epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Доктар

 

Мястэчка Ганчары, што раскінулася ў лагчыне абапал рэчкі Беседзь — яе ўлетку куры ўброд пераходзілі,— нічым асаблівым не вылучалася. Але старыя ім ганарыліся, даўней тут рабілі гаршкі, шмат прыязджала людзей на кірмаш, а колькі ў карчме гарэлкі перапілі, то, як казалі ганчароўцы: «Ведаць аднаму богу і карове». Яшчэ і цяпер тут былі глінішчы, там дзеці часта ляпілі лялькі.

У цэнтры мястэчка стаяў дом, ён па акяніцы ўрос ў зямлю, на страсе парос зялёны мох. Тут жыў доктар Тамаш Сымонавіч Сомін. Ён быў звычайны чалавек, не вялікі і не малы, але доктар добры. Слава пра яго ішла далёка. Неяк да Тамаша Сымонавіча звярнулася цяжка хворая вясковая жанчына, на якую другія дактары рукой махнулі — гэта было яшчэ ў старыя часы,— а ён яе за месяц паставіў на ногі.

— Ну, кабетка, а цяпер з богам у дарогу,— пасля абходу бальніцы сказаў Тамаш Сымонавіч.— Вам можна есці малако, масла...

— Добра таму есці, у каго гэта ёсць,— адказала жанчына, яна ўкрадкам праслязілася, неахвотна збіраючыся пакідаць бальніцу.— Каторы год на нішчымніцы сяджу...

Тамашу Сымонавічу шкада стала бедную кабеціну, і ён купіў ёй карову — якая папраўка без малака.

От з таго часу і пайшла пра яго гуляць мянушка «Дзівак». А колькі ён бясплатна лячыў людзей, ліку не было.

На галаве ў Тамаша Сымонавіча рос сівы пух. Доктар насіў акуляры ў залатой аправе, яны нізка спаўзалі на яго завостраны нос. Тамаш Сымонавіч быў страшна няўважлівы чалавек. Аднойчы, гуляючы з жонкаю па мястэчку, ён уступіў казе дарогу і, ступаючы адной нагой на тратуар, а другой па зямлі, ускрыкнуў:

— Што б такое магло здарыцца, маці, у мяне раптам адну нагу падцягнула?..

А ці раз местачкоўцы яго бачылі, калі ён у летнюю спёку хадзіў у галошах, а восенню, калі былі праліўныя дажджы, гуляў без шапкі. Тамаша Сымонавіча некалькі разоў запрашалі працаваць у мінскую клініку, але ён ніяк не хацеў пакінуць сваю бальніцу. І не дзіва, Тамаш Сымонавіч тут працаваў больш за трыццаць год.

Пасля пахавання першае жонкі Сомін ажаніўся з другой, узяў старую дзеўку, жанчыну сіберную. Фактычна яна яго ажаніла. Ледзь першую жонку прысыпалі жвірам, як другая жонка падаслала да яго сваіх сватоў. Як Тамаш Сымонавіч ні церабіўся, але яму не ўдалося адбіцца ад гэтай жанчыны. Яна хадзіла па яго пятах, як здань, пакуль яны не пажаніліся. За пяць год сумеснага з ёю жыцця Сомін стаў падобны на шкілет. Худзеў ён не па днях, а па гадзінах і не таму, што жонка за ім не глядзела. Яго выводзілі з цярпення празмерныя яе клопаты. А бывала, калі яна пачынала гаварыць, дык Тамаш Сымонавіч непрыкметна затыкаў вушы ватай. Яна ўвесь вечар гаварыла, гаварыла і гаварыла, пакуль ён не хапаўся за галаву і не ўцякаў у другі пакой. Цяпер Тамаш Сымонавіч на практыцы спазнаў, што такое істэрыка. Як толькі жонку пачынала «трэсці», ён падбягаў і клаў яе на канапу, хоць бы яна не ўпала на падлогу, бо тады з яго галавы ляцеў «пух». Кожны дзень можна было пачуць, калі ён скажа адно, дык яна другое і ўсё наўпоперак. Аднойчы, прагульваючыся каля глінішча, яна спынілася над абрывам. Пасыпалася зямля.

— Матуленька, асцярожней, яшчэ ўпадзеш.

— Ну і што тут такога, нічога страшнага. Вось вазьму і скокну.

— Не трэба,— прасіў Тамаш Сымонавіч.

— А я так хачу, і нічога ты мне не зробіш.— Яна такі скокнула.

«Ну, здаецца, скончыліся мае пакуты,— бегучы ўніз, думаў Сомін.— Не было шчасця, дык няшчасце памагло. Да чаго даводзіць упартасць. Ну што ж, пухам табе зямля».

Ужо ў часе вайны, калі фашысты ў мястэчку пачалі гаспадарыць, начальнік шпіталя, Цомерфельд, паклікаў доктара да сябе на кватэру, каб угаварыць яго пайсці ў шпіталь на работу. Ён пра Соміна шмат чуў як пра добрага доктара. «Дзе ён дзенецца,— думаў Цомерфельд,— будзе лячыць нашых людзей. Абавязак доктара не дазволіць шкодзіць. Беларусы — людзі пачуццяў, а немцы — халоднага разліку». Сомін з Цомерфельдам пілі чай і доўга паміж сабою гаварылі, пералівалі з пустога ў парожняе. Гэта абрыдала Соміну, ён быў чалавек справы. Тамаш Сымонавіч пачаў нервавацца. Перш ён зняў з сябе піджак, потым камізэльку, нарэшце пачаў разувацца, даючы зразумець фашысту, што яму час ісці адсюль. Фашыст быў асцярожны, як стары ліс, ён пасміхаўся і сядзеў, чакаў, што з гэтага будзе. Тады Сомін не вытрымаў:

— Паслухайце, гер, дакуль вы будзеце тут сядзець? Мне пара спаць. Я чалавек стары, у мяне астма, мне патрэбен адпачынак. Ды, ў рэшце рэшт, я тут гаспадар ці вы?

— Прабачце,— усміхнуўся Цомерфельд,— але пакуль гэта мой асабняк.

— Іменна пакуль,— спахапіўшыся, буркнуў Тамаш Сымонавіч і пачаў адзявацца, каб ісці дахаты.— Я чалавек стары, магу і забыцца, дзе знаходжуся. Што вам трэба ад мяне?

— Я хацеў прапанаваць вам пайсці да нас на работу. Усё роўна вы нічога не робіце. Згодны?

— А чаму не,— падумаўшы, адказаў Сомін,— калі я працую, я жыву. Ці паверыце, на рабоце я адпачываю. Стары чалавек — не спіцца, косці баляць. А калі працуеш, забываеш пра ўсё.

— Ну і добра. Не да твару немцам, каб такі выдатны хірург не меў работы. Мы добра заплацім.

— Калі пра грошы гаворка ідзе, то ў мяне іх хапае.

— Капітан Блемберг! — крыкнуў Цомерфельд.

— Што загадаеце? — увайшоўшы, спытаўся капітан.

— Перад вамі выдатны хірург,— паказваючы на Соміна, гаварыў Цомерфельд.— Гэта дарма, што ў правінцыі жыў, бальшавікі ў цэнтр не пускалі. Ён будзе ў нас працаваць. Паклапаціцеся, каб доктар жыў у дастатку.

— Слухаю! — казырнуў афіцэр і звярнуўся да Соміна: — Можа, машыну падаць?

— Не-е, я прайдуся. Чалавек я стары... У мяне астма... карысна свежае паветра... Бывайце здаровы!

Прайшло больш за паўгода, як Сомін працаваў у фашыстаў. Першыя месяцы доктар усяго сябе аддаваў працы, упэўнены, што, ратуючы людзей ад смерці, ён робіць карысную справу, а потым пачаў сумнявацца. Зусім нечакана для сябе Сомін прыйшоў да думкі: «Што я раблю? Людзі мне гэтага не даруюць. Як доктар я павінен знішчаць бацылы, а не памагаць іх размнажэнню. Сёння і будзе гуманізмам — знішчаць фашыстаў». Тое, да чаго цяпер дайшоў Сомін, для простых людзей даўно было зразумелым. Яны крывіліся на доктара, бурчалі. Адны толькі местачковыя яўрэі маўчалі, фашысты на «душагубках» усіх іх перавезлі ў глінішчы. Потым салдаты аблілі трупы нейкай вадкасцю і падпалілі.

І Тамаш Сымонавіч ад разваг перайшоў да справы, ён пачаў дзейнічаць. «От цяпер я сапраўды жыву,— думаў доктар,— бо змагаюся, па меры сваіх сіл, разам з маім народам супраць ворага. Праўда, доктарскі абавязак лячыць, але ж калі ты вылечыш фашыста, то ён зноў пойдзе забіваць нашых людзей. А абавязак грамадзяніна — усім, чым можаш, біць фашыста. І я яго б’ю, няхай мне даруюць мае калегі па прафесіі. Дый не без разбору б’ю я, а самых заядлых галаварэзаў».

Неяк, ідучы каля глінішчаў, Тамаш Сымонавіч убачыў, як некалькі гітлераўцаў прасейвалі чалавечы попел. Тут былі спалены местачковыя яўрэі. Фашысты шукалі зліткаў золата ад зубоў, завушніц і пярсцёнкаў. Доктар да глыбіні душы гэтым абурыўся.

«Гэта не людзі, а дзікуны!» — падумаў Тамаш Сымонавіч.

А яшчэ больш Сомін узненавідзеў фашыстаў, калі даведаўся, што Цомерфельд бярэ кроў у рускіх дзяцей для пералівання параненым фашыстам. Ярасці яго не было межаў. Ён гатоў быў сваімі рукамі душыць ворагаў. «Яны паставілі сабе за мэту нас знішчаць,— думаў Сомін,— то мы не дамося. Будзем іх біць!»

Аднойчы, гуляючы ў шахматы з Цомерфельдам, Сомін усхвалёвана загаварыў:

— Паслухайце, гер, як вы асмеліліся браць кроў у дзяцей... Як вы маглі дапусціць, каб вашы, прабачце мяне, каб вашы... слова падыходзячага не падбяру... ну, вашы чалавекі...

— Што вы хочаце сказаць? — спакойна спытаў Цомерфельд.— Я браў кроў у дзяцей бальшавікоў, каб ратаваць афіцэраў. А вы ж, здаецца, беспартыйны, чаму вас гэта кранае? Яшчэ што? Пешка, наперад.

— Яшчэ тое... ну як бы гэта... Малы чалавечы лексікон... у глінішчы трывожылі людскі прах... Ход канём.

— Хіба вы яўрэяў за людзей лічыце? — пасміхаючыся, гаварыў Цомерфельд.— Вось лепей, ці не сказалі б вы мне, чым вытлумачыць, што ў шпіталі павялічыўся працэнт смяротнасці сярод афіцэрскага саставу. Гардэ каралеве.

— Няма нічога дзіўнага. Фронт аж пад Масквою, пакуль прывязуць параненага, ён жывы нябожчык,— захоўваючы ўсхваляванасць, адказваў Сомін.— Шах і мат.

— Здаецца, раней з-пад вашага нажа меней лажылася ў магілу.

— Бо цяпер да мяне трапляюць параненыя, якіх вы адмаўляецеся аперыраваць, а мне загадваеце. Я вас папярэджваў...

— Згуляем яшчэ!

— Чаму не, гуляць дык гуляць. Давайце!

— Што, не хочаце больш прайграваць?

— Па-мойму, я і раней мала калі паддаваўся.

За шахматамі Тамаш Сымонавіч канчаткова вырашыў спыніць гульню, адкрыта выступіць супроць фашыстаў. Цяпер Цомерфельд здаваўся яму яшчэ больш агідным. Ён быў тлусты, як кормны япрук, на яго нізкім лобе выступалі кропелькі поту, так ён тужыўся абыграць Соміна. Пабліскваючы залатымі зубамі, Цомерфельд гаварыў:

— Вы так паласнулі параненага маёра Іагана Шустэра, што таго не паспелі зняць з аперацыйнага стала, як ён богу душу аддаў. Пад вашымі рукамі сканаў.

— Хо-хо! Якая падазронасць! Паспрабавалі б вы дастаць асколак, які закрануў сардэчную пляву. Дык гэта мне такая падзяка? Я так працаваць не магу.

— Што вы, што вы, калега, я проста не падумаў і сказаў глупства. Мы вас так цэнім, колькі вы выратавалі салдат ад смерці (праўда, гэта былі калекі, яны не вярнуліся на фронт), вось толькі чамусьці ў вас з афіцэрамі не шанцуе.

— Што вы здольны плесці глупства, я гэта ведаю, але сёння няма гэтаму ніякіх межаў,— гаварыў Сомін.— У нас ёсць такая прыказка: «Вось вам хамут і дуга, а я болей не слуга». А колькі вы сваімі мясістымі рукамі адправілі салдат на той свет. Што, маўчыце?

— Прабачце, я пагарачыўся. На мяне націскаюць, то і я пляту чорт ведае што. Каб я вам не давяраў, то не прадставіў бы да ўзнагароды жалезным крыжам. Дарэчы, вас хутка будзем віншаваць. Мы яшчэ з вамі папрацуем. А што да няўдач, дык у каго іх не бывае? Не крыўдуйце.

І хоць яны разышліся паміж сабою мірна, але паміж імі, як гэта кажуць: «прабегла чорная кошка»; далей сумесная іх праца была немажлівай. А праз два дні доктар Сомін зусім знік. Ён захапіў з сабою аперацыйныя інструменты, зубны кабінет і сваіх памочнікаў. А было гэта так: днём да шпіталя пад’ехала партызанская машына,— шафёр быў у нямецкай форме,— пагрузілі рэчы і падаліся ў лес. У гэты ж дзень быў зроблены налёт на гарнізон у мястэчку, ім кіраваў доктар Сомін, фашыстам былі нанесены вялікія страты. Начальнік шпіталя з перапуду ўцёк, і толькі ўвечары яго знайшлі ў агародзе.

— Што з вамі, гер Цомерфельд, дзе вы так упэцкалі сябе? — пыталася, ухмыляючыся, сястра.— Або-о, ды ў вас жа ўсе штаны ў гразі. Дзе вы былі?

— У каноплях сядзеў. Век не забуду вашых ціхіх людзей.

Доктар Сомін не задаволіўся адкрыццём у лесе шпіталя, ён арганізаваў атрад старых партызан, каб «уцерці нос маладым». Неяк камандзір брыгады даў заданне старым партызанам узарваць вузлавую станцыю ў горадзе Беразнянкі. Сомін узяў на сябе гэтую аперацыю. Па чыгунцы ён прабраўся ў горад — часта немцы падносілі яму чамадан, дзе была ўзрыўчатка. Пазнаёміўшыся ў дарозе з адным нямецкім афіцэрам, доктар зайшоў з ім у вакзал, папрасіў фашыста паглядзець за яго рэчамі, а сам выйшаў. Неўзабаве пачуўся выбух. Успалыхнуў пажар. Вакзал як карова языком злізала. Доктар, задаволены, вярнуўся да сваіх.

Як потым высветлілася, Тамаш Сымонавіч у нямецкім шпіталі звёў са свету больш за сто адных толькі фашысцкіх афіцэраў, а з рознымі там падафіцэрамі каля трохсот. А цяпер ён павялічваў свой рахунак кожны дзень.

— Калі ваяваць, дык ваяваць па-сапраўднаму,— разважаў доктар.— Мы людзі мірныя, чужога не хочам і свайго не аддадзім, не чапай нас, то і мы нікога не кранем, а калі зачапіў — у парашок сатрэм. Такі характар беларуса.

Аднойчы доктар Сомін падаў цікавую думку — прабрацца ў Ганчары на рынак і зрабіць напад на фашыстаў. Камандаванне ўхваліла яго прапанову. Калі сілы бракуе, трэба хітрасцю браць. «Фашысты хочуць нас аходаць,— разважаў Тамаш Сымонавіч,— а мы іх перакулім».

Цомерфельду СД жыць не давала. Як гэта ў яго перад носам сядзеў Сомін, такі небяспечны чалавек. Яшчэ Цомерфельд яго да ўзнагароды прадставіў. Фашыст ад злосці кіпеў. У яго нараджаліся фантастычныя планы, як увабраць жывым Соміна. «Я з яго жылы выцягваў бы,— думаў Цомерфельд.— Ніколі б не паверыў, каб гэты чалавек пайшоў у партызаны. Але ён нідзе не дзенецца, скруціць галаву. І хоць СД здзекуецца з мяне, але ўсё ж спачувае мне. Ну, я нявопытны чалавек, а яны з гэтага хлеб ядуць, і то не раскусілі доктара».

У ясны вясенні дзень у Ганчары быў вялізны наплыў, з’язджаліся на кірмаш сяляне. Фашысты дзівіліся, адкуль узялося столькі прадуктаў. Кірмаш быў у разгары, а падводы ўсё ехалі і ехалі, везучы розныя спажыткі.

Каля шпіталя праязджаў Тамаш Сымонавіч, ён вёз прадаваць смятану. Сомін аброс густою барадою, звісалі пасівелыя вусы. На возе ў доктара было поўна розных кадушак. Пасміхаючыся ў вус, Сомін памахаў Цомерфельду рукою. Цомерфельд сядзеў на ганку, у адказ ён крыкнуў:

— Хайль Гітлер!

«Будуць твайму Гітлеру і табе канцы,— падумаў Сомін.— Народ пераломіць вам хрыбет. Кожнай фашысцкай гадзіне вісець на перакладзіне».

Цомерфельду самому захацелася прайсціся на кірмаш, купіць сёе-тое, на людзей паглядзець, самому паказацца, пагаварыць з людзьмі, тым больш што ён ведаў мову. Але больш за ўсё яго цікавіў Сомін. Можа, што аб ім пачуе?

Гаманілі на кірмашы:

— Купляю хамут!

— На чорта табе той хамут, ярма яму фашысцкага не хапае.

— Каму сахарына?!

— Ножыкі для брытвы!

— Свежая смятана, каму смятана!

— А колькі каштуе? — пытаўся Цомерфельд.

— За марку дзве шклянкі,— адказаў Сомін.

— Што-о? — вызверыўся Цомерфельд, падстаўляючы пасудзіну.— Дай пробу.

— Добрая проба, такі гладыш.

— Нічога, разлічымся.

— Ага, на тым свеце вугельчыкамі.

— Языкаты?! — усміхнуўся Цомерфельд, вымаючы грошы.— А скажы, стары, ты часам нічога не чуў пра тутэйшага доктара Соміна? Дзе ён дзеўся?

— А ліха яго ведае,— насцеражыўся Тамаш Сымонавіч.— Вам, гер Цомерфельд, лепш вядома, ён жа, здаецца, у вас працаваў.

— Адкуль вы мяне ведаеце?

— Добрае далёка чуваць, а дрэннае яшчэ далей,— пасміхаючыся, гаварыў Сомін.

«О, чорт! — думаў Цомерфельд.— Дзе я яго бачыў?»

— Людзі кажуць, што вы нават яго да ўзнагароды прадстаўлялі.

— Халера! Усё ведае. Адкуль будзеш, чалавеча?

— З-пад Мінска.

— Чаму тут апынуўся?

— Вайна закінула.

— А што ты тут робіш?

— Смятанаю таргую.

«Знаёмы голас. Вось толькі забыўся, дзе я яго чуў,— тужыўся ўспомніць Цомерфельд.— А-а-а...»

— Свежая смятана! — голасна сказаў Тамаш Сымонавіч.— Каму смятана? Прадаю смятану!

— Вы?.. Доктар?.. Сомін?..

— Дай фашысту нажом пад рабро — зробіш дабро,— крыкнуў Тамаш Сымонавіч.— Гітлера парадкі — кулі ды падаткі.

Гэта быў сігнал да бою. Пачуліся стрэлы. Ну і пачалі паміж вазоў калашмаціць фашыстаў, ажно пыл ляцеў. Білі прыкладамі, рэзалі фінкамі. Гладышык са смятанаю апынуўся на галаве ў начальніка шпіталя. Але Цомерфельд — ён быў з галавы да ног у смятане,— як уюн, адкуль толькі ў яго ўзяўся спрыт, выслізнуў з рук Тамаша Сымонавіча — і пад воз. Пакуль Сомін агледзеўся, яго і след прастыў. На зямлі валялася Цомерфельдава шапка, уся памятая нагамі. Колькі Тамаш Сымонавіч яго ні шукаў, так і не знайшоў. Цомерфельд як скрозь зямлю праваліўся.

— Уцякла ваяўнічая свіння! — злаваўся Сомін.

А Цомерфельд у гэты час сядзеў, зачыніўшыся ў жаночай прыбіральні, гэтым толькі ўратаваў сваю скуру.

У Ганчарах ішла калатня. Стралялі з вежы царквы, з рынку, з усіх бакоў, усюды таўклі фашыстаў, як пацукоў. Увечары па ўсім мястэчку з’явіліся аб’явы: «Хто сёння на кірмашы смятану купляў, той доктара Соміна бачыў». Такая ж самая абвестка вісела ў кабінеце начальніка шпіталя. У Цомерфельда ад злосці трэсліся рукі, калі ён зрываў са сцяны аб’яву, перакасілася сківіца, ён гатоў быў на кавалкі парваць Соміна. А больш за ўсё яго непакоіла, што зноў працаўнікі СД будуць насміхацца. Яно так і было. Пачуўся званок, гаварылі з СД, пыталіся, ці смачная смятана. Цомерфельд са злосці кінуў трубку, чутно было, як там зарагаталі.

Доктар Сомін нездаволены быў сваёй аперацыяй. Па-першае, ён упусціў Цомерфельда (каму магло прыйсці ў галаву, што ён забярэцца ў жаночую прыбіральню?), па-другое, не дастаў медыкаментаў, а яму яны вельмі патрэбны, бо не было нават бінтоў, каб перавязаць параненых. І Тамаш Сымонавіч, доўга не задумваючыся, вырашыў на другі дзень паехаць з групай людзей і без шуму дастаць усё тое, што яму патрэбна было для шпіталя. Ён рашыў ехаць днём. Сомін не пашкадаваў нават свае барады і вусоў, пагаліўся, яму трэба было пераадзецца ў форму нямецкага афіцэра. Ён добра валодаў нямецкай мовай і за ўдачу не сумняваўся.

— Ну і чорт! — ходзячы па кабінеце, разважаў уголас Цомерфельд.— Вось дык ён, якую бараду адгадаваў, хацеў бы я цяпер яго пабачыць.

— Можна? — прагаварыў афіцэр, які без стуку ўвайшоў у кабінет начальніка шпіталя з групай малодшых афіцэраў, яны ўсе былі ўзброеныя.— Я перад вамі, гер, што вы хацелі?

— Нічога, — спалохаўся Цомерфельд. — Доктар... Сомін...

— Але. То ў мяне ёсць справа,— звярнуўся да Цомерфельда Тамаш Сымонавіч.— Нам патрэбны медыкаменты. Падпішыце гэту паперу, мы вас не будзем турбаваць, самі атрымаем медыкаменты.

— А з чым я астануся,— падпісваючы, гаварыў Цомерфельд, у яго трэсліся рукі.— У мяне хворыя, гэта не гуманна.

— А кроў браць у дзяцей — гуманна? А мірных людзей кідаць у «душагубку» — гуманна? А чалавечы попел прасейваць — гуманна? Людаеды!

— Доктар-партызан. Дзіўна.

— Нічога дзіўнага. Лепей смерць на полі, чым жыць у няволі.

— Пакіньце хоць трохі медыкаментаў.

— Яны вам больш не патрэбны.

Цомерфельд ухапіўся за трубку, каб пазваніць, выклікаць варту.

— Не турбуйцеся, правады перарэзаны.

— Што ж тады будзе са мною? Хочаце забіць?

— Не, утопім. Кулі шкода.

— Што вы? Капут Гітлеру!

— А ў гэтым мы не сумняваемся. Вазьміце яго, гэту злыбеду, каб ён больш не квапіўся на чужое дабро. Вы хацелі ваяваць, дык будзем ваяваць, усімі сродкамі. Выкінуць гэты смурод з дому.

— Доктар Сомін!

— Не крычыце. Дарэмна. Варта перабіта.

— Ой,— прастагнаў Цомерфельд, ён прасіўся: — Тамаш Сымонавіч! Пакіньце жывым. У мяне жонка, дзеці. Я не хачу больш ваяваць. Ка-а-пу-у-ут!

Партызаны нейкаю анучаю заткнулі рот начальніку шпіталя, узялі пад рукі, вывелі, пасадзілі ў машыну, давезлі да рэчкі і, разгойдаўшы, кінулі ў вір. Таўшчэзны Цомерфельд, як сякера, пайшоў на дно.

— Бывай, прусак! — задаволена прагаварыў Сомін.— Не, не вылезеш, трасцу!

Праехала машына з медыкаментамі. Доктар сеў у другую машыну і паехаў у лес не толькі людзей лячыць, але і ганяць фашыстаў, як зайцаў. Ён, едучы, хітра ўсміхаўся, задаволены сваёй аперацыяй.

1944

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com