што ўпарта ўхілялася ад мяне.

- Якія камп'ютэры выкарыстоўваюць на «Джэнерал Энтэрпрайзіз», сэр?

- Гэта дакладна ведае міс Булэн.

- Я перакананы, што ўся справа ў камп'ютэрах маркі «Рэволг». Мы ўжо не карыстаемся імі гадоў пяць. Калі яны ў нас былі, у іх назіралася тэндэнцыя рабіць нязначныя памылкі, і толькі ў камбінацыях лічбаў 2 і 7, і тое не заўсёды, а толькі пры адыманні і складанні. А зараз, зірніце, сэр, гэтае спалучэнне сустракаецца тут чатыры разы, але толькі ў адным месцы зроблена памылка...

- Калі ласка, не трэба мне гэтага тлумачыць, містэр Бертранд. Я ўсё адно нічога ў гэтым не разумею.

- Ніхто не зрабіў ніякай памылкі, вінаватая толькі машына. Прапусціце гэтыя лічбы праз адну з вашых новых машын і выкіньце на сметнік усе машыны маркі «Рэволг», бо яны ўжо даўно адпрацавалі свой тэрмін.

Я адкінуўся на канапе, задыхаючыся ад пачуцця трыумфу. Зараз я адчуваў сябе роўняй з любым чалавекам. Сапраўды, гэта было адмыслова праведзенае расследаванне. Даволі простае для людзей дасведчаных: да мяне ўсе слепа верылі ў дасканаласць машыны, але няма машын дасканалых ва ўсіх адносінах - у кожным злучэнні, заклёпцы, шрубцы ляжыць першародны грэх. Я імкнуўся растлумачыць усё гэта Друтэру, але не змог.

- Дужа цікава, містэр Бертранд. Мне прыемна, што мы вырашылі гэтую праблему, пакуль сэр Уолтэр задавальняў свае плоцевыя жаданні. Вы сапраўды не хочаце выпіць шклянку малака?

- Не, дзякуй, сэр. Мне трэба вяртацца на першы паверх.

- Не спяшайцеся. Вы выглядаеце стомленым, містэр Бертранд. Калі вы апошні час былі ў адпачынку?

- Мой сёлетні адпачынак якраз вось-вось пачнецца, сэр. Сказаць па праўдзе, я збіраюся выкарыстаць яго для жаніцьбы.

- Сапраўды? Вельмі цікава. Вы атрымалі свой гадзіннік?

- Гадзіннік?

- Наколькі мне вядома, у нашай фірме заўсёды дораць гадзіннік з такой нагоды. Вы ўпершыню жэніцеся, містэр Бертранд?

- Не... другі раз.

- Ага, добра. Другі раз дае значна болей шанцаў.

Гом, безумоўна, прывабліваў да сябе людзей. Ён прымушаў вас размаўляць з ім шчыра і рабіў выгляд, што сапраўды зацікаўлены ў вашых справах - і, я думаю, ён і быў такі некалькі хвілін. Ён быў вязень у сваім пакоі, і нязначныя факты вонкавага свету даходзілі да яго свядомасці і ўражвалі сваёй навізной, ён радаваўся ім, як вязень радуецца мышы ці даражыць кожным лістком, што выпадкова трапляе ў камеру праз краты. Я сказаў:

- Мы збіраемся правесці мядовы месяц у Борнмуце.

- Ах, на мой погляд, гэта не дужа ўдалая думка. Надта ўжо ў класічным стылі. Вам трэба павезці маладую жонку на поўдзень... скажам, заліў Рыо-дэ-Жанейра...

- Баюся, што я не магу дазволіць сабе гэтага, сэр.

- Сонца пайшло б вам на карысць, містэр Бертранд. Вы выглядаеце бледным. Можна было б паехаць у Паўднёвую Афрыку, але гэта будзе не лепей, чым Борнмут.

- Баюся, што ў любым выпадку...

- Выдаткі я вазьму на сябе, містэр Бертранд. Вы з вашай прыгожай маладой жонкай паедзеце на маёй яхце. Усе мае госці высаджваюцца ў Ніцы і Монтэ-Карла. Я забяру вас адтуль трыццатага. Мы паплывём уздоўж узбярэжжа Італіі, у Неапалітанскі заліў, на востраў Капры...

- Баюся, сэр, гэта ажыццявіць будзе цяжкавата. Я вам вельмі ўдзячны, але, зразумейце, мы вянчаемся акурат трыццатага.

- Дзе?

- У царкве Святога Лукі, Майда-Хіл.

- Святога Лукі! Вы зноў надта класічны, мой друг. Вам нельга паводзіць сябе так класічна з прыгожай маладой жонкаю. Я думаю, што яна маладая, містэр Бертранд?

- Так.

- І прыгожая?

- Па-мойму, так, сэр.

- У такім разе вы проста абавязаны зарэгістраваць свой шлюб у Монтэ-Карла. У мэрыі. А я буду за сведку. Трыццатага. Вечарам мы адплывём у Партавіна. Гэта будзе куды лепей, чым царква Святога Лукі ці Борнмут.

- Але, сэр, пэўна, узнікнуць некаторыя цяжкасці з афармленнем адпаведных папер...

Але ён ужо званіў міс Булэн. Думаю, што з яго выйшаў бы неблагі акцёр: ён ужо ўяўляў сябе ў ролі Гаруна-аль-Рашыда, які можа ўзняць чалавека з невядомасці і прызначыць яго валадаром правінцый. У мяне таксама з'явілася думка, што ён меў яшчэ на мэце абудзіць зайздрасць у Бліксана. Гэта было працягам таго, як ён паставіўся да рыцарскай годнасці свайго партнёра. Бліксан, пэўна, задумаў запрасіць на абед прэм'ер-міністра. А Гом імкнуўся давесці, што ён ні ў што не ставіць званне рыцара. Гэта абясцэніла б любы поспех у вялікім свеце, якога толькі мог дамагчыся Бліксан.

Міс Булэн з'явілася з другой шклянкай малака.

- Міс Булэн, калі ласка, узгадніце з нашым аддзяленнем у Ніцы ўсё, што трэба, каб містэр Бертранд змог зарэгістраваць свой шлюб у Монтэ-Карла трыццатага а чацвёртай гадзіне папоўдні.

- Трыццатага, сэр?

- Могуць узнікнуць пэўныя цяжкасці з афармленнем яго пражывання ў Монтэ-Карла - яны павінны ўладзіць гэтае пытанне. Хай залічаць яго ў свой штат, нібыта ён працаваў у іх апошнія пяць месяцаў. Пра гэта яны павінны паведаміць Брытанскаму консульству. Вам лепей абгаварыць усё па тэлефоне з містэрам Цісо, але я не павінен болей напамінаць вам пра гэта. І яшчэ вось што, перадайце сэру Ўолтэру Бліксану, што мы знайшлі істотны дэфект у машынах маркі «Рыволг». Усе гэтыя машыны павінны быць заменены неадкладна. Хай ён пракансультуецца наконт гэтага з містэрам Бертрандам, які параіць, як усё лепей зрабіць. І пра гэта я не павінен вам болей напамінаць. З-за блытаніны ў нас сёння была надта ўтомная раніца. Ну, містэр Бертранд, развітваюся з вамі да трыццатага. Не забудзьце захапіць з сабою збор твораў Расіна. Пакіньце ўсе паперы міс Булэн.

Усё як мае быць уладкавана. Так, прынамсі, лічыў ён. Але апошняе слова было за Кэры.

 

5

 

Назаўтра была субота. Я сустрэўся з Кэры ў «Валанцёры» і праводзіў яе да самага дома. Быў адзін з тых вясновых дзён, калі вясковыя пахі можна адчуць нават на лонданскіх вуліцах - свежы водар дрэў і кветак пранікаў на Оксфард-стрыт з Гайд-парка, сабора Сент-Джэмса і Кенсінгтан-Гардэна.

- Ах, - сказала яна. - Як бы мне хацелася быць зараз дзе-небудзь далёка-далёка, там, дзе вельмі весела, і вельмі цёпла, і вельмі...

Я мусіў быў прытрымаць яе, бо яна магла трапіць пад аўтобус. Я заўсёды ратаваў яе ад аўтобусаў і таксі - часам здзіўляўся, як яна наогул застаецца жывая, калі мяне няма побач.

- Што ж, - сказаў я, - мы можам гэта здзейсніць.

І пакуль мы чакалі змены агнёў святлафора, я сказаў ёй усё.

Не ведаю, чаму я чакаў, што яна рашуча паўстане супраць прапановы Гома: пэўна, таму, што ёй надта ўжо падабалася царкоўнае вяселле з хорам і пірагом і ўсёй той лухтою.

- Як будзе цудоўна, - сказаў я, - уяві толькі сабе, пажаніцца ў Монтэ-Карла, а не на Майда-Хіл. А потым нас чакае падарожжа на яхце...

Я ніколі не быў там, таму падрабязнасці былі даволі няпэўныя. Яна сказала:

- І каля Борнмута ёсць мора. Прынамсі, мне так казалі.

- Італьянскае ўзбярэжжа...

- У кампаніі з тваім містэрам Друтэрам.

- Мы будзем жыць з ім у розных каютах, - сказаў я. - І да таго ж, мне здаецца, гатэлі ў Борнмуце будуць перапоўненыя.

- Любы, мне вельмі хочацца абвянчацца ў царкве Святога Лукі.

- Уяві сабе гарадскую залу ў Монтэ-Карла, мэра, апранутага ў святочнае адзенне...

- Хіба гэта ўсё мае значэнне?

- А хіба не?

- Вядома, гэта было б даволі смешна, калі б гэта ўсё не мела ніякага значэння, але ж мы маглі б павянчацца ў царкве Святога Лукі пасля вяртання дадому.

- А да вянчання мы жылі б у граху.

- Я хацела б жыць у граху.

- Калі табе так карціць, - сказаў я, - я гатовы на гэта заўсёды. Хоць сёння апоўдні.

- Ах, толькі не ў Лондане, - сказала яна. - Гэта б азначала проста займацца каханнем. Жыць у граху... - гэта квяцісты парасонік ад сонца і 80 градусаў у цяні і вінаград... і жахліва смелы купальнік. Дарэчы, у мяне няма такога купальніка.

Я палічыў, што ўсё ўладкавалася, але раптам яе позірк затрымаўся на адным з тых завостраных шпіляў, што вытыркаліся з-за платанаў на пляцы наперадзе...

- Мы ўжо паслалі ўсім запрашэнні. Што скажа цётка Марыён? (Яна жыла з цёткай Марыён з таго самага часу, як яе бацькі загінулі ў вайну.)

- Проста скажы ёй праўду. Ёй болей спадабалася б атрымліваць паштоўкі з Італіі, чым з Борнмута.

- Гэта зняважыць пачуцці вікарыя.

- Думаю, што ён ад гэтага не памрэ.

- Дый ніхто і не паверыць, што мы з табой сапраўды ажаніліся, - дадала яна пасля кароткага роздуму (у дабрачыннасці ёй не адмовіш!) - Гэта будзе смешна.

Потым яе настрой ізноў змяніўся, і яна задуменна сказала:

- Ты возмеш сабе гарнітур напракат. А я ўжо справіла сабе вясельны ўбор.

- Ёсць яшчэ час перашыць яго ў вячэрняе плацце. Зрэшты, у любым выпадку ты яго пераробіш у вячэрняе плацце.

Невыразныя абрысы нейкай царквы паўсталі перад нашымі вачамі: гэта быў нязграбны будынак, але не больш пачварны, чым царква Святога Лукі. Ён быў шэры і суровы і ўвесь абляпаны сажаю, чырванаватыя прыступкі колеру гліны выходзілі на вуліцу, а на фасадзе перад уваходам шыльда абвяшчала: «Прыходзь да мяне кожны, хто ў турботах». Гэта ўсё адно што сказаць: «Пакінь надзею...» Толькі што скончылася цырымонія вянчання, і каля ўвахода сабралася цьмяная чарга дрэнна апранутых дзяўчат з дзіцячымі каляскамі - і дзеці і сабакі пранізліва вішчалі і скавыталі, і тут жа былі пажылыя матроны, якія мелі выгляд, нібыта яны сабраліся тут, каб праклясці маладых. Я сказаў:

- Давай паназіраем. Такое можа здарыцца і з намі.

Мноства дзяўчат у доўгіх ружавата-ліловых сукенках і карункавых галандскіх каптурыках выйшлі з царквы і выстраіліся абапал прыступак: яны са страхам паглядалі на маладых нянек з дзецьмі і на матрон, а адна ці дзве не вытрывалі і нервова захіхікалі - цяжка было б папракаць іх за гэта. Два фатографы ўстанавілі камеры, каб зняць цырымонію выхаду маладых на фоне аркі, аздобленай каменнымі лісцікамі канюшыны. І вось нарэшце паявіліся ахвяры, а следам за імі і натоўп сваякоў.

- Гэта жахліва, - сказала Кэры, - проста жахліва. Падумаць толькі, на іх месцы маглі б быць ты і я.

- Ну, ты яшчэ без валляка, ды і я, чорт падзяры, не такі ўжо бездапаможны, каб дапусціць такое.

Нявесціны дружкі выцягнулі пакецікі з папяровымі пялёсткамі руж і пачалі кідаць іх на маладых, якія ішлі да аўтамабіля, упрыгожанага белымі стужкамі.

- Ім пашэнціла, - сказаў я. - З рысам зараз цяжка, але, пэўна, цётка Мэрыён зможа дамовіцца з бакалейшчыкам.

- Не думаю, каб яна зрабіла гэта.

- Нікому нельга давяраць на вяселлі. Яно выклікае ў людзях незразумелую атавістычную жорсткасць. Бачыш, вось зараз яны не даюць нявесце сесці ў машыну, стараюцца абразіць жаніха. Глядзі, - сказаў я, хапаючы Кэры за руку.

Маленькі хлопчык з маўклівай згоды адной пахмурнай матроны падкраўся незаўважаны да дзверцаў аўтамабіля і, як толькі жаніх нахіліўся, каб улезці ў машыну, хлопчык кароткім узмахам шпурнуў поўную жменю рысу ў твар маладому.

- Калі ў цябе толькі шклянка рысу, - сказаў я, - трэба пачакаць, пакуль не ўбачыш вачэй свайго ворага.

- Але ж гэта проста жах, - сказала Кэры.

- Гэта і ёсць, дарагое дзіцятка, тое, што завецца царкоўным шлюбам.

- Але ж наша вяселле будзе зусім не такое. Яно будзе вельмі ціхае - толькі блізкія сваякі.

- Ты забылася на дарогі і агароджы. Гэта хрысціянская традыцыя. Гэты хлопчык ніякі не сваяк. Павер мне. Я ведаю. Я ўжо сам аднойчы вянчаўся ў царкве.

- Ты вянчаўся ў царкве? Ніколі ты не казаў пра гэта, - сказала яна. - У такім разе мне болей даспадобы аформіць наш шлюб у мэрыі.

- Не, у маім жыцці такое здарыцца раз і назаўсёды.

- О божухна, - сказала Кэры, - дакраніся хутчэй да чаго-небудзь драўлянага.

Так яно і здарылася, што два тыдні пасля Кэры гладзіла калена ў каня тут, у Монтэ-Карла, молячы пра шчасце, і мы сядзелі сам-насам у агромістай гасцёўні гатэля. І я гаварыў Кэры:

- Усё будзе добра. Не хвалюйся. Мы зараз адны з табою.

Гэта было сапраўды так, калі не прымаць у разлік рэгістратара, і адміністратара, і кансьержа, і двух мужчын з нашым багажом, і пажылой пары на канапе, бо містэр Друтэр, як мне сказалі, яшчэ не прыехаў, а наперадзе нас чакала цудоўная ноч, якую мы правядзём з Кэры ўдваіх у адным нумары гатэля.

 

6

 

Мы абедалі на тэрасе гатэля і назіралі, як людзі ўваходзілі ў казіно. Кэры сказала:

- Можа, зойдзем туды, проста так, пацікавіцца. Зрэшты, мы з табой не належым да заўзятых гульцоў.

- Куды ўжо нам, - сказаў я, - з нашымі пяццюдзесяццю фунтамі.

Мы вырашылі не траціць яе грошы, каб мець магчымасць паехаць у Ле Туке на тыдзень узімку.

- Ты ж бухгалтар, - сказала Кэры. - Ты павінен ведаць дасканала ўсе сістэмы гульні на рулетцы.

- Усе гэтыя сістэмы патрабуюць шмат грошай, - сказаў я.

І раптам я падумаў пра наш нумар, які міс Булэн ужо забраніравала для нас, а я нават не ведаю, колькі ж ён будзе нам каштаваць. Нашы пашпарты былі яшчэ на розныя прозвішчы, таму, па-мойму, было б разумна мець два асобныя нумары, але гасцёўня - гэта было ўжо занадта. Магчыма, яна спатрэбіцца нам пасля вяселля. Я сказаў:

- Каб іграць па сістэме, трэба мець у кішэні мільён франкаў. Да таго ж стаўкі маюць пэўныя межы. Дый банкір ніколі не прайграе.

- Па-мойму, нехта ўжо сарваў банк аднойчы.

- Толькі ў камічных куплетах, - сказаў я.

- Было б вельмі жахліва, калі б мы сапраўды былі заўзятыя гульцы, - сказала яна. - І табе ўвесь час давялося б думаць толькі пра грошы. Ты гэтага рабіць не будзеш, праўда?

- Не, - сказаў я. І гэта была праўда. Тым вечарам мяне хвалявала адзінае пытанне: ці пераспім мы гэтую ноч разам. Дагэтуль мы яшчэ ніколі не спалі з ёй разам. Такія ўжо адносіны склаліся ў нас. Хоць у мяне быў ужо вопыт іншых дашлюбных адносін. Я згодзен быў чакаць яшчэ доўгія месяцы, каб нарэшце правесці разам з ёю рэшту майго жыцця. Але сёння ўвечары мне цяжка ўжо было трываць далей. Я быў узрушаны, як юнак - раптам я адчуў, што мне зусім невядома, што ў Кэры на ўме. Яна была на дваццаць гадоў маладзейшая за мяне і ніколі яшчэ не была замужам - усё было ў яе руках. Я нават не ведаў, як разумець тое, што яна казала. Напрыклад, калі мы прыйшлі ў казіно, яна сказала: «Мы прабудзем тут толькі дваццаць хвілін, не болей. Я вельмі стамілася». Ці гэта быў намёк у маю карысць, ці супраць мяне? Ці, можа, гэта была звычайная канстатацыя факту? Ці хвалявала яе тое самае пытанне, што і мяне? А можа, яна ўсё ўжо вырашыла загадзя і ў яе гэтага пытання ўжо не існавала? Ці, можа, яна лічыць, што я сам павінен узяць ініцыятыву ў свае рукі?

Я падумаў, калі нас праводзілі ў нумар, што там усё само сабой вырашыцца, але ўсё, што яна сказала з вясёлай усмешкай, было:

- Любы, якое марнатраўства!

Міс Булэн мяне запэўніла: «Гэта толькі на адну ноч. Потым вы будзеце на борце яхты».

Нумар складаўся з вялікага пакоя з двума ложкамі, маленькага пакойчыка з адным ложкам і сярэдняга памеру гасцінай паміж імі: усе тры пакоі мелі агульны балкон. Мне здавалася, нібыта мы занялі цэлы фасад гатэля. Спярша яна мяне засмуціла, сказаўшы:

- Нам трэба было ўзяць два адзіночныя нумары.

А потым яна зазначыла, супярэчачы самой сабе:

- Але каб ложкі былі двуспальныя.

А потым я зноў упаў духам, калі яна сказала, пазіраючы на кушэтку ў гасцёўні:

- Я нічога не маю супраць, каб паспаць тут.

Нічога лепшага не прыходзіла мне ў галаву, і таму мы абмяркоўвалі далей розныя сістэмы гульні. Хоць мне было зусім не да гэтых праклятых сістэм.

У казіно мы паказалі свае пашпарты, атрымалі білеты і ўвайшлі ў пакой, які тут называецца сuіsіnе*, дзе робяцца невялікія стаўкі.

* Кухня (фр.).

- Гэта акурат для мяне, - сказала Кэры, і яна мела рацыю. Сталыя наведнікі сядзелі вакол сталоў з сваімі таблічкамі, графікамі і персанальнымі алоўкамі, якімі яны памячалі кожны нумар, на які выпадаў выйгрыш. Некаторыя з іх выглядалі, як курцы опіуму. Я звярнуў увагу на маленькую, смуглявую старую лэдзі ў саламяным капялюшыку, сорак гадоў таму аздобленаму стакроткамі, яе левая рука ляжала на краі стала, быццам ручка парасона, а ў правай яна трымала фішку коштам у сто франкаў. Калі ігральны шарык перакруціўся чатыры разы, яна паставіла фішку і прайграла. Потым ізноў пачала чакаць свайго часу. Малады чалавек нахіліўся над яе плячом і паставіў сотню на апошнія дванаццаць нумароў, выйграў і адышоў ад стала.

Але калі мы праходзілі паўз бар, ён быў там, трымаючы ў руцэ шклянку піва і сандвіч.

- Адзначае, відаць, выйгрыш у тры сотні франкаў, - сказаў я.

- Не чапляйся да яго па дробязях. Паглядзі на яго, па-мойму, гэта першая ежа ў яго сёння.

Мне да смерці хацелася яе, і я раптам ускіпеў па-дурному, бо ў іншых абставінах яна б ніколі не глянула на яго двойчы. Відаць, гэта было прадвесце нашага будучага сумеснага жыцця. Я сказаў:

- Ты б не абазвала мяне прыдзірам, калі б ён не быў такі малады і прывабны.

- Любы, - здзіўлена сказала яна. - Я толькі... - І тут яна цвёрда сцяла губы. - Ты сапраўды паводзіш сябе зараз як дробязны прыдзіра, - сказала яна. - Хай мяне возьмуць чэрці ў пекла, калі я папрашу ў цябе прабачэння.

Яна наўмысна спынілася і ўтаропілася ў маладога чалавека, пакуль той не ўзняў свой рамантычны галодны твар і не глянуў на яе.

- Так, - зазначыла яна, - ён малады і прывабны.

І адразу выйшла з казіно. Я пайшоў следам за ёй, прыгаворваючы сабе пад нос, шэптам:

- Чорт жа мяне тузануў за язык...

Цяпер я ўжо ведаў, як мы правядзём з ёю гэтую ноч.

У глухім маўчанні мы падняліся ў ліфце, мінулі калідор і ўвайшлі ў гасцёўню свайго нумара.

- Ты можаш заняць вялікі пакой, - сказала яна.

- Не, вазьмі яго сабе.

- Мяне цалкам задавальняе маленькі пакойчык. Мне не падабаюцца вялікія пакоі.

- У такім разе мне давядзецца перанесці твае рэчы. Бо іх паклалі ўжо ў вялікім пакоі.

- Ат, тады хай будзе як ёсць, - сказала яна, і ўвайшла туды, і зачыніла за сабой дзверы, нават не сказаўшы мне «дабранач».

Я пачаў злавацца на яе, гэтаксама як і на сябе.

- Неблагая першая шлюбная ноч, - сказаў я ўголас, шпурнуўшы нагой чамадан, але тут я згадаў, што мы яшчэ не пажаніліся, і ўсё здалося недарэчным і марным.

Я апрануў піжаму і выйшаў на балкон. Фасад казіно быў увесь заліты святлом: казіно выглядала ці то як палац балканскага вяльможы, ці то як супер-кінатэатр, на краі яго зялёнага даху, над порцікам і галерэяй, узвышалася бязглуздая постаць - скульптура чалавека, падобнага на швейцара. У яркім святле ўсё гэта кідалася ў вочы, нібыта было выціснутае на новенькім бліскучым срэбным даляры. Усе яхты ў гавані былі таксама асветленыя. Над узгоркам Манака ў неба ўзляцела ракета. Усё выглядала да таго рамантычна, што я ледзь не заплакаў.

- Феерверк, любы, - сказаў знаёмы голас, і на балконе паказалася Кэры.

Паміж намі быў балкон гасцёўні.

- Феерверк, - паўтарыла яна. - Нібыта ў гонар нашага шчасця.

Такім чынам я даведаўся, што ў нас ізноў усё цудоўна.

- Кэры, - сказаў я. Нам даводзілася амаль крычаць, каб пачуць адно аднаго, - даруй мне, калі ласка...

- Як ты думаеш, ці будзе «агнявое кола»?

- Магчыма, і будзе...

- Ты бачыш агні ў гавані?

- Бачу.

- Як ты думаеш, яхта містэра Друтэра ўжо прыбыла?

- Відаць, яго яхта з'явіцца заўтра ў самы апошні момант.

- А мы зможам ажаніцца без яго? Я хачу сказаць, без яго, як нашага сведкі. Усякае бывае - можа зламацца рухавік у яго на яхце, ці ён пацерпіць крушэнне ў адкрытым моры, ці патрапіць у шторм, дый мала ці што можа з ім здарыцца!

- Думаю, абыдземся як-небудзь і без яго.

- Ты ўпэўнены, што ўсё ўладкуецца, праўда?

- Вядома, так. Міс Булэн усё прадугледзела. Заўтра а чацвёртай гадзіне.

- Я ўжо асіпла ад крыку, а ты, любы? Перайдзі на другі балкон.

Праз гасцёўню я перайшоў на другі балкон. Яна сказала:

- Я думаю, усе мы разам будзем абедаць заўтра - ты, я і твой Гом?

- Калі ён прыедзе да абеду.

- Вось было б смеху, калі ён не паспее, калі ён крыху спозніцца. Мне вельмі даспадобы гэты гатэль.

- Па-мойму, нам яшчэ хопіць грошай на дні два, не болей.

- Той бяды! Ах! Гэтыя жахлівыя рахункі! Па іх жыць можна, - сказала яна, а потым дадала: - Але ж сапраўды не так ужо і весела, па-мойму, жыць у граху. У таго маладога чалавека, відаць, шмат даўгоў?

- Кінь ты ўжо гаварыць пра яго.

- О, я да яго зусім абыякавая, любы. Мне не падабаюцца маладыя людзі. Па-мойму, я больш схільная да бацькоўскіх пачуццяў.

- Далібог, Кэры, - сказаў я. - Не такі ўжо я і стары, каб быць табе за бацьку.

- О не, ты - стары, - сказала яна. - Палавая спеласць пачынаецца ў чатырнаццаць гадоў.

- У такім разе праз пятнаццаць гадоў, пасля сённяшняй ночы, ты можаш стаць бабуляй.

- Сёння ноччу? - перапытала яна нервова і адразу замоўкла. Яшчэ адзін феерверк выбухнуў у небе. Я сказаў:

- Вось яно, тваё «агнявое кола».

Яна ўзняла галаву і глянула на феерверк без ніякай цікаўнасці.

- Пра што ты думаеш, Кэры?

- Дзіўна, - сказала яна. - Нам з табой давядзецца пражыць разам доўгія гады. Любы, як ты лічыш, у нас будзе пра што гаварыць усе гэтыя гады?

- Мы ж з табой будзем не толькі размаўляць.

- Любы, я кажу сур'ёзна. Ці ёсць у нас з табою нешта агульнае? Я зусім нічога не цямлю ў матэматыцы. І я не разумею паэзіі, якой захапляешся ты.

- Гэтага табе зусім і не трэба... Ты сама - паэзія!

- Не, сапраўды, я кажу сур'ёзна.

- Мы яшчэ не вычарпалі ўсіх тэм для размоў, а мы ж з табой увесь час адно толькі і робім, што гаворым і гаворым.

- Было б так жахліва, - сказала яна, - калі мы з табою зробімся звычайнай сямейнай парай. Ты разумееш, што я маю на ўвазе. Ты ўвесь час будзеш корпацца ў сваіх паперах, а я буду вязаць.

- Ты ж нават не ведаеш, як вяжуць.

- Ну, тады раскладваць пасьянс. Ці слухаць радыё. Ці глядзець тэлевізар. У нас ніколі не будзе тэлевізара, праўда?

- Ніколі.

Ракеты ў небе спакваля тухлі, запала доўгае маўчанне. Калі я адвёў вочы ад агнёў у гавані, яна сядзела на кукішках на падлозе балкона, схіліўшы набок галаву, і моцна спала. Я дакрануўся да яе валасоў. Яна імгненна ўсхапілася.

- Ох, якая я дурнічка! Я задрамала.

- Ужо даўно час класціся спаць.

- Не, праўда ж, я зусім не хачу спаць.

- Ты ж сама казала, што задрамала.

- Гэта свежае паветра. Так прыемна на свежым паветры.

- Тады пераходзь да мяне на балкон.

- Добра. А хіба можна? - спытала яна няпэўна.

- Навошта нам гэтыя два балконы.

- Не ведаю.

- Пераходзь сюды.

- Я пералезу.

- Не. Не трэба... Ты можаш...

- Не пярэч мне, - сказала яна. - Я ўжо тут.

Пэўна, калі горнічныя прыйшлі раніцай прыбіраць нашы пакоі, яны падумалі, што мы з'ехалі з глузду: тры ложкі на дваіх - і ні на адзін ніхто нават не клаўся спаць.

 

7

 

Паснедаўшы, мы ўзялі таксі і паехалі ў мэрыю - я хацеў пераканацца, што міс Булэн нічога не наблытала. Аднак усё было ў парадку: шлюбная цырымонія мае быць а чацвёртай гадзіне дакладна. Нас папрасілі не спазняцца, бо рэгістрацыя наступнага шлюбу прызначана на чатыры трыццаць.

- А ці не зайсці нам у казіно? - спытаўся я ў Кэры. - Цяпер, калі ўсё ўладкавана, мы маглі б прайграць, скажам, якую тысячу франкаў.

- Давай спярша зойдзем у порт і паглядзім, ці не прыехаў яшчэ ён.

Мы спусціліся па прыступках, якія нагадалі мне Манмартр, - калі не зважаць на тое, што ўсё наўкол было такое бліскучае, і чыстае, і зіхатлівае, і новае, а не шэрае, і старадаўняе, і гістарычнае. І паўсюль усё нагадвала пра казіно - у кнігарнях прадавалі сістэмы гульні ў канвертах, на якіх абвяшчалася: «Выйгрыш 2500 франкаў гарантаваны штотыднёва»; нават у крамах дзіцячых цацак гандлявалі маленькімі столікамі для гульні ў рулетку, у тытунёвых кіёсках можна было купіць попельніцы ў выглядзе кола для рулеткі, а ў крамах жаночых тавараў былі выстаўлены шалі, аздобленыя лічбамі і надпісамі: mаnque, раіr, іmраіr, rоugе, nоіr*.

* Промах, цот, лішка, чырвонае, чорнае (фр.).

У гавані стаяла каля тузіна яхтаў, тры былі пад брытанскімі сцягамі, але ніводная не была «Чайкаю» Друтэра.

- Які жах, калі ён забыўся, - сказала Кэры.

- Міс Булэн ніколі не дазволіць яму гэтага. Я думаю, што ён зараз высаджвае сваіх гасцей у Ніцы. Аднак яшчэ ўчора ўвечары ты сама хацела, каб ён спазніўся.

- Праўда, але сёння раніцай мне здалося гэта жахлівым. Можа, нам сёння не трэба ўсё-такі хадзіць у казіно, так, на ўсякі выпадак.

- Давай пойдзем на кампраміснае рашэнне, - сказаў я. - Тысяча франкаў. Нельга ж з'ехаць з Манака, ні разу не згуляўшы на рулетцы.

Мы пабадзяліся па казіно колькі часоў перад тым, як распачаць гульню. Гэта было ў рабочай палове дня - турыстаў яшчэ не было, і Sаllе Рrіveе* стаяла зачыненая, а за сталамі сядзелі адны сталыя наведнікі. Усе яны з такім напружаннем аддаваліся гульні, нібыта іх ленч залежаў ад таго - выйграюць яны ці не. Для іх гэта была доўгая, цяжкая і нудная праца - з раніцы кубачак кавы, а потым ізноў тая самая праца да абеду - і толькі ў тым выпадку, калі іх сістэма прыносіла плён, яны дазвалялі сабе ленч. Адзін раз - я ўжо забыўся, з якой нагоды, - Кэры ўсміхнулася, і нейкі стары з партнёркай па розных баках стала ўзнялі галовы і кінулі на яе ледзяныя позіркі. Яны былі да глыбіні душы абражаны яе фрывольнасцю: у іх рулетка была не проста гульня. Нават калі сістэма прыносіла поспех, якая цяжкая праца была за гэтым выйгрышам у 2500 франкаў у тыдзень! Узброеныя сваімі дыяграмамі і графікамі, яны не спадзяваліся толькі на шчаслівы выпадак, іншая справа, што зноў і зноў выпадак ублытваўся ў гульню і выграбаў лапаткаю іх фішкі.

* Прыватная зала (фр.) - зала для абраных, дзе робяцца буйныя стаўкі.

- Любы, давай зробім стаўку.

Яна паставіла трыста франкаў на лічбу, адпаведную яе ўзросту, і скрыжавала на шчасце пальцы. Я быў больш абачлівы, паставіўшы адну фішку саrre* на тую самую лічбу, а дзве астатнія на nоir і іmраіr. Мы абое прайгралі на яе ўзросце, а мае дзве іншыя стаўкі выйгралі.

* У квадраце (фр.).

- Ты выйграў цэлае багацце! Які ж ты ў мяне жахліва разумны!

- Я выйграў дзвесце і прайграў сто.

- Ну, пойдзем вып'ем па кубачку кавы. Калі выйграеш, трэба абавязкова спыніцца.

- Мы зусім нічога не выйгралі. Мы прайгралі чатыры фішкі.

- Але ж ты выйграў!

За каваю я сказаў:

- Ведаеш, а ці не купіць мне сістэму гульні - проста так, дзеля цікаўнасці? Я б хацеў зразумець, як ёй карыстаюцца...

- Калі хто і можа вынайсці нейкую сістэму, дык гэта толькі ты!

- Я магу знайсці верагодныя шляхі выйгрышу, але толькі тады, калі стаўкі будуць неабмежаваныя. І яшчэ ў тым выпадку, калі ты мільянер.

- Любы, няўжо ты сапраўды хочаш адкрыць нейкую сістэму і зрабіцца мільянерам? Смешна нават дапусціць, што можна зрабіцца ім за два дні, але было б зусім смешна, калі б гэта спраўдзілася. Паглядзі на тых, хто жыве ў гатэлі, на ўсіх тых багацеяў - на жанчын з падцягнутай на твары скурай, рэдкімі нафарбаванымі валасамі і з іх жахлівымі маленькімі сабачкамі... - Яна зноў выявіла адну з раптоўных успышак сваёй неспадзяванай мудрасці: - Відаць, багатыя людзі вельмі баяцца старасці.

- У бедных шмат іншых, яшчэ горшых страхаў.

- Да такіх страхаў мы ўжо прызвычаіліся. Любы, давай пойдзем і яшчэ раз глянем на гавань. Ужо час ленчу. Магчыма, пабачым яхту Друтэра. Гэтае месца... Мне яно дужа не даспадобы.

Мы нахіліліся над бельведэрам і зірнулі ўніз на гавань - ніякіх змен мы там не ўбачылі. Мора было вельмі блакітнае і вельмі ціхае. Па воднай роўнядзі данёсся да нас голас стырнавога, і мы пачулі, як шклянкі прабілі восем гадзін. Далёка, з-за наступнага мыса выплыў белы караблік - меншы за пластмасавую цацку ў дзіцячай ванначцы.

- Ты думаеш, гэта яхта містэра Друтэра? - спытала Кэры.

- Магчыма. Па-мойму, гэта яна і ёсць.

Я памыліўся: гэта была не яна. Калі мы вярнуліся сюды пасля ленчу, у гавані не было ні «Чайкі», ні той яхты, якую мы бачылі раней: відаць, яна адплывала кудысьці ў Італію. Вядома, у нас яшчэ не было падстаў асабліва хвалявацца: мы ўсё адно пажэнімся, нават калі ён не з'явіцца да вечара. Я сказаў:

- Калі ён недзе затрымаўся, ён бы мог даць тэлеграму.

- Пэўна, ён проста на нас забыўся, - сказала Кэры.

- Гэта немагчыма, - сказаў я, але мой розум падказваў, што з Гомам усё можа здарыцца. Я сказаў:

- Думаю, нам трэба папярэдзіць парцье, каб за намі пакінулі толькі адзін пакой - так, на ўсякі выпадак.

- Маленькі пакойчык, - удакладніла Кэры.

Парцье быў відавочна збянтэжаны:

- Адзін пакой, сэр?

- Так, толькі адзін. Маленькі.

- Маленькі? Для вас і для мадам, сэр?

- Так. - Я мусіў быў яму растлумачыць: - Мы збіраемся ажаніцца сёння апоўдні.

- Мае віншаванні, сэр.

- Містэр Друтэр павінен хутка сюды прыехаць.

- Мы не чулі ніводнага слова ад містэра Друтэра, сэр. Ён звычайна нам паведамляе... Мы яго не чакаем.

Гэтаксама як і я. Але я нічога не сказаў Кэры. Якая розніца, зрэшты, - з Гомам ці без Гома. Сёння ў нас вяселле. Я прапанаваў Кэры вярнуцца ў казіно і прайграць там яшчэ некалькі соцень франкаў, але яна сказала, што хоча пагуляць па тэрасе і паглядзець на мора. Яна па-ранейшаму спадзявалася сустрэць «Чайку». Але па ўсім відаць, «Чайка» ўжо ніколі не прыйдзе. Тая размова з Гомам нічога не вартая. Дабрыня Друтэра нічога не вартая, адзін з капрызаў Гома, нібыта дзікая птушка, мільгануў у снежнай прасторы яго свядомасці, не пакінуўшы ніякіх слядоў. Ён проста на нас забыўся. Я сказаў:

- Ужо час ісці ў мэрыю.

- У нас нават няма сведкаў, - сказала Кэры.

- Якая-небудзь пара абавязкова знойдзецца ў мэрыі, - сказаў я з упэўненасцю, якой на самой справе ў мяне не было.

Я палічыў, што было б дужа шыкоўна падкаціць да мэрыі на запрэжаным экіпажы, і мы ўселіся пад бруднавата-белым тэнтам рамантычнага старамоднага драндулета, на які мы натрапілі каля казіно. Але нам вельмі не пашанцавала. Конь быў скура ды косці, а я зусім забыўся, што дарога ідзе пад гару. Насустрач нам папалася каляска. У ёй сядзеў стары джэнтльмен з слыхавым апаратам. Каляску суправаджала пажылая кабета. Яны рухаліся ўніз значна хутчэй, чым мы ехалі ўгору. Калі яны параўняліся з намі, я пачуў, што яны размаўляюць па-ангельску. Кабета заканчвала нейкую гісторыю. Яна казала:

- ...і з таго часу яны дажывалі свой век няшчаснымі.

Стары хіхікнуў і папрасіў:

- Раскажы мне гэтую гісторыю як-небудзь яшчэ.

Я кінуў позірк на Кэры, спадзеючыся, што яна нічога не пачула, але яна пачула ўсё.

- Любая, - сказаў я, - не будзь прымхліваю хоць бы сёння.

- У прымхах ёсць шмат сэнсу. Хто ведае, можа, лёс пасылае нам свае папярэджанні, каб мы маглі іх улічыць. Нібыта нейкі таемны код. Я заўсёды прыдумваю новыя прыкметы. Вось, напрыклад, - яна на хвіліну задумалася, - калі на шляху мы першай напаткаем кандытарскую, а не кіёск з кветкамі, то нам пашчасціць.

Я пачаў назіраць, і, прынамсі, кіёск з кветкамі сустрэўся раней.

Я спадзяваўся, што яна гэтага не заўважыць, але яна сказала журботна:

- Лёс не ашукаеш.

Экіпаж ехаў усё цішэй і цішэй: мы хутчэй дабраліся б пехатой.

Я зірнуў на гадзіннік: засталося ўсяго дзесяць хвілін. Я сказаў:

- Табе трэба было сёння прынесці ў ахвяру кураня і паглядзець, якія беды хаваюцца ў яго вантробах.

- Табе добра насміхацца, - сказала яна. - Магчыма, што ў нас гараскопы не супадаюць.

- Ты ж не збіраешся адмяніць нашу жаніцьбу? Хто ведае? Можа, нам зараз сустрэнецца касавокі чалавек.

- А хіба гэта блага?

- Проста жахліва, - адказаў я і папрасіў вазака: - Калі ласка, хутчэй.

- Ох, - вымавіла яна.

- Што здарылася?

- Хіба ты яго не бачыў, калі ён азірнуўся? Ён жа касавокі!

- Але ж, Кэры, я пажартаваў!

- Гэта не мае ніякага значэння. Гэта якраз тое, пра што я казала: ты выдумваеш код, а лёс ім карыстаецца.

Я сказаў злосна:

- Якая розніца! Мы ўсё адно спазняемся.

- Спазняемся?! - Яна схапіла мяне за запясце і зірнула на мой гадзіннік. - Любы, нам нельга спазняцца. Стойце. Аrretеr. Давай разлічымся з ім.

- Мы ж не можам узбегчы на гару, - сказаў я, але яна ўжо выскачыла з экіпажа і пачала сігналіць кожнаму аўтамабілю, які праязджаў міма. Ніхто на яе не звяртаў ніякай увагі. Бацькі сямействаў самазадаволена праязджалі міма. Дзеці прыціскалі насы да вокнаў аўтамабіляў і строілі ёй грымасы.

Яна сказала:

- Гэта марная трата часу. Нам трэба бегчы.

- Навошта ўся гэтая мітусня? Наш шлюб па ўсіх прыкметах будзе нешчаслівы - ты ж разгадала ўсе злавесныя прымхі, ці не так?

- Мне ўсё адно, - сказала яна. - Па мне дык лепей быць нешчаслівай з табою, чым шчаслівай з кім-небудзь іншым.

Вось такая яна і была - адной фразай магла знянацку суцішыць сварку, зняць дрэнны настрой. Я ўзяў яе за руку, і мы пабеглі. Але б мы ніколі не паспелі ў мэрыю, калі б мэблевы фургон не спыніўся і не падвёз нас туды. Хіба каму-небудзь яшчэ даводзілася прыязджаць на сваё вяселле, седзячы на старамодным бронзавым ложку?

- З гэтага часу будзем лічыць, што нам прыносяць удачу толькі бронзавыя ложкі, - зазначыў я.

- Якраз бронзавы ложак і стаіць у маленькім пакоі нашага нумара ў гатэлі, - сказала Кэры.

У нас яшчэ заставалася дзве хвіліны, калі вадзіцель фургона дапамог нам вылезці на невялікім пляцы, які, здавалася, знаходзіўся на вяршыні свету. На поўдзень нічога не было вышэйшага, па-мойму, ажно да Атласных гор. Высачэзныя гмахі ўтыкаліся ў глыбокае цёмна-сіняе неба, як калючкі ад кактусаў, а вузкая тэракотавая вуліца раптам абрывалася на краі вялізнай скалы Манака. З царквы насупраць на нас пазірала дзева Марыя ў бледнавата-блакітным адзенні, ахутаная, нібыта шалем, анёламі, якія луналі вакол яе. Стаяла цяплынь, дзьмуў мяккі ветрык, і было вельмі ціха - здавалася, усе нашы - мае і Кэры - пуцявіны сышліся на гэтым пляцы.

На нейкі момант, памятаю, мы абое сумеліся і збаяліся адразу ўваходзіць у будынак мэрыі. Усярэдзіне яго нам не было б так хораша, як тут, на пляцы. Так яно і здарылася. Мы ўладкаваліся на драўлянай лаве, і неўзабаве яшчэ адна пара прысела побач з намі - дзяўчына ў белым плацці і мужчына ў строгім чорным гарнітуры. Мне зрабілася няёмка, бо я раптам усвядоміў, што апрануты не так, як трэба. Потым чалавек з высокім крухмальным каўняром нарабіў шмат гвалту наконт нашых папер, і на імгненне нам падалося, што наш шлюб ніколі не будзе аформлены. Потым усчалася мітусня, бо высветлілася, што ў нас няма сведак. Нарэшце былі запрошаны два пахмурныя клеркі. Нас увялі ў вялікую залу, дзе не было нічога, апроч люстры і стала. Шыльда, якая вісела над дзвярыма, абвяшчала: Sаllе dеs Маrіаgеs*. Мэр - надта стары чалавек, які на выгляд быў выліты Клемансо, апрануты ў мантыю з блакітна-чырвонай стужкаю цераз плячо, - цярпліва стаяў і чакаў, пакуль мужчына з каўняром прачытае нашы прозвішчы і даты нараджэння. Потым мэр хуценька адбарабаніў па-французску нешта накшталт цэлага кодэксу законаў, якіх мы павінны былі прытрымлівацца, - пэўна, гэта былі артыкулы з Соdе Nароleоn**.

* Зала для шлюбаў (фр.).

** Напалеонаў кодэкс (фр.).

Пасля гэтага мэр сказаў невялікую прамову на вельмі дрэннай ангельскай мове пра наш абавязак перад грамадствам і пра нашу адказнасць перад дзяржавай. Нарэшце ён паціснуў мне руку, пацалаваў Кэры ў шчаку, і мы зноў выйшлі да пары, што чакала нас на невялікім ветраным пляцы.

Урачыстай цырымоніі не атрымалася: не было ні аргана, як у царкве Святога Лукі, ні гасцей.

- Я зусім не адчуваю, што выйшла замуж, - сказала Кэры, але тут жа дадала: - Але мне дужа прыемна не адчуваць сябе замужняй.

 

8

 

На вуліцах, і ў барах, і ў аўтобусах, і ў крамах сустракаецца шмат людзей, твары якіх нагадваюць пра Першародны Грэх, і так рэдка дзе ўбачыш твар, што нясе ў сабе нязменную адзнаку Першароднай Цноты... Твар Кэры быў такі - яна ўсё жыццё, ажно да глыбокай старасці, будзе глядзець на свет вачыма дзіцяці. Ёй ніколі не бывае сумна: кожны дзень у яе новы: нават смутак быў адвечны, тым болей кожная радасць і пагатоў існавала спрадвеку і назаўсёды. «Жахлівы» - было яе ўлюбёным азначэннем, і ў яе вуснах гэта не было звычайнае клішэ - папраўдзе быў жах у яе асалодах, яе страхах, яе трывогах, яе смеху - жахлівае здзіўленне, жах першай сустрэчы з незнаёмымі з'явамі. Большасць з нас вышуквае ва ўсіх з'явах толькі падабенства, кожная новая жыццёвая сітуацыя нагадвае нам якую-небудзь колішнюю, з якой мы сутыкаліся раней, але Кэры ва ўсім знаходзіла толькі адметнае, нібы дэгустатар вінаў, што здатны адчуць самы няўлоўны букет.

Мы вярнуліся ў гатэль, але «Чайка» ўсё яшчэ не прыйшла, і Кэры сустрэла гэтую непрыемнасць як нешта нечаканае, нібыта даведалася пра гэта ўпершыню. Потым мы пайшлі ў бар і трошкі выпілі - бадай, гэта была наша першая выпіўка разам. Яна з асалодай піла джын і кактэйль «Дубанэ», якія мне зусім не падабаліся. Я сказаў:

- Ён, мусіць, прыедзе ўжо толькі заўтра.

- Любы, у нас хопіць грошай аплаціць рахунак?

- Ат, не хвалюйся, сёння мы яшчэ як-небудзь пераб'ёмся.

- Мы маглі б паспрабаваць выйграць патрэбныя нам грошы ў казіно.

- Мы ходзім у танны пакой. Мы не можам дазволіць сабе вялікай рызыкі.

Па-мойму, мы прайгралі ў той вечар каля дзвюх тысяч франкаў, а назаўтра раніцай і апоўдні мы глядзелі на гавань, але «Чайкі» там не было.

- Ён забыўся, - сказала Кэры. - Іначай ён прыслаў бы тэлеграму.

Я ведаў, што яна мае рацыю, але я не разумеў, што нам рабіць, а калі настаў яшчэ адзін дзень, я разумеў яшчэ меней.

- Любы, - сказала Кэры, - нам лепей пайсці ў казіно, пакуль яшчэ ёсць грошы.

Але я ўпотай ад яе папрасіў рахунак (з той нагоды, што мы, маўляў, не можам дазволіць сабе прайграваць па-за межамі нашых магчымасцей), і я ведаў, што мы ўжо жывём у доўг. Нічога не заставалася рабіць, адно толькі чакаць. Я даў тэлеграму міс Булэн, і тая адказала, што містэр Друтэр у моры і звязацца з ім няма ніякай магчымасці. Я чытаў гэтую тэлеграму Кэры, калі стары з слыхавым апаратам заняў крэсла на верхняй пляцоўцы прыступак, назіраючы за людзьмі, што шпацыравалі пад промнямі паўдзённага сонца.

Ён раптам спытаў:

- Вы знаёмы з Друтэрам?

Я сказаў:

- Так, містэр Друтэр мой шэф.

- Гэта па-вашаму, ён ваш шэф, - сказаў той рэзка. - Вы працуеце ў фірме «Сітра», ці не так?

- Так.

- У такім разе, я ваш шэф, малады чалавек. Вы верыце Друтэру?

- Вы - містэр Боўлз?

- Канечне, я містэр Боўлз. Ідзіце і прывядзіце маю сядзелку. Ужо час ісці да ігральных сталоў.

Калі мы зноў засталіся адны, Кэры спыталася:

- Хто гэта быў той жахлівы стары? Ён сапраўды твой гаспадар?

- Пэўным чынам, так. У фірме мы называем яго А.Н.Другі. Яму належыць невялікая частка акцый «Сітры» - вельмі нязначная частка, але яна дазваляе яму падтрымліваць баланс паміж Друтэрам і Бліксанам. Пакуль ён трымае бок Друтэра, Бліксан нічога не можа зрабіць, але калі Бліксану пашчасціць выкупіць гэтыя акцыі, Гому можна толькі будзе паспачуваць. Гэта так, між іншым, - дадаў я. - Нішто не прымусіць мяне спачуваць яму цяпер.

- У яго проста кароткая памяць, любы.

- Такая забыўлівасць бывае толькі тады, калі табе зусім да лямпачкі іншыя людзі. Ніхто з нас не мае права забываць ні пра каго. Апроч самога сябе. Гом ніколі пра сябе не забудзе. Ат, халера з ім, хадзем у казіно.

- Мы не можам сабе дазволіць гэтага.

- Зараз мы з табой у такіх даўгах, што нам ужо ўсё адно.

У той вечар мы не рабілі вялікіх ставак: мы проста стаялі і назіралі за сталымі наведнікамі. Малады чалавек быў ізноў у сuisіnе. Я бачыў, як ён абмяняў тысячу франкаў на стофранкавыя фішкі і неўзабаве, прайграўшы іх, выйшаў - ніякай кавы і булачак ён не дазволіў сабе ў той вечар. Кэры сказала:

- Як ты думаеш, ён сёння ляжа спаць галодны?

- Тое самае чакае і нас з табою, - сказаў я, - калі не прыйдзе «Чайка».

Я назіраў, як яны гуляюць па сваіх сістэмах, крышачку прайграючы, крышачку выйграючы, і падумаў: дзіўна, як жа яны падтрымліваюць у сабе веру, што некалі ім удасца зняць банк. Яны былі падобныя на тэолагаў, якія цярпліва імкнуцца спасцігнуць розумам рэлігійную тайнасць. Па-мойму, у жыцці кожнага з нас настае момант, калі мы задумваемся: уяві сабе, зрэшты, што існуе бог, што тэолагі маюць рацыю. Паскаль быў заўзяты карцёжнік, які паставіў усе свае грошы на рэлігійную сістэму. Я лічыў сябе найлепшым матэматыкам з усіх наведнікаў казіно, таму не верыў у тайнасць, але калі ўсё-такі гэтая тайнасць існуе, я здольны разгадаць яе хутчэй за іх усіх. У думках я паўтараў, як малітву: гэта не дзеля грошай - мне не трэба багацця - толькі некалькі дзён з Кэры, без аніякіх турбот.

З усіх сістэм, якімі карысталіся ў гэтым казіно, была толькі адна, якая давала плён, і яна не залежала ад так званага «закону шанцаў». Пажылая кабета з вялікім птушыным гняздом нафарбаваных бялявых валос і двума залатымі зубамі сноўдалася вакол самага люднага стала. Калі каму-небудзь выпадаў буйны выйгрыш, яна падыходзіла да яго і - пакуль круп'е глядзеў у іншы бок - кратала яго за локаць і даволі нахабна выпрошвала двухсотфранкавую фішку. Пэўна, міласэрнасць, як горб, лічыцца шчаслівай. Атрымаўшы фішку, яна разменьвала яе на дзве стофранкавыя, адну клала ў кішэню, а другую ставіла еn рlаіnе*. Яна не магла прайграць свае сотні, а вось аднойчы паставіла і выйграла 3500 франкаў. Амаль кожны вечар яна дадавала па тысячы франкаў да тых, што былі ў яе кішэні.

* У ардынары (фр.).

- Ты бачыў яе? - спытала Кэры, калі мы пайшлі ў бар выпіць кавы - мы ўжо кінулі піць джын з «Дубанэ». - Чаму б і мне не заняцца гэтым самым?

- Ну, да гэтага мы яшчэ не дакаціліся.

- Я прыняла цвёрдае рашэнне, - сказала Кэры. - Мы болей не будзем есці ў гатэлі.

- Будзем галадаць?

- Не, будзем піць каву з булачкамі ў кавярні ці лепей, можа, малако - яно болей спажыўнае.

Я сказаў сумна:

- Не пра такі мядовы месяц я марыў. У Борнмуце нам было б лепей.

- Не бядуй, любы. Усё будзе добра, калі прыйдзе «Чайка».

- У мяне ўжо няма веры ў гэтую байку.

- У такім разе што мы будзем рабіць праз два тыдні?

- Па-мойму, пойдзем у турму. Магчыма, турма пад апекаю казіно, і на прагулкі нас будуць вадзіць вакол рулеткі.

- Хіба ты не можаш пазычыць грошы ў Другога?

- У Боўлза? Ён нікому ў жыцці не пазычаў без закладу. Ён бязлітаснейшы за Друтэра і Бліксана разам узятых - іначай яны ўжо даўно дабылі б яго акцыі.

- Няўжо няма ніякага выйсця, любы?

- Мадам, выйсце ёсць.

Я ўзняў вочы ад халоднай кавы і ўбачыў чалавечка невялікага росту ў пашарпаным, але франтаватым гарнітуры і ў такіх самых чаравіках. Нос у яго здаваўся непамерна вялікім для яго твару: цяжар жыцця ўздуў вены і затуманіў яму вочы. Пад пахай ён элегантна трымаў ляску для шпанцыру без наканечніка, але затое з адмысловай рукаяткай у выглядзе качынай галавы. Ён звярнуўся да нас з нядбайнай ветлівасцю:

- Прабачце маю недаравальную назойлівасць, але ў вас, здаецца, былі непрыемнасці за ігральнымі сталамі, а ў мяне ёсць вам добрая вестка, месье і мадам.

- Аднак мы збіраемся ўжо пайсці... - пачала была Кэры.

Пазней яна мне растлумачыла, што выкарыстаная ім біблейская фраза прымусіла яе скалануцца, нагнала на яе жаху і нагадала пра д'ябала, які вельмі любіць цытаваць свяшчэннае пісанне.

- Вам варта трохі затрымацца, бо вось тут, у маёй галаве, месціцца выдатная сістэма. І я гатовы аддаць вам яе амаль задарма - за якіх-небудзь дзесяць тысяч франкаў.

- Для нас гэта надта вялікія грошы, - сказаў я. - У нас такіх грошай няма.

- Але ж вы спыніліся ў «Гатэлі дэ Пары». Я вас там бачыў.

- Маюцца на ўвазе наяўныя грошы, - хуценька ўдакладніла Кэры. - Вы ведаеце, як яно звычайна бывае з ангельскай валютай.

- Тысяча франкаў.

- Не, - сказала Кэры. - Прашу прабачэння.

- Ведаеце, што мне прыйшло ў голаў, - сказаў я. - Давайце я пачастую вас добрай выпіўкай за вашу сістэму.

- Віскі, - падхапіў чалавечак без ваганняў.

Я надта позна ўцяміў, што порцыя віскі каштуе 500 франкаў. Ён усеўся за столік, паставіўшы ляску паміж каленямі, здавалася, што качка была гатова падзяліць з ім пітво. Я сказаў:

- Згодзен. Я слухаю. Выкладвайце.

- Замала віскі.

- Болей не будзе.

- Усё надта проста, - сказаў чалавечак, - як і ўсе выдатныя адкрыцці ў матэматыцы. Вы спярша ставіце на адну лічбу, а калі яна выйграе, вы ставіце ўвесь выйгрыш на пэўнае спалучэнне з шасці лічбаў. Для адзінкі такое спалучэнне - ад 31 да 36, для двойкі - ад 13 да 18, для тройкі...

- Чаму?

- Вы павінны верыць мне на слова. За шмат гадоў я вывучыў тут усё дасканала. За пяцьсот франкаў я прадам вам табліцу ўсіх лічбаў, што выйгравалі з чэрвеня мінулага года.

- А калі, скажам, лічба не выпадзе?

- Пачакайце і пачніце гуляць па сістэме толькі тады, калі выпадзе патрэбная лічба.

- На гэта можна змарнаваць гады і гады.

Чалавечак падняўся, пакланіўся і сказаў:

- Для гэтага патрэбен капітал. Мой капітал быў недастатковы. Калі б замест пяці мільёнаў, у мяне было дзесяць мільёнаў, я б не прадаваў сваю сістэму за порцыю віскі.

Ён адышоў ад стала з пачуццём уласнай годнасці, ляска без наканечніка пастуквала па паліраванай падлозе, а качка пільна пазірала на нас, нібыта хацела застацца з намі.

- Па-мойму, мая сістэма лепшая, - сказала Кэры. - Калі тая кабета можа ёю карыстацца, дык чаму і мне...

- Гэта жабрацтва. Мне б не хацелася, каб мая жонка была жабрачка.

- Я ўсяго яшчэ толькі зусім новая жонка. І я не лічу гэта за жабрацтва - гэта ж не грошы, а толькі фішкі.

- Ведаеш, нешта ўсё-такі ёсць у тым, што расказаў гэты чалавек. Уся справа ў тым, каб паменшыць тое, што прайграеш, і павялічыць верагоднасць выйгрышу.

- Можа, усё гэта і так, любы, але мая сістэма дазваляе мне зусім нічога не прайграць.

Яе не было амаль паўгадзіны, а потым вярнулася ледзь не бягом:

- Любы, кінь маляваць свае кручкі. Я хачу дадому.

- Гэта ніякія не кручкі. Я распрацоўваю адну ідэю.

- Любы, калі ласка, пойдзем адсюль хутчэй, а то я заплачу.

Калі мы апынуліся знадворку, яна пацягнула мяне цераз парк, паміж пальмаў і кветнікаў, якія ў яркіх промнях пражэктараў выглядалі як цукеркі. Яна сказала:

- Любы, мяне напаткала жахлівая няўдача.

- Што здарылася?

- Я ўсё рабіла так, як тая кабета: дачакалася, пакуль нехта выйграў шмат грошай, потым кранула яго за локаць і папрасіла: «Дайце мне». Але ён нічога мне не даў, а сказаў даволі жорстка: «Ідзі дамоў да сваёй маці», - а круп'е заўважыў гэта. Таму я перайшла да другога стала. А там нейкі мужчына сказаў мне проста: «Пазней. Пазней. На тэрасе». Любы, ён прыняў мяне за шлюху. А калі я зрабіла трэцюю спробу... - о, гэта было жахліва! Адзін з тых слуг, хто запальвае цыгарэты наведнікам, крануў мяне за руку і сказаў: «Хопіць вам ужо, думаю, мадэмуазель, на сённяшні вечар». Болей за ўсё мяне абразіла тое, што ён назваў мяне «мадэмуазель». Я хацела шпурнуць яму ў твар пасведчанне аб шлюбе, але я пакінула яго ў ванне ў гатэлі.

- У ванне?

- Так, у пакеце для губкі, - не ведаю чаму, але я ніколі не губляю гэтую сумку, - яна захоўваецца ў мяне гадамі. Але гэта не таму мне хочацца плакаць. Любы, давай прысядзем вось тут, на гэтай лаўцы. Я не магу плакаць на хаду - гэта тое самае, як есці шакалад на свежым паветры. У цябе не хапае дыхання, і ты не адчуваеш смаку шакаладу.

- Напрамілы бог, - сказаў я. - Калі гэта не самае благое, дык што ж там яшчэ здарылася? Ты разумееш, што нам болей ніколі не дазволяць зайсці ў казіно - якраз у той самы момант, калі я пачаў распрацоўваць сістэму, сапраўдную сістэму.

- О, так далёка яшчэ не зайшло, любы. Слуга падміргнуў мне каля дзвярэй вельмі прыязна. Я ўпэўнена, што ён не мае нічога супраць таго, каб я хадзіла ў казіно, - але я ніколі болей туды не пайду, ніколі ў жыцці.

- Скажы мне - чаму?

- Той прыемны малады чалавек бачыў усё.

- Які малады чалавек?

- Той галодны малады чалавек. І калі я выйшла ў вестыбюль, ён пайшоў за мной і сказаў так далікатна: «Мадам, у мяне засталася толькі адна стофранкавая фішка, але яна - ваша».

- Ты адмовілася ад яе?

- Я хацела адмовіцца, але не змагла. Ён быў такі далікатны: адразу выйшаў, перш чым я паспела падзякаваць яму. Я размяняла тую фішку і кінула манеты ў ігральны аўтамат пры ўваходзе. Даруй мне, што я так румзаю, але я проста не магу стрымацца. Ён быў жахліва далікатны і, пэўна, жахліва галодны, і яму самому былі вельмі патрэбныя тыя грошы, але ён усё-такі даў мне апошнюю сотню франкаў. Калі я выйграла пяцьсот франкаў, я пачала яго шукаць, каб аддаць яму палову выйгрышу, але яго нідзе не было відно.

- Ты выйграла пяцьсот франкаў? Гэта якраз хопіць нам заўтра на каву і булачкі.

- Любы, ты такі скнара. Хіба ты не разумееш, што цяпер ён заўсёды будзе лічыць мяне такой самай жахлівай гарпіяй, як Птушынае Гняздо, якую мы бачылі тут, у казіно?

- Па-мойму, ён проста да цябе заляцаўся.

- Ты сексуальны маньяк. Нічога такога ён зусім і ў галаве не меў. Ён надта галодны, каб рабіць такія захады.

- Гавораць, што голад абвастрае нашы пачуцці.

 

9

 

Каб падтрымаць сваю рэпутацыю, мы па-ранейшаму снедалі ў гатэлі, але пачувалі сябе ніякавата нават перад ліфцёрам. Мне ніколі не падабаліся ліўрэі - яны заўсёды нагадвалі мне, што на свеце ёсць тыя, хто камандуе, і тыя, кім камандуюць, а цяпер я быў перакананы: кожны чалавек у форменным адзенні ведае, што мы не можам аплаціць рахунак у гатэлі. Мы заўсёды цяпер насілі ключы ад нумара з сабою, каб ніколі не звяртацца да парцье, а паколькі мы абмянялі ўсе нашы чэкі на акрэдытывы, дык нават не адважваліся наблізіцца да касіра. Кэры знайшла на ніжняй пляцоўцы вялікай лесвіцы непрыкметны бар, які называўся «Тэксі бар», і тут мы елі ленч і абед. Міне шмат гадоў, пакуль мне зноў захочацца з'есці булачку, але нават і цяпер я заўсёды аддаю перавагу гарбаце перад каваю.

Калі мы трэці раз з'елі там свой ленч, выходзячы з бара, мы натрапілі на памочніка бухгалтара з нашага гатэля, які праходзіў па вуліцы. Ён павітаўся і пайшоў далей, але я ведаў, што наш час ужо прабіў.

Потым мы сядзелі ў парку пад промнямі сонца, і я шчыраваў над сваёй сістэмай, адчуваючы, што час не чакае. Я сказаў Кэры:

- Дай мне тысячу франкаў. Мне трэба праверыць маю сістэму.

- Любы, - сказала яна, - хіба ты не ведаеш, што ў нас засталося толькі пяць тысяч франкаў? Неўзабаве ў нас не будзе нават на булачкі.

- І дзякуй богу, бо я ўжо не пераношу іх выгляду.

- Тады давай пяройдзем на марожанае. Яно каштуе не болей. І, заўваж, мы можам нават унесці змену ў нашу дыету, любы. Марожанае з кавай на ленч, марожанае з клубніцай на абед. Любы, я з такім нецярпеннем чакаю абеду.

- Калі я паспею закончыць працу над сваёй сістэмай, мы будзем есці біфштэксы...

Я ўзяў тысячу франкаў і пайшоў у казіно. З папераю ў руцэ я ўважліва назіраў за гульнёй чвэрць гадзіны перад тым, як зрабіць першую стаўку, а потым зусім спакойна і метадычна пачаў прайграваць, і калі ў мяне ўжо не засталося ніводнай фішкі, мае лічбы пайшлі ў належнай паслядоўнасці.

Я вярнуўся да Кэры і сказаў:

- Той д'ябал меў рацыю. Уся справа ў капітале.

Яна журботна зазначыла:

- Ты робішся падобны да ўсіх астатніх гульцоў.

- У якім сэнсе?

- Ты ўвесь час думаеш пра лічбы, яны табе сняцца. Ты прачнуўся сярод ночы і ўскрыкнуў: «Zero dеuх»*. Ты ўсё нешта занатоўваеш на кавалачках паперы за абедам.

* «Двайны нуль» (фр.).

- Ты называеш гэта абедам?

- У маёй сумцы засталося чатыры тысячы франкаў. Трэба, каб нам хапіла іх да прыходу «Чайкі». Мы не будзем болей хадзіць у казіно. Я не веру ў тваю сістэму. Тыдзень таму ты казаў, што пабіць банк немагчыма.

- Я яшчэ тады не вынайшаў...

- Зараз ты паўтараеш словы д'ябала. Неўзабаве ты будзеш прадаваць сваю сістэму за келіх віскі.

Яна паднялася і пайшла ў гатэль, але я не крануўся з месца. Я падумаў: жонка павінна верыць у свайго мужа да апошняга, а з нашай жаніцьбы не прайшло яшчэ і тыдня. Аднак неўзабаве, пасля кароткага роздуму, я пачаў разумець яе. Апошнія некалькі дзён я быў ёй не надта добрым спадарожнікам. Дый што гэта было за жыццё - мы баяліся сустрэцца вачыма з швейцарам! Акурат яго я і напаткаў, калі ўваходзіў у гатэль.

Ён спыніў мяне і сказаў:

- Прывітанне ад дырэктара, сэр. Ці можаце вы ўдзяліць яму колькі хвілін? Ён чакае вас у кабінеце.

Я падумаў: ва ўсім вінаваты Гом - гэты эгаістычны вылюдак.

Я падумаў: яны ж не пасадзяць у турму яе, а толькі мяне.

І яшчэ я падумаў: гэты Гом, гэты себялюбны сукін сын з восьмага паверха, які асудзіў нас на пакуты. Ён, бачыце, лічыць сябе надта вялікім, каб памятаць пра свае абяцанні. Ён стварыў свет, а на сёмы дзень пайшоў адпачываць, і пляваць ён хацеў на стварэнні, асуджаныя на пагібель. Трапіў бы ён мне сёння пад гарачую руку!

Хоць бы на якое імгненне меў бы я над ім уладу - калі б мой успамін пра яго, мой праклён, меў якую рэальную сілу! Аднак здарылася так, што якраз мне наканавана быць плёнам яго думкі - ён жа ніколі не будзе залежаць ад маіх думак пра яго.

- Сядайце, містэр Бертрам, - прапанаваў мне гаспадар гатэля. Ён пасунуў да мяне пачак цыгарэт. - Паліце?

У яго была далікатнасць чалавека, на сумленні ў якога шмат загубленых жыццяў.

- Дзякуй, - сказаў я.

- Надвор'е не такое добрае, як можна было чакаць у гэту пару года.

- Не кажыце. Напэўна ж, лепей, чым у Ангельшчыне.

- Спадзяюся, вам падабаецца наш гатэль.

Гэта, на мой погляд, была звычайная руцінная фраза - каб толькі паказаць, што асабіста ён не мае да мяне ніякіх благіх пачуццяў - ведаеце, непрыемны абавязак... Хутчэй ужо пераходзіў бы ён да справы...

- Вельмі падабаецца, дзякуй.

- І вашай жонцы гэтаксама?

- О, так, так.

Ён зрабіў паўзу, і я падумаў: вось зараз ён пачне... Ён сказаў:

- Дарэчы, містэр Бертрам, вы, па-мойму, тут упершыню?

- Так.

- Мы даволі высокай думкі пра нашу кухню. Лічу, што вы наўрад ці знойдзеце што-небудзь лепшае ва ўсёй Эўропе.

- Безумоўна, вы маеце рацыю.

- Не хачу быць надакучлівым, містэр Бертрам, даруйце мне, калі ласка, калі скажу што не так, але мы заўважылі, што вам не зусім даспадобы наш рэстаран, а мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб вы і ваша жонка былі тут шчаслівыя. Што вас тут не здавальняе: сервіс, страва, віно?

- О, у мяне няма скаргаў. Аніякіх скаргаў я не маю.

- Не думаю, каб яны ў вас былі, містэр Бертрам, я ўпэўнены ў нашым сервісе. Я прыйшоў да высновы - вы даруйце мне, калі ласка, маю нетактоўнасць...

- Не турбуйцеся. Я слухаю.

- Мне вядома, што нашы кліенты з Ангельшчыны часта маюць пэўныя цяжкасці з валютай. Невялікая няўдача за ігральным сталом у нашы дні каго заўгодна можа лёгка выбіць са звычайнай каляіны жыцця.

- Напэўна, так. Думаю, вы маеце рацыю.

- Таму я прыйшоў да высновы, містэр Бертрам, што, мабыць... як бы гэта сказаць... Вы, як гэта здараецца, трохі... вы даруйце мне, абмежаваныя ў грошах?

У мяне перасохла ў роце - нарэшце імгненне, якое я з жахам чакаў, наступіла. Я не мог падшукаць смелыя і шчырыя словы, патрэбныя з гэтай нагоды. Я сказаў:

- Ну? І што? - і ўтаропіўся на яго праз стол.

На сцяне вісеў партрэт прынца Манака, а на стале стаяў агромісты чарнільны прыбор. У напружанай цішыні я пачуў грукатанне цягніка, які прайшоў непадалёк у Італію. Гэта быў нібыта апошні зірк на волю.

Між тым гаспадар гатэля працягваў:

- Зразумейце, адміністрацыя як казіно, так і нашага гатэля вельмі зацікаўленая - сапраўды, вельмі зацікаўленая - зразумейце наша становішча, містэр Бертрам. Мы, прынамсі, - ён усміхнуўся, гледзячы на кончыкі сваіх пальцаў, - не зусім звычайныя гаспадары гатэляў. Мы прымаем тут кліентаў, пра якіх клапоцімся і якіх мы любім... ну, скажам, на працягу трыццаці гадоў, - ён наўмысна павольна, дакладна вымавіў кожнае слова наступнага сказа: - Нам прыемна лічыць іх хутчэй за сяброў, чым звычайных кліентаў. Вы ведаеце, тут у нашым княстве існуе даўняя традыцыя... ну, як бы сказаць дакладней... далікатнасці, містэр Бертрам. Мы не выдаём прозвішчы нашых гасцей. Мы захоўваем плойму ўсялякіх канфідэнцыяльных сакрэтаў.

Я не мог болей вытрываць пустазвонства гэтага чалавека. Гэта было ўжо не проста пакаранне смерцю, а было падобна на кітайскую пакуту - катаванне вадою. Я сказаў:

- Мы зусім даведзены да галечы - вось вам наш канфідэнцыяльны сакрэт.

Ён ізноў усміхнуўся на свае пазногці:

- Якраз пра гэта я і здагадваўся, містэр Бертрам, і таму, спадзяюся, вы прымеце невялікую пазыку. Як сябар містэра Друтэра. Містэр Друтэр наш сталы кліент, і мы былі б вельмі засмучаныя, калі б яго сябар пачуваў сябе няўтульна ў нашым гатэлі.

Ён падняўся і з паклонам працягнуў мне канверт. Я адчуваў сябе хлапчуком, які за добрыя паводзіны атрымаў узнагароду з рук самога епіскапа. Потым ён праводзіў мяне да дзвярэй і на развітанне сказаў ціхім канфідэнцыяльным голасам:

- Паспытайце нашага шампанскага «Шато Груад Ляроз» 1934 года - не пашкадуеце.

У нумары я раскрыў канверт і пералічыў купюры. Я сказаў:

- Ён пазычыў нам 250 000 франкаў.

- Няўжо праўда?

- Вось што значыць быць сябрам Гома. Шкада, але мне пачынае падабацца гэты сукін сын.

- Як жа мы зможам аддаць яму такія грошы?

- Нічога. Гом дапаможа. Гэта ж ён затрымаў нас тут.

- Мы будзем траціць іх вельмі ашчадна, праўда, любы?

- Хопіць ужо з мяне кавы і булачак. Сёння ў нас будзе свята - мы справім наша вяселле.

Мне зусім не хацелася піць «Груад Ляроз» 1934 года. Я наняў аўтамабіль, і мы паехалі ў невялічкую горную вёсачку Пэй. Па дарозе наўкол усё выглядала цьмяным і жоўта-шэрым у промнях сонца, якое павольна садзілася паміж халоднымі плячамі ўзгоркаў, дзе хаваліся вечаровыя цені. На вулках стаялі мулы, а аўтамабіль аказаўся занадта вялікі, каб праехаць да гатэля, і ў гатэлі стаяў адзіны велізарны стол амаль на пяцьдзесят персон. У адзіноце мы сядзелі за ім і назіралі, як спакваля надыходзіць цемра. Нам падалі мясцовае чырвонае віно - не надта добрае - і тлустых падсмажаных галубоў, і фрукты, і сыр. У суседнім пакоі весяліліся мясцовыя сяляне, пацягваючы сваё віно. Неўзабаве вечаровая імгла акрыла абрысы велізарнага горнага хрыбта за вокнамі гатэля.

- Табе хораша?

- Так. Вельмі.

Праз некаторы час яна сказала:

- Мне б не хацелася вяртацца ў Монтэ-Карла. Ці нельга адаслаць аўтамабіль назад і самім застацца тут? Сёння ўвечары мы абыдземся без зубных шчотак, а заўтра пойдзем па крамах.

Яна вымавіла апошняе слова з асаблівай інтанацыяй, нібыта мы былі ў гатэлі «Рыц» і вуліца Ру дэ ля Пэ была якраз за рагом.

- Зубную шчотку мы купім у Карцье, - сказаў я.

- Наведаем «Ланвін» і купім там дзве піжамы вышэйшага гатунку, - яна падхапіла прапанаваную мной гульню.

- Мыла ў краме Герлена.

- Тузін танных насовак на Ру дэ Рывалі.

Яна дадала:

- Мне болей у голаў не прыходзіць, што ж нам яшчэ спатрэбіцца, а табе? Ты калі-небудзь бываў там з сваёй Мурзай?

Мурзай Кэры называла маю першую жонку, якая была смуглявая, поўная і сексуальная, з вачамі пекінскага мопсіка.

- Ніколі.

- Мне падабаецца бываць там, дзе няма чужых слядоў.

Я зірнуў на гадзіннік. Было каля дзесяці, а яшчэ паўгадзіны язды назад. Я сказаў:

- Бадай што, нам лепей вяртацца ўжо назад.

- Яшчэ зусім не позна.

- Разумееш, сёння ўвечары я хачу даць сваёй сістэме сапраўдны шанц. Калі я буду ставіць двухсотфранкавыя фішкі, я выйграю даволі значны капітал.

- Ты сёння збіраешся пайсці ў казіно?

- Вядома, пайду.

- Але ж гэта будзе крадзеж.

- Ні ў якім разе. Ён пазычыў нам грошы, каб мы мелі з іх асалоду.

- У такім разе, палова належыць мне. Ты не маеш права рызыкаваць маёй паловай.

- Дарагая, будзь разумная. Мне патрэбны ўсе грошы. Сістэма патрабуе вялікага капіталу. Калі я выйграю, ты атрымаеш назад сваю палову і яшчэ з працэнтамі. Мы аплацім усе рахункі. І калі ты хочаш, вернемся сюды і правядзём тут рэшту нашага адпачынку.

- Ты ніколі не выйграеш. Паглядзі на іншых.

- Яны ж не матэматыкі.

Стары з барадой правёў нас цёмнымі скляпеннямі вузкіх вулак да аўтамабіля. Яна ішла моўчкі і нават не дазволіла мне ўзяць яе пад ручку. Я сказаў:

- Гэта наша святочная ноч, любая. Чаго ты злуешся?

- Хіба я сказала што-небудзь злое?

Як яны абяззбройваюць нас сваім маўчаннем: маўчанне нельга паўтарыць ці адказаць на яго, як гэта можна зрабіць са словам. У такім самым маўчанні мы ехалі дадому. Калі праязджалі паўз Манака, горад увесь зіхацеў агеньчыкамі: музей, казіно, кафедральны сабор, палац, а са скалы пускалі ў неба феерверк. Гэта быў апошні вечар ілюмінацый. Я згадаў першы дзень, нашу сварку і тыя тры балконы. Я сказаў:

- Мы ніколі не былі ў Sаllе Рrіvее. Пойдзем туды сёння ўвечары.

- А чаму абавязкова сёння? - спытала яна.

- «Lе mаrі dоіt рrоtесtіоn а sа fеmmе. Lа fеmmе оbeіssаnсе а sоn mаrі»*.

* «Муж павінен абараняць жонку, жонка павінна слухацца мужа» (фр.).

- Што гэта ты там балбочаш?

- Ты ж сама сказала мэру, што згодная з гэтым. Ёсць яшчэ адзін пункт, на які ты афіцыйна пагадзілася: «Жонка абавязана жыць з мужам і ісці за ім паўсюль, куды б ён ні пайшоў». Ну, дык вось, сёння мы абавязкова, чорт пабяры, пойдзем у Sаllе Рrіveе.

- Я не магла зразумець сэнсу яго прамоў: ён гаварыў па-французску.

Горшае заўсёды застаецца ззаду, калі яна робіць ласку і пачынае спрачацца.

- Пойдзем са мной, калі ласка, дарагая, і ты будзеш сведка, як мая сістэма выйграе.

- Я ўбачу толькі тое, што яна прайграе, - сказала яна, і кожнае слова яна наўмысна вымавіла дакладна і выразна. Прынамсі, яна мела рацыю.

Роўна ў 10.30 я пачаў гуляць і прайграваць, і я прайграваў бесперапынна. Я не мог змяніць стол, бо ў Sаl1е Рrіveе гэта быў адзіны стол, дзе мінімальная стаўка была 200 франкаў. Калі я прайграў палову дырэктарскай пазыкі, Кэры прасіла мяне спыніць гульню, але я ўсё-такі верыў, што мой час абавязкова прыйдзе, фартуна павярнецца да мяне тварам і мае разлікі акажуцца правільныя.

- Колькі ў цябе засталося? - спытала яна.

- Вось тут усё, - паказаў я пяць двухсотфранкавых фішак. Яна паднялася з-за стала і пакінула мяне: па-мойму, яна плакала, але я не мог пайсці следам за ёй, іначай я страціў бы месца за сталом.

А калі я вярнуўся ў наш пакой у гатэлі, я таксама плакаў, - ёсць абставіны, калі мужчына мае права плакаць, не саромеючыся сваіх слёз. Яна яшчэ не клалася спаць. Па тым, як яна апранулася нанач, было відаць, з якімі пачуццямі яна сустрэла мяне: Кэры ніколі не надзявала ніжняй часткі піжамы - толькі тады, калі хацела мне паказаць сваё абурэнне ці абыякавасць. Аднак калі яна ўбачыла, з якім выглядам я прысеў ускрай ложка, трасучыся ад намагання стрымаць слёзы, яе злосць знікла. Яна сказала:

- Любы мой, не бяры так блізка да сэрца. Як-небудзь пераб'ёмся.

Яна ўскочыла з ложка і абняла мяне.

- Любы, - сказала яна, - я так нядобра паводзіла сябе. Гэта ж можа здарыцца з кожным. Ну, усё ўладкуецца. Мы не будзем есці каву з булачкамі, а пяройдзем на марожанае. Я ўпэўнена, што «Чайка» хутка прыйдзе. Рана ці позна.

- Мне зараз усё адно: хай яна наогул не прыходзіць, - сказаў я.

- Супакойся, любы. Такое можа здарыцца з кожным. Падумаеш, прайграў.

- Але я не прайграў, - сказаў я. - Я выйграў.

Яна прыняла рукі з маіх плячэй:

- Выйграў?!

- Я выйграў пяць мільёнаў франкаў.

- Тады чаму ж ты плачаш?

- Я радуюся. Мы цяпер багатыя.

- Ох, ну і свіння ж ты, - сказала яна, - а я яшчэ цябе шкадавала.

І яна зноў нырнула ў ложак пад коўдру.

 

Частка другая

 

1

 

Прывыкнуць да грошай куды лягчэй, чым да беднасці: хай сабе Русо і сцвярджаў, што чалавек нараджаецца багатым, а потым паўсюль з цягам часу робіцца ўсё бяднейшы і бяднейшы. Мне было прыемна разлічыцца з дырэктарам гатэля і, нарэшце, пакідаць ключ у парцье. Я часта націскаў званкі ў нумары проста дзеля асалоды сустрэцца з чалавекам у ліўрэі, не апускаючы перад ім вочы. Я прымусіў Кэры пайсці ў фешэнебельны касметычны салон Элізабет Ардэн і заказаў у рэстаране бутэльку «Груад Ляроз» 1934 года (я нават дазволіў сабе адправіць яе назад, бо віно падалося мне надта цёплым). Я пераехаў у нумар «люкс» і наняў аўтамабіль для паездак на пляж. На ўзбярэжжы мора я зняў бунгала - аднапавярховую дачу з верандай, дзе мы маглі спакойна загараць, адгароджаныя ад чужых вачэй кустамі і кветкамі. Цэлымі днямі, пакуль Кэры чытала, я шчыраваў на сонцы над сваёй сістэмай, удасканальваючы яе.

Я зразумеў, што ў гульні, як на фондавай біржы, грошы спараджаюць грошы. Цяпер я ўжо карыстаўся квадрацікамі коштам у дзесяць тысяч франкаў замест двухсотфранкавых фішак, і нязменна ў канцы кожнага дня павялічваў свой капітал на некалькі мільёнаў. Неўзабаве вестка пра мае поспехі шырока разышлася: выпадковыя гульцы звычайна ставілі на тыя самыя нумары, на якія я рабіў найвышэйшыя стаўкі, але яны не падстрахоўвалі сябе, як рабіў я, іншымі стаўкамі і таму выйгравалі рэдка. Я заўважыў дзіўную рысу чалавечай натуры: хоць мая сістэма прыносіла добры плён, а іхнія сістэмы не, ветэраны ніколі не трацілі веры ў свае падлікі, ніводзін з іх не адмовіўся ад сваіх рупліва распрацаваных мудрагелістых схем, якія прыводзілі толькі да пройгрышу, замест таго каб трымацца майго метаду, які нязменна вёў да поспеху. На другі дзень, калі я ўжо павялічыў свае пяць мільёнаў да дзесяці, я пачуў, як адна старая лэдзі вымавіла з горыччу: «Шанцуе ж дурням!» - нібыта толькі мая ўдача перашкаджала колу рулеткі круціцца згодна з яе сістэмай.

Пачынаючы з трэцяга дня, я праводзіў у казіно значна болей часу - раніцай гадзіны тры іграў на «кухні», пасля абеду рабіў тое самае, а вечарамі, вядома ж, уладкоўваўся для больш сур'ёзнай працы ў Sаllе Рrіveе. Кэры пайшла была са мной на другі дзень, і я даў ёй некалькі тысяч франкаў, і, вядома, яна іх прайграла. Аднак на трэці дзень я палічыў, што яе трывожная прысутнасць у мяне пад рукой адцягвае маю ўвагу ад гульні, і я двойчы памыліўся ў разліках з-за яе размоў.

- Я цябе вельмі кахаю, дарагая, - сказаў я Кэры, - але ж праца ёсць праца. Лепей ідзі і пазагарай на пляжы, а сустракацца мы будзем за ленчам, абедам і вячэраю.

- Чаму гэта называюць гульнёй? - спытала яна.

- Што ты гэтым хочаш сказаць?

- Гэта ж ніякая не гульня. Ты ж сам кажаш, што гэта - праца. Ты пачаў жыць па жорсткім раскладзе. Снеданне ў дзевяць трыццаць, не пазней, каб паспець захапіць першым столік. Якую плойму грошай ты зараз зарабляеш! А калі ты збіраешся пайсці на пенсію?

- Пра якую пенсію ты гаворыш?

- Любы, табе не трэба баяцца пенсіі. Мы будзем з табой часцей бачыцца, і мы зможам паставіць маленькую рулетку ў тваім кабінеце. Гэта ж будзе так зручна - табе не трэба будзе выходзіць з дому ў любое надвор'е.

У той вечар я давёў свой выйгрыш да пятнаццаці мільёнаў франкаў і вырашыў, што гэтую падзею трэба адзначыць. Я сапраўды быў крыху вінаваты перад Кэры - я гэта адчуваў, таму і вырашыў, што мы з ёй добра вечарам паабедаем і замест казіно пойдзем на балет. Я сказаў ёй пра гэта, і яна, здавалася, была задаволеная.

- Стомлены бізнесмен вырашыў адпачыць, - зазначыла яна.

- Шчыра кажучы, я сапраўды крыху стаміўся.

Той, хто не гуляў на рулетцы сур'ёзна, наўрад ці зразумее, як яна часам можа абрыднуць. Калі б я працаваў меней напружана за зялёнымі сталамі да абеду, я б не ўсчыніў сварку з афіцыянтам у бары. Я заказаў два сухіх марціні, а ён падаў іх разбаўленымі вермутам. Я вызначыў гэта адразу, па колеры, нават не паспытаўшы. Ён пагоршыў сваю віну тым, што пачаў тлумачыць незвычайны колер кактэйля тым, што, маўляў, туды далілі джыну «Бутс».

- Але ж вам добра вядома, што я п'ю толькі «Горданс», - сказаў я і прымусіў аднесці заказ назад.

Ён ізноў прынёс два марціні і паклаў у іх лімонныя скрылёчкі. Я сказаў:

- О божухна, колькі ж разоў трэба наведаць ваш бар, пакуль вы вывучыце густы кліента?

- Прабачце, сэр. Я тут працую толькі два дні.

Я заўважыў, як сцяліся вусны ў Кэры. Я быў вінаваты, вядома, але я правёў надта доўгі дзень у казіно, і яна магла б ужо ведаць, што я не з тых, хто дазваляе сабе кожны дзень грубіць афіцыянтам. Яна сказала:

- Хто б мог падумаць, што якраз тыдзень таму мы не дазвалялі сабе нават слоўца вымавіць афіцыянту, калі той падаваў нам рахунак.

Калі мы прыйшлі абедаць, узнікла невялікая затрымка з нашым сталом на тэрасе: мы прыйшлі раней, чым звычайна, але, як я растлумачыў Кэры, мы былі сталыя наведнікі, і можна было б праявіць да нас хоць невялікі клопат, каб мы былі задаволены. Аднак на гэты раз я стрымаўся і не выказаў ніякага незадавальнення - я вырашыў, што гэты абед павінен быць такі, каб мы захавалі яго ў сваёй памяці надоўга.

Звычайна Кэры любіла, каб я сам рабіў за яе заказ, таму я спакойна ўзяў меню і пачаў заказваць абед.

- Ікру, - сказаў я.

- Адну порцыю, - удакладніла Кэры.

- А табе што заказаць? Можа, вэнджаную сёмгу?

- Можаш заказаць яе сабе, - адказала Кэры.

Я заказаў brеssе а l'еstrаgоn а lа brосhе*, сыру «Ракфор» і суніцы. Якраз цяпер, вырашыў я, будзе да месца бутэлька «Груад Ляроз» 1934 года (мой урок наконт тэмпературы віна, пэўна, пайшоў ім на карысць). Я адкінуўся ў крэсле, адчуваючы сябе задаволеным і спакойным: мая сварка з афіцыянтам была ўжо забыта, і я ведаў, што паводзіў сябе за сталом зараз далікатна і сціпла, - пакуль не прынеслі мой заказ.

* Мяса, падсмажанае на шампуры ў эстрагоне (фр.).

- А мадам? - спытаўся афіцыянт.

- Булачку з маслам і кубачак кавы, - сказала Кэры.

- Але, можа, мадам захоча...

Яна надзяліла яго чароўнай усмешкаю, нібы хацела выправіць маю колішнюю памылку. Яна сказала:

- Толькі булачку з маслам, калі ласка. Я не галодная. Проста я хачу падтрымаць месье кампанію.

Я злосна сказаў:

- У такім выпадку я адмаўляюся...

Але афіцыянт ужо адышоў ад стала. Я ўскіпеў:

- Навошта ты гэта робіш?

- А што здарылася, любы?

- Ты сама добра ўсё разумееш. Ты дазволіла мне заказаць...

- Але ж папраўдзе, я не галодная, любы. Мне проста захацелася зрабіць яму прыемнае, вось і ўсё. Я сёння трохі сентыментальная. Булачка з маслам нагадвае мне тыя дні, калі мы не былі багатыя. Хіба ты не памятаеш тую сціплую кавярню на ніжняй пляцоўцы лесвіцы?

- Ты з мяне кпіш?

- Зусім не, любы. Хіба ты ўжо нават не хочаш і ўспамінаць пра тыя дні?

- Тыя дні, тыя дні... Чаму ты не нагадаеш апошні тыдзень, і як ты баялася паслаць што-небудзь у пральню, і як мы не маглі дазволіць сабе купіць ангельскую газету: ты ж не чытаеш па-французску...

- Хіба ты не памятаеш, які ты быў неразважлівы і шчодры, калі аддаў пяць франкаў жабраку? Прынамсі, гэта нагадала мне...

- Што?

- Апошнім часам я нешта нідзе не бачу таго маладога галоднага чалавека.

- Не думаю, што ён наведвае пляж, каб прымаць сонечныя ванны.

Прынеслі ікру і гарэлку. Афіцыянт спытаў:

- Можа, мадам хоча, каб я прынёс ёй каву адразу?

- Не, не трэба. Думаю, я буду паціху піць каву, пакуль месье будзе есці свой...

- Вrеssе а l'еstrаgоn, мадам.

Мне ніколі ў жыцці ікра не здавалася такой нясмачнаю. Кэры пільна сачыла за кожным маім рухам. Нахіліўшыся наперад, яна абаперлася рукой на падбародак, што, на яе думку, па-мойму, азначала, якая яна верная і адданая жонка. Падсмажаны хлеб нахабна храбусцеў у цішыні, але я вырашыў, што не саступлю, - і наступную страву з'еў метадычна, да самага канца, зрабіўшы выгляд, што не зважаю на тое, як яна з цяжкасцю глытае сваю булачку. Кэры, відаць, таксама не мела ніякай асалоды ад ежы. Яна сказала афіцыянту:

- Прынясіце мне яшчэ кубачак кавы, каб я змагла падтрымаць кампанію мужу, пакуль ён будзе есці суніцы. А ты можаш заказаць сабе яшчэ паўбутэлькі шампанскага, любы?

- Не. Калі я вып'ю яшчэ хоць трохі, я магу страціць над сабою кантроль...

- Любы, можа, я сказала нешта не тое? Хіба табе не падабаецца, што я нагадала табе пра тыя дні, калі мы былі бедныя і шчаслівыя? Зрэшты, калі б я выходзіла за цябе замуж цяпер, гэта выглядала б, нібыта я кваплюся на твае грошы. Ведаеш, ты быў такі шчодры, калі даў мне пяцьсот франкаў на рулетку. Ты так сур'ёзна назіраў, як круціцца яе кола.

- А хіба зараз я не сур'ёзны?

- Зараз ты не назіраеш за тым, як круціцца кола. Ты ўнурыўся ў свае паперы і разлікі. Любы, мы ж зараз усё-такі адпачываем!

- Мы б і адпачывалі як належыць, калі б прыехаў Друтэр.

- Мы ж можам і цяпер дазволіць сабе пайсці куды хочам. Давай абмяркуем нашы планы назаўтра - можа, сходзім куды-небудзь.

- Толькі не заўтра. Разумееш, згодна з маім разлікам цыкл маіх пройгрышаў заўтра павінен дасягнуць апагею. Вядома, каб паменшыць страты, я буду ставіць толькі па тысячы франкаў.

- Тады паслязаўтра...

- Якраз паслязаўтра я пачну выйграваць на двайных стаўках. Калі ты ўжо дапіла каву, час збірацца на балет.

- Нешта ў мяне забалела галава, і мне не хочацца нікуды ісці.

- Дзіва што забалела, калі ты, апроч булачак, нічога не ела.

- Памятаеш, як я ела адны толькі булачкі цэлых тры дні запар, але ў мяне тады чамусьці галава не балела.

Яна паднялася з-за стала і сказала з падкрэсленай павольнасцю:

- Бо ў тыя дні я была ў цябе закаханая.

Я не даў уцягнуць сябе ў спрэчку і адправіўся на балет адзін.

Я не магу зараз прыпомніць, які тады быў балет - я не памятаю нават яго назвы. У той вечар мая галава была занятая зусім іншым. Назаўтра я павінен быў прайграць, каб у наступны дзень - выйграць, іначай мая сістэма была нічога не вартая. Увесь цудоўна распрацаваны план маёй гульні аказаўся б усяго толькі шэрагам выпадковых удач, які згодна тэорыі шанцаў выпадае толькі раз на тысячу стагоддзяў, - гэта ўсё адно што пасадзіць за пішучыя машынкі працавітых малпаў і чакаць, пакуль тыя малпы выпадкова на працягу стагоддзяў не надрукуюць у рэшце рэшт творы Шэкспіра. У той вечар балерына здавалася мне адначасова і жанчынай, і шарыкам, які скача па коле рулеткі: калі яна закончыла апошняе сваё па і выйшла адна перад заслонай, - мне падалося, нібыта яна з'явілася тут, каб пераможна супакоіцца на «нулі», а ўсе фішкі са сцэны былі ссунуты лапаткаю круп'е за кулісы, а тыя фішкі, што заставаліся ў зале - двухсотфранкавыя за танныя месцы і больш буйныя фішкі за месцы ў партэры, - усе яны змяшаліся разам у адну кучу.

Я выйшаў на тэрасу, каб астудзіць галаву. Якраз тут мы з Кэры стаялі ў першую ноч, шукаючы вачыма «Чайку». Мне зрабілася шкада, што Кэры няма побач, і я ледзьве не пайшоў у гатэль, каб пагадзіцца з ёй на ўсё, пра што яна мяне прасіла. Яна мела рацыю: сістема ці шанц - якая ўрэшце розніца? Мы маглі б сесці ў самалёт і падоўжыць наш адпачынак: у мяне цяпер ставала грошай, каб зрабіцца кампаньёнам у невялікай фірме, без шкляных сцен і сучаснай архітэктуры і без Гома на восьмым паверсе. Аднак усё-такі адмовіцца ад далейшай гульні было ўсё адно што пакінуць жанчыну, якую кахаеш, некранутай, не паспытаўшы яе, пайсці прэч ад яе і ўжо ніколі не даведацца, чаму шарык рулеткі спыняецца ў такой строгай паслядоўнасці, якую ты прадугледзеў у сваіх разліках. Што гэта? Паэзія абсалютнага шанцу ці заканамерная дакладнасць дасканала распрацаванай, завершанай сістэмы? Я быў бы ўдзячны лёсу за гэтую паэзію, але ж як жа я ганарыўся б, даказаўшы дакладнасць выпрацаванай мною сістэмы!

Мой полк ужо быў напагатове. Праходзячы паміж сталоў, я адчуваў сябе камандзірам, які праводзіць урачысты агляд свайго войска. Мне надта карцела зрабіць вымову старой лэдзі за тое, як неахайна замацаваны штучныя маргарыткі на яе капелюшы, і жорстка прабраць містэра Боўлза за тое, што ён не адпаліраваў як след свой слыхавы апарат. Нехта крануў мяне за локаць, і я ўручыў двухсотфранкавую фішку лэдзі, якая клянчыла. «Рабі гэта элегантней, - карцела сказаць ёй, - руку трэба выцягнуць на ўсё даўжыню, а не згібаць у локці, дый валасы даўно ўжо трэба было б прывесці ў парадак». Усе назіралі мой праход з выглядам нервовага спачування, чакаючы, пакуль я выберу стол. І як толькі я спыніўся, нехта падняўся і саступіў мне крэсла. Аднак я прыйшоў не выйграваць - я з'явіўся тут чыста сімвалічна, каб крыху прайграць і пайсці. Таму я адмовіўся ветліва ад прапанаванага крэсла, паклаў па пэўнай схеме свае фішкі і з пачуццём трыумфу ўбачыў, як яны былі ссунуты лапаткаю круп'е са стала. Потым я вярнуўся ў гатэль.

Кэры там не было, і я быў вельмі расчараваны, бо мне дужа карцела растлумачыць ёй усю важнасць гэтага сімвалічнага пройгрышу, а замест гэтага мне давялося проста распрануцца і ўладкавацца паміж банальных прасцін. Я не мог доўга заснуць. Я ўжо паспеў прывыкнуць да прысутнасці Кэры, і калі ўначы ўключыў святло, каб пабачыць, каторая гадзіна, я ўсё яшчэ быў адзін. А палове трэцяй Кэры мяне разбудзіла, намацваючы ў цемры свой ложак.

- Дзе ты была? - спытаў я.

- Гуляла.

- Адна?

- Не.

Я адчуваў скурай, што прамежак паміж нашымі ложкамі быў запоўнены яе варожасцю, але я ведаў, чаго яна дамагаецца, яна хоча, каб я першы зрабіў выпад, і за ёй засталася б маральная перавага. Я зрабіў выгляд, што ўладкоўваюся зручней у ложку і збіраюся спаць далей. Яна крыху счакала і сказала:

- Мы хадзілі ў Марскі клуб.

- Ён жа зачынены.

- А мы знайшлі пралаз - клуб быў такі агромністы і жахлівы ў цемрадзі, крэслы ўсе перакуленыя і састаўленыя разам.

- Неблагая прыгода. А як жа вы абыходзіліся без святла?

- О, ярка свяціў месяц. Філіп расказаў мне пра сваё жыццё.

- Спадзяюся, вы знайшлі сабе крэслы.

- Не, мы сядзелі на падлозе.

- Калі ў яго было дужа цікавае жыццё, раскажы мне пра яго. А то ўжо надта позна, а заўтра мне трэба рана...

- ...прачнуцца, каб пайсці ў казіно? На мой погляд, табе яго жыццё не здасца дужа цікавым. Яно было вельмі простае, але ён расказваў з такім пачуццём. Ён вучыўся ў ліцэі.

- У Францыі амаль усе наведваюць ліцэі.

- Яго бацькі памерлі, і ён жыў з бабуляй.

- А дзядуля?

- Ён таксама памёр.

- Старэчая смяротнаць надта высокая ў Францыі.

- Два гады ён служыў у арміі.

Я сказаў:

- Сапраўды, у яго было вельмі незвычайнае жыццё.

- Ты адно толькі можаш, што насміхацца і насміхацца, - сказала яна.

- Што з табой, дарагая, я ж нічога такога не сказаў.

- Вядома, хіба цябе можа зацікавіць яго жыццё. Ты ніколі нікім не цікавіўся, апроч сябе самога, а ён малады і вельмі бедны. Ён жыве толькі на каве і булачках.

- Бедалага, - шчыра паспачуваў я.

- Ты такі абыякавы, што нават не пацікавіўся, як яго завуць.

- Ты ж сама казала, што яго завуць Філіп.

- Філіп, а прозвішча? - з трыумфам спытала яна.

- Дзюпон, - сказаў я.

- Вось і не. Яго прозвішча Шанцье.

- Хай сабе будзе так. Я зблытаў яго з Дзюпонам.

- Хто такі Дзюпон?

- Магчыма, яны падобныя.

- Я спытала, хто такі Дзюпон?

- Я не ведаю, - сказаў я. - Аднак ужо надта позна.

- Ты невыносны.

Яна пляснула па падушцы, нібы тая была маім тварам. На некалькі хвілін яна замоўкла, а потым сказала бязлітасна:

- Ты нават не пацікавіўся, ці пераспала я з ім.

- Прабач. Ты з ім пераспала?

- Не. Але ён папрасіў, каб я правяла з ім ноч.

- На зваленых у кучу крэслах?

- Заўтра я абедаю з ім у рэстаране.

Нарэшце яна дамаглася свайго. Я не мог болей стрываць сябе. Я сказаў:

- Хто ж, зрэшты - чорт бы яго ўзяў, - гэты Філіп Шанцье?

- Вядома, той галодны малады чалавек.

- Ты збіраешся есці з ім каву з булачкамі?

- За абед заплачу я. Ён надта горды, але я яго пераканала. Ён павядзе мяне ў такое месца, дзе вельмі танна і ціха - нешта накшталт студэнцкай кавярні.

- Вось і добра, - сказаў я, - бо я таксама збіраюся паабедаць з адной жанчынай, з якой пазнаёміўся сёння ў казіно.

- Хто ж гэта?

- Мадам Дзюпон.

- Гэта яе сапраўднае прозвішча?

- Я не маю права назваць яе сапраўднае прозвішча. Мне не дазваляе зрабіць гэтага яе жаночая годнасць.

- Хто яна?

- Яна выйграла шмат грошай у бакара сёння ўвечары, і мы з ёй перакінуліся некалькімі словамі. Яе муж нядаўна памёр, яна яго вельмі кахала і цяпер імкнецца пазбавіцца сваёй журбы. Я думаю, што яна хутка знойдзе суцяшэнне, жанчына яна маладая, прыгожая, разумная і багатая.

- Дзе вы будзеце абедаць?

- Разумееш, сюды прывесці яе я не магу - пойдуць непатрэбныя размовы. Апроч таго, яе добра ведаюць у Sаllе Рrіveе. Яна прапанавала паехаць у Каны, дзе нас ніхто не ведае.

- Добра, толькі асабліва не спяшайся дамоў, бо я буду позна.

- Тое самае хацеў я сказаць табе, дарагая.

Такая вось была ў нас тая ноч. Калі я ляжаў без сну і ведаў, што яна гэтаксама не спіць, - я думаў, што ва ўсім вінаваты Гом, бо гэта ён разбурае зараз наш шлюб. Я сказаў:

- Любая, калі ты адмовішся ад свайго абеду, то я зраблю тое самае.

Яна адказала:

- Я нават не веру ў твой абед з жанчынай. Ты яе выдумаў.

- Клянуся табе - слова гонару - я абедаю з жанчынай заўтра вечарам.

Яна сказала:

- Я не магу падвесці Філіпа.

Я падумаў пахмурна: цяпер я ўжо проста абавязаны паабедаць з жанчынай: але ж дзе - чорт пабяры - я змагу знайсці тую мадам Дзюпон?

 

2

 

За снеданнем і ленчам мы былі падкрэслена далікатныя адно з адным. Надвячоркам Кэры нават пайшла са мной у казіно. Па-мойму, толькі дзеля таго, каб пабачыць там маю знаёмую. Так здарылася, што якраз за адным сталом з намі сядзела нейкая маладая жанчына надзвычайнай прыгажосці, і Кэры, вядома ж, зрабіла адпаведны вывад. Яна паспрабавала прасачыць, ці не абменьваемся мы позіркамі, і, нарэшце, не магла ўжо болей стрымаць сваю цікаўнасць:

- Ці не збіраешся ты пагаварыць з ёю?

- З кім?

- З той дзяўчынаю.

- Не разумею, каго ты маеш на ўвазе, - сказаў я і пастараўся надаць тону свайго голасу адпаведнае адценне, нібыта ўсё яшчэ заклапочаны гонарам дамы. Кэры ўзлавалася:

- Я мушу цябе пакінуць. Я магу спазніцца: Філіп чакае мяне. Ён такі далікатны.

Мая сістэма спраўджвалася: я прайграў якраз столькі, колькі запланаваў, але ўвесь мой радасны настрой быў сапсаваны. Я думаў: а калі яна сапраўды пакахала таго маладога чалавека. А калі гэта - канец усяму. Што мне рабіць? Што ў мяне засталося? Пятнаццаць тысяч фунтаў - зусім не адэкватныя страце Кэры.

Я быў не адзін, хто ўвесь час прайграваў. У крэсле на калёсіках сядзеў містэр Боўлз і кіраваў сваёй сядзелкай, якая, нахіліўшыся над яго плячом, паводле ягоных указанняў ставіла фішкі і ссоўвала іх асабістай лапаткай. Ён гэтаксама карыстаўся сістэмай, але, на мой погляд, яго сістэма была вельмі ненадзейная. Ён ужо двойчы пасылаў сядзелку ў касу па фішкі, а апошні раз я заўважыў, што ў яго засталося толькі некалькі тысячафранкавых банкнотаў. Ён рэзка аддаў распараджэнне сядзелцы, і яна паставіла рэшту яго фішак. Шарык рулеткі закруціўся - і Боўлз прайграў усё. Адкаціўшыся на крэсле ад стала, ён злавіў мой позірк.

- Гэта зноў вы, - сказаў ён. - Як вас завуць?

- Бертрам.

- Я захапіў з сабой надта мала грошай гатоўкаю. А ісці ў гатэль не хочацца. Пазычце мне пяць мільёнаў.

- Прабачце, не магу, - сказаў я.

- Вы ж ведаеце, хто я. Вы ведаеце мае магчымасці.

- У гатэлі... - пачаў быў я.

- Мне не змогуць даць столькі грошай, пакуль не адчыніцца банк. А грошы мне патрэбны зараз. Вы выйгралі шмат. Я сачыў за вамі. Я вярну вам пазыку заўтра ўвечары.

- Вы ж ведаеце, часам здараюцца і пройгрышы.

- Што вы там балбочаце, я не чую! - сказаў ён, прыладзіўшы свой слыхавы апарат.

- Прабачце, містэр Другі, не магу.

- Маё прозвішча не Другі. Вы ж мяне ведаеце. Я - А.Н.Боўлз.

- У канторы мы завём вас А.Н.Другі. Чаму б вам не пайсці ў тутэйшы банк і не атрымаць грошы па чэку? Заўсёды хтосьці там дзяжурыць.

- У мяне няма рахунку ў франках, малады чалавек. Хіба вам нічога не вядома пра абмен валюты?

- Такіх людзей, як я, гэта мала хвалюе, - адказаў я.

- Давайце лепей вып'ем кавы і абмяркуем нашы справы.

- Зараз у мяне няма часу.

- Паслухайце, малады чалавек, - сказаў Другі, - я ж усё-такі ваш гаспадар.

- Я не прызнаю ніякіх гаспадароў, апроч Гома.

- Хто такі Гом?

- Містэр Друтэр.

- Гом. Другі, - сказаў містэр Боўлз. - Здаецца, што тут мае месца здзіўляючая адсутнасць павагі да кіраўніцтва фірмы. А ў сэра Ўолтэра Бліксана - якая мянушка ў яго?

- Па-мойму, малодшы персанал фірмы называе яго Пухіром.

Тонкая ўсмешка на імгненне кранула рысы яго напудранага твару.

- Зрэшты, гэтая мянушка даволі трапная, - зазначыў А.Н.Другі. - Сястра, вы можаце пагуляць з паўгадзінкі. Прайдзіцеся да гавані і назад. Вы ж заўсёды кажаце, што вам падабаюцца яхты.

Калі я развярнуў крэсла і пачаў рухаць яго разам з Боўлзам у бар, на маіх руках і лбе выступіў пот. У галаву стрэльнула фантастычная ідэя, якая выцесніла нават думкі пра Кэры і яе галоднага кавалера. Я не мог дачакацца, калі мы дойдзем да бара. Я сказаў:

- У маім сейфе ў гатэлі ёсць пятнаццаць мільёнаў франкаў. Вы можаце атрымаць іх у абмен на вашы акцыі.

- Не стройце з сябе ідыёта. Акцыі каштуюць дваццаць мільёнаў па намінале, а Друтэр і Бліксан далі б за іх і ўсе пяцьдзесят мільёнаў. Шклянку мінеральнай вады, калі ласка.

Я даў яму вады. Ён сказаў:

- А зараз прынясіце мне пяць мільёнаў.

- Не.

- Малады чалавек, - сказаў ён, - у мяне беспамылковая сістэма. Дваццаць гадоў таму я даў сабе абяцанне сарваць банк. Я не збіраюся адмаўляцца ад сваёй даўняй задумы з-за нейкіх там пяці мільёнаў. Ідзіце і прынясіце іх. Калі вы гэтага не зробіце, я аддам загад звольніць вас з працы.

- Хіба вы сур'ёзна лічыце, што такая пагроза нешта значыць для чалавека з пятнаццаццю мільёнамі ў сейфе? А заўтра ў мяне будзе дваццаць мільёнаў...

- Вы сёння ж прайграеце ўсё: учора я назіраў за вамі.

- Учарашні пройгрыш быў мной запланаваны. Ён толькі даказвае, што мая сістэма правільная.

- Не могуць існаваць адначасова дзве беспамылковыя сістэмы.

- Баюся, што ваша сістэма мае хібы.

- Раскрыйце мне сваю сістэму.

- Не. Але я магу сказаць, якія хібы ёсць у вашай.

- Сваю сістэму вынайшаў я сам.

- Колькі ж вы выйгралі з яе дапамогай?

- Я пакуль не пачаў выйграваць. Зараз я на першай стадыі. Сёння ўвечары пачну выйграваць. Чорт бы вас пабраў, малады чалавек, прынясіце мне гэтыя пяць мільёнаў.

- Мая сістэма ўжо прынесла мне пятнаццаць мільёнаў.

Я памыляўся, калі лічыў Другога спакойным і ўраўнаважаным чалавекам. Надта лёгка выглядаць спакойным, калі вашы рухі абмежаваныя. Але калі яго пальцы, якія ляжалі на каленях, ледзьве зварухнуліся, яны выдалі нястрымныя эмоцыі: галава яго ледзьве хіснулася, правадок яго слыхавога апарата затрымцеў. Гэтае трымценне было падобнае на ледзь прыкметны подых ветрыку, які прымушаў звінець аканіцы і быў прадвеснікам блізкага ўрагану. Ён сказаў:

- Па-мойму, у нас з вамі адна і тая ж сістэма.

- Не. Я назіраў за вашай і добра яе ведаю. Яе можна купіць у папяровым канверце ў любога гандляра канцылярскімі таварамі за тысячу франкаў.

- Няпраўда! Я распрацаваў яе сам, шчыраваў над ёю гадамі, седзячы вось у гэтым крэсле. Дваццаць гадоў...

- Адны і тыя ж думкі прыходзяць не толькі выдатным вучоным. Але банк нельга сарваць з дапамогай сістэмы коштам у тысячу франкаў, якой гандлююць у канвертах з надпісам «Беспамылковая».

- Я дакажу, што вы памыляецеся. Я прымушу вас праглынуць гэты канверт. Прынясіце мне пяць мільёнаў.

- Я вам ужо назваў свае ўмовы.

Уперад, узад і ў розныя бакі рухаліся рукі ў тым цесным прамежку, у якім хвароба дазваляла ім рухацца. Яны мітусіліся, як мышы ў клетцы, мне нават уявілася, што яны грызуць невыносныя краты.

- Вы нават не разумееце, чаго просіце. Хіба вы не ведаеце, што атрымаеце кантроль над фірмаю, калі аб'яднаецеся з Бліксанам?

- Нарэшце я хоць зведаю, што гэта такое - кантроль над фірмаю.

- Паслухайце, калі вы дасцё мне гэтыя пяць мільёнаў сёння ўвечары, я вярну іх вам раніцай разам з паловай свайго выйгрышу.

- Ніякага выйгрышу па вашай сістэме не будзе.

- Здаецца, вы надта ўпэўнены ў сваёй сістэме.

- Але.

- Я мог бы прапанаваць вам такі варыянт: я прадам свае акцыі за дваццаць мільёнаў плюс ваша сістэма.

- У мяне яшчэ няма дваццаці мільёнаў.

- Паслухайце, калі вы так упэўнены ў сабе, я прапаную вам выбар: узяць акцыі за пятнаццаць мільёнаў зараз, а розніцу заплаціце заўтра - праз дваццаць чатыры гадзіны - а дзевятай гадзіне ўвечары, альбо вы згубіце свае пятнаццаць мільёнаў. Да таго ж вы аддадзіце мне і сваю сістэму.

- Гэта вар'яцкая прапанова.

- Яна робіцца ў вар'яцкім месцы.

- Калі я не выйграю заўтра пяці мільёнаў, у мяне не застанецца ніводнай акцыі?

- Ніводнай. - Яго пальцы прыпынілі свой нервовы рух. Я засмяяўся:

- Хіба вы не падумалі, што заўтра я магу патэлефанаваць Бліксану, і той мне вышле неабходную суму. Яму дужа патрэбны гэтыя акцыі.

- Заўтра нядзеля, а мы дамовіліся расплачвацца гатоўкаю.

- Я не аддам вам сваёй сістэмы да апошняга разліку, - сказаў я.

- Яна мне не спатрэбіцца, калі вы не выйграеце.

- Але для гульні мне патрэбны грошы.

Ён сур'ёзна прыняў да ведама гэтую маю заяву. Я сказаў:

- Нельга ж гуляць па сістэме, маючы ўсяго некалькі тысяч франкаў.

- Зараз вы можаце даць мне дзесяць мільёнаў, - сказаў ён, - у лік пятнаццаці. Калі вы прайграеце, вы будзеце павінны мне яшчэ пяць мільёнаў.

- Як вы іх спагоніце з мяне?

Ён надарыў мяне злавеснай усмешкаю.

- Я ўрэжу вашу зарплату штогод на пяцьсот футаў, і ў вас будуць іх вылічваць на працягу дзесяці год.

Я паверыў, што ён так і зробіць. У свеце Друтэра і Бліксана ён з сваім невялікім пакетам акцый выжыў толькі дзякуючы жорсткасці, цвёрдасці і непахіснасці характару.

- Я павінен буду выйграць дзесяць мільёнаў з дапамогай пяці мільёнаў.

- Вы самі казалі, што ваша сістэма дасканалая.

- Я так лічу.

Стары быў пабіты сваёй уласнай авантурай: ён кпіў з мяне:

- Лепей проста пазычце мне гэтыя пяць мільёнаў і забудзьцеся на наш заклад.

Я падумаў пра Гома, які зараз раз'язджае па моры ў яхце з славутымі гасцямі, і пра нас дваіх, ім забытых, - што яму да нейкага там памочніка бухгалтара? Я згадаў манеру, з якой ён павярнуўся да міс Булэн і сказаў: «Аддайце неабходныя распараджэнні наконт жаніцьбы містэра Бертранда». (Ён нават не паклапаціўся запомніць маё прозвішча.) Ці здолеў бы ён праз міс Булэн арганізаваць нараджэнне нашых дзяцей і пахаванне нашых бацькоў? Я падумаў, як я затэлефаную містэру Бліксану і дамоўлюся з ім, а потым з дапамогаю гэтых акцый буду трымаць Гома ў цуглях да таго часу, пакуль той будзе адчуваць боль: не будзе ўжо ў яго ніякага пакоя на восьмым паверсе, ніякіх яхт, ніякага яму «Luхе, саlmе et vоluрtе». Ён прывабліваў мяне сваім абыходжаннем, сваёй далікатнасцю і сваёй фальшывай дабрынёй, пакуль я ледзь не прыняў яго за вялікага чалавека, якім ён сам сябе лічыць. Цяпер, падумаў я з журбою, якое я не мог растлумачыць, ён стане такі дробненькі, што будзе цалкам у мяне ў руках, і я амаль з агідай глянуў на свае запэцканыя чарніламі пальцы.

- Ну, бачыце, - сказаў Другі, - вы ўжо болей не верыце ў сваю сістэму.

- О, не, веру, - запярэчыў я. - Я прымаю вашу прапанову. Проста я падумаў пра нешта іншае - вось і ўсё.

 

3

 

Я пайшоў і прынёс грошы. І мы, не адкладаючы, адразу ж занатавалі ўмовы нашага закладу на кавалачку паштовай паперы, а сядзелка - яна ўжо вярнулася з прагулкі - разам з барменам засведчылі наша пагадненне. Пагадненне ўступала ў сілу а дзевятай гадзіне вечара, тэрмін выплаты а той самай гадзіне наступнага дня: Другі не пажадаў, каб яго гульні не перапынялі ні благія, ні добрыя навіны да вечара. Потым я прымусіў яго пачаставаць мяне шклянкай віскі, хоць, пэўна, у Майсея было меней клопату, каб здабыць ваду з скалы ў Сінаі, і я ўбачыў, як сядзелка пакаціла яго крэсла ў Sаllе Рrіveе. Фактычна за дваццаць чатыры гадзіны я зрабіўся ўладальнікам «Сітры». Ні Друтэр, ні Бліксан у сваёй бясконцай вайне не змогуць зрабіць ніводнага руху без згоды сціплага памочніка бухгалтара. Неяк дзіўнавата рабілася ад думкі, што ніводзін з іх нават не падазраваў, як крута зменіцца кантроль над фірмаю, які пераходзіць ад сябра Друтэра да яго ворага. Бліксан, пэўна, быў у Хэмпшыры і вывучаў чарговую казань на заўтра, удасканальваючы вымаўленне біблейскіх прозвішчаў - і ён не адчувае ад гэтага аніякай радасці. А Друтэр? Друтэр быў недзе далёка ў моры, недасягальны, - гуляе ў брыдж з сваімі свецкімі львамі - ён не адчуе ніякай небяспекі. Я заказаў яшчэ віскі. Я ўжо зусім не сумняваўся ў сваёй сістэме і не адчуваў болей ніякага шкадавання. Бліксан першы пачуе навіну: раніцай у панядзелак я тэлефаную яму ў кантору. Аднак больш тактоўна, відаць, інфармаваць яго пра новае становішча ў фірме праз майго шэфа Арнольда. Нельга дапусціць ніякага часовага пагаднення паміж Друтэрам і Бліксанам супраць самазванца: я даручу Арнольду растлумачыць Бліксану, што з гэтага часу ён можа разлічваць на мяне. Друтэр нават нічога не пачуе пра нашу дамоўленасць, пакуль не звяжацца па тэлефоне з сваім офісам з якога-небудзь бліжэйшага порта. Нават гэта я магу прадугледзець: я папрашу Арнольда захаваць усё ў сакрэце да вяртання Друтэра і такім чынам буду мець асалоду асабіста паведаміць яму пра ўсё.

Я выйшаў, каб расказаць Кэры пра гэтыя навіны, зусім забыўшыся на нашы дамоўленыя спатканні: мне хацелася пабачыць яе твар, калі даведаецца, што яна - жонка чалавека, які кантралюе фірму. Ты ненавідзела маю сістэму, хацеў сказаць я ёй, і тыя гадзіны, што я праводзіў у казіно, але ніякай заганнай прычыны тут не было - не за грашыма я ганяўся. Аднак я зусім забыўся, што да сённяшняга вечара ніякіх іншых матываў, апроч грошай, у мяне не было. Я пачаў быў сам верыць, што загадзя задумаў усё гэта, - з самай першай стаўкі ў дзвесце франкаў на «кухні».

Але, вядома, Кэры нідзе я не знайшоў. «Мадам пайшла з джэнтльменам», - пра гэта мог бы і не паведамляць мне парцье, бо я сам успомніў пра спатканне ў сціплай студэнцкай кавярні. Што ж, быў і ў маім жыцці такі час, калі я без асаблівага клопату знаходзіў сабе жанчыну, і я вярнуўся ў казіно, каб зрабіць тое, што я абяцаў сваёй жонцы. Але з прыгажуняй ужо сядзеў нейкі мужчына: іх пальцы поркаліся ў аб'яднаных фішках, - і неўзабаве я зразумеў, што адзінокія жанчыны, якія прыходзяць у казіно, рэдка бываюць прыгожыя і іх не вельмі цікавяць мужчыны. Шарык рулеткі, а не ложак, быў іх галоўнай мэтаю. Я прыгадаў пытанні Кэры і сваю хлусню - яна не зманіла, бо яе нідзе не было відно, а што да маёй хлусні, то, відаць, яна яе выкрыла.

Я назіраў, як Птушынае Гняздо круцілася вакол сталоў, робячы раптоўныя наскокі то там, то тут, калі яе не бачыць круп'е. У яе была вытанчаная тэхніка: калі нейкая кучка фішак рабілася дастаткова вялікая, яна накрывала пальцамі адну фішку і адорвала яе ўладальніка пяшчотным позіркам, нібы казала: «Вы такі шчодры чалавек, а за гэткі нязначны падарунак я цалкам у вашай уладзе». Яна была настолькі ўпэўненая ў сваёй прывабнасці, што ніхто не адважыўся выкрыць яе махлярствы. У той вечар у яе вушах былі доўгія бурштынавыя завушніцы, а ліловае вячэрняе плацце падкрэслівала найлепшую рысу яе фігуры - раскошныя плечы. Плечы ў яе сапраўды былі цудоўныя - шырокія, і ў іх было нешта жывёльнае, аднак усё ўражанне псаваў яе твар, што ўзнікаў неяк нечакана, нібы ў сполаху святла, і адразу кідаліся ў вочы яе непрыбраныя нафарбаваныя валасы, у якіх заблыталіся завушніцы (пэўна, яна лічыла, нібыта гэтыя неахайныя пучкі і пасмы валасоў былі «шыкоўныя локаны»!), ды яшчэ гэтая яе скамянелая ўсмешка не надавала ёй прыгажосці. Назіраючы за ёй, я гэтаксама пачаў кружыцца: я трапіў у яе арбіту і зразумеў: вось тая жанчына, якая мне трэба. Я павінен быў павячэраць з жанчынай, і ва ўсім казіно гэта была адзіная жанчына, якая згадзіцца пайсці са мной. Калі яна яшчэ раз ухілілася ад прыслужніка з хуткасцю парцьеры і з лёгкім звонам, што ішоў ад яе сумачкі, дзе, на маю думку, былі схаваны яе стофранковыя фішкі, я крануў яе за локаць.

- Шаноўная лэдзі, - сказаў я.

Гэты нечаканы зварот здзівіў мяне: было такое адчуванне, нібыта нехта іншы, а не я сам, уклаў яго ў мае вусны, і, здавалася, гэты шыкоўны зварот належыць тым старадаўнім часінам, што і яе ліловае вячэрняе плацце і чароўныя плечы.

- Шаноўная лэдзі, - паўтарыў я з яшчэ большым здзіўленнем (мне ледзь не падалося, што ў мяне на верхняй губе з'явяцца тонкія сівыя вусікі), - спадзяюся, што вы даруеце незнаёмаму...

Яна, пэўна, была заўсёды ў стане страху перад прыслужнікамі, бо яе звыкла жабрацкі, далікатны погляд расквітнеў, калі яна ўбачыла мяне, нібыта сполах святла шугануў па ўсёй прасторы яе твару, як шырокая стужка бліскавіцы.

- О, які ж вы незнаёмы, - з палёгкай вымавіла яна, і я ўзрадаваўся, што яна ангелька, і мне не давядзецца цэлы вечар гаварыць на ламанай французскай мове. - Я была сведкаю вашай вялікай удачы. (І яна некалькі разоў мела з гэтага пэўную карысць!)

- Я хацеў бы прапанаваць вам, шаноўная лэдзі, - нязвыклая фраза зноў выскачыла ў мяне з вуснаў, - ці не зробіце вы мне гонар павячэраць у вашай кампаніі. У мяне тут нікога няма, з кім бы я мог адсвяткаваць сваю ўдачу.

- Пра што гаворка, гэта будзе мне вялікая асалода.

Вось тут ужо я сапраўды крануў рукой свае вусны, каб пераканацца, што вусікі там яшчэ не выраслі. Здавалася, мы з ёю развучвалі пэўныя ролі ў нейкай п'есе. Я ўжо з жахам чакаў, які ж будзе яе трэці акт. Я заўважыў, што яна накіравалася да рэстарана ў Sаllе Рrіveе, але я не мог дазволіць сабе паказацца з такім страхапуддзем у казіно. Я сказаў:

- Я падумаў... можа, мы б глынулі трохі свежага паветра - такі цудоўны вечар, - гэта не пашкодзіць пасля духаты казіно, а потым знойдзем які-небудзь зацішны куточак...

Я прапанаваў бы ёй які-небудзь прыватны пакой, калі б не баяўся, што мае намеры яна няправільна зразумее.

- Нічога не прынесла б мне большай асалоды.

Мы выслізнулі (іншае слова цяжка знайсці) на двор, і я маліў бога, каб Кэры з яе маладым чалавекам ужо сядзелі ў сваёй таннай кавярні, - было б проста жахліва, каб яна ўбачыла мяне ў такі момант. Вакол гэтай жанчыны лунала нешта нерэальнае. Я ўжо быў упэўнены, што да сівых вусікаў у мяне цяпер прыбавіліся складны оперны брыль і пунсовы плашч у палоску. Я сказаў:

- Як на ваш густ, ці не ўзяць нам конны кэб?..

Калі мы ўселіся ў кэбе, я звярнуўся да яе па дапамогу:

- Я сапраўды тут нічога не ведаю. Я абедаю ў рэстаранах рэдка. Ці зможам мы зайсці куды-небудзь, дзе спакойна і ўтульна... у які-небудзь зацішны куточак?

Я марыў, каб гэты куточак быў бы недасягальны, каб туды наогул ніхто не мог трапіць, апроч нас дваіх, - я пачуваў бы сябе там меней ніякавата.

- Тут ёсць невялічкі рэстаран, хутчэй клуб, вельмі соmmе іl fаut*. Ён завецца «Оrрheе»**. Але там усё надта дорага каштуе, палкоўнік.

* Велікасвецкі, для абраных (фр.).

** «Арфей» (фр.).

- Не мае ніякага значэння.

Я сказаў назву рэстарана рамізніку і адкінуўся на сядзенні. Яна сядзела прамая, як страла, і я мог схавацца за яе мажнай фігураю. Я спытаў:

- Калі вы апошні раз былі ў Чэлтэнхэме?

Яна адказала экспромтам:

- Родны Чэлтэнхэм... А як вы здагадаліся?

- Ну, разумееце, прыгожая жанчына заўсёды кідаецца ў вочы.

- І вы там жылі?

- У адным з тых прыгожых дамоў на Куінз Парэйд.

- Мы былі з вамі, відаць, блізкія суседзі.

І каб падкрэсліць нашу блізкасць, я адчуў, як яе масіўны ліловы клуб крыху бліжэй пасунуўся да мяне. Я ўзрадаваўся, што кэб спыніўся: мы праехалі не болей за дзвесце ярдаў.

- Крыху фанабэрыста, га? - сказаў я, утаропіўшыся (як, на маю думку, павінен быў паводзіць сябе палкоўнік) на асветлены барэльеф нейкай фантастычнай галавы, што вісеў над уваходам, - ён быў зроблены ў выглядзе агромністай бульбіны. Мы мусілі былі прайсці праз абрэзкі баваўнянага матэрыялу, які, па-мойму, імітаваў лёгкую празрыстую тканіну. Маленькая зала была завешаная фатаграфіямі пісьменнікаў, акцёраў і кіназорак. Мы мусілі былі пакінуць свае аўтографы ў спецыяльнай кнізе і такім чынам зрабіліся пажыццёвымі членамі клуба. Я падпісаўся Робертам Дзевер'е. Мая спадарожніца - я заўважыў - навалілася на мае плечы, скоса назіраючы, як я распісваюся.

Рэстаран, даволі ярка асветлены круглымі шклянымі абажурамі, быў перапоўнены. Наўкол было шмат люстраў, якія, відаць, былі купленыя пры распрадажы якогась старога рэстарана, бо былі аздобленыя старамоднымі рэкламнымі подпісамі накшталт «Бараніна адбіўная».

І раптам, акурат пад рэкламай «Бараніна адбіўная», я ўбачыў Кэры, якая пільна ўглядалася ў мяне.

- Як я зайздрошчу людзям, што вядуць жыццё, поўнае прыгод і небяспекі, - сказала мая спадарожніца і паклала сумачку - у ёй нешта бразнула - на стол. Усё яе птушынае гняздо ўскалыхнулася, а завушніцы затрымцелі, калі яна павярнулася да мяне і сказала канфідэнцыяльна:

- Раскажыце, палкоўнік, пра сябе. Я люблю - проста паміраю, калі слухаю, як мужчыны расказваюць.

- О, разумееце, няма асабліва пра што расказваць.

- Мужчыны куды больш сціплыя, чым жанчыны. Калі б у мяне былі нейкія прыгоды адчайнай храбрасці, якімі я магла ганарыцца, я б ніколі не прамінула расказаць пра іх. Чэлтэнхэм, вядома ж, занадта ціхае месца для вас.

- О, я не маю нічога супраць спакойнага ціхага жыцця. Што вы будзеце есці?

- У мяне такі малюпасенькі апетыцік, палкоўнік. Хіба што lаngоustе thеrmіdоr*...

* Лангуст тэрмідор (фр.).

- І пляшку добрага вінца? - Я ледзь не адкусіў сабе язык - але жахлівыя словы былі ўжо вымаўлены, перш чым я здолеў іх стрымаць. Я хацеў павярнуцца да Кэры і сказаць: «Гэта не я. Гэта зусім не мае словы. Гэта словы майго персанажа. Вінаваты аўтар п'есы, а не я».

Незнаёмы голас вымавіў:

- Я горача кахаю цябе. Я люблю ўсё, што ты робіш, як ты гаворыш, як ты маўчыш. Шкада, што я не ведаю добра ангельскай мовы, каб выказаць табе...

Я павольна павярнуўся і кінуў позірк на Кэры. Ніколі - апроч таго моманту, калі я ўпершыню пацалаваў яе, - не бачыў, каб яна так пачырванела. Птушынае Гняздо сказала:

- Яны такія юныя і такія рамантычныя, праўда? Я заўсёды лічыла, што ангельцы надта стрыманыя людзі. Якраз таму наша сустрэча здаецца мне такой незвычайнай. Паўгадзіны таму мы нават нічога не чулі адно пра аднаго, а цяпер вось сядзім разам за сталом за пляшкаю добрага вінца, як вы толькі што сказалі. Як мне падабаюцца гэтыя моцныя выразы сапраўдных мужчын. Вы жанаты, палкоўнік?

- Ну, у пэўным сэнсе...

- Што вы маеце на ўвазе?

- Мы з жонкай зараз жывём паасобку.

- Як сумна. І я таксама страціла мужа - праўда, ён памёр. Можа, гэта і меней сумна.

Голас, які я пачаў ненавідзець, вымавіў:

- Твой муж не заслугоўвае таго, каб ты была верная яму. Пакінуць цябе самотнай на цэлую ноч дзеля гульні на рулетцы...

- Сёння вечарам ён не ў казіно, - сказала Кэры. І дадала здушаным голасам: - Ён зараз у Канах вячэрае з маладой, прыгожай і разумнай удавою.

- Не трэба плакаць, сherіе*.

* Дарагая (фр.).

- Я не плачу, Філіп, я... я... я смяюся. Калі б толькі мог ён мяне цяпер бачыць...

- Ён, пэўна, звар'яцеў бы ад рэўнасці. А ты раўнівая?

- Так кранальна, - сказала Птушынае Гняздо. - Цяжка ўстрымацца, каб не слухаць. Здаецца, перад табой праходзіць цэлае жыццё...

Уся гэтая сцэна, па-мойму, выглядала агідна.

- Жанчыны такія даверлівыя, - сказаў я, наўмысна павышаючы голас. - Мая жонка пачала заляцацца да маладога чалавека, бо ён выглядаў галодным. Пэўна, ён і быў галодны. Ён прызвычаіўся хадзіць з ёй у дарагія рэстараны, як гэты, і прымушаў плаціць яе за сябе. Вы ведаеце, колькі тут каштуе lаngоustе thеrmіdоr? Гэтая страва такая дарагая, што ў меню нават не прастаўлены яе кошт. Простая сціплая студэнцкая кавярня.

- Я нічога не разумею, палкоўнік. Што-небудзь вывела вас з сябе?

- А вазьміце віно. Хіба, па-вашаму, я павінен цягнуць з сябе жылы, каб ён піў гэтае віно за мой кошт?

- Вы паводзіце сябе непрыстойна.

Хтосьці паставіў шклянку на стол так моцна, што яна разбілася. Ненавісны голас сказаў:

- Сherіе, гэта добрая прыкмета. Бачыш - я выліў крыху віна табе за вушы і на макаўку... Ты думаеш, твой муж пераспіць з той прыгожай лэдзі ў Канах?

- Адно толькі спаць - гэта ўсё, на што ён здатны.

Я ўскочыў на ногі і закрычаў на яе:

- Я не магу болей стрываць усё гэта. Як ты можаш гаварыць такое?

- Філіп, - сказала Кэры, - пойдзем.

Яна пакінула на стале некалькі банкнотаў і павяла яго за сабой. Ён быў надта здзіўлены, каб супраціўляцца.

Птушынае Гняздо сказала:

- Яны сапраўды зайшлі надта далёка, праўда? Такое гаварыць на людзях. Мне падабаюцца вашы старамодныя рыцарскія паводзіны, палкоўнік. Хай будзе навука маладым.

Амаль гадзіна спатрэбілася ёй, каб з'есці сунічнае марожанае і lаngоustе thеrmіdоr. За гэты час яна расказала ўсю гісторыю свайго жыцця.

Нарэшце я ад яе пазбавіўся і пайшоў дамоў. Я баяўся, што не знайду там Кэры, але яна сядзела на ложку і чытала адзін з тых дасціпных самавучыцеляў французскай мовы, што чытаюцца як захапляльныя раманы. Калі я адчыніў дзверы, яна глянула паверх кнігі і сказала:

- Еntrеs, mоn соlоnеl*.

* Уваходзьце, мой палкоўнік (фр.).

- Навошта ты гэта чытаеш? - спытаў я.

- J'еssayе dе fаіrе mоn frаncаіs un реu mеіllеur*.

* Я імкнуся трохі ўдасканаліць сваю французскую мову (фр.).

- Навошта?

- Магчыма, неўзабаве я буду жыць у Францыі.

- Ага! З кім жа? Няўжо з тым галодным студэнтам?

- Філіп зрабіў мне прапанову.

- Пасля такой раскошнай вячэры, якой ты яго пачаставала сёння, ён, па-мойму, проста быў абавязаны паводзіць сябе належным чынам.

- Я папярэдзіла яго, што існуе часовая перашкода.

- Ты мела на ўвазе сваю благую французскую мову?

- Не, я мела на ўвазе цябе.

Раптоўна яна заплакала, схаваўшы галаву пад самавучыцелем, каб я не мог бачыць яе твару. Я сеў на ложак і паклаў руку ёй на сцягно. Я адчуваў сябе стомленым, я адчуваў, што мы надта аддаліліся ад таго невялічкага бара за рагом, я адчуваў, што нібыта мы даўно ўжо жанатыя. Аднак у мяне не было ніякай надзеі ўладкаваць усё гэта - мне заўсёды перашкаджалі рукі. Я прапанаваў:

- Паехалі дадому.

- Не дачакаўшыся містэра Друтэра?

- А чаму мы павінны яго чакаць? Фактычна містэр Друтэр пад маёй уладай.

Я не збіраўся нічога ёй расказваць, але ўсё неяк здарылася само сабой. Яна падняла галаву ад падручніка і перастала плакаць. Я расказаў ёй, што, калі я ўволю нацешуся роляй боса Друтэра, я прадам свой пакет акцый Бліксану з выгодай для сябе - і такім чынам знішчу Друтэра.

- І тады ўжо мы зажывём цудоўна, - сказаў я.

- Толькі без мяне.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Любы, я ўжо зусім супакоілася і не злуюся. Я кажу сапраўды сур'ёзна. Я не выходзіла замуж за багатага чалавека. Я выйшла замуж за чалавека, з якім сустракалася ў бары «Валанцёр», за таго, хто любіў халодныя сасіскі і ездзіў аўтобусам, бо таксі яму было надта дарагое. Цяпер я раптам прачынаюся ў ложку з чалавекам, які можа купіць сабе ўсе асалоды, якія толькі пажадае, і які марыць давесці да галечы старога чалавека, што зрабіў табе дабро. Што, калі Друтэр проста забыўся пра тое, што запрасіў цябе? Гэта ўласціва чалавечай натуры. Яна не падначалена ніякім дурацкім сістэмам, як твая рулетка.

- Мая сістэма не прынесла табе аніякай шкоды.

- О не, яна прынесла мне шмат шкоды. Яна знішчыла мяне. Я жыла дзеля цябе, а цяпер я цябе страчваю.

- Няпраўда. Вось ён - я, тут, перад табою.

- Калі я вярнуся дадому і пайду ў бар «Валанцёр», - цябе ўжо там не будзе. Калі я буду чакаць на прыпынку дзевятнаццатага аўтобуса, цябе таксама там не будзе. Цябе не будзе нідзе, дзе б я змагла цябе знайсці. Ты будзеш ездзіць на аўтамабілі ў свой раскошны дом у Хэмпшыры, як сэр Уолтэр Бліксан. Любы, табе вельмі пашанцавала, ты выйграў шмат грошай, але я цябе болей не кахаю.

- Па-мойму, ты любіш адных толькі бедных.

- А хіба гэта не лепей, чым любіць толькі багатых? Любы, я лягу спаць на кушэтцы ў гасцёўні.

Цяпер ізноў у нас была гасцёўня і асобны пакой для мяне, такі самы, як і напачатку. Я сказаў:

- Не турбуйся. У мяне ёсць свой ложак.

Я выйшаў на балкон. Была такая самая ноч, як тая, калі мы ўпершыню пасварыліся, але на гэты раз яна не выйшла на балкон, і мы з ёю не сварыліся. Я хацеў пастукаць да яе ў дзверы і сказаць ёй нешта, але не знайшоў патрэбных слоў. Усе мае словы, здавалася, бразгалі, як фішкі ў сумачцы Птушынага Гнязда.

 

4

 

Я не бачыў яе ні за снеданнем, ні за ленчам. Пасля ленчу я пайшоў у казіно, і ўпершыню мне зусім не хацелася выйграваць. Але д'ябал усё-такі, пэўна, быў ублытаны ў маю сістэму, і я выйграў. У мяне цяпер ужо хапала грошай, каб расплаціцца з Боўлзам. Я зрабіўся ўладальнікам яго акцый, але мне дужа было шкада, што я не прайграў тыя апошнія дзвесце франкаў на «кухні». Потым я прайшоўся ўздоўж тэрасы - здараецца, прыходзяць у галаву неблагія думкі пад час прагулкі, але да мяне яны не завіталі. І раптам, глянуўшы на гавань, я ўбачыў белую яхту, якой там раней не было. На ёй развяваўся брытанскі сцяг. І я адразу пазнаў яе па здымках у газетах. Гэта была «Чайка». Гом нарэшце прыехаў - ён спазніўся толькі на тыдзень. Я падумаў: ну, добра, вылюдак, калі б толькі ты патурбаваўся выканаць сваё абяцанне, я б не страціў Кэры. Для цябе я не быў такой важнай фігурай, каб мяне запомніць, але ж затое зараз я зрабіўся надта важным для Кэры, каб яна магла мяне кахаць. Ну, добра, калі я страціў яе, ты згубіш усё - а Бліксан, пэўна ж, купіць тваю яхту.

Я пайшоў у бар, і Гом ужо быў там. Ён толькі што заказаў сабе порцыю «перно» і як стары знаёмы размаўляў з бармэнам па-французску. Ён свабодна валодаў любой мовай, на якой бы ні гаварыў яго субяседнік, - з кожным ён здольны быў знайсці агульную мову. Аднак зараз ён зусім не паходзіў на таго Друтэра, якога я сустрэў упершыню. Ён пакутліва ўглядаўся ў мяне, імкнучыся ўспомніць, дзе ён мяне бачыў. Я зразумеў, што ён не толькі забыўся пра сваё запрашэнне, ён забыўся пра маё існаванне.

- Містэр Друтэр... - сказаў я.

Ён наўмысна павольна павярнуўся да мяне: відаць было, што ён рабіў намаганні нешта ўспомніць.

- Вы мяне пазнаяце? - спытаў я.

- Што вы, дарагі мой сябра, я адразу пазнаў вас. Дай бог памяці, апошні раз мы сустракаліся...

- Мяне завуць Бертрам.

Я зразумеў, што маё прозвішча не азначае для яго абсалютна нічога.

- Ну, так. Вядома, - сказаў ён. - Даўно прыехалі?

- Мы ўжо тут дзевяць дзён. Мы спадзяваліся, што вы паспееце на наша вяселле.

- Вяселле?

Я мог назіраць, як паступова ён пачынае прыгадваць, і праз імгненне ён выкручваўся, падбіраючы тлумачэнні:

- Мой дарагі сябра, спадзяюся, што ўсё абышлося. У нас раптоўна зламаўся рухавік. Ведаеце, як гэта здараецца ў адкрытым моры. І звязацца нельга было ні з кім. Сёння ўвечары запрашаю вас да мяне на яхту. Падрыхтуйце свае чамаданы. Мы адплываем апоўначы. Монтэ-Карла занадта вялікая спакуса для мяне. Ну, а як вы? Шмат грошай прайгралі?

- Не, наадварот, я крыху выйграў.

- На гэтым трэба спыніцца. Адзінае выйсце.

Ён хуценька заплаціў за сваё «перно» - ён імкнуўся як мага хутчэй выправіць сваю памылку.

- Прыходзьце да мяне на яхту. Сёння мы там павячэраем. Утраіх. Нікога болей не будзе на яхце ажно да Партафіна. Скажыце парцье, што ваш рахунак у гатэлі аплачу я.

- Не трэба. У мяне ёсць грошы.

- Я не хачу, каб вы трацілі свае грошы, бо гэта мая віна, што я спазніўся.

Ён схапіў сваю кепачку яхтсмена і хуценька выйшаў, перавальваючыся, як сапраўдны марак. Ён не пакінуў мне часу на тое, каб мая нянавісць знайшла выйсце, ці нават на тое, каб сказаць яму, што мне не вядома, дзе зараз мая жонка. Я паклаў грошы для Боўлза ў канверт і папрасіў парцье, каб той аддаў іх яму ў бары казіно ў дзевяць гадзін вечара. Потым я падняўся па лесвіцы ў свой нумар і пачаў складваць рэчы ў чамаданы. У мяне з'явілася невялікая надзея, што, калі мне ўдасца ўзяць Кэры з сабой у мора, усе нашы турботы застануцца тут, на беразе, у раскошным гатэлі, у багата аздобленай Sаllе Рrіveе, у казіно. Мне хацелася паставіць усе нашы нягоды еn рlеіn і адразу іх прайграць. Аднак калі я скончыў укладваць чамаданы і зайшоў у яе пакой, я зразумеў - надзеі болей няма. Пакой выглядаў болей чым проста пусты - ён быў пакінуты. Туалетны столік чакаў наступнага кліента - адзіная рэч засталася на ім ад Кэры. Гэта было развітальнае пісьмо: «Любы, болей я не вярнуся. Мне не хапіла духу сказаць табе пра гэта ў вочы, дый якая ў тым карысць? Мы болей падыходзім адно аднаму». Я прыгадаў усе папярэднія дзевяць дзён і як мы прыспешвалі той старадаўні драндулет па дарозе ў мэрыю. Каля канторкі парцье мне пацвердзілі: «Так, мадам вызваліла нумар гадзіну таму».

Я папрасіў, каб прыгледзелі за маімі чамаданамі: Друтэр, пэўна, не захоча трымаць мяне на борце сваёй яхты, калі пачуе тое, што я збіраюся яму расказаць.

 

5

 

Друтэр пагаліўся, апрануўся ў новую кашулю і чытаў кнігу ў невялікім пакоі для адпачынку на сваёй яхце. У яго зноў была велічная постаць чалавека з восьмага паверха. Але ўсё гэта не зрабіла на мяне ніякага ўражання. Я на сваёй скуры зведаў яго дабрыню, яна - дабрыня, можа толькі пагубіць чалавека. Дабрыня павінна ісці ад сэрца. Я трымаў нож за пазухай - вядома, у думках - і чакаў моманту, каб пусціць яго ў ход.

- Але я не бачу вашай жонкі?

- Яна хутка прыйдзе, - адказаў я.

- А вашы чамаданы?

- Хутка будуць тут. Можна мне выпіць?

У мяне не было пакут сумлення, як у дацкага прынца, каб набрацца смеласці на вераломнае забойства. Я хутка каўтнуў два келіхі віскі. Ён наліў і сабе, паклаў лёду, прыслугоўваючы мне, як роўні. Яму нават у галаву не прыходзіла, што цяпер я вышэй за яго.

- Вы выглядаеце стомленым, - сказаў ён. - Адпачынак не пайшоў вам на карысць.

- У мяне хапіла турбот.

- Вы не забыліся ўзяць з сабой Расіна?

- Не, не забыўся.

На момант мяне кранула, што ён памятае такія дробязі.

- Можа, пасля вячэры вы пачыталі б трошкі з Расіна. Некалі і я захапляўся ім. Шмат было ў жыцці такога, што цяпер забылася. Старасць - не радасць: не тая ўжо ў мяне памяць.

Я нагадаў, як Кэры казала: зрэшты, у яго веку ён мае права забываць. Але калі я згадаў Кэры, я ледзь не выраніў слязу ў свой келіх.

- Можна мне выпіць яшчэ?

- Калі ласка.

Ён тут жа падняўся, каб наліць мне. Нахіліўшыся над барам і павярнуўшыся да мяне сваёй шырокай спіной патрыярха, ён сказаў:

- Не саромейцеся, гаварыце. Мы не на восьмым паверсе. Проста двое мужчын, якія разам адпачываюць. Спадзяюся, сябры. Не бяда, калі адзін з іх залье сабе гора, трошкі вып'е і крыху ап'янее.

- Мая жонка не прыйдзе. Яна мяне кінула.

- Пасварыліся?

- Ніякай сваркі не было. Ніякіх слоў не было сказана, - такіх слоў, якія можна было б аспрэчваць ці забыць.

- Яна кагосьці пакахала?

- Не ведаю. Магчыма.

- Раскажыце мне ўсё. Я не магу дапамагчы вам, але кожнаму ў такі момант трэба, каб яго выслухалі.

Выкарыстаўшы слова «кожнаму», ён ператварыў маё асабістае гора ва ўсеагульнае, нібыта ўсе людзі асуджаны на пакуту: «кожны» нараджаецца, «кожны» памірае, «кожны» страчвае каханне. Я расказаў яму ўсё. Я расказаў яму ўсё - апроч таго, дзеля чаго я прыйшоў сюды на борт і пра што я павінен быў паведаміць яму ў першую чаргу. Я згадаў нашы ленчы з каваю і булачкамі, мае выйгрышы, расказаў пра галоднага студэнта і пра Птушынае Гняздо. Я ўспомніў пра нашу сварку з-за афіцыянта і пра тое, як яна мне сказала: «Я цябе болей не кахаю». Я нават - цяпер мне гэта здаецца неверагодным - паказаў яму яе развітальнае пісьмо.

Ён сказаў:

- Выбачайце мне. Калі б я... не затрымаўся, гэтага б не здарылася. Але вы б не выйгралі ўсе тыя грошы.

- На чорта мне здаліся ўсе гэтыя грошы!

- Такое надта лёгка сказаць. Я сам гаварыў тое самае шмат разоў. Але вось бачыце, я ўсё яшчэ тут... Калі б я рабіў тое, што я кажу, мяне б тут не было.

- А я кажу тое, што думаю на самой справе.

- У такім разе ў вас яшчэ ёсць надзея.

- У гэты самы момант яна, можа, спіць з ім.

- Гэта не разбурыць вашу надзею. Часта адкрываеш сапраўдную моц кахання, калі пераспіш з кім-небудзь іншым.

- Што мне рабіць?

- Выпаліце цыгару.

- Я не палю.

- Калі вы не маеце нічога супраць... - ён запаліў сабе цыгару. - На іх таксама трэба грошы. Бадай што, я не люблю грошай - а хто іх любіць? Але мне падабаюцца цыгары, гэтая яхта, магчымасць прымаць у сябе гасцей, і прызнаюся, мне прыемна, так, мне падабаецца ўладарыць над людзьмі.

Я нават забыўся, што гэтай улады ў яго болей няма.

- Кожны павінен мірыцца з гэтымі праклятымі грашыма. А вы ведаеце, дзе цяпер яна можа быць?

- Святкуюць, па-мойму... каваю з булачкамі.

- У мяне было чатыры жонкі. Вы ўпэўнены, што вам сапраўды хочацца, каб яна вярнулася да вас?

- Так.

- Можа, усё-такі спакайней без іх.

- Я не шукаю спакою - пакуль што.

- Мая другая жонка - я быў тады яшчэ малады - яна кінула мяне, і я зрабіў памылку, адбіўшы яе назад. Потым мне спатрэбілася шмат гадоў, каб пазбавіцца ад яе зноў. Яна неблагая жанчына. Нялёгка пазбаўляцца ад добрых жанчын. Калі ўжо так карціць жаніцца, лепей ужо ажаніцца з благой жанчынай.

- Такое ўжо было са мною аднойчы, і я не знайшоў у гэтым шмат шчасця.

- Усё-такі з благой жонкай доўга не пражывеш. А з добрай можна пражыць шмат гадоў. Вось Бліксан ажаніўся з добрай жанчынай. Па нядзелях яна сядзіць побач з ім на царкоўнай лаўцы, абдумваючы меню на абед. Яна добрая гаспадыня і мае цудоўны густ - у іх бездакорна аздоблены інтэр'ер кватэры. Рукі ў яе - пухленькія, і яна з гордасцю гаворыць, што яны хораша прыстасаваныя да кандытарскай працы, аднак жа не толькі для гэтага існуюць жаночыя рукі! Яна высокамаральная жанчына, і калі ён пакідае яе на тыдзень, то адчувае сябе свабодным чалавекам. Аднак яму даводзіцца вяртацца назад - якая гэта жахлівая рэч - непазбежнае вяртанне да сваёй жонкі!

- Кэры зусім не такая, - я глянуў на рэшту свайго віскі. - Напрамілы бог, парайце мне, што мне рабіць?

- Я надта стары, і маладыя называюць мяне цынікам. Людзям ніколі не даспадобы рэальнае жыццё. Яны пазбягаюць довадаў цвярозага розуму. Я б вам параіў прынесці сюды свае чамаданы, забыцца на ўсю гэтую справу - у мяне вялікі запас віскі, - некалькі дзён вы б знаходзілі ў ім суцяшэнне. Да мяне заўтра на борт падымецца даволі многа прыемных гасцей, - вам, пэўна, спадабаецца Сесілія Чартарыс. У Неапалі ёсць некалькі бардэляў, калі вы не зможаце абысціся без жанчыны. Я тэлефаную ў кантору, каб вам падоўжылі адпачынак. Знаходзьце радасці ў выпадковых прыгодах і не старайцеся прывязаць іх да сямейнага жыцця.

- Мне патрэбна толькі Кэры. Гэта маё апошняе слова. Ніякіх прыгод мне не трэба.

- Мая другая жонка кінула мяне, бо яна казала, што я занадта амбіцыйны. Яне не разумела, што толькі тыя, хто памірае, свабодныя ад амбіцый. Але і ў іх, бадай, ёсць жаданне выжыць. Некаторыя людзі хаваюць свае амбіцыі - вось і ўсё. Мне давялося дапамагчы маладому чалавеку, якога пакахала мая жонка. Ён хутка паказаў свае амбіцыі. Ёсць розныя амбіцыі - вось і ўсё, і мая жонка пераканалася, што ёй болей даспадобы мае амбіцыі, бо яны неабмежаваныя. Жанчыны ставяцца да бясконцасці, як да несур'ёзнага саперніка. Але мужчыне быць задаволеным пасадай памочніка бухгалтара - гэта абраза. - Ён журботна паглядзеў на доўгі попел цыгары. - І ўсё-такі ніхто не мае права ўтыкаць свой нос у чужыя справы.

- Я б зрабіў усё...

- Ваша жонка рамантычная жанчына. Беднасць гэтага маладога чалавека кранае яе сэрца. Па-мойму, я знайшоў выйсце. Наліце сабе яшчэ келіх віскі, пакуль я раскажу, што вам трэба зрабіць.

 

Частка трэцяя

 

1

 

Я сышоў па трапе, злёгку хістаючыся ад выпітага віскі, і пайшоў угору па схіле ад порта. Было чвэрць дзевятай, і калі я зірнуў на гадзіннік, ён нагадаў мне пра тое, пра што я зусім забыўся расказаць Друтэру.

Друтэр папярэдзіў:

- Толькі не давайце грошай: яны такія брудныя! Аднак тыя круглыя чырвоныя жэтоны... Вы пабачыце самі, ніякі гулец супраць іх не ўстоіць.

Я пайшоў у казіно, але іх там не было. Потым я абмяняў усе свае грошы на фішкі, і, калі я выйшаў на двор, у маіх кішэнях бразгала, як у сумачцы Птушынага Гнязда. Толькі чвэрць гадзіны спатрэбілася мне, каб знайсці іх: яны сядзелі ў кавярні, куды мы звычайна хадзілі есці. Я крыху паназіраў за імі ўпотайкі, з-за дзвярэй. Кэры зусім не выглядала шчаслівай. Яна завітала сюды, як яна мне расказала пазней, каб пераканаць сябе канчаткова ў тым, што яна мяне болей не кахае, што ніякіх пачуццяў у яе не выкліча месца, дзе мы бывалі разам, аднак яна пераканалася, што ўсё засталося па-ранейшаму. Калі ён скончыў есці, ён падлічыў грошы і потым папрасіў, каб яна трошкі пасядзела моўчкі, пакуль ён будзе правяраць сваю сістэму.

- Сёння мы зможам дазволіць сабе гульню да пяцісот франкаў, - сказаў ён. - Гэта значыць пяць стофранкавых ставак.

Калі я падышоў, ён усё яшчэ сядзеў з алоўкам і паперай. Яшчэ ад самых дзвярэй я павітаўся з Кэры:

- Прывітанне. - І яна азірнулася. Кэры ледзьве была не ўсміхнулася мне звыкла - я ўбачыў гэтую ўсмешку ў яе вачах, але яна раптам апусціла іх долу, як хлапчук апускае долу свайго паветранага змея, хаваючы яго ад ветру.

- Філіп, гэта... - мой муж.

Ён узняў вочы ўгору:

- А, добры вечар, - і пачаў нервова барабаніць па стале кончыкам алоўка.

- Спадзяюся, што вы добра даглядаеце за маёй жонкай.

- Гэта зусім не ваша справа.

- Ёсць некаторыя рэчы, якія вы павінны ведаць, каб зрабіць яе шчаслівай. Яна не пераносіць пенкі на гарачым малацэ. Бачыце, яе сподак завалены кавалачкамі паперы. Вы павінны забраць іх, перш чым наліваць ёй каву. Яна ненавідзіць нягучныя, але рэзкія гукі - напрыклад, храбусценне падсмажанага хлеба ці гэтай булачкі, якую вы зараз перажоўваеце.

- Я хацеў бы, каб вы пайшлі адгэтуль, - сказаў малады чалавек.

- Я палічыў бы за лепшае пагаварыць са сваёй жонкай сам-насам.

- А я не хачу заставацца з табою, - сказала Кэры.

- Вы чулі, што яна сказала. Калі ласка, ідзіце адсюль.

Мяне здзівіла, як дакладна Друтэр прадказаў наш дыялог. У мяне з'явілася надзея.

- Прашу прабачэння. Я буду настойваць на сваім.

- Вы не маеце права...

Кэры сказала:

- Калі ты не пакінеш нас, мы абое пойдзем адгэтуль. Філіп, заплаці па рахунку.

- Сherіе, я хачу да канца прадумаць сваю сістэму.

- Ведаеце, што я зраблю? - сказаў я. - Я значна старэйшы за вас, але я выклікаю вас на бойку. Калі я перамагу вас, я пагавару з Кэры сам-насам. Калі вы будзеце пераможцам, я пайду і ніколі болей вас не патурбую.

- Прапаную іншае выйсце. Я вам заплачу за паўгадзіны размовы з ёю.

- Як ты пасмеў такое прапанаваць? - сказала Кэры.

Я засунуў руку ў кішэню і выцягнуў прыгаршчу жоўтых і чырвоных фішак - пяцісотфранкавых і тысячафранкавых - і раскідаў іх па стале паміж кубкамі кавы. Ён не мог адарваць ад іх вачэй. Яны прымусілі яго забыцца на сваю сістэму. Я сказаў:

- Я аддаў бы перавагу бойцы. Гэта ўсе мае грошы, што засталіся.

Ён утаропіўся ў фішкі.

- Я не хацеў бы ўсчынаць сварку, - нарэшце вымавіў ён. - Сherіе, ён просіць нейкія паўгадзіны. Зрэшты, ён мае на гэта права. Ёсць жа ў вас пэўныя рэчы, якія вы павінны абмеркаваць паміж сабой, а з гэтымі фішкамі я змагу сапраўды апрабаваць сваю сістэму.

Яна сказала яму такім тонам, да якога ў апошнія некалькі тыдняў я ўжо прызвычаіўся:

- Добра. Бяры гэтыя фішкі. Адпраўляйся ў сваё праклятае казіно. Ні пра што ты ўсё адно не мог думаць.

У яго хапіла такту акурат на тое, каб не схапіць жэтоны адразу:

- Убачымся праз паўгадзіны, сherіе.

Я сказаў:

- Абяцаю вам, што сам прывяду яе ў казіно. У мяне засталіся там невялікія справы.

Калі ён быў ужо каля самага выхаду, я аклікнуў яго:

- Вы згубілі адзін жэтон!

Філіп вярнуўся і пачаў шукаць яго пад сталом. Убачыўшы твар Кэры, я ледзьве не пашкадаваў за сваю перамогу. Стрымліваючы слёзы, яна сказала:

- Табе надта добра ўдалося паказаць яго сапраўднае нутро. Ты зараз адчуваеш сябе пераможцам. А пра мяне ты падумаў?

- Пойдзем на борт яхты на адну ноч. У цябе будзе асобная каюта. Мы зможам сысці на бераг у Генуі заўтра.

- Па-мойму, ты спадзяешся, што я змяніла сваё рашэнне.

- Так, спадзяюся. Вялікай надзеі не маю, але ж гэта ўсё-такі лепей, чым адчай. Як ты не разумееш, што я цябе кахаю.

- Ты абяцаеш ніколі болей не іграць на рулетцы?

- Абяцаю.

Яна нахіліла галаву, каб я не мог бачыць яе твару, і сядзела моўчкі. Я выкарыстаў усе аргументы: мне таксама не было чаго сказаць. Ноч была поўная цішыні, якую парушала бразганне кубкаў і журчанне вады. Нарэшце яна сказала:

- Чаго мы чакаем?

Мы забралі свае чамаданы, а потым пайшлі пешкі ў казіно. Яна была адмовілася заходзіць усярэдзіну, але я сказаў:

- Я абяцаў прывесці цябе.

Я пакінуў яе ў холе, а сам пайшоў на «кухню» - яго там не было. Потым я пайшоў у бар, а потым, нарэшце, зазірнуў і ў Sаllе Рrіveе. Ён быў там, упершыню гуляючы пяцісотфранкавымі фішкамі. А.Н.Другі сядзеў за тым самым сталом. Ён сядзеў у сваім крэсле на калёсіках, і пальцы ў яго рухаліся, як мышы. Я схіліўся над яго плячом і паведаміў яму навіны, але ён не выказаў ніякай цікаўнасці, бо шарык скакаў вакол кола рулеткі. Нарэшце шарык спыніўся на адзнацы «Нуль», я падышоў да Філіпа, а круп'е збіраў у гэты час усе іхнія стаўкі.

Я сказаў Філіпу:

- Кэры тут. Я стрымаў сваё абяцанне.

- Папрасіце яе, каб яна сюды не заходзіла. Мне сёння шанцуе, за выключэннем апошняга тура. Я не хачу, каб мяне турбавалі.

- Яна ўжо ніколі вас не патурбуе.

 

2

 

У той вечар Гом паводзіў сябе як гасцінны гаспадар. Ён так старанна рабіў выгляд, нібыта нічога не ведае пра нашу сварку, што мы самі патроху пачалі забывацца на яе. Перад вячэрай мы пілі кактэйлі, за вячэраю - шампанскае, і я заўважыў, што Кэры не зусім упэўнена вымаўляе словы. Яна рана пайшла спаць, бо хацела пакінуць мяне сам-насам з гаспадаром. Мы з Гомам выйшлі на палубу, каб пажадаць ёй «дабранач». Гом сказаў:

- Заўтра вечарам вы, магчыма, мяне і пераканаеце, што Расін самы лепшы паэт, але я хачу пачытаць вам Бадлера.

Ён абапёрся на парэнчы і пачаў чытаць на памяць сваім нізкім голасам, а мне дужа захацелася даведацца, да каго ў мінулым ужо звяртаўся аднойчы з гэтымі пранікнёнымі радкамі стары мудры чалавек з неабмежаванымі амбіцыямі.

Ён павярнуўся да нас і сказаў:

- Я звяртаюся да вас, мае дарагія сябры, ад яго імя, - і ён абняў Кэры за плечы, а потым лёгенька падштурхнуў яе да трапу, які вёў уніз да яе каюты. Кэры ўскрыкнула, як параненае птушаня, і знікла.

- Што здарылася? - спытаў Гом.

- Відаць, нешта ўспомніла.

Я ведаў, што яна прыгадала, але не сказаў яму.

Ён працягнуў мне поўны келіх:

- Я не буду болей прымушаць вас піць цэлую ноч навылёт, але тое-сёе хачу вам яшчэ сказаць. У мяне будзе новы памочнік бухгалтара.

- Вы маеце на ўвазе... Вы робіце мне папярэджанне...

- Цяпер, калі ў вас ёсць жонка, вам спатрэбіцца болей грошай. Я стаўлю Арнольда на чале фірмы «Джэнерал Энтэрпрайсіс». Замест яго галоўным бухгалтарам нашай фірмы прызначаю вас.

Калі я праходзіў міма каюты Кэры, я пацікавіўся, ці зачыніла яна дзверы на ключ. Дзверы былі адчыненыя. Кэры сядзела на ложку, падцягнуўшы калені да падбароддзя, і глядзела пільна ў ілюмінатар. Загулі рухавікі, і мы пачалі выходзіць з гавані ў адкрытае мора.

- Ты яму ўсё сказаў? - спытала яна.

- Не.

- Ты ж абяцаў, - сказала яна. - Я не магу плыць у Італію на гэтай яхце, калі ён нічога не ведае.

- Я абавязаны яму ўсім, - сказаў я. - Гэта ён параіў, як мне вярнуць цябе назад.

- Тым болей ты абавязаны расказаць яму пра ўсё.

- Няма чаго расказваць. Ты думаеш, што пасля ўсяго таго, што ён зрабіў мне, я буду яго зводзіць з Бліксанам?

- А як жа акцыі?

- Калі я пайшоў у казіно шукаць Філіпа, я забраў грошы, якія пакінуў Другому. Наш заклад быў скасаваны. Другі разбагацеў на пятнаццаць мільёнаў, а Філіпу засталіся апошнія пяць мільёнаў, калі ён не паспеў іх ужо прайграць. Мы вярнуліся на тое самае месца, адкуль пачалі свой шлях.

- Мы ніколі туды не вернемся.

- Ніколі?

- Я кахаю цябе намнога мацней. Бо я жахліва подла паводзіла сябе ў адносінах да цябе і ледзь цябе не страціла.

Доўга мы амаль што не гаварылі: на цесным ложку не хапала месца ні для чаго, апроч нашых цел, але недзе ўжо на світанку, калі трохі развіднела, я разбудзіў яе і расказаў пра прапанову Гома.

- Багатымі мы не будзем, - паспяшаўся я запэўніць яе, баючыся страціць яе зноў, - але ў наступным годзе мы зможам сабе дазволіць паехаць у Борнмут...

- Не, - сказала яна сонным голасам. - Давай лепей паедзем у Ле Туке. Там ёсць казіно. Але не карыстайся болей сваёй сістэмай.

Гэта было адзінае абяцанне, пра якое я зусім забыўся. Я падняўся і выцягнуў з кішэні сваю выдатную сістэму, парваў яе на кавалачкі і выкінуў праз ілюмінатар - вецер падхапіў белыя шматкі паперы, падобныя на вялікія камякі снегу.



Пераклад: Вадзім Небышынец
Крыніца: Green Graham. Loser Takes All. - London. William Heinemann. 1955. - p. 124.