epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Перад бурай

 

 

Дзьмулі жнівеньскія вільготныя вятры, гналі з узмор’я свінцовыя хмары, засцілаючы блакітнае неба. Усё наваколле, нібы дыванамі, было ўслана цёмна-зялёнымі сенажацямі. На адным баку балотнай паўнаводнай рэчкі, якая змейкай выкручвалася сярод кустоў лазы, на невялічкай градзе ўзвышаліся кучаравыя бярозы. У рэчку ўпалі пакручаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал багністых берагоў.

Каля рэчкі важна стаяў на адной назе бусел, аглядаючы прасторы. З-за куста выскачыў хлапчук з падкасанымі па калені калашынамі, шпурнуў палку ў бусла. Той, нібы дражнячыся з хлапчуком, пастаяў з паднятымі крыламі, гатовымі да ўзлёту, а потым сабраў іх і паважна, як на шпацыры, пайшоў у бок узгорка, на якім зелянелі прысадзістыя яліны з зубчастымі вершалінамі.

На паплавах узвышаліся крыху парыжэлыя ад дажджу і ветру стагі, пахла духмяным сенам. Каля будана трымцелі на ветры рыбалоўныя снасці, дрыжалі тонкія канцы вудзільнаў, побач з касой ледзь прыкметна пагойдвалася на суку дубальтоўка, кідаючы цень на зямлю. Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву. Віліся чырвоныя стужкі навокал пачарнелага, падвешанага на перакладзіне салдацкага кацялка, у якім варылася небагатая страва. З кацялка тырчаў пучок зялёнай цыбулі, якая яшчэ не паспела змяніць свайго колеру.

За буданом, схаваўшыся ад пранізлівага ветру, сядзіць на пні чалавек. Ён, нахіліўшыся над паперамі, нешта піша. Па ўсім відаць, што праца ідзе добра, бо чалавек піша радок за радком. Ён да таго захапіўся работай, што ў задуменні падняў руку і хацеў пагладзіць галаву, зусім забыўшыся, што ён у шапцы. Ён сёння ўжо напісаў некалькі старонак дробным, уборыстым, косым почыркам. Задаволены, чалавек прыжмурыў вочы, каля іх сабраліся маршчынкі; хацеў быў узяцца за бараду, але ўспомніў, што яе няма; паглядзеў на сціснуты кулак і сам сабе ўсміхнуўся. Ён, відаць, яшчэ не прызвычаіўся да таго, што барада паголена. Потым чалавек зняў шапку і павесіў на сучок. Вецер раздзімаў яго чорныя як смоль валасы.

Хаваючыся ад агентаў Часовага ўрада, Уладзімір Ільіч апынуўся ў будане паблізу станцыі Разліў. Сышчыкі збіліся з ног, каб знайсці месца, дзе хаваўся Ленін, але ім гэтага зрабіць не ўдалося.

— Канстанцін Пятровіч! — занепакоілася жанчына, што варыла яму абед: яна ўгледзела незнаёмага рыбалова, які хадзіў каля рэчкі.— А чаму вы без шапкі?..

Уладзімір Ільіч схамянуўся і, надзяваючы шапку, збіў парык, з-пад якога відаць быў вялікі лоб. Потым Уладзімір Ільіч устаў, выпрастаў спіну, заклаў пальцы ў кішэнькі камізэлькі і звычайнай, сваёй даволі імклівай і паспешлівай паходкай, злёгку ўсміхаючыся, відаць, натхнёны работай, прайшоўся, а потым, паглядзеўшы ў бок рыбалова, насцеражыўся. Не такое ўжо тут рыбнае месца, што яны сюды зачасцілі.

Закружыў вецер, падхапіў лісты рукапісу; хлапчук падбег і сабраў лісты, асобныя месцы былі падкрэслены адной і дзвюма рыскамі, і прачытаў: Ф. Ф. Іваноўскі, «Дзяржава і рэвалюцыя». Хлапчук хітра ўсміхнуўся — ён ведае сакрэт Канстанціна Пятровіча, ведае, пад якім прозвішчам выйдзе яго кніга. А хто такі Канстанцін Пятровіч? Бацькі хлапчуку гэтага не сказалі, аднак дзіцячая душа, відаць, нешта адчувала, і ён вельмі цікавіўся госцем. Яны за апошні час так падружылі, што хлапчук гатоў быў дзень і ноч праводзіць з Канстанцінам Пятровічам, які расказваў яму шмат цікавага.

У хлапчука былі круглыя ружовыя шчокі і кірпаты рабаціністы нос. Быстрыя сінія вочы падлетка ўсміхаліся, ён гатоў быў сваволіць. А маці непакоіла, што гэта за рыбалоў ходзіць па беразе, але яна не падавала выгляду, што хвалюецца.

Падышоўшы да хлапчука, Уладзімір Ільіч заўважыў, што з падлеткам адбываецца нешта такое, міма чаго даросламу ніяк нельга прайсці — можна пакрыўдзіць чулую дзіцячую душу. Ленін дапытліва паглядзеў на хлапчука, жадаючы дазнацца, якая ў яго радасць.

— Канстанцін Пятровіч! — не вытрымаў хлапчук.— А я таксама пішу... Паглядзіце...

— О-о-о, вершы,— усміхнуўся Уладзімір Ільіч.— Ну, значыць, прыйдзецца даць стрэліць... Ты ўжо амаль паэт...

Хлапчук ад радасці аж падскочыў: Канстанцін Пятровіч разгадаў яго патаемныя думкі.

— А толькі ты перш за ўсё вучыся,— сказаў Уладзімір Ільіч.— Паэту трэба многа ведаць, каб было пра што людзям гаварыць.

— Дзе ён толькі сёння не быў са сваім вершам, нават на станцыю хадзіў, мусіць, каб пахваліцца перад настаўнікам, перад сябрамі...— цешылася з сына маці.

— У яго ўзросце многія пішуць вершы,— зазначыў Уладзімір Ільіч і павярнуўся да хлапчука: — А толькі нешта ў цябе з рытмам не ладзіцца, ды і рыфмы трапляюцца слабаватыя...

— А я яго нанава перапішу...

— Хіба толькі!..— усміхнуўся Уладзімір Ільіч.— Цяжка быць пісьменнікам...

— Канстанцін Пятровіч! Можа, абедаць будзеце? — запыталася жанчына.

— Нешта не хочацца,— адказаў Уладзімір Ільіч і, паглядзеўшы на гадзіннік, дадаў: — Хоць ужо і час. А як у нас з прадуктамі?

— Прадукты ёсць, Канстанцін Пятровіч,— жанчына паглядзела на хлапчука, які пабег да рэчкі, а потым паведаміла: — Таварышы з Піцера паклапаціліся.

— Таварышы з Піцера шлюць, а там ім самім цяжка,— прагаварыў Ленін.— Я яшчэ крыху папрацую.

— Не, Канстанцін Пятровіч,— стаяла на сваім жанчына.— Вы ад самай раніцы працуеце. Адпачылі б трохі, прагуляліся ці схадзілі б на паляванне. Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічыны! Мне і так ад мужа хопіць на арэхі. Суровы наказ — карміць вас у пару. Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог.

У голасе жанчыны чуліся ноткі просьбы. Ільіч паглядзеў на яе добрыя, поўныя цеплыні карыя вочы, на загарэлы твар і згадзіўся паабедаць.

— Значыць, абедаць абавязкова? — мыючы рукі, з усмешкай запытаўся Ільіч.

— Так,— падаючы ручнік спрацаванымі рукамі, сказала жанчына і заспяшалася да стога, дзе быў схаваны абед. Яна сама сабе падумала: «Які ён просты і добры, а я баялася — як з ім гаварыць».

Уладзімір Ільіч, сеўшы на траве, пачаў з апетытам абедаць.

Перад ім на пасланай белай сурвэтцы стаяла талерка са страваю, ад якой ішла пара, ляжаў хатняй выпечкі накроены чорны хлеб. Кабета збоку наглядала за Ільічом, шчаслівая, што абед яму спадабаўся.

Хлапчук падбег да агню і пачаў поркацца ў прыску, час ад часу хітра пазіраючы на Канстанціна Пятровіча, каб звярнуць на сябе ўвагу.

— Дык як, Петрусёк,— загаварыў Ільіч,— пасля абеду пойдзем на паляванне?

— Пойдзем,— ажывіўся хлапчук і адразу выпаліў: — А толькі я не Петрусёк, а Віця Разліўцаў!

— Чаму? — здзівіўся Ільіч.

— А чаму вы Фы Фы Іваноўскі? — адказаў пытаннем на пытанне хлапчук, а пасля дадаў: — Віця між іншым, а Разліўцаў таму, што жывём недалёка ад станцыі Разліў.

Ільіч весела засмяяўся, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы. Прамільгнула думка: «Патрэбна вялікая асцярожнасць: часам людзі, зусім не хочучы зрабіць нічога дрэннага, могуць прагаварыцца і нашкодзіць справе».

— А каб пра мяне хто распытваў,— вырашыў праверыць Ільіч хлапчука,— што б ты сказаў?

Уладзімір Ільіч, прыжмурыўшы вока, уважліва глядзеў на хлапчука, чакаў адказу.

— Гэта наш госць, Канстанцін Пятровіч Іваноў, з Сестрарэцка,— вось што я адказаў бы... Канстанцін Пятровіч! Бульбу печаную будзеце есці? — прапанаваў хлапчук.— Лепш любога кампоту!

— З прыемнасцю,— згадзіўся Ільіч. Ён пераканаўся, што хлапчук не ведае, хто такі Канстанцін Пятровіч Іваноў, і заспакоіўся.

Уладзімір Ільіч ахвотна ўзяў з рук падлетка падрумяненую сопкую скараспелку і пачаў абскрабаць яе ножыкам.

— Канстанцін Пятровіч! — не сунімаўся хлапчук.— Вы былі ў Піцеры, а ці бачылі вы Леніна?

— Бачыў,— насцярожана адказаў Ільіч і запытаўся: — А што?

— Ды раніцаю на станцыі абкружылі поезд, ва ўсіх правяраюць дакументы, кажуць, шукаюць Леніна. Сабралася многа людзей. А нейкая бабулька хрысціцца і просіць бога, хоць бы не знайшлі Леніна. «Напакутаваўся,— кажа бабулька,— ён за нас пры цару, а цяпер гэты пракляты Керанскі хоча Леніна зноў у турму пасадзіць і зрабіць з ім расправу». А потым хтосьці крыкнуў: «Не дадзім арыштаваць Леніна!» — «Не дадзім!» — адказаў натоўп. А каб вы бачылі, як людзі былі рады, калі даведаліся, што Леніна не знайшлі.

— Рады? — перапытаў Ільіч.

— Ага,— пацвердзіў хлапчук.— А Лёнькаў тата, стрэлачнік, сказаў: «Нашага Леніна не так проста ўзяць. Ён яшчэ пакажа гэтаму Керанскаму, дзе ракі зімуюць, будзь здароў!»

— Гэтак і сказаў?

— Няўжо ж,— прагаварыў хлапчук, і ў яго загарэліся вочы.— А які Ленін? Мусіць, вялікі-вялікі? Бальшавік?

— Бальшавік,— пацвердзіў Ільіч.

— Канстанцін Пятровіч! — падышоўшы, запыталася жанчына.— Можа, вы адпачнеце? Лезе ён са сваімі размовамі.

— А мы з ім гаварылі пра тое, ці ведае ён, як зваць госця, калі б хто пытаўся,— усміхнуўся Ільіч.— А потым перайшлі на палітыку...

— А ён каб што і ведаў, дык нічога не сказаў бы,— з гордасцю за сына прагаварыла маці.— Ён умее трымаць язык за зубамі. Бацька з маленства прывучыў.

— Мы з ім пойдзем на паляванне.— Ільіч паглядзеў на пачырванелыя ногі хлапчука і спагадліва сказаў: — А толькі ты босы, холадна будзе...

— Нічога, босаму лягчэй,— адказаў хлапчук.

— Канстанцін Пятровіч, можа, чаю вып’еце? — запытала жанчына.

— Пасля.— Ільіч паглядзеў у бок будана і, звяртаючыся да хлапчука, спытаў: — Ну як, Разліўцаў, гатоў?

— Іду, Канстанцін Пятровіч!

— Возьмеш стрэльбу.

— Добра.— Хлапчук быў рады, што яму даверылі дубальтоўку. Ён ускінуў яе на плячо і важна прайшоў каля маці. Кабета правяла паляўнічых добрым позіркам і ў думках пажадала: «Шчаслівай дарогі!»

Жанчына заглянула ў будан, павесіла плашч. Яна лічыла за шчасце, што даглядае за Уладзімірам Ільічом. Яе толькі непакоіла тое, што пачыналіся дажджы, ноччу ў будане было холадна і вільготна, ён сям-там пачынаў прасвечваць. Яна агледзела будан, расправіла сена, падбіла падушку. «Такі чалавек,— падумала жанчына,— вымушаны хавацца ў будане. Якая ж гэта рэвалюцыя?.. Буржуі ўзялі верх...» Яна ўспомніла словы мужа: «Але разбушуецца мора людское і выкіне іх, як і цара, на сметнік. Страшны ў гневе народ».

У Разліве, на станцыі, на розныя галасы пераклікаліся паравозы. Жанчына паглядзела ў кірунку станцыі і заўважыла чалавечую постаць — чалавек ішоў у гэты бок. Яна зменшыла агонь, каб не выкіпела ў кацялку страва, узяла граблі і пайшла насустрач незнаёмаму. Ёй здалося, што ідзе нейкі вайсковы. Яно так і было — ішоў чалавек у шынялі. Жанчына зусім неўзаметку для сябе стала кусаць пазногці.

Як толькі незнаёмы параўняўся з жанчынай, ён прыветліва запытаў:

— Вы што, ужо ўправіліся з сенам?

— Ды не яшчэ, надвор’е не спрыяе,— адказала насцярожана жанчына і дадала: — Клімат тут такі, што хутка не ўхопіш. Раніцай сонца свеціць, а ўдзень дождж ідзе. А як у вас?

— А ў нас таксама благі клімат,— націснуўшы на слова «клімат», шырока ўсміхаючыся ў чорныя вусы, адказаў незнаёмы.— Але нічога, Марыя Іванаўна, перажывём. Будзе і на нашай вуліцы свята...

— Адкуль вы мяне ведаеце?

— Ад вашага мужа, Максіма, ён сказаў мне вашы прыкметы. Вось вам ад яго запіска, каб не сумняваліся,— і незнаёмы працягнуў канверт.

— А вы хто? — іншым тонам запытала жанчына.

— Сярго,— вочы яго смяяліся.— Чулі такога?

— Таварыш Сярго! А як жа! Мне Максім пра вас гаварыў.

— Вельмі добра,— вітаючыся за руку, сказаў Сярго.— Будзем знаёмы. Мне трэба пабачыць Канстанціна Пятровіча. Як яго здароўе?

— Нічога.

— Што ён цяпер робіць?

— Пайшоў з сынам на паляванне.

— Далёка?

— Не. Бачыце, вунь ходзіць каля возера.

— Я пайду туды.

— Калі ласка. Ды толькі адпраўце адтуль сына, каб ён не перашкаджаў вам.

Сярго, відаць, хацеў штосьці сказаць, але Марыя Іванаўна яго перабіла:

— Яму ўжо час ісці дадому. Я каля будана буду яго чакаць.

— Добра,— ласкава ўсміхнуўся ў вусы Сярго.

І ён наўпрост пайшоў да возера. Жанчына, ідучы, наглядала, як Сярго лёгка перабіраўся з купіны на купіну, скарачаючы шлях. «І гэты, відаць, таксама з арлінага племя,— падумала Марыя Іванаўна.— Недарма кажуць: «Скажы, хто твае сябры, і я скажу, хто ты». Кабета вярнулася да будана і стала рыхтаваць вячэру.

Калі Сярго падышоў да Ільіча, дык нават разгубіўся. Хоць ён і ведаў, што Ленін загрыміраваны, але не чакаў, што гэта так зменіць чалавека.

— Што, не пазналі? — засмяяўся Ільіч.

— Зусім перамяніліся.— І Сярго хутка пайшоў насустрач да Леніна.— Як вы тут сябе адчуваеце?

— А нічога, мяне прыходзілі ўжо наймаць касіць,— пасмейваючыся, гаварыў Ільіч.— Вось толькі дажджы... дастаюць і ў будане.

— У ЦК меркавалі знайсці вам бяспечную кватэру. Мажліва, прыйдзецца пераехаць вам у Фінляндыю...

— Іншага выйсця я не бачу.

— Канстанцін Пятровіч! — падбег хлапчук да Ільіча і спыніўся, уважліва разглядаючы з галавы да ног незнаёмага. Панізіўшы голас да шэпту, ён вымавіў: — Вунь там, за аерам, качар!

— Так і быць, адзін набой у нас яшчэ ёсць, паспрабуй ты сваё паляўнічае шчасце,— і Ільіч, падміргнуўшы, даў хлапчуку стрэльбу.

У Петруся ад радасці ажно засвяціліся вочы. Хлапчук, прыгінаючыся да зямлі, як добра спрактыкаваны паляўнічы, пайшоў у бок азерца, берагі якога зараслі аерам. Уладзімір Ільіч і Арджанікідзе сачылі за хлапчуком. Пятрусь злажыўся і стрэліў. Качар залапатаў крыламі, узняўся і імкліва падаўся ўбок.

— Ах ты, якая прыкрасць! — прагаварыў Ільіч.— Нешта нам сёння не шанцуе, грамадзянін Разліўцаў.

Збянтэжаны хлапчук падбег да Ільіча і, спяшаючыся, сказаў:

— Канстанцін Пятровіч! Не завіце мяне Разліўцаў.

— Добра,— усміхнуўся Ільіч.— З гэтай мінуты ты зноў Пятрусь.

— І дазвольце, я пайду да будана.

— А што ты там будзеш рабіць?

— Дапамагаць маме,— адказаў хлапчук і дадаў: — А можа, якую рыбіну ўдасца падчапіць.

— Ну ідзі і стрэльбу занясі.

Хлапчук ускінуў дубальтоўку на плячо і хутка пайшоў да будана.

— Хіцёр! — усміхнуўся Сярго.— А маці непакоілася, што сам ён не здагадаецца. Тактоўны хлопец!

Уладзімір Ільіч і Арджанікідзе прыселі каля стога сена, які быў так нахілены, што, здавалася, не вытрымае моцнага напору ветру. Арджанікідзе паведаміў, што ўсе ўказанні Уладзіміра Ільіча па правядзенню нелегальнага з’езда партыі выкананы. Ільіч, перагортваючы прынесеныя Арджанікідзе матэрыялы з’езда, які толькі што адбыўся ў Петраградзе, гаварыў:

— Так, так... Вось іменна, саюз пралетарыяту і бяднейшага сялянства — умова перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі. А які настрой у Піцеры? — запытаўся ён, адарваўшыся ад матэрыялаў.

— Рабочыя і салдаты масамі пакідаюць меншавікоў і эсэраў,— адказаў Сярго.

— Гэта добра,— прамовіў Ільіч і, падумаўшы, дадаў:— Нам трэба будзе браць уладу сілаю... А што ў Маскве? Як у Мінску?

— I ў Маскве, і ў Мінску, і ў Луганску, і ў Іванаве мы маем паварот народнага руху да нашай партыі.

— Так і павінна быць,— Уладзімір Ільіч падняўся і, ідучы з Сярго да будана, уголас разважаў: — Паўстанне выспявае. У хуткім часе большасць народа будзе за нас. Нам трэба будзе ў час падняць народ на барацьбу. Перад гэтым неабходна мець канкрэтны план паўстання: як выкарыстаць вайсковыя часці, флот і чырвонагвардзейцаў, якія рашаючыя пункты трэба будзе ў першую чаргу захапіць, каб забяспечыць поспех паўстання. Вялікая, архіадказная задача. Усё прадугледзець!.. Трэба будзе стварыць Партыйны цэнтр па кіраўніцтву паўстаннем...

Яны падышлі да будана. Над возерам узнімаліся хмары, завываў і скуголіў вецер, стала холадна. Жанчына прапанавала Уладзіміру Ільічу шарсцяную хустку, але ён адмовіўся. Убачыўшы, што хлапчук ад холаду пасінеў, Ільіч накінуў на яго плечы хустку і прапанаваў маці ісці з сынам дадому.

— Павячэраеце, тады я пайду,— нясмела запярэчыла Марыя Іванаўна.

— Было б што вячэраць, самі ўправімся,— сказаў, усміхаючыся, Уладзімір Ільіч.

— Як жа гэта так? Тады хоць я разалью вам,— жанчына адчувала, што Уладзіміру Ільічу трэба пагаварыць з Сярго, аднак яе непакоіла, што яны застануцца галоднымі. Убачыўшы разгубленасць жанчыны, Ільіч згадзіўся зараз жа павячэраць.

— А чай мы самі згатуем,— сказаў ён.

Жанчына падала ў талерках юшку, якая прыемна пахла прыправаю.

— Выключная юшка! — пахваліў Сярго страву.

Пасля вячэры гаспадыня хутка прыбрала посуд і, задаволеная, што госці павячэралі, пайшла з хлапчуком дахаты. На развітанне яна ад душы пажадала:

— Спакойнай ночы!

— Прыемнага сну! — адказаў Ільіч, праводзячы ласкавымі вачыма гасцінную гаспадыню.

Амаль усю ноч Уладзімір Ільіч прагаварыў з Сярго, абмяркоўваючы пытанні рэвалюцыі ў Расіі, план заваёвы бальшавікамі ўлады, перспектывы развіцця сацыялістычнай дзяржавы. У сваім багатым уяўленні ён бачыў ужо народы Расіі свабоднымі, краіну індустрыяльнай і каапераванай, з шырокай сеткай магутных электрастанцый. Новая Расія стане на чале прагрэсу свету.

Пачало днець. Паглядзеўшы на гадзіннік, Сярго захваляваўся:

— Мне, Уладзімір Ільіч, трэба ісці на поезд. А вы крыху адпачніце!

— Ідзіце,— развітваючыся, прагаварыў Уладзімір Ільіч.— Дзякуй за весткі, матэрыялы з’езда, кнігі... Дзейнічайце, як умовіліся!..

Раніцаю Марыя Іванаўна застала Уладзіміра Ільіча за касьбой — гэта была яго зарадка. Пасля снедання і да самага абеду Уладзімір Ільіч, не адрываючыся, пісаў, а пасля з хлапчуком пайшоў на прагулку.

Жанчына заўважыла, як нехта набліжаўся да будана. Яшчэ здалёку яна пазнала па паходцы мужа. Пад пахай у яго быў кажушок.

— Як Ільіч? — вітаючыся, запытаў Максім.

— На прагулцы,— паведаміла Марыя Іванаўна.

— З Піцера яшчэ прыслалі прадуктаў. Я іх палажыў у кухонную шафу. Ты нешта хацела сказаць?

— Ведаеш што,— занепакоілася Марыя Іванаўна,— чагосьці зачасцілі каля будана людзі. Учора на світанні прыходзіў нейкі наймаць Ільіча касіць.

— Аб гэтым я ўжо ведаю, мне сказаў Сярго. Я праверыў таго чалавека.— Максім насупіў бровы, з-пад якіх паблісквалі блакітныя вочы.— А яшчэ што?

— Не падабаецца мне адзін рыбалоў, які ўвесь час снуе каля рэчкі. Сёння, каб адчапіцца, купіла ў яго шчупака.

— А як ён адзеты? — устрывожыўся Максім. Ён выцер хусцінкай спацелы лоб, да якога прыліплі русыя валасы.

— У салдацкай ватоўцы, з кацялком на рэмені. У яго цераз усю правую шчаку рубец, мусіць, на вайне параніла.

— А-а-а,— Максім зачасаў пяцярнёю валасы на прадаўгаватай галаве,— я яго бачыў, гаварыў з ім. А ўсё ж трэба яшчэ пацікавіцца...— Максім чмыхнуў носам.— Душа чалавека не кажух, не вывернеш...

— Толькі каб добра ўсё абышлося,— непакоілася Марыя Іванаўна.

— Ільіча трэба берагчы,— пасуравеў Максім.— Ты зразумей толькі, Марыя: тут, у будане,— штаб рэвалюцыі.

— Ведаю. А навошта ты нясеш гэты кажушок? — здзівілася яна.

— Госцю накрыцца.

— Няўжо ж ты нічога лепшага не знайшоў? — упікнула Марыя Іванаўна.

— Няважна, што стары. Каб не было падазронасці,— растлумачыў Максім.— А многа сёння зрабіў Ільіч?

— Многа. Вельмі многа. З самай раніцы, не адрываючыся, працаваў. Я заўважаю: як толькі ў яго хто пабудзе, з’яўляецца прыліў сілы. Уражанне такое, нібы ён спяшаецца...

— Колькі ў гэтага чалавека энергіі, якая працаздольнасць! — разважаў Максім.— А ўсё чалавек для нас робіць, для людзей, якія з мазаля жывуць. Мы, масы, вялікая сіла — гэта правільна, але калі б у нас не было створанай Леніным партыі, калі б не было яго баявых саратнікаў і вучняў, цяжка нам прыйшлося б.

— А чаму яны да нас не прыедуць? — спыталася Марыя Іванаўна.

— З’ездам былі занятыя,— адказаў Максім.— Ой, колькі ў іх работы! — Максім падумаў.— Але яны будуць тут, абавязкова будуць. Бачыш, Сярго ўжо наведаў.

— Вельмі добра! — узрадавалася Марыя Іванаўна, што ўгледзіць памочнікаў Леніна.

— А як Петрусёк трымаецца, не назаляе Ільічу?

— Не,— адказала Марыя Іванаўна і спыталася: — А якія навіны ў Піцеры?

— Павар’яцелі служкі Керанскага: усюды шныраць, робяць вобыскі. На кожнай станцыі правяраюць дакументы, шукаюць Леніна.

— Непрыкметнаму чалавеку спакайней жыць на свеце,— заключыла Марыя Іванаўна.

— Дзіва! — згадзіўся Максім.— Чаго толькі цяпер у Піцеры не плятуць пра Ільіча: адны кажуць, што Ленін уцёк у Германію на мінаносцы, а другія — на падводнай лодцы.

— Выходзіць, Ільіч абвёў сышчыкаў вакол пальца,— задаволена ўсміхнулася Марыя Іванаўна.

— Так,— пацвердзіў Максім.

Яны падышлі да агню.

У кацялку гатавалася вячэра. Марыя Іванаўна асталася каля будана, а Максім пайшоў у бок рэчкі: там хадзіў Уладзімір Ільіч.

Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і, калі хавалася сонца, было холадна, вецер праймаў да касцей.

Сустрэўшыся з Ільічом, Максім перадаў яму пошту ад ЦК і Крупскай і газеты. Ільіч падышоў да будана, сеў на пень, з прагнасцю прачытаў карэспандэнцыю, прагледзеў газеты і, нібы нешта ўспамінаючы, сам сабе сказаў:

— «Бура! Хутка ўдарыць бура!»

— А як хутка? — запытаўся Максім, а пасля заўважыў: — Мужык не дачакаецца, пакуль узыдзе сонца...

— А мужык чакае ўсходу сонца? — нібы сам у сябе запытаўся Ільіч і адказаў: — Чакае... Вось і створым дзяржаву рабочых і сялян... Мне нават уяўляецца герб першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, там абавязкова павінен быць серп і молат... А рэвалюцыя не за гарамі, яна набліжаецца... Можа, праз месяц ці два...

— Ага, Сярго казаў вам, што Каменеў і іншыя патрабавалі, каб вы з’явіліся на суд контррэвалюцыянераў?.. З’езд выказаўся супраць гэтага, лічачы, што гэта быў бы не суд, а расправа.

— Казаў. Гм-гм.— Ільіч бліснуў разумнымі іскрыстымі вачыма, а потым заліўся смехам.— Дзіўна, простым людзям зразумела, што трэба рабіць, а каменевым і ім падобным... Хоць, што з іх узяць... Балота!..

— А як ідзе праца над кнігай?

— Трэба паскорыць тэмп, таму што пасля не будзе часу,— сказаў Ільіч і, схіліўшы набок галаву, задумлівы, прайшоўся, відаць, у яго выспяваў нейкі план дзеяння. Потым сеў і пачаў чытаць кнігу, прывезеную Сярго, робячы на палях нейкія адзнакі, па-рознаму вымаўляючы сваё «гм-гм».

Марыя Іванаўна хоць і зварыла вячэру, але не ішла дадому, ёй хацелася самой дагледзець Леніна. Яна асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Уладзіміра Ільіча. А Максім пайшоў да рыбалова. Асцярожнасць не зашкодзіць.

— Ну, як справы, зямляк? — падышоўшы, запытаў Максім.

— Дрэнь,— злосна адказаў рыбалоў, збіраючыся ісці.— Больш мае нагі на гэтай рэчцы не будзе.

— Якая тут рыба!..— падтрымаў Максім.— Увесь дзень дзеці плюхаюцца.

І яны разышліся. Рыбалоў не выклікаў падазронасці.

Максім заспакоіўся. Цяпер ён сам сядзеў з вудай над рэчкай, але рабіў гэта толькі для прыліку: на самай справе ён ахоўваў свайго госця. З гэтага месца добра відаць былі ўсе подступы да будана.

Хутка садзілася сонца. Неяк дзіўна кігікаючы, праляцела чарада белых з чорнымі крыламі чаек. Нізка, дастаючы да вады, снавалі ластаўкі.

Здалёку чуўся шум лесу. Выў вецер, недзе грымнуў гром, даляцелі сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланак. Насоўваліся з узмор’я чорныя хмары. Ільіч цяпер быў зусім не такі, якім яго прызвычаіліся бачыць у часе працы і адпачынку, а нейкі іншы, асаблівы, увесь у будучым.

Пасля Ільіч зноў сеў, узяў паперу, нешта хутка напісаў, паклаў запіскі спачатку ў адзін канверт, а потым у другі, заклеіў і спытаўся:

— А дзе ж Максім?

— Ён рыбу вудзіць,— адказала Марыя Іванаўна і крыкнула: — Максім!

— Іду! — азваўся Максім і хутка падышоў да Ільіча.

— Гэтыя пісьмы трэба хутчэй адправіць з самым надзейным чалавекам у Піцер. Хоць лепей было б, каб вы заўтра самі адвезлі.

— Добра.— Максім паглядзеў на гадзіннік і сказаў: — Ёсць добрае правіла: што можна зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра...

— Вельмі добрае правіла,— згадзіўся Ільіч, весела ўсміхаючыся.— Толькі сёння вы не паспееце. І ў мяне будуць яшчэ даручэнні, а сёння я іх не ўпраўлюся падрыхтаваць... Ах, кароткі дзень...

— Можа, павячэраеце? — звяртаючыся да Ільіча, запыталася Марыя Іванаўна.

— Можна,— сказаў Ільіч.— Дый чайку не пашкодзіць... пагрэцца... ноч, відаць, будзе халодная. Але што нам, рыбакам, прызвычаіліся... Вось калі нам кажушок спатрэбіцца!..

Марыя Іванаўна падала вячэру. Уладзімір Ільіч, смакуючы, еў, а потым піў чай упрыкуску з цукрам.

Марыя Іванаўна сабралася дадому.

— Добрай ночы, Уладзімір Ільіч! — пажадала яна.

— І вам таксама! Хустку вазьміце!

— А я сумысля вам яе пакінула, накрыецеся ноччу,— на хаду адказала Марыя Іванаўна. Жанчына ішла дахаты лёгка, бо адчувала, што, даглядаючы Ільіча, робіць вельмі важную справу.

Згушчаліся хмары; аблажыла ўсё неба, стала цёмна, як у калодзежы. Загрукаў гром, бліснула маланка, і як з вядра лінуў дождж.

— Марыя Іванаўна, пэўна, яшчэ не дайшла дахаты,— заклапочана вымавіў Уладзімір Ільіч.

— Нічога, яна ў мяне вынослівая,— адказаў Максім.

— Жанчыну трэба берагчы,— сказаў Уладзімір Ільіч.— Маці і Радзіма — самыя дарагія ў нас словы!.. Ну вось, хутка мы створым сацыялістычную дзяржаву. Для гэтай справы не пашкадуем жыцця...

Яшчэ доўга разважаў уголас Ільіч, прабаўляючы ноч, якая так раптоўна насунулася. Час ад часу бліскала маланка, асвятляючы паплавы. Тады відаць былі бурбалкі, якія падскаквалі ў лужынах, што аблеглі кругом грудок, на якім стаяў будан.

Доўгай была тая ноч. Ірвалі неўгамонныя вятры, і толькі пад раніцу стала ціха, як перад бурай.

1947

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com