epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Родная дарога

 

 

На ўзгорку, непадалёк ад асфальтаванай дарогі, па якой увесь час снуюць машыны, выраслі карпусы новага завода. Яго акружаюць гонкія сосны, якія нагадваюць, што тут яшчэ не так даўно ўзвышаўся цёмна-зялёны бор, а ў далёкім мінулым, мусіць, была непраходная пушча, і, можа, вось такі самы волат-зубр, які красуецца на заводскай агароджы, вольна разгульваў тут.

З другога боку дарогі будаваўся новы горад. Як ён непадобны на стары Мінск, на тыя крывыя і брудныя вуліцы з урослымі ў зямлю дамамі, у сутарэннях якіх даўней жылі рабочыя. Светлыя фарбы новых дамоў, чыстыя вуліцы, абсаджаныя маладымі дрэўцамі, прыемна цешаць вока чалавека.

І навокал — будоўля. Усюды рыштаванні. Вось узнімаюцца ў неба стройныя заводскія коміны, узвышаюцца кварталы жылых дамоў для рабочых, пракладаецца трамвайная лінія, укопваюцца слупы для вулічных ліхтароў. І ўдзень і ўночы кіпіць напружаная праца.

З варот завода выходзяць магутныя машыны, пабліскваюць срабрыстыя зубры. На бартах машын размашыстым почыркам напісана: «Беларусь — новабудоўлям». Па шэрай стужцы асфальтаванай дарогі, здаецца, мяккай, як аксаміт, ідуць і ідуць машыны, пад імі дрыжыць зямля. Машыны ідуць да пагрузачнай пляцоўкі. Ад гэтых прыгажуноў-асілкаў не адарваць вачэй.

Раніца. Толькі што ўзышло сонца.

У прысадах, на непафарбаванай лаўцы, сядзіць юнак. Твар энергічны, карыя вочы смяюцца. Малады рабочы адзеты па-святочнаму: ён у светла-шэрым гарнітуры, у белай вышытай кашулі, на адвароце пінжака — медаль. «Як не ганарыцца гэтымі гмахамі! — паглядзеўшы на карпусы завода, думае юнак.— Мы збудавалі іх сваімі рукамі».

Павярнуўшыся і прыўзняўшы галаву, ён глядзіць на таварыша, які толькі што падышоў, трохі старэйшага за яго хлопца ў сіняй блузе. Той пытаецца:

— Куды, Аляксей, выбраўся?

— Суправаджаць машыны буду. Чуў пра Жыгулі? Аж туды! — паведаміў Аляксей Баркоўскі і з гордасцю дадаў: — Беларускі самазвал! Нам таксама ёсць чым на людзях пакрасавацца. За машыны нашай маркі не будзеш чырванець.

Аляксей глянуў на свой медаль «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» і, хітра паглядаючы на Хвядоса Кляшчэвіча, прадоўжыў:

— Трэба сказаць, што будаваць не лягчэй, чым ваяваць. І ўсё ж чалавеку ахвотней ствараць, чым разбураць. За якія-небудзь пяць год такога набудавана, што дзіву даешся. На нашых вачах горад з руін і попелу ўзнялі. А наш завод пасылае ўжо новабудоўлям каторы эшалон з машынамі.

— Усё гэта правільна,— сказаў Хвядос,— а толькі...

— Што? — насцярожыўся Аляксей.

— Непрыемна гаварыць, але мушу, паколькі лічу цябе сваім найлепшым сябрам,— пачаў, хвалюючыся, Хвядос.— Ты дабіўся некаторых поспехаў і на гэтым спыніўся. Не думаеш, як вышэй узняцца.

— Няхай майстры і тэхнікі думаюць.

— А ты сам?

— Ат! — махнуў рукою Аляксей.

— Адкуль у цябе такая параднасць? — наступаў Хвядос.— Ты, кажуць, учора так выхваляўся нашымі машынамі, што прыкра было слухаць.

— А хіба благую машыну стварылі?

— Не благую, але трэба стварыць яшчэ лепшую. У Жыгулях вадзіцелі могуць даць шмат каштоўных заўваг. Трэба будзе табе да іх прыслухацца, каб нам улічыць у далейшай рабоце.

— Ну!

— Вось паглядзіш!

— Заўтра буду праязджаць па родных мясцінах,— задумліва сказаў Аляксей. Ён хацеў перавесці размову на іншую тэму.

— А чаму ты ніколі не з’ездзіш на радзіму? Птушка і тая ласку мае да таго месца, дзе вывелася, з выраю туды ляціць.— Хвядос з дакорам спытаўся: — Можа, магіла бацькоў не прыбрана?..

— Каб жа была магіла,— цяжка вымавіў Аляксей.— Хіба я табе не казаў? Усіх нашых фашысты сагналі ў гумно і падпалілі... Нічога на вогнішчы не асталося, вецер нават попел развеяў па полі...

Аляксей пасуровеў, у яго заморгалі вочы, і ён адвярнуўся.

Хвядос адчуў сябе няёмка, што сваім неасцярожным дакорам прымусіў сябра засмуціцца. А ўсё гэта здарылася таму, што яны паміж сабою — у Хвядоса таксама бацькі былі расстраляны фашыстамі — стараліся пра гэта не гаварыць, каб не трывожыць нанесеных ран.

— А як хочацца ўбачыць родныя мясціны, паглядзець, чаго дасягнулі землякі,— прагаварыў Аляксей. Ён успомніў сцежкі, дзе бегаў малым у школу, у якой пазнаў хараство роднага слова, успомніў першыя крокі барацьбы, калі быў у партызанскай разведцы.

Пачуўся заводскі гудок, Аляксей нібы прачнуўся.

— А ведаеш, Хвядос, пра што я зараз падумаў?

— Пэўна, што я дрэнны сябра.

— Не.

— А што?

— Вельмі мала мы робім для таго, каб фашысты больш ніколі не глуміліся над людзьмі.

— Мы з табою ці наогул нашы людзі?

— Канешне, мы.

— Тады згодзен.— Хвядос падумаў.— Хоць у тваім кавальскім цэху ўвогуле не дрэнна наладжана праца.

— Чаму ўвогуле? — нездаволена запытаў Аляксей.

Хвядос пачаў тлумачыць Аляксею, што можна было б яшчэ зрабіць у іх кавальскім цэху.

— Адкуль ты так ведаеш кавальскую справу, ты ж слесар? — здзівіўся Аляксей.

— Усё адтуль жа, з палітэхнікума,— усміхнуўся Хвядос.— Ты часам вечар дарэмна страціш, а я, глядзіш, падвучуся трохі. А што ведаеш — за плячыма не насіць!..

— Кавалём можна быць і не вучыўшыся,— унурыў галаву Аляксей.

— Дарэмна,— запярэчыў Хвядос.— Каб быць увесь час перадавіком, для гэтага трэба вучыцца.

— Ты зноў пра сваё!

— Калі ж вельмі балюча за цябе — спыніўся і топчашся на месцы. А нашаму пакаленню рабочых трэба будзе яшчэ і не такое рабіць. Трэба будзе асвоіць атамную энергію ў мірных мэтах. А для гэтага патрэбен культурны рабочы. Даўно ў нас прайшоў той час, калі выхваляліся невуцтвам...

— Як прыеду, падумаю. Можа, і праўда, што ты кажаш.

Хлопцы весела паглядзелі адзін на аднаго, засмяяліся.

Падымалася сонца. Сваімі яркімі праменнямі яно асвятліла радасныя твары юнакоў.

Пачуліся звонкія дзявочыя галасы, вясёлая гаворка. Хвядос страпянуўся, паглядзеў на сябе, ці ўсё ў парадку, спадзеючыся спаткаць дзяўчыну, з якою дружыў. Яны ўмовіліся тут сустрэцца і разам ісці на завод. На твары Хвядоса з’явілася ветлівая ўсмешка.

Хлопцаў акружылі дзяўчаты, у спяцоўках, з чырвонымі хусцінкамі на галовах. Прысады напоўніліся гамонкай, нібы птушыным шчэбетам лес вясною. Адна з дзяўчат, не зважаючы на таварышак, нахілілася да Хвядоса. Аляксей паглядзеў у другі бок, адкуль падыходзіла смуглявая дзяўчына з доўгімі косамі. У хлопца засвяціліся вочы. Хлопец з дзяўчынай, спаткаўшыся вачыма, ласкава ўсміхнуліся.

— Ты што, Аляксей, хіба сёння не збіраешся ісці на работу? — запыталася дзяўчына з косамі.

— Не, я еду ў Жыгулі, павязу новабудоўлям нашы машыны,— урачыста паведаміў хлопец.

— Праўда? Зайздрошчу табе! — усклікнула дзяўчына.

— Што перадаць будаўнікам? — спытаўся Аляксей. Дзяўчына з доўгімі косамі абвяла сябровак позіркам і адказала:

— Зямны паклон ад беларускіх дзяўчат. Мы будзем з усіх сіл ім памагаць у іх вялікай працы!

— Правільна! — пачуліся галасы дзяўчат.

— Добра сказала, смуглянка,— адобрыў Аляксей.

— Як, як? — перапытала дзяўчына.

— Смуглянка,— паўтарыў юнак.

Усе засмяяліся. Трапны выраз мог стаць мянушкай дзяўчыны. Гэтак тут вялося. У Хвядоса была мянушка — Сасна, бо хлопец, будучы сакратаром камсамольскага камітэта, абвясціў паход за захаванне лесу вакол завода, а ў Аляксея — Каваль, гэта ішло ад яго прафесіі. Але так іх у вочы ніхто не адважваўся зваць, акрамя блізкіх сяброў.

— Ты, Аляксей, толькі хутчэй вяртайся,— не звяртаючы ўвагі на смех, сказала дзяўчына з доўгімі косамі і пачырванела. Яна схіліла галаву і наском чаравіка выводзіла літары: «Ка-валь».

— Добра,— узрадаваўся Аляксей. Ён упершыню адчуў, што яму прыемна быць з гэтай дзяўчынай, ёсць аб чым гаварыць.

— Аляксей там доўга не затрымаецца,— усміхнуўся Хвядос, паказваючы на выведзенае дзяўчынай слова «Ка-валь».

Хрысціна, так звалі дзяўчыну з косамі, сумелася, яе шчокі паружавелі. Гэта вельмі пасавала да яе твару. Дзяўчына ўсё больш падабалася Аляксею.

Пачуўся другі гудок.

Рабочыя, спяшаючыся, ішлі на завод. Моладзь таксама гуртам рушыла за імі.

Каля заводскіх варот Аляксей развітаўся. Хрысціне ён моцна паціснуў руку. Яна адказала яму ўзаемнасцю і, паглядзеўшы ў яго вочы, апусціла галаву. На твары ў дзяўчыны адбіўся смутак, ёй не хацелася хоць на кароткі час разлучацца з Аляксеем. Правёўшы вачыма дзяўчыну за вароты завода, Аляксей павярнуўся і, не спяшаючыся, пайшоў да пляцоўкі, дзе пагружалі машыны на платформы. Хлопец адчуў нейкую асаблівую радасць на душы, яму захацелася спяваць...

 

Эшалон з машынамі, якія праводзіў Аляксей, імчаўся на ўсход. Поезд на малых станцыях зусім не спыняўся, а на вялікіх доўга не затрымліваўся. Усюды яму была адкрыта дарога. Надпісы «Беларусь — новабудоўлям» служылі своеасаблівым пропускам.

Веснавое сонца абпальвала вясёлы твар хлопца, сустрэчны вецер развяваў яго непакорныя русыя валасы. Аляксей прыгадаў даўнюю песню і заспяваў:

 

Наш паровоз вперед летит...

 

Аляксей ехаў па роднай дарозе. У гарадах дыміліся фабрычна-заводскія коміны, на палях працавалі трактары, узвышаліся слупы з электрычнымі правадамі. Мільгалі лясы і пералескі, распасціраліся шырокія калгасныя палі. У Аляксея маланкай праносіліся думкі, абганяючы адна другую. І раптам да свядомасці хлопца дайшло, што ён і сапраўды заспакоіўся на дасягнутым і далей не расце, не вучыцца, у той час калі шмат хто з таварышаў, ну хоць бы той жа Хвядос, даўно яго абагналі. Аляксею стала непрыемна ад гэтай думкі, ён хацеў адмахнуцца ад яе, але нічога не выходзіла.

Праязджаючы па родных мясцінах, Аляксей пачаў больш уважліва глядзець па баках. Раптам сэрца яго сціснулася, хлопец да крыві прыкусіў губу. На тым месцы, дзе стаяла вялізнае калгаснае гумно, у якім былі спалены фашыстамі бацькі, зелянела рунь.

Над рэчкай, якая сіняй стужкай агінала вёску, стройнымі радамі стаялі новыя хаты калгаснікаў. На вуліцы гулялі дзеці, на старым дубе, які перажыў ужо не адну вайну, бусел майстраваў сабе гняздо. У Аляксея пасыпаліся з вачэй слёзы, і ён іх не саромеўся. З усяго роду Баркоўскіх Аляксей адзін астаўся жывы. «Усё гэта не дае мне ніякага права стаяць на месцы»,— падумаў ён. Прыйшоўшы да такога вываду, хлопец некалькі супакоіўся. Паглядзеўшы на эшалон, якому чыгуначнікі адкрылі «зялёную вуліцу», юнак падумаў: «Ну так, калі не расцеш, дык адстаеш. Трэба вучыцца». І яму стала прыемна на душы.

З хваляваннем Аляксей вёў сваім ходам калону аўтамашын да Камсамольска, да месца прызначэння. Вось і славутыя Жыгулі, прыгажуня Волга — маці рускіх рэк, пра якую людзі стварылі гэтулькі цудоўных песень, казак і легенд. Але якім ні было ўяўленне юнака адносна багацця тэхнікі на будоўлі, тое, што ён тут убачыў, прыемна здзівіла і парадавала.

Аляксей, як гаспадар, абыходзіў будаўнічую пляцоўку. Тут упраўна працаваў экскаватар «Уралец», там пад’ёмны кран транспартаваў металічныя фермы для мантажу блокаў шлюза, убаку ўзнімалі металічныя фермы будучай канатнай дарогі, далей вялі электразварку арматуры на днішчы шлюза. Аляксей спыніўся ў кар’еры, дзе ішла загрузка каменем дваццаціпяцітоннага самазвала.

— Ну, як машына? — з гордасцю запытаў Аляксей.

— А ты хто? — насцеражыўся вадзіцель.

— Прадстаўнік завода,— важна паведаміў Аляксей.

— Дасканалага, як вядома, яшчэ людзі нічога не стварылі,— схільны пафіласофстваваць, разважаў вадзіцель.— Калі б гэта было так, чалавецтва спыніла б развіццё...

— Усё ж? — дапытваўся Аляксей.

— Нядрэнная машына, а толькі...

І вадзіцель, хітра паглядаючы на хлопца, стаў выкладаць, якія, на яго думку, мае недахопы самазвал. Тут і цяжкае кіраванне машынай, і тое, што не ўсюды самазвал можа прайсці, і некаторыя дэталі хутка спрацоўваюцца. Аляксей апусціў галаву і пачухаў патыліцу, яго нібы халоднай вадой аблілі. Вадзіцель, убачыўшы, як ён моцна ўразіў сваімі словамі юнака, лезучы ў кабіну нагружанага самазвала, усміхаючыся, кінуў:

— А ўвогуле машына добрая...

— Добрая? — узрадаваўся Аляксей і памкнуўся да самазвала, але вадзіцель закрыў ужо кабіну і ўключыў матор.

Машына загула, закалацілася, застагнала. Цяжка скрануўшыся з месца, яна падмінала пад сябе каменне і розны друз, уціскала ўсё гэта ў грунт, пакідаючы глыбокі след. Узрушаны Аляксей стаяў, праводзячы яе вачыма.

Юнак выйшаў з кар’ера акрылены. Пранізлівы волжскі вецер ледзь не збіў яго з ног. Падставіўшы спіну ветру, хлопец паволі пайшоў у бок плёса магутнай ракі. Апынуўшыся на вялікай будоўлі, якой жыве ўся краіна, юнак адчуў у сабе нейкі новы прыліў энергіі.

І калі раней у хлопца была патаемная думка пафарсіць на людзях сваёю машынаю, дык цяпер з’явілася жаданне пагаварыць з большай колькасцю людзей, каб выявіць усе недахопы машыны і ў далейшым яе ўдасканаліць. Юнак прыгадаў словы вадзіцеля: «Дасканалага, як вядома, яшчэ людзі нічога не стварылі»; добра сказана. «Простая думка, а я да яе не дайшоў,— разважаў Аляксей.— Вось што значыць зазнацца. А ўсё гэта, мусіць, ад таго, што да мяне лёгка прыходзілі адна за адной перамогі».

І ўсё ж Аляксей не хацеў здавацца. «А можа, гэта і не зусім так,— падумаў ён, накіроўваючыся да галоўнага інжынера будаўніцтва.— Буду трымацца так, як і трэба трымацца ў такіх выпадках прадстаўніку завода». І Аляксей, узняўшы галаву, пайшоў у напрамку да ўпраўлення будаўніцтва.

Галоўны інжынер Рудніцкі, ужо сівы, у акулярах з залатой аправай, без чаргі прыняў Аляксея як прадстаўніка адной з саюзных рэспублік, машыны якой ужо даўно заваявалі сабе славу. Калі Аляксей зайшоў у кабінет, Андрэй Міхайлавіч устаў, выйшаў з-за стала і з радасцю спаткаў юнака.

— Прывезлі машыны? — паціскаючы руку, сказаў Рудніцкі.

— Так.

— Многа? — прапануючы рукою сесці, запытаў Рудніцкі.

— Эшалон.

— Малавата,— нахмурыўся Рудніцкі.— Абяцалі больш...

— Затое добрыя,— сеўшы ў мяккае крэсла, не без гонару заявіў Аляксей.

— А гэта ўжо нам лепей вядома,— дастаючы з шуфляды стала нейкія паперы, зазначыў Рудніцкі.— Машыны вашы сапраўды добрыя, я дзіўлюся таленту беларускага народа, які ў кароткі тэрмін дабіўся такіх выдатных поспехаў, але... мы вось адносна вашых аўтамашын падрыхтавалі невялічкае пісьмо...

І, перадаўшы Аляксею пісьмо, Рудніцкі, спяшаючыся, стаў гаварыць пра недахопы не толькі дваццаціпяцітоннага, але і сямітоннага самазвалаў.

— Андрэй Міхайлавіч! — усклікнуў Аляксей, у яго ад хвалявання пачырванелі шчокі.— Ці не залішне высокія вы прад’яўляеце нам патрабаванні? У нас на заводзе ў пераважнай большасці працуюць маладыя рабочыя...

— Новабудоўлі чакаюць ад вас больш дасканалай машыны,— спакойна прадаўжаў Рудніцкі.— Калі вы не спыніцеся на дасягнутым, дык неўзабаве створыце такую машыну. А для гэтага трэба вучыцца...

І, нягледзячы на сваю занятасць, Рудніцкі расказаў юнаку, як ён яшчэ ў стары час набываў па крупінцы веды, як, ужо будучы пасівелым, вывучаў класікаў марксізма-ленінізма і як гэта памагло яму ў рабоце.

— Вы, пэўна, камсамолец? — запытаў Рудніцкі.

— Так.

— Вучыцеся?

Аляксей нічога не адказаў, а толькі заліўся чырванню аж да самых вушэй.

— Звярніце ўвагу на акт,— сказаў, устаючы, Рудніцкі.— Мы забракавалі адну машыну, вельмі ж усё ў ёй не да ладу... Гэта, зразумела, выключэнне, але...

— Добра, дзякую,— заспяшаўся Аляксей.— Пастараемся, каб больш гэтага не было... Усяго добрага!

— Бывайце здаровы! — паціснуў на развітанне руку юнака Рудніцкі.— Перадайце калектыву завода вялікае дзякуй.

— Ага,— успомніў Аляксей.— Нашы дзяўчаты прасілі мяне перадаць будаўнікам гідраэлектрастанцыі зямны паклон... Яны абяцалі з усіх сіл памагаць новым будоўлям.

— Дзякую, шчыра дзякую,— захваляваўся Рудніцкі.— Перадайце ім, што мы будзем працаваць так, як гэтага патрабуе ад нас партыя, народ, Радзіма.

Юнак выйшаў з кабінета. «Вось табе і пакрасаваўся на людзях»,— падумаў Аляксей. Выцершы хустачкаю лоб, хлопец пайшоў да Волгі, каб на развітанне палюбавацца прыгажосцю вялікай рускай ракі.

* * *

Скоры поезд імчаў на захад. Аляксей не адрываў вачэй ад акна, любуючыся падмаскоўнымі пейзажамі. Белыя бярозы, нібы кланяючыся, амаль даставалі веццем зямлю. Юнак час ад часу заглядаў удалячынь, дзе ўсё яшчэ відаць быў на Ленінскіх гарах універсітэт, які будаваўся. Хлопец цвёрда вырашыў: «Як прыеду, адразу бяруся за вучобу!»

Чым бліжэй Аляксей пад’язджаў да свайго краю, тым больш пачынаў хвалявацца. Хлопцу здавалася, што поезд цягнецца вельмі марудна.

Праязджаючы на зары па роднай дарозе, Аляксей адкрыў акно. Уварваўся свежы вецер. Хлопец цяпер убачыў не толькі новыя калгасныя хаты, але і людзей, якія дружна выходзілі на работу. Ён убачыў статак тлустых кароў, чароды пародзістых авечак і гаманлівых гусей, якіх выгналі на пашу. Юнаку здалося, што яго землякі дасягнулі большага, чымся ён, і яму стала сорамна за самога сябе. Ён пакляўся ў думках: «Буду працаваць і вучыцца ўсё сваё жыццё».

Пад’язджаючы да станцыі Мінск, Аляксей выглянуў у адкрытае акно і ўбачыў на пероне Хрысціну і Кацю з Хвядосам. Гэта яго ўзрадавала, бо тэлеграму аб сваім звароце ён даваў толькі аднаму Хвядосу Кляшчэвічу.

— Вось дык навуку прайшоў, век буду помніць,— замест прывітання паведаміў Аляксеў і дадаў: — Каб каваць шчасце на зямлі, і кавалю трэба вучыцца.

Вясёлая, радасная моладзь выйшла з вакзала і пешшу пайшла ў напрамку да завода, уважліва слухаючы расказ Аляксея аб новабудоўлі, людзях, якія шмат чаму яго навучылі.

1951

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com