epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Партбілет

 

 

— Пакажыце ваш партыйны білет,— звярнуўся Нікіцін да ўвайшоўшага ў яго кабінет высокага, стройнага чалавека ў рагавых акулярах, з рыжай клінком бародкай.

Той, захоўваючы ўнутраную ўсхваляванасць, паклаў на стол невялічкую кніжачку ў скураным пераплёце, на якім былі выціснуты літары «ВКП(б)».

Нікіцін, бегла прачытаўшы, акінуў незнаёмага праніклівымі вачыма і, устаўшы, абапёршыся рукамі на стол, здзіўлена спытаўся:

— Старобінскі, Мікалай Кузьміч?

— Але,— сцвердзіў Лявіцкі, сакратар партарганізацыі завода «Усход», які разам з сакратаром гаркома Нікіціным звяраў дакументы членаў партыі свае арганізацыі.— Інжынер. Нядаўна прыбыў.

— Адкуль? — павярнуўшыся да Лявіцкага, спытаўся Нікіцін. Ён быў адзеты ў паўвайсковую гімнасцёрку ахоўнага колеру. У Нікіціна з-пад густых броваў паблісквалі шэрыя вочы. Валасы на галаве былі зачэсаны назад.

— З Урала,— бойка адказаў Лявіцкі, яшчэ зусім малады хлопец і, відаць, неспрактыкаваны партыйны работнік.

Нікіцін ужо каторы дзень асабіста прыводзіў у парадак партыйныя справы, але такога выпадку ніколі не меў. Часам разыходзілася на якую-небудзь адну літару прозвішча ў картачцы і партбілеце. Бывалі выпадкі, калі не сходзіўся год нараджэння: траплялі людзі, якія чамусьці імкнуліся стаць маладзейшымі, а для гэтага, не задумваючыся, «амалоджваліся» на два-тры, а то і болей год. Адным словам, былі непарадкі ў партыйнай гаспадарцы. Нікіцін, старанна праверыўшы кожнага чалавека, заносіў у акт адпаведныя папраўкі. Але ў яго практыцы не было такога выпадку, каб чалавек прыйшоў з чужымі дакументамі і тым больш з дакументамі блізкага і дарагога яму чалавека. У першую хвіліну ён здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі.

— Кажаш, інжынер? З Урала? — звяртаючыся да Лявіцкага, перапытаў Нікіцін. У яго вачах з’явіўся гнеў.

— Інжынер, актывіст,— нічога не падазраючы, адказаў Лявіцкі,— такіх, як ён, у нас мала...

Нікіцін падумаў: «Лепей бы іх зусім не было».

Перад яго вачыма ва ўсёй велічы паўставаў вобраз баявога начдзіва Старобінскага, аб якім ён кожны раз успамінаў з болем у сэрцы. Гэта быў сапраўдны чалавек, бальшавік, задушэўны таварыш, прыроджаны ваенны. З радавога салдата царскай арміі ён вырас да камандзіра дывізіі. Паміж імі была баявая дружба, якая ніколі не забываецца. Яны часта елі з аднаго кацялка кашу, дзяліліся апошнім сухаром.

Мікалай Кузьміч загінуў на яго вачах. У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу боепрыпасаў, вымушана была пакінуць занятыя рубяжы. Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі аддаў загад адступаць і сам кінуўся плысці цераз Нёман. Начдзіў плыў, высока трымаючы над галавою ў адной руцэ партбілет, каб яго не замачыць. Пасля гэтага Старобінскі яшчэ больш стаў блізкім і дарагім.

Партбілет для яго быў самым каштоўным. Разразаючы адной рукой хвалю срабрыстага Нёмана, у другой руцэ Старобінскі, як сцяг, высока трымаў партбілет. Плылі тады яны разам. Нікіцін быў начпалітаддзела дывізіі.

Раптам Мікалай Кузьміч ускрыкнуў. Аглянуўшыся, Нікіцін убачыў толькі кругі ды партбілет, які неслі па цячэнні быстрыя воды.

Так не стала Старобінскага, баявога начдзіва. Нікіцін было паплыў у той бок, дзе загінуў яго таварыш, але чырвонаармеец Храпчанка загарадзіў яму дарогу, крыкнуўшы:

— Таварыш Нікіцін! Белапалякі насядаюць. Прападзём, калі...

А Нікіцін усё ж плыў, але перад ім пачалі лажыцца кулі, і ён павярнуў да берага. Трэба было жывых ратаваць.

Удалым манеўрам тады яму ўдалося захаваць шмат людзей, якія былі асуджаны на смерць. А толькі пасля таго, як бяда мінула, Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет.

Трымаючы ў руках дакумент таго, чыё імя было так дорага для яго і напамінала Нікіціну аб слаўных баявых днях, ён зусім не глядзеў на чалавека, які перад ім стаяў. З маланкавай хуткасцю праносіліся думкі, адна адну пераганяючы. Чалавек, што перад ім стаяў, украдкам паглядаў ва ўсе бакі, з-пад яго акуляраў відаць былі патухшыя вочы. Нікіцін узяў лупу і пачаў разглядаць фотакартку на партбілеце. Сумнення не было: фотакартка не была ў вадзе і літары пячаткі, што заходзілі на фотакартку, крыху не такія. Падняўшы ў руцэ партбілет, гнеўна бліснуўшы вачыма, Нікіцін запытаўся:

— Скажыце, якім чынам трапіў да вас гэты партбілет?

— А гэта доўгая песня,— працадзіў праз зубы чалавек у рагавых акулярах, з рыжай клінком бародкай.

— Вы ведалі таго чалавека, чыё імя насілі?

— Не, не ведаў, але многа чуў.

— Сядайце і раскажыце.

— Дзякую. Не хочацца садзіцца.

— А прыйдзецца.

— Дык там і раскажу.

— Добра.

Нікіцін зняў трубку, набраў патрэбны нумар, пачаў гаварыць па тэлефоне:

— Таварыш Меркулаў! Гэта я, Нікіцін. Прышлі да мяне свайго хлопца. У чым справа? Потым пагаворым. Я табе пазваню. Хоць лепей заедзь сам з тваім чалавекам. Чакаю. Пакуль!

— Та-а-ак,— грузна сеўшы, прагаварыў чалавек з рыжай клінком бародкай. Калі ён нагнуўся, зляцелі акуляры, пабіліся. Ён прамовіў: — Лёс чалавечы, нібы таго карабля: плавае па хвалях мора да той пары, пакуль не наткнецца на скалу якую ці падводны камень...

— Ад гэтага чалавечага карабля асталіся адны трэскі,— паправіў Нікіцін.— Ну, а трэскі — рэч вядомая, хоць і доўга могуць трымацца на паверхні, а толькі немінуча павінны быць прыбіты...

— Што-о? — ускочыўшы, закрычаў чалавек з рыжай клінком бародкай.— Я жыць хачу...

— Прыбіты,— працягваў Нікіцін,— да берага або выкінуты на мель. Я вас слухаю. Вы нешта хацелі сказаць?

«Не! Лепей загінуць, чым выдаць»,— падумаў чалавек з рыжай клінком бародкай. Паглядаючы на адкрытае акно, адкуль урываліся свежыя струмені паветра, ён зусім нечакана для сябе голасна сказаў:

— Так будзе лепей!

У гэты час у кабінет зайшлі двое чалавек у вайсковым.

— Можна? Нас таварыш Меркулаў да вас прыслаў.

— Калі ласка.

— Таварыш Меркулаў сказаў, што ён тут хутка будзе.

— Добра.

Вайскоўцы не ведалі, за чым іх сюды прыслалі, але ўсім сваім нутром адчувалі, што па важнай справе, іначай бы іх не адрывалі ад работы. Паглядзеўшы на чалавека з рыжай клінком бародкай, адзін з вайсковых, старшы па чыну, прайшоўшы роўным цвёрдым крокам, закрыў акно. Звяртаючыся да Нікіціна, па-вайсковаму казырнуўшы, ён запытаўся:

— Што загадаеце?

— Разбярыцеся з гэтым чалавекам, хто ён і адкуль.

— Слухаю.

Чалавека з рыжай клінком бародкай вывелі.

Неўзабаве зайшоў Меркулаў. Нікіцін падрабязна яму расказаў аб начдзіве Старобінскім, папрасіў хутчэй правесці даследаванне. Меркулаў абяцаў гэта зрабіць.

Перад канцом рабочага дня Нікіцін даведаўся (яму Меркулаў пазваніў па тэлефоне), што чалавек з рыжай клінком бародкай — птушка вялікага палёту. Гэта быў вядомы разведчык адной дзяржавы, якога доўгі час шукалі і ніяк не маглі напасці на след. Партбілет Старобінскага Мікалая Кузьміча яму быў дадзены яшчэ тады, калі ён быў за граніцай. Нікіцін да таго ўсхваляваўся, што не мог больш прадаўжаць работу.

— Вось табе і актывіст,— з дакорам паглядзеў Нікіцін на Лявіцкага.— У людзях трэба разбірацца, пільным быць...

«Гэта мне добрая навука,— выходзячы з кабінета, думаў Лявіцкі.— Усё жыццё не забуду гэтага...»

І можа б, Нікіцін у гэты дзень больш зусім не працаваў, каб не падзяліўся ўражаннямі аб здарэнні з членамі бюро гаркома партыі, якія яго заспакоілі.

Позна ўвечары Нікіцін пакінуў свой кабінет і выйшаў на вуліцу. За гэты дзень ён праверыў многа членаў і кандыдатаў партыі, сярод іх былі выдатныя людзі, сапраўдныя бальшавікі. Гэта яго радавала. Партарганізацыя завода «Усход» у сваёй аснове была здаровай, здольнай узначаліць барацьбу за пабудову новага грамадства, павесці за сабою масы аднаго з перадавых заводаў краіны.

Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Паволі ідучы, Нікіцін абдумваў свой жыццёвы шлях. Мала ён зрабіў, каб ушанаваць тых, якія загінулі за радзіму. Праходзячы каля рэчкі, ён успомніў начдзіва. А хто яго ведае? А пра такіх людзей павінна ведаць не толькі наша маладое пакаленне, але і ўвесь свет. Былы батрак — стаў генералам. Вось што рэвалюцыя робіць з людзьмі!

Нікіцін зусім не заўважыў, як падышоў да свайго дома. Насустрач яму выбегла светлавалосая, з блакітнымі вачыма дзяўчынка — яго дачка. Яна радасна шчабятала:

— А нашы коцікі ўжо бачаць! Яны ўжо гуляюць! Так смешна куляюцца!

Нікіцін, пацалаваўшы дачку, накіраваўся ў кватэру.

«Калі б людзі ведалі пра Старобінскага, дык не мог бы так доўга пад яго імем хавацца разведчык,— мроіліся думкі ў Нікіціна.— Выходзіць, я ў першую чаргу вінаваты, які добра яго ведаў. Мы, бальшавікі, за ўсё ў адказе. Сапраўды, чаму многія героі асталіся ў ценю? Трэба ў гэтым разабрацца...»

Гэты дзень у сакратара гаркома быў асабліва напружаным.

1935

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com