epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Сям'я Белавуса

 

Нас было пяць чалавек, што ў адзін з ліпеньскіх дзён сорак чацвёртага года, у нядзелю, пасля трох з паловай год вайны, сустрэліся ў родным горадзе Мінску. Мы былі ўзрушаныя — вядома, адчулі пад нагамі хоць параненую, але сваю зямлю, якая нам стала яшчэ даражэйшай. У горадзе было ціха, як пасля навальніцы. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных гітлераўцаў, іх канваіравала русакудрая дзяўчына з вінтоўкай.

— Вось яны, «вышэйшая раса»!.. — заўважыў адзін наш сябра.

— Даваяваліся! — сказаў другі.

— Так будзе з кожным, хто не ўлічыць урокаў гісторыі,— разважаў трэці.

— Надзейка! — крыкнуў чацвёрты. Ён зняў капялюш, пакланіўся дзяўчыне і спытаўся: — Адкуль вы іх выпаралі?

— З сутарэння, зашыліся, як мышы,— адказала дзяўчына з вінтоўкай. Усміхнуўшыся, яна паказала свае белыя, як часнок, зубы.

Мы прайшлі ў гарадскі парк і селі на лаўцы. Усё тут нагадвала аб вайне. Увесь парк быў перакапаны, павыварачаны, павыразаны таўшчэзныя дрэвы, клёны і ліпы, пабіты статуі; а навокал, на руінах, паміж цаглін і друзу прабівалася трава. Недалёка ад цэнтральнай плошчы горада расло жыта, якое хвалямі пералівалася на сонцы. Прайшоўся лёгкі ветрык, апаў скарабачаны ліпавы лісток, яго падхапіў вецер і пагнаў па алеі, на якой, акрамя нас, нікога не было. На вачах у маіх сяброў была заклапочанасць і нейкая схаваная туга. Мы пачулі гудок і ўстрапянуліся, на тварах маіх сяброў паказаліся вясёлыя ўсмешкі — гэта прыйшоў у горад першы цягнік. Мы гаварылі пра аднаўленне народнай гаспадаркі, пра адбудову гарадоў і вёсак, выказвалі меркаванні, што патрэбна будзе некалькі дзесяткаў год, каб аднавіць стольны горад.

— А ведаеце, гэта будзе значна раней,— раптам загаварыў адзін наш сябра, ужо ў гадах мужчына.— Народ наш працавіты, ён здольны рабіць цуды! Хочаце, я раскажу вам пра адну сям’ю?

— Будзьце ласкавы,— прасілі мы яго, і наш сябра пачаў апавядаць.

* * *

— Я прыехаў у горад на трэцюю ноч пасля яго вызвалення ад фашыстаў,— пачаў ён.— У маёй кішэні ляжала паперка, што я прызначаюся галоўным інжынерам завода, на якім я раней працаваў. Злезшы з папутнай машыны на ўскраіне горада, я падаўся ў напрамку да свайго завода. Дарога мне была знаёмая, але я адразу заблытаўся: так усё стала непадобным да таго, што я ведаў, як уяўляў сабе свой горад. Страшна чалавеку ноччу ў разбураным горадзе, горш, чым у лесе ці на моры. У каробках дамоў, што, як шкілеты, параскіданы, завываюць вятры, пастуквае і ляскаціць бляха, якая завісла на сценах. Калі-нікалі пройдзе чалавек, сям-там у сутарэннях блісне агеньчык, які напамінае, што горад не зусім мёртвы, што ў ім яшчэ цепліцца жыццё.

— Можа б, я ўсю ноч праблукаў паміж руінамі,— працягваў ён далей апавядаць,— але выплыў месяц, і я сяк-так — аднаўляючы ў памяці ўжо не выгляд вуліц, але іхнія напрамкі — дабраўся да таго месца, дзе колісь быў завод. Гэтае месца было абгароджана калючым дротам у адну столку, а за дротам узвышаліся горы шчэбеню і цэглы, і толькі нейкім цудам на заднім плане ўцалелі два карпусы. Завод, на якім прайшлі мае лепшыя гады, нагадваў мне разбуранае гняздо. Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым зараз і разбураным горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Я пайшоў уздоўж агарожы, спадзеючыся дзе-небудзь пералезці на той бок, і тут я заўважыў, што насустрач мне ідзе чалавек з ліхтаром «лятучая мыш», і я падышоў да гэтага чалавека.

— Хто вы і што тут робіце? — спытаўся я.

— Як што? — здзівіўся ён і навёў на мяне ліхтар.— А-а-а, Віктар Андрэевіч! Няўжо мяне не пазналі? Я правяраю варту завода. Вы адкуль? Чаму ў такую познюю пару не спіце?

— Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена пытаюся я.

— Так,— сцвердзіў ён, і мы абняліся і пацалаваліся.

Я адчуваў сябе няёмка, што яго не пазнаў. Гэта быў майстра завода. Мы зайшлі ў будку. Пры святле ліхтара я яго разгледзеў. У яго звісалі каштанавага колеру вусы, адгадаваныя за вайну, на лбе і каля вачэй былі глыбокія маршчыны. Як высветлілася, гэта ён, Сцяпан Белавус, абараніў уцалелыя карпусы завода ад гітлераўцаў, не даў ім узарваць ці спаліць іх, а потым паставіў варту і штоноч сам правяраў, каб вартаўнікі не спалі, бо па горадзе яшчэ бадзяліся пераадзетыя нацысты. У будцы стаяла бляшаная нямецкая печ, а пад лаўкамі ляжала безліч розных дробных дэталяў, асобна ўзвышаліся грудкі шруб, раскладзеных па калібрах, ляжалі паржавелыя цвікі, усё гэта было сабрана стараннымі рукамі майстра.

Шмат на якіх заводах я працаваў, багата бачыў людзей, але такія, як Сцяпан Захаравіч, не часта мне траплялі. Гэта чалавек адменны. Яго дзед яшчэ ў прыватных майстэрнях быў кавалём, бацька — на заводзе слесарам, а сам ён майстра на ўсе рукі: што ні возьме, тое зробіць.

Сцяпан Захаравіч робіць без крыку і мітусні. Ён ведае, чаго хоча, а таму не спыніцца і не апусціць рук пры першай няўдачы. Ён кажа, што: «Лёгка нічога не даецца», і не любіць рабіць тандэтна. Сцяпан Захаравіч у другі раз паспрабуе зрабіць, у трэці, але даможацца свайго. Будучы ў лесе, у майстэрнях па рамонту зброі, Сцяпан Захаравіч даведваецца, што яго старэйшы сын, Максім, філолаг па адукацыі, ідзе ўзарваць майстэрні, дзе фашысты наладзілі рамонт танкаў, міна аказалася сапсутай, і Максім гіне, не выканаўшы задання, гіне, як салдат. Тады Сцяпан Захаравіч робіць сам міну і пасылае сярэдняга сына, Барыса, студэнта-медыка, гэты бліскуча выконвае пастаўленую ім задачу. Сцяпан Захаравіч падаў думку камандзіру партызанскага атрада — не даць фашыстам узарваць уцалелыя карпусы завода. Камандзір згаджаецца з ім, вылучае пад яго камандаванне некалькі партызан, якія прабраліся ў горад і размініравалі будынкі.

— Ага, цікава,— успомніў наш апавядальнік,— як сям’я Белавуса апынулася ў лесе. У першыя месяцы вайны ў іх быў своеасаблівы шпіталь. Чатырнаццаць нашых воінаў у іх лячыліся, доктарам быў сярэдні сын, Барыс, сёстрамі — маці і дачка, Надзейка, а бацька клапаціўся, каб быў кавалак хлеба на стале. І вось аднойчы па горадзе гналі партыю палонных чырвонаармейцаў, а тых, хто не мог ісці, фашысты прыстрэльвалі. Уся Савецкая вуліца аж да Дома друку была ўслана трупамі. Сям’я Белавусаў жыла на ўскраіне горада, да іхняй суседкі шмыгнуў адзін ваеннапалонны. Суседка бачыла, што ён схаваўся ў агародзе. На двор да яе ўскочыў эсэсавец, прыставіў да грудзей аўтамат і патрабаваў, каб яна сказала, дзе ўцякач. Напалоханая суседка махнула рукою ў той бок, дзе падняўся чырвонаармеец. Ваеннапалонны, прыгінаючыся, пабег далей. Нацыст даў чаргу з аўтамата і хутка пайшоў даганяць калону. Сям’я Белавуса падабрала смяртэльна параненага чырвонаармейца, і, як высветлілася, гэта быў сын суседкі, але ён, калі прыйшоў у сябе, прасіў нічога не казаць маці, што яна выдала эсэсаўцам свайго роднага сына. З таго часу сям’я Белавуса стала асцерагацца суседкі, старалася не мець з ёю ніякіх спраў. Гэта паказалася суседцы крыўдным, і яна, калі паліцаі сталі дапытвацца, куды дзеўся труп забітага палоннага, сказала, што яго падабрала сям’я Белавуса. Адчуўшы пагрозу, сям’я Белавуса хутка пакінула горад, і яны ўсе падаліся ў лес.

— А што з суседкай? — не вытрымаў адзін наш сябра, каб не запытацца.

— Калі суседка даведалася, што гэта быў яе сын, яна звар’яцела, доўга блукала па горадзе, а потым бясследна знікла, мусіць, яе фашысты знішчылі,— адказаў апавядальнік.— А чырвонаармейцы разышліся хто куды, але ўмовіліся, хто астанецца жывым, сустрэцца.

Я са Сцяпанам Захаравічам працаваў на заводзе да вайны каля дзесяці год, але добра не ведаў гэтага чалавека. У нас з ім было шапачнае знаёмства, а шкада. Упершыню мы з ім у будцы, ядучы з кацялка бульбу, па душах пагаварылі. Гэта чалавек вялікага сэрца і чыстай душы. Па праўдзе сказаць, я, інжынер, цяпер дырэктар завода, багата ўзяў ад яго, і, што грэх таіць, у аснову адбудовы завода пакладзены думкі гэтага простага чалавека. Я сказаў простага, але ён далёка не просты.

Мы са Сцяпанам Захаравічам за размовамі праседзелі ў будцы аж да самай раніцы, а потым пайшлі да яго на кватэру. Я ахвотна прыняў яго прапанову, бо мне не было дзе дзецца. Сцяпан Захаравіч жыве цяпер за вакзалам, па Бондараўскім завулку, у невялікім драўляным асабняку. Кругом яго дома расце сад, абгароджаны шчыкетам, каля якога шмат кветак. Ветліва нас спаткала гаспадыня, маці васьмярых дзяцей, лічачы і старэйшага забітага сына. Кватэра іх не багата абстаўлена, але ўтульна і чыста.

З апавяданняў ваеннага часу мне больш за ўсё спадабалася, як сын Сцяпана Захаравіча, Барыс Белавус, студэнт апошняга курса медыцынскага інстытута, які быў у лесе хірургам, аднойчы, пераадзеўшыся ў афіцэрскую форму, у Шкадарэвічах арыштаваў вядомага здрадніка і загадаў яго павесіць. І яго сястра, Надзейка, малады педагог, была тады пры ім нібы за перакладчыцу. Фашысты доўга не ведалі, што гэта быў за маёр, які самых надзейных іхніх людзей пакараў. А гэта была добрая навука для іншых, мала хто згаджаўся ісці да іх на службу.

Сцяпан Захаравіч цвёрдай волі чалавек. І гэта адчувалася ва ўсім: у яго іскрыстых вачах, у паходцы, укладзе жыцця, звычаях; ён бязмежна любіць сваю сям’ю і ганарыцца ёю. У хаце яго слова — закон, дзеці любяць і паважаюць яго. І мне здалося, што яго сын Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як бацька размаўляе. Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Сцяпан Захаравіч цікавы субяседнік і ўмее другіх слухаць.

На снеданне была мачанка з блінамі і чарка. Прызнаюся, ці то мне моцна хацелася есці, але я ніколі не еў такой смачнай ежы, хоць мачанка была поснай, грыбной. Пасля снедання, акрамя бацькі і маці, якія былі заняты мною, уся сям’я Белавуса, як мурашкі, працавала. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Спорна ішла праца, што я пазайздросціў і мне захацелася выйсці да іх і размяць косці.

Я заўважыў, што ў сям’і Белавуса шмат розных інструментаў, і, як высветлілася, усе старэйшыя іх дзеці да вайны вучыліся, але ў вольны час працавалі фізічна і мелі сваю прафесію, якую, па словах Сцяпана Захаравіча, за плячамі не насіць. Філолаг адначасна быў столярам, медык працаваў некаторы час слесарам, і так усе меншыя дзеці. Кожны з іх меў спосаб жыцця.

— Ці мала што на вяку чалавека здарыцца, трэба, каб чалавек умеў усё рабіць, тады ніякія выпрабаванні не страшны,— гаворыць Сцяпан Захаравіч.— Чалавек павінен ведаць, на чым хлеб расце, як цяжка яго здабываць, тады ён будзе паважаць працу другіх людзей.

Сцяпан Захаравіч, будучы ў партызанах, схадзіў уздоўж і ўпоперак усю Беларусь. Каб вы паслухалі, з якой любасцю і замілаваннем ён расказвае пра дрымучыя лясы Беларусі, яе сінія азёры і ціхія рэчкі. Ён бачыць гарады свайго краю ўсе ў зелені, дарогі, абсаджаныя пладовымі дрэвамі. Усюды, на яго думку, павінны быць пастаўлены помнікі людзям, якія гэтага варты, што ў зацятай барацьбе з шматлікімі ворагамі адстойвалі сваю свабоду. А іх шмат, яны праз вякі пранеслі сваю культуру, змагаліся, каб людзьмі звацца, і адстаялі сваё права.

— Мы не Іваны, якія нічога не помняць,— разважае Сцяпан Захаравіч.— У нас былі і ёсць людзі, якімі мы павінны ганарыцца.

Ён бачыць узвышэнне нашых людзей, асабліва ў часе гэтай вайны, дзе паказана іх нацыянальная гордасць і веліч. Людзі пазнаюцца не па парадах, а ў барацьбе з ворагам — там праяўляецца веліч духу народа.

— І чаго б мы былі варты, седзячы ў лесе, каб нас не падтрымалі людзі? — пытаецца Сцяпан Захаравіч і сам адказвае: — Нас бы перабілі, як курапатак. Народ ваяваў з нямецкімі фашыстамі, карміў нас, паіў і адзяваў. Дзякуй яму!

— Нашы людзі ўмеюць не толькі ваяваць, але і будаваць,— разважае Сцяпан Захаравіч.— Яны з маленства прывыклі да працы. Паглядзіце, колькі ў часе аднаўлення прамысловасці і сельскай гаспадаркі краіны з’явіцца новых герояў! Нашага чалавека толькі заахвоціць трэба, ён здольны рабіць цуды.

Слухаючы яго, я захапляўся веліччу нашых людзей, хараством свайго краю, уяўляў тыя сямісотгадовыя дубы, якім ніякія навальніцы не страшны; гонкія сосны, верхавіны якіх амаль не упіраюцца у сонца; прасторы палёў, што вокам не акінеш; роўныя, як струна, дарогі, абсаджаныя яблынямі і грушамі; сінія азёры, запруджаныя залацістымі карпамі; асушаныя балоты, дзе вышэй чалавечага росту калышацца пшаніца; тлустыя статкі кароў; белыя камяніцы ў калгасах; электрастанцыі, гмахі фабрык і заводаў. Я паверыў яму, што хутка нашы гарады будуць найпрыгажэйшымі ў свеце. Гэта такі будзе. Я веру, што яшчэ наша пакаленне ўбачыць наш стольны горад ва ўсёй яго красе і славе. Гэту веру ў мяне ўсяліла сям’я Белавуса. І я скажу: дзякуй ёй! Яна мне падказала, што не толькі трэба вучыць масы, але і вучыцца ў мас.

— Кожны, каму што даручана, рабі добра,— гаворыць Сцяпан Захаравіч,— і раны, нанесеныя вайною, хутка будуць загоены, і шмат раней, чымся мы думаем. Наша партыя вывела народ з найвялікшай у гісторыі вайны пераможцам, яна справіцца з аднаўленнем народнай гаспадаркі і прывядзе народ да вышыні славы.

І сапраўды, калі я сюды ехаў, дык меркаваў, што, для таго каб пусціць завод, патрэбны будуць гады, а мы ўжо яго пусцілі. А пусцілі мы яго таму, што ў нас такіх, як Сцяпан Захаравіч Белавус, мільёны. Праўда, яшчэ ёсць такія, што перашкаджаюць нам, яны і ў часе вайны былі,— бо хуткі струмень заўсёды і шчэпкі нясе,— але ніхто і нішто не спыніць рух чалавека ў светлае заўтра...

Мы яшчэ б сядзелі, але да нас падыходзіў натоўп, сярод іх было шмат людзей у вайсковай форме. Наш сябра падняўся і сказаў:

— Гэта і будзе сям’я Белавуса. Яны аглядалі горад. Мы ўмовіліся тут сустрэцца.

— Дык там жа каля роты,— здзівіліся мы.

— А гэта ў іх на сёння прызначаны злёт усіх тых, хто ў жывых астаўся, якіх старыя і іх сын ад смерці ўратавалі. Усе яны завуць Сцяпана Захаравіча і яго жонку, Барбару Адамаўну, бацькамі... Між іншым, і сын суседкі тут...

Наш сябра зняў капялюш і пакланіўся нам. Ён пайшоў насустрач ім. І мы ўсталі і пайшлі ў той бок, каб паглядзець на сям’ю Белавуса, гутарка пра якую так узварушыла нашы думкі.

1945

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com