epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Сцёпка Вярыга

 

 

Разведка выйшла ўжо даўно. Брыгада Каляды падрыхтавалася да паходу, пакінуўшы невялікі атрад для аховы і абслугоўвання часовага аэрадрома. Атрад павінен быў адправіць цяжка параненых на Вялікую зямлю. Каляда апрануў доўгі кажух, дастаў з кабуры наган, пакруціў барабан, праверыўшы, ці ёсць патроны. Потым узяў са стала планшэтку і цераз галаву ўскінуў вузкі раменьчык на правае плячо. Паглядзеўшы кругом, ці не забыўся чаго-небудзь патрэбнага, Каляда хацеў ісці. Але ў гэты час увайшоў ад’ютант. Ён паведаміў, што затрыманы нейкі падазроны хлапец, які не даецца гаварыць і патрабуе, каб яго дапусцілі да самага вышэйшага начальніка. На пытанні, хто ён, адкуль, як яго прозвішча і куды ішоў, — нічога не адказвае.

— Цікава, — прагаварыў Каляда і прысеў на лаўку. — Вядзіце яго сюды.

Камбрыг прыбавіў агню ў газоўцы, дастаў тытунь і стаў рабіць цыгарку, каб на дарогу пакурыць у цеплыні. Увялі хлапца ў падранай шапцы, з-пад якой відаць былі льнянога колеру непадстрыжаныя валасы. Ён вялікімі, напалоханымі вачыма паглядзеў на ўсіх, хто быў у зямлянцы, шмаргануў кірпатым носам, а потым выцер яго рукавом кажуха, які, відаць, быў не з яго плячэй.

— Чый у цябе кажух? — спытаўся Каляда, прыкурваючы ад газоўкі тоўстую цыгарку.

— Бацькаў.

— А хто твой бацька?

— Чалавек, — ухіліўся ад адказу хлапец.

— А ты хто?

— Я, — усміхнуўся Каляда, — самы старшы тут начальнік.

— А як тваё прозвішча?

— Каляда.

— Чуў, чуў.

— Ну вось і добра. А як тваё? — усміхаючыся, запытаўся Каляда. Яго зацікавіў хлапец. — Бачыш, я на твае пытанні адказваю, а ты на мае чамусьці не хочаш.

— Цяпер на свеце такое робіцца, што цяжка адрозніць свайго ад чужога, — адказаў хлапец. — У душу чалавека не залезеш...

Камбрыг пераглянуўся з усімі, але не засмяяўся. Ён адчуў, што хлапец гаворыць шчыра. Яму спадабалася пільнасць падлетка.

— Колькі табе год?

— Трынаццаты.

— Нешта ж ты малы на свае гады?

— У нас усе былі не вельмі рослыя.

— Чаму былі, а дзе яны цяпер?

— Цяпер... — хлапец апусціў галаву, плечы яго ўздрыгануліся. У яго навярнуліся слёзы, але ён стрымаў сябе, каб не заплакаць, а толькі цяжка ўздыхнуў. — Цяпер няма.

Каляда ўстаў, кінуў недакураную цыгарку, падышоў да хлапца і ўзяў яго за плячо.

— А боты таксама бацькавы?

— Ага.

— У нас меншых не знойдзецца? — звярнуўся камбрыг да ад’ютанта Капусціна.

— Пашукаем, — хутка адказаў ад’ютант. — У крайнім выпадку можна будзе замяніць... А хлапец, відаць, добрую школу прайшоў.

— Убачыш, які з яго будзе разведчык, — сказаў Каляда, наглядаючы за хлапцом, які касавурыў вочы на планшэтку, з якой цераз цэлулоід прасвечвала карта.

— Свае, свае, — узрадаваўся раптам хлапец.

— А па чым ты пазнаў, што свае? — спытаўся Каляда.

— Вунь у вас на карце чырвоны сцяжок, а на ім серп і молат... Паліцай такога знака не паставіць...

— Правільна, мой дарагі, — і Каляда абняў хлапца. — А цяпер ты мне скажаш, хто ты і чаго сюды прыйшоў?

— Скажу, усё скажу... Мяне зваць Сцёпка, я Яўхіма Вярыгі сын, з вёскі Сіроціна...

— Яўхіма Вярыгі? — перапытаў хлапца Каляда.

— Ага. Трыццатага снежня, раніцай...

І хлапец расказаў, як фашысты, калі ўсе яшчэ спалі, наляцелі на вёску Сіроціна. Бацька хлапца, убачыўшы, што вёска акружана, параіў яму паспрабаваць шчасця: «Ану ж, часам удасца праскочыць!», зняў з ног боты і з плячэй кажух, даў гранату, якую выняў з-пад страхі хляўчука, і выправіў у дарогу. Ён наказаў сыну адшукаць Каляду і расказаць яму аб усім. Хлапец папоўз цераз агароды і схаваўся ў лазні. Фашысты лазню падпалілі і пайшлі ў вёску, а ён тым часам адтуль уцёк у хвойнік. Па ім стралялі, але дарэмна. З хвойніку яму ўсё было відаць, што рабілі фашысты. Яны разграбілі ўсё, а вёску і людзей спалілі. Потым фашысты рушылі ў Ліскі і Ногіна. І Сцёпка за імі. Хлапцу хацелася прасачыць, куды яны трымаюць кірунак і што будуць далей рабіць, каб паведаміць пра гэта партызанам...

— Ну і дзе ж яны цяпер? — спытаўся Каляда.

— У Чорным Бродзе.

— Ого, куды павярнулі, — разглядаючы карту, прагаварыў Каляда і спытаўся ў начштаба: — Даўно разведка выйшла?

— Сорак хвілін таму назад, — паглядзеўшы на гадзіннік, адказаў капітан Дабравольскі.

— Паслаць коннікаў, каб накіравалі разведку ў бок вёскі Чорны Брод, — распарадзіўся камбрыг.

— Слухаю, — казырнуў начштаба і выйшаў.

— Ну, а есці хочаш? — спытаўся Каляда ў хлапца і, паглядзеўшы ў бок ад’ютанта, сказаў: — Пашукайце там чаго-небудзь...

— Не трэба, — запярэчыў хлапец, дастаючы з-пад кажуха торбачку. — У мяне ёсць што есці. Мне людзі далі... Частуйцеся!

Каб не пакрыўдзіць хлапца, ад’ютант быў гатоў пачаставацца, але камбрыг адмоўна паківаў галавою:

— Не, не! Еш сам!

— А мне нешта не хочацца...

— Дык збірайся.

— Куды?

— У Чорны Брод, фашыстаў біць.

— Праўда? — у вачах хлапца засвяціліся агеньчыкі. — Тады трэба падсілкавацца, каб дужэйшым быць... Дзядзька, — нясмела прагаварыў хлапец ужо з поўным ротам, — а што, каб вы мяне да сябе ўзялі?

— А мы цябе бяром, разведчыкам будзеш.

— Няўжо? — узрадаваўся хлапец.

— Ага. І залічым на твой баявы рахунак праведзеную табой разведку. Праўда, яна не зусім дакладная...

— Як?! — не згадзіўся хлапец, пакінуўшы есці.

— А так, разведчык павінен выявіць, якія сілы ворага, чым узброены...

— Усё гэта мне вядома. Узброены вінтоўкамі і аўтаматамі, маюць кулямёты і яшчэ нейкія «трубы», а таксама маленькія танкі...

— «Трубы» — мусіць мінамёты, а маленькія танкі — будуць танкеткі. А колькі іх?

— Чаго?

— Танкетак.

— Дзесяць я налічыў спраўных, а адзінаццатая нешта ўсё чмыхала і, не дайшоўшы да Чорнага Броду, зусім спынілася.

— А дзе яны стаяць? — спытаўся начштаба.

— На краю вёскі, каля могілак. Павернуты на ўсход.

— А як ты вызначыў, што яны павернуты на ўсход? — хітра прыжмурыў вока Каляда.

— Я з лесу наглядаў. На кары дрэва, што на поўнач, рос мох, — важна паведаміў Сцёпка. — Мяне татка гэтаму навучыў, ён калісьці служыў у разведцы... Змагаўся супраць Дзянікіна, а потым Пілсудскага...

— Выдатна! — пахваліў начштаба і паглядзеў на гадзіннік. — Дык што ж, мусіць, трэба збірацца ў дарогу?

— Шэсць хвілін у нашым распараджэнні, — сказаў Каляда, таксама паглядзеўшы на гадзіннік. — Пайшлі!

Стаяла такая цемень, што, ідучы па лесе, трэба было ўвесь час асцерагацца, каб не напароцца на што-небудзь і не выкалаць вачэй. На небе не відаць было ніводнай зоркі. Надвор’е памякчэла, але не ўтаймаваліся вятры, якія скуголілі і завывалі. Шумеў лес, спяваючы сваю адвечную песню. А калі выйшлі на поле, дарога яшчэ пагоршала. І ісці пешкі было цяжка, і конна ехаць нязручна. Круціў вецер, дарогу замятала пазёмка.

Сцёпка ехаў без сядла, на невялікім дыхавічным коніку, у якога ходырам хадзілі бакі. Буланы часта перабіраў нагамі і, каб не адстаць ад коней, бег з усіх сіл. На буланым у брыгадзе вазілі ваду, прадукты на кухню, параненых. Летам яго ніколі не путалі, калі выпускалі на пашу, ён заўсёды трымаўся коней, а зімою не прывязвалі, ведаючы, што ён далёка не адыдзецца.

І да харчу ён быў непераборлівы. Яго ўсе кармілі з рук: адзін дасць якую скарынку, другі бульбіну, глядзіш, увечары буланы як гарбуз. Пра буланага хадзілі нават легенды, казалі, напрыклад, што аднойчы павёў яго партызан пасвіць і, прылёгшы, заснуў. Тут пачалася трывога, і нібыта буланы мызай разбудзіў таго партызана.

Не прызвычаены да начных паходаў, стомлены за дзень, Сцёпка, едучы на кані, увесь час пазяхаў, а потым і зусім задрамаў. Буланы спатыкнуўся, і яздок, як камяк, зваліўся ў гурбу снегу. Буланы замітусіўся, заржаў.

— Што здарылася, чаму хлапец адстаў? — павярнуўшыся ў сядле, спытаўся Каляда. Коннікі спыніліся.

— Зараз даведаюся, — казырнуў Капусцін і прышпорыў каня. Пад'ехаўшы, Капусцін саскочыў на снег і здзівіўся: хлапец спаў, а каля яго стаяў буланы. Капусцін раскатурхаў хлапца і загадаў памыцца снегам.

— У чым справа? — спытаўся Каляда ў ад'ютанта, які пад’ехаў першы.

— Заснуў хлапец і зваліўся з каня, — паведаміў Капусцін.

Усе засмяяліся.

— Ну і што, так і спаў? — запытаўся капітан Дабравольскі.

— Няўжо ж, — адказаў Капусцін.

— А буланы што? — пацікавіўся капітан Дабравольскі.

— Ніяк не мог дабудзіцца мызай, дык зубамі за кажух цягаў, — сказаў Капусцін.

Штабнікі зноў засмяяліся.

Ехалі лесам, стала зацішней. Змораныя партызаны замарудзілі крок, штабныя таксама сцішылі коней.

— Як жа ў цябе, Сцёпка, выйшла? — прыпыніў каня Каляда, даючы пад’ехаць ад’ютанту і хлапцу. — Мы тут ваенны савет вядзём, а ты спаць надумаўся. Дый дзе, у чыстым полі.

— Не ведаю, як здарылася, — няёмка сябе адчуваючы, адказаў хлапец.

Штабнікі спешыліся і павялі коней за павады.

— Ты добра ведаеш, як стаіць вёска Чорны Брод? — запытаўся Каляда. — Адкуль, па-твойму, лепей напасці на фашыстаў.

— Ведаю адкуль, — ажывіўся Сцёпка. — Найлепш наступаць з поля.

— Чаму? — сур’ёзна спытаўся капітан Дабравольскі.

— Таму, што яны з лесу чакаюць нападу — туды павернуты танкеткі, — гаварыў Сцёпка. — Яны не дапускаюць думкі, што з тылу нападуць... А мы з поля наскочым...

— З поля цяжэй падысці, — усумніўся Дабравольскі. — А танкеткі хутка можна павярнуць і ў іншы бок...

— Дык што! «Арэшкі», напэўна ў вас ёсць?.. Падпаўзём і закідаем іх...

— Сцёпка слушна гаворыць, — сказаў Каляда. — З поля цяжэй падпаўзці, але вынік можа быць лепшы...

— А як па-твойму, Сцёпка, калі зручней наступаць, — запытаўся капітан Дабравольскі, — у чатыры гадзіны ці ў пяць?

— Вядома, у пяць.

— Чаму?

— На досвітку сон мацнейшы.

— Ты і ў дзве гадзіны добра спіш.

— А ў пяць — яшчэ лепей, тады б мяне не раскатурхалі, прыйшлося б соннага садзіць на каня.

Усе зноў засмяяліся.

— Васцёр! — усміхнуўся Каляда. Ён некаторы час ішоў моўчкі, а потым, звяртаючыся да начальніка штаба, сказаў: — Будзем наступаць з поля. Хлапец як угадаў мой план.

— Для гэтага прыйдзецца рабіць круг.

— Да пяці гадзін паспеем.

— Дазвольце выконваць загад?

— Можна.

Начштаба капітан Дабравольскі лёгка ўскочыў на каня і памчаўся ў галаву калоны, каб пры выхадзе з лесу збочыць і ісці ў абход вёскі Чорны Брод. Начштаба цалкам быў згодзен з планам камбрыга. Ён толькі перасцерагаў прымаць канчатковае рашэнне да атрымання звестак ад разведкі. Капітан Дабравольскі зразумеў камбрыга, які, прымаючы рызыкоўнае рашэнне, хацеў выйграць час. Вялікае значэнне меў факт раптоўнасці нападу. Вагацца больш нельга. Але тое, што так доўга не вярталася разведка, непакоіла начштаба. «Што магло здарыцца? — думаў Дабравольскі. Чаму яны затрымаліся? Можа, збіліся з дарогі?»

Моўчкі, паволі ішоў Каляда. У яго з’явілася сумненне, ці правільна ён зрабіў, што без даных разведкі, паверыўшы звесткам падлетка, аддаў загад аб наступленні.

— Аб чым вы, дзядзька, гэтак задумаліся? Увесь час маўчыце? — нясмела спытаўся Сцёпка.

— А што, калі фашыстаў не будзе ў Чорным Бродзе? — выказаў сваё сумненне Каляда.

— А куды ж яны маглі дзецца?

— Мог прыйсці ўвечары загад, яны зняліся і паехалі ў другі бок. Шукай тады ветру ў полі. Толькі людзей стамлю дарэмна...

— Фашысты не любяць ноччу ездзіць, — не згадзіўся Сцёпка. — Фашыст, як сцямнее, дык баіцца выйсці з хаты...

Хутка да камбрыга на ўзмыленым кані падскакаў начштаба і далажыў:

— Васіль Арцёмавіч! Прыбыла разведка, даныя Сцёпкі Вярыгі пацверджаны. — І дадаў: — Фашысты сагналі ўсіх сялян вёскі ў пяць крайніх хат, што ад лесу... Людзі там не змясціліся, і шмат хто з мужчын начуе ў гумнах... Каб толькі паспець іх вызваліць...

Каляда ўзняў галаву і таргануў каня за повад.

— Цяпер застаецца адно — у час прыбыць на зыходныя пазіцыі. — І падаў каманду: — Па конях!

Усе селі і памчаліся. Буланы, на якім ехаў Сцёпка, адставаў. Ён час ад часу ржаў, куляўся галопам, але дагнаць астатніх ніяк не мог. Хлапец чуў, як пешыя партызаны, якіх ён абганяў, жартавалі:

— Які сам, такі і конь!

Але Сцёпка не звяртаў на іх увагі. Ён паганяў свайго буланага, мяркуючы ўсё ж дагнаць коннікаў. І вось здарылася такое, чаго падлетак ніяк не чакаў, бо яшчэ не ведаў нораву каня. Раптам пачуўся голас Караткевіча, аднаго з партызан:

— Буланчык! Коська! Куды ты, дурненькі, так прэшся, усё роўна табе іх не дагнаць! На скарынку!

Буланы адразу спыніўся. Сцёпка потырч паляцеў цераз яго галаву. Натапырыўшы вушы, буланы перш паглядзеў на свайго ездака, які выбіраўся са снегу, а потым у бок таго, хто яго паклікаў, і, стрыгучы вушамі, весела заржаў.

— Дыхавічны! Хадзі сюды! — выставіўшы руку, паклікаў буланага Караткевіч. Конік выцягнуў мызу, асцярожна аксамітнымі губамі ўзяў з рукі скарынку і, паволі ідучы, захрумстаў.

— Што ты нарабіў, мог скалечыць чалавека, — напаў на Караткевіча яго сябра Даўгулевіч.

Караткевіч з Даўгулевічам дружбакі з маленства, хоць і заўсёды між сабою спрачаюцца, — калі адзін скажа — белае, дык другі — чорнае. Караткевіч — высокі і тонкі, сутулы, а Даўгулевіч — нізкі і шырокі ў плячах, каржакаваты. Абодва яны радавыя партызаны, добрай душы людзі. Дзе толькі не павернуцца два сябры, там няма суму, заўсёды чутны смех. А ён і ў паходзе, і на прывале патрэбны як паветра.

— Жывы будзе, няхай не страляе варон, — адказаў Караткевіч, а сам усё ж непакоіўся, хоць бы не пабіўся хлапец.

Сцёпка хутка ўстаў, абтрос з кажуха снег, дагнаў буланага, узяў за повад, пацягнуў. Хлапцу хацелася хутчэй адчапіцца ад чалавека, які з яго так злосна пажартаваў. Але буланы не вельмі яго слухаў, ён усё вярнуў мызу, чакаючы яшчэ ласунку.

— Ты хто, адкуль узяўся такі порсткі, яшчэ не паспеў аформіцца партызанам, а ўжо сеў на каня? — спытаўся Караткевіч.

— Хіба не бачыце, чалавек я, чаго вам ад мяне яшчэ трэба, — задзёрыста адказаў Сцёпка.

— Атрымаў, — засмяяўся Даўгулевіч.

— Но-о, — тузануў Сцёпка за повад каня.

— Што ж ты адстаў, разведчыкі даўно паехалі, — Караткевічу хацелася пагаварыць з хлапцом.

— Штабу лепей вядома, каму што рабіць, — азваўся Сцёпка і, паглядзеўшы ў бок Караткевіча, сказаў:— Не затрымлівайце мяне, а то могуць пайсці не па той дарозе.

— Нібы ў начальства карты няма, — падсмейваўся Караткевіч.

— На карце тая дарога не паказана...

Да Сцёпкі падскочыў Капусцін, ведучы збоку засядланага каня. Ад’ютант спытаўся:

— Ты што, зноў заснуў?

— Не-е.

— А чаго ж ты адстаў?

— Вось гэты дзядзька на скарынку спакусіў буланага.

Партызаны весела смяяліся.

— А ты дарогі тут усе ведаеш?

— А як жа!

— Дык кідай свайго барана і садзіся на гэтага каня.

— А мне шкада буланага, — муляўся Сцёпка.

— Камбрыг загадаў неадкладна да яго з’явіцца.

— Ёсць, — неахвотна згадзіўся Сцёпка. Хлапец ніяк не мог сесці на цыбатага сівога каня.

— Падсадзіце яго, хлопцы, — папрасіў Капусцін.

Караткевіч падбег і дапамог падлетку сесці ў сядло.

— Ты на мяне не злуеш? — лагодна спытаўся ён.

— Вядома, не.

...Прыбыўшы на зыходныя рубяжы ў чатыры гадзіны сорак пяць хвілін, брыгада Каляды, не марудзячы, прыняла баявы парадак. Сцёпка адчуваў сябе героем. Ён хадзіў поруч з камбрыгам, выказваў свае меркаванні, адкуль лепей павесці наступленне. У рэзерве заставаўся атрад Залескага. Першымі пайшлі смельчакі з гранатамі і мінамі, каб вывесці са строю танкеткі. Падрыўнікоў прыкрывалі аўтаматчыкі. З групай смельчакоў пайшоў і Сцёпка. Хлапец яшчэ ўвечары, на захадзе сонца, вызначыў, адкуль лепей падысці. Ён паказаў старшаму групы грушу, лявей якой праходзіў яр. Неўзабаве, падковай агінаючы вёску, рушылі астатнія партызаны. Выйшаўшы на ўзгорак, адкуль віднелася вёска Чорны Брод, каля якой праходзіла, вужакай выгінаючыся, рэчка Быстранка, партызаны сцішылі хаду і, нарэшце, залеглі. У вёсцы дзе-нідзе свяціліся агні. Партызанам нейкі час былі відаць сілуэты ўдарнай групы смельчакоў, якія перш ішлі, а потым па адным, па-пластунску, перапаўзлі ўзгорак. Па лагчыне, лявей дзікай грушы, якая служыла арыенцірам, смельчакі зноў пайшлі ва ўвесь рост. Хутка партызаны зніклі ў цемені. Марудна цягнуўся час, гадзінай здавалася хвіліна. Раптам нехта крыкнуў, потым нешта бліснула, абудзіліся сабакі. Неўзабаве пачуліся выбухі, стрэлы, крыкі, усё змяшалася разам. Нарэшце,успыхнуў агонь, гэта гарэла танкетка, закіданая гранатамі.

— Агонь! — скамандаваў Каляда.

Стралялі з вінтовак, аўтаматаў і кулямётаў. Спачатку агню ў адказ не было, але хутка, ашаломленыя раптоўным ударам з тылу, фашысты апамяталіся і пачалі шалёна агрызацца. Яны нават паспрабавалі пайсці ў контратаку.

Пачулася дружнае «ўра!», партызаны падняліся і пайшлі ў атаку. Адначасна ўдарылі з флангаў. Рады фашыстаў дрогнулі, яны ў беспарадку сталі адступаць у бок шашы.

Партызаны ўварваліся ў вёску. Гарэла некалькі хат.

Іх ужо нельга было затушыць, і сяляне кінуліся расцягваць смалістыя бярвенні.

Камбрыг загадаў атраду Залескага праследаваць праціўніка, а астатнім застацца ў Чорным Бродзе, пахаваць забітых партызан, дапамагчы сялянам патушыць пажар.

— Дазвольце далажыць, — падышоўшы з захопленым у баі аўтаматам, запінаючыся, рапартаваў Сцёпка. — Заданне выканана. Танкеткі выведзены са строю, паламаны, пакрышаны. Вунь гараць, як копы сена.

— Чаму гэта ты рапартуеш, а дзе ж старшы групы? — здзівіўся Каляда.

— Ён паранены, загадаў мне вам дакладваць, — паведаміў Сцёпка. — Фашысцкі вартавы, якога старшы групы зваліў і падмяў пад сябе, знізу ўдарыў яго фінкай у жывот... Я не даў фашысту падняцца...

— Ого, малайчына!

— Служу Савецкаму Саюзу! — бойка выгукнуў Сцёпка.

Каляда, як даросламу, паціснуў руку маладому партызану.

Да Каляды падышла група ўсхваляваных жанчын са слязамі радасці на вачах.

— Родны ты наш, збавіцель, — кінулася да камбрыга старая жанчына. — Ты выратаваў нас ад смерці. Усю ночку калаціліся, чакаючы, што вось-вось усіх... гэтак, як у Сіроціне... і ў іншых вёсках... Не пускайце, саколікі, больш сюды фашыста.

— Пастараемся!

1951

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com