epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ілья Гурскі

Шумяць лясы зялёныя

 

 

Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі-марамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Ішоў ужо трэці год, як ён прыехаў з Мінска ў Чабарок сакратаром райкома па зоне МТС, на Палессе. Брагінец застаў у МТС пад адкрытым небам іржавеючыя машыны, кругом сядзібы было гола, як на таку, нідзе ні аднаго кусціка.

«— Што гэта ў вас такое запусценне?» — звярнуўся ён тады да брыгадзіра трактарнай брыгады.

Зубкоўскі, спадылба глянуўшы на Брагінца, адказаў:

«— Каб кожны дырэктар, а тут іх пасля вайны перавярнулася безліч, пасадзіў хоць бы па аднаму дрэўцу, дык вырас бы цэлы парк».

«— Дырэктары мяняюцца, — пасміхаючыся сказаў Брагінец, — а працаўнікі МТС застаюцца. За кожнага з дырэктараў, якія тут былі, я пасаджу па дрэўцу і гэтулькі ж дрэўцаў за сябе. Узначаліце гэтую справу?»

«— А чаму ж не! — пераступаючы з нагі на нагу, адказаў Зубкоўскі. — Люблю лес».

У той жа вечар ён сабраў усіх працаўнікоў МТС абмеркаваць пытанне аб зялёным насаджэнні, а на другі дзень у нядзелю досвіткам усе, у тым ліку і Брагінец з жонкай, выйшлі на азеляненне сядзібы.

Праз некаторы час сталі будавацца, вядома, з вялікімі цяжкасцямі, не хапала ні сродкаў, ні матэрыялаў. З вялікай ахвотай узяліся за справу эмтээсаўцы. Цяпер прыемна было глядзець на сядзібу. Паміж зелянінай — дрэўцы ўжо ўвабраліся ў сілу — узвышаліся камяніцы майстэрняў, гаражоў, жылых дамоў.

Брагінец паволі крочыў палявой дарогай; навокал у жыце ішоў перапяліны бой, недалёка ў бярэзніку крычалі маладыя гракі. Брагінец абдумваў нядаўнія падзеі ў калгасе «Зялёны гай,. Пачалося ўсё з-за няшчаснага дамка. Першы год, калі ў калгас з Мазыра прыехаў новы старшыня Круталевіч, калгаснікі на сходзе пастанавілі збудаваць яму дом. На самай справе, нязручна чалавеку жыць на дзве сям'і.

Калгас «Зялёны гай» за якія-небудзь два гады з адсталых стаў перадавым, загрымеў на увесь раён. Але мала хто задумваўся над тым, якім шляхам гэта дасягнута. Вывучыўшы эканоміку калгаса «Зялёны гай», Брагінец аднойчы пры людзях сказаў старшыні: «Круцельствам свет пройдзеш, але назад не вернешся».

Справа ў тым, што Круталевіч разгарнуў такі гандаль, што аж пыл курэў. Ён вагонамі ў Ленінград адпраўляў бульбу, каўбасы, сыр і масла, прадаваў усё гэта па камерцыйнай цане, а па дзяржаўнай купляў запчасці для трактараў і аўтамашын, тут нейкім чынам іх выменьваў — у аднаго старшыні на свіней, у другога на фрукты і мёд, у трэцяга на кароў. Потым усё гэта перапраўляў туды, дзе адчувалася патрэба, і такім чынам меў добры прыбытак. Каўбасную, маслабойню і сыраварню Круталевіч арганізаваў у першы год свайго старшынства, мяса і малако даставаў у навакольных калгасах. Працадзень у яго палез угару.

Не ўсім калгаснікам «Зялёнага гаю» падабалася такая дзейнасць, але маўчалі, пакуль старшыня не надумаўся перакінуць свой дом у горад. «Зматвае вудачкі», — вырашылі людзі. Вось тут і пачалося. У абедзенны перапынак умомант сабраліся калгаснікі на сход, з’ездзілі ў Чабарок па сакратара райкома па зоне МТС — яны заўсёды звярталіся да яго па важных справах, — і за якія-небудзь дзве гадзіны ўсё стала на сваё месца. Ён, Брагінец, падтрымаў людзей, доміка Круталевічу не далі вывезці і яго самога скінулі, а абралі старшынёю аднавяскоўца Зубкоўскага, які да гэтага працаваў брыгадзірам у МТС.

Але ўсё гэта нічога — падзея, так сказаць, мясцовага значэння, якую можна было ўладкаваць калі не ў раёне, дык у вобласці. Горш абстаяла справа са спыненнем высечкі лесу ў Дубровінскай пушчы. Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэваў.

Сяляне калгаса «Ясная Паляна» звярнуліся да Брагінца з просьбай спыніць вынішчэнне пушчы, іначай пачнецца абмяленне рэчак, пераменіцца клімат. Брагінец, доўга не вагаючыся, на сваю адказнасць, з адабрэння і пры падтрымцы Чабарокскага лясніцтва, спыніў парубку, напісаўшы пры гэтым у Мінск і ў Маскву. Але адказу пакуль што не было чутно, а ў раёне ўжо загаварылі пра самаўпраўства Брагінца, які зашмат на сябе ўзяў і за гэта дорага заплаціць. «Пайшоў на повадзе ў адсталых элементаў», — гаварылі яны. І Брагінец пачаў думаць, што справа можа скончыцца для яго дрэнна. «А толькі, калі пайшоў у бойку, дык чуба не шкадуй», — разважаў ён. Брагінец намерваўся пабыць у калгасе «Зялёны гай», хоць не шкодзіла б заглянуць у «Ясную Паляну» і «Сакольскую Дуброву», ды толькі ці ён паспее?

Брагінец узышоў на выган, вузкую і доўгую зялёную палосу, што засталася ад некалі велічнага бору, дзе паміж дрэвамі пралеглі вытаптаныя каровамі звілістыя сцежкі. Недзе недалёка прыгожа свістала івалга, нагадваючы гукі флейты, а потым, відаць, яе нехта спалохаў, бо пачуўся гучны крык, падобны на мяўканне раззлаванага ката. Абапал выгану раскінуліся шырокія калгасныя палеткі. Перайшоўшы выган, Брагінец на ўзгорку спыніўся, дастаў папяросу і закурыў. З гэтага месца відаць была Дубровінская пушча. Ён прыгадаў бачаны там малюнак: па-маладзецку стаяць кучаравыя дубы, утвараючы дзівосныя непаўторныя формы. Але асаблівае ўражанне на Брагінца зрабіў асілак-дуб, ці, як тут яго звалі, цар-дуб. Высокі і стройны, ён узвышаўся над усёй пушчай. Да самага верху на дубе не было ні галінкі, ён быў роўны, як струна, толькі на вышыні каля трыццаці метраў разыходзіліся ў бакі пяць магутных галін. Камель велічнага гіганта ў некалькі абхватаў з поўначы быў зарослы шэрым мохам, тоўстая кара на ім патрэскалася, і ў шчыліны мог улезці кулак. А што асабліва здзіўляла — гэта крона волата-дуба. Нягледзячы на тое, што яму пераваліла на сёмае стагоддзе, — гэта сцвярджалі старыя людзі і, у прыватнасці, самы старэйшы дзед Крыгін, — крона была свяжэйшая і зелянейшая, чым на іншых дубах, лісце шырынёю ў дзве чалавечыя далоні, жалуды раслі буйныя, і восенню імі любілі ласавацца дзікі.

Брагінец, абвёўшы позіркам палеткі, акаймаваныя зялёнай стужкай лясоў, рушыў далей. Яшчэ трохі прайшоўшы, ён прыкмеціў, што збіраецца на дождж: па небе хадзілі кучавыя хмары і, калі яны збіраліся ў гурт, засланяючы сонца, абдавала асвяжальным ветрыкам.

Недалёка ад вёскі Крыгі, цэнтра калгаса «Зялёны гай», Брагінца абагнаў «газік» і спыніўся. Адтуль выйшаў мажны чалавек гадоў пад пяцьдзесят — гэта :быў старшыня райвыканкома, Сцяпан Мікалаевіч Швец. Ён махнуў рукою вадзіцелю, а сам стаў чакаць Брагінца, які знарок замарудзіў хаду.

— Што ты тут натварыў? — замест прывітання, спытаўся Швец. — Анархіяй займаешся?

Шчуплая постаць сакратара па зоне як быццам страпянулася. Брагінец ужо не адзін раз сутыкаўся са Швецам, але адолець ніяк не мог. Пра Швеца ішла пагалоска, што ён цішком кожны дзень прыкладваецца да чаркі, а на людзях нават не можа глядзець на гарэлку. Яго сіні нос нагадваў недаспелую сліву.

— Не анархіяй, а вывеў спекулянта на чыстую ваду, — прыжмурыў маленькія вочы Брагінец, а яго тонкі прамы нос раздзьмуўся. — Круталевіч не можа быць старшынёю калгаса, яму не месца і ў партыі...

— Круталевіч наменклатурны работнік, і ты без ведама раёна не меў права яго перавыбіраць, — злосна вымавіў Швец. Ён, здавалася, задыхаўся і, як рыба, выкінутая з вады, тоўстымі губамі хапаў паветра. — Сёння ты гаворыш, што Круталевічу не месца ў партыі, а заўтра, — чаго добрага, скажаш і мне, Швецу... ад цябе ўсяго можна чакаць... надта порсткі!..

— Калі ты бярэш яго пад абарону, дык не заўтра, а сёння скажу: і ты адарваўся ад народа, і табе трэба даць па шапцы, — сказаў Брагінец. — Ты адчуваеш сябе ў раёне «гаспадарчыкам», не лічышся з калектыўнай думкай... Так, так!.. Няма чаго круціць галавою... Загадаў склікаць агульны сход, не пагаварыўшы з партыйнай арганізацыяй, ці трэба гэта рабіць...

— Трэба ж аднавіць Круталевіча ў правах, — запратэставаў Швец. — Такімі людзьмі нельга кідацца, ён вывеў калгас у перадавыя...

— Даволі! — рэзка сказаў Брагінец, зашпіліўшы на ўсе гузікі пінжак. — Народ не згодзіцца яго прыняць... Трэба лічыцца з народам... Вам не ўдасца...

— Ха-ха! — перабіў Швец. — Народ... Ці не вы толькі яго падбухторылі?..

— Не, — сказаў Брагінец. — Людзі самі ўзняліся... Сакратар партарганізацыі паведаміў мне і вам, але вы чамусьці не прыехалі на той сход, не палічыліся з думкай народа...

Перад імі закружыў віхор, узнімаючы пыл. Яны абодва паглядзелі ўгару. Насоўвалася вялізная чорная хмара, яе разрэзала маланка, потым ударыў раскацісты гром. Пачыналася навальніца. Закурэла ў пушчы. Яны заспяшаліся ў вёску Крыгу.

— А як вы асмеліліся спыніць секчы лес? — выгукнуў Швец. Па ўсім відаць было, што гэта яго галоўны козыр. — Хто вам даў на гэта права?

— Я камуніст і ўмяшаюся ў любую справу, калі ўбачу, што робіцца няправільна... І гэтак павінен рабіць кожны, тады ў нас будзе парадак...

— Мінск з вамі не згадзіўся...

— А як Масква? — устрывожана спытаў Брагінец.

— Тое самае скажа і Масква. Краіне патрэбна драўніна. Прыйдзецца вам са свайго заробку аплаціць лесарубам за вымушаны прагул.

— Дубровінская пушча — наша гордасць, — горача запярэчыў Брагінец. — Я даб’юся, каб яе не вынішчалі. Вы — старшыня райвыканкома — з’ездзіце, паглядзіце, няўжо і ў вас не забаліць сэрца... аголім край, спустошым зямлю, што тады скажуць пра нас будучыя пакаленні?..

— Якая мне да гэтага справа? Зверху далі ўстаноўку секчы, яны і адказваюць... А наша хата з краю...

— Вы чыноўнік, а не кіраўнік, — злосна вымавіў Брагінец. — Тым людзям, якія не любяць свайго краю, не лічацца з народам, нельга быць кіраўнікамі, — Брагінец горка скрывіўся. — Я вам нават свіней пасвіць не даверыў бы, бо ў вас няма душы.

— Ого! — аж затросся Швец. — Вы замнога на сябе бераце... Не такія ў вас шырокія плечы...

— Нічога, вытрымаюць...

— Не думаю...

— Вось у тым і ўсё наша гора, што вы не думаеце... У вайну я шмат дзе пабыў, багата бачыў і прыйшоў да вываду, што прыгажэйшую за нашу краіну цяжка знайсці... Вам смешна, а гэта так... На жаль, пра яе мала ведаюць у свеце... Прыгадайце нашы лясы, азёры, рэчкі... Дый зямля ў нас добрая, але вось такія, як вы, выпадковыя і часовыя ў кіраўніцтве людзі, зрабілі яе беспасажніцай... Вы саромеецеся вымаўляць слова «гной», які ж з вас тады кіраўнік сельскай установы? Дайце гною нашай зямлі — яна азалоціць чалавека... Чулі, можа, прыказку: дзе гной, там і лой. Зубкоўскі з гэтага і пачаў: «Будзе ў нас жывёла, будзе і хлеб». Пачуўшы гэта, я тады падумаў, што яго можна не толькі выбіраць старшынёю калгаса, але і прызначаць міністрам сельскай гаспадаркі.

— Не разумею я вас, чаго вы дамагаецеся?

— Падняць урадлівасць нашых палёў, палепшыць дабрабыт людзей, стварыць багацце прадуктаў: мяса, масла, малака. Як сакратар райкома па зоне МТС, я адказваю за ўсё, што тут робіцца.

Пайшоў спорны дождж, пацяклі раўчукі. Зазелянелі абмытыя палеткі.

— От няшчасце!.. — выціскаючы ваду з прыполу паўвайсковай гімнасцёркі ахоўнага колеру, прагаварыў Швец.

— Не няшчасце, а мільярды!.. — не згадзіўся Брагінец і жартліва дадаў: — Ну, швец, жнец і ў дуду ігрэц, рыхтуйцеся да бою... Бачыце, народ валам валіць у клуб...

— Не раю вам на людзях распачынаць бойку...

— Толькі на людзях... У кабінеце адзін на адзін вас не проймеш...

— Тады рыхтуйцеся да здачы партбілета...

— Паглядзім, хто здасць...

Далей, да самай вёскі, яны ішлі моўчкі.

...Такога бурнага сходу ў калгасе «Зялёны гай» даўно не было. Нават тыя людзі, якія заўсёды маўчалі, сёння загаварылі.

— Дайце мне слова! — папрасіў конюх Апанас Жыгалка.

— Гэны пекане! — прарыпеў голас дзеда Крыгіна.

— Слухаў я ўсіх уважліва, — загаварыў Жыгалка, цярэбячы вогненна-рыжую бародку. — Дык от што я скажу: няправільную лінію, не ленінскую вядзе тут таварыш Швец, які хоча вярнуць нам былога старшыню. Што ж, дарагушы, атрымоўваецца? Прыйшоў да нас Круталевіч, і сталі верхаводзіць тыя людзі, якія гадамі нічога не рабілі, зусім не дбалі пра калгас. А чаму сумленная Магдалена Шэўчык, якая дзень у дзень выходзіла на работу, калі іншыя ехалі ў будныя дні на базар ці ішлі у ягады, апынулася ў няміласці?

— Правільна! — загаманілі людзі.

— Чаму пастух Ціхон Крот, — прадаўжаў Жыгалка, — калі ў першыя гады пасля вайны ні грама не атрыоўвалі на працадні, дняваў і начаваў з калгасным статкам і выгадаваў гэтулькі жывёлы, а цяпер з году ў год павялічвае надой малака, не ў пашане?

— Няўжо ж, — адобрыла жанчына.

— Я мог бы назваць дзесяткі людзей, дарагушы, якія апынуліся ў цяні, а замест іх выйшаў на святло Баварскі і яму падобныя, — горача гаварыў Жыгалка. — Адным словам, далікатна кажучы, на паверхню ўсплыла ўсялякая непатрэбшчына... — Жыгалка перадыхнуў. — А да чаго даведзены некалі ўрадлівыя нашы палі? Па пяць-шэсць цэнтнераў збіраем, у той час як гной па тры гады ляжыць у хлявах, а які і вывезены, без толку выкарыстоўваецца, пакуль яго зааруць, дык ён увесь выпетрае... Або ўзяць кукурузу: гракі ўсю павыцягвалі з зямлі... Дык як вы, Круталевіч, будзеце апраўдвацца?

Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца.

— А чаго мне апраўдвацца? — устаў з-за стала прэзідыума сходу Круталевіч. Паправіўшы і без таго гладкія, зачэсаныя «пад польку» русыя валасы і лісліва ўсміхнуўшыся, ён загаварыў: — Глыбокапаважаныя зялёнагаеўцы, мужчыны і жанчыны! — Круталевіч прыклаў руку да сэрца. — Я зусім не набіваюся, каб вы мяне вярнулі, — кіраўніцтва раёна не згаджаецца адпусціць... Я ўсё рабіў, каб выбіцца ў перадавыя...

— Што казаць, спекулянтамі нас зрабіў! — з задніх радоў выкрыкнуў нехта.

— Няважна, для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя, — прадаўжаў Круталевіч, выціраючы хустачкай успацелы лоб. — Усё было б добра, каб не з явіўся тут Брагінец. Гэта ён настроіў людзей супраць мяне...

— Правільна! — падтрымаў Базарскі, які сядзеў у пярэдніх радах.

— Няправільна! — запярэчыў Крыгін. — Раскажы лепей пра дамок.

— А што пра яго гаварыць? — прыжмурыў блакітныя вочы Круталевіч. Ён скінуў пылінку з рукава свайго карычневага пінжака:

— Дом мой...

— А чый лес? — пытаўся Жыгалка. — Хто рабіў?

— Няважна, — махнуў рукою Круталевіч. — А колькі я аддаў сілы калгасу... Я вас накарміў, адзеў, яшчэ даў на кішэнныя расходы... Брагінец усюды суне свой нос, якая яго справа, што мы калгасны лес на справу пусцілі, — наступаў Круталевіч.

— Не мы, а вы! — выкрыкнуў Крыгін. — А цяпер, калі не пасадзім лес, дык праз некалькі год пяскі падступяць да самай вёскі. „

— Брагінец нават умяшаўся ў справы лесарубаў у Дубровінскай пушчы, — прадаўжаў Круталевіч.

— Але, але, — адобрыў з месца Базарскі. — Лес казённы, што Брагінцу да яго, дык жа лезе... а чаму?..

— А таму, — мнагазначна вымавіў Круталевіч, што ён супрацьстаўляе сябе ўсім... не лічыцца з раённым кіраўніцтвам, з абласным... можа, нават не згодзіцца і з рэспубліканскім...

— Гэны можа! — адобрыў Крыгін. — За праўду да Масквы дойдзе!

— Якая там праўда? — не згадзіўся Круталевіч. — Падумаеш, важнасць якая — Дубровінская пушча — на наш век лесу хопіць...

— Досыць! — злосна выгукнуў Крыгін. — Усё ясна! Стаячае балота — гніе. З лёгкім ветрам!

Усе засмяяліся і запляскалі ў далоні. Унурыўшы галаву, Круталевіч пакінуў трыбуну.

— Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец.

— Я не самазванец, Сцяпан Мікалаевіч, мяне людзі выбралі, — запратэставаў Зубкоўскі, падыходзячы да трыбуны. — Я ўжо гаварыў і гаварыць буду, што зямля наша, калі яе дагледзець, адплаціць хлебаробу, — нібы гутарку ведучы, размаўляў Зубкоўскі. — А будзе жывёла — будзе хлеб і да хлеба.

— Уга! — выгукнуў Крыгін. — Жылі ж мы да вайны, дай божа кожнаму!.. Горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі.

— І без спекуляцыі! — дадаў хтосьці.

— Гаспадарку мы праз год-два паднімем, калі людзі з такім стараннем будуць працаваць, як цяпер узяліся. І без спекуляцыі, як тут падказвалі. У нас павінна быць створана свая база, каб мы змаглі забяспечыць сябе і разлічыцца з дзяржавай не шляхам розных махінацый, а абапіраючыся на нашы наяўныя сродкі, здабытыя нашай сумленнай працай. Я, напрыклад, судзіў бы Круталевіча за тое, што ён без ведама праўлення прадаў калгасны лес і раздаў грошы на працадні. Павышаць працадзень трэба за кошт павелічэння ўраджайнасці палёў і развіцця жывёлагадоўлі.

— Правільна! — загаманілі людзі.

— А што да Дубровінскай пушчы, дык гэта не толькі ўпрыгожанне нашага краю, але і наш ратунак...

— Гэны ў корань глядзіць! — адобрыў Крыгін. — Каму невядома, што жаваранак прылятае на праталіну, шпак — на прагаліну, жораў з цяплом, а ластаўка — з лістом. Адным словам, на ўсё свая пара, прыйшоў да нас працавіты чалавек, дамо яму разгарнуць крыллі!

— Правільна! — падтрымалі людзі.

— Я «мяркую так, таварышы, — свяціліся радасцю зыркія вочы Зубкоўскага, — што выкажу вашу думку, калі скажу: галоўнае ў нас сёння — дабіцца адмены павальнай высечкі Дубровінскай пушчы... З астатнім мы самі справімся...

Пачуліся дружныя воплескі.

Паглядзеўшы ў бок Швеца, Зубкоўскі спытаўся:

— Падтрымаеце нас, Сцяпан Мікалаевіч, у гэтай справе?

— Не! — сказаў Швец. — У Мінску далі згоду на высечку Дубровінскай пушчы, а што мне...

— Ах, так! — усклікнуў Зубкоўскі. — Тады няма чаго таўчы ў ступе ваду... Будзем дзейнічаць праз вашу галаву... Я мяркую, што агульны сход «Зялёнага гаю» цалкам падтрымае дзеянне сакратара райкома па зоне МТС Міхаіла Іванавіча Брагінца аб забароне высечкі Дубровінскай пушчы...

— Згодны! — закрычалі залёнагаеўцы.

— А што да насаджэння калгаснага лесу, дык зоймемся гэтым восенню, — гаварыў Зубкоўскі. — Яшчэ я на пленуме сельсавета мяркую ўнесці прапанову, каб пры рэгістрацыі шлюбу пытацца ў маладога і маладой, колькі і дзе яны пасадзілі дрэўцаў, а пры рэгістрацыі народжаных раіць бацькам пасадзіць хоць адно дрэўца ў гонар іх дзіцяці...

Усе засмяяліся, весела пляскаючы ў далоні.

— А цяпер можна разыходзіцца! — сказаў Зубкоўскі і пайшоў у залу.

— Пачакайце! — усхапіўся Швец. — Сход не скончаны. Я не ўхваляю вашага рашэння аб перавыбранні Круталевіча... гэта анархія... нельга так дзейнічаць... ва ўсім вінаваты Брагінец, які прыцягваецца да партыйнай адказнасці і за ваш сход, і за спыненне высечкі Дубровінскай пушчы... Ён завысіў свае правы...

Падняўся шум, свіст, выкрыкі абурэння. У гэты час да стала прэзідыума падышоў інструктар райкома парты і, які, відаць, толькі што прыехаў. Ён перадаў Брагінцу нейкую паперку.

— Таварышы! — звярнуўся да сходу Брагінец. — Прыйшла з Масквы тэлеграма... «Забараніць высечку Дубровінскай пушчы, ператварыць яе ў дзяржаўны запаведнік».

— Ёсць на свеце Масква, — горача сказаў Крыгін. — Ёсць на свеце і праўда.

Швец узяў у рукі тэлеграму, прачытаў, апусціў галаву і, цяжка ступаючы, пайшоў з клуба. Узбуджаныя, гамонячы, выходзілі на двор людзі. Пасля дажджу пасвяжэла, вальней дыхалася.

— Шумяць лясы зялёныя, — паглядзеўшы ў бок пушчы, абапіраючыся на кій, задаволена сказаў Крыгін.

— І будуць шумець, пакуль будзе жыць народ, — зазначыў Брагінец.

— Гэна дзела! Мужчыны, павеяў свежы вятрыска, закрасуе і наша зямля. Добра жыць на свеце!

Задаволеныя, усе весела заўсміхаліся.

1955

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com