epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Незгасальныя зоры

 

 

Ніколі яшчэ на Тураўшчыне не было такога ўраджаю. На шырокіх нівах калгаса «Светлая паляна», акаймаваных зялёнымі палосамі дуброваў, шумелі жыты і пшаніца. Ды неяк пасля навальніцы збажына злягла, як мост.

Камбайнер Рыгор Чупрык са сваёй памочніцай трактарысткай Верай Сляпухай — яны працавалі на прычэпным зернеўборачным камбайне — з дапамогаю нескладаных дадатковых прыстасаванняў, якія яны самі зрабілі, з поспехам праводзілі ўборку палеглага збожжа.

Увесь дзень бесперабойна працаваў камбайн. Адчуванне задаволенасці працай падбадзёрвала маладых людзей. Калі дзяўчына, якая вяла трактар, смеючыся вачыма, аглядалася, хлопец за штурвалам камбайна вышэй узнімаў галаву, і яго выгляд нібы гаварыў: «Ведай нашых!»

Сонца зайшло за сцяну: па народных прыкметах павінен быць дождж. Камбайнер з трактарысткай, спяшаючыся, збіраліся ісці ў сваё сяло. Звычайна яны начавалі там, дзе працавалі, а сёння Веры захацелася пабыць дома. Чупрык быў не супраць праводзіць яе. У яго быў добры настрой.

— Ведаеш, Вера, твой бацька неяк расказваў, што на Палессі спрадвеку шчасце не заглядала ў дом,— гаварыў ён ідучы.

— Гэта праўда, але народ наш не згінаўся, жыў, тварыў, шукаў шчасця... І знайшоў,— сказала Вера.

— Вядома,— згадзіўся Чупрык.— Нашы прадзеды, дзяды, бацькі змагаліся, каб «людзьмі звацца»... Яны паставілі на сваім... Узяць хоць бы твайго бацьку. Былы салдат гвардзейскага Прэабражэнскага палка, ён кулямётчыкам у Чапаеўскай дывізіі біў белякоў, устанаўліваў у нашым сяле Савецкую ўладу, арганізаваў калгас, сустракаў са сцягам першы трактар... Яму ёсць што ўспомніць... Адным словам, усё зроблена без нас...

— Ты так думаеш, а па-мойму, не так,— запярэчыла Вера, а потым спыталася: — А чаго ты з маім бацькам пасварыўся?

— Я першы год працаваў на трактары і нарабіў агрэхаў... Бацька паглядзеў на маю работу і пачаў пакепліваць: «Пакалупаў зямлю, як свіння лычом...» Ну, пачалі смяяцца... а смех...

— Зразумела...— Вера задумалася.— І нам, Грыша, ёсць за што весці барацьбу, быць сапраўднымі людзьмі... незгасальнымі зорамі, іх на Палессі шмат... яны былі, ёсць і будуць...

Чупрык спыніўся, да яго не дайшло значэнне сказанага.

— Кім? — перапытаў хлопец.

— Незгасальнымі зорамі,— паўтарыла дзяўчына.

— Што гэта азначае?

— Быць працавітымі людзьмі, сумленнымі, прынцыповымі — глядзець у заўтра. Савецкія людзі — дзелавыя людзі. У нас багатая тэхніка. Трэба ад яе ўзяць усё, што яна ў сілах даць. А хіба мой бацька і такія, як ён, якім дзеці памагалі стаць пісьменнымі, могуць самі далей рушыць наша развіццё ўперад? Не! У іх не хапае ведаў. Гэта ўскладзена на нашы плечы.

Яны ішлі далей. Насоўваўся змрок.

— Вось ты якая! — Чупрык устрапянуўся.— Выходзіць, не ўсё зроблена нашымі папярэднікамі...

— Уга! Далёка да гэтага. Вось узяць хоць бы тваё прыстасаванне да камбайна, якое дазваляе жаць палеглае збожжа: рэч, здаецца, простая, але раней яго не прыдумалі... А не было б у цябе ведаў — нічога не выйшла б.

— Не маё, а наша,— паправіў Чупрык.— Ды пра што тут гаварыць, драбніца...

— У добрай гаспадарцы ўсё спатрэбіцца...

— Яно праўда, навука — вялікая рэч,— згадзіўся Чупрык.— Яна дае свае вынікі... Гэта ж адно з вашай сям’і выйшлі настаўніца, інжынер, генерал, аграном, дыпламат і, нарэшце, трактарыстка. Пайшлі палешукі ў людзі...

— Я, Грыша, у маленстве марыла стаць лётчыцай,— успамінала Вера.— Бацьку гэта вельмі радавала...

— Вядома!

— А маці вагалася. «Хацелася б мне,— казала яна не раз,— каб хоць адно маё дзіця асталося пры мне і працавала на зямлі-карміліцы...» Гэтыя словы запалі мне ў душу, і іх я не забыла.

— Па-мойму, у вас у сям'і бацька ўсім кіруе...

— Як сказаць! Каб не маці, дык і бацька не быў бы такі прыкметны.

Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. У свабодны час яны самастойна займаліся вывучэннем камбайна і трактара, а калі пачыналіся канікулы, праходзілі практыку ў мясцовай МТС. Пасля заканчэння школы ён стаў працаваць камбайнерам, а яна трактарысткай.

Вера з Чупрыкам напрасткі ішлі праз лес у сяло Вуглічы, цэнтр калгаса «Светлая паляна».

Лес быў багаты дубам і грабам, часам пападаўся ясень і вяз. Кроны магутных дрэваў паспляталіся ўверсе. Зусім сцямнела. Абуджаліся начныя птушкі, недзе закугакала сава.

— Ой, Грыша, каб не збіцца толькі нам з дарогі,— занепакоілася дзяўчына.

— Што ты! — запярэчыў Чупрык.— Я ў сваім лесе ніколі не заблуджуся...

— Наперад не хваліся...

Насунулася хмара — гэта яна паскорыла набліжэнне цемнаты. Зашалясцела лісце, лінуў спорны дождж. Ісці нельга было, і Вера з Чупрыкам схаваліся пад купчастым дубам. Хлопец зняў з сябе пінжак, і накінуўшы дзяўчыне на плечы, асцярожна абняў яе за талію і прытуліў да сябе.

— Баішся? — ласкава спытаў ён.

— А чаго?! — запярэчыла Вера.— З табою мне нідзе не страшна.

— Праўда?

— А ты хіба не ведаеш!

— Ведаю. А толькі лішні раз не шкодзіць упэўніцца. Цяпер няхай дождж хоць усю ноч лупіць.

— Ой, навошта? І так да ніткі прамоклі... Колькі зараз часу?

Чупрык дастаў гадзіннік, глянуў на чорны цыферблат, які свяціўся фасфарычнымі лічбамі: было дзесяць гадзін.

— Нам да адзінаццаці абавязкова трэба быць дома.

— Будзем,— запэўніў Чупрык і раптам, панізіўшы голас, спытаў: — Вярунька! А ты не шкадуеш, што паслухала мяне і пайшла на трактар працаваць?

— Чаго ж мне шкадаваць, Грышук, калі я адчуваю сябе патрэбным чалавекам. Ды не толькі гэта. Пра нас з табою ўжо ведае ўвесь раён. Учора бацькі былі на кірмашы ў Тураве, дык у маці многія знаёмыя пыталіся: «Ці не твая дачка, Сляпуха, стала такой відушчай, што з Чупрыкам пайшла гэтак угару?»

— Няўжо?

— Дапраўды.

— А цяпер бацька не гаворыць, што збіваю яго дачку з дарогі? «Гадую,— кажа,— дзяўчыну невядома каму, каб хоць людскі хлопец натрапіў...»

— Наадварот, крыўдзіцца, што абыходзіш хату.

— Сёння ж зайду,— паабяцаў Чупрык.

— Ён будзе вельмі рады, а пра маці і казаць няма чаго.

— А адкуль ты ведаеш?

— Бацька на кірмашы нешта купіў, і калі маці спытала, што гэта, дык ён адказаў: «Можа, часам Чупрык пераступіць парог, дык трэба мець пра запас, памірыцца...» Пра нашы адносіны яны крыху ведаюць...

— А што ён мог купіць? — нібы не чуючы апошняга паведамлення, спытаў Чупрык.

— Не ведаю. Калі я з кухні зайшла ў пакой, дык яны змоўклі. Бацька стаў зусім іншы, такі лагодны, хоць да раны прыкладай. Папрасіў мяне, каб я яму, каторы ўжо раз, пачытала пра Антэя.

— І што?

— Сказаў: «Не адрывайцеся, дзеці, ад зямлі-маці, тады ніякія ворагі вас не перамогуць». Мне стала так радасна на душы! А дагадваешся чаму?

— Не.

— Ой, які ты! Ён першы раз звяртаўся да нас з табою.

— І гэта ўсё праўда?

— А хіба я лгаць буду!

— Вярунька! Які я шчаслівы... А каб раз’ехаліся, дык яшчэ невядома, можа б, ніколі і не спаткаліся... А вучыцца ўсюды можна...

Хлопец моцна прытуліў да сябе дзяўчыну і пацалаваў.

— Ой, пусці, Грыша. Хіба можна так... мядзведзь!

— Можна... Каб я ведаў, што твае бацькі згодзяцца на наш шлюб, дык хоць сёння пайшоў бы ў сваты... Мая маці вельмі любіць і паважае цябе... Я ўжо гаварыў пра гэта з Міхалам Буевічам, гэта ж ён нейкая далёкая радня нам, вазьму яго за свата...

— Ой, п’яніца пракляты! Некалі быў дзякам, а цяпер баптыстам стаў; відаць, нейкі старшы ў іх... Кавалак гультая... За год — дзесяць працаднёў мае... Адно языком добра меле... Не прыводзь яго да нас, бо маці качаргою прагоніць.— Вера памаўчала.— Дык, можа, пойдзем? Дождж амаль перастаў...

— Куды нам спяшацца?

— Чарцей ганяць!

— Ты ў сваім розуме? — спалохана вымавіў Чупрык.

— У сваім,— адказала, усміхаючыся, Вера.— Калі сумняваешся, ушчыкні... Які ты смешны — не бачыш, што ў цябе пад носам робіцца...

Вясною памёр Грышаў бацька. Ён жыў з працы рук і меў сякі-такі запас грошай. Стары, бывала, дня не згуляе, у вольны час ад працы ў калгасе бандарыць. Аднаму кадушку зробіць, другому кубелец, трэцяму цэбар. Глядзіш — лішні рубель завёўся. Хата іх была ў канцы вёскі, недалёка ад могілак. Старая аставалася адна дома, бо сын працаваў у майстэрнях і там кватараваў. І вось неяк вечарам перад багамольнай жанчынай з’явіўся самы звычайны чорт з рагамі і хвастом, увесь калматы. Чорт запатрабаваў ад старой грошы, каб выручыць яе мужа з пекла. Маці, млеючы ад страху, дала грошы. Унадзіўся «чорт» і перацягаў усе грошы нябожчыка, а потым узяўся і за сынавы. Некалькі дзён назад Вера спаткала старую, калі тая ішла ў царкву са свечкай у руках і ўся заплаканая. На запытанне, што з ёй, хто яе пакрыўдзіў, старая пра ўсё расказала, але прасіла нічога не гаварыць сыну, бо чорт ёй прыгразіў маўчаць. Ён прыходзіў у пэўныя дні, у адзін і той жа час. І вось Вера вырашыла прасачыць за «чортам», але адна пабаялася і ўгаварыла хлопца схадзіць з ёю.

Палавіну таго, што расказала Вера, было добра вядома Чупрыну, але паяўленне нейкага чорта ашаламіла яго.

— Ну і навіна,— закруціў галавою Чупрык.— Да чаго дайшло!

— Ты здзіўляешся, а чаму табе, Грыша, не заняцца сваёю маткаю? Яна такая даверлівая і забабонная...

— Што ты хочаш ад старой? Цяжка яе перавыхаваць...

— Але можна... Яна такая добрая...

Дождж зусім сцішыўся. Капала з лісцяў, і, калі кропля пападала за каўнер, было непрыемна. Хлопец з дзяўчынай ішлі лесам ужо даўно, а краю ніяк яшчэ не было відаць. Вера спалохалася:

— Па-мойму, мы адхіліліся ўправа.

— Выйдзем, гэты лес не такі вялікі,— падбадзёрваў Чупрык.

— Хоць і невялікі, а да раніцы можна праблукаць.

— Яшчэ што!..

Можа, яны і заблудзілі б, ды голас з рэпрадуктара паказаў, што яны ідуць у патрэбным кірунку. Спачатку пачуўся трэск — гэта ўключылі радыё.

Паскорыўшы крок, абіваючы густыя кроплі сабе на твар і адзенне, Вера і Рыгор ішлі проста на голас. Паведамлялі навіны апошняга дня, гаварылі пра ўборку ўраджаю.

І раптам: «Маладыя механізатары з Палесся, Вера Сляпуха і Рыгор Чупрык, вынайшлі прыстасаванне да камбайна, што дае магчымасць убіраць палеглае збожжа...»

— Рыгорка! Што гэта, сон? — усклікнула Вера.

— Не, Вярунька, наяве. А толькі няўжо наша прыстасаванне такое важнае?

— Мусіць, бо іначай людзі не гаварылі б.

— Гэта ж так проста!

— У прастаце — сіла...

Вера з Чупрыкам паціху праз агароды падышлі да канцавой хаты і схаваліся за плотам. Якая розніца! Ва ўсіх дамах свяціла электрычнасць, а тут паблісквала лампадка. Чакаць доўга не давялося. Вось нехта крадучыся ўвайшоў у весніцы і наблізіўся да акна, паглядзеў у шыбы, нібы правяраючы, хто ёсць у хаце, а потым пайшоў у сенцы. Хлопец з дзяўчынай перабеглі двор і ўляцелі ў хату ў той момант, калі старая даставала з куфра ўкручаныя ў белую хустачку грошы. Пачалася валтузня. Чупрык хутка паваліў «чорта» на падлогу. Вера запаліла святло. Садралі маску з рагамі і ўбачылі Міхайлу Буевіча.

Маці Чупрыка, апранутая ў чорнае, поўная, з вялізнымі сінцамі пад вачыма, стаяла ні жывая ні мёртвая і са страху шаптала:

— А божухна!.. Свят, свят... Што гэта дзеецца на свеце...

Потым старая наблізілася да «чорта», горка скрывіліся яе вусны.

— Дык гэта ты, Міхайла, гэтак з мяне наздзекаваўся... Вось табе, пачвара!.. Ах, антыхрыст!..

— Даруй, Мікалаіха,— прасіпеў Буевіч.

Яго маленькія, чорныя, як гузікі, вочкі бегалі па хаце. Ён расчмыхаўся, выціраў рукой мясісты нос, пад якім чарнелі падстрыжаныя вусікі. Чупрык, узяўшы яго за каўнер, падвёў да дзвярэй:

— Пойдзем, «сват», разлічвацца за грахі.

Мікалаіха падышла да Веры і, пацалаваўшы яе, глухім голасам прагаварыла:

— Дзякую, ягадка, ты мне адкрыла вочы... А я, дурная, не верыла, што чорта людзі выдумалі... Ты, як тое сонца, прынесла ў наш дом радасць...— Мікалаіха выцерла слёзы.— Здаецца, і я на старасці год паразумнела.

...Апрануўшыся ў сіні гарнітур, белую кашулю з гальштукам, Чупрык нясмела зайшоў у хату да Веры, якая даўно яго чакала, каб пайсці пагуляць. Іграў гармонік, і карцела патанцаваць. Адзетая ў блакітную крэпдэшынавую сукенку, у жоўтых чаравіках, з раскручанымі косамі колеру спелага жыта, дзяўчына была сапраўднай вясковай прыгажуняй. На круглых з ямінкамі шчоках у яе іграў здаровы румянец, сярэдняга росту фігура яе была моцна складзеная, стройная.

Бацька Веры, Антон Сляпуха, убачыўшы ў сваёй хаце Чупрыка, па-святочнаму адзетага і вясёлага, не паверыў вачам. Ён узрадаваўся і занепакоіўся (які гэта бацька будзе абыякавы, калі дачка на выданні!). Высокі, крыху сутулы, з няголеным рыжым шчаціннем на барадзе і выцвілымі вачыма, у акулярах на кончыку таўсматага носа, стары выйшаў наперад і ў адказ на прывітанне хлопца падаў яму спрацаваную руку.

— Пра каго гэта, тымчасове, ты мне чытала, дачка? Ага, пра Геркулеса,— усміхнуўся Сляпуха.— Нічога, сілу маем. Яно і я, тымчасове, некалі разгінаў рукамі падкову.— Убачыўшы, як пабліскваюць у іх абоіх вочы, стары перамяніў тон: — Нарэшце прыйшоў, скарыў сваю гордую галаву. Перад кім уздумаў задавацца, Рыгор? Злаваць на таго, хто выгадаваў яму гэтакую красуню?.. Дзе ты бачыў, тымчасове, яшчэ такую?.. Нідзе на свеце не знойдзеш!..

— Тата! — перабіла Вера.

— А што тата, пажартаваць няможна? — дабрадушна бубніў ён.— Нябось кахаецеся?

— Кахаемся,— сказаў нясмела Чупрык.

— Моцна? — пытаўся стары. У вачах яго дрыжалі іскры смеху, але ён стараўся быць сур’ёзным.

— Ага,— сцвердзіў хлопец.

— А ты, тымчасове, што маўчыш? — звярнуўся Сляпуха да дачкі.— Або, можа, другі прыглянуўся?

— Не-е,— збянтэжана апусціла галаву Вера.— Грышка мне самы мілейшы...

— Але, Грыша, тымчасове, мусіць, не вельмі, бо без свата заходзіць? — усміхнуўся ў пракураныя вусы Сляпуха.

— І без свата можна абысціся. Але, калі трэба, дык я на адной назе... Ён хутка будзе тут,— і Чупрык памкнуўся ісці.

— Хто-о? Гэты «чорт» Міхайла Буевіч? — зарагатаў Сляпуха.

— У мяне другі сват ёсць,— пераступіў з нагі на нагу Чупрык.

— А куды ты дзеў Буевіча? — пытаўся Сляпуха.

— Здаў сельсавету. Ну, я мігам.

У хату ўвайшла Антоніха — маленькая, хударлявая, уся ў маршчынах, у цёмным мультановым каптане і чорнай спадніцы, у белай хусцінцы, уся нейкая насцярожаная і нібы нечага спалоханая. Яе вялікія, як і ў дачкі, вочы быццам пыталіся: «Што здарылася?»

— Рыхтуйся, маці, сватоў прымаць,— паведаміў Сляпуха.— Упарадкуем апошнюю дачку, а потым можна і на спакой.

— А дачушка мая, а золатка! — усхліпнула Антоніха.— Як жа ўсё гэта нечакана...

— Трэба адбіць тэлеграмы дзецям, каб усе былі на вяселлі,— гаварыў Сляпуха.— Хочацца ўсіх пабачыць. Хоць, можа, генерал і не прыедзе... Справы ўсялякія...

— Як гэта! — страпянулася Антоніха.— Няхай толькі паспрабуе не выканаць загад маці.

Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася.

— Ну, хопіць, маці, ідзі стол накрывай,— сказаў гаспадар.

...Падрыхтоўка да вяселля скончылася, паз’язджаліся ўсе родзічы дзяўчыны, толькі не было генерала. Яго чакалі з дня на дзень. У сяле вялося шмат гаворкі пра гэтае вяселле. Сяляне зайздросцілі дзецям Антона Сляпухі, толькі не Веры. «Самай меншай не пашанцавала, будзе корпацца ў зямлі, свету белага не бачачы, заўсёды ў мазуце, гразі і пыле». Гэтыя размовы даходзілі да бацькоў, стары маўчаў, сцяўшы зубы, а маці сяды-тады, схаваўшыся ў каморы, каб ніхто не бачыў, возьме і паплача. Гэта яна вінавата, што Вера пасля дзесяцігодкі асталася на зямлі працаваць.

Ды нечакана адно маленькае здарэнне прымусіла глянуць на Веру па-іншаму. Неяк пад вечар да дома Антона Сляпухі пад'ехала легкавая машына. Усе высыпалі на вуліцу: няйначай генерал прыехаў. Але з машыны выйшаў сухенькі стары ў акулярах у залатой аправе з сівай бародкай клінком і падстрыжанымі вусамі, з вострым носам.

— Скажыце, дзе я магу ўбачыць Веру Сляпуху ці Рыгора Чупрыка? — спытаўся ён.

— Я Вера,— пачырванела дзяўчына.— А Чупрык у МТС. Што вам трэба?

— Вы Вера Сляпуха, такая маладая? — здзівіўся прыезджы і адрэкамендаваўся: — А я — галоўны канструктар завода сельскагаспадарчых машын... Віктар Андрэевіч Зарудны. Завод зацікавіўся вашым прыстасаваннем да камбайна... Вы мне раскажаце?..

— Можна.

Яны зайшлі ў хату, за імі хлынулі мужчыны і жанчыны, дзеці. Сабралася палова сяла. Вера, хвалюючыся, расказвала Заруднаму пра сваё вынаходства.

— А вы, Вера Антонаўна, не маглі б мне начарціць?..

— Калі ласка,— сказала Вера.— Я зараз знайду паперу.

— Не турбуйцеся, усё ёсць.

Зарудны дастаў з партфеля паперу. Вера, спяшаючыся, чарціла. Людзі, як на вяселлі, запоўнілі хату і сенцы, стаялі на двары і вуліцы, гаманілі.

— Выдатна! Прасцей і лепш, чым у нас,— загарэліся вочы ў Заруднага.— Віншую вас, Вера Антонаўна, задача вырашана... мы доўгі час над гэтым працавалі... цэлым калектывам... Цяпер падпішыцеся. Вы атрымаеце ўзнагароду за вынаходства...

— Ой, то мы ўдваіх, з Рыгорам... Што вы, якую ўзнагароду?

— Не пярэчце... А як яго пабачыць, каб паціснуць яму руку? Можа, паедзем у МТС?

— А чаму ж не! — узрадавалася Вера.

У гэты час на «газіку» пад’ехаў генерал-маёр Сляпуха. Ён, разгублены, выскачыў з машыны. Да яго падбегла ўся радня.

— Няўжо без мяне згулялі вяселле? — пакрыўджана прабасіў генерал.

— Чакаем, чакаем,— сказала маці, рогам хусткі выціраючы слёзы.— Дарагія мае дзеткі...

— Тады вылазь, жонка, з машыны,— сказаў весела генерал.— А то мы хацелі вяртаць назад...

— Ой, што ты, братка, вяселле толькі заўтра будзе...

Усе былі рады за Веру і Чупрыка, а больш за ўсіх радавалася маці, што яе дачка, працуючы на зямлі, таксама знайшла сваё шчасце.

Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце, незгасальныя зоры!

1954

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com