epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Саўка Траян

 

 

Неяк пад восень у выхадны дзень мы ўтраіх паехалі на Нарач, каб трохі адпачыць. Прыбыўшы туды, адразу зайшлі да нашага знаёмага, які аднойчы летняй ноччу на беразе возера расказваў нам цікавыя гісторыі. Дома мы старога не засталі. У вёсцы грукаў бубен, заглушаючы цымбалы, кларнет і скрыпку. Падышлі і мы туды. Там аказаўся і наш знаёмы — Высеўка, які абрадаваўся сустрэчы. Дзяўчаты і хлопцы танцавалі «Юрачку», прыпяваючы:

 

Ах ты, Юрачка,

Што не жэнішся?

Прыйдзе зімушка,

Дзе ж ты дзенешся?

 

Нас з першага погляду ўразіў адзін дзяцюк. Ён быў на выгляд непаваротлівы, як мядзведзь, але выкідваў такія каленцы, што можна было толькі пазайдросціць.

— Што за ён? — пацікавіўся хтосьці.

— Зарачанскі хлопец, недзе пад Смаргонню ў смалярні працуе,— адказала адна дзяўчына.

— Вунь што... Мусіць, «Смаргонскую акадэмію» скончыў,— усміхнуўся стары.

Мы зацікавіліся, адкуль пайшла гэтая назва.

— Хочаце, раскажу? — прапанаваў нам Юльян Высеўка.

— Вельмі просім! — наперабой загаварылі мы.

Юльян Высеўка адышоўся ўбок, сеў на бервяно каля дома, што стаяў у рыштаваннях. Мы прымайстраваліся каля яго.

— Ужо шмат часу прайшло, можа нават сто год,— пыхкаючы люлькаю, пачаў расказ Юльян Высеўка,— як па загаду аднаго з князёў Радзівілаў недалёка ад мястэчка Смаргонь, сярод дрымучых лясоў, цесляры змайстравалі вялізную адкрытую будыніну — таптыгінскую «акадэмію». Пазней яна стала вядомай, як «Смаргонская акадэмія», у якой навучаліся мядзведзі камедыянству, каб забаўляць у каралеўскіх палацах яснавяльможнае панства.

Але больш за ўсё паны любілі паляванне на мядзведзяў. Часцей за ўсё аблавы наладжваліся ў пушчы, недалёка ад Смаргоні, куды выпускаліся прыручаныя мядзведзі, якія не вельмі ўцякалі ад чалавека. Тады лес аж звінеў ад прызыўных гукаў ражкоў, гоману прыгонных сялян і рамеснікаў, якіх выганялі на панскае паляванне.

А пасля палявання паны звычайна шукалі дзяўчат, каб пацешыцца ў палацах пасля балявання. Дарэмна вясковыя прыгажуні на паляванне адзяваліся ў рыззё, хавалі твары, горбіліся, прыкідваючыся старымі,— цікаўныя вочы дваровай чэлядзі, войтаў і цівуноў высочвалі іх, паказвалі панам.

Яшчэ задоўга да адкрыцця «акадэміі» асеўшыя ў лесе цыганы дрэсіравалі медзведзянят, а потым прадавалі панам за дарагую цану. Радзівіл нікога з цыганоў не ўзяў у штаты «акадэміі», а прымусіў прыгоннага цесляра, бондара і цымбаліста Саўку Траяна ўзначаліць гэтую справу. Прычынай, што схіліла Радзівіла прызначыць «прэзідэнтам» Саўку, была незвычайная Саўкава сіла. Дастаткова яму было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Да ўсяго гэтага дасціпнасць і штукарства Саўкі, весялосць і музычныя здольнасці гаварылі за тое, што з яго можа быць добры камедыянт. Але бадай самым важным было тое, што ў цесляра падрастала дачка, ды такая прыгажуня, што вачэй не адарваць. Трэба было бацьку быць напагатове, каб у патрэбны момант схаваць дачку.

Аднойчы ўлетку, прыехаўшы ў «акадэмію», Радзівіл падышоў да старога бурага мядзведзя, купленага ў цыганоў, і загадаў:

— А ну, Міхайла, пакажы, як п’яны мужык з кірмашу вяртаецца!

Таптыгін злосна глянуў на пана, зароў і падняўся на заднія лапы, з яўным намерам накінуцца на яго.

— Саўка, барані! — закрычаў перапалоханы Радзівіл.

— Таптыгін! — грозна крыкнуў Саўка, але мядзведзь і вухам не павёў: ён паволі набліжаўся да пана, прыціскаючы яго да сцяны. Тады Саўка што было сілы ўдарыў кулаком у вуха мядзведзю; той аглушаны зваліўся, пакруціў галавою і паскроб кіпцюрамі карак.

— Што за непаслушэнства? — пасмялеў пан.— Гэта бунт!

— Ніякага бунту, паночак,— з-пад рудых кусцістых брывей Саўкі смяяліся зыркія чорныя вочы.— Таптыгін любіць парадак...

— Які? — Радзівіл выцер успацелую лысіну.

— Перш чым мужыку п’янаму быць, дык трэба ж выпіць,— усміхнуўся Саўка.

Перад Радзівілам, высокім і крыху сутулым выпешчаным франтам, з маноклем, у кіцелі з бліскучымі гузікамі, у белых пальчатках, са стэкам, стаяў, шырока расставіўшы абутыя ў лапці ногі, каржакаваты Саўка, у шэрай світцы, якая, здавалася, трашчала на шырокіх плячах.

— Цікава...— вымавіў Радзівіл.

— Пакажы, Таптыгін, як мужык на кірмашы гарэлку п’е! — загадаў Саўка.

Мядзведзь паслухмяна перакуліў дзве кварты «гарэлкі» (гэта была вада, падсалоджаная мёдам), аблізнуўся і панюхаў скарынку хлеба.

— Фацэцыя! — зарагатаў Радзівіл.

— Ну, а як з кірмашу вяртаецца? — спытаўся Саўка.

Буры, хістаючыся і падаючы, прайшоўся перад панам, які аж заходзіўся ад смеху.

— А як дома жонку б’е? — ухмыльнуўся ў пракураныя вусы Саўка.

Мішка жвава ўхапіў у правую лапу папругу, левай — нібы ўзяў нябачную ахвяру за валасы, нагнуў і пачаў дубасіць.

— Ох-хо-хо! — схапіўся за жывот Радзівіл.— Малайчына Міхайла, вазьмі за гэта пернік!

Пан падкінуў ласунак угару. Мішка хацеў адбіць пернік, але прамахнуўся, злосна зароў і падняўся на заднія лапы.

— Еш, дурань, то з мёдам! — выгукнуў Радзівіл.

— Ой, што вы нарабілі,— спалохаўся Саўка.— Мядзведзь не любіць, калі яму кідаюць, як сабаку...

— А ліха ведае яго норавы! — затросся Радзівіл, адступаючы назад.

— Таптыгін, супакойся! — крыкнуў Саўка, засланяючы пана, але мядзведзь з разяўленай зяпай наступаў. Тады гаспадар ударыў звера ў другое вуха, і той скарыўся, пакруціў галавою і адышоўся ўбок.

— Што яго дрэнчыць? — дапытваўся Радзівіл.

— Ён не любіць блішчастых гузікаў,— паведаміў Саўка.

— Хо! Гэта ты яго так адукаваў...— працадзіў праз зубы Радзівіл.— А што ён яшчэ ведае?

— Многае. Вельмі здатны да навукі.

— Прыкладне?

— Можа паказаць суседняга пана, які ён ласы да дзяўчат,— сказаўшы, Саўка непрыкметна глянуў на Радзівіла.

— Хе-хе! Штукар ты, Саўка, выдумляеш на сваю галаву. Паказвай, паглядзім!

— Таптыгін! Дык як ягамосць Скірмунт хапае дзяўчат?

Мішка крутнуў галавою, спыніў погляд на цурбане, нібы гэта была дзяўчына, соладка пацягнуўся, пакачаўся па зямлі, потым, крадучыся, падпоўз, схапіў цурбан і панёс, равучы ад задавальнення.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў Радзівіл і раптам пасуровеў: — Кажуць, дурны мужык, як варона. Хо-хо! З каго надумаў насміхацца? — Князь разрэзаў паветра стэкам.— Няхай будзе так. Міхайла сёння павязе мяне на санях да касцёла...

— Летам на санях? — здзівіўся Саўка.

— А што ж такое: пасыпаць дарогу соллю,— цвёрда сказаў Радзівіл.

Забегалі слугі. Ім вядома было не адно дзівацтва князя, але такога — і ў сне не снілі. Забралі ўсе запасы солі ў навакольных крамах, каб больш як на кіламетр пасыпаць дарогу. Ужо даўно стаяў мядзведзь, запрэжаны ў сані, тут жа пахаджваў Саўка. На яго панурым твары можна было прачытаць вялікую тугу і роспач. Прыгонныя сяляне пасыпалі соллю ўжо апошнія гоні, як падышоў са сваёй світай Радзівіл. Ён спадылба кальнуў вачыма Саўку і загадаў запрэгчы яго прысцяжным.

— Таптыгіну за тое кара, што не паслухаўся пана,— растлумачыў Радзівіл,— а Саўку — што навучыў яго...

Паўтараць загад не прыйшлося, увішныя служкі хутка прыпрэглі і Саўку, які ні слова не сказаў, а толькі сціснуў кулакі ў кішэнях.

Гэта было ў першы дзень лета. Як на дзіва, глядзелі людзі, калі ехаў Радзівіл у мястэчка да касцёла і вяртаўся ў «акадэмію». Цяжка было на душы Саўкі, затуманіліся яго вочы. Быццам адчуўшы пакуты Саўкі, мядзведзь лізнуў яго руку. Саўка павесялеў:

— Нічога, Мішка, сцерпім!

— Но-о! — крыкнуў Радзівіл.— Абнюхаліся!

Каля «акадэміі» сабраўся вялізны натоўп, тут жа круціўся цыган з мядзведзіцай Машкай, якую хацеў збыць князю, а самому наняцца ў «акадэмію» на работу.

— Гаспадын князь! — звярнуўся да Радзівіла барадаты павадыр, трымаючы на ланцугу бурую калматую мядзведзіцу.— Купі Машку.

— А што яна ўмее рабіць?

— Ма-ля-да дзяў-чы-на, ма-ля-да дзяў-чы-на па ваду пай-ш-ла! — спусціўшы мядзведзіцу з ланцуга, праспяваў цыган.

Машка паднялася на заднія лапы, узяла ў павадыра палку, паклала яе на плечы, нібы каромысла, і пайшла «па ваду», аглядаючыся па баках. Праз некалькі крокаў яна апусцілася на зямлю, зрабіла пярэднімі лапамі такія рухі, нібыта набірала з рэчкі ваду ў вёдры, і потым, зноў падняўшыся на заднія лапы, пайшла да цыгана, ужо апусціўшы галаву і сутулячыся, нібы несучы на каромысле два цяжкія вядры з вадой.

— І ўсё? — спытаўся Радзівіл.

— Яна ма-ля-да, купі і вазьмі, гаспадын князь, мяне на работу, не такія фокусы ўбачыш.

— Пшоў вон!

— Гаспадын князь...— стаў на калена барадаты цыган.

Але Радзівіл не слухаў яго. Ён падышоў да Саўкі, кальнуў вачыма, поўнымі гневу, і злосна сказаў:

— Да зімы Таптыгін павінен стаць ласкавым, як цяля. Яго я выпушчу ў лес, калі з’едуцца заморскія госці на паляванне.

Так і разышліся пан з мужыком. Саўка стаў задуменным, шкада яму стала звера, які прызначаўся для пацехі панам. «Што б такое зрабіць, як навучыць, каб мядзведзь пастаяў за сябе?» — думаў Саўка. Марудна ішло навучанне. Саўка дамагаўся, каб у сценах «акадэміі» Таптыгін быў рахманым, але калі выпускаў яго ў лес, дык прымушаў асцерагацца. Да зімы такі Саўка дабіўся свайго: як толькі Міхайла пераступаў парог «акадэміі», ён насцярожваўся, а калі ў лесе чуў ражок і чалавечы голас, адразу займаў абарончую пазіцыю. Калі ж мядзведзь заўважаў у каго стрэльбу, дык гатоў быў тут жа кінуцца на яе ўласніка і абяззброіць яго.

Ужо скавала зямлю, яна аж звінела. Да Радзівіла з’ехаліся госці з усяе Еўропы. Як толькі выпаў першы снег, было прызначана паляванне на мядзведзяў. Паднялі на аблаву насельніцтва наваколля. Абкладчыкі даўно былі на сваіх месцах, як досвіткам у нядзелю прыехаў у вазку на чатырох гнядых, запрэжаных цугам, князь Радзівіл. Пакінуўшы ў вазку футра і стрэльбу, у лёгкай паляўнічай куртцы, падпяразаны патранташам і з кінжалам збоку, пан зайшоў у «акадэмію». Саўка з гадзіны на гадзіну чакаў Радзівіла, а ўбачыўшы яго, зняў шапку і нізка пакланіўся.

— То як, прыручыў Міхайлу? — замест прывітання спытаўся Радзівіл.

— А як жа! — адказаў Саўка.— Калі ёсць які ласунак, можаце з рук даваць.

— Таптыгін! — асцярожна звярнуўся пан.— На пернік!

Мядзведзь падышоў да князя і ўзяў з рук ласунак, з'еў і, стаўшы на заднія лапы, яшчэ прасіў.

— То і добра,— паспакайнеў Радзівіл,— выпускай яго ў лес.

— Мішка! На прагулку! — голас у Саўкі задрыжаў.

Мядзведзь ціха зароў, як быццам заплакаў, выцер лапамі вочы і паволі пайшоў з «акадэміі», нібы адчуваючы, што назаўсёды з ёю развітваецца.

— Ты пойдзеш са мною,— звяртаючыся да Саўкі, сказаў Радзівіл.— Я хачу мець у сваім кабінеце шкуру мядзведзя.

Старшы абкладчык, які на працягу некалькіх месяцаў вывучаў паводзіны мядзведзя ў лесе, адвёў князю адпаведнае месца. Тут жа быў і Саўка. Яго думкі цяпер былі заняты тым, як бы ўратаваць дачку Настасю, каб яна не стала ахвярай магната. Звычайна паны пасля палявання дзе-небудзь на ўскраі лесу перакусвалі, а падпіўшы, хапалі дзяўчат і везлі ў палацы.

Пачалася аблава. Пушча напоўнілася гукамі ражкоў, шумам, трэскам, людскім гоманам. Неўзабаве то ў адным месцы, то ў другім прагучалі стрэлы. Радзівіл захваляваўся: як бы яго не абмінула паляўнічае шчасце. У гэты час зусім блізка паказаўся мядзведзь. Закалаціліся рукі ў Радзівіла. Ён злажыўся і стрэліў, але толькі параніў звера. Таптыгін, дзіка зароўшы, кінуўся на пана.

— Саўка, ратуй! — крыкнуў напалоханы Радзівіл.

— Міхайла! — гукнуў Саўка, але раз’юшаны звер ці то не пачуў, ці не захацеў яго слухаць.

Тады Саўка перагарадзіў яму дарогу. Таптыгін лапаю адштурхнуў павадыра, разадраўшы яму шчаку.

— Пся крэў! — аж зароў Радзівіл.— Заб’ю аднаго і другога!

— Гэтак? — цярпенне Саўкі лопнула ўраз.— Таптыгін, пашкадуй пана,— не загадаў, а нібы папрасіў ён мядзведзя.

Мядзведзь, выбіўшы стрэльбу з рук аслупянелага Радзівіла, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Абкладчык, які ўсё гэта бачыў, пусціўся наўцёкі. Саўка пастаяў у нерашучасці, потым узяў панскую стрэльбу, патранташ і сказаў:

— А цяпер, Таптыгін, дай бог ногі!

І яны зніклі ў гушчары. У той жа дзень і сям’я Саўкі пакінула вёску.

Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў прачасаць усе лясы аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна («Смаргонская акадэмія» пасля аблавы была закрыта). Колькі ні шукалі, нідзе не знайшлі. Толькі пасля гэтага то ў адным месцы, то ў другім пачалі гарэць маёнткі. Паны казалі, што гэта работа «Саўкі-разбойніка». І яшчэ здаралася, што мядзведзь нападаў на паноў. Сустрэне мужыка ў світцы і лапцях — не зачэпіць, а як пана з блішчастымі гузікамі — абхопіць лапамі, прыцісне да сябе, патрасе і кіне. Бывалі выпадкі, што яшчэ і па карку дасць. Потым пайшла чутка, што Саўка Траян падаўся да Кастуся Каліноўскага, нібы ў таго быў правай рукою. Ну і латашыў жа ён паноў! Што з Саўкам далей стала, ніхто не ведае. Але людзі і цяпер яшчэ ўспамінаюць цымбаліста і штукара,— памяць аб ім жыве...

На гэтым Высеўка скончыў. Мы, уражаныя, доўга маўчалі.

— Адкуль вам вядома гэтулькі цікавых гісторый? — не ўтрымаўся мой сябра.

— А вы часцей бывайце ў гушчы народа, яшчэ мудрэйшае пачуеце.— Юльян Высеўка выбіў аб бервяно патухлую люльку, зноў набіў яе мультаном і задыміў.— Толькі да ўсяго трэба падыходзіць з розумам, адбіраць... Я так лічу: людзі павінны ведаць, што вытваралі некалі паны... Яшчэ важна тое, што зямля наша ўскарміла такога Саўку, ды не аднаго, пра іх не толькі нашы людзі, але і ўвесь свет павінен ведаць... Яны загінулі недарэмна...

А дзяўчаты спявалі:

 

Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты не поўная,

Люлі, люлі, люлі,

Чаму ж ты не поўная?

 

Час позні, нам трэба адпраўляцца ў дарогу, але не хочацца, гэтак добра ў ціхім кутку Нарачаншчыны. Развітаўшыся з Юльянам Высеўкам, мы паабяцалі пры зручным выпадку яшчэ да яго зазірнуць.

1956

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com