epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іларыён Барашка

На беразе Волгі

Так, перад вачыма гітлераўцаў была наша красуня Волга. Толькі вузенькая палоска зямлі на правым абрывістым беразе аставалася ў руках маракоў-гвардзейцаў...

Маракі прыйшлі сюды з берагоў Ціхага акіяна. Крылатыя словы снайпера-ціхаакіянца Васіля Зайцава, сказаныя ім аднойчы на гвардзейскім мітынгу, што за Волгай для гвардзейца зямлі няма, з хуткасцю маланкі абляцелі ўвесь фронт, дайшоўшы да сэрца кожнага байца, зрабіліся зразумелымі і блізкімі.

...Гарачая бойка на гэтым участку не сціхала круглыя суткі. Армія генерала Паўлюса рвалася наперад, да Волгі.

Артылерыйская кананада, узрывы мін, бесперапынная бамбёжка, сухі пошчак кулямётаў і аўтаматаў, стогны параненых- усё змяшалася разам тут, на вузенькім кавалачку прыволжскай зямліцы...

А за спіною гвардзейцаў-ціхаакіянцаў несла свае воды шырокая прывольная матухна-Волга.

І вады было так многа ў параўнанні з тым вузенькім двухсотметровым кавалкам зямлі, што падчас здавалася, - гітлераўцы вось-вось скінуць маракоў у рэчку.

Ціхаакіянцы добра ведалі: адступаць нельга. За Волгай няма зямлі для савецкага марака. Ведалі маракі і другое: на іх участку фронту ў гітлераўцаў няма вады. Кожны літр яе дорага абыходзіўся ворагу.

Ішоў бой... Раптам у часе кароткага зацішша з варожага дота выбег нямецкі салдат без аўтамата. Паяўленне яго сярод белага дня было такое нечаканае, што ніхто з нашых байцоў нават аўтамата не падняў. У руках немца быў плоскі кацялок. З кацялком у руках, як ашалелы, бег ён да Волгі, хрыпатым голасам выкрыкваючы на хаду:

- Рус, дай васэр! ва-да... ва-да...

Як толькі ён дабег да ракі, яго адразу абкружылі маракі.

- Васэр... васэр, - паказваючы на пусты кацялок, задыхваючыся, гаварыў немец.

- Не дам табе вады! Ні-ні... - раптам шырока па-гаспадарску расставіўшы ногі, выпаліў гвардыі старшына Ярмак Сарокін.

Яго гучны голас, нібы гром, ускалануў шэры восеньскі дзень.

- У вас... у вас... васэр... Вольга, - умольным голасам лепятаў салдат, з зайдрасцю пазіраючы на рэчку.

- Волга мая! Не дам! - грозна, з нейкім незвычайным, адвечным правам на гэткі катэгарычны адказ, сказаў Ярмак Сарокін.

- Васэр, васэр...

Гэтага салдата з арміі Паўлюса, як і многіх іншых, яму падобных, нашы маракі маглі ўзяць у палон. Аднак у палон яго не ўзялі. Гвардыі старшына Ярмак Сарокін збегаў у траншэю, вырваў з паходнай запісной кніжкі лісток паперы і, прыладзіўшыся як найзручней на касцы, напісаў:

НОТА

ГІТЛЕРАЎЦАМ З НАШАЙ ВОЛГІ ВАДЫ НЕ ПІЦЬ!

Гвардыі старшына Ярмак Сарокін.

 

Сарокін аддаў салдату паперку, паказаў дарогу назад і аддаў каманду:

- Цурук, арш!

Немец зразумеў каманду і пабег з пустым кацялком у напрамку да свайго дота, несучы ў руках «ноту» Сарокіна...

 

Праз некалькі хвілін кароткае зацішша разарваў гул гармат, - бой за Сталінград разгараўся з новай, яшчэ большай сілай...

 

1943 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com