epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Дзяўчына ў шынялі

 

 

Дзяўчыне і ў сне не снілася, што яе чакае ў жыцці, які лёс яе спаткае. Яшчэ некалькі дзён таму назад (дзяўчына вучылася на апошнім курсе Мінскага педагагічнага вучылішча) яна рыхтавалася здаваць выпускныя экзамены. Дзяўчына марыла стаць настаўніцай; ёй уяўлялася жыццё ў ружовых фарбах. І нават калі пачалася вайна і гэтай весткай усе былі ашаломлены, яна не ведала, што гэта значыць, не разумела, якая нахлынула навала. Першы раз устрывожылася яна на трэці дзень вайны, дваццаць чацвёртага чэрвеня сорак першага года, калі Мінск ужо быў у агні. У ноч на дваццаць пятае чэрвеня яна разам з бацькамі і меншым братам выходзіла з дому, каб перачакаць бамбёжку, таго не ведаючы, што пакідае любімы горад назаўсёды. Гарэў старажытны Мінск — краса і гордасць рэспублікі, абвальваліся дахі, валіліся сцены, абламваючы тэлеграфныя слупы, ірвучы правады. Агонь ахопліваў усё новыя і новыя кварталы, абняўшы ўсю цэнтральную частку горада. Гарэла людская праца пакаленняў, здабыткі чалавечай культуры. Далёка быў бачны пажар.

Цяжка было пакідаць дзяўчыне родны кут: сцежкі, дзе вучылася хадзіць; лялькі, з якімі ў маленстве не толькі гуляла, але і спала; школу, дзе сэрцам адчула хараство свайго краю, прыгаство роднай мовы, яе музыку. Па крывых завулках старога Мінска яны абыходзілі вялізнае вогнішча, каб выйсці на Магілёўскую шашу, больш вядомую ім дарогу, па якой ездзілі ў вёску на дачу. На скрыжаванні Савецкай і Ленінскай вуліц стаяў міліцыянер. Кругом усё гарэла, але ён не сыходзіў з паста, паказваючы людзям, дзе бяспечней прайсці, каб вырвацца з палаючага горада. Зашчымела сэрца ў дзяўчыны. Яна ўспомніла Маякоўскага: «Мая міліцыя мяне сцеражэ». Яны ішлі далей. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй мімаволі сыпаліся слёзы, душыў горкі, як палын-трава, дым. Толькі досвіткам яны вырваліся з горада, які быў ахоплены полымем. Валам валіў з клункамі за плячыма народ, ведучы за рукі напалоханых дзяцей. У дзяўчыны сціснулася сэрца, навярнуліся слёзы. Баючыся, каб бацькі і брат не ўгледзелі, яна ўкрадкам плакала.

А народ ішоў і ішоў, канца-краю не было відаць, ішоў, сам не ведаючы куды, дзе ён знойдзе прытулак, што яго чакае наперадзе. Некаторыя ішлі, каб перачакаць бамбёжку, а хто да родных і знаёмых у вёскі. Народ ішоў, каб уцячы з пекла, у якім апынуўся горад. Ішлі туды, куды вочы глядзяць, бо ніхто добра не ведаў, дзе вораг. Кіламетрах у пятнаццаці-шаснаццаці ад Мінска на людзей, што ішлі па Магілёўскай шашы, наляцелі фашысцкія самалёты, ці, як іх звалі,— крумкачы са свастыкай. Народ хлынуў убок, у жыта, якое хвалямі пералівалася на сонцы, шукаючы ратунку. Але якая гэта была схова: зверху ўсё было відно як на далоні. Самалёты, знізіўшыся — у іх не было бомб,— з кулямётаў палівалі жыты свінцовым дажджом. Фашысты стралялі па людзях разрыўнымі кулямі. Шмат хто, калі фашысты адстраляліся, падняліся і пайшлі. А калі дзяўчына, пасля таго як самалёты зніклі, падбегла да бацькоў, дык яны ўжо былі мёртвыя, а брат у яе на руках сканаў. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Падышлі добрыя людзі, памаглі дзяўчыне пахаваць забітых. Яна схілілася над свежай магілай і доўга-доўга плакала, думаючы, што ёй рабіць, як ёй адной жыць.

А людзі ішлі і ішлі, а за імі сунулася гора. Крывіліся дзеці, просячыся на рукі, плакалі. А зняможаныя дарослыя самі ледзь перастаўлялі ногі. Пайшла і дзяўчына, яе падганялі самалёты, якія ляцелі на ўсход, несучы на сваіх крыллях смерць людзям. Абапал дарогі ўсё часцей і часцей трапляліся свежыя магілы. Ішла дзяўчына тоненькая, як былінка, кволая, як бярэзінка. У яе роце ўжо другія суткі не было ні расінкі. Ёй хацелася піць. Але ў прыдарожных вёсках уся вада ў калодзежах была выбрана. Заходзіла сонца, яно было ярка-барвовым. Старыя казалі, што вайна будзе доўгай, а маладыя пярэчылі — цяперашняя вайна не зацягнецца; не хопіць ні тэхнікі, ні людзей. Вайна матораў патрабуе багата металу, а дзе фашыст возьме сыравіны? Дый людзей бракуе, колькі іх гіне кожны дзень. «Не, гэтая вайна хутка скончыцца»,— сцвярджалі маладыя. Але што фашыст не адолее Саветы, у гэтым усе сыходзіліся. Дзяўчына да таго стамілася, што як прылегла каля прыдарожнай хвоі, так да раніцы і праспала на адным баку. І раптам яна ўгледзела: людзі ідуць назад. Высветлілася, што фашысцкія танкі іх абагналі. Яна была ашаломлена гэтай навіною. У душы адразу стала пуста: ісці далей не было куды, і дзяўчына збочыла ў лес, там яна чамусьці спакайней сябе адчувала. Ёй заўсёды падабаўся адвечна тужлівы шум бору. Ён заспакойваў душу. Яна ішла і ішла ў глыб лесу. Ёй трапляліся стройныя выносістыя сосны, кучаравыя елкі, каржакаватыя дубы, галінастыя ліпы, плакучыя бярэзіны; яны неспакойна шумелі, нібы перагаварваючыся паміж сабою. Так дзяўчыне здавалася. Забыццё, у якім яна была, прайшло, і ёй страшна захацелася есці, але нічога не было. Яна пачала церабіць, як вавёрка, шышкі, выкалупваючы адтуль зярняты, і імі ласавацца. Толькі наедак быў невялікі. Насоўваўся вечар, дзяўчына апамяталася, яе апанаваў страх. Яна баялася адной аставацца ў лесе. Яе пачынала гнесці цішыня засынаючага лесу. Дзяўчына пайшла, маючы намер выбрацца з пушчы. Неўзабаве яна апынулася ў хаце лесніка. Знайшлася добрая душа, якая яе накарміла. З тыдзень дзяўчына тут жыла, яна выказала ўсё сваё гора леснічысе. Але аставацца ў лесніка яна не магла, жыццё клікала змагацца. І яна зноў пайшла, пайшла куды вочы глядзяць. Дзяўчына доўга блукала па лесе.

— Стой! Ты хто? — запытаўся вартавы Юрка Грамыка. Гэта было кіламетраў за дваццаць ад лесніка.

— Людміла Грыгаровіч. З-пад Мінска.

— Што ты тут робіш?

— Заблудзілася.

— Ведаем вас! Сёння адну кралю ўвабралі, яна казала, што збілася з дарогі, а высветлілася — шпіёнка. Пойдзем!

— Куды?

— Там убачыш.

— Чаго?

— Трэба.

— А вы хто, свае ці чужыя?

— Не размаўляць доўга, а то я магу стрэліць. Узніму трывогу, тады табе нездабраваць.

— Ого, які ты храбры з дзяўчатамі ваяваць. А нябось фашыстаў баішся.

— Спыніць размовы! Айда!

— Ну што ж, пайшлі.

Юрка прывёў Людмілу ў лагер, да камандзіра партызанскага атрада, Лукаша Шуба,— ён да вайны быў сакратаром райкома партыі. Лукаш так быў заняты распрацоўкай плана свае першае аперацыі, што зусім не заўважыў, як Юрка падвёў да яго затрыманую дзяўчыну. У Лукаша на лбе выступіў пот, звіслі чорныя валасы. Вартавы кашлянуў. Камандзір узняў вочы.

— Гэта ты так стаіш на пасту? — запытаўся Лукаш.

— Я прывёў затрыманую, перш яна сказала, што з-пад Мінска, а потым з самога Мінска. Але гэта, мусіць, не так, пэўна, сочыць за намі?

— Не кажы глупства,— ускіпела Людміла і, звярнуўшыся да камандзіра, папрасіла: —Вазьміце мяне да сябе. У мяне нікога няма, бацькі і брат забітыя. Я хачу змагацца за тое, каб ніколі больш не было вайны. Яна працоўнаму чалавеку не патрэбна!

Перад камандзірам стаяла знясіленая, галодная дзяўчына. Яна пахіснулася. Відаць было, што дзяўчына перанесла шмат пакут.

— А ты сёння ела? — спытаўся Лукаш.

— Не.

— Скажы, каб яе накармілі, а потым пагаворым,— звяртаючыся да Юркі, распарадзіўся Лукаш.— І з табою буду гаварыць, з паста ні пры якіх абставінах не маеш права сыходзіць. Трэба было пачакаць напарніка. Не ваякі, а «дзіцячы сад»! Ідзі.

— Ёсць,— павярнуўся Юрка, ён злосна паглядзеў на Людмілу, паказаў, каб яна ішла наперадзе.

Людмілу прынялі ў партызанскі атрад. Яна памагала варыць страву, але гэта яе не задавальняла. Пабыўшы на свежым паветры, Людміла паправілася, або, як жартуючы, пра яе казалі, аперылася; паружавелі шчокі, здавалася, яна падрасла, аформілася як дзяўчына, стала стройнай і прыгожай. Юрка пачаў на яе заглядацца. Яму хацелася згладзіць непрыемнае ўражанне аб ім, якое асталося ў Людмілы ад іх першага спаткання. Ён пачаў клапаціцца аб ёй і падараваў дзяўчыне свой шынель, а сам астаўся ў ватоўцы. Людміла спачатку холадна сустрэла заляцанне Юркі, але ёй хацелася стаць у строй. Яна старанна вывучала зброю. І ў гэтым ёй шмат памагаў Юрка, які цяпер быў камандзірам аддзялення. Людміла дабілася, каб яе перавялі ў маладзёжнае аддзяленне Юркі.

З вялікім хваляваннем Людміла ішла на першую аперацыю. Цяжка было ўзрываць паязды. Ноччу яны рэдка хадзілі, а днём небяспечна было прабірацца да чыгункі: не больш як за кіламетр адзін ад аднаго стаялі вартавыя. Да таго каля чыгунак на вялікую адлегласць быў павысяканы лес. Ужо па дарозе Людміла падала Юрку цікавую думку — арганізаваць брыгаду па рамонту і такім чынам выйсці на палатно чыгункі. Прапанова была прынята. Але група з трох чалавек — не брыгада. Яны, крыху збочыўшы, зайшлі ў вёску Асавок, каб падшукаць хлопцаў і дзяўчат, якія б падахвоціліся пайсці з імі ў якасці рамонтных рабочых. Калі яны прыйшлі ў Асавок, то разышліся ў розныя бакі, каб пагаварыць з людзьмі. Юрка напароўся на эсэсаўцаў, якія толькі што прыехалі ў вёску. Эсэсаўцы не разабраліся і прынялі Юрку за паліцыянта.

— Эй, паліцай! Дзе жыве стараста? — спытаўся адзін з іх.

— Унь там,— паказаў рукою ў канец вёскі Юрка.

— Правядзі нас.

— Добра.

Юрка вымушан быў павярнуць назад. Яны ішлі па вёсцы. Людміла была сярод моладзі, яна ўгаворвала дзяўчат і хлопцаў пайсці рамонтнікамі. Падышлі эсэсаўцы да натоўпу. Юрка паклікаў да сябе першага хлопца і сказаў:

— Пакажыце ім, дзе жыве стараста.

Эсэсаўцы з суправаджаючым пайшлі.

— Іх мала, давайце кончым,— прапанаваў хлапец.

— Паглядзім,— вагаўся Юрка.— У нас іншае заданне...

— А што там, раз-два — і ў дамкі. Возьмем іх аўтаматы і пойдзем з вамі.

— Выйсця, мусіць, не будзе інакшага. Хоць не хацелася рабіць шуму...

— Які шум! Старасты няма дома, ён у раёне. Мы хутка з імі справімся. Завалачэм у глінішча...

Эсэсаўцам (іх было трое) Людміла паказалася падазронай (чаму гэта дзяўчына з аўтаматам?), адзін з іх паглядзеў на яе і, кіўнуўшы пальцам, запытаўся:

— Дакументы?

Юрка падміргнуў Людміле і сказаў:

— Пакажы ім дакументы!

Людміла кароткай чаргой з аўтамата злажыла іх. Хлопцы кінуліся да аўтаматаў. Трое з іх, тыя, што завалодалі зброяй, адчувалі сябе на сёмым небе. Яны ж і ўправіліся з забітымі, закапалі іх у глінішчы. Аўтарытэт Людмілы адразу падняўся. Набраўшы рамонтную брыгаду, Юрка пайшоў з хлопцамі, каб адшукаць патрэбныя інструменты. Па шашы фашысцкія нарыхтоўшчыкі гналі чараду кароў. «А што, каб адабраць кароў?» — мільганула думка ў Людмілы. Дзяўчына схавалася за драўлянай кузняй, бярвенні якой пачарнелі ад копаці, і адтуль сачыла за нарыхтоўшчыкамі, якія спакваля ішлі, паганяючы кароў. Выбраўшы зручны момант, дзяўчына чаргою з аўтамата скасіла нарыхтоўшчыкаў, а кароў раздала сялянам (тым, якія адважыліся ўзяць). Астатніх кароў з хлопцамі — новымі партызанамі і адным старым — адправіла ў атрад.

Юрка і Людміла надзелі павязкі паліцэйскіх і па палатне чыгункі накіраваліся да пералеску. Неўзабаве паказалася дрызіна. «Рабочыя брыгады» прапусцілі яе, хутка заклалі міну, замаскавалі і, адышоўшыся, залеглі ў ляску. Праз некаторы час паказаўся цяжка нагружаны поезд з двума паравозамі. Успёршыся на міну, паравозы адзін за адным зляцелі з рэек. Узвіліся ў паветры клубы дыму. Насядалі вагоны і адзін за адным ляцелі пад адхон. Чуліся выбухі, бязладная стральба канваіраў з аўтаматаў.

Аперацыя прайшла ўдала. Падзякаваўшы ўдзельнікам «рабочай брыгады» (паабяцаўшы без зброі прыняць у атрад), Людміла з Юркам вярталіся ў атрад. Першай ішла Людміла. Яе дзве русыя касы звісалі ніжэй паясніцы. Людміла была ў гімнасцёрцы, туга падпяразана рэменем, у вялікіх салдацкіх ботах з кірзавымі халявамі. Юрка быў адзеты па-цывільнаму, у пінжаку і капелюшы. У яго чорных вачах паказаліся агеньчыкі. Параўняўшыся з Людмілай, хлопец хацеў узяць дзяўчыну за руку. Людміла кальнула хлопца вачыма:

— Не час цяпер любосцямі займацца.

— А калі ж?

— Як прагонім фашыста.

— Доўга чакаць.

Яны селі пад густою ліпай, каб крыху адпачыць. Звінелі пчолы, пахла мёдам. Людміла з Юркам, седзячы поруч, наглядалі, як нахілілася рабіна да дуба, яны нібы шапталіся паміж сабою. А навокал шумеў лес, скрыпелі дрэвы, гнулася галлё, трапяталася на сонцы лісце.

— Люда,— ледзь не шэптам вымавіў Юрка.— Я хацеў сказаць... што я...

— Пойдзем! — ускочыла Людміла.— Не трэба нічога гаварыць... Так лепш!..

Людміла з’явілася ў атрад, радасная, шчаслівая, скончылася яе адзіноцтва. Ёсць дубок, на які можна абаперціся. Але ніхто, акрамя наглядальнага камандзіра, гэтага не заўважыў.

— Ведаеш што, Юрка? — гаварыў, прыжмурыўшы вока, Лукаш.— Даволі табе ўлегцы хадзіць, я мяркую, варта вам з Людай узяцца за арганізацыю маладзёжнага атрада. Вы ўжо людзі сталыя, трэба падумаць, каб наблізіць нашу перамогу.

— А зброя?

— Дасталі ж вы сёння тры аўтаматы. Зброі ў фашыстаў колькі хочаш! Неабходна толькі яе ўзяць.— Лукаш Шуб усміхнуўся.— Досыць хавацца за чужую спіну, яна ў цябе самога даволі шырокая. Малады дубок! Да таго ж рабіна... падмога надзейная!

— Што ж, можна.

У Юркі былі ў рэзерве хлопцы. Размова з камандзірам падштурхнула яго да больш актыўных дзеянняў. Паступова з яго маладзёжнага аддзялення вырастаў атрад. Хлопцы ў ім былі на падбор: яны лезлі «ў агонь і пекла», наводзілі жывёльны страх на фашыстаў. А пра дзяўчыну ў шынялі хадзілі цэлыя легенды. Народ сам маляваў яе партрэт. Ва ўяўленні людзей Людміла была высокай, стройнай, сінявокай, з вялізнымі русымі косамі, хоць іх яна ўжо не насіла.

— Партызаніць дзяўчына пайшла,— апавядала старая з вёскі Асавок,— пасля таго калі аходала фашыста. Афіцэр хацеў з яе наздзекавацца. Дык яна выхапіла ў яго рэвальвер і ўсадзіла яму ў сэрца кулю. Калі я ілгу, каб я з гэтага месца не сышла. Сваімі вушамі чула...

— Не-е, зусім не так было,— пярэчыў хлопец.— Кажуць: Людміла любілася з адным хлопцам; фашысты вазьмі і павесь каханага. От яна і пайшла знімаць фашысцкія галовы.

— Усё гэта праўда і няпраўда,— разважала бабка Грыпіна.— А мне казалі, што ўсю радню дзяўчыны ў шынялі забілі з самалёта; яна доўга блукала, пакуль прыбілася да партызан. Паздароў божа Людмілу, карову мне дала, ёсць чым крупнік забяліць. Яна, кажуць, замужам за камандзірам атрада і ў яе хутка павінна быць малое.

Ужо другія пеўні праспявалі, калі да бабкі Грыпіны пастукалі ў акно. Вёска Асавок была ў партызанскай зоне, стаяла каля лесу, і цяпер туды ноччу мала калі даглядалі падарожнікі з шашы. Запаліўшы газоўку, бабка выйшла ў сенцы.

— Ты хто, чаму так позна ходзіш? — пыталася бабка Грыпіна.— Акружэнец? Дык ваяваць трэба, а не ацірацца каля бабіных спадніц.

— А ты, бабка, так адна тут і жывеш?

— Адна.

— А чаго ў цябе так рукі калоцяцца?

— А хто цябе ведае, дзіцятка, ці ты добры чалавек, ці дрэнны? Хіба я знаю, што ты носіш за пазухай?..

— Я партызан. У нас адна дзяўчына павінна нарадзіць дзіцё. Ці не маглі б вы яго прыняць?

— Дзяўчына, дзіцё... Гэтага, дзеткі, яшчэ на маім вяку не было. А я пражыла больш за дзевяноста год. Дзяўчаты не родзяць.

— Ну, жанчына.

— Як жа гэта? Яшчэ хто падкажа, што я хадзіла да партызан, тады фашысты звядуць мяне са свету. А я яшчэ хачу пажыць, каб убачыць, як іх адсюль патураць. Мне адна добрая душа карову дала, а цяпер праз яе жыцця няма, хоць ты ў лес падавайся. Але каму патрэбна старая качарга!..

— Што ж тады рабіць? Нідзе блізка няма ўрача.

— А ты сапраўды партызан ці ліхадзей які? — дапытвалася бабка Грыпіна.— Надоечы зайшоў да мяне паліцай, бярэ масла і кажа, што ён партызан. Лжэш, кажу, сучы сын. А ён: «Пабрашы, ведаю, ад чые каровы ясі малако».

— Партызан, бабка, партызан.

— Тады іншая справа. Так бы даўно і сказаў. Еду!

Каля зямлянкі тупаў Юрка. Яго бабка прагнала, ён чакаў нованароджанага. Юрка пахаджваў з вінтоўкай, мяркуючы, калі будзе сын, стрэліць. Па трывозе збяруцца партызаны, і яны дадуць салют у гонар самага маладога партызана. Нарэшце заплакала дзіцё. Праз некаторы час бабка Грыпіна паведаміла:

— Даў бог дзяўчынку. Нічога, не гаруй: калі дзяўчаткі родзяцца, то хутка вайна скончыцца. А скажы мне, мілы, дзе б тут хоць адным вокам паглядзець на дзяўчыну ў шынялі, Людмілу.

— Яна перад вамі.

— Або-о,— здзівілася бабка Грыпіна, праціраючы вочы.— Няўжо гэта праўда?

— Праўда,— сцвердзіла Людміла.

— То дай бог, каб ты доўга жыла. Дзякуй табе за кароўку, а то на нішчымніцы сядзела.— Яна паглядзела на Юрку.— А гэта, значыць, твой чалавек? Камандзір атрада?

— Але,— адказаў Юрка.

— Скуль жа ты, хлопча?

— Які ж я хлопча, я цяпер бацька.

— Ага,— заўсміхалася бяззубым ротам старая.

— З Палесся я, бабуля.

— Трэба, каб чалавек, дзе закапана яго пупавіна, туды і цягнуўся, ласку меў да тае зямлі, бараніў яе ад чужынцаў. Птушка і тая з выраю ляціць да свайго гнязда. Дык жывіце, дзеткі, шчасліва, дай вам бог здароўя.

Бабка Грыпіна праслязілася, пацалавала Людмілу. На яе маршчыністым твары паказалася шчаслівая ўсмешка.

— От што я яшчэ скажу, дай божа, каб ты доўга жыла,— яна павярнулася да Юркі: — Такую жонку мець, лепшага шчасця не трэба.

* * *

Ужо другую гадзіну ішоў няроўны бой паміж атрадам Юркі і палком карнікаў. Шмат было забітых партызан, параненых. Падышлі апошнія рэзервы атрада, а разам з імі і Людміла. Яе дзяўчынцы ўжо ішоў дзевяты месяц. Дзіця было ўцехай у атрадзе. Людміла пакінула Галачку ў зямлянцы на параненага партызана, з надзеяй, што хутка бабка Грыпіна прыедзе, прывязе дзяўчынцы малако. Яна ўзяла аўтамат і пайшла на поле бою, пайшла ўкрадкам, каб не трапіць на вочы Юркі, які як камандзір мог ёй загадаць вярнуцца да дзіцяці. Бой схіляўся на карысць карнікаў. На полі бою ляжаў цяжка паранены Юрка. Людміле не сказалі пра гэта. Юрка, намагаючыся з апошніх сіл, працягваў камандаваць атрадам. Па камандным пункце партызан білі з дзота, які быў пабудаваны ля чыгуначнага моста. Калі Людміла заўважыла, адкуль страляюць, яна папаўзла туды, намерваючыся гранатай вывесці разлік дзота са строю. Людміла ўжо была каля дзота, але паралізаваць агонь ніяк не магла. Тады Людміла падпаўзла да дзота, паднялася і імкліва закрыла сабою амбразуру. Кулямёт захлынуўся. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады, Лукаш Шуб, з адным атрадам. Партызаны сабраліся з сіламі і адкінулі карнікаў за палатно чыгункі.

— Як Людміла? — пытаўся слабым голасам Юрка.— Яна будзе жыць?

— Будзе,— адказаў Лукаш, сам не верачы гэтаму.— Ёй як быццам лепш стала...

— Добра. Яна павінна жыць. А я паміраю...

І Юрка схіліў набок галаву. Ён нібы заснуў. Спакойным быў яго твар.

— Як Юрка? — пыталася Людміла.— Хоць бы ён жыў.

— Будзе,— цяжка сказаў Лукаш,— доўга будзе жыць... у памяці народа...

— То і добра,— не зразумела Людміла.— А мне нешта нядобра. Прынясіце да мяне маю дзяўчынку. Галка! Дачушка! Жыві з таткам. Ён у нас добры. Я дзеля цябе і такіх, як ты... каб вы ніколі не ведалі вайны... не бачылі сірочых слёз...

Бабка Грыпіна трымала дзяўчынку. Яна цягнулася да маці, церабіла яе валасы, але маці не сказала больш ні слова. Яе накрылі салдацкім шынялём. А дзяўчынку Лукаш Шуб узяў на рукі і вынес з зямлянкі.

1944

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com