epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Ганульчына гора

 

Чатыры доўгіх гады чакала Гануля звароту мужа з вайны. Не было таго дня, каб яна не ўспомніла пра Яўхіма. Марудна цягнуліся дні. Гануля ніколі і нікому не скардзілася на свой лёс (цяжка жанчыне адной гадаваць трое дзяцей!); яна цярпліва пераносіла нястачу і іншых суцяшала. А здаралася ўсялякае — часамі не было на стале кавалка хлеба і дзеці перабіваліся на бульбе з саладухаю.

— Гануля ўмее несці крыж пакуты,— казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Яна з малых год прывыкла да працы, у працы яна бачыла шчасце. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцем, памагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Ганулі не страшна была аніякая работа, і каб не было яе, дык яна, мусіць бы, горш сябе адчувала. А калі яна працавала, то забывалася на гора, якое было прынесена вайною.

Толькі пяць год пакрасавала Гануля за Яўхімам. За гэты час у іх з’явіліся дзве чарнявыя дзяўчынкі, вельмі падобныя на бацьку. А напярэдадні вайны Гануля адчула пад сэрцам трэцяе дзіця. Белагаловы хлопчык нарадзіўся, калі бацька быў у войску. Дзеці былі ўцехай для маці. Дзеля іх яна не разгінаючыся працавала. Гануля выхоўвала ў дзяцей павагу да бацькі, які недзе змагаецца за іх, каб імі ў жыцці ніхто не панукаў і каб жылі яны ў дастатку. Ва ўяўленні дзяцей іх бацька — герой, дый сама Гануля такім яго бачыла: ён жа з першых дзён вайны быў на фронце.

Гануля і Яўхім па натуры былі маўклівыя і панурыя. Жартуючы, пра іх казалі: «Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару сыскаў». Але яны адчувалі сябе добра і жылі ў шчасці і радасці. Яўхім быў заўзяты да работы, цягавіты. Яўхімаў бацька некалі меў зямлі — як пані сесці,— у іх да каляд не хапала свайго хлеба, і жылі яны з заработкаў. Дарваўшыся ў калгасе да зямлі, Яўхім працаваў за двух. Пра яго гаварылі: «Яўхім ліпне да працы, як муха да мёду». Дзеці таксама цягнуліся да работы. «Якое,— кажуць,— дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын». Але бацька не вымагаў ад дзяцей працы, наадварот, ён часта гаварыў: «Я не меў маленства, дык няхай хоць дзеці пабачаць... Пагуляйце, яшчэ паспееце напрацавацца... Ваша ўсё наперадзе...»

Гануля часта ўспамінала словы Яўхіма і праганяла дзяцей, калі яны браліся за цяжкую работу. Яўхім быў вельмі акуратным чалавекам; яго ніколі не бачылі расхлістаным, калі ён яшчэ хадзіў у школу, а ўжо будучы бацькам, прывучаў дзяцей да акуратнасці. Помнячы гэта, Гануля глядзела за дзецьмі і сама заўсёды была ў чыстай, хоць часам і палатанай, адзежы. Асабліва гэта кінулася ў вочы, калі Савецкая Армія прыйшла; Гануля не толькі па-святочнаму адзелася, але людзі нават угледзелі прышпіленую палявую кветку да вышытай белай кофты. Гануля, якую ў Балатнянцы паважалі як клапатлівую маці, першая паднесла савецкаму воіну букет, а за ёю дзяўчаты засыпалі вызваленцаў кветкамі.

Скончылася вайна, прыходзілі дадому пераможцы. Іх сустракалі жонкі і дзеці, суседзі, імі ганарыліся і плакалі ад радасці. Усюды да іх ставіліся з пашанай, яны былі першымі гасцямі, іх запрашалі сесці ў кут. Шмат у Балатнянцы было мужчын у войску, і большасць з іх ужо вярнулася. І не было ні аднаго з балатнянскіх мужчын (ці то яны былі ў войску або ў партызанах), якія б не былі ўзнагароджаны. А Яўхіма Залескага ўсё не было, дый пісем у апошні час ён не пісаў. Гануля, і кладучыся спаць і ўстаючы, успамінала Яўхіма, з дня на дзень чакаючы яго звароту.

І вось аднойчы, у суботу, цёмнай восеньскай ноччу, вярнуўся Яўхім з паходу. Гануля па ўмоўленаму яшчэ да вайны стуку ў шыбу пазнала, што гэта ён, але ўсё ж спыталася: «Хто-о?» — і пачула блізкі сэрцу голас. Яна хутка адчыніла дзверы і запаліла лямпу. Яўхім адгадаваў вялізныя вусы (гонар салдата!), да таго ж загарэлы, абветраны ўсімі вятрамі твар,— зусім змянілася аблічча чалавека. Але карыя вочы былі ўсё тыя ж, яны, здавалася, усміхаліся. Забілася сэрца ў Ганулі, затрапяталася, як не вырвецца з грудзей. З рук выпаў пачак запалак, забразгацеў. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кнот, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло.

— Яўхімка! — толькі і сказала ўзрадаваная Гануля. Яна цалавала яго ў губы і бровы, вочы і шчокі.— Мой родны!

Яўхім абняў Ганулю, прыціснуў да грудзей і пацалаваў, потым падняў запалкі і падкруціў кнот у лямпе. Яўхім гладзіў Гануліны русыя валасы, якія пасмамі аблеглі шыю, і нібы ўспамінаў, ці такія яны былі, калі ён Ганулю пакінуў, паглядзеў у яе адкрытыя сінія вочы, прыціснуў яе да сябе і яшчэ пацалаваў. Трымаючы Гануліны шорсткія рукі, вымавіў:

— Дарагая мая! Напакутавалася...

Гануля, нібы апамятаўшыся, кінулася распранаць Яўхіма, сцягнула салдацкія боты і падала валёнкі. У хаце было крыху халаднавата, і Яўхім астаўся ў безрукаўніку. Дзеці спалі. Ганулі прыемна было, як Яўхім углядаўся ў твары дзяцей, а потым асцярожна, каб не разбудзіць, цалаваў іх. Яўхім нават не ўтрымаўся, каб хлопчыка не пакратаць рукою. Ён гладзіў яго попельнага колеру валасы.

— Яўхімка! — шаптаў бацька, ён быў задаволены, што маці назвала сына ў гонар дзеда і яго.— Свісь на дуба! — ён часта без дай прычыны гаварыў гэтыя словы, а таму ў вёсцы гэта была яго мянушка.— Род Яўхімаў існуе! А мая ты мурашачка,— гэта была яе мянушка ў вёсцы,— якое ты мне прынесла шчасце!

— Яўхімка стары! — задаволеная, турбуючыся каля печы, гаварыла Гануля.— Не будзі Яўхімку малога.— Яна паведаміла: — А каб ты ведаў, татка, які ён смешны. Калі ў яго запытаюць, дзе бацька, дык ён адказвае: юе, ёй; гэта значыць — ваюе, герой.

Бацькі радасна засмяяліся.

— А ты што, маці, хочаш рабіць?

— Спяку яечню.

— Не трэба,— гаварыў Яўхім, распакоўваючы рэчы. Ён дастаў падарункі жонцы і дзецям.— Сёння як бог даў, а заўтра... А гэты скрутак, маці, схавай...

— Добра,— узяла скрутак Гануля і палажыла ў куфэрак. Яе радасці, што прыйшоў муж жывы і здаровы, не было межаў.— А сала, бацька, будзеш есці?

— Свісь на дуба! — пасміхаючыся, гаварыў Яўхім.— Хто гэта з тутэйшых людзей не есць сала, гэта можна сказаць, апірышча сілы, а трываласць ад яго якая. Ого, сала, дый яшчэ твае засолкі! А яго можна есці на поўную губу? Ці, можа, яно ў цябе толькі для закрасы?

— Сёлета ў хаце не зводзілася. А тыя чорныя гады, калі гітлераўцы ўладарылі... Але што казаць... горшае перажылі... каб яно болей не вярнулася...

— Дык у мяне недзе былі дзве чацвярцінкі. Службовыя — у нас называлі.

— Няхай твае на потым... Я для цябе прыпасла «Беларускай застольнай»... Кажуць, ніштаватая на смак і мацунак мае...

— Сапёр любіць мацунак... Неяк, па пояс у ледзяной вадзе, я наводзіў пераправу... Меркаваў, выйду са строю... Падышоў генерал і загадаў даць спірытусу... Цяпнуў гэта я, пайшло цёплае па жываце... І, ці паверыш, не было нават катару...

Гануля нарэзала сала, пакроіла хлеб, паставіла пляшку; яны выпілі па чарцы, па другой і вялі бяседу, пакуль месяц не выглянуў у другое акно, што было ад вуліцы. Гануля расказала, як яна жыла пры фашыстах, часам зацірцы была рада, але не гэта страшна, горш за ўсё, што фашыст здзекаваўся з чалавечай годнасці. «Як настане дзень,— успамінала Гануля,— дык уся перакалоцішся. Як толькі скажуць: «Немцы!», хапаеш дзяцей — і ў лес. Туды ўсе бягуць: і людзі, і каровы, і коні. Усё жывое ўцякае. І так тры с паловай гады: сёння жывеш і не ведаеш, што з табою будзе заўтра. А немцы выхваляліся сваёй культурай, ломанага гроша яна не варта. У нас немцаў называлі: цывілізаваныя варвары. А яшчэ: людаеды». Яўхім падумаў: «Цяжкі шлях тутэйшай жанчыны, але яна прайшла яго з гонарам». Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць.

Раніцаю Гануля першай прачнулася і адразу ўстала, бо ўжо сонца паднялося і свяціла ў чалеснікі. «Сонца выглянула,— падумала Гануля.— Бабіна лета прыйшло». Гануля шкадавала, што ўвечары больш яна гаварыла, ёй хацелася, каб Яўхім расказаў усё-ўсё, дзе ён быў і што бачыў, як людзі жывуць на свеце. Гануля падышла да лавы. Там ляжала набраклая потам і пракураная махоркай салдацкая гімнасцёрка. Калі Гануля ўзяла яе ў рукі, дык заўважыла, што на грудзях не тое што якой узнагароды, а нават знаку ніякага не было.

«Вось табе і герой! — прамільгнула думка ў Ганулі.— Відаць, ён блага ваяваў, калі нічым не адзначаны.— А потым усміхнулася: — Толькі таго клопату, добра, што сам жывы і здаровы. Навошта простаму чалавеку слава?»

І ўсё ж у яе запала сумненне — розум гаварыў адно, а сэрца другое. Яна скамячыла гімнасцёрку і кінула пад лаву. Да слёз крыўдна стала: няўжо ён горшы за іншых? Але хіба ж усіх узнагародзіш! Яе непакоіла, як успрымуць гэта дзеці,— яны чакалі бацьку-героя. Колькі ў Балатнянцы гаварылі, што «Свісь на дуба» прыйдзе з вайны ўвесь у ордэнах і медалях. «От будзе гонару мурашцы!» — казалі. Выходзіць — ён не ваяваў, а недзе аціраўся. «Як жа тады зразумець,— думала Гануля,— што ён пісаў: «Нарэшце наша часць дасягнула Мамаева ўзвышша... Сталінград... уварваліся ў цэнтр горада... горы фрыцаў натрушчылі... Самога Паўлюса ўзялі ў падвале Цэнтральнага універмага з усім яго штабам і бэбахамі... Наш полк узнагароджаны... Пераплыў з двума таварышамі Дняпро, трэці моўчкі пайшоў на дно, але не крыкнуў і гэтым не выдаў нас фашыстам... Атрымаў ад камандавання падзяку... Фарсіравалі Віслу, ідзем у абход Варшавы... Штурмам узялі Берлін...» Гануля кінула погляд на Яўхіма, ён спакойна спаў. Яна мімаволі зноў падняла гімнасцёрку, пакруціла ў руках, з кішэні пасыпаліся медзякі, якія зазвінелі і, падскокваючы, пакаціліся пад ложак. Гануля са злосцю кінула гімнасцёрку. Яна дастала чыстую сарочку, касцюм і палажыла на лаве. «Во-о-ой, будзе ў мяне па гэтым балець галава,— падумала яна.— Простаму чалавеку не да гонару. От добра, што будзе бацька дзецям». Аднак усё ж рупіла Ганулі даведацца, няўжо такі яе муж быў апошнім чалавекам на вайне, што нават медаля не заслужыў. Яна перавярнула ўсе рэчы і так-такі нічога не знайшла. Гануля падумала:

«Каб ведаў чалавек, дзе ўпадзе, падаслаў бы саломы... Дзецям бы ў вушы не ўводзіла... Ніколі я не думала, што буду па гэтым пакутаваць... Я ж чакала толькі яго... А прыйшоў ён, дык каб яшчэ... А што ж, і простаму чалавеку хочацца мець кавалачак славы!..»

Прачнуўся Яўхім і спытаўся:

— Як у цябе, маці, з дровамі?

— З воз галля ёсць і сухое, але ненасечанае,— суха адказала Гануля.

— То што ж ты мяне не будзіш? — ён хутка ўстаў і надзеў боты.— А дзе ж мая гімнасцёрка?

— Унь! — паказала Гануля пад лаву.

— Чаму яна там апынулася? — Беручы гімнасцёрку, спытаўся Яўхім.

— Брудная,— адказала Гануля, гледзячы ў другі бок.— От надзявай лепей касцюм.

— Я ад яго адвык.

— Дык прывыкай.

— Эт, потым пераадзенуся.

— Як сабе хочаш.

Яўхім надзеў гімнасцёрку, падперазаўся і збіраўся ісці на двор. Прачнулася старэйшая дзяўчынка, яна пазнала бацьку і кінулася да яго ў абдымкі.

— Ну добра, дачушка, я толькі маці дроў насяку і прыйду,— Яўхім узяў сякеру і выйшаў. За ноч сцягнула ваду, за рэчкай пабялела трава. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы, на іх шмат было метак ад сякеры. Яўхім некалькі разоў спрытна секануў, і корч разваліўся напалам.

Гануля дастала з-за коміна карчагі, адкрыла засланку і пачала чыркаць запалку, якая адсырэла і не загаралася.

— Мама, а чаму ў нашага таты няма ніякіх заслуг? — спыталася, як старая, дзяўчынка.

— Бо такі наш тата,— адказала Гануля, у яе закалаціліся рукі, і патухла запалка. Маці схамянулася і паправілася: — Салдат шмат, дочухна, усе не могуць быць заслужанымі. А можа, абышлі, і гэта бывае...

Ганулі запытанне дачкі разанула па сэрцы. Не ладзілася ў Ганулі каля печы, перш паляцела качарга, потым пляснулася чапяла, і, нарэшце, бразнулася засланка. У хату, з бярэмем дроў, увайшоў Яўхім. Ён заўважыў, што жонка нечым нездаволена, але падумаў — можа, сырыя дровы.

— От добра, а то ў мяне дровы не гараць, а пішчаць,— захоўваючы ўсхваляванасць, прамовіла Гануля. Яна хацела выціснуць усмешку, але ў яе нічога не атрымалася.

Падняўся хлопчык, дзіця вялізнымі вачыма глядзела на незнаёмага яму чалавека. Яўхім падышоў да сына і хацеў узяць на рукі. Хлопчык пацёр кулачкамі вочы і скрывіўся.

— Гэта твой бацька,— сказала Гануля.

— Ну, ідзі да мяне,— гаварыў Яўхім, беручы дзіця. Ён спытаўся ў сына: — Дык хто твой бацька?

— Ёй,— нясмела адказаў хлопчык.

Бацька зарагатаў, а Гануля адвярнулася да чалесніка, яна не хацела сустрэцца вачыма з мужам, каб не ўпікнуць, што ён дрэнна ваяваў.

«І чаму гэта на свеце так робіцца? — думала Гануля.— Чакала яго, радавалася сустрэчы, а цяпер нездаволена. Чалавеку, мусіць, заўсёды чагосьці не хапае. Добра, што ён прыйшоў, рукі-ногі цэлыя, дык хацелася б яшчэ... Хоць у гэтым няма нічога дрэннага, а таму мне не пакрасавацца. А простаму чалавеку хіба нічога не трэба для душы? Мы ж цяпер выйшлі ў людзі! Паспрабуй хто сказаць што-небудзь благое пра тутэйшага чалавека, дарма не пройдзе. Народ наш умее шанаваць свабоду».

Хлопчык хутка з бацькам падружыў і ўжо цягаў яго за вусы. Яўхіму, які паглядаў за Гануляй, ясным стала, што ў яе нешта большае, чым нелады каля печы. «А можа, яна нездаволена падарункам,— падумаў Яўхім.— Дык дзе я ёй лепшых вазьму?»

Яўхіму захацелася загаварыць з Гануляй, каб высветліць, у чым справа, але ён не ведаў, з чаго пачаць.

— Ды, кажаш, ва ўсіх у Балатнянцы ўжо ёсць каровы? Добра.

— Добра, але не зусім,— запярэчыла Гануля. Яна дадала: — А калгасны хлеў усё яшчэ пусты. Калі не будзе жывёлы, то не будзе і хлеба.

Яўхім не пазнаваў жонку, у яе адбыліся нейкія змены, якія, ён яшчэ і сам не ўяўляў.

На вуліцы пачулася гамонка, збіралася радня, суседзі.

 

— Хоць бы пераадзеўся,— перамагаючы боль, гаварыла Гануля.— Сорамна будзе перад людзьмі... Такі ж ты з перамогай вярнуўся... Надзявай, Яўхімка, касцюм...

— Сёння яшчэ пабуду ў вайсковай адзежы,— заявіў Яўхім.— Няхай людзі паглядзяць...

— Няма чым хваліцца,— не вытрымала Гануля, каб не папракнуць яго.

— І чаго ты пстрыкаеш? — загарэўся Яўхім.— Ануч не прывёз? Дык жа я, можа, не ў заработках быў. А грабіць насельніцтва, як тут рабілі «цывілізаваныя» немцы, рука не паднялася...

— Толькі таго клопату — анучы... Будзе ў мяне па іх балець галава...

— Дык чаго цябе дрэнчыць?..— Яўхім нездаволена паглядзеў на Ганулю і выйшаў у камору, каб пераадзецца, бо ўжо людзі былі на двары.

Збіраўся народ, як на ігрышча. Так у Балатнянцы было заведзена, што кожны лічыў за абавязак наведаць салдата, які вярнуўся з вайны, пагаварыць, пачуць, што робіцца на свеце, даведацца, як людзі жывуць.

Жартавалі мужчыны:

— Нешта сёння наша мурашачка спазнілася?

— «Свісь на дуба» з’явіўся.

— Дык аладкі чамусьці не пякуцца?

— Нечым гаспадар не дагадзіў?!

— А такі сёння Гануля не такая, як заўсёды... дзе толькі дзеўся яе спрыт...

— Па вачах бачу,— загаварыў стары,— што ў Ганулі нейкае гора... А пра Ганульчына гора цяжка дазнацца...

— Дровы доўга не ўгараліся,— апраўдвалася Гануля.— Аладкі не пякуцца.

У сенцах пачулася хада Яўхіма. Гануля ўздрыганулася, яна падумала: «Ну чым мае дзеці горшыя за іншых, каб пахваліцца, што іх бацька — герой». Погляды родных і суседзяў былі накіраваны да дзвярэй, адчувалася нейкая ўрачыстая цішыня. Адчыніліся дзверы, Яўхім паклікаў Ганулю і нешта пачаў ёй гаварыць.

— Скрутак? — перапытала Гануля.— І сама не ведаю, куды палажыла. А-а-а. Я меркавала, што там бялізна, і кінула ў куфэрак.

Гануля хутка дастала скрутак і падала Яўхіму. Яна спяшалася ісці ў хату, каб не нагаварыць чаго-небудзь лішняга мужу. Яўхім разгарнуў скрутак. Там былі тры салдацкіх ордэны «Слава» і некалькі медалёў, якія атрымаў перад самай дэмабілізацыяй і не хацеў надзяваць на старую гімнасцёрку. Гануля вялізнымі здзіўленымі вачыма глядзела на Яўхіма, прайшлася па твары радасная ўсмешка, густа пачырванелі шчокі.

— Даруй мне, Яўхімка,— прызналася ўсхваляваная Гануля, памагаючы мужу прымацаваць ордэны і медалі,— дрэнна я пра цябе падумала... А мне здалося, што ты быў не сапёрам, а абознікам... І, як часам бывае на вайне, выхваляўся — мы ваявалі!..

— Прызнацца па праўдзе, што і я пра цябе не лепш падумаў,— усміхнуўся Яўхім.— Мне на момант здалося, што ты належыш да тых жанчын, якія бачаць шчасце ў анучах... Выходзіць, колькі мы разам пражылі, а яшчэ добра не ведаем адно аднаго... Недарма кажуць: «Каб чалавека пазнаць, трэба пуд солі з’есці...»

— За вайну ўсе мы іншымі сталі, выраслі...

Яны зайшлі ў хату.

— Ёй,— махаў хлопчык ручкамі,— на ію імку...

— Што ён кажа? — спытаўся бацька.

— Герой, вазьмі на рукі Яўхімку,— растлумачыла, пасміхаючыся, маці.

— Ну, свісь на дуба, хадзі! — беручы на рукі сына, гаварыў Яўхім.

— Дык вось яно якое, Ганульчына гора,— сказаў мужчына.— Я-то гляджу, такая гаспадыня, а аладкі не пякуцца, а смажацца.

— І скажы ты,— азваўся барадаты стары,— якія ў нас пайшлі жанчыны... Паспрабуй каторы ў навальніцу ў кустах адседзецца, то цябе і на парог не пусцяць...— Ён падумаў: — Дый пра калгасных кароў яна ўчора праўду сказала... У калгасным хляве ні хваста... трэба нам гэту памылку як найхутчэй выправіць... і пра салдатак...

Гануля, завіхаючыся, рыхтавала снеданне. У хаце было поўна гамонкі. Людзі меркавалі, як наладзіць гаспадарку, каб зажыць яшчэ лепей, чымся да вайны.

1946

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com