epub
 
падключыць
слоўнікі

Іаган Фрыдрых Шылер

Кубак

Балада

«Гэй, верныя рыцары, світа мая,

Хто смела ў бездань нырне?

Залаты туды кубак кідаю я,

І Харыбда яго праглыне.

Хто знойдзе мой кубак, з прадоння дастане,

Той возьме яго сабе ў карыстанне».

 

Сказаў так кароль і ўзышоў на абрыў,

Што над чорнай прорвай навіс,

Дзе вір шалёны шумеў і бурліў,

І кубак шпурнуў уніз.

«Хто кінецца ў мора, яшчэ раз пытаю?

Няўжо я адважных у свіце не маю?»

 

Прыціхлі, прымоўклі і чэлядзь і знаць:

«Няхай нас ратуе Бог!»

На дзікія хвалі з кручы глядзяць,

І ніхто з іх рашыцца не мог.

І ў трэці раз кароль запытаўся:

«Няўжо тут натоўп баязліўцаў сабраўся?»

 

Але ўсе маўчалі, як і раней.

І раптам знайшоўся смяльчак:

Рассунуўшы кола знямелых людзей,

Выходзіць шляхетны юнак,

Прыгожы паж наперад выходзіць,

І ахнула світа, вачэй не адводзіць.

 

Ён скінуў плашч і над прорвай стаў,

Зірнуў на бурлівую плынь:

Паток, што вір, усмоктваў, глытаў,

Назад вяртаўся з глыбінь,

Разрэзваў з грукатам чорныя нетры,

І пырскі фантанам віліся ў паветры.

 

І плёскат, і булькат, і клёкат, і шып -

Нібы стрэўся агонь з вадой;

І хвалі, уздыбіўшы ўспенены хіб,

Імклівай плылі чарадой.

Навокал усё бушавала, дрыжала,

Быццам мора яшчэ адно мора раджала.

 

Нарэшце прыліў адступіў, адышоў,

Прыціх, наталіўшы гнеў,

І пашчу Харыбда ашчэрыла зноў,

Таемны разявіла зеў,

І туды, як у лейку, з гулам і свістам

Вада палілася струменем іскрыстым.

 

Але юнак апярэдзіў прыбой,

Надзеі на Бога усклаў

І кінуўся ўніз са скалы крутой,

Нырнуў і ў прорве прапаў.

І агарнула прыдворных трывога,

Шкада ўсім стала хлапца маладога.

 

І прорва стуліла свае берагі,

Здабычы адчуўшы смак.

І шэпт пракаціўся, поўны тугі:

«Бывай, адважны юнак!»

Штось глуха шумела, пасля перастала,

І жудасная цішыня настала.

 

Каб нават карону ўкінуў ён

І сказаў: «Хто яе прынясе,

Таму аддам і карону і трон», -

Адмовіліся б усе.

Харыбда скарбаў сваіх не пакажа,

Пра дзівы марскія ніхто не раскажа.

 

Нямала ахвяр праглынула яна,

Караблёў патрушчыла шмат,

Ні адзін чалавек з магільнага дна

Жывым не вяртаўся назад.

Тым часам прорва ізноў бушавала,

Бліжэй і бліжэй падступала навала.

 

І плёскат, і булькат, і клёкат, і шып -

Нібы стрэўся агонь з вадой;

І хвалі, уздыбіўшы ўспенены хіб,

Бягуць адна за адной,

Імчацца з грукатам несціханым,

І пырскі ў паветра ўзлятаюць фантанам.

 

І раптам бліснула нешта з вады,

То не лебедзь крыламі б'е,

Змагаецца з хвалямі паж малады.

Ён правай рукою грабе,

А ў левай кубак высока трымае,

І крык захаплення над прорвай лунае.

 

Ён дыхае доўга, шчаслівы стаіць,

Хоць твар і збялеў ад пакут.

Народ на героя з пашанай глядзіць:

«Ён жывы! Ён з намі! Ён тут!

З жахлівае бездані вырваўся ўдала -

Такога на свеце яшчэ не бывала».

 

Узрушаны двор пераможцу вітаў.

Ён укленчыў перад каралём

І кубак падаў, і кароль загадаў

Напоўніць кубак віном.

Сама каралеўна хлапца частавала,

І сэрца яго ад любві раставала.

 

«Жыві і красуйся, магутны ўладар! -

Прамовіў пачціва юнак. -

Жыццё на зямлі - найвялікшы дар,

Нябеснае літасці знак,

А там - жах і цемра, схавана глыбока

Адвечная тайна ад прагнага вока.

 

І вір мяне пацягнуў, павалок

З нястрымнай сілай на дно,

А знізу сустрэчны імчаўся паток,

І яны зліліся ў адно.

І так мяне біла, круціла, вярцела:

Я думаў, душа адарвецца ад цела.

 

Але Бог не пакінуў мяне ў бядзе,

Не адвярнуў вачэй,

Заўважыў я выступ каменны ў вадзе

І ўчапіўся аберуч хутчэй.

Там і кубак вісеў на галінцы карала,

Ненажэрная прорва яго не забрала.

 

Пада мною была пурпуровая глыб,

Нібы шлях у пякельную мглу.

Я ўбачыў безліч дзівосных рыб

І між імі рыбу-пілу.

І зборышча гадаў агідных, мясістых

Паўзло, варушылася ў нетрах барвістых.

 

Саламандры, яшчары, змей вадзяны...

Пачвары звіліся ў клуб:

То клюшні тырчалі з шурпатай спіны,

То востры высоўваўся зуб.

І ўжо да мяне падплывала акула,

Драпежніца кроў сваім носам пачула.

 

І стала мне жудасна, ледзь не самлеў,

Мой дух агарнуўся тугой:

Ніхто не ўратуе, я ў прорве вісеў

Сам-насам са смерцю ліхой,

Не чуючы добрага слова людскога,

Сярод страшыдлаў прадоння марскога.

 

І тут на мяне з багровай імглы

Накінуўся спрут-васьміног,

Прыцягвае, смокча, прэч ад скалы

Я рвануўся, трываць больш не мог,

І вір падхапіў мяне ў тое ж імгненне

І вынес наверх, Бог паслаў мне збавенне».

 

Падзівіўся кароль: «Дагадзіў ты нам,

Мы чулі цікавы расказ.

Кубак - твой, але ж я і персцень аддам,

У якім неацэнны алмаз,

Калі зноў у падводнае царства адважна

Нырнеш ты і ўсё агледзіш уважна».

 

Каралеўну спалохаў бацькаў загад:

«Калі ласка, я вельмі прашу,

Зазнаў ён і так небяспекі шмат,

Не губіце жывую душу,

Не прымушайце юнага пажа,

Няхай хто з рыцараў храбрасць пакажа».

 

З усмешкай кароль на абрыў узышоў,

І кубак знік пад вадой:

«Калі ўдасца табе адшукаць яго зноў,

Будзеш першым у свіце маёй

І будзе жонкай тваёю тая,

Што гэтак шчыра табе спагадае».

 

І прасвятлела душа юнака,

Каханне адолела страх.

Румянцам палае ў красуні шчака,

І слёзы ў яе на вачах.

І кінуўся хлопец у вір галавою,

Каб шчасце знайсці ці пакончыць з сабою.

 

Прыбой наступае, бушуе, раве

І коціцца з шумам назад.

Глядзіць каралеўна: ён, можа, ўсплыве,

А сэрца гаворыць - наўрад.

І спадзяванні гаснуць паволі,

Няма юнака і не будзе ніколі.



Пераклад: Юрка Гаўрук