epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Пчаляр

 

Каля балотца, на невялікай рэчцы Дрыгвія, што істужкай вілася сярод дубравы, прытулілася вёска Злынька. Мала хто ведаў злынькаўцаў, ціхія яны людзі, а хто ціхага заўважыць? Злынькаўцы не вельмі пнуліся наперад, яны прытрымліваліся погляду: не будзь горкім і не будзь салодкім — горкае праплююць, а салодкае праглынуць. У Злыньцы жыў пчаляр Ціт Акановіч; ціхі, мірны чалавек, ён, бывала, дзіцяці дарогу саступіць і ніколі малога пальцам не кране. Пра яго казалі: «Хоць малы, але дарагі». За ўвесь час, як Ціт займаўся пчалярствам, ён ні аднаго рою не выпусціў на старану. А пасека ў калгасе была на некалькі сот вулляў. Калі часам пчаляр не ўпільноўваў рою, то ён ведаў, дзе пчолы могуць сесці. Адтуль ён прыносіў рой на пасеку.

Другі год ужо Ціт не займаўся пчалярствам. Ела яго нэндза. Чалавек да таго нудзіўся, што нідзе сабе месца не знаходзіў, не мог спаць. Ён быў працавіты, як пчала. Фашысты яго выбілі з раўнавагі. А здарылася гэта так: у верасні месяцы сорак другога года ў вёску нахлынулі эсэсаўцы, павыдзіралі з вулляў не толькі мёд, але і соты. Як ні стараўся Ціт падкармліваць пчол, нічога не выйшла: да вясны не асталося ніводнай сям’і жывой. Засумаваў пчаляр, кожны дзень без дай прычыны сварыўся з сваёй кабецінай. Аднойчы нават, з гарачкі, замахнуўся на яе кулаком.

— На каго падняў руку? — дакорліва пыталася жонка.— Колькі год пражылі, ніколі голасу не падвысіў. Здзяцініўся на старасці. Пчолы, пчолы, былі б косці, мяса нарасце. На каго ты стаў падобны? Высах як шчэпка. Зжаўцеў, як васковая свечка.

— А ты з васковай свечкі не жартуй, ад васковай свечкі Бялынічы згарэлі,— заглядаючы ў акно, аказаўся Ціт.— А божа ты мой, зноў злыдні, каб на іх пярун! І як іх толькі зямля носіць? Што ім ад нас трэба? От напасць! Прыехалі нарыхтоўшчыкі. Ці не па кароў толькі?

Ціт, згорбіўшыся, сядзеў каля акна. Ён быў у кажуху, падпяразаны салдацкай папругай з бліскучай спражкай. На галаве ў старога паблісквала лысіна, а на скронях відаць была сівізна. За год вайны ён страшна асунуўся, завастрыўся нос, апусціліся ад тытуню парыжэлыя вусы (раней ён не курыў). Але ў сініх вачах гарэлі агеньчыкі, а цяпер, калі ён убачыў фашыстаў, гэтыя агеньчыкі былі нядобрыя.

— Прыехалі гаспадарнікі мясанарыхтоўкі праводзіць,— стукаючы ў шыбу, паведаміў сусед.— Стараста загадаў у школу ісці.

— Стары я ўжо ў школу хадзіць,— бубніў Ціт.— У маладосці ўсе класы прайшоў і нідзе не затрымаўся. А цяпер тым больш, не палезуць нямецкія навукі ў галаву. Не хочацца знацца з гэтым гадаўём. Каб яны сцежак не бачылі.

Наста страшна непакоілася за свайго старога, яна з ім век пражыла, але такім не бачыла. За гэты год і Наста здала. І хоць яна была маладзейшай за Ціта на пяць год — яму падбіралася пад шэсцьдзесят,— але выглядала шмат старэйшай. Чорная хустка на галаве рабіла яе бабулькай. За гэты час, як прыйшлі фашысты, яна выплакала вочы і дрэнна бачыла.

— Пойдзем. Важная справа,— не ўнімаўся сусед, стукаючы ў акно,— хочуць забраць кароў, на нішчымніцы людзей пакінуць. З’елі, падлы, калгасны статак. А цяпер мужык аддавай апошнюю карову.

— Знайшлі сякеру за лавай,— надзеючы шапку, бурчаў Ціт.— Маці, дай мне свечку.

— Навошта яна табе спатрэбілася, мой голуб? — здзівілася Наста.

— Зайду ў царкву, памалюся.

— Вазьмі ў шафе.

— Няўжо табе цяжка падаць яе мне?

— Не ў царкву ты, бацька, ідзеш, не грашы. І чаго ты гарыш? Карова толькі зачэпка, табе пчалы шкада. Не вельмі па гэтым убівайся. Будзем жывы, будуць і пчолы.

— Не-е, я ім не дарую, вылюдкам.

— Пайшлі, Ціт, даволі валаводзіцца,— гукаў у акно сусед.

— Іду.

— Мой галубок, мой родненькі,— праводзячы за дзверы, прасіла Наста,— не чапай ліха, пакуль ціха.

— Не, маці, больш не магу... Ці я іх, ці яны мяне...

Каля школы тоўпілася шмат народу. Пераступаючы з нагі на нагу, грэючыся на марозе, гаманілі паміж сабою мужчыны. Патрэсквалі платы. У школу ніхто не заходзіў, чакалі, пакуль іх паклічуць. Людзей, як кажуць, «прабіраў цыганскі пот», але яны не разыходзіліся.

— Люблю парадак! — іранізаваў пчаляр, грэючы акачанелыя рукі.— А то, бывала, пруцца ў сельсавет, каму трэба і не трэба. У старшыні пасядуць на стале падшыванцы і паўз галаву плююць. Уладу трэба паважаць, за паўкілометра шапку здымаць. Панібрацтву канцы.

— Але ж,— нехта не зразумеў іроніі і злосна прашыпеў.— Скуру з цябе дзяруць, а ты ўсміхайся. Дзяцей пазбавілі навукі, кажы — добра. Пчолкі твае ляснулі, ты за гэта падзякуй.

— І падзякую,— заявіў пчаляр, ідучы за школу.— Фашысты навучылі мяне ўладу паважаць. То я ім аддзячу.

Ужо дыміўся тыльны бок школы (у ёй змяшчалася камендатура), калі Ціт выйшаў адтуль. Калаціліся коні, што былі прывязаны да паркана, фыркалі, стрыглі вушамі. Ажывіліся мужчыны, яны чакалі нечага незвычайнага, у трывозе паглядаючы на камендатуру. На ганак выйшаў гаспадарнік, ён пагардліва паглядзеў на сялян, важна пачаў прамову.

— Грамадзяне! — гаварыў па-руску гаспадарнік.— Нямецкай арміі патрэбна мяса. Злынька павінна даць восем кароў. Параіўшыся, мы вырашылі: адну карову дасць пчаляр, двое старых, на печы седзячы, могуць і без малака абысціся. Ну, а астатнія сем — самі размяркуеце. Мы ў вашы парадкі не ўмешваемся.

Загаманілі мужчыны, кіпела на сэрцы, але ніхто не адважваўся першым пачаць бунт. Тады пчаляр падышоў да гаспадарніка і крыкнуў:

— Пчол замарылі голадам, а цяпер за людзей узяліся. Вось табе брыда, каб не паскудзіў нашу зямлю!

Пчаляр падскочыў і цюкнуў каменем гаспадарніка па галаве, той і асунуўся. Злынькаўцы кінуліся ў школу і там таўклі фашыстаў, як пацукоў; выкідвалі на снег. Ціт загадаў грузіць забітых гітлераўцў, а сам размашыстым почыркам напісаў: «Мы адваявалі! Так будзе з кожным, хто паквапіцца на чужое дабро». Пчаляр прыбіў дошчачку з надпісам да саней, пасадзіў забітага гаспадарніка за фурмана і выправіў іх у дарогу.

Увесь дзень злынькаўцы хадзілі як самі не свае, яны ніяк не хацелі згадзіцца з Цітам, што фашысты могуць растрэсці вёску, але кожны паціху, каб сусед не бачыў, рыхтаваў зброю: выцягвалі вінтоўкі з-пад стрэх, выкапвалі з зямлі.

— Навошта ты дастаў гэтую згубу? — непакоілася Наста.

— Эт, яна есці не просіць,— апраўдваўся Ціт.

— А што ты майструеш?

— У хлопцаў у атрадзе няма мін.

— Яшчэ хату ўзарвеш, такі мінёр.

— Уга.

— Растрасеш ты вуглы.

— Усё роўна нам тут не зімаваць, выкураць з вёскі,— заглядаючы ў акно, разважаў Ціт.— Яно так і ёсць. Ну, старая, збірайся ў дарогу. Бачыла, колькі іх прэцца, няпрошаных гасцей. Няйначай, разведка. То мы іх пачастуем!

Тым часам злынькаўская варта, якая была выстаўлена на дарозе, адбіла раз’езд фашыстаў. Школа ўжо дагарала. Злынькаўцы, як мурашкі, цягнулі дабро. Яны рушылі ў лес, неахвотна пакідаючы цёплыя куткі. Толькі злынькаўцы схаваліся ў лесе, як успалыхнуў агонь, гэта гарэла вёска. Валам валіў дым, шугала полымя, высока ляцелі іскры. Чутна была страляніна. Фашысты білі ва ўсе бакі. І так, ціхі, мірны чалавек стаў на шлях змагання з фашыстамі. Цяпер ён паволі ішоў, думаючы думу, як мацней ударыць па фашыстах, бо з гэтымі злыднямі жыць нельга. «Добра ваююць нашы хлопцы,— думаў Ціт,— але можна яшчэ мацней біць фашыста. Трэба зрабіць так, каб яны баяліся кожнага куста».

Позна ўвечары злынькаўцы дайшлі да лагера партызан. На чале атрада народных мсціўцаў стаяў праслаўлены ў баях Цімох Гаркавец. Ён не любіў сядзець без справы, шукаў фашыстаў і іх знішчаў. Гаркавец не мог цярпець, калі бачыў, што той ці іншы атрад бяздзейнічае.

Што да сялян, то ён прытрымліваўся погляду: «Прайшоў час, калі казалі — мая хата з краю. Хочаш мірна жыць, бярыся за зброю. Хочаш жыць — забі фашыста». Пчаляра ён ведаў даўно і лічыў, што стары рана ці позна прыйдзе да яго, бо гітлераўцы наступілі на яго любімы мазоль, пчол звялі. І калі Гаркаўцу данеслі, што злынькаўцы ідуць да яго, ён шчыра ўзрадаваўся.

— Гэтыя будуць ваяваць,— заявіў ён.

Задаволены, Гаркавец, прыгінаючыся, хадзіў па зямлянцы. Ён быў высокім, стройным, чыста паголены. У яго карых вачах свяціліся аганькі радасці. «Народ паднімаецца на барацьбу,— думаў Гаркавец,— не ўстаяць ворагу». З малых год Гаркавец жыў у вялікіх гарадах, перш у Ленінградзе, а потым у Маскве. І хоць ён сам быў беларусам, але добра не ведаў сваіх людзей.

— Вось што, Гаркавец,— гаварыў уголас камандзір атрада,— прызнайся, што ты не ведаў беларуса. Але, але. Ты ўяўляў яго па Некрасаву, худым, згорбленым, забітым, а ён зусім не такі. З сарака васьмі тваіх год дваццаць пяць год ты памыляўся. «Прызнайся, што ты раб, напалову перастанеш ім быць». Цэлая вёска паўстала, гэта табе не жартачкі. Ды што там вёска, увесь народ падняўся за свой гонар, свабоду і незалежнасць. Такі народ будзе жыць.

Гаркавец загадаў сустрэць злынькаўцаў па сялянскаму звычаю, з хлебам і соллю, пачаставаць мяснымі кансервамі (бляшанкай на дваіх) і выдаць па чарцы спірту. Надоечы партызаны разграмілі фашысцкі гарнізон у мястэчку Дрыгвічы і захапілі склад з харчаваннем, так што было чым частаваць. Самому ж Гаркаўцу трэба было ехаць да брыгаднага камандзіра.

— Чаго задумаўся, камісар? — збіраючыся выходзіць з зямлянкі, спытаўся Гаркавец.— Чым будзем жыць заўтра? Яны з намі дзяліліся апошнім. Без іх мы нішто, а з імі ўсё. Каб не народ, то мы тут даўно б загінулі. І не скупіся, стары, на слова, калі чалавек заслужыў, пахвалі яго, ён будзе яшчэ лепшым. Хто з нас не любіць ласкавага слова? Ну, усяго добрага!

Злынькаўцы пад’язджалі да стаянкі партызан, як да сябе дадому. Лагер нагадваў казачны «ледзяны дом». І тут не было так страшна, як уяўлялася, седзячы на печы. У партызан быў узорны парадак. Гэта сялянам вельмі спадабалася. Позна ўвечары, накормленыя і напоеныя, разыходзіліся людзі па зямлянках. Усе былі ў захапленні ад слоў камісара, які назваў злынькаўцаў «сапраўднымі патрыётамі, вернымі сынамі і дочкамі свае радзімы».

Пад поўнач браўся сіберны мароз, скрыпела пад нагамі, трэскалі дрэвы, свяцілі зоркі. А пчаляр, ідучы са сваёю старою,— ён добра ўзяў у губу, некалькі разоў адно і тое паўтараў:

— От, каб, здаецца, да ўсяго таго, што было на стале ды кіслага гурка з мёдам... язык праглынеш. Ой, пчолкі, пчолкі, яны яшчэ ў мяне загудуць.

— Загудуць,— сцвярджала Наста.

З кожным месяцам усё цяжэй і цяжэй стала дзейнічаць на чыгунцы. Фашысты выпускалі наперадзе паяздоў дрызіны з мінашукальнікамі. Паязды хадзілі толькі днём і то з курамі навыперадкі, пад узмоцненай аховай варты. Вясною да таго стала строга, што не падступіцца да палатна чыгункі.

— А ўсё ж, камандзір, дазволь мне пайсці на аперацыю,— прасіўся Ціт.— Дарма есці хлеб на хачу.

— Ёсць каму і без цябе хадзіць.

— Пу-у-сці.

— Ну што ж, калі табе так зажадалася, то ідзі,— неахвотна згадзіўся Гаркавец.— А толькі больш адной міны я табе не дам. Ведаеш, як іх цяжка даставаць.

— Добра,— узрадаваўся пчаляр,— а другая міна ў мяне ёсць, сам зрабіў.

— Ёю толькі вераб’ёў палохаць,— усміхнуўся Гаркавец.

— Паглядзім!

Каторую гадзіну Ціт з групай старых партызан сачылі за фашысцкай вартай. Вось прайшоў даўгі фашыст, праехала дрызіна, тады пчаляр кінуўся да чыгункі. Ён дзе поўз, а дзе бягом бег. Ціт хутка паставіў міну. Далёка пачуўся паравозны гудок. Пчаляр скаціўся з чыгуначнага насыпу і, прыгінаючыся, пабег у лясок.

Партызаны залеглі і з хваляваннем чакалі набліжэння поезда: ён паволі рухаўся. Раптам поезд спыніўся, з яго выскачыў чалавек, паглядзеў, дзе была закладзена міна (спяшаючыся, не замаскавалі), нешта па-нямецку прагаварыў і пачаў махаць рукамі. Адзін партызан прыцэліўся і хацеў стрэліць, але Ціт яго стрымаў. Пахкалі фашысты ва ўсе бакі, але ніадкуль адказу на іх страляніну не было. Фашысты падбеглі і пачалі размініраваць. Партызаны ж у гэты час так драпанулі, што апынуліся наперадзе поезда за некалькі кіламетраў. Праўда, у гэтым ім памог адзін фашысцкі шафёр — у партызан былі павязкі на рукавах — ён прыняў іх за паліцэйскіх і давёз да сто першай вярсты, на гэтай жа чыгунцы.

Пчаляр не ўнімаўся. «Галаву складу,— думаў ён,— але не прапушчу гэты поезд да фронту». Дый як ты з’явішся ў атрад без усялякіх вынікаў? Старая не дасць жыцця. Ён надумаўся паставіць міну, якую сам зрабіў, а партызанам загадаў залегчы ў ляску і падагнаць поезд. Праскочыла дрызіна, прайшоў паражняк. Ціт выбраў месца на пералеску і, спяшаючыся, заклаў міну.

Нарэшце паказаўся поезд з-за павароту, гэта быў эшалон з боепрыпасамі і жывой сілай. Партызаны, як дамовіліся, далі некалькі залпаў па паравозе, каб падагнаць машыніста, а потым білі па хвасце. Збянтэжаны машыніст-немец набраў вялікую хуткасць і ўсё яшчэ прыбаўляў пары, каб праскочыць пералесак, і, не заўважыўшы, наскочыў на міну. Пачуўся выбух. Зваліўся з рэек паравоз. Зашыпела пара. Вагоны, насядаючы адзін на адзін, ляцелі пад адхон. А партызаны ўсё білі і білі, не даючы фашыстам апомніцца.

Позна ўвечары пчаляр, задаволены, з’явіўся да камандзіра ў зямлянку.

— Дазвольце далажыць, заданне выканана. На сто першай вярсце пушчан пад адхон эшалон з боепрыпасамі і жывой сілай праціўніка.

Гаркавец выслухаў старога партызана, дастаў флягу, пачаставаў Ціта спіртам і на закуску даў агурка з мёдам. Ён спецыяльна ад брыгаднага прывёз гэты падарунак пчаляру. Ціт доўга ў той вечар не спаў, ён апавядаў старой пра свае прыгоды, часам крыху ад сябе дадаваў, без гэтага на вайне не бывае. Пчаляр марыў пра пасеку ў калгасе аж на пяцьсот вулляў.

— А ўсё ж такі пчолкі загудуць, загудуць,— засынаючы, гаварыў Ціт.— Не буду я, калі не пастаўлю на сваім. Курыць ужо кінуў, пчала не любіць гэтага.

Старая, сцягнуўшы боты, угаварыла Ціта легчы, накрыла яму ногі ватоўкай. Стары захроп. Наста паціху гладзіла яго спрацаваную руку, аберагала сон партызана, што і на старасці год упрыгожваў яе жыццё.

1944

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com