epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Лясныя салдаты

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА


 

1

Батальённы камісар Рыгор Гарашчэня і маёр Сымон Дубрава — ваенком з Палесся, а камандзір з Віцебшчыны — яшчэ да вайны служылі ў адным палку і моцна паміж сабой здружыліся. Пасля бою пад Мінскам, наглядзеўшыся на пакуты параненых, сябры далі адзін аднаму слова, што калі адзін з іх будзе цяжка паранены і не будзе ніякай надзеі на выздараўленне, другі пазбавіць яго пакут.

На Іваноўшчыне, недалёка ад ракі Бярозы, разгарнуўся гарачы бой з немцамі, у якім быў цяжка паранены Гарашчэня. Ён быў на самым небяспечным участку, з першым батальёнам, на ўскраіне дрымучага лесу, які цягнуўся на дзесяткі кіламетраў. Гарашчэня з батальёнам стрымліваў націск цэлага палка, узмоцненага танкамі і дывізійнай артылерыяй. Даведаўшыся, што ваенком сцякае крывёю — Гарашчэня быў паранены ў грудзі,— камандзір падпоўз да яго, каб памагчы сябру, а калі трэба будзе, то і выканаць дадзенае слова. Але ў камандзіра не падымалася рука на абяссілеўшага блізкага і дарагога яму чалавека, з якім прыняў усю сілу першага ўдару гітлераўцаў і адказаў ударам на ўдар.

Гарашчэня ў гарачцы біўся, як падстрэленая птушка, змагаючыся за жыццё. Ён то адкрываў павекі, то закрываў, крывячыся ад неймавернага болю. Рука сутаргава цягнулася да акрываўленай гімнасцёркі. Яго душыла смага.

Маёр напаіў з біклагі батальённага камісара, а потым спытаўся:

— То як, братко, справы?

— Дрэнь.

Сэрца ў камандзіра заныла, стала паскорана біцца. Ён бачыў, як камісар прагнуў жыцця. «Няўжо прыйдзецца падняць руку на свайго лепшага сябра? — думаў камандзір.— Не, я не магу гэтага зрабіць, не магу». Ён разарваў гімнасцёрку на параненым і пачаў яго перавязваць.

Гарашчэня адкрыў павекі і, нібы зразумеўшы думку камандзіра, прагаварыў:

— А можа, і выжыву...

Дубрава вальней уздыхнуў, у яго як гара з плеч звалілася. Жылістаю рукою камандзір украдкам зняў з загарэлага салдацкага твару буйную слязу. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластунску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Вырваўшыся з зоны артылерыйскага агню, аддаўшы каманду адправіць камісара ў палявы шпіталь, маёр пайшоў на камандны пункт. Немцы, перагрупіраваўшы сілы, пасля інтэнсіўнай артылерыйскай падрыхтоўкі і апрацоўкі пярэдняй лініі з паветра, зноў аднавілі атаку. Маёру прыйшлося ўвесці ў бой усе наяўныя сілы палка. Сляпцом лезлі п’яныя фашысты, усцілаючы трупамі прасторы параненай зямлі.

Тры дні полк абараняў гэты рубеж, што дало магчымасць адступаючым часцям Чырвонай Арміі адарвацца ад праціўніка, каб замацавацца на больш выгадных пазіцыях. Трэба было таксама даць магчымасць адысці ўцекачам.

Яшчэ і цяпер відаць былі тут сляды адступлення. Некалькі дзён стаяла неймаверная гарачыня. Людзі, якія ўцякалі ад напасці, што так раптоўна нахлынула, абліваліся потам і крывёю. Іх увесь час бамбілі і абстрэльвалі з самалётаў. Яны ішлі па пыльных дарогах вайны, са скарбамі за плячыма, ішлі на ўсход, не ведаючы, дзе спыняцца і што іх чакае наперадзе.

Абапал дарог гналі жывёлу — кароў і авечак, свіней і коней; стаяў такі пыл, што нельга было дыхнуць. У часе папаскі людзі даілі кароў, частавалі малаком параненых чырвонаармейцаў, здойвалі малако на зямлю. А ў некаторых кароў вымя да таго параспірала, што яны не маглі ісці, адставалі; па дарозе іх даразалі, а то і зусім кідалі.

Свежыя магілы, парваныя правады, паламаныя машыны, забітыя коні і каровы, развернутая дарога — усё гэта гаварыла за тое, што тут прайшло шмат людзей, ратуючыся ад навалы.

І да ўсяго гэтага тры дні ўпартых баёў зусім змянілі пейзаж. Абапал дарогі — Іваноўшчынай звалі тутэйшую мясцовасць — покатам ляжаў лес. Шугалі чародамі напалоханыя птушкі. Тырчалі напалам перацятыя выносістыя сосны, кашлатыя елкі хіліліся долу, як маладзіцы, убраныя ў белае белле, бярозы і нават магутны дуб не ўстаяў супраць бога вайны — цяжкай артылерыі. З пашчапаных хвоек слязілася смала, павяла лісце на бярэзінах, распластаўся купчасты дуб, урэзаўшыся каржакаватымі сукамі ў зямлю, абламаўшы свае маладзецкія кучары.

Яшчэ раніцою тут вёўся бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гулі маторы. Самалёты апускалі бомбавы груз. З карэннямі выварочвала дрэвы, высока ляцела ўгару зямля, засыпала людзей. Праз гушчар прайшлі танкі, падмяўшы пад сябе маладыя сосны і елкі. Але людзі стаялі насмерць. Немцы прайшлі гэты рубеж цаною вялікіх страт.

Кананада пад поўдзень крыху аддалілася, але выразна чуваць былі раскаты гармат. Бітва ішла жорсткая, кровапралітная. Гітлераўцы, не лічачыся са стратамі, ірваліся ў глыбіню нашай абароны, на ўсход.

На полі нядаўняга бою чуваць былі людскія енкі і стогны, пахла чалавечым потам і крывёю, мерцвякамі. Дзіка ржалі коні, бегаючы з сёдламі, без ездакоў, па скалечаным полі. Недаспелае жыта было дашчэнту збіта, пабэрсана, змяшана з зямлёю.

У невялічкім акопе, каля купчастага ядлоўцу, недалёка ад каманднага пункта першага батальёна, раскінуўшы рукі, гледзячы памутнелымі вачыма ў блакітнае неба, на якім, нібы з ваты, плавалі хмары, ляжаў тэлефаніст Дуброўскі са сціснутымі ў зубах абарванымі правадамі. Ён выканаў абавязак салдата і, нават будучы мёртвым, сваім целам змагаўся за радзіму.

Увесь скрамсаны, расціснуты, умяты ў зямлю ляжаў камандзір палка Дубрава, а недалёка ад яго стаяла застыўшае чорнае страшыдла, абгарэлы нямецкі танк з парванымі гусеніцамі. Маёрава смерць дорага каштавала немцам. Перад яго акопам ляжала некалькі забітых фрыцаў.

На крушні каля дзікай ігрушы, якая сіратліва стаяла на полі, уверх тварам ляжаў рыжы прусак у чыне обер-лейтэнанта. Крумкач выдзёўбваў яму вочы.

Усе палеткі, адкуль немцы наступалі, былі стаптаны, поле ўслана забітымі салдатамі і афіцэрамі. Над месцам бою кружыла груганнё.

У вёсцы Іваноўшчына, якая была спалена, тырчалі абгарэлыя коміны. На папялішчы выў касматы сабака. Прыляцеў бусел, пакружыў і, не знайшоўшы свайго гнязда, падаўся на балота.

Ляснік Мірон Грыневіч і калгасны пастух Ігнат Шпакоўскі аглядалі месца пабоішча, забітых людзей, пакалечаныя дрэвы. У лесе параскіданыя ляжалі гранаты, вінтоўкі, нават кулямёт стаяў, а поруч з ім ляжаў малады кулямётчык. Мірон з Шпакоўскім, пабедаваўшы аб загінуўшых, моўчкі ўзяліся за працу. Мірон цярпець не мог, калі ў лесе галлё валяецца, не тое каб зброя была не прыбранай. Ён сцягваў яе ў адно месца. «Можа, спатрэбіцца»,— думаў стары. А Шпакоўскі ўспомніў пра жывёлу, пярэстым племянным быку, які быў прывезены з Кастрамы. Быка могуць не ў час напаіць або абкормяць канюшынай ці зусім страцяць у дарозе. Калгасны статак быў эвакуіраваны на ўсход.

Мужчыны былі ашаломлены сілай удару немцаў, але не гублялі галавы, яны былі ўпэўнены, што немцы вайны не выйграюць. «Яны могуць далёка зайсці,— сам сабе сказаў Мірон,— але назад не вернуцца». «Лезе прусак на палаткі,— падумаў уголас Шпакоўскі,— ды ў начоўках утопіцца».

Кананада сціхла.

— Дзе я? — Гарашчэню стала страшна, ён прыслухаўся: — Эй, хто там?

— Свае,— адказаў Шпакоўскі.

— Што вы тут робіце?

— Вас сцеражом,— падыходзячы, гаварыў Мірон.

— А дзе нашы людзі?

— Шмат іх тут асталося,— уздыхнуў Шпакоўскі.— А астатнія... нічога благога не скажаш, добра біліся. Што ж, другія абернуць ворага. А ты, чалавеча, жыві!

— А што гэта ў вас, дзядзька, дзе вы ўзялі гэты сцяг? — падняўшы галаву, звяртаючыся да Шпакоўскага, запытаўся камісар.

— Сцяг вашага палка,— зашпільваючы палітон, адказаў Шпакоўскі.— Сцяганосец забіты. Камандзір палка таксама. І многа тут нашых злегла, але не заплямілі сцяга, не, не.

— Пі-і-іць!

Гарашчэня зноў страціў прытомнасць. На яго гімнасцёрцы запяклася кроў. Мужчыны напаілі камісара вадою. Гарашчэня паварушыў галавою, праліў ваду, срабрыстыя кроплі яе каціліся па яго абяскроўленым твары.

У лесе пахла смалою. Вавёрка, пераскокваючы з дрэва на дрэва, абламала галінку, якая ўпала на Міронаву шапку. Мірон, узняўшы галаву, патрос кулаком. «Не хочацца толькі чалавека трывожыць,— падумаў ён,— а то быў бы табе халэмус». У яго за плячыма вісела тульская дубальтоўка, якая паблісквала варанёнаю сталлю. Ляснік са сваёю стрэльбаю ніколі не разлучаўся. Часам жонка жартавала, што ён стрэльбе, як палюбоўніцы, больш аддае ўвагі, чымся ёй, старой, з якою век пражыў.

Напаіўшы камісара, Мірон з Шпакоўскім скруцілі цыгаркі, адышліся, селі на пнях, закурылі. Яны заўважылі барацьбу мурашак з гадзюкай. Мужчыны дзівіліся, сваім вачам не верачы. Мурашкі так абляпілі гадзюку, што яна круцілася, як скурат на агні, але ніяк не магла ад іх вылузацца.

— Скажы ты,— парушыў цішыню Мірон,— якая сіла! От каб людзі, што дбаюць аб міры, гэтак дружна ўзяліся, то яны ж у парашок сцерлі б фашыста.

Хруснула суччо, рэха разнеслася па лесе. Потым стала ціха, пачуліся насцярожаныя крокі.

— Хто там можа быць? — падумаў уголас Мірон.— Хада чалавечая, а павадка воўчая.

— Ці мала на свеце злыдняў,— заўважыў Шпакоўскі.— От скажам: гітлераўцаў не сеюць, яны самі родзяцца.

Мужчыны прыглядаліся, але нікога не было відаць. Яны аблюбавалі месца для камісара, прыйшоўшы да выніку, што лепш яго на градзе да вечара пакінуць, сярод дубоў і клёнаў, вось толькі — як яны яго перанясуць? Камісар быў хоць і невялікага росту, але грузны і, як ім здавалася, некалькі непаваротны. А можа, гэта таму, што ён аслабеў? Спалатнелы камісар нерухома ляжаў.

— Аднак хто там ходзіць? — не мог супакоіцца Мірон.— Калі чалавек, то чаго ён туляецца?

Ляснік углядаўся ў гушчар і, заўважыўшы незнаёмага, спытаўся:

— Чалавеча, ты хто, адкуль?

— А ты хто? Ды вас двое? Што вы тут робіце?

— Я тутэйшы чалавек, ляснік.

— А гэты?

— Калгасны пастух.

— А я думаў, што вы мёртвых абдзіраеце. У мужыка зайздроснае вока, не любіць, калі што дзе валяецца.

— А ты хіба пан?

— Ён на свой аршын мерае!

— Чаго гэта ты так «распух»? — пытаўся ў Шпакоўскага незнаёмы.— Што гэта ў цябе? Па-а-кажы!

— Адчапіся! — сыкнуў Шпакоўскі.— Шмат будзеш ведаць, хутка састарэеш.

— Ну, што,— паглядаючы на Мірона, усміхнуўся незнаёмы.— На палазы некалі людзям шкадаваў дрэва, а тут гэтулькі лесу навалілі.

— Нешта я цябе не ведаю.

— А памятаеш Ціта Пясецкага?

— А як жа,— ажывіўся Мірон,— ён сальнікам быў.

— Вот калі! — расплыўся, як месяц, Шпакоўскі.— Яшчэ некалі — яго дубасіў.

— Ото ж, рэбры паламаў. А за што?

— За тое, што з крупчака сала прадаваў.

— Дык я яго сын, Віктар Пясецкі. Дзень добры, мужчыны!

— Дзень добры! — адказаў на прывітанне Мірон.

— Прызнацца, не пазнаў,— холадна падаўшы руку, гаварыў Шпакоўскі.— Ці даўно быў падшыванцам, а цяпер вырас на лес гледзячы.

— А ты, Шпакоўскі, усё са сваімі штучкамі. Ты, мусіць, і памрэш з усмешкай.

— А куды мне спяшацца, хачу пабачыць, як гэтых валацугаў пагоняць назад. А ты, Пясецкі, адкуль і куды?

— З Польшчы, дадому. Якія ў нас навіны?

— Кажуць, што і яршоўскі канакрад, Сымон Бурачок, вярнуўся,— нібы між іншым гаварыў Шпакоўскі.

— Не брашы,— запярэчыў Пясецкі.— Адкуль табе вядома? Дзе Яршы, гэта ж, мусіць, недзе аж на Нёмане, а дзе Азярышча?

— Добрае далёка чуваць, а дрэннае яшчэ далей,— Шпакоўскі сам сабе падумаў: «Прытвараецца, гадзюка, колькі ты з бацькам украдзеных Бурачком коней прадаў!»

— То вы, мусіць, мяне не чакалі? — пытаўся Пясецкі.

— Прызнацца па праўдзе,— гаварыў Мірон,— нават забыліся, што быў на свеце такі чалавек. Каму гэта ў галаве? Сваіх клопатаў багата. У нас тут такія падзеі адбыліся, не пазнаць цяпер вёскі. Людзі знайшлі кветку шчасця.

— Ай, ай, ягамосці! Як на белую варону, накінуліся і дзяўбуць, то хоць не ўсе разам,— пасміхаючыся, гаварыў Пясецкі.— Паглядзім, што за чырвоны рай...

Пачуўся голас Гарашчэні; мужчыны ўстрывожыліся. Пясецкі прыслухаўся. Камісар з гарачкі гаварыў:

— Патронаў... Смаленск... Смаленск... Чаму маўчыць Смаленск... Дайце мне Смаленск...

— Каму там гэтак любы Смаленск? — Пясецкі выняў рэвальвер. У яго з кішэні выпаў гадзіннік, відаць, узяты ў забітага. Падышоўшы, ён здзівіўся: — Што-о? Камісар? Ну так, з нашыўкамі на рукавах. А вы, ягамосці, і не бачыце? Зараз яму будзе магіла!

— Гэта яшчэ што такое? — зазлаваў Мірон.— Схавай рэвальвер!

— Ідзі ты!..

— Каму гавораць? — схапіўшы кол, крыкнуў Шпакоўскі.— Сто-о-ой!

— Чхаў я на вас! Скончылася пара камісараў! Няхай корміць чарвей!

— Ах ты, шалудзька! — замахнуўся Шпакоўскі.— Знайшоўся мне гаспадар! Пайшоў свінням хвасты круціць. Пэцкаль!

Разгарачыўшыся, Шпакоўскі не заўважыў, што ў яго споўз на калені сцяг палка. (Шпакоўскі абкруціў сябе сцягам, мяркуючы яго захаваць да звароту Чырвонай Арміі.) Пясецкі гэта заўважыў.

— Добра, я табе гэтага не дарую! — працадзіў праз зубы Пясецкі.— Век будзеш мяне помніць. Бальшавік!

— Да бальшавіка не дарос, але гатоў ім быць,— гаварыў Шпакоўскі.— Прыйшоў тут парадкі наводзіць. Згінь з вачэй, іначай на пацяруху змалачу! Без цябе хлеб елі. Смурод!

Пясецкі, падняўшы з зямлі гадзіннік, у якім ён, наступіўшы нагою, раструшчыў шкло, злосна паглядзеў на мужчын і падаўся ў кусты.

— І чаму я яго не аходаў,— лаяў сябе Шпакоўскі. Ён быў нездаволены сабою.— Трэ было смальнуць калом, то меней было б клопату.

— А ён можа нарабіць бяды,— гаварыў сам сабе Мірон.— Трэба табе куды-небудзь сысці.

— Праўду кажаш,— згадзіўся Шпакоўскі і падаўся ў лес.— Далей ад ліха. А ты камісару скажаш, што я сцяг зберагу да прыходу нашых.

Мірон, задумаўшыся, моўчкі стаяў.

Падбегла падгалістая дзікая каза, у яе ўваліліся бакі, тырчэлі рэбры. «Адкуль яна прыджгала?» — думаў ляснік. Напалоханая каза павяла мысаю і так з месца рванула, што ажно зямля паляцела ўгару. Камісар паварушыў галавою. Угледзеўшы Мірона, ён зноў спытаўся:

— Дык хто ты?

— Ляснік.

— Што тут робіш?

— Цябе сцерагу,— паўтарыў Мірон.

— Навошта я табе спатрэбіўся?

— Не выпадае чалавека без дагляду кінуць, калі ён бездапаможны. Трэба мець сэрца.

— Ой, грудзі...

— Пацярпі, саколе! Увечары мы цябе перанясем у вёску, знойдзем фельчара.

— Не ведаю, ці сніў я або ты з некім тут гаварыў?

— Прыцягнуўся якісьці ліхадзей. Гудзе і гудзе над вухам, як камар, табе спаць не дае, дык мы яго адсюль патурылі.

— Дзе немцы?

— Далёка ўжо,— з болем у сэрцы адказаў Мірон.— Але вы біліся, як салдаты. Дорага гэта немцу каштавала. Пра сцяг палка хочаш спытацца? Яго Шпакоўскі так схавае, што ніякі сабака не знойдзе. Паляжы! От жа неяк будзем жыць. Паправішся. Мы яшчэ паваюем.

— Я хачу прабрацца да сваіх,— падымаючыся, гаварыў камісар.— Прынясі мне сцяг. О-ой!

Гарашчэня асунуўся, у яго на лобе выступіў халодны ліпкі пот. Мірон занепакоіўся. Расшчапіўшы Гарашчэню зубы, ён уліў яму ў рот вады. Гарашчэня, цяжка ўздыхнуўшы, скрывіўся, відаць, яму моцна балела. Улажыўшы камісара вышэй, падклаўшы пад галаву процівагаз, Мірон, адышоўшыся, задумаўся: «Паваюем? З голымі рукамі не палезеш у бойку...» Яму прыйшла ў галаву думка прыбраць да рук зброю, якая валялася на полі бою.

Камісар, пастагнаўшы крыху, зноў сцішыўся. У лесе стала ціха, як пасля навальніцы. Чуваць было, як гулі пчолы, недалёка стукаў дзяцел, зашчабятала птушка, нейкая не знаёмая вуху Мірона, што ён аж паглядзеў у той бок, але яе не ўбачыў. Адышоўшыся, Мірон сцягваў зброю да вывернутага дуба. Пад вечар на полі бою з’явіліся немцы, яны, сагнаўшы сялян з некалькіх вёсак, падбіралі зброю, хавалі забітых.

Каля дарогі, як грыбы пасля дажджу, раслі бярозавыя крыжы з каскамі наверсе. Салдат па некалькі хавалі ў магіле і ставілі адзін крыж. Афіцэраў жа хавалі па аднаму, і нават у трунах. На крайніх крыжах з каскамі ўжо сядзелі, каркаючы, вароны.

Мірон, зрабіўшы з ельніку будан, паклаў там Гарашчэню, папярэдзіўшы, каб ён сваімі стогнамі не выдаў сябе. Камісар ляжаў ціха, слухаючы камарыны перазвон. А ляснік меркаваў, як выратаваць паскіданую ў варонку зброю, якую немцы маглі знайсці і забраць.

Маладыя дзяўчаты — настаўніца з Азярышча Наста і яе сяброўка, студэнтка медычнага інстытута Марыйка, якія былі выгнаны, каб сцягваць забітых,— крыху асвоіўшыся, пасмялеўшы, лаялі немца на чым свет стаіць, а той, не разумеючы мовы, толькі лыпаў вачыма. Сяляне ўсміхаліся.

— Чаго вас сюды прынесла нячыстая? — бубніла Наста.— Чаго ты вылупіў вочы, як баран перад новымі варотамі? Дурань!

— Я, я,— лапатаў немец.

— Пэўна ты,— захоўваючы ўхмылку, гаварыла Марыйка.— Жылі мы без вас, гора не ведаючы. Прывалакліся немаведама адкуль. Усё адно ўсіх вас перацягаем на могілкі. Думаеш, што ты данясеш ногі да свае Гертруды? Трасцу!

— Найн, найн,— ківаў галавою немец.

— Ясна, што не,— іранізавала Наста.— Пацукі вы няшчасныя! Гіцалі! Авечкі бязмозглыя! Каб на вас чэрці смалу вазілі! Ператаўком вас тут, як мышэй! Не сабраць вам сваіх касцей! Гадзюкі!

— Нацюрліх! — усміхаўся немец.

— Чаго ты выскаляешся, як свянцонае парасё на вялікдзень? — прагаварыла старая.— Недавярак!

— А мне казалі — немцы, немцы! — пачынала злавацца Марыйка, а потым, гледзячы на немца, гаварыла: — А вы тупыя і высакамерныя, чванлівыя, наглыя і жорсткія. Ваш «новы парадак» пашыты прускімі іголкамі на жывую нітку. І чаму ты сумны, нібы ў цябе не ўсе дома? Усе вы кроены па фюрэравай мерцы. Вар’яты! Не бачыць вам Расіі як сваіх вушэй.

— От сціхніце вы, перапёлкі, нагаворыце на сваю галаву,— папярэджваў сярэдніх год мужчына.— А можа, ён толькі прыкідваецца, што не ведае мовы... Можа, гэта які гестапчык...

— Я, я,— лапатаў немец, заглядаючы на дзяўчат.— Фюрэр...

Немца паклікаў нейкі начальнік. На гэтым размова абарвалася. Сяляне пераносілі ў труне афіцэра.

— Хлопцы,— падміргнуў Мірон.— Кідай у варонку гэту навалач. Потым прысыплем. А цяпер бярыце вось гэтую зброю і нясіце хаваць. Прыкмячайце толькі магілу. Потым раскапаем. Хто там у кустах?

— Мікалай Дрозд,— паведаміў адзін з мужчын.— Ён жыватом хварэе.

— Хутчэй забівай дамавіну,— гарачыўся Гальяш.— Барзджэй! З вамі прападзеш ні за нюх табакі. От маруда! Папоў парабак! Пайшлі!

Сяляне асцярожна неслі труну са зброяю, немцы станавіліся ва фронт, аддавалі чэсць. Гальяш, задаволены, пасміхаўся ў рыжы пракураны вус. Несучы труну праз канаву, што ішла каля роўнай, як струна, залітай асфальтам дарогі, адзін з сялян спаткнуўся. Забразгацела зброя. Мужчыны ледзь утрымалі труну.

Гальяш, не вытрымаўшы, аблажыў сялян моцным слаўцом.

— Рускі нават на пахаванні не можа абысціся без лаянкі,— гаварыў на ломанай рускай мове афіцэр.— Мы гэта выведзем! Мы навядзем парадак! Абразумім!

— А ведаеце,— гнуўся ў тры пагібелі перад немцам Пясецкі, імкнучыся яму дагадзіць,— мне казалі, што на адным заводзе рускія абвясцілі барацьбу з «матам». І што вы думаеце? Знізілася вытворчасць працы. Дык няхай лаюцца, ягамосць, абы ўпраўна рабілі. Хе-хе-хе!

— Што вы гэтым хацелі сказаць? Вам хочацца, каб яны ўпраўна хавалі немцаў?

—.Ой, што вы, бронь божа, у мяне гэтага і ў галаве не было. О, Езус Хрыстус! Я гатоў панам немцам служыць чым магу. Хіба ж у мяне на плячах галавы няма?

— Дык, кажаце, згодны служыць немцам (Пясецкі станоўча кіўнуў галавою), то будзеце за старасту. Але глядзіце акуратна выконвайце нямецкія загады, бо іначай не доўга вам насіць галаву на карку. Дурную галаву з плеч далоў!

— Буду служыць панам немцам верна. У мяне з бальшавікамі свае рахункі. Майго бацьку яны раскулачылі. Ён у Польшчу ўцёк. А які з яго кулак? Толькі таго, што меў лішнюю капейку...

— Зразумела,— перабіў афіцэр Пясецкага.— Толькі ведайце, што калі хоць у аднаго немца волас з галавы ўпадзе...

— Ясна.

— Можа, у вас ёсць на прыкмеце яшчэ верныя нам людзі?

— Паблізу няма.

— А дзе ёсць?

— Кажуць, у Яршах з'явіўся Сымон Бурачок. Надзейны.

— Гут,— запісаў сабе ў блакнот афіцэр.— Ваш абавязак...

Пакуль афіцэр даваў інструкцыі старасту, сяляне пранеслі яшчэ дзве труны са зброяй. А Мірон з Настаю і Марыйкаю за гэты час перанеслі ў другое месца камісара. Там, дзе ляжаў Гарашчэня, асталася толькі яго шапка, якую, спяшаючыся, забыліся ўзяць. Афіцэр з Пясецкім падыходзілі да Мірона, які ў гэты час закопваў у варонцы трупы нямецкіх афіцэраў. Угледзеўшы афіцэра, які ішоў з Пясецкім, Мірон схапіў шапку камісара і кінуў у яму.

— А дзе камісар? — падышоўшы, запытаў Пясецкі.

— Памёр,— захоўваючы хваляванне, адказаў Мірон.— Хаваем...

— Ну, шчасце тваё! — прасіпеў Пясецкі.— А, не давядзі бог, быў бы ён жывы, то і табе б нездабраваць. А дзе Шпакоўскі?

— Не ведаю.

— Ідзі на могілкі!

— А ты што за асэсар будзеш? Пакуль што мною пан афіцэр распараджаўся.

— Стараста,— задраўшы нос, адказаў Пясецкі.

— Ого! — мнагазначна заўважыў Мірон.

— Я пашоль адпачыць,— звярнуўшыся да Пясецкага, сказаў афіцэр.— А ты глядзі, каб людзі працавалі. Праз дзве гадзіны я тут буду.

Афіцэр, увагнуўшыся, пайшоў у вёску Азярышча, насвістваючы салдацкую песню. Пясецкі з Міронам асталіся з вока на вока.

— Што значыць «ого»? — пытаўся Пясецкі.

— «Ого», значыць, на сабачы хлеб падаўся,— не ўтрымаўся Мірон.— Служыў белапалякам, а цяпер немцам.

— Глядзі, Мірон, не памерці вам з Шпакоўскім сваёй смерцю!

— Ах ты, гадзюка! — сціснуў у руках рыдлёўку Мірон, але, угледзеўшы нямецкага салдата, астыў.— Бачыў, колькі дрэваў навалена, а лес усё шуміць. Насупраціў народа пойдзеш, галаву адкруцяць. Цьфу! Не хочацца толькі рук пэцкаць. Брыда!

— Ну добра, мы яшчэ з табою сустрэнемся,— злосна прагаварыў Пясецкі, трасучы рыжай бародкай.— Будзеш ты ў мяне на каленях поўзаць.

— Сыдзі з вачэй! Чуеш, не крой сэрца, бо калі раззлуюся...

Стараста таропка пайшоў да дарогі, яго постаць нагадвала пытальнік. На блакітным небе адна адну абганялі хмары, згушчаючыся на ўсходзе. Ляснік з рыдлёўкаю стаяў, поўны рашучасці; на сэрцы ў яго кіпела, рукі сціскаліся ў кулакі. Ён зусім не заўважыў, як да яго падышлі Марыйка з Настай, яны былі заклапочанымі.

— Як камісар? — запытаўся Мірон.

— Дрэнна,— адказала Марыйка.— Тэмпература... Пульс...

— Ты скажы мне, ён выжыве?

— Не ведаю.

— Мусіць, не,— уголас падумала Наста.— Шмат крыві страціў.

— Шка-а-да,— цяжка ўздыхнуў Мірон.— Ён нам вельмі патрэбен.

— Будзем з апошніх сіл ратаваць,— гаварыла Наста.— Перанясем да мяне, за ім патрэбен догляд. Ты, Марыйка, не здолееш пераліць яму кроў?..

— А дзе яе ўзяць? — нахмурыўся Мірон.

— У мяне можна было б,— паведаміла Наста.

— Гэта інтэрас! — загарэўся Мірон.— Як, Марыйка, такі ж ты вучылася на доктара?

— Я гэтага не здолею зрабіць,— адмоўна ківала Марыйка галавою.— Патрэбны клінічныя ўмовы.

— І чаму вас толькі вучылі,— нездаволена вымавіў ляснік.— Умовы... А калі чалавек памірае... А можа, ужо сканаў...

Яны падышлі бліжэй.

— О-о-ой! — пачуўся слабы голас камісара.— Браткі! Ратуйце! Камары заядаюць!

Мірон і Наста з Марыйкаю кінуліся да Гарашчэні, напаілі яго вадою, паправілі пад галавою, накрылі шэрым салдацкім шынялём. Камісар заснуў. Дзяўчаты з лесніком пайшлі цягаць трупы немцаў.

 

2

Ноччу Гарашчэню, акрываўленага, усяго скусанага камарамі, перанеслі на шынялі, які быў у некалькіх месцах прабіты кулямі і асколкамі, прапах салдацкім потам і махоркаю, у вёску Азярышча. Апрытомнеўшы, раніцою камісар аглядаў пакой, не ведаючы, як ён сюды трапіў. У пакоі нікога не было. Пераадзеты ў цывільную адзежу, ён ляжаў на чыстай пасцелі. У пакоі манатонна гула муха, б’ючыся аб шыбу акна.

Пакой вясковай настаўніцы Насты быў абклеены таннымі шпалерамі, стаяла этажэрка з кнігамі, на сценах віселі выразаныя з часопісаў партрэты рускіх і беларускіх пісьменнікаў, рэпрадукцыі з вядомых карцін Траццякоўскай галерэі. На этажэрцы ляжала круглае люстэрка, ад чаго на сцяне над дзвярыма блішчаў «зайчык».

Раніцою, яшчэ не апала раса, Марыйка прынесла букет чырвоных макаў і паставіла на стол, накрыты вышываным абрусам, з прошыўкаю пасярэдзіне. Пад адну ножку стала была падложана акуратна складзеная папера са спісанага сшытка. Макі яшчэ не паспелі абсохнуць. На белы абрус скацілася чыстая, як дзіцячая сляза, расінка.

З кухні несла падгарэлым малаком. У пакоі пахла чадам, хоць фортка і была адчыненай. У Гарашчэні забалелі плечы, ён хацеў павярнуцца: заскрыпеў ложак, застагнаў паранены, як ні намагаўся хворы легчы на бок, у яго нічога не выходзіла. «От прыкавала,— падумаў камісар.— Які цяжкі стаў, нібы сто пудоў важу...»

У пакой ціха ўвайшлі Наста з Марыйкаю. Яны паклалі на стол бінт, медычныя прылады, якія былі ўзяты ў мясцовага фельчара.

Наста была высокай, танклявай, з вялікімі сінімі вачыма. Дзве русыя тоўстыя касы звісалі ніжэй паясніцы. Калі яна гаварыла, відаць былі крыху завялікія, белыя, як часнок, роўныя зубы. Марыйка насіла стрыжку. Яна была сярэдняга росту, з крыху танкаватымі нагамі і, каб згладзіць гэты недахоп, насіла даўгія сукенкі. Чорныя вочы Марыйкі гарэлі агнём, у іх шмат было энергіі. На галаве Марыйкі была гара чорных як смоль валасоў, якія пасмамі звісалі на смуглявы твар і кароткую, як вытачаную, шыю. Калі Марыйка ўсміхалася, відаць былі рэдкія белыя зубы, моцныя, як і яна сама. Гарашчэня паварушыўся.

— Ляжаць, ляжаць, хворы,— з напускной суровасцю гаварыла Марыйка,— зараз будзем рабіць перавязку.

Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Усё гэта дзяўчына рабіла хутка, нібы куды спяшалася. Гарашчэня ад болю крывіўся, кусаў губы, але маўчаў.

— Усё? — не вытрымаў ён.

— Зараз,— апрацоўваючы рану, адказала Марыйка.— Пацярпіце крыху...

Наста, убачыўшы адкрытую рану, збялела, пахіснулася і, каб утрымацца на нагах, узялася рукою за ложак.

— Вазьмі нашатырнага спірту,— параіла ёй Марыйка.

— Нічога,— адмовілася Наста.

— Памажы мне павярнуць на бок,— папрасіла Марыйка.

— За што вы мяне мучыце?.. Пачакайце, я вам аддзячу...

— Не страшце! — усміхнулася Наста.— Вось што. З сённяшняга дня вы мой брат, Мікалай. Не пярэчце, так вырашана. Не забудзьце — Мікалай Іванавіч Свірчэўскі, настаўнік. Ён у дзень вайны пайшоў у войска. Частку сваіх дакументаў брат пакінуў у мяне. Пашпарт і вайсковы білет вы страцілі пры бамбёжцы. Дакументы — ляжаць у вас пад падушкай. Яшчэ раз паўтараю — Мікалай Іванавіч Свірчэўскі.

— Як жа...— памкнуўся гаварыць Гарашчэня.

— Усё будзе добра,— перабіла Марыйка.— Не пярэчыць! Вось толькі з харчамі цяжкавата... Але нічога, умовіліся: сяляне па чарзе будуць карміць. Сёння Беразоўскіх дзень. Хацелі палажыць вас у школьным гумне, але Наста адгаварыла. Тут сапраўды будзе лепей.

У пакой увайшоў Міхась Беразоўскі, вучань Насты, з прадуктамі. Ён быў непаваротлівы, як цюлень, з доўгімі нязграбнымі рукамі і радзімкай на шчацэ.

— Міхаська! — прасіла Марыйка.— Памажы нам хворага пасадзіць.

— Мяшок! — злавалася Наста, калі Міхась не так узяў параненага.— Ты ж яму руку падвярнуў... А гэты маўчыць... Гора мне з вамі... мужчыны...

Перавязаўшы Гарашчэню, Марыйка пайшла дадому, а Наста пачала паіць хворага гарачым малаком. Наста гладзіла яго слабую руку, разглядаючы яе, заглядаючы яму ў твар. Не сядзелася Марыйцы дома, яе цягнула да параненага. Праходзячы каля акна, Марыйка ўгледзела, як яе сяброўка нахілілася над хворым. Нахмурыліся чорныя вочы дзяўчыны, яна мімаволі павярнула назад і хутка знікла. Насту якаясьці сіла, не вядомая дзяўчыне, вабіла да гэтага, здаецца, даўно знаёмага і блізкага ёй чалавека.

Да камісара зайшоў Мірон, прынёсшы з сабою мёду, а неўзабаве — і Шпакоўскі са збанком малака. Гарашчэня ляжаў белы як папера, з пасінелымі губамі. Ён цяжка дыхаў. Закашляўшыся, камісар лыпнуў вачыма. Угледзеўшы мужчын, якія былі яму ўжо знаёмыя, Гарашчэня ўзрадавана ўсміхнуўся.

— Вы што ж гэта, паміраць сабраліся? — загаварыў Мірон.

— Наадварот, хачу жыць, змагацца,— адказаў Гарашчэня.— Каб толькі хутчэй паправіцца.

— Паправіцеся,— заспакойваў Мірон.— Дык ведаеце — хто вы цяпер? Брат Настассі Іванаўны, настаўнік, Мікалай Іванавіч.

— Ведаю.

— Толькі хутчэй папраўляйцеся.

— А тады што будзе?

— Будзем абараняцца,— сказаў Шпакоўскі.

— А трэба наступаць,— паправіў яго Гарашчэня.

— Яшчэ лепей! — усклікнуў Мірон.

— А толькі для гэтага шмат чаго трэба: шапкамі немца не закідаеш; дый «святым духам» не будзеш жыць,— працягваў Гарашчэня.

— Аб харчах не можа быць гаворкі,— запярэчыў Мірон.

— А гаворка павінна быць,— не згадзіўся Гарашчэня.

— І сапраўды, чаго варты салдат з галодным жыватом,— згадзіўся Шпакоўскі.

— А тым больш без зброі,— падкрэсліў Гарашчэня.

— Ну і галава ў вас, залатая! — засмяяўся Шпакоўскі.— Разжуюць і ў рот паложаць. Адносна зброі мы паклапаціліся, а пра харчаванне і не падумалі.

— Ваша праўда,— паглядзеў на камісара Мірон.

— Не завіце мяне на «вы», мы ж, здаецца, так даўно знаёмы!

— Уга! — усміхнуўся Шпакоўскі.— Мэрам год, а ўсяго толькі адзін дзень. Але ваенны дзень даўжэйшы за год.

— Добра,— згадзіўся Мірон.— Але ж на «ты» неяк не выгаварваецца. Такі чалавек!

Да хворага прыйшоў Гальяш, а потым яшчэ некалькі чалавек. Яны вырашылі, калі стараста выдасць немцам Гарашчэню, адстаяць яго што б там ні было.

— Не крыўдуй, камісар, і ты, гаспадыня, што мы прынеслі ў хату гэтулькі тлуму,— гаварыў Мірон.— У вёску прыехаў камендант, усіх правярае. Калі толькі стараста выдасць цябе, задушу яго сваімі рукамі.

— Дзядзька Мірон! — перабіла Наста, паказваючы на Гарашчэню.— Хіба ж...

— А я меркаваў, што тут усе мужчыны,— усміхнуўся Мірон.— Камісар не маленькі, ведае, чым нам з ім пахне, ну і табе... а толькі ты не бойся!

— Я і не баюся...

— Гэта ты толькі гаворыш,— запярэчыў Мірон.— Ніхто не хоча паміраць.— Мірон паглядзеў на букет кветак, што стаялі на стале, і прадоўжыў: — Ідзе такая калатня, а ім кветкі. Але ж якія прыгожыя. От што значыць жыццё!

— Гэта не мае макі,— паведаміла Наста.— Марыйка іх прынесла. Я не люблю макаў.

— Куды Марыйцы да цябе! Адны твае косы чаго варты. Эх, каб мне гадкоў трыццаць назад! — жартаваў Мірон.— Не ўтрымаўся б, каб не прыйсці на вячоркі.

— Ой, дзядзька! Скажу цётцы. Будзе лупцоўка!

На ганку пачулася чужая гаворка. Гэта ішоў камендант у суправаджэнні старасты. Ён голасна гаварыў, запэўніваючы, што ў вёсцы нікога з чужых няма. У пакоі захваляваліся.

— Строгі, кажуць, камендант,— захоўваючы ўзрушанасць, ціха гаварыў Мірон.— Нікому не давярае, усюды свой нос уткне... пакуль яго не растаўкуць...

— Да пары збан ваду носіць,— прагаварыў Шпакоўскі.— Будзе час, калі іх адсюль патурым! Ажно пяткі заблішчаць!

Камендант увайшоў у пакой. Чыста паголены, адкормлены, камендант нагадваў каўбасніка. На яго вузкім ілбе і тоўстым карку выступалі дробныя кропелькі поту. Камендант выціраўся белай хустачкаю. А неўзабаве зайшоў паліцыянт, відаць, аднекуль прывезены.

— А гэта што за людзі? — запытаўся ў старасты на ломанай рускай мове камендант.

— Усе свае,— чмыхаючы, надзеючы акуляры, адказаў стараста.— Вось толькі таго не ведаю. Дзесьці я яго бачыў... Здаецца....

— Гэта мой брат,— хвалюючыся, гаварыла Наста. Яна не ў сілах была захаваць трывогу.— Яго на дарозе з самалёта паранілі...

— Брат? — перапытаў Пясецкі, сілячыся ўспомніць, дзе ён з ім сустракаўся. Нарэшце стараста схамянуўся, разявіў рот, каб нешта сказаць, але, паглядзеўшы на лесніка, спалохаўся і замармытаў: — Бра-а-ат, брат...

— Дакументы,— звярнуўся камендант да Гарашчэні.

— Пад падушкай,— адказаў Гарашчэня.— Дастань, сястрыца...

Наста дастала дакументы і перадала іх каменданту. Той, разглядаючы, па складах чытаў:

— Свірчэўскі, Мікалай Іванавіч. Настаўнік,— камендант паглядзеў на Гарашчэню.— Куды вы паранены?

— У грудзі,— спакойна адказаў Гарашчэня.

— Хто і дзе?

— З самалёта ў жыце.

— У войску служылі?

— Не.

Стараста ўстрапянуўся, канчаткова ўпэўніўшыся, што гэта той чалавек і ёсць, якога ён бачыў у лесе ў форме камісара. Пясецкі, як сабака, завіляў хвастом, заглядаючы ў вочы каменданту, намерваючыся сказаць нешта важнае. Мірон, поўны рашучасці, сціснуўшы кулакі, падаўся наперад. Ён вачыма, як агнём, апёк старасту. За спіною Мірона стаялі Шпакоўскі і Гальяш, гатовыя кінуцца ў бойку. Паглядзеўшы на мужчын, Пясецкі спалохаўся, пабялеў, у яго закалаціліся рукі, задрыжалі ногі, забегалі блудлівыя навыкаце вочы, ён шмаргануў мясістым носам. У старасты язык свярбеў, хацелася дагадзіць немцу, але ён баяўся сялян.

— Дык хто вас падстрэліў? — дапытваўся камендант.

— Вашы з самалёта. Я ішоў па дарозе да сястры. І чаму вы страляеце ў цывільных? Я на свае вочы бачыў забітых жанчын, дзяцей.

— А хіба зверху разбярэш, хто цывільны, а хто вайсковы?

— Ваш самалёт,— гнеўна гаварыў Гарашчэня,— нізка апусціўся, абстраляў статак кароў і авец, забіўшы пастушка. Няўжо ён і тут не разабраўся? А потым ён на дарозе расстраляў натоўп народу. Канешне, ваяваць з мірным насельніцтвам лягчэй. Ці не паставілі вы задачу — знішчыць народ?

— Вайна ёсць вайна,— гаварыў камендант.— А хто можа пацвердзіць, што вы яе брат?

— Усе людзі і... стараста.

— Ён брат настаўніцы? — перапытаў камендант, гледзячы на старасту.

— Брррат,— разгублена сцвердзіў Пясецкі, хаваючы акуляры, імкнучыся не сустрэцца ні з кім вачыма.

— Як ачуняеце, зойдзеце ў камендатуру,— збіраючыся выходзіць, загадаў камендант.— Мне трэба будзе з вамі пагаварыць адносна знішчэння народа...

— Добра.

— Бра-а-т,— выходзячы, паглядаючы скоса, чмыхаючы носам, прамармытаў Пясецкі.

Апошнім з пакоя выйшаў паліцыянт. Ён моўчкі, рэзка паправіўшы перш адзін рыжы вус, а потым другі, якія тырчалі, як у ката, дэманстратыўна пайшоў, зазначыўшы:

— Ой, гэтыя грамацеі, з імі гора не абярэшся!

— Выдасць стараста ці не? — уголас падумала Наста.

— Пабаіцца,— няўпэўнена сказаў Мірон.

Камендант са старастам і паліцыянтам пайшлі ў другі бок вёскі. Брахалі, зазываючы на розныя галасы, сабакі. Азярышчанцы збіралі падаткі: хто сыпаў у мяхі збажыну, хто нёс на пункт яйкі, хто курэй лавіў; сяляне, каб ніхто не чуў, кожны сам сабе, лаяў немцаў.

— То трэба нешта рабіць,— перамагаючы страшэнны боль, гаварыў Гарашчэня.— Сядзець ля мора і чакаць пагоды нельга. А то немцы абчысцяць усіх як ліпку, ператаўкуць людзей, як мух. Фашысты для гэтага і прыйшлі сюды. Ім патрэбны «жыццёвыя прасторы». Славян яны лічаць ніжэйшай расай. А таму можна знішчаць. Трэба неадкладна дзейнічаць.

— Праўду чалавек кажа,— загаварыў пасля роздуму Мірон, ён на вачах пераўтварыўся.— Прыйдзецца нам з вамі, Шпакоўскі і Гальяш, узяцца за арганізацыю справы барацьбы з немцамі. Збяром зброю, падрыхтуем харчы. А ты, Міхаська, будзеш пры камісару. І так, мужчыны, за дзела. Няхай чалавек адпачне.

Мужчыны збіраліся выходзіць, твары іх былі рашучыя, гарэлі вочы. Адчуванне ў іх было такое, што яны нешта важнае зрабілі, перайшлі нейкі рубеж.

— Зачыні, Настачка, за людзьмі дзверы,— прагаварыў Гарашчэня і папрасіў: — А ты, Мірон, на мінутку астанься.

— Добра.

— Дык што будзем рабіць? — калі ўсе выйшлі, уголас падумаў Гарашчэня.

— Рабі, як кажа сэрца. Мы цябе ўсёй душою падтрымаем,— пасля раздумы загаварыў Мірон.— Скажу табе па праўдзе, у мяне адзіная надзея на партыю. Так думаю не толькі я, але і іншыя беспартыйныя. Партыя не кіне людзей у бядзе.

— Мяне цікавіць, хто тут пакінуты для наладжвання падпольнай работы?

— Каб жа ведаў чалавек.

— Пачнем з малога,— прапанаваў Гарашчэня.— Трэба знайсці надзейнае месца ў лесе і там стварыць базу.

— То і я так думаў!

— Там назапашваць зброю і харчы.

— Во, во!

— А галоўнае — падбіраць людзей. Не трэба гнацца за колькасцю. Створым пакуль невялікі рухомы партызанскі атрад.

— Ясна.

Правёўшы за дзверы людзей, Наста вярнулася ў пакой, адчыніла акно, зашалясцелі фіранкі. На вуліцы чуваць было галашэнне жанчыны, як па нябожчыку. Наста выглянула ў акно і ўбачыла, як стараста з паліцыянтам цягнулі за рогі карову, тая ўпіралася, равучы, нібы адчуваючы сваю хуткую пагібель. Салдатка праводзіла падласую за вёску. Трымаючыся за матчыну спадніцу, за жанчынаю цягнулася чарада белагаловых босых дзяцей, у якіх ногі былі хоць рэпу сей. Дзеці выціралі кулачкамі слёзы. Паліцыянт пагразіў жанчыне, тая адстала.

— Праклятыя! — крычала салдатка ахрыплым голасам.— Дзяцей на нішчымніцу пакінулі! Забірайце і іх, гіцалі вы няшчасныя!

— Не плачце,— супакойваў слабым голасам, як стары, хлопчык сястрычак.— Слязьмі ворага не б’юць. Прыйдзе татка і дасць ім дыхту...

— Бацькі, можа, ужо і ў жывых няма,— гаварыла салдатка.— Людзі, што ж вы маўчыце?! Сёння ў мяне карову забралі, а заўтра ў вас возьмуць. Эх, прападзі ты пропадам такое жыццё! Вось навала, вось напасць! І чаго яны прыйшлі сюды, гэтыя валацугі!

— Хто гэтай жанчыны муж? — спытаўся Гарашчэня.

— Камандзір запаса, мабілізаваны ў першы дзень вайны,— адказаў Мірон.— Ён быў старшынёю сельскага Савета...

— Трэба гэтай жанчыне памагчы.

— Добра,— Мірон дастаў з кішэні два рэвальверы і прапанаваў Гарашчэню.— Няхай будуць, можа, спатрэбяцца. Хаця Наста і не ўмее страляць, але ж можна навучыць,— і ён выйшаў.

— Няўжо Пясецкі выдасць? — уголас пыталася Наста і сама адказала: — Усё можа быць, яму чалавека ўтапіць — раз плюнуць. Што можна ад яго чакаць, калі ён радзімы адрокся? Без радзімы чалавек — жабрак. У яго нічога няма за душою. Такія людзі бацьку могуць прадаць, маці... А можа, пабаіцца? Не! То я за нішто сваё жыццё не аддам. Пастараюся, каб яно даражэй каштавала! Вы навучыце мяне страляць?

— Абавязкова!

Наста адзін рэвальвер палажыла Гарашчэню пад падушку, а другі ўзяла сабе. Гоман на вуліцы нарэшце сціх. Камендант, праходзячы каля школы, паглядзеў на Насту, як кот на мыш, і, нешта сказаўшы старасту, зарагатаў. Пясецкі таксама смяяўся, заглядаючы каменданту ў яго памутнелыя вочы.

Гарашчэню не зачапілі. Стараста пабаяўся яго выдаць. Навальніца пакуль мінула.

 

3

Паўз вёску Азярышча цякла ціхая, паўнаводная рэчка Дрыгвія. Яна дугою абгінала азярышчанскія сенажаці. З незапомных часоў на гэтай «дузе» на Купалле пускалі на рэчку вянкі, распальвалі касцёр, спявалі. Сярод іншых чулася песня:

 

Зазвіні ты, як звон, і удар, як пярун,

Песня наша, як воля, магутная!

Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,

Хай нясуцца ў свет рэхі грымучыя.

 

Выйшла на рэчку некалькі чалавек моладзі і ў 1941 годзе, але не з вянкамі, а з рыдлёўкамі, каб зрэзаць «дугу» каля вёскі Капачы. Іх падштурхнуў на гэта Сяргей Васільеў, былы начальнік МТС. Ён быў пакінуты для падпольнай працы. Сяргей апынуўся ў Беразнянцы з пуцёўкаю ЦК ВКП(б). Да гэтага ён працаваў у Ленінградзе, на Кіраўскім заводзе, токарам. Адправіўшы сям’ю з апошнім эшалонам на Урал, Сяргей вярнуўся ў Беразнянку і пачаў арганізоўваць падполле, узнімаючы людзей на змаганне. Але ў Беразнянцы яму жыць нельга было, таму што там яго ўсе ведалі.

Зрэзаць «дугу» каля вёскі Капачы трэба было для таго, каб дастаць адтуль зброю. У часе адступлення там была пераправа, і людзі казалі, што ў рэчцы павінна была быць нават гармата.

Выставіўшы на гары варту, каб часам якая немач не прывалаклася — ці мала тут злыдняў у зялёных шынялях па дарогах ездзіць,— моладзь старанна працавала. Кіраваў усім гэтым Шпакоўскі. Ён трапным словам, прыказкаю падбадзёрваў дзяўчат і хлопцаў:

— Гэта ж каб узяліся ўсёю вёскай, дык колькі тае работы,— разважаў услых Шпакоўскі, каб пачуў Сяргей.— А так правалэндаемся ўвесь дзень. Нашых людзей, як таго мядзведзя, пакуль раззлуеш...

— А ты хто, немец?! — усміхнуўся Сяргей.

— Не, беларус.

— Дык чаго ты на сябе клеплеш,— пярэчыў Сяргей.— Шмат дзе я быў на свеце, багата бачыў людзей, а на беларуса не паскарджуся. Беларус памяркоўны да сяброў і грозны да ворагаў. Тутэйшага чалавека не сагнеш і не зломіш. Ён наперад глядзіць, у будучыню. Добра разбіраецца, што святло для яго ідзе не з захаду, а з усходу. Гэта трэба ведаць!

— Ведаю,— ганарыўся Шпакоўскі.

Яны адышліся ўбок.

— Я хацеў бы пабачыць Мірона,— паведаміў Сяргей.

— Ён паехаў у Беразнянку.

— Чаго?

— Дастаць зброі.

— На базары?! — усміхнуўся Сяргей.

— На базар ніхто не павязе... але купіць можна... зброю хаваюць у лесе...

Сяргей з Шпакоўскім доўга гаварылі, а потым, развітаўшыся, разышліся. Яны былі даўно знаёмыя, не раз сустракаліся на паляванні, а цяпер вялі сумесную барацьбу супраць немцаў.

Па пясчанай прасёлкавай дарозе, на каламашцы, трушком, ехалі Мірон з Гальяшом на кірмаш. Яны чулі, што на базары ў Беразнянцы можна часам абзадачыць вінтоўку, а то і аўтамат за недарагую цану. Мужчыны ехалі моўчкі, аб’язджаючы дарогі, дзе маглі натрапіць на немцаў, баючыся, каб у іх не адабралі спажыткаў, на якія яны намерваліся прыдбаць зброю.

Сцяною стаяла спелае жыта, поўныя каласы хіліліся долу, чакаючы жней. Даўно ўжо на гэтым палетку не было такога ўраджаю. Калыхаліся на полі залацістыя хвалі. Месцамі зерне асыпалася на зямлю. Спявалі на ўсе галасы птушкі. Балела душа ў мужчын. «Каму давядзецца есці гэты хлеб? Няўжо праклятым гітлераўцам?»

Паголены, Мірон выглядаў даволі маладым, хоць яму падбіралася пад шэсцьдзесят год. Ён быў апрануты па-святочнаму. У апошнія гады Мірон рэдка калі надзяваў кашулю, якую яму жонка, будучы яшчэ дзяўчынай, вышыла і падаравала перад самым вяселлем. Як і тады, калі ён браў шлюб, Мірону здавалася, што няма на свеце лепшай вышывальшчыцы за Кацярыну, яго жонку, так і цяпер ён не змяніў свае думкі. І на самой справе, кашуля была прыгожай. З-пад чорнага палітона, у якім быў Мірон, відаць былі кутасы вытканага Кацярынай пояса.

Характар у Мірона быў цвёрды: калі ён што наважыць зрабіць, дык, хоць ты кол у яго галаве чашы, ён усё адно даможацца свайго. Кацярына добра ведала мужа, а таму ніколі ні ў чым не перашкаджала, бо ўсё гэта было дарэмна. Ён прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. І цяпер Мірон быў упэўнены, што дастане зброю. Калі б немцы не стаялі ў Падгайнаўцы, дык ён бы паехаў туды, бо ведаў, што там шмат у каго з сялян была схавана зброя.

Гальяш быў іншай натуры: трапяткі, заўсёды некуды спяшаўся,— ён і цяпер падганяў каняку,— гарачыўся, хоць і кахаў сваю жонку, але часам ёй ад яго пападала. Ён з маленства не цярпеў нічога даматканага, заўсёды хадзіў у крамным. Зрэбніна яму муляла, кусалася. Гальяш быў высокі, худы і некалькі сутулы. Чалавек ён быў крутога характару. Жонка ў Гальяша была добрай, але злоснай. Усе ведалі, што Гальяшыха часам бралася «ў рожкі» з мужам. Але калі з’явілася малое, то з’явіўся і клопат, і яны абое крыху паспакайнелі.

Мірон з Гальяшом на хаду скруцілі цыгаркі, закурылі; шэры дым кольцамі падымаўся ўгору і знікаў. Конь, увесь узмылены, што нават галава і вушы былі мокрымі, ледзь цягнуў воз, цяжка беручыся на гару. Цяпер у яго можна было пералічыць рэбры, вытыркаліся клубы, ён быў дашчэнту спрацаваны,— а калі быў у калгасе, то на незацугляным, бывала, не паедзеш.

— Но-о, трыбухаты,— махаў пугаю Гальяш.

— Каб ты ведаў, хлебаробе,— разважаў Мірон,— як у мяне свярбяць рукі. Мусіць, хутка схопімся з прусакамі. Я з-за іх спаць не магу. Улезлі, як свінні, у чужы агарод і зямлю рыюць. Славяне за сябе пастаяць!

— А каб цябе, воўчае мяса,— ударыў са злосцю Гальяш каня. Мышасты спыніўся.

— От так, не раўнуючы, і чалавек,— заўважыў Мірон.— Цягне з усіх сіл, а ўдарыш яго, стоп, даволі. Няхай крыху адсапецца, заганяў немец і коней, і людзей. Але савецкага чалавека не паставіць на калені!

Яны ўзабраліся на гару; адтуль, як на далоні, відаць былі калгасныя палеткі. Мужчын абдало свежым ветрам, і — раптам запахла гарэлым. Яны з трывогай глядзелі на захад. Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Языкі агню то падымаліся, то апускаліся, абдымаючы шырокія прасторы. У некалькіх месцах паказаліся чорныя прагаліны.

Мірон з Гальяшом, сеўшы на воз, з горкі паганялі каняку. Хутка яны ўбачылі чалавека, які ішоў наперарэз, сцежкай праз жыта. Гэта быў Сяргей. Ён першы з імі загаварыў.

— Дзень добры! — прывітаўся Сяргей.— Мо часам агонь маеце?

— Калі ласка,— дастаючы крэсіва, прапанаваў Гальяш.— У мужыка ніколі не зводзіўся.

— Але ж нейкі агонь у вас першабытны, яшчэ ў каменным веку яго ўжывалі,— усміхнуўся Сяргей.— Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад.

— Да гэтай тэхнікі патрэбна бензіну,— дастаючы запальніцу, ухмыльнуўся Гальяш.— Пстрык, пстрык і не гарыць.

— Гэта ў вас нямецкая?

— Няўжо ж. Культура. А толькі без агню.

— Адкуль будзеце? — прыкурыўшы, ідучы каля воза, запытаўся Сяргей.— І куды?

— Мы азярышчанскія,— адказаў Мірон.— А едзем у Беразнянку газы купіць. Без святла сядзім.

— А-а-а,— расцягнуў Сяргей.

— А самі хто? — углядаўся Мірон.

— Майстравы, каму шыбу ў акно ўстаўлю, каму лямпу або прымус запаяю, каму гаршчок абпляту,— ухіліўся ад адказу Сяргей, ён хацеў перавесці гаворку.— А вы часам не ведаеце лесніка Мірона Грыневіча?

— А як жа, добра ведаем,— насцеражыўся Мірон.— А што?

— Мой сын з яго хлопцам, Лявонам, разам служылі. Пад Гомелем ён загінуў.

— Лявонка,— ледзь вымавіў Мірон, у яго з рук выпала цыгарка, пасыпаўся агонь.

— Ваш сын у майго на руках сканаў,— працягваў Сяргей.— Іх полк некалькі дзён стрымліваў ворага...

— Сынок мой, хлопчык,— шапталі вусны Мірона.— Кароткі, дзіцятка, твой век. Не далі чужынцы табе палюдскаваць. Не будзем ведаць, дзе твая магіла. Ну, падлюгі!..

— А цябе, па-мойму, завуць Гальяшом?

— Гальяш, Гальяш.

— На рыбу ходзіш?

— Якая цяпер рыба, паглушылі. Вы нешта іншае хацелі сказаць?

— Я хацеў сказаць, мае дарагія, каб вы бераглі камісара, як саміх сябе. Нам вельмі патрэбны вайскоўцы. Толькі будзьце асцярожны. Меркаваў да Гарашчэні падысці, але мне нельга. Калі ён паправіцца, дык няхай пад’едзе ў Беразнянку да Фальковіча і запытаецца: «Дзе можна пабачыць чалавека, які б уставіў у акно шыбу, а то па хаце вецер гуляе». А ў цябе, Мірон, сам буду, мне трэба з табою пагаварыць. Усяго добрага!

— Хто гэта? — паціснуў плячыма Мірон.

— Няўжо не пазнаў? Гэта ж былы дырэктар МТС, Сяргей Паўлавіч Васільеў,— паведаміў Гальяш.— Яшчэ са Шпакоўскім на паляванне хадзіў, а са мною на рыбе сустракаўся.

— А божачка, як мяняюць чалавека вусы і барада,— прагаварыў Мірон.— Мусіць, партыя яго тут пакінула?

— Пэўна,— пагадзіўся Гальяш.

— Дык глядзі ж, каб нікому ні слова!

— Яшчэ што! Магіла!

Мужчыны моўчкі ехалі па бальшаку. Зашчымела ў Мірона сэрца, скаланулася, млосна стала, як гарох, пасыпаліся слёзы. Ён успомніў Лявона малым, рухавым хлапчуком, калі насіў яго на плячах. Вырашыўшы, што ён абавязкова павінен сустрэцца з Сяргеем Паўлавічам і распытацца пра сына, Мірон супакоіўся. Мужчыны з болем у сэрцы глядзелі ў бок, дзе быў пажар. Цяжка селяніну бачыць, як гарыць збажына. І хоць розум кажа, што правільна зроблена, але сэрца не згаджаецца. Па дарозе праехала грузавая машына з немцамі, якая абдала іх пылам. То там, то сям траплялі бярозавыя крыжы з каскамі наверсе.

Горкі дым, як лёс людзей, што апынуліся ў палоне, рассцілаўся на дзесяткі кіламетраў. Агонь разрастаўся, пагражаючы ачысціць палі. Немцы кінулі тушыць пажар войска. То ў адным, то ў другім месцы чуваць былі чэргі аўтаматаў — гэта немцы працярэблівалі сабе шлях, прастрэльваючы з машын зараснікі.

Каля горада Беразнянкі ўсё часцей і часцей траплялі абдзёртыя і паламаныя дрэвы, якімі быў абсаджаны стары гасцінец. На ўскраіне горада, на месцы нядаўніх баёў за пераправу праз рэчку, выраслі новыя могілкі. Стройнымі шэрагамі стаялі белыя крыжы, тут парахнелі косці прышэльцаў.

— Пакуль яны нас знішчаць, мы іх у зямлю ўгонім,— са злосцю вымавіў Мірон.

— Але,— згадзіўся Гальяш.

Мужчыны, праехаўшы па вузкіх і крывых вуліцах горада, пад’язджалі да базара. Відаць быў натоўп людзей, сярод іх шнырылі немцы. Шмат было народу на кірмашы.

На вазах багата было яек, курэй, масла, сыроў, гародніны, але гэта мужчын не цікавіла. Прывязаўшы каня да плота, адпусціўшы пасак, падкінуўшы свежай канюшыны, Мірон з Гальяшом прайшліся па базары, прыцэньваючыся, што па чым. Мышасты хрумстаў канюшыну, адганяючы мух.

На барахолцы нямецкія салдаты прадавалі награбленыя рэчы, абутак, бялізну, брытвы, каб потым накінуцца на масла і яйкі, на сала і каўбасы, на мёд і яблыкі, за чым яны вельмі ганяліся. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Пачаўся вэрхал. Забіралі ўсё, што пад рукі трапіць, грузілі на машыны, адпраўлялі. У мужчын правяралі дакументы, западозраных адвозілі ў камендатуру. Адной жанчыне, якая супраціўлялася, не хацела аддаць масла, тут жа ўсыпалі розаг. Апусцелі падводы. Чухалі сяляне патыліцы, цішком лаяліся, пляваліся на «новыя парадкі».

— Калі гэта ў іх «новы парадак», дык што ж тады разбой? — пытаўся селянін.

— Дай рады, сярод белага дня грабяць,— казаў другі селянін.— Не-е, з немчурой піва не зварыш. Так і наровяць, каб залезці ў тваю кішэню. Але крутнёй свет пройдзеш, ды назад не вернешся.

— А гэта добра, мужыку навука,— гаварыў барадаты селянін.— Некаторыя думалі, што хлебароба немец не кране. Ажно вось як ён іх скубе! На карту пастаўлена: быць ці не быць? Набірайся, мужык, злосці, пакуль не позна!

Гаманіла «барахолка» на ўсе галасы:

— Нажы для брытвы!

— Каму папяросы?

— За паўцаны аддаю гадзіннік!

— Па чым шнапс?

— Курку! Яйкі! Шпэк!

— Ласы, ліхаматары, на кілбасы!

— Я, я.

— Дурань ты, вось хто! Што табе трэба тут, чаго сюды прывалокся!

— Эт, навошта язык мазоліць. Яму на ўваб’еш у галаву, пакуль галавы не адкруціш. Дурныя падлы, як вароны.

Да Гальяша з Міронам падышоў барадаты дзядзька.

— Купіце «вутку»,— прапанаваў ён, хітра паглядаючы на мужчын.

— А колькі каштуе? — абыякава запытаўся Гальяш.

— Дваццаць пудоў жыта.

— Ты з глузду з’ехаў,— загаварыў Мірон.— Які з «вуткі» наедак? За дваццаць пудоў кабана можна купіць.

— А «вутачка» не простая,— усміхаўся ў бараду дзядзька,— сама лётае...

— Якое дзіва,— буркнуў Гальяш,— «вутка» лётае! За дваццаць пяць пудоў карову купіш...

— На карове не паляціш... А тут фырць... І кружы ў паветры... Ну-у?..

— Эт, не дуры, дзядзька, мне галавы,— зазлаваў Гальяш.

— Як не хочаце, то і не трэба,— хітра пасміхаўся барадач.— Сваім таварам не набіваюся... Я вам, як добрым людзям...— Ён ледзь не шэптам дадаў: — Цэлы самалёт за дваццаць пудоў... Гэта, можна сказаць, дарма... Танней паранай рэпы!..

— Самалёт? — здзівіўся Мірон.— Ты ў сваім розуме?

— У сваім, і ўсе клёпкі на месцы.

— Ты, мусіць, жартуеш?

— Якія там жарты! Нашы пры адступленні кінулі, не было гаручага, дык я за каня — і адтарабаніў у лес. А праз некалькі дзён прыйшлі гэтыя валацугі. Падумайце толькі, выгода якая — на градах можна прызямліцца.

— На чорта нам той самалёт! — занепакоіўся Мірон.

— Як? — гарачыўся Гальяш.

— Не патрэбен ён нам,— паглядаючы спадылба на дзядзьку з барадою, сказаў Мірон.

— Калі б ён вам не патрэбен быў, то я не прапанаваў бы,— разважаў дзядзька з барадою.— Як на мой розум, то ў труну кладуць нябожчыкаў, а не зброю...

— Што ты гэтым хочаш сказаць? — пераглянуўшыся з Гальяшом, устрывожана запытаўся Мірон.

— А тое, што я на свае вочы бачыў, як вы выварачвалі з труны немца і клалі туды вінтоўкі.

— Адкуль ты, чалавеча, што я цябе не ведаю? — захваляваўся Мірон.— Хто табе пра нас наплёў?

— У мяне тады жывот балеў...

— А-а-а,— успомніў Мірон. Таіцца не было сэнсу.— Дык ты паведаміў ужо немцам ці толькі яшчэ збіраешся?

— Кінь строіць кепікі!

— Я ўсур’ёз пытаюся.

— Ці чуў ты Дэньку Банадысёвага, з Драздоў!

— А як жа! Некалі нават чарку з ім пілі. Разумны быў чалавек!

— Дык я яго сын, Мікалай Дрозд. Наш род ні ў адным калене не меў такіх, якія б прадаліся чужынцам. А як не хочаце браць, то паламлю, а толькі немчыкам не аддам! — потым растлумачыў: — І платы, зразумела, мне ніякай не трэба. Але што з вамі гаварыць! Бывайце!

— Куды ты гэтак спяшаешся? — другім тонам загаварыў Мірон.— Хіба пажартаваць нельга?

— Добрыя жарты,— пакрыўджана гаварыў Дрозд.— Гэта я пайду паведамляць немцам... Ды мяне суседзі заплююць!

— Прабач,— ішоў на прымірэнне Мірон.— А толькі чаго табе так прыспічыла?

— Справа ў тым,— тлумачыў Дрозд,— што ў нас знайшоўся адзін дурань, які прагаварыўся старасту, што ў нас ёсць зброя. А стараста на мяне зуб мае: яшчэ калі кароў пасвілі хлапчукамі, дык я яго тоўк за тое, што ў яго доўгі язык, а потым на яго ж вяселлі яго адлупцаваў. Чаго добрага, пачнуць шукаць зброю і знойдуць самалёт. Дык берыцё вы ці не? Па руках?

— Згаджайся,— шаптаў Гальяш.

— Э, так і быць, можа спатрэбіцца,— падаў руку Мірон.— Умовіліся, бярэм!

— Дзякую! — узрадаваўся Дрозд.— А зброю ў прыдачу...

Мужчыны запрагалі каня, каб ехаць у лес па самалёт, а таксама па зброю; Дрозд, напалоханы старастам, ахвотна ўсё аддаваў. Трэба было неадкладна перахаваць самалёт у другое месца. Мірон, Гальяш і Дрозд, спяшаючыся, распілі паўлітра магарычу, закусілі салам з часнаком — хоць сала было спрэс жоўтым і крыху гаркавіла, але пад чарку ішло добра — і выправіліся ў дарогу.

 

4

Прайшло два месяцы, як Гарашчэня жыў у Азярышчы. Ён ужо адчуваў сябе добра, звязаўся з Сяргеем, сустракаўся з патрэбнымі людзьмі, рыхтаваўся зноў стаць у строй. Гарашчэня паспеў ужо агледзець ваколіцу, пабыць у лесе, каля вядомых трох дубоў, якіх недарма завуць «царамі пушчы». Рыгор Сцяпанавіч быў нераўнадушны да Насты, пакахаў яе ўсім сэрцам і шукаў зручнага моманту, каб з ёю пагаварыць. І Наста адчула, што кахае яго. Марыйка ўсё гэта бачыла, але і яна пакахала Гарашчэню, а толькі што ты зробіш, калі не маеш узаемнасці. Паміж дзяўчатамі, як гэта кажуць, міма волі, прабегла чорная кошка; толькі камісар нічога гэтага не заўважаў.

— Рыгор Сцяпанавіч! — убегшы ў пакой, устрывожана паведаміла Наста: — Здарылася тое, чаго мы баяліся. Стараста вас выдаў. Вам тут больш аставацца нельга. Сёння прыедуць па вас з СД. І Мірона хочуць забраць. Трэба яму сказаць.

— Адкуль табе вядома? — здзівіўся Гарашчэня.

— Таварыш Сяргей даведаўся, у яго ўсюды свае людзі.

— Та-а-ак.

— Да Мірона трэба схадзіць.

— Абавязкова. Скажаш яму, сустрэнемся каля трох дубоў. Там жа прызначаю збор атрада.

— Добра.

— Наста! Я нешта табе хацеў сказаць...

— Не трэба, Рыгор Сцяпанавіч! Я ведаю...

— На адну хвілінку!

— О-ох!

Рыгор с Настай, без слоў, моцна абняўшыся, пацалаваліся. Гэта хвілінка была такой кароткай і шчаслівай, што яны не паспелі апамятацца, як яна праляцела. У Насты гарэлі шчокі, як спелыя вішні. Рыгор глядзеў на яе з замілаваннем. Трэба было мець сілу волі, каб падпарадкаваць пачуцці розуму.

— Любы, як мне добра з табою,— хвалюючыся, вымавіла Наста і яшчэ раз пацалавала яго ў шчаку.— А ты нікога больш не кахаеш? Прабач. Я так сабе. Марыйкі тут не было?

— Не,— здзівіўся Гарашчэня,— Яна апошнія дні нешта не прыходзіць, мо чаго крыўдуе?

— А хто яе ведае,— ухілілася ад адказу Наста.— Марыйка добрая, але нешта ў яе на душы адбываецца такое, чаго яна нават мне не можа сказаць.

Наста з Рыгорам былі поўныя шчасця. Такія хвіліны астаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Развітаўшыся, яны ўмовіліся сустрэцца ў лесе.

Наста ішла да лесніка. Яна шпарка бегла, амаль не датыкаючыся да зямлі, адганяючы розныя думкі, якія ёй лезлі ў галаву. Ёй ішоў дваццаць першы год. Дзяўчына была ва ўсёй красе. Яна цяпер — нібы пад хмелем ад кахання. Наста ад лесніка збіралася вярнуцца ў Азярышча, а толькі яна начаваць у сябе не будзе, а пераспіць у вартаўніцы, якая яе раніцой падыме. Насці трэба было сабраць рэчы, што яна і зробіць увечары. Так яна дайшла да хаты лесніка. На ганку Насту сустрэла Міроніха і, не пазнаўшы яе, запыталася:

— Табе каго, дзяўчына?

— Дзядзька Мірон дома?

— Або-о! Гэта ж я цябе, Наста, не пазнала, багатай будзеш.

— Навошта мне, цётка, багацце?! Усё адно немцы адбяруць.

— Гледзячы якое! Самае лепшае на свеце багацце — добры спадарожнік. Вось я з сваім Міронам, як мы разам жывем, ні разу не пасварылася.

— А дзе ж дзядзька? Ён мне вельмі патрэбен!

— А што? Чаму такая спешка? Можа, што з камісарам здарылася? Надоечы Рыгор Сцяпанавіч да нас заходзіў, людскі чалавек.— Заўважыўшы, што дзяўчына хвалюецца, Міроніха сказала: — Бацька ў хаце. А ўсё ж, у чым справа?

— І камісару, і дзядзьку трэба хавацца. Па іх могуць прыехаць немцы.

— От валацугі, пярун бы іх пабіў! Чаго яны сюды прыцягнуліся,— кляла Міроніха, уваходзячы ў хату.— А каб іх трасца трэсла, як яны трасуць свет, гіцалі няшчасныя! І скажы ты, няма на іх пагібелі!

Кацярына збірала Мірона ў дарогу. Яна палажыла дзве круглыя буханкі хлеба, дзялянку сала, некалькі каўбас, кумпяк, два сыры, солі і піражкоў. Клунак у яе рос і рос.

— Навошта ты, маці, гэтулькі кладзеш?

— Ты, бацька, мяне заўсёды вучыў: ідзеш у дарогу на дзень, бяры есці на тыдзень. Дый вас жа двое!

— Ага! А дзе мой капшук?

— На лаве, я тытуню насыпала. Ці хопіць толькі!

— Уга! Не векаваць жа мы там будзем.

— Запалак не забудзься, можа, агонь трэба будзе раскласці. Парастрасалі сем’і, нячыстая сіла. З бацькаўшчыны хочуць сагнаць, але скулу ў бок!

Наста ў гэты час разглядала фота, якія былі развешаны на сценах. Яна доўга ўглядалася ў фота Міронавага сына Лявона, які быў забіты, але маці пра гэта нічога не ведала. Міроніха, паглядзеўшы на Насту, задаволена ўсміхнулася:

— Бацька, от бы нашаму Лявону такую жонку.

— Дык жа ваш Лявон...

— Цыц,— ківаў Мірон у бок Насты.

— Што Лявон, дзіцятка?

— Дык жа ваш Лявон... у войску,— паправілася Наста, здагадаўшыся, што маці не ведае пра смерць сына.

— Не век жа ён будзе служыць. Народы ўсе на ўсёй зямлі не хочуць слухаць аб вайне. Скончыцца вайна...

— Спяшайцеся, дзядзька,— жадаючы перавесці гаворку, сказала Наста.— Рыгор Сцяпанавіч будзе чакаць вас каля трох дубоў. Заўтра пад вечар і я ў вас буду.

— А можа, лепей, дзяўчо, каб ты сёння са мною ішла. Як гэта кажуць: адклад не ідзе на лад.

— Не-е. Мне трэба пераслаць адзін матэрыял таварышу Сяргею, ён яго чакае.

— Праўду кажа бацька. Дый Рыгору Сцяпанавічу аднаму будзе маркотна. Такі ж вы кахаецеся.

— Не, не! Я павінна выканаць заданне. Для таварыша Сяргея я ўсё зраблю, нават, калі трэба будзе, жыццём ахвярую. Партыя — перш за ўсё.

— Раю табе...

— Я тут астануся,— перабіўшы, цвёрда сказала Наста.— У мяне ёсць важныя справы. Быў пасланец... Рыгора Сцяпанавіча і вас я папярэдзіла, а яшчэ ж ёсць такія, якім пагражае смерць. Я ж сувязная, дык як жа я не выканаю свайго абавязку. Акрамя таго, мне патрэбна сабраць і перадаць таварышу Сяргею весткі. А вы не марудзьце! Загад трэба хутка выконваць.

— Праўда, бацька.

— То бывай, маці,— развітваўся Мірон.— Глядзі гаспадарку, чакай мяне. Толькі не плакаць! Не люблю...

— Хоць на адну хвілінку, бацька, перад адыходам прысядзь.

— Эт, гэтыя мне забабоны,— бурчаў Мірон, але сеў на момант.— Падкорміш пчолы. Немцы ўсе вуллі падчысцілі. Бычка аддасі партызанам. Беражы сябе. Каб ты мне раніцою не хадзіла босай, насі мае боты. Ну, я пайшоў!

— З богам!

Кацярына з Настай правялі Мірона ў лес. Ён, аднаму яму вядомымі сцежкамі, нацянькі, пайшоў да прызначанага Гарашчэнем месца. Гаманілі хвоі, у каторы раз прымаючы лясных салдат, якія не хацелі схіляцца перад ворагам. Плылі з захаду чорныя хмары, дзьмуў асенні вецер, асыпалася на зямлю жоўтае лісце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый.

 

5

Наста, развітаўшыся з Міроніхай, пайшла ў вёску. Вечарэла. Пацішэў вецер. Яна паволі ішла, адчуваючы нейкую трывогу, боль у сэрцы, адзіноту, абмяркоўваючы, як ёй паведаміць Мікалая Дразда, што яму пагражае арышт. А яшчэ ёй трэба скласці спісы па некалькіх вёсках сямей чырвонаармейцаў, якім трэба было аказаць дапамогу. Насці хацелася пайсці разам з мужчынамі і плячо ў плячо змагацца супраць немцаў, якіх яна ненавідзела ўсёй сілай сваёй душы. Але спыніць працу сувязной, без згоды Сяргея Паўлавіча, яна не магла і не хацела. Які ж тады з яе барацьбіт! З малога складаецца вялікае.

Зусім сцішылася, не шалахнуцца дрэвы. Восень была ў разгары. Дыванамі слалася жоўтае лісце. Сарамліва стаялі белыя бярозы. Шуршала пад нагамі. Заходзіла сонца за хмары. Рознымі колерамі пералівалася лісце.

Насту яшчэ на дарозе перанялі стараста з паліцэйскім, яны з ног збіліся, яе шукаючы. Ім і ў галаву не прыйшла думка, што яна магла быць у лесніка. Пясецкі ад задавальнення паціраў рукі.

— Ну што ж, галубка, папалася! Дзе камісара дзела?

— Не ведаю, куды ён пайшоў, у яго дарога адна, а вам прыйдзецца пашукаць,— у душы пасміхалася Наста.

— Чаго ў горад хадзіла?

— Ці мала якая патрэба ў горадзе.

— Скажаш, галубка, дзе ты дзенешся, а не скажаш — на шыбеніцу! Гальштук на шыю.

— Вы жартуеце?!

— Ніякіх жартаў. Пойдзем да каменданта. Ён даўно цябе чакае.

— Мне трэба дадому зайсці.

— Пайшла! Пайшла!

— Паспееце!

Наста ішла дахаты, а за ёю стараста з паліцэйскім. Перад школай, дзе раней была фізкультурная пляцоўка, там цяпер будавалі шыбеніцу. Двое сялян пад наглядам немца паволі стукалі сякерамі. Наста, паскорыўшы крокі, прайшла міма, зусім не гледзячы ў той бок, дзе майстравалі вісельню. Каля школы стаяла старая бабулька, вартаўніца школы.

— Бабка, мілая, як вы мне патрэбны,— спынілася Наста.

— Праходзь, праходзь! — крыкнуў паліцыянт.

— Чаго ты, паспееш, няхай дзяўчына пераадзенецца,— цяжка ўздыхнуўшы, злосна паглядзеўшы на паліцыянта, сказала старая.— Звычай у нас такі...

— Ага, мне трэба пераадзецца,— ухапілася за гэтую думку Наста.

— Ідзі, ідзі,— падганяў паліцыянт.

— Яшчэ што! — грозна паглядзела бабка на паліцыянта.— Няўжо ў цябе не было сясцёр, маці або, можа, цябе сучка ашчаніла... шалудзька!..

Паліцыянт сумеўся, ён на некалькі крокаў адступіў назад. Пясецкі, паглядзеўшы на паліцыянта, усміхнуўся. Ён прагаварыў:

— Вось дык старая, як кальнула вачыма!..

— І не кажыце, мне нават страшна стала,— прызнаўся паліцыянт.

Стараста з паліцыянтам адсталі, іх затрымаў немец, які падганяў будаваць вісельню, нешта распытваючы.

Ідучы з старой поруч, Наста ёй шапнула: «Бабка, родная, пашлі зараз унучку да Мікалая Дразда, каб ён неадкладна ўцякаў у лес да трох дубоў. А яшчэ перадай Марыйцы, няхай яна збярэ па гэтай форме звесткі і адашле таварышу Сяргею, а потым і сама ідзе ў пушчу. Ёй трэба ратавацца».

Прайшоўшы далей, паглядзеўшы перш на зямлю, а потым на сонца, якое заходзіла, падумаўшы, гледзячы кудысьці ўдалечыню, Наста ціха сказала:

— А яшчэ скажаш людзям, што я пра іх шчасце дбала.

— Добра, дачка,— па маршчыністым твары старой цяклі слёзы.

Бабка засемяніла ў вёску, а Наста зайшла ў свой пакой, які ёй здаўся чужым, усё тут было перавернута. Паглядзеўшы ў акно і ўбачыўшы, як кат прабаваў вяроўку, Наста ледзь не крыкнула, але стрымала сябе. Заўважўышы гэта, стараста прыжмурыў вока і пачухаў бародку, а паліцыянт усміхнуўся і падкруціў рыжы вус.

Наста ўзяла чыстую бялізну, новую сукенку, зайшла за шафу, пераадзелася. Стараста аж ахнуў, калі ўгледзеў Насту ў ружовай сукенцы, дзяўчына ў ёй выглядала яшчэ прыгажэйшай. Белы каўнерык выгадна вылучаў яе загарэлы твар, як бронзу, шыю. Шукаючы ў шафе насавую хустачку і не знаходзячы яе на месцы, Наста здзіўлена спыталася:

— І сюды лазілі?

— Толькі не я! Сам пан камендант,— апраўдваўся стараста.

— Абармоты! Сквапныя на чужое. Яно вам бокам вылезе! Не думайце, што вы тут будзеце векаваць. Хутка вас пагоняць адсюль!

— А гэта вы яму скажыце,— ухмыльнуўся паліцыянт.

Адчыніўшы камод, Наста знайшла старую хустачку, надушыла яе, а потым, схамянуўшыся, хвалюючыся, пачала перакідаць рэчы. У яе вывалілася з рук хустачка, упала на падлогу.

— А дзе фотакарткі?

— У надзейных руках,— здзекаваўся Пясецкі.— Камісар ва ўсёй форме. І трэба ж быць такой неасцярожнай. Цяпер не выкруцішся. Кажуць: факты — упартая рэч. Што гэта ў вас? Дайце сюды!

— Фігу!

Наста схапіла ў рот паперку і, пажаваўшы, праглынула.

— Разявака! — злосна паглядзеўшы на паліцыянта, прагаварыў Пясецкі і, звяртаючыся да Насты, ухмыляючыся, сказаў: — Брат?.. Чаго добрага, гэты брат... Хі-хі-хі...

— Гадзюка! — працадзіла праз зубы Наста. Падняўшы хустачку, яна выйшла з пакоя. Яе суправаджалі да каменданта стараста з паліцэйскім.

Ціха было ў Азярышчы, як на пахаванні: на вуліцы ні жывой душы; толькі Марыйка сяды-тады пакажацца. Яна выконвала заданне. Калі Наста ішла, людзі выглядалі ў вокны. Дзеці ганарыліся сваёй маладой настаўніцай, яны махалі ёй рукамі. Насту абганяла ўнучка бабкі; дзяўчынка ішла з узнятай галавою — ёй даверылі важную справу, яна можа выратаваць чалавеку жыццё. Стараста ўвёў Насту ў пакой, нешта шапнуў на вуха каменданту і выйшаў за дзверы.

— Садзіцеся! — абвёўшы Насту з галавы да ног, закурваючы цыгарэту, прапанаваў камендант.

— Дзякую! — села Наста.

— Ну што ж, пагаворым начыстату. Што вы з’елі?

— Не разумею вас,— прыкінулася Наста.

— Якую вы паперку праглынулі?

— А-а-а! Гэта старасту здалося, я ела хлеб...

— Вы руская?

— Беларуска.

— Беларуска, гэта значыць — не руская.

— Беларусы з рускімі родныя браты.

— Вы так думаеце?

— Яно так і ёсць.

— Гэта вам таварыш Сяргей убіў у галаву.

— Я сваім розумам дайшла да гэтага.

— Гм... А дзе камісар?

— Не ведаю.

— Які з сябе таварыш Сяргей? Як яго прозвішча?

Дзе ён жыве?

— Не ведаю.

— А чаму я ведаю, што ён рускі, прозвішча яго Васільеў, прысланы ў МТС з Ленінграда.

— Калі вы ведаеце, дык чаго пытаеце?

— Вы такая маладая, прыгожая,— праходзячы каля Насты, гаварыў камендант.— Няўжо вам не хочацца жыць? Шыбеніцу мы для камісара рыхтавалі, але... Такія валасы! У вас ёсць нешта арыйскае. А нам дадзена заданне... Вас прымусілі быць сувязной... Праўда?..

Спыніўшыся каля Насты, камендант падняў руку, дакрануўшыся да Насціных грудзей.

— Яшчэ не сапсутая! — аблізаўся, як кот, ён.

Наста з размаху так пляснула каменданту па твары, што ў яго пасыпаліся з вачэй іскры і ледзь не вываліліся ўстаўленыя зубы. Ад нечаканага ўдару камендант пахіснуўся.

— Ах так? Бекер!

— Што загадаеце? — хутка ўвайшоўшы, запытаўся фельдфебель.

— Падабаецца табе гэта чартоўка?

— Яшчэ і як! — расплыўся фельдфебель.— Такая прыгажуня!

— Дык вазьмі яе да сябе. Усё роўна яна нічога не скажа.

— Не можам асмеліцца,— пагладжваючы каротка падстрыжаныя вусікі, гаварыў фельдфебель.— Гер камендант яшчэ не мелі такой красуні. Набок парыжанкі... а пра палячак і казаць няма чаго...

— Кажу, бяры,— загадаў камендант.— А потым, салдатам...

— Я магу... толькі...— асцярожна падыходзіў да Насты фельдфебель, вочы яго пасалавелі, ніжняя губа абвісла.— А божачка, якая прыгажосць! Дазвольце з вамі прайсціся...

— Адыдзі, брыда! — Наста так стукнула фельдфебеля, што той патыліцай адчыніў дзверы.

— Хо-хо-хо! — зарагатаў камендант.

— Рускую не так проста ўзяць,— вінавата апраўдваўся фельдфебель.

— На шыбеніцу! — крыкнуў камендант.— Яна партызанская сувязная. Цела два тыдні не здымаць. Няхай вісіць на страх іншым.

Па загаду каменданта ўсе азярышчанцы былі сагнаны да шыбеніцы. Падвялі Насту. Марыйка ад страху калацілася. Наста глядзела на натоўп, але нікога не бачыла. Кат дрыжачымі рукамі накінуў на шыю Насты вяроўку.

Падышоў камендант.

— Скажаш, дзе таварыш Сяргей, даруем усё,— звярнуўся да дзяўчыны ён.

Наста са злосцю плюнула яму ў вочы.

Перад тым як выбілі табурэтку з-пад ног, Наста крыкнула:

— Няхай жыве Радзіма! Людзі, адпомсціце за мяне!

Кат штурхнуў табурэтку, а камендант, выхапіўшы рэвальвер, выпусціў у цела Насты абойму патронаў.

— А камісара, Гарашчэню,— крычаў камендант, звяртаючыся да натоўпу,— вы мне знойдзеце... Кармілі яго, то і шукайце... І ляснік з ім... І таварыша Сяргея, да якога хадзілі ў горад... А не прывядзеце да мяне іх — усіх перавешаю.

Пачало змяркацца. Людзі, апусціўшы галовы, разыходзіліся па хатах. Ніхто з азярышчанцаў не плакаў — слёз не было. Плакала толькі зямля. Над Азярышчамі навісла чорная страшная ноч.

Старэнькая бабулька, вартаўніца школы, хацела падысці, каб развітацца з трупам Насты, у апошні раз яе пацалаваць.

— Хальт! — крыкнуў вартавы.

Згорбленая старая моўчкі пайшла за людзьмі, нічога не бачачы перад сабою, праклінаючы мацярок, што нарадзілі такіх падлюг, якія залілі крывёю паланёную зямлю.

Пры святле месяца пагойдвалася цела дзяўчыны, паскрыпвала вяроўка. Ніхто ў гэтую ноч не спаў. Людзі сваім вачам не верылі: Наста ў думках была ў страі, наперадзе іх ішла, заклікаючы на барацьбу.

 

6

Міроніха, правёўшы мужа, зайшла на двор, засунула на засаўку дзверы ў хляве, забыўшыся, што яшчэ не даіла каровы. Старая вельмі перажывала адзіноту і чамусьці баялася заходзіць у хату.

А ў лесе Гарашчэня, седзячы на пні, думаў, з чаго пачынаць барацьбу. Яму цяпер абавязкова трэба было спаткацца з таварышам Сяргеем, пагаварыць, што рабіць. Але ў таварыша Сяргея і без таго клопатаў багата. «Трэба самому вырашыць»,— падумаў Гарашчэня. Яму здоўжылася чакаць Мірона. У Гарашчэні паскорана білася сэрца, ён успомніў Насту, праведзеныя з ёю апошнія хвіліны, гарачы дзявочы пацалунак. У яго прамільгнулі Марыйчыны чорныя вочы, іх загадкавасць і глыбіня, моцная постаць. Гарашчэня ўспомніў Міхаську, наіўнага і шчырага юнака, які рваўся ў бой з немцамі і маляваў барацьбу з імі ружовымі фарбамі.

Мірон, стомлены, ішоў з вялікім клункам за плячыма, любуючыся лесам, як садоўнік, які кожнае гэтае дрэва садзіў. Ён успомніў жонку, прыкідваў, што яна цяпер магла рабіць. Заныла сэрца, зашчымела. Шкада Мірону пчол, якія асталіся на зіму недагледжанымі, агарода, які быў няўбраны, хаты, дзе дзяцей пагадаваў, вывеў у людзі, каб жылі, гора не ведаючы, а цяпер яны, можа, гэтак, як і Лявон, дзе-небудзь забітыя. «А можа, і жывуць,— падумаў сам сабе Мірон.— Павінны жыць!»

Ужо цёмна было, калі Мірон падыходзіў да трох дубоў. Угледзеўшы сілуэт чалавечай постаці і здагадаўшыся, што гэта Гарашчэня, Мірон кашлянуў. Разнеслася прыглушанае рэха. Гарашчэня, усхапіўшыся, узрадавана загаварыў:

— Нарэшце! Праўду людзі кажуць, што горш за ўсё чакаць і даганяць! Ну, сядай, стары!

— Праўду, чалавеча, гаворыш — стары. Сем кіламетраў прайшоў і дашчэнту падбіўся. Некалькі разоў садзіўся адпачываць. А бывала... Ды што казаць! — адкашляўся Мірон.— Каб ты ведаў, Рыгор Сцяпанавіч, як у мяне на сэрцы дрэнна.

— I ў мяне нешта душа баліць, яшчэ ніколі так не было. Чалавек прывыкае да людзей і, калі адзін апынецца, пачынае хандрыць. Ну што ж, будзем ваяваць, адпачылі.— Гарашчэня паглядзеў на Мірона.— Ці не векаваць ты сабраўся ў лесе, што такі мех прывалок?

— А што ты думаеш! — прагаварыў Мірон.— Відаць, не скора мы выберамся адсюль. Ды я і «божай вадзічкі» захапіў, расціснем!

— Давай,— згадзіўся Гарашчэня.— Каб дома не журыліся

Яны селі каля вывернутай кашлатай елкі, там зацішней, і чарка за чаркай выпілі паўлітра. Навокал — непраходны лес. Неспакойна было ў ім: скрыпелі дрэвы, стагналі; пачынаўся буралом.

— Не ведаю чаму,— пасля раздумы загаварыў Мірон,— але ты мне яшчэ тады, калі бездапаможным ляжаў, спадабаўся. Я падышоў да цябе, бачу — свой чалавек і жыць хоча... прагне жыцця... Захацелася памагчы...

— Гэта ж у мяне, калі я быў на валаску ад смерці, з’явілася такое жаданне жыць,— прызнаўся Гарашчэня.— Мы з камандзірам палка Сымонам Дубрава ўмовіліся: калі каго цяжка параняць, каб другі пазбавіў пакуты. Памятаю, падпоўз да мяне маёр, а я яму: «А можа, выжыву...» Больш нічога не помню. А ён, небарака...

Яны некаторы час маўчалі.

— Ну, вось і выжыў,— прадаўжаў Гарашчэня,— а то парыў бы ў зямлі косці. Спяшацца няма чаго на той свет. Мы яшчэ паваюем! Мне хочацца дажыць, калі скончыцца вайна. І скажы ты, як час бяжыць! Мы з табою так толкам і не пагаварылі. Дык ты, кажаш, добра жыў?

— Уга, дзецям таго жадаю,— усклікнуў Мірон.

— Дзеці будуць яшчэ лепш жыць,— зазначыў Гарашчэня.

— Калі, канешне, адстаім свабоду,— уголас падумаў Мірон.

— Зразумела,— згадзіўся Гарашчэня, яму падабаўся стары. Камісар працягваў у тон Мірону гаварыць: — І скажы ты: як чалавек на гару, дык чорт за нагу. Але немец нас не ўбярэ!

— Далёка, ліха матары, зайшоў,— з болем прагаварыў Мірон.— Кажуць, на Маскву наступае.

— Не праглыне Масквы, задушыцца. А калі ўдарыць з фронту і тылу, армія Гітлера разваліцца. Немца можна біць,— разважаў услых Гарашчэня.

— Яшчэ і як! — згадзіўся Мірон.— Але ўсё ж ён прэцца на ўсход. Як наслухаешся хайляў, страх апаноўвае. А як разважыш, Расію не пакарыць, не-е, няма такой сілы ў свеце. Дык што будзем рабіць?

— Ваяваць.

— На колькі чалавек у нас ёсць зброі?

— Хопіць, ты мне рукі давай.

— Рукі ёсць. Не лічачы нас з табою — дваццаць чатыры чалавекі. Для пачатку... а хлопцы якія, арлы!

— Не хвалі раней часу,— ухмыльнуўся Гарашчэня.

— А ты «вутачку» бачыў? — пытаўся Мірон.

— Глядзеў. Добрая штука! А толькі да гэтай «вутачкі» шмат чаго трэба.

У гушчары, недалёка ад іх, стаяў замаскіраваны самалёт. Гарашчэня доўга ім любаваўся, ломячы галаву, як яго сюды даставілі. Ён думаў, дзе ўзяць лётчыка, каб наладзіць сувязь з Масквою. А кроках у дваццаці было сховішча зброі — перанесеныя вінтоўкі з нямецкіх могілак.

Падбіралася пад поўнач. Мужчыны змайстравалі будан, паслалі лапкі з елак, лісця і леглі. Іх прабірала да касцей. Доўга яны не спалі, варочаючыся з бока на бок. Гарашчэня каторы раз перабіраў кожнага чалавека, якога згадзіўся прыняць у атрад, успомніў зноў Насту, баючыся, каб з ёю чаго не здарылася, таго не ведаючы, што яна ўжо адышла ў нябыт. Нарэшце мужчыны, прытуліўшыся адзін да аднаго, сагрэўшыся, соладка заснулі.

Раніцою першым прачнуўся Мірон. Ён да таго прамёрз, што калаціўся як асінавы ліст. Адышоўшыся, Мірон расклаў агонь, закурыў. Патрэсквала галлё, пішчэла, валіў шэры дым, прабіваліся чырвоныя языкі агню. Мірон нагроб лісця, разглядаючы, як жылісты кляновы лісток скруціўся ў трубачку. Стары кінуў лісток у агонь, з абодвух канцоў пайшоў дым, а потым ён ярка ўспыхнуў і разляцеўся ва ўсе бакі, нібы яго і не існавала. Мірон прайшоўся, каб назбіраць дроў. З галіны кашлатай елкі звісаў павук на танюткай павуціне, снуючы свае кросны.

Раптам у Мірона зашчымела сэрца, забалела душа, здавалася, што ён на крыллях пераляцеў бы дахаты. У гэты час ён заўсёды ўставаў. Пасля снедання Мірон штодня, ускінуўшы на плечы стрэльбу, ішоў у абход. Ён ведаў кожны куст у лесе. Бывалі выпадкі, што часам хто спілуе дрэва, схавае галлё, абкладзе пень імхом, але Міронава вока ўсё адно гэта бачыла. І куды б чалавек ні зацягнуў хвойку ці елку, ляснік знойдзе. Так было і з стараставым бацькам, Пясецкім, у гумне пад саломай адшукаў схаваную драўніну.

Прачнуўся і Гарашчэня, яму таксама было холадна. Падышоўшы да агню, грэючы рукі, ён спытаў:

— Ты што, стары, засумаваў?

— А хто яго ведае, нешта мяне трывожыць. Жывем на вялікай дарозе. Што б на свеце ні здарылася, ніколі не міне нас. Колькі нягод вытрымалі нашы людзі, але не страцілі свайго чалавечага гонару. А ты што такі засмучоны?

— Не ведаю. Нешта сэрца ные. Павінна была досвіткам Наста прыйсці, і няма. Трэба было сёе-тое Сяргею Паўлавічу напісаць. А можа, яна заблудзіла?

— Уга! Ёй завяжы вочы — сюды прыйдзе. Ці раз яна хадзіла па гэтым лесе ў ягады і ў грыбы. А песенніца якая! Бывала, як заспявае «Бывайце здаровы» або «Кацюшу», дык заслухаешся. Праўда, калі прыйшлі немцы, то ні разу не чуў, каб яна спявала.

— Пайсці ў Азярышча? — уголас падумаў Гарашчэня.

— Што ты! — запярэчыў Мірон.— Хіба ты галавы сваёй не шкадуеш? Не-е, ты не маеш права туды ісці. Пачакаем.

Яны моўчкі сядзелі каля агню, час ад часу паглядаючы ў той бок, адкуль павінна была з’явіцца Наста, але яна не ішла. Гарашчэню гэта моцна непакоіла. Ён ведаў, што калі Насці трэба было куды з’явіцца ў пэўны час, дык яна, як правіла, заўсёды была там раней хвілін на пятнаццаць. Наста не любіла, каб яе чакалі, і сама не любіла іншых чакаць.

Задумаўшыся, Гарашчэня зусім не заўважыў, як падышла да яго стомленая старая, вартаўніца школы, з клуначкам. Яна доўга блукала па лесе, шукаючы яго. Адчуўшы, што нешта здарылася, Гарашчэня ўскочыў і ўстрывожана запытаўся:

— Што з Настаю? Яна нездарова?

— Няма Насты. Яе немцы павесілі,— паведаміла, плачучы, старая.— Дзяўчына, высока трымаючы галаву, прыняла смерць. З Насты хацелі насмяяцца... Дык камендант ледзь не сабраў у прыгаршчы зубы, а фельдфебель адчыніў патыліцай дзверы. Адкуль толькі ў яе сіла ўзялася! Вось усё, што ад Насты асталося... пасмачка валасоў ад яе касы... Я адрэзала табе на памяць...

Пацямнела ў вачах у Гарашчэні, ён пахіснуўся, але ўстаяў. Камісар узяў з рук старой пасмачку касы, пацалаваў і паклаў у кішэню гімнасцёркі.

— Помсці, сынок, за яе косы, помсці і помсці,— гаварыла старая.— А яшчэ я прынесла табе патронаў...

— Што яна гаварыла? — ледзь стрымліваючы сябе, пытаўся Гарашчэня.

— Перад смерцю Наста паспела сказаць: «Няхай жыве Радзіма! Людзі, адпомсціце за мяне!»

Усе некаторы час маўчалі.

— Пракляцце ўсяму роду і племені гітлераўцаў,— парушыла цішыню старая.— Трэба назаўсёды адвучыць гэтых ірадаў лезці да нас. Горш фашысцкай чумы не ведалі мы. Рэзаць трэба фашыстаў, каб яны не падняліся больш ніколі...

Па суровым салдацкім твары Гарашчэні пацяклі буйныя кроплі слёз. Ён выцер кулаком слёзы, да крыві прыкусіў губу.

— А што з маёй старою? Яна жывая?

— Не ведаю. Увечары туды паехалі немцы.

— Пайду!

Гарашчэня некаторы час сядзеў, на ўсё забыўшыся, а калі апамятаўся, лесніка і след прастыў. Камісар памкнуўся даганяць Мірона, але ён быў ужо далёка. Старая сядзела каля вогнішча, грэючы кастлявыя рукі, чакаючы, што скажа Гарашчэня, але ён маўчаў. Гэта навіна яго ашаламіла. Старая не чапала яго і не ішла; яна хацела пагаварыць з ім, як пахаваць Насту. Падкінуўшы галля, крыху сагрэўшыся, стомленая ад бяссоннай ночы, старая задрамала. Ёй у сне паказалася Наста, старая ўздрыганулася. Яна лыпнула сваімі сплаканымі вачыма і зноў схіліла галаву.

Камісар хацеў ісці ў Азярышча, але, паглядзеўшы на гадзіннік — хутка павінны былі прыйсці людзі, што запісаліся ў партызаны,— перамяніў рашэнне. Яму захацелася яшчэ пагаварыць са старою аб Насці, але вартаўніца, змогшыся, захрапла. Гарашчэня не захацеў яе будзіць. Ён, падышоўшы да агню, сеў, з хвіліны на хвіліну чакаючы прыходу людзей. Гарашчэня, увагнуўшыся, моўчкі сядзеў. Патрэскваў агонь, шугала полымя, высока ляцелі іскры і чорнымі кропкамі падалі на зямлю. Наляцеў вей-вецер, пасыпалася жоўтае лісце долу, схавалася сонца за хмары. Гарашчэня ціхенька плакаў. З вачэй сыпаліся чыстыя, як у дзіцяці, буйныя кроплі слёз. Прачнулася старая, але, угледзеўшы на вачах у камісара слёзы, прыкінулася, што спіць. Грозна шумеў бор, склікаючы людзей у лясы, узнімаючы на бой, клікаў да помсты, да бітвы не на жыццё, а на смерць.

 

7

Да трох купчастых дубоў, братоў-волатаў, сыходзіліся людзі з вёсак. Яны ішлі, каб атрымаць зброю і пачаць баявыя дзеянні. Партызаны былі задуменнымі, суровымі, грознымі, поўныя рашучасці пастаяць за Радзіму, за яе гонар, свабоду і незалежнасць. Вестка аб азярышчанскіх падзеях хутка абляцела ўвесь раён, што з’явілася як бы сігналам для людзей, баявой трывогай, заклікам, пачаткам у раёне барацьбы з немцамі не адзінак, а мас. Здарэнне ў Азярышчах скарыстаў Сяргей Паўлавіч, каб узняць людзей на барацьбу з немцамі. Маючы багаты вопыт работы ў масах, указанні Камуністычнай партыі, таварыш Сяргей хадзіў па вёсках Беларусі, клічучы на змаганне, пасылаў людзей да партызанаў у лясы.

Са Шпакоўскім Сяргей Паўлавіч прыслаў Гарашчэню тэкст партызанскай прысягі і запіску, у якой пісаў:

«Таварыш Гарашчэня!

Час прыйшоў і Вам дзейнічаць. Упэўнены, што Вы так падсыплеце немцам жару, што ім горача будзе. Раён Вашай дзейнасці той, аб якім мы з вамі гаварылі. Цэнтральнаму штабу партызан у Маскве даложана аб пачатку дзейнасці Вашага атрада. Устаноўкі ранейшыя — масавасць партызанскага руху.

Наста паказала сябе як сапраўдная патрыётка, верная дачка Беларусі. Гераічны беларускі народ ніколі не забудзе яе слаўнага імя. Помніце Насту і помсціце за яе, за стаптаныя палі нашай Радзімы, за зганьбаваных жанчын, за слёзы і кроў старых і дзяцей.

Цяпер мая дапамога Вам не патрэбна. Мне трэба быць там, дзе гэта неабходна. Зрабіце так, каб з-за кожнага куста, з-за кожнай купіны стралялі. Мы гаспадары зямлі. Трэба навесці такі страх на немцаў, каб яны баяліся свайго ценю.

Моцна цісну руку!

Сяргей».

З Рыгорам Сцяпанавічам партызаны стараліся менш гаварыць, каб не трывожыць яго ран. Толькі Гальяш не ўтрымаўся, ён падышоў да Гарашчэні і выказаў меркаванне, што немцы могуць нарабіць яшчэ шмат бяды ў Азярышчы, а таму трэба ім перашкодзіць. Яго падтрымаў Шпакоўскі, і Гарашчэня згадзіўся. Загаманілі мужчыны, як пчолы ў вуллі перад вылетам рою.

Гарашчэня раздаваў зброю; людзі атрымаўшы вінтоўкі з патронамі, аўтаматы, гранаты з запаламі, ішлі да кастра; хто чысціў зброю, а хто падганяў рамяні. Раздача зброі насіла ўрачысты характар — гарэлі вочы ў людзей, сціскаліся кулакі. Сэрцы прагнулі помсты.

Выстраіўшы партызан, Гарашчэня чытаў прысягу. Голас яго быў упэўненым, цвёрдым, адчувалася, што перад імі стаіць камандзір, у якога не здрыганецца рука, каб забіць фашыста. Гарашчэня адразу знайшоў агульнае з партызанамі, яны за камандзірам паўтаралі прысягу:

«Я, грамадзянін Вялікага Савецкага Саюза, верны сын гераічнага беларускага народа, клянуся, што не выпушчу з рук зброі, пакуль апошні фашысцкі гад на нашай беларускай зямлі не будзе знішчаны.

Я абавязваюся няўхільна выконваць загады сваіх камандзіраў і начальнікаў, строга трымацца воінскай дысцыпліны. За спаленыя гарады і вёскі, за смерць нашых дзяцей, за катаванні, гвалты і здзекі над маім народам я клянуся помсціць ворагу жорстка, бязлітасна і няспынна.

Кроў за кроў, смерць за смерць!

Я клянуся ўсімі сродкамі памагаць Чырвонай Арміі знішчаць шалёных гітлераўскіх сабак, не шкадуючы крыві і свайго жыцця. Я клянуся, што хутчэй загіну ў жорсткім баі з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям'ю і ўвесь беларускі народ у рабства крываваму фашызму.

Калі ж па маёй слабасці, баязлівасці або злой волі я парушу гэтую сваю прысягу і здраджу інтарэсам народа, няхай памру ганебнай смерцю ад сваіх таварышаў».

Прыкленчыўшы на адно калена, Гарашчэня пацалаваў зямлю і, устаўшы, усхвалявана дадаў ад сябе:

— Паклянемся, таварышы, што не складзем зброі да таго часу, пакуль хоць адзін фашыст будзе хадзіць па нашай зямлі! Смерць гітлераўцам і іх памагатым беларускім нацыяналістам!

— Клянемся! — усхвалявана адказалі партызаны, падняўшы над галовамі зброю.

— Нашы продкі не гнуліся перад чужынцамі, і мы не сагнемся! — прадоўжыў Гарашчэня.

— Ніколі! — выгукнуў Гальяш.

Вартаўніца школы, пераступаючы з нагі на нагу, чакала, якое Гарашчэня дасць ёй распараджэнне. З-пад чорнай у кропелькі хусткі вартаўніцы відаць былі пасмы сівых валасоў. На яе суровым твары была туга, боль, ад чаго яшчэ выразней вылучаліся маршчыны. Шмат бачыла гора гэтая жанчына на сваім вяку, але такога — ніколі не перажывала. І яна ў сабе адчула нейкія якасці новага. «Наста загінула, дбаючы пра нас,— думала сама сабе старая,— дык мы павінны паклапаціцца пра тых, якія цяпер яшчэ малыя, іх жыццё ўсё ў будучым».

— Скажаш людзям, што ноччу Насту здымем з шыбеніцы і пахаваем,— гаварыў Гарашчэня, а потым змяніў рашэнне: — А навошта ноччу? Пахаваем днём. Мы тут гаспадары, а не немцы. Трэба зрабіць так, каб у іх зямля гарэла пад нагамі.

— Правільна! — адобрыў Шпакоўскі.

— Днём нельга,— занепакоілася вартаўніца.— Камендант забараніў яе два тыдні хаваць. Увесь час ходзяць паліцаі.

— А колькі іх? — спытаў Гарашчэня.

— Сямёх. У старасты гуляюць. Кажуць, што чакаюць карацеляў з горада.

— На першы раз і сямі хопіць, а калі пад’едуць карнікі, больш будзе работы. Галоўнае — хітрасць і нечаканасць, смеласць удару. Фашысты чакаюць нас з лесу, а мы з чыстага поля на іх наскочым.

Гарашчэня аддаў загад партызанам непрыкметна прабрацца на могілкі, а сам, узяўшы некалькі гранат, рэвальвер, з вартаўніцай пайшоў у Азярышча. Па дарозе ён умовіўся са старой, што яна пройдзе наперад, разведае, што робіцца ў вёсцы, потым яму раскажа. Гарашчэня астаўся ў хвойніку, што цераз балота ад Азярышча.

Паліцыянты ў старасты разгуляліся. Яны пачалі баль бутэлькай французскага шампанскага, якая камендантам была падаравана Пясецкаму «за добрую службу», потым пілі гарэлку і закончылі самагонкай, першаком.

Старая вярнулася і паведаміла Гарашчэню, што ў старасты баль працягваецца.

— Паліцаі, як цюцькі, п’яныя.

— Тым лепш.

На фізкультурнай пляцоўцы гойдалася цела Насты, вецер раздзімаў яе русыя валасы. Сукенка на ёй была парванай. Старая хутка прайшла, імкнучыся не глядзець у той бок, дзе вісела Наста. Ёй здалося, што цела Насты ўвесь час паварочвалася, як бы Наста хацела ёй нешта важнае сказаць, паскардзіцца на сваю крыўду. Пра ўсё гэта старая расказала Гарашчэню. Яна заўважыла, як у Гарашчэні нахмурыліся бровы і ён мацней сціскаў гранату, якая была ў яго руках. Старая прыйшла да выніку, што і яе месца ў барацьбе.

Гарашчэня, прайшоўшы балотца, падбіраўся да стараставай хаты. Яму ўжо чуваць былі хрыплыя галасы п’яных паліцыянтаў. Калі Гарашчэня быў каля дзвярэй, Пясецкі, відаць, хацеў адчыніць акно і кулаком праткнуў шыбу. Хруснула шкло, пасыпалася, зазвінела. З хаты несла перагарам, махорачным дымам. Гарашчэня на момант прытуліўся да сцяны, а потым, прыгнуўшыся, падышоў да акна і адну за адной шпурнуў дзве гранаты. Зашыпела ў хаце, а потым пачуліся два выбухі. Паранены стараста схапіў вінтоўку, выбег на ганак. Гарашчэня па ім стрэліў, але прамахнуўся.

Стараста забег за хлеў і знік, як скрозь зямлю праваліўся. Паліцыянты, што былі ў хаце, ляжалі забітыя. Вартавыя беглі ў бок стараставай хаты. Гарашчэня, прыкленчыўшы на адно калена, з-за шула страляў па іх, забіўшы перш аднаго, а потым другога паліцыянта.

Азярышча было ачышчана ад паліцэйскіх. На вуліцу высыпалі дзетвара, дзяўчаты. Сярод іх была Марыйка. Яны кінуліся бегчы да школы. Гарашчэня ішоў па вуліцы, людзі сустракалі яго, як роднага сына, які прыйшоў, каб іх ратаваць. З адной хаты мужчыны вынеслі прыгатаваную труну. Гарашчэня, падышоўшы да шыбеніцы, стаў, машынальна падняў руку, каб скінуць шапку, але яе не было на галаве, і ён не помніў, дзе яна асталася. Гарашчэня сам зняў з шыбеніцы цела Насты, пацалаваў халодны лоб. Марыйка ўкруціла труп у прасціну, бо ўсе рэчы Насты былі разграблены. Гарашчэня з Марыйкай улажылі Насту ў труну. Сяляне, не затрымліваючыся, панеслі нябожчыцу на могілкі. Там ужо была выкапана магіла.

Гарашчэня ішоў моўчкі, схіліўшы галаву, за труною каханай дзяўчыны. Вецер раздзімаў яго непакорную чупрыну. Яму быў нанесен удар у сэрца. Ён ніяк не мог апрытомнець, асэнсаваць, што здарылася. Гарашчэня абвінавачваў сябе, што не ўзяў яе з сабою ў лес.

На могілках Гарашчэня сказаў кароткую, усхваляваную прамову, якая так кранула душы прысутных, што шмат хто нават з мужчын плакалі, не кажучы ўжо пра жанчын і дзяцей. Ён закончыў словамі:

— Людзі добрыя, адпомсцім за Насту! Кроў за кроў і смерць за смерць! Народзе мой, узнімайся на вялікую бітву! Калі мы не ўваб’ём асінавы кол у магілу фашызму, гітлераўцы нас знішчаць. Усе на барацьбу. Перамога будзе наша!

Здзівіла ўсіх прысутных, калі вартаўніца школы падняла руку і папрасіла слова. У апошнія гады людзі рэдка чулі яе голас.

— Дзеці, да вас звяртаюся я, родныя мае,— хвалюючыся, слабым голасам пачала гаварыць бабка Малання.— Хораша пражыла Настасся Іванаўна, хораша і памерла. Яна не пашкадавала жыцця дзеля вас, дзеля вашай будучыні. Настасся Іванаўна атрымала заданне папярэдзіць людзей, якім пагражала смерць. Яна яго выканала, хоць сама прыняла смерць. Дзеці, захавайце ў памяці светлае імя Насты Свярчэўскай, будзьце такімі, як яна. Ёй Радзіма была даражэй за ўсё. Людзі! Наста прасіла мяне сказаць, што яна пра ваша шчасце дбала. Вечная памяць табе, дачушка, ты заўсёды будзеш жыць у нашых сэрцах.

Старая ўзяла ў руку жвіру і сыпнула на труну, якая на вяроўках была апушчана ў дол. Гэта паўтарыў Гарашчэня, тое ж самае зрабілі ўсе астатнія. На вачах у людзей вырасла свежая магіла.

У Азярышчы пачуўся лямант. Гарашчэня, скамандаваўшы партызанам залегчы (тое ж зрабілі і сяляне), паслаў у вёску Міхаську даведацца, у чым справа. «Мусіць, стараста прывёў карнікаў»,— думаў сам сабе Гарашчэня. Гаманілі хвоі. Гарашчэня, пануры, стаяў над магілай. Цяжка была ў яго на душы, ныла сэрца. Ён глядзеў на жвір, успамінаючы Насту жывою. Яго думку парушылі ляцеўшыя ў вырай журавы. Яны, відаць, збіліся з дарогі, а можа, стаміліся. Журавы кружылі на месцы, трывожна крумкаючы. Пасля ад іх аддзяліўся адзін жураў. Па размаху крылляў відаць было, што гэта быў старэйшы і найбольш спрактыкаваны; ён павёў за сабою проста на поўдзень астатніх. Да Гарашчэні, засопшыся, падбег Міхаська.

— У вёсцы немцы,— дакладваў Міхасёк.— А яшчэ дзядзька Мірон забіўся.

— Сам?

— Ага!

— Не можа гэтага быць!

— Дапраўды. Немцы дазналіся, што ён хаваў зброю. Яны білі яго, дапытваючыся, дзе яна ляжыць і хто запісаўся ў партызаны. А яшчэ яны пыталіся, хто кіруе партызанскім атрадам і дзе атрад размешчаны. Каб не выдаць... дзядзька Мірон наклаў на сябе рукі. Яны Міроніху з сабою вязуць.

— А шмат іх?

— Многа.

— Ну колькі?

— Каля дваццаці, але ўсе з аўтаматамі.

— Што яны робяць, чаму такі крык?

— Грабяць,— Міхаська стаў круціць цыгарку.

— Та-а-ак. Прыйдзецца пацягацца. Тут задача больш складаная. А ты што ж, курыш? Адставіць! От падшыванец! Малако матчына на губах не абсохла. Ай, блазнота! Глядзі, каб я больш гэтага не бачыў... Гм... Дык, кажаш, каля дваццаці? Навяжам бой. Эй! Хто там высунуўся, хочаш, каб на мушку ўзялі?! Камандзіры аддзяленняў, да мяне!

Да Гарашчэні першымі падышлі Гальяш і Шпакоўскі.

— Таварыш камандзір! — казырнуў Гальяш.— Я прапаную ўраганам наляцець, акружыць і знішчыць.

— Як гэта лёгка ў цябе робіцца,— усміхнуўся Гарашчэня.

— Выскачыў, як Піліп з канапель,— іранізаваў Шпакоўскі.— Паспрабуй на адкрытай мясцовасці падысці... Пастраляюць, як курапатак...

— Загадваю акапацца і чакаць мае каманды.— Гарашчэня коратка расказаў свой план, паказаў аддзяленням іх месцы.

Карацелі падпалілі вёску Азярышча ў трох месцах. Вецер данёс пах гарэлага. Казытала ў носе, душыла ў горле. Агонь хутка пераносіўся з хаты на хату, пагражаючы знесці ўсе будынкі. Чуваць былі крыкі, стогны, плач дзяцей.

— Чаго марудзіш, камандзір? — гарачыўся Гальяш.— Там наша праца гіне, спажыткі, здабытыя мазалём. Пайшлі, хлопцы, за мною!

— Сто-о-ой! — загадаў Гарашчэня.— Гарачая галава. У іх адна дарога — каля могілак. Яны ж, пэўна, трымаюць шлях у раён. Вось мы тут іх і пяроймем. Будуць круціцца, як уюны на скаварадзе. Галоўны ўдар па першай і апошняй машынах, а потым перанесці на сярэднія. Біцца насмерць! Ні кроку назад! Партызаны не адступаюць!

На краі вёскі мітусіліся немцы. Яны цягнулі на машыны курэй, свіней, авечак, рознае «арганізаванае» рыззё. Вадзіцелі завялі маторы. Афіцэр аддаў каманду. Загулі машыны, рушылі. Не даязджаючы да могілак, абстралялі, але партызаны маўчалі. Немцы смялей паехалі.

Затаіўшы дыханне, народныя мсціўцы чакалі загаду камандзіра. На першай машыне ехаў афіцэр. Гарашчэня трымаў яго на мушцы. Падпусціўшы машыны метраў на сто, Гарашчэня скамандаваў:

— Агонь!

Ён даў кароткую чаргу з аўтамата. Афіцэр быў забіты. Шафёр, кінуўшы машыну, споўз у прыдарожную канаву, пачаў адстрэльвацца.

Аўтаматчыкі, пасаскакваўшы з машын,— а некаторыя з іх так і павіслі на бартах,— беспарадкава стралялі. Партызаны вялі прыцэльны агонь, выводзячы са строю аднаго за адным карнікаў.

Ад машын аддзялілася адна чалавечая постаць. Гэта быў Пясецкі. Ён паўзком прабіраўся ў балота, дзе рос алешнік. Колькі партызаны па старасту ні білі, усё міма. Постаць хутка знікла.

Міроніха ў першы момант не разабралася ў чым справа, а пасля схамянулася, аблюбавала камень і стукнула ім па галаве шафёра першай машыны. Выпусціўшы з рук аўтамат, шафёр, заліўшыся крывёю, уткнуўся носам у ліпкую гліну. Міроніха схапіла аўтамат і хацела страляць па карніках, але ў яе нічога не выходзіла. Яна вымушана была ляжаць у канаве, баючыся падняць галаву.

Партызаны біліся з такой ярасцю, якой Гарашчэня ніколі не чакаў, яны біліся за свае хаты, жонак і дзяцей, за свае спажыткі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі іх уцалелі. Яны былі рассеяны па балоце. Гарашчэня страшэнна шкадаваў, што ўцёк стараста. Гэта вораг хітры і небяспечны, ён мог нарабіць шмат непрыемнасцей.

Вёска Азярышча дагарала. Абвальваліся стрэхі, высока ляцелі іскры. Пагарэльцы з уцалелымі спажыткамі былі на пляцах, не ведаючы, дзе ім прытуліцца, да чаго прыкласці рукі. У садзе на адной з абгарэлых ігруш была падвешана калыска; у ёй варушылася малое дзіця, плакала. Маці, заклапочаная, каб уратаваць рэчы, не звяртала ўвагі на дзіцячы плач. Ужо ў апошнюю хвіліну жанчына выхапіла кажух, які быў пакарабачаны. Як ні старалася яна расправіць кажух, з гэтага нічога не выходзіла.

— Чаму ты, маладзіца, не ідзеш да дзіцяці? — падыходзячы да калыскі, бубніў дзед Архіп. Ён быў у зрэбных портках, пафарбаваных у сіні колер, у саматканай кужэльнай кашулі, падперазаны кавалкам аборыны. Сівы, як лунь, дзед Архіп калыхаў дзіця, яно не сціхала, плакала.— Ну і маці, сэрца ў цябе няма... Кінь ты гэтыя транты!.. Калі будзем жыць...

— Трэба думаць,— аказалася жанчына,— чым малое сагрэць. Зіма ідзе...

— Дзіця голас сарве.

— Не сарве. Дзіцяці не шкодзіць паплакаць. Лёгкія будуць здаравейшымі.

Жанчына складала падушкі, збірала раскіданыя коўдры, абрусы. Усё гэта валялася на зямлі і было ўпэцкана ў гразь. Жанчыне трэба даглядзець за ўсім.

— От анучніца! — ужо зазлаваўшы, гаварыў дзед Архіп, вымаючы дзіця з калыскі.— Сціхні, унучак...

— А ты, нябось, свой тытунь упарадкаваў,— прагаварыла маладзіца, беручы дзіця на рукі, якое адразу перастала плакаць і тыцкалася да грудзей маці.

— От базэрнік! — дабрадушна сказаў дзед Архіп.— Няўжо ён разумее, хто яго бярэ?..

— Пэўна,— рыхтавалася карміць малога яна.

— А ўсё ж, ты жорсткая маці.

— Ліха дзіцяці я не жадаю.

Дзед Архіп з маладзіцай перагаварваліся, думаючы зусім пра другое: як далей жыць. Надыходзіла зіма, дзе яны прытуляцца. Дзед Архіп паспрабаваў адзець кажух, але ён на яго не лез. Тады стары са злосцю кінуў кажух на зямлю.

— Недавяркі! — дрыжачым голасам загаварыў дзед Архіп.— Чаго ім трэба ад нас? Каторы раз яны сюды лезуць. Адвучыць бы іх раз і назаўсёды. Каб мне толькі здароўе, пайду душыць нягоднікаў. Заваяваную свабоду мы будзем бараніць! Ой, будзе крыві, свінням не паесці... Няхай не думаюць, мы ніколі ім не даруем... — і стары закашляўся.

— Супакойцеся, тата! — прасіла нявестка.— І так вам дрэнна...

— Вось што, маладзіца,— гаварыў стары.— Нешта мне нядобра. Сыны недзе забавіліся, можа, іх не ўгледжу. Дык скажаш, што я наказваў, каб увесь наш род, усе Беразоўскія, хто як можа, білі фашыста. А калі не выканаюць майго наказу, то нікому не дарую. З труны падымуся і крывуляй аддубашу... І Міхаська павінен ісці... і вы, жанчыны... і ўсе людзі...— ён яшчэ больш пачаў кашляць.

— Тата, супакойцеся.

Дзед Архіп, апусціўшы галаву, прытуліўся да шурпатай ігрушы. Ён змоўк, думаючы, дзе ўзяць сілы, каб адстаяць для дзяцей і ўнукаў свабоду. Раскуты ад кайданаў чалавек не хоча, каб яго зноў закавалі.

Плакала суседка Мэтра, ірвучы на галаве валасы. Яна хадзіла па папялішчы, шукаючы дзіцяці, якое афіцэр, па даносу старасты, што яе муж пайшоў у партызаны, укінуў у агонь. Мэтра — жонка Гальяша. Калі афіцэр кінуў дзіця ў агонь, Мэтра, дзіка закрычаўшы, ірвалася ў палаючую хату, але суседкі яе не пускалі.

— Пусціце,— распарадзіўся афіцэр.— Калі яна дастане з агню дзіця, то я яму дарую жыццё.

Мэтра, не задумваючыся, ускочыла ў хату. З акон валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Мэтра выхапіла дзіця. Суседкі свабадней уздыхнулі. Хлопчык, наглытаўшыся горкага дыму, хрыпла плакаў. Афіцэр моўчкі падышоў, выхапіў дзіця ў Мэтры і зноў кінуў у агонь. Выратаваць яго ўжо нельга было, бо гарэла хата, як свечка. Цяпер Мэтра, адшукаўшы на папялішчы нейкае абсмаленае палена, укруціўшы яго ў анучы, ціха спявала:

 

А-а-а, лю-лі,

Усе курачкі паснулі...

 

Да Мэтры падышоў усхваляваны Гальяш. Ён угаварваў жонку, што гэта не дзіця, хацеў адабраць палена. Мэтра, паглядзеўшы на Гальяша, зарагатала. Гальяш, адвярнуўшыся, заплакаў. Яго ніхто не чапаў. «Няхай выплачацца, лягчэй будзе»,— меркавалі людзі. Потым Гальяш устаў і ўголас падумаў:

— Усё паляцела прахам... Адзінае, што астаецца,— помсціць... за сына... за жонку... за людзей... за іх пакуты... за слёзы і кроў... Гітлер! Якую б яму прыдумаць кару? Павесіць? Мала! Расстраляць? Тым больш! Злавіць і ў клетку пасадзіць,— людзі заплююць. А гэта, можа б, і падышло!

Дзед Архіп, падышоўшы да Гальяша, спытаўся:

— З кім ты, чалавеча, размаўляеш?

— Га? — спалохаўся Гальяш.— Захлынуцца! Праўда, дзед Архіп? Мы ворагаў утопім у іх уласнай чорнай крыві. Не дачакаюцца, каб мы пакарыліся! Не-е! Пакуль у маіх жылах будзе цячы кроў — датуль буду біць фашыстаў! Быць не можа, наша возьме!

— Правільна, Гальяшка, не здавайся,— падбадзёрваў дзед Архіп. Стары, узяўшы Гальяша за плечы, адвёў яго ў бок ад папялішча, частаваў самасадам, ад якога дух займала.— І ніколі не аглядайся назад, што прайшло, таго не вернеш. А глядзі наперад, у будучыню, гэта табе дасць сілы. Ніякаму аслу не засланіць сонца.

— Праўду, стары, кажаш.

— Нашы дзяды і прадзеды сваімі грудзямі — а грудзі крэпасць айчыны — адстаялі сваю бацькаўшчыну, дык няўжо ж мы... — гаварыў дзед Архіп.— Нашы людзі перажылі ўсіх ліхадзеяў, а іх было процьма, якія намагаліся нас пакарыць. Толькі ў іх нічога не выйшла, нашы людзі выстаялі. Што ж, палюдскавалі пару дзесяткаў год, дый то не поўных...— дзед Архіп зноў закашляўся.— Будзьце вартымі сынамі Радзімы...

— Дзякую, стары, за добрае слова,— паціснуў руку Гальяш.— Я гэтага ніколі не забуду.

Гальяша паклікалі да камандзіра. Трэба было дбаць аб людзях, якія апынуліся ў няшчасці. Гарашчэня адчуў, што з гэтага часу на яго плечы ўзвалілася гара — клопаты аб дзецях і старых, якіх трэба было дзесьці прытуліць, пракарміць зіму: ён загадаў Гальяшу са Шпакоўскім, не марудзячы ні адной хвіліны, весці людзей у лес, на аблюбаваную ім граду, як яе звалі — Замчышча,— і там пабудаваць для насельніцтва часовыя буданы. «Не можа быць,— думаў сам сабе Гарашчэня,— каб стараста заспакоіўся і не прыцягнуў у Азярышча немцаў! І трэба спяшацца вывесці людзей з-пад удару».

— Вядзіце людзей у лес і аберагайце іх,— распарадзіўся Гарашчэня.— Будзьце напагатове, магчымы ўсялякія нечаканасці. А я паеду ў леснікову хату... Трэба пахаваць Мірона...

Пакуль Гарашчэня ладзіў трафейную машыну, каб ехаць да лесніка, азярышчанцы рушылі; яны нагадвалі цыганскі табар. Моўчкі ішлі мужчыны за падводамі, нагружанымі рознымі хатнімі рэчамі. Фыркалі коні, везучы цяжкія вазы, колы ўразаліся па калодкі, месячы густую восеньскую гразь. Дзеці, якія абляпілі, як мухі мёд, вазы, з зайздрасцю паглядалі на бацькоў, што ішлі з вінтоўкамі і аўтаматамі, неслі патроны і гранаты.

Сэрцы ў людзей абліваліся крывёю: цяжка было пакідаць наседжаныя месцы, дзе гадаваліся, вучыліся хадзіць, раслі, жаніліся, старэлі і ўміралі. Пакідаючы свой куток, яны пакідалі частку свайго сэрца, свае крыві.

— Не прападзем,— раптам пачуўся задзёрысты голас Міхаські.— Выжывем... і сюды вернемся!..

— Вернемся, але, відаць, не ўсе,— прагаварыў хрыплым голасам пажылы селянін.— Цяжкае гэта выпрабаванне...

Дзед Архіп, увайшоўшы ў лес, прыхіліўся да выносістай хвоі, абапёрся, а потым бездапаможна асунуўся на зямлю, раскінуўшы рукі.

— Дзеду, дзеду! — тузаў яго напалоханы Міхаська.— Можа, табе вады?.. Можа...

— Нічога яму не трэба,— з болем вымавіла маладзіца.— Дай спакойна памерці...

Дзед Архіп маўчаў, ён не сказаў ні слова. Не вытрымала сэрца старога, здало. Паклаўшы цела Архіпа на воз, прыкрыўшы посцілкаю, сяляне паехалі ў глыб лесу. Шумеў бор, прымаючы да сябе азярышчанцаў. Прыціхлі людзі на вазах, не чуваць было гоману. А лес бушаваў, нібы вось-вось наскочыць буралом.

 

8

Гарашчэня каля гадзіны ладзіў матор, пакуль яго завёў. Крыху пачмыхаўшы, матор пачаў бесперабойна працаваць. Камандзір быў задаволены, што работа не прапала дарма. Пасадзіўшы на машыну партызан, якія з ім былі, узяўшы Міроніху ў кабіну, ён паехаў у бок лесніковай хаты. Церушыў асенні дробны дождж. Хутка імчалася машына, ва ўсе бакі раскідаючы гразь. Гарашчэня з Міроніхай некаторы час ехалі моўчкі, аддаўшыся сваім думкам.

Міроніха нічога перад сабою не бачыла. У яе балела сэрца па дзецях, якія былі параскіданы па свеце. У іншых жанчын ёсць малыя, ёсць і клопат, а Міроніха, дзяцей пагадаваўшы, асталася адна, як былінка. Гэта яе непакоіла. У Міроніхі тры сыны служылі ў Чырвонай Арміі. Старэйшы — Лявон,— што быў забіты, але Міроніха пра гэта яшчэ не ведала, быў капітанам, служыў у пяхоце; сярэдні — Юлік — вучыўся на танкіста; а меншага — Язэпа — на другі дзень вайны прынялі ў школу лётчыкаў. Дзве дачкі вучыліся ў Ленінградзе: Хімка на настаўніцу, а Надзейка на доктара. Дочкі меліся прыехаць на канікулы, але вайна перашкодзіла. Міроніха за адны суткі страшэнна асунулася — упалі вочы, зблажэў твар. Пасмы сівых валасоў вылазілі з-пад чорнай хусткі. На твары быў выраз стомленасці і абыякавасці.

Гарашчэня не ведаў добра, як загінуў ляснік, і баяўся распытваць у Міроніхі, каб не патрывожыць яе дум. «І навошта яму было ісці дадому,— думаў сам сабе Гарашчэня.— А чалавек які быў дарагі». Ён хацеў хутчэй дазнацца, пры якіх акалічнасцях Мірон трапіў у рукі да карнікаў, але абмяркоўваў, як лепш запытацца.

— І трэба ж быць такім неасцярожным,— загаварыў Гарашчэня.— Як яны маглі яго злавіць?

— Глянула я ў акно,— нібы ўстрапянулася Міроніха,— бачу, бацька ідзе. А мяне з хаты не пускаюць. Дык я ў акно, каб яго папярэдзіць, але Мірона ўжо схапілі карнікі, звязалі назад рукі і, як арыштанта, прывялі ў сваю ж хату. Стараста, задаволены, пасміхаўся. Гэта яго была прапанова зрабіць засаду. Немцы адчуваюць сябе пераможцамі. Яны ўсю ноч падсцерагалі бацьку, не выпускалі мяне адной на двор. «Цяпер мне можна ісці?» — спытаўся стараста. «Больш вы нам не патрэбны»,— адказаў афіцэр. Стараста выйшаў. Бацька стаіць, як граза. Злыдні на маіх вачах выкручвалі яму рукі, ламалі пальцы, дапытваючыся, дзе схавана зброя, куды вы сышлі, але Мірон не гаварыў ні слова. Некалькі разоў ён траціў прытомнасць, тады яго адлівалі вадою і зноў катавалі: білі па пятах, па галаве, устаўлялі паміж пальцаў патроны і сціскалі рукі, лілі праз нос газу, калолі пазногці. Глядзеўшы на ўсё гэта, і я некалькі разоў асоўвалася. Потым афіцэр загадаў развязаць. Пасадзіўшы на лаве, афіцэр, праз пятае ў дзесятае гаворачы па-руску, сказаў: «Калі вы скажаце нам, дзе зброя і хто запісаўся ў партызаны, а таксама дзе Гарашчэня і Васільеў, то мы вас вызвалім, дадзім грошай, махоркі і шнапсу. Адным словам, добра заплацім».

Мірон, усміхнуўшыся, адказаў: «Мяне не купіце. Я не хачу, каб мяне дзеці пракліналі, што іх бацька быў баязліўцам. Усё адно, рана ці позна, вы будзеце выгнаны з нашай зямлі. І вашаму Гітлеру будзе капут. Даўно па ім плача вяроўка. Мы зальем нашы рэкі вашаю паганаю крывёю». Афіцэр ускочыў і ўдарыў Мірона па твары. Тады бацька як усхопіцца, адкуль толькі ў яго сіла ўзялася, ды як учэпіцца ў горла афіцэру, то каб салдаты не адцягнулі, дык ён бы яго пэўна задушыў. Бачыць Мірон, што яму ад іх не выбрацца, то як разгоніцца і аб касяк печы галавою. Перад гэтым ён, здаецца, нешта сказаў, але я не разабрала. Мне млосна стала, і я ўпала.

Міроніха залілася слязьмі.

— Ну і чалавечышча! — усклікнуў Гарашчэня.— Будзе што пра такіх расказаць унукам. Ну і сілішча! Слава маці, якая нарадзіла такога сына. Не-е, Беларусь не загіне, Беларусь будзе жыць! Такія, як Наста і Мірон, узнімаюць славу народа.

Гарашчэня, памаўчаўшы, зноў загаварыў:

— А больш нічога немцы не пыталіся?

— І яшчэ яны дабіваліся ад Мірона, каб ён сказаў, хто кіруе ўсімі партызанамі. «Партыя кіруе ўсімі партызанамі,— гаварыў Мірон.— Партыя ніколі не дапусціць, каб наш народ астаўся ў няволі».

— Правільна! — захапляўся мужнасцю Мірона Гарашчэня.

Машына імкліва імчалася, абапал дарогі ўзвышаліся цёмна-зялёныя бары — краса і слава краіны. Траплялі бярозавыя гаі. На бярэзінах дзе-нідзе трымцела пажоўклае лісце. Кідалася ў вочы, што шмат было сёлета ў лесе журавін. Не да іх было людзям. Ягады аставаліся зімаваць.

Яны пад’ехалі да хаты.

На двары валяліся адарваныя галовы курэй, павыбіваны аконныя рамы. Выў, лежачы ў будцы, сабака. Увайшоўшы ў хату, Гарашчэня ўбачыў труп Мірона, ён ляжаў ніцма. На галаве зліпалася кроў. Адзежа на Міроне была парвана ў шматкі. Па хаце гуляў вецер, завывала ў коміне, пастуквалі аканіцы.

Партызаны, спяшаючыся, збілі з негабляваных яловых дошак труну, улажылі цела, паставілі труну на машыну, падрыхтаваліся везці Мірона ў апошнюю дарогу. Калі машына кранулася, сабака, ірвануўшыся з усёй сілы, парваў ланцуг. Ён пайшоў за труною гаспадара.

Пахавалі Мірона Грыневіча поруч з Настай Свірчэўскай, пад гоман сасновага гаю, спеў ветру. Не плакалі людзі, слёз не было. Не плакала і Міроніха, у яе акамянела сэрца. Плакалі толькі сосны, галасілі вятры.

Згушчаліся асеннія чорныя хмары, ішоў дождж, калаціліся людзі. Далёка пачуліся стрэлы з аўтаматаў. Гарашчэня загадаў хутка садзіцца на машыну. Міроніха паклікала сабаку, той падбег да яе, пакруціўся, паглядзеў сумнымі вачыма на гаспадыню, заскавытаўшы, пабег да магілы і поруч з ёю лёг. Колькі потым Міроніха ні звала сабаку, ён і з месца не крануўся. У жанчыны заморгалі вочы, пасыпаліся буйныя, як боб, слёзы. Яна наўзрыд плакала.

— Бывай, Міронка! Не давялося нам з табою дзяцей упарадкаваць. Бывай, родны! Пакуль буду жывая, буду помсціць за цябе. У сваёй хаце і сякера зброя. Бывай, дарагі!

Гарашчэня праязджаў Азярышча. Тырчалі абгарэлыя коміны, паабвальваліся печы, дыміліся на вогнішчах галавешкі. Валяліся, як пасля пагрому, розныя сялянскія рэчы. Выехаўшы за вёску, Гарашчэня даў поўны газ. Партызаны, якія сядзелі ў кузаве машыны, трымаліся за шапкі, каб вецер іх не сарваў. Праехаўшы азярышчанскія палеткі, машына павярнула ў лес і хутка знікла.

Неўзабаве да былой вёскі Азярышча пад’ехала некалькі машын з немцамі, іх прывёў сюды Пясецкі, каб падабраць забітых карнікаў. Пакуль салдаты грузілі на машыны трупы, афіцэр са старастам пайшлі на могілкі, каб агледзець месца, адкуль стралялі партызаны. Іх сустрэў, брэшучы, Міронаў сабака.

— Лыска! — нясмела ідучы, клікнуў Пясецкі.— Спазніліся, пан афіцэр. Унь другая свежая магіла. Значыць, тут быў Гарашчэня. Ну, быць не можа, каб я яго не ўвабраў. Такі сякую-такую школу маю. Лысачка! Бедны сабака, без гаспадара астаўся...

Але сабака, падпусціўшы зусім блізка Пясецкага, накінуўся на старасту і рваў яго то за лыткі, то за порткі. Афіцэр, злаўчыўшыся, стрэліў у сабаку, што той, заскавытаўшы, уткнуўся ў зямлю, падвярнуўшы пад сябе галаву. Пясецкі далонямі хаваў парваныя порткі. Афіцэр са старастам пад завыванне ветру пайшлі з могілак на месца нядаўняга бою, дзе салдаты грузілі забітых карнікаў.

 

9

Калі Гарашчэня прыбыў на партызанскую стаянку, да яго падбег Міхаська і па ўсіх правілах вайсковай службы далажыў, што фрыцы з Беразнякоўскага руму па рэчцы сплаўляюць у Нямеччыну будаўнічы матэрыял.

— Што-о? — закалаціўся Шпакоўскі.— Усю мінулую зіму калоды людзі вазілі, а для каго? Для чорта лысага? Не даць фрыцу лесу! Я туды пайду!

— Нічога там адзін ты не зробіш,— запярэчыў Гарашчэня.

— Адзін — нічога, а з людзьмі — усё,— сказаў Шпакоўскі.

— А шмат там фрыцаў? — пытаўся Гарашчэня.

— Чалавек дзесяць. Астатнія нашы. Сілком сагналі. Паншчына!

— Рыгор Сцяпанавіч! — прасіўся Шпакоўскі.— Дазвольце мне на рум пайсці, фрыцаў таўчы!

Гарашчэня паглядзеў на партызан. Усе яны прамоклі да ніткі і калаціліся, зуб на зуб не пападаючы.

— Не магу я пасылаць,— сурова сказаў Гарашчэня, да нікога не звяртаючыся,— людзі да касцей прамоклі. На сённяшні дзень хопіць...

— Таварыш камандзір! — прасіўся Шпакоўскі.— Дазволь мне пайсці. Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць — хоць гэта непажадана,— ніякіх хвастоў ззаду...

— Адзін супраць дзесяці, нічога ў цябе не выйдзе.

— А хіба я блазан, каб на ражон лезці, я там магу цэлы полк набраць. У акаляючых вёсках — парахавы склеп, варта толькі падаткнуць запалку.

— То і ты ж стаміўся.

— Ну і што? — не здаваўся Шпакоўскі.— Фрыцу морду набіць — дык гэта ж лепшы адпачынак, мая мара на заўтрашні дзень! Ну, пусці!.. Мэрам я тут патрэбны... І без мяне пабудуюць буданы...

— Няхай ідзе! — загаманілі партызаны.

— Добра,— нарэшце згадзіўся Гарашчэня.— А толькі вазьмі з сабою аўтамат. Ты не круці галавою. Я табе пакажу, як з яго страляць.

— А на ліха мне гэта замінка? — запярэчыў Шпакоўскі.— Нібы я з яго страляць буду. Яшчэ адбяруць фрыцы. Аўтамата шкада. Мне не патрэбен ён. Як Міроніха кажа: «У сваёй хаце і сякера зброя». З сякерай неяк мужыку зручней. А яшчэ слова — мацнейшая зброя. Дык я пайшоў. Усяго добрага!

Шпакоўскі, які ўсё жыццё правёў у гэтых месцах, ішоў лесам, палямі, цераз сенажаці, дарогамі і нацянькі, спяшаючыся на рум, нашмат укараціўшы шлях. Шпакоўскі быў моцна складзены, каранасты, яго ў Азярышчы дражнілі «карантыш», пра яго ведалі ў суседніх вёсках. Ён быў у чорным палітоне, туга падперазаны папругай, з сякерай за поясам. На галаве хлапца — кавалерыйская шапка, якая бачыла віды, яна ўся выгарала на сонцы і ў некалькіх месцах прабіта шротам. Шпакоўскі неяк падкінуў шапку нябожчыку Мірону, той з дубальтоўкі ўшчэнт яе пабіў, так што прыйшлося зашываць. Шпакоўскі не ведаў, што яму гаварыць сялянам, калі прыйдзе, але што рабіць,— добра ўяўляў. «Падняць бунт,— меркаваў ён,— не даць сплаўляць лес, які ў будучым самім спатрэбіцца для будоўлі». І яго ж хата згарэла.

Абсушыўшыся і пераначаваўшы ў вёсцы Выгляды, раніцою Шпакоўскі пайшоў на рум. Заняты сваімі думкамі, ён і не заўважыў, як падышоў да рэчкі, дзе ляжалі горы бярвенняў, сосны і елкі, клёны і дубы. Лес быў падрыхтаваны для адпраўкі ў гарады для будаўніцтва, але вайна перашкодзіла.

— Хальт! — крыкнуў немец, выставіўшы аўтамат.

— Хіба табе павылазілі? — адказаў Шпакоўскі, выставіўшы рукі.— Працаваць іду...

— Арбайтэн? — перапытаў немец.

— А няўжо ж, гэтак як ты, лынды біць! — смела ідучы, гаварыў Шпакоўскі.

На руме працавала чалавек дзвесце мужчын і жанчын. Іх ахоўвала і прыганяла адзінаццаць салдат. Высахшыя за лета бярвенні, якія яшчэ Мірон адбіваў, былі як звон. Немцы па Беразнянцы да Нёмана нязвязаным сплаўлялі лес, а там вязалі плыты і намерваліся гнаць іх у Германію. Яны спяшаліся, каб да замаразкаў сплавіць лес.

Сяляне, што працавалі на руме, ужо ведалі пра смерць Мірона Грыневіча і настаўніцы Насты Свірчэўскай. Нечаканае з’яўленне на руме азярышчанскага хлапца, а цяпер партызана Ігната Шпакоўскага, усіх ускалыхнула, наэлектрызавала, узняло. Яны ведалі, што ён дарэмна ног біць не будзе. Усе нечага чакалі. Шпакоўскі, падышоўшы да аднаго з сялян, шапнуў: «Мы не рабы, каб на немца працаваць! Зробім ім халэмус! Чакайце майго сігналу!» Гэта хутка абляцела ўсіх сялян. Шпакоўскі з нейкім азартам працаваў. Гледзячы на яго, і сяляне жвавей варушыліся. Каціліся ў рэчку бярвенні, высока ўгару ляцелі пырскі. Праходзячы каля Шпакоўскага, вартавы задаволена прамовіў:

— Гут, рус, гут!

Калі немец прайшоў, Шпакоўскі, не адгінаючыся, гнеўна загаварыў:

— Крывапіўцы! Яны прыйшлі сюды, каб забіваць і грабіць! Хіба мы рабы — пад вартай працаваць?

— Ідзе,— шапнула сялянка, якая была поруч.

— У, бандзюга няшчасны,— працадзіў праз зубы Шпакоўскі, пакрыкваючы на сялян: — Весялей, весялей! Немец любіць, каб на яго працавалі, а ён панам хадзіў. Ну, чым не прыгон, з той толькі розніцай, што замест бізуна — аўтамат. Яны мяркуюць штыкамі ўвесь свет прымусіць на сябе працаваць. Немцы, бачыце, нацыя паноў. А ну возьмем, яшчэ разок! Дружна!

— Гу-у-ут, рус, гу-у-ут!

Вартавы, чыста паголены, важна хадзіў па руме. Яму, відаць, не дрэнна жылося на чужым хлебе.

Гэтымі днямі нямецкія гаспадарнікі пазабіралі ў вёсках усіх быкоў і паабяцалі прыслаць з Германіі племянных. Але гэтаму ніхто не верыў.

— Бугаёў пабралі, а што з каровамі будзе? Астануцца перадойкамі. А дзе малака возьмеш дзецям? У Германію да быка, нябось, карову не павядзеш...

— Я, я,— лапатаў немец.

— Куды ты годны, пэцкаль!

Сяляне голасна зарагаталі. Калі вартавы прайшоў, Шпакоўскі зноў загаварыў. У яго словах гучаў загад:

— Не дадзім немцу лесу! Самім спатрэбіцца. А іх перадушым, як кацянят!

— А што з намі будзе? — нехта нясмела запытаўся.

— Пусцім пагалоску, што партызаны Гарашчэні наскочылі, перабілі салдат і нас разагналі... А лес чым каб немцы спажылі, то лепей паміж вёскамі падзелім: Замосцю дамо, Мохаўцы, Тоўстаму Лесу, Выглядам...

— Правільна! — пачуўся голас.

— А чаму Падгайнаўку абмінуў? — пытаўся мужчына.

— І Падгайнаўцы хопіць...

— Тады другі інтэрас!

Обер-яфрэйтар быў задаволены працай сялян. Паглядзеўшы на гадзіннік, ён скамандаваў зрабіць перапынак на абед. Вартавыя дзе хто быў, там і прыняліся за ежу, яны прагна глыталі сала.

Шпакоўскі акінуў позіркам вартавых. У яго вачах успыхнулі аганькі.

— Жаруць, валацугі! А ўсё гэта наша дабро! — і не ў сілах больш стрымаць сябе, Шпакоўскі накінуўся на салдата, які недалёка ад яго сядзеў, крыкнуўшы: — Бі іх, гадаў! Душы! Прывалакліся ліха ведае адкуль, каб нашых людзей знішчаць...

Сяляне гуртам накінуліся на вартавых. Гэта здарылася так імгненна і нечакана, што немцы не паспелі апамятавацца. Стыхія бушавала, змятаючы ўсё на сваім шляху. Шпакоўскі, выхапіўшы сякеру з-за пояса, размазджыў фрыцу галаву. Узбунтаваўшыся, мужчыны і жанчыны змялі ахову. На руме, як пасля буралому ў лесе, ляжалі параскіданыя бярвенні, валяліся задушаныя, забітыя каламі немцы.

Сяляне за ногі цягнулі забітых, прывязвалі да дрэваў, каб скінуць у рэчку і адправіць плысці праз Нёман у Нямеччыну.

— Хто тут добра граматны? — запытаўся Шпакоўскі.

— Бадай за Панцялея Аўсяніка нікога няма,— пачуўся голас.— Чалавек інстытут скончыў. Па-іхняму гергетаць можа. Гэтыя гіцалі, што ім панукалі, яго падэшвы не варты.

— Наладзім парад мерцвякоў, пішы,— сказаў Шпакоўскі.

— Па-нямецку? — спытаў Аўсянік.

— Але,— Шпакоўскі дыктаваў: — «Так будзе з кожным, хто паквапіцца на наша дабро». Подпіс: «Гарашчэнеўцы»,— і ён усміхнуўся.— Лесу нашага захацелі — атрымайце на труну...

— Дзядзька Шпакоўскі! — прасіў падлетак.— Добра было б, каб да кожнага фрыца надпіс прычапіць... Няхай бы іх Гертруды прачыталі... А то яны прывыклі толькі пасылкі з нашым дабром пасылаць... Я сам іх насіў...

— Можна,— згадзіўся Шпакоўскі, пачынаючы дыктаваць: — «Наеліся па горла, напіліся па бараду», «Маной свет пройдзеш, але назад не вернешся», «Горкі рускі хлеб», «Паквапішся на чужое, сваё страціш», «Бывай, Расія, ты накарміла нас, напаіла і спаць палажыла», «Наказваем нашчадкам у Расію не хадзіць»... І ўсюды подпіс: «Гарашчэнеўцы»...

Стукаючы сякерамі, сяляне выпраўлялі ў дарогу фрыцаў, да кожнага прыбіўшы фанерную дошку з надпісам. Калі ўсё было гатова, Шпакоўскі аддаў каманду і гітлераўцаў па аднаму сапхнулі на ваду.

— Ці я ж не казаў, што варта народу толькі дзьмухнуць, і паветра будзе ачышчана ад фашысцкай нечысці,— пасміхаўся Шпакоўскі.

— Правільна,— сцвердзіў Аўсянік.

— А дзе адзінаццаты аўтамат? — падлічыўшы трафейную зброю, спытаўся Шпакоўскі.

— Ён у мяне,— прызнаўся Аўсянік.— І я калом прытоўк аднаго фашыста. Калі возьмеце да сябе, дык аддам, а то мяне без зброі не прымаюць у партызаны.

— Давай,— згадзіўся Шпакоўскі.— Пойдзем! Буду хадайнічаць за цябе. Хлопец ты добры.

Позна ўвечары Шпакоўскі дакладваў камандзіру партызанскага атрада Гарашчэню пра вынікі свае аперацыі.

— Пачатак не дрэнны,— захапляўся Гарашчэня.— Дзе, хіба нас адоляць? З намі народ. Перамога будзе наша. Ну, добра! Ідзі адпачні: заўтра будзе работа — гадзюк трушчыць.

 

10

Аднойчы, ідучы па дарозе, Сяргей Паўлавіч убачыў наперадзе нямецкую машыну, якая стрымгалоў імчалася насустрач. Ён падаўся ўбок і выйшаў на крутую гару. Каля ціхай Прыпяці на каменнай пліце Сяргей прачытаў: «Тут пахавана партызанка Грыпіна Пармон». Ён зацікавіўся лёсам гэтай жанчыны. Рыбак, што з вудаю сядзеў над рэчкай, яму расказаў:

— Простая жанчына Грыпіна, з вёскі Прысынак, са слязамі на вачах праводзіла адступаючых чырвонаармейцаў. Яна вынесла апошнюю шклянку малака, якую пакідала для сябе, аддала яе параненаму байцу.

«Выпі, родненькі,— прапанавала яна,— можа, і маіх сыноў хто ў дарозе пачастуе».

У Грыпіны адзін сын быў у Чырвонай Арміі, лейтэнантам у пяхоце, а два меншыя сыны, Юрка і Саўка, жылі ў калгасе і падлягалі мабілізацыі. Меншая дачка Надзя таксама была пры маці.

У тыя трывожныя дні, калі Чырвоная Армія адступала (гэта было ў чэрвені месяцы сорак першага года), Грыпіна амаль усю ноч прасядзела каля акна і нават вокам не звяла. Усю ноч на бальшаку тарахцеў абоз, трымцелі шыбы, з калодзежаў выбралі ўсю ваду. Яна ўспомніла васемнаццаты год, калі немцы гойсалі па вёсках, адбіралі ў дзяцей апошні кавалак хлеба, здзіралі з плячэй вопратку, вагонамі адпраўлялі груз у Германію. Тады ж ад кулі нямецкага каменданта загінуў яе муж — партызан Мацей, пакінуўшы Грыпіну ўдавою, а дзяцей сіротамі.

Нялёгкім быў хлеб Грыпіны. Адзінаццаці год яна асталася без бацькі; ён быў плытнікам, прастудзіўся вясною і ад запалення лёгкіх памёр. Грыпіна была пастушкаю ў кулака Ахрэма Крэйды, якога яна баялася як агню. Потым служыла наймічкаю ў Патоцкіх, працавала ад зары да зары, прыгаршчамі слёзы мерала. Там жа Грыпіна пакахала парабка Мацея. Моцна яны любіліся. Пажаніўшыся, яны не доўга людскавалі. Мацея ўзялі на вайну. Нагаравалася Грыпіна ў імперыялістычную вайну, вядома, трое, адно пад адным, дзяцей. А як вярнуўся Мацей з салдатаў, то зноў пачалася суталака, нахлынулі немцы. Не вытрымала чуллівая душа Мацея, не захацеў ён пакарыцца германцу, пайшоў партызаніць, там і склаў галаву. Праз два гады Грыпіна выйшла другі раз замуж, за ўдаўца. Але нядоўга яны пажылі, другі муж ад гарэлкі згарэў. Зімою ён паехаў па спірт, у дарозе захацелася падводчыкам спірту пакаштаваць. Як дабраліся ўтраіх падводчыкі да бочкі, так ад яе не адышлі. Коні прыйшлі дадому адны, а іх толькі праз некалькі дзён знайшлі, далёка ад дарогі здубянеўшымі. Так у Грыпіны і сцерлася жыццё. Толькі ў апошнія дзесяць год, калі дзеці ўвабраліся ў сілу, Грыпіна жыла як чалавек. У кубельцы была скварка, на стале вялася чарка, не сорамна было, калі чужы чалавек у хату зойдзе.

Досвіткам у ліпені з’явіліся нямецкія аўтаматчыкі. Яны з ходу, на машынах, абстралялі Прысынак, запаліўшы крайнюю хату, якую народ ледзь адстаяў, каля калодзежа забілі маладзіцу, Ганну Тарасевіч, пакінуўшы малое дзіця сіратою. Бацька дзіцяці быў на вайне.

«Матка, куды рус паехаў?» — убегшы ў хату Грыпіны, перагортваючы слоўнічак, запытаўся немец.

«А хто іх ведае».

«Давай пятух».

«Зловіш, бяры».

На двары кудахталі куры, за імі ганяліся нямецкія салдаты, ляцела пер’е ва ўсе бакі. Былі чуваць аўтаматныя чэргі. У трох месцах вёскі гарэлі хаты, шугала полымя, вылі сабакі.

Не паспелі аўтаматчыкі і паўкіламетра ад вёскі ад’ехаць, як пачулася лязганне цяжкіх і сярэдніх танкаў. Дрыжала зямля, стагнала. Калаціліся людзі. Танкі разварочвалі дарогі, ламалі дрэвы, пакідаючы пасля сябе страшныя сляды.

«Трэба, дзеткі, ратавацца,— разважала Грыпіна.— Ад гэтых валацугаў дабра не чакай. Там, дзе пройдзе немец,— трава не расце...»

«А як ты ад іх уратуешся?» — пытаўся сын Саўка.

«Трэба пра чорны дзень падумаць,— гаварыла яна.— Людзі хаваюць дабро. Трэба і нам гэта зрабіць. А то каб не давялося класці зубы на паліцу».

«Праўду маці кажа,— сказаў другі сын, Юрка.— Мы не ведалі, што такое чорны дзень, дык цяпер пазнаем. Ачысцяць да ніткі, тады ідзі па свеце з торбамі».

«Адзежу трэба прыхаваць,— прапанавала дачка Надзя.— А то каб не давялося голымі хадзіць».

«Але, барзджэй хавай анучы,— буркнуў Саўка.— А жывот можна на папругу зашпіліць».

«Усё, дзеткі, трэба прыбраць,— навучала Грыпіна.— Нічога не дамо праклятаму фашысту».

Калона танкаў, вялікіх і малых, прайшла каля Прысынка, не спыняючыся. За імі валам валіла пяхота. Асобныя салдаты (іх сяляне звалі зялёнымі гадзюкамі) забягалі ў хаты, бралі, што ім спадабаецца, а хто пярэчыў — стралялі. Па дарозе вайны, якая праходзіла каля Прысынка, ляжалі сотні забітых; сярод іх былі дзеці, ніхто іх не ўбіраў. Навокал было змята жыта і ярына. На лісцях дрэваў былі вялізныя пласты пылу.

Калі праехалі танкі, пехацінцы, як галодныя ваўкі, накінуліся на рэшткі сялянскіх спажыткаў. Яны грабілі без разбору, што пад рукі трапіць, аж да дзіцячых рэчаў. Увечары высветлілася, што на ўсю вёску цудам уцалелі: адзін певень і некалькі курэй.

У абозе прыехаў і былы кулак Нічыпар Бегунец, якога прызначылі бургамістрам Прысынкаўскай воласці. Ён адразу навёў «новы парадак». Быў накладзены падатак: за комін, акно, сабаку; вызваляліся ад падатку нямецкія аўчаркі.

Чытаючы загад бургамістра, Саўка заўважыў:

«А як ты даведаешся, якога паходжання той ці іншы сабака, пад хвост яму глядзець, ці што?! Хоць сабака сабаку зразумее!»

У сям’і, як кажуць, не без вырадка. Знайшліся ў Прысынку, што перадалі словы Саўкі бургамістру, пасля чаго Саўка патрапіў у няміласць да Бегунца. Даведаўшыся, колькі ў Грыпіны было курэй, хоць іх фрыцы паелі ўжо, нават пер’я не пакінулі, Бегунец распарадзіўся ўносіць з кожнай курыцы па трыццаць яек у месяц.

Жадаючы насаліць Бегунцу, Юрка павесіў перад акном бургамістра апошнюю курыцу з надпісам:

«Паколькі я, рабенькая курка, не ў сілах выканаць загад бургамістра, вырашыла скончыць жыццё самагубствам».

Узлаваўшыся, Бегунец наклаў на Прысынак звыш усялякіх «норм» па пуду жыта з кожнай хаты як падарунак для нямецкага войска. Збожжа было знесена ў калгасны свіран. На ноч бургамістр выстаўляў ахоўваць свіран паліцыянта.

Прысынкаўцы ўзмоцнена рыхтаваліся да партызанскай дзейнасці. Саўка Пармон, які быў прызначаны райкомам партыі для арганізацыі барацьбы ў тыле супраць нямецкіх захопнікаў, узначаліў партызанскі атрад. Юрка марыў стаць кулямётчыкам, толькі не было кулямёта, і ён старанна яго шукаў. Надзя ўзяла на сябе абавязак старшыні камісіі садзейнічання партызанам харчамі. Ужо ў яе сёе-тое было. Яна намервалася стварыць недатыкальны запас харчавання. З гэтай мэтай Надзя хацела абярнуць «падарунак нямецкаму войску» для партызан. Але як ты авалодаеш той збажыною, калі ноччу яна пад надзейнай вартай, а ўдзень свіран на вялікім замку.

У адзін з дзён памёр калгасны вартавы Сідар Забалоцкі. «У пару памёр,— гаварылі прысынкаўцы.— Нечага не будзе пакутаваць». Сівенькі Сідар ляжаў, выцягнуўшыся, на лаве. Яго белыя вусы парыжэлі ад тытуню. Нябожчык страшэнна не любіў немцаў; яны забралі ўвесь калгасны статак, за якім ён даглядаў, і яшчэ далі старому розаг, што ён тыдзень не мог сесці. Стоячы ў хаце каля нябожчыка,— Надзя была ў ганаровай варце,— дзяўчына пра сябе падумала: стары даўно намагаўся забраць збожжа для партызан, ён нават падабраў ключ да замка; а таму лепшым помнікам будзе яму, калі мы гэта збожжа такі возьмем. Яна дастала гэты ключ, і сяляне сярод белага дня перанеслі збожжа з свірна ў лес. Гэта было вельмі небяспечна, мог надысці бургамістр, але за ім наглядалі сотні вачэй. Бургамістра ў гэты дзень так напаілі, што ён доўга не мог прыйсці ў сябе. Праўда, з-за гэтага і пахаванне старога адклалі. «Дзед за гэта на нас не будзе гневацца»,— гаварылі сяляне.

Калі ўвечары Надзя падзялілася з маці аб праробленай за дзень рабоце, Грыпіна ўзрадавана сказала:

«Малайцы! І бацька такім быў, ён не схіляў галавы перад ерманцамі. Толькі трэба замесці сляды!»

«А як?» — запыталася Надзя.

«Гэта не так проста,— разважала Грыпіна.— Як на мой розум, то чым сваю галаву падстаўляць, дык лепей паліцыянта... не ўсцярог... а то, можа, паквапіўся на казённае дабро...»

«Правільна! — узрадавалася дачка і пацалавала маці. Надзя, жартуючы, сказала: —Цябе мы зробім партызанскім дарадчыкам».

«І не памыліцеся!» — жартам адказала маці.

Надзя выбегла з хаты. Пагаварыўшы з сялянамі, яна вырашыла раніцаю падаслаць да бургамістра каго-небудзь, каб той данёс яму, што ноччу расцягнулі збожжа, а потым перарашыла: «Лепш пакінуць запіску».

Па вёсцы была пушчана чутка, што свіран абакралі. Раніцою сабраліся мужчыны, гаманілі:

«Мусіць, паліцыянт пагрэў рукі?»

«Пэўна, яго бацька некалі манапольку абчысціў».

«Ён і сам не промах, кароў у лапці абуваў».

Да свірна прывялі паліцыянта Моркаўку; у яго быў пасінелы нос, вялізныя шэрыя вочы, прадаўгаваты твар, упалыя шчокі. Ён яшчэ не паспеў праспацца.

«Спадары,— прасіўся тоненькім галаском Моркаўка, ён знаўся з нацыяналістамі.— Богу душой не вінаваты. Жыта бургамістр узяў два мяхі і мне з пуд насыпаў. А што да яек, дык мне і штукі не давялося ўзяць, бургамістр усё пабраў. Ён жа з тыдзень баляваў з барысаўскім бургамістрам Станіславам Станкевічам. А што да сала і кілбас, то ён жа ў Мінск пасылаў сваёй хеўры, Ермачэнку, які таксама з немцамі ў абозе прыехаў. А я ж тутэйшы. Пашкадуйце дзяцей!»

Крычалі сяляне на розныя галасы:

«Глядзі ты, казанская сірата! Чаму ты не падумаў пра дзяцей дваццаці логвішчанскіх сямей, калі іх прадаваў? Лайдак!»

«Чаго там, бог не цяля — бачыць круцяля».

Па вуліцы ішоў бургамістр з пісьмом у руках. Натоўп расступіўся. Падняўшыся на ганак свірна, Бегунец звярнуўся да сялян.

«Спадары! — гаварыў ён ахрыплым голасам.— Сёння я знайшоў у сябе ў сенцах падкінутае пісьмо без подпісу. Дазвольце, я вам яго прачытаю».

«Калі ласка».

«Пане Бегунец! — чытаў бургамістр.— Мы, прысынкоўцы, па вашаму загаду, з вялікай прыемнасцю зносілі па пуду жыта і ў дадатак па дзялянцы сала, каўбасе, а таксама па паўдзесятку яек у падарунак нямецкай арміі. І вось знайшоўся нягоднік, паліцыянт Моркаўка, які за адну ноч ачысціў свіран...»

«Спадар Бегунец! — прасіўся Моркаўка.— Далібог жа, не я. А хто пісаў?»

«Мы ўсе»,— крычалі сяляне.

«Клянуся жонкаю, што гэта не я,— лапатаў Моркаўка.— Таіцца не буду. Апанасаў бычок праз мяне ляснуў. То Апанас жа ў партызаны пайшоў».

«Клянешся жонкаю, катораю? — іранізаваў селянін.— У цябе іх шмат было».

«Бачылі вы яго, загаварыў! — гаманілі мужчыны.— Націсні на зайца, запалкі будзе паліць».

«Гэта такі злодзей,— працягваў чытаць далей бургамістр,— якіх на свеце мала. Ён будзе клясціся, прасіцца, плакаць, але вы яму не верце. Па маіх меркаваннях, ён пераправіў жыта партызанам. Баючыся партызан, не падпісваюся. Ваш дабрадзей».

«Спадар Бегунец! — кінуўся ў ногі паліцыянт Моркаўка.— Не верце яму... не верце... Бычка ж разам елі... А што да жыта, дык вы сабе ўзялі два мяхі і мне ўсыпалі пуды два... А сала, кілбас і яек мне нават не прыйшлося пакаштаваць, што самі са Станкевічам з’елі, а што паслалі ў Мінск, здаецца, спадарам Ермачэнку, Кушэлю, Іваноўскаму...»

«Адыдзі, брыда! — штурхнуў нагою Бегунец і, звярнуўшыся да сялян, запытаўся: — Што будзем з ім рабіць?»

«Расстраляць!» — крычалі ў натоўпе.

Мужчыны кінуліся да паліцыянта, ён прасіўся, каб яго пашкадавалі. Але ў сялян да таго накіпела на сэрцы, што яны яго жывога б разарвалі. Выцягнуўшы паліцыянта за свіран, бургамістр у яго стрэліў. Моркаўка пахіснуўся і ўпаў, раскінуўшы рукі.

«Такі лёс — кожнага здрадніка,— заключыў Саўка.— І канцы ў ваду».

«Нічога няма тайнага, якое б не стала яўным,— вячэраючы, сказала Грыпіна.— Час вам, дзеткі, у дарогу. Мы некалі поўзалі вобмацкам, а вам шлях, асветлены Леніным. Не саступайце з гэтага шляху і вы пераможаце».

«Праўду, маці, кажаш,— загарэўся Саўка.— Мы ніколі не саступім з дарогі, якая вядзе ў светлую будучыню, да камунізма».

«Шчаслівай, дзеткі, вам дарогі!» — праслязілася Грыпіна.

Ноччу Саўка Пармон з атрадам выступіў у паход. Маці на дарогу благаславіла дзяцей. Апусцела вёска. Толькі тады Бегунец задумаўся, што, можа, дарэмна забіў паліцыянта, але было позна.

На другі дзень прайшла па вёсках пагалоска, што партызаны на станцыі Сакалінае падарвалі на мінах поезд, дзе загінула шмат варожай сілы. У Прысынак прыехаў камендант Шнэер, каб самому высветліць справу з забойствам паліцыянта, якога ён асабіста ведаў. Паліцыянт Моркаўка быў пастаўшчыком каменданту курэй. Шнэер, курачы сігарэту за сігарэтай, нездаволены хадзіў па хаце бургамістра.

Бегунец выставіў на стол што мог. Тут была і сялянская каўбаса, і кумпяк, і сыры, свежы і сухі, і паўкварта гарэлкі, але камендант не садзіўся за стол. Бургамістр, моргаючы невялічкімі вочкамі, лісліва загаварыў:

«Ах, ах! Якое я зрабіў глупства. Свайго чалавека забіць. Я знайду вінаватага!»

«А ці ведаеш ты, што ўзарваўся на мінах поезд? — пытаўся Шнэер.— Загінула шмат войск, тэхнікі».

«Ая-я-яй! — заенчыў бургамістр.— От, каб я ведаў, хто гэта зрабіў, не задумваючыся б прыстрэліў».

«Саўка Пармон»,— паведаміў Шнэер.

«Што-о? — выцягнуўшы галаву, здзівіўся Бегунец.— Ён мяне падбухторыў забіць паліцыянта. Пане камендант, то, можа, закуска пастаіць, а мы, тымчасове, зробім капут яго брату Юрку і сястры Надзі. Ох, гэта насенне! Заядлыя, не дай бог!»

«Няўжо ж вы не ведаеце, што яны ў лесе?»

«У лесе? А маці? Здаецца, я яе ўчора бачыў на агародзе».

«Маці дома».

«Гер камендант у Прысынку, як у сябе дома, усё ведае. От гэта розум! З такім чалавекам і бургамістр не прападзе. Дык мы яе возьмем на цыгундар! О, гэта старая,— яна, мусіць, сама паслала дзяцей у лес. Яе муж у васемнаццатым годзе супраць немцаў партызаніў. Я яе гатоў сваімі рукамі задушыць. Пойдзем!»

«Пачакай!»

«А-а-а. Калі ласка, да стала!»

Камендант з бургамістрам, добра выпіўшы і закусіўшы, пайшлі ў хату да Грыпіны. Усё было пушчана ў ход, каб даведацца, дзе база партызан, але старая маўчала, сцяўшы зубы.

«Я пытаю,— парнуўшы ў вока старой, у каторы раз паўтарыў бургамістр,— дзе база партызан? Хто ўзарваў поезд на станцыі Сакалінае?»

«Не ведаю,— перамагаючы страшэнны боль, цвярдзіла Грыпіна.— Адкуль мне ведаць, хіба яны скажуць?»

«Ух, чартоўка старая! — крыкнуў камендант, выштурхнуўшы Грыпіну за дзверы.— Павесіць!»

Хутка на галіне ліпы была падрыхтавана шыбеніца. Грыпіна, уся ў крыві, аж кашуля прыліпла да цела, ледзь стаяла, нічога не бачачы. Яе падтрымлівалі два салдаты. Аставалася накінуць пятлю, але ў бургамістра ад страху закалаціліся ногі. Неўзабаве да старой падышоў кат у белых пальчатках і накінуў вяроўку.

«Усіх не павесіце! — слабым голасам сказала Грыпіна.— Хутка пагоняць вас адсюль, аж пяткі заблішчаць!»

Раззлаваны камендант падышоў і сам выбіў калодку з-пад ног старой.

«Мы зробім тут засаду,— звяртаючыся да бургамістра, сказаў камендант.— Быць не можа, каб яны сюды не прыйшлі».

«Але ж гэта небяспечна»,— занепакоіўся бургамістр.

«Будзьце ўпэўнены,— заспакоіў яго камендант Шнэер.— Бачыце, ідуць афіцэры. Іх трэба пачаставаць. Яны расставілі кругом вёскі варту. Ночку пагуляем з жонкамі партызан, а заўтра пойдзем іх саміх лавіць. Загад — знішчыць партызанскі атрад Саўкі Пармона. Зразумела?»

«Так»,— адказаў бургамістр.

Ужо каторую гадзіну немцы, не толькі афіцэры, але і салдаты, сваволілі ў вёсцы Прысынак, чуўся плач і крыкі жанчын і дзяўчатак. Нарэшце афіцэры сабраліся ў хаце Грыпіны, каб завяршыць крывавы баль. Яшчэ доўга ходырам хадзіла хата старой. Ужо світала, калі афіцэры, змогшыся, заснулі.

Надзя сэрцам адчувала штосьці нядобрае, а таму рвалася дахаты. Прабраўшыся да маці, яна доўга плакала, а потым, калі немцы прыціхлі, вырашыла ім адпомсціць. Падышоўшы да дзвярэй, яна падперла іх і ў некалькіх месцах падпаліла хату. Чырвоныя языкі аблізвалі саламяную страху. Хата ўспыхнула, як запалкавы карабок. Ніхто з хаты не выйшаў жывым.

Калі падбеглі салдаты, ратаваць афіцэраў ужо нельга было, яны задыхнуліся ў дыме. Сагналі людзей тушыць пажар.

«Хто падпаліў хату?» — звяртаючыся да натоўпу, наставіўшы аўтамат, пытаўся обер-лейтэнант. Ён не ўдзельнічаў у выпіўцы.

Усе маўчалі, хоць ведалі, што зрабіў гэта не хто іншы, як Надзя. Обер-лейтэнант даў чаргу з аўтамата крыху вышэй галоў прысынкаўцаў. Надзя выйшла наперад і, высока падняўшы галаву, сказала:

«Я падпаліла хату, каб адпомсціць за маці».

«Павесіць!» — закрычаў обер-лейтэнант.

Салдаты схапілі Надзю і павялі да галінастай ліпы, дзе вісела маці. Ужо ўсё было падрыхтавана, як пачулася стральба: гэта партызаны, убачыўшы пажар, кінуліся ў вёску Прысынак. Завязаўся бой. Выкарыстаўшы замяшанне сярод гітлераўцаў, Надзя ўцякла. Калі партызаны выбілі немцаў з вёскі, ад хаты асталіся адны галавешкі. На галіне ліпы вісела цела Грыпіны.

Партызаны пахавалі старую вось на гэтай крутой гары, каля паўнаводнай рэчкі. Саўка ночы праседжваў напралёт, высякаючы на каменнай пліце: «Тут пахавана партызанка Грыпіна Пармон». А калі помнік быў гатоў, яго прывезлі з партызанскага лагера і паставілі на магіле, каб ніколі не забыць, як змагаліся простыя людзі за свабоду.

— Цікава,— пасля ўсяго прагаварыў Сяргей, уважліва выслухаўшы апавяданне партызана.— Вы, зразумела, не прысынкавец?

— Не, прысынкаўцы маўчаць, толькі калі-нікалі наведаюць папялішча і яшчэ больш зацята б’юцца. Вядома, такія раны...

— Аднак чаму вы, не ведаючы чалавека, пра ўсё расказваеце?

— Як гэта не ведаем,— усміхнуўся рыбак.— Хто Сяргея Паўлавіча не ведае? Наш камандзір расказаў усе вашы прыкметы і паслаў спаткаць вас і аберагаць.

— Што вы сказалі?

— Ой, загаварыўся,— паглядзеў на гадзіннік рыбак.— Тут небяспечнае месца.

Пачулася набліжэнне поезда.

— Дык Грыпіна маці вашага камандзіра?

— Так. Хавайцеся, таварыш Сяргей.

— Што такое?

— Праз некалькі хвілін па чыгунцы пройдзе поезд з жывой сілай на фронт. Камандзір атрада загадаў прапусціць яго. Увага! — падняў вудачку рыбак.— Падрыхтавацца!

Неўзабаве пачуўся выбух, пачалі рвацца снарады, высока ляцелі ўгару трэскі ад вагонаў, буферы, фрыцы. Застрачылі аўтаматы, кулямёты. Ударыла адзіная гармата Саўкі па немцах, якія ўцякалі. У паветры з’явіўся самалёт, які павінен быў суправаджаць і ахоўваць поезд. Ён нізка ляцеў.

На гары, дзе была пахавана Грыпіна, як з-пад зямлі, з’явілася «партызанская зенітка». Гэта быў звычайны кулямёт, прымацаваны да кола. Ён пачаў біць па самалёце. Угледзеўшы здзіўленне на твары Сяргея ад «партызанскай зеніткі», чалавек з вудачкай, усміхнуўшыся, гаварыў:

— Неяк адзін дзівак, прыбраўшыся ў тогу крытыка, строіў кепікі з нашай зеніткі. Няхай блазан пацяшаецца. А ўсё ж з яе мы збілі адзін варожы самалёт. А пасля і гармату сабралі, можа, калі ў музеі будзе выстаўлена,— і, паглядзеўшы, дадаў: — Пайшоў на разварот. Ён можа нарабіць тут кашы. Таварыш Сяргей! Для вас падрыхтаваны конь, садзіцеся, і паедзем.

— А кім вы былі да вайны? — ужо будучы ў сядле, пацікавіўся Сяргей.

— Вучыўся на настаўніка,— і прышпорыў каня.— Паехалі!

Хутка ў хмызняку сабраліся партызаны, вясёлыя, разгаворлівыя. Яны на вачах у Сяргея Паўлавіча ўдала правялі аперацыю. І Сяргей Паўлавіч быў імі задаволены. Неўзабаве ўсе рушылі і зніклі ў лесе. Партызаны наперабой расказвалі таварышу Сяргею аб сваіх прыгодах.

 

11

Партызаны Гарашчэні абжыліся на Замчышчы. Прыйшоў першы снег, прыйшла першая ваенная суровая зіма, прыйшлі выпрабаванні на трываласць і адданасць Радзіме. Гарашчэня сам кіраваў працай, будаваў зямлянкі, імкнучыся зменшыць людскія пакуты. Зямлянкі былі зроблены на славу: пабудаваны нары, пастаўлены печы, устаўлены «вокны». Калі б чалавек, не ведаючы, трапіў у партызанскія лагеры, ніколі б не пазнаў, што тут пабудаваны цэлы лясны горад. Лагеры былі вельмі добра замаскіраваны.

Партызанамі быў пабудаваны «хлебазавод», сховішча для харчавання, і нават мелася «лазня». Тое, што Гарашчэня меў спецыяльнасць слесара, цяпер яму спатрэбілася. Да вайны ён працаваў на Гомсельмашы, перш слесарам, а потым зменным майстрам. Гарашчэня за што ні возьмецца — можа зрабіць і іншым пакажа. Азярышчанцы, хто не мог насіць зброі, выконвалі гаспадарчую працу. А ваенная гаспадарка — вялікая гаспадарка. Добрая арганізацыя па забеспячэнню атрада боепрыпасамі, харчаваннем і жыллёвымі ўмовамі сказалася і на баявых дзеяннях. Гарашчэнеўцы не давалі гітлераўцам жыцця, білі фрыцаў днём і ноччу. Добра праявіла сябе ў змаганні з фашыстамі Міроніха, яна асабіста знішчыла некалькі фрыцаў. Міроніха сама зараджала стрэльбу, як на ваўкоў, кулямі. Старая часта хадзіла на заданні. Азярышчанцы па паходцы пазнавалі, калі ў Міроніхі была ўдача. Яна тады ішла, высока падняўшы галаву, была разгаворлівай.

— Ах, як мне хочацца есці,— гаварыла Міроніха.— І спаць добра буду. Сёння я адправіла на той свет нейкага обера. Толькі гэтым іх можна адвучыць лезці ў савецкі агарод!

Марыйка страшэнна нервавалася. Яна была нездаволена, што яе камандзір прызначыў на кухню, але сутнасць не ў гэтым. Яна пакахала Гарашчэню, а ён, як ёй здавалася, быў да яе абыякавым. Калі Марыйка куляй кідалася выконваць камандзіравы заданні — ён яе хваліў; калі бачыў, што яна абы-як рабіла,— пачынаў сварыцца. А час ішоў. Марыйка часта трапляла Гарашчэню на вочы. І, неяк неўзаметку для сябе, Гарашчэня пачаў да яе прыглядацца. Часамі яму сумна станавілася, калі даўно яе не бачыў. Тады ён сам шукаў з ёю сустрэчы.

— Дык вы перавядзеце мяне з кухні ці не? — злавалася Марыйка.

— Куды?

— Хоць у санітаркі,— ледзь не плакала Марыйка.— Я ж такі нейкую асвету маю. На ліха я вучылася!

— Выконваць абавязкі ўрача на кухні — вялікая справа.

— Цётка Міроніха і тая ходзіць на заданні. А хіба я не магу?

— У вас вялікае заданне — карміць гэтулькі людзей.

Але Марыйка не слухала яго; не вытрымаўшы, яна расплакалася. Гарашчэня ўзяў яе за локаць і, заспакойваючы, спытаў:

— Чаго вы?

Марыйка яшчэ больш расплакалася; яе такі жаль агарнуў, што нельга было суцешыць.

— Якая я няшчасная! Ніхто мяне не разумее. Пайду. Утаплюся!..

— Дык жа вада, Марыйка, халодная,— жартаваў Гарашчэня.— Ну, добра, будзеце санітаркай. А далей што?

— Далей? — падняла Марыйка вочы, у якіх было поўна слёз.— Нічога!..

— Нешта не так,— пасміхаўся вачыма Гарашчэня.— Можа, пакахалі каго з санітараў? Там ёсць добрыя хлопцы.

— А што вам да гэтага,— ускіпела Марыйка.— Можа, загадаеце па камандзе дакладаць пра каханне?

— А гэта не блага было б,— усміхнуўся Гарашчэня.— Камандзір усё павінен ведаць.

Яны ў апошні час такога роду перапалкі часта рабілі. Але сёння ў іх нешта не клеілася, і яны хутка разышліся.

Не шанцавала і Панцялею Аўсяніку, і ён не меў вайсковага шчасця. Вучоны, як празвалі яго партызаны, куды ні пойдзе, дык усё няўдача. Ён быў незадаволены самім сабою, злаваўся на іншых і, без таго худы, ён яшчэ больш выцягнуўся. «Акыш, а то павалюся,— жартавалі з яго партызаны.— Няўдачнік наш вучоны». Яго адмаўляліся браць на аперацыі, тады ён, сумуючы, днямі праседжваў у зямлянцы, чытаў, нешта запісваў у чорную кніжачку дробным почыркам, падоўгу сядзеў, аб нечым думаючы. Яго маленькія вочкі да таго ўваліліся, што з-за густых брывей іх амаль зусім не было відаць.

Гарашчэнеўцы заўсёды бралі хітрасцю; яны не чакалі гітлераўцаў, а іх шукалі, нападалі нечакана, білі насмерць. Аднойчы, прыйшоўшы з разведкі, Мікалай Дрозд прынёс сумныя весткі аб пагрозе ў горадзе Беразнянцы — усё яўрэйскае насельніцтва было сагнана на могілкі і расстраляна; дзяцей немцы кідалі ў магілу і закапвалі жывымі. Чутка ішла, што пагромы адбыліся па ўсёй Беларусі. Міроніха тады сказала: «Тое, што яны сёння робяць з яўрэямі, заўтра будуць рабіць з беларусамі. Ад фашыстаў не чакай дабра!» З ёю ўсе пагадзіліся. Акрамя гэтага, Дрозд прынёс з сабою сарваную абвестку, дзе абяцана было заплаціць за галаву Гарашчэні пяцьдзесят тысяч марак. Разведчык высунуў дзёрзкую думку: пайсці да каменданта горада і сказаць, што ён ведае, дзе знаходзіцца атрад Гарашчэні, а потым завесці немцаў у пастку і знішчыць. Гарашчэня згадзіўся з прапановай Дразда, сказаўшы, дзе будзе зроблена засада. Праз некаторы час Дрозд пайшоў у горад.

Дарогаю адважны партызан да дробязей абдумаў свой план. І вось Дрозд увайшоў у камендатуру і паведаміў пра тое, што ён ведае, дзе знаходзяцца партызаны (пры гэтым паказаў абвестку). Дзяжурны, далажыўшы пра гэта начальству, ахвотна прапусціў яго да каменданта.

— Гут, гут, рус,— гаварыў дзяжурны, праводзячы Дразда да кабінета.

— Што вы хацелі сказаць? — разваліўшыся ў крэсле з высокай спінкай, пытаўся камендант.

Увайшоўшы, Дрозд мімаволі акінуў вачыма пакой каменданта горада, у ім было чыста і ўтульна. На сценах віселі карціны.

— Я прыйшоў паведаміць гера каменданта пра месцазнаходжанне партызан,— трымаючы ў руках аб’яву, гаварыў Дрозд, захоўваючы ўнутраную ўсхваляванасць.— Я, канешне, маю на ўвазе, што вы добра заплаціце, каб мне зноў узбіцца на гаспадарку... А то бальшавікі абдзерлі мяне як ліпку, вядома, кулак...

— О, рус! — узрадаваўся камендант.— Калі б нам удалося вылавіць партызан, дык я цябе азалаціў бы... І перш за ўсё мяне цікавіць атрад Гарашчэні... Дзе ён знаходзіцца?..

— У Воўчым Лагу,— спакойна сказаў Дрозд.

— Няўжо там? — забегаў камендант па пакоі.— А не маніш?

— Што вы! — усклікнуў Дрозд.

— Глядзі, па воласу вырвем тваю барадзішчу,— усміхнуўся камендант.— Каньяку вып’еш?

— Не адмоўлюся, — ухмыляючыся, прагаварыў Дрозд.— Люблю тры рэчы: выпіць, паесці і жанчын. Весялей чалавеку з імі!

— Бачу,— працадзіў праз зубы камендант.— Пі!

— Дзякую,— узяў чарку Дрозд.— А толькі я не прывык адзін піць.

— Пі! — у тоне каменданта адчуваўся загад.

— А-ах,— падпарадкаваўся ён,— ну і мацунак!

— Пазваць начальніка карнага атрада,— аддаў распараджэнне камендант і, звярнуўшыся да Дразда, прапанаваў: — Вып’еш яшчэ?

— Прабачце, але адзін такі не магу,— адмаўляўся Дрозд.— Дый нешта ў вас харч дрэнны... Мы любім выпіўшы закусіць... У нас так кажуць: «Пі, але закусвай...»

— Пасля французскага каньяку не блага паесці,— няёмка адчуў сябе камендант,— але ў мяне, акрамя галандскага сыру... Пачакайце, пачастую вас рабчыкам...

— Прызнаюся, з усёй птушкі больш за ўсё люблю кавалачак вяндліны. Трываласць якая! Яшчэ, кажуць, нямецкія сасіскі добра...

— О, гут! У другі раз... Спадзяюся... Сустрэнемся... Наліць?...

— Дзякую. Кухлю піва мог ба...

— На жаль, няма.

— Дык трэба спяшацца. А то партызаны, як пералётныя птушкі... гэта народ такі, фырць — і няма... Лаві тады вецер у полі... Уеліся яны ў косці... А яшчэ, кажуць, не гэта будзе...

— Ага! Разумею.

У пакой увайшоў капітан Дранке, таўстазады афіцэр з Баварыі. Аддаўшы каменданту чэсць, капітан Дранке рапартаваў:

— Па вашаму загаду з’явіўся!

— Мы напалі на след партызанскага атрада Гарашчэні. Вазьміце аўтаматчыкаў. Паведаміў гэты стары. А толькі... глядзіце...

— Як? — Дрозд зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся.— Вы мне не давяраеце?

— Што фы! — згладжваў камендант, падміргнуўшы капітану.— Пра вас я зусім другое думкі... А толькі, калі зловім Гарашчэню, атрымаеце пяцьдзесят тысяч... Нарэжам зямлі... Дадзім хату... Нямецкі пан добры...

— О, гэта інтэрас,— гаварыў Дрозд.— Чую голас гаспадара... Уласна кажучы, грошы мяне і прывялі сюды... Як прачытаў вось гэтую абвестку, рукі закалаціліся... Дык я пайшоў! Да хуткай сустрэчы!..

Дрозд выйшаў. Камендант зняважліва правёў яго

— За кожным рускім трэба глядзець... А за здраднікам тым больш, калі ён прадае сваю краіну, дык нас тым больш прадасць... Наймалейшая падазронасць — страляйце!..— камендант падумаў: — І калі б нават удалося злавіць Гарашчэню, таксама...

— Зразумела! — казырнуў капітан. — Дазвольце ісці?

— З богам! — правёў вачыма камендант, ён услых падумаў: — Цяжка сказаць, вынесем мы адсюль свае ногі ці не... Міласцівы божа, ратуй нас... Ні ўдзень ні ўначы няма супакою...

І стомлены камендант прайшоў у пакой, поруч з кабінетам, каб хоць трохі адпачыць.

 

12

Гарашчэня, заўважыўшы, што Аўсянік нечым нездаволены, паклікаў яго да сябе. У зямлянку камандзіра ўвайшоў партызан.

— Сядай! — прапанаваў Гарашчэня. — Раскажы мне, братка, што ў цябе на сэрцы. Можа, закахаўся?

— Кахаў адну жанчыну, але яна аказалася не вартай гэтага.

— Па ёй сумуеш?

— Не ў галаве яна мне.

— Дык што цябе непакоіць?

— Прабачце за шчырасць: таўчэм у ступе ваду,— шматзначна сказаў Аўсянік.— Не выкарыстоўваем сваіх магчымасцей.

— Як гэта? — зацікавіўся камандзір.

— А так,— працягваў развіваць сваю думку Аўсянік.— Колькі мы пусцілі пад адхон паяздоў, а чыгунка ўсё працуе. Узбраенне ідзе на фронт. Трэба мост узарваць.

— Ты маеш на ўвазе Беразнянскі мост?

— Але.

— Там вялікая ахова. У лоб цяжка браць. Шмат людзей загіне. Вялікая там сіла!

— Вялікая,— згадзіўся Аўсянік.— Але яе можна адолець.

— Як? — цікавіўся Гарашчэня.

— Я адзін з імі спраўлюся.

— Ты жартуеш?!

— Ніякіх жартаў.

— Калі ў цябе ёсць план, як узарваць мост, дык я табе дам людзей, ідзі ўзрывай,— хітраваў Гарашчэня.

— Са мною людзі не пойдуць,— прызнаўся Аўсянік.— Не разумеюць яны мяне.

— Чаму?

— Сам не ведаю. Усе лічаць мяне баязліўцам, але я зусім не такі.

— Прызнацца па праўдзе, і я такой думкі.

— Ведаю, а ад гэтага мне яшчэ горш,— з адчаем гаварыў Аўсянік.— Я губляю пад нагамі глебу. Уяўленне такое, што я дарма ем хлеб. Мне не вераць, што я забіў фашыста на руме, часам і я пачынаю ў гэтым сумнявацца. Але ж гэта маіх рук работа. Шпакоўскі бачыў...

— Ён за цябе гарой стаіць.— Камандзір падумаў.— Дам табе ўзвод. Хопіць?

— Я лепей адзін пайду.

— Ты ў сваім розуме? Што ты там адзін зробіш? Гэта вар’яцтва! Нікому не кажы — засмяюць.

— Я так і ведаў, што мяне палічаць за вар’ята,— унурыў галаву Аўсянік.— А можа, вы мяне ўсё ж выслухаеце?

— Давай. Я хачу ведаць твой план. Без гэтага людзей не дам.

— Не патрэбны мне людзі,— стаяў на сваім Аўсянік.— Ахоўвае мост трыццаць чалавек немцаў і семдзесят паліцыянтаў. Хлопцаў сілком, а правільней, ашуканствам узялі ў паліцыю. Гэтаму памаглі нацыяналісты, іначай, казалі, адправяць у Нямеччыну. Некаторыя паліцаі з нашай вёскі, я разам з імі вучыўся ў пачатковай школе. Не веру, каб яны сталі здраднікамі. З імі трэба пагаварыць, і яны расправяцца з фашыстамі.

— А калі вам не ўдасца пераканаць паліцаяў зрабіць гэта?

— Я разумею вас. Яны мяне могуць забіць,— паглядзеў на камандзіра шчырымі вачыма Аўсянік,— але я партызан не выдам. Вы мне верыце?

— Веру, — падумаўшы, сказаў Гарашчэня.

Аўсянік заззяў.

— Што ж, паспрабуй,— згадзіўся камандзір.

— Дасцё мне толькі ўзрыўчаткі.

— Добра,— абяцаў камандзір.— Ёсць магчымасць сябе паказаць. Даложыш мне свой план з усімі падрабязнасцямі.

— Слухаю! — казырнуў Аўсянік.— Дазволіце ісці?

— Ідзі,— правёў добрымі вачыма камандзір партызана.— І сапраўды: у нас яшчэ многа нявыкарыстаных магчымасцей.

 

13

Мікалай Дрозд ужо другую гадзіну вадзіў карны атрад па лесе. Стомленыя салдаты былі нездаволены. Ім здавалася, што яны ходзяць па крузе. Яно так і было. А справа ў тым, што гарашчэнеўцы не разлічылі часу, а таму спазніліся прыйсці ва ўмоўленае месца. Яны павінны былі спаткаць карнікаў у імшаніку. Таму Дрозд вымушан быў вадзіць карнікаў «вакол пальца», зрабіўшы выгляд, што збіўся з дарогі. Дрозд успомніў Насту, якой быў абавязаны сваім жыццём. Яна не выходзіла ў яго з галавы. За яе Дразду хацелася як найбольш палажыць карнікаў.

Раптам Дрозд павесялеў, угледзеўшы на старым дубе, на елках па тры засечыны: гэта значыла, што партызаны напагатове. Капітан Дранке, заўважыўшы перамену ў Дразда, спытаўся:

— Што такое?

— Мы выйшлі на дарогу.

— Добра.

Дрозд задаволена ўсміхнуўся ў бараду: «Зараз фрыцам будзе горача. Гэта ім за Насту, за Мірона, за савецкіх людзей, што склалі свае галовы ў барацьбе з лютым ворагам». Зайшоўшы за дуб, нібы па сваёй патрэбе, заклаўшы два пальцы ў рот, ён засвістаў. Партызаны з усіх бакоў адкрылі агонь па карным атрадзе.

Задаволены, Дрозд кінуўся ўцякаць. Капітан Дранке, які ўвесь час за ім сачыў, паслаў наўздагон яму кулю. Дрозд спаткнуўся і ўпаў, ён быў паранены ў нагу. Выхапіўшы рэвальвер, партызан пачаў адстрэльвацца. Капітан Дранке з-за дрэва, прыкленчыўшы на адно калена, біў па партызане. Дрозд не мог падняцца, з усіх бакоў ляцелі кулі, партызан, паздзіраўшы рукі, поўз па імшаніку. За ім прабіраўся капітан Дранке, ён не хацеў выпусціць хітрага партызана. Нарэшце Дрозд падняўся, каб пераскочыць невялікі ручай. У гэты момант капітан прыцэліўся і стрэліў. Ацяжэлі ногі ў Дразда, як свінцом наліліся, і ён бездапаможна апусціўся на зямлю, заліўшыся крывёю. А тым часам партызанская куля напавал злажыла камандзіра карнага атрада, капітана Дранке. Партызаны акружылі карны атрад, мала хто з карнікаў выйшаў адсюль.

— У імя жыцця загінуў Мікалай Дрозд, слаўны сын радзімы,— усхвалявана гаварыў Гарашчэня.— Наш народ ніколі яго не забудзе.

Моўчкі стаялі партызаны над свежай магілай з ашчаціненымі штыкамі, гатовыя да бою, да помсты. І ўдзень і ўначы шумлівая сасонка спявае песню над магілай адважнага партызана, славячы яго імя, а вецер разносіць гэтую песню па палях і нівах роднага краю.

 

14

Сяргей Паўлавіч, дзе пешкі, дзе пад’язджаючы на нямецкай машыне, дабраўся да вёскі Дрыгвічы, што кіламетраў за сем — дзесяць ад Мінска. Вечарэла. Ён хацеў заначаваць у Дрыгвічах, але сяляне не вельмі прыхільна да гэтага паставіліся. Праязджаючы, Сяргей Паўлавіч бачыў, што ўсё поле тут зноў было падзелена на палоскі. Сярод сялян нават вялася гутарка пра хутары, аб якіх гаўляйтэр Беларусі Кубэ пісаў у прадажнай «Беларускай газеце». А пра выказванне гаўляйтэра ў газеце «Дейче Цейтунг ін Остланд» адносна беларускіх гарадоў мала хто ведаў. А ён гаварыў: «Буйныя гарады Беларуценіі — Мінск, Віцебск, Гомель, Магілёў — ператвораны ў руіны. Няма неабходнасці аднаўляць гэтыя гарады, бо горад псуе беларуціна, таму што ён прыхільны да зямлі». Гітлераўцам — гэтаму памагалі беларускія буржуазныя нацыяналісты — хацелася ператварыць Беларусь у сваю калонію. Тут мінскае СД на чале з Хойзерам надала такі страх, што людзі кожнага незнаёмага чалавека баяліся. Усё ж Сяргей Паўлавіч наважыў пераначаваць у Дрыгвічах і зрабіў гэта, а назаўтра сяляне не пусцілі яго далей ісці. Яны прасілі Сяргея Паўлавіча яшчэ расказаць што-небудзь, пыталіся пра падзеі на свеце. Яго абкружылі з усіх бакоў мужчыны з бародамі і паголеныя, у світках і кажухах. На дзіва, тут не было ні аднаго блазна, а жанчын і блізка не падпускалі. Такія тут былі заведзены парадкі старастам.

— Просім вас,— выйшаў наперад самы стары і, відаць, самы паважаны дзядзька,— пабудзьце ў нас яшчэ, раскажыце, што робіцца на свеце... Далятаюць да нас сякія-такія весткі, але хто яго ведае, чаму можна верыць, а чаму нельга... Вядома, такая неразбярыха... А стараста-вылюдак цісне... Жыцця няма...

— Пра што ж вам расказаць? — падумаў Сяргей Паўлавіч.— Хочаце, я раскажу вам апавяданне-быль?

— Гэта як жа разумець, пра тое, што было?

— Але.

— Просім! Просім! — загаманілі дрыгвічанцы, усаджваючыся на лавах.

Сяргей Паўлавіч расказваў:

«Стаяла вёска Яршы на левым беразе Нёмана. За рэчкай, як вокам акінуць, былі заліўныя лугі. На полі красавала жыта. З вёскі відаць быў векавы бор. Яршоўцы народ бывалы: некалі мужчыны ганялі плыты аж да самага сіняга мора, а жанчыны ткалі выдатныя паясы Але добрае далёка чуваць, а дрэннае яшчэ далей. Была ў вёсцы сям’я Бурачкоў, якія жылі на ўскраі вёскі, на паплавах. З кожнага калена ў Бурачкоў каго-небудзь ды ўтаўкуць. Гэта былі на ўсю акругу канакрады.

Праўда, яршоўцы ад іх мала цярпелі. Канакрады прытрымліваліся воўчага закону: каля свае бярлогі нічога не чапаць. За ўвесь час Бурачкі ўкралі ў Яршах толькі аднаго каня, але потым заракліся на ўвесь век. Тры дні іх таўклі, ледзь на той свет не адправілі. Бывала, дзе ні прападзе конь, то ўсе ідуць у Яршы яго шукаць. Недарма кажуць, што паршывая авечка ўвесь статак псуе. Праз Бурачкоў усіх яршоўцаў лічылі зладзеямі. Не адна дзяўчына з-за іх асталася ў дзеўках, бо часта вёска абміналася сватамі.

Толькі пры савецкай уладзе не пашанцавала Бурачкам. Аднойчы апошні з іх роду, Сымон Бурачок, паквапіўся на калгаснага жарабка, дык яго ўпякалі, куды Макар цялят не ганяў... З таго часу спакойна было ва ўсёй аколіцы. І дзяўчат з Яршоў бралі замуж нарасхват. Пра Бурачка-апошняга, як у вёсцы яго звалі, пачалі ўжо забываць. Старыя часам, седзячы на прызбе, успомняць благім словам, а маладым дык і не ў галаве было, што быў на свеце такі чалавек. Хто благое ўспамінае?

Калі занялі немцы Яршы, з'явіўся і Бурачок-апошні. За дзесяць год Бурачок-апошні вельмі змяніўся. За гэты час ён страціў адно вока. Чорная воспа пакінула на яго твары глыбокія сляды. Дзяцей больш за ўсё ўразіла тое, што ён насіў завушніцу. Бурачок-апошні быў апрануты ў паўвайсковую колеру жабы адзежу, насіў гальштук банцікам, гетры.

Пры размове з былым конюхам саўгаса, Васілём Кастрыцкім, які цяпер жыў у вёсцы, Бурачок-апошні глядзеў зверху ўніз. Цяпер Кастрыцкі нават яго пабойваўся.

Немцы прызначылі Бурачка-апошняга старастам. Гамонка пра гэта пайшла па ўсіх вёсках. З вуснаў у вусны перадавалася, што з’явіўся яршоўскі канакрад, ішла пагалоска, што ён на конях нажыў цэлае багацце, мае ў Нямеччыне свае маёнткі. Свой прыход да ўлады Бурачок-апошні адзначыў загадам: перавезці з саўгаса дом пад яго канцылярыю, сабраць па дзесятку яек, забраць у каваля Гіршы карову, за кожнага сабаку ўнесці па дзесяць марак (не падлягалі падатку нямецкія сабакі), выгнаць старасту самагону.

— Рыхтык як у нас,— не ўтрымаўся селянін.

— Цішэй ты, не перашкаджай,— зашыпелі з усіх бакоў мужчыны.

Сяргей Паўлавіч працягваў апавядаць:

«Лапатны тэлефон з маланкавай хуткасцю разнёс гэтую навіну; прычым, як заўсёды бывае ў часе вайны, людзі часта любяць крыху дадаць ад сябе. Праз дзень загад старасты выглядаў так: перавезці ўсе будынкі саўгаса «Прысады» ў Яршы і пабудаваць тут маёнтак; сабраць з вёскі ўсіх курэй і зрабіць курыную ферму Бурачка-апошняга і кампаніі; усім сабакам, акрамя нямецкіх, з’явіцца да старасты на рэгістрацыю; пабудаваць у Яршах самагонны завод. Канцоўка гэтай легенды была такая: путаць коней толькі жалезнымі путамі. А яшчэ праз дзень заканчвалася: сцеражыцеся — у хаце злодзей; бярыце дубіны і ганіце канакрада з вёскі, іначай ён наробіць шкоды».

Пачаўся вялізны попыт на жалезныя путы. Кавалям не было адбою ад працы. Перакоўвалі старыя бароны, нарогі ад іржавых сох, якія па дзесятку год валяліся без справы, але рабілі, аказваецца, не путы (не такі дурны мужык, як пра яго думаюць!), а зброю,— яна есці не просіць,— калі злодзей схопіць цябе за горла, дык хоць кінжалам яму парнеш у бок. Тут справа такая: або ён цябе заб’е, або ты яго звядзі са свету.

Давялося і сабакам: іх таўклі на кожным кроку. То там, то тут было чуваць: «ая-я-яй»; гэта яршоўцы знішчалі сабак. А Кастрыцкі павесіў свайму сабачку бірку, на якой напісаў: «Я нямецкага паходжання, падатку не падлягаю». За сабачкам Кастрыцкага бегалі дзеці чарадою, рагаталі. Пасміхаліся і старыя. Жонка Кастрыцкага, не жадаючы мець непрыемнасцей, сарвала бірку.

Бурачок-апошні асабіста прасачыў, каб усе яршоўцы выехалі ў саўгас перавозіць дом. Ён хадзіў па дварах, выганяў падводы за вёску. Паволі запрагалі коней сяляне. А больш за ўсіх марудзіў Кастрыцкі. То ён хоча колы падмазаць, але каламазі не знойдзе, то дуга разагнулася, дык ён яе папраўляе, то супоня парвалася, трэба ладзіць другую. Мужчыны ж тым часам не ехалі. Нарэшце Кастрыцкі запрог каня, паправіў грыву, дык зноў напасць — пугі не знойдзе.

«Збіраецца, як папоў парабак,— іранічна заўважыў Бурачок-апошні і злосна запытаўся: — Доўга ты будзеш чухацца? Увечары атрымаеш дваццаць пяць! Будзеш ведаць, што такое «новы парадак». Я вас навучу паважаць нямецкую ўладу».

«Дык жа, мусіць, сякеру трэба ўзяць,— злосна паглядзеўшы на Бурачка-апошняга, прагаварыў Кастрыцкі.— Мужыку без сякеры, што рыбаку без портак».

«Годзе дзяцініцца, стары чалавек,— сыкнуў Бурачок-апошні, на хаду дадаўшы: — Атрымаеш пяцьдзесят! На людзях!..»

«Васілёк! — заглядаючы ў гнеўныя вочы мужа, прасіла Тэкля, адбіраючы сякеру.— Не трэба!..»

«Эт, усё роўна не будзе жыцця,— сказаў Кастрыцкі.— Глядзі дзяцей...»

Пануры Кастрыцкі выехаў са двара. Мусіць, адчуваючы сэрцам нешта трывожнае, Тэкля, правёўшы мужа за вароты і схапіўшы яго за руку, прасіла:

«Васілёк, родны, не чапайся! Дзеці малыя... Неяк жа перажывем...»

— Добра,— заспакоіў жонку Кастрыцкі.— Калі ён мяне не зачэпіць, то і я яго не крану. А барані божа... тады — даруй. Ідзі, дзіця плача».

Кастрыцкі паехаў, а Тэкля, задаволеная і гэтым, хутка пайшла ў хату. Ён моўчкі праязджаў каля ўсіх падвод. Скрыпелі колы, уразаючыся па калодкі ў навеяны пясок. Сяляне Кастрыцкага заўсёды паважалі, бо ён быў справядлівым чалавекам, на вецер слоў не пускаў, быў удумлівым і разважлівым. Як толькі Кастрыцкі выехаў наперад, да яго падышоў Бурачок-апошні і, штурхнуўшы пугаўём, скамандаваў:

«Паганяй!»

«Ах ты зладзюга няшчасны! — моцна сціснуўшы ў руках сякеру, падумаў Кастрыцкі.— Дармаед!»

Ведаючы характар Кастрыцкага, Мікіта Кажамяка, яго сябра з маленства, увесь час за ім наглядаў. Нізенькі і тоўсценькі, вёрткі і дужы, Кажамяка схапіў за руку Кастрыцкага.

«Пу-у-сці! — вырываўся Кастрыцкі.— Я яму, гэтаму трутню, зраблю халэмус».

Высокі і непаваротлівы, як мядзведзь, Кастрыцкі, выцерабіўшыся ад Кажамякі, гатоў быў сагнуць старасту ў барановы рог. Загаманілі мужчыны, з пугамі бегучы да пярэдняй падводы. За імі беглі дзеці. Сяляне нагадвалі раздражненых пчол, што гатовы былі накінуцца на любога звера.

«Навошта гэты вэрхал! — шапнуў Кажамяка.— Праедзем Броды, а там утопім. І сена цэлае, і козы сытыя... Мядзведзь! Бяры лейцы. Ну?!. Не марудзь. Чуеш ты мяне ці не?!»

«Па конях! — нібы прачнуўшыся, крыкнуў Кастрыцкі і, сеўшы ў драбіны, лейцамі тузануў каня.— Но-о, каб цябе ваўкі! Варушыся, буланы, застаяўся, воўчае мяса!.. Пайшоў!..»

«Сымон Мікалаевіч! — гаварыў Кажамяка, стоячы ля свайго воза.— І чаго вы схапіліся, як пеўні? Садзіцеся да мяне, паедзем, будзеце як у бога за пазухай. Там патрэбна будзе гаспадарскае вока. Не звяртайце на яго ўвагі, гарачы чалавек. Вось і тады пляснуў па носе... Добра, што яшчэ так, а то мог бы галаву адкруціць. Ён у нас такі, да трох не гавары. За праўду бацькі і маці не пашкадуе. А хіба цяпер праўдай пражывеш?! Вось вам бургамістр дазволіў перавезці з саўгаса дом, а там два дамы — адзін стары, дык на ліха ён вам, мы свайму старасту перавязем новы. Паехалі?»

Бурачок-апошні прысеў да Кажамякі. Ірванулі яршоўцы, пакідаючы пыл слупам. Адсыпаліся, як камары, дзеці, пабеглі ў вёску.

Едучы, Кастрыцкі разглядаў багаты ўраджай. Жыта было вышэй чалавечага росту, яно калыхалася, як хвалі на моры. Падцягнуўся ячмень, выпускаючы свае калючыя вусы. Дзе-нідзе расцвіталі калівы грэчкі, гулі пчолы, пахла мёдам. Па ўсіх прыкметах на полі год павінен быць ураджайным, але старыя чамусьці казалі, што будзе голад. Яны жывуць па сваіх законах, бусел, бачыце, вясною выкінуў з гнязда яйка.

Праехаўшы Броды, пад’язджаючы да гаю, Кастрыцкі адпусціў лейцы і, прывязаўшы іх да драбін, пачаў закурваць. Скруціўшы цыгарку, ён дастаў крэсіва і пачаў высякаць агонь.

«Тпр-ру-у!» — голасна расцягнуў Кажамяка.

Кастрыцкі, прыкурыўшы, прытрымаў за лейцы каня, злез з воза.

«Чаго вы на паўдарозе спыніліся? — запытаўся адзін з сялян.— Калі ехаць, дык ехаць, а не — то вяртай назад! Няма чаго коней трымаць у хамуце. Гэта ж, можа, не вяселле».

«Не-е, хаўтуры,— мнагазначна сказаў Кастрыцкі.— Будзем старасту тапіць. Няўжо ж мы дазволім, каб намі верхаводзіў канакрад? Курам на смех!»

«Дзіва, людзі з суседніх вёсак праходу не даюць,— ажывіўся калгасны вартавы Макар, лупцануўшы Бурачка-апошняга пугаю.— Мала таго, што канакрад, дык яшчэ нацыяналіст. А ну, бычок, злазь! Будзем рогі збіваць!»

«Ату яго! — крычалі, збегшыся, мужчыны, б’ючы старасту пугамі.— Ату! Ату!»

«Браточкі, пусціце жывым,— прасіўся Бурачок-апошні.— Не буду больш старастам, не хачу, здаволіўся. І коней красці не буду, і з нацыяналістаў выпішуся, яны — фашысцкія папіхачы».

«З кім пабратаўся,— з’ездзіўшы некалькі разоў пугаўём па стараставай галаве, злосна прагаварыў Кастрыцкі.— Бачылі ваўка ў авечай шкуры... Цягні яго, мужчыны, у вір!.. Захапіце, хлопцы, камень!..»

Сяляне схапілі Бурачка-апошняга і пацягнулі да рэчкі. Там Кастрыцкі загадаў старасту раздзецца, скласці адзежу. Потым, прывязаўшы Бурачку-апошняму камень на шыю, разгойдаўшы, кінулі ў вір, і хоць камень сарваўся, але стараста, як тапор, пайшоў на дно.

«От гэта боўць! — смяяўся Макар.— Жартаўнік, бурбалкі пускае...»

Праз некаторы час з віру, хуткім цячэннем вады, выкінула труп старасты на больш мелкае месца. Зачапіўшыся за нейкі корч, тапелец пагойдваўся на хвалях. Каля яго палахліва плавалі дробныя рыбкі. Мужчыны лягчэй уздыхнулі.

«Хлопцы, здыміце з шыі вяроўку,— захоўваючы ўнутраную ўсхваляванасць, прапанаваў Кастрыцкі.— Адзежу пакіньце на беразе. Купаўся...»

«Але,— сцвердзіў Макар.— Не ведаючы броду, не лезь у воду...»

«Трэба замесці сляды»,— падказваў Кажамяка.

«Ага,— згадзіўся Кастрыцкі.— Выварочвайце, мужчыны, кішэні з тытунём...»

Гаманілі яршоўцы, высыпаючы тытунь.

«Вяртай аглоблі!»

«Няўжо ж».

«Паехалі дахаты!»

«Не,— запярэчыў Кастрыцкі.— Дом разабраны, расцягнуць на дровы. Паедзем, перавязем, добрая будзе школа. А прыйдуць нашы — свае людзі, разлічымся».

«Праўду кажа чалавек,— згадзіўся Кажамяка.— Ды і загад старасты выканаем. А чаго ён пайшоў тапіцца, ліха яго ведае. Можа, які псіх ці што якое... Дык калі ехаць, то паехалі, сонца на поўдні».

Яршоўцы, пасеўшы, трушком паехалі ў саўгас. Па дарозе ўсхадзіўся вецер, круціла, мяло, ірвала, засыпала вочы пяском. Фыркалі коні. Відаць было, што Кастрыцкі страшэнна нерваваўся. У яго з галавы не выходзіў канакрад. Нарэшце ён плюнуў, як бы адганяючы думкі пра старасту, хацеў заспяваць, але песня не клеілася.

Больш-менш заспакоіўся Кастрыцкі, калі прыехаў у саўгас і заняўся пагрузкаю дома. Але як толькі выехалі, зноў яго апанавалі думкі. Угледзеўшы, што Кастрыцкі сумуе, Кажамяка, дагнаўшы яго, загаварыў:

«Ты што ж гэта, стары, засумаваў? Калі палез у бойку, то чуба не шкадуй. Калі што якое, будзем бараніцца».

«А чым? — пытаўся Кастрыцкі.— Голымі рукамі кала не завострыш».

«На першы час сёе-тое знойдзецца, а там бог бацька,— сказаў Кажамяка, па сакрэту дадаўшы: — Калі адступалі нашы, то я на ўсякі выпадак дастаў пару вінтовак. Яны есці не просяць. Уткнуў у страху, няхай будуць. Рэч вядома, і патроны ёсць да іх».

«А ў мяне кулямёт прыхаван,— прызнаўся Кастрыцкі.— Дастаць бы яшчэ пушку, і можна смела выступаць».

«Ёсць інтэрас! — загарэўся Кажамяка.— Я ведаю, дзе гармату ўзяць. І хлопцы згаджаюцца яе цягнуць, яна схавана ў лесе, толькі страляць з яе няма каму. Можа... Ты ж стары артылерыст! А каб узяў каманду ў свае рукі, то і зусім добра было б».

«Страляць я магу,— гаварыў Кастрыцкі.— А вось з камандаю — боязна».

«Акрамя цябе, больш нікога няма,— угаварваў Кажамяка.— Народ цябе паважае. Не марудзь, згаджайся».

Яны некаторы час ішлі моўчкі. Ліў як з вядра касы дождж. У мужчын да цела прыліпалі кашулі. З коней валіла пара. І так бы яны невядома колькі маўчалі, калі б іх думкі не парушыла дзяўчынка з Бродаў:

«Дзядзі, вы з Яршоў? Ваш стараста ўтапіўся,— гаварыла дзяўчынка нараспеў.— Быў бургамістр, паліцай, сабака. Але сабака пагойсае, пагойсае, ды на гаспадара брэша. Сабаку выклікалі таму, што на шыі астаўся знак ад вяроўкі. Але кажуць, што сабака нікога не знойдзе, бо дождж змыў сляды. Павезлі ў Яршы канакрада».

Ліў праліўны дождж. Хацелася курыць, але тытуню ні каліва. Кастрыцкі паглядзеў — абоз расцягнуўся больш як на кіламетр. Цяжка дыхалі коні. Дождж узмацніўся. Месцамі ўпокат ляжала жыта.

«Што ты нам яшчэ скажаш? — запытаўся Кажамяка, звяртаючыся да дзяўчынкі.— Нічога? То ідзі дадому».

«Яшчэ скажу, што ў Яршы паехала шмат паліцаяў,— паведамляла дзяўчынка.— І ўсе яны гавораць не па-нашаму».

«Вось як,— задумліва вымавіў Кастрыцкі і параіў: — Бяжы, дзіцятка, дадому, а то табе далёка будзе вяртацца».

Дзяўчынка, кіўнуўшы галавою, пабегла назад. Кастрыцкі і Кажамяка моўчкі пайшлі. З поля, разорамі, валам валіла дажджавая вада, размываючы зямлю, Цяжка ступалі коні па пясчанай дарозе, пакідаючы глыбокія сляды. Пад’язджаючы да вёскі, мужчыны заўважылі Тэклю з дзіцем на руках. Кажамяка крыху адстаў, каб падагнаць каня. Гнеды цягнуў з усіх сіл. Ён сцебануў каня, гнеды спыніўся.

«Но-о! — даўшы каню перадыхнуць, крыкнуў Кажамяка, памагаючы зрушыць воз з месца.— Во, во! Пайшоў!»

Параўняўшыся, жонка паглядзела на мужа і, нічога не пытаючыся, па вачах пазнала, што справа са старастам яго рук работа.

«Дык што чутно? — запытаўся Кастрыцкі.— Казалі, што нешта здарылася...»

«Ка-а-залі,— дакарала Тэкля.— Прасіла яго... Усю вёску абтрэслі... Усё забіраюць... Як будзем жыць?..»

«Калі будзем жывы, дык неяк пражывем,— заспакойваў Кастрыцкі.— Дзе яны?»

«У канцылярыі калгаса,— паведаміла Тэкля.— І на чорта была тая вяроўка, гэтулькі клопату нарабілі».

Кастрыцкі, паглядзеўшы на Тэклю, папярэдзіў:

«Трымай язык за зубамі».

«Калі ж белымі ніткамі шыта».

«От лепей глядзі дзяцей».

«Шыла ў мяшку не ўтоіш. Ці не лепей табе, Васіль, не паказвацца ім на вочы».

«Так будзе горай».

«Прасіла цябе не чапацца».

«Эт, не назаляй! Ідзі лепей у хату».

«Не, я з табою пайду. Куды ты, туды і я, хоць на той свет, дык разам».

«Кажу, ідзі дадому. Я зусім не збіраюся на той свет, хоць яны хацелі б усіх нас туды адправіць. А дурніцы, нацыяналісты, у гэтым ім памагаюць. Жывым я не здамся!»

Тэкля моўчкі павярнула. Кастрыцкі па плячах заўважыў, што яна плача. Цяжка ў яго стала на душы. Закалацілася сэрца, сціснуліся кулакі.

«Колькі фашысты прынеслі людзям гора! — уголас падумаў Кастрыцкі.— Колькі льецца слёз і крыві! Колькі астанецца сірот і калек. Але прыйдзе напасці канец, ён ужо ідзе, пачатак канца пачаўся».

Ехалі падводы. Насустрач ім выйшаў бургамістр, высокі, худы, сутулы, з доўгімі нязграбнымі рукамі.

«Сагнуўся ў тры пагібелі»,— іранічна заўважыў Макар.

За бургамістрам ішоў чалавек з сабакам-аўчаркаю. Падцягваліся падводы. Бургамістр моўчкі паглядзеў на чалавека, той пусціў сабаку. Каб захаваць хваляванне, Кастрыцкі хацеў закурыць, зусім забыўшыся, што ў яго няма тытуню. Да Кастрыцкага падбег сабака, абнюхаў, пакруціўся і рвануў далей. З’язджаліся падводы. Сабака абабег падводчыкаў і, вярнуўшыся, віляючы хвастом, пачаў брахаць на гаспадара.

«А каб ты здох! — злосна вымавіў бургамістр, падыходзячы да сялян.— Хто тут у вас будзе старэйшы?»

«Стараста,— адказаў Макар, нібы нічога не ведаючы.— Ён у нас верхаводзіць...»

«Я ў цябе не пра гэта пытаю».

«Калі па гадах, дык я,— выйшаў наперад Макар, загароджваючы Кастрыцкага.— На восьмы дзесятак стукнула».

«Ду-у-рань!»

«Дурань, спадар, дурань!»

«Няма ў нас такіх,— гаварыў Макар.— Быў адзін, ды кажуць, што сплыў. Кожны сам сабе гаспадар».

«Даць яму дваццаць пяць!» — загадаў бургамістр.

Паліцыянты схапілі Макара, вывернулі назад рукі, раздзелі і на вачах у людзей пачалі лупцаваць.

«Ото ж добра, хоць на старасці год пакаштую фашысцкіх прысмакаў,— іранізаваў Макар і, нарэшце, не выцерпеўшы, закрычаў: — О-ой! Годзе! Калі яна вам так да смаку прыйшлася, дык лепей пацалуйце яе... Вы што ж, сукіны сыны, лічыць не ўмееце? На чацвёрты дзесятак...»

«Што вы здзекуецеся з старога чалавека?» — падаўся наперад Кастрыцкі.

«Вось ты і будзеш за старасту,— адказаў бургамістр.— Іначай з вамі не саўладаеш».

«Я не буду».

«Чаму?»

«Бо няграматны»,— хітрыў Кастрыцкі.

«Граматы тут вялікай не трэба. Распісацца ўмееш — і добра».

«Не буду»,— паўтарыў Кастрыцкі.

«Устанавіць чаргу,— падпяразваючыся, гаварыў Макар.— Навошта аднаму пакутаваць, давайце па чарзе».

«Будзеш! — крыкнуў бургамістр.— А калі адмовішся, расстраляем. Гэта непавага нямецкай улады».

«Дык улада не ваша, нацыяналістаў, а немцаў»,— гаварыў Макар.

Бургамістр ці то не дачуў, ці не хацеў рэагаваць. Ён маўчаў.

Мужчыны заварушыліся, зашапталіся, загаманілі.

«А ліха на яго, згаджайся!»

«Ды ўжо ж, дзе ты дзенешся, упрагайся. Будзем разам цягнуць!»

«Бярыся, Васіль, падтрымаем!»

«Згаджаешся? — падышоўшы бліжэй, запытаўся бургамістр.— Дык распарадзіся, дзе згрузіць бярвенні, а потым да мяне заходзь».

«Але ж,— страпянуўся Макар.— Коні ўвесь дзень нямецкія газеты чыталі».

«Ты ў мяне дабрэшашся,— зазлаваў бургамістр.— Не пагляджу на тваю старасць!...»

«Адбіваю аванс,— агрызнуўся Макар.— Колькі лішніх далі! Я ў даўгу не астануся».

«Паехалі!» — сказаў Кастрыцкі, і падводы рушылі.

Прайшло з месяц, як Кастрыцкі быў старастам. За гэты час у каго была якая зброя, яе прывялі ў баявую гатоўнасць, перарабілі косы і сярпы на нажы. Аблазілі ўвесь Нёман, дзе была пераправа, шукаючы зброю. Асаблівы попыт быў на аўтаматы. Аднаму хлопцу заплацілі за аўтамат — каня. А колькі прылажылі працы, пакуль прывялі ў парадак гармату. Але ўсё падрыхтавалі, усё было напагатове.

З горада слалі паперку за паперкай аб здачы падаткаў, а яршоўцы і ў вус не дзьмулі. Кастрыцкі складаў акт за актам. Жыта ў яго град пабіў, канюшыну нямецкія коні стапталі, лён на корані падгніў, бульбу рак папсуў (а яго і ў паміне не было), грэчка позна пасеяна і не ўзышла. Адным словам, замест здачы харчавання немцам, яршоўцы стварылі фонд для партызан. Слава аб яршоўцах разнеслася па ўсёй акрузе.

Бургамістр нерваваўся, ён пагражаў.

«Калі ў аднадзённы тэрмін вёска Яршы не ўнясе падаткаў, разглядаем усіх яршоўцаў партызанамі, выедзе карная экспедыцыя».

Занепакоіліся яршоўцы. За адну ноч яны адправілі ўсіх дзяцей і старых з маёмасцю ў падрыхтаваныя ў лесе лагеры, а мужчыны, на чале з Кастрыцкім, занялі абарону. Досвіткам з’явіліся карнікі. Яршоўцы, падпусціўшы карнікаў метраў на дзвесце, адкрылі па іх ураганны агонь. Завязаўся кравапралітны бой, які цягнуўся ўвесь дзень. Да карнікаў падаспела падмацаванне. Яны пачалі цясніць яршоўцаў. Тады Кастрыцкі ўвёў у бой усе свае рэзервы, якія былі выкліканы з лагера. Выкаціўшы гармату на адкрытыя пазіцыі, Кастрыцкі простай наводкай пачаў біць па карніках, рассеяўшы іх па полі. Позна ўвечары скончыўся бой. Карнікі адступілі, пакінуўшы на полі бою шмат забітых салдат і афіцэраў. А гэта здарылася таму, што яны пераацанілі свае сілы і недаацанілі партызан. Страты яршоўцаў таксама былі вялікія. Сярод забітых быў Макар.

Акалічнасці яго геройскай смерці такія. Ён быў на правым флангу, калі яршоўцы пад націскам вялікіх сіл карнікаў падаліся назад і пакінулі фланг адкрытым. Макар, крыкнуўшы: «Са сваёй зямлі не саступлю!», адзін астаўся прыкрываць фланг. У рукапашнай схватцы ён палажыў трох карнікаў. Чацвёрты нанёс яму смяротную рану. Макар сканаў на полі бою.

Усю ноч было спакойна. Раніцою з’явіліся нямецкія самалёты. Скінуўшы на вёску бомбавы груз, яны палівалі вёску Яршы свінцом. Усе людзі асталіся на сваіх месцах, яны білі па самалётах. Аднаго «рызыканта» яршоўцы такі збілі. Самалёт з усім экіпажам урэзаўся ў зямлю. Узвіліся ўверх клубы чорнага дыму.

Гарэлі Яршы, шугала полымя, пажар быў відаць на дзесяткі кіламетраў. Да поўдня вёскі не стала. Тырчалі абгарэлыя коміны, стаялі печы, дыміліся галавешкі. Але яршоўцы не пакідалі наседжаных месц. Ім кожнае дрэва з пажоўклымі лісцямі, кожны куст былі мілыя. Гэтая зямля іх ускарміла, тут яны гадаваліся, вучыліся. За свой родны кут, які быў ім мілей за ўсё на свеце, яны гатовы былі памерці. Ведаючы, што карнікі яшчэ прыйдуць, яны рыхтаваліся іх як мае быць сустрэць.

І яршоўцы не памыліліся. Неўзабаве паказаліся дазорныя карнікаў. Яршоўцы не давалі аб сабе знаць. І толькі тады, калі падышлі асноўныя сілы карнікаў, яршоўцы адкрылі па іх агонь. Адбыўся кароткі бой. Карнікі ў паніцы разбегліся, пакінуўшы на полі бою каля трыццаці чалавек. У гэтым баі быў паранены камандзір яршоўскіх партызан Кастрыцкі, але ён да апошняга кіраваў боем.

Дыміліся Яршы. Прыляцеў бусел у вёску і, не знайшоўшы свайго гнязда, паляцеў у бок рэчкі. На адной з уцалелых печаў сядзеў замурзаны коцік, грэючыся на сонцы, мыючыся лапкамі. Пахла горкім дымам.

Яршоўцы пахавалі сваіх таварышаў і, даўшы салют, рушылі ў лес, сеяць помсту».

Скончыўшы апавядаць, Сяргей Паўлавіч закурыў.

— Але ж гэты самы Сымон Бурачок,— пасля кароткай паўзы, загаварыў селянін, звяртаючыся да Сяргея Паўлавіча,— вельмі падобны на нашага Вінцэнта Ягайлу... Гэтага з Літвы прывезлі... Кропля ў кроплю... Можа, нават горшы... Так прыціснуў — ні дыхнуць...

— А хіба мы не можам зрабіць тое ж самае з Ягайлам, што яршоўцы з Бурачком-апошнім? — ажывіўся былы калгасны рахункавод Чыж.— Баланс у нашу карысць... Сіла ў народзе...

— Не вельмі ты зробіш,— сказаў селянін.— Дэбет, крэдыт... Зашыўся ў нару... А прыйдуць нашы: падаць сюды Чыжа; што ты рабіў, каб хутчэй прагнаць фашыста?.. Зямлю на палосы дзяліў?..

У хату ўвайшоў Ягайла з двума паліцыянтамі, якія адразу накінуліся на Сяргея Паўлавіча, звязалі яму рукі назад.

— Пойдзем у воласць!..

— Якая воласць,— ускіпеў Чыж.— Завядзем за вёску і зробім канцы...

— Каму? — запытаўся селянін у кажусе.

— Там паглядзім,— адказаў Чыж.

— Пайшлі! — загадаў Ягайла.

Сяргей Паўлавіч здзіўлена паглядзеў на Чыжа. Мужчыны натоўпам моўчкі ішлі, а як толькі прайшлі апошнюю хату, загаманілі. Выламаўшы з плота кол, Чыж з размаху ўдарыў па галаве Ягайле — той і зваліўся. Астатнія ўзяліся за паліцыянтаў, змялі іх. Забітых сцягнулі ў глінішча і кінулі.

Сяляне вёскі Дрыгвічы папрасілі Сяргея Паўлавіча яшчэ на дзень астацца, і ён ахвотна згадзіўся. Заварушыліся дрыгвічанцы, запрацавала кузня, каваль рабіў зброю. Па вёсцы бегалі падлеткі. Адзін з іх, як дарослы, сказаў: «А што ты зрабіў для таго, каб хутчэй прагнаць фашыстаў?» Другі адказаў: «Пачакай, зраблю!» Доўга ў гэтую ноч у вёсцы Дрыгвічы гарэлі агні — гэта бацькі і мацеры, жонкі і сёстры збіралі ў дарогу сваіх родных і любімых, наказваючы ім жорстка помсціць фашыстам, якія парушылі людзям мірнае, радаснае і шчаслівае жыццё.

 

15

Панцялей Аўсянік ужо некалькі гадзін сядзеў у хвойніку, чакаючы зручнага моманту, каб спаткацца хоць з кім з паліцаяў, што ахоўвалі мост. Нарэшце ён убачыў свайго земляка, з якім у школе сядзеў за адной партай. Зямляк прыходзіў у хвойнік па дровы.

— Мацей! — гукнуў Аўсянік.

У Мацея закалаціліся рукі, пасыпалася галлё. Тут ужо не адзін раз былі партызаны. Мацей хацеў уцякаць.

— Стой! — набраўшыся храбрасці, скамандаваў Аўсянік.— Няўжо не пазнаеш сваіх?

— Аўсянік! — ледзь вымавіў Мацей.— Адкуль ты? Дзе ты цяпер?

— У партызанах,— важна адказаў Аўсянік.— Вас, дурняў, прыйшоў ратаваць. Ад вас жа астанецца мокрае месца, як вернецца Чырвоная Армія. А яна абавязкова вернецца!

— А братачка,— узрадаваўся Мацей.— Няўжо па нас? Мы даўно збіраліся ўцячы. Але дома нельга жыць, а ў партызаны ці возьмуць?

— Камандзір атрада сказаў, хто варты гэтага — прымем у партызаны, няхай сваёю крывёю скупяць віну,— паведаміў Аўсянік.

— Дык ты чакай тут, не пройдзе і гадзіны, як сюды з’явяцца ўсе нашы хлопцы, якіх ты добра ведаеш. Пойдзем з табою!

— Не выйдзе!

— Чаму?

— Трэба заслужыць.

— А як?

— Узарваць мост.

— Дык жа немцы.

— Немцаў пабіць.

— Цішэй ты,— спалохаўся Мацей,— яшчэ могуць падслухаць. А чым ты ўзарвеш?

— Ёсць чым, абы было каму.

— Будзе,— абяцаў Мацей.— Калі дазволіш, я зараз прывяду сюды з дзесятак хлопцаў.

— Ідзі і прыводзь.

— А ты сапраўды ад партызан? — перапытаў Мацей.

— Па заданню камандавання.

— А хто ў вас камандзір?

— Гарашчэня. Чуў такога?

— А як жа! Тады іду! — Мацей узяў назбіраныя дровы і хутка пайшоў.

Здоўжылася Аўсяніку чакаць, прыходзілі ў галаву розныя думкі, а што, калі паліцаі пабаяцца ісці або прыйдуць, каб яго захапіць. На ўсякі выпадак Аўсянік падрыхтаваў гранату, калі толькі захочуць яго ўзяць, дык жывым не возьмуць. Нарэшце паказаліся паліцаі, яны ішлі па аднаму і невялікімі групамі, усяго чалавек дванаццаць. Па целе Аўсяніка прабеглі мурашкі. Партызан мацней сціснуў у руках гранату. Першым увайшоў у лес Мацей, не знаходзячы вачыма Аўсяніка, паліцай засвісцеў. Аўсянік яму адказаў. Яны сышліся.

— Вось гэтыя адзінаццаць чалавек, якія са мною прыйшлі, хоць зараз могуць ісці,— паведаміў Мацей.

— Перш чым ісці, дык трэба зрабіць тое, што я казаў. Я да вас пайду!

Сабраліся паліцаі, доўга раіліся, нарэшце, набраўшы дроў, пайшлі. А з імі рушыў і Аўсянік. Яны ўмовіліся прасіць обер-лейтэнанта прыняць Аўсяніка ў ахову моста.

Да обер-лейтэнанта зайшлі Аўсянік і Мацей.

— Прашу вас прыняць мяне паліцыянтам.

— А хто за вас можа паручыцца? — агледзеўшы з ног да галавы Аўсяніка, спытаўся обер-лейтэнант.

— Я,— сказаў Мацей.— Яго бацька бальшавікамі быў раскулачаны...

— Добра,— і тут жа афіцэр распарадзіўся залічыць Аўсяніка ў паліцыянты.

Ужо тры дні Аўсянік быў у ахове моста. Параіўшы быць асцярожнымі, група паліцаяў праводзіла работу сярод астатніх. Аўсянік трымаўся ў баку. Да яго яшчэ прыглядаліся, вывучалі. На чацвёрты дзень Аўсяніку далажылі, што ўжо ёсць пяцьдзесят тры чалавекі, якім смела можна даверыць, не падвядуць.

— Тады можна пачынаць,— сказаў Аўсянік.

На пятыя суткі, ноччу, паліцаі, кіруемые Аўсянікам, напалі на сонных немцаў. Завязалася гарачая бойка. Аўсянік сам усадзіў у сэрца кінжал обер-лейтэнанту, што той і не пікнуў. З немцамі расправіліся даволі хутка, галоўным чынам халоднай зброяй, а з вартавымі, якія ахоўвалі мост (там было некалькі чалавек немцаў), завязалася перастрэлка, якая некалькі зацягнулася. Ужо ў чатыры гадзіны ночы гарнізон немцаў і верных ім паліцаяў быў разгромлены.

Аўсянік даў каманду закласці тол. Усё было зроблена. У восем гадзін раніцы пачуўся магутнай сілы выбух. Скаланулася зямля, пасыпаліся з дрэваў галіны. Аўсянік збоку наглядаў. Узляцеў у паветра слуп вады. Падняўся ўгару мост, нібы вараны жарабок на дыбкі, а потым грузна сеў на заднія ногі. Валіў чорны дым, пукамі выкідала агонь, гэта гарэлі пабудовы гарнізона.

Збіраліся ва ўмоўленае месца паліцаі.

— А дзе ж Мацей? — спытаўся Аўсянік.

Ён запаліў шнур і, відаць, разгубіўся, не паспеў адскочыць...

— Шкада,— прагаварыў Аўсянік.— Добры быў хлопец. Трэба пахаваць забітых.

Не марудзячы, адны пачалі капаць магілу, а другія пайшлі падабраць забітых. Спяшаючыся, пахавалі. Не было ні прамоў, ні салюта.

Неўзабаве Аўсянік рушыў у лагеры.

— Чулі сёння раніцою выбух? — пыталася Міроніха ў Гарашчэні.— Што б гэта магло быць?

— А хто яго ведае? — паціснуў плячыма Гарашчэня.— Можа, немцы што падарвалі.

У атрадзе амаль ніхто і не заўважыў, што Панцялея Аўсяніка пяцёра сутак не было. Бывае часам, што жыве чалавек, памрэ, і як быццам яго і на свеце не было, нічым асаблівым ён не вызначыўся, а таму нікога гэта не кранае. Толькі Гарашчэня з напружаннем чакаў вестак ад Аўсяніка, дапускаў, што гэты выбух зроблены няйначай ім.

Раптам у лесе пачулася каманда:

— Аць! Два! Левай! Хто там крочыць правай! Падбяры жываты! Галовы вышэй! Песню!

Паблізу ад лагера нязладжана прагучала «Широка страна моя родная».

— Таварыш камандзір! — падбегшы, далажыў партызан.— Наш вучоны нейкі зброд сюды вядзе.

— Які зброд?

— Сам не ведаю. Яго суправаджаюць партызаны з заставы. Яны ідуць з аўтаматамі напагатове.

— Які ж ты партызан, калі не ведаеш? Даведацца і далажыць! Што за дзівацтва?!

— Ёсць даведацца і далажыць.

— Цікавы ён чалавек.

— Хто?

— Аўсянік,— сказала Міроніха.

— Так,— згадзіўся Гарашчэня.— Але чамусьці яго ніхто не любіць...

— Бо не ведаюць яго душы.

— Напэўна. Але, прызнацца, і для мяне ён загадка. Штосьці ў ім ёсць добрае, але яно...

— Правае плячо наперад,— камандаваў Аўсянік.— Раўненне направа! Сто-о-ой! Скласці зброю вось тут і чакаць майго распараджэння.

Забразгацелі вінтоўкі, залязгалі штыкі, зазвінелі патроны, паляцелі на зямлю белыя павязкі з рукавоў паліцыянтаў. Людзі свабадней уздыхнулі. Каля скінутай зброі сталі на варту некалькі партызан.

Гарашчэня і Міроніха здзіўлена глядзелі, не ведаючы, у чым справа.

— Дазвольце далажыць, таварыш камандзір,— чотка рапартаваў Аўсянік.— Ваша заданне выканана. Мост праз рэчку Беразнянку сёння раніцой узляцеў у паветра. Ахова моста — трыццаць фашыстаў і трынаццаць паліцаяў — перабіта. Трое былых паліцаяў, сярод іх Мацей Сідарчук, пры выкананні задання загінулі. Астатнія былыя паліцыянты ў колькасці пяцідзесяці чатырох чалавек, якія паўсталі супраць фашыстаў, са зброяй дастаўлены сюды. Чыгунка выведзена са строю самае малое на два-тры тыдні, а то і на месяц.

— Добра,— паціскаў руку Гарашчэня.— Не чакаў я ад вас, таварыш Аўсянік, такога спрыту. Скажыце, каб накармілі іх, і хто хоча, няхай астаецца ў партызанах і сваёю крывёю давядзе сваю адданасць радзіме, а хто не хоча, могуць ісці дадому, з той толькі ўмовай, што яны не пойдуць на службу да немцаў. Паабедайце і вы, і адпачніце, а пасля з’явіцеся да мяне, і падрабязна раскажаце, як вы арганізавалі ўзрыў моста. Дарэчы, а тыя трынаццаць паліцыянтаў, яны што — адмовіліся памагчы партызанам?

— З імі папярэдне не гаварылі — баяліся праваліць справу. А калі завязалася бойка, дык яны былі на баку немцаў. Іх не стралялі, а на кавалкі разрывалі.

— То і добра зрабілі. Ну, ідзіце абедаць!

— Вой, вой! А ў мяне сёння боршч не вельмі ўдалы, прыхваткамі варыла, а тут чужыя людзі,— занепакоілася Міроніха.

— Нічога, у немцаў ім і не сніўся такі боршч,— усміхнуўся Гарашчэня.— Немцы для паліцаяў асобна гатавалі страву. Так?

— Але,— сцвердзіў Аўсянік.— Баландой кармілі.

— Вядзіце людзей абедаць,— распарадзіўся Гарашчэня.

— Ёсць! — прыстукнуўшы абцасамі, аддаўшы чэсць, што ледзь не зваліліся акуляры з кірпатага носа, павярнуўся і пайшоў Аўсянік.

Гарашчэня і Міроніха, пераглянуўшыся, задаволена правялі вачыма нязграбную, некалькі сутулую, з доўгімі рукамі постаць Аўсяніка. Падышоўшы да паліцыянтаў, ён аддаў каманду:

— Стрэ-э-йся! На абед, за мною, ша-а-гам мэ-эрш!

Увесь гэты дзень толькі і ішла гаворка пра Аўсяніка, пра яго незвычайны ўчынак, кемлівасць і адвагу. Казалі, што з яго выйдзе вялікі вучоны, і ў доказ для гэтага прыводзілі яго разгубленасць, бо ён часамі шукаў вінтоўку, а яна ў яго была за плячыма. Больш ніхто ўжо не адважваўся з яго пакепліваць, наадварот, ставіліся з павагай, звалі Панцялеем Савельевічам, а некаторыя зайздросцілі. Так за адзін дзень змяніліся адносіны да чалавека.

Ужо другія пеўні праспявалі — у лагеры завялося некалькі курэй і тры пеўні,— а Гарашчэня з Аўсянікам усё яшчэ гаварылі. Аўсянік аказаўся цікавым субяседнікам, з якім было аб чым пагаварыць, паспрачацца ці, як жартаваў Гарашчэня, патачыць розум, а патрэба ў гэтым была вялікая.

— Добрую вы справу зрабілі, Панцялей Савельевіч,— захапляўся Гарашчэня.— Недалёкія людзі нават могуць не паверыць, каб адзін чалавек мог такое зрабіць. А гэта ж факт — мост узарваны.

— Калі б мне паліцаі не паверылі, гэтак як вы мне,— устаў Аўсянік.— Трэба ўмець бачыць, каму можна верыць, а каму не... Бываюць жа людзі, гавораць адно, а робяць другое... Клянуцца ў дружбе, а самі гатовы ўсадзіць нож у спіну... Баяцца трэба езуіцкай натуры людзей...

— Та-а-ак,— развітваўся Гарашчэня.— Вайна, акрамя дрэннага, прыносіць і карыснае. На вайне хутчэй пазнаюцца людзі. Адкідаецца розная дрэнь. Заходзьце! Буду рады вас бачыць, сыграем у шахматы.

— Спакойнай ночы!

— Прыемнага сну!

Гарашчэня з Аўсянікам знайшлі агульную мову, наладзілі кантакт, сталі сябрамі. Вайна зблізіла іх, парадніла. Гарашчэня ніяк не мог сабе дараваць, як гэта ён так абыякава паставіўся да гэтага чалавека. «Можа, і ў адносінах да Марыйкі я не праў,— думаў сам сабе Гарашчэня.— Яна нейкая асаблівая, непаўторная, душэўны чалавек». Гарашчэня да таго загаварыўся з Аўсянікам, што забыўся замаскіраваць «акно» ў сваёй зямлянцы. Пачуўся стук.

— Заходзьце!

— Замаскіруйце ваша акно! — быў чутны голас Марыйкі.— Нямецкі самалёт кружыць.

— А-а-а, гэта Марыйка, ты што так позна не спіш?

— Дзяжурыла, толькі змянілася?

— Дык што ты мяне цураешся?

— Невядома, хто каго цураецца?

— Заходзь!

— Спаць трэба.

— Паспееш выспацца.

— Ну, добра.

У зямлянку ўвайшла Марыйка, чырванашчокая, бадзёрая. Гарашчэня прапанаваў ёй распрануцца, але яна адмовілася. Марыйка здзівілася такой нечаканай перамене. Ён ніколі не быў з ёю такім ветлівым, як сёння.

— Я толькі на хвілінку.

— Сядай!

— Дзякую,— Марыйка прыперлася на скрынку з-пад снарадаў, якая служыла крэслам.— А Аўсянік, кажуць, усё нешта піша і піша. Можа, над дысертацыяй працуе?

— Нічога мне не гаварыў.

— І не будзе гаварыць. Чалавека пасмешышчам зрабілі. І гэтаму некаторыя патуралі.

— Праўда,— згадзіўся Гарашчэня, але ўсё ж яго кальнула.— Не вельмі і ты за яго заступалася. Хіба, можа, цяпер пераменіш адносіны?..

— Я што, я чалавек малы,— Марыйка не ўлавіла іроніі.— А на вас усе глядзяць, з вас бяруць прыклад. Адзін ваш ківок шмат што значыць.

— І што ты да мяне маеш? — усміхнуўся Гарашчэня.— От стрэмка!

— Як? — засмяялася Марыйка.

— Стрэмка.

— Пачакайце ж, калі-небудзь не гэтак укалю!

— Адклад не ідзе на лад.

— Нешта спаць сёння хочацца,— Марыйка ўстала.

— Твае сённяшнія стрэлы міма цэлі.

— Можа? — усміхнулася Марыйка, збіраючыся выходзіць.— Да пабачэння!

— Усяго добрага!

Гарашчэня правёў Марыйку і хутка сам вярнуўся. Ён праверыў, што ім было зроблена за дзень, і пачаў укладвацца спаць.

 

16

У штабе камандзіра палка маёра фон Шульке ішла распрацоўка плана наступлення на гарашчэнеўцаў. Маёр фон Шульке нерваваўся, не было патрэбных вестак аб сіле партызан, іх метадах барацьбы, нават не было добра вядома аб месцазнаходжанні атрада Гарашчэні. А маёр фон Шульке вельмі быў асцярожны ў сваіх дзеяннях.

— Не, ваяваць без добра правераных дадзеных разведкі нельга,— адарваўшыся ад карты, сказаў фон Шульке.— У рускіх на гэты конт ёсць нават прыказка: «Паспяшыш, людзей насмяшыш».

Да камандзіра палка зайшоў начальнік штаба з дакладам. Нервовы настрой маёра перадаўся капітану. Ён не мог пачаць дакладваць.

— Ёсць што важнае? — выручыў капітана маёр фон Шульке.

— Камандзір дывізіі патрабуе неадкладна распачаць баявыя дзеянні... знішчыць атрад Гарашчэні...

— Неадкладна, знішчыць,— зняважліва паўтарыў гэтыя словы маёр фон Шульке.— Няхай сам паспрабуе... Патрабаваць лягчэй, чым выконваць... Дадзеныя разведкі розныя... Адны весткі гавораць пра тое, што ў атрадзе Гарашчэні нязначныя сілы і атрад нябоездольны, а другія... больш за тысячу чалавек... Каму верыць? — маёр фон Шульке прайшоўся.— Яшчэ што ў вас?

— Гэтай ноччу ўзарваны мост праз рэчку Беразнянку... Гарнізон — знішчаны... Работа чыгункі спынена не меней як на месяц...

— Што? — забегаў маёр фон Шульке па пакоі.— Цяпер стары нас з’есць...— маёр спыніўся: — Чыя работа?

— Гарашчэнеўцаў,— адказаў капітан.

— Ну, што я казаў,— усклікнуў маёр фон Шульке.— З гарашчэнеўцамі трымай вуха востра...— маёр падумаў: — З СД ёсць што?

— Толькі весткі бургамістра Пясецкага... і то блытаныя...

— Выклікаць да мяне бургамістра.

— Слухаю! — казырнуў начштаба.

— Людзей падабралі для засылкі ў партызаны?

— Згадзілася пайсці да партызан Аксеня Бандарчык,— паведаміў начштаба.— Яна тут, можа, паклікаць яе сюды?

— Не хачу знацца з такімі жанчынамі,— пагардліва прагаварыў маёр фон Шульке.— Заданне: праверыць месцазнаходжанне атрада Гарашчэні, яго сілы, боездольнасць, якімі валодае сродкамі ўзбраення.

— Ёсць,— казырнуў начштаба.

— Чыгунка, якую кантралюе атрад Гарашчэні, вельмі важная для нас, і мы абавязкова адціснем яго адсюль, але на «авось», як рускія кажуць, спадзявацца нельга,— разважаў маёр фон Шульке.— На забывайце, што Гарашчэня быў ваенкомам палка ў Чырвонай Арміі. Яго голымі рукамі не возьмеш.

— Дык што ж тады далажыць камандзіру дывізіі? — нясмела пытаўся начштаба.— Па ўсяму відаць, што стары нездаволены. Піша, што навядзення парадку ў тыле патрабуе фюрэр.

— Гэта мы і без яго ведаем,— сказаў маёр фон Шульке і, падумаўшы, дадаў: —Далажыце, што вядзецца падрыхтоўка для наступлення. Паведаміце, што ў атрадзе Гарашчэні па неправераных дадзеных налічваецца да палка пяхоты... Можаце нават прыбавіць... На вайне без гэтага нельга... Нашы меркаванні? Адціснуць атрад Гарашчэні ад чыгункі, загнаць у дрыгву і знішчыць... Заверце камандзіра дывізіі, што гэта будзе зроблена...

— Слухаю,— казырнуў начштаба і выйшаў.

А маёр фон Шульке зноў паглыбіўся ў справы, ён працаваў над картай, нешта занатоўваючы ў блакнот. Ардынарац прынёс гарачую каву, маёр адкінуўся ў крэсле і з лыжачкі яе піў. У галаву прыходзілі розныя фантастычныя думкі, як захапіць Гарашчэню жывым. Тады не толькі будзе падвышэнне ў чыне, але і ўзнагарода забяспечана.

 

17

Партызаны Гарашчэні кантралявалі важную чыгунку, перашкаджаючы немцам падвозіць да фронту боепрыпасы, гаручае і харчаванне, тэхніку і жывую сілу. Камандаванне дывізіі вырашыла паралізаваць дзейнасць партызанскага атрада і, калі не ўдасца яго знішчыць, то адціснуць ад чыгункі, загнаць у дрыгву. Камандаванне палка маёра фон Шульке старанна рыхтавала гэтую аперацыю. Не спаў у шапку і Гарашчэня. Па скупых дадзеных разведкі Гарашчэня разгадаў, адкуль немцы могуць ісці, пабудаваў умацаванні: воўчыя ямы, пасткі, месцы для снайпераў. Гарашчэня скарыстаў нерашучасць фон Шульке. Быў выйгран час для падрыхтоўкі абароны. На ўсякі выпадак, Гарашчэня паклапаціўся аб новых лагерах, перавёў туды майстэрні атрада, дзяцей і старых. Новыя лагеры ён назваў другім эшалонам, вылучыўшы для аховы людзей выздараўліваючую каманду.

Старанна рыхтаваўся Гарашчэня выкарыстаць супраць немцаў і ўсю сваю тэхніку. Ён асабіста праверыў усе кулямёты, гарматы. Некалькі дзён таму назад Гарашчэня прыняў у атрад лётчыка Чыгіра, які ўцёк з лагера ваеннапалонных. Чыгір быў вельмі знясілены. Гарашчэня параіў Чыгіру спыніцца ў бабкі Марцэлі — яна хоць і бурклівая, але дагледзіць. Ён выдаў Чыгіру спецпаёк, каб хутчэй паставіць на ногі хворага.

У баях з немцамі Гарашчэня хацеў выкарыстаць самалёт. Была падрыхтавана пасадачная пляцоўка, падвезены бомбы, узятыя ў немцаў. Чыгіру давалася віно і шакалад. Бабка Марцэля паіла яго малаком. Чыгіру камандзір нічога не гаварыў аб самалёце, папярэдзіўшы і іншых, каб таксама маўчалі, бо ён у вёсцы Падгайнаўка праходзіў каранцін, трэба было даведацца, што гэта за чалавек.

Малады, здаровы, Чыгір папраўляўся не па днях, а па гадзінах. Прабыўшы тыдні два ў своеасаблівым доме адпачынку, Чыгір пачаў галіцца — добрая адзнака для мужчыны. А да гэтага ён быў да таго абросшым нейкай рыжай шчацінай, што выглядаў зусім старым, пра яго нельга было падумаць, што ён лётчык. Аксеня ішла па ваду. Угледзеўшы Чыгіра паголеным, яна ўхмыльнулася і крутнула спадніцаю. На Аксеніным лобе і ружовых шчоках выступіў пот. Да гэтага ў Аксені стаяў на кватэры повар адной нямецкай часці, які пасля ад’езду, казалі, пакінуў шмат прадуктаў.

Чыгір чакаў, калі Аксеня будзе вяртацца, каб добра яе разгледзець. Нарэшце, цяжка ступаючы, несучы поўныя вёдры вады, падаткнуўшыся, ішла Аксеня. Каля Марцэлінай хаты Аксеня спынілася і, цяжка ўздыхнуўшы, паставіла вёдры, нібы вельмі стамілася. Калі яна ўхмыльнулася, відаць былі рэдкія зубы.

«Прыходзь да мяне! — вабіла вачыма Аксеня Чыгіра.— Ой, як мне сумна адной!»

— Можна вам памагчы паднесці вёдры? — усхапіўся з лаўкі Чыгір.

— Калі ласка,— гулліва зарагатала Аксеня.

Бабка Марцэля, якая з хаты сачыла за Чыгіром, забарабаніла ў акно.

— Я табе памагу, сваіх не пазнаеш! — крыкнула бабка Марцэля.— Яна і перад хрыцамі гэтак сама выскалялася... Бессаромніца... Пачакай жа, прыйдуць нашы...

— Я сама да іх пайду... Больш тут аставацца не магу...

І Аксеня, схапіўшы вёдры, спадылба паглядзела на Чыгіра. «Эх ты, мужчына!» — падумала Аксеня, яна з пагардай акінула вачыма Чыгіра і, расплёскваючы ваду, пакручваючы спадніцаю, хутка пайшла. Чыгір стаяў з апушчанымі рукамі, не ведаючы, што яму рабіць.

— Сынок,— выйшаўшы з хаты, загаварыла бабка Марцэля.— Плюнь ты на яе, гэтую гадаўку. За цябе ж любая дзяўчына пойдзе замуж.

Хутка на вуліцы зноў паказалася Аксеня. Яна, пераадзеўшыся, ішла з клункам, вырашыўшы пакінуць Падгайнаўку, бо ёй тут жыцця не было.

— Куды? — запытаўся Чыгір.

— Вольная казачка, куды хачу, туды і іду,— насмешліва адказала Аксеня.— Можа, правядзеш? Не пашкадуеш! Але ж ты бабкі баішся?!

— Пачакай! — схапіў за руку Чыгір.— Куды?

— У партызаны,— Аксеня вырвала руку і пайшла.

— Наваюе яна... — усміхнулася бабка Марцэля.— От распуста!

Але Чыгір яе не слухаў.

Даведаўшыся аб тым, што атрад Гарашчэні рыхтуецца да нейкай сур’ёзнай аперацыі, Чыгір звярнуўся да камандзіра атрада з просьбай выкарыстаць яго ў баі, ён ужо адчуваў сябе добра, і сядзець склаўшы рукі, у той час калі нават старыя і дзеці прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да бою, яму было крыўдна.

Перад камандзірам атрада стаяў нізкі, шырокі ў плячах, чыста паголены мужчына. На твары Чыгіра, пасля таго як яго ў часе паветранай катастрофы раніла, быў шрам, а вочы, вялізныя шэрыя вочы, гарэлі агнём нянавісці да фашыстаў.

— Я, таварыш камандзір атрада,— загаварыў усхваляваны Чыгір,— прашу даць мне любое заданне, я яго з гонарам выканаю. Не магу сядзець, калі трэба біцца. Для гэтага мяне і цягнула з Нямеччыны на радзіму. Я каля сямісот кіламетраў пешкі прайшоў. Здаецца, калі б я быў сляпым, і то патрапіў бы на бацькаўшчыну. Без рабра астаўся, маці забілі, сястру абняславілі, бацьку расстралялі. Дайце мне вінтоўку, і я разам з усімі пайду ў бой.

— З вінтоўкай не штука,— паверыў яму Гарашчэня,— з вінтоўкай у нас ёсць каму ісці. От, скажам, каб з самалёта задаць фашыстам перцу.

— О, каб мне самалёт! — загарэўся Чыгір.— Даў бы ім жыцця.

— Ёсць у нас «вутачка», але...

— «Вутачка»! Можна і на «вутачцы» кроў з носа пускаць.

Гарашчэня, не вагаючыся, загадаў аддаць самалёт у поўнае распараджэнне Чыгіра, падрыхтаваць яго да бою і чакаць указання аб вылеце. Чыгір, радасна ўсхваляваны, аддаўшы чэсць, павярнуўся і выйшаў з зямлянкі. Праходзячы па лагеры, Чыгіру здалося, што прамільгнула Аксеня, ён было хацеў ісці за ёю, а потым махнуў рукою. Трэба было рыхтаваць самалёт да вылету.

Гарашчэня, схіліўшыся, зноў сядзеў над картай. Яму хацелася даць такі бой, каб немцы больш не лезлі да яго, і, што б там ні было, захаваць кантроль над чыгункай. Гарашчэня ведаў, што немцы ўяўляюць вялікую сілу, яны маюць цяжкія гарматы, пушкі і нават самалёты. Партызаны па ўказанню камандзіра будавалі бліндажы, робячы некалькі накатаў.

Не чакаючы наступлення немцаў, Гарашчэня аддаў распараджэнне самім пачаць, ён загадаў Чыгіру разбамбіць ворага. Увесь дзень рыхтаваўся Чыгір да начнога палёту. Усё было гатова. Да вечара аставалася гадзіны чатыры. Чыгір па загаду камандавання атрада лёг адпачыць, але яму не спалася, хацелася хутчэй падняцца ў паветра, каб біць фашыстаў.

Пачуўшы стук у дзверы, Гарашчэня адарваўся ад карты і, убачыўшы Міхаську, запрасіў:

— Заходзь, заходзь! Ну, што скажаш, «жабрак»?

— Шмат чаго ёсць расказаць,— гаварыў, спяшаючыся, Міхаська.— У Нараўлянах няма немцаў.

— А дзе ж яны?

— Асноўныя сілы ў Чорным Бродзе. У школе — штаб палка. Яшчэ стаяць у Барвёнаве і Смалярні, Забалоцці і Пурышах. Я гаварыў з самім камандзірам палка, маёрам фонам Шульке.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў Гарашчэня.— Не фонам, а фон. Як жа ты да яго дайшоў? Гэта ж вялікая «шышка».

— Давялі,— усміхнуўся Міхаська.— Прычапіўся адзін, што я падлічваў танкі, за карак і ў штаб. Я такі гэта і рабіў. А там маёр фон Шульке, пагаварыўшы са мною, даў мне заданне разведаць пра партызанскі атрад Гарашчэні. Чулі такога?

— Няўжо?

— Ей-права!

— І ты згадзіўся?

— А што б ад мяне асталося, каб я не даў згоды... Так што выкладайце, колькі ў вас людзей, якое ўзбраенне, дзе вы размешчаны і іншае...

Міхаська, расказаўшы падрабязна, дзе і колькі стаіць немцаў, якое ў іх узбраенне, пайшоў адпачываць. А Гарашчэня ўдакладняў аператыўны план, па некалькі разоў правяраў, уносіў карэктывы. У зямлянцы было так накурана, што хоць тапор вешай. Да камандзіра атрада зайшоў Чыгір, ён далажыў, што самалёт гатоў да вылету. Аддаўшы загад лётчыку, Гарашчэня сказаў:

— Веру, што вы справіцеся з сваім заданнем. Немцы зусім спакойны адносна паветра, а мы іх крыху патрывожым. Ёсць весткі, што яны заўтра мяркуюць правесці разведку боем, а мы ім сёння не дадзім спаць. Яны вельмі любяць супакой, дык мы іх трохі патурбуем. Калі не хапае сілы палажыць фашыста, дык хітрасцю вазьмі — падстаў ножку, абы зваліць падлюгу. Дзейнічайце!

— Ёсць!

Чыгір, усхваляваны, расчырванеўшыся, выйшаў. Гарашчэня, накінуўшы на плечы шынель, пайшоў на партызанскі аэрадром, каб самому асабіста праверыць, ці ўсе людзі на месцы, ці ўсё падрыхтавана для таго, каб Чыгір мог ноччу бамбіць ворага. Гарашчэня «ўсім давяраў і ўсіх правяраў». Гэта было яго правілам, якога ён ніколі не парушаў.

Гарашчэня яшчэ здалёку ўбачыў партызанскія кастры і ўзрадаваўся, паскорана білася сэрца, ён набліжаўся да аэрадрома. «Быць не можа,— думаў сам сабе ён,— каб мы немцам не набілі морды».

Калі Гарашчэня падышоў да самалёта, прапелер ужо быў заведзены. Чыгір чакаў загаду ляцець. Гарашчэня, паглядзеўшы на гадзіннік, падаў сігнал. Самалёт, адарваўшыся ад зямлі, набіраў вышыню. Змерклася, свяціў месяц, паблісквалі зоры. Ляцець было недалёка. Людзі не разыходзіліся, чакаючы звароту машыны, старанна рыхтуючыся да прыёму ў начны час самалёта.

 

18

Марудна цягнуўся час. Нарэшце пачуўся першы, другі, трэці выбухі. Гарашчэня радасна ўсміхнуўся, ведаючы, што гэта работа Чыгіра. Партызаны ўспомнілі пра Мікалая Дразда, які захаваў гэты самалёт. Пачулася стральба з кулямёта, сумнення не было, гэта Чыгір з свае «вутачкі» даваў немцам жыцця.

Здоўжылася чаканне звароту самалёта. Нарэшце затарахцела над лесам, гул матора набліжаўся. Чыгір, адбамбіўшыся, ляцеў назад. Ён зрабіў над аэрадромам некалькі кругоў і падаў умоўлены знак — сінюю ракету. Успыхнулі партызанскія агні. Лётчык прызямліўся.

— Дазвольце далажыць, таварыш камандзір атрада,— рапартаваў Чыгір.— Заданне выканана! Па-мойму, трэцюю бомбу ўсадзіў у штаб.

— Дзякую,— абняўшы, пацалаваў Гарашчэня лётчыка.

— Служу Савецкаму Саюзу!

За ноч Чыгір звярнуўся некалькі разоў. Немцы ніяк не маглі дайсці да думкі, як і адкуль у партызан з'явіўся самалёт, ды яшчэ «навейшай» канструкцыі, які бясшумна падлятаў і скідаў смертаносны груз.

Раніцою камандзіру атрада дакладвалі разведчыкі, што Чыгір усю ноч не даваў спакою немцам. Прусакі то разбягаліся з вёсак у поле — некаторыя ў адной бялізне,— то зноў збіраліся. Школа ў Чорным Бродзе, дзе змяшчаўся штаб, згарэла, былі забітыя, параненыя. Немцы шалеюць ад злосці, што патрывожаны іх спакой, парушаны расклад.

Самалёт пасля бамбёжкі быў адпраўлен на раней падрыхтаванае месца. У лагеры ўсе былі ў баявой гатоўнасці. Другая група разведкі далажыла, што ў стане праціўніка ідзе падрыхтоўка да выступлення. Гарашчэня з нецярпеннем чакаў разведчыка, Міхаську, які чамусьці пазніўся. Нарэшце, засопшыся, хутка ўвайшоў хлопчык, ён быў узрушаны, на твары відаць былі чырвоныя плямы.

— Ну што? — спаткаў яго Гарашчэня.— Як справы, контрразведчык?

— Ледзь не праваліўся!

— А што такое?

— Напароўся на Віктара Пясецкага... Хітрушчы чорт! Ён у іх дарадца па партызанскіх справах. Каб вы толькі чулі, як ён вас лаяў.

— Гэта добра! — усміхнуўся Гарашчэня.

— Ваша заданне адносна таго, што мы ўяўляем вялікую сілу,— выканана,— дакладваў Міхаська.— Хлопцы разнеслі чуткі, што ўсе навакольныя лясы запруджаны партызанамі, што іх цьма-цьмушчая, нібы ў лясах няма дзе яблыку ўпасці. Другой хваляй з маланкавай хуткасцю абляцела чутка, што нібы па дарозе Крыніца — Беразнянкі ідуць вам на дапамогу ні то каўпакоўцы, ні то гушчынцы. Маёр фон Шульке перш паслаў разведку, а потым выслаў насустрач цэлы батальён, дадаўшы да яго танкі. Файна!

Міхаська памаўчаў, а потым нясмела спытаўся:

— Таварыш камандзір! А цяпер дазволіце курыць?

— Як такому файнаму контрразведчыку не дазволіць?! — усміхнуўшыся, націснуўшы на слове «файнаму», прагаварыў Гарашчэня.— Калі ласка, куры, усё роўна паціхеньку смаліш...

— Не-е...

— А чаго ж у цябе пальцы жоўтыя...

Міхаська няёмка сябе адчуў, пачырванеў, не ведаў, куды дзець рукі, бо пальцы сапраўды былі абсмаленыя.

— Куры,— прапанаваў Гарашчэня.— Унь тытунь!

— У мяне ёсць цыгарэты... Фон Шульке падараваў... Калі ласка...

— Дрэнь, іх не накурышся,— адмовіўся Гарашчэня.— Сваёй айчыннай махоркі я ні на якія цыгарэты не прамяняю...

Яны скруцілі з рускай махоркі па «казінай ножцы». Міхаська важна курыў, адчуваючы сябе дарослым, пускаючы кольцы шэрага дыму.

— Але ж і здорава Чыгір уляпіў бомбу ў школу, дзе быў штаб,— працягваў дакладваць Міхаська.— Памяшканне штаба, з усімі яго паперамі, як карова языком злізала...

— А з людзьмі ты сувязь завязаў, як я табе раіў? — спытаўся Гарашчэня.

— А як жа, ці ж бы я мог сам пабыць і ў Чорным Бродзе, і ў Барвёнаве, і ў Пурышах...— гаварыў Міхаська.— У мяне ўсюды сувязныя... хлопцы і дзяўчаты... Увесь народ на нас працуе... Прыйдзеш, скажаш цёплае слова... Адна цётка мне гаварыла: «Слова лечыць, слова раніць...» Запэўняю вас: чыхні немец, і нам будзе вядома... У мяне, здаецца, усё...

— Добра, дзякую,— Гарашчэня моцна паціснуў руку Міхаську.

І камандзір зноў паглыбіўся ў аператыўныя планы.

 

19

У Гарашчэні ўсё было напагатове. Яшчэ звечара ён пазнаёміў сваіх памочнікаў з планам абароны. Партызаны павінны даць немцам сустрэчны бой, далёка не там, дзе яны меркавалі распачаць дзеянні, прымусіць іх раней часу разгарнуць свае баявыя парадкі.

Гарашчэня надаваў вялікае значэнне ўдарнай групе, якая павінна была зацягнуць немцаў у пастку, а таму запытаўся, хто б хацеў узяць на сябе камандаванне гэтай групай. Ён ведаў, што задача гэтай групы складаная і небяспечная, мажлівы вялікія ахвяры, але іншага выйсця не было. Без ахвяр не пераможаш. Трэба мовай зброі давесці немцам, што партызаны не толькі моцныя сваімі нечаканымі нападамі, няўлоўнасцю, але таксама моцныя і ў абароне, што яны будуць біцца за тое, каб не быць адціснутымі ад чыгункі, і прыкладуць усе сілы, каб захаваць кантроль над важнымі Шляхамі.

— Калі даверыш, камандзір, я пайду з гэтай групай,— прапанаваў свае паслугі Шпакоўскі.

— Ты? — вагаўся Гарашчэня.— А можа, хто іншы?

— Прызначце мяне,— прасіўся Шпакоўскі.— Не падвяду, можаце спадзявацца, як на сябе.

— Добра,— згадзіўся Гарашчэня.— У чатыры гадзіны раніцы выступаем.

Гарашчэня растлумачыў Шпакоўскаму яго задачу, папярэдзіўшы берагчы людзей.

— Усё зразумела? — пытаўся Гарашчэня.

— Так. А толькі...

— Што?

— Ці не лепей спаткаць немцаў у Тоўстым Лесе?

Шпакоўскі нясмела выкладаў свае меркаванні, стала іх абгрунтоўваючы, даводзячы, што выгадней за ўсё іменна там даць першы сустрэчны бой. Тут сказалася добрае веданне мясцовасці. Гарашчэня, пераканаўшыся ў правільнасці довадаў Шпакоўскага, згадзіўся з ім.

Шпакоўскі пайшоў адпачываць, а Гарашчэня, схіліўшыся, доўга карэктаваў свае планы. Шпакоўскі ўнёс істотную папраўку. Трэба было зрабіць перагрупіроўку сіл.

У тры гадзіны пяцьдзесят пяць хвілін у зямлянку ўвайшоў Шпакоўскі ў поўнай гатоўнасці да выступлення. Ён быў узброены аўтаматам, дзвюма гранатамі і рэвальверам.

— Ударная група да паходу гатова,— далажыў Шпакоўскі.

— А ўсё ясна? — запытаўся Гарашчэня.

— Ясна,— адказаў Шпакоўскі.

— А ці падумаў ты, што могуць быць ахвяры?

— Падумаў, толькі без гэтага не абыдзешся. На тое вайна. Чырвоная Армія не такія ахвяры мае,— але рэвалюцыя даражэй за ўсё. Хто ведае, што такое свабода, перад ахвярамі не спыніцца, ён будзе заваёвы Кастрычніка да апошняй кроплі крыві абараняць.

— Тады ідзі. Чакай загаду аб выступленні.

Шпакоўскі, здзіўлены, паціснуўшы плячыма, выйшаў. Для яго незразумелым быў некалькі сухі, афіцыяльны тон камандзіра. Але для гэтага былі прычыны. Гарашчэня ўсё яшчэ вагаўся, ці правільна ён робіць, што прымае бой супраць рэгулярнай часці немцаў. Ворагі былі ў некалькі разоў мацнейшымі за партызан. І Сяргея Паўлавіча не было... А як цяпер яму патрэбен быў ён! Падзяліцца з кім-небудзь іншым сваімі сумненнямі камандзір не мог, і гэта вельмі на ім адбівалася. Гарашчэня ўсю ноч прачакаў, каб звязацца з Масквою, але выкліку не было. У Гарашчэні зарадзілася сумненне адносна скінутага радыста, можа, ён зусім не з Масквы, а пасланы сюды немцамі. «Прыйдзецца, мусіць, арыштаваць радыста»,— падумаў сам сабе камандзір.

На гадзінніку было чатыры гадзіны і пяць мінут. Гарашчэня, нервуючыся, кінуў недакураную цыгарку, пасыпаліся іскры. «Нешта ж пэўна ёсць,— думаў сам сабе Гарашчэня,— што Масква не прымае выкліку». Пачулася чалавечая хада. Гарашчэня адчыніў дзверы.

— Вас клічуць да апарата,— далажыў радыст.

— Няўжо Масква? — узрадаваўся Гарашчэня.

— Так.

— Іду,— заззяў Гарашчэня і без шапкі выскачыў з зямлянкі.

Гарашчэня вярнуўся вясёлы, акрылены, яму ўсё ж удалося звязацца з Цэнтральным штабам партызан. Гарашчэню сказалі, што ён дзейнічае правільна, прапанавалі напісаць дакладную аб баявых справах партызан, з якою асабіста з’явіцца ў цэнтр. І як пасля высветлілася, радыст прызнаўся, што ён забыў умоўлены шыфр. Пасля ўспомніў. Таму і адбылася такая затрымка.

Вестка аб тым, што звязаліся з Масквою, хутка абляцела ўсе лагеры. Людзі ад радасці цалаваліся, падкідалі ўгару шапкі. Пра іх ведае Масква, Цэнтральны штаб партызан сочыць за іх дзейнасцю.

— З намі Масква! З намі савецкія людзі! — выкрыквалі партызаны.

Народныя мсціўцы ўспомнілі Сяргея Паўлавіча, гэтага скромнага і непрыкметнага чалавека. Каб ён цяпер тут быў, яго б на руках насілі. Гэта ж ён паклапаціўся, каб гарашчэнеўцы мелі рацыю.

У чатыры гадзіны і трыццаць хвілін Шпакоўскі з сваёй групай выступіў. Яго праводзіў Гарашчэня, даваў яму парады, як трымаць сябе камандзіру ў часе бою, і на развітанне пацалаваў.

У белым кажуху і шэрых валёнках, у цёплых салдацкіх рукавіцах, ва ўсеўзбраенні, Шпакоўскі, з нейкай урачыстай узнятасцю, скамандаваў:

— Група, па аднаму, за мною, ша-а-гам ма-а-арш!

Партызаны групы Шпакоўскага моўчкі пайшлі; заскрыпеў пад нагамі снег. Гарашчэня па-бацькоўску іх праводзіў, думаючы, што, можа, шмат каго з іх больш не ўгледзіць жывымі. Апошнім ішоў Аўсянік з Марыйкай, якая была прызначана за санітарку. Гарашчэня абняў Аўсяніка і пацалаваў. Апынуўшыся перад Марыйкай, Гарашчэня сумеўся, потым схапіў яе за плечы, прыціснуў да сябе і таксама пацалаваў.

— Вяртайцеся з перамогай,— прагаварыў Гарашчэня, ён хацеў сказаць «жывымі» і на хаду паправіўся. Камандзір адчуў, як у яго сціснулася сэрца, страпянулася. Ён памахаў ім рукою.

Гарашчэня моўчкі стаяў, думаючы, што нежаночая справа ваяваць. У яго прамільгнула думка: «Не добра я зрабіў, дазволіўшы Марыйцы быць за санітарку. У другім эшалоне ёй было б спакайней». Думкі камандзіра парушыў Гальяш, які далажыў, што партызаны гатовы заняць абарону.

— Біцца насмерць! — загадаў Гарашчэня.— Мы павінны быць гаспадарамі чыгункі, а не немцы.

— Ёсць! — казырнуў Гальяш.

Партызан Гальяш быў абвешаны кулямётнымі лентамі. З правага боку вісеў наган, з левага тры гранаты і трафейная фінка. На чорнай барашкавай шапцы, наўскасяк, пралегла чырвоная істужка. Сярэдніх год мужчына, з ружовымі на марозе шчокамі, з аб’інелымі чорнымі вусамі, Гальяш выглядаў па-маладзецку. «Партрэты з яго пісаць»,— падумаў Гарашчэня. Але, баючыся, каб ён не «наламаў дроў», камандзір яго навучаў:

— У баі перамагае той, у каго больш вытрымкі, спакайнейшыя нервы, хто вышэйшы духам. Помні, беражы людзей, яны цябе ўберагуць.

— Ёсць, таварыш камандзір! — казырнуў Гальяш.— А толькі не падабаецца мне, што немцы ўсё ж дазналіся, дзе мы знаходзімся. Мусіць, сярод нас...

— У даўгу не астанемся,— усміхнуўся Гарашчэня.— Будзем квіты. Усё ж распарадак іх мы парушылі. Чыгір улажыў камандзіра палка. А колькі хлопцы нарабілі панікі...

— Якія хлопцы? — пытаўся Гальяш.

— Юныя патрыёты. Хеўру Міхаська сабе завёў. Сувязных. Яны пусцілі пагалоску, што па дарозе Крыніца — Беразнякі ідуць на дапамогу нам вялікія сілы партызан, ні то каўпакоўцы, ні то гушчынцы. Маёр фон Шульке вымушан быў паслаць адзін батальён ім насустрач. Усё ж нам будзе лягчэй...

— Ха-ха-ха! — зарагатаў Гальяш.— І трэба ж дадумацца? А гэты вар’ят Гітлер мяркуе нас перамагчы? Ніколі! Абернем ворага...

— І абарону мы будзем трымаць зусім не там, дзе я ўчора гаварыў, а...

— Чаму? — здзівіўся Гальяш.

— А таму, што Міхаська ўручыў план нашай абароны маёру фон Шульке, а той і вушы развесіў,— усміхнуўся Гарашчэня.— Як бачыш, сваю контрразведку маем...

— Хо-хо-хо! — голасна рагатаў Гальяш. Далёка быў чутны яго смех. Ён першы раз пасля пахавання жонкі так смяяўся.— Гітлер думаў гэтак, як у Еўропе, прагуляцца ў Расіі, не выйдзе! Клімат для яго ў нас не падыходзячы, страшна не любіць чужынцаў.— Гальяш схамянуўся.— Пачакайце, а для чаго вы ў гаі наставілі палатак?..

— Усё для таго ж...

Гальяш так зарагатаў, што аж за жывот схапіўся.

Гарашчэня паглядзеў на гадзіннік. Камандзір уручыў Гальяшу план абароны. Яны пераглянуліся.

— Цяпер ясна, для чаго гэта зроблена?

— Ясна. Можна ісці?

— Пастой,— затрымаў Гарашчэня.— Папярэдзь людзей, калі наляцяць самалёты, дык каб не бегалі, як зайцы.

— Гэтага не будзе! У мяне такія арлы!

— Не забывайся, што шмат хто з тваіх арлоў яшчэ не абстраляны, дый за былымі паліцыянтамі глядзі. Бой пакажа, чаго яны варты. Ну, шчаслівай дарогі! — яны па-мужчынску нязграбна абняліся і пацалаваліся.

Гальяш з месца так ірвануў, што ажно снег паляцеў. Гарашчэня, усміхнуўшыся, падумаў: «Трапяткі чалавек, такога характару людзей трэба ўвесь час стрымліваць, іначай яны наробяць шкоды і сабе і іншым».

Гарашчэня моўчкі стаяў, прыкідваў, ці ўсё зроблена, каб забяспечыць разгром палка немцаў. Ва ўсіх яго дзеяннях адчувалася сталасць, прадуманасць, развага. Ён вырас у сапраўднага камандзіра і чулага таварыша. Гарашчэня заўсёды быў чыста паголеным, падцягнутым. Ён не прызнаваў валёнак, насіў боты. Гарашчэня гаварыў людзям праўду ў вочы, за што на яго часам некаторыя крыўдзіліся, але паважалі. Ён гэта рабіў далікатна, усміхаючыся, каб не абразіць чалавека, але не баючыся сказаць тое, што ён думае. Ён назаўсёды запомніў для сябе словы цёткі, аб якой гаварыў Міхаська, што: «Слова лечыць, слова раніць». Прыкладу свайго камандзіра следавалі многія партызаны, хоць шмат хто і не разумеў яго душы. Часам следаванне гэта насіла вонкавы характар, напрыклад, калі партызан хацеў пайсці на аперацыю, дык ён, перш чым прасіцца ў камандзіра, чыста галіўся, надзяваў наглянцаваныя боты. Гарашчэня неахвотна пускаў непаголеных партызан на адказныя заданні. «Эт, чалавек неакуратны,— разважаў ён,— не здольны на вялікія справы».

Да гэтага бою Гарашчэня асабліва рыхтаваўся. Усе партызаны пабылі ў лазні, змянілі бялізну, пагаліліся. Гарашчэня быў чалавек некалькі замкнуты. Цяжкае жыццё ў дзяцінстве, ён рана пайшоў на свой хлеб, няшчасце з Настаю — яе ён моцна кахаў — наклала свой адбітак. На яго скронях з’явілася сівізна.

Гарашчэню ішоў ужо трыццаць пяты год, а ён ніяк не мог уладкаваць сваіх асабістых спраў. Можа, гэта здарылася таму, што ён заўсёды агульнае ставіў вышэй за асабістае. З яго за гэта нават некаторыя кпілі. А калі пачалася вайна, дык яму не да асабістых спраў было. Для Гарашчэні Радзіма вышэй за ўсё. Высакародства яго душы адразу было ацэнена Сяргеем Паўлавічам. Ён даў станоўчую характарыстыку Гарашчэню. У Маскве вельмі добра да яго ставіліся, гэта ён адчуў па першай размове па радыё.

Цяпер Гарашчэня вельмі часта лавіў сябе на думцы, што яму прыемна пабачыць Марыйку, пагаварыць з ёю, паспрачацца. Сённяшні пацалунак, які быў такім неспадзяваным як для яго, так і Марыйкі, быў пацалункам ад душы. «Хоць бы з ёю ўсё было добра»,— думаў сам сабе Гарашчэня.

Раніцою наляцелі нямецкія самалёты на «лінію абароны», хоць там нікога не было, а таксама на лагеры, адкуль усе былі эвакуіраваны, скінулі дзесяткі тон металу. Пасля ўвесь гэты ўчастак палівалі зверху свінцовым дажджом. Зямля дрыжала ад выбухаў, з карэннямі падкідала ўверх дрэвы, але ні адзін чалавек ад гэтых бомбаў не пацярпеў. І гэта было вышэйшым шчасцем для Гарашчэні, хоць гэтага ніхто і не заўважыў. Гарашчэня любіў дзяцей і за іх гатоў быў аддаць сваё жыццё. Але яго часам лічылі чэрствым чалавекам, што ён пасылае людзей на смерць і вокам не міргне, таго не ведаючы, што ён гэта рабіў у імя жыцця. Гэта яго крыўдзіла, а толькі ён ні з кім пра гэта не гаварыў. Такой думкі некаторы час была і Марыйка. Але чым больш яна яго пазнавала, тым больш пераконвалася ў адваротным — у вялікай сардэчнасці, чалавечнасці і клопатах аб людзях. Ён ніколі не садзіўся абедаць, пакуль не быў упэўнены, што партызаны накормлены.

Немцы, узброеныя самалётамі і танкамі, пачалі наступленне з трох бакоў. Сілы былі няроўныя. Але Шпакоўскі ўжо ў ходзе бою, што зусім не было прадугледжана ў планах камандавання атрада, схітрыў. Завязаўшы ў лесе бой з адной з нямецкіх часцей, ён адступіў у бок другой. І калі тыя, свае сваіх не пазнаўшы, схапіліся біцца, Шпакоўскі вывеў з бою сваю групу, страціўшы аднаго чалавека забітым. Ярасна біліся паміж сабою немцы. Білі гарматы, вылі міны, дзынкалі кулі. І нават калі немцы схамянуліся, што б’юць адны адных, пушчаная ў ход ваенная машына не адразу спынілася. Нарэшце перастрэлка паміж немцамі сціхла.

Выкарыстаўшы замяшанне ў радах праціўніка, група партызан Шпакоўскага адкрыла па іх знішчальны агонь. Немцы, перастроіўшы рады, павялі наступленне на партызан. Група Шпакоўскага адступала, вабячы немцаў у пастку. Ведаючы гарачы характар Гальяша, Гарашчэня сам быў каля яго.

Група Шпакоўскага адступала, несучы страты, а яны — цяжкія. Сядзеўшыя ў абароне, а правільней у засадзе, на ўмацаваных і добра замаскіраваных пазіцыях бурчалі партызаны, але, баючыся гневу свайго камандзіра, якога яны любілі, не пачыналі стральбы.

— Не магу,— не вытрымаў нарэшце Гальяш, звяртаючыся да Гарашчэні.— Няўжо ты не бачыш, як гінуць людзі?

— Бачу.

— Дык чаго ж ты не даеш каманды адкрываць агонь?

— Трэба старацца, каб меней загінула. Пакуль не страляць.

— А па-мойму, трэба і можна.

— Нельга,— сказаў, як адрэзаў, Гарашчэня.

— Не разумею цябе,— іншым тонам гаварыў Гальяш,— здаецца, разважлівы чалавек. Няўжо ў цябе няма сэрца ці яно акамянела?

— Ды не гудзі ты над вухам, як камар.

Партызаны групы Шпакоўскага адступалі, аслабіўшы агонь, не паспяваючы падбіраць раненых, пакідаючы на полі бою шэрыя кропкі. Марыйка цягнула на палатцы Міхаську; той стагнаў, махаў рукою, мусіць, прасіў, каб Марыйка спынілася. Немцы, падняўшыся на ўвесь рост, кінуліся ў атаку. Партызаны ніяк не маглі ад іх адарвацца. Здавалася, што для ўсіх партызан пагібель немінучая. Гальяш аж закалаціўся.

— Ну, усё прапала... Самнуць — вось дзе нам канцы... І ўсё праз дурноту... Ваша ўпартасць — не да месца...

— Замаўчы! — падвысіў голас Гарашчэня.

Падпусціўшы немцаў метраў на дзвесце, Гарашчэня скамандаваў:

— Агонь!

Пачалі біць партызанскія гарматы, застрачылі кулямёты і аўтаматы, пачуліся вінтовачныя залпы. Для немцаў гэта было зусім нечаканым. Жніво было на славу. Пачарнеў снег, перамяшаўшыся з зямлёю. Пахла порахам. Немцы, не вытрымаўшы такога агню, пакідалі зброю і параненых і ў беспарадку адступілі, пакінуўшы на полі бою шмат забітых і параненых.

Гарашчэня выйшаў з умацавання. Каля вуха празвінела пчалою куля. «Што за чорт, не можа быць, каб шалёная»,— падумаў Гарашчэня. Другая куля дала рыкашэт і, жаласна праспяваўшы, паляцела ў дрымучы лес. Гарашчэня падаўся за дрэва, стаў прыглядацца. На векавым дубе сядзеў чалавек, трымаючы ў руках вінтоўку з аптычным прыцэлам. Гарашчэня, узяўшы ў партызана трохлінейку, прыцэліўся і гахнуў. Ён другі раз смальнуў — паляцела з дуба на снег галлё. Стаўшы на калена, Гарашчэня пальнуў трэці раз. Адчуўшы небяспеку, снайпер, які сядзеў на дрэве, спяшаючыся, пачаў злазіць; абламалася галіна, і ён, як сноп, зваліўся ў гурбу снегу.

Гарашчэня заспакоіўся, упэўнены, што збіў снайпера. Ён аддаў партызану вінтоўку. У гэты час чалавек падняўся, пабег паміж дрэвамі і знік у зарасніку. Колькі яго потым ні шукалі, так і не знайшлі, як у ваду кануў. Гарашчэня доўга ахкаў, шкадуючы, што выпусціў снайпера.

— О, чорт! — нездаволены быў сабою Гарашчэня.— І трэба ж так прамахнуцца!

Скончыўся бой, які цягнуўся каля васьмі гадзін. Ён таксама дорага каштаваў і атраду. Гарашчэня, выстраіўшы партызан, рабіў пераклічку:

— Абрамовіч!

— Забіты.

— Грыгаровіч.

— Ёсць.

— Макарэвіч!

— Паранены.

— Беразоўскі!

— Памёр ад ран.

— Качарга!

— Ёсць.

— Аўсянік!

— Забіты.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Суровы стаяў Гарашчэня каля забітых; ён не зводзіў вачэй з юнага партызана, выдатнага разведчыка Міхаські, які, выпрастаўшыся, ляжаў з адкрытымі вачыма, гледзячы ў марознае неба. Поруч з ім ляжаў Аўсянік з паднятым кулаком, нібы пагражаючы немцу. Другую руку Аўсянік прыціскаў да грудзей. Гарашчэня дастаў з яго кішэні запісную кніжку і палажыў сабе, каб перадаць яе родным. Сэрца ў яго разрывалася на часткі. Яшчэ ён у партызанах не меў такіх страт.

— Родныя браты, таварышы! — звяртаючыся да партызан, якія стаялі ля трупаў забітых, гаварыў, хвалюючыся, Гарашчэня.— Сябры мае! Каб не быць знішчанымі, каб жыла і красавала наша Радзіма, каб жыў у шчасці наш народ, за гэта гінуць лепшыя людзі, якім бы толькі жыць і жыць. Ды і мы з вамі гатовы памерці, абы перамагчы, каб перарабіць свет на новы лад, каб не было больш вайны.

Шмат хто з нас, можа, не дажыве да той часіны, калі наша краіна прагоніць навалач — крывавых фашыстаў. Але тыя, якія астануцца жыць, высока ўзнімуць імёны змагароў, што аддалі сваю кроў кроплю за кропляй за сваю сацыялістычную бацькаўшчыну, за свой народ, за сваю сям’ю.

Спіце спакойна, таварышы, баявыя сябры, вы чэсна выканалі свой абавязак салдатаў перад Радзімай, перад народам.

Апошнім у магілу апусцілі Міхаську. У яго на верхняй губе ледзь-ледзь прабіваўся пушок. Не вытрымала сэрца салдата. У Гарашчэні пасыпаліся слёзы з вачэй, як град, слёзы, якія на ляту ледзянелі.

— Бывайце, любыя! — схіліў галаву Гарашчэня. Памаўчаўшы, ён узняў вочы і, здавалася, увесь быў у будучыні.— Вы не заплямілі слаўнага, авеянага ў баях сцяга, баявога сцяга Камуністычнай партыі, пад якім наш народ абавязкова пераможа. Над вашай магілай мы клянемся, што не выпусцім з рук зброі, пакуль хоць адзін фашыст будзе на нашай зямлі.

— Клянемся! — адказалі гуртам партызаны, узняўшы ў руках зброю.

Прагрымеў тройчы салют.

Пахаваўшы забітых, партызаны, абветраныя, прапахшыя парахавым дымам, узбуджаныя пасля васьмігадзіннага бою, ішлі ў лагер пераможцамі. Нягледзячы на стомленасць, на страту сваіх таварышаў, упэўненыя, што вораг будзе разбіты.

Партызан сустракалі бацькі і дзеці, сёстры і маткі з смуткам і радасцю. Мароз браўся не на жарт, свяцілі зоры, патрэсквала ў лесе. Міроніха павяла партызан карміць гарачаю капустаю і грэцкай кашай. То там, то сям былі чуваць ціхія ўсхліпы — гэта блізкія і родныя аплаквалі воінаў, якія склалі галовы. Падсілкаваўшыся, закурыўшы, стомленыя партызаны разыходзіліся па зямлянках.

 

20

Доўга ў той вечар не спаў Гарашчэня, ён перагортваў невялічкую, у пераплёце чорнага колеру запісную кніжачку. Адзін рог яе быў зломлены; відаць, Аўсянік заўсёды насіў кніжачку ў кішэні. Дзённік вёўся з першага дня вайны. Здзіўляла, што ў такое невялічкай кніжачцы можна змясціць гэтулькі тэксту.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

22 чэрвеня

«...Вайна застала ў роднай вёсцы. Прыехаў перад дзяржаўным экзаменам у інстытуце на дзень адпачыць. Бацькі плачуць, яны помняць германца па 1918 годзе, просяць бога, каб фашысты не дайшлі да Падгайнаўкі. Трывожна, неспакойна на душы. Хацеў з хлопцамі напіцца, але, ліха на яе, гарэлка нейкая слабая. Выпілі па паўлітра на брата і ўсе цвярозыя.

Правялі ў войска камандзіраў запаса. Аксеня Бандарчык, выпраўляючы мужа,— яны прыехалі з горада ў Падгайнаўку да бацькоў на дачу,— галасіла, як па нябожчыку, а ўвечары круцілася каля хлопцаў. Прыглянулася, спакусніца, трэцца, як рыба ў нераце. Правёў дадому, лезе цалавацца. «Натура ў мяне такая,— кажа,— што без мужчыны і аднаго дня не магу жыць. Сумна!» Свякроў, убачыўшы нас у сенцах, абоіх вылаяла. А калі прыйшоў дадому, маці насварылася. Бацька ж сказаў: «Калі звяжашся з ёю, дык не прыходзь дадому». Доўга не спаў, не разумеючы, у чым справа, чаму нельга прайсціся з замужняй жанчынай. Перад вачыма ўвесь час стаяла Аксеня, а перад раніцай яе сасніў, нібы з ёю пабіўся. І спляцецца ж немаведама што!

 

25 чэрвеня

Разгараецца, не на жарты, суровая, жорсткая, якой яшчэ свет не бачыў, вайна. З Мінска ідуць людзі, кажуць, што Мінска не стала, ён увесь у агні, у руінах, разбіты цэнтральныя вуліцы. Па дарогах ідуць жанчыны з клункамі; дзеці, падбіўшыся, плачуць. На маіх вачах наляцеў нямецкі самалёт і расстраляў некалькіх жанчын і дзяцей. Я ляжаў у жыце, кругом дзынкалі кулі, разрываліся, страшна было. Пахавалі забітых пры дарозе. Ніхто іх не ведаў, і дакументаў пры іх ніякіх не было.

Што ж гэта робіцца? А гаварылі, калі толькі ворагі пачнуць вайну, будзем ваяваць на іх тэрыторыі? У нечым, мусіць, мы пралічыліся? Эт, лепей пра гэта не думаць! Гісторыя разбярэцца. Цяпер трэба бараніцца... так заўсёды нашы людзі рабілі, калі вораг урываўся на іх зямлю.

Цікава, пакуль вайны не было, бацька часта скардзіўся на непарадкі ў сельсавеце, у раёне, а цяпер гаворыць, што лепшай улады за Савецкую нідзе на свеце не знойдзеш. У чым справа? Чаму такая перамена адбылася? Не пазнаю таксама суседзяў, зусім іншымі сталі людзі, адчуўшы небяспеку. Толькі і гаворка ідзе пра Камуністычную партыю, яна выратуе людзей з бяды. «Што рабіць?» — часта чую запытанне, і я не магу на яго адказаць.

Увечары бачыўся з Аксеняй, вабіць да сябе, але мне сорамна зноў патрапіць на вочы старой, каб не вылаяла. Вагаюся: розум кажа адно, а пачуцці другое; што пераможа, не ведаю.

 

29 чэрвеня

Вайна дае аб сабе знаць. Па дарогах ляжаць забітыя, іх ніхто не падбірае. Сёння немец з самалёта абстраляў статак кароў, забіў падпаска. Мне незразумела гэта вайна. Уражанне такое, што немцы хочуць знішчыць народ. Іначай, чаго абстрэльваць, дзе няма ніякіх вайсковых аб’ектаў. Людзі напалоханыя, кажуць, што немцы высадзілі дэсант. Я сам чуў страляніну, але хто страляў — не ведаю. Няўжо такі нашы адступаюць? Ходзяць чуткі, што немцы ўжо ў Мінску, але гэта, мусіць, хлусня. Не хочацца верыць. А яшчэ прайшла пагалоска, што ўся наша тэхніка, якая была падведзена да граніцы, ляснула,— нібы захоплена ворагам. Дык няўжо наша разведка не ведала, што фашысты сканцэнтроўваюць сілы для наступлення? Не можа гэтага быць. Нехта, мусіць, даў зяўка.

Быў у райваенкамаце, прасіўся, каб узялі ў войска. Адмовілі, кажуць, што мой год яшчэ не бяруць. Зайшоў у местачковы рэстаран. Гэта звычайная харчэўня. Што там робіцца! Сядзяць людзі, запыленыя, стомленыя, поўныя тугі і смутку, чакаюць, каб з’есці талерку гарачай капусты або супу. Некаторыя з іх па некалькі дзён не елі гарачай стравы.

А па дарогах ідуць, ідуць і ідуць. Адно страхоцце. Цяжка на сэрцы, няўжо і мне прыйдзецца блукаць па дарогах вайны і дзе-небудзь у прыдарожнай канаве скласці галаву. Усё ж пайшоў бы я, але бацькі не пускаюць. Шкада іх пакідаць.

Неадчэпная думка — чаму так здарылася? Папытаўся ў раённага начальства, маўчаць, мусіць, самі нічога не ведаюць.

Бачыўся з Аксеняй, забавіўся ў яе. Бацькі заўважылі, што я за апошнія дні зблажэў, бубняць, не падабаецца ім збліжэнне з гэтай жанчынай. Дый я пачынаю адчуваць нейкі надрыў у яе, штосьці нездаровае, гнілое, не вартае чалавека.

Пажывем далей, пабачым болей.

 

3 ліпеня

У вёску Падгайнаўка прыйшлі немцы. Грабяць, што пад рукі трапіць. Няшчасныя валацугі!

Праходзячы па вёсцы, праз акно ўбачыў Аксеню, там была поўная хата немцаў. Ёю кідаліся, як мячыкам. Аксеня весела рагатала. Старыя сумысля сышлі з хаты, каб не бачыць ганьбы. Мне стала сорамна перад бацькамі, што знаўся з гэтай жанчынай. От паскудства! У мяне на душы стала цёмна, як у калодзежы.

 

17 ліпеня

Немцы абдзерлі мужыка як ліпку. Сяляне лаюцца, праклінаюць «новыя парадкі». Мужык пачынае злавацца, выспявае нянавісць да немца. Гэта добра! Без ярасці нельга перамагчы.

Памерла свякроў Аксені. Нявестка лямантавала на ўсю вёску, але ніхто яе слязам не верыць. Усе ад Аксені адвярнуліся. Ніхто не хоча з ёю размаўляць. І я парваў усялякія адносіны.

 

1 жніўня

Па ўсім Беразнянскім раёне прайшлі пажары. Сяляне на корані спалілі жыта. Пра гэта цяпер ідзе многа гаворкі. Людзі, якія і мелі якую крыўду на Савецкую ўладу, забыліся. «Маці,— кажуць,— пакарае і памілуе». Усе чакаюць звароту Чырвонай Арміі. Але калі гэта будзе? Немцы гавораць, што Чырвоная Армія разбіта. Учора бачыў шмат палонных. Як жорстка і бесчалавечна немцы з імі абыходзяцца. Уся дарога, дзе іх гналі, услана трупамі: гэта немцы прыстрэльвалі тых, якія не маглі ісці. Што мне рабіць? Дзе знайсці паратунак для душы? Я так жыць не магу! І чаму я тады не пайшоў на ўсход, як людзі ішлі. І Аксеня, і немцы — мне пакаранне.

 

29 жніўня

Вось ужо чатыры тыдні прайшло, як я нічога не запісваў. Немцы наладжваюць у вёсцы свае «парадкі». Селянін супраціўляецца. Ніколі не ведаў, і калі б мне хто сказаў, дык не паверыў бы, што ў нашай вёсцы так глыбока ўвайшоў сацыялізм у быт. Селянін за калгас! Людзі ўпэўнены, што Саветы прыйдуць. Гэта радуе! А немцы шалеюць ад злосці, што людзі не паддаюцца на іх агітацыю.

Недарма гітлераўскі міністр акупіраваных тэрыторый Розенберг скардзіцца: «У выніку 23-гадовага панавання бальшавікоў насельніцтва Беларусі ў такой ступені заражана бальшавіцкім светапоглядам, што для мясцовага самакіравання не маецца ні арганізацыйных, ні персанальных умоў, што «пазітыўных элементаў», на якія можна было б абаперціся, у Беларусі не знойдзена».

Кажуць, пачаў працаваць падпольны партыйны цэнтр, на чале якога стаіць таварыш Сяргей. Як бы з ім звязацца! Я хоць беспартыйны, але гатоў выканаць любое заданне партыі, нават калі б мне гэта каштавала жыцця. Я задыхаюся ад «новых парадкаў», не хапае паветра. У народзе адточваецца ярасць, нянавісць да немца, які парушыў яго мірнае жыццё. Селянін стаў маўклівым, знікла ўсмешка, выспявае грозны народны гнеў.

О, пракляты фашыст! На колькі год ён адкінуў чалавецтва назад... патрэбны будуць дзесяткі год, каб аднавіць разбуранае. Хоць наперад цяжка сказаць.

 

5 верасня

Увесь раён абляцела вестка, што павешана азярышчанская настаўніца Наста Свірчэўская. Гэта ўскалыхнула ўсіх. Людзі як ад сну прачнуліся. Усе ведалі, што яна хавала камісара і за гэта паплацілася жыццём. Ходзяць чуткі, што і камісара Гарашчэню злавілі. Шкада, калі так. Усе ўскладалі на яго надзею, што ён калі паправіцца, дык навядзе парадак, які па душы мужыку. Ніхто так не абароніць інтарэсаў селяніна, як рабочы. У мяне з’явіўся нейкі прыліў сіл. Па сабе адчуваю, што калі б мне дзе-небудзь трапіў зручны момант, дык я забіў бы фашыста. Хоць я на сваім вяку не зарэзаў кураняці. Пры першым спрыяючым выпадку абавязкова заб’ю фашыста! Гэта будзе помста за Свірчэўскую і Гарашчэню, якіх я зусім не ведаю. Знаю толькі, што яны — савецкія людзі.

Але чым забіць? Трэба падумаць пра зброю.

Адчуваю, што Аксеня мне як бы ў душу наплявала. Мне сорамна перад людзьмі. Здаецца, што кожнае дзіця тыцкае ў мяне пальцам.

 

6 верасня

Яшчэ раніцою даведаўся, што немцы забілі лесніка Мірона Грыневіча. Гавораць, нібы ён сам забіўся, але гэтаму ніхто не верыць.

Пасля снедання нас пад узмоцненым канвоем павялі на рум. Чым не прыгон! Перш працавалі цераз пень калоду, абы дзень прайшоў. А пасля, калі на рум з’явіўся Шпакоўскі, крыху разварушыліся. І тут адбылося нешта незвычайнае. Я забіў калом фашыста, лягчэй стала на душы. І я нешта раблю, каб вярнуць свабоду. Шпакоўскі сказаў, што мяне прымуць у партызаны. Станаўлюся на грунт. Знойдзены пункт апоры. Я жыву!

На руме таксама была і Аксеня. Яна ўвесь час паказвала зубы немцам. Яе трэба асцерагацца!

 

15 верасня

Ужо два тыдні, як я ў атрадзе, але задавальнення не знаходжу. Мяне цураюцца, нібы я непатрэбны чалавек. Празвалі мяне «вучоным», хоць я лічу сябе невукам. Першыя дні мяне гэта крыўдзіла, а потым асвойтаўся, няхай хоць гаршком завуць, абы ў печ не ставілі. Мяне не разумеюць. Я магу больш і лепш зрабіць, чым другія. Хацеў ісці да камандзіра, каб з ім пагаварыць, але, на маё шчасце, ён сам мяне выклікаў. Я ад яго выйшаў акрылены. Ён мне паверыў, што я на большае здатны. Шмат значыць — вера ў чалавека. Іду для выканання спецзадання.

 

22 верасня

Сёння ў мяне выдатны дзень. Мною ўзарваны мост праз рэчку Беразнянку. На мяне зусім па-іншаму глядзяць людзі, зайздросцяць мне.

Увечары доўга гаварыў з камандзірам атрада. От гэта чалавек! Я супраць яго нішто. Што з таго, што я ведаю на памяць «Яўгенія Анегіна» Пушкіна, «Курган» Купалы. Гарашчэня ведае аснову ўсіх навук — марксізм-ленінізм. А як ён любіць людзей! Я расказаў Рыгору Сцяпанавічу пра сваё жыццё, як роднаму бацьку, і мне стала лягчэй на сэрцы. Адчуваю, што я нібы на свет нарадзіўся. Мне вераць! Цяпер рыхтуемся да нейкай складанай аперацыі. Буду біцца, як леў. Фашыста можна толькі сілай зброі пераканаць, што не бачыць яму Расіі, як сваіх вушэй. І мы гэта зробім! Калі не я, дык мае сябры дойдуць да Берліна.

Таварыш! Можа, са мною што здарыцца — усё на свеце бывае,— дык ты, ідучы па Германіі, успомні просьбу партызана — выразай да аднаго гітлераўцаў, каб яны больш ніколі не ўваскрэслі.

 

29 верасня

Гарачыя пайшлі дзянькі. Я разам з усімі ўдзельнічаю ў баях. Калі я змагаюся, я жыву. У Высачанскім лесе мы цераз шашу нацягнулі дрот і зрабілі засаду. Матацыклісты пры ўездзе ў лес зрабілі прачоску з аўтаматаў і на поўным ходзе ўрэзаліся ў дрот. Мы тут іх і аходалі. Нас было трое. Мы знішчылі пяцярых фашыстаў. Аперацыя праведзена артыстычна!

 

3 кастрычніка

Ідуць асеннія дробныя дажджы. Настрой дрэнны. Немцы крычаць, што хутка возьмуць Маскву. Пры думцы, што фашысты апаганяць Маскву, сэрца абліваецца крывёю. Вывад: трэба ўдзесяцярыць нашы намаганні, каб памагчы Чырвонай Арміі не дапусціць гэтага; наша дзейнасць пакуль вельмі малая. Трэба, каб партызанскі рух стаў усенародным. І гэта будзе!

Камандзір атрада высунуў лозунг: «Забі фашыста ў Беларусі, не будзе пад Масквою». Усе мы завялі асабістыя рахункі, хто больш знішчыць фашыстаў. Ідзе паляванне на гітлераўцаў, як на ваўкоў!

 

18 кастрычніка

Усе жывём адной думкай, як спаткаць свята Вялікага Кастрычніка. Кожнаму хочацца зрабіць болей. Учора правёў вечар з камандзірам атрада. Цікавы Гарашчэня чалавек! Мыслячы. Але пра тое, што так здарылася з вайною, гаварыць не даецца. Ён глыбока пераконаны, што Савецкі Саюз абавязкова пераможа гітлераўскую Германію. Народ верыць Камуністычнай партыі і аддасць усе свае сілы, каб прагнаць ворага з савецкай зямлі.

 

6 лістапада

Вярнуліся ўсе з заданняў. Настрой прыўзняты. Сабраліся на сход ад старога да малога. Камандзір атрада таварыш Гарашчэня павіншаваў з надыходзячым святам 24-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён зрабіў даклад, які грунтаваўся на выніках дзейнасці атрада, заклікаў да яшчэ большай актывізацыі барацьбы з ворагам.

 

11 лістапада

Дайшлі чуткі, што ў Мінску 7 лістапада Вільгельм Кубэ справіў крывавы баль, наладзіў яўрэйскі пагром, больш за дзесяць тысяч знішчыў мірных людзей. Звер, а не чалавек, людаед. Сцеражыся, кат, дабярэцца і да цябе караючая рука народа! Размовы такія вядуцца, што следам за знішчэннем яўрэяў гітлераўцы возьмуцца за знішчэнне беларусаў, палякаў і іншых народаў. Гэта, відаць, уваходзіць у іх планы. І як гэтага не бачаць беларускія буржуазныя нацыяналісты? Аслепленыя нянавісцю да бальшавікоў, нацыяналісты прадаюць народ. Няшчасныя вырадкі!

 

17 лістапада

Смерць, як здань, ходзіць па палетках роднага краю. Лютуюць фашысты. Расстрэльваюць, вешаюць, жывымі спальваюць мірных людзей, якія не хочуць скарыцца. Дарэмныя патугі гітлераўцаў, наш народ не паставіць на калені. Шырыцца партызанская барацьба. І ў наш атрад прыйшлі новыя людзі, яны выдатна б’юцца з ворагам.

 

28 лістапада

Няма калі пісаць. Кожны дзень ходзім на баявыя заданні. Немцы шалеюць ад злосці на партызан. Не па правілах ваюем?! Мы не даем ім спакою ні днём ні ноччу. Зямля гарыць пад нагамі акупантаў. А гэта пакуль кветачкі, а ягадкі наперадзе.

 

6 снежня

Быў у камандзіра. Ён паведаміў, што часці Чырвонай Арміі перайшлі ў контрнаступленне супраць нямецка-фашысцкіх войск на Заходнім фронце. Гэта выклікала агульную радасць у партызан. Камандзіру атрада не даюць працаваць, просяцца на заданні, каб памагчы Чырвонай Арміі разграміць немцаў пад Масквою. Доўга гаварыў з камандзірам, і ў заключэнне сыгралі ў шахматы. І шахматыст ён не благі, абставіў мяне. Але мне здаецца, што я яго як шахматыста вывучыў і ў будучым не паддамся.

 

17 снежня

Весткі з фронту прыходзяць, што немцы адкінуты ад Масквы. У народзе толькі і ідзе пра гэта гаворка. Дарма фашысты выхваляліся аб непераможнасці свае арміі. А будзе такі час, калі іх зусім выкінуць з нашай зямлі.

 

1 студзеня

Спаткалі Новы, 1942, год чаркай разведзенага спірту і закусілі цыбуляй. Размовы ідуць аб блакадзе партызан. Рыгор Сцяпанавіч за апошнія дні ўчарнеў. Не хапае прадуктаў, боепрыпасаў. Паспрабаваў Рыгора Сцяпанавіча адцягнуць ад цяжкіх думак, згулялі дзве партыі ў шахматы, узрушаны, ён абедзве прайграў, пасля гэтага кінуў гуляць. Аддаў распараджэнне пусціць коні ў расход, дык высветлілася — солі няма. Здарылася цяжкае становішча з харчамі таму, што прыйшлося карміць шмат сялян, якія паўцякалі з вёсак пад ахову партызан.

 

19 студзеня

Разгром немцаў пад Масквою зрабіў вялікае ўражанне. Партызаны ганарацца тым, што яны не сядзелі склаўшы рукі, а чым маглі, памагалі Чырвонай Арміі. І ўсё астаецца адчуванне, што мы мала робім. А можа, гэта таму, што камандзір увесь час убівае гэтую думку. На маім рахунку 17 знішчаных фашыстаў.

І з харчамі, і з боепрыпасамі паправілі становішча. Смелы напад на склады ў Крывуліне выручыў партызан. Аднак пайкі камандзір не прыбавіў і сам кантралюе, як выконваецца яго загад. Нічога, пражывем.

 

27 студзеня

Цяпер ужо няма ніякіх сумненняў, што ідуць вялікія сілы нямецка-фашысцкіх войск, яны спальваюць усё на сваім шляху. Мы ўгрызаемся ў зямлю, гэта значыць, без бою не збіраемся адступаць. Прыйдзецца пацягацца з рэгулярнымі часцямі. Настрой партызан добры. Пераканаўся, што вайна, акрамя ўсяго, патрабуе цяжкай фізічнай працы. А яшчэ — жылістыя нашы людзі, працавітыя, сардэчныя, мужныя.

 

13 лютага

Трывожныя насталі дні. Перабазіравалі старых і дзяцей у другое месца. Камандзір атрада Гарашчэня сам рамантуе гарматы. Настрой прыўзняты, чакаем бою, які вырашыць, будзем мы ў далейшым кантраляваць чыгунку ці не. Яшчэ захапілі прадуктаў і боепрыпасаў. Павесялеў наш камандзір.

Неяк, зайшоўшы да Рыгора Сцяпанавіча, застаў там Марыйку, яна ззяла ад шчасця. Мусіць, паміж імі завязаўся раман. Даўно пра гэта гаварылі. Ну што ж, добрая пара!

 

23 лютага

Хадзілі на чыгунку, падарвалі эшалон з жывой сілай і тэхнікай. Нашто скупы на слова Рыгор Сцяпанавіч, усё ж пахваліў нас. А пахвала чалавеку, калі ён гэтага заслугоўвае, патрэбна, яна яго акрыляе. Нягледзячы на тое што мы былі стомленыя, усе гатовы былі ісці на выкананне новага задання.

 

14 сакавіка

У атрад прыйшло шмат новых людзей. Рыгор Сцяпанавіч асабіста з імі займаецца. Па ўсяму відаць, што мы напярэдадні вялікіх баёў. Кожны дзень камандзір пасылае ва ўсе бакі разведку.

З нашага атрада ўжо шмат выбыла партызан: адны забіты, другія паранены. Мне вельмі хочацца жыць, убачыць сваімі вачыма вызваленую зямлю. Раней я пра гэта зусім не думаў, а цяпер чамусьці гэтая думка не выходзіць з галавы.

 

21 сакавіка

Над нашымі лагерамі праляцеў савецкі самалёт, ён скінуў газету «За Свабодную Беларусь». Шмат было радасці. У газеце гаварылася, што хутка Чырвоная Армія адкіне ворага ад Ленінграда, ачысціць Беларусь і Украіну, Літву і Латвію, Эстонію і Карэлію, вызваліць Крым.

Хацелася зараз жа ісці ў бой, каб хутчэй вызваліць з няволі свой народ.

 

27 мая

Доўгі час нічога не пісаў. Вядуцца гарачыя баі. Некалькі дзён па загаду камандавання быў заняты перакладам з нямецкай мовы плана «ОСТ».

Вось некаторыя вытрымкі:

З пісьма рэйхсфюрэра войск СС Гімлера

«...Мы ў вышэйшай ступені зацікаўлены ў тым, каб ні ў якім выпадку не аб’ядноўваць народы ўсходніх абласцей, а, наадварот, драбіць іх на магчыма больш дробныя галіны і групы... Мы не намераны імкнуцца да іх згуртавання і павелічэння, тым больш да паступовага прывіцця ім нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай культуры».

«...Для не нямецкага насельніцтва ўсходніх абласцей не павінна быць вышэйшых школ. Для яго дастаткова наяўнасці чатырохкласнай народнай школы. Мэтаю навучання ў гэтай народнай школе павінна быць толькі: просты лік, самае большае да 500, уменне распісацца, унушэнні, што боская запаведзь заключаецца ў тым, каб падпарадкавацца немцам, быць чэсным, старанным і паслухмяным. Уменне чытаць я лічу непатрэбным».

«...Такім чынам, насельніцтва генерал-губернатарства непазбежна будзе складацца пасля паслядоўнага правядзення гэтых мерапрыемстваў на працягу бліжэйшых дзесяці год з непаўнапраўнага насельніцтва, якое астанецца. Гэта насельніцтва будзе ўяўляць сабой пазбаўленую кіраўнікоў масу рабочай сілы і пастаўляць Германіі штогод сезонных рабочых для выкарыстання на чарнавых работах (будаўніцтва дарог, у каменаломнях, на будоўлях). Яно атрымае больш харчоў і стане жыць лепш...»

З пісьма доктара Ветцэля «Заўвагі і прапановы па генеральнаму плану «ОСТ» рэйхсфюрэра войск СС»

«...в) да пытання аб беларусах.

...Згодна плана прадугледжваецца высяленне 75% беларускага насельніцтва з займаемай ім тэрыторыі. Значыць, 25% беларусаў па плану галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі падлягае анямечванню...».

«...прадстаўляецца крайне неабходным па магчымасці старанна адабраць беларусаў нардычнага тыпу, прыгодных па расавых адзнаках і па палітычных меркаваннях для анямечвання і накіраваць іх у імперыю з мэтай выкарыстання ў якасці рабочай сілы. Іх можна было б выкарыстаць у сельскай гаспадарцы ў якасці сельскагаспадарчых рабочых, а таксама ў прамысловасці ці як рамеснікаў... Яны ў хуткім часе, па крайняй меры ў бліжэйшым пакаленні, маглі б быць поўнасцю анямечаны...».

«...Важна, каб на рускай тэрыторыі насельніцтва ў сваёй большасці складалася з людзей прымітыўнага паўеўрапейскага тыпу. Яно не прынясе многа клопату для германскага кіраўніцтва. Гэта маса расава непаўнацэнных, тупых людзей мае патрэбу, як сведчыць векавая гісторыя гэтых абласцей, у кіраўніцтве».

«...Ёсць шмат шляхоў для падрыву біялагічнай сілы народа... У гэтых абласцях мы павінны свядома праводзіць палітыку на скарачэнне насельніцтва... Мы павінны заўсёды ўсяляць насельніцтву думку аб тым, што шкодна мець многа дзяцей... Варта прапагандаваць таксама дабравольную стэрылізацыю, не дапускаць барацьбы за зніжэнне смяротнасці малых дзяцей, не дазваляць навучанне мацярэй догляду за груднымі дзецьмі і прафілактычным мерам супраць дзіцячых хвароб. Варта скараціць да мінімуму падрыхтоўку рускіх урачоў па гэтых спецыяльнасцях, не рабіць ніякай падтрымкі дзіцячым садам і іншым падобным установам...».

«...Для нас, немцаў, важна аслабіць рускі народ у такой ступені, каб ён больш не мог перашкодзіць нам устанавіць нямецкае панаванне ў Еўропе».

«...Калі Трэцяя Імперыя павінна існаваць тысячы год, дык нашы планы павінны быць распрацаваны на цэлыя пакаленні. А гэта значыць, што расава-біялагічная ідэя павінна мець рашаючае значэнне ў будучай нямецкай палітыцы. Толькі тады мы здолеем забяспечыць будучыню нашага народа».

Вось ён, чалавеканенавісніцкі, людаедскі «план» гітлераўцаў. Нарэшце мне стала ясна, чаго хочуць дабіцца ў гэтай вайне фашысты. Трасцу! Нічога ў вас не выйдзе! Самім вам вісець на перакладзіне...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гарашчэня скончыў чытаць дзённік Аўсяніка. Перагарнуўшы некалькі старонак, паклаў памятую чорную запісную кніжачку партызана на стол як дакумент аб чалавечым жыцці, якое нечакана абарвалася. Гарашчэня лёг, але не мог заснуць. З дзённіка Аўсяніка камандзір даведаўся пра Аксеню Бандарчык,— яна была ў другім эшалоне,— якая гэта жанчына. Гарашчэня ўспомніў словы Міхаські, якому здалося, нібы ён бачыў яе ў Чорным Бродзе, калі там стаяў штаб нямецкага палка. У Аксені тады спыталі пра гэта, яна клялася, што няпраўда, і ёй паверылі. Але цяпер, у свеце новых фактаў, Гарашчэню ясным стала, што яна лгала. Гарашчэня ўстаў, паклікаў дзяжурнага і загадаў яму неадкладна арыштаваць Аксеню. Толькі пасля гэтага Гарашчэня заснуў.

 

21

Раніцою Гарашчэня загадаў прывесці арыштаваную. Камандзір атрада хацеў сам з ёю пагаварыць. Увайшла Аксеня, па ўсяму відаць было, што яна хвалявалася.

— Сядайце,— прапанаваў ёй Гарашчэня.

— Дзякую,— Аксеня села на край скрынкі з-пад снарадаў і хутка загаварыла: — Як вы асмеліліся мяне, жонку камандзіра Чырвонай Арміі, арыштаваць?

— А як вы асмеліліся, жонка камандзіра, пайсці да немцаў на службу? — адказаў пытаннем на пытанне Гарашчэня.— Другія жонкі камандзіраў чакаюць звароту мужоў, а вы ў першыя ж дні вайны, калі прыйшлі немцы, пачалі блудзіць.

— Гэта не ваша справа, я перад мужам буду несці за гэта адказ,— збянтэжылася Аксеня.

— Дапусцім, гэта ваша асабістая справа,— працягваў Гарашчэня.— А тое, што вы маёру фон Шульке далажылі, дзе праходзіць лінія абароны партызан, як вы гэта асмеліліся зрабіць?

— Я, я... Што вы ад мяне хочаце?.. Я нічога не ведаю!.. Адкуль вы гэта ўзялі?..

— Хоць бы перад смерцю прызналіся, што зрабілі няправільна, прадаўшы Радзіму...

— Вы мяне расстраляеце?..

— Паглядзім... Якое суд вынясе рашэнне...

— Мяне прымусілі...

— Па чыйму заданню вы пайшлі ў атрад?

— СД загадала...

— І колькі вам плацілі?

— Нічога мне не плацілі, толькі абяцалі заплаціць...— Аксеня не вытрымала, кінулася на калені і з слязамі на вачах стала прасіцца: — Даруйце... Па несвядомасці...

У гэты час у зямлянку зайшлі Міроніха з Марыйкай, яны здзіўлена глядзелі то на Гарашчэню, то на Аксеню, не разумеючы, у чым справа.

— Не карайце мяне...— лямантавала Аксеня.— Я жыць хачу, жыць!.. Жанчыны, заступіцеся за мяне... Горкая доля жаночая...

— Прабачце, не перашкодзілі? — паглядзела на камандзіра Міроніха.

— Наадварот, я хацеў пасылаць чалавека па вас,— паведаміў Гарашчэня.

— Хто табе, Аксеня, жыць не дае? — пацікавілася Міроніха.

— Памылілася я, цётка Міроніха... Не па той дарозе пайшла... Вось цяпер і пакутую.

— У чым справа? — здзіўлена глядзела Марыйка.

— Няхай яна сама раскажа, цётка Міроніха будзе ёй суддзёю,— сказаў Гарашчэня.— Не пярэчыце супраць суддзі?..

— Не-е...

— Дык кажыце, што здарылася? — прапанавала Міроніха.

— Я, я... Мяне выклікалі ў СД і сказалі, каб я пайшла ў атрад і прынесла ім весткі, што тут робіцца... дзе базіруецца атрад... колькі людзей... якое ўзбраенне...

— І ты гэта зрабіла? — пасуравела Міроніха.— Або, можа, ты прыйшла і паведаміла пра гэта камандзіру?

— Зрабіла,— прызналася Аксеня.

— Усіх нас прадала,— спалохалася Марыйка.

— Прадала... Што ж вам яшчэ сказаць?..— енчыла Аксеня.— Я ўсё скажу, усё... Толькі памілуйце...

— Для мяне ўсё ясна,— сказала Міроніха.

— Дык тады рашайце,— прапанаваў Гарашчэня.— Няма патрэбы цягнуць гэту справу. Нам трэба іншым займацца...

Міроніха неяк выпрасталася, з агідай паглядзела на Аксеню, падумала. Усе з напружаннем чакалі яе слова. Нахмурыўшы бровы, узняўшы галаву, Міроніха вынесла прысуд:

— Смерць. Няма горшага злачынства, як здрада. Толькі смерць.

— А-ах!..— дзіка закрычала Аксеня, увіваючыся каля ног, просячы: — Даруйце!..

— А твая якая думка, Марыйка? — звярнуўся да яе Гарашчэня.

— Я згодна з вынесеным рашэннем цёткі Міроніхі,— падумаўшы, адказала Марыйка.

— I я таксама,— пагадзіўся Гарашчэня і аддаў загад дзяжурнаму: — Прыгавор прывесці ў выкананне.

— Слухаю! — казырнуў дзяжурны. Ён узняў пад рукі асуджаную, яна ўпіралася, не ішла. Дзяжурны сілаю выпхнуў яе з зямлянкі.

Неўзабаве пачуўся стрэл — прыгавор быў прыведзены ў выкананне.

— Што ж нам с табою, Марыйка, трэба было тут? — апомнілася Міроніха.— Ага!.. Чым параненых карміць?..

— Дык жа ёсць яшчэ некалькі курэй, варыце бульён,— распарадзіўся Гарашчэня.

— Каб як цукру дастаць,— прапанавала Марыйка.— Няма ніякага толку з сахарыны.

— Пастараемся,— абяцаў Гарашчэня.

Жанчыны выйшлі з зямлянкі, і з імі Гарашчэня, каб крыху прайсціся, развеяцца.

 

22

Немцы спагналі ўсю злосць за няўдачу на мірным насельніцтве, амаль цалкам спаліўшы ўсе вёскі, дзе паблізу аперыраваў атрад. Але і партызаны не давалі жыцця фашыстам. Гарашчэнеўцы сем разоў бралі Беразнянку, сем разоў забіралі зброю ў салдат і афіцэраў і ўсё ніяк не маглі ўзброіць людзей, якія ішлі да іх у векавыя лясы.

Жорстка фашысты каралі людзей, якія не падпарадкаваліся «новым парадкам», не выдавалі партызан. Так аднойчы, прыехаўшы ў Падгайнаўку, немцы, з імі быў і іх паслугач бургамістр Пясецкі, узялі чатырох самых старых мужчын, дапытваючы ў іх пра партызан, але яны маўчалі. Ва ўсіх быў адзін адказ:

— Не ведаем.

Старыя кожны патроху ведалі пра партызан, але не гаварылі. Тады немцы іх жывымі закапалі ў магілу. Але, і паміраючы ў страшэнных пакутах, сяляне нічога не сказалі. Пясецкі прычапіўся да бабкі Марцэлі, дзе лётчык Чыгір, які ўцёк з палону. Ён старой выбіў апошнія два зубы і, не дабіўшыся нічога, застрэліў. Пасля гэтага здарэння ўсе беразнянцы, ад старога і да малога, пайшлі ў лясы, сталі гарашчэнеўцамі.

Шмат клопату прыносіў партызанам Пясецкі, які, як цень, хадзіў па пятах, а сам, як уюн, з рук выслізгваў. За Пясецкім па заданню Гарашчэні даўно ганяліся, але ніяк не маглі злавіць. Немцам ён патрэбен быў, а таму яго аберагалі.

— Гэтага паліцая не так лёгка ўвабраць,— шкадаваў Гальяш.— Ён з вады сухім выйдзе.

— Выходзіць, што ён разумнейшы за нас,— не згаджаўся Гарашчэня.— Гэта не так. Ён хітры, але дурны. Рана ці позна ўсё роўна яго куля не міне. Такі лёс кожнага здрадніка.

— Вядуць!

— Каго?

— Бургамістра.

— А-а-а, лёгкі на ўспаміне! — задаволена ўсміхнуўся Гарашчэня.— Давай яго сюды! Даўно галубка чакаем! — Гарашчэня насупіўся.— Што-о? Дык гэта ж былы бургамістр...

— Былы, былы,— спалохаўся бургамістр.— Яны мяне прагналі, відаць, не спадабаўся... Знайшлі нейкага дзівака... Загадай немцы яму бацьку ці маці павесіць, рука не здрыганецца... У яго няма нічога святога...

— З печы сцягнулі,— далажыў Шпакоўскі.— Усе рукі скусаў, пішчаў, як свіння ў плоце...

— Шкада, а я думаў, што цяперашняга бургамістра, Пясецкага, злавілі,— уголас разважаў Гарашчэня.— Што ж нам з табою рабіць? Нямала і ты людзям шкоды прынёс...

— Прабачце! — прасіўся былы бургамістр.— Па несвядомасці... Цяпер толькі асазнаў...

— Цікава,— нахмурыў бровы Гарашчэня.— Што ні здраднік, дык усё па несвядомасці!..

— Ага, па вачах сірата,— заўважыў Шпакоўскі,— па мэце — разбойнік.

— Дайце мне любое заданне... я...

— Лістам сцелецца,— іранізаваў Шпакоўскі,— а ўкусіць цэліцца.

— Што вы са мной хочаце рабіць?

— Для драпежнай псіны — кол з асіны,— паглядзеўшы на Гарашчэню, падказваў Шпакоўскі.

— Прашу вас, дайце мне заданне...

— Што-о? — скрывіўся твар у Гарашчэні, ён з агідай глядзеў на здрадніка.— Якое табе заданне? Колькі ў тым спісе, які ты склаў і перадаў немцам, было савецкіх працаўнікоў? Колькі пры тваім удзеле ў Беразнянцы расстраляна яўрэяў? Колькі ты асабіста забіў партызан? Ды што там, выходзь!

Усе хлынулі з зямлянкі, заглядаючы ў гнеўныя вочы Гарашчэню,— партызаны ніколі не бачылі такім свайго камандзіра. Бургамістр кінуўся цалаваць Гарашчэневы боты, але ён адштурхнуў яго нагою.

— Ты не варты гэтага, гадзюка,— Гарашчэня скамандаваў: — Станавіся, сабака!

— Заданне...

— Колькі табе разоў прапанавалі апамятацца... Праз цябе сотні дзяцей...

І, не даказаўшы, Гарашчэня, выпусціўшы абойму, загадаў:

— Закапайце гэту падлу, каб не смярдзела!

Да Гарашчэні падышоў радыст, ён сказаў, што з Масквы цікавяцца, на колькі гадзін прызначаны вылет.

— Перадайце, што сёння ў шаснаццаць гадзін вылятаю.

— Слухаю,— павярнуўся радыст і пайшоў.

Памыўшы рукі, Гарашчэня сеў абедаць. Ён збіраўся ляцець у Маскву, каб далажыць аб дзейнасці атрада, атрымаць далейшыя ўказанні. Камандзір аддаваў распараджэнні свайму намесніку Шпакоўскаму, папярэдзіўшы, глядзі — галоўнае людзі.

— Пакуль ты будзеш трымаць сувязь з народам, датуль ты непераможны,— навучаў Гарашчэня.— Адарвешся ад мас, сам загінеш. І вельмі не рызыкуй, не забывайся, што ты камандзір, у тваім распараджэнні шмат людзей... Ага! Неабходна аб параненых паклапаціцца, усё што трэба — дастаць...

— Добра,— запісваў сабе ў блакнот Шпакоўскі.

Калі Чыгір далажыў, што машына гатова, каб ляцець, Гарашчэня захваляваўся. Камандзір запытаўся ў лётчыка:

— А можа, усё ж даляцім без пасадкі для запраўкі гаручым?

— Не,— адказаў Чыгір.

Гарашчэня чакаў Марыйку. Няўжо яна не прыйдзе яго правесці? Яму не хацелася хоць бы на кароткі час разлучацца з дзяўчынай. «І чаму яна не ідзе?» — думаў Гарашчэня. Ён у думках развітаўся з сваімі баявымі сябрамі, са змучанай зямлёю, з роднымі палямі і лясамі, дзе праведзена гэтулькі трывожных дзён, перажыванняў, сумненняў, удач і паражэнняў, дзёрзкіх аперацый, якія прынеслі немцам шмат страт. Гарашчэня яшчэ раз паглядзеў, ці ўсё ён узяў з сабою, прачытаў некалькі радкоў са злавеснага плана «ОСТ», у якім раскрывалася задума фашыстаў. Успомніў Насту, Мірона, Аўсяніка, Міхаську, Дразда і многіх іншых, што загінулі ў барацьбе, каб не быць беларусам знішчанымі. Нарэшце з’явілася Марыйка, яна прынесла падарунак — прадукты на дарогу.

— Гэта цётка Міроніха прыслала,— сказала Марыйка і пачырванела. Дзяўчына ўбачыла ў дзвярах Міроніху, якая ўсё гэта чула.

— Няпраўда,— усміхнулася бяззубым ротам Міроніха.— Сама ўсё прыгатавала... праснакоў напякла...

Марыйка не вытрымала, у яе з вачэй пырснулі слёзы.

— Які вы мне дасце наказ? — звярнуўся да Міроніхі, як да роднай маці, Гарашчэня.

— Пакланіцца Маскве,— захвалявалася Міроніха,— сэрцу савецкай Радзімы. Скажыце, што беларусы і ў радасці і ў горы заўсёды з рускімі, партыя нас навекі з’яднала... І яшчэ, можа, удасца разведаць пра дзяцей... Ці жывыя яны?..

Гарашчэня пайшоў у суправаджэнні Марыйкі і Міроніхі, баявых сяброў, камандзіраў і партызан на аэрадром. Камандзір сумнымі вачыма паглядзеў у бок векавога бору, які, спяваючы, праводзіў яго ў вялікую дарогу.

 

23

Самалёт, узняўшыся, зрабіў круг над аэрадромам, на развітанне памахаў крыллямі і ўзяў курс на ўсход. Гарашчэня адчуваў, як білася ў яго сэрца. Пралятаючы над палямі і лясамі роднага краю, Гарашчэня бачыў спаленыя вёскі, станцыі, гарады — усё гэта месцамі нагадвала пустыню. Вецер разносіў плач беларускай зямлі.

Цяпер Гарашчэня асабліва востра адчуў, што яны вельмі мала зрабілі, каб зменшыць пакуты людзей, што апынуліся ў няволі. І каб не было загаду яму ляцець у Маскву з дакладам, ён бы вярнуўся назад. На яго думку, яму не было чым хваліцца, хоць на самай справе гэта было не так. Атрад Гарашчэні адзін з першых пачаў наносіць адчувальныя ўдары па немцах і не адзін раз фігураваў у зводках Саўінфармбюро. Асабліва ўдала была праведзена аперацыя супраць палка маёра фон Шульке, гітлераўцы мелі вялікія страты і былі адкінуты. Ім доўга прыйшлося залізваць свае раны.

Гарашчэня ўспомніў Васільева. Гэта Сяргей Паўлавіч памог яму стаць тым, кім ён зараз ёсць. Гарашчэню цяпер ведалі не толькі ў Беразнянскім раёне, але і шмат далей.

Камандзіру атрада захацелася, каб замест яго ехаў у Маскву з дакладам таварыш Сяргей, як яго завуць і пра якога мала хто ведае. А толькі назад не павернеш, загад ёсць загад, яго трэба выконваць.

«Дзе ён цяпер, наш дарагі таварыш Сяргей? — думаў Гарашчэня.— Напэўна недзе ўзнімае людзей на барацьбу». На прыкладзе Сяргея Гарашчэню ясным стала, што партыя цераз такіх людзей звязана з масамі. Сяргею няма нічога даражэйшага за ідэі партыі, яго свая асоба менш за ўсё цікавіць. Рызыкуючы штохвілінна сваім жыццём, ён заўсёды дбае аб народзе, аб ператварэнні ў жыццё вялікіх ідэй Камуністычнай партыі.

Гарашчэню захацелася быць падобным на Сяргея Паўлавіча, але ён злавіў сябе на думцы, што не можа такім быць, у яго зусім іншы характар. «Я салдат,— падумаў Гарашчэня,— а таварыш Сяргей партыйны працаўнік ленінскай школы, загартаваны барацьбіт, які неяк сказаў, што ён за ўсё ў адказе перад партыяй. Таварыш Сяргей акрыліць цябе, дасць пуцёўку ў жыццё, і ляці, саколе, у будучыню. А сам ён зноў ідзе іншых узнімаць. Будзеш разумным — благім словам не ўспомніш, а не — дык і не трэба. Таварыш Сяргей сапраўдны чалавек, ён не з пароды такіх, якія толькі дбаюць аб сабе, аб сваёй славе і дабрабыце. У час суровых выпрабаванняў ён, як некаторыя крыкуны, не схаваецца ў кусты, а заўсёды будзе на перадавой лініі агню».

Ужо добра сцямнела, калі Чыгір пералятаў лінію фронту. Гарашчэня паглядзеў уніз — там успыхвалі «зарніцы». Гэта вялася артылерыйская дуэль, або так званы непакоячы агонь, а навокал былі пажары. Раптам разрэзаў цемру пук святла з пражэктара, потым перакрыжаваліся праменні, па крыле самалёта праслізнула святло, пражэктары намагаліся ўзяць у вілку самалёт. Па самалёце стралялі трасіруючымі кулямі, а неўзабаве скаланула паветра. Ясным стала, што б’юць варожыя зеніткі. Чыгір, не мяняючы курса, вёў самалёт. Пераляцеўшы лінію фронту, Гарашчэня лягчэй сябе адчуў. Ён паглядзеў уніз — нідзе ні агеньчыка.

Доўга прыйшлося кружыць, пакуль знайшлі вайсковы аэрадром, каб заправіцца. А калі адшукалі яго, дык іх чамусьці не прымалі, хоць і не адкрывалі агню — па гуку пазналі, што самалёт савецкі. А справа ў тым, што Чыгір, расхваляваўся, даў не тую ракету. Нарэшце ён схамянуўся і выправіў памылку. Зрабіўшы пасадку, заправіўшыся, самалёт зноў узяў кірунак на ўсход.

Успомніўшы Марыйку, Гарашчэня падумаў: «Яна напэўна недзе, седзячы ў зямлянцы, ціхенька плача, мяркуючы, што я яе не кахаю. Але ж гэта не так, яна цудоўны чалавек, сардэчная, будзе добрай спадарожніцай у жыцці. І чаго я маруджу з уладкаваннем асабістых спраў? А можа, Марыйка не захоча стаць маёю жонкай? І чаму б не пагаварыць пра гэта з ёю перад адлётам?»

Гарашчэня зноў вярнуўся да думкі, што ім мала зроблена, каб памагчы Чырвонай Арміі ў яе гіганцкай барацьбе. Пралятаючы над лініяй фронту, Гарашчэня сваімі вачыма бачыў велізарнейшую бітву, якой не ведала гісторыя. Чырвонай Арміі даводзіцца весці барацьбу адзін на адзін з узброенай да зубоў нямецка-фашысцкай арміяй. «Па ўсяму відаць,— падумаў Гарашчэня,— што саюзнікі хітруюць з адкрыццём другога фронту і яны, мусіць, так і не пачнуць па-сапраўднаму ваяваць. Дык трэба нам, партызанам, быць другім фронтам». Гарашчэня прыгадаў адносна гэтага сваю размову з Сяргеем Паўлавічам, які, жартуючы, сказаў: «Англа-амерыканцы хацелі б ваяваць да апошняга рускага салдата». Але ў іх нічога не выйдзе! Мы бачым хітрыкі сённяшніх саюзнікаў навылёт!

Пралятаючы над Масквою, Гарашчэня заўважыў, што тут таксама не было агнёў. Зрабіўшы некалькі кругоў над аэрадромам, самалёт пайшоў на пасадку. Хутка Чыгір прызямліўся. У Гарашчэні паскорана білася сэрца. Выйшаўшы з самалёта, Гарашчэня прыпаў да зямлі, пацалаваў і, як прасіла Міроніха, пакланіўся Маскве.

— Родная Масква,— усхвалявана загаварыў Гарашчэня,— прывітанне табе з лясоў Беларусі, нізкі паклон ад лясных салдатаў. Мы заўсёды сэрцам з табою!

Неўзабаве да самалёта пад’ехала машына, і Гарашчэня з Чыгіром накіраваліся ў Штаб партызан. Гарашчэня разглядаў Маскву,— яна была суровай, маўклівай. Па вуліцах патруліравала варта. Гарашчэню кінулася ў вочы, што ў Маскве толькі дзе-нідзе відаць былі руіны, і то абнесеныя агароджай.

— Масква якая была, такая і ёсць, прыгожая,— узрадаваўся Гарашчэня.— У немца аказаліся рукі кароткія...

— Ага,— згадзіўся Чыгір.— Не ўдалося ім з ходу ўзяць Маскву, то цяпер тым больш не возьмуць! Народ узняўся на барацьбу!

— Правільна ты сказаў,— усклікнуў Гарашчэня.— Няма на свеце такой сілы, якая б нас адолела. У Штабе партызан насустрач Гарашчэню выйшаў начальнік штаба, сярэдніх год мужчына, з залысінамі на галаве. Акінуўшы разумнымі вачыма Гарашчэню, прывітаўшыся, начальнік штаба запрасіў Гарашчэню прайсці ў кабінет і там прапанаваў сесці. Задаўшы некалькі пытанняў: як здароўе, ці ёсць сям’я і дзе яна, начальнік штаба, ласкава ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Дык расказвайце, якія ў вас навіны? Можа, вам патрэбна ад нас якая-небудзь дапамога? Якія ў вас планы на будучае?

Гарашчэня, хвалюючыся, пачаў дакладваць начальніку штаба аб баявых дзеяннях партызанскага атрада. Начальнік штаба, часамі ўстаючы і пахаджваючы па кабінеце, уважліва слухаў, кідаў рэплікі, рабіў заўвагі, падагульняў і накіроўваў дзейнасць партызан у патрэбным напрамку. Гарашчэня адчуў, што перад ім не проста начальнік штаба, які цікавіцца праведзенай той або іншай аперацыяй, а выдатны дзяржаўны дзеяч, які ўмее ў малым убачыць вялікае. Начальнік штаба звярнуў асаблівую ўвагу на масавасць партызанскага руху, які трэба зрабіць усенародным.

— Камуністычная партыя высока ацэньвае маральныя якасці і духоўныя сілы беларускага народа,— гаварыў начальнік штаба.— Трэба, каб увесь народ узняўся на змаганне. Але само нічога не робіцца. Неабходна арганізаваць масы, узначаліць барацьбу.

Начальнік штаба ўхваліў дзейнасць падрыўнікоў атрада на чыгунцы, сказаўшы, што трэба значна актывізаваць партызан у гэтым кірунку, каб паралізаваць варожыя камунікацыі.

Гарашчэня ніяк не мог утрымацца, каб не сказаць пра работу таварыша Сяргея, якому быў абавязаны ў сваім росце і станаўленні. Начальнік штаба задаволена ўсміхнуўся, ён добра ведае Сяргея Паўлавіча, які яшчэ калі ЦК КП(б)Б быў у Магілёве, быў пакінуты для падпольнай работы, і даў яму высокую ацэнку: «Гэта сапраўдны бальшавік, партыя і народ ніколі не забудуць яго выдатнай дзейнасці».

Гарашчэня дастаў і ўручыў начальніку штаба пісьмовую справаздачу аб баявых дзеяннях атрада і дадаткі да плана «ОСТ»: «Пісьмо рэйхсфюрэра войск СС Гімлера» і «Пісьмо доктара Ветцэля «Заўвагі і прапановы па генеральнаму плану «ОСТ» рэйхсфюрэра войск СС». Начальнік штаба хутка іх прачытаў.

— А дзе план «ОСТ»? — спытаў ён.

— У забітага генерала яго не аказалася,— адказаў Гарашчэня.

— Шкада. Калі будзем судзіць гітлераўцаў, ён вельмі б спатрэбіўся. Хоць і пісем дастаткова. Справа ідзе аб знішчэнні народаў.— Начальнік штаба пасуравеў.— Семдзесят пяць працэнтаў беларусаў выселіць (гэта значыць знішчыць) і дваццаць пяць працэнтаў беларусаў анямечыць (зрабіць рабамі)? І ўсё гэта здзейсніць з дапамогай беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Вы што-небудзь пра іх ведаеце?

— А як жа? З Смаленска ў Мінск прыехаў Астроўскі...

— Астроўскі ў Мінску? — здзівіўся начальнік штаба.— Злятаецца груганнё...

— Цяпер Астроўскі — дарадца гаўляйтэра Вільгельма Кубэ і падручны шэфа СД генерала фон Готберга...

— А што вы ведаеце пра Астроўскага?

— Сёе-тое пра яго магу расказаць.

Па запрашэнню начальніка штаба яны селі на канапе.

 

Расказ Рыгора Гарашчэні

— Не раз рабілі замах на свабоду і незалежнасць Беларусі чужаземныя захопнікі. Шматлікія курганы, дзе парахнеюць косці заваёўнікаў, сведкі гэтага. І ў абозах, за варожымі арміямі, заўсёды ехалі лёкаі рыцараў, людзі з чорнымі душамі. Рабаўнікам патрэбны былі пігмеі, якія ведалі быт і звычаі народа, знаёмыя з мясцовасцю, неабходны былі праваднікі і перакладчыкі, правакатары і шпіёны, людзі без радзімы, гонару і сумлення. Гэта шмат год выконваюць людзі, якія называюць сябе «беларускімі нацыяналістамі», іх невялікая група, што толькі па месцы нараджэння можна назваць беларусамі.

Беларускія буржуазныя нацыяналісты ніколі не былі значнай з’явай у гісторыі Беларусі. Дастаткова прывесці адзін прыклад. У часе выбараў у 1917 годзе ва Устаноўчы сход бальшавікі атрымалі шэсцьдзесят восем працэнтаў галасоў, а ўсе астатнія партыі — кадэты, акцябрысты, меншавікі, эсэры, анархісты, бундаўцы, грамадаўцы — толькі трыццаць два працэнты. Нацыяналісты ж пацярпелі амаль поўнае паражэнне.

Адразу ж пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі імперыялістычныя штабы Германіі, Англіі, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Японіі пачалі падбіраць усю нечысць, якая магла быць карыснай у вайне супраць Краіны Саветаў. Так яны падабралі многіх рускіх белагвардзейцаў, украінскіх пятлюраўцаў, грузінскіх меншавікоў, беларускіх нацыяналістаў. Улоў нязначны, і прытым усялякая драбяза... Што ж, для разведак і гэта хлеб.

Вось хоць бы ўзяць верхаводу беларускіх нацыяналістаў Радаслава Астроўскага. Яшчэ юнаком-гімназістам, у невялікім маёнтку бацькі, пад Слуцкам, марыць ён аб бліскучым жыцці. Бацька збірае грошы, аблічвае батракоў, хоча стаць вядомым у Слуцкім павеце памешчыкам і мала дае на кішэнныя выдаткі сыну. Не хапае нават на добрыя папяросы. Неяк летам паспрабаваў Радаслаў схадзіць на вясковае ігрышча: абсмяялі дзяўчаты... Што казаць, паглядзіш у люстэрка і ўздыхнеш. Прышчаваты твар, касыя вочы. Адна дзяўчына, што адмовілася з ім танцаваць, сяброўцы шапнула: «Хоць і з заячай душою, але наглы! Такі выб’ецца на паверхню!» Дзе ўзяць грошы, каб добрай адзежай упрыгожыць няскладную фігуру, кінуць да ног дзяўчат цукеркі, пачаставаць хлопцаў добрымі папяросамі. Можа, пайсці працаваць? Толькі адзін раз у жыцці Радосік, як звалі яго дома, паспрабаваў фізічна папрацаваць — паехаў з батраком Васілём Магілёўцам на лесавывазку. І закаяўся на ўсё жыццё. «Працу дурні любяць!» — сказаў ён. Грошы, грошы — вось мара, чаму варта прысвяціць усяго сябе!

На некаторы час Радаслаў Астроўскі далучаецца да эсэраў. Становіцца ўпаўнаважаным Часовага ўрада Керанскага ў Слуцкім павеце. Але гэта небяспечна. Сяляне пагражаюць звергнуць як Часовы ўрад на чале з Керанскім, так і яго прадстаўніка Астроўскага.

У 1918 годзе маршыруюць па Случчыне калоны кайзераўскіх войск. У іх ёсць сіла, грошы, улада. Не хапае захопнікам аднаго: яны не ведаюць мовы і мясцовых умоў. 10 ліпеня 1918 года ў вёсцы Мазалі сяляне збілі групу акупантаў на двары памешчыка Пружынскага. Вінаватых — нямецкі камендант знайсці не здолеў. Памешчык Пружынскі сказаў, што пабоі адбыліся ў яго адсутнасці. Аднак камендант усё ж выявіў «вінаватых». Сляды вядуць да Радаслава Астроўскага — ён у гэтую пару часты наведвальнік нямецкага каменданта. Астроўскі старанна вывучае нямецкую мову, становіцца даверанай асобай нямецкіх акупантаў, а заадно і асведаміцелем камендатуры. Акупантам вельмі патрэбны здраднікі з мясцовага насельніцтва, людзі, якім маркі даражэй за сумленне. У Берлін на імя кайзера Вільгельма II пайшла ўжо вернападданніцкая тэлеграма ад створанага з дазволу імператара так званага ўрада БНР. Тэлеграму падпісала група беларускіх нацыяналістаў на чале з памешчыкам фон Скірмунтам (з беларуса-католіка ён раптам стаў немцам). У Слуцку ў гэты час Радаслаў Астроўскі атрымлівае дазвол арганізаваць прыватную гімназію на сродкі мясцовага насельніцтва (памешчыкаў), вядома, пад наглядам акупантаў. Ім патрэбны перакладчыкі і правакатары. Калі пад націскам Чырвонай Арміі і партызан кайзераўцы былі выгнаны з Беларусі, з немцамі ўцёк і Астроўскі...

Немцы Радаслава Астроўскага пакінулі ў Польшчы. Ён звязваецца з дэфензівай. Колькі напісана ім даносаў аб дзейнасці «Беларускай грамады», колькі «навуковых прац» — планаў чарговых правакацый, паслана ў дэфензіву. Аднойчы адзін супрацоўнік Віленскай дэфензівы, пасміхаючыся, сказаў: «За вашу пісаніну, пан доктар, даўно час ужо даць вам званне прафесара!» Але званне прафесара Астроўскаму надалі не пілсудчыкі, а гітлераўцы...

Так прайшло жыццё — ад адных гаспадароў, да другіх. Кайзераўскія афіцэры, пілсудчыкі, гітлераўцы, французы, англічане, амерыканцы. Маркі, злоты, франкі, фунты, долары. Грошы не пахнуць. Хоць каму служыць, абы добра плацілі...

Самы шчаслівы дзень для Астроўскага — 22 чэрвеня 1941 года. Бомбы Гітлера падалі на галовы людзей — і той жанчыны, што калісьці на Случчыне адмовілася з ім танцаваць, і ўсіх, хто падняўся супраць фашыстаў, на гарады і вёскі Савецкага Саюза,— а Радаслаў Астроўскі ў гэты час нервова снаваў па калідоры гестапа, чакаючы выкліку. У кабінеце, кажуць, крэсла яму не прапанавалі, затое ўручылі прызначэнне: бургамістрам Масквы.

— Бургамістрам Масквы? — здзівіўся начальнік штаба.

— Так,— сцвердзіў Гарашчэня.— Задача — вытравіць усё савецкае ў сталіцы Краіны Саветаў, знішчыць і сам горад. Забіваць і разбураць. Няхай ніколі больш Масква не здолее стаць цэнтрам свабодных народаў! Пан «прафесар» Астроўскі здолее справіцца з гэтай задачай.

У кабінеце гестапа Астроўскага ўпершыню назвалі «прафесарам». Для такой работы патрэбны вопыт і нянавісць. Нічога не здолеў выразнага сказаць Астроўскі — ад радасці перахапіла дыханне. Толькі ўскінуў руку і хрыпла выкрыкнуў: «Хайль Гітлер!» Пабыўшы некаторы час у Бранску, пасля ў Смаленску, не дачакаўшыся ўзяцця Масквы, яму прапанавалі выехаць у Мінск. Ходзяць чуткі аб арганізацыі так званай Беларускай Цэнтральнай Рады на чале з Астроўскім.

— Фашысты пакуль не дазволяць гэтага зрабіць,— разважаў начальнік штаба.— Як некалі кайзераўцы толькі ў апошні час, калі высветлілася, што яны ў Беларусі не ўтрымаюцца, стварылі БНР, так цяпер гітлераўцы толькі тады, калі будуць пакідаць Беларусь, хоць гэта не за гарамі, створаць БЦР...

— Магчыма,— згадзіўся Гарашчэня.

— А хто такі Францішак Кушэль?

— Быў капітанам у Пілсудскага, стаў маёрам у Гітлера, камандуе 13-ым карным батальёнам.

— Добра вы інфармаваны.

— Ворага трэба ведаць, каб з ім ваяваць. Адносна Астроўскага я пасылаў разведчыка не толькі ў Мінск, але і на Случчыну. Ён размаўляў з батраком Астроўскага, Васілём Магілёўцам... Каб нам мець газету, мы многае выкарысталі б у друку... Слова часам мацней за кулю... Куляй пападзеш у аднаго, а словам у тысячу...

— Будзе ў вас паходная друкарня,— абяцаў начальнік штаба.— Мы пра гэта паклапоцімся.— Ён падумаў: — А хто такі Абрамчык?

— Таксама гестапавец. Інжынер. Паехаў у Парыж... Ужо цяпер рыхтуецца змена Астроўскаму...

— Так, ворага трэба ведаць,— уголас падумаў начальнік штаба.— Без гэтага, сапраўды, нельга ваяваць...

Ужо куранты прабілі дзве гадзіны ночы, а гутарка ўсё працягвалася. Цяпер начальнік штаба гаварыў аб арганізацыі «Рэйкавай вайны» ў тыле ворага. Гарашчэня прыкідваў у думках, як план начальніка штаба правесці ў жыццё, і прыйшоў да вываду, што гэта зусім рэальная рэч, бо народ настроен супраць акупантаў.

Гэтая ноч была пераломнай у жыцці і дзейнасці атрада.

 

24

Намеснік камандзіра атрада Шпакоўскі, карыстаючыся тым, што не было камандзіра, сам хадзіў на аперацыі. І пярэчыць ніхто не мог, іначай таму пагражала самому аставацца ў зямлянцы, а гэта для гарашчэнеўца было самым страшным. Гарашчэнеўцы прывыклі ўвесь час быць у дзеянні. Да ўсяго таго, кожны хацеў, калі вернецца з Масквы камандзір, далажыць яму аб сваім асабістым рахунку.

Шпакоўскі і партызан Піліп Пацяруха вярталіся з аперацыі. Мароз быў такі, што птушкі на ляту замярзалі. На вачах у партызан, пералятаючы цераз дарогу, верабей упаў каменем. Недарма ў народзе кажуць: «Прыйшоў марац, адмарозіў палец».

Праходзячы каля роднай вёскі, Пацяруха прапанаваў намесніку камандзіра атрада зайсці ў Тарасаўку, каб трохі абагрэцца. Шпакоўскі ахвотна згадзіўся. Яны збочылі з шашы. Змейкай вілася ў Тарасаўку дарожка.

— Якія-небудзь некалькі гоней да вёскі,— заўважыў Шпакоўскі,— а ніяк не дойдзеш...

— Гэта ж адзін тарасавец, п’яны, як праклаў на вазку дарогу, так і асталася на ўсю зіму,— тлумачыў Пацяруха.— Ніхто пасля не захацеў першым па цаліне праехаць, каб зрабіць новую дарогу...

Тарасаўка вёска своеасаблівая. Калі прыйшлі немцы, тарасаўцы закапалі акт на вечнае карыстанне зямлёю ў гумне, мяркуючы зберагчы яго да прыходу Чырвонай Арміі. І ўсё ж іх спакусілі дзяліць зямлю. Прыйшоў у Тарасаўку каморнік, нарэзаў палеткі, загоны. Больш месяца валаводзіліся, кармілі яечняй каморніка, ніяк не маглі падзяліцца. Нарэшце, калі прыйшлося падпісваць дакумент, дык ніхто не хоча першым падпісвацца. Потым тарасаўцы ўсё ж знайшлі выйсце: каморнік зрабіў круг, па ім усе і падпісаліся. Пасля тарасаўцы лаялі сябе на чым свет стаіць, што аказаліся мяккацелымі і раскідалі калгас.

Ужо ўвайшоўшы ў Тарасаўку, Шпакоўскі і Пацяруха даведаліся, што ў вёсцы ёсць немцы. Але куды ты цяпер дзенешся? Трэба было тут аставацца. Добра яшчэ, што вартавыя не заўважылі. Падубеўшы, варта зайшла ў хату пагрэцца. Прыйшлося Шпакоўскаму і Пацяруху размясціцца ў першай жа хаце, якая трапіла ім на вочы. Вестка, што прыйшлі партызаны, хутка стала вядомай амаль усім сялянам.

Пацяруха быў дзябёлым, кулакі тыя па пуду. Да вайны ён быў калгасным кавалём. Аднойчы, п’яны — каб напаіць яго літра было мала,— ён пайшоў аб заклад, што абагне халодную шыну кругом кола. І абагнуў! На кулачкі біцца з ім ніхто не адважваўся.

Шпакоўскі думаў: «Што рабіць? Ісці з вёскі — могуць немцы заўважыць. Тут аставацца — небяспечна». Неўзабаве ў хату пачалі збірацца хлопцы, нібы прыйшлі да дзяўчыны пагуляць, яны трымаліся афіцыйна, не выдаючы, што ведаюць Пацяруху, які за час прабывання ў партызанах адгадаваў рыжыя вусы. Нарэшце зайшла жонка Пацярухі. Яна здзіўлена паглядзела на мужа:

— Або-о, Піліп, каго ж ты тут баішся? — кінулася да мужа каваліха.

— Цыц, дурная! — паглядзеўшы на Шпакоўскага, сыкнуў Пацяруха.

Хлопцы, нездаволеныя тым, што ім не давяраюць, загаманілі. Яны былі рады выпадку, што прыйшлі партызаны, і хацелі прапанаваць свае паслугі, каб расправіцца з немцамі, якія сваволяць у Тарасаўцы. У хлопцаў чамусьці з бакоў адтапырваліся кажухі. Шпакоўскі адразу гэта заўважыў і пільна за імі сачыў, а гледзячы на камандзіра, і Пацяруха быў напагатове.

— Што вы, хлопцы, наважылі рабіць? — адхіляючы жонку, не вытрымаў Пацяруха.— Калі нас узяць і выдаць немцам, дык нічога ў вас не выйдзе. За намі ідзе вялікая сіла,— хітрыў Пацяруха.— Яна неўзабаве тут будзе. Мы, можна сказаць, іх разведка.

— Дык і мы разведка,— нясмела загаварыў хлопец.— Нас паслалі даведацца, ці бераце вы да сябе ў атрад людзей? Зброя ў нас ёсць. Хочам трушчыць немца.

— Што ж вы не трушчыце, калі ён у вас на вачах робіць здзекі? — кальнуў Шпакоўскі.

— Ніхто не адважваецца першым пачаць,— гаварыў усё той жа хлопец.— Такая ўжо наша вёска...

— Але,— загаманілі хлопцы.

— А што, хіба я няпраўду казала? — кінулася на шыю мужа каваліха.— Піліпка! Родненькі мой! Даражэнькі! — нібы галасіла яна.— Твае ж дзеткі праз гэтых хрыцаў на нішчымніцы сядзяць. Вядома, жывем на вялікай дарозе. Усё да ніткі абчысцілі.

Хлопцы наперабой расказвалі Піліпу навіны, якія адбыліся ў Тарасаўцы за час яго адсутнасці.

У гэты час у хаце Тадоры Барысевіч, на другім канцы вёскі, гаспадарыў нямецкі афіцэр, у чыне оберлейтэнанта, Вілі Шульц. Ледзь выгаворваючы словы, ён запытаўся ў сялянкі:

— Што вы такая кіслая, як тры дні не елі? Весяліцца трэба. Хайль!

Напалоханая Тадора, адыходзячы ад яго, падумала: «Недзе шклянога бога бачыў. Такі ж ледзь на нагах трымаецца. І чаго вас прынесла нячыстая? Нарабілі хайлю, злыдні, на ўвесь свет».

— Раней у Беларутэніі гадаваль вялікі шпэк,— падбіраў словы Шульц, заглядаючы ў слоўнічак.— Гадаваль вялікі свіння. Нясі, матка, шпэк. А яшчэ такой круглы — каўбаса.

— Няма ў мяне сала і каўбас.

— Шукай! — гаркнуў Шульц.— Шнапс у мяне ёсць. Хайль!

— Добра, пагляджу,— напалохалася Тадора, збіраючыся выходзіць.— Можа, дзе і знайду...

Скрыпнулі дзверы. У хату ў суправаджэнні хлопцаў увайшоў Пацяруха. Не паспеў обер-лейтэнант апамятацца, як Пацяруха схапіў яго і, падняўшы вышэй галавы, кінуў на падлогу. Шульц распластаўся, жаласна спусціўшы дух.

— Ой, што вы зрабілі! — напалохана пляснула рукамі Тадора.— У маёй хаце... са свету звядуць...

— Вынось яго, хлопцы, з хаты, і абы ціха,— загадаў Пацяруха.— Адным хайлем менш будзе.

— Ото ж добра,— апамяталася Тадора.— Трэба адвучыць іх, гэтых злыдняў, таптаць нашы палеткі.

Астатнія тарасаўцы на чале са Шпакоўскім у гэты час распраўляліся з гітлераўцамі, якія, баючыся холаду, паўзбіраліся на печы. Чутна была страляніна, енчылі фрыцы.

— Вон, прусакі, з рускай печы! — камандаваў Шпакоўскі.— Выкідай іх, хлопцы, на мароз!

Так была ачышчана Тарасаўка ад фашысцкай нечысці, але назаўтра і вёскі не стала — яна была спалена карнікамі. Шмат хто загінуў з тарасаўцаў, якія не паспелі ўцячы з партызанамі ў лес.

 

25

Пачарнеў снег, калі Сяргей Паўлавіч збіраўся ў дарогу. Прайшла яшчэ адна ваенная зіма. Ужо на Случчыне пачалася вясна, цвыркалі птушкі, цурчала вада, змываючы з параненых грудзей зямлі людскую кроў.

Сяргей Паўлавіч праходзіў каля Крывічанскіх могілак. Тут адважна і мужна біліся семнаццаць камсамольцаў-партызан, яны ў няроўнай барацьбе загінулі смерцю герояў. Камсамольцы-партызаны ўлажылі больш за сто немцаў. Сяргей Паўлавіч, зняўшы шапку над магілай партызан, падумаў: «Спіце спакойна, таварышы! За вашу смерць — адпомсцім! Прыйдзе час, і над вашай магілай будзе ўзвышацца помнік вечнай славы. Краіна-партызанка вас ніколі не забудзе».

Страшна стала хадзіць па беларускіх дарогах. Куды ні глянь, усюды свежыя магілы,— пасля зімы паўвальваліся — ніхто іх не папраўляў і не прыбіраў. З адной прыдарожнай магілы тырчала дзіцячая ручка, а на ёй вісеў абарваны тэлефонны провад. Поруч была вялікая варонка ад бомбы.

Не пазнаць Беларусі, квітнеючай краіны з цудоўнымі дарогамі, з прыгожымі вёскамі і гарадамі, кругом якіх раслі сады. Вось Сяргей Паўлавіч праходзіць там, дзе некалі была вёска Раманавічы. Яна ўся ў руінах, ні адной жывой душы не відаць — пустыня. Раманавічы фашысты спалілі толькі таму, што поруч з вёскай быў лес і адтуль маглі прыходзіць партызаны. Прыляцелі шпакі, але, не знаходзячы прытулку, кінулі вёску. Пасярэдзіне вёскі Сяргей Паўлавіч угледзеў аблезлага дзікага ката, які замяўкаў і кінуўся ўцякаць.

За дзесятак яек адзін нямецкі шафёр згадзіўся давезці Сяргея Паўлавіча да Мінска. Едучы па дарозе Слуцак — Мінск, Сяргей Паўлавіч заўважыў, што абапал дарогі быў павысяканы лес, каля кожнага, нават невялічкага, мосціка былі пабудаваны дзоты і стаяла варта. Беларускія палі, як прызнавалі самі акупанты, сталі для іх няхлебнымі, дарогі — непраезджымі, лясы — непраходнымі, масты — для жыцця небяспечнымі. Сяргей Паўлавіч з гонарам падумаў: «Горача вам на савецкай зямлі, а яшчэ не гэта будзе». Прыехаўшы ў Мінск, Сяргей Паўлавіч не пазнаў горада. На руінах парасла трава. Па вуліцах хадзілі абадраныя дзеці, прасілі хлеба. Галодныя людзі жаласліва заглядалі ў вочы.

На скверы супраць Дома Чырвонай Арміі, дзе некалі было так прыгожа, цяпер стаялі шыбеніцы, і на іх вісела некалькі чалавек савецкіх патрыётаў. На дошчачках — надпісы: «Я памагаў бандытам-партызанам», «Я хавала на кватэры камуністаў», «Я страляў у немца»... Гарадскі сад апушчаны, шмат дрэваў высечаны на дровы. Людзі, не спыняючыся, праходзілі каля павешаных. Абысці сквер нельга было, немцы спецыяльна накіроўвалі пешаходаў па галоўнай алеі. «Так будзе з кожным,— гаварылі яны,— хто не падпарадкуецца нямецкай уладзе».

Сяргей Паўлавіч ішоў па горадзе. У сутарэннях, якія ўцалелі, жылі дзеці, што асталіся без бацькоў. «Горад мёртвых»,— вырвалася з грудзей у Сяргея Паўлавіча. «Горад-герой! — кінуў малады чалавек.— Гора таму, хто гэта забудзе!» Калі Сяргей Паўлавіч аглянуўся, маладога чалавека і след прастыў. Ён знік сярод руін. Каля аднаго дома Сяргей Паўлавіч спыніўся. Уся сцяна была спісана крэйдаю. Ён чытаў: «Шукаю маму і тату. Ліда», «Шукаю дзяцей, Віцю і Толю. Данілевіч», «Падабраў хлопчыка, Сымонку, запытацца ў Грыгаровіча, Кашары 10». На вуліцах стаялі немцы, каля іх круціліся паліцэйскія з павязкамі на рукавах, лісліва заглядаючы фрыцам у вочы.

Сяргей Паўлавіч прайшоў каля Дома ўрада і накіраваўся на запасную яўку па Ленінградскай вуліцы да Бабіцкай, якая да апошняга часу шыла модныя сукенкі. Гаспадыня ветліва спаткала Сяргея Паўлавіча, прапанавала выпіць чаю.

— Час вам скончыць дагаджаць модніцам,— абмяняўшыся паролем, пасміхаючыся, сказаў Сяргей Паўлавіч.

— Даўно чакала гэтага моманту,— узрадавалася Бабіцкая.

— То і добра.

— Разумееце, у горадзе кожны камень страляе, а я сяджу склаўшы рукі.

— А мне Мінск здаўся «горадам мёртвых».

— Няпраўда! Горад жыве, змагаецца, сэрца радуецца. Мінск — горад-герой!

— Я ўжо гэта чуў на вуліцы.

— Яно так і ёсць. Праўда, многа правалаў, але гэта тлумачыцца нявопытнасцю падпольшчыкаў...

Бабіцкая расказала аб правале Каржаневіча, які загінуў, але нікога не выдаў. Сяргей Паўлавіч, уважліва выслухаўшы Бабіцкую, даў ёй указанне распачаць падрыхтоўку з тым, каб паралізаваць дзейнасць Вільгельма Кубэ і пры першым зручным выпадку знішчыць яго.

— Няхай не думаюць немцы, што партызаны дзейнічаюць толькі ў лясах,— гаварыў Сяргей Паўлавіч.— Партызанскі рух — усенародны.

— А з кім мне трымаць сувязь?

— З Былінскім.

— Я яго ведаю! — усклікнула Бабіцкая.

— А іначай вас з ім і не звязвалі б,— усміхнуўся Сяргей Паўлавіч.

Калі Сяргей Паўлавіч праінструктаваў Бабіцкую, яна распарадзілася яго неадкладна правесці за горад, бо і так ён тут забавіўся. Людзі, якія былі ў рэзерве, прыступілі да работы. Група таварышаў правяла Сяргея Паўлавіча і пасадзіла на машыну, якая спецыяльна была для яго падрыхтавана. На трохтоннай грузавой машыне сядзеў шафёр у нямецкай форме, а поруч з ім афіцэр. Калі Сяргей Паўлавіч падышоў да машыны, афіцэр лёгка саскочыў і ўзяў пад руку Сяргея Паўлавіча, каб памагчы сесці ў машыну. Сяргею Паўлавічу спадабалася такая арганізаванасць.

Сяргей Паўлавіч прыехаў у Дрыгвічанскі партызанскі атрад: яму хацелася даведацца, як ён дзейнічае. Сяргей Паўлавіч пабойваўся, ці справіцца барадаты Дрыгвічанскі дзядзька, а цяпер бацька Тарас, з камандаваннем атрада, і калі трэба, аказаць яму дапамогу.

— А-а-а, бацька Тарас! Добры дзень!

— Дзень добры!

— Ну, як у цябе справы?

— Нічога.

— Але ж і ахова ў цябе!

— А што?

— Прайшоў, і ні адзін чалавек не спыніў. Хоць бы адна жывая душа спыталася, куды ты ідзеш і чаго? Так і галаву можаш страціць! Я ж з немцамі пад’ехаў.

— А гэтых немцаў мы добра ведаем,— усміхнуўся бацька Тарас.

— Адкуль? — здзівіўся Сяргей Паўлавіч.

— Самі паслалі іх у горад. Мову нямецкую добра ведаюць. А вось вы, таварыш Сяргей, паспрабуйце назад выйсці.

— І выйду!

— Паглядзім!

Сяргей Паўлавіч паспрабаваў выйсці з лагера, але не прайшоў і пяцідзесяці крокаў, як быў затрыманы і, пад вартай, прыведзены ў штаб. Бацька Тарас, задаволены, рагатаў. А потым, звярнуўшыся да Чыжа, працягваў гаварыць:

— Зразумела? Дастаць «языка».

— Ёсць дастаць «языка»! — паўтарыў загад камандзіра Чыж і, павярнуўшыся, выйшаў са штаба.— Будзе баланс... Мы гэту справу ўтрасем!..

Па дарозе Чыж абмяркоўваў, складаў планы, як дастаць гэтага «языка». Штука складаная. Але ён добра ведаў свайго камандзіра, бацьку Тараса: той не пашле без дай прычыны абы-куды чалавека.

Апрануўшыся, узяўшы трафейную фінку, дзве гранаты, Чыж пайшоў на пошукі фрыца. Разведка данесла, што ў горад Дрыгвічы, сем кіламетраў ад вёскі гэтай жа назвы, прыбыла нейкая часць. Прабраўшыся ў логава ворага, Чыж, як спрактыкаваны паляўнічы, цярпліва чакаў, высочваў звера. Яшчэ будучы пастушком, Чыж так спрытна падрабляў свой голас пад птушыны, што хлопцы дзівіліся. На яго голас падплывалі дзікія качкі, зляталіся цецерукі. Шкада толькі, што ў яго тады не было стрэльбы.

Гадзіны са дзве, прытаіўшыся каля вялізнай сажалкі, у былым маёнтку пана Тышкевіча, ляжаў Чыж, чакаючы здабычы. Нарэшце пачулася чужая гаворка. Выйшлі з хаты два немцы. Ужо добра сцямнела. Чыж пачаў гагатаць, як гусь. Немцы кінуліся ў бок Чыжа. Ён прыціх. У першы момант яму захацелася ўцякаць, але потым, саўладаўшы з сабою, партызан падрыхтаваўся прыняць бой. Адзін немец, спаткнуўшыся, упаў. Чыж накінуўся на яго. Другі, нарабіўшы ляманту, уцёк. Аглушыўшы немца, Чыж узваліў яго на плечы і знік у цемры.

— Гітлеру капут! — апрытомнеўшы, лапатаў напалоханы обер-яфрэйтар.

— Капут,— згаджаўся Чыж.— Усіх фашыстаў спішам у расход... Не вынесці вам адсюль ног...

Ад обер-яфрэйтара ў партызанскім штабе даведаліся, што гэта часць адведзена з фронту на фарміраванне, што ў некаторых ротах было па дзесяць — дванаццаць салдат, астатнія выведзены са строю: забіты, паранены.

— Ну, што ж, не блага было б іх тут дабіць,— разважаў услых бацька Тарас.— Як вы, хлопцы, глядзіце? А то людзі, якія нас кормяць, могуць сказаць, што мы дарма пераводзім хлеб.

— Ды ўжо ж,— аказаўся Чыж.— Фрыцы пасля дарогі будуць спаць без задніх ног...

Нарада ў штабе атрада нагадвала калгасны сход. Кожны гаварыў колькі хацеў. Усе былі згодны — пашчыпаць немцаў.

А першай гадзіне ночы партызаны бацькі Тараса выступілі з лагера, мяркуючы ў чатыры гадзіны раніцы напасці на немцаў, каб дабіць рэшткі прыйшоўшага на фарміраванне 901 палка.

Сяргей Паўлавіч быў задаволены бацькам Тарасам, у яго атрадзе быў узорны парадак, адчувалася рука гаспадара, недарма ён быў старшынёю калгаса, кемлівасць і адвага. Галоўнае, што спадабалася Сяргею Паўлавічу — гэта тое, што хоць бацька Тарас на першы погляд, здавалася, быў марудай, але пры праверцы аказалася зусім не так. Ён здольны быў хутка і аператыўна вырашаць складаныя пытанні. Бацька Тарас даўно прасіў дазволу разгарнуць свой атрад у брыгаду, і цяпер Сяргей Паўлавіч гэта санкцыяніраваў.

Развітаўшыся з бацькам Тарасам, Сяргей Паўлавіч зноў рушыў у дарогу.

 

26

Чацвярых дзяцей начальніка партызанскага атрада дзядзькі Максіма, што дзейнічаў у Дубровінскай пушчы, разбудзіў, па загаду каменданта горада Налібокі, обер-лейтэнант Шнэер. Старэйшай дзяўчынцы было трынаццаць год, а меншаму хлопчыку тры гады. Обер-лейтэнант прыйшоў іх браць заложнікамі. Паліцыянт у гэты час наклейваў на хаце загад, у якім гаварылася, што калі Максім не з’явіцца ў камендатуру, яго дзеці будуць расстраляны.

Не хацелася дзецям уставаць, яны спрасонку церлі кулачкамі вочы, крывячыся, хныкалі, а меншы хлопчык зусім плакаў. Старэйшая дзяўчынка, убачыўшы ў хаце чужога чалавека, запыталася ў бацькавай сястры, якая іх даглядала:

— Цёця, чаго ён да нас чэпіцца? Што яму трэба? Чаму ён не дае спаць?

— Ён хоча, каб твой бацька з’явіўся да каменданта,— тлумачыла Зося дзяўчынцы.— Калі бацька прыйдзе...

— Дык яны ўсё роўна і татку заб’юць і нас таксама,— выпаліла дзяўчынка і спыталася: — Праўда, цёця?

Цётка нічога не адказала пляменніцы, да крыві прыкусіўшы губу. Яна адвярнулася, каб не спаткацца з ёю вачыма, у якіх было поўна слёз.

— Уставайце! — цягаў дзяцей за ногі обер-лейтэнант Шнэер, скідваючы з іх даматканую коўдру, якой яны зноў накрываліся, і, звярнуўшыся да Зосі, сказаў: — Навошта вы гэтулькі бераце харчоў? Калі ён заўтра...

Зося нічога не сказала, толькі цяжка ўздыхнула, завязваючы поясам клунак: яна ткала гэты пояс для каханага, які невядома дзе цяпер быў; у іх ужо было прызначана вяселле.

— Падымайся! — зазлаваў обер-лейтэнант Шнэер.— Даволі чухацца! Мы вас прывучым да парадку!

Дзеці хутка паўскаквалі, спадылба паглядаючы на крыклівага чалавека, які так іх напалохаў. Ні маці, ні цётка, ні тым больш бацька іх ніколі так не будзіў. Дый яшчэ сонца толькі пачало ўзыходзіць, яно свяціла ў качарэжнік. Дзеці, спяшаючыся, адзеліся, збіраючыся ў дарогу, яны зусім не здагадваліся (акрамя старэйшай дзяўчынкі), што іх чакае. Толькі Зося добра ведала, што сюды больш не вернецца, але дзецям нічога не казала.

Яны ішлі полем — шапацела жыта, кланяючыся ў пояс; ішлі лесам — спяваў векавы бор адвечна тужлівую песню; пераходзілі рэчку — шумна журчала вада, несучы на сваіх хвалях слёзы і кроў тутэйшых людзей. Старэйшая дзяўчынка спынілася, каб палюбавацца рэчкаю, якую яна так любіла і каля якой праводзіла цэлыя дні.

— Чаго так заглядзелася? — сыкнуў Шнэер.— Ідзі!

— Мне хочацца з рэчкаю развітацца,— як старая, адказала дзяўчынка, яна на вачах у цёткі пасталела.— І з Жучком таксама, бо ён не пойдзе праз кладку.

Зося змоўчала, у яе толькі скалануліся плечы, і яна адвярнулася ад дзяцей.

— Зуцок! Зуцок! — клікаў меншы хлопчык сабачку, які, бегаючы на другім баку рэчкі, скавытаў, не хочучы лезці ў ваду.— Зуцок! Фю-ю!

Нарэшце Жучок набраўся храбрасці і бултыхнуўся ў рэчку, схаваўшыся з галавою. Сабачка, плывучы, увесь час трос галавою, мусіць, набраў у вушы вады. Меншы хлопчык заплакаў:

— Зуцок утапіўся...

— Не ўтопіцца,— суцяшала яго старэйшая дзяўчынка.

Жучок, выбегшы з вады, страсянуўся, усіх апырскаўшы. Дзеці весела смяяліся.

— А куды мы, цёця, ідзем? — запытаўся ў Зосі хлопчык.

— У казённы дом,— адказала яна.— У халодную. Старэйшыя дзеці пераглянуліся паміж сабою. Яны ведалі, што халодная — гэта астрог, куды садзяць людзей. Меншы ж хлопчык, відаць, нічога не зразумеўшы, ніяк не рэагаваў. Ён маўчаў. Яны ішлі па лузе. Ім кланяліся краскі, трава была вышэйшая за хлопчыка. Ён, сарваўшы некалькі кветак, зноў пачаў распытваць:

— А цаму ў халодную? Табе голаца?

— Не.

— Тады не пойдзем.

— Трэба ісці.

— А мне нозкі баляць,— скардзіўся хлопчык.— Вазьмі мяне на луцкі.

— У мяне рукі занятыя.

Хлопчык, паглядзеўшы на цётку,— яна несла вялізны клунак, падтрымліваючы рукамі,— прымірыўся, што трэба самому ісці. З-пад ног хлопчыка пырхнула птушанё. Хлопчык пабег за ім, упаў і заплакаў. Старэйшая дзяўчынка, каб супакоіць браціка, злавіла яму птушачку.

— Бачыш, якая харошанькая!

— Ой, ды ты задушыш!

— Не-е!

Задаволены хлопчык першым ішоў, размаўляючы з птушанём, даючы яму есці. Але птушачка нічога не брала ў рот, яна вырывалася з рук, ціўкала, трапяталася.

— Не муч, дзіцятка, птушаняці,— угаварвала Зося.— Ніхто не хоча быць у няволі... Чуеш, як птушачка жаласна ціўкае, гэта ж яна просіцца, каб ты яе выпусціў...

Хлопчык, відаць, уважыў просьбе цёткі, але хутчэй за ўсё птушанё ўшчыкнула яго за палец, бо ён раптам выпусціў з рук птушачку. Зося пагладзіла хлопчыка па галоўцы. Птушанё, даляцеўшы да куста лазы, так у ім зашылася, што дзеці ніяк не маглі яго адтуль дастаць, дый немец не даваў затрымлівацца. Хлопчыку, мусіць, шкода стала птушаняці, бо ён насупіўся і заплакаў.

Яны выйшлі на бальшак, абапал якога раслі таўшчэразныя бярозы. Гэтая дарога вяла аж да самага горада Налібокі. Тут у 1941 годзе былі вялізныя баі. Упарта біліся савецкія войскі, але, не вытрымаўшы націску немцаў, адступілі. Зосі ўспомніўся малюнак тых незабыўных дзён. Ішлі бежанцы з дзецьмі, цягнучы за плячыма клункі, падалі, падымаліся і зноў ішлі. Як усё жывое цягнецца да сонца, так і яны цягнуліся на ўсход, шукаючы ратунку.

Праходзячы каля прыдарожнай магілы, якая амаль была зраўнавана з зямлёю, зарасла мурагом, Зося цяжка ўздыхнула. Тут была пахавана невядомая жанчына з дзіцем. Як цяпер, Зося бачыла яе твар, на якім быў выраз жаху. Жанчына ляжала з раскінутымі рукамі, гледзячы ў блакітнае неба. Яе памутнелыя вочы былі адкрытымі. Дзіцятка ляжала побач з маці, з пераламанай ручкай і разбітым чэрапам. Валялася лялька. Гэта нямецкі самалёт, спусціўшыся нізка, абстраляўшы ўцекачоў, забіў з кулямёта жанчыну з дзіцем.

Зося на свае вочы бачыла, што, калі наляцеў немец, людзі кінуліся ў бакі, палеглі. Самалёт развярнуўся, апусціўся нізка-нізка і пачаў паліваць свінцовым дажджом, сеючы смерць. Выпусціўшы ўсе патроны, ён паляцеў назад. Шмат тады хто не падняўся. «Пракляцце вам, валацугі! — паглядзеўшы на обер-лейтэнанта Шнэера, падумала Зося.— Колькі вы прынеслі няшчасця людзям, пакінулі сірат, калек. Народ вам ніколі гэтага не даруе!»

Обер-лейтэнант Шнэер, не вытрымаўшы позірку Зосі, падаўся назад, схапіўся за рэвальвер, а потым апусціў руку. Яму стала няёмка за сябе. Каб не падаць віду, што ён спалохаўся, обер-лейтэнант усунуў руку ў кішэню, дастаў з партабака сігарэту, спяшаючыся, чыркнуў запальніцу.

Зося моўчкі ішла, аглядаючы палеткі. Усё цяпер ёй здавалася нейкім шэрым, не лашчылі вока палі, шмат цяпер было незааранай зямлі, на якой парос пырнік, быльнёг. Над галовамі ўвесь час шчабятаў палявы жаваранак, нібы праводзячы іх у апошні шлях. «Не, Максім,— яна ўспомніла брата,— ты не маеш права пакідаць партызан і ісці ратаваць нас. Яны і цябе расстраляюць. Гэтыя вырадкі роду чалавечага хочуць увесь наш народ знішчыць. Дык ты не давайся! Помсці за нас! Помсці за ўсіх людзей, якія склалі галовы!»

— Цёця, чаго вы гэтак задумаліся? — запыталася, хвалюючыся, старэйшая дзяўчынка.

— Так сабе,— ласкава глянула на дзяўчынку Зося, пагладзіўшы яе выгараўшыя на сонцы, льнянога колеру валасы.

На ўзгорку каля гасцінца стройнымі радамі, як салдаты, стаялі бярозавыя крыжы з каскамі наверсе. Тут парахнелі косці захопнікаў. «Так вам і трэба,— падумала Зося.— Захацелі чужой зямлі, дык атрымалі поўнасцю».

Неўзабаве яны ўваходзілі ў горад. Обер-лейтэнант скамандаваў ісці пасярэдзіне вуліцы. Спыняліся людзі, паціскалі плячыма, дзівіліся: яны ніколі яшчэ не бачылі такіх арыштантаў. Босыя дзеці ішлі па бруку. На адным з дамоў сядзелі галубы. Іх нехта спалохаў. Галубы, залапатаўшы крыллямі, праляцелі над галовамі дзяцей. Загледзеўшыся, хлопчык спаткнуўся, заламаў ногаць на назе, заплакаў. Давялося Зосі такі ўзяць яго на рукі.

«Гаспадаранне» немцаў у горадзе Налібокі наклала свой адбітак. Гарадскі сквер, дзе заўсёды было шмат народу, пуставаў. Прысады павысякалі на дровы, у цэнтры сквера (як і ў кожным з акупіраваных гарадоў) стаяла шыбеніца, там некалькі дзён вісеў чалавек з дошчачкай на грудзях, дзе было напісана: «Так будзе з кожным партызанам». На самай справе гэты чалавек ніколі не быў партызанам, яго павесілі за тое, што ён адмовіўся плаціць падатак нямецкім уладам.

Пры ўваходзе ў сквер вісеў вялізны партрэт фюрэра з надпісам: «Гітлер — вызваліцель». (Гэта беларускія нацыяналісты ў Мінску пастараліся надрукаваць плакат). На скрыжаванні вуліц стаяў паліцыянт. Каля партрэта праходзіў народ, пасміхаўся. Паліцэйскага гэта здзівіла, ён кінуў пост і падышоў да партрэта. Аказваецца, хтосьці зрабіў такую прыпіску: «Вызваліў ад ежы і адзежы». Збянтэжаны паліцыянт кінуўся зрываць партрэт, але сам спалохаўся. Ён дзіка зароў на першага сустрэчнага:

— Чаго вылупіў вочы, вар’ята не бачыў! — і пачаў закрэсліваць прыпіску.

Раптам пачуўся выбух — партрэт быў замініраваны. Паліцыянт узляцеў у паветра, яго разарвала на шматкі, адзін бот закінула аж на дрэва, якое яшчэ не паспелі высекчы.

На плошчы, супраць памяшкання, дзе быў райваенкамат, выраслі новыя могілкі. Не было таго дня, каб немцы тут не хавалі каго-небудзь з чыноў. Кажуць, што рабочыя, якія выраблялі дамавіны для пахавання немцаў,— адзінае ў горадзе прадпрыемства, якое працавала,— высунулі сустрэчны план на перавыкананне задання, і шэф майстэрняў,— немец, прыняўшы план, прэміраваў рабочых па васьмушцы махоркі. Калі ў СД даведалася пра гэтую прэмію, дык доўга здзекаваліся з шэфа, арыштаваўшы некалькі рабочых.

На галоўнай вуліцы, дзе пасля бамбёжкі некаторы час стаялі шкілеты дамоў, цяпер былі руіны. Немцы ўзарвалі гэтыя дамы, а цэглу выкарысталі на ўмацаванні, якія яны будавалі недалёка ад горада.

Зося ішла па вуліцы, высока трымаючы галаву. Вецер раздзімаў пасмы яе чорных, як смоль, валасоў. Усім кідалася ў вочы, што чарада белагаловых дзяцей — не яе дзеці. Пагалоска пра незвычайных арыштаваных абляцела ўвесь горад.

Бледны твар Зосі, задуменныя чорныя вочы, якія іскрыліся агнём, прабор пасярэдзіне галавы, высокая тонкая фігура, чорная сукенка з белым каўнерыкам — усё гэта ёй вельмі ішло. Дзяўчына была духоўна моцнай, і гэта яе ўзвялічвала. Зося выглядала прыгажуняй, хоць такой і не была. Нямецкі афіцэр, які, задраўшы нос, ішоў побач з ёю, выглядаў смешным. Гэта быў звычайны салдафон. У закасаных рукавах ён нагадваў мясніка.

Падбіралася пад поўдзень, пякло жнівеньскае сонца. Арыштаваныя падыходзілі да царквы, на цвінтары мітусіўся народ. Па вёсках распусцілі чутку, што немцы тых дзяцей, якія нехрышчоныя, будуць расстрэльваць. І вось маткі, беручы за рукі ўжо вялікіх хлапчукоў і дзяўчатак, вялі іх хрысціць. Хутчэй за ўсё, што гэтыя чуткі распаўсюджвалі царкоўнікі, каб зарабіць на гэтай справе. За хрышчэнне плацілі збожжам. Поруч з царквой, на базары, стаялі вазы з паднятымі аглоблямі. Каля бочкі з каламаззю тоўпіліся сяляне. Пахаджвалі нямецкія салдаты, носячы на руцэ бялізну, рознае рыззё, гадзіннікі, брытвы, мыла. Каля аднаго воза шапталіся муж з жонкаю.

— Бацька,— таямніча паведаміла жанчына, паказваючы на салдата,— глядзі, унь той ярманец маю кашулю са зрэбнаю подтычкаю носіць, што надоечы «арганізаваў»...

— Кінь ты плявузгаць...

— Ды дальбог жа!.. Я яшчэ пазнала па прышчах... Пойдзем, прыцэнімся...

— От, не чапай ліха, пакуль ціха,— буркнуў селянін.— А чаго лепшага ты ад іх чакала? З цябе здзяруць і табе прададуць. Фюлеры!

Гаманіў натоўп на ўсе галасы:

— Пачым каламазь?

— Адна марка.

— А калі на грошы?

— Дзесяць рублёў.

— Згарыць яна!

— Прадаеш хамут?

— Адчапіся, каторы раз ты пытаеш, сам купіў!

— Каму брытва! Брытва!

— Колькі каштуе?

— Яйкі, курку.

— А пеўніка не хочаш?

— Найн.

— Нажэрліся ўжо, носам круцяць!

— Не задзірайся з ім, татка! Для немца закон не пісаны, заб’е і ні за што не адказвае. Іхні, гэты, усё бярэ на сябе.

Аднатонна дзілінкалі званы. Калі Зосю з дзецьмі праводзілі каля базара, з натоўпу пачуліся галасы:

— Лесавікі!

Лесавікамі тут звалі партызан. Усе здзіўлена глядзелі. Стрыглі коні вушамі. Прачыкіляў стары дзядзька, высунуўся наперад, паглядзеў, скрывіўся і моўчкі падаўся ўбок.

— Або-о! — успляснула рукамі жанчына.— Да чаго мы дажылі? Мужчыны! Што ж гэта робіцца? Сярод белага дня...

— От маўчы! — не даў дагаварыць мужчына.

— Чые ж гэта дзеці?

— Максіма Туміловіча.

— А гэта што за яна?

— Яго сястра.

— А дзе ж жонка?

— Воткалі, не ведаю. Перад вайною памерла.

— То, можа, і добра, нечага не будзе бачыць людскіх пакут. Цяпер жывыя зайздросцяць мёртвым.

— А чаго ад іх хацець? Кажуць, што ў нейкага забітага іх генерала гарашчэнеўцы знайшлі дакумент, згодна якога тры чвэрткі беларусаў падлягае знішчэнню, а чвэртка — анямечванню.

— От лепей маўчы!

— Будзеш маўчаць, яны зробяць сваю чорную справу. Трэба дзейнічаць!

— Не вытрывае Максім.

— Ты не ведаеш гэтага чалавека. Крэмень!

— Што чалавек! Бацькоўскае сэрца не камень. Ён так любіў сваіх дзяцей.

— Ты так гаворыш, нібы па нябожчыках.

— А што ж ты думаў! Адтуль ніхто не вяртаецца жывым.

— Разыдзіся! — крыкнуў обер-лейтэнант Шнэер.— Чаго паразяўлялі раты! Дзіва тут якое, ці што!

«Дзіва,— паляцела па натоўпе.— Яшчэ ніколі такога не было, каб дзяцей саджалі ў астрог».

Обер-лейтэнант Шнэер увёў Зосю з дзецьмі ў сутарэнне, куды ніколі не заглядала сонца. Бразнулі дзверы. Зося з дзецьмі апынулася за кратамі. Зазвінелі ключы.

— Цёця, унь мышка, мышка! — ажывіўся хлопчык.— Злаві мне яе!

— Гэта, дзіцятка, пацук,— уздыхнула Зося.— Ён кусаецца.

Старэйшыя дзеці, стаміўшыся за дарогу, паселі на бруднай халоднай падлозе і хутка заснулі. Меншы ж хлопчык не мог спаць.

— А хто там ходзіць? — пыталася дзіця.

— Вартавы,— адказала Зося.— Сцеражэ, каб мы не ўцяклі.

— Цёця,— ажывіўся хлопчык, пачаўшы фантазіраваць,— давай абхітрым немца і ўцячэм адсюль да таткі ў лес. Там назбіраем жалудоў.

— Як жа мы ўцячэм?

— Праз страху.

— Нічога, дзіцятка, не выйдзе, мы адгэтуль не вылезем.

Каля акна з кратамі хадзіў нямецкі салдат з аўтаматам. Калі ён праходзіў, цень на сцяне то змяншаўся, то павялічваўся, прымаючы розныя формы. Зося засынала. Па вуліцы праехала падвода, скрыпелі нямазаныя калёсы. Нешта падазронае здалося вартавому. Ён пусціў кароткую чаргу з аўтамата. Лыпнула вачыма Зося, прачнуўся хлопчык:

— Цёця, ці скора дзень?

— Яшчэ не скора.

— А чаму ты, цёця, надзела сюды новую сукенку? Ты ж яе запэцкаеш.

— От, спі!

Нарэшце хлопчык скруціўся ў камячок і заснуў. Толькі Зося не спала. Выбіўшыся са сну, яна думала, як выратавацца ад гэтай напасці. Розныя думкі прыходзілі, але выйсця не было. Зося была чалавекам адукаваным. Яна вучылася ў Ленінградзе на трэцім курсе педфака, шмат чытала і любіла гісторыю. Яна ўспомніла 1812 год, але прыйшла да думкі, што такога нашэсця наша краіна яшчэ не бачыла, што такіх пакут нашы людзі яшчэ ніколі не перажывалі. Думкі ў Зосі праносіліся з маланкавай хуткасцю. Шмат Расія перажыла, перажыве і гэту напасць.

Успомніўся Зосі вобраз любімага ёю хлопца, чацвёртакурсніка Юркі, які ў першы дзень вайны пайшоў у Чырвоную Армію. «Мілы мой Юрась, дзе ты цяпер? — думала Зося.— Ці ведаеш ты, што мне пагражае смерць? А як не хочацца паміраць, я ж яшчэ нічога не зрабіла, каб аддзякаваць Радзіме за клопаты пра мяне». Досвіткам Зося, змогшыся-такі, заснула. Яна ў першы раз, як пайшоў Юрка ў войска, яго сасніла. Дый як яна ўбачыла яго ў сне: нібы Юрка вярнуўся з вайны, яны гулялі вяселле, і Зося, згодна старых звычаяў, садзілася на пасад (яна ніколі не бачыла, як гэта робіцца, а толькі чытала). І спляцецца ж немаведама што! Але, мусіць, не быць гэтаму вяселлю. Зося трымала ў руках пояс, які выткала Юрку, пакручвала яго ў руках.

 

27

Максім амаль усю тую ноч прасядзеў на пні, пад кашлатай елкай, не звёўшы ні на хвіліну вокам. «Што рабіць? — думаў партызан.— Пайсці здацца — выратуеш сям’ю, але здрадзіш людзям, якія табе давяраюць. Ды толькі каб і пайшоў, дык хіба ўратуеш сям’ю? Не. І цябе навек праклянуць тыя, лёс якіх знаходзіцца ў тваіх руках. Партызаны без камандзіра, як пчолы без маткі. А можа, і не зачэпяць? Няўжо ў іх сэрца няма? Хоць якое ў фашыстаў сэрца, калі яны хочуць знішчыць цэлыя народы!»

Доўгай здалася ноч Максіму, ён ніяк не мог дачакацца раніцы. «А што, каб паспрабаваць іх выратаваць,— падумаў ён.— Толькі сілы не хапае, дый невядома, ці ўдасца вызваліць. Гарнізон там моцны. А весці людзей на верную пагібель раўназначна здрадзе».

Максім курыў цыгарку за цыгаркай, не знаходзячы выйсця. «Скалечылі яны мне жыццё,— думаў камандзір партызанскага атрада.— Каб я ведаў, што ўратую дзяцей, гатоў бы сам прыняць смерць. Я пажыў ужо, бачыў шмат добрага і дрэннага, а ў дзяцей усё жыццё наперадзе. І яшчэ там і сястра, якая толькі пачынае жыць».

Не вытрымалі нервы ў Максіма, страсянуліся плечы, ён заплакаў. Пасівелы, загартаваны ў бойках, Максім абліваўся слязьмі. Ён плакаў паціху, каб ніхто не пачуў і не ўбачыў яго бацькоўскіх горкіх слёз.

Партызаны, якія ўвесь час наглядалі за сваім камандзірам, загаманілі:

— Дзядзька плача!

— Цішэй ты!

— Няхай выплачацца, лягчэй на сэрцы стане!

Максім устаў, пастаяў, і ўголас падумаў:

— Не магу! Што будзе, то будзе... Трэба дзяцей ратаваць...— Поўны рашучасці, ён пайшоў у бок горада, захапіўшы з сабою вуздэчку, нібы шукаць каня, на хаду дадаўшы: — Калі гінуць, дык усім разам, усёю сям’ёю...

Партызаны, нічога не гаворачы, здзіўленыя, не ведаючы, што і казаць, глядзелі адзін на аднаго. Раптам Мікола Цыбулька тоненькім галаском парушыў маўчанне:

— Прадавацца пайшоў!

— Як ты смееш!

— А можа?

— Быць гэтага не можа! Хіба мы першы год ведаем гэтага чалавека. Ну, можа, пайшоў праведаць... свая кроў...

— Перадаць каманду! А толькі хто возьме?

— Што б там ні было, а трэба, хлопцы, быць напагатове,— гаварыў намеснік камандзіра партызанскага атрада Нупрэй Купрэйка.— Я дзядзьку Максіму веру, але мала што можа ў хвіліну адчаю прыйсці чалавеку ў галаву... Дзеці... Трэба мець вялікую сілу волі... Я сам, каб з маімі малымі гэта здарылася, не ведаю, ці вытрываў бы... Паглядзім... Час лепшы суддзя... Каманду атрадам, пакуль дзядзька Максім апамятаецца, я бяру...

Купрэйка для перасцярогі выставіў дазорных. Ён Туміловіча любіў за яго адвагу, востры розум, кемлівасць, мужнасць і сардэчнасць. Але ці мала Купрэйка ведаў людзей такімі, а яны аказаліся зусім іншымі. Былі людзі, якім Купрэйка давяраў, як самому сабе, а потым высветлілася, што яны самыя злыя ворагі. «Трэба людзям давяраць і правяраць»,— успомніў Купрэйка словы таварыша Сяргея.

— Цікава, па чым Максім прадасць нашы галовы? — уголас разважаў Цыбулька.

— Кінеш ты ці не баламуціць? — злосна глянуў Купрэйка.— А то я табе галаву адкручу!

— Дарэмна ты, Цыбулька, вернеш на камандзіра, а гэта ўсё таму, мусіць, што ён цябе пагладзіў супраць шэрсці!.. А можа, і што іншае...

Марудна цягнуўся час, нерваваліся людзі. Гэта перадалося і Купрэйку, ён кусаў сваю рыжую бародку. Раптам Купрэйка ўстаў: нізкі, тоўсты, .спрытны, ён лёгка прайшоўся. Падняўшы галаву, Купрэйка запытаўся:

— Чаго, хлопцы, засумавалі? Давайце песню!

Партызаны ціха заспявалі «Ці свет, ці світае»; цёпла гучэлі словы песні:

 

Ці свет, ці світае,

Ці на зоры займае,

А мой міленькі, голуб сівенькі,

Коніка сядлае.

 

Песня не клеілася. Партызаны змоўклі. Неўзабаве недалёка ад іх праляцеў напалоханы цецярук, залапатаўшы крыламі. Партызаны насцеражыліся, яны ведалі, што пэўна недзе ходзіць чалавек, які ўспароў птушку.

— Дзядзька Максім ідзе,— узрадаваўся Купрэйка.— Я так і ведаў, што ён не здасца.

— А што за ён з ім? — цікавіўся Цыбулька.

— Таварыш Сяргей,— паведаміў Купрэйка.

— Таварыш Сяргей, таварыш Сяргей,— зашапталіся партызаны.

Паволі ішоў з вуздэчкаю ў руках Максім; выгляд у яго быў грозны, іскрыліся вочы; ён гатовы быў пайсці на вялікія справы, гэты нязломны духам просты чалавек, які вырас у добрага камандзіра. Вышэй сярэдняга росту, шырокі ў плячах, ён нагадваў казачнага асілка, народнага волата. Падышоўшы да партызан, Максім гнеўна загаварыў:

— Дайсці да таго, каб браць дзяцей заложнікамі, могуць толькі фашысты. Але, хлопцы, як мне ні цяжка, можа, мяне асудзіце, а толькі я да іх не пайду. Я ўжо сказаў пра гэта таварышу Сяргею.

— Нічога сабе бацька,— піскнуў Цыбулька, але Максім не пачуў яго.

— Сціхні ты! — цыкнуў Купрэйка.

— Хоць чаго ад фашыстаў чакаць,— працягваў Максім.— Таварыш Сяргей паведаміў, што гарашчэнеўцы знайшлі ў забітага нямецкага генерала дакументы, у якіх гаворыцца аб знішчэнні беларускага народа: семдзесят пяць працэнтаў — выселіць (гэта значыць, знішчыць) і дваццаць пяць працэнтаў — анямечыць (зрабіць рабамі). А гэта ўжо большае за маё асабістае гора!

Партызаны загулі.

— А дзе ты, начальнік, быў? — пытаўся тоненькім галаском Цыбулька.— Тры гадзіны не было. Куды ты хадзіў?

— У разведку,— нічога не падазраючы, адказаў Максім.— Праўда, немцаў у горадзе шмат, але затое ёсць каго біць.

— А можа,— памкнуўся нешта сказаць Цыбулька.

— Замаўчы! — крыкнуў Купрэйка.

— Яны хочуць звесці са свету маіх дзяцей і мяне разам з імі,— гаварыў далей Максім.— Але я жывым у рукі не здамся. Клянуся, што я ім жорстка адпомшчу. За народ свой я пастаю... Хто каго?.. Ці фашысты нас, ці мы фашыстаў!..

Партызаны стаялі як укапаныя. Яны яшчэ ніколі не бачылі такім свайго камандзіра. У думках партызаны таксама кляліся адпомсціць немцам за здзекі над чалавечай годнасцю, за спаганеныя хаты, за стаптаныя палі роднай зямлі. Не, вырадкі, не вы нас знішчыце, а мы ўваб’ём асінавы кол у магілу фашыстаў!

— А я таварыша Сяргея зусім не такім уяўляў,— загаварыў Цыбулька.— Мне думалася, што ён вялізны дзядзька, здаровы, адно ж, пальцам папхні... і як у яго целе душа трымаецца.

— І якая душа! — заўважыў Купрэйка.— Чалавек жыве для народа, і народ дае яму сілу. Не глядзі, што ён такі хударлявы, а ў ім сілы багата! Гэта нязломны чалавек!

— Таварыш Сяргей,— звярнуўся да яго Максім.— Вас вельмі хацеў пабачыць прадстаўнік ЦК таварыш Васіль. Вы яму патрэбны.

Сяргей Паўлавіч з Максімам адышліся ўбок, селі на камлі вывернутай елкі. Максім перадаў Сяргею Паўлавічу нейкую запіску, які, прачытаўшы, спаліў яе. Яны доўга пра нешта паціху гаварылі. Потым Максім спытаўся:

— Дык гэта праўда, што Гарашчэню выклікалі ў Маскву ў Штаб партызан?

— Праўда.

— Шанцуе людзям!

— Атрад Гарашчэні адным з першых у Беларусі ўзняў барацьбу супраць акупантаў. Да таго ж яму трапілі дадаткі да плана «ОСТ». Не гаруйце, і вы паедзеце ў Маскву... Я пра гэта паклапачуся... Вам трэба будзе развеяцца...

Раптам хруснула сучча, па лесе пракацілася рэха.

— Хто там? — насцеражыўся Максім.

— Я, таварыш камандзір,— аказаўся Цыбулька.

— Што табе тут трэба?

— Іду станавіцца на варту.

— Дык і ідзі сабе, няма чаго тут круціцца.

— А я і не кручуся,— праходзячы, апраўдваўся Цыбулька.

— Хто такі? — не спадабалася гэта Сяргею Паўлавічу.— Надзейны чалавек?

— Нічога за ім дрэннага не заўважаў. А там ліха яго ведае! Трэба будзе прыгледзецца. Вельмі ж ужо цікаўны...

— Ну добра, дык я пайшоў. Дзейнічайце так, як умовіліся.

— Ёсць!

— То бывайце!

— Лепей да пабачэння!

— Правільна!

— Я вас правяду!

Яны некаторы час ішлі моўчкі, кожны заняты сваімі думкамі. Яны падышлі да рэчкі, паглядзелі ўдалячынь, было відно возера, чыстае, як крышталь, шумнае, нібы мора. Хвалі, налятаючы адна на адну, размывалі берагі. З запаведніка выбег лось з ласянём, павёў лось мысай па ветры, ці не відаць дзе каго, вярнуўся ў лес, а за ім ласянё.

— Як прыгожа тут. Куды ні глянеш, усюды такое хараство,— захапляўся Сяргей Паўлавіч.— Павер мне, Максім, шмат дзе я пабыў на свеце, але такога вось кутка нідзе не бачыў. Ты можаш ганарыцца сваёй радзімай! Мы будзем бараніць яе да апошняга. Я гатоў біцца, пакуль у жылах будзе цячы кроў. А калі хто з нас загіне, ну што ж, без гэтага не бывае, дык ёсць за што загінуць, мы змагаемся і баронім першую ў свеце сацыялістычную дзяржаву. Нашчадкі нашы ніколі нас не забудуць. Вось толькі хочацца пабачыць, калі ў старажытным Крамлі, авеяным дыханнем стагоддзяў, збяруцца народы і абвесцяць СССР свету. А гэта ж будзе! Дык усяго добрага, братка. Трымайся! Ні адзін разумны чалавек цябе не папракне, ты правільна зрабіў, што не пайшоў, ты не мог пайсці, іначай яны б і цябе забілі разам з тваімі дзецьмі. Яны б яшчэ пасмяяліся з твае даверлівасці. Яны б рады былі, што не будзе каму адпомсціць за тваіх дзяцей.

А ты жыві і помсці!

Памятаеш словы песняра:

 

Толькі той у баях пераможа,

Зломіць люты чужынскі рух,

Хто пад націскам зграі варожай

Захавае свой цвёрды дух.

 

— А як жа, помню,— усклікнуў Максім.— А вы добра ведаеце нашу мову!

— А як не ведаць, калі сярод народа працуеш, павінен вывучыць,— гаварыў Сяргей Паўлавіч.— Толькі вялікадзяржаўныя шавіністы грэбуюць мовай народа... Хоць ёсць і мясцовыя, якія зняважліва ставяцца да мовы, якой маці гаварыла...

— Але што з іх узяць...

— А буржуазныя нацыяналісты гэта выкарыстоўваюць...

— Так.

— Калі хочаш быць сапраўдным камуністам, трэба па-ленінску ставіцца да гэтага пытання. Прыйдзе час, і выпрацуецца агульная мова, але да гэтага яшчэ далёка. Колькі народаў зняволена... А яны глядзяць, як у нас вырашаецца нацыянальнае пытанне... Праўда, яго нельга зводзіць да мовы... Галоўнае — эканоміка... Калі-небудзь больш грунтоўна пра гэта пагаворым...— Сяргей Паўлавіч паглядзеў на гадзіннік.— Аднак я забавіўся. Да пабачэння!

— Шчаслівай дарогі!

Сяргей Паўлавіч пайшоў. Максім моўчкі стаяў каля ляснога возера. Ірваў вецер, шумелі хвалі, стагнаў лес, трашчалі дрэвы. Ганяліся адна за адной навыперадкі хмары. Ярка свяціла сонца, афарбоўваючы ў розныя колеры ваду возера, якое гнеўна бушавала. Але найшла вялізная чорная хмара, засланіла сабою сонца. Максім, пастаяўшы крыху, пайшоў у лагер, поўны дум. Каб не гора, якое яго апанавала, ён бы залюбаваўся б прыгажосцю, якой так шчодра надзяліла гэты край прырода. Але яму не да гэтага было, ныла сэрца, балела душа.

Обер-лейтэнант Шнэер на другі дзень досвіткам, па загаду каменданта, вывеў дзяцей з халоднай, паставіў каля сцяны і, паглядзеўшы на гадзіннік, суха сказаў:

— Астаецца пяць мінут. Калі не з’явіцца бацька, вы будзеце расстраляны.

Дзеці напалоханымі вялікімі вачыма паглядалі то на каменданта, то на афіцэра, які іх вёў, то на салдат, што стаялі з аўтаматамі.

— Дык вы так і не скажаце,— звярнуўся камендант да Зосі,— хто паслаў вашага брата партызаніць?

— Камуністычная партыя.

— І вы таксама пайшлі б у лес, каб не дзеці?

— Так.

 

28

Обер-лейтэнант паглядзеў на гадзіннік, потым на каменданта, той кіўнуў галавою. Обер-лейтэнант скамандаваў:

— Агонь!

Заляскалі аўтаматы. Зося паспела сказаць:

— Усіх не перастраляеце! Партызаны за нас адпомсцяць!

Пачуліся стрэлы. Хлопчык, асунуўшыся на зямлю, скурчыўся ў сударгах, потым, выпрастаўшыся, раскінуў ручкі. Зямлю арасіла гарачая дзіцячая кроў.

 

29

Сэрца Максіма прагнула помсты. Ён высунуў дзёрзкі план: днём, у нямецкай форме, увайсці ў горад Налібокі, разграміць там штаб фашыста, разбіць камендатуру. У яго яшчэ цеплілася надзея выратаваць дзяцей. Толькі нечаканым ударам можна было змяць нямецкі гарнізон, які і па ўзбраенню, і па людскому саставу ў некалькі разоў перавышаў атрад. План быў прыняты. Партызаны рыхтаваліся да бою.

— А дзе ж Цыбулька? — запытаўся Купрэйка.

— У засадзе,— сказаў партызан.

— Калі яно было,— разважаў Купрэйка,— ён даўно змяніўся.

— То, можа, да цешчы пайшоў,— гаварыў партызан.

— Без дазволу? — здзівіўся Купрэйка.

Далажылі пра гэта камандзіру атрада. Максім, падумаўшы, нахмурыўся і, узважыўшы ўсё, мнагазначна сказаў:

— Та-а-ак! Ну што ж, у сям’і не без вырадка. А дзе ў яго цешча?

— Якая цешча! — злаваўся Купрэйка.— Была ў сабакі хата. У Цімахах нейкую ўдаву мае.

— Пашлі туды чалавека, правер,— распарадзіўся

Максім.— Калі ён толькі там, дык гэта яшчэ паўбяды. І ўсё, абяззброіць і прывесці сюды, судзіцьмем.

— Слухаю,— казырнуў Купрэйка.

У поўдзень па вуліцах горада Налібокі стройна ішла партызанская група. Максім ёю камандаваў.

Дзеці хаваліся ў каліткі. Вялізны шэры кот, які прабягаў па тратуары, з перапалоху так драпануў, што апынуўся на страсе дома. Нямецкі афіцэр, які спацыраваў па вуліцы з нейкай дамай, ветліва аддаў чэсць камандзіру атрада.

Партызанская група ў нямецкай форме з іголкі падыходзіла да камендатуры. Вартавы, нічога не падазраючы, разявіўшы рот, глядзеў. Партызаны знялі вартавога, што той і не пікнуў. З камендатуры тыцнуў свой нос Цыбулька і хутка падаўся назад, пазнаўшы партызан. Ён праз акно кінуўся ўцякаць. Заняўшы ўваходы, партызаны закідалі гранатамі камендатуру і казармы. Чутны былі выбухі, паднялася страшэнная паніка, беспарадкавая страляніна нямецкіх салдат. Яны крычалі:

— Партызаны! Партызаны!

Максім, выцягнуўшы з-пад стала каменданта горада Налібокі маёра Іагана Бекера, запытаўся:

— Дзе мае дзеці?

— Расстраляны,— паведаміў камендант.

Максім, сціснуўшы за горла рукамі, задушыў каменданта.

Партызаны, разграміўшы нямецкі гарнізон горада Налібокі, забіралі на машыны трафеі. Адных толькі аўтаматаў — больш за сто штук. Колькі партызаны ні шукалі Цыбульку, яго не было. Вялікія страты панеслі і партызаны: адных толькі забітых — дзесяць чалавек і шмат параненых.

Людзі, якія былі ў турме, выкарыстаўшы паніку сярод немцаў, разбегліся. Узяўшы на машыну расстраляных дзяцей і Зосю, падабраўшы забітых таварышаў, партызаны хутка зніклі. Выкліканы з суседняга раёна карны атрад з танкамі і гарматамі астаўся ні з чым. Партызаны зніклі, як леташні снег.

Пахавалі сям'ю Максіма разам з партызанамі ў брацкай магіле на ўскраіне лесу, пры дарозе. Часта Максім бывае каля магілы родных і блізкіх яму людзей, часта бываюць і партызаны. З невялікай магілы вырас вялізны курган. Гэта партызаны і праходжыя людзі жменямі нанасілі жвіру. Кожны, хто б ні праходзіў і ні праязджаў каля кургана, лічыць сваім абавязкам прывезці зямлі.

Ходзіць атаман Максім па нівах і лясах Беларусі, сеючы фашыстам смерць.

Далёка бачны курган, ён расце не па днях, а па часінах.

 

30

Доўга ў той вечар, калі вярнуўся Гарашчэня з Масквы, партызаны распытвалі пра сталіцу. Кожны хацеў ведаць, што там робіцца. Пасля даклада, які быў зроблены на адкрытым паветры, бо не было такога памяшкання, каб усіх жадаючых змясціць, Гарашчэню закідалі пытаннямі:

— Няўжо цэлая Масква? — пыталіся партызаны.

— Цэлая і такая ж прыгожая,— адказаў Гарашчэня.

— І чырвоныя зоркі на вежах свецяцца?

— Зоркі накрыты чахламі.

— І заводы працуюць?

— Тыя, якія не вывезены на Урал, працуюць на поўную моц.

— А як з хлебам?

— Цяжка. Хлеб і ўсе прадукты па картках.

— Які настрой масквічоў?

— Цяпер добры. Праўда, восенню сорак першага была паніка. Рабочыя з энтузіязмам працуюць. Яны аддаюць усе свае сілы, каб перамагчы ворага.

— А як Чырвоная Армія забяспечана?

— Усё, што трэба салдату, ён мае. Заводы Урала працуюць на поўную магутнасць, яны даюць столькі ўзбраення, колькі трэба. Даваенныя пяцігодкі даюць аб сабе знаць. Правільна партыя зрабіла, узяўшы курс на індустрыялізацыю краіны.

— Значыць, мы пераможам! — упэўнена гаварылі партызаны.

— Дык мы разгортваемся ў брыгаду? — перапытаў Шпакоўскі.

— Пакуль у брыгаду, а потым, можа, і ў злучэнне,— паўтарыў Гарашчэня, ён пра гэта гаварыў у дакладзе.

— Добра,— разыходзячыся, гаварылі партызаны.— Расцем!

У зямлянцы Гарашчэні, куды зайшлі Марыйка з Міроніхай — іх камандзір запрасіў да сябе,— доўга не сціхала гамонка. Памочнікі камандзіра цікавіліся кожнай драбязою жыцця сталіцы.

— А па картках хлеба хапае?

— Тое, што паложана, выдаецца. Але норма не багатая, толькі каб пражыць. З хлебам яшчэ сюды-туды, а тлушчаў малавата.

— А што кажуць адносна другога фронту? — запытаўся Гальяш.

— Эт, знайшоў гаворку! — усклікнуў Шпакоўскі.— Як ты Чэрчыля ні кармі, ён у кусты глядзіць...

— Адзін чырвонаармеец мне сказаў, што франтавікі нас лічаць другім фронтам,— адказаў Гарашчэня.

— То трэба гэта апраўдаць! — загаварылі камандзіры.

Доўга ў той вечар вялася бяседа, простая, душэўная. Яна ішла ад усяго сэрца. Шмат было радасці, калі Гарашчэня паведаміў, што начальнік штаба абяцаў прыслаць зброю, якой не хапала.

— І яшчэ я вам павінен паведаміць, што ўсе прысутныя тут,— Гарашчэня абвёў вачыма,— адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. З першым жа самалётам з Вялікай Зямлі будуць дастаўлены і ордэны.

Узрадаваліся камандзіры, а Гальяш аж падскочыў, гэта была такая натура.

Марыйка сядзела збоку, заглядаючы ў вочы Гарашчэні, яна толькі ўздыхала, зайздросцячы яму, што ён пабыў у Маскве. Марыйцы здалося, што Гарашчэня як быццам памаладзеў, пахарашэў, яшчэ стаў больш мужным.

— А як з медыкаментамі? — нарэшце спытала Марыйка.

— Абяцалі прыслаць,— адказаў Гарашчэня.— Але пакуль нам трэба будзе паклапаціцца, каб самім дастаць. Мы з табою асобна пагаворым.

Усе пераглянуліся.

Сумелася не толькі Марыйка, але і Гарашчэня. Ён перавёў гаворку, сказаў, што спецыяльна скліча нараду камандзіраў, каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з арганізацыяй брыгады і значнай актывізацыяй іх дзейнасці. Здагадлівая Міроніха першай устала і, развітаўшыся, пайшла. Разышліся і камандзіры.

— А як у цябе, Марыйка, абстаяць справы ў шпіталі? — пацікавіўся Гарашчэня.

Марыйка расказала, як хто сябе адчувае. Гарашчэня ведаў усіх параненых. Ён паабяцаў Марыйцы зайсці ў шпіталь і правесці з імі гутарку аб паездцы ў Маскву. Гарашчэня закідаў яе пытаннямі, як тое, як гэта. Ці задаволена яна сваёй працай у шпіталі.

— А каб ты ведала, Марыйка, як я па табе сумаваў,— прызнаўся Гарашчэня.— Мне здавалася, што я пакінуў тут частку свайго сэрца. На крыллях, здавалася, прыляцеў бы сюды.

— А я па табе, Грыша, усе вочы выплакала,— уздыхнула Марыйка.— Што толькі ні прыходзіла ў галаву, мала што магло здарыцца пры пералёце лініі фронту.

У гэты час пачуліся крокі, абое насцеражыліся. Зайшлі прадстаўнікі ЦК таварышы Сяргей і Васіль. Марыйка ўстала, каб ісці.

— Аставайцеся тут, ад вас няма ніякіх сакрэтаў,— сказаў Сяргей Паўлавіч.

— Але,— згадзіўся Васіль.— Мы ненадоўга.

Марыйка села. Яна ўзяла кнігу і пачала чытаць, зусім не прыслухоўваючыся да размовы. Марыйка не з тых жанчын, якія ўсюды ўсунуць свой нос.

— Дык вось што, Рыгор Сцяпанавіч, перад тым як нам ісці, будзе табе яшчэ адно важнае заданне,— пачаў гаворку Сяргей Паўлавіч.— У Нараўлянах шэфам СД Эрнстам фон Вернерам, пры дапамозе беларускіх буржуазных нацыяналістаў, створана школа шпіёнаў...

— Ведаю,— сказаў Гарашчэня.— Мы даўно за ім ганяемся...

— А трэба яго абавязкова злавіць і знішчыць,— падтрымаў размову Васіль.— А потым і школу разагнаць...

— Ясна,— Гарашчэня задумаўся.— Хто мог бы гэта зрабіць? — Ён паглядзеў на Марыйку: — Можа, ты?

— Магла б,— адказала яна, нават не ведаючы, якое гэта важнае заданне. Ёй хацелася зрабіць нешта такое, каб на яе звярнулі ўвагу. Тады, можа, і яе каханы іначай будзе глядзець.

— А што, гэта ідэя,— Сяргей Паўлавіч паглядзеў на Васіля.

— А чаму ж,— пагаджаўся Васіль.

— Не,— перадумаў Гарашчэня. — Марыйка не справіцца з гэтым заданнем.

Дзяўчына ўскочыла і хацела ісці.

— Пачакай, Марыйка, у мяне да цябе яшчэ ёсць справа,— затрымаў яе Гарашчэня.

Яна прысела, але сядзела як на іголках.

— Адным словам, трэба гэта заданне выканаць і як найхутчэй,— збіраліся выходзіць Сяргей Паўлавіч і Васіль.

— Будзе зроблена,— запэўніў Гарашчэня.

Яны развіталіся і пайшлі.

— Дык вось што, Марыйка, пакуль прыбудуць з Масквы медыкаменты, неабходна тут дзе-небудзь дастаць.

— Нідзе, як у Нараўлянах, іх не дастанеш. Я гэта зраблю.

— Добра.

Успыхнула газоўка і патухла. Гарашчэня не хацеў наліваць газы і запальваць. Запахла нагарам. Рыгор Сцяпанавіч наблізіўся, абняў Марыйку і хацеў пацалаваць, але яна вырвалася і пабегла з зямлянкі. Гарашчэня, зразумеўшы, што пакрыўдзіў дзяўчыну, пачухаў патыліцу.

 

31

— Я яе ўзяць буду,— ідучы за дзяўчынай, аблізваючыся, як кот, гаварыў свайму другу Эрнст фон Вернер.— Іду аб заклад... Слова афіцэра!..

Здагадаўшыся, што ідзе гандаль дзявочымі косамі, Марыйка прыбавіла кроку. Следам ішоў Эрнст фон Вернер, высокі, худы, у акулярах з залатою аправаю. Марыйка адчула холад за спіною, нібы за ёю крочыла кірпатая смерць. Напалоханая, Марыйка аглянулася. Зачапіўшыся нагою за дошку на тратуары, яна ледзь устаяла на нагах. «А каб на цябе ліха,— падумала Марыйка,— чаго ты прычапіўся, гіцаль!» Яна ўжо амаль выканала заданне Гарашчэні, прызапасілі медыкаментаў, аставалася толькі пераправіць у лес. І раптам набегла думка: «А што, каб яго ўвабраць? Добры быў бы ўлоў. Не, лепей не чапацца...»

І Марыйка ледзь не абамлела, калі ўгледзела, што з ёю параўняўся Эрнст фон Вернер. Ён зняў капялюш, пакланіўся.

Выпраўка афіцэра, прычоска, маленькія рыжыя вусікі паказвалі, што Эрнст фон Вернер стараецца быць падобным на фюрэра, напамаджанымі рэдкімі валасамі ён старанна хаваў сваю лысіну. Марыйка не адказала на прывітанне і паскорыла крокі.

Эрнст фон Вернер, будучы працаўніком СД, пры дапамозе Астроўскага і кампаніі, асабліва Барысаўскага бургамістра Станіслава Станкевіча, у Нараўлянах арганізаваў школу шпіёнаў. І Пясецкі, і Цыбулька, і Аксеня, і іншыя — усе ў яго вучыліся. Гарашчэнеўцы даўно за ім ганяліся, але яго цяжка было ўзяць. Ён прыносіў шмат непрыемнасцей партызанам. Марыйка, ідучы поруч з Эрнстам фон Вернерам, углядаючыся ў клёны, таполі і ліпы, нічога не бачыла. «А можа, ён даведаўся, што яна партызанка?» —думала яна. Пацямнела ў яе вачах. Па дарогах, якія яшчэ ўчора кантраляваліся партызанамі, праязджалі нагружаныя да адказу чорныя аўтамабілі: яны ішлі на фронт, везучы жывую сілу і боепрыпасы. Марыйка ўспомніла, як аднойчы на яе вачах немцы ўзялі селяніна з поля і загадалі яму праехаць па ўчастку дарогі, якая была замініравана. Старога з сявенькай ускінула ўверх, парваўшы на часткі. Немцы рагаталі. А ў Марыйкі ад болю сціснулася сэрца. Прыгадала Насту, якая загінула геройскай смерцю. Марыйка прагнула адпомсціць немцам за здзекі над людзьмі. Яна, нервуючыся, церабіла свае валасы, як бы скідаючы з іх павуцінне, якое асядала немаведама адкуль на яе галаву. Раптам Марыйка ўспомніла, як аднойчы прагаварыўся Гарашчэня. Ён хацеў быў даць ёй важнае заданне. Гарашчэня гаварыў пра гэта з прадстаўнікамі ЦК таварышамі Сяргеем і Васілём, але потым перадумаў, сказаўшы: «Марыйка не справіцца з гэтай справай»; крыўдна ёй тады стала. Яна ўсю ноч праплакала.

«Насці, не вагаючыся, ён бы гэта даручыў»,— падумала Марыйка.

Як пасля высветлілася, справа ішла аб тым, каб знішчыць нейкага працаўніка СД, які цяпер поруч з ёю ішоў, але Марыйка пра гэта не ведала.

— Марыйка, што вы ўцякайль,— загаварыў Эрнст фон Вернер і, не даўшы ёй сказаць і слова, прадаўжаў: — Я хацеў запрасіць вас працаваць у мяне сакратаркай... Не думайце пярэчыць, для вас будзе горш...

— Адкуль вы мяне ведаеце? — спалохалася Марыйка.

— Мне гаварыў пра вас мой друг, афіцэр Іаган Шмідт, які жыве з вамі ў адным доме. Між іншым, вы чамусьці часта адлучаецеся з кватэры, гэта падазрона! Праўда, вы жывеце ў кухні. Але сёння ж будзе вызвалены для вас адзін пакой, каб вы не хадзілі да сваіх сябровак. Вы ідзеце дадому? Можна да вас зайсці?

— Калі ласка! — выпаліла Марыйка і сама спужалася.— У нас шмат кветак...

Марыйка сама не ведала, чаму яна гэтак сказала, і хацела ўцячы, але Эрнст фон Вернер схапіў яе за руку. «Як на гэта паглядзяць гаспадары, якія не вельмі ахвотна пусцілі яе пажыць некалькі дзён?»

— Пачакайце! — трымаў за руку яе Эрнст фон Вернер.— Я хацеў вас запрасіць да сябе... у госці...

— Ой, што вы,— замахала Марыйка рукамі, як птушка крыллямі.— Няўжо вы і з нямецкімі дзяўчатамі так абыходзіліся?

— Я пайду да вас і парву вашы кветкі,— не ўнімаўся Эрнст фон Вернер.— Патапчу нагамі... Я немец... Мне нельга пярэчыць...

— Ха-ха-ха! — звонка засмяялася Марыйка.— Што ж тады будзе, калі я да вас пайду сакратаркай?..

Эрнст фон Вернер шмат чаго прапускаў міма вушэй, а часам рабіў выгляд, што не разумее.

— Вы такой карошы,— гаварыў Эрнст фон Вернер.— Такой, як вы, на свеце няма...

— Я ж не варона з сырам,— усміхнулася Марыйка. Павярнуўшы ў калітку, яна сказала: — Ауф відэрзэен!

Эрнст фон Вернер ветліва пакланіўся і пайшоў назад, насвістваючы нескладаны матыў нямецкай салдацкай песні. Яго постаць нагадвала вялізны пытальнік. Як ён ні стараўся выпрастацца, але нічога з гэтага не выходзіла. Гарбатага, як кажуць, магіла выпрастае.

Марыйка, выглянуўшы з акна, паглядзеўшы ў бок ішоўшага Эрнста фон Вернера, падумала: «Што ж, пайду сакратаркай. Нам таксама пальца ў рот не кладзі, адкусім...» І прыйшла другая думка: «Я давяду Гарашчэню, на што я здатна!»

Адправіўшы партызанам медыкаменты, якія ўдалося дастаць, Марыйка на некаторы час затрымалася ў Нараўлянах. Яна пра сваю задуму паведаміла Гарашчэню, трымаючы яго ўвесь час у курсе спраў. Працуючы сакратаркай у СД, яна крыху ўспомніла мову, якую некалі вывучала ў інстытуце, навучылася праз пятае ў дзесятае гаварыць па-нямецку. Каб увайсці ў давер’е Эрнсту фон Вернеру (якраз гарашчэнеўцы хацелі яго знішчыць), Гарашчэня дазволіў ёй сякія-такія звесткі даць пра партызан. Пры праверцы Эрнстам фон Вернерам яны пацвердзіліся.

— Вы даўно абяцалі са мною прайсціся,— звяртаючыся да Эрнста фон Вернера, сказала аднойчы Марыйка.— Сходзім на рэчку...

— Купацца? — спытаўся Эрнст фон Вернер.— Згодзен! — А потым, успомніўшы, што трэба ісці каля лесу, пачаў адмаўляцца: — Давайце лепей пройдземся ў поле... Не люблю я рускі лес... Ён такі дзікі... Дый... Не-е!..

— Вы трус! — усміхнулася сакратарка.— Калі вы баіцеся, то я адна пайду... Вам не шкода будзе, калі я ўтаплюся?..

— У беларускай мове, казаў мне Станкевіч, няма слова трус, а ёсць баязлівец.

— О, у вас вялікія поспехі ў вывучэнні беларускай мовы...

— Трэба!

— Дык пойдзем?

— Не. Мне няма часу, праца...— прасіўся Эрнст фон Вернер.— Давайце ў другі раз сходзім... У мяне чамусьці дрэнны настрой... Сэрца... Мне сёння не хочацца ісці...

— А мне іменна сёння хочацца ісці купацца,— настойвала Марыйка.— Такія цёплыя дні рэдка трапляюць... Дык як?.. Мы з вамі ўмовіліся... Э-эх вы, кавалер!.. А яшчэ выхваляліся: мы — рыцары; баіцеся дзяўчыны... Нічога з вамі не здарыцца...— Марыйка вырашыла пусціць апошні козыр: — Я трымаю сваё слова, а вы... Сёння ўвечары вы атрымаеце тое, чаго ўвесь час дамагаліся... Перад гэтым хочацца пакупацца...

— Іду,— пасалавелі вочы ў Эрнста фон Вернера.

Яны ішлі каля лесу. Спявалі птушкі. Эрнст фон Вернер быў асцярожны, як стары ліс; ён ні на хвіліну не выпускаў з рук рэвальвера. Да рэчкі аставалася метраў дзвесце. Угледзеўшы сялян з косамі, Эрнст фон Вернер спытаўся:

— Хто там?

— Касцы.

— А можа, гэта партызаны?

— Глупства, якія тут партызаны. Тут жа ваша школа недалёка.

— Я не буду купацца. Не хачу. Нешта ў мяне ногі ломіць. Баюся прастудзіцца. Мне доктар не раіць купацца. Рэўматызм!..

— Пойдзем,— цягнула Марыйка.

«Чорт, а не дзяўчына, яна мяне ўцягне ў балота,— падумаў Эрнст фон Вернер.— Але ўсё ж такі будзе на маім. Я яе перахітру!»

Эрнст фон Вернер лаяў сябе за мяккасць, за не дапушчальную для немца сардэчнасць. Прайшло багата часу, як ён цягнецца за хвастом гэтай дзяўчыны, а карысці ніякай. З яго спадцішка насміхаліся, рыхтуючыся піць на грошы, якія Эрнст фон Вернер даў у заклад.

Марыйка ў купальным касцюме бегала каля рэчкі, але ёй не да купання было. Ва ўмоўленым месцы не было партызан. Няўжо яны тут былі і, не дачакаўшыся, пайшлі? Будзе непрыемнасць ад Гарашчэні. «Разявака,— скажа,— дзяўчына». Марыйка ледзь не плакала. Яна ведала, што ў другі раз Эрнста фон Вернера сюды і на вяроўцы не зацягнеш. Марыйка вырашыла тут не купацца, а цягнула свайго «кавалера» далей, на глыбокае месца, дзе можна паплаваць.

— Каб я ведала, што вы такі баязлівец,— падбегшы да Эрнста фон Вернера, насупіўшыся, гаварыла Марыйка,— ніколі б з вамі не пайшла сюды... Людзі будуць смяяцца... Ды схавайце вы свой рэвальвер...

Марыйка ніяк не магла аддыхацца, у яе то падымаліся, то апускаліся пругкія дзявочыя грудзі.

— О, мая мілая! — нібы незнарок дакранаўся да грудзей Эрнст фон Вернер. Марыйка змоўчала.— Я з табою гатоў ісці хоць на край свету... А толькі рэвальвера не схаваю... Тут кожны куст страляе...

— Пройдземся па беразе,— лашчылася Марыйка.— Вось гэтая сцежка — найкарацейшы шлях да плёса.

— А можа, да смерці?

— Ой, што вы!

— Вы, Марыйка, нагадваеце мне адну маю старую знаёмую, якая, праўда, не памерла сваёю смерцю. Па складу розуму — арыйка, па характару — францужанка, а сэрцам — руская. Не, я не пра гэта хацеў сказаць... Лезе рознае ў галаву... Што там?

— Ну, і баязлівы ж вы, як заяц... Гэта птушка паляцела...

Яны ішлі каля рэчкі, якая вужакай вілася каля лесу. Марыйка моцна прыціскала халодную руку да гарачага цела, імкнучыся загаварыць Эрнсту фон Вернеру зубы, вабячы яго ісці далей. Але засады ўсё не відаць было. Марыйка хвалявалася. Нарэшце паказаўся нейкі хлопец.

— Няйначай, партызан,— занепакоіўся Эрнст фон Вернер.— Я страляю!

— Ой, што вы, хочаце мяне напалохаць, дык гэта ж пастушок,— заспакойвала Марыйка.— Чуеце, як ён добра іграе...

Хлопчык на дудачцы мацней зайграў. Чутно было: ту-у-ту-ту, ту-у-ту-ту, ту-у. Гэта азначала: увага, падрыхтавацца, быць напагатове. Эрнст фон Вернер трымаў пастушка на прыцэле. У гэты час двое партызан, якія былі ў засадзе, накінуліся на Эрнста фон Вернера. Ён з перапалоху некалькі разоў стрэліў. Абяззброены Эрнст фон Вернер, паглядзеўшы перш на партызан, а потым на Марыйку, запытаўся:

— Яна ведала пра засаду?

— Ведала,— адказала Марыйка.

— Не чакаў... А я лічыў яе наіўнай... Ах, ах, які я дурань!

— А ў гэтым ніхто і не сумняваўся,— іранізавала Марыйка.— Дык хто каго «ўзяць буду»?! Гітлераўскія дурні, вы лічыце нас ніжэйшай расай, ды мы больш забыліся, чымся вы ведаеце.

 

32

Тады, як Эрнста фон Вернера прывялі ў лагер партызан, Гарашчэня паспрабаваў з ім гаварыць. Шэф СД горада Нараўляны катэгарычна адмовіўся назваць хоць бы аднаго асведаміцеля, якіх заслаў у партызанскія атрады.

— Я ведаю, што мяне чакае,— заявіў ён.— І хоць я раскалоўся б, смерці не мінуць. Я свядома пайшоў служыць фюрэру і яму не здраджу. Усё роўна немцы перамогуць!

— Аднак,— усміхнуўся Гарашчэня,— гэтага можа і не быць.

— Будзе. Гаспадаром гэтай зямлі стануць немцы. Нам патрэбны «жыццёвыя прасторы».

— І планам «ОСТ» гэта прадугледжана. Але ад жадаемага да сапраўднасці адлегласць далёкая. Яшчэ Бісмарк папярэджваў суайчыннікаў, што самае небяспечнае ў палітыцы — гэта ілюзіі.

— Вам і план «ОСТ» вядомы? — паглядзеў спадылба Эрнст фон Вернер.

— Так.

— Дзе вы яго ўзялі?

— У забітага генерала Ландсберга.

— Фрыдрыха фон Ландсберга,— паправіў Эрнст фон Вернер.— Дурань! Хто ж гэта носіць пры сабе такія дакументы.

— Вось іменна,— смяяўся вачыма Гарашчэня.— Хоць шыла ў мяшку не ўтоіш. І без плана «ОСТ» было відно, чаго хочуць немцы.

— Нічога вы не бачылі.

— Не бачылі?! Фашысты толькі ў Беларусі ўжо знішчылі больш за мільён чалавек мірных грамадзян і сярод іх шмат дзяцей, жанчын, старых. Гітлераўцы разбурылі і спалілі больш за дзвесце нашых гарадоў, больш за дзевяць тысяч сёл і вёсак. А вайна яшчэ далёка не скончана; яна, можна сказаць, у самым разгары. І ў знішчэнні мірных людзей, разбурэнні гарадоў, сёл і вёсак зусім не было вайсковай неабходнасці.

— Неўзабаве па Маскве будзе нанесены новы ўдар, што ад Савецкага Саюза нічога не астанецца.

— Гм. Чаго ж вы адклікалі з Смаленска ў Мінск беларускага нацыяналіста Астроўскага, які прызначаўся бургамістрам Масквы? Страцілі надзею ўзяць сталіцу! Савецкі Саюз як стаяў уцёсам-волатам, так і будзе стаяць у вяках. І зусім не на Маскву, а на Сталінград цяпер немцы накіроўваюць удар.

— І гэта вам вядома,— прастагнаў Эрнст фон Вернер і папрасіў: — Расстраляйце хутчэй!

— А гэта суд вырашыць.

— Ага. Павінен аддаць належнае, Марыйка добра сыграла сваю ролю. Абдурыць мяне, старога гестапаўца, не так лёгка было. Вы яе ўзнагародзіце?

— Яна сказала, што лепшая ёй узнагарода — прагнаць фашыстаў з савецкай зямлі. Ёй хочацца дайсці да Берліна.

— Берліна вам не бачыць.

— Паглядзім! З Масквы да Берліна бліжэй, чым з Берліна да Масквы.

— Чаго вы цягнеце? — нерваваўся Эрнст фон Вернер.— Рэшце на кавалкі, нічога ад мяне не выпытаеце. Я астаюся верны Гітлеру!

— Ну што ж, задаволім вашу просьбу,— і, звярнуўшыся да варты, Гарашчэня загадаў: — Вывесці яго!

Праз некалькі дзён, па рашэнню суда — Вярхоўны суд у Маскве зацвердзіў прыгавор,— Эрнста фон Вернера расстралялі.

 

Марыйка хадзіла гогалем, дзяўчына давяла Гарашчэню, чаго яна варта. Партызаны перад ёю выстрайваліся ва фронт і казыралі, а некаторыя — здымалі шапкі і кланяліся да зямлі. З Гарашчэнем яна толькі адзін раз спаткалася і то на людзях, калі ён перад усімі абвясціў, што яна прадстаўлена да новай узнагароды. Фактычна, прадстаўнікі ЦК Сяргей Паўлавіч і Васіль настаялі на гэтым. Марыйка з Гарашчэнем размаўляла тады даволі афіцыйна, гутарка вялася толькі аб справах. Заўважыўшы нелады паміж Марыйкай і Гарашчэнем, Міроніха неяк яе ўпікнула:

— Зазналася ты, дзяўчына, і круціш носам. А ён жа за цябе значна больш зрабіў і гэтак не задаецца.

— Няхай ганарлівец за мною гэтулькі папабегае, колькі я за ім. Колькі слёз выплакала!

— Няўжо ж ты думаеш, што яму так лёгка было выкінуць з сэрца Насту? Прайшло шмат часу, пакуль ён апамятаўся ад такога ўдару. А цяпер пакахаў цябе. Сохне па ёй, а яна... Ці, можа, не кахаеш?

— Ой, што вы!

— Дык ідзі нібы прайсціся, унь ён каля штабной зямлянкі з мужчынамі размаўляе,— Міроніха штурхнула дзяўчыну ў плечы.— Спецыяльна мяне падаслаў, каб даведацца... Бо яшчэ год будзеце валэндацца...

— Праўда? — пацалавала Міроніху Марыйка.

Доўга ў той вечар хадзілі Марыйка з Гарашчэнем, пра многае перагаварылі, уладзілі «канфлікт». Потым зайшлі ў яго зямлянку. Гарашчэня хацеў запаліць газоўку, а потым спахапіўся, што няма газы.

— Гэта ж я з таго вечара яе не запальваў,— апраўдваўся ён.

— А дзе ж ты працаваў?

— У штабе,— адказаў ён і хвалюючыся спытаў: — То, можа, і сёння абыдземся без святла?

— Без святла, дык без святла,— згадзілася яна.— Няхай будзе так.

 

33

І хоць Эрнст фон Вернер злажыў галаву, але сплеценае ім павуцінне не было рассечана. Ён нікога не выдаў з асведаміцеляў, засланых у атрады народных мсціўцаў. Тайныя і яўныя агенты СД, дзе подкупам, а дзе пад пагрозай смерці, рабілі сваю чорную справу.

Галава Сяргея Паўлавіча ацэньвалася ў пяцьсот тысяч марак. Акрамя гэтага, абяцалі таму, хто зловіць таварыша Сяргея жывым, даць маёнтак. Кошт галавы таварыша Сяргея ўсё павышаўся, асабліва пасля таго, калі немцы дазналіся, што ён пабыў на Вялікай зямлі. Сума за галаву таварыша Сяргея расла не па днях, а па гадзінах, яна вырасла да сямісот пяцідзесяці тысяч марак, маёнтка і завода.

Немцы ведалі, што таварыш Сяргей з’яўляецца душою партызанскага руху, а таму асабліва за ім ганяліся. Нарэшце яны вырашылі паслаць спецыяльную карную экспедыцыю ў раёны, занятыя гарашчэнеўцамі, дзе па іх звестках быў і таварыш Сяргей.

Перш чым паслаць карную экспедыцыю Людвіга Клозе, з генералам вёў гутарку намеснік Гітлера ў Беларусі Вільгельм Кубэ. Ён папярэдзіў начальніка экспедыцыйнага корпуса, што з партызанамі Гарашчэні не так лёгка саўладаць, яны цяпер маюць свае аэрадромы, трымаюць сувязь з Масквою, кожны атрад мае рацыю. Па меркаваннях Вільгельма Кубэ недзе паблізу ад Беразнянкі павінен быць падпольны працаўнік — Сяргей Паўлавіч Васільеў, былы дырэктар МТС. Нябожчыкам Эрнстам фон Вернерам быў створан партызанскі атрад. Начальнікам атрада быў працаўнік СД, Аляхновіч, які дапусціў памылку, з аднаго боку, грабіў сялян, а з другога — расстраляў дэсантніка, які быў выкінуты з самалёта і прыблукаў у гэты атрад. Васільеў разгадаў, што гэта за атрад. Гарашчэнеўцы акружылі яго і знішчылі. Толькі адзінкі ўцалелі. Вільгельм Кубэ паабяцаў, што калі Людвігу Клозе ўдасца злавіць Васільева (яго завуць таварыш Сяргей), дык гаўляйтэр будзе хадайнічаць перад фюрэрам аб самай вышэйшай узнагародзе і прысваенні генералу чарговага звання.

Вестка, што з-пад Мінска ідуць карнікі на чале з вопытным генералам Людвігам Клозе, устрывожыла Сяргея Паўлавіча. Немцы ў гэты час вялі падрыхтоўку для наступлення на Сталінград, а таму ім у тыле трэба было скончыць з партызанамі, якія ім шмат шкодзілі. Сяргей Паўлавіч накіраваў цяпер сваю ўвагу на тое, каб спыніць працу чыгунак, што вялі да фронту. Задача гэтая цяжкая і складаная, чыгунка ахоўвалася рэгулярнымі войскамі.

 

34

Карнікі на чале з генералам Людвігам Клозе доўга рыхтаваліся да нападу на гарашчэнеўцаў — цяпер гэта ўжо была брыгада, якая перарастала ў злучэнне. Гарашчэнеўцы мелі добраўпарадкаваны аэрадром, прымалі з Масквы самалёты.

У апошні час карнікі вялі разведку боем, яны цяснілі асобныя дробныя атрады, якія ўзніклі дзякуючы існаванню брыгады Гарашчэні. Рыгор Сцяпанавіч разам з Сяргеем Паўлавічам рыхтавалі контрудар, каб памагчы Чырвонай Арміі ў абароне Сталінграда. Цяпер быў дадзены лозунг: «Заб’еш фашыста ў Беларусі, ён не будзе пад Сталінградам». Сілы карнікаў былі вялікія, і вопыт барацьбы з партызанамі яны цяпер ужо мелі. З імі цяжэй стала змагацца. Сяргей Паўлавіч выказаў думку, што добра было б, каб Васіль Мікалаевіч арганізаваў дробныя атрады і ўдарыў з тылу па карніках. Дый трэба было з Васілём Мікалаевічам параіцца па некаторых іншых пытаннях.

— Так, адна галава добра, а дзве лепей,— ходзячы ўразвалку па зямлянцы, разважаў уголас Сяргей Паўлавіч.— Я павінен неадкладна ўгледзець Васіля Мікалаевіча, ён мне вельмі патрэбен. Пайду!

Калі Сяргей Паўлавіч павярнуўся да Гарашчэні, у яго паблісквалі сінія вочы, яшчэ больш «задраўся» кірпаты нос, па ўсяму відаць было, што ў яго выспяваў план, як ударыць карнікаў. Ён задаволена прычасаў растапыранымі пальцамі сваю русую чупрыну. Па суровых вачах відаць было, што ён цвёрда вырашыў ісці.

— Але ж гэта вельмі небяспечна,— запярэчыў Гарашчэня.— Дарога Беразнянкі — Дрыгвічы асядлана немцамі.

— Ваяваць таксама вельмі небяспечна, аднак мы ваюем,— кальнуў прыжмуранымі вачыма Сяргей Паўлавіч.

— Дык хоць вазьміце людзей.

— Я адзін пайду.

— Чаму гэта?

— Бо табе тут патрэбны людзі.

— Не маеце права адны ісці,— сурова вымавіў Гарашчэня.— Нельга гэтага рабіць.

— Добра,— урэшце згадзіўся Сяргей Паўлавіч.— Але не больш трох чалавек, хопіць.

Гарашчэня больш не настойваў, бо ведаў, што ўсё гэта дарэмна: Сяргей Паўлавіч не згодзіцца болей узяць людзей.

Перад адыходам Сяргей Паўлавіч сеў з Гарашчэнем, закурыў, а потым папярэдзіў Гарашчэню, што калі часам што здарыцца, дык каб ён абавязкова звязаўся з Васілём Мікалаевічам і папрасіў яго дапамогі.

Як толькі сцямнела, Сяргей Паўлавіч, у суправаджэнні трох партызан, узброеных аўтаматамі, выправіўся ў дарогу. Яму ноччу трэба было прайсці самы небяспечны ўчастак, каля смалярні. Там маглі быць карнікі. Але Сяргей Паўлавіч спадзяваўся на тое, што немцы не вельмі любілі ноччу ваяваць і, можа, ён як-небудзь пройдзе. Ён ведаў адну сцежку, але, каб тудою ісці, трэба было рабіць вялікі круг.

Цыбулька яшчэ днём дачуўся пра тое, што Сяргей Паўлавіч збіраецца ісці да Васіля Мікалаевіча. І як ён ні стараўся, каб патрапіць у ахову, але яму гэтага дамагчыся не ўдалося. Гарашчэня не прызначыў яго туды з тае прычыны, што мала ведаў Цыбульку. Пасля таго як Цыбулька ў Налібоках нос у нос спаткаўся з партызанамі дзядзькі Максіма, Эрнст фон Вернер вымушан быў перакінуць яго ў брыгаду Гарашчэні. Камбрыг Гарашчэня выбраў у ахову да Сяргея Паўлавіча самых храбрых і адважных людзей. Ведаючы, што другой самай кароткай дарогі няма, акрамя як каля смалярні, Цыбулька незаўважаным выправіўся наперад. Яму жыцця не давала думка займець дзе-небудзь свой маёнтак, завесці сям’ю і ціха жыць да скону. «Ну, Мікола, лаві момант,— думаў сам сабе Цыбулька.— Калі цяпер не ўбярэш таварыша Сяргея, то не бачыць табе ціхага жыцця, як сваіх вушэй». Кіламетрах у двух да смалярні Цыбулька зрабіў засаду. Яму хацелася ўзяць Сяргея Паўлавіча жывым. А каля смалярні маглі быць карнікі, яшчэ, чаго добрага, адбяруць у яго таварыша Сяргея, яны ж за ім ганяюцца.

Ступаючы па калена ў гразі — лясныя дарогі яшчэ не замерзлі,— гуськом ішлі адзін за адным партызаны. «А з імі цягацца нялёгка, усе людзі бывалыя, у кусты не пададуцца,— думаў сам сабе Цыбулька.— Аднак паспрабую!»

Сяргей Паўлавіч, апрануты ў ватоўку, ішоў першым. Яго нешта трывожыла, ён аглядаўся па баках. «Што за чорт,— падумаў Сяргей Паўлавіч,— ніколі ў мяне не было так неспакойна на душы». Ён паволі ішоў, а за ім напагатове крочылі партызаны. Чутно было, як хлюпала гразь. «Маёнтак,— мільганула ў галаве Цыбулькі.— Толькі смачны арэшак, але яго не так лёгка раскусіць».

Каля невялічкага раўчука партызаны спыніліся. Яны стаялі гуртам, нешта ціха абмяркоўваючы. Свяціў месяц, партызан можна было распазнаць; тут былі, людзі, з якімі Цыбулька не раз з аднаго кацялка еў кашу, хадзіў разам на аперацыі. Яны зусім не ведалі, што Цыбулька ходзіць з каменем за пазухай, што ў ім сядзіць звер. А зрабіў яго такім Эрнст фон Вернер, які абудзіў у ім усё горшае.

Сяргей Паўлавіч крыху пастаяў каля раўчука, выбраў больш вузкае месца, лёгка пераскочыў, аддзяліўся ад партызан. Цыбулька, не марудзячы, даў доўгую чаргу з аўтамата па партызанах, тыя пападалі. Пачалася беспарадачная страляніна з боку смалярні.

— Таварыш Сяргей, сюды, сюды,— падбегшы, вабіў Цыбулька.

— А ты хто? — насцярожыўся Сяргей Паўлавіч.

— Партызан,— гаварыў Цыбулька.— Тут нямецкая застава. А ў смалярні!.. Кругом карнікі... Шмат іх...

— А чаго ты тут апынуўся?

— Мяне камбрыг таварыш Гарашчэня паслаў у разведку. Загадаў «языка» дастаць.

— Дык і рабі сваю справу.

— Не так лёгка.

— Хлопцы! — паўзучы па гразі, клікаў Сяргей Паўлавіч.— Сюды!

Стральба ўзмацнілася, са свістам і завываннем праляталі кулі.

— Хлопцы забітыя,— наблізіўшыся, прашаптаў Цыбулька.— Куды вам трэба? Я магу абвесці смалярню, мне тут кожная сцежка вядома.

Страляніна яшчэ больш павялічылася, дзынкалі, як пчолы, кулі. Карнікі былі зусім блізка. Ужо чутна была чужая гаворка. Падпоўзшы да партызан, Сяргей Паўлавіч пераканаўся, што яны такі забітыя.

— Мне трэба на беразнянскую дарогу,— паведаміў Сяргей Паўлавіч.— Вы можаце правесці?

— Магу! «Языка» яшчэ паспею дастаць,— гаварыў Цыбулька, а пасля спытаўся: — А там куды?

— Відаць будзе.

— Пайшлі!

Сяргей Паўлавіч і Цыбулька падаліся ўбок і, прыгінаючыся, выйшлі з зоны агню. Карнікі ўсё стралялі. Сяргей Паўлавіч, ідучы па лесе, паабдзіраў сабе твар, рукі, набраў поўныя боты вады. Ён, відаць, моцна ўгрэўся, бо расшпіліў ватоўку.

— Ну, вось і ўвесь страх,— роблена ўсміхнуўся Цыбулька, выйшаўшы на прагаліну.— Цяпер можна закурыць.

— А гэта што за вёска будзе?

— Міхалевічы.

— О-го-о! — здзівіўся Сяргей Паўлавіч.— Куды мы трапілі.

Віднелася. На гары круціўся вятрак. На вуліцы ў Міхалевічах і ў дварах стаялі нямецкія машыны. Сяргей Паўлавіч задумаўся, яму стала падазроным, што яны тут апынуліся. Паблізу магла быць выстаўлена застава.

— То ты можаш вяртаць назад,— прапанаваў Сяргей Паўлавіч і параіў: — Не высоўвайся вельмі з лесу, могуць убачыць. А я адзін пайду.

— Не, я вас аднаго не пушчу.

— Я вам загадваю ісці па сваёй справе.

— А я тут па сваёй справе,— запярэчыў Цыбулька, схапіўшыся за аўтамат.— Я вас не адпушчу ад сябе ні на крок, пойдзеце са мною. Загадваю!..

— Што-о? — выхапіў рэвальвер Сяргей Паўлавіч.— Ах ты, сволач!

— Хальт! — крыкнуў немец. Тут такі была застава.— Хэндэ хох!

Немцы акружылі Сяргея Паўлавіча і Цыбульку. Цыбулька ім нешта сказаў. Карацелі схапілі Сяргея Паўлавіча, скруцілі назад рукі, павялі ў вёску. Напалоханыя людзі заглядалі ў вокны, калі вялі арыштаванага па вуліцы. Сяргей Паўлавіч ішоў без шапкі, вецер раздзімаў яго русыя валасы. Цыбулька задаволена пасміхаўся, ён адчуваў сябе пераможцам, марыў пра маёнтак. Сяргея Паўлавіча Васільева пасля першага допыту, пад узмоцненай вартай, са звязанымі назад рукамі пасадзілі ў машыну і павезлі ў горад.

 

35

Гаманілі бары ад Белавежскай пушчы і да векавых палескіх лясоў. Хутка абляцела вестка, што Сяргей Паўлавіч Васільеў схоплен немцамі і знаходзіцца ў горадзе Беразнянкі, у раёне дзейнасці партызанскай брыгады Гарашчэні. Камбрыг, выклікаўшы да сябе камандзіраў атрадаў і асобных камандзіраў рот, паставіў перад імі задачу: разграміць групу эсэсаўцаў вядомага ката генерала Людвіга Клозе, паспрабаваць вызваліць Сяргея Паўлавіча. Але Гарашчэня і сам мала верыў, што ўдасца гэта зрабіць. Немцы добра ведалі, хто такі Сяргей Паўлавіч, і яго не так лёгка было ад іх вырваць, тым больш што падышлі ўжо асноўныя сілы групы Людвіга Клозе, праўда, яны не ўсе былі ў горадзе, частка аперыравала супраць асобных партызанскіх атрадаў. Тым не менш Гарашчэня хацеў схапіцца з Людвігам Клозе, дастаткова вопытным генералам.

— Ну як? — запытаўся Гарашчэня.

— Загад ёсць загад,— панура адказаў Пацяруха, які цяпер камандаваў ротай.

— Я сабраў вас, каб параіцца.

— А калі параіцца,— працягваў Пацяруха,— то ці варта рызыкаваць? Які б для нас ні быў дарагі Сяргей Паўлавіч, але ўсё ж гэта адзін чалавек.

— Але які чалавек! — ускіпеў Гальяш.— Ён усё зрабіў для таго, каб не быць нам нямецкімі рабамі. Таварыш Васільеў гатоў быў аддаць сваю кроў кроплю за кропляй, каб адстаяць свабоду. Гэта сапраўдны бальшавік! За такога чалавека нельга не пастаяць, хоць бы гэта абышлося нам вельмі дорага.

— Пацяруха як хоча,— загаварыў Шпакоўскі,— а я павяду сваіх хлопцаў. Колькі Сяргей Паўлавіч зрабіў нам дабра. Калі на тое пайшло, дык мы толькі дзякуючы яму сталі камандзірамі. А добрае не забываецца! — Шпакоўскі падумаў.— Што з таго, што немцаў многа? Гэта ж добра, ёсць каго біць.— Шпакоўскі паглядзеў у бок Гарашчэні: — Дый у нас у горадзе ёсць сякія-такія рэзервы... Можна і іх прывесці ў рух...

— Дык і я павяду, гатоў хоць зараз ісці, але толькі так гаворыцца,— збянтэжыўся Пацяруха.— Мае арлы пойдуць са мною і ў агонь і ваду! — Пацяруха прызнаўся: — Але ў нас, у тарасаўцаў, мусіць, у крыві — не выпірацца наперад, а толькі і не адставаць...

— Ну то і добра! — Гарашчэня канчаткова вырашыў: — Значыць, ідзем!

Камандзіры атрадаў разам з камбрыгам доўга абмяркоўвалі план дзеяння. Марыйка даўно ўжо спала, калі яны разыходзіліся. Самае цяжкае было прабрацца ў цэнтр горада, бо ўсе подступы ахоўваліся, а таму Гарашчэня ўзяў на сябе гэта. Як ён туды пойдзе, яшчэ няясна было, а толькі, па яго думцы, яму трэба было ісці. Раптам прыйшла ў галаву думка — наладзіць «вяселле» і такім чынам прабрацца ў горад.

— Правільна! — падумаў уголас Гарашчэня.— Паедзем з Марыйкай «вянчацца»... А там выступіць гарадская група... Яны даўно рвуцца ў бой... А каб яшчэ сусед, бацька Тарас, падтрымаў... Ён жа можа сваіх «мужычкоў» на базар паслаць...

— Дык мы і самі можам гэта зрабіць,— загарэўся Гальяш.

— Нам нельга, выклічам падазронасць,— усумніўся Гарашчэня.— Эсэсаўцы нас не спускаюць з вока...

— Задума не благая,— згадзіўся Шпакоўскі.

— Можаце быць свабоднымі,— сказаў Гарашчэня.

Камандзіры разышліся.

Растармашыўшы Марыйку, Гарашчэня доўга з ёю гаварыў, як прабрацца ў горад. І Марыйка гэтым захапілася. Гарашчэня пасля паездкі ў Маскву стаў больш упэўненым, рашучым, ён цвярдзей адчуў глебу пад нагамі. А больш за ўсё Марыйцы спадабалася, што ён ніколі не гаварыў ёй аб сваіх планах, а цяпер нават абмяркоўвае. Яна яшчэ не ўцяміла, што ў гэтым плане яна, Марыйка, адыгрывае вялікую ролю.

Гарашчэня, не адкладваючы ні хвіліны, паслаў у горад чалавека, каб папярэдзіць гарадскую групу партызан быць напагатове, а таксама паслаў сувязнога да бацькі Тараса з просьбай аказаць дапамогу.

 

36

Ноччу да генерала Людвіга Клозе прывялі Васільева. Гэта ўжо была другая сустрэча. Генерал устаў, калі Сяргея Паўлавіча ўвялі, прайшоўся, прапанаваў яму сесці. Людвіг Клозе быў высокім, стройным і, нягледзячы на свае гады — яму было больш за шэсцьдзесят,— выглядаў добра, адчувалася вайсковая выпраўка. Генерал зверху ўніз паглядзеў на Сяргея Паўлавіча, падкрэсліваючы сваю перавагу, трымаўся як пераможца з пераможаным. Людвіг Клозе быў увесь сівы, на яго лысіне парос «мох», ад чаго ён быў некалькі смешным. На яго твары блага расла барада. Генерал валодаў рускай мовай.

Сяргей Паўлавіч быў сярэдняга росту, абросшы барадой. У яго былі адгадаваны прыгожыя вусы. І хоць ён быў апрануты ў звычайную салдацкую ватоўку, на нагах былі юхтавыя боты, але не быў падобны на радавога партызана. Калі ўгледзецца ў яго твар, асабліва вочы, відаць было, што гэта гарадскі чалавек. Ён паглядзеў на генерала, нібы памераўся з ім сіламі. Сяргей Паўлавіч у думках заключыў, што генерал здольны на ўсё, абы дасягнуць свае мэты. Сяргей Паўлавіч, увесь сабраны, падрыхтаваны да самага горшага, сеў. Насупраць яго вісеў партрэт Гітлера. Сяргей Паўлавіч, паглядзеўшы на яго і ўспомніўшы народную прымаўку, што Гітлер падобны на Напалеона, як кацянё на льва, усміхнуўся. Генерал зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў.

— А вам, таварыш Сяргей, барада не ідзе,— прагаварыў генерал.— Сусанін, не Сусанін, да таго ж яшчэ рыжая... Пётр Першы рэзаў бароды...

Ён хацеў пахваліцца веданнем гісторыі праціўніка, пасмяяцца са звычаяў рускіх людзей. У кожным яго слове адчувалася пагарда да ўсяго рускага, як не заслугоўваючага ўвагі.

— А што за чалавек без вусоў і барады? Скапец! — падкрэслена рэзка адказаў Сяргей Паўлавіч.

— Гм... гм...— разгубіўся Людвіг Клозе, мацнуўшы сваю гладкую, як бубен, бараду, не ведаючы, што сказаць.

Генерала выручыў Сяргей Паўлавіч, запытаўшыся:

— Можна закурыць?

Людвіг Клозе скрывіўся.

— Сігарэту. Учора вы распарадзіліся мне выдаць.

— Курыце.

Генерал, падышоўшы да стала, пералістаўшы справу, спытаўся:

— Дык як, сёння вы назавеце мне атрады, якія вамі арганізаваны, і паведаміце, дзе яны стаяць?

— Не. Гэтага не будзе ні сёння, ні заўтра.

Генерал пазваніў, увайшлі Цыбулька і Пясецкі; яны, сагнуўшыся, стаялі ў дзвярах. Людвіг Клозе, звярнуўшыся да Цыбулькі, запытаўся:

— Дзе вы сустракаліся з гэтым чалавекам?

— У атрадзе дзядзькі Максіма, а потым у брыгадзе Гарашчэні.

— А вы? — звярнуўся генерал да Пясецкага.— І што вы наогул пра яго можаце сказаць?

— Сяргей Паўлавіч Васільеў да вайны працаваў дырэктарам МТС, пакінуты ЦК для арганізацыі падполля,— спяшаючыся, дакладваў Пясецкі.— Ён арганізаваў атрад Гарашчэні, які разгарнуўся ў брыгаду, атрад дзядзькі Максіма, бацькі Тараса, якія цяпер разгортваюцца ў брыгады... Ён...

— Годзе! — спыніў Пясецкага Людвіг Клозе, ён цераз плячо загадаў Цыбульку і Пясецкаму: — Можаце ісці!

— Ну, а цяпер што скажаце? Чаго вы ездзілі ў Маскву? Якія планы Штаба партызан?

— Нічога я вам не скажу. Не варта дарэмна мазоліць язык. І ў сігарэтах вашых я не маю патрэбы,— кінуў пачак на стол Сяргей Паўлавіч.— Свае маю!

— Цікава! — зазлаваў генерал.— Мы ператаўком вас, як кацянят!

— Чым хваліцеся, вар’яты! Усё роўна вам плана «ОСТ» не здзейсніць!

Людвіг Клозе вялізнымі вачыма паглядзеў на Сяргея Паўлавіча.

— Народ узняўся на барацьбу,— працягваў Сяргей Паўлавіч,— яго ніякая сіла не адолее. Вы хацелі ведаць, колькі партызан у Беларусі? Каля чатырохсот тысяч, а ў рэзерве ўвесь народ.— Ён перадыхнуў.— А вось фашысты будуць сцерты з твару зямлі... Праклянеце той дзень, калі пайшлі на Савецкі Саюз...

— Ну што ж, будзеце шкадаваць, на сёння размова скончана,— Людвіг Клозе пазваніў; увайшлі два здаравенных каты, адзін мажны, другі каранасты.— Пагаварыце з ім па душах, пакуль не папросіцца.

— Гэта мы можам!

— У нас і мёртвы загаворыць!

Вышэйшага росту кат, падышоўшы да Сяргея Паўлавіча, на вачах у генерала, стукнуў арыштаванага пад бок. Сяргей Паўлавіч пахіснуўся. З другога боку ўдарыў ніжэйшага росту кат, і так яны, нібы гуляючы ў мяч, білі яго, ведучы да дзвярэй. А пасля што было, не паддаецца чалавечаму ўяўленню. Сяргея Паўлавіча білі па галаве, выкручвалі рукі, выкалалі перш адно вока, а потым другое.

— Прасіся! — наперабой крычалі каты.

Але Сяргей Паўлавіч нічога не гаварыў, ён толькі стагнаў. Васільеў некалькі разоў губляў прытомнасць. Ніжэйшы кат да таго абяссілеў, што ледзь трымаўся на нагах.

— Прасіся! — умаляў ён.

З рота ў Сяргея Паўлавіча хлынула кроў, ён, пазяхнуўшы некалькі разоў, пачаў канаць.

— Вось дык чалавечышча! — усклікнуў вышэйшы кат.— Каб другога гэтак, папрасіўся б...

— Ага,— згадзіўся ніжэйшы кат.— І колькі таго чалавека... камар... а які моцны...

— Ідзі далажы, што не просіцца,— прапанаваў вышэйшы кат.

— Ідзі ж ты далажы...

Людвіг Клозе сам сюды прыйшоў і, капнуўшы нагою, загадаў:

— Адліць вадою і зноў біць... біць... біць... пакуль не папросіцца...

— Гатоў! — паведаміў вышэйшы кат.— А толькі не папрасіўся...

— Што-о? — вызверыўся генерал.— Што вы зрабілі? Я ж загадаў... пакуль не папросіцца...

— Дык жа не прасіўся,— высалапіўшы язык, ледзь вымавіў ніжэйшы кат.

— Мусіць, камуніст? — гаварыў вышэйшы кат.— А вы самі казалі, што гэта людзі асобага складу...

— Павесіць труп! — крыкнуў Людвіг Клозе.— Два тыдні не знімаць... на страх іншым...

Вярнуўшыся ў свой кабінет, генерал цяжка апусціўся ў крэсла, паглядзеў на партрэт Гітлера і ўголас падумаў:

— Наша карта біта. У часе летняга наступлення мы павінны былі абысці Маскву і скончыць у гэтым годзе вайну,— ён кінуў позірк на карту.— Мы мелі намер у гэтым годзе, 10 ліпеня, быць у Барысаглебску, у Сталінградзе — 25 ліпеня, у Саратаве — 10 жніўня, у Куйбышаве — 15 жніўня, у Арзамасе — 10 верасня, у Баку — 25 верасня. Усё гэта правалілася. І ў гэтым вялікую ролю адыгралі партызаны. Беларускіх партызан не каля чатырохсот тысяч, а каля шасцісот, калі ўлічыць тых, якія навучаюцца, і сувязных. А ў рэзерве, сапраўды, увесь народ. Не, з Савецкім Саюзам нельга ваяваць.

Да генерала зайшоў афіцэр, ён прынёс шыфравальную тэлеграму ад Вільгельма Кубэ, у якой паведамлялася, што за тое, што злоўлен падпольшчык Сяргей, узнята хадайніцтва перад фюрэрам аб узнагародзе Людвіга Клозе і прысваенні яму новага звання. Хоць генералу і прыемна гэта было, але ён падумаў: «Ці не рана святкаваць перамогу, яшчэ невядома, ці ўдасца яму паралізаваць дзейнасць партызан».

 

37

Гарашчэня з Марыйкай ехалі ў Беразнянкі, а за імі на некалькіх падводах «сваты», схаваўшы аўтаматы і кулямёты ў вазы. Зайграў гарманіст. Партызаны заспявалі. Ірванулі коні, забразгацелі колы, ляцела гразь ва ўсе бакі. Чым бліжэй партызаны пад’язджалі да горада, тым больш былі стрыманыя. Аперацыя была вельмі складанай.

На ўзмыленай тройцы гладкіх коней Гарашчэня ўязджаў у горад, уся дуга была расквечана, у грывах коней былі рознакаляровыя стужкі.

— Вяселле,— сказаў па-нямецку Гарашчэня, ён сунуў вартавому добрую дзялянку сала і паўкварты гарэлкі. Вартавы махнуў рукою, каб ехалі.

Праходзячыя як на дзіва глядзелі, яны даўно не бачылі такога багатага вяселля. Заліваўся гармонік. Гарманіст іграў сербіянку. Калі пад’ехалі да гарадскога сквера, дык убачылі Сяргея Паўлавіча, які вісеў на шыбеніцы. Сціх іграць гармонік. Гарашчэня хацеў саскочыць з брычкі, але Марыйка яго стрымала за руку. Гарашчэня ад злосці аж затросся.

Пад’язджаючы да базара, Гарашчэня ўбачыў бацьку Тараса.

— Шмат тваіх тут «мужычкоў»? — пацікавіўся Гарашчэня.

— Набралася,— ухмыльнуўся бацька Тарас.— Як вокам акінуць.

У гэты час праходзіў немец.

— З’явіўся парадак, з’явіліся і людзі на базары,— гаварыў бацька Тарас так, каб пачуў немец.— Сёння ўсяго хапае на базары: і курэй, і яек, і смятаны, і мёду...

Немец, пачуўшы, адвярнуўся:

— Гут, рус, гут.

— Што ж ты на «вяселле» не запрашаеш? — ухмыляўся Тарас.— Калі прыйсці?

— Як зазвоняць званы.

Гарашчэня з бацькам Тарасам пераглянуліся. «Вяселле» паехала. Правёўшы «маладых», бацька Тарас пайшоў на базар.

Праязджаючы, Гарашчэня ўбачыў чалавека ў кепцы і спытаў:

— Ці ўстанавілі «звон»?

— Парадак,— адказаў чалавек у кепцы.

Як і было ўмоўлена, калі «маладыя» пад’ехалі да царквы, зазванілі званы. Немцы з штаба генерала Людвіга Клозе павыходзілі і, паразяўляўшы раты, глядзелі на «вяселле». Раптам з вежы ўдарыў кулямёт, затрашчалі аўтаматы, паляцелі гранаты. З штаба выскачыў напалоханы Людвіг Клозе і быў звален меткай куляй партызана. Неўзабаве пачуўся выбух, быў узарваны кінатэатр, у якім дэманстравалася карціна для нямецкіх салдат. «Мужычкі» ўдарылі па кашарах. У горадзе пачалася паніка. З усіх бакоў стралялі. А партызаны Гальяша, Шпакоўскага і Пацярухі грамілі эсэсаўцаў на подступах да горада.

Гарашчэня не хацеў доўга затрымлівацца ў горадзе. Ён загадаў зняць труп Сяргея Паўлавіча з шыбеніцы, а сам паехаў галопам па вуліцы, б’ючы асобных эсэсаўцаў, якія траплялі на дарозе. Уражанне было такое, нібы на горад наляцеў ураган, які ачысціў паветра. Неўзабаве партызаны Гарашчэні, бацькі Тараса і чалавека ў кепцы, Дзяніса, пакінулі горад.

Нечаканасць і смеласць удару далі свае станоўчыя вынікі. Шмат было забіта немцаў, салдат і афіцэраў, а сярод іх і генерал Людвіг Клозе. Быў забіты таксама і Цыбулька, які выдаў Сяргея Паўлавіча. А бургамістр Пясецкі і на гэты раз выслізнуў.

Ад’ехаўшы ад горада кіламетраў з пятнаццаць, на скрыжаванні чатырох дарог, пад старою плакучаю бярэзінай, пахавалі без усялякіх прамоў Сяргея Паўлавіча Васільева, даўшы салют з вінтовак і аўтаматаў.

 

38

Сабраўшы разбітыя часці і прыняўшы на сябе камандаванне групай, палкоўнік фон Грабер, які да гэтага быў начальнікам штаба, каб выслужыцца перад вышэйшым начальствам, каторы дзень, без усялякіх вынікаў, ганяў па лесе салдат, прачэсваючы векавыя бары. На правым беразе ціхай Беразнянкі рэдка дзе аставаліся вёскі, усюды палыхалі пажары. Жывымі спальвалі мірных людзей, а ў штаб корпуса пасылалі весткі аб знішчэнні партызан. Палкоўнік фон Грабер, нізенькі і тоўсценькі, з круглай голенай галавою і ружовымі шчокамі, у некалькіх вёсках фатаграфаваўся на фоне пажараў. Яму гэта вельмі падабалася.

Разведка эсэсаўцаў, перабраўшыся на левы бераг паўнаводнай рэчкі, дзе, па сцверджанню Пясецкага, павінны быць гарашчэнеўцы, пачула, як хруснула суччо.

— Партызаны! — крыкнуў напалоханы разведчык і кінуўся дакладаць па начальству.

— Агонь! — скамандаваў старэйшы разведчык, а тым часам паслаў данясенне, што сутыкнуўся з гарашчэнеўцамі.

Палкоўнік фон Грабер у сваю чаргу паслаў матацыкліста з данясеннем камандуючаму экспедыцыйным корпусам. Правабярэжжа Беразнянкі ачышчана ад партызан. Пераправіліся на левы бераг Беразнянкі. Вядзем бой з вялікімі сіламі партызан брыгады Гарашчэні. Тэрмінова патрабуецца падмацаванне і боепрыпасы.

Начштаба капітан Гросшулер перадаў распараджэнне разведцы:

— Загадваю трымацца. Раніцою высылаем самалёты. Пасля апрацоўкі з паветра атакаваць і знішчыць праціўніка.

Загад дайшоў да разведчыкаў.

— Ёсць — трымацца,— казырнуў старшы разведчык.

— Але ж нешта я не чую адказу з боку партызан,— заўважыў сувязны штаба.

— Прыціснуты да зямлі,— мыкаюць, як каровы. Яны могуць, як гусі, гагатаць, спяваць, як салаўі,— паглядзеўшы пагардліва на бязвусага хлапчука, сказаў разведчык. Ён дадаў: — З рускімі трымай вуха востра, гэта, можа, не французы, дзе маршам прайшліся. Рускія разумныя і хітрыя. Адзін гагатаў гусем, а потым напаў на салдата, збіў з ног, узваліў на плечы і павалок. А толькі нас не падманеш!

Раніцою на лес наляцелі самалёты. Яны спрэс спляжылі бор. Шмат было навалена дрэваў.

Потым разведчыкі — да іх на падмогу падаспела рота — з крыкам «гох» кінуліся ў лес і... здзівіліся. На суччы, дрыгаючы нагамі, даходзіла карова. Гэта па ёй разведчыкі білі. Як кажуць: у страха вочы вялікія.

Рабіць не было чаго, прыйшлося далей хлусіць. Камандзір роты даносіў: партызаны Гарашчэні ў Слабадскім лесе не вытрымалі ўдару і ў паніцы адступілі.

А ў штаб экспедыцыйнага корпуса пайшло данясенне: у ноч з 29 на 30 лістапада 1942 года разбіты асноўныя сілы брыгады Гарашчэні.

— Разбіты асноўныя сілы? — здзівіўся начштаба капітан Гросшулер.

— Вы нешта хацелі дадаць? — усміхнуўся палкоўнік фон Грабер.

— Прадаўжаем знішчаць разрозненыя групы,— дадаў капітан.

Фон Грабер і Гросшулер, сустрэўшыся вачыма, засмяяліся. Яны без слоў зразумелі адзін аднаго. Усе лгуць, а чаму ім нельга. І палкоўнік і капітан марылі аб чынах і ордэнах.

Толькі пасля таго, калі эсэсаўцы пераправіліся на левабярэжжа з штабам, капітан Гросшулер зусім цвяроза ацаніў абстаноўку. Ён уголас падумаў:

— А партызаны могуць тут даць нам жыцця. Разумееце, мы знаходзімся паміж дзвюх рэчак: Беразнянкі і Падгайнаўкі; прыціснуць да рэчкі і выкупаюць...

— Як жа гэта можна, яны ж разбітыя,— задумаўся фон Грабер.— Хіба падаспелі гушчынцы... Не, аб адступленні не можа быць і рэчы!

Карнікі меркавалі ўдарыць па штабе Гарашчэні, падзяліць сілы партызан і па частках іх знішчыць.

 

39

Міроніха яшчэ ўвечары, шукаючы карову, якая адбілася ад партызанскага статка, здалёку пачула стральбу. Прыйшоўшы ў лагер, яна расказала пра гэта Гарашчэню, выказаўшы меркаванне, што, мусіць, карнікі перабраліся на левы бераг Беразнянкі і прачэсваюць лясы. Гарашчэня ўстрывожыўся. Эсэсаўцы падбіраліся да цэнтра партызан.

— А што, каб выйсці ім насустрач? — уголас падумаў Гарашчэня.

— І мне здаецца, што было б добра,— выказала сваю думку Міроніха.

— Дзе яны маглі быць?

— Няйначай у Слабадскім лесе. Стрэлы былі глухія.

— То далей яны ноччу не пойдуць,— разважаў Гарашчэня.— Наша задача да раніцы там быць і з ходу даць бой. Цяпер дваццаць тры гадзіны. Калі мы ў чатыры гадзіны выступім, дык на світанні будзем там.

У чатыры гадзіны ночы па камандзе «Трывога!» партызаны былі падняты. Яны рушылі ў паход. Ішлі моўчкі, паскораным маршам. Курыць было забаронена, каб не выдаць сябе. Пасланая Гарашчэнем кавалерыйская разведка данесла, што ў раёне Слабадскога леса вядзецца бой. Камбрыг ніяк не мог дадумацца, з кім там немцы маглі біцца. Гарашчэня чакаў паведамлення. Нарэшце прыскакаў другі кавалерыст, ён паведаміў, што стральба вядзецца з аднаго боку, і выказаў меркаванне. «Відаць, нейкі невялікі партызанскі атрад, адарваўшыся ад немцаў, адступіў, а яны працягваюць стральбу».

— Магчыма, і так,— сумняваўся Гарашчэня.— Але нам трэба дакладна ведаць. Высветліць, у чым справа!

— Ёсць,— казырнуў разведчык і прышпорыў каня.

Неўзабаве прыскакаў трэці ганец, які паведаміў, што ў раёне Слабадскога лесу не было ніякіх партызан. Насельніцтва гаворыць, што немцы як толькі ўвайшлі ў лес і адкрылі стральбу, так і не спыняліся страляць, а ў чым прычына — ніхто не ведае. Дапускаюць, што яны прачэсваюць лес. Сілы праціўніка — да палка пяхоты. Камандуе карнікамі палкоўнік фон Грабер, які быў у генерала Людвіга Клозе начальнікам штаба. Калі разведчык ужо быў на шашы, у раёне Слабадскога лесу пачуліся выбухі.

Нарэшце на ўзмыленым кані, з рота якога камякамі падала пена, падскакаў начальнік разведкі, ён далажыў камбрыгу, што на правым беразе рэчкі Беразнянкі спалены вёскі: Прысады, Каласы, Дубрава, Махавец і Стары Бор. Амаль усё насельніцтва вёсак знішчана, толькі адзінкі ўцалелі. Немцы ўсю ноч у Слабадскім лесе вялі непакоячы агонь, цяпер жа апрацоўваюць з самалётаў.

— А самае галоўнае,— дакладваў начальнік разведкі,— намі захоплены веставы з данясеннем у штаб корпуса, дзе гаворыцца, што: «У ноч з 29 на 30 лістапада 1942 года разбіты асноўныя сілы брыгады Гарашчэні. Прадаўжаем знішчаць разрозненыя групы».

— Ха-ха-ха! — голасна зарагатаў камбрыг.— Пакажы!

— Калі ласка.

Камбрыг з начальнікам штаба прачыталі данясенне фон Грабера і Гросшулера.

— Ну і манюкі! — смяяўся Гарашчэня.— Што ж, прыйдзецца ім давесці, што мы яшчэ жывем і доўга будзем жыць.

Раніцою партызаны пайшлі ў наступленне. Яны адкрылі ўраганны агонь. Завязаўся гарачы кровапралітны бой, які цягнуўся больш за дзве гадзіны. Не вытрымалі эсэсаўцы, кінуліся ўцякаць. Прыціснутыя да рэчкі, немцы пускаліся ўплаў. Ім удагонку пасылалі кулі. Карнікі ішлі на дно. Партызаны Шпакоўскага захапілі ў палон палкоўніка фон Грабера. Па дарозе ў штаб брыгады палкоўнік фон Грабер спрабаваў уцячы. Яго прыстрэлілі. У палкоўніка знайшлі няскончаны чарнавы накід данясення ў штаб экспедыцыйнага корпуса: «На левым беразе рэчкі, Беразнянкі, у Слабадскім лесе, вядзем няроўны бой з рэшткамі разбітай брыгады Гарашчэні і падаспеўшым злучэннем Гушчына... Тэрмінова шліце падмацаванне...» Шпакоўскі нічога не сказаў партызанам, але, калі атрымаў ад камбрыга наганяй, пачаў сварыцца.

— У каторы раз вы мяне падводзіце? — пытаўся Шпакоўскі ў партызана.— Гэта ж быў сам фон Грабер...

— Камбрыг добра намыліў мне шыю,— прызнаўся Шпакоўскі.— Глядзіце, каб гэтага больш не было!..

— Пастараюся,— прасіўся партызан.

— Добра, ідзіце!

Так «разбітыя» гарашчэнеўцы дубасілі немцаў. Адзін эсэсавец, уцякаючы, крычаў: «Партызан раззлаваўся! Капут!» Немец зароў, калі яго зваліла меткая партызанская куля. Ён курчыўся, сутаргава абдымаючы зямлю.

Падагульняючы на нарадзе камандзіраў атрадаў праведзеную аперацыю ў Слабадскім лесе, камбрыг даў ацэнку: «Добра» — а гэта вельмі рэдка бывала.

— Бой быў параўнаўча кароткім, імклівым, знішчальным,— заключаў камбрыг Гарашчэня.— Але ў атрадзе Шпакоўскага яшчэ ёсць анархіствуючыя элементы, з гэтым трэба раз і назаўсёды скончыць.

— Ёсць,— падцягнуўся Шпакоўскі.— А толькі палкоўнік фон Грабер сапраўды быў забіты пры спробе ўцячы. Гэта мною ўстаноўлена. Не выпускаць жа яго...

— Яшчэ чаго не хапала! — усклікнуў камбрыг.— Але ж можна было толькі падстрэліць...

Гарашчэнеўцы з перамогай вярталіся на базу.

 

40

У разгары была другая ваенная зіма. У брыгадзе Гарашчэні ішоў мітынг, калі туды з’явіўся прадстаўнік ЦК Васіль Мікалаевіч Азаркевіч. Мітынг, скліканы з прычыны паспяховага завяршэння ліквідацыі акружаных пад Сталінградам варожых войск. Камбрыг Гарашчэня толькі што зачытаў загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага па войсках Данскога фронту ад 2 лютага 1943 года.

— Ура-а! — пракацілася па лесе, скаланулася галлё на дрэвах ад шапак, якія ўзляцелі ўгару, пасыпаўся за каўняры партызанам снег.

Лікавалі людзі, прыйшло свята і на іх вуліцу. На мітынгу былі не толькі партызаны, але і сяляне, жанчыны з дзецьмі, якія знаходзіліся пад аховай партызан. Заўважыўшы таварыша Васіля, людзі падхапілі яго на рукі, яны ведалі, што ён цяпер замяняе таварыша Сяргея, які загінуў смерцю храбрых. Партызаны прасілі таварыша Васіля сказаць некалькі слоў.

— Дарагія таварышы! — усхвалявана пачаў Васіль Мікалаевіч.— Сёння яшчэ мы добра не ўяўляем, якое вялікае значэнне мае перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, у гэтай найвялікшай у гісторыі войн бітве. Недарма немцы абвясцілі на тры дні жалобу. Слава Сталінграда не памеркне ў вяках.

Доблесная Чырвоная Армія атрымала перамогу над нямецка-фашысцкімі войскамі пад Сталінградам, на Доне, на Паўночным Каўказе, у раёне Вялікіх Лук, на ўсход ад Ладажскага возера. Пачалося выгнанне нямецкіх акупантаў з межаў нашай Радзімы. Пройдзе час, і наша краіна будзе вызвалена ад гітлераўскіх захопнікаў.

Паклянемся, таварышы, падвоіць, патроіць нашы намаганні, каб памагчы Чырвонай Арміі хутчэй вызваліць наш народ з няволі.

Камуністычнай партыі — слава!

— Слава, слава, слава! — падхапілі партызаны.

Яшчэ доўга ў той марозны вечар не разыходзіліся партызаны, абмяркоўваючы падзеі на франтах. Перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам магутным рэхам пракацілася па лясах Беларусі, па ўсёй краіне, па ўсім свеце, узнімаючы народы на барацьбу з чорнымі сіламі фашызму.

Васіль Мікалаевіч і Гарашчэня зайшлі ў зямлянку, Марыйка частавала іх чаем з чорнымі сухарамі. У Гарашчэні не было чаго курыць, Васіль Мікалаевіч даў яму васьмушку махоркі. Гарашчэня, зрабіўшы цыгарку, смачна зацягнуўся. Яны гаварылі аб узмацненні партызанскай барацьбы.

— Настаў такі час, калі вы, Рыгор Сцяпанавіч, павінны стаць поўным гаспадаром у сваім раёне,— сказаў Васіль Мікалаевіч.— Трэба паралізаваць работу чыгункі, для гэтага ў вас ёсць поўная магчымасць. Неабходна толькі гэтую магчымасць ператварыць у сапраўднасць.

Пераначаваўшы ў гарашчэнеўцаў, раніцою Васіль Мікалаевіч рушыў у дарогу.

 

41

— Вось гэта і будзе «Малая зямля»,— ідучы поруч з Васілём Мікалаевічам, гаварыў бацька Тарас.— З таго часу як Сяргей Паўлавіч арганізаваў у нас партызанскі атрад, тут ні адна варожая нага не ступала. Жывем па савецкіх законах.

І сапраўды, толькі яны перайшлі рэчку, як зусім змяніўся пейзаж. Замест вузкіх палосак тут былі шырокія калгасныя палі. Сцяною стаялі жыты, вышэй чалавечага росту, хвалямі пераліваючыся на сонцы. Цвіла грэчка, далёка разносячы свае пахі, дзынкалі пчолы, пералятаючы з кветкі на кветку. Насустрач Васілю Мікалаевічу з Тарасам трушком на мышастым коніку ехаў чалавек. Параўняўшыся, чалавек прытрымаў каняку, пакланіўся.

— Куды, Міхале, сабраўся? — спытаў бацька Тарас.

— Да кума трэба было б з’ездзіць, інтэрас маю.

— Гавары, гэта свой чалавек,— паглядзеў на Васіля Мікалаевіча бацька Тарас. Уражанне было такое, што размаўляе старшыня калгаса з бухгалтарам.— Гэта таварыш Васіль.

— У разведку,— паведаміў Чыж, разглядаючы Васіля Мікалаевіча.

— Што-о? — здзівіўся Васіль Мікалаевіч.

— Гэта наш начальнік разведкі,— тлумачыў бацька Тарас.

— Зусім не падобны на камандзіра.

— Вось гэта і добра!

— Брыгадзіру памагаў працадні падлічваць,— няёмка адчуваў сябе Чыж, ён зняў з-за вуха карандаш і схаваў у кішэню,— але ў Ніве з’явілася нейкая навалач, камандзір роты паведаміў мне. Можна ехаць?

Чыж тузануў мышастага, той паволі скрануў з месца, заскрыпелі нямазаныя колы. Хутка затарахцелі калёсы, падымаючы пыл, які адносіла ўбок. Васіль Мікалаевіч з бацькам Тарасам ішлі па прасёлкавай пясчанай дарозе ў напрамку да хвойніку.

— Дык як, па-ранейшаму стаім на рубяжах сваёй тэрыторыі? — іранізаваў Васіль Мікалаевіч.

— Выправілі памылку, таварыш Васіль Мікалаевіч,— збянтэжыўся бацька Тарас.— Сяргей Паўлавіч нас было пахваліў, дык у нас і закружылася галава.

Вялікая справа крытыка! Пакрытыкавалі нас, дык мы зноў сталі на грунт. Хочам навярстаць страчанае. Памог Гарашчэню ў Беразнянцы граміць карнікаў. На «жалезку» штоноч ходзім. Вось толькі ніхто не заўважае... Па-ранейшаму кепікі строяць...

— Хто?

— Суседзі. Гарашчэнеўцы. І цяпер нас завуць «мужычкамі»... А гэтыя «мужычкі» на сваім рахунку маюць...

— Ведаем,— усміхнуўся Васіль Мікалаевіч.— Магу вас парадаваць, вы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

— Праўда? — узрадаваўся бацька Тарас.

— Так.

— Дык я цяпер свет перавярну...

— Гэтага не трэба рабіць, няхай сабе стаіць, але...

— Але мы ўдзесяцярым нашу барацьбу,— запэўніў бацька Тарас.— Паглядзіце, чаго варты «мужычкі»!..— і тут жа спытаўся: — А як, хлопцы, маюць што?

— Хто што заслужыў, тое і мае.

Яны некаторы час ішлі моўчкі. Наляцеў вецер, абдало іх пылам. Бацька Тарас быў каранасты, ішоў, перавальваючыся з нагі на нагу, увесь абросшы барадою. Твар бацькі Тараса быў бронзавы, барада на сонцы парыжэла, вусы крыху падпалены. Васіль Мікалаевіч рослы, чысты, паголены, у плячах «сажань». На ім ні адна рубашка не вытрымлівала.

— Дзе мелі рубашку парваць? — парушыў цішыню бацька Тарас.

— Ніткі гнілыя, распаўзлася.

— Не, па жывым месцы.

— То, мусіць, крамніна доўга ляжала, не мае мацунку.

— Ці не плечы толькі вінаватыя?!

— Можа, і яны.

— Дык мо зойдзем на склад, пераадзенецеся?

— Адкуль у вас адзежа?

— А мы ў апошні час знаходзімся на забеспячэнні Адольфа.

— Каго, каго?

— Адольфа Гітлера.

— А-а-а.

— Помніце, мы неяк вам паскардзіліся, што абнасіліся, дык вы сказалі — пераходзьце на забеспячэнне немцаў. Цяпер усяго ў нас хапае,— бацька Тарас хітра паглядзеў на Васіля Мікалаевіча і спытаўся: — А можна нам Савецкую ўладу пашырыць?

— Як гэта?

— Ну, перайсці рэчку, якая да гэтага часу была рубяжом.

— Даўно пара. Не толькі можна, а неабходна. Раю вам гэта зрабіць.

— Будзе зроблена! — радасна ўсклікнуў бацька Тарас.— Цяпер мы пакажам гарашчэнеўцам, чаго мы варты.

— Спаборнічаць, калі ласка, а толькі не падстаўляць адны адным ножку.

— Не-е.

На скрыжаванні дарог яны сустрэліся з «касцамі» і «грабцамі», тыя весела балагурылі, але, як угледзелі бацьку Тараса з незнаёмым чалавекам, сцішыліся.

— Дазвольце далажыць,— рапартаваў, падбегшы да бацькі Тараса, старэйшы «касец».— У Мохаўцы немцы, у колькасці трыццаці чалавек, прыехалі нарыхтоўку праводзіць. Наша задача — іх знішчыць.

— Чым жа вы будзеце іх біць? — пытаўся Васіль Мікалаевіч.— Рызыкоўна з голымі рукамі.

— Гэта ўсё аўтаматчыкі,— паведаміў бацька Тарас.— А толькі зброя пахавана. Бачыце, якія ў іх гарбы, як у вярблюдаў. Ну што ж, «мужычкі», працы гонар! Аб выкананні далажыць.

— Ёсць, далажыць,— нязграбна казырнуў старэйшы «мужычок» і, павярнуўшыся, скамандаваў: — За мною, марш!

«Касцы» моўчкі прайшлі каля бацькі Тараса з Васілём Мікалаевічам, высока трымаючы галовы, чаканячы крокамі. Правёўшы іх вачыма, задаволены бацька Тарас, у яго на вачах можна было прачытаць: «Бачылі, якія арлы!», далей рушыў з Васілём Мікалаевічам. Пякло сонца. Праз некаторы час яны апынуліся на сенажаці. Пахла мурагом. Жанчыны грэблі сена, мужчыны падносілі копы да стагоў. Спорылася праца. І бацька Тарас з Васілём Мікалаевічам, парасшпільваўшы кашулі, насілі сена. Прывыкшыя да працы людзі з ахвотаю зграбалі сена. Васіль Мікалаевіч так захапіўся падношваннем коп, што і не заўважыў, як сонца схавалася за лесам. Раптам пачуўся сігнал трывогі. Аддзяліліся дзеці і старыя. Замест грабляў у руках у людзей аказалася зброя: аўтаматы ўсіх марак, мінамёты, вінтоўкі, кулямёты і нават палявая пушка.

— Што такое? — занепакоіўся Васіль Мікалаевіч.

— Зараз даведаюся,— адказаў бацька Тарас.

Да бацькі Тараса падбег старшыня аднаго з калгасаў «Малой зямлі», які далажыў:

— Таварыш камандзір! Разведка данесла, што немцы рыхтуюцца акружыць «Малую зямлю». Ідуць вялікія сілы. У Беразнянку прыйшла нейкая новая часць, гарашчэнеўцы з ёю вядуць бой. У Мохаўцы не нарыхтоўшчыкі, як меркавалі, а разведка 703 эсэсаўскага палка. «Грабцы» с «касцамі» яе амаль усю знішчылі.

— Як? — зазлаваў бацька Тарас.— І «языка» не ўзялі? Колькі разоў я гаварыў!

— «Языка» вядуць.

— Добра.

— У Ніве танкеткі.

— Да Гарашчэні паслалі сувязнога?

— Так.

— А ад іх ёсць?

— З хвіліны на хвіліну чакаем,— паведаміў старшыня і спытаўся: — Што загадаеце рабіць?

— Будзе работа,— хітрыў бацька Тарас.

У вачах у бацькі Тараса гарэлі агеньчыкі, выспяваў нейкі план. Ён стаяў, поўны рашучасці. Мірны, стары чалавек, беспартыйны, хоць ён сябе лічыў бальшавіком, стаў ваяводам. Васіль Мікалаевіч на яго збоку паглядаў, любуючыся ім. Дастаўшы з планшэткі карту, нахіліўшыся над ёю з Васілём Мікалаевічам, бацька Тарас пачаў разглядаць, зазначыўшы:

— Гм... Хочуць акружыць! Вырашылі з «Малою зямлёю» скончыць? Зубы паломяць! А мы тут рассячэм. І будзем біць... па частках. Так веніка не зломіш, а па вецвейку... Баі пад Масквою і Сталінградам паказалі, што не такія страшныя фашысты, як іх малююць! Сваю зямлю адстаім! Паклікаць да мяне камандзіраў!

Пачулася стральба, гэта ніўскія партызаны з брыгады бацькі Тараса пачалі бой з карнікамі. Стральба нарастала, пачуліся стрэлы гармат, бой разгараўся жорсткі, ішла барацьба за родныя гоні, за сям’ю, за радзіму.

 

42

— Ну, здаецца, гэты месяц папрацавалі няблага,— разважаў Васіль Мікалаевіч, седзячы на пні, пад стромкай сасной, дыхаючы пахамі смалы, якая жоўтымі пацеркамі сцякала з дрэва.— Фашысты будуць ведаць, што такое «Рэйкавая вайна»... Мяркую, што сёе-тое і мы зрабілі, каб памагчы Чырвонай Арміі выйграць бітву на Арлоўска-Курскай дузе... Аднак, што мы даложым начальніку Штаба партызан? Ён патрабуе весткі аб нашай дзейнасці за жнівень месяц. Прыйдзецца членам абкома самім ісці па брыгадах...

Пачуўся конскі тупат, падскакаў на белакапытым жарабку камбрыг Гарашчэня. Ён лёгка саскочыў, аддаў повад ардынарцу, а сам падышоў да Васіля Мікалаевіча, які сядзеў разам з членамі абкома.

— Весткі за жнівень месяц прывезлі? — замест адказу на прывітанне спытаўся Васіль Мікалаевіч.

— Яшчэ штаб не падагуліў,— збянтэжыўся Гарашчэня.

— Заўсёды вы позніцеся, а мне за вас чырваней.

— Да мяне трапіў адзін дакумент, у якім хоць не поўна, але гаворыцца аб дзейнасці партызан,— паведаміў Гарашчэня.

Ён перадаў перахопленую справаздачу камандзіра корпуса ўскраінных войск цэнтральнай армейскай групы праціўніка, адрасаваную ў Стаўку Галоўнакамандавання і датаваную 31 жніўня 1943 года за № 172141, у якой паведамлялася:

«Партызанамі... праведзена аперацыя небывалых памераў па зрыву нямецкага падвозу шляхам планамернага і нечаканага парушэння чыгуначных зносін. 6.784 узрывы за першыя дзве ночы жніўня на ўчастку корпуса. Лік удаўшыхся ўзрываў рэек у сярэдзіне жніўня павялічыўся да 15 тысяч, а да канца месяца дасягнуў 20.101».

У загадзе гэтага ж камандзіра корпуса, участак якога складаў не больш адной чацвёртай часткі Беларусі, адзначалася:

«За жнівень 1943 года на тэрыторыі, занятай корпусам, адбылося 663 агнявых баі, нападаў на населеныя пункты 898, нападаў на войскі 513. Усяго 1.411 нападаў. Знішчана 23 бургамістры... зроблена 194 узрывы на шасейных дарогах, узарвана 125 мастоў, пашкоджана 105 ліній сувязі».

Адарваўшыся ад чытання, Васіль Мікалаевіч з усмешкай прагаварыў:

— А мы, здаецца, яшчэ не павіталіся?

І яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

— Не падумайце толькі, што гэта аднаго вас работа,— прыжмурыў вока Васіль Мікалаевіч.

— Ніколі, але львіная доля мая,— зазначыў Гарашчэня.

— Так,— згадзіўся Васіль Мікалаевіч, хоць ён не зусім зразумеў намёк камбрыга.— Вашы хлопцы папрацавалі на славу. Ну што ж, як кажуць: вялікаму караблю вялікае і плаванне. А адносна справаздачы вы ўсё ж патурбуйцеся, каб своечасова была дастаўлена.— Васіль Мікалаевіч паглядзеў убок.— Унь бацька Тарас сваю справаздачу вязе.

На стаенніку, светла-шэрым у яблыкі скакуне, у размаляванай брычцы, на якой да вайны, будучы старшынёю калгаса, Тарас ездзіў у раён,— цяпер бацька Тарас прыехаў у падпольны абком партыі. Угледзеўшы Гарашчэню, бацька Тарас скрывіўся. Ён меркаваў, што першым прывёз справаздачу, а выходзіць, што сусед зноў абагнаў. Бацька Тарас за кантар прывязаў стаенніка, расцугляў, падкінуў канюшыны і пайшоў. Разагрэты стаеннік ніяк не мог супакоіцца, ён іржаў, біў капытамі зямлю. Бацька Тарас падышоў да Васіля Мікалаевіча, прывітаўся:

— Добры дзень!

— Дзень добры! — адказаў Васіль Мікалаевіч. Заўважыўшы, што бацька Тарас з усімі членамі абкома павітаўся, а Гарашчэні нібы не заўважыў, Васіль Мікалаевіч звярнуўся да старога: — А вы хіба, бацька Тарас, з Рыгорам Сцяпанавічам незнаёмы?!

— Можна спаборнічаць, але навошта падстаўляць ножку,— злосна прамармытаў бацька Тарас.— Ён жа пэўна ехаў каля мае гаспадаркі і яе абмінуў, а ўсё таму, каб быць першым. А хто «Малую зямлю» мінае, з тым я знацца не хачу... Маёй хаты ніхто ніколі не цураўся... Вялася скварка і чарка... Для добрых, вядома, людзей...

У тоне бацькі Тараса адчувалася крыўда, Васіль Мікалаевіч з Гарашчэнем пераглянуліся. Бацька Тарас, хвалюючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі паперы і перадаў іх Васілю Мікалаевічу, зусім не заўважыўшы, што там была асабістая запіска. Разгарнуўшы памятую запіску, якая зусім сцерлася, Васіль Мікалаевіч ледзь яе расчытаў: «Калі мяне заб’юць у баі, прашу лічыць камуністам. Бацька Тарас». Васіль Мікалаевіч перадаў яе Гарашчэню. Яны мнагазначна паглядзелі адзін на аднаго. Васіль Мікалаевіч усміхнуўся:

— Вось бачыце, Рыгор Сцяпанавіч, вы яшчэ нават не сабралі вестак, а бацька Тарас іх даставіў... Бярыце з яго прыклад!..

— Не сабраў,— ажывіўся бацька Тарас.— Хоць раз я яго абскакаў!

— Я ехаў сюды са станцыі Сакалінае, там у нас была гарачая работа, грамілі штаб корпуса ўскраінных войск цэнтральнай армейскай групы праціўніка,— нібы між іншым гаварыў Гарашчэня, але сумысле голасна, каб пачуў бацька Тарас.— Ой, было работы!.. Знянацку наскочылі... па-сувораўску... партызан чакаюць з лесу... а мы з чыстага поля наляцелі...

— Тады прабач,— павярнуўся да яго бацька Тарас і, падаўшы яму руку, хітра загаварыў: — А толькі што да тваёй львінай долі ў «Рэйкавай вайне», дык я зусім не пярэчу... Справядлівасць патрабуе сказаць, што калі выступілі твае рэзервы з аўтаматамі, рыдлёўкамі і піламі, дык здавалася, што выйшла на рэйкі ўся Беларусь, ва ўсёй сваёй красе і велічы... У каго ні запытаеш, хто вы,— гарашчэнеўцы... Гэта ж вас толькі па старой звычцы завуць — брыгадай... А на самай справе — вы цэлае злучэнне... Праўда, меншае, як у Гушчына, Былінскага, але...

— То і ты са сваімі «мужычкамі» добра папрацаваў,— усміхнуўся Гарашчэня.— Бачыў я тваю работу — чыстая. На дзесяткі кіламетраў чыгунка аголена, нават шпалы спалены.

Бегла прачытаўшы справаздачу бацькі Тараса, Васіль Мікалаевіч устаў і, звярнуўшыся да старога, сказаў:

— Віншую вас, бацька Тарас, з ваеннай удачай.

— Служу Савецкаму Саюзу,— падцягнуўся бацька Тарас.

— А як ты, бацька Тарас, глядзіш адносна ўступлення ў партыю? — спытаў Гарашчэня.

— Уступлення ў партыю? — перапытаў бацька Тарас. У яго загарэліся вочы, і ён адказаў пытаннем: — А ці даў бы ты мне рэкамендацыю?

— Дам.

— А ў вас я не адважваюся прасіць,— звяртаючыся да Васіля Мікалаевіча, усхвалявана гаварыў бацька Тарас.

— I я дам,— адказаў Васіль Мікалаевіч і, беручы з рук Гарашчэні памятую запіску, спытаўся: — Доўга вы яе носіце ў кішэні?

— Амаль з самага пачатку вайны,— не разумеючы, як трапіла да іх гэтая запіска, прагаварыў бацька Тарас.— Уступіць у Камуністычную партыю — гэта была мая запаветная мара. Я некалькі разоў парываўся перш з нябожчыкам таварышам Сяргеем, а потым з вамі пра гэта гаварыць. Але ўсё лічыў, што я нічога такога не зрабіў, каб быць членам партыі.

— Як так! — запярэчыў Васіль Мікалаевіч.— Вы шмат зрабілі. Не трэба прыбядняцца...

— Дык сённяшні дзень будзе для мяне днём майго другога нараджэння,— хваляваўся і радаваўся бацька Тарас.— Нарэшце, хоць на старасці год, збылася мая мара...

— Ну, а што новага твае «мужычкі» з Мінска прынеслі? — пацікавіўся Гарашчэня.

— Астроўскаму так і не ўдалося стварыць войска беларускае, ніхто не хоча ісці служыць Гітлеру,— паведаміў бацька Тарас.— А яшчэ — пагаварваюць аб стварэнні так званай Беларускай Цэнтральнай Рады...

— Значыць, фашысты адчуваюць свой крах,— разважаў Васіль Мікалаевіч.— Так было ў 1918 годзе, кайзер Вільгельм ІІ толькі тады даў дазвол на ўтварэнне так званай БНР, калі адчуў, што яму ў Беларусі не ўтрымацца... Так і цяпер Гітлер дазволіць стварыць так званую БЦР толькі перад сваім выгнаннем з Беларусі... Вывад — яшчэ мацней біць як нямецкіх захопнікаў, так і іх паслугачоў беларускіх буржуазных нацыяналістаў...

Да лесу, у якім змяшчаўся падпольны абком партыі, з’язджаліся камандзіры атрадаў, брыгад, каб зрабіць справаздачу за месяц аб «Рэйкавай вайне», што праводзілася па спецыяльнаму ўказанню начальніка Штаба партызан, якому цяпер патрэбна было даць звестку. Нарэшце з'явіўся начштаба брыгады Гарашчэні, ён прывёз патрэбныя матэрыялы.

Ветліва прымаў шумны лес народных мсціўцаў, якія памагалі Чырвонай Арміі ў бітве пад Курскам паставіць нямецка-фашысцкую армію перад катастрофай.

 

43

Хутка прайшло лета. Для партызан гэта самая лепшая пара года. Дзе хочаш, можаш пераначаваць: у чыстым полі, каля рэчкі пад ракітай, у лесе пад елкай. Надышла зіма, трэцяя ваенная зіма. Цяпер нямецкія гарнізоны стаялі галоўным чынам па гарадах. Але і туды прабіраліся партызаны, калі гэта трэба было. Немцы калі і ездзілі па вёсках, дык толькі вялікімі групамі. З’явіліся цэлыя партызанскія раёны, у якіх народныя мсціўцы былі поўнымі гаспадарамі.

Лютавала зіма.

Круціла, мяло, засыпала снегам вочы, свету белага не відаць было. Аднак Васіль Мікалаевіч мусіў ісці з Беразнянкі, бо яму нельга было далей тут аставацца. Хто трапляў у СД, той назад не вяртаўся. І ісці Васіль Мікалаевіч быў змушан адзін, каб не выклікаць падазронасці. Калі немцы сустракалі двух-трох чалавек разам, адразу затрымлівалі.

Завывалі лютаўскія вятры.

Пад поўнач Васіль Мікалаевіч апынуўся ў лесе. Крыху сцішэла. Аглянуўшыся, ён угледзеў аганькі. «Няйначай, ваўкі»,— мільганула думка. Яно так і было. У Васіля Мікалаевіча валасы дыбкі сталі. Ён схапіўся за рэвальвер, але, успомніўшы апавяданне свайго дзеда, астыў.

Дзед Васіля Мікалаевіча служыў у лейб-гвардыі драгунскім палку.

«Аднойчы,— апавядаў дзед унуку,— на казака напалі ваўкі. Казак, выхапіўшы шаблю, адняў ваўчыцы галаву. Раззлаваліся ваўкі, разарвалі на кавалкі ваўчыцу, звалілі казацкага скакуна, данскога рысака,— казак на сваім кані ездзіў з ветрам навыперадкі,— і самога казачыну ўлажылі. Праз некалькі дзён у снезе знайшлі казакову шапку, пераламаную напалам вострую шаблю і шматок маладзецкай казаковай чупрыны».

Успомніўшы апавяданне дзеда, які гаварыў, што ваўкі баяцца агню, Васіль Мікалаевіч пачаў чыркаць запалкі. Яны на ветры тухлі. Ляскалі зубамі раззлаваныя ваўкі, насядалі.

Церушыў снег, слепячы вочы. Пасля поўначы пачалася адліга. На Васілю Мікалаевічу — ён быў цёпла апрануты, у добрым сялянскім кажуху з вялікім каўняром, туга падперазаны папругаю, у ладных валёнках,— рубца сухога не было.

Ужо з кіламетр Васіль Мікалаевіч ішоў у суправаджэнні звяруг, а лесу канца-краю не відно было. Стаялі стройныя сосны, кашлатыя елкі, каржакаватыя дубы, плаксівыя бярозы, крохкія алешыны, частаколам рос арэшнік. «Вось дзе мая пагібель»,— падумаў Васіль Мікалаевіч. У гэты час ваўчыца заскуголіла, завылі ваўкі. Васіль Мікалаевіч падаўся назад і, не заўважыўшы яловай галіны, зачапіўся шапкаю. Яна зляцела з галавы.

Толькі Васіль Мікалаевіч хацеў нагнуцца, каб падняць шапку, як, зайшоўшы збоку, воўк, зрабіўшы скачок, ледзь не ўхапіў за кажух. Ваўкалыга ад злосці заляскаў зубамі, нібы паддаючы азарту іншым, менш спрактыкаваным ваўкам. Ён ужо, мусіць, не аднаго каня злажыў, а колькі жарабят парэзаў — і ліку не было. Да яго кінуліся меншыя ваўкі, відаць, майстры цягаць авечак.

Не вытрымаў Васіль Мікалаевіч. Ён, зусім не цэлячыся, пусціў два стрэлы ў гайню, зваліўшы нейкага нягеглага ваўка. Вось тут і пачалося: у адзін міг ваўкі растрыбушылі забітага. Васіль Мікалаевіч тым часам так драпануў з векавой дубровы, што выскачыў на прагаліну і на некаторы час адарваўся ад гайні.

Калі ваўкі па следзе зноў дагналі Васіля Мікалаевіча, збочыць нельга было, бо ляжалі гурбы снегу вышэй чалавечага росту. Ён, злаўчыўшыся, смальнуў па ваўчыцы, і тая, зароўшы, падвярнула пад сябе галаву. Тут пачалася барацьба чалавека са звярамі не на жыццё, а на смерць. Ваўкі, выскаліўшы зубы, кідаліся на Васіля Мікалаевіча. Ён расстраляў усе патроны, зваліўшы яшчэ некалькі ваўкоў. Але астатнія — не адставалі, яны сляпцом лезлі да яго.

«Ну ўсё, канец,— падумаў Васіль Мікалаевіч.— Не ўвабралі немцы, то ваўкі даканаюць». У гэты час воўк з разбегу рвануў Васіля Мікалаевіча за нагу. Цёпла стала ў валёнку. Воўк яшчэ больш раз'юшыўся. Васіль Мікалаевіч інстынктыўна выхапіў фінку, на якую зусім забыўся. Шэры мо на метр скокнуў, ударыўшы Васіля Мікалаевіча лапамі ў грудзі. Васіль Мікалаевіч, схапіўшы леваю рукою ваўка за карак, праваю распаласаваў фінкаю ваўкалыгу зверху данізу і моцным штуршком адкінуў ваўка ад сябе. Астатнія — адхлынулі.

«Ваўка, як фашыста, калі не абернеш, дык ён цябе зваліць»,— выціраючы рукавом пот на лбе, падумаў Васіль Мікалаевіч.

Ён выйшаў на лясную паляну. Скрыпела пад нагамі, над галавою відаць было зорнае неба — пад раніцу зноў браўся мароз. Прайшоўшы ляды, Васіль Мікалаевіч увайшоў у лес, яшчэ гусцейшы.

У першы раз за свае трыццаць пяць год Васілю Мікалаевічу захацелася хутчэй пакінуць лясное царства, прыгаством якога ён заўсёды захапляўся і ў якім адпачываў душою. Шумела векавая дуброва, спяваючы сваю адвечную песню. Нарэшце лес пачынаў радзець. Хутка Васіль Мікалаевіч выйшаў на поле. Паказаліся агні, кіламетрах у двух стаяла мястэчка Караеды, адкуль ён быў родам. Кажух на Васілю Мікалаевічу ўвесь быў падраны, абпэцканы. Ён, расперазаўшы папругу, распрануўшыся, гідліва кінуў яго ў бок ад дарогі. Памыўшы снегам рукі, Васіль Мікалаевіч пайшоў у адной ватоўцы. Цяпер толькі ён адчуў стому, нібы калоды варочаў. Да таго ж ныла нага. Васіль Мікалаевіч не хацеў заходзіць у мястэчка, там яго ўсе ведалі, але вымушан быў збочыць, бо да таго змогся, што далей не мог ісці.

Маці са слязамі радасці на вачах кінулася насустрач сыну, яна яго больш за дзесяць год не бачыла. З таго часу як ён скончыў вучыцца, стаў інжынерам, ажаніўся, дык пачаў радзей бываць дома.

— Дзе ж жонка? Як сын? — прайшла чутка, што яны арыштаваны, але маці пра гэта не сказала.

— У сваіх, пад Гомелем. Туды я іх завёз на дачу, за некалькі дзён да вайны. Там яны і жывуць.

Угледзеўшы на назе сына кроў, старая ледзь не абамлела. Васіль Мікалаевіч расказаў маці пра здарэнне з ваўкамі. Старая, сцягнуўшы валёнак, перавязала яму нагу. Накарміўшы сына яечняй з праснаком, напаіўшы гарачым малаком, маці папярэдзіла:

— Табе тут, дзіцятка, аставацца нельга. Некалькі разоў да нас прыходзіў бургамістр і пытаўся пра цябе.

— А хто тут бургамістрам? Свой сабака ці прывезены?

— Сымон Базылёвых,— паведаміла маці.

— Няўжо? От падлюга! Я ж з ім разам вучыўся. Ніколі б не паверыў, што гэты чалавек калі-небудзь падасца на сабачы хлеб.

Пачуўся стук у дзверы. Маці ад страху аж прысела. У хаце стала да таго ціха, што каб муха праляцела, і то было б чутно.

— Уваходзьце! — устрывожана запрасіў Васіль Мікалаевіч, ён падумаў: «Такі, мусіць, сёння мяне даканаюць... Ну і дзянёк!..»

— Дзень добры ў хату! — пераступіўшы парог, прывітаўся Сымон Базылёвых і, угледзеўшы здзіўленне на тварах, халодныя позіркі Васіля Мікалаевіча і маці, разгублена спытаўся: — Не чакалі?

— Прызнацца па праўдзе, не,— адказаў Васіль Мікалаевіч.

— Я вас даўно хацеў бачыць, некалькі разоў заходзіў да маці. Я ведаў, што вы былі ў Беразнянцы, працавалі пад імем таварыш Васіль. Вы там ужо былі асочаны, і вас павінны былі ўзяць, а толькі вы выслізнулі. Сёння ўначы атрымаў дэпешу, што вы адтуль зніклі.

Васіль Мікалаевіч устаў, закурыў. Накульгваючы, прайшоўся па хаце. Ён галавою амаль даставаў столь, а таму прыгінаўся, кінуў папяросу. Відаць было, што ён нерваваўся. Маці, склаўшы рукі на грудзях, маленькая, шчупленькая, ціхенька стаяла каля чалеснікаў, нечага чакаючы. Ніяк не верылася, што Васіль Мікалаевіч, такі мажны, яе сын.

— Па мяне прыйшлі? — хваляваўся Васіль Мікалаевіч.

— Паслалі,— паведаміў Сымон Базылёвых.— Усё СД пастаўлена на ногі...

— Дык знайце, я жывым не здамся!

— Ведаю ваш характар! Заступнік таварыша Сяргея варты свайго папярэдніка.

— Гэта ты, сынок, замяняеш таварыша Сяргея? — з замілаваннем паглядаючы на сына, спытала маці.— Людзі вельмі шануюць яго памяць. Крэмень, а не чалавек!

— I я хачу такім быць,— кальнуў вачыма бургамістра Васіль Мікалаевіч.

— Народ гаворыць, што вы ні ў чым таварышу Сяргею не саступіце: ні розумам, ні цвёрдасцю волі.

Васіль Мікалаевіч нічога на гэта не адказаў бургамістру.

— А каб ты бачыў, сынок,— загаварыла маці,— што ў нас рабілася. Усіх яўрэяў перабілі. Кат Макарэвіч вырываў абцугамі залатыя зубы, выварочваў сківіцы. Дзецям пераламлівалі хрыбты аб калені. Ператрэсліся ўсе. І няўжо вам, Сымонка, не балела сэрца?

— А чаго? Пан бургамістр напэўна памагаў немцам,— саркастычна заўважыў Васіль Мікалаевіч.

— А цяпер за беларусаў узяліся,— з болем у сэрцы працягвала маці.— Гэтулькі гіне людзей...

— А што пану бургамістру да гэтага,— растраўляў яго Васіль Мікалаевіч. Абы свая скура была цэлай...

— За каго вы мяне лічыце! — загарачыўся Сымон Базылёвых.

Зусім не рэагуючы на словы бургамістра, Васіль Мікалаевіч, блізка падышоўшы да яго, спытаўся:

— Што ж вы не бераце мяне? Баіцеся!

— Я хачу пагаварыць з вамі па душах, а вы не даецеся.

— А ці ёсць яна ў вас, пан бургамістр, гэтая самая душа?

— Вы маеце падставы са мною так гаварыць,— прызнаўся Сымон Базылёвых.— А толькі я не той, за каго вы мяне лічыце. Так, так. Не той!

Сымон Базылёвых задзёрыста, знізу ўверх, глядзеў на Васіля Мікалаевіча. Ён быў невялікага росту, тоўстым, дужым, па сваёй сіле амаль не ўступаў Васілю Мікалаевічу. Відаць было, што Васіль Мікалаевіч яго кальнуў у самае сэрца. У Сымона Базылёвых ад злосці раздзімаліся ноздры на яго пляскатым носе, ён гатоў быў схапіцца з Васілём Мікалаевічам і сілай давесці, што ён не той чалавек, за каго яго прымаюць.

— А хто ж вы? — грэбліва ўсміхнуўся Васіль Мікалаевіч.

— Чалавек!

— Аблічча чалавечае, а...

— Не! — перабіў Сымон Базылёвых.— Прызнаюся, я з Савецкай уладай часамі не мірыўся, мала гэтага, мяне аднойчы Савецкая ўлада пакарала, але ж гэта была бацькоўская перасцярога. Мая ўлада мяне і карала. А чаму я не мірыўся? Чаму? Здавалася, як гэта Янка будзе кіраваць Мікітам? Адно ж — нішто. Я доўга не ішоў у калгас. Боязна было. Як тое, як гэта, а там жонка, як дзяцел, дзяўбе. Але як пайшоў, то з гэтай дарогі не саступлю. Не-е! Немец навучыў мяне, як Савецкую ўладу любіць, як калгас шанаваць.

— А выходзіць, саступілі і апынуліся над абрывам, яшчэ адзін крок...

— Мяне пад руляй рэвальвера прымусілі быць бургамістрам,— гарачыўся Сымон Базылёвых.— Перад вайною я быў старшынёю калгаса. Ніхто дрэннага слова пра мяне не скажа. Калгас быў першым у раёне. А калі прыйшлі немцы, мяне завочна прагаласавалі быць старшынёю «абшчыны». Супраць народа не папрэш. А потым...

— Цікава, чаму гэты выбар выпаў на вас? — прыжмурыў вочы Васіль Мікалаевіч.— Мусіць, вы немцу спадабаліся.

— Бачу я, вы мне не верыце,— хваляваўся Сымон Базылёвых.— Што ж, ваша справа, а толькі я народу не здраджу. Не ўдасца немцу хоць якое каліва зерня ў мяне ўзяць. Спалю, а не дам. Я ўрос у сваю зямлю і сваю радзіму не прадам. Выходзіць, сустрэліся старыя сябры — памятаеце, разам вучыліся, кароў пасвілі,— пагаварылі і разышліся, як у моры караблі. Ну што ж, няхай будзе так. А толькі вы павінны ведаць, што маці вашу я ўратаваў.

— Як гэта?

— А так, калі немцы ўзялі вашу жонку і сына...

— Што-о? — пахіснуўся Васіль Мікалаевіч.— Ка-а-лі?

Васіль Мікалаевіч грузна сеў на лаву.

— А хіба вы не ведаеце? На тым тыдні. Яны хацелі і маці забраць, але я сказаў, што вы ніколі тут не бывалі. Як пайшлі малым у горад, дык зусім сюды не прыязджалі.

Васіль Мікалаевіч паглядзеў на маці.

— Праўда,— сцвердзіла старая.— І жонку тваю з дзіцем забралі, але я баялася сказаць...

— Не думайце, што ў вас усе чысценькія,— пайшоў у наступленне Сымон Базылёвых.— Вось хоць бы ўзяць камандзіра атрада Мамантава...

— Ён «дзікі»,— перабіў Васіль Мікалаевіч,

— Слухайце далей,— працягваў Сымон Базылёвых.— З самалёта скінулі радыста з апаратам для атрада Славінскага... Немцы наладзілі за радыстам пагоню... Я яго схаваў, а як бура мінула, накіраваў у бліжэйшы атрад... І што вы думаеце, Мамантаў, відаць, баючыся, каб масквіч (прозвішча — Шурыгін) яго не выкрыў, расстраляў хлопца... Мамантаўцы не з немцамі ваююць, а з сялянамі...

— На жаль, не адзін у нас Мамантаў свавольнічае, пасля вайны з імі разбярэмся...

Яны памаўчалі.

— Дык ведаеце, чаго я да вас прыйшоў?

— Чаго?

— Мяне прыслаў камендант даведацца, ці не было вас тут.

— Выходзіць, я не памыліўся.

— Як сабе хочаце, так і лічыце, мне цяпер усё роўна, а толькі маё сумленне чыстае, дзеці мае не ўпікнуць мяне, што я здрадзіў... Папярэджваю, пакуль не позна, ідзіце адсюль. Бачыце, як шалёнымі ваўкамі гойсаюць гітлераўцы, унь іх цэлая гайня. Сцеражыце сябе, вы патрэбны народу, таварыш Васіль. Вы сумленне партыі, так, так, а ў партыю я веру. Яна выведзе наш народ з гэтай вайны яшчэ больш згуртаваным, сцэментаваным. А што да мяне, дык жонка і дзеці ведаюць, хто я, і людзі ведаюць, я ім нічога благога не зрабіў і ніколі не зраблю. Бывайце здаровы! На вашым месцы і я такім бы быў. Ёсць яшчэ ў нас погань, лісцем сцелецца, а ўкусіць цэліцца, ёй нельга верыць...

Сымон Базылёвых, увагнуўшыся, прайшоў да дзвярэй, уздрыгануліся плечы, відаць было, што ён страшэнна перажываў недавер’е, і, не вытрымаўшы, заплакаў.

— Стойце! — спыніў Васіль Мікалаевіч.

— Прашу вас, хутчэй ідзіце адсюль, а то будзем разам вісець на шыбеніцы. Мяне ўжо некалькі разоў камендант гэтым страшыў. Ага, я чуў, што пасля таго, як злучэнне Гарашчэні перабазіравалася ўсходней, дык ніяк не могуць наладзіць забеспячэнне хлебам. То няхай мяне не мінаюць. Партызаны з брыгады Максіма ў мяне бралі хлеб. Некалькі соцень пудоў у мяне прыхавана. Дый мяса можна будзе падкінуць, каб падтрымаць хлопцаў пасля блакады. Хоць і каніну без солі елі, але добра біліся! А вы мне не верыце. Я ж усё гэта раблю ад чыстага сэрца.

— Сынок, што праўда, то праўда, людзі нічога благога пра яго не гавораць,— умяшалася маці.— Яно, вядома, я разумею цябе, цяжка давяраць, але ж можна праверыць... Як на мяне, добра ведаючы яго жонку і дзяцей, дык я яму паверыла б, а ты як сам знаеш... На табе вялікая адказнасць... У нас усе людзі знаюць таварыша Васіля як заступніка таварыша Сяргея...

— За хлеб дзякуй, гарашчэнеўцам цяпер на новай базе сапраўды цяжка,— моцна паціснуў руку Сымона Базылёвых Васіль Мікалаевіч.— Партызаны гэтага не забудуць. Я шчыра рад, што ты, Сымон, астаўся чалавекам. Прабач, а я дрэннае пра цябе падумаў.

У хату без стуку ўскочылі два эсэсаўцы.

— Ён? — спытаў першы эсэсавец, звяртаючыся да бургамістра.

— Не,— адказаў Сымон Базылёвых.

— А хто? — запытаўся другі эсэсавец.

— Стараста з вёскі Капылы.

— А гэта яго маці? — пытаўся эсэсавец.

— Так. А толькі я ўжо казаў вашаму начальніку, што яна, калі даведалася, што ён камуніст, дык яшчэ далёка да вайны яго выраклася. Так што ён сюды ніколі не пойдзе, дарэмна яго тут шукаць.

— Дарэмна? — перапытаў эсэсавец.

— Так,— сцвердзіў Сымон Базылёвых.— Ён, даведаўшыся пра сям’ю, хутчэй за ўсё падаўся ў той бок, з надзеяй яе вызваліць.

— Гэта можа быць,— згадзіўся эсэсавец.

Яны абодва выйшлі.

Сымон Базылёвых павесялеў, што абвёў вакол пальца немцаў. Ён пасля размовы з Васілём Мікалаевічам акрыяў, нібы зваліў з плячэй вялікі груз, адчуў грунт пад нагамі. Развітаўшыся, яны ўмовіліся сустрэцца пры больш зручных варунках, каб пагаварыць, што далей рабіць. Сымон Базылёвых пайшоў акрылены, наважыўшы распачаць сапраўдную барацьбу супраць немцаў, каб тады, як прыйдуць нашы, у яго не тыцкалі пальцамі. Старая маці, благаславіўшы сына, праводзіла яго добрым позіркам.

Бургамістр, пасадзіўшы «старасту з Капылоў» на нямецкую машыну, пажадаў яму шчасліва даехаць да мястэчка Вушачы. Яны развіталіся сябрамі. Васіль Мікалаевіч ужо быў на машыне, калі да Сымона Базылёвых падышоў працаўнік СД. Шафёр даў газ, Васіль Мікалаевіч памахаў рукою, бургамістр і працаўнік СД, кіўнуўшы галовамі, праводзілі яго. Машына павярнула на дарогу і знікла за паваротам.

 

44

І ўдзень і ўначы, не ведаючы стомы, тупаў дзед Архіп з сякераю каля млына: то ён застаўку зробіць, то кулак — млын у яго працаваў, як добра зладжаны механізм. А навокал млына быў пасыпаны жоўты пясок. Ён любіў пагаварыць з людзьмі, пачуць, што добрага на свеце, якія навіны, самому расказаць, што на сваім вяку бачыў і чуў. Млын стаў своеасаблівай яўкай, адкуль ва ўсе бакі цягнуліся сувязі з партызанамі.

Стаяў млын далёка ад дарог, на рэчцы Чылі, каля невялікага пасёлка Бровары. Млын быў абнесен, як шчыкетам, плакучымі бярэзінамі. Гэта Архіп у маладосці, калі быў млынаром у пана Цыбульскага, іх пасадзіў. Кожную вясну дзед Архіп ставіў дзесяткі бочак з бярозавым сокам і частаваў ім прыязджаючых сялян. Цяпер сок пілі партызаны. Далей рэчка была абсаджана вербамі, голле якіх нізка апускалася над вадою. Усё гэта рабіла млын казачным. На стрэхах яго парос зялёны мох.

Жыў дзед Архіп недалёка ад млына, у хаце, дзе калісьці кватаравалі панскія парабкі. Цяпер ён адзін займаў гэтую хаціну. Перад яго вокнамі ўзвышаўся магутны дуб, на версе якога гняздзіліся буслы.

Дзед Архіп быў увесь белы, як голуб. Толькі яго вусы крыху парыжэлі ад тытуню. Зімой і летам ён хадзіў у кажуху, падперазаны папругаю (на спражцы — двухгаловы арол), прынесенаю яшчэ з імперыялістычнай вайны. Па нядзелях дзед Архіп даставаў з свайго салдацкага куфэрка георгіеўскія крыжы — ён быў поўным кавалерам — і, заклаўшы рукі назад, спацыраваў каля млына ці хадзіў з вудачкаю лавіць рыбу. А то часам садзіўся на прызбу, тады каля яго круцілася чарада дзяцей, бо ведалі, што дзед Архіп будзе апавядаць пра свае ваенныя паходы. А яму было што расказаць. Гэта ён, апалчэнец Архіп Бахрым, калі кайзераўскія войскі захапілі яго ў палон і прымусілі абвесці мазурскія балоты, каб зайсці рускім войскам у тыл, завёў нямецкі батальён у такую дрыгву, што мала хто адтуль выйшаў жывым, дый ён сам выпадкам уцалеў. Яго выцвілыя невялічкія блакітныя вочкі хітра ўсміхаліся. Дзеці асабліва любілі яго слухаць, калі ён расказваў казкі.

Аднойчы, калі дзед Архіп, выйшаўшы пры крыжах, сеў на прызбе, малыя яго прасілі:

— Дзядуля, раскажы нам што-небудзь.

— А што ж мне вам расказаць? — збіраўся з думкамі дзед Архіп.— Хочаце паслухаць казку пра самае моцнае слова на свеце?

— Просім! Просім! Просім! — наперабой крычалі звонкія дзіцячыя галасы, мосцячыся ў цяньку, каля векавога дуба.

Дзед Архіп задыміў цыгарку — у святочныя дні ён заўсёды курыў мультан, які меў прыемны пах,— і пачаў апавядаць:

«Калі фашысцкі зброд, як свінні, уварваўся ў савецкі агарод, і перш за ўсё ў нашу Беларусь, тады іхні самы галоўны, Гітлер сабачы, каб яго пярун, пачаў выхваляцца на ўвесь свет:

— Я і такі, я і гэтакі. Адным словам, няма такой сілы на свеце, якая б мяне адолела.

А тут зусім недалёка ад нас жыў каваль. Не сказаць, каб які быў асілак або волат, от сабе чалавек: і росту невялікага, і ў плячах не надта каб быў шырокі. Але, бывала, возьме падкову і ў руках разагне. Абрыдала яму слухаць Гітлераву брахню, дык ён і кажа:

— А каб ты так жыў на свеце, вылюдак няшчасны. Хваліўся і воўк, што ў жывога каня падковы здзярэ, але сам без зубоў астаўся. Будзе тое і Гітлеру-валацугу.

Дачуўся пра гэта Гітлер. Не спадабалася яму. Загадаў ён схапіць каваля і прывесці да яго:

— Чуў я, што ты ў маю сілу не верыш? Гэта ты той самы каваль і ёсць?

А што кавалю траціць. Чалавек, які ведае, што такое свабода, будзе ўсімі сіламі яе бараніць. Каваль ужо больш за дваццаць год пражыў раскутым.

— Той самы,— гаворыць каваль.— І мой дзед, і бацька хлеб-соль елі, а праўду ў вочы рэзалі. Яны гэта і мне рабіць загадалі. Ніяк не магу паверыць. І твой Гебельс,— кажа,— брэша, як мая старая сучка.

— Няўжо ж ты не чуў, што я другі Напалеон? — пытаецца Гітлер, вылупіўшы вочы, як баран перад новымі варотамі.

— Не, гэтага не чуў,— адказаў каваль,— а каб і чуў, дык не паверыў бы. Не так далёка ад нас, на рэчцы Бярозе,— гаварыў каваль,— Напалеон перасеў з свайго імператарскага каня ў мужыцкія сані, там яго нават шапка і рукавіцы асталіся. Ён ледзь уцёк адтуль. Яшчэ мой дзед яго салдат у рэчцы тапіў.

— Я,— кажа Гітлер, не слухаючы каваля,— выпраўлю памылку Напалеона, пахаваю Расію.

— А ў народзе,— гаворыць каваль,— бытуе такая прыказка: не кажы гоп, пакуль не пераскочыў. Ты Расію не пахаваеш, а вось мы фашысцкую Германію раструшчым.

— Я шмат дужэйшы за кайзера Вільгельма ІІ,— хваліўся Гітлер.

— Не ведаю,— адказаў каваль,— не бачыў я, калі ты з кайзерам Вільгельмам II дужаўся. А каб і бачыў, дык не вельмі б спалохаўся: мой бацька і кайзера Вільгельма ІІ біў, уцякаючы з Беларусі, кайзераўскі салдат напісаў: «Дай божа данесці ногі да Германіі».

— Дык хіба ты мае сілы не бачыў? — пытаўся Гітлер.— Браніраванага кулака? Дзе пройдуць мае салдаты, у калодзежах вада перасыхае, на палях трава не расце, людзі ў попел ператвараюцца.

— Мала адной сілы, патрэбен яшчэ і розум, а ў цябе яго бракуе. А які бацька, такія і сыны. Вецвійка ад дрэва недалёка адскочыла. Твае салдаты сапраўды знішчаюць людзей, але ўсіх не знішчыш. Трасцу!

Зарагатаў Гітлер:

— А на ліха мне той розум? Я і без яго амаль усю Еўропу забраў дый палову Расіі прайшоў.

— Прайшоў, гэта яшчэ не ўзяў. Паглядзім, як ты будзеш назад уцякаць. І хваробу б ты гэтулькі прайшоў, каб знянацку не наскочыў. Нехта даў зяўка...

— А чым жа вы такія моцныя, што так упэўнены ў сабе?

— А пра гэта,— адказаў каваль,— калі на табе чэрці на тым свеце будуць смалу вазіць, дык спытаешся ў тых, каго мы білі. Іх многа набярэцца...

— У вас жа і саюзнікаў людскіх няма. Англічане і амерыканцы ваююць да апошняга рускага салдата,— ухмыляўся Гітлер.— Яны з вас смяюцца...

— Пад Масквою вам і без дапамогі саюзнікаў далі па карку,— гаварыў каваль,— пад Сталінградам надламалі хрыбет, пад Курскам усыпалі ў хвост і ў грыву... А неўзабаве будзем біць звера ў яго ўласным логаве... Смяецца той, хто смяецца апошнім...

— Адкуль у вас такая вера?

— Мы ведаем такое слова, калі яго скажаш, дык у ворага сілы ўбавіцца, а ў нас прыбавіцца.

Бачыць Гітлер, што гэты чалавек нічога не баіцца, значыць, сілу мае вялікую. І пачаў ён прасіць каваля:

— Скажы мне, якое гэта слова? Можа, яно мне спатрэбіцца? Я цябе азалачу!

— Савецкага чалавека за грошы не купіш. Слова гэта такой сілы, што павяртае рэкі цячы ў другі бок, горы разбівае, сухавеі спыняе, балоты асушвае, караблі ў паветра пасылае. Яно крэпасці разбурае, сон у ворага адбірае. Гэта самае моцнае слова на свеце.

І, не чакаючы больш, як крыкне каваль:

— За Радзіму! Ура-а!

Ад краю і да краю ўзняліся людзі.

Паўстала і наша Беларусь-партызанка. Ажылі яе векавыя лясы, загаманілі бары, загулі, напоўніліся ляснымі салдатамі. Зямля стала гарэць пад нагамі фашыстаў.

Прыкладзіце вуха да зямлі і вы пачуеце крокі нашай вызваліцельніцы Чырвонай Арміі. Яна ідзе, яна хутка прыйдзе».

Дзед Архіп скончыў апавядаць, дзеці сядзелі як зачараваныя.

— Дзедка, а ці скора да нас чырвоныя прыйдуць? — пытаўся хлопчык.

— Хутка,— адказаў дзед Архіп.— Чакай і ты прычакаеш, партыя Леніна не пакіне нас у няволі...

На другі дзень у рабочым адзенні дзед Архіп раненька ішоў да млына, навокал якога раскінулася сенажаць. Далёка бачны быў лес, які прытуліў мноства партызанскіх атрадаў. У апошні час лютавалі карнікі. Шмат якія атрады, брыгады і нават злучэнні вымушаны былі перабазіравацца з захаду на ўсход. Да Броварскага млына з усіх бакоў цягнуліся падводы, везучы збажыну. Спяшаліся пячы хлеб, некаторыя атрады зноў падаваліся на захад,— такі быў загад. Дзед Архіп быў у курсе амаль усіх спраў. Ён шмат ведаў людзей. Знаў, хто чым дыхае, у каго што баліць, з кім пра што гаварыць, каго чым зацікавіць. Сказаўшы, каб першы, хто быў у чарзе, засыпаў у кош зерне, дзед Архіп пачаў закурваць. Каля млына раўло, бушавала, быў вялікі напор вады, далёка ляцелі ад кола пырскі, бісерам рассыпаліся, пенілася вада, кружыла. Да дзеда Архіпа падышоў селянін:

— Дзед Архіп! А калі мне змелеш?

— Змялю, табе не да спеху,— паглядзеўшы на партызана, які быў у сялянскай вопратцы, адказаў дзед Архіп.— Адкуль будзеш родам?

— Здалёку. Можа, чуў калі пра Азярышча?

— А як жа, чуў. Добрае далёка чуваць. А як у вас на новым месцы з хлебам?

— Блага.

— Пад паўдня засыплем. Та-а-ак. Ладная ў вас у Азярышчы была дзяўчына.

— Гэта хто?

— Наста Свірчэўская. Шкада, што не дачакалася прыходу нашых. Такіх бы людзей больш!

— Ага,— згадзіўся партызан.— Праглынуць запіску. Яшчэ і цяпер Пясецкі не можа сабе гэтага дараваць. Цікава, адкуль была тая запіска і што ў ёй пісалася? Ты, пэўна, ведаеш?

— Важная была запіска,— зазначыў дзед Архіп і таямніча дадаў: — Устаноўкі з Масквы. Разумееш!

— Вось яно што!

— Дык як, дзед Архіп,— адклікаўшы ўбок, пытаўся селянін з вёскі Кубрыкі, які збіраўся ад’язджаць,— дасі мне «Партызанскую дубінку»?

— Старая.

— Нічога.

— Пабажыся, што не скурыш, а, прачытаўшы, перадасі другому.

— Дальбог жа, не скуру.

— А партызанам баба хлеба спячэ?

— Аб гэтым і гаворкі не можа быць.

— Тады другі інтэрас,— дастаючы з-за пазухі часопіс, гаварыў дзед Архіп,— чую голас гаспадара.

— А дзе ты ўсё гэта бярэш?

— Сарока на хвасце прыносіць,— хітра адказаў дзед Архіп.— Не будзь бабай!

— Гледзячы ў каго якая баба. Мая баба дык ого, колькі яна перапякла партызанам хлеба. Смачнейшага хлеба ў Кубрыках ніхто за яе не спячэ. Не баба, а золата! Але такі каб у яе крыху быў карацейшы язык, дык не блага было б...

— Крутая ў цябе жонка, але гаспадыня добрая. Прадукты ніколі не сапсуе. Другая зварыць капусту, дык хоць ты на сабак вылівай. Важная справа — гаспадыня ў хаце! Бачыў, якая тут дырэктыва: «Прачытаў — перадай другому». Не дай бог даведаюся, што скурыў, галаву адкручу!

~— Ты такі, я цябе ведаю,— ад’язджаў кубрыкавец.

— Дык глядзі ж, каб язык трымаў за зубамі!

— Будзь пэўны!

Да млына на ўзмыленых конях пад’ехаў караедаўскі бургамістр Сымон Базылёвых. Ён злосна паглядзеў на сялян, якія, не давяраючы яму, разыходзіліся ў розныя бакі. Не стаялі разгарачаныя коні, яны грызлі цуглі, білі капытамі зямлю.

— А-а-а, дзед Архіп! — крыкнуў Сымон Базылёвых.— Дзень добры!

— Невядома яшчэ, якім ён будзе,— падышоў дзед Архіп.— Але пакуль усё добра. Якім ветрам блізкі свет занесла?

— Па справах,— бургамістр ціха сказаў: — Выдасі гарашчэнеўцам дзвесце пудоў хлеба.— Сымон Базылёвых дадаў: — Перадасі ім, што Пясецкі ў Караедах, прыехаў мяне рэвізаваць.

— Добра.

— А як убачыш таварыша Васіля, дык скажаш, што на «кангрэс» у Мінск, які праводзіцца па распараджэнню новага гаўляйтэра генерала Готберга, я не паеду.

— Чаму?

— Доўга гаварыць.

— Усё ж.

— Гэта не «кангрэс», а адзін смех. Ніхто дэлегатаў не выбіраў, склікаюць усіх нацыяналістаў. А я да іх не належу.

— Аднак там трэба быць свайму чалавеку.

— Я не магу, жонка і дзеці ўзнялі такі лямант.

— Дык жа мы нічога не будзем ведаць.

— А што там ведаць: Статут так званай БЦР, якая будзе ўтворана на гэтым зборышчы, распрацаваны Готбергам, па якім будучы «прэзідэнт» гаўляйтэрам прызначаецца і адхіляецца.

— Выходзіць, немцы зматваюць вудачкі?

— Няўжо ж.

— Добра, скажу. Але ён абавязкова захоча, каб там нехта быў. Цікава, як усё будзе абстаўлена...

— Ну, а як рыба? — цяпер голасна гаварыў Сымон Базылёвых.

— Не даюць лавіць.

— І яшчэ я табе хацеў сказаць,— адклікаў убок старога Сымон Базылёвых,— каб ты быў больш асцярожным. А то не толькі мною, але і табою СД пачынае цікавіцца.

— Не было напасці.

— Ну, будзь здароў! Мне трэба ехаць.

— Куды так спяшаецеся? Можа, вып'еце соку?

— Магу.

Дзед Архіп частаваў бярозавым сокам.

— Ну і мацунак! А-ах!

Развітаўшыся, Сымон Базылёвых паехаў. Загрукацела брычка, пераязджаючы цераз мост. Неўзабаве бургамістр знік. Сяляне, не разумеючы адносін дзеда Архіпа з Сымонам Базылёвых, лаялі бургамістра на чым свет стаіць, а ў гэтым ім памагаў млынар.

— Чаго ён сюды прыязджаў? — запытаўся адзін з сялян.

— А ліха яго ведае, мусіць, хацеў фунты забраць,— хітрыў дзед Архіп.— Але хіба я яму аддам, лепей партызанам у лес адпраўлю. Унь гарашчэнеўцы без хлеба сядзяць. Хоць цяпер бы паслаў, але няма з кім.

— Не трэба аб гэтым вельмі званіць,— перасцерагаў селянін.

— Дык хіба ж я не ведаю, з кім маю справу,— адказаў дзед Архіп.— Ці раз вы мне рабілі паслугу. Хто згодны адвезці? Мне падвод з сем.

— Я,— пачуўся голас, пасля другі, трэці, чацвёрты...

— То грузі, мужчыны! Павязеце праз Раманавічы, Мохаеды, Кашары. У Лютаўцы запытаецеся дзядзьку Гальяша, скажаце, што везяце млынароў падарунак. Ён аддасць каманду вас на пароме перавезці і скажа, дзе згрузіць.

— Добра,— сяляне ад’язджалі.

Нагружаныя падводы адна за адной аддаляліся ад млына. Задаволены дзед Архіп праводзіў іх вачыма, пакуль яны зусім не зніклі з гарызонта. Гаманілі паміж сабою мужчыны, лаячы немца. Пачуўся конскі тупат, заляскалі падковы. Гэта прыехаў верхам у суправаджэнні аховы Васіль Мікалаевіч, пад ім быў добры скакун. Дзед Архіп выйшаў насустрач Васілю Мікалаевічу. Ветліва прывітаўшыся, Васіль Мікалаевіч спытаўся:

— Якія навіны?

— Толькі што па распараджэнню бургамістра адправіў гарашчэнеўцам дзвесце пудоў мукі.

— Гэта добра,— Васіль Мікалаевіч жартаваў.— Дык, можа, і мне які пуд змелеш?

— Завозна.

— А калі добра папрашу?

— Што з вамі зробіш, прыйдзецца памеркавацца. А што новага ў горадзе?

— Гледзячы якім? Быў я надоечы ў Прыяміне, дык, ці паверыце, на плошчы бачыў зайца. Вось да чаго дажылі! — падумаўшы, Васіль Мікалаевіч спытаўся: — А як літаратура?

— За літаратуру — хлеб пякуць партызанам.

— Дык сёння яшчэ будзе. А цяпер мне тэрмінова трэба адправіць пошту ў атрады. З кім бы толькі?

— З сямі атрадаў у мяне ёсць людзі. Хутка яшчэ будуць. Адпраўлю!

— Што яшчэ ў цябе новага?

— Нявыкрутка.

— А што?

— СД цікавіцца.

— Адкуль табе вядома?

— Бургамістр Сымон Базылёвых папярэдзіў. У Караеды прыехаў Пясецкі яго, Сымона Базылёвых, рэвізаваць. І над ім навісла навала. А яшчэ...

Дзед Архіп перадаў размову з Сымонам Базылёвых адносна яго адмовы ехаць у Мінск на «кангрэс».

— Шкада,— задумаўся Васіль Мікалаевіч.— Што ж цяпер рабіць?

— Мо бацька Тарас пашле свайго «мужычка» хоць госцем,— падказваў дзед Архіп.

— Трэба будзе пагаварыць з ім,— згадзіўся Васіль Мікалаевіч.— Але туды не так лёгка будзе прайсці... Хіба гарадскія падпольшчыкі памогуць...

Забрахалі ў вёсцы Ганчары на ўсе галасы сабакі. Дзед Архіп насцеражыўся.

— Немцы,— прыслухаўшыся, паведаміў ён.

— Адкуль табе вядома?

— Чуеце, як заліваецца канцавога Івана сабака, тоненькім галаском брэша,— непакоіўся дзед Архіп.— Гэта ж ён так не любіць немцаў. Вы зараз жа едзьце. Рызыкаваць дарэмна не варта. Ваша галава, таварыш Васіль, патрэбна нам. З богам у дарогу. Едзьце ў лес, а там скіруеце, куды вам трэба. Усяго добрага!

Васіль Мікалаевіч, прышпорыўшы скакуна, прыгнуўшыся, маланкай пранёсся каля млына і хутка знік у хвойніку. Дзед Архіп вальней уздыхнуў, абмяркоўваючы, што яму рабіць, каб не трапіць у рукі СД.

Пачуўся стрэл, заенчыў сабака, перастаў брахаць — гэта немец яго ўлажыў. Вецер данёс плач дзяцей, гоман жанчын, крык мужчын. Над млынам мятнулася чарада галубоў, моцна б'ючы крыллямі. Дзед Архіп выпрастаўся, выставіўшы свае георгіеўскія крыжы.

— Хлопцы! — гукнуў дзед Архіп, ён, спяшаючыся, раздаваў сувязным пакеты.— Гайда ў дарогу, хутка! Ды ідзіце пагонам, усё ж хвойнікам спакайней. Скажаце атрадам, што млын больш не працуе. Даставіце дзядзьку Гальяшу для мяне распіскі аб атрыманні пакетаў. А ты, Хвядос, скажаш Пацяруху, каб прыслаў падводы, забярэм нямецкі хлеб. А ты, Мікола, аддасі гэтую пісульку асабіста Гарашчэню. А калі часам крута будзе, дык ведаеш, што трэба рабіць з запіскай?

— Ведаю.

— То ідзіце!

Партызаны хутка зніклі. Дзед Архіп, каб не паказаць усхваляванасці, прайшоўся на мост, закурыў, зацягнуўся некалькі разоў і кінуў цыгарку ў ваду; яна ваўчком закруцілася ў віры. Да дзеда Архіпа падбег паліцай.

— Таварыш Васіль тут быў?

— Які таварыш Васіль?

— Такі вялікі, дужы, прыгожы, на гнедым скакуне — яму караедаўскі бургамістр жарабка падараваў.

— Не-е, нікога не бачыў.

— І бургамістр не прыязджаў на парцы вараных?

— Не,— паціснуў плячыма млынар.

— Брэшаш! — крыкнуў паліцай, схапіўшы млынара за каўнер.— Бургамістр ужо ў нашых руках. Кажы, дзе таварыш Васіль?

— Пастой! Задушыш, недавярак! — хрыпеў дзед Архіп, а потым, злаўчыўшыся, так смальнуў наском бота ніжэй жывата, што той, дзіка зароўшы, як мячык, ад яго адскочыў і, зламаўшы струхнелае пярыла, паляцеў з ім у ваду. Дзед Архіп з моста бултыхнуў у яго каменем. Паліцай, нешта замармытаўшы, пайшоў на дно. На паверхні асталіся кругі, іх падхапілі хвалі і разнеслі па рэчцы.

— Ну вось і канцы! — млынар, падабраўшы аўтамат, схаваў яго пад мостам. Сяляне здзіўлена глядзелі на дзеда Архіпа. Яны не паспелі і аглянуцца, як ён аходаў здрадніка.— Чаго глядзіце? Няма чым біць? А сякеры навошта! Самі немцы не пакінуць нашай зямлі, вельмі ж ужо сквапны кавалачак. Партыя патрабуе, каб усе мы ўзняліся, білі фашыста хто чым можа. А калі паўстане ўвесь народ, то ніякія ліхадзеі тут не ўтрымаюцца. З Украіны ўжо гоняць няпрошаных гасцей. Усходнія вятры ўжо даносяць гул гармат. Унь яшчэ з пасёлка бяжыць адзін... Калі ты не заб’еш фашыста, дык ён цябе заб’е. Цяпнем!..

Толькі эсэсавец параўняўся з сялянамі, як яны накінуліся на яго і, заткнуўшы горла нейкай анучай, завязаўшы назад рукі, разгойдаўшы, кінулі з моста ў рэчку. Немец, як тапор, пайшоў на дно.

— Амінь! — перахрысціўся дзед Архіп.— Святую справу вы зрабілі. Адным злыднем менш будзе.

Праз некаторы час з вёскі падышла цэлая група эсэсаўцаў, якія зусім неўзаметку для дзеда Архіпа акружылі млын. Да старога падышоў обер-яфрэйтар, запытаўшыся:

— Сюды пайшлі два салдаты, дзе яны?

Дзед Архіп, захоўваючы ўсхваляванасць, адказаў:

— Яны ўбачылі каля лесу нейкага на гнедым кані і туды пабеглі.

— А той коннік не быў тут?

— Ён ехаў сюды, але, пачуўшы стрэл, вярнуўся. А хто такі, не ведаю.

Обер-яфрэйтар аддаў па-нямецку загад, і ўсе салдаты з аўтаматамі наперавес рушылі ў бок лесу. Дзед Архіп, правёўшы іх вачыма, пасміхаўся ў вус, падумаўшы: «Нашы вашых заўсёды абдураць, хоць вы і выхваляецеся, што «вышэйшая раса».

Пад вечар да млына пад’ехалі партызаны з атрада Пацярухі, яны ўсе былі ўзброены аўтаматамі.

— Грузі, хлопцы, збажыну, ні каліва не пакінем немцу.

— Ёсць,— казырнуў дзеду Архіпу старэйшы партызан.

Да млына падыходзілі сяляне з пасёлка. З’яўленне тут эсэсаўцаў іх непакоіла. Дзед Архіп аддаваў апошнія распараджэнні:

— Калі прыедуць эсэсы, скажаце, што наскочылі партызаны, хлеб забралі і млын падпалілі. Ну, рэч ведама, і млынара з сабою забралі.

І дзед Архіп, асяніўшы крыжам будову, пусціў «пеўня». Далёка ад’ехалі партызаны ад млына, а полымя ўсё шугала. Дзед Архіп моўчкі ішоў, на яго твары яшчэ акрэсленей відаць былі глыбокія маршчыны. Пануры, ён пакідаў родныя палеткі, дзе хлапчуком збіраў кветкі, гуляў з дзецьмі ў коні і качаў па вуліцы кацёлку,— хоць і не бачыў маленства, бо з сямі год, калі трэба было вучыцца, пайшоў пастушком і там праходзіў навукі. Каля панскіх дзяцей ён крыху абцёрся, навучыўся грамаце. Яшчэ і іх вучыў. А таму ён так дорага цаніў здабытую свабоду, бо толькі пры Савецкай уладзе стары адчуў сябе чалавекам. Позна ўначы яны дабраліся да атрада Пацярухі. Ветліва сустракалі партызаны дзеда Архіпа, свайго сувязнога.

 

45

Цяжка было прабрацца ў Мінск Чыжу, якога бацька Тарас, па даручэнню Васіля Мікалаевіча, паслаў на «кангрэс», а яшчэ цяжэй яму было дастаць хоць гасцявы білет на зборышча нацыяналістаў. І каб не мінскія падпольшчыкі, Чыж бы не трапіў туды.

Мінскі гарадскі тэатр, у якім адбываўся «кангрэс», пільна ахоўваўся, вядома, там былі не толькі бургамістры, кіраўнікі «камітэтаў самапомачы», начальнікі паліцыі, рэдактары і некаторыя працаўнікі нацыяналістычнага друку, іх у народзе называлі — разбойнікі пяра, як Арсеньева, Віцьбіч, Ант. Адамовіч і іншыя, духавенства, але прысутнічаў на «кангрэсе» і яго ініцыятар гаўляйтэр генерал фон Готберг са сваёй хеўрай.

Пры ўваходзе ў фае стаялі пераадзетыя ў цывільную адзежу працаўнікі СД (гестапаўцы), яны ўважліва ўсіх правяралі, разглядаючы не толькі «мандаты» (дэлегатаў ніхто не выбіраў), але і заглядалі ў твары, сочачы, каб хто не пранёс узрыўчатку. Пакаранне народнымі мсціўцамі былога гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, які ў сваёй кватэры ўзляцеў у паветра, іх многаму навучыла.

Чыж, у сінім касцюме, у белай сарочцы, з гальштукам, прайшоўшы кантроль, каб не маячыць, адразу пайшоў на галёрку. Яму хацелася там заняць месца ў першым радзе, але ледзь знайшоў месца ў апошнім радзе. На сцэне вісеў партрэт Гітлера, з чыйго дазволу склікан гэты «кангрэс», свастыка, а ўнізе герб нацыяналістаў «Пагоня». Зала ўпрыгожана бела-чырвона-белымі флажкамі. У глядзельнай зале першыя рады і ложы заняты немцамі. Чыж паглядзеў на твары нацыяналістаў і заўважыў асуджанасць і спалох, страх перад заўтрашнім днём, калі прыйдзецца адказваць за свае злачынствы. Вочы іх засмучаныя, відаць былі мукі сумлення. Рукі пачвар у крыві. Насы ў многіх ад беспрабуднага п’янства, як спелыя слівы. Рухі нервовыя. Па падліках Чыжа, фашыстамі, пры дапамозе нацыяналістаў, у Беларусі знішчана каля паўтара мільёна мірных грамадзян.

На галёрцы паціху размаўлялі:

— Унь працаўнік СД Хойзер пайшоў! На яго асабістым рахунку толькі за адзін год знішчаных каля 25 тысяч чалавек.

— Ого! А хто за ім ідзе?

— У вайсковай форме маёр Францішак Кушэль, камандзір 13-га карнага батальёна, а ў цывільнай — Станіслаў Станкевіч, быў бургамістрам у Барысаве, і начальнік нясвіжскай паліцыі Уладзімір Сянько...

— Цішэй! — пачуліся галасы.

На сцэне з’явіліся члены прэзідыума «кангрэсу». Нікога з іх Чыж не ведаў, хоць прозвішчы чуў. Старшынствуючы дае слова Радаславу Астроўскаму. Вось падыходзіць да трыбуны прышчаваты чалавек, бледны, аглядаецца па баках, як затраўлены звер, ён у чорным у белую палоску касцюме, з папкай у дрыжачых руках. Пачуліся слабыя воплескі.

Звярнуўшыся да духоўнага правадыра Адольфа Гітлера, паслаўшы фюрэру глыбокую падзяку за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў, Астроўскі запэўніў, што ў барацьбе за новую Еўропу і за аднаўленне вызваленай Беларусі ён давярае яму, правадыру, сваю працу і сваё жыццё.

Прамоўца спацеў і выцер хустачкаю лоб і карак.

Потым Астроўскі, павярнуўшыся да гаўляйтэра генерала фон Готберга, гаворыць:

— Выношу вам падзяку за той давер, які вы нам даеце, і даю ўрачыстае абяцанне гэты давер апраўдаць сваёю працаю з нашым агульным ворагам — бальшавізмам.

Гаўляйтэр генерал фон Готберг яшчэ 20 студзеня 1944 года прызначыў «прэзідэнтам» так званай Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Цяпер, 27 чэрвеня 1944 года, па яго загаду, быў скліканы гэты «кангрэс», каб прыняць адпаведныя дакументы. Галоўнае, аддзяліць Беларусь ад Расіі. У гаўляйтэра ўсё яшчэ цяплілася думка мець Беларусь калі не ў саставе германскай імперыі, дык сваёй калоніяй.

Астроўскі, хвалюючыся, манатонна чытаў адрэдагаваны гаўляйтэрам генералам фон Готбергам даклад, дайшоўшы ў ім да геркулесавых слупоў, акрамя ўсяго іншага, абвясціўшы на гэтым зборышча здраднікаў і правакатараў, шпіёнаў і забойцаў, людзей з чорнымі душамі, аб аддзяленні Беларусі ад Расіі. Далей ён гаварыў:

— Беларусы здолеюць толькі пад нямецкім кіраўніцтвам развіць свае прадукцыйныя творчыя сілы і развіць сваю гаспадарку, галоўным чынам, у галіне земляробства і асабліва ў развіцці жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі.

Скончыўшы прамову, Астроўскі, ускінуўшы наперад руку, выкрыкнуў:

— Хайль Гітлер!

«Якая ганьба!» — падумаў Чыж.

Ён, калі быў абвешчан перапынак, не захацеў больш аставацца і адной хвіліны ў гэтым звярынцы. «Вырадкі,— думаў Чыж.— Яны хочуць астацца жывымі ў ліку тых 25 працэнтаў анямечаных беларусаў, а што астатнія 75 працэнтаў беларусаў, калі б немцы аставаліся ў Беларусі, былі знішчаны, ім да іх няма ніякай справы. Вылюдкі няшчасныя! Прыйдзецца ўсім вам у абозе фашыстаў, якія хутка будуць патураны з роднай зямлі, цягнуцца на захад, валачыцца па свеце і дзе-небудзь пад плотам загінуць. Туды вам і дарога! Чалавек без радзімы — жабрак».

І Чыж пакінуў тэатр.

 

46

Па начах усё выразней і выразней была чуваць кананада. Чырвоная Армія прасоўвалася на захад. У лагеры гарашчэнеўцаў было ажыўленне, з усіх бакоў хлынулі людзі ў лес, каб захаваць сабе жыццё. Немцы, адступаючы, маглі пагнаць з сабою. Перад партызанамі была пастаўлена задача — аберагаць мірнае насельніцтва. Гэта некалькі скавала дзейнасць партызан. У лесе можна было пачуць плач дзяцей, рыканне кароў, іржанне коней.

Гаманілі людзі, абмяркоўваючы падзеі на франтах. Рэха данесла гарматны стрэл. Дзед ад радасці перахрысціўся, пачаў цалаваць сваю старую.

— Адчапіся ты,— бубніла старая,— пасаромеўся б людзей. А каб ты спруцянеў!

Зусім незнаёмыя людзі ад радасці цалаваліся. Злучэнне Гарашчэні ў апошні час тысячамі адбівала ў немцаў людзей, якіх гналі ў Германію.

— О-ой! О-о-ой! — пачуўся душараздзіраючы крык жанчыны.

— Што такое? — занепакоіўся Гарашчэня.

— У Караедах немцы павесілі Сымона Базылёвых,— паведаміў Гальяш.— Нехта падказаў аб нашых з ім сувязях, пра тое, што ён уратаваў таварыша Васіля. Гэта яго жонка плача. Яна з чарадою дзяцей уцякла. Просіць, каб знялі цела з шыбеніцы, памаглі пахаваць.

Гарашчэня зняў шапку. За гэты час ён значна змяніўся, асабліва далася блакада. Камандзір злучэння пастарэў, вядома, гэтулькі было клопатаў. У лагеры Гарашчэні было толькі мірных людзей больш за дзесяць тысяч. Многіх з іх трэба было карміць. У апошні час трохі падтрымаў Гарашчэню з хлебам Сымон Базылёвых. Пры яго дапамозе партызаны ўзялі ў немцаў шмат хлеба і мяса.

— Пашлі людзей,— звяртаючыся да Гальяша, распарадзіўся Гарашчэня,— каб знялі цела Сымона Базылёвых. Ён заслужыў таго, каб яго пахавалі як чалавека.

— Ёсць,— казырнуў Гальяш.

Перад партызанамі была пастаўлена задача — правесці аўтаматчыкаў па партызанскіх сцежках з тым, каб ударыць па немцах з тылу. Шпакоўскі і Пацяруха збіраліся ісці для выканання гэтага задання.

— А гэта што ў цябе? — пацікавіўся Гарашчэня, звярнуўшыся да Шпакоўскага, які трымаў у руках скрутак.

— Сцяг палка,— паведаміў Шпакоўскі.— Пры сустрэчы перадам камандаванню. Гэты сцяг незаплямлены. Мы з ім пойдзем у бой. Будзем Берлін штурмаваць. Возьмеш мяне ў полк?

Гарашчэня ад радасці пацалаваў Шпакоўскага. Падбегла заклапочаная Марыйка, яна, жартуючы, гаварыла:

— Што ж гэта вы, дзядзька Шпакоўскі, у мяне мужа адбіваеце?!

— Ого! Адаб’еш у цябе! Ды вас жа вадою не разальеш,— смяяўся Шпакоўскі і, звярнуўшыся да Гарашчэні, спытаўся: — Можна ісці?

— Ідзіце.

Шпакоўскі і Пацяруха, казырнуўшы, пайшлі, хоць у гэтым цяпер і не было патрэбы. Ужо чуваць былі ружэйныя стрэлы.

— Ці не ўскочыла ты, Марыйка, у саладуху?! — падсмейваўся Гарашчэня.— Дзе ты ўпэцкалася ў муку?

— Гэта ж я цеста мясіла, надоечы дзед Архіп прасіў спецыяльна спячы яму бохан хлеба, як даўней пяклі, круглы, вялікі, Савецкую Армію сустракаць. Так цяпер яе называюць.

— Але.

Ударыўшы з фланга па немцах, Савецкая Армія з ходу авалодала горадам Караеды. Гэтая вестка хутка абляцела ўсе атрады Гарашчэні, увесь лагер, усе навакольныя вёскі. Народ лікаваў. З зямлянак павысыпалі і старыя і малыя. Шумелі лясы, гаманіў бор, спяваў гай, разносячы па зямлі людскую радасць, якой не было меры.

Пачуліся галасы:

— Вядуць!

— Каго?

— Пясецкага!

— Нарэшце! — усклікнуў Гарашчэня.— Давайце яго сюды, на суд народны. Папаўся, прадажны сабака! Шмат ён папіў людской крыві. А колькі праз яго праліта слёз! А мы пакляліся, што не даруем ні адной слязінкі.

Партызаны падвялі Пясецкага, у яго былі звязаны назад рукі. Ён увесь калаціўся ад страху, спадылба паглядаючы то на камандзіра злучэння, то на народ.

— Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца і збан паб’ецца,— гаварыў Гарашчэня.— Дзе ж вы яго ўзялі?

— З Караедаў уцякаў. Пасля яго «рэвізіі» Сымона Базылёвых арыштавалі. А потым...

— Што ж нам з ім рабіць? — перабіў Гарашчэня.

— Павесіць! — крычалі людзі.

— Чаго марудзіш, камандзір? — сурова загаварыў дзед Архіп.— Няма чаго з ім валаводзіцца. Па ім даўно плача горкая асіна...

— Даруйце! — прасіўся Пясецкі.— Збіўся з тропу... Выпраўлю памылку...

— О, не-е,— гнеўна гаварыў дзед Архіп.— Табе не мінуць народнай кары. Колькі ты людзей са свету звёў? Наста Свірчэўская... Мірон Грыневіч... Таварыш Сяргей... Дый усіх не пералічыш!.. Старыя, да мяне! Як ты скажаш, Міроніха, што з ім рабіць?

— Людзі ўжо сказалі, павесіць,— адказала Міроніха.

— Правільна! — падтрымалі старыя.

— Ну што ж, камандзір, вырашай! — гаварыў дзед Архіп.— Голас народа — голас божы.

— Імем народа,— паведаміў Гарашчэня,— вырашаю: Віктара Пясецкага як ярага ворага працоўных пакараць смерцю праз павешанне.

Пачуліся бурныя апладысменты.

Людзі схапілі Пясецкага, адвялі ўбок і на галіне асіны павесілі.

Старыя былі задаволены, што камандзір выканаў іх волю.

Сціхла кананада. Толькі сяды-тады чуваць былі стрэлы з кулямётаў, кароткія чэргі з аўтаматаў, рэдкія ружэйныя стрэлы.

Усхваляваныя людзі рыхтаваліся да сустрэчы Савецкай Арміі. Марыйка спякла хлеб. Міроніха падрыхтавала сальніцу з соллю.

— Нашы! — пачуўся радасны голас хлопчыка.

Паказалася разведка Савецкай Арміі, ішлі абветраныя ўсімі вятрамі байцы, у пыле, стомленыя, суровыя. Іх суправаджалі Шпакоўскі і Пацяруха.

— Вось яны, нашы вызваліцелі! — усклікнуў дзед Архіп.— Усё ж дачакаўся я іх, а цяпер не страшна і памерці...

Старыя, дзеці, мужчыны і жанчыны кінуліся насустрач байцам. Наперад, усхваляваны, са слязамі радасці на вачах выйшаў дзед Архіп з буханкаю хлеба і соллю на вышытым ручніку, а за ім Міроніха і Марыйка.

— Дарагія вы мае, родныя! — загаварыла Міроніха, яна не ў сілах была стрымаць слёз радасці.— Няўжо ж гэта не сон? Не! Такі гэта наяве. Доўга мы вас чакалі, кожны дзень успаміналі, нарэшце дачакаліся. Дзякуй вам, што вы нас вызвалілі з няволі, дзякуй роднай партыі!

— Добры дзень табе, любая наша бацькаўшчына Беларусь! — усхвалявана сказаў баец.

Падбеглі дзяўчаты, яны засыпалі разведчыкаў палявымі кветкамі. Людзі дзяліліся апошнім з салдатамі, абдымалі іх, цалавалі. На суровых салдацкіх тварах таксама былі слёзы радасці.

Доўга не бавячыся, разведка пайшла далей на захад. Іх вялі партызаны адным ім вядомымі сцежкамі.

Неўзабаве рушылі савецкія палкі, яны праклалі шлях проста па палетках. Канца-краю не было відаць войску. Сяляне дзівіліся сіле. А гэта ж была толькі невялікая частка магутнай Савецкай Арміі, якая ў жорсткіх баях узмужнела, загартавалася.

Шмат ішло тэхнікі, рухаліся танкі, вялікія і малыя, скрыгочучы гусеніцамі. Прайшлі самаходныя гарматы. Праехалі «кацюшы», якіх немцы баяліся як агню.

Пад’ехаў генерал на легкавой машыне, каля камандзіра партызанскага злучэння спыніўся. Да генерала падышоў Шпакоўскі, ён разгарнуў сцяг палка і перадаў яго генералу. Генерал моцна паціснуў руку партызану. Адышоўшыся ўбок, генерал з камандзірам партызанскага злучэння паглядзелі на карту, а потым, спяшаючыся, селі ў машыну і, абганяючы калону, паехалі.

Правёўшы перадавыя часці Савецкай Арміі — салдаты выглядалі па-маладзецку,— сяляне выйшлі з лясоў са сваім скарбам, вяртаючыся па раскіданых гнёздах, каб пачаць жыць спачатку.

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Позна ў той вечар Гарашчэня вярнуўся ў лагер. Камандзір злучэння паведаміў Васілю Мікалаевічу, што ён атрымаў указанне ЦК неадкладна прыступіць да аднаўлення завода.

Марыйка аставалася ў Міроніхі. Ім яшчэ трэба было чакаць вызвалення вёскі Азярышча. Шпакоўскі ішоў з Гарашчэнем у полк. Гальяша і Пацяруху пасля вызвалення іх родных мясцін меркавалі вылучыць старшынямі калгасаў.

Усіх узрадавала паведамленне, што бацька Тарас, які яшчэ быў у тыле ворага, захапіў раённы цэнтр Дрыгвічы і намеран утрымліваць да прыходу Савецкай Арміі.

— Вось дык «мужычкі»,— усміхнуўся Гарашчэня.

— Бядовыя! — задаволена прагаварыў Васіль Мікалаевіч. Чыж напэўна прызначан камендантам горада. Падлічвае баланс...

Зноў чуваць была кананада, якая ўвесь час нарастала. Немцы чапляліся за кожны водны рубеж, за раней падрыхтаваныя ўмацаванні, пакідаючы іх толькі пасля таго, калі не ў сілах былі ўтрымаць. Неахвотна яны адступалі, фашыстаў гналі ў іх логава.

На другі дзень раніцою Васіль Мікалаевіч з Гарашчэнем развіталіся, умовіўшыся пасля вайны спаткацца.

Неахвотна разыходзіліся сябры, дружба якіх склалася ў сумеснай барацьбе за вызваленне народа, за яго шчасце і радасць, за яго будучыню.

1944—1954

Масква — Мінск

 


1944-1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Гурскі І. Лясныя салдаты: Апавяданні і аповесць. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. – 552 с., 1 л. іл. – (Б-ка беларус. прозы)
Крыніца: скан