epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Семнаццаць

 

 

— Мы акружаны,— гаварыў задуменна партызанам Сымон Балатніцкі.— Кругом сцяна, але мы яе павінны прабіць. Іначай...

Ён стаяў на грэбені невялікай гары. Пераганялі адна адну чорныя хмары, вецер варушыў пажаўцелы на сонцы авёс. Каля вуха камандзіра пчалою празвінела куля, урэзалася ў зямлю, падняла пыл. Партызаны сядзелі за гарою, паспускаўшы ногі ў прыдарожную канаву, адпачывалі пасля маршу. А Сымон Балатніцкі, абвешаны патронамі і гранатамі, з біноклем на грудзях, разглядаў, як патрэскалася зямля, расказваў пра абстаноўку, нічога не ўтойваючы. Камандзір падумаў: «Недзе снайпер засеў, па пятах немцы ідуць». Твар у камандзіра быў загарэлы, як бронзавы. Лупіўся нос. Патрэскаліся губы. І ў гэтым не было нічога дзіўнага — яны ўжо некалькі дзён пілі балотную ваду. Сымону Балатніцкаму на выгляд можна было цяпер даць гадоў дваццаць восем, а яму толькі ішоў дваццаць чацвёрты. Апошнія дзесяць дзён ён зусім не галіўся, на шчоках у яго былі рыжыя калючкі. За гэтыя дні ў Сымона Балатніцкага яшчэ глыбей уваліліся карыя вочы. За партызанамі атрада Балатніцкага ішоў эсэсаўскі полк. Седзячы каля канавы, камандзір ціха сказаў:

— Справа ідзе пра тое, каб вось тут, каля гэтых могілак, пакінуць групу людзей. Яны прымуць на сябе галоўны ўдар. Па гэтай дарозе ідуць асноўныя сілы фашыстаў.

— А дзе ж атрад Івана Галашчокага? Ён тут недалёка стаяў... Ці, можа, зняўся і пайшоў? — запытаўся намеснік камандзіра.

— Быў і няма. Вайна. Яны добра біліся...

— Падставіць людзей пад агонь, а самім... гэта ж...

— Так трэба,— рэзка абарваў Сымон Балатніцкі свайго намесніка. Камандзір устаў, падышоў да партызан бліжэй і запытаўся: — Хто згодзен тут добраахвотна астацца?

— Я,— доўга не вагаючыся, адказаў Міхась Грахоўскі, камандзір маладзёжнай групы.— Хто са мною? Да мяне! Адзін, два, тры... васемнаццаць.

— Ваша задача,— звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Балатніцкі,— скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей.

У партызанскім атрадзе Сымона Балатніцкага сабралася шмат сялян, галоўным чынам сем’і чырвонаармейцаў, сярод іх багата было дзяцей, старых.

— Аб адступленні не можа быць і гаворкі,— працягваў Сымон Балатніцкі.— Ці ўсе гатовы, калі трэба будзе, прыняць смерць? Можа, хто не ўяўляе небяспекі? Брыгада Капіцы можа не паспець прыйсці нам на дапамогу. Трэба спадзявацца на свае ўласныя сілы,— і, звярнуўшыся да партызана, спытаўся: — Вы хацелі нешта сказаць? Гаварыце!

З радоў выйшаў Ігнат Стома, ён прыглушаным голасам прамовіў:

— У мяне дзіця...

— Паміраць баішся? — устрапянуўся Сымон Балатніцкі.

— Яно, як той казаў, гэтае...

— Баязлівага смерць і на печы знойдзе,— адрэзаў Сымон Балатніцкі.— У кустах не пераседзіш.

— Чаго ты на яго ўссеў, як каршун,— заўважыў намеснік камандзіра, звяртаючыся да Сымона Балатніцкага.— Нікому паміраць не хочацца. Я ведаў адну бабку. Яна кожны дзень малілася і прасіла бога, каб хутчэй памерці. А як прыйшла смерць, дык бабулька і гаворыць: акыш на дзяцей.

Партызаны зарагаталі. Ігнат Стома ўнурыў галаву.

— Ды яно ж так, але, калі трэба, нічога не папішаш,— сурова сказаў Сымон Балатніцкі.— Дзяцей неабходна ратаваць, мы пажылі ўжо, палюдскаваліся, бачылі і добрае, і дрэннае, а ў іх усё наперадзе. Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра іншых... Бачыў, колькі босай, галотнай дзетвары туляецца па лесе? Цэлыя раёны ператвораны ў пустыню... Акрамя здзічэлых катоў, нікога не ўгледзіш на папялішчах. А колькі па дарогах вайны ходзіць малых, якія не маюць прытулку! Бацькі — хто ў Чырвонай Арміі, а хто забітыя... Дык хто пра іх паклапоціцца? Мы! Гэта наш з табою святы абавязак. Зразумела?

— Чаму не?

— Дык тады не каркай. Мы таксама не на шпацыр ідзём. Можа, і нам з табою давядзецца прыняць смерць.

— Годзе табе ўжо, разумею цябе, не падумаўшы сказаў. Прыйдзе часам дурнота ў галаву.

— То, можа, яшчэ хто перадумаў? — спакойна спытаўся Міхась Грахоўскі. Ён стаяў без шапкі, вецер раздзімаў яго русыя кучаравыя валасы. Камандзір маладзёжнай групы сваімі блакітнымі вачыма дакорліва паглядзеў на Ігната Стому.— Яшчэ не позна, выходзь!

— Няма такіх,— гуртам адказала семнаццаць маладых партызан. Яны стаялі з горда паднятымі галовамі, гатовыя змагацца да апошняй кроплі крыві за Радзіму.

— Паўтараю,— звярнуўся Сымон Балатніцкі да Міхася Грахоўскага, але так, каб усе чулі,— ваша задача — як мага даўжэй затрымаць тут праціўніка.

— Ёсць,— казырнуў Міхась Грахоўскі.

— А куды пасля хлопцам адступаць? — пытаўся намеснік камандзіра атрада.— Ты так ім і не сказаў.

— Адступаць? Няма куды,— зазначыў Сымон Балатніцкі. Ён падышоў да Міхася Грахоўскага, абняў яго і моцна пацалаваў.— Слава партыі, камсамолу, якія выхавалі людзей з такімі, як твой, моцнымі характарамі. Трэба, хлопчыкі, біцца да апошняга. Праб’ёмся, тады відаць будзе. Бывайце! Унь паказалася фашысцкая разведка. Не шкадуйце, хлопцы, патронаў.

— Група, за мною! — скамандаваў Міхась Грахоўскі.

Фашысты адкрылі агонь па партызанах. Міхась Грахоўскі са сваёю групаю вымушан быў паўзком прабірацца да могілак, каб заняць выгадны рубеж, адкуль прастрэльвалася ўся навакольная мясцовасць. Іх прыкрывалі партызаны на чале з Сымонам Балатніцкім. Калі Міхась Грахоўскі дапоўз да могілак, ён скамандаваў адкрыць агонь. Фашысцкія матацыклісты, пакінуўшы на дарозе некалькі нерухомых чорна-зялёных кропак, павярнулі назад і хутка зніклі ў лесе. Калі фашысты адхлынулі, Сымон Балатніцкі з сваёй групай пайшоў. Міхась Грахоўскі загадаў акапацца, заняць кругавую абарону.

Заклапочаны Сымон Балатніцкі нарэшце дабраўся да лагера. Па лесе бесклапотна бегалі дзеці, шчабяталі, як птушаняты. Камандзір паклікаў да сябе аднаго хлопчыка і сказаў, каб пазвалі сюды дзеда Ахрэма, старшыню лагера. Неўзабаве нейкі малы хлопчык падышоў да Сымона Балатніцкага. Ён, відаць, хацеў бацькоўскай ласкі, назваў яго «тата». Сымон Балатніцкі да таго быў узрушан, што гэта неяк перадалося і дзіцяці,— хлопчык заплакаў і пабег. Дзіця было круглай сіратою, яно неяк кідалася каля партызан, жыло і расло. «З-за іх, уласна кажучы,— думаў сам сабе Сымон Балатніцкі,— я пакінуў семнаццаць камсамольцаў на верную смерць. А падрастуць, то, можа, нават добрым словам не ўспомняць тых, хто за іх жыццё складзе. Так часам бывае. Але не! Гэтага не будзе, не такія дзеці». Стомлены, ён сядзеў на пні, чакаў дзеда Ахрэма, думаў, як выратаваць ад смерці жанчын, старых і малых. Голле плакучай бярэзіны, пад якою сядзеў Сымон Балатніцкі, нізка апускалася дадолу. Лісце бярэзіны пачынала жаўцець. «А што будзе зімою? — думаў Сымон Балатніцкі.— Дзе я прытулю ўсіх гэтых людзей, чым буду карміць?» Ён закурыў люльку, некалькі разоў пацягнуў і выбіў аб пень тытунь, які яшчэ дыміўся, прытаптаў нагою, каб не зрабіць пажару. А дзед Ахрэм усё не ішоў. «Чым адплаціць фашыстам,— думаў Сымон Балатніцкі,— за прынесеныя людзям гора і пакуты, за знявагу народа? Трэба будзе прымусіць прусакоў адбудоўваць разбураныя гарады і вёскі. Неабходна зрабіць так, каб яны ў дзесятым калене з жахам успаміналі вайну з Расіяй і каб нас доўга памяталі. Мы — ціхія, але да пары да часу. У гневе — мы страшныя. Усе перашкоды сатром на сваім шляху».

— Клікаў мяне, камандзір? — загаварыў падышоўшы дзед Ахрэм.— Ты што ж гэта сёння не такі, як заўсёды? Дзяцей палохаеш. Тугу якую маеш на сэрцы? Хто прынёс боль твайму сэрцу?

— Фашысты.

У гэты час эсэсаўцы адкрылі артылерыйскі агонь па могілках. Уздрыганулася зямля, пасыпалася лісце з дрэў, дзед Ахрэм пахіснуўся; перакасіўся твар Сымона Балатніцкага. Шмат узвалілася на плечы гэтага чалавека людскога гора, як толькі не парвалася яго сэрца. Цягавіты ён быў чалавек, чысты душою і моцны духам.

— Трэба зараз жа падняць усіх людзей,— сурова загаварыў Сымон Балатніцкі.— Асталася адна дарога — вывесці народ праз Чортаву грэблю ў Мікалаеўскі бор.

— Народ нікуды не пойдзе.

— Чаму гэта?

— Людзі ведаюць становішча. Я з імі гаварыў. Будзем абараняцца, пакуль сілы хопіць. А калі няма іншага ратунку, будзем разам паміраць. Гуртам яно лягчэй. Хоць, прызнацца, і не хочацца паміраць.

— Я сам буду гаварыць з людзьмі.

— Дарэмная трата часу,— запярэчыў дзед Ахрэм.— Хіба ты не бачыш, што кругом цябе робіцца? Усе, ад старога і да малога, узяліся за дубіну.

— Што дубіна?! — гарачыўся Сымон Балатніцкі.— З дубінай цяпер не паваюеш.

— Дубіна! — усклікнуў дзед Ахрэм.— Дубіна ва ўсе часы мела і мае значэнне. А чаму? Цяжка народу падняцца, але калі ён паўстане — сагне, зломіць, сатрэ ў парашок... Не ўстаяць фашысты супраць народа. Павер мне, праб’ём сцяну.

— Усё ж я пагавару з людзьмі.

— Пагаварыць з народам ніколі і нікому не пашкодзіць. Вялікія людзі заўсёды абапіраліся і абапіраюцца на народ. Можаш гаварыць з людзьмі, а толькі раней агледзь акопы. Ад самай раніцы працуем. Справа ў тым, што з боку Чортавай грэблі эсэсаўскі батальён.

— Адкуль табе вядома? — занепакоіўся Сымон Балатніцкі.

— Мая разведка данесла,— важна паведаміў дзед Ахрэм.— Я ворага ведаю як аблупленага. А чаму? Яшчэ ў тую вайну з імі ваяваў, два георгіі маю і медаль, унукі з імі гулялі і недзе спляжылі. Хітрыя прусакі, але дурныя, як вароны. Куды ім да нас дапяць. То пойдзем, паглядзім абарону.

Эсэсаўцы з усіх відаў зброі білі па могілках. Міхась Грахоўскі сядзеў у акопе, прыціскаючыся да зямлі. Ён увесь быў мокры, твар у пяску, каля яго валялася шмат пустых гільзаў. «І калі ўжо скончыцца гэтае пекла,— думаў Міхась Грахоўскі.— Не шкадуюць недавяркі снарадаў. Але фашысты пройдуць толькі цераз нашы трупы».

Міхасю Грахоўскаму даносілі:

— Забіты Антон Наркевіч, Юрка Забела, Рыгор Матусевіч, Нічыпар Урублеўскі, Лявон Ганчарык...

Эсэсаўцы ў трэці раз пайшлі ў атаку. Яны лезлі з усіх бакоў. Сунуліся танкеткі.

— Агонь! — камандаваў Міхась Грахоўскі, паліваючы з кулямёта фашыстаў.— Біцца да апошняга, каб не сорамна было перад нашымі продкамі, косці якіх тут патрывожаны.

Вораг і ў трэці раз адхлынуў. На групу смельчакоў наляцелі самалёты. Адна бомба вялізнай сілы разарвалася недалёка ад Міхася Грахоўскага, развярнула магілу, затым паляцелі ўгару аскабалкі пашчапанай труны. Міхася Грахоўскага засыпала зямлёю. Калі ён апрытомнеў, то ўбачыў, што эсэсаўцы ў чацвёрты раз аднавілі атаку. Парадзелі рады партызан. Яшчэ былі забіты Анатоль Валасевіч, Мікола Гурыновіч, Саўка Драгун, Янка Чмялеўскі і цяжка паранены Уладзімір Беразоўскі, Сцяпан Кандратовіч і Мацей Юхноўскі.

— Можа, адступім? — нясмела спытаўся Змітрок Глоба.

— Што? Партызаны не адступаюць!

— Патронаў няма.

— Тады за мною, у штыкі! Ура-а!

Ярасна біліся астатнія партызаны, яны змагаліся да апошняй хвіліны свайго жыцця. Так загінулі семнаццаць адважных камсамольцаў, але не адступілі ні на крок. Яны стрымлівалі на працягу чатырох гадзін эсэсаўскі полк. Каля могілак валялася больш за сто фашыстаў. Міхась Грахоўскі ляжаў на полі бою ўвесь паранены; яго камсамольскі білет быў праколаты штыком. Грахоўскі выканаў да канца абавязак салдата. Каля яго ляжалі тры эсэсаўцы, забітыя ім у рукапашнай схватцы.

«Семнаццаць чалавек стрымлівалі цэлы полк,— думаў камандзір эсэсаўскага палка,— гэта сапраўдныя салдаты».

Эсэсаўцы з боку Чортавай грэблі насядалі на невялікі атрад пад камандаваннем Сымона Балатніцкага. Паміж групай партызан у шэсцьдзесят чалавек і эсэсаўскім батальёнам завязаўся гарачы бой. Партызаны пайшлі ў контратаку. Яны мелі на мэце прабіцца з акружэння. Валіліся партызаны як падкошаныя. Раптам з лесу пачулася магутнае «ўра-а!». Сяляне з дубінамі, на чале з дзедам Ахрэмам, кінуліся на падмогу партызанам. Дрогнулі эсэсаўцы, пачалі ўцякаць. Лавіна разгневаных людзей кінулася наўздагон, усё змятаючы на сваім шляху.

— Ну што? — гаварыў дзед Ахрэм да Сымона Балатніцкага.— Хіба не праўду я казаў, што супраць народа ніхто не ўстаіць?

— Ага, праўду.

— Ура-а! — Не змаўкала на полі бою, заглушаючы гаворку Сымона Балатніцкага і дзеда Ахрэма.— Ура-а-а-а!..

— Бачыш, як Янка месіць Карлу,— гаварыў дзед Ахрэм.— Янка Карлу абсадзіў.

Партызаны атрада Сымона Балатніцкага з дапамогай сялян разбілі эсэсаўскі батальён, а рэштку рассеялі па балоце. Сымон Балатніцкі з групай партызан і дэлегатамі ад сялян прабраўся да могілак, каб сказаць апошняе «бывай» семнаццаці бясстрашным героям. Пахавалі іх у брацкай магіле. На пахаванні не было ні прамоў, ні салютаў, бо людзі былі стомленыя і не было патронаў. Народ гуртам стаяў каля вырытай свежай магілы, пасхіляўшы галовы.

Калі пахавалі забітых партызан, народ праз Чортаву грэблю рушыў на злучэнне з брыгадай Капіцы. Радаваліся людзі, што вырваліся з пасткі.

1944

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com