epub
 
Падключыць
слоўнікі

Грыцька Чупрынка

"Не каханак чарнавокіх..."

* * *

З украінскай — Грыцькі Чупрынкі

 

Не каханак чарнавокіх,

Што скрозь сеюць дзіўны чар,—

Я — пясняр стэпоў шырокіх,

Краю вольнага пясняр!

 

Той, хто волю занядбае,

Хоць у золаце хай спіць,

Хоць царэўну хай кахае,

А не будзе ў шчасці жыць.

 

Хто забудзе край свой родны,

Аб такім так і пішы:

Ён, як дрэва, корч нягодны —

Ні ў ім сэрца, ні душы.

 

Чыім краем не шамоча

Ні няволя, ні бяда,

Хай жыве, як сабе хоча,—

Хоць як труцень, як нуда.

 

Хто ж маўчыць, чый край без волі

Стогне ў горы сіратой,—

Той благое зелле ў полі,

Між людзьмі скаціна той.

 

1908


1908

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com