epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

На гуце

 

 

Яшчэ не паспела скончыцца вайна з фашысцкай Германіяй, як Васіль Азаркевіч, які толькі што выйшаў з лясоў Беларусі, дзе партызаніў, быў накіраваны на станцыю Выгляды — дырэктарам гуты. Злезшы з поезда, Азаркевіч не стаў шукаць больш зручнай дарогі, а пайшоў па вузкакалейцы: яму хацелася хутчэй даведацца, у якім стане тое, што яму трэба аднаўляць.

«Можа, і не так шмат разбурана,— думаў Азаркевіч,— бо гута ж убаку, не ўсякаму чорту вока мазоліла».

Але калі падышоў, надзеі яго апалі. Адзінока стаяла каробка галоўнага корпуса, прасвечвала ва ўсе бакі. Тут вяліся кажаны, снавалі ластаўкі. Навокал ні жывой душы. Азаркевіч у роспачы сеў на чамадан і пачухаў патыліцу. Ці раз Азаркевіч у час вайны быў на валаску ад смерці? Але ніколі не губляўся і не траціў надзеі, а тут задумаўся. Трэба было пачынаць жыць спачатку.

«Добра, што хоць каробка ўцалела, ёсць за што зачапіцца,— падумаў Азаркевіч і ўздыхнуў.— Цяжка з голымі рукамі брацца за такую работу, але нічога не зробіш — ніхто за нас рабіць не будзе. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Але з чаго пачынаць?»

І, нібы шукаючы, на чым спыніцца, позірк Азаркевіча пачаў блукаць па наваколлі, мімаволі адзначаючы розныя дробязі — і хвойнік, які рос на ўзгорку, і тое, што ў адным дрэве вершаліна ішла віламі, і тое, што дзве сасонкі на ўзлессі падаліся ў розныя бакі, як п’яныя. Пасля ён перавёў позірк на невялічкую рэчку, якая істужкай вілася паміж пясчаных берагоў. Ля падножжа ўзгорка рос сівец і параскіданы былі кусты ядлоўцу.

Не лёгкімі былі варункі жыцця ў Азаркевіча. Яму даводзілася з баямі прабівацца ў жыццё. Яшчэ будучы хлапчуком, ён пасвіў авечкі ў сваёй вёсцы Каралінкавічы, каб зарабіць кавалак хлеба і мець мажлівасць зімою вучыцца. У вёсцы было больш за шэсцьдзесят двароў. Васіль ведаў авечак кожнага гаспадара, у чый хлеў каторая зайшла. Сярод дзетвары ён быў завадатарам, за ім, бывала, гуртам хадзілі хлопчыкі. Ён прачытаў незлічоную колькасць кніг, праўда, чытаў іх без разбору, што пад рукі трапляла. І граў ён на зробленай самім жалейцы даволі ўдала. А калі памёр бацька, маці з дзецьмі перабралася ў Свяцілавічы, а ён зусім падаўся на свой хлеб.

Яшчэ будучы студэнтам, Азаркевіч вызначыўся тым, што перад моцнымі не згінаўся і слабымі не пагарджаў. Памагчы чалавеку ў бядзе — для яго было абавязкам. Васіль абраў сабе ўласную пуцявіну і па ёй ішоў. Вядомым Азаркевіч стаў ва універсітэце і тым, што калі яшчэ быў на першым курсе, дык схапіўся ў рожкі з адным прафесарам, разабраў па костачках яго лекцыю, і той вымушаны быў па-новаму перабудаваць матэрыял. Праўда, Азаркевіч за гэта паплаціўся. Ці раз паслужныя пісакі, падхалімы розныя, каб дагадзіць прафесару, хаваючыся пад псеўданімамі, і адкрыта бэсцілі яго ў студэнцкім друку. І калі прафесару Скуратовічу на працягу чатырох год вучобы Азаркевіча ва універсітэце не ўдалося яго «зламаць», дык на выпускных экзаменах паставіў яму «нездавальняюча». Гэта ўжо быў скандал. Большасць студэнтаў і перадавая частка прафесуры хоць і не лезлі ў бойку, не хацелі псаваць адносін са Скуратовічам (ён помслівы чалавек), але былі на баку Азаркевіча. Ён і тут не сагнуўся, прыняў бойку. Прыйшлося стварыць камісію па прыёму заліку, і пры самых суровых патрабаваннях Азаркевіч адказаў на «добра». Атрымаўшы веды і загартоўку, Азаркевіч пайшоў у жыццё.

За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Жонка з сынам жыла ў сваіх бацькоў на Случчыне. Фашысты спалілі вёску і ўсіх людзей. Выпадкам асталася жывою толькі адна жанчына. Перад тым як ехаць на аднаўленне гуты, Азаркевіч наведаў папялішча. Вёска ператварылася ў могілкі. Невядомымі людзьмі пастаўлены крыжы і на сядзібе бацькоў і жонкі. Цяпер у былой вёсцы стаяць абгарэлыя коміны, крыжы і крыжы. І зараз Азаркевіч куды б ні ішоў і што б ні рабіў — з галавы не выходзіў кучаравы хлопчык, якога ён моцна любіў. Такая жудасная смерць жонкі і сына моцна падкасіла яго: яму ішоў трыццаць першы год, а яго скроні былі сівымі.

Азаркевіч сядзеў у глыбокім задуменні: з чаго пачынаць адбудову гуты. Час ад часу ён паглядаў на чорйую хмару, якая насоўвалася з захаду. Накрапліваў дождж. На небе паказалася дугою вясёлка, тады яго пакінулі цяжкія думкі: ён залюбаваўся злучэннем колераў і не заўважыў, як да яго нехта падышоў.

— Ты што, чалавеча, так задумаўся? Мо ў адну дарогу?

— А вам куды? — падняў галаву Азаркевіч. Перад ім стаяў немаладога веку мужчына з невялікім клункам, але, відаць, цяжкім, бо адно плячо ў чалавека рэзка вытыркалася ўверх.

— На Выспу,— сказаў чалавек і паклаў клунак на зямлю, там нешта забразгацела.

— А мне ў Гарадзішча.

— Было некалі Гарадзішча, а цяпер няма. Фашысты прайшлі, а дзе іх нага ступіць — трава не расце. Вось тут стаяла гута, далёка ішла яе слава, шкельца выраблялі адмысловае, а цяпер — ляжыць груда друзу. І не хутка, мусіць, падымецца наша гута? — Апошнія словы былі так сказаны, што Азаркевіч адчуў у іх боль за народнае дабро, за чалавечую працу, якая так марна сцерлася. І гэта было не дзіва, гута на вачах у таго чалавека вырасла.

— Чаму не хутка? — запярэчыў Азаркевіч.— Трэба толькі дружна ўзяцца. Чалавек усё можа зрабіць, калі толькі моцна захоча. Вялікай сілай валодае чалавек!

— Узяцца не штука,— ухіліўся незнаёмы.— Толькі ж гэта, можа, не кузню паставіць або адрыну пры гумне, тут сілы мала, трэба матэрыял, грошы. А яшчэ вайна не скончана. Колькі яна на вецер пускае грошай!

— І матэрыялы і грошы будуць.

— Будуць, калі ў цэнтры паклапоцяцца. Трэба ім гэтую думку падаць, а то людзям нават зямлянкі няма чым зашкліць. А хутка народ пачне забудоўвацца, дык шкло толькі давай! Дый, прызнацца па праўдзе, рукі работы просяць.

— Вось мяне цэнтр і прыслаў сюды за гэтым,— паведаміў Азаркевіч.— Але з чаго пачаць — і сам не ведаю. А параіцца няма з кім. Нібы вымер народ.

— Авохці! Людзі ёсць. Ды толькі чалавек, што выжыў, з зямлі яшчэ не вылез, у зямлянках сядзіць. Але як пачуе стук на гуце, дык вылезе! Дарэчы, у нас сёетое прыхавана. Дазвольце пазнаёміцца, я — майстра гуты Сцяпан Андрэевіч Кульчыцкі. Мой дзед, бацька і я з маленства на гуце працавалі.

— Вельмі прыемна! — сказаў Азаркевіч.— Я інжынер.

І яны паціснулі адзін аднаму рукі.

— Авохці,— міжволі прагаварыў Азаркевіч.— Дзе я чуў гэтае слова? Пачакайце, пачакайце, вы часам не ўдзельнічалі ў Лаўскім баі?

— А як жа! — з гонарам усклікнуў Сцяпан Андрэевіч.— А толькі нешта я вас не ведаю.

— А пра Васіля вы часам не чулі?

— А-а-а. То, можа, вы і ёсць той самы партыйны цэнтр?

— Той самы,— усміхнуўся Азаркевіч.

— Дык гэта вы той самы таварыш Васіль, а-я-яй, а божачка!

— Той самы.

— А лоўка вы тады абвялі вакол пальца фашыстаў. Яны вас шукалі, напароліся на вас і прынялі за іншага, пасля пасадзілі на машыну і рукамі памахалі.

— Так, было,— успамінаў Азаркевіч.

— Чуў, чуў. Нам нават пра тое гаварылі, як вы некалі свайго прафесара правучылі.

— Хто? — здзівіўся Азаркевіч.

— Таварыш Сяргей. От гэта быў чалавек! Як бы ён цяпер радаваўся нашай перамозе. Без пары чалавек загінуў. Я з ім быў асабіста знаёмы.

— Больш за два мільёны беларусаў склалі галовы. А колькі вывезена ў Германію.

Яны некаторы час абодва маўчалі, а потым Сцяпан Андрэевіч зноў загаварыў:

— Кідаюць вас з агню ды ў полымя.

— Нічога — трывалейшым буду. А Сяргея шкода, светлага розуму быў чалавек і загінуў салдатам. Вечная яму слава! — Азаркевіч крыху памаўчаў, а потым працягваў: — А вы ўвесь час былі мінёрам? Лоўка вы, «авохці», управіліся з ельніцкім бургомістрам... ён палез сцяг здымаць... і больш не падняўся.

— Былі справы! — і яны абодва засмяяліся. Сцяпан Андрэевіч прадаўжаў: — Але ўспамінамі доўга не пражывеш, цяпер трэба ўдвая працаваць... І мы з вамі зноў будзем рабіць чарнавую работу... будзем салдатамі на будоўлі... Англія, нябось, не мае такіх ран... Францыя таксама... А Амерыка тым больш... Трэба паказаць, што мы не толькі добрыя воіны, але і лепшыя ў свеце будаўнікі... Сапраўдныя гаспадары. Перад намі ясная будучыня — камунізм. У імя камунізма я гатоў аддаць сваё жыццё. Я хоць і не камуніст, але гатоў з вамі працаваць да сёмага поту...

— Правільна! — Азаркевіч ускочыў і захадзіў.— Да сёмага поту трэба працаваць не толькі нам, але ўсім... Вы разумееце, колькі неабходна адбудаваць заводаў і фабрык, гарадоў і вёсак. Ды не такіх вёсак, якія былі, а мураваных, устойлівых і супраць часу і супраць розных нечаканасцей... А нечаканасці могуць быць, іх неабходна папярэдзіць... На нашых сённяшніх саюзнікаў надзея благая: бачылі, як яны валаводзілі з другім фронтам... І недарма!.. Толькі ў іх нічога не выйдзе... Хацеў бы я пабачыць сваю краіну праз сорак—пяцьдзесят год... Усюды дымяць фабрыкі і заводы... у зеляніне гарады... у вёсках мураваныя дамы... роўныя, як струна, дарогі, абсаджаныя пладовымі дрэвамі... Прыязджаюць людзі з усяго свету ў Маскву, сэрца нашай Радзімы, каб паглядзець, як мы жывем... А для гэтага, як вы кажаце, трэба працаваць, працаваць і працаваць... кожны на сваім месцы... Вы хоць і беспартыйны, але мы размаўляем на адной мове, аднолькава думаем, і розніцы паміж мною і вамі я не бачу ніякай...

— Розніца ёсць, вы і ў час вайны і цяпер ідзеце наперадзе.

Яны збіраліся ісці.

— Што гэта ў вас такое цяжкае, давайце я вам памагу паднесці,— прапанаваў Азаркевіч.

— Эт, розная драбяза, на руінах назбіраў,— адказаў Сцяпан Андрэевіч. З клунка пасыпаліся розных калібраў шрубкі і цвікі. Стары вінавата апраўдваўся: — От пачнем забудоўвацца, то ўсё патрэбна будзе, а цяпер яно пад нагамі валяецца... Каб гэта, як раней, пайшоў і купіў, а то не вельмі што дзе ўхопіш... Пакуль падашлюць — і гэты цвік спатрэбіцца, бо ён пад рукамі...

Сцяпан Андрэевіч запрасіў Азаркевіча да сябе. Па дарозе стары выкладаў свае меркаванні аб аднаўленні гуты. Яны абодва да таго захапіліся, што і не заўважылі, як лінуў дождж. Абапал брукаванай дарогі, паміж разбураных камяніц, дзе некалі быў рабочы пасёлак, павырасталі маленькія драўляныя хаткі, зробленыя на скорую руку. Вакол былі агароды. Плотам служылі абгарэлыя ложкі. Пакуль гаспадар і госць дайшлі да доміка Сцяпана Андрэевіча, на іх не было сухога рубца. На ганку іх спаткала дачка Сцяпана Андрэевіча, рослая дзяўчына, Аксіння. Ёй ішоў дваццаты год, але на выгляд яна здавалася маладзейшай.

— Авохці! Дачушка, сустракай госця. Памятаеш, я гаварыў пра таварыша Васіля. Вось ён сам і ёсць. Будзем ладзіць гуту. От і ўся мая сям’я,— панура вымавіў Сцяпан Андрэевіч.— Сын на фронце загінуў. Жонку ў часе блакіроўкі страціў. Так, значыць, і жывем. А добра, што вы прыехалі, засумавалі мы без работы. Як адбудуем гуту, латвей будзе.

Вестка аб аднаўленні гуты хутка абляцела ўвесь пасёлак. Пад вечар распагодзілася. Каля хаты Сцяпана Андрэевіча сабраліся з пасёлка ўсе былыя рабочыя гуты, што ўцалелі, у пераважнай большасці ў гадах мужчыны, шмат было жанчын, падлеткаў,— усе гарэлі жаданнем хутчэй пачаць аднаўленчыя работы.

Азаркевіч ажыў душою. Ён гаварыў з веданнем справы, пераканаўча. Тры гады падпольнай работы, работы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Будучы сам тутэйшым чалавекам, ён добра ведаў людзей, умеў заглянуць у іх душу. Ён не мітынгаваў, не карыстаўся таннымі жэстамі, гаварыў роўна, нібы з кожным паасобку вёў гутарку, пераконваў людзей у неабходнасці хутчэй даць краіне шкло. У яго была жалезная логіка. Такую якасць ён набыў за час вайны.

— І так, сябры мае, заўтра на работу,— заклікаў Азаркевіч.— Не лёгкая доля нам выпала. Мы адстаялі свабоду. Новыя пакаленні не будуць у крыўдзе на нас. А толькі мы не маем права дарэмна траціць ні адной хвіліны, трэба як найхутчэй залячыць раны, нанесеныя вайной. Цяжка вось гэтыя руіны,— ён паказаў у бок гуты,— узняць да жыцця. Але мы павінны гэта зрабіць і зробім у найкарацейшы тэрмін, чаго б нам ні каштавала. Гэтага патрабуюць ад нас партыя і народ.— Ён перадыхнуў.— Збор а восьмай гадзіне, каля галоўнага корпуса. Бярэмся за земляныя работы. Гэта самая марудная і цяжкая праца, але трэба перш за ўсё ачысціць памяшканне. Кожны прыходзіць са сваім інструментам, хто што мае. Заводаўпраўленне я мяркую скласці з пяці чалавек: дырэктара, намесніка дырэктара, галоўнага інжынера, бухгалтара і аднаго тэхнічнага працаўніка. Астатніх семнаццаць чалавек па штату не буду набіраць — яны мне пакуль што не патрэбны. Сваім намеснікам прызначаю майстра Сцяпана Андрэевіча Кульчыцкага. Мяркую — добры будзе намеснік.

— Лепшага цяжка знайсці! — з ухвалай загаварылі прысутныя.— Наш брат, рабочы!

— А цяпер спакойнай ночы!

Змяркалася. З-за лесу сярпом выплыў месяц, паказаліся зоры, якія адбіліся ў лужыне. Засвяціліся дзве каляіны, залітыя вадою. Па зямлі белай коўдрай слаўся туман. Павеяла холадам. Доўга яшчэ людзі не разыходзіліся, гаманілі. Рабочым спадабалася, што новы дырэктар гуты — чалавек справы. Гэта выявілася хоць бы ў фарміраванні заводаўпраўлення, у разуменні людзей — вылучэнні Сцяпана Андрэевіча сваім намеснікам.

Кульчыцкі і Азаркевіч пайшлі ў хату.

— З такім дырэктарам не прападзеш,— гаварыў стары рабочы.— Ён ведае — чаго хоча, і даб’ецца свайго. Вось што рэвалюцыя робіць з людзьмі. Крылатымі мы сталі!

— Чалавек, відаць, быў на кані і пад канём,— гаварыў другі.— Вайна загартавала. Мне думаецца, што пасля вайны будзе вялікі скачок нашай краіны наперад.

— Але, проста ў камунізм,— згадзіўся стары рабочы.

— Да камунізма далёка дыбаць,— не пагадзіўся другі.— Для гэтага трэба стварыць поўны дастатак, а гэтага дамагчыся не так лёгка. Пройдуць дзесяцігоддзі...

Паволі разыходзіліся людзі па дамах.

Госць і гаспадар сядзелі за чаркай. Аксіння не піла. Бацька падпіў і часта паўтараў адно і тое ж. Аксінні смешна было наглядаць за падвыпіўшымі, але яна не падавала выгляду. Сцяпан Андрэевіч сказаў Азаркевічу, дзе схавана заводскае абсталяванне, якое не паспелі эвакуіраваць. Азаркевіч занепакоіўся, ён баяўся, каб яно не паржавела, але стары яго заспакоіў, што нічога не здарыцца, бо ён сам упакоўваў. Яны ўмовіліся, што Сцяпан Андрэевіч заўтра ж яго адкапае. Змораны Азаркевіч пачаў прыплюшчваць свае сінюшныя вочы, ён змагаўся з дрымотаю. Сцяпан Андрэевіч гэта заўважыў і прапанаваў легчы адпачыць. Азаркевіч ахвотна згадзіўся. Ён першы раз за тры з паловай гады клаўся спаць у ложку. Азаркевічу яшчэ і цяпер не верылася, што перайшоў на грамадзянскую работу.

Прачнуўшыся раніцаю, Азаркевіч заўважыў, што яго вайсковы гарнітур, які быў прасякнуты потам, што аж соль выступіла, памыты і выпрасаваны. Ён узяў боты і ўгледзеў, што анучы таксама вымыты. Азаркевічу стала няёмка. Ён зразумеў, што гэта работа Аксінні.

«Чым жа я ёй аддзячу?» — падумаў Азаркевіч.

— Авохці! Аксіння! — пачуўся голас Сцяпана Андрэевіча.— Ці хутка будзе снеданне?

— Даўно гатова! — адказала Аксіння.— Будзіце Васіля Мікалаевіча, а то людзі ўжо ідуць на работу.

— Добрай раніцы! — выйшаўшы ў сталовую, прывітаў Азаркевіч. Ён падзякаваў Аксінні за клопаты і пачаў тлумачыць, што толькі некалькі дзён, як выбраўся з лесу, і таму не паспеў яшчэ прывесці сябе ў парадак. Азаркевіч перад Аксінняй чамусьці пачырванеў. І гэта не ішло да яго суровага, абветранага твару, які аброс рыжымі калючкамі. Азаркевіч быў мажны, здавалася, як толькі вытрымліваюць швы на яго гімнасцёрцы.

— Кіньце вы, Васіль Мікалаевіч, якія там турботы, дробязь! — усміхнулася Аксіння, паказаўшы свае роўныя белыя зубы. Яна была стройнай, рухавай, як жывое срэбра, часта без дай прычыны смяялася, і перш чым скажа смешнае, дык сама нарагочацца.— На тым свеце разлічымся вугельчыкамі...

Сцяпан Андрэевіч, Аксіння і Азаркевіч паелі бульбы з агуркамі, папілі чаю з чорнымі сухарамі, якія Азаркевіч прынёс з лесу, і пайшлі на гуту. Калі яны туды прыйшлі, было без чвэрці восем, а людзі амаль усе ўжо сабраліся. Сцяпан Андрэевіч з брыгадай пайшоў адкопваць заводскія рэчы, а ўсе астатнія людзі ўзяліся за ачыстку галоўнага корпуса. Работа ішла марудна, палова дня прайшла, а не было амаль ніякага знаку. Пасля паўдня Азаркевіч падышоў да Аксінні і залюбаваўся яе работай. Ён меркаваў, што такая кволая на выгляд дзяўчына не саўладае з рыдлёўкай. Адно ж яна працавала нараўне з іншымі. Яму шкада стала дзяўчыны, і ён узяў з рук у яе рыдлёўку, падумаўшы: «Няхай крыху адпачне». Дзяўчаты з зайздрасцю паглядалі на Аксінню, яна не вытрымала іх позіркаў, выхапіла з рук Васіля Мікалаевіча рыдлёўку і з новай сілай пачала ўскідаць на машыну друз. Азаркевіч заўважыў, што больш моцныя дзяўчаты абліваліся потам, а ў Аксінні ні расінкі не было відаць на яе смуглявым твары, толькі задзёрыста блішчалі чорныя, як гузікі, маленькія вочы.

 

Ішоў час. Увесь корпус быў ужо ў рыштаваннях. Нялёгка давалася аднаўленне: то не хапала аднаго, то другога... Нідзе нельга было дастаць бляхі на страху,— накрылі чарапіцаю. Потым колькі валэндаліся, каб зашкліць вокны. І колькі радасці было, калі на рыштаваннях з’явіліся муляры. Шмат тут было рабочых: працавалі цесляры, пільшчыкі; у сярэдзіне корпуса вяліся мантажныя работы. У галоўным корпусе работы набліжаліся да канца, і ўсе асноўныя сілы будаўнікоў былі перакінуты на падсобныя памяшканні. Свая электрастанцыя давала энергію. Работа не спынялася ні ўдзень ні ўначы.

Неяк Азаркевіч з Сцяпанам Андрэевічам узняліся на рыштаванні галоўнага корпуса і сваім вачам не паверылі: перад імі разгарнулася панарама новабудоўляў. Вось муляры ўвіхаюцца, яны кладуць цагліну за цаглінай, растуць сцены жыллёвых дамоў. Не ведаючы стомы, працуюць муляры, пабліскваюць на сонцы іх кельмы.

— Недарма кажуць, што з гары лепей відаць,— узрадаваўся Азаркевіч.— Такі ніштавата зроблена... Савецкія людзі, нягледзячы на перамогу, не зазнаюцца!..

— Многа зроблена,— падтрымаў Сцяпан Андрэевіч,— але многа астаецца рабіць... На жыллёвае будаўніцтва трэба націскаць, а то не будзе дзе жыць рабочым...

— Правільна,— згадзіўся Азаркевіч.— Гэта цяпер у нас самае вузкае месца.

— Але галоўнае зроблена,— радаваўся Сцяпан Андрэевіч.— Куды даваеннай гуце да сённяшняй...

Яны сышлі з рыштаванняў.

А ў будцы, што была збіта з аполкаў, у якой была кантора гуты, паміж прадстаўніком наркамата, які прыехаў з рэвізіяй, і дырэктарам адбылася гутарка.

— І спадзявацца не трэба,— гаварыў прадстаўнік наркамата,— больш грошай не атрымаеце.

— Як гэта? — здзівіўся Азаркевіч.

— А так. Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла.

— А дзе ж бы людзі жылі? Ды ўрэшце мне нарком дазволіў,— гаварыце з ім.

— Вы шмат на сябе бераце. Будзем пра гэта гаварыць у кіруючых арганізацыях. Нарком таксама не меў на гэта права...

— Нарком не з такіх, каб сваім адумам рабіць. Ён, пэўна, з кім трэба, раіўся, калі даў санкцыю на будаўніцтва жыллёвых дамоў.

— Зноў жа, да гэтага часу не ўкамплектаваны штаты ўпраўлення,— дакараў прадстаўнік.— Пасылаем вам людзей, а вы іх назад адпраўляеце. Гэта яшчэ што такое? Прывыклі партызаніць!..

— Пяць чалавек ва ўпраўленні ёсць, і болей пакуль мне не трэба. А ісці працаваць у цэхах вашы людзі не хочуць. Дык навошта мне баласт?

— Глядзіце,— усміхнуўся прадстаўнік наркамата,— штаты вам мы можам скараціць, але каб потым не плакалі ў камізэльку. (Гэтыя словы можна было зразумець: дзівак, хто гэта адмаўляецца ад таго, што табе даюць!)

— У мяне на гэты конт свае меркаванні,— тлумачыў Азаркевіч.— Я хачу, каб менш было накладных выдаткаў.

— Работа на будаўніцтве вядзецца яўна не па сродках,— зусім не слухаючы Азаркевіча, павучаў прадстаўнік наркамата. Льга было заўважыць, калі ў Азаркевіча на твары з’яўлялася пакута, дык прадстаўнік паціраў рукі і задаволена пасміхаўся: ён прычапіўся да дырэктара, выматваў у яго душу.— Не падабаецца мне, не падабаецца. А на вас ускладалі такія надзеі... Вы будуеце не гуту, а нейкія палацы... Навошта вы фарбуеце памяшканне? Гэта лішняя трата грошай...

— Мы не такія багатыя, каб рабіць дрэнна,— пярэчыў Азаркевіч. Ён рабіў вялікія намаганні, каб не страціць цярпення.— Па-вашаму, рабочыя ўсё праглынуць. Яны гаспадары і хочуць як найлепей зрабіць.

— Нам лепш вядома, што і як трэба рабіць,— пілаваў прадстаўнік. (Іначай можна было зразумець: не сунь носа, куды не трэба.)

— Дык вось што я вам скажу: чужою галавою я жыць не намераны, у мяне свая на карку. Калі вы прыехалі, каб мне памагчы, то калі ласка... У мяне не хапае людзей, матэрыялаў, грошай... Давайце абмяркуем, дзе іх дастаць, а не... дык мне трэба займацца справай, а не пераліваць з пустога ў парожняе. Што ў вас яшчэ?

— Чаму вы не прынялі сабе ў намеснікі чалавека, якога я да вас прыслаў?

— Ах, вось яно што?! — усміхнуўся Азаркевіч.— Дык вы з гэтага б і пачыналі. Таму, што ён да гэтай работы не падыходзіць. Мінуўся той час, калі шаўца прызначалі кандзіцерам. Я з першага дня прызначыў сваім намеснікам былога майстра гуты Кульчыцкага і не намераны яго мяняць. Ён на сваім месцы.

— А калі мы вас прымусім гэта зрабіць.

— Нічога не выйдзе! Не вам з ім працаваць, а мне. І зразумейце раз і назаўсёды, што я ў апякунстве не адчуваю патрэбы.

— О-о-о,— аж прастагнаў прадстаўнік наркамата,— цяжка з вамі мець справу. Мне такі гаварылі, што вы з норавам чалавек.

— Не з норавам, а з прынцыпам,— запярэчыў Азаркевіч.

— Не прызнаеце ніякіх аўтарытэтаў,— паправіўся прадстаўнік.

— Наадварот,— не згаджаўся Азаркевіч.— Я паважаю сапраўдныя аўтарытэты і надзвычай уважліва да іх прыслухоўваюся.

— «Князьком» захацелі быць!

— Ніколькі, з «князькамі» ваюю,— пярэчыў Азаркевіч.— Я заўсёды раюся з рабочымі. Яны адобрылі маё рашэнне прызначыць Кульчыцкага намеснікам.

— Не важна!

— Вельмі важна. Трэба прыслухоўвацца да правячага класа. Вучыцца і вучыцца нам у рабочых і, зразумела, іх вучыць.

— Ха-ха-ха!

— У гэтым няма нічога смешнага,— устаў Азаркевіч.— Падпісаць вам камандзіроўку?

— Як! — ускочыў збянтэжаны прадстаўнік.— Выходзіць, вы мяне праганяеце з будаўніцтва?.. До-о-бра!

— Як хочаце, так і разумейце. Не даеце камандзіроўкі, глядзіце, для вас жа будзе горш. Прыйдзецца вам не толькі перад бухгалтэрыяй, але і перад жонкай рабіць справаздачу, калі не атрымаеце камандзіровачных. Бывайце!

— Пачакайце! Давайце пагаворым... балазе пачалі...

— Няма пра што...

На гэтым размова абарвалася. Яны выйшлі з будкі і разышліся ў розныя бакі. На будаўніцтве Азаркевіч адпачываў душою. Зладжана ішла работа. Чуліся галасы:

— Давай цэглы!

— Падкінь вапны!

— Цягні бэльку!

Адзін з дамоў увесь у рыштаваннях, муляры вывелі будынак аж пад самы дах. У першым паверсе ўжо ўстаўлялі рамы. Бесперабойна працавала лябёдка, падаючы цэглу. Кран падымаў двухтаўравую бэльку. Недалёка працаваў экскаватар, рыхтуючы новыя катлаваны для закладкі фундаментаў. Праносіліся машыны, падвозячы матэрыялы. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана, які пераязджаў да другога аб'екта. «Вось яна, сімфонія нашых дзён»,— падумаў Азаркевіч. Заклапочаны, ён абыходзіў будаўнічую пляцоўку, аддаваў патрэбныя распараджэнні, з веданнем справы ўнікаў у самыя дробязі.

— От гэта сапраўдны гаспадар! — гаварылі рабочыя.

Восеньскі дзень схіляўся пад вечар, дзённая змена ішла дамоў. Выйшаў і Азаркевіч. Ён усё яшчэ быў узрушаным ад размовы з прадстаўніком наркамата. Аксіння заўважыла Азаркевіча і сцішыла хаду. Моладзь, ідучы наперадзе, спявала.

— А чаму вы не спяваеце? — спытаўся Азаркевіч.— І нешта вы за апошні час асунуліся? Вы не хворая?

Аксіння нічога не адказала, а толькі паглядзела на Азаркевіча. Яна падумала: «Няўжо ты не бачыш, што я цябе кахаю? Каб ты ведаў, што ў мяне на душы, дык тады б не пытаўся, чаго я асунулася».

У Азаркевіча прамільгнула думка: «Трэба цябе, дзяўчо, перавесці на лягчэйшую работу. І як я раней пра гэта не паклапаціўся!»

Узрушаны Сцяпан Андрэевіч хутка выйшаў з галоўнага корпуса гуты, ён быў заняты мантажом і хацеў сказаць дачцэ, каб яго не чакалі абедаць, але, угледзеўшы Аксінню з Азаркевічам, махнуў рукою.

— Дык што з вамі? — жартуючы, дапытваўся Азаркевіч.— Закахаліся?

— Але,— шчыра прызналася Аксіння.— Я пакахала аднаго чалавека.

— А ён вас кахае?

— Не ведаю,— паціснула плячыма Аксіння.

— А хто ён такі? Варты вас?

— Мусіць, я яго не вартая.

Яны некаторы час ішлі моўчкі. Аксіння павярнула ў бок рэчкі, а за ёю з-за далікатнасці пайшоў і Азаркевіч. Ён быў заняты сваімі думкамі: «Дзе дастаць грошай і матэрыялаў, каб скончыць будаўніцтва хоць бы аднаго жыллёвага дома да зімы». Яны ішлі па сцежцы, якая вяла праз іржэўнік. Сцежка гэта была вытаптана яшчэ тады, калі тут стаяла жыта. Невялічкая рэчка падковай агінала гуту. На другім баку рэчкі раскінулася сенажаць, там расла атава, чарадою хадзілі буслы, відаць, збіраліся ў вырай, а Дзін бусел, нейкі малы і нягеглы, быў убаку — яму, відаць, не да палёту было ў вырай. Цяпер толькі Азаркевіч заўважыў, у якім прыгожым месцы пабудавана гута. Ён падумаў: «Чалавек быў з розумам і густам, які выбіраў тут месца для будоўлі».

— Ой, васілёк! — парушыла цішыню Аксіння.— Стаіць бедны адзін, сірацінкаю. Бачылі, які ён вялікі, падобны на вас.

І Аксіння звонка засмяялася.

— Ага! — згадзіўся Азаркевіч і ўсміхнуўся.

— Чаго вам стала смешна?

— Бачылі, як парыжэў ад камля васілёк, стары ўжо, у вянок дзяўчыне не падыдзе.

— Не такі ён стары.

— Дык вы мне скажаце, у каго вы закаханы? — пытаўся Азаркевіч.

— А хіба вас гэта цікавіць? Па-мойму, у вас, акрамя адбудовы гуты...

— Я скажу, ці варты ён такой дзяўчыны,— перабіў Азаркевіч.

— У вас,— выпаліла Аксіння і пачырванела, як спелая вішня.

— У мяне? — здзівіўся Азаркевіч. Ён зусім не чакаў такога адказу і некалькі разгубіўся.— Не-е, Аксюша, я вам не пара. Вы ж ведаеце... Не, не...

— Я ведаю, што ў вас была жонка, сын,— хвалюючыся, гаварыла Аксіння.— Аднак... я вас...

— Не,— стаяў на сваім Азаркевіч.— У маім узросце... Потым, мяне жыццё не песціла... Дый у мяне характар такі... Маладая жонка захоча ў кіно ці тэатр, а ў мяне работа, гэтулькі работы... Не і не...

— Я так і ведала, што вы мяне не кахаеце,— у вачах Аксінні было поўна слёз, на твары выраз адчаю, боль і крыўда. Яны падыходзілі да рэчкі і апынуліся над абрывам. У Аксінні задрыжалі рукі, яна нібы пахіснулася, а потым неяк рэзка падалася наперад, закружыў у рэчцы васілёк...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Сцяпан Андрэевіч прыйшоў дадому першым. Ён быў задаволены, што скончаны мантажныя работы. Прывёўшы сябе ў парадак, Сцяпан Андрэевіч падышоў да стала. Там ляжала невялікая запісная кніжачка ў чырвоным пераплёце. Сцяпан Андрэевіч зацікавіўся і пачаў гартаць. Кніжачка была ўся спісана дробным почыркам. Стары надзеў акуляры і прачытаў:

«Праўду людзі кажуць, што каханне — пакута. Я ўсё не верыла гэтаму, бо не ведала, а цяпер сама ў гэтым пераканалася. І чаго ён прыйшоў да нас, чаму ён устрывожыў маю душу? Няўжо ён не бачыць, што я яго кахаю. Няхай што хоча пра мяне падумае, а захоўваць сваё каханне да яго я больш не магу, сёння ж з ім пагавару. Ён мне засланіў свет. А што, калі В... мяне не кахае? Што мне тады рабіць?»

— Ах, вось яно што! — усклікнуў Сцяпан Андрэевіч.— Не кахае!.. А дзе ён лепшую знойдзе?..

На дварэ паказалася Аксіння. Яе вёў пад руку Азаркевіч. Выгляд у дзяўчыны быў стомлены, і з’явіліся нейкія новыя рысы, падобныя на маршчыны на лбе і каля вачэй. Сцяпан Андрэевіч сэрцам адчуў, што паміж Аксінняй і Азаркевічам няма згоды, хоць яны і поруч ідуць. Заклапочаны стары выйшаў на двор.

— Што з табою? — спытаўся бацька.— Аксюша, чаму ты маўчыш?

— Я, татка, я...

— Нічога такога асаблівага,— прыйшоў на выручку Азаркевіч.— Аксіння Сцяпанаўна стамілася на рабоце... у яе закружылася галава...

— Праўда? — занепакоіўся бацька.

— Ага,— кіўнула галавою Аксіння, хаваючы вочы. Ёй цяпер хацелася астацца адной, і яна хутка прайшла ў свой пакой.

Бацька пайшоў следам за ёю. Для яго было зразумела, ад чаго ў дачкі закружылася галава, што ёй, разгубленай і пакрыўджанай, патрэбна абаперціся на цвёрдую мужчынскую руку. Але ён не ведаў, з чаго пачаць, і, калі яны ўвайшлі ў яе пакой, ён няёмка ўзяў са століка маленькую кніжачку і сказаў:

— Не пакідала б ты, Аксіннюшка, вось гэта абы-дзе...

— Ты прачытаў? — устрапянулася дзяўчына, як спалоханая птушка.— Ты ўсё чытаў?

— Не, толькі апошні запіс.

— Дык там, татусю, усё сказана.

— Гарачая ў цябе, донька, галава...

— Не галава, татка, а сэрца гарачае... Асеклася раз, цяпер буду разумнейшай... Не дакарай мяне, татухна, мне і так баліць... Я цябе папрашу...

Сцяпан Андрэевіч, пануры, выйшаў у сталовую.

У кватэру ўвайшоў Азаркевіч, ён па-ранейшаму хацеў трымацца проста, але адчуваў сябе скаваным і, нібы вучань, вінаватым. Ён не ведаў, куды дзець не па яго вялікаму росту кароткія рукі.

— А як сябе адчувае Аксюша?.. — ціха спытаў Азаркевіч, але яму здалося, што ён гаворыць не тое, і густа пачырванеў, а толькі паправіцца не мог, у яго нібы ў абцугах была галава, паскорана білася сэрца. Ён ніяк не мог сабе дараваць, што, ідучы з дзяўчынай, думаў пра цэглу і цэмент.— Я сказаў бы... Трэба ёй знайсці другую работу...

— А я сказаў бы, што не да цэглы і цэменту, калі справа ідзе пра чалавека! Ачарсцвелі мы за вайну,— ледзь не шэптам прагаварыў Сцяпан Андрэевіч.— А толькі вы для мяне кім былі, тым і асталіся...— І, жадаючы перавесці размову на другую тэму, Сцяпан Андрэевіч паведаміў: — А таму рызыканціку я камандзіроўку падпісаў... Чаго толькі ён не вярнуў на вас, вушы вялі... Усё выхваляўся, што ён выканаў свой абавязак перад дзяржавай: у вайну — ваяваў, а цяпер — беражэ дзяржаўную капейку... То я яму адказаў: я таксама ваяваў, і вы ваявалі, яшчэ як, яму нават не снілася... Яго трэба асцерагацца...

— Не такі страшны чорт, як яго малююць,— запярэчыў Азаркевіч.— Яно трэба было б мне паехаць у наркамат, але...

— Калі трэба, дык едзьце, тут нічога не здарыцца,— прапанаваў Сцяпан Андрэевіч і паглядзеў у бок пакоя, дзе была Аксіння.— Усё будзе ў парадку... У яе цвярозы розум... — Кульчыцкі падумаў уголас: — Бывае: па роўнай дарозе ідзеш і спаткнешся; затое потым глядзіш пад ногі. Такі ўзрост: усё ў іх гарыць...

— Дык я заўтра еду... а то будаўнічыя матэрыялы канчаюцца... хоць можна і сёння...

— Баюся я, што ён можа вам нашкодзіць,— гаварыў Сцяпан Андрэевіч.— З такімі людзьмі не трэба задзірацца... Яны вельмі помслівыя...

— Эт, будзе мне раней часу балець галава,— вымавіў Азаркевіч.— Дык я еду! А вы тут... наглядайце... І дома і на рабоце... Усякія нечаканасці могуць быць...

 

Ішлі дні, набліжалася зіма, перад вокнамі ў Кульчыцкіх пачырванела арабіна. Хата Кульчыцкіх стаяла на ўскраіне пасёлка, так што Сцяпану Андрэевічу далёка было відаць апусцелае поле. Ён амаль усю апошнюю ноч не спаў, варочаўся, некалькі разоў уставаў, курыў, браў газету, у якой быў змешчаны допіс прадстаўніка наркамата, што быў на будоўлі, з лаянкай на дырэктара, а потым падумаў: «Калі б наркамат згадзіўся з прадстаўніком, дык не даў бы гэтулькі грошай». Сцяпан Андрэевіч меркаваў, як скарыстаць гэтыя грошы, якія былі дадзены цэнтрам пасля паездкі Азаркевіча ў Мінск, і стары толькі пад раніцу заснуў. Цяпер ён прахапіўся і бачыць, як мала-памалу бялее ўсходні край неба, як потым барвавее, нібы ад вялікага пажару.

Азаркевіч таксама ўсю гэтую ноч спаў дрэнна: бракавала матэрыялаў,— з вялікімі цяжкасцямі даводзілася знаходзіць неабходнае. А галоўнае, не хапала цэменту, гэта пагражала спыніць будаўніцтва. У Азаркевіча астаўся на душы непрыемны асадак ад лаянкі прадстаўніка, потым падумаў: «Усё мінецца, а праўда астанецца». Сцяпан Андрэевіч пачуў, як Азаркевіч у другім пакоі стукаў ботамі.

«Не спіцца яму,— меркаваў Сцяпан Андрэевіч.— Вядома, гэтулькі клопатаў. Куды ж тут да асабістага!»

Раніцаю цішыню ў пасёлку парушыў гультаяваты, ахрыплы голас суседняга сабакі. Развіднелася. Па крывой вуліцы прайшоў чалавек, уткнуўшы нос у падняты каўнер асенняга паліто і цяжка грукаючы падкаванымі ботамі.

Азаркевіч ціхенька, каб не парушыць людскога супакою, выйшаў у сталовую і здзівіўся, угледзеўшы Сцяпана Андрэевіча адзетым.

— Куды вы так рана сабраліся? — спытаўся Азаркевіч.

— Васіль Мікалаевіч! А што, каб мне пад’ехаць у Даўгінава, на цэментны завод? Там жа дырэктарам Мічульскі, з якім разам партызаніў... Быць не можа... чалавек з розумам... нам жа запланаваны цэмент...

— Трэба паспрабаваць... хоць надзей ніякіх... А не скарыстаем грошай, новы козыр таму... Сам нічога не робіць, а другіх чэрніць... Ну, дабяруся я да яго!.. — Азаркевіч паглядзеў на газету, якая ляжала на стале.

— Дык адклад не ідзе на лад,— апранаючыся, гаварыў Сцяпан Андрэевіч.— Я яшчэ паспею на цягнік...

Азаркевіч зноў загруз у працы і часта нават забываўся, што трэба паесці. З Аксінняй у яго адносіны не наладжваліся. Ён часам і рады быў бы пагаварыць з ёю, але, калі аставаліся сам-насам, у яго з галавы адразу выляталі ўсе падрыхтаваныя загадзя словы, і ён няёмка пытаўся пра што-небудзь будзённае, звычайнае. Ёй, відаць, таксама было няёмка з ім, і яна, паставіўшы на яго столік гладыш з малаком і акрайчык хлеба на вячэру, знарок лажылася раней спаць, каб не сустракацца па вечарах. Ды, па праўдзе кажучы, ён і прыходзіў позна, а днём яна бачыла яго толькі на рабоце. Аксіння часта думала: «А ўсё ж ён кахае мяне, бо васілёк, як было загадана, прыбіла да яе берага». І Азаркевіч адчуў, што ён кахае Аксінню, а толькі розум падказваў, што ў яго гадах не да твару яму звязвацца з дзяўчом. А тым часам у Аксінню закахаўся малады бязвусы хлопец. Аксінні ён не падабаўся: і ростам быў невялікі, і рабацінне на твары і носе, як хто маку пасеяў, і ў паводзінах з ёю нібы хто яму не толькі рукі, а і язык завязаў. Але дзяўчыне, як бы яна ні была прыбіта горам, заўсёды падабаецца, калі ёсць каму па ёй уздыхаць, і яна не адштурхнула хлопца. Няхай будзе пра запас. А можа, яна паспачувала яму, добра ведаючы па сабе, як пякуча на сэрцы, калі той, каго ты кахаеш, нават не глядзіць у той бок. Гэта, акрамя ўсяго, абражае чалавека.

Аднойчы пад вечар — гэта было ў нядзелю, калі бацька вярнуўся з камандзіроўкі і прывёз некалькі вагонаў цэменту,— Аксіння прахаджвалася з хлопцам перад сваімі вокнамі. Азаркевіч і па выхадных днях сядзеў над чарцяжамі, і Аксіння ўбачыла праз акно яго схіленую постаць. На сэрца ў яе неяк адразу наплыла злосць і крыўда. «Ну, пачакай жа, мядзведзь!» — мімаволі паварушылася думка, і яна знарок прытулілася да хлапца і голасна засмяялася. Азаркевіч узняў галаву, паглядзеў у акно, убачыў гэтыя залёты, і, відаць, работа больш не пайшла. Ён выйшаў на двор. Тады Аксіння развіталася з хлопцам і, не зважаючы на Азаркевіча, хацела прайсці міма яго на ганак. Азаркевіч затрымаў яе за руку і пачаў дакараць, што ніколі не чакаў ад яе такога выбару. Аксіння маўчала, а ў душы смяялася. Яна вырвала руку і пабегла ў кватэру. Ад радасці, круцячыся і падскакваючы, яна некалькі разоў у думках паўтарыла:

«Кахае! Кахае!»

Але яна не падала і знаку, што нешта змянілася, і праз некалькі дзён, калі хлопец прапанаваў зайсці ў хату, яна не пярэчыла. Цяпер не толькі Азаркевіч, але і бацька таксама здзівіўся яе весялосці, і абодвум стала прыкра, калі яна з хлопцам пад руку пайшла на станцыю ў кіно. Азаркевічу таксама захацелася пайсці ў кіно, каб быць поруч з Аксінняй, але ён не пайшоў, хоць і дома нічога не зрабіў. Ён тупаў з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. «Завязала яна мне вочы не на жарты,— злавіў сябе на думцы Азаркевіч.— Каб хто раней мне сказаў, што ў такія гады можна так пакахаць дзяўчыну, не паверыў бы таму. А што, калі яна цяпер мяне адштурхне, гэтак, як я яе тады? Калі так, то мне аставацца тут нельга будзе. Пусцім гуту, і ў дарогу...»

Калі Аксіння вярнулася дамоў, бацька знайшоў прычыну, каб выйсці з хаты. Ён бачыў, што Азаркевіч зусім перамяніўся і паміж ім і дзяўчынай павінна адбыцца размова адзін на адзін, без лішніх вачэй. Сцяпан Андрэевіч бачыў, што ў Азаркевіча ў апошні час не клеіцца работа, і дагадваўся аб прычыне, але нічога не гаварыў: калі пойдзе на добры лад, то і без яго абыдзецца, а калі не на лад, дык і ён не паможа. Сцяпан Андрэевіч на дварэ ўгледзеў, што ўсе стрэхі і зямля былі белыя, з комінаў паднімаліся шэрыя дымы, быў зазімак. Людзі, спяшаючыся, ішлі дахаты.

— Што ты... што вы сабе думаеце, Аксіння Сцяпанаўна? — збіваючыся, пытаўся Азаркевіч.— Няўжо вам пара гэты жаўтароты хлапчук?..

— А што вам да таго? — задзёрыста спыталася Аксіння.— Хіба гэта вас кранае?

— Як — што? А такі кранае. Каб вы ведалі, як мне баліць,— прызнаўся Азаркевіч, а потым паправіўся: — Ён жа яшчэ блазнюк... Матчына малако на вуснах не абсохла...

— Не думайце, што толькі вы герой: у яго ран на целе не менш, чым яму год...

— Праўда?

— Але.

— Усё ж... які ён кавалер...

— А мне ён падабаецца... Ён такі добры... Ласкавы...

— Няпраўда! — злосна прагаварыў Азаркевіч. Потым схамянуўся і сказаў іншым тонам: — Аксюша, даруй мне... Я табе прынёс шмат пакут... Але і ты мне адплаціла... Скажы, што па-ранейшаму мяне кахаеш... Маўчыш?.. Значыць, ты мяне па-сапраўднаму не кахала... Тады... тады... пусцім гуту, і ў пуць-дарогу...

Недзе далёка ўпала зорка, яна не даляцела да зямлі і патухла. Азаркевіч і Аксіння ў той вечар доўга гаварылі: Аксіння не выцерпела і сказала яму ўсю праўду пра хлопца, што ён зусім ёй не падабаецца, але яна, каб выклікаць у Азаркевіча рэўнасць, з ім гуляла. Азаркевіч прызнаўся ёй у каханні.

— I я цябе, аднаго цябе кахаю,— гаварыла Аксіння.— Няўжо ты гэтага не бачыш?

— Цяпер бачу,— узрадаваўся Азаркевіч

Сцяпан Андрэевіч вяртаўся дамоў. Ён яшчэ на вуліцы заўважыў, што Азаркевіч з Аксінняй гавораць мірна. Задаволены, што ўсё скончылася добра, бацька паспяшыў у кватэру.

— Авохці! Васіль Мікалаевіч! Чуў я адным вухам, нібы ты кідаеш гуту і некуды збіраешся ехаць? — усміхаючыся, спытаў Кульчыцкі.

— Перадумаў,— адказаў Азаркевіч.

— Добра,— узрадаваўся Сцяпан Андрэевіч.

— А ўсё ж, Аксюша, чаго ты бегла да рэчкі?..— спытаўся Азаркевіч.

— Каб паглядзець, да якога берага прыб’е васілька... — усміхнулася Аксіння.

— А я падумаў...

— Яшчэ што!.. Хіба мне жыць абрыдала...

І яны весела засмяяліся.

 

Не пазнаць цяпер стала заводскі пасёлак, фактычна горад. Насупраць галоўнага корпуса зроблена была плошча, узвышаўся помнік Леніну. На захад працягнуўся сквер. На адным баку сквера было заводаўпраўленне. На другім — жылыя дамы, усё ў зелені.

Каля рэчкі быў зроблены парк, пасаджаны дрэвы. Тут ужо былі падрыхтаваны пляцоўкі пад Дом культуры, кіно. Па выхадных днях у парку шмат гуляе народу, яны беражна ставяцца да кожнага дрэва, бо самі для сябе іх садзілі. Людзі адчувалі сябе гаспадарамі зямлі. Чуюцца песні, жарты, вясёлы смех.

Так з руін і попелу, воляй і розумам людзей, паднялася гута. Яна стала прыгажэйшай за даваенную і шкло вырабляе лепшае. Слава гуты ідзе па ўсёй краіне.

— А цікава, з чаго вы пачалі, аднаўляючы гуту? — звычайна пыталіся ў Васіля Мікалаевіча шматлікія наведвальнікі.— Вялікую вы справу зрабілі...

— Не я зрабіў, а народ, кіруемы партыяй,— звычайна папраўляў Васіль Мікалаевіч.— Я пакорны іх слуга. Не думайце толькі, што гэта лёгка далося,— вялікае нараджаецца ў пакутах. Вас цікавяць людзі гуты? Першым назаву Сцяпана Андрэевіча Кульчыцкага, старога рабочага, які ўклаў душу ў аднаўленне гуты... Вы хочаце паглядзець, што робіцца на гуце, калі ласка, пройдзем, убачыце...

І людзі ішлі, каб паглядзець, як зладжана ідзе работа на гуце, што можа зрабіць розум чалавека для чалавека, каб яму шчасна жылося.

1945

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com