epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Летняю ноччу

 

Нас было траіх. Едучы на рыбалку, мы ўмовіліся, што кожны з нас увечары што-небудзь раскажа аб сабе. Але спаткаўшыся з сапраўдным рыбаком, нам захацелася паслухаць яго. Заначавалі мы на грудку, недалёка ад старога дуба, які дажываў свой век. Гарэў касцёр, доўгія языкі агню ласкава абхоплівалі падвешанае пачарнелае вядро, у якім варылася юшка. Пахла прыправамі. Калі полымя разразала цемру ночы, тады можна было добра разгледзець нашага новага знаёмага — Юльяна Высеўку, старога нарачанскага рыбака. Ён прыйшоў праверыць падвалокі, якія прасушваліся на беразе, і, заглядзеўшыся на лоўлю спінінгам, не заўважыў, як стала цямнець. Вяртацца ў вёску было далекавата, і стары астаўся каля кастра. Над возерам паднімаўся туман. Я зашпіліў каўнер фізкультурнага гарнітура, а Высеўка, мажны і моцны, ляжаў, абапёршыся на локаць, у расшпіленай белай вышытай кашулі, падпяразаны саматканым поясам з кутасамі, нібы сумысля падстаўляючы свае валасатыя грудзі лёгкаму ветру. Загарэлы, як бронза, твар старога каля вачэй і на лбе ўкрыты глыбокімі маршчынамі. Барада рыбака нібы абрасла мохам, тырчалі каштанавага колеру з сівізною калючкі. Ён курыў мультан-самасад, выпускаючы з люлькі клубы пахучага дыму. Час ад часу стары чмыхаў дуляю-носам, тады натапырваліся парыжэлыя вусы. Спакойныя задумлівыя вочы пад калматымі брывамі гаварылі аб светлым розуме і вялікім сэрцы гэтага чалавека.

З возера часам наскокваў парывісты вецер. Тады гаманілі выносістыя сосны, змешваючы шум векавога бору з дзіўнай мелодыяй пляскання набягаючых на пясчаны бераг хваляў.

— Дык ты прыехаў паглядзець Нарач? — звяртаючыся да мяне, спытаўся Высеўка.— Кажаш, цікавіць характар тутэйшага чалавека, якога нядаўна быдлам звалі? Што ж, ягамосцю, пахвальна! — Ён падняўся, выбіў попел з люлькі.

Высеўка падрабязна расказваў нам пра возера Нарач, якое ляжыць у маляўнічай катлавіне. На паўночным беразе яго ўзвышаюцца высокія ўзгоркі, а на поўдні, уздоўж пясчаных берагоў, стаяць сасновыя бары. На ўсходзе да возера падступаюць балоты, сярод якіх прабівае сабе шлях да мора глыбокая рака Нарачанка — сток возера ў Вілію і далей у Нёман.

— У пахмурнае надвор’е, ягамосці, супрацьлеглага берага амаль не відаць, і возера тады нагадвае марскую затоку,— апавядаў рыбак.— У паўночна-ўсходняй частцы возера, недалёка ад берагоў, ёсць востраў плошчай каля шасці гектараў. Старыя людзі казалі, што нібы некалі ён злучаўся з берагам каменным валам.

Рыбак як быццам па карце чытаў, гаворачы пра падводныя пясчаныя грады і ўзгоркі. Побач з гэтымі падводнымі выступамі глыбіня апускаецца часта да шаснаццаці-семнаццаці метраў. Гэтыя выступы ўяўляюць сабою падводныя дзюны. Яны пераходзяць у часе вялікіх навальніц з месца на месца. Самай каштоўнай рыбай з’яўляецца рачны вугор, але ў апошні час ён рэдка сустракаецца. Колер вугра зверху — сінявата-чорны або цёмна-сіні, знізу — значна святлейшы, звычайна жаўтавата-белы або блакітна-белы. Вугор крыху нагадвае гадзюку, а таму некаторы час яго не лічылі рыбай і не ўжывалі ў страву. Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Стары, калі быў хлапчуком, на свае вочы бачыў, як перабіраўся з рэчкі ў рэчку па роснай траве вугор, ды так хутка, што ён не мог з ім сысціся.

— Рачны вугор — вельмі смачная рыба, асабліва вэнджаная, дый марынаваная нішто,— адным словам, ягамосці, лепшую закусь цяжка знайсці,— ухмыльнуўся Высеўка.— Ага! — схамянуўся ён і паглядзеў на мяне.— Цябе, напэўна, больш за ўсё цікавяць людзі. Зразумела! Што ж, ягамосці, яны бываюць розныя. Узяць, напрыклад, Струка, з нашай вёскі чалавека. У бацькі было тры сыны, два працавікі, а трэці падрадчык. Хлопец у шаснаццатым годзе вярнуўся з вайны пакалечаным (прастрэлена плячо) і ў нашых вачах быў героем. Толькі пасля высветлілася, што ніякі ён не герой: яго куля дагнала, калі ён кінуў сяброў у бядзе, а сам з пазіцыі драпаў. Але я забягаю наперад. Хлопец раней быў хоць да раны прыкладзі, а потым, калі пацёрся каля гандляроў, падпанкаў і паноў — ён рыбу ў горад дастаўляў,— дык стаў немажлівым чалавекам. Падрадчык быў высокім і стройным, з прыгожым бялявым тварам, блакітнымі вачыма і русымі кучарамі. Ён не піў, не курыў, адно толькі дзяўчат мяняў, як некалі пані Тышкевічыха пальчаткі. На рыбе падрадчык нажыўся, купіў фальварак, а потым у родных братоў трацяк зямлі за даўгі заграбастаў. Прозвішча яго было, як я ўжо казаў, Струк, а толькі пасля ён стаў Струкоўскі, прыняў каталіцкую веру, выракся братоў, іх мовы і звычаяў. Браты вымушаны былі пакінуць хату і ісці з торбамі па свеце, пакуль не наняліся парабкамі. Я гэта дзеля таго расказаў, ягамосці, што не ўсе тутэйшыя людзі аднолькавыя, як некаторыя пра гэта гавораць. Але асноўная частка нашых людзей — сумленныя, працавітыя, здольныя, іх не сагнула і не зламала ні нястача, ні здзекі, ні прыгнёт «сваіх» і розных іншых паноў.— Высеўка задумаўся.— А былі ў мінулым у нас людзі, пра якіх і цяпер ходзяць легенды, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Хочаце, раскажу я вам пра аднаго такога чалавека? Будзеце слухаць?

— З прыемнасцю,— папрасілі мы.— Вельмі цікава пачуць пра мінулае.

— Жыў на свеце Дабрэня, вясковы каваль, Янка Дабрэня,— апавядаў Высеўка.— Сілу хлопец меў такую, што лёгка падкову разгінаў. А што да розуму, дык любога найадукаванейшага пана ў спрэчцы зрэжа, хоць бы той смаліў самымі замыславатымі заморскімі словамі. Далёка ішла слава пра Дабрэню, чалавека з чуллівай душою і вялікім сэрцам. Ён не толькі добрым кавалём быў, але і палацы будаваў (ва ўсёй ваколіцы не было лепшага муляра), вырабляў скрыпкі і цудоўна сам іграў. Без яго не абыходзілася ні адно вяселле, ні радзіны, ні ігрышча — усюды ён быў жаданым чалавекам. Дзе толькі павернецца Дабрэня, там знікае сум і чуцен смех. Росту хлопец быў невялікага, каржакаваты, моцна складзены, хадзіў уразвалку. Адным толькі ў маленстве Дабрэня быў пакрыўджаны — воспа пабіла ўвесь яго твар, і калі б не глыбока пасаджаныя, праніклівыя блакітныя вочы, капа русых валасоў на галаве, пышныя, пшанічнага колеру вусы — на хлопца ніколі б не звярнула ўвагі ні адна дзяўчына. Характарам хлопец быў мяккі, заўсёды памяркоўны, дзіцяці дарогу саступіць, на кураня рукі не падніме.

У той жа самай вёсцы, у канцавой хаце, круглай сірацінай расла дзяўчына, Кацярына Басістая (голас, праўда, не адпавядаў прозвішчу, ён званочкам звінеў), такой прыгажосці, што цяжка другую такую знайсці: стройная, як таполя, шчокі — як ружы, вусны — як вішні спелыя, вочы — як васількі. А валасы мела льнянога колеру і косы таўшчэзныя і доўгія, да пят. Бацьку дзяўчыны ў часе палявання пан нібы незнарок забіў, а маці, маладую жанчыну, калі яна, на полі жыта жнучы, нарадзіла дачку, ён загадаў узяць да сябе за «мамку», паніча грудзьмі карміць. Жанчына адмовілася выканаць волю пана. («Нічога не здарыцца з вашай пані, калі пакорміць сваё дзіця, мне ж трэба сваю сіраціну дагледзець!»). Тады раз’юшаны пан крыкнуў слугам: «Забраць на псярню, будзе «мамкай» шчанятам!» І забралі. Занудзілася кабеціна ў панскай няволі па дачцэ (яе цётка даглядала), занядужала, захварэла на сухоты, пахадзіла па свеце некалькі год і здалася. Усёй вёскай хавалі гаротніцу.

Каця, як падрасла, перайшла ў сваю хату. Ніхто, бывала, танчэй за яе не спрадзе кужалю, і ні ў кога не будзе так выбелена палатно. А калі абрус вытча, дык вачэй нельга адарваць. Паясы ж дзяўчына вырабляла — не налюбуешся. А як у полі заспявае, дык людзі ў дарозе спыняюцца, каб паслухаць.

Надышла пара, і Каця пакахала Дабрэню, а ён яе. Моцна яны любіліся. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Пайшла гэта чутка па вёсках і дакацілася да паніча, Вінцука Тышкевіча, таго самага, якога маці дзяўчыны не пажадала карміць сваімі грудзьмі. К гэтаму часу стары пан Тышкевіч памёр, яго маладая жонка, яшчэ пры жыцці мужа, збегла з нейкім гусарскім афіцэрам, адны казалі — за мяжу, а другія — нібы ў Пецярбург. Вінцук ужо сам быў з вусамі і кіраваў маёнткам, праз аканомаў, зразумела. Жыў ён на Нарачанскім востраве, далей ад людскіх вачэй. Там удзень і ўначы балявалі паны, рыбакі не паспявалі дастаўляць вугроў — ласунак яснавяльможнага панства.

Ужо маладыя прыехалі са шлюбу, пабылі за сталом, сват на каравай сабраў, як грымнулі музыкі і ўсе пайшлі ў скокі. Танцавалі «Лявоніху». І вось, у разгар вяселля, чорнай хмарай нахлынулі гайдукі, схапілі маладую, увапхнулі ў карэту і памчалі ў палац панічу на пацеху.

Дабрэня доўга біўся з гайдукамі — людзі дзівіліся, што з ім стала, адкуль бралася сіла і спрыт,— дваіх панскіх служак адлівалі вадою, а пасля падсаджвалі на коней. Але і жаніху ўсыпалі бізуноў за «непаслушэнства»: ад кашулі асталіся толькі шматкі, усё цела было ў крывавых пісягах. Калі панскія слугі скончылі «экзекуцыю» і, пасеўшы на коней, кінуліся даганяць карэту, Дабрэня ўскочыў на ногі і, як аглушаны, страсянуў галавою. Потым азірнуўся навокал дзікімі вачыма, скрыгануў зубамі і маланкаю ўляцеў у хату. Там ён схапіў вялізны нож сваёй уласнай работы, усунуў яго ў халяву і напрасткі кінуўся бегчы ў панскі палац.

Заліты потам і крывёю, Дабрэня дабег да возера, але на каменным валу стаяла панская варта — яна нікога не прапускала ў палац. Дабрэня ў момант вока зняў заставу: ён хапаў вартавых, як снапы, і кідаў у возера. Цяжэй прыйшлося яму пры ўваходзе на востраў, бо там вартавых было больш.

Дабрэня спачатку адбіваўся нажом, а пасля, выбіўшы ў аднаго з вартавых шаблю, пачаў ёю церабіць сабе дарогу. Ашалелыя ад страху перад яго адвагаю, панскія слугі пачалі ўцякаць.

А ў палацы ў гэты час рашаўся лёс Каці. Паніч думаў, што сялянская дзяўчына не пасмее пярэчыць яго жаданню, але сустрэў рашучы адпор. Каця з адчаем змагалася за свой дзявочы гонар. Шлюбная сукенка і вэлюм, парваныя, валяліся на падлозе. А калі раззлаваны паніч убачыў, што здабыча не даецца яму ў рукі, ён схапіў дзяўчыну за горла і хацеў паваліць на падлогу. Аднак Каця, намогшыся з апошніх сіл, вырвалася, сарвала са сцяны востры кінжал і ўсадзіла сабе ў грудзі.

Дабрэня ўбег у панскі палац у той момант, калі ў дзяўчыны асталіся лічаныя хвіліны да смерці. Яна толькі паспела сказаць: «Мілы Янучок! Не судзіў нам лёс разам пажыць. Я цябе моцна кахала. І каб...» Гэта былі яе апошнія словы. На вачах у маладога яго нарачоная адышла ў нябыт. Паніч аслупянеў ад нечаканасці — дзяўчына пранізала сябе кінжалам, але не аддалася яму, і вось, як прывід помсты, перад ім вырас гэты прысадзісты хлоп з акрываўленай шабляй. Літасці ад яго не будзе... Бледны ад страху, паніч выхапіў са стала пісталет і стрэліў у хлопца, але куля толькі кранула плячо. Дабрэня з ярасцю кінуўся на Вінцука і адным ударам распаласаваў яго.

Позняй ноччу вяртаўся Дабрэня з целам Каці на руках дадому — вартавыя потым расказвалі, што на свае вочы гэта бачылі,— але не давялося яму дайсці. На Нарачы ўзнялася нечуванай сілы бура, магутныя хвалі ўшчэнт разбілі каменны вал. Колькі потым ні шукалі Кацю і Дабрэню, нідзе не маглі знайсці. Адны казалі, што абое загінулі, а другія — нібы Дабрэня тайна пахаваў Кацю — ён гэта зрабіў для таго, каб не наклікаць на людзей бяды,— а сам падаўся ў паўстанцы. Так гэта ці не так, ніхто дакладна не ведае, але неўзабаве палац на востраве быў спалены. І яшчэ гарэлі шмат якія маёнткі. Мне пра гэта расказаў мой дзед, а ён у маленстве чуў на начлезе. Пазней расказвалі гэта самае рыбакі. Ва ўсякім разе, нешта падобнае было. От якія ў нашым краі былі людзі, ягамосці!

— А цяпер хіба няма такіх? — спытаў мой сябра.

— Хо! Ёсць яшчэ мудрэйшыя!.. Надоечы мне ўнук чытаў пра Гастэлу, які ў часе вайны разам са сваім падбітым самалётам кінуўся на ворага... Не перавяліся ў нас смелыя і моцныя людзі...

Высеўка змоўк і, прыўстаўшы, падкінуў дроў у касцёр. Затрашчала сухое галлё, успыхнуў агонь, асвятляючы наваколле.

— Добра летняю ноччу,— мнагазначна прамовіў Высеўка,— можна памарыць, заглянуць у заўтра, а часамі і ўспомніць мінулае...

— Ага,— згадзіўся я.

— А калі хочаце, дык аставайцеся на заўтра, заб’яце зайца, і юшкі з’ясце, і ўбачыце сапраўдных рыбакоў. Яны народ бывалы, раскажуць вам шмат цікавага аб нашых людзях. Кажаце, часу няма? Ну, што ж, як сабе хочаце!

— А можа, вы нашай юшкі пакаштуеце? — прапанавалі мы.

— Дзякую,— пазяхнуў Высеўка.— Нешта на сон хіліць...

— А калі пад чыпурышку? — спытаўся я.— Згода?

— Хо! Чую сапраўдны голас рыбака,— адклаў убок люльку стары.— Хто ж ад гэтага адмовіцца?

Мы разаслалі мой выгаралы плашч, дасталі прывезеную закуску, перакулілі па чарцы і, сёрбаючы юшку, зноў разгаварыліся. Добра адпачыць летняю ноччу каля кастра. Юльян Высеўка расказваў нам гісторыю за гісторыяй, адна за другую цікавейшыя. Пры выпадку я іх перакажу. Летняя ноч кароткая, за размовамі мы правялі час аж да ўсходу сонца. Не ўнімаліся вятры, хісталіся сосны, толькі стары дуб, калісьці кучаравы маладзец, хоць на яго галінах і парос дзікі мох, не згінаўся. Яшчэ з большай сілай пляскаліся хвалі, набягаючы на пясчаны бераг.

1955

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com